Вярнуцца: 2011

№ 01 (996)


Крыніца: pawet.net.



№ 1 (996) 5 СТУДЗЕНЯ 2011 г.


З КАЛЯДАМІ І БОЖЫМ НАРАДЖЭННЕМ!

Гучыць у сельскім храме мова беларуская

З іярэем айцом Георгіем Пятроўскім, які ўжо некалькі гадоў правіць службу ў царкве прападобнага Сімяёна Стоўпніка у вёсцы Барок на Случчыне, адной з найстарэйшых у раёне, маё знаёмства адбылося ў дзень, калі ён адпяваў памерлага 80гадовага дзядулю у нашым шматкватэрным гарадскім доме у суседнім пад'ездзе. Кранулі мяне, зачаравалі пранікнёныя, ад сэрца малітвы святара за ўпакой душы нябожчыка. А калі завяршылася набажэнства, айцец Георгій хвілінаў дзесяць вёў гутарку пра веру, евангельскія запаведзі з усімі, хто прыйшоў развітацца з нябожчыкам, на чыстай беларускай мове. Гэта мяне крыху здзівіла і абрадавала вядома, бо ў праваслаўных храмах пакуль што не ўсюды пачуеш роднае слова. Падышоўшы бліжэй да святара, я выказаў падзяку за шчырую размову з людзьмі пабеларуску і пачуў, што з прыхаджанамі сваёй вёскі ён таксама размаўляе на роднай мове, карыстаецца і Бібліяй у перакладзе з рускай пісьменніка Васіля Сёмухі. А заадно параіў мне кожны панядзелак у 22 гадзіны слухаць яго пропаведзі на раённым радыё ў запісе журналісткі з радыёстудыі, што я і зрабіў і быў абрадаваны, калі пачуў, як айцец Георгій тлумачыў слухачам тэксты са Старога і Новага Запаветаў - пераканаўча, даходліва, пабеларуску.

Жаданым госцем у радыёстудыі ён стаў звыш двух месяцаў таму. Ад яго даведаўся, што царква, у якой ён служыць Богу і вернікам, была закладзена яшчэ у 1912 годзе, а пабудавана і асвечана ў 1914.

Пасля таго, як з прыходам да ўлады бальшавікоў пачалося ганенне на рэлігію, ў 1931 годзе царкву закрылі, знялі з купала пазалочаны крыж, вынеслі абразы і прыстасавалі будынак пад калгаснае зернесховішча, як і большасць закрытых у тыя гады сельскіх храмаў. Адкрылі зноў царкву толькі ў 1943 годзе, і ўжо болей улады не чапалі яе, нават у сумнавядомым 1961 годзе, калі на новай хвалі ваяўнічага атэізму з ініцыятывы Мікіты Хрушчова на Беларусі было зачынена, разбурана або спалена некалькі тысяч храмаў. Царкву, што у Барку, Гасподзь абярог.

Міхась Тычына,

г. Слуцк.


150 гадоў з дня нараджэння Яўхіма Карскага

КАРСКІ Яўхім Фёдаравіч (1 студзеня 1861 / 20 снежня 1860 ст. ст. - 29 красавіка 1931) - філолаг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф. Акадэмік Пецярбурскай Акадэміі навук, член Інстытута беларускай культуры, Чэшскай Акадэміі навук.

Паходзіць з вёскі Лаша Гарадзенскага павету. Нарадзіўся ў сям'і настаўніка Фёдара Навіцкага і дачкі праваслаўнага дыякана Магдалены Карскай. Нарадзіўся перад шлюбам бацькоў і прозвішча меў па маці. Разам з бацькамі правёў дзіцячыя гады на Наваград-чыне (в. Ятра і в. Бярозавец) і на Меншчыне. Вучыўся ў Менскай духоўнай вучэльні, Нежынскім гістарычна-філалагічным інстытуце (Украіна). З 1893 году працаваў у Варшаве. За працы па беларусазнаўстве ў 1894 годзе ўзнага-роджаны вялікім залатым медалём Расейскага геаграфічнага таварыства. У 1896 годзе атрымаў навуковую ступень доктара філалогіі ў Маскоўскім універсітэце. У 1901 годзе атрымаў Ламаносаўскую прэмію. У 1905 годзе ўзначаліў часопіс «Русский филологический вестник», у тым жа годзе стаў першым абраным рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта. У 1915-1916 гадах працаваў у Растове-на-Доне, куды быў эвакуяваны Варшаўскі ўніверсітэт. Потым працаваў у Менску (1919-1920 гады), у Петраградзе. Прафесар філалагічнага факультэта.

«Беларусы» - фундаментальная сямітомная праца Карскага, лічыцца «энцыклапедыяй беларускага мовазнаўства, унікальнай па ахопе і глыбіні матэрыялу» (М. С. Дзяржавін) «непараўнальнай паводле вычарпальнасці з кожным іншым даследваннем славянскіх народаў» (А. Ляпуноў). Гэтая праца ўпершыню навукова зняпраўдзіла канцэпцыю моўнай ідэнтычнасці расейскай і старабеларускай моваў, упершыню навукова пацвердзіла існаванне і адметнасць уласна беларускай нацыі, паказала свету багацце беларускай традыцыйнай культуры. Гэтая праца «адкрыла вочы беларусам, дазволіла ім убачыць сябе сапраўднай нацыяй», паставіла беларусаў у пач. 20 ст. «нечакана на чале ўсіх славянскіх народаў у навуковых ведах пра сваю мову» (гісторык В. Тумаш).

За заслугі ў педагагічнай і навуковай дзейнасці атрымаў чын «сапраўднага стацкага дарадцы». Узнагароджаны ордэнамі Св. Станіслава 3-й ст. (1889) і 2-й ст. (1899), Св. Ганны 3-й ст. (1895) і 2-й ст. (1903), Св. Уладзіміра 4-й ст. (1911), рознымі медалямі. Атрымаў вялікі залаты медаль Расейскага геаграфічнага таварыства (1894), два залатыя медалі імя Бацюшкава Расейскай Акадэміі навук (1898, 1902), малы прыз імя Ламаносава Расейскай Акадэміі навук (1901), акадэмічны прыз імя Бацюшкава (1910), акадэмічны прыз імя Ахматава (1913).

Каля 1920-1930, верасень - дырэктар Музея антрапалогіі і этнаграфіі Расейскай Акадэміі навук.

У 1922 г. стаў поўным членам Інстытута беларускай культуры. Падараваў сваю бібліятэку новастворанаму Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту.

У 1927 г. стаў мішэнню распачатай вострай палітычнай крытыкі, у газетах «Звязда» (Менск) і «Праўда» (Масква). Ягонае членства ў АН СССР было пастаўлена пад пытанне (13.4.1927).

У 1964 г. у будынку сярэдняй школы ў в. Лаша быў адкрыты музей Карскага.


Новы асяродак беларускай культуры ў Лідзе

Лідскі дом рамёстваў, які адкрыўся пад "Дажынкі" ў будынку былога кінатэатра "Кастрычнік", за кароткі час стаў значным цэнтрам беларускай культуры, можа быць, самым беларускім цэнтрам.

Тут разгорнута шырокая этнаграфічная экспазіцыя, пры мінімальным пакуль штаце пачалася падрыхтоўка анімацыйных праграм і пастановак на грунце беларускага фальклору. Рэй вядуць Алена і Ўладзімір Шчэліны.

Адна з першых пра-грам падрыхтавана да Каляд. На пачатку тут усіх вітае Зюзя, затым ідзе анімацыйны спектакль паводле народнай сюжэтнай лініі пра салдата, які вяртаецца з войска, ну і пра ўсіх астатніх. П'еса па народных матывах напісана Уладзімірам Шчэліным.

У планах калектыву - увесь каляндарна-абрадавы цыкл беларусаў пад агульнай назвай "Кола часу". Дык гладкай дарожкі таму колу.

Наш кар.


Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, д. 13, 220005, г. Мінск

Паважаны Алег Анатольевіч!

На Ваш зварот у адрас IV Усебеларускага народнага сходу інфармуем.

Пісьмом Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 2010 г. № 10/535-272 Вам дадзены адказ па пытанні аб абвяшчэнні наступнага года Годам роднай мовы.

Прапанова аб прыняцці закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы накіравана для разгляду ў Міністэрства адукацыі.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па рабоце

са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб С.І. Буко.


Беларускі народны каляндар - 2011

Народны каляндар беларусаў - гэта сістэма сталых ці рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў побыце і фальклоры праз спалучэнне язычніцкіх і хрысціянскіх кампанентаў; уключае традыцыйныя арыенціры (хранонімы) пераважна на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах; утрымлівае традыцыйныя феналагічныя, метэаралагічныя, агранамічныя, астранамічныя, астралагічныя і іншыя каляндарныя веды, атрыманыя пераважна шматгадовым досведам.

У народным календары на 2011 год прадстаўленыасноўныя святы і прысвяткі з магчымымі кароткімі тлумачэннямі, прык-метамі і г. д. Дні, якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. У праваслаўных яны замацаваны за старым, юліянскім календаром, што мае 13 лішніх дзён. Зорачкай /*/ пазначаны святы «рухомай» царкоўнай пасхаліі.

Умоўныя скарачэнні: п - панядзелак, а - аўторак, с - серада, ч - чацвер, пт - пятніца, сб - субота, н - нядзеля. Даўжыня дня і мо-манты ўсходу і заходу падаюцца для Менска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у нашай кнізе "Беларускі народны каляндар" (Мінск, 2002).

Алесь Лозка.


Студзень

1. сб. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія - з 1700 г.

6.ч. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Тры Каралі. Католікі праводзілі маскаваны абрад "Тры каралі" або "Гэроды".

7. пт.Божае Нараджэнне. Пачатак Каляд. «Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…». Калядавалі. Насілі «звязду». Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы ("вадзілі казу", "жанілі Цярэшку", "пяклі ката", гулялі ў "Яшчура" і інш.).

8. сб. Зімні пакроўчык, Маладзёны (Бабіны). Частавалі бабу-пупарэзніцу.

9. н. Сцяпан. «На святога Сцяпана вышэй слуга за пана».

13. ч. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. «Мароз, хадзі куццю есці».

14. пт. Васілле. Новы год па праваслаўным календары. «Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю».

17. п. Марк. Калі на Марка пакласці ў зямлю на кароткі час насенне морквы, то летам яно хутчэй прарасце.

18. а. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Каляд. «Каляда ад'язджае».

19. с. Вадохрышча (Кшчэнне). «Святое Кшчэнне ваду ксціла..., свет ачысціла і ваду наверх пусціла». «На Вадохрышча завіруха - на Вялікдзень таксама».

20. ч. Прывадохрышча - заканчэнне Каляд. Пачатак Малой Вясельніцы (да посту).

24. п. Аксіння. «Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце». Фядос. «На Фядоса цёпла».

25. а. Таццяна. Свята студэнтаў. Павел.

31. п. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. «Хавай нос у апанасаўскі мароз».


Люты

1. а. Ігнат. «На святога Ігната зіма багата».

2. с. Грамніцы, Стрэчанне. «Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы», «Грамніца - хлебу палавіца...».

5. сб. Агата. Каровіна свята . «Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты».

6. н. Аксіння Паўзіміца. «На Аксінні мяце ».Дарота. «Па Дароце высахнуць хусты на плоце».

11. пт. Ігнат. «Ігнат Грамніцам рад».

14. п. Трыфан. «На Трыфана зорна - вясна позняя». Валянцін. Свята закаханых.

15. а. Грамніцы, Стрэчанне. «Зіма з летам сустракалася...», «На Грамніцы палавіна зіміцы».

18. пт. Агата. Каровіна свята .

21. п. Пятро. «Калі на Пятра цёпла, зіма працягнецца да Вялікадня ».*Рабы тыдзень, Вясельніца, Развітальны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай.

23. с. Прохар. «Ласі скідаюць рогі», «Прыйшоў Прохар ды Улас - скора вясна ў нас». *Лысая серада. Праталіны-залысіны.

24. ч. Улассе. Свята жывёлы. Мацей. «На Мацея дарога пацее», «На Мацея адліга - будзе мароз». *Блакітны чацвер. Тумановы дзень.

25. пт.*Масляныя Дзяды, Дзедава пятніца.

26. сб. Фаціння. Заступніца ад хвароб. *Дзедава субота (Бабы). «Дзяды не зналі бяды, а ўнукі зазналі мукі».

27. н. * Масленіца. Гуканне вясны. Пачатак Сырапуснага тыдня. «Сей пшаніцу ва ўсю руку, калі Масленіца ў маладзіку ».


Сакавік

2. с.Фёдар Ціран. Заступнік ад зладзеяў.

3. ч.*Валосы (Крывы чацвер). Свята жывёлы. «На Волосого бліны пыклы ці оладкы, коб булы вылы кладкы».

4. пт. Казімір. «Святы Казімір дровы сякець».

7. п. * Паласказуб. Першы дзень Вялік. посту. Паласкалі зубы гарэлкаю.

9. с. Янка, Паўраценне. Мядзведзь павароч-ваецца ў бярлозе на другі бок. Наглядалі за зімоўкай пчол. *Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, гулялі ў карчме і пераскоквалі цераз пень. * Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў католікаў).

10. ч. Сорак пакутнікаў.Пліска (Прыска). «На святога Прыску праб'е лёд і пліска».

12. сб. Рыгор. «На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора». *Зборава субота. Абрад "споведзі дзежкі".

13. н. Васіль Капальнік. Са стрэх капае. * Зборніца (Ізбор). Пачатак збору ў поле. «А святы Ізбор - бяжыць вада з гор».

14. п. Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны. «На Аўдокі голы бокі». (1.03 Новы год у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль).

15. а. Хвядот. «На Хвядота занос - усё сена знясе».

17. ч. Герасім Гракоўнік. «Герасім гракоў прыгнаў».

18. пт. Марка. На Марка грак вяртаецца з выраю. Вясенняе раўнадзенства. Даўжыня дня - 12.00, усход - 6.18, захад - 18.18. Поўня.

19. сб. Язэп. «Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту». «На Язэпа пагода - год ураджайны».

22. а. Саракі. Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. «Святыя Саракі ў поле саху валаклі».

25. пт. Рыгор. «На Рыгора зіма ідзе ў мора». Феафан. Калі дзень пачынаецца з туману, то варта чакаць добрага ўраджаю льну і канопляў. Дабравешчанне (Звеставанне). Выкарыстоў-ваўся як Новы год у краінах Еўропы. «І птушка гнязда не кладзе». Прылёт бусла. Гуканне вясны.

28.п. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі "храсты". Абрад "жаніцьбы коміна".

30. с. Аляксей Цёплы. «На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою». Дзень рыбалова. * Серадапосце. Выпякалі "храстцы".


Красавік

1. пт. Дар'я Вясенняя. Адбельвалі палотны.

4. п. Васіль Сонечнік. «Васіль Сонечнік ледзяшы са стрэх здымае ».

5. а. Арына (Ірына). «На Арыну сей капусту ў рассадніках».

6. с. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Дабра-веснік. Пярэдадзень свята.

7. ч. Дабравешчанне. «Дабравешчанне без ластавак - халоднае лета». Абрад «стралы».

8. пт. Благуста. «На Благусту сій капусту ».

9. сб. Матрона. «На Матрону шчупак хвастом лёд прабівае».

11. пн. Пачатак * Пахвальнага тыдня. «Дзікая качка яйцом пахваліцца».

14. ч. Прабуджэнне хатніка. Мар'я. На Мар'ю - разводдзі.

15. пт. Палікарп. Пачатак бясхлебіцы. *Пахва-льная пятніца. Мыццё хлебных дзежак.

16. сб. Мікіта. «Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбакам». *Пахвальная субота. Не грымелі кроснамі, каб не грымеў гром.

17. н. * Пальмавая Нядзеля. «Вярба б'е, не я б'ю». *Вербніца.

18. п. *Чысты (блакітны) панядзелак. Пачатак * Белага (Вялікага, Страснага) тыдня.

19. а. * Чысты аўторак. «У Чысты панядзелак і аўторак не можна ў хаце трымаць чаго-небудзь нечыстаго, бо на людзей і на говядо нападуць паршы».

20. с. * Дравяная жарсць. Мылі ўсё драўлянае.

21. ч. Руф. Руф рушыць снягі. *Вялікі чацвер. * Чысты чацвер. У лазню. Абрад "мыцця дзежкі".

22. пт. *Чырвоная (Велікодная) пятніца. Сеялі гарох.

23. сб. Юры (Ежы). Войцах. «Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху». *Вялікая (Чырво-ная) субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту.

24. н. Анціп - ахоўнік зубоў. * ВЯЛІКДЗЕНЬ (у католікаў і праваслаўных). «Хрыстос уваскрос!» - «Сапраўды ўваскрос!». (Быў Новым годам/летам найбольш у ХІV ст.).

25. п. Марк. «Дождж на Марка, дык зямля як скварка». *Другі дзень Вялікадня. Хадзілі валачобнікі. «Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні дзень пагуляюць, а апошні дзень выпраўляюць».

27. с. *Градавая серада. Праводны, Мёртвы, тыдзень.

28. ч. Пуд. Калі Руф рушыць снягі, то Пуд пужае. *Вялікадне мёртвых (Наўскі чацвер). Наведвалі могілкі.

29. пт. Арына. «На Арыну сей капусту». 30. сб. Зосім - ахоўнік пчол. Андрыянава ноч. Варажылі на каноплях: «Святы Андрэю, канапелькі сею».


Травень

1. н. Кузьма. «Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком». *Праводная нядзеля. "Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла".

2. п. *Радунічныя Дзяды.

3. а. * Радаўніца. «На Радаўніцу да абеду пашуць, па абеду плачуць, а к вечару скачуць».

5. ч. Ляльнік. Свята Лялі - дачкі Лады.

6. пт. Юр'е. Свята жывёлы. «Як дождж на Юр'я - хлеб будзе і ў дурня». Абрад «страла».

7. сб. Алісей. «Прыйшоў Алісей - авёс пасей». Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанні па зямлі дзеля ўрадлівасці.

8. н. Марк. Станіслаў. «Сей лён на Станіслава - вырасце як лава».

10. а. Ярылавіца. Свята Ярылы.

11. с. Пранціш. Які дзень, такое і лета.

13. пт. Якуб. «На Якуба грэе люба».

14. сб. Макарэй. Абрады ля вады.

15. н. Барыс. Апякун поля і жывёлы.

16. п. Пачатак * Пераплаўнага, Чарвівага, тыдня. Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві.

18. с.*Пераплаўная, Градабойная, серада.

19. ч. Антоній. «На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца дык і прадасца».

21. пт. Іван Веснавы. Апякун земляроба. «На Івана каласок, а на Пятра піражок».

22. сб. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алёна. «Сей лён на Алену - вырасце па калена».

24. а. Макей. «Мокра на Макея - і лета не прасушыць...» Кірыла і Мяфод.

27. пт. Сідары. «Прыйшлі Сідары - прыйшлі і сіверы». *Градабойцы (Ледавіты дзень).

28. сб. Пахом. «Святы Пахом павее цяплом». «Сей агуркі на Пахом - будзеш насіць мяхом».

29. н. Магдалена. «Магдалена зязюльку прысылае».

31. а. Шэсць дзеў. «Лён сей позні на Шэсць дзеў». Канапелька Матруна. «Канапелька Матруна ў зямлю махнула». Фядот.


Чэрвень

2. ч. *Ушэсце. Дзень агляду жыта. Абрад «страла». * Ушэсце. Унебаўшэсце пана Езуса.

3. пт. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.

4. сб. Васіліск. «Ад Васіліска і салавей блізка».

5. н. Дзень Ефрасінні Полацкай.

7. а. Ян. «Рой перад Янам - пчаляр будзе панам».

11.сб. * Сёмушныя Дзяды, Духавая, Зялёная субота.

12. н. *Сёмуха (Тройца, Зялёныя святкі). Культ продкаў і расліннасці. «Павядзём Куста пад гай зялёненькі...». * Сёмуха, Тройца. Свята зеляніны.

13. п. Ерамей. Антоній. «Антоні, аддай коні». * Русальніца. Праводзіны вясны. «На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі...».

14. а. Юстын і Харытон. «Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон - лён». *Конскі Вялік-дзень. Свята коней.

15. с. *Градабой (Серада Русаль). Засцера-галіся ад граду. Здабывалі агонь з ясеня.

16. ч. *Наўская Тройца. Памінанне. * Абліваха. Абліваліся вадою, каб пайшоў дождж.

19. н. * Русальчыны розыгры. Засцерагаліся русалак.

20. п. * Пятроўка Галадоўка (да 11 ліп .). "Стары хлеб паелі, а новага не нажалі".

21. а. Тодар. «На Тодара раса - канапель паласа». Дзень (20-23) астранамічнага сонцаста-яння. Даўжыня дня - 17.08 гадз., усход - 4.37, захад - 21.45. Апошняя квадра.

22. с. Кірыла. На Кірылу з усяе моцы Зямля імкнецца да Сонца.

23. ч. Купала. У старажытнасці - Новы год/лета, прыпадала да дня сонцастаяння. * Божае цела. * Дзевятнік. Перавод уніятаў у права-слаўе.

24. пт. Ян Купальны. «Сонца грае». * Дзевятуха. Свята ад навальніцы.

25. сб. Анапрэй. «Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ».

26. н. Акуліна Грачышніца (Задзярыхвост).

28. а. Амос. «Прыйшоў Амос - цягне ўгору авёс»

29. с. Пятрок. «Да Пятра зязюльцы кукаваці». «Прыйшоў Пятрок - апаў лісток, прыйдзе Ілья - ападуць і два».

30. ч. Данат. «Святы Данат коскi точыць, сянцо косiць». * Дзесятнік. "Дзесятнік гнаі возіць".


Ліпень

1. пт. * Дзесятка. Косы точыць. Жыта паспявае.

5. пн. За тыдзень да Пятра садзілі рэпу на Смаленшчыне.

6. а. Купалле. Свята Сонца і кахання.

7. ср. Іван Купала. «Учора была Купала, а сёння Іван».

10. н. Самсон Сенагной. Сем братоў. «На Самсона дождж - сем тыдняў то ж». «Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды».

11. п. Канец Пятроўкі.

12. а. Пятро. Свята заканчэння Купалля. «Да Пятра дзеўка хітра, а па Пятры - хоць твар ёй падатры».

3. с. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон.

14. ч. Кузьма і Дзям'ян. Свята кавалёў. «Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям'ян сена грабе».

17. н. Андрэй. «Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма». «Андрэй усіх мудрэй».

18. п. Свята Месяца. «Месяц гуляе».

21. ч. Казанская. «Будзеш вазіць сена на Казанскую, то гумно да другое Казанскае не дастаіць ». Градавы дзень. Засцерагаў ад нябесных стыхій, ад хвароб вачэй і галавы. Пракоп. «Пракоп бок прыпёк».

25. п. Якуб. «На Якуба хлеба поўна губа», «Які Якуб да паўдня, такая да снежня зіма» .

26. а. Гаўрылей. Засцерагаліся, каб град не пабіў каноплі. Ганна. «Свята Ганна снапы кладзе», «Калі на Ганну раніца халодная, то і зіма будзе ранняя і халодная».

29. пт. Афінаген. Заціхаюць птушкі. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень "зазубрывання" сярпоў, падрыхтоўкі да жніва. «Шыпілінка ў кузню ідзець сярпы зубіць».


Жнівень

1. п. Макрыны. «Глядзі восень па Макрыні», «Калі ў дзень Макрыны дождж, то ўсё лета і восень будзе мокра, а калі суха, то восень сухая».

2. а. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. «Ілля нарабіў гнілля», «Укінуў у воду кусок ільду», «Да Іллі ўсё і пад кустом сохніць, после Іллі - і на кусце не сушыць».

4. ч. Мар'я (Магдалена). «Магдалена - вады па калена».

6. сб. Барыс і Глеб (Барыс Палікоп). «На Глеба і Барыса хлеба напарыся і за раллю бярыся», «Святы Барыс снапы зносіць, святыя Ганны дамоў возяць».

7. н. Ганны. «Святыя Ганны бабкі стаўляюць». Макар. «Макар нал'е ў рукаў».

9. а. Палікоп. Дзень жніва. Панцеляймон. Лекар ад хвароб галавы. «З Панцялея капуста пачынае ў качан завівацца», «Хто з Панцялея працуе, таму не пашанцуе».

11. ч. Лаўрын. «На Лаўрына спяшай да млына».

12. пт. Сіла. «Хто на Сілу жыта пасее, у таго на хлеб надзея ».

13. сб. Спасаўскія запускі. Пярэдадзень Спасаўскага посту.

14. н. Макавей, Першы Спас, Мядовы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 28 жніўня.

15. п. Базыль. «Базыль авечкам воўну дае». Прачыстая, Зельная. «Прыйшла Прачыста - стала поле чыста».

16. а. Антоны Віхравеі. Рох. «Кірмаш на паненак».

17. с. Аўдоцця Сенагнойка.

19. пт. Яблычны Спас. Свята садавіны.

23. а. Лаўрэн - свята млынара.

24. с. Баўтрамей. «Святы Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей». «Прыйшоў Баўтрамей - жыта на зіму сей».

27. сб. Міхей. «Лёгкі вецер у гэты дзень - будзе пагодлівая восень, моцны - дажджлівая і халодная».

28. н. Прачыстая. Свята ўраджаю.

29. п. Трэці Спас. Свята хлеба. «Па Трэцім Спасе трымай рукавіцы ў запасе». Ян Сценцель. «Ян па лета прыйшоў і ўжо восень знайшоў», «А Ян Сценцель руней сцеліць» .

30. а. Міроны Ветрагоны.

31. с. Флор і Лаўр (Храл і Ягор'е). Свята коней. «На Храла і Ягор'я ня ткуць і ня пашуць».


Верасень

5. п. Лупа. «Сей на Лупа - будзе жыта купа».

7. с. Баўтрамей. «Жыта на зіму сей».

8. ч. Другая Прачыстая. «Меншая Прачыста - канчай сеяць начыста».

10. сб. Мацей. Абаронца ад п'янства.

11. н. Калінавік (Іван Крываўнік).

13. а. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.

14. с. Сымон. (1 вер. Новы год/лета ў ВКЛ з канца ХV cт.). Абрад «жаніцьбы коміна». Узвіжанне. Закрыванне зямлі. Бабіна лета (і ў іншыя дні) .

19. п. Цуды (Міхал). «Міхал з поля спіхаў».

21. с. Багач (Нараджэнне Божае Маці). Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.

24. сб. Тадора. «На Тадору ўсякае лета закан-чваецца».

25. н.Раўнадзенства. Дзень астранамічнай восені (25-26.09). Усход - 6.59, захад - 19.02. Маладзік.

26. п. Стаўроўскія Дзяды.

27. а. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі збіраюцца ў кучу.

29. ч. Міхал. «Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі». Сіцыян. «Святы Сацыян ды ляны пасцілаў»


Кастрычнік

2. н. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца - мароз на Пакровы ўдарыць.

3. п. Астап (Астаф'я). Прыкметы па ветру.

4. а. Пранцішак (Францішак). «На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка».

8. сб. Сяргей. Жалезны тыдзень.

9. н. Іван Шаптун (Іван Кураед, Багаслоў). Шапталіся свахі пра нявест.

14. пт. Пакровы (Трэцяя Прачыстая). Вясельная пара. «Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку - вяночкам». «Пакровы - зарыкалі каровы».

21. пт. Трыфан, Палагея. «Трыфан кажух латае, Палагея рукавічкі вяжа». Зміцер. «Зміцер зямлю выцер, на груды пабіў, каб ніхто не хадзіў».

25. сб. Марцін - свята млынароў. Млынары частаваліся на каменным крузе гусяцінай.

28. пт. Сымон і Юда. «Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць».

29. сб. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй. Параскева Пятніцкая.

30. н. Паклоны. Адбівалі паклоны пакутніку Андрэю Крыцкаму.

31. п. Лука. «Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі». Дзень іканапісцаў. Юльян - ахоўнік дзяцей.


Лістапад

1. а. Усе святыя. Памінальны дзень у католікаў.

2. с. Задушны дзень. Дзяды. Памінальны дзень.

4. пт. Казанская. «Хто на Казанскую жаніха-ецца, той не пакаецца».

5. сб. Змітраўскія Дзяды. Асяніны. «Святыя Дзяды, завём вас...».

8. а. Зміцер. «Да Змітра дзеўка хітра». Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.

9. с. Тодар. «На Тадора поўна камора».

10. ч. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.

11. пт. Настуся. Настуся стрыжэ авечкі. Марцін. Свята млынароў. Мядзведзь кладзецца ў бярлогу.

12. сб. Артошка. Пачатак прадзення.

14. п. Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.

21. п. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.

22. а. Матрона. «З Матроны становіцца зіма».

24. ч. Хвёдар Студзянец. «Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць».

25. пт. Іван Міласцівы. Дзень падарункаў. Кацярыны. «Кацярына забрала лета».

27. н. Юстыніян. Піліп - пярэдадзень Піліпаўскага посту (да 7 студзеня). Адвент.

28. п. Піліпаўка - перадкалядны пост.

29. а. Мацей. «На Мацея зіма пацее».

30. с. Андрэй. Дзявочае свята.


Снежань

4. н. Увядзенне. Водзяцца ваўкі. Барбара. «Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла».

5. п. Пракоп. «Прыйдзе Пракоп хмуры - раскапае гуры». Савы. «Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае».

6. а. Матрыхваны.Не пралі. Мікола.

7. с. Кацярыны. «Забрала край лета».

9. пт. Юр'е Зімовы. Юра мосціць. Ганны. «Ад Ганнаў да Каляд два тыдні і два дні».

13. а. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.

14. с. Навум. «Навум наставіць на вум». Пачыналі вучыцца.

17. сб. Варвары. «Мікола і Варвара ноч урвалі».

18. н. Савы, Міколін бацька. «Сава мосце, а Мікола гвоздзе».

19. п. Мікола Зімовы. «Без Міколы небывае ні зіма, ні лета». «Мікола марозам гвоздзіць».

21. с.Зімовае сонцастаянне (19 - 23.12). Даўжыня дня 7.24, усход 8.25, захад 15.49.

22. ч. Ганны. «Ганкі - сядайце на санкі».

24. сб. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 ст.)

25. н. Спірыдон Сонцаварот. Божае Нара-джэнне.

26. п. Сцяпан. «Кожны сабе пан».

31. сб. Марк. «Марка ды Варка - няхай будзе парка». Шчадрэц. Шчодрая куцця. Сільвестр.

Складальнік Алесь Лозка.


У Менску з'явіўся помнік Валенцію Ваньковічу

Напрыканцы 2010 года ля Дома Ваньковічаў у Менску адбылося адкрыццё скульптурнай кампазіцыі "Раніца мастака", прысвечанай беларускаму мастаку ХІХ стагоддзя Валенцію-Вільгельму Ваньковічу. Аўтары статуі Ваньковіча - архітэктар Юры Казакоў і скульптар Уладзімір Слабодчыкаў - выношвалі ідэю яе стварэння каля 20 гадоў!

- Мастак і грамадскі дзеяч Валенці Ваньковіч любіў Беларусь і марыў пра яе, знаходзячыся далёка за яе межамі. - перакананы міністр культуры Павел Латушка, - Беларусы па праве могуць ганарыцца тым, што творчая спадчына гэтага мастака, які нарадзіўся 210 гадоў таму, належыць еўрапейскаму і сусветнаму мастацтву.

Партрэт Адама Міцкевіча аўтарства Валенція Ваньковіча сёння з'яўляецца, бадай, хрэстаматыйнай выявай знакамітага пісьменніка. Беларусы, на жаль, не маюць ніводнай карціны Ваньковіча. Хай будзе хаця б помнік. Для пачатку. Зрэшты, кампазіцыя "Раніца мастака" - не адзінае сведчанне дачынення Валенція Ваньковіча да сталіцы Беларусі. Скульптар Уладзімір Слабодчы-каў, загадчык кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, не ўпершыню прысвячае сваю працу выбітнаму беларускаму мастаку Ваньковічу. Раней Слабодчыкаў стварыў мемары-яльную дошку мастаку, што ўсталявана на вуліцы Ваньковіча ў Менску, і скульптурны партрэт у бронзе.

- Валенці Ваньковіч - заснавальнік беларускага акадэмічнага жывапісу, - распавядае Уладзімір Слабодчыкаў. - Ён, бадай што, першы беларускі мастак, які атрымаў вышэйшую мастацкую адукацыю.

"Раніца мастака" ўвасобленая ў матэрыяле на сродкі Міністэрства культуры і генеральнага спонсара Нацыянальнага мастацкага музея РБ ЗП "Brіtіsh-Amerіcan Tobacco Tradіng Company".

Наш кар.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Шкірманкоў Фелікс -25000 р., г. Слуцк

2. Палсцюк Валер. - 40000 р., г. Менск

3. Родлік Таццяна - 10000 р., г. Менск

4. Безмацерных Н.П. - 20000 р., г. Менск

5. Гарэцкі Радзім - 50000 р., г. Менск

6. Бураўкін Генадзь - 50000 р., г. Менск

7. Станішэўскі Віталь - 8000 р., г. Менск

8. Галаса Міхась - 8000 р., г. Менск

9. Раманчык Надзея - 20000 р., в. Падбор'е,

Наваградскі р-н

10. Русць Максім - 3000 р., г. Менск

11. Стома Ларыса - 5000 р., г. Менск

12. Лукашук Н.П. - 50000 р., г. Бярэсце

13. Бародзіч Сямён - 50000 р. п. Дарапанава,

Віцеб. вобл.

14. Даўгашэй Г.А. - 20000 р., г. Ашмяны

15. Лягушоў Алег - 20000 р., п. Ясень,

Асіповіцкі р-н.

16. Краўцоў В. - 50000 р., г. Гомель

17. Птушко Сяргей - 10000 р., в. Хільчыцы,

Жыткавіцкі р-н.

18. Дычок Сяргей - 20000 р., г. Бярозаўка,

Лідскі р-н.

19. Чайкоўскі Павел - 15000 р., г. Менск

20. Цынгалёў Васіль - 10000 р., г. Жлобін

21. Ждановіч Міхась - 10000 р., г. Менск

22. Кукавенка Іван - 10000 р., г. Менск

23. Фурс А. П. - 2000 р., г. Менск

24. Невядомы - 100000 р., г. Менск

25. Лаўчэня С.Н. - 50000 р., г. Менск

26. Грышкевіч Георг - 36000 р., г. Бярэсце

27. Павідайка В. н. - 20000 р., г. Менск

28. Машчынскі Аркадзь - 20000 р., г. Гомель

29. Макарэвіч Алякс. - 96000 р., г. Бярэсце

30. Надзея Барт-Юрэвіч - 50Еўра, Германія

31. Кулік Сяргей - 30000 р., г. Гародня

32. Раманік Т,М. - 50000 р., г. Менск

33. Гвара Віктар - 3000 р., г. Лельчыца

34. Рымар Роза - 10000 р., г. Гародня

35. Некраш Л. - 10000 р., г. Гародня

36. Зянкевіч Барыс - 8000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX