Вярнуцца: 2011

№ 26 (1021)


Дадана: 02-07-2011,
Крыніца: pawet.net.



НАША СЛОВА №26 (1021) 29 чэрвеня 2011 г.


Беларусаў заўсёды яднае песня

Больш за трыццаць выканаўцаў выступіла на канцэрце Свята беларускай культуры ў Беластоку. На адкрытай сцэне ў парку Планты прэзентаваліся салісты і ансамблі з Падлесся, а таксама госці з Беларусі.

Выступіў танцавальны калектыў "Гарадзенскія карункі". Свята гэта таксама нагода беларускім пісьменнікам, каб сустрэцца з чытачамі. Паказвалі яны свае новыя выданні кніжак. Апрача таго, свае вырабы прэзентавалі народныя майстры. Можна было купіць абрадавыя ручнікі, плеценыя кошыкі ці малюнкі народных мастакоў.

Як адзначыў арганізатар імпрэзы Янка Сычэўскі, свята - гэта магчымасць прыблізіць беларускую культуру да жыхароў Беластока.

Гэта вельмі важна, каб беларусы падкрэслівалі сваё існаванне, каб умелі сваёй нацыянальнай прыналежнасцю ганарыцца, а не саромецца. Мы адчуваем, што беларусаў заўсёды яднае песня, заўсёды яднае культура, мастацтва.

Канцэрт завяршыў выступ зоркі - калектыва "Купалінка" з Менска. Свята беларускай культуры праводзілася ўжо дваццаць шосты раз. Мерапрыемства накіраванае на прадстаўленне культурнай спадчыны беларускай меншасці ў Польшчы. Галоўны арганізатар Беларускае грамадскакультурнае таварыства.

Наш кар.


Дыктоўку па беларускай мове пісалі ў амбасадзе Венгрыі

24 чэрвеня ў пасольстве Венгрыі адбыўся ўрачысты прыём з нагоды завяршэння старшынства краіны ў Еўразвязе. У межах гэтай падзеі прайшоў другі этап дыктоўкі па беларускай мове і ўзнагароджанне ўдзельнікаў першага этапу, перадае БелаПАН.

У гэты раз эстафетную дыктоўку па "Лістах зпад шыбеніцы" нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага пісалі тыя, хто не прысутнічаў 16 траўня ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча менскага касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл). Гэта пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Розмары Томас, новы пасол Польшчы Лешак Шарэпка, в. а. часовага паверанага ў справах ЗША Крыстафэр Паніка, часовы павераны ў справах Румыніі Канстанцін Ерамія, дарадчыкпасланнік пасольства ФРГ Петэр Дэтмар, намеснік галоўнага рэдактара газеты "Народная воля" Святлана Калінкіна, лідар кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, шэфрэдактар газеты "Наша ніва" Андрэй Дынько, маці зніклага тэлеаператара Змітра Завадскага Вольга.

У мерапрыемстве таксама ўдзельнічалі кіраўнік прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі ЖанЭрык Хольцапфэль, паслы Францыі, Чэхіі і Эстоніі Мішэль Рэнэры, Іржы Карас і Яак Ленсмэнт і інш.

Правядзенне агульнанацыянальнай дыктоўкі было ініцыявана кандыдатам філасофскіх навук Уладзімірам Падголам і інфармацыйнай кампаніяй БелаПАН.

Наш кар.

На здымку: Галіна Сіўчык уручае кнігу ў падарунак паслу Венгрыі Фэрэнцу Контру.


Клуб красамоўства "ПраМова" на сядзібе ТБМ у Менску ад 1 ліпеня ідзе на вакацыі. Заняткі адновяцца з 1 верасня.



Завяршыўся 2-гі фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK

Другі фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! адбыўся 23 чэрвеня. Ён стаў сапраўднай пярлінай фестывальнага жыцця Беларусі.

Беларускамоўная рэклама становіцца ўсё больш і больш запатрабаванай. Пра гэта кажа колькасць удзельнікаў, якія прыйшлі ў Міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ё. Раў (IBB)! Больш за 200 чалавек адзначылі свята рэкламы ў кампаніі сяброў і аднадумцаў.

Фестываль цягнуўся каля 10 гадзінаў і ўключыў у сябе ўрачыстую цырымонію адкрыцця, разнастайную і надзвычай карысную адукацыйную праграму, прэсканферэнцыю. А кульмінацыяй Фестываля стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў і прызёраў конкурсаў і намінацый сёлетняга фестываля.

На цырымоніі адкрыцця Фестывалю арганізатары паабяцалі яго ўдзельнікам шмат цікавостак і вострых уражанняў. І яны не хлусілі. Фестываль сапраўды атрымаўся вельмі змястоўным, цікавым і жывым. Шаленства, якое было аб'яўлена дэвізам дзеі, праявілася ўжо напачатку. Замест пераразання чырвонай стужачкі падчас адкрыцця Фестывалю прадстаўнік кампаніі Husqvarna перапілаваў белачырвоны шлагбаўм, а на небасхіле залунаў фірмовы AD.NAK'аўскі сцяг.

Сёлетняя семінарская праграма была надзвычай цікавай. Ад 11 да 17 гадзіны ў дзвюх аўдыторыях паралельна працавалі дзве групы рэкламістаў.

На прэсканферэнцыі каардынатар культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі" Алена Макоўская распавяла, што сёлетні фестываль з'яўляецца асаблівым. І першая асаблівасць заключаецца ў акцэнце на прамоцыю культурніцкіх праектаў.

Культурніцкія прадукты ў Беларусі пачынаюць паводзіць сябе, як камерцыйныя, прадстаўляць сябе як гандлёвую марку, - адзначыла Алена Макоўская, падкрэсліўшы, што гэта дапамагае ім найлепшым чынам наладжваць кантакт з аўдыторыяй.

Другая адметнасць сёлетняга фестывалю - гэта Антыпрэмія "Каша сувораўская". Яна прысуджалася тым працам, якія няўважліва ставяцца да фактаў айчыннай гісторыі, а таксама традыцыі і культуры. Рэкламадаўцы павінны паважаць культуру той аўдыторыі, для якой робіцца рэклама, лічыць Алена Макоўская.

Сябры журы фестываля распавялі пра дастаткова добры яго ўзровень. Разам з тым, менавіта для таго, каб яго падтрымліваць, журы было вымушанае ў некаторых намінацыях не прысуджаць першыя, другія альбо трэція месцы. А пэўныя намінацыі пакінуць увогуле без прызёраў, як, напрыклад, намінацыю "Радыё і аўдыёрэклама". Гэта звычайная практыка любога фестывалю.

Увогуле, сябры журы адзначылі дастаткова добры ўзровень працаў, пададзеных на фестываль. Разам з тым, ён мог бы быць і вышэйшым. Напрыклад, многія намінацыі змяшчалі працы, проста перакладзеныя на беларускую з іншай мовы, што не дазваляла беларускай мове праявіцца ў поўную сілу.

Калі ўсё рабіць правільна, калі ствараць рэкламу на беларускай мове, а не перакладаць яе з рускай, то паведамленне будзе мець сапраўды значны эфект, - адзначыў на прэсканферэнцыі брэндмайстар Ігар Корзун.

Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Фестывалю стала сапраўднай перлінай фестывалю. Сёлета яна была арганізаваная ў форме шоў. Замест чырвоных дываноў, па якіх звычайна праходзяць удзельнікі фестываляў, гасцям AD.NAK! было прапанавана прайсці па двух калідорах - для шалёных і памяркоўных. Гэты выбар гасцей фестывалю пазней адыграў ролю ў шалёнапамяркоўнай латарэі, у якой разыгрываўся сертыфікат на кантэкстную рэкламу на 75 еўра і запрашальнік на курсы капірайтынгу ад групы кампаній Webcom Media.

Шоў уключала ўрачыстую цырымонію ўзнагароджвання, якая чаргавалася з выступамі беларускіх гуртоў: трыа Канстанціна Гарачага, Vincent'a, Dali, РСП і "Ў нескладовага". Зрэшты, свята атрымалася!

Наш кар.


Аказваецца у нас усё добра

Сп. М. А. Ладуцьку,

Старшыні Мінскага гарвыканкама

220030, г.Мінск,

прт Незалежнасці, 8

Паважаны Мікалай Аляксандравіч!

У Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" звярнуліся бацькі з Фрунзенскага рна г. Мінска са скаргай на тое, што ў дзіцячым садку № 534, які мае статус беларускамоўнага, выхавальнікі адмаўляюцца размаўляць з дзецьмі і іх бацькамі на дзяржаўнай беларускай мове. Наогул, узровень валодання беларускай мовай выхавальнікамі нізкі.

Магчыма, што і ў іншых беларускамоўных дзіцячых садках такая ж сітуацыя. У сувязі з вышэйсказаным прапануем наладзіць сустрэчу з кіраўніцтвам ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ў чэрвені 2011 г. і адказнымі работнікамі сістэмы адукацыі г. Мінска, якія курыруюць беларускамоўнае навучанне ў горадзе. Такая сустрэча несумненна прынясе плён перад пачаткам навучальнага года ў верасні гэтага года.

Таксама прапануем Вам з мэтай заахвочвання бацькоў г. Мінска выхоўваць і навучаць сваіх дзяцей пабеларуску пераняць ініцыятыву гарадскіх уладаў г. Гродна і размясціць у сталічным грамадскім транспарце гукавую рэкламу дзіцячых садкоў і класаў з беларускай мовай выхавання і навучання.

3 павагай,

старшыня ТБМ А. Трусаў


Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама разгледзеў Ваш зварот да старшыні Мінгарвыканкама і паведамляе наступнае.

Супрацоўнікі Камітэта азнаёміліся з працай беларускамоўнай дашкольнай установы №534 упраўлення адукацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёна. Дзіцячы садок № 534 адкрыўся ў 1991 годзе.

Яго праца накіравана на развіццё цікавасці да роднай мовы. фарміраванне нацыянальнай свядомасці бацькоў, далучэнне дзяцей і бацькоў да культурных здабыткаў і каштоўнасцей беларускага народа. 3 2005 года дашкольная ўстанова забяспечвае паглыблены гуманітарны накірунак у рабоце з дзецьмі.

Для гэтага створаны ўмовы: функцыяніруе этнаграфічны музей, на базе якога праводзяцца пазнавальныя заняткі; у афармленні развіваючага асяроддзя груп і інтэр'ера дашкольнай установы прысутнічаюць элементы беларускага нацыянальнага каларыту, прадметы дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва; арганізавана работа гурткоў харэаграфіі.

На аснове педагагічнага вопыту выхавацеля Грыгор'евай Г.Н. уведзены цыкл заняткаў «Мая Радзіма Беларусь». Выхавацелем распрацаваны тэматыка і канспекты заняткаў для груп «Фантазёры». Педагогамі дашкольнай установы быў абагульнены вопыт работы: Гагулан І.К. "Навучанне дзяцей беларускай мове і азнаямленне з беларускай мастацкай літаратурай", Купрэйчык С.В. "Выхаванне патрыятычных пачуццяў праз пазнавальнае развіццё дзяцей", Лашук Л.А. "Фальклор у дзіцячай гульні", Жылінская Л.С. "Развіццё беларускага маўлення старэйшых дашкольнікаў як сродка камунікацыі", Цыркунова А.М. "Далучэнне дзяцей дашкольнага ўзросту да нацыянальнай спадчыны праз малыя формы беларускага фальклору", Хацук І.П. "Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту".

3 2002 года дзіцячы садок супрацоўнічае па пераемнасці з гімназіяй № 4 г. Мінска з беларускай мовай навучання.

Вопыт работы па пераемнасці д/у № 534 і гімназіі № 4 быў прадстаўлены на сходзе дырэктараў гімназій г. Мінска ў 2010 годзе.

Дзіцячы садок супрацоўнічае з часопісам "Вясёлка", беларускімі пісьменнікамі: Міколам Чарняўскім, Міколам Маляўкам, Алесем Камароўскім, Уладзімірам Мацвеенкам, Нінай Галіноўскай. Добрай традыцыяй сталі сустрэчы пісьменнікаў і паэтаў з дзецьмі і іх бацькамі. Пісьменнікі шмат разоў выступалі перад дзецьмі са сваімі вершамі і апавяданнямі на "Вячорках". Выхаванцы прымалі ўдзел у конкурсе малюнкаў у часопісе "Вясёлка" і занялі адно з прызавых месцаў. Штогод бацькі і супрацоўнікі прымаюць актыўны ўдзел у падпісцы на часопіс "Вясёлка", за што былі адзначаны падзякай галоўнага рэдактара.

Сяброўскія адносіны звязваюць дзіцячы садок з часопісам "Вожык". Пісьменнікі Казімір Камейша і Леанід Саковіч жаданыя госці ў дашкольнай установе.

Дашкольная ўстанова супрацоўнічае з Рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем "Таварыства беларускай школы". Установа і выхавацелі ўзнагароджаны дыпломамі за развіццё роднамоўнага навучання і выхавання, фарміраванне нацыянальнапатрыятычнай свядомасці грамадзян незалежнай Беларусі. Шмат беларускай літаратуры і музычных дыскаў атрымана ад старшыні ТБШ Алеся Лозкі і намесніка старшыні Тамары Мацкевіч.

Выхавацелі Шкрэдава А.А. і Кішкурна Г.М. прымалі ўдзел у прэзентацыі праектаў "Дапаможнік Лялечкіна" і "Як жанілі Цярэшку".

Па пытаннях выхавання ў дзяцей нацыянальнай самасвядомасці калектыў дзіцячага садка неаднаразова прымаў дэлегацыі з Літвы і Расіі.

Праведзена ананімнае анкетаванне бацькоў па пытаннях навучання і выхавання дзяцей на роднай мове. На момант апытвання 170 бацькоў выказалі задаволенасць працай калектыву і адміністрацыі садка.

Усё гэта сведчыць аб тым, што дашкольная ўстанова напрацавала вопыт працы па паспяховаму навучанню дзяцей на беларускай мове.

Камітэт выказвае згоду на правядзенне сустрэчы для налажвання супрацоўніцтва па развіццю беларускамоўнага навучання і выхавання.

Старшыня камітэта У.К. Шчэрба.


Мовазнаўчы досвед

БЕЛАРУСЫ ТАК НЕ КАЖУЦЬ!

"Падтоп дроў"."Алена Лявонаўна неахвотна згадзілася, адамкнула кухню, паказала, дзе дровы для падтопу... Доўга не запальваліся дровы". (Полымя. 2011. № 4. С. 90)

Пабеларуску: дровы для падпалу, падпаліць (дровы), запаліць (агонь). "Русскобелорусский словарь» 1993 года (т. 2, с. 627): "Подтопить. 1. падпаліць, (протопить) прапаліць, прагрэць; 2. (расплавить) падтапіць; 3. (залить водой) падтапіць". Пра штучнасць "падтопу" сведчыць і наступны згаданы ў тэксце сказ: "Дровы доўга не запальваліся".

"Часоўня"."Багаслужэнне тут здзяйснялася таксама ў безлічы цэркваў і часовен між гарадскімі сценамі" (Полымя. 2011. № 4. с. 120)

Пабеларуску: капліца, у расійскай мове яму адпавядае часовня, ад яго прыметнік часовенный - белар. каплічны. Згаданы тэкст - "трасянкавы". Натуральна беларусы сказалі б: "Набажэнства (багаслужба) тут адбывалася, праходзіла ў многіх цэрквах і капліцах..." І форма "часовен" - небеларуская, бо назоўнікі на ня ( вішня, песня) канчаюцца (у Р.мн.) на нь ці яў ( вішняў, песняў ці вішань, песень).

"Выпацканыя"."Каровы, выпацканыя ў гразь, носяцца па стаянцы; дзеці, бы тыя маленькія вапраткі, якія толькі што з балота вылезлі" (Полымя. 2011. № 4. с. 19). Рас. выпачканный адпавядае беларускае запэцканы ці пазапэцкваныя (пра многіх).

"Вапраткі". ..Дзеці, бы тыя маленькія вапраткі... (гл. згаданы тэкст). У беларускай мове назва маладой істоты ўтвараецца з выкарыстаннем суфікса ан(я) (ян(я)): бусел > бусляня, качка > качаня, ліса > лісяня. Для абазначэння мноства (форма множнага ліку) выкарыстоўваецца фармант яты, які далучаецца да асновы формы адзіночнага ліку: бусляняты, качаняты, лісяняты...

Ад слова вапёр (" вопр") нарматыўная форма вапраняты, а ласкальнапамяншальная - вапраняткі. А не вапраткі (рас. вепрь - вепрятки).

" Лежбішча". "Дзікі маглі ўдосталь паваляцца ў чорнай мяккай зямлі, дзе былі іх лежбішчы і дзе ніхто не чапаў" (Полымя. 2011. № 4. с. 38). Слова "лежбішча" - гэта рас. "лежбище", толькі напісанае пабеларуску. Яму адпавядаюць беларускія лексічныя адзінкі лежня і лежыва (след лежащего зверя на траве) (Гл. РБС93, т. 1, с. 713).

Акадэмічная "Беларуская граматыка. Частка 1. Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнні. Націск" (Мінск: Навука і тэхніка. 1985) не вызнае ў нарматыўнай мове ўтварэнняў з суфіксам бішча.

"Двухногая істота"."Вепр вострымі ікламі лёгка перакіне цераз спіну белую слабую двухногую істоту..." (Полымя. 2011. № 4. с. 38).

Натуральна пабеларуску складаныя словы ад спалучэння лічэбніка з назоўнікам утвараюцца ад формы роднага склону: дзве фазы - дзвюх фаз - дзвюхфазавы. Ад дзве нагі (істоты) нарматыўна дзвюхногавая (істота). Гэта ў расейская мове ва ўскосных склонах лічэбнікі жаночага і мужчынскага роду маюць адну форму - двухногая.

Павел Сцяцко


Мне краёў чужых не трэба…

Я захапляюся роднай мовай і думаю, што мне ў жыцці пашчасціла, бо я навучаюся ў школе, дзе ўсе прадметы выкладаюцца на беларускай мове. Калі чуеш родную мову паўсюль і кожны дзень, то вельмі прызвычайваешся да гэтага і адчуваеш сябе зусім вольна і нязмушана ў стасунках. Я думаю, што для адчування сябе сапраўдным беларусам неабходна, каб і дома гучала беларуская мова. У мяне вялікая сям'я яна складаецца з 8 чалавек. Усе мы заўсёды размаўляем на роднай мове.

Вядома, бывае часам, што трапляюцца і рускамоўныя словы. Але гэта рэдка. Калі мы збіраемся вечарам у хаце, кожны з нас дзеліцца тым цікавым, што здарылася ў яго за дзень. Усіх нас цікавяць і навіны. Мая бабуля Іра імкнецца ўслых прачытаць любімую "Беларускую ніву", каб і мы ведалі, што цікавага адбываецца ў сельскай гаспадарцы. А дзядуля просіць мяне яму пачытаць. Я чытаю яму тэксты з падручнікаў, па якіх навучаюся. Дзядуля ўважліва слухае, часам каментуе пачутае. А часам пачутае з маіх падручнікаў разварушвае яго ўспаміны. І тут толькі ўжо слухай - цікавых здарэнняў у жыцці дзядулі было шмат! А для сябе я заўжды як самае прыемнае чытанне прыхоўваю свежы нумар "Нашага слова".

На выхадныя да нас прыязджаюць мае старэйшыя брат з сястрою, якія закончылі школу ў пазамінулым годзе. Калі яны пачынаюць нешта цікавае расказваць, то бывае нязвыкла чуць, што яны размаўляюць ужо на рускай мове. На мае пытанні наконт іх мовы, яны адказваюць, што ў іх навучальных установах і на вуліцах горада беларуская мова не гучыць. Але на канікулах, калі яны бываюць дома больш працяглы час, мова іх становіцца чыста беларускаю. Бо ў роднай сям'і дарэчы толькі родная мова.

Я думаю, што родная мова - гэта тое, што злучае душу з Радзімай, асабліва з малой радзімай. Калі ты адарваны ад дома і між чужой мовы раптам загучыць самая прыгожая ў свеце беларуская - у сэрцы адчуваеш такі мяккі штуршок, і ты ператвараешся ў нешта накшталт антэны, якая чуйна ловіць кожны гук, кожнае слоўца. І ты бачыш гэтага беларуса, і ён здаецца табе самым лепшым сябрам між чужых. Я сама адчула гэта аднойчы, у час адпачынку ў Іспаніі. Ласкавае мора, яркае сонца, смачная садавіна - усё спрыяла таму, каб пабляклі крыху успаміны пра родны край. Бесклапотны адпачынак, новыя сябры. І вось на люднай вуліцы слых улавіў роднае: " Я сумняваюся. Мне здаецца, лепш ружовы…" Далей я не пачула. Але гэтага было дастаткова, каб у душы ўсплыло салодкатужлівае "Мая Беларусь. Мой Дварэц. Як там мае родныя?" А ўвечары я тэлефанавала дамоў і з асалодаю слухала гутарку бацькоў, якія дзяліліся навінамі і клапаціліся: як я на чужыне? А я слухала і ўсё мацнела жаданне хутчэй пабачыць родныя мясціны, пачуць мілыя родныя словы. У душы гучалі словы, напісаныя паэтам Сокалавым - Воюшам:

Мне краёў чужых не трэба,

як не варажы.

Не хачу чужога хлеба,

радасцяў чужых…

Вельмі вялікае шчасце пабачыць розныя цудоўныя мясціны на Зямлі, падзівіцца на прыгажосць і багацце, здабытыя працай рук чалавечых. Але як радасна ведаць, што ёсць на зямлі і мая Радзіма, чуць душою, як

…гукае з дальніх даляў

Беларусь мая…

Наталля Вішэўская,

7 клас, сябра гістарычнапатрыятычнага клуба "Спадчына", м. Дварэц.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў ліпені

Адамчык Надзея Іванаўна Амбразевіч Людміла Мікал.
Амяльковіч Віталь Леанідавіч Амяльковіч Павел Анатол.
Арбузаў Анатоль Цімафеевіч Арэшка Вераніка Вячаслав.
Аўдзейчык Ілля Анатольевіч Аўсей Аляксандр Бабенка Сяргей
Баброўская Марына Вітал. Балашка Алег Баран Аляксандр Бараноўскі Ігар Віктаравіч
Барболін Васіль Васільевіч Бармута Юлія Уладзіміраўна Бацян Пётр Дзмітрыевіч Белан Наталля Бельская Святлана Блізнюк Аляксандр Алякс.
Богдан Вадзім Міхайлавіч Бубешка Уладзімір Бумажэнка Я. М.
Буцко Павел Анісімавіч Бязрукая Маргарыта Юр.
Варачаева Анастасія Андр.
Васечка Іван Уладзіміравіч Ваўчок Аляксандр Вячорка Вінцук Рыгоравіч
Гайко Сяржук Анатольевіч Галай Аркадзь Апанасавіч Герасімовіч Казімір Станісл.
Глазко Дзмітры Мікалаевіч Гняткоў Валеры Голышаў Павел Грузноў Валеры Іосіфавіч Грынько М. У.
Гуркоў Сяргей Мікалаевіч Дабравольская Наталля Міх.
Данілава Таццяна Даніловіч Мар'яна Даўматовіч Іван Уладзімір.
Дзянісаў Гальляш Дрожынава Іна Аркадзеўна Ермакова Святлана Сярг.
Ермалёнак Вітольд Антонавіч Ермаловіч Святлана Жмачынскі Аляксандр Вікт.
Жукоўскі Ігар Жыгальская Вольга Анатол.
Залацілін Аляксандр Валер.
Звераў Юры Звонік Святлана Згурская Ганна Здановіч Іван Юльянавіч Зелянкевіч Наталля
Знавец Павел Кірылавіч Зуёнак Васіль Васільевіч Ільініч Наталля Валянцінаўна Ішчанка Кацярына Сяргееўна Кавалёнак Л. П.
Казлова Алена Казлова Святлана Мікал.
Казляк Любоў Калеева Вераніка Уладзімір.
Каракін Андрэй Анатольевіч Кардаш Наталля Аляксандр.
Кароткі Мікалай Мікітавіч Карп Алена Аляксандраўна Картавенкава Галіна Пятр.
Карчэўскі Анатоль Касяк Кастусь Кобер Таіса Корзун Валянціна Коцікаў Ян Краснеўскі Віталь Сяргеевіч Краўчанка Сяргей Канстанц.
Краўчук Маргарыта Дзмітр.
Крываручанка Ігар Мікал.
Крывашэеў Зміцер Сяргеевіч Крывёнак Міхаіл Фадзеевіч
Ксянзоў Кірыл Уладзіміравіч Кузяцоў Ігар Мікалаевіч Кулак Жанна Язэпаўна Кульбеда Дзмітры Сярг.
Кульбіцкі Пятро С. Кундас Ганна Кухарчык Пётр Андрэевіч
Лабадзенка Глеб Паўлавіч Лагутаў Віталь Лажкова Наталля Лапановіч Андрэй Васільевіч
Лапкоўскі Алег Мікалаевіч Лаўнікевіч Дзяніс Эдуардавіч Лесавы Кірыл Лецяга Ігар
Ліннік Міхаіл Аляксандравіч Ліннік Сяргей Мікалаевіч Літвіненка Аляксандр Лукін Ілля Міхайлавіч
Лявіцкі Антон Мікалаевіч Макарыч Максім Міхайлавіч Макоўская Алена Максімава Кацярына
Маоклы Дзяніс Ігаравіч Мароз Наталля Алегаўна Марчанка Пётр Георгіевіч Машанскі Аляксандр Іванав.
Машынская Ірына Антонаўна Мікалаеўская Анастасія Іван.
Місцюк Уладзімір Мікалаев. Місцюкевіч Аляксандр Іван.
Млынарчык Марыя Молчан Барыс Валянцінавіч Мулашкіна Лізавета Дзмітр.
Муха Анатоль Міхайлавіч Навіцкі Пётр Лявонавіч Найдзёнава Вера Нашкевіч Дар'я Іванаўна Недзялкаў Яраслаў
Нікалаеўская Вольга Нікалаеўская Вольга Ігараўна Нікановіч Васіль Васільевіч Новікава Марыя Сяргееўна
Пазняк Жанна Панізнік Алена Іванаўна Паплыка Аляксандра Сярг.
Парда Аліна Іванаўна Пастарнак Барыс Натанавіч
Паўлоўская Ганна Валер'еўна Пашкевіч Алег Эдуардавіч Пашкевіч Мікалай Іванавіч Пашкевіч Таццяна Валер.
Піскун Андрэй Анатольевіч Пракоф'ева Юлія Прыбыткова Святлана Пузанкевіч Сяргей Уладзім.
Пяткоўская Алена Іосіфаўна Пятроў Аляксандр Аляксан.
Радзівонава Ірына Яўгенаўна Радчук Віталь Дзмітрыевіч Рамук Алена Рашчэўскі Віталь Часлававіч Розін Дзмітры Барысавіч Рудовіч Мікалай
Русаў Пятро Аляксандравіч Рымша Алесь Георгіевіч Савік Мікола Пятровіч Савіна Анастасія
Сагалец Ілля Фёдаравіч Сакалоўскі Уладзімір Самасюк Аляксандр Міхайл.
Сарокін Арцём Адамавіч Семяненка Максім Уладзімір.
Сінцова Таццяна Скупановіч Уладзімір Леанід.
Смаль Валянцін Мікалаевіч Смола Таццяна Стрыгельская Наталля Анат.
Сухаверхі Міхаіл Пятровіч Сыч Ніна Лявонцьеўна Сяменчык Настасся Мікал.
Сяркоў Андрусь Сяткоўская Вераніка Уладзім.
Талапіла Алесь Львовіч Талатай Святлана Талерчык Тамара Васільеўна Танкевіч Аляксандр Яўген.
Ткачова Вольга Трапашка Марыя Трацяк Вера Тумаш Генадзь Тупік Кацярына Віктараўна Усцінава Людміла Нікіфар.
Хасанаў Ігар Храпавіцкая Тамара Аркадз.
Хрол Часлаў Часлававіч Цітко Валянцін Уладзіміравіч Ціцянкова Галіна Цішкевіч Вольга Іосіфаўна Цішко Валянцін Уладзімірав.
Цыганкоў Генадзь Васільевіч Цюшкевіч Сяргей Анатол.
Чапля Данута Чарнышоў Алесь Ігаравіч Чарткоў Мікола Алегавіч Чыгір Клаўдзія Сцяпанаўна Чысцякоў Аляксей Уладзім.
Шалупенка Васіль Іванавіч Шарашовец Аляксандр Мік.
Шумскі Ягор Аляксандравіч Шусціцкі Тадэвуш Віктарав.
Шымірка Анатоль Шыпай Аляксандра Генадз.
Шычко Валянціна Шычко Святлана Вячаслав. Шэравера Руслан Уладзімір.
Юран Антон Язерскі Сяргей Ярмац Аляксандр Аляксанд.
Яўцюшкіна Таццяна Алякс. Ячычка Віктар

ААТ "Крыніца", г. Менск выпускае папулярны ў Беларусі і не толькі квас "Старажытны" з дадатковым слоганам "Як мае быць" Асноўныя надпісы на этыкетцы выкананы па беларуску. Тэхналагічныя надпісы зроблены паруску.


Кніга Леаніда Лыча

Кніга доктара гістарычных навук Леаніда Лыча «Уніяцкая царква Беларусі» з'яўляецца арыгінальным даследаваннем актуальнай і важнай тэмы. Вядома, што на працягу досыць значнага гістарычнага прамежку ўніяцтва было адной з самых моцных хрысціянскіх канфесій у Беларусі. Аўтар імкнецца быць аб'ектыўным, паказвае няпросты шлях станаўлення гэтай канфесіі. Ідэя ўніяцтва была папулярнай як сярод свецкіх валадароў Вялікага Княства Літоўскага, так і герархаў духоўных, многія з якіх жадалі самастойнасці ад Рускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, які, у сваю чаргу, рабіў усё магчымае, каб утрымаць беларускае праваслаўе ў поўным сабе падпарадкаванні. Аднак з утварэннем саюзнай дзяржавы Рэчы Паспалітай, у якую як раўнапраўныя ўвайшлі Вялікае Княства Літоўскае і Польшча, адбываецца ўсё большы ціск моцнай заходняй суседкі на Беларусь, у тым ліку і ў абсягу канфесійным, што выяўлялася ў экспансіі каталіцызму. А гэта ставіла сітуацыю на мяжу міжканфесійнай варажнечы і нават вайны. У гэтай сітуацыі ідэя уніі ўяўлялася адным з найбольш прыдатных варыянтаў вырашэння надзвычай складанай як рэлігійнай, так і дзяржаўнай праблемы. У кнізе распавядаецца пра падрыхтоўку і падпісанне Берасцейскай царкоўнай уніі. Даследчык паказвае, што на першых парах яе ідэя не была папулярнай сярод шырокіх пластоў народа. Аднак яна набірала моц, трываласць і папулярнасць дзякуючы таму, што замацоўвалася на беларускім нацыянальным, народным грунце, - набажэнства вялося на роднай беларускай мове, на ёй стваралі высока адухоўленыя творы такія волаты духу, першагерархі ўніяцкай царквы, як Язэп Руцкі і многія іншыя, адбываецца сапраўдны ўзлёт сакральнага жывапісу і архітэктуры.

За час ад Берасцейскай уніі 1596 года ўніяцтва стала адной з самых моцных і шматлюдных канфесій у Беларусі, у некаторых ваяводствах, напрыклад, Наваградскім, колькасць вернікаў дасягала дзевяноста адсоткаў сярод усяго насельніцтва. Сітуацыя рэзка памянялася пасля захопу Беларусі Расійскай імперыяй. Пачынаецца, па сутнасці, разгром уніяцтва. У 1839 годзе наступае яго афіцыйная забарона. Тры апошнія параграфы кнігі названы «Цяжкія паследкі дэунізацыі», «Не памірала памяць пра унію», «Пакутны шлях адраджэння».

Першае, невялікім накладам, выданне кнігі «Уніяцкая царква Беларусі» разышлося імгненна. З улікам шматлікіх просьбаў кніга перавыдадзена. Каардынатар перавыдання кнігі Яўген Лецка.

Наш кар.


Вярнулі мемарыяльную шыльду Ларысы Геніюш

Воля - не тое, што рукі развяжуць,

Зменяць на большую клетку малую.

Воля - не тое,

што "вольны ты" скажуць,

Воля - то воля, якую адчую.

Гэтыя паэтычныя радкі не раз згадвалі ўдзельнікі літаратурнага свята, прысвечанага 100годдзю беларускай паэткі, змагаркі і патрыёткі Ларысы Геніюш, якое адбылося летась, 7 жніўня, у Зэльве. На свята тады з'ехаліся больш за 500 чалавек з розных куткоў Беларусі, а таксама з Вільні, Беластока, Масквы.

Але за некалькі дзён да юбілейнай урачыстасці ў Зэльве мясцовыя чыноўнікі і міліцыянеры знялі з дома, дзе жыла паэтка, мемарыяльную шыльду, якую планавася тады адкрыць на свята. Шыльду зрабіў вядомы беларускі мастак Алесь Шатэрнік.

Знялі мемарыяльную дошку і завезлі яе ў Зэльвенскі раённы аддзел унутраных спраў, дзе яна і заходзілася амаль год. Некалькі разоў на працягу гэтага часу мы спрабавалі забраць твор мастацтва з міліцыі, але яго не аддавалі. "Маўляў, будзе загад з Зэльвенскага райвыканкама, тады, калі ласка, мы яе вам аддамо", - казалі зэльвенскія міліцыянеры.

І вось нарэшце такі загад у міліцыю паступіў. І 20 чэрвеня аўтар гэтых радкоў і беларускі пісьменнік Міхась Скобла наведалі Зэльвенскі РАУС, дзе маёр міліцыі Валерый Парфенчык пад распіску аддаў нам шыльду Ларысы Геніюш, дадаўшы, што крыміналу ў тым, што была замацавана шыльда, няма. Падчас такой "акцыі" нас найбольш цікавіла пытанне, а хто ж даваў загад здымаць шыльду з прыватнага дома ў Зэльве. Тым больш, што гаспадыня дома дазволіла яе ўстанавіць. А таксама быў дазвол на яе ўстаноўку з іншых інстанцый раёна і вобласці. З дакументаў у міліцыі, з якімі мы азнаёміліся, стала вядома, што такі загад на свята 100гадовага юбілею вялікай беларускай паэткі паступіў ад аднаго з чыноўнікаў ідэалагічнага аддзела Зэльвенскага райвыканкама (прозвішча вядома). І яго распараджэнне на местачковым узроўні было выканана.

Дарэчы, замест сапраўднай шыльды ўдзельнікі свята летась прымацавалі папяровую шыльду, якая знаходзіцца на доме да сённяшніх дзён. Па словах Міхася Скоблы,сапраўдная мемарыяльная шыльда на доме, дзе жыла Ларыса Геніюш, усё ж будзе ўстаноўлена.

Нагадаем, што год таму ў той самы святочны дзень, хаця была дамоўленасць, не пусцілі ўдзельнікаў урачыстасці і ў раённы Дом культуры. Ён аказаўся зачыненым. Свята прыйшлося працягваць на ступеньках Зэльвенскага РДК пад пякучым сонцам.

Сяргей ЧЫГРЫН.

На здымку: Міхась Скобла выносіць з памяшкання зэльвенскай міліцыі шыльду Ларысы Геніюш. Фота аўтара.


Памяць святая жывых!

Сёння, у 70я ўгодкі пачатку Вялікай Айчыннай вайны і ў дзень памяці вялікага Васіля Быкава кожны з нас яшчэ больш адчувае свой святы абавязак помніць і шанаваць палеглых у баях за Айчыну, за нас, жывых... Але ж наш святы абавязак не забываць не толькі тых, хто аддаў свае жыцці ў бітвах на ратным полі, але і тых, хто працаваў і ішоў па мірным жыцці побач з намі і апошнім часам пайшоў ад нас у свет іншы... Гэтыя людзі сваёй мірнай працай, усім сваім жыццём заслужылі таго, каб мы былі ім ўдзячныя і сказалі пра іх добрае слова...

А ў ветэранскім аб'яднанні такія людзі былі, і яны намі не забытыя. Напрыклад, зусім свежыя ў нашай памяці ўспаміны і ўражанні пакінуў нядаўна пайшоўшы з жыцця ветэран вайны, удзельнік баёў пад Берлінам Леанід Рыгоравіч Закурдаеў. Мусіць, вышэй ад усякіх слоў пахвалы постаць гэтага найлюдскага і чулага да людзей чалавека. I ён такім запомніўся нам усім не толькі тады, калі звяртаўся да людзей з разумнымі і слушнымі прапановамі на сходзе, але і пры сустрэчах з людзьмі, у паўсядзённым жыцці...

Памятаецца, як разам з усімі намі ён балюча перажываў смерць вялікага сына зямлі беларускай, народнага пісьменніка Васіля Быкава. Пра тое сведчылі не толькі слёзы на вачах ветэрана, але і яго пранікнёныя словы. Не выпадкова ўскалыхнутае боллю ветэранскае аб'яднанне паслала на пахаванне Васіля Быкава разам са сваім старшынём Мікалаем Аляксандравічам Мельнікавым менавіта яго, Леаніда Рыгоравіча Закурдаева... I калі яго ў доўгай, здавалася, бясконцай калонешэсці, што праводзіла ў апошні шлях пісьменніка прадстаўнік масмедыя запытаў, што прывяло яго сюды на пахаванне, бескампрамісны франтавік адказаў: любоў да Быкава і нянавісць да яго недругаў...

I тыя словы любові да сапраўды любімага народам пісьменніка былі не дзеля словаў. Адразу ж, вярнуўшыся з паховін, Мельнікаў і Закурдаеў пры аднадушнай падтрымцы ўсяго аб'яднання на сваім сходзе вырашылі стварыць не проста мемарыяльны, літаратурны пакой, як прапаноўвалася спачатку, а музей Васіля Быкава. I адразу ж пры цеснай і ўсебаковай падтрымцы і дапамозе сваякоў Быкава і сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў пачалася карпатлівая праца па стварэнні музея. I сёння, калі браць пад увагу не толькі афармленне экспазіцыі ў невялічкім пакойчыкуофісе аб'яднання, але і колькасць, і актуальнасць сабраных матэрыялаў, то можна без усякай нацяжкі сказаць, што музей адбыўся...

I ў яго станаўленні і працы адчувалася пастаянная падтрымка разам са старшынём аб'ядання яго нястомнага баявога намесніка зноў таго ж Леаніда Закурдаева. Чаго толькі былі вартыя ўжо самі словы яго падтрымкі, скіраваныя да моладзі. Помню, як на навуковапрактычнай канферэнцыі ў аб'яднанні па фармаванн ў вучняў і моладзі нацыянальнай свядомасці праз грамадскія арганізацыі Леанід Рыгоравіч Закурдаеў сказаў: "Што тычыцца майго меркавання, то я паслухаў вас тут і на душы стала больш лагодна ад таго, што ўсё ж не згас яшчэ да астатку адраджэнцкі і нацыянальны дух народа, хоць яму і нялёгка цяпер, але беларускасць, нацыянальны гонар усё ж пакрысе цярэбяць дарогу да людскіх сэрцаў. А значыць Беларусь наша будзе жыць, будзе яшчэ годнай дзяржавай у свеце, а мы пачнём "людзьмі звацца", будзем, як кажуць, людзьмі сярод людзей"

Яркі і незабыўны след у дзейнасці аб'яднання і музея Васіля Быкава пакінуў другі яго нястомны руплівец і прыхільнік беларускага нацыянальнага Адраджэння Апанас Пятровіч Цыхун. Нягледзячы на свой ужо больш, чым 90гадовы ўзрост, Апанас Пятровіч да апошняга дня не спыняў сваю шматгранную працу на культурнаасветніцкай ніве. шмат зрабіў як заслужаны педагог і краязнаўца Гарадзеншчыны. Наш музей Васіля Быкава і бібліятэка музея "Спадчына" беражліва захоўваюць яго кніжкі пра землякаакадэміка Я. Карскага, "Скарбы народнай мовы", "Балады і легенды Гродзеншчыны" і інш.

Сёння тут можна было назваць не адну вечарыну ці сустрэчу з ветэранамі вайны і працы, сябрамі культурнаасветніцкага клуба моладзі імя Каліноўскага з удзелам Апанаса Пятровіча Цыхуна, дзе яго змястоўныя цікавыя выступленні і гутаркі прысутныя слухалі з неаслабнай увагай.

Цікавыя ўспаміны, запісы і фатаздымкі пакінуў Апанас Пятровіч і ў папках пад назовам "Музею В. Быкава перадалі". Разгорнем адну з іх. Вось што, напрыклад, ён узгадвае на старонках сваіх, перададзеных музею ўспамінаў, пра свае стасункі з Васілём Уладзіміравічам Быкавым.

"Лёс звязаў мяне з Васілём Уладзіміравічам Быкавым, калі ён жыў стала ў Гародні і пачынаў пракладвацьсвой шляху вялікую літаратуру. Мы часта сустракаліся ў рэдакцыі газеты "Гродзенская праўда" і на паседжаннях літаратурнага аб'яданмя, якія тады праходзілі ў доме Ажэшкі. Даводзілася бываць і ў яго на кватэры. Кіраўніком абласнога аб 'яднання быў тады паэт Міхась Васілёк.

Памятаю, сябры літаратурнага аб'яднання выступалі ў Парэчскай, Грандзіцкай, Ласасноўскай, Азёрскай і іншых школах. Асабліва запомнілася мне выступленне на літаратурным вечары ў Селіванаўскай школе, самы актыўны ўдзел у якім прымаў Васіль Быкаў. Закончыўся вечар позна, так што нам давялося ў школе заначаваць.

Васіль Быкаў на добрую памяць падарыў мне свае кніжкі з аўтографамі, якія я зберагаю, праглядаю, чытаю, успамінаю свайго блізкага па літаратурнай дзейнасці чалавека, выдатнага пісьменніка, шчырага і гарачага патрыёта нашай любай шматпакутнап Бацькаўшчыны.

У Васіля Быкава было вельмі многа блізкіх і знаёмых выдатных пісьменнікаў і паэтаў, але ён і мяне не забываў, пісаў да мяне з Фінляндыі, Германіі і з іншых мясцінаў. Вось яго віншавальная паштоўка на той час з Фінляндыі:

"Шаноўны Апанас Пятровіч, найперш з Новым годам Вас і святымі Калядамі. Дзякуй Вам за вашыя кнігі і віншаванні. Я далучаюся да высокіх і справядлівых слоў Ніла Гілевіча Вы іх заслужылі. Як толькі сын Ваш перадаў кніжкі, я іх прачытаў, захацеў патэлефанаваць Вам, але Ваш Генадзь даў мне няправільны нумар тэлефона, і мае спробы ўсе аказаліся няўдалыя. Ну але хоць позна цісну Вашу руку з ўвзячнасцю за тое, што Вы робіце і наогул за тое, што ёсць такія ветэраныпатрыёты, тым больш на Гарадзеншчыне, якая ў маім сэрцы займае пачэснае месцейка. Дай Вам Бог шмат гадкоў пад цёплым сонейкам!

Абдымаю Вас В. Быкаў"

Перабіраючы ў памяці імёны пайшоўшых з жыцця сяброў і таварышаў, спадароў і рупліўцаў ветэранскага аб'яднання, спыняешся на кожным з іх і яшчэ раз адчуваеш і бачыш, як нам іх сёння не хапае. Яны, як па вялікім рахунку, так і ў дробязях былі душой і сэрцам калектыва, яго аднадумцамі і вернымі паплечнікамі. Узяць бы хоць багатырскую постаць і разумную разважлівасць, дзелавітасць таго ж ці не самага прыкметнага і паважанага ў калектыве Канстанціна Станіслававіча Дзядзеля. Да яго і на радзе аб'яднання, і на сходах заўсёды прыслухоўваліся, яго меркаванне заўсёды цанілі. 3 ім раіліся і лічыліся не толькі ў межах аб'ядання, але і ў горадзе.

I вось няўмольны час, а падчас і абставіны вырываюць з нашых радоў, забіраюць людзей і не заўсёды нямоглых і слабых, сталага веку, а ўпаўне яшчэ працаздольных, не растраціўшых усіх сіл і энергіі. У іх ліку хацеў бы згадаць ранавата пайшоўшага з жыцця Аляксандра Міхальчыка, Ніну Лідскую, Паўла Жука, Чаславу Семяновіч і іншых. У гэтым беглым артыкуле я зусім далёкі ад таго, каб называць тут і пералічваць усё тое добрае і карыснае, што зрабілі гэтыя людзі, каб жыццё і праца аб'яднання і музея В. Быкава былі змястоўнымі і паспяховымі. Ды скажыце на чыстату, якімі словамі і ацэнкамі можна вымяраць тое, што рабіла штодзённа, пастаянна няўрымслівая і апантаная працай бібліятэкарка і журналістка па прызванні Ніна Лідская. У яе руках праца проста кіпела, за што б яна ні ўзялася. I гэтую яе кіпучую энергію магла перапыніць толькі хіба смерць.

I мы заўсёды былі і будзем удзячныя такім людзям, як раней, так і цяпер, калі іх ужо няма сярод нас...

Так, іх няма, але іх справы, старанне, адносіны да жыцця і людзей засталіся ў нашых сэрцах, пакінулі добры след у гісторыі і буднях ветэранскага аб'яднання, яго музея Васіля Быкава і служаць прыкладам для нас, жывых...

Таму наша памяць пра іх святая!

Аляксей Дземідовіч.


Маё бачанне незалежнасці

Незалежнасць - гэта калі, выйшаўшы з дому на вуліцу ці то для таго, каб зрабіць ранішнюю прабежку, ці мо ўжо, каб рушыць на працу, ты ўдыхаеш на поўныя грудзі смачнае ад чысціні і прахалоды паветра і выдыхваеш з асалодай: "Добрай раніцы, мая Беларусь!"

Незалежнасць - гэта калі па дарозе на сваё прадпрыемства ці ў сваю ўстанову ты бачыш то там, то тут на дзяржаўных і недзяржаўных будынках, у тым ліку на будынках улады, пракуратуры, суду, міліцыі і нават КДБ, які мо потым будзе называцца камітэтам народнай ці нацыянальнай бяспекі, трапяткія белчырвонабелыя сцягі, якія не толькі радуюць сваімі боскімі колерамі тваё вока, але і разам з "Пагоняй" саграваюць тваю душу, і ты яшчэ глыбей і выразней пачынаеш адчуваць сябе Грамадзянінам нашай Беларусі - еўрапейскай і дэмакратычнай. А гэта ж так важна для кожнага з нас.

Незалежнасць - гэта калі ты прыводзіш у дзіцячы садок сваіх сыночка ці дачушку і чуеш то злева, то справа гэткія хвалююча радасныя вітанні: "Добрай раніцы, Настачка!", "Добрай раніцы, Васілёк!", "Добрай раніцы, Кацярына Пятроўна!", а ў адказ - ужо дарослае: "Добрай раніцы ўсім вам, дзеткі!".

А яшчэ Незалежнасць - гэта калі тыя ж дзеткі ўжо за абедзеным сталом на роднай матчынай мове ціхенька жадаюць адно аднаму: "Смачна есці", увечары, развітваючыся, крыху з сумам кажуць сваім равеснікам і выхавальніцам: "Да пабачэння", а дома, ужо ўкладваючыся спаць, з лёгкім пазяханнем прамаўляюць сваім бацькам, брацікам і сястрычкам: "Дабранач".

Незалежнасць - гэта калі па дарозе на працу ты спыняешся ля газетнага кіёска, просіш кіяскёрку падаць табе свежы нумар "Народнай Волі ці "Нашай Нівы" - і прыгожая дзяўчына з ранішняй сонечнай усмешкай, ад якой і ў цябе святлее твар, падае тваю любімую газету са словамі: "Чытайце і мудрэйце на здароўе!"

У рэшце рэшт Незалежнасць - гэта калі кожны божы года 25 Сакавіка беларусы - ад малога да старога - дружна выходзяць на гарадскія і вясковыя плошчы і вуліцы, шчаслівыя і натхнёныя святам чарговай гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі - прамаці сёняшняй, а правільней будзе сказаць - заўтрашняй Беларусі, вітаюць адзін аднаго ўзмахамі белчырвонабелых сцяжкоў і моцнымі поціскамі рук, вакол радасныя людскія ўсмешкі, і, нібы тыя галубы, разлятаюцца ва ўсе бакі воклічы: "Жыве Беларусь!", а ў адказ гучаць шчырыя, напоўненыя гонарам і ўпэўненасцю ў заўтрашнім дні словы: "І будзе жыць!".

О, як жа ўсё гэта будзе сугучна з велікоднымі вітаннямі: "Хрыстос уваскрос!" - "Сапраўды ўваскрос!".

І такое абавязкова будзе. А падорыць нам гэткі шчаслівы час Яе Вялікасць - НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ.

Мікалай Рымач,

г. Івацэвічы.

* * *

Праўда хлусню пераможа!

Чую я голас з неба.

Інакш быць ніяк не можа,

Інакш мо і жыць не трэба.

Бо што за жыццё без веры

Ў праўду і справядлівасць?

З уладай як жыць без даверу,

Спазнаўшы яе няміласць

Да спадчыны продкаў,

да мовы,

Што Богам падаравана,

За сувязь з зямлёю кроўнай,

Якую мы любім аддана?

Скажыце, ці ж гэта нармальна,

Што ўніз галавою мы ходзім?

Беларусамі звацца фармальна

Нам ужо досыць. Годзе!

Таму мы і чуем з неба

Голас, што стукае ў сэрца.

Верыць! Нам верыць трэба -

Загляне і ў наша акенца

Промнем трохкаляровым -

Белачырвонабелым

Сонейка праўды і волі

Кранецца душы збалелай.

І вершнік з узнёслай "Пагоні"

Натхніць нас

на мужныя ўчынкі,

Якімі мы і абаронім

Гонар сваёй Айчыны.

І нашы азорацца твары

Ад здзейсненай даўняе мары,

З палёгкаю выдыхнуць грудзі:

"Жыла Беларусь

і жыць будзе!"

Мікалай Рымач.


Імша па ксендзу Адаму Фалькоўскаму

24 чэрвеня ў Лідскім фарным касцёле пробашч касцёла ксёндз Уладзімір адслужыў памінальную імшу па ўдзельніку паўстання 1863 года ксендзу Адаму Фалькоўскаму, пробашчу на Ішчалне, расстралянаму і пахаванаму ў Лідзе 148 гадоў назад 24 чэрвеня 1863 года. Летась на месцы расстрэлу ксендза Фалькоўскага быў пастаўлены і асвечаны памятны камень.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX