НАША СЛОВА №31 (1026) 3 жніўня 2011 г.
Да 120-годдзя Максіма Багдановіча
Свята песні і паэзіі, прысвечанае 120-годдзю Максіма Багдановіча, "Ракуцёўскае лета-2011" адбылося ў фальварку Ракуцёўшчына, што непадалёк ад Краснага і Чысці. У 1911 г. тут улетку жыў Максім Багдановіч.
Свае творы, прысвечаныя класіку беларускай літаратуры, чыталі Віктар Шніп, Навум Гальпяровіч, іншыя паэты. Гучалі песні ў выкананні ансамбляў і асобных салістаў. У свяце браў удзел Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка.
Наш кар.
Па Чачотавых мясцінах
24 ліпеня 2011 года баранавіцкія сябры Таварыства беларускай мовы і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі адзначылі 215-я ўгодкі з дня народзінаў пачынальніка беларускай літаратуры, паэта і аўтара 6 зборнікаў "Вясковых песень"Яна Чачота. Спачатку ўдзельнікі турыстычнай вандроўкі наведалі вёску Новая Мыш (Баранавіцкі раён), дзе ўсталяваны помнік вясковаму лірніку. Менскі прафесар Леанард Дарашэвіч і бард Аляксей Жбанаў не толькі распавялі пра творчасць Чачота, але і правялі інтэлектуальную віктарыну па гісторыі філаматаў і філарэтаў. Свае вершы прачыталі баранавіцкія паэты Алесь і Алена Белыя. Усклаўшы кветкі да помніка і праспяваўшы некалькі чачотаўскіх песен, удзельнікі гістарычнай вандроўкі накіраваліся ў вёску Крывошын (Ляхавіцкі раён). Тутака ў фальварку Рэпіхава і прайшлі дзіцячыя гады маленькага Яна, аб чым сведчыць яго балада "Мышанка". Мясцовыя грамадскія актывісты ўсталявалі памятную шыльду ў гонар Яна Чачота ў Рэпіхаўскім парку. Палюбаваўшыся мясцовымі краявідамі, удзельнікі мерапрыемства арганізавалі мініканцэрт па творчасці Чачота. Барды Аляксей Жбанаў, Зміцер Занеўскі, Цімох Акудовіч праспявалі чачотаўскія песні "Прэч, прэч сум, нудоты", "Зноў вярнуць вякі б нам тыя", "Што старыя за вар'яты" і інш. Арганізатары і ўдзельнікі падарожжа дамовіліся ў наступным годзе наведаць гістарычныя мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю сусветна вядомага навукоўца Ігната Дамейкі, 210я ўгодкі якога будзе адзначаць грамадскасць у 2012 годзе.
Віктар Сырыца, старшыня Баранавіцкай рады ТБМ.
На здымку: удзельнікі вандроўкі ля помніка Яну Чачоту ў Новай Мышы.
650 гадоў з дня нараджэння Аляксандра, Вялікага князя Літоўскага і караля Польскага
Аляксандар Ягелончык, Вялікі князь Літоўскі з 20 ліпеня 1492, кароль польскі з 12 снежня 1501. Чацвёрты сын Казіміра і Альжбеты, дачкі імператара Альбрэхта II Габсбурга, унук Ягайлы.
Нарадзіўся 5 жніўня 1461, Кракаў. Памёр 19 жніўня 1506, Вільня. Пахаваны ў касцёле Святых Станіслава і Ўладзіслава, Вільня. Аляксандр - адзіны кароль Польшчы, пахаваны ў Вільні.
Атрымаў адукацыю пад кіраўніцтвам гісторыка Яна Длугаша. Бацька вызначыў яго як спадчыньніка стальца яшчэ ў 1484 годзе. У 1491 годзе прыбыў на сталы побыт у Вільню.
Па смерці Казіміра ў 1492 годзе віленскі сойм абраў Аляксандра вялікім князем, тым часам польскі сойм абраў каралём ягонага старэйшага брата Яна Ольбрахта (1492-1501).
Аляксандр адразу пасля абрання выдаў агульназемскі прывілей 1492 года, якім значна пашырыў правы баяраў. Улада Вялікага князя абмяжоўвалася на карысць паноўрады, без згоды якіх ён не меў цяпер прымаць важныя рашэнні. Пастановы рады Вялікі князь таксама не меў касаваць.
У Польшчы зацвердзіў Радамскую канстытуцыю (1505), якая прызначыла за соймам права выдаваць законы, тым часам кароль не меў права зацвярджаць іх без згоды сенатараў і дэпутатаў.
У вонкавай палітыцы галоўнымі былі дачыненні з Маскоўскай дзяржавай, якая выказвала прэтэнзіі на ўсходнія тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага...
90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Урбановіча
УРБАНОВІЧ Уладзімір Аляксандравіч нарадзіўся 2 жніўня 1921 года ў вёсцы Пудзіна Лідскага павету.
Сам ён з сялянскай сям'і . Вучыўся ў 3-яй Беларускай няпоўнай сярэдняй школе горада Ліды, затым скончыў Лідскую педнавучальню. Пасля працаваў настаўнікам пачатковых класаў ў Лідскім раёне.
З 1947 года па 1952 год вучыўся завочна ў Гарадзенскім педагагічным інстытуце. Пасля заканчэння працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Райцаўскай СШ Карэліцкага раёна.
А з 1959 года у Валеўскай СШ Наваградскага р-на. Доўгі час працаваў завучам школы, затым выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. Быў адным з заснавальнікаў Валеўскага народнага краязнаўчага музея.
У.А. Урбановіч захапляўся мастацкай творчасцю, таму і выйшлі ў свет яго кнігі "Па дарагіх мясцінах", 1964 год і "Шляхамі паэтаў і герояў," 1970 год. Неаднаразова друкаваўся ў часопісах "Народная асвета", "Полымя", а таксама ў газетах "Новае жыццё", "Настаўніцкая газета"і інш. Узнагароджаны: значок "Выдатнік народнай асветы", грамата Міністэрства адукацыі БССР, званне "Старэйшы настаўнік", удзельнік ВДНГ.
Памёр 2 лютага 1999 года. Пахаваны ў в. Валеўка. Занесены ў Кнігу Славы Наваградскага раёна (пасмяротна).
ЯНКУ ЗАПРУДНІКУ - 85
Янка ЗАПРУДНІК нарадзіўся 9 жніўня 1926 у мяс-тэчку Мір Наваградскага павету. У 1942-1944 г. вучыўся ў прагімназіі і гандлёвай школе ў Баранавічах. З лета 1944 г. - на эміграцыі. Браў удзел у беларускім скаўцкім руху. У 19481950 г. працаваў на шахтах у Вялікай Брытаніі. Скончыў гістарычны факультэт Лювэнскага ўніверсітэта (Бельгія, 1954), працаваў рэдактарам беларускай службы радыё «...». З 1957 г. у ЗША. Абараніў у Калумбійскім універсытэце (НьюЁрк) доктарскую дысертацыю «Палітычная барацьба за Беларусь у царскай Дзяржаўнай думе. 19061917» (1969). Працаваў у ньюёрскім аддзеле радыё «...» (19701991). Рэдагаваў газету «Беларус». Аўтар кніг «Belarus: At a Crossroads in History» («Беларусь на гістарычных скрыжаваннях») і «Historical Dictionary of Belarus» («Гістарычны слоўнік Беларусі»).
Янка Запруднік уваходзіць у прэзідыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, у склад - Беларуска Амерыканскага Задзіночання, Беларускага інстытута навукі і мастацтва, фонду імя П. Крэчаўскага, з'яўляецца сябрам Міжнароднай Асацыяцыі Беларусістаў, Асацыяцыі амерыканскіх славістаў, Украінскай акадэміі навук у НьюЁрку. Актыўны сябар ТБМ.
"Культура" № 1000
Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" віншуюць штотыднёвік "Культура" з выхадам 1000-га нумара.
Першая тысяча! Тысяча нумароў. Для штотыднёвіка салідная лічба. Паводле статыстыкаў самой "Культуры":
агульны наклад першай "культура"ўскай тысячы нумароў, уключаючы спецвыпускі, 24х і 32палоснікі, склаў 5 мільёнаў 355 тысяч 455 асобнікаў, яго вага прыблізна 1000 тон;
тысяча нумароў змясцілі ў сярэднім 92 тысячы камп'ютарных наборных старонак тэкстаў (а гэта, дарэчы, - 166 мільёнаў 140 тысяч знакаў), блізу 45 тысяч тэкставых і 60 тысяч фота ды ілюстрацыйных матэрыялаў;
вага амаль дваццацігадовай рэдакцыйнай падшыўкі газеты блізу 90 кілаграмаў;
тысячны нумар важыць больш за 86 грамаў;
гасцямі інтэрнэтсайта газеты www.kimpress.by за час яго існавання сталі амаль 140 тысяч наведвальнікаў са 107 краін свету: гэта, зразумела ж, Беларусь, а таксама Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Азербайджан, Алжыр, Аман, Аргенціна, Арменія, Аўстралія, Аўстрыя, Балгарыя, Бахрэйн, Бельгія, Бенін, Боснія і Герцагавіна, Бразілія, Ватыкан, Венгрыя, Венесуэла, В'етнам, Вялікабрытанія, Гана, Ганконг, Гватэмала, Германія, Грузія, Грэцыя, Данія, Егіпет, Емен, Злучаныя Штаты Амерыкі, Ізраіль, Інданэзія, Індыя, Ірак, Іран, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Іарданія, Калумбія, Канада, Казахстан, Катар, Кенія, Кіпр, Кітай, КостаРыка, Кувейт, Кыргызстан, Латвія, Ліван, Літва, Люксембург, Мазамбік, Мальта, Марока, Македонія, Малайзія, Малдова, Манака, Манголія, Мексіка, Нарвегія, Нігерыя, Нідэрланды, Нікарагуа, Новая Зеландыя, Пакістан, Панама, Партугалія, ПаўднёваАфрыканская Рхлубліка, Паўднёвая Карэя, Перу, Польшча, Расія, Саудаўская Аравія, Сенегал, Сербія, Сінгапур, Сірыя, Славакія, Славенія, Судан, Таджыкістан, Тайвань, Тайланд, Тога, Туніс, Туркменістан, Турцыя, Узбекістан, Украіна, Філіпіны, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Чылі, Швейцарыя, Швецыя, Шры Ланка, ЭльСальвадор, Эстонія, Японія... Прычым значны працэнт гасцей вэбвыдання затрымліваецца тут далёка не на хвіліну!..
"Верасень" № 4
Выйшаў з друку чарговы нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень". Змест чацвёртага нумара склалі вершы Вольгі Паўлюкевіч, Алеся Емяль-янава, Ганны Новік, Кропачкі (Руслана Юсупава), Кацярыны Дубоўскай, Іны Севярын, Алеся Плоткі, Міколы Кандратава і Леаніда Дранько-Майсюка. Проза прад-стаўлена творамі Аліны Длатоўскай, Аляксея Палачанскага, Дар'і Збродавай, Кацярыны Глухоўскай, Настассі Кухарэнка, Паўла Ляхновіча. У раздзеле "Пераклады" друкуюцца вершы Васіля Стуса і Эвы Ліпскай. Зацікавяць чытача і, змешчаныя ў нумары, артыкулы Ірыны Хадарэнка, Наталлі Пыско, Генадзя Лапаціна і Васіля Зуёнка, гутаркі з Міхасём Скоблам і Уладзімірам Някляевым, рэцэнзіі Анатоля Мяльгуя і Вітаўта Мартыненкі. А таксама невядомыя вершы Анатоля Сыса з кнігі "Берагі майго юнацтва".
Пытайце "Верасень" № 4 на сядзібе ТБМ (Румянцава,13) і ў Акадэмкнізе. Дасы-лайце свае творы ў часопіс "Верасень" на электронны адрас: verasenchas@gmail.com.
Наш кар.
15 жніўня
у межах кампаніі "Будзьма"адбудзецца сустрэча па тэме
Закон "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб". Перспектывы яго рэалізацыі.
Адказная: А.Анісім. Пачатак а 18 гадзіне.
Уваход вольны. Румянцава, 13.
Аповяд пра жыццё і смерць
Нядаўна пабачыла свет чарговая кніга вядомага беларускага навукоўца, доктара філалагічных навук, актыўнага сябра ТБМ Міхася Тычыны, якая мае назву "Вялікія і Малыя Тычыны: легенды і рэальнасць". Радзіма беларускіх Тычынаў, а гэта дробнашляхецкі род - Случчына, два шляхецкія паселішчызасценкі пад Салігорскам.
Украінскі род Паўла Рыгоравіча Тычыны, геніяльнага ўкраінскага паэта і грамадскага дзеяча Савецкай Украіны паходзіць з казакоў часоў Багдана Хмяльніцкага. Сам паэт нарадзіўся ў в. Пяскі на Чарнігаўшчыне, што непадалёк ад Беларусі.
У 1987 годзе адзін з прадстаўнікоў украінскіх Тычынаў, Юрый, інжынер з Харкава, звярнуўся да беларуса Міхася Тычыны з пытаннем ці не далёкія сваякі беларускія і ўкраінскія Тычыны? Пачаліся архіўныя і сямейныя пошукі, напісанне радаводаў і ўзаемнае ліставанне. Архіўныя пошукі не далі станоўчай інфармацыі, але сямейныя паданні гавораць аб такой мажлівасці, калі частка ўкраінскіх Тычын магла ў ХІХ ст. перасяліцца на Беларусь.
Блізкімі сваякамі беларускіх Тычынаў з'яўляецца род Адамовічаў, адкуль паходзіць знакаміты беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч, стрыечны брат Міхася Тычыны.
ХХ стагоддзе, стагоддзе войнаў і рэвалюцый раскідала беларусаў па ўсім свеце, так і сваякі Міхася Тычыны былі расцярушаны па ўсёй тэрыторыі неабсяжнага СССР. Нельга не пагадзіцца з аўтарам вышэйназванай кнігі, што "бяда беларусаў у тым, што яны, не бачачы магчымасці рэалізаваць сябе на бацькаўшчыне, лёгка паддаваліся на ўгаворы вярбоўшчыкаў і з'язджалі ў белы свет як у капеечку, надзіва шпарка раствараючыся ў чужым асяродку, як соль у вадзе". Менавіта зараз, калі мы святкуем 20я ўгодкі аднаўлення незалежнасці нашай дзяржавы, надышоў час "збіраць камяні", пісаць свае радаводы, вяртаць Беларусі яе штодзённую гісторыю, гісторыю асобных сем'яў і родаў, пакаленняў і асобных людзей. І гэта бліскуча зрабіў Міхась Тычына. У яго вялікай кнізе, што складаецца з набраных дужа дробным шрыфтам 428 старонак, плюс фотаздымкі - знайшлося месца і яго асабістым успамінам пра свой род, свайго бацьку і маці, родных братоў, сястру, дзядзькаў і цётак, успамінам яго дачок Зосі і Каці, яго цёткі Зінаіды Тычыны, якая нарадзілася ў 1917 годзе, яе сястры Ганны, маці Алеся Адамовіча, прысвечаным перыяду Вялікай Айчыннай вайны на Беларусі, і самога Алеся Адамовіча. Усе гэтыя ўспаміны складаюць першы раздзел кнігі пад назовам "Беларускія Тычыны".
Другі раздзел мае назву "Украінскія Тычыны". Спачатку ідзе жыццяпіс Паўла Рыгоравіча Тычыны, дзе адзначана, што тры пакаленні ўкраінскіх Тычынаў былі праваслаўнымі святарамі, гэта прадзед, дзед і бацька славутага паэта, які нарадзіўся ў 1891 годзе. Пасля пачатковай школы ў роднай вёсцы будучы паэт вучыцца ў Чарнігаўскай семінарыі, дзе і пачаў пісаць вершы. У 1913 годзе, пасля заканчэння семінарыі, паступіў у Камерцыйны інстытут і пераехаў на жыхарства ў Кіеў. У гэтыя часы яго талент быў на ўзлёце, будучы студэнтам Тычына паспявае працаваць у рэдакцыях украінскіх газет і часопісаў, а таксама памочнікам хармайстра ў тэатры.
Малады паэт бярэ актыўны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 19171918 гг. у Кіеве. Яго нават называюць "Бардам Цэнтральнай Рады" маладой украінскай дзяржавы. Але потым Украіну захліснула хваля грамадзянскай вайны, і Тычына не раз быў на мяжы жыцця і смерці. У 1923 годзе ён пераязджае ў Харкаў і тым самым ратуецца ад магчымай смерці. У Харкаве Тычына працуе, піша вершы, у тым ліку паэму "Абірала маці бульбу", дзе ён крытыкуе часы "харчразвёрсткі", калі бальшавікі ў сялян забіралі апошняе. Над Тычынам навісла пагроза арышту, ён напісаў у газету пакаянны ліст і змоўк. Як дакладна піша пра яго Міхась Тычына, "ён помніў, як на вуліцах Кіева ў часы УНР бальшавіцкія загоны Мураўёва расстрэльвалі кожнага, хто асмельваўся загаварыць паўкраінску, або з'яўляўся ў вышыванцы з нацыянальным арнаментам".
У сакавіку 1928 года П. Тычына ў Харкаве сустрэўся і пазнаёміўся з Янкам Купалам, які прыязджаў ва Украіну ў складзе дэлегацыі сяброў літаратурнага аб'яднання "Полымя". Неўзабаве, у траўні, Тычына на тыдзень прыязджае ў Менск у складзе дэлегацыі ўкраінскіх пісьменнікаў і нават знаходзіць час, калі верыць бабулі Міхася Тычыны, наведаць сям'ю беларускіх Тычынаў у в. Забалаць Любанскага раёна. У гэтыя часы Паўло Тычына піша казкі. Дзве з іх пад назовам "Цыган" і "ЦыганМузыка" на ўкраінскай мове цалкам друкуе Міхась Тычына.
Летам 1928 года да Тычыны завітаў беларускі пісьменнік Максім Гарэцкі, які пакінуў успаміны пра гэтую сустрэчу. У 1929 годзе пачаліся сталінскія рэпрэсіі, і Тычына, які ўжо быў абраны ганаровым акадэмікам Акадэміі Навук УССР, увесь час баяўся арышту, ды так, што справа даходзіла да трагікамічных выпадкаў. Тычына, як і наш Купала, піша "дрындушкі", але пры гэтым яны застаюцца носьбітамі сваіх родных моваў у часы гвалтоўнай русіфікацыі.
У 1939 годзе П. Тычына зноў сустракаецца з Янкам Купалам у Маскве на Першым з'ездзе пісьменнікаў СССР. У другой палове 30х гадоў бальшавікі дазволілі Тычыну наведаць Германію і Францыю. У Францыі, на Сусветным кангрэсе абароны культуры ў Парыжы ён пазнаёміўся з Якубам Коласам.
Неўзабаве пачалася вайна. У 1941 годзе Саюз украінскіх пісьменнікаў выехаў у Уфу, там і жыў П. Тычына некалькі гадоў. З 1943 па 1948 гг. Тычына займае адказную пасаду Міністра асветы УССР. Украінцам тады моцна пашанцавала, бо ў Беларусі паэтаў і блізка не падпускалі да высокіх пасадаў у галіне культуры і асабліва адукацыі. Пазней ён таксама займаў высокія савецкія пасады: дэпутат, старшыня Савета нацыянальнасцей, Старшыня Вярхоўнай Рады спікер тагачаснага украінскага савецкага парламента.
У час чарговай хрушчоўскай русіфікацыі, калі ўкраінскім дэпутатам прапанавалі прыняць закон, у якім бацькам дазвалялася вызваляць сваіх дзяцей ад вывучэння ўкраінскай мовы (у БССР такі закон быў прыняты ў 1959 годзе), Тычына адмовіўся весці пасяджэнне Вярхоўнага Савета Ўкраіны, на якім ён павінен быў разглядацца. За гэты смелы і патрыятычны ўчынак яго прымусілі пайсці ў адстаўку.
Калі ў 1966 годзе надыходзіў 75гадовы юбілей Паўло Тычыны, ён выказаўся супраць закрыцця ўкраінскіх школаў, таму ў прэсе юбілей адзначылі вельмі сціпла, але напісалі, што паэт мае ордэн Леніна і зорку Героя Сацыялістычнай працы.
У сённяшняй Украіне не забылі змаганне Паўло Тычына за родную мову. Зараз на яго вершы спяваюць патрыятычныя песні, і таму Міхасю Тычыне не сорамна за свайго магчымага сваяка.
Напрыканцы апошняга раздзела кнігі, у дадатку, надрукаваны матэрыял Юрыя Тычыны пра радавод Паўла Тычыны, а таксама ўспаміны Таццяны Сасноўскай, праўнучкі паэта, дырэктара літаратурнамемарыяльнага музеякватэры П. Р. Тычыны ў Кіеве.
Варта адзначыць. што прачытаць кнігу Міхася Тычыны за адзін вечар не атрымаецца. Тэксты падаюцца на трох мовах: беларускай, украінскай і рускай. Мова аўтара - гэта мова літаратурнага крытыкапрафесіянала, тэкст мае філасофскае адценне і грунтоўны гістарычнакраязнаўчы сэнс. Несумненна, кніга можа стаць узорам для тых, хто думае напісаць, а, можа, ужо і паціху, удумліва піша пра свой радавод.
Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук.
Напісана ў Гданьску на вуліцы Смаленскай, 19.07.2011.
Дыялог з уладамі як форма жыццядзейнасці ТБМ
- Старшыня ТБМ Алег Трусаў выказаўся за дыялог з уладай. - Навіна абляцела СМІ, выклікала пытанні і каментары, часта рэзкія і крытычныя. Сапраўды ў "Народнай волі" надрукавана выказванне А. Трусава:
- З любой уладай варта ісці на дыялог у любой сітуацыі. Лепш дыялог, чым рэвалюцыя і грамадзянская вайна. Ці пойдзе ўлада на дыялог? Гэта залежыць ад нас з вамі. Калі мы будзем рабіць канкрэтныя справы, якія карысныя ўсяму народу, у тым ліку і ўладзе, то пойдзе. Калі будзем пляскаць-тупаць, то не пойдзе. Дыялогі былі нават падчас грамадзянскіх войнаў у Іспаніі і Фінляндыі. Не варта далей ваяваць, якраз падчас дыялогу варта настойваць на вызваленні палітвязняў. Чым актыўней будзе дыялог, тым хутчэй гэтыя вязні будуць выпушчаны.
Але што тут новае? Ужо многія гады ТБМ вядзе з уладамі дыялог, як на дзяржаўным узроўні, так і на рэгіянальных, так і на ўзроўні асобных сяброў арганізацыі. Напісаны многія сотні лістоў, атрыманы сотні ж адказаў. Шмат з іх апублікавана ў "Нашым слове". На іншыя лісты адказаў няма, але ёсць дзеянні ўладаў. Вось ліст, падпісаны намеснікам Старшыні ТБМ у абарону "Нашай нівы".
Вышэйшы гаспадарчы суд
вул. Валадарскага, 8
Ліст у падтрымку газеты "Наша Ніва"
ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" занепакоена верагоднасцю закрыцця незалежнай беларускай газеты "Наша Ніва". Сярод сяброў нашай арганізацыі значная колькасць пастаянных чытачоў гэтага папулярнага беларускамоўнага выдання, якое пераняло традыцыі першай беларускай газеты "Наша Ніва" пачатку 20-га стагоддзя. Ад самага пачатку аднаўлення выдання ў 1991 годзе і па сённяшні дзень журналісты газеты аддана і самаахвярна працуюць у галіне асветы па пытаннях гісторыі, культуры, народных звычаяў. На старонках "Нашай Нівы" рэгулярна з'яўляюцца матэрыялы, якія дапамагаюць чытачам зразумець сваю нацыянальную тоеснасць, усвядоміць сябе беларусамі, стаць сапраўднымі патрыётамі сваёй Бацькаўшчыны. Калектыў газеты шмат увагі надае справе выхавання ў маладога пакалення духу павагі да нашага мінулага, вучыць маладых людзей быць годнымі прадстаўнікамі сучаснай Беларусі.
На сённяшні дзень газета "Наша Ніва" з'яўляецца надзвычай важным, запатрабаваным у грамадстве выданнем, якое прапагандуе сапраўдныя каштоўнасці - любоў да сваёй роднай мовы, веданне гісторыі і культуры беларускага народа.
Намеснік старшыні
ГА "Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны" А.М. Анісім.
Гэты ліст быў накіраваны ТБМ у Вы-шэйшы гаспадарчы суд па просьбе "Нашай Нівы". "Наша Ніва" не зачынена. Не факт, што гэты ліст адыграў нейкую ролю, але ён быў. Гаспадарчы суд Менска аштрафаваў "Нашу Ніву" на 14 мільёнаў рублёў, туды ТБМ не пісала, аднак ніколі не адмовіла б, каб звяр-нуліся.
ТБМ выступала таксама і з заявай у падтрымку "Народнай волі" і "Нашай Нівы".
Лідская гарадская арганізацыя ТБМ звярнулася ў свой час да раённых уладаў з прапановай правесці грамадскія слуханні па пытанні забудовы тэрыторыі Лідскага замка. Прайшлі тры этапы гэтых слуханняў, і шмат што ў планах забудовы змянілася ў лепшы бок.
Па прапанове арганізацый ТБМ у Лідзе і Магілёве з'явіліся Грунвальдскія вуліцы і іншыя цалкам нашы назвы. І так па ўсіх рэгіёнах, дзе ёсць ТБМ.
Шмат лістоў панапісалі шараговыя сябры ТБМ для таго, каб дабіцца ад розных дзяржаўных структур адказаў на беларускай мове. Нядаўна "Наша слова" друкавала вялікі блок перапіскі, ініцыяванай сябрам ТБМ сп. Магонавым. І вось Закон Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" ("Звязда", 21 ліпеня 2011 г.).
" Артыкул 12. Патрабаванні, што прад'яўляюцца да зваротаў.
1. Звароты выкладаюцца на беларускай або рускай мове..."
"Артыкул 18. Патрабаванні да пісь-мовых адказаў на пісьмовыя звароты.
1. Пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты выкладаюцца на мове звароту, павінны быць абгрунтаванымі і матываванымі (пры неабходнасці - са спасылкамі на нормы актаў заканадаўства), змяшчаць канкрэтныя фармулёўкі, якія абвяргаюць або пацвяр-джаюць довады заяўнікаў..."
Дык што гэта? Дыялог ці не дыялог? Можа прыслухацца да тых, хто супраць усякіх дыялогаў, можа спыніць усе гэтыя лісты, патрабаванні, заявы? Хай будзе, як будзе. Прыйдзем да ўлады - тады ўсё паправім. Але калі тое будзе, а як "на святое ніколі"? Дык што, нічога не рабіць? Такую пазіцыю займаюць многія палітычныя партыі і грамадскія арга-нізацыі. Прасцей за ўсё схавацца за ўльтыматум "Выпусціць усіх палітвязняў!" і цалкам кінуць краіну на волю лёсу.
Поспехі якіх дасягае ТБМ у выніку дыялогу з уладамі могуць выглядаць дробнымі. Але не лішнім было б згадаць байку Антонія Гарэцкага "Злодзей і мушка", напісаную 21 красавіка 1833 года.
Лезе злодзей на асла, мушка не пускае.
- Хай схапілі б цябе д'яблы, -
злодзей мушку лае, -
Толькі выпру шэльму з вуха, яна ў вока ўмажа.
- Супакойся і не лезь, - ёй асёл тут кажа, -
Бо малая, і ўсяроўна ён на мне паедзе,
А калі яго ўгнявіш, буду ў большай бедзе.
- Я малая, - мушка кажа, - ды ваюю войну,
Ну а ты такі вялікі, ды стаіш спакойна.
ТБМ вядзе бесперапыннае змаганне за кожную вуліцу, кожную шыльду, кожнае слова і вядзе дыялог з міністэрствамі, камітэтамі, бан-камі, прадпрыемствамі, абласнымі і раённымі выканкамамі, асобнымі чыноўнікамі, як тая мушка, лезе і ў вушы, і ў вочы, выбіваючы саступкі, папраўкі і г.д.
Магчыма, што некалі якая-небудзь пар-тыя здолее запісаць сабе ў заслугу прыход да ўлады і паварот краіны да тых нацыянальных каштоўнасцяў, пра якія мы дбаем ужо два дзесяцігоддзі. Але сёння ў краіне працуе і супрацоўнічае з усімі здаровымі сіламі менавіта ТБМ.
У нас на 99% улада беларуская, роўна такая, які ёсць наш беларускі народ, і мы мусім гаварыць і з гэтай уладай, і з гэтым народам. Ін-шыя і лепшыя ўлада і народ у нас будуць, але не самі па сабе, а ў выніку дыялогу з намі, а не ў выніку зацятага маўчання.
Яраслаў Грынкевіч.
Памерла Ядвіга Грыгаровіч
31 ліпеня, не дажыўшы менш за месяц да свайго 65годдзя, пайшла ў лепшы свет шчырая беларуска Ядвіга Грыгаровіч.
Ядвіга Дамінікаўна Грыгаровіч нарадзілася 24 жніўня 1946 года ў шляхочай сям'і на Бабруйшчыне, скончыла сярэднюю школу, музычную школу, літаратурнамузычны факультэт МДПУ імя А. М. Горкага. У Менскім інстытуце культуры працавала дацэнтам кафедры псіхалогіі і педагогікі, загадчыкам кафедры тэорыі і методыкі культурнаасветніцкай работы, прарэктарам па вучэбнай рабоце. З лістапада 1992 г. па снежань 2007 г. - рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. На пасаду рэктара была абрана калектывам універсітэта. Пры ёй у Статут універсітэта быў унесены запіс: "Асноўная мова выкладання беларуская". Перавяла ўсё справаводства ўніверсітэта, акрамя бухгалтэрыі, на беларускую мову. Большасць прадметаў ва ўніверсітэце выкладалася пабеларуску. Спрыяла дзейнасці ТБМ ва ўніверсітэце. Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, доктар педагагічных нааук, прафесар, членкарэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі. У 2000 г. абрана членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, была намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па сацыяльных пытаннях. З 2007 г. з'яўлялася Старшынёй Экспертнага савета ВАК Рэспублікі Беларусь. Член Савета па абароне дысертацый пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Член Савета па абароне дысертацый пры БДПУ. Член Савета Фонду славянскіх культур (г. Масква). У лютым 2008 г. рашэннем Савета Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ядвізе Дамінікаўне Грыгаровіч было прысуджана званне "Ганаровы Рэктар БДУ культуры і мастацтваў". У жніўні 2010 года рашэннем Савета Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка доктару педагагічных навук, прафесару кафедры псіхалогіі і педагогікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, заслужанаму работніку адукацыі Рэспублікі Беларусь Я. Д. Грыгаровіч было прысвоена званне «Ганаровы прафесар БДПУ».
Аўтар 4 манаграфій, 12 вучэбных дапаможнікаў, 3 вучэбных праграм, больш чым 100 навуковых і навуковапапулярных артыкулаў.
Развітанне з Ядвігай Дамінікаўнай Грыгаровіч адбылося 1 жніўня ў менскім Чырвоным касцёле, прыхаджнкай якога яна была.
Таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны смуткуе з нагоды заўчаснай смерці шчырай беларускі і выказвае спачуванні родным і блізкім нябожчыцы.
Міне зусім няшмат часу, і Ядвігу Грыгаровіч назавуць сярод тых, хто складаў гонар беларускай нацыі праз усе стагоддзі.
Супакой яе душы і вечная памяць у народзе!
Памяці паўстанцаў 1863 года
31 ліпеня ва ўрочышчы "Крыжы" паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы Лідскага раёна ў 17-ты раз падрад адбылося набажэнства ў памяць паўстанцаў 1863 года. Імшу адслужыў ксёндз Рычард з Белагрудскага касцёла.
Сёлета ў 148-я ўгодкі паўстання на поле бою паўстанцаў з царскімі войскамі сабралася каля 50 чалавек з Ліды, Бярозаўкі, Менска, Мастоў, з навакольных вёсак. Паміж дажджоў і хмараў прырода знайшла для ўрачыстасці пагодныя гадзіны, і пасярод зжатага ячменнага поля людзі адчувалі сябе спакойна і ўтульна.
Пасля імшы былі запалены знічы на магілах паўстанцаў у Лідзе: на магіле ксендза Адама Фалькоўскага ў Лідскім гарадскім парку і на магіле Валерыі Цехановіч на старых каталіцкіх могілках.
Імпрэзу арганізавала Лідская гарадская арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны.
Наш кар.
Любоў Хрыстова аднаўляе краявід
Шаша ў накірунку старажытных паселішчаў Крэва, Баруны, Гальшаны вілася паміж сасновых лясоў і далінаў, мінаючы высотныя шпілі Пяршая, стрэлывежы Івянца, прывяла нас у Вішнева, дзе вядзецца рэстаўрацыя ўнікальнага 370гадовага касцёла, закладзенага за сродкі Храптовічаў.
Залатыя промні сонца ліліся на алтарныя рамы ў пазалоце. Бабулі ў светлых хусцінках энергічна спявалі хвалебныя гімны Божае Маці. К 12 гадзінам будынак запоўніўся маладымі і сярэдняга веку кабетамі, саліднымі і пажылымі мужчынамі...
Касцёл на беразе шырокай, але зарослай чаротамі рэчкі Альшанкі, быў пабудаваны ў 1641 годзе за сродкі графа Юрыя Храптовіча на месцы былога драўлянага храма. Гэты храм асвечаны ў гонар свята Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй св. Альжбэты.
У ХVIII стагоддзі храм быў дапоўнены бакавымі капліцамі, якія надалі яму выгляд крыжа. Убранства касцёла непаўторнае сваёй дэкаратыўнай драўлянай скульптурай, якую рабілі народныя майстры, і гіпсавай скульптурай, накладной арнаментальнай разьбой па дрэву, мастацкай коўкай, датаванай яшчэ 1619 годам, фрэскавымі пано. Цудоўныя рысы спалучаюць стылёвыя якасці рэнесансу, маньерызму, ранняга і позняга барока і ракако. Тут тры жывапісных часткі роспісаў выконваў у ХIХ стагоддзі Фердынанд Рушчыц у той час, калі ён быў студэнтам Пецярбурскай Акадэміі мастацтваў.
4 чэрвеня 2011 года навуковаметадычнай радай па ахове помнікаў культуры і дойлідства Міністэрства культуры Беларусі кіраўніком рэстаўрацыйнага праекту прызначаны вядомы мастак Алесь Пушкін. Пад яго кіраўніцтвам будзе ісці рэстаўрацыя Вішнеўскага касцёла з дабраславення пана пробашча касцёла Юзафа Мяльдзюка.
Мы маем планы аднавіць і добраўпарадкаваць бакавыя капліцы, умацаваць і адрэстаўраваць жывапіс Фердынанда Рушчыца на сценах галоўнага нефа і пафарбаваць касцёл з фасаду. Каб можна было з гонарам прымаць замежных турыстаў, усіх гасцей і дабрачынцаў. Старажытны духоўны цэнтр Беларусі ўваходзіць у турыстычныя і краязнаўчыя маршруты.
Дыпламатычны корпус Ізраіля ўжо аднойчы праяўляў цікавасць да гэтых мясцін. У 1998 годдзе на свае 75годдзе прыязджаў у роднае мястэчка былы прэмьерміністр Ізраіля, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, выхадзец з Беларусі Шымон Пэрас. Ён пазнаў студню з якой у дзяцінстве браў ваду, яна захавалася, а хату перабудавалі паіншаму, распавёў сп. Алесь Пушкін.
Міністэрства культуры ўхваліла планы па ўсталяванні ў касцёле мемарыяльных дошак з барыльефамі ксендзамарыяніна Уладзіслава Чарняўскага і мастака Фердынанда Рушчыца.
Тут ёсць шмат дзівосаў і памятных месцаў, расказвае мастак. Непадалёку магіла Сымона Буднага. А вось тут каля званніцы, на якой званы з 1927 года, апошні прытулак Ул. Чарняўскага.
Айцец Уладзіслаў Чарняўскі яшчэ ў тыя глухія 60тыя гады вёў службу на роднай мове.
Вось бачыце, які прыклад для беларусаў - паўстагоддзя пражыў тут, вёў службу на беларускай мове, выканаў свай пастырскі і чалавечы абавязак, пайшоў на 86годзе, і тут пахаваны, ляжыць побач са сваім народам. Яго добра памятаюць і сёння людзі, якія з ім разам рупіліся для касцёла.
Вішнеўскую зямлю палюбіў і ўшанаваў ксёндзпробашч Менскага Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк. Ён у свой час апякаваўся Уладзіславам Чарняўскім, даглядаў яго ў шпіталі, як роднага бацьку. Таму і вырашыў добраўпарадкаваць месца яго служэння і вусце цудатворнай крыніцы, наберажную ракі Альшанкі. На схіле пагорка высаджаны малады вішнёвы сад з трохсот дрэваў, а пасярод яго скульптурная кампазіцыя Маці Божай у кветках.
У 1414 годдзе на гэтым месцы аднаму пабожнаму чалавеку з'явілася Прачыстая Дзева і сказала: "Няхай будзе тут асвечана месца ў хвалу Сына Божага."
З таго часу людзі атрымалі Божае ласкі і цудоўныя ацаленні. На знак удзячнасці за атрыманыя даброты ў 10тую гадавіну падзеі 31 траўня 1424 года была пабудавана і асвечана велічная драўляная святыня. З часам яна ўжо не змагла ўмяшчаць усіх наведвальнікаў і ў 1637 1641 гадах быў пабудаваны мураваны касцёл з ласкі фундатара Юрыя Храбтовіча. У 2009 годзе крыніцу асвяціў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у прысутнасці святароў каталіцкага і праваслаўнага веравызнання.
Ксёндз Юзаф Мільдзюк, (магчыма ён стане прадаўжальнікам ідэй Юзафа Булькі) вядзе служэнне на беларускай мове. Святар адораны душэўнай дабрынёй і энергіяй. У ім угадваюцца вялікія творчыя здольнасці. Ён піша вершы і выдаў некалькі кніг пабеларуску. У час набажэнства ён звяртаецца да парафіянаў з просьбай парупіцца, каб прыдбаць духоўныя якасці, сеяць дабро ў душы людскія, добрым учынкам засведчыць веру, далучыць дзетак да касцёлу.
Паглыбішся ў малітву - можа выратуеш гектары зерня ад сушы. Госпад літасціва пашле дождж на ніву. Яшчэ трэба маліцца, каб не было больш ліхіх здарэнняў, як тэракты.
Калі бачыш тут аблупленыя муры, хочацца зрабіць лепей, прыгажэй, сказаў нам ксёндзпробашч. У касцёле знаходзіцца старажытны арган, ён з'явіўся таксама з ініцыятывы Храптовічаў і яшчэ дзесяцігоддзе таму гучаў. Мясцовы арганіст Міхал граў на ім, але ён памёр, і арган занядбаны. Варта было б запрасіць замежных майстроў прывесці яго ў належны стан, давесці да ідэалу, можа хтосьці зможа дапамагчы.
За восем кіламетраў ад Вішнева знаходзіцца мястэчка Багаданава. Тут у сядзібе Багданава ў 1870 годдзе нарадзіўся вядомы мастак -пейзажыст, графік, тэатральны дэкаратар, педагог Фердынанд Рушчыц. Ён пакінуў глыбокі след у мастацтве Беларусі і Польшчы. Багданаўскія ваколіцы адлюстраваныя ў разнастайных творах. Тут ён адчуў сябе мастаком і ўвабраў творчую моц зямлі і прыроды. Каля 70 разоў пры жыцці майстра яго працы экспанаваліся ў Вільні, Варшаве, Пецярбурзе, Маскве і сярод іх былі каларытныя пяйзажы, намаляваныя ў Багданаве.
У Пецярбурскай Акадэміі мастацтваў ён быў заўважаны І. Шышкіным і А. Куінджы. Па заканчэнні вучэльні ён стварыў больш за паўтара дзесяткі палотнаў, на якіх пераносіў свае юнацкія ўспаміны, назіранні, філасофскія развагі.
Фердынанд Рушчыц выкладаў у Варшаве, а потым - у Кракаўскай Акадэміі мастацтваў.
Далей ён кіраваў аддзелам выяўленчых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта, дзе яго выхаванцамі былі Язэп Драздовіч, Пятро Сяргіевіч, Язэп Горыт.
Кіраўнік рэстаўрацыйнага праекту Алесь Мікалаевіч Пушкін мае значны досвед выканання каталіцкіх і праваслаўных абразоў, аздаблення архітэктурных забудоваў жывапісам і мазаічнымі пано.
Пад эгідай Магілёўскай дыяцэзіі ён рабіў роспісы ў Магілёўскім Архікатэдральным касцёле, упрыгожыў фасад капліцы Св. Яна Хрысціцеля ў Менску і іншыя святыні. Зараз ён аднаўляе роспісы Ф. Рушчыца. Вонкавую афарбоўку будынка будуць весці яго памочнікі. Грандыёзная рэстаўрацыйная праца патрабуе сродкаў, і за гэта кіраўніцтва парафіі было б вельмі ўдзячна.
Сонца ў нядзелю стаяла высока з зяніце. Ліпы асыпалі сваю квецень на дол.
Лёгкі ветрык казытаў галінкі, праносіўся над галовамі. У небе над суседняй царквой Касьмы і Дзяміяна кружыліся чацвёра буслоў. Старэйшыя вучылі малодшых лятаць...
Э. Дзвінская, фота аўтара.
На здымках:
1. Касцёл ў Вішневе.
3. Рэстаўрацыйныя ра-боты вядзе А. Пушкін.
4. Адноўлены абраз Божай Маці Вострабрамскай.
2. Від з наберажнай Альшанкі.