Вярнуцца: 2012

№ 07 (1054)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 7 (1054) 15 лютага 2012 г.

21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы

Наперадзе чарговая Агульнанацыянальная дыктоўка

Зварот Сакратарыяту ТБМ

Шаноўныя сябры і прыхільнікі жывога беларускага слова!

Сакратарыят ТБМ віншуе Вас з нагоды надыходзячага свята - Міжнароднага дня роднай мовы (21 лютага) і заклікае Вас прыняць удзел у першым этапе V Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі, прысвечанай юбілеям Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка.

Мы прапануем Вам узяць для дыктоўкі тэксты Янкі Купалы і Максіма Танка, якія ў бліжэйшы час будуць надрукаваныя ў газетах "Наша слова" і "Новы час". Першыя дваццаць удзельнікаў, якія напішуць абраны тэкст без памылак, атрымаюць памятныя прызы і ўзнагароды.

Жыве наша мова!

Жыве Беларусь!

Сакратарыят ТБМ 9 лютага 2012 г.


Год кнігі пачаўся з ХІХ Міжнароднага кніжнага кірмашу

З 8 па 12 лютага 2012 г. у Менску працаваў XIX Менскі Міжнародны кніжны выстава-кірмаш.

По словах міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алега Праляскоўскага Мінскі МКВК - адно з найбуйнейшых і найбольш значных мерапрыемстваў, запланаваных на 2012 год. Яно роўнае па значнасці хіба што Дню пісьменства, які сёлета пройдзе ў Глыбокім (Віцебская вобласць).

Цэнтральным экспанентам выставы была Арменія. Гэта не выпадкова, паколькі Ерэван абвешчаны Сусветнай сталіцай кнігі. Менавіта такі тытул у красавіку перадасць армянскай сталіцы Буэнас-Айрэс. Праект "Ерэван - Сусветная сталіца кнігі 2012" прымеркаваны да такой важнай падзеі ў жыцці дзяржавы і наогул усёй цывілізацыі, як 500-годдзе з дня выдання першай друкаванай кнігі на армянскай мове. Кнігавыдаўцы гэтай краіны прадставілі у Менску спецыяльную тэматычную экспазіцыю.

Ганаровым госцем форуму сёлета была Баліварыянская Рэспубліка Венесуэла. Другі сакратар пасольства гэтай краіны Марыя Алена Рохас выказала ўдзячнасць беларускім калегам за аказаны давер.

Выдавецтвы са звыш 20 краінаў свету прадстаўлялі літаратуру розных жанраў і тэматык, аднак галоўнай мэтай выставы заставалася прадстаўленне беларускай мовы, літаратуры і культуры ў цэлым.

Каталіцкую прэсу на выставе прадстаўляла выдавецтва Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo». Напярэдадні выдавецтва было адзначана дыпломамі 51-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі-2012». Хрысціянскую літаратуру на выставе прадстаўлялі таксама выдавецтвы Беларускага Экзархату і Маскоўскага Патрыярхату.

Сёлетні форум меў даволі цікавую і, на погляд спецыялістаў, удалую эмблему. Яна ўяўляла сабой разгорнутую кнігу, якая спалучаецца з сонечнымі промнямі, элементамі беларускага арнаменту.

Наш кар.


АБ'ЯВА

21 лютага ў Менску ў межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца 5-я Агульнанацыянальная дыктоўка . Пачатак 17.30 на Румянцава, 13. Запрашаем усіх далучыцца да роднае мовы!



5-я Агульнанацыянальная дыктоўка адбудзецца: у Бярозаўцы Лідскага раёна 18 лютага ў 12.00 у гарадской бібліятэцы; у Лідзе 19 лютага ў 10.30 у чытальнай зале Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. Запрашаем на дыктоўку.


175 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Ельскага

Канстанцін Раман ЕЛЬСКІ (17 лютага 1837, вёска Ляды Ігуменскага павету, цяпер Смалявіцкі раён Менскай вобласці - 26 лістапада 1896 у Кракаве) - заолаг і падарожнік.

Прадстаўнік шляхецкага роду Ельскіх гербу «Пелеш», сын Міхала, удзельніка падрыхтоўкі паўстання Т. Касцюшкі, і Клятыльды з Манюшкаў.

Скончыў Менскую гімназію (1853). Навучаўся на медычным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта (1853-1856), скончыў матэматычна-прыродазнаўчыы факультэт Кіеўскага ўніверсітэта (1860). Працаваў выкладчыкам у Кіеўскай гімназіі і Кіеўскім універсітэце.

Вывучаў насякомых і малюскаў. За даследаванне анатоміі малюска атрымаў навуковую ступень магістра (1862). Адзін з першых у Расейскай імперыі падтрымаў эвалюцыйную тэорыю Ч. Дарвіна.

Удзельнічаў у падрыхтоўцы нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў на Ўкраіне. Каб пазбегнуць арышту, эміграваў за мяжу.

Як заолаг і геолаг працаваў у Турэччыне, Нямеччыне і Францыі. У 1865 годзе выехаў у Гвіяну, а ў 1869 - у Пяру. Вывучаў фаўну гэтых краінаў. Адкрыў новы від жывёлы Dinonys. 3 1878 года жыў у Кракаве.

У шлюбе з Аленай Корсак меў сына Антонія, а так-сама дачок Канстанцыю Марыю Клятыльду і Марыю.

Па смерці К. Ельскага выйшла «Папулярнае прыродазнаўчае апавяданне пра знаходжанне ў французскай Гвіяне і часткова ў Пяру» (па-польску: Popularno-przyrodnicze opowiadania z pobytu w Gujanie francuskiej i po czesci w Peru, od 1865-1871; Кракаў, 1898).

У гонар навукоўца адзін з відаў лаўру атрымаў назву Ocotea Jelscii. Апісанне шматлікіх птушак і звяроў давалася паводле калекцыі К. Ельскага, некаторыя віды атрымалі ягонае імя.

(Пра К. Ельскага - на ст. 2.)


З роду Ельскіх

Да ліку нястомных працаўнікоў навукі належыць так-сама наш зямляк Канстанцін Ельскі. Гэта быў усебакова адукаваны чалавек, рамантык па натуры, якога ўсё жыццё вабілі далёкія краіны і новыя адкрыцці… Спачатку хлопчык вучыўся ў Менскай гімназіі, а затым, закончыўшы яе на «выдатна», паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Пасля вывучаў батаніку і заалогію на матэматычна-прыродазнаўчым факультэце Кіеўскага ўніверсітэта. Атрымаўшы ступень кандыдата, юнак яшчэ два гады наведваў педагагічныя курсы. А калі ў Кіеўскім універсітэце адкрылася вакантнае месца выкладчыка, Ельскі падаў заяву. Яго конкурсная работа была ўзнагароджана залатым медалём, а яе аўтар пачаў чытаць лекцыі студэнтам.

Аднак выкладчыцкая дзейнасць не задавальняла маладога вучонага. Ен марыў пра экзатычныя краіны. Да таго ж пасля паражэння паўстання 1863 года ў царскай Расіі наступіла чорная ноч рэакцыі. Усё гэта прымусіла Ельскага падацца за мяжу. Без пашпарта ён перайшоў у Бесарабію. Але тут яго высачылі турэцкія жандары. Без грошай у кішэні Ельскі апынуўся ў Канстанцінопалі і, каб зарабіць на хлеб, расфарбоўваў для турэцкіх школ геаграфічныя карты, удзельнічаў у розных геалагічных экспедыцыях.

У 1865 годзе сябры дапамаглі Ельскаму перабацца ў Парыж. Але і тут не было адпаведнай работы. Даведаўшыся, што з Тулузы ў Гвіяну, паўднёваамерыканскую калонію Францыі, адпраўляецца вайскова-транспартны карабель, Ельскі напісаў заяву на імя міністра марского флоту з просьбай выдаць яму бясплатны білет пасажыра самага ніжэйшага класа. Неўзабаве прыйшоў дазвол.

Зборы былі нядоўгімі. Усе свае калекцыі вучоны бясплатна раздаў калегам. Расчуленыя такой бескарыслівасцю, сябры сабралі яму на дарогу 150 франкаў. I вось вецер надзьмуў парусы фрэгата «Амазонка», які рушыў па воднай гладзі на паўднёвы захад, да таямнічых берагоў Амерыкі. На караблі знаходзіліся некалькі соцень палітычных вязняў. Іх накіроўвалі на катаргу ў калоніі. У Ельскага не было нават сваёй каюты. Ен спаў на падлозе, падаслаўшы старыя канаты, або ў гамаку, падвешаным да мачты.

Праз многа год, вярнуўшыся ў Еўропу, Канстанцін Ельскі падзяліўся сваімі дарожнымі ўражаннямі са слухачамі курсаў пры Прамысловым музеі ў Кракаве. Адначасова, абапіраючыся на свае ранейшыя лісты з Амерыкі, ён рыхтаваў да друку нататкі пра падарожжа. Але закончыць іх перашкодзіла хвароба. Частка гэтых успамінаў убачыла свет у Кракаве ў 1898 годзе, пасля смерці аўтара. Гэта - невялічкая кніжка пад назвай «Папулярна-прыродазнаўчае апавяданне аб прабыванні ў французскай Гвіяне і часткова ў Пяру».

Ельскі пачынае расказ з таго, як у свой час іх карабель прычаліў да вострава Мадэра. Пасажыраў у момант атачылі мясцовыя жыхары. Абарваныя і галодныя дзеці аа кожную кінутую манетку давалі нырца ў глыбіні мора. Але чым мог дапамагчы ім малады падарожнік, калі ў яго не было нават грошай, каб купіць крыху бананаў, якіх ніколі раней не бачыў?

У жніўні 1865 года карабель прыбыў у Кайену - гандлёвы і адміністрацыйны цэнтр французскай Гвіяны.

У Кайене за нязначную плату Ельскі ўладкаваўся памочнікам фармацэўта ў бальнічнай аптэцы. Кожную свабодную хвіліну ён выкарыстоўваў для падарожжаў у навакольныя дрымучыя лясы. Там вучоны збіраў і апісваў расліны, насякомых, птушак. Прэпараваныя чучалы адсылаліся ў музеі Еўропы. Адных павукоў Ельскі паслаў каля 300 экзэмпляраў. Вучоным адкрыты і ўпершыню апісаны не адзін новы від раслін і жывёл (адзін з відаў лаўра потым быў названы імем адкрывальніка). Сабраны Ельскім матэрыял даў іншым вучоным магчымасць зрабіць значныя абагульненні.

У трапічных джунглях падарожніка на кожным кроку падсцерагала небяспека. То ў ліянах прытойваўся ягуар, то побач з лодкай высоўвалася зяпа кракадзіла. Асабліва цяжка было даставаць змей.

«У Сен-Ларэнц, - успамінае Ельскі ў кнізе, - здарыўся такі выпадак. Плывучы па рацэ разам з каланістамі, жандар убачыў у вадзе велізарную вужаку, боамурына, і застрэліў яе. Здымаючы скуру, заўважылі, што вужака мела ў страўніку праглынутага кракадзіла даўжынёй з метр, а той, у сваю чаргу, праглынуў меншага кракадзіла. Боамурына быў настолькі доўгі, што, змераўшы яго, склалі адпаведны дакумент: 7 метраў! Здараліся выпадкі, калі вужакі нападалі на людзей. Аднойчы той жа жандар забіў качку і палез па яе ў ваду. Раптам яго схапіла за плячо вужака і пачала цягнуць у вір. Жандар здолеў вызваліцца, але са страху потым захварэў на малярыю і лячыўся ў кайенскім шпіталі. Сляды вужачых зубоў засталіся на ўсё жыццё».

Наколькі небяспечнымі з'яўляліся змеі, нават мёртвыя, сведчыць такі выпадак. Аднойчы сябры Ельскага злавілі ў час прагулкі маладзенькага ягуара. «Ноччу, - піша падарожнік, - з'явілася яго маці і з рыканнем абышла дом. Яе візіты паўтарыліся некалькі разоў. Каб пракарміць ягуара, мы стралялі лятучых мышэй і птушак. Але па меры росту ягуар станавіўся ўсё больш ненажэрным; тады яму ахвяравалі курэй. А калі не стала і іх - гарэзлівы ягуар схапіў галаву высушанай вужакі, раскусіў яе, наткнуўся на ядавіты зуб - і здох».

Звычайна Ельскі падарожнічаў па лясах у суправаджэнні індзейцаў. Вучоны высока цаніў іх здольнасці, бачыў у карэнных жыхарах Амерыкі паўнацэнных людзей, якія маюць усе правы на свабоднае і шчаслівае жыццё. «Ходзяць яны ціха і хутка, - пісаў Ельскі пра індзейцаў, - прыкмячаючы на дрэвах нават маленькіх птушак, шэрых і нерухомых, выдатна вызначаюць, які звер пакінуў след на зямлі. Умеюць яны пераймаць голас кожнага звера; у лесе могуць дастаць літаральна ўсё, бо ведаюць карысныя ўласцівасці кожнай расліны, кожнага дрэва» . Ельскі смуткаваў з нагоды таго, што індзейцаў становіцца ўсё менш і менш, што яны не вытрымліваюць сутыкнення з еўрапейскай «цывілізацыяй», са сквапнымі купцамі, якія за бутэльку гарэлкі набывалі ад іх розныя каштоўнасці. Са свайго боку, мясцовыя жыхары, якіх Ельскі бясплатна лячыў, вельмі паважалі нашага земляка, называлі яго «добрым белым», дапамагалі яму ў паляванні на акул і чарапах, папаўнялі яго калекцыі новымі экземплярамі раслін і жывёл.

Прабыўшы ў Гвіяне звыш чатырох год, К.Ельскі пераехаў у Пяру, дзе пражыў яшчэ амаль 10 год. Увесь гэты час вучоны падтрымліваў сувязі з еўрапейскімі музеямі, навуковымі арганізацыямі і паасобнымі вучонымі, выконваў іх заказы. Ен бесперапынна працаваў над рознымі вынаходствамі: то адкрываў сакрэты кітайскай чорнай тушы, то ўдасканальваў спосаб захавання засушаных насякомых. Вельмі цікавымі з'яўляюцца звычаі і абрады жыхароў Паўднёвай Амерыкі, якія Ельскі назіраў у Пяру, а затым апісаў у сваіх успамінах.

У сталым узросце вучоны вярнуўся ў Еўропу, ажаніўся і пасяліўся ў Кракаве. Няўрымслівы даследчык па-ранейшаму поўны розных планаў. Ен піша даследаванне «Аб узаемнай залежнасці геалагічных з'яў», удзельнічае ў экспедыцыях у Брэтань і Далмацыю. Яшчэ за некалькі дзён да смерці, якая наступіла 26 лістапада 1896 года, Ельскі працаваў над падручнікам па заалогіі.

Біяграфія Ельскага не вельмі багата на фантастычныя эпізоды, эфектыўныя прыгоды. Нягледзячы на тое, што яго шлях пралягаў па экзатычных краінах, ён ні разу не тануў, не трапляў у кіпцюры драпежнага звера, не абрываўся са скал. I ўсё ж жыццё нашага земляка - гэта бесперапынны вычын, яркі прыклад штодзённага працавітага служэння навуцы, чалавецтву. Падарожнік і лекар, батанік і заолаг, географ і геолаг, ён пакінуў прыкметны след у развіцці прыродазнаўства пазамінулага стагоддзя.

Паводле А. Мальдзіса.


Зноў папулярныя лекцыі пра мову

У беларускамоўным асяроддзі зноў робяцца папулярнымі лекцыі пра беларускую мову. Людзі хочуць больш ведаць пра сваю мову. Адна з такіх лекцый адбудзецца 15 лютага ў сталічнай культурніцкай "Арт-сядзібе".

З дакладамі выступяць два найбольш аўтарытэтныя мовазнаўцы - Вінцук Вячорка і Пятро Садоўскі. Патрапіць на лекцыю можа любы ахвотны, як кажа кіраўнік па мерапрыемствах "Арт-сядзібы" Павел Белавус:

- Мы рыхтуем цікавую лекцыю, якая будзе называцца "Размова пра мову". Будуць уздымацца такія пытанні, як "Два правапісы беларускай мовы: тарашкевіца і наркамаўка", прысвечанае 20-годдзю з дня нараджэння Браніслава Тарашкевіча і якое будзе распавядаць Вінцук Вячорка, а таксама пра моўныя традыцыі, літаратурны постмадэрн, пра якія распавядзе Пятро Садоўскі.

Лекцыя Вінцука Вячоркі называецца "Два правапісы беларускай мовы: тарашкевіца і наркамаўка. Каторы бліжэйшы да жывога вымаўлення?", а Пятро Садоўскі распавядзе пра еўрапейскія дзяржаўныя моўныя мадэлі. Пачатак імпрэзы а 18-й гадзіне.


Мовазнаўчы досвед

Негадзь, нягода, непагода, непагадзь "Калі зямля і небу ўжо не верыць, бадай што нават верай запасной, калі адно трымаецца на ёй шчэ дзённае святло ў такую негадзь " (Дзеяслоў. 2011. № 5 (54). С.92). " Нігода , німа як касіць - згніе трава пад дажджом. Пачакаем пагоды. Распагодзіцца - пачнем касіць аселіцу" (Грабава. Зэльвеншчына). Слоўнікі падаюць як нарматыўную лексему непагода (Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Том 3. С. 377). Есць у згаданым слоўніку і больш кароткая форма слова: Нягода 'дрэннае надвор'е, непагода' "Цёплаю парою, калі не было нягоды , Канстанцін Міхайлавіч сядзеў заўсёды пад вязам" (Лужанін). Негадзь, нягода - словы з коранем -год- ( -годз- ), як і годны, прыгодны , гадзіць 'задаволіць, дагаджаць, садзейнічаць, спрыяць'. Адсюль не гадзіць - 'не спрыяць'. У народзе кажуць: "Добра цяпер годзіць - усё таму і родзіць" (в. Грабава, Зэльвеншчына).

Формы нягода, негадзь засведчылі даўнейшае аблічча слова з семантыкай 'дрэннае надвор'е'. Пагода - ад пагодзіць , нягода - ад не годзіць . Пазней замест першых двух слоў замацавалася форма ад слова пагода 'добрае надвор'е' з выкарыстаннем прыстаўкі не- , якая надала слову антанімічнае значэнне 'дрэннае надвор'е' ( непагода ).

Тэчка, сумка, партфель ... "Матэрыялы аб рэпрэсіях у СССР і Беларусі, а таксама пра змагароў за свабоду і праўду я збіраю ў асобную тэчку і беражліва захоўваю" (Народная воля. 9 снежня 2011 г. С.4). Пазаслоўнікавае тэчка выкарыстоўваецца у нацыянальным друку ("Маладосць", "Дзеяслоў", "Полымя", "Наша слова" і інш.) з тым жа значэннем, што і сумка , партфель . У народную мову трапіла з польскай мовы пад-час знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы (1919-1939). Занатаванае ў нашай кнізе "Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны" (Гродна, 2005, с. 126) з двума адценнямі: 1) застарэлае. Партфель. Усе ўжэнднікі с тэчкамі хадзілі за польскім часам. 2) экспрэс. Сумка, партфель. Ну й велька твая тэчка, сынку, як ты яе толькі валочыш. У польскай мове лексема мае дзве формы teka і teczka з двума значэннямі: 1) партфель і 2) папка. Большую актыўнасць і выкарыстанне ў афіцыйным стылі мае першае слова: minister bez teki - міністр без партфеля.

Баравік, гаявік, чарнагаловік, праўдзівік. "Я каржакаваты, як гаявік - чарнагаловік, намнога дужэйшы за Віцьку, даўгага і перахлябістага, нібы малады асавік" (Дзеяслоў. 2011. №5 (54). С.124). "Тут, у ельніку, раслі добрыя праўдзівікі . Ен набіраў іх цэлае вядро" (Полымя. 2011. № 11. С.70). Пазаслоўнікавыя гаявік, праўдзівік , як і літаратурнае баравік 'высокакаштоўны спажыўны грыб з цёмна-карычневай шапачкай і белай тоўстай ножкай'. Паходжанне аналагічнае ў трох выпадках - кандэнсацыя аналітычнай назвы (прыметнік + назоўнік) у адно слова з далучэннем да асновы прыметніка суфікса -ік : баравы (грыб) + -ік > барав-ік ; гаявы (грыб) + -ік > гаяв-ік , праўдзівы (грыб) + -ік > праўдзівік . У гаёвым (невялікім, часцей маладым) лесе баравікі маюць надта цёмную, амаль чорную шапачку, таму называюць іх яшчэ і чарнагаловікі (ад чарнагаловыя грыбы ).

Мянушка, клічка, абзыванка, празванне "У нашай вёсцы кожная сям'я і кожны чалавек мае сваю мянушку. Ужо ў дзесятым класе мне ўсё-такі прысабачылі мянушку -"паганяйла": Паэт. Абзыванка не самая крыўдная, і я ўспрымаю яе абыякава" (Дзеяслоў. 2011. №5 (54). С.128, 129). "Паводле вонкавага выгляду чалавек мог атрымаць празванне Белы, Сівы, Кароткі, Сухі" (Роднае слова. 2011. № 11 (287). С.34). Слоўнікі падаюць лексемы клічка, мянушка, празванне з значэннем 'жартоўнае або канспірацыйнае імя чалавека'. Пазаслоўнікавае абзыванка мае амаль тоеснае значэнне, з дадатковым адценнем непахвальнасці. Дарэчы, літаратурнае слова прозвішча таго ж кораня, што і празванне, і абзыванка . Слова прозвішча вядомае ў многіх славянскіх мовах, праўда, з неадэкватнай семантыкай. У беларускай мове - гэта "спадчыннае сямейнае найменне, якое дадаецца да ўласнага асабовага імя", у расійскай мове прозвище - "назва, якая даецца паводле якой-небудзь характэрнай для яго рысы, уласцівасці" (Обидное прозвище), г. зн. мае тое значэнне, што беларускія клічка, мянушка, празванне . Ва ўкраінскай мове значэнні "прозвішча" і "мянушка" перадаюцца аднакаранёвымі словамі, якія адрозніваюцца суфіксамі: прі-зв ищ е 'прозвішча' і прізв иськ о 'мянушка'. У польскай мове слова nazwisko першапачаткова азначала і "прозвішча", і "мянушка", пазней розныя значэнні сталі перадавацца адметнымі прыстаўкамі: nazwisko "прозвішча", przezwisko "мянушка".

Беларусам пры кантактаванні з сваімі найбліжэйшымі суседзямі трэба ведаць гэтыя адметнасці пры выкарыстанні блізкіх гучаннем, але розных значэннем слоў ва ўкраінскай, польскай і расійскай мовах, каб дакладна ўспрымаць і перадаваць сэнс выказвання.

Паспешка, скараспелка, паспейка "Месяц чэрвень, густа пахне язмінам і ўжо зацвітае ранняя бальба паспешка " (Дзеяслоў. 2011. № 1 (50). С.39). "Мо ўжэ картоплі- караспейкі нараслі, то выкапаю які корч і навару салёнак" (в. Грабава. Зэльвеншчына). Слоўнікі фіксуюць толькі другое слова загалоўнага шэрагу скараспелка "скараспелы плод, а таксама расліна, якая дае такія плады" (Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Том 5. Кн. 1. С.157). У народнай мове Зэльвеншчыны такога слова няма, таму яно адаптавалася ў гаворках па-свойму: замест скара стала кара- (бо не бытуе слова скора , на яго месцы "хутка" , "спешна" і інш.) і спейка (ад спеjэ ) - караспейка . Слова паспешка - ад паспешыць - паспяшацца , г.зн. 'бульба, якая паспешна расце, спее'.

Велічалка, велічанне ". ..На маёй паліцы стаяць кнігі Янкі Брыля, Васіля Быкава і Ніла Гілевіча. Высокія дзяржаўныя званні тут ні пры чым. Велічалка "народны", дарэчы, у асяродку блізкіх мне па духу літаратараў выклікалі іранічны смех, як анекдот пра Васіля Іваныча і Пецьку" (Наша слова. № 47 (1042). 23 лістапада 2011 г. С.7. Эрнэст Ялугін. Успамінаючы аўтографы).

Пазаслоўнікавае велічалка - ўтварэнне з фармантам -лка- мае тое значэнне, што і слоўнікаве велічанне ('узвялічванне'), але з дадатковым эмацыянальным адценнем непахвальнасці, іроніі, што перадаецца словаўтваральным сродкам -лка , які мае значэнне 'прадмет, прызначаны для выканання дзеяння'. Як у словах мяшалка, абівалка, паілка ... Знаны мастак слова ўдала выкарыстоўвае багаты арсенал народнай мовы, яе словатворчыя сродкі і магчымасці.

Хітраванец, хітрун "Завяршылася гераічная эпоха ў гісторыі пісьменніцкай газеты. Пачнуцца шэранькія будні пад апекай хітраванцаў " (Дзеяслоў. 2011. № 4. С.202). Пазаслоўнікавае хітраванец - утварэнне ад хітраванне , з фармантам -ец : хітра-ван-ец . Такія ўтворы характарызуюць асоб па іх схільнасці да адпаведнага дзеяння, працэсу: адраджэнне > адраджэнец, вычварэнец . Неалагізм мае свае адметнасці не толькі ў структуры, але і ў семантыцы, перадаючы сэнсавыя адценні назоўніка хітраванне.

Пірагі, пірожыва "К. мітусіцца каля пліты і распавядае, як правільна пячэцца Мікольскае пірожыва. К. імгненна кінула на мяне позірк, здымаючы печыва з бляхі..." (Дзеяслоў. 2011. №4. С.105).

Пазаслоўнікавае пірожыва - ўтварэнне ад пірог з фармантам -ыва (і чаргаванне г //ж ): пірогыва > пірожыва . Узнікла на ўзор малодзіва (< маладое малако), марозіва (ад марозіць ), печыва (< пячы ). У прыведзеным тэксце яно непасрэдна стасуецца з апошнім словам. Неалагізм пірожыва як дэрыват з - ыва мае зборна-рэчыўнае значэнне (як і пе-чыва ). У народнай мове Зэльвеншчыны гэта азначаецца множналікавым назоўнікам пірагі . Тут кажуць: Ніўзабаве Коляды, трэба гатаваць пірагі (Грабава).

Павел Сцяцко


СВАЯ АЗБУКА

Кастусь Севярынец

Лета коціцца з гары.

Вось і восень на двары.

Вучым азбуку, сябры!

Гэта азбука - свая,

Бо яна ад А да Я

Наша, БЕЛАРУСКАЯ!


А лень

Па вадзе АЛЕНЬ брыдзе.

Сеў на шыю авадзень

І крычыць яму: "Гані!"

Быццам вершнік на кані.


Б усел

На буслянцы БУСЕЛ-татка

Вучыць лётаць буслянятка.

Там, дзе трэба, падпраўляе,

Сына ў неба выпраўляе.


В авёрка

Пад сасной сядзіць ВАВЕРКА,

Перад ёю - шышак горка.

Стол заможны і багаты...

Налятай, ваверчаняты!


Г алубок

ГАЛУБОК галубку любіць,

Ен галубку прыгалубіць.

Паглядзі на гэту пару:

Ім сварыцца не да твару.


Д уб

ДУБ рассыпаў жалуды,

Бо збіраць няма куды.

Быў бы кошык - вось раскоша!

Можа, вожык дапаможа?


Дж ала

Ты бы пчолку не чапала,

Есць у нашай пчолкі ДЖАЛА.

Пчолка кветкі аблятае,

Дзеткам мёдзік субірае.


Дз ік

ДЗІК прыбег пад грушу-дзічку,

Дзе з крынічкі п'е вадзічку:

- Вось калі спатолю смагу,

Адпачыць тады прылягу...

Е лка

ЕЛКА з лесу на Каляды

Завітаеў нашы хаты.

На ялінках аж да верху -

Цацкі, пацеркі, цукеркі.


Е рш

ЕРШ - ён смачны вельмі-вельмі,

Як засмажыш на патэльні.

Але ты таго ярша

3 рэчкі Выцягні спярша!


Ж ораў

Не злуе ніколі ЖОРАЎ,

У яго лагодны нораў.

У птушынай чарадзе

Ціха мірна рэй вядзе.


З убр

Ен глядзіць па-гаспадарску,

Пачуваецца па-царску.

ЗУБР - не проста мажны бык:

Белавежы - вартаўнік.


І ндык

На падворку - лямант, крык:

-Дык-дык-дык! - бухціць ІНДЫК.

Што турбуе індыка?

Сумна жыць без сябрука!

Й ес


ЙЕС! - з ангельскай мае быць.

Так! - па-нашаму гучыць.

Мілагучнай мове ў такт

Сэрца тахкае: "Так-так!"


К оцік

КОЦІК сам з сабой гуляе,

Ен свой хвосцік даганяе.

Як ні сіліцца, дзівак,

Не дагоніць аніяк!


Л ось

3 лесу выйшаў ЛОСЬ рагаты.

Побач з бацькам - ласяняты.

Лось, ён - вось, а дзе ласіха?

Ці не здарылася ліха?


М ядзведзь

А МЯДЗВЕДЗЬ калі зіма,

Спіць і клопату няма!

У бярлозе пакрысе

Касалапы лапу ссе.


Н іва

Важкі колас спеліць НІВА.

Слава сейбітам руплівым!

Нам падзякаваць ім трэба

За духмяны бохан хлеба.


О рдэн

ОРДЭН - гэта ўзнагарода

Тым героям, што з народам,

Хто жыцця не пашкадуе,

А народ свой уратуе.


П еўнік

ПЕЎНІК зранку запяе,

Следам сонейка ўстае,

Промні-коскі распускае,

Дзень на волю выпускае.


Р ысь

РЫСЬ пабачыш - сцеражыся,

Лепей з рыссю разыйсціся.

Пацярпела шмат звяроў

Ад драпежных кіпцюроў.


С ава

Спіць САВА ў дупле ад рання,

Ноччу будзе паляванне!

Бо такі савіны звычай:

Па начах шукаць здабычу.


Т рактар

ТРАКТАР самы знакаміты -

"Беларус" наш цяглавіты.

Яго ведаюць у свеце

I дарослыя, і дзеці.


У нук

УНУКУ любаму бабуля

Прыгожа вышыла кашулю.

-Вялікі дзякуй! - кажа Янка. -

Мне так пасуе вышыванка!


Ў

Калі коска зверху ўецца,

Нескладовым У завецца.

I яно красуе ў слове

Толькі ў нашай роднай мове.


Ф утра

Падарунак ад лісіцы -

ФУТРА, шапка, рукавіцы...

Мне цяпер зіма - дарма!

Але ж дзе ліса сама?


Х леб

ХЛЕБАМ-соллю найчасцей

Сустракаем мы гасцей.

Калі ласка ў нашу хату,

Чым багаты, тым і рады.


Ц вік

ЦВІК з цаглінай не сябруюць,

Але разам дом будуюць,

Каб утульнае жытло

У людзей заўжды было.


Ч апля

ЧАПЛЯ ходзіць ля чароту,

Не патрэбны чаплі боты:

Па вадзе лацвей усё ж

Чапаць чаплі басанож.


Ш чупак

Сядзіць на беразе рыбак.

Падплыў да берага ШЧУПАК.

Шчупак убачыў рыбака,

Задаў адразу драпака!


Ы

Мяккі знак з кійком ідзе,

За сабою Ы вядзе.

Пішам слова "паплавы "-

На канчатку будзе Ы.


Ь

Пра яго мы скажам так:

Мякчыць мову МЯККІ ЗНАК.

Ен пяшчотны і лагодны,

У пісьме зусім не шкодны.


Э кскаватар

ЭКСКАВАТАР робіць лоўка.

Адпачні пакуль, рыдлёўка!

Ен адзін капаць умее

Катлаван альбо траншэю.


Ю шка

На вячэру ля ракі

Запрашаюць рыбакі: -

ЮШКА ёсць у нас з наварам,

Пачастуйся з пылу, з жару.


Я блык

ЯБЛЫК падае да долу,

Кліча верасень у школу.

- Дзінь-дзінь-дзінь! -

званок звініць,

Трэба АЗБУКУ вучыць!


Яна з Янкам вучаць зранку

Сваю азбуку-чытанку.

Вабяць іншыя спакусы,

Але дзеткі - БЕЛАРУСЫ!

Да вучобы здатныя,

Вучні з іх- выдатныя.


Аўтар выказвае шчырую падзяку доктару філалагічных навук, прафесару Івану Аляксеевічу Чароце і кандыдату філалагічных навук Мікалаю Паўлавічу Антропаву за каштоўныя парады пры складанні "Сваёй азбукі".


УСЛЕД ЗА АЗБУКАЙ


Чуеш роднай мовы гук -

Сэрца тукае: "Тук-тук!"

Мяккая, пявучая,

Мілая, гаючая,

Мова з ласкі Божае -

Гожая, прыгожая.


Беларускае школьніцтва на Ўсходніх Крэсах у святле палітыкі па стаўленні да нацыянальных меншасцяў у ІІ Рэчы Паспалітай

Адной з важнейшых абласцей палітыкі дзяржавы і рэалізацыі яе адносін да нацыянальных меншасцяў былі ў перыяд ІІ Рэчы Паспалітай школьніцтва і справы, звязаныя з асветай. Прывязваючыся да майго артыкула, змешчанага ў 39 т. "Польскай этнаграфіі" (Paprocka, 1995), ніжэй пададзеную апрацоўку я імкнулася пасвяціць справам беларускага нацыянальнага школьніцтва, якія дагэтуль не былі шырога агавораны ў этналагічнай літаратуры.

Звярнуцца да больш глыбокага аналізу спраў, звязаных са школьніцтвам і асветай дазваляюць архіўныя матэрыялы з літоўскіх і беларускіх дзяржаўных архіваў у Вільні, Гародні, а таксама ў Менску, матэрыялы крыніц, што ўтрымоўваюцца ў справаздачах з жыцця беларускай меншасці, якія друкаваліся на працягу ўсяго міжваеннага перыяду ў гадавіку "Нацыянальныя справы", як і ў справаздачах з паседжанняў сейму. Шэраг звестак утрымоўвалі шматлікія польскія зборнікі і перыядычныя выданні, прысвечаныя Ўсходнім Крэсам, у т.л. "Гадавік усходніх зямель", "Прыклады", "Дарогі", "Нацыя", а таксама беларускія СМІ, такія як "Беларуская крыніца", "Сялянская ніва", "Беларускі звон". Не захавалася ні аднаго матэрыялу, які б датычыўся школьніцтва ў міжваенны перыяд, з тых, што былі сабраныя ў Міністэрстве рэлігійных вызнанняў і публічнай асветы ў Варшаве. Яны былі знішчаны падчас ваенных дзеянняў.

Лёс беларускага школьніцтва ў перыяд ІІ Рэчы Паспалітай як пачатковага, так і сярэдняга, а таксама вышэйшых школаў, быў цесна звязаны з нацыянальнай палітыкай чарговых урадаў і адлюстроўвалі праграмныя кірункі галоўных палітычных партый. Цесныя сувязі злучалі беларускае школьніцтва з асветніцкімі арганізацыямі і перш за ўсё з Таварыствам беларускай школы, Таварыствам беларускай асветы, а таксама з Беларускім гаспадарчым звязам, які таксама праводзіў пэўную працу на карысць беларускай школы. Паколькі ў папярэднім маім артыкуле былі агавораны пытанні, звязаныя з пачаткамі беларускага школьніцтва, то зараз я сканцэнтруюся выключна на перыядзе міжваенным, па чарзе прадстаўляючы сітуацыю з беларускім пачатковым школьніцтвам, сярэднім і вышэйшым, а таксама звязаныя з ім асветныя пляцоўкі.

Беларуская люднасць, якая жыла на тэрыторыі Ўсходніх Крэсаў, што ўвайшлі ў склад ІІ Рэчы Паспалітай у выніку Рыжскай дамовы, налічвала паводле розных падлікаў ад 1365 тыс. да 1780 тыс. чалавек (por. Paprocka, 1995, s.15) мела ў першы перыяд пасля атрымання Польшчай незалежнасці каля 350 школ грамадскіх і прыватных. Гэтае пышнае развіццё беларускага школьніцтва мела месца ў перыяд І Сусветнай вайны. Ліберальная палітыка нямецкіх уладаў дазволіла развіццё школьніцтва з шырокім размахам. Аднак ужо ў 1919 годзе, у перыяд адступлення немцаў польскія вайсковыя ўлады прыступілі да закрыцця значнай колькасці тых школ, сцвярджаючы, што яны беларускія толькі па назве. Дазволеныя немцамі з палітычных прычын, у сапраўднасці, як сцвярджалі польскія адукацыйныя ўлады, яны былі школамі расейскімі з-за адсутнасці падручнікаў на беларускай мове. А таксама з-за недахопу падрыхтаваных для гэтай працы настаўнікаў.

Польская палітыка ў адносінах да беларускага школьніцтва падчас кіравання Генеральнага штабу, а затым Цывільнага ўраду Усходніх Зямель (утваранага Юзафам Пілсудскім у 1919 годзе) змянялася шматразова, хістаючыся паміж спробамі яго зліквідавання і ўзмоцненай яго падтрымкай, што было звязана з рознымі палітычнымі арыентацыямі чарговых кіраўнікоў гэтага ўраду. Непасрэдна пасля бальшавіцкай вайны (1920 г.) на тэрыторыі, утворанай у кастрычніку 1920 г. генералам Л. Жалігоўскім так зв. Сярэдняй Літвы колькасць беларускіх школ значна вырасла. Лібералізм дэпартаменту асветы Часовай урадавай камісіі прывёў да таго, што было заснавана 186 школ, а таксама настаўніцкая семінарыя ў Барунах Ашмянскага павету. Можна дапусціць, што гэта было звязана са спробамі правядзення федэралістычных ідэй Пілсудскаўскага лагера. Аднак праз вельмі кароткі час лібералізм і дзейнасць па падтрымцы беларускай школы замяніла ўніфікацыйная палітыка ў адносінах да школьніцтва нацыянальных меншасцяў. Наступіла гэта ў выніку перамогі інкарпарацыйнай канцэнцыі, якая ўзмацняла тэндэнцыі асіміляцыі беларускай люднасці.

Архіўныя звесткі, якія датычаць ліку школ у той перыяд, сведчаць пра надыход зменаў. У лісце Дэпартаменту асветы Часовай урадавай камісіі Сярэдняй Літвы на адрас Дэпартаменту скарбу, які знаходзіцца ў Літоўскім цэнтральным дзяржаўным архіве ў Вільні - Lietuvos Centrinis Valstybinis Archyvas - (далей чытай скарочана LCVA), які датычыць прэлімінару бюджэту на лістапад 1920 г. названа 56 беларускіх народных школ, 389 польскіх усеагульных школ і 25 яўрэйскіх народных школ (LCVA, F. 172, Ap. 1, B. 235, L. 64). У актах Кураторыі Віленскай школьнай акругі пададзены пералік беларускіх публічных школ на дзень 1 траўня 1921 г. У гэтым дакуменце агулам названы 52 школы, у тым ліку ў Вільні - 7, а ў Віленскім павеце - 2, у Ашмянскім - 23, у Свянцянскім - 20 (LCVA, F. 172, Ap. 1, B. 445, L. 1).

Паводле дадзеных службовай інспекцыі, праведзенай у 1923 г. па даручэнні прэм'ера Уладзіслава Сікорскага на Усходніх Крэсах існавала ў Віленскім ваяводстве 36 беларускіх школ, 1 школа ў Наваградскім ваяводстве (Сракоўскі. 1924, с.15). У сеймавай справаздачы, якая датычыла бюджэтнага прэлімінару Міністэрства рэлігійных вызнанняў і грамадскай асветы на 1924 год чытаем, што на тэрыторыі былой так зв. Сярэдняй Літвы ёсць 29 беларускіх школ і 38 беларускіх настаўнікаў ("Natio", nr 3-4: 1927, s.52).

У наступныя гады што раз мацней на справы школьніцтва пачынаюць уплываць змены, якія адбываліся ў палітыцы дзяржавы адносна нацыянальных меншасцяў. Звязаны яны перш за ўсё з рэалізацыяй, абвешчанай лагерам Нацыянальнай дэмакратыі інкарпарацыйнай канцэпцыі ў стаўленні да Ўсходніх Крэсаў. У адносінах да нацыянальных меншасцяў гэтая ідэя абвяшчала вяршэнства польскага народу, як выключнага дыстрыбутара гаспадарчых рэсурсаў краю і адзінага спадчынніка нацыянальных культурных каштоўнасцяў. У вобласці асветы нацыянальны характар дзяржавы меў быць на практыцы дасягнуты цераз увядзенне правіла, што адзінай дзяржаўнай мовай можа быць мова польская, адзінай дзяржаўнай школай - школа з польскай мовай выкладання. Нацыянальныя меншасці мелі права на заснаванне школаў і гаспадарча-культурных інстытутаў толькі ўласнымі сіламі (Paprocka, 1995, s. 5-32).

У вобласці беларускага школьніцтва першымі інструкцыямі, якія ўтрымоўвалі афіцыйныя абавязкі ў справе заснавання прыватных элементарных пачатковых школ былі "Часовыя прадпісанні аб пачатковых школах" (Dz. Urz. Ministerstwa Wyznan Religijnych i Oswiecenia Publicznego nr 1 z 1917 r., art. 78-93) і распараджэнне часовага генеральнага камісара Усходніх Земляў (Dz. Urz. Ministerstwa WRiOP nr 12-13, 1919 r., p. 1, art. 10, 11, 25-30 i 38-39).

Паводле тых распараджэнняў у заяве аб канцэсіі павінен быў утрымоўвацца шэраг абавязкаў, у т.л. натарыяльна заверанае абавязальніцтва аб матэрыяльнай адказнасці за ўтрыманне школы, пасведчанне за маральную адказнасць, за яе кірунак. А таксама заключэнне павятовага лекара, пацверджанага старастам, што школьны будынак у санітарных адносінах прыдатны для той мэты. Заява павінна была ўтрымоўваць таксама праграму навучання, пералік падручнікаў, лік класаў, бюджэт школы, характарыстыку асобы кіраўніка з дакладнай падачай кваліфікацыі, дадзеных персанальных і довадаў дзяржаўнай прыналежнасці, а так-сама біяграфіі і характарыстыкі настаўнікаў пра іх абывацельскую беззаганнасць, выдадзеныя староствам. Звыш таго да заявы належала далучыць абавязальніцтва, што выкладанне польскай мовы, гісторыі і геаграфіі Польшчы будзе адбывацца на польскай мове паводле міністэрскай праграмы навучання (Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, далей чыт. у скар. НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр. 16, л. 4).

Захаваная ў архіўных матэрыялах інструкцыя Кураторыі Віленскай школьнай акругі ад 1 студзеня 1923 г., накіраваная да Беларускай цэнтральнай школьнай рады, якая ўтрымоўвала ўмовы, што павінны былі выканаць прыватныя асобы, або таварыствы, якія засноўвалі школы, была цесна ўвязана з вышэй пададзенымі прадпісаннямі з 1919 г. (НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр. 27, л. 305).

Утрыманне школы перш за ўсё настаўнікаў падала на плечы бацькоў, якія былі абавязаны ўносіць вызначаныя выплаты, у т.л. так зв. "ссыпку", якая - як падае адзін з захаваных дакументаў 1923 г. з Свянцянскага павету - складала 12,5 пудоў жыта, 4 пуды ярыны, 30 пудоў бульбы, 1 пуд тлушчу (НАРБ, ф. 883, воп.1, спр. 24, л. 3).

Пярэчанні ў адносінах да беларускага школьніцтва высоўваліся не толькі прадстаўнікамі Нацыянальнай дэмакратыі. Мажлівасць русіфікацыі і правядзення камуністычных ідэй праз беларускія школы бачылі вучоныя, улады і дзеячы асветы 1. Слабое развіццё школьніцтва на беларускай мове, а таксама адсутнасць традыцый і метадаў навучання рабілі гэтую небяспеку рэальнай. Аднак у тым месцы належыць зазначыць, што польскія адукацыйная ўлады не рабілі ў той вобласці вялікіх высілкаў у справе падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў для беларускіх школ, чаго дамагаліся нацыянальныя арганізацыі. Адным з пацверджанняў адсутнасці падтрымкі для развіцця тога школьніцтва, што вынікала ў т.л. са страху пранікнення ў яго расійскіх настаўнікаў, можа быць ліст Міністэрства рэлігійных вызнанняў і публічнай асветы, накіраваны да старшыні Беларускага камітэту ў справе курсаў для настаўнікаў не польскай нацыянальнасці. Чытаем у ім у т.л. "Курс для настаўнікаў не польскай нацыянальнасці, які распачынаецца ў Кракаве 14 студзеня 1922 г. арганізаваны для тых, хто прагне атрымаць веды польскай мовы, гісторыі і геаграфіі Польшчы, якія неабходныя для працы ў школьніцтве на абшары ўсёй Рэчы Паспалітай Польскай, а так-сама на тэрыторыі Наваградскага ваяводства (....) Міністэрства не можа жадаць ад кандыдатаў на курс абавязальніцтваў заняць пасля вяртання пасады ў беларускім школьніцтве, паколькі значная частка кандыдатаў на сёння наогул не працуе ў школьніцтве, а набіраецца сярод былых настаўнікаў расійскіх школ, якія па прычыне недастатковага ведання беларускай мовы не маглі нават працаваць у беларускім школьніцтве" (НАРБ, ф. 883, воп.1, спр. 18, л. 7).

Як вынікае з далейшай часткі дакумента, 250 слухачам курсу адмоўлена пасля яго заканчэння ў працы на Ўсходніх Крэсах, ім выдзелены пасады на іншых тэрыторыях у т. л. у Келецкім ваяводстве. Пра недахоп падрыхтаваных для працы ў беларускай школе настаўніцкіх кадраў сведчаць лічбы. У 1921/22 навучальным годзе на агульную колькасць 50091 настаўнік у дзяржаве было толькі 297 настаўнікаў беларусаў, але і тыя не былі зацверджаны адукацыйнымі ўлададмі ("Natio", nr 3-4: 1927, s.54).

У тым ідэалагічным клімаце і атмасферы недаверу нарадзілася Палажэнне, выдадзенае 31 ліпеня 1924 г., пра школьніцтва няпольскіх народаў, якое на доўгія гады надало акрэслены кірунак адукацыйнай палітыцы дзяржавы ў адносінах да нацыянальных меншасцяў. Па задуме таго Палажэння ўсё школьніцтва павінна быць арганізавана паводле аднаго тыпу і аддадзена пад кіраўніцтва цэнтральных улад у Варшаве. Тым самым ліквідаваліся існаваўшыя да таго часу культурныя і асветныя аўтаноміі тых земляў. Артыкул 2 гэтага Палажэння ўводзіў змешаную школу, ці ўтраквісцкую, з дзвюмя мовамі выкладання, польскай і дадзенай нацыянальнасці, як асноўны тып у вобласці школьніцтва нацыянальных меншасцяў.

Палажэнне пра ўтраквісцкія школы накладвала на ўлады абавязак правядзення школьнага плебісцыту, у выніку якога пытанне аб мове выкладання ў школе павінны былі вырашаць заявы бацькоў. Інструкцыі ўстанаўлівалі, што пра навучанне на беларускай мове ў школу павінна быць пададзена не менш як 40 заяў (дэкларацый) бацькоў. Аднак калі ў тым самым школьным рэгіёне бацькі 20 дзяцей дамагаліся польскай мовы выкладання - навучанне павінна было весціся па дзвюх мовах. План урокаў у дзвюхмоўных школах прадугледжваў палову агульнай колькасці заняткаў на кожнай з іх.

Інструкцыі гэтага Палажэння вымагалі, каб подпісы на дэкларацыях, якія складаліся беларусамі, былі завераны натарыюсам, гміннай уладай або старастам. Тыя ўмовы складалі вялікія цяжкасці ў скарыстанні выдадзенага Палажэння люднасцю беларускай, у большасці непісьменнай, слаба з'арыентаванай у адміністрацыйных інструкцыях, вымушанай звяртацца па дапамогу да трэціх асоб. Адным з прыкладаў таго стану рэчаў ёсць захаваныя ў архіўных матэрыялах дэкларацыі, якія часта маюць форму просьбы аб адкрыцці новай або пераўтварэнні існай польскай школы ў школу з беларускай мовай выкладання, а таксама аб працаўладкаванні адпаведнага настаўніка. Такім дакументам ёсць у тым ліку ліст жыхароў вёскі Стары Свержань Стаўпецкага павету (мал.1), які быў напісаны ад імя непісьменных бацькоў былым настаўнікам даўнейшай расійскай школы (НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр. 42, л. 496).


1 Перасцярогі ў адносінах да беларускіх школ не ўваходзілі ў супярэчнасці з прызнаннем патрэбы іх існавання нараўне з польскімі школамі. Выбітны гісторык Марцэлі Гандальсман пісаў: "Беларуская мова ў народнай школе павінна быць цалкам раўнапраўнай з польскай. Народная школа польская ці беларуская будзе засноўвацца паводле рашэння гміны, якая павінна даць школьны дом, зямлю для настаўніка і частку яго ўтрымання" (Handelsman, 1921, s. 45).

(Працяг у наст. нум.)

Ванда Папроцкая

Інстытут археалогіі і этналогіі ПАН, Варшава


Выйшаў дзявяты том Збору твораў Васіля Быкава

Саюз беларускіх пісьменнікаў працягвае ўкладанне і выданне першага ў гісторыі Поўнага збора твораў народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава (1924-2003).

Выйшаў з друку 9 том, які змяшчае кінасцэнарыі "Третья ракета", "Альпийская баллада", "Западня" (сцэнарый Л. Мартынюка, пры ўдзеле В. Быкава), "Двое в ночи", "Волчья стая", "Долгие версты войны", "Ушедшие в вечность (Обелиск)" (у суаўтарстве з Р. Віктаравым), "Его батальон" (пры ўдзеле А. Карпава), "На Чорных лядах" (сцэнарый В. Панамарова, пры ўдзеле В. Быкава).

Творы падаюцца паводле храналагічнага прынцыпу на мове арыгіналаў: беларускай ці рускай. У "Каментарах" да твораў падаюцца значныя варыянтныя тэксталагічныя разыходжанні.

Рэдактар 9 тома Поўнага збору твораў Васіля Быкава - Алесь Пашкевіч, укладанне і каментары - Сяргея Шапрана.

Прэсавая служба СБП.


У Беластоку гаварылі пра лёсы беларусаў Падлесся

Спектакль "Ой, даўно-даўно" і кніга з такой самай назвай, прэзентацыя Беларускай Хаты і сустрэча з прафесарам Яўгенам Мірановічам. Усё гэта аб'яднала агульная тэма - лёсы беларусаў Падлесся.

Свае дзверы адчыніў "Склеп з культурай" пры пачатковай школе № 4 у Беластоку. Як адзначае прафесар Яўген Мірановіч, які стаў госцем дыскусіі з цыкла "Пагаворым пра...", агульнае для лёсу ўсіх беларусаў Падлесся - гэта вёска і жыццё на вёсцы:

- Чытаючы ўспаміны і тых, хто быў у бежанстве, і тых, хто жыў у міжваенны перыяд, а таксама ў пасляваенныя часы, бачна, што ўсе яны расказваюць пра адно - пра вёску: як жылося, пра гаспадарку, пра хаты, пра ўсе палітычныя падзеі. Гэта ўсё адбывалася на вёсцы.

У часе іпрэзы прысутныя паглядзелі спектакль "Ой, даўно-даўно", а таксама маглі атрымаць кнігу, выдадзеную на яго аснове. Апякункай праекту з'яўляецца настаўніца беларускай мовы Аліна Ваўранюк.

Яна Запольская.


Да 150-годдзя "Мужыцкай праўды"

"Белпошта" першай у Беларусі прыступіла да адзначэння 150-х угодкаў паўстання 1863-64 гг. Днямі выйшаў мастацкі канверт, прысвечаны 150-годдзю "Мужыцкай праўды". На тыльным баку канверта напісана:

«Мужыцкая праўда» («Muzyckaja prauda») - першая нелегальная беларускамоўная газета. Выдавалася яна ў 1862-1863 гг. на Гродзеншчыне (апошні нумар, відаць, надрукаваны ў Вільні) Кастусём Каліноўскім разам з паплечнікамі.

Мела невялікі фармат у выглядзе лісткоў і значны тыраж. Друкавалася яна лацінкаю. Усяго выйшла 7 нумароў, кожны з якіх падпісваўся псеўданімам «Яська - гаспадар з-пад Вільні». Распаўсюджвалася яна па ўсёй Беларусі, у Польшчы, Літве, Латвіі. У газеце разглядаліся пераважна пытанні зямлі і волі, палітычнай і сацыяльна-эканамічнай няроўнасці, нацыянальнай самастойнасці.

Мова «Мужыцкай праўды» глыбока народная, эмацыянальна-вобразная, насычаная фальклорнай сімволікай, мастацкімі тропамі. Газета стаяла каля вытокаў публіцыстычнага жанру новай беларускай літаратуры.»


Дзед Талаш у новай экранізацыі

Літаратурны музей Якуба Коласа ў Менску 9 лютага зладзіў творчую сустрэчу са здымачнай групай новай кінакарціны "Талаш". Супрацоўнікі музея падрыхавалі экспазіцыю рарытэтных выданняў аповесці "Дрыгва" на ўкраінскай, нямецкай і японскай мовах, а таксама выставу фатаздымкаў сустрэч Я. Коласа з прататыпам аповесці і яго роднымі. Сын Я. Коласа Міхась Канстанцінавіч падпісаў акцёрам кнігі на памяць.

На вечарыне выступілі аўтары карціны і выканаўцы галоўных роляў.

4-серыйная стужка "Талаш" выйшла на экраны тэлебачання ў студзені. Фільм зняў на кінастудыі "Беларусьфільм" рэжысёр Сяргей Шульга па матывах аповесці Я. Коласа " Дрыгва". Ідэю стварэння новай версіі падказаў народны артыст Беларусі Генадзь Мікалаевіч Гарбук.

Правобразам коласаўскага героя быў Васіль Ісакавіч Талаш з Петрыкаўскага раёна. Майстэрскі выканаў галоўную ролю старэйшына і аўтарытэт тэатра ім. Я. Купалы Генадзь Гарбук. Гледачы знайшлі яго вонкавае падабенства з героям з вокладак кніг, якія шмат разоў перавыдаваліся. Ён уклаў у вобраз карэннага палешука мудрасць, рашучасць, перадаў вобразнае маўленне і палескі каларыт.

Акцёр вядомы па ролях экранізацыі беларускай класікі: "Людзі на балоце", "Чорны замак Альшанскі", "Птушкі і гнёзды", "Белыя росы". У ХХI стагоддзі Генадзь Гарбук здымаўся ў фільмах "Анастасія Слуцкая", "Каменская-5", ён з'яўляецца лаўрэатам прэміі "Крыштальная Паўлінка".

Упершыню Гарбук іграў у 1959 годзе ў коласаўскім тэатры ў Віцебску Тукалу ў пастаноўцы "Подых навальніцы", потым -дзеда Курылу ў "Сымоне -музыку".

Рэжысёр і аўтар сцэнара Сяргей Шульга, акцёр, кінадакументаліст, з маладых гадоў далучыўся да творчасці Я. Коласа. Пры падрыхтоўцы новага сцэнара ён сустракаўся з малодшым сынам пісьменніка Міхасём Міцкевічам. Матэрыялу было назапашана шмат, яго хапіла б і на 8 серый.

У фільме зняліся Генадзь Аўсяннікаў, Аўгусцін Мілаванаў, Зінаіда Зубкова, Павал Харланчук, Дзяніс Паршын, Валеры Зеленскі і іншыя. Ролю Аўгінні выканала маладая акторка тэатра Беларускай драматургіі Анастасія Баброва. Прыроднае хараство дапамагло ёй увасобіць абаяльнасць і цвёрды стрыжань у характары, які спрыяе гераіні прайсці праз выпрабаванні лёсу.

- Здымачная група працавала з натхненнем. Мы ездзілі па вёсках, нас паўсюль добра сустракалі,- кажа артыстка Зінаіда Пятроўна Зубкова.- Калі прыехалі ў Рубяжэвічы, дырэктар сядзібы вадзіла нас па маёнтку, людзі спрыялі здымкам фільма.

Віталь Краўчанка выканаў ролю польскага афіцэра Збігнева Длугошыца. Для ўдзелу ў карціне артыст вывучаў мову ў Інстытуце польскім.

- Я хацеў паказаць свайго героя не толькі вайскоўцам, але і чалавекам, у якога ёсць сэрца і розум. Ен ідзе выконваць сваю місію па загадзе свайго дзядзькі Асмалоўскага, не па сваім жаданні ён бярэ ўдзел у вайсковых падзеях. Есць сцэна, дзе ён кажа Сцяпану: "Мувь па-свойму, разумем". Гэта значыць: "Ты паважаеш мяне, я паважаю цябе і тваю мову". Суіснаванне на адной тэрыторыі людзей розных нацыянальнасцей падкрэслівае, што людзі не хацелі гэтай вайны.

- Вельмі прыемна, што з вуснаў герояў гучыць сакавітая беларуская мова, - распавяла пра свае ўражанні ад прагляду карціны кандыдат геолага-мінералагічных навук Р.А. Зінава. Як цудоўна адлюстравана ў карціне прырода Палесскага краю! Мне даводзілася бываць у геалагічных экспедыцыях ў 70-ях гады ў тых мясцінах. Мы наведвалі вёску Навасёлкі, сустракаліся з роднымі дзеда Талаша. Потым яе пераіменавалі ў Талашоўку.

Э. Ол i на.

На здымках: Кадры з фільма "Талаш"; на здымачнай пляцоўцы.


Краязнаўчая сустрэча ў Віцебску

У рамках падрыхтоўкі да рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух" у Віцебску адбылася сустрэча старшыні ТБМ Алега Трусава з краязнаўцамі з Віцебска, Гарадка, Докшыц, Бешанковічаў. На жаль віцебскія ўлады не дазволілі правядзенне сустрэчы ў Віцебскім абласным музеі, таму не ўсе ахвотны дабраліся да новага адраса.

Падчас сустрэчы з цікавым дакладам пра стварэнне і дзейнасць Віцебскай абласной рэстаўрацыйнай майстэрні выступіў Іосіф Навумчык.

Пра гісторыю Віцебскай абласной арганізацыі Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, а таксама былой Віцебскай краязнаўчай абласной арганізацыі распавяла Ніна Сулецкая.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў распавёў пра краязнаўчую канферэнцыю, якая адбудзецца ў Менску.

Былі раздадзены календары з выявамі помнікаў Віцебска, выдадзеныя ТБМ, і нумары газеты "Наша слова".

Наш кар.


Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе

Фрагменты з дакументальнага рамана

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

Спынены чацвёрты блок ці працуюць астатнія блокі, ужо неістотна. Саркафаг, разлічаны максімум на трыццаць гадоў надзейнай працы, дачасна стаў старызною. Раней ён таксама быў з хібамі. У 1986 годзе яго рабілі са звычайнай савецкай усярэдненай якасцю, плюс - на хуткую руку, не ўсюды прытрымліваліся будаўніцкіх нормаў. Удалыя савецкія будаўнікі ўдала пакінулі на саркафагу амаль дзве тыся-чы патрэбных і непатрэбных адтулінаў і дзіркаў, з гадамі іх нашмат зменшылі.

Цяпер за аб'ектам "Укрыццё" штодня назіраюць людзі і прыборы, яго старанна рамантуюць. Пераўтварэнне яго ў экалагічнабяспечную сістэму ідзе ад 1986 года. Трыццаць краін Еўропы і Амерыкі ўзялі на сябе абавязацельства, да сакавіка 2007 года усе працы па бяспецы саркафага будуць прафінансаваныя, закончаныя.

Непрафінансаваныя, незакончаныя. Стан аб'екта з гадамі не паляпшаецца. Болей за тое, магчыма абрушэнне ўсёй пабудовы. Радыяцыйны пыл, аднаго яго на сценах саркафагу каля дзевяці тон, выпадзе на тры брацкія славянскія краіны, Еўропу, Амерыку. Устамбурыцца, рване закапанае паліва - не стане жывога на планеце.

Аператыўнага поўнага фінансавання фактычна амаль няма. На канец 2010 года кошт будаўніцтва ацэньваецца ў 870 мільёнаў еўра.

Шкадавалі грошай пры ўзвядзенні ЧАЭС - выплацілі нашматнашмат болей пры ліквідацыі наступстваў аварыі. Пашкадуюць сродкаў на аператыўнае ўзвядзенне новага ўкрыцця - расплацяцца людзі ў мільёны разоў большымі праклёнамі, болем, фінансамі. (Ком. правда в Бел., 21.10.2010 г.)

Дакуль чакаць яснасці, пытаецца Раман Кавалёў у прыяцеляў з першага і другога з'ездаў ліквідатараў. Адказу не чуе. Ніхто не можа праясніць сітуацыю. Хаця ўсе ўсэнсовілі: калі ўхне новая катастрофа, будзе Армагедон, знікне ўсё.

- Няўжо Еўропа і сусветная цывілізацыя яшчэ ненавучаныя? - з гэтым пытаннем ходзіць Раман Кавалёў ад адной групкі кампанейцаў ліквідатараў да другой.

- Табе не здаецца, што паўтараешся некалькі разоў. Казаў пра гэтыя тоны на ліквідатарскіх працах, на першым сходзе ліквідатараў, пасля. Сёння зноў тое ж.

- У кожнага свая доля.

Пра тоны выкінутага, забетанаванага і навіслага на абсталяванні паліва першымі крычалі Лягаса, Барысюк, Люцко, Канопліч, Мікітчанковіч... Усіх настаўнік Кавалёў не ўзгадвае, не можа ўзгадаць. Яму не зразумела, чаму пра ясным яснае павінен клапатаць ён, шараговы беларускі ліквідатар, і асобныя ўкраінскія, рускія і беларускія навукоўцы, а ўрады еўрапейскіх дзяржаў гэта як не заўважаюць? У ЗША і Кітаі мноства відушчых спецыялістаў па многіх пытаннях і праблемах свету. А тут усе аслеплі. Дарэмна наймагутныя краіны свету не бачыць працягу мажлівага чарнобыльскага жахоцця.

- Трэба не рамантаваць стары саркафаг, а новае ўкрыццё ўзводзіць. Другога выйсця няма, - прамаўляе Раман Кавалёў у любой вартнай кампаніі, пры выпадковай сустрэчы з прыяцелем.

- Нам гэта мовіш? - азываецца той, уторыць другі, трэці.

- Усім.

- Мы таксама тое ж даводзім, - на другім канцы Беларусі паўтараюць словы Рамана Кавалёва Ігар Бадановіч, Аляксей Бялько. - Нікому нашыя веды і доказы не патрэбныя. У Беларусі і ў Еўропе ўсе маленькія. Як некалі ў сэсэсэр.

- У Еўропе не маленькія, разумеюць. На пасля праблему адкладваюць.

- У Еўропе і Амерыцы многія навучыліся пасавецку працаваць, яно так, - ужо не смяюцца, горка канстатуюць беларускія ліквідатары. - Баяцца трэба, каб гэтае "пасляпасля" бокам не вылезла. Усяму свету.

Святасць славянскага плачу вызвоньваецца ў словах і думках беларускага настаўніка Рамана Кавалёва. Краінам Еўропы трэба баяцца, каб пакуль слоўнае горкае Чарнобыльства не стала ўсеагульным плачам, сцяною плачу для ўсяго свету.

А так можа быць, калі ухне з Чарнобыля сусветны Армагедон.

Маліцеся людзі самі, пакуль можаце самастойніць - паасобку і ў цэлым. Бо будзеце маліцца з мёртвымі, уваскрэслымі і неўваскрэслымі. Калі ў светапрастаўленні будзе важыцца не лёс асобнага чалавека, роду, нацыі, калі будзе ацэньвацца на вагах планетарнасці нават не чалавецтва - усё жывое на планеце.

Не толькі маліцеся народы, хутчэй думайце і дзейнічайце. Ратуйце самую прыгожую і лепшую часцінку Сусветнасці - планету Зямля.

1987,1990, 1998-2011

Валер Санько


Размова са старым шляхціцам

(Распавядае Хруль Іосіф Іосіфавіч, 1929 г. н., запісана на Вялікадзень 2010 г., працягласць запісу каля 3 гадзін. Запісаў, апрацаваў, пракаментаваў і напісаў уводны артыкул Леанід Лаўрэш. )

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

Пра вайну

- Ну а як было пасля 1939 г.?

- Хадзілі мы ў вясковую школу, ужо за першымі саветамі, і быў настаўнік адзін. Іван Іванавіч Ціханаў, яму было толькі 18 гадоў. Ен такі быў, яўна і не адданы саветам, але і не мог ён сам нештта сказаць супраць. Ен мяне адзін раз паклікаў, і кажа: "Перадай бацькам, што вы павінны адсюль з'ехаць". І не папярэджваў мяне, каб нікому не казаў, сказаў гэтыя словы і ўсё.

- Які гэта быў год?

- 40-вы. Я прыйшоў дахаты і гавару маці, вось так і так. А там былі дзве дзяўчыны, Вільбік такія, побач жылі каля школы. І ён іх там наведваў пастаянна, сябраваў з імі. Маці сустрэлася з імі, і гаворыць: "У мяне ёсць прадчуванне, што нам тут не месца". Старэйшая з Вільбікаў кажа: "Гэта так, пастарайцеся, у Сібіры там так-сама не соладка", - але, адкуль што, не сказалі. І мы з'ехалі.

- Куды?

- З'ехалі пад Ліду, на хутар Надзея, каля Бялевіч, яшчэ мы выратавалі 4 каровы, некалькі авечак і каня. І тут мы затрымаліся. А сусед наш, Уладзіслаў Гейштафт застаўся, яго з сям'ёй вывезлі ў Казахстан, там ён і памёр, а жонка з сынам пасля вайны вярнуліся і адразу з'ехалі ў Польшчу.

- Чый быў хутар?

- Сястры бацькі. Гэта было недзе на Каляды 40-га года і працягнулася да немца. А я летам захварэў запаленнем. Паспаў на зямлі. І пад раніцу я ўжо расхварэўся сур'ёзна. А на досвітку нейкі гул. Адны кажуць, што вучэнні, ці нешта яшчэ. А потым прыходзіць цётка, бацькавая сястра, мая хрышчоная, і гаворыць: "Ліда гарыць!". А акрамя Ліды яны пасажырскі цягнік разбілі, вось тут на пераезде ў канцы Сувальскай. Цягнік спыніўся ў лесе, каля Малэйкаўшчыны, калі станцыю бамбілі, а потым, як закончылі, рушыў наперад, але з'явіўся адзін самалёт, і ён гэты цягнік двума заходамі разбіў ушчэнт. Потым ляжалі толькі каркасы згарэўшага цягніка. Тады людзей (чалавек 40) пахавалі на тэрыторыі бальніцы. Між іншым ехала Маладзечанская футбольная каманда ў Беласток, гуляць.

- А дзе на тэрыторыі бальніцы?

- Зараз перанеслі, проста на гэтым месцы стаіць нейкі корпус.

- А што яшчэ пра 22 чэрвеня?

- Сёе-тое памятаю. Мяне прывезлі ў Ліду ў бальніцу. А ўжо вайна. І дзіцячая бальніца была насупраць старой паліклінікі, там у корпусе зараз аналізы прымаюць. І ў двары паставілі. Я ляжаў на возе, а нямецкія самалёты Сувальскую бамбілі. Яны яе не бамбілі, яны яе палілі. Кідалі нешта, гаварылі - на бруку гарэла. Але касцёлы ўцалелі абодва. А так увесь цэнтр згарэў. І я ляжаў і глядзеў, ніякага страху, бо тэмпература высокая, а самалёты ныраюць толькі раз за разам - УХ! УХ! І полымя!

- Шмат было самалётаў?

- Яны неяк кругам абходзілі над горадам, некалькі штук іх было, можа з тры. Мне здаецца, што яны былі з адным маторам. Потым мяне адсюль паперлі канём у Жырмуны. Там бальніца была, за касцёлам, там дзе дом ксяндзоўскі. А там быў яўрэй галоўны лекар, ён некалі працаваў у Радуні.

- У Лідзе ўжо не маглі дапамагчы?

- Ліда ўжо згарэла. Усё растраслося. Прыехалі ў Жырмуны, І гэты лекар мяне пакінуў у бальніцы. Яны пакінулі толькі тых, каго трэба лячыць і чакалі, чым што скончыцца. Мяне пратрымаў ён да чацвярга, справа пайшла на папраўку. І мы ўжо ў першых днях ліпеня прыехалі дадому - у Воўкавічы. Паспелі пасадзіць невялікі кавалачак бульбы, і гэта бульба паспела вырасці і нас выратавала, з паўтоны накапалі. Ну і былі 4 каровы, а гэта ўжо нешта!

- Ваша зямля была кінутая ў гэты год?

- Сельсавет некаму бярог нашы сенакосы, а ворная зямля была кінутая. Сусед гаварыў, што яны пробавалі дзяліць. Прыехалі з сельсавета і сказалі: "Табе па гэты камень, а табе па гэты камень". Калі паехалі, мужчыны сабраліся і вырашылі: "Э-э, гэта не даўгавечны раздзел, і не ўзялі". Так што было дзе каровы пасвіць. А авечкі пакралі адступаючыя чырвоныя часткі. А што, 5 000 арміі стаяла за 2 км ад нас, у лесе, бліжэй да Радуні. Калі ўцяклі, штук 15 зенітак засталося. І потым увесь ліпень цягнуліся і цягнуліся акружэнцы. Свае коні яны ўсе з'елі. Яны за Гудамі хацелі шашэйную дарогу на Вільню перайсці. І тут іх разбілі, яны рассыпаліся. Каровы мы схавалі ў альшыну, а авечкі ноччу ў нас забралі. Людзі ж галодныя і гінуўшыя. Але зіму пражылі не так ужо і цяжка. З хлебам было цяжкавата.

- А ў вайну што было ў гімназіі гарадской?

- Гэбітц - камісарыят, гарадская ўправа была. Сцяг немецкі вісеў.

- А не бел-чырвона-белы?

- Не, нямецкі. Тут недзе была палітычная паліцыя беларуская, у раёне дзе зараз ЗАГС ці санстанцыя, недзе тут, у гэтых доміках. Як іх назвалі... у белых пінжаках яны хадзілі, такія хлопцы... беларусы.

- А чым яны займаліся?

- Дык не ведаю, не казалі пра іх. Мясцовыя яны былі. Яны тут асабліва вялікай ролі не ігралі.

Пра АК

- А што вы можаце сказаць пра АК?

- Адправілі мяне нешта завезці гэтым белым партызанам, АК-аўцам, дарослага можа пасылаць не хацелі, а хлапчука падсунулі. Я і паехаў. Знайшоў усё, што трэба было ў гэтай Нацкай пушчы, у раёне Салтанішак.

- Нацкая пушча - гэта ж у Начы?

- Так, Нача, былы Лідскі павет, зараз у Літве... І я там знайшоў іх, знайшоў цэлы атрад.

- У лесе?

- Не, у маёнтку. Забыў назву. Калі б што, дык знайшоў бы, а назву забыў... Прывёз я звычайныя рэчы - посуд, мяшок тытуню ў пакетах, нейкую вопратку, харчы, нейкія яшчэ рэчы... Я знайшоў, гэта ўсё ім аддаў і паехаў дамоў.

- Хто быў камандзір? Які атрад АК?

- Я толькі памятаю, звалі яго ОЛЕСЬ, польскі паручнік.

- Шмат іх было?

- Чалавек 200, не меней.

- Як апрануты былі?

- У форме. У польскай. Амаль што ўсе ў форме. Можа я каго не бачыў, але ў пагонах, польскіх вайсковых шапках, рагуўках.

Я адправіўся дамоў. Гэта была, разумееш, ранняя вясна, ужо ў калёсах, не ў санях, аднак яшчэ зімна. А рух усякі, пры немцах быў забаронены ноччу. Партызаны мне прапаноўвалі начаваць пры іх, але я неяк не захацеў. Паехаў, і напароўся на гэтыя Тоўцішкі. А ў гэтых Тоўцішках была замужам з Воўкавіч жанчына, у яе ўжо дзеці былі дарослыя, ім было ўжо па 20-25 гадоў. Ну і ў гэтых Тоўцішках я разабраўся, што магу пераначаваць. Я трапіў не да яе, а трапіў да яе мужа брата, як зараз памятаю, Вацлавам Вільбікам яго звалі, быў ужо стары, хадзіў з палачкай, але помніць - усе помніў. Тут накармілі майго каня, накармілі мяня вячэрай. Запомніўся вялікі шляхецскі дом Вільбіка, покуль мяне вялі па ім, яго разглядзеў, там 16 пакояў было, але былі яны пустыя, без мэблі, там, куды мяне завялі, там стаяў стол, канапа і яшчэ там ... нешта, але ў доме была велізарная кухня . Вільбік мяне распытаў усё, як, што, да чаго, і спытаў: "Ці стаіць там дом на вашай сядзібе в Воўкавічах?". Гаворыць: "Мы ў маладосці з тваім дзедам... адно лета было гарачае, мы мелі бочачку піва і тры гарнцы гарэлкі, і пакуль мы ўсё гэта не выпілі - сядзелі ў вашым склепе, там было халадней".

- Гарнец гэта?

- Тры літры. Вось такую інфармацыю пра дзеда расказваў.

- А што ён яшчэ расказваў?

- Яшчэ расказваў пра дзеда, дэталяў ужо не помню, але вось "Бочачку піва і тры гарнцы гарэлкі" добра запомніліся.

Дзед жа ж круціўся і круціўся не кепска. Ен так разумна размясціў нашу сядзібу, што лепей і не прыдумаеш. Ен паўночны бок густа абсадзіў ёлкаю, астатнія ўчасткі - ліпаю. І я потым сутыкаўся з тым-сім з старэйшага пакалення, старымі, мне было гадоў 13-14 ... Дзед быў у такой кампаніі гаспадароў фальваркаў. Я зрабіў выснову, што ён заможна так жыў. Сустрэў аднаго чалавека з Тоўцішак, у 50-я гады яшчэ быў такі фальварак, харошы фальварак, у Радунскай ці Нацкай парафіі. Ен сябар дзеда быў, ужо старэнькі тады.


Мае цікавасць, што было ў маім жыцці - гэта пераходныя 47 - 50 гады. Калі зкончылася вайна, усё насельніцтва наша чакала, што сюды прыйдзе Еўропа, Амерыка і нас выратуе. А я быў упэўнены, калі ўжо нас аддалі - на нашу галаву бальшавікоў хопіць. Неяк жыць патрэбна, а не чакаць. Калі з'явіўся ў калгасе трактар, зацікавіў ён мяне, ім ужо нешта можна было зрабіць. Гэта быў такі ДТ-35 на траках.

Людзі выязджалі ў Польшчу. Я позна дакументы, на выезд падаў. Яны ўжо выпускаць перасталі. Трэба было кінуць працу і пабічаваць трохі. Біча б выпусцілі. Але было позна ўжо. Аднак мая старэйшая дачка, Галя, да 5-ці годзікаў у хаце па-польску гаварыла. Усё выехаць думалі...

- Дякуй за цікавы аповяд.


СНІЛАСЯ ЗІМА…

Падаюць сняжынкі -

дыяменты-росы,

Падаюць, бялюткі,

за маім вакном…

Расчасалі вішні

шоўкавыя косы

І ўранілі долу

снегавы вянок.

Дзесьці ў прасторах

празвінелі бомы,

Дацвілі пялёсткі

нечае тугі…

І здаецца - зноўку

еду я дадому

Пераведаць родных,

блізкіх, дарагіх.

Адхінае вечар

тонкія мярэжы,

На вакне альвасы

дагарэлі ў сне.

А ў душы

квяцістасць

і такая свежасць,

І з вачэй усмешкі

сыплюцца на снег.

Зноў зіма паслала

снежныя кілімы,

Зажурыла беллю

паплавы-лугі…

І прыходзіць радасць

у красе маўклівай.

Адплываюць хвілі

смутку і тугі…

А сняжынкі сеюць

кволую імглістасць,

Падаюць, бялюткі,

за маім вакном.

І цвіце на вішнях

снежная

ўрачыстасць,

Сцелецца на скронях

перад раннім сном.

Хочацца навеяць

казкі-таямніцы

Гукамі мелодый,

радасцю без слоў.

І застылі сцені

ў маёй святліцы,

Засынаю… Сніцца

роднае сяло.

Устала, як заўжды, на досвітку, а ў душы гучыць Паўлюкоў спеў. Але заміж ягонай радасці ды ўрачыстасці маё сэрца працінаюць моцны несупынны боль і трывога… Адкуль яны?.. За вакном, хоць і не падалі сняжынкі, ды ляжаў снег, быў марозік, і ўвесь той дзень стаяла зіма.

Памкнулася прагнаць трывогу і суцішыць боль, але дамаглася адваротнага, бо пачула нават гукі рэквіему. Я ўжо ведала, што гэты боль - не асабістая з'ява, і пры даследаванні ягонай прычыны трэба ўжыць сінтаз, глыбока ўзараўшы векавую, ды амаль што некранутую ніву. А ў тую раніцу я сабралася і рушыла, вось так з болем і трывогай, у далёкую дарогу, ужо ведаючы, якая праца, падобная да немінучай выратавальнай аперацыі, чакае мяне наперадзе.

"Нас, ап'янелых ад любові да вёскі, вылушчвалі па аднаму" , - напіша Ларыса Геніюш у сваёй Споведзі. Паўлюку Трусу, як і Максіму Багдановічу, пашчасціла толькі ў тым, што яны сышлі маладымі, так што да іх не дацягнулася хцівая рука бязлітасных інквізітараў XX стагоддзя, і яны пакінулі нам і сваю Радасць, і Ўрачыстасць. Радасцю і Ўрачыстасцю мы зможам выпраставаць сабе Шлях і рушыць па ім да Новае Літвы. Толькі трэба сабраць новых, дзіўных, тых, якія разумеюць Радасць і Ўрачыстасць; сабраць і ўз'яднаць Радасцю і Ўрачыстасцю.

СНІЛАСЯ ЗІМА…

Адам Міцкевіч

Меў сон у Дрэздане 1832, марца 23, каторы цёмны і для мяне незразумелы. Устаўшы, запісаў вершам. Зараз, 1840, перапісваю для памяці.


Снілася зіма, быццам бег я па снезе,

За працэсыяй у доўгім шарэзе.

Нібыта ідзём мы на бераг Ярдану,

I згары пагалоска: "Хвала Пану!

Спакой тром каралям, люд! да Ярдану!"

Людзі абок мяне йшлі двума радамі,

Старцы, кабеты і дзеці ў пары.

Тыя, што справа, ішлі ў белых строях;

Тыя, што злева - ў жалобных апонах,

Са свечкамі йшлі і трымалі іх к долу

Полымем.

Свечкі гарэлі, як золата стрэлаў.

А хто без святла йшлі, што па правіцы,

Кожны нёс кветкі ў руцэ замест свечаў.

Зірнуў я на твары, і шмат мне знаёмых,

Злякаўся, бо ўсе, як скала, нерухомы.

Потым справа выходзіць асоба адна,

Праз заслону свецяцца вочы яе давідна.

Стала пры мне. Потым выбег хлапчына

I заклінае падаць хоць грашыну

Дзеля айца. Даў яму грош, а яна - удвая.

Даў яму зноў, яна зноў удвая.

Збегліся людзі, мы золата шнарым,

Хто з нас дасць болей, даёмы шукаем.

Стыд нам! Ужо далі ўсе, што мелі пакункі.

Людзі лаюць хлапца: "Аддай ім,

жартунчык!"

"Аддам, - кажа хлопец, - ежэлі жалка."

Але назад прыняць мы ўжо не хацелі,

Постаць жагнала мяне рукой белай.

Потым слонца ўзышло, снег не згінуў,

Але, як птах белы, скрыдлы развінуў

I паляцеў; усё неба адкрылася,

А наваколле цёплым блакітам зрабілася.

Учуў пах Італіі, руж і язміну,

Ружай пахнула гара Палятыну.

З'явілася Эва,

У белай сукенцы, убраная ў ружы,

Як на Альбанскай гары тая відзежа...

Танчаць між ёю адной матылі,

Здалося - узносіцца і не кранае зямлі.

Пекнасць у твары, як Прамяненне

Панскае,

Зрок утапіла ў возера Албанскае.

Спакойна глядзіць і не рушыць павекаў,

Як бы ў тэй глыбі блакітнай, далекай.

Адбітак аблічча свайго назірала,

Прад возерам ружы рукой папраўляла,

Хацеў прывітаць, але сілы не маю;

Памкнуўся я мовіць - не прамаўляю.

Але раскоша мая, ах, раскоша сонная!..

Хто ж раскажа? - яна мацнейшая ад дзённай,

Слязней і мілей, бо ява - жар слонца,

А сон - ціхі месяц, лагоднасць.

Нарэшце ўзяў за руку яе збоку,

Зірнула яна ка мне з сумам у воку,

Ціха прамовіў: "Сястра мая,

Чуецца шчасце так дзіўна, глыбока

Мне ў тваім зроку,

Што здаецца мне, ест у касцеле."

Яна мне сказала з усмехам дзіцячым:

"Бацькі мае хочуць з іным мяне сватаць,

Але я мару ластаўкай лётаць!

Маю я скрыдлы, зірні, які птах з мяне!

Вось палячу свае пёры паплюхаць у Немне.

Аб усіх тваіх прыяцелях ведама мне,

іх здарэннях,

Усе па касцёлах ляжаць у скляпеннях,

Мушу ў лясах і вазёрах блукаці,

У дрэў папытаць і на зёлках гадаці.

Яны аб табе рэчы дзіўныя ведаюць,

Пра ўсё, дзе бываў,

што рабіў, апаведуюць."

Слухаў, і мне не здавалася цёмнай

Мова яе, хоць так дзіўна й таемна.

Мне падалося: я сам магу лётаць,

I папрасіўся я ўзяць у палёт мяне.

Толькі злякаўся, бо хоча на долы ісці,

Пра мяне пытаць дрэвы, кусты.

I прыпомніў я раптам базерствы,

Хвілі пустоты, запады шаленства.

I чулае сэрца на часткі раздзёрта было,

Што ані кахання, ні неба не варта яно.

Потым убачыў я ластаўку ў лёце,

Ляцела за ёй як бы войска чарноты,

Сосны і ліпы, чабры і палыны

Сведчылі проці мяне мае віны.

Прабудзіўся абліччам я к небу,

Накрыж рукамі, як бы да пагрэбу.

Сон мой быў ціхі. Цяклі яшчэ слёзы

Часта па твары, пахнулі свежым

Пахам Італіі, пахам язміну

I гор Албанскіх, і руж Палятыну.


Вершы гэтыя былі пісаны як прыходзілі, без намыслу і паправак.

(Заўвагі Паэты)

Пераклад зроблены Ганнай Матусевіч 13 - 16.03.00 г. на начных дзяжурствах вартаўніка ў школе № 1.

Дык вось адкуль ідуць мой боль і мая трывога! У Міцкевічавым "Сне" таксама пададзены малюнак зімы, але зусім іншы. Ідзе працэсія па снезе да Ярдану. Працэсія падзелена на правых, Ясных, бо яны ішлі ў белых строях, і левых, Цёмных, бо гэтыя ішлі ў жалобных апонах . І Ясныя, і Цёмныя, пэўна ўсе яны шукаюць адказу на пастаўленае спрадвеку перад кожным пытанне: QUO VADIS? І гэтае шуканне падобнае да засяроджанай працы, але хутчэй да працяглай, зацятай бітвы, дзе адзін бок упарта не прызнае другога, бо твары як скала нерухомы. Нібыта яны не могуць раскідвацца на дробязі, калі перад імі стаіць такое велічнае пытанне! Калі гэта - урачыстасць, дык яна надуманая, вонкавая, чыста фармальная: проста ідзе працэсія з кветкамі ды свечкамі. Тут ані няма Жывой Урачыстасці Душы, якая проста шугае з Паўлюковага вершу, так што здаецца адна яна і жыве ў ім, з'яўляецца галоўнаю гераіняю гэтага твору. Абодва вершы толькі на пачатку перагукваюцца словамі аб зіме, на гэтым іхняе фармальнае падабенства і сканчаецца. Пачаўся Ўрачыстасцю, ёю ж і заканчваецца Паўлюкоў верш, як жыццё ў Максіма: У краіне светлай, дзе я ўміраю… Узор, эталон, да якога нам усім трэба імкнуцца: адыходзячы, знайсці ў сабе сілы выправіць прывітанне тым, хто застаецца. Цераз Міцкевічаў "Сон" дадзена прароцтва для нашага люду. Паэта нёс на сабе цяжар адказнасці за Літву, паэзія гэтага хрысціянскага містыка фармавала сведамасць ліцвінаў, таму Бог яго і выбраў у Носбіты Духу Нашае Зямлі.

Але вернемся да Міцкевічавага "Сну". Дзякуй, любы Адаме, за тое, што з праўдзівай пабожнасцю, як праўдзівы паэта, запісаў Ты Боскі Дар вершам, ды яшчэ і ярлык цёмны і незразумелы да яго прычапіў. А гэта - для таго, каб цёмныя ды хцівыя не кідаліся да верша, як той певень да перлавага зерня. Ды вось настаў Час апратаць праўдзівыя каштоўнасці ад пылу і бруду, узняць іх з цёмнага падзямелля на паверхню, да Святла.

Нарэшце з правага боку выходзіць Жанчына, становіцца пры Паэту, за ёй выбягае хлопчык, які жабруе грошы. І тут ужо прападаюць мёртвыя маскі нерухомасці на тварах, знікае штучная форма працэсіі, пачынаюцца жывыя дзеі жыцця. Так у Міцкевічавым "Сне" ўсё адбываецца як у жыцці. Уяўленне ёсць наступствы назапашвання досведу з мінулых жыццяў. І гэта дастаткова ведама пра творчае ўяўленне паэтаў. Але можа быць велічэзнае назапашванне, і ўсё-такі заміж уяўлення праявіцца толькі юрлівасць ды раздражнёнасць. І тут трэба сцвердзіць, што не можа ўтварыцца ўяўленне без сэрца. Таму будуць творцамі тыя, хто мудра спалучаюць назапашванні са з'явай вагнёў сэрца. І гэтае мудрае спалучэнне прысутнічае ў Нашага Паэты. У знешне грубай форме цёмнага і незразумелага сну Ен здолеў захаваць для нас сакральнасць, святасць, тое, на чым мы цяпер можам паўстаць як нацыя.

Дык вось ад чаго мой боль! Балела сэрца за тых наіўных дзяцей, якія са сваімі прыгожымі, урачыстымі вершамі рынуліся ў вялікі і гэткі драпежны свет, дзе палююць на чысціню і святасць, метадычна, з разлікам і вялікім спрытам адстрэльваюць Красу і Ўрачыстасць. У вершы супрацьпастаўляюцца мужчынскі і жаночы пачаткі, і жанчына па сваёй ахвярнасці, творчым патэнцыяле выпярэджвае мужчыну. Хлопчык-жабрак правакуе даць яму грошай, і тут пачынаецца нібыта спаборніцтва між Паэтам і Жанчынай за тое, хто болей падасць даёмы.

…Перакладала, расшыфроўвала Міцкевічаў "Сон" у 2000-м годзе, запёршыся ў школе на начных дзяжурствах вартаўніка. Цяпер вось, у 2012-м, папраўляю памылкі, сінтэзую даўнейшыя запісы… Можа стануцца яны літаратураю-думкаю вольнага чалавека… Я спатыкалася аб словы "міласціна", "падачка", "падача", "дачка". Нешта чужароднае, грубае, зняважлівае, двухсэнсоўнае прысутнічае ў іх. А тут жа Сам Адам Міцкевіч, як Сама Духовасць! Вось сам Ен і падказаў мне гэты наватвор. Даёма - гэта дар, ахвяраванне, тое, што чалавек сведама дае меншаму за сябе, і таму ад гэтага духовага дару прыгажэе свет. Але гэтае слова можна зразумець і шырэй: невычэрпны чысты выток, крыніца. Я ўжыла ўласны наватвор, калі тлумачыла Кліч : податель живой воды - даёма жывой вады (верш 327). Але папраўдзе Жанчына не спаборнічае з Паэтам. Проста ёй болей дадзена, таму яна больш аддае жабраку. На развітанне постаць жагнала мяне рукой белай - на далёкую дарогу, на Дабро Агульнае, на Дабро ўсяго нашага народу.

Далей, як наступствы гэтай духовай аддачы-даёмы, паўстаюць змены ў прыродзе:

Потым слонца ўзышло, снег не згінуў,

Але, як птах белы, скрыдлы развінуў

I паляцеў; усё неба адкрылася,

А наваколле цёплым блакітам зрабілася.

Учуў пах Італіі, руж і язміну,

Ружай пахнула гара Палятыну.

З'явілася Эва…

Сказана: чалавеку патрэбныя знаёмыя вобразы, тым больш яны патрэбныя Паэту.

Тады, у 2000-м, перакладаючы Верш, я ня ведала, што за імем Эвы стаіць канкрэтны вобраз знаёмай Паэты - Гэнрыеты Эвы Анквічоўны, ягонай правадніцы па Рыме. Але зноў жа сказана: чым шырэй зразумеем, тым лепш. Жахліва, калі мы, наблізіўшыся да велічэзнай духовай з'явы, даследуем яе не духовым зрокам, не сэрцам, але ўжываем мерку аптэкарскіх вагаў ды бязлітасны скальпель цэнзара, дазваляючы яму адцяць вольную думку, скалечыць ды прыгнобіць яе да ўзроўню натоўпу. Я перакладала Міцкевічаў "Сон" найперш для сябе і сведамасцяў мне блізкіх. Вобраз Эвы, блізкі Адаму Міцкевічу, уяўляўся мне набліжаным да той першабытнай Эвы, калі, дзякуючы жаночай інтуіцыі, чалавек прыйшоў да пераадолення стыхійных сілаў прыроды. Чалавек без прадузятасцяў, той, які жыве ў прадчуванні будучыні, папраўдзе ўжо стварае будучыню і тым самым ладкуе навакольны сьвет. Менавіта гэткім чалавекам і быў Адам Міцкевіч. Ен змог адчыніць і пашырыць сваю сведамасць, змог адукаваць сябе, каб праводзіць самастойную думку; найгалоўнейшае - Ен быў цалкам адданы ідэі вольнасці для свайго люду, для Літвы, таму Бог і абраў яго ў якасці асяродку, на які льга памкнуць плынь. Паэту ахопліваў вір пачуццяў, якія Ён так высока і прыгожа ўмеў выказаць вершам. У вершы Снілася зіма… выразна паказаная выпераджальная роля жанчыны, тое, чаму належыць з'явіцца ў будучыні. І тая зямная жанчына, якая вяла паэту па Рыме, ператвараецца ў духовае жаночае аблічча Той, якая вядзе па жыцці.

Потым убачыў я ластаўку ў лёце,

Ляцела за ёй як бы войска чарноты...

Тое войска чарноты, якое ўзначаліла Эва, перакінуўшыся ў ластаўку, нагадвае Паспалітае Рушанне на Літве. Дзеля здабыцця вольнасці патрэбныя духовыя якасці і з боку простага люду - патрэбныя давер і ўсведамленне сваёй моцы.

I прыпомніў я раптам базерствы,

Хвілі пустоты, запады шаленства.

I чулае сэрца на часткі раздзёрта было,

Што ані кахання, ні неба не варта яно.

Тут выказаны пачуцці шкадавання, болю аж да слёз, з якімі Паэта прачынаецца на яве. Можа тут цераз аднаго мужчыну адбываецца ўсведамленне сваёй віны перад жанчынай за спрадвечную знявагу ды ўціск. Усведамленне віны за ўвесь мужчынскі род. Светабудова ж трымаецца менавіта на раўнавазе двух пачаткаў - мужчынскага і жаночага. Новая эпоха, якую рыхтаваў Адам Міцкевіч, ужо настала, і яна патрабуе новага духовага ўсведамлення. Новая эпоха павінна выявіць асаблівую пашану Матцы Сусвету, альбо жаночаму пачатку. І як за суворай зімою прыходзіць пекная вясна, гэдак жа натуральна ў нашым грамадстве мусяць адбыцца духовыя змены. На дварэ цяпер стаіць сярэдзіна зімы, і яшчэ наперадзе будзе ўсяго - і маразы, і завірухі-мяцеліцы. І люты папытае, ці добра абуты, і марац шчэ ўкусіць за палец. Яшчэ доўга будуць барукацца зіма з вясною, і мужчыны не захочуць добраахвотна саступіць жанчыне ейнае законнае мейсца, але перашкоды загартуюць сілы, і жанчына, адстойваючы свае касмічныя правы, набудзе веданне сваёй моцы.

Ганна Матусевіч. 12-21.I.2012.


Вольны прастор беларускага краявіду

"Зялёны лес,

святло нябёс і воды,

Свет таямніц

і казак мудры ўрок…"

Рыгор Барадулін.

Уладзімір Сулкоўскі - тонкі майстра пейзажу. Творца нарадзіўся 19 ліпеня 1950 г. ў Берасці, скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, выкладаў у школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя Ахрэмчыка з 1974 па 1981 год. З 70-тых гадоў ён працуе ў станковым жывапісе, ўдзельнічае ў выставах з 1972 году. Персанальная юбілейная выстава да 60-годдзя аўтара "Проста жывапіс" дэманструецца ў Палацы мастацтва ў Менску. На выставе можна ўбачыць партрэты С. Сокалава-Воюша, Янкі Купалы, В. Дуніна-Марцінкевіча.

- Уладзімір Сулкоўскі - мастак не толькі вельмі цікавы, але і сур'ёзны, удумлівы і адказны, кожная праца якога - цэлая сімфонія, - адзначыў яго калега, кіраўнік суполкі "Пагоня" Генадзь Драздоў.

З жывапісцаў ХIХ-ХХ стагоддзя творцу блізкія В. Бялыніцкі-Біруля, Ф. Рушчыц, К. Цвірка, Тарасікаў.

Выдатна валодае майстра дарам адлюстравання на палотнах святла і вады. Серыя карцінаў прысвечана прыроднаму багаццю Беларусі : "Возера Гародна", " Мой бераг родны", "Возера Снуды". Лецішча спадара Уладзіміра знаходзіцца на Блакітных азёрах, у вёсцы мастакоў. З яго вокнаў ён назіраў і пісаў запаветнае возера Балдук у Мядзельскім раёне. Вада ў ім мае асаблівыя свойствы і колер.

Цудоўнае ўражанне пакідаюць карціны "Яблынька", "Май", " Вяргінні".

Лініі ў карцінах блізкія прыродным формам галінак, траў, лісцяў, што надае вобразам аб'ём і жывую непаўторнасць. Любоўным позіркам улоўлены дубы, багатыя лістотай, раскідзістыя ліпы, вербы ў затоках ручаёў.

Натуральнасць пейзажу, напоўненага свежым паветрам, сузіранне блакіту вады надае гаючыя сілы гледачам.

Нацюрморт "Вербная нядзеля" перадае самые тонкія і цёплыя адценні веснавога дня, нясе радасць і замілаванне.

Фіранкі на вокнах бялюткія, праз іх ліюцца сонечныя праменні, ззяюць вясёлыя зайчыкі. На стале - ваза з пераспелымі пупышкамі вярбы, сціплымі і прыгожымі. У куце, у крыху сцішаных танах - абразы, агорнутыя ручнікамі.

Цёмных фарбаў творца не любіць. Асабліва пільна працуе з белай фарбай, якую вырабляе ўласнаручна дзеля чысціні колеру, які перадае свежасць снегу, бель аблокаў.

Сонечныя промні льюцца ў вакенка яго майстэрні на 6-тым паверсе дома-вежы, пабудаванага ў канцы 40-х гадоў для чыгунычнікаў каля вакзала.

" Малюнкі родныя і з'явы"

Душа мастака з маладых гадоў цягнулася агледзець і зрабіць замалёўкі мясцінаў, дзе нарадзіліся і жылі Янка Купала і Якуб Колас. Праца над Коласаўскай тэмай пачалася яшчэ падчас вучобы ў інстытуце. У душы спела мара ілюстраваць "Новую зямлю". У 1974 годзе спадар Уладзімір падзяліўся ідэяй з Данілам Канстанцінавічам Міцкевічам. Праз 2 гады ён прыйшоў на персанальную выставу, прысвечаную творчасці Коласа.

Паспрыяла сяброўства з паэтам Генадзем Тумашам, многа дало знаёмства з братам і сёстрамі Коласа: дзядзькам Юзікамё цёткаю Маняю і цёткай Аленаю. Падарожжы з дзядзькам Юзікам былі поўнымі адкрыццяў: ён паказваў знакамітыя дубы ў Бервянцы, дэкламаваў усё, што напісана Якубам Коласам пра гэтую мясціну.

У 1986 годзе У. Сулкоўскі пачаў працу, якая доўжылася тры гады. Быў створаны серыял з 23 карцінаў. Кожны прыезд у чароўныя мясціны быў вяртаннем да блізкіх з дзяцінства вобразаў, дзе хадзіў сам пясняр, дзе нараджаліся неўміручыя радкі яго паэзіі. Падзяліцца адчуваннем еднасці з роднай зямлёй мастак марыў з гледачамі.

Уладзімір Якаўлевіч стварыў серыю палотнаў, прысвечаных розным рэгіёнам Беларусі, у тым ліку нізку твораў " Радзіма Якуба Коласа", выдаў паштоўкі з відамі мясцін. Творы Ул. Сулкоўскага ўвайшлі ў падручнікі па беларускай літаратуры для 4, 5, і 6 класа, у выданні, прысвечаныя Якубу Коласу.

У 2007 годзе ён падрыхтаваў ілюстрацыі дзіцячых выданняў пра жыццёвы лёс нашых класікаў. Кнігі атрымаліся займальнымі для дзетак, малюнкі - прыцягальнымі, яны абуджаюць фантазію, пераносяць на сунічныя лясныя палянкі каля Нёмана, у Ласток, у Мікалаеўскую сядзібу.

Пад кожны малюнак пісьменнік складаў даступны па ўзросце тэкст.

Серыя ілюстрацый была створана да кнігі В.Д. Марцінкевіча "Апавяданне ў малюнках".

Спадар Уладзімір з захапленнем маляваў на пленэрах на радзіме В.Быкава ў Бычках. Там на ўлонні прыроды быў створаны партрэт народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Ён перадаў усю чалавечую моц натуры, цвёрдую волю і паказаў яго на фоне неба і аблокаў - духоўных вобразаў.

Уладзімір Якаўлевіч выкладае ў Педагагічным універсітэце імя Танка на факультэце эстэтычнай адукацыі, дзе займаюцца 156 студэнтаў (80-на завочным).

- Прыемна, што на завочнае аддзяленне да нас прыязджаюць вучыцца дарослыя людзі, які працуюць у галіне культуры і адукацыі з рэгіёнаў, - кажа педагог.- Яны засвойваюць розныя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, працуюць з саломкай, вывучаюць народны касцюм, пішуць якасныя дыпломы, вяртаюцца дадому з разнастайнымі навыкамі і ўзорамі.

Дачка спадара Уладзіміра Алена закончыла Беларускую Акадэмію мастацтваў, выкладала ва ўніверсітэце. З 2004 года яна жыве і працуе ў Амстэрдаме, там закончыла галандскую Акадэмію і аспірантуру. Алена Сулкоўская выйграла конкурс і зрабіла роспіс у Бруселі ў холе Еўрапарламента. У 2011 годзе яна брала ўдзел у Маскоўскай міжнароднай выставе маладых мастакоў. Яе творы дэманструюцца на Манхэтане разам з групай беларускіх паплечнікаў.

Творы самога мастака зберагаюцца ў Нацыянальным мастацкім музее, фондах Саюза мастакоў Беларусі і Міністэрства культуры Расіі, Цэнтра беларускай культуры ў Гайнаўцы.

Э. Дзвінская.

На здымках: 1. Уладзімір Сулкоўскі; 2. Карціна "Возера Гародна"; 3. "Сланечнікі"; 4. "Партрэт С. Сокалава - Воюша".

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX