Вярнуцца: 2012

№ 01 (1048)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 1 (1048) 4 студзеня 2012 года.

З Калядамі, дарагія беларусы!

2012-ы будзе годам арэхавай вавёркі

Удзельнікі паэтычнага тэатра АРТ.С тры гады таму вырашылі стварыць беларускі жывёльны каляндар. Першы, 2009, год быў названы годам божай кароўк і, пасля быў год зялёнай жабк і. Год, які сышоў, 2011, - стаў годам вогненнага вожыка . А цяпер абралі арэхавую вавёрку . Збіраюцца з гэтай нагоды творцы і даказваюць сваю любоў да гэтай жывёлы, што яна вартая таго, каб у нас быў яе год. Гэты праект, які разлічаны на 12 гадоў, называецца "Святкуйма беларускае!".

Паводле Васіля Кроквы.


15 асноўных падзей з жыцця ТБМ у 2011 г.

1. 12 студзеня ў Магілёве прайшло 10-е "Беларускае пяціборства".

2. 2 лютага выйшаў 1000-ны нумар газеты "Наша слова".

3. 21 лютага, 15 і 25 сакавіка праведзена 4-я агульнанацыянальная беларуская дыктоўка.

4. У красавіку ТБМ дабілася арганізацыі падпіскі на 25-томнік У. Караткевіча.

5. 17 чэрвеня Тапанімічнай камісіяй ТБМ праведзена канферэнцыя "Упарадкаванне ўрбаністычнай прасторы Беларусі".

6. У выніку шматгадовага змагання ТБМ у ліпені прыняты закон "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", у якім у артыкуле 18 замацавана права грамадзян атрымаць адказ на мове звароту.

7. ТБМ вяло бесперапынную барацьбу за беларускія класы. 1 верасня на Гарадзеншчыне адкрылася 20 новых першых беларускіх класаў у рускамоўных школах, у якія пайшлі 169 чалавек.

8. 23 кастрычніка прайшоў ХІ з'езд ТБМ. Стршынём ТБМ на наступныя 3 гады абраны Алег Трусаў.

9. 16 лістапада газета "Наша слова" стала 8-мі палоснай.

10. 28-30 лістапада намеснік старшыні ТБМ Дзяніс Тушынскі прыняў удзел у ІІІ Форуме грамадзянскай супольнасці краін-удзельніц Усходняга партнёрства

11. Праведзены шэраг мерапрыемстваў да 120-годдзя з дня нараджэння М. Багдановіча.

12. Выйшлі два нумары часопіса "Верасень".

13. У снежні выдадзены Гарадзенскі краязнаўчы перакідны каляндар, укладальнік старшыня Гарадзенскай арганізацыі ТБМ прафесар Аляксей Пяткевіч.

14. Праведзены краязнаўчы конкурс "Ведаем свой край".

15. Распрацавана канцэпцыя праекта Закона Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь".


Шаноўныя сябры!

Калі жадаеце набыць Энцыклапедыю Максіма Багдановіча (выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі". Мінск, 2011, 606 с.) па коштах, значна ніжэйшых за магазінныя

(90 тыс. руб.), звяртайцеся па тэл. 8-029-2649423. Зміцер Кашавар.


120 гадоў з дня нараджэння Адама Станкевіча

Адам СТАНКЕВІЧ (6 студзеня 1892, в. Арляняты, Ашмянскі павет, цяпер Смаргонскі раён - 29 лістапада 1949, Тайшэцкі р-н, Іркуцкай вобл.) - беларускі грамадска-палітычны дзеяч, выдавец, гісторык, публіцыст, літаратуразнавец, каталіцкі святар.

Вучыўся ў Ашмянскай гарадской вучэльні, скончыў духоўную семінарыю ў Вільні (1914), рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Петраградзе (1918). Пасвечаны ў святары ў 1914. У час вучобы ў Петраградзе старшыня беларускага гуртка, супрацоўнічаў з беларускім газетамі «Светач», «Дзянніца», «Гоман». Адзін з заснавальнікаў і лідараў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці. Адзін з ініцыятараў правядзення і ўдзе-льнік з'езду беларускага каталіцкага святарства (24-25.5. 1917) у Менску, дзе выступіў з рэфератам пра беларускі рух і яго адносіны да царквы на Беларусі. У 1917 адным з першых перайшоў да казанняў на беларускай мове пры правядзенні набажэнстваў у Дзісенскім, Браслаўскім паветах, Дра-гічыне. Кандыдат кананічнага права (1918). З 1919 выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. У жніўні 1919 - верасні 1922 рэдак-тар-выдавец газеты «Крыніца». У 1922-28 пасол польскага сейма, намеснік старшыні Беларускага пасольскага клуба (да яго расколу ў 1925); адстойваў нацыянальныя, сацыяльныя і рэлігійныя правы заходнебеларускага насельніцтва.

Адзін з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. У 1924-26 узначальваў Таварыства беларускай школы (ТБШ), быў старшынём і фактычным кіраўніком Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (БІГіК). У 1928-39 рэдактар і выдавец часопіса «Хрысціянская думка». Адзін з заснавальнікаў у Вільні беларускай друкарні імя Ф. Скарыны (1926-40), Беларускага каталіцкага выдавец-тва. На IV з'ездзе БХД (снежань 1931) абраны членам ЦК партыі. У 1933 звольнены з Віленскай беларускай гімназіі, працаваў у гандлёвай школе імя С. Сташыца ў Вільні. Вёў набажэнствы на беларускай мове ў касцёле св. Мікалая ў Вільні. У 1938 высланы польскай адміністрацыяй на 5 гадоў у Слонім. Восенню 1939 вярнуўся ў Вільню і стаў дырэк-тарам беларускай дзяржаўнай прагімназіі...

7.12.1944 быў арыштаваны савецкімі органамі НКУС 13.4.1949 арыштаваны другі раз. 31.8.1949 Асобай нарадай пры МДБ СССР асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне адбываў у Лукішках, потым у Азярлагу (Тайшэт, Іркуцкая вобл.), дзе памёр. Пахаваны 10.12.1949 на могілках Азярлага каля в. Шаўчэнкі Тайшэцкага р-на.


75 гадоў Міхасю Верацілу

ВЕРАЦІЛА Міхась Уладзіміравіч, нарадзіўся 11.1.1937 г. у в. Навасёлкі Ваўкавыскага р-на. Калекцыянер, краязнавец, мастак, паэт, сябар ТБМ. Закончыў Роскую сярэднюю школу. З 1955 г. на працы ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Краснасельскбудматэрыялы». Аўтар папулярных і навуковых артыкулаў па нумізматыцы, археалогіі, этнаграфіі. Выя-віў і вывучаў старажытныя помнікі на Ваўкавышчыне: могільнік культуры шарападобных амфар, крэменездабыўныя шахты ка-ля г.п. Краснасельскі, старажытна-славянскае паселішча каля в. Навасёлкі. Як мастак па інтэр'ерах афармляў аб'екты культуры на Гарадзеншчыне: зону адпачынку ААТ «Краснасельскбудматэрыялы», Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей Мастоўскага раёна, кактэйль-бар у санаторыі-прафілакторыі «Пралеска», класы ў Краснасельскай СШ. Аўтар многіх помнікаў і мемарыяльных дошак у Ваўкавыскім, Бераставіцкім раёнах, адрэстаўрыраваў шматлікія археалагічныя экспанаты для музеяў Менска, Гародні, Ваўкавыска. Як разьбяр па дрэве ўдзельнічае ў выставах з 1974 г. Выдаў зборнік вершаў «Спакуса» (Ваўкавыск, 1993).

Экслібрыс Вячкі Целеша.


Што чакае беларускую мову ў 2012 годзе?

Аляксандр Лукашэнка

БЕЛАРУСКАЯ МОВА ЗАБЫТА НЕ БУДЗЕ

- Беларуская мова забыта не будзе, мы бачым у гэтым напрамку станоўчыя тэндэнцыі. Таму перажываць не трэба. Я нікога не арыентую не размаўляць на беларускай мове. Можаце гаварыць на беларускай, на рускай, на трасянцы - хто як хоча, я нікога не папракаю. Права кожнага чалавека - выбіраць. Мы на рэферэндуме вызначыліся, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы - беларуская і руская. I калі ставіцца пытанне, што руская мова - гэта чужая, не родная нам, я не згодны. Гэта таксама наша родная мова, якую мы нікому не павінны аддаваць. Мы ўклалі ў яе сваю душу.

Гэта здабытак беларусаў, што ў нас ёсць дзве магутныя мовы. Ну хто стане спрачацца з тым, што з-за пэўных прычын руская мова для нас стала настолькі значнай, што мы жыць без яе не можам? Хочаце папракнуць мяне ў тым, што я мала раблю для беларускай мовы? Для адраджэння нацыянальнай культуры, захавання беларускасці ў нашай краіне зроблена шмат. Але ўсё гэта павінна праходзіць ціха, спакойна, таму што, калі Прэзідэнт пачне бурліць, крычаць, шумець, іграць на моўных праблемах, мы зноў растрывожым грамадскасць...


"Звязда" № 246 (27110), 24 снежня 2011 г.

БЕЛАРУСКУЮ МОВУ ТРЭБА ВЯРТАЦЬ

Як павысіць аўтарытэт беларускай мовы сярод жыхароў нашай краіны? Адказ на гэтае пытанне шукалі ўдзельнікі Пленума Беларускага славянскага камітэта, сярод якіх прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, навукоўцы.

Усе прысутныя сышліся на думцы, што прывіваць любоў да матчынай мовы неабходна з маленства.


Не рабіць з замежнай мовы свяшчэнную карову

- Сёння ў дзіцячых садках вывучаюць англійскую мову, - канстатуе старшыня Беларускага славянскага камітэта Сяргей КАСЦЯН , - I гэта не дрэнна, паколькі замежная мова нвабходна у сучасным жыцці. Але ці варта рабіць з яе «свяшчэнную карову", ператвараць у цэнтр адукацыйнай палітыкі? Калі чужая мова будзе прыярытэтнай, ці ж будзе прыярытэтным усё астатняе беларускае, у тым ліку тавары?..

У сувязі з гэтым у Беларускім славянскім камітэце прыйшлі да высновы, што надышоў час перагледзець праграму выхавання ў дзіцячых садках і дапоўніць яе заняткамі роднай мовай.

- На беларускую мову ў дзіцячым садку, - лічыць Сяргей Іванавіч, - дастаткова адводзіць хоць бы 5-10 хвілін у дзень. Ці ж гэта такая вялікая нагрузка на дзяцей? Але пры гэтым неабходна агарнуць беларускія словы сапраўднай любоўю: абавязкова кожную рэч, названую тым ці іншым словам, паказаць візуальна, у прыгожым малюнку, памясціць слова ў адпаведны кантэкст, лепш за ўсё казачны. I ёсць на што абаперціся - на выключна багаты беларускі фальклор, на дзіцячую літаратуру, дзіцячыя часопісы.

Было б таксама вельмі добра, калі б у Міністэрстве адукацыі распрацоўвалі спецыяльныя праграмы для студэнтаў якія праходзяць вучэбную практыку. Тады б будучых педагогаў смела можна было прыцягваць да правядзення такіх моўных хвілінак.


Яшчэ адну праблему - праблему садкоў з беларускай мовай навучання - падчас свайго выступу ўзняла спецыяліст інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Міністэрства адукацыі Ірына БУЛАЎКІНА. Паводле яе слоў, мясцовыя органы ўлады павінны павялічваць колькасць такіх устаноў.

Але для гэтага павінна паступіць дастатковая колькасць заяў ад законных прадстаўнікоў дзетак.

Што тычыцца беларус-камоўных школ, то на сёння сітуацыя таксама не надта радуе. Большасць бацькоў аддае дзяцей у школы з рускай мовай навучання. Так, у 2010-2011 навучальным годзе ў беларускамоўных установах агульнай сярэдняй адукацыі навучапася толькі 179 947 хлопчыкаў і дзяўчынак (19,1%) з 980 603 вучняў 1 -11 класаў.


Пры распрацоўцы праграм улічваць меркаванні школьнікаў

Не сакрэт, што ўрокі беларускай мовы і літаратуры не заўсёды падабаюцца школьнікам. Каб неяк зацікавіць дзяцей, Беларускі славянскі камігэт прапаноўвае ўвесці за правіла абмяркоўваць вучэбныя праграмы ў СМІ, у інтэрнэце, сярод настаўнікаў школ, выкладчыкаў ВНУ, пісьменнікаў, студэнтаў-філолагаў, дзіцячых псіхолагаў. Менавіта практыкі і павінны быць галоўнымі аўтарамі гэтых праграм, лічаць удзельнікі дыскусіі.

- Сярод вучняў - удзельнікаў гурткоў - можна наладзіць экперымент: даваць розныя творы, скажам, аднаго аўтара, і на падставе водгукаў саміх дзяцей рабіць хоць нейкія высновы на прадмет далейшага змяшчэння твораў у праграмах, - прапанаваў Сяргей Касцян. -Таксама, магчыма, варта было б для павышэння аўтарыгэту беларускай мовы і літаратуры ўвесці, як і ў 90-я гады, абавязковы выпускны іспыт па беларускай літаратуры, вярнуцца да выкладання «Беларусазнаўства»" ва ўсіх ВНУ.

А чаму б не папулярызаваць беларускую мову праз развучванне на ўроках музыкі народных песень, а на ўроках фізкультуры - рухомых гульняў? А так атрымліваецца, што японскі школьнік на парозе выпуску ведае 50 народных песень, у нас жа школьнікі, ды, што хаваць, і студэнты, не ведаюць ніводнай.


Адзін з беларускіх каналаў перавесці на беларускамоўнае вяшчанне

Ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя гістарычна склапася так, што большая частка насельніцтва краіны, хоць і разу-мее беларускую мову, але размаўляе па-руску. У папулярызацыі роднай мовы сярод беларусаў, лічыць дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр ЛУКАШАНЕЦ, шмат чаго могуць зрабіць айчынныя СМІ, у тым ліку радыё і тэлебачанне. У прыватнасці, усе прысутныя пагадзіліся з тым, што вельмі важна, каб хоць адзін з беларускіх каналаў, «Беларусь-1» ці «Беларусь-2», пачаў вяшчаць цалкам па-беларуску.

- Вялікую ролю ў пашырэнні беларускай мовы сярод беларусаў можа адыграць і "Звязда" - выказаў пазіцыю Беларускага славянскага камітэта Сяргей Касцян. - Цудоўна было б, калі б яна стала настольнай газетай кожнай беларускай сям'і! Калі грамадзяне будуць штодзённа чытаць па-беларуску, то з цягам часу і думаць пачнуць па-беларуску, а затым і размаўляць.

Аўтарытэт беларускай мовы таксама значна павысіцца, калі ёй стануць карыстацца вядомыя аўтарытэтныя і паспяховыя людзі, лічыць Аляксандр Лукашанец. I тут прадстаўнікам беларускіх міністэрстваў варта браць прыклад з міністра культуры Беларусі. Дарэчы, пакуль што гэта, бадай, адзінае міністэрства, дзе справаводства пераведзена на родную мову.

- Сапраўды, сёння ў важнейшых сферах ужытку беларуска мова выкарыстоўваецца сімвалічна, - адзначыў дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. - Але, разам з тым, у апошнія гады, што радуе, яна пачапа пранікаць у інтэрнэт, каталіцкі касцёл, праваслаўную царкву. 20 гадоў таму ў сферы набажэнства беларуская мова фактычна не прысутнічала. Сёння ж гэта вельмі важная сфера духоўнага жыцця сучаснага беларускага грамадства фарміруе прэстыж беларускай мовы.

У бліжэйшы час Беларускі славянскі камітэт разам з зацікаўленымі асобамі паабяцаў распрацаваць свае прапановы па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства. Але кожны, як мне бачыцца, ужо сёння можа зрабіць крок насустрач роднай мове. Ну хоць бы ўсталяваць беларускі інтэрфейс на сваім камп'ютары, узяць у бібліятэцы кнігу на беларускай мове альбо падпісацца на беларускамоўную газету.

Надзея ДРЫЛА. газета "Звязда".


Мікалай Чаргінец за курсы беларускай мовы

Пра пагаршэнне становішча беларускай мовы апошнім часам казалі на з'ездах абодвух Саюзаў пісьменнікаў.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец выступіў з ініцыятывай арганізаваць у працоўных калектывах, на прадпрыемствах, вайсковых частках курсы беларускай мовы. Дзеля гэтага ён прапануе нават працоўны дзень скараціць для ахвотных вывучаць беларускую мову. Сваю ідэю спадар Чаргінец выклаў на расейскай мове ў расейскамоўнай газеце «Советская Белоруссия».

Спадар Чаргінец на пісьменніцкім з'ездзе нават палову справаздачнага дакладу прачытаў па-беларуску. Цяпер жа прапануе арганізаваць, так бы мовіць, беларускамоўныя курсы для дарослых:

- Ну вось нарадзілася ідэя: чаму б нам не прапанаваць зрабіць курсы, але неабавязковыя курсы: хто жадае - няхай вывучае беларускую мову. Хто хоча - у арганізацыях, на прадпрыемствах, у вайсковых частках таксама ствараць курсы. Але ні ў якім разе не гнаць народ туды.

Наш кар.


Віншаванні ТБМ

Шчаслівых святаў і цудоўнага Новага года!

Майкл Скэнлан, Часовы павераны ў справах ЗША, Амбасада ЗША, Мінск.


З Калядамі і Новым годам!

Амбасадар Славацкай Рэспублікі ў Беларусі.


Паважаныя сябры! Не будзем парушаць традыцыю: ВІНШУЕМ!!! З Калядамі і Новым годам! З новымі надзеямі на перамены і вольную Беларусь! Шчыра зычым вам моцнага здароўя, добрых сяброў,вясёлых святаў, шчасця і кахання! Будзем разам і ў 2012 годзе! Заўсёды ваш - БАЖ!


Віншую вас са святам Нараджэння Хрыстовага! У гэты час мы ўзгадваем цудоўныя словы Божага абяцання: "Не заўсёды будзе змрок там, дзе ён зараз згусціўся. Жадаю Вам бачыць святло і дзеянне нашага Збаўцы і Госпада Ісуса Хрыста ў кожнай сферы вашага жыцця і служэння, і верым, што ў гэты час Госпад дае асаблівую надзею для кожнага з нас і для нашага народу! Станіслаў Акінчыц.


Паважаныя сябры! У гэтыя святочныя дні шчыра віншуем вас з Новым годам і Калядамі! Жадаем, каб у вашым жыцці 2012 год стаў годам вялікіх магчымасцей і ажыццяўлення самых грандыёзных планаў! Хай ён падорыць вам многа яркіх фарбаў і прыемных уражанняў, прынясе поспехі і радасць, выканае ўсе вашыя жаданні!

Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.


Вясёлых святаў, усялякіх радасцяў і дабротаў Вам зычыць Беларускі саюз мастакоў!


Біблійныя матывы аб'ядноўваюць творцаў

Святочны перыяд паміж каталіцкімі і праваслаўнымі Калядамі - спрыяльны час для цёплых сустрэчаў, культурных імпрэзаў, разважанняў пра духоўнае.

Яшчэ напярэдадні свята, 21 снежня, падчас адвэнту, ў Чырвоным касцёле адбылася сустрэча арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з дзеячамі культуры, адукацыі і асветы. Ён пажадаў, каб дабраславенне Божае спадарожнічала ўсім настаўнікам душ чалавечых - настаўнікам, выхавацелям, пісьменнікам, дзеячам навукі і культуры - усім, хто імкнецца падзяліцца дарам веры са сваімі блізкімі. Пробашч касцёла Уладзіслаў Завальнюк пажадаў усім прысутным засяродзіцца на тым, што з'ядноўвае народы ў духу святым.

У менскім "Кніжным салоне" 27 снежня прайшла вечарына, прысвечаная біблійным матывам у творчасці Р. Барадуліна, Ул. Караткевіча, А. Кашкурэвіча. У дыскуссіі, прысвечанай супрацоўніцтву літаратараў, мастакоў і духоўных асобаў прынялі ўдзел прафесар Адам Мальдзіс, выдавец Мікола Матрунчык, пратаіярэй Сергій, дзякан Дзмітры Шыла. З цікавасцю ў дыскусіі ўдзельнічалі сябры ТБМ і БХД.

Песні з новага альбома "Вяровіца " у музычнай аранжыроўцы А. Віслаўскага прэзентаваў Алесь Камоцкі. У цыкле 22 творы на матывы псалмоў у паэтычным асэнсаванні Р.І. Барадуліна. Псалмы ў перакладзе з грэчаскага "psalmos" азначаюць ўрачыстыя гімнаспевы, малітвы. Першым перакладчыкам псалмоў на старабеларускую мову быў Ф. Скарына. Новы дыск суправаджаюць фатаздымкі Джона Кунстадтара.

-Творцы, якія пішуць на духоўныя тэмы, ставяць сябе задачу перадаць рэлігійныя тэксты ў духу Евангелля, і ў той жа час - уліць іх у адпаведныя мастацкія формы. Часам здараецца так, што мастацкі твор, натхнёны біблійнымі сюжэтамі, жыве самастойным жыццём ў культуры, набывае вядомасць і каштоўнасць,- выказаў сваю думку старшыня Праваслаўнага брацтва святых Віленскіх пакутнікаў Антонія Іаанна і Еўстафія Мікола Матрунчык.

Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч яшчэ ў 70-я гады па просьбе каталіцкага мітрапаліта Антонія пачаў рабіць ілюстрацыі Бібліі.

- Каб асэнсаваць глыбіню і сілу Евангелля патрэбны час, але кожны сур'езны мастак лічыць гэта неабходным для сябе,- сказаў творца.- Я звяртаўся да трактовак заходне-еўрапейскага і сучаснага мастацтва, аналізаваў творы графіка і жывапісца Альбрэхта Дзюрэра " Страсці Хрыстовы" і "Жыццё Марыі". У напружана-экспрэсіўных формах ён увасобіў чаканні сусветна-гістарычных пераменаў у серыі гравюраў і выказаў гуманістычныя ўяўленні аб сэнсе быцця і прызначэнні мастацтва. Як прафесіянал, я вывучаў розныя хрысціянскія творы перад тым, як зрабіць свае графічныя малюнкі.

А.М. Кашкурэвіч дэманстраваў свае рэлігійныя ілюстрацыі да 1000-годдзя хрышчэння Русі ў Менскай праваслаўнай епархіі, пазней яны выстаўляліся ў Берліне ў евангельскай царкве.

- Для нас важным з'яўляецца вацаркаўленне мастацтва, тых ці іншых яго формаў,- выказаў меркаванне пратаіярэй Сергій.- Але разам з тым, не кожны артэфакт рэлігійнай творчасці мае мастацтвазнаўчае значэнне. І не кожны геніяльны твор мастака можа адпавядаць канонам царкоўнай традыцыі, бо нясе адбітак жарсцяў самога аўтара.

Галоўнае - перадаць багагавейныя пачуцці і адносіны да Бога. Для нас важна, каб творы мастацтва нараджалі ў душы вернікаў малітоўны настрой, пранікнёныя пачуцці, служылі ачышчэнню душы, прасвятленню духа.

- Для нас, беларусаў, надзвычай важнай з'яўляецца дзейнасць Францішка Скарыны,- падкрэсліў прафесар Адам Мальдзіс. Ён быў перш за ўсё хрысціянінам.- Мы ганарымся тым, што першынства кнігадрукарскай справы належыць менавіта нам, беларусам перад расіянамі. Пятро Мсціславец быў выхадцам з Беларусі, Іван Фёдараў меў беларускія карані. У савецкія часы, калі я працаваў у дакастрычніцкім аддзеле Інстытута літаратуры АН БССР, мне прыходзілася адстойваць выданне Скарынаўскіх твораў у рамках зборнікаў, весці палеміку на кангрэсах за ўсталяванне гістарычнай праўды. Мне выпаў гонар рыхтаваць святкаванне 500-годдзя і браць удзел ва ўрачыстасцях з дня нараджэння нашага тытанічнага асветніка. Я меў магчымасць сустракацца з прамымі нашчадкамі Ф. Скарыны на вечарыне ў Нью-Ерку. Адзін з прапраўнукаў Францішка Скарыны жыве ў Канадзе, іншы - ў Мексіцы, яны вельмі прыстойныя і таленавітыя асобы.

Дырэктар "Кніжнага салона" Ала Зміева падзякавала ўсім удзельнікам вечарыны за глыбокія выступленні і Алесю Камоцкаму за тое, што ён стварыў цёплую сардэчную атмасферу, злучыў прысутных з духоўнай творчасцю Рыгора Барадуліна, агарнуў іх мудрымі думкамі народнага паэта, якія былі пачэрпнуты з Бібліі. Беларускі народ мае багатыя канфесійныя традыцыі, каб далей асэнсоўваць і ўвасабляць у культуры біблійную тэматыку,- прагучаў лейтматыў сустрэчы.

Эла Дзвінская. Фота аўтара.


Моладзь у "Верасні"

Колькі разоў даводзілася чуць: "Сучасная моладзь талентаў не мае" ці: "Такіх адораных, як раней, больш няма". Напэўна, асобы, якія гэта сцвярджаюць, нават не цікавіліся творчасцю тых, хто толькі ў пачатку свайго паэтычнага шляху. Рызыкну не пагадзіцца з такім меркаваннем, а, каб пераканаць скептыкаў, прапаную зазірнуць, напрыклад, у свежы 5-ты нумар літаратурна-мастацкага часопіса " Верасень".

Відаць, разлічаны ён на вельмі патрабавальнага чытача, бо глянцавая вокладка адразу ж цешыць вока сваім незвычайным яркім афармленнем.

Часопіс адрозніваецца багаццем новых імёнаў. Маладыя, актыўныя, таленавітыя, яны ўносяць новыя павевы ў паэзію, прозу, драматургію, публіцыстыку. У іх апавяданнях і аглядах бачыцца іншы погляд на рэчаіснасць, на сучаснае грамадства.

Нельга не адзначыць, што далёка не ўсе з іх навучаюцца на філалагічных факультэтах. Сярод друкаванай моладзі студэнты архітэктурнага факультэта, навучэнцы эканамічнага ўніверсітэта, і, нават, зусім не творчага машынабудаўнічага каледжа. Дзіву даешся: колькі ж у іх зацікаўленняў!

"Верасень" - часопіс беларускамоўны, таму сярод празаікаў і паэтаў, друкаваных ў ім, толькі тыя, чыя творчасць на роднай мове. Бясспрэчна, гэта гаворыць пра свядомасць "вераснёўцаў", пра добрае веданне гісторыі свайго краю, пра заклапочанасць лёсам краіны. "… Ідуць. Вядуць народ. Нацыю. З мінулага - у будучыню. Бо час цяперашні - крывавы час - не варта помніць…" - адразу ж узгадалася проза студэнткі Інстытута журналістыкі БДУ Марыны Яўсейчык, з чыёй творчасці пачынаецца празаічная частка пятага нумара часопіса. Відаць, што не чужыя нашым літаратарам тэмы, якія хвалююць і прызнаных аўтараў. І быццам перагукваюцца сэнсава радкі

"…Ніколі ўжо нас

не раздзеляць -

Мяне і маю Беларусь."

з верша выбітнага мастака слова Г. Бураўкіна з радкамі маладога творцы Г. Лабадзенкі

"…вялікае сонца

ты больш не свяці

людзям

што не любяць

мае Беларусі"

(верш "Ворагам Беларушчыны").

На апошніх старонках таго ж пятага нумара можна знайсці актуальныя гутаркі (альбо, як сёння модна казаць, інтэрвію) з маладымі спевакамі музычных гуртоў, якія ўжо паспелі знайсці сваіх слухачоў.

Яшчэ адна асаблівасць часопіса - фотаздымкі аўтараў друкаваных матэрыялаў. Сапраўды, часам хочацца паглядзець на таго, хто сваім вершам так прыемна ўсхваляваў душу ці, наадварот, выклікаў хвалю абурэння. Але ж твары маладых пісьменнікаў рэдка мільгаюць на тэлебачанні. Вось і атрымоўваецца: чуць - чулі, чытаць - чыталі, а ніхто не бачыў.

Увогуле, пачаткоўцаў у гэтай справе, на жаль, ведаюць толькі рэдактары літаратурных часопісаў. А ўсё таму, што большасць простых чытачоў цікавіць літаратура прызнаная, а не новая. Гэта вялікая памылка, бо моладзь - гэта энергія і рух наперад. Маладыя пісьменнікі, публіцысты і тыя, хто мае свой пункт гледжання, павінны быць пачуты. Іх творчасць такая ж шматгранная і гарманічная, як і творчасць вядомых аўтараў. Тым, хто выбраў такі шлях, трэба дапамагчы. Бясспрэчна, публікацыі ў літаратурных часопісах з'яўляюцца добрым стымулам для далейшай дзейнасці. Тое ж датычыць і чытачоў. Іх цікавасць да маладой літаратуры трэба павялічваць, каб і яны дакладна ведалі: сучасная беларуская моладзь мае таленты!

Святлана МАСЛАВА.


Кніга заходнебеларускага паэта

Новае выданне

"Аўсяныя росы" - так называецца кніга твораў старэйшага беларускага паэта Анатоля Іверса (Івана Міско), якая на днях выйшла з друку ў выдавецтве "Кнігазбор" у Менску. Упершыню пад адну вокладку складальнік кнігі і аўтар прадмовы да яе Сяргей Чыгрын са Слоніма ўключыў лепшыя вершы паэта і яго ўспаміны.

Анатолю Іверсу 15 траўня гэтага года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння. Усё сваё жыццё ён пражыў у роднай вёсцы Чамяры на Слонімшчыне і ў самім Слоніме. Нялёгкае гэта было жыццё, як пісаў сам паэт: "Я тры рэжымы перажыў…". Сяргей Чыгрын у прадмове да кнігі піша: "У адзін з вечароў да Івана Міско зайшоў незнаёмы хлопец, перадаў прывітанне ад Валянціна Таўлая і папрасіў згоды на подпіс пад Дэкларацыяй сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Дэкларацыя і першы верш Івана Міско пад псеўданімам Анатоль Іверс былі апублікаваныя ў студзеньскім нумары часопіса "Літаратурная старонка" за 1934 год. Праўда, наклад часопіса быў канфіскаваны, але ўсё ж з друкарні ўдалося вынесці некалькі нумароў.

Праз пэўны час вершы Анатоля Іверса сталі часта друкавацца на старонках выданняў "Літаратурная старонка", "Калоссе", "Беларускі летапіс", "Шлях моладзі", "Наша воля", "Асва". А ў верасні 1939 года ў Вільні выходзіць яго першы паэтычны зборнік "Песні на загонах".

Аб чым пісаў малады паэт са Слонімшчыны? Ды пра тое, як шуміць жыта, як "хтось расчэсваў зялёныя сосны", як "заігралі ветры ў полі", як "залацілася раніца ападаючым шэлестам". Ці пра тое, як "ціха гарэлі аўсяныя росы…". А яшчэ паэт пісаў пра Беларусь, пісаў шчыра і светла, натхнёна і радасна:

Адзначыць каб добрую ўдачу,

Я зораў з сабой набяру

І жменяю сыпну - няйначай,

На славу табе, Беларусь.

Калі прыйшлі "першыя саветы" і ў Слоніме пачала выдавацца раённая газета "Вольная праца", яе першы рэдактар Іосіф Чарняўскі запрасіў Івана Міско на пасаду літсупрацоўніка рэдакцыі. А ў 1940 годзе на выязным пасяджэнні ў Беластоку кіраўніцтва пісьменніцкай арганізацыі БССР прыняло Анатоля Іверса ў Саюз пісьменнікаў.

У гады Другой Сусветнай вайны Іван Міско ўзначальваўваў Слонімскую падпольную антыфашысцкую арганізацыю і быў намеснікам камандзіра партызанскага атрада імя Дзяржынскага па разведцы. У лесе выдаваў антыфашысцкую газету "Барацьба", ўлёткі, дапамагаў выпускаць падпольную "Вольную працу".

Вайна прайшла праз сэрца і душу Анатоля Іверса. Ён страціў першую жонку і бацьку, ды і сам быў на валаску ад гібелі. Але, нягледзячы на ўсе яго асабістыя пакуты і заслугі перад Айчынай, для савецкай улады паэт Анатоль Іверс у Слоніме заўсёды заставаўся чужым. І нават другі паэтычны зборнічак вершаў выйшаў з друку ажно праз 31 год пасля першага. "Не хацелі камуністы выдаваць", - казаў ён мне. Зборнік называўся "З пройдзеных дарог". Дарог, сапраўды, было пройдзена шмат. Нялёгкіх дарог, пакручастых, небяспечных і палыновых…".

Цікавым раздзелам кнігі з'яўляюцца ўспаміны паэта. Адны з іх друкаваліся некалі ў рэспубліканскім друку, іншыя ўзяты з архіву складальніка гэтай кнігі. "Іван Дарафеевіч пісаў і друкаваў іх на машынцы па некалькі асобнікаў. А калі я да яго прыязджаў, ён казаў: "Вазьмі сабе на памяць, няхай будуць. Можа калі спатрэбяцца ці дзе-небудзь апублікуеш…", - прыгадвае ва ўступным слове Сяргей Чыгрын. З цікавасцю чытаюцца ўспаміны пра Валянціна Таўлая, Піліпа Пестрака, Гальяша Леўчыка, Ігната Дварчаніна і іншыя. Успаміны вельмі цікавыя і нясуць у сабе гістарычную каштоўнасць, таму, што паэт быў асабістым сведкам тых падзей, пра якія напісаў. А вершы паэта - нібы пачатак і працяг гэтых успамінаў.

Аднатомнік Анатоля Іверса (1912-1999) - даніна яго светлай памяці і сустрэча з новым пакаленнем беларускіх чытачоў.

Мікола КАНАНОВІЧ.


ФАЛЬКЛАРЫСТ УЛАДЗІМІР ВАСІЛЕВІЧ:60 гадоў

Для яго легендарная і бунтарская Случчына стала родным кутом, адкуль родам маці, вядомая пісьменніца Алена Васілевіч, хоць і нарадзіўся Уладзімір ужо ў Менску 9 студзеня 1952 года, калі Алена Сямёнаўна працавала ў часопісе «Работніца і сялянка». А кожнае лета ў вёсцы. У кожнага фалькларыста была свая жыватворная крыніца, што давала моц на ўсё жыццё.

Амаль усе сучасныя фалькларысты, за малым выключэннем, вучыліся на філалагічных факультэтах, так і Уладзімір Аляксандравіч у 1974 годзе закончыў БДУ, дзе атрымліваў незабыўныя ўрокі ў цудоўнага настаўніка Ніла Гілевіча і іншых педагогаў. Здольны юнак да навукі адразу паступіў у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук. Пасля паспяховай абароны кандыдацкай дысертацыі, застаўся працаваць у ІМЭФ і ў 1979 годзе апублікаваў манаграфію «Усходнеславянская гумарыстычная песня», што сталася вынікам аспіранцкіх даследаванняў. Затым з'явіўся дабротны том «Пахаванні. Памінкі. Галашэнні» (1986) у вядомай серыі «Беларуская народная творчасць» і іншыя выданні.

Успамінаецца незабыўная адражэнцая пара, калі мы запоем чыталі маскоўскі «Огонёк», іншыя газеты і часопісы, што раскрывалі праўду аб камуністычным раі, хадзілі на мітынгі. Васілевіч, як сапраўдны інтэлігент, не мог не прыняць душою павевы новага, прагу вольнасці і надзеі.

У поўнай меры праявіўся талент няўрымслівага даследніка старасветчыны, што пылілася ў архіўных сховах і народнай памяці. Адзін за адным выходзяць фалькларыстычныя кнігі «Збіральнікі» (1991), адкрываючы вочы простым чытачам і спецыялістам пра І. Бермана, Біруту (Амелію Да равінскую), У. Вярыгу, З. Глогера, О. Кольберга, К. Машынскага, А. Пшчолку, Ч. Пяткевіча, А. Троіцкага, Э. Яленскую-Дмахоўскую; «Беларускі народны каляндар» (1993); «Беларуская міфалогія» (2001).

Асвета народа, маладога пакалення становяцца для фалькларыста прыярытэтнай задачай, таму і выходзяць кнігі «Бег Бай па сцяне» (1990), «Хто з'еў прасвірку» (1979, разам з А.Фядосікам), «Дай, Божа, знаць, з кім век векаваць: Беларуская народная варажба» (1993), «Міфы Бацькаўшчыны» (1994), «Беларускі народны соннік» (1996), «Стаіць цыган на золаце: Загадкі» (2001), «Чароўны свет: З беларускіх міфаў, паданняў, сказаў» (2008, 2010).

Сцвярджаецца як прызнаны спецыяліст па міфалогіі, календары, аб чым сведчаць выпушчаныя кнігі. Аўтар самага вялікага, 3-томнага, збору па народных прыкметах і павер'ях «Зямля стаіць пасярод свету…» (1996), «Жыцця адвечны лад» (1998), «Зямная дарога ў вырай» (1999).

Выдатным выданнем, вернутым У. Васілевічам (укладальнік і перакладчык) і Л. Салавей (перакладчык) на радзіму, стала кніга Часлава Пяткевіча «Рэчыцкае Палессе» (2004), сабраная з польскамоўных публікацый земляка па матэрыяльнай і духоўнай культуры ХІХ ст. і неапублікаванага раней раздзела «Грамадская культура». У гэтым ключы працягваецца праца над духоўнай спадчынай Казіміра Машынскага.

Разам з калегамі ўдзельнічаў у стварэнні манагра-фічных дапаможнікаў «Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і даследаванне народнай творчасці ў 60-х гадах ХІХ ст.» (1989), «Беларуская вусна-паэтычная творчасць» (2000), па якіх навучаюцца студэнты ўніверсітэтаў; зборнікаў фальклорных матэрыялаў «Дзіцячы фальклор» (нав. рэд., 2006), «Замовы» (2009), якія складзены на аснове фальклорнага архіва БДПУ; энцыклапедычных даведнікаў і слоўнікаў «Народная культура Беларусі» (2002), «Беларуская міфалогія» (2004).

Без актыўнага ўдзелу У. Васілевіча не абыходзяцца выпускі амаль усіх апошніх энцыклапедый: «Беларуская савецкая энцыклапедыя» (у 12 т., 1969 - 1975), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (7 т., 1993 - 2003), «Беларуская энцыклапедыя» (у 18 т., 1996 - 2004), «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (у 5 т., 1984 - 1987), «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Тэатральная Беларусь» (у 2 т., 2002 - 2003), «Республика Беларусь», «Беларускі фальклор» (у 2 т., 2005 - 2006), «Культура Беларусі» (з 2010) і інш.

Уладзімір Васілевіч шмат сабраў розных фальклорных твораў ва ўсіх абласцях Беларусі, а таксама зрабіў навуковую экспедыцыю па Сібіры і Далёкім Усходзе. Помнікі знаходзяцца ў архівах ІМЭФ, БДУ, БДПУ, увайшлі ў тамы акадэмічнай серыі БНТ. У БДПУ, дзе ён працуе з 1992 года, курыруе фальклорна-этнаграфічны архіў, дзе акрамя запісаў вуснай народнай творчасці, сабрана нямала артэфактаў народнай культуры і побыту. З 2004 года яго, лепшага фалькларыста педагагічнага ўніверсітэта, прызначаюць загадчыкам кафедры этналогіі і фалькларыстыкі, якая рыхтуе выпускнікоў па спецыяльнасцях «Сусветная і айчынная культура. Фальклор», «Сусветная і айчынная культура. Рытміка. Харэаграфія».

Сваё 60-годдзе фалькларыст сустракае ў поўным росквіце сіл і таленту.

Алесь ЛОЗКА.



7 студзеня. Палац культуры ветэранаў. (Я. Купалы, 21). 19.00.

Cвяточны канцэрт з удзелам зорак акустычнай музыкі: Таццяна Беланогая, Зміцер Бартосік, Андрэй Хадановіч, Эдуард Акулін, Андрэй Плясанаў, Аляксей Галіч з праграмай на свята Божага нараджэння, прэзентацыя дыска «Калядныя песні Данчыка»

Усім дзеткам падарункі ад арганізатараў і Святога Мікалая!

Даведкі: 6490888. Кошт квіткоў ад 25 000 да 45 000.


Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе

Фрагменты з дакументальнага рамана

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Ах як правільна прамаўляў Мікалай Слюнькоў, хварэў за дабрабыт і здароўе беларусаў, народаў Украіны, СССР. Забылася разумнаму чалавеку ўласная пасіўнасць у першачарнобыльскія дні і тыдні, аднастайныя пастаянныя асаджванні з ЦК КПБ усіх ініцыятыўных і асцярожных у абласцях і раёнах: не падымайце панікі, яна страшней за радыяцыйнасць; выконвайце планы; ніякіх недазволеных перасяленняў. А дазволы, выдатна ведалі высокія партыйцы, Масква не давала: абстаноўка на ЧАЭС нармалізуецца, пад кантролем, не прыспешвайце.

Мікалай Слюнькоў быццам забыў, што ў час паездкі ў Хойніцкім раёне заклікаў насельніцтва не выязджаць з раёна, жыць патрэбна і можна ў райцэнтры і вёсках, радыеактыўнасць зніжаецца, а сам нашчэнт выкінуў з памяці эпізод, калі адзін з галоўных кіраўнікоў Беларусі пераабуўся перад выездам з зоны. Нельга сесці ў легкавік у забруджаным радыяцыяй абутку, выдатныя чаравікі паставіў на ўзбочыну. Не пажадаў загаджваць машыну. Народу ў раёнах і вёсках жыць можна гадамі, а кіраўнік усяго дзень паездзіў па раёне і чаравікі выкінуў.

Многае не памяталася мудраму і асцярожнаму Слюнькову.

XII

Яна не зачэпвала балючую тэму, не планавала выпытваць Рамана Кавалёва пра ліквідатарства. Само атрымоўвалася. Раз жанчына спытае, другі ўдакладніць, трэці адкаментуе яго заўвагу на вуліцы.

У зоне ўсё было проста і няпроста, па словах дазіметрыста Кавалёва. Звычайным рабацягам ліквідатарам дазіметры наогул не давалі, не трэба ўсім ведаць фонавасць.

- Сабак і катоў адстрэльвалі салдаты. Не пакідаць звяр'ё. Вар'яцтва разнясуць па ўсёй Беларусі, Украйне. Слюною абмажуць чалавека - усё, хворы.

- Стралялі.

- І лавілі. Сеткамі. Хатнія. Спярша сабачкі не хацелі ўцякаць, не ўмелі хутка і далёка сігаць ад лаўцоў. Потым ад сабакі сабаку перадалося, стрымголілі. Ад любога мужыка.

- Чаму мужыка?

- Наўчыліся распазнаваць. Бабаў не палохаліся.

У краме ён і яна купляюць прадукты.

- Партызаны - міліцыя, салдаты, ліквідатары, мы ўсе зваліся партызанамі. Многія вяскоўцы выехалі з хаты на тыдзень, так ім казалі, не прыхапілі патрэбнае. Сярод дня высяленцы вяртаюцца дахаты. Смелыя. Пісьмы, фоткі, грошы са схронаў ім трэба, - каторы раз паўтараецца фізік Кавалёў. - А тут - асадзі назад. Салдаціка ці мілітошу не ўгаворыш.

- І…

- У аб'езд народ шыецца. Натыкаецца на дазіметрыстаў. Ад райСЭС, Менску ці нас. Зводкі штодня патрабавалі. Дазімерылі мы шмат, усюды.

- І…

- Мы прапускалі. Працуем, не бачым высяленцаў, мы іх не заўважаем і ўсё. Спытае кабетка, сустрэлі на шыбах надпіс "Даруй хатка мілая", дзеці напісалі, яна ў тую хату ідзе, - дазіметрыст і раскіс. Ідзіце.

- Дазіметрыст гэта вы?

- А хто ж.

- І…

- Раз'ікалася.

Як перадаць жанчыне колішняе адчуванне, што ў зоне і прызонні ў дазіметрыстаў, усіх ліквідатараў знік страх, знік. Замеры фону Раману Кавалёву даводзілася рабіць пасля другіх вымяральнікаў. На адным месцы бывала мералі радыяцыю па чатыры разы на месяц. Практычна ніколі вынікі не былі аднолькавыя, не сыходзіліся. Вецер і пыл ганебшчыну рабілі, пераносілі радыяцыю лёгка. Што і як дазіметрысты пісалі, большасць людзей не цікавіла.

- А вас?

- Нас цікавіла, як нашыя лічбы перапісвалі ў раёне, мянялі ці не. Спярша. Апасля абыякавасць. Пацелі страшэнна. Адзін наш, з настаўнікаў, моцна ўсім пасабляў. Начальства не любіць добрых, хто ўсім памагае. Яго прыціснуць ха целі.

Двое ідуць цішэй, яшчэ цішэй.

- Было некалькі адмаўленцаў. Ад працы ў зоне, любой працы. Не інтэлігенты, іх Бог прывучыў не падстаўляцца пад слоўны начальніцкі ўдар. Рабацягі паўсталі. Болей не буду ліквідацьніць і ўсё. Турмою ім гразілі. Ваеннаабавязаны, прысягу даваў. Патрэбна. А яны сваё, у нас ёсць праца, чаго сарвалі, па якім законе... Ваенкамацкае распараджэнне не закон. З'ехалі, і нічога. Асобныя, хто тэрмін адбыў, дзесяць-пятнаццаць дзён, зусім смяліліся, з'ехалі. - Павольняць па шашы. - Такому патрэбна мець адвагу. - Павольняць яшчэ цішэй. - І розум. Не збаяцца кадравікоў і прыначальніцкую зудзень.

- Не буду ікаць. Як паводзіліся неадмаўляльнікі…

- Зубаскалілі. Хваліліся выканальніцтвам. Мы не баімся. Асобныя геройнічалі. Голыя хадзілі. У рацэ купаліся. Асягалі бяду радыяцыі і небаімосілі. Павышаныя грошы і гарэлка смялілі лапухоў.

Трэба грунт зрэзваць на штык лапаты, часам ліквідатары сачкавалі. Дазіметрысты Кавалёў і Мажэнка іх не папраўлялі. Пры перакопцы верхні слой, пяць міліметраў, змешваўся. Праз тыдзень-два ўсё зноў фаніла роўненька.

- Задумвацца многія сталі ў канцы. Супрацьгазы спатрэбіліся. Ужо не смяяліся, як Сярожка сыпаў: "Калі хочаш быць айцом, абвярні яйцо свінцом". Не хваліліся ядзерным загарам. Ен - бурачковы, за дзень густа ўсее цела. У першыя дні асабліва кідкі.

Дзівіла дазіметрыстаў, не давала спакойніць даверлівасць і тупавасць мілых вяскоўцаў. Шчаўё і грыбы болей усяго і хутчэй ад усяго ўбіраюць радыяцыю. Жанкі ў вёсцы вараць яду менавіта з шчаўя і грыбоў. Могуцца пачаставаць упацелых мужчынаў. Раман Кавалёў і Сяргей Мажэнка парушалі распараджэнні кіраўніцтва, засцерагалі людзей.

"Вылівайце боршч, і ўся песня, няведкаў не слухайце.

"Ну, добра, поліўку з'ільем, а шчаўе і мяса з'ямо". Што ты ім скажаш...

Двое падыходзяць да кіёска, выбіраюць газеты.

- Сады і кветкі перасталі для нас пахацець - нюху не стала. Страшна. Асфальт спецыяльна ў два пласты для менскага першага праклалі; хлопцы прадазімерылі праз месяц, радыяцыя. Як з дахамі і сценамі - мыюць, мыюць, а праз месяц тое ж.

- Першы як, спадабаўся? памог?

- З сваімі кансервамі прыехаў, якое спадабаўся.

Позна ўвечары, ён, перад сном:

- Робатаў не было на дахах рэактара. Адзін ці што. Згарэў нямецкі за гадзіну. На даху ўсё завалена. За паўгадзіны нутро робата паляцела. А салдацікі - дзеці, дурныя паслухмяныя дзеткі, графіт скідвалі. Часцяком у рваных брызентавых рукавіцах. Боты штодня не замянялі, не было на складзе, салдацікі цярпелі. Героі. Афіцар'ё, палітработнікі сволачы. Некаторыя паслухмяных і кар'ерных салдацікаў правакавалі - "другі раз не зможаш на дах схадзіць, слабо".

- Лепш не памятаць такое.

- Хочу, Антанінушка, забыць. Не ўдаецца. Не магу. Не было ніякіх медыцынскіх рэкамендацыяў - нам, салдатам, народу. У Ветцы, Хойніках, Брагіне, Нароўлі. Медыкі шчыра прызнаюцца - не знаем нічога, інструкцыяў няма, не вучаць нас, а мы вас.

Асцярожнасць, лепшую праяву адвагі, у многіх людзей у зоне і пры зоне абуджалі толькі яны, мясцовыя медыкі. Вучылі вымочваць любое мяса, мясцовае ці так званае прывезенае, чыстае. Закіпіць вада, хай мяса паварыцца пяць хвілінаў - і злівайце ваду, нават двойчы. Меней вітамінаў і карыснасці, затое няма радыяцыі.

- Адна жанчына: "забаліць што - песні выю". - "Памагае?" - "Вой, дзетачка, ашчэ як". Жаліцца, у яе гора не радыяцыя - адзінотнасць. Памрэ, няма каму па ёй плакаць. Хоча адпісаць хаджайства любому, хто прыедзе і хоць трохі жыцьме ў хаце, праведвацьме на Радаўніцу яе магілу.

(Працяг у наст нумары.)

Валер Санько


АБ ДЗЯРЖАЎНАЙ ПАДТРЫМЦЫ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ

Канцэпцыя праекта Закона Рэспублікі Беларусь, якая прапануецца Грамадскім аб'яднаннем "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

1. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Беручы пад увагу тое, што беларуская мова:

- ёсць атрыбутам беларускай нацыянальнай адметнасці;

- ёсць гарантам нацыянальнай тоеснасці беларускага народу ў прасторы і часе;

- ёсць каштоўнасцю культурнай спадчыны Беларусі;

- ёсць каштоўнасцю, павага да якой інтэгруе беларускі народ і тым самым гарантуе дзяржаўны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, яе еднасць і непадзельнасць;

- мае магчымасць зберагацца і развівацца ва ўсіх сваіх формах толькі на тэрыторыі пераважнага рассялення беларускага народа, г. зн. у Рэспубліцы Беларусь;

- у выніку працяглай адсутнасці дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі вымагае дадатковай падтрымкі ў параўнанні з мовамі, якія належаць народам з бесперапыннай традыцыяй нацыянальнай дзяржаўнасці і маюць статус міжнародных,

а таксама прызнаючы лінгвістычныя правы грамадзян Рэспублікі Беларусь,

Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь прымае гэты Закон.


Артыкул 1. Праўныя падставы і мэта Закона

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб беларускай мове грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з дадзенага Закона, Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" і іншых актаў зака-надаўства Рэспублікі Беларусь.

Праўнай падставай для распрацоўкі і прыняцця дадзенага Закона з'яўляюцца міжнародна-праўныя акты, абавязковыя для Рэспублікі Беларусь, а менавіта:

- Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека;

- Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах;

- Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных i культурных правах;

- Еўрапейская культурная канвенцыя;

- Канвенцыя ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры "Аб ахове і заахвочванні разнастайнасці формаў культурнага самавыяўлення";

- Канвенцыя ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры "Ааб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны".

Мэтай гэтага Закона з'яўляецца пашы-рэнне і ахова функцыянальнага асяроддзя для зберажэння і забеспячэння перспектывы беларускай мове.


Артыкул 2. Статус беларускай мовы

Беларуская мова - нацыянальная мова беларускага народа.

Беларуская мова - афіцыйная мова Рэспублікі Беларусь.

Беларуская мова - тытульная мова Рэспублікі Беларусь.

Беларуская мова ва ўсіх формах яе вуснага і пісьмовага бытавання і незалежна ад ступені кадыфікацыі з'яўляецца нематэрыяль-най культурнай каштоўнасцю, якая ахоўваецца дзяржавай.

Аб'ектамі аховы дзяржавы ёсць беларуская вусная і пісьмовая літаратурная мова, лексіка і фразеалогія, дыялектная мова, старабеларуская мова, графічныя сістэмы і арфа-графічныя традыцыі, тапанімія, традыцыйны іменаслоў і сістэмы наймення людзей.


Артыкул 3. Беларуская мова - нацыянальны капітал

Беларуская мова, як гуманітарная субстанцыя, з'яўляецца прыналежнасцю, а, значыць, і ўласнасцю беларускага этнасу і Беларускай Дзяржавы.

Ніхто ў свеце акрамя беларускага народа і Беларускай Дзяржавы не можа праводзіць ніякіх дзеяння па зменах, рэфармаванні, удасканаленні беларускага маўлення, беларускага правапісу, беларускіх лінгвістычных нормаў.

Ніхто ў свеце акрамя беларускага народа і Беларускай Дзяржавы не мае права вызначаць лінгва-прававы статус беларускай мовы.

2. ДЗЯРЖАЎНАЯ МОЎНАЯ ПАЛІТЫКА, ДЗЯРЖАЎНЫЯ І АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ ПА ПАДТРЫМЦЫ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ

Артыкул 4. Асноўныя пастулаты дзяржаўнай моўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь

Рэспубліка Беларусь ажыццяўляе заканадаўчую, арганізацыйную і фінансавую падтрымку беларускай мовы ў формах і аб'ёмах, неабходных для забеспячэння паўнавартаснага функцыянавання і развіцця беларускай мовы, падтрымання яе прэстыжу ва ўсіх сферах жыцця краіны, у прыватнасці:

- спрыяе падвышэнню моўнай культуры грамадзян;

- стварае ўмовы для захавання дыялектаў;

- стварае ўмовы для захавання помнікаў пісьменства беларускага народа і прымае захады для вяртання помнікаў пісьменства, што знаходзяцца па-за межамі Беларусі;

- забяспечвае матэрыяльную базу для функцыянавання беларускай мовы;

- забяспечвае фармаванне і развіццё беларускай тэрміналогіі для ўсіх галін навукі, усіх сфер дзяржаўнай дзейнасці і гаспадаркі;

- падтрымлівае як прыярытэтныя галіны навукі, якія займаюцца даследаваннем беларускай мовы, аказвае дзяржаўную падтрымку выданню навуковых і папулярных прац у пытаннях беларускай мовы, перакладаў на беларускую мову даведкавай, навучальна-метадычнай, мастацкай літаратуры, мастацкіх, дакументальных, мультыплікацыйных, навучальных фільмаў.

Беларуская дзяржава абараняе моўныя правы беларусаў у дыяспарах і на абшарах традыцыйнага рассялення беларусаў за мяжой, падтрымлівае адпаведныя ініцыятывы, а таксама ажыццяўляе захады з мэтай надання беларускай мове афіцыйнага статусу на гэтых абшарах. Дзяржава падтрымлівае адкрыццё факультэтаў і кафедр беларускай мовы, а таксама беларускіх школ і беларускамоўных выданняў (газеты, часопісы, альманахі) у замежных краінах - у першую чаргу там, дзе існуюць беларускія дыяспары.

Дзяржава прымае захады для надання беларускай мове афіцыйнага статусу ва ўсіх міждзяржаўных утварэннях, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь.


Артыкул 5. Дзяржаўныя і агульнанацыянальныя праграмы па падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь

- у Рэспубліцы Беларусь:

У Рэспубліцы Беларусь распрацоўва-юцца і ажыццяўляюцца дзяржаўныя і агульнанацыянальныя праграмы падтрымкі беларускай мовы.

Дзяржаўныя і агульнанацыянальныя праграмы па падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь распрацоўваюцца ў першую чаргу ў кірунках, якія выклікаюць занепакоенасць у грамадстве, патрабуюць неадкладнага ўмяшання дзяржавы.

Дзяржаўныя і агульнанацыянальныя праграмы па падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь фінансуюцца з дзяржаў-нага бюджэту Рэспублікі Беларусь, са сродкаў спецыяльных фондаў падтрымкі беларускай мовы; могуць прыцягвацца таксама сродкі айчынных і замежных спонсараў, якія пры гэтым не падлягаюць абкладанню падаткамі, зборамі (пошлінамі).


- у дыяспарах:

Агульнанацыянальныя праграмы па падтрымцы беларускай мовы ў дыяспарах рас-працоўваюцца ў межах вырашэння задач па па-пулярызацыі беларускай мовы на міжнароднай арэне, па заваяванні і абароне пазіцый беларус-кай мовы ў сусветнай моўнай супольнасці.

Агульнанацыянальныя праграмы па падтрымцы беларускай мовы ў дыяспарах фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту Рэспублікі Беларусь; яны таксама могуць фінансавацца са сродкаў спецыяльных фондаў падтрымкі беларускай мовы, а таксама сродкаў айчынных і замежных спонсараў, якія пры гэтым не падлягаюць абкладанню падаткамі, зборамі (пошлінамі).

3. ДЗЕЙНАСЦЬ ДЗЯРЖАЎНЫХ ОРГАНАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ, МІНІСТЭРСТВАЎ І ВЕДАМСТАЎ ПА ПАДТРЫМЦЫ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Артыкул 6. Арганізацыя дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы

Гарантам годнага бытавання і свабоднага развіцця беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

Ідэалагічнае і арганізацыйнае забеспячэнне дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы ажыццяўляе Дэпартамент беларускай мовы пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Заканадаўчае забеспячэнне дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы ажыццяўляе Нацыянальны Сход Рэспублікі Беларусь.

Арганізацыйную і фінансавую падтрымку беларускай мовы ажыццяўляе Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Адзін раз на пяць гадоў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прымае дэталёвы план выканання гэтага Закона з улікам палажэнняў дзяржаўных і агульнанацыянальных праграм па падтрымцы беларускай мовы і размяркоўвае адказнасць за выканан-не плана паміж адпаведнымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання.

Юрыдычную абарону беларускай мовы ажыццяўляюць праваахоўныя структуры, суды і Пракуратура Рэспублікі Беларусь.


Артыкул 7. Дзейнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеля годнага бытавання і свабоднага развіцця беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь дасканала валодае беларускай мовай.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь як вышэйшая службовая асоба Рэспублікі Беларусь ставіцца да беларускай мовы, як да нацыянальнай святыні і дзяржаўнай каштоўнасці, уручанай яму беларускім народам разам з прэзідэнцкімі паўнамоцтвамі.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь усю ўнутрыдзяржаўную дзейнасць ажыццяўляе на беларускай мове. Усе ўказы Прэзідэнта выдаюцца па-беларуску.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь арганізуе дзейнасць усёй уладнай вертыкалі на беларускай мове.

Прэзідэнт Беларусі падчас афіцыйных, публічных, культурніцкіх і інш. мерапрыемстваў асабістым прыкладам падтрымлівае і прапа-гандуе беларускую мову.


Артыкул 8. Дэпартамент беларускай мовы пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь

Дэпартамент беларускай мовы пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (далей - Дэпартамент беларускай мовы) ёсць арганізацыйна-выканаўчым органам, які ствараецца з мэтай арганізацыі выканання гэтага Закона.

У сваёй дзейнасці Дэпартамент беларускай мовы кіруецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам, іншымі нарматыўнымі праўнымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Паўнамоцтвы Дэпартамента беларускай мовы і парадак яго працы вызначаецца Статутам (Рэгламентам) Дэпартамента беларускай мовы, які зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Памяшканне для працы Дэпартамента беларускай мовы забяспечвае Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Колькасны і персанальны склад Дэпартамента беларускай мовы зацвярджае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

Дэпартамент беларускай мовы ўзначальвае Старшыня, які прызначаецца Ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.


Дэпартамент беларускай мовы:

1) разглядае канкрэтныя пытанні выканання гэтага Закона;

2) падае ў органы дзяржаўнага кіравання прапановы па выкананні гэтага Закона;

3) разглядае праекты актаў заканадаўства, палажэнні якіх маюць дачыненне да сферы прымянення гэтага Закона, і падае ў органы дзяржаўнага кіравання высновы наконт праектаў актаў заканадаўства, якія датычаць аховы і выкарыстання беларускай мовы;

4) ухваляе колькасць і крытэрыі надання кваліфікацыйных катэгорый валодання беларускай мовай, неабходных для дзяржаўных службоўцаў розных сфер дзейнасці;

5) вызначае прыярытэтныя кірункі кадыфікацыі беларускай літаратурнай мовы;

6) ацэньвае і зацвярджае найважнейшыя ўнармавальныя мовазнаўчыя працы (слоўнікі, даведнікі, дапаможнікі, падручнікі);

7) у супрацоўніцтве з іншымі дзяржаўнымі і грамадскімі ўстановамі ды арганізацыямі вырашае пытанні ўкаранення беларускай мовы ў інфармацыйныя тэхналогіі;

8) вырашае пытанні замены беларускімі адпаведнікамі іншамоўных тэрмінаў;

9) дбае пра зберажэнне дыялектаў беларускай мовы;

10) клапоціцца пра захаванне трады-цыйных беларускіх геаграфічных назваў, зацвярджае іх спіс і вызначае парадак ужывання;

11) вызначае шляхі рэалізацыі права грамадзян на выкарыстанне традыцыйнага беларускага іменаслову і традыцыйнай сістэмы наймення людзей;

12) сочыць за культурай беларускай мовы ў адукацыі, у сродках масавай інфармацыі, у выдавецкай дзейнасці, у навуцы, у грамадскім жыцці, у іншых галінах;

13) вывучае запыты грамадства ў галіне абароны, унармавання, пашырэння выкарыстання беларускай мовы і прымае па іх рашэнні;

14) зацвярджае Статут і структуру Дзяржаўна-грамадскай Камісіі Дэпартамента беларускай мовы, Сакратарыята Дэпартамента беларускай мовы (далей - Сакратарыят), Дзяржаўнай інспекцыі Дэпартамента беларускай мовы і арганізуе іх дзейнасць;

15) распрацоўвае каштарыс даходаў і выдаткаў Дэпартамента беларускай мовы.

Дэпартамент беларускай мовы Рэспублікі Беларусь карыстаецца правам заканадаўчай ініцыятывы, вырашае канкрэтныя пытанні прымянення законаў, якія рэгулююць афіцыйнае ўжыванне моў у Рэспубліцы; падае прапановы Парламенту і Ўраду; разглядае праекты заканадаўчых і падзаконных актаў, палажэнні якіх маюць дачыненне да сферы прымянення гэтага Закону.

Дэпартамент беларускай мовы супра-цоўнічае з органамі ўлады, Інстытутам мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, універсітэтамі, Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Саюзам пісьменнікаў Беларусі, Беларускім ПЭН-Цэнтрам, Таварыствам беларускай школы, іншымі ўстановамі і арганізацыямі.

Дэпартамент беларускай мовы мае права:

1) атрымліваць інфармацыю аб сітуацыі з аховай і выкарыстаннем беларускай мовы ад дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, усіх прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый у Рэспубліцы Беларусь;

2) атрымліваць і разглядаць інфарма-цыю аб рэагавання на прадпісанні Дзяржаўнай інспекцыі Дэпартамента беларускай мовы;

3) удзельнічаць у паасяджэннях, канфе-рэнцыях і нарадах дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, дзе разглядаюцца пытанні беларускай мовы, уносіць прапановы ў гэтых пытаннях.

Дэпартамент беларускай мовы кіруе (каардынуе дзейнасць) аддзеламі беларускай мовы аблвыканкамаў і мінскага гарвыканкаму, аддзеламі (групамі спецыялістаў) райвыканкамаў, гарвыканкамаў, спецыялістамі сельскіх і пасялковых саветаў, спецыялістамі (штатнымі або няштатнымі) міністэрстваў, ведамстваў ад цэнтральнага апарату да прадпрыемства і асобнай юрыдычнай адзінкі.

Дзейнасць Дэпартамента беларускай мовы фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту. Сродкі Дэпартамента беларускай мовы выкарыстоўваюцца для:

1) выканання задач Дэпартамента беларускай мовы;

2) выплаты заробку супрацоўнікам Дэпартамента;

2) аплаты працы экспертаў, нанятых Дэпартаментам беларускай мовы;

4) падрыхтоўкі і ажыццяўлення публікацый;

5) гаспадарчых выдаткаў.

Старшыня Дэпартамента беларускай мовы:

1) арганізуе працу Дэпартамента бела-рускай мовы, адказвае за выкананне Камісіяй беларускай мовы пастаўленых задач;

2) адказвае за мэтавае выкарыстанне сродкаў, атрыманых з дзяржаўнага бюджэту і іншых крыніц;

3) склікае пасяджэнні Дэпартамента беларускай мовы, старшынюе на іх, рыхтуе праекты рашэнняў;

4) засведчвае подпісам пратаколы пасяджэнняў Дэпартамента беларускай мовы;

5) прадстаўляе Дэпартамент беларускай мовы ў зносінах з дзяржаўнымі і недзяржаўнымі ўстановамі і арганізацыямі;

6) падае праект каштарысу выдаткаў Дэпартамента беларускай мовы на зацвярджэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

7) кіруе Сакратарыятам, зацвярджае яго персанальны склад, падае на зацвярджэнне Камісіі беларускай мовы Статут і структуру Сакратарыяту;

9) не менш як адзін раз на год трымае справаздачу аб дзейнасці Дэпартамента бела-рускай мовы перад Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.


Артыкул 9. Дзяржаўна-грамадская Камісія Дэпартамента беларускай мовы

Дзяржаўна-грамадская камісія Дэпартамента беларускай мовы (далей - Камісія) - кансультатыўна-дарадчы (экспертны) орган, які ствараецца з мэтай пастаяннага нагляду за выкананнем гэтага Закона, адсочвання моўных працэсаў у грамадстве і ўнясення прапаноў у дзейнасць Дэпартамента беларускай мовы.

Камісія складаецца з экспертаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, унівэрсітэтаў, прадстаўнікоў профільных грамадскіх арганізацый, у тым ліку творчых саюзаў і арганізацый навукоўцаў (Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Саюз пісьменнікаў Беларусі, ПЭН-Цэнтр, Таварыства беларускай школы, Саюз журналістаў і Беларуская асацыяцыя журналістаў).

Члены Камісіі прызначаюцца на 5 гадоў. Колькасць тэрмінаў удзелу ў Камісіі не абмя-жоўваецца. Час пачатку паўнамоцтваў члена Камісіі адлічваецца з дня яго прызначэння ў склад Камісіі .

Камісію ўзначальвае старшыня Дэпарта-мента беларускай мовы.

Камісія праводзіць пасяджэнні. Пася-джэнні Камісіі праводзяцца не радзей як адзін раз на месяц. Пасяджэнне Камісіі лічыцца правамоцным, калі на ім прысутныя не менш як 2/3 членаў Камісіі беларускай мовы.

Па выніку разгляду пытанняў Камісія прымае рашэнні. Рашэнне лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала не менш за 2/3 пры-сутных членаў Камісіі.


Артыкул 10. Сакратарыят Дэпартамента беларускай мовы

Сакратарыят Дэпартамента беларускай мовы:

1) абслугоўвае Дэпартамент беларускай мовы, дзейнасць яе экспертаў і структур;

2) рыхтуе праекты дакументаў і іншыя матэрыялы для Дэпартамента беларускай мовы;

3) рыхтуе да друку і арганізуе публікацыі дакументаў і выданняў Дэпартамента беларускай мовы;

4) кансультуе грамадзян, юрыдычных асоб;

У складзе Сакратарыяту дзейнічаюць юрыдычны аддзел, аддзел працы з грамадзянамі, аддзел ліставанняў, выдавецкі аддзел, агульны аддзел.


Артыкул 11. Дзяржаўная інспекцыя Дэпартамента беларускай мовы

Дзяржаўная інспекцыя Дэпартамента беларускай мовы (далей - Інспекцыя) - спецыяльна ўпаўнаважаны дзяржаўны орган, падпарадкаваны Старшыні Дэпартамента беларускай мовы, які ажыццяўляе ў межах сваёй кампетэнцыі нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб беларускай мове.

У сваёй дзейнасці Інспекцыя кіруецца Канстытуцыяй, гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства.

Статут Інспекцыі зацвярджае Старшы-ня Дэпартамента беларускай мовы.

Структура Інспекцыі зацвярджаецца Старшынём Дэпартамента беларускай мовы па прадстаўленні Дырэктара Інспекцыі.

Інспекцыя ёсць юрыдычнай асобай, мае гербавую пячатку са сваім найменнем, банкаў-скія рахункі.

Фінансаванне Інспекцыі ажыццяўляецца з бюджэту Дэпартамента беларускай мовы і іншых крыніц, не забароненых законам.

Супрацоўнікі Інспекцыі, за выключэннем асобаў, што забяспечваюць яе функцы-янаванне і ажыццяўляюць тэхнічнае абслугоўванне, з'яўляюцца дзяржаўнымі службоўцамі.


Задачай Інспекцыі з'яўляецца ажыццяўленне кантролю за выкананнем гэтага Закона, іншых праўных нормаў, якія забяспечваюць ахову і выкарыстанне беларускай мовы.

З мэтай рэалізацыі ўскладзенай на яе задачы Інспекцыя ажыццяўляе наступныя функцыі:

1) ажыццяўляе праверкі выканання патрабаваняў заканадаўства аб беларускай мове рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, органамі мясцовага кіравання і самакіравання, усімі ўстановамі, прадпрыемствамі і аргані-зацыямі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і прадухіляе правапарушэнні ў сферы аховы і выкарыстання беларускай мовы;

2) запытвае ў дзяржаўных органаў, іншых юрыдычных асоб, а таксама фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, тлумачэнні прычын выяўленых парушэнняў заканадаўства ў сферы аховы і выкарыстання беларускай мовы, а таксама прычын і ўмоў, што спрыяюць іх ажыццяўленню;

3) у межах сваёй кампетэнцыі выдае абавязковыя для выканання дзяржаўнымі органамі, іншымі юрыдычнымі асобамі, а таксама фізічнымі асобамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі, прадпісанні аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў заканадаўства ў сферы аховы і выкарыстання беларускай мовы, а таксама прычын і ўмоў, што спрыяюць іх ажыццяўленню;

4) у межах сваёй кампетэнцыі вядзе адміністрацыйны працэс;

5) у межах сваёй кампетэнцыі рыхтуе і ва ўстаноўленым парадку ўносіць праекты нарматыўных прававых актаў па пытаннях аховы і выкарыстання беларускай мовы, узгадняе падрыхтаваныя іншымі дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі праекты нарматыўных прававых актаў па гэтых пытаннях;

6) вызначае і кантралюе механізм надання дзяржаўным службоўцам кваліфікацыйных катэгорый валодання беларускай мовай;

7) запытвае ў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, органаў мясцовага кірвання і самакіравання, іншых юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў і бязвыплатна атрымлівае ад іх інфармацыю, неабходную для выканання ўскладзенай на Інспекцыю задачы;

8) у межах сваёй кампетэнцыі ажыццяўляе міжнароднае супрацоўніцтва;

9) у межах сваёй кампетэнцыі дае рэкамендацыі па пытаннях аховы і выкарыстання беларускай мовы;

10) інфармуе грамадства пра сваю дзейнасць;

11) выконвае іншыя прадугледжаныя заканадаўствам функцыі.

Інспекцыя складае справаздачы перад Старшынём Дэпартамента беларускай мовы, абменьваецца інфармацыяй па сваёй дзейнасці з Камісіяй Дэпартамента беларускай мовы. Прадстаўнікі Інспекцыі маюць права ўдзель-нічаць у паседжаннях Камісіі Дэпартамента беларускай мовы.

Інспекцыю ўзначальвае Дырэктар. Дырэктар прызначаецца на пасаду і вызваляецца ад яе Старшынём Дэпартамента беларускай мовы са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дырэктар мае намесніка, які прызначаецца на пасаду Старшынём Дэпартамента беларускай мовы па прадстаўленні Дырэктара Інспекцыі.

Дырэктар Інспекцыі:

1) кіруе дзейнасцю Інспекцыі і нясе персанальную адказнасць за выкананне ўскладзенай на яе задачы;

2) зацвярджае штатны расклад Інспекцыі ў адпаведнасці з яе структурай і колькасцю супрацоўнікаў, а таксама фондам аплаты працы;

3) зацвярджае палажэнні аб структурных падраздзяленнях цэнтральнага апарату Інспекцыі, абласных і міжраённых інспекцыях;

4) прымае на працу і звальняе ва ўстаноўленым парадку супрацоўнікаў Інспек-цыі;

5) ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва дзейнасцю абласных і міжраённых інспекцый;

6) у межах сваёй кампетэнцыі выдае загады;

7) ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Дырэктар Інспекцыі з'яўляецца Галоўным інспектарам паводле пасады, яго намеснік - намеснікам Галоўнага інспектара.

Інспекцыя мае штатных інспектараў у складзе абласных, гарадскіх, раённых і іншых аддзелаў Дэпартамента беларускай мовы, а таксама няштатных інспектараў у кожным населеным пункце, у кожнай арганізацыі і на кожным прадпрыемстве, дзе гэта палічыць патрэбным.

Службовымі асобамі Інспекцыі, якія маюць права ажыццяўляць кантроль за аховай і выкарыстаннем беларускай мовы, з'яўляюцца Дырэктар Інспекцыі і яго намеснік, старшыні абласных, гарадскіх і раённых інспекцый, іх намеснікі, інспектары і іншыя супрацоўнікі Інспекцыі, што з'яўляюцца дзяржаўнымі службоўцамі.

Інспектары маюць права ажыццяўляць праверкі ў вызначаным заканадаўствам парадку, складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях у сферы аховы і выкарыстання беларускай мовы, а таксама ажыц-цяўляюць іншыя, прадугледжаныя Статутам Інспекцыі і адпаведнымі палажэннямі, правы. Дзеянні і рашэнні інспектараў могуць быць абскарджаны Дырэктару Інспекцыі альбо ў суд.

Дзяржаўныя органы, іншыя юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны падчас праверак Інспекцыі ствараць умовы для выканання інспектарамі іх абавязкаў.


Артыкул 12. Дзейнасць Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўчым забеспячэнні дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь

Нацыянальны Сход Рэспублікі Беларусь заканадаўча фармуе дзяржаўную палітыку Рэспублікі Беларусь у дачыненні да беларускай мовы, прымае дапаўненні і папраўкі ў Крымінальны і Адміністрацыйны кодэкс Рэс-публікі Беларусь у частцы ўстанаўлення крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне Заканадаўства аб мовах, за публічную знявагу і абразу беларускай мовы, за падрыў пазіцый беларускай мовы ў дзяржаве і грамадстве, за непрыняцце мер па папулярызацыі беларускай мовы ў краіне і за мяжой.

Старшыні абедзвюх палат Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь дасканала валодаюць беларускай мовай, вядуць паседжанні палат па-беларуску, падчас афіцыйных, пуб-лічных, культурніцкіх і інш. мерапрыемстваў асабістым прыкладам падтрымліваюць і прапагандуюць беларускую мову.

Старшыні абедзвюх палат Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь вядуць пленарныя паседжанні палат на беларускай мове.

Дэпутаты абедзвюх палат Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь карыстаюцца беларускай мовай і асабістым прыкладам падчас афіцыйных, публічных, культурніцкіх і інш. мерапрыемстваў асабістым прыкладам падтрым-ліваюць і прапагандуюць беларускую мову.

Законы Рэспублікі Беларусь прымаюцца на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь у паслядоўнасці, прадугледжанай Кантытуцыяй Рэспублікі Беларусь (спачатку на беларускай, а пасля на рускай мовах).


Артыкул 13. Дзейнасць Нацыянальнай Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь, па навуковым забеспячэнні паўнавартаснага функцыянавання і развіцця беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь

Навуковая, аганізацыйная і адміністрацыйная дзейнасць Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, усіх яе інстытутаў і падраздзяленняў, якая фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту ажыццяўляецца на беларускай мове.

Нацыянальная акадэмія навук Рэспублікі Беларусь арганізуе і ажыццяўляе навуковае забеспячэнне паўнавартаснага існавання беларускай мовы.

Нацыянальная акадэмія навук арганізуе навуковыя даследванні ў вобласці беларускай мовы, літаратуры і ў іншых абласцях беларускай лінгвістыкі, публікацыю вынікаў гэтых даследванняў, выданне акадэмічных слоўнікаў, пад-ручнікаў і іншай літаратуры, якая адлюстроўвае працэсы, што адбываюцца ў беларускай мове, вядзе Тэрміналагічны банк беларускай мовы.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі удзельнічае ў працэсе кадыфікацыі беларускай літаратурнай мовы шляхам шырокай і свабоднай агульнаграмадскай дыскусіі.

Кадыфікацыя беларускай літаратурнай мовы адбываецца ў выніку шырокай і свабоднай агульнаграмадскай дыскусіі кансэнсусным рашэннем грамадскай кадыфікацыйнай камісіі, складзенай на парытэтных асновах з навукоўцаў Акадэміі навук, універсітэтаў, прадстаўнікоў профільных творчых саюзаў і грамадскіх арганізацый. Склад кадыфікацыйнай камісіі зацвярджаецца Дэпартаментам беларускай мовы.

Кадыфікаваны варыянт беларускай літаратурнай мовы абавязковы для ўжывання дзяржаўнымі органамі. Дыскрымінацыя носьбітаў мовы паводле ступені яе кадыфікацыі ў недзяржаўнай сферы не дапускаецца. Нацыя-нальная акадэмія навук Беларусі арганізуе адаптацыю да беларускай мовы ўсіх відаў камп'ютарных праграм, якія маюць масавае выкарыстанне. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі арганізуе распрацоўку і ўкараненне электронных перакладчыкаў з шырока распаўсюджаных моў свету на беларускую і, наадварот, з беларускай на шырока распаўсюджаныя мовы свету.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі вядзе працу па забеспячэнні годнага прадстаўніцтва беларускай мовы ў навуковым дыскурсе ў Беларусі і па-за яе межамі.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі выступае з навуковымі і навукова прапрацаванымі ініцыятывамі ў справе паляпшэння сіту-ацыі з бытаваннем беларускай мовы ў краіне і павышэннем яе папулярнасці за мяжой.

Старшыня Прэзідыума НАН дасканала валодае беларускай мовай, пастаянна карыстаецца ёй падчас афіцыйнай дзейнасці.


Артыкул 14. Дзейнасць Ураду Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў, дэпартаментаў і ведамстваў па практычным, эканамічным і фінансавым забеспячэнні дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь

Урад Рэспублікі Беларусь арганізуе і ажыццяўляе практычную, эканамічную і фінансавую падтрымку беларускай мовы.

Прэм'ер міністр Рэспублікі Беларусь дасканала валодае беларускай мовай, арганізуе дзейнасць Ураду, вядзе паседжанні па-беларуску.

Урад Рэспублікі Беларусь забяспечвае функцыянаванне ўсіх міністэрстваў і ведамстваў на беларускай мове.

Міністэрствы, дзяржаўныя камітэты, дэпартаменты і ведамствы Рэспублікі Беларусь прымаюць удзел у рэалізацыі дзяржаўных праграм падтрымкі беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь у частцы датычнай іх асноўнай дзейнасці.


Артыкул 15. Дзейнасць Міністэрства адукацыі па забеспячэнні паўнавартаснагафункцыянавання беларускай мовы ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь і ў беларускіх школах дыяспары

Рэспубліка Беларусь гарантуе кожнаму жыхару неад'емнае права на выхаванне і атрыманне адукацыі на беларускай мове. Гэта права забяспечваецца сістэмай дашкольных устаноў, агульнаадукацыйных школ, ліцэяў, каледжаў, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, а таксама ў магістратуры і аспірантуры.

У дзіцячых дашкольных установах, а таксама ў дзіцячых дамах у Рэспубліцы Беларусь выхаванне вядзецца на беларускай мове.

У адпаведнасці з пажаданнямі грамадзян па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў могуць стварацца дзіцячыя дашкольныя ўстановы ці асобныя групы, у якіх выхаванне вядзецца на мове нацыянальнай меншасці, пры гэтым не павінны парушацца прапорцыі суадносін насельніцтва беларускай і іншых нацыянальнасцяў.

У Рэспубліцы Беларусь вучэбная і выхаваўчая праца ў агульнаадукацыйных школах вядзецца на беларускай мове.

У адпаведнасці з пажаданнямі грамадзян па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў могуць стварацца агульнаадукацыйныя школы ці класы, у якіх вучэбна-выхаваўчая праца вядзецца на мове нацыянальнай меншасці ці вывучаецца мова нацыянальнай меншасці, пры гэтым не павінны парушацца прапорцыі суадносін насельніцтва беларускай і іншых нацыянальнасцяў.

Парадак вывучэння беларускай мовы вучнямі, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі краіны, вызначаецца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў галіне адукацыі.

Навучанне і выхаванне ў прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца на беларускай мове.

Беларуская мова ва ўсіх навучальных установах Рэспублікі Беларусь недзяржаўнай формы ўласнасці вывучаецца незалежна ад іх ведамаснай, прафесійнай ці канфесійнай пры-належнасці.

Міністэрства адукацыі распрацоўвае і рэалізуе сістэму маральнага і матэрыяльнага заахвочвання выкладання на беларускай мове. Стаўкі беларускамоўных выкладчыкаў і работнікаў адукацыі павінны быць павялічаны на 30% адносна ставак іншамоўных выкладчыкаў і работнікаў.

Міністэрства адукацыі арганізацыйна і матэрыяльна падрымлівае беларускія школы ў дыяспарах у тым ліку і накіраваннем у такія школы выкладчыкаў са свайго штату, або шляхам заключэння дамоў з грамадзянамі тых краін, дзе знаходзіцца беларуская школа.

Міністэрства адукацыі прымае арганізацыйныя захады і аказвае падтрымку ў адкрыцці і арганізацыі працы кафедр бела-рускай мовы і літаратуры ў краінах блізкага і далёкага замежжа дзеля папулярызацыі бела-рускай мовы ў як мага большай колькасці краін свету.


Артыкул 16. Дзейнасць Міністэрства культуры па забеспячэнні паўнавартаснага функцыянаванне беларускай мовы ў сістэме культуры Рэспублікі Беларусь і па папулярызацыю беларускай мовы за межамі краіны

У Рэспубліцы Беларусь мовай сферы культуры з'яўляецца беларуская мова. Гарантуецца захаванне і развіццё культуры на мовах іншых народаў, прадстаўнікі якіх жывуць у краіне.

Міністэрства культуры Рэспубліка Беларусь арганізуе далучэнне насельніцтва краіны да здабыткаў сусветнай культуры, ажыццяўляе пераклад на беларускую мову кнігаў, фільмаў, серыялаў, стварае беларуска-моўныя аналагі найбольш масавых і папулярных шоў і забаўляльных праграмаў.

Міністэрства культуры Рэспубліка Беларусь клапоціцца аб захаванні культурных здабыткаў беларускага этнасу ў дыяспарах, аказвае калектывам і арганізацыям культуры дыяспараў арганізацыйную і матэрыяльную падтрымку.

Асноўнай мовай праграм беларускіх дзеячоў культуры, якія прадстаўляюцца на міжнародныя конкурсы і фестывалі з'яўляецца беларуская мова.


Артыкул 17. Дзейнасць Міністэрства інфармацыі і Белтэлерадыёкампаніі па забеспячэнні паўнавартаснага функцыянаванне беларускай мовы ў беларускай дзяржаве і беларускім грамадстве

У Рэспубліцы Беларусь мовай дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі з'яўляецца беларуская мова.

Усе дзяржаўныя парталы, усе сайты дзяржаўных устаноў: Адміністрацыі Прэзідэнта, Палаты Прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі, міністэрстваў, ведамстваў, абласных, гарадскіх, раённых саветаў і выканаўчых камітэтаў, іншых дзяржаўных структур і арганізацый маюць паўнавартасную беларускую версію, а пры неабходнасці і версіі на іншых мовах.

Агульнадзяржаўныя палітычныя і камерцыйныя СМІ недзяржаўных формаў уласнасці, якія выходзяць на замежных мовах паралельна маюць беларускамоўную версію.

Літаратурныя і навуковыя выданні якія выходзяць на замежных мовах маюць беларускамоўнае рэзюмэ.

Выданні грамадскіх аб'янанняў нацыянальных меншасцяў выкарыстоўваюць мовы нацыянальных меншасцяў і пры неабходнасці або па жаданні беларускую мову.

Белтэлерадыёкампанія ажыццяўляе закупку відэа- і кінапрадукту з іншых краін свету толькі агучанага на беларускую мову або пры наяўнасці беларускамоўных субтытраў.


Артыкул 18. Дзейнасць Міністэрства спорту і турызму па папулярызацыібеларускай мовы ў беларускім грамадстве і годнай рэпрэзентацыі краіны на міжнароднай арэне

Міністэрства спорту і турызму аргані-зуе трансляцыю спартыўных рэпартажаў з усіх значных матчаў і спаборніцтваў на беларускай мове.

Усе спартовыя і турыстычныя аб'екты маюць знешняе і ўнутранае афармленне на беларускай мове.

Усе экскурсаводы краіны вядуць экс-курсіі на беларускай мове, па замове замежных турыстаў вядуць экскурсіі на іншых мовах.


Артыкул 19. Дзейнасць Міністэрства гандлю і Дзяржаўнага мытнага камітэту па забеспячэнні правоў беларускіх спажыўцоў

Міністэрства гандлю і Дзяржаўны мытны камітэт дапускаюць на беларускі рынак толькі тавары, якія маюць беларускамоўную спецыфікацыю, а таксама беларускамоўны варыянт дакументацыі (інструкцыі па экплуатацыі, тэхнічныя апісанні, гарантыйныя талоны і г.д.).


Артыкул 20. Дзейнасць Міністэрства сувязі і інфарматызацыі па забеспячэнні паўнавартаснага функцыянаванне беларускай мовы ў галіне электроннай і паштовай сувязі

Пошта і тэлеграф забяспечваюцца маркамі, канвертамі, паштоўкамі, бланкамі і да т. п., надпісы на якіх выконваюцца на беларускай мове і адпавядаюць патрабаванням Сусветнай паштовай канвенцыі.

Даведачныя, інфармацыйныя і забаўляльныя паслугі па электронных сродках сувязі аказваюцца на беларускай ці на беларускай і замежных мовах.


Артыкул 21. Дзейнасць міністэрстваў транспарту і дзяржаўных транспартных кампаній па забеспячэнні паўнавартаснага функцыянаванне беларускай мовы ў галінетранспарту і беларускамоўным афармленні транспартных магістраляў

Транспартныя магістралі: вакзалы, станцыі, аэрапорты, дарожныя знакі афармляюцца на беларускай мове.

Даведачная інфармацыя на вакзалах, станцыях, у самалётах, цягніках іншых транспартных сродках падаецца на беларускай мове, а пры неабходнасці і на замежных мовах.


Артыкул 22. Дзейнасць Міністэрства Абароны, Міністэрства Унутраных Спраў, Дзяржаўнага Памежнага Камітэту, Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі, іншых вайсковых, спецыяльных фармаванняў і сілавых структурах Рэспублікі Беларусь

Ва Узброеных Сілах, іншых вайсковых, спецыяльных фармаваннях і сілавых структурах Рэспублікі Беларусь ужываецца беларуская мова. Баявая і штодзённая служба ва Узброеных Сілах, іншых вайсковых, спецыяльных фармаваннях і сілавых структурах Рэспублікі Беларусь арганізуецца па беларускамоўных баявых і агульнавайсковых статутах.

Пры арганізацыі ўзаемадзеяння з вайсковымі і праваахоўнымі структурамі замежных краін ужываецца беларуская і прымальныя для бакоў мовы.


Артыкул 23. Дзейнасць Міністэрства юстыцыі, пракуратуры, судоў

У Рэспубліцы Беларусь судаводства вядзецца на беларускай мове.

Пры разглядзе ў судах крымінальных і грамадзянскіх спраў, гаспадарчых спрэчак асобам, якія прымаюць удзел у справе і не валодаюць мовай судаводства, забяспечваецца права азнаямлення з адпаведнымі матэрыяламі, удзел у судовых дзеяннях праз перакладчыка, права выступаць у судзе на роднай мове.

Следчыя і судовыя дакументы выдаюцца асобам, якія прымаюць удзел у справе, па іх патрабаванні, у перакладзе на родную мову або іншую мову, якой яны валодаюць.

Вядзенне спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях у Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на беларускай мове.

Калі асоба, якая прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, не валодае мовай, на якой вядзецца справа, яна можа выступаць на роднай мове і карыстацца дапамогай перакладчыка.

Натарыяльнае справаводства ў Рэпубліцы Беларусь вядзецца на беларускай мове.

Калі асоба, якая звярнулася ў натарыяльную кантору, не ведае мовы, на якіх вядзецца справаводства, тэксты дакументаў павінны быць перакладзены ёй натарыусам ці іншай адказнай асобай, якая здзяйсняе натарыяльнае дзеянне, у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Акты пракурорскага нагляду ў Рэспубліцы Беларусь складаюцца на беларускай мове.

У зносінах з органамі пракуратуры, пракурорскага нагляду іншых дзяржаў выкарыстоўваецца прымальная для бакоў мова.

4. ДЗЕЙНАСЦЬ ОРГАНАЎ МЯСЦОВАГА КІРАВАННЯ, І САМАКІРАВАННЯ, ПРАДПРЫЕМСТВАЎ, УСТАНОЎ, АРГАНІЗАЦЫЙ, ПАЛІТЫЧНЫХ ПАРТЫЙ, І ГРАМАДСКІХ АБ'ЯДНАННЯЎ ПА ПАДТРЫМЦЫ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Артыкул 24. Дзейнасць органаў мясцовага кіравання Рэспублікі Беларусь па забеспячэнні дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь

Органы мясцовага кіравання і самакіравання ажыццяўляюць падтрымку беларускай мовы падчас сваёй штодзённай дзейнасці, а таксама шляхам рэалізацыі на месцах дзяржаўных і агульнанацыянальных праграмаў падтрымкі беларускай мовы, распрацоўваюць і рэалізуюць мясцовыя праграмы і планы падтрымкі беларускай мовы.

Фінасаванне мясцовых праграмы і планаў падтрымкі беларускай мовы ажыццяўляецца за кошт мясцовых бюджэтаў, спецыяльных фондаў і сродкаў спонсараў і мецэнатаў.

Непасрэдную працу па выкананні праграмаў падтрымкі беларускай мовы ў абласцях вядуць аддзелы Дэпартамента беларускай мовы аблвыканкамаў; у г. Мінску - аддзел Дэпартамента беларускай мовы Мінскага гарвыкан-каму; у раёнах і гарадах - аддзелы (групы спецыялістаў) Дэпартамента беларускай мовы райвыканкамаў і гарвыканкамаў, у вёсках, мястэчках і пасёлках - спецыялісты (няштатныя) з ліку дэпутатаў адпаведных саветаў або гра-мадскіх актывістаў.


Артыкул 25. Абавязкі і правы аддзелаў (групаў спецыялістаў, спецыялістаў) Дэпартамента беларускай мовы органаў мясцовага кіравання Рэспублікі Беларусь па забеспячэнні дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь

Аддзелы (групы спецыялістаў, спецыялісты) Дэпартамента беларускай мовы органаў мясцовага кіравання Рэспублікі Беларусь абавязаны:

- арганізоўваць рэалізацыю на месцах дзяржаўных і агульнанацыянальных праграмаў падтрымкі беларускай мовы;

- распрацоўваць і рэалізоўваць мясцо-выя праграмы і планы падтрымкі беларускай мовы;

- патрабаваць ад прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, таварыстваў, фірмаў і іншых суб'ектаў гаспадарання а таксама ад усіх юрыдычных суб'ектаў права Рэспублікі Беларусь поўнага выканання гэтага Закона, Закона аб мовах Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных, агульнанацыянальных і мясцовых праграмаў падтрымкі беларускай мовы.

Аддзелы (групы спецыялістаў, спецыялісты) Дэпартамента беларускай мовы органаў мясцовага кіравання Рэспублікі Беларусь маюць права:

- кантраляваць выкананне гэтага Закона, Закона аб мовах Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных, агульнанацыянальных і мясцовых праграмаў падтрымкі беларускай мовы аддзеламі мясцовых органаў улады, прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі, таварыствамі, фірмамі і іншымі суб'ектамі гаспадарання, а таксама ўсімі юрыдычнымі суб'ектамі права Рэспублікі Беларусь;

- прадстаўляць да прыцягнення да адказнасці кіраўнікоў аддзелаў мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў, установаў, арганізацый, таварыстваў, фірмаў і іншых суб'ектаў гаспадарання, а таксама ад ўсіх юрыдычных суб'ектаў права Рэспублікі Беларусь у рамках заканадаўства Рэспублікі Беларусь.


Артыкул 26. Дзейнасць прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, таварыстваў, фірмаў і іншых суб'ектаў гаспадарання Рэспублікі Беларусь па забеспячэнні дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь

Прадпрыемствы, установы, арганізацыі, таварыствы, фірмы і іншыя суб'екты гаспадарання Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюць падтрымку беларускай мовы падчас сваёй паўсядзённай дзейнасці, а таксама шляхам удзелу ў рэалізацыі на месцах дзяржаўных і агульнанацыянальных праграмаў падтрымкі беларускай мовы.

На прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, таварыствах, фірмах і іншых суб'ектах гаспадарання Рэспублікі Беларусьпрацу па выкананні праграмаў падтрымкі беларускай мовы вядуць спецыялісты (штатныя або няштатныя) у рамках правоў, нададзеных ім гэтым законам.

Прадпрыемствы, установы, арганізацыі, таварыствы, фірмы і іншыя суб'екты гаспадарання Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюць маркіроўку сваіх тавараў на беларускай і пры неабходнасці на іншых мовах. Першы асобнік усіх тэхнічных дакументаў на тавары (тэхнічнае апісанне, інструкцыя па эксплуатацыі, гарантыйныя талоны і інш.) выконваюцца на беларускай мове, а пры неабходнасці і на іншых мовах.

Тэхналагічнае абсталяванне, выпушчанае ў Беларусі і завезеная з замежных краін, забяспечваецца дакументацыяй на беларускай мове.

Банкі і бухгалтэрыі прадпрыемстваў працуюць на беларускай мове, для гэтага ў краіне распрацоўваецца поўны камплект банкаўскай і бухгалтарскай дакументацыі на беларускай мове.


Артыкул 27. Дзейнасць палітычных партый і грамадскіх аб'яднання Рэспублікі Беларусь па падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь

Палітычныя партыі і грамадскія аб'яднанні Рэспублікі Беларусь арганізуюць палітычную і грамадскую дзейнасць на беларускай мове.

Грамадскія аб'яднанні нацыянальных меншасцяў Рэспублікі Беларусь арганізуюць дзейнасць на нацыянальных мовах або на нацыянальных і беларускай мовах.

5. ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ ГРАМАДЗЯН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ ПА ПАДТРЫМЦЫ І АБАРОНЕ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Артыкул 28. Правы грамадзян Рэспублікі Беларусь па карыстанні беларускай мовай

Рэспубліка Беларусь усімі неабходнымі сродкамі забяспечвае права грамадзян свабодна карыстацца беларускай мовай ва ўсіх сферах грамадскага жыцця на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі краіны мае права карыстацца беларускай мовай ў любым выпадку, у любым месцы, у любы час.

Кожнаму грамадзяніну Рэспублікі Беларусь дастаткова ведаць толькі беларускую мову, каб пачувацца і быць паўнапраўным, паўнавартасным і годным суб'ектам беларускага грамадства.

Кожная асоба ў Рэспубліцы Беларусь мае права на атрыманне дакументаў, а таксама ажыццяўленне на яе просьбу прадугледжаных заканадаўствам дзеянняў і правядзенне ў адносінах да яе працэдур на беларускай мове.

Усе дзяржаўныя органы, а таксама іншыя арганізацыі Рэспублікі Беларусь, незалежна ад формы ўласнасці і арганізацыйна-праўнай формы, надзеленыя правам зацвярджаць бланкі, узоры і іншыя формы дакументаў, якія выдаюцца на просьбу грамадзян ці арганізацый Рэспублікі Беларусь альбо іншым чынам прызначаны для выкарыстання грама-дзянамі ці арганізацыямі Рэспублікі Беларусь, забяспечваюць права грамадзян на атрыманне бланкаў, узораў, іншых форм дакументаў на беларускай мове.

Натарыусы і іншыя ўпаўнаважаныя на ажыццяўленне натарыяльных дзеянняў асобы забяспечваюць асобам, што звярнуліся да іх за ажыццяўленнем натарыяльнага дзеяння, права на атрыманне дакумента, што афармляецца пры ажыццяўленні натарыяльнага дзеяння, на беларускай мове. Адмова аформіць натарыяльнае дзеянне па-беларуску са спасылкай на няведанне мовы альбо тэхнічныя акалічнасці не дапускаецца.

Дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі забяспечваюць асобам, што звярнуліся да іх за ажыццяўленнем адміністрацыйнай працэдуры, права на атрыманне дакумента, што афармляецца пры ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры, на беларускай мове. Адмова аформіць адміністрацыйнае дзеянне па-беларуску са спасылкай на няведанне мовы альбо тэхнічныя акалічнасці не дапускаецца.

Кожная асоба ў Рэспубліцы Беларусь мае права атрымаць на свой пісьмовы, вусны, электронны зварот у дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі Рэспублікі Беларусь адпаведна пісьмовы, вусны, электронны адказ на бела-рускай мове.

Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на атрыманне адукацыі любога ўзроўню на беларускай мове.

Навучанню на беларускай мове, выданню літаратуры, падручнікаў і вучэбных дапа-можнікаў на беларускай мове аказваецца дзяржаўная падтрымка.

Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права насіць, а таксама надаваць сваім дзецям асабовыя імёны ў адпаведнасці з беларускай іменаслоўнай традыцыяй; ужываць і запісваць свае асабовыя імёны і прозвішчы ў адпаведнасці з беларускай іменаслоўнай традыцыяй.

Адмова дзяржаўнымі органамі альбо службовымі асобамі ў ажыццяўленні дзеянняў, звязаных з напісаннем асабовых імёнаў, проз-вішчаў грамадзян, калі грамадзянін патрабуе напісання яго імя (імёнаў), прозвішча ў адпа-веднасці з беларускай іменаслоўнай традыцыяй, не дапускаецца.

Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права атрымліваць інфармацыю пра тавары (работы, паслугі) на беларускай мове.

Прадавец (вытворца, пастаўшчык, прадстаўнік вытворцы, пастаўшчыка альбо прадаўца, выканаўца) абавязаны забяспечыць права грамадзян на атрыманне прадугледжанай заканадаўствам інфармацыі пра тавары (работы, паслугі) на беларускай мове.

Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія праходзяць вайсковую службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, іншых войсках і вайсковых фармаваннях Рэспублікі Беларусь, маюць права карыстацца падчас службы беларускай мовай, а дзяржава стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права.

Паводле вуснай альбо пісьмовай заявы асобы, у адносінах да якой распачаты крымінальны пераслед альбо ўзбуджана крымінальная справа, распачаты адміністрацыйны працэс, адпаведны крымінальны працэс, крымінальная вытворчасць, адміністрацыйны працэс падлягае вядзенню на беларускай мове.


Артыкул 29. Абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь па падтрымцы і абароне беларускай мовы

Кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь цераз удзел у выбарах і рэферэндумах з'яў-ляецца суб'ектам дзяржаўнага кіравання і акрамя правоў мае і абавязкі па захаванні, падтрымцы і абароне беларускай мовы.

Кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь абавязаны:

- валодаць у неабходным аб'ёме беларускай мовай;

- прымаць усе магчымыя меры для навучання сваіх дзяцей беларускай мове;

- не дапускаць самому і не цярпець ад іншых абразлівых і зняважлівых выказванняў на адрас беларускай мовы;

- патрабаваць ад дзяржаўных чыноўнікаў, ад кіраўніцтва і інжынерна-тэхнічнага кіраўніцтва прадпрыемстваў, установаў, аргані-зацый, таварыстваў, фірмаў і іншых суб'ектаў гаспадарання Рэспублікі Беларусь пры выкананні сваіх службовых абавязкаў карыстацца толькі беларускай мовай;

- патрабаваць ад выкладчыкаў і настаўнікаў, а таксама работнікаў сістэмы дашкольнага, школьнага і пасляшкольнага выхавання карыстацца беларускай мовай не толькі на занятках, а і на перапынках.

Кожная сям'я Рэспублікі Беларусь абавязана навучыць сваіх дзяцей ва ўзросце да 16 год свабоднаму валоданню вуснай і пісьмовай беларускай мовай.

6. АДКАЗНАСЦЬ ЗА ПАРУШЭННЕ ГЭТАГА ЗАКОНА

Артыкул 30. Адказнасць дзяржаўных структур фізічных і юрыдычных асоб за парушэнне гэтага Закона

Фізічныя і юрыдычныя асобы, якія парушаюць гэты Закон, нясуць адміністрацыйную адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.

У Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях уносяцца змены і дапаўненні з тым, каб устанавіць адказнасць за наступныя парушэнні заканадаўства аб ахове і выкарыстанні беларускай мовы:

1) парушэнне раўнапраўя беларускай мовы ў дзейнасці рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый, іншых юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў;

2) дзеянне або бяздзеянне, якое прывяло да парушэння права грамадзяніна Беларусі на атрыманне адукацыі на беларускай мове;

3) адсутнасць тэкстаў на беларускай мове, не карацейшых за тэксты на іншых мовах, на пячатках, бланках, шыльдах, надпісах у службовых памяшканнях, афіцыйных сайтах у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый, іншых юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў;

4) парушэнне права грамадзяніна атрымаць інфармацыю пра тавары ці паслугі на беларускай мове, у тым ліку адсутнасць назваў тавараў і паслуг на беларускай мове, адсутнасць тэкстаў на беларускай мове, не карацейшых за тэксты на іншых мовах, на ўпакоўках тавараў, у інструкцыях да тавараў, у апісаннях паслуг, якія прадаюцца / аказваюцца ў Рэспубліцы Беларусь; адсутнасць гукавых інфармацыйных паведам-ленняў на беларускай мове, не карацейшых за паведамленні на іншых мовах, у аб'ектах транспарту, гандлю, сферы паслуг;

5) парушэнне права грамадзяніна атрымаць адказ ці дакумент на беларускай мове ад дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый, іншых юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў;

6) непераклад тэлевізійных і радыёпраграм, прызначаных для публічнага паказу кіна- і відэафільмаў на беларускую мову;

7) неўжыванне беларускіх формаў геаграфічных назваў, у тым ліку як першасных пры перадачы на іншыя мовы, акрамя беларускай;

8) адмова грамадзяніну ў праве насіць самому або надаваць сваім дзецям асабовыя імя (імёны) адпаведна беларускім іменаслоўным традыцыям, ужываць і запісваць свае асабовыя імёны і прозвішчы адпаведна беларускім іменаслоўным традыцыям;

9) невыкананне прадпісанняў Дзяржаў-най інспекцыі Дэпартамента беларускай мовы (інспектара Дзяржаўнай інспекцыі Дэпартамента беларускай мовы);

10) усе іншыя парушэнні права грамадзяніна актыўна і пасіўна карыстацца беларускай мовай ў поўным аб'ёме ва ўсіх сферах грамад-скага жыцця ў Рэспубліцы Беларусь.

7. ПЕРАХОДНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Артыкул 31. Парадак і тэрміны ўвядзення ў дзеянне гэтага Закона

Дэпартамент беларускай мовы пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнаграмадская камісія, Сакратарыят і Інспекцыя Дэпартамента беларускай мовы пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ствараюцца ў вызначаным гэтым Законам парадку на працягу 3 месяцаў з дня ўступлення ў сілу гэтага Закона.

Усе дзяржаўныя органы абавязаны на працягу 3 месяцаў з даты ўступлення ў сілу гэ-тага Закона прывесці свае нарматыўныя праўныя акты ў адпаведнасць з палажэннямі Закона.

На працягу 6 месяцаў з дня ўступлення ў сілу гэтага Закона Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь забяспечвае ажыццяўленне перакладу на беларускую мову дзейных заканадаўчых актаў (кодэксы, законы), іншых нарматыўных праўных дакументаў, у першую чаргу датычных сфер адукацыі, культуры, сродкаў масавай інфармацыі, а таксама забяспечвае ажыццяў-ленне перакладу на беларускую мову баявых і агульнавайсковых статутаў, што дзейнічаюць ва Узброеных Сілах і іншых сілавых і спецыяльных структурах Рэспублікі Беларусь.

(Канцэпцыя праекта разгледжана ХІ з'ездам і ў канчатковым выглядзе ўхвалена Сакратарыятам ГА ТБМ імя Ф. Скарыны.)


Пастанову аб распраццоўцы гэтай канцэпцыі прыняла першая Рада ТБМ пасля 10-га з'езду ТБМ 26 кастрычніка 2008 года, сыходзячы з таго, што беларуская дзяржава, як вышэйшая форма арганізацыі беларускай нацыі нясе поўную і аднаасобную адказнаць за беларускую мову, а таму павінна ажыццяўляць заканадаўчую, фінансавую і арганізацыйную падтрымку беларускай мовы ў формах і аб'ёмах дастатковых для паўнавартаснага фукцыявання і дынамічнага развіцця беларускай мовы, забеспячэння прыярытэтных пазіцый беларускай мовы ва ўсіх сферах палітычнага, грамадскага і эканамічнага жыцця краіны.

На працягу трох гадоў ішла праца над канцэпцыяй. На 11-ты з'езд ТБМ 23 кастрычніка 2011 года былі вынесены два варыянты канцэпцыі і была створана камісія для выпрацоўкі канчатковага кампраміснага варыянту. Апошні Сакратарыят ТБМ зацвердзіў такі кампрамісны варыянт і прадставіў у друк.

Чарговая Рада ТБМ 22 студзеня 2012 года разгледзіць шляхі і спосабы давядзення гэтай канцэпцыі да органаў дзяржаўнай улады самых розных узроўняў з задачай вынясення яе на разгляд адной з сесій Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь.

Трэба не забывацца, што сёлета ў Беларусі - выбары ў Нацыянальны сход, і задача сяброў Рады, каб найбольшая колькасць кандыдатаў у дэпутаты мела пункт аб прыняцці Закона ў сваіх праграмах.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX