Вярнуцца: 2010

№ 47 (990)


Крыніца: pawet.net.



47 (990) 24 ЛІСТАПАДА 2010 г.


80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

КАРАТКЕВІЧ Уладзімір Сямёнавіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 г. у горадзе Оршы ў сям'і інтэлігентаў. У час Вялікай Айчыннай вайны быў у эвакуацыі ў Пермскай вобласці, пасля ў Арэнбургу. У 1944 вярнуўся ў Оршу, атрымаў сярэднюю адукацыю. У 1949-1954 г. вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т.Р. Шаўчэнкі. Настаўнічаў у вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці (1954-1956), у Оршы (19561958). Скончыў Вышэйшыя літаратурныя (1960), Вышэйшыя сцэнарныя курсы (1962) у Маскве. З 1962 жыў у Менску. Уваходзіў у Саюз пісьменнікаў СССР з 1957.

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І. Мележа (1983) за раман «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1984, пасмяротна) за раман «Чорны замак Альшанскі».

Свае першыя вершы Уладзімір Караткевіч апублікаваў у 1951 (аршанская раённая газета «Ленінскі прызыў»). У 1955 верш «Машэка» быў змешчаны ў часопісе «Полымя». Выйшлі зборнікі паэзіі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (вершы і паэма, 1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду.» (вершы і паэмы, 1986).

У першы празаічны зборнік У. Караткевіча «Блакіт і золата дня» (1961) увайшлі гістарычныя аповесці «Сівая легенда» (паводле якой ён стварыў лібрэта да оперы Дз. Смольскага) і «Цыганскі кароль». Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Чазенія» (1970), «Вока тайфуна» (1974), «З вякоў мінулых» (1978), раманаў «Каласы пад сярпом тваім» (1968), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1972), «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі», 1982), «Чорны замак Альшанскі» (увайшлі аднайменны раман і аповесць «Зброя»), (1983), аповесці «У снягах драмае вясна» (1989). Для дзяцей выдаў «Казкі» (1975) і нарыс «Белавежская пушча» (1975).

Для прозы Караткевіча характэрны вострая фабула, яркія характары, пастаноўка сацыяльна значных праблем. Распрацоўваў пераважна гістарычную тэматыку (паўстанне 18631864 і інш.). Многія героі яго твораў вабяць сваёй прыгажосцю і багаццем унутранага свету, маральнасцю, высакароднасцю ўчынкаў, самаахвярным служэннем Бацькаўшчыне. Паэзіі ўласціва яркая вобразнасць, асацыятыўнасць мыслення, глыбіня філасофскага роздуму.

Аўтар п'ес «Млын на Сініх Вірах» (пастаўлена на тэлебачанні ў 1959), «Званы Віцебска» (1977, пастаўлена ў 1974), «Кастусь Каліноўскі» (1980, пастаўлена ў 1978), «Калыска чатырох чараўніц» (апублікавана і пастаўлена ў 1982), «Маці ўрагану» (1985, пастаўлена ў 1988; аднайменны мастацкі фільм рэжысёр Ю. Марухін, 1990). У 1988 г. выйшаў зборнік п'ес «Старыя беларускія хронікі». Напісаў сцэнарыі кароткаметражных фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць каменя» (1966), «Будзь шчаслівай, рака» (1967), сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (першапачатковая назва «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка», з В. Бычковым, 1967), «Чырвоны агат» (1973), «Дзікае паляванне караля Стаха» (з В. Рубінчыкам, 1979), «Чорны замак Альшанскі» (з М. Пташуком, 1984). На тэлебачанні і радыё па яго творах пастаўлены шэраг спектаклzo. Па лібрэта Караткевіча пастаўлена ў Беларускім тэатры оперы і балета опера «Сівая легенда» (кампазітар Д. Смольскі, 1978), а паводле яго аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» аднайменная опера (кампазітар У. Солтан, 1989).

Уладзімір Караткевіч выступаў таксама як публіцыст і крытык. Напісаў нарыс «Зямля пад белымі крыламі» (1977, першае выданне на ўкраінскай мове, Кіеў, 1972), эсэ «Мсціслаў Мстиславль» (1985), эсэ, артыкулы пра Ф. Скарыну, Т. Шаўчэнку, Лесю Украінку, М. Агінскага, Я. Купалу, М. Багдановіча, М. Шолахава, Я. Брыля, У. Калесніка, М. Лужаніна, Р. Барадуліна, В. Зуёнка, А. Наўроцкага, Я. Сіпакова. Выйшлі "Выбраныя творы" ў 2 тамах (1980) і Збор твораў у 8 тамах (19871991).

Творчасці У. Караткевіча ўласцівы філасофскія роздумы пра сэнс жыцця і прызначэнне чалавека на Зямлі, пра лёс беларускага народа ў яго трагічным і адначасова светлым, аптымістычным вымярэнні, вострая сацыяльная накіраванасць і грамадзянская жарасць, вернасць ідэалам гуманізму, дабра і справядлівасці, узнёслая рамантычнасць, паэтычнасць. У яго творчай спадчыне захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў.

Працаваў як перакладчык. На беларускую мову пераклаў драму М. Карэма «У ноч зацьмення Месяца» (пастаўлена ў 1972), аповесць Э. Гашпаравай «Цяжка быць мустангам» (1981), паасобныя творы Дж. Байрана, А. Міцкевіча, І. Франка, Я. Судрабкална, Б. Мацкявічуса і інш.

Па яго творах пастаўлены мастацкія фільмы, тэле і радыёспектаклі. У Беларускім тэатры оперы і балета створаны оперы "Сівая легенда" (1978, кампазітар Дз. Смольскі) і "Дзікае паляванне караля Стаха" (1989, кампазітар У. Солтан). Творы Уладзіміра Караткевіча перакладзены на многія мовы свету.

Пісьменнік выступаў у абарону беларускай мовы, культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. У 1970-я г. быў удзельнікам навуковых экспедыцый "Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі" Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, вёў на Беларускім тэлебачанні праграму "Спадчына".


Сямён Шапіра: Беларускамоўныя класы трэба аднаўляць

Пра гэта старшыня Гарадзенскага аблвыканкама заявіў на нарадзе, прысвечанай адукацыі.

Сёння у вобласці фактычна не засталося гарадскіх школаў, дзе б навучанне праводзілася на беларускай мове. Яскравы прыклад - Ваўкавыск. Апошні клас тут выпусцілі летась, а новыя не набіралі ўжо чатыры гады.

Кіраўніцтва школ наракае, што гэта бацькі не жадаюць, каб іх дзеці навучаліся пабеларуску: "Раней мы прымушалі і дзяцей, і бацькоў, каб былі беларускія класы. А цяпер ім далі свабоду, дык ніхто не хоча", - кажа завуч ваўкавыскай СШ № 4 Тэрэза Каспяровіч.

Адраджэнне можа пачацца ў наступным годзе. "Спадар Шапіра загадаў нам аднаўляць беларускамоўныя класы. І калі цяпер ужо ад нас будуць патрабаваць гэта, то і мы запатрабуем ад бацькоў", - пракаментавала сітуацыю дырэктар ваўкавыскай гімназіі №2 Тамара Фядоранькава.

Пакуль аддзел адукацыі райвыканкама можа прапанаваць беларускамоўным бацькам і іхнім дзецям індывідуальнае навучанне. Але як паказала апытанне кіраўніцтва школаў, толькі ў гімназіі № 1 рэальна могуць прадаставіць такую магчымасць: "Мы гатовы забяспечыць навучанне на роднай мове нават аднаму дзіцёнку. Створым усе ўмовы для яго. Бо самыя моцна зацікаўленыя ў адраджэнні роднай мовы ў навучанні", - запэўніў дырэктар гімназіі №1 Мікалай Дзыкуновіч.

belsat.eu, nastaunik.info.


Улады Магілёва паабяцалі дапамагаць беларускамоўнаму школьніцтву

Спрыяць адкрыцьцю беларускамоўных класаў у Магілёве абяцае мясцовая ўлада. Намеснік старшыні гарвыканкаму Ігар Шардыка абумовіў, аднак, пазіцыю гарадской вертыкалі ў гэтым пытанні наяўнасцю адпаведных ініцыятыў з боку бацькоў. Паводле чыноўніка, беларуская мова ў Магілёве запатрабаваная.

На пачатку гэтага навучальнага года ў горадзе не было ніводнага класа з беларускай мовай навучання. З'явіўся попыт бацькоў, і адкрыўся беларускамоўны клас. Пры наяўнасці ахвотных і ў наступным годзе будзе разглядацца пытанне аб магчымасці існавання такіх класаў. Улада зацікаўленая ў вырашэнні гэтага пытання.

Ігар Шардыка займае пасаду намесніка старшыні гарвыканкаму са жніўня 2010 году. Раней ён працаваў у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова. У гарвыканкаме ён курыруе пытанні ідэалогіі, адукацыі, культуры. Ён кандыдат гістарычных навук.

Радыё Свабода


Шыльда ў гонар Палонкаўскай бітвы

Баранавіцкія сябры грамадскіх арганізацый усталявалі памятны знак у гонар 350-ці годдзя знакамітай Палонкаўскай бітвы 1660 года каля вёскі Палонка Баранавіцкага раёна.

Па словах старшыні Баранавіцкай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Віктара Сырыцы, Баранавіцкі райвыканкам, куды неаднаразова звярталіся актывісты, не знайшоў грашовых сродкаў для металічнай шыльды:

Мясцовыя грамадскія актывісты цягам года самастойна арганізавалі збор грошай і ўласнымі намаганнямі зрабілі на мармуровым камені металічную шыльду Палонкаўскай бітвы.

Усталяванне памятнага знаку не абыйшлося без эксцэсаў. Старшыня Палонкаўскага сельвыканкаму Ніна Кісель выклікала міліцыю. Па яе словах, усталяванне знака арганізавана без дазволу мясцовай улады.

Віктар Сырыца і краязнавец Міхась Бернат патлумачылі міліцыянтам, што яны загадзя даслалі змест шыльды ў Палонкаўскі сельвыканкам. І што гэта не ўсталяванне новага знака, а аднаўленне старой шыльды, дазвол на якую даў Палонкаўскі сельвыканкам яшчэ ў 1994 годзе. Справа скончылася мірам.

Наш кар.


Роля грамадства ў пашырэнні практыкі выкарыстання беларускай мовы*

"Адзіная дзяржава немагчымая без адзінай мовы"

Кардынал Арман Рышэлье, Францыя, XVII ст.

Вытокі беларускай мовы, як і беларускага народа, сягаюць у эпоху бронзавага веку (II тысячагоддзе да нашай эры) і звязаны з прыходам нашых далёкіх продкаў індаеўрапейцаў на Беларусь. Цікава, што менавіта беларуская мова найбольш з іншых славянскіх моў набліжана да санскрыту, мовы старажытных насельнікаў Індыі. Варта прыгадаць, да прыкладу, слова "веды".

Наступны этап развіцця нашай мовы гэта славянскі перыяд, VIIIX стст., калі большасць тэрыторыі Беларусі засялялі плямёны крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Паколькі крывічоў было значна болей, яны засялілі большую тэрыторыю і ўтварылі чатыры незалежныя дзяржавы: Полацкае, Смаленскае і Цвярское княствы, а таксама Пскоўскую феадальную рэспубліку. Менавіта крывічы заснавалі гарады Полацк, Смаленск і Вільню, будучыя цэнтры беларускага летапісання XIIXVI стст., месцы, дзе канчаткова сфармавалася старабеларуская мова, дзяржаўная мова шматнацыянальнага Вялікага Княства Літоўскага.

Пасля таго, як сын Цвярской княжны вялікі князь Ягайла стаў польскім каралём і пераехаў у Кракаў, адбываецца значны ўплыў беларускай мовы і культуры на польскую мову і культуру, тым больш, што дзяржаўнай мовай Польшчы была лацінская мова, якую ведалі толькі пісьменныя, адукаваныя людзі.

Трэба сказаць, што дынастыя Ягелонаў мела беларускае паходжанне, асабліва па мацярынскай лініі (напрыклад, Віцебская і Цвярская княжны Ульяна і Сафія Гальшанская) і яе прадстаўнікі актыўна карысталіся ў побыце і міжнародных стасунках старабеларускай мовай.

Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай у 1569 годзе сітуацыя змянілася. Першы кароль Рэчы Паспалітай, венгр па нацыянальнасці, не ведаў спачатку ні польскай, ні беларускай моваў, не карыстаўся імі і прывёў на Беларусь езуітаў, якія пачалі палітыку паланізацыі касцёла і яго вернікаў, паступова замянілі латынь на польскую мову.

У сувязі з гэтым беларускія феадалыкатолікі пачалі актыўна карыстацца польскай мовай у штодзённым ужытку, што выклікала пратэсты шляхты і гараджанаў.

Выразнікам беларускіх патрыётаў стаў канцлер ВКЛ Леў Сапега, які ў трэцяй рэдакцыі Статута ВКЛ (1588 г.) замацаваў дзяржаўны статус беларускай мовы і кірылічнага алфавіту.

Аднак пасля войнаў сярэдзіны XVII ст., калі значная частка беларускай эліты загінула, альбо трапіла ў варожы палон, паланізацыя настолькі ўзмацнілася, што ў 1696 годзе дзяржаўнай мовай ВКЛ стала польская. Большая частка шляхты стала католікамі і пад уздзеяннем касцёла перайшла на польскую мову. Аднак са сваімі прыгоннымі, непісьменнымі сялянамі, якія не ведалі польскай мовы, яны мусілі размаўляць "папростаму", гэта значыць пабеларуску. Таксама трэба было ведаць і старабеларускую мову XVXVII ст., на якой былі запісаны ўсе іх прывілеі і інвентары, а таксама летапісы.

У XVIII ст. беларуская пісьмовая мова была адлучана не толькі ад справаводства, але і ад выкарыстання на розных узроўнях адукацыі, дзе запанавалі латынь і польская мова. У гэты час з'явілася і распаўсюдзілася беларуская "лацінка", калі беларускія словы пісаліся лацінскімі літарамі. У рэлігійнай сферы беларускую мову часткова захавала толькі ўніяцкая царква, да якой тады належала большасць беларусаў.

Пасля анексіі Беларусі Расійскай імперыяй у канцы XVIII ст. паланізацыя не знікла, а яшчэ болей узмацнілася, бо ўся сістэма адукацыі ад Віленскага універсітэта да прыватных школ працавала на польскай мове. Руская мова выкладалася як замежная, а беларускую мову ніхто не вывучаў і яна канчаткова страціла статус літаратурнай мовы, мовы беларускай эліты.

Пасля двух паўстанняў 18301831 і, асабліва, 1863-1864 гадоў польская мова на тэрыторыі Беларусі згубіла сваё пануючае становішча і пачалася татальная русіфікацыя. У 1839 годзе была знішчана беларуская ўніяцкая царква, і беларуская мова надоўга знікла з набажэнства.

У гэты час беларуская эліта шляхецкага паходжання яшчэ захоўвала свае ліцвінскія карані, але адносіла сябе да польскай культурнай традыцыі.

Сітуацыя пачала мяняцца пасля адмены прыгону 1861 года, калі беларускія сяляне паступова сталі перасяляцца ў гарады і мястэчкі, дзе ўжо траплялі ў сферу актыўнай русіфікацыі, асабліва праз школу і царкву. Сярод іх назіраецца цяга да адукацыі і некаторыя дасягаюць стану рускай інтэлігенцыі. Напрыклад, бацька Максіма Багдановіча. У гэты час у Еўропе назіраецца росквіт этнаграфіі, расце нацыянальнавызвольны рух паняволеных народаў, у тым ліку і славян.

Беларусы не засталіся ўбаку. Новая нацыянальная эліта складаецца з дробнай каталіцкай шляхты і праваслаўных "разначынцаў", што выйшлі з сялян і мяшчан. Напрыклад, Янка Купала і Якуб Колас. Менавіта яны ствараюць новую беларускую літаратурную мову на базе цэнтральных беларускіх дыялектаў ад Вільні да Мсціслава і Смаленска. Пачаткам новага беларускага адраджэння можна лічыць 1897 год, год перапісу насельніцтва Расійскай імперыі, калі жыхарам нашай краіны афіцыйна дазволілі лічыцца беларусамі. А калі ёсць асобны славянскі народ паміж палякамі і рускімі значыць ёсць і асобная беларуская мова.

Дзякуючы першай беларускай газеце "Наша ніва" і выдавецкай дзейнасці беларусаў у СанктПецярбургу і іншых гарадах, новая беларуская мова канчаткова сфармавалася як мова шматмільённага народа. Таму невыпадкова ў 1918 годзе была абвешчана БНР, у якой беларуская мова стала дзяржаўнай і была выдадзена першая беларуская граматыка Браніслава Тарашкевіча. У 1915-1916 гадах ў Заходняй Беларусі пад нямецкай акупацыяй ствараюцца першыя беларускія школы і нават настаўніцкія семінарыі.

Пасля раздзелу Беларусі ў 1921 годзе паміж бальшавікамі і палякамі фармуюцца дзве беларускамоўныя эліты і ствараюцца два цэнтры беларускай культуры і літаратурнай мовы. Менск - сталіца БССР і Вільня - галоўны цэнтр Заходняй Беларусі. Спачатку назіраецца ўздым беларушчыны, асабліва ў БССР, але потым у трыццатых гадах XX ст, пачынаюцца рэпрэсіі ў СССР і заняпад беларускамоўнай адукацыі на тэрыторыі Польшчы.

Другая Сусветная вайна значна зменшыла колькасць прадстаўнікоў беларускай эліты, а таксама выклікала масавую эміграцыю беларусаў у ЗША, Канаду, Англію, Аўстралію і іншыя заходнія краіны.

Новы ўдар беларускай мове нанесла савецкая палітыка русіфікацыі ў пасляваенны перыяд. Спачатку была рэформа правапісу ў 1933 годзе, а потым закон "Аб адукацыі ў БССР" 1959 года, які дазваляў не вучыць беларускую мову ў школе асобным катэгорыям жыхароў Беларусі. Усе беларускамоўныя школы ў гарадах былі зачынены, а ВНУ працавалі на рускай мове ўжо даўно. Аднак дзейнічаў Саюз пісьменнікаў Беларусі, былі беларускія школы ў вёсках, тэатр, газеты, радыё і БТ. Таму беларусы не праспалі новую "вясну народаў" канца 80х гадоў XX ст. і здолелі прыняць "Закон аб мовах у БССР", які павінен быў на працягу 10 год надаць беларускай мове рэальны статус дзяржаўнай мовы. Гэты статус быў канчаткова замацаваны ў 1994 годзе ў першай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Аднак даволі часта рэвалюцыя змяняецца контррэвалюцыяй, а росквіт заняпадам, асабліва тады, калі нацыянальная эліта не любіць урокаў нацыянальнай гісторыі. У 1994 годзе да ўлады ў Беларусі прыйшлі людзі, якія вырашылі ісці так званым "крэольскім" шляхам. Пытанні развіцця мовы, гісторыі, культуры адразу адышлі на другі, альбо нават на трэці план.

Правялі некалькі рэферэндумаў, зрабілі дзве дзяржаўныя мовы, абвясцілі іх поўную роўнасць, але ўсё гэта засталося на паперы, бо, маючы адзін народ, прымусіць гаварыць яго адразу на дзвюх мовах немагчыма. Пра гэта сведчыць сумны досвед Ірландыі. Каб юрыдычна забяспечыць панаванне рускай мовы ў нашай краіне ў 1998 годзе, у "Закон аб мовах" унеслі такія папраўкі, якія дазваляюць любому чыноўніку не валодаць беларускай мовай і нават цалкам яе ігнараваць.

Аднак перапіс 1999 года паказаў, што беларускі народ адмаўляцца ад роднай мовы не хоча і большасць жыхароў краіны назвалі родную мову беларускай. Нягледзячы на татальную русіфікацыю, асабліва ў галіне адукацыі, апошні перапіс 2009 года таксама захаваў гэтую перавагу, аднак у значна меншай ступені.

За апошнія дваццаць год Беларусь перажывае дэмаграфічны крызіс, колькасць насельніцтва зменшылася, асабліва за апошнія 10 год. Таксама ідзе незваротны працэс вымірання беларускай вёскі, якая захоўвала заўсёды беларускую мову і нацыянальную культуру.

Таму лёс мовы і культуры зараз будзе залежаць ад гараджан, асабліва жыхароў Менска і абласных гарадоў.

Зараз папулярнасць беларускай мовы пашыраецца ў першую чаргу сярод гарадской моладзі і людзей сярэдняга ўзросту. Менавіта з іх складаецца зараз ТБМ, і гэтыя людзі з'яўляюцца асноўнай часткай нашай арганізацыі. Найбольшага поспеху мы дасягнулі ў сферы грамадскага транспарту, паштовай прадукцыі, рэкламы (асабліва замежных фірм), захаванні гістарычнай памяці ў назвах вуліц, плошчаў, помніках і мемарыяльных шыльдах.

Самая кепская сітуацыя сёння ў сферы адукацыі. Зараз у Гародні вучыцца пабеларуску адзін чалавек, а ў Магілёве і Баранавічах па тры чалавекі.

Дзякуючы шматлікім запытам ТБМ, 5 снежня 2003 года Канстытуцыйны Суд прыняў рашэнне "Аб выкарыстанні беларускай і рускай моваў у сферы абслугоўвання абароту банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага страхавання", у якім прызнаў, што сённяшні Закон "Аб мовах" не адпавядае дзейнай Канстытуцыі.

25 лютага 2004 года Беларуская чыгунка звярнулася ў ТБМ з просьбай спыніць звароты грамадзянаў, якія хацелі чуць родную мову на транспарце, і паведаміла пра выпраўленне становішча з выкарыстаннем беларускай мовы ў справаводстве, афармленні дакументаў, канвертаў, у абвестках станцый і інфармацыі ў электрацягніках.

Беларуская мова загучала ў грамадскім гарадскім транспарце, спачатку ў Менску, а потым і ў іншых гарадах.

29 лютага 2004 года Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь паведаміў, што новаму складу Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь накіравана рашэнне "Аб выкарыстанні беларускай і рускай моў у сферы абслугоўвання абароту банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага страхавання" з прапановай аб неабходнасці ўдасканальвання Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" з мэтай прыняцця на заканадаўчым узроўні мер па забеспячэнні фактычнай роўнасці дзяржаўных моў - беларускай і рускай.

15 снежня Старшыня Камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і НТП Палаты прадстаўнікоў У. Здановіч паведаміў, што, нягледзячы на прапановы Камісіі, пункт аб падрыхтоўцы праекта Закона Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" у Плане падрыхтоўкі законапраектаў адсутнічае.

На жаль, сітуацыя са зменамі ў Законе "Аб мовах", нягледзячы на розныя намаганні розных дзяржаўных структур, засталася нязменнай і сёння.

19 кастрычніка 2007 года на імя старшыні ТБМ А.А. Трусава прыйшоў афіцыйны адказ з Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь на зварот, які тычыцца выдання Правілаў дарожнага руху на беларускай мове. У лісце паведамляецца, што дадзены зварот разгледжаны. "Афіцыйнае апублікаванне нарматыўнага прававога акта ажыцяўляецца на той дзяржаўнай мове, на якой ён прыняты. Апублікаванне на іншых мовах дапускаецца пры наяўнасці афіцыйна зацверджанага перакладу". Таксама падкрэсліваецца і тое, што Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" не забяспечвае роўнасці дзвюх дзяржаўных моў, перш за ўсё беларускай.

Але і сёння мы не маем, у адрозненне ад двухмоўнай Ірландыі, Правілаў дарожнага руху на роднай для большасці грамадзян Беларусі беларускай мове.

12 сакавіка 2008 года на імя старшыні ТБМ А.А. Трусава прыйшоў афіцыйны адказ з Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на зварот ТБМ на імя кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Г.В. Нявыгласа аб уключэнні курса "Беларуская мова. Прафесійная лексіка" ў адукацыйны стандарт па сацыяльнагуманітарных дысцыплінах для вышэйшых навучальных устаноў. У лісце паведамляецца, што "з мэтай забеспячэння падрыхтоўкі спецыялістаў, якія валодаюць беларускамоўнай прафесійнай лексікай, Міністэрства адукацыі рэкамендавала ўсім вышэйшым навучальным установам арганізаваць пры пераходзе на новы адукацыйны стандарт выкладанне абавязковага курса "Беларуская мова. Прафесійная лексіка".

15 сакавіка 2008 года ў сядзібе ТБМ распачалася першая агульнанацыянальная дыктоўка, прысвечаная 90м угодкам абвяшчэння БНР. У дыктоўцы прынялі ўдзел амбасадары і прадстаўнікі амбасадаў Славакіі, Швецыі, Польшчы, Літвы, Украіны, Вялікабрытаніі, ЗША і іншых краін. На пачатку дыктоўкі яны зачыталі перакладзеныя на беларускую мову вершы класікаў сваіх нацыянальных культур, прысвечаныя роднай мове. Дыпламат Вялікабрытаніі зачытаў верш Янкі Купалы ў перакладзе на англійскую мову.

З гэтага часу агульнабеларуская дыктоўка адбываецца штогод і колькасць удзельнікаў увесь час павялічваецца.

27 студзеня 2009 года адбылася сустрэча старшыні ТБМ А.А. Трусава з старшынём тэлерадыёкампаніі Беларусі А. Зімоўскім. Сустрэча адбылася па прапанове старшыні ТБМ у сувязі з заявай Рады ТБМ "Аб вяртанні дзяржаўнай мовы на экраны Беларускага тэлебачання".

Пад час размовы былі разгледжаны прапановы ТБМ кіраўніцтву Белдзяржтэлерадыёкампаніі па пашырэнні беларускай мовы. Часткова яны былі выкананы і колькасць беларускамоўных перадач на розных каналах БТ і радыё павялічылася.

Важнай складовай часткай беларускай культуры з'яўляецца наша нацыянальная тапанімія. У ёй акумулюецца гістарычная памяць, у ёй тэрытарыяльна канцэнтруецца наша адметнасць. Таму для ўмацавання дзяржаўнасці Беларусі вельмі важна зберагчы нацыянальную тапанімію, замацаваўшы беларускую мову ў тапаніміі заканадаўча.

Зараз неабходна прыняць новы Закон "Аб мовах", які забяспечыць юрыдычныя падставы існавання і развіцця беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь, варта стварыць умовы пашырэння беларускай мовы ў пазадзяржаўных сферах і за межамі Беларусі.

ТБМ прапануе па прыкладу Ірландыі і Фінляндыі стварыць Дзяржаўны камітэт (Міністэрства) па справах беларускай мовы і адпаведныя структуры ва ўсіх міністэрствах і ведамствах Рэспублікі Беларусь, а таксама праводзіць штогадовыя парламенцкія слуханні па пытаннях аб стане беларускай мовы і перспектывах яе развіцця.

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў.

* Выступ Старшыні ГА " ТБМ імя Ф . Скарыны " Алега Трусава на Міжнародным семінары " Прававое рэгуляванне ўжывання дзяржаўных моў у краінах з некалькімі дзяржаўнымі мовамі ", які прайшоў 18 лістапада 2010 г . у г . Менску пад эгідай АБСЕ .


Нястомныя навуковыя пошукі беларуса Руслана Казлоўскага

Шчыра скажу, што ўсвядоміць і зразумець сэнс слова "фальклор" ў мае школьныя, а пасля пэтэвушныя гады мне не ўдалося. А пасля - служба ў войску, праца на дрэваапрацоўцы.

А, зразумець што хаваецца за таямнічым словам "фальклор" мне давялося ўжо ў час вучобы ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Ды і да таго, што я стаў студэнтам вышэйшай навучальнай установы, прытуліўся да філалагічных абсягаў таксама мае дачыненне... вусная народная творчасць. А за ўсім гэтым стаіць адна вучоная асоба, якая пазнаёміла і прыцягнула мяне да матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў народа. Гэта Руслан Канстанцінавіч Казлоўскі.

Што гэта за чалавек я даведаўся ўжо ў час вучобы ў ВНУ на навуковых дысцыплінах "Беларускі фальклор" і "Славянская міфалогія". Пазнаёміцца з Русланам Канстанцінавічам давялося яшчэ да паступлення. Для мяне ён падаўся тады чалавекам простым у размове, даступным у адносінах. Такім ён прадстаўляецца і на лекцыях, пры студэнтах: у свэтры, без гальштука. Гэта дапамагае яму быць у коле студэнцкіх спраў, ведаць і валодаць іхняй інфармацыяй, якой. бяспрэчна, з задавальненнем дзеляцца яны самі. У гэтым бачыцца яшчэ адна прыцягальная рыса - даваць парады: і як выкладчык, і як просты чалавек. Дзякуючы такому падыходу ўзнікае ў студэнцкім руху цікавасць да паглыбленага вывучэння філалагічных дысцыплін, што і важна для выхавання сучаснай моладзі.

Аднойчы было зазначана, што калі хтосьці аддае частку свайго сэрца нечаму карыснаму, і гэта заўважаюць іншыя, якія пасля горнуцца да яго з мэтай наталіцца гэтай карыснай асалодай, то гэта з'яўляецца вялікай узнагародай для душы. Можна сказаць і іншымі словамі, што самая высокая адзнака для педагога, калі цябе цэняць самі студэнты так высока, што хочацца яшчэ больш сіл аддаваць дзеля вялікай місіі - вучыць і быць настаўнікам! У гэтай характарыстыцы бачыцца і асоба Р. Казлоўскага.

Надзвычай цікавы і незвычайны шлях прайшоў Руслан Казлоўскі. Нарадзіўся ён у Гародні 28 лістапада 1970 года ў сям'і інтэлігентаў (бацька - службовец МУС, маці - настаўніца). Звычайна дзеці ідуць па прафесійных слядах бацькоў. А ў які бок крочыў тады юнак Руслан? Займаўся ён спортам, удзельнічаў у спаборніцтвах. Гіры, падцягванне, адцісканне: усе гэтыя фізічныя практыкаванні загартавалі і змацавалі юнака ў мажнога і высокага чалавека. Здавалася, што хлопец па бацькавым меркаванні стане, як і бацька супрацоўнікам МУС ці нават спецназу, ці па разважанні маці - лекарам. Але лёс павярнуў на іншы шлях, у бок матулінай прафесіі. І ўжо ў 1988 годзе ён закончвае сярэднюю школу №2 г. Гародні і паступае на беларускарускае аддзяленне філфака Гарадзенскага дзяржуніверсітэта. Гэтаму пасадзейнічала цяга да беларускай мовы, літаратуры і гісторыі. Але дзіўным да палкага пачуцця становіцца тое, што ў школе, і наогул у Гародні, у той час усе прадметы выкладаліся паруску. І Руслан, стаўшы студэнтам філфака, пастанавіў, што ўсё ж такі ў яго атрымаецца стаць беларускамоўным навукоўцам. І дабіраць гэтыя, неатрыманыя ў школе, беларускамоўныя веды яму прыйшлося дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці. Прачытаныя падручнікі па розных дысцыплінах, якія даставалі сябры і знаёмыя, дапамаглі яму выйсці на свой абсцяг, дасягнуўшы з цягам часу вялікіх поспехаў у беларускамоўным лексічным запасе. І ўжо на трэцім курсе Руслан змясціў у газеце "Гродзенскі універсітэт" артыкул "Сапраўднае мастацтва трывожыць", прысвечаны малым жанрам прозы Янкі Брыля. Гэтую тэму "Паэтыка мініяцюр Я. Брыля" ён падняў у сваіх курсавых і дыпломных працах, а пасля і ў кандыдацкай дэсертацыі пад назвай "Беларуская празаічная мініяцюра ХХ стагоддзя", якая была абаронена ў 2002 годзе ў час вучобы ў аспірантуры БДУ. За праяўленную стараннасць і студэнцкую працавітасць, якая выявілася ў актыўнай грамадскай дзейнасці, Казлоўскі абіраўся старастам (групы, курса, факультэтаў), кіраўніком факультэцкага шоўгуртка "Цвік", капітанам каманды КВЗ факультэта, граў у духавым аркестры. Падняцца па сваёй навуковай лесвіцы, адшліфаваць веды яму ў свой час дапамаглі прафесары І.Я. Лепешаў, Ч.С. Кірвель, Д.Я. Бугаёў, дацэнты Т.І. Тамашэвіч, Д. М. Карацінская, М.Н. Бяспамятных, М.А. Янкоўскі і іншыя выкладчыкі - навукоўцы.

У 1993 годзе скончыў універсітэт з адзнакай. І размеркаваўся адразу на кафедру беларускай літаратуры спачатку выкладчыкам - стажорам, затым выкладчыкам, старшым выкладчыкам, дацэнтам. У 1995 годзе пасля смерці М.А. Янкоўскага яму прапанавалі весці курс фальклору і Руслан Канстаніцнавіч згадзіўся.

У кожнага навукоўца ёсць свае тэмы даследаванняў. У Руслана Канстанцінавіча ў гэтым з'яўляецца схільнасць да тэорыі малых жанраў прозы, методыкі выкладання беларускай літаратуры і фальклору ў ВНУ і сярэдняй школе. Беларускай і славянскай фалькларыстыкі, працы якія знайшлі свайго чытача ў звыш, чым 40 апублікаваных артыкулах, а таксама ў асобных навучальных кнігах. Адной з чарговых з'яўляецца хрэстаматыя "Беларускі фальклор Гарадзеншчыны. Народны эпас. Замовы. Варажба ", сабраная за часы навукова - этнаграфічных экспедыцый па Гарадзеншчыне. Дзякуючы такой руплівасці, Руслан Казлоўскі з'яўляецца і сябрам Беларускага саюза фалькларыстаў. Мне, як лідзяніну прыемна, што фальклорныя паездкі пад кіраўніцтвам Р.К. Казлоўскага былі здзейснены і па ваколіцах Ліды. У вёсцы Тарнова былі запісаны легенды, у Дзітрыках 90 хвілін беларускіх народных песен, у суседніх Вярэйках - паданні пра могілкі і духі.

Цікавасць да фальклору вучоныфалькларыст абудзіў у многііх студэнтаў, у тым ліку і ў аўтара гэтага нарыса. Гэтая навуковая задача падымаецца цяпер у маіх курсавых працах, дзе даследуецца беларускі фальклор Лідскага рэгіёна. Гэта надзвычай цікава і займальна для маладога студэнтанавукоўца, пры тым, што яшчэ здзяйсняецца свой патрыятычны абавязак сапраўднага беларуса.

Навуковец прызнаваўся , што яшчэ ў часы Саюза яму шанцавала паездзіць за мяжу: быў у Грузіі, Маскве, Украіне. Літве. І ён для сябе пазначыў: у нас ёсць таксама свая беларуская культура і мова, але яна дзесьці збоку, на другім плане. І пастаўленая ім патрыятычная задача: падымаць гэтыя каштоўнасці, не гледзячы на розныя перашкоды, вырашаецца па сённяшні дзень. Р. Казлоўскі не губляе надзеі што заробак выкладчыка яшчэ не раз павялічыцца, што з'явіцца шмат навуковых прац, даследванняў і саміх навукоўцаў. Ён верыць, што і надалей не знікне патрэба ў студэнтаў быць падобным да настаўніка, бачачы ў ім асобу ўсебакова развітую, як фізічна, так і навукова, нягледячы, напрыклад, на такі прынцып: рабі, як я, які становіцца актуальным не толькі ў жартах (абрад "Прысвячэнне ў фалькларысты"), але і ў навуковай дзейнасці.

Руслан Канстанцінавіч - беларус па нацыянальнасці. І таму, валоданне літаратурнай беларускай мовай - гэта яго статус, закон, імідж. Пра гэта ведае кождны жыхар Гародні. Не толькі ведае, але і чуе, бо ветлівы, мяккі, прыемны голас дацэнта Казлоўскага з'яўляецца дыктарскім у гарадскім грамадскім транспарце. "Дзеля таго, каб хоць крыху людзі чулі мову штодзень", прызнаўся аднойчы навуковец.

Звычайны чалавек задумаецца: як можна ўсюды паспець? Выходзіць, што можна. Бо шчыры беларус ахвяроўвае сабою на радасць сваёй Радзімы. Ды калі ён не толькі навуковец, але яшчэ і творчы чалавек, паэт. Так, сябар Саюза беларускіх фалькларыстаў піша і вершы, і канешне, на фальклорную тэматыку, удзельнічае ў літаратурным аб'яднанні "Наднёманскія галасы" дзе выступае са сваёй прозай і паэзіяй. У адным чарговым універсітэцкім выданні, у калектыўным зборніку "Россып" кандыдат філалагічных навук змясціў сваю нізку вершаў. З дазволу аўтара, дзялюся некаторымі яго творамі.

Пад шатай зжаўцелага дуба...

Пад шатай зжаўцелага дуба,

Прыціснуўшы

шлем да грудзей,

Спаў рыцар. Ён ехаў да любай,

Каб стаць на калені хутчэй.


Прыкласці вусны да вуснаў

Хацела жывая душа,

І зліцца ў парыве пачуццяў,

Ляцець без канца, без канца.


І сніліся вочы -

блакітная бездаднь.

Чаканне ў іх і туга.

Халодныя ночы,

астылыя сцены,

У вокнах густая смуга.


Прыйсці,

дакрануцца да цёплага цела.

Застацца - і больш нікуды.

Ахутаць душою гарачае сэрца

Стаць промнем,

агнём назаўжды.


Каб не было больш

цяжкога расстання

І бур у жыцці, навальніц,

Прыйсці й цалаваць

да сканання

Блакітную бездань

вялікіх вачніц.

Час

Цік-так,

Цік-так,

Крочыць час

Скрозь нас.

Цік-так,

Цік-так.

Крокам рушым

Мы праз час.


Цік-так.

Цік-так,

Час бяжыць,

Як сыпле мак.

Цік-так.

Цік-так.

Цік - не так,

На ўсім так...

Алесь Хітрун, студэнт філфака беларускага аддзялення Гарадзенскага дзярж. універсітэта імя Я. Купалы.


Прэзентацыя альманаха "Асоба і час"

17 лістапада ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы на чарговыі паседжанні літаб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце" адбылася прэзентацыя 2га тома Беларускага біяграфічнага альманаха "Асоба і час"

У прэзентацыі браў удзел адзін з аўтараў часопіса, лідскі краязнавец Лявон Лаўрэш. У томе змешчаны яго артыкул "Генерал Кіпрыян Кандратовіч: Крэскі да жыцця". Артыкул прысвечаны біяграфіі генерала ад інфантэрыі Кіпрыяна Кандратовіча, які нарадзіўся на Лідчыне, браў удзел у чатырох войнах, атрымаў найвышэйшае вайсковае званне ў Расійскай Імперыі, быў узнагароджаны ледзь не ўсімі ордэнамі Імперыі і які перайшоў на бок Беларускай Народнай Рэспублікі, узначальваў Беларускую цэнтральную вайсковую раду, быў міністрам БНР ва ўрадзе Рамана Скірмунта, ствараў беларускае войска, браў удзел ад Беларусі ў мірнай канферэнцыі ў Парыжы, хаця ніякіх інтарэсаў ніякай Беларусі на той канферэнцыі прызнаваць ніхто не збіраўся. Лявон Лаўрэш асноўны даслечык біяграфіі генерала Кандратовіча.

У томе змешчаны таксама артыкулы Вольгі Івановай "Асабістыя архівы беларускай нацыянальнай эліты ў канцы XVIII - пачатку XX ст."; Івана Саверчанкі "Імперыя Вітаўта Вялікага", Дзяніса Лісейчыкава "Мітрапаліт Іосіф ВельямінРуцкі і яго тастамент"; Дзмітрыя Матвейчыка "Браты Янушкевічы і тавянізм: складаныя шляхі Вялікай эміграцыі"; Тацяны Млыты, Аляксандра Фядуты "Будрыс в Твери ..."; Сямёна Букчына "«Мой закадычный приятель...»: Максим Горький и Адам Богданович"; Ганны Запартыкі "Антон Люцыян НекандаТрэпка: Старонкі жыцця"; Анатопя Сідарэвіча "Ляля і Тарас: Да гісторыі аднаго кахання"; Лявона Юрэвіча "Жыццяпіс Сяргея Малевіча ў ліставанні эмігрантаў"; Ціхана Чарнякевіча "Наука, среда, момент: Материалы к биографии Н. Н. Замотина и А. М. Евлахова" і інш.

Да 80-годдзя Уладзіміра Караткевіча пад загалоўкам «I ПАДУМАЦЬ ТОЛЬКІ, ШТО МЫ МАГЛІ Б НЕ СУСТРЭЦЦА» у альманаху змешчаны лісты і дарчыя аўтографы Уладзіміра Караткевіча Рыгору Барадуліну

Што-нішто з аўтографаў Уладзіміра Караткевіча Рыгору Барадуліну раней друкавалася: «Каляды ў доме генія» факсімільна ўзноўлены ў барадулінскім «Здубавецці»; «Меню на Вялікдзень» і старадаўнюю песню «А за тым краем...», запісаную Караткевічам, Барадулін прыгадваў у эсэ «I коскі з месца не зрушу!..»; апошні з гэтай падборкі аўтограф сябра ён таксама ўжо даверыў свету. Між тым лістоў, паштовак, тэлеграм і дарчых аўтографаў Караткевіча ў народнага паэта захоўваецца чатыры з паловай дзесяткі. Сустракаюцца тыя аўтографы нярэдка ў самых нечаканых месцах: у нататніку, на малюнку самога Караткевіча, на адвароце фотаздымка. нават на этыкетцы зпад гарэлкі. Часта - вытанчана жартоўныя, іншыя нават уголас прымушаюць рагатаць...

У альманаху шмат іншых цікавых матэрыялаў. Трэба спадзявацца, што ў Беларусі з'явіўся сапраўдны біяграфічны альманах.

Наш кар.

На здымку: альманах прэзентуе Лявон Лаўрэш.


Слуцкі збройны чын 1920 года

(Да 90-годдзя гераічнай старонкі беларускай гісторыі)

Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

5. Удар польскіх войскаў на Менск і акупацыя Менска польсім войскам з 15 да 17 кастрычніка 1920 г.

Менск не падлягаў новай польскай акупацыі. Аднак польскае камандаванне пад-рыхтавала ўдар на Менск, каб заняць яго на два-тры дні, а потым адыйсці.

Дзеля паходу на Менск быў вылучаны 55-ты Пазнаньскі пяхотны полк 14-й дывізіі. Рэйд на Менск быў праведзены па ініцыятыве 2-га аддзела (выведкі і контрвыведкі) генеральнага штабу Войска Польскага. Справа была ў тым, што ў ліпені 1920 г., пры адступленні польскай арміі ў Менску былі захаваныя ў тайніку спісы польскай выведкі і іншыя таемныя матэрыялы. Цяпер нада-валася магчымасць іх вызваліць і даставіць у Варшаву.

Нечакана 11 кастрыч-ніка польскія войскі ў Койданаўскім раёне перайшлі ў на-ступ. Як адзначыў камандзір 27-й "жалезнай" Омскай страл-ковай дывізіі Чырвонай Арміі У.К. Путна ў сваёй кнізе "Да Віслы і назад" (М., 1927) 55-ы Пазнаньскі полк на чале з пад-палкоўнікам Густавам Па-шкевічам (1892-1955), ураджэнцам Лідчыны (кавалер трох крыжоў "Віртуці мілітары"), 15 кастрычніка пады-шоў да Менска з боку прыгарадных вёсак Сенніца і Калядзічы.

Перайшоўшы цераз чыгуначную каляю Менск-Бабруйск, расійскія часткі, што адступалі на Магілёў, наткнуліся на левае крыло 1-га батальёна 55-га Пазнаньскага палка, аднак былі адбітыя і адступілі. Далейшы наступ 55-га польскага палка на Менск праходзіў без перашкодаў. 55-ы полк увайшоў у Менск з боку прадмесця Козырава. Адзін з польскіх аддзелаў з кулямётам на чале з паручнікам Вільгельмам Пашкевічам уай-шоў у Менск з поўначы і заняў пазіцыі ў раёне Кальварыі. А 3-ці батальён 55-га палка распачаў штурм Менска.

Чырвоныя камандзіры не ведалі якую сілу мае праціўнік. Таму іх падраздзяленні адышлі на 7-8 кіламетраў па Магілёўскай шашы на ўсход. У выніку палякі захапілі 15 кулямётаў і ўзялі ў палон некалькі соцень чырвонаармейцаў. Польскія часткі размясціліся ў горадзе. Штаб 55-га палка раз-мясціўся ў гатэлі "Парыж" дзе раней быў штаб чырвонай брыгады на рагу вуліц Захар'еўскай і Петрапаўлаўскай цяпер (перасячэнне праспекта Незалежнасці і вуліцы Энгель-са). Калі полськія выведнікі знайшлі свае схаваныя даку-менты, падпалкоўніку Г. Пашкевічу быў дадзены загад пакінуць Менск. Такім чынам, часовая акупацыя Менска працягвалася ад 15 да 17 кастрычніка 1920 г. 55-ы пяхотны полк 17 кастрычніка пакінуў горад. Польскія жаўнеры ўзялі з сабой вызваленых у Мен-ску польскіх палонных, а такса-ма ўсіх ахвотных пайсці на захад мясцовых жыхароў. Узялі з сабой і выпушчаных з вязнення "класавых ворагаў" савецкай улады. Узялі і палонных чырвонаармейцаў. Таму пры адыходзе з Менску наперадзе палка ішла вялікая група цывільных асобаў.

6. Слуцкі збройны чын.

Слуцкая брыгада 24 лістапада 1920 г. пакінула Слуцк і адышла ў нейтральную зону. У снежні 1920 г. у брыгадзе было 2 тысячы вінто-вак і 10 кулямётаў, часткова трафейных. У Слуцкай брыгадзе налічвалася 4 тысячы жаўнераў і яшчэ 6 тысяч ішлі з ёю, каб запісацца ў жаўнеры. Артылерыі ў брыгадзе не было. Баявыя дзеянні паўстанцаў пачаліся 27 лістапада 1920 г. гэты дзень увайшоў у гісторыю як Дзень Герояў, як Дзень Узброенных сілаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Баі ішлі ў раёне Капыля, Выз-ны, і шэрагу вёсак Случчыны. Да паўстанцаў пераходзілі і некаторыя чырвонаармейцы са зброяй.

Забеспячэнне брыгады спачатку, дзякуючы добраах-вотным ахвяраванням сялян, было наладжана добра, але потым, па меры скарачэння тэрыторыі, якая знаходзілася пад кантролем паўстанцаў, пачало пагаршацца.

Слуцкая брыгада войскаў БНР была сфармавана паводле вайсковага прынцыпу: падзялялася на два палкі, кожны з якіх складаўся з батальёнаў (якія падзяляліся на роты). Афіцэраў-беларусаў хапала. Амаль усе яны мелі досвед удзелу ў баях падчас Першай Сусветнай вайны. Але самым галоўным было тое, што жаўне-ры і афіцэры мелі жаданне ваяваць за незалежную Бела-русь.

Паколькі пачаліся ваенныя дзеянні, Савецкае камандаванне вырашыла адразу ліквідаваць узброены супраціў. 29 лістапада 1920 г. Чырвоная Армія заняла Слуцк. Камандаванне 16-й Савецкай арміі, якая дзейнічала ў Беларусі, вырашыла ачысціць нейтральную зону (30 кіламетраў - з абодвух бакоў). Польскія ўлады далі згоду на ўваход Чырвонай Арміі ў нейтральную зону 4 снежня, на тры дні.

Аднак карная апера-цыя дала мізэрны вынік: было затрымана каля 50 дэзерціраў і 15 перабежчыкаў. Камандаванне Слуцкай брыгады выве-ла асноўную масу сваіх жаўнераў з-пад удару савецкіх войскаў. Толькі ў раёне Семежава частка беларусіх аддзелаў была разбіта і 7 снежня перайшла лінію нейтральнай зоны на по-льскі бок. Польскія вайсковыя ўлады раззброілі 30 афіцэраў і 400 жаўнераў Слуцкай брыгады.

У гэты час рознагалоссі ў кіраўніцтве брыгады прывялі да змены камандавання брыгада. Камандзір 1-га Слуцкага палка капітан Павел Чайка быў арыштаваны па абвінавачанні ў здрадзе. П. Чайка праз аднаго старога спрабаваў перадаць пакет з сакрэтнымі дакументамі на савецкі бок. Аднак стары быў затрыманы, а пасля арыштаваны быў П. Чайка. Аднак пры дапамозе свайго сябра паручніка А. Мірановіча, начальніка контрвыведкі, П. Чайка здолеў уцячы зпад арышту ў Слуцк. Але ў Слуцку П. Чайка быў арыштаваны за здраду савецкай уладзе і па прысуду "тройкі" асобага аддзела 16-й арміі расстраляны 9 студзеня 1921 г.

Рада Случчыны сабралася на надзвычайнае пасяджэнне і пастанавіла змяніць камандзіра брыгады і начальніка контрвыведкі. Камандзірам 1-й Слуцкай брыгады 3 снежня 1920 г. быў прызначаны штабс-капітан Антон Сокал-Кутылоўскі, а камандзі-рам 1-га палка - падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч, раней камандзір 4-га батальёна гэтага палка. Начальнікам контрвыведкі быў прызначаны паручнік Тодар Янушэнка. Новаму камандзіру брыгады Рада Случчыны надала дыктатарскія паўнамоцтвы.

Штаб Слуцкай бырага-ды пасля адступлення знаходзіўся ў вёсцы Грыцэвічы, за два кіламетры ад ракі Лані, у нейтральнай зоне, але ўжо на тэрыторыі, якая адышла да Польшчы паводле прэлімінар-нага дагавору аб міры.

Пасля вяртання савец-кіх войскаў з нейтральнай зоны за дэмаркацыйную лінію слуц-кія паўстанцы зноў пачалі на-ступаць на перадавыя часткі Чырвонай Арміі. Звычайна гэта былі начныя налёты. Так у ноч на 10 снежня жаўнеры напалі на вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі, у ноч на 12 снежня - на вёску Старынь. Потым поўстанцы зрабілі спробу адціснуць перадавыя адзінкі Чырвонай Арміі з занятых пазіцый. Быў распачаты наступ на мястэчкі Семежава і Вызна.

У ноч на 13 снежня жаўнеры 1-га Слуцкага палка і кавалерыйскага аддзела пасля жорсткага бою занялі мястэчка Семежава. Вораг страціў забітымі і раненымі 50 чалавек. Але потым паўстанцы з боем вымушаны былі адступіць. Э. Вайні-лосіч у сваіх успамінах згадвае, што пасля баёў ля Вызны і Семежава чырвоныя, наступаючы на падраздзяленні Слуцкай брыгады, зайшлі далёка за лінію дзяржаўнай мяжы, ажно за Пузаў, пад Ёдчыцы, што было ўжо тагачаснаснай польскай тэрыторыяй. Ён сведчыць, што польскія войскі адступілі далёка за лінію дзяр-жаўнай мяжы, каб даць магчымасць савецкім войскам разбіць слуцкіх паўстанцаў.

Штаб Слуцкай брыгады, а з ім і Рада Случчыны перамясціліся ў вёску Морач (за 20 км. на захад ад Вызны). У ноч на 18 снежня паўстанцы зноў занялі мястэчка Семежава і некалькі вёсак, узяўшы ў палон 25 чырвонаармейцаў, здабылі 1 кулямёт, шмат він-товак, транспарт з коньмі. У ноч на 19 снежня слуцкія жаўнеры з боем занялі Вызну і прасунуліся на ўсход ад яе.

Сабраўшы значныя сілы, раніцай 19 снежня вайско-выя часткі Чырвонай Арміі пачалі наступ, каб ліквідаваць узброенае паўстанне беларускіх вайсковых частак. У гэты ж дзень чырвонымі была занята Вызна. Слуцкія жаўнеры пача-лі адыходзіць на захад. 20 снежня яны былі адціснуты да ракі Морач.

20 снежня жаўнераў Слуцкай брыгады з боем выбілі і з Семежава.

Польская дэлегацыя на мірных перамовахх у Рызе зноў дала згоду на ўведзенне савецкіх войск у нейтральную зону, каб ліквідаваць узброены супраціў. А для гэтага быў дадзены дазвол для ліквідацыі аддзелаў паўстанцаў на польскай тэрыторыі.

(Заканч. у наст нум.)


Памёр Янка Жучка (1928-2010)

17 лістапада 2010 г . у Бэльгіі памёр Янка Жучка , відны прадстаўнік пасляваен - най хвалі беларускай эміграцыі на Захадзе , вялікі патрыёт Беларусі і цудоўны чалавек .

Жучка Янка (н. 15.4. 1928, в. Жучыны Нясвіжскага пав. Наваградскага ваяв., цяпер Наваградскі р-н Гарадзенскай вобл.), інжынер, журналіст, дзеяч беларускай эміграцыі ў Бельгіі.

З сялянскай сям'і. Адукацыю пачаў атрымоўваць у былой Заходняй Беларусі - у в. Сіняўка Нясвіжскага пав., дзе скончыў 6 класаў пачатковай школы. Пасля ўсталявання савецкай улады Янка Жучка быў пераведзены ў пяты клас васьмігадовай сярэдняй школы ў той жа Сіняўцы, што тады ўвайшла ў Клецкі р-н Менскай вобл. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўступіў у Саюз беларускай моладзі, Беларускую самапомач. Таму перад вырашальным наступам Чырвонай Арміі ў 1944 г. выехаў у Германію. Жыў у лагеры для перамешчаных асоб, які знаходзіўся ў Інгельштаце.

Выехаў на работу ў вугальныя шахты Англіі. У час знаходжання ў гэтай краіне дапамагаў сябрам з "Дванац-цаткі" выдаваць часопіс "Наперад", удзельнічаў у дзейнасці Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі.

Закончыў палітэхнічны факультэт Лювэнскага ўніверсітэта ў Бельгіі з дыпломам інжынера-будаўніка. Як інжы-нер Я. Жучка спачатку займаўся ў Бельгіі стальнымі канструкцыямі, а з 1968 г. працаваў у інфармацыйным цэнтры па ўжыванні сталі ў будаўніцтве.

Актыўна супрацоўнічаў з беларускімі арганізацыямі свету, у тым ліку з ТБМ.


У аўтакатастрофе загінуў прафесар Іван Нікітчанка

20 лістапада 2010 года ў аўтакатастрофе пад Маладзечнам (Менская вобласць) загінуў членкарэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Нікітчанка, сябар сойму БНФ "Адраджэньне" на працягу многіх гадоў.

Іван Мікалаевіч Нікітчанка нарадзіўся 10 студзеня 1939 года ў вёсцы Горыцы Пагарскага раёна Бранскай вобласці. Навуковец у вобласці селекцыі жывёл. Скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут (1960). З 1968 года навуковы супрацоўнік, загадчык сектара, кіраўнік селекцыйнага цэнтра Беларускага НДІ жывёлагадоўлі. З 1986 года намеснік старшыні Дзяржаграпрама БССР, з 1988 года старшыня Заходняга аддзялення УАСГНДЛ, адначасова намеснік старшыні Дзяржаграпрама БССР. З 1991 года генеральны дырэктар НДІ "Агранаука", з 1993 года віцапрэзідэнт Нацыянальнага цэнтра статэгічных даследаванняў. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1985-1990 гадах.

Іван Нікітчанка стаяў ля вытокаў чарнобыльскага руху ў Беларусі. У планах Нікітчанкі былі ўдзел у розных мерапрыемствах, прысвечаных 25-годдзю трагедыі на ЧАЭС, і стварэнне міжнароднай чарнобыльскай арганізацыі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX