Вярнуцца: 2011

№ 07 (1002)


Крыніца: pawet.net.



№ 7 (1002) 16 ЛЮТАГА 2011 г.


21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы

Міжнародны дзень роднай мовы, міжнародны дзень матчынай мовы - адмысловы дзень абвешчаны на 30-й сесii ЮНЭСКА па прапанове Бангладэш (1999). Мае на мэце заахвочванне лінгвістычнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, талерантнасці і дыялогу. Дзень святкавання - 21 лютага быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.


21 ЛЮТАГА 2011 ГОДА (панядзелак)

З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" і Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча праводзяць 4-ю Усебеларускую дыктоўку ў зале музея.

Тэксты для дыктовак падрыхтаваны на аснове твораў Максіма Багдановіча, юбілей якога мы адзначаем сёлета.

Пачатак мерапрыемства а 18 -й гадзіне.

Запрашаюцца ўсе ахвотныя. Актыўныя ўдзельнікі атрымаюць прызы.

Музей размешчаны ў Траецкім прадмесці: г. Менск, вул. М. Багдановіча, 7а.


Тыя, хто не патрапіць на дыктоўку ў Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча, зможа напісаць яе 23 лютага 2011 года (серада) ў сядзібе ТБМ (вул. Румянцава,13). Пачатак 18.00. Уваход вольны.

Дрымучая непісьменнасць падымаецца на дзяржаўны ўзровень

З 1 лютага 2011 ДАІ Менска пачала выдаваць пра-вы новага ўзору. Новае пасведчанне кіроўцы ўяўляе сабой пластыкавую картку, дзе будзе фота іх уладальніка, яго аўтограф, дата і месца нараджэння кіроўцы і г.д. У афармленні дакумента будуць выкарыстоўвацца англійская, беларуская і руская мовы, - паведамлялі інфармагенцтвы са спасылкай на кіраўніцтва ДАІ.

Аднак замест беларускай мовы ў новым дакуменце з'явіўся характэрны мікс: «ДАI Мiнгарвыканкама» міліцэйскія чыноўнікі палічылі магчымым назваць «ГАI Мiнгорiсполкома». Не лепш чытаецца запіс «GAI Mingorispolkoma»!

Правы новага, міжнароднага ўзору патрэбныя будуць кіроўцам для паездак за мяжу з 29 сакавіка 2011 года, калі ўступаюць у сілу папраўкі да Канвенцыі аб дарожным руху 1968 года. Уладальнікі першай партыі новых дакументаў наступныя 10 гадоў будуць кіраваць транспартнымі сродкамі, выкарыстоўваючы пасведчанні кіроўцы з гэтым ляпам. А фактычна такія пасведчанні несапраўдныя.

І ўзнікае законнае пытанне - хто вінаваты? Першымі трапляюць пад руку супрацоўнікі ДАІ. Але ці яны тут галоўныя? Былі выдадзены тысячы новых пасведчанняў, а памылкі заўважылі некалькі чалавек. Пісьменнасць грамадзян ніколькі не вышэйшая за пісьменнасць супрацоўнікаў ДАІ. І нічога ў тым дзіўнага - іх вучылі адны і тыя ж настаўнікі ў адных і тых жа школах аднаго і таго ж міністэрства адукацыі. А тое, што ў нашых школах беларускай мове не вучаць, а адвучваюць ад яе ёсць факт. Невядома як будзе пры новым міністры адукацыі, а так усё ідзе да даго, што хутка і грошы з памылкамі друкаваць будуць, і медалі нашы "заслужаныя" настаўнікі за добрую працу будуць атрымліваць на трасянцы.

Наш кар.


18-ы агульнапольскі фестываль "Беларуская песня - 2011"

83 гурты выйшлі на сцэну Гарнізоннага дома культуры ў Беластоку, дзе прайшоў цэнтральны адборачны тур 18-га агуль-напольскага фестывалю «Беларуская песня - 2011».

Як адзначае старшыня Беларускага грамадска-культурнага тавары-ста, якое выступіла арганізатарам мерапрыемства, Ян Сычэўскі, гэта сведчыць аб вялікай па-пулярнасці беларускай песні ў рэгіёне:

- Гэта вельмі цешыць, таму што гэта галоўная праява выражэння нашай нацыянальнай тоеснасці і прыналежнасці да беларускай нацыі. Беларускі аматарскі рух, беларускія аматарскія калектывы, якія выконваюць беларускія песні, гэта з'ява даволі мабільная. Гэтыя сферы, мастацкія, артыстычныя, яны ўвесь час шукаюць новых песень, выканаўчых форм, а таксама новых арганізацыйных форм.

Журы ацэньвала выка-наўцаў у трох катэгорыях: фа-льклорная аўтэнтычная песня, фальклорная апрацаваная песня і сучасная песня.

Ужо не ўяўляюць сабе жыцця без песні ўдзельніцы калектыву «Рэчанька» з Козлікаў, які існуе амаль 17 гадоў:

- Нам здаецца, што ўсе нашыя песні любімыя. Калі развучваем песню, здаецца, што цяжкая, але як вывучым, то ўсё спяваем, бо гэта вельмі добрыя, вельмі прыгожыя песні.

Фінальны канцэрт агульнапольскага фестывалю «Беларуская песня - 2011» пройдзе ў наступныя выходныя на сцэне Беластоцкага драматычнага тэатра імя Аляксандра Венгеркі.

Яна Запольская.


Канверт, прысвечаны Ларысе Геніюш

Дзяржаўнае беларускае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства паштовай сувязі "Белпошта" выпусціла ў свет маркаваны канверт, прысвечаны выдатнай беларускай паэтцы Ларысе Геніюш. Выпуск канверта прымеркаваны да 100-годдзя паэткі, юбілей які дэмакратычная грамадскасць адзначыла летась.

На канверце адлюстраваны партрэт паэткі і напісана адна вершаваная страфа:

Беларусь мая ясная, сіняя казка,

Схіліліся дрэвы над хатай ў журбе,

Як жа мне сёння нясказана цяжка

І хораша разам жыць для цябе…

Канверт выдадзены з ініцыятывы ТБМ, аформіў яго мастак Яўген Сіманенка. Наклад выдання - 30 тысяч асобнікаў.

Арганізатар леташніх мерапрыемстваў, звязаных са 100-годдзем Ларысы Геніюш, пісьменнік Міхась Скобла сказаў, што цяпер гэтыя канверты ён пашле ўсім тым чыноўнікам, якія перашкаджалі праводзіць юбілейныя мерапрыемствы ў Зэльве, тым, па загаду каго здымалася мемарыяльная шыльда паэткі з яе хаты ў Зэльве і тым, хто перашкаджае сёння перайменаваць вуліцу Савецкую ў вуліцу Ларысы Геніюш. Тым больш, што даўно сабраны подпісы жыхароў Савецкай вуліцы, а гэта больш палавіны, якія жадаюць жыць на вуліцы Ларысы Геніюш. І рэспубліканская тапанімічная камісія падтрымала гэтую ідэю і не супраць, каб вуліца ў Зэльве насіла імя слыннай паэткі Беларусі. Што датычыць мемарыяльнай шыльды, дык яна знаходзіцца ў памяшканні Зэльвенскай міліцыі, і яе ў любы час можна забраць, але з дазволу чыноўнікаў Зэльвенскага райвыканкаму. Так сказалі журналісту ў Зэльвенскім РАУС.

З выхаду канверта, прысвечанага Ларысе Геніюш, вынікае, што ўсе справы па ўшанаванні памяці вялікай дачкі Беларусі нахабным чынам глушацца на мясцовым, зэльвенскім, узроўні.

Сяргей ЧЫГРЫН,
г. Слонім


СЛОВА ПРА НАРБУТАЎ

Напрыканцы 2010 года у Гародні выйшла кніга Ўладзіміра Руля з в. Нача Воранаўскага р-на "Пра Нарбутаў моўлю я слова". На кніжцы стаіць псеўданім Уладзімір РУНіШ, што абазначае - рэлізатар ушанавання Нарбутаў і Шукевіча. Наклад 500 асобнікаў, 154 ст.

У звароце да чытача аўтар кажа:

"Паважаны Чытач, героі маёй кнігі не шкадавалі ні сіл, ні часу, ні ўласных сродкаў, здаралася, рызыкавалі дабрабытам і самім жыццём у сваім ахвярным спужэнні Бацькаўш-чыне, бо шчыра жадалі бачыць яе вольнай, заможнай, шчаслівай....

Яны - неўміручы прыклад для ўсіх нас, узор патрыятызму ў яго сутнасным, а не фармальным праяўленні!

Навошта ж нам шукаць станоўчых герояў у далёкіх ад нас мясцінах, калі побач жылі, тварылі, змагаліся такія Волаты духу, волі і розуму?!

... На жаль, для абсалютнай большасці сягонняшніх насельнікаў Воранаўшчыны аказаліся б не пад сілу жыццёвыя шляхі, якія выпалі на долю Нарбутаў і Шукевіча, хаця б таму, што надта ж ужо змізарнела ў маіх суайчыннікаў патрыятычная складовая іх светапогляду і, наадварот, набралі моц дробна-мяшчанскія карыслівыя інтарэсы і амбіцыі, уласнае "эга".

Разам з тым відавочна і іншае: калі б землякі маіх герояў з маленства добра ведалі б пра грунтоўныя навуковыя і іншыя ўнушальныя здабыткі Тэадора, Людвіка, Станіслава (Осцікаў) - Нарбутаў, Вандаліна Шукевіча, Пятра Ўрублеўскага, калі б яны адпаведна выхоўваліся ў школах і ў сем'ях, то адно намаганнямі пасляваенных пакаленняў Наччыны, а тым болей былога Радунскага і цяперашняга Воранаўскага раёнаў ужо даўно быў бы створаны арыгінальны і цікавы краязнаўчы ася-родак, пазнаёміцца з якім пажадалі б дзесяткі тысяч наведвальнікаў з усёй Беларусі, з Літвы, з Польшчы і з іншых краін свету.

... Сёмы год запар я працую над вырашэннем вышэйзгаданай ідэі. Есць невялікія станоўчыя зрухі ў гэтай справе, але яшчэ не зроблена і сотая частка таго, што неабходна зрабіць!..

... Думаецца, што слушным з'яўляецца меркаванне аб неабходнасці стварэння на іх малой радзіме гістарычна-мемарыяльнага асяродка, асноўнымі складовымі якога маглі б стаць:

1. Асобны будынак краязнаўчага музея, пабудаваны па арыгінальнаму праекту.

2. Капліца роду Шукевічаў каля в. Нача.

3. Магіла Тэадора (Осціка)-Нарбута каля Нацкага парафіяльнага касцёла.

4. Брацкая магіла Людвіка (Осціка)-Нарбута і 12-ці яго баявых сяброўу в. Дубічай Варэнскага раёна Літвы.

5. Магілы жонкі "гісторыка Літвы" Хрысціны і сына Баляслава каля в. Шаўры.

6. Памятныя знакі на месцы былых сядзіб вучоных у в. Нача і в. Шаўры.

Агульнымі намаганнямі можна і трэба было б вырашыць гэтую праблему..."


Але змест кнігі - гэта перш за ўсё паэтычныя мініяцюры, прысвечаныя выбітным прадстаўнікам роду Нарбудаў і іншых гістарычным асобам Лідскага павету.


Вышэй галаву, інсургент!

Прысвячаю Францішку (Осціку)-Нарбуту


Разбіты атрад твой ушчэнт.

Суседні - разбіты таксама:

Завершана грозная драма.

З жывых - ты адзін, інсургент.


Падвёў касінерскі метал

У час вырашальнага бою,

Каб вам непрыяцеля зброю,

Зусім быў бы іншым фінал!


Сябры нежывыя ляжаць,

А як жартавалі ўчора!

Але, хто ім словы дакору

Наважыцца сёння сказаць?


Герояў нязломлены дух

Сягнуў у святыя нябёсы,

А іхнія годныя лёсы

Ўпрыгожаць паўстанцкі гросбух.


I цяжка табе зразумець,

Чаму ты жывы - не забіты?

Душа моцным жалем спавіта,

Дзесь грае вайсковая медзь...


За вёрст, можа, дзесяць адсюль

Праціўнік святкуе ўдачу.

А тут вецер роспачна плача

Па ўсіх, хто загінуў ад куль.


Спыні перавязкаю кроў.

Спяшайся засведчыць матулям,

Падлеткам, дзяўчатам, дзядулям

Пра мужнасць і годнасць сяброў.


Хай праўда пра збройны ваш чын

Увойдзе ў кожную хату!

Хлусню ж з паняверкай зацятай

Павесь на асінавы тын.

... Разбіты атрад твой ушчэнт,

Суседні - разбіты таксама.

Хоць поле ў чырвані плямаў,

Вышэй галаву, інсургент!


Правадніца

Тэадора Манчуньская, з Нарбутаў

(1839-1925)


Хмары з Балтыйскага мора

Хутка змываюць спяды

Тых, хто с табой, Тэадора,

З Вільні спяшае туды,


Дзе баявая кагорта

Бітвы за волю вядзе, .

Дзе славу існую мёртвых

Вораг нашчэнт не звядзе.


"Стойце, сябры - правадніца

Ўладна махнула рукой, -

Трэба на трохі спыніцца,

Каб адпачыць талакой.


Вёрст яшчэ колькі - і будзе

Лес векавечны гушчэць;

Людвіка Нарбута людзі

Гурт наш павінны сустрэць.


Вам так шанцуе! У брата

Добры паўстанцкі атрад,

Ружжаў і коней багата,

Ёсць нават пара гармат.


Крочце смялей у змаганне!

Справе служыце, як след.

Можа, пашчасціць, і стане

Вольным наш Лідскі павет!"


"Правільна, мілая Тася! -

Словы гучаць у адказ, -

Гурт, як адзін падымайся!

Дзесь зачакаліся нас!"


РЫТМІЧНЫЯ ПРЫКАЗКІ

У артыкуле «Рыфмаваныя прыказкі», змешчаным у «Нашым слове» (26.10.2005) я пісаў, што амаль усе 1500 прыказак, найбольш ужывальных у сучасным беларускім маўленні і зафіксаваных у адпаведных тлумачальных слоўніках, маюць у сваім значэнні і афармленні не менш як адну якую-небудзь прымету мастацка-паэтычнага характару: вобразнасць, сюжэтны па-тэнцыял, каламбур, рыфму, рытм, гукапіс, сінтаксічны паралелізм і інш. Усё гэта, разам з ёмістым сэнсавым зместам прыказак, садзейнічае іх лёгкаму запамінанню і даўгавечнаму жыццю.

Ёсць нямала і такіх пры-казак, высокая мастацкасць якіх дасягаецца адначасовай сукупнасцю некалькіх стылітычных прыёмаў. Возьмем, напрыклад, прыказку Каму па каму, а каму два камы. Яна гаворыцца, калі неаднолькава адносяцца да каго-небудзь або несправядліва дзеляць што-небудзь. Скажам, у трагікамедыі Янкі Купалы «Тутэйшыя» чытаем: [Гарошка:] Польскія лаюць рускіх, рускія лаюць польскіх, а як прыйдзе што да чаго, каб нашага простага чалавека пакрыўдзіць, дык і польскі і рускі ў адну дудку граюць. [Гануля:] Ды яно ж гэтак, мой сваток, каму па каму, а нам, казаў той, дык два камы. Гэта прыказка, па-першае, вобразная, алегарычная; па-другое, каламбурнага кшталту (абыгрываюцца амаформы каму - ад займенніка хто і каму - ад назоўніка ком); да таго ж у ёй ёсць рыфма ў першай частцы, рытм (амфібрахій у 1-й частцы і анапест у 2-й), антытэза, гукапіс, эфектыўная таўталагічнасць аднолькавага, аднакаранёвага і сугучнага слоў.

Далей гаворка пойдзе пра прыказкі, для якіх характэрна рытмічнасць.

У адных навуковых працах прыказку вызначаюць як «рытмічна арганізаваны выказ павучальнага характару». У іншых працах, напрыклад, у падручніку для студэнтаў-філолагаў «Беларуская вусна-паэтычная творчасць» (2000, с. 396), наадварот, сцвярджаюць, што «прыказак з дакладна вытрыманай рытмікай мала», што большасць прыказак «не мае вершаванай рытмікі», але ёсць прыказкі, у якіх «выкарыстаны двухскладовыя стопы - ямб, харэй, а часам і трохскладовыя - анапест, дактыль, амфібрахій». Ісціна ж, як гаворыцца, пазнаецца ў параўнанні, у тым ліку праз колькасныя паказчыкі. Па нашых падліках, для больш як 270 прыказак (з 1500 прааналізаваных) характэрна рытмічнасць, прычым 150 маюць толькі рытмічнасць, астатнія - рыфму і рытм.

Як асаблівасць рытму, характэрную для некаторых прыказак, адзначым наступнае. Калі рытмічная прыказка мае структуру простага сказа (такія прыказкі называюць адначленнымі), то ў ёй захоўваецца які-небудзь пэўны парадак у чаргаванні націскных і ненаціскных складоў; напрыклад, у прыказцы Воўчы дух да лесу цягне - чатырохстопны харэй. Калі ж прыказка паводле сваёй будовы двухчленная ці трохчленная, то ў адных выпадках вершаваны памер ва ўсіх прэдыкатыўных частках аднолькавы; да прыкладу, у прыказцы Каб ведаў, дзе павалішся, саломкі падаслаў бы - сямістопны ямб. У другіх жа выпадках - у кожнай частцы іншы памер. Скажам, у прыказ-цы Колькі ваўка ні кармі, а ён у лес глядзіць памер першай часткі - дактыль, памер другой часткі - ямб. Або ў прыказцы Баба з воза - каню лягчэй двухстопны харэй у першай частцы і двухстопны ямб - у другой; тое самае і ў прыказцы Бог не выдасць - свіння не з'есць. Памер першай часткі ў прыказцы З міру па нітцы, голаму сарочка - дактыль, памер другой часткі - харэй. Такі рытмічны разнабой вытлумачваецца, відаць, тым, што ў вуснай народнай творчасці, дзе склаліся гэтыя і падобныя прыказкі, панавала не сілабатанічная, а танічная сістэма вершаскладання, заснаваная на аднолькавай колькасці націскных складоў пры адносна сва-боднай колькасці ненаціскных складоў. Так, у прыведзенай вышэй прыказцы Колькі ваўка ні кармі, а ён у лес глядзіць у абедзвюх частках аднолькавая колькасць націскных складоў і неаднолькавая - ненаціскных.

Разнабой у выкарыстанні вершаваных памераў назіраецца ў 22 неадначленных прыказках са 150 рытмічных (без уліку рыфмавана-рытмічных), напрыклад: Бі сароку, бі варону, даб'ешся да белага лебедзя (харэй - харэй - амфібрахій); Бог не без літасці, казак не без шчасця (дактыль - амфібрахій); Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць (харэй - анапест); І рад бы ў рай, ды грахі не пускаюць (ямб - анапест); Не было ні граша, а раптам алтын (анапест - амфібрахій).

Часам сцвярджаецца, што «ў прыказках пануюць харэічныя (двухстопныя), анапестычныя і дактылічныя (трохстопныя) памеры» (Кравцов Н.И., Лазутин С.Г. Русское народное творчество. - М., 1983, с. 76). Але гэта не зусім слушна. Вось колькасныя паказчыкі вершаваных памераў у 128 рытмічных прыказках: ямб - 48 (напрыклад: З-за блох не кінеш кажуха; Пажар агнём не тушаць); харэй - 45 ( Што пасееш, тое і пажнеш; Шэп-ты хату зводзяць); дактыль - 13 ( Збродлівай кошцы хвост уцінаюць; Конская матка не здохла); амфібрахій - 11 ( Захочаш павесіцца, то знойдзеш вяроўку; Капейка рубель беражэ); анапест - 11 ( Галавою сцяны не праб'еш; Заракалася кошка мышэй не есці).

Зразумела, нельга лічыць, што хтосьці пры стварэнні той ці іншай рытмічнай прыказкі задумваўся, які ў ёй вершаваны памер. Прыказкі, як слушна пісаў К. Крапіва, «у пераважнай сваёй большасці, калі не ўсе, утварыліся інтуітыўна».

Іван ЛЕПЕШАЎ.


Абруселі нашы "раёнкі"...

Сення мусіць ужо не адшукаеш раённую газету, якая б цалкам на ўсіх старонках, як у 60-80-я гады мінулага стагоддзя, была беларускамоўнай. Працэнтаў 50-75 іх плошчы запаўняюцца артыкуламі на рускай мове. А калі друкуюць літаратурныя старонкі, то вершы паэтаў-пачаткоўцаў працэнтаў на 95 рускамоўныя. Іншы раз думаеш: перад тым, як сесці за стол і нешта рыфмаваць, пачыталі б Якуба Коласа ці Янку Купалу, Рыгора Барадуліна ці Генадзя Бураўкіна, Ніну Мацяш ці Яўгенню Янішчыц - можа б варухнулася нешта сваё, нацыянальна роднаснае, блізкае сэрцу.

Неяк праглядваў падшыўкі трох раённых газет за апошнія два месяцы і здзіўляўся, як маштабна ўкараняецца на іх старонках расейская мова. Даходзіць да дзівосаў: на старнонках адной з раёнак убачыў артыкул настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, напісаны па-руску. Можа на гэтай мове яна і ўрокі ў класе вядзе - такое ўжо месцамі назіраецца з боку не толькі настаўнікаў-гісторыкаў, а і літаратараў, моваведаў, асабліва ў гарадскіх цалкам рускамоўных школах.

У тым, што раённыя газеты так спяшаюцца стаць цалкам рускамоўнымі, вінаваты перш за ўсё іх рэдактары, хоць не ўсё ад іх, шчыра кажучы, залежыць. Вакол іх усе чыноўнікі, кіраўнікі прадпрыемстваў спрэс размаўляюць на рускай мове, на ёй свае артыкулы ў газету прыносяць. У савецкі час у рэдакцыях такія артыкулы перакладалі на родную мову. Цяпер пра гэта не ўспамінаюць, у газеты прыйшло новае пакаленне журналістаў, многія з якіх па-за межамі рэдакцыі па-беларуску не размаўляюць, што здзіўляе, яны часта кладуць на стол рэдак-тара свае рускамоўныя артыкулы і іх ніхто не дакарае. Трымаючыся гэткай завядзёнкі, ужо і пазаштатныя сельскія аўтары, калгаснікі, рабочыя дасылаюць свае лісты на рускай мове, а яшчэ - і віншаванні родным з нагоды дня нараджэння, і песні замаўляюць для друку па-руску.

Калі так пойдуць справы і далей, калі не будуць прыняты рашучыя захады па выратаванні беларускай мовы ад вымірання, то ў раённых газетах застануцца ў лепшым выпадку беларускамоўнымі толькі іх назвы.

М. Кутнявецкі, г. Слуцк.


Што будзе з беларускай кнігай?

Напрыканцы 2010 года старшыня ТБМ Алег Трусаў звярнуўся да міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь А.В. Праляскоўскага з лістом, у якім у прыватнасці сказана наступнае:

"Прашу звярнуць увагу на кніжны рынак нашай краіны і ў першую чаргу на яго беларускамоўны сегмент, які фармуецца пераважна выдавецтвамі Беларусі. У апошні час якасць беларускамоўных выданняў непараўнальна ўзрасла і пачала адпавядаць лепшым сусветным узорам, што выклікае глыбокае задавальненне. Але разам з тым узнікла новая праблема - якасная беларуская кніга стала недаступнай для чытача па цане. Цэны ў 60 - 80 тысяч, а за некаторыя да 200 000 рублёў - гэта не тыя цэны, якія можа дазволіць сабе сярэдні беларус пры сённяшніх зарплатах. Мы ведаем, што частка выданняў выходзіць пры дзяржаўнай падтрымцы (датацыі), але і пры гэтай падтрымцы цэны на энцыклапедычныя, мастацкія, навуковыя выданні застаюцца недаступнымі.

Са свайго боку мы бачым наступныя шляхі паляпшэння сітуацыі:

1. Фармаванне маштабных дзяржаўных замоваў на большасць беларускамоўных выданняў, у тым ліку для раённых і сельскіх бібліятэк, што дазволіць рэзка павялічыць наклад выданняў, а, значыць, знізіць кошт кожнага асобніка.

2. Выданне сацыяльных варыянтаў кожнага выдання (на таннай паперы, у адзін колер, у мяккай вокладцы), каб цана была ў 3-5 разоў меншай за цану асноўнага варыянту.

3. Абавязаць усе выдавецтвы ў месячны (трохмесячны) тэрмін пасля выхаду папяровага выдання прадстаўляць у Кніжную палату электронны варыянт кожнай кнігі з наступным яго выстаўленнем (у рэжыме pdf або любым іншым) на сайце Кніжнай палаты або Нацыянальнай бібліятэкі.

Просім паведаміць, як бачыць гэтую праблему Міністэрства і якія захады мяркуе рабіць для павелічэння даступнасці беларускай кнігі."


Быў атрыманы адказ.


Аб звароце

Паважаны Алег Анатольевіч !

Міністэрства інфармацыі ўважліва разгледзела Ваш ліст с прапановамі адносна паляпшэння сітуацыі з выпускам беларускамоўных выданняў у частцы зніжэння іх цаны і паведамляе наступнае.

Узнятае Вам пытанне, безумоўна, актуальнае. Аднак відавочна, што змены ў цане кніг у бок яе павелічэння - тэндэнцыя агульная, як для беларускага, так і замежнага, у прыватнасці расійскага рынку. Кнігі расійскіх выдавецтваў, нават выпушчаныя тыражом у дзесяць тысяч асобнікаў і звыш таго, таксама растуць у цане. Пры гэтым Вам, пэўна, вядомы той факт, што выпуск беларускамоўных выданняў у сваё большасці ажыццяўляецца пры бюджэтным субсідзіраванні, што дазваляе зменшыць іх адпускную цану ў сярэднім на 50 %. Нескладана ўявіць, колькі б каштаваў той ці іншы асобнік пры адсутнасці такой дзяржаўнай дапамогі.

А зараз аб тым, што тычыцца, як Вы пішаце, фарміравання "маштабных дзяржаўных замоваў на большасць беларускамоўных выданняў для раённых і сельскіх бібліятэк" з мэтай павелічэння тыражу выданняў і змяншэння іх цаны. У дадзеным напрамку міністэрства цесна супрацоўнічае з Міністэрствам культуры. Фарміраванне планаў выпуску літаратуры дзяржаўных выдавецтваў з выяўленнем тыражу кніг адбываецца на падставе як заказаў кніжнага гандлю, так і ў абавязковым парадку публічных бібліятэк. Але рэальная карціна па закупцы ўстановамі культуры кніг апошнім часам несуцяшальная. Напрыклад, у 2008 годзе бібліятэкі набылі для сваіх фондаў кніг выдавецтва "Мастацкая літаратура", якія ў асноўным выходзяць на беларускай мове, 80,2 тыс. экз. на суму 839,8 млн. руб., ў 2009 - 30,3 тыс. экз. на суму 327,3 млн. руб., а за 9 месяцаў 2010 года - 25,9 тыс. экз. на суму 368,8 млн. руб. Адна з прычын такога змяншэння закупкі бібліятэкамі літаратуры - адсутнасць грашовых сродкаў, якія выдзяляюцца на гэтыя мэты.

Ажыццяўленне выпуску прапанаваных Вамі "сацыяльных варыянтаў" кожнага выдання (на таннай паперы, у адзін колер, у мяккай вокладцы) ў дадатак да асноўнага не ўяўляецца мэтазгодным. Галоўная праблема высокай цаны кніг - той жа невялікі тыраж і выдаткі, звязаныя з аўтарскім узнагароджаннем і рэдакцыйна-выдавецкай падрыхтоўкай. Больш таго, выпуск такіх версій ў дачыненні да дзіцячай і вучэбнай літаратуры не адпавядае існуючым санітарным нормам і патрабаванням, якія прад'яўляюцца да дадзеных выданняў. Зразумела, што такая практыка таксама не можа распаўсюджвацца на энцыклапедычныя і іншыя ўніверсальныя выданні. Пры гэтым трэба адзначыць, што адпускная цана выпускаемых выдавецтвам "Мастацкая літаратура" на таннай паперы і ў мяккай вокладцы кніг з серыі "Школьная бібліятэка", дзе друкуюцца творы класічнай і сучаснай мастацкай літаратуры, зніжаецца ўсяго на 3-5 працэнтаў.

Ваш клопат аб размяшчэнні ў сетцы Інтэрнэт pdf-копій кніг на беларускай мове закранае дастаткова складаныя пытанні прававога рэгулявання стварэння і функцыяніравання электронных бібліятэк. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь электронныя публікацыі з'яўляюцца аб'ектамі аўтарскага права. Іх выкарыстанне без узгаднення з праваўладальнікам (аўтарам, нашчадкам, выдаўцом і г.д.), а таксама без выплаты аўтарскага ўзнагароджання супярэчыць заканадаўству аб інтэлектуальнай уласнаці і аўтарскім праве.

3 павагай,

Намеснік Міністра І.М. Лапцёнак.


Пасля атрымання адказу ад Міністэрства інфармацыі старшыня ТБМ звярнуўся да міністра культуры з просьбай праясніць сітуацыю .

Быў атрыманы адказ.


Старшыні

ГА "ТБМ імя Ф.Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства культуры разгледзела Ваш зварот і яшчэ раз падкрэслівае, што фарміраванне інфармацыйных рэсурсаў бібліятэк для найболып поўнага і якаснага задавальнення інфармацыйных запатрабаванняў насельніцтва з'яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў бібліятэчнай палітыкі дзяржавы.

Сёння ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ад 23 лютага 2007 года № 10/48 П 269) на камплектаванне кніжных фондаў публічных бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры накіроўваецца не менш 15 % сродкаў ад сумы бюджэтнага фінансавання, якое вылучаецца на ўтрыманне гэтых устаноў. Прыняцце гэтага дакумента з'явілася пераломным момантам у рашэнні праблем папаўнення бібліятэчных фондаў новымі паступленнямі, асабліва прадукцыяй беларускіх дзяржаўных выдавецтваў.

Па выніках 2010 года ў сярэднім па рэспубліцы на камплектаванне фондаў публічных бібліятэк з сумы бягучага бюджэтнага фінансавання выдзелена 16,7 %, у тым ліку ў Брэсцкай вобласці - 16,0 %; Віцебскай - 15.1 %; Гомельскай вобласці - 21,0 %; Гродзенскай - 14,2 %; Мінскай - 16.2 %; Магілёўскай - 19,0 %; г. Мінску - 15,1 %.

Праблемы фінансавання камплектавання бібліятэчных фондаў і забеспячэння бібліятэк сацыяльна значнымі выданнямі таксама сёння вырашаюцца на дзяржаўным узроўні. Даручэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 верасня 2005 г. № 10/111 - 422 П 2268 па паляпшэнні камплектавання бібліятэк сацыяльна значнай літаратурай з'явілася асновай для актыўнай сумеснай дзейнасці публічных бібліятэк і дзяржаўных выдавецтваў ў пошуках найбольш эфектыўных шляхоў фарміравання інфармацыйных рэсурсаў.

Колькасць новых паступленняў дакументаў за пяпігодку павялічылася на 16 %. З году ў год павялічваецца колькасць сацыяльна значнай літаратуры, што набываюць бібліятэкі. Так, у бягучым годзе бібліятэкамі было закуплена 112 625 экз. сацыяльна значных выданняў на суму 1853 880,1 тыс. рублёў (у 2009 г. - 97 805 экз. на суму 1 446 200,0 тыс. рублёў), што складае 116 % ад узроўню 2006 года.

У выдавецтве "Мастацкая літаратура" публічныя бібліятэкі ў 2010 годзе набылі 47 347 экз. сацыяльна значных выданняў на суму 625 833,0 тыс. рублёў.

На бягучы год публічным бібліятэкам ставіцца задача забеспячэння абнаўлення фондаў шляхам павелічэння новых паступленняў, якія адпавядаюць міжнародным стандартам па бібліятэчнай справе.

Накіраваны пісьмы старшыням аблвыканкамаў аб неабходнасці прыняцця мер па выкананні даручэнняў Кіраўніка дзяржавы. На выніковай калегіі Міністэрства культуры (люты 2011 г.) сярод іншых будзе разглядацца пытанне выканання нарматыва камплектавання бібліятэчных фондаў.

3 павагай,

Намеснік Міністра Т.І. Стружэцкі.


З адказаў відно , што бібліятэкі камплектаваліся, камплектуюцца і будуць камплектавацца, але таксама відно , што танных кніг чакаць не выпадае. Прайшоўшая ў Менску XVIII кніжная выстава паказвае тэндэнцыю, прынамсі з беларускага боку , да багатых шыкарных кніг . Відавочна, што чатырохмоўнае "Дзікае паляванне..." каштуе не мала. Кнігі становяцца творамі мастацтва. А галоўнае ў іх усё-такі інфармацыя. І калі міністэрства інфармацыі бачыць масу праблем з pdf версіямі, то ніякіх праблем няма з "рыдэрбукамі" - электроннымі кнігамі. Гэта тое ж выданне, толькі без паперы, без паліграфіі. Відавочна, што гэтыя кнігі будуць намнога танейшымі. Іх можна так жа прадаваць, і наклады тут будуць непараўнальна большымі. Спрабуюць жа школы пе-равесці на электронныя планшэты заміж папяровых падручнікаў.


Памяці сябра і аднадумца

Хлусілі мне,

што Я -

Толькі гліна.

Але не!

На далоні Крышны

Я - пяро паўліна.

Янка Збажына.

Малады нябожчык толькі ўпрыгожвае смерць. Гэтая эпітафія належыць баранавіцкаму паэту Яну Савіцкаму (літ. псеўданім Ян Збажына). Тады, калі паэт пісаў гэтыя сдовы, то не ведаў, безумоўна, што напісаў пра сябе. 10 лютага 2011 года выбітны баранавіцкі паэт Ян Савіцкі памёр пасля цяжкай хваробы ў Берасцейскім шпіталі.

Нарадзіўся Янка 31 сакавіка 1964 года ў Баранавічах. У 1993 годзе скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, дзе яго студэнты і выкладчыкі за прыхільнасць да беларускасці ласкава называлі "шаноўны". Ён адзін з актыўных удзельнікаў беларускага руху 1990-х. Пачынальнік скаўцкага руху ў Баранавічах і Беларусі. Удзельнічаў у заснаванні баранавіцкай філіі БАЖ, сябра АГП.

Па адукацыі Ян Савіцкі быў гісторыкам, па жыцці - філосафам, а па прызванні стаў паэтам. Яго творы друкаваліся ў беларускіх літаратурных выданнях («Полымя», «Мала-досць», «Бярозка», «ЛІМ», «Ніва», «Дзеяслоў»), а вершы ўваходзілі ў шматлікія зборнікі. У 2004 годзе пры падтрымцы Баранавіцкай Рады ТБМ была выдадзена яго кніга паэзіі і прозы «Пыл саркафагаў». Выданне была станоўча ацэнена крытыкамі і прыхільнікамі роднага слова. Нават на бальнічным ложку Янка Савіцкі меў шмат літаратурных планаў. Хацеў выдаць яшчэ адну кнігу. На жаль, лёс склаўся па-іншаму.

Зямны шлях і творчасць Янкі Савіцкага - гэта амаль сапраўдная копія жыццёвай і паэтычнай палітры Анатоля Сыса. Абодва былі таленавітымі і неардынарнымі людзьмі. Яны напісалі не шмат вершаў, але паэтычная нетрадыцыйнасць тут відавочная. Агульнае тут і тое, што паэтычны талент і іх саміх паступова забіваў алкаголь. У абодвух яскравала праяўлялася таксама і непрыстасаванасць да жыцця. Яна абодва памерлі, каб не стамляць нікога: ні Бога, ні людзей і ні саміх сябе.

Віктар Сырыца, старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ.


Каляндарык, прысвечаны Алегу Лойку

Сёлета 1 траўня спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння док-тара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыяналь-най акадэміі навук Беларусі, паэта, празаіка, перакладчыка, літаратуразнаўца АлегаЛойкі (1931-2008).

Рэдакцыя "Газеты Слонімскай" выпусціла каляндарык да юбілею свайго земляка. Наклад 1000 асобнікаў.

С. Чыгрын .


І ўзялі яго птахі за акіяны

Алесь Салавей "Творы: паэзія, проза, лісты" (серыя "Галасы Айчыны", Мн., 2010, "Лімарыус", стар. 1-560.

Яшчэ ў 1992 годзе менскае выдавецтва "Мастацкая літаратура" выпусціла ў свет салідны том "Туга па Радзіме (Паэзія беларускай эміграцыі)", які стаў у той час сапраўдным бэстсэлерам на кніжным рынку. І хоць аматары літаратуры ўпершыню знайшлі там імёны (і творы) насамрэч вялікіх паэтаў (Наталля Арсеннева, Алесь Салавей, Рыгор Крушына, Масей Сяд-нёў ды інш.), але з цягам часу заўсёднікі літаратурных імпрэзаў пачалі пагаворваць, ці не нашпігавалі тады складальнікі нейкага ідэалагічнага бацвіння ў той фаліянт. Я таксама мімаволі прыгадваў з тае нагоды нават жартоўную назву аднаго з украінскіх рок-альбомаў таго часу - "Найгірші пісні". Дый неаднойчы перавыдаваны ў нас славуты пісьменнік Кастусь Акула ў сваім інтэрвію часопісу "Дзеяслоў" (№3, 2006) наракаў на нашыя надакучлівыя стэрэатыпы, праз якія тут вечна спрабуюць стварыць тужлівы настрой усёй эмігранцкай літаратуры, хоць многія там не тужаць, а пашыраюць веру ў светлую будучыню.

Адкрывальнікам той аптымістычнай плыні ў нашай сусветнай паэзіі стаў для мяне вядомы даследчык Міхась Скобла, літаратуразнаўчае эсэ якога "Палоннік бога Апалона" адкрыла спярша сапраўднага генія Рыгора Крушыну: я паверыў яму, купіў сабе кнігу "Кантата самотных" (Мн., 2007) і аліхтарэў. Бадай, такога майстэрства формы і зместу, такой чысціні думкі, дасканаласці формы і ўзвышанасці пачуццяў не знойдзеш ні ў Аляксандра Пушкіна, ні нават у Джорджа Байрана. Вырашыў пільней прыглядацца да Скоблавых улюбёнцаў. І вось...

Розныя шляхі вядуць нас да пэўных кніг. Летась я паехаў у Зэльву на свята 100-годдзя Ларысы Геніюш проста каб купіць новы (падрыхта-ваны акурат М. Скоблам) двухтомнік паэткі. І рады, што купіў адразу, бо праз месяц увесь тыраж быў скончаны. Але я прагледзеў тады яшчэ аднаго абранніка Скоблы - падрыхтаваны ім для той жа серыі "Галасы Айчыны" ма-гутны збор твораў Алеся Салаўя, беларускага генія рыфмы з Аўстраліі, вывернутага стэрэатыпамі акурат той самай "Тугі па Радзіме". Балазе, ачомаўся ў Менску, бо масоўка ў нас таксама не надта абазнаная, і мне хапіла. Дык вось спяшаюся падзяліцца ўражаннямі пасля прачытання: проста кажучы, нават серыял "Багатыя таксама плачуць" не выбі-ваў з майго вока такую слязу, як Салавей. І сам лёс ягоны, і змест твораў, і літаратурнае майстэрства.

Кажу ўсё гэта нягледзя-чы на здавальную для многіх парадаксальнасць падыходаў аўтара да асэнсавання жыцця. А мо гэта мы парадаксальныя, калі верым, напрыклад, што дзень 9 траўня 1945 года ўсім прынёс аднолькавае шчасце? Не ўсім хаця б таму, што народ беларускі ўжо назаўсёды му-сіў забыцца пра Вільню, Смаленск, Беласток, хоць заплаціў за перамогу нямала (мы ж памятаем: "каждый четвёртый из белорусов пал на войне"). Мы яшчэ і сёння не да канца разабраліся ва ўсіх гэтых нюан-сах, а вось Алесь Салавей ужо ў паэме "Домік у Менску" (1945) піша:

Вясна праводзіла ў шляхі,

Дзяліла смутак развітання,

Над ёй глуміліся штыхі, -

Зняслаўцы ейнага світання,

І прэч, губляючы сяброў,

Спяшалі захаду вандалы,

І зноўку неслі здзек і кроў

Сыны усходняе навалы.

Салавей заўжды быў далёкі ад палітыкі ў сваіх вер-шах, а душу сваю, глыбока пакрыўджаную сталінскім бяспраўем (калі бацьку ў 1937-м закатавалі ў менскай турме, маці выслалі ў Сібір на смерць, а дзед з гора павесіўся, пакінуўшы на старэйшага 15-гадовага хлопца клопаты аб пахаванні) лячыў бязмернай любоўю да Радзімы і марай пра яе вольнасць.

То скарб я п'ю

дабродзейкі-зямлі,

Дзе нівы, і сады, і рэкі -

ўсё жывое...

Мае тут прадзеды

й бацькі жылі,

Мне ўсё тут блізкае

і ўсё тут дарагое, -

піша ён у адным з сваіх першых вершаў 1938 года. Юны талент запрыкмеціла нават савецкая "вольная" прэса, але часопіс "Полымя рэвалюцыі" ў №10 за той жа год друкуе гэты верш з іншым фіналам:

То скарб я п'ю радзімае зямлі,

Дзе нівы, рэкі і сады -

усё жывое...

Як добра жыць,

дзе краскі расцвілі,

Дзе Сталін напісаў

Закон сваёй рукою.


Вось так ствараліся сервілістычныя ілюзіі савецкай літаратуры, якія, па-мятаеце, нават вялікага Купалу давялі да харакіры. А асірочаны юнак Альфрэд Радзюк, які потым возьме літаратурны псеў-данім Алесь Салавей, нібыта і нічым не мог адказаць на такую знявагу аўтарскай думкі, пачуццяў? Але ён ад-казаў пазней, калі то ў Латвіі, то ў Аўстраліі, то ў ЗША пачалі выходзіць ягоныя магутныя паэтычныя кнігі "Мае песні", "Сіла гневу", "Вянкі", "Нятускная краса". А ён жа насамрэч піянер такіх складаных жанраў у нашай паэзіі, як вянок санетаў, рандо, тэрцыны.

Пісаў Алесь Салавей і прозу, якая таксама мае свае адметныя, непаўторныя рысы, але многія назвы твораў пакуль толькі згадваюцца ў эпісталярнай спадчыне, у часопісных зацемках, а тэксты яшчэ знойдзены не ўсе. І ўсё ж калі ў Беларусі будзе свой Галівуд, найлепшы сюжэт для нашых "Знесеных ветрам" дасць аку-рат ліставанне Алеся Салаўя. А гэта ж не проста абмеркаванне пэўных арганізацыйных пытанняў з рэдактарамі газет і часопісаў, а шчырыя сяброўскія гутаркі з выдатнымі і шырока вядомымі людзьмі, сярод якіх і знакаміты крытык Антон Адамовіч, і згаданы тут унікальны паэта эратычнага гарту Рыгор Крушына, і даследчык-элініст Ян Пятроўскі, і празаік-публіцыст Юрка Віцьбіч, і гісторык Язэп Найдзюк, і, нарэшце, наша вялікая паэтычная постаць Ларыса Геніюш.

Дарэчы, акурат падра-бязнасці заўчаснай смерці Алеся Салаўя распавядае ў сваім лісце да Геніюш з Мельбурна ў Зэльву ўдава паэта Зінаіда Кадняк, якая пакінула і шмат іншых каштоўных запісаў пра гуртаванне беларускай дыяспары ў Аўстраліі, пра нюансы жыццяўладкавання там, ажно да заробкаў і коштаў на зямлю, на будаўніцтва дома.

Тонкія нюансы асабіс-тых рысаў характару разгортвае шчыраванне Алеся Салаўя з сябрамі, з якімі ён часам дзеліцца нават найбольш глы-бокім адчаем у хвіліны расчараванняў: "Праходны двор паміж Масквой і Варшаваю гэткім і застанецца, - піша ён паэту Масею Сяднёву пра сваё адчуванне пакінутай Бацькаўшчыны. - Будуць унукі майго брата казаць "хорошо" заміж "добра" ды таптаць сцежкі-дарожкі ў неабдымных Сібірах, ну а мае ўнукі будуць казаць "all right" ды пот праліваць у джунглях аўстралійскіх. "Какая разница, не всё ли равно?"..."

Трагічныя ноткі часам змяняюцца трагікамічнымі, калі паэт распавядае пра нюан-сы эміграцыйных бадзянняў: "Нядаўна ў консула ЗША праходзіў камісію на выезд з Аўстраліі нейкі малады доктар філасофіі. Консул спытаўся, што той можа рабіць па-за сваім фахам, і доктар адказаў: "Магу быць шафёрам". "Шафёраў мы не патрабуем", - зазначыў консул. "Магу быць электраманцёрам". Консул яшчэ больш скрывіўся на гэта, а калі пачуў "Я аматар боксу, магу быць баксёрам", чыноў-нік узрадавана паставіў дабро на дакументах доктара філазофіі з словамі: "Мы патрабуем такіх людзей"... "

Трагедыя, трагікамедыя, заўчасная смерць у 56 гадоў, а ці ж дачакаемся хэпі-энду для беларускага Галівуда ў біяграфіі Алеся Салаўя? Дачакаемся! Бо як у жыцці паэта - найважнейшае творы, гэтак і ў жыцці звычайнага абывацеля - нашчадкі. Творы Алеся Салаўя выходзілі ў пісьмовых і аудыёвыдавецтвах Мюнхена, Рыгі, Сіднэя, Мельбурна, Нью-Ёрка, Менска, да рыфмаў ягоных прыслухоўваліся кампазітары, а ў Аўстраліі ён дачакаўся не толькі ўласнага аўто і свайго дома на беразе акіяна (прыгадаем радкі "Вазьмеце, птахі, і мяне з сабой за акіяны..."), але і ажно траіх дзяцей (двух сыноў і дачку) ды ўнукаў. Ён пражыў кароткае, але надзвычай плённае жыццё.

Вітаў МAРТЫНЕНКА.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX