Вярнуцца: 2011

№ 44 (1039)


Крыніца: pawet.net.



НАША СЛОВА № 44 (1039) 2 лістапада 2011 г.


ДЗЯДЫ Ў БЕЛАРУСІ

У МЕНСКУ

30 кастрычніка ў Менску прайшло традыцыйнае шэсце ў Курапаты на Дзяды. У шэсці ўдзельнічала да тысячы чалавек. Мільгалі расцяжкі «Кансерватыўна-хрысцянская партыя БНФ», «Маладая Беларусь», «Абаронім Беларусь ад расейскага імперыялізму», «Моладзь ідзе - Беларусь жыве», сцягі «Маладых дэмакратаў», БХД, але найбольш было адвечных бел-чырвона-белых сцягоў.


У СВІСЛАЧЫ

29 кастрычніка ў Свіслачы каля сотні чалавек адзначылі Дзень памяці ўскладаннем кветак да магілы Віктара Каліноўскага, бюста Кастуся Калі-ноўскага і помніка Рамуальду Траўгуту, а таксама наведалі сядзібу Каліноўскіх у Якушоўцы.

Сёлета на фэст, які ўжо стаўся традыцыйным, з'ехаліся людзі з розных мясцін Беларусі - Гародні, Менска, Берасця, Ваўкавыска, Мастоў, Кобрына, Бярозаўкі.

Арганізатары традыцыйна ва ўсіх месцах распавядалі пра гісторыю паўстання, пра людзей, якія бралі ў ім удзел, побач з кожным помнікам удзельнікі мерапрыемства разгортвалі бел-чырвона-белыя сцягі. Краязнавец і публіцыст Уладзімір Хільмановіч прапанаваў у наступным годзе прыбрацца на ўсіх магілках паўстанцаў ва ўсёй Беларусі: "Зрабіць гэта ў сувязі з тым, каб яшчэ праз год у 2013 годзе ўшанаваць памяць паўстанцаў на ўсіх магілах у розных рэгіёнах Беларусі. І каб гэта акцыя расцягнулася на ўвесь год у розныя месяцы і ў розных мясцовасцях, а скончылася тут у Свіслачы агульным адзначэннем 150-х угодкаў паўстання падчас традыцыйнага фэсту."

Наш кар.


Дошка з малітвай на беларускай мове асвечана ў Ерусаліме

25 кастрычніка ў Ерусаліме сярод 130 дошак з малітвай «Ойча наш» на розных мовах свету была асвечана і дошка з малітвай на беларускай мове. У набажэнстве, якое ўзначаліў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, прынялі ўдзел усе герархі з Беларусі, паведамляе Catholic.by.

Арцыбіскуп Кандрусевіч указаў на "культурнае і гістарычнае значэнне" падзеі: "Упершыню на Святой Зямлі, дзе Езус навучыў сваіх вучняў гэтай малітве, яна з'яўляецца на нашай роднай мове". "Тысячы пілігрымаў, якія штодзённа прыбываюць на гэта святое месца, будуць бачыць гэтую табліцу, і яна ім будзе нагадваць пра нашу Бацькаўшчыну", - адзначыў ва ўступным слове да набажэнства арцыпастыр.

Арцыпастыр нагадаў, што гэта малітва складаецца з дзвюх частак: "У першай мы ўсхваляем Бога і абвяшчаем веліч Ягонага Валадарства. У другой - нашыя просьбы датычаць зямных справаў чалавека».

"Няхай жа табліца з гэтай малітвай дапамагае ўсім, хто будзе маліцца каля яе, ісці шляхам Евангелля, удасканальвацца ў цнотах і ўзрастаць у веры, якая патрэбна для збаўлення, а таксама няхай праслаўляе беларускую культуру і нашу Бацькаўшчыну", - адзначыў на заканчэнне мітрапаліт Кандрусевіч.


Да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча


Пад ХІ з'езд ТБМ былі выпушчаны насценны і кішэнны кляндары, прысвечаныя 120-м угодкам Максіма Багдановіча. Дызайнер Ігар Марачкін.

Нацыянальны банк Рэспублiкi Беларусь 27 кастрычнiка ўвёў у абарачэнне памятныя манеты «М. Багдановiч. 120 гадоў»: срэбную - намiналам 10 рублёў, пробай сплаву 925, масай 16,81 г, дыяметрам 32,00 мм; медна-нiкелевую - намiналам 1 рубель, масай 13,16 г, дыяметрам 32,00 мм.

Манеты маюць форму круга, з пярэдняга i адваротнага бакоў - кант, якi выступае па акружнасцi. Бакавая паверхня манет з насечкай.

Манеты адчаканены на АТ «Манетны двор Польшчы»: срэбная якасцю «пруф», медна-нiкелевая - «пруф-лайк». Тыраж срэбнай i медна-нiкелевай манет - па 2000 штук.



11 лістапада

У межах кампаніі "Будзьма"адбудзецца прэзентацыя кнігі З. Санько "Асобы, якія тварылі гісторыю" Пачатак - 18. 00 гадзін. Уваход вольны.Румянцава, 13.


Калі мы дачакаемся "Года беларускай мовы"?

Старшыня ТБМ Алег Трусаў адказвае на пытанні карэспандэнта газеты "Звязда"

Ларысы Цімошык

- ТБМ чарговы раз выступае з ініцыятывай «Год беларускай мовы». Колькі гадоў вы яе прапаноўваеце? I што трэба, каб яе ўсё ж замацаваць?

- Прыкладна гадоў пяць мы прапаноўваем правесці «Год беларускай мовы». Але ў мяне спадзяванне, што сёлета, можа, і атрымаецца... Звычайна любая наша ініцыятыва рэалізоўваецца праз пяць-шэсць гадоў. Склаўся такі ў нас тэрмін, што трэба некалькі гадоў весці перапіску з рознымі структурамі, тады яны саспяваюць да вырашэння нейкага пытання. Такі прыклад: змен у законе аб зваротах грамадзян мы дабіваліся таксама гадоў пяць ці шэсць. I нарэшце атрымапі 18 артыкул. Летась з ініцыятывай правесці год беларускай мовы нас падтрымапі Магілёўская вобласць і Міністэрства культуры. Я спадзяюся, што яны падтрымаюць нас зноў, можа, далучацца яшчэ некаторыя вобласці. Тым больш што налета ў нас тры юбілеі: Янкі Купалы, Якуба Коласа і 100-годдзе Максіма Танка. Тры класікі на нашым баку. Таму шанцы ёсць.

- Вы збіраецеся стварыць беларускамоўны інтэрнэт-партал. Для каго ці чаго знойдзецца ў ім месца?

- Там і «Звяздзе» будзе месца!.. Мы хочам сабраць любыя беларускамоўныя выданні, не важна, якога яны кірунку, вялікія ці малыя. Я дамовіўся з рэдактарамі «Маладосці», «Краязнаўчай газеты», каб на нашым інтэрнэт-партале можна было знайсці інфармацыю пра любое беларускамоўнае выданне, не важна, якое яно - раённае ці рэспубліканскае.

- Мачыма, будуць прадугледжаны моўныя кансультацыі?

- Абавязкова. Там будзе, напрыклад, рубрыка «Філатэлія Беларусі», якую будзе весці адзін філатэліст. Будзе «Беларуская мова ў храмах», якую будзе весці Уладзіслаў Завальнюк, будзе адказваць на пытанні юрыст, усе бланкі мы перакладзём на беларускую мову. Будуць прадстаўлены дзесяць нашых рэгіянапьных пунктаў, самыя лепшыя структуры атрымаюць свае старонкі-Ліда, Магілёў, Баранавічы, дзе ў нас найлепшая сітуацыя. Будзе асобна раздзел па тарашкевіцы, асобна прадстаўлены класічны правапіс.

- І, напэўна, новыя правілы дарожнага руху знойдуць сваё месца, якія вы збіраецеся перакласці на беларускую?

- Вядома. Мы працуем разам з міліцыяй, запрашаем як кансультантаў, хочам гэтыя правілы не проста перакласці, але каб іх потым замацаваць праз парламент. Калі перакладзём, то я панясу ў Палату прадстаўнікоў, панясу ў Адміністрацыю Прэзідэнта, каб указам Прэзідэнта прынялі беларускамоўную версію. Бо тут ёсць нюанс: гэта не прымае парламент, а ўказ Прэзідэнта ўводзіць у жыццё. Прычым на той мове, на якой прыняты. Таму нам трэба, каб быў яшчэ адзін указ, каб зацвердзілі беларускамоўныя правілы. Таму мы іх пашлём на рэцэнзію ўсім спецыялістам дарожнага руху, міліцыі, каб яны праверылі якасць перакладу - яны згодныя, дарэчы, мы з імі вядзём перапіску. Мы хочам нашаму перакладу надаць статус закона. Акрамя таго, для школ дарожнага руху мы хочам перакласці білеты, пытанні і ўсё, што тычыцца гэтай тэмы. Ужо тры месяцы над гэтым працуе вялікая група людзей: перакладчыкі на базе Інстытута мовы і літаратуры, кансультанты, юрысты, мілі-цыянеры, ёсць выкладчыкі з кафедры БНТУ, якія выкладаюць аўтадысцыпліны, яны добра ведаюць тэрміналогію па-беларуску.

- ТБМ дагэтуль большы ўпор рабіла на культурна-асветніцкай дзейнасці...

- Гэтаму будзе спрыяць наш трэці праект: «Ахова гісторыка-культурнай спадчыны праз краязнаўчую і валанцёрскую дзейнасць». На днях будзе нарада ў Міністэрстве культуры, каб разам рэалізоўваць гэты праект. Ен вялікі, будуць канферэнцыі, выданні, прысвечаныя гэтай тэме, календары, паштоўкі і г.д.

- Такія акцыі могуць дапамагчы мове стаць больш запатрабаванай у людзей?

- Вядома. Любая акцыя на карысць мовы ёй дапамагае. Любая шыльда на беларускай мове, буклецік, памятны знак, паштовая марка - гэта ўсё ідзе ў «плюс». Развіццё мовы з гэтых так званых «дробязяў» і складаецца. Немагчыма мову палеп-шыць адным указам, дэкрэтам ці адным законам. Гэта шматгадовая праца, якую трэба рабіць штодзённа, кожную хвіліну.

- Што і мы стараемся рабіць...

- Так, і калі вы падымаеце нейкае пытанне па мове, то і мы заўважаем і стараемся падтрымаць. Напрыклад, прыняў зварот з'езд Саюза пісьменнікаў Беларусі, каб вярнуць выкладанне гісторыі Беларусі на беларускай мове, і мы ў пад-трымку таксама выступілі...

"Звязда", № 203(27067), 25 кастрычніка 2011 г.

Пастанова ХІ з'езду ТБМ

З'езд ТБМ заклікае Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь вярнуцца да практыкі выкладання прадметаў "Гісторыя Беларусі" і "Геаграфія Беларусі" ва ўстановах сярэдняй адукацыі на беларускай мове.

Пастанова ХІ з'езду ТБМ

З'езд звяртаецца да Міністэрства культуры, кіраўніцтва Белдзяржтэлерадыёкампаніі з прапановай стварыць на тэлебачанні цалкам беларускамоўны канал, а на ўсіх астатніх каналах устанавіць абавязковае 50% вяшчанне праграм на дзяржаўнай беларускай мове.


Слова да XI з'езду ТБМ

Кіраўніцтва Таварыства беларускай мовы здзяйсняе цуды дыпламатыі, відавочна, неабходнай для таго, каб зберагчы і афіцыйную рэгістрацыю, і сядзібу ў цэнтры сталіцы. Гэта ўдаецца, і гэта добра. Але на нашым з'ездзе нарэшце павінен з'явіцца enfant terrible, дык хай жа ім буду я.

Мы сёння падсумоўваем звязаныя з моваю падзеі за тры гады - ад папярэдняга з'езду ў 2008 годзе.

Што адбылося?

Адукацыя. З 57% да 52,1% зменшылася колькасць агульнаадукацыйных установаў краіны, якія працуюць на беларускай мове. На 2% - да 19% - зменшылася лічэбнаасць беларускамоўных вучняў. Гэта без уліку статыстыкі пачатага навучальнага году, якая застаецца таямніцаю. Адпаведна ўсё менш выпускнікоў праходзяць тэставанне па бе-ларускай мове: у 2008-м - 68 тыс., у 2011-м - 52 тыс.: бачым спад на 24%.

Інстытуцыянальнае забеспячэнне моўнай палітыкі. Асобны Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук скасаваны і зліты з Інстытутам літаратуры, не раўнуючы як у амаль дарэшты асіміляваных аўтаномных народаў Расейскай Федэрацыі. Зачынены два апошнія фінансаваныя дзяржаваю беларускія перыёдыкі для пад-леткаў. Дэманстратыўна і з выклікам - напярэдадні нашага з'езду.

Урэшце - вынікі апошняга перапісу. У 1999 годзе 73,7% грамадзянаў назвалі беларускую мову роднай, але паводле перапісу 2009 году працэнт насельніцтва, якое лічыць беларускую мову роднаю, упаў з 73,7% да 53%. Адсотак беларусаў, якія лічаць роднаю мову свайго народу, абваліўся з 85,6% да 60%. Штодня размаўляе па-беларуску толькі 23%, у той час калі, паводле ЮНЭСКА, крытычны парог выжывання для мовы - 30% практычных нось-бітаў. Нават з увагі на падступна змененае пытанне перапісу пра родную мову гэта абвальны спад.

Такая радыкальная і хуткая змена моўных каштоўнасцяў - беспрэцэдэнтная для моўных сітуацыяў у свеце.

З станоўчага можна згадаць хіба што артыкул 18 ч. 1 «Закону аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў» ды закон «Аб геаграфічных назвах», а яшчэ перадачу пра мову на канале АНТ.

Такім чынам, паводле бальшыні аб'ектыўных параметраў, так бы мовіць, макраіндыкатараў, функцыянальнае становішча беларускае мовы горшае, як за камуністычнай уладай, якая таксама, мякка кажучы, не ўхваляла беларускага моўнага адраджэння. (Дарэчы, параўнайма моўную палітыку і моўныя паводзіны Генадзя Бураўкіна тады і Генадзя Давыдзькі цяпер на аналагічных пасадах кіраўніка тэлевізіі.)

Становішча беларускае мовы катастрафічна пагаршаецца ў выніку дзяржаўнай палітыкі. Хаця маладая незалежная дзяржава, здавалася б, дзеля ўласнай бяспекі мусіць ума-цоўваць уласную нацыянальна-культурную ідэнтычнасць.

Чаму так?

Я адказ маю.

У сваім стратэгічным «еўразійскім» артыкуле Пуцін ясна кажа: «Нам досталось большое наследство от Советского Союза - это (…) общее языковое, научно-культурное пространство. Совместно использовать этот ресурс для развития - в наших общих интересах».

Цяперашняя ўлада ў Менску выбрала сваю моўную стратэгію даўно. Беларусь - адзіная постсавецкая краіна, дзе пазіцыі нацыянальнай мовы за апошнія гады аслабелі, а расейскай - мацуюцца дзень пры дні. Паноўны статус расейскае мовы прадаецца за геапалітычную прыхільнасць ды эканамічныя прывілеі ад усходняга суседа. Беларуская мова патрэбная толькі для торгу, для падвышэння продажнай цаны мовы расейскае. І зусім непажаданы сцэнар - калі па-беларуску свабодна гаворыць свабодны чалавек.

Беларуская мова азначае для ўладаў непрымальны для іх ровень свабоды. Мову нельга выпускаць на стратэгічную прастору, каб яна стала рэальным фактарам кансалідацыі народу. Таму задачай, напрыклад, перапісу было замацаваць у масавай свядомасці ўнутры краіны, што беларушчына - удзел маргіналаў, меншасці. Карацей, душыць, але не дарэшты; біць і плакаць не даваць, але толькі да клініч-най смерці.

І адначасова для «свядомых» (якіх апрыёры лічаць наіўнымі дзівакамі) зрабіць некалькі паказных крокаў. Паставіць беларускамоўнага чалавека кіраваць міністэрствам з самым малым бюджэтам. Ці ўключыць старшыню ТБМ (як прыватную асобу) у мёртванароджаную імітацыйную структуру - «Грамадска-кансультацыйны савет» пры кіраўніку адміністрацыі.

Дарэчы, такія кадравыя прапановы - не бяскрыўдная забава. Узгадаю тут праславуты ліст членаў ГКС ад 4 кастрычніка 2010 г., адрасатам якога меў быць еўракамісар Фюле, а мэтаю - падаць той ГКС Еўропе як прадстаўніцтва беларускае грамадзянскае супольнасці. Такім чынам аказалася, што нашае Таварыства фігуруе ў сумнеўных палітычных інтрыгах, а тытул старшыні ТБМ стаіць поруч з спецыфічнымі постацямі, сябрамі беларускага адраджэння якіх назваць цяжка.

Акрамя іншага, мы даем аргументы ў рукі дзеячам агульнадэмакратычнай арыентацыі, далёкім ад нацыяналь-най ідэі: маўляў, усе гэтыя нацыяналісты гатовыя замірыцца хоць з сатаною за абяцанку-цацанку ў моўнай галіне.

Дзеля магчымасцяў легальнай нацыянальна-культурнай працы дапушчальна ісці на розныя кантакты. Але павінна быць і мяжа; нельга, каб Таварыства выкарыстоўвалі ў мэтах, далёкіх ад ягонага Статуту. А калі настойваюць, кіраўніцтва заўсёды можа спаслацца на ўнутраную дэмакратыю ў арганізацыі. Маўляў, такія пытанні трэба выносіць на З'езд ці Раду, а там сядзяць гэткія ястрабы, накшталт Вячоркі, што ніколі ня ўхваляць падобных рэчаў.

Але што рабіць?

Культурна-асветная дзейнасць павінна працягвацца, але трэба не дапускаць, каб нас прынізілі да ўзроўню маргінальнай секты, нешматлікія ўдзельнікі якой ціха збіраюцца ў зачыненым пакоі ды пакланяюцца спарахнелай святыні. Такім можна і не перашкаджаць збірацца.

На папярэдніх з'ездах я ўжо быў казаў, што ТБМ мае быць праваабарончай арганізацыяй у поўным сэнсе гэтага слова. З адпаведнымі методыкамі, з прынцыповай і жорсткай пазіцыяй у абароне права беларусаў на родную мову. Ад пачатку падтрымліваць кожнага чалавека, кожную сям'ю, якія дамагаюцца адукацыі, афіцыйных дакументаў, тэлебачання па-беларуску.

У краіне, дзе топчуцца грамадска-палітычныя і сацыяльна-эканамічныя правы грамадзянаў, наіўна спадзявацца, што будуць шанавацца - нават пры ідэальным заканадаўстве - правы моўныя.

Для мяне непрымальна, калі нехта кажа: маўляў, змагацца за правы беларускамоўных - клопат саміх беларускамоўных. Паверце майму немалому досведу: гадамі ходзячы, прыкладам, у натарыяльную кантору, я штораз збіраюся туды як на вайну. Dеjа vu пачынаецца з першых жа словаў: а ў нас няма пячаткі, няма мовы ў кампутары, няма дазволу, няма тэрміналогіі, няма жадання… Што ў іх ёсць, дык гэта аргумент пра дзве дзяржаўныя мовы, які акурат павінен быць маім. Каб здабыць дакумент па-беларуску, трэба мець: сталёвыя нервы, запас часу, веданне законаў, кампутар з сабой (калі не друкар-ку!). Хіба ж кожны чалавек здольны на такую перманентную вайну?

Вось чаму залатым запасам ТБМ павінны быць тыя людзі, кожны з якіх прабіў антыбеларускую сцяну ў канкрэтнай сферы: Алесь Астроўскі, які пасля працяглага перапынку дамогся школы ў Гародні, Аляксей Лапіцкі і Зміцер Салаўёў, якія змагаюцца за школы ў Жодзіне і Магілёве; Тацяна Цяцёркіна, што ўпершыню ініцыявала судовую справу пра знявагу беларускае мовы; Андрусь Крэчка, што дастаўтакі міліцыянтаў выдаць яму пасведчанне кіроўцы новага ўзору цалкам па-беларуску; Тамара Мацкевіч, што вымусіла натарыюсаў выбачацца ды пасля заканчэння працоўнага дня вырабіць па-беларуску ўпаўнаважанне на аўтамабіль; Сяргей Сямёнаў з Гомеля, суджаны і штрафаваны за дамаганне беларускамоўных бланкаў мытных дэкларацыяў (і дамогся-такі іхняга вырабу); Зміцер Жалезнічэнка ды іншыя хлопцы, што праз церні адстаялі сваё права ў беларускім войску гаварыць па-беларуску, і г.д.

Гэтыя імёны маюць быць на рэальнай ці хаця віртуальнай дошцы гонару, з гэтых людзей мае быць створаная грамадская рада барацьбы за моўныя правы. А ТБМ павінна ўхоплівацца за кожны такі выпадак, ад пачатку падтрымліваць людзей у аналагічных канфліктах, мець напагатове юрыдычныя дараднікі, бланкі заяваў, кантакты гатовых выехаць на месца журналістаў.

Паводле Статуту, ТБМ «…прадстаўляе і абараняе правы і законныя інтарэсы сваіх сяброў у дзяржаўных гаспадарчых і грамадскіх органах і іншых арганізацыях» . Даўно пара займець юрыста ці нават юрыдычную клініку для дапамогі ахвярным змагарам за святое нашае права. Каб, дарэчы, дапамагаць тым самым настаўнікам Наталлі Ільініч, Андрэю Аляхновічу, якія не напаказ, а сапраўды беларускамоўныя, і якіх спрабуе знішчыць сістэма, незаконна выкінуўшы са школаў.

А пакуль я асабіста як практык гатовы адказаць любому чалавеку, які звернецца да ТБМ па праўную дапамогу.

Праваабарончая арганізацыя не можа мець у сваім лексіконе наступных выразаў: «А яны да нас не звярнуліся» або «Змагацца за свае правы - справа саміх абяспраўленых» . Не абрастайма бюракратычнай шкурай. Толькі тыя, у каго нервы аголеныя і баляць ад несправядлівасці да ўсяго народу і да кожнага чалавека, здольныя несправядлівасць пабачыць і разам адолець.

Вінцук Вячорка, сябар Рады ТБМ.


Гарадзеншчына. 20 новых беларускіх класаў (169 чалавек)

Падводзячы вынікі карпатлівай работы па адкрыцці беларускіх класаў у сённяшніх варунках, найперш трэба сказаць вялікі дзякуй бацькам, якія ведаюць, адкуль іх род, настаўнікам і адміністрацыі школ, якія зацікаўлены ў павялічэнні колькасці навучальных гадзін. Дзякуй аддзелам адукацыі, якія магчыма зразумелі тыя перагіны, што былі зроблены пры гарантаванай законамі роўнасці выбару мовы навучання, кіраўніцтву вобласці, якое ўласным прыкладам паказала сваім падначаленым вартасць валодання як мінімум дзвюмя дзяржаўнымі мовамі. Усё гэта разам і дало, хай невялікі, але плён.

Падрабязныя аналізы работы і ўзаемадзеяння паміж бацькамі, дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі ў розных раёнах Гарадзеншчыны магчыма з'явяцца ў друку неўзабаве, калі раённыя арганізацыі ТБМ і асабліва журналісты, возьмуць інтэрвію непасрэдна ў бацькоў, настаўнікаў і сяброў ТБМ ды ТБШ, якія ўдзельнічалі ў стварэнні першых беларускіх класаў. А зараз больш падрабязна пра Гародню, якую ўзгадвалі на прайшоўшым ХІ з'ездзе ТБМ, дзякуючы спадару Алесю Астроўскаму за прынцыповасць у адстойванні сваіх канстытуцыйных правоў.

Гародня. Справаздача.

З пададзеных 15 заяў у 2011 г. на навучанне ў першых класах па-беларуску, аддзелы адукацыі змаглі забяспечыць навучанне тром вучням. Адзін клас з адным хлопчыкам ў Ленінскім раёне СШ№32 і адзін клас з двума хлопчыкамі ў Кастрычніцкім раёне СШ№34. Летась з трох пададзеных заяў паспяхова вучылася па беларуску толькі адна вучаніца (Астроўская Святлана) у СШ №32. Узнікае пытанне, а чаму астатнія, хто напісаў заяву ў іншую школу не перавялі сваіх дзяцей у беларускія класы СШ №32, ці СШ №34?

І тут у кожнай сям'і свае прычыны. Але найбольш характэрныя наступныя:

1. Школа знаходзіцца задалёка ад месца жыхарства сям'і.

2. Неадпаведы пажаданню бацькоў рэйтынг прэстыжнасці навучальнай установы. Нежаданне весці дзяцей у школу вызначаную аддзелам адукацыі (абы якая і быццам бы на задворках)

3. Неадпаведная пажаданню бацькоў кваліфікацыя настаўнікаў і недастатковае валоданне імі беларускай мовай.

4. Недастатковы выбар папулярных пазаўрочных заняткаў у навучальнай установе.

5. Наяўнасць у школе "падоўжанкі".

А зараз паспрабую адказаць па гэтых пунктах, як былы настаўнік з 16-гадовым стажам.

Выбраныя школы знаходзяцца ў новых мікрараёнах, адна прыкладна на паўночным кірунку, а другая на паўднёвым. У гэтых кірунках у бліжэйшыя гады будзе пашырацца і ўвесь горад. Таму праз кароткі час там будуць геаграфічныя цэнтры Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў.

Яшчэ летам нам паведамілі, а мы не забывалі нагадваць, пра папярэднюю дамову аддзела адукацыі з аўтапаркам пра стварэнне "Бацькоўскіх маршрутаў" для д/с і пачатковай школы за звычайны кошт для падвозу дзяцей ў мікрараён Дзевятоўкі, дзе СШ №32 і ў мікрараён Вішнявец, дзе СШ №34.

Праўда вучням польскай школы (Дзевятоўка так-сама), якія жывуць у іншых мікрараёнах, першы пункт замінае значна менш, бо ў іх большыя перспектывы пасля яе заканчэння (вучоба ў Польшчы). Выбар спецыяльнасцей у беларусаў вучыцца па-беларуску вельмі абмежаваны. Больш як 300 выкладчыкаў ВНУ, якія чытаюць лекцыі па-беларуску, беларускі праект накшталт ЕГУ пакуль не стварылі.Таму для ахвотных студэнтаў патрэбна ствараць беларускія плыні, як гэта даўно ўжо рабілася ў Менску, у Гародні.

…Базавыя беларускія школы аддзел адукацыі Гародні вызначаў па колькасці пададзеных заяў, магчымасцях наву-чальнай установы стварыць элементарныя ўмовы для навучальнага працэсу, і мажліва ўлічваў перспектыўны план развіцця горада. Пры анкетаванні бацькоў будучых першакласнікаў у СШ №32 жаданне навучаць дзяцей па-беларуску было напісана ў анкетах 6 чалавек са 148 анкетаваных. Але пададзена было толькі дзве заявы (Пазней адну маці забрала, бо пісаў бацька, а дапамагае рыхтаваць урокі звычайна маці. Не адважваюца таксама бацькі падаваць заявы па прычыне старога стэрэатыпу пра беларускае гета і немажлівасці вучыцца па-беларуску ў ВНУ). Але новы подых вясны павольна мяняе і гэтыя стэрэатыпы. Невядома пакуль сітуацыя ў іншых абласцях, але, на Гарадзеншчыне, калі не было б адмоўнага ціску, праз нейкі час каля 15-20% школьнікаў у гарадах змаглі б вучыцца па -беларуску.

СШ №32 мае высокакваліфікаваныя кадры, папярэдні дырэктар сп. Папоў (рускі па нацыянальнасці!) рабіў вялікую працу па захаванні беларускіх класаў, калі ў большасці школ горада ў 90-я гады мінулага стагоддзя іншыя дырэктары іх пазачынялі.

У Кастрычніцкім раёне ў СШ №34 было пададзена 2 заявы.Астатнія заявы ( па адной) былі расцярушаны па іншых школах, але некалькі надалёка ад СШ №34.Усё гэта, відаць, і стала падставай для аддзела адукацыі стварыць у вышэйназваных школах беларускія класы.

Па другім і трэцім пунктах ўсё вельмі адносна. Няма вялікай розніцы (калі узяць 11 гадоў) у якасці выкладання і выніках працы настаўнікаў. Гэтая рэч дынамічная. Як прыклад: прэстыжная сярод бацькоў ПШ №1(Ленінскі раён) у 2011 г. не мае беларускамоўных кадраў узроўню СШ №32.Але там існуе перавага па вывучэнні замежных моваў. У рэканструяваным з былога д/с будынку вучацца толькі вучні-пачаткоўцы. Працэнт паступлення ў ВНУ таксама ў розных н/у мяняецца з года ў год. Гэта не факт, што пры пэўных змяненнях навучальнага працэсу, адыходу на пенсію лепшых настаўнікаў (сёння актуальна!), застанецца ранейшы ўзровень падрыхтоўкі дзяцей да паступлення ў ВНУ. Усё роўна без рэпетытарства сёння вельмі цяжка паступіць на прэстыжныя факультэты каб вучыцца за бюджэтныя сродкі.

Чацвёрты і пяты пункты ў сукупнасці з іншымі могуць быць перашкодаю для навучання па-беларуску так-сама, але значна менш.

…Дзіўная сітуацыя ўтварылася ў ПШ №1(Ленінскі раён), дзе бацькам давялося перапісваць заявы то ў беларускі, то ў рускі класы. Зразумела, што пад пэўным ціскам, працуючы ў адукацыі, усе не могуць выстаяць як прафесар Астроўскі…

Дырэктарка ПШ №1 з падазронасцю (мякка скажам) аднеслася да бацькоў ахвочых вучыцца па-беларуску. У напружанай псіхалагічнай сітуацыі стала немагчымым ужо напачатку верасня стварыць клас з трох вучняў. Трохі запозна пачалі біць у званы. Дабіліся яны толькі факультатыўных заняткаў па беларускай мове. А мог быць яшчэ адзін клас у прэстыжнай (сярод бацькоў) ПШ №1.

Сёння ўжо не тыя дырэктары, якія былі ў 90-я гады, хутка стаўшыя каталізатарамі папулярызацыі беларускай мовы. Гэта светлай памяці дырэктар СШ №26 Ю. Шаўцоў, адышоўшы ў лепшы свет і былы дырэктар СШ №5 А. Прысяч, які зышоў на пенсію. А колькі было завучаў і простых настаўнікаў! Магчыма наспела патрэба ў карэкцыі кадравай палітыкі аблвыканкаму пры прызначэнні на пасаду дырэктара школы. Выдатнае валоданне дзвюмя дзяржаўнымі мовамі павінна стаць нормаю для ўсіх дзяржаўных службоўцаў. Дзякуй богу, адказныя за кадравую палітыку па вобласці беларускай мовай валодаюць на ўзроўні неабходным для выканання сваіх службовых абавязкаў. А вось дырэктарскі корпус патрабуе курсаў павышэння кваліфікацыі. Але пры жаданні мова лёгка ўспамінаецца.

Першыя беларускія класы адкрытыя ў рускамоўных школах Гарадзенскай вобласці ў 2011 годзе

№ Раён Кольк. Кольк. Назва населенага пункта,

п/п класаў вучняў нумар школы, колькасць

вучняў

1 Астравецкі -

2 Ашмянскі 2 25 г. Ашмяны,

СШ №2 - 9, СШ №3 - 16

3 Бераставіцкі -

4 Ваўкавыскі 3 26 г. Ваўкавыск,

гімн. №1 - 14, СШ №4 - 7,

п. Краснасельскі - 5

5 Воранаўскі -

6 Гарадзенскі 1 6 г. Скідзель, СШ №1 - 6

7 Дзятлаўскі -

8 Зельвенскі 1 14 г.п. Зельва, СШ №2 - 14

9 Іўеўскі 1 10 г.п. Іўе, СШ -10

10 Карэліцкі 1 8 г.п. Мір, СШ - 8

11 Лідскі 2 7 г. Ліда,

СШ №12 - 3, СШ №15 - 4

12 Мастоўскі -

13 Наваградскі 2 7 г. Наваградак,

СШ №4 - 3, СШ №5 - 4

14 Свіслацкі 2 11 г.п. Свіслач, СШ №2 - 6,

г.п. Поразава, СШ - 5

15 Слонімскі 2 41 г. Слонім,

СШ №3 - 18, СШ №8 - 23

16 Смаргонскі 1 11 г. Смаргонь, СШ №1 - 11

17 Шчучынскі -

Гародня 2

18 Кастрычніцкі 1 2 СШ №34 - 2

19 Ленінскі 1 1 СШ №32 - 1

УСЯГО: 20 169

Усяго ў 20 першых беларускіх класах вучыцца 169 чалавек. У раёнах цэнтрах і гарадах, дзе актыўна працавалі адміністрацыя і настаўнікі школ, а аддзелы адукацыі не пусцілі справу на самацёк па папулярызацыі навучання па-беларуску, дзе грамадскія актывісты актыўна супрацоўнічалі са школамі, бацькамі, аддзеламі адукацыі - там ёсць і вынікі.

Асабліва трэба адзначыць пераможную тройку-адміністрацыю, настаўнікаў і бацькоў у СШ №3, СШ №8 г. Слоніма; СШ №2, СШ №3 г. Ашмян; гімн. №1, СШ №4, г. Ваўкавыска. Па сельскіх школах у Гарадзенскай вобласці сітуацыя пакуль значна лепшая за гарады і мястэчкі.

На жаль аддзелы адукацыі В. Бераставіцы, Воранава, Дзятлава, Мастоў, Шчучына і Карэліч па невядомых прычынах у раённых цэнтрах не адкрылі ніводнага класа. Няўжо не было ахвотных?

Старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф.Скарыны" Алесь Крой.

Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзілісяў лістападзе

Абрагімовіч Марына Яўген. Амінава Святлана Андрэйкавец Надзея Дмітр. Асецкі Аркадзь Бабак Вольга Бабкова Ганна Ігараўна Баранаў Аляксандр Георг. Бародка Зміцер Міхайлавіч Бартасевіч Людміла Баўтовіч Міхась Бахвалаў Дзмітры Бекіш Віктар Андрэевіч Белакоз Вера Беляўская Таццяна Борын Алег Мікалаевіч Булаш Алена Быцкевіч Сяргей Аляксандр. Ваданосава Фаіна Аляксандр. Васько Віктар Вячаслававіч Ветчынаў Сяргей Вікторчык Ніна Сяргееўна Віценя Алег Аляксандравіч Вішнеўскі Павел Уладзімір. Волкаў Алег Вярцінскі Анатоль Ілліч Ганчарова Таццяна Гарлуковіч Яўген Дзмітрыев. Гівоіна Вольга Міхайлаўна Гнедчык Алег Груша Дар'я Уладзіміраўна Грыб Ян Янавіч Губарэвіч Віктар Дзмітрыев. Гур'ян Алена Барысаўна Дабравольскі Аляксандр Ал. Давыдзька Святлана Данішэвіч Вольга Дацэнка Аляксандр Кірыл. Дзербянёва Анжаліка Дзіцэвіч Людміла Мікалаеўна Дзядзюля Вера Длатоўская Аліна Аляксанд. Домаш Валянціна Іосіфаўна Досіна Алена Драгун Данута Дрыга Святлана Мікалаеўна Дубко Ганна Міхайлаўна Дубовік Іна Пятроўна Дуброў Алег Анатольевіч Есьман Рыгор Міхайлавіч Еўсіевіч Наталля Анатол. Зайкоўскі Эдвард Міхайлавіч Зарэцкая Вера Якаўлеўна Здановіч Уладзімір Васільев. Зуева Галіна Паўлаўна Іокша Марыя Мікалаеўна Кавалёў Аляксей Аляксандр. Кадыш Любоў Кажамякін Генадзь Вячаслав. Казакоў Алесь Казачонак Сяргей Казлоўскі Руслан Канстанцін. Калатоўкіна Ларыса Анатол. Капойка Уладзімір Карповіч Ірына Іванаўна Касцюк Таццяна Уладзімір. Кацяшоў Дзмітрый Сяргеевіч Кірэева Алена Уладзіміраўна Клікун Таццяна Козел Валеры Козел Галіна Маркаўна Кошкіна Людміла Чаславаўна Круглік Уладзімір Анатол. Крук Валянціна Іосіфаўна Крыжаноўская Вольга Аляк. Кудлацкая Валянціна Кужанава Вольга Кузьма Аляксандр Кузьміч Мікалай Пятровіч Кучынская Галіна Лапіцкая Святлана Левіт Зміцер Лепяцюхіна Ганна Літоўчык Святлана Міхайл. Лойка Алег Паўлавіч Лубянава Таццяна Віктар. Лысова Таіса Макарэвіч Наталля Міхайл. Маковіч Дзіна Маліноўскі Віктар Леанідавіч Марговіч Антон Антонавіч Мароз Жана Мікалаеўна Марозава Святлана Валянц. Мацкоўская Наталля Васіл. Мацюкевіч Паўлюк Іванавіч Мельнік Міхась Іванавіч Мельнікаў Аляксандр Мельнікаў Андрэй Міхайл. Міжурына Раіса Канстанцін. Мілаш Леакадзія Міхалевіч Мілана Міхайл. Моніч Зміцер Мухіна Леанарда Станіслав. Нагін Павел Несцераў Аляксей Нікіціна Ліля Нікіціна Людміла Канстанц. Пагрэбіцкі Алег Падасетнікаў Васіль Паляшчук Таццяна Панюціч Аляксандр Паражынскі Аляксандр Паросава Марына Пашкевіч Валеры Васіл. Пракаповіч Мікалай Мікал. Пракопчык Марына Міхайл. Пугаўка Алена Пугачэўскі Аляксандр Вікт. Пыльчанка Яўген Аляксанд. Радзіон Ірына Радкоў Генадзь Андрэевіч Ралько Леанід Міхайлавіч Раманюк Наталля Розумаў Анатоль Якаўлевіч Русецкі Марцін Ігаравіч Руткоўская Яўгенія Карпаўна Сабалеўскі Антон Аляксанд. Савіцкая Яніна Іосіфаўна Савіч Аляксандр Аляксанд. Севасцян Павел Сергіевіч Дзмітры Сімакова Рэгіна Іосіфаўна Скуратовіч Аркадзь Сойка Мікалай Уладзіміравіч Сталярова Вера Станкевіч Ларыса Фёдараўна Стасюкевіч Дзіна Сурко Анатоль Сцепулёнак Эма Антонаўна Сцямпкоўская Хрысціна Тарасава Святлана Міхайл. Таўгень Антон Тозік Эдуард Трафімец Ульяна Святаслав. Трафімчык Алена Веніямін. Турцэвіч Паліна Віктараўна Тыгрыцкая Вольга Аляксан. Тычына Дзмітры Валянцін. Тышко Іван Іванавіч Уласава Дар'я Уласевіч Дар'я Федаровіч Кацярына Федаровіч Надзея Фралоў Аляксей Валер'евіч Фядзюшын Ягор Ягоравіч Хамінскі Міхась Аляксандр. Хвошч Галіна Хляба Глеб Ігаравіч Царкоў Мікалай Прохаравіч Цвяткова Алена Мікалаеўна Цехановіч Святлана Цімаховіч Аляксандра Іван. Цярэшчанка Ігар Барысавіч Чарнаморцаў Валер Чаховіч Г. Г. Чашун Уладзімір Шнітоўскі Міхась Шчурко Галіна Аляксандр. Шчурко Лідзія Іванаўна Шыманчык Святлана Мікал. Шымкус Рычард Эдуардавіч Ялугін Эрнест Васільевіч Яніцкі Міхаіл Іванавіч Яскевіч Аляксей Юр'евіч


Памяці Мікалая Сцепасюка

22 кастрычніка на 72-м годзе жыцця памёр ветэран сацыял-дэмакратычнага руху ў Беларусі, актыўны сябар Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Мікалай Сцепасюк.

Мікалай Мікітавіч прыйшоў у дэмакратычны рух у гады перабудовы. У сакавіку 1991 года ён быў удзельнікам Устаноўчага з'езду Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.

Мікалай Мікітавіч актыўна працаваў у Лідскай гарадской і Гарадзенскай абласной сацыял-дэмакратычных арганізацыях, неаднаразова быў дэлегатам на партыйныя з'езды, браў удзел ў культурным жыцці свайго краю, у працы Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. У першыя гады станаўлення газеты "Наша слова" ў Лідзе менавіта фірмы Мікалая Сцепасюка (украінца па паходжанні) спачатку "Прагрэс", а потым "Прагрэс-2" узялі на сябе бухгалтарскае забеспячэнне выдання газеты. На той момант рэдакцыя "Нашага слова" не мела юрыдычнай асобы для аплаты рахункаў, і фірмы М. Сцепасюка выступалі такімі юрыдычнымі асобамі, часта ўкладваючы свае сродкі для аплаты выдання газеты і выплаты падаткаў. На плошчах фірмы "Прагрэс-2" доўгі час размяшчаліся юрыдычныя адрасы Лідскіх гарадской і раённай арганізацый ТБМ. У памяшканні фірмы "Прагрэс-2" праходзіў Кангрэс дэмакратычных сілаў Лідчыны перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 года.

Лідскія сацыял-дэмакраты, Лідскія арганізацыі ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" выказваюць глыбокае спачуванне родным і блізкім Мікалая Сцепасюка, яго сябрам і таварышам.

Светлая памяць пра Мікалая Мікітавіча, шчырага працаўніка, сціплага чалавека, прынцыповага прыхільніка беларускай мовы і дэмакратычных каштоўнасцяў, надзейнага таварыша, заўсёды захаваецца ў сэрцах усіх, хто яго ведаў.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Шкірманкоў Фел. - 30000 р., г. Слаўгарад

2. Гвара Віктар - 10000 р., г. Лельчыцы

3. Фурс Анатоль - 3000 р., г. Менск

4. Клуб "Прамова - 35020 руб., г. Менск

5. Міцкевіч А.В. - 20000 р., г. Менск

6. Прымшыц А.І. - 50000 р., в. Паперня, Менскі р-н.

7. Раманік Т.І. - 50000 р., г. Менск

8. Казлоўская І.І. - 25000 р., г. Менск

9. Міхальчанка Т.А. - 100000 р., г. Менск

10. Лазарук Тамара - 15000 р., г. Менск

11. Іван Кукавенка - 20000 р., г. Менск

12. Сяргей Птушко - 10000 р., в. Хільчыца, Івацэвіцкі р-н.

13. Давідоўскі Ігар - 50000 р., г. Менск

14. Пухоўская Юлія - 1000 р., г. Менск

15. Павідайка В.М. - 20000 р., г. Менск

16. Грудзіна Алесь - 10000 р., г. Шклоў

17. Цынгалёў Васіль - 10000 р., г. Жлобін

18. Стэпановіч Язэп - 50000 р., г. Менск

19. Клікевіч С.П. - 10000 р., г. Менск

20. Шкірманкоў Фел. - 30000 р., г. Слаўгарад

21. Кафедра беларускай мовы БДТУ - 130000 р., г. Менск

22. Гарэцкі Радзім - 50000 р., г. Менск

1. Кунцэвіч Уладзімір - 30000 р.,

2. Кулік Анатоль - 15000 р.,

3. Рымша Алесь - 25000 р.,

4. Марцынкевіч Андрэй - 10000 р.,

5. Мудроў Алег - 20000 р.,

6. Гацкі Ўладзімір - 20000 р.,

7. Жукаў Вітаўт - 10000 р.

8. Паўловіч Віктар - 10000 р.,

9. Фарнэль Кастусь - 10000 р.

Агулам - 150000 р.

Усе Наваполацк

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Графік працы сядзібы ТБМ на лістапад 2011 года


Дата Час Назва мерапрыемства Адказны

01.11, аўторак 18.30-21.30 Беларускі калегіюм А. Анціпенка

02.11, серада 18.45-20.00 Клуб "Прамова" В. Канкаловіч

03.11, чацвер 18.30-21.30 Беларускі калегіюм А. Анціпенка

04.11, пятніца 17.00-19.00 "Будзьма!" Прэзентацыя В. Якавенка

кнігі В.Якавенкі "Прывіды

Шанхая над Свіслаччу"

07.11, панядзелак 18.30-21.30 Беларускі калегіюм А. Анціпенка

08.11, аўторак 18.30-21.00 Беларускі калегіюм А. Анціпенка

09.11, серада 18.45-20.00 Клуб "Прамова" В. Канкаловіч

10.11, чацвер 18.30-21.30 Беларускі калегіюм А. Анціпенка

11.11, пятніца 18.00-19.30 "Будзьма!"Прэзентацыя А. Анісім кнігі З.Санько "Асобы, якія тварылі гісторыю"

14.11, панядзелак 18.30-21.30 Беларускі калегіюм А. Анціпенка

15.11, аўторак 18.30-21.30 Беларускі калегіюм А. Анціпенка

16.11, серада 18.45-20.00 Клуб "Прамова" В. Канкаловіч

17.11, чацвер 18.30-21.30 Беларускі калегіюм А. Анціпенка

18.11, пятніца 18.00-19.00 Сакратарыят ТБМ В. Тыгрыцкая 19.00-21.00 Моладзь ТБМ А. Вярцейка

21.11, панядзелак 18.30-21.30 Беларускі калегіюм А. Анціпенка

22.11, аўторак 18.30-21.30 Беларускі калегіюм А. Анціпенка

23.11, серада 18.45-20.00 Клуб "Прамова" В. Канкаловіч

24.11, чацвер 18.30-21.30 Беларускі калегіюм А. Анціпенка

25.11, пятніца 19.30-21.00 Курсы беларускай мовы Ю. Бажок

28.11, панядзелак 18.30-21.30 Беларускі калегіюм А. Анціпенка

29.11, аўторак Беларускі калегіюм А. Анціпенка

30.11, серада 18.45-20.00 Клуб "Прамова" В. Канкаловіч


Філатэлістычная выстава "Гісторыя маёй краіны" у сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны

З нагоды чарговага XI з'езда Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ў сядзібе ТБМ размешчана філатэлістычная выстава "Гісторыя маёй краіны" Лявона Карповіча. На 80 лістах фармату А-4 паказана гісторыя Беларусі, пачынаючы ад Полацкага княства і да сучаснасці, ілюстраваная паштовымі маркамі і канвертамі. Некаторыя экспанаты могуць выклікаць сапраўдную цікавасць у наведвальнікаў. Сярод марак можна ўбачыць першыя беларускія маркі Беларускай Народнай Рэспублікі "Асобны атрад БНР", марку пошты Злучаных Штатаў Амерыкі з выявай Тадэвуша Касцюшкі 1933 года, марку пошты Польшчы 1934 г. з выявай Мірскага замка, першую марку Рэспублікі Беларусь - Крыж Еўфрасінні Полацкай… Цікавымі з'яўляюцца канверты, распрацаваныя і выдадзеныя Лявонам Карповічам, прысвечаныя вялікім князям Вялікага Княства Літоўскага, і ня толькі. Напрыклад, сярод экспанатаў выставы ёсць канверт з партрэтам Васіля Быкава ў жалобнай рамцы, адпраўлены з Менска ў дзень пахавання Вялікага Пісьменніка і Грамадзяніна. Асаблівасцю гэтых канвертаў з'яўляецца яшчэ і тое, што на адваротным баку канверта знаходзіцца адпаведны тэкст, які, на жаль, не відзён у выставе.

Выставачная калекцыя Лявона Карповіча неаднаразова экспанавалася на Нацыя-нальных філатэлістычных выставах "Белфіла" і атрымлівала ўзнагароды ў выглядзе дыпломаў і медалёў.

Наш кар.


Бар "Талер"

У Лідзе ў будынку рэстарана "Легенда" адкрыўся бар з каларытнай беларускай назвай "Талер".

Бар "Талер" размешчаны па праспекце "Перамогі", неўзабаве пасля ўезду з боку Менска, Наваградка ці Слоніма. Ці добра там унутры, ці смачна частуюць, кожны можа даведацца сам.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX