Вярнуцца: 2012

№ 17 (1064)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 17 (1064) 25 красавіка 2012 г.

ТБМ прэзентавала новы партал

19 красавіка ў Менску адбылася прэзентацыя новага інтэрнэт-парталу tbm-mova.by Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў расказаў, што ад ідэі новага парталу да ўвасаблення прайшло досыць шмат часу, але высілкі каманды аднадумцаў таго былі вартыя. Па яго словах, непасрэдна на сайце задзейнічана валанцёрская група з пяці чалавек:

- Ідэя ў нас узьнікла ў жніўні мінулага году. Той сайт, які ў нас быў, ён вельмі слабы, рабілі нам яго, як кажуць, аматары, і зразумела, што ў сучасным свеце арганізацыя не можа існаваць без нармальнага парталу. І вось сёння мы яго нарэшце прэзентуе.

Партал даступны ў дзвюх моўных версіях - па-беларуску і па-ангельску. Асноўную перакладчыцкую працу ўзяў на сябе кіраўнік спраў ТБМ Дзяніс Тушынскі. Дарэчы, ён летась і быў ініцыятарам абнаўлення тэбээмаўскага парталу. Пачаўшы рупліва працаваць над праектам, заразіў сваім імпэтам усіх астатніх:

- Сапраўды, даўно наспела ідэя парталу, папярэдні сайт працаваў кепска. Калі канцэнтравацца непасрэдна на сваёй працы, на ангельскай версіі, то ў дзювюх папярэдніх рэалізацыях сайту англамоўнай версіі не было ўвогуле. Чаму ўзнікла ідэя яе паставіць? Хутчэй, яна прыйшла з гістарычнай сферы. Напрыклад, неаднаразова ўзгадвалася, што ў спрэчках беларускіх гісторыкаў, дапусцім, з літоўскімі назіраецца неадназначная сітуацыя. Літоўцы пішуць, што ВКЛ - гэта іхняя гісторыя, і ставяць гэта па-ангельску на сваіх сайтах, якія чытаюць замежнікі. І ўсё гэта потым ідзе ў міжнародныя выданні. Тады як нашы гісторыкі абмяжоўваюцца тым, што пішуць толькі ў беларускамоўных часопісах, і пра іх пазіцыю проста ніхто не ведае. Што дастаткова крыўдна.

Тое самае можна распаўсюдзіць і на спрэчныя пытанні, якія датычаць моўнай палітыкі. Таму адназначна вялікая актуальнасць якраз англамоўнай версіі, і ўсе тыя матэрыялы, якія мы хацелі перакласці, яны ўжо перакладзеныя. Далей, натуральна, нешта будзе дадавацца, шырыцца, множыцца і г.д. Ангельская версія не будзе поўным адпаведнікам беларускай, бо ёсць, напрыклад, расклад мерапрыемстваў на сядзібе ТБМ, якія замежнікам наўрад ці будуць цікавыя. Таму яны перакладацца, хутчэй за ўсё, і не будуць.

Мы хочам кантактаваць з усімі беларускамоўнымі сайтамі, парталамі, незалежна ад таго, дзяржаўныя яны ці недзяржаўныя, у Беларусі яны знаходзяцца ці за мяжой.

У сваю чаргу, Алег Трусаў кажа, што з дапамогай новага сайту аб'яднанне збіраецца істотна пашырыць рамкі сваёй дзейнасці, выйшаўшы, у тым ліку, на міжнародны ўзровень.

Распрацоўнікі сайту tbm-mova.by просяць актыўна далучацца да прапаганды беларускай мовы як у самой Беларусі, так і ў свеце і заклікаюць часцей зазіраць на абноўленую інтэрнэт-старонку Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Паводле Ігара Карнея.


Віншуем Алену Таболіч з юбілеем!

15 красавіка споўнілася круглая дата паэтцы і перакладчыцы Алене Уладзіміраўне Таболіч.

Алена Таболіч нарадзілася ў вёсцы Горна на Зэльвеншчыне. Вучылася ў Зэльвенскай сярэдней школе. Закончыла Менскі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе і працуе выкладчыкам на факультэце англійскай мовы. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт, вывучае праблемы параўнальнай лінгвістыкі. Актыўны сябар ТБМ. З вершамі і перакладамі англійскіх і амерыканскіх паэтаў выступае ў перыядычным друку. Апошнія выдадзены асобнай кнігай "Срэбны дождж" (1999). Выдала «Ліхтарык глогу: пераклады» (2006), «Ryhor Baradulin. Ksty (пераклады)» (2006). Адна з аўтараў-складальнікаў "Англа-беларуска-рускага слоўніка" (1989). Слоўнік змяшчае больш за 10 тысяч найбольш ужываных слоў і словазлучэнняў англійскай мовы. Як асобныя дадаткі, якія ўклала А.У. Таболіч, падаюцца спісы геаграфічных назваў, лічэбнікаў, няправільных дзеясловаў, найбольш ужываных абрэвіятур англійскай мовы, а таксама мер даўжыні і вагі. Алена Уладзіміраўна вывярала таксама фанетычную транскрыпцыю.

Адна з аўтараў "Кішэннага англа-беларуска-рускага слоўніка" (1995).

Усім сэрцам яна любіць сваю "малую Радзіму", вёсачку Горна, дзе часта адпачывае і працуе. Яе хвалюе ўсё, што адбываецца дома: экалогія, культура, дабрабыт вяскоўцаў, прырода - горненскія квяцістыя лугі, задумленыя пагоркі, светлае раздолле палёў.

Мае мары не ў Менску,

Мае мары

лятуць праз узгоркі,

Дзе шлях маіх продкаў

Быў светлы, і цяжкі, і горкі,

Дзе вочкі валошкі мне хочуць

У жыце ўсміхацца,

Дзе ў роскашы,

Вытканых з зёлак дзівосных,

Захочаш навекі застацца.

Як бачыце вы,

Я - родам гарнянка.

Зусім недалёка цячэ там

Рэчка Зальвянка.

Апошні прытулак знайду дзе -

Зусім невядома,

А сэрца і ўсмешка мая -

Заўжды будуць дома.

Алена Уладзіміраўна ведае некалькі замежных моў, але найпрыгажэйшай лічыць беларускую, бо як выдатны мовазнаўца тонка адчувае ўсю яе прыгжосць і непаўторнасць.


Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух

х выканання праекта "Захаванне гістарычнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці" ў памяшканні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя "Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух".

Канферэнцыю праводзіла ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у асобе Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.

Канферэнцыя праходзіла напярэдадні Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін і ў значнай меры мела на сабе адбітак гэтай даты.

Наталля Хвір, сакратар Упраўлення па ахове гістарычна-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі, падкрэсліла, што асаблівая ўвага ахове гістарычна-культурнай спадчыны стала надавацца з моманту набыцця Рэспублікай Беларусь незалежнасці. Складалася неабходная заканадаўчая база, і ў залежнасці ад таго, якія пытанні прапануе час, Мінстэрствам культуры ініцыюецца ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у заканадаўства.

- Дзякуючы супрацоўніцтву Міністэрства культуры з мясцовымі ўладамі, а таксама з краязнаўцамі, наладжана сістэма пастаяннага абнаўлення спісу гістарычна-культурных каштоўнасцяў. Ен на сённяшні дзень уключае 5425 аб'ектаў гістарычна-культурнай спадчыны, на якія распаўсюджваюцца патрабаванні закона Рэспублікі Беларусь аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны, - адзначыла Наталля Хвір. - Ахова культурнай спадчыны з'яўляецца клопатам не толькі дзяржаўных органаў улады. Міністэрства культуры гатова аказваць падтрымку розным грамадскім ініцыятывам.

Кожнаму, хто жыў у Савецкім Саюзе і жыве ў незалежнай Беларусі, відно, як адрозніваюцца падыходы да захавання гістарычнай спадчыны тады і цяпер.

Грамадскасць можа сёння вельмі шмат. Грамадскасць дамаглася, каб змяніла аблічча адна з вежаў Нясвіжскага палаца - людзі на гэта былі гатовыя ахвяраваць грошы. Грамадскасць, дзякуючы мэтанакіраванай працы краязнаўцаў па папулярызацыі гісторыі, адстойвала будынкі, якім пагражала знішчэнне. Грамадскасць звяртае ўвагу на тое, ці правільна вядуцца работы па рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і гатовая нават дапамагаць дзяржаве ў аднаўленні канкрэтных аб'ектаў - ды хоць праз працу тых жа валанцёраў. Не дзіва, што сустрэча краязнаўцаў была падтрымана Міністэрствам культуры.

Азірнуўся ў мінулае і асэнсаваў гэтую тэму ў часе Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук, сябар грамадскай рады пры Міністэрстве культуры:

- Першая і самая галоўная змена з тых, што адбыліся за гады незалежнасці Беларусі: адкінута тэорыя ваяўнічага атэізму. Пачалося гэта ў апошнія гады жыцця СССР. У 1988 годзе Гарбачоў дазволіў святкаваць 1000-годдзе хрышчэння Русі, а з 1989 года ў СССР пачалі вяртаць храмы і дазволілі будаваць новыя. За гэтыя гады ў Беларусі будуецца велізарная колькасць новых храмаў, а культавая архітэктура зноў стала неад'емнай часткай нашай гістарычнай спадчыны. Аднак паўсталі новыя праблемы: напрыклад, у якім стылі адбудаваць храм, калі ён паслядоўна належаў розным канфесіям і мяняў сваё аблічча, як полацкая Сафія? Што рабіць, каб не паўтаралася гісторыя з Барыса-Глебскай царквой у Наваградку, падмурак якой збудаваны яшчэ ў ХІІ стагоддзі, а купалы вежаў, нягледзячы на пратэсты грамадскасці, упрыгожылі псеўдарускія цыбуліны, якія сапсавалі яе гістарычныя абрысы, нават пры тым, што Міністэрства культуры было катэгарычна супраць. Чаму не браць за прыклад беларускага храмавага дойлідства Свята-Праабражэнскую альбо Сынкавіцкую цэрквы? Не хапае ў гэтым беларускай ментальнасці і беларускага патрыятызму.

Другое: рэстаўрацыя. У нас узнікла цэлая група людзей, якіх навукоўцы называюць "псеўдарэстаўратары". Чаму? Прыйшлі, разбурылі будынак, а потым робяць копію, як яны хочуць. А грошы ідуць як за рэстаўрацыю, расцэнкі за якую значна большыя, чым за звычайнае будаўніцтва. Мы павінны ўсё рабіць, каб захаваліся аўтэнтычныя будынкі, а не падробкі пад старажытнасць. Гэтыя працэсы ідуць у Гародні, Менску, Магілёве. Дзякуючы грамадскасці штосьці можна спыніць. Напрыклад, грамадскасць Магілёва метадычна спыняе праявы такой рэстаўрацыі.

Трэцяе: стан нашых могілак. Сотні вясковых могілак закінуты, бо вёскі выміраюць. Там прывольна адчуваюць сябе вандалы і п'яніцы. Наша мэта - гэтыя могілкі захаваць і дзякуючы валанцёрам прыбраць. А некаторыя ўключыць у спіс аховы помнікаў. Некаторыя, як Кальварыя ў Менску ці Вайсковыя могілкі, ужо ўключаны. А іх у нас сотні...

На канферэнцыі вельмі моцна былі прадстаўлены рэгіёны, і прыемна, што гэта былі ўсе вобласці.

- Краязнаўствам на Гарадзеншчыне займаюцца дзясяткі людзей, далучаюцца людзі маладыя, і тыя, што пайшлі на пенсію, на гэта трацяць свой вольны час. Хацелася б, каб іх веды перадаваліся далей - тым людзям, якія прыедуць з іншых гарадоў, з іншых краін. Але матэрыял недастаткова апрацаваны для гэтага, - тлумачыць Алесь Крой з Гародні. - Метадычныя турыстычныя распрацоўкі, якія ў нас існавалі ў 80-90-я гады, моцна састарэлі, яны патрабуюць тэрміновага перагляду з улікам новых ведаў. Але распрацоўваюцца новыя маршруты. Адзін з такіх турыстычных маршрутаў, які стварылі сябры Таварыства беларускай мовы па Гарадзеншчыне, прысвечаны акадэміку Яўхіму Карскаму, які нарадзіўся недалёка ад Гародні, у вёсцы Лаша...

Пра вёску, мястэчка ці нават любы беларускі горад можна распавесці так, каб чалавек мог атрымаць своеасаблівы культурны шок: ад таго, што адкрывае для сябе вядомыя мясціны наноў. Дзеля гэтага некалькі гадоў таму ў Беларусі з'явілася ініцыятыва фэсту экскурсаводаў. Сапраўды місія неабыякавых людзей, якія абсалютна бясплатна праводзяць экскурсіі для сваіх жа землякоў і ў асноўным па-беларуску.

Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік матэрыялаў. Выхад зборніка чакаецца ў верасні 2012 г.

Паводле Ларысы ЦІМОШЫК.


"Бацькаўшчына" заклікае абараніць гонар і годнасць беларусаў Прыбайкалля

Управа МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" выказвае вялікую занепакоенасць з нагоды крымінальнага пераследу Маладзёвага клуба "Крывічы" пры Іркуцкім таварыстве беларускай культуры імя Яна Чэрскага і яго старшыні - Алега Рудакова і звяртаецца па дапамогу ў адстойванні яго гонару і годнасці да беларусаў свету.

Як стала вядома, Следчае ўпраўленне Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі па Іркуцкай вобласці з падтрымкай СОБРА і Спецназа 12 красавіка каля 8.20 уварваліся ў масках і з аўтаматамі ў кватэру старшыні Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алега Рудакова і на сядзібу Таварыства.

Па інфармацыі Алега Рудакова, супрацоўнікамі праваахоўных органаў у яго на кватэры былі канфіскаваны 2 кампутары, ноўтбук і некаторыя кнігі, у тым ліку "Кто есть кто в Великой Отечественной войне" на рускай мове. На сядзібе ІТБК былі канфіскаваны: кніга "Антыбальшавіцкія паўстаньні на Беларусі", пяць каляндарыкаў з выявамі вайскоўцаў БНР і БКА, а таксама невядома кім пакінутая кніжачка па саенталогіі і тры нумары газеты "Наследие предков" за 2004 год.

Алегу Рудакову прад'явілі Пастанаўленне аб вобшуку, дзе было сказана, што заведзена крымінальная справа, у якой ён фігуруе як лідар "экстрэмісцкай групоўкі "Моладзевы клуб "Крывічы". Ксеракопію з Пастанаўлення зняць не дазволілі. "У Пастанаўленні аб вобшуку напісана, што я з'яўляюся духоўным лідарам гэтай групоўкі, што я "выбудаваў жорсткую іерархію і беспярэчнае падпарадкаванне мне, як лідару", што я выкладаю баявыя віды барацьбы і забараняю ў межах групоўкі размаўляць на рускай мове і шмат чаго яшчэ, што, безумоўна, лухта", - паведаміў Алег Рудакоў.

Такія неадэкватныя дзеянні былі выкліканыя тым, што праваахоўныя органы Іркуцка завялі крымінальную справу аб экстрэмізме супраць беларуса Аляксея Кухты, актывіста моладзевага клуба "Крывічы", створанага пры Іркуцкім таварыстве беларускай культуры. Аляксею Кухту выставілі абвінавачанне паводле артыкула "Узбуджэнне нянавісці альбо варожасці, а так-сама знявага чалавечай годнасці". Па інфармацыі Алега Рудакова, Аляксей Кухта размясціў на сваёй асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы "вконтакте" прафашысцкія і антысеміцкія выказванні і фотаздымкі. Так-сама ён з'яўляецца мадэратарам старонкі моладзевага клуба "Крывічы" "вконтакте". Там ён размясціў фільм "Беларускі рэзістанс" і фота дзеячаў БКА. Ен зрабіў гэта па ўласнай ініцыятыве, не папярэдзіўшы пра гэта Алега Рудакова. На думку апошняга, выглядае на тое, што Следчы камітэт і Аддзел па экстрэмізму вырашылі выслужыцца.

У сувязі з гэтай крымінальнай справай другі раз за тыдзень былі праведзены ператрусы ў кватэры старшыні Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алега Рудакова і на сядзібе Таварыства.

Спроба прыцягнуць Алега Рудакова да крымінальнай адказнасці як лідара "экстрэмісцкай групоўкі "Моладзевы клуб "Крывічы" выглядае абсалютна неабгрунтаванай і нават абсурднай. Ужо больш за 15 год Алег Рудакоў нястомна працуе на ніве папулярызацыі беларускай культуры ў Прыбайкаллі. Яго імя добра вядомае беларусам ва ўсім свеце. Мерапрыемствы, якія праводзяцца ІТБК і маладзёвым клубам "Крывічы" з'яўляюцца адкрытымі. На іх прысутнічаюць людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, прадстаўнікі органаў улады і СМІ. Відэарэпартажы пра дзейнасць Таварыства рэгулярна паказваюць па мясцовых тэлеканалах.

Алег Рудакоў узнагароджаны шматлікімі ганаровымі граматамі, у тым ліку Ганаровай граматай губернатара Іркуцкай вобласці. Ен з'яўляецца сябрам Кансультатыўны Савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. У красавіку 2010 года Указам № 195 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі за асабісты ўклад у захаванне традыцый беларускай культуры Алег Рудакоў быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" абуранае дзеяннямі Следчага ўпраўлення Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі па Іркуцкай вобласці, якія нават пры наяўнасці падставаў для ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да сп. Кухты, не мелі ні падставаў, ні маральнага права наносіць шкоду сваімі дзеяннямі Алегу Рудакову і Іркуцкаму таварыству беларускай культуры.

Управа Міжнароднага грамадскага аб'яднання Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" заяўляе што, Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага і створаны пры ІТБК моладзевы клуб "Крывічы" займаюцца выключна культурніцкай дзейнасцю, у прыватнасці дзейнасцю па адраджэнні і папулярызацыі духоўных і культурных каштоўнасцяў беларускага народа ў Прыбайкаллі, распаўсюджванні і падтрымцы беларускіх нацыянальных звычаяў, рамёстваў, абрадаў і мовы. Згуртаванне "Бацькаўшчына" шчыльна супрацоўнічае з ІТБК ад моманту стварэння Таварыства ў 1996 годзе. Кіраўніцтва "Бацькаўшчыны" добра ведае асабіста Алега Рудакова і многіх актывістаў ІТБК.

Управа Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" заклікае грамадскасць Беларусі, арганізацыі беларускай дыяспары па ўсім свеце абараніць гонар і годнасць Іркуцкага таварыства беларускай культуры і яе кіраўніка Алега Рудакова і дасылаць адпаведныя звароты ў амбасаду Расіі ў Беларусі і наўпрост у Пракуратуру Іркуцка.

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына". 17.04.2012 г.


Даведка

Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага было створана Алегам Рудаковым у 1996 годзе. Асноўная мэта Таварыства - адраджэнне, захаванне і развіццё духоўных і культурных каштоўнасцяў беларускага народа, распаўсюджванне і падтрымка беларускіх нацыянальных звычаяў, рамёстваў, абрадаў і мовы.

Іркуцкая гарадская моладзевая грамадская арганізацыя "Моладзевы клуб "Крывічы" (МК "Крывічы") афіцыйна зарэгістраваная ва Упраўленні Міністэрства юстыцыі Расійскай Федэрацыі па Іркуцкай вобласці 8 верасня 2009 года. Дадзеная арганізацыя займаецца вывучэннем беларускіх святаў, рамёстваў, песень і танцаў.

У Іркуцкай вобласці дзейнічае 11 аддзяленняў ІТБК. Акрамя моладзевага клуба "Крывічы", пры ІТБК дзейнічаюць 6 беларускіх фальклорных гуртоў, 3 дзіцячыя фальклорныя студыі, 2 харэаграфічныя дзіцячыя ансамблі, народны беларускі хор, 2 гурты аўтэнтычных беларускіх спеваў. У сядзібе Таварыства створаны бібліятэка беларускай літаратуры і музей-майстэрня "Беларуская хатка", дзе сабраны ўнікальныя экспанаты з беларускіх вёсак Прыбайкалля. У музеі іркуцкая моладзь займаецца старажытнымі беларускімі рамёствамі: саломапляценнем, сэнсавай вышыўкай, ткацтвам, паясапляценнем, выцінанкай, рэканструкцыяй нацыянальных беларускіх строяў і інш.

ІТБК рэгулярна ладзіць адзначэнне старадаўніх беларускіх святаў, такіх як Гуканне Вясны, Камаедзіца, Купалле, Дзяды, Каляды, праводзіць майстар-класы па навучанні беларускім народным танцам, беларускія гістарычныя вечарыны, этнаграфічныя экспедыцыі па беларускіх вёсках Прыбайкалля і інш. Штогод ладзіцца абласны Фестываль-конкурс "Гучы, гоман беларускі", на які з'язджаюцца калектывы з усяго Прыбайкалля.

У 2011 годзе Рэгіянальная грамадская арганізацыя "Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага" заняла першае месца ў конкурсе на лепшы нацыянальна-культурны цэнтр Іркуцка, які праводзіўся адміністрацыяй горада.


Прымем запавет настаўніка і паэта

Перастала біцца няўрымслівае і гарачае сэрца Віталя Гарановіча , настаўніка і паэта, старшыні Глыбоцкага аддзялення Таварыства беларускай школы. Яго патрыятычны і гуманістычны рытм перададены вучням і паплечнікам, змагарам за будучыню Беларусі, яе росквіт і гонар.

Віталь Рыгоравіч быў адным з першых кіраўнікоў адукацыйных устаноў краіны, што сталі сапраўды беларускімі, надзеяю вольнай Беларусі. І спілаваныя таполі вакол тваёй школы, дарагі сябар, дадуць новыя парасткі адраджэння, карані засталіся ў роднай зямлі.

Віталь Гарановіч нарадзіўся ў 1952 г. у вёсцы Ермакі Маладзечанскага раёна Менскай вобласці. Па сканчэнні сярэдняй школы служыў у войску, пэўны час працаваў у друкарні выдавецтва «Вышэйшая школа». У 1977 г. скончыў філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута імя Горкага. Затым жыў на Глыбоччыне. Працаваў настаўнікам, дырэктарам вясковых школ.

З 1983 па 2004 гады - дырэктар сярэдняй школы №3 г. Глыбокае. Пры ім адукацыйная ўстанова атрымала статус узорнай беларуска-моўнай школы, найбольш прэстыжнай у райцэнтры. Выдатнік асветы.

З 2004 г. быў старшынём райкаму прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі. Аўтар гiмну абласной арганiзацыi прафсаюзу.

Паэт, аўтар зборнікаў «Беразвечча» (1997), «Святло блакiту» (2002), «Саракi» (2007), «Нараджэнне вады» (2011). Прынцыпова заставаўся сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Здаецца зусім нядаўна, у верасні, мы былі разам на VІІІ асамблеі ТБШ у Менску, слухалі хвалюючае выступленне Віталя Рыгоравіча аб асветніцкай дзейнасці на Глыбоччыне, а цяпер смуткуем аб незваротнай страце і выказваем шчырыя спачуванні родным, сябрам, калегам і вучням.

Канцылярыя Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай школы»

Віталь Гарановіч

Запавет нашчадкам

Для кожнага ў свеце і сонца, і зоры,

І неба блакіт, і вятроў перазовы.

Крыніцы спатольнай сама чысціня,

Зямное імгненне пражытага дня.


Цані, чалавеча, усё на зямлі:

Снягоў сыпчакі, сілу грому з маланкай,

Бяскрайнасць пустыні, бакенаў агні,

Як толькі прачнешся штодня ты на ранку.


Ты самы шчаслівы - жывеш на зямлі

І маеш сяброў, табе роўных і родных.

І мову, як водар паветра, цані,

Нашчадкам, як дар, перадай яе годна.


Маці Зянона Пазьняка пахавалі ў Суботніках

Пасля цяжкой і працяглай хваробы памерла Ганна Яўхімаўна Пазьняк. Усяго некалькі дзён яна не дажыла да свайго 90-годдзя. "Доўгае жыццё Ганны Яўхімаўны было часткай жыцця нашага народу, з якім яна прайшла праз дзесяцігоддзі народнай драмы 20-га і 21-га стагоддзяў. Да апошняга дня зямнога існавання яна захавала вернасць роднай мове, любоў да беларускай зямлі і нашай культуры" , - гаворыцца ў некралогу.

У Менску на грамадзянскую паніхіду прыйшлі блізкія сябры Зянона Пазьняка, былыя дэпутаты апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання і актывісты КХП-БНФ.

Пахаванне адбылося на яе радзіме, у Суботніках, што на Іўеўшчыне.

Як распавёў намеснік старшыні КХП-БНФ Сяргей Папкоў, труна Ганны Пазьняк была падвезеная да яе роднага дома ў Суботніках, дзе сабраліся сваякі і суседзі нябожчыцы. Затым у касцёле адбылася пахавальная імша на беларускай мове.

На могілках развітальнае слова сказалі блізкія Ганны Яўхімаўны, былі зачытаныя лісты з Нью-Ерка Зянона Пазьняка і яго жонкі Галіны.

Юрась Беленькі, выканавец абавязкі старшыні КХП-БНФ сказаў:

- Такая асоба, як Зянон Пазьняк, дзякуючы якому Беларусь прыйшла да незалежнасці, была, у першую чаргу, сфармаваная маці - Ганнай Яўхімаўнай. Бацька Зянона Пазьняка загінуў на фронце ў 44-м годзе. Увесь клопат пра сына лёг на яе плечы.

Пахаваная Ганна Яўхімаўна Пазьняк была пад бел-чырвона-белым сцягам, побач са сваімі бацькамі.

Згадваючы маці і свае дзіцячыя гады, Зянон Пазьняк пісаў так: "Асяроддзе, у якім праходзіла маё дзяцінства, - гэта асяроддзе віленскіх і суботніцкіх бацькавых (загінуў на фронце ў снежні 1944-га) і матчыных сяброў. Яны часта збіраліся ў нас. Маці ставіла на стол патэфон, слухалі музыку і размаўлялі. Я любіў гэтыя зборкі. Мне падабалася слухаць, пра што яны гаварылі: пра вайну, пра Вільню, пра даваенны час, пра бацьку і дзеда Яна, які выдаваў "Крыніцу" (у 1939 дзеда Яна арыштавалі і забілі бальшавікі).

Чытаць я навучыўся ў пяць гадоў, і бабуля "Маня" (Марыя Адамаўна) казала мне, што калі я вырасту, яна прывязе з Вільні кнігі дзеда Яна, і я прачытаю пра ўсё. (Бібліятэкі дзеда я так і не знайшоў - НКВД знішчыў дазвання). А маці паказвала мне "Зорачку" (дзіцячы дадатак да "Крыніцы") і чытала адтуль надрукаваныя школьныя вершы дзядзькі Яся (мамінага брата), што загінуў у савецкім танку ў 1945-м:

Усюды ціха, усюды сумна,

Палі пустэчаю ляжаць,

І журавелькі

ў паднябессі -

Абсяг,

што вокам не абняць."

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" выказваюць шчырыя спачуванні шаноўнаму Зянону Станіслававічу з нагоды напаткаўшага яго гора.

Будзем спадзявацца, што не за гарамі той час, калі Зянон Пазьняк сам зможа прамовіць сыноўскае "Даруй" перад магілай маці ў Суботніках.


Вечарына памяці Якуба Якубоўскага

Вечарына адбывалася пры перапоўненай аўдыторыі, удзельнікаў прывітала Алена Анісім, якая адкрыла імпрэзу і адзначыла, што яна праводзіцца Таварыствам беларускай мовы ў межах кампаніі "Будзьма". У адпаведнасці з традыцыяй беларускіх татар на пачатку Мустафа Канапацкі прачытаў малітву - ясін на ўспамін аб Якубе Якубоўскім.

Далей рэй вялі беларускі паэт Яўген Гучок і даследчыца гісторыі і культуры беларускіх татар Разалія Александровіч. Яна нагадала аб цікавым гістарычным супадзенні - Якубоўскі нарадзіўся ў 1932 годзе, калі ў Вільні пад рэдакцыяй Леона-Наймана-Мірзы Крычынскага пабачыў свет "Rocznik tatarski" - першае выданне для татараў на землях былога ВКЛ. Так што дзейнасць Якуба Якубоўскага як стваральніка квартальніка "Байрам. Татары на зямлі Беларусі" была як бы перадвызначана. Разалія перадала цёплыя вітанні ўдзельнікам ад народных паэтаў Ніла Гілевіча і Рыгора Барадуліна, іх жаль, што не могуць прысутнічаць з-за стану здароўя.

Вялікую цікавасць сабраўшыхся выклікала ўяўнае інтэрвію з Якубам Адамавічам, калі на 10 пытанняў Разаліі Александровіч вытрымкамі з прадмоў да "Байрама" ад імя галоўнага рэдактара адказвала яго жонка Тацяна Якубоўская. На апошняе пытанне пра крэда адказ Якуба Якубоўскага быў такі: "Трэба знайсці сабе занятак, які пакіне след у памяці нашчадкаў. Трэба працаваць так, як быццам ты будзеш жыць вечна, але жыць так, як быццам сёння памрэш і ўжо нічым не паправіш сваіх правінкаў-грахоў. Свае добрыя справы мусульманін не павінен афішыраваць, калі ён робіць іх патаемна і бескарысліва, то яны прыносяць людзям найбольш дабра".

Літаратуразнаўца, даследчык нацыянальнага адраджэння на Беларусі Леанід Лыч выказаў занепакоенасць, што да гэтага часу не з'явілася асоба, якая змагла бы прадоўжыць справу Якуба Якубоўскага, што зараз назіраецца заняпад нацыянальна-культурнага руху сярод татар, аднак надзея на яго адраджэнне не згасае.

Акадэмік Радзім Гарэцкі ўзгадаў аб сумеснай плённай працы з Якубам Якубоўскім як загадчыкам рэдакцыі геаграфіі, геалогіі і геафізікі па стварэнні "Энцыклапедыі прыроды Беларусі", ён ацаніў гэтае выданне як унікальнае, да гэтага часу не страціўшае сваёй вартасці як крыніца звестак аб розных галінах прыродазнаўчай навукі ў Беларусі.

Калега па рэдакцыі ў Беларускай энцыклапедыі Ігар Афнагель распавёў пра сумесную працу, адзначыў, што Якуб Адамавіч быў выключна дэмакратычным, эрудзіраваным, выдатна падрыхтаваным для энцыклапедычнай працы, з якім было працаваць цікава і павучальна. Ігар Яўгенавіч засведчыў, што ідэя стварэння "Энцыклапедыі прыроды Беларусі" належала менавіта Якубоўскаму, ён здолеў яе ўвасобіць па сваёй задумцы.

Паэт Васіль Жуковіч прачытаў шчымлівы верш "Быў святлом ён гаючым", прысвечаны светлай памяці Якуба Якубоўскага. На вечарыне гучала шмат паэзіі - вершы Рыгора Барадуліна, Яўгена Гучка, пераклады Міхася Маліноўскага, хоць і абмяркоўваліся сурёзныя пытанні, але гэта надавала дзеі лірычны настрой.

Міхась Міхайлавіч у сваім выступе распавёў пра сяброўства і дапамогу Якуба Адамавіча ў яго выдавецкіх справах, падараваў сям'і свае кнігі, у якіх ёсць успамін пра Якубоўскага.

Мастак Алесь Цыркуноў прэзентаваў створаны з нагоды 80-х угодкаў з дня народзінаў партрэт Якуба Якубоўскага, на якім усе ўбачалі ўзнёслы, светлы. духоўны вобраз шляхетнага інтэлігента, які з надзеяй углядаецца ў будычыню, а за ім на старажытным мізары пакаленні продкаў, што палеглі на зямлі беларусаў у змаганні за яе волю, з постаццю прывіда, які нагадвае Вялікага Беларуса, што ўсё яшчэ блукае ў пошуках лепшай долі.

Выказваліся з успамінамі таксама сябры, што вучыліся разам з Якубам Адамавічам ва ўніверсітце, цяпер самі выкладчыкі ўніверсітаў - Анатоль Лепешаў і Ядвіга Аношка, калега па энцыклапедыі Галія Фатыхава, якую шанаваў Якуб як адзінаверку. Гісторык і старшыня суполкі "Спадчына" Пятро Русаў зацікавіўся набыткамі Якубоўскага як даследчыка беларуска-татарскіх дачыненняў на Беларусі, Зарына Канапацкая распавяла пра сяброўскую супрацу яе бацькі Ібрагіма Канапацкага і Якуба Ядамавіча.

Многімі цікавымі ўспамінамі аб сяброўстве з Якубам Адамавічам падзяліўся Яўген Гучок.

На заканчэнне вечарыны прагучаў гімн беларускіх татар на словы Якуба Якубоўскага "Мы з Іманам жывем на зямлі Беларусі", музыку да якога напісала татарскі кампазітар Дзінара Мазітава з Ліды ў свае 12 гадоў.

Наш кар.


Жыццёвы шлях Якуба Адамавіча Якубоўскага 20.04.1932 - 14.09.1998

Памяць пра чалавека - у яго словах і справах. У словах чалавек імкнецца выказаць свае мэты, надзеі, жаданні, а справы - гэта зробленае, тое, што яму ўдалося ўвасобіць, у чым ён рэалізаваўся. Калі справы накіраваныя да высокіх мэт, служаць развіццю грамадства, духоўнасці, калі ў аснове гэтых дзей ахвярнасць, то іх творца - Асоба. У Якуба Якубоўскага быў талент арганізоўваць сваё жыццё дзеля высокай мэты. Была здольнасць падпарадкоўваць гэтай мэце навакольны абшар і тых, хто насяляе яго - родных, блізкіх, сяброў, знаёмых і малазнаёмых людзей. Быў талент знаходзіць цікавых людзей і прыцягваць іх да сваіх спраў. Былі добрапрыстойнасць, працавітасць і бескарыслівасць.

Якуб (Куба) Якубоўскі нарадзіўся ў вёсцы Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Ен вырас другім сынам з чатырох у татарскай сям'і Раісы Хасеньеўны і Адама Мустафавіча. Пры Польшчы скончыў два класы, таму ўмеў чытаць і гаварыць на польскай мове. У той Камайскай школе выкладалі Закон Божы, і татарскіх дзяцей, як і габрэйскіх, ксёндз адпускаў з урокаў, але Якуб часта заставаўся ў класе, таму ведаў "Ойча наш" і іншыя малітвы.

Вайна прынесла няшчасце ў сям'ю Якубоўскіх. У 1943 годзе ўзімку падчас бою партызан з нямецкім гарнізонам у Камаях згарэла хата, кароўка ў адрыне і ўсё нажытае. Сям'ю прытулілі далёкія сваякі-татары. Праз некаторы час перабраліся ў мястэчка Відзы на Браслаўшчыну, у старую хату сваякоў маці. Пры вызваленні Заходняй Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў ішлі ўпартыя баі, фронт не раз каціўся праз мястэчка. Хлапчукі былі неабачлівыя і часта траплялі ў небяспечныя сітуацыі: аднойчы куля зачапіла скронь Якуба, праляцеўшы міма...

У 1944 годзе ізноў пайшоў у школу, у 5-ты клас. Абпаленыя вайной падлеткі да вучобы ставіліся вельмі сур'ёзна, вучоба для іх была найважнейшым справай. Якуб адрозніваўся зацятасцю і меў выдатную памяць. Незадоўга да заканчэння дзесяцігодкі юнак страціў зрок на левае вока - бяльмо закрыла зрэнку. Гэтае няшчасце моцна паўплывала на фармаванне яго характару. Тады ён вызначыў для сябе першую звышзадачу: не адставаць ад здаровых таварышаў у набыцці ведаў і культурным развіцці.

Пасля школы сямейныя акалічнасці вымусілі пайсці зарабляць свой хлеб і дапамагаць сям'і. Працаваў з 1949 года ў розных школах Відзаўскага раёна піянерважатым і настаўнікам у малодшых класах. Пачаў завочна вучыцца ў Менскім настаўніцкім інстытуце і скончыў яго ў 1955 годзе як настаўнік гісторыі. За гады настаўніцтва шмат чытаў, сістэматычна асвойваў поўныя зборы твораў Драйзера, Сервантэса, Льва Талстога, Дастаеўскага і іншых. Захапіўся эсперанта і стэнаграфіяй. Трэніраваў памяць, завучваючы штодня газэлі і рубаі Амара Хаяма, Рудакі, Саадзі, Дэхляві, любіў кітайскую паэзію. У дасканаласці ведаў гісторыю старажытнага свету, у антычнасці знайходзіў прыклады для пабудовы ідэальнай дзяржавы будучыні.

У тыя ж гады сталі відавочнымі сур'ёзныя парушэнні ў працы сэрца і абмене рэчываў. Якуб успрыняў гэта таксама вельмі хваравіта і яшчэ больш засяродзіўся на тым, каб не саступаць здаровым людзям у працавітасці і ведах. І гэтая ўстаноўка разам з уласцівымі татарам-мусульманам добрапрыстойнасцю, адказнасцю і працавітасцю стала рухавіком яго жыцця. Усё жыццё ён вучыўся: у 1962 годзе скончыў стацыянарнае аддзяленне геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1982 - завочна Менскі дзяржаўны інстытут па спецыяльнасці гісторыя і грамадазнаўства, у 1989 - той жа інстытут па спецыяльнасці беларуская мова і літаратура, і ўсе дыпломы з адзнакай, што, безумоўна, вельмі радавала.

Кожная курсавая і дыпломная праца ператвараліся ў глыбокае даследаванне, якое нагадвае працу над кандыдацкай дысертацыяй. Тэмы для прац выбіраў сам, выкладчыкі не пярэчылі. Асабліва запомнілася курсавая, прысвечаная Адаму Міцкевічу. Была паднятая ўся даступная літаратура, сабраныя копіі ўсіх партрэтаў паэта, ілюстрацыі да твораў, шматлікія творы ў арыгінале, у тым ліку рэдкае варшаўскае выданне "Sonety krymskie". Але самой вялікай каштоўнасцю ў гэтым зборы былі лекцыі па славянскай літаратуры, якія чытаў Адам Міцкевіч у Сарбоне. Якуб Адамавіч лічыў, што ніхто не перасягнуў паэта ў даследаванні гэтай літаратуры.

Была яшчэ завочная аспірантура на геаграфічным факультэце БДУ, якую Якуб Адамавіч скончыў у 1968 годзе. Пад кіраўніцтвам прафесара Ў.Г. Заўрыева ён правёў даследаванні тэрмічнага рэжыму малых азёр на Поўначы Беларусі. Аднак за гады вучобы ў аспірантуры адбыліся падзеі, якія змянілі жыццёвыя арыентыры Якуба. Ен ажаніўся, нарадзілася дачка, але галоўнае - з 1968 года Я.А. Якубоўскі пачаў загадваць галіновай рэдакцыяй геаграфіі, геалогіі і геафізікі ў нядаўна ўтворанай Галоўнай рэдакцыі Беларускай савецкай энцыклапедыі (так тады звалася выдавецтва). Галоўную рэдакцыю ўзначальваў народны паэт БССР Пятрусь Броўка, тэрміналагічную камісію - народны пісьменнік Кандрат Крапіва. Калектыў быў абхоплены запалам, творчым натхненнем. Выпрацоўвалася канцэпцыя ўніверсальнага нацыянальнага энцыклапедычнага выдання, бо нічога падобнага ў іншых рэспубліках СССР тады яшчэ не было. Паўстала мноства пытанняў: якім павінна быць суадносіны беларускага і ўніверсальнага матэрыялу, што павінны асвятляць галіновыя раздзелы, як скласці і абгаварыць словаспісы і інш. Умовы максімальна магчымай у той час дэмакратычнасці, мяккага кіраўніцтва, мінімальнага адміністравання і бюракратызацыі, што зацвердзіліся не без уплыву Пятруся Броўкі, вельмі спрыялі паспяховай працы. І такі факт, што галоўны рэдактар займаў кабінет Якуба Коласа, таксама дапамагаў наладжванню паспяховай працы, таму што кожны, хто ішоў на вялікі дыван у Коласаўскім кабінеце, пачуваўся спадчыннікам справы Вялікага Пясняра.

Перспектывы ўдзелу ў справе стварэння першай беларускай энцыклапедыі захапілі поўнасцю. У параўнанні з імі аспіранцка-дысертацыйныя справы здаліся дробязнымі, меркантыльнымі, яны былі забытыя. Якуб Адамавіч па ведах і досведу навуковых даследаванняў быў добра падрыхтаваны для энцыклапедычнай працы. Ен патрапіў у свой Лёс: у патрэбны час апынуўся ў патрэбным месцы.

І поспехі радавалі, жыццё перацякала ў тамы энцыклапедычных выданняў. Спачатку 12-томавая ўніверсальная БЕЛСЭ, за якую разам з калегамі ў 1976 годзе атрымаў званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР "За заслугі ў адраджэнні нацыянальнай самасвядомасці і культуры беларускага народа". Сярод іншых выданняў любімым стварэннем Якуба Адамавіча была пяцітомная "Энцыклапедыя прыроды Беларусi" (ЭПБ), бо ў ёй удалося ўвасобіць сваё бачанне энцыклапедычнага выдання аб прыродзе рэгіёна. Гэтая энцыклапедыя падрыхтоўвалася разам з рэдакцыяй біялогіі, загадваў якой у той час зямляк Якуба Н.А. Дзісько. За пяць гадоў, пакуль стваралася энцыклапедыя (выйшла ў 1983 - 1986 гадах), лепшыя навукоўцы - геолагі, географы, эколагі і біёлагі з навукова-даследчых, акадэмічных і вышэйшых вучэбных устаноў Беларусі - былі аўтарамі гэтага выдання. Фактычна, ЭПБ адлюстроўвае стан беларускай прыродазнаўчай навукі ў сярэдзіне 1980-х гадоў ХХ стагоддзя. Пасля былі іншыя выданні, усяго больш, чым у 30 энцыклапедычных тамах стаіць імя Я.А. Якубоўскага як загадчыка рэдакцыі.

Энцыклапедычны перыяд жыцця Якуба Адамавіча доўжыўся 35 гадоў. Менавіта на яго прыходзяцца ўсе гады вучобы ў ВНУ. Займацца ўдасканаленнем сваёй адукацыі і ўвесь вольны час прысвячаць набыццю ведаў было стылем яго жыцця. Клопаты аб здароўі лічыў прыметай благога тону. З часам назапасілася стомленасць, адчуваўся душэўны дыскамфорт, як звычайна здараецца пры набліжэнні пенсійнага веку. А тут яшчэ ў 1989 годзе на руках у Якуба памірае старэнькая маці, якая апошнія 10 гадоў жыла ў доме сына. У той жа час Якуб Адамавіч добраахвотна адмовіўся ад пасады загадчыка рэдакцыі на карысць маладога калегі. Гэты ўчынак здзівіў і таварышаў па рэдакцыі і начальства, таму што ніхто не папракаў яго, што не спраўляецца з абавязкамі.

Аднак крызісны стан духу было нядоўгім. У канцы 1980-х - пачатку 1990-х гадоў адкрылася магчымасць нацыянальнага адраджэння беларусаў і іншых народаў, якія жывуць на нашай зямлі. Якуб Адамавіч заўсёды падкрэсліваў, што ён татарын, ніколі не хаваў гэтага. У 1989 годзе ён пазнаёміўся з адукаваным татарынам, дацэнтам педінстытута Ібрагімам Барысавічам Канапацкім. Гэтае знаёмства стала вызначальным у далейшым жыцці. Якуб Адамавіч знайшоў сабе не толькі паплечніка і аднадумца ў татарскіх справах, але і вернага сябра. Разам абмяркоўвалі планы працы па адраджэнні культурнага і рэлігійнага жыцця ў татарскіх грамадах Менска, Менскай вобласці і ўсёй Беларусі. Шукалі зацікаўленых у гэтай справе татараў, абапіраліся на сяброўскую падтрымку ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі, наладжвалі сувязі з татарамі ў Маскве, Казані, Крыме, Літве, Польшчы, са студэнтамі-мусульманамі з арабскіх краін, якія вучыліся ў Менску. Марылі аб аднаўленні Менскай мячэці і іншых разбураных мусульманскіх храмаў, бо да таго часу заставалася адзіная ў Беларусі мячэць у Іўі Гарадзенскай вобласці. Як асабістую трагедыю ўспрынялі акт нядаўняга вандалізму - знішчэнне менскага мізара (татарскіх могілкаў) і падрыхтоўкі на яго месцы пляцоўкі для спартовага будынка.

І неўзабаве з'явіліся першыя поспехі ў татарскім руху. У 1990 годзе было створана Таварыства татараў-мусульман Беларусі "Аль-Кітаб", прэзідэнтам якога абралі дырэктара гімназіі Абубекіра Шабановіча, а віца-прэзідэнтамі - І.Б. Канапацкага і Я.А. Якубоўскага. У красавіку 1991 года выходзіць першы нумар штоквартальнага часопіса гэтага таварыства "Байрам. Татары на зямлi Беларусi" на беларускай мове. Якуб Адамавіч сваё месца і свае мэты ўвогуле справе беларуска-татарскага адраджэння ў той час звязваў з гэтым часопісам, складальнікам і рэдактарам якога ён быў. Выдаваўся тады часопіс на асабістыя сродкі Ібрагіма Канапацкага і Якуба Якубоўскага.

Да моманту сыходу на пенсію ў 1992 годзе былі знойдзеныя прывабныя мэты ў жыцці, якія адпавядалі імкненням пакінуць аб сабе добрую памяць. Неўзабаве паўстала ідэя стварэння энцыклапедычнага выдання "Татары Беларусi, Лiтвы i Польшчы". Як пачынаецца любая энцыклапедыя, Якуб Адамавіч добра ўяўляў: са словаспісу - алфавітнага пераліку ўсіх тэрмінаў, аб якіх будуць артыкулы ў энцыклапедычным даведніку. Веды ж аб татарах Беларусі назапашваліся паступова. Аднаўленне пласт за пластом напаўзабытай гісторыі і культуры гэтага народа было магчыма толькі з адраджэннем праўдзівай гісторыі беларусаў, у асяроддзі якіх 600 гадоў жылі татары, мовай якіх карысталіся, захоўваючы сваю рэлігію, бытавы ўклад і культурныя традыцыі. Лёс беларускіх татараў і карэннай нацыі настолькі цесна перапляліся, што падзяліць іх гісторыю аказалася немагчымым. Таму ў словаспіс энцыклапедычнага даведніка па меры працы над ім уключаліся тэрміны, якія, на першы погляд, і не тычыліся татараў. Таму і першапачатковая назва энцыклапедыі некалькі раз удакладнялася і ў канцы канцоў трансфармавалася ў "Энцыклапедыю для беларускiх татараў" ("Байрам", 1998, № 1, з. 70). Канцэпцыя яе была выкладзеная ўжо ў 1992 годзе ў артыкуле Я. Якубоўскага "Разважанне пра даведнiк аб татарах" ("Байрам", 1992, № 2, з. 71), а ў № 3 за той жа год ужо быў надрукаваны словаспіс на літару А з кароткімі дэфініцыямі. Там жа апублікаваныя і першыя выпрабавальныя (узорныя) артыкулы да гэтага даведніка. Цікава, што першым быў змешчаны артыкул "АДАМ, першы чалавек, створаны Алахам, заснавальнік роду чалавечага, прапаведнік і прарок (расул) Алаха..." . У гэтым Якуб Адамавіч сцвярджаў гуманістычную аснову будучага выдання.

У 1992 годзе склаліся будучыя прыярытэты ў жыцці. Асноўныя мэты складаліся ў стварэнні словаспісу энцыклапедычнага даведніка аб татарах, напісанні 300 пробных артыкулаў да яго і выданні квартальніка "Байрам". Праца па складанні словаспісу ішла не так хутка, як хацелася. Так, шмат часу пайшло на даследаванне цюркізмаў у беларускай мове. Каля паўгода ён правёў у бібліятэках, вывучаючы пытанне, складаючы картатэку па "Слоўніку цюркізмаў у рускай мове" Е.М. Шылавай, вышукваючы цюркізмы ў пяцітомавым "Тлумачальным слоўнiку беларускай мовы" і да т.п. Патрабаўлася час і на складанне самога словаспісу цюркізмаў з указаннем крыніц, які ўтрымоўваў каля 600 слоў. І такіх праблем было нямала, а вырашаць іх часцей за ўсё прыходзілася самому.

Не ўсе пробныя артыкулы рабіў сам Якуб Адамавіч, але тыя, што ён пісаў, максімальна ахаплялі праблему або пытанне. Такім быў артыкул "Жыта", укладваў душу і ў цыкл артыкулаў аб пчалярстве (бортніцтве), ды ў кожны, які рыхтаваў. Аднак устанавіць зараз, якія артыкулы напісаныя або складзеныя ім, немагчыма, таму што ён лічыў недапушчальным пазначыць, што іх рыхтаваў Я. Якубоўскі. Усё жыццё Якуб Адамавіч прытрымліваўся правіла, што свае добрыя справы мусульманін не павінен афішаваць. Калі ён робіць іх таемна і бескарысліва, то яны прыносяць людзям больш дабра.

Аднак сваю грамадзянскую пазіцыю не хаваў. Выказваў яе і ў гарачай прамове на мітынгу ў абарону волі чачэнскага народа падчас першай Чачэнскай вайны, і ўдзелам у іншых мітынгах апазіцыі, на якіх звычайна трымаў у руках бел-чырвона-белы, з паўмесяцам пасярэдзіне, сцяг беларускіх татараў, і наўмыснай адсутнасцю на афіцыйных урачыстасцях з нагоды 600-годдзя пасялення татараў на землях Вялікага Княства Літоўскага, чакаючы якіх-небудзь непрыемнасцяў ад афіцыёзу. Так яно і атрымалася: на тых урачыстасцях не гучала беларуская мова, што было вельмі балюча Якубу Адамавічу.

Праца над часопісам захоплівала, хоць ён і імкнуўся часамі вызваліцца ад яе на карысць энцыклапедычнай. Але да апошніх дзён Якуб Адамавіч не пакінуў гэтай справы. Дасягненні і недахопы гэтай дзейнасці грунтоўна даследаваў паважаны прафесар Леанід Лыч.

Якуб Адамавіч быў вельмі шчаслівы, калі знакаміты гісторык А. Грыцкевіч і мастак А. Белы ўручылі яму самую дарагую ў жыцці ўзнагароду "За выданне на беларускай мове квартальніка беларускага таварыства татараў-мусульман "Байрам" і актыўны ўдзел у татарскім і беларускім нацыянальна-культурным адраджэнні" - медаль Міколы Шчыкаціхіна і адпаведны дыплом з занясеннем імя Якубоўскага ў кнігу пашаны "Руплiўцы твае, Беларусь". Было гэта 22 сакавіка 1998 года.

У красавіку 1998 года Якуб Адамавіч дадрукаваў на хатняй друкарскай машынцы апошнюю старонку словаспісу для "Энцыклапедычнага даведніка для татараў Беларусі", 10000 тэрмінаў з дэфініцыямі, адкінуўся ў крэсле і сказаў: "Усё! Выканаў!"

Усе справы былі прыведзеныя ў парадак, мэты дасягнутыя. Можна было адпачыць упершыню за многія гады. Аднак наканавана было іншае... Хутка і загадкава пачала прагрэсаваць хвароба, дыягназ прагучаў у канцы ліпеня як прысуд.

Сябры-мусульмане з вялікімі ўшанаваннямі пахавалі Якуба Адамавіча на старажытным мізары ў Смілавічах, пад векавой хвояй, якая шуміць аб вечнасці над яго апошнім прытулкам. Ля магілы, абкладзенай па татарскім звычаі беларускімі каменчыкамі, сцяжынка, і кожны мінак спыняецца тут. Хто можа, прамаўляе малітву, хто проста маўчыць у задуменнасці, прачытаўшы на надмагіллі "Алаху належым і да яго вяртаемся".

ПаводлеТацяны Якубоўскай . (З нязнач. скаротамі.)


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў траўні

Абухоўскі Юры Адамковіч Аляксандр Эдм. Азарка Вольга Уадзіміраўна Акуленка Міхаіл Александровіч Разалія Адам. Алесіна Таццяна Міхайлаўна Аляшчэня Мікалай Мікал. Анапрыенка Ірына Анішчык Барыс Вітальевіч Апалька Жанна Віктараўна Арлоў Валянцін Мікалаевіч Аскерка Зміцер Астахновіч Андрэй Казімір. Бабіч Юры Міхайлавіч Бакшун Валянціна Баланчук Эдуард Мікалаевіч Баркун Юры Васільевіч Бародзіч Сямён Дзмітрыевіч Бароўскі Анатоль Мікалаевіч Богуш Святлана Яўгенаўна Бордак Уладзімір Адамавіч Брыцько Уладзімір Буднік Янка Фёдаравіч Буз Андрэй Віктаравіч Буката Людміла Аляксандр. Бушлякоў Юрась Сямёнавіч Быкава Надзея Мартынаўна Быстранкова Таіса Вікенц. Бяйдук Наталля Вайцэховіч А.Р. Валіцкая Іна Валошчык Мікола Антонавіч Валчок Ліля Вараб'ёў Уладзімір Раманавіч Васілеўская Кацярына Васільева Кацярына Васільчук Іван Дзмітрыевіч Вішнеўская Дар'я Дзмітр. Галубовіч Вольга Галустаў Эдуард Гарбачэўскі Васіль Гладкі Леанід Анатольевіч Гнеўка Анатоль Лявонавіч Грудзіна Аляксандр Пятр. Грумо Зміцер Грышкевіч Кірыла Уладзім. Давыдзік Кацярына Канстан. Даніловіч Раіса Дзяконскі Аляксандр Алякс. Драўніцкая К.М. Драўніцкі Іван Пятровіч Дрозд Галіна Думанскі Аляксандр Жабінская Марыя Пятроўна Жукоўская Таццяна Яўген. Жураўлёва Таццяна Сярг. Іванова Анфіса Міхайлаўна Ісайкіна Вольга Юр'еўна Кабылка Віталь Кавальчук Галіна Тадэвуш. Казакевіч Юры Іосіфавіч Калакольцава Аліна Калацкая Вольга Калеснікава Алена Уладзімір. Каляда Ніна Фёдараўна Камко Наталля Юр'еўна Кампанеец Святлана Юр'еўна Кандракоў Міхаіл Валер'евіч Кандратовіч Ян Янавіч Кандрацьеў Андрэй Васіл. Карнееў Віктар Васільевіч Кароль Аляксей Сцяпанавіч Карпінская Юлія Карповіч Андрэй Іванавіч Карцель Настасся Касавец Іван Язэпавіч Касцюк Георгі Васільевіч Каўлярова Т. М. Клімуць Вольга Кляшторная Мая Тодараўна Корзан Сцяпан Уладзіміравіч Корзан Уладзімір Сцяпанавіч Корзан Яніна Браніславаўна Кот Алена Коўган Сяргей Яўгенавіч Кравец Дзмітры Юр'евіч Крук Віктар Фёдаравіч Кручкоў Сяргей Мікалаевіч Кудрашоў Віктар Лабачоў Яўген Дзмітрыевіч Лагун Вольга Эдвардаўна Лапо Аляксандр Іванавіч Латоцін Лявон Алякандравіч Лебедзева Наталля Мікал. Леўшык Станіслаў Станіслав. Лук'янцаў Кірыла Лытнёў Міхаіл Ляскоўская Зоя Нікіфараўна Майсеня Людміла Іосіфаўна Макарскі Андрэй Георгіевіч Макарчык Уладзімір Малышава Галіна Малько Пётр Іванавіч Мальцава Ганна Валянцін. Марцінкевіч Яўгенія Мацвеева Тацяна Генадз. Мацвееў Максім Іванавіч Мекшыла Мікалай Міцкевіч Кастусь Міцкевіч Яўген Фаміч Моніч Алесь Мурашка Людміла Мікал. Мяснянкіна Ала Міхайлаўна Навасельская Таццяна Уладз. Нарушэвіч Міхаіл Алегавіч Натынчык Уладзімір Алякс. Ніжанкоўская Ірына Уладзіс. Нікіпорчык Віктар Отчык Андрэй Панізьнік Сяргей Сцяпанавіч Паплаўская Ірына Станіслав. Паўлаў Міхаіл Іванавіч Паўлініч Валеры Валерыяв. Пашкевіч Ігар Пералыгін Алесь Петрашкевіч Алесь Лявон. Пожанька Ігар Леанідавіч Пратасавіцкая Марыя Георг. Праўдзін Віктар Аляксандр. Пуцікаў Ілля Пыжык Аляксей Пятрашка Майя Радзюк Алена Іванаўна Радзюк Уладзімір Сяргеевіч Рачэўскі Станіслаў Рыгоравіч Рубанік Таццяна Руткевіч Вераніка Антонаўна Рухлова Тамара Сабуць Галіна Эдмундаўна Салаўёў Зміцер Сяргеевіч Салговіч Вольга Віктараўны Самасюк Ганна Сідар Маргарыта Сідаровіч Яніна Дзмітраўна Сілкова Раіса Іванаўна Сільвановіч Станіслаў Алёйз. Снітко Вольга Уладзіміраўна Снітко Галіна Мікалаеўна Станевіч Тамара Іосіфаўна Станевіч Юры Строкач Алякчандр Пятр. Стукаў Віктар Якаўлевіч Сцефановіч Рамуальд Счасная Нэлі Пятроўна Сяліцкая Рыта Талкачыкава Кацярына Ал. Таневіч Галіна Янаўна Тарасенка Уладзімір Мікал. Тырсін Васіль Анатольевіч Тышкевіч Галіна Францаўна Філінаў Сяргей Васільевіч Харанека Святлана Станісл. Харланчук Аляксандр Анат. Хвайніцкі Чэслаў Сіманавіч Хітрун Ілья Андрэевіч Хоміч Генадзь Рыгоравіч Храмлюк Марыя Іосіфаўна Цвікевіч Мікалай Аляксеевіч Церпугова Алена Фёдараўна Цітоў Леанід Сцяпанавіч Цюрын Аляксей Сяргеевіч Чарнышова Алена Аляксан. Чухліб Наталля Шабуня Ніна Шантар Дзіяна Георгіеўна Шарах Мікола Аркадзевіч Шароў Георгій Іванавіч Шарыпкін Генадзь Шаўкера Алег Шахаб Дар'ян Шахмуць Ніна Іванаўна Шкірманкоў Фелікс Шруб Марына Шупенька Ірына Аляксандр. Шуткін Сяргей Сяргеевія Шчарбіна Святлана Шчэрба Святлана Мікал. Шык Кірыл Іванавіч Шыманіца Ала Іванаўна Шышкавец Ала Аркадзеўна Юрэвіч Генрых Іосіфавіч Якубчык Генрых Яніцкая Майя Міхайлаўна Яцыновіч Святлана


Нясвіж - культурная сталіца

РУП "Белпошта" выпусціла мастацкі маркаваны канверт "Нясвіж - культурная сталіца Беларусі".

На канверце рэрытэтная выява Нясвіжскага замка з вежай, купал на якой ужо заменены.


Кніга пра Купалу і Коласа

У Менску ў выдавецтве "Кнігазбор" выйшла з друку новая кніга беларускага пісьменніка, гісторыка і краязнаўца Сяргея Чыгрына са Слоніма, прысвечаная Янку Купалу і Якубу Коласу - "Па слядах Купалы і Коласа". Выданне выйшла з нагоды 130-годдзя класікаў беларускай літаратуры, юбілей якіх сёлета будзе адзначаць наша грамадства.

У сваёй новай кнізе аўтар са Слоніма ідзе па слядах песняроў беларускага народа. Гэтыя сляды прывядуць чытачоў на Слонімшчыну, Беласточчыну, у Варшаву, Казань, Вільню, да тых людзей, якія з Янкам Купалам і Якубам Коласам сябравалі, пісалі пра іх творчасць. У прыватнасці, Уладыслаў Чаржынскі, Аляксандр Вазнясенскі, Алег Лойка і іншыя.

Эпіграфам да кожнага раздзела кнігі з'яўляюцца вершы Сяргея Чыгрына. Гэта радкі-мініяцюры:

Мы паедзем сёння да Адама Міцкевіча,

А заўтра завітаем да Сыракомлі…

Але спачатку пагасцюем у Янкі Купалы.

У кнізе надрукавана шмат фотаздымкаў, многія з іх даволі рэдкія і друкуюцца ўпершыню. Напрыклад, наведванне Слонімшчыны жонкай Янкі Купалы Уладзіславай Францаўнай Луцэвіч у 1950-я гады, аўтограф Якуба Коласа на кнізе "Адшчапенец" у 1954 годзе, якая захоўваецца ў Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа і г.д.

Кацярына ЯНУШЭВІЧ.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Пухоўская Юлія - 10000 р., г. Менск

2. Жураўскі - 200000 р., г. Менск

3. Рагаўцоў Васіль - 30000 р., г. Магілёў

4. Грыбоўскі Васіль - 10000 р., п. Міхаловічы, Менск р-н.

5. Кароль Ганна - 50000 р., г. Менск

6. Самсонаў Аляксандр - 50000 р., г. Магілёў

7. Лазарук Т.К. - 25000 р., г. Менск

8. Кухаронак А.Д. - 50000 р., г. Менск

9. Вярбоўская І.І. - 50000 р., г. Менск

10. Давыдоўскі Ігар - 100000 р., г. Менск

11. Кукавенка Іван - 25000 р., г. Менск

12. Рогач П.І. - 10000 р., г. Менск

13. Раманік Т.І. - 70000 р., г. Менск

14. Кашчэева В.А. - 100000 р., г. Менск

15. Дамарацкі А.У. - 50000 р., г. Менск

16. Філіпчык В.І. - 80000 р., г. Менск

17. Сенька Віктар - 10000 р., г. Менск

18. Надзея Барт-Юрэвіч - 50 еўра, Германія


1. Бандарчык Уладзімір - 25000 р.

2. Варанцоў Міхал - 20000 р.

3. Вашкевіч Ігар - 25000 р.

4. Камлюк Алесь - 25000 р.

5. Мартынаў Мікола - 10000 р.

6. Сабаленка Алесь - 25000 р.

7. Цярохін Уладзімір - 25000 р.

8. Патаповіч Зміцер - 20000 р.

Усе жыхары мікрараёна "Зялёны Луг".

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Гісторыя Нацкай парафіі ў дакументах і фотаздымках

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

Новы касцёл быў пабудаваны каля старога ў 1909 г. Будаваўся на сродкі парафіян. Будавалі яго 10 год. Будоўляй кіраваў толькі адзін майстар, таксама некалькі парафіян было пры ім, каб падаваць патрэбны для працы матэрыял. Аднак імя гэтага майстра невядома. Да працы пры будаўніцтве касцёла былі вызначаны вёскі на кожны дзень. Цэгла для будоўлі выраблялася пры касцёле на спецыяльна арганізаваным для гэтай мэты малым прадпрыемстве. Майстар, які закладаў цэглу, паводле векавечнай легенды да раствору дадаваў яйкі, якія павялічвалі трываласць раствору. На зіму сцены касцёла прыкрываліся саломай, каб не патрэскаліся ад вады і марозу. Калі сцены павялічыліся на значную вышыню, цэглу даносілі па прыступках зробленай для гэтай мэты эстакады.

Як было сказана вышэй, будаўніцтва касцёла скончылася ў 1910 г. Гаворачы аб унутраным выглядзе касцёла, трэба зазначыць, што вялікі алтар быў размешчаны ва ўсходнім кірунку, сцены касцёла былі добра атынкаваныя і пафарбаваныя. Вяртаючыся да прэзбітэрыюма, трэба заўважыць, што на сценах над алтаром маляр, імя якога, на жаль, не захавалася, намаляваў постаці чатырох евангелістаў.

Цяпер разгледзім касцёл адносна яго архітэктуры, аналізуючы найважнейшыя архітэктурныя элементы. Адразу ва ўступе трэба зазначыць, што касцёл быў пабудаваны з чырвонай цэглы, у неагатычным стылі з дзвюмя вежамі. Касцёл быў пакрыты цынкаванай бляхай. Вежы ўзносяцца на вышыню 33 м., заканчваюцца сяміметровымі крыжамі, якія бачны на даволі вялікай адлегласці. Гэтыя крыжы вельмі выдзяляюцца ў прыгожыя сонечныя дні, заклікаючы людзей да касцёла. Кожная вежа мае па чатыры невялікія акенцы, павернутыя ва ўсе бакі свету.

На франтальнай сцяне касцёла, якая злучае гэтыя дзве вежы, размешчаны акруглыя вокны, так званая "ружа". Гэтыя вокны маюць у сярэднім 2 з паловай метры, былі выкананы з каляровага шкла і ўтвараюць кветку. Увесь касцёл меў чырвоны дах з бляшанымі рынкамі. На месцы прэзбітэрыюма на даху пабудавалі сігнатурку, якая таксама была выканана ў гатычным стылі, як і вежы. Сама сігнатурка зроблена з цэглы і пакрыта цынкаванай бляхай. На сігнатурцы змешчаны звон, у які звоняць пад час паднясення. Касцёл звонку не атынкаваны. На фасадзе паміж дзвюмя вежамі была змешчана ў невялікай нішы, якая знаходзіцца на 3 м. над галоўным уваходам у касцёл, фігура Прасвятой Дзевы Марыі Бязгрэшнай натуральнай велічыні. Ганкі выкананы з цэменту, іх пяць. Найбольшы з іх знаходзіцца пры галоўным уваходзе, мае дзве прыступкі. Адзін з ганкаў знаходзіцца на паўднёвым баку касцёла недалёка ад галоўнага ўваходу. Два наступныя ганкі размешчаны ў цэнтры касцёла з паўднёвага і паўночнага бакоў. Кожны з іх мае, як і ганак пры галоўным уваходзе, дзве прыступкі. І апошні ганак, які вядзе ў захрыстыі, з паўночнага боку мае чатыры прыступкі, выкананы, як і папярэднія ганкі, з цэглы.

Акрамя ўжо ўпамянутага акна, якое знаходзіцца над галоўным уваходам, касцёл мае яшчэ 18 вокнаў. З кожнага боку па чатыры акны, кожная захрыстыя мае па тры акны на першым паверсе, і па тры на другім паверсе. Прэзбітэрыюм таксама мае два акны вялікія і адно круглае меншае ў цэнтры.

Калі гаварыць аб усіх дзвярах, якія вядуць унутр касцёла, то ўвайсці ў касцёл можна праз галоўны ўваход і праз захрыстыю. Уваходзячы ў касцёл, трэба звярнуць увагу на тое, што ўсе дзверы характарызуюцца многімі агульнымі элементамі. Пры тым усе дзверы, апрача галоўных, амаль ідэнтычныя адносна стылю і матэрыялу, з якога яны былі выкананы. А выкананы яны ўсе з дубу і маюць колер натуральнага дрэва і забяспечаны ўнутранымі замкамі. Уваходзячы праз галоўныя дзверы ў касцёл, трапляем у сенцы, тут знаходзіцца каменная кадзь са свянцонай вадой, а над ёй змешчаны Крыж з драўлянай фігурай Пана Езуса, крыху далей знаходзіцца дошка фэстаў, устаноўленая ў сцяне касцёла. З левага боку сенцаў ёсць уваход, які вядзе на хоры. Ідучы па прыступках, трапляем на хоры. На хорах прыцягваюць увагу арганы, яны былі выкананы з механічнай перадачай. У 1987 г. кс. Ян Пяцюн наладзіў з дапамогай электрыка электрычную перадачу. Уваходзячы з сенцаў унутр касцёла, адразу бачым, што касцёл мае тры нефы: галоўны і два бакавыя, раздзеленыя з кожнага боку чатырма філёрамі. У кожным бакавым нефе знаходзяцца па дзве спавядальніцы. У галоўным нефе змешчаны лаўкі. У правым нефе касцёла знаходзіцца грот Маці Божай з Лурдэс. У канцы бакавых нефаў знаходзяцца алтары. Алтары збудаваны ў раманскім стылі ў 1933 г. за кошт Элеоны Ізварцэвіч. У левым баку знаходзіцца алтар Прасвятой Дзевы Марыі, дзе змешчана фігура Маці Божай, якая была выканана амаль у натуральны рост. У верхняй частцы гэтага алтара змешчаны абраз св. Тарэсы. Алтар таксама мае табэрнакулюм. З аднаго і другога боку алтара пастаўлены невялікія фігуры св. Антонія і св. Юзафа. У правым баку касцёла алтар Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, на гэтым алтары знаходзіцца абраз "Сэрца Пана Езуса". У верхняй частцы алтара ўсталяваны абраз св. Яна Хрысціцеля. Алтар таксама мае табэрнакулюм. На сценах бакавых нефаў размешчаны стацыі крыжовага шляху. Касцёл аддзелены ад прэзбітэрыюма балюстрадай. Падлога ў прэзбітэрыюме выкладзена паркетам у 1990 г. пры кс. Яну Пяцюну. У прэзбітэрыюме знаходзіцца алтар, на якім спраўляецца святая імша. Каля алтара ў левым баку знаходзіцца драўляная купель. На ўзвышэнні, якое мае дзве прыступкі, знаходзіцца галоўны алтар у гатычным стылі. За алтаром ёсць праход, дзе вернікі пад час свята моляцца, абыходзячы на каленах вакол алтара. У верхняй частцы галоўнага алтара ёсць абраз Прасвятой Дзевы Марыі Святога Зачацця, які застаўся са старога касцёла. Крыху ніжэй змешчана фігура Пана Езуса ў рост чалавека, у белым убранні. Гэтая фігура засланяецца абразам св. Юрыя Пакутніка. Гэтая фігура Пана Езуса была ўстаноўлена 29 чэрвеня 1915 г. пад час урачыстасці св. Апастолаў Пятра і Паўла. Па просьбе нацкіх парафіян і пробашча кс. Яна Кузьмінскага, рэктара Віленскай Духоўнай семінарыі, ксяндза К. Любянца была замоўлена гэта фігура ў горадзе Вільні і зроблена пад кіраўніцтвам архітэктара-мастака Антона Вівульскага, які вядомы сваім мастацкім выкананнем помніка "Грунвальд" у Кракаве.

Пад кіраўніцтвам таго ж кс. Караля фігура была пакладзена ў драўляную скрыню і прывезена па чыгуначнай каляі на станцыю Беняконі (далей везлі на конях). Прывёз яе ў Начу Пётр Тамулевіч з вёскі Кавалькі. І была яна ўнесена 28 чэрвеня раніцай у прысутнасці ксендза-пробашча Кузьмінскага і яго вікарыя Зінкевіча, а таксама ў прысутнасці нацкіх парафіян. 29 чэрвеня у прысутнасці высланага кіраўніком Віленскай Архідыяцэзіі пратэнатарыя Апостальскага ксендза Міхалкевіча, ксендза К. Любянца, а таксама пробашча Кузьмінскага, вікарыя ксендза А. Зянкевіча, радуньскага пробашча ксендза В. Каханскага і яго вікарыя ксендза П. Кручоўскага, дубіцкага пробашча ксендза Паўлоўскага, руднянскага ксендза-пробашча С. Місевіча, эйшышскага ксендза Малішэўскага, калясніцкага ксендза Мінцэвіча, а таксама ў прысутнасці нацкіх парафіян фігура была распячатана і вынята з драўлянай скрыні. Працэсійна і вельмі ўрачыста была занесена да вялікага алтара. Затым кс. Любянец прамовіў казанне для сабраўшыхся ў вялікай колькасці парафіян. Тым жа ксендзам гэта фігура была пасвенчана, затым працэсійна абышлі з гэтай фігурай навокал касцёла і затым устанавілі яе на вялікі алтар, дзе яна знаходзіцца па сённяшні дзень.

Крыху ніжэй гэтай фігуры змешчаны крыж над табэрнакулюмам, дзе захоўваецца Найсвяцейшае Цела Нашага Збаўцы. З аднаго і другога боку алтара, крыху ніжэй, чым фігура Пана Езуса, змешчаны фігуры святых Апосталаў Пятра і Паўла ў рост чалавека. У прэзбітэрыюме з аднаго і другога боку дзверы, якія вядуць у захрыстыі. Адразу ад алтара налева капланская захрыстыя, дзе захоўваюцца літургічныя ўбранні, касцельная бялізна, літургічны посуд. У процілеглай захрыстыі захоўваюцца рэчы, якія патрэбны для працэсіі. У гэтай захрыстыі ёсць выхад на двор. На касцельных могілках пахаваны ксёндз-пробашч Часлаў Дабулевіч, які памёр у лістападзе 1950 г. Касцельны пляц складае 1 га. Агароджаны ён каменным мурам, які зверху пакрыты цэментам. Могілкавая брама аркападобнай формы. Па правым баку ад брамы знаходзіцца магіла беларускага гісторыка, краязнаўцы і археолага Т. Нарбута. Пры касцёле на могілках знаходзіцца двухпавярховая званіца, у ёй два званы. Першы паверх змураваны з камення, а другі драўляны. Пры званіцы дабудавалі павець, якую выкарыстоўвалі як трупярню.

У парафіі чацвёра могілкаў, адны ў Начы і трое ў іншых вёсках парафіі.

Такі знешні і ўнутраны выгляд касцёла ў Начы.

Знойдзены таксама дакумент поўнай рэвізіі Нацкага касцёла ад 1925 года.

ДУХОЎНЫЯ ПАСТАРЫ І ІХ ДЗЕЙНАСЦЬ

У парафіі, як і ва ўсіх каталіцкіх касцёлах, пастары належна пасвілі сваіх авечак. Праўда, нямнога ёсць звесткаў аб духоўных пастарах і іх дзейнасці.

Існуе ўпамінанне пра ксендза, які пабудаваў касцёл у 1756 г. - ксёндз Юзаф Кунчэўскі . Аб астатніх жа ксяндзах, якія працавалі да 1901 г., ніякіх звесткаў не засталося. У часы працы Адама Сакалоўскага быў пабудаваны новы мураваны касцёл у 1909 г. Ксёндз А. Сакалоўскі працаваў у 1901-1909 гг. Нарадзіўся ў 1837 г., а ў 1861 г. атрымаў капланскае пасвячэнне. Яму ў дапамогу быў прысланы вікарый ксёндз Рох Геляжунас у 1902 г.

У 1909 г. абслугоўваў парафію ксёндз Ян Кандзевіч . Нарадзіўся ў 1877 г., атрымаў капланскае пасвячэнне ў 1903 г. Працаваў у Начы да 1912 г. Яму ў дапамогу быў прысланы 3 снежня 1909 года ксёндз Эдмунд Янкянец .

З 1912 г. апекуном парафіі стаў ксёндз Ян Кузьмінскі . Вікарыем быў Альфонс Зянкевіч . Гэты каплан меў вельмі вялікі маёнтак, больш як 50 га зямлі, многа сенажацяў, вялікі лес, сажалку недалёка ад плябаніі. Валодаў вялікай гаспадаркай. Дапамагалі яму ў гаспадарцы парабкі, а яго родны брат кіраваў гэтай гаспадаркай. Гаспадыняй была яго родная сястра. У парафіі быў такі выпадак: адзін мужчына служыў у літоўскай паліцыі, але быў сцяты шабляй польскага жаўнера, пакінуў дома двух сыноў-сіротаў, таму што маці іх памерла яшчэ раней. Ксёндз Кузьмінскі прыняў гэтых няшчасных дзяцей да сябе як дзяцей духоўных. Выхаваў з іх добрых людзей. Адзін стаў ксендзам, а другі адвакатам. Таксама выхоўваў дзвюх дзяўчынак, якія былі сіротамі.

Ксёндз Кузьмінскі вызначаўся вельмі жывой верай. Арганізаваў у парафіі "Гурток Ружанцовы". Да яго належалі жанчыны, мужчыны і моладзь. Заўсёды штомесяц кс. Кузьмінскі праводзіў з імі сходы і прамаўляў для іх канферэнцыі. Кожны месяц у вызначаны дзень наведваў хворых у парафіі, спавядаў іх, надзяляў іх Святым Сакрамантам. Ксёндз Кузьмінскі выконваў свае абавязкі належна і даваў добры прыклад людзям, як павінен паводзіць сябе кожны хрысціянін. Прысвячаў многа часу малітве ў касцёле. Заўсёды быў гатовы прыйсці на дапамогу кожнаму чалавеку. Апекаваўся над людзьмі беднымі і сіротамі. Стараўся, каб у парафіі не было бедных і не было злачынстваў. Ніхто аб ім ніколі не сказаў нічога дрэннага. Паважалі яго як асобу святую.

У 1928 г. яго адправілі ў парафію Даўгялішкі, што на Літве.

У 1928 г. у парафіі Нача працаваў духоўным пастарам ксёндз Казімір Шылэйка . Нарадзіўся ў 1886 г., атрымаў капланскае пасвячэнне ў 1909 г. Прыйшоўшы ў парафію, вельмі клапаціўся аб добрай арганізацыі парафіі. Асаблівымі клопатамі атачаў каплан моладзь. Для таго, каб моладзь парафіі мела месца для спатканняў, а таксама на танцы і інш, ксёндз прадаў 8 га зямлі і пабудаваў "Народны дом". Калі мясцовая ўлада запатрабавала, каб маладыя бралі шлюб толькі ў гмінах, кс. Шылэйка сказаў, што касцёл важней, чым дзяржава, таму шлюб таксама трэба браць у касцёле. Вельмі клапаціўся аб рэлігійным таварыстве ў парафіі. Не толькі апекаваўся над ужо існымі рэлігійнымі таварыствамі, але і ствараў новыя Ружанцовыя гурткі. Існавала таксама Таварыства св. Тарэсы ад Дзіцяткі Езуса, Трэці Закон Кармелітанскі. Клапаціўся таксама аб дзецях-сіротах, якія прыязджалі на канікулы. Дапамагаў таксама службоўцам касцёла: пабудаваў дом для арганіста і закрыстыяна. У 1935 г. быў адпраўлены ў парафію Свір.

На месца кс. Шылэйкі быў прысланы кс. Вяжбоўскі Стэфан Аляксандр. Нарадзіўся ён у 1879 г., атрымаў капланскае пасвячэнне ў 1903 г. У 1907 г. працаваў у парафіі Бутрымунцы Троцкага дэканату. У Нацкай парафіі яго дзейнасць прыпала на апошнія гады, у час якіх гэтая тэрыторыя знаходзілася ў складзе Польшы. Працягваў ён пастарскую апеку над рэлігійнымі таварыствамі, якія былі закладзены ў парафіі. Клапаціўся таксама аб ажыўленні рэлігійнага жыцця, працаваў з дзецьмі і моладдзю. Арганізоўваў прадстаўленні ў Народным доме на Божае Нараджэнне і на Вялікдзень.

У 1938 г. быў прысланы ў парафію кс. Эўзэбій Цёлкаўскі . Ен быў прызначаны вікарыем для нацкай парафіі. Нарадзіўся ў 1913 г., атрымаў капланскае пасвячэнне ў 1938 г. Прыбыўшы ў нацкую парафію, дапамагаў пробашчу ў дзейнасці пастарскай. Але прабыў у парафіі толькі год. 17 верасня савецкае войска ўступіла ў Польшу і пачало займаць тэрыторыю Заходняй Беларусі. У гэтай сітуацыі кс. Вяжбоўскі вырашыў уцякаць, т.ш. некалькі разоў публічна крытыкаваў савецкі лад і негатыўныя бакі краіны Саветаў. Ведаючы, што яго за гэта можа чакаць, уцёк у Польшу. Перад уцёкамі сказаў таксама вікарыю, што яго можа напаткаць, калі сюды прыйдуць саветы. Ксёндз вікарыя паслухаў, і яны разам выехалі з парафіі.

У 1940 г. быў прысланы ў парафію кс. Павел-Часлаў Дабулевіч . Нарадзіўся ў 1894, атрымаў капланскае пасвячэнне ў 1917 г. У 1934 г. працаваў у парафіі Сакаляны. У нацкай парафіі працаваў духоўным пастарам , калі ўжо амаль што год дзейнічала тут савецкая ўлада. Колькі прыкрасці зносіў ад мясцовых улад, якія стараліся ўскладніць яго дзейнасць пастарскую. Колькі разоў правяралі кнігі, якія ён меў, шукаючы антысавецкую літаратуру. Абцяжарвалі яго таксама празмернымі падаткамі, якія ён мог выплачваць толькі з дапамогай парафіян. Пагражалі таксама, што калі ён будзе аказваць супраціўленне або казаць што-небудзь на савецкую ўладу, то пойдзе "да белых мядзведзяў".Таксама ў часы ксендза Часлава пачынаецца нямецка-савецкая вайна. Калі нямецкае войска прыйшло на тэрыторыю нацкай парафіі, ксёндз пазбягаў залішніх кантактаў з нямецкімі ўладамі. Кіраваўся разважлівасцю пры кантактах з немцамі, як і з партызанамі. Некалькі разоў таксама звяртаўся да нямецкага каменданта і прасіў, каб немцы лагодна адносіліся да савецкіх палонных, якія працавалі на рамонце аэрадрома. Дзякуючы тым захадам у гэтай справе, аб якіх ведалі партызаны; пасля заканчэння вайны савецкія ўлады не абвінавачвалі ксяндза ў супрацоўніцтве з немцамі. Пасля вайны быў такі выпадак. Пад маркай хрышчэння пробашчу прынеслі немаўля і пакінулі яго. Калі пробашч звярнуўся ў сельсавет, яму сказалі: "Табе прынеслі - ты цяпер за яго і адказваеш". Ксёндз Часлаў знайшоў апякунку, каб выхаваць гэтае дзіця.

Увогуле ксёндз Дабулевіч быў руплівым духоўным пастарам, клапаціўся па магчымасці аб нармальным функцыянаванні парафіі. Памёр 9 лістапада 1950 г., пахаваны на могілках каля касцёла.

У 1956 г. у парафію прыехаў у якасці духоўнага пастара ксёндз Ян Вінажэндзіс . Нарадзіўся ў 1901 г., атрымаў капланскае пасвячэнне ў 1927 г. З 1937 г. працаваў пробашчам у парафіі Пеляса. У гэтай парафіі быў арыштаваны ў 1947 г. на падставе фальшывага даносу аб антысавецкай прапагандзе. За гэта быў асуджаны на 25 гадоў зняволення і быў сасланы ў Сібір. Пасля смерці Сталіна ў час амністыі вярнуўся ён у былую парафію Пеляса, але касцёл ужо быў знішчаны. З дазволу мясцовых уладаў прыехаў ў Начу ў якасці пробашча ў 1956 г. і працаваў у якасці духоўнага пастара. Аднак яго запал пастарскі зневажала мясцовая ўлада. Ксёндз стараўся рознымі спосабамі, па магчымасці пазбягаючы канфліктаў з мясцовымі ўладамі, несці пастарскую дапамогу. Быў кіраўніком для вернага люду. На кожны заклік да хворых спяшаўся з капланскай дапамогай, каб надзяліць Святым Сакрамантам. Улады забаранілі даваць шлюбы, хрысціць дзяцей і рыхтаваць дзяцей да Першай Камуніі Святой. Нягледзячы на гэту забарону, кс. Ян абмінаў гэтыя забароны, захоўваючы неабходныя таямніцы, надзяляў людзей гэтымі Сакрамантамі.

Пасля плённай працы аддаў Пану Богу жыццё сваё ў 1967 г. Быў пахаваны на парафіяльных могілках, таму што мясцовая ўлада не дазволіла хаваць на касцельных. У 1993 г. была здзейснена эксгумацыя яго парэшткаў па просьбе яго гаспадыні, парэшткі былі перавезены ў Вільню і там перазахаваны.

Пасля смерці кс. Вінажэндзіса доўгі час парафія была без ксендза. Пасля шматлікіх просьбаў савецкія ўлады дазволілі абслугоўваць парафію ксендзу Аркадзію Вальтасу . Нарадзіўся 21 чэрвеня 1916 г. Сярэднюю школу скончыў у Непакалянове. Пайшоў у кляштар у 1933 г. У Львове скончыў філасофскую вучобу. Экзамен урачыста здаў 1 лістапада 1937 г. Пасля заканчэння тэалагічнай вучобы ў Кракаве 16 ліпеня 1939 г. атрымаў капланскае пасвячэнне.

Яшчэ перад выбухам вайны па ўказанні начальнікаў падаецца ў Гародню, у парафію Маці Божай Анёльскай. Кляштар Айцоў Францішканаў, які знаходзіўся пры касцёле, быў забраны пад вайсковы шпіталь. Кс. Аркадзій павінен быў пакінуць кляштар і пасяліўся ў бедным доміку недалёка ад кляштара. Праца ў такіх умовах была нялёгкай. Праз пэўны час кс. Аркадзій не мог выконваць афіцыяльныя функцыі. Аднак ён не перастаў працаваць на карысць вернікаў. Пасля атрымання дазволу ад улад абслугоўвае не толькі вернікаў, якія належаць да яго парафіі, але і даволі часта падаецца з дапамогай пастарскай па-за Гародню.

А таксама пераадольваў вялікую адлегласць, амаль што 100 км, да Начы, каб прапаведваць верным Навуку Хрыстуса. Прыязджаў раз у месяц амаль што два гады ў 1974-1975 гг.

17 снежня 1975 г. Бог прызваў ксендза Аркадзія да сваёй вечнай хвалы.

(Заканч. у наст. нумары.)

Наталля Мікялевіч, Антон Янкоўскі


Юбілей Баранавіцкай каралевы паэтычнага экспромту

Ты вершамі хварэеш!

Ты вершамі жывеш!

У Баранавіцкай Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Валянціна Таўлая 20 красавіка 2012 года адбылася творчая імпрэза "Мой родны край цябе люблю я!" Вечарына мясцовай творчай інтэлігенцыі была прысвечана юбілею з дня народзінаў баранавіцкай паэткі Раісы Раманчук, аўтаркі зборніка вершаў "Сцежка ў дзяцінства" (2003 г.). Свае лірычныя вершы яна ўжо даўно друкуе ў газетах "Тэкстыльшчык", "Шаг", "Наш край", "Intex-press", "Зара", "Літаратура і мастацтва". Прыгожыя вершы Раісы Раманчук выходзілі таксама ў паэтычных зборніках "Вакно", "Подыхам адзіным", альманаху "Гоман", зборніку паэзіі беларускай літаратуры за 2010 год.

Юбіляршу шчыра віталі Іван Мельнічук - старшыня Берасцейскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў, Алесь Бакач - кіраўнік творчага аб'яднання баранавіцкіх паэтаў і пісьменнікаў "Святліца". Яны высока ацанілі паэтычны талент Раісы Раманчук. Шмат добрых словаў пра творчасць і асобу Раісы Раманчук сказаў расійскі паэт Аляксей Філатаў, які сваю ўрачыстую прамову зрабіў па-беларуску, чым вельмі ўразіў прысутных.

Раіса Раманчук не толькі піша прыгожыя вершы, але і актыўна ўдзельнічае ў шматлікіх маладзёвых беларускіх вечарынах, прапагандуе высокую паэзію і родную мову. Таму майстра паэтычнага слова віталі не толькі настаўнікі, але і вучні СШ № 4 і 20. Яны чыталі з натхненнем не толькі яе вершы, але і спявалі песні на словы Раісы Раманчук. Прыемна ўразіў сваімі спевамі як паэт і бард Эдуард Акулін, так і мясцовы вакальна - музычны гурт "Рэтра". Маладзёны праспявалі дзве песні на вершы Раісы Раманчук "Соль" і "Наш край". Прыгожыя словы паэтычнаму таленту і творчаму падыходу да справы спадарыні Раісы выказаў намеснік дырэктара баваўнянага камбіната Анатоль Жытко і шматлікія калегі па працы.

Шчырыя словы ўдзячнасці ў адрас Раісы Раманчук выказалі паэты Алесь Белы і Алесь Корнеў, гісторык Віктар Сырыца, краязнавец Міхась Маліноўскі, сяброўкі паэтычнага цэху Людміла Шувалава, Браніслава Лапкоўская, Ганна Дарашэвіч, Анастасія Жук, Галіна Ліс, пісьменнік Мікалай Зайцаў. Усе яны адзначалі не толькі патрыятычнасць і ўзнёсласць вершаў, але і майстэрства Раісы Раманчук да паэтычнага экспромту, які яна неаднаразова ўдала дэманстравала падчас паэтычнай вечарыны.

Усе ўдзельнікі святочнай імпрэзы былі ў захапленні ад шчырых віншаванняў, лірычных вершаў і прыгожых спеваў. Удзельнікі творчай вечарыны зычылі баранавіцкай каралеве паэтычнага экспромту здароўя, любові, натхнення ў паэтычнай і стваральнай дзейнасці на карысць сям'і і Бацькаўшчыны.

Віктар Сырыца, старшыняБаранавіцкай Рады Таварыства беларускай мовы


"Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада"

Самыя яскравыя, запамінальныя і важныя старонкі гісторыі Гародні ў выкладанні гарадзенскіх гісторыкаў Алеся Госцева, Аляксандра Дабрыяна, Святланы Марозавай, Андрэя Чарнякевіча пад рэдакцыяй Віталя Карнялюка і Вячаслава Шведа пад адной вокладкай сабрала выдавецкая ініцыятыва "Гарадзенская бібліятэка".

Два тыдні таму прэзентацыя выдання "Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада" прайшла ў Гарадзенскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі, днямі кніга з'явілася ў продажы ў гарадзенскай кнігарні на вул. Гарнавых (кошт - 80 тысяч).

Хаця "Гродназнаўства" і не з'яўляецца афіцыйным падручнікам, кніга выкананая менавіта ў форме падручніка: тэкст падзелены на параграфы, пасля кожнага з іх ёсць пытанні да абмеркавання і заданні.

У кнізе змешчана вялізная колькасць малюнкаў, фотаздымкаў, схемаў, мапаў, копій дакументаў, іншага ілюстратыўнага матэрыялу.

Выдаўцы тлумачаць гэта імкненнем зрабіць тэксты максімальна даступнымі для сучаснага маладога чытача.

У пошуках ілюстрацый укладальнікам давялося перагледзець ўсе магчымыя прыватныя архівы і калекцыі, дзякуючы чаму знайшліся ўнікальныя матэрыялы.

На базе гэтых матэрыялаў "Гарадзенская бібліятэка" запачаткавала Цэнтр дакументацыі па гісторыі Гародні.

- Далучэнне да мінулага свайго роднага горада, веданне трагічных і слаўных старонак яго гісторыі робіць сучасных гараджан мацнейшымі, пераконвае ў тым, што менавіта яны - гарадзенцы - з'яўляліся (і з'яўляюцца!) галоўнымі аўтарамі гісторыі Гародні, - піша ў прадмове да кнігі доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук. - Гісторыі, што складаецца якраз з мараў і ўчынкаў, мужнасці і баязлівасці, любові і нянавісці, гонару і рабалепства, працавітасці і ляноты яго жыхароў. У пэўным сэнсе кожны з нас піша гісторыю свайго горада. Гэта неабходна разумець, каб адчуваць сябе яго Гаспадаром і ўсведамляць уласную адказнасць за яго сённяшні дзень і будучыню.

У трыццаці васьмі параграфах на 330 старонках змясціліся найважнейшыя падзеі гісторыі Гародні, інфармацыя пра сотні гістарычных асобаў, якія спрычыніліся да падзей гарадзенскай гісторыі, аповеды пра славутых гарадзенцаў, успаміны сведкаў, апісанні помнікаў дойлідства, спіс літаратуры для тых, хто цікавіцца мясцовай гісторыяй.

Каардынатар "Гарадзенскай бібліятэкі" Павел Мажэйка распавядае:

- Мы атрымалі тэксты па гісторыі Гародні да канца 1990-х гадоў, але вырашылі прыгожа скончыць 1991 годам.

Гэта час, калі Беларусь атрымала незалежнасць (у тым ліку і дзякуючы стогадовым намаганням жыхароў Гародні), здабыла свае нацыянальныя сімвалы.

Мы вырашылі, што гісторыя на гэтым скончылася, і пачалася палітыка. Перыяд пасля 1991 года і ў жыцці Гародні, і ў жыцці ўсёй Беларусі яшчэ патрабуе свайго асэнсавання.

Да гэтых падзей мы яшчэ вернемся.

Паводле сайта "Твой стыль".


Віктарына да 130-х угодкаў з дня нараджэння Ўладзіслава Галубка

15 траўня 2012 года споўніцца 130 гадоў з дня народзінаў першага народнага артыста БССР Уладзіслава Галубка. Як паэт і празаік ён друкаваўся ў газеце "Наша ніва". З 1917 года - акцёр і рэжысёр Першага беларускага таварыства драмы і камедыі. У 1920 годзе Ў. Галубок - кіраўнік Трупы беларускіх артыстаў, якая ў 1926 годзе ператварылася ў Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр.

З нагоды 130-х угодкаў з дня народзінаў нашага земляка Ўладзіслава Галубка Баранавіцкая Рада Таварыства беларускай мовы праводзіць віктарыну і прапануе адказаць на наступныя пытанні:

1. Дзе нарадзіўся Ў. Галубок, і як на малой радзіме ўшанавалі яго памяць?

2. У якіх газетах і часопісах Галубок друкаваў свае літаратурныя творы і ў якіх жанрах літаратуры ён працаваў?

3. У якім годзе Ў. Галубок стварыў свой тэатр і што Вы ведаеце пра яго дзейнасць?

4. Досвед якіх беларускіх тэатраў выкарыстоўваў і развіваў у сваёй сцэнічнай дзейнасці Ўладзіслаў Галубок?

5. Як называўся Рэспубліканскі фестываль аматарскіх тэатраў ў Баранавічах у снежні 1995 года? Якія падзеі адбыліся ў Баранавічах падчас гэтага тэатральнага фэсту?

6. Дзе знаходзіцца "Гасцёўня Ўладзіслава Галубка", і што Вы ведаеце пра яе дзейнасць?

7. Чаму і за што 26 жніўня 1957 года Ўладзіслаў Галубок быў пасмяротна рэабілітаваны?

Пераможцаў і актыўных удзельнікаў віктарыны чакаюць каштоўныя прызы і ўзнагароды. Будзе ўлічвацца дакладнасць і падрабязнасць адказаў, творчы падыход пры афармленні віктарыны. Адказы просім дасылаць да 14 траўня 2012 года на электронны адрас: tatus1863 gmail.com ці па пошце: 225409, г. Баранавічы, вул. Камсамольская, 28, кв.65 "Віктарына".

Віктар Сырыца, старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX