Вярнуцца: 2011

№ 23 (1018)


Дадана: 02-06-2011,
Крыніца: pawet.net.



НАША СЛОВА  № 23 (1018)   8 ЧЭРВЕНЯ 2011 г.



Беларуская мова Акадэмію кіравання не пакідае

Сп.  Ул. Ул. Макею,

Кіраўніку спраў Прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь

220016, г . Мінск,

вул. К. Маркса, 38

Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч!

У ГА “Таварыства беларускай мовы” з’явілася інфармацыя пра тое, што ў тыпавыя вучэбныя праграмы перападрыхтоўкі кіраўнікоў і спецыялістаў унесены істотныя змены, датычныя выкладання беларускай мовы. Так, у рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы (РІВШ), адказным за распрацоўку тыпавых праграм, быў скасаваны курс “Афіцыйна-дзелавая лексіка і стылістыка”, які чытаўся ў Акадэміі кіравання пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для кіраўнікоў розных узроўняў. Гэты курс існаваў на працягу каля дваццаці гадоў і прыхільна ўспрымаўся ўсімі слухачамі. Падчас яго выкладання нашы чыноўнікі ўсіх узроўняў маглі практычна падвысіць свой узровень валодання дзяржаўнай беларускай мовай.

Мы лічым, што скасаванне гэтага курса ідзе ўразрэз з інтарэсамі дзяржаўнага будаўніцтва нашай краіны, а таксама супярэчыць прынятай 27.01.2010 г. праграме пашырэння беларускай мовы, зацверджанай Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Просім Вас разабрацца ў сітуацыі і дапамагчы ў аднаўленні курса “Афіцыйна-дзелавая лексіка і стылістыка” для кіраўнікоў розных узроўняў у Акадэміі кіравання і іншых установах падобнага профілю.

З павагай,

старшыня ТБМ                                          А. Трусаў.


Старшыні грамадскага

аб’яднання ‘Таварыства

 беларускай мовы

імя Францішка Скарыны”

Трусаву А.А.

Аб вывучэнні курса “ Афіцыйна - дзелавая

лексіка і стылістыка”

Паважаны Алег Анатольевіч!

Ваш   зварот   наконт   выкладання   курса   “Афіцыйна-дзелавая лексіка і стылістыка” у сістэме перападрыхтоўкі кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь уважліва разгледжаны разам з Міністэрствам адукацыі і кіраўніцтвам акадэміі.

Зараз гэты курс выкладаецца на ўсіх спецыяльнасцях перападрыхтоўкі кадраў акадэміі на працягу 24 гадзін (як гэта было і раней). На дзвюх спецыяльнасцях ён уключаны ў пералік агульнапрафесійных дысцыплін, на іншых выкладаецца ў рамках кампанента ўстановы адукацыі або як курс па выбару слухачоў.

Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь                    А.М. Радзькоў.


Канферэнцыя  “Упарадкаванне ўрбананімічнай прасторы Беларусі”

Шаноўныя калегі, згодна з папярэднім планам Тапанімічная камісія ТБМ імя Ф. Скарыны будзе ладзіць практычна-навуковую канферэнцыю “Упарадкаванне ўрбананімічнай прасторы Беларусі” .  Дата і час – 11чэрвеня, субота, з 11.00 па 16.00.

Канферэнцыя прысвечаная ўнутрыгарадскім тапанімічным аб’ектам краіны. Мяркуецца гаварыць пра іхні праўны статус, ролю ў культурна-гістарычным узгадаванні грамадзян, але найперш – пра канцэптуальныя асновы ўпарадкавання гарадской тапанімічнай прасторы пасля каланіяльных і таталітарных перыядаў гісторыі Беларусі, практычныя захады спецыялістаў і грамадскасці, каардынацыю і паяднанне намаганняў усіх зацікаўленых у гэтай справе людзей па ўсёй краіне. 

Спадзяёмся ў зацікаўленым коле абмеркаваць і па магчымасці абагульніць досвед навукоўцаў, краязнаўцаў, грамадскіх актывістаў з розных гарадоў.

Вінцук Вячорка , старшыня Тапанімічнай камісіі ТБМ.


130 гадоў з дня нараджэння Івана Луцкевіча

ЛУЦКЕВІЧ Іван Іванавіч нарадзіўся 9 чэрвеня 1881 года, ў сям’і ўдзельніка паўстання К. Каліноўскага, выхоўваўся пад уплывам твораў Ф. Багушэвіча і В. Дуніна-Марцінкевіча, і стаў змагаром за незалежную Беларусь.

Разам з братам Антонам Іван заснаваў гурток беларускага адраджэння у Менскай класічнай гімназіі, у якім валодалі ідэі нацыянальнай і сацыяльнай справядлівасці.

Пасля школы браты паступілі ў Пецярбургскі ўніверсітэт, менавіта Іван - на юрыдычны факультэт. Далей – Маскоўскі археалагічны інстытут.

Разам з братам ды сябрамі-аднадумцамі з Пецярбурга і Вільні далучыліся да дзейнасці Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады, у складзе якой змагаліся за правы беларускай мовы, за аўтаномію Беларусі і перадачу зямлі сялянам, супраць царызму. Неўзабаве Іван стаў сапраўдным лідарам Беларускай Сацыялістычнай Грамады, актыўна удзельнічаў ў рэвалюцыйных падзеях таго часу. Праз гэта Іван вымушаны быў выехаць у Вільню і ўзяць псеўданім Іван Міхальчук, калі паліцыі стала вядома пра зброю, што хавалі у доме Луцкевічаў для баявых гуртоў грамады.

У Вільні актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю, бярэ ўдзел у заснаванні першай легальнай беларускай газеты “Наша доля”, а затым з братам і Аляксандрам Уласавым пачынае выпускаць “Нашу ніву”, удзельнічае у заснаванні беларускага выдавецкага таварыства, дзе друкаваліся Максім Гарэцкі, Максім Багдановіч, Наталля Арсеннева і інш.

Пад час Першай Сусветнай вайны Іван Луцкевіч спрабуе аб’яднаць беларускіх настаўнікаў у прафесійны хаўрус, стварае беларускія школы, настаўніцкую семінарыю. Па яго ініцыятыве ў 1919 годзе адчынілася Віленская беларуская гімназія. Акрамя таго шмат часу прысвячае навуковай дзейнасці, археалагічным і этнаграфічным даследаванням, перакладае з іншых моваў, збірае калекцыю старажытных рэчаў, сярод якіх старажытные абразы ды слуцкіе паясы, зборы манет і пячатак, рукапісныя і старадрукаваныя кнігі. На падставе ягонай калекцыі у 1921 годзе у Вільні быў адкрыты Беларускі музей. У бібліятэцы Луцкевіча знаходзілася амаль поўная дакументальная гісторыя пачатку ХХ стагоддзя, а таксама “Мужыцкая праўда” Каліноўскага, Статут Вялікага Княства Літоўскага, “Біблія” Францішка Скарыны.

Адным з першых Іван Луцкевіч зразумеў неабходнасць незалежнасці дзяржавы, і разам з братам стаў ініцыятарам абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Да самай смерці Іван Луцкевіч самааддана працаваў. Памёр ён ў Польшчы, ў Закапанэ, ад сухотаў у 1919 годзе. У 1991 годзе парэшткі Івана Луцкевіча перазахаваны на віленскіх могілках Росы.

Яго брат, Антон, працягваў агульную справу пад мянушкай Антон Навіна, загінуў пад час рэпрэсій савецкай улады.


40 гадоў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лондане

15 траўня споўнілася 40 гадоў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лондане, якой кіруе айцец Аляксандр Надсан.

На сённяшні дзень Скарынаўская бібліятэка з’яўляецца найбуйнейшым сховішчам беларускіх і беларусазнаўчых выданняў па-за межамі Беларусі. У нетрах бібліятэкі захоўваецца больш за 30 тысяч кніг, якія датычаць розных аспектаў беларусазнаўства, вялікая калекцыя беларускіх перыядычных выданняў, старадрукаў, рукапісаў, архіўных дакументаў, у тым ліку і архівы Рады БНР.

У музеі пры бібліятэцы сабрана цікавая калекцыя старажытных манет, мапаў, паштовых марак, мастацкіх і этнаграфічных вырабаў, сярод якіх — знакамітыя слуцкія паясы.

Без калекцый Скарынаўскай бібліятэкі не ўбачылі б свет многія беларусазнаўчыя працы, не былі б зроблены цікавыя навуковыя адкрыцці. Усе 40 гадоў свайго існавання бібліятэка была не толькі месцам збірання і захоўвання беларусістыкі, але і яе папулярызатарам і пашыральнікам.


Размовы пра беларускую мову на Піншчыне

У рэдакцыю “Нашага слова” прыйшла падборка матэрыялаў ад старшыні Пінскай арганізацыі ТБМ Уладзіміра Гука, якія тычацца моўнай сітуацыі ў раёне. Першы з іх артыкул Ніны Аляксандравай у газеце “Полесская правда”, № 9 за 2.02.2011 г. Другі артыкул самога У. Гука пра тую ж падзею.

Родная мова жыве

У мінулым годзе наш пастаянны чытач Уладзімір Гук з Бобрыка даслаў на адрас рэдакцыі некалькі лістоў-разважанняў на тэму ўжывання беларускай мовы. Назвы гэтых лістоў даволі яскрава перадаюць іх сэнс. Вось яны: «Каб мова родная жыла», «Не губіце, мужыкі, не губіце», «Унашай школе нешта не так», «За беларускую мову замолвіце слоўца»*.

У адным з лістоў Уладзімір Пятровіч расказвае пра Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, якое было ўтворана, «каб уратаваць родную мову». Ён піша пра мэты арганізацыі, калі яна ўтворана, хто ўваходзіць у яе склад, але, на жаль, ніводнага радка пра яе рэальную дзейнасць. У наступным лісце - пра знішчэнне беларускай мовы: «Але як знайсці апраўданне нашаму паступку па знішчэнню нацыянальнай мовы беларусаў. Адчуйце, спадарства, мы ўсе разам ідзём па шляху на Галгофу, па шляху, які вядзе наш народ да духоўнай, нацыянальнай смерці. Яшчэ ёсць шанец, каб спыніць вынішчэнне беларускай мовы, а разам з ёю і беларускай нацыі». Таксама У.П. Гук гаворыць пра тое, што «ў сённяшняй школе, на жаль, недастаткова ўдзяляецца ўвагі справе вывучэння беларускай мовы. А калі ўлічыць, што большасць прадметаў выкладаецца па-руску, няцяжка зрабіць вывад: родная мова беларусаў на грані знікнення». Яшчэ адзін камень - у адрас мясцовай выканаўчай улады: «На жаль, справа з беларускай мовай патрабуе зусім іншага падыходу і ўвагі, чым ёй надаецца сёння. Яшчэ зусім нядаўна беларуская мова не стала ўжывацца ў справаводстве райвыканкама і падначаленых яму ўстановах і арганізацыях. 3 мэтай паляпшэння становішча з нацыянальнай мовай мы звяртаемся да кіраўніцтва раёна: за беларус-кую мову замолвіце слоўца».

Лісты адпаведнага зместу былі дасланы і на адрас Пінскага раённага выканаўчага камітэта. У іх - вельмі песімістычны настрой адносна выкарыстання беларускай мовы.

Для таго, каб разабрацца, ці так усё дрэнна на самой справе, ці знікае беларуская мова, ці не ведаюць яе людзі, было вырашана правесці своеасаблівы «круглы стол» у Бобрыку. Удзел у размове прымалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама І.Я. Завацкая, галоўны спецыяліст раённага аддзела адукацыі Л.М. Двараніновіч, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Г.У. Зянюціч, загадчыца аддзела пісьмаў і масавай работы газеты «Палеская праўда» І.К. Урбановіч, старшыня Бабрыкоўскага сельвыканкама А.А. Банцэвіч, дырэктар Бабрыкоўскай сярэдняй школы Г.М. Шапялевіч, яе намеснік па вучэбнавыхаваўчай рабоце Н.М. Курыльчык, а таксама сябры раённай арганізацыі «ТБМ імя Ф. Скарыны» - намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Лышчанскай сярэдняй школы Л.С. Кучынская, настаўніца пачатковых класаў гэтай школы Л.М. Шульган, былы дырэктар Пласкінскай базавай школы, настаўніца беларускай мовы Я.А. Клімавец і У.П. Гук - старшыня раённай арганізацыі «ТБМ імя Ф. Скарыны», былы настаўнік Бабрыкоўскай школы.

І.Я. Завацкая расказала аб змесце лістоў, дасланых у аддзел ідэалагічнай работы райвыканкама. У прыватнасці, чаму не пераймяноўваюцца вуліцы (Уладзіміру Пятровічу не падабаецца назва вуліцы імя Чапаева ў Бобрыку, і ён хоча змяніць яе). У адпаведнасці з арт. 15 Закона «Аб адміністратыўна-тэрытарыяльным дзяленні і парадку вырашэння пытанняў адміністратыўна-тэрытарыяльнага ўпарадкавання Рэспублікі Беларусь» пытаннямі назвы вуліц, іх перайменавання займаюцца сельскія Саветы дэпутатаў. На ўсё гэта, як вядома, патрэбны грошы, а таксама згода жыхароў той ці іншай вёскі. Па словах А.А. Банцэвіча, жыхары Бобрыка адмовіліся ад перайменавання вуліцы Чапаева чатыры гады таму, аб чым сведчыць пратакол праведзенага сходу. I яшчэ. Перайменаваць вуліцу не так і проста, як здаецца на першы погляд. Трэба спачатку ўсіх людзей выпісаць з гэтай вуліцы, потым прапісаць іх па новым адрасе. А гэта немалыя затраты. Але, калі людзі вырашаць, што гэта патрэбна, неабходна будзе так і зрабіць. «Мы жывем у прававой дзяржаве, і мы павінны рабіць так, як таго патрабуюць ад нас законы, а не так, як камусьці захочацца», - адзначыў Аляксандр Антонавіч.

Яшчэ адно пісьмо - надзвычай песімістычнае: «...лёс беларускай мовы на сённяшнім этапе нашага жыцця трагічны. Мова на рубяжы знікнення. Яна, як і многія другія мовы ў свеце, занесена Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый у спіс знікаючых моў, лічыце - у ЧырвонуюКнігу. ...Гэта праўда. Суровая праўда. Трагічная рэчаіснасць. Звяртаюся ў ідэалагічны аддзел за дапамогай... павесці работу па ўратаванню беларускай мовы, мовы беларусаў, уратаванню беларускай нацыі».

Л.М. Двараніновіч адзначыла, што на ўзроўні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь надаецца вялікая ўвага прапагандзе беларускага слова. Распрацаваны план мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнню сфер выкарыстання беларускай мовы і літаратуры. Гэтыя асноўныя мерапрыемствы імкнуцца выконваць работнікі сферы адукацыі, культуры, усе, хто мае дачыненне да беларускай мовы ў сваёй дзейнасці.

Людміла Мікалаеўна расказала аб рабоце, якая праводзіцца ў школах раёна па вывучэнню і захаванню беларускай мовы і культуры. Яна прывезла з сабой, для таго, каб усе пабачылі на ўласныя вочы, працы вучняў школ Піншчыны, даследаванні ў галіне мовы і культурных традыцый беларусаў. Думаю, Уладзімір Пятровіч, ды і не толькі ён, быў уражаны гэтымі прыкладамі захавання мовы. Тым больш, што ў нашым раёне толькі дзве школы рускамоўныя, астатнія-беларускамоўныя. Гэта значыць, што ўсе прадметы выкладаюцца на беларускай мове, а таксама вядзецца справаводства.

Не так даўно, з 1 верасня 2008 года, былі ўнесены змяненні ў граматыку беларускай мовы. Міністэрствам адукацыі дадзена тры гады, каб паступова перайсці ад старых правіл да новых. Для гэтага ў школах праводзяцца інфармацыйныя, класныя гадзіны, бацькоўскія сходы з той мэтай, каб растлумачыць гэтыя змяненні і навошта яны былі ўведзены.

На мой уласны погляд, даследаванні, якія робяцца ў галіне беларускай мовы і літаратуры, даюць падставу гаварыць аб тым, што мова беларуская не знікае. На ёй пішуцца мастацкія творы, паэты складаюць вершы.

А вось канкрэтны прыклад. Дырэктар Бабрыкоўскай школы Галіна Міхайлаўна Шапялевіч расказала што ў школе яны стварылі  ансамбль «Валошкі», у якім дзеці спяваюць песні на беларускай мове. Больш таго, яны самі пішуць музыку да вершаў. Ці гэта не пацверджанне таго, што наша родная мова не знікае?

А яна і не знікне да той пары, пакуль будзе існаваць хоць адзін яе носьбіт, творы на гэтай моне, беларускі фальклор.

Адным словам, многа было выказана розных думак падчас размовы, але галоўная адна - трэба ўласным прыкладам (не крыкам і не спрэчкамі) прывіваць любоў да роднай мовы, паказваць яе хараство, найперш - сваім дзецям, унукам, родным.

Хацелася б звярнуцца да Вас, паважаны Уладзімір Пятровіч! Не трэба ўсё ўспрымаць у чорных фарбах, а цікавіцца рэальным палажэннем справы з беларускай мовай, рабіць канкрэтныя крокі дзеля яе існавання і захавання. Не слаць лісты па інстанцыях, а займацца канкрэтнай справай са школьнікамі, з моладдзю, прысутнічаць на тых мерапрыемствах, якія яны праводзяць, а таксама актыўна ў іх удзельнічаць. Ніхто нікога не можа прымусіць размаўляць на беларускай мове. Гэта трэба выхоўваць, і рабіць патрэбна паступова, а не адразу і зараз.

Ніна АЛЯКСАНДРАВА

*Тут і далей у цытатах з лістоў У. Гука захаваны аўтарскі стыль, арфаграфія і пунктуацыя.


Каб за пяро ды за паперу не браўся ніколі

Такой прыкладна была ідэя сходу групы, якую ўзначальвала загадчыца ідэалагічнага аддзела райвыканкаму спадарыня Завацкая. У яе ўваходзілі: Іна Урбановіч (газ. “Полесская правда”), Людміла Двараніновіч (РАА), Галіна Зянюціч (нач. аддзела ЗАГС), Аляксандр Банцэвіч (с-ня мясцовага сельвыканкаму) Галіна Шапялевіч (дырэктар БСШ) ды Ніна Курыльчык (нам. дырэктара БСШ).

Чаго ж сабраліся гэтыя чыноўніцы ў Бобрыку? А для таго, як піша Ніна Аляксандровіч у артыкуле “Родная мова жыве”, “каб разабрацца, ці так ўсё дрэнна на самай справе, ці знікае беларуская мова, ці не ведаюць яе людзі”... Што ж паклікала іх правесці “своеасаблівы “круглы  стол”? Мае матэрыялы і лісты ў “Полесскую правду” і райвыканкам. У лісце “Каб мова родная жыла” – кароткі аповяд пра гісторыю стварэння ТБМ, яго мэты і задачы. “За беларускую мову замолвіце слоўца” – гэта ліст-зварот да адміністрацыі райвыканкаму. Артыкул “Не губіце, мужыкі, не губіце” – мая спроба праз газету пагутарыць з бацькамі дзяцей аб ролі бацькоў у захаванні роднай мовы. Ліст – разважанне “У нашай школе нешта не так” – погляд на праблемы беларускай мовы ў сістэме адукацыі.

На маю думку ні ў адным матэрыяле няма крыміналу. Дык чаму такі перапалох? А ў тым, што на думку чыноўнікаў “родная мова жыве”. А мае матэрыялы – гэта безпадстаўны плач па мове, якая “жыве і квітнее”.

Дык давайце параўнаем сапраўднае становішча з беларускай мовай у краіне з тымі довадамі і газеты, і чыноўніц, што мова жыве і квітнее. І што атрымліваецца? Усякаму відаць, што родная мова мэтанакіравана знішчаецца. Яна знікае. І пра гэта яскрава гаворыць той факт, што ААН наша мова ўключана ў спіс паміраючых моў. Што і гэта паклёп і плач безпадстаўны?

Звярніце ўвагу на патрабаванне: “Не трэба ўсё ўспрымаць у чорных фарбах, а цікавіцца рэальным палажэннем справы з беларускай мовай”...

Я якраз рэальна гляджу на становішча з беларускай мовай у краіне і асобна ўзятым рэгіёне. І не трэба патрабаваць ад  мяне, каб я чорнае ўспрымаў белым. Спадары чыноўнікі, мае лісты – не песімізм, а рэальнасць. І маўчаць мяне не прымусіце.

Уладзімір Гук, старшыня Пінскай арганізацыі ТБМ.

Для ілюстрацыі падаём два лісты, з якімі Уладзімір Гук звяртаўся ў органы ўлады Пінскага раёна. Лісты падаюцца пасля невялікага рэдагавання.

Не губіце, мужыкі, не губіце!

Мова – гэта кроў народа. Гэтае выказванне належыць беларускаму пісьменніку Ядвігіну Ш. Чалавек, страціўшы кроў, памірае. Народ, які страчвае родную мову, вымірае як нацыя. Даўно вядома гістарычная ісціна: пазбаў народ мовы – і народ знікае. Вось па гэтай прычыне стагоддзямі пры панаванні на Беларусі чужынцаў ідзе апантанае знішчэнне беларускай мовы. Сапраўды у беларускай мовы – драматычны лёс. Можна неяк знайсці апраўданне таму, калі мову знішчалі чужынцы – захопнікі, якіх у нашай гісторыі было нямала. Але як знайсці апраўданне нашым уласным дзеянням па знішчэнні нацыянальнай мовы беларусаў?

Я звяртаюся да ўсіх бацькоў, дзеці якіх падрастаюць, наведваць дзіцячыя садкі і навучаюцца ў школах, гімназіях і атрымліваюць адукацыю ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах, да ўсіх тых, хто вольна ці нявольна спрыяе таму,  каб мова беларусаў знікла з паўсядзённага ўжытку ў сям’і. Адчуйце, спадарства, мы ўсе разам ідзём па шляху на Галгофу, па шляху, які вядзе наш народ да духоўнай, нацыянальнай смерці. Яшчэ ёсць шанец, каб спыніць вынішчэнне беларускай мовы, а разам з ёю і беларускай нацыі. Мамы і таты, загаварыце са сваімі дзецьмі па-беларуску! І гэтым самым вы паспрыяеце захаванню роднай мовы, спыніце драматычны шлях беларускай нацыі,   які вядзе яе да  смерці.

Адмаўляючыся ад роднай мовы, мы сячэм галіну, на якой сядзім і праз гэтае самае рызыкуем загінуць. Дык хто ж разумны жадае сабе смерці? Не губіце, мужыкі, не губіце  сябе і сваіх дзяцей – будучае нашай Бацькаўшчыны!

Дзеці ў сям’і павінны навучацца карыстацца мовай беларусаў. На вялікі жаль, многія і многія не разумеюць таго пагубнага становішча, калі  самі бацькі ствараюць умовы, каб дзеці адвучваліся ад карыстання беларускай мовай, і стараюцца аддаць іх у рускамоўныя школы. Гэтым  самым бацькі самі праяўляюць пагардлівасць да ўсяго беларускага і выхоўваюць у сваіх дзецей гэтую ж нікчэмную рысу характару.

І пакуль людзі не прыдуць да разумення важнасці беларускай мовы ў жыцці нашага грамадства будучыні ў беларускага народа не будзе. Пакуль мы не будзем шанаваць усё роднае, беларускае, датуль нашы дзеці не будуць паважаць нас і шанаваць народную спадчыну.

Уладзімір Гук.


У нашай школе нешта не  так

Вывучэнне беларускай мовы ў школе – гэта важны элемент развіцця патрыятычных пачуццяў кожнага беларускага дзіцяці. Дзеці, бясспрэчна, атрымліваюць карысць, вывучаючы родную мову. У школе павінны быць створаны такія ўмовы, каб дзеці маглі належным чынам спасцігнуць, спазнаць і ацаніць культуру народа. А як вядома, у аснове любой культуры ляжыць нацыянальная мова, народная культура. Нацыянальная мова – найбагацейшая спадчына, неацэнны скарб, а іх трэба берагчы, каб перадаць будучым пакаленням.

Вывучэнне роднай мовы дапамагае вывучэнню іншых моў, асабліва славянскіх і заходне-еўрапейскіх. Мова дапамагае пашырэнню інтэлектуальных здольнасцей дзяцей.

У сённяшняй школе, на жаль, недастаткова ўдзяляецца ўвагі справе вывучэння беларускай мовы. А калі ўлічыць, што большасць прадметаў выкладаецца па-руску, то няцяжка зрабіць выснову: родная мова на грані знікнення. Настаўнікі роднай мовы, асабліва не беларусазнаўцы па прафесіі, часта пад уплывам зразумелых абставін навучанню беларускай мове не надаюць патрэбнай увагі.

Шкодным фактарам для навучання роднай мове яўляецца тое, што настаўнікі – беларусазнаўцы выкарыстоўваюць беларускую мову толькі на ўроку, а выйшаўшы з класа, карыстаюцца рускай. Кожны чалавек павінен любіць, цаніць і шанаваць сваю мову, паважаць сябе ў сваёй прафесіі.

Настаўнік беларускай мовы не шануе сваю годнасць педагога-прафесіянала, сябе як асобу, калі дазваляе сваім вучням у пазакласны час размаўляць з ім не на мове, якой ён прызваны навучаць. Гэтым самым ён падае прыклад кепскіх адносін і да роднай мовы, і да настаўніка, чалавека і педагога.

Беларуская мова мае вялікае значэнне для нашай будучыні. Будучыню нашай краіны прызваны вызначаць мы: бацькі, педагогі, грамадскасць. Будучыня нашых дзяцей будзе такой, якой мы заложым яе ў свядомасць школьніка. Родная мова нам перададзена нашымі  папярэднікамі. Справа гонару настаўнікаў і ў першую чаргу настаўнікаў-беларусазнаўцаў перадаць родную мову сваім вучням, а значыць і наступнаму пакаленню.

Уладзімір Гук.


На арэлях беларускай свядомасці

« Арэлі» Сяргей Панізнік у вершах і песнях, Мн., 2011, «Vigma»

Калі яшчэ маладым выпускніком універсітэта (1983) я прыйшоў карэспандэнтам у моладзевую газету «Чырвоная змена» і толькі марыў пра свой будучы лёс на ніве музычнай крытыкі, мой жыццёвы вакаём быў моцна ўражаны масцітымі асобамі тых, каго чамусьці яшчэ не вывучалі ў школах ды нават ВНУ, а яны ўжо былі аўтарытэтамі нават для старэйшых. Сярод такіх ненавязлівых аўтарытэтаў апынуўся і паэт Сяргей Панізнік, песні на вершы якога ўжо тады спявалі ці пераўвасаблялі ў музычных гармоніях многія вядомыя і нават народныя артысты (кампазітары Эдуард Зарыцкі, Мікалай Сацура, вакалісты Ганна Радзько, Анатоль Ярмоленка, барды Ўладзімір Палупанаў, Мікола Яцкоў). Адкрываючы пазней новых адмыслоўцаў высокай музыкі Беларусі (напрыклад, памятаю сваё інтэрвію з кампазітарам Алегам Чыркуном), я таксама прыкмячаў іхнюю ўвагу да паэзіі Сяргея Панізніка, а ўжо друкуючы ў сваёй музычнай газеце «Нотны аркуш» ягоную публіцыстыку пра вялікіх спевакоў Міхася Забэйду-Суміцкага, Данчыка, пра паэтак Ларысу Геніюш, Наталлю Арсенневу, я нечакана спанатрыў замежнае паходжанне аўтара: аказваецца, ён жыў тады ў беларускіх мясцінах Латвіі. І менавіта ў асобе Сяргея Панізніка я адчуў сэнс паняцця БЕЛАРУС СВЕТУ. Вось у яго нарэшце і выйшаў на фірме « Vigma » літаратурна-музычны альбом «Арэлі», на вокладцы якога ўсплылі многія знакамітыя імёны.

Назву даў верш «Падару табе арэлі», які па-майстэрску чытае на дыску заслужаны артыст Беларусі Ўладзімір Рагаўцоў. З усіх 27 трэкаў такіх чытанняў каля дзясятка, што зусім не прымяншае музычную вартасць кружэлкі, бо 17 запісаў сапраўдных зорак беларускай песні складаюць цалкам паўнавартасную музычную канцэпцыю. А тут жа і ансамбль «Сябры» («Аэліта», «Беларусь сінявокая», «Белыя сняжынкі»), і спявак Якаў Навуменка («Дом дружбы»), і фальклорныя калектывы («Полька НА ЛЁН», «Вясельны марш для маладых», «Дый дзе быў салавей…»).

Здавалася б, надта разнастайны кантэнт гэтага CD: і фалклор, і акадэмічная эстрада, і дэмакратычныя барды… Ці не руйнуе гэта саму магчымасць асэнсавання агульнай ідэі альбома? Але жывая повязь з фальклорам здаўна ўражвала мяне ў самой паэзіі Панізніка. Таму і альбом гэты атрымаўся канцэптуальна цэльным, хоць і крыху архаічным, бо назапашваўся напрыцягу ўсяго жыцця, уключаючы прафесійныя студыйныя запісы 60-х, 70-х, 80-х, 90-х гадоў і новага стагоддзя. Вунь нават запіс голасу маці паэта 1969 года прэзентуе красамоўны ўзор жывога аўтэнтычнага спеву. Дарэчы, сучасны лічбавы рэмайстарынг гістарычных аналагавых запісаў Сяргей Панізнік даверыў вядомаму саўндпрадзюсеру і рок-музыку Андрэю Плясанаву (студыя «P.L.A.N.»), што спрыяла яшчэ больш адэкватнаму асэнсаванню цэльнай музычнай канцэпцыі ў кантэксце сучаснага рынку шоўбізнэсу.

Асобнай характэрнай згадкай адбіліся ў гэтай рэтраспекцыі 90-я гады. Бо гэта не ліхія 90-я, як у нашых усходніх суседзяў ды іхніх тутэйшых пяюноў, а рамантычны час адраджэння і спадзяванняў, калі нават на дзяржаўных тэлеканалах гучалі бадзёрыя песні накшталт ваяўнічага хіта Міколы Яцкова «Сцяг»:

Сцяг мой вольны,

                      сцяг мой смелы,

Сцяг мой бел-чырвона-белы.

Гэта акурат пра той сцяг, які рэяў над Домам Ураду. Той сцяг, пад якім даваў клятву на вернасць першы прэзідэнт адроджанай Беларусі.

Асобна ў альбоме можна вылучыць і песні-прысвячэнні, бо ў іх – дадатковыя характэрныя рысы ў яскравы партрэт паэта: тут і вялікія беларускія асветнікі розных часоў Еўфрасіння Полацкая («Споведзь»), Янка Купала («З Купалам у сэрцы»), Максім Багдановіч («Світальная зорка»), тут і спадзева на нашчадкаў уласнага роду («Унучцы Яне»). Дарэчы, менавіта нашчадкі ўжо працягваюць шлях паэта, бо мастацкая аздоба аўтарскага альбому належыць дачцы Вераніцы Панізнік. І зроблена, згадзіцеся, належным чынам – гэткі ўтульны еўрапейскі пленэр пад назвай Беларусь.

Альбом «Арэлі» (Сяргей Панізнік у вершах і песнях) структурна нагадвае лепшыя літаратурна-музычныя выданні папулярнай серыі «Беларускі музычны архіў» («Жыць для Беларусі» Ларысы Геніюш, «Дні лятуць» Сяргея Новіка-Пяюна, «З крывіцкай сям’і» Наталлі Арсенневай). І хоць раней імя паэта нярэдка згадвалася на бачынах той серыі, бо ён актыўна бярэ ўдзел у ёй як адмысловец-даследчык, уладальнік унікальнага фанаграфічнага архіву, сам адмовіўся запісвацца ў архіў. Дый на вокладцы новага альбома ён атрымаўся «жывее всех живых», прэзентуючы Беларусь прывабнай еўрапейскай краінай з вельмі стыльнымі і рамантычнымі людзьмі. Па шчырасці, дзеля гэтага альбому на так званай беларускай «Рок-Каранацыі» варта было б увесці намінацыю «Лепшы дызайн», бо прайсці міма проста немагчыма, а ўдома, адчуўшы ўтульны дух беларускай архаікі, немагчыма развітацца.

Вітаўт МАРТЫНЕНКА.


Кампанія “Справаводства па-беларуску!”

Каардынатар кампаніі “Справаводства па-беларуску!”, гомельскі дэмакратычны актывіст Ігар Случак накіраваў кожнаму з 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў персанальную прапанову ўнесці змяненні ў закон ”Аб мовах”.

Як паведаміў БелаПАН Случак, ён прапаноўвае дэпутатам унесці змяненні ў 28 артыкулаў закона. Гаворка фактычна ідзе аб тым, каб выраз”беларуская і (або) руская мова” замяніць на “беларуская і руская мова”. У гэтым выпадку справаводства дзяржаўныя органы будуць абавязаныя весці адначасова на абедзвюх мовах.

- Выкладанне закона “Аб мовах” менавіта ў такой рэдакцыі дазволіць дасягнуць сапраўднай роўнасці дзвюх дзяржаўных моў, - сказаў актывіст. У першым чытанні парламентам ужо прынятыя змяненні ў закон “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”, цяпер дзяржорганы абавязаныя даваць адказ на зварот на мове заяўніка. Таму мы вырашылі прадоўжыць супрацоўніцтва з парламентарыямі.

У рамках кампаніі “Справаводства па-беларуску!” Ігар Случак рассылае прапановы ў раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты пераводзіць справаводства на беларускуюмову.

Алена Германовіч.


У Варшаўскім універсітэце прайшла прэзентацыя новага выдання аповесці У. Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”

31 траўня ў Варшаўскім універсітэце прайшла прэзентацыя новага выдання аповесці Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. Прэзентацыя была арганізавана пасольствам Беларусі ў Польшчы ў рамках святкавання 80-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры.

Як паведамляе прэс-служба беларускай дыпмісіі, у мерапрыемстве ўзялі ўдзел дзеячы навукі і культуры Польшчы, прадстаўнікі беларускай дыяспары і грамадскасці Варшавы, беларускія дыпламаты, выкладчыкі і студэнты ўніверсітэта, а таксама прадстаўнікі Беларускага фонду культуры і таварыства “Беларусь-Польшча”, якія прыбылі з Беларусі. На прэзентацыя выступілі пасол Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак, дэкан філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта Самбор Груча, госці з Беларусі. У рамках мерапрыемства быў прадэманстраваны фільм вытворчасці кінастудыі”Беларусьфільм” “Свет Караткевіча”.

Кніга Караткевіча “Дзікае паляванне караляСтаха” ў новым выданні была перададзена пасольствам бібліятэцыВаршаўскага ўніверсітэта, а таксама будзе перададзена ў бібліятэкі Беластоцкага, Люблінскага і Альштынскага ўніверсітэтаў.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.


І такая старонка гісторыі

Час, калі мяжа з Польшчай праходзіла паміж Івянцом і Менскам для вялікай колькасці прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі ўяўляецца толькі як перыяд нацыянальнай трагедыі і падзелу беларускага народа на дзве часткі. Для прыхільнікаў Беларусі савецкай (а нават і бальшавіцкай), гэта час вострага супрацьстаяння маладой сацыялістычнай дзяржавы з буржуазнай і варожай Польшчай. Час, калі ўсе палякі былі ворагамі проста таму, што яны палякі.

У сучаснай Польшчы таксама дастаткова прыхільнікаў нацыяналістычных і ультракансерватыўных ідэй, якія б прагнулі вярнуць Гародню, Пінск, Івянец і Валожын. Аднак для большасці палякаў і польскіх гісторыкаў міжваенная Заходняя Беларусь - усяго толькі прадмет для сентыментальнай настальгіі.

Менавіта ў такім стылі напісаная праца Томаша Главінскага «Забыты гарнізон», прысвечаная івянецкаму Корпусу аховы памежжа — адмысловай службе, створанай польскімі ўладамі для аховы ўсходняй мяжы і папулярызацыі польскага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі. Аўтар свядома ўнікае палітычнага кантэксту, маляўніча расказваючы аб штодзённым жыцці гарнізону і ўсяго мястэчка, таму кніга будзе карыснай у першую чаргу для краязнаўцаў і даследчыкаў міжваеннага перыяду гісторыі Заходняй Беларусі.

Знайсці кнігу можна ў незалежных распаўсюднікаў і буйнейшых кнігарнях сталіцы.

Главінскі Томаш, Забыты гарнізон, Аддзелы Корпуса аховы памежжа ў Івянцы ў 1924 — 1939 га-дах. — Беласток, Беларускае гістарыч. таварыства; Вільня, Інстытут беларусістыкі, — 2011, 142 с.



Паўстанне 1830 - 1831 гг.

Да 180-х угодкаў

Леанід Лаўрэш

(Заканчэнне. Пачатак  у папярэдніх нумарах.)

У чаканні інсургентаў, войскі пад камандаваннем Сакена размясціліся на Панарскіх гарах пад Вільняй. Толькі 19 чэрвеня Гелгулд падышоў да Вільні, і пачалася бітва, якая працягвалася каля 8-мі гадзін і скончылася паразай войскаў паўстанцаў. З 21 чэрвеня да Вільні пачала падыходзіць рэзервовая армія графа Талстога (44 000 чалавек) і магчымасці паўтарыць штурм больш не было (Брянцев П.Д. Восстание поляков в 1830 и 1831 гг. Вильна. 1896.).

Войскі на чале з Гелгудам пачалі рухацца ў кірунку Жамойціі, разам з імі былі і сябры Часовага Літоўскага ўраду. Аддзел Хлапоўскага атрымаў загад галоўнакамандуючага накіравацца ў Коўню і аб’яднацца з аддзеламі, якія прыбылі туды раней. 21 чэрвеня Хлапоўскі быў на месцы, аднак 22 чэрвеня быў атрыманы новы загад, паводле якога ў Коўне неабходна было пакінуць 25-ы пяхотны полк Мацэвіча, а асноўным сілам адыйсці на Кейданы. Гэты аддзел (у яго складзе знаходзіўся Дамейка), планавалася выкарыстаць для прыкрыцця адступаючай арміі. Пасля Кейдан паўстанцы пачалі адыходзіць да Шаўлёў дзе стаяў аддзел генерала Крукава ў (2 500 чалавек). Выбіць расейцаў з горада не атрымалася і прыйшлося адступіць да Куршанаў. У Куршанах ад паўстанцаў засталося не болей за 11000 чалавек. Тут была склікана ваенная рада. Пасля доўгіх спрэчак, вырашылі падзяліць войска на 3 аддзелы: Дэмбінскага, Роланда і Хлапоўскага. Гелгулд быў адхілены ад камандавання і далучыўся да аддзела Хлапоўскага. Сярод паўстанцаў павялічвалася нервовасць, і польскі афіцэр Скульскі стрэлам ва ўпор забіў генерала Гелгулда. Рускія войскі працягвалі ціснуць з усіх бакоў, і аддзелы паўстанцаў Роланда і Хлапоўскага перайшлі ля Палангі прускую мяжу склаўшы зброю. 13 ліпеня ў складзе 25-га пяхотнага палка ў Прусіі апынуўся і Дамейка.

Аддзел Дэмбінскага здолеў вырвацца. На сваім шляху ён разграміў некалькі рускіх атрадаў, пераправіўся цераз Нёман ля Збойска (каля Іўя) і 22 ліпеня прыбыў у Варшаву. Па дарозе да Дэмбінскага далучыліся некалькі соцен паўстанцаў з Наваградчыны. Пры ўступленні ў горад аддзел меў самы стракаты выгляд: паўстанцы былі апранутыя ў польскія і рускія мундзіры, у студэнцкія сурдуты і сялянскую вопратку, былі абарваныя і босыя, але шмат хто ўзброены дарагой зброяй. Кавалерысты сядзелі на вялікіх і маленькіх конях: жамойцкіх, рускіх, казацкіх з рознымі сёдламі. Сагнутая і ржавая зброя, худыя і змучаныя коні, падраная збруя – усё паказвала на тыя цяжкасці, якія перанесла армія, сярод якой можна было сустрэць жанчын і дзяцей.

Апошнім уздымам паўстання было ўзброенае выступленне Мазырскага, Рэчыцкага і Пінскага паветаў у чэрвені і ліпені. На усходзе, у Віцебскай і Магілёўскай губернях паўстанне мела форму непрацяглых хваляванняў шляхты. На пачатку жніўня паўстанне закончылася, і ўвосень па лясах хаваліся ужо толькі рэшкі разбітых паўстанцаў (Латышонак А., Мірановіч Я. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку XXI ст. Вільня. 2010.).

Так скончылася паўстанне на Літве.

Паўстанне на Валыні таксама пацярпела паразу.


Заканчэнне паўстання

Між тым, галоўная руская армія, пасля бітвы пад Астраленкай адступіла да Пулстуска і ў канцы траўня (праз два тыдні) была папоўнена. Вайна зацягвалася, а руская армія так і не магла дасягнуць вырашальнага выніку. У Расеі распаўсюджваліся самыя нявыгадныя чуткі пра фельдмаршала, яго нават абвінавачвалі у здрадзе.

Фельдмаршал Дыбіч вырашыў у чэрвені прыступіць да аблогі Варшавы, але 29 траўня ён памёр ад халеры. Пасля смерці Дыбіча, рускую армію ўзначаліў начальнік штаба Дыбіча генерал Толь. Але хутка на змену Толю (25 чэрвеня) прыехаў Паскевіч–Эрыванскі які раней добра зарэкамендаваў сябе ў вайне з туркамі. Па прыбыцці ў Пулстуск ён загадаў сцягнуць да горада максімальную колькасць войскаў і потым рушыў на Варшаву. 5 ліпеня руская армія чатырма калонамі выступіла да Варшавы. З-за дажджоў і бездаражы шлях да польскай сталіцы заняў больш за месяц.

Польскі камандуючы Скрыжынецкі не супрацьдзейнічаў прасоўванню рускіх войскаў да Варшавы, таму яго бяздзейнасць выклікала незадаволенасць. Скрыжынецкі вымушаны быў пайсці ў адстаўку, і на яго месца быў прызначаны генерал Дэмбінскі, які толькі што прывёў свой аддзел з Літвы. У гэты час збунтаваліся нізы Варшавы, у выніку рэвалюцыйных пературбацый дыктатарам Варшавы стаў генерал Крукавецкі. Ён зняў з пасады Дэмбінскага і ўвязніў яго ў турму, а Адама Чартарыйскага і Лелявеля прысудзіў да шыбеніцы, і ім абодвум прыйшлося ратавацца ўцёкамі за мяжу. Новы дыктатар прызначыў камандуючага войскамі свайго сябра генерала Малахоўскага.

Між тым рускія войскі (60 000 чалавек і 200 гармат) набліжаліся да Варшавы. Каб не дапусціць іх пераправы на левы бераг Віслы, Малахоўскі адправіў супраць рускіх войска ў 20 000 чалавек пад камандаваннем генерала Рамарына. Супраць Рамарына Паскевіч высунуў войскі двух рускіх генералаў: Красоўскага і Розэна. У серыі сутычак рускія войскі прыціснулі аддзел Рамарына да аўстрыйскай мяжы. Польская армія ў 14 000 чалавек з 42 гарматамі перайшла мяжу і была інтэрнавана.

Напрыканцы жніўня – у пачатку верасня Паскевіч аблажыў Варшаву. Пасля чатырох дзён блакады ён склікаў ваенную раду, на якой вырашылі штурмаваць горад. У гэты час быў атрыманы зварот цара з патрабаваннем да паўстанцаў скласці зброю і змірыцца. Зварот быў перададзена палякам з прапановай пачаць перамовы. Для перамоваў з Варшавы прыехаў генерал Прандзінскі якому і было ўручана пасланне цара. На наступны дзень расейцам перадалі ліст ад дыктатара Крукавецкага, якое заканчвалася словамі: «Палякі ўзнялі зброю за незалежнасць Айчыны ў тых межах, якія спрадвеку аддзялялі яе ад Расеі, народны ўрад чакае адказу ў якой меры Яго Імператарская Вялікасць можа выканаць гэтае жаданне». Паскевіч загадаў рыхтавацца да штурму.

У 5 гадзін 6 верасня рускія войскі, калонамі, пад гукі музыкі, маючы наперадзе 92 гарматы рушылі на штурм. Даўжэй за ўсіх супраціўлялася Воля, камандзір якой, генерал Савінскі, на прапанову здацца адказаў: «Адно з вашых ядраў адарвала мне нагу пад Барадзіным, і я зараз не магу зрабіць ні кроку назад», ён быў забіты пры штурме. Паскевіч зладзіў сваю стаўку ў Волі, на працягу ночы з 6 на 7 верасня расейцы бамбардавалі другую лінію; польская артылерыя адказвала слаба, за недахопам зарадаў. Раніцай 7 верасня Паскевіч аднавіў штурм. Але па просьбе польскага боку да 3 гадзін дня было абвешчана перамір’е. Паколькі пасля заканчэнне гэтага тэрміну паўстанцы не здаліся, штурм быў адноўлены. Падчас бою Паскевіч быў кантужаны і рускую армію ўзначаліў генерал Толь. Да вечара амаль усе ўмацаванні Варшавы былі ўзятыя. На наступны дзень паміж бакамі была складзена ўмова, паводле якой Варшава здаецца непрыяцелю, а польскія войскі адыходзяць да Плоцка і чакаюць далейшых рашэнняў.

Апоўдні 8 верасня рускія войскі ўвайшлі ў Варшаву.

Польскай ўрад пераехаў ў Закрочын, і пачаў пасяджэння пад кіраўніцтвам Немаеўскага. На гэтым пасяджэнні быў дэзавуяваны акт аб падначаленні рускім, галоўнакамандуючым быў прызначаны генерал Рыбінскі. Ён сабраў разрозненыя аддзелы ў адно войска ў 30 000 чалавек спрабаваў аднавіць ваенныя дзеянні, але сур’ёзна ваяваць польская армія ўжо не магла. Таму на пачатку кастрычніка, пад ціскам расейцаў, апошнія польскія войскі перайшлі прускую мяжу і былі інтэрнаваны.

26 лютага 1832 г.  з’явіўся «арганічны статут», паводле якога Польскае Царства аб’яўлялася часткай Расеі, скасоўваўся сойм, і заміж сойма засноўваўся дзяржаўны савет, члены якога прызначаліся самім імператарам, скасоўвадася польскае войска. Старое адміністрацыйнае дзяленне на ваяводствы было заменена дзяленнем на губерні. Намеснікам Царства Польскага быў прызначаны граф Паскевіч, які атрымаў тытул князя Варшаўскага. Фактычна гэта азначала прыняцце курсу на ператварэнне Царства Польскага ў рускую правінцыю – на польскую тэрыторыю распаўсюджваліся расейская манетная сістэма і сістэма мер і вагаў.

На тэрыторыі гістарычнай Літвы быў ліквідаваны Віленскі ўніверсітэт. Было вырашана, каб ва ўсіх навучальных установах кіраўнікамі былі толькі расейцы, павялічана колькасць гадзін вывучэння рускай мовы, а выкладчык рускай мовы заміж малодшага выкладчыка стаў старэйшым, гісторыя і статыстыка сталі выкладацца на рускай мове. Віленская навучальная акруга была паменшана, вялікая яе частка адышла да Кіеўскай і Беларускай навучальных акругаў. Была ліквідавана ўніяцкая царква.

Для паслаблення ўплыву каталіцкага духавенства, рускі ўрад пастанавіў:

• Каб ад змешаных шлюбаў каталікоў і праваслаўных (былых уніятаў) дзеці былі праваслаўныя.

• Кандыдаты на епіскапскія пасады выбіраліся ўрадам.

• Каталіцкія духоўныя асобы без згоды свецкай улады “не мелі права кроку зрабіць з свайго месцазнаходжання”.

Рымскія папы, спачатку Рыгор XIV а потым Пій IX дасылалі свае пратэсты, але ў Расеі не звярнулі на іх ні якай увагі і, «як непатрэбны дакумент здалі ў архіў».

У 1840 г. на ўсёй тэрыторыі Беларусі было скасавана дзеянне Статута 1588 г.



Памёр Васіль Шчэцька

У Злучаных Штатах Амерыкі 27 траўня на 89-м годзе жыцця памёр  беларускі патрыёт і грамадскі дзеяч Васіль Шчэцька.

Нарадзіўся ён у вёсцы Апечкі, што каля Стоўбцаў. Васіль Шчэцька прайшоў праз жыццё складанымі шляхамі і сцежкамі часоў польскай і савецкай акупацыяў, бадзяжнага пражывання ў паваеннай Нямеччыне, працы і навукі ў Вялікабрытаніі, Бельгіі ды Амерыцы.

На працягу доўгіх гадоў жыцця на чужыне Васіль Шчэцька трымаўся свае грамады, дзякуючы чаму здолеў працягваць асвету ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне, а пасля – у Лювенскім універсітэце ў Бельгіі. Быў актыўным удзельнікам беларускага скаўцкага руху, здабыў сабе ступень скаўтмайстра. Пасля заканчэння гімназіі два з лішнім гады адпрацаваў у ангельскіх вугальных капальнях. У Англіі належаў да так званае Дванаццаткі – групы выпускнікоў Купалаўскай гімназіі, што таксама працавалі ў шахтах. Дванаццаткаўцы за свае заробленыя грошы выдавалі месячны часопіс “Наперад!”. У 1950 годзе дзевяцём з іх, у тым ліку Васілю Шчэцьку, пашчасціла атрымаць стыпендыі і стацца студэнтамі Лювенскага ўніверсітэта. Гісторыя гэтай групы хлапцоў-бязбацькавічаў апісаная ў кнізе “Дванаццатка”. Кніга выйшла ў Нью-Ёрку ў 2002 годзе ў выдавецтве Беларускага інстытуту навукі і мастацтва.

З Бельгіі Васіль Шчэцька, закончыўшы факультэт палітычных і сацыяльных навук і ажаніўшыся з бельгійкай Жанэт Дэляп’ер, выехаў у Амерыку. Пасля кароткага часу ўладзіўся на працу ў бібліятэцы Калумбійскага ўніверсітэта ў Нью-Ёрку. Там адпрацаваў дваццаць дзевяць гадоў.

Пасля выхаду на пенсію жыў у Нью-Ёрку, займаўся грамадскай працай. У 1995 годзе аўдавеў. Дзяцей у яго не было. У 1997 годзе ажаніўся з былой настаўніцай з Менска Алай Кузьміцкай. Яна і дагледзела яго да канца жыццёвай дарогі.

Васіль Шчэцька быў чалавекам лагоднай натуры. Беларус-патрыёт, шчыра адданы сям’і, сябрам, грамадзе, ён заўсёды быў гатовы, пакуль дазваляла здароўе, браць удзел у грамадскіх, рэлігійных ды нацыянальных справах. Моцна цікавіўся падзеямі ў Беларусі, дзе ў яго засталіся сваякі.

Пахаваны ён на беларускім праваслаўным могільніку ў Іст-Брансвіку ў штаце Нью-Джэрсі. Вечная памяць вернаму сыну Беларусі Васілю Шчэцьку, а сваякам і сябрам шчырае спачуванне.

Янка Запруднік.


Верш з падарожжа

У траўні 2011 г. адбылася першая сёлета шматдзённая вандроўка Магілёўскага ТБМ. Яе ўдзельнікі пабачылі ўнікальныя помнікі архітэктуры, прыроды, пазнаёміліся з цікавейшымі людзьмі - і так кожны з іх зрабіў свой крок у спасціжэнні нашай таямнічай старажытнай Беларусі. Прыемна, што па выніках такіх вандровак з’яўляюцца не толькі прыгожыя фотаальбомы, але і сапраўдныя мастацкія творы! Прапануем Вашай увазе верш Святланы Моцнай, напісаны ў сёлетнім падарожжы Магілёўскага ТБМ.

Наш кар.


Нас сорак на месцах

Аўтобус!

              Нас сорак на месцах!
У кожнага думкі свае,
Але ў кожнага ў сэрцы
Жыве любоў да яе...

Да роднай мясціны,

                              дзе кожны
Нам добра вядомы куток;
Да роднай з дзяцінства

                                нам мовы,
Што прадзед

            пакінуць нам змог!

Мне вельмі шкада,

     што па-руску
Са мной размаўляюць бацькі!
А ў гэты час сэрца мова
Знікае кудысь ў закуткі!
Аўтобус!

  На месцах нас сорак!
Але ўжо і ў думках людзей
Жыве БЕЛАРУСКАЯ мова,
Што мовы любой БАГАЦЕЙ!

Святлана Моцная.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX