Папярэдняя старонка: 2012

№ 08 (1055) 


Дадана: 13-11-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 8 (1055) 22 лютага 2012 г.


На Лідчыне напісалі беларускую дыктоўку

18 лютага з горада Бярозаўкі Лідскага р-на пачала крочыць па Беларусі 5-я Агульнанацыянальная беларуская дыктоўка. На Лідчыне дыктоўка традыцыйна ўжо пішацца напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы (21 лютага).

У Бярозаўцы ў чытальную залу гарадской бібліятэкі на дыктоўку прыйшлі 12 чалавек. Пісалі верш Максіма Танка "Родная мова". Чытаў дыктоўку старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік. Пераможцамі былі прызнаныя: Рэгіна Дычок (1-е месца), Яўген Лукашэвіч (2-е месца), Вітольд Ашурак (3-е месца). Пераможцы і ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі.

19 лютага дыктоўку пісалі ў Лідзе. У чытальную залу Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы прыйшло больш за 20 чалавек з Ліды, Лідскага раёна, а таксама прыехалі настаўнікі і вучні сярэдняй школы вёскі Дварэц Дзятлаўскага р-на. Пісалі таксама "Родную мову" Максіма Танка. Чытала дыктоўку завуч СШ № 11 г. Ліды паэтэса Ганна Рэлікоўская. Першае месца заняў Алесь Хітрун з в. Крупава Лідскага р-на, ён жа кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце і студэнт-завочнік 5-га курса Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Другое месца ў Крысціны Баравік - вучаніцы 11-га класа сярэдняй школы в. Дварэц Дзятлаўскага р-на. На трэцім месцы з прыблізна аднолькавымі вынікамі размясціліся: Марына Едчык - студэнтка Лідскага каледжа, Наталля Ляўкевіч - настаўніца з в. Дварэц Дзятлаўскага р-на, Вікторыя Воўкава - настаўніца з в. Дварэц Дзятлаўскага р-на, Алёна Лашкоўская - вучаніца 6-га класа сярэдняй школы в. Дварэц Дзятлаўскага р-на, Святлана Пустыновіч і Юлія Белагрывая - студэнткі Лідскага каледжа. Ну а ўсім астатнім - чацвёртае месца і вялікі дзякуй за тое, што ўспомнілі ў сабе беларусаў.

Цяпер слова за іншымі гарадамі і весямі Беларусі. Дыктоўка наўпроставая нагода сабрацца разам, згадаць граматыку і адчуць сябе заадно, адчуць нацыяй.

Наш кар.


100 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Карпава

Уладзімір Барысавіч КАРПАЎ (26 лютага 1912, г. Хвалынск, цяпер Саратаўская вобласць Расіі - 6 жніўня 1977), беларускі пісьменнік, крытык.

Нарадзіўся ў сям'і земскага лекара. У час голаду на Паволжы (1921) пераехаў разам з маці на Гомельшчыну ў вёску Елча (цяпер Брагінскі р-н). З 1929 г. працаваў рабочым на лесапільным заводзе ў Рэчыцы, затым настаўнічаў на Брагіншчыне, у Сіроцінскім раёне. Скончыў завочна Менскі педагагічны інстытут (1941). У Вялікую Айчынную вайну ўдзельнічаў у падпольным і партызанскім руху, быў намеснікам камандзіра спецгрупы Менскага абкама КПБ, старшым разведчыкам глыбокага тылу. Пасля вызвалення Менска выкладаў мову і літаратуру, загадваў навучальнай часткай сярэдняй школы № 42, працаваў у газеце «Советская Белоруссия», у 1945 г. быў адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва», у 1947-1960 г. загадваў аддзелам прозы і крытыкі ў часопісе «Полымя». Сябар СП СССР (з 1946).

Выступаў ў друку з рэцэнзіямі і артыкуламі з 1945 г. Аўтар кніг літаратурна-крытычных артыкулаў «Па шляху сталасці» (1952) і «Крылаты ўзлёт» (1966). З 1948 г. пачаў выступаць як празаік. Выйшлі аповесць «Без нейтральнай паласы» (1950), раманы «За годам год» (1957), «Вясеннія ліўні» (1961), «Нямігі крывавыя берагі» (1962), «Сотая маладосць» (1971, усе чатыры раманы склалі цыкл «На перавале стагоддзя»), кніга апавяданняў і ўспамінаў «Прызнанне ў нянавісці і любві» (1976). Укладальнік і адзін з аўтараў кнігі «Мы раскажам пра Мінск» (1964), аўтар тэксту да фотаальбома «Мінск» (1965). Склаў кнігі «Горад і годы» (1967) і «Сквозь огонь и смерть» (1970). У 1983-1985 г. выйшаў Збор твораў у 5 тамах.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём за баявыя заслугі і іншымі медалямі.

Імем У. Б. Карпава названа вуліца ў Менску.


У сакавіку з'явіцца цалкам беларускамоўны канал «Беларусь-3», у кастрычніку ён стане абавязковым для ўсіх кабельных аператараў краіны

Белтэлерадыёкампанія плануе ў сярэдзіне сакавіка 2012 года ў тэставым рэжыме запусціць канал беларускай культуры «Беларусь-3». Пра гэта паведаміў Генадзь Давыдзька. Чакаецца, што ўжо ў кастрычніку ён увойдзе ў абавязковы пакет кабельных аператараў. Гэта беларускамоўны тэлеканал, дзе будзе прадстаўлена лепшая дакументалістыка, гістарычныя фільмы, дасягненні сусветнага кінематографа, дубляваныя на беларускую мову, ток-шоў культуралагічнага плану, рэлігійныя праграмы, праграмы для дзяцей, школьнікаў.

Яго стварэнне мяркуецца без прыцягнення бюджэтных сродкаў.

- Гэта тая ніша, якая цяпер не запоўнена. З запускам «Беларусь-3» канал «Беларусь-2» стане канчаткова спартова-забаўляльным, а «Беларусь-1» - універсальным каналам.

У перспектыве ў абавязковы пакет кабельных аператараў увойдзе яшчэ і кругласутачны інфармацыйна-аналітычны канал «Беларусь-24», - растлумачыў Генадзь Давыдзька.

Па яго меркаванні, беларуская нацыянальная ку-льтура мае патрэбу ў папулярызацыі, і тэлеканал «Беларусь-3» будзе гэтаму спрыяць.

БелТА .


Латышы адстаялі дзяржаўнасць сваёй мовы

У Латвіі паводле апошніх дадзеных каля 74,8% грамадзянаў з правам голасу выказаліся супраць таго, каб расейская мова стала другой дзяржаўнай. Такія папярэднія звесткі ЦВК Латвіі. Яўка склала каля 70 працэнтаў.

Рэферэндум аб рускай мове ўспрымаўся многімі ў Латвіі як рэферэндум аб нацыянальнай ідэнтычнасці. Менавіта гэтым некаторыя палітолагі тлумачаць высокую яўку выбарнікаў.

З ініцыятывай правядзення рэферэндуму аб наданні рускай мове статуту дзяржаўнай выступіла таварыства "Родная мова".

Шанцы на поспех рэферэндуму былі першапачаткова вельмі невялікімі, паколькі для ўнясення паправак у Канстытуцыю неабходная падтрымка больш за палову ўсіх грамадзян Латвіі, якія маюць права голасу.

Ініцыятары суботняга рэферэндуму ў Латвіі аб наданні расейскай мове статусу дзяржаўнай таксама разглядаюць яго вынікі як перамогу, нягледзячы на тое, што большасць прагаласавала супраць адпаведных паправак да Канстытуцыі, бо як выразна акрэсленая нацыянальная меншасць па еўразвязаўскім заканадаўстве расейскамоўныя маюць велізарныя правы.

Наш кар.


У Магілёве прайшлі 5-я Агульнанацыянальная дыктоўка і "Беларускае пяціборства" для дарослых

У Магілёве больш за шэсьцьдзесят чалавек 19 лютага адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы напісаннем Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі і ўдзелам у інтэлектуальным спаборніцтве «Беларускае пяціборства» для дарослых. Мерапрыемствы праходзілі ў Палацы культуры вобласці. Іх арганізавалі гарадская арганізацыя Таварыства беларускай мовы і творчы клуб «Натхненне».

Сёлета магілёўскія рупліўцы беларускай мовы пісалі дыктоўку пяты раз. Для яе арганізатары абралі верш «Летапісец» Максіма Багдановіча.

- Вершу спаўняецца сёлета сто год і ён прысвечаны Магілёву,- так аргументаваў выбар твору для дыктоўкі адзін з яе арганізатараў Алег Дзьячкоў.

Дыктавала Багдановічаў верш настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганна Бандарэнка. Вынікі дыктоўкі будуць агучаныя пазней.

- Дзякуючы дыктоўцы Дзень роднай мовы пачалі адзначаць у Магілёве не толькі людзі, якія дбаюць пра беларускую мову, але і ўлада. Летась кіраўнік гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка павіншаваў магілёўцаў з гэтым святам. Сёлета гэты дзень будуць адзначаць адмысловымі імпрэзамі ў магілёўскіх школах, - зазначыў кіраўнік гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў.

"Беларускае пяціборства" для дарослых праходзіла ўпершыню. Штогод яго тэбээмаўцы праводзяць для школьнікаў ва ўніверсітэце імя Куляшова. Дарослыя, як і вучні, меліся адказаць на пяць пытанняў - па адным па матэматыцы, геаграфіі, гісторыі ды беларускай мове і літаратуры. На выкананне заданняў ініцыятар «Пяціборства» Міхась Булавацкі адвёў дваццаць пяць хвілінаў. Перамог у інтэлектуальным спаборніцтве сябра ТБМ Сяргей Дымкоў. Другое месца заняла вучаніца восьмага класа Яніна Асіпцова. Трэцяе - Алег Дзьячкоў.

На прыканцы святочных мерапрыемстваў былі ўручаныя "Пасведчанні сябра ТБМ" дзясятку новых сяброў і актывістаў. Прагучалі вершы мясцовых паэтаў. З вітаннем і вершамі выступіў прадстаўнік украінскай дыяспары горад Уладзімір Цішчанка.

Паводле Радыё "Свабода".


Тэлеканал «Белсат» падтрымлівае V Агульнанацыянальную дыктоўку

У сувязі з гэтым Зміцер Саўка, кіраўнік моўнай службы «Белсату», зазначае:

- Дыктоўка - гэта арыгінальны спосаб заявіць пра ненармальнасць сітуацыі. Калі б у нас беларуская мова займала належнае месца ў штодзённасці, то, відаць, людзі б «пісалі дыктоўку» штодня. Інакш кажучы, яны запаўнялі б нейкія бланкі, яны пісалі б штосьці сваім калегам. А тут мы паказваем, што мала беларускай мовы ў штодзённасці, мала мы ёй карыстаемся. Давайце рабіць гэта часцей. І вось наўмыснасць такога, у пэўным сэнсе бессэнсоўнага дзеяння напаўняе яго не фармальным, а сімвалічным сэнсам.

Сімвалічныя выявы Максіма Танка, Якуба Коласа і Янкі Купалы будуць прысутнічаць на паперы і асадках, якія ўдзельнікі дыктоўкі атрымаюць ад «Белсату».

Пераможцы дыктоўкі ў кожным з пяці гарадоў - Менск, Горадня, Магілёў, Баранавічы і Ліда - атрымаюць ад незалежнага тэлеканала каштоўныя прызы. Якія? Пра гэта «Белсат» паведаміць напярэдадні дыктоўкі.

Дыктоўку можна будзе напісаць і праз інтэрнэт. Відэадыктоўка, прачытаная славутаю беларускаю тэлевядоўцаю Зінаідаю Бандарэнкаю, будзе размешчаная на сайце www.belsat.eu.

Сяргей Пеляса.


Ой, як далёка нам яшчэ да Беларусі!

(Уражанні ад ХІХ Мінскага міжнароднага выставы-кірмаша)

Гэтыя словы з верша Ніла Сымонавіча Гілевіча ўзгадаліся мне, ды думаю і не толькі мне, пасля знаёмства з кнігамі, прадстаўленымі ўдзельнікамі азначанай выставы. А ўсяго іх заяўлена 104 з 17 краін блізкіх і далёкіх. Наша Беларусь была прадстаўлена 78 удзельнікамі - якраз 75 адсоткаў - (69 з Менска, 4 - з Віцебска, па аднаму з Берасця, Віцебска, Гомеля, Маладзечна і Магілёва). Здавалася б, на сваёй зямлі гаспадары павінны паказаць усім павагу да сваёй роднай мовы і гучна сказаць: "Глядзіце, як мы шануем сябе, сваю мову, свой народ!". Ды дзе там! Над уваходам - усё на расейскай мове. Толькі дванаццать офісаў-павільёнаў мелі назвы на беларускай мове. Але і тым арганізатары пісалі "Минск" . Яшчэ горшая справа з экспанатамі - дай Божа, каб 2-3 адсоткі экспанатаў былі на беларускай мове. Толькі "Кнігарня Логвінаў", выдавецтвы "Тэхналогія", "Літаратура і мастацтва", "Мастацкая літаратура" , "Беларусь" паказалі ўсе кнігі на беларускай мове. Добра глядзеліся 22 кнігі з серыі "Беларускі кнігазбор" на стэндзе "Кніжнага салона" (дарэчы і візітоўкі іх зроблены на беларускай мове!). Цудоўную падборку перакладаў замежных аўтараў на беларускую мову прадставіла выдавецтва "Энциклопедикс". Беларускамоўныя выданні прадставіў выдавец Зміцер Колас. Прыкладна палова прадстаўленых кніг была беларускамоўнай у Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі, Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Сціпла прадставілі беларускамоўную літаратуру Нацыянальная бібліятэка Беларусі, выдавецкія цэнтры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, выдавецтвы "Энергонаследие", "Про Христо", "Четыре четверти". Праігнаравалі родную мову БДУІР, БНТУ, БДАТУ, як і практычна ўсе, хто выдае дзіцячую літаратуру, пачынаючы ад размалёвак, буквароў і заканчваючы падручнікамі для старэйшых школьнікаў. Прайшоўшы па выставе, разумееш, што навучыць дзіця размаўляць і чытаць па-беларуску няма па чым - кніжак няма. Хацелася б, каб выдаўцы зразумелі гэта правільна, без кніжак на роднай мове для самых маленькіх нельга выхаваць патрыётаў Беларусі. (Я не кажу ўжо пра змест кніжак - гэта асобная тэма).

Прыклад павагі да гаспадароў выставы паказалі інстытут імя Гётэ, Славакія, Ізраіль ды Швецыя. На іх стэндах беларуская кніга заняла вельмі прыстойнае месца. Дарэчы сказаць, на стэндзе пасольства Швецыі ўсім ахвотным выдавалі цікавы буклет "Швецыя і Беларусь" на беларускай мове пра гісторыю адносін паміж нашымі краінамі. Нельга не сказаць пра нашых паўднёвых суседзяў - Украіну. Яны прывезлі вельмі многа цудоўных кніжак (краіна мае больш за шэсць тысяч выдавецтваў) рознай тэматыкі на украінскай мове. Адна з іх - найбольш дарагая нам - беларусам. Гэта "Круглянскі мост" Васіля Быкава ў перакладзе Валеры Стралко. Прэзентацыя гэтай кнігі адбылася 10 лютага на нацыянальным стэндзе Украіны. Цёплыя словы пра Васіля Уладзіміравіча, пра значнасць яго творчасці для беларускага і ўкраінскага народаў сказалі кіраўнік украінскай дэлегацыі Аляксей Кананенка, раднік па пытаннях культуры Амбасады Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Васіль Бондар, намеснік старшыні згуртавання ўкраінцаў у Беларусі "Ватра" Таццяна Бей, паэт і публіцыст Сяргей Законнікаў, лідар грамадскага аб'яднання беларускіх пенсіянераў "Наша пакаленне" Таццяна Зялко. Усе выступоўцы высока ацанілі працу Валеры Васільевіча Стралко і пажадалі яму новых поспехаў у нялёгкай перакладчыцкай працы.

Хацелася б адзначыць кнігі, прадстаўленыя выдавецтвам Беларускага Экзархата "Жыціе блажэннай Еўфрасінні, ігуменіі манастыра Уседзяржыцеля Святога Спаса ў горадзе Полацку" на трох (беларускай, ангельскай і рускай) мовах і "Я - сын Ваш. Летапіс беларускай шляхты" Анатоля Статкевіча-Чабаганава.

На стэндзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прэзентавалася трыкніжжа Максіма Багдановіча: вершы "Зорка Венера", "Пагоня", "Санет" на дзесяці (!!!) мовах., выдадзеныя асобнымі кніжкамі. У прэзентацыі бралі ўдзел старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімр Гілеп, дырэктар літаратурнага музея Максіма Багдановіча Таццяна Шэляговіч, мастак, афарміцель трыкніжжа Юры Хілько, пісьменнік Анатоль Бутэвіч. Там жа можна было убачыць і выдатную кнігу Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха" на чатырох (беларускай, ангельскай, рускай і ўкраінскай) мовах. Гэта кніга, выдадзеная Беларускім фондам культуры, адзначана дыпломам "Залаты фаліянт" як пераможца Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі - 2012" у намінацыі "За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны".

Мікола Ліннік , г. Менск.

На здымках: 1. Валеры Стралко і Аляксей Кананенка; 2. Сяргей Законнікаў; 3. Уладзімір Гілеп; 4. Таццяна Шэляговіч.


АНАХРАНІЗМЫ

Тэрмін анахранізм паводле паходжання - запазычанне з грэчаскай мовы ( ana - назад, chrones - час). Ен абазначае памылковае, неадпавядальнае храналогіі аднясенне слоў, выразаў, прыказак, падзей, з'яў адной эпохі да другой.

Да прыкладу, у нядаўна апублікаванай сямейнай хроніцы У. Гніламёдава «Валошкі на мяжы», у адным з эпізодаў (дзеянне адбываецца ў лістападзе 1939 года на Брэстчыне, калі там пасля прыходу Чырвонай Арміі ўсталёўвалася савецкая улада) афіцэр кажа сялянам, што ў бліжэйшы час адновяцца заняткі ў школе. «Хутка прышлём вам шкрабаў ». «Потым ён растлумачыў, што шкрабы - гэта школьныя работнікі, што так іх прынята называць у Савецкім Саюзе». Тут два лексічныя анахранізмы.

Па-першае, ні ў 1939 годзе, ні раней ніхто не называў савецкіх камандзіраў афіцэрамі, а байцоў - салдатамі. Нельга было так называць, за гэта каралі. В. Хомчанка ў апавяданні «Я іх ратавала» піша пра студэнтку Гендаль, якую ў 1937 г. «стараннямі Колі выключылі з тэхнікума і з камсамолу за тое, што назвала чырвонаармейцаў салдатамі». Афіцэрскія і салдацкія чыны, скасаваныя ў першы год савецкай улады, былі адноўленыя, разам з увядзеннем пагонаў, толькі ў 1943 годзе.

Па-другое, школьных настаўнікаў афіцыйна звалі шкрабамі толькі з 1918 па 1922 год, пасля чаго, як пісаў тагачасны наркам асветы РСФСР А.В. Луначарскі, Ленін забараніў ужываць гэтае скарачэнне: маўляў, у школьных работнікаў ёсць спрадвечнае, ганаровае званне «настаўнік» ("учитель").

Пры напісанні твораў пра мінулае аўтар не павінен імітаваць мову пэўнага часу і захоўваць абсалютную гістарычную дакладнасць у маўленні сваіх персанажаў. Ствараючы раман, аповесць, п'есу, пісьменнік арыентуецца на чытача-сучасніка і піша ў асноўным на мове сваёй эпохі, але, з пачуццём меры і мастацкай мэтазгоднасці, выкарыстоўвае і моўныя сродкі той эпохі, пра якую апавядае ў мастацкіх вобразах. У выніку ствараецца неабходны гістарычны каларыт. Так, Я. Купала ў гістарычных паэмах «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», маючы справу з апісаннем даўніх рэалій і паняццяў, натуральна, выкарыстоўвае асобныя ранейшыя словы, якія надаюць каларыт старажытнасці і стылізацыі пад адпаведную эпоху: «Ты, дружына п'яце асалоду», « Князь у хораме жыў», «Глянь у лёхі свае, ў падзямеллі глянь, князь », «Поўны гуслі насыплю дукатаў ».

Твор гістарычнага плана не павінен перанасычацца архаічнымі, незразумелымі моўнымі сродкамі. Разам з тым у ім нельга ўжываць словы і фразеалагізмы, якія выразна ўспрымаюцца як храналагічна неадпаведныя пэўнай эпосе (анахранізмы). Інакш кажучы, пісьменнік павінен «адчуваць узрост кожнага слова» (С.Я. Маршак), фразеалагізма, прыказкі.

Вальтэр Скот, непераўзыдзены майстар гістарычнага рамана, слушна лічыў, што ў творы пра даўнейшую эпоху нельга дапускаць слоў і выразаў сучаснага паходжання. Ен пісаў, што «адна справа выкарыстоўваць мову і пачуцці, аднолькава ўласцівыя і нам, і нашым продкам, другая - навязваць ім перажыванні і мову, характэрныя толькі для іх нашчадкаў».

Парушэннем дарэчнасці маўлення, а таксама прынцыпу гістарычнай дакладнасці трэба лічыць выпадкі, калі аўтар занадта асучаснівае мову таго ці іншага персанажа, пераносіць словы, фразеалагізмы, прыказкі, якія ўзніклі параўнальна нядаўна і звязаны ў свядомасці чытача з пэўнай часавай характарыстыкай, у другую, ранейшую эпоху.

Анахранізмы бываюць лексічныя, фразеалагічныя, прыказкавыя.

Несумненным лексічным анахранізмам трэба лічыць, напрыклад, дзеяслоў рэабілітаваць (са значэннем 'апраўдаць' ), ужыты ў рамане З. Дудзюк «Велясіты», дзе персанаж Базілеўс Візантыі (IX ст.) кажа: «Цяпер самы спрыяльны час для вайны супраць славян, дзякуючы якой мы рэабілітуем сябе перад народам». У гэтым жа творы чытаем: «Трэба ўзяць з сабой гвардзейцаў , на той выпадак, калі давядзецца сутыкнуцца з войскам». Але, як засведчана ў энцыклапедыях, упершыню гвардзейскія фармаванні (для аховы галоўнай асобы ў дзяржаве) з'явіліся ў Італіі ў X ст.; у славян жа людзей, якія непасрэдна ахоўвалі князя, называлі неяк інакш, але толькі не гвардзейцамі.

У рамане Г. Далідовіча «Гаспадар-камень» стары селянін кажа (дзеянне адбываецца ў сакавіку-чэрвені 1914 г.): «Цяпер жа страшнейшая вайна будзе, чым крымская ці японская. Усе кулямётаў, танкаў, аэрапланаў, падводных лодак, газу і яшчэ ўсякай халеры нарабілі ды назапасілі». Сярод слоў, укладзеных у вусны персанажа-селяніна, ёсць і такія, якіх у той час не было і не магло быць, як і не было яшчэ саміх рэалій, абазначаных гэтымі словамі. Кулямёты ўжо выкарыстоўваліся, пачынаючы з англа-бурскай вайны 1899-1902 гг. Былі падводныя лодкі, а таксама аэрапланы (праўда, напярэдадні вайны 1914-1918 гг. яны ляталі з хуткасцю толькі каля сотні кіламетраў у гадзіну). А што да танкаў, дык яны ўпершыню выкарыстаны англічанамі ў 1916 г. Не мог персанаж-селянін нічога ведаць і пра газы (атрутыя рэчывы), якія ўпершыню былі ўжыты нямецкімі войскамі 22 красавіка 1916 г. каля бельгійскага горада Іпр (адсюль і назва атрутай хімічнай зброі - іпрыт ).

Аналізуючы аповесць Ю. Станкевіча «Партрэт выпускніка на фоне 'адлігі'», С. Грышкевіч зазначае («Дзеяслоў», 2007, № 28, с. 294): «Надта непраўдападобна падаецца, што ў 60-я гады ХХ стагоддзя ўжываліся словы «імбецыл», «гамон», «бамжыха». Здаецца, яны з другой оперы - прыўнесены аўтарам з пазнейшага часу».

Пры чытанні гістарычных твораў У. Караткевіча можна бачыць, што аўтар, ужываючы пэўнае слова, якога не было ў тую эпоху, што апісваецца, іншы раз робіць агаворку; напрыклад, пры выкарыстанні ў аўтарскай мове назоўніка кіламетр (раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»): «Яны, адтупаўшы ў той дзень блізка сарака (нямераных, вядома, ані імі, ані кім яшчэ тады) кіламетраў, сталі начлегам ля нейкай невялікай вёскі».

Анахранізмы рознага характару можна напаткаць і ў вучнёўскім вусным і пісьмовым маўленні. Часопіс «Роднае слова» (1997. №10. С.211-212) змясціў падборку «Хоць смейся, хоць плач» - урыўкі з пісьмовых прац абітурыентаў. Два прыклады з недарэчнасцямі: «Скарына ўвесь час вучыўся, вучыўся і вучыўся (як завяшчаў вялікі Ленін)»; «Янка Купала прысвяціў паэму «Тарасова доля» свайму сябру Тарасу Шаўчэнку ў сувязі са стагоддзем з дня нараджэння».

Чытаючы паэму К. Крапівы «Біблія», можна заўважыць нямала лексічных анахранізмаў, але іх выкарыстанне наўмыснае, свядомае, абумоўленае творчай задачай сатырыка. Так, Адам і Ева, пакараныя і выгнаныя з Эдэмскага саду, упершыню зведалі сорам, «што абое галышы». І далей: «Чырванеючы суніцай, Ева тут сказала: - Фэ! Шый, Адам, ты галіфэ , ну, а я сабе спадніцу гэтак сама буду шыць; дзеля гэтае прычыны купім швейную машыну ». Або пра Ноя: «Пасля гэтага на свеце трыста год, да самай смерці, так бясклопатна жыў Ной, толькі гнаў ды піў віно, нібы мы цяпер вадзіцу; не было нідзе міліцый - не было каму забраць самагонны апарат ». Яшчэ ўрывак: « - А плаціць ёй аліменты я не буду ні працэнта , - адказаў тады Абрам». Зазначым, дарэчы, што сама гэтая паэма К. Крапівы сёння стала анахранізмам. Але яна - факт беларускай літаратуры, таму, як кажуць, з песні слова не выкінеш.

«Узрост» уласна беларускага фразеалагізма спаць у шапку параўнальна невялікі: яго першую лексікаграфічную фіксацыю знаходзім у «Беларуска-рускім слоўніку» (1962), а яго першае пісьмовае ўжыванне належыць Я. Коласу - у вершы «Плытнікі» (1907): «Варушыся! Мігам! Не спі ў шапку! Жыва!» Гэты фразеалагізм мае ярка выражанае ацэначнае значэнне і пакуль што не можа ўспрымацца інакш, як тыповы размоўны выраз нашых дзён. Яго перанос у другую культурна-гістарычную эпоху ды яшчэ выкарыстанне як нейтральнага сродку ў дачыненні да князя - у перакладзе Я. Семяжонам паэмы М. Гусоўскага «Песня пра зубра», выдадзенай на лацінскай мове ў 1523 годзе ў Кракаве, - неапраўданая мадэрнізацыя: «Ён [князь] паміж войнамі ў шапку не спаў і дружыны ў дзікіх аблавах на звера прывучваў змагацца так, як і ў бітвах з татарамі». Спаць у шапку ў гэтым урыўку - фразеалагічны анахранізм .

Акрэсленую часавую характарыстыку, відавочны след сучаснасці і абмежаваную геаграфію пашырэння мае фразеалагізм пярэдні край . Ен ужываецца са значэннем «найважнейшы, самы адказны ўчастак чаго-небудзь» (напрыклад, крытыка - пярэдні край літаратуры) толькі ва ўсход-неславянскіх мовах і склаўся нядаўна - пасля Вялікай Айчыннай вайны ў выніку метафарызацыі ваеннага тэрміна пярэдні край - «пярэдняя лінія ў раёне баявых дзеянняў». Зразумела, ні гэтага ваеннага тэрміна, ні тым больш аманімічнага з ім фразеалагізма не ведалі і не маглі ведаць у эпоху Адраджэння, калі жыў паэт-лацініст М. Гусоўскі. Аднак Я. Семяжон, перакладчык паэмы «Песня пра зубра», піша: «Мы на пярэднім краі хрысціянства заставай Орды варожыя грудзі на грудзі прымаем».

Фразеалагізм лапшу на вушы вешаць таксама нядаўнага паходжання. Таму яго выкарыстане ў рамане-хроніцы У. Гніламёдава «Усход», у эпізодзе з часоў адразу пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г., недарэчнае, анахранічнае: «- Трэба цярпліва чакаць Устаноўчага сходу. Цярпліва! Куды спяшаецеся! Будзе закон - возьмеце сваё... - Ды што ён лапшу на вушы вешае ! - у голасе Мішы чулася абурэнне». Ёсць у гэтым рамане і такая недарэчнасць. На адной старонцы чытаем дыялог персанажаў: « - Чуў? Мікалашку - каленкам пад зад? - Чуў. Керанскі цяпер заместа цара». А на папярэдняй старонцы сказана, што пасажырам «на дарогу выдалі адпаведнае пасведчанне, складзенае па-новаму, без цвёрдага знака ». Але ж пры Керанскім не маглі выдаваць дакументы «без цвёрдага знака». Арфаграфічная рэформа ў Расіі праведзена на год пазней: у 1918 г. спецыяльным дэкрэтам бальшавікі адмянілі напісанне цвёрдага знака на канцы слоў, выключылі з алфавіта «яць», «фіту», унеслі многія іншыя змены.

Гаворка ў п'есе А. Петрашкевіча «Напісанае застаецца» ідзе пра Ф. Скарыну, які, як вядома, жыў у 1490-1551 гг. Адзін з персанажаў п'есы, Адвернік, калі Скарына «ўдастоіўся аўдыенцыі вялікага рэфарматара Марціна Лютэра», кажа: «Не кожнаму ўдаецца на свае вочы такога чалавека ўбачыць, які на самога папу рымскага бочку коціць». Тут ужыванне фразеалагізма бочку каціць , несумненна, неапраўданае, памылковае. Гэта экспрэсіўны выраз з яркім адбіткам сучаснасці, з арэолам навізны. Ён трапіў у нашу мову, хутчэй за ўсё, з рускай мовы, дзе, відаць, яго першае друкаванае выкарыстанене знаходзім у газеце «Правда» (1972. 21 чэрвеня): «На Алтае есть выражение «катить бочку», что значит «возвести напраслину на кого-нибудь».

Прастамоўны выраз адкуль ногі растуць з'явіўся толькі ў апошнія 15-20 гадоў. Ён ужываецца пры дзеясловах ведаць, высвятляць і падобных і абазначае «ў чым сутнасць справы, з-за чаго пачалося што-небудзь». У рамане ж А. Наварыча «Літоўскі воўк» (дзеянне адбываецца ў 1863 г.) гэты выраз укладваецца ў вусны персанажа і, дарэчы, надзяляецца нейкім іншым, не надта зразумелым сэнсам: «Аканом прыслухаўся... «Пойдуць з торбамі, але гонару не страцяць... Гэта як у Дастаеўскага... Во адкуль ногі растуць у маскоўскага гардзюкі... Ад тутэйшай шляхты...»

Раман Г. Далідовіча «Свой дом» храналагічна ахоплівае падзелі 1918 года ў Беларусі. Тут выкарыстаны фразеалагізм зорны час , якога тады яшчэ не было на свеце: «Пасярод, на самым ганаровым месцы, селі генерал Фінкельштэйн і Скураны, які за апошнія дні ажывіўся, нават заззяў, адчуваючы свой зорны час ». У беларускай мове гэты фразеалагізм ужываецца ў форме зорная часіна (гадзіна), зорны час , а этымалагічна гэта крылаты выраз аўстрыйскага пісьменніка С. Цвэйга - з прадмовы да яго зборніка гістарычных навел «Зорныя гадзіны чалавецтва» (1927). Гэты зборнік перакладзены на рускую мову ўпершыню толькі ў 1956 г., пасля чаго выраз замацаваўся ў рускай мове ( звёздный час ) і, як калька, у беларускай.

Звернемся цяпер да прыказкавых анахранізмаў .

У памянёным ужо рамане З. Дудзюк «Велясіты» падзеі адбываюцца ў 805-807 гг., а можа, і раней, бо перад пачаткам рамана даецца ўрывак з гістарычнага даследавання: «Улада славян над Грэцыяй доўжылася, згодна са звесткамі патрыярха Мікалая ІІІ, 218 гадоў, да перамогі грэкаў у Патрасе (805-807 гады)». У рамане, як ужо гаварылася, сустракаюцца анахранізмы лексічныя, а таксама фразеалагічныя: забіць двух зайцаў, весці рэй, з агню ды ў полымя, толькі за смерцю пасылаць, цягнуць ката за хвост і інш. Есць тут і прыказкавыя анахранізмы, напрыклад: «Вока-мір, у сваю чаргу гатовы да самых страшных пакут, стараўся трымацца як мага спакойным. Ён зразумеў, што крумкач крумкачу вока не выдзеўбе - рамеяў, напэўна, пашкадуюць». Выдзеленая прыказка - калька з лацінскай мовы, і ў VIII ці IX ст. нашы далёкія продкі не маглі яе ўжываць. Яшчэ ў адным урыўку персанаж кажа: «Народ убачыць, што недарма даверыў нам кіраваць сабою, а заадно ўзбагацім казну нарабаваным. Разумею, што будуць і сіраты, але ж пераможцаў не судзяць ». Выдзеленая тут прыказка - паўкалька з рускай мовы і склалася толькі пры імператрыцы Кацярыне ІІ, якая нібыта гэтак сказала пра Суворава, калі той самавольна павёў войскі на штурм Туртукая і авалодаў ім.

Празмернае асучасніванне маўлення персанажаў адчуваецца і ў некаторых творах Л. Дайнекі. Так, у рамане «Меч князя Вячкі» (пра падзеі ХІІ ст.) сустракаем: «Ды рана радавалася Гарэлая Весь… Толькі паменела снегу ў пушчы і на рэках, як прыйшла ў Свіслацкае княства дружына друцкіх князёў. Кажуць жа людзі: куды конь з капытом, туды і рак з клюшняй . Дручане палезлі на вал, але сустрэў іх Рагвалод стрэламі калёнымі, каменнямі-галышамі з камнястрэльнай машыны, смалой і агнём». Выкарыстаная тут прыказка - парэміялагічны анахранізм. Да таго ж ужыта яна не з тым значэннем, якое замацавалася за ёй у народнай мове. Яе звычайны сэнс - 'за старэйшым і больш вопытным, пераймаючы яго, цягнецца і маладзейшы, нявопытны'.

У другім рамане Л. Дайнекі - «След ваўкалака» - дзеянне адбываецца ў ХІ ст. Вось урывак з рамана: «Праўду кажуць: у голад намруцца , у вайну налгуцца . Калі вялікі князь салгаў, падмануў, не будзе яму даравання ні на гэтым свеце, ні на тым». Ніяк не верыцца, што ў тыя далёкія часы людзі ведалі выдзеленую прыказку і што наогул яна існавала тады. Тое самае варта сказаць і пра яшчэ адну прыказку ў эпізодзе бітвы паміж русічамі і полаўцамі: «Усяго некалькі імгненняў валтузіліся яны, а здавалася, прайшла вечнасць. Лют у адзін скок развярнуўся, ляснуў цяжкой дубінай па загрыўку полаўца, крыкнуўшы: - Не лезь, жаба, дзе коні куюць !». Гэта прыказка нарматыўна выкарыстоўваецца зусім у іншай сітуацыі, тут яна ўжыта з парушэннем семантычнага характару, яе традыцыйны сэнс - 'не ўмешвайся ў справы, якія не маюць дачынення да цябе'.

На завяршэнне адзначым арыгінальнае, іранічнае выкарыстанне слова «анахранізм» у камедыі А. Макаёнка «Лявоніха на арбіце». Дзеянне адбываецца ў часы хрушчоўскай «адлігі», калі сялянам трэба было адмаўляцца ад «сотак», ад прысядзібных участкаў: «[Лявон:] Што там Міхал сказаў? Паўгектара - анахранізм… Што гэта азначае?.. Растлумач мне, цёмнаму. [Максім:] Анахранізм - гэта значыць а на хрэн яму паўгектара».

Іван Лепешаў.


Беларускае школьніцтва на Ўсходніх Крэсах у святле палітыкі па стаўленні да нацыянальных меншасцяў у ІІ Рэчы Паспалітай

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Беларускія арганізацыі, і перш за ўсё Таварыства беларускай школы праводзілі, пастаўленую на шырокую ногу, інфармацыйную акцыю аб спосабах стварэння беларускіх школ, згодна з прынятым у 1924 г. Палажэннем. У СМІ на беларускай мове друкаваліся дакладныя інструкцыі і ўзоры дэкларацыі разам са зваротамі да люднасці, што заклікалі да барацьбы за нацыянальную школу. Беларуская люднасць пачала масава складаць дэкларацыі з жаданнем школ з беларускай мовай выкладання. (мал. 2). Сама толькі Беларуская школьная рада ў Вільні зарэгістравала пасля ўвядзення Палажэння 101 ухвалу вясковых сходаў, які датычыліся каля 5500 дзяцей. Як сцвярджаў з сеймавай трыбуны прадстаўнік Польскай сацыялістычнай партыі пасол Чапінскі, беларуская люднасць на школьным плебісцыце ўнесла дэкларацый аб адкрыцці не менш як 400 беларускіх школ ("Natio", nr 3-4: 1927, s. 3-4).

Жорсткія прадпісанні, абавязковыя пры адкрыцці ўсеагульных школ ішлі ў пары з суровымі карамі супраць асоб, якія адкрывалі школы без дазволу і неабходных дакументаў. Сведчаць пра гэта захаваныя лісты павятовых школьных інспектараў з пачатку дваццатых гадоў. У адным з іх, які ўтрымоўвае адмову ў адкрыцці школы ў Малькавічах Мікалаеўскай гміны чытаем: "У адказе на заяву пана Школьны інспектарат не дазваляе прыватнага навучання дзяцей на мове нацыянальных меншасцяў. Па гэтай справе належыць звярнуцца ў Кураторыю Віленскай школьнай акругі, у кампетэнцыю якой уваходзіць выдача дазволаў на адкрыццё школаў нацыянальных меншасцяў. Нагадваю пры тым, што ў выпадку падпольнага навучання пан будзе прыцягнуты да суровай адказнасці" (НАРБ ф. 883, воп. 1, спр. 16, л. 31).

У іншым лісце, накіраваным жыхарам вёскі Дубені гміны Валожын, Школьны інспектарат засцерагае: "Самавольна адкрытая беларуская прыватная школа без дазволу Кураторыі школьнай акругі падлягае закрыццю паліцыяй згодна з выдадзенымі даручэннямі ад адміністрацыйных улад" (НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр. 16, л. 31).

У архіўных матэрыялах, якія датычацца беларускага школьніцтва з 1924/25 школьнага году, захаваліся звесткі аб прымяненні судовых і адміністрацыйных пакаранняў супраць настаўнікаў, якія адкрывалі школы без дазволу. Названа у т.л. настаўніца Марыя Белавус , прыгавораная да штрафу і 6 месяцаў зняволення. Пададзены таксама прозвішчы іншых пакараных настаўнікаў, якія на падставе ухвал вясковых грамад у вёсках з перавагай беларускай люднасці або цалкам беларускіх у школьным годзе 1924/25 адкрылі каля 100 школ, якія не былі легалізаваныя (НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр. 77, л. 158). У тым самым дакуменце датычна стану беларускага школьніцтва ў Заходняй Беларусі пададзена, што дзяржаўных беларускіх усеагульных школ было толькі 3 (у Вільні , Гародні і вёсцы Вялікая Ліпа Нясвіжскага павету). Астатнія школы былі ператвораны адукацыйнымі ўладамі ў школы ўтраквістычныя польска-беларускія.

Дадзеныя, якія датычацца колькасці беларускіх школ, захаваны ў розных крыніцах, не з'яўляюцца дакладнымі і аднолькавымі. Адукацыйныя ўлады і беларускі бок часта падаюць розныя лічбы. Узнікае гэта перш за ўсё з-за няўстойлівасці сітуацыі з беларускімі школамі асабліва агульнаадукацыйнымі, ліквідацыі тых, якія дзейнічаюць не згодна з інструкцыямі, і спробаў заснавання новых, а таксама розных крытэрыяў, якія прымяняліся ў статыстычных падліках 2. Названы ўжо раней рапарт, які датычыцца інспекцыі Усходніх Крэсаў, падрыхтаваны па даручэнні прэм'ера ўраду К. Сракоўскім у 1923 г., а гэта значыць перад увядзеннем Палажэння аб утраквістычным шольніцтве, падае 37 беларускіх школ. Трэба меркаваць, што гэтыя звесткі датычаць школ публічных, без уліку прыватных (Srokowski, 1924, s. 11-17).

Матэрыялы, якія датычаць школьніцтва на Усходніх Землях з 1927 г., праз тры гады пасля ўводу ў дзеянне Палажэння, падаюць паступныя дадзеныя: публічных школ з беларускай мовай выклавання - 24, публічных школ двух моўных (утраквістычных) -51.

Пры гэтым у Варшаўскай школьнай акрузе (Гародня), беларускіх школ - 1, у Віленскай акрузе (ваяв. Віленскае і Наваградскае) беларускіх школ - 22, дзвюхмоўных - 42. акрамя таго ў Віленскай школьнай акрузе названы 9 прыватных школ, што падаецца ў святле іншых матэрыялаў лікам надзвычай малым ("Sprawy Narodowosciowe", №4: 1927, s. 408).

Справы асветы і далейшая рэструктырызацыя школьніцтва былі адным з повадаў нарастання канфліктаў у польска-беларускіх стасунках. Супраціўляліся дзеянням польскіх адукацыйных улад перш за ўсё беларускія арганізацыі, у т.л. Таварыства беларускай школы. Шырока вядомыя былі выступленні прадстаўнікоў Таварыства, якія супрацьстаялі чынёным уладамі цяжкасцям у атрыманні дазволаў на адкрыццё школ або адсутнасць адказаў на пасланыя просьбы аб канцэсіях.

На падставе аднаго з дакументаў можна сцвярджаць, што ў 1925 г. адмовілі ў пацверджанні подпісаў на абавязковых школьных дэкларацыях шмат войтаў і бурмістраў, у т.л. у гмінах, якія належалі да паветаў: Слонімскага, Пастаўскага, Нясвіжскага, Наваградскага, Пінскага, Маладзечанскага. Гэтыя злоўжыванні былі зарэгістраваны ў Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, а таксама ў Таварыстве беларускай школы ў Вільні. У тым жа годзе пададзена 32 заявы на атрыманне канцэсіі ў школьныя інспектараты. Аднак гэтыя інстытуцыі неабгрунтавана патрабавалі, як пададзена ў дакуменце, шэрагу дадатковых пасведчанняў і дэкларацый (НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр.75,л.12).

Належыць аднак сцвярджаць у святле на той час прадстаўленых матэрыялаў, што названыя патрабаванні, якія датычыліся ў т.л. сведчанняў маральнасці настаўнікаў, заключэнняў павятовых лекараў па школьных будынках, пасведчанняў кваліфікацыі настаўнікаў былі згодныя з распараджэннямі, выдадзенымі адукацыйнымі ўладамі, аднак некаторыя з іх можна прызнаць за звыш цяжкія (напрыклад, прадстаўленне выключна арыгіналаў, а не копій персанальных дакументаў). Больш абгрунтаваныя ёсць на той час абвінавачванні аб непрызнанні за выпускнікамі беларускіх курсаў педагагічных правоў на атрыманне настаўніцкай кваліфікацыі. Так зрабіла Віленская кураторыя, якая прызнавала канцэсію на адкрыцце прыватнага курсу ўдасканалення настаўнікаў у Вільні, але адначасова не давала яго слухачам права на навучанне.

Афіцыйным пратэстам у справах адукацыйных быў ліст накіраваны ў Міністэрства рэлігійных вызнанняў і публічнай асветы 4.12.1926 г. віца-старшынём Таварыства беларускай школы і сенатарам А. Уласавым. Чытаем у ім у т.л.: "На гэты момант рэальна не існуе ўсеагульнае беларускае школьніцтва, не гледзячы на выдадзенае ў 1924 г. так званае моўнае палажэнне, што пацвярджаецца наступным: 1) адміністрацыйныя ўлады чыняць усялякія перашкоды, для людзей, якія хочуць у адпаведнасці з Палажэннем ад 31.07. 1924 г. беларускай школы, адмаўляюца завяраць подпісы бацькоў на школьных дэкларацыях; 2) школьныя кураторыі не маюць кваліфікаваных настаўнікаў для беларускіх школ: 3) на прыватныя беларускія школы школьныя кураторыі або зусім не выдаюць канцэсіі, або таксама не зацвярджаюць настаўнікаў беларусаў з-за адсутнасці польскіх кваліфікацый: 4) настаўнікі беларусы, якія закончылі беларускія ўрадовыя курсы ў Кракаве і Вільні працуюць супраць сваёй волі ў Канграсоўцы ў польскіх школах: 5) да знішчанага да шчэнту школьнымі ўладамі беларускага школьніцтва спускаюцца больш суровыя інструкцыі, чым да прывілееванага польскага школьніцтва".

Дня выпраўлення такой сітуацыі ў вышэй названай скарзе А. Уласаў дамагаўся: 1)дазволу на выкладанне ў беларускіх школах, прыватных і дзяржаўных, тым настаўнікам, якія мелі допуск да навучання ў былых расейскіх народных школах, а таксама якія закончылі беларускія прыватныя курсы: 2) прызнанне права выкладання ва ўсеагульных школах за беларусамі, якія закончылі 8, параўнальна 6, класаў беларускай або польскай гімназіі з той умовай, што на працягу трох гадоў яны закончаць метадычна-педагагічны настаўніцкі курс: 3) перавод усіх настаўнікаў беларусаў, працаўладкаваных раней у іншых мясцінах краю, на дзяржаўныя пасады ў беларускіх школах. Патрабавалася таксама неадкладнае стварэнне беларускіх курсаў удасканалення для вышэй названых настаўнікаў, запуск дзвюх беларускіх настаўніцкіх семінарый, а так-сама Беларускага педагагічнага інстытута (НАРБ, ф.883, воп. 1, спр.75.п.90) (мал. 3).

Да таго тыпу дакументаў належала таксама петыцыя Наваградскага акруговага кіраўніцтва Таварыства беларускай школы пададзеная міністру РВіПА 4 ліпеня 1927 г., у якой дамагалася ператва-рэння з пачатку 1927/28 шко-льнага года агульнаадукацый-ных дзяржаўных школ з поль-скай мовай выкладання, якія існавалі на тэрыторыі Нава-градчыны, у школы з бела-рускай мовай у колькасці зго-днай з пададзенымі мясцовай люднасцю дэкларацыямі.

2 Розны лік беларускіх школ у прадстаўленых вышэй матэрыялах вынікае таксама з факту, што дадзеныя, якія служаць асновай падлікаў ахоплівалі ўсе школы, прыватныя і публічныя, а таксама з усеагульнай з'явы размяшчэння асобных класаў адной школы ў некалькіх дамах, нанятых у гаспадароў. Для прыкладу можна прыкласці звесткі з ліста Аддзела беларускага школьніцтва Дэпартамента асветы ў надлясніцтва Ашмянскага павету з 1921г., які датычыцца запытаў на апал беларускіх школ. Названы лік 148 школ у адным павеце выклікае дапушчэнне, што палічаны асобныя класы, якія патрабуюць забеспячэння апалам, размешчаныя ў розных вясковых будынках.

(Працяг у наст. нум.)

Ванда Папроцкая, Інстытут археалогіі і этналогіі ПАН, Варшава


Вянок памяці: Тодар Копша

14 лютага пасля цяжкай і працяглай хваробы пакінуў гэты свет Тодар Копша. Дысідэнт савецкіх часоў, арганізатар і ўдзельнік падпольных выставаў, мастак-авангардыст пайшоў з жыцця ў няпоўныя 73.

Ен нарадзіўся на Магілёўшчыне ў мястэчку Прапойск (цяпер Слаўгарад). Скончыў Менскую мастацкую вучэльню. Не прызнаваў савецкага афіцыёзу, што перашкодзіла яму працягнуць мастацкую адукацыю, але на ўсё жыццё зблізіла з іншымі мастакамі-вальнадумцамі. У іх ліку і зямляк Аляксей Марачкін.

- Ен застаўся чалавекам вольным, не зацугляным сацрэалізмам, не зацугляным палітыкай партыі, бальшавізмам, таму што ён быў дасведчаны ў еўрапейскай культуры, а перадусім у мастацтве канца дзевятнаццатага - пачатку дваццатага стагоддзя. Як на мой погляд - гэта быў першы мастак такога сюррэалістычнага, абстрактнага характару. Апошнія гады ён цяжка хварэў, і вось, на жаль, мастака, грамадзяніна, беларуса не стала.

Карціны Тодара Копшы знаходзяцца ў прыватных зборах у Нямеччыне, Швейцарыі, Нарвегіі, Японіі, Ізраілі. Беларускія дзяржаўныя мастацкія зборы ягонымі творамі не цікавіліся, хоць шмат якія працы, кажа Аляксей Марачкін, вартыя сталай экспазіцыі.

- Такі, да прыкладу, твор, як вялізнае палатно пад назовам "Прысвячэнне чылійскім паэтам", а на самой справе - гэта прысвячэнне рэпрэсаваным пісьменнікам Беларусі, бо ў савецкія часы ён хаваў сапраўдную ідэю гэтага твора.

Схаваныя ідэі і мастацкія прынцыпы мастакі-вальнадумцы выяўлялі на падпольных выставах, што ладзіліся ў іхных майстэрнях на вуліцы Дзімітрава ды ў некаторых іншых месцах. Прыгадвае мастацтвазнаўца Тацяна Гаранская.

- Ен, Марачкін, Віктар Маркавец, Алесь Разанаў рабілі падпольныя выставы, прысвечаныя Казіміру Малевічу. Яны там праводзілі і лекцыі пра Малевіча - калі гэтае імя было забароненае ў Беларусі, пра авангарднае мастацтва - калі нават гаварыць пра яго забаранялася.

Мастака-авангардыста звязвала моцнае сяброўства з паэтам-авангардыстам Алесем Разанавым.

- Тодар жыў і тварыў наперакор відавочнасці, наперакор нейкім правілам усталяваным, творачы немагчымае. Ен ішоў сваёю дарогай і слухаўся свайго ўнутранага голасу. Мы жылі непадалёк адзін ад аднаго. Ен часта прыносіў свае карціны, у асноўным намаляваныя на папяровых аркушах. І тады гэта была ў нас як бы сумесная творчая гадзіна - я даваў назвы гэтым творам. Таму добра знаёмы з тым, што выяўлялася з-пад яго рукі. У яго творах жыццё як бы выходзіла ў нейкае наступнае вымярэнне. Зараз Тодар сам выйшаў у гэтае наступнае вымярэнне. Пажадаем яму плённай шчаслівай далейшай дарогі.

Пахаваны Тодар Копша 16 лютага на Заходніх могілках сталіцы.

Валянціна Аксак

На здымках: Тодар Копша; работы мастака «Адтуліны», палатно, алей, "Без назвы", калаж.


У скарбонку культурнай сталіцы

"Белпошта" выдала маркаваны канверт да 450-годдзя выдання С. Будным "Катэхізіса" ў Нясвіжскай друкарні.

Сымон Будны (1530-1593) - гуманіст, асветнік, рэлігійны рэфарматар, філосаф, кнігавыдавец. Ен быў адным з заснавальнікаў Нясвіжскай друкарні, у якой у 1562 г. выйшаў на старабеларускай мове «Катэхізіс». Гэтая кніга стала першым друкаваным выданнем на землях сучаснай Беларусі. Яна была падрыхтавана як дапаможнік для агульнага рэлігійнага навучання вернікаў, для выкладання асноў хрысціянскага веравучэння ў выглядзе пытанняў і адказаў.

Упершыню ў Беларусі «Катэхізіс» перавыдадзены ў 2005 годзе.


У Магілёве выступіў Зміцер Вайцюшкевіч

Дзень усіх закаханых Магілёўскае ТБМ адзначыла канцэртам вядомага беларускага музыкі і выканаўца Зміцера Вайцюшкевіча. За апошнія некалькі гадоў у Магілёў спявак прыехаў ужо ў трэці раз. Зладзіць канцэрт дапамагла грамадская кампанія «Будзьма».

Практычна ўсе песні музыкі - гэта вершы вядомых беларускіх паэтаў, пакладзеныя ім на музыку. Есць у яго рэпертуары песні на вершы Караткевіча, Барадуліна, Някляева, Хадановіча і многіх іншых аўтараў. У Магілёў Вайцюшкевіч 15 лютага прывёз «салянку» з самага любімага: свайго і публікі. Прынамсі «Я нарадзіўся тут», «Дарога», «Вясновы дзень» - спявалі хорам.

Сам жа Вайцюшкевіч, цягам 2-х гадзіннай вечарыны, якая сабрала каля 100 магілёўцаў, спяваў і гаварыў многа і з задавальненнем, якое, відавочна, падзяляла і публіка. Хоць Зміцер і паабяцаў спяваць песні пра каханне ў гонар мінулага свята, большасць песень выйшла хутчэй пра любоў да Беларусі. У выніку нават сам Зміцер адзначыў, што пара перастаць спяваць гэтулькі патрыятычных песень, бо "сэрца рвецца".

Сярод прысутных на канцэрце былі і маладыя дзеці, і зусім пажылыя людзі. Пры гэтым Зміцеру атрымалася дагадзіць усім - яго песням падпявалі ў розных кутках невялікай, але ўтульнай залы. І хаця ўсе ахвотныя маглі ўзяць праграмку з тэкстамі некаторых песень, многім яна не спатрэбілася. Бо песні пакладзены на вершы вядомых беларускіх паэтаў, якіх ведаюць усё. Так што зала падпявала Зміцеру з вялікім задавальненнем.

Кожную песню Зміцер суправаджаў цікавымі гісторыямі, сваімі думкамі і ідэямі. Ён, здавалася, не змаўкаў ні на хвіліну - хіба толькі каб папіць гарбаты. Распавёў ён і пра тое, як былі напісаны некаторыя песні, і пра свае пачуцці да Беларусі, і пра ўражанні ад розных канцэртаў. Магілёўская публіка яму асабліва спадабалася. Ды і Зміцер ёй так-сама спадабаўся, трэба сказаць.

У канцы вечарыны Зміцер выканаў вельмі добра знаёмыя кожнаму песні: і "Калыханку" з дзіцячай перадачы, і "Бывайце здаровы", і іншыя хіты. Пасля чаго ўдзячная публіка змагла асабіста пагутарыць са Зміцерам, атрымаць аўтографы і памятныя паштоўкі.

Юрась Каласоўскі.


Краязнаўчая сустрэча ў Віцебскай арганізацыі ТБМ

У нядзелю, 12 лютага, ў Віцебску адбылася сустрэча з кіраўніцтвам Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і краязнаўцамі, якая была прысвечана праблемам краязнаўства рэгіёну. Імпрэзу пад назвай "Захаваем гісторыка-культурную спадчыну праз краязнаўчую дзейнасць" адкрыў старшыня рэспубліканскай арганізацыі Алег Трусаў. Напачатку спадар Трусаў распавёў пра стварэнне і развіццё краязнаўчых даследаванняў у Віцебску, якія пачаліся яшчэ ў XVI ст. Былі прыгаданыя такія славутыя імёны, як Гваніні, Сапуноў, Семянтоўскі, Нікіфароўскі і інш. Дарэчы, адной з галоўных тэм, якія трэба было разгледзець, з'яўлялася гісторыя рэстаўрацыі і горада Віцебска. Алег Анатольевіч тут прыгадаў пачатак развіцця рэстаўрацыі, асноўныя рэстаўрацыйныя арганізацыі і таварыствы па ахове помнікаў гісторыі і культуры. Не абмінулі ўвагі і знакамітыя аб'екты рэстаўрацыі нашага горада: касцёл Святой Барбары, Успенскі сабор, Дабравешчанская царква, музейна-выставачная зала Цэнтра культуры "Віцебск" "Духаўскі круглік" і інш.

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ І.А. Навумчык расказаў пра гісторыю развіцця краязнаўчай дзейнасці менавіта ў Віцебску. Ен таксама адзначыў адзін з найважнейшых крокаў у развіцці краязнаўства - выданне першых кніг "Памяці" - Дубровенскага і Шумілінскага раёнаў. У пачатку 1990-х гг. гэта была адна з самых цікавых падзей у краязнаўчай навуцы нашага рэгіёну. Н.А. Сулецкая - дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі "Віцебскі абласны цэнтр павышэння кваліфікацыі кіраўнічых работнікаў і спецыялістаў устаноў культуры" - распавяла прысутным пра краязнаўчы рух у Віцебску, знакамітае аб'яднанне "Узгор'е", пра асноўныя праекты па ахове помнікаў культуры. З яе слоў вылучылася галоўная праблема віцебскага краязнаўства - гэта поўная адсутнасць кіраўнічага цэнтра, які б аб'яднаў у сабе ўсіх вядомых і не вельмі вядомых краязнаўцаў. Адразу ж паступіла прапанова аднавіць Таварыства аховы помнікаў, якое было скасавана на пачатку 1990-х гг.

Таксама мелі слова і знакамітыя краязнаўцы Віцебска: М.В. Півавар, Чалавек года Віцебшчыны Л.К. Нікіціна, бацька віцебскага краязнаўства В.М. Арлоў і інш. Прысутнічалі на сустрэчы і сябры Таварыства з Бешанковіч і Гарадка, якія актыўна ўносілі свае прапановы падчас правядзення названай сустрэчы.

Затым абмяркоўваліся пытанні працы ў самім Таварыстве беларускай мовы.Былі вызначаны галоўныя мерапрыемствы, якія трэба будзе правесці ў бліжэйшы час: краязнаўчая канферэнцыя, святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы, стварэнне парталу Таварыства, адзначэнне юбілейных дат знакамітых беларусаў. У прыватнасці ўздымалася пытанне святкавання ў Віцебску 70-годдзя Міхася Ткачова. Старшыня таварыства прапанаваў заняцца аднаўленнем ТБМ у шэрагу раённых цэнтраў: Шуміліна, Талачыне, Лёзне. Вялася гаворка аб пашырэнні працы сярод моладзі, павялічэнні падпісчыкаў на газету "Наша слова". На сустрэчу з віцебскай інтэлігенцыяй Алег Трусаў прыехаў не з пустымі рукамі: падчас спаткання ён прэзентаваў календары з відамі Віцебска, а таксама апошнія нумары "Нашага слова". Напрыканцы сябры Таварыства дамовіліся аб удзеле ў рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух", якая адбудзецца ў Менску 16 красавіка 2012 года.

Зміцер Шыловіч , студэнт 3 курса ВДУ імя Машэрава, сябар ТБМ.


Луг упрыгожваюць кветкі, мову - дыялекты і наватворы

Пасля надрукавання ў "Нашым слове" фрагментаў з дакументальнага рамана "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе" ў рэдакцыю і аўтару прыйшлі водгукі - лісты, смс, тэлефанаванні.

Карэспандэнт газеты "Наша слова" папрасіў шаноўнага аўтара рамана Валера Санько адказаць на некаторыя важныя пытанні і даць тлумачэнні па шэрагу пазіцый:

- Чаму вы, паважаны аўтар, не вытрымліваеце стылістыку напісання ў рамане і нават асобных раздзелах? Можаце напісаць слоў і словаў , стрымвала і стрымлівала ; яна ведае чым улесціць без коскі, а як жывяце без пытальніка.

- Сапраўдны стыль удумлівага аўтара - гэта дух, думкі і паводзінства герояў яго твора, ужо не ён вядзе іх, яны - аўтара. Ен толькі фіксатар плыні іхніх слоў, думак, справаў. Новы правапіс нарэшце павярнуўся да грунту беларускай мовы. Можна пісаць хат і хатаў , дзясяты . Нарэшце мы апамятваемся, успамінаем адкуль выйшлі. Не абмяжоўваем літтворы.

Пачну з самага частага ў пісьмах і званках. Чаму важны цікавы для ўсіх матэрыял не аддаў у шматтыражныя выданні? Аддаваў, не раз. Нясмелыя дзяржаўныя і смелыя недзяржаўныя выданні ні аднаго фрагмента дасюль не надрукавалі.

- Дасюль - гэта?

- За паўтара гады. Дваццаць чатыры разы пасылаў і перадаваў па электроннай пошце большыя і меншыя раздзелы ў сталічныя і абласныя газеты, часопісы. Малыя цэльныя ўрыўкі нават пад маркаю апавядання. У асобныя па некалькі разоў. Памер кожнага - ад 5 да 62 старонак.

Паўтараю, ва ўсе выданні, без падзелу на заснавальнікаў, партыйную належнасць. Адказ - маўчанне. З рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх газетаў, часопісаў. Боль чарнобыльскай катастрофы закрануў толькі фінансава бедную, абдзеленую падпісчыкамі газету - "Наша слова". Навекі паважаную мной.

Сардэчна ўдзячны, Таварыству беларускай мовы і яго старшыні Анатолю Трусаву.

Пэўніўся, падпіска "НС" паднімецца. Шаснаццаць гадоў біўся я ў чарнобыльскай тэме, збіраў фактуру, пісаў. Даў не сто разоў абцёпканыя факты, жвачку - навізну, амаль не чутае. Меркаваў, кожны падпісчык пачытае, перадасць знаёмцу, суседу пра апісанне катастрофы на ЧАЭС, перажыванні абпечаных людзей, скажа - "падпісвай адзіную беларускую газету-адважніцу, "НС" не на словах праўдзівіць, на справе".

Выніку, на жаль, амаль няма. Фанаты беларускасці падпісвалі "НС" і падпісваюць, астатнія, як некаторыя мае героі, адно стогнуць, просяць неба і начальства: мала, дай, мне хочацца. Самім варухнуцца цяжка. На піўцо і вінцо грашаняты ёсць, на падпіску "НС" няма.

- Разкавата.

- Затое праўдзіва.

- Калі аб праўдзівасці, то скажыце прама - усе прыведзеныя лічбы і факты рэальнасць?

- Лічбы ўзятыя з адкрытых дапытным чытачам крыніцаў. Усе. Кожны лазь, збірай, сістэмнічай лічбы як заўгодна. З фактамі складаней. Адбываліся яны ўсе, пададзеныя па-рознаму. Гэта раман, дакументальны, але раман, не навуковы трактат. Аўтар мае права на перастаноўкі.

Не забудзем, па фрагментах цяжка меркаваць пра глыбіню падзеі, аб'ём твора.

- Мы таксама дакладна не ведаем памер "Жаўрукоў" .

- 568 старонак. Дасць Бог, знойдуцца спонсары, сходу будзе ў кнігарнях.

- Нейдзе чыталася… Ён павінны быў ужо выйсці…

- Павінны. Быў у друкарні. Сустрэўся я з Мікалаем Мікітавічам Слюньковым - здача тармазнулася. Уведанае само прасілася на старонкі.

- Не ўсе маюць беларускую энцыклапедыю, спартыўную, тамы "Памяці". Не кожны можа праз Інтэрнэт пачытаць вольную энцыклапедыю Вікіпедыя . Скажыце трохі пра сябе.

- Першае маё апавяданне надрукавалі ў студзені 1958 года ў Баранавіцкай газеце. З таго часу радуюся, шчасліўлюся, плачу не толькі ад беларускай жыткі, а і над багаццем, рознафарбнасцю беларускай мовы. Пры напісанні свайго, рэдагаванні чужога, чытанні газет, часопісаў, кніг. З 1962 года аўтар рэспубліканскіх выданняў. З 1964 года супрацоўнік рэспубліканскіх маладзёжнай "Чырвонай змены" і галоўнай газеты Беларусі "Звязда" (1965-1972).

1972-1992 - загадчык рэдакцыяў, намеснік галоўнага рэдактара ў часопісе, дзяржаўных выдавецтвах. Да 2006 года, 14 гадоў, дырэктар выдавецтва "Хата", заснавальнік якога Беларускі дзіцячы фонд. Дабраславіў на чытацкія паліцы 1089 (!) аўтарскіх кніг. Доктар народнай медыцыны, магістр нетрадыцыйнай медыцыны.

За пяцьдзесят гадоў газетна-выдавецкай працы і ўласнага літвыстарвання перажыў нямала станоўчага, радаснага, нямала гаркэчнага, тлумнага. Асабліва дапякалі перакаўмлычванні беларускай мовы, а то і прамое здзекства з яе неразвітых, тупаватых, недалёкіх, верхаглядаў.

- Зніжайце крытычнасць ацэнкаў. Да беларускасці і нашай мовы ў дзяржаве сталі лепей адносіцца.

- Уверсе і нізе дасведчаныя разумеюць, нельга гадамі збядняць найстарэйшую славянскую мову. Усе за беларускую - на словах, - а практычна свядома ці несвядома ў многім яе труновяць.

У 1968 годзе мой вялікі артыкул у "Звязду" пра беларускія/небеларускія шыльды, а значыць і пра мову, зарэзалі ў аддзеле прапаганды ЦК КПБ.

Па словах тагачаснага цудоўнага рэдактара "Звязды" Васіля Андрэевіча Пыжкова, рукі да ацэнкі і забароны матэрыялаў звяздоўскіх (іншых газетаў таксама) прыкладвалі вялікія знаўцы беларускай мовы і культуры Паўлаў і Кузьмін. Яны вырашалі: пушчаць праблемны артыкул - не пушчаць, паказваць крыж на здымку храма ці абрэзаць фота ўверсе або замяніць крыж лісточкам, што, ці бачыце, як-раз пры фатаграфаванні лунаў у вышынях, вышэй храмаў.

Ужо за дваццаць гадоў, перабудоўныя ўключна, Беларусь самастойная, рупіцца пра найлепшае развіццё эканомікі, культуры, асветы. А спаконвечныя словы хуткасць, гатунак, цягнік, каляіна, яліна, хваіна, мужык… як замяніліся пры савецкай уладзе на скорасць, сорт, поезд, пуць, елка, сасна, муж , так і не аднаўляюцца.

Паўсюдна лезуць кіруючыя, старшынствуючы, дзеючыя, зацверджан, павінен… Хаця лепей, змястоўней кіраўніцкія, кіроўныя, старшыня, кіраўнік, дзейныя, зацверджаны, павінны… Балазе так адвеку было на Беларусі, так мяне вучылі ў Вяліка-Сліўскай дзесяцігодцы на Случчыне.

Дайшло да смехатурства. Апошнія два гады праваслаўныя герархі навязваюць беларушчыне Пасхалія, Раство замест Вялікдзень, Вялікодня, Нараджэнне , як было адвечна, пры Саветах таксама; і ніхто з аглядальнікаў і кантралёраў, знаўцаў-чытачоў, граматнай дацэнтуры, якая часам лезе мне ў дарадчыкі, нідзе не заікнецца пра аблыства - нельга так мінусаваць гарэтную беларускую мову.

Прагрэс, у важнай дзяржаўнай газеце - на першай старонцы вялікімі вялікімі літарамі "Ражджэственскае пасланне" (унізе тэкст мітрапаліта на беларускай мове), і ніхто не скалануўся ("Рэспубліка", 6.01.2012). Радуйся школьны настаўнік, выкручвайся ў тлумачэннях дапытніку вучню, што "Ражджэственскае пасланне", "Раство" - абсалютна не па-беларуску, кавэрканне сэнсу слова.

Тудэма-сюдэма, куды ідзе цярплівы беларус? У якое балота дапускае нізіць сябе, родную мову. Смешна, жальботна, горка.

Няхай бы праваслаўнікі з такімі новаўвядзеннямі абазваліся на Украіне, Германіі, Польшчы, дзе ёсць іхнія храмы. Не, разумныя там не асмельваюцца. Выпрабавальны палігон для іх, як і палітыкаў, беларуская зямля і народ.

- Збліжаюць?

- Паглынаюць.

- Не будзем закратваць палітычныя аспекты, дамовіліся ж.

- Не будзем, дык не будзем.

Усё робіцца міністэрствамі, канцэрнамі, адміністратарамі для ўзбагачэння роднай мовы ў Расіі і Францыі, Літве і Германіі. Нашы таксама стараюцца для пашырэння беларускай мовы. Не знойдзеш ні аднаго вінаватага ў дзесяці сторазовым паніжэнні яе статусу, значэння. Усе ЗА. На словах. Фактычна ідзе змінусоўванне.

Болей за тое, вялікія і малыя адміністратары, чынавенства любых узроўняў усё часцей аргументуюць, што ў заняпадзе беларускай мовы вінаваты трактарыст і фрэзероўшчык, медсястра і настаўнік. Народ, ці бачыце, адмаўляецца ад беларускасці, не хоча аддаваць дзяцей у беларускія школы і класы. Выкруцельства, нізасць такіх аргументаў не маюць межаў.

Гадамі кіпіць у грудзях, плача сэрца ад творанага моўнага недарэцтва. Няўжо башкавітыя адміністратары не дапетраць, што ім пагражае на першым перакрыжаванні, на якім будуць усе; пагражае не толькі асабіста Івану Іванавічу, Марыі Сяргееўне, Ісаку Ізрайлевічу, а і сем'ям іхнім; як і кожнаму, хто забівае, нішчыць жывое, уплоцеванае сотнямі пакаленняў. Або падгаворвае забіваць, нішчыць.

Хтосьці павінны не толькі трымаць хвігу ў кішэні, спадзявацца на некага, а сам рабіць, званіць, крычаць. Я стараюся. Даводжу практыкай пісьма, глыбінёй развагаў герояў.

- Адзін з галоўных герояў рамана Лягаса паводзіцца гэтаксама…

- Вы, пане, адразу ўхапілі галоўнае. Лёс акадэміка Лягасы, думаецца, з цягам часу рускія даследчыкі прааналізуюць поўнасцю, разбяруцца, хто ўпэўнена вёў генія рускага народа да самагубства.

Кожны на сваім месцы зрабі ўсёможнае для сям'і, калектыву свайго, нацыі, дзяржавы. Не спасылаюся я на іншых, стараюся не хавацца за чужыя спіны.

- У тым ліку ў моўных праблемах.

- Менавіта так. Колькі магу, раблю. Разумею, успомненыя мною дыялекты, нязвычная дыялогавасць, сінтаксічная адметнасць, новатворы маёй маці Скуцэня (Санько) Любы Кузьмінічны, прыведзеныя ў рамане, некаторымі чытачамі належна не ўспрымуцца.

- Ну чаму, многія абрадуюцца навізне.

- І прамаўчаць, не шэкнуць. Як пра ўтрамбаваныя ў нас рускія калькаванні, пра частку якіх тут узгадана.

Адна з прычынаў нечытэльнасці асобных беларускіх літтвораў - так званая суконная правільнасць, суцэльная плынь дзе, якія, што, чаму, казаў, а, вось, але . Шкалярствам, так званай правільнасцю мераюць любы тэкст, у тым ліку мастацкі.

Распаўсюджванае Полымнеўскае і Маладосцеўскае "гэта не зразумее вучань", "настаўніку цяжка такое вытлумачыць", "давайце скажам прасцей" зацягвае ў багну школьніцтва і штампа не адно пачаткоўцаў, пісьменнікаў з дзесяцігадовым стажам, а і мэтраў, пісьменнікаў з дваццацігадовым і болей стажам. Чытаць немажліва моўную палатнянасць. Не кажу пра характары, тыпы, сюжэты.

- Давайце вернемся да нашай печкі. "Сам папытай. Жонка, дзе была?" - "Моліцца, нічога не было". - "Каб мы не сталі што заўжды маўчыць". - "Лепшая ад усіх"… Такіх фразаў у вас шмат. Яны выпадковыя? Недапрацоўка?

- Чаму беларусам не павучыцца ў рускіх, ангельскіх, нямецкіх пісьменнікаў. Мы чытаем іх пераклады, дзівімся і радуемся лексічнай, стылёвай і канструкцыйнай разнастайнасці. Як у Валянціна Распуціна, Уладзіміра Куніна, Льва Талстога. А самі без перастанку жуём старое, аджылае, баімся навізны.

А мяне ўпершыню практычна не правілі. Удзячуся Вам, моцна-моцна.

- Скарачэнні былі. Завострае знімалася, раз ці два.

- Нязначныя скарачэнні. Стыль, фразы, дыялекты не правіліся. Слава Богу.

- Вы не паддаяцеся праўцы. Кніга(!) прабілася нарэшце ў тэматычны план выдавецтва, прайшла дзяржкамвыдаўскія сузгадненні, кнігагандлёвыя зборы, тыраж яе велізарны, 165 тысяч, стаяла ў квартальным графіку здачы на паліграфкамбінат (1981). Папрасілі вас і сааўтарку Ніну Аляксейчык скараціць асобныя рэцэпты ўжывання траваў, вы заўпарціліся. Кніга не выйшла.

- Было такое.

Усё жыццё гарбаціцца, маліцца, прасіць могі сабе і народу беларускаму, каб пасля баяцца выказаць смелую думку, неўжытковы факт, родны дыялект… Які ты стваральнік! Не гадзіцца. Стараюся гаварыць не толькі ясненька, а на колькі мажліва шурпатую праўду, выпакутаваную філасофскую тытэзу. Вось і не скараціўся тэкст, зняўся.

Зраблю невялікае адступленне. Мой айчым (бацька) Мікалай Мікітавіч Скуцэня пяць гадоў быў на вайне, сяржант, вызваляў пяць еўрапейскіх сталіцаў (Бухарэст, Сафія, Бялград, Будапешт, Вена), Маньчжурыю, інвалід другой групы вайны з 1946 году (не пасля 1965!), рабочы, калгаснік, - М. М. Скуцэня даводзіў мне адно:

- Нельга мяняць праўдзівыя матэрыялы, не караці іх; не слухайся маці, ёй важна, каб цябе надрукавалі, капейку заплацілі, а ты ісцінай (ісціннічай). Справядліві ва ўсім, наперакор каньюнктуры і вокрыкам, усюды старайся праўдзівіць у справах, пісаніне. Верхніць у жыцці праўда. Яна выцягне з балота, не дапусціць зараннага сыходу, як мяне пад Балатонам у Венгрыі. Вучыся ў парадкалюбных, вучы праўдалюбству.

Здаў раман у друк, практычна здаў - і сустрэўся з Мікалаем Мікітавічам Слюньковым . Мудрэц і асцярожнік, колішні першы сакратар ЦК КПБ, сакратар ЦК КПСС, член Палітбюро ЦК КПСС разумее - сам ужо не можа (не хоча!) напісаць, расказаць яму ведамае пра знанае з жыцця, чарнобыльства, путчу 1991 года, баіцца шчыраваць пра яву сённяшняга дня, аднак мудры чалавек, якому я спадабаўся, паводле яго словаў, вызначыў сходу галоўнае. Даводзіў мне тое ж, бацькоўскае. Пішыце пра чарнобыльства і быццё штохочна, толькі праўду, праўду, праўду.

У яго на кватэры і ў пазнейшых тэлефонных перамовах ён не стамляўся паўтараць: пішыце праўду.

Мусіў затрымаць выхад рамана, каб уставіць адметнае з пачутага ад М. М. Слюнькова. Спадзяюся, яно закране чытачоў.

- Дарэчы, пра ўзгаданае Вамі недрукаванне кнігі пра травы. Выкінуць лекаўскія рэцэпты з іх...

- Без рэцэптаў кніга прайгравала, стала б пустышкаю. Суаўтарка і я мусілі зняць яе з друку. Выйшла праз 11 гадоў, у 1992.

- Страцілі грошы, аўтарытэт. Каму што даказалі?

- Нікому. Нічога. Сябе абнадзеіў.

- Як зразумець?

- Бачыў твары і паводзінства забараняльнікаў. Не зайздросціў ім. Ліхвяр ведае дзе награшыў, пра кару…

У кожнага свая доля. У "Чырвонай змене" апавяданне, у "Маладосці" - аповесць, у "Народнай волі" артыкул - сам знімаў. Райшчыкі справядлівяць з свайго седала, а мне сэнсу шкода і мовы беларускай, не хочацца габляваць.

- Любіце паўтараць кенедзеўскае - у жыцці перамагаюць кампрамісы, - а самі…

- Спярша плыло на інстынктыўна-справядліўным плане, потым, з гадамі - свядома. Усе мае зняцці - сотая доля заваротаў у рэдакцыях, выдавецтвах.

- Мы адхіліліся. Давайце пра нядаўнія званкі і лісты аўтару рамана.

- Удзячных, пахвальных шмат, хвала Богу. Кнігалюб доктар Георгій Шкірыч настойвае: яму, капыльцу (не капыляніну), усё ў тэкстах зразумела, хваліць моўную разнастайнасць аўтара, просіць не зніжаць народную стыхію мовы, наватворы.

Аўтар нядаўна выдадзенага "Косаўскага дыялектнага слоўніка" Зайка піша тое ж. Адабрае мову, стыль.

Алесь Белакоз , славуты абаронца Беларушчыны, уторыць гэтаксама. У ягонай хаце ў Гудзевічах абраз на покуці ў ручніках, на ім замест святога ці Хрыста - Францішак Скарына. У гэтым пакоі мы болей талкавалі не пра моўна-дыялектныя кветкі аўтарскіх палеткаў і лугоў, а пра лячэнні, хваробы. Алесь Мікалаевіч нездарма засябраваўся з меддзю.

Навуковы руплівец Яўген Аляксандровіч у грунтоўным пісьме дае парады па расталкоўванні асобных дыялектызмаў, лепшай замене.

Сябра і аўтар выдатнага заключэння ў маёй кнізе "Ненадрукаванае. У белдзяржлітструктурах", пісьменнік прафесар Арсень Ліс адабрае думкі герояў, аўтарскую падачу фактаў. Асобныя дыялекты і наватворы раіць збольшага прычасаць пад ужытковы літстыль. Усталявалася літаратурная мова, не вылазь занадта з каляіння.

Парадавалі славутыя на ўвесь свет Радзім Гарэцкі, Адам Мальдзіс, Генадзь Цыхун. Моцна дзячуся за іхнюю хвалу.

Знаны прафесар з Гарадзеншчыны цэніць змест, філасофскія вывады, тэкст у цэлым, у моўных дэталях гне на аб'езджанае. Прыводзіць прыклады з нядаўна прачытанай ім маёй кнігі прозы "Ненадрукаванае. У белдзяржлітструктурах". Навошта "нечаканіць, чуйцы, суцэль, на розвіт, адважнік, узвесялелая" ; звычней даваць ужытковыя "нечакана сказаў, чуллівыя ці чуйныя людзі, суцэльна, на развітанне, адважны, павесялелая" .

Што тут скажаш таленавітаму настаўніку студэнцтва… Злавіў пазіцыю аўтара і не гні яго праз калена, на стандарт.

- Сапраўды, што адказалі гродзенскаму прафесару?

- Сустрэліся, падзякаваў яму за падказкі.

- І не прынялі.

- Адныя няздарцы і абмежаванцы крыўдзяцца на заўвагу, нязгоду. Я ўлічваю, што вы, усе ўлічваю… прыдатныя, аргументоўныя.

Такія рады мне давалі ў 1964 годзе, калі ў "Чырвонай Змене" друкавалі першую аповесць. Не могуць людзі быць аднолькавымі па росту, колеру скуры і валасоў, вазе, прафесіі. Літаратурныя творы тым болей розныя.

- Маюць рацыю ўсё-такі чытачы. Дыялектаў плоймы ў кожнай мясцовасці. Слуцкія выказы могуць не разумецца ў іншых мясцінах.

- Мову рускіх з-пад Архангельска, адзначаў вялікі Максім Горкі, абсалютна не разумеюць астраханцы. Тым не меней расійцы не габлююць мову казака Міхаіла Шолахава, архангельца Фёдара Абрамава, сібірака Валянціна Распуціна, не чэшуць на адзін капыл. Самабытнасць аўтара немажлівая без дыялектнасці.

Пэўнюся, многае з ужытага мною возьмуць на замету, стануць выкарыстоўваць настаўнікі, студэнты, мажліва, і крытыкі, стылісты. Сапраўдны луг зіхаціць усімі краскамі і колерамі.

- Есць заўвагі пра апісанне вамі прыроды.

- Нармальна, калі аўтару даюць заўвагі, адабраюць, не адабраюць. "Чытаю "сонца цёплае, чырвонае, мора - сіняе, вясна - зялёная" і мне ясна, што гучыць пошлая струна", - яшчэ ў 1918 годзе сказаў славуты Ігар Севяранін, ганіў літаратурны шаблон.

Лепей не выдасі. Умей бачыць, вынаходзіць, не паўтараць вядомае.

Калі стваральнік - расшырай, будуй, архітэктуй. А ў многіх нашанскіх пісьменнікаў усё зводзіцца да трохчатырох тысяч словаў, пяці-шасці прыёмаў. Шэрая збітасць, адсутнасць гаючай навізны не выклікаюць зодуму, узрушэнняў, як любое коўзанне. Не кратаюць душу, наогул адбіваюць ад чытання.

Цяперашняга чытача мала абдарыць станоўчасцю. Ён патрабуе, проста вымагае жыццявізнай праблемнасці, зодуму, веры сабе. Лёгкасць, слізганне па паверхні жыццёвых праблемаў падобае чытачам дэтэктываў, казкаў.

У многіх беларускіх творцаў ёсць воля, аналітычны разум, умеюць ацэньваць чужое, а самі без раскаванай адвагі, пошукаўнасці, доказнасці. Цэнзуруюць не толькі рэдактары газет, часопісаў, выдавецтваў - стваральнікі самі цэнзуруюць сябе, абыходзяць не дыялекты, вострыя вуглы і праблемы, абыходзяць святую праўду быцця.

Часта ў аднастайнасці беларускай прозы і паэзіі няма густу і меры, а значыць, каштоўнасці. Аўтары пішуць у разліку на разавасць, хвіліну, гадзіну, бо перачытваць іх у хуткаплынні часу, па абавязку ці з прымусу, ніхто не зможа.

Рашучасці, яснасці, філасофскай акрэсленасці не стае не адным беларускім творцам - рускім, амерыканскім, польскім, нямецкім. Усё запаланіла ўсярэдненасць, згодніцтва і пошласць, выдаваная за адвагу праўдзівасці.

Стваральнік толькі, хто вынаходзіць, сказалі Гіём Апалінэр, Аляксандр Купрын. Паўтараў Іван Бунін. Натуральнае аб'яднанне формаў, вобразаў, ужыванне фальклорнасці ў маіх апісаннях падзеі, чалавека, прыроды.

- Глыбока забіраецеся ў літкрытычныя праблемы.

- Не сказаў бы. Няма ў аўтара праўдзівай шчырасці - ён расце, колькі б гадоў яму не было, яшчэ становіцца. Паўтаруся, у многіх малых і вялікіх беларускіх творах усё коціць пад фактурнасць і рэалію хвіліны, то бок сёняшнасці.

Ненатуральнасць мовы, невучоба ў носьбітаў беларускасці, вясковага люду, а менавіта павярхоўнасць, гарадскі зкалькаваны рускі шаблончык валодаюць некаторымі пісьменнікамі.

Стваральнікі забываюць, хуткапіс дэтэктыва, лёгкасць чытання лістоўкі многія чытачы палічаць узорам, вырастуць павярхоўнікамі.

Пошаснае ўзаемаперапляценне фактографа-пісьменніка і неглыбокага чытача не прывядзе да дабра. Так, недасведчаны чытач змушвае аўтара падрабляцца пад сябе. А вынік? Шматаблічнае ўзаемнае эпігонства спародзіць і абмежаванасць ўсяго грамадства, панізіць культуру.

- Бадай няправільна.

- Хто так думае, хто іначай. Няхай існуюць розныя варыянты стылю, квітнеюць усе колеры, сенажаці, палеткі.

Дыялектавасць - вольны зварот да сваёй народнасці, любай мовы. Глыбіня думкі пісьменніка, рознафарбнасць стыляў выяўляюць яго існасць, уменне вывуджваць гожыя словы і фразы з мора фальклорнай стыхіі. Дыялект і наватвор не проста абагачаюць мову, расшыраюць.

Як шашкі - маці шахмат, і годная маці, паводле вялікага шахматнага чэмпіёна Эмануіла Ласкера, так дыялект і наватвор - маці літаратурнай мовы, стрыжань душы яе.

Стараюся не словам хваліць раднюсенькую беларускую мову - справаю памагаю ёй, паказваю яе пекнату, рознасць, адметнасць. Ва ўсім. Пры апісаннях прыроды так-сама.

- Званілі, пыталі, дзе і калі набыць раман?

- Адгукнуся на ўсе просьбы і замовы, вышлю кнігу накладною аплатаю кожнаму заяўніку. Магу з аўтографам. Пісьмы пісаць на адрас: Мінск, 220113, аб. скрыня 315. Тэлефон - МТС (8-029) 568-88-93.



Прывітанне "Наша слова"!

Знаходжуся ў велізарным захапленні ад таго матэрыялу, які друкуецца ў апошніх нумарах "нячэснай газеты", і лічу гэта вельмі правільным.

Асабліва ўражвае дакладнасць і праўдзівасць матэрыялу аўтара В. Санько аб тых "эксперыментах", якія праводзіліся ў грамадстве яшчэ зусім не так даўно.

Вельмі правільна, што расказваеце аб гістарычных асобах краіны - А. Гурло, Ф. Шантыр ды інш.

У нашы дні, калі робіцца "меліярацыя" ў душах людскіх, пануюць хлусня, дэбільнасць, бяспраўе - Ваша работа вельмі патрэбна людзям.

Вялікі дзякуй.

Здароўя, плёну поспехаў.

Ваш падпісчык з 1993 году Шкірыч Ягор Янаў (Няправільны Дзед).

3.02.2012 г.


Каб лёс наш не склаўся, як прусаў

У выніку роздумаў аб становішчы нашай мовы ў грамадстве, вывучэння таго, як вялікія беларусы змагаліся за яе існаванне і выкарыстанне, веры ў яе перамогу ўзнікла жаданне выказаць гэта ў вершаванай форме. Прапаную ўвазе 10 трыялетаў-запаветаў аб нашай мове:


1

Ад продкаў ад сівых вякоў

Нам засталася спадчына.

І гэта - мова матчына

Ад продкаў ад сівых вякоў.


Пакуль яна не страчана,

Край жыцьме без чужых акоў:

Ад продкаў ад сівых вякоў

Нам засталася спадчына.


2

Запавет Усявышні нам даў: "Не забі!"

Мы ж яго паўтаралі бяздушна, бясконца

І бацькоўскую мову знішчалі да донца -

Запавет Усявышні нам даў: "Не забі!"


Каб народам змаглі мы застацца пад сонцам,

Сваёй мове павагу, пашану здабыць, -

Запавет Усявышні нам даў: "Не забі!",

Мы ж яго паўтаралі бяздушна, бясконца.


3

Наказ Усявышняга "Не падмані!"

Бяздумна чытаем на мове чужой.

Мы здрадзілі мове бацькоўскай жывой,

Наказу Усявышняга "Не падмані!"


Не ўбачыць нам волі з халопскай душой,

Гарэць ёй да скону ў пякельным агні:

Наказ Усявышняга "Не падмані!"

Бяздушна чытаем на мове чужой.


4

"Народ, што мове здрадзіў, памірае,"-

Паэт пакінуў запавет.

Ад здраднікаў знікае след:

Народ, што мове здрадзіў, памірае.


Каб ратаваць яго ад бед,

Нястомна "Дудка" паўтарае:

"Народ, што мове здрадзіў, памірае,"-

Паэт пакінуў запавет.


5

"Не давайце чужынцамі быць!"-

Запавет нас Максімаў трывожыць.

Каб шыхты здрайцаў мове не множыць,

Не давайце чужынцамі быць.


Той і край у няволю заложыць,

Хто змог матчыну мову забыць.

"Не давайце чужынцамі быць,"-

Запавет нас Максімаў трывожыць.


6

Дзецюкоў склікаў Кастусь

Мовай, кінутай ў няволю.

Зрынуць царскую нядолю

Дзецюкоў склікаў Кастусь.


Мовай у паход за волю

Абудзіў ён Беларусь.

Дзецюкоў склікаў Кастусь

Мовай, кінутай ў няволю.


7

Паходняй гараць "Беларусы",

Нас Карскі павёў з небыцця.

Натоўпам ішлі да жыцця,

Паходняй гараць "Беларусы".


Каб зорным стаў шлях да жыцця,

Каб лёс наш не склаўся, як прусаў, -

Паходняй гараць "Беларусы",

Нас Карскі павёў з небыцця.


8

Беларускія маці заклікаў паэт

Нашы родныя песні спяваць над калыскай.

"Толькі так Беларусь

стане роднай і блізкай", -

Беларускія маці заклікаў паэт.


Каб нашчадкі раслі нашай кожнаю рыскай,

Каб бязроднымі не ўшчуваў іх Сусвет, -

Беларускія маці заклікаў паэт

Нашы родныя песні спяваць над калыскай.


9

У Коласа з "Новай зямлі"

Пілі з чыстых моўных крыніцаў.

І музыкай слова жылі

У Коласа з "Новай зямлі".


Між іншых народаў адбыцца

Мы Коласа мовай змаглі:

У Коласа з "Новай зямлі"

Пілі з чыстых моўных крыніцаў.


10

Беды пазнаўшы й пакуты,

Радасці зведала ты.

Мова ўстае з нематы,

Беды пазнаўшы й пакуты.


Пройдуць ліхія гады,

Скінеш апошнія путы.

Беды пазнаўшы й пакуты,

Радасці зведаеш ты.

Іван Буднік.


Ахонава

Спроба тапанімічнага верша

Маёй малой радзіме і
Зецельскай старонцы

Кожны раз, быццам нанава,
Еду дадому ў Ахонава,
Еду заўсёды хвалююся
Ды краявідам любуюся.
Час ляціць - адна мінутка,
А ўжо Зецель прамінуў я.
Цяпер ціха, не спяшы,
Наперадзе Курпяшы.
Глянь налева, управа глянь:
Цячэ рэчанька Ухань.
А далей ужо Арліна -
Усёй дарогі палавіна
Тут, ля Моўчадзі - ракі,
Вёсачка Баравікі.
А ў ёй сябра Свіб жыве,
Заўжды ў госці ён заве.
У яго часам заначую,
Смачным мёдам пачастуе.
Што за дзіва?! Справа Ен,
Гонар нацыі - "Радон"
Мы старанна будавалі,
Аб будучым краю дбалі.
А праз лес бяжыць дарога,
Дзе грыбоў заўсёды многа.
Ручай Клішаўка журчыць,
А вакол Трайня ляжыць.
За чыгункаю на ўзгорку
Для мяне, бы тая зорка,
Ахонава ўставала -
Цэнтр акругі, во бывала!
Ганарылісь на ўвесь свет:
Школа, ФАП і сельсавет!
Пакуль голас гучыць звонка
I ва ўсім даю шчэ рады,
Мая мілая старонка,
Для цябе не будзе здрады.
Ахонава! Родна вёска!
Сэрцам я к табе прырос,
Бо такая Воля Боска,
Бо такі шчаслівы лёс.

Уладзімір Логаш.


ЮБЛІЛЕЙНАЯ ВЫСТАВА МАСТАКА ІВАНА ПРАТАСЕНІ

1 лютага ў Палацы мастацтваў адчынілі юбілейную выставу (з нагоды 80-годдзя) вядомага ў Беларусі мастака-акварэліста Івана Пратасені. Яго таленавітыя творы, выкананыя ў жывапіснай тэхніцы акварэлі (жывапіс воднымі фарбамі на паперы) заўважылі мастацтвазнаўцы яшчэ на 1-й Усебеларускай выставе ў 1966 г. У 1-м томе "Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва" (1984 год) яго імя згадваецца сярод лепшых акварэлістаў Беларусі.

І сёлетняя юбілейная выстава падтвердзіла высокі мастацкі ўзровень твораў Івана Пратасені сярод выбітных акварэлістаў краіны. А з 2000 года ён карыстаецца выключна гэтай жывапіснай тэхнікай.

Пераважная большасць твораў на выставе прысвечана роднай беларускай прыродзе ў розныя поры году. Гэта невялікага памеру пейзажы і краявіды вёсак і невялікіх гарадоў - "Вёска Раманава", "Ускраіна Лагойска", "Вечар на Браслаўшчыне" і інш. Яны напісаны лёгкімі дэлікатна размытымі мазкамі.

Розны стан прыроды ў зімку адлюстраваны ў пейзажах "Адліга ў лютым", "Мароз і сонца", "Зімовы ранак". Вабяць гледача восенскія краявіды "Сімфонія восені" і "Восеньская элегія", "Пахне чабор". Характэрна, што форму дрэў мастак "лепіць" адным лёгкім мазком, нібы ледзь датыкаючыся да паперы. Увогуле мастак таленавіта выкарыстоўвае характэрныя для акварэлі размывы і зацёкі пры стварэнні пейзажных тэматычных кампазіцый "На Ушацкіх азёрах. Радзіма В. Быкава", "Балада. Памяці Адама Міцкевіча".

Большасць пейзажаў напісана ў зялёна-вохрыста-блакітнай гаме. Выключэнне складае пейзаж "Цёплы вечар". Тут мастак лагічна выкарыстоўвае "цёплыя" ружова-жоўта-бэзавыя колеры.

Пейзажную тэматычна-панарамную кампазіцыю піша мастак нават пры адлюстраванні радка з верша М. Багдановіча "Нада мной - дубоў павець…" М. Багдановіч". Асаблівай далікатнасцю акварэльнага майстэрства І. Пратасені вылучаецца тэматычна-панарамная кампазіцыя "Вяселле ў Падгор`і". У ёй пераважаюць ювелірна выкананыя дробныя мазкі, якімі мастак напісаў постаці шматлікіх удзельнікаў вяселля.

Але І. Пратасеня не толькі ўдалы пейзажыст, але і таленавіты партрэтыст. Ён настолькі тонка выпісвае позірк вачэй, што глядач можа лёгка прачытаць (зразумець) псіхалагічны стан душы і думак тых, каго малюе. Гэта відно ў такіх акварэлях, як "Партрэт маці" і "Аб перажытым. Партрэт бацькі".

Павага мастака да дзеячаў беларускай культуры відавочна ў партрэтных кампазіцыях "Кірыла Тураўскі - златавуст зямлі Беларускай", "Ефрасіння Полацкая", "Максім Багдановіч і Зоська Верас у Мінску". Змагару за незалежнасць Беларускага краю І. Пратасеня прысвяціў партрэтную кампазіцыю "Набат 1863. Каліноўскі і Марыся".

Беларускую гістарычную спадчыну, якую пакінулі нам мінулыя пакаленні, мастак адлюстраваў ў панарамных кампазіцыях "Руіны Крэўскага замка" і "Памяць стагоддзяў" - апошні прысвечаны руінам Наваградскага замка.

Асаблівую павагу выказаў І. Пратасеня сваім землякам са Случчыны, дзе ён нарадзіўся ў вёсцы Старчыцы.У тэматычна-панарамным дыптыху пад назвай "Прашчурам маім са Случчыны": "Слуцкая харугва" (2005) і "Пасланец з поля бою" (2006) ён адлюстраваў гістарычныя падзеі - змаганне яго землякоў супраць захопнікаў у часы сярэднявечча. Характэрна, што ў гэтых акварэлях мастак адлюстраваў этнаграфічныя асаблівасці аддзення, узбраення і дойлідства Случчыны тых часоў. Дыптых апавядае творам манументальнага жывапісу.

Юбілейная выстава І. Пратасені прадэманстравала нам творчасць мастака, які ў рэалістычнай стылістыцы адлюстраваў не толькі прыгожую прыроду Беларусі, але і яе гісторыю, і яе культуру на працягу тысячагоддзя.

Неабходна падкрэсліць, што рэалістычная стылістыка жывапісу павінна і надалей заставацца ў творчым арсенале беларускага мастацтва побач з новымі стылістычнымі плынямі авангарднага накірунку ў мастацтве. Рэалістычныя традыцыі беларускага мастацтва вельмі патрэбны беларусам, каб лепш зразумець сваю гістарычную і культурную спадчыну.

Майя Яніцкая.

На здымках: Іван Пратасеня; работы Івана Пратасені - "Набат 1863. Каліноўскі і Марыся", "Партрэт маці", "Аб перажытым. Партрэт бацькі", "Вілія і Свіслач", "Рэха. У б

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX