Вярнуцца: 2011

№ 05 (1000)


Крыніца: pawet.net.



№ 5 (1000) 2 ЛЮТАГА 2011 г.


"Наша слова" № 1000


XI з'езд ТБМ адбудзецца 23 кастрычніка 2011 года ў Менску

1. Абмеркаванне і прыняцце Плана работы ТБМ на 2011 год.

2. Прызначэнне даты З'езда, вызначэнне квоты дэлегатаў на З'езд ад арганізацыйных структураў ТБМ.

3. Абмеркаванне канцэпцыі Закона "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы".

4. Рознае.

4.1. Аб святкаванні выхаду 1000-га нумара газеты "Наша слова".

4.2. Аб правядзенні IV Агульнанацыянальнай дыктоўкі.

4.3. Аб святкаванні Дня роднай мовы 21 лютага 2011 г.


Рада зацвердзіла План работы ГА ТБМ імя Ф. Скарыны на 2011 год.

Рада прызначыла дату чарговага XI з'езда ТБМ.

Рада стварыла рабочую групу па дапрацоўцы канцэпцыі Закона "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы". У склад групы ўвайшло 7 чалавек. Групу ўзначаліў Лявон Баршчэўскі.

З ініцыятывы Адама Мальдзіса была абмеркавана сітуацыя з выданнем 25-томавага збору твораў Ўладзіміра Караткевіча.


Пастанова Рады ТБМ імя Ф. Скарыны

"Аб даце склікання чарговага XI з'езда ТБМ і аб працэдуры вылучэння дэлегатаў на з 'езд "

Рада ТБМ пастанаўляе:

1. Склікаць чарговы XI з'езд ТБМ у г. Менску 23 кастрычніка 2011 года.

2. Дэлегатаў на з'езд вылучаюць рэгіянальныя арганізацыі, якія стаяць на ўліку ў мясцовых органах улады па наступных квотах:

- Менская гарадская арганізацыя - 30 чалавек;

- абласныя арганізацыі - 5 чалавек ад кожнай;

- гарадскія і раённыя арганізацыі: да 50 чалавек - 1 дэлегат, ад 51 да 100 чалавек - 2 дэлегаты, ад 101 чалавека і болей - 3 дэлегаты.

3. Суполкі і арганізацыі. якія не стаяць на ўліку ў мясцовых органах улады могуць вылучаць па аднаму паўнамоцнаму прадстаўніку з правам дарадчага голасу.

4. Па-за квотай рэгіянальнымі структурамі вылучаюцца на з'езд у якасці дэлегатаў сябры Рады ТБМ і Рэвізійнай камісіі.

5. Вылучэнне дэлегатаў на з'езд правесці за перыяд часу з 7 лютага па 20 верасня 2011 года.

6. Дакументы аб вылучэнні дэлегатаў даслаць ў сакратарыят ТБМ не пазней за 1 кастрычніка 2011 года.


90 гадоў з дня нараджэння Івана Шамякіна

Іван ШАМЯКІН нарадзіўся у вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў (1940). У 1940-1945 гадах служыў у Савецкай Арміі - удзельнічаў у баях пад Мурманскам, у вызваленні Польшчы, у баях на рацэ Одра. У 1945-1948 гадах настаўнічаў у вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёна. З 1946 года вучыўся на завочным аддзяленні Гомель-скага педінстытута. Працаваў старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, галоўным рэдактарам альманаха «Советская Отчизна». З 1954 года - намеснік старшыні, з 1966 года - сакратар, з 1968 года - другі сакратар, з 1971 года - першы намеснік старшыні, у 1976-1980 гадах - першы сакратар праўлення Саюзу пісьменнікаў БССР. З 1980 года - галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». Дэпу-тат Вярхоўнага Савета БССР (1963-1985) і СССР (1980-1989). Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1971-1985). З 1987 года старшыня Беларускага камітэта абароны міру.

У 1963 годзе як чалец дэлегацыі ўдзельнічаў у працы 28-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Потым пісаў ва ўспамінах пра сваю работу ў ААН: «Пры галасаванні нярэдка трэба было бегчы праз усю залу, пад уедлівыя ўсмешкі дэлегатаў іншых краін, да савецкай дэлегацыі - як галасаваць? За, супраць, устрымацца? Далёкаму ад дыпламатыі няпроста было разабрацца. А ўявіце, што на другі дзень газеты распісалі, што беларуская дэлегацыя прагаласавала супраць саюзнай. Што было б!»

Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1947 года. Народны пісьменнік Беларусі (1972), акадэмік АН Беларусі (1994).

Герой Сацыялістычнай Працы (1981). Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэ-намі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны ІІ ступені, «Знак Пашаны», медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.

Іван Шамякін - ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1951) за раман «Глыбокая плынь», Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1957) за раман «Крыніцы», Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1967) за раман «Сэрца на далоні» і пенталогію «Трывожнае шчасце», Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР (1978) за кнігу «Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч», Дзяр-жаўнай прэміі БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання (1982) за кінафільм «Вазьму твой боль».

Шамякін пачаў пісаць мастацкія творы на роднай мове яшчэ да вайны. Будучы на фронце, друкаваў замалёўкі і вершы ў армейскай газеце на расейскай мове. У 1945 годзе апублікаваў сваю першую аповесць «Помста» (часопіс «Полымя»).

Памёр у 2004 годзе. Пахаваны на Ўсходніх могілках у Менску.


З юбілеем Марыя Антонаўна!

ЯКАЛЦЭВІЧ Марыя Антонаўна , дацэнт кафедры беларускай мовы Гарадзенскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя Янкi Купалы. Нарадзiлася 30.01.1961 г. у в. Дуляўшчына Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласцi. У 1976 г. закончыла Струбнiцкую васьмiгадовую школу, а ў 1975 г. - Пескаўскую СШ i паступiла на фiлалагiчны факультэт (аддзяленне беларускай i рускай мовы i лiтаратуры) Гарадзенскага дзяржунiверсiтэта. У 1983 г. пасля заканчэння вучобы па размеркаванні засталася пра-цаваць асiстэнтам у гэтай жа ВНУ на кафедры беларускай мовы. У 1984 г. паступiла ў аспiрантуру пры гэтай жа кафедры. Тэма кандыдацкай дысертацыi "Стылiстычнае функцыянаванне прыказак у беларускiх мастацкiх тэкстах" (абаронена ў Iнстытуце мовазнаўства НАН Беларусi ў 1990 г.). З 1988 г. - у ГрДУ iмя Янкi Купалы: асiстэнт, старшы выкладчык (1993 г.), дацэнт (1995 г.). Асноўная тэматыка навуко-вых публiкацый - парэмiялогiя, мова мастацкiх твораў. Мае звыш 50 публiкацый. Сярод iх тры вучэбна-метадычныя дапаможнiкi i "Слоўнiк беларускiх прыказак" (у сааўтарстве з Лепешавым I.Я.).


"Наша слова" № 1000

Вы пачалі чытаць 1000-ны нумар газеты "Наша слова". "Наша слова" - цэнтральны орган ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны", першы з тыднёвікаў, заснаваных у найноўшы час беларускай гісторыі, выходзіць на гэтую сур'ёзную лічбу 1000 .

27 чэрвеня 1989 г. у Менску адбыўся Першы устаноўчы з'езд Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і ўжо ў сакавіку 1990 г. пачаў выходзіць штомесячны бюлетэнь "Наша слова". Старшынём ТБМ і рэдакцыйнай калегіі бюлетэня стаў адзін з самых няўрымслівых змагароў за беларускую мову народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч - галоўны ініцыятар і арганізатар іх стварэння. Цягам таго года "Наша слова" рыхтавалася на грамадскіх асновах, і асноўны цяжар гэтай працы ўзяў на сябе Генадзь Тумаш .

Ужо са студзеня 1991 г. бюлетэнь ператварыўся ў васьміпалосную ўсебеларускую штотыднёвую газету, галоўным рэдактарам якой стаў вядомы пісьменнік Эрнест Ялугін.

Выхад газеты "Наша слова" быў сустрэты большасцю беларускай грамадскасці з вялікай прыхільнасцю і нават энтузіязмам. Газета адыграла значную ролю ў справе прыняцця Вярхоўным Саветам БССР Закона аб мовах, у адпаведнасці з якім беларуская мова абвешчана дзяржаўнай; Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР і надання ёй статусу канстытуцыйнага закона; змене назвы БССР на Рэспубліку Беларусь, прыняцця Дзяржаўнага герба і сцяга.

Газета "Наша слова" змяшчала цікавыя і важныя артыкулы па культуры мовы, публіцыстычныя, гістарычныя, мовазнаўчыя і іншыя матэрыялы, якія моцна ўплывалі на справу беларускага адраджэння. Роля і аўтарытэт "Нашага слова" значна ўзраслі, і наклад газеты дасягнуў больш за 8000 асобнікаў

Пасля рэферэндуму 1995 г., калі дзяржаўнай мовай была аб'яўлена не толькі беларуская мова, але і руская, моўная сітуацыя ў краіне вельмі змянілася. Беларуская мова пачала актыўна выдаляцца з усіх сфер грамадскага жыцця. У красавіку 1997 г. урад адмовіў у дзяржаўным фінансаванні газеты. Дзякуючы рашучай пазіцыі Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, выхад газеты "Наша слова" на прыватныя сродкі быў адноўлены ўжо ў лістападзе 1997 г. у Лідзе, дзе яна і выдаецца да гэтага часу. Ад 1997 года і да сёння газету ўзначальвае паэт і публіцыст Станіслаў Суднік.

ТБМ і газета "Наша слова" актыўна працуюць на ніве беларушчыны. І калі ў першыя біяграфічныя гады газе-та жыла верай у моўнае паразуменне, то сёння, цяпер патрэбна мужная настойлівасць: мы ёсць! Мы будзем!

"Наша слова" заўсёды адлюстроўвае працу свядомых патрыётаў на карысць беларушчыны і асабліва беларускай мовы. Газета мае асветніцкае і інструктыўнае значэнне для арганізацый ТБМ. Для сяброў ТБМ яна неабходная, каб быць у курсе падзей і дзейнічаць узгоднена, у адным кірунку. Яна звязвае нас духоўна: друкуе думкі, светапогляды, якія яднаюць сяброў і прыхільнікаў ТБМ.

Рада ТБМ.


Для правядзення IV Агульнанацыянальнай дыктоўкі ТБМ прапанавала творы М. Багдановіча

Для правядзення IV Агульнанацыянальнай дыктоўкі, прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча, Рада грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" прапанавала грамадскасці творы класіка. Гэтая прапанова была зацверджана 30 студзеня ў Менску на паседжанні рады ТБМ.

Сярод прапанаваных твораў - тэксты вядомага верша паэта "Я хацеў б спаткацца з Вамі на вуліцы…" (1915) і адаптаванага эсэ Багдановіча "Хто мы такія?" (1915).

Рада падтрымала прапанову старшыні ТБМ аб правядзенні першага этапу дыктоўкі 21 лютага - у Міжнародны дзень роднай мовы, другога - 15 сакавіка ў дзень прыняцця першай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і трэцяга - 25 сакавіка ў дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. На днях А. Трусаў збіраецца сустрэцца з прадстаўнікамі Ўраду для абмеркавання сумеснай працы па правядзенні дыктоўкі і Дня роднай мовы, у тым ліку для рашэння пытання аб вылучэнні памяшканняў у бібліятэках, дамах і палацах культуры.

А. Трусаў прапанаваў актывістам аб'яднання пачаць падрыхтоўку да напісання дыктоўкі і правядзення дня роднай мовы, падаваць у мясцовыя органы ўлады заяўкі на вылучэнне памяшканняў і прапаноўваць службоўцам разам адсвяткаваць дзень роднай мовы, тым больш што, па іх словах, дзяржаўныя структуры таксама адзначаюць гэтае міжнароднае свята.

Марат Гаравы, БелаПАН.


Тэкст, які Рада ТБМ прапануе для правядзення IV Агульнанацыянальнай дыктоўкі,

прысвечанай юбілею Максіма Багдановіча


Хто мы такія?

Беларусы! Мы - вялікі народ, нас дванаццаць мільёнаў, шырока раскінуліся мы і спрадвеку жывём тут. Гэта наш край, наша старонка. Калісьці ў нас была свая дзяржава, скрозь чутно было нашу беларускую гаворку. У ёй пісалі законы, разбіралі справы па судах, вучылі ў школах, друкавалі кнігі, спраўлялі набажэнствы ў царкве ды касцёле. І ўсе размаўлялі па-нашаму: і чыноўнікі, і папы, і паны над панамі, і вялікія князі, што правілі краінай.

Жывём мы паміж народаў моцных, і маем шмат крыўды ад іх. Агляніцеся: усё наша роднае, беларускае, марнуецца, нішчыцца, знікае, бо яго забіваюць, яго прыглушаюць, ім пагарджаюць, а чужое пануе, мае сабе пашану і павагу. I - хто ведае? - быць можа, пройдзе колькі часу, і не пазнаем мы ані нашага краю, ані нашых дзяцей. I будзе скрозь усё чужое, нязвычнае, а свайго роднага - нічога.

Дык няхай жа не станецца так! Не пакінем свае гаворкі, сваіх песняў, сваіх звычаяў - свайго кроўнага, спрадвечнага, беларускага. Не адрачомся, не забудзем, не кінем на глум; будзем шанаваць, бараніць, дзецям сваім пра тое распавядаць.

Чытайма, браткі, кніжкі і газеты, пісаныя ў нашай беларускай гаворцы. Тады прыйдзе канец нашай цемнаце, праясняцца нашыя вочы, і кожны крок, што мы ступім па зямлі, будзе крокам да блізкага шчасця, да светлага жыцця.

Паводле Максіма Багдановіча(1915)


Я хацеў бы спаткацца з Вамі

на вуліцы...

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
І сказаць:
"Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць наша сонца,
І нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя -

папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?"


Максім Багдановіч

(1915)


Мовазнаўчы досвед

С кладанка , чытанка , выцінанка . "Ідэя выдаць складанку народных дзіцячых песень нарадзілася падчас размовы бацькоў, якія з розных раёнаў Менска прывозілі сваіх дзяцей у беларускамоўную групу дзіцячага садка №314…" (Наша слова. 2010. 29 верасня, с. 2).

Слова складанка не фіксуецца слоўнікамі. Утварэнне з суфіксам -анк-а ад складаць. Вытворныя з гэтым фармантам маюць значэнне аб'екта або выніку дзеяння, названага ўтваральным словам. Слоўнікамі засведчаныя два апошнія словы загалоўнага шэрагу. "Чытанка - кніжка, падручнік з тэкстамі для практыкавання ў чытанні, набыцця навыкаў чытання; хрэстаматыя". (Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 5. Кн. 2, с. 335). "Выцінанка - ажурны малюнак, узор, выразаны з паперы / папяровыя фіранкі з выразнымі ўзорамі". (ТСБМ, т. 1, с. 591).

У "Беларуска-расійскім слоўніку" М. Байкова і С. Некрашэвіча (Менск, 1926, с. 346) засведчана: "Чытанка, ж. - хрестоматия (ср. выпісы)". Гэта значыць 'кніжка з выпісамі' (для чытання).

Слова складанка і мае значэнне 'складзены збор (кніжка)', 'хрэстаматыя' (дзіцячых песняў).

Удалы наватвор, здатны запоўніць прагалы акадэмічных слоўнікаў. Дарэчы, новы "Тлумачальны слоўнік" (1966 г. і яго перавыданні XXI стагоддзя) мала дадаюць новага ў скарбонку спрадвечных беларускіх лексемаў, нярэдка ігнаруючы ўжо засведчаным іх папярэднікамі. Так, 5-тамовы Тлумачальны слоўнік падае слова выцінанка (выцінанкі), а яго аднакнігавае перавыданне не змяшчае гэтага слова.

Прыйсце, прышэсце . "Як светлае прыйсце , што вітаецца з радасцю і захапленнем, уяўляецца паэту вобраз Міцкевіча: Адам Міцкевіч крочыць, узыходзіць на скалу". (Ала Петрушкевіч. Літа-ратурная Гарадзеншчына ў постацях і лёсах. - Гродна, 2010. С. 15). "Тлумачальны слоўнік беларускай літаратур-най мовы" (1996 і 2005) не падае гэтага слова, а толькі другое: "Прышэсце, -я, н. (уст.). Прыход, паяўленне" (С. 552). Яго папярэднік (Т. 4, с. 434) фіксуе слова прыйсце як размоўнае: "Тое, што і прышэсце". "Прышэсце, кніжнае. Прыход, з'яўленне" (С. 504).

"Русско-белорусский словарь" (1993, т. 3, с. 42): "Пришествие, кніжнае - прышэсце, прыйсце; (приход) прыход, (появление) з'яўленне, паяўленне."

Сваё слова прыйсце мае выразную будову і значэнне: матывуецца дзеясловам пры-йсці (зак.) і прыходзіць (незак. трыванне). Як і слоўнікавае выйсце ('месца для выхаду куды-н.' і (перан.) 'спосаб вырашэння чаго-н.') - ад дзеяслова выйсці (зак.) і выходзіць (незак. трыванне).

Пазычанне прышэсце ад рас. пришествие мае этымалагічную каранёвую частку -шест (-шед-), якая неўласцівая беларускай мове.

Натуральная для бела-рускай мовы лексічная адзінка прыйсце здатная замяніць штучнае прышэсце. Яна актыўна выкарыстоўваецца ў нацы-янальным друку, маючы пад-трымку сваіх аднатыпных утварэнняў.

Працаголік, працавік, працавіты . "Аляксей Карпюк быў праўдзівым працаголікам . Кожны свой твор ён перапрацоўваў неаднойчы. Аповесць "Данута" перараблялася 32 разы". (А. Петрушкевіч. Літаратурная Гарадзеншчына ў постацях і лёсах. Гро-дна, 2010. С. 58).

Наватвор працаголік узнік пад уплывам рас. трудо-голик, утварэння з фармантам -голик, пазычаным з англійскай мовы. Нашыя акадэмічныя слоўнікі змяшчаюць у гэтым семантычным шэрагу і перанесенае з расійскай мовы слова рабацяга : "Русско-белорусский словарь" (1993, т. 3, с. 142) падае: "Работяга, м. и ж. разг. (о мужчине) працавік, рабацяга; (о женщине) працавічка, рабацяга". Дарэчы, слова работящий тут перакладаецца адэкватам працавіты. Гэта сведчыць пра пазычанасць з расійскай мовы слова, адна-каранёвага з работящий.

Таму на месцы "рабацяга" і выкарыстана знанай аўтаркай слова з беларускім коранем прац- (працаголік).

Гадавік, штогоднік . "Чарговы, 8-9, выпуск літара-турна-навуковага гадавіка "Скарыніч" прысвечаны 1000-ым угодкам Літвы-Беларусі." (Дзеяслоў. 2010. №4, с. 332). Слоўнікі не фіксуюць першага слова, адэкватнага семантыкай другому - штогоднік, якое падаецца ў слоўніках з значэннем "выданне, якое выхо-дзіць раз у год". Гэта калька рас. ежегодник, дзе першая яго частка заменена на што- .

Слова гадавік выразна матывуецца аналітычнай назвай гадавое выданне і ёсць кандэнсаваным найменнем, утвораным ад першай часткі: да асновы далучаны суфікс - ік : гадав-ік. (Параўнай аднатыпнае тыднёвік і рас. еженедельник). Тлумачальны слоўнік (Т.2. С. 10) змяшчае (з паметай "размоўнае") слова гадавік з значэннем 'ва ўзросце аднаго года, "баран-гадавік"'.

Наватвор гадавік - на-туральная лексічная адзінка, якая папаўняе тэрміналагічны фонд беларускай мовы.

Гарадчук, гараджа-нін . "Мае землякі ездзілі ў Вільню прадаваць і купляць, а я, мусіць, першы гарадчук , які ў Вільні нічога не прадаў." (Дзеяслоў. 2010. №4. С. 114).

Пазаслоўнікавае гарадчук мае тое значэнне, што і гараджанін, пазычанне з расейскай мовы ( < горожанин). Утварэнне з суфіксам -чук ад горад : гарадчук .

Адназоўнікавыя найменні з -чук абазначаюць асобу паводле тэрыторыі, геаграфічнага аб'екта, названага ўтваральным словам. Часта гэта назвы чалавека паводле месца яго нараджэння ці жыхарства: мінчук ('мінчанін'), градзян-чук ('гродзенец'), сланімчук ('слонімец') і пад.

Такія найменні ёсць і сярод беларускіх прозвішчаў: Пінчук, Мінчук

Кружэлка, пласцінка (грамафонная). "Аўтары "Дзіцячага альбома" плануюць аднесці кружэлку ў Міністэрства адукацыі, выдаць пад Каляды працяг дыска, а таксама распачаць працу над відэакліпам на адну з песняў." (Наша слова. 2010. 29 верасня. С.3).Кружэлка - новае слова, яно засведчана "Слоўнікам новых слоў беларускай мовы" В. Уласевіч, Н. Даўгулевіч (Мінск, 2009, с. 194) з двума значэннямі: 1) грамафонная пласцінка 2) кампакт-дыск. З апошнім значэннем як частка двухслоўнага наймення лазерная кружэлка - дублета да кампакт-дыск (ад англ. laser disc - лазерны дыск).

Назва грамафоннай пласцінкі кружэлка ўзнікла паводле прадукцыйнай мадэлі "аснова дзеяслова + суфікс - лк-а " (праз стадыю кружэнне). Суфікс -лк-а мае свае морфы (варыянты) - алк-а/ -ёлк-а/ -ілк-а, -улк-а/ -элк-а, што высту-паюць пасля скарочанае асновы інфінітыва (з адцінаннем галоснай) ці пасля асновы на галосны пры яго захаванні. Гэты прадукцыйны словаўтваральны тып у беларускай на-роднай мове мае шмат слоў - назваў прадметаў, а таксама найменняў асобы: абівалка, бразгалка, веялка, ірвалка, кацёлка і качолка, коўзалка, радзілка, умывалка і інш.

Дыск атрымаў найменне паводле яго ўласцівасці ці як суб'екта дзеяння.

Матывацыйная прыме-та - "кружыцца, кружэнне". Больш падрабязна пра гэта гл. у нашай кнізе "Беларускае народнае словаўтварэнне. Афі-ксальныя назоўнікі." (Мінск, 1977, с. 51-52).

Дарэчы тут будзе нага-даць слова катэлка 'хлебны, гліняны шарык', якое падаецца ў "Этымалагічным слоўніку беларускай мовы" (Т. 4, с. 308) з каментарам "Не вельмі яснага паходжання; няма, здаецца, падобных форм у іншых мовах". На самай справе, тут "паходжанне" слова досыць выразнае: утварэнне ад асновы слова катаць (каціць) з выка-рыстаннем фарманта -элка (варыянта суфікса -лк-а ), як і кацёлка і качолка, кружэлка.

Павел Сцяцко


Справаздача

старшыні Гарадзенскай абласной арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф.Скарыны" аб дзейнасці арганізацыі за 2010 год


1. Традыцыйны ўдзел абласной рады ТБМ разам з аддзелам адукацыі ва ўзнага-роджванні падарункамі пераможцаў абласной алімпіяды па роднай мове і літаратуры . (Студзень.)

2. Працяг працы з кіраўніцтвам аўтапарка па ўда-сканаленні гукавой беларускамоўнай інфармацыі на аўтобусных прыпынках. (Люты.)

3. Сусветны дзень Роднай мовы. Правядзенне разам з ТБШ ІІІ беларускай дыктоўкі. Прымалі ўдзел больш за 200 чал. (Люты.)

4. Традыцыйны ўдзел у святкаванні гімназіі №1 імя Я. Карскага "Дэкады Карскага". (Студзень-люты.)

5. Збор і падрыхтоўка матэрыялаў для шостай кнігі А. Цыхуна да 100 годдзя з дня яго нараджэння. (На працягу юбілейнага года.)

6. У пошуках нацыяна-льнай самабытнасці краю разам з выкладчыкамі факультэта турызму і сэрвісу ГрДУ імя Я.Купалы выдзелены турыстычны Кластэр пад назвай "Шляхамі акадэміка Я. Карскага". (Травень.)

7. Пачатак працы ў Нацыянальным гістарычным і Дзяржаўным архіве Гарадзен-скай вобласці па напаўненні гістарычнымі матэрыяламі турыстычнага праекта "Шляхамі акадэміка Я. Карскага". Аўтавандроўкі па вывучэнні гісторыі і культуры населеных пунктаў,наладжванне новых сувязяў. (Лаша-Луцкаўляны-Гудзевічы-Абухава-Коматава-Мігова-Гародня-Каропчыцы). (Травень-снежань.)

8. Закладанне традыцыі ў дзень памяці А. Цыхуна на 100 годдзе з дня нараджэння. Ускладанне кветак , успаміны і чытанне яго вершаў. (5 траўня.)

9. Пошук сродкаў і падпіска сельскіх бібліятэк вобласці на газету "НС" на ІІ паўгоддзе 2010 г. (50экз. у чэрвені) і на І паўгоддзе 2011 года (55 экз. у снежні).

10. Удзел сяброў абласной рады ТБМ разам з Фондам імя Л. Сапегі ў партнёрстве з універсітэтамі з Нямеччыны ў распрацоўцы турыстычных маршрутаў па мястэчках і малых мясцовасцях "Новыя шляхі" з мэтай азнаямлення беларускіх і замежных турыстаў пераважна з гісторыяй і культурай. (Эл.адрас сайта: http://t-styl.info/)

11. Паездка сяброў абласной рады ў Зельву на мерапрыемствы з нагоды 100 годдзя Л. Геніюш. (Жнівень.)

12. Выступы сяброў рады ТБМ на бацькоўскіх сходах і падтрымка бацькоў будучых першакласнікаў пры стварэнні беларускага класа. Дзякуючы бацькоўскаму пікету перад гарвыканкамам быў знойдзены кампраміс у справе стварэння беларускага класа.

СШ№32 -1 вучаніца Астроўская Святлана. (Верасень.)

13. Радай ТБМ былі падрыхтаваны прапановы і перададзены ў абласны аддзел адукацыі па святкаванні ў навучальных установах вобласці 80-годдзя У. Караткевіча, часткова на досведзе правядзення ў гімназіі №1 і ліцэі №1 Гародні. (Кастрычнік-лістапад.)

14. Удзел сяброў рады ў семінары, што праводзіўся пад патранажам аддзела фізіч-най культуры, спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкаму, аграгаспадарак, асацыяцыі фермераў, прадпрымальнікаў, турфірм, па фармаванні турыстычных і іншых Кластэраў у Гарадзенскай вобласці.

15. Упершыню за апошнія гады у склад камісіі па папулярызацыі беларускай мовы пры гарадскім аддзеле адукацыі былі запрошаны прадстаўнік ТБМ і ТБШ. (Снежань.)

16. Падрыхтаваны прапановы ад гарадской і абласной радаў ТБМ па пашы-рэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў навучальных установах горада. (Снежань.)

20. Сябрам абласной і гарадской рады А. Пяткевічам быў выпушчаны беларускі настольны перакідны краязнаўчы каляндар (Гарадзеншчына) на 2011 год. (Лістапад-снежань.)

21. Прэзентацыя шостай кнігі А. Цыхуна "Улюбёны я ў гэтую зямлю"з успамінамі сяброў ў Гарадзенскім універсітэце (складальнік І. Буднік). Праводзілі сябры абласной і гарадской рады ТБМ і ТБШ для студэнтаў і прыхільнікаў творчасці А. Цыхуна. (Снежань.)

Старшыня Гарадзенскай абласной рады ГА"ТБМ

імя Ф. Скарыны"

Алесь Крой.


У гміне Орля колькасць табліц на польскай і беларускай мовах павялічваецца

Камісія Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы зацвердзіла спіс з 25 мясцовасцяў у гміне Орля, дзе будуць усталёўвацца двухмоўныя дарожныя табліцы і ўказальнікі - на польскай і беларускай мовах.

Па словах войта гміны Орля Пятра Сэльвесюка, ад моманту прыняцця рашэння камісіі да ўстаноўкі саміх табліцаў пройдзе больш за паўгода:

- Яшчэ разлічым кошты на табліцы, што можна зрабіць больш танна, і прадставім іх у Міністэрства. Спадзяюся, што Міністэрства ўнутраных спраў знойдзе грошы для фінансавання і ўжо табліцы-указальнікі будуць пастаўленыя на пачатку наступнага новага года ці па восені.

Гміна Орля з'яўляецца адзінай польскай гмінай, якая прыняла рашэнне пра ўстаноўку двухмоўных табліц на польскай і беларускай мовах адначасова. Паводле закона аб нацыянальных меншасцях, двухмоўныя табліцы могуць быць усталяваныя ў гмінах, у якіх пражывае 20 і больш працэнтаў прадстаўнікоў нацыянальнай меншасці. Паводле апошняга перапісу насельніцтва, акрамя Орлі яшчэ у 11-ці гмінах Польшчы ёсць права на ўстаноўку беларуска-польскіх двухмоўных табліц.

Зміцер Косцін.


ДЗЕЙНАСЦЬ НАВАПОЛАЦКАЙ ГАРАДСКОЙ АРГАНІЗАЦЫІ ТБМ ІМЯ Ф. СКАРЫНЫ ЗА 2010 ГОД

Сустрэчы і прэзентацыі

Сябрамі суполкі «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны і старшынёй Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны І.К. Бельскай былі арганізаваны наступныя сустрэчы і прэзентацыі:

1. 14 студзеня 2010 г. тры сустрэчы з вядомымі беларускімі паэтамі Анатолем Вярцінскім і Валерыяй Куставай: у памяшканнях Полацкай гарадской гімназіі №2, Наваполацкай гарадской гімназіі №2 і бібліятэкі імя Я. Коласа ў Наваполацку.

2. 12 лютага 2010 г. сустрэча з вядомым беларускім паэтам Андрэем Хадановічам. рэдактарам незалежнага беларускага літаратурнага выдавецтва І. Логвінавым і маладымі паэтамі ў памяшканні бібліятэкі імя Я. Коласа.

3. 19 лютага 2010 г. дзве сустрэчы з вядомымі беларускімі бардамі Раманам Ярашам і Андрэем Касценем, якія правялі канцэрты ў памяш-каннях Полацкай гарадской гімназіі №2 і Наваполацкай гарадской гімназіі №2.

4. 3 сакавіка 2010 г. тры сустрэчы з вядомым беларускім музыкам Зміцерам Вайцюшкевічам у памяшканнях гісторыка-філалагічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Наваполацкай гарадской гімназіі №2 і бібліятэкі імя Я. Коласа.

5. 27 красавіка праведзены тры сустрэчы з маладымі журналістамі газеты "Звязда" - паэтам і літаратарам Глебам Лабадзенка і лідарам гурта Jab Club Яўгенам Валошыным. Сустрэчы адбыліся з вучнямі і настаўнікамі гімназіі №2 г. Полацка, гімназіі №2 г. Наваполацка, а таксама з жыхарамі Наваполацка ў памяшканні бібліятэцы імя Я. Коласа ў На-ваполацку. У праграме суст-рэчаў былі вершы, спевы, цікавыя і смешныя аповеды з жыцця журналістаў, прэзентацыя дыска "Галасы Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш, Рыгора Барадуліна. 1968 год", факсімільнага выдання да 75-годдзя Рыгора Барадуліна яго першага зборніка "Маладзік над стэпам".

6. 12 траўня у бібліятэцы імя Я. Коласа (Наваполацк) праведзена прэзентацыя кнігі "Летапісы і хронікі Беларусі" і творчая сустрэча з гісторыкам А. Пашкевічам і рэдактарам часопіса АRСНЕ В.Булгакавым.

7. 29 верасня у бібліятэцы ім.Я. Коласа (Наваполацк) адбылася творчая сустрэча з вядомым беларускім блюзмэ-нам Юрыем Несцярэнкам.

8. 28 лістапада ў Бібліятэцы імя Якуба Коласа праведзена творчая сустрэча з пісьменнікам, паэтам, гісторыкам Уладзімірам Арловым. Падчас сустрэчы была прэзентавана кніга выбранай гістарычнай прозы "Ля дзікага поля".

Такім чынам, суполка «Рубон» наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ за падсправаздачны перыяд (з студзеня па снежань 2010 года) арганізавала і правяла 14 сустрэч з творчымі асобамі. Кожная сустрэча была анансавана мінімум на 4 рэгіянальных і рэспубліканскіх сайтах, з дапа-могай друкаваных абвестак. Па выніках сустрэчы на сайтах і ў друкаванай прэсе («Наша слова», «Новы час») распаўсюджваўся прэс-рэліз. Паўсюль згадваўся Наваполацкі ТБМ. На некаторых сустрэчах ад аўтараў і ТБМ г. Наваполацка разыгрываліся падарункі - дыскі і кнігі.


Грамадская кампанія за "Грунвальдскую вуліцу"

У красавіку 2010 г. сябры суполкі "Рубон" Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны накіра-валі ў Полацкі гарадскі выканаўчы камітэт і Полацкі гарадскі Савет дэпутатаў каля 200 подпісаў у падтрымку прапа-новы надаць адной з полацкіх вуліцаў назву «Грунвальдская» у гонар 600-годцзя перамогі войскаў ВКЛ і Каралеў-ства Польскага над войскам Тэўтонскага ордэна пад Грунвальдам.

Акрамя гэтага, сябры суполкі з выкарыстаннем сацыяльных сетак Інтэрнэту правялі мабілізацыйную кампанію па актывізацыі ўдзелу жыхароў Полаччыны ў інтэрнэт-галасаванні па дадзенай прапанове на афіцыйных сайтах горада. У выніку пасля падтрымкі ідэі "Грунвальдскай вуліцы" пераважнай колькасцю апытаных рэспандэнтаў, Полацкі гарадскі выканаўчы камітэт палічыў мэтазгодным надаць адной з праектаваных вуліцаў горада назву "Грунвальдская". Рашэннем Гарадскога Савета дэпутатаў №32 ад 15.11.2010 г. прынята канчатковае рашэнне аб наданні імя "Грунвальдская" вуліцы ў новым мікрараёне г. Полацка.


Іншае

1. У Дзень беларускай канстытуцыі ў Наваполацку была арганізавана III Агульна-нацыянальная дыктоўка па беларускай мове. Мерапрыемства прайшло на невялікім прыватным офісе. На яе сабралася каля 20 актывістаў ТБМ і незалежных беларускіх ініцыятываў. Пераможцамі Дыктоўкі сталі Палеха Кацярына, Шаўчэнка Яна, Шыаўдзінітэ Марта.

2. Сябрамі суполкі «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны і старшынёй Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны І.К. Бельскай наладжана цесная супраца з гімназіяй №2 г. Наваполацка, гімназіяй №2 г. Полацка, школы № 2 г. Наваполацка ім прадстаўлены друкаваныя матэрыялы па беларускай літаратуры, распрацаваныя ініцыятывай Nastaunik. info дыскі з метадычнымі матэрыяламі для настаўнікаў.

3. Сябрамі суполкі «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны і старшынёй Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны» І.К. Бельскай створана супольнасць ТБМ Наваполацк http: //vkontakte.ru/club12890404, колькасць удзельнікаў больш за 100.

4. 3 нагоды юбілею Ул. Караткевіча старшынёй Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны І.К. Бельскай быў праведзены шэ-раг мерапрыемстваў у некалькіх бібліятэках горада, падрыхтаваны электронныя выставы і прэзентацыя па жыцці і творчасці Ул. Караткевіча, якімі зараз могуць карыстацца ўсе ахвотныя.

5. Сябар ТБМ сп. А. Рудзёнак арганізаваў выпуск насценнай газеты класа, дзе вучыцца яго дачка на беларускай мове.

6. Сябар ТБМ сп. А. Рудзёнак дамогся выпраўлення памылак ў беларускамоўнай назве шапіка.

Сябры Наваполацкай гарадской арганізацыі асабіста, ад свайго імя дзейнічалі на карысць беларускай мовы і культуры праз дзейнасць незалежнай студэнцкай газеты «Макасін», у арганізацыі выстаў, праз дзейнасць беларускамоўнага тэатра гімназіі №2, праз дзейнасць у клубах «Княжыч», «Жалезны воўк», грамадскіх і палітычных арганізацыях, на сваіх працоўных месцах і г.д.

Старшыня Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны І.К. Бельская.


Справаздача

Валожынскай суполкі ГА "ТБМ імя Ф.Скарыны" аб дзейнасці за 2010 год


Дзейнасць нашай арганізацыі сціплая, але і мы нешта рабілі, а менавіта:

1. Падпіска на "Наша слова";

2. Складкі за 2010 год;

3. Удзел ва Ўсебеларускай дыктоўцы;

4. Публікацыя ў раённай газеце "Працоўная слава" крыжаванак, складзеных Сяргеем Сівым;

5. Адкрылі рубрыку "Шануйце роднае слова" ў раённай газеце;

6. Запланавалі збіраць словы, якія знікаюць ці ўжо зніклі з актыўнага ўжытку і дыялектныя словы нашага рэгіёну.

Людвіка Таўгень.


АЖЫВАЮЦЬ ДАЎНЕЙШЫЯ ВЫРАЗЫ.

Крыжа няма на кім. Хто-небудзь бессаромны, несумленны ў якіхсьці дзеяннях, паводзінах. "А хіба без матчынай помачы ён вунь у якія людзі выбіўся б? А ён, выходзіць, забыў матку? Крыжа на ім няма." (І. Капыловіч).

Як ойча наш ведаць, запомніць і пад. Вельмі добра, цвёрда. "Аўтар пра сваіх герояў павінен ведаць усё - як ойча наш, пралічыць і памятаць кожную дробязь..." (А. Федарэнка).

Фразеалагізм бог паслаў ( каму каго, што), у адрозненне ад папярэдніх, фіксаваўся і ў слоўніках савецкага часу, абазначаючы «пашчаслівіла займець ( каму што, каго)». У апошняе ж дваццацігоддзе стаў шырока выкарыстоўвацца і выраз сам бог паслаў (каго каму, да каго), які сэнсава адрозніваецца ад папярэдняга і абазначае «каму-небудзь вельмі пашанцавала ў сувязі з нечаканым прыходам, з'яўленнем каго-небудзь», напрыклад: "- Во, цябе сам бог паслаў, - звярнуўся ён да Віктара. - Не ў службу, а ў дружбу, схадзі, Віця, у зону." (С. Трахімёнак).

Выклічнікавы выраз хавай божа зрэдку сустракаўся і ў мастацкіх творах савецкага перыяду, але ў слоўніках чамусьці не падаваўся. Ён рэалізуецца ў двух значэннях. Першае - выказванне папярэджання, засцярогі чаго-небудзь нежаданага, недапушчальнага: "Ногі мае не ходзяць, спіна не гнецца, і сама ўся ледзьве цэгаю. Хавай божа, памру - хто ж дагледзіць цябе, сірату?" (Я. Лёсік); "- Хавай божа! Ніякай крыўды не маю на вас. Кожны волен жыць, як знаходзіць лепей, - гаворыць дзяк і аглядае пакойчык Лабановіча." (Я. Колас). Другое значэнне - выказванне рашучага адмаўлення чаго-небудзь або нязгоды з чым-небудзь: "Хавай божа! Які я жыд?" (Я. Купала); "А пра тое, каб усякую брыду напаказ выкалупваць, хай Сы-мон Баран турбуецца. Мяне ад гэтага - хавай божа." (Л. Ка-люга).

Варта сказаць і яшчэ пра два выразы. Яны апісваліся ў ранейшых слоўніках як адназначныя, а цяпер развілі ў сабе новае значэнне. Фразеалагізм ад бога , як паказвае сучасная маўленчая практыка, абазначае не толькі «з нараджэння, па прыродных уласцівасцях», але і «выключна здольны, таленавіты», напрыклад: "Юзэф Пучынскі - мастак, што называецца, ад бога." (Р. Барадулін). Фразеалагізм ні божа мой , апрача ранейшага значэння «ніколькі (не выходзіць, не вяжацца)», стаў ужывацца і ў значэнні «ні пры якіх умовах, абставінах»: "- Табе што доктар прыпісаў? - Сала нельга есці. Селядца нельга. Курыць трэба кінуць. Піць - ні божа мой." (У. Ліпскі).

Як бачым, фразеалагічны склад беларускай мовы значна папоўніўся даўнімі выразамі, умоўна кажучы, рэлігійнага зместу.

няя жанчына. "То выручы - памажы падабраць якую хры-стову нявесту. Пабудзь сватам. Толькі хачу папярэдзіць: ста-рыя дзеўкі - не ў маім амплуа..." (В. Блакіт).

Богам пракляты. Занядбалы, пакінуты на волю лёсу. "Ніхто ніколі не памянуў яго добрым словам, так ён насаліў тут за тыя некалькі гадоў, што ажыццяўляў класавую барацьбу і рэпрэсіі ў іхнім богам праклятым раёне." (В. Быкаў).

Бога няма на каго. Хто-небудзь варты асуджэння за несумленны ўчынак. "- Не пужайце свінню, злыдні, бога на вас няма, - крычала з хаты старая." (В. Казько).

Бог жыве дзе. Дзе-небудзь вельмі хораша, усё добра. "У хаце ў нас бог жыве, а на вуліцы такая юга - свету белага не відаць." (Р. Барадулін).

Бог начуе дзе. Дзе-небудзь вельмі хораша, усё добра, удачна. "Вялікім дабром стала гарантаваная аплата. Але ўсё роўна сяло, зямля не прываблівае, уцякаюць людзі, хоць у Беларусі яшчэ, як кажуць, бог начуе." (І. Шамякін).

Бог сведка. Праўда, далібог (ужываецца для пац-вярджэння чаго-небудзь, запэўнення ў праўдзівасці чаго-небудзь). "Бог сведка: з «векапомнай» даты, як прэзідэнт у крэсла сеў, я быў сумленны памагаты, і гараваў з ім, і лысеў." (Р. Тармола-Мірскі).

Бог камусуддзя . 1. Хто-небудзь паплаціцца за свае нядобрыя справы. "Потым партыйны лідар паціхеньку перабраўся ў Белакаменную, па-здрадніцку здаў краіну, народ. Але бог яму суддзя..." (У. Гойтан).

2. Няхай гэта будзе на чыім-небудзь сумленні як яго маральная адказнасць за нядобры ўчынак. "Той самы крытык пра ягоную паэму пісаў некалі зусім іншае... Ну ды бог яму суддзя." (Л. Ара-бей).

Да другога прышэсця. Неакрэслена доўга. "А то пусці адзін цуд у хату - да другога прышэсця не выправадзіш яго, ні праз дзверы, ні праз акно." (А. Кудласевіч).

Ёсць бог на свеце. Выказванне задавальнення, радасці з нагоды здзяйснення чагосьці. "Ёсць бог на свеце, нарэшце і мне пашэнціла." (В. Праўдзін).

Класці на алтар чаго, чый што. Аддаваць што-не-будзь у імя чагосьці высокага, дарагога і пад. "Свабода гэтая далёка не анархісцкая, на алтар яе, як сцвярджае паэт, трэба класці і добраахвотныя ахвяры." (І. Навуменка).

Класціся на алтар чаго, чаму. Аддавацца чаму-небудзь у імя чагосьці высокага, дарагога і пад. "Ды што змагацца з неспазнаным? На алтар яму кладзецца творчасць - ахвярапрынашэнне, калі ахвярнікам робіцца мальберт, аркуш паперы, сцэна, ахвярай - талент і дух." (В.

Крыжа няма на кім. Хто-небудзь бессаромны, несумленны ў якіхсьці дзеяннях, паводзінах. "А хіба без матчынай помачы ён вунь у якія людзі выбіўся б? А ён, выходзіць, забыў матку? Крыжа на ім няма." (І. Капыловіч).

Як ойча наш ведаць, запомніць і пад. Вельмі добра, цвёрда. "Аўтар пра сваіх герояў павінен ведаць усё - як ойча наш, пралічыць і памятаць кожную дробязь..." (А. Федарэнка).

Фразеалагізм бог паслаў ( каму каго, што), у адроз-ненне ад папярэдніх, фіксаваўся і ў слоўніках савецкага часу, абазначаючы «пашчаслівіла займець ( каму што, каго)». У апошняе ж дваццацігоддзе стаў шырока выкарыстоўвацца і выраз сам бог паслаў (каго каму, да каго), які сэнсава адрозніваецца ад папярэдняга і абазначае «каму-небудзь вельмі пашанцавала ў сувязі з нечаканым прыходам, з'яўленнем каго-небудзь», напрыклад: "- Во, цябе сам бог паслаў, - звярнуўся ён да Віктара. - Не ў службу, а ў дружбу, схадзі, Віця, у зону." (С. Трахімёнак).

Выклічнікавы выраз хавай божа зрэдку сустракаўся і ў мастацкіх творах савецкага перыяду, але ў слоўніках чамусьці не падаваўся. Ён рэалізуецца ў двух значэннях. Першае - выказванне папярэджання, засцярогі чаго-небудзь нежаданага, недапушчальнага: "Ногі мае не ходзяць, спіна не гнецца, і сама ўся ледзьве цэ-гаю. Хавай божа, памру - хто ж дагледзіць цябе, сірату?" (Я. Лёсік); "- Хавай божа! Ніякай крыўды не маю на вас. Кожны волен жыць, як знаходзіць ле-пей, - гаворыць дзяк і аглядае пакойчык Лабановіча." (Я. Колас). Другое значэнне - выказванне рашучага адмаўлення чаго-небудзь або нязгоды з чым-небудзь: "Хавай божа! Які я жыд?" (Я. Купала); "А пра тое, каб усякую брыду напаказ выкалупваць, хай Сымон Баран турбуецца. Мяне ад гэтага - хавай божа." (Л. Ка-люга).

Варта сказаць і яшчэ пра два выразы. Яны апісваліся ў ранейшых слоўніках як адназначныя, а цяпер развілі ў сабе новае значэнне. Фразеалагізм ад бога , як паказвае сучасная маўленчая практыка, абазначае не толькі «з нараджэння, па прыродных уласцівасцях», але і «выключна здольны, таленавіты», напрыклад: "Юзэф Пучынскі - мастак, што называецца, ад бога." (Р. Барадулін). Фразеалагізм ні божа мой , апрача ранейшага значэння «ніколькі (не выходзіць, не вяжацца)», стаў ужывацца і ў значэнні «ні пры якіх умовах, абставінах»: "- Табе што доктар прыпісаў? - Сала нельга есці. Селядца нельга. Курыць трэба кінуць. Піць - ні божа мой." (У. Ліпскі).

Як бачым, фразеалагічны склад беларускай мовы значна папоўніўся даўнімі выразамі, умоўна кажучы, рэлігійнага зместу.

Іван Лепешаў.

АДКУЛЬ ПАЙШЛІ НАЗВЫ МІНЕРАЛАЎ?

Мінералы (ад лац. "мінера" - руда) - прыродныя целы звычайна неарганічнага паходжання з прыкладна аднолькавым хімічным складам і фізічнымі ўласцівасцямі. Яны ўтвараюцца ў выніку фізіка-хімічных працэсаў на паверхні або ў нетрах Зямлі, на іншых планетах і іх спадарожніках (у тым ліку на Месяцы). Ніжэй прыводзяцца звесткі пра паходжанне назваў некаторых мінералаў. Многія з гэтых утварэнняў згадваюцца ў школьных курсах хіміі і геаграфіі, перыёдыцы і навукова-папулярнай літаратуры.

З улікам таго, што фор-мулы многіх мінералаў складаныя (напрыклад, мускавіт KA l2 [AlS 3 O 10] (OH,F) 2, лабрадор (Ca,Na)[(Al,Si)AlSi 2 O 8 і да т.п.), разам з назвамі ўказваюцца толькі тыя формулы мінералаў, якія зразумелыя школьнікам і неспецыялістам. Варта мець на ўвазе, што формулай перадаецца асноўны склад мінералу, дзе, апрача таго, прысутнічаюць дамешкі. Нягледзячы на аднолькавы асноўны склад, з-за наяўнасці тых ці іншых дамешкаў могуць утварацца розныя мінералы. Так, формула SiO 2 адносіцца да мінералаў авантурыну, агату, кварцу (горнага крышталю), оніксу, сердаліку, халцэдону і іншых.


Авантурын SiO 2< італ. "авентура" - прыгода.

Авіцэніт Tl 2O 3 - у гонар сярэднявечнага араб-скага лекара Авіцэны.

Авагадрыт - у гонар італьянскага хіміка Амедэа Авагадра.

Агат SiO 2 - па назве ракі Ахатэс на востраве Сіцы-лія (Італія).

Аквамарын < грэц. "аквамарынэ" - марская вада.

Алебастра CaSO 4·H 2O < стар.-егіп. "алебастэ" - човен багіні Басты.

Алівін < грэц. "аліва" - плод аліўкавага дрэва.

Алмаз С < грэц. "алмас" - цвярдзейшы або "адамас" - нязломны.

Аметыст < грэц. "аметыстас" - неп'янеючы (звязана з павер'ем, што гэты камень захоўвае яго ўладальніка ад ап'янення).

Ангідрыт CaSO 4< грэц. "ангідрас" - пазбаўлены вады.

Англезіт - па назве вострава Англезі ў Уэльсе (Вялікабрытанія).

Апал SiO 2·nH 2O < санскр. "апала" - камень.

Апатыт Ca 3(PO 4) 2< грэц. "апатас" - падманваю.

Артаклаз < грэц. "ортас" - прамы + "клазіс" - праламленне.

Аргентыт Ag 2S < лац. "аргентум" - срэбра.

Астраханіт - па назве г. Астрахані ў Расіі (упершыню быў знойдзены ў солевых азёрах ля гэтага горада).

Барыт BaSO 4< грэц. "барыс" - цяжкі.

Беламарыт - па назве Белага мора, на ўзбярэжжы якога быў знойдзены (іншая назва "альбіт" < лац. "альбіс" - белы).

Беларусіт - па назве Беларусі (НЯДАЎНА АДКРЫТЫ МІНЕРАЛ).

Біятыт - у гонар французскага фізіка Жана Батыста Біё (Bio).

Біруза < перс. "фірузэ" - камень шчасця або "піруз" - які прыносіць перамогу.

Бурштын < польск. "бурштын" < сярэдненіжненям. "борнштэйн" - выкапнёвая смала.

Вюрцыт ZnS - у гонар французскага хіміка Шарля Вюрца.

Галіт NaCl < грэц. "галас" - соль.

Гематыт Fe 2O 3< грэц. "гема" - кроў.

Гіпс CaSO 4·2H 2O < грэц. "гіпсас" - вапна.

Глаўберава соль Na 2SO 4·10H 2O - у гонар нямецкага хіміка Іагана Глаўбера.

Даўрыт - па назве мяс-тэчка Даурыя ва Усходнім Забайкаллі (Расія).

Даламіт CaCO 3·MgCO 3- у гонар фран-цузскага мінералага Дэада дэ Далам'ё.

Жэмчуг CaCO 3< кіт. "чжэнь чжу" - слёзы малюска.

Каалініт Al 2O 3·2SiO 2·2H 2O - па назве храбта Каа-Лінг у Кітаі

Каламель Hg 2Cl 2< грэц. "калас" - прыгожы + "мелас" - чорны.

Кварц SiO 2< ням. "кварц" < сярэдневерхненям. "тварц" - цвёрды (параўнайце з польскім "тварды" - цвёрды).

Кінавар HgS < грэц. "кінабары" < перс. "кініфра" - кроў дракона.

Крэйда СаСО 3< ням. "крайдэ" - белы парашок (дарэчы, рускае "мел" - ад слова "измельчённый").

Лабрадор - па назве паўвострава Лабрадор у Канадзе.

Лазурыт < араб. "азур" - сінь.

Ліманіт < грэц. "лейман" - луг.

Магнезіт MgCO 3 і магнетыт Fe 3O 4- па назве старажытнагрэцкай вобласці Малахіт (CuOH) 2CO 3< грэц. "малахітэс" - мальва (расліна сям'і мальвавыя).

Мурманіт - па назве г. Мурманска ў Расіі.

Мускавіт < італ. Му-ска - Масковія (састарэлая назва Расіі, адкуль прывозілася гэтая разнавіднасць слюды).

Онікс SiO 2< грэц. "онікс" - пазногаць.

Перламутр CaCO 3< ням. "перлмутэр" - маці перлаў (жэмчуга).

Пірыт FeS 2< грэц. "пір" - агонь.

Рубін Al 2O 3< лац. "рубенс", "рубініс" - чырвоны.

Салетра < лац. "саль нітрум" - азоцістая соль.

Самарскіт - у гонар рускага горнага інжынера Васілія Самарскага (у яго ж гонар названы і хімічны элемент самарый 62Sm).

Сапфір Al 2O 3 < грэц. "сапферытас" < яўр. "сапір" - сіні камень.

Сердалік SiO 2< рус. "сердце ликует", бо лічыўся каменем кахання (іншая назва "карнеол" < ад грэц. "карніс" - сэрца).

Сідэрыт FeCO 3< грэц. "сідырас" - жалеза.

Сільвініт KCl·NaCl - у гонар галандскага хіміка Сільвіюса дэ ля Баша.

Сімбірцыт СаСО 3 - па назве г. Сімбірска (пакуль называецца Ульянаўск) у Расіі, дзе знаходзіцца адзінае ў свеце радовішча гэтага мінералу.

Слюда < слав. "слуз" - тонкі лёд.

Тапаз - па назве в. Тапазіяс (Тапазіян) у Чырвоным моры.

Уваравіт - у гонар С.С. Уварава, які ў XVIII ст. быў прэзідэнтам Пецярбургскай Акадэміі навук (яго згад-ваў М.В. Ламаносаў у вершы "Пра карысць шкла": "Неправо о вещах те думают, Шувалов, / Которые стекло чтут меньше минералов…").

Флюарыт CaF 2< грэц. "флюа" - цячы.

Халцэдон SiO 2 - па назве старажытнагрэцкага г. Халкідон у Малой Азіі.

Халькапірыт CuFeS 2< грэц. "халькас" - медзь + "пірас" - агонь.

Хрызаліт < грэц. "хрызас" - золата + "літас" - камень.

Хрызапраз SiO 2< грэц. "хрызас" - золата + "празас" - цыбуля-парэй.

Чараіт - па назве ракі Чара на поўначы Забайкалля (Расія).

Уладзіслаў ЛУПАКОЎ ,

настаўнік хіміі СШ № 10

г. Берасця.


Калядаў званочкі звінелі…

Вось ўжо і мінулі такія вясёлыя зімовыя святы, якіх чакаеш цэлы год і так прыспешваеш у думках хаду часу: каб хутчэй заззяла агеньчыкамі ялінка, каб з'явіліся пад ёю чаканыя падарункі… І каб пастукаліся ў дзверы Каляды! Як у маёй любімай песні Віктара Шалкевіча:

Кароткі снежаньскі дзянёк

Падоўжаў на барані скок.

Віхура свішча

панад апусцелым садам.

Але аднойчы ўначы

Святлом нам дзіўным

заблішчыць,

Заззяе зорка

пачынаюцца Каляды.

Стары дасведчаны Анёл,

Айца Нябеснага пасол,

Штогод у наш дом

з навінай добрай прылятае…


Традыцыйнае беларускае калядаванне гэта вельмі цікавае тэатралізаванае прадстаўленне, якое робіць святочны вечар эмацыйна насычаным, узвышае настрой.

Сёлета мы з сябрамі ўпершыню наладзілі калядаванне ў нашым мястэчку. Для таго, каб цясней мацавалася духовая сувязь з землякамі, каб адчуць прыгажосць і чароўнасць абраду.

Да падрыхтоўкі падышлі грунтоўна. Змайстравалі калядную зорку, што свеціцца ў цемры. Для "казы" - саламяныя рожкі ды галасісты званочак на шыю. Вельмі ўважліва вывучылі метадычныя рэкамендацыі Ігара Кузьмініча з сайта Настаўнік.інфо па падрыхтоўцы і правядзенні калядавання. А калядныя песні падрыхтаваць нам дапамог дыск "Гадуем беларусаў".

7 студзеня выправіліся калядаваць. Напачатку крыху непамысна было: як паставяцца да нас гаспадары? Мне выпала казаць прывітальныя словы зварот да гаспадароў, і я напачатку вельмі хвалявалася. Але і хваляванні, і непакой зніклі пасля першага ж гасціннага прыёму.

Усе нас сустракалі ветліва, запрашалі зайсці, нават з вітальняў у пакоі запрашалі. І паўсюль дазвалялі "каляду заспяваці". Заходзілі ў хату з вітальнаю песняй:

Дзень, добры дзень,

пане гаспадару,

Калядамаляда

ды калядачка…


Былі тут і нашыя шчырыя пажаданні гаспадарам, і танец казы, і спевы каляднай песні:

Учора з вячора

засвяціла зора…


Калядныя спевы мы суправаджалі граннем на шумавых музычных інструментах. Тут былі і бубен, і кубінскі маракас, і трашчоткі. Атрымлівалася ярка, весела і гучна. Асабліва весяліла ўсіх наша "каза".

Гаспадары ўсміхаліся і ахвотна частавалі "казу" , каб яна ўстала, і каляднікаў за шчырыя пажаданні. У нашага механошы нялёгкая была ноша! Але прыемная.

Ішлі па вуліцы ад хаты да хаты і спявалі песню "Звон звініць", і гралі, і танчылі. І ўся вуліца чула: ідзе Каляда!

Цудоўныя былі вечары! Мая душа наталілася музыкай роднай мовы. Роднае слова шляхам прыгожага народнага абраду мы данеслі і ў хаты нашых землякоў. Так рэдка гучыць чысцюткая родная мова ў побытавай паўсядзённасці…

Мінулі вясёлыя Каляды. І мы толькі зрэдку спяваем:

Анёл у нябёсы паляцеў,

Анёл спаць моцна захацеў,

Пара і нам за добрым

прыкладам таксама…


І ўспамінаем шчырыя ўсмешкі, зорнае каляднае неба, і песню, што на крылах шчасця ляцела ў гэтае высокае неба:

Прыемна адчуваць,

як конік мой бяжыць,

Як ззяе зорны снег

ды звон званчэй звініць.

Спяшаюцца ўсе

ўсіх павіншаваць,

Ды звон збірае ўсіх сяброў

Каляды святкаваць!


Да наступных Калядаў, сябры! Шчаслівых дзён, вольнасці. Хай наталяе штодзень вашыя душы светлаю надзеяю роднае слова і Божая любоў.

Ляўшук Алеся,сябра клуба "Спадчына", навучэнка гуртка "Юны журналіст", м. Дварэц.


У калядны вечар


Хай у святы калядны вечар

У цёмнасіняй вышыні

Заззяе зорка - Бога знічка,

Агеньчык вечнай дабрыні.

З нябёсаў ціха ён злятае

Любоў у сэрцах запаліць.

Ад нас залежыць гэтак мала:

Насустрач сэрцы расчыніць...

Каб дабрыня ў вачах заззяла

Каляднай зоркай залатой.

Каб не было яе замала

На нашай, на зямлі святой.

Баравік Крысціна,

старшыня Рады

клуба "Спадчына".


Надзея, вера і любоў


Завеяй студзень замятае

Усе мінулыя шляхі.

Надзея квола прарастае

З глыбінь зняверанай душы.


Яна ўсё шырыцца, мацнее

На крылах веры ўвысь імкне.

Чужую зайздрасць, зло здалее,

Любоўю сэрцы абаўе.


Няхай завеяй студзень зблытаў

Шляхі ў мінулае ізноў,

Чакаюць новыя іспыты

І даль нязведаных шляхоў.


Нас невядомасць не спыняе,

Шляхі адолеем наноў.

Бо з намі побач, нас натхняюць

Надзея, вера і любоў.

Жукоўская Святлана, сябра клуба "Спадчына"


Майму сябру


Тут нашае ўсё: і неба, і зоркі,

І снег серабрысты,

і золата слоў.

Чаму ж нам так цяжка бывае,

так горка

У краі калядных

бялюткіх снягоў?

Бо ночкаю цёмнай,

зімою марознай,

Гэтай святочнай парой

Ты, сябра, далёка,

ты не свабодны,

І погляд самотны твой.

Ты не сумуй у святочны вечар,

Не трэба гаротных дум,

Бо цемра на свеце

пануе не вечна,

Адпусціць з палону сум.

І ты ўсміхнешся,

і будзеш шчаслівы,

І здзейсняцца мары твае.

Верыць трэба,

што Бог літасцівы,

Проста сёння ён час

нам на роздум дае...

Станцаль Алена,

сябра клуба "Спадчына".


ЗАБАРОНЕНЫ РАНІШНІК

У нас, у Пружанскай арганізацыі ТБМ, становіцца традыцыяй праводзіць для маленькіх пружанцаў Навагодні беларускамоўны ранішнік у мясцовым Палацыку. Атмасфера прыемнай старасвецкасці старадаўняе залы, у цэнтры якой стаіць сучасная ялінка, а вакол яе водзяць карагоды нашы дзеці, і віншуе іх дзед Мароз на роднай мове. Ужо ў другі раз дапамагаюць здзяйсненню нашых планаў вучні Пружанскай гімназіі пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы Жаўнярчук Ларысы Васільеўны.

Свой першы ранішнік мы арганізавалі для будучых першакласнікаў, а вось сёлета было вырашана сабраць вучняў пачатковых класаў школ горада, якія паказалі ў першым паўгоддзі гэтага навучальнага года лепшыя вынікі пры вывучэнні роднай мовы і літаратуры. Чатыры самых лепшых ад кожнай школы, а яшчэ ўмова, падрыхтаваць верш дзеду Марозу на беларускай мове. Каб "не перашкаджаць" школьным канікулярным мерапрыемствам было вырашана правесці ранішнік на Стары Новы год, 14 студзеня.

Завучы па выхаваўчай працы за тры тыдні да дня правядзення мерапрыемства далі сваю згоду і нават згадзіліся дапамагчы падрыхтаваць дзяцей. Школа №1 не толькі дапамагла вучням падрыхтаваць вершы, але і настаўніца музыкі развучыла з адной з дзяўчынак песню аб родным краі.

За некалькі дзён да ранішніка мы абзванілі ўсе школы і зноў усё было ў парадку. Але школа №1 у апошні дзень перад ранішнікам запатрабавала размовы з дырэктарам Кашкан Таццянай Канстанцінаўнай, тая ў сваю чаргу з адказным за выхаваўчую працу спецыялістам РАА Казарэз Ірынай Анатольеўнай. Казарэз І.А. абвясціла, што патрэбна напісаць заяўку на імя загадчыка РАА, які павінен прыняць рашэнне, узгадніць з намеснікам райвыканкаму Кудраўцом А.М., з загадчыкам ідэалагічнага аддзела Зеляняк Н.П.і толькі з іх дазволу праводзіць той самы ранішнік.

Часу на ўзгадненні ў нас ужо не было, шчыра кажучы, і жадання асаблівага таксама.

Ранішнік прайшоў удала, і дзеткі і бацькі засталіся задаволенымі. Іх забаўлялі чараўніцы Перасмешка і Пераслёзка, умешваліся ў ход свята казачныя персанажы Баба Яга і яе ўнучак Ягік,віншавалі дзетак, вадзілі з імі карагоды, запальвалі агенчыкі на ялінцы Дзед Мароз і Снягурка.

Дзеці расказалі Дзеду Марозу многа вершаў, прысвечаных навагоднім і калядным святам, канешне, амаль усе вершы гучалі на прыгожай беларускай мове, а ён адарыў удзельнікаў свята салодкімі падарункамі. Пасля ранішніка ахвотныя наведалі прэзентацыю выставы гравюраў мастака Барыса Богшы, нашага земляка, былога выпускніка Пружанскай школы №2.

Там мы сярод віншаванняў аўтару пачулі цудоўны спеў ансамбля "Світанак" Пружанскай школы мастацтваў ім. Р. Шырмы. І зноў жа панавала атмасфера ўзнёслага роднага слова сярод гравюр з родным беларускім пейзажам. Шкада толькі, што вучняў шол №1 і №3 не было, яны хоць і старанна рыхтаваліся і чакалі свята ў Палацыку, на ім не прысутнічалі, бо ў школе аб'явілі наш ранішнік забароненым. Дырэктары школ №1 і №3 сяброўкі.

Самім жа арганізатарам мерапрыемства аб забароне ніхто не паведаміў. Праўда, на ранішнік не прыйшла і вучаніца 3"А" класа Пружанскай школы №4 Зеляняк Вікторыя, яе мама ўзначальвае ідэалагічны аддзел райвыканкаму. Так нашы чыноўнікі, яшчэ і не апёкшыся на малацэ, на воду загадзя дзьмуць.

Старшыня рады Пружанскай арганізацыі

ГА ТБМ, адказны за правядзенне навагодняга мерапрыемства для дзяцей

Тарэса Жэгалава.


Як захаваць здароўе на доўгія гады

(З уласнага досведу)

Як лячыцца пабеларуску?

Свае думкі на гэты кошт выклаў у кніжаццы "Крамянёўка" знаны змагар за беларускую мову Алесь Белакоз. Фрагменты з гэтай працы прапануем нашым чытачам.

Дарагі дружа!

Ты, як і я ў 1986 годзе, у роспачы: не хочацца паміраць, а раку пакуль наша медыцына вылечваць не ўмее. Страшнае і тое, што смерць ад раку цяжкая. Я нават хацеў адмовіцца ад яды: смерць ад голаду лягчэйшая. А потым падумаў, што калі Бог стварыў гэтую страшную хваробу, то стварыў і лек ад яе. Бяда ў тым, што медыцына пакуль не знайшла гэтага цудадзейнага сродку. Калі мы ўсе не будзем ісці пратаптанай сцежкай: аперацыя, апраменьванне, хімія, смерць, а будзем шукаць новых метадаў лячэння, то, напэўна, знойдзем іх. Я перапробаваў каля дзесятка розных спосабаў лячэння, але палёгку адчуваў толькі ад лячэння меддзю, крамянёвай вадой і свіной жоўцю. Гэты метад даў мне магчымасць пражыць яшчэ 24 гады. Працаваў я дырэктарам Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна краязнаўчага музея аж да 2004 года. Асабліва цяжкім для мяне быў 2005 год, калі паламаў хворую нагу, з якой пачыналася захворванне, бо пад гіпс не мог класці медныя пласцінкі, якія да гэтага стрымлівалі захворванне, змяншалі колькасць ракавых клетак. Довялося датэрмінова здымаць гіпс. Цяпер пайшоў мне 83ці год. Адчуваю сябе даволі добра: пакрысе кашу, выкідаю гной з хлява, даглядаю свіней і раблю іншую хатнюю лёгкую працу: пры ракавым захворванні працяглая і цяжкая фізічная праца шкодзіць. Працую на кампутары. Выдаў адну кнігу, рыхтую да набору другую, выдаў 16-ы і 17-ы нумары часопіса "Праменьчык", а гэта кнігі фармату большага за энцыклапедыі, а па аб'ёму 908897 старонак, пачаў працу над выданнем 18га нумара "Праменчыка". Да мяне часта прыязджаюць сваякі, сябры, іншыя беларускія патрыёты: жыву цікавым і змястоўным жыццём. Запланаванай працы мне хопіць на гадоў 40. Вядома, усяго гэтага скончыць не паспею, але дзякую Богу за тое, што падараваў мне гэтыя 24 гады, за якія ўдалося зрабіць вельмі многа.

Дарагі дружа, я выклаў табе шмат парад. Вывучы іх уважліва, зрабі шмат ксеракопіяў, дай сваім сябрам па хваробе. Старайся тварыць дабро. Рабі гэта бясплатна, без падарункаў, бо там, дзе грошы, няма праўды, дапамагай нават заклятым ворагам, бо дабрыня нараджае дабро. Калі ўсё ж рашыўся рабіць аперацыю, ды апраменьванне, ды хімію, то пра медзь, і крамянёўку, ды жоўць не забывайся, бо яны выратуюць цябе ад смерці. Калі будуць пытанні, то пішы, тэлефануй. Абавязкова давай мой нумар тэлефона і адрас. У мяне вялікая перапіска, таму адказваць усім не паспяваю. Тэлефанаваць мне можна ад пяці гадзін раніцы да 24 гадзін.

Мой адрас: пошта Гудзевічы, Мастоўскага раёна, Гродзенскай вобл. 231626, Белакоз Алесь Мікалаевіч.

Нумар тэлефона 38787, нумар мабільнага тэлефона 8855223, МТС.

Выдатнік народнай асветы, заслужаны работнік культуры, кавалер медаля Францыска Скарыны і інш.

Алесь Белакоз.

Пяць разоў навуковая медыцына прысудзіла мяне да смерці. Першы раз гэта здарылася ў 1929 годзе, калі мой брат і я захварэлі на халярыну, брат памёр, а я выжыў. Мы блізнюкі. Жылі ў вельмі цяжкіх умовах, бо зіма 1928 года была надзвычай суровая: мароз ціснуў больш за 40 градусаў. Сцены глінянай хаты ўвесь час былі пакрыты лёдам. Палілі печ круглыя суткі. Лёд зверху раставаў, а знізу ад сцяны нарастаў новы. У гэтай халадэчы трэба было матулі даглядаць свіней, даіць карову, варыць, прыбіраць, даглядаць дзвух маленькіх дачушак і нас. Брат быў прыгожы, дужы, вялікі, а я нават плакаць не мог, то толькі папіскваў, як кацянятка. Усе вырашылі, што не выжыву, то калі матуля купала нас, першым выцірала ды адзявала браціка, а мяне пасля. I карміла першым Міколку. Калі мы цяжка захварэлі, то да лекара павезлі толькі Міколку, які ў дарозе памёр, а я і без лекара павінен быў памерці, бо ледзь дыхаў. I хоць мясцовы лекар запэўніў бацькоў, што я не выжыву, аднак я, загартаваны голадам ды холадам, выжыў. У 1936 годзе лекар Фішман аб'явіў, што ў мяне сухоты (туберкулёз), якія тады не вылечваліся, я год не хадзіў да школы, чакаў, калі памру, але і на гэты раз выжыў.

У 1938 годзе вельмі цяжка захварэў на водру, (відаць, адзёр, рэд.)пачала ісці з носа кроў, якая не спынялася. Лекары сказалі, што памру, бо яны спыніць крыві не могуць. Я гэта чуў, але так аслабеў, што мяне смерць зусім не пужала. Матуля вылечыла народнымі сродкамі. У 1976 годзе па віне мастоўскіх лекараў набыў дысбактэрыёз, з якім быў у Есентуках, у Трускаўцы, у Друскеніках. Усюды сказалі, што гэтая хвароба не вылечваецца, а канчаецца смерцю. Зноў дапамагла крамянёвачка. У 1986 годзе мне аб'явілі, што маю рак у апошняй стадыі і што ампутаваць хворую нагу нельга, бо метастазы пайшлі па ўсім целе. У інстытуце анкалогіі ў Менску аб'явілі, што калі мне не ампутуюць нагі і не выдаляць гуз з ілба, то я памру праз два месяцы. Я вырашыў сам лячыцца, і хоць маю рак нагі, кішэчніка, галоўнага мозга, жыву і працую фізічна і разумова ды адчуваю сябе шчаслівым чалавекам, на колькі дазваляе наш страшны час, калі забіваецца беларуская мова, а, значыць, і народ. Цяпер быць шчаслівым грэх.

Што ж патрзбна, каб доўга жыць ды працаваць? Есці простую сялянскую ежу, якую елі нашы бацькі ды дзяды: капусту, буракі, шчаўе, крупнік, зацірку, гарох, фасолю з куцёю, расольнік, бульбу, моркву, памідорчыкі, гурочкі, яблычкі, грушкі, сліўкі, вішанькі, чарнічкі, сунічкі, малінкі, хлеб, малако, масла, мяса, сала, крапіву, лебяду, салату і многае іншае. Я, напрыклад, тры разы за дзень ем, акрамя ўсяго іншага, мяса, сала, без якога не сядаю за стол. Мой цесць еў тлушч сталовымі лыжкамі і закусваў скваркамі ці сырым салам і памёр у 90 гадовым узросце. Цёшча жыве 100ы год і добра сябе адчувае, бо, як і мы, харчуецца простай сялянскай ежай. Вядома, мы любім і кілбасу, і паляндвіцу, і катлеты, і калдуны, і варанае мяса, і варэнікі, і наліснікі, і сырнікі, і хрусты, і пончыкі, і торты, і бісквіты, але ўсё гэта ўжываем, як і бацькі нашы, у абмежаванай колькасці. I цяпер даглядаем свіней, курэй, агарод. Стараемся па магчымасці працаваць фізічна і разумова хоць па 68 гадзін за суткі. Гэта вельмі патрэбна чалавеку: без працы чалавек гіне. I трэба не бегаць, не падымаць гіры ці гантэлі, а выконваць карысную працу, напрыклад, у горадзе памыць пляцоўку на сваім паверсе, сходы, дапамагчы дворніку пачысціць снег, падмесці двор, на працу хадзіць пехатой і інш.

Мне былая мая вучаніца, прафесар, кажа, што як яна будзе замятаць двор, то гэтага суседзі не зразумеюць. Няхай не разумеюць гэта іхні клопат. Ад выканання карыснай працы чалавек атрымлівае задавальненне, а беганне, гантэлі непатрэбны клопат.

У 1969 годзе я пачуў па радыё выступленне лекара прафесара, што мужчына да сарака, а пасля трэба берагчыся: без зімовага паліто не выходзіць з хаты, адзяваць шалік, абуваць чаравікі на футры. Я меў 41 год і паслухаў прафесара: купіў зімовае паліто, шалік, чэшскія чаравікі на футры і пачаў берагчыся. Аднак хутка заўважыў, што калі хоць крыху захаладжуся, то адразу набываю прастуду. Закінуў я на гарышча цёплае паліто, чаравікі на футры і пачаў нават у мароз ды вецер упраўляцца па гаспадарцы без шапкі, толькі ў пінжачку ці нават у адной кашулі. Прастуды пачалі абмінаць мяне. Вядома, маржаванне, абліванне халоднай вадой гэта выдатна, але нават кароткае ахалоджванне загартоўвае арганізм. Калі вы выбіраецеся на некалькі гадзін, то тут патрэбна і зімовае паліто, і шалік. Ногі трэба загартоўваць: я калісьці вельмі баяўся холаду ў ногі. Нават купіў сабе электрычны бот, каб, правяраючы вучнёўскія сшыткі, грэць ногі. Але, калі ў мяне на назе з'явілася ракавая пухліна, то нага пачала гарэць, як у агні. Я яе заўсёды трымаю ў холадзе. Круглы год хаджу па хаце толькі ў шкарпэтках. I гэта дало станоўчыя вынікі. Цяпер, калі нават таўку на дварэ бульбу свінкам, то стаю на лёдзе ў шкарпэтках, і гэта мне вельмі прыемна, калі сплю, то ногі заўсёды высоўваю зпад коўдры. Цяпер, на 83м годзе жыцця, імкнуся ахалоджвацца без верхняй вопраткі. Халаднавата, але прыемна.

I ўсё ж у старога чалавека імунітэт не той. Часам прастуджваюся, то не чакаю, каб пачалося запаленне лёгкіх. А як толькі пачынаю чхаць, знішчаю прастуду. А як?

22 гады мне вельмі вынікова дапамагала медзь. Я лічу, што прастудныя вірусы мае кожны чалавек свае, родныя. Калі чалавек моцна пераахаладзіўся, то і імунітэт зніжаецца, і бактэрыі пачынаюць размнажацца. Калі з імі змагацца ўвесь час адзіным сродкам, то яны да гэтага леку прызвычайваюцца і ад яго не гінуць.

Вылечваў я прастуду меднымі спіралькамі: браў тонкі медны дроцік, рэзаў яго звычайнымі нажніцамі на кавалкі, даўжыня якіх складала 2030 см, перад разрэзваннем дроцік высморгваў наждачнай паперай, каб ён блішчэў, як залаты. Кожны кавалачак наматваў на аловак ці шарыкавую ручку. Атрымліваліся медныя спружынкі. Капі толькі я адчуваў, што пачынаецца чханне ці насмарк, тут жа, нават ноччу, у ноздры закладаў гэтыя спружынкі, якіх зусім не адчуваеш, якіх ніхто не бачыць. Праз гадзін 56 ты ўжо здаровы. Выкырыстаныя спіралькі набывалі чорны колер. Так працягвалася 21 год, а вось ўжо трэці год мае бактэрыі прыстасаваліся да медзі і спіралькі не чарнеюць, значыць і не дапамагаюць. Цяпер я з прастудай змагаюся крамянёвай вадой. Паступова мае родныя бактэрыі прызвычаяцца і да крамянёўкі. Тады буду пырскаць у ноздры салёную вадзічку, кажуць, дапамагае, паспрабую настой часныку на гарэлцы, і г.д. У мяне ўжо 12 гадоў катаракта левага вока. Вочы мае свярбелі, здаваліся затрушанымі. Лекі, прыпісаныя акулістамі, не дапамагалі, то я ўзяў пластыкавую бутэльку ад піва, у корку напаленай на гарэлцы газавай пліты графкай ці голкай прапальваў адтулінку, наліваў у бутэльку настоенай крамянёвай вады, укідаў адзін ці некалькі краменьчыкаў, ставіў бутэльку каля задняй сценкі газавай пліты, ранкам пырскаў у вочы вадзіцу, лёгка націскаючы на сценкі бутэлькі, тады другой фалангай вялікаг,а пальца, яна самая чыстая, праціраў вока. Так паўтараю сем або і больш разоў запар. Гэтага дастаткова, каб катаракта супакоілася. Калі я адчуваў, што прастудзіўся, то крамянёвачку з гэтай жа бутэлькі пырскаў у адну ноздру, прыкрыўшы пальцам другую і ўцягваючы паветра ў сябе, а пасля ў другую. Насмарк праходзіць. Думаю, што гадоў праз тры крамянёўка перастане дапамагаць ад прастуды. Тады перайду зноў на медныя спіралькі ці пачну пырскаць у ноздры настой часныку, а не чакаць, калі пачнецца запаленне лёгкіх: прастуда спрычыняецца да пачатку больш за сто цяжкіх захворванняў, значыць, нельга дапускаць да насмарку, да кашлю, да запалення лёгкіх.

Я ўжо 16 гадоў не быў у лекараў, бо яны мне моцна нашкодзілі ў жыцці. Мастоўскі хірург Сідарчук два месяцы праз кожныя дзве гадзіны круглыя суткі загадваў даваць мне ўколы антыбіётыкаў без патрзбы на гэта, хоць я ўцёк ад такога лячэння ў бальнічным адзенні, бо мяне не выпускалі з гэтай пасткі, аднак захварэў на дысбактэрыёз і амаль не памёр: выратавала крамянёўка. Лечачы мой хранічны фарынгіт, лекар загадаў мне жменямі есці стрэптацыд. Я ведаў, што такое лячэнне скончыцца анкалагічным захворваннем, то не выконваў ягоных парад, а вылечыў фарынгіт крамянёвачкай. Гемарой лячылі дактары свечамі, а пасля загадалі рабіць аперацыю. Я ведаў, чым можа скончыцца такая аперацыя, і вылечыў гемарой крамянёвачкай. У інстытуце анкалогіі, у Бараўлянах, мне захацелі ампутаваць правую нагу і выдаліць анкалагічны гуз з ілба. Я адмовіўся ад такога калецтва, і хоць лекары інстытута абяцалі, што памру праз два месяцы, жыву з ракам 24 гады. Лячуся меддзю, свіной жоўцю ды крамянёвачкай. Хоць жыву дзевяты дзесятак, але яшчэ стараюся кожны дзень працаваць хоць гадзін чатыры фізічна, ды яшчэ гадзін пяць разумова. Гэта дапамагае мне заставацца ў належнай форме і дае многа добрых эмоцыяў. Не магла навуковая медыцына мяне вылечыць ад пятачнай шпоры, а народная і тут дапамагла. Не ўмелі дактары вылечыць сверб нагі. Казалі, што гэта старэчы сверб, які не вылечваецца, але крамянёвачка дапамагла і тут. Я хворае месца змочваю крамянёвачкай, тады добра выціраю ручніком і зноў змочваю, ужо не выціраючы. Дапамагае. Добра дапамагае і змазванне хворага месца салідолам, але ад яго непрыемны пах, таму я гэтым спосабам не карыстаюся. Было ў валасах шмат кошасці. Лекар параіў шампунь. Памыў з шампунню, валасы пачалі вылазіць разам са скурай Паспрабаваў пасля мыцця галавы змочваць валасы крамянёўкай. Кошасць прапала, а валасы набылі шаўкавістасць, прыгожы бляск. Важна, што мае лекі амаль нічога не каштуюць, бо ў пенсіянераў няма лішніх грошай.

У 1986 годзе ў Гародні апраменьвалі мне на падэшве ступні нагі анкалагічны гуз. Спалілі здаровае месца так, што і цяпер, праз 24 гады на падэшве правай нагі рана, якая ніколі не гоіцца. Я на яе ўвесь час наступаю, а яна расціраецца, баліць. Па 24 разы за суткі прамываю яе крамянёўкай. Дапамагае, засцерагае ад гангрэны, змяншае боль. Гуз я на ілбе выдаліў меддзю, а рана на назе засталася. Медыцына зноў "дапамагла".

Як я мучыўся з атытам! Літаральна паміраў. Пачаў закапваць ў хворае вуха цеплаватую крамянёўку праз хвілін 10 здаровы. З зубоў камень у стаматалогіі здымаў кожны год па два разы, а капі пачаў піць крамянёўку, то камень сам зваліўся з зубоў. У сябра пачала часта і працягла ісці кроў з носа па некалькі гадзін запар. Лекары дапамагчы не здолелі. Пачаў піць крамянёўку за два гады кроў ні разу не паказалася. Нават свішч афганец і ў Маскве не мог вылечыць. Пачаў піць крамянёўку, прыкладаць тампоны з крамянёўкі за тры тыдні свішч знік. Несцяровіч з Ваўкавыска распавядае: солі адолелі, што нават па пакоі не мог прайсці. Год папіў крамянёўкі па паўтара літры за суткі выйшаў на працу, а быў інвалідам другой групы.

Для прафілактыкі ўсім людзям, нават дзеткам, трэба піць крамянёўку і да вас не падступяцца ні інфаркт, ні інсульт, ні солі, ні астма, ні гемарой, крыху знізіцца ціск, знікнуць болі галавы, страўнікава кішэчнага тракту, печані, нырак.

Хацелася б яшчэ вярнуцца да прастудаў, бо яны пераходзяць у больш за сотню цяжкіх захворванняў. Нельга вельмі берагчыся ад холаду, але калі вы перагрэліся, спацелі, то трэба або даць арганізму невялікія фізічныя нагрузкі, каб паступова ахаладзіцца, ці цёпла адзецца, нават ў хаце, не дапускаць, каб вас страсянула, каб вы адчулі холад.

Вельмі многія цяжкія захворванні вылечвае медзь, але пра гэта ў іншым артыкуле.

Самае галоўнае парады лекараў успрымаць крытычна: сачыць, ці лек не шкодзіць, ці дапамагае. У мяне ў выніку падзення на руцэ з'явіўся тромб. Лекар прыпісаў такія ўколы, што пасля першага ледзь ноч перажыў, а пасля другога я амаль паміраў. Ведаю, што пры тромбе нельга рабіць масаж хворага месца, але ратунку не было. Масаж дапамог, а ад уколаў і ад шпрыцоў, за якія заплаціў, я адмовіўся: здароўе даражэй за грошы.

Што ж патрэбна для таго, каб быць здаровым і доўга жыць?

1. Не берагчыся, старацца часта, але непрацягла ахалоджвацца.

2. Працаваць фізічна і разумова хоць па сем гадзін за суткі.

3. Есці спрадвечную беларускую ежу. Не пераядаць.

4. Піць хоць па паўтара літра крамянёвай вады за суткі: яна ўмацуе Вашу імунную сістэму, кравяносныя сасуды, папярэдзіць многія захворванні, нават рак.

Алесь Белакоз


Светлыя лініі Віцебскіх храмаў

Адкрыццё 10га сезона вандровак Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў пачалося дакрананнем да адноўленых святыняў старажытнага Віцебска.

Як распавёў навуковец, краязнаўца і экскурсавод Антось Астаповіч, вандроўкі пачаліся ў 2002 годдзе з дзейнасці незарэгістраванай суполкі "Беларускі шлях". Падарожжы працягваюцца ў рамках агульнанацыянальнай кампаніі "Будзьма беларусамі".

У Віцебску падарожнікі агледзілі касцёл Св. Барбары, Дабрававешчанскую царкву 12га стагоддя, на высокім пагорку над ракой пабачылі велічны СвятаУспенскі сабор. Залюбаваліся цудам адноўленай СвятаВаскрасенскай царквы, якая была пабудавана ў стылі барока ў 18тым стагоддзі і адноўлена ў 90тыя гады.

У будынку ратушы 18га стагоддзя госці са сталіцы наведалі экспазіцыю абласнога гістарычнакраязнаўчага музея.

Спецыяліст Ксенія Васільеўна Дружкова распавяла аб старажытных традыцыях крывічоў, аб рарытэтных знаходках. Да душы блізкім быў аповед аб тым, як скандынаўская дзяўчына Хельга, (а затым кіеўская княгіня Вольга) прычаліла да гэтых берагоў на сваёй ладдзі і заснавала паселішча.

Пабачыць на свае вочы плінфы з роспісамі часоў Ефрасінні Полацкай, адчуць майстэрства разбяроў з косці, непаўторныя вырабы кавалёў, пабачыць рогі тураў і біўні мамантаў, знойдзеныя ў мясцовых кар'ерах, было надзвычай захапляльна.

Чатыры ракі Дзвіна і Віцьба, Лучоса і Лужаснянка ствараюць маляўнічы ландшафт ваколіцаў Віцебска. У мінулым казалі, што ў Дзвіны берагі срэбныя, а дно залатое, маючы на ўвазе багацце рыбы, самоў і шчупакоў у метр даўжынёй.

Мастак Ілля Рэпін, які, аб'ехаўшы ўсю Еўропу, жыў і працаваў у Здраўнёве, пісаў: " Віцебск падобны на Таледа". А Марк Шагал называў родны горад сваім маленькім Парыжам.

Вандроўнікі завіталі ў доммузей Шагала. Гасцей кранулі рарытэтныя фатаздымкі сям'і мастака маладога Марка і Бэлы Разенфельд, іх дачкі Іды.

Закаханыя над Віцебскам сюжэты шэрагу карцін адпавядаюць духу горада: узнёсласці, светласці, нябеснасці, рамантызму. Горад жывапісцаў Іегуды Пэна, Мсціслава Дабужныскага, Хаіма Суціна, Леаніда Шчамялёва захоўвае свае традыцыі.

Пілігрымкі да святыняў, паглыбленне ў гісторыю, з'яўляюцца найлепшым сродкам умацавання духу, сведчаннем трываласці і нязломнасці беларускага характару.

Як сведчыць найноўшая гісторыя, прайшло ад 40 да 60ці гадоў паміж зруйнаваннем і адбудовай нанава гістарычнакультурных помнікаў, шэдэўраў беларускага дойлідства, якія нясуць вобраз вытанчанага, адухоўленага хараства. Гэтыя факты селяць спадзяванне, што не марная праца тых, хто сёння адстойвае беларушчыну.

Э. Дзвінская.


Працяг музычнай бібліяграфіі

Зміцер Вайцюшкевіч: "Беларускае слова ад спеву", Мн., 2010, "Кнігазбор", стар. 1212.

Цяпер цяжка паверыць, што быў час, як у вялікай краіне на 1/6 частку сушы зусім не было ніякай літаратуры па пытаннях заўжды папулярнай маскультуры. А калі наіўны маладняк накшталт мяне з А. Мяльгуем паспрабавалі запоўніць гэты прабел, дык выдаўцоў для нашай кнігі "Праз рокпрызму" (1988) давялося шукаць ажно ў ЗША. Затое цяпер наш новы ўнушальны том "222 альбомы беларускага року" (2006) не толькі пайшоў на трэці тыраж, але і мае вартасных паслядоўнікаў, якіх нам самім цікава пачытаць: гэта і кніга Змітра Сасноўскага "Гісторыя беларускай музычнай культуры ад старажытнасці да канца XVIII ст." (2010), і том Яраша Малішэўскага ды Аксаны Спрынчан пра народныя інструменты (2010), ісапраўдныя персанальныя маскультэнцыклапедыі "Іх МРОЯ, іх N.R.M." Віктара Дзятліковіча (2005), "Беларускае слова ад спеву" зборнага калектыва аўтараў пра спевака Змітра Вайцюшкевіча і яго эпоху (2010). Пра апошняе выданне, якое, толькі з'явіўшыся, яшчэ чакае прэзентацыі, сёння і пагаворам.

Ініцыятарам праекту стала журналістка Эла Оліна, якая пад псеўданімам Дзвінская выступае з артыкуламі на тэмы беларускай культуры ў штотыднёвіках "Новы час", "Наша слова". Большасць ейных тэкстаў пра Вайцюшкевіча, пра ягоных родных і блізкіх, пра калегаў па сцэне, пра куміраў маладосці ды сучасных паплечнікаў і склала змест кнігі: тут ёсць гутаркі з самім Змітром, спеваком, кампазітарам, мультыінструменталістам; ёсць партрэты паўнавартасных суаўтараў ягоных песень паэтаў Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Някляева, Генадзя Бураўкіна...

У канцэптуальным аналізе папулярных альбомаў артыста мэнаджар Э. Дзвінская, праўда, вырашыла абаперціся і на дасведчаную думку папярэднікаў, сярод якіх прыемна было адшукаць і нашыя з А. Мяльгуем тэксты. А часам спадарыня Дзвінская ўмела ўключае нашыя высновы ў свае ўласныя аналітычныя абагульненні: "Вельмі важным этапам у творчасці Вайцюшкевіча стаў цыкл песень на вершы Барадуліна. Гэта сур'ёзная кампазіцыйная праца, выдадзеная ў альбоме "Паравоз кахання" (2004), у якой, як заўважана ў кнізе Мартыненкі і Мяльгуя "222 альбомы", артыст акурат і прываблівае сваім імкненнем да высокай паэзіі, ствараючы не шлягеры з моднымі тэкстоўкамі, а чуллівыя асэнсаванні паэтычнага вобразу".

Нягледзячы на выразнага адзінадумцу, не магу не папракнуць калегу і за пэўныя стылістычныя агрэхі ейнай працы, калі зацікаўленыя, асэнсаваныя тэксты часам перасыпаны варварызмамі ("хадзьба" замест "хада", "табурэтка" замест "зэдлік", "за грыбамі" замест "па грыбы"), але заўвага тут і да выдавецтва, дзе, відаць, няма надта пільнай рэдактуры. Пра гэта сведчыць і валюнтарысцкае (не навуковае) вырашэнне пэўных спрэчных момантаў. Напрыклад, як правільна напісаць родны склон у імені артыста Змітра ці Зміцера? У тэксце былі розныя варыянты гапісання, дык карэктура нават не прыгадвала правіла пра беглыя галосныя, а большасцю галасоў прагаласавала за Зміцера. Дык вось у мяне цяпер пытанне: ці адбудзецца канцэрт Зміцера без вецера? Ці Змітра без ветру? І паводле якога правіла аднолькавая канструкцыя слоў дае розныя варыянты склонаў Зміцер, вецер? Вось да чаго даводзяць бальшавісцкае галасаванне ў пытаннях філалогіі. А правіла ж такое: Слуцак, але ў Слуцку; Полацак, але ў Полацку; Зміцер, але ў Змітра; вецер, але ад ветру. І ніякіх галасаванняў!

Зрэшты, гэта не надта будзе замінаць зайцікаўленаму чытачу, які зможа даведацца не толькі пра самога Змітра, зорку ўсё ж выразна першага эшалону нашага шоўбізу, але і пра ягоных бельгійскіх сваякоў, пра сусветныя радаводы ягонай жонкі, пра жывапісныя родныя мясціны, дзе быў заснаваны ў ХІХ ст. буйнейшы беларускі шклозавод.

Вельмі прывабным момантам кнігі стане і даведачная інфармацыя, якая ўключае кароткую бібліяграфію і поўную дыскаграфію Змітра Вайцюшкевіча і ўсіх праектаў з ягоным удзелам ("Палац", "Kriwi", "Ur'ia", "WZO", "Народны альбом", "Святы вечар", "Я нарадзіўся тут"), падборку выбраных найпапулярнейшых тэкстаў як з беларускіх, гэтак і з японскіх, італьянскіх рэлізаў. У кнізе знойдзеце і нямала гістарычных здымкаў артыста з канцэртаў у Варшаве, Парыжы, Берліне, у беларускіх гарадах і мястэчках.

Варта дадаць, што кніга, назву якой даў радок з верша Рыгора Барадуліна, выйшла ў двух варыянтах з цвёрдым і мягкім ламінаваным пераплётам. А галоўная ейная вартасць яна лёгка і хутка чытаецца.

Вітаўт МAРТЫНЕНКА


Антоні Гарэцкі: забыты паэт

Антоні Гарэцкі (1787-1861) - паэт, удзельнік напалеонаўскіх войнаў і паўстання 1831 г. жыў і тварыў на Віленшчыне. Ён нарадзіўся ў Вільні ў сям'і войскага Валенты Гарэцкага (маці - Ганна з Рэвутаў). Валенты Гарэцкі (сын Каспара і праўнук Міхала, хелменскага гарадскага суддзі) належаў да заможнага шляхецкага (з пачатку XV ст.) роду герба Даленга.

Антон быў чацвёртым дзіцём у сям'і. Ён меў старэйшых сясцёр - Ружу (у першым шлюбе жонка Тадэвуша Высагерда, у другім - Людвіга Замбржуйскага) і Схаластыку (жонка Мельхіёра Ваньковіча, маці Валенты Ваньковіча, слыннага партрэтыста), а так сама брата Юзафа. Пра малодшага сына Ганны Гарэцкай, Мараўскі пісаў: "Антоні, малодшы з тварам брыдкім як смяротны грэх, але ... наймілейшы чалавек, які гледзячы у люстэрка сам сабе "чыстым жыдком" называў..." (S. Morawski, Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie, Warszawa 1959, S.68.). Сучаснікі пісалі пра яго як пра чалавека паважнага але ўразлівага і прыязнага да людзей.

Атрымаўшы неабходныя для вышэйшай адукацыі веды ад хатніх настаўнікаў, Антоні Гарэцкі ў 1802 г. паступіў на філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Пад час студыяў пазнаёміўся і пасябраваў з будучым слынным гісторыкам і палітыкам Лелевелем. У 1805 г. калі быў закончаны ўніверсітэт, стаў відочным літаратурны талент Гарэцкага. Дэбютам, надрукаваным ў "Дзённіку Віленскім", стаў яго пераклад першай элегіі Тыбула (Antoni Gorecki, Przeklad elegii I Tybulla, "Dziennik Wilenski", 1805, t. II, s. 105-109).

У 19 гадоў Антоні пераязджае ў Княства Варшаўскае і пачынае вайсковую службу ў 3-цім палку пяхоты якім камандаваў Калікст Закржэўскі, потым служыў у 11 і 15 палках, стаў афіцэрам. У войску працягваў пісаць вершы. Каратынскі (L. S. Korotynski, Poeci-legionisci. Warszawa 1907, s. 84) пісаў: "Вайціцкі піша пра яго ў адной з сваіх мемуарных прац: "Найболей тварыў пры фартыфікацыйных работах у Модліне, куды быў накіраваны для нагляду за гэтымі работамі. Седзячы на насыпаных высокіх валах, паглядаючы то на блакітныя воды Нарава, то на белыя воды Віслы, якія тут злучаюцца, запісваў на паперы свае уражанні і пачуцці".

Падчас кампаніі 1812 г. Гарэцкі быў ад'ютантам генерала Станіслава Мелжынскага і атрымаў вядомасць сваімі "абознымі песнямі". Прыняў удзел і бітвах пад Смаленскам, Мажайскам, Таруцінам. Пасля бітвы пад Мажайскам, 11 кастрычніка, Напалеон зрабіў яго кавалерам Ордэна Ганаровага легіёна.

Параза французскіх войскаў на доўгія гады пакінула смутак у душы паэта, у 1818 г. ён апублікаваў у "Тыгодніку Польскім" верш пад назвай "Бітва пад Беразіной" у якім выражаў свае расчараванне і жаль з гэтай нагоды.

У 1815 г. у чыне капітана Антоні звальняецца з войска і пасяляецца ў радзінным маёнтку Дусянента на рэчцы Рудамінка пад Вільняй. Аднак паэт меў яшчэ адзін радзінны маёнтак - Біскупцы ў Лідскім павеце дзе жыў працяглы час. Паўстанец 1863 г. Мірон Браніслаў Нарбут пісаў ў сваіх мемуарах "Ліда і лідзяне": "Лідскі павет меў людзей, якія займалі не апошняе месца ў гісторыі айчыннай літаратуры: ... паэта Антонія Гарэцкага ... знакамітым талентам мастака вылучаўся заўчасна памёрлы сын Антона Гарэцкага, які пакінуў ўдаву Марыю, дачку нашага бессмяротнага паэта Адама Міцкевіча" (Zіemіa Lіdzka. 1997. № 26-27.). А лідскі гісторык і краязнавец А. Гржымайла-Прыбытка ў кнізе "Кароткі турыстычны даведнік па Лідскаму і Шчучынскаму паветах" напісаў: "... таксама ў Лідскім павеце неабходна наведаць маёнтак Біскупцы, які у свой час быў маёмасцю і месцам жыхарства паэта Антонія Гарэцкага, аўтара баек, удзельніка Напалеонаўскіх войнаў і лістападаўскага паўстання" (Antoni Grzymała-Przybytko. Krótki przewodnik turystyczny po powiatach Lidzkim i Szczuczyńskim. Lida. 1936. S.30.).

Таму замоўчваць імя Антонія Гарэцкага, як прадстаўніка беларускай польскамоўнай літаратуры ХІХ стагоддзя неправамерна..

У 1815-18 гг. Гарэцкі шмат вандруе па Еўропе. Маладога паэта і напалеонаўскага афіцэра з задавальненнем запрашалі у арыстакратычныя салоны Варшавы, Вены, Вільні, ён удзельнічаў у шматлікіх балях і пазнаёміўся з вялікай колькасцю людзей. "Гарэцкі, дзіўна непрыгожы, надзвычай любіў пекных жанчын. З першай сустрэчы заінтрыгавала яго вельмі прыгожая Веляпольская, размаўляючы, ён ад вялікага хвалявання пачаў заікацца. Панна Веляпольская адказала яму смехам" - пісаў Станіслаў Мараўскі ва успамінах маладосці. На што абражаны паэт запісаў ёй у альбом:


У тых вершах вечная памяць

пра дзве хібы застанецца.

Я заікнуўся,

а пані з мяне смяецца.

І скажу нашчадкам,

робячы параўнанне,

Што вінавата тут прырода,

а там дрэннае выхаванне

(Пераклад С. Судніка.)


Аднак паводле Юзафа Фальскоўскага "гэта была не панна, а пані Яна Веляпольская, з дому Патуліцкіх, жанчына дасціпная і разумная". Яна адказала Гарэцкаму, даслаўшы яму ў Вену верш:


Памылка, хоць і дасціпная,

ёсць мудрых прызнанне,

Што смех - плод прыроды,

як і заіканне.

А хто смеху над слабай

плоццю баіцца,

Той добрым выхаваннем

не можа пахваліцца.

(Пераклад С. Судніка.)

(S. Morawski, Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie, Warszawa 1959. S. 458. 593-594. )


Паэт працягваў пісаць ваенныя вершы і палітычныя байкі, друкаваўся ў віленскіх (Dziennik Wileński, Wiadomości Brukowe) і варшаўскіх выданнях (Pamietnik Warszawski, Tygodnik Polski i Zagraniczny). 8 чэрвеня 1818 г. Антоні Гарэцкі быў прыняты ў сябры Таварыства шубраўцаў у Вільні. Згодна са статутам таварыства ён атрымаў псеўданім на падставе літоўскай міфалогіі Варпу (Warpu), бажка вайсковай пабудкі. (Jolanta Orlowska. Gorecki Antoni (1787-1861). Zolnierz czy poeta? // Nasz Czas. № 32 (521) 2001.).

У 1818 г. Гарэцкі ажаніўся з Веранікай Эйдзятовіч, дачкой землеўладальніка з Аўгустоўскага ваяводства. Відочна яна была вельмі прыгожай жанчынай, бо Станіслаў Мараўскі называў яе "Рафаэлевай мадоннай". Маладая сям'я пасялілася ў Дусянетах, паэт часта бывай ў Вільні, наведваў Варшаву. 5 траўня 1825 г. нарадзіўся першы сын Тадэвуш, потым нарадзіліся сын Людвік і дочкі Ружа, Каміла і Ганна. Дом Гарэцкіх заўжды быў адчынены для гасцей, гаспадары часта ладзілі так званыя "вясёлыя абеды" пра якія ведала ўся Вільня, і на якія збіраліся "вяршкі" віленскай інтэлігенцыі. Паэт любіў імправізаваць пры стале для гасцей, напрыклад:


Вінцо - дарагі дар неба,

Але паводзься асцярожна -

Пры вінцы маўчаць не можна,

А сёння маўчаць трэба.

(Пераклад С. Судніка.)

(Jolanta Orlowska. Gorecki Antoni (1787-1861). Zolnierz czy poeta? // Nasz Czas. № 32 (521) 2001.).


Падчас справы філаматаў менавіта ў Гарэцкіх адбываліся нарады з мэтай дапамогі студэнтам, збіраліся грошы. Жонка паэта - Вераніка Гарэцкая называлася паліцыяй сярод галоўных завадатараў збору грошай рэпрэсаваным студэнтам (Jerzy Borowczyk. Rekonstrukcja procesu filomatow i filaretow 1823 - 1824. 2003. Poznan. S.723.).

Папулярнасць паэта расла, выдаваліся яго кнігі, ягоныя вершы хадзілі ў рукапісах. А за патрыятычную байку пра фурмана, Гарэцкі быў нават на нейкі час арыштаваны ў Варшаве Вялікім князем Канстанцінам.

Напры канцы студзеня 1831 г. з ініцыятывы Лелявеля у Вільні паўстаў Цэнтральны Віленскі Камітэт, які павінен быў арганізаваць і узначаліць паўстанне на Літве. У склад камітэта увайшлі Антоні Гарэцкі, Станіслаў Шумскі, Людвік Забржыцкі, Эдвард Ромер, Юстын Грабніцкі, Міхал Балінскі і Леан Рагалінскі.

Антоні Гарэцкі, як былы вайсковец, пры Камітэце выконваў абавязкі начальніка штаба. Ён удзельнічаў у баях пад Вількамірам і Тэльшамі, а перад канцом паўстання быў пасланы з дыпламатычнай місіяй у Швецыю, Англію і Францыю. Пры вяртанні, быў ледзь не арыштаваны ў Шчэціне але з дапамогай капітана англійскага карабля "Пенелопа" Вільгельма Рамсдэна яму удалося ўцячы. Потым англійскаму капітану паэт прысвяціў адзін са сваіх вершаў. На пачатку жніўня Гарэцкі разам з Міцкевічам ужо быў у Дрэздэне. Міцкевічу, як сябру па выгнанні 1831 г., таксама прысвечаны адзін з ягоных вершаў.

На радзіму паэт ужо не вярнуўся. Маёмасць яго была канфіскавана ўладамі (напрыклад, лідскі маёнтак Біскупцы секвестраваны ў 1833 г.). Вераніка Гарэцкая, жонка паэта, засталася адна. Шмат гадоў, гадуючы дзяцей, яна магла разлічваць толькі на сябе.

Пасля Дрэздана, Гарэцкі перабраўся ў Парыж. Хутка ў Парыж прыехаў генерал Юзаф Двярніцкі які карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод эмігрантаў. Атачэнне генерала прапанавала выбраць Камітэт нацыянальных спраў з адзінаццаці сяброў. У склад камітэта абралі Гарэцкага, аднак хутка замест яго быў абраны ксёндз Аляксандр Ялавіцкі. Абражаны паэт-ваяр вырашыў не браць болей удзелу ў палітычных справах. Калі потым яму яшчэ раз прапанавалі балатавацца ў склад камітэта ён адмовіўся.

Прыезд Адам Міцкевіча ў Парыж згуртаваў частку эмігрантаў вакол яго. З зімы 1833 г. ў Міцкевіча стала збіраліся Ігнат Дамейка, Багдан і Юзаф Залескія, Стэфан Вітвіцкі, Стэфан Зан, Гарэцкі, Багдан Янскі. Усё гэтая людзі былі больш ці менш звязаныя з літаратурай. Акрамя Гарэцкага, неблагія вершы пісаў Вітвіцкі, а Багдан Залескі быў нават вядомым паэтам. Менавіта гэтым асобам Міцкевіч чытаў толькі што напісаныя часткі паэмы "Пан Тадэвуш".

Радаснай з'явай стала для Гарэцкага выданне ў 1834 г. яго першага паэтычнага зборніка ў эміграцыі "Паэзія ліцвіна", які апроч баек змяшчаў і патрыятычную лірыку часоў паўстання. У 1837 г. выйшаў наступны том паэзіі Гарэцкага пад назвай "Байкі і новыя вершы", у якім было шмат вершаў напісаных пад уплывам вядомага польскага містыка Тавянскага.

Як і Міцкевіч, Гарэцкі быў адным з самых адданых прыхільнікам дактрыны Тавянскага. Містычны запал паэта-афіцэра аднак хутка прайшоў. Вось як адбыўся адыход яго ад "магістра" Тавянскага: "Пра адыход аднаго з двух найпершых адэптаў Тавянскага ... ходзяць такія чуткі. Аднаму з першых чытаў Тавяньскі "Акт Веры" які, сам Пан яму прадыктаваў. Гарэцкі слухаў чытанне "Акту" з увагай і пабожнасцю, але калі нараніцу Тавянскі паклікаў яго для падпісання гэтага "Акта", паэт убачыў вялікую колькасць правак: "О магістр - кажа - Пан Бог не можа памыляцца, і што зробіць, ужо ніколі не правіць, і не Пан учора дыктаваў гэты "Акт", калі сёння на ім столькі правак. І не падпісаў гэтую паперу" (J. Szelag. A. Gorecki, Diabel i zboze. Warszawa 1960, S. 10.).

Пасля адыходу ад Тавянскага, Гарэцкі пачаў кантактаваць з колам, якое гуртавалася вакол Яна Казмяна. Паэт востра крытыкаваў тэорыю свайго былога "магістра" аб магчымасці вяртання на радзіму праз веру, без высілкаў і барацьбы.

У 1843 г. выйшаў чарговы том ягонай паэзіі - "Польскі каласок" ("Kłosek polski). У 1850 г. Гарэцкі выдае ў Парыжы кнігу паэзіі "Вольны голас" (Wolny głos). Пачынаючы з 1857 г. кнігі паэта выходзяць кожны год ("Siewba, czyli nowy tomik pism" (1857), "Nowy zbiorek" (1858), "Jeszcze tomik" (1859), "Nowe pisemko" (1860), "Wiersze rozne, ktore napisal Walentego syn Antoni Gorecki" (1860), "Rozmaitosci" (1861)). Аднак крытыкі не высока ацанілі вершы, змешчаныя ў гэтых кнігах. Паэт сам адчуваў, што былога таленту ўжо няма, і моцна з таго пакутаваў.

У 1850 г. паэту ўдалося сустрэцца з сваім сынам, Тадэвушам Гарэцкім. Тадэвуш вучыўся у Пецярбургскай імператарскай Акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам Карла Брулова, і як адзін з самых таленавітых студэнтаў, ён атрымаў урадавую стыпендыю для ўдасканальвання за мяжой. На гэтыя грошы малады мастак прыехаў у Парыж, дзе пражыў 3 гады, потым стажыраваўся у Іспаніі і Італіі. У 1857 г. Тадэвуш Гарэцкі вярнуўся ў Парыж і ажаніўся з Марыяй Міцкевіч - дачкой Адама. Маладыя засталіся жыць у Парыжы і апекавацца над састарэлым бацькам. Хворы Антоні Гарэцкі 4 гады пражыў у муніцыпальным доме здароўя. Падтрымкай для старога паэта, былі кантакты з сынам. Захавалася шмат лістоў іх перапіскі, з якіх можна дазнацца не толькі пра сямейныя адносіны, але і пра жыццё эміграцыі і агульны стан палітыкі таго часу.

Антоні Гарэцкі памёр 18 верасня 1861 г. Пахаваны быў на могілках на Манмарце. Удзел у пахаванні прыняла значная частка польскай эміграцыі, была і ганаровая варта французскага войска. Потым парэшткі паэта былі перазахаваныя ў сямейным склепе Гарэцкіх на могілках Манмарансі. Праўнук Антонія, Ежы Гарэцкі так апісваў гэтыя могілкі: "Могілкі Манмарансі, якія называюцца "польскімі могілкамі", былі адкрыты... праз двух маіх прадзедаў, Антона Гарэцкага і Адама Міцкевіча. Абодва пачулі тут нейкае падабенства з Літвой і выказалі пажаданне быць тут пахаванымі." (Jolanta Orlowska. Gorecki Antoni (1787-1861). Zolnierz czy poeta? // Nasz Czas. № 32 (521) 2001.).

Ва успамінах сучаснікаў, Антоні Гарэцкі застаўся як чалавек надзвычай добры, шчыры і непасрэдны ў выражэнні сваіх пачуццяў. Гонар і справядлівасць ён лічыў для сябе галоўным у жыцці і быў нязломным у перакананнях.

Лаўрэш Леанід

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX