Вярнуцца: 2010

№ 39 (982)


Крыніца: pawet.net.



№ 39 (982) 29 ВЕРАСНЯ 2010 г.


Дажынкі прайшлі, горад застаўся

24 - 25 верасня ў Лідзе адшумелі "Дажынкі - 2010". Грандыёзны аб'ём работаў, які быў спланаваны ў горадзе, у асноўным выкананы. Недзе нечага не паспелі, але тое, што зроблена, тое зроблена. Горад змяніўся непазнавальна, і пры-емна, што беларускай мове таксама была ўдзелена пэўная ўвага. Канешне, святочныя пано і банэры здымуць, але шмат чаго застанецца. Так на дамах з'явіліся новыя шыльды з беларускімі назвамі вуліц, у тым ліку па вуліцы Грунвальдскай, Замкавай, Савецкай, праспекце Перамогі і інш. Шыльды на бульвары Гедзіміна пакуль убачыць не ўдалося.

Рэстаран цераз дарогу ад замка атрымаў назву "Грунвальд" у беларускім выкананні. Праўда, тут жа побач гацініца "Ліда" з рускамоўным пано.

Аўтавакзал аформлены знадворку і ўнутры па-беларуску, а платформы адпраўкі аўтобусаў - па-расейску. Па-беларуску выкананы надпісы на франтонах вакзала і Лядовага палаца, а над дахам кінатэатра "Юбілейны" - надпіс расейскі.

Сітуацыя стракатая, як і па ўсёй краіне, але трэба прызнаць, што падчас пераддажынкаўскіх работаў гарадскія ўлады, кіраўнікі многіх арганізацый і прадпрыемстваў пра беларускую мову памяталі, і агульная моўная атмасфера ў горадзе ў горшы бок не змя-нілася, а ў могіх месцах сітуацыя павярнулася да лепшага.

Наш кар.


За кожнае слова, за кожнае дзіця

Яся Малашчанка, Аліса Філіпчык і Вераніка Міхальчук - вучаніцы адзінага ў Баранавічах беларускамоўнага класа, які адкрыўся 1 верасня на базе сярэдняй школы №14.

Панядзелак 13 верасня ў дзяўчат пачаўся з урока «Уводзіны ў школьнае жыццё». «Палічыце, колькі намалявана квадратаў, якога прадмета не хапае на малюнку?» - кажа настаўніца словы, якія для дзяўчынак не патрабуюць удакладнення альбо перакладу. Яны напаўголас лічаць прадметы: «У трэцім радку не хапае трохвугольніка!»

Мне падабаецца настаўніца і падабаецца вучыцца пабеларуску», - дзеліцца Яся, якая і на перапынках размаўляе з сяброўкамі пабеларуску. Усе заняткі, нават музыка, дзе дзяўчат вучаць граць на дудачках, праходзяць на беларускай мове. А вось на фізкультуру Яся, Вераніка і Аліса ходзяць разам з рускамоўным класам: па агульнай згодзе настаўнікаў і бацькоў было вырашана, што дзяўчатам так цікавей.

Нам у гарвыканкаме далі заданне зрабіць ў нашай школе беларускі клас, але другая справа, што школа ў нас перапоўнена. Аднак мне спадабалася ідэя. Нягледзячы на тое, што гэта нятанна абыдзецца, мне да спадобы, што мы стварылі адзіны ў Баранавічах беларускамоўны клас, - адзначыў дырэктар СШ №14 Мікалай Руды, лёгка перайшоўшы ў гутарцы з рускай мовы на беларускую.

Як расказвала настаўніца першакласніц Ірына Міхальчук, першыя дні ў класе навучалася толькі адна з дзяўчынак - Яся:

Было нязвыкла весці ўрок толькі для адной вучаніцы, але цікава, Яся зусім нядрэнна для яе ўзросту ведае мову, бацькі дома размаўляюць па-беларуску. Трошкі пазней да Ясі далучылася Аліса. Яе бацькі таксама любяць беларускую мову і жадалі, каб іх дачка вучылася ў беларускамоўным класе. Ну і нарэшце мы ў нашай сям'і вырашылі, што і наша дачка Вераніка таксама будзе вучыцца тут.

Падручнікаў, па словах настаўніцы, для заняткаў хапае - чытанкі, дапаможнікі на беларускай мове, а вось вельмі карысны для вучняў сшытак «Інфарматыка ў гульнях» пакуль што Ірына Міхайлаўна перакладае на беларускую мову самастойна: набірае на кампутары заданні і прыляпляе замест заданняў паруску.

Па словах маці Ясі Малашчанкі, Таццяны, яны з мужам з самага пачатку вучылі дачку па-беларуску, і пытанне аб выбары мовы навучання не стаяла. І хоць пахадзіць давялося, дзіця вучыцца на сапраўды роднай мове.

Паводле Інтэкс-Прэс.



Старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13

Аб рэалізаванні прапановы 220034, г. Мінск

Паважаны Алег Анатольевіч!

Дзякую Вам за цікавасць да Нацыянальнай авіякампаніі Белавія. Радуе, што не толькі калектыў авіякампаніі, але і самі пасажыры імкнуцца ўнесці свой уклад у павышэнне якасці абслугоўвання пасажыраў на борце.

Паведамляю Вам, што Ваша прапанова ўжо рэалізавана. У тэхналогію працы бортправаднікоў унесены неабходныя змены: абвесткі ў самалётах зараз гучаць на беларускай, рускай і ангельскай мовах.

Спадзяюся толькі на пазітыўныя ўражанні ад наступных пералётаў з Нацыянальнай авіякампаніяй Белавія. Мы адкрытыя для супрацоўніцтва.

3 павагай,

Генеральны дырэктар А.М. Гусараў.


Матчына слова

Мілкоўскі, В.Л. Матчына слова: Спроба слоўніка рэгіянальных гаворак . Мінск: Права і эканоміка. 2010-47 с.

Аўтарам сабраны больш за 600 рэгіянальных слоў беларускай мовы, іх сінонімаў, ідыём з шэрагу раёнаў Беларусі. Многія з іх не ўваходзяць у склад сучаснай беларускай літара-турнай мовы, з'яўляюцца арыгінальнымі, некаторыя маюнь адметную трактоўку. Слоўнік складзены на матэрыяле аўтара, сабраным падчас размоў са сваёй маці, сваякамі, а таксама людзьмі шмат якіх вёсак.

Для шырокага кола чытачоў.

Думаю, марнае пытанне: ці ёсць на свеце мова, леп-шая, больш ласкавая і мілая, чым матчына? Есць больш, так бы мовіць, музычныя, як, на-прыклад. малдаўская. іспанская ці італьянская. Маюцца больш распаўсюджаныя мовы.

Ёсць вартасці ва ўсіх мовах. Той жа кітаец ці в'ет-намец ніколі не скажуць, што іх мовы горшыя. Бо пяшчотней, па-свойску цяплейшай, чым родная, канешне, няма. I не можа быць такой, якая больш адмыслова стасавалася б менавіта да цябе.

Ад маці першай пачуў самыя прыгожыя словы на свеце, бо як інакш яна магла пагаварыць са сваім дзіцём. Яны і сталі на ўсё жыццё дарагімі. Прыгадаеш іх цяпер - і ўсплыве ў памяці матуля. Вось яна пасярод той даўняй хаты, у якой ты з'явіўся на свет і правёў першыя доўгія гады свайго жыцця, а цяпер там, можа, ніколі ўжо ме будзеш. Згадваеш родную з яе клапатлівай увагай да цябе і ўсяго твайго, з яе пастаяннай дабрынёй. Усплываюць у памяці годы дзяцінства, юнацтва, якія назаўсёды засталіся для цябе значнымі, добрымі і пажаданымі, як і бацькі. I дзе б потым ні жыў, у якім асяродку ні '"круціўся", цудоўныя словы з басаногага маленства ўжо не могуць пакі-нуць цябе. Калі ж у каго яны забываюцца ці выціскаюцца іншымі, дык гэта, думаю, тое ж самае, што забывацца пра маці, пра тое, як яна ўглядалася праз акенца, чакаючы дахаты стомленага цябе, як хавала на вячэру смачнейшы кавалачак толькі для цябе, як была заўсёды рада пагаманіць з табою.

Хто памятае сваю маці. хто згадвае, як яна гаварыла, той працягвае жыць разам з ёю. Хто не адракаецца ад роднай мовы -не губляе ніколі ў душы сваіх бацькоў; адрачыся ад іх - ганьба і вялікі грэх.

Вымавіш спаконвеч-ныя словы, якія некалі гаварылі яны, што складваюць добрую частку тваёй душы, дык потым, як пасля шчырай малітвы, уяўляецца тое, што колісь было вакол цябе ў самыя лепшыя моманты твайго жыцця. быццам бачыш зноў перад сабою беларускае асяроддзе. Калі выпадкова ўсё ж завітаеш у якую-небудзь вёсачку, дык бывае, што яшчэ нікога не сустрэнеш на вулачцы, а ўжо "чуеш", як тут усё "гаворыць на нашай мове". "Чуеш" быццам музыку, што вось перад табою ніякая не ізба, а хата, не крыльцо, а ганак, не овін, закут, а хлеў... Чужыя словы, я гэта добра падмеціў, тут. у беларускай вёсцы, зусім не "гучаць". Ніякі кляйнкінд, бэбі, бімбо ці ребёнок не заменяць немаўля-тку, таксама як пэрфум, дуфт або аромат не замесцяць водар. Водар сенажаці! Водар мядовы! Ці можпа сказаць лепей. смачней! Душа тут адгуква-ецца на кожнае стрэчнае і "вызвоньвае" ўсё менавіта так, як гаварыў колісь ты сам. вольна жывучы на ўлонні роднай прыроды. А калі ж здараецца інакш. дык гэта здаецца пародыяй і ўжо зусім іншае ўзгадваецца пры гэтым: не маці над калыскай малодшай сястрычкі з суслай ці ля печы з чапялёю, або ў дрывотніку з сякерай. не ўласнае дзяцінства і не любыя сэрцу аж да яго трымцення краявіды, а нешта чужое, ха-лоднае і абыякавае да цябе. За сваё жыццс я так і не прызвычаіўся гаварыць па-іншаму. Толькі ў вялікім гурце. пры "чужых" гавару па "языке", міжволі. нсўзамет для сябе блытаючы яго са сваёй гаворкай і, канешне, з адпаведным акцэнтам. I нярэдка нядобра дзіўлюся з тых, хто лёгка "шпарыць" інакш, чым я, і ніколі не зайдрошчу ім. I ў сям'і гавару на той мове, што жыве ўва мне здаўна, якую ўзгадавала і зберагла для мяне маці...

Аднойчы чуў па радыё ў выкананні спевака Іосіфа Кабзона нашу песню "Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы..." ў перакладзе на рускую. Можна паважаць гэтага снявака за яго голас, за ўменне падаць песню. Але на гэты раз я не атрымаў поўнага задавальнення і яшчэ раз упэўніўся: кожная мова прыгожая па-свойму і нельга нішто без страт перакладаць з адной мовы на іншую, а тым больш песню. Дарэчы, больш ніколі не чуў згаданага музычнага твору ў такім выкананні.

Сёння не ведаць сваёй мовы, не перадаць яе нашчадкам - і смешна, і грэшна. Бо нічым чужым яе не заменіш без таг о, каб не згубіць нешта сваё. Чужое для нас - не заўсёды прывабнае, якое б дасканалае яно ні было. I, да таго ж, яно бывае няўдзячным, вераломным, бо выціскае з ужытку карэннае наша.

І мы павінны берагчы тое менавіта сваё, што робіць нас людзьмі сярод іншых. Не губляцца сярод усіх, а менавіта вылучацца; народ, як і чалавек, павінен быць не часткай агульнай масы, а самім сабой, існаваць як асоба, народ-асоба.

Шмат тых, хто збярог і зберагае нашу мову. Іх нават вельмі многа. Гэта тыя. што сёння гавораць толькі па-беларуску. Гэта і тыя, што колісь гаварылі на ёй, - нашы шматлікія продкі. Яны некалі карысталіся роднымі словамі, а рускую мову звычайна не ўжывалі. Больш таго. памятаю, як вясковая жанчына сароміла рускамоўнага "гарадскога гультая": "Не крыўляйся, гавары добра".

Не ведаю, як чужыя мацяркі, а мая маці.скарыла нас. сваіх дзяцей, гаворкай. Яшчэ дзецьмі мы ўспрымалі яе мову як належную, натураль-ную. Але з гадамі, з нашым сталеннем, матчына мова неяк нечакана стала для нас вельмі цікавай, падалася нават арыгі-нальнай. Разумею, гэта адбыва-лася таму, што мы ў сваім жыцці з цягам часу ўсё больш прывыкалі "на людзях" да рускай мовы. А вось жа ў маці, якая жыла на вёсцы, такога быць не магло. Яна і дапамагала збе-рагчы спрадвечны скарб беларусаў.

Так складвалася ў жыцці, што мая маці, Аляк-сандра Мікітаўна Дземідовіч, жыла ў розных кутках Бела-русі: Уздзенскім (нарадзілася ў вёсцы Стальбоўшчына), Баранавіцкім (жыла ў вёсцы Скарчэва), Нясвіжскім (вёска Студзёнкі) і іншых раёнах, дзе вучылася і потым працавала, куды ездзіла следам за мужам-службістам. Апошні час жыла ў Докшыцкім (пасёлак Бягомль). Мабыць, таму яе моўны слоўнік, прыдбаны ёю за шмат дзесяцігоддзяў з многімі блуканнямі па Беларусі, на мой погляд, вельмі багаты. Многія словы, праўда, ужо рэдка сустракаюцца ў гаворках, але маці часам вельмі дарэчы, трапна, красамоўна іх скарыстоўвала - як бы не гаварыла, а малявала карціну. Некаторыя словы яна нават прыдумвала сама або памятала ад свайго бацькі Мікіты Данілавіча і маці Анастассі Антонаўны, таксама некалішніх "мастакоў" на выразы. Шмат слоў я чуў і ад іншых людзей. Гэтыя словы - як свежы струменьчык крынічнай цуд-вады.

Я даўно збіраю такія слоўцы (што і ўсім раю). 3 цягам часу назбіралася ўжо больш за паўтысячы такіх "па-церкаў", бо не-не ды і занатоў-ваю слоўца-другое ці прыпамінаю даўнейшую гаворку маці. І мусіць, гэтаму не будзе канца.

У слоўнічку пераважна даю тлумачэнне словам. А ў цяжкіх выпадках пададзены і прыклады. каб больш трапна адзначыць іх асаблівасць. Часам, калі гэта ўвогуле мне не паддаецца (я не філолаг), змяшчаю толькі прыклады ўжывання слова. Варта сказаць, што некаторыя прыведзеныя тут словы з іншымі значэннямі не ўжываюцца. У слоўніку чытач можа сустрэць слова, якое я ніяк не змог патлумачыць.

Пра шмат якія словы не памятаю, дзе яны пашыраныя, а вось у дакладных выпадках памячаю іх літарамі Б, Д, Н, У - Баранавіцкі, Докшыцкі, Нясвіжскі, Уздзенскі раёны, дзе гэтае слова (бы-ло) пашырана. Прыведзена таксама некалькі слоў, ужы-вальных у Капыльскім раёне (з паметай К). Я запісаў іх ад сваёй жонкі Яўгеніі Мікалаеўны Еўсючэня, якая нарадзілася і доўга жыла ў вёсцы Руднае і мае там шмат радні. Мой сябра Леў Палыкоўскі з Віцебшчыны таксама даслаў некалькі слоў-пацерак, якія "знайшоў" на Віцебшчыне (В). Цікавыя слоўцы даслалі мне з Полаччыны (П). Значную колькасць слоў занатаваў і я асабіста ў Баранавіцкім, Нясвіжскім, Уздзенскім раёнах.

Многія нашы слоўцы, як пабачыце, могуць падацца сёння як бы не да месца. Але трэба памятаць, што якое жыц-цё - такія і казкі, а якія казкі - такія і словы. Значыць, слоўнік такі, якое было наша жыццё; слоў з яго не выкінеш, нават калі б і хацеў. Праз гэтую мову можна вывучаць былое.

Трэба сказаць, што слоўнічак маёй маці не скон-чыўся. Бо я па-ранейшаму ўспамінаю яе гаворку, якая, мусіць, ніколі не выветрыцца з памяці: вось што значыць сваё, роднае, кроўнае, захаванае ў душы. Але, мусіць, не хутка з'явіцца важкі працяг выдання. Таму прапаную чытачам збі-раць такія вось словы-малюнкі ад людзей і ад сваіх бацькоў. Як я зразумеў, беларускага моў-нага багацця ў народзе бяс-конца многа.

Вячаслаў Мілкоўскі.


Беларуска-англійскі размоўнік

Выданне ажыццёўлена ў межах праекта "Дыялог", падтрыманага Дзярждэпартаментам ЗША і зарэгістраванага ў Дзярждэпартаменце па гуманітарнай дапамозе Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Размоўнік зроблены гэтак , як у апошнім часе робяць у Еўропе дзвухмоўныя выданні , то бок той размоўнік можна чытаць з абодвух бакоў , з беларуска - ангельскага і ангельска - беларускага . Размоўнік змяшчае раздзелы « Ветлівыя выразы », « Карысныя пытанні », « Знаёмства з горадам » і да т . п . Такі размоўнік не першы ў гісторыі беларускай лексікаграфіі , але яго адметнасць у тым , што ангельска - беларуская частка змяшчае лацінкавую транскрыпцыю беларускіх словаў і выразаў .

Як паведамляе кіраўнік ТБМ Алег Трусаў у планах таварыства выданне кітайска-беларускага размоўніка.

- Наш крытэр пры выбары мовы - яе пашыранасць у свеце,- кажа Трусаў. - Кітайская ж - ці не самая распаўсюджаная ў свеце і яе вельмі актыўна вывучаюць у нашай краіне. Напрыклад, у 23 беларускамоўнай гімназіі ёсць «кітайскія» класы.

Шаноўныя чытачы!

Да вашай увагі ўнікальнае выданне. Яно сталася магчымым дзякуючы намаганням многіх неабыякавых людзей. У першую чаргу, дзякуючы працы маладога пакалення сяброў ТБМ, якія праявілі сваю волю і жаданне размаўляць па-беларуску па-ўсюль. Так падчас нефармальных сустрэч-заняткаў склалася частка размоўніка на беларускай мове.

Але ж сёння болыпасць выпускнікоў беларускіх ВНУ ў той ці іншай ступені валодае замежнай мовай, як правіла, англійскай. Таму ўзнікла задума дапоўніць беларускамоўную частку англійскай мовай з тым, каб далучыць да бела-рускай мовы і палегчыць яе засваенне тым, хто валодае англійскай мовай і зацікаўлены ў веданні беларускай. Праца доўжылася не адзін год. Асноўную працу зрабілі сябры суполкі "Нашчадкі". Сябры Сакратарыяту - Дзяніс Тушынскі, Уладзімір Кошчанка - дапоўнілі і адрэдагавалі англамоўную частку нашага размоўніка. Хочацца зазначыць, што ў нашым выданні выкарыстоўваецца міжнародная транскрыпцыя, адаптаваная У. Кошчанка менавіта для лягчэйшага засваення беларускай мовы ангаламоўнымі карыстальнікамі.

Зразумела, што выданне не магло б здзейсніцца без спрыяння і фінансавай дапамогі. Таму выказваем шчырую падзяку супрацоўнікам амбасады ЗША ў Беларусі і Дзярж-дэпартаменту ЗША за аказанне фінансавай падтрымкі ў вы-данні размоўніка, а таксама супрацоўнікам Дзярждэпартамента па гуманітарнай дапамозе Кіраўніцтва справамі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь за разуменне важнасці такога выдання і спрыянні ў яго ажыццяўленні.

Аўтары-складальнікі маюць надзею, што выданне будзе запатрабавана настаўнікамі замежнай мовы, а таксама выкладчыкамі беларускай мовы для замежных студэнтаў розных навучальных устаноў Беларусі.

Мы спадзяёмся, што наша выданне паспрыяе папулярызацыі роднай мовы сярод беларускай моладзі, а таксама стане добрым дапаможнікам для вывучэння беларускай мовы замежнымі грамадзянамі.

Намеснік старшыні ТБМ, кіраўнік праекта "Дыялог" Алена Анісім.


Ёсць Літаратурны музей у Лідзе

22 верасня ў Лідзе адкрыты Літаратурны музей. Праўда, пакуль што музей называецца філіялам Лідскага гістарычна-мастацкага музея. І пакуль што не зусім ясна, ці застанецца ён філіялам, ці стане самастойным музеем. Але гэта ўжо не так істотна, істотна тое, што шматгадовая эпапея закончылася.

Музей адкрыўся ў доміку каля замка, у якім у 1939 - 1941 гадах жыў беларускі паэт Валянцін Таўлай. Домік ацалеў у вайну, быў прыведзены ў парадак, абкладзены цэглай у канцы 70-х пачатку 80-х гадоў 20-га стагоддзя. Тут размяшчаўся спорткамітэт. Аднак пры садзеянні гарадскіх уладаў сітуацыя зрушылася ў бок музея, і вось вынік.

На адкрыццё музея прыйшлі яго супрацоўнікі, лідскія літаратары розных пакаленняў, журналісты.

У малым холе вывешаны партрэты класікаў, хто так ці інакш звязаны з Лідай. Асаблівую цікавасць выклікае партрэт Адэлі з Устроні, які паказаны ўпершыню. Тут жа партрэты Францішка Багушэвіча, Цёткі, Янкі Купалы, Ніны Тарас, Уладзіміра Корбана, Кастуся Тарасава, Земавіта Фядэцкага, Ежы Путрамента.

А Валянціну Таўлаю ў музеі прысвечаны мемарыяльны пакой. Пакой падзелены на дзве часткі. У адной размешчаны рэчы перадваеннай і ваеннай эпохі, аналагічныя тым, якія маглі стаяць у доме В. Таўлая. Вісіць жырандоля, прывезеная з дома, у якім жыў В. Таўлай у Наваградскім раёне у час вайны. У другой частцы пакоя экспанаты, якія распавядаюць пра жыццё і творчасць паэта.

Самы вялікі пакой прысвечаны сучасным лідскім літаратарам, іх творчасці.

Безумоўна, зроблены толькі першы крок, будуць збірацца экспанаты, будзе весціся даследчая праца. Вырашаюцца кадравыя пытанні.

Наш кар.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў кастрычніку

Лепешаў Іван Якаўлевіч Арлова Эсфір Віктараўна Мітэр Альберт Грышчук Ганна Рыгораўна Цыхун Генадзь Апанасавіч Жаўток Уладзімір Навумчык Іосіф Адамавіч Лебедзеў Уладзімір Ануфр. Хархардзін Уладзіслаў Мішчанчук Мікалай Іванавіч Акаловіч Леанід Аляксандр. Міцкевіч Уладзімір Валянцін. Раманоўскі Уладзімір Іван. Раманоўскі Валер Іванавіч Грынкевіч Георгі Ігаравіч Пярова Маргарыта Сярг. Бубала Антон Осіпава Аляксандра Качарагіна Людміла Алякс. Ермаловіч Васіль Васільевіч Спосабаў Іван Іванавіч Кушнер Васіль Федаравіч Качаноўская Наталля Булавацкі Міхась Пятровіч Арцёменка Віталь Палейка Анатоль Малько Вячаслаў Аляксанд. Бусел Мікалай Кліменцьевіч Дзмітрыенка Анатоль Іван. Лявонава Галіна Долбік Ларыса Рыгораўна Землякоў Міхаіл Канстанц. Казак Валянціна Сямёнаў Віталь Праневіч Генадзь Мікалаевіч Сікора Алег Георгіевіч Краўцоў Мікалай Навуменка Генадзь Каратай Уладзімір Арсен. Місевіч Аляксандра Салаўёў Мікалай Жэгалава Тарэса Міхайлаўна Ермаковіч Леанід Іванавіч Мартысюк Вера Бамбіза Мікалай Рыгоравіч Даржынкевіч Генрых Фелікс. Святоха Генадзь Уладзімір. Шалястовіч Людміла Васіл. Куржалаў Алег Васільевіч Пунько Вольга Язэпаўна Мацвеенка Аляксандр Яўген. Лучко Валянцін Станіслав. Суднік Святлана Георгіеўна Палубятка Іосіф Даніловіч М.А. Кутас Тамара Кунцэвіч Зінаіда Мікалаеўна Палсцюк Валеры Віктаравіч Швед Вячаслаў Вітальевіч Люкевіч Уладзімір Паўлавіч Русіновіч Іван Кузьміч Крупіца Валянціна Аўдошчанка Валянціна Сенькавец Уладзімір Адам. Лебядзевіч Д.М. Барэль Васіль Гіль Міхаіл Нікадзімавіч Конюх Віктар Лявонавіч Архуцік Мікалай Крой Аляксандр Ільіч Масяйчук Аляксандр Бордак Наталля Васільеўна Мінаў Леанід Уладзіміравіч Янушкевіч Станіслаў Антон. Станкевіч Георгій Семянчук Генадзь Сазонаў Віктар Паўлавіч Рындзевіч Вячаслаў Ваўкавыцкая Таццяна Рудзёнак Алег Алейнік Іна Міхайлаўна Хадачок Міхаіл Шыдлоўскі Раман Яўгенавіч Кульбіцкі Сяргей Валер'евіч Глот Аляксей Шуй Вольга Васільеўна Трафімчык Сяргей Алякс. Станеўская Людміла Пярова Наталля Юр'еўна Пасюкевіч Ірына Уладзісл. Цюлькоў Аляксей Клундук Святлана Сяргееўна Яроменкаў Аляксандр Леан. Швед Іна Анатольеўна Думанская Ганна Рыгораўна Дзедушкова Алена Філіповіч Дзіяна Леанідаўна Сухоцкі Андрэй Аляксеевіч Касцючэнка Ірына Зянковіч Юрась Чайкоўскі Павел Іванавіч Несцярук Валерый Фёдар. Казлоў Алег Яўгенавіч Бялецкі Віктар Пятровіч Рудовіч Алена Пракаповіч Ілля Мікалаевіч Стральцоў Алесь Уладзім. Ліс Дар'я Алегаўна Сухаверхі Андрэй Сямёнавіч Дудар Таццяна Аляксандр. Палянскі Аляксандр Сярг. Булат Алена Анатольеўна Міснікова Кацярына Дамарад Святлана Піліпенка Алена Кулеш Алена Каханчык Зміцер Сухарэвіч Віталь Пятровіч Угрын Аляксандр Сяргеевіч Сцежкін Кірыла Аляксандр. Зволінскі Тодар Мазырка Аляксандр Дзіцэвіч Юлія Шохан Вольга Малец Таццяна Буйніцкая Марына Міняйла Ганна Сяргееўна Брыцько Аляксей Кавецекая Наталля Уладзім. Маслюкоў Іван Віктаравіч Іваноў Максім Генадзьевіч Цішкевіч Юлія Іванаўна Фалейчык Алесь Сямёнава Анастасія Васіл. Савіч Яўген Алейнік Юрый Леанідавіч Сялюк Іван Вератынскі Кірыл Віктаравіч Валуненка Ірына Іванаўна Хадневіч Цімафей Сёмкіна Вольга Віктараўна Бягун Рацібор Аляксандр. Семянчук Валеры Смашная Марына Уладзімір. Шаршнёва Наталля Анатол. Савацееў Кім Сяргеевіч Урублеўскі Вадзім Вал. Мальцава Ірына Пяткевіч Лізавета Алегаўна Раманцоў Зміцер Уладзімір. Барташэвіч Антаніна Дзеружынская Вераніка Ав. Розберг Дзяніс Уладзіміравіч Дзенісевіч Лідзія Сагановіч Яніна Генадзеўна Сульжыц Кацярына Сярг. Панамарова Лізавета Сярг. Іўчанкоў Мікалай Мікалаевіч Руды Яўген Ігаравіч Раманюк Раман Верабей Таццяна Пятроўна Войніч Вераніка Гарніцкі Янка Андрэевіч Суліменка Дзмітры Сяргеев. Байдакова Ганна Дзмітрыеўна Сідарчук Кірыл Валер'евіч Скіцёў Зміцер Андрэевіч Макруш Сяргей Вячаслав. Арлова Эрыка Сакевіч Уладзімір Клеменц.


Дзіцячы альбом, частка першая

У сядзібе Таварыства беларускай мовы ў Менску прэзентаваны дыск «Дзіцячы альбом, частка першая», на якім запісана 27 дзіцячых беларускіх народных песень. Выканаўцам асноўных вакальных партыяў - Адасю Матафонаву ды Тамашу Сідаровічу - 9 ды 12 гадоў адпаведна.

Адась ды Тамаш разам са сваімі бацькамі - музыкамі Змітром Сідаровічам ды Тацянай Матафонавай - працавалі над дыскам ажно 5 гадоў. «Дзіцячы альбом» падпадае пад 3 жанры: фальклор, песніінсцэніроўкі ды песні для дзіцячых дыскатэк. Ідэя выдаць складанку народных дзіцячых песень нарадзілася падчас размоваў бацькоў, якія з розных раёнаў Менску прывозілі сваіх дзяцей у беларускамоўную групу дзіцячага садка № 314, што непадалёк ад Камароўскага рынку.

Зміцер Сідаровіч кажа:

Уся гэтая рэч адбылася дзякуючы таму, што існуе беларуская "тусоўка", якая за апошнія 20 гадоў разраслася да памераў вялікагавялікага грамадства. Яшчэ не такога вялікага, як нам хацелася б, але ўжо калі едзеш у аўтобусе і ззаду чуеш беларускую мову, то паварочваешся і не бачыш знаёмага твару.

Малыя вакалісты Тамаш ды Адась на пытанне, дзе б ім хацелася выступіць, адказваюць даволі абстрактна, называючы НьюЁрк ды «Еўрабачанне».

Каб іх на "Еўрабачанне", трэба што? Трэба чалавека, які паставіць харэаграфію ім, здымаеш кліп - і да чыноўнікаў, да міністраў. Але ўзнікае пытанне: а ці варта ісці гэтым шляхам? задаецца пытаннем З. Сідаровіч.

«Тынтын», «Тулюлю», «Ішоў казёл мастом», «Гэй ты, воўчанька», «Рыцар-верабейка» - так называюцца некаторыя песні з «Дзіцячага альбома». Стваральнікі дыска хочуць спалучыць народныя традыцыі вёскі ды горада, даць архаічным традыцыйным песням вясёлыя ды жывыя аранжыроўкі.

Аўтары «Дзіцячага альбома» плануюць аднесці кружэлку ў Міністэрства адукацыі, выдаць пад Каляды працяг дыска, а таксама распачаць працу над відэакліпам на адну з песняў.

Наш кар.


"За цябе маё сэрца балела, дарагая мая Беларусь"

Лёс беларускага паэта Алеся Салаўя быў цяжкім, пакручастым, надзвычай багатым падзеямі. Ацэнка творчасці гэтага выдатнага паэта залежыць ад палітычных перакананняў таго, хто пра яго піша. Для тых, хто падтрымлівае ідэалы сапраўды незалежнай Беларусі, Алесь Салавей - вялікі талент, выдатны паэт, верны сын сваёй Радзімы, і, наадварот, для асоб, якія крытычна ўспрымаюць творчасць пісьменнікаў, прадстаўнікоў беларускай эміграцыі, хто марыць, каб наша краіна зноў стала ПаўночнаЗаходнім краем Расіі, паэт Алесь Салавей здраднік, калабарацыяніст. Але ў наш час паступова мяняецца ацэнка шэрагу падзей мінулага: здраднікі даўно ўжо атрымалі сваё, а ахвяры мінулага рэжыму, такія выдатныя паэты як Алесь Салавей і Ларыса Геніюш, даўно ўжо залічаны свядомымі суайчыннікамі ў шэрагі буйнейшых асоб беларускай нацыянальнай літаратуры.

Нідзе нельга знайсці вестак аб тым, што знаходзячыся на акупаванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі Беларусі, Алесь Салавей ці супрацоўнічаў, ці складаў оды, усхваляючы "новыя парадкі". На працягу ўсёй сваёй творчай дзейнесці ён пісаў свае творы, пранікнутыя вялікай любоўю да сваёй зямлі, да роднай беларускай мовы, якая была для яго найдаражэйшым скарбам, ён марыў, каб яго краіна была вольнай, як ад фашысцкіх вандалаў, так і ад бальшавіцкай Расіі. Беларускі чытач мала ведае пра Алеся Салаўя: творы яго ніколі не выдаваліся на Беларусі. Адзіная кніжка паэта "Нятускная краса" выйшла ў Нью-Ёрку, у 1982-м годзе, праз 4-ы гады пасля яго смерці.

А на Беларусі цікавае і змястоўнае даследванне жыцця і творчасці Алеся Салаўя здзейсніла пісьменніца, педагог, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Лідзія Савік у нарысе "Жыву і дыхаю, мой край табой…", змешчанным у яе кнізе "Пакліканыя".

Прыемны падарунак беларускім чытачам зрабіла выдавецтва "Лімарыус", заснаваўшы новую серыю "Галасы Айчыны". У гэтай серыі зусім нядаўна выйшла ўпершыню на Беларусі кніга, прысвечаная жыццёваму шляху і творчасці паэта Алеся Салаўя пад назвай "Алесь Салавей". Кніга вызначаецца высокім навуковым узроўням, а укладальнікам яе, аўтарам прадмовы і каментара з'яўляецца беларускі паэт, эсэіст, перакладчык Міхась Скобла. Менавіта дзякуючы яму і выдавецтву "Лімарыус" сёлета пабачылі свет кнігі паэзіі і жыццёвага шляху выдатнай беларускай паэтэсы Ларысы Геніюш, 100-годдзе якой нядаўна адзначыла прагрэсіўнае грамадства Беларусі. Тыраж кнігі "Алесь Салавей" невялікі, усяго 400 асобнікаў.

На яе амаль 260-ці старонках надрукаваны вершы, паэмы, драматычныя творы паэта, ёсць тут вершы і для дзяцей. На астатніх 220-ці старонках змешчаны лісты Алеся Салаўя, адрасаваныя паэтамэмігрантам Ларысе Геніюш, Рыгору Крушыне, Масею Сяднёву, Вітаўту Тумашу, Антону Адамовічу, а таксама і ўспаміны сучаснікаў пра Алеся Салаўя. Кніга выйшла ў цвёрдым пераплёце і аздоблена шматлікімі фотаздымкамі .

Творчасць Алеся Салаўя, таксама як і вышэй згаданных паэтаўэмігрантаў належыць у наш час, як і раней, да ліку напаўпадпольнай літаратуры: яна быццам існуе, а быццам не існуе. Дзяржаўнымі выдавецтвамі гэтыя паэты не друкуюцца. Адкуль такая нелюбоў да нашых выдатных паэтаў? Магчыма, іх не любяць некаторыя нашыя чыноўнікі, сярод якіх шмат беларусафобаў за тое, што іх творы напісаны толькі на беларускай мове, і прасякнуты любоўю да Беларусі.

У адной з кніг Міхася Скоблы я неяк знайшоў, што ён параўноўвае гэтую літаратуру з негасальным падземным агнём торфу: агонь гэты тушаць і пажарнікі, і заліўныя дажджы, а ён усё гарыць. Але прыйдзе час - агонь вырвецца на паверхню, і запалае з падвойнай і патройнай сілай. Балотны агоньвельмі трапная метафара творчасці Алеся Салаўя, Ларысы Геніюш. Іхнія творы ўжо чытаюць, нягледзячы на дарэмныя намаганні "пажарнікаў".

Сапраўднае прозвішча Алеся Салаўя - Альфрэд Радзюк, а нарадзіўся ён 1га траўня 1922-га года ў вёсцы Крысава, што за шэсць кіламетраў ад Койданава (Дзяржынска). Аўтару гэтага артыкула неаднаразова давялося наведваць гэтую вёску, размешчаную на беразе ракі Вусы. Старыя ліпы на ўскраіне вёскі, шматлікія буслянкі, рэчка - усе гэтыя маляўнічыя краявіды з дзіцячых гадоў зачароўвалі малога Альфрэда, якога бацькі і сябры клікалі ласкава Фрэдзя. Вершы хлопчык пачаў складаць з васьмігадовага ўзросту, і першымі добразычлівымі яго слухачамі і "крытыкамі" былі высокаінтэлігентныя бацька Васіль Раманавіч і маці Марыя Сяргееўна. Бацька паэта атрымаў вышэйшую сельскагаспадарчую адукацыю, працаваў у в. Самахвалавічы, на Чэрвеньшчыне (в. Натальеўск), у в. Вялікія Навасёлкі (Койданаўшчына), а ў 1934-ым годзе сям'я пераехала ў Койданава, дзе Васіль Раманавіч займаў пасаду загадчыка гандлёвага аддзелу Койданаўскага райспажыўсаюзу. Фрэдзя вучыўся ў Койданаўскай сярэдняй школе разам з вядомым у будучым гісторыкам Міколам Ермаловічам, ураджэнцам в. Малыя Навасёлкі.

Зусім нядаўна я сустрэўся з вядомым на Дзяржыншчыне педагогам, заслужаным настаўнікам Беларусі Віктарам Антонавічам Навіцкім, які нарадзіўся ў адной з Алесем Салаўвём вёсцы Крысава. Яму, амаль равесніку паэта, часта даводзілася ісці разам з Фрэдзем у школу на заняткі. Паважаны Віктар Навіцкі ўспамінае, што па дарозе ў школу высокі, стройны хлапчук, крыху старэйшы за яго, часта спыняўся, і, прыхіліўшыся спіною да бярозы, узнёсла чытаў абступіўшым яго школьным сябрам свае вершы. Усе яго раннія юнацкія вершы прысвечаны роднаму краю, захапленню роднай прыродай.

Вось, напрыклад, радкі з верша "Радзіма", прысвечаныя роднай вёсцы:

Багацей, палі і нівы,

і паўней засекі ў свірны!

Шчаслівей, браты і сёстры,

вёска Крысава мая !".

Ужо ў 1937-м годзе першыя вершы Алеся Салаўя "На сенажаці", "Шылава гара", "Ты", " Выйдзі, паслухай" пачалі з'яўляцца на свет на старонках часопіса "Піянер Беларусі" і раённай газеты "Ударнік Дзяржыншчыны".

Дарэчы, Віктар Навіцкі нядаўна склаў верш, прысвечаны свайму земляку. Вось радкі з яго:

А спеў гучаў усё мацней,

І плыў высока, да нябёс,

Не знаў, не ведаў Салавей,

Які яго чакае лёс.".

А чакаў юнака тады зусім незайдросны, трагічны лёс. Жнівеньскай ноччу, на вачах у дзяцей, органамі НКУС былі арыштаваны яго бацькі, якіх Альфрэд, два малодшыя яго браты і сястра больш ніколі не ўбачаць. Гартаю кнігу "Памяць. Дзяржынскі раён." І на старонцы 232 знаходжу: Радзюк Васіль Раманавіч расстрэляны ў г. Менску 10-га студзеня 1938-га года. Рэабілітаваны ў траўні 1960-га года. Парэшткі яго знаходзяцца, верагодней за ўсё, ў сумнавядомых Курапатах. Маці, Марыя Сяргееўна, асуджана на 10 гадоў зняволення, рэабілітавана 8-га студзеня 1956-га года. Адбыўшы поўны тэрмін зняволяння, яна рана пайшла з жыцця, і пахавана на могілках у в. Вязань, што побач з г. Фаніпалем. Такім чынам, дзякуючы "клопатам" сталінскіх катаў на плечы 15-цігадовага юнака Альфрэда ўзваліўся цяжар па ўтрыманні малодшых братоў Лявонкі і Ўладзіка і сястрычкі Алы. Пасля гэтай трагедыі ў школе Альфрэд з'яўляўся рэдка, бо трэба было зарабляць на хлеб, працуючы на торфараспрацоўках, вывазцы лесу, разгрузцы вагонаў. У верасні юнак паступіў вучыцца ў Менскую педагагічню навучальню, якую не скончыў зза дрэнных жыццёвых умоў. Летам 1938-га года Альфрэд Радзюк быў запрошаны на курсы маладых аўтараў, дзе пазнаёміўся з Аркадзем Куляшовым, Міколам Аўрамчыкам. Заняткі на курсах праводзілі Пятро Глебка і Кузьма Чорны. Такім чынам, Алеся Салаўя можна лічыць паэтам - самавукам. Ці да навукі было тады яму, узяўшаму клопаты пра братоў і сястру? У перадваенны перыяд Альфрэд шмат чытаў, захапляўся творчасцю Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, пачаў асвойваць класічныя формы верша: санеты, актавы, трыялеты, рандо, якія потым паспяхова выкарыстоўваў у сваёй творчасці. І ў гэтыя цяжкія часы ён працягваў пісаць вершы (" Вуса", "Вецер буйвецер", "Цырульнік"). Да пачатку вайны паэт нейкі час працаваў у рэдакцыі Лагойскай раённай газеты "Чырвоная Лагойшчына". Тут ім быў напісаны санет "Гайна". А перад прыходам немцаў ён напісаў верш "Відаць, забыў Напалеона", у якім кляйміў Гітлера і яго кліку. Верш трапіў у рукі немцаў, паэт быў арыштаваны і пасаджаны ў турму, з якой ледзь выбраўся. На фронт паэта не ўзялі з прычыны хворага сэрца і кепскага зроку, не прыстаў ён і да партызан : яго, сына "ворагаў народа", мог у партызанскім атрадзе прыстрэліць якінебудзь Хрумкач - Крумкач (антыгерой аповесці А. Рыбака "Хрумкач"). Увосень, 1941-га года паэт пакідае Лагойск, пераезджае ў Менск і ўладкоўваецца ў рэдакцыю "Беларускай газеты", дзе працавала паэтка Наталля Арсеннева, вернутая з казахстанскай ссылкі з двума сынамі. Працуючы ў Менску, Альфрэд Радзюк друкуецца ў газетах пад псеўданімамі Алесь Вясновы, Алесь Вясёлка, а свой верш "Радасць жыцця" ён упершыню надрукаваў пад псеўданімам Алесь Салавей. Давялося паэту працаваць і ў гарадскім пасёлку Ілья, што на Вілейшчыне, дзе ім былі напісаны вершы " Маці чакае сына з вайны", "Спі, мой родны". У вершы "Беларусі", напісанным паэтам таксама ў Ільі, ёсць такія радкі:

За цябе маё сэрца балела,

дарагая мая Беларусь.

Тэма патрыятызму гучыць і ў іншых вершах Алеся Салаўя. Шмат сваіх вершаў ён прысвяціў Усяславу Чарадзею, Францішку Скарыну, Сымону Буднаму, Максіму Багдановічу, уславіў мясціны, дзе давялося яму пабываць (Менск, Лагойск, Вільня, Маладзечна, Койданава).

У г. Рызе Алесь Салавей працаваў намеснікам галоўнага рэдактара беларускага часопіса "Новы шлях". Тут пабачыў свет яго паэтычны зборнік "Мае песні".

Пад час наступлення Савецкай Арміі Алесь Салавей пакручастым шляхам з Рыгі трапляе ў Берлін. Ён ведае, што ад вызваліцеляў яго чакае, як і бацьку, расстрэл, хаця паэт не адчуваў за сабой ніякай віны перад савецкай уладай, хутчэй наадварот, улада перад ім была вінаватая. У Берліне, у логаве фашыстаў, ён напісаў верш "Frohliche Weihnachten" , што ў перакладзе азначае пажаданне "Вясёлых калядаў". У гэтым вершы ёсць такія радкі, што праклінаюць фашыстаў:

Карае вас, карае Божы меч

ліхіх бясчынных".

У той час яшчэ дыміліся печы Бухенвальда і Дахаў, куды мог бы патрапіць паэт, калі б гэты верш трапіў у рукі немцаў. Пасля Берліна Алесь Салавей кароткім заездам наведаў Прагу, дзе адбылася яго сустрэча з Ларысай Геніюш, і неўзабаве апынуўся ў Аўстрыі (г. Зальцбург), дзе да 1949-га года прабыў у лагеры для выгнанцаў. Тут ён ажаніўся з Зінаідай Кадняк, і стаў бацькам сына Міхася і дачкі Ганны. Зальцбургскі перыяд жыцця незвычайна плённы ў паэтычным лёсе Алеся Салаўя. За гэты час ён напісаў паэмы "Домік у Менску", "Звіняць званы Святой Сафіі", "Сын", тут убачыў свет зборнік паэзіі "Сіла гневу", у якім шмат вершаў прысвечана Радзіме.

У 1949-м годзе Алесь Салавей з сям'ёй выехаў ў Аўстралію. У г. Мельбурне ён набыў кавалак зямлі, пабудаваў уласны дом, і ўвесь час працаваў на цяжкай рабоце на фабрыцы. У Аўстраліі ў яго сям'і нарадзіўся яшчэ адзін сын - Юрка. У вершах, напісаных на далёкай чужыне, адчуваецца туга паэта па страчанай роднай Беларусі.

На морыхваль віры.

Між іх знайшоў спакой

нязнаны спыну сум -

адзіны сябра мой" ,

піша паэт у сваім вершы "Сум".

Аднак у сваіх вершах Алесь Салавей жыў надзеяй ў выртанне на вольную незалежную Беларусь. У далёкай Аўстраліі яго вельмі падтрымлівала ліставанне з Ларысай Геніюш, калі яна жыла пасля вызвалення з сталінскага ГУЛАГу ў Зэльве. Выдатная паэтка дасылала Алесю Салаўю кнігі Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча. У 1952-м годзе паэт падрыхтаваў да друку рукапісы дзвюх новых сваіх зборнікаў : "Вянкі" і "Несмяротнасць", але выйшлі яны ў свет ужо пасля яго смерці.

Памёр Алесь Салавей 22-га студзеня 1978-га года , у Мельбурне, у час купання ў акіяне ад разрыву сэрца, і пахаваны на Беларускіх могілках, у Мельбурне.

Сваім паэтычным талентам паэт назаўсёды застаўся ў беларускай літаратуры, і прыйдзе час, калі яго імем, таксама як і імем Ларысы Геніюш, будуць названы вуліцы ў нашых гарадах і вёсках, а штогод будуць праводзіцца на дзяржаўным узроўні літаратурныя чытанні гэтых выдатных паэтаў. А такі час абавязкова настане!

Лявон Целеш, г.Дзяржынск.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX