Вярнуцца: 2011

№ 11 (1006)


Крыніца: pawet.net.



НАША СЛОВА № 11(1006). 16 сакавіка 2011 г.

Дарожныя знакі на Глыбоччыне будуць беларускамоўнымі

Сп. Ул. Ул. Макею,
Кіраўніку Адміністрацыі
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
220016, г. Мінск,
вул. К. Маркса, 38

Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч!

Нас вельмі непакоіць стан дарожных знакаў з назвамі населеных пунктаў у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Па гэтым пытанні да нас неаднаразова звярталіся мясцовыя жыхары, абураныя тым, што з шыльдаў зніклі назвы населеных пунктаў на беларускай мове.
Улетку мінулага года мы звярталіся спачатку да старшыні Глыбоцкага райвыканкама сп. Мохарта А.В., а потым да сп. Косінца А.М., кіраўніка Віцебскай вобласці, але да гэтага часу адказаў ад іх не атрымалі.
Вельмі просім Вас разабрацца ў дадзенай сітуацыі і дапамагчы мясцовым уладам аднавіць спрадвечныя беларускія назвы на дарожных знаках у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці.
Дадатак: на двух старонках.
З павагай,
старшыня ТБМ . А.Трусаў

Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Паважаны Алег Анатольевіч!

У Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот ад 31 студзеня 2011 г. № 6 аб сітуацыі з дарожнымі знакамі ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці.
Пытанне аб замене дарожных знакаў з назвамі населеных пунктаў на рускай мове ўвогуле ўзнята правільна.
Дарожны знак вырабляецца з ацынкаванай сталі з інжынернай святловяртальнай плёнкай. Кошт такога знака плошчай 1 кв. метр з улікам ПДВ складае 257 734 рублі. Кошт вырабу і замены аднаго дарожнага знака складае ад 170 000 да 600 000 рублёў. Замена знакаў звычайна адбываецца па меры іх зносу.
У мінулым годзе ў Глыбоцкім раёне заменена 114 знакаў з назвамі населеных пунктаў і 2 знакі з назвамі рэк. Усе надпісы зроблены на беларускай мове.
У 2011 годзе на аўтамабільных дарогах Глыбоцкага раёна плануецца ўстанавіць (замяніць) 52 новыя дарожныя знакі на беларускай мове: I квартал 10 адзінак, II 12 адзінак, III квартал 30 адзінак.
У далейшым пытанне аб замене дарожных знакаў будзе вырашацца планава зыходзячы з наяўных сродкаў у мясцовым бюджэце і па меры неабходнасці замены старых знакаў, тэрмін эксплуатацыі якіх скончыўся.
З павагай,
Начальнік галоўнага ўпраўлення па рабоце
са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб
Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь С. Буко.

100 гадоў з дня нараджэння Льва Гарошкі

Архімандрыт Леў ГАРОШКА нарадзіўся 26 лютага (11 сакавіка паводле новага каляндара) 1911 года ў вёсцы Трашчычы на Міршчыне ў беларускай сям'і, у якой жыла яшчэ традыцыя Уніяцкай Царквы. Скончыўшы сямігадовую школу ў Міры ён здаў экзамены ў Наваградскую беларускую гімназію, дзе вучыўся з 1923 па 1931 год. У 1931 годзе Леў Гарошка здаў матуральны экзамен.
Праз пасрэдніцтва дырэктара гімназіі Янкі Цеханоўскага і дырэктара беларускага музея ў Вільні Антона Луцкевіча, Леў Гарошка паступіў у Львоўскую грэкакаталіцкую багаслоўскую акадэмію, дзе правучыўся пяць гадоў: 19311936 гг. Наступны акадэмічны год 1936/1937 ён навучаўся ў каталіцкім Багаслоўскім інстытуце ў Інсбруку ў Аўстрыі.
17 кастрычніка 1937 года Леў Гарошка быў рукапакладзены на святара біскупам Мікітам Будкам у Львове. Першую Боскую Літургію святар Леў адслужыў ва ўніяцкай парафіі Дзелятычы. У перыяд 19371939 гг. святар Леў служыў у розных каталіцкіх парафіях візантыйскага абраду (грэкакаталіцкіх) на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі лацінскага абраду. У ваенны час 19391944 гадоў а. Леў працаваў настаўнікам беларускай і лацінскай моваў у гандлёвай і медычнай школах у Баранавічах.
2 траўня 1942 году зкзарх беларускіх грэкакатолікаў Антон Неманцэвіч прызначыў а. Льва Гарошку сябрам Рады Экзархату.
Калі ў чэрвені 1944 году а. Леў быў вымушаны пакінуць Беларусь і апынуўся у Нямеччыне, ён хутка пачаў там душпастырскае служэнне сярод беларусаўкатолікаў. У 1945 годзе а. Леў меў магчымасць пераехаць у Рым, дзе жыў да 24 кастрычніка 1946 года. За гэты час у Рыме а. Леў выдаў друкам беларускі малітоўнік "Божым шляхам".
У канцы кастрычніка 1946 году а. Леў быў прызначаны рэктарам Бел. Кат. Місіі ў Францыі ды выехаў у Парыж. Там, у 1947 годзе ён пачаў выдаваць беларускі рэлігійны часопіс "Божым шляхам" і быў яго рэдактарам да 1957 года. У 1959 годзе а. Леў паступіў у Рыме ў ордэн Айцоў Марыянаў. У 1960 годзе біскупам Чэславам Сіповічам быў прызначаны рэктарам Беларускай Каталіцкай Місіі ў Вялібрытаніі. Там жа ў Лондане ў 1965 годзе а. Леў Гарошка быў пасвечаны ў сан архімандрыта. З 1970 па 1977 год архімандрыт Леў Гарошка быў кіраўніком Бел. рэдакцыі Ватыканскага радыё.
Памёр архімандрыт Леў у шпіталі ў Парыжы 28 ліпеня 1977 года. Пахаваны 8 жніўня 1977 года на могілках св. Панкрата ў Лондане.

80 гадоў з дня нараджэння Паўла Місько

МІСЬКО Павел Андрэевіч (н. 14.3. 1931, в. Знамя Слуцкага рна Менскай вобл.), бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1955). Працаваў у друку, у час. «Полымя», з 197280 у выдве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1954. Першы зб. апавяданняў «Калодзеж» (1967). Кнігі нарысаў «Гаспадыні свайго лёсу» (1968), «Дрэва жыцця» (1973), аповесць «Ціхае лета» (1973), раман «Градабой» (1980) прысвечаны пасляваен. вёсцы. Падзеі Вял. Айч. вайны адлюстраваў у аповесцях «Поезд ішоў на Захад» (1972), «Калянае лісце» (1974), рамане «Мора Герадота» (1976). Ваеннае і пасляваен. жыццё ў рамане «Хлопцы, чые вы будзеце...» (ч. 12, 198992). Аўтар дэтэктыўнафантаст. аповесці «Ніль адмірары, або Я выбіраю смерцы» (1999). Творчасці М. ўласцівы ўвага да бытавой стыхіі нар. жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае нар. слова. Аўтар збкаў сатыры і гумару «Дзівакчалавек» (1972), «Чэрці ў коміне» (1978), «Вясельны марафон» (1984), «Лекцыя з падвывам» (1988), «Развітальная гастроль» (1991), п'ес «Ліха крадзецца ціха» (1976), «Канфлікт мясцовага значэння» (1989) і інш. У творы ддя дзяцей уводзіць прыгодніцкі і фантаст. элемент (кнігі «Падарожжа ў калгас», 1970; «Зямля ў нас такая», 1971; «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі», 1972; «Прыгоды Бульбобаў», 1977; «Грот афаліны», 1985; «Эрпіды на планеце Зямля», 1987; «Прыйдзі, дзеньзалацень!», 1993, і інш.).
На бел. мову пераклаў паэму М. Гогаля «Мёртвыя душы», казку П. Яршова «Канёкгарбунок», аповесці Я. Носава «Шуміць лугавая аўсяніца» і «Чырвонае віно перамогі», У. Цендракова «Ноч пасля выпуску» і інш.

Ірына Гапоненка

БЕЛАРУСКІЯ ПРОЗВІШЧЫ:
ЯК НАПІСАЦЬ, ПРАСКЛАНЯЦЬ, ПЕРАДАЦЬ НА ІНШЫЯ МОВЫ?


Прозвішча гэта сямейнае cпадчыннае найменне, якое на сённяшні дзень з'яўляецца асноўным "прадстаўніком" чалавека ў грамадстве, ужываецца ў многіх афіцыйных дакументах, такіх як пашпарты, пасведчанні аб нараджэнні, заключэнні шлюбу, дыпломы, атэстаты, акты маёмасных адносін і пад.
Зразумела, што для таго, каб паспяхова выконваць свае грамадскія і прававыя функцыі, прозвішчы павінны быць строга рэгламентаванымі ў адносінах напісання і словазмянення. Тым не менш пісьмовая перадача прозвішчаў у сучаснай беларускай мове адносіцца да ліку найбольш складаных тэарэтычных і практычных праблем, у межах якой існуе цэлы шэраг спрэчных пытанняў.
Папершае, для некаторых беларускіх прозвішчаў няпроста вызначыць правільную зыходную нацыянальную форму. Напрыклад, цяжкім для практычнага прымянення з'яўляецца прапанаванае ў § 12 (пп. 23) дзейнага арфаграфічнага звода ("Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", Мінск, 2008) правіла перадачы ў прозвішчах зычных [д] і [т]. Так, згодна з правіламі п. 2 літары дз, ц перад мяккім [в] трэба пісаць у залежнасці ад вымаўлення (падаюцца прыклады прозвішчаў Мацвеенка, Бацвіннік). А ў п. 3 канстатуецца (без тлумачэння прычыны), што ў некаторых словах у такой пазіцыі ўсё ж такі пішацца д і т і ў якасці прыкладу прыводзіцца прозвішча Мардвінаў. Заўважым, што вымаўленне, на якое рэкамендавана абапірацца ў правіле, на жаль, занадта няпэўны арыенцір. Калі ўлічыць абмежаванасць сучаснага беларускамоўнага асяроддзя, то даводзіцца прызнаць, што літаратурныя арфаэпічныя нормы не з'яўляюцца агульнавядомымі, а індывідуальнае вымаўленне характарызуецца прыкметнай неаднастайнасцю і не выключае варыянтаў Батвіннік або Мардзвінаў. Але напісанне пералічаных прозвішчаў можна прынамсі "падгледзець" у зборніку правілаў. А вось афармленне тых прозвішчаў, якія не трапілі ў ілюстрацыйны фонд, зыходзячы з пададзеных рэкамендацый, увогуле застаецца загадкавым, напрыклад, Дзвінскі (ці Двінскі?), Дзмітрыенка (ці Дмітрыенка?), Ліцвінаў (ці Літвінаў?), Галотвін (ці Галоцвін?) і пад.
Падругое, далёкімі ад дасканаласці з'яўляюцца правілы скланення прозвішчаў. У беларускай мове на сённяшні дзень асноўным дакументам, які рэгламентуе скланенне прозвішчаў, застаецца нарматыўны зборнік "Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" 1959 года. Змешчаны ў ім Дадатак 1. "Заўвагі аб уласных імёнах і прозвішчах" паранейшаму актуальны, паколькі ў новай рэдакцыі беларускага правапісу 2008 года кадыфікацыі падлеглі нормы выключна арфаграфічнага характару, а раздзел, прысвечаны скланенню ўласных імёнаў, адсутнічае. Адпаведна атрымліваецца, што неадмененыя нормы застаюцца дзейнымі.
Існыя правілы скланення прозвішчаў утрымліваюць шмат недагаворак, недакладнасцей і супярэчнасцей. Асабліва вялікія пярэчанні выклікае той факт, што для таго, каб устанавіць характар словазмянення многіх тыпаў прозвішчаў, карыстальнік павінен спачатку вызначыць суадносіцца ці не суадносіцца прозвішча з назвамі прадметаў рэчаіснасці. А гэта не такая простая лінгвістычная аперацыя, як здаецца на першы погляд. Не валодаючы спецыяльнымі ведамі даволі лёгка дапусціць памылку ў прозвішчнай этымалогіі, што ў сваю чаргу прыводзіць да памылак у скланенні. Устанавіць этымалогію прозвішча для шараговага носьбіта мовы надзвычай складана, а то і ўвогуле немагчыма. Для таго, каб анамастыкаэтымалагічныя росшукі маглі прэтэндаваць на аб'ектыўнасць, патрабуецца як мінімум шырокі лексічны запас, а часам нават веданне ўстарэлай і дыялектнай лексікі і іншая спецыяльная навуковая інфармацыя. Аднак не кожны беларус на сённяшні дзень зможа ідэнтыфікаваць прозвішчы тыпу Паходня, Талака, Сукала, Ворыва як этымалагічна звязаныя з назвамі прадметаў і з'яў рэчаіснасці, а значыць і праскланяць іх згодна з нормамі.
Недасканаласць правілаў, уплыў сістэмы рускага скланення і сістэмы скланення агульных назоўнікаў, натуральныя зрухі ў сістэме анамастычнага словазмянення, што адбыліся ў жывой мове за перыяд, які прайшоў ад часу выдання правілаў, усе гэтыя фактары паступова пачалі прыводзіць да шматлікіх парушэнняў нормы афармлення прозвішчаў ва ўскосных склонах. Паводле матэрыялу беларускіх газет і часопісаў, у пісьмовай практыцы апошніх гадоў, папершае, назіраюцца выпадкі ненарматыўнага скланення: помнік Францыску Скарыну, мемарыяльная дошка Янку Купалу, Паўлу Шубу, аб Бацюню, пагаварыць з Юрчэнем, аб Сыракомлі, аб Мележы, аб Багушэвічы, аб Готвальду, віншаванні Клёцке Святлане, Белатурке Вользе і пад. Падругое, парушаюцца ўзаконеныя прынцыпы скланяльнасцінескланяльнасці прозвішчаў. Мужчынскія прозвішчы, якія па правілах маюць парадыгму, ужываюцца як нескланяльныя: кніга Пімена Панчанка, са слоў Віктара Юшчанка, пытанне пастаўлена журналістам У. Нікіценка, Іллі Мажара, Вадзіму Жывулька, на уроках Віталя Дудка. А нескланяльныя жаночыя прозвішчы, наадварот, усё часцей падлягаюць словазмяненню: дыплом Машары Ганны, аб Клепчы Яніне, затрымалі Яўгенію Ёкшу, Валянціны Вялюгі, калекцыя Настассі Броўкі, ля палотнаў Наталлі Макаранкі, скульптуры Ганны Балухі, перадаць Навуменцы Алене, Алены Пісарэнкі, павіншаваў Наталлю Касцючэнку, з Тамарай Гусачэнкай і пад.
Варыянтныя напісанні прозвішчаў ва ўскосных склонах нярэдка выяўляюцца ў адным і тым жа выданні, а часам нават у межах адной публікацыі. Варыянты сустракаюцца і на гарадскіх шыльдах (у Гародні на суседніх дамах вуліца Э. Ажэшка і вуліца Э. Ажэшкі), а памылкі у транспартных аб'явах (у менскіх тралейбусах гучыць: Наступны прыпынак бульвар Шаўчэнка).
Яшчэ горш, што навуковыя і вучэбныя выданні таксама, на вялікі жаль, не даюць адназначных арыенціраў у сферы скланення прозвішчаў. У граматыках і падручніках, асабліва ў тых, што выдаваліся з канца 90х гг. да сённяшніх дзён, фіксуецца цэлы шэраг разнастайных варыянтаў прозвішчнага скланення, больш ці менш далёкіх ад нарматыўнага. Так, прозвішчы на я тыпу Бядуля, Барадуля ў выданні "Кароткая граматыка. Фаналогія. Марфаналогія. Марфалогія" (Ч. 1. Мінск, 2007) прапануецца скланяць па агульнай жаночай парадыгме (РДМ Бядулі) у мужчынскім і жаночым варыянце, у "Слоўніку цяжкасцяў" Б.А. Плотнікава, В.П. Трайкоўскай (Мінск, 2004) па мужчынскай парадыгме (РДМ Бядулю), калі яны належаць мужчынам, і не скланяць адпаведныя жаночыя прозвішчы, а ў падручніку Ул. Куліковіча "Беларускі правапіс: правілы, заданні, кантрольныя работы" (Мінск, 1998) рэгламентуецца наяўнасць у гэтым выпадку дзвюх парадыгмаў мужчынскай і жаночай. Падобны разнабой адзначаецца і ў дачыненні скланення прозвішчаў эня, еня, уня, юня, ка, енка, энка і інш. Нават здавалася б беспраблемнае прозвішча Іваноў не так лёгка праскланяць, арыентуючыся на існыя выданні. Так, згодна з некаторымі з іх месны склон такіх прозвішчаў трэба афармляць канчаткам е (Капылоў І. Л., Рапацэвіч С. Я. "Беларуская мова ў табліцах і схемах", Мінск, 2004; вышэйзгаданы падручнік Ул. Куліковіча), што, дарэчы, адпавядае ўстаноўленым правілам, а паводле іншых канчаткам у (Cіўковіч В. М. "Беларуская мова ў пытаннях, адказах і практыкаваннях", Мінск, 2004; вышэйзгаданы "Слоўнік цяжкасцяў"). У асобных жа крыніцах дапускаецца варыянтнае ўжыванне е і у (Плотнікаў Б. А., Антанюк Л. А. "Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум", Мінск, 2003).
У выніку атрымліваецца, што словазмяненне прозвішчаў для носьбітаў мовы з'яўляецца фактычна невядомай велічынёй.
Патрэцяе, цалкам неўнармаванай з'яўляецца працэдура ўстанаўлення рускамоўнай формы беларускіх прозвішчаў. Нарматыўныя дакументы, якія б рэгулявалі гэты працэс, на сённяшні дзень цалкам адсутнічаюць. Таму пакуль што пісьмовае афармленне беларускіх прозвішчаў паруску залежыць выключна ад моўнай кампетэнцыі канкрэтнага супрацоўніка пашпартнага стала ці іншага чыноўніка, які непасрэдна ажыццяўляе афармленне дакумента. У выніку гэта прыводзіць да ўзнікнення і дакументальнай фіксацыі вялікай колькасці памылковых напісанняў прозвішчаў, напрыклад, Абрашенко ад Абрашчанка, Ворварин ад Варварын, Даморяд ад Дамарад, Каллаур ад Калавур, Коледа ад Каляда і інш. Шэраг беларускіх прозвішчаў паруску перадаецца двума, трыма і больш варыянтамі, у тым ліку ў членаў адной сям'і: Альховік Альховик і Ольховик, Антанюк Антанюк і Антонюк, Багатка Багатко і Богатко, Барадзін Барадин і Бородин, Баўбель Баубель і Бавбель, Вайтовіч Вайтович і Войтович, Восіпаў Восипов і Осипов, Дзядзько Дзядзько і Дядько, Лазар Лазар і Лазарь, Рабянок Робенок, Рабенок, Рябенок і Ребенок, Рудзін Рудзин і Рудин, Савуць Сауть, Савуть, Сауць, Шляхоткін Шляхоткин і Шлехоткин, Шмаўганец Шмавганец і Шмавгонец і інш.
Як паказаў кароткі аналіз спісаў прозвішчаў з розных крыніц, найбольш часта непаслядоўнасць назіраецца пры перадачы такіх тыповых беларускіх фанетычных рыс, як аканне: бел. Багамаз рус. Багамаз, Багамяка Багамяко, Багаценка Багатенко, Баравік Баравик, Барадаўка Барадавка, але Багацёнак Богатенок, Бардачоў Бордачев, Бардовіч Бордович; яканне: бел. Бяляза рус. Бялязо, Бяроска Бяроско, Ярмоленка Ярмоленко, але Бядаш Бедаш, Бядзенка Беденко, Сямашка Семашко; цеканне: бел. Бацека рус. Бацеко, Бацян Бацян, Цішкевіч Цишкевич, Цюпа Цюпа, але Бацюта Батюто, Ціхановіч Тиханович; цвёрдасць [р], [ц] і шыпячых: бел. Багрышаў рус. Багрышев, Батрынча Батрынча, Чамярыцын Чемерицын, Яроменка Яроменко, Ярыга Ярыго, але Багрый Багрий, Багрынцаў Багринцев, Багрыцэвіч Багрицевич, Царук Царюк, Цыркун Циркун, Шчыры Щирый; пераход [ў] у [в], [л] : бел. Баўгуль рус. Бавгуль, Баўдзей Бавдей, Баўдзіла Бавдило, Доўнар Довнар, Паўтарак Палтарак, але Баўдзілін Баудилин, Плаўсюк Плаусюк; пісьмовае абазначэнне ўстаўных і прыстаўных зычных: бел. Вольгін рус. Вольгин, Чавусаў Чавусов, але Вуглоў Углов, Чарнавус Черноус.
(Заканч. у наст. нумары.)

Павел Сцяцко

Мовазнаўчы досвед


Гулёна і гуляшчая. "Людзі на цябе, гулёну, паглядзелі і пра мяне будуць гэтак думаць" (Полымя. 2010. № 3. С. 34). Слоўнікі не падаюць першага слова, а толькі другое: "Гуляшчы. Які вядзе распуснае жыццё" (Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Том 2. С. 96). Гэта расейскае слова, якому у беларускай мове адпавядае блуднік (Русскобелорусский словарь. 1993, т. 1, с. 338). З дэфініцыі (тлумачэння) пры слове гуляшчы (-ая) вынікае натуральнае распуснік утварэнне ад распусны (распуснік). Хоць з гэтым значэннем бытуе і нульсуфіксавы дэрыват распуста.
Каб захаваць аднакаранёвае з гуляць вытворнае асабовае найменне, можна выкарыстаць і згаданае гулёна, бо дэрыват гуляка мае іншы сэнс 'той, хто нічога не робіць і разгульна жыве'.

Прыдомак. "Вінаградная лаза каля майго дачнага дома выплела цэлы зялёны прыдомак. Пад яго зялёнай стрэшкай можна схаваць і машыну" (Полымя. 2011. № 1. С. 90). Слоўнікі не фіксуюць гэтага слова. Яно мае выразную будову і значэнне; утворана ад спалучэння пры доме + суфікс ак (прыдомак) і абазначае 'збудаванне пры доме'.
Наватвор варты стаць лексемай літаратурнай мовы.

Седлава. "А ззаду на прасторным трохмесным седлаве калышамся мы з тэхнікам гуказапісу" (Полымя. 2011. № 1. С. 85). Слова не фіксуецца слоўнікамі. Хутчэй за ўсё гэта ўтварэнне ад прыметніка седлавы 'які мае адносіны да сядла'. Яно і матывуецца словам сядло ('сядзенне для конніка', 'скураное сядзенне матацыкла, веласіпеда'). Наватвор дае магчымасць размежаваць розныя паняцці: 1) 'працэс'; 2) 'месца, прадмет, на якім сядзяць, на які садзяцца', што перадаецца словам сядзенне, абазначыўшы такім чынам "прадметнае значэнне" асобным словам седлава.
Слова вартае ўвагі і месца ў літаратурным слоўніку.

Плачлівы, плачавы, плаксівы. "Якая зладжанасць строю, руху крыл, плачлівага падголосся (у курлыканні журавоў)" (Полымя. 2011. № 1. С. 91). Слова зафіксаванае ў кнізе В. Ластоўскага "Падручны расійскакрыўскі (беларускі) слоўнік" (Коўна, 1924, с. 476): "Плачевный плачлівы. Вясёлы пачатак ды канец плачлівы". Але ў прыведзеным тэксце Казіміра Камейшы яно мае іншы сэнс. "Русскобелорусский словарь" 1993 года вызначае два значэнні гэтага слова: "Плачевный. (жалобный) жаласны; плаксівы; плачевный голос жаласны (плаксівы) голас; 2. перен. жаласны; (печальный) сумны..." (Т. 2. С. 549). Як бачым, слову плачлівы адпавядаюць дзве слоўнікавыя лексемы жаласны і плаксівы. Але апошняе слова звычайна мае значэнне 'які часта плача', яно і ўтворана ад плакса 'які любіць наракаць скардзіцца'. Значэнне 'такі, які бывае пры плачы, падобны да плачу' больш выразна перадаецца менавіта словам плачлівы: яно захоўвае корань плач.
Форма плачлівы ('жаласны') вартая стаць літаратурнаю нормаю.

Падколісты. "Усе, хто выпраўляўся з ім у тую дарогу, не праміналі, каб пасмяяцца, сказаць нешта падколістае, нават здзеклівае дзівакувадзілу" (Полымя. 2011. № 1. С. 86). Пазаслоўнікавае слова. Утварэнне ад падкалоць 'сказаць штонебудзь з'едлівае, непрыемнае' ці ад падкол 'з'едлівыя, непрыемныя словы, насмешка' (само слова падкол нульсуфіксавы вытвор ад падкалоць).
Лексема выразная сваёй семантыкай і словаўтваральнай структурай і вартая трапіць у літаратурны слоўнік.

Знарочысты. "А мо гэта проста знарочыстае пацьвельванне". (Маладосць. 2010. № 10. С. 11). "Слоўнік беларускай мовы" пад рэдакцыяй М. Бірылы (Мінск, 1987) кваліфікуе яго як абласное (дыялектнае). У "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы" (Т. 2, с. 500) яно падаецца як размоўнае з значэннем 'наўмысны, спецыяльны' і ілюстрацыяй з маўлення П. Пестрака: "Знарочыстая суровасць была ў тоне і твары Міхала, але ў вуснах блукала ладзь прыкметная ўсмешка". Як відаць, кваліфікацыя гэтага слова "абласное" не мае пад сабою грунту. Тым больш што вытворны ад яго назоўнік знарочыстасць у згаданым слоўніку не мае гэтае стылёвай прыметы. Дый яно выкарыстанае не толькі Пестраком, але і сучаснымі знанымі пісьменнікамі (напрыклад Анатоль Бутэвіч у згаданым тэксце з часопіса "Маладосць").
Знарочысты утварэнне з суфіксам ыст ад знарок 'спецыяльна, з пэўнымі намерамі'. Вытворныя з гэтым суфіксам складаюць прадукцыйны словаўтваральны тып прыметнікаў.

Запачаткавацца. "Шчыра шкадавала, што наша каханне не завяршылася нічым выніковым, што не запачаткавалася ўва мне новае жыццё" (Маладосць. 2010. № 10. С. 21). Пазаслоўнікавае слова. Утварэнне ад пачатак, мае значэнне 'стаць пачаткам'. Шырокакарыстаная ў сучасным нацыянальным друку лексема, вартая заняць сваё месца ў слоўніку літаратурнай мовы.




Пазіцыя
Жураўлі Барысаў не абмінаюць


Картонны, літровай ёмістасці, пачак з кідкай, на яркачырвоным фоне па ўсёй яго вышыні назвай "Клюква", прынесла з гастранома жонка. Я падумаў, што прадукт расейскай вытворчасці, бо напой меў фірмовую назву "Морсевич". Ускрылі, паспыталі падсалоджаная ружовага колеру вадкасць з ледзь адчувальным прысмакам ягадаў, якія спрадвеку на Беларусі называліся "журавіны". Скуль вытокі такой назвы? Ягады гэтыя растуць і сёння на неасушаных балотах, на зіму пакрываюцца снежнай коўднай, а вясной, калі снег растане, яны буйныя, яркачырвоныя, становяцца добрай падкормкай для згаладалых дальнім пералётам з выраю чародаў жураўлёў. Адсюль у народзе, у сялянаў і назву ягадам далі трапную "журавіны". У Расіі іх называюць чамусьці "клюквой", можа таму, што збіраць іх восенню і вясной вясковыя бабулі хадзілі з кіямі для апоры з так званымі "клюкамі".
А цяпер бліжэй да адрасу вытворцаў гэтага напою. Вырабляюць яго на ў нітарным прадпрыемстве "Барысаўскі кансервавы завод", па адрасу вуліца Л. Чалоўскай, 17А, як значыцца на пачку на расейскай і ангельскай мовах. Мусіць на заводзе разлічвалі, што іх "Клюкву" ўпадабаюць і за межамі і не падумалі, што дзесьці у Германіі ці Англіі, прачытаўшы "пашпарт" напою, пакупнікі палічаць, што ён з Расіі. Мала хто там ведае, дзе знаходзіццато горад Барысаў.
А мне хацелася б, каб кіраўнікі завода набылі ў гастраноме фруктовыя напоі з суседняй Украіны там таксама на дзвюх мовах значацца назва і адрас пачка ці бутэлькі, але першай ідзе "ридна" ўкраінская мова! Вось і барысаўчанам узяць бы з іх прыклад, пацвердзіць тым самым сваю нацыянальную годнасць, калі яна захавалася. Тым болей, што жураўлі, вяртаючыся з выраю на Беларусь, не абмінаюць балоты Барысаўшчыны.

Міхась Тычына,
г. Слуцк.

НЕ СТАЛА ЯНКІ СІПАКОВА


11 сакавіка на гарадскіх могілках у Калодзішчах пахавалі сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Янку Сіпакова. Развітанне з ім прайшло днём у мемарыяльнай зале Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра.
Пісьменнік сыйшоў з жыцця 10 сакавіка. У інтэрвію БЕЛАПАН старшыня СБП Алесь Пашкевіч назваў Янку Сіпакова, які зусім нядаўна адзначыў сваё 75годдзе "надзвычай шматграннай асобай". Сіпакоў увайшоў у нацыянальную культуру як паэт, празаік, перакладчык і даследчык літаратуры. "Гэты сонечны і светлы чалавек кожным сваім зборнікам прыўносіў у айчынную літаратуру новыя матывы і формы, пачынаючы ад першых сваіх вершаў і выбітнай кнігі паэзіі "Веча славянскіх балад", адзначыў Пашкевіч.
Па яго словах, у канцы жыцця Сіпакоў змог зрабіць своеасаблівы помнік беларускай кнізе і мастацкаму слову перадаў адной з аршанскіх бібліятэк каля 15 тысяч тамоў сваёй кніжнай калекцыі. І сёння ў гэтай бібліятэцы ёсць чытальная зала імя Янкі Сіпакова, сказаў Пашкевіч.

Сіпакоў Янка, нарадзіўся 15.01.1936 г. у вёсцы Зубрэвічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Рана страціў бацькоў у час Вялікай Айчыннай вайны за сувязь з партызанамі іх закатавалі фашысты. Вучыўся ў Зубрэвіцкай сярэдняй школе і адначасова працаваў паштальёнам. Пасля дзесяцігодкі некаторы час (19541955) быў літсупрацоўнікам шклоўскай раённай газеты «Чырвоны барацьбіт». У 1960 г. скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у часопісе «Вожык» (19601973). З 1973 г. загадчык аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі, з 1989 г. адказны сакратар) часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1961 г.
Першы верш надрукаваў у 1953 г. у аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў». Выдаў кнігі паэзіі «Сонечны дождж» (1960), «Лірычны вырай» (1965), «Дзень» (1968), «З вясны ў лета» (1972), «Веча славянскіх балад» (1973), «У поўдзень, да вады» (1976), «Вочы ў вочы» (выбранае 1978), «Усміхніся мне» (1984), а таксама зборнікі гумарэсак «Лысы юбілей» (1965), «Плюс на мінус» (1973), «Ланцугі для мух» (1980), «Пятніца ў суботу» (1988).
Аўтар кніг нарысаў «Па зялёную маланку» (1971), аповесцей і апавяданняў «Крыло цішыні» (1976), «Жанчына сярод мужчын» (1980), «Усе мы з хат» (1982), «Спадзяванне на радасць» (1983), «Пяць струн» (1984), «Сад людзей» (1985), «Журба ў стылі рэтра» (1990). Выйшлі "Выбраныя творы" ў 2 тамах (1985).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за кнігу паэзіі «Веча славянскіх балад».




Алесь Камоцкі на Гарадзенскай сцэне


Імя гэтага беларускага спевака і музыкі, самабытнага кампазітара і выканаўцы ў рэкламе не мае патрэбы. На ўсіх абсягах Беларусі і ў кожным яе куточку яго добра ведаюць, хоць апошнім часам і не часта даводзіцца быць у канцэртных вандроўках са сваёй неразлучнай спеўнай гітарай... Мусіць такі ўжо час, і яшчэ шмат што такое. Але сапраўдны спявакмузыка застаецца ім у любыя часы і пры любых абставінах. Вызначальнае тут тое, што сваю вядомасць і папулярнасць ён здабыў сваёй самаадданай беларускасцю, сваёй нацыянальнай і шчырай беларускай песняй. Гэта, бадай, ці не яго галоўная візітоўка да сэрца слухача...
Але не толькі гэта... Не быў бы то Алесь Камоцкі, калі б не яго высокае выканаўчае майстэрста, цудоўны голас, што сам як на нотах кладзеццца на душу слухача і ўсёй зачараванай ім залы з дапамогай цяпер яго адзінай сяброўкі гітары. Так так... Адарві яго цудоўны, Богам дадзены голас і ўсе іншыя Алесевы вартасці ад гітары, гэта ўжо было б нешта не тое. Калі можна так мовіць, то песня Алеся без яго гітары была б сірата. Як і гітара без яго песні таксама сірата.
Усё тое, што я тут гавару, узята, навеяна не са столі Гарадзенскага тэатра лялек, дзе адбываўся яго так бы мовіць аўтарскі канцэрт, а са сваіх, здорава ўсхваляваўшых не толькі мяне, уражанняў, а і ўсёй, без перабольшання скажу, залы... Спявак да спадобы прыйшоўся гарадзенскай публіцы ўжо з яго першага беларускага слова да прысутных, з яго першай сакавітай беларускай песні і такой жа жывой непасрэднай музыкі, што віртуозна памайстэрску стварала яго гітара. У яго гэты інструмент не проста гучыць, а спявае з салістам, гаворыць жывым чалавечым голасам. Такое ніякімі словамі перадаць нельга, гэта трэба чуць і бачыць. І тут нічога не перабольшу, калі скажу, што ў зале, па сутнасці, ўжо з самага пачатку ўсталявалася сапраўдная ўзаемная любоў спявака і яго слухачоў, прыхільнікаў таленту Алеся Камоцкага. І гэтая любоў валадарыла паяднанымі сэрцамі, як у зале, так і на сцэне...
Кажуць, любоў патрабуе самаахвярнасці, а не толькі воплескаў і руж... І таму зразумела, што такому ўсхваляванаму і эмацыянальнаму слухачу, як у Гародні Алесю ўсё больш і больш хацелася аддадаць ці дакладней перадаць усё, на што толькі была здольная яго песня і музыка, тая ж гітара ў руках віртуознага майстра. Тут да месца будзе сказаць добрае слова і таму, хто дапамагаў Алесю дайсці да сэрца гарадзенскага слухача, таксама выдатнаму гітарысту, прозвішча якога у афішы не было, нажаль, пазначана. Затое іх дуэт са спадаром А. Камоцкім адчувальна паўплываў на поспех яго канцэрту ў Гародні, бо густы град апладысментаў у зале гэта заслуга і яго калегі гітарыста.
У нас яшчэ нярэдка можна пачуць расхожую думку, што сёння любая песня і верш могуць успрымацца і ісці на ўра, калі пад гітару. Балазе, распладзілася многа бардаў і ім падобрых выканаўцаў... Але гэта на справе не так. Калі перад намі сапраўднае мастацтва, а не выкрыкі і брынкат гітары. Алесь Камоцкі, напрыклад, бярэ ў палон залу не гэтым, а талентам, высакапрафесіянальным выканаўчым майстэрствам. Усе песні ў яго выкананні гэта паэзія, што называецца, высокай пробы, як словы песні, так і яе музыка. І зала рэагуе адпаведна, як таго патрабуе толькі сапраўднае мастацтва. І мяне не здзівіла, напрыклад, што апроч апладысментаў гучалі словы "біс", "брава" пасля выканання папулярнай песні "Зорка босая" на словы аксакала беларускай паэзіі вялікага Рыгора Барадуліна ці "Каралева", "Адкахаць" і інш. з апошняга кліпа. І вось цяпер, карыстаючыся выпадкам выказаць свае ўражанні на паперы, я ад імя ўдзячных гарадзенцаў, што былі на канцэрце у Камоцкага гавару "вялікі дзякуй" за шчастлівыя мінуты сустрэчы з цудоўным у зале перш самому Алесю і арганізатарам яго канцэрту.
Калі ж напрыканцы перайсці на спробу не зусім пахвалы, а нейкай ацэнкі, то скажу так:
Гэта быў нейкі сваеасаблівы тандэм, ці жывы мастацкі злітак высокай паэзіі слоў, тэксту, музыкі і голасу самога спевака, што ў адным абдымку звязку пабраліся шлюбам і былі ў такім букеце цудоўнага падораны нам, слухачам...
Хоць усё ўжо прайшло, але не забылася...
На душы і дагэтуль прыемна ад такога падарункасустрэчы з беларускай песняй, ад гонару за беларускае мастацтва, якое насуперак усяму жыве і цярэбіць дарогу да людзей.

Аляксей Дземідовіч,
г. Гародня.

"Церамок" беларускі


Званок ад Людмілы Сіманёнак: "Давайце зладзім прэзентацыю вашых кніг у нас, на вялікай сцэне. Ці даўно вы бачылі "свой" "Церамок"? Прыязджайце 30 студзеня пабачыце зноў.
Як яна здагадалася паклікаць думаю во там і прачытаю: "Я вас люблю, як птушак мілых". Аднак жа ў зале былі дарослыя, і я забылася прачытаць.
...У тэатры так нечакана лёгка. Добрая аўра вакол. Тут у нядзелю дзіцячыя сустрэчы. Юныя выканаўцы мелодый за раялем. Тут рух, як у веснавым сне Баравіка на паляне.
Алёша Макарскі (актор з "Лялькі", а некалі ж чалец маёй "Смяшылкі") падышоў, прысеў на кукішкі перада мной. Гаворым (Маша, Алёша, я) згадваем нешта лясное, і сцэнічнае, і школьнае. Былое. Смяемся.
I другі актор, той, які "воўк", які кіруе і агучвае ляльку "ваўка", (Алесь Маханькоў) падыходзіць і дзякуе за беларускую мову. Пазней я ўбачыла яго ў ролі і ахнула. Вось што трэба паэту для натхнення глядзець твор, да якога і свая думка дачынілася.
"Церамок", як вясёлка. I шчабеча, звініць, ляскоча, стукае... Мае вочы ў 53 ў згодзе з вушамі. Ну, вір дзеяння на сцэне! I на адным дыханні. А гледачы? Як успрымаюць?
Зірк направа. Маша не змігне, прынікла з захапленнем. Уся там, усміхаецца. Толькі злева жанчына з дзіцём зычна і паспешдіва тлумачыць парасейску малому (ну, проста, пазногціку), што адбываецца ў двары церамка.
Пераклад майго перакладу?!. О, думаю, узад дае! Адрусіць хоча: "Лисичке хвост оторвали!..".
Малыя ў зале пішчаць. Бацькі прывялі ў тэатр малечу садкоўцаў. Ці не, больш ясельнікаў, бо папіскваюць і капрызнічаюць?
Я разумею, што глядзець "Церамок" павінны крыху старэйшыя дзеці Але (дазвольце заверыць), і дарослыя. У хвілінку мастацкага ўражання ўсе мы дзеці.
Бач, думаю: да чаго мы дакаціліся ў Беларусі. Можа б і гэты драбностак прырос увагай да казкі, каб дома размаўлялі пабеларуску? Бачу, што акторы выкладваюцца на сцэне ўсімі фібрамі мастацкасці. Колькі розных трапных дэталёвых рэжысёрскіх знаходак, якія адпавядаюць семантыцы роднага слова, яго гумарыстычнасці, як усё дасціпна, пад'яснена выразніцца!
Я пачынаю адчуваць значэнне сваёй перакладчыцкай працы. Мова родная праштурхнула маршакоўскі класічны твор ў беларускае мастацкае паветра і ў думку рэжысёра. "Церамок" набыў беларускую аўру, дзе кожнае дзеянне інтэрпрэтацыя слова. Гумарыстычная. Нацыянальная.
Пра адметнасць "Церамка" кажа і дачка: "Маршак прапануе: "Давайце прытворымся!.., а ў нашых творцаў, глядзі, што: "Давайце, створым жыццё, ад душы, як ёсць, ў гармоніі з музыкай роднай мовы. Будзем усе (і вядоўцы) казачнымі героямі... I, угледзься, якая пластыка ў ваўка і лісы! А мышка? I сама лялька вясёлае і шчырае вераценца з нюхам якая бойкая, як яна ў барацьбе вілкамі арудуе! Ды і ўсе вобразы. Лялькі ажыўлены і агучаны выдатна. Характарам казка беларуская".
Рэжысёр Віктар Ігнатавіч Клімчук падкрэсліў жывучасць "Церамка" ў беларускім гучанні. Ён кажа, што звычайна спектаклі годдва пратрымваюцца і ўсё. А "Церамок" не перастае вабіць і захапляць гледача 15 гадоў.
I цяпер я падумала: тут што такое "Церамок"? Гэта шчырая акторская сямейная талака, якая выразніцца сілай мастацкай працы. Як у Дзеда Знахода з маёй казкі. I, крышку, мяне ахапіў нібы гонар я адчула асабістую значнасць ад "Церамка". Добра, што трапіла ў Беларускі тэатр "Лялька", менавіта, цяпер. I ўсё, дзякуючы рэдакцыі Глыбоцкай рэкламнай газеты "Прэфектінфо", якая выпусціла мае паэтычныя кніжкі, а я захацела паказаць іх у тэатры. Дзякуй усім!

Марыя Баравік.

Ахвярую патрыётам 90х гг. XX ст.


Пад знакам Пагоні: лірыка Васіля Супруна


...Ды не знішчыць пагоняй таго,
хто жыве пад Пагоняй,
Хто нясе яе ў сэрцы,
у параненым сэрцы сваім.
Сяржук СокалаўВоюш.

У пачатку 90х гадоў, калі пачаўся кароткачасовы перыяд беларусізацыі, беларуская літаратура атрымала мажлівасць развівацца па сваіх уласных законах, мастакі слова атрымалі свой шанец: быць сапраўды Мастакамі, Паэтамі, а не чыноўнікамі ад літаратуры.
У беларускую літаратуру пачалі вяртацца паэты, пісьменнікі, якіх яшчэ зусім нядаўна лічылі "ворагамі народа", нацыяналістамі, паслугачамі фашыстаў. У школьныя падручнікі па беларускай літаратуры трапілі сапраўды вялікія паэты: Ларыса Геніюш, Наталля Арсеннева, Масей Сяднёў, Уладзімір Жылка, Алесь Гарун. Беларускія літаратуразнаўцы актыўна пачалі аналізаваць мастацкія творы, пісалі шматлікія навуковыя манаграфіі пра жыццё і творчасць малавядомых аўтараў. Так 3 лютага 1989 г. у газеце "Літаратура і мастацтва" былі надрукаваны матэрыялы пра палітычнае жыццё Ларысы Геніюш і Васіля Супруна. У гэтым нумары былі апублікаваны паэтычныя лісты двух людзей, якія так моцна любілі Беларусь, але якіх таталітарная сістэма імкнулася знішчыць фізічна і маральна.
У 1993 годзе ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" выйшаў першы паэтычны зборнік Васіля Супруна, які меў назву "Крык". А ў 1994 годзе за свае ўласныя грошы паэт выдае другі свой зборнік вершаў "Рэха абуджаных дзён". I толькі праз чатыры гады ў рамках праекту "Падтрымка незалежнай выдавецкай дзейнасці ў Беларусі" была выдадзеная чарговая кніга паэта "Жыць для Беларусі", у якую ўвайшлі не толькі вершы паэта розных часоў, але і лагерная паэтычная перапіска з Ларысай Геніюш. Мажліва, паэт яшчэ мог бы выдаць шмат паэтычных кніг, каб былі спрыяльныя ўмовы на Беларусі.

Жыццёвы шлях Васіля Рыгоравіча Супруна ў прынцыпе няблага апісаны ў беларускай літаратуры і СМІ (ёсць нават артыкул у Беларускай Энцыклапедыі) ад нараджэння ў в. Глоўсевічы на Слонімшчыне да стварэння падпольнай антысавецкай арганізацыі "Чайка", якую ён узначаліў і за якую атрымаў 25 гадоў пазбаўлення волі.
16 чэрвеня 1956 года, згодна пастановы Вярхоўнага Савета СССР, Васіль Супрун быў вызвалены з маскоўскай няволі і атрымаў дазвол вярнуцца на Радзіму.У снежні 1956 года паэт вяртаецца ў родны Слонім, працуе ў розных будаўнічых арганізацыях, у вольны час піша археалагічныя і краязнаўчыя даследаванні, публіцыстычныя нататкі. Васіль Супрун выявіў і даследаваў больш за 200 археалагічных помнікаў і аб'ектаў Слонімшчыны розных гістарычных эпох і перыядаў. I за гэта ён не атрымаў не толькі грошай, але і падзякі ад беларускіх савецкіх уладаў. Яму, як калісьці Васілю Быкаву, перашкаджалі, не давалі папрацаваць па спецыяльнасці (у 1969 годзе Васіль Супрун закончыў Менскі педагагічны інстытут, гістарычны факультэт), і ён вымушаны быў пакінуць родны горад і пераехаць жыць спачатку ў Крым, а потым горад Берасце, дзе працаваў старшым навуковым супрацоўнікам па помніках у Берасцейскім абласным краязнаўчым музеі.
Вярнуўшыся ў Слонім, зноў працаваў у розных будаўнічых арганізацыях, збіраў самыя розныя гістарычныя матэрыялы, пісаў краязнаўчыя працы, якія не мог выдаць у 70 80х гадах 20 ст. I толькі ў 1994 годзе выдавецтвам "Полымя" была выдадзеная краязнаўчая праца "За смугою часу". Некаторыя артыкулы па гістарычнай спадчыне Слонімшчыны публікаваліся ў "Газеце Слонімскай".
А вось, што тычыцца паэзіі Васіля Супруна, то яна засталася самнасам з чытачом, хоць спробы прааналізаваць творчасць цудоўнага паэта былі. Некаторыя артыкулы пра творчасць і жыццё Васіля Супруна можна знайсці на старонках газеты "Наша слова", часопіса "Полацк", які выдаваўся ў ЗША. Але паэта практычна не ведаюць настаўнікі беларускіх школаў, не ведаюць вучні. Таму гэты артыкул перш за ўсё пра паэзію няскоранага беларуса.

Першы верш Васіля Супруна "Песня на чужыне" быў надрукаваны ў "Баранавіцкай газеце" 29 верасня 1943 года. Ужо ў першым вершы паэт прызнаецца ў любові да Беларусі:
Эх! Каб крылы яго
хоць на сёння я меў,
не глядзеў бы ці рана, ці позна,
у краіну далёкую хутка б ляцеў,
дзе для сэрца ўсё люба і родна.
Назва верша невыпадковая, бо ў вершы сцвярджаецца ўсё тое, што хвалявала заўсёды паэта: калі Беларусь атрымае сапраўдную Волю і Свабоду, аб якой яшчэ марылі яго дзяды і прадзеды.
Ужо з першых вершаў мы заўважаем тужлівыя, сумныя інтанацыі паэзіі Васіля Супруна, якія ў далейшым перарастуць у матывы роспачы ў сувязі з тым, што паэт пазбаўлены радасці быць разам са сваёй Радзімай, з яе блакітнымі і зялёнымі абшарамі:
Я ж і сёння адзін.
Не чакаю прызнацца нікога,
хоць і хочацца ўсё ж прасіць:
"Радасць прыйдзі".
А надзеі на шчасце нямнога...
I калі паэт імкнецца пісаць пра каханне ці прыроду (як аўтар інтымнай і пейзажнай лірыкі), то матывы адзіноты, роспачы ўсяроўна прысутнічаюць у вершах творцы:
Хочацца некаму ў шчасці прызнацца
і прытуліць да грудзей
грудзі каханай і разам імчацца
ў царства крылатых надзей.
Часам Васіль Супрун піша пра каханне нават ад імя жанчыны, якая ўвасабляе Беларусь, што апынулася ў палоне хлусні і дэмагогіі. Яна не можа мець шчасцядолі, бо на зямлі ўладарыць Зло, імя якому таталітарная сістэма. I замест зялёных лясоў, блакітных рэчак у вершах паэта прысутнічаюць мастацкія вобразы Няволі (дрот, ланцугі, вобразы зімы, сцюжы...):
За сцяною вясна,
вецер голле на сонцы палошча.
Край ачнуўся даўно
ад халодных аковаў зімы.
Загудзелі жыццём
побач вуліцы, паркі і плошча,
Толькі грозна маўчыць
мур заплеценай дротам турмы.
Не прыходзіць вясна
ў змрок сырых і халодных падвалаў...
Але разам з тым, у вершах Васіля Супруна прысутнічае васілёк, той васілёк, які стаў архетыпам незалежнай Беларусі. Васіль Супрун упэўнены, што за спустошанымі душамі людзей хаваецца чалавечнасць, беларускасць, што на змену халоднай Зімы абавязкова прыйдзе цёплая і ласкавая Вясна, паэт, як і ўсе вязні, чакае Вясну:
Не адабраныя толькі ўспаміны,
мроі, надзеі і сны.
Імі жывём, карыстаемся імі
ў доўгім чаканні Вясны.
На старонках зборніка вершаў "Жыць для Беларусі" можна знайсці вершы, у якіх гучыць тэма паэта і паэзіі, прызначэнне мастацтва ў грамадстве. Сапраўдная паэзія, на думку Васіля Супруна, пачынаецца з праўды, дабра, беларускасці:
Напісаць абышто,
не ўлажыўшы ў верш
ні душы, ні жадання, ні веры
гэта страціць свой час
і свой гонар найперш...

Добры ж верш гэта сплаў
словаў шчырых, з душы,
дзе зліваюцца іскры і розум,
дзе ні думка, ні коска
не могуць зграшыць,
бо ўсе разам
чысцей, чымся слёзы...
I тут у паэзіі песняра лёгка можна заўважыць думкі, развагі Максіма Багдановіча наконт прызначэння паэзіі. Успомнім верш Максіма Багдановіча "Песняру":
Ведай, брат малады, што ў грудзях у людзей
Сэрцы цвёрдыя, быццам з камення.
Разаб'ецца аб іх слабы верш заўсягды,
Не збудзіўшы святога сумлення...
Аналізуючы свой жыццёвы шлях і творчае жыццё, паэт прызнаецца:
А шлях сапраўды быў няпросты, трывожны:
губляліся сілы ў змагарскай хадзе
турэмнаэтапнай.
Хвілінаю ж кожнай
зусім беспадстаўна глумілі людзей.
Трэба таксама сказаць, што маладым беларусам Васіль Супрун дае адказ на вечныя пытанні: "Што рабіць?", "Які жыццёвы шлях выбраць?", "Якой сцежкай пайсці?" Ён, як і Андрэй Лабановіч з трылогіі Якуба Коласа "На ростанях", выбірае шлях Змагання:
На скрыжаванні шляхоў нязнаных,
крывых і гразкіх,
спыніўся хлопец,
надзеяй гнаны
ў шуканні ласкі.
- Куды падацца,
якой дарогай?
Пытаўся ў неба.
Адказ выразна пачуў з трывогай:
- Чуць сэрца трэба.
Яно найлепей табе падкажа,
на што ты здольны
і шлях жыццёвы
куды праляжа,
рабіць што вольны.

Але, напэўна, пакуль Айчына
ратунку просіць,
на кліч з нас кожны
павер, хлапчына,
спяшацца мусіць.
Паэта вельмі хвалююць праблемы сучаснага беларускага грамадства: Чарнобыль, духоўнае жыццё беларусаў, іх эгаістычныя адносіны да вечных скарбаў Мовы, Радзімы.
Моладзь губляе свае каранні, гэта выклікае боль і крыўду аўтара. Але больш крыўдуе паэт на сталае пакаленне, якое здрадзіла Беларусі на рэферэндумах 1995 і 1996 гг.:
Божа! Калі ж мы жыць будзем, як людзі?
Брацці! Прачнемся калі?
Ганьбу й знявагу калі мы забудзем
на здратаванай зямлі?

Колькі яшчэ нас вучыць трэба горам,
каб зразумелі, што мы людзі,
й не ганьбілі край свой так хорам,
лёс выбіралі самі.
Паэт не можа дараваць сваім таварышам, сябрам, наогул беларусам, якія не змаглі захаваць гістарычную Памяць, мову, нацыянальныя сімвалы.
Для Васіля Супруна Пагоня гэта не проста беларускі крывіцкі герб, а перш за ўсё памяць, памяць пра тых, хто жыў, змагаўся і загінуў дзеля Беларусі:
Ад звону мячоў і каваных падковаў
Праклятая цемра бляднее, дрыжыць.
I родная мова, бацькоўскае слова
Праз сметнік чужы прарастае, каб жыць.

Свяціся ж ярчэй, воблік роднай Пагоні!
Народу вярні памяць слаўных вякоў.
Аб волі даўно ссумаваліся гоні
Пад грузам апекі чужых сваякоў...
Бо пакуль не згасла свечка Адраджэння, пакуль беларусы аб'яднаныя сімваламі дабра, шчасця, пакуль жыве крывіцкая мова будзе жыць Беларусь вольная і незалежная.
Васіль Супрун назаўсёды застаўся верным ідэалам беларускага Адраджэння, верным сябрам, таварышам па змаганні з ворагамі Беларушчыны. Ён не можа забыць сваю верную сяброўку Ларысу Антонаўну Геніюш, з якой лёс спаткаў далёка за межамі сінявокай Беларусі. Аўтара зборніка вершаў "Жыць для Беларусі" вельмі засмучае тое, што паэтка не змагла дажыць да тых часоў, калі Беларусь атрымала волю і незалежнасць ад Масквы, аб чым так марыла вялікая патрыётка. Адначасова паэт сумуе аб тым, што Ларыса Геніюш пайшла ад нас так рана, але пакінула для сваіх "унукаў" "духоўны запавет": "Жыць для Беларусі".
Паэт не можа змірыцца з тым, што ён ніколі не ўбачыць сваю верную сяброўку:
Боль развярэдзіў памяць.
Жаль раздзірае душу.
Кветкі тут сэрца мне раняць.
Слёзы ж даруй мне прашу.
У зборніку "Жыць для Беларусі" можна шмат знайсці вершаў, якія Васіль Супрун ахвяраваў многім сваім сябрам, таварышам, з якімі аўтар пазнаёміўся ў Інце, Варкуце: Я. Дацюку, Лявону ШпакоўскамуСлуччаніну, Ф. Даўгачу, Самсону Пярловічу.
Зборнік цалкам пабудаваны на антытэзах: Святло Цемра, Смерць Жыццё. Аўтар імкнецца да Праўды, да Шчасця. Але на шляху ў паэта паўстаюць злыя сілы, якія не жадаюць бачыць Беларусь вольнай і незалежнай. Крыўдна тое, што блізка ад паэта ёсць моцныя беларусы, але яны не жадаюць дапамагчы паэту, яны здрадзілі Беларусі, Вясне. I за імі імчаць уздагон коннікі Багдановічавай Пагоні. Яны жадаюць, каб такія беларусы перасталі "чужынцамі быць", каб пачулі, як "сэрца начамі аб радзімай старонцы баліць". Паэт не жадае, каб такія беларусы мелі будучыню.
Такім чынам, падагульняючы сказанае і праілюстраванае, можна зрабіць наступныя высновы.
Папершае, Беларусь і беларусы страцілі сапраўднага Патрыёта, Беларуса, Паэта, творы якога маглі б заняць пачэснае месца ў школьных хрэстаматыях па літаратуры.
Падругое, самаахвярнасць Васіля Супруна можа служыць ўзорам патрыятызму для моладзі і беларусаў старэйшага пакалення.
Патрэцяе, у вершах зборніка "Жыць для Беларусі" Васіль Супрун імкнецца спасцігнуць сэнс жыцця, адшукаць вытокі патрыятызму і здрады беларусаў МаціБеларусі, асэнсаваць тое, што робіцца з народам і Бацькаўшчынай. Паэт сцвярджае, што без роднай мовы не будзе будучыні ў новага беларускага пакалення.
Пачацвёртае, творчасць Васіля Супруна патрабуе дэталёвага даследавання літаратуразнаўцаў і мовазнаўцаў, але яно магчыма толькі у незалежнай еўрапейскай Беларусі.
Юры Мянькоў,
настаўнік беларускай мовы
і літаратуры,
Кармянскі раён, Гомельская вобл.



 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX