Папярэдняя старонка: 2011

№ 45 (1040) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



НАША СЛОВА №45 (1040) 9 лістапада 2011 г.


Што будзе з Менскім міжнародным аўтавакзалам?

Сп. М. А. Ладуцьку,

Старшыні Мінскага гарвыканкама

220030, г. Мінск.

пр-т Незалежнасці, 8

Паважаны Мікалай Аляксандравіч!

У грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" паступаюць дзясяткі скаргаў ад грамадзян Беларусі на адсутнасць беларускамоўнага афармлення будынка новага мінскага аўтавакзала. Звычайна ў любой краіне міжнародныя аўтавакзалы маюць наглядную інфармацыю на некалькіх мовах, прычым, пераважае мова тытульнай нацыі. Людзі, якія афармлялі мінскі міжнародны аўтавакзал, мабыць, мараць далучыцца да суседняй дзяржавы ў якасці Мінскай губерні, не разумеючы таго, што ў гэтым выпадку міжнародны аўтавакзал будзе проста непатрэбны.

Складваецца ўражанне што яны не падзяляюць думку Кіраўніка Беларускай дзяржавы: "На Беларусі ніколі не перасохнуць крыніцы народнай мудрасці, таленту, любові да роднай мовы, культуры і традыцый Бацькаўшчыны".

Просім Вас як мага хутчэй увесці дзяржаўную беларускую мову ў інфармацыйнае афармленне новага аўтавакзала на належным узроўні.

З павагай,

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў.



Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Аб інфармацыйным афармленні

будынка аўтавакзала

Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт падтрымлівае зацікаўленаць грамадзян Беларусі ў беларускамоўным інфармацыйным афармленні будынка Мінскага аўтавакзала па вуліцы Бабруйскай і паведамляе наступнае.

Інфармацыйнае забеспячэнне будынка аўтавакзала не завершана. У бліжэйшы час плануецца выканаць афармленне інфармацыйных табло на беларускай і рускай мовах (для міжнародных рэйсаў - на рускай і англійскай мовах), афармленне інфармацыйных паказальнікаў - на беларускай і рускай мовах, інфармацыя на электронных табло, якія размешчаны на пероне аўтавакзала, будзе падавацца на беларускай і англійскай мовах.

Намеснік старшыні У.В. Калтовіч.


Каляндар "Родны край"

У выдавецтве Беларусь выйшаў адрыўны каляндар "Родны край" на 2012 год. Каляндар выйшаў накладам 7000 асобнікаў (каляндар на 2011 год быў выдадзены накладам 9000 асобнікаў).

Новы каляндар ужо паступіў у продаж.

Сябры ТБМ, калі ў нейкім горадзе каляндар у продаж не паступаў звяртайцеся да дырэктараў кнігарняў, а калі не дапамо-жа, пішыце скаргі і паведамляйце ў Сакратарыят ТБМ. Кожны грамадзянін Беларусі ў кожным раёне павінен мець магчымасць набыць каляндар на роднай мове.


90-гадоў з дня нараджэння Віктара Роўды

РОЎДА Вiктар Уладзiмiравiч, народны артыст СССР, народны артыст Беларусi, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Беларусi, мастацкi кiраўнiк i галоўны дырыжор Акадэмiчнага хору Нацыяальнай тэлерадыёкампанii Рэспублiкi Беларусь, загадчык кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэмii музыкi, прафесар.

Віктар Роўда нарадзiўся 10 лiстапада 1921 года ў г. Смаргонь. Скончыў Вiленскую духоўную семiнарыю, дырыжорскахаравое i вакальнае аддзяленне Вiленскай кансерваторыi ў прафесара К. Кавецкаса ў 1951 годзе, аспiрантуру Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыi iмя П.І. Чайкоўскага па класу выдатнага майстра харавога мастацтва А.В. Свешнiкава. Далейшая работа ў якасцi хормайстра Дзяржаўнага акадэмiчнага рускага хору СССР i выкладчыка Маскоўскай харавой вучэльні, паспяховая абарона кандыдацкай дысертацыi па праблемах выканання народнай песнi ў акадэмiчным хоры вылучылi В.У. Роўду ў шэрагi вядомых музыкантаўiнтэрпрэтатараў харавога спеву, дасведчаных дырыжораў.

З 1955 года В.У. Роўда - вядучы хормайстар Дзяржаўнай акадэмiчнай харавой капэлы БССР i нязменны кiраўнiк кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэмii музыкi. За час работы iм падрыхтавана больш як 800 хормайстраў. Вялiкая колькасць фондавых запiсаў i праведзеных iм канцэртаў у якасцi мастацкага кiраўнiка i галоўнага дырыжора Акадэмiчнага хору Нацыянальнай тэлерадыёкампанii Рэспублiкi Беларусь трывала сцвердзiлi iмя В.У. Роўды ў лiку выдатных дзеячаў сучаснага музычнага мастацтва. З яго iмем звязаны творчыя дасягненнi i мiжнароднае прызнанне канцэртнага хору студэнтаў Акадэмii музыкi, правядзенне рэспублiканскiх святаў, аглядаў дзiцячай i дарослай харавой самадзейнасцi, непераўзыдзеная iнтэрпрэтацыя лiтургiчнай музыкi.

За сваю самаадданую творчую працу В.У. Роўда ўганараваны ордэнам Францыска Скарыны, прэмiяй "За духоўнае адраджэнне". Ён з'яўляецца поўным кавалерам ордэна Святога князя Данiiла Маскоўскага.

Памёр 20 лістапада 2007 года.


ГЕНАДЗЮ ЦЫХУНУ - 75

Генадзь Апанасавіч ЦЫХУН (нар. 30 кастрычніка 1936, вёска Кунцаўшчына Гарадзенскага раёна Гарадзенскай вобласці) - беларускі мовазнавец, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Доктар філалагічных навук (1982), прафесар. Акадэмік Міжнароднай акадэміі Еўразіі, доктар honoris causa Сафійскага ўніверсітэта, замежны акадэмік македонскай Акадэміі навук і мастацтваў, чалец Міжнароднага камітэта славістаў, сябар Рады ТБМ.

Скончыў аддзяленне славянскай філалогіі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Філолаг. Выкладчык балгарскай мовы і літаратуры». Навуковыя зацікаўленні: этымалогія, балканістыка, арэальная лінгвістыка, гісторыя славістыкі. Славістычныя зацікаўленні спалучае з даследаваннямі ў галіне беларускай мовы. Ён суаўтар «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы». Мае больш за 300 публікацыяў па тыпалогіі славянскіх моваў і іх сувязях, моўных звязах, гаворках Палесся і праблеме праславянскай мовы, па беларускай этымалогіі і дыялектнай мове, гісторыі і бібліяграфіі беларускай мовазнаўчай славістыкі.

Увагу вучонага прыцягнуў шэраг паўднёваславянскаўсходнеславянскіх ізаглос, у тым ліку семантычных (структурных) паралелей («Паўднёваславянска ўсходнеславянскія моўныя сувязі: Да праблемы славянскага ўкладу ў балканскі моўны саюз», 1983). У адносінах шэрагу інавацый, цэнтры якіх знаходзяцца на паўднёваславянскай тэрыторыі, вучоны выказвае меркаванне, што яны ўпершыню ўзніклі на гэтай тэрыторыі і распаўсюдзіліся ў межах міжмоўнай арэальнай агульнасці, вядомай як балканскі моўны саюз. Шмат працуе над праблемамі сувязі беларускай мовы з іншымі мовамі

У 1964 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Сінтаксіс займеннікавых клітык у балгарскай і македонскай літаратурных мовах» (пад кіраўніцтвам д.ф.н. праф. Маслава Ю. С.). У 1982 абараніў доктарскую дысертацыю «Тыпалагічная праблема балканаславянскага моўнага арэалу».

У 19911993 Г.А. Цыхун быў старшынём Камісіі па ўдасканаленні правапісу Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. У 19931994 працаваў у складзе Дзяржаўнай камісіі па ўдакладненні правапісу беларускай мовы (старшыня народны паэт Ніл Гілевіч).


Міністар адукацыі:

«Двухмоўе - г эта абавязак ведаць беларускую мову»

На паседжанні Палаты прадстаўнікоў дэпутат Аляксей Кузьміч пацікавіўся ў міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, хто з'яўляецца аўтарам ідэі выкладаць гісторыю і геаграфію Беларусі на расейскай мове. Міністар адказаў: аўтараў няма, ініцыятары - «канкрэтныя грамадзяне».

Аўтараў тут няма, а ініцыятары гэтай справы - канкрэтны грамадзяне, якія нават у судовым парадку дамагаліся, каб гэтыя і некаторыя іншыя прадметы, уключна нават з беларускай літаратурай, выкладаліся на расейскай мове. Іхні аргумент, што ў нашай краіне двухмоўе і яны разумеюць гэта, як права выбіраць мову. У мяне асабіста іншы падыход да гэтай праблемы, - цытуе Маскевіча Радыё Свабода.

Міністар адукацыі запэўнівае, што намагаецца падтрымліваць беларускую мову ва ўсіх сферах:

Я лічу, што двухмоўе - гэта абавязак кожнага грамадзяніна Беларусі ведаць беларускую мову і валодаць ёй. Гэта не права выбару адной з дзвюх моваў, а абавязак. Гэта мая асабістая думка, - заявіў міністар адукацыі Сяргей Маскевіч. Але галоўным у пашырэнні выкарыстання беларускай мовы з'яўляецца жаданне бацькоў, а яго ўсё менш. У гэтым годзе ў Менску гэта вельмі востра адчувалася, - падкрэсліў ён.

Як перадае БелаПАН, Маскевіч таксама лічыць, што неабходна ўзмацніць папулярызацыю беларускай мовы і на мясцовым узроўні, і ў парламенце, праводзячы пасяджэнні на беларускай мове.


Спіс

асоб, абраных у склад рэспубліканскай Рады ТБМ на ХІ з'ездзе Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" 23.10.2011 г.

1. Аксак Валянціна Іванаўна, г. Менск

2. Акулін Эдуард Аляксандравіч, г. Менск

3. Анісім Алена Мікалаеўна, г. Менск

4. Арлоў Уладзімір Аляксеевіч, г. Менск

5. Бабіч Юрый Міхайлавіч, г. Віцебск

6. Багданкевіч Святлана Мікалаеўна, г. Менск

7. Баравік Марыя Якаўлеўна, в. Падсвілле, Глыбоцкі р-н

8. Бароўскі Анатоль Мікалаевіч, г. Гомель

9. Баршчэўскі Леанід Пятровіч, г. Менск

10. Барэль Таццяна Уладзіміраўна, г. Асіповічы

11. Бураўкін Генадзь Мікалаевіч, г. Менск

12. Вярцінскі Анатоль Ілліч, г. Менск

13. Вячорка Вінцук Рыгоравіч, г. Менск

14. Гарэцкі Радзім Гаўрылавіч, г. Менск

15. Гілевіч Ніл Сымонавіч, г. Менск

16. Дзіцэвіч Людміла Мікалаеўна, г. Менск

17. Дзьячкоў Алег Уладзіміравіч, г. Магілёў

18. Завальнюк Уладзіслаў Мацвеевіч, г. Менск

19. Запрудскі Сяргей Мікалаевіч, г. Менск

20. Зуёнак Васіль Васільевіч, г. Менск

21. Іванова Бярнарда Пятроўна, в. Прылукі, Менскі р-н

22. Каласоўскі Юрась, г. Магілёў

23. Колас Уладзімір Георгіевіч, г. Менск

24. Красоўская Таццяна Мікалаеўна, г. Магілёў

25. Крой Аляксандр Ільіч, г. Гародня

26. Крук Валянціна Іосіфаўна, г. Полацк

27. Кручкоў Сяргей Мікалаевіч, г. Менск

28. Лукашэнка Любоў Яўгенаўна, г. Віцебск

29. Мальдзіс Адам Восіпавіч, г. Менск

30. Марачкін Аляксей Антонавіч, г. Менск

31. Марачкіна Ірына Сяргееўна, г. Менск

32. Навумчык Іосіф Адамавіч, г. Віцебск

33. Новік Максім Мікалаевіч , г. Гомель

34. Панізнік Сяргей Сцяпанавіч, г. Менск

35. Пяткевіч Аляксей Міхайлавіч, г. Гародня

36. Райчонак Ада Эльеўна, в. Германавічы, Шаркаўшч. р-н

37. Раманцэвіч Валянціна Карлаўна, г. Менск

38. Родзік Анатоль Леанідавіч, г. Віцебск

39. Рымша Алесь Георгіевіч, г. Наваполацк

40. Савіцкі Мікалай Іванавіч, г. Менск

41. Санько Зміцер Хведаравіч, г. Менск

42. Содаль Уладзімір Ілліч, г. Менск

43. Стэпановіч Язэп Міхайлавіч, г. Менск

44. Суднік Станіслаў Вацлававіч, г. Ліда

45. Сырыца Віктар Антонавіч, г. Баранавічы

46. Трусаў Алег Анатольевіч, г. Менск

47. Тушынскі Дзяніс Міхайлавіч, г. Менск

48. Цыхун Генадзь Апанасавіч, г. Менск

49. Чэчат Алесь Віктаравіч, г. Менск

50. Шыдлоўская Ніна Анатольеўна, г. Менск

51. Якавенка Яўген Яўгенавіч, г. Гомель


Сумныя думкі ў дарозе або як спыніць русіфікацыю Беларусі

Штогод даводзіцца перасякаць амаль усю Беларусь ад Пінска да мяжы з Пскоўскай вобласцю, і далей у Пскоў і Эстонію. На гэтым шляху ляжаць землі Берасцейскай, Менскай. Віцебскай і частка Карэліцкага раёна Гарадненскай вобласці.

Прызнаюся шчыра, што я люблю падарожжы, люблю глядзець ў акно аўтамабіля ці вагона цягніка, захапляючыся прыгожосцю родных краявідаў дарагой Бацькаўшчыны, адкрываючы новыя вёскі і гарады, якія ляжаць на маім шляху. Радуюся дагледжаным вясковым дварам, добрым дарогам і прыгожым гарадам. Але гэтую радасць заўсёды абрывае сум і горыч, што родная мова выціскаецца з ужытку ў прыдарожным (і не толькі) афармленні назваў сёл і гарадоў, рэкламных шчытоў і агітацыйных стэндаў. Сэрцам адчуваю, што еду па беларускай зямлі, але хвілінай здаецца, што я ўжо на Пскоўшчыне. Бо рускамоўныя назвы вёсак і гарадоў, заводаў і фабрык, раёнаў і абласцей, розныя рэкламныя: агітацыйныя шчыты вельмі часта прымушаюць абурацца, гневацца і сумаваць ад таго, што ўсё гэта нішчыць нацыянальную мову. Колькі ж можна убіваць у голавы чыноўнікаў, што народ, нацыя пазнаецца ў першую чаргу па мове, якая ляжыць у аснове культуры народа, яго гісторыі. Адносіны да нацыянальнай мовы вызначаюць адносіны да народа, да чалавека. Вядома, што той, хто не любіць родную мову, не любіць і народ, якому гэтая мова родная. Вось канкрэтныя прыклады, якія яскрава гавораць аб тым, што мова беларуская не ў пашане ва ўладных структурах. Перасёк мяжу РасіяБеларусь. Першым горадам, куды трапляю, з'яўляецца Полацк. Гэта - горад гарадоў беларускіх. Адсюль пачынаецца гісторыя нашай зямлі. Яму наканавана самім лёсам несці беларускасць. Але, відаць, галоўнаму чыноўніку гэтага найстаражытнейшага паселішча беларускай зямлі, беларуская мова - нішто ў параўнанні з яго пасадай. На ўездзе стаіць жалезабетонная стэла, дзе назва горада пазначана па руску. І толькі праз нейкія 50100 м ад яе сціплы шчыт з беларускай назвай. Парадокс.

Перасякаю мяжу Ушацкага раёна. Мусіць, усім свядомым, адукаваным людзям вядома, што гэта радзіма Вялікага Беларуса - Народнага пісьменніка Васіля Быкава. Трэба, каб улада, а не толькі простыя людзі, шанавала памяць свайго славутага земляка, але ж не! Тут няма не толькі мемарыяльнага знака, што Ушаччына - радзіма В. Быкава, але і жалезны ўказальнік раёна на вялізным жалеза-бетонным збудаванні пазначаны паруску. Сорам! І не толькі! Самымі рускімі з'яўляюцца чыноўнікі лясной гаспадаркі. Толькі адзіны ўказальнік убачыў у Клецкім раёне, дзе пабеларуску пазначана: "Клецкі лясгас". Парадавала. Усё астатняе аформлена толькі паруску.

У свой час звяртаўся ў Целяханскі лясгас з прапановаю афармлення ўсёй агітацыйнай прадукцыі перавесці на беларускую мову. Думаеце, хоць нешта змянілася? Хіба толькі тое, што той дырэктар пайшоў на пенсію, а прыйшоў новы чалавек, для якога беларуская мова - чужая. Як адносіцца міністр л/г да беларускай мовы, так вядуць сябе і яго падначаленыя.

Не лепшае становішча з беларускай мовай і ў сістэме сельскай гаспадаркі. Дзякуючы таму, што нядаўна ў Ганцавічах прайшло свята пісьменства, толькі ў Ганцавіцкім раёне я ўбачыў шыльды з беларускімі назвамі: "СВК" "Дубякі", "СВК "Агарэвічы" і г.д.

Русіфікацыя Беларусі працягваецца. Як спыніць яе?

Думаю, яна спыніцца толькі тады, калі вышэйшая ўлада памяняе свае адносіны да беларускасці. А ці здольна яна пайці на такое? Мне здаецца, яна проста гэтага рабіць не хоча.

Кажуць, што дарогі - візітная картка краіны. Калі параўноўваць якасць аўтадарог Пскоўшчыны і Беларусі, то наша краіна тут выглядае лепш. Але ўсю карціну псуе рускамоўнае афармленне ўказальнікаў назваў паселішчаў, рэкламная і агітацыйная прадукцыя. Менавіта, гэта ўносіць сум і горыч у думкі аб Беларусі. Парадаксальна і трагічна ўсведамляецца для беларуса, што ўлада дзяржавы папускае ў заняпад беларускую мову, а гэтым самім папускае ў заняпад беларускую, нацыю, ператвараючы народ у насельніцтва, якое забые свае карані, свой нацыянальны менталітэт, цураецца нацыянальнай культуры, народных традыцый. Здаецца, у свеце няма такіх краін, такой улады, такога народа, якія б дабраахвотна адракаліся ад сваёй мовы. Мабыць, ты такія адзіныя. Дык што ж мы за народ? Што ж мы за нацыя? Мы не цэнім тое, што нам дадзена Усявышнім. Цураемся найгалоўнейшага скарбу, народнага багацця. Мы - самазабойцы. Хто ж будзе паважаць нас такімі? Вядома - ніхто! Калі так будзе працягвацца і далей, то мы знікнем як нацыя. І, вядома, ператворымся ў рабскую массу. Не знаю як хто, а я гэтага не жадаю ні сабе, ні ўсім беларусам.

Прайшоў чарговы з'езд ТБМ імя Ф. Скарыны, на якім ішла шчырая размова пра стан і лёс роднай мовы. Наша аб'яднанне сабрала ў сваіх шэрагах найлепшых сыноў і дачок Бацькаўшчыны, для якіх лёс роднай мовы і нацыі беларускай на першым плане. І я спадзяюся, што на наступны з'езд едучы, мы не ўбачым на дарогах Беларусі ніводнага рускамоўнага ўказальніка, ніводнай рускамоўнай шыльды, рэкламы, нагляднаагітацыйнага шчыта. Мы прыкладзём усе сілы і з дапамогаю Бога ўратуем родную мову.

Уладзімір Гук, таршыня Пінскай раённай суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны.


20 гадоў з дня нараджэння беларускага мовазнаўца Іосіфа Воўк-Левановіча

6 лістапада 2011 года спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння беларускага мовазнаўцы Іосіфа Васільевіча Воўк-Левановіча (1891-1943).

І.В. Воўк-Левановіч нарадзіўся ў вёсцы Копча Свіслацкай воласці Бабруйскага павету (цяпер Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям'і. У 10 год бацькі ўладкавалі яго ў Бабруйскую гімназію. За выдатныя поспехі ў вучобе быў вызвалены ад аплаты. У 1911 годзе скончыў гімназію са срэбным медалём. У тым жа годзе Воўк-Левановіч паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на гістарычна-філалагічны факультэт.

У 1914 годзе, скон-чыўшы тры курсы ўніверсітэта, ён па ўласным жаданні пайшоў на фронт. У 1918 годзе пасля некалькіх раненняў і цяжкой хваробы быў прызнаны непрыдатным да далейшай вайсковай службы і вярнуўся да бацькоў. Амаль два гады выкладаў рускую і лацінскую мовы ў Бабруйскай прыватнай гімназіі Гадыцкага-Цвіркі і Клецкай грамадскай гімназіі.

З 1920 па 1922 год служыў у Чырвонай Арміі, апошні год службы быў штатным выкладчыкам рускай мовы на 81-х Менскіх камандных курсах. Толькі праз восем гадоў, ўвосень 1922 года, Воўк-Левановіч нарэшце змог узнавіць вучобу ва ўніверсітэце і ў траўні 1923 года атрымаў дыплом аб яго заканчэнні. Яму прапаноўваюць месца выкладчыка на кафедры рускай мовы, але Воўк-Левановіч адмаўляецца і вяртаецца на радзіму.

Працуе ў Менску выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў польскім і яўрэйскім педагагічных тэхнікумах. У 1924 годзе яго залічаюць асістэнтам на кафедру гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а праз тры гады Воўк-Левановіч атрымлівае званне дацэнта.

Але Воўк-Левановіч не абмяжоўваўся толькі выкладчыцкай дзейнасцю. У ім арганічна спалучаліся і педагог, і навуковец. Галоўнымі аб'ектамі яго навуковых даследванняў былі гісторыя беларускай мовы і беларуская дыялекталогія. У 1925 годзе вучоны друкуе сваю першую навуковую працу "Гістарычнае вывучэнне беларускай мовы ў славянскай міфалогіі", а ў 1926 годзе выйшаў з друку яго гістарычна-дыялекталагічны нарыс "Беларускае аканне".

Як вынік вывучэння мовы скарынаўскіх выданняў з'явіўся артыкул, падрых-таваны да 400-годдзя беларускага друку, "Мова выданняў Францішка Скарыны" (1925).

У 1927 годзе вучоны выдаў на ўласныя сродкі літаграфічным спосабам "Лекцыі па гісторыі беларускай мовы" (перавыдадзены ў Менску ў 1994 годзе).

У тым жа 1927 годзе пры Інстытуце беларускай культуры была створана камісія па ўкладанні гістарычнага слоўніка беларускай мовы, Воўк-Левановіч быў прызначаны яе навуковым сакратаром. На чарговым пасяджэнні камісіі ён выступіў з дакладам "Аб прынцыпах і метадах укладання гістарычнага слоўніка беларускай мовы".

На працягу 1928-1930-х гадоў выходзяць з друку такія даследаванні І.В. Воўк-Левановіча, як "Важнейшыя рысы гаворкі вёскі Татаркавічы і гаворак ваколічных вёсак", "Важнейшие черты в консонантизме деревни Татарковичи Бобруйского округа", "Ещё к вопросу о "ляшских" чертах в белорусской фонетике" і інш.

Выступ вучонага ў 1929 годзе ў Акадэміі навук БССР з дакладам "Пра некаторыя важнейшыя недахопы беларускай літаратурнай мовы" быў неадназначна сустрэты ў навуковым асяроддзі, выклікаў шырокую дыскусію сярод мовазнаўцаў, якія лічылі многія палажэнні даклада памылковымі, а самога вучонага абвінавачвалі нават у неэтычных паводзінах.

У склаўшыхся абставінах у 1930 годзе Воўк-Левановіч быў вымушаны пераехаць у Саратаў. Там выкладаў ва ўніверсітэце, займаўся навуковай працай па агульным мовазнаўстве і рускай мове.

У 1934 годзе Воўк-Левановіч быў арыштаваны, але неўзабаве вызвалены, пасля чаго пераехаў у Арэнбург, дзе загадваў кафедрай рускай мовы і літаратуры ў Педагагічным інстытуце. У верасні 1937 года вучоны быў ізноў арыштаваны і сасланы ў лагер на Поўнач. Там, 19 жніўня 1943 года, абарвалося жыццё адного са шматлікіх безпадстаўна абвінавачаных прадстаўнікоў беларускай творчай інтэлігенцыі.


ДЗЯДЫ Ў БЕЛАРУСІ

Матэрыялы падрыхтавал i Т . Жук , М . Ліс , навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі .

Лошыца

6 лістапада ў Менску прайшло традыцыйнае шэсце ў Лошыцкі яр да месца пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій, арганізаванае Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй БНФ.

У шэсці ўзялі ўдзел больш за сотню чалавек - актывістаў КХП-БНФ і іншых грамадскіх аб'яднанняў, у прыватнасці міжнароднай маладзёжнай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія), паведамляе БелаПАН.

Удзельнікі шэсця прайшлі па ходніках вуліцы Маякоўскага з боку Лошыцкага парку. Яны неслі бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі КХП-БНФ і «Маладога фронту», а таксама расцяжкі «Дзяды» і «Абаронім Беларусь ад пекла расейскага імперыялізму». Каля крыжа ў Лошыцкім яры прайшоў жалобны мітынг.

Гомель

5 лістапада гомельскія грамадскія актывісты кампаніі «Наша альтэрнатыва», «Разам», стваранай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», ТБМ усталявалі жалобны крыж у лесе пад Гомелем. Гэта па левы бок Чарнігаўскай шашы, прыкладна за два кіламетры ад апошняга прыпынку грамадскага транспарту. У часы сталінскіх рэпрэсій энкавэдысты расстрэльвалі тут мірных жыхароў.

Каардынатар БХД у рэгіёне Юры Клімовіч, чый бацька у 40-я гады быў вязнем сталінскага ГУЛАГу: «Гэта ў нас ужо традыцыя - на восенскія Дзяды прыносіць і ўсталёўваць крыжы на месцах масавых пахаванняў ахвяр сталінізму. Мала крыжоў не бывае, бо колькасьць забітых і пахаваных мірных жыхароў па левы і правы бок Чарнігаўскай шашы ў тысячы разоў перавышае колькасць усталяваных тут крыжоў. Яны як напамін жывым, у тым ліку і дзейнай уладзе, якая фактычна ігнаруе масавыя пахаванні ахвяраў сталінскага рэжыму».

Тры гады таму салдаты 52-га пошукавага батальёна Міністэрствы абароны знайшлі непадалёк ад усталяванага сёння крыжа парэшткі 70 расстраляных чалавек. Пракуратура не вызначыла дакладна час расстрэлу ахвяраў. Аднак жыхары бліжэйшых вёсак сведчаць, што менавіта ў 30-я гады тут расстрэльвалі мірных жыхароў, якія траплялі ў засценкі тагачаснага Наркамату ўнутраных спраў.

На жалобным месцы ўсталяваны крыж і памятны камень з надпісам: «Тваім пакутнікам, Беларусь». Метраў за чатырыста ад яго, акурат на ростані лясных дарог, паўстаў цяпер яшч

Берасце

2 лістапада актывісты партыі БНФ правялі акцыю ўшанавання памяці жаўнераў беларускага войска генерала Станіслава Булак-Балаховіча ў Берасці.

Акцыя, якая была прымеркаваная да Дзядоў, адбылася на "балахоўскіх" могілках, дзе пахаваныя паўтысячы ваяроў, якія змагаліся супраць бальшавіцкай улады ў 1920 годзе.

Падчас мерапрыемства актывісты ўсклалі кветкі і запалілі знічы ля помніка на могілках, памянулі жаўнераў хвілінай маўчання. А гісторык, актывіст Моладзі БНФ Сяржук Кавалько распавёў пра гісторыю змагання балахоўцаў за незалежную Беларусь.

Сяржук Кавалько падкрэсліў, што трагічная гісторыя жаўнераў войска Станіслава Булак-Балаховіча не павінна быць забытая:

- Мы павінны памятаць найперш, што гэтыя жаўнеры спрабавалі здабыць незалежнасць Беларусі ў надзвычай складаных умовах, таму няцяжка ўявіць, якія мужныя былі гэтыя людзі. Таму гэта такі своеасаблівы напамін нам пра тое, што суверэнітэт Беларусі - найгалоўнейшая каштоўнасць, - кажа Сяржук Кавалько.

Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч у 1920 годзе рушыў у паход супраць бальшавікоў на Палессе. 27 верасня быў вызвалены Пінск, у лістападзе - Мазыр і Тураў. Аднак у Беларусь з Крыму былі пе-ракінутыя значныя сілы Чырвонай Арміі, і паход Булак-Балаховіча пацярпеў паразу.

Як сцвярджаюць даследчыкі, Берасце было месцам збору войска Балаховіча, тут падчас паходу месціўся шпіталь, дзе лячыліся жаўнеры. І менавіта на могілках у Берасці знайшлі спачын сотні змагароў з войска генерала Булак-Балаховіча.

Мы памятаем…

Канец кастрычніка і пачатак лістапада. Як заўжды, узрушанасць і непакой у душы, прадчуванне ціхага непаўторнага цуду нязменна прыцягваюць нас да астраўкоў вечнасці, дзе знайшлі прытулак нашыя продкі, нашыя Дзяды. У кожнага яны свае. Тыя, хто моліцца перад Усявышнім за нас, што выконваюць сёння Яго наканаванне ў зямным жыцці. Тыя, што так прагнуць і нашай малітвы аб дараванні іх зямных грахоў.

А ёсць і тыя, да чыйго апошняга зямнога прытулку у гэтыя дні не прыйдзе ніхто. Параскідаў няўмольны час і лёс усіх крэўных па свеце, і забыліся яны на свае карані. Такія ёсць і на нашых старадаўніх грэка-каталіцкіх могілках. Гэта месца пахавання прадстаўнікоў роду Пратасевічаў, старадаўняй шляхецкай сям'і, годнай і згуртаванай, сапраўдных рупліўцаў аб славе нашага мястэчка. Гэта і Ежы Пратасевіч, вялікі маршалак Слонімскага павету, што пайшоў з жыцця ў 1872 г. І пані Алаіза, і пані Эмілія. І пан Эдвард з жонкаю Апалінаю, і дачушкі іх Кацярына ды Сафія. Месцам іх сямейнага пахавання апякуецца вось ужо сем гадоў наш калектыў.

На працягу ўсяго года прыбіраем тут, высаджваем і даглядаем кветкі. Але прыйсці сюды напярэдадні Дзядоў - самы святы наш абавязак.

Выграблі лісце, падмялі, памылі помнікі. І запалілі знічы. І замовілі памінанне ў касцёле. Хай ведаюць і бачаць землякі, хай радуюцца душы спачылых, што не самотныя і не забытыя яны.

На Дзяды адведаем магілы дарагіх продкаў. Пастаім моўчкі, каб адчуць іх малітву і ўдзячнасць. Каб лягчэй і болей упэўнена крочыць па жыцці. Каб святло дзядоўскіх знічоў асвятляла наш шлях у самыя цёмныя і змрочныя часы, каб адчувалі мы, што Беларусь жыве і будзе жыць, пакуль мы ведаем і шануем карані свае.

Крысціна Баравік , старшыня Рады гістарыч.-патрыятычнага клуба "Спадчына", м. Дварэц.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства, "Наша слова"!

Шаноўныя сябры, пачалася падпіска на першае паўгоддзе 2012 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 77. Цана, падрасла, але далёка не ў тэмпе інфляцыі. У 2012 годзе мы спадзяёмся выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды. Мы падаём факты. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Выбітныя дзеячы беларускай Рэфармацыі

Шляхетны касцюмаваны баль у гонар Дня Рэфармацыі адбыўся 29 кастрычніка ў Менскім моладзевым тэатры эстрады. Да шаноўных паноў і паненак з Малінаўкі, Кунцаўшчыны і Серабранкі прыехалі віленскі ваявода гетман Мікалай Радзівіл Руды з жонкай Кацярынай, канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл Чорны з жонкай Альжбетай і іншыя іхнія сучаснікі. Госці змаглі павітаць гарачымі воплескамі падканцлера ВКЛ Астафія Валовіча і маршалка Гераніма Хадкевіча.

Дзейныя асобы перанеслі гледачоў у 16е стагоддзе, ў залаты век Беларусі, і далі адчуць, якімі клопатамі ў той час жылі дзяржаўныя мужы Вялікага Княства Літоўскага. Патрыятычны магнацкі род Радзівілаў меў памкненні будаваць школы, развіваць асвету, друкаваць Біблію і несці народу слова Божае. Мікалай Радзівіл Чорны і яго аднадумцы сярод палітычнай эліты ВКЛ дзейнічалі з вялікім пасвячэннем і адказнасцю. Сваім коштам яны закладалі евангельскія цэрквы, адчынялі школы, дзе магла вучыцца моладзь з розных пластоў грамадства, будавалі друкарні, выдавалі падручнікі і катэхізмы. Значны ўплыў у ВКЛ у той перыяд мелі евангельскія цэрквы. Жывая, непасрэдная вера пабуджала да паляпшэння гаспадарскай дзейнасці і адукацыі, выбітныя дзеячы беларускай Рэфармацыі паспрыялі духоўнаму ўздыму і пашырэнню асветы.

Між тым, каб захаваць рэлігійную талерантнасць, шляхта ў 1573 годзе прыняла акт Варшаўскай канфедэрацыі, якая дэкларавала прынцыпы раўнапраўя паміж людзьмі розных вызнанняў.

Мы адзначаем Дзень Рэфармацыі 31 кастрычніка такім чынам ужо ў шосты раз, распавёў прыхаджанін евангельскай царквы ў гонар Яна Прадвесніка Павел Сітнік.

У гэтым годзе пляцоўкай для правядзення фэсту стаў Моладзевы тэатр эстрады.

Аўтарамі сцэнару пастаноўкі з'яўляюцца Наталля Шэйн, Алена Сітнік і Наталля Бачышча.

У галоўных ролях выступілі актор Нацыянальнага Акадэмічнага тэатра імя Горкага Уладзімір Глотаў, артыст Маладзёжнага тэатру Канстанцін Міхаленка, а таксама Ганна Харланчук і Наталля Бачышча. Акторы выдатна перадалі дух эпохі і партрэтнае падабенства з героямі, рысы якіх захаваліся на гравюрах і эстампах, іх гарачыя памкненні да прагрэсіўных пераўтварэнняў.

У другой частцы дзеяння гурт "Стары Ольса" на чале са Зміцерам Сасноўскім выканаў на дудзе, флейце і ўдарных музычныя п'есы са старадаўняга "Полацкага сшытка".

Апошнія два гады мы займаемся менавіта гэтым скарбам нашай музыкі, сказаў З. Сасноўскі. З эмацыйным уздымам слухачы ўспрынялі п'есы "Цюба", " Слічна квецце", танцы "Кантарыа" і "Дрыгва" ды іншыя.

На заканчэнні трыумфальна прагучаў гімн войска ВКЛ "Бог нам раіць" у выкананні вядомага гурта і юных скрыпачоў.

Госці свята адчулі сваё дачыненне да гістарычных беларускаліцвінскіх каранёў, гонар за шляхетных продкаў. Дзеці, якіх было шмат у зале, пранікліся рыцарскім духам.

Важна, што адраджэнне хрысціянскіх традыцый і прапаведанне станоўчых сямейных ідэалаў ідзе ў той час, калі іншыя мінакі ў захапленні ад чужынскіх паганскіх культаў. У той жа вечар у розных кутках горада на вуліцах можна было пабачыць "прывідаў" з зялёнымі валасамі, якія вярталіся з Хэлуіна. Зразумела, што краіну ўмацуюць і адбудуюць годныя дзеячы, выхаваныя на шляхетных хрысціянскіх традыцыях.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

На здымках:

1. Мікалай Радзівіл Руды з жонкай Кацярынай (К. Міхаленка, Г. Харланчук)

2. Мікалай Радзівіл Руды і Мікалай Радзівіл Чорны.

3. Гістарычныя персанажы ў зборы.


Рэфармацыя або "Баль у Радзівілаў"

"... Вось жа абудзіць у іх наш Пан словам сваім ахвоту да ведаў спраўнейшых, узмоцніць імкненне ў іх да навукі паўнейшай і да развагі паважнай ды мудрасці кемнай схіліць..."

Гэтыя словы асветнік Васіль Цяпінскі змясціў у выданні перакладу "Евангелля", а сучаснае гучанне ім надаў новаасветнік, наш сучаснік А. Разанаў.

Кальвін, Лютар, Скарына, Цяпінскі, Будны сейбіты ідэй Рэфармацыі ў ХVI стагоддзі ў сваіх краінах. Як кожная эпоха імкнецца акрэсліць выразныя правілы быцця чалавека, так неаспрэчна, што час з'яўлення праваднікоў такіх правіл (ідэй) абумоўлены не толькі хадой гісторыі кожнай краіны, але і сусветнымі законамі быцця. Калі мы звернемся да вытлумачэння значэння слова "рэфармацыя", то заўважым, што прачытваецца ва ўсіх вядомых мовах у ім "перастварэнне формы". Што ж маецца на ўвазе пад формай? Калі браць пад увагу існаванне на ментальным узроўні агульнага для людзей усяго свету тэксту "падручніка быцця ў Сусвеце", то яскрава бачна, што тады толькі, калі ў свядомасці таго ці іншага народа ўзнікаюць падставы, гатоўнасць да ўспрыняцця падобных правілаў, з'яўляюцца людзі, гатовыя данесці святло такіх ведаў да ўсіх сваіх суайчыннікаў у форме, найбліжэйшай для іх, а менавіта, сродкамі роднай мовы. Неацэннае значэнне дзейнасці Ф. Скарыны, якому была небам дадзена адвага пісаць вядомыя цяпер усяму свету прадмовы да тэкстаў святога пісання.

I вось жа ізноў пра форму ідэй мову. Называючы свае творы прадмовамі, напэўна іх аўтар меў на ўвазе не толькі простае іх папярэднічанне святым пісьмёнам. Цяпер у гэтым слове праступае выразнае сутво прадмовы пэўнага кшталту мовы, што была перадусім, прадмовай, пераствараючы якую ў беларускую, наш суайчыннік пачынаў ёй перакладное выданне ўсёй Бібліі. I ў гэтым велізарны сэнс і значэнне яго прадмоў прадмоў аўтарскіх і прызначаных для простага люду, а між тым яны неслі і разлічанае значэнне "вяртанне да формы", чытай прадмовы, на якой на ментальным узроўні існуе прадтэкст, які паўстае на той ці іншай мове, калі яму Час паўстаць.

І час Рэфармацыі ў заходняй Еўропе, як і на зямлі беларусаў, прынёс шмат плёну, ды на ўсе далейшыя часы. Адукацыя гуманітарная атрымала нібы другое дыханне, мова наша атрымала велізарнае жыўленне і зза звароту да тэкстаў на іншых мовах, і зза карыстання ёю пры навучанні дзяцей, моладзі, старэйшых. Гэта пра саму мову, у якой выяўляецца сусветная прадмова роднымі сэрцу словамі, калі яны ўсведамляюцца належна сваім народам, сказана ў святым пісанні "Слова Божае". Не толькі тэкст Бібліі мелі на ўвазе нашы асветнікі, карыстаючыся гэтым словазлучэннем, а, зразумела, дадзены людзям на пакуту, і на радасць дар роднай мовы.Сымон Будны пісаў у прадмове да "Катэхізіса": "Таму неабходна і нам усім старацца самааддана, каб мы былі варты тае невыказнае ласкі, каб Божае слова рукамі абедзвюма прынялі, каб моцна трымалі яго. Каб жылі паводле яго і прыводзілі да яго іншых людзей..".

Такімі словамі можна акрэсліць пасланне выступоўцаў сваім гледачам на святкаванні Дня Рэфармацыі 29 кастрычніка ў Менску. Слова на гэтым свяце, названым "Баль у Радзівілаў" належала галоўным чынам Яе Вялікасці Музыцы ад "Старога Ольсы". Асабліва музыцы з "Полацкага сшытка". Яна, нібы некалі прадмовы Скарыны, тлумачыла той сусветны прадтэкст сродкамі беларускіх інструментаў ды майстэрствам выканаўцаў. Вось жа той самы зварот да прадформы, ўдалая спроба данесці да сучаснга чалавека тыя ж веды, якія сталі даступныя, і праз музыку ў час Рэфармацыі. Як некалі, у старадаўнія часы, гукі музыкі складваліся ў мелодыю з рытмамі, што адпавядае словам: "Любіце адно аднаго, радуйцеся быццю чалавечаму, ды не забывайцеся на "зорнае неба над вамі ды маральны закон унутры вас..." Ідэі ж Рэфармацыі трансфармаваліся пазней і ў тэкстах філасофскай думкі, і ў эстэтыцы мастацкіх кірункаў, даючы апірышча не аднаму пакаленню людзем аж да нашых дзён. Бо гэтыя ідэі на ўсе часы. Значыць Бог нам раіць святкаваць дзень Рэфармацыі. Са святам!

Наталля Супей.


"Чаму старэюць людзі?"

Такую назву мае спектакль Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек... Прэм'ера адбылася 25 верасня 2009 года... Аўтар прыпавесці Анатоль Вярцінскі - славуты беларускі паэт, драматург, публіцыст, крытык і перакладчык. За кнігу "НьюЁрская сірэна" Анатоль Вярцінскі стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР, а пасля яму было нададзена званне "Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь.. Трэба адзначыць, што спектакль ужо паспеў атрымаць узнагароду на фестывалі ў Польшчы...

Пастаноўку ажыцявіў славуты рэжысёр Аляксей Лялеўскі! Трэба адзначыць, што лялькі, флэшанімацыю, сцэнаграфію і касцюмы зрабіла славутая Таццяна Нерсісян... Мне вельмі спадабалася музыка вядомага ў культурніцкіх колах гурта "Нагуаль"...

Спектакль разлічаны на дарослую аўдыторыю! Чаму старэюць людзі? Чаму так адбылося? "Можа таму, што за дабро людзі сталі ліхам плаціць? Таму, што кожны на іншых, як на ворагаў пазірае? Чаму людзі не зважаюць на тое. што згода будуе, а нязгода руйнуе? І бачыць нават не жадаюць, зза чаго іх век хутка мінае, чаму з іхніх сэрцаў цеплыня знікае..."

Трэба адзначыць, што спектакль атрымаўся відовішчны і цікавы, дзякуючы артыстам... Шмат рэжысёрскіх знаходак сустракаем у гэтай сцэнічнай інтэрпрэтацыі п'есы А. Вярцінскага! Мне вельмі спадабалася як выконваюць свае ролі: Цімур Муратаў ("Рыгорка") і заслужаны артыст Беларсі Уладзімір Грамовіч ("Дзед"), а таксама Святлана Цітохіна ("Бабка")... А вось Алесь Васько ("Змей") варты таго, каб атрымаць званне заслужаны артыст Беларусі, бо яго ігра заўсёды цікавая. У спектаклі таксама задзейнічаны Зміцер Рачкоўскі... Трэба адзначыць, што ў Беларускім Дзяржаўным тэатры лялек здаўна не прысвойваліся званні! Уладзіслаў Уласаў 40 гадоў адпрацаваў на гэтай сцэне, але пайшоў на пенсію толькі як заслужаны!

Трэба адзначыць, што спектакль "Чаму старэюць людзі?" з'яўляецца добрым падарункам класіку беларускай літаратуры Анатолю Вярцінскаму, які днямі будзе святкаваць юбілей - 80 годдзе з Дня народзінаў і знаходзіцца ў добрай творчай форме.

Аляксей Шалахоўскі, журналіст, гісторык культуры.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX