Вярнуцца: 2012

№ 10 (1057)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 10 (1057) 7 сакавіка 2012 г.


Дарагія жанчыны, чароўныя кветкі нашай краіны!

Таварыства беларускай мовы віншуе Вас з прыгожым і светлым святам Вясны!

Наша гісторыя багатая на славутых, знакамітых жанчын, захавальніц роднага слова: Рагнеда, Еўфрасіння Полацкая, Сафія Слуцкая, Уршуля Радзівіл, Саламея Русецкая, Эмілія Плятар, Эліза Ажэшка, Цётка, Палута Бадунова, Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Стэфанія Станюта і шмат іншых. Многія сучасныя жаночыя постаці складаюць гонар беларускай культуры і сваёй руплівасцю, талентам напаўняюць нашу нацыянальную духоўную скарбонку.

Мы жадаем усім жанчынам нашай краіны моцнага здароўя, бадзёрасці, духоўнай натхнёнасці. Няхай святло роднай мовы дорыць Вам шчаслівыя моманты. Няхай у Вашым доме звініць-пераліваецца ўсімі фарбамі і адценнямі мілагучнае роднае слова. Няхай мужчыны, якія знаходзяцца побач з Вамі, заўсёды атуляць Вас клопатам і ўвагай. А цеплыня Вашых сэрцаў напоўніць дабром і пяшчотай наш агульны дом - Беларусь!

1 сакавіка 2012 г. Сакратарыят ТБМ


У Вене пачаліся беларускія набажэнствы

У сталіцы Аўстрыі на просьбу мясцовых беларусаў арцыбіскуп Вены, кардынал Хрыстафор Шонбэрн заснаваў беларускае грэка-каталіцкае душпастырства ў гонар Хрыста Чалавекалюбцы.

Душпастарам прызначаны айцец Андрусь Абламейка. У інтэрвію Радыё Свабода святар сказаў:

- З дабраславення яго эмінэнцыі кардынала Хрыстафора Шонбэрна ў венскай царкве Святой Барбары пачаліся рэгулярныя беларускія набажэнствы. Кожны панядзелак а 18-й гадзіне мы служым Акафіст да Хрыста Чалавекалюбцы. У панядзелак на гэтым тыдні Акафіст быў адслужаны ўжо другі раз...

У нядзелю, 4 сакавіка, а 18-й гадзіне ў царкве была адслужаная першая беларуская Боская літургія.

- Літургію мы пакуль будзем служыць кожную першую нядзелю месяца. Акафіст, як я ўжо сказаў, кожны панядзелак. Вена - вельмі важны для беларускай царкоўнай гісторыі горад. Некалі тут захоўваліся мошчы святога Язафата да іх перавозкі ў Рым. Адрас царквы Святой Барбары - Postgasse, 8. Запрашаю ўсіх ахвочых слухаць слова Божае па-беларуску.

Айцец Андрусь Абламейка цяпер вучыцца ў дактарантуры ў Міжнародным тэалагічным інстытуце ў Вене. Два разы на месяц, у другую і апошнюю нядзелі, ён даязджае ў Прагу і служыць у пражскай царкве святых Кузьмы і Дзям'яна Боскія Літургіі для праскіх беларусаў.

Радыё Свабода.


Наступныя этапы Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Шаноўныя сябры і прыхільнікі жывога беларускага слова!

ТБМ пры падтрымцы кампаніі "Будзьма!" працягвае правядзенне 5-ай Агульнанацыянальнай дыктоўкі і паведамляе, што наступныя этапы яе напісання адбудуцца 15 сакавіка ў 17.30 (2-і этап) і 23 сакавіка ў 19.30 (3-і этап, прысвечаны ўгодкам БНР). Запрашаем усіх далучыцца да такой значнай і цікавай падзеі, наведаўшы сядзібу ТБМ у вышэйназваны час (Румянцава, 13), дзе пройдуць 2-і і 3-ці этапы дыктоўкі.



Бясплатныя заняткі па беларускай мове і гісторыі для вучняў 7-9 класаў сярэдняй школы з дасведчанымі выкладчыкамі. Арганізацыйны сход - 23 сакавіка 2012 г.

Пачатак: 18.30 у сядзібе ГА "Таварыства беларускай мовы", Менск, вул. Румянцава, 13.

Праезд да ст. метро "Плошча Перамогі".


100 гадоў з дня нараджэння Аўгена Калубовіча

КАЛУБОВІЧ (Каханоўскі) Аўген - сын Тодара і Марыі Калубовічаў нарадзіўся 05.03.1912 г. у мястэчку Ціхінічы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці, беларускі гісторык, літаратуразнавец, палітычны дзеяч. Ягоны бацька быў службоўцам. Сваё маленства Аўген заўсёды ўспамінаў з пяшчотай і замілаваннем. Гадаваўся ён у вялікай сям'і - меў брата і тры сястры.

Аўген скончыў пачатковую школу ў сваім мястэчку, сямігодку ў Рэчыцы, а ў 1930 годзе Педагагічны тэхнікум у Бабчыне. 30-га траўня таго ж году быў арыштаваны за прыналежнасць да беларускай нацыяналістычнай арганізацыі Альтруістаў і прыгавораны на тры гады зняволення. Пакаранне адбыў у канцэнтрацыйных лягерах на Далёкім Усходзе СССР. Вясною 1933 году вярнуўся на Бацькаўшчыну.

Ад 1934/35 навучальнага году ён працаваў у Менску выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, а таксама вучыўся ў Менскім Педагагічным Інстытуце. Па сканчэнні Інстытута ў 1939 годзе займаў пасаду кансультанта-метадыста ў Наркамасвеце.

У часе Другой Сусветнай вайны Аўген улучыўся ў шэрагі змагароў беларускага нацыянальнага актыву, якія ў вельмі небяспечных умовах мужна баранілі свой народ, сваю маці-Беларусь. Ен быў сябрам Беларускай Рады Даверу (1943), сябрам Беларускай Цэнтральнай Рады, старшынём Беларускага Культурнага Згуртавання, кіраўніком Аддзелу Культуры.

На Другім Усебеларускім Кангрэсе (1944 год) зрабіў асноўны рэферат на тэму «Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквою і аб уневажненні маскоўскага голасу ў беларускіх справах». У рэфераце, з уласцівай для яго дакладнасцю, абаснаваў правы беларускага народу на вольную, незалежную Бацькаўшчыну.

Ад сярэдзіны 1944 году Аўген жыў у Нямеччыне. Апасаючыся рэпатрыяцыі змяніў прозвішча і стаў Каханоўскім. Як Каханоўскі працягваў Аўген сваё жыццё і дзейнасць у Нямеччыне. У 1950 годзе пад гэтым прозвішчам эміграваў у Злучаныя Штаты Амерыкі. Пад гэтым прозвішчам шчасліва жыў тут, працаваў і памёр 25 траўня 1987 года.


70 гадоў з дня нараджэння Міхася Ткачова

Міхась Аляксандравіч ТКАЧОЎ (10 сакавіка 1942, Мсціслаў - 31 кастрычніка 1992, Менск) - беларускі гісторык, археолаг, грамадска-палітычны дзеяч. Доктар гістарычных навук (1987), прафесар (1989), з 1992 - галоўны рэдактар «Беларускай Энцыклапедыі»

Нарадзіўся ў настаўніцкай сям'і. Бацька ў тым жа годзе загінуў на фронце пад Ленінградам, і пасля вайны будучага гісторыка выхоўваў айчым. Пачатковую адукацыю атрымаў у родным Мсціславе ў сямігодцы № 3. У 1959 годзе паступіў на гістарычны факультэт БДУ. Першы курс, аднак, давучыўся завочна, бо паводле адмысловых савецкіх законаў мусіў вярнуцца ў Мсціслаў, у калгас імя Варашылава, працаваць паляводам.

Пасля размеркавання па заканчэнні вучобы ў 1964 амаль пяць гадоў настаўнічаў у Жодзіна, быў завучам. Пры падтрымцы Пятра Глебкі паступіў ў 1968 годзе ў аспірантуру Інстытута гісторыі АН БССР.

У 1978 годзе прыняў запрашэнне з Гародні, дзе адчыняўся ўніверсітэт. Спачатку працаваў выкладчыкам, у 1983-1985 - загадчык кафедры. 1 сакавіка 1986 год ў Горадні з асветніцкімі мэтамі быў створаны гістарычна-культурны клуб «Паходня», адным з заснавальнікаў і кіраўніком якога быў М. Ткачоў.

Напрыканцы 1980-х М. Ткачоў уключыўся ў актыўную грамадкую і палітычную дзейнасць. Пасля пераезду ў Менск ў 1989 годзе ён удзельнічаў ва ўтварэнні «Мартыралогу Беларусі», уваходзіў у Аргкамітэт БНФ, зрабіўся намеснікам старшыні Сойму БНФ.

Быў ініцыятарам аднаўлення ў Беларусі сацыял-дэмакратыі, з сакавіка 1991 года ён - старшыня Цэнтральнай рады адноўленай БСДГ.


Вечарына памяці Міхася Ткачова!

ТБМ пры падтрымцы кампаніі "Будзьма!" праводзіць вечарыну памяці Міхася Ткачова! Вечарына адбудзецца 12 сакавіка ў сядзібе ТБМ на Румянцава, 13 у Менску. Пачатак у 17.30.


Правілы мовы ад Алега Трусава

З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы старшыня Таварыства Беларускай Мовы Алег Трусаў распавёў у інтэрвію сайту "Товарищ. online", як папулярызаваць мову, чаго не стае беларусам у тым, каб мова стала сапраўды паўсюднай і на каго трэба абапірацца ў яе пашырэнні.

Пра кожнага беларуса

- Калі чалавек пра гэта думае - ён павінен быць асабістым прыкладам. Казаць, што ў заняпадзе мовы вінаваты дыктатар, рэжым і г.д. - гэта ўсё дробязі. Я прывяду прыклады Еўропы. Вось Ірландыя, якая атрымала незалежнасць яшчэ да вайны - а сітуацыя з ірландскай мовай яшчэ горш, чым на Беларусі. І няма чаго доўга расказваць - чаму? Таму што, перш за ўсё, ірландцы самі не хочуць размаўляць на сваёй мове... Ірландцы - у адрозненне ад беларусаў - не маюць нацыянальнай энцыклапедыі на ірландскай мове, не маюць ніводнай кніжкі па гісторыі архітэктуры сваёй... Я спытаўся: "Чаму так?" А мне і адказваюць: "Дык а навошта? "брытаніка" ж ёсць!" Ну вось таму ірландская мова і знаходзіцца там, дзе знаходзіцца.

Пра ўладу і народ

- Канешне, роля дзяржавы ў папулярызацыі мовы - яна моцная. Але ўсё ж яна другасная. Але вось народ - цыганы, напрыклад. Ніколі не мелі кніжак, помнікаў нейкіх, пісьменнікаў - але мова жыве. Дык вось такую кансалідацыю нацыянальную трэба пачынаць з сябе. Калі ты зразумеў, што ты прыхільнік гэтай мовы, няважна хто ты - габрэй, кітаец, японец, але калі ты хочаш, каб гэтая мова жыла - гавары на ёй, пішы, але, Божа барані, не навязвай нікому гэтую мову, не прымушай іншых гаварыць з табой па-беларуску. А сам гавары ў любой сітуацыі, калі перад табой жыхар Беларусі. Не пераходзь на рускую. Калі гэта будзе рабіць дастаткова вялікая колькасць людзей, асабліва эліта, начальнікі дробныя тыя ж - а беларус, так павялося, размаўляе на мове начальнікаў - і калі кіраўнік нейкай фірмы, калгасу, дырэктар школы - будзе кожны дзень размаўляць па-беларуску, але не навязваючы мову, то падначаленыя праз два гады ўсе пяройдуць на гэтую мову. Я ведаю, што гавару, быў дэканам - так рабіў. Тыя выкладчыкі, з кім я працаваў, і зараз выкладаюць па-беларуску... Хаця, падкрэслю, я нікому - ні студэнтам, ні выкладчыкам - не навязваў беларускую мову.

Як папулярызаваць мову сярод чыноўнікаў

- Калі ж чыноўнік не хоча гаварыць на мове, гэта значыць, што ён проста не ведае культуры Беларусі, яе гісторыі... І тады трэба такія веды папулярызаваць. Прычым папулярызаваць хай і на той мове, якую ведае гэты чыноўнік. Няхай гэта будзе па-польску, па-руску, але галоўнае - каб там была нашая візія падзей і сітуацыі. Каб ён пачаў ганарыцца, што ёсць беларусам і каб яму стала сорамна за сваё абыякавасць... Бо пачынаецца ўсё з сораму. І не трэба брацца працаваць агулам з усімі. Трэба працаваць з элітай, начальствам, сярэднім класам. Вось свежы прыклад - прыйшоў на дыктоўку вайсковец, маёр, выйшаў пасля яе ўжо сябрам ТБМ.

Пра адмоўную рысу беларусаў

- Адмоўная рыса беларусаў - яны не ўмеюць дзякаваць. Калі чалавек хоць неяк спрабуе адказваць табе па-беларуску, словы падбірае, не вельмі ў яго атрымліваецца - то ўсё роўна трэба падзякаваць яму. Убачыў абвестку ў краме па-беларуску? Вазьмі кнігу скаргаў і прапановаў і напішы падзяку за гэта - яны напішуць яшчэ колькі такіх абвестак. А калі напішаш, што чаму толькі адна, акупанты вы і маскалі, то яны і гэтую прыбяруць! Трэба быць удзячным за дабро - але і не дараваць зло.


Нямецкі славіст пра перспектывы беларускай мовы

Тэлеграф працягвае свой праект, распачаты 21 лютага да Міжнароднага Дня роднай мовы, удзельнікамі якога з'яўляюцца грамадзяне іншых краін, якія адмыслова і самастойна вывучылі беларускую мову. На гэты раз сваімі меркаваннямі пра беларускую мову падзяліўся Марк Бругеман (Mark Brьggemann), нямецкі журналіст і мовазнаўца, аспірант Інстытута славістыкі Альдэнбургскага ўніверсітэта.

Telegraf.by: "Чым вас зацікавіла беларуская мова? Чаму вы вырашылі яе вывучаць?"

Бругеман: "Беларуская мова зацікавіла мяне перадусім тым, што яна з'яўляецца адным з найлепшых сродкаў больш даведацца пра беларусаў як нацыю, іх самаідэнтыфікацыю і сувязі з суседнімі краінамі. Дыскусіі беларусаў адносна свае мовы закранаюць розныя галіны: гісторыю (калі ўзнікла беларуская мова?), культуру (ці толькі беларускамоўная літаратура сапраўды беларуская?), эканоміку (колькі каштуе беларускае двухмоўе? Ці варта плаціць такую цану?) і і многія іншыя. Акрамя таго, калі я вырашыў вывучаць беларускую мову, я ўжо ведаў польскую і рускую, таму мне, так бы мовіць, не патрэбна было пачынаць усё з нуля.

Telegraf.by: "Як вы ацэньваеце моўную сытуацыю ў Беларусі?"

Бругеман: "Згодна з канстытуцыяй, беларуская мова мае ў Беларусі роўны статус з рускай. Аднак на самой справе ўладамі краіны вельмі мала робіцца для таго, каб таксама і яе рэальны статус быў аднолькавы з рускай мовай.

З іншага боку, ёсць, на мой погляд, і пэўная віна (наколькі паняцце віны тут можа быць дарэчным) нацыянальна арыентаваных колаў грамадства ў тым, што выкарыстанне беларускай мовы сёння менш папулярнае, чым яно магло б быць. Палемікі адносна культуры мовы, пагарда так званай трасянкай і наркамаўкай - усё гэта напэўна не дапамагло беларускай мове знайсці сабе новых прыхільнікаў. Трэба ісці людзям насустрач - у тым ліку і "несвядомым беларусам".

Telegraf.by: "Якой вы бачыце будучыню беларускай мовы?"

Бругеман: "Не лічу, што беларуская мова ў недалёкай будучыні будзе дамінантнай мовай у Беларусі, нават і ў выпадку радыкальнай змены палітычнага курсу ўладаў (што малаверагодна). Мне здаецца, што і сярод апазіцыі ідэя адзінай дзяржаўнай мовы (беларускай) робіцца ўсё меней папулярнай таму, што, магчыма, новая беларусізацыя зноў скончыцца пройгрышам, як і яе першая спроба пасля незалежнасці краіны ў пачатку 90-х гадоў.

З іншага боку, многія беларусы надаюць беларускай мове сімвалічную вартасць і функцыю захоўвання беларускай культуры, ставяцца адмоўна да ідэі рускай мовы як адзінай дзяржаўнай. Але, вядома, не толькі ў Беларусі пераважная большасць бацькоў не вельмі заахвочаная адпраўляць сваіх дзяцей у школы, у якіх навучанне вядзецца на малаперспектыўнай мове. Таму: каб змяніць рэальную сітуацыю, у якой апынулася беларуская мова, трэба, перш за ўсё, стварыць перспектывы для беларускамоўных, напрыклад, заснаваць прэстыжныя беларускамоўныя ВНУ. Без такіх умоў беларускай мове можа пагражаць лёс, падобны да ірландскай, мовы, якую, паводле слоў аднаго навукоўца, "ірландцы любяць, але любяць мёртвую".

telegraf.by.


Без сваёй мовы мы вымрам, як скіфы

Узварушыў яшчэ раз маю душу поўны глыбокага сумуроздуму над лёсам беларускай мовы прафесар Леанід Лыч сваёй публікацыяй ў адной з рэспубліканскіх газет. "Якая Беларусь без беларускай мовы?" і выспела ў мяне задумка: прайсці па людных мясцінах свайго горада, сустрэць людзей, якія на мае запыты да іх па-беларуску адказалі б таксама па-нашаску. Але перш за ўсё заглянуў у бюлетэнь па выніках апошняга перапісу насельніцтва ў Рэспубліцы беларусь, дзе ёсць лічбы размеркавання насельніцтва па роднай мове. Аказваецца, у Слуцкім раёне з 95106 жыхароў, 85464 - беларусы, рускіх - 6 тысяч, украінцаў - 1347, палякаў - 250. За прайшоўшыя два гады гэтыя лічбы істотна не змяніліся. Але што здівіла - ў горадзе з яго 60 тысячамі жыхароў на рускай мове размаўляюць дома і на працы 49 тысяч, у раёне такіх засведчана пры апытанні 8 тысяч чалавек - кожны трэці! Астатнія, хоць і назвалі беларускую мову роднай, сёння спрэс размаўляюць на расейскай "трасянцы", нават настаўнікі сельскіх беларускамоўных школаў. А ў горадзе 6,5 тысячы чалавек засведчылі, што дома размаўляюць па-беларуску, у што чамусьці не хацелася верыць, нават з улікам таго, што сярод жыхароў не меней за 8 тысяч дарослых маюць вышэйшую адукацыю, 18,2 тысячы - сярэднюю спецыяльную, 10.2 тысячы - прафесійна-тэхнічную.

Вось і захацелася пашукаць у горадзе хоць з дзесятак чалавек, якія б са мной вялі размову па-беларуску. Завітаў у раённую цэнтральую бібліятэку. Быў суботні дзень, у шыкоўнай па памерах чытальнай зале за столікамі сядзелі ўсяго тры жанчыны, абкладзеныя падручнікамі, штосьці выпісвалі з іх. У дваіх, назваўшы сябе, спытаў, кнігу якога беларускага пісьменніка яны летась прачыталі. Паціснулі плячыма, усміхнуліся. І адказалі коратка: "ні аднаго". Узнімаюся на чацвёрты паверх, у абанеменцкі аддзел, дзе захоўваюцца не адна тысяча кніг беларускіх пісьменнікаў розных эпохаў. Ля бар'ера, за якім тры бібліятэкаркі выдаюць і прымаюць ад чытачоў кнігі, заўважыў маладую жанчыну, якая адклала сабе чатыры кнігі на рускай мове, замежных аўтараў. Назваўшы сябе, пытаюся, каго з беларускіх пісьменнікаў яна сёлета брала тут для чытання. "Нікаво", - чую адказ. Падышоўшым да таго бар'еру траім жанчынам сярэдняга ўзросту, якія набралі па шэсць-восем кніжак фантастыкі, любоўных раманаў замежных і расейскіх аўтараў, задаваць такое пытанне расхацелася. Праўда, супрацоўнікі бібліятэкі паблізу таго бар'ера на трох століках расклалі мо з дзесятак кніжак беларускіх аўтараў: шасцітомнік Шамякіна, васьмітомнік Коласа, пяцітомнік Танка, кніжкі Зуёнка, Законнікава, Марціновіча, Мятліцкага і яшчэ пяці аўтараў. Падыходзь, выбірай! Бібліятэкарка тлумачыць, што, хоць і рэдка, але да гэтай выставы кніжак сёй-той падыходзіць.

Шыбую ў нядзелю на гарадскі рынак, туды на тысячах легкавікоў са свайго і суседніх раёнаў з'язджаюцца у нядзелю не меней пяці тысяч пакупнікоў і гандляроў. І большасць іх - маладыя жанчыны, гараджанкі, але ёсць і пажылыя вяскоўцы. На мае запыты па-беларуску пра цану за прадукты, амаль ніхто не адказвае па-нашаску. Нават што датычыцца не меней двух тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ў шматлікіх крытых павільёнах гандлююць прамтаварамі, гарбатай, кавай, гароднінай, садавінай, алеем, то там мова спрэс расейская, а то і з наборам мацюкоў. Знаёмы мне хопец случчанін, які ездзіць на сваёй машыне ў горад Хмяльніцкі на Ўкраіне па тавар прызнаўся неяк па вяртанні, што там на рынку, які па плошчы роўны Слуцку, гандляры спрэс размаўляюць на ўкраінскай мове! А тут і песні з шапіка, дзе гандлююць дыскамі з запісамі песень, на ўсю моц з дынаміка гучыць рускамоўная папса! Хочь бы адну беларускую ўключылі - дарэмная надзея, дыскі завозіць гандляр з Расіі.

Як выжыць роднай мове, калі ўсе 13 сярэдніх школаў, тры каледжы, усе дзіцячыя садкі ў горадзе рускамоўныя, беларуская мова у школах - гэткая сірата. Ей там адводзіцца дзве гадзіны на тыдні, ангельскай - тры. Ды і дома бацькі з дзецьмі у большасці размаўляюць на расейскай. Не меней 95 адсоткаў шыльдаў на магазінах, установах, канторах, прыватных шапіках, якія амаль на кожным вуглу, спрэс рускамоўныя. І ў мяне паявілася сумненне, што тыя 6,5 тысячаў гараджанаў, якія пры перапісе насельніцтва заявілі, што размаўляюць дома на роднай мове, былі не шчырымі, наўрад ці набярэцца сотня. Як тут не нагадаць радок з верша беларускага паэта Аляксея Каўкі: " Беларусам не нараджаюцца, ім - становяцца". На жаль, так вельмі шмат яшчэ вакол нас "тутэйшых" - хто грэбліва, абыякава ставіцца да роднай мовы, беручы прыклад з чыноўнікаў пры ўладзе, якія спрэс размаўляюць на расейскай. Пакуль не зменіцца дзяржаўная палітыка адносна беларускай мовы, мы так і будзем жыць, грэбуючы сваёй самай прыгажэйшай у свеце мовай, пакуль не вымрам урэшце, як калісьці скіфы.

Міхась Тычына, сябар ТБМ, пенсіянер


У Падсвіллі, у Мар'яна

7-га сакавіка, у сябра ТБМ - Мар'яна Місевіча юбілейная дата, якая. заканчваецца на "пяцёрку" Таму хочыцца сказаць некалькі добрых слоў пра чалавека-рупліўца за мову. Мар'яну зразумела, што сёння матэрыяльна цяжка трымацца цэнтру нашага беларускага моўнага сяброўства, і ён дапамагае матэрыяльна, на колькі магчыма, са сваёй кішэні.

Ен, часам, звяртаецца да ўладных структур і з моўным пытаннем. Адказы нездавальняльныя, але Мар'ян цікавіцца, аналізуе, непакоіцца як грамадзянін Беларусі.

Я прачытала, што яркія беларусы, часам, проста на вуліцы, спяваюць песні, каб хоць такім чынам аб'явіць Беларусь. Не скажу, ці ведаў пра іх Мар'ян, але ён даўно лічыць, што песня вабіць да сябе, калі яна льецца з беларускай душы.

Для асведамлення ён зрабіў спіс беларускіх гуртоў, вядомых артыстаў, у выкананні якіх гучаць прыгожыя мелодыі, і задумаў паклікаць местачкоўцаў (аб'явай) у сваю кватэру на спеўкі, дзе і адбыліся, 8-га студзеня, на другі дзень Калядаў, вячоркі. Баян зычлівага сябра ТБМ Мікалая Савуліча вёў за сабою галасы. I яны зліваліся. Празвінелі песні беларускіх кампазітараў: Іванова, Семянякі, Лучанка, Пятрэнкі, Ханка, Шуміліна, Шыдлоўскага на словы Купалы, Коласа, Багдановіча, Вярбы, Гілевіча, Дзеружынскага, Дранько-Майсюка, Някляева,Ставера, Шушкевіча і іншых.

Спяваліся "Спадчына", "Мой родны кут", "Явар і каліна", "Вераніка", "Ручнікі", "Ты мне вясною прыснілася", "Колькі ў небе зор!", "Мяцеліца", "Полька беларуская", "Беларусачка", "Вы шуміце, бярозы!" і іншыя.

Гадзіна беларускай песні і гутаркі прайшла, нібы ў сямейным коле, цёпла і шчыра. Сябра Таварыства Даніла Курылёнак не мог прысутнічаць, прыйшла жонка Антаніна (грамадзянка Расіі, з Варонежа), спявала разам, затым заварвала гарбату.

Хоць сэрцаў цёплы рух, хоць колькі слоў

I шчырых зацікаўленых сяброў,

Чыя душа працуе на іскрыстасць,

Каб стала слову цёпла і ад слова,

Каб прамянела праўдай Таварыства,

I ў заглуш не трапляла наша мова,

Смялела вера, праца ў Новым годзе

У мроі аб красе і аб свабодзе.,

Каб на Глыбоччыне разбілі смела крыгі,

I год стаў Годам Беларускай кнігі!

Сябры Падсвільскай суполкі ТБМ віншуюць Мар'яна са святам яго нараджэння і зычаць здароўя, працоўнага настрою і працоўнай прасторы на карысць Бацькаўшчыны, бадзёрасці для патрыятычнай справы. I хай не зважае Мар'ян, што часта чуе ад унукаў слова "дзед". Яно не ўзроставага сэнсу, а прыналежнага, які - ёсць радасць працягу роду такіх спрытных дзядоў, як Мар'ян.

Марыя Баравік, м. Падсвілле.

Сакратарыят ТБМ далучаецца да віншаванняў у адрас Мар'яна Місевіча і зычыць яму плёну на ніве змагання за Беларусь.


І з указам няўтык, і з законам непярэліўкі, але...

Сп. У. У. Макею,

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

220016, г. Мінск.

вул. К. Маркса, 38

Аб падтрымцы дзяржаўнай беларускай мовы

Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч!

Сябры ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ў адпаведнасці з рашэннем апошняга з'езда накіроўваюць Вам № 1 за 2012 год газеты "Наша слова", у якім надрукавана канцэпцыя праекта Закона "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь".

Просім Вас азнаёміцца з тэкстам канцэпцыі і пры магчымасці ініцыяваць распрацоўку адпаведнага ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраванага на забеспячэнне і абарону канстытуцыйных правоў беларускамоўных грамадзян нашай краіны.

З павагай

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднаппя

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

У адказ на Ваш зварот аб распрацоўцы ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраванага на забеспячэнне і ахову правоў беларускамоўных грамадзян, інфармуем.

Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь замацоўваецца роўнасць правоў і свабод чалавека і грамадзяніна незалежна ад мовы, полу, нацыянальнасці, паходжання, адносін да рэлігіі, перакананняў і іншых абставін.

Прымаючы да ўвагі ўказаныя гарантыі, прававыя падставы для вылучэння асобнай катэгорыі грамадзян, у прыватнасці беларускамоўных, з мэтай дадатковага забеспячэння і аховы іх канстытуцыйных правоў адсутнічаюць.

Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у тым ліку законамі "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", "Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь", "Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", у дастатковай ступені ўрэгулявана права грамадзян на свабодны выбар мовы і зносін на ёй, а таксама парадак рэалізацыі такога права.

Акрамя таго, у канцэпцыі праекта закона, прадстаўленай разам са зваротам, адсутнічае абгрунтаванне, у тым ліку эканамічнае, стварэння дадатковых структур дзяржаўнага кіравання.

Улічваючы выкладзенае, выданне ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраванага на забеспячэнне правоў беларускамоўных грамадзян, прадстаўляецца нямэтазгодным.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення -

начальнік упраўлення пісьмовых зваротаў

галоўнага ўпраўлення па рабоце са

зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб К.Г. Побаль.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы імя

Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Па даручэнні Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу і ў галоўным экспертна-прававым упраўленні Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў разгледжаны Ваш ліст, у якім выказана прапанова аб распрацоўцы і прыняцці праекта Закона «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь».

Па сутнасці звароту, а таксама азнаёміўшыся з прадстаўленым тэкстам канцэпцыі праекта вышэйназванага закона, надрукаваным у газеце «Наша слова» № 1 (1048) за 4 студзеня 2012 г., мяркуем магчымым адзначыць наступнае.

У адпаведнасці з артыкуламі 17 і 50 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы, і кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання.

Аналагічныя нормы замацаваны ў Законе Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" (далей - Закон). Да таго ж Законам урэгуляваны пытанні развіцця і ўжывання беларускай, рускай і іншых моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі ў дзяржаўным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці, а таксама пытанні аховы правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў дадзенай сферы.

Артыкулам 6 Закона асобна замацавана норма, згодна з якой усякія прывілеі ці абмежаванні правоў асобы па моўных прыметах недапушчальныя.

Такім чынам, пытанні развіцця і ўжывання беларускай і рускай моў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама пытанні забеспячэння канстытуцыйных правоў грамадзян, на наш погляд, дастаткова поўна ўрэгуляваны дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Што датычыцца мэтазгоднасці падрыхтоўкі Закона «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь», звяртаем увагу, што ў адпаведнасці з артыкулам 11 Закона Рэспублікі Беларусь «О национальном собрании Республики Беларусь» Палата прадстаўнікоў па прапанове суб'ектаў заканадаўчай ініцыятывы разглядае праекты законаў Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з часткай першай артыкула 99 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права заканадаўчай ініцыятывы належыць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Ураду, а таксама грамадзянам, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не менш за 50 тысяч чалавек, і рэалізуецца ў Палаце прадстаўнікоў. Акрамя гэтага, варта адзначыць, што ў адпаведнасці з Правіламі падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 жніўня 2003 г. № 359 «О мерах по совершенствованию нормотворческой деятельности», падрыхтоўка законапраектаў ажыццяўляецца пасля іх уключэння ў штогадовы план, які зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Прапановы аб падрыхтоўцы законапраектаў на наступны каляндарны год могуць накіроўвацца ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь да 1 верасня. Законапраекты, не прадугледжаныя планам, уносяцца ў Палату прадстаўнікоў, як правіла, пасля ўключэння іх у план.

Такім чынам, у выпадку ўнясення адным з суб'ектаў права заканадаўчай ініцыятывы ў Палату прадстаўнікоў ва ўстаноўленым законам парадку адпаведнага законапраекта ён будзе разгледжаны ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам.

Старшыня камісіі У.М. Здановіч.



... але Беларуская Дзяржава абавязана падтрымліваць беларускую мову і будзе гэта рабіць, калі мы яе прымусім

З адказаў, якія паступілі з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і з Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь з нагоды прадстаўлення ў гэтыя структуры канцэпцыі праекта закона «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь», відаць, што беларускія дзяржаўныя структуры і, асабліва, чыноўнікі, якія іх запаўняюць не гараць вялікім жаданнем нешта мяняць у моўным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь і ускладваць на дзяржаву, а ў іхнім разуменні на сябе, дадатковыя абавязкі. І аргументаў у іх значна больш, чым у нас. У нас што? У нас адзін аргумент - беларуская мова знаходзіцца ў недапушчальна цяжкім стане, ёй патрэбна дзяржаўная падтрымка. У іх - і Канстытуцыя, і існае моўнае заканадаўства, і адсутнасць грошай на дадатковыя дзяржаўныя структуры, якія будуць займацца мовай, і непрадстаўленне намі эканамічнага абгрунтавання і разлікаў для ўвядзення Дэпартамента беларускай мовы ды іншых неабходных структур.

Але мы маем адну і вырашальную перавагу: яны са сваімі аргументамі, канстытуцыямі, законамі, пасадамі часовыя, а мы вечныя, бо мы - народ. Любы чыноўнік можа не сёння дык заўтра пакінуць сваю пасаду, любы закон не сёння дык заўтра можна перапісаць, а мы са сваёю любоўю да беларускай мовы будзем заўсёды і патрабаваць падтрымкі і абароны для яе будзем да тога часу, пакуль не знікне ў гэтым патрэба.

Але што рабіць цяпер?

Адказ мы знайходзім у лісце з Палаты Прадстаўнікоў.

ТБМ не можа самастойна ўнесці наш праект закона на разгляд у Палату Прадстаўнікоў, паколькі не мае права заканадаўчай ініцыятывы, але такое права мае любы дэпутат Палаты Прадстаўнікоў і любы дэпутат Савета Рэспублікі з любога раёна Беларусі.

Тамуна першым этапе сябры ТБМ, кіраўнікі арганізацый ТБМ абавязаны звярнуцца да дэпутатаў сваіх акруг і запатрабаваць ад іх унясення на разгляд Палаты прадстаўнікоў праекта закона «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь» і ўключэння яго ў план адной з найбліжэйшых сесіяў.

Мы выдатна разумеем, што многія дэпутаты на сёння - гэта "кульгавыя качкі", якія дабываюць свой тэрмін, але ж многім паабяцалі і новы тэрмін, і з гэтымі трэба працаваць самым шчыльным чынам. Ясна што нашыя сябры па-рознаму адносяцца да сваіх дэпутатаў, але сёння якраз той момант, калі трэба хоць раз аднесціся да іх, як да "слуг народу", каб паслужылі мове гэтага народу. Формы працы з дэпутатамі самыя розныя - ад банальнага ліста, запісу на прыём да запрашэння на паседжанне мясцовай рады ТБМ.

У другой палове 2012 года Беларусь уцягнецца у чарговую парламенцкую выбарчую кампанію. Пры самых розных адносінах да гэтых выбараў, яны - рэальная і самая простая магчымасць атрымаць практычна ад любога кандыдата ў дэпутаты любыя абяцанні, у тым ліку і ў моўным пытанні, і хай у большасці выпадкаў абяцанні застануцца абяцаннямі, але яны павінны быць атрыманы і павінны вісець над кожным дэпутатам пастаянным дакорам.

Арганізацыі ТБМ павінны прыняць самы актыўны ўдзел у выбарах, але не ў тым фармаце, пра які сёння дамаўляюцца і не могуць дамовіцца палітычныя партыі, а ў тым, што кожны кандыдат у дэпутаты, ад каго б ён не вылучаўся, павінен атрымаць ад мясцовай арганізацыі ТБМ або проста ад групы выбаршчыкаў, а хоць і ад аднаго выбаршчыка праект закона «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь» і наказ вынесці гэты праект на разгляд Палаты Прадстаўнікоў у выпадку, калі ён будзе абраны.

Які будзе вынік? Пабачым. Але бліжэйшыя захады ТБМ могуць быць менавіта такія, хаця не выключаны і іншыя падходы, думкі і прапановы.

(Паводле пазіцыі Рады ТБМ.)


Беларускае школьніцтва на Ўсходніх Крэсах у святле палітыкі па стаўленні да нацыянальных меншасцяў у ІІ Рэчы Паспалітай

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Дзяватыя ўгодкі заснавання Віленскай беларускай гімназіі (1027 г.) сталі аказіяй для новага прыпаміну беларускімі дзеячамі факту нерэалізавання даўно выказаных жаданняў атрымання "польскага грамадзянства" беларускім школьніцтвам.

У лісце, накіраваным у Мінстэрства РВіПА сенатар А. Уласаў - старшыня Таварыства беларускай школы супрацьстаяў няслушным, на яго думку, прэтэнзіям, якія высоўвалі польскія ўлады ў адносінах да гімназіі, папрокам, якія вялі да фармавання негатыўных адносін да гэтай пляцоўкі. Ен пісаў: "Галоўная прэтэнзія, якая высоўваецца на адрас гімназіі і з-за якой гімназія не можа нармальна працаваць, уяўляецца ў тым, што гімназія з'яўляецца камуністычнай пляцоўкай і праводзіць антыдзяржаўную дзейнасць. Тая прэтэнзія мае паходжанне са старонак віленскай прэсы адпаведнага кірунку, якая імкнецца да таго каб цалкам затаптаць агніскі беларускай культуры і асветы. Таварыства беларускай школы, як пастаянны канцэсіянер цяперашняй гімназіі пярэчыць усякім такога роду тлумачэнням. (.......) Наша гімназія хоча быць свайго роду пашыральнікам ведаў і беларускай культуры. Таварыства беларускай школы не дапусціць ніякай палітыкі ў сваёй школе. (.......) Маючы гэта на ўвазе Таварыства ўжо звольніна некалькі настаўнікаў з мэтай замены іх больш адпаведнымі і кваліфікаванымі. (....) Таварыства прыкладзе ўсе намаганні, каб атрымаць права на выдачу атэстата для сваіх абітурыентаў і права публічнай дзяржаўнай, з дзяржаўным забеспячэннем гімназіі" (НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр. 75, л. 61).

У наступныя гады справа гімназій была на ўсім працягу ў цэнтры ўвагі беларускай супольнасці, да чаго спрычыніўся і факт закрыцця гімназіі ў Радашковічах 5.

Прычынай для новых выступленняў у іх абарону стаў ужо згаданы візіт у Вільню прэзідэнта РП Ігнацыя Масціцкага 18 чэрвеня 1930 г. Пададзены кіраўніку дзяржавы мемарыял утрымоўваў ужо шматразова паўтараныя просьбы у т.л. аб прызнанні для гімназій пастаяннай канцэсіі і ўрадавай дапамогі ва ўвядзенні настаўніцкіх ставак, надання ім усіх правоў, якія маюць урадавыя школы, стварэння кафедры "беларусазнаўства" ў Віленскім універсітэце і Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Вільні. Толькі апошняе патрабаванне дачакалася частковай рэалізацыі ў выгадзе рашэння і адкрыцця ўтраквістычнай польска-беларускай Дзяржаўнай настаўніцкай семінарыі імя Багушэвіча (Mniejszosci narodowe... "Sprawy narodowosciowe", nr 4-5: 1930, s. 383).

1931 год крынёс далейшае пагаршэнне сітуацыі з беларускімі гімназіямі. Вялікай стратай для беларускага школьніцтва было адкліканне віленскім куратарам канцэсіі гімназіі ў Клецку. Рашэнне гэта абгрунтоўвалася нізкім навуковым узроўнем, як і прызнаннем яе за агентуру Таварыства беларускай школы, якое ў той час, на думку ўладаў заставалася пад моцным уплывам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. У тым самым годзе былі абмяжованы ўрадавыя датацыі для гімназіі ў Наваградку, што затрымала пабудову школьнага будынка. Таксама і Віленская гімназія, якая займала пабазальянскі гмах Св. Тройцы, паўстала перад велізарнымі цяжкасцямі з размяшчэннем. Аднак найбольш негатыўныя вынікі для развіцця пляцовак у Вільні і Наваградку прынесла змяншэнне з 7 да 3 настаўніцкіх ставак.

Стан сярэдняга беларускага школьніцтва і адказнасць за існы стан рэчаў стаў прадметам вострых палемік на старонках беларускай прэсы. У "Голасе праўды" Ф. Акінчыц піша ў т.л., што за стан, які стварыўся, адказнасць у першую чаргу нясуць камуністычныя групоўкі, якія з навуковых устаноў рабілі "цыдадэлі сусветнай рэвалюцыі". Не без віны і беларуская грамадскасць, якая не вырвала з коранем камуністычную заразу, што сістэматычна нішчыла беларускія школы (цыт. за Mniejszosci narodowe... "Sprawy narodowosciowe", nr 4-5: 1930, s. 473). Пэўныя надзеі на папраўку адносін на ніве адукацыйнай працы беларусы звязвалі з асобай новапрызначанага міністра РВіПА Януша Ендраевіча. Між іншым "Беларускі звон" у сувязі з прызначэннем міністра пісаў: "Януш Ендраевіч - адна з найбольш выбітных асобаў сярод урадавай групоўкі, а таксама чалавек найбольш прыхільны да справы нацыянальных меншасцяў..." (Mniejszosci narodowe... "Sprawy narodowosciowe", nr 4-5: 1930, s. 472-473). Аднак жа палітыка адукацыйных уладаў у адносінах да беларускага школьніцтва пайшла па шляху далейшага абастрэння, выклікаючы пратэсты людзей. У 1932 г. куратар Віленскай школьнай акругі праінфармаваў бацькоўскі камітэт гімназіі аб намеры звароту да міністра РВі ПА з прапановай аб прыняцці гімназіі на дзяржаўны штат у форме ўтварэння пры польскай гімназіі імя Славацкага паралельных класаў з беларускай мовай навучання. З тым злучэннем была б увязана перадача ў дзяржаўны скарб маёмасці гімназіі. Падобныя прапановы былі накіраваны і бацькоўскаму камітэту ў Наваградку. Прапановы гэтыя сутыкнуліся з вельмі негатыўным прыёмам, і нават у колах акрэсленых як "паланафільскія" гэты праект быў прызнаны за той, які абражае нацыянальныя пачуцці беларусаў. На надзвычайным агульным зборы бацькоўскага камітэту гімназіі ў Вільні 27 траўня 1932 г. была аднагалосна прынятая ўхвала, якая адвяргала вышэй названыя прапановы. У абгрунтаванні такога рашэння чытаем у т.л. "Прапанова тая ў сваёй сутнасці перакрэслівае існаванне беларускай гімназі ў Вільні, ці ж яна адпавядае нашай істотнай і нязломнай барацьбе за ўтрыманне самастойнай беларускай сярэдняй школы. (......). Звыш таго гэты праект абражае яшчэ нашыя нацыянальныя пачуцці - хіба ж беларусы ў Польшчы не ў стане мець ніводнай сваёй гімназіі?" (Mniejszosci narodowe... "Sprawy narodowosciowe", nr 2-3: 1932, s. 240-241).

У адказ на пратэстныя акцыі, паднятыя ў абарону незалежнасці беларускіх гімназій у "Кур'еры Віленскім" за 2.07.1932 г. з'явілася выказванне Віленскага куратара Казіміра Шалянгоўскага, які стараўся растлумачыць пазіцыю адукацыйных уладаў у той справе. Прызнаючы абавязкі дзяржавы перад нацыянальнымі меншасцямі ў Польшчы ён падкрэсліў ва ўступе залежнасці ступені задавальнення культурных патрэбаў дадазенай этнічнай групы ад ступені яе развіцця і аб'ектыўна існых умоў.

Абмінаючы факт нядаўняй ліквідацыі гімназій у т.л. у Клецку і Радашковічах віленскі куратар адзначыў у сваім пасланні, што аб'ём тых патрэб задавальнялі ў вобласці асветы дзве гімназіі - у Вільні і Наваградку. Тыя школы на думку адукацыйных улад, знайходзіліся ў вельмі цяжкіх умовах, як прыватныя інстытуцыі, што ўтрымоўваюцца беларускай супольнасцю. Паўперызацыя (масавае збядненне) гэтай люднасці зменшыла яе фінансавыя мажлівасці. Значны адсотак беларускіх вучняў складаў вясковы элемент, у найвялікшай ступені закрануты крызісам. У гэтай сітуацыі дальнейшае існаванне беларускіх гімназій магло гарантаваць толькі перахоп іх дзяржаўнымі польскімі школамі. З далейшага больш дэталёвага абгрунтавання ясна вынікала, што мэтай спраектаванай дзейнасці адукацыйных уладаў было адсоўванне навучэнцкай моладзі ад уплываў Таварыства беларускай школы - спонсара гімназій. У сваёй заяве Шалянгоўскі піша пра гэта досыць выразна: "Зварот да Міністра РВіПА мае на ўвазе стварэнне умоў для беларускай моладзі раўназначных з астатняй моладдзю. Толькі тады будзе можна дасягнуць на гэтай тэрыторыі мэтавага адбору з пазіцыі здольнасці выхаванцаў, ці адбору разумовага. Мае значэння таксама гаспадарчы адбор (аўтар не тлумачыць, што разумее пад тым азначэннем - падкр. В.П.), які створыць больш здаровую атмасферу ў школе. На тым фоне маюць месца ферменты, на якія моладзь ваўзросце сярэдняй школы вельмі падатная. Агітацыя дзеячоў, якія ахвотна скарыстоўваюць моладзь для сваіх мэтаў, знойдзе водгук, калі трапіць на супольную незадаволенасць" (Mniejszosci narodowe... "Sprawy narodowosciowe", nr 2-3: 1932, s. 244).

Спасылаючыся на рэформу школьніцтва ў вобласці падрыхтоўкі настаўніцкіх семінарый і адкрыцця педагагічных ліцэяў. Віленскі куратар тлумачыў ў сваёй заяве прычыны ліквідацый беларускіх семінарый у Барунах і Вільні. Адначасова падкрэсліваў, што цяперашняя сітуацыя у вобласці падрыхтоўкі настаўнікаў для беларускіх школ ёсць зусім здавальняльнай, ува ўсіх дзяржаўных семінарыях Віленскай школьнай акругі цяпер адбываецца вывучэнне беларускай мовы на кожным курсе ў памеры 20 гадзін штотыднёва (трэба разумець 20 гадзін на ўвесь курс недзе па 1 гадзіне ў тыдзень, рэд .).

Не гледзячы на супраціў беларускай супольнасці супраць абвешчанай польскімі ўладамі адукацыйнымі рэформы, праграма зменаў была рэалізаваная. У 1933 г. былі закрытыя прыватныя настаўніцкія семінарыі ў Свіслачы і Барунах, як і дзяржаўная семінарыя імя Багушэвіча ў Вільні. Дзве астатнія дзейныя беларускія гімназіі былі ператвораны ў беларускія філіі пры дзяржаўных польскіх гімназіях. У 1934 г. куратар Віленскай школьнай акругі распарадзіўся ліквідаваць беларускую філію пры дзяржаўнай гімназіі ў Наваградку. Гэтае рашэнне было, як афіцыйна сцвярджалася, выклікана мізэрным наведваннем вучняў (Mniejszosci narodowe... "Sprawy narodowosciowe", nr 4: 1934, s. 452). Адсутнасць эфекту ад акцый пратэсту і петыцый падаваных да дзяржаўных кіраўнікоў рознага рангу ў справе школьніцтва не адабралі надзеі ў беларускіх дзеячоў на папраўку стану нацыянальнай асветы. Сябры прэзідыюму Беларускага нацыянальнага камітэту ў верасні 1936 г. зноў падалі дэкларацыю дамагаючыся развіцця сярэдняга школьніцтва. Таму што адзіная, якая засталася ў краі, беларуская філія пры польскай дзяржаўнай гімназіі імя Юліюша Славацкага ў Вільні не магла задаволіць патрабаванняў беларусаў.

Апошнім перад выбухам 2-й Сусветнай вайны дакументам, які захаваўся ў даступных мне матэрыялах ёсць мемарыял пададзены 16 жніўня 1937 г. прэм'еру РП і міністру РВіПА. Так, як і папярэднія, ўзнік ён з ініцыятывы Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні, а змест яго не адрозніваецца ад раней падаваных на адрас дзяржаўных улад. Змест гэтага мемарыялу ўзбуджаў зацікаўленасць справамі асветы, што знайшло адлюстраванне не толькі ў беларускай прэсе, але таксама і ў прэсе іншых нацыянальных меншасцяў на Ўсходніх Крэсах - украінскай, літоўскай і яўрэйскай (НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр. 50, л. 10).

Быць можа адсутнасць далейшых праяў актыўнасці на полі бою за нацыянальную школу звязана з праведзенай польскімі ўладамі ў 1937 г. ліквідацыяй дзвюх важных арганізацый - Таварыства беларускй школы і Інстытута гаспадаркі і культуры. Роспуск абедзвюх арганізацый спрычыніўся да аслаблення кантакту беларускіх палітычных цэнтраў з тэрыторыямі. Актыўнасць некаторых беларусіх колаў, не знайходзячы выйсця ў ранейшых абласцях жыцця нацыянальнай меншасці, у т.л. у справах асветы, была скіравана на ўчастак барацьбы з польскай мовай у праваслаўнай царкве. Аднак гэтая тэма выходзіць па-за пытанні паднятыя ў артыкуле і павінна быць прадметам асобнай распрацоўкі.

Непасрэдным наступствам сітуацыі, у якой знайходзілася беларускае школьніцтва базавае і сярэдняе былі абмежаванні ў атрыманні беларускай моладдзю ўніверсітэцкай адукацыі. Сціплая колькасць дакументаў, якія датычацца гэтага пытання, што знайходзяцца ў архіўных матэрыялах, як і адсутнасць звестак у літаратуры на гэтую тэму даказвае, што вышэйшая школа датычыла вельмі абмежаванай колькасці беларускай моладзі, а справа акадэмічнай падрыхтоўкі стварала значна меншую праблему, чым усеагульнае і сярэдняе школьніцтва. К. Сракоўскі ў цытаваным ужо рапарце гаворыць пра нямногіх студэнтаў. "Кур'ер Віленскі" ад 9.04.1927 г. падкрэслівае пастаянна меншаўшую колькасць студэнтаў-беларусаў. Несумненна трапіць ва ўніверсітэт было цяжка для выпускнікоў беларускіх гімназій, якія ў большасці не мелі правоў публічных. Для моладзі мужчынскага полу моцным бар'ерам у адаптацыі да студэнцкага асяродку і прычынай узнікнення пачуцця адчужанасці была адсутнасць адбытай вайсковай службы у польскім войску.

5 Канцэсіянерам гімназіі ў Радашковічах было Кола Таварыства беларускай школы. Але яго закрыццё 1 верасня 1928 г. зрабіла немагчымым далейшае функцыяванне школы. Заміж гімназіі ў Радашковічах была адкрыта ўсеагульная сямікласная школа, у якую перайшлі вучні малодшых класаў зліквідаванай гімназіі, вучні старэйшых класаў гімназіі былі пераведзены ў беларускую гімназію ў Вільні.

(Заканч. у наст. нумары.)

Ванда Папроцкая, Інстытут археалогіі і этналогіі ПАН, Варшава


Наталенне родным словам

Вечарына ў Маскоўскім Доме нацыянальнасцяў 21 лютага 2012

Ва ўтульнай зальцы на Басманнай, 4 сабраліся з паўсотні мясцовых беларусаў, з імі - рускіх, татараў, яўрэяў, гадунцоў Сінявокае радзімы. На экране-маніторы высвечана агністае Купалава двухрадкоўе: "Свабоднае слова ты роднае слова! Зайграй ты смялей весялей!". Цешаць слых прыцішаныя мелодыі беларускіх спеваў. На сцэне разгорнута на трох высозных шчытах кніжная выстава з прыватнай бібліятэкі аднаго з удзельнікаў. Зверху абок важкага тому Скарынавай "Бібліі" прытулілася сціпленька Багушэвічава "Дудка беларуская", факсімільныя камплекты "Нашай Нівы", "Нашай Долі".

Побач і ніжэй - іншыя сведчанні словатворнага хараства: першавыданне "Белорусов" Яфіма Карскага, рарытэтны "Матчын дар" Алеся Гаруна, "Маладя Беларусь" Янкі Купалы (у перакладзе на рускую абок арыгінальных тэкстаў), "Новая зямля" Якуба Коласа на трох мовах (беларускай, рускай, польскай), унушальныя энцыклапедычныя фаліянты, хрэстаматыі - "Беларуская мова", "Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва", "Беларуская энцыклапедыя", "Даўняя беларуская літаратура". На другім стэндзе пад прываблівым выданнем "Беларуская ідэя" - кнігі па гісторыі, філасофіі, грамадскай думцы, мастацтву Беларусі - Мікалая Улашчыка, Міколы Ермаловіча, Уладзіміра Конана, Майі Яніцкай...

Далей - зборнікі беларускай паэзіі, прозы - Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі, Ларысы Геніюш, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Ніла Гілевіча, Міхася Стральцова, Васіля Зуёнка, Максіма Гарэцкага, Васіля Быкава, Вячаслава Адамчыка, Анатоля Кудраўца, Янкі Брыля. Вабяць вокладкі беларускіх перакладаў на ангельскую, французкую, нямецкую мовы, файных анталогій "Краса і сіла", "Галасы з-за небакраю", якія падрыхтаваў паэт Міхась Скобла. Свяцілася на паліцы і ценькая брашурка ў бел-чырвона-белай аправе з "Пагоняй" на вокладцы - матэрыялы Маскоўскага таварыства беларускай культуры імя Ф. Скарыны - з парыўчым заклікам да суродзічаў берагчы роднае слова, прырошчваць духоўную спадчыну папярэднікаў, над чым мала-памалу (хацелася б спарней) рупяцца масквічы-беларусы. Прывабна глядзеліся на паліцах найноўшыя недзяржаўныя перыёдыкі - часопіс "Дзеяслоў" і альманах "Асоба і час". Сёння наша родная мова прыстойна прадстаўлена і ў інтэрнэце, у чым кожны з прысутных мог пераканацца асабіста. Словам, мова хораша глядзелася-гаманіла сама за сябе. Адно шкада - кнігі згаданыя прынеслі на выставу са сваіх прыватных калекцый маскоўскія беларусы, а добра было б, каб яны стаялі ў салідным цэнтры беларускай культуры, былі даступныя і карысталіся шырокім попытам у суайчыннікаў. Будзем спадзявацца, што такі час прыдзе, і што беларуская дзяржава будзе дапамагаць умацоўваць пазіцыі роднай мовы.

Уступным зваротам вітаў прысутных Сяргей Кандыбовіч, старшыня нацыянальна-культурнага згуртавання "Беларусы Масквы". Прамоўца сярод іншага нагадаў пра трывожнае становішча беларускай мовы, апыненай, паводле ЮНЕСКА, у небяспечнай зоне занядбання.

Каментуючы выставу, д-р Аляксей Каўка запыніўся на горкім парадоксе з родным словам у сучаснай Беларусі, калі дзяржаўная незалежнасць і суверэнітэт падначалены ўшчамленню і прыніжэнню беларускае мовы, маўляў, не здольнай выражаць "вялікія мыслі". "Няхай бы, - працягваў, - новаяўленыя апаненты Беларушчыны часцей, глыбей заглядвалі на старонкі нашае мастацкае, філасофскае, гістарыяграфічнае класікі, гарнуліся да багатае культуры нацыянальнае. Культуры, якая ўсё ж адбылася, несупынна множыць супраціўляльны асімілятарству патэнцыял і якая прыстойна сведчыць свае невычэрпныя духатворчыя магчымасці беларусам і свету. Тады б, глядзіш, наша пацешна маўленчая трасянка кшталту "туды еду - ляжыць палена, назад еду - ляжыт браўно" за прыкладам нацыянальна ачунялых правіцеляў набывала б належны ўсенародна літаратурны бляск і дасканаласць." Давяршыў вядоўца свае развагі ля выставы цытаваннем палкага ўсплёску паэтычнага Уладзіміра Караткевіча з "Амаль хрысціянскага тосту за ворагаў": "Божа, дай ім даўжэй пажыць, Хай спаўна адтрубяць свой час.."

Следам слова роднае ўзрушліва прамаўлялася, распеўна гучэла з вуснаў паэта Міхася Скоблы і салісткі Беларускае філармоніі Таццяны Грыневіч-Матахонавай; яе сапраніста-крынічны галасок пад гітару ("Паланез Агінскага", рамансы "Спадчына", "Мой родны кут"..., "Гори гори моя звезда" - на беларускі лад), варухнулі ці адну слязіну пад вейкамі слухачоў. Затым гучэлі вершы Гілевіча, Бураўкіна, Геніюш у кранальнай дэкламацыі Рамана Чырвонцава. Сваё апавяданне "Чартаўшчына" агучыў Алесь Кажадуб.

На выставе былі так-сама прадстаўлены першы (1991 г.) і нядаўна надрукаваны нумары "Скарыніча" - літаратурна-навуковага альманаха, які вось ужо 20 гадоў на прыватныя сродкі выдаюць маскоўскія беларусы на чале з Аляксеем Каўкам, расказваючы пра наша беларускае жыццё ў маскоўскім, расійскім і еўрапейскім вымярэннях.

Асабліва расчулілі масквічоў госці з Менску - прачулай падзякай, якім давяршыў вечарыну спадар Кандыбовіч. Сваё ўзрушэнне выказаў неблагой беларушчынай, якой, нажаль, сам празнаўся, раней праз жыццёвыя абставіны колішняга вайскоўца амаль не паслугоўваўся.

Свята беларускай мовы, баларускага слова - адбылося! Векавечнае "Не пакідайце..!" абуджаецца скрозь і грукае ў нашыя сэрцы. Вёў вечарыну Алесь Глод.

Кастусь Атрашэўскі, Віктар Чайчыц, г. Масква.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Прылішч І.А. - 20000 р., г. Менск

2. Ткачова Валянціна - 10000 р., г. Ваўкавыск

3. Раманік Т.І. - 70000 р., г. Менск

4. Кукавенка Іван - 20000 р., г. Менск

5. Корбут І.П. - 30000 р., в. Міхалёва

6. Жураўскі Сяргей - 200000 р., г. Менск

7. Кобрынская суполка ТБМ - 52000 р.

8. Сцяпук - 40000 р., г. Менск

9. Ждановіч Міхась - 20000 р., г. Менск

10. Ткачова Валянц. - 10000 р., г. Ваўкавыск

11. Кавальчук Галіна - 20000 р., г. Менск

12. Стараселец Анастасія - 15000 р., г. Менск

13. Чэчат Алесь - 45000 р., г. Менск

14. Ялугін Эрнэст - 10000 р., г. Менск

15. Самонаў А.І. - 100000 р., г. Магілёў

16. Павідайка В.М. - 70000 р., г. Менск

17. Акаловіч - 10000 р., г. Менск

18. Шкірманкоў Фел. - 50000 р., г. Слаўгарад

19. Кукавенка Іван - 20000 р., г. Менск

20. Беражная А.В. - 50000 р., г. Ліда

21. Масакоўскі Уладз. - 20000 р., г. Салігорск

22. Талерчык Тамара - 50000 р., г. Гародня

23. Гара Віктар - 10000 р., г. Лельчыцы

24. Пралішч Ірына - 20000 р., г. Менск

25. Цынгалёў Васіль - 10000 р., г. Жлобін

26. Навумчык В.А. - 10000 р., г. Віцебск

27. Сулецкая Н.А. - 10000 р., г. Віцебск

28. Бабіч Ю.М.- 25000 р., г. Віцебск

29. Родзік А.Л. - 10000 р., г. Віцебск

30. Сасалова А.Г. - 25000 р., г. Віцебск

31. Амбразевіч Л.М. - 25000 р., г. Віцебск

32. Севярынец К.Н. - 10000 р., г. Віцебск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Гамонка ў цягніку "Трырымск - Бярозаўск"

Быў цудоўны вясновы дзянёк і Слухач вырашыў прайсціся пешшу па вуліцы Свабоднай, якая ўжо каторы год была пешаходнай, а дазвол на рух быў толькі трамваю, каляя якога была абгароджана рознакаляровым прывабным плоцікам з трывалых даўгавечных палімераў. Перайсці вуліцу магчыма было толькі па падземным пераходзе. Трамвай каціўся так ціха, што быццам бы падкрадваўся да прыпынку, бо колы былі не металічныя, а з кампазітаў - сумесі металічнага парашку і палімераў.

Слухач клыпаў павольна, абапіраючыся на кіёк. Ен заўсёды, калі трэба было куды рушыць, выбіраўся з дому раней, каб без спеху даклыпаць да чыгуначнага ці аўтавакзала. На гэты раз ён сабраўся ў дарогу на запрашэнне тамтэйшай пісьменніцкай суполкі у г. Бярозаўск на прэзентацыю сваёй кнігі "Наша будучыня". Часу да адыходу цягніка яшчэ было дастаткова і ён ішоў у цяньку акуратна, па майстэрску дагледжанага, з бела-блакітнымі пяціпялёсткавымі суквеццямі глогу. Праўда, не надта высокага, усяго каля чатырох метраў у вышыню, але ж надта яму мілага, бо гэтая расліна шмат каму і яму таксама дапамагла са здароўем. Асабліва яе плады - светлапамаранчавыя, трошкі меншыя за вішню, але на яго погляд, вельмі прывабныя, бо былі ў вялікіх гронках і можна было іх збіраць жменяю. Яны былі больш трывалыя, і не мяліся, калі іх проста дзвюмя рукамі кідалі ў кошык. Лісця на дрэве было няшмат і таму вулічным прыбіральшчыкам працы было меней. А плады трымаліся на галінках і нават тады, калі ўжо ападала лісце і было цудоўна назіраць, як яны ўквечвалі дрэва і ўсю вуліцу, калі ўжо ў паветры адчуваўся прымаразак.

Так ён наблізіўся да галоўнай сталічнай плошчы, дзе ў цэнтры стаяў велічны помнік з вершнікам на кані. У адной руцэ вершнік трымаў шчыт з выявай шасціканцовага крыжа, а ў другой сярэдневечны меч. Гэты помнік найбольш шанаваны ў краіне, бо цудоўна адлюстроўваў змагарнасць з цяжкім мінулым за існаванне нацыі, за яе культурна-гістарычную адметнасць і будучыню, бо барацьба за жыццё нацыі заложана, па-просту кажучы, у яе крыві. I як бы хто не намагаўся вынішчыць нацыянальную адметнасць чалавека, яна будзе заўсёды жыць у чалавечай памяці і, праз пэўны час, праявіць сябе і дасць належны адлуп яе вынішчальнікам і чужынцам-ненавіснікам.

I вось так, клыпаючы няспешным крокам, Слухач усё ж такі трошкі прытаміўся і вырашыў адпачыць, таму прысеў на лаўку ў засень цудоўна ўквечанага каштана, непадалёк ад уваходу ў метро. Ён любіў найбольш слухаць, чым гаварыць, за што і атрымаў сабе прозвішча Слухач. Таксама ён любіў уважліва назіраць, што і як дзеецца і адначасова рабіць пры гэтым уласныя высновы.

Апошнім часам людзі неяк супакоіліся. Можа пад уздзеяннем рэлігіі, а можа ад таго, што засвоілі добрае правіла - рабі добра і без спеху. А можа ад таго, але хутчэй менавіта ад гэтага, што дабрабыт кожнага чалавека значна палепшыўся, і ўпэўненасць кожнага чалавека ў сваёй будучыні значна павялічылася. Людзі рухаліся ў метро як быццам бы ішлі на шпацыр. Ніхто нікога не апярэджваў, не штурхаў у плечы і ў бок. Лагоднасць панавала на кожным кроку. Перад дзвярыма кожны стараўся зрабіць паслугу адзін аднаму. Заўсёды прытрымліваў дзверы, каб яны не махнуліся перад самым носам таго чалавека, які ішоў за ім. А мужчыны ўсіх узростаў давалі магчымасць прайсці першымі жанчынам і дзяўчаткам. Нават дзядулі казалі: "Праходзьце, калі ласка!" Адныя ў адказ раздавалі шчырыя ўсмешкі, іншыя далікатна казалі: "Дзякуй".

Гэтая ідылія павагі так узрушыла Слухача, і ён так ёю захапіўся, што і не заўважыў, як хутка прайшло амаль паўгадзіны. Хуценька ўстай і зноў паклыпаў далей ходнікам па вуліцы, якая ўжо не была пешаходнай. Не паспеў ён прайсці з дзесятак крокаў, як каля яго прыпыніўся шыкоўны легкавік, за кіраўніцай якога сядзеў незнаёмы яму малады чалавек, які з паклонам спытаў ці можа ён зрабіць дзядулю паслугу. Слухач на гэтую прапанову прыўзняў свой дыхтоўна сплецены з рознакаляровай саломкі капялюш і шчыра падзякаваў маладому чалавеку, сказаўшы, што да чыгуначнага вакзала, куды ён ідзе, ўсяго пару соцень метраў і ён яшчэ мае час.

Пры чыгуначным вакзале ўжо назіралася вялікая мітусня, якую стварылі найперш замежнікі, бо яны вельмі гучна гаманілі на розных мовах, а найперш на ўсходніх. Заходнікаў было няшмат і яны паводзілі сябе больш стрымана, трымаліся групкамі і па іх вопратцы было відаць, што гэта турысты. Некаторыя прышпілілі на вопратку сувенірныя значкі і найбольш гэта былі значкі каня з вершнікам. Мусіць і іх уразіла гэтая цудоўная скульптурная кампазіцыя. З дынаміка гучала сцішаная спакойная, лагодная для душы музыка, пад якую можна было і ненарокам драмануць. Слухачу гэта было вельмі прыемна, і ён, паказаўшы нумарок замовы на квіток, які замовіў яшчэ ўчора, атрымаў гэты квіток. I тут музыка сцішылася, і дыктарка прамовіла, што хуткасны цягнік "Трырымск-Бярозаўск" прыходзіць на станцыю праз пяць хвілін. Слухач выйшаў на перон і пачаў чакаць, прысеўшы на лаўку, бо ногі ўжо былі не як у маладосці, калі ён з сябрамі-студэнтамі бегаў наперагонкі па бегавой дарожцы стадыёна па пяць ці болей кругоў. I тут зноў прагучала аб'ява, што цягнік ужо падходзіць на 3-ю каляіну і будзе стаяць пяць хвілін. За гэты час павінны паспець выйсці прыехалыя і сесці на цягнік пасажыры гэтай станцыі. I сапраўды паказаўся цягнік, і як быў здзіўлены Слухач, што лакаматыў не рыкаў і не свістаў, прымушаючы ўздрыгваць дарослых і дзяцей. З дынаміка, усталёванага на лакаматыве мілагучны жаночы голас прамаўляў: "Прыбліжаецца цягнік. Будзьце асцярожнымі!".

Цягнік спыніўся. Выглядаў ён шыкарна. Назва цягніка напісана на дзвюх найбольш распаўсюджаных ў свеце замежных мовах. Вокны і дзверы былі шырокія. I чым найбольш быў задаволены Слухач, дык гэта тым, што не трэба было з пляцоўкі чапляцца і падымацца на прыступкі, каб зайсці ў вагон, бо падлога вагона была на адным узроўні з перонам і можна было нават заехаць у вагон на калясцы для калек. Мілавідная кабета прывіталася са Слухачом і правяла яго да прасторнага купэ на тры месцы, растлумачыўшы паважанаму пасажыру, якія паслугі ён можа атрымаць падчас падарожжа.

Сярод купэ стаяў, замацаваны да падлогі, прывабны столік і тры крэслы, таксама прымацаваныя да падлогі. Было і тры тапчаны-ложкі з індывідуальнымі зручнымі асвятляльнікамі, якія аўтаматычна рэгулявалі святло. Былі і тры невялікія шафы для вопраткі і абутку, а тасама і тры пары тапак. Была і невялікая лядоўня з трымя паліцамі, дзе можна было паставіць напоі ці пакласці ежу. Два тапчаны-ложкі былі каля вакон, а трэці каля сцяны, побач з уваходам у купэ. Тапчаны размешчаны ўздоўж вагона, што засцерагае пасажыра ад падзення пры рэзкім тармажэнні цягніка. Каля кожнага тапчана ёсць сістэма сувяі з абслугай цягніка, і што вельмі спадабалася Слухачу, дык гэта наяўнасць мыйніка з люстрам над ім, дзе можна пагаліцца і памыцца.

Не паспеў Слухач уладкавацца, як у купэ ўвайшлі два мужчыны сярэдняга веку, якія паважна прывіталіся з ім і назваліся імёнамі. Адзін быў вышэй сярэдняга росту, другі невысокі, каранастага целаскладу і відаць не абы якой сілы, бо гэта адчувалася пры поціску рукі падчас вітання. Відаць яны былі знаёмыя, бо былі разам па справах у сталіцы і ўсеўшыся за столік, паставілі невялікую пляшку піва і пачалі гамонку. Слухаючы іх зацікаўленую размову, Слухач ужо і паіменаваў іх па-свойму: высокі стаў Высокім, а каранасты - Каранастым. Слухач не мог не далучыцца да размовы і запытаў: "Што за нагода прывяла іх ў сталіцу, аж за чатырыста кілометраў ад Бярозаўска?"

Высокі: "Мы займаемся аграрнымі справамі і прыехалі "выбіваць" ільготны крэдыт на развіццё аграрнага сектару ў нашым рэгіёне".

Каранасты: "Я валодаю сялянскай гаспадаркай. Маю дваццаць гактараў ворнай зямлі, утрымліваю малочную ферму на дзесяць кароў і столькі ж маладняку. Сярэдні надой ад каровы за лактацыю сем тысяч літраў малака. Частку малака, прыкладна дзесяць тысяч літраў скарыстоўваю ў гаспадарцы, а астатняе прадаю на перапрацоўку на малочны завод, які належыць кааператыву з сялянскіх гаспадарак. Такіх кааператываў некалькі ў нашым рэгіёне і генеральным дырэктарам з'яўляецца мой калега". Ён кіўнуў галавой у бок Высокага.

Мусіць Слухач закрануў тэму, якая была вельмі надзённай для яго суразмоўцаў.

Высокі: "Наша аб'яднанне не толькі перапрацоўвае малако, але і мяса буйной рагатай жывёлы, свіней, птушкі і асаблівым попытам карыстаецца мяса індыкоў, вось мы і "выбіваем" ільготны крэдыт у сталіцы, каб павялічыць вытворчасць індычага мяса, якое па спажыўных якасцях пераўзыходзіць мяса бройлераў, свініну і ялавічыну".

Каранасты: "Сапраўды так, і мы атрымалі падтрымку ў міністэрстве. Сялянскія гаспадаркі маюць розныя памеры ў залежнасці ад спецыялізацыі і якасці глебы, але без жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі ніводная гаспадарка не абыходзіцца, бо беларуская глеба не дасць належнага ўраджаю без арганічных угнаенняў. Я прымяняю таксама і "зялёную" арганіку. Для гэтага сею лубін, канюшыну, серадэлю і люцэрну. Невялікай плошчы зямлі даю магчымасць, так бы мовіць, "адпачыць". Гэта значыць нічым не засяваю, але праводжу апрацоўку глебы, каб ачысціць поле ад пустазелля".

Высокі: "Апроч перапрацоўкі малака і мяса ў нашым аб'яднанні наладжана перапрацоўка садавіны, гародніны і бульбы. У залежнасці ад пакупніцкай здольнасці на рынку, а гэта вывучаецца высокакваліфікаванымі спецыялістамі, мы замаўляем у вытворцаў пэўную колькасць прадукцыі, і яны ўжо ведаюць на год раней, колькі патрэбна вырабіць сельскагаспадарчай прадукцыі. Так што лішкі ці недахоп бываюць невялікімі і не наносяць значных матэрыяльных і фінансавых страт вытворцам".

Каранасты: "Гаспадаркі, якія займаюцца толькі жывёлагадоўляй ці птушкагадоўляй, спраўляюцца з гаспадарчай справай чальцамі сям'і. А вось тыя, хто займаецца садаводствам ці агародніцтвам, мусяць у час збору ўраджаю наймаць памочнікаў. Часта гэта бліжэйшыя суседзі, а зрэдку і гараджане. I ўвогуле, узаемная дапамога - гэта неадменная частка спрадвечнага сялянскага жыцця. Калі селяніну патрэбна адлучыцца на некаторы час з гаспадркі - паехаць у госці ці на лячэнне, сусед заўжды з задавальненнем дагледзіць гаспадарку і стараецца зрабіць усё, як трэба, каб быць як найлепшым суседам".

Высокі: "Стварылі наша перапрацоўчае і адначасова гандлёвае аб'яднанне сялянскіх гаспадарак і ў залежнасці ад таго, колькі хто ўклаў сродкаў у аб'яднанне, прапарцыянальна дзеліцца прыбытак. Новыя гаспадаркі ўвогуле на пяць гадоў вызваляюцца ад падаткаў. Калі ў дзяржавы ёсць не занятая нікім зямля, то на ёй магчыма ўтварэнне новых гаспадарак. У гэтым выпадку селяніну можна ўзяць заклад у залогавым банку, доўгатэрміновы крэдыт на пабудову сялянскай гаспадаркі і набыцця неабходнай тэхнікі. Зямля побач з гаспадаркай перадаецца селяніну бясплатна. Пасля таго, як крэдыт выплочваўся, гаспадарка пераходзіла ў поўную ўласнасць селяніну, або яго нашчадкам".

Слухач: "А як жа справы з такой гістарычнай мінуўшчынай, як цераспалосіца?"

Каранасты: "У краіне прыняты закон, які сцвярджае, што першапачатковы зямельны надзел сялянскай гаспадаркі не можа здрабняцца ні ў якім разе. Дазволена толькі яго павялічваць, але апрацоўваць яго павінна ў асноўнаым толькі сям'я селяніна без права найму пастаянных работнікаў. Гэта зроблена для таго, каб пазбегнуць буйнога землеўладання, якое больш стратнае і існуе таму, што плаціць мінімальны заробак парабкам - людзям беззямельным і яны вымушаны з гэтым пагадзіцца, бо іншую працу ім у сельскай мясцовасці знайсці цяжка. Ды і буйны землеўладальнік дыктуе больш выгодны для сябе кошт на сельскагаспадарчую прадукцыю, ды як яшчэ ўтвораны ў дзяржаве алігархічны землеўладальніцкі кагал, то ўвогуле тады насельніцтва, за выключэннем невялічкай часткі, аддаючы амаль палову месячнага заробку на харчаванне, практычна ўтрымлівае ад банкруцтва гэты кагал".

Слухач: "Раскажыце, калі ласка, аб працы ў сваёй гаспадарцы, якія ў вас пабудовы?"

Каранасты: "Маю двухпавярховы дом з усімі выгодамі. У цокальным памяшканні знаходзяцца ацяпляльны і водагрэйны катлы, умураваныя ў адмысловыя печы, дзе можна нават спячы хлеб, або прыгатаваць ежу. Таксама ёсць месца для цвёрдага паліва. На першым паверсе кухня-сталоўка з плітой для гатавання ежы, а таксама ў пліце зроблена добрая духоўка, у якой можна гатаваць ежу. Там жа ёсць і пакой для адпачынку і прыёму гасцей прыкладна на трыццаць чалавек. Есць ванны пакой і прыбіральня. На другім паверсе размешчаны чатыры спальні, у якіх можна паставіць па два ложкі. На гэтым паверсе ёсць таксама і прыбіральня. Зручнасць спальняў тая, што ў кожнай маюцца камоды для адзення і паліцы для кніг. Камоды дасягаюць столі і сумяшчальнасць са сценкай такая, што зверху ўжо не трэба выціраць пыл, а па-за камодам прыбіраць павуцінне. Яшчэ маю малочную ферму з малой механізацыяй - механічнай прыборкай гною і механічным даеннем у вялікія ёмкасці без малакапроваду, у якіх свежае, цёплае малако адвозяць спецыялыным транспартам на перапрацоўку асобна прызначаныя людзі. Есць зерняток з адмысловай сушылкай, таксама павець для канюшыны і сена".

Слухач: "А якжа з механізацыяй справы?"

Каранасты: "У асноўным гэта малая механізацыя. Маю два трактары, адзін магутнасцю трыццаць конскіх сілаў, другі -восемдзесят. Есць два грузавыя аўтамабілі, пад'ёмам дзве і чатыры тоны, а таксама ўся неабходная тэхніка для апрацоўкі глебы і ўнясення арганічных угнаенняў. Есць самаходная сеялка з наборам зменных механізмаў для пасеву розных культур, якую непатрэбна чапляць да трактара, а таксама ўдосталь другіх прасцейшых механізмаў, якія аблягчаюць працу."

Высокі: "Вядома ж вам без электраэнэргіі не абысціся. Як вырашана гэта праблема?"

Каранасты: "Мая гаспадарка далучана да агульнадзяржаўнай электрасеткі, але ёсць і невялікі электравятрак. Дарэчы, у кожнай фермерскай гаспадарцы ёсць такія. Таксама скарыстоўваю і біягаз з адыходу гною з фермы, які выкарыстоўваю для ацяплення і газавых рухавікоў. Гной, перапрацаваны ў біяўстаноўках, экалагічна чысты і не забруджвае глебу нітратамі. Тыя сялянскія гаспадаркі, якія размешчаны блізу рэк, атрымліваюць гідраэлектраэнэргію, бо на малых рэках амаль цераз кожныя два кіламетры ўтвораны запруды. Іх у краіне не адна тысяча. Есць у мяне і конны прывад, які скарыстоўваю для розных мэт, у тым ліку і для прываду электрагенератара. Для гарантыйнага электразабеспячэння ёсць адмысловая акумулятарная электрабатарэя, якую задзенічаю ў надзвычайных выпадках. Дарэчы легкавік у мяне з акумулятарнай батарэяй і электрарухавіком, вадкага ці газавага паліва не патрабуе. Усе электрасеткі ў сельскай мясцовасці заменены падземнымі кабелямі, што вельмі зручна і надзейна. Ды яшчэ не сказаў - маю таксама сонечныя электрабатарэі, якія аўтаматычна паварочваюцца ў кірунку да сонца."

I падумаў Слухач...

(Заканч. у наст. нумары.)



Агульнанацыянальная дыктоўка ў Слоніме

Таварыству беларускай мовы,

г. Менск, Румянцава, 13



Дасылаем вынікі правядзення беларускай дыктоўкі да Міжнароднага дня роднай мовы.

У напісанні дыктоўкі прынялі ўдзел 10 чалавек.

Напісалі дыктоўку без памылак Алена Літвін, Ала Кашубовіч.

Намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы

ў г. Слоніме Мікалай Ракевіч.

21.02.2012 г.


Паляванне на ведзьмаў

Кром і клетак, і тканак, і пылу зямнога

ёсць у мне інфармацыя з даўнішніх дзён.

І яна ж бо і ёсць маіх дзеяў аснова,

стымул бытнасці, лёсу апора, яго камертон.

Зарэма Трафімовіч «Веру ў лёс».

Шаноўны чытач! Мушу сёння пагутарыць з табою на вельмі далікатную, але на маю думку, галоўную тэму чалавечага жыцця - быцця. Размова пойдзе аб веры. Некалі Ньютан сказаў: "Дайце мне пункт апоры, і я перавярну ўвесь свет". Лічу, што менавіта вера ў асабістыя ідэалы трымае ўвесь мікракосмас чалавечай асобы. Гаварыць жа аб веры варта вельмі асцярожна, бо гэта справа душы, а душа належыць Богу, ды і душу так лёгка параніць.

Але звернемся да гісторыі. Наш горад знаходзіцца ў такім месцы, дзе мірна суіснуюць спакон веку розныя рэлігійныя канфесіі. Так, гістарычная даведка за 1931 год сцвярджае, што ў Слоніме жыло 16282 асобы. Сярод іх 70% юдаістаў, 18% католікаў, 11% праваслаўных і 2% мусульманаў. Зараз кожны з прадстаўнікоў гэтых рэлігійных аб'яднанняў скажа, што Слонім з'яўляецца яго малой радзімай, той зямлёю, якую палілі крывёю яго продкі. Аб гэтыым сведчаць могілкі - яўрэйскія, каталіцкія, праваслаўныя, татарскія. Тут прайшло дзяцінства многіх лепшых прадстаўнікў гэтых народнасцей. А дзе заканчваецца дзяцінства, там пачынаецца Радзіма. Слонім - наша шматканфесійная і шматнацыянальная Радзіма. І мы павінны вельмі тонка і далікатна адносіцца да пачуццяў веруных людзей, бо гэта сфера нематэрыяльная, таму яе зразумець ці адчуць, нават сфармаваць у сваёй душы, вельмі няпроста. Сярод названых канфесій чатыры хрысціянскія: рыма-каталіцкая, праваслаўная, грэка-каталіцкая і пратэстанцкая.

Грэка-каталіцкая канфесія наогул зараз знаходзіцца тайнай за сямю пячаткамі. Яно б так, калі б аб гэтым не нагадваў Успенскі сабор і кляштар у Жыровічах, дзе знаходзіцца сэрца вернікаў, маіх землякоў цудатворны - абраз Жыровіцкай Маці Божай. Абраз маці Божай Жыровіцкай з'яўляецца надалтарным і ў касцёле Святога Андрэя ў Слоніме. За свой край да Маці Божай Жыровіцкай моляцца вернікі. Як добра гэта, мае шаноўныя, калі сярод нас ёсць людзі з моцнай верай, якія просяць у Бога шчасця і міру для ўсіх людзей слонімскай зямлі. А збудавалі Жыровіцкую Святыню ў 1613 годзе грэка-каталікі на грошы Льва Сапегі. Тут дзейнічаў ордэн манахаў - базыльянаў, а першым святарам быў грэка-каталіцкі епіскап Язафат Кунцэвіч (1580-1623), якога мае землякі павінны ведаць як святога нашай зямлі, бо пасля кананізацыі Язафат Кунцэвіч быў пахаваны ў Рыме. Загінуў смерцю пакутніка: ворагі уніі адсеклі яму галаву, было гэта ў Віцебску.

Маіх землякоў звязвае адна зямля, якая завецца Слонімшчынай. І ты, мой дарагі чытач, павінен шукаць дарогу да святасці, каб атрымаць "Інфармацыю з даўнішніх дзён" ад сваіх продкаў, што так, як і мы, любілі свой край. Ты павінен знайсці храм, пра які піша слонімсая паэтка Ірына Войтка:

Дзе той храм, у які

Я прыйду пакланіцца?

Не высокім багам,

Не шыкоўным сталіцам...

Не панам, не грашам -

Душам чыстым - Дзядам.

Асабіста для мяне святасць пачынаецца з роднай беларускай мовы. А што зрабіў ты, каб вывучаць мову сваёй народнасці? Паэт-дэмакрат ХІХ ст. Францішак Багушэвіч пісаў: "Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам..." Як добра аб лёсавызначальным месцы мовы напісана ў Новым Запавеце Бібліі: "Напачатку было Слова. І Слова было ў Бога. І Слова было Богам. Яно было напачатку ў Бога: усё праз яго пачалося, і без яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць" (Паводле Яна Святое Дабравесце 1.1-3). Нездарма евангеліст паўтарае тры разы Слова побач са словам Бог. Тым самым варта ўсвядоміць святасць роднай мовы. Прыемна, што беларусы маюць пераклад Бібліі на родную мову. І калі ты патрыёт сваёй мовы, памятай, што Бог выратуе яе, калі на гэтай святой мове навучышся малітвам сваіх продкаў, робячы ўсё для яе адраджэння да жыцця. Ад святых учынкаў чалавека святой становіцца наша зямля, сагрэтая любоўю. Мікракосмас тваёй душы тады будзе асвятляць душы землякоў. Святая душа нясе святло іншым людзям. Пра гэта напісаў Я. Купала ў вершы "Прарок":

Душа палала дзіўным жарам.

Бы з зораў выснутая ніць,

Што свет магла б

сваім пажарам

Абвіць і к сонцу ўваскрасіць.

Святасць чалавека ратуе яго зямлю, бо кажуць: "Як у народзе. Так і ў прыродзе". Калі людзі не паважаюць веру іншых канфесій, то пачынаецца паляванне на ведзьмаў. Нешта падобнае, што адбывалася ў Сярэднявеччы, ў 1522 годзе апісаў Мікола Гусоўскі ў "Песні пра зубра":

Там той вядзьмачыць ці

знаецца з д'ябальскай сілай -

Зараз жа суд і расправа:

няшчаснага схопяць

І, перавіўшы пастронкамі

рукі і ногі,

Цягнуць к рацэ - і бултых

падазронага ў прорву.

Кожная чалавечая душа чуе покліч сваіх продкаў, покліч крыві. Толькі людзі да гэтага прыходзяць у розныя перыяды свайго жыцця. Дрэнна, калі прыйдуць падчас смерці. Вызначыцца ж з уласнай вераю, лічу я, дапамогуць табе, мой шаноўны чытач, толькі нацыянальныя пачуцці покліч продкаў, які нясе "інфармацыю даўнішніх дзён, а таксама твая свабода выбару: аб гэтым пісаў Я. Купала ў вершы "Мая вера"

Не веру ў каменны багоўні,

Ў людскай асвечаны крыві,

Дзе толькі вяжуць,

бы ў прыгоне.

Жывому духу ланцугі.

Ні за якую плату, меру

Не даліся гэтай варажбе...

Ў народ і край свой толькі веру

І веру ў самаго сябе.

Закончыць хочацца словамі Ф. Дастаеўскага: "Рускі выратуецца верай у Бога, а беларус у сябе".

Дык умацуем жа нашу веру ў беларускасць праз малітву на роднай мове!

Таццяна Трафімчык, сябра ТБМ, г. Слонім.


У Менску прайшоў міжнародны фестываль імя Міхася Стральцова

Фестываль "Вершы на асфальце", які прайшоў 25-26 лютага ў Менску, яго арганізатары - ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", Беларускі ПЭН-цэнтр ды Інстутут імя Гётэ ў Менску - прысвяцілі Міхасю Стральцову. 14 лютага 2012-га аўтару паэтычнага зборніка «Мой свеце ясны» споўнілася б 75 гадоў.

Аматараў літаратуры ў першы дзень прыйшло так шмат, што не ўсім хапіла месцаў у даволі вялікай канферэнц-залі Інстытута імя Гётэ, некаторым давялося стаяць.

Пачаўся фестываль з сустрэчы тых, хто ведаў Міхася Стральцова асабіста.

Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Сямён Букчын і Барыс Пятровіч цёпла згадвалі Міхася Лявонавіча. Перакладчыца Стральцова на рускую мову Любоў Турбіна таксама падзяліліся сваімі ўспамінамі пра класіка беларускай літаратуры. У яе выкананні прагучалі творы паэта па-руску.

"Моладзь, чытайце Стральцова!"- настойліва раіў наведнікам фестываля паэт Леанід Дранько-Майсюк, гэтыя ж словы прагучалі і з вуснаў старшыні СБП Барыса Пятровіча, а таксама старшыні ПЭН-цэнтра Андрэя Хадановіча, які зачытваў вершы Стральцова з ягонага зборніка.

Літаратурны вечар працягнулі Алесь Аркуш, Міхал Анемпадыстаў, Сяргей Балахонаў, Леанід Галубовіч, Галіна Дубянецкая, Віктар Жыбуль, Югася Каляда, Дар'я Ліс, Тацяна Нядбай, Олена Стэпаненка (Украіна), Мары Сілкеберг (Швецыя).

Госць з Магілёва Дзмітры Дзмітрыеў агучыў і паказаў амбіграмы - паэтычныя радкі, запісаныя так, каб пры перагортванні аркуша, на якім яны змешчаны, у іх раскрываліся іншыя сэнсы.

Генадзь Бураўкін не толькі пачытаў свае вершы, але і прыгадаў студэнцкія гады, калі з Міхасём Стральцовым яны жылі ў інтэрнаце і разам ездзілі на бульбу.

Завершыўся першы дзень жаночым слэмам.


Жаночы слэм на фестывалі імя Стральцова

Другі дзень фестывалю прайшоў больш спакойна, але не менш цікава і насычана.

Аматары сапраўднай паэзіі мелі шанец паслухаць майстра слова Алеся Разанава, які пачаў чытанні, Раісу Баравікову, пераможцу жаночага слэму шведска-фінскую аўтарку Солью Крапу, Людмілу Рублеўскую, Віктара Слінку, славацкага паэта Петэра Мілчака, Ярылу Пшанічнага.

Працягнулі чытанні маладыя аўтары: Андрэй Адамовіч, Вольга Гапеева, Ігар Кулікоў, Антон Рудак, Сяргей Прылуцкі.

Тацяна Беланогая выканала песні на вершы Яўгеніі Янішчыц і Дануты Бічэль.

Бліжэй да вечара прэзентавалі сваю працу перакладчыкі.

Вершы замежных аўтараў па-беларуску прадставілі Алеся Башарымава, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Вылінскі, Аксана Данільчык, Галіна Дубянецкая, Марына Казлоўская, Зміцер Колас, Уладзь Лянкевіч, Кацярына Маціеўская, Марыя Пушкіна, Юля Цімафеева.

Прэсавая служба СБП.

На здымках: Алесь Разанаў, Людміла Рублеўская, Тацяна Беланогая.


Мастацкая выстава, прысвечаная творчасці М. Багдановіча

У Гарадзенскім музеі Максіма Багдановіча адкрыта мастацкая выстава, прысвечаная яго творчасці. Яе назва - "Вянок паэту".

Аўтары, якія прадставілі свае творы, - дзеці і падлеткі - навучэнцы мастацкай школы. Як мяркуе супрацоўніца музея Вера Белакоз, першыя наведнікі выставы ў захапленні ад творчых пошукаў і ўласнага перажывання творчасці Максіма.

- У гэтым і ўнікальнасць нашай выставы, таму што ўдзельнікамі з'ўляюцца маленькія мастакі. Найперш дзеткам запаў вобраз Вадзяніка, які ў свой час таксама запаў Максіму Багдановічу, калі бабуля Рузаля расказваля яму свае казкі. І ён напісаў верш "Вадзянік". Гэты верш таксама натхніў нашых дзетак - яны намалявалі свае карціны.

Вера Белакоз спадзяецца, што творчасць вялікага паэта вядома гродзенскім дзецям. Спадзяваннямі, праўда, ёсць і дзесяцігадовае чаканне помніка Максіму Багдановічу ў Гародні. А тых, хто хоча паспець азнаёміцца з творчасцю гарадзенскіх маладых мастакоў, музей запрашае. Выстава працягнецца да сярэдзіны сакавіка.

Якуб Сушчынскі , Гародня. Фота аўтара.



Гарадзенскае абласное аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў, Гарадзенская абласная Рада ТБМ, Сакратарыят ТБМ выказваюць шчырыя спачуванні Аляксею Міхайлавічу Пяткевічу з нагоды напаткаўшага яго гора, смерці вернага сябра і спадарожніцыпа жыцці, жонкі Марыі Міхайлаўны.

Няхай родная беларуская зямля будзе ёй пухам.


НЕСПРЫЯЛЬНЫЯ ЎМОВЫ ЗАХАВАННЯ I ЭКСПАНАВАННЯ КЕРАМІКІ, ЯК ФАКТАР ЯЕ ПАШКОДЖАННЯ ЦВІЛЕВЫМІ ГРЫБАМІ

Кераміка - найстаражытнейшы штучны матэрыял, які быў створаны чалавекам у выніку яго практычнай дзейнасці. Гістарычныя змяненні керамікі абумоўлены асаблівасцямі развіцця таго ці іншага грамадства. Менавіта таму яна з'яўляецца каштоўнай крыніцай вывучэння старажытнай вытворчасці, крыніцай этнаграфічнай, мастацкай і тэхналагічнай інфармацыі.

Керамічныя вырабы, як і іншыя помнікі гісторыі і культуры, з'яўляюцца матэрыяльнымі крыніцамі ведаў аб савакупным досведзе чалавецтва, яны дастаюцца нам не проста так, і каб мы маглі любавацца імі, вывучаць іх і ўспрымаць закладзеную ў іх інфармацыю, неабходна на высокім узроўні і своечасова праводзіць усе працэсы кансервацыі і рэстаўрацыі.

Неспрыяльныя ўмовы захавання і экспанавання керамікі без уліку яе асаблівасцей у кожным асобным выпадку могуць прывесці да поўнага яе разбурэння. Памылковым з'яўляецца сцвярджэнне, што кераміка, як неарганічны матэрыял, не падвяргаецца біялагічнаму пашкоджанню. Адсутнасць арганічных рэчываў у складзе керамічных вырабаў не выключае, магчымасці развіцця пры некаторых умовах калоній цвілевых грыбоў. Паверхневыя забруджванні, якія ўключаюць у сябе пыл і часцінкі арганічных рэчываў, ствараюць пры рэзкім змяненні тэмпературна-вільготнаснага рэжыму ўмовы для грыбной карозіі. Па рознаму афарбаваныя калоніі цвілевых грыбоў і налёт іх спор скажаюць выгляд помніка, маскіруюць роспіс.

Найбольшая ўвага захаванню і экспанаванкю керамікі ў неспрыяльных умовах звяртаецца ў музеях пад адкрытым небам (Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту), мемарыяльных музеях (філіялы музея Якуба Коласа ў Акінчыцах, Смольні, Альбуці), дзе прысутнічаюць нестабільныя ўмовы экспанавання і практычна немагчыма стварэнне стацыянарных умоў.

Экспазіцыя ва ўмовах перападаў тэмператур ад мінусавых узімку, да вышэй за +20С летам і адноснай вільготнасці (65 - 100%) паветра, прыводзяць да перыядычнага ўвільгатнення прадметаў і, нават да ўтварэння кандэнсату на іх паверхні - усё гэта забяспечвае спрыяльны тэмпературна-вільготнасны рэжым для існавання мікраарганізмаў на музейнай кераміцы. Акрамя гэтага забруджваецца паветра рознымі вокісламі азоту, серы, вугляроду, хларыдамі, сажай і ствараюцца ўмовы для атмасфернай карозіі. Мікраарганізмам, гэта стварае спрыяльныя ўмовы для адгезіі спор і пачатку росту, а з выкарыстаннем у якасці крыніцы харчавання бытавых забруджванняў, развіццё калоній можа дасягнуць значных памераў. Прычынамі развіцця цвілі на кераміцы могуць быць не толькі бытавыя забруджванні (як у выпадку этнаграфічнай керамікі), але і рэшткі глебы, якія застаюцца з раскопак (археалагічная кераміка), ці дробныя часцінкі пылу, што асядаюць нават на аб'ектах у шчыльна зачыненых вітрынах. Пры развіцці на кераміцы цвілевыя грыбы выдзяляюць прадукты сваёй жыццядзейнасці - арганічныя кіслоты і некаторыя фарбныя рэчывы (пігменты), якія з'яўляюцца таксама фактарамі хімічнага разбурэння керамічных вырабаў, паніжаюць механічную трываласць.

У выпадках наяўнасці біялагічнага пашкоджання керамікі часта назіраецца лушчэнне, растрэскванне ці памутненне палівы і знешніх слаёў керамікі, змяненне колеру роспісу, з'яўленне белага крышталічнага напёту міцэлія (дамавы грыб) і пігментных плямаў. Усё гэта значна зніжае эстэтычнае ўспрыяцце музейнага прадмета. Пры актыўным развіцці грыбных калоній на асобных участках могуць назірацца і механічныя пашкоджанні не толькі паверхневага, але і глыбокіх слаёў чарапка, што ў наступным можа прывесці нават да поўнага разбурэння прадмета.

Узнікненню мікадэструкцыі садзейнічаюць памылкі тэхналогіі вырабу, механічныя пашкоджанні ў перыяд карыстання, некаторыя захады папярэдніх кансервацый. Належыць браць пад увагу і агульную інфіцыраванасць керамікі, якая мае значнае падабенства з глебай. Споры мікраскапічных грыбоў могуць захоўваць жыццяздольнасць ў экстрэмальных умовах вялікія прамежкі часу.

З улікам вышэй пералічаных фактараў, рэстаўратарамі быў падабраны адпаведны матэрыял для кансервацыі і папаўнення страт экспанатаў, такі як даробачная маса - молатая керамічная крошка на аснове 5 - 10% раствору БМК-5 (супалімер бутылметакрылату з метакрылавай кіслатой) у ацэтоне, як адзін з спосабаў захавання і экспанавання керамікі ў неспрыяльных умовах. Палявыя выпрабаванні дадзенай методыкі ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту паказалі на працягу каля 20 год, ад пачатку выкарыстання, рэстаўратарам керамікі Івановай С. А., станоўчыя вынікі БМК-5.

Гэты матэрыял добра зарэкамендаваў сябе ў нестабільных тэмпература-вільготнасных умовах гэтага музея. Ен характарызуецца не толькі большай у параўнанні з іншымі матэрыяламі біяўстойлівасцю, але і павышанай света-, вільгаце- і тэмператураўстойлівасцю, абарачальнасцю і захаваннем растваральнасці пасля старэння.

На сёняшні дзень пашырэнне асартыменту палімераў дало магчымасць вырашэння рэстаўрацыйных праблем на болын якасным узроўні. Сучасныя палімерныя матэрыялы выкарыстоўваюцца не толькі для склейкі фрагментаў, але і ў якасці прапітачны умацоўваючых матэрыялаў, як вяжучых для даробачных мас і ў якасці ахоўных пакрыццяў.

Г.Б. Саўко.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX