Вярнуцца: 2011

№ 27 (1022)


Дадана: 02-07-2011,
Крыніца: pawet.net.



НАША СЛОВА №27 (1022), 6 ліпеня 2011 г.


215 гадоў з дня нараджэння
Яна Чачота

ЧАЧОТ Ян Тадэвушавіч (7.7.1796, в. Малюшычы Карэліцкага рна - 23.8.1847), беларускі паэт, фалькларыст, перакладчык. Скончыў Наваградскую дамініканскую школу (1815). Вучыўся ў Віленскім універсітэце (1815-16). Працаваў у бюро па ўпарадкаванні архіваў князёў Радзівілаў (Вільня), на Лепельшчыне і ў бібліятэцы Храптовічаў на Наваградчыне. З 1818 сябар таварыства філаматаў; для студэнцкіх сходаў пісаў песні, вершы, балады на беларускай і польскай мовах на ўзор народных. Пра набліжанасць шэрагу яго вершаў да ўзроўню нар. песень, многія з якіх пакладзены на музыку Т. Занам, С. Манюшкам, сведчаць песні «Заспяваем...», «Да пакіньце горла драць», «Што старыя за вар'яты!», «Гэй, сябры, у гурт вясёлы!», «Гэй, малойцы», «Песенька на два галасы», «Неяк ля гаю мы з Зосяй лічылі...», «Касец», «Малацьбіты», «Праснічка», «Зязюлька», «Прыляцелі саколікі» і інш. Тэмы і вобразы для сваіх твораў чэрпаў з нар. казак, паданняў, песень. Фалькл. матывамі прасякнуты створаныя ім у 1818-19 балады «Свіцязь», «Бекеш», «Узногі», «Мышанка», «Калдычэўскі шчупак», «Наваградскі замак», «Падземны звон на горцы ў Пазяневічах», «Радзівіл, альбо Заснаванне Вільні». Напісаныя на польскай мове, яны адзначаны ўжываннем вялікай колькасці беларускіх слоў і выразаў, захаваннем у іх гістарычных фактаў і падзей, зафіксаваных у розных нар. пераказах, міфах, легендах, геаграфічных назвах. Выкарыстаныя фалькл. сюжэты дазваляюць адчуць дух роднай зямлі, засведчыць крэўную ўнутраную адданасць паэта свайму народу, зрошчванне з яго духоўным абліччам. Аснову балады «Бекеш» склала легенда пра Каспара Бекеша - венгерскага военачальніка, балады «Наваградскі замак» - нар. паданні пра злачынствы шведскіх захопнікаў на Беларусі ў 1655-60, балады «Падземны звон на горцы ў Пазяневічах» - казачны матыў пра царкву, што правалілася пад зямлю. Балады «Свіцязь», «Калдычэўскі шчупак», «Мышанка» заснаваны на паданнях пра затапленне легендарнага горада Свіцязь, пра шчупака, які быў злоўлены ў Свіцязі, а акальцаваны ў суседнім Калдычэўскім возеры, пра ўзнікненне назвы ракі Мышанкі і мястэчка Мыш. Падставай для балады «Радзівіл, альбо Заснаванне Вільні» паслужыла паданне пра вешчуна Лідзейку, які растлумачыў Гедзіміну яго сон, у выніку чаго была заснавана новая сталіца ВКЛ. Тут аўтар абапіраўся не толькі на нар. творчасць, але і на паведамленне з «Хронікі...» польскага гісторыка М. Стрыйкоўскага. Польскі даследчык С. Свірка засведчыў, што ў баладах Ч. «зафіксавана» 12 паданняў і казак, 10 матываў з нар. вераванняў і звычаяў, якія пададзены з вялікай дакладнасцю. Не мяняючы і не скажаючы фалькл. сюжэты, Ч. пазбягаў іх літаральнага пераказу, простага капіравання нар. паэзіі. Нар. легенды і паданні ён напаўняў сваімі назіраннямі, развагамі, фактамі з гісторыі, лірычнымі адступленнямі, цёплым гумарам. Яго творчасць падштурхнула А. Міцкевіча да стварэння балад паводле бел. фалькл. матываў. Збіраў бел. нар. песні, казкі, загадкі, прыказкі і інш. У запісах фалькл. твораў імкнуўся захаваць асаблівасці бел. гаворак, дакладнасць у апісанні нар. звычаяў і абрадаў. У 1837-46 выдаў 6 фалькл. зборнікаў «Сялянскія песні», куды ўвайшлі песні ў перакладзе на польскую мову і ў арыгінале, прыказкі, прымаўкі, слоўнік незразумелых слоў з песень з польскімі адпаведнікамі і ўласныя бел. вершы. Сярод песень вылучаюцца валачобныя або велікодныя, юр'еўскія або вясеннія, купальскія або святаянскія, калядныя або Божага нараджэння, жніўныя або летнія, дажынкавыя, вясельныя, хрэсьбінныя або хрысцінныя, дзіцячыя, сірочыя, розныя. У прадмовах да зборнікаў абгрунтаваў асаблівасці фальклору бел. народа, выклаў прынцыпы збірання і вывучэння фалькл. і моўнага матэрыялу, укладання фалькл. зборнікаў. Упершыню ў бел. фалькларыстыцы зроблена спроба навуковай класіфікацыі і жанраватэматычнага аналізу сабранага фалькл. матэрыялу, ацэнкі вартасці і значэння бел. фальклору ў развіцці нац. літаратуры і культуры. У 1996 выдадзены ў перакладзе на бел. мову нядаўна адшуканы вялікі цыкл песеньбалад Чачота «Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 года», напісаных на польскай мове ў 184244. Месяц таму "Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 года" надрукаваны ў кнізе С. Судніка "Літва".


12 ліпеня

у межах кампаніі "Будзьма"адбудзецца сустрэча

па тэме " Абарона беларускай мовы на дзяржаўным узроўні"

Пачатак а 18 гадзіне. Уваход вольны

Румянцава, 13, г. Менск.


140 гадоў з дня нараджэння
Паўла Дземідовіча

ДЗЕМІДОВІЧ Павел Пятровіч (10.07.1871, в. Мікалаеўшчына Стаўпецкага рна - 7.3.1931), этнограф, фалькларыст, краязнавец, педагог. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1890), Віленскі настаўніцкі інстытут (1897). З 1890 настаўнік у Менскім і Наваградскім паветах, выкладчык настаўніцкай семінарыі ў Выбаргу і педагагічных курсаў у Юр'еве (Тарту). З 1908 супрацоўнік аддзялення этнаграфіі Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце. 3 1915 настаўнік у Віцебску. 3 1919 у Менску, арганізатар і загадчык 13й школы (у верасні 1919 рэарганізавана ў Менскую бел. гімназію). 3 1920 інструктар і загадчык школьнага аддзела Наркамасветы Беларусі, з 1921 у Менскім інстытуце нар. адукацыі, настаўнік у школах Менска. 3 1925 член этнаграфічнай секцыі Інбелкульта. Даследаваў бел. сямейны побыт, нар. вераванні, фальклор. У адпаведнасці з гадавым кругам земляробчага календара падрабязна апісаў абрады і звычаі, пачынаючы ад калядных: вячэра на куццю, варажба, звязаная з будучым ураджаем і плоднасцю статка, а таксама дзяўчат аб замужжы; хаджэнне з зоркай, ваджэнне «казы», шчадраванне вечарам перад Новым годам, «засяванне» хаты зернем з песнямі, прыгаворамі ў дзень Новага года; прыводзіў калядныя забабоны і павер'і; апісваў ігрышчы моладзі, танцы, паказы батлейкі. Падкрэсліваў беднасць бел. сялянства. Пісаў пра выкарыстанне свянцонай вады на Вадохрышча, слабае ў параўнанні з Расіяй бытаванне Масленіцы на Беларусі (успомніў пра бел. масленічны абрад цягання калодкі), пералічыў традыцыйныя нар. стравы ў Вялікі пост, на Запускі. Адзначыў веснавое свята прылёту буслоў на Дабравешчанне, першы выган жывёлы на пашу, Вялікдзень. Апублікаваў валачобныя песні "Ішлі, прыйшлі валачобнікі", "Да ляцяць, ляцяць два галубочкі» (песнявелічанне сына гаспадара). Падрабязна апісаў абрады памінання памерлых на Радаўніцу, нар. свята Купалле з узорамі купальскіх песень, гулянні моладзі.

Супрацоўнічаў з М. Янчуком, М.ДоўнарЗапольскім. Апошняму перадаў частку свайго збору фалькл.этнаграфічных матэрыялаў.


Вінцуку Вячорку - 50

Вінцук (Валянцін) Рыгоравіч ВЯЧОРКА - беларускі палітык і лідар Партыі БНФ з 1999 па 2007 год.

Валянцін Вячорка нарадзіўся 7 ліпеня 1961 года ў Берасці. Бацька быў дарадцам у эканамічных пытаннях Пятра Машэрава, затым - намеснікам старшыні Дзяржплана БССР.

В. Вячорка скончыў філалагічны факультэт БДУ (1983) і Лінгвістычны інстытут АН БССР (1986). Ппрацаваў выкладчыкам у Менскім дзяржаўным педагагічным інстытуце і ў Беларускім гуманітарным ліцэі, а таксама журналістам і намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Спадчына».

З 1979 года Вячорка стаў актыўным удзельнікам нацыянальнага руху Беларусі. Ён з'яўляўся ініцыятарам некалькіх юнацкіх культурных груп і арганізацый: «Майстроўня» (1979-1984), «Талака» (1986-1989), Канфедэрацыі беларускіх юнацкіх арганізацый (1988-1989). .

Вінцук Вячорка балатаваўся у дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі XII і XIII скліканняў.

У 1988 з'яўляўся адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». Вячорка быў кіраўніком камісіі па праграмных дакументах і чальцом кіравання партыі. У 1995-1999 гадах ён быў намеснікам старшыні БНФ.

Аўтар і ўкладальнік шэрагу кніжак. Вядомы беларускі мовазнаўца і распрацоўшчык беларускага класічнага правапісу.

Вінцук Вячорка з'яўляецца заснавальнікам і кіраўніком адукацыйнай недзяржаўнай арганізацыі «Цэнтар "Супольнасць», а таксама быў старшынём рабочай групы Асамблеі няўрадавых арганізацый Беларусі (1999 - 2000)

Сябар Рады ТБМ, старшыня Тапанімічнай камісіі ТБМ.

Вінцук Вячорка валодае некалькімі еўрапейскімі мовамі, мае 3 дзяцей - Радаслава, Ружану і Франака. Франак Вячорка - моладзевы лідар і грамадскі дзеяч.


Лазарук Міхась Арсеньевіч

5 ліпеня 1926 г. - 14 лістапада 2000 г.

Лазарук Міхась Арсеньевіч - доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі (1995 г.), акадэмік Акадэміі педагагічных навук СССР (1982 г) зараз гэзета Расійская Акадэмія адукацыі і яшчэ некаторых менш значных акадэмій. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

50 год жыцця М.А. Лазарук аддаў справе развіцця народнай асветы нашай краіны.

Любоў да Радзімы і роднай мовы была тым стымулам, які даваў яму сілы для нястомнай, самаадданай, нават самаахвярнай работы на ніве асветы.

Пра яго творчы шлях расказана і напісана шмат. 75 годдзю М.А. Лазарука былі прысвечаны рэспубліканскія Мемарыяльныя навуковыя чатанні па тэме "Навуковапедагагічная і літаратуразнаўчая спадчына акадэміка М.А. Лазарука" праведзеныя Нацыянальным інстытутам адукацыі 4 кастрычніка 2001 г.

У матэрыялах канферэнцыі асэнсаваны канцэптуальныя ідэі і погляды акадэміка, яго роля ў развіцці літаратурнай адукацыі на сучасным этапе.

Пра Міхася Арсеньевіча - чалавека, асобу, творца, які пакінуў па сабе ўдячную памяць, расказваюць яго калегі, супрацоўнікі былыя вучні і паслядоўнікі.

Асветлены кожны кірукак шматгадавой педагагічнанавуковай і арганізацыйнай дзейнасці Міхася Арсеньевіча, паказана, які значны ўклад унёс ён у развіццё беларускай літаратуразнаўчай думкі, у тэорыю і практыку навучання: выхавання грамадзян нашай дзяржавы сродкамі роднага слова.

Калега М.А. Лазарука, акадэмік В.В. Івашын, падсумоўваючы вынікі працы М.А., піша: "... М.А. Лазарук належыць да тых літаратуразнаўцаў, дзейнасць якіх непасрэдна звязана з педагогікай, тэорыяй і методыкай выкладання літаратуры. Гэтая ўзаемасувязь літаратуразнаўства з педагогікай, навучаннем і выхаваннем знайшла выяўленне ў многіх яго даследаваннях. Вучоны шырокага дыяпазону інтарэсаў М.А. Лазарук унёс вялікі ўклад у даследаванне важнейшых праблем літаратуразнаўства, тэорыі і методыкі выкладання літаратуры. Ён з'яўляецца аўтарам больш, чым 220 навуковых прац. Сярод іх манаграфіі, зборнік, брашуры, літаратурнакрытычныя артыкулы, праграмы, падручнікі (для сярэдняй і вышэйшай школы, якія выдаюцца і пасля яго смерці, Т.К. Лазарук) , навуковыя дапаможнікі, некаторыя з іх выкананы ў суаўтарстве (М.А. Лазарук і праблемы літарурнай адукацыі ў Беларусі" Мн., 2003 г.).

З 50ці год працоўнай дзейнасці М.А. Лазарука 30 год звязаны з Менскім педагагічным інстытутам (зараз - Акадэмія педагагічных навук Беларусі імя М. Танка). Тут ён -спачатку студэнт, аспірант, потым выкладчык, дэкан, прарэктар па вучэбнай рабоце інстытута.

20 год працы, амаль да апошніх год жыцця, Міхась Арсеньевіч быў дырэктарам Навукова даследчага інстытута педагогікі Беларусі (зараз Нацыянальны інстытут адукацыі (НІА)

Некалькі год (19591961) Міхась Арсеньевіч працаваў у Варшаўскім унце на кафедры беларускай філалогіі і выкладаў гісторыю беларускай філалогіі.

М.А. Лазарук прайшоў тыповы шлях беларускага інтэлігента, на лёсе якога адбіліся падзеі таго перыяду гісторыі краіны, як светлыя, так і негатыўныя.

Нарадзіўся Міхась Арсеньевіч на Случчыне ў сялянскай шматдзетнай сям'і. З дзяцінства спазнаў цяжкасці сялянскага жыцця, а яшчэ і сіроцтва.

У сярэдзіне 30х гадоў, калі ў краіне пачаўся пошук "ворагаў народа", яго бацьку, які працаваў на калгаснай свінаферме, за нязначную дробязь арыштавалі і асудзілі на 3 гады турмы. А дома засталіся чацвёра малагадовых дзяцей - старэйшаму ішоў 11ты год, Міхасю - 9ты, яшчэ быў пяцігадовы, а самаму малодшаму было ўсяго два гады. А з імі старэнькая, хворая на падагру бабуля і цяжарная жонка. Яна не магла дазволіць сабе нарадзіць пятае дзіця без кармільца сям'і. Лёс яе трагічна абарваўся.

Асірацелая сям'я зведала і галечу, і голад. Нечым дапамагаў калгас, і добрыя вясковыя людзі, чым маглі, дапамагалі сям'і выжыць.

Праз многа год пазней ужо дарослыя браты жартавалі, што ў дзяцінстве яны елі толькі белы хлеб. Бо калі ў хаце здараўся сапраўдны чорны хлеб, то яго пакідалі для малога, а для астатніх быў хлеб, спечаны з бульбы з нейкімі дабаўкамі - белага колеру.

Калі вярнуўся з турмы бацька, жыццё пачало наладжвацца. Праз некаторы час бацька ажаніўся ў другі раз. У дом прыйшла вясковая працавітая беларуска. Ад другога шлюбу нарадзілася яшчэ пяцёра дзяцей - 4 дзяўчынкі і хлопчык. Разумная і добрая маці (яе нельга назваць мачыхай) не падзяляла дзяцей на "маіх" і "не маіх". Даглядала, любіла і шкадавала ўсіх аднолькава.

Дзеці раслі, вучыліся. Міхась старанна і добра вучыўся, цягнуўся да ведаў. Ён быў здольны хлопчык - ужо ў школе пачаў складаць вершы. Нешта, нават, друкавала раённая газета. Нядрэнна маляваў, капіраваў карціны, партрэты правадыроў. Асабліва падобным атрымліваўся партрэт Сталіна.

У 1940 годзе Міхась скончыў сямігодку і паступіў у Менскі чыгуначнамеханічны тэхнікум. Правучыўся толькі год, бо пачалася вайна. Міхасю пашанцавала выбрацца з пылаўшага пад нямецкімі бомбамі Менска і з вялікімі цяжкасцямі дабрацца да роднай вёскі. Тут у часы акупацыі ён жыў з бацькамі і працаваў на гаспадарцы.

У 1944 годзе, калі Случчына была вызвалена зпад акупацыі, Міхасю споўнілася 18 год, і ён быў мабілізаваны ў армію.

Простым шараговым салдатамсувязніком ён прайшоў дарогамі вайны ад Менска да Нямеччыны. Спазнаў усе нягоды і жахі - мінныя палі, артабстрэлы, цяжкія баі. Асабліва яму запомніліся баі за Заёлаўскія вышыні пад Берлінам. Не аднойчы смерць была побач. Але Бог сцярог - застаўся жывы. Меў лёгкія кантузіі, застудзіў ногі, што пазней дало сябе знаць. Дзень Перамогі сустрэў у Берліне.

За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне атрымаў шэраг узнагародаў, у т.л. ордэн Чырвонай Зоркі і медалі за ўдзел у баях за вызваленне сталіц дзяржаў Усходняй Еўропы.

У 1947 годзе Міхась дэмабілізаваўся і зноў пайшоў вучыцца. Экстэрнам здаў экзамены за сярэднюю школу і паступіў на філфак Менскага педінстытута. Вучыўся вельмі сур'ёзна, толькі на выдатна. Пасля заканчэння інстытута паступіў у аспірантуру і ў 1954 годзе паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме "Творчасць Пімена Панчанкі". У 1970 годзе абараніў доктарскую дысертацыю, якая была прысвечана станаўленню беларускай паэмы ў другой палове ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя.

Мы з Міхасём Арсеньевічам пражылі разам 50 год. Ажаніліся ў 1950 годзе, яшчэ былі студэнтамі ён апошняга курса інстытута, а я вучылася ў гэтым жа інстытуце на вячэрнім аддзяленні і працавала.

У гады вайны, знаходзячыся ў эвакуацыі ў Расіі, я скончыла Маскоўскі палітэхнікум сувязі, атрымала дыплом (з адзнакай) і вярнулася ў Менск. Працавала тэхнікам у Міністэрстве сувязі і паступіла вучыцца на вячэрняе аддзяленне гістарычнага факультэта Менскага педінстытута. Па заканчэнні інстытута амаль чвэрць стагоддзя (да пенсіі) працавала бібліёграфам у Дзяржаўнай бібліятэцы Беларусі імя У.І. Леніна (зараз Нацыянальная бібліятэка Беларусі).

Пачыналі сумеснае жыццё з Міхасём мы не з раскошы. Здымалі пакойчык у прыватным доме, дзе пражылі 6 год. Тут у нас нарадзіліся двое нашых сыноў. Потым нам ад Міністэрства сувязі далі двухпакаёвую кватэру, што было для нас вялікай падзеяй. Жылі мы сціпла, на маю невялікую зарплату і стыпендыю Міхася, і яшчэ невялікія ганарары за артыкулы, вершы байкі Міхася, якія з'яўляліся ў друку. Чым мог, дапамагаў бацька Міхася - Арсеній Данілавіч, у якога была свая немалая сям'я.

Калі Міхась Арсеньевіч пачаў працаваць выкладчыкам у інстытуце, жыццё змянілася, паступова наступіў дабрабыт.

У 1959 годзе Міністэрствам вышэйшай адукацыі Міхась Арсеньевіч быў камандзіраваны ў ПНР, працаваць на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Выкладаў гісторыю беларускай літаратуры. Добра вывучыў польску мову, многа чытаў, вывучаў і пазнаваў краіну. Калі я прыязджала да яго ў Польшчу, знаёміў мяне з польскімі гарадамі і іх славутасцямі. Як экскурсавод вадзіў у музеі, тэатры. Работа выкладчыка ва ўніверсітэце ў Польшчы добра аплачвалася. Тут ён зарабіў на першую сваю аўтамашыну, атрымаў міжнародныя правы, добра кіраваў машынай. За 30 год за рулём ні разу не трапіў у дарожнае здарэнне. Сам даглядаў і рамантаваў, што мог. У Міхася Арсеньевіча была не толькі светлая галава, але і ўмелыя рукі. Ён мог адрамантаваць амаль усё ў доме, не толькі электра і радыёпрыборы, нават заглядваў і ў тэлевізар. Умеў сталярнічаць. Калі ў нас не было грошай на мэблю, то мог сам змайстраваць кухонны стол, шафку, нават тахту. З дошак збіваў скрыню, на якую прыстасоўваў матрац - атрымліваўся прыстойны ложак. А калі мы атрымалі дачны ўчастак, то Міхась Арсеньевіч многа ўсяго там зрабіў сваімі рукамі і ў доме, і на зямлі. Сам пасадзіў сад і даглядаў яго, умеў і любіў выконваць сельгасработы (акрамя праполкі). Вельмі любіў прыроду, вёску. І калі ён стамляўся за пісьмовым сталом на дачы, а ён заўсёды браў на дачу работу, то душа яго адпачывала ў зносінах з прыродай.

Увогуле Міхась Арсеньевіч быў чалавек вельмі здольны і працавіты. Я ніколі не бачыла яго без справы. Калі ў доме з'явіўся пісьмовы стол, то муж пасля прыходу з работы многа гадзін працаваў за ім. А калі займеў кабінет, то ў гэтым пакоі вельмі позна гарэла святло - ён працаваў.

За навуковыя і працоўныя заслугі М.А. Лазарук быў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, апошняй з якіх быў медаль Францыска Скарыны (да 70гадовага юбілею).

Усё ў яго было тэрміновае, меў вялікае кола зацікаўленняў. Акрамя галоўнага - літаратуры, ён цікавіўся гісторыяй, культурай, мастацтвам розных народаў, а таксама філасофіяй, эстэтыкай, нават рэлігіяй і медыцынай. Усяго не пералічыць. Імкнуўся авалодаць рознымі мовамі.

У жыцці і побыце Міхась Арсеньевіч быў чалавекам з вельмі сціплымі патрабаваннямі. Выхаваны з маленства ў даволі суровых умовах, ён умеў задавальняцца малым. За абедзенным сталом ніколі не меў прэтэнзій. Наогул, я часта бачыла, што ён думае не аб страве, якую еў, а зусім пра іншае - вырашае нейкую праблему. Галоўным у яго была работа. Міхась Арсеньевіч вельмі мала клапаціўся пра сваё здароўе - не хапала часу, ды і не любіў ён хадзіць да дактароў. І часам я рабіла гэта за яго - раілася з дактарамі, выпісвала лекі і шукала іх. Толькі ў апошнія гады, калі ён быў ужо цяжка хворы, пачаў усур'ёз задумвацца пра здароўе. Вельмі мужна і зацята змагаўся з напаткаўшай яго хваробай. І каб не гэтае змаганне, то ён даўно не мог бы хадзіць. А ён не здаваўся: стараўся не дэманстраваць сваю бяду.

Міхасю Арсеньевічу катастрафічна не хапала часу, каб паспець зрабіць усё, што ён планаваў. Усё жыццё я чула: у мяне работа, работа, работа... Нават, калі яго клалі ў бальніцу, ён браў з сабой партфель з кнігамі, паперамі і там знаходзіў магчымасць працаваць. У апошні раз, калі яго забралі ў бальніцу, ён таксама ўзяў з сабой работу, але працаваць ужо не змог.

А ў яго засталося яшчэ столькі задуманага і не зробленага, таго, што павінен быў завяршыць. Але я ўпэўненая, што колькі б яму яшчэ ні было дадзена жыць, ён бы ўсяроўна не паспеў зрабіць, што хацеў. Такім быў М.А. Лазарук - няўрымслівым, працавітым і мужным.

Вельмі любіў жыццё з усімі яго праявамі - радасцямі і бедамі, якія мужна ўмеў пераносіць. Любіў людзей, быў добры да тых, каму патрэбна была дапамога

Любіў сваю РадзімуБеларусь і родную матчыну мову.

Тамара Лазарук.


Гародня. Першыя вынікі 2011 года.

Скончыўся першы месяц падачы заяў бацькоў у беларускія класы. Якія вынікі?

Кастрычніцкі раён.

На жаль, з 70 бацькоў Кастрычніцкага раёна , якія па звестках аддзела адукацыі жадалі вучыць дзяцей пабеларуску заявы падалі 7 чалавек. Ёсць спадзяванні, што да канца жніўня ахвотных стане больш. Пералік навучальных устаноў, дзе пададзены заявы ў першы беларускі клас:

Гімназія №4 1 (вул. Рэпіна);

СШ №19 1 (Ласосна);

СШ №31 1 (Вішнявец);

СШ №33 1 (вул. Томіна, Славінскага);

СШ №34 2 (Вішнявец);

СШ №35 1 (Паўднёвы).

Па звестках аддзела адукацыі базавай школай для адкрыцця беларускага класа ў Кастрычніцкім раёне плануецца зрабіць СШ №34. Побач СШ №31 і недалёка СШ №33, СШ №35, дзе таксама ёсць заявы на вучобу дзетак у беларускім класе. Будзе выдатна, калі тыя, хто падаў заявы ў іншыя школы, падтрымаюць спробу стварэння беларускага класа і напішуць заяву ў беларускі клас СШ №34. У мікрараёне "Вішнявец" і "Дзевятоўка " для маленькіх дзетак з бацькамі плануецца пусціць аўтобус "Бацькоўскі маршрут" па звычайных коштах.

Ленінскі раён.

Базавай школай абрана СШ №32, дзе з мінулага года навучаецца ў беларускім класе адна вучаніца. Таму ў другі беларускі клас гэтай школы аб'яўлены дадатковы набор дзетак.

У першы беларускі клас на першае ліпеня пададзена 5 заяў. Гэта наступныя навучальныя ўстановы:

Гімназія №6 1 (вул. Дзяржынскага, 111);

СШ №7 1 (вул. Камарова,15);

СШ №32 3 (Ліможа,11).

Тэлефон сакратара школы №32: 413192(Баярчык Гелена Вацлаваўна).

Завуч пачатковай школы №32: МТС 7874354 (Багдановіч Валянціна Іванаўна).

Прадстаўнік бацькоўскага камітэта па адкрыццю беларускага класа: 706289, пасля 18.00 (Астроўская Аксана).

Тэлефоны начальніка аддзела адукацыі гарвыканкама: 720558,720402 (Блажэй Сяргей Валер'янавіч).

Тэлефон Кастрычніцкага раённага аддзела адукацыі: 520566 (Аляксандра Ўладзіміраўна).

Тэлефон Ленінскага раённага аддзела адукацыі: 721065 (Аксана Сяргееўна).

Тэлефоны гарадзенскага абласнога ГА "Таварыства беларускай мовы": Вэлкам 9435809 (Крой Аляксандр Ільіч), МТС2859307 ( Буднік Іван Фёдаравіч).


Імпрэза ў ТБК

У суботу, 26 чэрвеня, ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве адбылося чарговае мерапрыемства.

Першым выступіў старшыня ТБК спадар Хведар Нюнька, які распавёў аб пачатку Другой Сусветнай вайны. Як вядома, у СССР, дый і зараз у сучаснай Беларусі, пачаткам вайны лічыцца 22 чэрвеня 1941 года. Насамрэч, для нашай тэрыторыі (Заходняя Беларусь) вайна распачалася значна раней, у верасні 1939 года. І многія беларусы вайну адчулі менавіта тады. Спадар Хведар узгадваў і тыя моманты, што 17 верасня 1939 года беларусы бальшавікоў сапраўды сустракалі з кветкамі ў руках як вызваліцеляў. Але пасля зведаўшы іх рэжым, з тым жа энтузыязмам сустракалі немцаў, як чарговых вызваліцеляў. У яго ўспамінах прагучалі карціны з першых дзён вайны і аб тым, як жыло тады насельніцтва. І вядома, гэтыя ўспаміны, розніліся ад тых, што давала і дае афіцыйная прапаганда. Простаму чалавеку ў тых складаных умовах патрэбна было толькі адно - выжыць. Таму даводзілася шмат прыстасоўвацца пад зменлівыя ўлады.

22 чэрвеня адзначаліся і чарговыя ўгодкі з дня смерці класіка беларускай літаратуры, аднаго з найвялікшых геніяў беларускай нацыі Васіля Быкава. Даклад аб ім прачытала Крыстына Балаховіч. Варта адзначыць, што большасць творчасці Васіля Быкава была прысвечана менавіта гэтай вайне. І самае цікавае - ён усё жыццё пісаў пра вайну і памёр у той самы дзень, калі афіцыйна для СССР распачалася Другая Сусветная вайна. І пісаў пра вайну не з расповядаў франтавікоў, а з асабістага досведу, бо на ўласнай скуры зведаў акопную праўду. Ён з'яўляецца сумленнем беларускай нацыі, а ў самой Беларусі практычна забаронены. Васіль Быкаў апошнія гады свайго жыцця быў змушаны пражыць за межамі любай сэрцу і дарагой Бацькаўшчыны. Праўда, паміраць прыехаў у родную Беларусь. А яго пахаванне ў Менску з'яднала беларускую нацыю і ці не першы раз паказала ўладам, што беларусы могуць у такія моманты аб'ядноўвацца і адстойваць свае інтарэсы. На яго пахаванні ад ТБК прысутнічаў Хведар Нюнька, які таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі ад таго моманту.

Васіль Быкаў тая фігура, якая можа з'яднаць вакол сябе беларускую нацыю. І, відаць, гэта найбольш вядомы беларускі пісьменнік паза межамі Беларусі, на творах якога ўзрасло не адно пакаленне людзей з розных краінаў.

У чэрвені адзначаліся 115 угодкі з дня нараджэння пралата Пятра Татарыновіча, аднаго з найбольш выдатных беларускіх каталіцкіх святароў. Так склаўся яго лёс, што значную частку свайго жыцця ён быў змушаны пражыць паза межамі Беларусі. Нягледзячы на гэта, вельмі шмат зрабіў для папулярызацыі і захавання Беларусі ў каталіцкім і не толькі свеце.

Пралат Пётр Татарыновіч перадусім вядомы як заснавальнік беларускай секцыі Ватыканскага радыё. Ён быў і першым рэдактарам гэтай перадачы. Сёння беларуская служба Ватыканскага радыё вяшчае штодня, два разы на суткі. Тады ж, у той далёкі час, яно вяшчала толькі раз на тыдзень.

П. Татарыновіч быў заснавальнікам і выдаўцом беларускага каталіцкага часопіса "Зьніч". Біскуп Чэслаў Сіповіч так пісаў пра гэты часопіс і асобу пралата: ""Зьніч" - гэта незвычайная з'ява ў гісторыі беларускага друкаванага слова! І гэта не толькі, дзеля мейсца свайго нараджэння, але і дзеля доўгіх гадоў свайго існавання /19501975/, а такжа і дзеля іншых абставінаў. На працягу блізу 25 гадоў адзін і той самы рэдактар і выдавец, той самы аўтар большасьці артыкулаў, ён жа і мастак і кальпортар! Хто ж не помніць ксяндза Пятра пахіленага над невялічкай машынкай, нервовазадуманага, прыгатаўляючага артыкулы ў "Зьніч" або наступную радыёперадачу?! Калі яго пыталі, дзе ж рэдакцыя "Зьніча"? Ён паказываў на свой пісьмовы столік і казаў з усмешкай: тут! тут! Усё тут і рэдактарства, і выдавецтва, толькі трэба ездзіць у друкарню... Італьянцы шмат робяць друкарскіх памылак... Чатыры разы а. Пётр змяняў адрас свайго памешкання ў Рыме, а пры тым мусіў пераносіць і рэдакцыю, і выдавецтва. Усіх выйшла 120 нумароў "Зьніча". "Зьніч" адзначаецца прыгожай вонкавай формай, з рознымі застаўкамі, абразікамі, здымкамі. Усё ў гусце "заходнім", можна былоб сказаць XIXга стагоддзя. Быў ён ці адзін раз крытыкаваны дзеля аб'ёмістых артыкулаў, дзеля мовы. Не шмат ён меў аўтараў, бо баяліся дасылаць свае артыкулы. Рэдактар змяняў не толькі мову!"

Алесь Адамковіч,

г. Вільня.

На здымку: выступае Крыстына Балаховіч.


Пульс пазітыўнага панку «Amaroka»

«Amaroka» - «Пульс», Мн., 2011, «Каўчэг».

Спанатрыўшы ў музычным сеціве інфармацыю пра новы рэліз панкгурта «Amaroka», я насамрэч чакаў паўнафарматнага альбому пасля двух максісінглаў, але зноў напаткаў 17хвілінны недаальбом, які можа прэтэндаваць толькі на месца ў Кнізе Рэкордаў Аліварыі. Яны ўжо абагналі нават славутую акурат карацелькамі indierockкаманду «Indiga», якая мае ў сваім актыве два CD (26хвілінныя «Дні», 2004; 25хвілінны «Заенька», 2006). І вось вам чвэрць гадзіны «Пульса» ад «Amaroka» - хто меней?

Эра паўнафарматнікаў, відаць, прайшла дзесь на мяжы 7080х, зза чаго і сапраўдных мегазорак не стала ў рокнроле. Прычынаў такой тэндэнцыі шмат. Цяпер, калі рокфэны сваім беспардонным спампоўваннем музыкі ў сеціве забіваюць тое, што самі любяць, многія лэйблы перапрафіляваліся на больш выгадны выпуск якіхнебудзь чыпсаў з смакам курыцы, дзе ніводная птушка не пацярпела, дый гурты засцерагаюцца кідаць на рынак пэўны маштабны канцэпт, бо студыйны час каштуе не танна: нехта раскручвае сваё імя цераз разавыя інтэрнэтсінглы, нехта штурмуе складанкі, каб на працягу годадвух падрыхтаваць калекцыю вывераных хітоў, да таго ж - ужо на слыху ў публікі.

«Amaroka» знайшла свой шлях, якім за апошнюю пяцігодку здолела выявіць пэўную дынаміку развіцця. Нейкія песні іхняга пазітыўнага панку я заўважаў яшчэ на розных складанках (згадкі пра гэта трапілі нават у апошнюю маю кнігу «Rock online», 2010), а потым і сам рэцэнзаваў EP «Trably» ў 2009м.

У 2010 ужо дачка мая Альдона пісала ў прэсе пра падрыхтоўку новых твораў у адмысловых студыях (гл. часопіс «Верасень» №3, снежань, 2010). Рост выканаўчага майстэрства кінуўся на ўвагу нам абодвум. Ці дастаткова таго?

Каб знакаміты лэйбл «БМАgroup» не спыніў у першай пяцігодцы новай эры выпуск стылістычных аўдыёэнцыклапедыяў (hardcore, rap, hard'n'heavy) ды нарэшце выдаў колісь запланаваны зборнік «Чыста punk!», вартасных кандыдатаў набралося б дастаткова («Глюкі», «TlustaLusta», «Голая Манашка», «Zatoczka», «Deviation», «КальЯн», «Мутнае вока», «Blagi Mat»…), і «Amaroka» не была б сярод горшых. Апошні свой рэліз яны запісвалі ў ужо даволі прыкметнай ваўкавыскай студыі Андруся Шлыка «Seventh Heaven Records», дзе калісьці дэбютаваў прыгаданы гарадзенскі гурт «TlustaLusta». Саўнд атрымаўся насамрэч фірменны, граюць хлопцы really віртуозна, філігранна прапісваючы кожную нотку вакалу (Зміцер Афанасенка), кожны акорд гітары (Аляксей Вінакураў), кожны штуршок пульса (бас Міхала Шэстака ды бубны Ціхана Батуры). Агульны настрой альбома атрымліваецца ў выніку празрыстым, напорыстым, выразна акцэнтаваным, сапраўды пазітыўным. Але тэксты, бадай, проста банальныя: «Мы сабраліся ў клубе, будзем каўбасіцца», «Я цалую цябе ў рот, ты - мая, а я твой кот» і накшталт таго. Праўда, захапляе іхняе смакаванне беларускага слова ў панку (тэксты піша ўсё той жа Афанасенка): для свайго самавыяўлення ён абраў варыянт беларускай лацінкі, якім авалодаў бездакорна. Напрыклад, «Ty imknieśsia być ščaślivaj», - сцвярджаецца ў аднайменнай песні. І ніводнай памылкі, ніякага блытання чэшскай, англійскай ці польскай лацінкі з беларускай. Праўда, агулам у тэкстах буклета пару фактычных памылачак адшукаць можна: у загалоўнай песні «Пульс» знаходзім нейкія «вены», якія бацькі нашы «жыламі» называлі. Дый «пытаўся» незразумела што абазначае - ці «спрабаваў», ці «намагаўся», ці вапшчэ «катаваў сябе». Бо ў беларускай мове такога слова проста няма. І замест «тут усё так вар'яцкі» лепш было б казаць «павар'яцку» (словы нашы, а форма чужая). Але таго, відаць, досыць.

З пяці трэкаў рэлізу мне кінулася на слых дынамічная песня «Лепшы дзень», а вось у моладзевым асяроддзі больш на слыху «Наш час». Праўда, не скажу, што гэтак адназначна можна вылучыць тут пэўную хітовасць: альбом роўны, тэхнічна збалансаваны, але без нейкіх дзіўных нечаканасцяў. Мне дык увогуле часам здаецца, што я ўсё гэта недзе слухаў. Мо і там, на Захадзе, але надта даўно. А калі ж вы пачнеце чымсьці здзіўляць слухача, «Amaroka»?

Праўда, мастацкай аздобай вы рэальна здзівілі, прэзентаваўшы ў шыкоўным укладным постары кружэлкі дасканалы ўзор фотамастацтва Анікі Грапцовай. І хоць голыя мужыкі ў гітарах на босую нагу таксама не навінка, бо яшчэ Піт Паўлаў («N.R.M.») выходзіў на сцэну «РокКаранацыі» ў намалёваных на голым целе плямах, але зроблена гэта на вышэйшым мастацкім узроўні. Дый карыкатурныя карцінкі вокладкі вельмі стылёвыя, вось толькі надпіс «Positive punkrock» мяне асабіста бянтэжыць, бо не раз пераконваўся: няма нічога больш змрочнага і нуднага за пазітыўную музыку. Зазвычай там людзям проста няма чаго сказаць слухачу, вось яны і пазітыўнічаюць. У вас думкі часам з'яўляюцца, дык болей злосці, неабыякавасці, і да вас пацягнуцца людзі, якія шукаюць пазітыў.

Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык.


У Л I П Е Н I

В Ы С Т А В А БЕЛАРУСКІХ

КНІГ І МУЗЫКІ на Румянцава, 13

ПРАЦУЕ Ў 17.0019.00

ШТОЧАЦВЕР

Даведкi па тэл. 80296154776


Селішчы і гарадзішчы гістарычнай Лідчыны

Гістарычная Лідчына мае шмат археалагічных помнікаў, з іх можа самыя цікавыя месцы дзе жылі нашы продкі - селішчы і гарадзішчы.

Размяшчэнне селішчаў на мясцовасці паказвае шляхі гаспадарчага асваення зямель. Галоўнымі шляхамі зносін у Сярэднявеччы былі рэкі і ў асноўным па рэках рассяляліся славяне па Усходней Еўропе. Акрамя таго, рачныя даліны мелі ўрадлівую глебу і заліўныя лугі, у рэках заўжды было шмат рыбы, што спрыяла развіццю гаспадаркі. Канешне, галоўную ролю у гісторыі Лідчыны адыграў Нёман, і самы распаўсюджаны тып селішчаў - прырэчны. Помнікі гэтага тыпу выцягнуты нешырокай паласой уздоўж берага ракі ці ручая. Іх працягласць звычайна не перавышае 500 м, але ёсць помнікі даўжынёй да 1,5 км (напрыклад селішча каля в. Дакудава). Сустракаюцца так сама мысавыя селішчы. Селішчы гэтага тыпу размяшчаюцца ў месцах упадзення дробных рэчак ці ручаёў у рэкі - на мысах.

Вось найбольш цікавыя селішчы з даследаваных археолагамі на Лідчыне (Гуревич Ф. Д. Древности Белорусского Понемонья. МоскваЛенинград. 1962. С.150201.):

Помнік найстаражытнейшых часоў ніжэй ад вёскі Пескаўцы, на правым беразе Нёмана. Селішча знойдзена ў 1951 г. Культурны пласт ад 20 да 60 см прасочваецца на працягу 450 м.

Селішча сярэдзіны і другой паловы І тысячагоддзя н. э. каля Белагруды. Знаходзіцца на левым беразе ракі Дзітва на поўнач ад вёскі. Тут знойдзена розная кераміка, культурны пласт разараны. А на поўнач ад вёскі за могілкамі, на беразе ракі, на месцы былога замка ў змешаным пласце знойдзена кераміка - рэшткі дрэнна вырабленых пасудзін.

Помнік сярэдзіны і другой паловы І тысячагоддзя н.э. у в. Гарнеты. Селішча знаходзіцца ў цэнтры вёскі, 500 м на ўсход ад р. Дзітва. Тут знойдзена ляпная і кружальная кераміка са слядамі нагару.

Помнікі сярэдзіны і другой паловы І тысячагоддзя н.э. у в. Збляны. Тут на правым беразе Нёмана месцяцца два селішчы. Адно з іх знаходзіцца у ваколіцы вёскі на ўзвышаным беразе ракі, на працягу 100 - 120 м прасочваецца культурны плпст да 60 см таўшчынёй, які складаецца з цёмнай зямлі з украпваннямі вуглёў. Знойдзены фрагменты кружальнай керамікі. За 500 - 600 м ніжэй па Нёману месціцца другое селішча, дзе знойдзены фрагмент ляпной пасудзіны.

Помнік сярэдзіны і другой паловы І тысячагоддзя н.э. ў в. Ясілевічы. За 200 м на поўдзень ад вёскі, на правым беразе р. Лебяда, прыкладна за 1 км ад месца яе зліцця з Нёманам, каля вясковых могілак знаходзіцца селішча плошчай 50х20 м. Цёмны культурны пласт з прымешкам вуглёў дасягае таўшчыні 40 см. Тут былі знойдзеныя абпаленыя камяні і аскепкі кружальнай керамікі.

Помнік XIXIV ст. у в. Гарадзішча. Селішча на беразе рэчкі, якая ўпадае ў раку Лебяда. Па абодвух берагах на працягу 200 м прасочваецца культурны пласт чорнага колеру таўшчынёй да 40 см. Знойдзеныя кружальная кераміка і выраб з бронзы.

Помнік XIXIV ст. у в. Перакоп (Шчучынскі рн). Селішча знаходзіцца недалёка ад вёскі, мае культурны слой таўшчынёй 3040 см.

Два селішчы XIXIV ст. ля в. Дакудава. Першае - каля вёскі, цягнецца уздоўж Нёмана на 1,5 км паласой да 200 м. Культурны пласт ад 10 да 50 см. На паверхні культурнага пласта аскепкі кружальнай керамікі, тут знойдзены каваны цвік. Другое селішча ад першага ніжэй па рацэ на 1 км. Тут акрамя фрагментаў керамікі знойдзены абломак глінянага рыбалоўнага грузіла і крамянёвы нож.

Селішча XIXIV ст. за 500 м ад вёскі. Панямонцы, знойдзена кружальная і фрагменты паліванай керамікі.

Старажытным паселішчам, вядомым па пісьмовых крыніцах, адпавядаюць адкрытыя неўмацаваныя селішчы плошчай ад некалькіх сот квадратных метраў да некалькіх гектараў і невялікія, добра ўмацаваныя гарадзішчы. Гэтыя помнікі могуць знаходзіцца побач, утвараючы адзіны археалагічны комплекс. На Беларусі гарадзішчы вядомыя з позняга бронзавага веку і часта гарадзішчы адной эпохі выкарыстоўваліся насельніцтвам больш позняга часу. Гарадзішча - рэшткі старажытнага ўмацаванага паселішча або горада. На тэрыторыі Беларусі захавалася больш за тысячу гарадзішчаў, ёсць яны і на Лідчыне. Археолагі на тэрыторыі Беларускага Панямоння знайшлі каля 20 гарадзішчаў - былых феадальных сядзібаў ХІІ-ХІІІ ст. Звычайна гарадзішчы маюць культурны пласт, у якім пры раскопках знаходзяць рэшткі жытла, майстэрань, розныя рэчы і інш. Выключэнне складаюць балотныя гарадзішчысховішчы, дзе насельніцтва хавалася ў час ваеннай небяспекі. (Піваварчык С. і Семянчук Г. Археалогія Беларусі. 1996. Ч.2. С.3541)

У ХІ ст. ва Усходняй Еўропе інтэнсіўна праходзіў працэс фармавання сярэдневяковых адміністрацыйнапалітычных адзінак "земляў" ці "княстваў, паміж імі ішла барацьба за палітычныя прыярытэты і эканамічныя сферы ўплываў, за гандлёвыя шляхі і новыя тэрыторыі, што адлюстравана на старонках летапісаў. У памежных раёнах існавалі гарадзішчы - вартавыя памежныя цвердзі. Тут жылі "лепшыя мужы" з дружыннікамі, якія знаходзіліся ў леннай залежнасці ад князя. Прадстаўнікі вайсковага стану, якія пражывалі тут, займаліся гаспадаркай і гэта было крыніцай іх існавання. На тэрыторыі гістарычнай Лідчыны такімі ўмацаванымі паселішчамі - цвердзямі Гарадзенскага княства былі гарадзішчы каля вёскі Кульбачына і Касцянева (Шчучынскі рн). Археолагі Піваварчык С. і Семянчук Г. пішуць пра гэтыя гарадзішчы: "Іх умацаваная плошча складае каля 1 га. Абарончыя збудаванні маюць вялікую магутнасць - вышыня валоў 45 м. Побач з гарадзішчамі знойдзены сляды селішчаў. Раскопкамі выяўлены культурны пласт магутнасцю да 1,2 м. Аналіз рэчавага матэрыялу паказаў, што помнікі ўзніклі ў канцы Х - пачатку ХІ ст. Пляцоўкі гарадзішчаў былі забудаваны наземнымі зрубнымі дамамі (Кульбачына) і паўзямлянкамі (Касцянева). Знаходкі на гарадзішчы Кульбачына наканечнікаў стрэл (34 экз.), дзідаў (2 экз.) бляхі ад тарчы дазваляюць сцвярджаць, што гэты помнік узнік як памежная вартавая цвердзь. Знаходкі жорнаў, прасліц, рыбалоўных кручкоў, касцяных праколак, касцей свойскай жывёлы сведчаць аб тым, што насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і промысламі. У верхніх пластах гарадзішча знойдзены пацеркі (шкляныя і з бурштыну), шкляныя бранзалеты, шпора з рапейкай. Гэта дае падставы гаварыць аб тым, што паселішча з другой паловы ХІІ ст. пачынае змяняць сацыяльную функцыю і набываць рысы феадальнай сядзібы, што з'яўлялася вынікам феадалізацыі грамадства. На гарадзішчы Касцянева таксама знойдзены наканечнікі стрэлаў, жалезныя вырабы (нажы, рэшткі замка, шыла), косці свойскай жывёлы. У ХІІІ ст. абодва гарадзішчы загінулі ў агні. Знішчэнне іх хутчэй за ўсё звязана з падзеямі 1252 г., калі валынскія князі "плениша всю землю Новогородьскую". (Піваварчык С. і Семянчук Г. Археалогія Беларусі. 1996. Ч.2. С.45.) Таму зафіксаваны пласты пажару з моцна абгарэлай керамікай, спаленымі ўмацаваннямі і пабудовамі ў гарадзішчах Кульбачына, Касцянева.

Гарадзішча каля вёскі Кульбачына (3 км ад мястэчка Астрына) размешчана на беразе ракі Астрынкі і належыць да тыпу гарадзішчаў, умацаванні якіх не залежаць ад рэльефу мясцовасці. Аналіз археалагічнага матэрыялу паказвае, што паселішча ўзнікла ў канцы Х ст. у ходзе каланізацыі Панямоння славянскім насельніцтвам. З самага пачатку гэта была цвердзь - апорны пункт асваення правабярэжжа Нёмана, у глыбіні балцкіх зямель, потым, з ХІІ ст. пасяленне стала памежнай цвердзю Гарадзенскага княства і феадальнай сядзібай - замкам. Той факт, што гарадзішча знаходзіцца на беразе Астрынкі, даў магчымасць знакамітаму археолагу В. Сядову лічыць гэты помнік летапісным горадам Астрэя (Седов В. В. К истории поселений Черной Руси, КСИА, вып. 139, 1974, С. 2731.). Аднак экспедыцыя археолагаў Эрмітажа знайшла летапіснае пасяленне на беразе возера Астрэя ў Пскоўскай вобласці і ад лакалізацыі летапіснай Астрэі на Лідчыне трэба адмовіцца. Так сама В. Сядоў атаясамліваў летапісны Вевярэск з гарадзішчам каля вёскі Касцянева і лічыў, што назва старажытнага горада паходзіць ад гідроніма - ракі Вавёркі (левы прыток ракі Лебяды). Сядоў лічыў, што горад загінуў у выніку нашэсця ў ХІІІ ст. а частка уратаваўшыхся жыхароў заснавала сучаснаю Ваверку за 18 км ад гарадзішча ля Касцянева. Аднак наступныя археалагічныя пошукі на месцы гэтага гарадзішча выявілі знаходкі ХVXVII ст.ст., г.зн. больш позняга часу. Таму археолагі перасталі звязваць летапісны Вевярэск з гарадзішчам каля вёскі Касцянева. Вывучэнне гарадзішчаў Кульбачына і Касцянева можа даць адказ на пытанні пра месца Панямоння ў сістэме міжнародных кантактаў у эпоху Сярэднявечча (Піваварчык С. Беларускае Панямонне у раннiм сярэднявеччы (X-XIII ст. ст.) // BZH. № 2 (6). 1996. С. 718.).

Усім крытэрыям сярэднявечнага горада ў Панямонні адпавядае Турыйск (Турэйск). Сваю назву горад атрымаў ад невялічкай рачулкі Тур'я, якая працякае побач і ўпадае ў Нёман. Зараз дакладна вядома месцазнаходжанне гэтага летапіснага горада, яго гарадзішча знаходзіцца на трох узвышшах на ўсходняй ускраіне сучаснай вёскі Турыйск (Шчучынскі раён), на правым беразе ракі Нёман. Зараз гэта адно з самых маляўнічых месцаў Панямоння.

З летапісаў вядома, што у 12521253 гг. князь Даніла Галіцкі прыходзіць з вайной на панёманскія гарады, якія былі пад уладай Міндоўга (Ипатьевская летопись [в:] ПСРЛ, т. II, Москва 1962, с. 819, 828.). Так, разам з Наваградкам, Ваўкавыскам, Слонімам на старонкі пісьмовых крыніц трапляе і Турыйск. Вынікам паходу 1253 г. стаў мірны дагавор 1254 г., па якому Панямонне перадавалася сыну Данілы - князю Раману. На пачатку 50х гг. ХІІІ ст. сын Міндоўга, верагодна Войшалк, "воева около Тоурьска". Падчас сутыкнення ў 1276 г. Льва Данілавіча і Уладзіміра Васількавіча з Трайдзенем і Серпуціем "Володимер же противу тому, послав взяв у него Тоуриск на реце Немне, у сёла около нега поима" (Ипатьевская летопись, ПСРЛ, т. II, Москва 1962, с. 874.).

Археолагі сведчаць, што старажытны Турэйск узнік пры канцы ХІ ст. і быў горадам - адміністрацыйным цэнтрам сельскай акругі. Археолаг Сяргей Піваварчык піша: "Спачатку гэта было неўмацаванае славянскае паселішча. Пасля пажару, які знішчыў перашапачатковае паселішча, узвышша на якім яно знаходзілася з напольнага боку было ўмацавана валам. Адначасова сталі засяляцца навакольныя мясцовасці, утвараючы такім чынам пасады. Паселішча ператварылася ў цвердзь, з якой затым і вырас невялікі гарадок. Тое, што гэта сапраўды летапісны Турьск, дазваляе сцвярджаць комплекс тых прызнакаў, якія і вылучаюць горад: планіроўка (дзядзінец і пасад), тэрыторыя засялення каля 1,5 га, магутнасць культурнага пласта да 1,5 м, рэшткі рамеснай вытворчасці (у першую чаргу металургіі і апрацоўкі жалеза), знаходкі ў культурным пласце - фрагменты амфар, шкляныя бранзалеты, высокамастацкія касцяныя вырабы, кніжная зашпілька" (Пiваварчык С. Беларускае Панямонне... // BZH. № 2 (6). 1996. С. 15.).

Археолагі адзначаюць блізкасць матэрыяльных культур Гародні і Турыйска (Я. Г. Зверуго, Верхнее Понеманье в ХІХІІІ вв., Мн. 1989, С. 75.). Верагодна гарадзенскія князі зрабілі Турыйск цэнтрам збору падаткаў з мясцовай сельскай акругі. У Іпацьеўскім летапісе ў 1276 г. названы сёлы каля Турыйска на Нёмане. Адначасова ён быў цвердзю на мяжы гарадзенскага і навагародскага княстваў. Горад загінуў ў агні ў другой палове ХІІІ ст. праз кароткі час пасля свайго ўзнікнення. (Я. Г. Зверуго, Верхнее Понеманье..., Мн. 1989, С. 89.)

Цікавыя гарадзішчы даследаваны археолагамі каля вёсак Ольжава і Мыто.

Гарадзішча за 1,5 км на паўднёвы захад ад в. Мыто на правам беразе р. Дзітва датуецца сярэдзінай - другой паловай І тысячагоддзя н.э. Гарадзішча невялікіх памераў, пляцоўка авальнай формы 30х20 м, месціцца на ўзгорку і ўзвышаецца над далінай ракі Дзітва на 20 м. Археолагі мяркуюць, што у тут было гарадзішча - сховішча, куды падчас небяспекі хаваліся жыхары з блізкага селішча. У розных частках пляцоўкі вызначаны культурны пласт цёмнага колеру да 50 см таўшчынёй. Валоў і равоў гарадзішча не мела і верагодна агароджвалася драўлянай сцяной. За гарадзішчам, на раллі вызначана пляцоўка 200х150 м на якой знойдзена ляпная кераміка. Прыкладна з XVIII ст. на вяршыні ўзгорка знаходзіўся фальварак Мыто. Зза гаспадарчай дзейнасці у 1980х гадоў значная частка гарадзішча разбурана.

Гарадзішча і селішча сярэдзіны - другой паловы І тысячагоддзя н.э. ля в. Ольжава. Гарадзішча знаходзіцца за 1 км на поўдзень ад вёскі на беразе ракі Дзітва, мае назву Шведская гара, подступы да яго абцяжараныя зза балот. Уяўляе сабой ізаляванае ўзвышша 810 м з пляцоўкай 40х20 м (у кірунку з усходу на захад), гарадзішча густа парасло лесам. Культурны пласт таўшчынёй 40 см прасочваецца толькі ў цэнтры. Тут знойдзены толькі адзін ляпны чарапок ад пасудзіны і кавалачкі вуглю. Ва ўрочышчы Гарадзішча, за 1 км ад Дзітвы знойдзеныя адзінкавыя рэшткі таўстасценнай керамікі.

Усе гарадзішчы і селішчы Лідчыны маюць вялікую каштоўнасць для археалогіі, а таксама як цікавыя аб'екты для турызму.

Леанід Лаўрэш

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX