Вярнуцца: 2011

№ 12 (1007)


Крыніца: pawet.net.



НАША СЛОВА №12 (1007) 23 сакавіка 2011 г.

25 сакавіка - Дзень Волі

Шаноўнае спадарства!
Таварыства беларускай мовы віншуе Вас з дзевяноста другімі ўгодкамі абвешчання незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Хай ідэалы 25 сакавіка натхняюць усіх нас на стваральную працу па адраджэнні вольнай і незалежнай беларускай дзяржавы. Заклікаем усіх актыўна карыстацца беларускай мовай, асабліва ў справаводстве і на працы.
Сакавік 2011, Менск.
Сакратарыят ТБМ.

Я П О Н І Я

Лустачкі сушы, бязмежныя воды,
Сівой Фудзіямы стан ганарлівы,
Подых жаданай, адвечнай свабоды,
Сакура, хоку і харакіры,
Заклік: "Банзай!" і мастацтва "бансай",
Ніндзя, нунчакі, сакэ, самураі -
Мабыць, і ўсё, што дагэтуль, бадай,
Мы аб японскім ведалі краі.

Сёння жахлівай стыхіі парыў
Сэрцы мільёнаў схапіў абцугамі.
Божа! Ну за якія ж грахі
Тоне Японія ў хвалях цунамі?
Зноў у чарзе "Хірасіма" чакае?
Ці "Нагасакі" ядзерны ўсплеск?
Пільна ўся Зямля назірае,
Што з Фукусімай, што там на АЭС?
Мужнасць і вытрымка - доля японцаў.

Слязьмі не загоіш глыбокія раны.
Японію клічуць "краінаю Сонца",
Яно і падорыць спакойны світанак.
Ганна Рэлікоўская, г. Ліда.

Агульнанацыянальная дыктоўка ў Гародні


20 сакавіка ў Горадні адбылася чацвёртая агульнанацыянальная дыктоўка. Паводле арганізатараў, яны не знайшлі падтрымкі ва ўладаў, якія палічылі яе неабавязковым мерапрыемствам. Аднак удзельнікаў не бракавала: зарэгістравалася больш за дзвесце чалавек.
Напачатку перад удзельнікамі выступіў гурт сярэднявечнай музыкі "Ірдарат". Затым бард і літаратар Віктар Шалкевіч прадыктаваў тэкст пра стварэнне ў Гародні заапарка за польскім часам. Ён быў надрукаваны ў кнізе пісьменніка Аляксея Карпюка "След на зямлі". Дыктоўку пісалі і моладзь, і сівыя людзі, школьнікі пачатковых класаў і ўніверсітэцкія прафесары Алесь Астроўскі, Аляксей Пяткевіч, Алесь Смалянчук. Яна прайшла пад дэвізам "Горадня з мовай!"
На думку кіраўніка хору "Бацькаўшчына" Веры Кунцэвіч, акцыя яднае беларускую інтэлігенцыю:
- Ну сама акцыя, трэба ж падтрымаць, гэта нейкая еднасць, гэта магчымасць бачыць паплечнікаў, сяброў, якіх за работаю, альбо нейкімі жыццёвымі справамі не бачыш. Гэта нейкае свята, для душы.
Пасля заканчэння дыктоўкі Віктар Шалкевіч прадставіў сваю новую кніжку "Requiem па непатрэбных рэчах", якая выйшла ў "Гарадзенскай бібліятэцы", і пачытаў тэксты з будучай кнігі "Мястэчка G і ваколіцы". Ён таксама выканаў пад гітару некалькі сваіх песень, публіцы найбольш спадабалася адна з новых пра Славянскі базар.
У арганізацыі акцыі ў Гародні, якая паклікана папулярызаваць родную мову, бралі ўдзел актывісты Руху За Свабоду, Таварыства Беларускай Школы , ТБМ, шараговыя грамадскія актывісты.
Наш кар.

Ірына Гапоненка
БЕЛАРУСКІЯ ПРОЗВІШЧЫ:
ЯК НАПІСАЦЬ, ПРАСКЛАНЯЦЬ, ПЕРАДАЦЬ НА ІНШЫЯ МОВЫ?

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

Назіраюцца і выпадкі варыянтнай графічнай перадачы беларускіх гукаў (Счастный і Щасный ад беларускага Шчасны), памылковыя замены зыходных гукаў (Берилло ад Бірыла, Пелипенко ад Піліпенка), страта асобных літар у рускай форме (Кузменко ад Кузьменка, хоць Кузьмицкий ад Кузьміцкі). Нярэдка таксама ў рускіх формах неапраўдана з'яўляюцца падвоеныя зычныя: бел. Байзулаў рус. Байзуллов, Басалыга Бассалыго, Бачыла Бачилло, Бягун Бегунн, Вус Усс, Маісеенка Моиссеенко.
Ёсць выпадкі, калі беларускія прозвішчы пры напісанні паруску перакладаюцца, што ўвогуле недапушчальна: рус. Воробей ад бел. Верабей, Ёжиков ад Вожыкаў, Злой ад Злы.
На практыцы недакладнае рускае афармленне прозвішчаў ускладняе ідэнтыфікацыю асобы яго носьбіта. Няправільнае напісанне паруску правакуе памылкі пры адваротным узнаўленні беларускіх прозвішчаў ад рускіх формаў і прыводзіць да скажэння нацыянальнага аблічча беларускага прозвішча. Так, складана здагадацца, што Ольский гэта зыходна Вольскі, Усс Вус, а Занятой Заняты.
Разнабой у напісанні прозвішчаў стварае не толькі лінгвістычную, але і юрыдычнаправавую праблему. Варыянтны запіс прозвішчаў у членаў адной сям'і ў розных прававых сітуацыях можа прыводзіць да негатыўных наступстваў. Калі ў сям'і Канановічаў бацька ў дакументах запісаны паруску Кононович, а сын Кананович, Канонович ці Конанович, то зза такіх мінімальных адрозненняў пры ўступленні, напрыклад, у спадчынныя правы давядзецца ў судовым парадку даказваць факт прыналежнасці да адной сям'і.
Пачацвёртае, шматлікія пытанні ўзнікаюць адносна запісу беларускіх прозвішчаў лацінскай графікай. Прынятая на сённяшні дзень у пашпартах сістэма запісу паводле "Алгоритма белорусскоанглийской транслитерации", на наш погляд, не можа лічыцца прымальнай найперш таму, яна не ў поўнай меры адпавядае прынцыповым патрабаванням да аптымальнай сістэмы лацінізацыі. Да ліку такіх абавязковых патрабаванняў адносіцца нейтральнасць, адназначнасць, зваротнасць, традыцыйнасць.
Нейтральнасць прадугледжвае разуменне сістэмы лацінізацыі насельніцтвам усіх лацінамоўных краін. Дзейныя ж правілы запісу беларускіх прозвішчаў лацінкай вузка арыентаваныя толькі на англамоўныя краіны. Таму прачытанне транслітараваных беларускіх прозвішчаў з пазіцыі іншых неславянскіх і славянскіх моў з лацінскай графічнай асновай дае розныя вынікі, што істотна ўскладняе рэтрансляцыю. Напрыклад, прозвішча Abanovich (Абановіч) італьянец прачытае як Абановік, немец як Абановіх, француз як Абановіш.
Пад адназначнасцю практычнай транслітарацыі маецца на ўвазе наяўнасць толькі аднаго эквівалента для аднаго зыходнага знака. У існай жа сістэме гэты прынцып да канца не вытрыманы: знак y ўжываецца для перадачы й і ы, а таксама выкарыстоўваецца ў складзе дыграфаў yo, yi, yu, ya, ye; літары t, s, h акрамя таго, што служаць эквівалентамі для т, с, г і адначасова ўваходзяць у склад дыграфаў для абазначэння ц, ж, ч, ш, х (ts, zh, сh, sh, kh). Літара г у розных пазіцыях перадаецца праз h i g.
Зваротнасць азначае магчымасць ажыццявіць дакладнае адваротнае ўзнаўленне транслітараваных формаў. У рамках жа дзейнай сістэмы лацінізацыі не кожны беларус без спецыяльнай падрыхтоўкі зможа вызначыць зыходны выгляд беларускага прозвішча ад лацінскіх напісанняў тыпу Abakhin (Абахін), Abdzіushau (Абдзюшаў), Ablazhey (Аблажэй), Kurytsyn (Курыцын), Tsykhun (Цыхун), Vyunou (В'юноў), Buryan (Бур'ян), Voushyn (Воўшын), Pyryeu (Пыр'еў), Vеrabyou (Вераб'ёў), Ivaniy (Іваній) і пад.
Традыцыйнасць сістэмы лацінізацыі праяўлецца дваяка: у даўнасці і стабільнасці яе прымянення для патрэб дадзенай мовы, а таксама ў паслядоўным выкарыстанні адзінага варыянту лацінкі ва ўсёй пісьмовай практыцы. Дзейны ж алгарытм транслітарацыі быў складзены ў пачатку 90х гадоў ХХ стагоддзя і, галоўнае, ужываецца толькі пры перадачы антрапонімаў (уласных найменняў людзей). Пры афармленні лацінкай назваў геаграфічных аб'ектаў дзейнічае іншы афіцыйна зацверджаны (у тым ліку на міжнародным узроўні) варыянт лацінкі, а менавіта традыцыйная беларуская лацінка, якая была распрацаваная яшчэ ў ХІХ пачатку ХХ стагоддзя і выкарыстоўвалася ў гэты час (паралельна з кірыліцай) у якасці нацыянальнай графікі, у тым ліку пры афармленні твораў класікаў беларускай літаратуры. Атрымліваецца, што ў межах адной мовы два асноўныя класы ўласных імёнаў перадаюцца на лацінку паводле розных прынцыпаў. Такая раздвоенасць не можа быць апраўдана ні з якога пункту погляду.
Пракаментуем і некаторыя канкрэтныя правілы згаданага алгарытму:
1. Адсутнасць спецыяльнага знака для перадачы беларускага гука [ў] і абазначэнне яго ў лацінцы праз u вядзе фактычна да страты адметнай беларускай фанетычнай асаблівасці ў лацінскім варыянце імёнаў і прозвішчаў і надае ім небеларускае гучанне: Zharykau (Жарыкаў), Zubau (Зубаў).
2. Паралельнае ўжыванне знака u для абазначэння беларускіх літар ў, у і ю (у спалучэннях yu i iu), прыводзіць да таго, што пры адваротным узнаўленні транслітараваных прозвішчаў не выключаны розначытанні, напрыклад, Ilyushyn можа быць рэтрансляваны як Ілюшын, Ілыўшын, Ілыушын.
3. Перадача дыграфа дж праз j ускладняе зваротнасць прозвішчаў з такім літарным спалучэннем, напрыклад, цалкам верагодна, што прозвішча Jaharau можа быць прачытана як Ягараў, а не Джагараў.
4. Неабазначэнне памякчальнага мяккага знака правакуе нераспазнавальнасць транслітараваных прозвішчаў тыпу Mamonkin (Мамонкін і Мамонькін), Sapunko (Сапунко і Сапунько), Semiankou (Семянкоў і Семянькоў). У прозвішчы ж кожная літара значымы знак, страта ці замена аднаго з якіх прыводзіць да з'яўлення новай іменалагічнай адзінкі. А гэта нярэдка выклікае непаразуменні, у тым ліку і юрыдычнага характару.
5. Выкарыстанне дыграфаў пры перадачы некаторых літар (zh ж, ch ч, sh ш, ts ц, kh х) стварае значныя цяжкасці пры распазнаванні выпадкаў іх ужывання для абазначэння адной беларускай літары і дзвюх. Як, напрыклад, правільна прачытаць прозвішчы тыпу Zhuk Жук ці Згук, Shyrko Шырко ці Сгырко, Luzhow Лужоў ці Лузгоў, Mazho Мажо ці Мазго?
Зразумела, што замяніць англізаваны варыянт лацінкі, які знайшоў афіцыйную прапіску ў сучасных беларускіх пашпартах, зусім не проста. Гэта не чыста філалагічнае пытанне, а задача дзяржаўнага ўзроўню. Аднак распачынаць работу па ўдакладненні прынцыпаў лацінскай перадачы беларускіх прозвішчаў, пакуль што хаця б на ўзроўні лінгвістычных дыскусій, можна і трэба.

Такім чынам, відавочна, што навядзенне парадку ў прозвішчнай сферы на сённяшні дзень ўваходзіць у лік найбольш актуальных мовазнаўчых задач. Асноўнымі складнікамі работы ў гэтым кірунку, на наш погляд, павінна стаць: як можна больш поўная фіксацыя сучасных беларускіх прозвішчаў і рэканструкцыя нацыянальных прозвішчных формаў, скажоных за той час, калі афіцыйны запіс беларускіх прозвішчаў ажыццяўляўся пераважна на рускай мове; падрабязнае выяўленне заканамернасцяў і супярэчнасцей арфаграфічнага афармлення прозвішчаў і іх змянення ў парадыгме, распрацоўка нарматыўных прынцыпаў перадачы беларускіх прозвішчаў на рускую мову, а таксама іх транслітарацыі лацінскай графікай.
Вынікам падобнай вялікай працы павінен стаць комплексны нарматыўны даведнік, які паспрыяў бы стандартызацыі беларускай антрапаніміі, задаволіў бы патрэбы пісьмовай практыкі, дазволіў зняць шматлікія пытанні практычнага прымянення прозвішчаў.


СПРАВАЗДАЧА
аб дзейнасці Полацкай гарадской арганізацыі ТБМ
у 2010 годзе


Як і ў папярэднія гады, акцэнт быў зроблены на правядзенне культурнамасавых мерапрыемстваў. Дзень роднай мовы быў адзначаны прыездам з Менска пісьменніка Міхася Скоблы і салісткі Белдзяржфілармоніі Таццяны Матафонавай. У гэты вечар асабліва меладычна і пяшчотна гучалі песні і рамансы з багатага рэпертуару спявачкі. А Міхась Скобла нагадаў, што 2010 год па ініцыятыве Саюза беларускіх пісьменнікаў аб'яўлены годам Ларысы Геніюш. Сярод удзельнікаў вечарыны аказаўся палачанін, былы настаўнік Леў Бялевіч, які ў 1947 годзе за адданасць роднай мове разам з жонкай апынуўся ў ссылцы. Ён расказаў аб тым, як вершы Ларысы Геніюш дапамагалі зняволеным выжыць у вельмі складаных умовах. У той жа дзень яшчэ дзве сустрэчы былі праведзены для моладзі: з навучэнцамі прафесійнатэхнічнага каледжа і студэнтамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Краязнаўчая вечарына "Плешча ў сэрца Дзвіна" прайшла з удзелам вядомага беларускага пісьменніка, даследчыка, перакладчыка, грамадскага дзеяча Сяргея Панізьніка. Размова ішла пра мясціны Віцебшчыны, якія маглі б стаць прывабнымі для турыстаў на старажытным шляху "з варагаў у грэкі". Лявонпаль і Сар'я, Цінкаўцы і Росіца, гісторыя роду Лапацінскіх, велічная Заходняя Дзвіна... Шмат аб чым даведаліся прысутныя ад дасведчанага госця, паглядзелі матэрыялы з яго багатага асабістага архіву і фотаздымкі тых мясцін на вялікім экране. На вечарыну былі запрошаны прадстаўнікі турагенстваў, краязнаўцы, інтэлігенцыя. На наступны дзень адбылася творчая сустрэча Сяргея Панізьніка з моладдзю.
Як і штогод адбылася сустрэча з пісьменнікам, гісторыкам, ураджэнцам Полацка Уладзімірам Арловым і прэзентацыя яго новай кнігі "Ля дзікага поля".
У марозны снежаньскі вечар да сяброў Полацкай суполкі прыехалі ў госці літаратары з Віцебска на чале з намеснікам старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Юрасём Бабічам. Паэтэса Марыя Баравік з Падсвілля прэзентавала свае два паэтычныя зборнікі. У кнізе ганаровых гасцей сп. Марыя напісала:


Можа скептык
жмурыцца вачыма?
Я святой амбіцыі прашу
Трэба мовай ратаваць Айчыну,
Як любоўю кожную душу.

Паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч расказаў пра сваё бачанне сучаснай беларускай літаратуры, прысутныя цікавіліся яго перакладамі з нямецкай мовы. Шмат гумару было ў выступе Міхася Мірановіча, які чытаў кароткія вершы з іранічным падтэкстам. Госці наведалі музей беларускага кнігадрукавання, дзе для іх экскурсію правяла сябра ТБМ Вера Ашуева.
У красавіку адбылася сустрэча са старшынём Іркуцкага аддзялення Беларускай культуры (Расія) Алегам Рудаковым. Алег Васільевіч здзівіў і парадаваў сваім расказам аб тым, як этнічныя беларусы за 6 000 кіламетраў ад гістарычнай радзімы ў далёкай Сібіры захоўваюць мову і традыцыі, ладзяць святы, выдаюць газету. У гонар госця гучалі беларускія спевы ў выкананні ансамбля "Полацкія россыпы".
Актыўна рэкламуецца і творчасць мясцовых аўтараў. Выхад кожнай беларускамоўнай кнігі адзначаецца яе прэзентацыяй з запрашэннем прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, моладзі. Адзначаюцца таксама юбілеі мясцовых творцаў. У студзені праведзены творчыя вечарыны сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, ганаровага грамадзяніна Полацка Надзеі Салодкай, а таксама паэта, перакладчыка Віктара Леанені. У лютым сябры ТБМ віншавалі краязнаўца Віктара Карасёва з нагоды выхаду яго новай кнігі. У сакавіку адбылася творчая вечарына сям'і Лёціных і прэзентацыя песенніка, аўтар якога Зінаіда Лёціна. Убачыў свет зборнік вершаў з незвычайнай назвай "Из родника... або з крыніцы" старшыні літаб'яднання "Наддзвінне" Мікалая Балдоўскага. У зборнік увайшлі выбраныя творы паэта, які піша на рускай мове, і іх пераклады на беларускую паэтэсы Галіны Загурскай. I аўтар, і перакладчык сябры ТБМ. Кніга ўяўляе сабой паэтычны дыялог дзвюх моў, двух паэтаў, іх узаемапаразуменне.
Кожны год для сяброў ТБМ ладзяцца вандроўкі і экскурсіі. У сакавіку ўсе ахвочыя наведалі Сафійскі сабор, экскурсію правяла намеснік старшыні гарадской арганізацыі ТБМ Ірына Шупенька. Прадстаўнікі арганізацыі 19 чэрвеня наведалі музейсядзібу Васіля Быкава ў в. Бычкі Ушацкага раёна. А ў жніўні была арганізавана паездка на радзіму Яна Баршчэўскага ў в. Мурагі Расонскага раёна з наведваннем возера Нешчарда, а таксама ў в. Захарнічы Полацкага раёна, дзе жыў і пахаваны мастак Іван Хруцкі.
Па традыцыі пяты раз запар дзякуючы дабрачыннай дапамозе паліграфічнага прадпрыемства "Спадчына Скарыны" (дырэктар Уладзімір Петрашкевіч) выдадзены кішэнны каляндарык з выявай скульптуры Паўла Вайніцкага, якая сімвалізуе беларускую мову. Сама скульптура знаходзіцца ў музеі беларускага кнігадрукавання ў Полацку. Палова яе прыгожая, а другая палова быццам абпаленая. Гэта напамін аб тым, што наша мова пад пагрозай знікнення. На адваротным баку каляндарыка зварот "Шануйце родную мову!". Каляндарыкі раздаваліся на кожнай беларускамоўнай імпрэзе. На захаванне роднай мовы і пашырэнне яе ўжытку і накіравана дзейнасць сяброў ТБМ у Полацку.
Старшыня Валянціна Крук.

Стартаваў другі Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыяў

Другі Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацый AD.NAK! ад 16 сакавіка распачаў прыём конкурсных работаў. Работы будуць прымацца да 6 чэрвеня. Асноўны фестывальны дзень падвядзення вынікаў 23 чэрвеня. Конкурсная праграма 2011 года будзе значна пашыраная за кошт новых тэмаў і кірункаў. Сёлета значна пашырылася колькасьць намінацыяў у катэгорыях "Інтэрнэтрэклама", рэкламныя PRкампаніі, промаакцыі ды іншыя праекты.

У Вільні адбылося шэсце ў памяць Кастуся Каліноўскага

22 сакавіка 1864 года ў Вільні загінуў нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі. 19 сакавіка ў Вільні памяць змагара ўшанавалі шэсцем у цэнтры горада.
Акцыя ў памяць Кастуся Каліноўскага ў Вільні да ўгодкаў смерці героя праводзілася ў чацвёрты раз.
Удзельнікі, як гэта ўжо сталася традыцыяй, сабраліся каля крыжа змагарам за свабоду Літвы, што стаіць над мемарыяльнай плітой паўстанцам 18631864 гадоў, побач з касцёлам Святога Якуба на Лукішскай плошчы. Гэты крыж ў Вільні называюць "крыжам Каліноўскага".
Сёлета шэсце ў памяць Каліноўскага ладзіла Таварыства беларускай культуры (ТБК) у Літве і яго лідары нагадалі пра нядаўнія клопаты аб крыжы, які мог знікнуць пасля рэканструкцыі Лукішак. Кіраўнік ТБК у Літве Хведар Нюнька сказаў ў часе свайго выступу:
- Пакуль папярэдне мы атрымалі згоду ўладаў на захаванне памятнага крыжа, але трэба не забываць, што ўлады змяняюцца, і законы змяняюцца, беларусы павінны мець гэта на ўвазе, ні ў якім разе не ўпусціць, праз некалькі гадоў гэтае змаганне ізноў будзе актуальным. Жыве Беларусь!
На шэсце сабралася каля 20 удзельнікаў з розных краін і розных нацыянальнасцяў, пераважна беларуская моладзь. Моладзевы актывіст Франак Вячорка адмыслова прыехаў у Вільню, каб ушанаваць памяць Кастуся Каліноўскага:

- Многія цяпер кажуць усё часцей, што, маўляў, не трэба нам былі гэтыя паўстанні, ні 183031 гадоў, ні 186364х, што яны толькі адкінулі жыццё людзей ўніз, зрабілі яго горш, але я катэгарычна не згодны, таму што ў тых паўстаннях нараджалася свядомасць, усведамленне сябе беларусамі, народам, нацыяй, і сёння нам не хапае Каліноўскага, сёння нам не хапае Касцюшкі, сёння нам не хапае сімвалаў, вобразаў, за якія можна б было аддаць жыццё.
Наш кар.


Зварот да грамадства Беларусі

21 студзеня 2013 г. спаўняецца 175 гадоў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага. У студзені лютым гэтага ж года спаўняецца 150 гадоў з пачатку паўстання 1863 г. у Польшчы, Беларусі і Літве.
Заслугі Кастуся Каліноўскага перад рэвалюцыйным рухам і беларускай культурай неаспрэчныя.
У яго дзейнасці знайшлі ўвасабленне найбольш рэвалюцыйныя тэндэнцыі паўстання 1863 г. Як правадыр і тэарэтык рэвалюцыйнай дэмакратыі ён увайшоў у гісторыю грамадскай думкі і рэвалюцыйнага руху Беларусі. Дзейнасць К. Каліноўскага трэба разглядаць як адну з найбольш смелых і нязменных спроб ажыццявіць на практыцы і ўвасобіць у жыццё рэвалюцыйныя праграмы М.Г. Чарнышэўскага, М.А. Дабралюбава і А.І. Герцэна.
Веліч К. Каліноўскага ў тым, што ён выступіў выразніка і непахісным абаронцам інтарэсаў прыгнечанага і бяспраўнага сялянства, прысвяціўшы гэтай высакароднай мэце незвычайны талент мысляра, публіцыста і рэвалюцыянера. Ён не толькі здолеў узняцца да прызнання неабходнасці народнай рэвалюцыі, як сродку карэннай перабудовы грамадства, але і заклікаць беларускіх сялянаў на барацьбу і звяржэння царскага самаўладства.
Вялікая заслуга К. Каліноўскага ў тым, што яго дзейнасць стала прыкладам абуджэння нацыянальнай і сацыяльнай свядомасці. Ён унёс прыкметны ўклад у фармаванне беларускай літаратурнай мовы, стаў творцам беларускай рэвалюцыйнай публіцыстыкі, заснавальнікам беларускай дэмакратычнай прэсы, быў выдаўцом першай газеты на беларускай мове. Ён стварыў першае ў гісторыі былой Расейскай імперыі рэвалюцыйнае выданне для працоўных мас, для сялянства нелегальную газету "Мужыцкая праўда". З імем К. Каліноўскага звязана самабытная старонка ў гісторыі беларускай паэзіі.

Веліч К. Каліноўскага і ў тым, што свой кароткі жыццёвы шлях ён пражыў як сапраўдны герой. Ён уражваў паплечнікаў, сучаснікаў і, нават, сваіх ворагаў такімі якасцямі як выключная мужнасць, стойкасць, смеласць, воля, беззапаветная адданасць ідэалам вызвольнай барацьбы, непахісная ўпэўненасць у перамозе народнай справы. Незвычайныя асабістыя якасці К. Каліноўскага, як і іншых герояў паўстання 1863 г., паслужылі прыкладам для выхавання наступных пакаленняў барацьбітоў з самадзяржаўем.
Паўстанне ў Польшчы, Беларусі і Літве паказала Еўропе, што ідэі рэвалюцыйнага руху непарыўна звязаны з імкненнямі народных масаў да сацыяльнай справядлівасці.
Вялікая роля, якую адыграў К. Каліноўскі ў паўстанні 1863 г., яго патрыятызм, самаахвярнасць і самаадданасць заслугоўваюць ушанавання.
Мы прапануем:
1. Стварыць музей паўстання 1863 г. у г. Менску, ці ў бліжэйшым зручным месцы каля г. Менска (напрыклад, у вёсцы Плябань Маладзечанскага раёна каля чыгуначнай станцыі Уша, дзе пахаваны паўстанцы 1863 г. на чале з кіраўніком атрада Юльянам Бакшанскім).
2. Стварыць музей К. Каліноўскага на яго радзіме ў г.п. Свіслач.
3. Паставіць помнікі К. Каліноўскаму ў Менску і Гародні.
4. Паставіць мемарыяльныя дошкі на месцах актыўных дзеянняў паўстанцаў.
5. Вызначыць месца для ўстаноўкі каменя паўстанцаў, як сімвалічнага знака ў памяць ўсіх дзеячоў паўстання 1863 г.
6. Выдаць энцыклапедычны даведнік "Кастусь Каліноўскі".
Сябры клуба "Спадчына".

Што будзе ў Лідскім замку?

Намесніку міністра культуры
Рэспублікі Беларусь
Курашу В.І.
Старшыні
ГА "Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.

На Ваш ліст ад 24.01.2011г. ГАУП "УКБ Гарадзенскага аблвыканкама" паведамляе, што 04.02.2011 г. на аб'екце "Рэстаўрацыя і рэканструкцыя Лідскага замка" адбылася нарада па пытаннях праектавання і будаўніцтва Лідскага замка з удзелам начальніка кіравання па ахове гістарычнакультурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры РБ Чарняўскага І.М., аўтара раскопак у Лідскім замку, дацэнта Трусава А.А., навуковага кіраўніка аб'екта Баранец Н.М., дырэктара ГАУП "УКБ Гарадзенскага аблвыканкама" Косарава Ў.Д., галоўнага інжынера ГАУП "УКС Гарадзенскага аблвыканкама" Янукевіча Ю.Ю., ГІПа РУП "Мінскпраект" Чумак Н.М., загадчыка групы архітэктараў РУП "Мінскпраект" Базанава С.С, намесніка старшыні Лідскага райвыканкама Мікавоза Я.В., начальніка СУ104 ААТ "СМТ19" Васілючака Ў.У.
На нарадзе прынята рашэнне аб карэктыроўцы ПКД па аб'екце з улікам заўваг і прапаноў, выкладзеных у газеце "Звязда" і лісце старшыні ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" А.А.Трусава.
Пратакол нарады прыкладаецца.
Дырэктар У.Д. Косараў.


ЗАЦВЯРДЖАЮ
ДЫРЭКТАР ГАУП "УКБ
Гарадзенскага аблвыканкама"
У.Д. Косараў

ПРАТАКОЛ
нарады па пытаннях праектавання і будаўніцтвы Лідскага замка

г. Ліда 04.02.2011 г.
Старшынстваваў:
Косараў У.Д. дырэктар ГАУП "УКБ Гарадзенскага аблвыканкама"

Прысутнічалі: -.- .
Чарняўскі І.М. начальнік кіравання па ахове гістарычнакультурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрствы культуры Республікі Беларусь;
Баранец Н.М. навуковы кіраўнік аб'екта;
Трусаў А.А. кандыдат гістарычных навук, дацэнт, аўтар раскопак у Лідскім замку;
Чумак Н.М. галоўны інжынер праекту РУП "Мінскпраект";
Базанаў С.С. загадчык групы архітэктараў РУП "Мінскпраект";
Янукевіч Ю.Ю. галоўны інжынер ГАУП "УКБ Гарадзенска аблвыканкама";
Брынкевіч B.C. начальнік вытворчадамоўнага аддзела ГАК "УКБ Гарадзенскага аблвыканкама";
Мікавоз Я.В. намеснік старшыні Лідскага райвыканкама;
Васілючак У.У.-начальнік СУ104 ААТ СМТ19;
Васілючак К.Ф. галоўны інжынер СУ104 ААТ СМТ19;

ВЫРАШЫЛІ:

1. СУ104 (Васілючак У.У.) па будынку "казармы" паз. 3 па генплану работы працягваць паводле праекту.
2. Па будынку "дом кашталяна" паз. 4 па генплане РУП "Мінскпраект" (Чумак Н.М.) выканаць карэктыроўку праекту з улікам захавання выкананай часткі будынка на момант нарады (бутавы і цагляны мур вонкавых сценаў на вышыню да 1 м.). З мэтай паніжэння вышыні будынка прадугледзець яго аднапавярховым з эксплуатаванай мансардай. Фасады будынка вышэй выкананага мура сценаў прадугледзець аналагічнымі фасадам "казармы".
3. СУ104 (Васілючак У.У.) выкананую падвальную частку "трыбун" дэмантаваць, катлаван засыпаць.
4. РУП "Мінскпраект" (Чумак Н.М.) выканаць адпаведную карэктыроўку ПКД па аб'екце. Уключыць у склад ПКД новы туалет для наведвальнікаў (магчыма кантэйнернага тыпу) за межамі ўнутрыдваровай тэрыторыі паводле прадстаўленых ГАУП "УКБ Гарадзенскага аблвыканкама" дадатковых зыходнадазваленчых матэрыялаў.
Трыбуны для наведвальнікаў прадугледзець зборнаразборнымі з лёгкіх канструкцый.
Даць канструктыўнае рашэнне дарожак для маламабільных груп насельніцтва прадугледзеўшы іх з асфальтабетону шэрага колеру.
5. ЛІДСКАМУ райвыканкаму (Мікавоз Я.В.) вызначыць участак пад размяшчэнне туалета і сумесна з ГАУП "УКБ Гарадзенскага аблвыканкама" (Брынкевіч B.C.) вырашыць пытанні па афармленні неабходных матэрыялаў.
6. СУ104 (Васілючак У.У.) выконваць работы па астатніх будынках i збудаваннях, размешчаных на ўнутрызамкавай тэрыторыі згодна з атрыманай ПКД.
7. ГАУП "УКБ Гарадзенскага аблвыканкама" (Брынкевіч B.C. падрыхтаваць і прадставіць у РУП "Мінскпраект" дадатковыя ІРМ i ўнесці неабходныя змяненні ў заданне на праектаванне.
Пратакол вёў: В.С. Брынкевіч.
(Пераклад з рускай.)

Гімн невядомага аўтара

У Гародні жыве мая аднакласніца па Астравецкай школе Вольга Аляксеева педагог, матэматык, мае публікацыі па медыцыне. Часам мы перапісваемся або перазвоньваемся, успамінаем агульных знаёмых. I вось летась аднойчы яна мне кажа:
- Хачу здзівіць цябе, Адась, але нядаўна я наважылася спяваць у нашым малітоўным доме гімн. На беларускай мове. Уяві сабе: апладзіравалі.
- Віншую. Не ведаў, што ў цябе ёсць і такія здольнасці. А што за гімн? У адказ я пачуў:
1. Чакаем Цябе, наш Іісус,
I молім: прыйдзі Ты да нас.
Мы любім сваю Беларусь
I хочам, каб Ты яе спас.

Прыпеў:
Прыйдзі у яе Ты двары,
У вёскі прыйдзі, ў гарады,
Жыві ў яе сэрцы, Іісус,
Чакае Цябе Беларусь.

2. Засмучана моцна яна, Нялёгкі дастаўся ёй лёс,
I колькі ўжо слёз праліла, Пацеш яе, любы Хрыстос.

Прыпеў. Пройгрыш.

3. У грахах сваіх гіне народ,
Няпраўда, як цемень, лягла.
Знімі ж, Іісус, гэты гнёт
I вызваль ад лютага зла.

Прыпеў. Павольна.

4. Як добра з Табой, Іісус,
Як хораша там, дзе Ты ёсць.
Няхай Табе ўся Беларусь
Аддасць свае сэрца і лёс.

Прыпеў. Хутчэй.

- А хто аўтар гэтых сумных, але небезнадзейных слоў, якія адпавядаюць хрысціянам усіх канфксій?
- Не ведаю, аўтар тэксту, як і музыкі не быў указаны.
- Паспрабуй даведацца. Мне здаецца, што аўтар жыве ў Гародні і паходзіць з рускамоўнага асяроддзя. Пра гэта сведчыць слова "спас" у сэнсе "выратуй".
Але Вользе Аляксеевай устанавіць аўтара не ўдалося. Можа, ён палічыў гэта нясціплым, неэтычным. А, можа, адгукнецца на гэтую публікацыю. Мне здаецца, будзе вельмі добра, калі яна з'явіцца ў вялікі пост, сёлета агульнахрысціянскі, калі ўсе вернікі адмольваюць свае грахі.
Адам Мальдзіс.

Слонімцы прыгадалі Васіля Супруна

Слонімцы адзначылі 85годдзе з дня нараджэння паэта, краязнаўцы і археолага Васіля Супруна вечарынай яго памяці, якая адбылася ў нядзелю, 13 сакавіка.
Як паведаміў краязнавец і журналіст Сяргей Чыгрын, вечарыну давялося арганізоўваць у больш сціплым фармаце, чым планавалася першапачаткова.
Сяргей Чыгрын распавёў прысутным пра творчы шлях Васіля Супруна, пазнаёміў з кнігамі земляка. Асобна вядоўца спыніўся на сяброўстве Васіля Супруна і Ларысы Геніюш, расказаў пра іх лагерную перапіску. Настаўнік Мікалай Ракевіч расказаў пра антыбальшавіцкую арганізацыю "Чайка", адным з кіраўнікоў якой быў Васіль Супрун.
Дачка Алена і пляменнік Васіль цікава ўспомнілі пра бацьку і дзядзьку, якім ён быў дома, гаспадаром. "Ён на ровары аб'ездзіў усю Слонімшчыну, вывучаючы курганы. Бацька добра маляваў, калі б ён не стаў краязнаўцам і паэтам быў бы мастаком,"- прыгадала дачка Алена.
Пляменнік Васіль паказаў беларускія кнігі, выдадзеныя падчас нямецкай акупацыі з калекцыі Васіля Супруна. Наш кар.

"Г Р Ы Ф І Т Ы"


Так ужо склалася стагоддзямі, усе, хто хоча даведацца пра сваю мінуўшчыну, пра гісторыю сваёй Бацькаўшчыны і свайго народа, звяртаюцца да прац "бацькі гісторыі" Герадота. Зробім так і мы.
Старажытнагрэцкі гісторык Герадот нарадзіўся паміж 490 і 480 гадамі да н.э. у горадзе Галікарнас (Малая Азія), а памёр недзе паміж 430 і 424 гадамі да н.э. Многа падарожнічаў па ўсім антычным Міжземнамор'і, апытваў купцоў і палонных. Усе ўражанні ад гэтых вандровак потым выклаў у сваёй "Гісторыі". Пазней яго "Гісторыя" была падзелена на 9 кніжак (прысвечаных дзевяці грэцкім музам).
Нас, у прыватнасці, цікавіць чацвёртая з кніг "Мельпамена" (муза трагедыі), бо ў ёй апісваецца Скіфія і яе навакольныя суседзі.
І вось скіфы. Яны жывуць на тэрыторыі Крыма і ў прыданскіх стэпах. Гэта качэўнікі. Вышэй над імі (паўночней) жывуць скіфыземляробы. Далей неўры, будзіны. А недзе ў вярхоўях Барысфена (Дняпра) жывуць жорсткія канібалы (людажэрцы) андрафагі... Тут жа "гняздзяцца" страшэнныя грыфоны і розныя пачвары. Яны вартуюць і зберагаюць скарбы нетраў... А далей, на самым беразе мора акіяна жывуць гіпербарэі. Апошнія ніколі не пакідаюць Бацькаўшчыны і жывуць там стала...
І гэта ўсё, як вы, спадзяюся, зразумелі пра нас, беларусаў. Ну, скіфыкачэўнікі гэта не беларусы. А скіфыземляробы, падобна, ужо палешукі і гамельчане. Неўры і будзіны напэўна, гарадзенцы і менчукі. Канібалы андрафагі гэта больш на поўнач і на ўсход... (яны пакуль што нам не цікавыя). Хаця, напэўна, трэба заадно адзначыць, што андрафагі гэта, хутчэй за ўсё, мянушка. Пталамей называе іх амадокі.
З гіпербарэямі разабрацца будзе цяжка. Невядома, якое мора меў на ўвазе Герадот: Балтыйчскае ці Белае? Але мы так далёка не пойдзем, бо Беларусь канчаецца яшчэ не дапяўшыся нават Балтыкі.
Але што грыфоны "гняздзіліся" менавіта тут: на БерасцейшчынеГарадзеншчыне несумненна. А як нумізмат, скажу, што яны жылі і ў сучаснай Латвіі (Лівоніі), бо старажытны герб Лівоніі Грыфон.
У Беларстоку (цяпер Польшча) была сядзіба магнатаў БраніцкіхГрыфітаў (нашчадкі грыфа). Апошні з "Грыфітаў" Ян Клеманс быў у пакроўным сваяцтве з "пагромшчыкам шведаў" Стэфанам Чарнецкім, а жанаты на роднай сястры апошняга караля Польшчы Станіслава Аўгуста Панятоўскага (і сам кандыдат на польскі трон), і, дарэчы, сваяк нашага росянскага графа Стэфана Патоцкага... Валодаў Беластокам, Харошчу і Тыкацінам. А яшчэ ён быў кавалерам высокіх ардэноў: Святога Андрэя, Белага Арла і нават Залатога Руна.
Дзякуючы Яну Клемансу Браніцкаму Беласток стаў горадам, а праз адзінаццаць год атрымаў Магдэбургскае права і, па сутнасці, ператварыўся ў сталіцу Падлесся. На гербе Беластока 1759 года змешчаны ініцыялы магната і "Грыфон".
Я не ведаю, ці складальнікі герба п. Краснасельскі, які быў зацверджаны 1 снежня 2004 года чыталі "Гісторыю" Герадота. Але Грыфона яны проста душою адчулі.
Спадзяюся, мы з Герадотам пераканалі вас, што менавіта тут, пад Ваўкавыскам, на месцы сучаснага пасёлка (мястэчка) Краснасельскі і "гняздзіліся" грыфыгрыфоны. А яны ж не проста тут "вяліся", яны сцераглі ахоўвалі "залатыя скарбы". Дзе яны? Што гэта за скарбы? Якія?
Гэта не золата. Гэта краснасельскі мел (крэйда) і асабліва крэмень. Крэмень скарб людзей, якія яшчэ не ведалі жалеза і каляровых металаў. Для іх скарбам быў сучасны (нікому ўжо не патрэбны) шэры крэмень.
Яшчэ нядаўна крэмень і красала (крэсіва) былі ледзь не самай неабходнай рэччу чалавека. Яны давалі АГОНЬ: святло і цяпло, варыва і зброю супраць цемры і драпежнікаў.
Крэмень і крэсіва элементы ланцуга ордэна залатога Руна. Вы адчуваеце, які вялікі скарб гэты шэры крэмень? Гэта скарбваладар! І куды мацнейшы за золата. Золата потым захопіць уладу і запалоніць нашы душы. Гэта буде потым... А пакуль што ўсім валодае крэмень, бо на дварэ КАМЕННЫ ВЕК.
Старажытны каменны век (палеаліт). Потым будзе сярэдні каменны век (мезаліт). Потым новы каменны век (неаліт). Потым бронзавы век наступіць недзе далёка "дзе цяпло і ябылкі", а на Беларусі ўсяроўна будзе валадарыць крэмень.
Неабсяжныя шэсць тысяч год крэмень быў надзейным матэрыялам для усіх прыладаў працы і зброі чалавека. Ад скрабка і наканечніка стралы, і да нажа, сярпа і сякеры. Ён быў "жалезам каменнага веку". А потым і адным з відаў першых грошайсякер. Задоўга да залатых дзінараў, дукатаў, дублонаў... Даражэй за золата быў крэмень у тубыльцаў і тысячы год валадарыў на нашай зямлі без аніякіх канкурэнтаў. Пакуль не наступіў жалезны век.
Але і потым яшчэ дзве тысячы год ён цудоўна ужываўся з рознымі металамі (асабліва з жалезам) і дажыў амаль да Атамнага веку, да Касмічных палётаў... І нават сёння ў запальнічках звадкаванага газу рэчыва запальніка ўсяроўна называецца "крэмень"...
І ўжо здавалася ўсё канец крэменю, выціснулі яго металы, тэхналогіі з усіх закуткоў чалавечага жыцця. Памёр крэмень. Згас яго прамятэйны агонь... Ажно не жывы курылка!
Найталенавіцейшы беларускі навуковец, даследчык Малярчыкаў (мне так і хочацца назваць яго на наш, ваўкавыскі манер Мулярчыкам) даў крэменю новае жыццё лекавае.
Сёння многія, напэўна, ведаюць пра лекавыя ўласцівасці крамянёвай вады "крамянёўкі"!? Яе шырокім спектрам ужывання паспяхова карыстаюцца і народныя, і традыцыйныя лекары. А, дзякуючы крэменю, я веру, хутка вернецца і так званае канкурэнтамі "шарлатанскае" лячэнне шляхетнымі камянямі і крышталямі, як некалі травалячэнне. Усяму свой час.
Антыбіётыкі ўжо "прыеліся" людзям і перасталі дапамагаць у нашым празмерным лячэнні... Усё вяртаецца на кругі свае.
А да нас "вярнуўся" грыфон. Наш грыфон, з узнятым над галавою мячом, ашчэрыўшыся і выпусціўшы ўсе свае кіпцюры, вартуеахоўвае нашы скарбы ў выглядзе трох белых пагоркаў унізе. Гэта нашы мелавыя і крамянёвыя пагоркі лінзы (у сапраўднасці іх каля дзесяці).
Я апавёў вам пра скарбкрэмень, а ёсць і другі наш скарб мел (крэйда). Сёння ён не менш каштоўны, чым некалі крэмень. Не было б мелу. не было б у нас цэменту. А не было б цэменту... не было б і пасёлка Краснаселькі... і наогул, усіх нашых шматпавярховых дамоў, хмарачосаў, плацінаў, заводаў...
А кім былі тыя людзі, што тысячы год да нас змаглі "дамовіцца" са страшнымі грыфонамі і пачаць распрацоўку краснасельскіх крэмнездабыўных шахтаў? Завалодадць скарбам каменнага веку крэмнем. Наладзіць вытворчасць крамянёвых сякер у такіх маштабах, што не толькі забяспечылі свае патрэбу, але наладзілі экспарт сякер суседнім плямёнам. Якое было ім імя? У Герадота толькі: неўры, будзіны і андрафагіамадокі...
Беларускія археолагі называюць іх: людзі культуры канічных кубкаў, людзі культуры штрыхаванай керамікі, людзі культуры шарападобных амфар... А я іх называю росічы. Бо жылі яны на берагах рэчкі Рось. І самі ж, відаць, далі ёй такую назву. Росічы сябры грыфонаў, грыфіты.
А яшчэ археолагі мяркуюць, што людзі культуры шарападобных амфар былі канібаламі. Магчыма гэта герадотавы андрафагіамадокі? Могільнік "шаравікоў" з чатырох вялікіх ямаў у меле знойдзен каля пасёлка Краснасельскі. А археолаг Міхась Чарняўскі летась знайшоў фрагмент амфары "шаравікоў" на Асавецкіх тарфяніках (Віцебская вобл.), амаль па Герадоту.
Вы скажаце: няма гучнай канцоўкі. А я і не скончыў яшчэ. Жыццё працягваецца.
Міхась Вераціла.

нс

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX