Вярнуцца: 2011

№ 51 (1046)


Крыніца: pawet.net.



НАША СЛОВА № 51 (1046) 21 снежня 2011 г.


З Калядамі, шаноўныя беларусы!

Здароў, марозны, звонкі вечар!

Здароў, скрыпучы, мяккі снег!

Мяцель не вее, сціхнуў вецер,

I волен лёгкіх санак бег.


Як мары, белыя бярозы

Пад сінявой начной стаяць,

У небе зоркі ад марозу

Пахаладзеўшыя дрыжаць.


Вільготны месяц стуль на поле

Празрысты, светлы стоўп спусціў

I рызай срэбнаю раздолле

Снягоў сінеючых пакрыў.


Узрывайце ж іх санямі, коні!

Звіні, вясёлых бомаў медзь!

Вакол лятуць бары і гоні,

У грудзях пачала кроў кіпець.

Максім Багдановіч.



Шаноўны Барыс Пятровіч!

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць Вас з абраннем на пасаду старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Мы спадзяёмся ў Вашай асобе, а таксама і ў супольнасці ўсяго Саюза беларускіх пісьменнікаў мець пастаянных і надзейных саюзнікаў у змаганні за беларускую мову.

Дай Божа Вам сілаў і імпэту на нялёгкім участку барацьбы за Беларусь і Беларускасць.


ГА "ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ІМЯ ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ". МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ. Дзяржаўная ўстанова "Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь". ІНФАРМАЦЫЙНАЕ ПАВЕДАМЛЕННЕ

Запрашаем прыняць удзел у рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі

"Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух"

16 красавіка 2012 г., г. Мінск

Праблемнае поле канферэнцыі:

1. Тапаніміка як складовая частка краязнаўства.

2. Ахова і выкарыстанне помнікаў гістарычна-культурнай спадчыны: досвед і перспектывы развіцця.

3. Валанцёрскі рух на адбудове помнікаў архітэктуры.

4. Фармаванне турыстычнага іміджу краіны праз папулярызацыю краязнаўства.

5. Лінгвістыка як аспект краязнаўства.

Для ўдзелу ў канферэнцыі неабходна да 16 сакавіка 2012 г. выслаць на адрас аргкамітэта заяўку з указаннем прозвішча, імя, імя па бацьку, месца працы і пасады, вучонай ступені і вучонага звання, тэмы даклада, адраса, тэлефона, е-mаіl), а таксама тэкст даклада (элекронны варыянт і экзэмпляр на паперы).

Плануецца выданне зборніка публікацый канферэнцыі. Патрабаванні для публікацыі: аб'ём тэкста - да 5 (пяці) старонак фармата А4, праз 1 інтэрвал, шрыфг Тіmes New Roman 14. Усе палі па 20 мм. Спасылкі па тэксту даюцца ў квадратных дужках, напрыклад, [3, с. 10]. Пасля тэкста прыводзіцца спіс літаратуры ў адпаведнасці з патрабаваннямі ВАК.

Аргкамітэт: 220034, г. Мінск, вул. Румянцава, 13, ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", siadziba@gmaі1.com.


I АНЁЛЫ ПРЫНЯСУЦЬ ЯМУ ПАЭМУ

Не верыцца, што гэтаму чалавеку сёння 75. Але факт, што ў свае сем з паловай дзесяткаў гадоў ён яшчэ рухавы, бадзёры, энергічны і няўрымслівы. Магу сказаць: у яго вельмі моцны унутраны стрыжань, ён даўно абазначыў сваё жыццёвае крэда, якое фармулюецца словамі Ларысы Геніюш: "Як жыць, дык жыць для Беларусі..."

Няўрымслівы, утрапёна-апантаны беларускі паэт Мікола Мілаш паходзіць са старажытнага венгерскага роду Шаравараў, продкі якога многа стагоддзяў таму назад, у часы вялікага нашэсця гунаў, прыйшлі на землі вянедаў. Прозвішча Шаравар паходзіць ад вянгерскага адзення шаравараў: чырвоных шырокіх, свабодных нагавіцаў.

Мікола Мілаш (Мікалай Лазаравіч Шаравар) нарадзіўся 26 снежня 1936 года ў вёсцы Дамантовічы на Капыльшчыне. Другой малой Радзімай паэта стала старобінская зямля. У Салігорску - сталіцы беларускіх шахцёраў - ён стаў сапраўдным настаўнікам, палітычным дзеячом, публіцыстам, набыў аўтарытэт, павагу і папулярнасць, працаваў на адказных пасадах у СПТВ-72, ДТСААФ, будтрэсце №3. Яго паважалі калегі за веды, эрудыцыю, актыўную грамадзянскую пазіцыю. Вось і сёння яго сябры па духу выбралі старшынём Салігорскай арганізацыі "Таварыства беларускай мовы імя Фр. Скарыны". I ўсюды было слова. Ён і сам не памятае, як паэзія ўвайшла ў яго жыццё.

У паэме "На ветразях веры" Мікола Мілаш файна гаворыць аб сваёй творчасці: "Не сцерці з памяці сляды, што нам дасталіся ад продкаў" . Усё, што адбывалася і адбываецца з краінай і ў краіне, глыбока хвалюе паэта, нараджае новыя і новыя вершы, балады, паэмы, публіцыстычныя артыкулы - яркія, натхнёныя.

У яго паэзіі зашмат герменеўтыкі (тлумачэнне тэкстаў) і інвектыву (рэзкага выкрывання). Па аб'ёму вершы ці санеты быццам невялікія, але поўныя глыбокага зместу і вялікіх адрэзкаў з гісторыі беларушчыны, якія патрабуюць адпаведных тлумачэнняў. Нават у адну страфу Мікола ўціскае шмат інфармацыі ў раскрываны сюжэт. Ад гэтага яго паэзія толькі выйграе. Вялікі талент салігорскага паэта яшчэ покуль не даследаваны, і не сказалі свайго слова чытачы і крытыкі.

Кніжкі паэт выдае за свой кошт і, вядома ж, невялікім накладам. Намнога таней і без цэнзуры можна выдаць сваю кніжку ў суседніх з Беларуссю краінах. На ліку паэта ўжо два выданні ("На хвалі Адраджэння"і "На ветразях Хрыстовай веры"), на падыходзе - трэцяе. Вялікую дапамогу аказваюць спонсары. На жабрацкую працоўную пенсію беларускага паэта яго паэзія наўрад ці была б надрукавана асобнай кніжкай.

Аднойчы мне прысніўся прарочы сон пра Аркадзя Смоліча (1691-1938) - палітычнага дзеяча нацыянальна-дзяржаўнага Адраджэння, вучонага, педагога і літаратара, аднаго з ініцыятараў стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), народнага сакратара асветы ў першым урадзе. У трыццатыя гады мінулага стагоддзя ён двойчы арыштоўваўся саветамі і ў 1938 годзе быў расстраляны. Ен - аўтар знакамітага дапаможніка "Географія Беларусі". Кніга Смолічам напісана не паводле палітычна-адміністратыўных межаў Беларусі, як яны склаліся ў памеры шасці паветаў на пачатку 20-х гадоў, а згодна з яе этнічнымі рубяжамі. I такая трактоўка рубяжоў новаўтворанай дзяржавы ва ўладаннях Расійскай імперыі была не па густу саветам.

Сніцца мне: прыходзіць да мяне Мікола і расказвае, што ён напісаў паэму пра Аркадзя Смоліча. Праз нейкі час, ужо ўвачавідкі, прыходзіць наш паэт да мяне (да гэтага ён браў у мяне кніжку Смоліча) ужо з гатовай навэлай "Балада пра кніжку". Вось я яму і расказаў пра свой сон. А што тычыцца паэмы, то яна будзе. I праз Міколу Мілаша яе прынясуць з нябёс анёлы. Цар Сну - Марфей - проста так вешчыя сны снаведу не дае. Мабыць яшчэ не час для паэмы.

Ёсць яшчэ і іншы імператыў, які выказала вялікая дачка нашага народа - Ларыса Геніюш у сваёй "Споведзі" і якую ўсёй істотай успрымае яе паслядоўнік Мікола Мілаш: "Сапраўдны беларус - чалавек, з дарогі не змыліць, і мэта яго адна: Беларусь". Дарэчы, Ларысе Геніюш, як мне стала вядома, Мікола прысвяціў паэму "Вольнасць". Ім ужо напісана каля 15 паэм, столькі ж балад, сотні вершаў і акравершаў, прысвечаных выбітным постацям нашай Айчыны. Менавіта з гэтай крыніцы Мікола чэрпае свае сюжэты, якія надаюць яму сілы і ўпэўненасць у справе адраджэння нацыянальнай годнасці народа. I аддаваць, аддаваць спаўна людзям назапашанае ў скарбонцы душы, поўніцца творчай энергіяй для новых пошукаў і адкрыццяў.

Мікола Малышчыц.



21.11.2011 у межах святкаванняў юбілею Максіма Багдановіча ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (вул.М.Багдановіча, 13, Траецкае прадмесце) а 18.00 адбудзецца імпрэза "Максім Багдановіч і Эміль Верхарн" , якую ладзяць сумесна Літаратурны музей Максіма Багдановіча і Таварыства дружбы "Беларусь - Бельгія". Сярод выступоўцаў - літаратуразнаўца Пятро Васючэнка, перакладчык Леанід Казыра, музыка - бард Алеся Сівохіна. Тэлефон для даведак: 8 (017) 334 42 69.


Памёр Вацлаў Гавел

18 снежня ва ўзросце 75 гадоў памёр першы прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі Вацлаў Гавел.

Вацлаў Гавел атрымаў вядомасць у шасцідзясятыя гады як драматург і літаратурны крытык. Пасля падзей Пражскай вясны 1968 года далучыўся да апазіцыі, публікаваўся ў асноўным за мяжой, неаднаразова арыштоўваўся ўладамі. У 1989 годзе Гавел быў адным з ініцыятараў стварэння «Грамадзянскага форуму», які стаў галоўнай апазіцыйнай сілай у Чэхіі.

На сумесным паседжанні абедзвюх палат Федэральнага Сходу Чэхаславацкай сацыялістычнай рэспублікі 29 снежня 1989 году Гавел быў аднагалосна абраны прэзідэнтам, а ў 1993 годзе стаў прэзідэнтам незалежнай Чэхіі.

Вацлаў Гавел быў вялікім сябрам беларускага народа, ён не бачыў дэмакратычнай Еўропы без Беларусі. Уся дэмакратычная Беларусь смуткуе з прычыны смерці Вацлава Гавела і выказвае спачуванні родным і блізкім нябожчыка.


ПІСЬМЕННІКІ ЗА МОВУ

Рэзалюцыя ХVІ з'езду ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Мы, удзельнікі ХVІ з'езду ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

адзначаем, што Рэспубліка Беларусь перажывае сёння ці не самы цяжкі, драматычны этап свайго гістарычнага шляху. Вырашаецца лёс нацыі, беларускай мовы, нашай гісторыка-культурнай спадчыны. У гэтых умовах, нягледзячы на пастаянны ціск з боку ўладных структураў, пагрозу ліквідацыі нашага творчага аб'яднання, Саюз беларускіх пісьменнікаў застаецца адной з самых аўтарытэтных і дзеяздольных творчых арганізацый краіны, усю сваю дзейнасць скіроўвае на развіццё і прапаганду набыткаў нацыянальных літаратуры і культуры, пашырэнне сферы ўжывання беларускага слова, захаванне канстытуцыйных правоў літаратараў на свабоду слова і друку;

выказваем глыбокую занепакоенасць сітуацыяй, якая склалася ў краіне з беларускай мовай. Нягледзячы на афіцыйна абвешчанае двухмоўе, мова тытульнай нацыі дыскрымінуецца на ўсіх узроўнях. Колькасць беларускамоўных школ і класаў кожны год скарачаецца, паранейшаму ў Беларусі няма ніводнае ВНУ, дзе ўсе прадметы выкладаліся б па-беларуску. Справаводства ў дзяржаўных установах па-беларуску практычна не вядзецца, чыноўнікі адкрыта грэбуюць роднай мовай. На дзяржаўным тэлебачанні па-беларуску вядуцца толькі асобныя перадачы, а на асабліва папулярных цяпер FM-радыё-станцыях беларуская мова амаль не гучыць. І гэта няглядзячы на тое, што паводле перапісу 2009 года 84 % жыхароў краіны назвалі сябе беларусамі. Дэлегаты з'езду СБП настойліва патрабуюць ад кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь практычнага забеспячэння дзяржаўнага статусу беларускай мовы;

асуджаем скарачэнне колькасці беларускамоўных выданняў. За апошнія дзесяць гадоў перасталі выходзіць часопісы "Крыніца", "Беларусь", "Першацвет", газеты "Чырвоная змена", "Раніца", пад пагрозай знікнення знаходзяцца часопісы "Бярозка" і "Вожык". На дзяржаўным тэлебачанні практычна зніклі перадачы, прысвечаныя літаратуры і творцам. У дзяржаўных выдавецтвах і СМІ практыкуецца непаважнае стаўленне да выдатных нацыянальных творцаў, пісьменнікаў-юбіляраў, існуюць забароны на публікацыю твораў і нават узгадванне імёнаў членаў ГА "СБП" - такім чынам груба парушаюцца іх грамадзянскія правы;

падкрэсліваем неабходнасць шырокай дзяржаўнай падтрымкі літаратараў і дзеячаў беларускай культуры замежжа: Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны... На наш погляд, даўно наспела неабходнасць стварэння ў гэтых і іншых краінах Інстытутаў Беларусі, якія сталі б цэнтрамі нацыянальнай ідэнтычнасці, асяродкамі падтрымкі нашых суайчыннікаў у іх імкненні захаваць духоўную повязь з Бацькаўшчынай;

запэўніваем беларускае грамадства, што Саюз беларускіх пісьменнікаў і надалей не саступіць з абранага яго сябрамі шляху на дэмакратычныя пераўтварэнні ў дзяржаве, будзе паслядоўна адстойваць і абараняць нацыянальную культуру і мову. Мы заклікаем дэмакратычныя сілы краіны дзейнічаць згуртавана і самааддана дзеля лепшай будучыні нашай Радзімы, захавання яе дзяржаўнага суверэнітэту.

Прынята на ХVІ з'ездзе ГА "Саюз

беларускіх пісьменнікаў", Менск,

10 снежня 2011 г.

ЗАЯВА ХVІ з'езду ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Рэспубліка Беларусь знаходзіцца ў стане духоўнага крызісу, звязанага з вынішчэннем мовы беларускай нацыі. Апошні перапіс насельніцтва краіны засведчыў істотнае скарачэнне прыхільнікаў беларускай мовы. За дзесяць гадоў колькасць тых, хто лічыць яе роднай, скарацілася на 20,5 % і склала 53,2 % усіх грамадзян Беларусі.

Гэта вынік ігнаравання канстытуцыйных нормаў аб дзяржаўнасці нашай мовы і яе шматгадовага выцяснення з афіцыйнага і грамадскага жыцця. Гэта вынік паўторнай постсавецкай русіфікацыі Беларусі і грэблівага стаўлення кіраўніцтва дзяржавы да нацыянальнай культуры і яе найважнейшага складніка - мовы.

Стагоддзямі найлепшыя сыны і дочкі Беларусі захоўвалі сваю мову, распрацоўвалі і ўзбагачалі яе слоўнікавае і выяўленчае багацце, зберагалі ў віхурах імперскай і палітычнай залежнасці ад знішчэння, з'ядноўвалі з ёй свае творчыя лёсы, чым праславілі і праслаўляюць Беларусь.

Сёння ж беларуская мова зноў на мяжы выжывання. Беларусь - адзіная не толькі ў Еўропе, але і ў свеце краіна, якая не забяспечвае поўнага цыклу адукацыі на сваёй мове - пачынаючы ад дзіцячых садкоў і заканчваючы вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Ні ў Еўропе, ні ў Азіі, ні ў Афрыцы няма падобных ганебных прыкладаў адмаўлення ад сваёй "адзежы душы", як назваў родную мову класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч. Якраз агульнасусветны досвед яскрава сведчыць: мова краіны - адзін з наймагутнейшых фактараў жыццядзейнасці краіны і дзяржаўнай незалежнасці, без якой, у сваю чаргу, немагчымая ні палітычная, ні эканамічная суверэннасць.

Адмаўляючыся ад сваёй мовы, беларусы страчваюць не толькі сваю нацыянальную самабытнасць і культурную адметнасць, але і будучыню сваёй нацыі, дзяржавы.

Удзельнікі ХVІ з'езду ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" звяртаюць увагу на недапушчальны і катастрафічны стан беларускай мовы ў нашай краіне і заклікаюць усіх грамадзян паўстаць на яе абарону.

Далучаючыся да іншых грамадскіх ініцыятыў па выратаванні і ўшанаванні мовы тытульнай нацыі Беларусі, удзельнікі ХVІ з'езду ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" патрабуюць неадкладна распрацаваць дзяржаўную праграму ўсебаковага развіцця беларускай мовы.

Прынята на ХVІ з'ездзе

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", Менск,

10 снежня 2011 г.


ПЛАЎНЫ ПАВАРОТ

Паварот да беларускай мовы ў сверы прамысловай вытворчасці, сельскай гаспадаркі, фінансаў адбываецца вельмі павольна. Хоць мы і маем станоўчы досвед пачатку 90-х гадоў, калі зацікаўленасць у гэтым паказвала дзяржава, але з сярэдзіны тых жа 90-х усё пакацілася назад.

З пачатку 2000-х зноў пачаўся павольны рух у бок беларусізацыі, аднак ужо не з дапамогай дзяржавы, а ці не насуперак ёй. Пачалося пранікненне беларускай мовы ў сферу рэкламы і перш за ўсё ў рэкламу замежных фірм. То там то тут з'яўляюцца тавары з беларускімі назвамі і цалкам або часткова беларускімі этыкеткамі. Лягчэй за ўсё запусцілі беларускую мову ў сваю сістэму банкі, гэта і не дзіўна - там працуюць разумныя людзі, якія ўмеюць лічыць грошы, і калі беларуская мова прыцягвае кліента, то ёй - зялёнае святло.

А вось прыклад з вобласці прамысловай вытворчасці: ААТ "Беларускі аўтамабільны завод". Кіраўніцтва па эксплуатацыі на электраканвектар, які выпускаецца на заводзе. Тытульны ліст выкананы на дзвюх мовах, пры гэтым беларускамоўная версія ідзе першай. Унутраная частка прынамсі раздзелы 10. Бягучы рамонт , 11. Правілы захоўвання , 13. Гарантыйныя абавязацельствы надрукаваны па-беларуску. Раздзе 12. Пасведчанне аб прыёмцы і продажу зноў надрукавана на дзвюх мовах. І ніякіх праблемаў з тэрміналогіяй. Аказваецца БелАЗ не толькі праслаўляе Беларусь самасваламі, а і мову сваю шануе.

А вось славуты ўжо на ўсю Беларусь пральны парашок "Мара". Славуты перш за ўсё дзякуючы сваёй яркай, беларускамоўнай рэкламе, у якой задзейнічаны зоркі беларускага экрану і эстрады.

Замежнае прыватнае прадпрыемства "Парфюмерна-касметычная фабрыка "Сонца", што размяшчаецца ў г. Асіповічы Магілёўскай вобласці, паслядоўнае і ў афармленні ўпаковак "Мары". Аверсны бок цалкам аформлены па-беларуску. На тыльным (рэверсным) баку пачка - усё па-беларуску, а каардынаты (адрас, тэлефоны) прадпрыемства падаюцца на пяці мовах: беларускай, рускай, украінскай, казахскай і літоўскай. На тарцавых баках пачка справа і злева ўказанні па парадку прымянення, меры засцярогі, тэрмін годнасці, вага, вільготнасць пададзены на тых жа пяці мовах. Верхнія і ніжнія тарцы аформлены толькі па-беларуску.

У прынцыпе такое афармленне ўпаковак беларускіх тавараў можна лічыць узорным. Безумоўна, набор ужываных моў можа мяняцца ў залежнасці ад таго, у якіх краінах прадпрыемства мае экспартныя інтарэсы. А ў астатнім усё бездакорна.

Каб жа хутчэй гэты перадавы досвед перадавых беларускіх прадпрыемстваў знайшоў распаўсюджанне, а то тое ж піва ці малако на роднай мове падпісаць не ўмеюць. Адукацыі не хапае, назвы інгрыдыентаў у малаку! па-беларуску напісаць не могуць.

Лілея Крупкіна.


У філармоніі прайшоў вечар Багдановіча

Да святкавання 120-годдзя Максіма Багдановіча ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі падрыхтаваліся адпаведна, прадставіўшы публіцы 9 снежня маштабную дзею "Апокрыф", названую на афішах мюзіклам-прыпавесцю.

Кампазітар Ларыса Сімаковіч прыцягнула да ажыццяўлення сваёй задумы аркестр (Нацыянальны акадэмічны народны), хор (Дзяржаўны камерны), тэатр (фольк-тэатр "Госціца") і саліста (спевака Яна Жанчака). Сёлета яўна не было задачы здзівіць і нават справакаваць гледача, як тое было ў містэрыі Сімаковіч "Дзень Максіма" ў 2008-м, дзе ролю Багдановіча выканала Святлана Зелянкоўская, а на сцэну філармоніі падняўся гурт N.R.M. На 120-годдзе паэта, кампазітар узялася за вырашэнне няпростай задачы - раскрыць музычнай мовай філасофскую прыпавесць Багдановіча "Апокрыф".

На сцэне выглядала ўсё сапраўды грандыёзна: цымбалы ў чатыры шэрагі, хор на ўсю даўжыню, дзяўчаты з фольк-тэатра і маладыя салісты філармоніі пры мікрафоне.

- Нас усіх уз'яднаў Максім! - з такімі ўрачыстымі словамі вядоўца праанансавала дзею.

Сярод гледачоў былі такія асобы, як паэт Генадзь Бураўкін, кіраўнік хору "Унія" Кірыла Насаеў, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, скульптар Генік Лойка, кампазітар Ігар Лучанок…

Зрэшты, сама Сімаковіч неаднойчы падкрэслівала, што не мае мэты ствараць пастаноўкі пад нейкія даты і юбілеі. Кампазітарка кажа, што яе жаданне паставіць "Апокрыф" супала са святкаваннем 120-годдзя Багдановіча.

"Апокрыф" пачаўся з галашэння Народа, ролю якога выконвала "Госціца". Неўзабаве ўступіў аркестр, а потым далучыўся і хор. Пад спеў пра Максіма-кніжніка на сцэну басанож выйшаў Ян Жанчак, выканаўца галоўнай ролі - Музыкі.

- Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў? - даводзіць Музыка асноўную думку прыпавесці. Праз тую метафару Сімаковіч яшчэ раз хацела нагадаць перакананне паэта: толькі той народ мае будучыню, які думае пра духоўнасць. І той самы верш пра "краіну светлую", дзе памірае паэт, вельмі дарэчы загучаў у мюзікле фінальным нумарам.

Пасля гэтага пранікнёнага спеву грымнулі апладысменты, якія доўга не сціхалі. Выйшла ўласна аўтарка "Апокрыфа", якой усё дарылі і дарылі кветкі. Дырыжор аркестра імя Жыновіча Міхаіл Казінец усё ж неяк чароўным жэстам пасадзіў усіх на месцы - і зноў зайгралі на біс "Я не самотны…"

Вечар Максіма ў філармоніі на гэтым не скончыўся. У другім аддзяленні артысты філармоніі выканалі песні на вершы Багдановіча, напісаныя Уладзімірам Мулявіным, Ігарам Паліводам, Ігарам Лучанком - ад "Веранікі" да "Чаму я стаў паэтам".

Скончылася ўсё агульным выкананнем самай вядомай кампазіцыі на верш Максіма - "Зоркі Венеры". "Пагоню" ўвагай вырашылі абмінуць. Да лепшых часоў.

Мікалай Дубавіцкі, фота Аляксандра Ждановіча.


Будзь жа век малады, поўны светлымі днямі!

Завяршальным акордам святкаванняў юбілею Максіма Багдановіча ў Лідзе стала ўрачыстае мерапрыемства, якое адбылося 14 снежня на сцэне Раённага палаца культуры. Вечар-ушанаванне быў арганізаваны сумесна Цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы і палацам культуры.

Прысутныя, студэнты лідскага каледжа і госці свята, яшчэ раз прайшліся па незабыўных сцежках паэта. Вядоўцы распавялі пра кароткае і яскравае, як тая зорка з верша, жыццё паэта. Страшэнны збег акалічнасцей даймаў Максіма з маленства: сіроцтва, цяжкая хвароба, хатняя неўладкаванасць і вечны боль па Беларусі. Але пагроза ранняга адыходу з жыцця не змусіла яго скарыцца абставінам, апусціць рукі і зняверыцца. Наадварот, ён прадэманстраваў незвычайную сілу волі, настойлівасць і стаў адным з самых жыццялюбных беларускіх паэтаў, працаваў апантана і плённа.

Светлая туга па родных мясцінах, апяванне прыгажосці і кахання - вось галоўны лейтматыў творчасці Максіма Багдановіча. Чароўныя радкі яго бессмяротнай паэзіі прагучалі ў выкананні ўдзельнікаў народнага драматычнага тэатра.

Хоць няўмольны час нясе новыя рытмы, новыя мелодыі і песні, але не згубіліся, не растварыліся ў імклівым бегу часу багдановічаўскія "Па-над белым пухам вішань", "Слуцкія ткачыхі", "Вераніка", рамансы "Ноч", "Завіруха", "Зімовы вечар". Краналі душу, нават, выклікалі слёзы ў слухачоў песні на словы Багдановіча ў выкананні навучэнкі школы мастацтваў Эліны Зубрык, студэнткі музычнага каледжа Алены Міхалькевіч, выкладчыка дзіцячай музычнай школы Таццяны Ігнатоўскай, саліста тэатра песні "Ліда-мюзікл" Дзяніса Варановіча. А знакамітая "Зорка Венера" прагучала ў выкананні ўсім вядомага на Лідчыне саліста народнага ансамбля песні і танца "Талака" Уладзіміра Некрашэвіча.

Святочную атмасферу на свяце дапамаглі стварыць салісткі народнага ансамбля песні і танца "Лідчанка".

Усяго чвэртку веку пражыў паэт, усяго дзесяць гадоў працягвалася яго творчая дзейнасць. Але паэтычная зорка Багдановіча зіхаціць над усім светам, і ўсё ў новых і новых сэрцах, сэрцах чуйных да сапраўднай паэзіі, загараецца яе святло.

Бібліятэкар аддзела

бібліятэчнага маркетынгу

Лідскай ЦРБ

імя Янкі Купалы

Святлана Міхаловіч.


Прыслухайцеся, прыглядзіцеся - Беларушчына побач

(або як мы адзначаем 120-годдзе Максіма Багдановіча)

Прыслухайцеся...

З 9 снежня ў магілёўскіх тралейбусах гучаць песні на словы класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Усяго ініцыятарамі гэтай акцыі, гарадскім таварыствам беларускай мовы, было прапанавана 5 песень. Сярод іх «Зорка Венера», «Па-над белым пухам вішняў» і «Слуцкія ткачыхі» (слухайце ролікі на старонцы ТБМ "У Кантакце"). Пазнаёміцца з шыкоўным выкананнем багдановічавых вершаў магчыма на працягу ўсяго тыдня.

Як заўважыў кіраўнік службы руху «Гарэлектратранспарту» Аляксандр Мікалаевіч Кузін, мэта гэтай акцыі фармулюецца дастаткова проста: папулярызацыя як беларускай мовы, так і творчасці аднаго з выдатнейшых паэтаў нашай краіны. Нагадаем, што 120-годдзе Максіма Кніжніка святкуе зараз уся Беларусь. Аляксанд Кузін пералічыў маршруты тых тралейбусаў, у салонах якіх гучаць беларускія песні. Гэта тралейбусы № 2 (6 машын), № 4 (5 машын)і № 5 (4 машыны).

Паводле mycity.by


Прыглядзіцеся...

Актывісты ТБМ Алена Цумарава і Зміцер Кавалёў стварылі відэаролік з нагоды юбілею Максіма Багдановіча. Яго ўрыўкі можна пабачыць на гарадскім тэлеканале "Магілёў-2". Ну і канешне ж - у сеціве

Глядзіце на youtube.

ТБМ г. Магілёў.


Нарадзіўся вам сёння Збаўца

"Слова сталася целам і пасялілася між намі."

Ян 1:14.

За сотні гадоў да нараджэння Хрыста ў Бібліі былі запісаныя словы прарокаў Ізраіля, якія прадказвалі Яго прышэсце. У Старым Запавеце, які пісаўся многімі людзьмі на працягу 1500 гадоў, змешчана больш за 300 прароцтваў гэтай падзеі. Першае з іх выказана з вуснаў Бога ў прысудзе змею. Гэта быў план выратавання грэшнага чалавека і вяртання яму бессмяроцця: "І варожасць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе: яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту." (Быццё 3:15).

Калі Марыя была ўжо цяжарнай, выйшаў загад рымскага кесара Аўгуста. Дзе б хто не жыў, дзеля перапісу павінен прыйсці ў тое месца, дзе жылі яго продкі. Іосіф і Марыя паходзілі з роду цара Давіда, таму павінны былі ісці ў Віфлеем. Ад Назарэта да Віфлеема было болей двухсот кіламетраў. Такое падарожжа ў тыя часы патрабавала некалькі дзён праз гарыстую Самарыю. Пакуль цяжарная Марыя змагла дабрацца да месца, ўсе дамы былі запоўнены прыйшоўшымі людзьмі. Свабоднай была толькі пячора, куды заганялі авечак у час непагоды.

Тут у пячоры, уся мэбля якой сладалася з ясляў з саломай, наражаецца Збаўца. Слова становіцца целам і пасялілася між намі, Бог становіцца чалавекам. Многа разоў у розныя спосабы Бог прамаўляў да чалавека. Цяпер прамовіў да нас праз Свайго Сына!

Так Бог умілаваў свет, што Сына свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто ў Яго верыць, не загінуў, але меў жыццё вечнае.

День Божага нараджэння ад IV стагоддзя, часу ўстанаўлення гэтага свята, стаў днём асабліва ўрачыстым у свеце хрысціянскім. Сама падзея нараджэння Ісуса Хрыста апісана вельмі суха ў Евангеллях Мацвея ( 1:18-25) і Лукі (2:1-7). Людская набажнасць патрабавала больш шырокага апісання Божага Нараджэння. Гэта прывяло да шматлікіх спробаў адлюстравання гэтай тэмы ў розных формах мастацтва, пачынаючы з сярэдніх вякоў да цяперашняга часу. Многія з твораў паслужылі ілюстрацыямі да шматлікіх паштовых марак, якія выпускаюцца амаль ва ўсіх краінах свету. На марках з'яўляюцца відарысы твораў Рафаэля і Джота, Дзюрэра і Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла і Тыцыяна, Батычэлі і Рубенса, Берніні і Пусэна, Рэмбранта і Караваджо…

У першай палове XV стагоддзя асаблівых рысаў набрала сцэна нараджэння Хрыста, якая атрымала назву "Ушанаванне Дзіцяткі". Стала яна адной з найважнейшых ілюстрацый тэмы прышэсця Ісуса на свет.

Першая марка, прысвечаная Божаму Нараджэнню, з'явілася 7 снежня 1898 года. Пошта Канады выпусціла марку (Мі. 74), на якой адлюстравана карта свету з надпісам CHRISTMAS. Гэта марка дала пачатак новай тэме ў філатэліі. З таго часу колькасць марак, прысвечаных Божаму Нараджэнню, вырысла да тысяч і выдаецца поштамі, хіба, усіх краін свету. З-за немажлівасці адлюстраваць і апісаць такую колькасьць марак, прапануем толькі выбраныя некалькі прыкладаў.

У 1986 годзе пошта Германіі выпусціла марку і картмаксімум (паштоўка з наклеенай на вонкавай старане маркай з такім самым матывам, пагашанай паштовым штэмпелем такога ж матыву) з відарысам Артэнбергерскага Алтара (Ortenberger Altar) з 1430 года. Цудоўны вобраз укленчанай Марыі ў ціхім ушанаванні і малітве перад ляжачым маленькім Дзіцяткам. Марыя нарадзіла Яго ў спосаб надпрыродны і першая аддала ўшанаванне і паклон Дзіцятку, абнятаму прамяністай глорыяй, згодна са словамі Святога Пісьма: "Якога парадзіла і ўшанавала…" . Дзіцятка, лежачы ў яслях з правай рукой у жэсце дабраслаўлення, сімвалізуе Боскасць і паўнату розуму ад хвілі Свайго нараджэння. Паказаная далей стайнячка, вельмі бедная, сімвалізуе руіны дому Давіда, які калісьці быў каралём, і надыход новай эпохі. Бо нарадзіўся Той, Чыё каралеўства будзе "зацверджана навекі", Які збудуе "новы дом".

Амаль люстраное адбіццё малюнка з маркі Германіі мы бачым на выпушчанай у 1998 годзе марцы пошты Польшчы. Ілюстрацыя ўзята з Алтара Грудзяцкага (каля 1390 г.), які захоўваецца ў Нацыянальным Музеі ў Варшаве.

Карціна, намалёваная мастаком Антоніо Карэджа (1489-1534) больш за сто гадоў пазней, поўнасцю захоўвае папярэднюю сімволіку. Карціна адлюстравана на адным з самых вялікіх блокаў (173 х235 мм) , які выпушчаны поштай Карэі ў 1983 годзе.

Першая беларуская марка, прысвечаная нараджэнню Ісуса Хрыста, надрукавана 23 снежня 1997 года. На марцы адлюстраваны звычай калядавання на свята Божага Нараджэння, калі каляднікі ў калядоўных строях і з Віфлеемскай зоркай абходзяць дамы вернікаў і спяваюць Калядныя песні.

Святы час Божага Нараджэння злучае нашыя думкі і сэрцы, аб'ядноўвае нас сілаю міласці Бога да чалавека і чалавека да Бога, напаўняе радаснай удзячнасцю, якую прыносім Айцу за Яго неабсяжную міласць да людзей, якую аб'явіў у сваім Сыне.

"Нарадзіўся голы, гаворыць Бог, каб ты мог вырачыся самога сябе.

Нарадзіўся ўбогі, каб ты мог лічыць Мяне адзіным багаццем.

Нарадзіўся ў стаенцы, каб ты навучыўся асвячаць кожнае месца.

Нарадзіўся слабы, каб ты ніколі Мяне не баяўся.

Нарадзіўся з любові, каб ты ніколі не ўсамніўся ў Маёй любові.

Нарадзіўся ноччу, каб ты паверыў, што магу асвяціць усялякую рэчаіснасць, ахутаную цемрай.

Нарадзіўся ў абліччы чалавека, - гаворыць Бог, - каб ты ніколі не саромеўся быць сабою.

Нарадзіўся як чалавек, каб і ты мог стаць сынам Божым.

Нарадзіўся, церпячы пераслед з самага пачатку, каб ты навучыўся прымаць усялякія цяжкасці.

Нарадзіўся ў беднасці, каб ты быў просты ў адносінах да людзей.

Нарадзіўся ў тваім чалавечым жыцці, - гаворыць Бог, - каб усіх людзей прывесці да дома Айца."

Лявон Карповіч, Луна, 2011.


Радкі Багдановіча над Балтыйскімі хвалямі

120-годдзе М. Багдановіча шырока адзначалася ў снежні як на Беларусі, так і ў замежжы.

Імпрэза, прысвечаная юбілею Максіма Багдановіча, прайшла 11 снежня ў Калінінградзе з удзелам прадстаўнікоў беларускай культуры. Старшыня суполкі беларусаў у Калініградзе Ігар Шаховіч запрасіў прыехаць мастака Алеся Пушкіна, спевака Змітра Вайцюшкевіча і маладога паэта Віталя Рыжкова. Каб арганізаваць вечарыну Ігар Шаховіч звярнуўся ў Гарадскую думу з просьбай падтрымаць імпрэзу нацыянальнай меншасці ў дадзеным рэгіёне, і атрымаў падтрымку. Сам ён аформіў сцэну выявамі генія беларускай літаратуры, радкамі з яго вершаў, бел-чырвона-белым сцягам.

40 адсоткаў жыхароў Калініградчыны складаюць беларусы, але яны пакуль што не маюць свайго культурнага цэнтра, таму для юбілейнай вечарыны была прадастаўлена заля на 300 месцаў у Армянскім культурным цэнтры, які знаходзіцца ў раёне "Паўночная гара."

Святкаванне прайшло на высокім міжнародным узроўні. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел замежныя госці, прадстаўнікі ўкраінскай і армянскай дыяспары. Калінінградскіх беларусаў наведаў генеральны консул Літвы Вацлаў Станкевіч.

З навуковым дакладам выступіў выкладчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Беларускага тэхналагічнага універсітэта, былы дырэктар музея М. Багдановіча Мікола Трус. Ён прэзентаваў калінінградскім беларусам новую энцыклапедыю, прысвечаную Максіму Багдановічу, якая была ўпершыyю прадстаўлена чытачам 9 снежня ў Менску.

Вечарына паэзіі разгарнула свае крылы, паліліся чытанні вядомых вершаў Багдановіча, самых вытанчаных і далікантых яго строфаў.

Землякоў прадстаўляў адзін з самых папулярных і модных маладых паэтаў, якому толькі 25 гадоў, Віталь Рыжкоў. Гэты факт, напэўна, ўсцешыў бы Максіма Багдановіча.

З глыбокім пачуццём выканаў спевы Зміцер Вайцюшкевіч. Гучна і велічна заспявалі на вечарыне мічманы - прадстаўнікі ансамбля песні і танца Балтыйскага флоту.

Алесь Пушкін прадэманстраваў на імпрэзе дзве свае працы юнацкага перыяду - партрэт М. Багдановіча, напісаны алеем, і карціну "Пагоня". Яшчэ ў маладосці мастака кранула хараство лірыкі паэта, яго далікатнасць і віртуознасць.

"І прад высокаю красою,

Увесь зачараваны ёй,

Скланіўся я душой маёй,

Натхнёнай, радаснай такою

А ў сэрцы хораша было,

Там запалілася святло.

(М. Багдановіч."Вераніка".)

Знаёмства з паэтычнай спадчынай паэта, які выспяваў далёка ад Радзімы, але вёў няспынную працу над пашырэннем свайго кругагляду, над узбагачэннем памяці выдатнымі здабыткамі паэтычнай культуры, перакладаў на родную мову творы Гарацыя і Авідзія, Гейнэ і Шылера, Верхарна і Верлена натхняла маладых творцаў ва ўсе часы.

Жыццялюб і гуманіст з абвостранай цікавасцю да ўнутранага, духоўнага свету людзей, да пачуццяў жывой чалавечай душы, Багдановіч навяваў філасофскі роздум, вучыў адчуваць прыгажосць. У алегарычных творах ён расказваў аб шматпакутным лёсе Беларусі на працягу стагоддзяў і выказваў надзею на хуткія перамены да лепшага. Сталыя грамадзянскія пачуцці, якія так рана ўзрунелі ў душы паэта, клопат пра лёс Радзімы заўсёды блізкія сучасным творцам .

Госці з Беларусі наведалі помнік герцагу Альбрэхту, заснавальніку Кёнігсберскага ўніверсітэта і магілу Канта, пабывалі на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, якое здзіўляе сваёй бязмежнасцю і магутнасцю.

Э. Оліна . Фота І.Шаховіча: 1. Выступае Вацлаў Станкевіч. 2. Удзельнікі юбілейнай вечарыны.


У Баранавічах - «Барды Свабоды»

4 снежня ў Баранавічах на сядзібе Таварыства беларускай мовы (вёска Русіны, вуліца Сасновая, д.5) адбылася прэзентацыя дыска «Барды Свабоды». Арганізатарам мерапрыемства стала Анжэла Камбалава. Удзельнікі мерапрыемства з задавальненем паслухалі песні вядомага беларускага барда Зміцера Бартосіка і атрымалі ў падарунак дыск беларускіх песень "Сто бардаў свабоды".

Віктар Сырыца, старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ імя Францішка Скарыны.


Канферэнцыя да 120-годдзя з дня нараджэння Багдановіча

У Гародні на філалагічным факультэце Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прайшла навукова-практычная канферэнцыя да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

Гэта нязвыклая навуковая імпрэза. У ёй прымаюць удзел не толькі навукоўцы, але і прадстаўнікі сярэдніх навучальных устаноў вобласці, школьнікі ды студэнты, як кажа выкладчыца ўніверсітэта Ала Петрушкевіч.

- Гэта канферэнцыя не столькі дзеля навукоўцаў-літаратуразнаўцаў, якія стала працуюць у навуцы, у багдановічазнаўстве, колькі для настаўнікаў і вучняў. І таму мы вельмі радыя, што адгукнуліся не толькі настаўнікі з гарадзенскіх школаў, але таксама адгукнуліся настаўнікі з Карэліцкага раёна, якія падрыхтавалі вучняў. Безумоўна, літаральна ўсе выкладчыкі нашай кафедры прымаюць удзел.

Прайшла дыскусія, а таксама работа секцый "Творчасць Максіма Багдановіча ў кантэксце часу" і "Творчасць Максіма Багдановіча і сусветная літаратура". Упрыгожваннем канферэнцыі стала выступленне пераможцаў гарадскога конкурсу дэкламатараў "У вянок Максіму Багдановічу".

Віктар Парфёненка.

На здымках: Ала Петрушкевіч і Яна Цяслюк.


"ПраМова" крокі насустрач дасканаласці

Клуб красамоўства "ПраМова" пры Таварыстве беларускай мовы (ТБМ) існуе з сакавіка 2011 года. Асноўнай мэтай клуба з'яўляецца развіццё свайго асобаснага патэнцыялу праз практыку. Клуб дапамагае стаць больш упэўненым у сабе, развіць лідарскія якасці, навучыцца выказваць думку, трымацца на публіцы, аналізаваць, слухаць, і як вынік сябра клуба можа лёгка перайсці на беларускую мову і не адчуваць бар'ера пры размове з людзьмі. Немалаважна тое, што клуб дае магчымасць аб'яднаць людзей-аднадумцаў, знайсці новых сяброў, пачуць падчас прамоў цікавыя думкі і карысную інфармацыю, адпачыць пасля працы ці вучобы.

За час існавання клуба нас наведала больш, чым паўсотні чалавек. Канешне, не ўсе застаюцца з намі надоўга. Кагосьці не зацікавіў прапанаваны фармат сустрэч, у іншых не хапае часу, а некаторыя проста лянуюцца рыхтавацца. Але прыемна тое, што кола пастаянных чальцоў сфармавалася, і аб'ядноўвае нас жаданне размаўляць на роднай мове, рабіць прамовы на хвалюючыя нас тэмы, развівацца і сябраваць.

Мы сустракаемся кожны тыдзень, у выніку адбылося ўжо больш за 25 паседжанняў. Кожная сустрэча мае свой план працы, абіраецца Гаспадар сустрэчы, прамоўцы, вылучаюцца людзі, якія сочаць за часам, "чысцінёй" гаворкі, а таксама граматыкай. На пачатку з намі працуе Трэнер.

Перыядычна мы парушаем звычайны распарадак і арганізуем іншыя праграмы сустрэч. Напрыклад, увосень да нас завітаў тэатр "Жывое слова", дзякуючы якому мы больш даведаліся аб тым, з чаго складаецца паспяховая прамова. Пабывала ў гасцях так-сама і беларуская музычная зорка, Зміцер Вайцюшкевіч. Адбылася цікавая размова, была магчымасць задаць пытанні, а яшчэ паслухаць некаторыя творы Змітра. Акрамя гэтага мы святкуем разам святы, у кожнага ёсць магчымасць прадэманстраваць свае таленты: спець песню, сыграць на музычным інструменце, прадэкламаваць верш. Мова і клуб нас аб'ядноўвае, таму сустракаемся мы не толькі на паседжаннях, але і каб пагуляць у боўлінг, схадзіць на імпрэзу ці канцэрт.

З пачатку нашых сустрэч прайшоў ужо пэўны час, і можна падвесці пэўныя вынікі нашай сумесная працы ў клубе. Па-першае, як ужо адзначалася, вакол клуба сфармавалася суполка людзей, якім цікава развіваць красамоўства і размаўляць на роднай мове. Па-другое, тыя, хто хацеў пачаць размаўляць на беларускай мове, зрабілі гэта, і зараз для іх не існуе праблемы выказаць думку па-беларуску. Па-трэцяе, прамовы сяброў і прапанаваныя тэмы для абмеркавання становяцца ўсё больш дасканалымі, грунтоўнымі і сур'ёзнымі, прафесійнымі і красамоўнымі, яны "чапляюць", прымушаюць падумаць.

Ствараем планы і на будучыню. Так, наступнае паседжанне будзе праводзіцца ў выглядзе дэбатаў з галасаваннем. Канешне, не міне нас і сумеснае святкаванне Каляд і Новага года з конкурсамі, падарункамі, песнямі, слодычамі і гарбатай. Пасля святаў трошкі адпачнем і зноў будзем запрашаць цікавых людзей да нас у госці. Чакаем таксама і Вас у нашым клубе!

Сустрэчы праходзяць кожную сераду ў сядзібе ТБМ (Румянцава, 13), пачатак а 18.45. Уваход вольны.

Вера Канкаловіч.


Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе

Фрагменты з дакументальнага рамана

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Барыс Акімавіч Шчарбінік у свой час быў Міністрам Нафтагазбуду СССР. Бязлітасны да сябе і людзей, напорысты, кіраваў будаўніцтвам многіх нафта- і газаправодаў краіны. На парушэнні тэхнічных патрабаванняў пры іх будаўніцтве ён і службы часам не звярталі ўвагі. Герой Сацыялістычнай Працы спраўляўся з абавязкамі намесніка старшыні Савета Міністраў СССР, старшыні Бюро СМ СССР па паліўна-энергетычнаму комплексу.

- Замежнікі радыя бачыць нас на ражне. Самі пазагнюшвалі свае і чужыя рэкі і даліны, адны Злучаныя Штаты Амерыкі забруджваюць палову неба планеты. Іх віскат - голая прапаганда, - Шчарбінік аддае кіраўніку дзяржавы дадатковыя паперы па ЧАЭС.

- Не ведаю, як быць, шчыра не ведаю, - разводзіць рукамі Гарбачоў.

На гэтай сустрэчы Шчарбінік паспяхова дабіўся свайго, даказаў кіраўніку дзяржавы, што ўсё ідзе па плану. Рашэнне на своечасовую эвакуацыю жыхарства з небяспечнай для жыцця зонаў не было прынята. Сотні, тысячы дзетак Беларусі, Расіі, Украіны працягвалі абпраменьвацца, нявечыліся дарослыя людзі.

Праз некалькі дзён, калі Шчарбінік ужо не будзе адзіным кіраўніком Урадавай камісіі па ЧАЭС, шостага траўня, ён, старшыня Дзяржкамгідрамета СССР Б. А. Ізраэль, яго намесніца Ю. С. Сядунова на прэсканферэнцыі будуць сцвярджаць, што ўзровень радыяцыі вакол аварыйнага блока ЧАЭС 15 мР/ч. Беспардонную заніжанасць ніхто не мог абвергнуць. Нікому ў сне не думалася, што асобы такога ўзроўню, кіраўнікі дзяржавы, адказныя людзі, абараняючы службовы мундзір, будуць наўмысна двурушнічаць.

VIII

Аб'ектыўка. Два магутныя выбухі разбурылі рэактар чацвёртага энергаблоку станцыі, машынную залу, асобны блок. Сіла выбухаў страшэнная. Верхняя накрыўка масай дзве тысячы тон апынулася на верхняй частцы шахты рэактара, нахільна пад вуглом пятнаццаць градусаў. Распаленыя абломкі бетону, графіту, пяску выкідваліся ў неба з радыенуклідамі. Гарэў чацвёрты рэактар. Загараўся трэці. Болей трыццаці агменяў пажару прышлося тушыць вакол трэцяга рэактара і турбінных блокаў.

Газы, аэразолі, мікрачасціцы выносілі велізарныя дозы радыеактыўнасці ў струменях. Дасягнулі Японіі і ЗША. (5)

Сусветная практыка не ведала, як змагацца з падобнымі катастрофамі. Адсутнасць метадычных рэкамендацыяў, навуковых і тэхнічных сродкаў правядзення работ пры высокіх узроўнях іанізаваных выпраменьванняў абцяжарвалі працу пажарнікаў і ліквідатараў.

Будаўнічыя работы ў складаных радыяцыйна-небяспечных умовах былі не проста цяжкімі - непрадказальнымі. Праводзіліся пасля радыяцыйнай разведкі, вызначэння крыніцаў выпраменьвання і небяспечных рэгламентаў працы. Наяўныя дыстанцыйна-кіраваныя механізмы і тэхніка, радыяцыйна-абаронныя кабіны і экраны практычна не выкарыстоўваліся - згаралі, а то і зусім іх не было.

Тым не меней, як паказала практыка, найболей ад усіх пацярпелі менавіта яны, героі першых дзён тушэння і ліквідатарства. І позна выехалыя і вывезеныя сем'і, як тая ж сям'я Івана Нямковіча.

Аб'ектыўка . З вышыні дзвесце метраў, пад рознай сілы парывамі ветру скінуць мяшок з свінцом ці пяском у разбушаваны радыяцыйны рэактар (дыяметр пятачка васямнаццаць метраў) задача незвычайна складаная. Героі-верталётчыкі пад кіраўніцтвам героя, самаахвярніка, прафесара Ігара Аляксандравіча Эрліха рабілі немагчымае. Выконвалі ўсе рэкамендацыі. Эрліх з верталётчыкамі амаль штодня кружляў над жахотным чацвёртым рэактарам. Засыпалі вогненную зяпу чацвёртага.

Верталётчыкі мяняліся пасля кожнага вылету, абавязаны былі заменьвацца. Іх бракавала, многія рызыкавалі жыццём, не мяняліся, або рэйс праз рэйс, як лаўрэат дзвюх вялікіх дзяржаўных прэмій, акадэмік Ігар Эрліх. Маскоўскаму прафесару, кіраўніку засыпной і іншых аперацыяў на ЧАЭС сорамна адпраўляць рызыкаваць другіх, а самому адседжвацца ў бункеры. Сумленнік, як і верталётчыкі, караціў уласны век дзеля здароўя іншых. Лятаў занадта часта.

З першага да чацвёртага траўня ў рэактар скінулі 2500 тон пяску, 1500 тон свінцу, 60 тон бору.

З-за савецкай заведзенай расхлябанасці і звычайнага неразумення сітуацыі лячылі адно, залечвалі другое. Цяжкі груз пры пападанні ў вогненны рэактар віхром уздымаў радыеактыўныя рэчывы, яны разносіліся на значную адлегласць праз адтуліны ў даху. Скінутыя свінец і бор у рэактары не вытрымлівалі страшэнна высокай тэмпературы, 2600-3000 градусаў, плавіліся, радыеактыўнымі выляталі ў неба. На невінаватых людзей у гарадах і вёсках. Павялічвалі жах новага выбуху рэактара, асабліва для Беларусі.

Практычна нікому невядома, хто распарадзіўся перастаць закідваць рэактар свінцом, пяском, борам. Гэтаму чалавеку, яго сям'і і родным павінны не проста кланяцца людзі трох славянскіх дзяржаў і Еўропы, яму павінны памагаць нябесныя сілы, як і кожнаму выбаўцу мільёнаў людзей ад гора. Яму патрэбна паставіць залаты помнік.

Кланяцца патрэбна многім. Генералу Аляксею Фёдаравічу Суяцінаву і капітану Паўлу Паўлавічу Збароўскаму таксама. Гэтых двух вайскоўцаў, як і акадэмікаў Валерыя Лягасу, Ігара Эрліха, прафесараў Васіля Несцерука, Івана Мікітчанковіча, не ўзнагародзілі высокімі заслужанымі званнямі.

Ваду пачалі ліць у рэактар яшчэ да скідвання пяску, бору і свінцу. Па непісьменнай ініцыятыве былога кіраўніцтва ЧАЭС, асобных вучоных. Пад рэактарам сабралася дзесяць тысяч кубічных метраў вады. Цэлае возера. Пад цяжарам скінутых з верталётаў грузаў рэактар мог абваліцца ў гэтае возера з гадзіны на гадзіну. Трагедыі Хірасімы і Нагасакі, у сотні разоў мацнейшая Чарнобыльская трагедыя, пасля абвалу сталі б дзіцячаю забаўкаю ў параўнанні з мажлівай катастрофай. Выбухам, сусветным Армагедонам.

Магутны цеплавы выбух у чацвёртым рэактары непазбежна ўзарваў бы тры астатнія рэактары станцыі.

- Калі вы, не дай Божухна, дапусціце падзенне рэактара ў ваду, у краіне адразу прыйдзецца ўводзіць надзвычайнае становішча, - гаварыў, загадваў, прасіў кіраўніка дублёрнай Урадавай камісіі па ЧАЭС І. С. Сілаева кіраўнік дзяржавы Міхаіл Гарбачоў шостага траўня.

Выбух на чацвёртым рэактары дастаў краіны Еўропы, часткова ЗША, Японію. Выбухнулі б яшчэ тры суседнія - іх сумесны жахлівы напор не проста абмыў бы цалкам Еўропу, паставіў бы яе на мяжу выжывання. Тоўстаю посцілкаю дасягнуў бы абедзвюх Амерык, Азіі, палюсоў Зямлі. Змяніў бы атмасферу планеты.

Нябачную, рызыкоўную мужнасць і адвагу праявілі воіны адной воінскай часткі Грамадзянскай абароны. Пад камандаваннем капітана Збароўскага і генерала Суяцінава сяржанты і шарагоўцы здзейснілі вычын, рызыкавалі ўласным здароўем, будучыняй.

Пад рэактарам устанавілі трубаправод - ад возера назбіранай вады пад станцыяй да адстойнікаў, завялі пажарныя шлангі, устанавілі ў трэцім блоку пажарную машыну і мотапомпы.

Пра незвычайны вычын невядомых вайсковых герояў, шарагоўцаў і камандзіраў, іх здароўе практычна ніхто цяпер не ведае. Як не ацанілі іх і ў трывожным Чарнобыльскім тагачассі. (6)

IX

У кабінеце Генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова старшыня Савета Міністраў СССР Мікалай Іванавіч Рыжкоў, намеснік старшыні Савета Міністраў СССР Іван Сцяпанавіч Сілаеў, некалькі мужчын у цывільных і вайсковых мундзірах.

Уваходзіць задыханы прыпацелы Барыс Шчарбінік, у абедзвюх руках папкі.

- Спазняецеся, Барыс Акімавіч, - сустракае яго Рыжкоў.

- Мы пачынаем баяцца, што вы надта шмат спазняецеся. Прашу ўвагі, - звычайна мяккі голас Гарбачова пацвярдзеў. - Прыступім. Дакладвайце. Кожнаму дакладчыку да пяці хвілін.

Паведамленні Шчарбініка, акадэмікаў Лягасы і Веліха, нешматслоўныя выступленні практыкаў. Зачытана закрытая інфармацыя.

Першы намеснік начальніка Грамадзянскай абароны краіны генерал-палкоўнік Браніслаў Парфіравіч Іваноў невыхавана спытаў выхаванага Шчарбініка:

- Вы любілі маці? Сваіх дзяцей любіце?

Адказу на нязвычнае ў высокім кабінеце пытанне не дачакаўся, забівае наступны цвік, не цвік - кол:

- Чужых дзяцей яўна не любіце. З-за вашай марудлівасці па ЧАЭС будзе шмат слёз і смерцяў.

- Не трэба абагульняць. Мітынговасць тут не да месца, - Шчарбінік падкрэслена ветліва ўсміхаецца.

- Чаму вы дасёння не дазволілі эвакуацыю людзей з гіблай зоны? - хмарна працягвае хмарны Іваноў. - Навукоўцы вам усё растлумачылі.

Пісьменнае інтэлігентнае выкруцельства свайго намесніка Шчарбініка перабівае Рыжкоў:

- Заўтра я сам лячу ў Чарнобыль. Калі спраўдзяцца сцверджанні вучоных, калі паказчыкі нашых прыбораў будуць разыходзіцца з вашымі, Барыс Акімавіч, што параіце рабіць?

Маўчанне.

- Аддаць вінаватых пад суд, - з грубаватай лаканічнай акрэсленасцю ваеннага цісне Іваноў.

- Не трэба зараней высновіць, на месцы разбірацца.

Голас аднаго з вайскоўцаў дапаўняе той жа генерал-палкоўнік Іваноў:

- Кіеў і Мінск патрабуюць дазволу на эвакуацыю людзей з зоны. Чаму вы ўпарціцеся?

На вялікіх пасадных узроўнях субардынацыя зачастую не захоўваецца, асабліва ў выключных выпадках. Небаязлівыя рэплікі вайскоцаў моцна б'юць, заядаюць намесніка старшыні Савета Міністраў Барыс Шчарбініка, з адвагай упэўненага ён выкрутліва пагаджаецца з дакорамі вайскоўцаў:

- Пры любых абставінах суда не пазбегнуць. Вінаватыя.

Герой сацыялістычнай працы, намеснік старшыні ўраду Барыс Шчарбінік быў на той вышыні, на якой людзям асабістая судовая калатнеча практычна ніколі не пагражае ў краіне СССР.


Чарнобыль. Другога траўня 1986 года. На паседжанні ў канферэнц-зале райкаму партыі намеснік старшыні Саўміну Украіны Нічыпар Мікалаеў стаіць на сваім:

- Пароць гарачку не трэба. Ніякіх высяленняў, - паўтарае амаль даслоўна ўласныя, нядаўна выказваныя словы. Чакае падтрымкі поглядам ад Мікалая Рыжкова.

Задаволены Шчарбінік падтрымлівае калегу, жэстамі супыняе аднаго вайскоўца, другога. Сённяшняе пашыранае паседжанне камісіі нявыхавана перапыняюць два старшыні аблсаўнардэпутатаў: Кіеўскага - Плюшчык, Гомельскага - Граховіч. Іх довады прасцей простага - народ нельга абпраменьваць, да Прыпяці і Янава патрэбна дабаўляць на высяленне новыя населеныя пункты.

- Пачакаеш - не памылішся, - намеснік міністра аховы здароўя краіны Верабей даказвае былое. Страшэнна вялікія выдаткі дзяржавы на высяленні вёсак і мястэчкаў нельга дапускаць, тым болей на дачасныя высяленні.

Павесялелую атмасферу паседжання перабіў выгалас. Сказана адно слова "Памылка", яно збузавала ўрачыста-начальніцкую атмасферу.

Усе пагляды не на гаваркіх Шчарбініка і Вераб'я - на Валерыя Лягасу.

- Ужо казаў. Паўтараю каторы раз. Высяляць прыдзецца. Такое разбурэнне і выкіды... - зацвярдзелы голас акадэміка як бы павіс у перапоўненым пакоі. - Мінімум на стагоддзе. Цэзію не загадаеш.

Сціплы чалавек у сціплым касцюме, пры няяркім гальштуку ўпарта не заўважаў жэстаў галоўных пасаднікаў. Уголас падтрымліваў генерала Мікалая Бандарчука, старшыняў двух абласных Саветаў народных дэпутатаў.

Ігар Эрліх не падымаў рукі, выкрыкнуў з месца:

- Высяленняў будзе шмат! Усё значна складаней.

Другога траўня пры канцы разбору палётаў, выслухаўшы ўсіх датычных да аварыі, асабліва вучоных, пасля распараджэння пра тэрміновую эвакуацыю ўсіх людзей з 30-кіламетровай зоны, хуткі розумам памярковец Мікалай Рыжкоў здзівіў усіх непрыфар-баваным заключэннем:

- Да аварыі мы даўно ішлі. Самі стварылі ўсе ўмовы. Дзіўна, чаму раней яна не адбылася.

Словы старшыні Саўміна вялікай краіны пастараліся не агучваць. Аднак прагучэлыя многім запомніліся.

Аб'ектыўка. Старшыня Кіеўскага аблсаўнардэпутатаў Іван Сяргеевіч Плюшчык падрыхтаваў транспарт для вывазкі ўсіх людзей з радыеактыўнай зоны. З Прыпяці ўсіх пачалі вывозіць увечары на другі дзень пасля аварыі - дваццаць сёмага красавіка. Усяго вывезлі пад пяцьдзесят тысяч чалавек. З станцыі Янаў наважылі эвакуацыю пачаць праз дзень. Рашучы Плюшчык браў адказнасць на сябе, калі па-валявому ўзгадняў усё з украінскім начальствам, Урадавай камісіяй.

Кіраўнік Урадавай камісіі, намеснік старшыні Савета Міністраў СССР Барыс Шчарбінік з 28 красавіка да 2 траўня 1986 года сцвярджаў адно і тое: няма асновы на эвакуацыю людзей з вёсак, ніякія зоны не патрэбныя, паніку няма чаго падымаць. З-за яго асабістай нераспарадчасці эвакуацыя горада Прыпяці і станцыі Янаў была пачата на суткі пазней. Рашэнне на адсяленне люду з 20-кіламетровай зоны ім так і не было прынятым, хаця ўсе паўнамоцтвы былі.

Толькі прыезд другога траўня ў Чарнобыль старшыні Савета Міністраў СССР Мікалая Рыжкова выцягнуў сітуацыю з бюракратычнай нерашальнай дрыгвы, выратаваў мноства людзей радыяцыйнай зоны, не дапусціў яшчэ большае развіццё мажліва моцных у іх хваробаў. Меркаваная 20-кіламетровая зона эвакуацыі з прыездам Рыжкова павялічылася на дзесяць кіламетраў. У той жа дзень першы намеснік начальніка Грамадзянскай абароны СССР генерал-палкоўнік Б.П. Іваноў аддаў каманду на правядзенне паўсямеснай эвакуацыі з трыццацікіламетровай зоны. Правялі яе 2 - 5 траўня.

Жорсткае супраціўленне эвакуацыі Б.Е. Шчарбініка, першага намесніка Міністра аховы здароўя СССР Е.І. Вераб'я, дырэктара інстытута Леаніда Ільіна, намесніка старшыні саўміна Украіны Н.Ф. Нікалаева працягвалася і пасля. Належна іх пазіцыя не ацэненая да гэтага часу. (10)

(Працяг. у наст. нумары.)

Валер Санько


САМАЦВЕТЫ МОВЫ БЕЛАРУСКАЙ

А на шыі Божай Маці

пацеркі -

З самацветаў мовы беларускай.

Ніл Гілевіч.

Напрыканцы 2011 года ўбачыла свет новая кніга паэзіі Ніла Гілевіча "Пацеркі Божай Маці". Верш, які паслужыў назвай для кнігі, стаў той чырвонай нітачкай, на якую аўтар нанізаў усе паэтычныя творы гэтага невялікага зборніка, дзе кожны верш - своеасаблівы самацвет беларускай мовы. Самы буйны самацвет, што аздобіў пацеркі Божай Маці, - паэма "Споведзь крывічанкі".

Нельга не адзначыць і выдатную работу мастака Віктара Гардзіёнка. Далікатна і з мастацкім густам зроблена аформленне кнігі. Ужо сама вокладка з выявай ліку Божай Маці прыцягвае ўвагу, падрыхтоўвае чытача.

Кнігу адкрывае "Дыфірамб доўгачаканаму дажджу". Аўтар з уласцівым яму майстэрствам стварае маляўнічую і вельмі музыкальную карціну дажджу праз прызму адносін лірычнага героя да гэтай з'явы. Мы бачым дождж яго вачыма. Верш уяўляе сабою ўзор высокай паэзіі, па сіле ўздзеяння роўны творам Тютчава і Фета. Чым жа так вабіць верш? Перш за ўсё эмацыянальным настроем і збалансаванасцю адносін чалавека і прыроды. Форма і змест таксама ў згодзе. Астрафічнасць верша, традыцыйны чатырохстопны ямб, адметнасць аўтарскай мовы, яе вобразнасць, сінтаксіс і лексіка - усё працуе на змест. Твор можна раздзяліць на тры ўмоўныя часткі. У першай - музычная дынаміка ад фатэ да піяну.

Спярша вятрыска наляцеў,

Тугою хваляй шугануў,

Лісцём асін зашалясцеў,

Дубам чупрыны ўстрапянуў

І ўлёгся ў міг, і лес заціх,

Як бы дыханне затаіў…

Другая частка пачынаецца з піяну і паступова пераходзіць у фартэ:

І вось, і вось - закапаў дождж,

Зашапацеў, загаманіў,

Усё спарней, мацней, гучней

Ягоны важкі, роўны шум

Увесь прастор запаланіў …

І далей - усё, што "гняло душу" лірычнаму герою, "няўзнак сышло, як не было", яго сэрца ачышчаецца дажджом: "Як уваскрэслы, я гляджу//У вочы боскія дажджу". Сэрца напаўняецца радасцю і ў трэцяй, заключнай частцы верша ён выгукае:

Паі, напойвай, абмывай

Усю зямлю, увесь наш край,

Увесь - наўсцяж,

Увесь - суздром…

Экспрэсія пачуццяў дасягнула, здавалася б, найвышэйшай кропкі, але лірычнаму герою для поўнага шчасця не хапае грому: "Ах, каб яшчэ дый грымнуў гром!"

Уражвае і верш "Пасланне мяккага знака акадэміку N.": "Я той у мове, з кім не зманіць//Ніводзін, мне падлеглы гук." Сапраўды, адсутнасць мяккага знака калечыць "крывіцкай мовы прыгажосць":

Ёй без мяне

нішто няўцешна:

І свет не сьвет,

і снег не сьнег.

І песня ўжо

не наша песьня,

І смех ужо не наскі сьмех.

Абмежаванне мяккага знака ў законных яго правах паўплывала і на маўленне - страцілася ўласцівая нашай мове мяккасць.

Той самы ў слове

зьмест нібыта,

Агульны сэнс таксама той.

А дзе душа? Душа забіта.

Бо я і быў яго душой.

У вершах "Санет філолагам", "У Беларусі змагацца за праўду", "Браты! Пачуйце! Каб бясслаўна", "Гаварыце праўду, беларусы!", "Ну што, беларусы?", "Пацеркі Божай Маці", "Як мала…" Ніл Гілевіч верны сваёй грамадзянскай пазіцыі: ён працягвае заклікаць нас берагчы сваю мову, "штодзённа, нястомна, упарта//За беларускую мову змагацца", як робяць "Нашы браты на Балканах славенцы". Паэт скрушна заўважае:

Як мала

за мову зямлі беларускай

пакутнікаў!

Як многа

ахвочых па ёй патаптацца

паскуднікаў!

"Песня валанцёра" - гэта нам напамінак быць міласэрнымі, не забываць пра абяздоленых, пра тых, хто чакае дапамогі. Адметная рыса характару валанцёра гучыць рэфрэнам:

Бяздушна я не абыду

Таго, хто трапіў у бяду,

Каго ў жыцці спасцігла гора.

Свае адносіны выказаў народны паэт да "Святога, Вялікага Дня" - Дня Перамогі - у аднаіменным вершы. На думку аўтара, адзначаць яго трэба "..не бакальнай//Шыпучай пенай да краёў -//Пад гром фанфар, пад асляпляльны//Бляск юбілейных медалёў", а так, "Як просяць душы ўсіх Палеглых". А душы просяць: "Каленаўклоннай цішыні".

У вершы "Спыталі мужчыну", прысвечаным Яўгену Стасевічу, вызначаны жыццёвыя прыярытэты не толькі лірычнага героя, але і самога аўтара. Лірычны герой верша на пытанне: "Скажы нам: а чым ты ў жыцці даражыў, //Як божай любоўю праўдзівай?" адказаў: "Сям'ёю. Сябрамі. Радзімай.//". "Сям'я, І сябры. І Радзіма." былі яму апорай у "смутку-журбе". У "святлічнага шчасця гадзіну" мужчына ўспамінаў "Сям'ю. І сяброў. І Радзіму.". І апошні паклон ён аддасць "Сям'і. І сябрам. І Радзіме.". Бясспрэчна, што калі ў чалавека добрая сям'я, сапраўдныя сябры, тады ён больш карысці прынясе і Радзіме.

З уласцівым аўтару гумарам напісаны вершы: "Эпоха і народ", "Засцеражы, Божа". Паэту "ноч у ноч" сняцца "зычлівыя, любыя, дарагія" сябры. Ён ужо "Перасніў усіх сяброў!.. А што далей?", а далей - бяссонніца. Аўтар звяртаецца да Бога з просьбаю: Божа правы,

Божа мілы,

Божа родненькі,

Упільнуй, малю, Цябе,

засцеражы,

Каб хаця не сталі

сніцца мне нягоднікі.

У вершах "У белай палаце", "І я жыву…" мы адчуваем "незагойны" боль і "несканчоны" смутак паэта ад страты спадарожніцы жыцця, каханай. Адчуваем вялікую павагу да яе і ўдзячнасць аўтара.

І я жыву…

Жыву таму, што знаю:

Усе мае грахі перад табой

Перамагла і на парозе раю

Не ўспомніла пра іх

твая любоў.

Усяго пяць радкоў вольнага ямбу. А за імі так многа: і каханне, і драма, і высакароднасць. Вось дзе сіла майстэрства! На мой погляд, верш адпавядае кітайскаму эталону мастацтва: "Ужо павыбраны ўсе словы, а думкі звыш краёў". Менавіта на такіх творах трэба вучыцца маладым паэтам. Па словах аўтара, гэты верш з'яўляецца эпіграфам да паэмы "Споведзь крывічанкі". У паэме створаны чысты, нічым незапляплены вобраз беларускі, якая не адступае ад сваіх маральных прынцыпаў, захоўвае жаноцкую годнасць у складаных жыццёвых абставінах. Яна знаходзіць у сабе сілы жыць дзеля дачкі і навучыць яе разумець:

Якое вялікае шчасце -

Мець годнасць крывіцкую,

Волю крывіцкую мець.

Паэтычныя пацеркі Ніл Гілевіч завяршае чатырохрадкоўем над назвай "Эпілог:

Ну, вось і ўсё! "На гэта звалі".

Што меў зрабіць -

зрабіў як мог.

Ці ўсё па-боску, па прызванні?

Пра гэта знае толькі Бог.

Тамара АЎСЯННІКАВА .


АПОВЯД ПРА "ЗАБЛУДНЫХ" ПРАЦЯГВАЕЦЦА

- Міхась Васільевіч, дзе Вы адшукалі такое ёмкае слова - "заблудныя" - для сваёй кнігі? - спыталі мы ў сп. Амялішкі.

- А што, зацікавіла?

- Так, вельмі. Чытаю і ўсё разважаю, хто яны, заблудныя, як яны дзейнічалі.

Летам сёлетняга года сябар ТБМ Міхась Амялішка парадаваў гарадзенцаў прадаўжэннем сваёй кнігі "Заблудныя". Як і папярэдняя кніга, яна распавядае пра жыццё жыхароў вёсак Бортнікі, Вольна і іншых паселішчаў Баранавіцкага раёна ў звязку з драматычнымі падзеямі канца 30-х гадоў і Другой Сусветнай вайны. З добрым веданнем жыцця аўтар апавядае не аб выдуманых героях і падзеях, а аб сапраўдных, блізкіх і добра вядомых яму і людзях, і фактах. Прыводзіць іх сведчанні, апісвае ўбачанае і перажытае ім самім, а чытачу дае магчымасць рабіць уласныя вывады і даваць ацэнкі.

Найбольш хваляваў заходніх беларусаў іх лёс у сувязі з нападам гітлераўскай Германіі на Польшчу і наступленнем Чырвонай Арміі. Аўтар не ўсхваляе рэжым даваеннай Польшчы, але паказвае, што многія сяляне Заходняй Беларусі былі задаволены ўсталяваўшымся дабрабытам, планавалі развіваць сваю гаспадарку, з трывогай ставіліся да прыходу Саветаў. Адны з трывогай пыталіся: "Васіль, а няўжо наш край захопяць бальшавікі?" Другія, былыя падпольшчыкі, мясцовыя актывісты, з надзеяй суцяшалі: "Адна надзея на братнюю дапамогу бліжэйшага суседа, панімаеш." Аўтар заўважае: "Сяляне верылі, што бальшавікі, як і абяцалі, аддадуць сялянам зямлю, а рабочым - фабрыкі і заводы...А верылі ... таму, што яны аб гэтым марылі," спадзяваліся, што пры дапамозе Саветаў "тутэйшыя зажывуць шчасліва, так, як жывуць нашы браты на ўсходзе, у БССР." У кнізе сустракаем шмат сцэнаў, дзе паказана, як сяляне пачынаюць разумець, што несла ім новая ўлада, як спрабуюць вызваліцца ад ранейшых, заблудных ілюзій, пасеяных бальшавіцкай прапагандай.

Пакуль яшчэ не запалоханыя, не прывучаныя маўкліва пагаджацца з начальствам, з уладай, яны спрабуюць аспрэчваць іх думкі і пастановы. Паверыўшы прапагандзе аб народным характары ўлады, яны спрабуюць трымацца на роўных з раённым начальствам і ўступаюць у спрэчкі аб тым, што такое эксплуатацыя, каго можна лічыць кулаком. Толькі пагроза з боку старшыні райвыканкама прымушае сялян змоўкнуць. Яны пачынаюць разумець, што цяпер давядзецца жыць па правілах і законах, устаноўленых "заблуднымі."

Трэба адзначыць, што падобныя сцэны з'яўляюцца дабрай адметнасцю кнігі і выклікаюць цікаўнасць у чытача.

Але галоўная тэма другой кнігі - ваенная, і сп. Амялішка падае яе ва ўсёй складанасці, праследжвае, як ваенныя падзеі адбіліся на лёсе яго землякоў. Аўтар не малюе карціны толькі адной фарбай: як зямляк, чырвонаармеец ці партызан - то фарбы светлыя; як вораг, захопнік - то чорныя. Не, ён падае падзеі, людзей ва ўсёй іх жыццёвай складанасці, супярэчлівасці. У кнізе сустракаем вяскоўцаў, якія дапамагаюць акружэнцам-чырвонаармейцам, ратуюць, хаваюць у сваіх сядзібах, а ёсць і такія, што здольныя і боты сцягнуць з параненых ці пажывіцца вайсковай маёмасцю. Розныя і чырвонаармейцы: ёсць мужныя, верныя прысязе байцы, а ёсць і такія, што гатовы нават у небяспечны час паздзеквацца з святара. Такія ж і партызаны: адны па-сапраўднаму змагаліся з акупантамі і ў цяжкі час прасілі дапамогі ў вяскоўцаў; другія, прыходзячы ў вясковыя хаты, займаліся рабаўніцтвам, п'янствавалі, пагражаючы зброяй, забіралі адзенне, прадукты, жывёлу. Мірныя людзі былі перад імі безабароннымі. Яшчэ больш бяспраўнымі яны паўставалі перад немцамі, якія ўчынялі здзекі і забойствы. Але і сярод іх здараліся праявы спагады да вяскоўцаў (як у адносінах да маці з грудным дзіцем).

Чытаючы аб гэтым у кнізе, верыш аўтару, таму што прыведзеныя ім факты апіраюцца на досвед сведкаў, і верыш яго вываду: "У гэтыя часы мы фактычна жылі пры дзвюх уладах. Днём была нямецкая акупацыйная ўлада, а ноччу - партызанская, савецкая."

Калі здзекваліся акупанты, то гэта неяк было зразумела: на тое яны і ворагі. А калі так паступалі свае абаронцы, якія па абавязку павінны бараніць мірных сваіх жыхароў, то вяскоўцы гэтага не разумелі. Толькі можам здагадвацца: так жорстка маглі паступаць тыя, хто вырас на бальшавіцкай прапагандзе класавай нянавісці. Такім чынам яны дзейнічалі не толькі ў ваенны, але і ў мірны час пры ўсталяванні савецкай ўлады, пры калектывізацыі.

Асобная частка кнігі прысвечана стварэнню калгаса ў вёсках Бортнікі, Матылі, жыццю людзей у іх. Прыводзячы сведчанні саміх калгаснікаў, аўтар расказвае аб жорсткім прымусе пры іх стварэнні, галоце людзей у іх, развале гаспадаркі. Сялянка расказвала: "...Наш калгас прыйшоў зусім у заняпад, таму што людзі кралі, ...каб выжыць," а старшыня "кіраваў калгасам да тых пор, пакуль усё ... з сябрукамі не прапілі." Адчуваецца, што аўтар кнігі не ўсё яшчэ сказаў аб калгасе.

Хочацца прызнаць, што кніга М. Амялішкі дапаўняе нашы веды аб сапраўдным жыцці ў калгаснай вёсцы, дапамагае зразумець прычыны яе заняпаду.

Прачытаўшы "Заблудных" і ўбачыўшы трывогі і беды вяскоўцаў у перадваенны час, у вайну, у калгасе, задумваешся аб прычынах гэтага: адкуль з'явілася такая лютасць у людзей, нянавісць у адносінах адных да іншых. Назвай кнігі аўтар нібы падказвае, што звязана гэта з дзейнасцю "заблудных" і іх чалавеканенавіснымі поглядамі. І такім чынам паняцце "заблудныя" пашыраецца і ўключае ўсіх тых, хто нясе няшчасце людзям.

У тым і каштоўнасць кнігі Міхася Амялішкі, што яна дапамагае разабрацца ў прычынах нашых мінулых бед.

Станоўча адгукаючыся на працу сп. Амялішкі, хочацца выказаць і некаторыя заўвагі і пажаданні. У цікава напісанай кнізе з багатым фактычным мясцовым матэрыялам суседнічаюць раздзелы, у якіх канспектыўна падаюцца падзеі савецкай гісторыі (рэвалюцыі, калектывізацыі, перадваенныя падзеі і інш.), якія ніяк не ўпісваюцца ў структуру кнігі і чытаюцца з меншай цікавасцю. Адчуваецца таксама недастатковая сувязь з сюжэтам і некаторых навэл (аповеды пра Сладкоўскага Барыса, пра Пятра Башко, пра сям'ю Лебядзевіча - Янковіча). Думаецца, што некаторыя главы з інфармацыяй агульнага характару можна было б скараціць без страт для кнігі.

Сустракаюцца ў кнізе і некаторыя недакладнасці ў падзеях і назвах, маюцца і моўна-лексічныя недахопы, дрэнна пабудаваныя сказы, да прыкладу: старшыня райкаму партыі, кіраўнік або камандуючы дывізіі і інш. Яны носяць на сабе адбітак нейкай паспешлівасці і могуць быць лёгка выпраўлены, калі аўтару ўдасца выдаць адной кнігай абедзве яе часткі. І гэта стала б добрым укладам у фармаванне праўдзівага погляду на нашу нядаўнюю гісторыю. Як заўважае сам аўтар у эпіграфе: " Усё мінецца. Штосьці забудзецца, а праўдзіва напісанае застанецца."

Іван Буднік, Гародня.


Калядныя віншаванні ад Данчыка

Данчык «Калядныя песні», Мн., 2012, «БМАgroup» паводле ліцэнзіі «RL/RFE», 1998.

У раздзел лёгкай музыкі ўжо неаднаразова перавыдаванай кнігі «222 альбомы беларускага року» ажно шэсць альбомаў прадставіў знакаміты спявак з Амерыкі, залаты беларускі голас - Данчык, а нашыя меламаны так і не вераць таму факту. Бо нават не ў кожнага з сусветных славутасцяў столькі набярэцца (напрыклад, 3LP каралёў амерыканскага арт-року «Pavlov's dog», пяток кружэлак ад французскага электроншчыка Jean Michel Jarre, 4 CD леґендарнага Марка Болана з ягоным «T. Rex»). А пакуль Фаманедаверак сумняваецца, сапраўдныя калекцыянеры шукаюць абя-цаную «БМАgroup» серыю 6CD-перавыданняў, ды ажно з бонусамі. Шукаюць і знаходзяць, бо ўжо выйшлі ды паспелі парадаваць тысячы калекцыянераў беларускай фанаґрафіі пяць якасных вытвораў амерыканскіх студыяў (альбомы Данчыка «Беларусачка», 1978; «Я ад вас далёка», 1985; «Мы адной табе належым», 1989; «Ровесники», 1991; «Мы яшчэ сустрэнемся», 1992). А пра шосты дыск насамрэч не ведаў нават Данчык, бо запісвала яго з падачы Змітра Марчука (старшыні фан-клубу «Данчык-forever») адна мюнхенская студыя з менскага канцэрту артыста ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Альбом мае назву «Калядныя песні».

Калі нехта сумняваецца, што канцэртны альбом можа мець нейкую самастойную каштоўнасць (маўляў, заўсёды знойдзецца месца для розных паўтораў з канцэптуальных рэлізаў), дык адразу мушу засведчыць, што тыя 19 песень вы не знойдзеце больш нідзе. Ну хіба што ў беларускай песні «Крывічаначка» можна пазнаць украінскую «Галічаначка» 1991, але ж пераклад Сяржука Сокалава-Воюша таксама чагосьці варты:

Ці Дняпро віруе сіні

між палёў-лугоў,

Ці Дзвіна цалуе плынню

стромы берагоў,

З даўных дзён у неспакоі

ясна панначка -

У чаканні слаўных вояў

крывічаначка.

Total свяжак падорыць і нямала іншых перакладаў, але хто з вас чуў на роднай мове знакамітыя колісь хіты «Milisse mou» Наны Мускуры, «Les Feuilles Mortes» Эдыт Піяф ды іншыя? А некаторыя сусветныя песенныя шэдэўры гучаць і без перакладу: «The Boxer» амерыканскага дуэта 60-х Simon/Garfunkel, «Yesterday» ад вялікіх брытанскіх бітлоў Lennon/McCartney, габрэйскі танец «Hava Nagila!», іспанскі «Gracias a la vida» ад Віялеты Парра. Данчык выконвае іх бездакорна, захоўваючы пры тым сваю адметную манеру і шарм.

Варта дадаць таксама, што акрамя С. Сокалава-Воюша над беларусізацыяй сусветных шляґераў для Данчыка працавалі і іншыя знакамітасці - даследчык французскай паэзіі Мацвей Смаршчок з Амерыкі, ґеніяльная паэтка Наталля Арсеннева адтуль жа. Гучаць і ніколі тут не чутыя песні на вершы Максіма Багдановіча («Не кувай ты, шэрая зязюля» - mega-hit), Уладзіміра Дубоўкі («О Беларусь, мая шыпшына!»), напісаныя таленавітымі кампазітарамі-эміґрантамі Міколам Куліковічам, Міколам Равенскім.

Ёсць у альбоме і творы сучасных талентаў на метраполіі. Як, напрыклад, улюбёны турыстычны хіт «Забыты дом» наваполацкага барда Алега Паўлёнка, «Крыніцы» ягонага земляка Сокалава-Воюша, ананімна распаўсюджаны тут за савецкім часам нацыянальны вайсковы гімн «У гушчарах», які напісаў, аказваецца, усё той жа М. Куліковіч на вершы Н. Арсенневай.

А як жа Каляды? - спытаеце вы. Але Данчык не толькі сам тлумачыць на тым канцэрце (снежань, 1996) прыналежнасць кожнай песні да тэмы свята, а і выконвае сапраўдную класіку жанра: фальклорныя «Учора з вячора», «Свецяць зорачкі», «Саўка ды Грышка»), міжнародныя ў беларускіх перакладах «Ціхая ноч» (з нямецкай), «Святая ноч» (з французскай). Прычым, калі папярэдні мюнхенскі рэліз прэзентаваў толькі аудыё-трэкі, дык на CD-перавыданне трапілі і жывыя відэазапісы наўпрост з нью-йоркскай кватэры Данчыка ажно сямі твораў - «Неба і зямля», «У свеце нам» і некаторыя з пералічаных.

Лічбавы рэмайстарынґ канцэртных запісаў Змітра Новіка зрабіў Андрэй Плясанаў (студыя «P.L.A.N.»), а мантаж амерыканскіх відэазапісаў належыць Андрэю Старавойтаву з студыі «Ravenlord». Дзякуючы ім, наколькі мы памятаем, быў насамрэч уратаваны ад забыцця не толькі альбом «Калядныя песні», але і прыгаданыя тут «Ровесники», на якія не захавалася лічбавых сыходнікаў. І вось поўная дыскаґрафія Данчыка - усе шэсць альбомаў, каля 100 песень, унікальныя інтэрвію, відэазапісы, дакументальныя фільмы, рэдкія фоткі - даступны беларускім меламанам, якія збяруць поўную калекцыю дыскаў нашай амерыканскай зоркі ад «БМАgroup».

Вітаўт МАРТЫНЕНКА, музычны крытык.


Яна была прыгожай

Нядаўна ў бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася вечарына з нагоды 150-годдзя вялікай патрыёткі і мецэнаткі беларускага друку Магдалены Завіша (Красінскай, Радзівіл) (1861 - 1945). Адбылася яна на належным узроўні, поўная цеплыні і спагады да гэтай выдатнай жанчыны.

Але быў момант, які мяне, як аўтара кнігі пра Магдалену Радзівіл «Белы лебедзь у промнях славы» крыху засмуціў. Адзін з выступоўцаў, вядомы чалавек і навуковец у чарговы раз публічна паставіў пад сумненне асобу Магдалены на партрэце, які змешчаны ў маёй кнізе. Прычым зрабіў ён гэта абсалютна не аргументавана. Вечарына - не месца спрэчак, таму я дзякую «Нашаму слову» за магчымасць выкласці свае аргументы на гэты наконт.

Маё захапленне асобай вялікай мецэнаткі невыпадковае. Я нарадзіўся ў сям'і чыгуначніка станцыі Уборак за тры кіламетры ад яе маёнтка Жорнаўка таму ў свой час палічыў пачэсным, як журналіст і чалавек даследаваць гісторыю будаўніцтва каляі Верайцы-Градзянка і аддаць даніну павагі тым, хто яе пабудаваў. Паступова ад гісторыі будаўніцтва чыгункі я перайшоў на жыццяпіс Магдалены.

Усе мае пошукі праводзіліся па крыніцах, якія не выклікалі сумнення. У першую чаргу я карыстаўся фондамі Нацыянальнага гістарычнага архіва. У адным з фондаў я патрапіў на справу якая змяшчала здымкі. Былі там здымкі пэўных асоб Радзівілаў, іх атачэння пачатку ХХ стагоддзя аб чым сведчылі надпісы. Але асобна былі і іншыя здымкі, без надпісаў. Я ўважліва іх прагледзеў і дзіва(!) побач са са здымкам нейкіх вайскоўцаў у прускай (нямецкай?) форме я раптам убачыў здымак добра вядомага мне па дзяцінстве «белага дома», які стаяў на сядзібе Магдалены Радзівіл у Жорнаўках непадалёк ад нашай школы. За ім ішоў здымак партрэта з двух асоб, здымак маладой маці ля разгалінаванага дрэва на якім сяделі яе дзеці, здымкі пакояў нейкага будынка ці палаца. Стала зразумела, што здымкі маюць нейкае дачыненне да Магдалены. На здымку белага дома пры павелічэнні удалося разглядзець на ганку дзяцей і дарослых сярод якіх я безпамылкова пазнаў яе зяця Адама Чартарыскага. Побач з ім стаяць Магдалена, якая абдыме за плечы дачку. Праўда іх твары на здымку вельмі невыразныя.

На здымку аднаго памяшкання я заўважыў той жа партрэт, які бачыў на асобнай картцы. Першае, што прыйшлоў галаву: хто і навошта здымаў памяшканні? Успомніў, што Радзівілы таксама фатаграфавалі пакоі Нясвіжа. Знайшоў, прагледзеў тыя здымкі. Не, не Нясвіж, Нясвіж асобнымі кафлявымі печкамі ніколі не ацяпляўся, а на маім здымку яна ў нефе. Падобныя печкі выраблялі ў Аўстрыі на пачатку XIX стагоддзя. Для звычайнага драўлянага будынка жорнаўскай сядзібы ставіць такою не мела сэнсу, ды і ацяпляўся той (бачыў на ўласныя вочы) звычайнымі кафлявымі. Я прыйшоў да высновы, што пакой на здымку - зала кухціцкага палаца Завішаў, камяніца патрабавала цяпла. Што тычыцца партрэта на сцяне, то я быў перакананы, што гэта Мгдалена з дачкой Людвікай. Але гэта трэба было сцвердзіць. Я звярнуўся у польскі архіў, адкуль мне прыслалі два здымкі Людвікі. Сумненні зніклі: на палатне ў раме і на здымку, дзе Людвіка ў капелюшы, адзін і той жа твар. Але я настойліва шукаў дадатковых пацверджанняў. Урэшце я атрымаў з-за мяжы здымкі бацькі і маці Магдалены. Зноў параўнанне і супакаенне: ніжняй часткай твару Магдалена вельмі падобна на маці, праўда вочы ў яе - бацькавы.

Такім быў мой пошукавы шлях.

Не сумняваюся, што партрэт Магдалены з дачкой замовіў яе першы муж Людвік Красінскі. Мастак Алесь Цыркуноў мяркуе, што гэты партрэт можа належаць пэндзлю вядомага беларускага мастака Альфрэда Ромера. На карысць гэтага сведчыць аналіз кампазіцый і тэхніка выканання іншых работ мастака, які пацярпеў у час паўстання 1861 года. З свайго боку магу дадаць, што бацька Магдалены хаця і не быў паўстанцам, але вельмі цёпла да іх ставіўся, прадастаўляў магчымасць працаваць у сваіх маёнтках. Не выключана, што ён сам замовіў і прафінансаваў гэты партрэт. Што тычыцца копіі партрэта на фотаздымку, які знаходзіцца ў архіве, то, хутчэй за ўсё, ён быў зроблены на памяць другім мужам Магдалены Мікалаем Радзівілам пры ад'ездзе на вайну ў 1914 годзе. Ім жа на памяць былі зроблены і здымкі іншых пакояў кухціцкага палаца на уздзеншчыне, які ў гэты час ужо належаў яму. Хутчэй за ўсё сам партрэт не захаваўся і згарэў падчас пажару палаца ў 1914 годзе.

У пацверджанне сваіх слоў прыкладаю здымкі, каб чытачы маглі самі пераканацца, хто на каго падобны.

Навуковую індэнтэфікацыю партрэта я пакідаю майму вучонаму апаненту.

Віктар Хурсік

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX