Папярэдняя старонка: 2011

№ 47 (1042) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



НАША СЛОВА №47 (1042) 23 лістапада 2011 г.


БелаПАНу - 20 гадоў

БелаПАН (Беларускае прыватнае агенцтва навін) быў заснаваны 20 гадоў таму, 19 лістапада 1991 г. у Менску журналістам Алесем Ліпаем.

За 20 гадоў БелаПАНператварыўся ў найбуйнейшую крыніцу інфармацыі. Штодня на яго стужцы навін з'яўляецца пад 100 навін. БелаПАН, які мае беларускую, расійскую і англамоўную версіі, з'яўляецца важнейшай крыніцай палітычнай, эканамічнай, дзелавой, фінансавай і іншай інфармацыі з Беларусі, у тым ліку і для журналістаў іншых СМІ уключна з «Нашым словам».

Два асноўныя прынцыпы, якіх прытрымліваецца БелаПАН у сваёй дзейнасці:

- паведамляць пра ўсе важныя падзеі, незалежна ад таго, па чыёй волі яны адбываюцца;

- падаваць інфармацыю пра падзеі без іх журналісцкай ацэнкі, з каментарамі спецыялістаў і ўсіх зацікаўленых бакоў, прадстаўляючы розныя пункты гледжання на падзеі, не аддаючы перавагі ніводнаму з іх.

Ад 2002 г. БелаПАН выдае інтэрнет-газету «Беларускія навіны», аднаго з лідараў беларускіх інтэрнэт СМІ.

Рэдакцыя "Нашага слова" выказвае шчырую падзяку калектыву агенцтва за шматгадовае супрацоўніцтва і зычыць быць першымі і найбольш дакладнымі ў асвятленні нашай рэчаіснасці.

Вы нам вельмі патрэбныя.


Захаваем беларускамоўны дзіцячы часопіс "Бярозка"

Заява Сакратарыяту ТБМ

Як стала вядома са сродкаў масавай інфармацыі з наступнага года спыняе сваё самастойнае існаванне беларускамоўны дзіцячы часопіс "Бярозка". Гэта выданне на працягу дзясяткаў гадоў несла беларускае слова ў беларускую школу, выхоўвала патрыятызм і любоў да беларускай мовы і культуры ў нашых дзетак.

У сувязі з гэтым мы заклікаем грамадзян Беларусі неадкладна звяртацца да беларускага ўрада з патрабаваннем захаваць выхад часопіса "Бярозка" і аб'явіць падпіску на гэтае выданне на наступны год, год юбілеяў класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка.

Прынята 18 лістапада 2011 г.


Часопіс "Верасень" № 5

Выйшаў з друку пяты нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень". Як заўсёды, у нумары багата прадстаўлены раздзел "Паэзія". Тут друкуюцца вершы Марылі Шлык, Валера Прычынца, Марысі Сушы, Глеба Лаба-дзенкі, Надзеі Філон, Насты Грышчук, Таццяны Мацюхінай. Паэтычным майстэрствам з маладымі творцамі дзеліцца Генадзь Бураўкін. Проза прадстаўлена творамі Марыны Яўсейчык, Сяргея Прывалава, Ганны Старыковіч, Сяргея Белаяра, Паліны Качатковай, Алеся Наварыча. Аб чым мараць жанчыны, можна даведацца, прачытаўшы эратычную фантазію маладога драматурга Мюра Фарыдовіча. "Пярсцёнак песні" - пад такім назовам у нумары друкуецца паэтычная нізка Багдана-Ігара Антоныча, вер-шы якога з украінскай мовы пераклаў Сяргей Законнікаў. Крытыка прадстаўлена востра-палемічным артыкулам Рыгора Сітніцы "Развагі нязгоднага быць хобітам...". У гэтым жа раздзеле можна прачытаць гутарку Асі Паплаўскай з кіраўніком Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat. org Яраславам Іванюком, а таксама "неспарадкаваныя абрыўкі думання" Ніла Гілевіча, фацэцыі Уладзіміра Сіўчыкава, падарожныя нататкі Раісы Крывальцэвіч. Анатоль Трафімчык разважае над зместам кнігі Таццяны Сівец "Таму, хто знойдзе". Ганна Новік робіць агляд гомельскага самвыдату. Пра сакрэты творчасці з маладымі музыкамі гуртоў " PANaNieba" і "ZIGZAG" размаўляе Альдона Мартыненка. І ўжо традыцыйна заканчваецца нумар "CD-калекцый" вядомага музычнага аналітыка Вітаўта Мартыненкі.

Пытайце «Верасень» № 5 на сядзібе ТБМ (Румянцава,13) і ў Акадэмкнізе.


110-гадоў з дня нараджэння Міхася Зарэцкага

Міхась ЗАРЭЦКІ , сапр.: Міхаіл Яўхімавіч КА-СЯНКОЎ (20 лістапада 1901, в. Высокі Гарадзец Сенненскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Талачынскі р-н Віцебскай вобл. - 29 кастрычніка 1937, Менск, НКУС) - беларускі празаік, драматург, перакладчык, крытык.

Дзяцінства прайшло ў в. Зарэчча пад Шкловам - адсюль псеўданім. З 10-гадовага ўзросту вучыўся ў Аршанскай духоўнай вучэльні і Магілёўскай духоўнай семінарыі (у 1917 пакінуў семінарыю пасля 2 гадоў вучобы). Працаваў перапісчыкам у паўвайсковай частцы. З лютага 1919 настаўнічаў на Магілёўшчыне, потым прызначаны загадчыкам валаснога аддзела народнай асветы. У 1920-1927 палітработнік Чырвонай Арміі. Публікавацца пачаў у 1922. З 1924 член літаб'яднання «Маладняк», уваходзіў у Цэнтральнае Бюро арганізацыі. У 1926-1927 рэдагаваў часопіс «Маладняк». У 1927 стаў адным з ініцыятараў утварэння новага літаб'яднання «Полымя». У жніўні - кастрычніку 1927 у складзе дэлегацыі беларускіх літаратараў на-ведаў Латвію, Чэхаславакію, Германію, Францыю. Адзін з ініцыятараў тэатральнай дыскусіі ў лістападзе 1928. Выступленні М. Зарэцкага ў друку былі расцэнены як праявы нацыянал-дэмакратызму. Разам з А. Александровічам і А. Дударом ён заявіў пра выхад з БДУ. У 1929 выключаны з ВКП(б). Член СП БССР (з 1934). З лістапада 1936 працаваў загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва БелАН. Арыштаваны 3.11. 1936 у Менску. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 28.10. 1937 як «актыўны член нацыянал-фашысцкай тэрар. арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 7.12. 1957. Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей.

Дэбютаваў апавяданнем у 1922 (газета «Савецкая Беларусь»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «У віры жыцця» (1925), «Пела вясна» (1925), «Пад сонцам» (1926), «42 дакументы і двое Жвіроўскіх» (1926), «На чыгунцы» (1928), «Ракавыя жаронцы» (1930, уключаны і п'есы «Віхор на балоце» і «Белыя ружы»), апавядання «Бацькаў сын» (1932), аповесці «Голы звер» (1926), раманаў «Сцежкі-дарожкі» (1928), «Вязьмо» (1932), кніжак нарысаў «Падарожжа на новую зямлю» (1929), «Лісты ад знаёмага» (1931). Аўтар п'ес «Сымон Карызна» (1935), «Ная» (1936) і інш., а таксама кінасцэнарыя «Пачатак шчасця».

У 1975 выдадзены зборнік выбраных апавяданняў «Пачатак шчасця», у 1989 -1991 выйшаў Збор твораў у 4тамах.


100-гадоў з дня нараджэння Яўгена Ціхановіча

ЦІХАНОВІЧ Яўген Мікалаевіч (12.11.1911, станцыя Джусалы, Казахстан - 2005, Менск), беларускі мас-так. Ганаровы сябар клуба "Спадчына"з першых дзён яго ўтварэння. Скончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум (1932). Удзельнічаў у мастацкіх выставах з творамі, якія вызначаліся выразнасцю выяўленчай мовы і жыццёвай канкрэтыкі. Значнае месца ў творчасці Я.М. Ціхановіча займалі тэмы нацыянальнага Адраджэння, змагання за родную мову, партызанскага руху ў Беларусі. Аўтар шматлікіх партрэтаў дзеячоў культуры Беларусі (У. Галубка, Францішка Скарыны, М. Гусоўскага, Францішка Багушэвіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, А. Міцкевіча, М. Чарота, М. Багдановіча, Цёткі, Якуба Коласа, Янкі Купалы, П. Броўкі і інш.) і экслібрысаў да шэрагу кнігазбораў. Мова, як неад'емны атрыбут твора выяўленчага мастацтва, арганічна ўведзена ў шэраг партрэтаў. Яго высокамастацкія па зместу і тэхніцы выканання творы з'яўляюцца набыткам нашай Бацькаўшчыны. Аўтар шэрагу пейзажаў. У Старадарожскім мастацкім музеі экспануецца да 30 алейных і графічных твораў. Яму прысвечаны два стэнды, дзе змешчаны яго ўспаміны ў часопісе "Полацак" (ЗША, Кліўленд), шэраг публікацый пра мастацкую дзейнасць Я.М. Ціхановіча і пра дынастычную дзейнасць яго родных і блізкіх (брата, сына, унука, цесця У. Галубка).

За актыўную грамадскую дзейнасць на карысць Бацькаўшчыны і нацыянальнага Адраджэння, захаванне і памнажэнне нацыянальнай спадчыны Камітэтам Ушанавання ганараваны ордэнам "Гонар Айчыны" (25.03.1997), Бел-чырвона-белай стужкай з выявай герба "Пагоня" і надпісам "Ганцу Адраджэння" (27.11.2001) і адпаведнымі дыпломамі.

Удзельнічаў у сусветнай выставе «ЭКСПО-70» у Японіі. Занесены ў Кнігу гонару "Рупліўцы твае, Беларусь".


Які лёс чакае беларускую мову?

У 2010 г. чэшскі ўніверсітэт з горада Усці над Лабай выдаў на рускай мове манаграфію Іны Каліты, якая мае назву "Современная Беларусь: языки и национальная идентичность».

Адразу хачу сказаць, што непадрыхтаванаму чытачу працаваць з гэтай кнігай будзе цяжка. Яна перагружана спецыфічнай лінгвістычнай лексікай, шматлікімі спасылкамі на розных мовах, шырокім роскідам думкі аўтара ў часе і прасторы беларускай гісторыі ХІХ-ХХ стст.

Праца падзелена аўтарам на пяць раздзелаў. Першы, самы невялікі, распавядае аб моўнай палітыцы Беларусі ХХ-ХХІ стст. І. Каліта выдзяляе этапы моўнай палітыкі, першы перыяд беларусізацыі 20-30-х г. ХХ ст., пачаткі другой беларусізацыі ў канцы ХХ ст., гаворыць пра ролю БНФ, другі этап беларусізацыі (1989-1999 гг.) і неафіцыйны перыяд Адраджэння канца ХХ - пачатку ХХІ ст.

Трэба сказаць, што тут маюцца пэўныя недахопы ў валоданні аўтарам гістарычнай фактуры. Нічога не сказана пра развіццё беларускай мовы на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1915-1939 гг., асабліва ў перыяд нямецкай акупацыі і існавання марыянетачнай дзяржавы Рэспубліка Сярэдняя Літва (1920-1922 г.). Няма інфармацыі пра стварэнне і ролю Та-варыства беларускай мовы ў перыяд 1989-1994 гг., гаворка вядзецца то-лькі пра БНФ. Прычым аўтар не ведае, што партыя БНФ ўтварылася толькі ў 1993 годзе, калі дзейнасць БНФ паступова затухае. Аўтар звяртае ўвагу чытача на папулярнасць сярод беларускай эліты тарашкевіцы і лацінкі, а таксама на масавае выданне рэпрэсаванай беларускай літаратуры 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя, на новыя арфаграфічныя правілы, якія набылі сілу закона ў 2010 годзе.

У другім раздзеле гаворка вядзецца пра агульную характарыстыку інтэрферэнцыі ў сучаснай Беларусі. Аўтар раскрывае лінгвіс-тычны тэрмін "моўная інтэрферэнцыя" як працэс і вынік моўнага ўзаемаўплыву, калі ўзнікаюць моўныя змены, абумоўленыя кантактам. Далей гаворка ідзе пра "білінгвізм", "двухмоўе" і "дыглосію".

Аўтар пагаджаецца з беларускім даследчыкам А. А. Лукашанцам, што сістэма нацыянальнай беларускай мовы складаецца з пісьмовага варыянта агульналітаратурнай мовы, "тарашкевіцы", "вуснага варыянта", народных гаворак, сацыяльных дыялектаў і "трасянкі". І. Каліта праводзіць параўнаўчы аналіз развіцця беларускай і ўкраінскай моў і іх сувязі з царкоўнаславянскай мовай праваслаўнай царквы. У якасці прыкладу разглядае семантычнае расшчапленне лексемы "благо" ў вышэйзгаданых славянскіх мовах. Потым даецца табліца параўнання рускага і бела-рускага алфавітаў і адзначаецца іх розніца, асабліва графічная. Асобныя параграфы прысвечаны білінгвізму беларускіх СМІ і беларускай медыя-прасторы на мяжы ХХ-ХХІ стст., а таксама асаблівасці беларускай мовы незалежных выданняў.

Цікава напісаны параграф "Беларуская школа. Білінгвізм у сістэме адукацыі", а таксама параграфы пра мову таварных знакаў, дзяржаўных пячаткаў і этыкетак.

Падрабязна разглядаецца панятак "родная мова" для беларусаў. Аўтар падкрэслівае, што беларуская мова застаецца ў Беларусі палітычным, адкрытым пытаннем, з якога выцякае шмат іншых. У якасці станоўчага прыкладу прыводзіцца сайт budzma. org.

Інтэрферэнцыя на моўным узроўні - назва трэцяга раздзела манаграфіі. Раздзел пачынаецца з падрабязнага разгляду такой з'явы як трасянка . Даследчыца вызначае трасянку як заменнік, баласт, своеасаблівую дамешку, якая дапамагае лепей засвоіць як рускую, так і бела-рускую мову. Яна мае рознанакіраваныя вектары дзеяння. І з гэтым вызначэннем можна пагадзіцца. Пры гэтым І. Каліта пагаджаецца з высновамі Сяргея Запрудскага, які вылучае дзве формы трасянкі: "трасянку на беларускай аснове", альбо ўласна "трасянку і руска-беларускае вымаўленне", альбо "не вельмі дрэнная руская мова".

Слова "трасянка" паходзіць з сялянскіх дыялектаў цэнтральнай Беларусі, азначала некалі сумесь сена і саломы, якой у галодныя часы кармілі свойскую жывёлу.

Даследчыца вызначае асаблівасці сучаснай беларускай трасянкі:

1) фанетычная ўстойлівасць, калі трасянка ахоўвае каркас беларускай літаратурнай мовы (нормы);

2) трасянка як сродак стылістыкі (прыклад - твор Янкі Купалы "Тутэйшыя");

3) трасянка як шматпланавая метафара, сродак сатыры і гумару;

4) крэатыўны сродак у іміджы беларускіх выканаўцаў (песні Лявона Вольскага і інш.);

5) стылістычны прыём, альбо літаратурна-мастацкая трасянка, ужываецца ў мастацкіх творах.

Трасянка як лінгвістычны тэрмін з'явіўся ў 90-я гады ХХ ст. Магчыма, што першы яго стаў выка-рыстоўваць Зянон Пазняк. Аналагам трасянкі даследчыца лічыць сумесь польскай і беларускай мовы ў ХVІІІ-ХІХ ст.ст. Ад сябе магу дадаць, што польска-беларуская трасянка яшчэ існуе ў некаторых вёсках і мястэчках Віленшчыны, якую Сталін перадаў Літве ў 1939 і 1940 годзе. Даследчыкі вылучаюць два этапы пашырэння беларуска-рускай трасянкі, калі беларускія сяляне масава перасяляюцца ў горад. Першы этап - гэта пачатак ХХ ст. і другі - 50-60-я гады ХХ ст. Псіхалагічным падтэкстам узнікнен-ня трасянкі аўтар лічыць такі псіхічны феномен як "тутэйшасць", добра паказаны Янкам Купалам і даследаваны сучаснымі беларускімі навукоўцамі.

Трэба адзначыць, што аўтар кнігі правяла на Беларусі ў ліпені 2008 г. спецыяльныя палявыя даследаванні з мэтай даведацца як рэспандэнты ставяцца да розных праяў трасянкі. Для даследавання быў абраны горад Берасце, дзе жыве шмат рускіх (сярод іх большасць складаюць былыя вайскоўцы і іх сем'і) і ўкраінцаў. Анкеты запоўнілі каля 300 чалавек. Анкеты мелі 41 пытанне, былі зроблены на беларускай мове, але запаўняць іх дазвалялася на "любой" мове. Цалкам было выкарыстана 82 анкеты - гэта жыхары Бе-расця і некаторыя выпадковыя людзі з іншых мясцовасцей Беларусі. З іх 65 беларусаў, 7 - рускіх, 4 - украінцы, некаторыя нацыянальнасць не назвалі, 1 беларуска-азербайджанка і 1 "ліцвін". Самымі цікавымі вынікамі даследавання з'яўляецца думка, што нацыянальная мова існуе ў свядомасці, як спецыфічны нацыянальны прадукт, які здольны актывізавацца ў пэўнай сітуацыі і выказванні апытаных, што стан беларускай мовы не ёсць нармальны.

Таксама даследчыца аналізуе і такую ўкраінскую з'яву, як "суржык", каб параўнаць яе з "трасянкай". Дарэчы, "суржыкам" у канцы ХІХ ст. называлі сумесь пшаніцы і жыта. Украінскія лінгвісты называюць "суржыкам" мову горада, які перастаў быць украінскім, але так і не стаў рускім.

Чацвёрты раздзел кнігі мае назву "транскод". Гэтым тэрмінам аўтар вызначае блізкія моўныя з'явы, такія як "трасянку" і "суржык". Даследчыца вылучае розніцу паміж транскодам і крэольскімі мовамі. Яна параўноўвае транскод з прастамоўем і рускім сленгам.

У апошнім раздзеле разгляда-юцца падыходы да фармавання прын-цыпаў моўнай палітыкі ў Беларусі. Аналізуюцца паралелі Беларусь - Ірландыя, Беларусь - Лужыцы, Чэхія - Славакія, Славакія - Беларусь. Так-сама звяртаецца ўвага на моўную сітуацыю ў Кыргызстане, Украіне (такіх суб'ектах Расіі як Адыгея, Башкартастан, малыя народы Поўначы).

Аўтар адзначае, што пачынаючы з 2008 года назіраецца тэндэнцыя стварэння іміджу Беларусі. Гэты працэс усвядомілі ўлады, апазіцыя і інтэлектуалы. Вылучаюцца дзве плыні: дзяржаўная, якая вызначае палітыку, і недзяржаўная, якую выказвае ТБМ і асобныя прадстаўнікі культуры.Таксама аўтар звяртае ўвагу на існаванне з 2009 года сайта "Будзьма" - грамадска-культурнай кампаніі, накіраванай на аб'яднанне беларусаў на грунце сваёй самабытнасці. Яна таксама раіць абапірацца на "Стратэгію развіцця беларускай мовы ў ХХІ ст.", прапанаваную ТБМ.

У заключэнне можна спыніцца на наступных высновах Іны Каліты.

"Беларусь імкнецца захаваць сваю ідэнтычнасць. Аднак для дзяржавы, якая не з'яўляецца нацыянальнай ў пэўным сэнсе, першачарговым пытаннем павінна стаць нацыянальная мова".

"На сучасным этапе праблема беларускай мовы - у значнай ступені - праблема лінгваэкалагічная, як з пункту гледжання ўнутры самой нацыі, так і з пункту гледжання знешніх фактараў".

"Беларусам не трэба ствараць наноў мову і культуру, трэба пачаць карыстацца гэтай спадчынай".

"Пазітыўным у агульнай няпростай і супярэчлівай сітуацыі з'яўляецца тое, што самаатаясамленне сябе як беларусаў і прызнанне, хоць і сімвалічнае, беларускай мовы як роднай, жыве ў свядомасці народа".

Было б добра, каб аўтар зрабіла папулярную версію сваёй кнігі для шырокага кола чытачоў і па-беларуску.

Алег Трусаў , канд. гіст. навук, старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".


Мовазнаўчы досвед

Ваяр, вой, ваяка, воін… "Само па сабе існаванне альтэрнатыўнай думкі ўжо ставіць яе ўла-дальніка ў выгоднае становішча. І не трэба думаць, што адзін ў полі не ваяр. " (Наша слова. № 42 (1037) 19 кастрычніка 2011 г. С.4).

Акадэмічныя беларускія слоўнікі не падаюць першых двух слоў загалоўкавага шэрагу, а толькі апошнія два, прычым ваяка толькі адпаведна з пазнакай, што мае ўсесаюзны стандарт: " Вояка разг. обычно шутл., ирон. - ваяка " (Русско-белорусский словарь, 1993, Т.1. с. 257). Гэта бачым і ў "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы" (Т.1, 1977, с.472). Праўда, у аднакнігавым яго паслядоўніку ёсць і справядлівая дэфініцыя гэтага слова: " Ваяка... Вопытны і храбры воін (уст.) або той, хто ваюе задзірыста і няўдала (разм., іран. або жарт.)" (Мінск, 1996, с. 108). Менавіта з першым зместам гэтае слова адпавядае рас. воин , пра што сведчыць і ілюстрацыя ў беларускай частцы першага акадэмічнага выдання - "Руска-беларускі слоўнік" пад рэдакцыяй правадзейных членаў АН БССР Я. Коласа, К. Крапівы і члена-карэспандэнта АН БССР П. Глебкі (Масква, 1953, с.67), дзе чытаем: " Воин - воін , м. - один в поле не воин - адзін ў полі не ваяка ". Слова ваяка як адэкват рас. воин падаецца і ў "Беларуска-расійскім слоўніку" М. Байкова і С. Некрашэвіча (1926): " Ваяка м. - вояка, воин…". Гэтае вайское слова ваяр і яго першасны варыянт вой , засведчаны ў "Расейска-беларускім вайсковым слоўніку" Станіслава Судніка і Сержука Чыслава (Менск: Белфранс, 1997, с.33): " воин - ваяр, воін, вой ". Менавіта слова ваяр найбольш прыдатны адпаведнік рас. воин , бо ваяка мае дадатковыя экспрэсіўныя адценні. Да таго ж суфікс -як-а (-ак-а) не мае прадукцыйнасці ў тэрміналагічным словаўтварэнні. Прыемна было ўбачыць гэтае актыўнае ў сучасным беларускім маўленні слова ваяр на старонках цяперашняга "Арфаграфічнага слоўніка беларускай мовы" А.Л. Баршчэўскай, Л.П. Баршчэўскага (Мінск: Радыёла-плюс, 2010. - 560). На с. 81 чытаем: ваяр, - рб, -рэ, -роў ; а на с. 87: " вой, вуя, вую гл. ваяр ". Падаецца тут і вытворнае слова ваярства , якое здатнае замяніць усесаюзны стандарт воінства .

Веласіпед, ровар. "Дзяцінства выдатна памятае замежны ровар "горнік", першую рагатку, першы пацалунак дзяўчыны, першую цыгарэту, першае віно, першае ка-ханне, першае хобі, першыя фінцікі і жуйкі " (С. Календа // Маладосць. 2011. № 9. С. 9). "Вецер. На каштане лісце шуміць, быццам ровар едзе па асфальце" (У. Сцяпан // Маладосць . 2011. №9. C.27). "Прывёз хлапец на ровары Курэй і мёду збан" (Р. Барадулін).

Слова ровар не фіксуецца акадэмічнымі перакладнымі слоўнікамі. Няма яго і ў аднакнігавым тлумачальным слоўніку беларускай мовы. Шасцікнігавы "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" пад рэдакцыяй К. Крапівы змяшчае яго як дыялектызм. На с. 710 (Т.4) чытаем: " Ровар, -а, м. Абл. Веласіпед".

Сучасны нацыянальны друк часта карыстаецца (асабліва ў мастацкім маўленні) словам "ровар". Трапіла яно і на старонкі "Беларуска-ўкраінскага слоўніка" пад рэдакцыяй члена-карэспандэнта НАН Украіны, доктара філалагічных навук, прафесара Р.П. Піўтарака (Кіеў. Выдавецтва "Довіра", 2006, с. 513).

Бачым яго ў складзе беларускай лексікі "Арфаграфічнага слоўніка беларускай мовы". (Аўт-склад. А.Л. Баршчэўская, Л.П.Баршчэўскі (Мінск: радыёла-плюс, 2010. - 560 с.). На с. 397 чытаем: "рувар, -ра, -ры, -раў ".

Так што слоўнікавы склад літаратурнай беларускай мовы мае дзве сінанімічныя назвы гэтай досыць пашыранай ў свеце "двух- або трохколай машыны для язды, што прыводзіцца ў рух націскнымі педалямі". З маўленчага боку перавагу мае новае слова - двухскладовае - параўнальна з традыцыйным чатырохскладовым. У народнай мове захаду Беларусі слова "ровар" актыўна функцыянуе ужо каля ста гадоў. Яно мае і свой вытвор для абазначэння таго, хто едзе на ровары, - раварыст . Прыйшло з польскай мовы у 1920-я гады, побач з назвамі іншых сродкаў перамяшчэння: самаход, матароўка, таксоўка .

Марожанае, марозіва. "Тры жанчыны і магазіншчыца размаўляюць... Старэйшая з іх есць марозіва , прычмоквае." (Уладзімір Сцяпан // Маладосць. 2011. № 9. С.29). Слова марозіва сваёй будоваю выразна стасуецца з іншымі аддзеяслоўнымі ўтварэннямі на -ыва / -іва, што абазначаюць розныя рэчывы як вынік адпаведнага дзеяння: варыць > варыва, печыва, едзіва, мліва і пад.

Слова актыўна функцыянавала ў 1920-я гады. Бытуе і ў мове нашых суседзяў-украінцаў. У суверэннай краіне Рэспубліка Беларусь аднавілася. Яго падае і цяперашні "Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы" А. Л. Баршчэўскай, Л.П. Баршчэўскага (2010). На с. 252 чытаем: "марозіва, -ве, -ваў ".

Маятнік, ківач. " Ківач гэтага тыдня кідаў яго то ў блакітнае неба радасці, то на чорную зямлю пакут" (Маладосць. 2011. №9, с.76). Сучасныя акадэмічныя слоўнікі падаюць толькі першае слова як кампанент лексічнай сістэмы літаратурнай мовы з семантыкай "стрыжань з цяжарам на ніжнім канцы, які мерна вагаецца з боку ў бок у падвешаным стане", а таксама "рухомае кольца ў ручным ці кішэнным гадзінніку, якое рэгулюе ход". Між тым беларускія слоўнікі 1920-х гадоў падавалі з гэтым значэннем слова ківач : " Маятник м. махавік у сцянных гадзінніках: ківач " (В. Ластоўскі. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна, 1924. С.320). Змяшчае яго як адпаведнік рас. маятник і "Матэматычная энцыклапедыя" (Мінск, 2001).

Слова ўтворана ад дзеяслова ківацца з удзелам суфікса -ач : ківач . Дэрываты складаюць прадукцыйны тып аддзеяслоўных назоўнікаў. У тэрміналагічных слоўніках 1920-х і 1980-х гадоў яно фіксуецца як адэкват рас. маятник . Дарэчы тут будзе нагадаць: у чэшскай і славацкай мовах у найменні гэтай рэаліі тоесны дзеяслоўны корань, да якога далучаны суфікс -dlo : kivadlo .

Слова ківач (з разгледжаным значэннем) фіксуецца і ў цяперашнім "Арфаграфічным слоўніку беларускай мовы" (аўтары - А. Л. Баршчэўская, Л.П. Баршчэўскі - Мінск, 2010 с.220).

Павел Сцяцко


Як пасеяць беларушчыну?

18 лістапада ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №2 г. Ліды (загадчыца Людміла Мікалаеўна Карп) прайшоў беларускамоўны ранішнік у групе №10 (дзеці 4-5 гадоў). Да слова, гэта адзін з цэлага шэрагу такіх беларускамоўных ранішнікаў, якія праводзяцца ва ўсіх сярэдніх і старэйшых групах.

На гэты час ў Цэнтры праходзяць ранішнікі на тэму "Восеньскі кірмаш". Потым пойдуць калядныя ранішнікі, вясной будуць ранішнікі на тэму "Гуканне вясны", летам, вядома ж будуць купальныя.

У старэйшых групах сцэнары, у якіх рэй вядзе музычны кіраўнік Вікторыя Віктараўна Сітнікава, больш складаныя, у сярэдніх групах прасцейшыя, але і там, і там дзеці рыхтуюцца да ранішніка прыблізна тры тыдні. Тры тыдні дзеці вучаць вершыкі, развучваюць песні, танцы, гульні. Тры тыдні ў групах гучыць беларуская мова. Практычна ўсе выхавацельніцы добра валодаюць мовай, у тым ліку і выхавацельніца групы №10 Марыя Іванаўна Мацюк, а ў маладых дзяўчат, якія выступалі на свяце ў ролі блазнаў, трэба адзначыць абсалютна безда-корныя і мову, і маўленне. Выдатнае беларускае маўленне паказалі і дзеці, хоць, як казалі бацькі, дзеці разумелі не ўсе словы з вершыкаў, але пазавучвалі, і ніхто ні разу не збіўся.

Як адзначае Людміла Мікалаеўна, спачатку былі сумненні, ці атрымаецца, а калі ўсё пайшло гладка, то задавальненне ад такіх ранішнікаў атрымоўваюць усе: і дзеці, і выхавальнікі, і бацькі.

Ранішнікі - не адзіная форма далучэння дзетак да беларушчыны. У Цэнтр запрашаюцца фальклорныя калектывы, народныя тэатры, праводзяцца іншыя мерапрыемствы.

Цэнтр не мае статусу беларускамоўнага, але ўсе кабінеты і групы тут падпісаны па-беларуску. І можна спадзявацца, што праца калектыву Цэнтра па пашырэнні беларушчыны праз пэўны час прывядзе да адкрыцця ў суседняй школе №9 беларускамоўных першых класаў.

Лілея Крупкіна.


Беларуская мова з вуснаў бацюшкі - святая, як малітва

Канец кастрычніка і пачатак лістапада ў нашых краях адзначаны тым, што на могілкі купкамі і па аднаму, моўчкі, неяк разважліва, рушыць насельніцтва бліжэйшых вёсак. І могілкі неяк па-асабліваму ажываюць. Дзяды. Дзядоўскія магілкі павінны быць адведана і святочна прыбраныя.

Але ўсё ж галоўнае для нашых продкаў - наша малітва. І таму важна адзначыць радасную падзею, якая адбылася ў нашым раёне 29 кастрычніка. У вёсцы Пацаўшчына, што належыць да пры-ходу Накрышскай Барыса-Глебскай царквы, быў асвечаны новы храм.

Сама назва Пацаўшчына напамінае нам пра некага Паца. Хутчэй за ўсё, паселішча належала камусьці з шляхец-кага роду Пацаў. У 19 ст. тут размяшчаўся цэнтр Пацаўскай гміны, у склад якой уваходзілі 80 фальваркаў, вёсак, асадаў і засценкаў. Гэта сведчыць аб вялікай грамадскай значнасці паселішча ў мінулым.

Цяпер - гэта вёска маланаселеная. Мясцовае насельніцтва нічога не ведае з гісторыі сваёй вёскі. Каля Пацаўшчыны знаходзяцца могілкі: старыя і новыя. Старыя могілкі называюць "Татарскія". Чаму? Дакладна невядома.

На Беларусь у часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай запрашалі татараў, якія служылі князям, магнатам і каралям. Татары, верагодней за ўсё, жылі і ў гэтай мясцовасці і як людзі іншай веры, мелі свае могілкі. Хутчэй за ўсё, гэта менавіта так. За старымі могілкамі ёсць велізарныя камяні, гэта не проста камяні, але відаць, што там былі нейкія муры. Мы спрабавалі высветліць, што там такое было, але ніхто адказу не даў. Відаць, гэты будынак быў такі стары, што нават людзі, якія тут жывуць, не помняць, і ім бацькі не расказвалі, што тут было.

Новенькая царква пабудавана на могілках на сродкі прыватных ахвяравальнікаў. Спадарыня Ірына, якая нара-дзілася ў Пацаўшчыне, а цяпер жыве з сям'ёю ў Англіі, цалкам прафінансавала будаўніцтва. Такім чынам жанчына вырашыла ўшанаваць памяць сваёй памерлай сястры, магіла якой зараз знаходзіцца побач з храмам.

Чын асвячэння і першую літургію ў новым храме ўзначаліў епіскап Лідскі і Наваградскі Гурый. У сваёй прамове ён падкрэсліў важнасць малітвы за памерлых продкаў і сваякоў.

Урачысты абрад, адчуванне далучанасці да чагосьці вялікага і таямнічага стварылі непаўторную кранальную атмасферу. Спрыялі гэтаму і запаленыя знічы, пах ладану, прыгожы спеў хору з Жыровіцкай семінарыі.

Вельмі важна, што асвячэнне храма адбылося якраз напярэдадні памінальных дзён ў хрысціянаў. Цяпер штогод у дзень асвячэння храма будзе заўжды шмат людзей, якія памоляцца і за спачылых.

А нам пашчасціла пабачыць храм за месяц да яго асвячэння. Разам з настаяцелем Накрышскай царквы айцом Георгіем мы падарожнічалі па гэтых мясцінах.

Айцец Георгій дасведчаны краязнаўца, цудоўна валодае роднай мовай. Акрамя таго, ён палымяны патрыёт свайго храма і свайго прыходу. Таму было надзвычай цікава і карысна яго паслухаць. Айцец Георгій паказаў нам шмат копіяў старажытных дакументаў, а некаторыя з іх цытаваў напамяць.

Асабліва прыемна было слухаць яго прыгожае маўленне, вельмі сакавітае і вобразнае. Нам часта не хапае ста-сункаў з сапраўды беларуска-моўнымі людзьмі, таму гэтая сустрэча пакінула ў нашых сэрцах незабыўны след.

Тады мы змаглі пабачыць і алтар, і яшчэ не асвечаны і непакрыты прастол. Ціха і неяк па-хатняму ўтульна было тады ў храме. Праз вокны ліліся промні сонца, цёплым золатам ззялі сцены храма, і ў самую душу пранікаў такі шчыры, добразычлівы голас святара, які з замілаваннем ды пяшчотай апавядаў пра новы храм.

Шчаслівая падзея ў сяльчан, вялікая радасць у спачылых - будзе малітва, будзе прытулак дзеля ратавання душы. З хрышчэннем, новенькая царква ў гонар Усіх беларускіх Святых!

Лашкоўская Паліна, сябра гістарычна-патрыятычнага клуба "Спадчына", м. Дварэц, Дзятлаўскі р-н.


Не стала Анатоля Белага

Белы Анатоль Яўхімавіч (10.12.1939, г. Старыя Дарогі Менскай вобл. - 14.11.20011), грамадска-культурны дзеяч, вучоны, калекцыянер. Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (1967). З 1995 г. выкладаў у БДУ. Старшыня грамадска-асветніцкага клуба "Спадчына" (1984). Сябар Саюза мастакоў Беларусі (1995 ). Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў (1999). Прафесар, дыпламант Міжнароднага Кембрыджскага цэнтра (Англія, 1999). Член Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (Менск, 2005). Ініцыятар, арганізатар і каардынатар стварэння сайтаў: spadchyna. com , spadchina. narod. ru, pakutniki. narod. ru, adradjency. narod. ru, spadchyna. mcdir. ru, rodnamova. narod. ru. Сабраў вялікую калекцыю твораў жывапісу, графікі, медальернага і дэкаратыўнага мастацтва (каля 3000 адзінак). Арганізатар тэматычных выставак: "Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстанне 1863 года ў Беларусі" (Менск, 1986, 1990, 1991; Магілёў, 1988, 1991), "Францішак Скарына" (Менск, Яраслаўль, ЗША, 1985, 1986, 1990, 1991), "Максім Багдановіч" (Менск, 1996), "Дзеячы беларускага замежжа" (Менск, 1994, 1996), "Уладары стара-жытнай Беларусі" (Менск, 1996), "Любіць Радзіму - шанаваць родную мову" (Менск, 1990, 1991, 1994, 1996), "Гісто-рыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах" (Менск, ЗША, 1990, 1991, 1996), "Медальернае мастацтва Беларусі" (Мінск, 1984). Выдаў альманахі "Спадчына "Спадчыны" (1994), "Скрыжалі "Спадчы-ны" (1996, 1998, 2006, 2007), "Прымалі закон аб мовах" (1995, сумесна з Л.Лычом), плакаты-календары "Радавод полацкіх і вялікіх беларускіх (літоўскіх) князёў" (1995), "Старажытная Беларусь часоў Вітаўта Вялікага" (1996), "Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі" - зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння М.І.Ермаловіча (2007), падрыхтавана 5 каталогаў (каталог "Раскрылі крылы музы" выйшаў у пачатку лістапада 2011 г.), даведачная літаратура, звыш 150 артыкулаў пра беларускае мастацтва і яго гісторыю. Тэмы навуковай дзейнасці: "Францыск Скарына - мастак эпохі Адраджэння" і "Вобраз Кастуся Каліноўскага ў выяўленчым мастацтве". На аснове сваёй калекцыі ў 1990 г. заснаваў, а 1999 г. адкрыў на сваёй сядзібе ў г. Старыя Дарогі прыватны мастацкі музей, у якім экспануецца каля 1700 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, медальернага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. У экспазіцыі прадстаўлены партрэты князёў, палкаводцаў, гетманаў, палітычных, дзяржаўных, рэлігійных, культурна-асветніцкіх дзеячоў Беларусі і яе дыяспары, батальныя карціны, краявіды, помнікі дойлідства, гарады і замкі Беларусі, бюсты і медалі, зробленыя ў гонар выбітных дзеячоў Бацькаўшчыны. А. Белы - ініцыятар і арганізатар устаноўкі помнікаў: М. Багдановіча ў Яраслаўлі (1994, аўтар С. Вакар); А.Я. Багдановіча ў г.п. Халопенічы (1998, аўтар У. Лятун); у дворыку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Францішка Скарыны (1998, аўтар С. Адашкевіч), М. Гусоўскага (1998, аўтар У. Панцялееў), К. Тураўскага (1996, аўтар А. Прохараў), Еўфрасінні Полацкай (1999, аўтар І. Голубеў), "Дыспут: В. Цяпінскі і С. Будны" (2000, аўтар І. Голубеў); у менскай епархіі К. Тураўскага (1995, аўтар Ю. Платонаў); у Полацку Еўфрасінні Полацкай (2000, аўтар І. Голубеў); у г. Зэльва Л. Геніюш (2002, аўтар М. Інькоў); на сядзібе музея ў Старых Дарогах Л. Геніюш (2001, аўтар М. Інькоў), А. Бярозку (2001, аўтар У. Лятун), М. Багдановічу (2001, аўтар С. Вакар), А..Я. Багдановічу (2001, аўтар М. Несцярэўскі); М. Ермаловічу ў гарадах Старыя Дарогі і Маладзечна (2002, аўтар У. Мелехаў) . Удзельнік Устаноўчых з'ездаў БНФ, ТБМ. Сумесна з сябрамі клуба "Спадчына" у 1985 г. выступіў ініцыятарам звароту ў ЦК КПБ, Саўмін БССР і ВС БССР аб ушанаванні 125-х угодкаў студзеньскага паўстання 1863 г. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Адзін з прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, якія падпісалі ліст ў ЦК КПСС аб стане беларускай мо-вы і культуры ў Беларусі. Адзін з актыўных заснавальнікаў таварыства "Бацькаўшчына". Адзін з заснавальнікаў і Ганаровы сябар рэдкалегіі беларуска-амерыканскага часопіса "Полацак". Перадаў: Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Францішка Скарыны для музея імя Францішка Скарыны 189 твораў мастацтва (1989); Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту - 103 творы графікі (1983); г. Старыя Дарогі - 104 графічных творы, 17 медалёў, помнік Францішка Скарыны (аўтар С. Адашке-віч), у бібліятэку імя Францішка Скарыны ў Лондане - 17 медалёў, 30 графічных твораў, алейны партрэт А. Надсана. Узначальваў Камітэт Ушанавання (заснаваны ў 1996), на рахунку якога ганараванне ордэнамі, кубкамі "Спадчыны", медалямі каля 450 грамадскіх і палітычных дзеячоў, дзеячоў навукі і культуры Беларусі. За ўдзел у мітынгах быў неаднаразова арыштаваны. За свае палітычныя перакананні і дзеянні тройчы быў зволены з працы выкладчыка БДУ. За актыўную дзейнасць узнагароджаны ордэнам "Гонар Айчыны" (1997), медалём імя Яна Масарыка Міністэрства замежных спраў Чэшскай Рэспублікі (2007), Залатым медалём Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (2009), медалём Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы "За Бога і Айчыну" і іншымі ўзнагародамі.

На смерць Анатоля Белага

Яшчэ адзін пайшоў ад нас

Руплівец,

Якіх па пальцах можна

Палічыць.

Ён быў адкрыты,

Быў не баязлівец

У справе

Бацькаўшчыне мілай

Паслужыць.


Вядома, у Сусвет

Не многа вокан,

І большасць з іх

Не проста расчыніць;

Прыгожа прамаўляць

Спяцоў зашмат навокал,

А ён без слоў

Імкнуўся

прыгажосць тварыць.


І клуб свой "Спадчыну"

І свае кнігі, зборы -

Ўсяго падсумаваць

Я не бяруся...

І нават дом уласны

У Старых Дарогах

Пераўтварыць ён змог

Ў абсягі Беларусі.


Ды не заўсёды быў ён

Зразуметы,

Часцей, відочна,

Зайздрасць выклікаў,

Бо не служыў ніякім

Кабінетам,

А толькі краю роднаму

Сабой ахвяраваў.


Бывай, наш сябра,

Аднадумец, Белы Толя,

"Раскрылі крылы музы",

Каб і цябе ўскрыліць

Туды, дзе зможаш ты

Душу сваю спатоліць,

Дзе ў Бацькаўшчыне вечнай

Будзеш жыць.

Яўген Гучок.


ПАМЕРЛА ЭЛЕАНОРА ВЕЦЕР

18 лістапада памерла мастацтвазнавец, даследчыца беларускіх абразоў Элеанора Іванаўна Вецер.

Э.І. Вецер - бранская беларуска - нарадзілася 22 траўня 1932 года на ст. Клетня Бранскай вобласці. Удзельніца беларускага нацыянальнага руху 70-80-х гадоў ХХ стагоддзя. Адна з заснавальніц Музея старажытнай беларускай культуры. На пэўным этапе аказвала дапамогу Зянону Пазняку ў яго даследчай дзейнасці.

Сакратарыят ТБМ выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім нябожчыцы.


Ачалавечанне герояў медыйнай прасторы

Новая кніга публіцыста Аляксандра Тамковіча "Без палітыкі" была прэзентавана чытачам Менскай галярэі "Ў" 16 лістапада. Гэта дванаццатая кніга інтэрвію з выбітнымі асобамі незалежнай Беларусі.

Трыццаць шэсць віп-персонаў, сярод якіх Аляксандр Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Алег Волчак, Міхаіл Чыгір, Ніна Стужынская, Аляксандр Дабравольскі і іншыя, шчыра апавядаюць пра свае хобі ў юнацтве і ў сталыя гады.

Баскетбольныя перамогі А. Мілінкевіча, канькабежны спорт Л. Гразновай, альпінісцкія шляхі В. Акудовіча, футбольныя турніры А. Лябедзькі, музычныя захапленні В. Стэфановіча і А. Дабравольскага, бурштын і сердалікі з мінералагічнай калекцыі П. Севярынца паказваюць іх больш аб'ёмна і неардынарна.

Гутаркі прымушаюць задумацца аб тым, як гартуюцца і выспяваюць характары тых, хто ўплывае на лёс дзяржавы.

Самай чалавечнай кнігай з шэрагу апошніх выданняў назваў невялічкі томік адзін з яго герояў Уладзімір Ганчарык. "Герояў кнігі вызначае апантанасць сваімі захапленнямі, аптымізм, вера ў лепшае. Яны шчыра распавядаюць аб тым, што умеюць рабіць акрамя сваёй асноўнай прафесіі." "Кніга атрымалася душэўная, цёплая, - адзначыў С.І. Калякін. - Журналіст перадаў чалавечыя бакі, уласцівыя палітыкам."

Адзін з кіраўнікоў БАЖ, вядучы журналіст газеты "Новы час", Аляксандр Леанідавіч Тамковіч валодае неацэннай якасцю прыцягваць суразмоўцаў да шчырых аповедаў пра сябе, сваю сям'ю і час, адкрываць душэўныя якасці і захапленні, паказваць герояў у кантэксце пераломных грамадскіх падзеяў.

"Праз гутаркі і сустрэчы са мной прайшлі 300 чалавек, лёсы якіх адлюстраваны ў кнігах.

У мяне ёсць на прыкмеце яшчэ як мінімум 70 асобаў, пра якіх хацелася б напісаць,"- падвёў вынік аўтар.

"Шчыра радуюся за Аляксандра за тое, што ён змог знайсці сваё месца ў жыцці і ў грамадстве, - зазначыла старшыня БАЖ Жана Літвіна. Жыццялюбівы характар аўтара і яго гумар нахняе як герояў аповедаў, так і чытачоў.

Падчас прэзентацыі Андрэй Хадановіч паведаміў аб уручэнні дзвюх важных прэмій у галіне літаратуры і журналістыкі. Прэмія Беларускага ПЭН-цэнтру прызначана Аляксандру Тамковічу за ажыццяўленне выдання кнігі "Без палітыкі". Другая важная прэмія накіравана ад Шведскага ПЭН-клуба Уладзіміру Някляеву за мужнасць і актуальнасць.

Э. Дзвінская.

На здымку : А. Тамковіч.


"Дабрасветная" вандроўка

У чацвер 10 лістапада па запрашэнні суполкі "Рубон" Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны завіталі ў Наваполацк вядомы журналіст Глеб Лабадзенка, паэт Сяргей Панізьнік і бард Таццяна Беланогая.

Выступоўцы з цудоўным пачуццём гумару забаўлялі, смяшылі, расказвалі цікавыя гісторыі навучэнцам гімназіі №2 г. Наваполацка і Наваполацкага дзяржаўнага ліцэя.

Вучні з задавальненнем паслухалі песні маладога, прыгожага і надзвычай таленавітага барда Таццяны Беланогай, задумаліся над настроем песень. Акрамя таго, Таццяна задавала пытанні, звязаныя з творчасцю і жыццём беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, а тыя, хто найбольш актыўна на іх адказваў, атрымоўвалі ад спявачкі падарункі: дыскі і паштоўкі з выявамі яе карцін.

Глеб безуппынна мог расказваць пра Радзівілаў, дэманструючы фотаздымкі, якія за шчасце пабачыць не толькі вучням, але і ўсім неабыякавым да гісторыі роднага краю. Яго манера аповеду, пачуццё гумару не давалі засумаваць нікому. Вучні пачарпнулі шмат цікай і карыснай інфармацыі пра род Радзівілаў.

Сяргей Сцяпанавіч Панізьнік пазабаўляў дзяцей цікавымі гісторыямі, пачытаў вершы са зборніка «Дабрасвет», якія з задавальненнем слухалі і настаўнікі, і тыя, хто даведаўся пра сустрэчы ў школах і прыйшоў паслухаць і паглядзець на сталічных гасцей, хаця, спадзяемся, яны прыязджаюць на Полаччыну, як дадому.

Полацкая зямля гасцінна ўсіх прывячае, сустракае і чакае новых выступаў.

Зміцер Шчэрбік.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Цынгалёў Васіль - 10000 р., г. Жлобін

2. Майсеня Людміла - 30000 р., г. Менск

3. Максімчук Раман - 200000 р., г. Менск

4. Талерчык Тамара - 50000 р., г. Гародня

5. Гвара Віктар - 10000 р., г.п. Лельчыцы

6. Некраш Лілея - 10000 р., г. Гародня

7. Амялішка Міхась - 50000 р., г. Гародня

8. Лепешаў Іван - 10000 р., г. Гародня

9. Валочка Г.М. - 40000 р., г. Менск

10. Бушкова Таццяна - 182000 р., г. Магілёў

11. Ілікевіч С.П. - 10000 р., г. Менск

12. Макарэвіч Н.А. - 5000 р., г. Менск

13. Цынгалёў Васіль - 10000 р., г. Жлобін

14. Лазарук Тамара - 15000 р., г. Менск

15. Валочка Г.М. - 40000 р., г. Менск

16. Маліноўская Т. - 20000 р., г. Гродна

17. Кукавенка Іван - 10000 р., г. Менск

18. Санько Зміцер - 30000 р., г. Менск

19. "Клуб Прамова" - 112500 р., г. Менск

20. Павідайка В.Н. - 70000 р., г. Менск

21. Восіпава А.Я. -30000 р., г. Менск

22. Лягушоў Н.Ф. - 20000 р.,

ст. Ясень, Асіповіцкі р-н.

23. Ілюкевіч Сяргей - 20000 р., г. Менск

24. Чачотка Анатоль - 10000 р., г. Менск

25. Раманік Т.І. - 50000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе

Фрагменты з дакументальнага рамана

Чарнобыльцам - жывым і адляцелым

I

Падпалкоўніку запасу Серафіму Вераб'ёву дырэктар ЧАЭС Віктар Бруханаў пазваніў па тэлефоне праз 29 хвілін пасля нязначнай аварыі. Вераб'ёў здзівіўся. Дырэктар звоніць сярод ночы. Штосьці незвычайнае на станцыі, дык чаму пан дырэктар звоніць па гарадскім тэлефоне, а не па стойцы цыркулярнага выкліку пасадных асобаў.

Бруханаў праз тэлефаністку выклікаў не ўсіх адказных кіраўнікоў, выбарачна. Незвычайная асцярожнасць, страх, жаданне не падымаць лішняй панікі валодалі дырэктарам.

Праз дваццаць хвілін начальнік штаба грамадзянскай абароны ЧАЭС Серафім Сцяпанавіч Вераб'ёў на ўласнай машыне з Прыпяці прыляцеў на станцыю. Убачыў дым і полымя над чацвёртым рэактарам, ухапіў з сумкі прыбор ДП-5В, замераў узроўні радыяцыі. Прыбор бязлітасна зашкальваў.

Якое ж было здзіўленне Вераб'ёва, калі ўбачыў, што прыбылыя па выкліку кіраўнікі тапталіся побліз дзвярэй сховішча грамадзянскай аба-роны. Ніхто не ведаў, дзе і ў каго ключы ад уваходу. Яны былі ў начальніка змены. Усе чакалі Вераб'ёва.

- Сітуацыя жахлівая. Чакаць не патрэбна. Даўно маглі ўзламаць замок, - Вераб'ёў адчыняе дзверы.

- Жахлівая… Не перагінайце.

- Вы не дагінаеце, - пярэчыць Вераб'ёў, спасылаецца на дазіметр.

Адносіны Вераб'ёва з кіраўніком АЭС сапсаваныя даўно. Любую прапанову начальніка грамадзянскай абароны кіраўніцтва ўспрымала крытычна, часцей ігнаравала. Паставіць нарэшце дазіметрычныя кропкі вакол усёй станцыі - паспеецца, няма часу; далей перанесці, на патрэбныя адлегласці - паспеецца. Закупіць дастатковую колькасць сучасных дазіметраў, рэспіратараў "АСТРА" ці "Пялёстак" - пра што вы гаворыце, падпалкоўнік, да якой аварыі вы рыхтуецеся? Атамныя станцыі СССР нявыбухныя.

Вераб'ёў адчыніў уваходныя і герметычныя дзве-ры, упусціў усіх у сховішча, задраіў першыя і другія дзверы.

- Для чаго нас замыкаць?

- Радыяцыя высокая, вельмі.

Бруханаў з раздражненнем параіў Вераб'ёву выкінуць сапсаваны дазіметр, наогул начальніка штаба грамадзянскай абароны ніхто не ўпаўнаважваў мераць уночы радыяцыю.

Дзве гадзіны трыццаць пяць хвілінаў.

- Аб'яўляю ўсяму кіраўніцкаму складу: пачынаюцца чарговыя вучэнні па грамадзянскай абароне, - выдаў дырэктар.

Пакуль знайшлі, прынеслі адпаведныя папкі, пра-йшло дваццаць хвілін. Упарты Вераб'ёў пакідаў усіх, без дазволу. Яшчэ раз перамерае дозы навокал.

Непасрэдны начальнік штаба грамадзянскай абароны станцыі галоўны інжынер Мікалай Фаміных параіў Вераб'ёву заставацца з кіраўніцтвам, быць актыўным удзельнікам вучэнняў па грамадзянскай абароне, а не расходжвацца па тэрыторыі.

- Мы цябе пакуль яшчэ не знялі, - працадзіў дырэктар. - Мітусішся шмат.

Вераб'ёў непаслухмяна выйшаў. Прыйшоў праз пяць хвілін, аб'явіў: радыяцыя павялічваецца, зашкал сходу. Памераў радыяцыю ў сховішчы - зазначыла тое ж, лічбаў дазіметра не ставала. Дзверы пры яго выхадзе ніхто не зачыняў.

Яшчэ да выбуху на ноч была ўключана сістэма мясцовай вентыляцыі для праветрывання і сушкі канструкцыяў сховішча, яна размяшчалася ўнізе адміністрацыйна-бытавога корпуса, радыяцыйна заражанае паветра фільтравентыляцыя ўсмоктвала ўнутр будынкаў, асабліва ў сховішча.

Бруханаў распарадзіўся выдаць усім супрацьгазы, падняць па трывозе фармаванні грамадзянскай абароны станцыі.

Сабраць грамадзянскіх абаронцаў практычна не ўдалося да раніцы. Дасюль ноччу іх ніхто не трывожыў, не трэніраваў. Толькі пад раніцу асобныя прыбылі на станцыю, не ў адміністрацыйны корпус.

У дзве гадзіны сорак хвілін Вераб'ёў заявіў Бруханаву, што патрэбна пра здарэнне аб'явіць дзяжурнаму штаба грамадзянскай абароны Кіеўскай вобласці. Дырэктар рэзка запярэчыў: няма чаго біць у званы, пачакаем - не прагадаем, нязначны пажар хутка пагасім уласнымі сіламі. Бачыць уздыблены рэактар і цвердзіць тое ж - аварыя нязначная, самі справімся, пачакаем.

Непакорны Вераб'ёў з суседняга пакоя далажыў пра аварыю ў штаб грамадзянскай абароны Кіеўшчыны. Бачыў, на яго злуюць дырэктар і галоўны інжынер, тым не меней выконваў абавязак.

- У нас не просты пажар, радыяцыйны след ад рэактара прайшоў на ўскраіну Прыпяці. Неабходна тэрмінова абвясціць жыхарам, - паўторна даводзіць пярэчнікам Вераб'ёў.

Зноў пазваніў у Кіеў, далажыў.

Дзяжурны змены на АЭС Акімаў выклікаў гарадскіх пажарных адразу пасля выбуху. Яны прыбылі аператыўна. Кіраўнік пажарных маёр Цялятнікаў разгубіўся, каманда спяшалася, не захапіла сродкаў спецаховы, прыбораў разведкі ДП-5В. Касцюмы Л1 і, нават, супрацьгазы не ва ўсіх. На самой станцыі іх практычна не было. Старанныя дасведчаныя пажарнікі ехалі на атамную станцыю тушыць агонь, як на пажар запалавелай хаты куды ў вёску.

Пры бегу да сховішча, дзе былі сродкі спецаховы (НЗ), маёр Цялятнікаў і Вераб'ёў бачылі гарэлыя кускі графіту, там-сям дымеў асфальт.

Намесніку дырэктара АЭС па навуцы Вераб'ёў сказаў пра дымны графіт на тэрыторыі. Той не расцяміў адбылага.

- Чацвёрты рэактар не працуе, ніякага графіту нідзе не можа быць. Вам усё здалося. Не ўносьце паніку, не распаўсюджвайце байкі, - груба рэзнуў Вераб'ёву галоўны інжынер Мікалай Фамін.

З пяці да паловы шостай начальнік лабараторыі Іван Карабейнікаў па загаду дырэкцыі таксама мераў узроўні радыяцыі - на станцыі, прампляцоўцы. Дадзеныя ўслед за Вераб'ёвым далажыў дырэктару, галоўнаму інжынеру. Лічбы занізіў у сотні разоў.

- Панікёрыць Вераб'ёў, распаўсюджвае хлуслівыя чуткі, - заявіў Карабейнікаў.

Начальнік штаба грамадзянскай абароны ЧАЭС узяў інжынера Яўгена Салаўёва, паехаў на чарговую разведку. Побліз адміністрацыйна-бытавога комплексу вакол чацвёртага энергаблока прыборы зашкальвалі па-звярынаму. Нічога не аб'яўляючы кіраўніцтву, узмакрэлы Вераб'ёў правёў разведку па вялікім радыусе дарогі на Прыпяць.

На перакрыжаванні стаяў міліцыянер, без усякіх ахоўных сродкаў. Вераб'ёў параіў яму неадкладна пакінуць пост, вялікая заражанасць. Міліцыянер не паслухаў дазіметрыста. Пра радыяцыю нічога не чуў, а начальства загадала стаяць, нікога не пускаць.

У шэсць гадзін дваццаць хвілін Вераб'ёў далажыў вынікі чарговай разведкі кіраўніцтву. Бруханаў страшным лічбам зноў не паверыў:

- Сыходзь з станцыі, панікёр! Абыйдземся без цябе.

Інжынер Салаўёў паведаміў пра крыкі на Вераб'ёва сакратару парткама. Той абы-якава выслухаў дазіметрыста, адмовіўся хоць што рабіць:

- Пераконвайце дырэктара.

Невуцтва і безадказнасць, страх і няўменне ацэньваць сітуацыю ў кіраўнікоў ЧАЭС. Нізкі прафесіяналізм людзей, якія ў першыя гадзіны аварыі маглі шмат зрабіць для выратавання народа, аблягчэння яго лёсу, адключэння станцыі выявіўся і ў тым, што ніводны з трох астатніх блокаў АЭС не быў адключаны. Першы, другі, трэці рэактары працавалі. Чацвёрты рэактар гарэў, трыццаць пажараў на даху і пляцоўках, а трэці рэактар, які быў пад адным дахам з чацвёртым, выдаваў энергію, рабочыя завіхаліся на працоўных месцах.

Дырэктар станцыі адбіў тэлеграмы ў Кіеў: на станцыі нязначнае здарэнне, пажар, загінулі два чалавекі, абстаноўка нармалізуецца. Людзі ў гарадах Прыпяць, Чарнобыль працавалі, ішлі ва ўстановы, школы, кіраваліся на дачы.

У сем гадзін раніцы Вераб'ёў адкрытым тэкстам далажыў пра сітуацыю ўжо не дзяжурнаму, а начальніку штаба грамадзянскай абароны Кіеўскай вобласці палкоўніку Кар-нюшыну. Той прыбыў на АЭС, ніякіх мераў не прадпрыняў.

Што валодала кіраўнікамі ЧАЭС? Страх і невуцтва, няўменства мысліць, дзіцячае жаданне адцягнуць пакаранне.

Уранку пасля начнога выбуху ў Чарнобыль прыбылі вялікія госці. Сход асобных пасаднікаў з кіраўніцтва Савета Міністраў Украіны, Кіеўскага абкама кампартыі, абласнога Савета народных дэпутататў, аператыўных груп штабоў грамадзянскай абароны Украіны і вобласці выліўся ў перапалку.

- Патрэбна абараняць насельніцтва. Неадкладна інфармаваць жыхароў Прыпяці, Чарнобыля, прылеглых раёнаў аб правільных паводзінах у радыяцыйнай абстаноўцы, - у каторы раз настойваў генерал-лейтэнант Мікалай Станіслававіч Бандарчук* , начальнік грамадзянскай абароны Ук-раіны.

Яго падтрымалі ваенныя, іншыя службы.

- Нельга сеяць паніку. Вы хочаце пужаць народ? - не аргументаваў, наступаў намеснік старшыні Савета Міністраў Украіны Нічыпар Феафанавіч Нікалаеў. Ён выпраменьвае энергію і ўпэўненасць. З той жа доказнасцю сыпле нядаўнімі фактамі з Чалябіншчыны. - Не паднялі тады бучу, не паверылі вашым прыборам, не дапусцілі газетнага вэрхалу, усё ўсталявалася... Я толькі што размаўляў з Масквой.

- Вы, генерал, не разумееце палітычнага моманту. Шкурнікам і панікёрам абы застрахавацца на гарадскіх вуліцах і ў калгасах. Вы, генерал, ідзяце ў іх на повадзе, - даказваў другі сакратар Кіеўскага абкама КПУ Валерый Генадзевіч Маламужык.

Удалае заціранне ўральскай радыяцыйнай трагедыі колькі гадоў таму назад, пахвала арганізатарам чалябінскага замоўчвання натхнялі Нікала-ева і Маламужыка. Абодва валявыя ўпэўненцы мелі на руках данясенне кіраўніцтва Чарнобыльскай АЭС: нічога сур'ёзнага няма. Загінулі два* * чалавекі. Радыяцыя на станцыі не перавышае 3,6 Р/г, у горадзе Прыпяці - 45-70 мР/г. Пры норме 7,0 Р/г.

Акурат у гэты час медсанчастка горада Прыпяць была запоўнена радыяцыйна абпрамененымі людзьмі, у асноўным персаналам станцыі. У першы дзень выбуху ў Кіеве многія адказныя ўжо атрымалі паведамленне ваенных, дазімет-рыстаў, медыкаў пра фактычнае становішча на станцыі.

Старшыня Кіеўскага абласнога Савета народных дэпутатаў Іван Плюшчык заікнуўся пра эвакуацыю народу. Яго дружна асадзілі.

Аб'ектыўка. Кіраўнікі Чарнобыльскай атамнай у экстрэмальных умовах мелі права сваёй уладаю, без ніякіх узгадненняў, прыняць рашэн-не пра неадкладную эвакуацыю насельніцтва і персаналу станцыі пры чаканай дозе знешняга абпраменьвання 200 Р/г. У адпаведнасці з пісьмом ВПО "Союзглаватомэнерго" Мінэнэрга СССР, узгодненым з Мінаховы здароўя СССР у 1984 годзе. Кіраўнікі ЧАЭС нічога не зрабілі для выратавання людзей ноччу, сённяшняй раніцай, не плануюць на заўтра. Наадварот, абаранялі сябе і ведамства. Як абаранялі на сённяшнім паседжанні савецкую дзяржаўнасць прыезджыя ўкраінскія кіраўнікі. (2)

- Патрэбна тэрмінова разабрацца ў сітуацыі. Нікому нічога не паведамляць. Негатыў на савецкую краіну нальюць зарубежнікі. Нам не патрэбна дудзець у іхнія дудкі, - Нікалаеў не прамаўляў - сек. Яго парады ўспрымаліся адзінымі дырэктыўнымі распараджэннямі.

Дакладная генерал-лейтэнанта Бандарчука пра дадзеныя радыяцыйнай раз-ведкі на станцыі і вакол станцыі няраз сёння праглядалася прыезджымі кіраўнікамі. Прыведзеныя ў ёй лічбы, ад 0,5 да 2050 Р/ч, не ўразілі вялікіх чыноўнікаў. Прыборы памыліліся. Так бывае. Усё абыдзецца. Нікалаеў і Маламужык ведалі, з гадзіны на гадзіну, з дня на дзень павінна прыехаць Урадавая камісія з Масквы, няхай разбіраюцца.

Кіеўцы ўцякалі ад прыняцця канкрэтных мер па абароне людзей, сваіх карміцеляў, як кіраўнікі станцыі ўцякалі ад адказнасці за годнае рашэнне ў надзвычайнай сітуацыі. Папіхічы на высокіх званарнях умелі толькі выконваць, не рашаць.

На сённяшнім афіцыйным паседжанні ў Прыпяці ўпершыню выявілася звычная безадказнасць вялікіх дзяржаўцаў аднапартыйнай сістэмы. Ніводзін з іх практычна нічым матэрыяльна асабіста не рызыкаваў за сваё настойванне. Калі б яны ведалі, што за да-пушчаныя пралікі адкажуць не вымоваю ці пасадаю, а турмою і ўласнай ды сямейнай маёмасцю, паводзіліся б іначай. Паслухалі б усіх, параіліся б найперш з вучонымі. Не спяшаліся б з вывадамі, не ціснулі б суразмоўцаў начальніцкімі пасадамі, графаманскімі сцверджаннямі. Вучыла б іх і засцерагала боязнасць адказваць матэрыяльна перад судовымі зыскамі захварэлых людзей.

Пройдзе не так шмат часу, у дзяржаўным судзе над праектантамі і эксплуатацыйнікамі вялікіх сённяшніх распараджальнікаў не будзе. Яны, як апошнія палахліўцы і так званыя аб'ектывісты, усемагчыма стануць выкручвацца ад асабістай віны. Выкруціліся.

Кіраўнікі ЧАЭС дапусцілі элементарную халатнасць ці злачынства, калі ўраніцы 26 красавіка 1986 года тэлеграфавалі і пасылалі заведама няправільныя дакладныя ў Кіеў і Маскву пра малую радыяцыйную забруджанасць ваколля. На судзе гэтая драбніца, першая подлая хлусня пра чарнобыльскую радыяцыйную небяспеку, не патанула ў мностве іншых праблем.

Менавіта сённяшнія ранішнія забароны на перасяленне людзей і на хуткае стварэнне радыяцыйнай зоны - нерашэнне галоўнай задачы - заслабілі, а то і вынішчалі многіх дзяцей, з іх па ўзросту неўсталяванымі імуннай, крывяноснай і лімфатычнай сістэмамі, шмат стварылі радыяцыйных аддзяленняў, клінік, цэнтраў у трох славянскіх рэспубліках. Сёння палахліўцы і "слугі народа" выкінулі на вецер не проста вялізарныя грошы дзяржавы, самі абганьбіліся неабаронаю ўласнага людства, самой дзяржавы СССР, - сёння выкінулі на вецер слёзы і нервы, здароўе і лёсы Веры Нямковіч, Альбіны Пакровы, Ніны Масюк, Марыны Макарэня, Лёнькі Некраша і мноства іншых абпаленых або зусім паляцелых жаўрукамі ў неба маленькіх і дарослых душ з Беларусі, Украіны, Расіі.

Пасля ранішняга паседжання дваццаць шостага красавіка жыхарам Прыпяці і раёна аб'явілі: нічога асаблівага не адбылося; сёння для ўсіх выхадны дзень.

Перабудова яшчэ не набрала сілы, не паказала нявартнасць многіх кабінетных начальнікаў і начальнічкаў, прывыклых верыць любому верхняму начальству, а не фактам.

Месцічы пазіралі на барвяна-малінавыя воблакі, стрэсвалі нябесныя пух і шматкі, што зрэдку падалі ім на галовы і вопратку, завіхаліся на градах, палетках. Дзеці вучыліся. На ўжо заражаных радыяцыях гонях працавалі механізатары.

Члены кіеўскай камісіі, валявыя, упэўненыя ў той жа дзень хуценька з'ехалі з Чарнобыля і Прыпяці. Усе да аднаго.


* Прозвішчы, імёны, бацькоўства адказных асобаў часткаю замененыя. Супадзенні - выпадковасць (аўт.).
* * Увесь лічбавы і фактурны матэрыял узяты аўтарам з адкрытых любому чытачу крыніцаў.

(Працяг у наст. нумары.)

Валер Санько


УСПАМІНАЮЧЫ АЎТОГРАФЫ

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Толькі цяпер звярнуў увагу, што кнігі Адама Мальдзіса на маёй паліцы стаяць побач з кнігамі яшчэ аднаго творцы, блізкае знаёмства з якім падараваў лёс, - Кастуся Тарасава.

Карэнны мянчук, ён з дзяцінства ў асяродку блізкіх чуў рускую мову, а зрэдку - польскую, вучыўся ў рускамоўнай школе, рускамоўныя сябры і знаёмыя, у інстытуце, тэхнічным, - выкладанне такса-ма ж рускамоўнае. Тым больш дзівіць, што ён урэшце стаў не толькі адданым патрыётам Беларусі, гэта ўласціва для многіх разумных яе насельнікаў, варта павагі, што самахоць пачаў вывучаць беларускую мову і актыўна на ёй размаўляць. Нарэшце і публіцыстычныя артыкулы пачаў пісаць па-беларуску. А вось у сваёй мастацкай прозе так і застаўся рускамоўным, надта ж гэта тонкі інструмент у майстэрні літаратара - слова.

Першая з падораных Кастусём кніг - аповесць "День рассеяння", пра Грунвальдскую бітву 1410 года: "Дорогой Эрнест, очень рад, что твоё пожелание об ответном автографе исполнилось скоро. Мне очень приятно подарить эту повесть тебе - ангелу-хранителю, единомышленнику, другу. Дружески и с любовью - Костя". Год 1980 -ы.

Самай жа "зачытанай" стала наступная кніга Канстанціна - "В час Стрельца", яе прасілі і родзічы, і ў сына сябры-школьнікі. Яшчэ б: дэтэктывы ў савецкі час не такой якасці былі асабліва запатрабаваныя масавьм чытачом, а тут жа і сю-жэт востры, і фактура цікавая, і ўсё зроблена на высокім інтэлектуальным і літаратурным узроўні. Надпіс на тытульным лісце: "Дорогому Эрнесту Ялугину с дружескими чувствами благодарный Конст. Тарасов. 20.07.1981".

Як і грунвальдская даволі цяжка праз цэнзурныя рагаткі праходзіла кніга, састаўленая з гістарычных аповесцяў, пачынаючы з "Трох жыццяў Рагнеды", - "Странствие в тесном кругу". Нават у афіцыйныя рэцэнзенты выдавецтва запрасіла спецыялістаў-антаганістаў: дэмакратычна настроенага, блізкага па духу да дысідэнцтва эрудыта доктара гістарычных навук А.П. Грыцкевіча і кансерватара бальшавіцкай закваскі, сумнавядомага яшчэ з часоў пагрому "нацдэмаў" Алеся Кучара. Аўтограф тут ужо на беларускай мове: "Эрнесту Ялугіну - майму сябру і аднадумцу, таленавітаму пяру нашай гісторыі з пажаданнямі шчасця і здароўя, творчага плёну і на ўспамін пра нашу сумесную працу і намаганні зрабіць здабыткі вядомымі чытачу. Кастусь Т. Каляды 1986 г."

Што і казаць, шчодра. Асабліва ўлічваючы характар Тарасава: звычайна ў паводзінах, пры размове стрымана-іранічнага.

Асмелюся абазначыць аўтограф у якасці аўтаномна існага літаратурнага жанру, у якім асабліва выразна, бывае міжволі выяўляюцца індывідуальныя ўласцтвасці духоўнага настрою аўтара.

Добра, калі аўтографаў некалькі. Але і "аднаразавы" ды яшчэ "завочна", як здарылася з атрыманым ад паэта з Гародні Алеся Чобата, можа засведчыць пра многае. А пачалося з таго, што я аднойчы ў асяродку літаратараў-журналістаў сказаў, што ў захапленні ад вершаў гэтага паэта, іх энергетыкі, высокай гістарычна-грамадзянскай роспачы беларуса ад жлобскіх паводзінаў сваіх суайчыннікаў, аднак у звязку з глыбока прыхаваным аптымізмам, хаця, здавалася б, на чым ужо яму і трымацца. I вось аднойчы цудоўны чалавек Ірына Платонаўна Крэнь, цяпер ужо нябожчыца, у якой былі цесныя творчыя сувязі з гарадзенцамі, працягвае мне кніжачку ў сціплай папяровай вокладцы:

- Гэта вам з Гародні на міленіум.

А было тады толькі што ўрачыста-сусветна адзначана 2-тысячагоддзе існавання чалавецтва ад часу нараджэння Ісуса Хрыста.

Шрыфт на тытульным лісце пад старажытна-беларускі: "Тутэйшая сага". Аўтограф: "Эрнесту Ялугіну - мае Выбраныя вершы за дзесяць гадоў. А. Чобат" . Лапідарна-стрымана, а колькі за гэтым змястоўнасці. Па-першае, адчуваецца годнасць асобы. У той жа час прыхаваная павага да адрасата, асабіста незнаёмага, але нешта з твораў якога аўтар ведае і вось дзеліцца сваім, самым дарагім, назапашаным ажно за дзесяцігоддзе працы. Што ні верш - маленькі шэдэўр. Упэўненае валоданне паэтычнай тэхнікай, тонкае пачуццё рытму, нечаканасць рыфмы... I ў каторы раз перачытваючы, заўсёды нанова адчуваю высокую аўтарскую горыч-іронію грамадзяніна-патрыёта за радкамі:

Эх, і ўдарылі

Сапегі на Агінскіх!

Ох, і ўмазалі

Агінскія Сапегам!

I чакае пан Агінскі

палкоў рускіх,

I чакае пан Сапега

палкоў шведскіх...

Неба стала з аблачынку -

во як б'емся за айчынку!

За дзяўчынку так не б'юцца.

Во як б'ёмся - аж смяёмся!

,.................................................

Папялішчы на Айчыне.

Здраднік сохке на асіне...

Пётр рагоча ў Пецярбурзе.

Нешта неяк недзе будзе.

Едзе вош на мужыку.

Шляхта разам - у шынку.

("Паўночная вайна")

А як прамінуць гэтае, пра Станіслава-Аўгуста Панятоўскага, апошняга караля Рэчы Паспалітай "абодвух народаў":

..................................................

Вось Панятоўскі!

Быў прыродным беларусам -

бо нават прозвішча сваё

пісаў праз "ў"!

I на вякі вякоў

яму за гэта слава!

I памяць вечная

пра шчырасць з дабрынёй!

Бо ён даваў усім

налева і направа

Паводле звычаю

між нашай вяскаўнёй...

А то ж спакою не было даўней,

мой Божа,-

Шумеў чарот і дрэвы гнуліся,

пся маць!

Ды беларус адзін

Сапраўдны толькі можа

Рэч Паспалітую

на тры канцы раздаць.

Гэта пра тры падзелы Рэчы Паспалітай Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй.

А гэта пра Каяловіча і нацыянальную здраду "ліцьвінаў":

"Ні мовы няма, ні народа,

Ніхто нічога не хоча.

А шляхта крычыць: свабода!

І Польшчай

заслеплены вочы..."

Сапраўды, як заўважыў у Нобелеўскай лекцыі Іосіф Бродскі, добры паэт з'яўляецца СКАРБАМ НАЦЫІ.

Аўтограф Уладзіміра Арлова на кніжцы ягоных гістарычных аповесцяў "Час чумы" мог бы падацца, быццам аўтар пазірае на таго, каму робіць дарчы надпіс, з вышыні п'едэсталу мэтра, ці як бывае, калі нехта, працягваючы руку для поціску, глядзіць некуды ўбок, бо гэта, канешне, гожа, аднак жа, аднак жа: "... зь вераю ў тое, што ўсе пошасьці раней ці пазьней мінуцца, а Беларусь будзе заўсёды..." Мог бы, паўтаруся, каб напачатку не было слоў, адназначна афарбаваных "індывідуальнай" канкрэтыкай: "Дарагому Эрнэсту Ялугіну..."

Выдатны паэт Алесь Разанаў, які хоць і мае ўстойлівую славу майстра крыху "падсушаных" паэтычных афа-рызмаў у стылі Гётэ, аўтограф на кнізе "Сума немагчымасцяў" робіць ад пачатку да канца скіраваным на асобу таго, каму напісанае прызначае: "Тым, што маю, дзялюся з Эрнестам Ялугіным. Аўторак перад Вялікаднем 2010".

I яшчэ на адной сваёй кніжцы - "Рэчаіснасць" гэтак жа лапідарна-змястоўна - чым не аўтарскі зном, створаны ў тэше экспромта: "Існасць, што сталася рэччу: Эрнесту Ялугіну - Алесь Разанаў. Галерэя "Ў".

Менавіта ў гэтай кніжцы ёсць паэма, якую іншым разам перачытваю, настройваючы сябе на заглыбленне ў даўніну, - "Усяслаў Чарадзей", пра полацкага князя. Загадка мінулага, як вызначае аўтар,

"Цень,

Які не дае

Мінуламу стаць

Назаўсёды мінулым,

А будучыні -

Нічыёй".

Іншым разам аўтографы з'яўляліся зусім ужо нечаканымі, ад розных аўтараў, але адно іх яднала - гістарычны час, а я ў ім па нейкіх прычынах заўважаны суайчыннікам, каб пасля прыязнасць перарасла ў творчае сяброўства. Так здарылася і тады, калі яшчэ ў савецкі час я быў запрошаны на Менскі аўтазавод па лініі тамтэйшага прафсаюзнага камітэта на сустрэчу з кнігалюбамі. Мяне апекаваў малады прафсаюзны функцыянер Мікола Лавіцкі, як аказалася, добра дасведчаны ў айчыннай гісторыі і літаратуры. Затым ў лёсавызначальны перыяд імклівага развалу СССР мы зноў аказва-емся побач - і тады, калі абодва ўвайшлі ў Аргкамітэт па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, і ў шэрагах Таварыства беларускай мовы. Я захапляюся арганізатарскімі здольнасцямі Міколы Лавіцкага, яго ведамі і дасціпным розумам, з цікавасцю знаёмлюся з тым, што ён публікуе ў газетах, і мяне не здзівіла б, каб гэта сабралася ў кнігу добрай публіцыстыкі.

Кніга сапраўды з'явілася, з "публіцыстычнай" па танальнасці назвай - "Радзімы покліч". Аднак разгарнуўшы яе, я ўбачыў, што дорыць мне свой здабытак паэт! Ды і змеш-чаныя там жа ўспаміны - паўнавартасная проза, толькі дакументальная, чым асабліва і каштоўная.

А на тытульным лісце дарчы надпіс, які прыводжу не з меншай збянтэжанасцю, што ад аўтографа Кастуся Тарасава: "Дарагому і вельмі паважанаму Эрнэсту Ялугіну, шчыраму, сумленнаму Грамадзяніну нашай Бацькаўшчыны, беларускаму пісьменкіку, самаадданаму ваяру за роднае Слова, ветэрану Адраджэння і Таварыства беларускай мовы, майму старэйшаму сябру..."

Няёмка перапісваць ухвальныя для маёй сціплай асобы словы, аднак ці ж абыдзешся без цаглін, будуючы камяніцу?

Другі такі выпадак нават болей нечаканы. На пача-тку эпохі палітычнай "перабудовы" часта адбываліся публіч-ныя спрэчкі паміж дэмакратычна настроенай інтэліген-цыяй і абаронцамі бальшавіцка-савецкага рэжыму. А сярод апошніх асабліва вылучаўся як добра "падкаваны" і таленавіты палеміст сакратар Менскага гаркаму КПБ, кандыдат гістарычных навук Пётр Краўчанка. У палеміку з ім на адкрытых мнагалюдных партсходах у Доме літаратара ўвязваўся і я. Мінулі гады, настала новая эпоха, і вось аднойчы на імпрэзе ў Палацы мастацтва, здаецца, з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння выдатнага Барыса Кіта падыходзіць Краўчанка, вітаецца і кажа, што з вялікім захапленнем прачытаў маю дакументальна-мастацкую аповесць пра трагедыю стваральнікаў БССР "Без эпітафіі", а таксама раман з найноўшай айчыннай гісторыі - "Алжырская пастка" і дорыць сваю кнігу "Беларусь на распутье... Записки дипломата и политика". З аўтографам: "Спадару Эрнесту Ялугіну з найлепшымі пажаданнямі. Вы для мяне ўзор адданасці ў працы на гістарычнай ніве. З павагай - П. Кр."

Побач з кнігамі Рыгора Барадуліна на маёй паліцы стаяць кнігі Янкі Брыля, Васіля Быкава і Ніла Гілевіча. Высокія дзяржаўныя званні тут ні пры чым. Велічалка "народны", дарэчы, у асяродку блізкіх мне па духу літаратараў выклікала іранічны смех, як анекдот пра Васілія Іваныча і Пецьку. Успаміналі, як адзін малазначны клерк з ЦК КПБ асадзіў "мэтра калі той пачаў вымагаць сабе прэферэнцыі, спасылаючыся на сваю "народнасць": "Вы гэта ўсур'ёз? Які народ?! Мы, мы вам далі "народнага"!

Дарэчы, да Янкі Брыля той-сёй з новых, маладых талентаў ставіцца, бывае, іранічна: маўляў, нічога значнага не стварыў. За доўгае жыццё адны карацелькі, анекдоты-нататкі, дык у каго іх не назбіралася, "запісаў на манжэтах". Можа, у каго і назбіралася, але ж пробы іншай, як з золатам нават бывае - адно для зубных каронак, а зусім іншае для царскай кароны. Неяк вось атрымлівалася, што менавіта пахвала Брыля празаіку аказвалася самай жаданай. I мяне ж нават віншавалі сябры, калі менавіта Янка Брыль адным з першых пісьмова прызнаў аповесць "Без эпітафіі" лепшым творам года..

З Васілём Быкавым блізка лёс звёў нечакана ў Маскве ў часе ўсесаюзнага пісьменніцкага з'езду. А да таго я, канешне, адразу стаў ягоным чытачом і прыхільнікам, але ж ён быў з пакалення майго бацькі, франтавіком, таму як і Брыль, успрымаўся мною адпаведна, так падлеткі ставяцца да загартаваных цяжкімі жыццёвымі выпрабаваннямі дарослых. У Маскве мы пасяліліся ў адным нумары гасцініцы з Віктарам Казько, і мена-віта ён, чалавек кампанейскі, стаў ініцыятарам таго, што пасля аднаго са з'ездаўскіх паседжанняў да нас завіталі "на шклянку чаю" надзвычай шаноўныя госці: з расійскага боку - Віктар Астаф'еў крытык Лазар Лазараў, Ігар Дзядкоў, яшчэ хтосьці, з беларускага - Ніл Гілевіч, Алесь Адамовіч і Васіль Бакаў. Гутарылі, вядома ж, пра "літаратурны працэс". Кожны ўрэшце "пераводзіў стрэлку" на ўласны досвед, Адамовіч, патрасаючы бутэлькай з шампанскім, эмацыйна згадваў, як ствараў знакамітую аповесць "Карнікі" і адшукаў прататыпа для паслухмяна-акуратнага забойцы Тупігі, "гэткага тыповага беларуса-прыслужніка", - пакуль разбоўтанае шампанскае фантанам не выбухнула з бутэлькі, абліўшы апавядальніка пад вясёлы смех грамады ад залысіны да штаноў. Калі слова ўзяў Васіль Быкаў, думалі, таксама будзе аповяд - пра цэнзурныя прыгоды яго новай аповесці, з-за чаго ў чарговы раз спазніўся з выхадам у свет часопіс "Новый мир", а пачулі тост... за Віктара Казько і мяне. Уразіла, што Васіль Быкаў, аказваецца, столькі ведаў пра маю творчасць. Ён жа, калі рада Саюза беларускіх пісьменнікаў прызначыла яго старшынём секцыі прозы, раптам назваў мяне сабе ў намеснікі.

Сустракаючыся з Васілём Бккавым для сумесных нейкіх "секцыйных" клопатаў, я, нягледзячы на сваю "падлеткавую" сарамлівасць у адносінах да яго, урэшце ўсё ж духоўна зблізіўся з ім, так што нават адважыўся зрабіць да 50-годдзя літаратурны партрэт, якраз у пару гнюсных ганенняў на пісьменніка з боку "тылавых пацукоў-партакратаў", як ён называў гэтую зграю. Пад загалоўкам "Пайсці і вярнуцца" нарыс быў апублікаваны ў часопісе "Нёман", атрымаў гадавую прэмію, прызнаны лепшым і смялейшым з таго, што тады з'явілася пра пісьменніка ў перыядычных выданнях, пра што мне паведаміў гэлоўны рздактар часопіса "Вопросы литературы" Лазар Лазараў. Шчымлівая ж і натхняльная згадка ў мяне пра той час і сустрэчы з гэтым выдатным чалавекам - яго кніга /на рускай мове, так тады атрымалася/ "Дожить до рассвета. Обелиск". З надпісам: "Эрнесту Ялугіну, мастаку, рэдактару, сябру - з найлепшымі пажаданнямі ў жыцці, журналістыцы, літаратуры і - у Бюро секцыі прозы СП БССР. - Аўтар. В.Быкаў". Пэўная "ўрачыстасць" пачатку напрыканцы "мікшыруецца" прыхаваным лёгім гумарам.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Эрнэст Ялугін


Вандраванне выставы АМ-ББ "Маю гонар" па Латвіі

Сёлетні год для Аб'яд-нання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар" юбілейны. Дваццаць год таму 12 студзеня 1991 г. у Рызе ў майстэрні аўтара гэтых радкоў, якую яшчэ называлі "Беларускай хаткай", дзе пабывалі ў савецкі час славутыя беларускія пісьменнікі, паэты, мастакі, гісторыкі, артысты, было заснавана гэтае аб'яднанне. Нажаль, тая май-стэрня больш не існуе з-за таго, што з адраджэннем незалежнасці Латвіі адабраныя ў савецкі час дамы гаспадароў былі вернуты іх нашчадкам, у той лік трапіў дом, у якім мясцілася "Беларуская хатка". Аднак, адраджэнцкі дух таго часу застаўся ў аб'яднання, і яно працуе папаўняючы свае шэрагі новымі мастакамі - беларусамі. Аб гэтым сведчаць яго сёлетнія выставы.

З траўня і да верасня гэтага года юбілейная выстава "Маю гонар" працавала ў Рызе ў Цэнтры культуры і народ-нага мастацтва Рыжскай Думы "Рытумс". На выставе былі паказаны творы 18 мастакоў аб'яднання. Гэта працы Анатоля Ермаковіча, Ларысы Лойкі, Алены Лаўрыновіч, Васіля Малышчыца, Ганны Пейпіні, Вячкі Целеша і Алены Мельнік з Латвіі, з Летувы Алега Аблажэя, з Эстоніі Маргарыты Астраумавай, Генадзя Курлянкова і Людмілы Прыбыльскай, са Швецыі Яна Кузьміцкага.

На адкрыцці юбілейнай выставы мастакоў віншавалі Латвійскае таварыства беларускай культуры "Світанак", Рыжская беларуская асноўная школа, школьны ансамбль "Вавёрачка", ансамбль беларускай песні "Вытокі", Асацыяцыя нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч, беларуская амбасада ў Латвіі, фірма "Рада", прадстаўнікі іншых нацыянальных культурных таварыстваў. Віншаванне з юбілеем прыслалі Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны з Беларусі.

Выставу наведалі тысячы рыжан і гасцей горада, пакінуўшы запісы падзякі мастакам ў кнізе водгукаў на розных мовах. Добрыя словы ў адрас мастакоў пакінуў і Пасол Рэспублікі Беларусь ў Латвіі спадар Аляксандр Герасіменка, а таксама турысты з Беларусі і інш. Пры падтрымцы Рыжскай Думы, фірмы "ADT", а таксама беларускіх прадпрымальнікаў Янкі Кабановіча і Васіля Трафімчыка была выдадзена юбілейная брашура "Маю гонар".

Пасля выставы ў Рызе экспазіцыя ад'ехала ў Латгальскі край Латвіі дзе спрадвечна побач з латышамі пражываюць беларусы. 8 верасня адбылося адкрыццё выставы аб'яднання ў горадзе Рэзэкнэ ў Латгальскім культурна-гістарычным музеі. Мастакоў віншавалі дырэктар музея спадарыня Анастасія Страўпта, кіраўнік Мастацкага аддзела музея Інга Дундурэ, дырэктар Рэзэкнэнскага мастацкага каледжа, прафесар Латвійскай акадэміі мастацтваў вядомы жывапісец Освалдс Звэйсалніекс, студэнты мастацкага каледжа і інш.

На жаль на адкрыццё гэтай выставы не прышлі прадстаўнікі мясцовай беларускай суполкі, спаслаўшыся на тое, што ў іх сваё мерапрыемства, і яны не могуць прыслаць ні аднаго прадстаўніка, каб павіншаваць беларускіх мастакоў. Праўда, яны не забылі перадаць нам на памятку падарунак - аўдыёдыск з запісам "Беларусь", які быў прадэманстраваны перад адкрыццём выставы.

Пад час адкрыцця выставы беларускія мастакі Аліна Літвіненка, Вячка Целеш, Алена Мельнік, Васіль Малышчыц, Пётр Худабчонак і Алена Раманенка паказалі латгальцам як яны шануюць сваю мову, праспяваўшы песню "Цячэ вада ў ярок" пад акампанемент гітарысткі, барда, паэткі і мастачкі Алены Раманенка. Імпрэзу завяршыў прыемны гоман беларускай, латышскай і расейскай мовы пад звон бакалаў шампанскага ў час традыцыйнага фуршэта.

Пасля экспазіцыі ў горадзе Рэзэкнэ выстава павандравала далей па Латгаліі бліжэй да беларускай мяжы і 15 кастрычніка ў выставачнай зале Лудзанскага краязнаўчага музея адбылося яе адкрыццё. На ўрачыстасць сабраліся мясцовыя жыхары - прыхільнікі мастацтва, прадстаўнікі мясцовай улады, а таксама беларускія госці з Наваполацка, сакратар па культуры беларускай амбасады ў Латвіі спадар Іван Грыневіч, а таксама консул Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе спадар Юры Давыдоўскі.

Дума Лудзанскага краю і музей зрабілі ўсё, каб адкрыццё выставы сталася святам для горада і для нашых мастакоў. З іх падтрымкай быў выдадзены каляровыя буклет аб'яднання і запрашэнні. Да праграмы адкрыцця выставы Дума Лудзанскага краю прымеркавала падпісанне двухбаковага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Наваполацкам і Лудзай. Дамову падпісалі старшыня Думы спадарыня Аліна Гендэле і старшыня Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэту спадарыня Наталля Качанава.

Адкрыццё выставы зрабіў навуковы супрацоўнік музея Валеры Дзевалтоўскі, а беларускіх мастакоў, якія прыехалі з Рыгі - Ірыну Трумпель-Сабалеўскую, Алену Мельнік, Алену Раманенка, Вячку Целеша і Васіля Малышчыца кветкамі і падарункамі віншавалі старшыня Думы Аліна Гендэле і дырэктар музея Інга Прыкуле. Прыемнай была навіна для Васіля Малышчыца, калі дырэктар музея паведаміла, што яго карціну "Ефрасіння Полацкая" напісаную ману-ментальна, як святую апякунку Беларусі, у спецыяльнай драўлянай раме з разьбой бе-ларускіх сімвалаў ручніка, зуброў і Пагоні, пасля выставы хоча набыць музей. Фотамастачка Алена Мельнік у гэты ж дзень падаравала музею сваю працу "Бабуля з Палесся". Яшчэ чатыры мастакі - Алена Раманенка, Алена Лаўрыновіч, Ірына Трумпель-Сабалеўская і Вячка Целеш у знак падзякі за арганізацыю выставы так-сама вырашылі пакінуць па адной працы музею.

Музычную частку імпрэзы на акардыёне забяспечваў педагог музычнага каледжа Барыс Іваноў. Мастакі дзякавалі гаспадарам, а мастачка, паэт і бард Алена Раманенка праспявала адну са сваіх песень.

Кіраўнік АМ-ББ "Маю гонар" падзякаваў Думе Лудзанскага краю, дырэктару і супрацоўнікам музея, за дапамогу і магчымасць беларускім мастакам паказаць свае творы ў гэтым цудоўным латгальскім горадзе багатым беларускай гісторыяй. Нагадаў прысутным пра тое, што менавіта ў Лудзы ў 1922 г. Беларускае культурна-асветнае таварыства "Бацькаўшчына" адкрыла першую Беларускую дзяржаўную гімназію ў Латвіі, сёлета гэтаму таварыству адзначаецца 90 - годовы юбілей. Лудзанскі край, г. Лудза (Люцын) звязаны з жыццём і творчасцю вядомых беларусаў Латвіі. У мястэчку Пасіне нарадзіўся вядомы беларускі паэт, перакладчык , фалькларыст Пятро Сакол. Пад час вучобы ў беларускай гімназіі ў 1923 г., менавіта ў гэтым горадзе ім былі напісаны верш "Беларускі сцяг" прысвечаны нашаму бел-чырвона-беламу сімвалу, патрыятычны верш "Сыны народу", "Люцынскі замак", і інш. Апошні быў прачытаны выступоўцам пад час гэтай імпрэзы. Дарэчы, гара і захаваныя рэшткі муроў Лудзанскага замка знаходзяцца непадалёку ад музея, дзе праходзіла адкрыццё выставы. Прысут-ным была паказана фотакопія партрэта Пятра Сакола на фоне гэтых муроў, напісанага ў 1980 г. Вячкам Целешам. На жаль гэты партрэт на цяперашней выставе не змаглі ўбачыць жыхары горада, бо ён знаходзіцца ў Менску ў музеі Педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.У Люцынскай беларускай гімназіі вучыліся скульптар Лявон Тамашыцкі, мастак Міхась Калінін, святар рыжскай царквы Мікола Трубяцкі. Тут жылі і працавалі ў гімназіі Сяргей Сахараў, Вольга Сахарава (Нікановіч), Кастусь Езавітаў, Уладзімір Пігулеўскі.

Беларускай гісторыяй багаты, не толькі горад Лудза, але і ўся Латгалія таму, што да 1920 г. да стварэння незалежнай Латвійскай Рэспублікі гэты край ўваходзіў у беларускую Віцебскую губерню. Са стварэннем латвійскай дзяржавы беларусаў у Латвіі налічвалася 70 тысяч, найбольшая частка іх пражывала менавіта ў Латгаліі. Таму не дзіўна, што калі тут 90 год назад было створана беларускае таварыства "Бацькаўшчына", дзякуючы мясцовым патрыётам беларусам Кастусю Езавітаву, Сяргею Сахараву і іх паплечнікам, якія працягвалі ідэалы незалежнай БНР, у пачатку 1920-х гадоў ў Латгальскім краі працавала больш за 50 беларускіх школ, беларускія гімназіі ў Лудзы і Даўгаўпілсе, а пад час нямецкай акупацыі Беларуская гімназія ў Індранэ. Вучні і настаўнікі збіралі беларускі народны фальклор, адраджалі традыцыі беларусаў у Латвіі, адзначалі святы Купалле, Каляды і Дзень незалежнасці БНР - 25 сакавіка. Тады быў беларускі тэатр, былі беларускія артысты, мастакі, пісьменнікі і паэты, якія пісалі толькі на роднай мове, не было каньюктуршчыкаў, бо ўсе адчувалі сябе беларусамі побач з латышамі, ад іх вучыліся шанаваць сваю мову, культуру і традыцыі.

Зараз у Латгаліі так-сама жывуць беларусы, але найбольш гэта прыехаўшая ў савецкі час, толькі ў Лудзанскім краі іх налічваецца 3.9 %, шмат іх у гарадах Даўгаўпілс, і Краслава. Нажаль сённяшнія беларусы Латгаліі далёкія ад той гісторыі, ад тых традыцыі, ад нашай беларускай спадчыны. Няма там беларускай школы, беларускага тэатра, беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, мастакоў, няма даследчыкаў беларускай гісторыі ў Латгаліі, няма шчырых беларусаў, якія адраджалі б традыцыі закладзеныя Кастусём Езавітавым і Сяргеям Сахаравым.

Такое адчуванне засталося ў нас пасля адкрыцця выставаў АМ-ББ "Маю гонар" у Рэзэкнэ і Лудзы. Хоць ёсць ў гэтых гарадах беларусы і нават афіцыйныя беларускія таварыствы, якія аб'яднаны ў так званы Саюз беларусаў Латвіі, аднак адкрыццё выстаў беларускіх мастакоў Балтыі яны праігнаравалі, на адкрыццё выстаў не прыйшлі. Магчыма, не даспадобы ім бел-чырвона-белы сцяг ў лагатыпе "Маю гонар", які красаваўся на запрашэнні на выставу. А, можа, беларускае нацыяна-льнае мастацтва, нацыянальная спадчына, духоўная культура нашай нацыі - не для іх.

Між тым, варта было б нагадаць, што традыцыю захавання беларускіх сімвалаў мы ўзялі ад сваіх папярэднікаў, ад першай беларускай суполкі ў Латвіі таварыства "Бацькаўшчына". У 1920-30-ыя гады адраджэнне беларускай культуры і асветы ішло толькі пад нашымі гістарычнымі сімваламі: бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня", аб чым сведчаць сямейныя і архіўныя здымкі, выданні беларускага адраджэння ў Латвіі.

Я мяркую, што ў большасці справа адраджэння беларускай культуры, мовы і нацыянальнай гісторыі ў Латвіі залежыць не толькі ад мясцовых беларусаў, але і ад тых, хто кіруе суполкамі. У 1990-х гадах міністрам культуры Латвіі быў маэстра Раймонд Паўлс, і калі яму задалі пытанне, чаму ён - музыка і кампазітар - узначаліў міністэрства, то ён адказаў: "Культурай павінен кіраваць спецыяліст культуры".

Мастацтва гэта таксама адна з неад'емных частак нацыянальнай культуры. У выступ-леннях пад час адкрыцця юбілейных выстаў, у інтэрвію газет і тэлебачання засёды падкрэслівалася, што аб'яднанне "Маю гонар" было створана ў 1991 г. для таго каб дапамагаць беларускім суполкам ў Балтыйскім рэгіёне адраджаць сваю нацыянальную культуру, мову і спадчыну, для захавання сваёй беларускай эдэнтычнасці, дапамагаць у інтэграцыі беларусаў у балтыйскія дзяржавы.

Адкрыццё выстаў "Маю гонар" заўсёды было святам не толькі для мастакоў, а і для суполак культуры, для беларусаў Латвіі, Летувы і Эс-тоніі, для ўсіх сяброў як латышоў, так і іншых нацыянальнасцяў, якія заўсёды прысутнічалі на прэзентацыях нашых вернісажаў.

Адкрыццё юбілейнай выставы ў Лудзы для мастакоў і прысутных таксама было радасным святам. Пасля ўрачыс-тасці ў музеі, сонечным суботнім днём адбылася цікавая экскурсія па горадзе, размалёваным залатой восенню. Пасля гэтага гаспадары горада частавалі беларусаў сваімі смачнымі латгальскімі стравамі, латгальскай вясковай кавай, у якой адчуваўся прыемны смак і пах смажанага ячменю ды дубовых жалудоў сёлетней цёплай прыгожай восені.

Мастакі з добрым настроем вярнуліся ў Рыгу, а выстава засталася яшчэ працаваць, знаёміць жыхароў і гасцей горада з творамі балтыйскага беларускага мастацтва.

Сапраўднае мастацтва, дакрананне да яго, збліжае чужых людзей, народы і нацыі, у гэтым нашыя мастакі яшчэ раз пераканаліся.

Вячка Целеш, старшыня Аб'яднання мастакоў - беларусаў Балтыі "Маю гонар".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX