Вярнуцца: 2011

№ 40 (1035)


Крыніца: pawet.net.



НАША СЛОВА №40 (1035) 5 кастрычніка 2011 г.


Рыхтуемся да чарговага з'езду

Паважаныя сябры! Хачу нагадаць Вам, што чарговы ХІ з'езд ТБМ адбудзецца ў нядзелю ў Менску 23 кастрычніка. Месца правядзення - тэатральная зала ў сутарэннях Чырвонага касцёла на плошчы Незалежнасці. Рэгістрацыя пачынаецца ў 10.00. Час правядзення з'езду і Рады ТБМ - з 11.00 да 17.00.

Нагадваю, што дэлегатамі з'езду могуць быць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, вылучаныя ад рэгіянальных структур ТБМ, што зарэгістраваны ў адпаведным парадку мясцовымі органамі ўладаў. Толькі такім дэлегатам будзе аплочаны праезд у Менск па прадстаўленых квітках (у абодва бакі). Госці з'езду такой магчымасці не маюць.

Падчас рэгістрацыі абавязкова трэба прад'яўляць пасведчанне сябра ТБМ альбо пашпарт.

Калі нехта з дэлегатаў згубіў пасведчанне, неабходна тэрмінова даслаць у сядзібу ТБМ фотаздымак і анкетныя дадзеныя, каб выдаць новае пасведчанне. Пажадана, каб усе дэлегаты з'езду да яго пачатку заплацілі сяброўскія складкі. Чакаем Вас па названым адрасе правядзення з'езду.

З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Парадак дня і рэгламент XІ з'езду ТБМ

(Праект)

10.00 - 10.45. Рэгістрацыя дэлегатаў і гасцей з'езду.

11.00 - 11.10. Адкрыццё з'езду, абранне прэзідыюма і сакратара з'езду.

11.10 - 11.15. Ушанаванне памяці рупліўцаў беларушчыны.

11.15 - 11.30. Выбары мандатнай, падліковай, рэдакцыйнай камісіяў і сакратарыяту з'езду.

11.30 - 11.35. Вітальнае слова гасцей з'езду.

11.35 - 11.40. Даклад старшыні мандатнай камісіі.1

1.40 - 12.10. Даклад старшыні ТБМ Алега Трусава.

12.10 - 12.25. Судаклад намесніка старшыні ТБМ Алены Анісім

12.25 - 12.35. Справаздачны даклад старшыні рэвізійнай камісіі ТБМ Леанарды Мухінай.

12.35 - 13.10. Спрэчкі па дакладах.

13.10 - 13.20. Справаздачны даклад галоўнага рэдактара "Нашага слова" Станіслава Судніка.

13.20 - 13.40. Выбары кіраўніцтва ТБМ (старшыня, намеснікі, Рада ТБМ, Рэвізійная камісія

ТБМ, галоўны рэдактар газеты "Наша слова").

13.40 - 14.00. Прыняцце дакументаў з'езду.

14.00 - 15.00. Перапынак на абед.

15.00 - 16.00. Першае пасяджэнне новай Рады ТБМ (абранне Сакратарыяту ТБМ.

Зацвярджэнне складу рэдкалегіі газеты "Наша слова").


Справаздачна - выбарныя канферэнцыі Лідскай гарадской і Лідскай арганізацый ТБМ

Справаздачна - выбарныя канферэнцыі Лідскай гарадской і Лідскай арганізацый ТБМ імя Ф. Скарыны адбудуцца 12 кастрычніка 2011 года ў 17.30-19.00 у канферэнц-зале Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я. Купалы.


З нагоды 500-годдзя Магдэбургскага права

На ўездзе ў Наваградак з боку Карэлічаў устаноўлена маляўнічае пано з нагоды 500-годдзя надання Наваградку Магдэбургскага права. Паўтысячны юбілей гэтай падзеі сёлета шырока адзначаўся ў Наваградку.

Наш кар.



У межах кампаніі "Будзьма!"

7 кастрычніка адбудзецца паэтычная вечарына з Генадзем Бураўкіным.

Пачатак 18.00. Уваход вольны.

Адрас: вул. Румянцава, 13.

Адказная А. Анісім.


135 гадоў з дня нараджэння Яна Булгака

Адзін з найлепшых фатографаў нашага краю, заснавальнік беларускай мастацкай фатаграфіі - Ян Булгак (Jan Brunon Bułhak) нарадзіўся 6 кастрычніка 1876 года на Наваградчыне ў в. Асташын. Да 1912 г. жыў у вёсцы Перасека Менскага павету. Вывучаў філалогію ў Кракаве. У 1912 г. заснаваў у Вільні атэлье фатаграфіі, а з 1919 г. пачаў кіраваць фатаграфічнай лабараторыяй пры факультэце прыгожага мастацтва Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. Быў заснавальнікам Польскага і Віленскага фотаклубаў, звязу польскіх мастакоў-фатографаў, польскага фатаграфічнага таварыства. Удзельнічаў у 174 міжнародных выставах. Напісаў шмат прац па тэхніцы і эстэтыцы фатаграфіі, а таксама па краязнаўчай фатаграфіі. Заснаваў майстроўню, мэтай якой была фотафіксацыя помнікаў архітэктуры Вільні. У ягоным доме на пляцы Э. Ажэшкі захоўвалася калекцыя з 10 тысяч фотаздымкаў, з іх каля 6 тысяч - Вільні і Віленшчыны. Калекцыя амаль што цалкам згарэла ў 1944 г. З 1945 г. жыве ў Варшаве, дзе пры дапамозе дырэктара Народнага музея Станіслава Лорэнца, адчыняецца першая пасляваенная выстава Яна Булгака «Варшава. 1945 г. у выявах Яна Булгака».

Напісаў успаміны пра Фердынанда Рушчыца (1939), а таксама вершы і навелы. Выпусціў серыю альбомаў "Вандроўкі фатографа" (I-IX, 1931-1936). Фатаграфіямі Булгака ілюстравана падарожная кніга па горадзе Юліюша Клоса, кніга пра Вільню Ежы Рэмера і інш.

Памёр 4 лютага 1950 г. у Гіжыцка (Лец), Вармінска-Мазурскае ваяводства; пахаваны ў Варшаве. На Беларусі ў вёсцы Варонча, што на Наваградчыне, каля касцёла Св. Ганны знаходзяцца 4 магілы продкаў Яна Булгака.


ЛЯВОНУ АНАЦКУ - 50

27 верасня споўнілася 50 гадоў з дня нараджэння АНАЦКІ Лявона Яўгенавіча, старшыні Лідскай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны", якая выконвае функцыі раённай арганізацыі і налічвае каля 300 чалавек.

Лявон Анацка прыняў кіраўніцтва лідскім ТБМ у канцы 90-х, структарызаваў арганізацыю. У дадатак да зарэгістраванай Лідскай гарадской арганізацыі сумеў зарэгістраваць Лідскую арганізацыю, Бердаўскую і Едкаўскую суполкі. Такім чынам на Лідчыне стала чатыры зарэгістраваныя структуры ТБМ.

Лявон Анацка вядзе актыўную ТБМаўскую працу ў Лідзе і раёне па беларусізацыі штодзённага жыцця Лідчыны, дабіваецца адкрыцця беларускіх класаў, патрабуе ад розных органаў улады весці перапіску па-беларуску. Дзякуючы такім, як Л. Анацка, закон абавязаў чыноўнікаў адказваць на лісты грамадзян на мове звароту.

Лявон Анацка супрацоўнічае з рознымі грамадскімі арганізацыямі і структурамі, найбольш актыўна супрацоўнічае з сяброўскай для ТБМ арганізацыяй - Таварыствам беларускай школы, уваходзіць у кіраўніцтва гэтай арганізацыі.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова", сябры лідскіх арганізацый і суполак ТБМ шчыра віншуюць Лявона Яўге-навіча з 50-годдзем, зычаць яму сілаў і імпэту на ніве змагання за Беларушчыну.


«Будзьма! Тузін. Перазагрузка - 2»

12 выканаўцаў з розных краін свету выканалі свае спевы ў перакладах на беларускую мову для пректу «Будзьма! Тузін. Перазагрузка - 2». У праекце ўзялі ўдзел музыкі, якія маюць беларускія карані альбо дачыненне да Беларусі.

Між імёнаў удзельнікаў - Алёна Свірыдава, Аляксандр Рыбак, Макс Лорэнс, гурты «Мумий тролль», «Смысловые Галлюцинации», «Воплі відаплясава», «Zdob si zdub» ды іншыя. Цягам двух тыдняў, штодзень у інтэрнэце адбывалася прэзентацыя адной з песень праекта. Апошняя з іх, песня гурта «Мумий тролль» «Кантрабанды». «Як і ў працы над любым праектам, быў шэраг праблем і непрадбачаных сітуацый, якія даводзілася вырашаць, але цяпер мы можам падзяліцца вынікамі са слухачамі з усяго свету», - кажа аўтар ідэі «Перазагрузкі», Сяргей Будкін:

- Праект сапраўды меў розгалас - песні пампавалі, слухалі, пісалі і паведамлялі пра нас беларускія і замежныя СМІ. Самі музыкі ўбачылі, што песні па-беларуску могуць мець не меншы поспех, чым хіты на арыгінальнай мове. У цэлым, мы зноў давялі простую думку, што беларуская мова існуе, і спяваць і раз-маўляць на ёй модна.

Наш кар.


Заміж беларускай мовы - Google

Старшыні Гомельскага гарвыканкама,

сп. В. I. Піліпцу

246050, г. Гомель, вул. Савецкая,

Паважаны Віктар Іванавіч!

Як паведамляюць сродкі масавай інфармацыі і асобныя грамадзяне, у афіцыйным сайце Вашай установы адсутнічае беларускамоўная версія. Гэта з'яўляецца парушэннем канстытуцыйнага права беларускамоўных грамадзян Гомеля і наведвальнікаў сайта з іншых рэгіёнаў Беларусі.

Спадзяемся, Вы падзяляеце думку Кіраўніка нашай краіны: "На Беларусі ніколі не перасохнуць крыніцы народнай мудрасці, таленту, любові да роднай мовы, культуры і традыцый Бацькаўшчыны". Мы верым, што беларускамоўная версія Вашага сайта неўзабаве будзе створана.

З павагай,

старшыня ТБМ А.А. Трусаў.



Старшыні

ГА «Таварыства беларускай

мовы імя Ф. Скарыны»

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13,

220034, г. Мінск

Ваш пісьмовы зварот у Гомельскі гарадскі выканаўчы камітэт разгледжаны.

Паведамляем, што ў адпаведнасці з Рэгламентам інфармацыйнай падтрымкі афіцыйнага інтэрнэт-сайта Гомельскага гарвыканкама, інфармацыя на ім размяшчаецца на рускай (альбо беларускай) і англійскай мовах. Адказы на звароты грамадзян і арганізацый даюцца на адпаведнай мове.

У маі 2011 года, пасля заканчэння абнаўлення версіі афіцыйнага інтэрнэт-сайта Гомельскага гарвыканкама, на ім падключаны аўтаматычны перакладчык Googlе (размешчаны ўнізе галоўнай старонкі), які дазваляе наведвальнікам сайта, па свайму жаданню, перакладаць размешчаныя на ім матэрыялы на беларускую, англійскую і іншыя мовы свету.

Такім чынам канстытуцыйныя правы беларускамоўных грамадзян захаваны цалкам.

Намеснік старшыні гарвыканкама А.У. Клічкоўская.


Беларускі тэкст - еўрапейскі смак

Дзе больш культуры, там менш свінства

Каштавалі каліне-будзь чыпсы «Онега»? Кажуць, беларускія. Толькі вось яўна не для беларусаў, бо напісана там па-руску, па-казахску, па-турменску, ледзь не па-печанегску, бо Залатая Арда пільнуе здароўе сваіх грамадзян (хоць у іхнім «смаку курыцы» ніводная птушка яўна не пацярпела), а ліцвінам - як Бог дасць, мо выжывуць.

І калі гэтак у Залатой Ардзе, дык у цывілізаванай Еўропе зусім іначай.

Любіце смачную гарбату? Колькі іх на рынку: Эрл Грэй, Акбар, Зіта і Гіта, Рам і Шыам … Імёны на ўсе выпадкі жыцця, але беларусы зноў маў-чаць, пэўна?

Ды не. Маўчалі б, каб не нямецкая фірма «GDG Schuette GmbH & Co», якая год таму прыйшла на наш рынак акурат з роднай для нас мовай, рэкламуючы свой багаты спектр смакаў вытанчанай гарбаты гандлёвай маркі «Tea Nature».

Слова «Nature» ў іх - зусім не рэквізіт пустога рэкламнага слогану, а прынцып жыцця: яны не дадаюць у свой прадукт хімічных інгрыдыентаў кшталту ўзмацняльніка смаку, загусціцеля, зацвярдзіцеля. Іхнія араматызатары «ідэнтычныя натуральным» гатуюцца з адмысловых выцяжак пэўных раслін насамрэч натуральным шляхам: «Зялёная радасць», «Ройбуш-Клубніцы», «Апельсін-Ваніль», «Клубнічная прахалода», «Зялёная мята», «Гарбата+Чорная мята», «Ханібуш-Абрыкос» ды інш. І, што найважнейшае, усё гэта так і напісана па-беларуску на інфармацыйных флаерах, на зграбных пакунках, хоць для, гэтак мовячы, фэнаў-гурманаў на авароце мо-жна адшукаць і мову арыгіналу прадукта. Напрыклад, у мяне цяпер на стале стаіць «Honigbusch Aprikose» («Ханібуш-Абрыкос»).

Дый сама ўлётка - Як наконт добрай гарбаты? «Tea Nature», вытворчасць Германіі - можа быць цудоўным узорам еўрапейскіх падыходаў да маркетынгу для нашых вытворцаў. Гэта вам не прыклад фірмы «Онега» ніжэй плінтуса.

Вітаўт МАРТЫНЕНКА.


Лапа і Лапо, Лялька і Лялько, Тычка і Тычко

Адкуль такія прозвішчныя формы і якія іх чыннікі?

Сучасныя прозвішчы нярэдка сваім вымаўленнем і графічна (напісаннем) супадаюць з агульнымі назвамі рэаліяў - прадметаў (неадушаўлёныя і адушаўлёныя назоўнікі), іх прыметаў, уласцівасцяў: Бубен (і бубен), Венік , Гай , Заяц, Ліс, Мароз, Муха, Холад; Белы, Сівы, Чорны, Кароткі, Сухі і пад.

Беларускія прозвішчы ўзніклі не так даўно (1718 стагоддзе). Асновай іх у многіх выпадках сталі былыя мянушкі, якія нярэдка характарызавалі асобаў паводле пэўных адзнакаў, прымет, уласцівасцяў, іх падабенстве да вядомых рэаліяў. Напрыклад, мянушкай Заяц называлі палахлівага чалавека, а хітрага - Ліс . Паводле вонкавага выгляду асобы (колер валасоў, адзення, рост і пад.) чалавек мог атрымаць мянушку Белы, Сівы, Рыжы, Чорны, Кароткі, Сухі ... Потым такія мянушкі сталі прозвішчамі. Прозвішчаў такой структуры і семантыкі нямала ў беларускай і іншых славянскіх мовах.

Тэндэнцыя аддаліць (адмежаваць) прозвішча ад агульнай назвы назіралася і раней. Але гэты працэс больш актыўна адбываецца ў наш час. Чытаючы перыядычныя выданні (часопісы, газеты) і асобныя кнігі, нярэдка сустракаем і новыя формы (варыянты) вядомых прозвішчаў: Дудка і Дудко , Лапа і Лапо , Лялька і Лялько , Муха і Мухо , Красачка і Красочка , Шышка і Шышко і шмат падобных.

Якія чыннікі змены гэтых формапрозвішчаў? Вызначальным выступае тут імкненне пазбыцца супадзення прозвішча з агульнай назвай, асабліва, калі яна мае непахвальную семантыку, зневажальнае адценне.

Новыя вымаўленчаграфічныя варыянты прозвішчаў нярэдка ўзнікаюць шляхам змены месца націску, г.зн. акцэнтаваннем. Так, прозвішча Баран мае націск на першым складзе, каб не супадаць з мянушкай Баран (пра някемлівага чалавека), як і Козел (мянушка Казёл ) і падобныя.

Шляхам акцэнтавання прозвішчы сталі ўтварацца перш за ўсё ад формаў імёнаў па бацьку ("бацькаімёнаў", рас. отчеств), дзе націск з утваральнай асновы пераходзіць на суфіск овіч : Адамовіч < Адбмавіч (Адамаў, сын Адама), Багдановіч < Багданавіч, Гаўрыловіч < Гаўрылавіч, Даніловіч < Даннлавіч, Ждановіч < Жданавіч, Піліповіч < Піліпавіч.

Шляхам акцэнтавання пераходзяць у прозвішчы некаторыя кананічныя імёны: Багдан > Богдан, Барыс > Борыс, Тарас > Тарас і іншыя. Але найчасцей падлягаюць акцэнтаванню гутарковыя (абыходныя) формы імёнаў з канцавым галосным а, на месцы якога ўзнікае націскны гук о : Валька > Валько, Валодзька > Валадзько, Санька > Санько, Сенька > Сянько і пад.

Такім жа шляхам (акцэнтаваннем) прозвішчы ўзнікаюць не толькі ад імёнаў, але і ад агульных асабовых імёнаў (апелятываў) - характарыстык чалавека, звычайна з эмацыйнаацэнкавымі суфіксамі (ач, аль, ель, ёл, ун, ачка, ушка) . Напрыклад, апелятывы на ач маюць націск на гэтым суфіксе (глядач, слухач, чытач) , а ў прозвішчах на ач пазбягаецца такое вымаўленне, каб не супадаць з агульным назоўнікам, які мае непахвальнае адценне ці дае адмоўную ацэнку асобы. Параўн.: гарбач ('гарбаты чалавек') і Горбач , брыкач і Брыкач , маўчун і Моўчун , даўгаль і Доўгаль , пузач і Пузач .

Шляхам акцэнтавання прозвішчамі становяцца неадушаўлёныя назоўнікі (звычайна з канцавымі а, ка ): бочка > Бачко, лапа > Лапо, лялька > Лялько, дзежка > Дзяжко, скурка > Скурко і шкурка > Шкурко, тычка > Тычко і пад.

Перанос націску на канцавы склад фармуе новае слова з націскным о , што засцерагае прозвішча ад скланення і тым самым яшчэ больш аддаляе яго ад апелятыва. Тут можна бачыць і арыентацыю на афіцыйную расійскую мову, дзе прозвішчы на о не скланяюцца: Андрейченко, Вдовенко, Куриленко, Носко, Рудько, Шейко, Яцко .

Новыя (абноўленыя) прозвішчы замацоўваюцца ў афіцыйнай мове, узаконьваюцца, перадаюцца па спадчыне Пра гэта сведчаць матэрыялы энцыклапедычных даведнікаў. Так, у 12томавай "Беларускай Савецкай Энцыклапедыі" (Мінск, 19691975) падаюцца наступныя прозвішчы (новыя графічнавымаўленчыя варыянты, часам побач з іх першаснымі формамі) вядомых людзей Беларусі: Богдан, Бабко, Будзько Будзька ), Булко Булка ), Бурко , Бялко, Валадзько Валодзька ), Варанко Варонка ), Вітко Вітка ), Галаўко, Гарбатко, Горбач Гарбач ), Гарбук Гарбук ), Гняўко Гнеўка ), Грышко Грышка ), Гурко Гурка ), Драко , Дубко , Жабо Жаба ), Жылко Жылка ), Жыло, Козёл, Лапо Лапа ), Лапко Лапка ), Міцько, Папко, Пашко, Платко, Пліско, Пляшко, Пожар, Позняк, Поляк, Прашко, Прокап, Пранько Пронька ), Пупко. Пырко, Рабко, Радзько, Радо, Ралько, Рамо, Раўдо (і Роўда), Рудзько, Рудко, Рэхо, Сідор, Скабло Скобла ), Скурко, Слабко, Сліпак, Слімко, Сліпко, Сяўко, Тарас Тарас Гушча ), Хацько, Хілько, Храпко, Цітко, Чапко, Чуйко, Чурко, Шапко, Шчуко, Шыйко, Шымко.

Прычынаў, якія прыводзяць да з'яўлення новых варыянтаў антрапонімаў (прозвішчаў), некалькі. Можна бачыць тут і ўплыў афіцыйных польскай і расійскай моваў.

1. Уплыў польскай мовы. Ён адчуваўся цягам стагоддзяў - пасля 1697 года, калі пастановаю Сейма ў афіцыйнасправовай сферы ўзаконена было выкарыстанне польскай мовы. А калі мець на ўвазе больш блізкі час, то гэта 19211939 гады, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы. Узорам афармлення афіцыйных дакументаў стала дзяржаўная мова гэтай краіны. Прозвішчы беларусаў падганяліся пад узор слоў польскай мовы, дзе націск прыпадае на перадапошні склад слова. Таму беларускія антрапонімы пераафармляюцца паводле гэтай заканамернасці. Так, на Зэльвеншчыне, радзіме аўтара гэтых радкоў, бытуюць сучасныя беларускія прозвішчы, аформленыя паводле заканамернасцяў нашай мовы. Яны і падаюцца ў энцыклапедыі "Памяць. Гісторыкадакументальная хроніка Зэльвенскага раёна" (Мінск, 2003): Жабрак, Жабрун, Сачок, Сідар і г.д. Але пад польскім уплывам (з націскам на перадапошнім складзе) сустракаем тут і прозвішчы польскамоўнага афармлення: Жэбрак (акадэмік АН Беларусі, прэзідэнт акадэміі) Сачак (< Сачэк >) ( рэктар Віцебскага медінстытута) і іншыя .

2. Уплыў расійскай мовы. Найчасцей у гэтым выпадку беларускія прозвішчы з канцавым а афармляюцца на ўзор расійскіх (рускіх) з фінальным о ( о, ко, енко ): Валодзька > Валадзько, Галоўка > Галаўко, Грышка > Грышко, Жылка > Жылко, Пліска > Пліско, Скурка > Скурко, Шышка > Шышко.

Адна з галоўных прычынаў ва ўсіх выпадках - імкненне пазбыцца аманіміі прозвішча з уласным асабовым іменем і імем па бацьку. Так ўзніклі і прозвішчы, носьбіты якіх - беларускія пісьменнікі Ніна Тарас і Валянцін Тарас. Параўнаем гэтую форму прозвішча з першаснай Тарас Гушча (псеўданім Якуба Коласа). Або прозвішча знанай беларускай пісьменніцы Алены Васілевіч (параўн . Мікалай Васілевіч Бірыла ) .

Згаданыя і іншыя чыннікі нярэдка дзейнічаюць у сваёй спалучнасці, выконваючы асноўную функцыю - адмежаваць прозвішча ад іншых моўных адзінак. Бо прозвішча - найважнейшы элемент (кампанент) уласнага асабовага наймення, які перадаецца па спадчыне. І не зважаючы на тое, як узнікла прозвішча, якім спосабам, у якіх варунках (нават штучным спосабам, як Машэраў ад былога Машэра), яно, замацаванае ў пісьмовай форме, у афіцыйным выданні, набывае норму закона.

Павел Сцяцко


Роля гістарычна-культурнай спадчыны ў фармаванні беларускай ментальнасці

Вось ужо дваццаць год як мы жывём у незалежнай беларускай дзяржаве, аб якой так марылі і за якую так змагаліся нашы продкі. І калі нехта кажа, што ў 1991 годзе незалежнасць беларусам звалілася з неба, гэта няпраўда, бо за яе аддалі жыццё тысячы і тысячы нашых землякоў і асабліва ў ХХ стагоддзі.

Толькі ў незалежнай беларускай дзяржаве адносіны да гістарычнакультурнай спадчыны каардынальна змяніліся.

Папершае, адкінута савецкая тэорыя "ваяўнічага атэізму", паводле якой былі рэпрасаваныя тысячы святароў, разбураны і перабудаваны сотні храмаў, а новыя храмы будаваць забаранялася. Зараз вернікам вернута большасць іх святынь, будуюцца новыя храмы, і гэты працэс працягваецца. Культавая архітэктура зноў стала неад'емнай часткай нашай гістарычнай спадчыны. Але паўсталі і новыя праблемы. Напрыклад, у якім стылі адбудоўваць храм, калі ён паслядоўна належаў розным канфесіям і шмат разоў мяняў сваё аблічча? Што рабіць, каб не паўтаралася гісторыя з Барысаглебскай царквой у Наваградку, падмуркі якой збудаваны яшчэ ў ХІІ ст., а купалы вежаў, нягледзячы на пратэсты грамадскасці, "упрыгожылі" "псеўдарускія цыбуліны", што значна сапсавала яе гістарычныя абрысы? Ці разумеюць праваслаўныя святары, якія вельмі вальготна пачуваюцца ў нашай краіне, што яны пераносяць на беларускую зямлю пры будаўніцтве цэркваў і манастыроў копіі рускіх храмаў ХVІІІ - ХІХ стст., што яны незваротна нішчаць наш гістарычны ландшафт? Чаму ні адзін з іх не зрабіў храм у выглядзе славутай СпасаПрэабражэнскай царквы ХІІ ст. з Полацка, альбо па прыкладзе храмаў у Сынкавічах і Мураванцы? Ім грунтоўна не хапае беларускай ментальнасці і беларускага патрыятызму.

Чаму псеўдарэстаўратары ў Менску і іншых гарадах Беларусі разбураюць старажытныя будынкі і на іх месцы ставяць іхнія нязграбныя копіі? Бо іх цікавяць толькі грошы, асабліва калі ідзе новае будаўніцтва, а расцэнкі на рэстаўрацыйныя работы значна большыя, чым на звычайную будоўлю.

Чаму занядбаныя сотні беларускіх могілак, асабліва вясковых, чаму там вальготна сябе адчуваюць вандалы і п'яніцы? Бо іх з дзяцінства не вучылі шанаваць сваіх продкаў і сваю малую Радзіму.

І нарэшце, чаму менавіта ў апошнія 15 год, калі дабрабыт нашых людзей палепшыўся, апошняя вялікая вайна, дзе загінуў кожны трэці беларус, скончылася ў 1945 годзе, наша насельніцтва імкліва старэе і хутка вымірае, а нашыя мужчыны часта не дажываюць да пенсіі.

Адна з прычын у тым, што людзі жывуць толькі сённяшнім днём, іх не цікавіць гісторыя і культура, мова і традыцыі продкаў, а толькі грошы, чарка і скварка, бо школа і ВНУ не далі ім прышчэпкі нацыянальнай годнасці, любові да прыгожага, да культурнага адпачынку, да валанцёрскай працы і краязнаўчай зацікаўленасці. Людзі не маюць пачуцця нацыянальнай годнасці, гонару за сваю гісторыю і не разумеюць сваёй гістарычнай місіі, альбо, калі сказаць па навуковаму - "пасіянарнасці".

Узнікае пытанне, колькі беларусаў будзе жыць на нашай зямлі праз 1002001000 гадоў? І ці варта адбудоўваць нашыя замкі палацы і храмы, калі сюды пераселяцца шматлікія азіяцкія мігранты, якім ужо зараз недальнабачныя чыноўнікі абяцаюць тысячы даляраў на пераезд.

Праблема беларускай ментальнасці закранае шмат якіх беларускіх і замежных даследчыкаў, і я хачу прывесці некалькі прыкладаў з іхніх апошніх працаў.

Пачнём з праблемы "вялікай і малой Радзімы". Культуролаг Юлія Чарняўская сцвярджае, што існуюць дэфініцыі "вялікая Радзіма" - прастора з дакладна акрэсленымі дзяржаўнымі межамі, калі супадаюць этнічныя і тэрытарыяльныя межы межы і тэрмін "метафізічная Радзіма", калі межы этнасу аморфныя, і вобраз "вялікай Радзімы" перацякае ў культурную памяць этнасу. Так межы Вялікай Малдовы, Вялікай Балгарыі, Вялікага Турана і г.д. шырэйшыя, чым межы краіннашчадкаў.

А што для нас, беларусаў пачатку ХХІ ст. "вялікая Радзіма"? Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя, СССР ці БССР? І што рабіць, калі межы БССР з 1 студзеня 1919 па верасень 1991 года мяняліся не па нашай волі шмат разоў? Ці варта выкрэсліваць з нашай гістарычнай памяці гістарычнакультурную спадчыну Вільні і Смаленска, Беластока і Дзвінска, "Вострую браму святую" і Супрасльскі манастыр?

Як развіваць гістарычную памяць нацыі, калі беларус хоць адзін раз у жыцці не наведае Вільню, не ўбачыць хараство нашай старадаўняй сталіцы?

Пра сітуацыю з Вільняй добра сказаў Тымаці Скіндар у сваёй кнізе "Рэканструкцыя нацый: Польшча, Украіна, Літва і Беларусь, 19691999". Ен піша: "У 1920 годзе літоўскія нацыянальныя дзеячы выдатна ведалі, што ў Вільні амаль няма літоўцаў. Іх прэтэнзіі на гэты горад насілі гістарычны і палітычны характар. Толькі дзякуючы адукацыйнай палітыцы ў міжваенным і савецкім часе людзі "даведаліся", што Вільня, калі Польшча захапіла яе ў 1920 г., была этнічна літоўскім горадам. Падобным чынам у 1920 годзе Пілсудскі і Жалігоўскі (якія, дарэчы, паходзілі з Віленскага краю, а не з сапраўднай Польшчы - А.Т .) анексавалі Вільню не як польскія нацыяналісты або ворагі Літвы, а як палякіліцвіны... Яны дзейнічалі не ў рамках парадыгмы "этнічнай" нацыянальнай дзяржавы, а мяркуючы, што Вялікае Княства Літоўскае можна адрадзіць у форме федэрацыі."

Варта дадаць, што падобную спробу крыху раней, у 1919 годзе, зрабілі бальшавікі, абвесціўшы ЛітоўскаБеларускую ССР са сталіцай у Вільні.

Узнікае пытанне, чаму ў нашых школьных падручніках няма нават згадкі пра гэтыя падзеі, якія не меншым чынам паўплывалі на гістарычную ментальнасць беларусаў.

Цяпер варта разгледзець такое вызначэнне як "мая зямля" альбо "малая радзіма". Юлія Чарняўская лічыць, што "малая радзіма" - старажытны кампанент этнічнага топаса, прыналежнасць да яе ўспрымаецца як "прирождённая", "природная". У сваёй кнізе "Этническая культурология: концепты, подходы, гипотезы" яна піша што малая радзіма звязана з ідэяй каранёў, у сувязі з чым у нацыі, асабліва поліэтнічнай гэта можа прывесці да раз'яднання па прынцыпу вузкамясцовых адрозненняў. Нам варта прыгадаць, як у канцы мінулага стагоддзя на Беларусі аднекуль з'явіліся нейкія "яцвягі", якія спрабавалі адкалоць ад Беларусі заходняе Палессе.

Развіваючы мясцовае краязнаўства неабходна мець рэспубліканскую краязнаўчую арганізацыю з яе мясцовымі структурамі, як гэта было ў БССР у 20я гады мінулага стагоддзя.

У другой сваёй кнізе "Белорусы. От «тутэйшых» к нации" Юлія Чарняўская прыходзіць да высновы, што сёння тэрмін "нацыя" мае больш ганаровы змест, чым слова "этнас". Этнас адпавядае мінуламу, а нацыя - будучыні. Пры гэтым абодва тэрміны часам злучаюцца разам, што нарадзіла савецкі канцэпт "нацыянальнасць". Да рэвалюцыі 1917 года яго не было. Напрыклад, расійскі перапіс 1897 года быў пабудаваны на двух аспектах - веравызнанне і мова. Упершыню тэрмін "нацыянальнасць" з'явіўся ў савецкім перапісе 1926 года.

Можна пагадзіцца з вядомым беларускім культуролагам, што зараз слова "этнічнасць" не мае адзнакі фатальнасці, яна на даецца па праву нараджэння. Этнічна "іншы" і нават "чужы" можа стаць вялікім дзеячам культуры і нават яе сімвалам. Чарняўская прыводзіць шматлікія прыклады з рускай гісторыі.

Нам таксама варта пра гэта помніць. У нашых падручніках павінны згадвацца ўсе нобелеўскія лаўрэаты, якія маюць беларускія карані, а таксама пісьменнікі, мастакі, навукоўцы і гэдак далей. Толькі тады беларусы стануць еўрапейскай нацыяй з багатым гістарычным мінулым.

Трэба выкінуць на сметнік гісторыі, навязаныя нам у ХІХ і ХХ стст. міфы, што беларусы - сялянская нацыя, што нас заўжды прыгняталі літоўскія князі і польскія паны, а рускія цары былі лепшымі сябрамі і прыхільнікамі.

Як і ў кожнага народа, у нас былі і свае князі, і магнаты, і шляхта.

Возьмем славутую дынастыю Ягелонаў. Чаму мы не пішам у школьных падручніках пра яе беларускія карані? Хто была жонка Альгерда, хто маці і жонка Ягайлы? На якой мове ён размаўляў у штодзённым жыцці?

Варта дадаць некаторыя рысы і ў біяграфію апошняга караля Рэчы Паспалітай, расказаць пра яго паходжанне, добрае веданне беларускай мовы, любоў да сваёй малой радзімы, да беларускага горада Гародні. Нам варта перавыдаць з адпаведнымі каментарамі цікавую кніжку Лаўрэна Абэцэдарскага "Беларусы ў Маскве". Гэты пералік можна доўжыць бясконца.

Напрыканцы некалькі канкрэтных прапаноў.

1. Вярнуць ва ўсе беларускія школы, незалежна ад мовы выкладання, выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі пабеларуску.

2. Вярнуць ва ўсе ВНУ краіны курс "Беларусазнаўства" з выкладаннем яго толькі пабеларуску.

3. Распрацаваць і ўвесці на ўсіх гуманітарных факультэтах ВНУ Беларусі курс "Гісторыя архітэктуры Беларусі" з абавязковымі наведваннямі шэдэўраў беларускага дойлідства.

4. Аднавіць дзейнасць рэспубліканскага краязнаўчага таварыства.

5. Напісаць і выдаць навуковыя і навуковапапулярныя вучэбныя дапаможнікі пабеларуску наступнага зместу:

А) Гісторыя ВКЛ;

Б) Гісторыя Рэчы Паспалітай;

В) Гісторыя Расійскай імперыі (ХVІІІ - пач. ХХ ст.);

Г) Гісторыя СССР;

Д) Гісторыя БССР.

Абавязкова перакласці іх на англійскую і рускую мовы, а гісторыю ВКЛ і Рэчы Паспалітай - на польскую і літоўскую мовы.

6. Стварыць гістарычны беларускі часопіс на англійскай мове.

І тады не толькі вясельныя пары будуць ісці да муроў замкаў у Гародні і Лідзе, каб ад іх пачаць свой сямейны шлях, а і ўся нацыя будзе крочыць да лепшага жыцця, маючы за сабой цвердзі замкаў ды цвёрдыя нацыянальную памяць і свядомасць.

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.


Чатыры сустрэчы на радзіме Васіля Цяпінскага

Беларускія пісьменнікі Міхась Скобла і Сяргей Чыгрын правялі чатыры літаратурныя сустрэчы ў межах кампаніі "Будзьма беларусамі" ў горадзе Чашнікі Віцебскай вобласці. Чашніччына з'яўляецца радзімай беларускага гуманіста-асветніка, пісьменніка, кнігавыдаўца і перакладчыка Васіля Цяпінскага. Падчас сустрэчы літаратары прыгадвалі і вялікага гуманіста.

Першая сустрэча з Мі-хасём Скоблам і Сяргеем Чыг-рыном адбылася ў гімназіі № 1 г. Чашнікаў. По-тым былі сустрэчы з вучнямі і настаўнікамі ў першай і чац-вёртай школах горада, а таксама ў Чашніцкай раённай бібліятэцы. Цікава тое, што вучні Чашніцкіх школ даўно не сустракаліся з пісьменнікамі ў сваіх школах. І падобная сустрэча для іх была сапраўдным святам. Вучні і настаўнікі задавалі гасцям шмат пытанняў, чыталі вершы, фатаграфаваліся, расказвалі пра сваіх знакамітых землякоў Васіля Цяпінскага, Янку Журбу, Яўгенію Мальчэўскую, Рыгора Рэлеса і іншых літара-тараў. Таму было цікава не толькі жыхарам Чашнікаў, але і гасцям пачуць і ўбачыць, як жыве беларуская глыбінка.

Самыя актыўныя юныя жыхары Чашнікаў атрымалі ад кампаніі "Будзьма беларусамі" сувеніры і кнігі пісьменнікаў з аўтографамі.

Пасля ўсіх сустрэч Міхась Скобла і Сяргей Чыгрын наведалі вёску Цяпіна, дзе нарадзіўся Васіль Цяпінскі. Пабывалі ў мясцовай школе, дзе знаходзіцца мемарыяльная шыльда, прысвечаны Цяпінскаму і мемарыяльны знак гуманісту. Цікава тое, што ў школе шмат гадоў існуюць свае грошы "цяпіны". Лепшыя і актыўныя вучні школы атрымліваюць "цяпіны" і той, хто атрымлівае па 1200 "цяпінаў", могуць бясплатна некалькі гадзін карыстацца Інтэрнэтам, хадзіць на дыскатэкі і г.д.

Ірына ЛЮСІНА.


Нечаканая сустрэча

З нагоды 120-годдзя выхаду "Дудкі Беларускай" Мацея Бурачка

Адшумелі першамайскія дні, а за імі і пераможныя 9 і 10га траўня. Можна ўжо заглыбіцца ў будзённае, але радасна асалоднае творчае жыццё. Дзень адзінаццатага траўня спланаваў гэтак, каб надвечар зазірнуць у наша Таварыства беларускай мовы. І от тут напаткаў крыху мне візуальна знаёмую, досыць прывабную даму. Яна, выкладчыца ангельскай мовы, прыйшла ў наша таварыства на заняткі па роднай мове. Згледзеўшы мяне, яна, мо не паверыце! - раптам працягнула мне тонельную, пажухлую, без вокладкі, але з тытульнай старонкай кніжачку. З той тытульнай старонкі мне кінуўся ў вока такі знаёмы і дарагі назоў - "Дудка Беларуская", Мацея Бурачка." Не цяжка ўявіць, з якім імпэтным парываннем я пацягнуўся да згаданай кніжкі. Мне і не снілася, што 11га траўня 2011 года мяне чакае такая неспадзяванка. Тут жа пачаў таропка чытаць усе выходныя звесткі. З гэтых звестак даведаўся, што гэта ўжо шостае выданне "Дудкі Беларускай", а перадрукавана яно з кракаўскага, другога выдання 1896 года. Перагортваю тытульную старонку, а на ёй невялічкі ключыкальфабэта, як чытаць пасобныя літары беларускай лацінкі, прынамсі, падаю гэты ключ да беларускай лацінкай альфабэты. Дарэчы, першае беларускае выданне такога ключа не мела.

Як і першае, і другое кракаўскае выданне "Дудкі Беларускай" шостае пачынаецца з славутай маніфестычнай Прадмовы Фр. Багушэвіча - Мацея Бурачка. Але гэтай Прадмове папярэднічаў штрыхавы партрэт Фр. Багушэвіча з подпісам Maciej Buracok, і ў дужках (Prancis Bahusevic, 18401900). Імя аўтара партрэта, нажаль, не пазначана.

Выдаўцы шостага выдання "Дудкі Беларускай" Багушэвічавай Прадмовы зрабілі аж шэсць каментароў, якіх не было ў першым выданні, пэўна ж, як і ў другім. А менавіта: патлумачылі, хто такія "таварышы" - украінцы, што наша зямля не заўсёды звалася Беларуссю, што былі і іншыя назвы "Крывія, Літва". Ды і шмат іншых удакладненняў зрабілі. Шостае выданне "Дудкі Беларускай" выйшла ў 1927 годзе з друкарні Фр. Скарыны, што знаходзілася на вуліцы Людвісарскай. Гэта яшчэ якраз выразна прачытваецца на тытульным лісце зашмальцаванай ад часу "Дудкі Беларускай". Вокладка ж, калі меркаваць па тых яе слядах, якія засталіся на пераплёце, была мяккая.

А зараз самая пара пацікавіцца ў спадарыні Наталлі Пабанавай - гэтак сябе называла ўладальніца "Дудкі Беларускай" 1927 года выдання, адкуль у яе гэтая "Дудка Беларуская"? І от што я пачуў.

Гэтая сціплая, але гучная кніжачка належала майму тату - Рагоўскаму Андрэю Сямёнавічу. Ен з 1916 года з Гарадзішча, што пад Баранавічамі. Гэта блізка і ад Наваградка. Ен быў настаўнік. Вучыў дзяцей нямецкай мове. У вайну таксама настаўнічаў. Сябраваў з Ф. Янкоўскім. У яго была багатая бібліятэка. Яна і зараз там. От і я неяк раз корпалася ў тых кнігах і напаткала гэтую.

Цікаўлюся, а як атрымалася, што вы менавіта сёння ўзялі з сабою на заняткі знойдзеную кніжачку і якраз натрапілі на мяне.

Я хацела яе паказаць усім. А тут Вы!...

Я далікатна, асцярожна гартаю кволыя старонкі амаль дзевяностагадовага выдання. У ім ацалелі ўсяго дваццаць шэсць старонак. Абрываецца яна на баладзе пра хціўца на Святога Яна. Не стае старонак з такімі Багушэвічавымі творамі, як з "Гдзе чорт не можа. там бабу пашле", "Кепска будзе", "Быў у чысцы"...

Яшчэ шостае, 1927 года выданне "Дудкі Беларускай" адметнае тым, што выдаўцы яго да кожнага Багушэвічавага твору зрабілі свае удакладненні, тлумачэнні.

От, прыкладам, які каментар зрабілі выдаўцы шостага выдання да яе маніфестычнай Прадмовы:

І гэткія ж удакладненні, каментары зроблены і да іншых твораў Францішка Багушэвіча.

Першае выданне "Дудкі..." была набрана праз "я" "... Бяларуская", а шостае выданне ўжо было набрана праз "е" - "... Беларуская".

Уладзя Содаль-Садэльскі.


Сустрэчы ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве

24 верасня ў сядзібе ТБК адбылася традыцыйная штомесячная імпрэза. Гэтым разам мерапрыемства мела надзвычай асаблівы характар, паколькі асноўнымі пунктамі праграмы была сустрэча з вядомым дзеячом, архітэктарам незалежнасьці Рэспублікі Беларусь - Зянонам Пазьняком, і прэзентацыя этнаграфічнага фільма пра Віленскі край "Дарога ў Вільню" з госцем у галоўнай ролі. Аўтарам фільма з'яўляецца малады беларускі рэжысёр Алесь Кудрыцкі.

Каларыту сустрэчы дадала прысутнасць яшчэ аднаго важнага госця ТБК, епіскапа Віленскага і Нью-Ёркскага Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы, уладыкі Серафіма. Айцец Серафім доўгі час свайго жыцця служыў ва Ўкраіне. Там дамогся дазволу на правядзенне праваслаўных службаў пабеларуску і, што надзвычай важна, арганізаваў у горадзе Севастопалі беларускамоўныя службы, а некалькі месяцаў таму прайшоў абрад хіратоніі (рукапакладзення), прыняўшы сан епіскапа. Уладыка валодае некалькімі адукацыямі: мае ступені па юрыдычнай і тэалагічнай навуках, абараніў дзве дысертацыі па багаслоўі, з'яўляецца доктарам навук, ведае некалькі моваў.

Насычаная праграма мерапрыемства пачалася з прамовы айца Серафіма, якую ўладыка пачаў з дабраслаўлення ўсіх прысутных. Далей уладыка гаварыў пра важнасць захавання ў грамадстве духоўных, рэлігійных каштоўнасцяў і культуры, якія з'яўляюцца важнай часткай агульначалавечай культуры. Таксама ў сваёй прамове ўладыка закрануў тэму беларускай праваслаўнай царквы: кожная цывілізаваная краіна мае права і мусіць мець сваю нацыянальную царкву, таму важна ўмацоўваць і развіваць беларускую аўтакефальную царкву. Уладыка завяршыў сваю прамову цытаваннем Святога Пісання, а менавіта словамі аднаго з Божых запаветаў - "шануйце маці сваю і бацьку", бо краіна наша - гэта таксама нашая Маці, таму наш, як дзяцей, абавязак любіць і шанаваць яе, і рабіць усё магчымае дзеля яе.

Пасля пранікнёнага выступу айца Серафіма думкамі і ўвагай аўдыторыі цалкам авалодаў сп. Зянон Пазьняк. Спадар Зянон распавёў, што ў яго некалькі мэтаў сустрэчы з публікай. Адной з галоўных мэтаў сустрэчы з'яўляецца паказ фільма "Дарога ў Вільню", у якім сам госць распавядае пра культурнаархітэктурную спадчыну беларусаў на Віленшчыне. У фільме закранулася вельмі цікавая і малавядомая тэма занядбання ўсходніх ад Вільні раёнаў, хаця некалькі стагоддзяў таму тут, бліз сталіцы вялікай дзяржавы, усюды былі цэнтры культуры: палацы, касцёлы, маёнткі, квітнеючыя мястэчкі. У стужцы сп. Пазьняк распавядае, што і як было на гэтых землях раней, якія тут вядомыя людзі і шляхецкія роды жылі, працавалі, будавалі тут архітэктурныя помнікі, і ў якім стане занядбання і абыякавасці гэта ўсё знаходзіцца ў наш час. Пасля паказу фільма спадар Зянон заклікаў усіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі і культурнай спадчынай Вялікага Княства, ды і проста неабыякавых людзей распрацоўваць тэму Віленшчыны як на навуковым узроўні, так і на аматарскім: ездзіць, наведваць, фатаграфаваць тыя прывіленскія маёнткі і мястэчкі, якія некалі квітнелі і дзе калісьці буяла нашая гісторыя. Таксама сп. Пазьняк адзначыў бліскучую працу над фільмам рэжысёра Алеся Кудрыцкага і прызнаўся, што не спадзяваўся на такі выдатны вынік працы, улічваючы даволі неспрыяльныя ўмовы здымкаў.

Наступнай тэмай сустрэчы з Зянонам Пазьняком была прэзентацыя новых выданняў госця. Гэтымі выданнямі з'яўляюцца кнігі аўтарства спадара Зянона, прысвеча-ныя 20-годдзю незалежнасці Рэспублікі Беларусь - "Сесія незалежнасці" і "Незалежнасць Беларусі. 20 гадоў", а таксама супольная кніга Зянона Пазьняка і Сяргея Навумчыка "Дэпутаты незалежнасці" . У кнігах апісваюцца важнейшыя ў лёсе Беларусі падзеі, якія адбываліся на мяжы 80-х - 90-х гадоў: праца шырокага тагачаснага руху - Беларускага Народнага Фронту, дзейнасць фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце БССР, а потым і РБ, а таксама сесія Вярхоўнага Савета, якая адбылася пасля жнівеньскага путчу 1991 г., на якой была абвешчана незалежнасць Беларусі. Аўтар адзначыў, што выданне такіх працаў важнае сёння таму, што цяперашнія ўлады на Беларусі не гавораць, замоўчваюць тыя падзеі, не шмат хто ведае, што адбывалася ў той час, які па сутнасці быў лёсавызначальным для гісторыі краіны. Дзякуючы прынятым у тыя часы рашэнням і людзям, што працавалі над тым, каб гэтыя рашэнні былі ажыцяўлённыя, мы цяпер маем незалежную краіну, а значыць, і будучыню.

Пасля прэзентацыі выданняў адбылася адкрытая дыскусія прысутных з госцем. Былі зададзеныя шматлікія пытанні на тэму палітыкі культуры. Сярод ключавых пытанняў была праблема выбараў на Беларусі, у якім Зянон Пазьняк прытрымліваецца цвёрдай пазіцыі ўсеагульнага байкоту. Госць тлумачыў сваё перакананне адсутнасцю рэальных выбараў на Беларусі; вынікі іх вядомыя задоўга да галасавання, галасы людзей ніхто не лічыць, і адзінае што патрэбна рэжыму - яўка грамадзянаў на выбарчыя ўчасткі, таму нельга сваім удзелам дапамагаць рэжыму атрымліваць чарговыя "элегантныя перамогі". На жаль, зза абмежаванасці часу задаць сваё пытанне змаглі не ўсе, але пасля заканчэння афіцыйнай часткі імпрэзы ахвотныя падыходзілі да спадара Зянона для асабістай размовы, а таксама з задавальненнем набывалі кнігі з подпісам аўтара. А ўвечары Зянон Пазьняк наведаў выступ беларускага рэпвыканаўцы Вінсэнта, які адбываўся на цэнтральным праспекце Гедыміна ў межах Дня народаў. Палітык пазнаёміўся з маладым музыкам, пагутарыў са шматлікімі беларусамі, якія таксама прыйшлі на гэтае свята.

У якасці падсумавання вынікаў мерапрыемства хацелася б адзначыць шчырую зацікаўленасць людзей розных сацыяльных колаў у асобе Зянона Пазьняка. Неверагодна, але палітык, нягледзячы на эміграцыю, ужо некалькі дзесяцігоддзяў для многіх беларусаў з'яўляецца лідарам беларускага нацыянальнага адраджэння, асацыюецца з высокай палітычнай мараллю, культурай і прынцыповай пазіцыяй. Прыгадваецца дэвіз спадара Зянона, з якім ён ішоў на выбары прэзідэнта ў 1994 г. : "Для мяне інтарэсы майго Народа і маёй Бацькаўшчыны вышэйшыя за мае асабістыя інтарэсы, і калі я гэтыя інтарэсы ажыцяўляю, асноўным крытэрыем з'яўляецца праўда". Усё яго жыццё і праца яскрава сведчаць аб тым, што так яно і ёсць. За гэтую доўгую самаахвярную дзейнасць людзі не перастаюць паважаць і шанаваць спадара Зянона.

Вітольд Паўлюкевіч, г. Вільня.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX