Вярнуцца: 2011

№ 42 (1037)


Крыніца: pawet.net.



НАША СЛОВА №42 (1037) 19 кастрычніка 2011 г.


Чарговы з'езд ТБМ

Паважаныя сябры! Чарговы ХІ з'езд ТБМ адбудзецца ў нядзелю ў Менску 23 кастрычніка . Месца правядзення - тэатральная зала ў сутарэннях Чырвонага касцёла на плошчы Незалежнасці. Рэгістрацыя пачынаецца ў 10.00. Час правядзення з'езду і Рады ТБМ - з 11.00 да 17.00 .


Захаваем беларускую "Раніцу"

Заява Сакратарыяту ТБМ

Са сродкаў масавай інфармацыі стала вядома, што па загадзе чыноўнікаў спыніла сваё існаванне адзіная беларускамоўная дзіцячая газета "Раніца". Гэта выданне на працягу 82 гадоў несла беларускае слова ў беларускую школу, выхоўвала патрыятызм і любоў да беларускай мовы і культуры ў нашых дзетак. Не іначай як здзекам выглядае абяцанне чыноўнікаў зрабіць з "Раніцы" маленькі штомесячны дадатак да рускамоўнай газеты.

У сувязі з гэтым мы заклікаем грамадзян Беларусі неадкладна звяртацца да беларускага ўраду з патрабаваннем аднавіць выхад газеты "Раніца" і аб'явіць падпіску на гэтае выданне на наступны год, год юбілеяў класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка.

Прынята 14 кастрычніка 2011 г.


Хочаш паразмаўляць ў Інтэрнэце па-беларуску - заходзь на Razmova.by

Той, хто ў сваім жыцці свядома размаўляе па-беларуску, часцяком сутыкаўся з праблемай пошуку суразмоўцы, чалавека, з якім вы маглі б абмяркаваць усё, што вас цікавіць. Есць сябры, ёсць сям'я, але не ўсе з іх разумеюць і размаўляюць на матчынай мове. Таму вельмі часта з-за гэтага мы адчуваем сабе вельмі пры-кра. Аднак на самай справе сітуацыя не такая дрэнная. Паводле апошняга перапісу каля 85 адсоткаў жыхароў Беларусі досыць свабодна валодаюць беларускай мовай. Валодаюць - гэта значыць, што яны могуць і чытаць, і размаўляць, і пісаць на ёй. Мы ведаем шмат выпадкаў, калі людзі, да якіх мы звярталіся з пэўнымі просьбамі, адразу пераходзілі на беларускаю мову і размаўлялі на ёй з асалодай. Такім чынам, прычына не ў тым, што людзей няма, прычына ў тым, што няма адпаведнага месца, дзе ўсе мы маглі б весці гаворку толькі па-беларуску і ведалі б, што нам адкажуць менавіта на мове.

Праблема гэтая вырашаецца сёння нашмат прасцей, чым раней. І дапамагаюць нам ў гэтым новыя тэналогіі. Усё часцей і часцей мы паведамляем навіны не голасам, як звычайна, а праз тэкст. Сёння, напрыклад, прасцей паведаміць сваім сябрам ды знаёмым аб сваім новым месцы працы не праз тэлефон, а праз старонку ў сацыяльнай сетцы. Таксама ў Інтэрнэце мы можам абмяркаваць свой адпачынак, апошні альбом улюбленага гурта, тэхнічныя характарыстыкі новай мадэлі сотавага тэлефона і шмат чаго іншага. Каб рабціь гэта прасцей я і стварыў Razmova.by.

Асноўная мэта Razmova.by - гэта стварэнне камфортнага асяроддзя для беларускамоўных жыхароў Інтэрнэту. Асаблівасцю сайта з'яўляецца тое, што камунікацыі паміж зарэгістраванымі ўдзельнікамі дазваляюцца толькі на беларускай мове. Гэта моцна дапамагае тым, хто часцяком саромецца карыстацца беларускай мовай з-за таго, што вакол дамінуюць іншыя гаворкі.

Якія тэмы хвалюць удзельнікаў форуму? Самыя розныя. Кошт і якасць тавараў ці паслуг, куды паехаць адпа-чыць узімку, ці варта зараз мя-няць працу і шмат чаго іншага. Вось, напрыклад, некаторыя з актыўных тэмаў:

- Што можна слухаць зараз з беларускага року?

- Як паказваць ў (у кароткае) ў лацінцы?

- Ці варта з'яджаць з краіны дзеля заробку?

- Адпачынак ўзімку на моры - 2011.

Кожны з нас можа сам распачаць цікавую для усіх тэму, а астатнія маглі б выказаць сваё меркаванне на гэты конт.

Спецыялізаваны ад-дзел форуму прысвечаны дзейнасці беларускіх арганізацый, такіх як Таварыства беларускай мовы і Таварыства беларускай школы. Таму зараз сябры арганізацый могуць абмяркоўваць працоўныя пытанні непасрэдна на форумах Razmova.by.

Пачаць каммунікаваць ў форумах Razmova.by вельмі проста. Вы заходзіце ў Інтэрнэт, набіраеце ў акне браўзера адрас і Вы - на галоўнай старонцы. Вы адразу можаце пачынаць чытаць паведамленні. Каб пакідаць паведамленні і каментары да фотаздымкаў Вы павінны найперш зарэгістравацца - гэтая працэдура вельмі простая і не зойме шмат часу.

Далучайцеся!

Юрась Драздоў, менеджар праекту Razmova.by.


Газеце "КУЛЬТУРА" - 20

У сярэдзіне кастрычніка 1991 года выйшаў першы нумар газеты "Культура". Першым рэдактарам стала Вольга Іпатава, сябар Рады ТБМ. І пры Іпатавай і пазней газета вельмі шмат рабіла для культуры Беларусі. Зробленае за гэтыя 20 гадоў знаходзіць самую высокую ацэнку як у кіраўніцтва краіны, так і ў грамадства:

"За гэты час выданне стала неад'емнай часткай духоўнай прасторы нашай краiны i заваявала папулярнасць у чытачоў. Сёння газета адыгрывае прыкметную асветнiцкую ролю, фармiруе грамадскую думку i аказвае станоўчы ўплыў на росквiт культуры i мастацтва Беларусi. На яе старонках знаходзяць сваё аператыўнае адлюстраванне найважнейшыя падзеi творчага жыцця, удумлiва аналiзуюцца з'явы i працэсы, якiя адбываюцца ў iм зараз." (З віншавання Прэзідэнта Беларусі А.Р. Лукашэнкі.)

" Газета з'яўляецца ад-ным з цэнтральных іміджавых і аўтарытэтных выданняў у сферы культуры краіны.

Сёння "Культура" адыгрывае важную ролю ў асвятленні культурнага жыцця, мае высокі аўтарытэт як у прафесійнай супольнасці, так і ў шматтысячнай аўдыторыі аматараў культуры і мастацтва." (З віншавання Міністра культуры Беларусі П.П. Латушкі.)

"Аб'яднаўшы мастацкую інтэлігенцыю, газета "Культура" служыць трыбунай думкі, інфармуе і дапамагае арыентавацца ў сучасных культурных працэсах. Гэта адзінае выданне, якое знаёміць з таленавітымі дзеячамі культуры і мастацтва, руплівымі працаўнікамі шматлікіх устаноў культуры, расказвае пра галоўныя культурныя падзеі ў жыцці краіны." (З віншавання старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Здановіча.)

У сваю чаргу Сакратарыят ТБМ шчыра віншуе калектыў газеты "Культура" з 20-годдзем і зычыць плёну на ніве шчырага і адданага служэння Беларушчыне.


Запросіны да супрацы

Шаноўнае спадарства, прапаную стварыць на базе ТБМ дзве ўзаемазвязаныя структуры - бацькоўскі клуб і школу ранняга беларускамоўнага развіцця "Маўляняты" . Раней створаны бацькоўскі камітэт, на маю думку, цалкам у стане курыраваць названы праект, уносіць новыя ідэі, прапановы, заўвагі і такім чынам ажыццяўляць свае функцыі. Так, адным з кірункаў дзейнасці бацькоўскага камітэту магла б стаць інфармацыйная падтрымка клуба і школы "Маўляняты", пашырэнне кола зацікаўленых асоб і ўмацаванне кантактаў паміж імі. Таксама падчас кожнага сходу бацькоўскага камітэту варта было б прымаць пэўную рэзалюцыю, дзеля чаго варта мець загадзя вызначаны "парадак дня", штораз абіраць старшыню і сакратара, які б вёў пратакол паседжання. Так будзе назапашвацца архіў, дзейнасць камітэту набудзе большую арганізаванасць, а з цягам часу можна будзе прасачыць дынаміку развіцця вышэй названых структур.

Такім чынам, які фармат можа мець бацькоўскі клуб? Асабіста мне клуб уяўляецца як перыядычныя сходы (на любой тэрыторыі) бацькоў, зацікаўленых у тым, каб яны самі і іхнія дзеткі размаўлялі пабеларуску. Узрост апошніх пры гэтым не абмежаваны, бо займацца з дзецьмі і рыхтавацца да паўнавартасных заняткаў можна яшчэ да нараджэння дзіцяці. Падчас сходаў будуць абмяркоўвацца форма і змест заняткаў у школе "Маўляняты" , бацькі могуць прапаноўваць уласную схему іх правядзення, што немагчыма пры атрыманні дашкольнай адукацыі ў межах дзяржаўнай установы. Таксама па жаданні бацькоў будуць максімальна абмяжоўвацца ўплывы іншых моў (у прыватнасці, расейскай) на фармаванне і развіццё ў дзіцяці беларускага маўлення, чаго ў дзяржаўных установах па аб'ектыўных і суб'ектыўных прычынах дасягнуць цяжка. На пасяджэннях сходу таксама будзе павышацца моўны ўзровень і педагагічнае майстэрства саміх бацькоў , бо плануецца актыўны абмен творчымі ідэямі, будуць прапанаваны канкрэтныя распрацоўкі індывідуальных заняткаў бацькоў з дзецьмі, што будзе выдатным дапаўненнем да заняткаў у "Маўлянятах", свайго роду выкананнем "хатняга задання", ажыццяўленнем непарыўнасці адукацыйнага працэсу, у які бацькі будуць уносіць выхаваўчы элемент як тыя асобы, якім найлепш вядомы ўнутраны свет уласнага дзіцяці. Плануецца найлепшыя ідэі і распрацоўкі даносіць да больш шырокай аўдыторыі праз газету "Наша слова", што дазволіць выходзіць на рэспубліканскі ўзровень і шляхам дыстанцыйных кансультацый ствараць падобныя клубы і школы паўсюль, дзе знойдуцца ахвотныя да таго асобы.

Цяпер пяройдзем непасрэдна да пытання школы. У межах праекту "Маўляняты" плануецца як індывідуальны "моўны патранаж" , г.зн. заняткі асабіста з дзіцем і бацькамі на тэрыторыі сям'і, так і групавыя заняткі ў невялікіх падгрупах з улікам узросту і моўнага ўзроўню дзяцей. Групавыя заняткі могуць праходзіць альбо на сядзібе ТБМ, альбо па месцы жыхарства бальшыні чальцоў канкрэтнай падгрупы (падрыхтоўку месца, у такім выпадку, бацькі бяруць на сябе). Каб замовіць правядзенне ў сям'і моўнага патранажу, трэба запоўніць адмысловы апытальнік і даслаць яго на мой адрас.

На дадзены момант праграма заняткаў у школе і паседжанняў у клубе знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, таму на пачатку сустрэчы будуць праходзіць нерэгулярна. Калі ж будзе назапашаны пэўны "метадычны фонд", сфармаваныя падгрупы і вызначана кола індывідуальнага "моўнага патранажу", можна будзе весці гаворку пра сістэмнасць заняткаў. Але гэта ўсё наперадзе і цалкам залежыць ад ініцыятыўнасці шаноўнага спадарства.

Ласкава запрашаю да супрацы, з павагай Вольга Літвіновіч.


Асамблея ТБШ і Нацыянальная канферэнцыя

У Менску 24 верасня адбылася V ІІІ справаздачна-выбарная асамблея Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай школы" і нацыянальная канферэнцыя "Пострэформавы стан беларускай адукацыі". У іх прынялі ўдзел педагогі і бацькі дзяцей з розных адукацыйных устаноў Беларусі. Асноўны даклад зрабіў старшыня РГА "ТБШ" Алесь Лозка. Трывожныя ноткі ў стане адукацыі гучалі ў выступленнях Віталя Гарановіч з Глыбокага, Аляксея Пяткевіча і Таццяны Канопкінай з Гародні, Лявона Анацкі з Ліды, Зміцера Салаўёва з Магілёва, Вінцука Вячоркі, Тамары Мацкевіч, Аляксея Рагулі, Пятра Садоўскага, Алеся Сядзякі з Менска і інш.

Кіраўнікамі аб'яднання былі абраны Алесь Лозка (старшыня), Тамара Мацкевіч і Алесь Сядзяка (намеснікі), а таксама канцылярыя, метадычная і рэвізійная камісіі. У раду ТБШ увайшлі Яўген Адамовіч, Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Дзіско, Аляксандр Казулін, Аляксей Рагуля, Арсень Ліс (Мінск); Рэгіна Сімакова (Брэст), Таццяна Канопкіна і Аляксей Пяткевіч (Гародня), Анатоль Крупа і Галіна Альшэўская (Лідчына), Зміцер Салаўёў (Магілёў).


ПАСТАНОВА Асамблеі ТБШ і Нацыянальнай канферэнцыі «Пострэформавы стан беларускай адукацыі»

Прааналізаваўшы стан навучання і выхавання ў перыяд так званай школьнай рэформы, Асамблея Таварыства беларускай школы і ўдзельнікі Нацыянальнай канферэнцыі канстатуюць глыбокі крызіс, які вядзе беларускую адукацыю да немінучай катастрофы.

Перадумовы крызісу наступныя:

- Рэформа адукацыі праводзіцца паспешліва, у якасці асноўнага абраны памылковы прынцып "выроўнівання" коштам профільнасці, паглыбленасці, варыятыўнасці вучэбных праграмаў, павышэння ролі замежных моваў, развіцця эстэтычнага і гуманістычнага кірункаў.

- Нестабільнасць нарматыўнага забеспячэння вучэбнага працэсу, частая змена асноўных дакументаў вядзе да зрыву рытму навучання, бюракратызуе працу і выклікае псіхалагічную перагрузку педагогаў.

- Ігнараванне праблем школьніцтва, скарачэнне бюджэтных сродкаў на адукацыю, стаўленне да педагога як да ідэалагічнага прыдатку дзяржавы, аднясенне ў разрад нізкааплатных прыводзіць да страты аўтарытэту настаўніка ў грамадстве, падрывае прэстыж прафесіі.

- Раўнанне на савецкую школу, занядбанне еўрапейскіх і нацыянальных адукацыйных ідэалаў, традыцыяў і набыткаў, штучнае стрымліванне развіцця сеткі школаў з беларускай мовай навучання і грамадзянскага выхавання на аснове нацыянальна-патрыятычнага складніка не дае школе магчымасці адпавядаць выклікам часу праз узгадаванне адказных, кампетэнтных, сучасна адукаваных і патрыятычна настроеных грамадзянаў. Гэта непазбежна вядзе да напружання ў грамадстве, да палітычнай і эканамічнай нестабільнасці, да масавай эміграцыі моладзі.

- Недалучэнне да Балонскага працэсу і непрыняцце еўрапейскіх стандартаў у адукацыі спараджае недавер да айчыннага навучання, псуе імідж краіны за мяжою.

Крызісны стан беларускай адукацыі характарызуецца наступнымі чынннікамі:

- крытычна нізкі ўзровень агульнай падрыхтаванасці выпускнікоў (ва ўніверсітэты, у тым ліку педагагічнага цыклу, прымаюцца абітурыенты з нездавальняльнымі паказчыкамі элементарнай арфаграфічнай і матэматычнай адукаванасці, што асабліва недапушчальна для будучага настаўніка-спецыяліста);

- у апошнія гады ў ВНУ застаецца шмат незапоўненых месцаў як на платныя, так і на бюджэтныя месцы, асабліва па спецыяльнасцях педагагічнага кірунку; пераважная большасць выпускнікоў педагагічных універсітэтаў не жадае працаваць па размеркаванні; школу пакідаюць найлепшыя спецыялісты, мужчыны-педагогі;

- працоўная дзейнасць у адукацыйных установах несправядліва аднесеная да нізкааплатных катэгорыяў; няма сістэмнасці ў вызначэнні акладаў, даплатаў і прэміяў; дыскры-мінацыйнае стаўленне да педагагічнай працы выяўляецца ў налічэнні пенсіі (так, дзяржаўным чыноўнікам і службоўцам сілавых структураў пенсія налічваецца ў памеры 70 - 75% ад сярэдняга заробку, астатнім - 45%, а педагогу - 30%);

- педагог адукацыйнай установы (ад дашкольнай да вышэйшай) загружаны папяровай працай, ад яго патрабуюць дадатковай прымусовай працы ў выбарчых кампаніях, гаспадарчых ды іншых работах, далёкіх ад ягоных прафесійных абавязкаў, а часта і перакананняў;

- да педагогаў прымаюцца грубыя меры ідэалагічнага прымусу ў форме маральных і адміністрацыйных уздзеянняў і пакаранняў; нават лепшых студэнтаў, настаўнікаў і выкладчыкаў звальняюць за грамадскую і палітычную дзейнасць, якая ажыццяўляецца ў непрацоўны і невучэбны час, пераследуюць судом, штрафамі, зняволеннем;

- штогод нямала творчых і навукова падрыхтаваных людзей пакідаюць Радзіму, шукаючы самарэалізацыі за мяжою; гвалтам зачыняюцца і выцясняюцца за мяжу цэлыя ўстановы з еўрапейскімі традыцыямі (Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт - у Вільню, Беларускі гуманітарны ліцэй - у Гданьск);

- пад скарачэнне патрапляюць найперш культура- і нацыятворчыя дысцыпліны гуманістычнага і эстэтычнага профілю (музыка, выяўленчае мастацтва, гісторыя Беларусі, этнафальклорны комплекс; "Беларусазнаўства", "Айчынная і сусветная культура"), якія ў адукацыйнай сістэме іншых краінаў маюць ключавыя пазіцыі;

- ігнаруюцца метадычныя патрэбы беларускамоўных школаў, а менавіта не выпускаюцца ў тэрмін па-беларуску дапаможнікі, атласы, працоўныя сшыткі, матэрыялы для вывучэння замежных моваў і г.д., што вядзе да вымушанага парушэння адзінага моўна-арфаграфічнага рэжыму ў такіх школах і да пачуцця дыскрымінаванасці ў вучняў;

- дырэктыўныя органы адукацыі вярнуліся да дыскрымі-нацыйнай трактоўкі беларускай культуры і мовы як другасных, што праяўляецца ў масавай практыцы рыхтавання падручнікаў па-руску і наступнага няякаснага перакладу іх на беларускую мову, ва ўключэнні сусветнай літаратуры ў курс рускай літаратуры і г.д.;

- робіцца імітацыя развіцця ўстановаў з беларускай мовай навучання; планы мерапрыемстваў па пашырэнні сферы выкарыстання роднай мовы з году ў год не выконваюцца; замоўчваецца і засакрэчваецца інфармацыя пра закрыццё беларускамоўных установаў і зніжэнне колькасці навучэнцаў, што атрымліваюць адукацыю па-беларуску; не ствараюцца стымулы для вывучэння і выкарыстання дзяржаўнай мовы.

Зыходзячы з выкладзенага вышэй, Асамблея ТБШ і ўдзельнікі Нацыянальнай канферэнцыі:

І. Ухваляюць дзейнасць Таварыства беларускай школы, скіраваную на:

- падтрымку, інфармаванне, кансалідацыю, самаарганізацыю творчых і нацыянальна зарыентаваных педагогаў, бацькоў, навучэнцаў;

- забеспячэнне метадычных патрэбаў беларускіх школаў, якіх не здолела выканаць дзяржава.

ІІ. Патрабуюць ад дзяржаўных, у тым ліку адукацыйных, структураў:

- спыніць матэрыяльную дыскрымінацыю адукацыйнай галіны, забяспечыць ёй годнае фінансаванне, а педагогам - заробкі і пенсіі, вышэйшыя за сярэднія па краіне;

- спыніць паборы ад бацькоў і прымусовую працу настаўнікаў, вызваліць іх ад прымусовага выканання палітычных паслугаў;

- спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць педагогаў і навучэнцаў, адмяніць рэпрэсіўныя рашэнні, вярнуць на працу і вучобу звольненых і выключаных па палітычных матывах;

- публічна, з удзелам грамадскасці і незалежных экспертаў, прааналізаваць хаду і наступствы адукацыйнай рэформы;

- спыніць дэгуманізацыю і дэбеларусізацыю зместу школьнай адукацыі;

- вярнуць у школьныя праграмы прадметы гуманітарнага цыклу, выкрасленыя адтуль у выніку рэформы;

- забяспечыць рэальнае раўнапраўе школаў з беларускай і рускай мовамі навучання і бесперашкодную магчымасць школьнага навучання па-беларуску ў любым паселішчы і раёне;

- перайсці да практыкі першаснага напісання падручнікаў і дапаможнікаў па-беларуску, не дапускаць адсутнасці беларускамоўных дапаможнікаў пры наяўнасці рускамоўных;

- забяспечыць пераемнасць адукацыйнага працэсу для беларускамоўных школаў праз стварэнне беларускамоўных плыняў на ўсіх універсітэцкіх спецыяльнасцях краіны;

- вярнуць краіну ў агульнаеўрапейскую адукацыйную прастору праз далучэнне да Балонскага працэсу і забеспячэнне акадэмічных свабодаў.

ІІІ. Даручаюць Таварыству беларускай школы:

- пачаць стварэнне механізму юрыдычнай дапамогі педагогам пры адстойванні іхніх прафесійных і працоўных правоў;

- стварыць Метадычную камісію (раду) ТБШ для грамадскага маніторынгу метадычнага забеспячэння школаў;

- склікаць Усебеларускі бацькоўскі сход.

24 верасня 2011 г.

г. Менск


Дзейнасць Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, суполкі «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны за 2011 г.

Сябрамі суполкі «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны і старшынёй Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны І.К. Бельскай (сябра суполкі) былі арганізаваны наступныя сустрэчы і прэзентацыі :

1. 25 лютага 2011 г. дзве сустрэчы з выпускніком гістарчынага факультэта ПДУ, кандыдатам гістарычных навук, навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі Навук РБ Андрэем Мацуком і кандыдатам гістарычных навук, навуковым супрацоўнікам Беларускага цэнтра электроннай дакументацыі Алесем Пашкевічам на гістарычным факультше УА "ПДУ" і ў бібліятэцы імя Я. Коласа.

2. 27 красавіка 2011 г. тры сустрэчы з паэтамі Эдуардам Акуліным і Леанідам Дранько-Майсюком у полацкай гімназіі № 2, у гімназіі №2 Наваполацка і Наваполацкай гарадской бібліятэцы імя Якуба Коласа.

3. 12 - 13 траўня 2011 г. тры сустрэчы з журналістам і паэтам Глебам Лабадзенкам, бардам Таццянай Беланогай. журналістам і літаратуразнаўцам Сяргеем Шапранам, а на адной з сустрэч прысутнічала сястра Васіля Быкава Валянціна Уладзіміраўна: у гімназіі №2 г. Полацка і школе №2 г. Наваполацка, у бібліятэцы імя Я. Коласа г. Наванолацка.

4. 22 ліпеня 2011 г. удзельнічалі ў арганізацыі прэзентацыі "полацкага" нумара часопіса "АRСНЕ-пачатак" у зале Полацкага цэнтра рамёстваў.

5. 14 верасня 2011 г. дзве сустрэчы з маладым паэтам, перакладчыкам Віталем Рыжковым ў Наваполацкім дзяржаўным ліцэі і ў бібліятэцы імя Я. Коласа.

Такім чынам, суполка «Рубон» наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ за падсправаздачны перыяд (са студзеня па верасень 2011 года) арганізавала і правяла 11 сустрэч з творчымі асобамі. Кожная сустрэча была анансавана мінімум на 4 рэгіянальмых і рэспубліканскіх сайтах, з дапамогай друкавамых абве-стак. Па выніках сустрэчы на сайтах і ў друкаванай прэсе («Наша слова», «Новы час») распаўсюджваўся прэс-рэліз. Паўсюль згадваўся Наваполацкі ТБМ. На некаторых сустрэчах ад аўтараў і ТБМ г. Наваполацка разыгрываліся падарункі - дыскі і кнігі.

2. Грамадскія кампаніі па збору подпісаў:

У сакавіку 2011 г. сябры суполкі «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф.Скарыны сабралі і перадалі подпісы пад наступнымі прапановамі:

1. Дырэктару Наваполацкага хлебакамбіната з прапановай 47 магчымых назваў гатункаў хлеба па-беларуску. У вусным адказе па тэлефоне адміністрацыя дзякавала і абяцала выкарыстоўваць.

2. Кіраўніку НТ КУП "Трамваймы нарк" з прапановай выкарыстоўваць беларускую мову пры абвяшчэнні прыпыпкаў у трамваях. Трамвайны парк даў адказ, што ў большасці трамваяў гэта немагчыма па тэхнічных прычынах. Але яны адкрытыя да супрацы па астатніх машынах.

Іншае:

1. У пачатку 2011 г. сябры суполкі «Рубон» Навапо-лацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф.Скарыны зрабілі падарунак дзіцячаму садку №10 г. Наваполацка. Дзецям былі падараваныя дыскі з беларускамоўнымі мульфільмамі, дзіцячыя кніжкі.

2. 9 красавіка 2011 г. сябры суполкі «Рубон» Навапо-лацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны прынялі ўдзел у арганізацыі канцэрту гурта LITVINTROLL у Нава-полацку. Канцэрт ахапіў каля 100 гледачоў.

3. Летам сябры суполкі «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны арганізавалі публікацыі ў СМІ з нагоды памылак у напісанні ахоўных шыльдаў на полацкіх гістарычных будынках. У хуткім часе памылкі выправілі.

4. У пачатку ліпеня 2011 г. сябрамі суполкі «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны з нагоды перамогі пад Грунвальдам быў арганізаваны паэтычна-музычны кватэрнік для моладзі.

5. Сябрамі суполкі «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны і старшынёй Наваполацкай гарадской арганізаныі ТБМ імя Ф. Скарыны І.К. Бельскай (сябра суполкі) наладжана цесная супраца з гімназіяй №2 г. На-ваполацка, гімназіяй №2 г. Полацка, школы №2 г. Наваполацка, Наваполацкага дзяржаўнага ліцэя. Ім перыядычна робяцца пада-рункі ў выглядзе кнігаў па беларускай літаратуры і гісторыі.

6. Сябрамі суполкі «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны працягвае мадэравацца супольнасць ТБМ Наваполацк http://vkontakte.ru/club2890404. колькасць удзельнікаў больш за 120 жыхароў Полацка і Нава-полацка.

Сябры Наваполацкай гарадской арганізаныі асабіста, ад свайго імя дзейнічалі на карысць беларускай мовы і культуры праз дзейнасць незалежнай студэнцкай газеты «Макасін», у арганізацыі выстаў, праз дзейнасць у клубах «Княжыч», «Жалез-ны воўк», грамадскіх і палітычных арганізацыях, на сваіх працоў-ных месцах і г.д.

Старшыня Наваполацкай гарадской

арганізацыі ТБМ І.К. Бельская.

Старшыня суполкі "Рубон" Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ Д.В. Шчэрбік.


Справаздачна-выбарныя канферэнцыі Лідскай гарадской і Лідскай арганізацый ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"

12 кастрычніка 2011 года ў канферэнц-зале Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы прайшлі справаздачна-выбарныя канферэнцыі Лідскай гарадской і Лідскай арганізацый ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны". Былі зслуханы справаздачныя даклады старшыні Лідскай гарадской арганізацыі Станіслава Судніка і старшыні Лідскай арганізацыі Лявона Анацкі . Былі заслуханы даклады старшыні рэвізійнай камісіі Лідскай гарадской арганізацыі Міхася Бурачэўскага і рэвізора Лідскай арганізацыі Юрася Дзяшука . Дзейнасць арганізацый была прызнаная станоўчай.

Былі праведзены выбары кіраўніцтва арганізацый.

Была абрана рада Лідскай гарадской арганізацыі ў складзе: Станіслаў Суднік - старшыня, Наталля Курсевіч - намеснік, Міхась Мельнік - намеснік, Данута Аўгусцін - сакратар-бухгалтар, Уладзімір Круцікаў , Сяргей Сідарэнка , Кірыл Сыцько . Рэвізійная камісія Лідскай гарадской арганізацыі абрана ў складзе: Міхась Бурачэўскі - старшыня, Станіслаў Карабан і Аляксей Бараненка .

Была абрана рада Лідскай арганізацыі ў складзе: Лявон Анацка - старшыня, Станіслаў Суднік, Сяргей Трафімчык, Ілья Хітрун, Пятро Макарэвіч . Рэвізорам абраны Юрась Дзяшук .

Былі абраны дэлегаты на з'езд ТБМ. Ад Лідскай гарадской арганізацыі абраны: Станіслаў Суднік - старшыня Лідскай гарадской арганізацыі, рэдактар газеты "Наша слова", Наталля Курсевіч - намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі, старшыня арганізацыі ТБМ Лідскага каледжа, Сяргей Сідарэнка - сябар рады Лідскай гарадской арганізацыі, Арцём Маліноўскі - сябар рады арганізацыі ТБМ Лідскага каледжа. Ад Лідскай арганізацыі абраны: Лявон Анацка - старшыня арганізацыі і Юрась Дзяшук - рэвізор арганізацыі.


Справаздача старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" аб дзейнасці арганізацыі за 2009-2011 гады

Колькасць сяброў, якія стаялі на ўліку ў Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" мянялася ад 620 сяброў ТБМ у 2008 годзе, 560 з іх студэнты і выкладчыкі Лідскага каледжа, да 250 на сёння.

5 кастрычніка 2011 года прайшла канферэнцыя арганізацый ТБМ Лідскага каледжа. Абрана рада каледжа ў складзе 4 чалавек: Наталля Курсевіч, Таццяна Гурын, Кацярына Жамойда і Арцём Маліноўскі. Новым старшынёй абрана Наталля Курсевіч, намеснікам - Таццяна Гурын. Рэвізорам абраны Аляксей Бараненка. У арганізацыі 15 суполак, звыш 200 чалавек. Толькі ў верасні 2011 года створана 4 суполкі. Страты арганізацыі ў сувязі з выпускам з каледжа складаюць 4-5 суполак (каля 100 чалавек) штогод. У арганізацыю каледжа, на жаль, не ўваходзіць ні адзін выкладчык.

У гарадскую арганізацыю акрамя таго ўваходзяць таксама 6 тэрытарыяльных суполак і адна суполка на прадпрыемстве "Белтэксоптык", а таксама адзіночныя сябры па горадзе.

У 2009-2011 гадах арганізацыя знайходзілася ў рэжыме дыялогу з органамі ўлады, у першую чаргу з ідэалагічным аддзелам, аддзелам культуры, упраўленнем адукацыі, а таксама з іншымі ўладнымі структурамі. Старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" ўваходзіў у склад Каардынацыйнай рады палітычных партый і грамадскіх арганізацый пры Лідскім райвыканкаме

У 2009-2011 гадах Лідская гарадская арганізацыя працавала па многіх кірунках.

Асноўнай задачай, якую вырашала арганізацыя - гэта забеспячэнне выдання газеты "Наша слова" і часопіса "Лідскі летапісец", а таксама альманаха "Ад лідскіх муроў". І хоць фармальна газету і "Лідскі летапісец" выдае Установа інфармацыі "Выдавецкі дом ТБМ", гарадская арганізацыя вырашае ў гэтым працэсе свае задачы.

Паколькі папярэдняя канферэнцыя праходзіла якраз 15 кастрычніка 2008 года, то за гэты перыяд выйшла 156 нумароў "Нашага слова". У тым ліку 2 лютага 2011 г. выйшаў 1000-ны нумар "Нашага слова" ў агульнай нумарацыі. Выйшла 12 нумароў "Лідскага летапісца" і адзін нумар альманаха "Ад лідскіх муроў".

У першай палове 2009 года лідская моладзь ТБМ прадаўжала выдаваць незарэгістраванаю студэнцкую газетку "Прадмова" (ініцыятар і рэдактар Кірыл Сыцько). Газета была скіравана на навучэнцаў каледжа і выклікала вялікую заклапочанасць у кіраўніцтва каледжа. Газета спыніла выхад пасля выпуску з каледжа групы 2 дак. А ўжо 5 кастрычніка 2011 года на канферэнцыі ТБМ каледжа намеснік дырэктара каледжа па выхаваўчай працы А.М. Сямашка прапанаваў сябрам ТБМ рабіць электронную газету і абяцаў усебаковую падтрымку.

Акрамя таго сябры арганізацыі выдалі шэраг кніг сяброў арганізацыі

У Лідзе выдадзены перакідныя краязнаўчыя календары на матэрыяле Гарадзеншчыне на 2010 і 2011 гады, пад-рыхтаваны каляндар на 2012 год. Укладальнік А. Пяткевіч, рэдактар С. Суднік.

Сябры арганізацыі публікуюцца ў розных мясцовых і цэнтральных выданнях.

Да выдавецкай дзейнасці трэба аднесці і вялікую працу, якая была праведзена па заснаванні Рэдакцыйна-выда-вецкай установы "Вераснянка" і часопіса "Верасень". У Лідзе быў падрыхтаваны ўвесь комплекс дакументаў па рэгістра-цыі. Рэдактарам часопіса быў прызначаны Эдуард Акулін, які выдаў ужо чатыры выпускі найлепшага літаратурнага часопіса Беларусі.

Арганізацыя працягвала супрацу з Таварыствам польскай культуры на Лідчыне па выданні навукова-гістарычных кніг пра знакамітых лідзян. Кнігі выходзяць на польскай і беларускай мовах.

Дзейнасць у літаратурным асяроддзі і праца з літаратарамі была значнай дзялянкай у дзейнасці арганізацыі. Намеснік старшыні арганізацыі Міхась Мельнік узначальвае літаратурнае аб'яднанне "Суквецце" пры "Лідскай газеце". "Суквецце" аб'ядноўвае каля пяці дзесяткаў літаратараў, сярод якіх адсоткаў на 60 моладзь. Штомесячныя паседжанні, вечарыны, прэзентацыі, сустрэчы з чытачамі.

Да літаратурнай дзялянкі дзейнасці арганізацыі трэба аднесці і наш клопат пра стварэнне ў Лідзе ў Доміку Таўлая літаратурнага музея. І вось 22 верасня 2010 года літаратурны музей адкрыўся. Аформлены ён цалкам па-беларуску. Супрацоўнікі музея, якія прызначаны туды на працу, выдатна валодаюць беларускай мовай.

Быў праведзены шэраг літаратурна-музычных сустрэч:

- 22 красавіка 2009 года ў актавай зале Лідскага каледжа прайшла сустрэча з віцебскім пісьменнікам і перакладчыкам Арцёмам Арашонкам. Сустрэча арганізавана маладымі сябрамі ТБМ каледжа;

- 15 верасня 2009 года ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла сустрэча з Міхасём Скоблам і Крысцінай Лялько;

- 15 верасня 2009 года прайшлі сустрэчы ў Ёдкаўскай і Першамайскай школах з Міхасём Скоблам і Крысцінай Лялько;

- 30 верасня 2009 года ў Лідскай цэнтральнай бібліятэцы прайшла прэзентацыя кнігі Міхася Мельніка "Лодка жыцця";

- 1 лістапада 2009 года ў Лідскай музычнай школе прайшлі "Музычныя зазімкі" з удзелам Алеся Камоцкага, Зміцера Казлоўскага і Тацяны Беланогай. Арганізоўвала моладзь ТБМ;

- 18 лістапада 2009 года ў Лідскай цэнтральнай бібліятэцы прайшла прэзентацыя кнігі Сяргея Астраўца "Каты Езафа Ратцынгера";

- 28 лістапада сябры Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ правялі літаратурную сустрэчу ў Дварцы Дзятлаўскага раёна;

- 2 снежня 2009 года ў каледжы ў актавай зале па Савецкай прайшла літаратурна-музычная сустрэча з Эдуардам Акуліным і Леанідам Дранько-Майсюком.

- 2 снежня 2009 года літаратурна-музычная сустрэча з Эдуардам Акуліным і Леанідам Дранько-Майсюком прайшла ў Крупаўскай школе;

- 9 снежня 2009 года ў рамках тыдня роднай мовы сябры ТБМ правялі літаратурную сустрэчу ў 11-й школе;

- 16 снежня 2009 года сябры ТБМ Кірыл Сыцько і Сяржук Чарняк правялі літаратурную сустрэчу ў Дзітвянскай школе;

- 20 студзеня 2010 года адбылася прэзентацыя часопіса "Верасень" на Лідчыне. Удзел бралі Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк Імпрэзы прайшлі ў Мінойтаўскай ся-рэдняй школе, у СШ №16 г. Ліды і ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы.

- 21 студзеня 2010 года адбылася сустрэча з У. Арловым і З. Бартосікам у Бярозаўцы;

- 8 верасня 2010 года ў Лідскай бібліятэцы прайшла імпрэза да 100-годдзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш з удзелам Міхася Скоблы;

- 22 верасня 2010 года ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы правялі прэзентацыю аповесці (3-й) Алеся Нічыпара "Цмокава скура" і кнігі вершаў Івана Гушчынскага "Ідзі і вяртайся".

- 17 лістапада 2010 года ў Цэнтральнай бібліятэцы праведзена прэзентацыя 2-га тома часопіса "Асоба і час";

- 24 лістапада 2010 года сябрамі ТБМ праведзена літа-ратурная сустрэча да 80-х угодкаў Уладзіміра Караткевіча ў в. Ходараўцы Лідскага р-на;

- 27 лістапада 2010 года ў малой зале Лідскага палаца культуры прынялі ўдзел у прэзентацыя зборніка песень на вершы Рычарда Грушы "Беларуская зорка";

- 28 траўня 2011 года ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі арганізавалі імпрэзу "Хай радасць з вачэй вашых блісне. Песні філаматаў і філарэтаў".

У рамках супрацоўніцтва з Саюзам беларускіх пісьменнікаў арганізацыя размеркавала па бібліятэках і ўстановах Лідчыны 20 камплектаў 7-8 тамоў поўнага збору твораў Васіля Быкава.

У жніўні 2009 года цераз Лідскую гарадскую арганізацыю ТБМ у Лідскі музей перавезена калекцыя партрэтаў беларускіх пісьменнікаў з Менска.

Новай формай працы ў гэты перыяд стала правядзенне агульнанацыянальных дыктовак. Дыктоўкі праводзіліся ў 2009 - 2011 гадах у бібліятэках Ліды і Бярозаўкі...

Лідская гарадская арганізацыя ТБМ на працягу ўсяго свайго існавання вяла пастаянную барацьбу за беларускамоўную адукацыю на ўсіх узроўнях.

У траўні 2009 года пачалася вялікая акцыя ТБМ за беларускія класы. У акцыі бралі ўдзел Станіслаў Суднік, Міхась Мельнік, Кірыл Сыцько, Аліна Шурмей, Наталля Шышкіна, Іван Навакунскі і інш. У работу былі ўзяты мікрараён Слабада і вул. Рыбіноўскага. Быў выпушчаны вельмі моцны буклет. Адбыліся выступлені ва ўсіх дзіця-чых садках мікрараёна вул. Рыбіноўскага. Прайшлі па кватэрах першакласнікаў Слабады. Сустрэліся з дырэктарамі і завучамі школ: 6, 10, 14, 15, 16, 17. Сустрэліся з дырэктарамі садкоў на Слабадзе. Эфекту не было. Заяў былі адзінкі. Аддзел адукацыі нам не перашкаджаў, але дапамагаў слаба, толькі на адной сустрэчы была завуч 6-й школы. Аднак у гэты ж час аддзел адукацыі пераламаў сітуацыю ў Мажэйкаве, дзе бацькі хацелі зрабіць рускі 1-шы клас. Пры суадносіне 4/3 клас застаўся беларускім. На 2010 год сілаў у ТБМ не хапіла. У 2011 асноўнае змаганне за беларускія класы вёў ужо аддзел адукацыі. У выніку адкрыты два першыя беларускія класы (12-я школа - 3 вучні і 15-я школа - 4 вучні), захаваны беларускі 1-шы клас у Першамайскім (9 вучняў) і адкрыты чатыры беларускія групы ў рускамоўных садках (№26, №35, №38 г. Ліды і №2 г. Бярозаўкі).

Да дзейнасці на адукацыйным полі трэба аднесці і выданне ў Лідзе ў 2009 годзе першага і адзінага ў свеце падручніка стэнаграфіі на беларускай мове. Лідскі каледж адзінае месца ў свеце, дзе ўжо шосты год чытаецца беларускамоўны курс стэнаграфіі.

Да дзейнасці ў галіне адукацыі трэба аднесці і шматлікія артыкулы Лявона Лаўрэша, якія публікаваліся ў "Нашым слове", "Лідскім летапісцы", у альманаху "Асоба і час" і ўжо і ў "Родным слове", а так-сама выстаўляліся на сайце "Nastaunik.info".

У справаздачны перыяд Лідская гарадская арганізацыя ТБМ мэтанакіравана займалася пытаннямі захавання гістарычнай спадчыны і гістарычнай памяці.

26 ліпеня 2009 года, 25 ліпеня 2010 года, 31 ліпеня 2011 года праведзены традыцыйныя набажэнствы ў памяць паўстанцаў 1863 года каля крыжоў паміж М. Ольжавам і Мохавічамі. У 2010 годзе ксёндз Рычард з Белагруды маліўся пад крыжамі таксама за герояў Грунвальда.

25 сакавіка 2009, 2010 і 2011 гадоў сябры ТБМ наведвалі магілу міністра БНР генерала Кіпрыяна Кандрато-віча ў Воранаве і ўскладалі кветкі.

27 лютага 2009 года лідская моладзь ТБМ запаліла знічы на магілах паўстанцаў 1863 года па ўсім Лідскім раёне.

31 кастрычніка 2010 года ў Лідзе ў гарадскім парку пасля 15-гадовага змагання ўстаноўлены і асвечаны камень на магіле героя паўстання 1863 года ксендза Адама Фалькоўскага.

24 чэрвеня 2011 года ў Лідскім Фарным касцёле ўпершыню адслужана памінальная імша па ксендзу Адаму Фалькоўскім.

Арганізацыя вяла працу па Лідскім замку, каб не дапусціць яго гістарычна неабгрунтованай забудовы надуманымі аб'ектамі. Па нашай ініцыятыве прайшлі тры этапы грамадскіх слуханняў. У выніку зняты з пасады аўтар праекту, адменена будаўніцтва трыбун.

Арганізацыя вяла працу па наданні лідскім вуліцам беларускіх назваў. Моладзь ТБМ правяла збор подпісаў. Ішла пастаянная праца з тапанімічнай камісіяй. У снежні 2009 года адна з новых вуліц атрымала імя Ігната Дамейкі. У 2010 г. частка вуліцы Камсамо-льскай стала вуліцай Замкавай, частка вуліцы Энгельса стала вуліцай Грунвальдскай, бульвар Чапаева стаў бульварам князя Гедыміна. Не выраша-ным засталося пытанне з вуліцай Янкі Купалы, ад якой застаўся адзін дом - Раённы палац культуры. Шыльды на новых вуліцах аформлены па-беларуску.

Арганізацыя займалася пытаннямі гістарычна-краязнаўчай адукацыі. У сваіх выданнях мы публікуем масу гістарычных і краязнаўчых артыкулаў. Найбольш актыўныя аўтары Валеры Сліўкін, Леанід Лаўрэш, актыўна пачынае працаваць Алесь Хітрун. З мэтай павышэння края-знаўчай культуры 26 лютага 2009 года была арганізавана сустрэча з супрацоўнікам Беларускага гістарычнага часопіса Сымонам Барысам у Лідскім музеі.

21 студзеня 2010 года ў Лідзе пачала працу Школа краязнаўства з задачай краязнаўчай адукацыі лідскай моладзі. На першым занятку былі Уладзімір Арлоў і Зміцер Бартосік.

18 лютага 2010 года ў рамках Школы краязнаўства ў Лідзе адбылася сустрэча з доктарам гістарычных навук прафесарам А. Краўцэвічам і прэзентацыя яго кнігі "Рыцары і дойліды Гародні".

Школа адпрацавала да ліпеня 2010 года.

Мы пастаянна супрацоўнічаем з Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы і Лідскім музеем. Тут большасць супрацоўнікаў валодае мовай. Бібліятэка праводзіць шэраг мерапрыемстваў па прапагандзе беларускай мовы. Да прыкладу, 7 верасня 2011 года супрацоўнікі Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы правялі свята беларускага пісьменства ў Лідскай музычнай школе цалкам на беларускай мове. Супрацоўнікі бібліятэкі ў апошні перыяд пачалі інтэнсіўна размяшчаць артыкулы ў "Нашым слове". Многія супрацоўнікі музея вядуць экскурсіі па-беларуску. Выдатна валодае мовай і дырэктар музея Ганна Драб.

У 2010 годзе ў Лідзе з'явіўся яшчэ адзін асяродак беларушчыны - Дом рамёстваў.

У кастрычніку сябры ТБМ удзельнічалі ў перапісе. У Лідскім дзіцячым доме перапіс праводзіў Кірыл Сыцько. Быў перапісаны 71 чалавек. На 40 чалавек запоўнены беларускамоўныя бланкі. Па неафіцыйных дадзеных беларускую мову назвалі роднай каля 70 адсоткаў.

Пад пастаяннай увагай знаходзіцца візуальнае афармленне горада. Выканкам вывешвае святочныя расцяжкі строга на дзвюх мовах. На светлавым пано існуе цэлы беларускамоўны блок. Пад "Дажынкі" беларускасці ў горадзе значна пабольшала. На ўездзе ў Ліду з усіх бакоў пано ў асноўным беларускамоўныя. З'явіліся рэстараны "Грунвальд" і "Гедымін".

У лідскіх аўтобусах абвесткі робяцца ў асноўным па-беларуску...

(Скарочаны варыянт.)


ЦЁПЛАЯ СУСТРЭЧА ХАЛОДНЫМ ДНЕМ

Слотным асеннім днём на Полаччыну па запрашэнні суполкі "Рубон" Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны завіталі бард Алесь Камоцкі, старшыня Cаюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч і рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса "Дзеяслоў" Барыс Пятровіч.

Вядомыя беларускія творцы выступілі перад аўдыторыямі гімназіі №2 г. Полацка, гімназіі № 2 г. Наваполацка і тымі шматлікімі аматарамі беларускай культуры, якія не паленаваліся прыйсці ў наваполацкую бібліятэку імя Якуба Коласа дажджлівым вечарам.

Выступоўцы распавядалі пра стан сучаснай беларускай літаратуры, адказвалі на пытанні слухачоў і самі задавалі пытанні, Алесь Камоцкі спяваў песні са сваіх альбомаў. Самыя актыўныя і цікаўныя слухачы атрымалі прызы ад кампаніі "Будзьма беларусамі" і Наваполацкага ТБМ. Парадавалі сваёй цікаўнасцю дзеці і настаўнікі з Наваполацкай гімназіі. А пасля сустрэчы ў бібліятэцы дык арганізатарам нават дасылалі водгукі - выключна станоўчыя: "... А ў Пятровіча адчуваецца нейкі стрыжань, нібыта ён ведае нешта большае, чым іншыя:) …а Камоцкі сваёй неўтаймаванай харызмай усё на сябе ўвагу перацягваў, але і астатнім раскрыцца пакінуў часу..." Дзяўчаты засталіся зачараваныя асобай Алеся Пашкевіча.

Спадзяёмся, нашым гасцям аўдыторыя Полаччыны спадабалася так жа, як і яны самі сціплым, але даволі дасведчаным у пытаннях літаратуры і мастацтва, слухачам Полацкай зямлі.

З удзячнасцю за сустрэчу і з прыемнымі ўспамінамі пра бяседу - спадзяёмся на новыя спатканні з Алесем Пашкевічам, Барысам Пятровічам і Алесем Камоцкім.

Зміцер Шчэрбік.


Мой радавод, мая сям'я

На нашай жыццёвай прасторы адбываюцца розныя падзеі, даволі простыя на першы погляд па зместу, якія насамрэч і фармуюць наша вельмі складана збудаванае грамадства. Але, мабыць, так пабудаваны чалавек, што яму больш да спадобы хуткія, лёгкія і танныя спосабы суіснавання, а цяжкія рашэнні прымаюцца праз сілу і, наогул, з'яўляюцца зусім непапулярнымі сярод асноўнай масы людзей. І, каб падругому паглядзець на жыццё, многім з нас трэба прайсці праз стрэсавую сітуацыю, якая якраз можа быць вынікам нашай безадказнасці перад самім сабой, а, напрыканцы, і перад гісторыяй дзяржавы і ўсяго народа.

Самарэалізавацца чалавек можа парознаму і пералічваць гэтыя варыянты няма сэнсу. Але ж вашай увазе падаецца зусім новы падыход да атасаямлення двух радоў звычайных грамадзян, якія нават і не падазравалі ў свой час, што іх лёс можа так шырока апісвацца і выклікаць асаблівую цікавасць у нашчадкаў.

Зрабіў гэта на прыкладзе сваёй сям'і знакаміты шклоўскі краязнавец А.П. Грудзіна, які доўгія гады збіраў патрэбныя для складання радаводу звесткі. Праца вельмі складаная, але дакладная па храналогіі і "дзейных" асобах. Задайцеся пытаннем - хто з нас ведае, як звалі нашых прадзедаў, якое дзявочае прозвішча мела маці, нашы бабулі?

Спроба складання радаводу - гэта, на мой погляд, магчымасць пераадолення стэрэатыпаў, якія фармуюцца знешнім матэрыяльным светам, гэта і рэалізацыя ўнутраннага свету - свету абсалютнай свабоды. А для многіх і адраджэнне асобы. Былое не заўсёды сваёй рэчаіснасцю закрывае для чалавека будучае, але ж і дае перспектыву. Падругому, нас чакае лёс марыянеткі, каб ісці ў патрэбным для кагосьці кірунку. А для большасці грамадзян такое становішча ёсць прычына для адчаю, а для стаўшых відушчымі - цудоўная падстава для надзеі. Тут і ўзнікае пытанне, што болей каштоўнае для сям'і: віхуры ці спакойнае жыццё? Ва ўсякім разе, для нашых дзяцей і ўнукаў мы жадаем якраз другое. Можа праз прызму такога жыцця і разглядваць перспектывы для ўсёй краіны?

Вось чаму вытокі нашай духоўнасці трэба шукаць у пераемнасці пакаленняў, у адэкватнай адзнацы свайго роду. Прыкладаў зашмат, калі на фоне ўсеагульнага разброду ў думках і дзеяннях, знаходзіліся на беларускай зямлі цэлыя пакаленні, прадстаўнікі якіх станавіліся на абарону Радзімы, на адстойванне прыстойнага жыцця.

Але ж гісторыя краіны гэта не толькі знакавыя падзеі кшталту рэвалюцый, вайны або пад'ёму цаліны. Кожны з нас павінен займаць пэўнае месца стваральнага характару ў тым коле людзей, якія цябе акружаюць, укладваць у суполку дадатны імпульс і, мабыць, адзін з галоўных прынцыпаў нашага жыцця - гэта ясная жыццёвая пазіцыя. Насамрэч, ад нашага стаўлення да рэчаіснасці, ад нашай рэакцыі на падзеі, асабліва на тыя, якія носяць вызначальны для грамадства характар, многае залежыць. Само па сабе існаванне альтэрнатыўнай думкі ўжо ставіць яе ўладальніка ў выгоднае становішча. І не трэба думаць, што адзін у полі не ваяр.

Мы памятаем, што амаль усе нашы памкненні прымаюць матэрыальную форму. Разбурыўшы некалі царкоўныя храмы, бальшавіцкія нягоднікі думалі, што знішчылі веру ў Бога. Але гэта не так - на тое яна і вера, каб быць натхняльнікам чалавецтва. Замахнуўшыся на праватную ўласнасць, галадранцы не сталі багацей. Квазігістарычныя даследванні не прывялі ў занядбанне сапраўдныя сімвалы нашай дзяржавы - герб "Пагоня" і белчырвонабелы сцяг.

Гісторыя краіны гэта гісторыя асобнага чалавека, яго сям'і, гісторыя таго прадпрыемства, на якім працуеш, гэта гісторыя малой радзімы, якая там, дзе табе хораша жывецца.

У гытай кнізе закрануты цэлы пласт жыццёвых падзей і лёсаў, якія могуць здацца і не вельмі значнымі для многіх із нас. Але гэта жыццё, гэта наша гісторыя, ад якой не адмахнешся, якой цурацца не трэба. І яе трэба паважаць, бо з ёй звязаны нашы продкі, але ў ёй трэба шукаць сваё месца, бо нашы нашчадкі павінны намі ганарыцца - вось такое яно жыццё.

Думка, што чалавеку ўласціва памыляцца, даволі распаўсюджаная. Але ганебна свае памылкі ўзводзіць у ранг праграмы для грамадскага суіснавання. Гэта небяспечна для паслядоўнікаў псеўдаідэй і трагічна для іх выдумшчыкаў. І гэты пасыл справядлівы для любога ўзроўню грамадства. З другога боку, адчуванне бессэнсоўнасці існавання тужлівае, яно мучыць, для многіх стварае ілюзію пустаты, але ж і пабуджае да пошуку сэнсу жыцця. І тут узнікаюць наступныя тэзы: шматукладнасць жыцця і адказнасць перад нашчадкамі, якія мы прасочваем у гэтай кнізе.

Нам іншы раз здаецца, што ацэнка падзей чалавекам, які знаходзіцца ў іх віхуры, найболей адэкватная. Але ж мы знаем і іншы падыход. Яшчэ С. Ясенін казаў: "Твар у твар, твару не разгледзець, вялікае бачыцца на адлегласці". Аляксандр Пятровіч якраз з пазіцыі часу і свайго разумення тых падзей і падае матэрыял. Але ён больш шырока паглядзеў на гісторыю свайго роду і ўвязаў падзеі "ячэйкі" грамадства з тымі бурнымі падзеямі, якія бурлілі на працягу жыцця роду. Арганічна ўпісваюцца ў "радавод" як некаторыя паданні з гісторыі Шклова і яго жыхароў, так і замалёўкі з сучаснага жыцця. Прычым, многія з іх носяць даследчанавуковы характар, раней друкаваліся ў розных выданнях. Гісторыя Уваскрасенскай царквы, роспавяд пра Агаф'ю Сідараву, пра хрысціянскія святыні, побач даследаванні пра яўрэйскую метраполію ў Шклове, як цэнтр вучонасці. Разнастайнасць прапанаванага матэрыялу ўражвае і глыбінёй яго прапрацоўкі, што пацвярджаецца цікавасцю з боку арганізатараў шэрагу навуковапрактычных і краязнаўчых канферэнцыяў, дзе Аляксандр Пятровіч удзельнічаў у якасці дакладчыка.

Асабіста аўтар удзельнічаў у аднаўленні шклоўскай ратушы, пра што робіць дасканалае апісанне, у якім не забыты імёны ўсіх удзельнікаў. Насамрэч, праз такія падзеі, як барацьба за ўвекавечанне гістарычна вызначальных вехаў у жыцці нашага горада, якраз і праходзіць станаўленне грамадскага супольніцтва.

Асаблівую цікавасць выклікаюць даследванні асветніцкай дзейнасці, гісторыі прафесійных і спецыяльных устаноў адукацыі г. Шклова. Дакрануўся аўтар і да тэмы рэпрэсій на тэррыторыі раёна.

Але ж Аляксандр Пятровія яшчэ і мае добрае пачуццё гумару, якое рэалізавана ў шэрагу замалёвак, многія з якіх падгледжаны на побытавым узроўні.

Я вельмі ўдзячны аўтару за праведзеную працу, для многіх яна павінна спрацаваць на ўзроўні фактару стымуляцыі, зрушыць на падобныя даследванні. І гэта будзе сапраўдны радавод - кніга памяці бясконцых пакаленняў.

Пётр Мігурскі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX