Вярнуцца: 2011

№ 18 (1013)


Крыніца: pawet.net.



НАША СЛОВА №18 (1013) 4 траўня 2011 г.


Падтрымаем "Народную волю" і "Нашу ніву"

Зварот Сакратарыяту ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"
ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" занепакоена сітуацыяй вакол газет "Народная воля" і "Наша ніва". Мы перакананы, што ў рэдакцыі гэтых СМІ працуюць кваліфікаваныя журналісты, якія добра ведаюць гісторыю свайго беларускага народа, а таксама імкнуцца асвятляць няпростыя пытанні сучаснага жыцця нашай краіны. Сваімі публікацыямі, часам даволі вострымі, яны спрыяюць выхаванню ў чытачоў неабыякавага стаўлення да культуры Беларусі, адказнасці за лёс мовы, краіны. Мы лічым, што судовы пераслед гэтых газет пярэчыць дзяржаўным інтарэсам, парушае правы падпісчыкаў і чытачоў, значна пагаршае міжнародны імідж нашай краіны.
Мы звяртаемся да Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь з заклікам спыніць недарэчны працэс і даць магчымасць журналістам выконваць свой прафесійны абавязак. Упэўнены, што такі крок засведчыць прафесіяналізм суддзяў, павысіць давер да органаў улады сярод насель-ніцтва Беларусі.
Мы звяртаемся таксама да ўсіх грамадзян нашай краіны аказаць падтрымку беларускім выданням, якія на сваіх старонках нясуць чытачам праўдзівую інфармацыю пра гісторыю і сучаснае развіццё нашай радзімы і замежных краін.

Забяспечым беларускім дзецям навучанне і выхаванне па-беларуску
Зварот Сакратарыяту ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"


Пачынаючы з 1959 года, на Беларусі мэтанкіравана зачыняліся беларускамоўныя ўстановы адукацыі ўсіх узроўняў, нават беларускую літаратуру ў сталічных школах часам выкладалі па-руску. Сітуацыя пачала мяняцца да лепшага толькі ў перыяд з 1990 па 1995 гады, калі большасць першакласнікаў у краіне пачала навучацца па-беларуску.
Аднак пасля рэферэндуму 1996 г. і адпаведных зменаў у Канстытуцыі і Законе аб мовах сістэма бесперапыннай беларускамоўнай адукацыі ў Беларусі прыйшла ў заняпад. Зараз у краіне амаль адсутнічаюць беларускамоўныя дзіцячыя садкі, а колькасць вучняў, што навучаецца на мове тытульнай нацыі, скарацілася да 18%. Раней гарадскія дзеці вучыліся роднай мове на вёсцы ў сваіх бабуль і дзядоў. Аднак цяпер вёска вымірае, а ў горадзе далёка не кожны дзед ці бабуля валодае мовай продкаў.
Таму ТБМ прапануе стварыць Усебеларускі бацькоўскі камітэт трох узроўняў з мэтай забеспячэння навучання сваіх дзяцей па-беларуску.Спачатку маладыя бацькі аб'ядноўваюцца з мэтай выхавання сваіх дзяцей па-беларуску ў дзіцячых садках, потым - для навучання ў школе, а калі дзеці дойдуць да 10 - 11 класа, паўстане неабходнасць адкрыцця беларускамоўных плыняў і груп у ВНУ. 8 красавіка быў створаны Менскі гарадскі бацькоўскі камітэт з бацькоў Фрунзен-скага раёна горада. Зараз да іх далучаюцца бацькі з іншых раёнаў.
Мы заклікаем стварыць такія камітэты ў іншых гарадах, а потым аб'яднаць іх у адзіную структуру з адпаведным узроўнем каардынацыі і банкам звестак.
Ахвотныя далучыцца могуць скантактавацца з Сакратарыятам ТБМ па электроннай пошце siadziba@gmail.com, па тэлефоне (017)-284-85-11 (у будзённыя дні з 17 да 19 гадзін).
Заклікаем усіх ахвотных да агульнай працы па рэальным пашырэнні ўжывання беларускай мовы.
Сакратарыят ТБМ 29.04.2011 г.

Кіраўніцтва і актывісты ТБМ далучыліся да абароны сядзібы БНФ

Сотня грамадскіх ліда-раў падпісала зварот з заклікам абараніць управу Партыі БНФ. «Сядзіба на Машэрава, 8 - асаблівае месца ў найноў-шай гісторыі Беларусі. Ад 1992 году яго арандуе Беларускі Народны Фронт, але так сталася, што цяпер гэты офіс мае значэнне не для асобнай партыі, а для цэлага грамадства. Пытанне з офісам на Машэрава, 8 выходзіць за межы спрэчкі гаспадарчых суб'ектаў. З высяленнем офісу ЖРЭА ліквідуе своеасаблівы востраў беларускасці, на якім ішла актыўная грамадская і культурная дзейнасць… Гэта публічная прастора, дзе бытуе жывая беларуская мова. Гэта месца, дзе людзі натуральна набываюць досвед маўлення пабеларуску крытычна важны для захавання мовы. Адначасова, гэта месца, дзе фармуецца грамадзянская супольнасць Беларусі… Без такога месца наша свабода і наша культура пацерпяць» напісана ў звароце, копія якога накіраваная кіраўніку Менгарвыканкама Мікалаю Ладуцьку і выканальніку абавязкаў начальніка ЖРЭА Савецкага раёна Менска Алегу Самуйліку.
Сярод іншых зварот падпісалі: Алег Трусаў, старшыня ТБМ; сябры Рады ТБМ: Радзім Гарэцкі, Ніл Гілевіч, Уладзімір Арлоў, Алена Макоўская, Генадзь Бураўкін, Алесь Марачкін і інш.
«У свой час моладзь абараніла народны мемарыял Курапаты ад апаганвання. Хто мае гонар грамадзяніна далучайцеся гэтаксама да абароны ўправы», заклікаюць падпісанты.
Наш кар.


250 гадоў з дня нараджэння Станіслава Юндзіла

Станіслаў Баніфацы ЮНДЗІЛ (6 траўня 1761, вёска Ясянцы Лідскага павету 15 красавіка 1847) прыродазнавец, батанік. Доктар філасофіі (1798) і тэалогіі (1800), сябар шматлікіх навуковых таварыстваў.
Станіслаў Юндзіл адзін з першых даследнікаў расліннага і жывёльнага свету Беларусі; будучы тэолагам, у ліку першых тлумачыў працэсы жыцця з матэрыялістычных пазіцыяў.
Прадстаўнік шляхецкага роду Юндзілаў гербу «Лебедзь», сын Бенедыкта і Ружы з Даўгялаў.
Пачатковую адукацыю атрымаў у бацькоўскім доме. Уступіў у ордэн піяраў, навучаўся ў піярскіх калегіюмах у Лідзе, Шчучыне, Любяшове і Расейнах. Працягваў адукацыю ў Віленскай акадэміі, дзе яму давялося слухаць лекцыі вядомага французскага навукоўца, біёлага і лекара Жана Эмануэля Жылібэра, які першым распачаў сістэматычнае вывучэнне флоры і фаўны Вялікага Княства Літоўскага. У 17811782 Э. Жылібер выдаў 5томную працу «Флора Літвы», да якой С. Юндзіл неаднойчы звяртаўся ў сваіх даследаваннях.
У 1785 перасяліўся ў Шчучын, дзе ўзначаліў мясцовую піярскую школу. Увёў тамака курс батанікі і заклаў батанічны садок, упершыню ў сваім жыцці пачаў ствараць навуковы гербар мясцовай флоры. У выніку рэформаў, праведзеных С. Юндзілам, Шчучынская школа зрабілася адной з найлепшых піярскіх школаў. Пазней перабраўся ў Вільню, дзе выкладаў ў мясцовай піярскай школе логіку і метафізіку.
Аўтар працаў у галінах батанікі, заалогіі, мінералогіі, геалогіі, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі. За кнігі «Апісанне раслінаў у правінцыі ВКЛ...» (1791) і «Пра салёныя крыніцы і стакліскую соль» (1792) кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ўзнагародзіў С. Юндзіла залатымі медалямі «Merentibus» (быў першым, каго ўзнагародзілі гэтым мэдалём).
У 1799 выдаў кнігу, карысную не толькі для аматараў батанікі, але і для эканомікі: «Прыкладная батаніка, ці звесткі пра ўласцівасці і ўжытак раслінаў у гандлі, эканоміцы, рукадзеллі, пра іх радзіму, размнажэнне і догляд». Выдаў кнігу «Дысертацыя пра саранчу і спосабы яе знішчэння».
У 18041805 у Варшаве выйшлі «Асновы батанікі» ў 2х частках (2е выданне ў 1818, 3е у 1829), а ў 1807 «Кароткі курс заалогіі» ў 4х частках (2е выданне 1827). Гэтая праца ўжывалася ў якасці падручніка ўва ўсіх школах, падпарадкаваных Віленскаму ўніверсітэту, а таксама ў Варшаўскім герцагстве.

80 гадоў з дня нараджэння Алега Лойкі

Алег Антонавіч ЛОЙКА (1 траўня 1931, Слонім 19 лістапада 2008, Слонім), беларускі паэт, пісьменнік і літаратуразнавец.
Нарадзіўся ў сям'і фельчара. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1953), аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ (1956). З 1956 выкладчык беларускай літаратуры, з 1985 загадчык кафедры БДУ. Кіраваў універсітэцкім аб'яднаннем «Узлёт» (19641989). Член СП СССР (з 1960). Членкарэспандэнт АН БССР. Доктар філалагічных навук, прафесар. Быў жанаты, меў дачку Антаніну, сына Паўла і ўнукаў Віталя, Алега і Надзею.
Дэбютаваў вершамі ў 1943 («Баранавіцкая газета»). Аўтар зборнікаў паэзіі «На юначым шляху» (1959), «Задуменныя пералескі» (1961), «Дарогі і летуценні» (1963), «Блакітнае азерца» (вершы і паэмы, 1965), «Каб не плакалі кані» (1967), «Дзівасіл» (1969), «Калі ў дарозе ты...» (выбранае, 1971), «Шчырасць» (1973), «Пачуцці» (вершы і паэма, 1976), «Лінія жыцця» (1978), «Скрыжалі» (выбранае, 1981), «Няроўныя даты» (1983), «Грайна» (1986), «Пралескі ў акопах» (1987), «Балады вайны і міру» (1989), «Талая вясна» (вершы і паэмы, 1990). Для дзяцей выйшлі кніжкі вершаў «Як Тоня рэха шукала» (1962), «Карагод дзівосных прыгод» (1966), «Каля млына» (1972), «Дзе хто начуе?» (1977), «Пра дзеда Аяяй і бабку Оёёй» (1984). Напісаў раманыэсэ «Як агонь, як вада» (1984) і «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» (1990), аповесць «Скарына на Градчанах» (1990), сцэнарый дакументальнага фільма «Максім Багдановіч» (зняты ў 1990). Аўтар 100 кніг, апошняя прыжыццёвая выйшла ў 2003.
Пераклаў на беларускую мову кніжку выбраных твораў П. Верлена «У месяцавым ззянні» (1974), І. В. Гётэ «Спатканне і ростань» (1981), асобныя творы рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, польскіх і іншых паэтаў. Перакладчык і ўкладальнік 2томнай анталогіі польскай паэзіі «Ад Буга да Віслы», куды ўвайшлі вершы 180 паэтаў.
Выступаў як крытык і літаратуразнавец. Выдаў манаграфіі «Адам Міцкевіч і беларуская літаратура» і інш.
Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны, польскім медалём «Заслужаны перад польскай літаратурай», інш. медалямі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1990) за раманэсэ «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае».

ВАСІЛЮ ЯКАВЕНКУ 75

Ліст у рэдакцыю "Нашага слова" з выпадку юбілейнае даты пісьменніка Васіля Якавенкі.

З ласкі рэдакцыі "Нашага слова" прылюдна звяртаюся да юбіляра:
Дружа, сакурснік па БДУ, ведаю цябе з 1961 года. Ты чалавек удумлівы, працавіты, урэпісты, за што возьмешся, стараешся даводзіць да ладу, да выніковага і лагічнага канца.
Не люблю я пісаць водгукі, рэцэнзіі, казаў табе, і паўтараю зновеш. Але тады пераадолеў сябе. Таму знайдзі сярод водгукаў на свае творы мой ліст, напісаны ў лістападзе 2007 года, калі я хадзіў пад уражаннем ад раманатрылогіі "Пакутны век" (у першым выданні), ён хораша пах яшчэ друкарскімі фарбамі. Цяпер я паўтараю сказанае ў пісьме.
Твой раман "Пакутны век" мне моцна спадабаўся. Так што нават пішу. Вартага ў рамане мноства. Перакажу асноўнае.
Першае:
А. Шырыня ахопу падзеяў. Пераход з эпохі ў эпоху.
Б. Смелыя развагі за адзін бок і за другі, за бедных і багатых, за камуністаў і супраць. Малайчына!
В. Багата выкарыстаў невядомых дакументаў. Дзе іх раскапаў? Цікава.
Г. Ужыў плойму старабытных няўжытковых і выдатных беларускіх словаў: радзіна, гала (галай), вальчыць, ведамак, падмеўся, доўжыў…
Д. Карты (стар.32 33), фота на форзацах здорава!
Другое:
Прыцягваюць метафары, народныя параўнанні: дзеці вусені на капусце, не ведаў, за што рукі зачапіць, таўкач муку пакажа…
Трэцяе:
Дакладна, з розных бакоў выпісаны партрэты Радаслава Астроўскага, Вільгельма Кубэ, Рамана Скірмунта, не гаворачы ўжо асноўных герояў, як Пятро Рамановіч альбо Барыс Кіт.
У маім лісце былі і некаторыя заўвагі; тут не пра іх размова. У прынцыпе кажу галоўнае: раман мне да душы, ён варты самых высокіх адзнакаў.
Пан Бог узнагароджвае чалавека за якмогна зробленае, карае за запланаванае і нявыкананае. Таму зычу не проста здароўя, а сілы і могі на чарговыя твае раманы ды іншыя творы!
Валер Санько,
пісьменнік, доктар народнай медыцыны.

Васіль Якавенка нарадзіўся 5 траўня 1936 г. у вёсцы Пажыхар былога Васілевіцкага, цяпер Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці, у сялянскай сям'і. Вучыўся ў Васілевіцкай беларускай школе, у 1956 г. скончыў Беларускі індустрыяльны тэхнікум па спецыяльнасці геолаг. Служыў у Групе савецкіх войскаў у Германіі (19561958). Працаваў майстрам па здабычы фрэзернага торфу на торфапрадпрыемстве «Васілевічы2», тэхнікам, інжынерам у розных геалагічных партыях і праектных інстытутах рэспублікі, рэдактарам на Беларускім радыё. У 1966 г. завочна скончыў БДУ. У 19721977 рэдактар аддзела навукі і мастацтва, потым аддзела нарыса і публіцыстыкі літаратурнага часопіса «Полымя». У 19771978 гг. адказны сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў БССР. З 1990 г. кіраўнік Беларускага сацыяльнаэкалагічнага саюза «Чарнобыль». Заснавальнік і галоўны рэдактар газеты «НАБАТ» (19911996), сайта "МЫ НАЦЫЯ!". У 1977 годзе прыняты ў сябры Саюза пісьменнікаў БССР і СССР.
Васіль Цімафеевіч Якавенка паказаў сябе ў сучаснай літаратуры як мастак самабытнага таленту, удумлівы і тонкі даследчык жыцця і характараў беларусаў. Яго публіцыстычныя і мастацкія творы вызначаюцца глыбокім зместам і нярэдка дакументальнай дакладнасцю, яны нясуць на сабе адзнаку суровай праўды жыцця, навізны і наватарства. Вяршыня яго творчага плёну нацыянальны раман «Надлом», трылогія «Пакутны век», створаныя, па вызначэнні крытыкаў, у традыцыях лепшых узораў эпасу, як «Война и мир» Л. Талстога, «Тихий Дон» М. Шолахава.
У друку выступае з 1948 г. (газеты «Зорька», «Гомельская праўда»), з мастацкапубліцыстычнымі творамі з 1962 г. (газета «Калгасная праўда»). Піша на беларускай і рускай мовах. Выдаў тры кнігі ў перакладзе на рускую мову. Лаўрэат альтэрнатыўнай Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Ф. Нансена (1994).
Да гонару В.Якавенкі ў грамадскім жыцці належыць аднесці скасаванне ў 1988 г. грандыёзнага дзяржаўнага меліярацыйнага праекта абвалавання і выпрамлення рэчышча Прыпяці, асушэння яе шырокай поймы, што магло б прывесці да ўтварэння пыльнай пустыні ў межах беларускага і ўкраінскага Палесся. У ходзе падрыхтаванай і праведзенай ім разам са сваімі паплечнікамі ў Доме літаратара навуковапрактычнай канферэнцыі (з удзелам акадэмікаў, міністраў, спецыялістаў, пісьменнікаў, прадстаўнікоў навуковай і творчай эліты Беларусі і Украіны), дзе ён выступіў з дакладам «Ці ёсць у нас канцэпцыя гаспадарання?», разгарнуліся ўпартыя і працяглыя спрэчкі; толькі пасля іх акадэмікі і міністры вымушаны былі прыняць бок апанентаў, што ў момант і засведчылі на паперы; з тых дзён работы на Палессі па неабгрунтаваным і шкодным праекце былі спынены.
Шмат энергіі і сіл пісьменнік аддаў праўдзіваму паказу і раскрыццю наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, усталяванню галоснасці, аздараўленню хілых і слабых дзяцей, як за мяжой, так і ў супольным з японскімі партнёрамі санаторыі «КюсюнаСвіслачы», што месціўся ў сценах спорткомплекса «Стайкі» пад Менскам (19921996).
У апошнія гады, будучы каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Інстытут нацыянальнай памяці», пісьменнік разам з аднадумцамі Л. Мараковым, У. Халіпам, І. Кузняцовым, Р. Гарэцкім, У. Раманоўскім і іншымі паплечнікамі, сябрамі Года Памяці, засяродзіў сваю ўвагу на раскрыцці невядомых старонак сталінскіх рэпрэсій на Беларусі, рэдагаваў штомесячны грамадскі бюлетэнь «Рэха ГУЛАГу» (2007). Далей, абапіраючыся на вядомых беларускіх вучоных і творчую інтэлігенцыю, правёў шырокамаштабную акцыю за адраджэнне і развіццё беларускай мовы (2009), выступіў з шэрагам палымяных і вострых публіцыстычных артыкулаў па пытаннях захавання нацыянальнай беларускай спадчыны, актыўна прапагандуе і адстойвае этнакультурнае і нацыянальнае развіццё ў палітычным жыцці краіны.
Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя "Нашага слова" шчыра віншуюць спадара Васіля з паважнай датай і зычаць плёну на ніве служэння Беларушчыне.

Да Дня Перамогі


«КАКТЭЙЛЬ МОЛАТАВА»


На пачатку Вялікай Айчыннай вайны чырвонаармейцы часам знішчалі нямецкія танкі бутэлькамі з гаручай сумессю. Шкляная бутэлька, запоўненая бензінам з прымессю нейкіх таямнічых рэчываў, здольных пры загаранні развіваць найвысокую тэмпературу, затыкалася коркам з кнотам. Падпаленая і кінутая ў танк, яна разбівалася пры ўдары аб браню і выклікала вялізнае полымя, патушыць якое нельга было ні вадой, ні чым іншым.
Пісьменнік В. Хомчанка прыгадвае, як байцы яго ўзвода «падпальвалі танкі бутэлькамі з гаручай сумессю». У аповесці В. Быкава «Дажыць да світання» гаворыцца, як невялічкі атрад лейтэнанта Іваноўскага адпраўляецца ў нямецкі тыл, каб знішчыць варожую базу з боепрыпасамі; адзін з байцоў нясе на плячах мяшок з загорнутымі ў пілавінне і анучы бутэлькамі з гаручай сумессю. Газета «Красная звезда» 22.XI.1941 года змясціла нарыс пра (насамрэч міфічны) подзвіг 28 гвардзейцаўпанфілаўцаў пад Масквой, на Валакаламскай шашы; вось урывак з нарыса: «Шемякин пригнулся, чтобы не оказаться раздавленным, схватил бутылку с горючей смесью и, когда вражеский танк перевалил через траншею, бросил. Прозвучал страшный взрыв, потом наступило беспамятство…»
У друку апошніх дзесяцігоддзяў гэтыя бутэлькі ўсё часцей называюцца выразам «кактэйль Молатава». Так, пра нядаўнюю барацьбу егіпцян з дыктатарскім рэжымам Мубарака паведамлялася: «На вуліцах Каіра з абодвух бакоў у ход пайшлі камяні і дубінкі, бутэлькі з «кактэйлем Молатава», а затым пачалася стральба». А пра адну трохі ранейшую падзею было такое паведамленне: «Піцерскія анархісты нагадалі, што хваля рэпрэсій супраць анархістаў і іншых сацыяльных актывістаў Беларусі пачалася пасля таго, як 30 жніўня на тэрыторыю расійскай амбасады ў Менску быў кінуты кактэйль Молатава». В. Дашук пісаў, што «дыктары трагічным голасам вяшчалі пра начынку аўтобуса ўзрыўчаткай, дымавымі шашкамі і бутэлькамі з кактэйлем Молатава». А гэта два сказы з нататак Л. Лунёвай: «Сяргея затрымалі па падазрэнні ў кіданні кактэйля Молатава»; «Не прайшло і тыдня, як зноў жа ў інтэрнаце з'явіўся відэаролік пра кіданне «кактэйля Молатава».
Сяргей Астравец у адной з сваіх кніг зборніку апавяданняў (яна так і называецца «Кактэйль Молатава». 2006) піша: « Апазіцыя ў Бялградзе пачала ўжо штурмаваць тэлебачанне. З бутэлькамі з запальнай сумессю. З кактэйлем Молатава, удакладніў Акінчыц». А ў пасляслоўі да кнігі гэты выраз выкарыстаны неаднойчы, напрыклад: «Улетку 2003га года кактэйль Молатава ўжываюць у Афінах анархісты, паляць крамы, аўтамашыны, рэстараны…»
Я доўга шукаў разгадку: як узнік гэты выраз і пры чым тут Молатаў? І вось што ўдалося высветліць.
Гэты ідыяматычны зварот ведаюць не толькі ў нас, але і ў многіх еўрапейскіх краінах. А склаўся ён, хутчэй за ўсё, у Фінляндыі. У канцы 1940 пачатку 1941 гг. ішла савецкафінская вайна (А. Твардоўскі назваў яе «войной незнаменитой»). Савецкія войскі на працягу двух месяцаў ніяк не маглі прарваць лінію Манэргейма, але затое бамбілі фінскую сталіцу, скідваючы на яе запальныя бомбы. Хельсінкі гарэлі, і акрэдытаваныя тут замежныя журналісты паведамлялі ў свае краіны пра зверскія савецкія бамбёжкі мірнага насельніцтва. У адказ Вячаслаў Міхайлавіч Молатаў тадышні Старшыня Саўнаркаму СССР і наркам замежных спраў выступіў па радыё і ў друку (газета «Правда») з абвяржэннем «гнюснага паклёпу», заявіўшы, што савецкія самалёты скідваюць на фінляндскую сталіцу не запальныя бомбы, а пакункі з харчамі як дапамогу галодным фінам. Замежныя і фінскія журналісты тут жа, як сцвярджае Сямён Печанко, гэтыя «падарункі з неба» іранічна ахрысцілі «хлебніцамі Молатава». А прыдуманыя фінамі бутэлькі з гаручай сумессю, якімі яны падпальвалі савецкія танкі і браневікі, па аналогіі сталі называцца «кактэйлем Молатава». Гэта распаўсюджаная журналістамі розных краін назва хутка стала «прытчай ва языцах».
Пасля завяршэння той «войны незнаменитой» гэта назва страціла актуальнасць, стала гісторыяй. А пасля зноў ажыла, але ўжо зусім у іншым значэнні…
На пачатку 1990х гадоў і пасля была вялізная мода даваць цікавыя, арыгінальныя назвы алкагольным напоям. Прадавалася гарэлка «Ельцын», «Гарбачоў». Пра назву, відаць, віртуальнай гарэлкі «Ленін» хадзіў анекдот: «Ну і моцны напой!.. Пасля першай шклянкі адразу пачынаеш картавіць; пасля другой крок наперад, два крокі назад; пасля трэцяй нясцерпна хочацца ўзабрацца на бранявік і выкрыкваць якіянебудзь тэзісы: красавіцкія, чэрвеньскія ці кастрычніцкія».
Тады ж у крамах прадаваўся і алкагольны напой «Кактэйль Молатава». Але нядоўга. Бо, як пісаў С. Астравец, «фіны за аўтарскія правы нібыта засудзілі вінзавод». І назва знікла, каб цяпер зноў ажыць у сваім амаль першасным значэнні, праўда, не ў сэнсе сродку супраць бранятэхнікі, а, хутчэй, у сэнсе зброі вулічных дэманстрацый і іншых акцый.
Іван ЛЕПЕШАЎ.

Беларускія паэты на Полаччыне

27 красавіка паэты Эдуард Акулін і Леанід ДранькоМайсюк наведалі Полацк і Наваполацк, дзе Наваполацкай суполкай ТБМ «Рубон.» былі арганізаваныя тры сустрэчы: у полацкай гімназіі № 2, у гімназіі №2 Наваполацка і Наваполацкай гарадской бібліятэцы імя Якуба Коласа.
На сустрэчах у гімназіях госці са сталіцы так узрушылі і зацікавілі дзяцей і настаўнікаў, што тыя падпявалі і чыталі вершы разам з выступоўцамі, задавалі шмат пытанняў. Самыя актыўныя слухачы атрымалі ў падарункі часопісы «Дзеяслоў» і кнігі паэтаў.
У бібліятэцы прайшла больш сур'ёзная, але не менш цёплая сустрэча. Сваёй шчырасцю з лёгкасцю ўзнялі настрой слухачам Эдуард Акулін і Леанід ДранькоМайсюк. Акрамя ўласнай творчасці на кожнай імпрэзе выступоўцы з поспехам прэзентавалі юбілейны пяцідзясяты нумар часопіса "Дзеяслоў" і трэці нумар самага маладога літаратурнага выдання часопіса "Верасень", заклікаючы таксама дасылаць свае творы ўсіх, хто піша вершы.
Паэты прызналіся, што даўно не наведвалі Полаччыну, і таму яшчэ больш прыемна быць у культурнай сталіцы Беларусі, і выказалі спадзяванне ў хуткім часе зноў наведаць Полацк і Наваполацк.
Наш кар.

Кнігапіс


Дэтэктыў: дык хто ж забойца?
Вітаўт Мартыненка «Rock online», Мн., 2010, «Каўчэг», 1215 стар.

На адным з моладзевых сайтаў новую кнігу «Rock online» музычнага крытыка Вітаўта Мартыненкі назвалі «сапраўдным дэтэктывам з інтрыгай, усялякімі таямніцамі, агентамі, забойствамі». Мо зза таго яна імкліва апанавана прэстыжнымі кніжнымі рэйтынгамі па выніках 2010 года (гл. апытанне штотыднёвіка «Новы час» №3, 21.01.2011), хоць выдавецтва «Каўчэг» пусціла яе ў свет перад самым Новым годам.
Прадукцыя менскага выдавецтва «Каўчэг», бадай, знаёмая найперш меламанам нашай краіны: тут і CDальбомы беларускіх папулярных гуртоў («Kriwi», «Новае Неба», «Народны альбом»), і шэдэўры сусветнай музыкі (Агінскі, Манюшка, Бах, Моцарт) у выкананні айчынных артыстаў. Ёсць у каталозе фірмы інструментальная і вакальная музыка, фальклорная і джазавая, сучасны стылістычны авангард і пяшчотныя гукі сярэднявечнай рамантыкі. Ды не толькі кампактдыскі ўпрыгожаны эмблемай фірмы «Каўчэг», але і кнігі. Зграбны томік «Rock online» сярод апошніх падобных навінак. Аўтара добра ведаюць і чытачы «Нашага слова», дзе ён друкуе свае CDагляды, рэцэнзіі ды інтэрвію.
Ранейшыя свае кнігі пра музыку (калекцыю тэарэтычных артыкулаў пра нацыянальныя аспекты сусветнай маскультуры «Праз рокпрызму», зборнік актуальных рэцэнзій «222 альбомы беларускага року») Вітаўт пісаў сумесна з сваім калегам і адзінадумцам Анатолем Мяльгуем (ён таксама не раз друкаваўся ў нашай газеце), а вось гэтая праца не калектыўная, аўтарская, як кажуць «пра тое, хто забівае беларускую песню ў Беларусі». Праўда, не раіла б нашым чытачам верыць папярэдняй заяве аднаго з музычных сайтаў, нібыта «Вітаўт Мартыненка збіраецца надрукаваць перабрэхі беларускіх рокераў», бо рэальная сітуацыя тут куды больш складаная.
Пасля выхаду згаданай кнігі «222 альбомы беларускага року» ды яшчэ пасля адзначэння абодвух аўтараў таго тома прызам на маштабнай цырымоніі «РокКаранацыя' 2006» у канцэртнай зале «Мінск», Вітаўта неяк запрасілі на інтэрвію выдаванай тады «Музыкальной газеты». Здаецца, нічога дзіўнага, і Вітаўт шчыра згадзіўся на той онлайн (наўпроставую гутарку праз інтэрнэт), не падазраючы, што жывое інтэрвію ў сур'ёзным выданні надта ж адрозніваецца ад нестрыманых допытаў ананімных інтэрнэтскандалістаў бульварнай прэсы. Онлайн вельмі хутка ператварыўся там у сапраўдную лаянку. Проста кажучы, у брэх сабачы. Калі хтосьці задаваў там насамрэч сур'ёзныя музычныя пытанні, а Вітаўт кампетэнтна на іх адказваў (у чым канцэптуальная сутнасць аўтэнтычнага фальклору? якія адрозненні ў папулярных стылях хардрок і хардкор? дзе можа атрымаць адукацыю сапраўдны музычны крытык?), дык знайшліся і такія інтэрвюеры, якім гутарка пра музыку з музычным крытыкам у «Музыкальной газете» была не да галавы. Іх цікавіла: ці ёсць у яго жонка, дзеля чаго журналіст падкрэслівае сваё шляхецкае паходжанне, навошта ён піша толькі пра беларускамоўных артыстаў? Акурат такія пытанні былі выключна ананімнымі, што збянтэжыла б любога чалавека, але Вітаўт і іх змог скіраваць на ўмацаванне свайго аўтарытэту, дадаўшы потым для кніжнага выдання адмысловыя ўласныя каментарыі, згадкі з класічнай літаратуры. Да таго ж, ён з дапамогай сваіх адзінадумцаў міжволі здолеў нават дапільнаваць сапраўдныя прозвішчы тых ананімаў.
А найлепшым сведчаннем ягонай незбянтэжлівасці ў падобных наскоках стаў эпіграф да новай кнігі, узяты з аналагічнай перабрэшкі на калямузычным сайце «Тузін гітоў»: «А где всето? Все теперь гадят на сайте "Музыкальной газеты", травят там Витаута Мартыненко». Цікава, куды дзенецца смеласць такога прастадушнага ананіма, калі ў канцы кнігі высвятляецца і ягонае сапраўднае прозвішча? Бо ў натуры ўсё патаемнае калінебудзь становіцца яўным.
Парадаксальнае жанравае азначэнне музычнапубліцыстычны дэтэктыў могуць пацвердзіць самі назвы раздзелаў новай кнігі: «Здаровы пачатак», «Прага асэнсаванняў», «Паглыбленне ў тэорыю», «Інтэлектуальны базар», «Гадзючнік навыварат», «Майстрыдвурушнікі», «Загнаных коней прыстрэльваюць, але…», «Загрузка па поўнай», «Сарказм крепчал», «Абсалютнае хамства», «Руйнаванне стэрэатыпаў», «Права быць Беларусам». Але ўжо тут відаць, што не танны скандал стаў зместам кнігі, а цудоўна сфармуляванае вялікім Янкам Купалам права беларусаў хоць у сябе дома «людзьмі звацца». Нібыта, бясспрэчная ісціна, але ці не аспрэчваюць яе ў сферы папулярнай музыкі кіраўнікі прыватных радыёканалаў, гаворачы аб нефарматнасці беларускамоўнай песні ў Беларусі, хоць нібыта і закон ёсць аб 75% квоце. Дый ці не аспрэчвае згаданых бясспрэчных ісцін само невыкананне гэтага закону?
Акрамя чыста тэарэтычных пытанняў кніга Вітаўта Мартыненкі «Rock online» дае і красамоўныя партрэты зорак беларускай папулярнай музыкі. Асабліва тых, найбольш неабыякавых, якія не толькі пішуць таленавітыя песні, але і мужна кідаюцца ў прорву цмяных інтэрнэтдыскусій, дзе ананімныя сеціўныя пазёры намагаюцца аспрэчыць найбольш трывалы досвед агульначалавечага існавання. І хоць гэта не бойка тытанаў на сапраўдным полі бою, але і ў ёй выразна вымалёўваюцца яўныя і патаемныя рысы чалавечых характараў. Вілейскі рэпгурт «Pananieba» нават песню такую мае: «Складаю руны, бо цікава, што яны раскажуць:/ Як жа сёння ляжа на маёй талерцы яблык?/ На музычных сайтах прапускаю між вачэй брахню і лабудзень,/ А новы дзень ужо не за гарамі». Сярод акурат неабыякавых вызначыліся і знакаміты мастак, рэжысёр ды лідэр гурта «P.L.A.N.» Андрэй Плясанаў (між іншым, пляменнік Паўліны Мядзёлкі, легендарнай купалаўскай «Паўлінкі»), рокмузыка і журналістфалькларыст Яраш Малішэўскі, які летась выдаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» унікальную фолькэнцыклапедыю для дзяцей, наваполацкі паэт і аўтар роктэкстаў Алесь Аркуш, стваральнік колішнняга медыявальнага гурта «Камэлот», а цяпер аўтар унікальных дзіцячых музычных праектаў Зміцер Сідаровіч, актыўны музычны рэпарцёр Вадзім Александровіч ды іншыя.
Яшчэ адной прывабнасцю кнігі менавіта для мяне стаў асабісты ўнутраны свет самога аўтара, што разгарнуўся ў ягоных цёплых сямейных згадках таго жорсткага «інтэрвію», у роспаведах пра дачку, якую ён з жонкай назвалі такім гістарычным беларускім імем Альдона. І што цікава: менавіта Альдона Мартыненка, студэнтка эканамічнага універсітэта, стала дызайнерам канцэптуальнай мастацкай аздобы выдання, выявіўшы ў сабе яшчэ і здольнасці гэткага беларускага Эндзі Вэрхала. І мо нават яна пакуль не ведае, што ў кнізе гэтай распавядаецца і пра яе музычныя густы, пра ейных музычных сяброў маладыя гурты «Amaroka», «Мутнае вока», «:B:N:», «Mauzer».
І апошняе: хоць кніга мімаволі атрымала нібыта англійскую назву (проста, гэта набор устойлівых тэрмінаў тэхнакратычнага веку), але гутарка ў ёй… Ну проста як паводле канстытуцыі: і беларуская, і руская мовы. Хто як выказаўся ў дыскусіі, той так і праявіўся.
Алена ЦЯРЭНЦЕВА.

Не стала Валянціны Коўтун

30 красавіка ў Пінску на 66м годзе жыцця сышла ў іншы свет вядомая беларуская пісьменніца Валянціна Коўтун.
Валянціна Коўтун (сапр. Валянціна Новік), нарадзілася 6 красавіка 1946 года ў вёсцы Дземяхі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка. У 1963м скончыла Малоткавіцкую сярэднюю школу, працавала піянерважатай у Паршавіцкай (цяпер Бярозавіцкай) сярэдняй школе Пінскага раёна. У 1964м паступіла на філалагічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а з 4 курса перавялася ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (скончыла ў 1969). Працавала настаўніцай мовы і літаратуры Варнянскай сярэдняй школы Астравецкага раёна (19691970), літкансультантам «Сельской газеты» (19701976). З 1976га літсупрацоўнік, з 1979га рэдактар аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя», з 1982 загадчыца рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва «Юнацтва», з 1990 старшы рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». У 19771980 вучылася ў аспірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Кандыдат філалагічных навук.
У друку выступала з 1966 году. Аўтарка зборнікаў паэзіі «Каляровыя вёслы» (1971), «На ўзлёце дня» (1977), «Метраном» (1985), «Лісты да цябе» (1988). Літаратурная прэмія імя А. Куляшова (1986).
Валянціна Коўтун аўтарка паэтычных зборнікаў для дзяцей «Мы робім казку» (1983), «Вясёлы заасад» (1986), кнігі апавяданняў «Калінавая гронка залатая» (1988), раманажыція «Пакліканыя» (2002, часопіс «Полымя»), прысвечанага Еўфрасінні Полацкай. Выступала таксама як крытык, літаратуразнаўца і перакладчыца з расейскай, украінскай і іншых моў. Аўтарка артыкулаў пра фальклор у сучаснай беларускай паэзіі. Выйшлі кнігі «Святло народнага слова: Паэтычны лад беларускай народнай песні» (1984), «Крыніца паэзіі: На шляхах эпізацыі» (1987).
Адна з важных тэмаў творчасці асэнсаванне асобы беларускай паэткі Цёткі (А. Пашкевіч), якой прысвечаныя паэмы «На зломе маланкі» (1979), «Суд Алаізы» (1985), рамандылогія «Крыж міласэрнасці» (19881996).
Выказваем шчырае спачуванне родным і блізкім пісьменніцы.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Мацкоўская Наталля 10000 р.
2. Бацяноўскі Аляксандр 20000 р.
3. Усціновіч Лета 50000 р.
4. Шафарэнка Мікалай 20000 р.
5. Шалахоўскі Аляксей 10000 р.
6. Міцкевіч Людміла 20000 р.
7. Тамковіч 10000 р.

8. Лукашонак Т.А. 21000 р.
9. Літвіновіч Анатоль 10000 р.
10. Галай Аркадзь 50000 р., г. Менск
11. Давідоўскі Ігар 25000 р., г. Менск
12. Лягушоў Алег 20000 р.,
ст. Ясень, Асіповіцкі рн
13. Зімін Мікола 100000 р., г. Салігорск
14. Грэская Браніслава 20000 р., г. Менск
15. Цынгалёў Васіль 10000 р., г. Жлобін
16. Павідайка В.М. 20000 р., г. Менск
17. Новік Максім 20000 р., г. Гомель
18. Восіпава А.Я. 20000 р., г. Гомель
19. Ляўкевіч Наталля 15000 р.,
в. Дварэц, Дзятлаўскі рн
20. Шалахоўскі Аляксей 5000 р., г. Менск
21. Чэчат Алесь 30000 р., г. Менск
22. Шкірманкоў Фел. 25000 р., г. Слаўгарад
23. Талерчык Тамара 50000 р., г. Гародня
24. Дубоўскі Валер 41000 р., г. Менск
25. Чавусаў Юрась 25000 р., г. Менск
26. Кукавенка Іван 10000 р., г. Менск
27. Лазарук Т.К. 10000 р., г. Менск
28. Несцярэвіч Антаніна 21000 р., г. Менск
29. Бекім Віктар 25000 р., г. Менск

Нямецкія могілкі Першай Сусветнай вайны
ў в. Полтараўшчына Смаргонскага раёна

Першая Сусветная вайна… Гэта была першая ў гісторыі чалавецтва вайна, якая суправаджалася каласальнымі ахвярамі. У ёй загінула каля 10 мільёнаў і паранена больш за 20 мільёнаў чалавек. Яшчэ блізу 10 мільёнаў памерла ад эпідэмій і голаду. Мноства вайскоўцаў і мірных жыхароў засталіся калекамі. Страты Беларусі ў гэтай вайне склалі каля паўтара мільёна чалавек.
Першая Сусветная вайна стала адной з самых трагічных старонак гісторыі Смаргонскага раёна. Так распарадзілася гісторыя, што з верасня 1915 па люты 1918 года праз раён праходзіла лінія руска германскага фронту. У яго паласе апынуўся і 16тысячны горад Смаргонь. Два гады і пяць месяцаў 810 дзён вяліся тут пазіцыйныя баі, якія ператварылі гэтыя землі ў пустыню, а горад у руіны, які атрымаў назву "Мёртвага горада". Да нашага часу засталася вялікая колькасць ваенных збудаванняў, рускіх і нямецкіх могілак, усё гэта падцвярджае, што горад Смаргонь знаходзіўся ў цэнтры ваенных дзеянняў.
9 верасня 1915 года ў раёне Свянцян (Швянчоніс, Літва) немцы прарвалі фронт. Пачалася аперацыя, якая ўвайшла ў гісторыю Першай Сусветнай вайны пад назвай "Свянцянскі прарыў". Па плану гэтай аперацыі ў трохкутніку Смаргонь Вілейка Маладзечна галоўнакамандуючы нямецкіх войск Гіндэнбург планаваў акружыць і знішчыць 10ю рускую армію. На пачатку аперацыі немцы мелі значную перавагу ў сілах. Наступленне немцаў было энергічным і моцным. Такім чынам, 14 верасня 1915 года крывавы бот вайны ступіў на тэрыторыю Смаргоншчыны. І менавіта з 1915 года пачаліся першыя пахаванні ахвяр Першай Сусветнай вайны. Варта адзначыць, што на тэрыторыі Смаргонскага раёна ёсць могілкі не толькі рускіх салдат, але і нямецкіх захопнікаў. Такіх нямецкіх могілак на Смаргоншчыне вялікая колькасць: у в. Вішнева, в. Данюшава, в. Асаны, в. Баруны, в. Крэва, в. Полтараўшчына і г.д. Менавіта пра нямецкія могілкі ў в. Полтараўшчына хачу паведаміць.
Першыя пахаванні нямецкіх салдат у в. Полтараўшчына таксама адносяцца да 1915 года. Ёсць пахаванні 19161917 гадоў. Як мы ведаем, немцаў з тэрыторыі Беларусі выгналі ў 1918 годзе, але хаваць немцаў у в. Полтараўшчына перасталі ў 1917 годзе, і магіл 1918 года ўжо няма.
Галоўнае месца на могілках належыць помніку нямецкім салдатам арол на пастаменце. Менавіта такі помнік, толькі крыху большы стаіць на могільніку ў в. Нарач Мядзельскага раёна. За выключэннем памеру, помнікі паўтараюцца настолькі, што можна весці гаворку аб "тыповым праекце".
Але на помніку ў в. Полтараўшчына не ацалела ні адной з двух мемарыяльных пліт, на якіх, магчыма быў і надпіс з нумарам вайсковай часткі. Каля помніка можна пабачыць нямала стандартных бетонных надмагілляў 1930х гадоў. Вядома, што пасля вайны сюды былі перазахаваны парэшткі нямецкіх салдат з некаторых іншых пахаванняў, у прыватнасці з в. Асаны. Ёсць на могільніку і невялікі помнік з нямецкім тэкстам, які стаяў на магіле некалькіх нямецкіх салдат, што "загінулі за Айчыну" (Fur ihr Vaterland Starben) 5.10. 1916 года. Адразу за нямецкімі могілкамі знаходзяцца могілкі праваслаўныя і на першым фотаздымку гэта бачна.
Вёска Асаны знаходзілася ў бліжайшым тыле нямецкіх пазіцый пад Крэвам. Тут стаяў полк, які пакінуў вялікі помнік сваім загінуўшым салдатам. Захаваўся гэты помнік адносна нядрэнна. На высокім каменным пастаменце ацалела крыху пашкоджаная вайсковая каска; у цэнтры круглая каменная пліта з тэкстам:
L. I. R.
379
SEINEN TAPFEREN
KAMERADEN
(Нашым мужным героям)

Каля помніка былі і пахаванні, але яшчэ ў 1930х гадах рэшткі былі перанесены на могільнік у суседнюю вёску Полтараўшчына.
Увесь баявы шлях гэтага нямецкага палка ў ходзе Першай Сусветнай вайны, можна прасачыць на вялікай мемарыяльнай пліце, якая некалі знаходзілася на адваротным баку помніка, а цяпер ляжыць за некалькі метраў ад яго. Нажаль, пліта захавалася не лепшым чынам, таму увесь тэкст разабраць не ўдалося.
L. I. R. 379
1914
TILZIT SZUKLE?
RUDWEITSCHEN SPRINGEN
1915
MARIAMPOISIM?О??DWINOW
MEMEL TAVROGGEN
PODAVINIF??WISCHIKI DEMB
WAB?DAWEIWERI
AVGSTOWLIPSKVILNA
19151916
KREWO
2327 MARZ 1916
POSTAWY
1917 1918 KREWO

Такім чынам, пачаўшы з тэрыторыі Усходняй Прусіі, 379 пяхотны полк на працягу года прайшоў праз Польшчу, Літву, а затым спыніўся тут, пад Крэвам. У сакавіку 1916 года яго перакінулі пад Паставы рускія войскі пачалі там знакамітую Нарачанскую аперацыю, і немцам паспяхова спатрэбілася падмога. Калі рускае наступленне захлынулася, полк вярнуўся на месца звыклай дыслакацыі і тут дачакаўся заканчэння вайны. Такая колькасць інфармацыі на адным помніку вельмі рэдкі выпадак.
Нямецкія могілкі ў в. Полтараўшчына з цягам часу прыйшлі ў запусценне. Апошні раз "капітальнае" добраўпарадкаванне тут праводзілася яшчэ ў 1935 годзе, "за польскім часам". Нягледзячы на тое, што нямецкія могілкі знаходзяцца паблізу ад дарогі, іх нельга было ўбачыць, бо заміналі дрэвы і кусты, нават не было відаць надмагілляў, якія за шмат гадоў параслі мохам і травой. Час паўплываў і на стан помніка нямецкім салдатам: арол на пастаменце амаль поўнасцю быў разбураны, засталіся толькі крылы.
І вось у канцы ліпеня пачатку жніўня 2010 года, відавочна за два тыдні, пераўвасобіліся старажытныя нямецкія могілкі Першай Сусветнай вайны. Праведзена акультурванне і рэканструкцыя, выцягнуты зпад дзірвану надмагільныя пліты з прозвішчамі нямецкіх салдат, што знайшлі апошні свой спачын на беларускай зямлі.
Дванаццаць рэзервістаў і чатыры вайскоўцыкантрактнікі прадстаўляюць грамадскую арганізацыю Народны саюз Германіі, якая ў шэрагу іншых праблем узяла на сябе клопат пра вайсковыя пахаванні, што знаходзяцца за межамі краіны.
Валанцёры добра пашчыравалі: ачысцілі могілкі ад кустоў, састарэлых дрэў, травастою. Надмагільныя пліты пакладзены на свежы насып з жоўтага пяску. Працуе гэты "дэсант" з Германіі абсалютна на дабрачынных умовах. Усе прыехалі сюды ў свой водпуск і за свае сродкі на двух мікрааўтобусах.
На гэтыя могілкі пад Крэвам наведваліся вайсковы аташэ Германіі ў Беларусі і намеснік начальніка ўпраўлення Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Леанід Мяцеліца.
Было б добра, каб і Расія паклапацілася пра пахаванні рускіх салдатаў на беларускай зямлі.
Анжаліка Пешкур.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX