Вярнуцца: 2010

№ 37 (980)


Крыніца: pawet.net.



№ 37 (980) 15 ВЕРАСНЯ 2010 г.


Перапіс насельніцтва 2009 года. Вынікі і пытанні.

На запыт ТБМ імя Ф. Скарыны Белстат апублікаваў частковыя вынікі перапісу насельніцтва Беларусі 2009 года.

Перапіс прайшоў у Беларусі 14-24 кастрычніка 2009 года. Ён каштаваў 21 мільярд рублёў.

У Беларусі пражывае 9,504 мільёна чалавек. Параўнальна з мінулым перапісам колькасць насельніцтва скарацілася на 5,5%, альбо на 541 тысячу. Мужчын у Беларусі налічваецца 4,423 млн., жанчын - 5,066 мільёна. На 1000 мужчын у Беларусі прыпадае 1145 жанчын. Параўнальна з 1999-м годам колькасць мужчын скарацілася на 6,2%, жанчын - на 4,9%.

У 2009 годзе беларускую мову назвалі роднай 53,22 % жыхароў краіны - 5 мільёнаў 58 тысяч чалавек. Дома на ёй размаўляе 23% на-сельніцтва. Падчас папярэдняга перапісу 1999 года беларускую мову роднай назвалі 73,6%, а дома на ёй тады размаўлялі амаль 37%.

Сярод беларусаў па нацыянальнасці 60% назвалі роднай моваю беларускую, дома ёю карыстаюцца 30%.

Доля беларусаў ў параўнанні з мінулым перапісам 1999 года павялічылася і складае 84%. 10 гадоў таму быў 81%, а дваццаць таму, на хвалі саветызацыі - толькі 77%.

У Беларусі захоўваецца высокі ўзровень урбанізацыі насельніцтва. 74% насельніцтва - гараджане, прычым, 52% жыве ў сталіцы і абласных гарадах. У Менску - 1 мільён 837 тысяч, менчукоў за апошнія гады паболела на 157 тысяч. А вось вяскоўцаў робіцца ўсё менш: доля сельскага насельніцтва скарацілася на 5%, а яго колькасць - на 644 тысячы, альбо на 21%. Найбольшымі тэмпамі зніжалася колькасць вяскоўцаў у Віцебскай вобласці - на 26,5%, у Магілёўскай - на 26,2% і Гарадзенскай - на 25,2%

У Беларусі пражываюць людзі 140 нацыянальнасцяў і народнасцяў. З іх 84% назвалі сябе беларусамі (на 3% больш, чым 10 гадоў таму), 8% - расейцамі, 3% - палякамі, 2% - украінцамі, 0,2% - габрэямі. 66 чалавек сябе лічаць ліцвінамі, 23 назваліся японцамі, 17 - шведамі, 1 - сібірскім татарынам.

Асноўнай мовай зносінаў 70% назвалі расейскую.

Шчыльнасць беларускага насельніцтва складае 46 чалавек на 1 кмІ. Для параўнання: шчыльнасць жыхароў ва Украіне - 76, Літве - 52, Латвіі - 30, Польшчы - 122.

Падчас перапісу не задаваліся толькі пытанні рэлігійныя і датычныя веравызнання рэспандэнта.

Вынікі перапісу падлічваюцца з дапамогаю кампутарных сістэмаў і фармуюцца паэтапна. Апошнія статыстычныя дадзеныя маюць быць выдадзены 3 траўня 2011 года.

Пры вынікі перапісу гаворыць намесніца старшыні ТБМ, навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Алена Анісім:

- Хутчэй за ўсё, вынікі перапісу не настолькі аб'ектыўныя, бо многія з перапісчыкаў самі не карысталіся беларускай мовай, выбару моваў не прапаноўвалі. Па-другое, не апошнюю ролю адыграў той факт, што беларускую мову ўвесь час звязваюць з нейкімі палітычнымі абставінамі. Аб'ектыўна сябе чалавек ужо залічае да нейкай больш грамадска актыўнай групы. Ну, а трэцяе - сярод моладзі стала аб'ектыўна менш людзей, якія чуюць беларускую мову ў сваім непасрэдным асяроддзі, у сям'і.

Наколькі дакладныя вынікі перапісу, можна разважаць, але ад тэндэнцыі не адмахнешся, і без змены дзяржаўнай палітыкі ў моўнай сферы ў бок аховы і абароны беларускай мовы ўжо не абысціся.

Наш кар.


"БАЦЬКАЎШЧЫНЕ" - 20

20 гадоў таму - 10 верасня 1990-га года - у Міеску прайшла ўстаноўчая канферэнцыя МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына".

На працягу 20 гадоў "Бацькаўшчына" працуе дзеля яднання ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі і на Бацькаўшчыне, захавання і паглыблення іх беларускасці. Сябры Згуртавання, якія воляй лёсу апынуліся за мяжой, не толькі не забываюцца пра Радзіму, але і вядуць актыўнае нацыянальна-культурнае жыццё.

Знаходзячыся за многія кіламетры ад Беларусі ва ўмовах іншамоўнага і іншакультурнга асяроддзя, яны захоўваюць у сваіх сэрцах Радзіму і актыўна працуюць на развіццё беларускай культуры, на падвышэнне прэстыжу беларускай дзяржавы ў свеце.

Як і ўсе гэтыя гады, Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" працягвае і надалей рабіць усё магчымае дзеля кансалідацыі беларусаў па ўсім свеце, захавання і развіцця беларускай прысутнасці за мяжой і росквіту незалежнай Беларусі.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" віншуюць сяброў Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" з юбілеем.

Жадаем заўжды захоўваць веру ў лепшае, сілы і энергію для ўдасканалення сябе і свету вакол сябе, далейшай плённай дзейнасці на карысць роднай Бацькаўшчыны!


Да "Дажынак" - тыдзень

Тыдзень застаецца да пачатку фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2010" у Лідзе. На заключных этапах знаходзяцца работы на большасці аб'ектаў горада. Закончаны работы на даху нанава адбудаванай вежы Лідскага замка. 350-гадовыя крушні ў мінулым. На здымку: майстры зашываюць дахоўкай апошні вугал страхі. На гэтай вежы ўстаноўлены ветранік з выявай гарадскога герба. На той, якая была адноўлена раней - ветранік з Пагоняй. Такім чы-нам над замкам - дзяржаўны і гарадскі сімвалы, што цалкам адпавядае еўрапейскай традыцыі. А на ўездзе з боку Гародні ўстаноўлены новы ўязны знак, стылізаваны пад замак.

Наш кар.


Праблемы беларускай адукацыі

У верасні на паседжнні Кансультатыўна - каардынацыйнай рады пры Адміністрацыі Прэзідэнта мае адбыцца абмеркаванне праблем адукацыі ў Беларусі . Старшыня ТБМ імя Ф . Скарыны Алег Трусаў мае намер вынессці на абмеркаванне рады шэраг прапаноў , якія лічыць патрэбным папярэдне давесці да ведама сяброў ТБМ і чытачоў " Нашага слова ".

Паважаныя калегі!

На першым паседжанні нашай Рады (Савета) я казаў аб катастрафічным стане нашай адукацыі і прапанаваў разгле-дзець гэтае пытанне адным з самых першых. На жаль, тады мяне не падтрымалі. Прайшло крыху часу, і ў гэтым годзе пасля апошніх уступных экзаменаў (тэставання) у ВНУ нашай краіны, калі абітурыенты паказалі надзвычай нізкі ўзровень ведаў (асабліва фізіка і матэматыка), сітуацыя заня-паду нашай адукацыі стала відавочнай і трапіла ў СМІ.

У сувязі з гэтым, я, як выкладчык са шматгадовым стажам (з 1979 года), хачу выказаць некалькі канкрэтных прапаноў па выратаванні і аднаўленні беларускай адукацыі, якая мае даўнія і менавіта еўрапейскія традыцыі, пачынаючы з XII ст.

Вельмі добра, што мы зноў звярнулі ўвагу на далучэнне да Балонскага працэсу адукацыі, уласцівага краінам аб'яднанай Еўропы.

Гэта значыць, што мы павінны карэнным чынам перабудаваць постсавецкую сістэму адукацыі, якая мела на мэце выхаваць чалавека-зомбі, чалавека, які верыць у міраж.

Я пайшоў у школу ў 1961 годзе, школу, якая да 1959 года была беларускамоўнай (будынак даваеннага "Белпедтэхнікума" г. Мсціслава, дзе, напрыклад, разам з маёй бабуляй вучыўся Аркадзь Куляшоў і чытаў лекцыі Якуб Колас). Яе збудаваў у 1906-1908 гг. мой прадзед-будаўнік, як мужчынскую гімназію з вельмі высокім узроўнем адукацыі. Яе выпускнікі ведалі латынь, старажытнагрэцкую мову, некалькі замежных моў і маглі вучыцца ў лепшых універсітэтах Еўропы.

Зараз пасярод горада стаіць занядбаны будынак школы, з выбітымі вокнамі і дзіравым дахам, які тым не менш захоўваецца дзяржавай як помнік гісторыі. У такім стане і ўся нашая адукацыя, асабліва пасля апошніх рэформаў, калі 12 год навучання замянілі на 11 гадоў. І гэта ў той час, калі ў некаторых еўрапейскіх краінах вучацца ў школе 13 гадоў.

Чаму так сталася, што краіна ў цэнтры Еўропы значна адстала ў сваім развіцці ад суседзяў?

У чым прычына? У 1961 годзе на першай вучнёўскай лінейцы мне і маім равеснікам настаўнікі казалі, што мы будзем жыць пры камунізме, які наступіць у 1980 годзе. Дзе той камунізм, дзе тая краіна, якая так зацята яго будавала ў сусветным маштабе, і дзе тыя настаўнікі, якія нас гэтаму вучылі? Камунізму і краіны светлай мары даўно няма, а настаўнікі і іх спадкаемцы ёсць, і яны працуюць у нашых школах. Вынікі іх працы мы сёння бачым.

Таму наша задача грунтоўна перагледзець старую савецкую спадчыну з яе ўраўнілаўкай, хлуснёй і раў-неннем на "сярэднячка", "троечніка" і стварыць нацыянальную сістэму адукацыі еўрапейскага ўзроўню. Для гэтага трэба вырашыць наступныя задачы:

1. Выхаваць новага настаўніка, ад дзіцячага садка да ВНУ, высокакультурнага чалавека, патрыёта сваёй краіны і адначасова носьбіта лепшых агульначалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцей, чалавека, які цудоўна ведае гісторыю і культуру сваёй краіны і Еўропы і выкладае на роднай беларускай, а пры неабходнасці і на некалькіх замежных мовах.

2. Ліквідаваць постсавецкія школы і перайсці на наступны ўзровень адукацыі: дзіцячы садок - пачатковая школа (1-4 класы) - спецыялізаваныя гімназіі, ліцэі і каледжы (5-13 класы) - ВНУ (бакалаўры (4 гады), магістратура (2 гады)) - дактары навук.

3. Рашыць гендэрную праблему сярод настаўнікаў і выкладчыкаў ВНУ.

Колькасць мужчын і жанчын (асабліва ў школе) павінна быць прыкладна роўнай. Гэта значыць, што дырэктар школы ці рэктар універсітэта павінен за гэтым сачыць і спрыяць таму, каб мужчыны вярнуліся ў школу і ўніверсітэт.

4. Настаўнік і выкладчык ВНУ павінны стаць прэстыжнымі людзьмі, як гэта бы-ло, напрыклад, у пачатку ХХ ст., калі ў вёсцы самымі паважанымі людзьмі былі настаўнік і святар. Для гэтага трэба кардынальна змяніць аплату іх працы.

Я прапаную наступную сістэму аплаты:

Выхавальнік у дзіцячым садку і настаўнік пачатковых класаў, малады спецыяліст мае аклад роўны акладу лей-тэнанта міліцыі, альбо ўчастковага.

Настаўнік старэйшых класаў са стажам ад 5 да 10 год - аклад старшага лейтэнанта.

Настаўнік старэйшых класаў са стажам 10-20 год - аклад капітана міліцыі.

Выкладчык ВНУ без ступені (ці завуч школы) - аклад маёра міліцыі.

Кандыдат навук, дацэнт - аклад падпалкоўніка міліцыі.

Доктар навук, прафесар, дырэктар школы - аклад палкоўніка.

Тады мужчыны вернуцца ў школу і змогуць пракарміць сябе і сваю сям'ю. Дарэчы, пенсіі настаўнікаў і выкладчыкаў ВНУ павінны быць роўныя пенсіям вайскоўцаў.

Вы спытаеце, дзе грошы? Скараціць войска, міліцыю і іншыя сілавыя структуры, падатковую інспекцыю і іншыя кантральныя органы.

Варта ўзяць прыклад з той жа царскай Расіі на мяжы XIX - XX ст., калі настаўнік на Беларусі меў непрацуючую жонку, шмат дзяцей і няблага жыў. Напрыклад, бацька Максіма Багдановіча.

5. Дэбюракратызацыя сістэмы адукацыі. Вызваленне настаўніка ад бюракратычнай працы, забарона ўдзельнічаць у выбарчых камісіях, адмена кантрактнай сістэмы, прызначэнне на педагагічную працу ў школе і ВНУ толькі на конкурснай аснове, тэрмінам на пяць год.

6. Вяртанне выкладання розных прадметаў, у першую чаргу гуманітарных, на дзяржаўнай беларускай мове. Прыкладна палова прадметаў у кожнай школе ці ВНУ выкладаецца па-беларуску, некаторыя - асабліва ў ВНУ - выкладаюцца на асноўных еўрапейскіх мовах (англійскай, нямецкай, французскай і іспанскай).

7. Навучанне за мяжой. Лепшыя вучні старэйшых класаў і студэнты ВНУ могуць навучацца за мяжой на працягу года, а потым вярнуцца ў сваю навучальную ўстанову. Наву-чанне праводзіцца за дзяржаўны кошт.

8. Адмена абавязковага размеркавання студэнтаў. Размяркоўваюць толькі лепшых студэнтаў на вельмі выгодных умовах. Трэба, каб студэнты змагаліся за права дзяржаўнага размеркавання, а не ўцякалі ад яго.

9. Рэформа ВНУ. Усе рэктары, дэканы і загадчыкі кафедраў выбіраюцца на кон-курснай аснове. Адмена ступені кандыдат навук, толькі - доктар, як у Еўропе. Ліквідацыя ВАКА - непатрэбнай і бюракратычнай структуры. Ступені магістр і доктар надаюць вучоныя рады ўніверсітэтаў і нясуць за гэта поўную адказнасць. Наблізіць вышэйшую адукацыю да рэгіёнаў. Шырока выкарыстоўваць практыку размяшчэння ВНУ і іхніх філіялаў у раённых цэнтрах краіны, што будзе садзейнічаць замацаванню ў раёнах, і ў тым ліку ў сістэме адукацыі высокакваліфікаванай моладзі, без усякага прымусовага размеркавання.

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

У 1971 г. скончыў школу з залатым медалём, у 1975-1976 гг. атрымліваў у БДУ ленінскую стыпендыю, у 1980 г. скончыў "на выдатна" завочную аспірантуру АН БССР і абараніў кандыдацкую дысертацыю ў доктарскім савеце ў Ленінградзе (АН БССР). Намеснік Старшыні камісіі ВС Беларусі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны (1990-1995), дэкан факультэта 1996-1998 гг.


Эстонія: пачаліся заняткі па-беларуску

Пачаліся заняткі ў першым беларускім класе, створаным у Эстоніі. Настаўнік Зміцер Панфіленка правёў першы урок па-беларуску ў Гарадской гімназіі Кохтла-Ярве.

Гэта першыя беларускія класы ў Эстоніі, дагэтуль беларускамоўнай адукацыі тут ўвогуле не існавала. Развіваць нацыянальную самасвядомасць неабходна, выкладаць мову, культуру, гісторыю, - кажа Зміцер Панфіленка.

Як паведамяе Ару ТВ, факультатыўныя класы па вывучэнні беларускай культуры і мовы пачынаюць адкрывацца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Эстоніі і прадстаўнікоў беларускай дыяспары гарадоў Йыхві і КохтлаЯрве. Сумесна з арганізацыяй "Аватуд Вабарык" (моладзевае аб'яднанне "Адкрытая рэспубліка") была распрацавана адукацыйная праграма і падабраны дыдактычны матэрыял. Мадэратарамі праграмы "Беларускія класы ў Эстоніі" выступіла беларуская грамадская арганізацыя "Valgevene Uus Tee" ("Новы шлях для Беларусі"), якая ажыццяўляе разнастайныя праекты ў сферы адукацыі, культуры і інфармацыі. Кіраўнік арганізацыі Павел Марозаў кажа:

Першыя класы адкрываем у Кохтла-Ярве, дзе ёсць шмат дзетак беларускага паходжання. Мы таксама плануем адчыніць такія класы ў Марду, Сіламяэ, нядзельную школу ў Таліне.

Пры падтрымцы Кангрэса Новай Беларускай дыяспары Еўропы і ЗША і Аб'яднання беларусаў свету "Бацькаўшчына" плануецца адкрыццё класаў ў некалькіх гарадах Эстонскай Рэспублікі. У Эстоніі жыве каля 16 тысяч беларусаў.

Тацяна Поклад.


У АРГАНІЗАЦЫЯХ ТБМ ВІЦЕБШЧЫНЫ

6 - 8 верасня па запрашэнні Віцебскай абласной рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны з сябрамі арганізацыі, прыхільнікамі роднага слова сустракаўся вядомы беларускі паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Генадзь Бураўкін.

Разам са старшынём абласной рады ТБМ Іосіфам Навумчыкам і старшынём рэвізійнай камісіі Анатолем Родзікам Генадзь Мікалаевіч пабываў у рэдакцыях Шумілінскай і Пастаўскай раённых газет. Тут не лішнім будзе нагадаць, што па выніках аглядуконкурсу рэгіянальнага друку, якія абласная арганізацыя таварыства праводзіла ў мінулым годзе, названыя раёнкі былі сярод лепшых.

У Паставах адбылася сустрэча з сябрамі ТБМ, на якой выступілі Генадзь Бураўкін і Іосіф Навумчык. Вёў сустрэчу кіраўнік мясцовай арганізацыі таварыства Ігар Пракаповіч. Ішла зацікаўленая размова пра справы Таварыства, пра становішча беларускай мовы ў сучасным грамадстве, абмяркоўваліся шляхі пашырэння яе ўжывання. Прыхільнікі беларушчыны абменьваліся думкамі, уносілі свае прапановы.

Адначасова адбылася прэзентацыя новых кніг Генадзя Мікалаевіча: "Выбраныя творы", што выйшлі ў серыі "Беларускі кнігазбор", і "Лісты да запатрабавання". Аўтар прачытаў асобныя вершы, адказаў на пытанні чытачоў.

Цёплая сустрэча, арганізаваная з ініцыятывы мясцовага паэта, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Аркадзя Нафрановіча, адбылася потым у клубе в. Камаі Пастаўскага раёна. Госці наведалі помнік архітэктуры пачатку ХVII стагоддзя Камайскі касцёл, а таксама мясцовую агульнаадукацыйную школу.

8 верасня Генадзя Бураўкіна горача віталі прыхільнікі яго таленту з Віцебска. Зала абласной бібліятэкі, дзе праходзіла сустрэча, не змагла ўмясціць усіх ахвотных. Паэт чытаў вершы, некаторыя творы дэкламаваў адмыслова па просьбах прысутных. Генадзь Мікалаевіч з уласцівымі яму дасціпнасцю і гумарам адказваў на шматлікія пытанні слухачоў: пра маладых беларускіх творцаў, пра свае вершы, якія сталі песнямі, пра дыпламатычную службу ў пачатку 90ых гадоў мінулага стагодзя, пра многаемногае іншае.

Больш за гадзіну знакаміты майстра даваў аўтографы, фатаграфаваўся з прыхільнікамі сваёй творчасці. І вельмі радасна, што на сустрэчы было як ніколі шмат моладзі - і вучнёўскай, і студэнцкай. А гэта значыць, што такія літаратурныя імпрэзы запатраба-ваныя, іх чакаюць заўсёды.

Юрась Бабіч, намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны.


Сход моладзі ТБМ

5 верасня на сядзібе ТБМ у рамках праекту "Дыялог" адбыўся сход моладзевай камісіі ТБМ ("Моладзь ТБМ").

На пасяджэнні быў падведзены вынік за паўгода існавання і спланавана дзейнасць на некалькі наступных месяцаў. Як адзначылі ўдзельнікі мерапрыемства, "існаванне моладзевай структуры жыццёва неабходна, і арганізатары гатовы рабіць далейшыя крокі для пашырэння ідэй беларушчыны". Нагадаем, што "Моладзь ТБМ" была створана летась напрыканцы года з ініцыятывы беларускага студэнцтва на базе Таварыства беларускай мовы.

Наш кар.


Спатканне з Багушэвічам

Год 2010 мае сваё вельмі беларускае, нацыянальнае адценне. Гэта юбілейны год Францішка Багушэвіча. І для кожнага ёсць нагода звярнуцца да яго творчасці і задумацца: кім жа ёсць для нас, сённяшніх, Францішак Багушэвіч. Для мяне, як і для маіх сяброў па клубе "Спадчына", знаёмства з Багушэвічам адбылося ў дзень напісання І Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Тады я вучылася ў трэцім класе. Памятаю, як моцна ўразіла мяне, як Францішак Багушэвіч гора-ча даводзіць суайчыннікам, што "наша мова для нас свя-тая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам..." Папярэджвае: "Шмат было народаў такіх, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек перад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакі-дайце ж мовы нашай беларус-кай, каб не ўмёрлі!"

Нам, сёняшнім вучням, не заўсёды проста ўсвядоміць асаблівасці таго гістарычнага часу, калі жыў Багушэвіч. Таму мы адправіліся ў вандроўку ў Кушляны. Туды, дзе захава-лася сядзіба Багушэвіча, дзе жыве дух яго часу.

Нам давялося пераадо-лець няблізкі шлях, праехаўшы праз многія цікавыя мясціны: гарады, мястэчкі, вёскі. Мы любаваліся цудоўнымі края-відамі, захапляліся веліччу шматлікіх храмаў, праклаўшы свой шлях па новых для сябе мясцінах, па якіх раней падарожнічалі толькі на мапе. Мы адчувалі сябе першаадкрывальнікамі!

І вось, нарэшце, мы дасягнулі той жупранскай старонкі, аб якой чыталі ў кніжачцы Уладзіміра Содаля. Найперш, вядома, мы наведалі кушлянскі Дом-музей. Гэта помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ХІХ ст. Музей размешчаны ў доме, які Францішак Багушэвіч пабудаваў у 1896 годзе і дзе правёў апошнія гады. З ХІХ ст. захаваліся таксама свіран, альтанка, стары парк. А ў каштанавай алеі яшчэ жывуць дрэвы, пасаджаныя самім паэтам.

На ганку музея нас сустракаў яго дырэктар Алесь Жамойцін. І вось мы ўсе разам ужо знаёмімся з экспазіцыяй музея. Яна складаецца з дзвюх частак: мемарыяльнай і літаратурнай.

Кожнаму з нас ужо з парога найперш кінуўся ў вочы сцяг паўстанцаў. Сцяг аж све-ціцца ў паўзмроку залы, сагравае сэрца такімі мілымі мне колерамі. Для мяне самай цікавай падалася частка экспазіцыі, прысвечаная паўстанню 1863 года. Можна разглядзець узоры зброі паўстанцаў. Лёгка ўявіць патрыятычны ўздым і высокі трагізм таго часу, разглядаючы рэпрадукцыю кар-ціны М.Э. Андрыёлі "Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў". Мару пабачыць саму карціну, якая захоўваецца дзесьці ў Вільні.

Таксама было цікава пазнаёміцца і з ўзноўленымі інтэр'ерамі таго часу - кабінет пісьменніка і гасцёўня. Тут прысутнічаюць рэчы, што належалі сям'і Багушэвічаў. У экспазіцыі музея ёсць нямала кніг, выдадзеных у тыя часы. Вельмі хацелася б хоць дакрануцца да іх, каб адчуць нейкі матэрыялізаваны подых часу, калі беларусы змагаліся, веры-лі, працавалі на Адраджэнне сваёй нацыянальнай годнасці.

Патрэбна адзначыць, што да экспазіцыі цудоўна дапасаваўся ціхі пранікнёны голас Алеся Жамойціна, яго чысцюткая беларуская мова. Відаць, што ён адданы сваёй справе і вельмі любіць музей. Алесь Жамойцін яшчэ і паэт, ён прачытаў нам свае два вершы, у якіх выказаў свае пачуцці да роднай старонкі.

І, вядома ж, у такі значны для нас дзень спаткання з Багушэвічам, мы не ўстрымаліся, каб не прачытаць радкі з яго твораў. Хіба не сучасныя гэтыя радкі, хіба не актуальныя і сёння:

Прэч бутэлькі, люлькі, карты!

Марна траціць час не варта.

Хай жывыя рушаць з кіем

У святы паход!

Нас не край далёкі кліча

Вывучаць чужы нам звычай,

Нас чакае ў нашым краі

Родны наш народ...

...Знаць Чачота ўсе павінны,

І пра Зана дабрачыннасць,

Пра Касцюшку, і Манюшку,

І пра песняроў...

...Сонцу нашаму свяціцца,

Піць нам са сваіх крыніцаў,-

Вымятаем дружна з краю

Мы замежны бруд!

Алесь Жамойцін згадзіўся паслухаць і некалькі нашых уласных вершаў і даў нам каштоўныя творчыя парады.

Кожнаму беларусу раю наведваць гэтую мясціну, каб жыло ў душы роднае слова, напаўняючы яе пяшчотай і замілаваннем. Каб жыла памяць пра Францішка Багушэвіча і пра яго час.

На зваротным шляху мы спыніліся ў Жупранах, каб ушанаваць памяць Багушэвіча. Агледзелі цудоўны жупранскі касцёл, які скарае сэрца і перасягае ўсялякае ўяўленне аб велічнасці беларускай архітэктурнай спадчыны. Колера-вае спалучэнне, знешняя аздоба сцен, разнастайнасць матэ-рыялаў і спосабаў той самай аздобы проста ўражваюць. На жаль, касцёл быў зачынены і мы не змаглі пабачыць яго ўнутранага аздаблення. Затым накіраваліся на могілкі, каб ўскласці кветкі.

Месца пахавання Францішка Багушэвіча ўпрыгожвае цудоўны помнік. І хоць вельмі вялікая шчыльнасць пахаванняў на гэтых могілках, гэты помнік вылучаецца і відаць на адлегласці. Мы моўчкі пастаялі тут. І з глыбіняў нашых сэрцаў паліліся словы, што належаць сучаснаму паэту Эдуарду Акуліну:

Якая за праўду плата?

Ці можаш, Мацей, сказаць?

А хіба бывае праўда

У краі, дзе душы спяць?


Якая за волю плата?

Ці можаш, Мацей, сказаць?

За волю- крывёй адплата,

Не шкода й жыцця аддаць.


Калі гэта мова народа,

Калі гэта праўда народа,

Калі гэта воля народа -

Я нават на смерць пайду.


Якая за мову плата?

Ці можаш, Мацей, сказаць?

І воля ў ёй, і праўда,

І нельга яе адняць.


Калі гэта воля народа,

Калі гэта мова народа,

Калі гэта праўда народа -

Я сотні сяброў знайду.

Кожнаму патрэбна наведваць як мага часцей мясціны, звязаныя са слаўнымі старонкамі гісторыі, з імёнамі выбітных беларусаў. Бо толькі на глебе гістарычнай памяці і нацыянальнай самасвядомасці зможа выстаяць і выжыць беларуская Беларусь. Толькі нашымі агульнымі намаганнямі. Калі не кінем на здзек нашыя святыні, не адрачэмся ад гістарычнай памяці, не зганьбім нашай каштоўнай спадчыны - роднае мовы.

"Можа хто спытае: дзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, дзе наша мова жыве: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчак і вёсак..."

Варта дапоўніць: і ў святой жупранскай старонцы. І ў Дварцы!

Лашкоўская Алена,

11 гадоў, сябра гісторыка-патрыятычнага клубу "Спадчына". Мястэчка Дварэц Дзятлаўскага раёна.


100-годдзе Ларысы Геніюш у Лідзе

8 верасня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася вечарына, прысвечаная, 100-годдзю з дня нараджэньня Ларысы Геніюш. Арганізавалі імпрэзу калектыў бібліятэкі і сябры Таварыства беларускай мовы.

Сярод удзельнікаў вечарыны пераважную большасць складалі старшакласнікі школы №1 г. Ліды. Калі пра жыццё і творчасць Ларысы Геніюш распавядаў даследчык Міхась Скобла, у зале стаяла поўная цішыня. Многія вучні ўпершыню пачулі пра тое, што ў беларускай літаратуры ёсць класік, якога не вывучаюць у школе, што Геніюш ніколі не была грамадзянкай СССР, што за савецкім часам марыла пра незалежную Беларусь, што савецкае КДБ сілком вывезла яе ў Савецкі Саюз і асудзіла на 25 гадоў ГУЛАГу.

Міхась Скобла пазнаёміў прысутных з двухтомнікам твораў Ларысы Геніюш і Беларускім біяграфічным альманахам «Асоба і час», прысвечаным жыццю і творчасці пісьменніцы. Кнігі можна было набыць на вечарыне.

Скобла зазначыў, што калі выдаць архіў Геніюш, гэта будзе 15 тамоў. Ён таксама прадэманстраваў архіўнае відэа і адзначыў, што гэтыя кадры дэманструюцца ўпершыню, аўтар невядомы. Фільм хацелі паказаць у Зэльве, але не змаглі з пэўных прычынаў.

Алесь Жалкоўскі з Ліды ўзгадаў пра спатканне з Ларысай Геніюш. Ён сустракаўся з паэткай чатыры разы і меў што сказаць.

Лідскі бард Сяржук Чарняк выканаў песню "Куфар" на словы Л. Геніюш, а паэт Пятро Макарэвіч прачытаў верш, прысвечаны паэтцы.

Міхась Скобла на развітанне параіў вучням запомніць радкі Геніюш: «Як жыць, дык жыць для Беларусі. А без яе зусім ня жыць».

Паводле М. Карневіча .

На здымках: падчас сустрэчы; на ніжнім здымку Алесь Жалкоўскі.


Другое выданне "Магілёўскай ратушы"

Магілёўскі гарадскі выканаўчы камітэт, аддзел культуры Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта, Музей гісторыі горада Магілёва перавыдалі кнігу Агеева, А.Р. і Трусава, А.А. "Магілёўская ратуша. Гістарычны лёс і адраджэнне".

У кнізе ў навуковапапулярнай форме выкладаецца шматвяковая гісторыя магілёўскай ратушы ў кантэксце еўрапейскай і беларускай гісторыі, апісваецца яе будаўніцтва ў ХУІІ ст., функцыянаванне ў ХУІІІ-ХХ ст.ст. і адраджэнне ў XXI ст. Кніга прызначаецца гісторыкам, краязнаўцам, усім аматарам магілёўскай даўніны.

Як сказана ў прадмове старшыні Магілёўскага гарадскога выканаўчага камтэта С.П. Барадаўкі, "... гарадская ратуша на працягу трох стагоддзяў з'яўлялася галоўным сімвалам горада на Дняпры, яго дзяржаўнай значнасці, палітычнай і эканамічнай магутнасці.

У біяграфіі магілёўскай ратушы адбіліся ўсе важныя гістарычныя падзеі, якія перажыў горад: войны, акупацыі, жахі грамадзянскай вайны. Яна выстаяла нават у гады Вялікай Айчыннай, хоць і моцна пацярпела. Але не змагла выстаяць супраць чалавечага невуцтва. Наш сімвал велічы і стойкасці быў наўмысна разбураны ў 1957 годзе.

Але надзея на аднаўленне гарадской святыні заўсёды жыла ў сэрцах магілёўцаў.

Рашэнне аб адраджэнні ратушы было прынята Магілёўскім гарвыканкамам у жніўні 2007 года. 23 лістапада ў падмурак будучай ратушы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заклаў капсулу з пасланнем нашчадкам. А ўжо 18 ліпеня 2008 года ён прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці гарадской ратушы.

Сёння, напачаткў XXI стагоддзя. гарадская ратуша паўстала з нябыту. Магілёў зноў здабыў адну з галоўных дамінантаў цзнтра еўрапейскага горада.

Для нашага горада. які панёс значныя страты ў архітзктурнап спадчыне, гэта стала сапраўды сімвалічнай падзеяй. I калі раней для магілёўцаў ратуша была сімвалам самакіравання, то зараз стала добрым знакам духоўнага адраджэння.

А гзта залог таго, што духоўнасць, адданасць заветам гераічных продкаў не знікнуць з зямлі Прыдняпроўскага краю..."

Нягледзячы на шматлікія пўблікацыі ў навўковых часопісах і перыядычным друку, многія акалічнасці і загадкі гісторыі ратушы доўгі час не былі раскрыты. Першае выданне кнігі, якоя выйшла не так даўно, адразу займела выключную папулярнасць і вельмі хутка разышлося. Трэба спадзявацца, што поспех чакае і другое выданне, балазе цікавасць да гістарычнага мінулага ў Магілёве не згасае.

Наш кар.


17 верасня 1939 года: з асабістага досведу

Яшчэ ніколі , як летась , у такіх шырокіх маштабах не дыскутаваліся падзеі , звязаныя з 17 вераснем 1939 года . Не забыліся і пра іх папярэднікаў : пра заключаны 23 жніўня 1939 года паміж Германіяй і СССР дагавор аб ненападзе , пра яго сакрэтны пратакол , т . зв . пакт Рыбентропа-Молатава . Меркаванні наконт гэтых пагадненняў і са - міх вераснёўскіх падзей выказ - валіся самыя розныя , з чаго вынікае , як яшчэ шмат трэба працаваць гісторыкам , каб дабрацца да праўды . Хоць на крок наблізіцца да яе пажадаў і аўтар гэтых радкоў, спасы-лаючыся пераважна на свой асабісты досвед.

17 верасня 1939 года мне споўнілася дзесяць з паловай гадоў. Жыў усяго толькі за тры кіламетры на ўсход ад дзяржаўнай мяжы СССР з Польшчай. У нашым мястэчку Магільнае размяшчалася даволі шматлікая пагранкамендатура. Яе кіраўніцтва, аса-бовы склад падтрымлівалі самыя цесныя стасункі з мясцовым насельніцтвам, часта маючы ад яго вялікую дапамогу ў затрыманні польскіх шпіёнаў. На ўдзел у ім арыентавалі і школьнікаў, нават пачатковых класаў.

За два гады да 17 верасня 1939 года ў лясах паблізу Магільнага некалькі разоў, па невядомых для нас прычынах, знаходзілася даволі вялікая колькасць вайсковых частак Чырвонай Арміі. На кантакты з цывільнымі жыхарамі яны не ішлі і непрыкметна для іх здымаліся са сваіх пазіцый. Таму нікога асабліва не здзівіла, калі за два-тры дні да 17 верасня нашы лясы зноў запоўніла войска. Праўда, на гэты раз яго часткі ўшчыль-ную наблізіліся да Магільнага. Вайсковыя камандзіры не то-лькі сустракаліся з начальствам пагранкамендатуры, а нават прыходзілі ў цэнтр мястэчка. Нам, школьнікам, не забаранялі набліжацца да лясоў, каб увайсці ў кантакт з салдатамі. А калі ў вячэрні час кінаперасоўкі дэманстравалі фільмы, разам з армейцамі з вялікай радасцю глядзелі іх і мы. Словам, усё было не так, як у мінулыя гады.

З велізарным дзіцячым патрыятызмам успрынялі навіну пра ўдзел размешчаных у нашых лясах войскаў у паходзе на Польшчу. Школа выхавала ў нас самыя непрыязныя па-чуцці да гэтай суседняй краіны. І калі Чырвоная Армія напала на яе, радасцю напоўніліся нашы сэрцы, бо ніхто не сумняваўся ў перамозе над заклятым ворагам. Але ў першы ж дзень здарылася і такое, што моцна азмрочыла настрой усіх жыхароў Магільнага: гібель начальніка пагранкамендатуры.

Калі на даволі працяглым адрэзку дзяржаўнай мяжы СССР з Польшчай уздоўж ракі Нёман, з савецкага боку гэта вёскі Луніна (незадоўга да вайны з Польшчай усіх жыхароў яе выселілі, нібыта з-за намеру тайком перайсці на польскі бок) і Язвіны, з польскага - Сверынава і Мікалаеўшчына, пачалася пераправа савецкіх войскаў, яны не сустрэлі аніякага супраціву польскіх памежнікаў. Тыя разумелі, што гэта зусім бессэнсоўна, улічваючы рэальныя суадносіны ў сілах двух варожых бакоў. Палякі ратаваліся, хто як мог. Аднак, калі яны заўважылі, што ў кірунку да ўсталяванага дзяржаўнага памежнага слупа іх краіны рухаецца на чале з начальнікам магільнянскай пагранкамендатуры група савецкіх вайскоўцаў з адпаведным рыштункам для выкарчавання гэтага сімвала, чыясьці польская патрыятычная душа не вытрымала і зрабіла прыцэльны стрэл па кіраўніку групы. Раненне аказалася вельмі цяжкім. Надзею на выратаванне начальніка камендатуры бачылі толькі ў найхутчэйшай транспарціроўцы ў Менск, да якога бы-ло парадку ста кіламетраў. Выратаваць жыццё не ўдалося. І раней, і зараз думаю, мо гэта была першая чалавечая ахвяра з савецкага боку падчас вераснёўскіх падзей 1939 года?

Відаць, не было ў мястэчку аніводнага чалавека, і асабліва са школьнікаў, каго б не радавала пераможнае шэсце савецкіх войскаў на захад. Ледзь не з песнямі і музыкай праводзілі прызваных у войска для ўдзелу ў гэтай кампаніі СССР. Уступленне Чырвонай Арміі ў той ці іншы заходне-беларускі горад успрымалася, як сапраўднае свята. Мяне ж асабліва ўсцешыла заняцце горада Ліды, бо яго назва супадала з імем маёй старэйшай сястры. Моцна радаваліся местачкоўцы далучэнню да БССР Вільні. Сярод іх траплялі і людзі з добрымі ведамі пра гэты горад, набытымі падчас яго наведвання.

Хутка прыйшоў час вяртання дамоў удзельнікаў паходу ў Польшчу. Вайна пакінула ў жывых усіх з Магільнага і яго наваколля. Вось толькі з невялічкай вёсачкі Матэцкіх за паўкіламетра ад яго на захад вярнуўся адзін салдат па імені Сема з сур'ёзным дэфектам: варожая куля выбіла ў яго ўсе верхнія і ніжнія зубы. Перад дэмабілізацыяй яму ўставілі штучныя і верхнюю, і ніжнюю сківіцы, што вельмі перашкаджала нармальнаму вымаўленню слоў. У кампаніі такі чалавек пачуваў сябе ніякавата. Калі ж бывала даводзілася з кім-небудзь пасварыцца, у тым ліку і з блізкімі людзьмі - такое ж у жыцці сустракаецца - не раз на адрас Семы сыпаліся такія абразлівыя словы: "Ты спец толькі кулі лавіць ротам".

Кпіны спыніліся ў пачатку вайны з Германіяй, калі - не без слёз матак, жонак і дзяцей - спехам адвозілі мужчын у райваенкамат, а яго пакінулі дома. Яшчэ менш лічыў сябе Сема пакрыўджаным лёсам чалавекам пасля вызвалення Магільнага ад нямецкай акупацыі, калі ўсіх мужчын адпаведнага ўзросту без усялякай падрыхтоўкі паслалі на фронт, з якога больш за палову іх не вярнулася дамоў. Сема ж спакойна працаваў у калгасе, нават загадваючы жывёлагадоўчай фермай. Яго лёс, напэўна ж, склаўся б зусім інакш, калі б не ўдзельнічаў у вераснёўскім паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

Вынікам такога паходу стала істотнае павелічэнне тэрыторыі БССР за кошт далучэння да яе "ўсходніх крэсаў" Другой Рэчы Паспалітай. А вось сапраўднага аб'яднання жыхароў гэтых дзвюх беларускіх этнічных тэрыторый так і не адбылося. Іх па-ранейшаму аддзяляла адзін ад аднаго колішняя дзяржаўная мяжа СССР і Польшчы, на якой працягвалі несці службу савецкія памежныя войскі, мо, толькі ў трохі меншым колькасным складзе. Цяпер ужо ў адрозненне ад давераснёўскіх парадкаў нам не забаранялася пры збіранні грыбоў і ягад амаль ушчыльную наблізіцца да мяжы, але пераступіць яе, каб трапіць на тэрыторыю былой Заходняй Беларусі, нікому з цывільнага насельніцтва не дазвалялася.

Мне вядомыя толькі два выпадкі выключэння з такога правіла. Першы - калі ў мястэчку Магільнае ўвосень 1939 года раскватаравалі не-калькі дзесяткаў варшаўскіх яўрэяў. Сацыяльных праблем узнікла нямала ў сувязі з гэтым. Нават нас, школьнікаў, агітавалі - і не без вынікаў - браць удзел у матэрыяльнай дапамозе яўрэйскім перасяленцам. Мой асабісты ўклад у гэтую справу - вянок цыбулі. У кантактах з мясцовым насельніцтвам варшаўскія яўрэі карысталіся польскай мовай. Яны не рабілі якіхсьці канкрэтных захадаў, каб зблізіцца, пасябраваць з магільнянскімі яўрэямі, а ўлетку 1940 года ці то ў афіцыйным парадку, ці то па ўласным жаданні польскія яўрэі падаліся ў іншыя месцы. Засталіся толькі цырульнік разам з жонкай і сынам і Мойша, які ўладкаваўся вартаўніком на хлебапякарні. Паколькі я з бацькам займаліся распілоўкай дроў для яе, не раз даводзілася сустракацца з гэтым чалавекам і слухаць ад яго жахлівыя аповеды пра здзекі фашыстаў з яўрэяў. Запомніліся яго словы, пачу-тыя ад карнікаў: "Едзьце ў СССР, неўзабаве і там мы вас застанем". Для Мойшы і сям'і варшаўскага цырульніка такія словы спраўдзіліся: разам з магільнянскімі яўрэямі яны загінулі ў Уздзенскім гета.

Другі выпадак сустрэчы з жыхарамі Польшчы адбыўся ў час страшэннага пажару ў Магільным за колькі дзён да нападу Германіі на СССР. Узда прыслала толькі адну пажарную машыну. Відаць, больш не мелася ў яе распараджэнні. У гэтую трагічную часіну далі дазвол на пасылку ў Магільнае пажарнай машыны са Стоўбцаў. Яна здзівіла магільнян сваёй эфектыўнасцю ў тушэнні пажару: праца забяспечвалася з дапамогай механічнага рухавіка, машына мела даўжэзныя шлангі, з якіх з магутным патокам лілася на ахопленыя полымем хаты нёманская вада. Уздзенскія ж пажарнікі ўручную напампоўвалі ваду ў шлангі. Усё гэта доўгі час было прадметам ажыўленага абмеркаван-ня магільнянамі. Выхаваныя ў духу савецкага патрыятызму мясцовыя актывісты тлумачылі, што стаўбцоўскія пажарнікі карысталіся не польскай машынай, а закупленай у нейкай з краін Еўропы.

Вядома, перамяшчэнні людзей пасля верасня 1939 года з усходняй часткі Беларусі ў заходнюю і наадварот мелі месца, але яны насілі службовы характар. Практычна амаль усе адказныя пасады ў дзяржаўных, партыйных, адміністрацыйна-гаспадарчых органах замяшчаліся пасланцамі з усходняй часткі Беларусі, а не дык і камандзіраванымі з іншых саюзных рэспублік. Раз-пораз ладзіліся афіцыйныя паездкі старанна адабраных актывістаў з заходніх абласцей БССР у яе ўсходнія вобласці для азнаямлення з жыццём калгасаў, працай на сацыялістычных заводах і фабрыках. Нямала выхадцаў з заходніх абласцей праехала ў цягніках праз усходнюю частку БССР пры правядзенні дэпартацый. Але ніводнаму з іх не дазволілі выйсці з вагона і хоць слова сказаць свайму супляменніку, з якім быў у разлуцы ад сакавіка 1921 года, г. зн. ад часу падпісання Рыжскай мірнай дамовы.

(Заканч у наст. нумары.)

Леанід ЛЫЧ, доктар гістарычных навук, прафесар

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX