Вярнуцца: 2011

№ 17 (1012)


Крыніца: pawet.net.



НАША СЛОВА №17 (1012) 27 красавіка 2011 г.

25-я ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы

Будзе падпіска на 25-томнік У. Караткевіча


Сп. У.У. Макею,Кіраўніку АдміністрацыіПрэзідэнта Рэспублікі Беларусь,
220016, г. Мінск,
вул. К. Маркса, 38
Шаноўны Уладзімір Уладзіміравіч!

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" звяртаецца да Вас з прапановай адрадзіць у нашай краіне дзяржаўную падпіску на мастацкую літаратуру айчынных кнігавыдавецтваў. Гэта паспрыяе павелічэнню накладаў мастацкіх выданняў, атрыманню стартавага фінансававага ўкладання і забеспячэння чытацкай зацікаўленасці ў розных рэгіёнах Беларусі, дзе адсутнічаюць кнігарні.
У якасці эксперыменту просім у гзтым годзе арганізаваць падпіску на выданне збору тво-раў У. Караткевіча ў 25-ці тамах. Гэтую ініцыятыву ўхваліла Рада нашай арганізацыі 30.01.2011 г.
З павагай,
Старшыня ТБМ Алег Трусаў.
(Гэтая прапанова была выказана Адамам Мальдзісам на апошняй Радзе ТБМ.)

Старшыні
ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" Трусаву А.А.
Аб звароце
Паважаны Алег Анатольевіч!
Па даручэнні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Міністэрстве інфармацыі разгледжана прапанова грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" аб арганізацыі падпіскі на Збор твораў Уладзіміра Караткевіча ў 25 тамах.
Пытанне аб магчымасці і мэтазгоднасці арганізацыі падпіскі прапрацавана выдавецтвам "Мастацкая літаратура" сумесна з ААТ "Белкніга.
На думку спецыялістаў ААТ "Белкніга", сістэма распаўсюджвання шматтомных выданняў па падпісцы была дзейснай і апраўданай ва ўмовах кніжнага дэфіцыту і стабільных цэн.
Як сведчыць сённяшняя практыка, асноўнымі спажыўцамі Збораў твораў класікаў літаратуры - Максіма Танка (у 13 тамах тыражом 2,0 тыс. экз.), Якуба Коласа (у 20 тамах тыражом 1,5 тыс. экз.), Івана Шамякіна (у 23 тамах тыражом 2,0 тыс. экз.) - з'яўляюцца бібліятэкі, якія для камплектавання фондаў закупляюць ад 60 да 75 працэнтаў тыражу названых выданняў.
Тым не менш, у якасці эксперыменту выдавецтвам "Мастацкая літаратура" сумесна з ААТ "Белкніга" у бягучым годзе будзе арганізавана падпіска на Збор твораў У. Караткевіча ў 25 тамах.
Канчатковае рашэнне аб мэтазгоднасці аднаўлення такой формы рэалізацыі выданняў як падпіска будзе прынята па выніках эксперыменту.
3 павагай,
Намеснік Міністра І.М. Лапцёнак.

130 гадоў з дня нараджэння Янкі Журбы

Янка ЖУРБА (сапраўднае прозвішча Івашын Іван Якаўлевіч) нарадзіўся 18 (30) красавіка 1881 года ў вёсцы Купніна Лепельскага павету, цяпер Чашніцкі раён Віцебскай вобласці, у беднай сялянскай сям'і, якая складалася з 12 чалавек.
У 1898 годзе Янка паступіў у Полацкую настаўніцкую семінарыю. Яшчэ тады спрабаваў свае сілы ў вершаванай творчасці. Пасля заканчэння семінарыі ў 1902 настаўнічаў у пачатковых школах. У 1906 годзе стаў студэнтам Глухаўскага настаўніцкага інстытута былой Чарнігаўскай губерні. З таго часу пачаў пісаць вершы на беларускай мове. Пасля вучобы Іван Якаўлевіч выкладаў рускую мову і літаратуру ў старэйшых класах. Да 1914 года настаўнічаў у Чашніках Віцебскай губерні.
Напрыканцы 30х гадоў амаль страціў зрок, пераехаў на вёску, што ўратавала яго ад рэпрэсій.
Зноў на Чашніччыне апынуўся ў 1941 годзе. Па вайне жыў у Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці, быў настаўнікам музыкі і спеваў у пачатковых класах. Жыў у Полацку ў сваякоў і манашак зачыненага СвятаЕўфрасінеўскага манастыра. Цярпеў вялікую нястачу. Апошнія гады правёў у доме састарэлых у Полацку. Памёр 7 студзеня 1964 года.
Друкавацца пачаў у рускіх выданнях з 1902 года. Першы верш Янкі Журбы "На беразе Дзвіны" быў змешчаны ў газеце "Наша Ніва" (1909). У дакастрычніцкай паэзіі Я. Журбы выразна выявілася сацыяльная накіраванасць, аптымістычны погляд на свет, жаданне рэвалюцыйных пераўтварэнняў.
У паслярэвалюцыйны час пачаў друкавацца з 1921 г. у газеце "Савецкая Беларусь", з 1922 у часопісе "Полымя" і інш. Першая паэтычная кніга "Заранкі" выйшла ў Менску ў 1924 годзе. У 1950 выйшлі з друку "Выбраныя творы" Я. Журбы, а потым і некалькі паэтычных кніг, сярод якіх зборнік вершаў для дзяцей.
Пераклаў на беларускую мову раман Ф. Дастаеўскага «Бедныя людзі» (1930).

90 гадоў з дня нараджэння Міколы Ермаловіча

ЕРМАЛОВІЧ Мікола нарадзіўся 29 красавіка 1921 г. у вёсцы Малыя Навасёлкі Дзяржынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1938 г. паступіў на беларускае аддзяленне літаратурнага факультэта Менскага педагагічнага інстытута. Да вайны скончыў тры курсы. У 19411943 гг. працаваў настаўнікам у Мардоўскай АССР. У 19431944 гг. на педагагічнай працы ў Суражы Віцебскай вобласці, у 19441946 гг. у Дзяржынску Менскай вобласці. У 1946 г. аднавіў вучобу ў педінстытуце. Пасля заканчэння (1947) быў залічаны ў аспірантуру пры педінстытуце. З 1948 па 1955 гг. працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце, а пасля яго закрыцця быў загадчыкам метадычнага кабінета Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У канцы 1957 г. па стану здароўя выйшаў на пенсію. Жыў ў Маладзечне. Сябар Саюза бел. пісьменнікаў з 1989 г. Памёр у 2000 г. у Менску.
Актыўную літаратурную дзейнасць пачаў у 1948 годзе. Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі, гістарычнымі нарысамі. Друкаваўся ў маладзечанскай раённай газеце, альманаху «Нарач», газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладосць», навуковых зборніках. У 1963 Ермаловіч распачынае выдаваць рукапісны самвыдавецкі часопіс «Падснежнік», чатыры выпускі якога выйшлі да 1964. Вынікам даследніцкай працы было напісанне ў 1968 кнігі «Па слядах аднаго міфа» (доўгі час хадзіла самвыдатам, афіцыйна выдадзена ў 1989). У 1970 выйшла кніга «Дарагое беларусам імя». У 1975 Ермаловіч узнаўляе выпуск «Падснежніка», але пад новай назвай «Гутаркі», да 1976 выйшла блізу 50 выпускаў. «Гутаркі» шматразова перадрукоўваліся, перапісваліся, распаўсюджваліся сярод беларускай інтэлігенцыі. «Гутаркі» выдаваліся Ермаловічам пад псеўданімам Сымон Беларус.
У 1990 г. выйшла даследванне «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды», у 1994 «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд», у 2000 «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае», у 2010 "Выбранае". Стварыў сучасную нацыянальную канцэпцыю гісторыі ВКЛ, як перыяда гісторыі Беларусі
Дзяржаўная прэмія Беларусі за кнігу «Старажытная Беларусь» (1992). Прэмія імя У. Караткевіча. Медаль імя Францішка Скарыны (1993).

З кнігай па жыцці

Для тых, хто імкнецца асэнсаваць існасць беларускай нацыянальнай ідэі, хто жадае будаваць сваё жыццё згодна з Божым і агульначалавечым законамі, грунтуючы яго на гістарычнай памяці, ёсць цудоўны падручнік кніга "Люблю Беларусь". Для мяне яна менавіта падручнік, па якім вывучаю і геаграфію, і гісторыю, і культуру нашай зямлі. А яшчэ на старонках кнігі сустрэчы са славутымі асобамі, што ёсць гонарам нацыі.
У мяне ў руках самая цікавая ў свеце кніга "Люблю Беларусь". Мне прыемна да яе дакранацца, любавацца вокладкай. Пад гэтай вокладкай адчуваецца біццё сэрца аўтара, вялікага патрыёта. Часта адкрываю кнігу. Часам прачытаю толькі некалькі радкоў і пасля доўгадоўга думаю, разважаю, уяўляю. А часам чытаю артыкул цалкам. Чаму так? Таму што для сустрэчы з вобразамі аўтара неабходны адпаведны настрой: калі душа сцішылася, настроілася на ўзвышанае. Або калі самотна і роспачна. Альбо калі душы не хапае пяшчоты і замілавання. У гэтай кнізе ёсць усё і для душы, і для розуму. З гэтай кнігі спасцігаю сэнс жыцця. Аптымізм аўтара акрыляе і пабуджае да дзейнасці: "Разпораз здаецца, што яшчэ секунда, і восьвось спасцігнем, скрышталізуем для сябе момант ісціны: настолькі празрыстая яго сутнасць, настолькі ясна пабліскваюць, граюць грані чагосьці ідэальна цэласнага, так працінае да іскрыстых слёзаў, да галюцынацыяў. І я ўвесь час паўтараю сам сабе: Беларусь, у якой мы маем гонар жыць, чакае вялікая будучыня…"
Кніга складаецца з сямі раздзелаў. А яшчэ асобна варта выдзеліць прадмову, што мае назву "Беларуская нацыянальная ідэя" і пасляслоўе.
Для мяне насамрэч надзвычай важна зразумець сэнс нацыянальнай беларускай ідэі. Напэўна, таму мяне найбольш і прываблівае прадмова. Кожны яе радок насычаны такім глыбокім сэнсам, прасякнуты ўсеабдымнай вераю ў Божае пакліканне для Беларусі: "Расцерушыце у пальцах камячок беларускае зямлі. Краніце пылок са сценаў храма. Удыхніце гэтага паветра. Адчуйце цуд Божае прысутнасці. Чуеце, як з ціхім уздыхам, уздымам лёгкіх, са свежай сілай у жылах кожная крывінка сэрца, пульсуючы, штослова радасна пацвярджае Боскую роднасць беларускасці: так! Так! Так! …Беларуская нацыянальная ідэя гэта ідэя Сэрца. Сэрца Еўропы, што церпіць, баліць і любіць за ўсіх. Сэрца, праз якое праходзяць усе шляхі і якое абліваецца крывёю з кожным нашым уздыхам: "Чыстае сэрца ўмацуй ува мне, Божа!"
Чытаючы прадмову, ясна ўсведамляеш, што і да аўтара пакутліва прыходзіла разуменне нацыянальнай ідэі.
Праз першы раздзел кнігі "Беларуская зямля" прыходзіць разуменне: наша зямля найвялікшая каштоўнасць для беларуса. Адарваны ад роднай зямлі, беларус у глыбіні душы пачуваецца абяздоленым. У расстанні з ёю ён ніколі не будзе мець той непераможнай сілы волата духа, што праз усе нягоды і цяжкасці дапамагае пранесці прагу да жыцця, святла і вольнасці. "Беларусы вельмі прывязаныя да сваёй зямлі. Тут, у цэнтры Еўропы, на скрыжаванні галоўных дарогаў, перанасычаным крывёю і жалезам, анамальна магнітная гравітацыя. І ў каржакаватых, прысадзістых беларускіх постацях здаецца, яны каранямі ўрастаюць у гэтую глебу! ты адчуваеш нязмерную сілу прыцягнення."
Надзвычай пазнавальныя для мяне і наступныя раздзелы: пра беларускую гісторыю і гаспадарку, культуру і спорт. З гэтых раздзелаў паўстае гістарычны воблік дзяржавы, здабыткі руплівай працы беларусаў. І цудоўна ўсведамляеш, што менталітэт беларуса глыбока ўрастае каранямі ў гісторыю. І на яе глебе вырастае культура. І вядома ж, духовасць народа. Самы кранальны, самы цёплы, самы ўзвышаны раздзел кнігі "Беларуская духовасць". На беларускай зямлі спрадвеку ўжываліся розныя канфесіі, розныя погляды на духовасць. І сёння толькі адчуванне высокага паклікання, далучэння да найвышэйшай Боскай ідэі ратуе беларусаў ад згубы. А яшчэ спрадвечная беларуская цярплівасць, на якой грунтуецца магутны інстынкт беларуса самазахавацца. "Беларуская цярплівасць на роўных змагаецца з часам, кідае выклік вечнасці. Беларуская цярплівасць ціхая. Як боль, як і вера, як і любоў. Штодня сцінаешся толькі б вытрываць! і так ад нараджэння да смерці. Таму беларус не проста жыве ён церпіць." Якія праўдзівыя словы. І які ў іх глыбокі сэнс!
Гэтую кнігу можна чытаць бясконца, адкрываючы для сябе нешта новае, і з кожным разам прыбліжаючы разуменне сэнсу свайго існавання на гэтай зямлі. Наталяць душу музыкай яе радкоў і прыгажосцю роднай мовы, якая ў гэтай кнізе раскрывае ўсе грані сваёй непаўторнай прыгажосці. "…беларуская мова Самім Госпадам Богам створаная для словаў любові. Для слёзаў пакаяння, малітвы і евангельскай прамовы. Для палкае, пранізлівае і ўзнёслае пропаведзі Хрыста…"
Вельмі хочацца скончыць свой допіс словамі аўтара кнігі "Люблю Беларусь": "…размаўляць пабеларуску, перакладаць на беларускую, думаць на беларускай і слухаць беларускае невымоўнае шчасце для кожнага, хто нарадзіўся на гэтай зямлі." Давайце ж любіць нашу мову, ганарыцца ёю, шанаваць яе і ніколі не пускаць на здзек!
Лашкоўская Паліна, стараста гуртка "Юны журналіст" гістарычнапатрыятычнага клуба "Спадчына", м. Дварэц.

Павел Сцяцко

Мовазнаўчы досвед

Складнікі, складовыя часткі ці складальныя часткі (складальнікі), а не састаўляючыя. "Выкананне ўсіх заданняў і напісанне аўтарэферата на адну з прапанаваных тэм могуць стаць галоўнымі састаўляючымі заліку." (1). "Важнай састаўляючай дадзенай праблематыкі з'яўляецца пытанне аб матывах выбару імені." (2). (Беларуская антрапанімія. Віцебск, 209. СС. 6, 46).
Як відаць з выказванняў, у абодвух выпадках гаворка ідзе пра часткі, якія складаюць (1) залік, (2) праблематыку. Інакш кажучы, гэта складовыя (складальныя) часткі (заліку, праблематыкі). Складальныя, а не састаўляючыя. Лексема састаўляючыя (з рас. составляющие, толькі суфікс ющ заменены на юч) як адзінка супольнага тэрміналагічнага фонду моваў народаў СССР замацоўвалася ў нацыянальных слоўніках. У сувярэннай краіне Рэспубліцы Беларусь пачалі выкарыстоўвацца свае нацыянальныя лінгвістычныя адзінкі. Так, "Русскобелорусский словарь" (Минск "Беларуская энцыклапедыя" имени Петруся Бровки. 1993, т. 3, с. 417) падае: " Составляющая, сущ. 1. складальная; 2. перен. складальнік; составляющие успехов складальнікі поспехаў." Сучасная нацыянальная маўленчая практыка выкарыстоўвае і больш кароткія формы: складовая (частка) і складнік. (Каб пазбегчы аманіміі з словам складальнік составитель (автор).

Чарната, чарнеча. "Кос чарнеча ляжыць уздоўж гнуткай спіны. І парыўныя крокі, як вецер, чутны." (Полымя. 2011. №2. С. 94). Пазаслоўнікавае чарнеча ўзнікла на ўзор вядомых слоў малеча, галеча, халаднеча (халадэча) з фармантам еча (чарнеча). Утварэнні гэтага кшталту досыць пашыраныя ў народнай мове. Больш падрабязна гл. у кнізе: П.У. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне. Мінск, 1977. С. 102103.

Дабрадатны, дабратворны. "Зноў смяюцца, спяваюць паўсюд юнакі, Дабрадатнаю радасцю поўніцца свет." (Полымя. 2011. №2. С. 95). Пазаслоўнікавая лексема дабрадатны мае тое значэнне, што і слоўнікавая дабратворны "спрыяльны, карысны, жыватворны" (Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т.2. С. 107). Яго структура і значэнне досыць выразныя: дабро даць дабрадатная. Так папаўняецца сінаніміка роднай мовы.

Старызна, хлам, а не рухлядзь. " Усякае новае пакаленне імкнецца пазбавіцца ад памяці пра мінулае, як ад старой рухлядзі". (Маладосць. 2011. №3. С. 40). Беларускай мове неўласцівае слова "рухлядзь". Расейскаму рухлядь адпавядаюць у беларускай мове свае лексемы. "Русскобелорусский словарь" (1993, т. 3, с. 270) падае: "Рухлядь собир. разг. старызна, хлам".Працалюбка, працавічка, а не рабацяга, рабацяшчая. "Яна працалюбка і настойлівая ў сваіх справах" (Полымя. 2011. №3. С. 73). Якое выразнае беларускае слова! Утварэнні ад прыметніка працалюбівы працалюб (асоба мужчынскага полу) і ад яго працалюбка (жанчына): працалюбка. У слоўніках не фіксуюцца словы працалюб і працалюбка. Падаюцца аднакаранёвыя працавік і працавічка. А яшчэ вось і такія: "рабацяга" м.і ж. сінонім да згаданых з коранем прац (працавік, працавічка) (РБС 93, с. 142), а таксама "рабацяшчы" (БРС 89, с. 344) як адпаведнікі рас. работяга, работящий.
Нашая мова, як бачым, мае свае лексемы для наймення працавітага чалавека працалюб, працавік і працалюбка, працавічка. Дык ці трэба нішчыць сваё, пазычаючы без патрэбы "рабацяшчых рабацяг"?!

Нарыхтоўнік, нарыхтоўшчык. "А вось у Надзеі на паўднёвабеларускім пяску вішні ягадныя. І сабе было, і нарыхтоўнікам здавалі вёдрамі." (Дзеяслоў. 2011. №1 (50). С. 109).
Пазаслоўнікавае нарыхтоўнік добра стасуецца з утваральным словам нарыхтоўны (нарыхтоўная праца) ад дзеяслова нарыхтаваць. Тут выразна бачыцца шлях утварэння найменняў асобы паводле занятку: нарыхтаваць/ нарыхтоўваць нарыхтоўны нарыхтоўнік. Такія натуральныя найменні асобы на нік фіксавалі беларускія слоўнікі 1920ых адраджэнцкіх гадоў "Беларускарасійскі слоўнік" М. Байкова і С. Некрашэвіча (Менск, 1926) і "Расійскабеларускі слоўнік" С. Некрашэвіча і М. Байкова (Менск, 1928). Але пазней, пасля пастановы Саўнаркама 1933 года аб набліжэнні беларускай мовы да расійскай, утварэнні з суфіксамі нік/ льнік пачалі замяняцца на адпаведныя з суфіксамі, уласцівымі расійскай мове, чык/ шчык/ льшчык. Так, напрыклад, у "Расійскабеларускім слоўніку" С. Некрашэвіча і М. Байкова бачым вадаправоднік, а ў "Русскобелорусском словаре" 1982 года пад рэдакцыяй К. Крапівы ўжо вадаправодчык (да рус. водопроводчик).
Нацыянальны друк Рэспублікі Беларусь аднаўляе ўласнабеларускія найменні на нік/ льнік: даследнік, перакладнік, паказнік, разводнік, платнік і інш. Больш падрабязна пра гэта гл. у кнізе: П.У. Сцяцко. Мовазнаўчы досвед. Частка 2. Культура мовы. Тэрміналогія Гродна. 2005. С. 194197.

Растайны. "Аб чым гаворыць самы юны снег, што снег растайны, позні, сэрцу дорыць?" (Дзеяслоў. 2011. №1 (50). С. 92). Слоўнікі не падаюць гэтага слова. Зафіксавана: "Расстайны. У паэзіі: які мае адносіны да расстання, звязаны з раставаннем. Расстайныя дарогі." (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. 1996. С. 555). Слова растайны натуральнае ўтварэнне ад раставаць, яго асновы ў форме цяперашняга часу: растаj(э)ны. Як і слоўнікавае расстайны (расстаj (уцца)ны). Але ў некаторых нядбайных аўтараў замест свайго штучнае калькаванне (на расейскі ўзор) растаючы, раставаўшы (снег).

Пожадзь. Поцяг. "Пожадзь плоццю ўладарыць маёй зямной". (Полымя. 2011. №2. С. 93). "Непаўналетніх, якія ўсвядомілі поцяг да асобаў свайго полу, заклікаюць не прыходзіць у адчай ад таго, што яны не такія, як усе." (Дзеяслоў. 2011. №1 (50). С. 287). Пазаслоўнікавыя словы ўтвораны ад дзеясловаў прыставачнанульсуфіксавым спосабам: жадаць пожадзь, цягнуць (цягаць) поцяг. Як і слоўнікавыя поезд (ад ездзіць), попыт і падобныя.
Ад поцяг (у форме творнага склону) узнікла прыслоўе поцягам, якое фіксуецца слоўнікамі.



Беларускія замкі на паштовых марках

Старшыні Грамадскага аб'яднання
«Таварыства беларускай мовы імя
Францішка Скарыны».
Трусаву А.А.
вул. Румянцава, 13,
220034, г. Мінск

Аб выпуску паштовых марак

Паважаны Алег Анатольевіч!

Вашы прапановы наконт выпуску паштовых марак з выявамі замкаў Беларусі разгледжаны Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.
Паведамляецца, што ў 2011 годдзе РУП "Белпошта" плануе ажыццявіць новы стандартны вынуск паштовых марак. Гэты выпуск прадугледжвае 12 паштовых марак, а тэма выпуску помнікі архітэктуры.
Улічваючы Вашу прапанову, прынята рашэнне тры паштовых маркі з гэтай серыі прысвяціць замкам Беларусі Мірскаму, Нясвіжскаму і Лідскаму.
З павагай
Намеснік міністра М.М. Струкаў.

Пачаўся прыём заяў у Гданьскі беларускі ліцэй

Пачаўся прыём заяў для навучання ў Гданьскім беларускім ліцэі ў Польшчы, адкрыццё якога запланавана на 1 верасня гэтага года.
Сярод ініцыятараў стварэння новай дзяржаўнай польскай агульнаадукацыйнай навучальнай установы з гуманітарным ухілам, дзе ўсе прадметы будуць выкладацца пабеларуску, Таварыства беларускай школы, Клуб каталіцкай інтэлігенцыі Варшавы і Звяз школаў інжынерыі навакольнага асяроддзя Гданьска. Гэтую ініцыятыву падтрымалі мэр Гданьска Павел Адамовіч і віцамэр горада Мацей Лісіцкі, а таксама міністр адукацыі Польшчы Катажына Хол, паведамляе БелаПАН.
Каля 80 вучняў з Беларусі і Польшчы будуць вучыцца тры гады па праграме, якая адпавядае курсу навучання ў 811х класах сярэдняй школы Беларусі. Напачатку мяркуецца спалучаць формы стацыянарнага і хатняга навучання, у залежнасці ад жадання бацькоў і навучэнцаў. Выпускнікі ліцэя будуць атрымліваць адукацыю ў адпаведнасці са стандартамі, прызнанымі ў Польшчы і Еўрапейскім звязе.
Ліцэй будзе існаваць за кошт польскага бюджэту, паведаміў Уладзімір Колас, заснавальнік Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, які быў закрыты ў 2003м годзе і фактычна апынуўся ў падполлі. Уладзімір Колас рэкамендуе ахвотным паступіць на курсы беларускай мовы, літаратуры і гісторыі, якія працуюць пры менскай сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны па аўторках і серадах з 16 гадзін. Па выніках сумоўя, якое будзе праводзіцца падчас навучання на курсах, вырашыцца пытанне аб залічэнні абітурыентаў у Гданьскі беларускі ліцэй.


Выбух
(выбух на станцыі Кастрычніцкая ў Менскім метрапалітэне 11 красавіка 2011 года)


Сярод ахвяр няма маіх знаёмых,
Але пачуцці захлынулі сэрцы ўсіх:
Вар'яцкі выбух адгукнуўся ў кожным доме,
I не пакінуў некранутымі жывых.

Японія і Лівія далёка,
Здавалася: бяда нас абміне,
Заціхнуў боль Чарнобыльскіх аблокаў,
Нямігу помнім як у цяжкім сне.


А тут ... За што? Каму такое трэба?
Якая маці нарадзіла тых пачвар?
Якое сонца ім свяціла з неба?
І як ім людзям глянуць сёння ў твар?

Бог мілаваў не апынуцца ў пекле,
Тым мігам не спусціцца мне ў метро,
Не бачыць наяву, як страшна секла
Мінчан на часткі жудаснае зло.

Не давялося дымам задыхнуцца,
Трацілавы смурод я не ўяўлю,
Няма крыві на рукавах у куртцы,
А слёзы льюцца. Крыўдна за зямлю,

За родны кут, спакойны, цёплы, мілы,
Дзе дарагая сэрцу нівы пядзь.
Няхай майму народу хопіць сілы
I гэты выклік з мужнасцю прыняць.

Сябры мае! Любімыя! Трывайце!
Мы беларусы! Веруйце ў добро!
...Ліхтарыкам надзеі на асфальце
Міргаюць свечкі. Кветкі ля метро.


Загінуўшых, на жаль, мы не падымем,
Не павярнуць назад падзеі час,
А гэты дзень жалобнаю хвілінай
Запішацца ў гісторыю для нас,
для ўсіх для нас.
Ганна Рэлікоўская, г. Ліда.

Чарнобыль. Ратавальнікі…


"Ваш прыезд і Ваша дабрата…"


Пасля Чарнобыльскай катастрофы і асабліва распаду Савецкага Саюза маталянка Марыя Дзямковіч, якая тады жыла ў Піцбургу (ЗША), неаднойчы прыязджала на Бацькаўшчыну; у Менску пазнаёмілася з дзейнасцю грамадскага аб'яднання БелСаЭС "Чарнобыль", з дактарамі клінікі Інстытута радыяцыйнай медыцыны і 4й дзіцячай бальніцы; а вярнуўшыся ў Амерыку, пачала назапашваць разнастайныя лекі, медыцынскі рыштунак, прыборы, прывозіла іх у выглядзе гуманітарнай дапамогі ў 4ю дзіцячую бальніцу і Мотальскую сельскую бальніцу.
Доктар Марыя разам з другой сваёй зямлячкай, рэжысёрам тэлебачання Вацлавай Вярбоўскай патрапілі на прыём да прэзідэнта ЗША Джорджа Буша і расказалі яму аб чарнобыльскай трагедыі, што напаткала маладую краіну Беларусь, створаную на постсавецкай прасторы. Вынікам таго візіту была гуманітарная дапамога у выглядзе лекаў. Будучы выдзеленай, яна пайшла па прызначэнні праз прадстаўніцтва Беларусі ў НьюЁрку.
У Піцбургу Марыя здолела зацікавіць амерыканскіх медыкаў чарнобыльскімі праблемамі, і таму неўзабаве яны ўжо разам з прафесарам Томасам Фолі (Thomas Foley), спецыялістам па эндакрыналогіі, прыязджаюць у Беларусь.
Паводле слоў Томаса Фолі, у праграму партнёрства ў асноўным уваходзілі адукацыя і ўдасканаленне спецыялістаў. А марай партнёрскага супрацоўніцтва было адкрыццё ў Беларусі дзіцячага медыцынскага цэнтра, па сваёй аснашчанасці, як бачылася энтузіястам тады, найлепшага на гэтым кантыненце.
Паскорыць вырашэнне пытання амерыканскага супрацоўніцтва з нашай краінай дапамаглі зноў жа беларуская дыяспара ў ЗША і асабіста доктар Марыя Дзямковіч. Яны пісалі лісты і накіроўвалі іх членам амерыканскага ўраду і парламенту, непасрэдна вялі перамовы.
У ходзе супрацоўніцтва з амерыканскімі спецыялістамі пазнаёміліся і прайшлі курс удасканалення за мяжой, у Піцбургу, а таксама ў Польшчы, шмат якія беларускія спецыялісты ў галіне медыцынскай радыялогіі, у тым ліку Ларыса Астахава,Тацяна Варанцова, Тацяна Маслоўская, Тацяна Палякова, Ірына Мітрошанка, Сяргей Мяльноў. Тэмы стажыровак мяняліся былі і па захворванні дзяцей і дарослых на рак шчытападобнай залозы, і па захворванні на рак малочнай залозы ў жанчын…
Праект Томаса Фолі набыў назву "Вучоныя дапамагаюць дзецям Чарнобыля". Ён, як вядома, залежыць ад фінансавання ў ЗША і доўжыцца ў абмене досведам дагэтуль.

Сам доктар Фолі чалавек даволі шырокіх зацікаўленняў, складае песні, іграе на банджо і гітары; таму і не выпадкова раней у газеце "Набат" быў надрукаваны, у перакладе на рускую мову, ягоны верш "Чарнобыль", прысвечаны радыяцыйнай экалагічнай катастрофе.

Страшней, чым у годы ваеннага жаху,
У хаты палескія ўпала бяда,
І людзі пазбаўлены роднага даху,
І страшнымі сталі зямля і вада.

Выбух рэактара грознаакрутны
І плач шматмільённы без модлаў і слёз,
І ўзвіўся пад воблакі цэзій атрутны,
І вецер атручаны попел панёс.
(© 1986 Thomas P. Foley, Jr.)

І было надзвычай цікавым тое, пра што ён распавёў чытачам газеты "Набат", якую мы выдавалі: "Апроч сваёй працы люблю займацца музыкай. Аддаю перавагу класічнай оперы, а яшчэ я далёка неабыякавы да "музыкі блакітнай травы", што , бадай, не ўсім зразумела. Наважваўся дырыжыраваць "ДонЖуана ў Метраполі, але гэта пакуль не далося ў рукі. Сярод маіх сяброў віанчаліст і канцэртмайстар. Спадзяюся, яны мне дапамогуць. Відавочна, давядзецца ахвяраваць немалымі сродкамі дзеля Метрапольоперы. Але нічога, мы пачакаем з выкананнем гэтай індывідуальнай праграмы, пакуль не вырашым усе медыцынскія праблемы ў Беларусі і ЗША".
У газеце "Набат", між іншым, нярэдкімі гасцямі былі беларускія паэты, да прыкладу, Я. Гучок, В. Жуковіч, С. Законнікаў, Б. Спрынчан… Адзін з іх паэт Іосіф Васілеўскі, настолькі пранікся прыхільнасцю і чуласцю сяброў зза акіяна, што прысвяціў гожай зямлячцы заўзятаму доктару Марыі Дзямковіч верш "Прызнацельнасць", складзены ў манеры, што была наогул ўласцівая яму, чалавеку артыстычнай і ўзнёслай натуры:
Нібы сыход ратункавы Хрыста,
Як з неба ў дні чарнобыльскія, злыя
Быў Ваш прыезд, і Ваша дабрата,
І Ваша міласэрнасць як святыя.
Як сэрцам трэба ўсё было прыняць,
Каб у краі, што атам злы парушыў
Дзяцей, старых, нямоглых ратаваць
І ацаляць скалечаныя душы.
Наш дзякуй Вам! Мы дзякуем за ўсё
І доктара найслаўнейшага Фолі,
І можа кнігай падару сваёй,
Калі на тое стане Божай волі.

Светлай памяці паплечніку Іосіфу Васілеўскаму, на вялікі жаль, не суджана было адарыць Марыю, Томаса і ўсю грамаду чытачоў сваёй новай кніжкай. Прабач, шчыры чалавеча, але ж меў шчасце зрабіць гэта я, і Марыя Дзямковіч (Раманавічанка) адна з дасціпных асоб майго гістарычнага рамана "Надлом" і трылогіі "Пакутны век".
Васіль Якавенка.

Забыць нельга, вярнуць немагчыма
Старасямёнаўскія могілкі. Віцебск.


Так ужо ўладкавана наша жыццё, што смерць з'яўляецца абавязковай яго часткай, а могілкі цалкам натуральным вынікам. Могілкі суседнічаюць з жылымі раёнамі, як і жывыя з мёртвымі. Надмагільны помнік своеасаблівая архітэктурная форма, адлюстраванне жыцця чалавека, духу яго часу, сацыяльнага статусу ды і пераваг… Гэта яшчэ і апошняя кропка ў канцы чалавечага шляху. Памяць аб чалавеку жыве ў сэрцах яго нашчадкаў, але, як ні журботна, і ў памяці ёсць тэрмін прыдатнасці, як і ў могілак. Гораду мёртвых адмерана 50 год з дня апошняга пахавання, а вось з чалавечай памяццю ўзнікае пытанне, і гэта ўжо зусім суб'ектыўны фактар.
Старасямёнаўскія могілкі заходзяцца ў заходняй частцы Віцебска, у Чыгуначным раёне. Размешчаны па вуліцы 7я Полацкая.
Могілкі ўзніклі не пазней сярэдзіны XIX стагоддзя . Гэта адзін з нешматлікіх гарадскіх някропляў, якія захаваліся ў Віцебску з дарэвалюцыйных часоў. Іх гісторыя з'яўляецца яркім прыкладам міжканфесійнай талерантнасці: яшчэ ў 1909 годзе гарадскімі ўладамі былі выдзелены размешчаныя побач адна з другою часткі зямлі для вайсковых, праваслаўных і лютаранскіх могілак. Аднак, у савецкія гады пахаванні праваслаўных грамадзян пачалі ўзнікаць па ўсёй тэрыторыі могілак. Так і зліліся з цягам часу усе тры някроплі ў адзін.
Афіцыйна могілкі зачынены для пахаванняў у 1972 годзе, аднак на могілках існуюць пахаванні, якія з'явіліся ў канцы 2000х гадоў. Па сведчаннях тутэйшых старажылаў, няма на могілках ужо "жывога месца" маецца напластаваннне пахаванняў па ўсяму перыметру. Перад уваходам на галоўную алею некалі лютаранскай часткі могільніка захаваліся рэшткі цаглянай брамы XIX пачатку XX стагоддзяў.
Што цікава, побач знаходзяцца Новасямёнаўскія могілкі, а таксама Стараверскія і Новаверскія могілкі. Усе яны нібыта блукаюць пасярод прыватнага сектару, але ж гаворка не аб гэтым.
Адно з найстаражытнейшых пахаванняў, якое захавалася гэта пахаванне 1852 года, двараніна Міхася Студзінскага. Побач яго сям'я.
Сустракаецца на Старасямёнаўскіх могілках некалькі пахаванняў нямецкіх грамадзян пачатку ХХ стагоддзя, размешчаных побач. У пачатку раду маюцца два гранітныя помнікі. Першы могільнік захоўвае рэшткі галавы сямейства Іагана Бэкера. Нарадзіўся ён у 1840 годзе, а памёр 6 красавіка 1840 года. Побач яго жонка Мары Бэкер і сын Мікалай. Надпіс на помніку абвяшчае нямецкімі літарамі: "Тут з Богам наша дарагая маці Мары Бэкер 1900 год. Нарадзілася 25 лютага 1856 года. І наш любімы брат Мікалай 1905 год."
Пахаванне генерала ад інфантэріі А.К. Рыхтара бачна здалёк. Цікавай формы, яно велічна ўзвышаецца над астатнімі, ганарліва нясучы ў стагоддзях імя генерала. Прычым пахаванне доўгі час знаходзілася ў склепе, пакуль рабаўнікі яго не разбурылі. Асобую вартасць мае каваная агароджа ХIХ стагоддзя. Пахаваны А.К. Рыхтар у 1896 годзе.
Сярод шэрай масы у кожнай эпосе вылучаюцца незвычайныя помнікі. Што гэта? Дань модзе або знакаадрозненне? Сумны палёт фантазіі. Вось у савецкі час найцікавейшыя пахаванні менавіта пахаванні вайсковыя.
Вельмі выразны памятны знак у выглядзе снарада мае яшчэ адно пахаванне, але інфармацыя пра тое, хто яго гаспадар і чаму менавіта снарад, цяпер схавана за смугою часу: шыльдачкі з надпісам не захавалася.
Незвычайны помнік быў усталяваны чатырохгадовай дзяўчынцы, якая не перажыла вайну. Помнік мае знак кола, можа гэта знак міру, зараз ужо ніхто не скажа напэўна.
Старасямёнаўскім могілкам папярэднічае мемарыял, які нагадвае аб журботных падзеях 1979 года. Тут пахаваны экіпаж самалёта ІЛ76,які загінуў пры выкананні службовага абавязку. Надпіс абвяшчае: "Ад баявых таварышаў". Шэсць надмагілляў і пастамент з пікіруючым самалётам пазначаюць гэтае месца.
Пахаванне 1951 года. Невялічкі помнік на дваіх сям'і Вярнеевых, цікавай формы: прастакутны са скошаным верхнім правым кутам і невялікай кампазіцыяй унізе злева, так ёмка перадае галоўнае сваім надпісам на зваротным баку: "Забыцца нельга, вярнуць немагчыма".
Што датычыцца знакамітых асоб, то тут знаходзіцца і пахаванне Егуды (Юдаля) Пэна (18541937), першага настаўніка мастака Марка Шагала. У 1897 годзе Пэн адчыніў у Віцебску прыватную школу малявання і жывапісу. Творы Пэна захоўваюцца ў Віцебскім мастацкім музеі і Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. На мармуровым пастаменце ўсталяваны бюст Пэна, а перад памятным знакам знаходзіцца імправізаваная палітра з пэндзлямі вялікага мастака, якая змяшчае надпіс "Юдаль Пэн. 18591937"
Пахавана тут і маці вялікага латышскага паэта Яна Райніса (18651929) Дарта Пліекшыц, якая некаторы час жыла ў Віцебску ў сваёй дачкі Доры, быўшай у шлюбе з вядомым рэвалюцыянерам П. Стучкам. На гранітным валуне, які знаходзіцца недалёка ад варот могілак, умацаваная пліта з надпісам на беларускай і латышскай мовах: "18281899. На гэтых могілках пахавана маці латышскага паэта Райніса Дарта Пліекшыц". Памятны знак быў усталяваны ў 1991 годзе, яго аўтар скульптар Вільніс Тытане.
Пахаваны тут таксама і бацькі ўсім вядомага са школьных падручнікаў лётчыка А.К. Гараўца.
Старасямёнаўскія могілкі знакаміты сваёй доўгай гісторыяй. Заснаванныя ў ХІХ стагоддзі, яны вось ужо амаль два стагоддзі з'яўляюцца дзейнымі. Апошняе пахаванне 2000х гадоў. І хай зараз тут пануе блытаніна, няма выразнага раздзялення на часткі, як раней, але могілкі заўсёды выглядюць дагледжанымі, а народная сцежка да пахавння Ю. Пэна не знікае па гэты дзень. Цудоўная алея надае гэтаму месту загадкавасць і халодную эстэтычнасць.
Дар'я Андрэева.

Трактат аб мастацтве артылерыі атрымаў у дарунак Нацыянальны гістарычны музей


Унікальны трактат "Вялікае мастацтва артылерыі" выбітнага беларускага інжынера Казіміра Семяновіча атрымаў у дарунак Нацыянальны гістарычны музей Беларусі. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА вядучы навуковы супрацоўнік музея Юры Лаўрык.
Трактат, выдадзены ў 1730 годзе ў ФранфкурценаМайне (Нямеччына), дарунак ад прыватнай асобы, прозвішча якой не афішуецца. У рукі былых уладальнікаў фаліянт патрапіў з букіністычнай крамы Вены (Аўстрыя). У яго набыцці дапамаглі грамадзяне Беларусі, якія пражываюць там.
Вядома, што першая частка выдання напісаная самім Казімірам Семяновічам. А вось над другой часткай кнігі працаваў нямецкі артылерыст капітан Даніэль Элерых, абапіраючыся на запісы і накіды знакамітага беларускага інжынера. Кнігу ўпрыгожвае мноства гравюр, зробленых па эскізах Семяновіча нямецкім аўтарам.
Гэты трактат падводзіць своеасаблівую рысу ў інжынерных даследаваннях XVIIXVІII стагоддзяў. Акрамя таго, кніга ўтрымоўвае звесткі аб уласных адкрыццях Казіміра Семяновіча і яго спазнаннях у інжынернай справе. Да гэтага падобных выданняў не было, сказаў Юры Лаўрык.
Па яго словах, пасля першага выхаду ў свет кніга набыла велізарную папулярнасць. Пазней яна не раз перавыдавалася на французскай, нямецкай, ангельскай і іншых мовах па ўсім свеце.
Першае выданне "Вялікага мастацтва артылерыі" выйшла ў Амстэрдаме ў 1650 годзе. У ёй Казімір Семяновіч выказаў, абгрунтаваў, апісаў у чарцяжах і разліках ідэю шматступеннай ракеты правобраз сучаснай. Семяновіч вынайшаў таксама крыло трохкутнай формы, без якога немагчыма ўявіць сучасны звышгукавы знішчальнік. Яму належыць яшчэ і першынство ў распрацоўцы так званай разумнай зброі. У асобным раздзеле трактата была апісаная ўніверсальная оптыкамеханічная сістэма прыцэльвання і навядзення для гармат і ракет. Казімір Семяновіч прыдумаў яшчэ і своеасаблівую ракетную сістэму залпавага агню правобраз вядомай "Кацюшы".
Характэрна, што па кнізе Сямёнавіча вучыліся Ньютан, Пётр I і Напалеон, а Цыялкоўскі наўпрост спасылаўся на яго ў сваіх працах.
Таццяна Пастушэнка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX