Вярнуцца: 2011

№ 10 (1005)


Крыніца: pawet.net.



№ 10 (1005) 11 САКАВІКА 2011 г.


Што будзе ў Лідскім замку?

Сп. П. П. Латушку,

Міністру культуры Рэспублікі Беларусь

220004, г. Мінск,

пр. Пераможцаў,

Шаноўны Павел Паўлавіч!

У адным з апошніх нумароў газеты "Звязда" (№2 ад 5 студзеня 2011 года) надрукаваны крытычны матэрыял, прысвечаны ненавуковай "рэстаўрацыі" Лідскага замка. Я, як аўтар шматлікіх археалагічных даследаванняў Лідскага замка ў 1977, 1978, 1980 гг., аўтарытэтна сцвярджаю, што на двары Лідскага замка ніколі не было асобных мураваных будынкаў.

Вельмі прашу Вас спыніць гэтую будоўлю, якая знішчыць замкавы двор і выкліча шматлікія пратэсты беларускіх і айчынных навукоўцаў. Няўжо ў нас ёсць лішнія грошы, каб траціць іх няведама на што?

Дадатак на 1 старонцы

З павагай,

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны",

кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў


Аб прапановах па аднаўленні

будынкаў у Лідскім замку

Паважаны Алег Анатольевіч!

У адпаведнасці з падпунктам 1.1 пункта 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 "О дополнительных мерах по работе с обращениями граждан и юридических лиц" Ваш зварот накіраваны ў Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт і УП "Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама" для разгляду і прыняцця адпаведных рашэнняў па сутнасці адзначаных прапаноў.

Пісьмом Міністэрства культуры ад 17.01.2011 №1110/134. накіраваным на адрасы УП "Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама", КУП "Мінскпраект", Лідскі райвыканкам, прапанавана звярнунь увагу на неабходнасць выкарыстання традыцыйнай для Лідскага замка будаўнічай тэхнікі, прымяняючы аналагі гістарычных рэканструкцый замкаў, размешчаных на тэрыторыі суседніх краін, якія адносіліся да Вялікага Княства Літоўскага.

З улікам папярэдняй дамоўленасці Лідскім райвыканкамам плануецца правядзенне рабочай нарады з удзелам зацікаўленых з мэтай вызначэння далейшых дзеянняў па аднаўленню замку ў г. Ліда.

Намеснік Міністра В.І.Кураш


Намесніку міністра культуры

Рэспублікі Беларусь

Курашу В.І.

Старшыні

ГА "Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

У адказ на Ваш ліст ад 24.01.2011 г. аддзел культуры Лідскага райвыканкама паведамляе, што працы па рэканструкцыі, рэстаўрацыі і прыстасаванні Лідскага замка вядуцца ў вызначаным заканадаўствам па ахове гістарычнакультурнай спадчыны парадку. Прызначаны навуковы кіраўнік, праектная дакументацыя, якая распрацоўваецца, праходзіць усе неабходныя ўзгадненні.

На мінулай нарадзе, якая адбылася 04.02.2011 г. на аб'екце "Лідскі замак" было прынята наступнае рашэнне:

па будынку "дом Кашталяна" пазіцыя. 4 па генплане РУП "Мінскпраект" (Чумак Н.М.), выканаць карэктыроўку праекту з улікам захавання выкананай часткі будынка на момант нарады (бутавы і цагляны мур вонкавых сценаў на вышыню да 1 м.). З мэтай паніжэння вышыні будынка прадугледзець яго аднапавярховым з эксплуатаванай мансардай. Фасады будынка вышэй за выкананы мур сценаў прадугледзець аналагічнымі фасадам "казармы".

РУП "Мінскпраект" (Чумак Н.М.) выканаць адпаведную карэктыроўку ПКД па аб'екце. Уключыць у склад ПКД новы туалет для наведвальнікаў (магчыма кантэйнернага тыпу) за межамі ўнутрыдваровай тэрыторыі, паводле прадстаўленых ГАУП "УКБ Гарадзенскага аблвыканкама" дадатковых зыходнадазвольных матэрыялаў.

Трыбуны для наведвальнікаў прадугледзець зборнаразборнымі з лёгкіх канструкцый.

Начальнік аддзела культуры У.В. Самсонаў.

(Пераклад з рускай.)


17 сакавіка 2011 (чацвер)

АДБУДЗЕЦЦА

прэзентацыя кнігі Міхася Булавацкага "…Як арганізаваць і правесці "Беларускае пяціборства"

ПАЧАТАК У 17.00, УВАХОД ВОЛЬНЫ

АДРАС: г. Менск, вул. Румянцава, 13


85 гадоў з дня нараджэння Васіля Супруна

СУПРУН Васіль (10.03.1926, в. Глоўсевічы на Слонімшчыне), ініцыятар заснавання і кіраўнік беларускага патрыятычнага моладзевага антысавецкага падполля ў 1946-1947 на тэрыторыі Заходняй Беларусі, паэт, краязнавец, археолаг.

Скончыў тры курсы слонімскай настаўніцкай семінарыі (1946) і Менскі педагагічны інстытут гістарычны факультэт (1969). З 1944 да 1947 працаваў дырэктарам і настаўнікам у школах вёсак Міжэвічы і Глоўсевічы Слонімскага раёна.

У пачатку 1946 разам з сябрамі (М. Ракевічам, М. Чыгрыном, А.Гардзейкам і інш.) стварыў у Слоніме беларускую патрыятычную падпольную групу (арганізацыю) супраціву савецкаму рэжыму. Група атрымала канспірацыйны назоў «Чайка». Устаноўчы сход адбыўся ў пачатку траўня 1946. Падполле ставіла сваёй мэтай барацьбу з гвалтоўнай каланізацыяй, русіфікацыяй і вульгарызацыяй краю, абуджэнне нацыянальнай сведамасці беларусаў, абарону мясцовых беларускіх традыцыяў, культуры, мовы, гістарычных святыняў. Арганізацыя хутка расла і шырылася ў асноўным за кошт студэнцкай моладзі і інтэлігенцыі.

У 1946 падполле ўжо было створанае ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, Берасцейскім чыгуначным тэхнікуме і настаўніцкім асяродку Слонімшчыны. Для агульнага кіраўніцтва арганізацыяй быў створаны падпольны Цэнтр Беларускага Вызвольнага Руху (ЦБВР), які ўзначаліў Васіль Супрун. У 1947 падпольны патрыятычны рух ужо меў свае арганізацыйныя адзінкі ў тагачасных Баранавіцкай, Берасцейскай, Маладзечанскай і Пінскай абласцях.

Аднак у сярэдзіне 1947 у сувязі з правалам наваградскага Саюза Вызвалення Беларусі і канспірацыйнымі памылкамі некаторых сяброў з баранавіцкага падполля Цэнтар і асноўныя структуры патрыятычнага беларускага падполля былі разгромленыя савецкімі карнымі органамі.

Васіля Супруна схапілі 06.06.1947 на дарозе з роднай вёскі ў школу, дзе ён працаваў настаўнікам. Судзіў Васіля Супруна ваенны трыбунал войскаў МВД Беларускай акругі ў Менску 21.11.1947 разам з маладзечанскай групай падполля. Як арганізатара і кіраўніка падполля Васіля Супруна засудзілі да 25 год няволі і 5 гадоў пазбаўлення правоў з канфіскацыяй маёмасці...


ПОМНІКІ ТАЛЕНТУ, ДАСЦІПНАСЦІ І НАТХНЕННЮ

ГА «Таварыства беларускай мовы» ў плане сваёй працы на 2011 год прадугледзела і адзначэнне 115годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка, акадэміка Кандрата Крапівы (5 сакавіка). Не закранаючы ніякіх іншых бакоў яго літаратурнай, навуковай і грамадскай дзейнасці, спынюся толькі на адным моманце на ўзбагачэнні Кандратам Кандратавічам лексічнага, фразеалагічнага і парэмійнага фонду беларускай літаратурнай мовы.

Шмат якія словы, створаныя К. Крапівой, несумненна, трывала ўвайшлі ў агульнанародную скарбонку і сёння не адчуваюцца як былыя крапівоўскія. На жаль, у навуковай літаратуры пытанне, менавіта якія ягоныя наватворы папоўнілі нашу літаратурную мову, пакуль што не канкрэтызавалася. Звычайна толькі паўтараецца ў падручніках і дапаможніках, што К. Крапіва ўвёў у літаратурную мову такія словы, як кленічы, наватвор, і што з яго твораў сталі ўжывацца як агульныя назвы гарлахвацкі, зёлкін, туляга.

Вядомы рускі вучоны А.І. Яфімаў пісаў: «На долю толькі нямногіх пісьменнікаў выпала шчасце ўзбагаціць фразеалогію роднай мовы ўдалымі афарызмамі гэтымі неўміручымі помнікамі таленту, дасціпнасці і натхненню». Як у рускай фразеалогіі бясспрэчнае першынство ў гэтых адносінах належыць І.А. Крылову і А.С. Грыбаедаву, так у беларускай Кандрату Крапіве.

Вось якія словазлучэнні з твораў К. Крапівы, прайшоўшы стадыю крылатых выразаў, ператварыліся ў звычайныя фразеалагізмы, сталі шырокаўжывальнымі ў літаратурнай мове, уключаюцца ў нарматыўныя слоўнікі і толькі ў этымалагічных даведніках пазначаюцца як былыя крапівоўскія наватворы.

Акуляры настаўляць каму. З камедыі «Хто смяецца апошнім». Абазначае «ўводзіць у зман, паказваючы штонебудзь у фальшывым, скажоным, але выгадным для сябе выглядзе». «Пра багацце гэты пан Адольф гаворыць самазадаволена... А дзяўчо яму акуляры настаўляе!» (В. Бур'ян).

Выдраць лысаму валоссе. З паэмы «Хвядос Чырвоны нос». Абазначае «зрабіць ці, выхваляючыся, мець намер зрабіць штонебудзь недарэчнае». « Ну што, выдраў лысаму валасы, вызначыўся? Зраблю вывады, Сцяпанавіч...» (А. Масарэнка).

Ездзіць па левым баку. З артыкула «Ці будзем ездзіць па левым баку?» Абазначае «парушаць нормы літаратурнай мовы». «У нас, аднак, для некаторых людзей нормы не закон. Яны ездзяць па левым баку» («Настаўн. газ.»).

Жаба ў каляіне. З аднайменнай байкі. Абазначае «нікчэмнасць, асуджаная на пагібель». « А што такое Абрамчык? Гандлярчык, і то дробны... Жаба ў каляіне, дадае Навумовіч» (Л. Прокша).

Ні бэ ні мя. З байкі «Дыпламаваны Баран». Абазначае «зусім нічога (не ведаць, не разумець і пад.)». «А сам ён, бедненькі, часцей за ўсё ні бэ ні мя» (Я. Брыль).

Пусціць з дымам да богашто, каго. З п'есы «Партызаны». Абазначае «спаліць, знішчыць агнём». «Твой сын старшыня гуртка? Так? Скажы яму, каб ён ім не быў... Бо прыйдзем і з дымам пусцім хату да бога» (П. Пестрак).

Свінтус грандыёзус. З камедыі «Хто смяецца апошнім». Абазначае «ганебны, няўдзячны чалавек, нахабнік». «Гэта запрашэнне, забыўшыся на яго, свінтус грандыёзус перадаў толькі ўчора, калі ў цябе ўжо, відаць, пачалося вяселле» (М. Лынькоў).

Фіга на талерцы. З аднайменнага верша. Абазначае «непрыемнасць для кагосьці, прыхаваная ветлівасцю, далікатнасцю». «Гэта будзе для Анішчука і яго кампаніі нешта накшталт фігі на талерцы» (І. Гурскі).

З твораў К. Крапівы нарадзіліся і ўліліся ў літаратурную мову, фіксуюцца ў зборніках і адпаведных парэміяграфічных даведніках чатыры прыказкі.

Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала. З байкі «Сава, Асёл ды Сонца». Абазначае «Справядлівую справу не перамагчы». «Сёння ваша права, але наша праўда. І гэтую праўду вам не задушыць, бо, як гаворыцца, каб сонца засланіць, вушэй асліных мала» (Я. Місько).

Кіраваць то ты кіруй, ды не вельмі тузай. З сатырычнага верша «Едзе крытык малады». Ужываецца з незадавальненнем у дачыненні тых кіраўнікоў, якія занадта любяць указваць, накіроўваць чыюнебудзь дзейнасць, распараджацца кімнебудзь. «Партыйная дысцыпліна, нібы жалезная аброць, прымушала трымацца баразны, па якой вялі вышэйшыя лідары, тыя, што сядзелі ў Крамлі і трымалі лейцы. Каб жа толькі трымалі! Дык жа бязлітасна тузалі! І не раз узгадваў Андрэй крылатыя, мудрыя словы: «Кіраваць то ты кіруй, ды не вельмі тузай!» (Л. Левановіч).

Не пазналі сваіх нашы, бярозавай далі кашы. З п'есы «Партызаны». Абазначае «Бывае, што даводзіцца цярпець пабоі ці іншыя непрыемнасці не ад чужых людзей, а ад сваіх жа». «Неўзабаве па нашай пазіцыі пачала прыстрэльвацца [наша] артылерыя. Камандзір... не ведаў страху. Ён цяпер пачаў смяяцца з таго, што не пазналі сваіх нашы, даюць бярозавай кашы» (У. Калеснік).

Як свінню ні кліч, яе заўсёды выдасць лыч. З байкі «Заява». Абазначае «Па манеры паводзін, па звычаях, знешнасці адразу відаць, што гэта за чалавек». «Яна... пасля яшчэ, зрабіўшы разварот, перакуліла плот... Як ты свінню ні апранай і як ні кліч заўсёды памятай пра лыч» (М. Скрыпка).

Прыведзеныя факты самі гавораць за сябе. Другіх аналагічных прыкладаў у беларускай літаратуры няма.

Іван ЛЕПЕШАЎ.


Вынікі конкурсу па беларускай мове сярод польскіх гімназістаў

Завяршыўся апошні этап прадметнага конкурса па беларускай мове сярод гімназістаў Падляшша. У фінальных спаборніцтвах за званне лаўрэата змагаліся 35 асобаў.

Для таго, каб атрымаць званне лепшага неабходна было набраць 80% ад агульнай колькасці балаў (51). Лаўрэатамі сталі наступныя гімназісты:

1.Мазурук Вольга, Беласток

2.Вапа Дар'я, Беласток

3.Шыманюк Дар'я, Гайнаўка

4.Масальская Марыя, Бельск П.

5.Ваўранюк Паўліна, Нарва

6.Конюх Аляксандра, Беласток

7.Асташэўскі Рафал Адам, Чыжы

8.Раманюк Дамініка, Дубічы Царк.

9.Хадакоўская Моніка, Дубічы Царк.

10.Шварц Малгажата, Гайнаўка

11.Іванюк Ёанна, Нарва

12.Мацкевіч Моніка Мальвіна, Дубічы Царк.

13.Ваўранюк Кацярына Вольга, Бельск П.

14.Грыневіч Ангеліна, Гайнаўка

15.Дзікоўская Эвеліна, Бельск П.

16.Зданоўская Кацярына, Нараўка

17.Карнялюк Ігар, Беласток

18.Рабчук Віалета, Гайнаўка

19.Кос Ярэмія, Нарва

20.Каценцкая Вераніка, Гайнаўка

21.Боцюк Віалета, Бельск П.

22.Антасюк Агата, Дубіны

23.Нікалаюк Паўліна, Нараўка

24.Кірылюк Ганна, Бельск П.

25.Залеўская Магдалена Ангеліка, Бельск П.

26.Стэпанюк Кацярына, Чыжы

27.Казімірук Адрыян, Гайнаўка

28.Панасюк Магдалена, Бельск П.

29.Ваўрашук Юліта, Гайнаўка

30.Баршчэўская Крыстына, Орля

31.Дамброўская Анета, Нарва

Радыё Рацыя.


Мовазнаўчы досвед

Напрамкн скалечанае слова. "На Слонімшчыне ад маёй роднай вёскі да Валодзевых Кастровічаў напрамкі зусім недалёка" (Наша слова. № 6. 9 лютага 2011 г. С. 4). Акадэмічныя перакладныя слоўнікі не фіксуюць гэтага штучнага напрамкі, а толькі натуральнае беларускае з коранем праст: " Напрасткі нареч. прямиком, напрямик" (Беларускарускі слоўнік. Пад рэдакцыяй акадэміка АН БССР К.К. Крапівы. Масква, 1962, с. 495). І ў двухтамовым яго перавыданні (Т. 1. Мінск, 1988ё с. 748): " Напрасткі нареч. прямиком, напрямик". "Русскобелорусский словарь" 1993 года (4е перавыданне Слоўніка, што выйшаў пад рэдакцыяй акадэмікаў Я. Коласа, К. Крапівы і членкар. АН БССР П. Глебкі) падае: " Напрямик. нареч. напрасткі, напрасцяк, наўпрост, нацянькі" (Т. І, с. 145).

Напрамкі не што іншае, як трасянкавае беларускарасейскае "стварэнне", дзе беларускую прыстаўкавасуфіксавую структуру наклалі на расейскі корань прям (> прам): напрамкі. Няма такога слова ў мове класікаў беларускай літаратуры і сучасных знаных майстроў слова. Сустракаем яго ў малавядомых аўтараў. "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" (Т. 3. С. 200) падае яго без тлумачэння з адсылкай "Тое, што і напрасткі" (прыклады з твораў Вышынскага, Ваданосава), прычым абмяжоўвае выкарыстанне слова паметай "размоўнае" (стылёва неабмежаванае напрасткі). З гэтым стылёвым маркерам падае яго і аднакнігавы "Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы": " Напрамкі, прысл. (разм.) Тое, што і напрасткі". Бачым у тлумачальных слоўніках і натуральнае беларускае напрасцяк. Гэтыя словы выкарыстаныя знакамітымі беларускімі пісьменнікамі. "Па сцежачцы, што вілася напрасткі ад лесу і бегла праз поле, павольна пасоўваліся якраз сюды дзве чалавечыя фігуры" (Я. Колас). "З поля Міхась пайшоў адзін. Ён ішоў напрасцяк, праз палеткі, у сяло" (Я. Скрыган).

У жывой народнай мове ўжываецца і аднакаранёвы назоўнік "прасткі" з семантыкай 'самы кароткі (па простай лініі) шлях'. Яго сустракаем і ў показцы "Хто прасткоў шукае, той дома не бывае".

Дык ці варта агульнакарыстанае напрасткі з натуральнаю структурай і выразнай семантыкай замяняць на штучнае, трасянкавае "напрамкі"??

Павел Сцяцко


САПРАЎДНАЕ ЗАСТАНЕЦЦА!

У лютым месяцы ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве адбылося мерапрыемства прысвечанае дзеячам, якія нарадзіліся ў гэтым месяцы. На апошняй радзе ТБК старшыня прапанаваў, што кожны месяц за мерапрыемства будзе адказваць адзін з чальцоў рады. У гэтым месяцы быў адказны Алесь Адамковіч. Праграма атрымалася вельмі багатая. У хуткім часе кафедра беларусістыкі адзначае 20 годдзе дзейнасці ў Літве. Першай выступіла загадчыца кафедры Лілея Плыгаўка. "Мы жывём у вельмі цікавы час і на ўнікальнай тэрыторыі, якая называецца Віленскі край. Побач жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў: палякі літоўцы, беларусы, караімы і іншыя , адбываецца ўплыў розных культур, моў, рэлігій. Тыповы жыхар гэтага рэгіёна валодае некалькімі мовамі, ўжывае словы з іншых моў, адбываецца цеснае культурнае перапляценне.

Каля Вільні ёсць вёска Ашашнікі, ў якой жывуць у асноўным жанчыны беларускі, а мужчыны літоўцы.

Яшчэ ў гэтым рэгіёне існуе такі ўнікальны феномен, як "тутэйшы". Я "тутэйшы" жыхар, мая мова "тутэйшая". У гэтым рэгіёне ніколі не было міжнацыянальных канфліктаў. На гэтай тэрыторыі пражывае шмат беларусаў, іх можна падзяліць на две часткі: аўтахтоны, якія тут нарадзіліся, і тыя, хто прыехаў у пасляваенны перыяд. У пасляваенны перыяд у Літве не існавала ні адной навучальнай установы на беларускай мове. Дзякуючы перабудове ў канцы 80х гадоў , у Літве пачалі ўзнікаць першыя беларускія суполкі; "Сябрына", Таварыства беларускай культуры, адкрыўся першы беларускі клас пры 13 школе, калі набралася больш 200 заяў ад бацькоў, паўстала пытанне сваёй школы.

Дзякуючы намаганням Хведара Нюнькі, Лявона Луцкевіча, Лілеі Плыгаўкі памяшканне было атрымана, пачала працаваць Віленская беларуская школа № 69, цяпер школа імя Францішка Скарыны, адбылося ўжо 17 выпускаў. Паспяхова працуе і кафедра беларусістыкі пры педагагічным універсітэце, яе бяззменна ўзначальвае доктар навук Лілея Плыгаўка. У 2009 годзе выйшла кніга Л. Плыгаўкі "Беларуская мова ў Літве: сацыякультурны і лінгвістычны аспекты", дапаможнік для студэнтаў і для тых, хто цікавіцца беларускай мовай.

Выпускнікі атрымоўваюць добрую адукацыю, валодаюць некалькімі еўрапейскімі мовамі, многія займаюцца прафесійна журналістыкай. ёсць выкладчыкі, перакладчыкі і г. д.

Наступны выступоўца чалец ТБК, войт Вацлаў Гульбіновіч. Яго сянюнія па выніках працы займае першае месца ў горадзе сярод 21. Сп.В. Гульбіновіч падрабязна распавёў пра сваю працу, нават было шмат пытанняў.

Сп. Алесь Адамковіч займаецца даследаваннем жыцця і дзейнасці беларускіх святароў. Гэтым разам ён распавёў пра жыццядзейнасць Тамаша Падзявы, нарадзіўся 5 лютага 1906 г. і пра Янку Быліну ( Ян Семашкевіч), памёр 18 лютага 1956 года. Абодва працавалі на карысць Бацькаўшчыны, стараліся данесці слова Божае да сваіх прыхаджан на роднай мове, абодва і пацярпелі, адбывалі пакаранне ў сталінскіх лагерах. Янка Быліна нарадзіўся на памежжы, цяпер Астравецкі раён, служыў ў Лаварышках. Кажуць, што 20 гадоў назад бабулькі Лаварышскага прыходу спявалі каталіцкія песні на беларускай мове і казалі, што іх навучыў ксёндз Ян Семашкевіч.

Вельмі цікавы і змястоўны даклад Артура Яўмена, прысвечаны Тадэвушу Касцюшку, нарадзіўся 4 лютага 1746 года. Вельмі цікавае выступленне і Анатоля Уласенкі пра графа Канстанціна Тышкевіча, нарадзіўся 17 лютага 1806 года ў Лагойску. Першым праплыў 682 вярсты па Вяллі ад вёскі Каменкі, пад час вандроўкі рабіліся замалёўкі, вынікам стала кніга К. Тышкевіча "Вілія і яе берагі", якая выйшла пасля смерці аўтара ў Дрэздане. Кніга цікавая і сучаснікам. У пачатку 21 стагоддзя зноў праплылі шляхам графа К. Тышкевіча.

Сп. Хведар Нюнька сваё выступленне прысвяціў гісторыку грамадскаму і палітычнаму дзеячу Усеваладу Ігнатоўскаму, загінуў 4 лютага 1931 года. Выступоўца падрабязна распавёў пра біяграфію, і дзейнасць У. Ігнатоўскага, зачытаў з "Гісторыі Беларусі" ( 2007 г.) пра вялізную працу па беларусізацыі і плату за гэта сталінскага рэжыму.

8 лютага 1921года нарадзіўся Іван Мележ, аўтар "Палескай хронікі". У 1885 годзе Марк Твен пісаў: "Ёсць толькі адзін эксперт, які прафесійна валодае кваліфікацыяй, дастатковай, каб зразумець душу і жыццё народа і адэкватна іх ацаніць гэта нацыянальны раманіст, якіх вельмі мала нават у шматлюднага народа. У 1914 годзе М. Гарэцкі марыў, каб побач з кнігай вершаў Янкі Купалы "Шляхам жыцця" ляжала тоўстая кніга прыгожай прозы. Мы можам ганарыцца, што ў нас ёсць "Каласы пад сярпом тваім", "Новая зямля", "Людзі на балоце". Такім нацыянальным раманістам быў Іван Мележ.

Мала ён пражыў, мог яшчэ шмат сказаць, але тое, што сказаў сапраўднае, а сапраўднае застанецца.

Пра І. Мележа расказала Леакадзія Мілаш. Праграма была вельмі багатай, адзначылі і прысутныя журналісты, нават не паспелі ўсё запланаванае ажыццявіць

Жыве беларускае слова ў Літве. Жыве Беларусь!

Леакадзія Мілаш, г. Вільня


Віншуем пераможцаў ІV Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі!

20 лютага, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, Магілёўская гарадская арганізацыя ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" і клуб "Натхненне" правялі ІV Агульнанацыянальную беларускую дыктоўку, удзел у якой прынялі больш за 60 чалавек. Сёлета для дыктоўкі быў выбраны тэкст эсэ Максіма Багдановіча "Хто мы такія?".

Пераможцамі можна лічыць усіх удзельнікаў свята мовы людзей самых розных узростаў і прафесій (сярод іншых дыктоўку напісалі экскандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў, мастак Базыль Камароў, гісторыкі Лявон Сугака і Алесь Агееў, пісьменнікі Віктар Арцем'еў і Таццяна Барысік), якія засведчылі сваю неабыякавасць да Беларушчыны. Кожны з удзельнікаў дыктоўкі атрымаў памятны фотаздымак. А найлепшыя вынікі паказалі:

Бацілава Надзея

Булавацкі Міхась

Каласоўская Таццяна

Ільеня Андрэй

Мурашкіна Алена

Цумарава Алена

Шульгат Таццяна .

Шчыра віншуем пераможцаў з выдатнымі вынікамі і зычым усім удзельнікам далейшых поспехаў у вывучэнні беларускай мовы, у далучэнні да нашай нацыянальнай святыні!!!

Юрась Каласоўскі, Магілёў.


«Беларускае пяціборства» адзначыла сваіх пераможцаў

2 сакавіка магілёўская абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы ўзнагародзіла пераможцаў інтэлектуальнага спаборніцтва «Беларускае пяціборства 2011». Урачыстасць праходзіла ў дэканаце педагагічнага факультэта дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова. Універсітэт дапамагае суполцы праводзіць спаборніцтва.

У сёлетнім «Пяціборстве» ўдзельнічалі 42 вучні старэйшых класаў. Гэта рэкордная колькасць удзельнікаў за час правядзення мерапрыемства. Як і ў папярэднія гады, спаборнікі спраўджвалі веды па пяці школьных дысцыплінах. Усе заданні на беларускай мове. Адказваць школьнікі меліся таксама пабеларуску. Якасць мовы ўлічвалася пры падвядзенні вынікаў.

Якраз якасць мовы і выклікае ў арганізатара «Пяціборства» Міхася Булавацкага неспакой. Яна горшае, адзначае ён:

Сёлета быў паказаны самы слабы вынік у веданні мовы. Адна памылка на дзесяць слоў у сярэднім. Пяць год таму была адна памылка на трыццаць слоў. Гэта ж нікуды не варта. Мовы вучням не хапае. Амаль усе ўдзельнікі з расейскамоўных школ. Матэматыкі пабеларуску, фізікі пабеларуску ім не выкладаюць. Яны тэрмінаў беларускіх не ведаюць. Яны займаюцца словатворчасцю своеасаблівай. Напрыклад, слова расейскае "касательная". Пабеларуску яно "датычная". А яго яны не ведаюць і прыдумляюць сваё "кранацельная", "датыкальная", "зачэпная". У мяне назбіралася дванаццаць варыянтаў такой творчасці.

Перамагла ў «Беларускім пяціборстве 2011» вучаніца першай магілёўскай гімназіі Юлія Фешчукова. Другое месца заняла леташняя пераможца спаборніцтва Наста Жыркевіч з бабруйскай гімназіі № 3. Абедзве дзяўчыны беларускамоўныя. Яны атрымалі ўхвальныя лісты ад ТБМ і памятныя сувеніры. Ухвальныя лісты атрымалі і пераможцы ў асобных намінацыях.

Упершыню інтэлектуальнае спаборніцтва прайшло ў 1999 годзе з ініцыятывы сябра ТБМ Міхася Булавацкага. Ён высветліў, што заданні алімпіядаў па матэматыцы прапануюцца школьнікам толькі на расейскай мове, і паспрабаваў арганізаваць нефармальную алімпіяду пабеларуску. На яе прыйшло тры дзясяткі вучняў. Ад 2001 году спаборніцтва сярод удзельнікаў абласных школьных алімпіядаў праводзіцца па пяці прадметах школьнай праграмы.

Наш кар.

На здымках: арганізатар "Беларускага пяціборства Міхась Булавацкі і пераможцы Юлія Фешчукова і Наста Жыркевіч.


ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ Ў ВІЦЕБСКУ

21га лютага ў Віцебску, як і па ўсёй краіне, прыхільнікі беларускага слова адзначылі Дзень роднай мовы. Напісанне 4й Агульнанацыянальнай дыктоўкі было галоўным у святкаванні. У розных месцах горада на працягу дня ўсе ахвотныя маглі напісаць вядомы тэкст Максіма Багдановіча. Да гэтай пачэснай справы далучыліся вучні старэйшых класаў, студэнты, сябры таварыства і кіраўніцтва Віцебскай абласной арганізацыі, пенсіянеры і іншыя зацікаўленыя грамадзяне.

Супольна пісалі багдановічаўскія радкі сябры сакратарыяту абласной рады, студэнты медыцынскага ўніверсітэта і тыя, хто далучыўся да штогадовай акцыі ўпершыню. Дыктавала тэкст вядомая на Віцебшчыне настаўніца роднай мовы і адначасова старшыня Віцебскай гарадской арганізацыі ТБМ спня Любоў Лукашэнка. Пасля яшчэ доўга прысутныя вялі нязмушаны абмен думкамі пра стан роднай мовы, пра тыя рэальныя захады, якія кожны можа зрабіць дзеля павышэння яе папулярнасці ў грамадстве.

З задавальненнем прынялі ўдзел у напісанні дыктоўкі ў свой вольны час і пераможцы абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, якія зараз рыхтуюцца да ўдзелу ў заключным туры. Было выразна бачна, што для дзяцей гэта не проста нейкая звыклая справа напісалі і забыліся, а нешта куды больш важнае, істотнае. І калі кожны з іх ведаў пра Дзень роднай мовы, то адзначыць яго такім чынам, прыняць актыўны ўдзел разам з усёй краінай многім выпала першы раз. Безумоўна, тут не самае галоўнае, хто напісаў зусім без памылак, а хто дапусціў аднудзве недакладнасці. Тым не менш трэба было бачыць, з якой адказнасцю вучні паставіліся да сваёй працы. З іх вуснаў гучалі меркаванні, што ў наступным годзе ніхто не забудзецца на гэты дзень, кожны пастараецца прыняць удзел і ў 5й Агульнанацыянальнай дыктоўцы.

У гэтым годзе назіралася досыць цікавая з'ява, калі дыктоўка пісалася ў розных пакоях у студэнцкіх інтэрнатах. Пяцьшэсць чалавек пішуць, а потым збіраюцца некалькімі пакоямі і правяраюць, абмяркоўваючы не толькі чыста моўныя нюансы, але і сутнасць прапанаванага тэксту, яго актуальнасць і для нашага часу. Магчыма, такая практыка будзе мець свой працяг і ў наступным годзе, бо ўсе прыйшлі да высновы, што такое супольнае абмеркаванне надзвычай карыснае, бо дазваляе, апрача іншага, яшчэ і проста пабыць у беларускамоўным асяроддзі тым, хто не мае штодзённай моўнай практыкі.

Асобна варта сказаць пра святкаванне Дня роднай мовы на факультэце беларускай філалогіі і культуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. Галоўнай падзеяй тут стала публічная лекцыя дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства спні Алены Дзядовай на тэму "Менталітэт народа і родная мова". Паслухаць вядомага даследчыка прыйшло больш за сто дваццаць чалавек. Алена Сяргееўна надзвычай цікава распавядала пра асаблівасці нашага менталітэту і яго сувязь з роднай мовай, на шматлікіх прыкладах паказала ўплыў мовы на фармаванне нацыянальнай свядомасці. Варта заўважыць, што падобныя лекцыі да Дня роднай мовы сталі ва ўніверсітэце ўжо традыцыйнымі.

Абмяркоўваючы адзначэнне Дня роднай мовы ў Віцебску, кіраўніцтва абласной арганізацыі намеціла і новыя формы працы, якія павінны паспрыяць пашырэнню кола прыхільнікаў беларускага слова ў будучым. Можна спадзявацца, што ў наступным годзе павялічыцца і колькасць ахвотных далучыцца ў тым ліку і да напісання Агульнанацыянальнай дыктоўкі, і тых, хто будзе штодня гаварыць пабеларуску.

Намеснік старшыні Віцебскай абл. арг. ТБМ Юрась Бабіч.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на другі квартал 2011 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 103. Цана не змянілася. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Кожны нумар "Нашага слова" гэта далікатны і свежы зрэз сучаснасці і мінуўшчыны, а ў некаторых выпадках спроба заглянуць у будучыню. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды. Мы падаём факты. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


"Мне б вякоў не хапіла слухаць вочы твае"

"Вусны можна будзіць адно

На малітву і на каханне"

50 гадоў з дня шлюбу адзначылі Рыгор Іванавіч і Валянціна Міхайлаўна Барадуліны. Залатое вяселле яны сустрэлі ў вузкім коле родных.

"Ёсць тры вечныя тэмы, на якіх правяраецца адначасова талент, майстэрства і няўтойнае ў паэзіі, пісаў глыбокі знаўца лірыкі і душы чалавечай . Шчырасць паэта, яго асоба як чалавека і грамадзяніна, без чаго не можа быць паэзіі, без чаго не можа быць перадачы сваіх пачуццяў, свайго настрою. Гэтыя тэмы маці, Радзіма, каханая. Словы гэтыя сапраўдныя паэты словы пішуць, калі не на паперы, то ў душы з вялікай літары."

Безліч вобразаў у творчасці дэміурга слова прысвечаны роднай зямлі і малой радзіме Вушаччыне, Полаччыне, адкуль сягалі ў свет некалькі пакаленняў літаратараў П. Броўка, В. Быкаў, У. Арлоў.

"Евангелле ад Мамы" кніга выдадзеная паэтам ў 1995 годдзе, аб'ядноўвала вершы пра самае дарагое і знакавае пра Беларушчыну. Тут і Полацк, і Слуцк, і Грунвальд усё, што мацуе дух беларуса, яго ўнутраны духоўны свет, родная мова, маміна спадчына.

"Рыгорава маці, незабыўная Куліна Андрэеўна разам з жыццём удыхнула ў сынаву душу светлае паветра гаючай беларускай мовы, навучыла чуць роднае слова ў сябе і ў наваколлі, урэшце, авалодаць ім так, каб яно паслухмяна і радасна клалася ў радок, не страчваючы пры гэтым ні колеру, ні водару, ні музыкі," пісаў старэйшы сябар паэта Генадзь Бураўкін. "Схілялася нада мной маміна слова, святам свянцонае", апавядаў Рыгор Барадулін.

"Вочы твае нада мною ўзышлі

Сузор'ямі цішыні, сусветамі дабрыні."

Маці гэта вялікі акіян кахання, цяпла, прыхаваных скарбаў. Паэтава мама Куліна гутарыла самнасам з Сусветам, сябравала з зоркамі, яблынькамі, гаварыла з галінкамі.

Яе прастора пачыналася з дома, з сада і выходзіла ў космас. Усё здабывалася потам, бяссоннем. Сама ставіла хаціну пасля вайны на месцы папялішча з тэлеграфных слупоў. Стараннымі ручкамі, цудадзейнай іголкай, яна абшывала вяскоўцаў, спраўляла кашулі і строі.

Магчыма ад любові да маці, павагі да той, якая выпеставала, берагла ўсю вайну, укладала душу і сэрца ў лісты, пасылкі, цёплыя рэчы для студэнта, верыла ў яго будучыню, пачыналася паважлівае стаўленне і замілаванне іншымі жанчынамі ў сям'і, якія прышлі ў лёс творцы пазней.

"Рэдка ў каго я бачыла такое стаўленне да маці, расказвае Валянціна Міхайлаўна Барадуліна. Можа быць, Куліна Андрэеўна так даражыла сынам і пільнавала яго, таму што ён быў позняе дзіця, муж загінуў у вайну. Рыгор Іванавіч шанаваў сваю маці, цалаваў ёй ручкі."

"А мама багіняй была.

Кулінабагіня кухні,

Багоўнічала ля катла,

Каб з голаду мы не пухлі…

Як роздум, успамін і погляд з вышыні гадоў, Рыгор Іванавіч у 2009 годзе сабраў і выдаў кнігу ліставання з маці "Паслаў бы табе душу". Каб зберагчы тое, "дзе кожны радок быў да сэрца прытулены". "Біблію слова матулінага берагу, каб не сурочылі."

Светла праз усё жыццё

"Каханне складала песні і балады, пісала вершы раней за "Песню песняў". У маладым веку каханне спякотнаняшчаднае сонца, у сталым веку каханне спадзеўнарадаснае сонца, на схіле веку сонца развітальнашчымлівае. Ды ўсё адно ад яго светла праз усё жыццё ", пісаў паэт.

"Я пяшчотай напоўню грудзі

Небасхіл да сябе прысланю".

Якім было першае спатканне з абранніцай? Вось як успамінае яна сама:

"Паступіўшы на беларускае аддзяленне філфака я далучылася да ўніверсітэцкага аркестра, дзе грала на народных інструментах, расказвае Валянціна Міхайлаўна. Усіх студэнтаўпершакурснікаў адпраўлялі на бульбу, а мяне пакінулі на рэпетыцыі. Тады ж, на вечарыне, мы пазнаёміліся з Рыгорам, ён быў на чацвёртым курсе. Праз некаторы час мы сустрэліся на танцах зноў. Толькі на чацвёртым курсе я згадзілася пайсці за яго замуж."

Рыгор Іванавіч у той час працаваў загадчыкам аддзела ў часопісе "Бярозка", вёў паэзію, прозу, раздзел "Гэта ваша творчасць", спорт, шахматы, красворды.

"Галоўным рэдактарам быў Усевалад Краўчанка. Пры Краўчанку якраз я жаніўся.

Перад вяселлем знік на нейкі тыдзень, заняты празаічнымі клопатамі па падрыхтоўцы застолля. Выходжу з Валяй з рыбнай крамы, глядзь шэф, я за вугал. Крычыць: " Не хавайся бачу цябе!" Падыходжу кіпіць. Тлумачу, што жаніцца вырашыў, той палагаднеў, сказаў, што прыдзе на вяселле. І прыйшоў. Яшчэ і цяпер у нас прыгожая вазачка пад кветкі падарунак У. Краўчанкі", пісаў ва ўспамінах Рыгор Іванавіч.

" Наша вяселле адбывалася паўвеку таму, гэта было 23 лютага 1961 года, на мае імяніны, ў дзень Святой Валянціны, але мы ў той час пра гэта не ведалі. На вяселле прыехалі нашыя матулі, Акуліна Андрэеўна і Таццяна Харламп'еўна, гасцей было вельмі шмат, выпускнікі і студэнты філфака БДУ, сябры па вучобе." Рыгор Іванавіч ў той час ужо зарабляў, таму застолле было значнае, пачастунку шмат.

"Благаславі тібе, Госпаді, Матер Божая, закрый ата всякага няшчасця, пісала Куліна Андрэеўна сыну ў лютым 1961 года. Мой сынок, так я за тібе малюся всегда, так благаславлю цябе здароўем, шчасцем, добрай долей, да старых год дажыць, друг друга любіць, дзетак здаровых узгадаваць, унукав, праўнукав даждаць, ні гора, ні беды, недастаткав ніколі не ўстрачаць. Мір вам і любоў, мае дзеткі." Добрая вестка ў хату нявестка, напіша потым паэт. Ёй маці павінна аддаць свайго сына…"

"Чым быў адметны для дзяўчат той час? успамінае Валянціна Міхайлаўна.

У гусце былі шырокія спадніцы "калакольчыкамі", пачыналі ўваходзіць у моду туфелькі на шпільках.

Мы першы час жылі на кватэры ў гаспадыні каля Опернага тэатра, мурманскай марачкі. Але яна брала вельмі дорага за кватэру, і нам прыйшлося знайсці іншую, у габрэйскай гаспадыні."

"Гатаваць навучылася я сама, кажа спадарыня Валянціна. (Сапраўды, яе піражкі гаючыя і непаўторныя). Гатаваць гэта не самае галоўнае, важна разумець, спачуваць. За творчым чалавекам жыць не проста. Калі разам дзве асобы, высокія па інтэлектуальнаму і культурнаму ўзроўню, адзін аднаго ўзбагачае, спрыяе адно аднаму."

Дарэчы, на Масленіцу ў Валянціны Міхайлаўны ёсць традыцыя выпякаць розныя блінцы. "Адным разам частавала Рыгора і Дамініку блінамі з пшонкай і з разынкамі. Увечары піражкі з капустай і з павідлам. А ў суботу зраблю блінны пірог, з начынкай з грыбоў і вяндліны," дзялілася сакрэтамі шчырая гаспадыня. Зараз здароўе дае пра сабе чуць, але настрой ёсць...

У 1962 годдзе ў сужанцаў нарадзілася дачушка Ілона. Дачушка прыносіла радасці і трывогі, што лягло ў паэтычныя радкі. У дарослым узросце Ілона Барадуліна скончыла філфак БДУ, але большую схільнасць мае да сучаснага мастацтва, не аднаразова яна ўдзельнічала ў выставах жывапісу і пленэрах, выконвала афармленне інтэр'ераў . Унучка Дамініка вучыцца на філалагічным аддзяленні БДПУ.

"Найбольшая любоў у Рыгора Дамініка, хай свецяцца вочкі яе! пісаў Васіль Сёмуха ў прадмове на збору твораў паэта.

"А Дамінічка пад хусцінкаю

Як сунічка пад лісцінкаю

Гэтакая маленькая,

Гэтакая саладзенькая".

Песенькі люлялкі

Калыханкі Рыгор Іванавіч пісаў і для Ілонкі, і для Дамінічкі. Столькі пяшчоты, ласкі, фантазіі ўкладаў у дзіцячыя вершыкі, люлялкі, лічылкі. Дзеля Ілонкі плыве па сінім Дунаі дзед сівенькі, кожнаму дзіцятку вязе па цікавай казцы, мёдам вочкі мажа, калыхае на хвалях у лодцы.

Песеньку, прысвечаную ўнучцы, пераклалі на англійскую і шведскую мову дзеля таго, каб перадаць у шведскую акадэмію навук, калі Рыгора Барадуліна вылучалі на Нобелеўскую прэмію.

Як мастак удыхае жыццё ў партрэты нязвыклай прыгажосці, так і ў паэта на працягу гадоў нараджаліся непаўторныя жаночыя вобразы: Босая зорка, Актрыса, Арыстакратка кахання…Няўлоўнае, мройлівае, таямнічае.

Літаратурны даследчык знайшоў 68 новатвораў у перакладзе на беларускую мову "Песні песняў". Цуд жаночага хараства паэт апеў разам з Я. Райнісам, Г. Лоркам і С. Вальехам. Ці ёсць мілейшы вобраз чым "Сонцакрылы жаўранак кахання"?

Багацце барадулінскай лірыкі пра каханне, прыгажосць і вернасць пачуццяў, грэе сэрцы беларусачкам, вучыць берагчы сваіх сужаных і свае гняздзечкі на ўсё жыццё. Сябры ТБМ павіншавалі сям'ю са значным юбліеем, і пажадалі моцнага здароўя, душэнага спакою, радасцяў і творчага плёну.

Э. Дзвінская.

На здымку:

1.Валянціна Міхайлаўна і Рыгор Іванавіч Барадуліны ў 1963 годдзе


Гаспадыня Зорнага палаца па-японску

Чараўнік беларускай мовы, кароль метафары, стваральнік вершаў і паэмаў, аўтар любімых песень і рамансаў, таленавіты перакладчык Р.І. Барадулін ва ўсе часы натхняе сваёй творчасцю музыкаў, мастакоў, выканаўцаў. Яго паэзія ахоплівае вялізны пласт нацыянальнай культуры, жыццёвага досведу і мудрасці.

Твор Рыгора Барадуліна "Беларускае слова" і іншыя вершы пераклала на японскую мову кіраўніца цэнтра японскай культуры ў Менску сп. Масако Тацумі, ініцыятар праекта "Месяц і сонца". Верш Р. І.Барадуліна паяпонску ўпершыню прагучаў на прэзентацыі кнігі "Беларускае слова ад спеву" у лютым гэтага года. Праз некалькі дзён спадарыня Тацумі выканала тэкст перакладу традыцыйнай японскай каліграфіяй на рысавай паперы. Узор тэксту на японскай мове быў перададзены народнаму паэту ў дзень яго нараджэння ў адмысловай рамцы з пажаданнем здароўя і творчага плёну.

Сп.Тацумі даўно цікавіцца беларускай паэзіяй. Раней яна пераклала песні на вершы Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Някляева, Леаніда ДранькоМайсюка.

"Рыгор Барадулін для мяне самы складаны аўтар, але яго радкі найбольш глыбокія і ёмістыя, у двух радках лірычнага твору, над якімі можна доўга разважаць, закладзена цэлая гісторыя пачуццяў чалавека," кажа сп.Тацумі."

Э. Дзвінская.

На здымку:

1. Падчас прэзентацыі кнігі

2.М.Тацумі чытае верш " Беларускае слова".


Створым разам беларускі фонд у першым замежным музеі В. Быкава!

Саюз беларускіх пісьменнікаў распачынае новую грамадскакультурную акцыю па стварэнні фонду беларускай мовы і культуры ў першым і пакуль што адзіным замежным музеі народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.

Музей размяшчаецца ў сярэдняй школе мястэчка Вялікая Севярынка Кіраваградскай вобласці Украіны у той мясцовасці, дзе ваяваў і ледзь не загінуў пісьменнік. Падзеі таго часу леглі ў аснову рамана В. Быкава "Мёртвым не баліць".

Збор кніжнага фонду для школы ў Вялікай Севярынцы будзе ажыццяўляцца з 1 па 31 сакавіка па адрасе:

Мінск, вул. К. Чорнага, 31 п. 906.

Тэлефон для кантакту: 2008091.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX