Папярэдняя старонка: 2010

№ 52 (995) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



52 (995) 29 СНЕЖНЯ 2010 г.

З НОВЫМ 2011 ГОДАМ!

З кожным годам усё часцей на навагодніх святах у розных месцах Беларусі з'яўляецца і радуе дзяцей ды дарослых Зюзя - прапрапрапрадзед Дзеда Мароза.

Упраўляцца з зімовай гаспадаркай Зюзі дапамагаюць сястрыца Завея, баба Напасць, Ледавік, Агнявік і Лесавік.

Зюзя ходзіць з вялізнай жалезнай булавою, якой, здараецца, так гакне аб пень, што дрэвы валяцца, і сцены ў хатах трашчаць. Але часам ён заходзіць у вёску, каб папярэдзіць сялян пра жорсткую, суровую зіму ці каб дапамагчы каму-небудзь, напрыклад, вызваліць ад холаду няшчасную бедную сям'ю ці проста для таго, каб наесціся куцці.


120 гадоў з дня нараджэння Юзафа Ядкоўскага

Юзаф ЯДКОЎСКІ (1890-1950) гісторык, археолаг, заснавальнік і першы кіраўнік Гарадзенскага гістарычна-археалагічнага музея нарадзіўся ў Гародні ў снежні (20?) 1890 г. Пасля заканчэння гімназіі паступіў у Інстытут археалогіі ў Маскве, які закончыў у 1912 г. Як сябар Маскоўскага археалагічнага таварыст-ва фактычна выконваў функцыі кансерватара помнікаў гісторыі і культуры на Гарадзеншчыне і Віленшчыне, праводзіў археалагічныя даследаванні ў в. Нача на Лідчыне. Сабраў і захоўваў у Гародні ўнікальную калекцыю гістарычных рарытэтаў. Пасля пачатку Першай Сусветнай вайны, каб пазбегнуць эвакуацыі і магчымай страты калекцыі пайшоў у расійскае войска. Быў начальнікам ваенна-палявога шпіталя.

У 1920 г. па яго ініцыятыве быў заснаваны гістарычна-археалагічны музей, у фонды якога Ю. Ядкоўскі перадаў уласную калекцыю. Дзякуючы ягоным намаганням у 1924 г. музею была перададзена частка памяшканняў Старога замка. У 1923 г. у Вільні выйшла з друку яго кніга "Grodno", якая стала другой пасля "Гродненской старины" спробай напісання гісторыі горада ад старажытнасці да пачатку ХХ ст.

На пасадзе дырэктара музея Ю. Ядкоўскі знаходзіўся да 1936 г. За гэты час былі створаныя нумізматычная, археалагічная, дакументальная і мастацкая калекцыі (дакументы XV - XVII ст., творы выяўленчага мастацтва XVII - XIX ст., вырабы гарадзенскіх мануфактур XVIII ст.). Намаганнямі Ю. Ядкоўскага была сабраная багатая бібліятэка (болей за 15 тыс. тамоў), упрыгожваннем якой былі старадрукі і рэдкія выданні XV - XVII ст.

Дырэктар музея праводзіў уласныя археалагічныя даследаванні ў Ваўкавыску, на Замкавай гары і каля Каложскай царквы ў Гародні. Магчыма менавіта вынікі гэтых раскопак справакавалі канфлікт Ю. Ядкоўскага з варшаўскім кіраўніцтвам. Справа ў тым, што ў навуковых і краязнаўчых публікацыях Ю. Ядкоўскага польскі патрыятызм звычайна саступаў пазіцыі навуковаму сумленню. Між іншым, ягоныя даследаванні абвяргалі пашыраную "неабвержную" тэзу пра спрадвечную польскасць Гародні.

У 1936 г. Ю. Ядкоўскі быў вымушаны пакінуць Гародню і з'ехаць у Варшаву. Ён быў сведкам Варшаўскага паўстання, пры задушэнні якога быў заключаны ў канцлагер. У 1945 г. Ю. Ядкоўскі прызнача-ецца кансерватарам Нацыянальнага музея Польшчы. Ягонымі намаганнямі быў адноўлены нумізматычны кабінет. Памёр у 1950 г. у Варшаве.

Алесь Смалянчук.


Дзе знайсці ў родным краі "Родны край"?

Размова ідзе пра адрыўны каляндар "Родны край". Апошнія гады ТБМ вядзе змаганне за яго выданне і распаўсюд. Здаецца, у 2009 годзе ён увогуле не выйшаў з друку. Было патлумачана адпаведнымі органамі, што ён спыніў сваё выданне з-за таго, што не быў замоўлены гандлем таму, што яго не маглі рэалізаваць. Летась ён ўсё ж быў надрукаваны, дзякуючы намаганням ТБМ, накладам 13 тыс. шт. Але ў Асіповічах яго не было аж да лютага 2010 г., пакуль наша арганізацыя ТБМ не выпатрабавала яго у "Магілёўсаюздруку" аж 4 экз.

Усім ахвотным яго канешне ж не хапіла. Сёлета сітуацыя паўтараецца. У многіх СМІ у т.л. у "Звяздзе", "Нашым слове" з'явілася інфармацыя што каляндар выйшаў накладам 7000 экз., і што яго можна ўсюды набыць. Ды не тут тое было. Неаднойчы цікавіўся ў кіёсках "Саюздруку" у Ст. Дарогах, Асіповічах. Няма. У адным з кіёскаў прапанавалі зрабіць заказ на пэўную колькасць экзэмпляраў, што мяне абурыла. Чаму на рускамоўныя выданні яго рабіць не трэба, а на беларускія трэба? У рэшце рэшт паабяцалі з Магілёва даслаць аж 10 экзэмпляраў. Але прайшоў пэўны час, а яны так і не з'явіліся ў продажы. Цяпер нам абяцаюць на гэтым тыдні даставіць усяго толькі 6 (шэсць) штук. Пачакаем.

Хачу звярнуцца да сяброў ТБМ пашукаць гэты каляндар у сваіх раённых філіях "Саюздруку". Калі там такая ж сітуацыя, то трэба біць трывогу. Штосьці тады тут не так, што справа далёка не ў рэалізацыі, а ў нечым іншым. У чым? Трэба разабрацца.

С. Бародзіч , сябра ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны", Асіповіцкі раён.


"Верасень" № 3

Выйшаў з друку трэці нумар літаратурна-мастац-кага часопіса "Верасень". Змест каляднага нумара склалі вершы Надзеі Філон, Аляксея Арцёмава, Вольгі Грынь, Андрэя Кабана, Аляксея Палачанскага, Паўла Надольскага, Сяргея Законнікава, Анатоля Вярцінскага… Проза прадстаўлена творамі Сяргея Белаяра, Ганны Старыковіч, Раісы Кры-вальцэвіч, Ганны Дар, Леаніда Дайнекі. У раздзеле "Крытыка, публіцыстыка, эсэ" друкуюцца артыкулы Рамана Дубашынскага і Юнэлі Сальнікавай, эсэ Асі Паплаўскай і Алеся Пашкевіча, гутаркі з Рыгорам Сітніцам і Янам Маўзэрам, калядная анкета і іншыя цікавыя матэрыялы.

Пазнаёміцца з новым нумарам "Верасня" можна на сядзібе ТБМ (Румянцава,13), а таксама ў кнігарні "Акадэм-кніга".


Юбілей Эвеліны Блінавай

28 снежня 2010 года дзень народзінаў у Эвеліны Данілаўны Блінавай. Яна - вядомы мовазнаўца, кандыдат філалагічных навук, дацэнт. За 50 гадоў працы на кафедры беларус-кага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка выпусціла ў самастойнае настаўніцкае жыццё тысячы студэнтаў-філолагаў. З'яўляецца аўтарам некалькіх манаграфій і дзесяткаў друкаваных навуковых артыкулаў. Сакра-тарыят Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, а таксама Вашы калегі і былыя студэнты віншуюць Вас, шаноўная Эвеліна Данілаўна, з Днём народзінаў, зычаць шчасця, духоўнай моцы і доўгага веку!

Гады спыніць, на жаль, не маем рады,

А ў юбілей мы хочам пажадаць

Здароўя, сонца, Божае спагады,

А мы заўжды Вас будзем шанаваць!

(Пра Эвеліну Блінаву чытайце на стар. 2.)


Чарговая Рада ТБМ імя Ф. Скарыны

Чарговая Рада ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" пройдзе ў Менску 30 студзеня 2011 года ў сядзібе ТБМ па Румянцава, 13.

Рада зацвердзіць план дзейнасці ТБМ на 2011 год, прызначыць дату чарговага з'езду ТБМ.

Рэгістрацыя сяброў Рады з 9.30. Пачатак паседжання ў 11.00.

Дзеля дынамічнасці працы просім сяброў Рады свае прапановы ў план на 2011 год прадставіць пісьмова не пазней за 25 студзеня.

Сакратарыят ТБМ.


… Калі імя табе Настаўнік: слова да юбілею Эвеліны Блінавай

Незабыўныя, ужо далёкія гады студэнцтва! Здаецца, было гэта нядаўна, а ўжо, як імгненне, праляцелі тры з паловай дзесяткі гадоў. Пастарэлі і мы, набраліся жыццёвай і педагагічнай мудрасці. Але, як зараз, помніцца такі блізкі сэрцу Менскі педагагічны інстытут імя Максіма Горкага, філфак з яго беларускім аддзяленнем, нашы строгія і адначасова спагадлівыя выкладчыкі: прафесары Ф.М. Янкоўскі, М.С. Яўневіч, А.А. Семяновіч, дацэнты А.У. Рагуля, М.Ф. Шаўлоўская, М.Ц. Кавалёва, Н.В. Гаўраш, К.М. Панюціч, В.А. Бекіш, М.Ф. Гуліцкі, А.А. Каляда, М.І. Мішчанчук і, безумоўна, наша Эвеліна Данілаўна Блінава.

Яна на філфаку была выкладчыцай прыкметнай, запамінальнай. Чарнявая, з жывымі карымі вачыма, прыгожай прычоскай. На занятках патрабавальная, але тактоўная, інтэлігентная. Прыхільна ставілася да старанных, падрыхтаваных студэнтаў, дакорліва - да "неўставак", як казаў Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі.

Але, найбольш патрабавальнай была да сябе, бо да заняткаў рыхтавалася адказна, вызначалася высокім прафесіяналізмам, эрудыцыяй. Матэрыял падавала больш шырока, чым гэта прадугледжвалася праграмай. Яе цудоўная, бездакорная беларуская мова была ўзорам для ўсіх студэнтаў.

Нам пашчасціла на частыя, амаль штодзённыя сустрэчы з Эвелінай Данілаўнай, бо за час вучобы яна вяла ў нас курсы беларускай дыялекталогіі, гісторыі беларускай літаратурнай мовы, лінгвістычнага аналізу мастацкага тэксту, спецкурс "Роля Францішка Скарыны ў гісторыі беларускай мовы".

З ёю выязджалі на дыялекталагічную практыку, яна кіравала таксама і нашай педагагічнай практыкай. Вяла гурток беларускай дыялекталогіі.

А яшчэ, пачынаючы з другога курса і да самага выпуску, была нашым куратарам! Згадваюцца экскурсіі ў Вязынку і Мікалаеўшчыну, "Дні здароўя", сустрэчы з пісьменнікамі і навукоўцамі, студэнцкія навуковыя канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы.

Была, як другая маці, да ўсіх сваіх студэнтаў: дапамагала, падтрымлівала, папярэджвала. Парой у інтарнате некаторых і будзіла гадзін у 910 раніцы, калі ўжо ішлі заняткі, а студэнт спаў. А як апякала тых дзяўчат з группы, хто стаў маці - прымала экзамен ці залік нават у роддоме ці на кватэры. Помніцца, як у маладой сям'і нашага аднакурсніка Жэні Хорсуна нарадзіўся сын, то вельмі цікавілася здароўем немаўляці, прыходзіла адведваць. Такое не забываецца. Яе любілі і давяралі, як блізкаму чалавеку, многія свае сакрэты. Пра нас яна ведала, бадай, усё. Таму і давяла нашу групу да выпуску ў поўным складзе.

Такой і запомнілася! З яе найперш хацелася браць прыклад на педагагічнай практыцы, а пазней і ў самастойнай настаўніцкай працы. Для многіх з нас яна стала эталонам сапраўднага Настаўніка.

З радасцю сустракаліся мы з Эвелінай Данілаўнай і пасля інстытута. Яна цікавілася нашай працай, сямейным жыццём, раіла, радавалася дасягненням, перажывала разам з намі за часовыя няўдачы. І зараз перазвоньваемся з ёю, віншуем са святамі.

Эвеліна Данілаўна ўжо на пенсіі, у яе на дзіва моцная, учэпістая памяць, помніць кожнага свайго студэнта, цікавіцца яго лёсам.

* * *

Эвеліна Данілаўна Блінава нарадзілася ў г. Менску 28 снежня 1930 года. Яе тата, Даніла Ананьевіч Блінуў, 1896 года нараджэння. Павясковаму Дунік. Паходзіў з беднай парабкоўскай сям'і в. Бліны Мехаўскай воласці, што на Віцебшчыне. Закончыў 4 класы царкоўнапрыходскай школы, вучыўся на рабфаку і Камвузе ў Менску (закончыў у 1932 годзе).

Мама, Марыя Майсееўна, нараділася ў 1906 годзе ў г. Горкі Магілёўскай губерні. Закончыла сярэднюю школу і агранамічны факультэт Горкаўскай сельскагаспадарчай акадэміі. Пазней выкладала біялогію і хімію ў школах па месцы працы мужа.

У 1929 годзе бацькі пажаніліся, праз год нарадзілася дачка, якую назвалі Эвелінай. У 1938 годзе ў сям'і нарадзіўся і сын Альберт.

Лёсы бацькоў Эвеліны - Данілы Ананьевіча і Марыі Майсееўны тыповыя для сялянскай і гарадской моладзі таго часу. З вялікім энтузіязмам успрынялі яны ідэі савецкай улады, пайшлі ў навуку, зведалі ўсе цяжкасці даваеннага і ваеннага часу. Пасля Камвуза бацьку ў ліку 25тысячнікаў накіравалі дырэктарам у саўгас пад Крычавам. У гэтым горадзе Эвеліна пайшла ў школу, закончыла два класы. Пасля далучэння Заходняй Беларусі ЦК КПБ накіроўвае бацьку ў мястэчка Крынкі Беластоцкай вобласці (цяпер Польшча) другім сакратаром райкаму партыі.

З 1940 года вучылася ў Крынках. У чэрвені 1941 года лячылася ў дзіцячым санаторыі Друскенікі (Літва). Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, дзяцей з санаторыя вывезлі апошнім цягніком. З цяжкасцю 24 чэрвеня дабраліся да Менска. Помніцца, што ў гэты дзень была страшная бамбёжка горада нямецкімі самалётамі. Далей шлях быў на Магілёў, Смаленск, неаднойчы цягнік з эвакуяванымі дзецьмі абстрэльвала нямецкая авіяцыя, многіх паранілі. Нарэшце, у пачатку ліпеня дабраліся да г. Разані, а праз нейкі час і да г. Сарапула Удмурцкай АССР. Тут жылі да кастрычніка 1941 года, потым эвакуяваных павезлі далей на ўсход: жылі ў дзіцячым доме ў в. Каракуліна на рацэ Каме. Былі апрануты лёгка, палетняму, адзенне знасілася дашчэнту. Згадваючы пакуты вайны ў глыбокім тыле, Эвеліна Данілаўна кажа:

- Пачаліся халады, нас неяк апранулі. Выдалі чобаты. Абутак быў вялікі, не грэў, то ў яго напіхвалі газет, каб хоць трохі было цяплей нагам. У гэтай удмурцкай вёсцы вучыліся, тут я закончыла трэці і чацвёрты класы. Сшыткаў не было, то пісалі між радкоў старых кніг чарнілам з разведзенай сажы.

У в. Каракуліна Эвеліну адшукала мама, было гэта ў 1943 годзе. Яна цудам эвакуявалася з сынком Альбертам з Крынак. Спачатку ехалі, потым ішлі пяшком цераз Беразіно да Горак. Далей ляснымі дарогамі дабраліся да г. Тамбова. Адтуль - у Арэнбургскую вобласць, дзе працавала дырэктарам сямігодкі. Тут у 1943 годзе захварэў і памёр брацік Альберт. Шукаючы дачку на дарогах вайны, Марыя Майсееўна звярнулася з пісьмом да С.О. Прытыцкага, вядомага заходнебеларускага рэвалюцыянера, які быў родам з Крынак, і з якім тата быў у вельмі прыязных адносінах. Прытыцкі знаходзіўся ў штабе партызанскага руху, займаўся пытаннямі размяшчэння эвакуяваных з Беларусі. Ён і паведаміў, што санаторый з Друскенікў быў эвакуяваны ў в. Каракуліна Удмурцкай АССР. Так праз два гады расстання сустрэлася мама з дачкой Эвелінай.

Не менш пакручастым і цяжкім аказаўся і лёс бацькі. Адправіўшы сям'ю ў эвакуацыю, ён, як адзін з кіраўнікоў Крынкаўскага раёна, займаўся справамі, але ўжо праз дзень пасля пачатку вайны немцы занялі мястэчка. Разам з бежанцамі адправіўся на ўсход, але калону запынілі немцы, перасартавалі, вывелі салдат і адправілі ў канцлагер, пастралялі камуністаў, камандзіраў і яўрэяў, астатнім загадалі ісці па дамах. Адпусцілі і бацьку. З цяжкасцю ён дабраўся да г. Горкі, радзімы жонкі, даведаўся, што яна была перад гэтым тут, але падалася на ўсход. Два гады жыў на акупаванай тэрыторыі, арганізоўваў узброеную барацьбу з ворагам, быў схоплены паліцаямі, але ўцёк зпад арышту. Сустрэўся з партызанамі, быў у атрадзе да канца 1943 года - да часу вызвалення Горкаўскага раёна ад фашыстаў. Прыехаў да сям'і ў Арэнбургскую вобласць. Колькі было радасці, што сустрэліся, не згубіліся, не загінулі ў страшнай кругаверці вайны!

Пасля вызвалення заходняй часткі Беларусі ад фашыстаў тату прызначылі першым сакратаром райкаму партыі зноў у Крынкі - было гэта ў пачатку жніўня 1944 года.

Сярэднюю школу Эвеліна закончыла ў мястэчку Вялікая Бераставіца на Гарадзеншчыне ў 1948 годзе, куды на працу быў пераведзены бацька. У гэтым жа годзе паступіла на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. Вучылася выдатна, праяўляла здольнасці да навуковадаследчай працы. З першага курса стала ўдзельнічаць у працы гуртка беларускай дыялекталогіі, якім кіравала прафесар Марыя Андрэеўна Жыдовіч. Гурткоўцы да апошняга курса выязджалі ў дыялекталагічныя экспедыцыі ў многія вёскі Менскай, Віцебскай, Берасцейскай абласцей, дзе збіралі матэрыялы для складання "Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы". Па дыялекталогіі студэнтка Эвеліна Блінава выконвала курсавую і дыпломныя працы, зноў жа яе навуковым кіраўніком была М.А. Жыдовіч. Па заканчэнні ў 1953 годзе вучобы старанную выпускніцу філфака рэкамендуюць для паступлення ў аспірантуру пры кафедры беларускай мовы БДУ. Пасля аспірантуры (1956) пачала працаваць на пасадзе выкладчыка кафедры беларускай мовы Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага, з 1961 года - старшы выкладчык. У 1963 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю "Парны лік назоўнікаў у гісторыі беларускай мовы" (навуковы кіраўнік М.А. Жыдовіч). З 1965 года - дацэнт кафедры беларускай мовы МДПІ імя А.М. Горкага.

Звыш за 30 гадоў кіравала студэнцкім навуковым гуртком "Беларуская дыялекталогія", штогод разам са студэнтамі адпраўлялася ў дыялекталагічныя экспедыцыі. Чуйная да народнай мовы, дбайна занатоўвала трапныя народныя словы, зберагаючы іх ад беззваротнага знікнення, стварала картатэку тэкстаў рэгіянальных гаворак. Многае з гэтага моўнага багацця ўвайшло ў падрыхтаваныя ёю ў суаўтарстве з Е.С. Мяцельскай навучальныя дапаможнікі для філалагічных факультэтаў ВНУ "Беларуская дыялекталогія" (1969, 2е выд. 1980), "Беларуская дыялекталогія: Кантрольныя працы" (1963, 2е выд. 1987), "Беларуская дыялекталогія: Практыкум" (1991). Усе тэксты ў гэтых дапаможніках запісаны самімі аўтарамі ў палявых умовах у час экспедыцый у розных раёнах Беларусі, а не ўзяты з прац А. Сержпутоўскага ці Е. Раманава.

Эвеліна Данілаўна - выкладчык ад Бога. Яна з вялікай адказнасцю адносілася да сваіх абавязкаў, чытала лекцыі і праводзіла практычныя заняткі на высокім навуковаметадычным узроўні. Умела зацікавіць студэнцкую аўдыторыю вырашэннем праблемных і мала распрацаваных пытанняў беларускай лінгвістыкі.

Плённа спалучала педагагічную дзейнасць з навуковай працай. Асноўнымі кірункамі яе даследаванняў былі слова народнае, слова літаратурнае, слова ў кантэксце. Яна - аўтар каля 60 навуковых публікацый, суаўтар калектыўных дапаможнікаў для настаўнікаў, студэнтаў і абітурыентаў "Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Арфаграфія. Фанетыка" (1984, 1993), "Беларуская мова" (1991), "Беларуская мова: Дапаможнік для абітурыентаў" (1992, 1994, 1998), "Беларуская мова: Тэорыя. Тэксты" (2004), "Зборнік дыктантаў" (1976, 1984, 1998) і інш.

З увядзеннем у праграмы філалагічных факультэтаў курса "Лінгвістычны аналіз тэксту" Эвеліна Данілаўна распрацоўвае для студэнтаў высока навуковыя ўзоры лінгвістычнага аналізу мастацкіх тэкстаў. Сярод іх "Лінгвістычны аналіз верша Я. Купалы "Спадчына", "Лінгвістычны аналіз верша М. Багдановіча "Раманс", "Параўнанне дзвюх рэдакцый верша М. Багдановіча "Слуцкія ткачыхі" /з тэксталагічных назіранняў/", "Лінгвістычны аналіз верша М. Багдановіча "Пагоня" , "Лінгвістычны аналіз паэмы "Энеіда навыварат", "Дыямент Танкаўскай паэзіі: Лінгвістычны аналіз верша "Ave Maria" і інш. У гэтых даследваннях - дакладнае адчуванне самых тонкіх нюансаў літаратурнага слова, удумлівы аналіз розных яго адценняў у мастацкім кантэксце з улікам ведаў па літаратуры, гісторыі, філасофіі.

Усё створанае Э.Д. Блінавай вызначаецца высокім навуковым узроўнем, глыбінёй зместу, багаццем матэрыялу і з'яўляецца каштоўным набыткам нацыянальнага мовазнаўства.

* * *

З 1956 да 2006 года Эвеліна Данілаўна працавала ў адной установе - Менскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.М. Горкага (пазней - Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка) на філалагічным факультэце.

50 гадоў у педагогіцы! Лічба, якая захапляе і ўражвае. А за гэтымі гадамі - напружаная паўсядзённая творчая праца. Яна была Настаўнікам настаўнікаў! Працавала самааддана, несла паходню ведаў сваім студэнтам.

За бездакорную шматгадовую працу была ўганаравана званнем "Выдатнік адукацыі БССР" (1980), "Выдатнік адукацыі СССР" (1990), узнагароджана медалём "За доблесную працу", Ганаровымі граматамі Міністэрстваў асветы СССР і БССР (10 ганаровых грамат), граматамі Беларускага рэспубліканскага савета па навуковадаследчай працы студэнтаў, выканкаму Маскоўскага раёна г. Менска, граматамі інстытута.

Эвеліну Данілаўну любяць і не забываюць яе калегі і студэнты. Яна цёпла ўзгадвае сваё такое далёкае студэнцтва ў БДУ, выкладчыкаў і сяброў. Найбольшы ўплыў на станаўленне Эвеліны Данілаўны як асобы, педагога і навукоўца, безумоўна, аказала Марыя Андрэеўна Жыдовіч, а таксама прафесар Міхась Рыгоравіч Ларчанка. А якія людзі вучыліся з ёй на адным факультэце, у адной групе: Алег Лойка - стараста групы, выдатны паэт, педагог, навуковец, Уладзімір Дамашэвіч - вядомы празаік, Леанід Бурак - прафесар БДУ, мовазнаўца, Алег Саннікаў - тэатральны рэжысёр, Ірына Крэнь - таленавітая журналістка і найлепшая сяброўка!

А час працы ў інстытуце даў новых настаўнікаў, калег, сяброў. Гэта, найперш, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства прафесар Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, які многаму навучыў, быў выдатным лінгвістам, асобай. Іван Цярэнцьевіч Зяневіч, Яўгенія Міхайлаўна Івашуціч, Марыя Цімафееўна Кавалёва ўмелі падтрымаць, даць карысную параду. Хораша сябравалася з дацэнтам кафедры рускай мовы Зінаідай Іванаўнай Жакавай… Былі студэнтамі Эвеліны Данілаўны, а потым сталі калегамі прафесары Ніна Васільеўна Гаўрош, Мікалай Іванавіч Мішчанчук, дацэнты Клара Макараўна Панюціч, Віктар Андрэевіч Бекіш.

З многіх сваіх студэнтаў Эвеліна Данілаўна найбольш запомніла тых, хто стаў слынным настаўнікам, навукоўцам ці творцам. Іван Крук, Пятро Кушнерык, Ніна Нямковіч, Уладзімір Някляеў…

* * *

У Эвеліны Данілаўны цудоўны муж Ігар Аляксандравіч Цапурын. Ён па адукацыі інжынерканструктар, праектаваў карпусы касмічных ракет. У 1990 годзе ён з Украіны пераехаў у Менск, у гэтам жа годзе яны з Эвелінай Данілаўнай пабраліся шлюбам. У Менску 15 гадоў працаваў інжынерам у канструктарскім бюро МТЗ. Чалавек рускай культуры (з данскіх казакоў), ён з павагай ўспрыняў нашу мову, гісторыю, наш беларускі менталітэт, прыгожа размаўляе пабеларуску, шмат чытае беларускай літаратуры. Даўно на пенсіі, але жыва цікавіцца палітычным і грамадскім жыццём краіны. Ён аднадумец і апора для Эвеліны Данілаўны.

Наша юбіляр - патрыёт Беларусі, яе гісторыі, культуры, навукі. Яна і яе калегі з вялікім энтузіязмам віталі прыняцце Закона аб мове, стварэнне ТБМ імя Ф. Скарыны, крокі па беларусізацыі асветы і грамадства ў 8090х гадах XX ст. Э.Д. Блінава - актыўны сябар ТБМ, цікавіцца яго жыццём, з'яўляецца пастаянным падпісчыкам газеты "Наша слова" з яе першага нумара. Была ля вытокаў стварэння суполкі ТБМ на філалагічным факультэце.

Рыхтуючы матэрыял для артыкула пра Эвеліну Данілаўну Блінаву, у час апошняй сустрэчы з ёй мы пацікавіліся, што б яна пажадала цяперашнім студэнтам педагагічнага ўніверсітэта - будучым настаўнікам.

Ні на секунду не задумаўшыся, яна адказала:

- Каб выхоўвалі сапраўдных патрыётаў Беларусі, прывівалі любоў да беларускай мовы, каб у любы час і кожны міг помнілі словы вялікага нацыянальнага паэта Францішка Багушэвіча: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!"

Шчасця, моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця Вам, шаноўная юбілярка!

Лілея Чэчат, Алесь Чэчат , выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры лінгвагуманітарнага каледжа УА МДЛУ.


Да пытання пра год роднай мовы

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, д.13,

220005, г. Мінск

Паважаны Алег Анатольевіч!

У адказ на Ваш зварот аб абвяшчэнні наступнага года Годам роднай мовы інфармуем.

На гэты час сабраны прапановы зацікаўленых дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў (у тым ліку Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны), грамадзян аб вызначэнні тэматыкі 2011 года. Вынікі іх вывучэння і абагульнення будуць улічаны пры вырашэнні дадзенага пытання.

Начальнік галоўнага ўпраўлення

па рабоце са зваротамі грамадзян

і юрыдычных асоб С.І. Буко.


Да 1150-годдзя першай славянскай азбукі

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

А.А. ТРУСАВУ

Шаноўны Алег Анатольевіч!

Па дабраславенні Высокапрэасвяшчэннейшага Філарэта, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі маем гонар паведаміць, што Яго Высокапрэасвяшчэнства са станоўчай цікавасцю ўспрыняў Вашы прапановы адносна святкавання 1150-годдзя з часу стварэння святымі роўнаапостальнымі Кірылам і Мяфодзіем першай славянскай азбукі.

Беларуская Праваслаўная Царква нязменна шануе памяць святых Салунскіх братоў, як стваральнікаў мовы Царквы і як першых перакладнікаў на гэтую мову богаадкравенных тэкстаў Святога Пісання.

Царкоўна-славянская мова, быўшы сведкай яшчэ непадзеленай хрысціянскай Царквы, і асвечаная больш, чым тысячагадовай традыцыяй малітоўнага яе выкарыстання, арганічна ўвайшла ў скарбніцу духоўнай культуры беларускага народа.

У гэтай сувязі, ідэя стварэння і ўстаноўкі ў сталіцы Рэспублікі Беларусь - горадзе Мінску помніка святым роўнаапостальным Кірылу і Мяфодзію заслугоўвае ўсялякай падтрымкі.

Выяўляючы ўдзячнасць за выяўленую Вамі ініцыятыву, Высокапрэасвяшчэннейшы Мітрапаліт Філарэт сведчыць, што ён з удзячнасцю прыме ўдзел у абмеркаванні прапаноў па мастацка-вобразнаму і архітэктурнаму рашэнню будучага манумента, роўна як і ў абмеркаванні канцэпцыі правядзення ўрачыстасцяў.

З павагай

Сакратар Мінскай Eпархіяльнай Управы Протаіярэй Мікалай Коржыч.

(Пераклад з рускай.)


Справаздача

Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф.Скарыны аб рабоце за 2010 год

Гарадская аргаізацыя ў сваёй працы трымала сталую сувязь з гарадзенскай арганізаныяй ТБШ, з аддзеламі адукацыі і культуры гарвыканкама.

Сябры ТБМ наведалі бацькоўскія сходы ў школах дзеля арганізацыі беларускіх класаў, але выніку пакуль не было, калі не лічыць, што па-беларуску вучыцца адно дзіця. Поўнасцю пераведзены ў гэтым годзе гарадскія аўтобусы і тралейбусы на беларускую аўдыёінфармацыю (некаторыя кіроўцы транспарту не карыстаюцца ёю). Праведзена беларуская дыктоўка, у якой адначасова ўдзельнічала каля 200 чаланек. Падрыхтаваны і выпушчаны беларускі настольны перакідны каляндар на 2011 год (на матэрыяле Гарадзеншчыны).

Адбыліся прэзентацыі кніг гарадзенскіх аўтараў: І. Соркінай, Ю. Гардзеева, А. Цыхуна.

Праведзены сустрэчы з пісьменнікамі: У. Арловым, А. Хадановічам, У. Някляевым, М. Скоблам. Адзначана 100-годдзе Л. Геніюш не толькі калектыўным выездам у Зэльву ў жніўні, а і вечарынамі на пляцоўцы ТБШ і ў абласной бібліятэцы. Сумесна з гэтай бібліятэкай праведзены "круглы стол", прысвечаны развіццю краязнаўства на Гарадзеншчыне.

Рада ТБМ трымала на кантролі падпіску на газету " Наша слова".

Сабраны складкі сяброў за 2010 год.

Старшыня рады Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ А. Пяткевіч.


Ёсць вуліца Грунвальдская ў Полацку

Рашэнне

15.11.2010 г. №12

Аб названні вуліцы ў горадзе Полацку

На падставе артыкула 15 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 траўня 1998 года "Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні і парадку рашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь", Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 года "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь", згодна з планам архітэктурнай забудовы горада Полацкі гарадскі Савет дэпутатаў ВЫРАШЫЎ:

1. Вуліцы "Праектаваная" №3 у мікрараёне №4 "Аэрапорт" (якая ідзе ад перакрыжавання з вуліцай Хруцкага да перакрыжавання з вуліцай "Праектаваная" №4) у горадзе Полацку прысвоіць назву "вуліца Грунвальдская" і ў далейшым называць яе "вуліца Грунвальдская"...

Старшыня Н.В. Гуйвіх.

(Пераклад з рускай.)


Падарунак ад ТБМ дзіцячаму садку №10 г. Наваполацка

Суполка "Рубон" Наваполацкай гарадской ар-ганізацыі ТБМ імя Ф. Ска-рыны завязала добрыя ста-сункі з дзіцячым садком №10 г. Наваполацка.

У канцы снежня дзеткам былі перададзены беларускамоўныя дзіцячыя кніжкі, мультфільмы.

Зміцер Шчэрбік.


У АРГАНІЗАЦЫЯХ ТБМ ВІЦЕБШЧЫНЫ

12 снежня, у нядзелю, у полацкім Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур адбылася творчая сустрэча з віцебскімі літаратарамі, сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзімірам Папковічам, Міхасём Мірановічам і вядомай паэткай з Падсвілля Марыяй Баравік. Імпрэза стала магчымай дзякуючы намаганням кіраўніка Полацкай гарадской арганізацыі ТБМ спні Валянціны Крук і пры актыўным удзеле кіраўніцтва абласной рады.

На сустрэчу прыйшло больш за сорак чалавек. Гэта людзі, якія не проста цікавяцца родным словам, але і добра арыентуюцца ў сучаснай беларускай літаратуры, ведаюць яе жанравыя і тэматычныя адметнасці, гісторыю і сучасны стан. Усё гэта выразна выяўлялася ў шматлікіх пытаннях, што задаваліся творцам.

На пачатку імпрэзы прачытала свае вершы Марыя Баравік. У тым ліку і з дзвюх нядаўна выдадзеных кніг, прэзентацыя якіх адбылася ў тым ліку і ў Менску, у сядзібе ТБМ. Вершы філасофскага, патрыятычнага характару, дзе выразна адчуваецца клопат паэткі пра блізкіх людзей, дзяржаву, мову, нікога не пакінулі абыякавымі.

Вядомы айчынны паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч расказаў пра сваё бачанне сучаснай літаратуры, пра ролю пісьменніка ў цяперашнім грамадстве, прачытаў свае дасціпныя гумарыстычныя вершы. Прысутныя актыўна цікавіліся і перакладчыцкай працай пісьменніка, яго стаўленнем да сучаснай нямецкай літаратуры, бо Уладзімір Антонавіч перакладае менавіта з нямецкай.

Таксама шмат гумару было ў выступе Міхася Мірановіча. Зала няспынна эмацыйна рэагавала на трапныя выслоўі Міхася Канстанцінавіча, які чытаў у тым ліку і кароценькія вершыкі з іранічным падтэкстам. Было сапраўды шмат станоўчых эмоцый, добрага, памастацку вытанчанага гумару.

Сустрэча прайшла на самай справе як адно імгненне. Пасля заканчэння выступаў літаратараў прысутныя бралі аўтографы, фатаграфаваліся з гасцямі, працягвалі абмяркоўваць творчыя планы і перспектывы. А потым была зладжана экскурсія па Музеі кнігадрукавання, які ў верасні святкаваў свой дваццацігадовы юбілей. Тут сапраўды ёсць на што паглядзець, бо перад вачыма раскрываецца па сутнасці поўная гісторыя кнігадрукавання і нават шырэй - гісторыя пісьма: ад берасцяных грамат да нашага часу, з цудоўнымі экспанатамі, з вытанчанай стылізацыяй інтэр'еру. І асабліва адзначаем узорную, прафесійную працу экскурсаводаў, у першую чаргу, спні Веры Ашуевай. Бо такой ідэальнай беларускай мовай сёння валодаюць хіба што адзінкі.

Ад імя Віцебскай абласной рады ТБМ хацелася б выказаць шчырую падзяку кіраўнікам Полацкай гарадской арганізацыі спні Валянціне Крук і сп. Феакцісту Фядотаву за ўзорную падрыхтоўку і правядзенне творчай сустрэчы. Сардэчна дзякуем літаратарам Марыі Баравік, Уладзіміру Папковічу і Міхасю Мірановічу за ўдзел у імпрэзе. Бо падобныя мерапрыемствы сапраўды яднаюць усіх прыхільнікаў прыгожага пісьменства, надаюць эстэтычную асалоду і натхненне.

Намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Юрась Бабіч.


Жыве незалежная "Беларуская думка"!

Сёлета споўнілася 50 гадоў грамадска-палітычнаму і літаратурна-мастацкаму часопісу "Беларуская думка", што выходзіць у ЗША (Нью Ёрк - Саўт Рывер). Выданню дало жыццё незалежнае (як з ідэалагічнага, так і матэрыяльнага (фінансавага) боку) Беларускае выдавецкае таварыства, што паўстала ў пачатку 1960 г. Мэтай яго было аднаўленнне перыядычнага беларускага друку ў вольным свеце. А калі дакладней, то больш - пашырэнне. У названае таварыства ўвайшлі Барыс Шчорс - старшыня, Міхась Сенька - сакратар, Міхась Палюховіч - скарбнік, сябры: Міхась Кавыль, Іван Касяк, а. Мікалай Лапіцкі і д-р Мікалай Шчорс. Першым галоўным рэдактарам "БД" быў Антон Даніловіч, у 1983 г. яго на гэтай пасадзе змяніў сябра БВТ, паэт перакладчык Міхась Кавыль (Язэп Казіміравіч Лешчанка, паходзіць са Случчыны), які і сёння ў свае 94 гады, перастаўшы ствараць уласныя тэксты, клапоціцца ў асноўным, каб часопіс выходзіў рэгулярна ў пору (апошнім часам - два разы на год).

Калі гаварыць аб духоўна-інтэлектуальнай аснове зместу большасці матэрыялаў, што змяшчаюцца у "БД", яны сваёй асновай маюць тую субстанцыю, што закладзена ў яе назве, і, безумоўна, тыя традыцыі, што калісьці былі асноўнымі ідэйнымі складнікамі і кірункамі папярэдніх выданняў з аднаіменнымі назвамі. Гэта : 1. "Беларуская думка" - газета нацыянальна-дэмакратычнага кірунку, што выдавалася тры месяцы у Вільні у 1919 г., выходзіла тры разы на тыдзень. Свет пабачылі 56 яе нумароў: 2. "Беларуская думка" - штотыднёвы незалежніцкі грамадскі, літаратурны і сельскагаспадарчы часопіс у Заходняй Беларусі. Выдаваўся з 1930 да 1932 г. на старонках названых выданняў сярод розных рэдакцыйных матэрыялаў, у асноўным патрыятычнай скіраванасці змяшчаліся творы прагрэсіўных беларускіх аўтараў: Я. Купалы, Я. Коласа, М. Гарэцкага, Старога Уласа, М. Арла, З. Бядулі, Ф. Аляхновіча, Г. Леўчыка, М. Журбы і інш. Абодва выданні былі закрыты польскай акупацыйнай адміністрацыяй.

Трэцяя "БД" - сённяш-няя юбілярка - адстойвае ідэі незалежнасці Беларусі, падае інфармацыю пра найважней-шыя падзеі на Бацькаўшчыне і ў свеце, пра жыццё беларускай эміграцыі. Змяшчала і змяшчае палемічныя артыкулы, успамі-ны, творы навукоўцаў розных профіляў і школ. А таксама творы пісьменнікаў замежжа і з Беларусі. Сярод аўтараў "БД" можна назваць Уладзіміра Глыбіннага, Янку Станкевіча, Уладзіміра Клішэвіча, Міхася Кавыля, Янку Золака, Масея Сяднёва, Янку Юхнаўца, Яўхіма Кіпеля, Юрку Віцьбіча, Мі-хася Белямука, Яна Пятроўс-кага, Вітаўта Кіпеля, Кастуся Мерляка, Аўгена Калубовіча, Алеся Змагара, Кастуся Аку-лы, Яўгена Лецкі, Валянціна Грыцкевіча, Леаніда Лыча, Ніла Гілевіча і інш. ёсць у часопісе і дзіцячая старонка, на якой змяшчаюццца творы дзяцей з замежжа і з Беларусі.

Незалежная "БД" (Трэ-цяя) распаўсюджваецца - рассылаецца у ЗША, Беларусі, ва Украіне, у Чэхіі, Літве, Польш-чы, Расіі. Англіі, Нямеччыне, Канадзе, Аўстраліі. Вядома, добра было б, каб "БД" унеслі у падпісны каталог выданняў для Беларусі. Гэта падвысіла б статус часопіса і ў нейкай сту-пені зняла б фінансавы цяжар, што ляжыць на рэдакцыі, якая за свой сціплы бюджэт, які складаецца з ахвяраванняў, займаецца яшчэ і рассылакай часопіса па ўсім свеце.

Часта можна чуць, што "БД" дажывае свой век. З гэтым ніяк нельга пагадзіцца. Думка ўвогуле як духоўна-інтэлектуальны феномен жыве, пакуль жыве чалавецтва, этнас і нават адзін чалаве. "БД" жыла, жыве і будзе жыць. Вунь ці не гэтага часопіса назву узяў, запазычыў сабе прыўладны на Беларусі часопіс "Камуніст Беларусі" і пераіменаваўся ў "Беларускую думку" (Чацвёртую). Сённяшняя "БД" на Бацькаўшчыне, як і яго базавы папярэднік - вельмі і вельмі праўладнае выданне. А вось сённяшняя Н'ю-Ёркска-Саўт-Рыверская - сапраўдная беларуская, жывая думка, таму што яна незалежная, свабодная, альтэрнатыўная застою і паняволенню.

З юбілеем цябе "Беларуская думка"!

Яўген Гучок.


Бараўляны-Кушляны

Сёлетні год, як вядома, юбілейны для нашага празорцы і прарока Францішка Багушэвіча. Пра гэта хтоніхто памятае і ў медыцынскім калектыве Бараўлянскага шпіталя для інвалідаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М. Машэрава. I от не гэтак даўно прафсаюзная арганізацыя гэтага калектыву зладзіла цікавую паездку па розных памятных мясцінах Гарадзеншчыны, прынамсі на сядзібу сусветна вядомага кампазітара Агінскага і не менш вядомага аўтара «Дудкі беларускай». Пра наведванне медыцынскім калектывам сядзібы Францішка Багушэвіча мне распавяла культарганізатар шпіталя Таццяна Падкапаева. Яна, прынамсі, расказала, што гэта паездка ў Кушляны была анімацыйнай. Гэта значыцьшто бараўлянскія вандроунікі, апрача самай разнастайнай інфармацыі, сталіся сведкамі цікавай інсцэніроўкі, падрыхтаванай арганізатарамі паездкі. На самым пачатку падарожжа было абвешчана, што яны едуць на Смаргоншчыну вызваляць паўстанца 1863 года пана Грабоўскага. А ў Кушлянах ёсць зброя!

Гэта інтрыга зрабіла паездку ў Кушляны цікавай, займальнай і, ;вядома ж, карыснай. Шмат чаго цікавага пачулі і пабачылі падчас гэтага свайго падарожжа медыкі згаданага шпіталя.

Незабыўнае ўражанне на іх зрабіла і сустрэча з загадчыкам кушлянскага сядзібнага музея Францішка Багушэвіча Алесем Жамойціным, з яго дудкай. 3 асалодай яны слухалі не толькі яго мелодыі, але і сугучныя з вандроўкамі Алесевы вершы. Вялікі дзякуй усім арганізатарам за цікавую паездку! (Кушляны наведалі 82 медыкі з Бараўлянаў.)

Уладзімір Содаль.


"Лісты да запатрабавання" Генадзя Бураўкіна

У выдавецтве "Кнігазбор" у 2010 годзе выйшла кніга Генадзя Бураўкіна "Лісты да запатрабавання: вершы і паэмы"

Новая кніга паэзіі Генадзя Бураўкіна напісана ўжо ў XXI стагоддзі. Яе склалі паэмы «Узнясенне» і «Развітанне», прысвечаныя апосталам Бацькаўшчыны Францішку Багушэвічу і Якубу Коласу, а таксама лірычныя вершы, прасякнутыя балючымі клопатамі нашых дзён, асветленыя сыноўскай любоўю да роднай зямлі і прадыктаваныя ўзвышаным пачуццём чыстага кахання. Як заўсёды ў аўтара, яны гранічна спавядальныя і ўсхваляваныя.


Па родным краі колькі ні кружы, -

Стаяць

Каля дарог многагалосых

Крыжы і дрэвы,

Дрэвы і крыжы,

Як верставыя знакі нашых лёсаў.

Яны суладна цягнуцца на ўзгрэў

Ад засені

I палыноў прагорклых.

I менее з гадамі

Стромкіх дрэў,

I более

Старых крыжоў

На ўзгорках.

Яны маўчаць няўцешна на вятрах,

Аплакваюць дажджамі нашы страты

I пад высокім небам

Значаць шлях

Да вечнасці

I да бацькоўскай хаты.

I на сваім апошнім рубяжы

Ты іх угледзіш,

Толькі азірніся -

Крыжы і дрэвы,

Дрэвы і крыжы,

I зоркамі засеяныя высі...

Генадзь Бураўкін.


Невядомы Рэут...

Пра гэтага польскага і беларускага пісьменніка напісана мала. Яго не вывучаюць у школьнай праграмме. Пра яго не напісана манаграфій. Яго творчасць дрэнна даследавана. Фотаздымка класіка таксама, як і пратрэта, няма...

Няма дакладных звестак пра яго дзень народзінаў ды дзень смерці. Літаратуразнаўцаў не цікавіць ягоная творчасць. Мабыць такая сітуацыя склалася таму, што ён класік са шляхецкімі каранямі, а ў нас прызвычаіліся вывучаць такіх творцаў з народа, як Паўлюк Багрым...

Вікенці Уладзіслававіч РэутГаздава - памешчык маёнтка Мосар Полацкага павету нарадзіўся ў 1812 годзе(?), знаўца беларускага фальклору. Рэдка які том "Незабудкі" ці "Рочніка літэрацкага" выходзіў без твораў Рэута...

У 18271834 гг. - ён прадвадзіцель дваранства (маршалак). Пазней друкаваўся ў альманаху "Рубон". Творы перасыпаны вытрымкамі з беларускага фальклору.

Адначасова Рэут выступіў у "Тыгодніку пэтэрсбурскім" (№88 за 1844 г.) з вялікім артыкулам, у якім даводзілася неабходнасць развіваць у Беларусі прамысловасць... Як павятовы маршалак Рэут садзейнічыў пашырэнню на Полаччыне выданняў сваіх пецярбургскіх сяброў (у спісе падпісчыкаў 1га тома "Рочніка" ён значыцца ў якасці калектара). Думаецца, што Рэут сам быў частым госцем у Пецярбурзе. Адным словам, можна з упэўненасцю сказаць, што Рэут добра ведаў усе акалічнасці жыцця беларускага сталічнага гуртка.

Яго адрасат - Ігнат Легатовіч - выкладчык Менскай гімназіі, паэт і бібліёграф. Гасцінны Мосар успамінаў у сваіх вершах Т. Заблоцкі. З падзякай ён узгадвае і яго гаспадара. Цікава таксама, што ў 1862 годзе полацкі памешчык В. Рэут быў западозраны ўладамі ў пашырыэнні рэвалюцыйных адозваў і вершаў М.Л. Міхайлава...

У студзені 1863 г. Рэут зрабіў запіс у вядомым альбоме беларускага пісьменніка Арцёма Вярыгі. У гэты ж час колішні супрацоўнік "Незабудкі" шукаў сувязяў з камісарам Каліноўскага Міхаілам Аскеркам...

Напярэдадні паўстання ён відавочна, збяднеў і выглядае хутчэй нейкім прыжывалам у асяроддзі больш самавітых і ўдачлівых сяброў. Паводле уласных паказанняў Рэута, яму тады (у 1864 годзе) было 52 гады і гэта дазваляе ў рэшце рэшт лічыць, што ён нарадзіўся сапраўды ў 1812 годзе (разлікі па іншых звестках даюць у адным выпадку 1810, у другім - 1814 год нараджэння). Цэлы год перад паўстаннем Рэут жыў у Вусвіцы ў Сасноўскіх, лячыўся хатнімі сродкамі ад залатушнай хваробы...

Вінцэнт наведваў таксама Камёнкаў у Асінаўцы, дзе пазнаёміўся з паненкай Евай. У сярэдзіне красавіка 1863 г. выехаў з Вусвіцы нібыта ў Полацк, дзе паводле паказанняў, быў хворы. Не мог нібыта нават надзець ботаў. Наконт здымка ў нацыянальным строі, знойдзенага ў Евы, сказаў, што зняўся ў паляўнічым касцюме ў заезджага фатографа, "якога прозвішча іншаземнага не памятаю".

Абвінавачанняў не прызнаў. Усё ж пад час следства адкрыўся факт, што ў жніўні 1862 года ён іграў на аргане ў рукшэніцкім касцёле, а прысутныя пад яго акампанемент спявалі патрыятычны гімн...

Пры завяршэннні справы спачатку меркавалася выслаць Рэута з краю, потым ішла перапіска пра штраф, але высветлілася, што 200 рублёў штрафу яму па беднасці заплаціць не пад сілу. Урэшце, аддалі яго пад нагляд паліцыі, які быў зняты толькі ў 1869 годзе.

Імя Рэута ёсць у "справе пра дваранку Камёнку" разам з Тапчэўскім. У лісце да Легатовіча Вінцэнт расказаў пра сувязі беларусаў, якія жылі ў Пецярбургу, з Тарасам Шаўчэнкам.

Дакладна не вядома дата смерці Вінцэнта Рэута. (Генадзь Кісялёў лічыў, што гэта здарылася не пазней 1883 года.)

Вось такое складанае жыццё пражыў прадстаўнік рамантызму Вікенці Уладзіслававіч Рэут!

Спадзяюся, што даследчыкі беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя звернуць увагу на белую пляму у гісторыі - вывучэнне творчасці і асобы Вінцэнта Рэута і мы даведаемся яшчэ нешта новае і цікавае пра яго?

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, краязнавец, журналіст.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX