Вярнуцца: 2012

№ 19 (1066)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 19 (1066) 10 траўня 2012 г.


Культурная сталіца пакрысе беларусізуецца

Нясвіж пяты месяц у рангу культурнай сталіцы. Планы ў сувязі з гэтым былі абвешчаны вялікія. Зроблена, асабліва што тычыцца знешняга аздаблення горада, яшчэ няшмат, але нейкія зрухі ў бок надання гораду беларускага каларыту пачаліся. Так, на ўсіх уездах у горад расстаўлены маляўнічыя беларускамоўныя пано з лагатыпам "Культурная сталіца Беларусі". На цэнтральнай плошчы, на будынку "Ўніверсама" вывешаны адпаведныя расцяжкі. Пачалі з'яўляцца беларускамоўныя назвы крамаў: "Світанак", "Родны кут" (хоць назва, бо тэхналагічныя надпісы ўсяроўна па-руску). У цэнтры горада пад старыну афармляецца піцэрыя пад назвай "Нясвіжскі смак". Магчыма, хопіць таленту аформіць яе пад італьянскую старыну, піцэрыя як-ніяк. Работы на замку, касцёле само сабой.

Горад яшчэ вельмі далёка ад таго, як ён павінен выглядаць і ад таго, якім яго спланавалі зрабіць, але першыя крокі абнадзейваюць, што мы ўбачым сапраўдны беларускі Нясвіж.

Наш кар.



17.05 у чацвер у Менску ў рамках праекту "Будзьма!" "Беларусь - краіна замкаў!" - сустрэча з гісторыкам А. Трусавым. 17.30-18.20

Сядзіба ТБМ. Уваход вольны.


Сяргею Панізьніку - 70

Панізьнік Сяргей (10.05.1942, в. Бабышкі Мёрскага р-на Віцебскай вобл.), беларускі паэт, перакладчык, удзельнік беларускага адраджэнцкага руху, сябар Рады ТБМ.

Пачаў друкаваць вершы з 1959. У 1967 скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча Савецкай арміі і Ваенна-марскога флоту і пачаў працаваць вайсковым журналістам. У верасні 1969 быў пасланы ў савецкія войскі ў Чэхаславакіі. Знаходзіўся пераважна ў Мілавіцы пад Прагай, дзе працаваў у армейскай дывізіённай газеце. Завязаў знаёмствы і падтрымліваў сяброўскія адносіны з чэшскімі пісьменнікамі і навукоўцамі, якія цікавіліся Беларуссю (найперш з Вацлавам Жыдліцкім), а таксама з Міхасём Забэйдам-Суміцкім і некаторымі іншымі прадстаўнікамі старой хвалі беларускай эміграцыі ў Чэхіі.

Панізьнік асуджаў увод войскаў Варшаўскага пакту ў Чэхаславакію і ў 1970 публічна папрасіў прабачэння ў чэшскіх вучоных і журналістаў за акупацыю іх Бацькаўшчыны. Пра гэта стала вядома ў спецорганах войска. Панізьніка дапытваюць, запалохваюць, шантажуюць, пастаянна за ім наглядаюць. Такім жа чынам абыходзяцца і з ягонай жонкай беларускай паэткай Яўгеніяй Янішчыц.

Маладога вайсковага журналіста збіраюцца выслаць у Забайкалле, але з-за цяжарнасці жонкі вымушаныя былі вярнуць у Беларускую вайсковую акругу. Тут ён, жывучы ў вайсковым гарадку пад Менскам, працаваў журналістам і сакратаром рэдакцыі ў дывізіённай газеце, працягваючы сваю паэтычную творчасць, прасякнутую ў шэрагу вершаў патрыятычнымі матывамі, сустракаючыся з колішнімі ўдзельнікамі «Акадэмічнага асяродку» беларускіх навукоўцаў, разгромленага ў 1974, падтрымліваючы адносіны з асобамі, якія былі пад наглядам спецорганаў, у тым ліку з Ларысай Геніюш.

У кастрычніку 1976 ён, у абстаноўцы развязанай шалёнай прапаганды, быў выключаны з КПСС, а 01.01.1977 звольнены з працы.

Некалькі месяцаў быў беспрацоўным. Затым праз знаёмых уладкаваўся фэльчарам у брыгаду хуткай дапамогі...

На сёння Сяргей Панізьнік - аўтар 13 кніжак паэзіі і дакументальнай прозы: "Мы - грамацеі!", "Золкая зёлка", "Браніслава", "Мацярык", "Слова на добры дзень", "Дабравест", "Стырно", "Чало і век", "Літары ў расе", "Сустрэча роднасных сусветаў" і інш.

За заслугі перад беларускай культурай узнагароджаны медалём Францішка Скарыны, а перад латышскай ордэнам «Трох зорак» (1998).


Анатолю Бароўскаму - 70

Бароўскі Анатоль , нарадзіўся 12.05.1942 г. у вёсцы Крушнікі Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка.

Пасля заканчэння Асавецкай сярэдняй школы Мазырскага раёна (1960) працаваў у калгасе, потым на заводзе жалезабетонных вырабаў у Мазыры, настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Турбінка Мазырскага раёна. У 1961-1962 гг. - студэнт Мазырскага педагагічнага інстытута (скончыў завочна ў 1967). У 1962-1964, 1968-1970 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў у мазырскай раённай газеце «Камуніст Палесся» адказным сакратаром гарадскога таварыства «Веды», інструктарам гаркаму партыі, намеснікам дырэктара навучальні геалогіі (Мазыр). З 1975 г. - уласны карэспандэнт газеты «Чырвоная змена» па Гомельскай і Берасцейскай абласцях. Сябра СП СССР з 1990 г.

Вехай біяграфіі Анатоля Бароўскага стала творчая група "Гронка", спецыялізацыя якой - падрыхтоўка і выпуск так званай "заказной літаратуры". Гэта калі прадпрыемства ці арганізацыя, нават аўтары-пачаткоўцы звяртаюцца да ТГ з заказам аб напісанні пра іх калектыў кнігі альбо аказаць дапамогу у рэдагаванні рукапісу. Такім чынам, было падрыхтавана і выпушчаны ў свет многа кніг на самыя розныя тэмы - пра энергетыкаў і будаўнікоў, работнікаў пракуратуры і медыкаў... Групе па сілах напісаць сцэнарый правядзення ўрачыстага вечара, вяселля, напісаць песню для каханай, для прадпрыемства...

Анатоль Бароўскі доўгі час быў старшынём Гомельскай абласной грамадскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы, сябар Рады ТБМ, адначасова з'яўляецца намеснікам старшыні Гомельскай абласной арганізацыі пісьменнікаў.

Друкуецца з 1963 г. Аўтар кнігі аповесцей і апавяданняў «Каліна пад акном» (1987), аповесці «Тросніца» (калектыўны зборнік «Знаёмства», 1982). Асобнымі выданнямі выйшлі нарысы «Надзейная змена» (1976), «Мікалай Пушкар» (1985), «Цветут над Припятью сады» (з Ю. Герасіменкам, 1987), кнігі "Азірніся ў каханні" (1994), кнігі фантасмагарычных аповесцяў "Пякельны рай" (2002), напісаў аповесць "Вяртанне даўгоў" (пра апошнія дні жыцця К. Каліноўскага, пра вялікае каханне да сваёй нарачонай) і іншых твораў.


Дзіця і мова

Мама, а что такое, а-ло-вак? - такое пытанне я пачула з вуснаў трохгадовага хлопчыка ў дзіцячым садку, калі знаходзілася на практыцы.

Я з'яўляюся навучэнкай Лідскага каледжа. І, як будучую выхавальніцу, мяне гэта вельмі зацікавіла. Мы жывём у Беларусі, а значыць - мы беларусы і павінны размаўляць па-беларуску. На тое пытанне маці хлопчыка канешне ж адказала, але я сумняваюся, што хлопчык звярнуў увагу на значэнне гэтага слова. Мы павінны выклікаць павагу ў іншамоўных жыхароў да нашай мовы. У кожнага народа ёсць свая родная мова, і кожны народ прытрымліваеццца сваёй мовы. А мы што не народ, і мовы ў нас сваёй няма? Мы - народ, і мова ў нас свая ёсць, але пра яе ў апошні час, напэўна, забыліся. Чаму так адбываецца, не разумею. Чым горшая наша мова, што мы пра яе з кожным днём забываем?

Мова народа - лепшая кветка ўсяго яго духоўнага жыцця, якая ніколі не вяне і вечна зноў распускаецца, жыцця, што пачынаецца далёка за межамі гісторыі. У мове адухаўляецца ўвесь народ і ўся яго радзіма. У ёй творчая сіла народнага духу ўвасабляецца ў думку, у малюнак і гук неба Бацькаўшчыны, у яе паветра, яе фізічныя з'явы, яе клімат, яе палеткі, горы, даліны, яе лясы і рэкі, яе буры і навальніцы - увесь той глыбокі, поўны думкі і пачуцця, голас роднай прыроды, які гаворыць гэтак гучна аб любові чалавека да яго іншым разам суровай радзімы, які выяўляецца так ясна ў роднай песні, у родных напевах, у вершах народных паэтаў.

На вялікі жаль, у апошні час гэта разумеюць нямногія. Некаторыя імкнуцца размаўляць на рускай мове і лічаць гэта прэстыжным, некаторыя вывучаюць іншыя замежныя мовы, каб затым паехаць за мяжу. А аб тым, што мы асобная нацыя, і ў нас ёсць свая родная мова, мала хто і задумваецца, не гаворачы аб тым, каб гаварылі на роднай мове. Практычна ніхто не лічыць неабходнасцю прывучаць дзяцей з самага ранняга ўзросту размаўляць на роднай мове, і любіць яе. Але ж гэта вельмі важна! Так, дзіця, якое развіваецца, пераймае ўсё, што робіць, гаворыць дарослы. Калі ў сям'і ніхто не сочыць за сваёй мовай, гавораць "як атрымаецца", то і малое будзе так, гаварыць. Але каму гэта патрэбна? Бацькам, якія мараць аб найлепшым жыцці для сваіх дзяцей, што яны будуць вучыца ў найлепшых універсітэтах краіны. І як яны сабе ўяўляюць выпускніка ўніверсітэта, які не гаворыць на сваёй роднай мове, а гаворыць, так як гаварылі ў хаце, з дзяцінства бацькі - "як атрымаецца".

Ранняе дзяцінства - перыяд найбольшага інтэнсіўнага развіцця. Дзеці ў гэтым узросце вельмі адчувальныя да навакольнага, яны ўспрымаюць і перажываюць усё, што адбываецца навокал. Гэтыя асаблівасці неабходна ўлічваць пры выхаванні дзіцяці.

Вучыць роднай мове можна ў розных відах дзейнасці з першых хвілін жыцця. Маці, нахіліўшыся над малым, спявае яму калыханкі, затым расказвае казкі, пры гульнях выкарыстоўвае розныя лічылкі, прыгаворкі, забаўлянкі, цікавыя вершы. Дзіцё з вялікай цікавасцю слухае ўсё і нешта можа нават адкладваць у сваёй памяці. Ужо ў канцы першага года жыцця ў актыўным слоўніку дзіцяці 10-14 слоў. Канешне, гэта не складаныя сказы і словазлучэнні, а самыя простыя словы ( мама, тата, дай і г.д.). Бацькі вельмі радуюцца, калі іх дзіцё вымаўляе першыя гукі. А як бы яны абрадваліся, калі б малое загаварыла на беларускай мове! Многія бацькі, калі іх дзіцё выкарыстоўвае ў мове ненарматыўную лексіку, абвінавачваюць непасрэдна яго. Але ж хто вінаваты, як не самі бацькі. Яны ж самі стварылі такое моўнае асяроддзе.

Дзіця, развіццё якога не было скрыўлена прымусова, пераважна ў пяць ці шэсць гадоў гаворыць ужо вельмі жвава і правільна на сваёй роднай мове. Але памяркуйце, колькі трэба ведаў, пачуццяў, думак, ломкі і нават філасофіі, каб гаварыць так на якой-небудзь іншай мове, як гаворыць дзіця гадоў шасці ці сямі на сваёй роднай? Вельмі памыляюцца тыя, хто думае, што ў гэтым засваенні дзіцём роднай мовы дзейнічае толькі памяць, ніякай памяці не хапіла б для таго, каб зацвердзіць не толькі ўсе словы якой-небудзь мовы, але нават усе магчымыя спалучэнні гэтых слоў і ўсе іх відазмяненні. Не, калі б вывучалі мову адной памяццю, дык ніколі б цалкам не вывучымі ніводнай мовы. Мова, створаная народам, развівае ў духу дзіцяці здольнасць, якая стварае ў чалавеку слова і якая адрознівае чалавека ад жывёлы; развівае гэты дух. Вы заўважаеце, што дзіця, жадаючы выказаць сваю думку, у адным выпадку ўжывае адзін выраз, у іншым другі, і міжвольна ўражваецеся чуццём, з якім яно прыкмеціла незвычайна тонкую розніцу паміж двума словамі, відавочна вельмі падобнымі. Вы заўважаеце таксама, што дзіця, пачуўшы новае, чужое для яго слова, пачынае часцей за ўсё скланяць яго, спрагаць і злучаць з іншымі словамі не зусім правільна; ці магло б гэта быць, калі б дзіця, засвойваючы родную мову, засвойвала б часцінкі той творчай сілы, якая дала народу магчымасць стварыць мову? Паглядзіце, з якой цяжкасцю набываецца іншаземцам гэты інстынкт чужой мовы, ды ці набываецца калі-небудзь цалкам? Гадоў дваццаць пражыве немец у Беларусі і не можа набыць нават тых пазнанняў у мове, якія мае наша трохгадовае дзіця!

Дык давайце размаўляць з дзецьмі на беларускай мове з першых слоў!

Вікторыя Дудо , навучэнка Лідскага каледжа.


Адказ з Міністэрства адукацыі паступіў...

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы імя

Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

У Міністэрстве адукацыі разгледжаны Ваш зварот ад 02.04.2012 № 20066/дс. Паведамляем наступнае.

У адпаведнасці з Планам выпуску падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ў 2011 годзе было выдадзена 31 найменне падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў адукацыі з беларускай мовай навучання агульным тыражом 469 963 экзэмпляры.

Вучэбныя атласы па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі, геаграфіі і геаграфіі Беларусі выдаюцца за кошт рэспубліканскага бюджэту і з 2007 года друкуюцца на дзвюх дзяржаўных мовах.

Контурныя карты па геаграфіі і гісторыі, рабочыя сшыткі па вучэбных прадметах не ўваходзяць у пералік абавязковых вучэбных дапаможнікаў. Яны выдаюцца за кошт сродкаў выдавецтва, якое вызначае колькасць прадукцыі на продаж, яе кошт. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Белкартаграфія" выдае контурныя карты па "Геаграфіі Беларусі" (X клас) на беларускай і рускай мовах.

У адпаведнаці з Перспектыўным планам падрыхтоўкі падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для агульнаадукацыйных устаноў на 2009-2015 гады ўсе вучэбныя дапаможнікі выдаюцца на дзвюх дзяржаўных мовах, у тым ліку:

"Англійская мова. X клас" (выдадзены ў 2011 годзе);

"Інфарматыка. VI клас" (перавыданне ў 2014 годзе);

па нямецкай, англійскай, французскай, іспанскай мовах і атлас па астраноміі для XI класа - у 2012 годзе.

Білеты для правядзення выпускных экзаменаў за перыяд навучання і выхавання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі па вучэбным прадмеце "Грамадазнаўства" выдаюцца кожны год на рускай і беларускай мовах.

З мэтай павышэння якасці літаратурнай адукацыі і забеспячэння аптымальнага доступу вучняў да літаратурных праграмных твораў адноўлена выданне кніг серыі "Школьная бібліятэка", якая адпавядае патрабаванням вучэбных праграм па прадметах "Беларуская літаратура" і "Руская літаратура". У 2010 годзе выдадзены творы замежных аўтараў у перакладзе на беларускую мову: Ч. Дзікенс "Прыгоды Олівера Твіста", А. Міцкевіч "Гражына", Ф. Петрарка "Санеты", Я. Райніс "Вершы", Л. Украінка "Вершы", Э. Хемінгуэй "Стары і мора", Д. Кіплінг "Маўглі",' Д. Зальтэн "Бэмбі".

Выданне твораў замежных аўтараў на беларускай мове будзе ажыццяўляцца і ў наступныя гады.

Намеснік Міністра К.С. Фарыно.


Мой дантыст

Кажуць, пражытыя гады на здароўі кожнага чалавека пакідаюць свае сляды. Мне хутка, 13-га верасня, ужо ўсе 75. Не кожнаму грэшнаму чалавеку шчасціць пражыць такі век. А я ўсё жыву ды руплюся за Беларусь. Сам руплюся і варушу шмат каго і іншых. Я - дзіця вайны. Мінулая вайна пакінула і на мне свае сляды. I не толькі на сэрцы. Я застаўся ў выніку баявых дзеянняў без правага вочка. Яго замяняе мне пратэзік. I пра зубкі ў вайну не было калі думаць. Вечна ў зямлянках, бліндажах, у акопах. Пясок за каўняром. Пясок на зубах. Пра зубныя шчоткі, пасты і парашкі і ніякай мовы ніколі не было і не магло быць. I ўсё ж да апошняга часу я неяк трымаўся. Нават здаралася і костачкі грыз. Пераважна курыныя, сакаўныя, мяккія. Але аднойчы пасыпаліся і мае крайнія кутнія верхнія зубы і давялося ісці ў стаматалагічную клініку да дантыста. Вядома, трохі хваляваўся і думаў, як яно будзе. Але з першага майго слова ў нас з маім дантыстам пачалося суладнае моўнае сугучча. Мой дантыст элегантна размаўляў са мною на нашай роднай мове, і гэтага было дастаткова, каб зняць з мяне напругу і павесці з ім гаворку ў сугучным мне рэчышчы. Завуць яго Койдаў Іван. Яму ўсяго дваццаць сем гадкоў, але які ён дасведчаны і натуральны ў нашай мове! Я ўжо не кажу пра яго прафесійную спрактыкаванасць. Я паслухмяна выконваю яго просьбы, прапановы: "Заціснем зубкі! Мацней прышчаміце! Ось так! Малайчынка!".

У часе тэхналагічных момантаў, падгонку маіх пратэзаў, цікаўлюся, у якіх ён менскіх школах вучыўся, ці памятае сваіх выкладчыкаў роднай мовы.

- У 193 і ў 113, - чую. - Не вельмі. Тут больш татаў клопат. У нас у сям'і кожны чацвер быў беларускі. Па чацвяргах мы дома толькі па-беларуску гаварылі, спявалі, размаўлялі, чыталі. З выкладчыкаў роднай мовы была ў нас, памятаю, Лявонцена. I то гэта калі я вучыўся ў зубапратэзнай вучэльні.

Цікаўлюся:

- А хто твой тата?

- Электрык, - чую. I прапануе мне пагаманіць з ім па хатнім тэлефоне.

Між іншым, засяроджваю сваю ўвагу на прозвішчы майго дантыста. А яно ў яго якоесь куртатае, татаршчынай патыхае - Койдаў, якімісь койданамі патыхае. Ведама, я ж філолаг...

- А вы, - кажа мне мой дантыст, - не памыліліся. Ад майго прозвішча і напраўду патыхае якімісь кайданамі. Да 1937 года мае продкі і напраўду былі Койдамі. Наша прозвішча было Койда. А ўжо ў 1937 годзе нас перапісалі на расійскі лад. То я цяпер усюды і скрозь Койдаў.

От у гэткай аўры я лекаваў свае семідзесяціпяцігадовыя зубкі. На развітанне пацікавіўся:

- А як у ягонай матулькі з зубкамі?

- А яна ў мяне сама дантыстка! - чую.

За ўсё жыццё мне першы раз выпала трапіць да беларускамоўнага дантыста. Раю і вам сустрэчы з чалавекам, які лякуе вас не толькі па зубных тэхналогіях, а яшчэ і родным словам. Для поўнага сугучча гэтага нашага дыялогу прыношу ў 12-ю стаматалагічную паліклініку і колькі апошніх нумароў "Нашага слова". Хай гэты наш дыялог, наша сумоўе з дантыстамі 12-ай гарадской стаматалагічнай паліклінікі, прынамсі з беларускамоўным стаматолагам Іванам Койдавым, яшчэ доўга доўжыцца і будзе карысным для іншых беларусаў, якія прагнуць правіць свае зубкі ў сугучных моўна лекараў. Падаю і адрас той зубапратэзнай паліклінікі, дзе рупіцца малады беларускамоўны дантыст: Менск, вуліца Кедышкі, 28. Тэлефон: 2-68-84-74. Гэта побач з так званым Севастопальскім паркам. То, калі ласка!

Уладзя Содаль-Садэльскі.


Ачысціць ад расейскіх назваў мапу Казахстана

Група грамадзянаў звярнулася да кіраўніцтва Казахстана з патрабаваннем «спыніць дыскрымінацыю казахскай мовы. Пра гэта паведамляе Today.kz. Аўтары звароту, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, лічаць, што казахская мова ў краіне ў параўнанні з расейскай знаходзіцца ва ўшчэмленым стане.

Яны прапануюць, у прыватнасці, каб гарады, вёскі, вуліцы і плошчы, якія носяць расейскія назвы, былі перайменаваныя. Незадаволенасць аўтараў звароту выклікаюць такія назвы, як Петрапаўлаўск, Паўладар і Усць-Каменагорск. На іх думку, як піша выданне, расейскія назвы з'яўляюцца «змрочнай спадчынай эпохі савецкага таталітарызму», а таксама «злавесным напамінам перыяду каланізацыі нашай дзяржавы».

Акрамя таго, прадстаўнікі інтэлігенцыі лічаць, што ўрадоўцы, а таксама «іншыя дзяржаўныя службоўцы» павінны здаваць іспыт на веданне казахскай мовы. Яны таксама прапануюць скласці афіцыйны спіс прафесій, для якіх валоданне дзяржаўнай мовай будзе абавязковым.

Зварот адрасаваны ўраду, парламенту і Канстытуцыйнай радзе Казахстана. Падобны зварот быў апублікаваны ў прэсе ў верасні 2011 году. Яго аўтары заклікалі пазбавіць расейскую мову статусу другой дзяржаўнай.

Згодна з артыкулам 7 канстытуцыі Казахстану, статус дзяржаўнай мае казахская мова. Пры гэтым другі пункт артыкулу абвяшчае, што «ў дзяржаўных арганізацыях і органах мясцовага самакіравання нароўні з казахскай афіцыйна ўжываецца расейская мова».

Аўтары вераснёўскага звароту ў сувязі з гэтым сцвярджалі, што другі пункт артыкула «ўводзіць народ у зман» і што расейская мова «незаконна выконвае функцыю дзяржаўнай». Указаны пункт яны прапаноўвалі з Канстытуцыі прыбраць.

Падтрымкі з боку кіраўніцтва рэспублікі гэты заклік тады не атрымаў. У парламенце, як паведамляла агенцтва «Навіны-Казахстан», заявілі, што ўносіць у Канстытуцыю папраўкі па моўным пытанні не плануецца, паведамляе Lenta.ru.


СКАЛЬКАВАНЫЯ ПРЫКАЗКІ

Іншы раз у навуковай літаратуры прыказкі атрымліваюць няправільную этымалагічна-класіфікацыйную характарыстыку. Да прыкладу, у адной працы прыводзіцца лацінская прыказка і далей гаворыцца, што яна «адпаведна папулярнай беларускай У чужым воку парушынку бачым, а ў сваім бервяна не заўважаем ». Але генетычна гэта не беларуская прыказка, а біблеізм, паўкалька з царкоўнаславянскай мовы. Яшчэ сказ з той самай працы: «Успомнім беларускае Ці пан ці прапаў ». Аднак гэта не ўласна беларуская прыказка. Яна амаль у такой жа форме ўжываецца ў рускай мове ( Либо пан либо пропал ) і ўкраінскай ( Чи пан чи пропал ). А склалася яна пад уплывам і на аснове лацінскага афарызма Aut Caesar aut nihil (літаральна «Або цэзар або нішто»).

У нядаўна выдадзеным «Тлумачальным слоўніку прыказак» (2011) І.Я. Лепешава і М.А. Якалцэвіч апісана каля 1800 найбольш ужывальных у сучаснай беларускай літаратурнай мове прыказак. Сярод іх больш за 70 прыказак скалькавана з іншых моў. Калькі - гэта своеасаблівыя копіі іншамоўных прыказак, у якіх кожны кампанент перакладзены на нашу мову сэнсавым адпаведнікам. Напрыклад, Рука руку мые - калька з лацінскай мовы ( Manus manum lavat ); яна ўзнікла ў выніку паслоўнага перакладу: manus - рука, manum - руку, lavat - мые. Дарэчы, на аснове гэтай калькі ў беларускай мове склалася - у выніку нарошчвання аднаструктурнага выказвання з суадноснымі кампанентамі ( рука - нага ) - прыказка Нага нагу падпірае, рука руку абмывае .

Прыказкі, як і фразеалагізмы, з прычыны сваёй яркасці, экспрэсіўнасці, а ў шмат якіх выпадках і вобразнасці вылучаюцца выключнай «прыліпчывасцю», здольнасцю пераходзіць з адной мовы ў другую. Як паказваюць даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў, у многіх літаратурных мовах на долю запазычанняў, калек і паўкалек прыходзіцца амаль палова прыказкавага складу. І гэта - натуральная з'ява: «Як ніводзін народ не можа паўнакроўна існаваць без рознабаковых кантактаў з іншымі народамі, так і мова спустошылася б сама ў сабе, не знаходзячы падсілкавання ў іншых мовах і не аддаючы ў сваю чаргу ўласных жыватворчых сокаў» (В.М. Макіенка).

Сярод скалькаваных прыказак можна вылучыць значную групу выказаў, іншамоўнасць якіх зусім не адчуваецца, паколькі іх структурная схема запоўнена нашымі словамі. Такія выказы ўспрымаюцца як разгорнутыя метафары з яркім вобразным стрыжнем, сфармаваным на аснове слоў канкрэтнага значэння. Скажам, не як чужародная, а як свая, нацыянальная ўспрымаецца згаданая вышэй прыказка Рука руку мые. Або такія скалькаваныя прыказкі: Груган гругану вока не выдзеўбе; Куй жалеза, пакуль гарачае; Кропля камень крышыць.

Асабліва многа прыказкавых калек (больш за 30) прыпадае на лацінскую мову, якая ў Вялікім Княстве Літоўскім і пазней вывучалася ў школах як абавязковы прадмет. Некаторыя з гэтых скалькаваных выразаў ( Рука руку мые і інш.) зафіксаваны ў зборніку Саламона Рысінскага - першага збіральніка беларускіх прыказак (зборнік выдадзены на лацінскай мове ў 1618 годзе). Дарэчы, С. Рысінскі ахарактарызаваў сабраныя ім прыказкі як «ядро і сок мовы».

Вось пералік прыказак, скалькаваных з лацінскай мовы: Грошы не пахнуць; Груган гругану вока не выдзеўбе; Давярай, але правярай, недакладная калька: Fide, sed cui fidas, vide ; За двума зайцамі пагонішся, ніводнага не зловіш , літаральна: «Двух гонячы зайцаў, ніводнага з двух не зловіш»; Калі Бог захоча пакараць каго, то адбярэ ў яго розум; Калі гавораць гарматы, музы маўчаць (перароблена з прыказкі, якая ў даслоўным перакладзе гучыць як «Калі грыміць зброя, законы маўчаць» і ўпершыню ўжыта ў прамове Цыцэрона падчас абароны Мілона ў 52 г. да н. э.); Канец - дзелу вянец (лацінскае выслоўе Finis coronat onus літаральна перакладаецца так: «Канец увенчвае дзела»); Клін клінам выбіваюць; Кожнаму сваё; Кропля камень крышыць; Куй жалеза, пакуль гарачае (лацінскае Ferrum quando calet cudere quisque valet літаральна перакладаецца як «Кожны ў сілах каваць жалеза, пакуль яно гарачае»); Маўчанне - знак згоды (літаральны пераклад лацінскага Qiu tacet - consentire videtur такі: «Хто маўчыць, разглядаецца як згодны»); Мэта апраўдвае сродкі; Напісанае застаецца; Не месца красіць чалавека, а чалавек месца; Нішто чалавечае мне не чужое (аўтар выказу - рымскі пісьменнік Тэрэнцій, які жыў у 185-159 гг. да н. э.); Няма правілаў без выключэнняў; Пан ці прапаў; Платон мне сябра, а ісціна даражэйшая; Пра мёртвых або добрае, або нічога; Разумнаму дастаткова; Рука руку мые; Сказана - зроблена; Трэцяга не дадзена; У здаровым целе - здаровы дух; У спрэчках нараджаецца ісціна (склалася на аснове лацінскага афарызма Nimium altercando veritas amittitus , які літаральна перакладаецца так: «У празмерных спрэчках страчваецца ісціна»); Чалавек мяркуе, а Бог не чуе; Час - найлепшы лекар; Што дазволена Юпітэру, тое не дазволена быку; Што ні галава, то і розум (цытата з камедыі «Фарміён» названага вышэй рымскага паэта Тэрэнція); Што ў цвярозага ў галаве, тое ў п'янага на языку. Сюды ж можна дадаць і прыказку Вочы - люстэрка душы , якая, хутчэй за ўсё, склалася пад уплывам лацінскага афарызма Imago animi vultus est (літаральна «Твар - люстэрка душы»).

Да некаторых парэмійных калек з лацінскай мовы варта падаць гістарычна-этымалагічныя даведкі. Так, Грошы не пахнуць (лацінскае Pecunia non olet ) паходзіць са слоў рымскага імператара Веспасіяна (I ст. н.э.), які ўвёў падатак на грамадскія прыбіральні, а калі сын папракнуў бацьку за гэта, той паднёс да яго носа першыя грошы, сабраныя як падатак, і прапанаваў яму панюхаць, ці пахнуць яны. Трэцяга не дадзена (Tertium non datur) першапачаткова ўжывалася як фармулёўка закону аб выключэнні трэцяга, г.зн. калі дадзена два палажэнні, адно з якіх сцвярджае што-небудзь, а другое адмаўляе, то трэцяга не можа быць. Лічаць, што выказванне паходзіць ад слоў Цыцэрона Non est tertium (няма трэцяй магчымасці).

Яшчэ дзве этымалогіі. Аўтар крыху скарочанага афарызма Кропля камень крышыць (дзяўбе) - страражытнарымскі паэт Авідзій, які ў «Пасланнях з Понта» пісаў: «Кропля дзяўбе камень не сілай, а частым падзеннем». Платон мне сябра, а ісціна даражэйшая (Amicus Plato, sed magis amica veritas) - у такой, найбольш папулярнай, форме афарызм сустракаецца ў рамане Сервантэса «Дон Кіхот» (1615). А першакрыніцай афарызма былі словы грэчаскага філосафа Платона (427-347 гг. да н. э.): «Наследуючы мне, меней думай аб Сакраце [вучню Платона], а болей аб ісціне». Пасля ў лацінскай мове адбылася замена імя Сакрат на Платон .

8 прыказак скалькавана з грэчаскай мовы. Так, Усё цячэ, усё мяняецца і Двойчы ў адну раку ўвайсці немагчыма першапачаткова належаць старажытнаму грэчаскаму філосафу Геракліту, а Корань навукі горкі, ды плады яго салодкія - Арыстоцелю. Іншыя прыказкікалькі: Ваўка ногі кормяць; Ліслівае цяля дзвюх матак ссе (недакладная калька: To kalonar - nin duo mannas budzanee ; літаральна: «Ліслівае ягня дзвюх матак ссе»).

Дзве прыказкі паходзяць з баек Эзопа (VI ст. да н. э.). У адной з іх апавядаецца пра марнатраўнага юнака, які, праматаўшы ўсю бацькоўскую спадчыну, прадаў і апошні плашч, калі ўбачыў, што з выраю вярнулася адна ластаўка, а значыць, наступіла вясна; аднак пачаліся маразы, ластаўка загінула, і марнатравец з абурэннем папракаў яе ў падмане. На аснове гэтай байкі ўзнікла прыказка Адна ластаўка вясны не робіць . У другой байцы гаворыцца пра сабаку, які гыркае на коней, не падпускаючы іх да сена, хоць сам сена не есць. Паводле байкі склалася прыказка Як сабака на сене - і сам не гам і другому не дам. У зборніку С. Рысінскага (1618) даецца ў форме: Як сабака на сене: сам не есць і карове не дае.

Прыказка Апёкшыся на малацэ, і на ваду дзьмеш з'яўляецца разнавіднасцю візантыйскага выказу са зборніка парэмій «Пчала», перакладзенага на царкоўнаславянскую мову ў XIV ст. Дарэчы, прыказка ў форме Ожогшыся на малацэ, велено на воду дуть выкарыстана ў «Лістах» Філона С. Кміты-Чарнабыльскага (1573-1574) - службовай перапісцы аршанскага старасты з членамі каралеўскай рады Вялікага Княства Літоўскага.

З заходнееўрапейскіх моў найчасцей калькаваліся прыказкі з французскай мовы (іх - 11): Ад вялікага да смешнага адзін крок; Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго; Гара нарадзіла мыш; Гульня не вартая свечак; Добра смяецца той, хто смяецца апошні; Калі б маладосць умела, а старасць магла (аўтар гэтага выказвання, якое ператварылася ў прыказку, - пісьменнік Анры Эт'енне (1531-1598), ужыў яго ў зборніку «Les Premices»); Лепш позна, чым ніколі; На вайне як на вайне; Пажывём - пабачым; У доме павешанага не гавораць пра вяроўку; Усё новае - гэта добра забытае старое.

Вядомая і біяграфія некаторых гэтых скалькаваных прыказак. Так, першапачаткова фраза Ад вялікага да смешнага адзін крок належыць Напалеону, які ў снежні 1812 г. у часе ўцёкаў з Расіі часта паўтараў яе свайму паслу дэ Прадту ў Варшаве, пра што той пісаў пасля ў сваёй кнізе «Гісторыя пасольства ў Вялікае герцагства Варшаўскае» (1816).

Прыказка Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго пачала сваё жыццё ў рамане французскага пісьменніка Аляксандра Дзюма-бацькі «Тры мушкецёры» (1844), яна неаднаразова выкарыстоўваецца як дэвіз галоўных герояў рамана, верных сяброў - Атоса, Партоса, Араміса і д'Артаньяна.

Выказванне У доме павешанага не гавораць пра вяроўку ўпершыню было ўжыта ў рамане Сервантэса «Дон Кіхот» (1615), але ў французскай мове яно ператварылася ў прыказку са значэннем «Каму-небудзь не гавораць у вочы пра тое, што непрыемна нагадвае пра яго недахопы, заганы і пад.».

Гісторыя ўзнікнення прыказкі Усё новае - гэта добра забытае старое наступная. Лічыцца, што ўпершыню нібыта так сказала мадэмуазэль Бертэн, мадыстка Марыі Антуанеты, паднавіўшы старую сукенку каралевы. Магчыма, у французскай мове гэты афарызм склаўся пад уплывам біблейскага тэксту (Еклезіяст, I, 10): «Бывае нешта, аб чым кажуць: «глядзі, вось гэта новае», але гэта было ўжо ў вяках, якія былі да нас».

Некаторыя прыказкі (5) прыйшлі ў беларускую мову як калькі з англійскай мовы (магчыма, і праз пасярэдніцтва суседніх моў - рускай або польскай): Добрымі намерамі выслана дарога ў пекла (аўтар гэтага былога крылатага выразу - англійскі пісьменнік С. Джонсан (1704-1784)); Многа шуму з нічога; Мой дом - мая крэпасць; Хто плаціць грошы, той заказвае і музыку (недакладная калька: He who paus the piper should (may) call the tune ; літаральна: «Хто плаціць дудару, той і называе мелодыю»); Час - гэта грошы (гаворыцца як напамінак у сітуацыі, калі прамаруджанне нявыгадна - з фінансавага ці іншага боку).

Многа шуму з нічога - этымалагічна гэта скалькаваны загаловак камедыі (1600) англійскага паэта і драматурга У. Шэкспіра (1564-1616). Мой дом - мая крэпасць - паходзіць з трактата англійскага юрыста Э. Кока (1552-1634) «Трэці інстытут законаў Англіі». Прыказка Час - гэта грошы ўзнікла з выказвання амерыканскага палітычнага дзеяча В. Франкліна, які ў кнізе «Парада маладому купцу» (1748) пісаў: «Памятай, што час - грошы».

Пяць беларускіх прыказак - калькі з нямецкай мовы: Вуснамі дзіцяці гаворыць ісціна; Надзея памірае апошняй; Ружы без калючак не бывае; У хлусні (маны) кароткія ногі. Яшчэ адна прыказка - Быццё вызначае свядомасць - ужываецца як калька ў розных мовах свету, паходзіць з працы Карла Маркса «Да крытыкі палітычнай эканоміі»(1859), абазначае «Сукупнасць умоў матэрыяльнага жыцця з'яўляецца першаасновай свядомасці». Напрыклад: «Я знаў Апанаса «марксіста». Пад свой светапогляд адразу падвёў ён «марксісцкую базу», і заўжды казаў урачыста, сустрэўшы мяне, той ягомасць: - Быццё вызначае свядомасць» (К. Крапіва). У апошнія дзесяцігоддзі выказ найчасцей ужываецца іранічна як сцвярджэнне ці апраўданне, што паводзіны, учынкі каго-небудзь вызначаюцца знешнімі абставінамі: [Іван:] Калі ў жываце бурчыць - не да псіхалогіі. Таварыш Маркс сказаў: быццё (робіць пальцамі рух, нібыта лічыць грошы) вызначае свядомасць (М. Матукоўскі). У сатырычным вершы К. Крапівы «Апанасава свядомасць» (1929) выказ абыгрываецца: другая страфа заканчваецца радкамі: Што ж, вып'ем за нашу знаёмасць, - піццё вызначае свядомасць; трэцяя страфа: - Па храпе дастанеш, ягомасць, - біццё вызначае свядомасць.

Асобныя прыказкі з'яўляюцца калькамі з некаторых іншых моў. Так, дзве прыказкі скалькаваны з іспанскай мовы. Аўтар адной з іх - І сцены маюць вушы - іспанскі пісьменнік Мігель дэ Сервантэс Сааведры, які ўпершыню ўжыў гэта выказванне ў рамане «Дон Кіхот» (1615). Выказ быў паўтораны ў п'есе «Валенсіянскія вар'яты» (1620) іспанскага драматурга Лапэ дэ Вега (1562-1635). Другая прыказка - Скажы мне, хто твае сябры, і я скажу, хто ты - таксама паходзіць з гэтага ж рамана Сервантэса.

Прыказка Сабака брэша, а караван ідзе ўжываецца (як калька) у шмат якіх мовах і, паводле М.І. Міхельсона, з'яўляецца калькай з турэцкай мовы.

Прыказка пра немагчымасць знайсці, выявіць што-небудзь там, дзе яго няма, - Цяжка злавіць (знайсці) чорную кошку ў цёмным пакоі, асабліва калі яе там няма - ужываецца як іранічны аргумент супраць нерэальных сцвярджэнняў. Аўтар гэтага афарызма - кітайскі мысляр Канфуцый (551-479 гг. да н. э.).

Кароль жа голы - калька з дацкай мовы. Яна абазначае «Якая-небудзь тэорыя, палітыка або чыйнебудзь аўтарытэт на самай справе беспадстаўныя, фальшывыя, уяўныя». Паходзіць з казкі Г.-Х. Андэрсена «Новае адзенне караля» (1837). У ёй расказваецца, як два ашуканцы ўзяліся выткаць для караля найтанчэйшую тканіну і сшыць яму адзенне, якое не маглі бачыць толькі дурні і тыя, хто не адпавядае сваёй пасадзе, прызначэнню. Падмануты кароль у гэтым «адзенні», а фактычна галышом ішоў па вуліцы. Усе, баючыся апынуцца ў дурнях, захапляліся хараством «адзення». І толькі адзін хлопчык закрычаў: «А кароль жа голы!» Усім стала зразумела, што яны абдураныя. Прыказка, структурна арганізаваная як прэдыкатыўнае словазлучэнне, пераўтвараецца ў назоўнікавы фразеалагізм з найбольш тыповай для такіх выразаў структурай «прыметнік + назоўнік» ( голы кароль ) і ўжо выражае не суджэнне, а паняцце, абазначаючы 'пасрэдны чалавек з прэтэнзіяй на аўтарытэт ці з перабольшаным аўтарытэтам': «Уяўляеце вы сабе сімпатычнага брандахлыста, фантазёра, які проста голы кароль?» ( У. Караткевіч ).

Часам на базе прыказкі, скалькаванай з якой-небудзь мовы, ствараецца ўласна беларуская прыказка. Скажам, на аснове згаданай вышэй калькі з лацінскай мовы Разумнаму дастаткова ўтворана свая Разумны зразумее , з тоесным значэннем «Разумнаму доўга тлумачыць не трэба»; напрыклад: «Разумны, як той казаў, зразумее. Дурань жа і ёсць дурань» ( А. Кажадуб ). Калька з нямецкай мовы Надзея памірае апошняй гаворыцца як суцяшэнне, што нельга страчваць надзею нават у самых крытычных жыццёвых абставінах. На аснове гэтай калькі і пад яе ўплывам у нашай мове склалася прыказка Надзея - матка дурных з сэнсавым зместам, супрацьлеглым кальцы, а менавіта «Няма на што спадзявацца». Яна гаворыцца з прыкрасцю ў безвыходным становішчы: Надзея - матка дурных, - кажа старая прыказка, шмат каму вельмі нялюбая. Я і сам некалі цярпець яе не мог. Цяпер крыху прызвычаіўся ( М. Гарэцкі ).

Іван Лепешаў. Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы


Моўная сітуацыя і моўная палітыка ў Шатландыі: гісторыя і сучаснасць

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

У самым пачатку 17 стагоддзя шатландскі кароль Джэймс Шосты заняў таксама і англійскі трон. Ен выдаў распараджэнне, якое прымушала правадыроў горскіх кланаў пасылаць сваіх старэйшых сыноў у школы ў Лоўлэндзе, як адзначаецца, з мэтай іх англізацыі. Іншае яго распараджэнне спрыяла заснаванню ў кожнай царкоўнай акрузе, незалежна ад мовы тамтэйшых жыхароў, англамоўнай школы. Згодна з гэтым дакументам, англійская мова павінна ўсталёўвацца паўсюдна, а ірландская (так тады называлі шатландскую гэльскую мову - пра гэта будзе расказана ніжэй) можа выкараняцца. У гэты час гэльская мова, акрамя Хайлэнду і заходніх астравоў, яшчэ была распаўсюджана і на паўднёвым захадзе Лоўлэнду.

Становішча гэльскай мовы, таксама як і ўсёй культуры шатландскіх горцаў, яшчэ мацней пагоршылася пасля бітвы пры Каладэне ў 1746 годзе, якой закончылася другое якабіцкае паўстанне. Тады войска, якое ў асноўным складалася з горцаў, пад кіраўніцтвам Прыгажуна Прынца Чарлі (Чарлза Сцюарта), прэтэндэнта на англійскі трон, было разбітае брытанскім урадавым войскам.

У 19 стагоддзі шмат шатландскіх горцаў было пераселена з Хайлэнду. Шмат людзей з'ехалі і самі. Шатландскі Закон аб адукацыі 1872 года прывёў да забароны ўжывання гэльскай мовы ў адукацыйнай сферы. Адзначаецца, што яшчэ жывыя людзі, якіх збівалі ў школе за выкарыстанне роднай мовы. У выніку, калі ў 1891 годзе налічвалася 250000 носьбітаў гэльскай мовы, то ў 1991 іх засталося толькі 66000.

У 1884 годзе з'явіўся першы афіцыйны дакумент з крытыкай антыгэльскай адукацыйнай палітыкі. У 1891 паўстала першая моваабарончая арганізацыя.

Перапіс насельніцтва Вялікабрытаніі 2001 г. паказаў, што на шатландскай гэльскай у Шатландыі размаўляе 58652 чалавекі, прыкладна 1,2% насельніцтва. Яшчэ 33315 чалавек разумеюць гэтую мову. Таксама каля 2000 чалавек размаўляюць на ёй у некалькіх правінцыях Канады, куды ў свой час імігравала каля трэці ўсяго гэламоўнага насельніцтва Шатландыі. Цікава, што ў 1867 годзе шатландская гэльская была трэцяй па распаўсюджанасці мовай Канады пасля англійскай і французскай і мела каля 200000 носьбітаў. Сп. Мак-Леод нарадзіўся якраз у Канадзе.

Шатландская гэльская азначана як аўтахтонная мова ў Еўрапейскай хартыі рэгіянальных моў і моў меншасцяў. У Вялікабрытаніі дэ-юрэ няма дзяржаўных моў. Але шатландскі Закон аб гэльскай мове (2005) надаў ёй афіцыйны статус і заснаваў спецыяльную ўстанову па развіцці гэтай мовы, Гэльскую раду.

Гэта арганізацыя рыхтуе пяцігадовы план па гэльскай мове і планы па развіцці адукацыі на ёй. Закон таксама патрабуе ад разнастайных устаноў распрацаваць уласныя планы па ўжытку і развіцці гэльскай мовы ў сферах сваёй кампетэнцыі. У першым варыянце закона пастановы рады азначаліся хутчэй як дарадчыя. Але пазнейшая рэдакцыя зрабіла іх абавязковымі для выканання ў сферы сярэдняй адукацыі.

Калі ў 1985 годзе ўсяго 24 школьнікі пачатковых класаў вучыліся па-гэльску, то зараз іх больш за дзве тысячы. Існуе дзве пачатковыя школы з аддзяленнямі сярэдняй адукацыі, дзе ўсе прадметы вывучаюцца па-гэльску. Такасама ёсць 62 пачатковыя школы з гэльскімі класамі, у якіх гэльская з'яўляецца мовай навучання. Большасць вучняў, якія закончылі гэльскую пачатковую школу, маюць магчымасць вывучаць мову далей у якасці вучэбнага прадмета ў англамоўнай сярэдняй школе. Маецца таксама з тузін сярэдніх школ, якія даюць магчымасць атрымаць на гэльскай мове сярэднюю адукацыю, прынамсі, па шэрагу прадметаў. Усяго на розных узроўнях па-гэльску навучаецца больш за 2500 школьнікаў. Таксама ёсць дзясяткі гэламоўных дашкольных устаноў.

Пэўная колькасць вучняў часткі пачатковых і сярэдніх англамоўных школ вывучае гэльскую як прадмет. Гэльская мова вывучаецца ва ўніверсітэтах і каледжах. На востраве Скай ёсць нацыянальны гэльскі каледж.

Адзначаецца большая сярэдняя паспяховасць білінгваў у англійскай мове у параўнанні з англамоўнымі дзецьмі. Цікава, што многія бацькі, дзеці якіх наведваюць гэльскія школы, спецыяльна вывучаюць гэту мову.

У Эдынбургу ёсць адна пачатковая школа з гэльскімі класамі, а таксама сярэдняя школа, дзе гэльская вывучецца як прадмет. Прасоўванне гэламоўнай адукацыі ў сталіцы Шатландыі патрабавала намаганняў. Колькасць вучняў расце, прычым, не толькі за кошт дзяцей з гэламоўных сем'яў.

Сп. Мак-Леод распавядаў, што, у прынцыпе, калі пэўны чалавек запатрабуе, то яму павінна быць дадзена магчымасць прайсці поўны курс па любым прадмеце па-гэльску. Папулярнасць гэламоўнай адукацыі расце. З іншага боку, важнай праблемай з'яўляецца недахоп гэламоўных настаўнікаў. Адзначаецца неабходнасць паменшыць мінімальную колькасць вучняў, неабходную для фармавання класа або групы.

БіБіСі мае гэламоўны радыё- і тэлеканал. Тэлеканал называецца БіБіСі Альба (Альба - па-гэльску Шатландыя) і часткова фінансуецца ўрадам Шатландыі. Гэламоўныя праграмы ёсць і ў праграмах іншых тэлекампаній. Чыста гэламоўных газет няма, але гэламоўныя матэрыялы друкуюцца ў шэрагу выданняў.

Шмат якія арганізацыі распрацавалі планы па ўжытку гэльскай мовы ў сваёй дзейнасці і зрабілі ў гэтым кірунку пэўныя захады, напрыклад, пераклалі на гэльскую рабочыя дакументы і інфармацыйныя матэрыялы. З іншага боку, агульнабрытанскія арганізацыі, якія не падпадаюць пад абавязак распрацоўваць такія планы, вельмі рэдка выкарыстоўваюць гэльскую мову.

У 2011 - 2012 годзе Шатландскі ўрад выдаткоўвае на гэльскую мову прыкладна 23 мільёны фунтаў, што складае 0,07% ад яго агульнага бюджэту. У 2009 годзе было падпісана пагадненне, якое дае магчымасць выкарыстоўваць гэльскую мову ў афіцыйных стасунках паміж Еўрапейскім саюзам і шатландскімі ўрадоўцамі.

Статус і гісторыя скотс

Пра мову скотс у нас, верагодна, ведаюць менш, чым пра шатландскую гэльскую. Напрыклад, газета "Наша ніва", анансуючы канферэнцыю ў Эдынбургу, пісала, што "ўрад Шатландыі ўзяў курс на падтрымку мясцовага шатландскага дыялекту англійскай (мовы), які бытуе ў вёсках". Праўда, у анонсе таксама пазначана, што "ранейшая кельцкая гэльская мова больш у Шатландыі не бытуе". Чытач гэтага артыкула сам зможа зрабіць выснову аб тым, наколькі справядлівыя такія ацэнкі.

Мова скотс - германская мова, адносна блізкая да англійскай. Як і англійская, яна развілася з англасаксонскай (старажытнаанглійскай) мовы. Цікава, што ў храналогіі, прадстаўленай на сайце Цэнтра шатландскай мовы, перыяд англа-саксонскай мовы ў Шатландыі называецца ў тым ліку перадскотс .

Англа-саксонская мова мела ў тым ліку паўночны, нартумбрыйскі варыянт. Па сучаснай храналогіі ён пераўтвараецца ў Шатландыі ў далітаратурную скотс у 12 стагоддзі. Далітаратурная скотс лічыцца першым этапам перыяду старой скотс, які доўжыцца да 13 стагоддзя. Наступны этап старой скотс, які назыаецца ранняя скотс, доўжыцца з сярэдзіны 14 стагоддзя да сярэдзіны 15 стагоддзя.

На поўдні, у Англіі, англа-саксонская мова ў 12 стагоддзі ператвараецца ў раннюю сярэднеанглійскую мову. Адзначаецца, што ранняя скотс практычна не адрознівалася ці была вельмі падобнай да паўночнага, нартумбрыйскага, дыялекту ранняй сярэднеанглійскай мовы. Як адзначалася вышэй, саманазвай гэтай мовы была Inglis.

Ва ўмовах незалежнага шатландскага каралеўства Inglis Шатландыі пачаў развівацца сваім шляхам, тады як жыхары паўночнай Англіі ўсё больш арыентаваліся на паўднёва-англійскі стандарт. У Шатландыі ішоў працэс, які рабіў скотс настолькі ж адрозным ад англійскай, як, напрыклад, шведская мова адрозніваецца ад дацкай ці партугальская ад іспанскай. Так, яшчэ ў 1498 годзе пасол Касціліі і Арагона ў Шатландыі пісаў, што "шатландская мова караля Джэймса Чацвёртага настолькі ж адрозніваецца ад англійскай, як касцільская мова адрозніваецца ад арагонскай".

Даследаванне 70-х гадоў 20 стагоддзя паказала, што мяжа паміж скотс і паўночнымі англійскімі гаворкамі амаль дакладна супадае з адміністратыўнай мяжой Англіі і Шатландыі. Праўда, паведамляецца таксама, што скотс і гэтыя гаворкі маюць пэўныя супольныя рысы.

Як адзначана ў літаратурных крыніцах, сярод вучоных дагэтуль няма адзінства па пытанні, ці з'яўляецца скотс асобнай мовай ці дыялектам англійскай. Напрыклад, у папулярнай кнізе па гісторыі англійскай мовы "The Story of English" скотс называецца то разнавіднасцю англійскай мовы, то мовай. Пры гэтым, трэба ўлічыць, што адзінага набору крытэрыяў, якія адрозніваюць мову ад дыялекту, няма. Есць таксама тэорыя, прыхільнікі якой лічаць, што любы маўленчы тып - гэта дыялект, такім чынам усе размаўляюць на нейкім дыялекце.

Як будзе паказана ніжэй, значная частка шатландцаў расцэньвае скотс не як мову, а "хутчэй проста як спосаб размаўляць". Адзін аўтар піша, што нават у самой Шатландыі людзі схільныя блытаць скотс з англійскай мовай з шатландскім акцэнтам. У некалькіх слоўніках назоўнік "скотс" мае толькі адно значэнне - дыялект ці від англійскай мовы, які выкарыстоўваецца ў Шатландыі. Пры гэтым, у літаратуры адзначаецца, што характарызаваць скотс як шатландскі варыянт англійскай мовы, як гэта часам рабілася, памылкова.

Адзначаецца, што называць скотс дыялектам англійскай (таксама як і гэльскую - дыялектам ірландскай), на жаль, засталося для некаторых людзей зручным палітычным прыёмам ці хітрасцю.

Доказамі таго, што скотс з'яўляецца самастойнай мовай называюцца, у прыватнасці, багатая літаратура на скотс, яе спецыфічная арфаграфія, а таксама даўняе ўжыванне скотс у якасці дзяржаўнай мовы і афіцыйнай мовы шатландскага парламенту. Адна крыніца нават паведамляе, што носьбіты ўсіх дыялектаў скотс разумеюць адзін аднаго, "тады як для многіх носьбітаў дыялектаў англійскай мовы скотс часта незразумелы". З іншага боку, на сайце, прысвечаным адукацыі ў Шатландыі, пазначана, што англамоўныя людзі скотс разумеюць, а так-сама, што скотс і англійская - гэта бясспрэчна раўнапраўныя мовы, носьбіты якіх больш-менш разумеюць адзін аднаго.

Тыя, хто не лічыць скотс самастойнай мовай, выкарыстоўваюць аргумент аб падабенстве сінтаксісу і марфалогіі скотс і англійскай.

На афіцыйным узроўні кропку ў гэтым пытанні можна лічыць пастаўленай. Брытанскі ўрад, паводле ратыфікаванай ім Еўрапейскай хартыі рэгіянальных моў і моў меншасцяў, разглядае скотс як рэгіяналь-ную мову, "прызнае і паважае скотс (ва ўсіх формах) у якасці асобнай мовы і не лічыць вы-карыстоўванне скотс прыкме-тай кепскага валодання англійскай мовай".

Разгледзеўшы пытанні статусу, вернемся да гісторыі. У канцы 13 - пачатку 14 стагоддзя скотс рабіўся асноўнай мовай гараджан. Як адзначалася, сфера выкарыстання гэльскай мовы паступова звужалася да Хайлэнду. На працягу 14 стагоддзя скотс паступова робіцца літаратурнай мовай, напачатку мяшанай з французскай лексікай. У 1398 годзе шатландскія законы былі перакладзеныя на скотс з лаціны. У розныя перыяды на скотс аказвалі ўплыў, акрамя французскай, лаціна, старанарвежская, англійская, галандская, нямецкая і гэльская мовы.

З канца 15 стагоддзя носьбіты мовы скотс сталі ўжо сваю мову ўсё часцей называць Scottis, а шатландскую гэльскую - Erse, ірландскай. Адзначаецца, што адукаваныя носьбіты гэльскай мовы як у Шатландыі, так і ў Ірландыі, размаўлялі, фактычна, на адной мове - літаратурнай гэльскай. Пры гэтым, праўда, мясцовыя гаворкі пачалі набываць выразныя адрозненні ад ірландскай мовы. У другой палове 15 стагоддзя носьбіты скотс пачынаюць называць мову англічан Suddron - паўднёвай, каб падкрэсліць яе адрозненне ад сваёй мовы. Паведамляецца таксама, што адрозненне скотс ад англійскай мовы дакладна ўсведамляецца ў 16 стагоддзі.

Гэльскія назвы мовы скотс ў 18 - 21 стагоддзях: Beurla Gallda - замежная мова і Albais - шатландская.

(Працяг у наст. нумары.)


Найстарэйшаму лідскаму краязнаўцу Анатолю Куляшу - 85

Анатоль Фёдаравіч Кулеш нарадзіўся ў позні майскі вечар, 5 траўня 1927 года пад самае свята Юр'ева дня. Вёска Збляны Лідскага раёна, дзе яму пашчасціла прыйсці на свет, раскінулася ўздоўж правага берага Нёмана ў самым цудоўным на свеце прыродным кутку. Усё тут незвычайнае і натуральнае: і лес, і поле, і неба іншае, спеў птушак не такі. І, нават, подых ветру іншы. А галоўнае - цудоўныя, самабытныя людзі. З вясёлым норавам, тонкім гумарам, з сялянскай хітрынкай, а ў душы кожнага з іх жыве мастак: жывапісец, паэт, музыкант.

Тут ён пазнаў першыя словы, першыя літары, тут прыйшло першае каханне. Тут усё было першым. Але ў І7-гадовым узросце жыццё прымусіла пакінуць гэты багаты, цудоўны, жыватворны край.

Анатолю Куляшу прыйшлося пачаць вучобу ў польскай школе першай ступені з адным настаўнікам. Выкладанне прадметаў вялося толькі на польскай мове. Спачатку (да 1937 года) на беларуска-славянска-рускай мове выкладалася рэлігія для вучняў з праваслаўных сямей, але і яе перавялі на польскую.

Ідучы ў першы клас сельскай школы, хлопчыку і ў сне не магло прысніцца, што калі-небудзь ён зможа атрымаць вышэйшую адукацыю і стане, увогуле, паважаным чалавекам: дасведчаным спецыялістам, "Выдатнікам народнай асветы", дыпламантам міжнароднага конкурсу амбасады Польшчы на тэму "Польшча - прыязная суседка Беларусі" (2004), адзначаным дзяржаўнымі ўзнагародамі і замежнымі знакамі адзнакі - "Ганаровы Залаты Знак Польска-Савецкай Дружбы".

У шосты клас Анатоль пайшоў ужо пасля вайны - 1 кастрычніка 1944 года - у Лідскую СШ №1. Праляцелі 4 гады. Паўстала пытанне: як быць далей пасля заканчэння сярэдняй школы? Паступленне і вучоба ў ВНУ з-за матэрыяльных цяжкасцяў праблематычна. Працаваць? Дзе і кім? Больш сур'ёзнага пытання не было. У гэты час з-за недахопу настаўнікаў сельскіх школ, у Лідскай педнавучальні была адкрыта "спецгрупа" па падрыхтоўцы настаўнікаў пачатковых класаў з гадзічным тэрмінам навучання. Туды прымалі слухачоў, якія мелі сярэднюю і дзевяцікласную адукацыю. Шмат што вабіла туды вясковага хлопца: стыпендыя, інтэрнат, а галоўнае - праз год ты станавішся самастойным чалавекам. Канчалася нястача, беднасць, галеча. Вучоба ішла лёгка, без напругі. Скончыўся год, мелі быць вьшускныя дзяржаўныя экзамены. Перад тым адбылося "размеркаванне". Размеркавалі на працу ў Лідскую працоўную дзіцячую калонію МУС. Адмаўляцца ў той час у такіх выпадках было не прынята. Усе ішлі туды, куды "партыя і ўрад" пасылалі.

Праз год вылузаўся з калоніі і стаў настаўнікам матэматыкі Споркаўскай сямігодкі за 5-6 кіламетраў ад Ліды. Спачатку Анатоль Фёдаравіч выкладаў матэматыку і вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Гарадзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, а пасля перакваліфікаваўся, закончыў БДУ па спецыяльнасці настаўніка фізічнай геаграфіі і выкладаў гэты прадмет у сярэдніх школах горада Ліды. Але як было прынята ў вясковых школах таго часу выкладаў яшчэ і фізіку, фізкультуру, маляванне, чарчэнне.

Летам 1951 года А.Ф. Куляшу прапанавалі пасаду другога сакратара райкаму камсамолу і адначасова ўзначаліць аддзел прапаганды. А ў раёне поўным ходам ішла калектывізацыя аднаасобных гаспадарак у гаспадаркі калектыўныя - калгасы. Але гэта быў ужо не 1939 год. Што ўяўляюць сабой калгасы, сяляне добра ведалі. Таму, як маглі, супраціўляліся.

У гэты час (1951 г.) былі арыштаваны сябры і аднавяскоўцы А. Куляша за ўдзел у моладзевай патрыятычнай антысавецкай арганізацыі, але на яго ніхто не паказаў. Выратавала тое, што быў адарваны ад сваёй вёскі і ў арганізацыю трапіць проста не паспеў.

Праца ў камсамоле не задавальняла, а пайсці па асабістым жаданні з выбарнай пасады - партыйнай ці камсамольскай, савецкай - можна было двума шляхамі: здзейсніць злачынства, ці калі цябе не выбяруць на наступны тэрмін. Другі шлях - гэта той жа першы. Трэба, каб усе паверылі ў тое, што ты не адпавядаеш свайму прызначэнню, і тады цябе не выбяруць. А чаго гэта каштавала пасля... Але А. Куляшу ўдалося з малымі стратамі зноў стаць настаўнікам, ужо ў Шайбакоўскай школе.

Шмат гадоў А. Кулеш прысвяціў краязнаўству. Яго ўдзел у краязнаўчай рабоце можна падзяліць на тры перыяды: знаёмства з родным краем у дзіцячыя і школьныя гады, у час збору матэрыялаў для напісання дыпломнай работы пры заканчэнні геаграфічнага аддзялення фізіка-геаграфічнага факультэта Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта на тэму "Фізіка-геаграфічная характарыстыка Лідскага раёна" і ў час работы пазаштатным экскурсаводам Лідскага бюро падарожжаў і экскурсій.

Калі ў першым і другім выпадках ён займаўся выключна знаёмствам і вывучэннем прыроднага наваколля, то ў апошні час прысвяціў гэтую работу цалкам вывучэнню гісторыі і мінуўшчыны свайго горада і раёна, этнічным даследванням і культуры.

У выніку шмат матэрыялаў апублікаваў у рэспубліканскіх, абласных і мясцовых перыядычных выданнях.

Працуючы настаўнікам геаграфіі ў школах горада, склаў фізіка-геаграфічны атлас раёна. У яго ўвайшлі фізіка-геаграфічная, геолага-геамарфалагічная карты, геалагічны разрэз і комплексны геамарфалагічны і раслінны профіль тэрыторыі раёна. Склаў гіпсаметрычную крывую рэльефу Лідскага раёна. Па шматгадовых дадзеных назіранняў за надвор'ем склаў комплексны графік кліматычных элементаў - сярэдніх, мінімальных і максімальных тэмператур, колькасці выпаўшых ападкаў на працягу года, вышыні Сонца над гарызонтам і працягласць дня і ночы. Быў ахарактарызаваны рэжым рэк: Нёмана, Дзітвы, Лідзейкі.

Нарэшце была выдадзена кніжка пад назвай "Горад Ліда: гісторыя, легенда, факты"- папулярны гістарычна-геаграфічны нарыс. Нягледзячы на некаторыя недахопы, кніжка, бадай, паклала пачатак актыўнаму развіццю краязнаўства ў горадзе. Зараз нарыс грунтоўна перапрацаваны. Акрамя гэтага, напісаны асобныя замалёўкі з асабістага жыццёвага досведу, якія ўвайшлі ў аўтабіяграфічны нарыс "Пра час і пра сябе". Нарыс цесна звязаны з біяграфічнымі момантамі і палітычнымі падзеямі.што адбываліся на Лідчыне, і ў якіх аўтару прыходзілася прымаць нейкі ўдзел. Усе яны абгрунтаваны адпаведнымі дакументамі.

Працаваў у складзе рабочай групы па напісанні кнігі "Памяць. Ліда і Лідскі раён". А яшчэ ў шуфлядзе А. Куляша на сёння тры невыдадзеныя кнігі. І трэба паспяваць, трэба выдаваць.

Яраслаў Грынкевіч.


Запрашаем прыняць удзел у краязнаўчым фестывалі

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ў межах выканання праекта "Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці" ладзіць краязнаўчы фестываль, які адбудзецца 28 мая 2012 г.

Праграма фестывалю наступная:

10:00 -11:00 - рэгістрацыя ўдзельнікаў.

11:00 - 13:00 - дыскусійныя пляцоўкі па тэмах:

1) Валанцёрскі рух на Беларусі: набыткі, поспехі, перспектывы.

2) Ахова помнікаў як дзяржаўны клопат і як праява грамадзянскай пазіцыі.

3) Перспектыўныя накірункі развіцця турызму ў Беларусі.

13:00- 14:00 -- Абед.

14:00 - 16:00 - Прэзентацыі, майстар-класы, кірмаш рамёстваў.

16:00 - 16:45 - Выступ этна-, фольк-выканаўцаў.

16:45 - 17:00 - Закрыццё фестывалю.

Мерапрыемства адбудзецца ў памяшканні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (вул. К. Маркса, 12, г. Менск).

Запрашаем да ўдзелу, заяўку з указаннем формы ўдзелу (дыскусійная пляцоўка, або майстар-клас) просім даслаць на эл. адрас siadziba gmail.com з пазнакай - Фестываль.

Іншагароднім удзельнікам фестывалю гарантуецца аплата праезду і аплата выдаткаў на харчаванне.


Выстава памяці сябра ТБМ

4 траўня ў Лідскім літаратурным музеі адкрылася выстава, прысвечаная памяці выбітнага лідскага журналіста, краязнаўца, сябра лідскага ТБМ ад устаноўчай канферэнцыі і проста шчырага беларуса Алеся Жалкоўскага.

На выставе паказана мноства дакументаў, публікацый, асабістыя рэчы Аляксандра Васільевіча. Рыхтавалі выставу супрацоўнікі Лідскага музея, у тым ліку малады кіраўнік літаб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце" Алесь Хітрун пры актыўнай дапамозе сям'і Алеся Жалкоўскага. На адкрыццё выставы сабраліся сябры А. Жалкоўскага, сябры "Суквецця" і ТБМ, журналісты Лідскага тэлебачання, "Лідскай газеты", Радыё "Рацыі".

Вялі імпрэзу то Алесь Хітрун, то дырэктар музея Ганна Драб. Слова мелі жонка і дачка Алеся Жалкоскага, тыя, хто на працягу доўгіх гадоў добра ведаў яго.

Нарадзіўся Алесь Жалкоўскі 1 сакавіка 1933 года, а памёр 14 красавіка 2011 года, пражыўшы 78 гадоў. Таму гэтая выстава сталася яшчэ і данінай памяці да ўгодкаў адходу, а мо адлёту ў лепшы свет, бо пры жыцці Алесь Жалкоўскі быў рухавы, усюды паспяваў і ўсё ведаў, усё і пра ўсіх. Быў знаёмы, здаецца, з усім светам. Ну, сапраўдны журналіст, рэдактар некалькіх газет і краязнавец.

Асаблівай была беларускасць Алеся Жалкоўскага: яна была прыроджаная, глыбінная, спакойная і грунтоўная, без нейкай там каньюктуры. Будучы рэдактарам газет ён і сустракаўся з Ларысай Геніюш, і ўваходзіў у першую нефармальную лідскую арганізацыю "Рунь", і гэта было натуральна, бо беларусам ён нарадзіўся і беларусам жыў. Падчас імпрэзы прагучала прапанова назваць адну з новых вуліц Ліды імем А. Жалкоўскага і ўстанавіць памятную дошку.

Наш кар.

На здымках: 1. Другая злева ўдава па А. Жалкоўскім Валянціна Іосіфаўна, крайняя справа дачка Алена Аляксандраўна, у цэнтры Алесь Хітрун, Ганна Драб, Алена Лучко; 2-4. Падчас адкрыцця выставы.


Гісторыя чыгункі на Лідчыне

У 1860-1862 гадах праз паўночна-заходні ўчастак Лідскага павету была пракладзена чыгуначная лінія Санкт-Пецярбург - Варшава праз Вільню, на якой былі пабудаваны станцыі Вільня, Ландвараў, Руднікі, Алькенікі, Араны, Марцінканцы, Парэчча і Гародня. У 1871 годзе была здадзена ў эксплуатацыю Маскоўска - Берасцейская чыгунка, на якой былі размешчаныя станцыі Менск, Фаніпаль (тады Франапаль), Негарэлае, Стоўбцы, Гарадзея (тады Гародзей), Пагарэльцы і Баранавічы 1 .

Пытанне аб пабудове разгалінаванай сеткі ваенна-стратэгічных чыгуначных ліній на Палессі было прынята на сакрэтных нарадах Расійскага Генеральнага штаба яшчэ ў 1873 г. У 1881 годзе быў падпісаны Найвышэйшы загад пра будаўніцтва 136-ці вёрстнай чыгункі Жабінка - Пінск, дзе ўпершыню на будаўніцтве чыгунак былі выкарыстаны чыгуначныя войскі. Гэтая дарога была пабудавана за адно лета. Таму паспрыялі раўнінная мясцовасць і амаль поўная адсутнасць штучных збудаванняў. 9 лістапада 1882 г. на ёй адкрыўся пасажырскі і таварны рух. План далейшага будаўніцтва Палескай чыгункі быў зацверджаны 14 лютага 1883 г. Аляксандрам III. 12 траўня прыступілі да ажыццяўлення гэтага плана. Участак Вільня - Лунінец (з адгалінаваннем Лунінец - Пінск: усяго 353 вярсты) адкрыўся для рэгулярнага руху 30 снежня 1884 г. У гэты дзень з боку Вільні цераз Ліду на Баранавічы прайшоў першы цягнік.

Для будаўніцтва станцыі Ліда адышло 6 дзесяцін зямлі (6,83 га) саборнай царквы. Лідская станцыя будавалася за межамі горада, паміж горадам і вёскай "Дварцовая Слабада". Пасля будаўніцтва чыгункі, горад пачаў пашырацца да вакзала, а "Дварцовая Слабада" стала месцам жыхарства чыгуначнікаў і паступова ўлілася ў горад 2 . Для Палескай чыгункі было пабудавана паравознае дэпо з бутавага каменю на два паравоза серыі "Чн" 3 і першы, драўляны вакзал. Дарэчы бальшыня вакзалаў XIX ст. Палескай чыгункі былі драўлянымі, яны будаваліся па тыпавых праектах і адрозніваліся адзін ад аднаго ў асноўным памерамі.

На Лідчыне з'явіліся станцыі Беняконі , Бастуны і Нёман .

У 1886 г. Вільня-Ровенская і Пінская чыгункі перайменаваны ў Палескія чыгункі. Відавочна з-за ўдзелу ў будаўніцтве чыгункі ў 1887-1891 гг. у Лідзе кватараваў 2-гі чыгуначны батальён царскага войска, які потым быў пераведзены ў Баранавічы 4 . Сярод інжынераў - пуцейцаў, якія будавалі Палескую дарогу быў граф Ваўжынец Путкамер (1859-1923), унук знакамітай Марылі з Верашчакаў. Чыгунка прайшла за некалькі кіламетрах ад яго радавога маёнтка Больценікі і была апошняй дарогай у будаўніцтве якой ён прымаў удзел. Ваўжынец Путкамер нарадзіўся ў Больценіках, скончыў гімназію ў Вільні і Інстытут інжынераў шляхоў зносін ў Пецярбургу. 10 гадоў адпрацаваў інжынерам, будаваў Уральскую і Бакінскую чыгункі. Пабудаваўшы магістраль каля свайго маёнтка, у 1890 годзе граф выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў Больценіках. Ваўжынец Путкамер актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці краю, быў сябрам сельскагаспадарчага таварыства і куратарам Евангелісцка - рэфарматарскага сінода ў Вільні 5 . Два разы абіраўся ў Дзяржаўную думу Расіі: Другую і Чацвёртую. У складзе Другой думы ён уваходзіў у "польскае кола", а ў Чацвёртай - у беларуска - польска - літоўскую групу і быў сябрам рады старэйшын думы.

Палескія чыгункі злучалі Паўднёвы захад Расіі з Прыбалтыйскім, Паўночна-Заходнім, Цэнтральна-прамысловым раёнамі, мелі ваенна-стратэгічнае значэнне, спрыялі распрацоўцы лясных масіваў Беларусі, развіццю дрэваапрацоўчай і гарбарнай прамысловасці, спрыялі росту гарадоў.

Наогул, чыгункам абавязаны сваім нараджэннем гарады: Баранавічы, Маладзечна, Асіповічы, Жабінка, Жлобін, Лунінец і інш. Дзякуючы чыгунцы набылі другое дыханне старыя беларускія гарады - Ліда і Ворша. У той жа час старажытныя і славутыя гарады - Мсціслаў, Нясвіж, Наваградак разам з адсутнасцю чыгункі былі пазбаўленыя стымулу для эканамічнага развіцця 6 .

Квіткі на цягнік былі нятанныя. З Віленскага календара за 1899 г. можна даведацца, што нават пасля падніжкі коштаў за праезд, якая адбылася 1 снежня 1894 г., квіток ад Ліды да Вільні каштаваў: у першым класе 3 рублі 20 капеек, у другім - 1 рубель 92 капейкі і ў трэцім класе - 1 рубель 28 капеек 7 . Пры тым, што ў Еўрапейскай Расіі, гадавы даход на чалавека ў 1900 г. складаў 63 рублі 8 , гэта сярэдняя лічба і шмат людзей не зараблялі і гэтулькі, а ў Беларусі сярэдні заробак быў ніжэй чым па Еўрапейскай Расіі. У 1896 годзе чалавек, які адназначна быў часткай гарадской эліты Ліды, наглядчык (дырэктар) самай грунтоўнай на той час навучальнай установы ў горадзе - павятовай двухкласнай вучэльні (прагімназія М. Навіцкай пачала працаваць ў 1901 годзе, а ешыбот Рейнеса ў 1905 г.) Свідэрскі С. С. зарабляў 500 рублёў у год (звыш таго яму выплочваліся грошы за арэнду кватэры) 9 .

Каля Лідскага драўлянага вакзала ў 1897 г была пабудавана праваслаўная капліца. Малюнак і праект капліцы зрабіў студэнт, будучы архітэктар і інжынер Катовіч М. І. 10 Праект быў зацверджаны начальнікам тэхнічнага аддзялення ўправы Палескіх дарог. Капліца пабудавана ў гатычным стылі з расшыўкай з шэрай цэглы і мела калоны. Знаходзілася з паўдзённага боку вакзала каля кратаў платформы, на штучным узгорку, у садку, сярод кветнікаў. Дзякуючы загадчыку участка дарогі Лунскаму, які кіраваў працамі, капліца пабудавана на працягу аднаго месяца. Матэрыялы на капліцу абышліся ў 250 рублёў, рабочыя збудавалі яе безаплатна. Абраз Св. Мікалая выпісалі з Масквы, ён каштаваў 125 рублёў. Абраз змяшчаўся ў глыбіні нішы капліцы за шклом, перад ім быў размешчаны вялікі ліхтар - лямпа з рознакаляровым шклом. Капліца ў вячэрні і начны час асвятлялася звонку двума ліхтарамі, пастаўленымі па абодва бакі. Пад абразам была дошка з белага мармуру з залатым надпісам «Збудаваная стараннасцю службоўцаў палескіх чыгунак на станцыі «Ліда» у памяць Святой каранацыі 14 траўня 1896 года гасудара імператара Мікалая II і гасударыні імператрыцы Аляксандры Фёдараўны. Асвечана 30 жніўня 1897 года».

Для асвячэння прыбыў спецыяльны вагон - царква. Боская літургія ў вагоне - царкве пачалася ў 9.00 раніцы 30 жніўня 1897 г. Літоўскія епархіяльныя Ведамасці пісалі: "Настаяцель вагона-царквы а. Шырынскі прамовіў назідацельнае слова, прысвечанае ўшаноўванню і памяці князя Св. Аляксандра Неўскага а таксама свяціцеля Мікалая. Пры гэтым а. Шырынскі падкрэсліў глыбокае рэлігійнае значэнне будынка капліцы ў імя гэтага свяціцеля каля чыгункі, пры станцыі, дзе заўсёды спыняюцца цягнікі і дзе, такім чынам, людзі усіх веравызнанняў якія вандруюць, могуць узнесці свае малітвы да Св. абраза свайго апекуна і абаронцы ў дарозе. Па заканчэнні літургіі адбыўся хрэсны ход з вагона-царквы да збудаванай капліцы з абразом Божай маці і мясцовымі абразамі і толькі што напярэдадні асвечаным вялікім абразом для капліцы - пры спеве малітваў Св. Аляксандру Неўскаму і свяціцелю Мікалаю. Абразы неслі чыгуначныя службоўцы станцыі Ліда. Ля самой капліцы, упрыгожанай зелянінай і гірляндамі кветак, было здзейснена воднае асвячэнне з чытаннем малітваў на асвячэнне капліцы і крыжа, які потым быў ўзняты на капліцы, было абвешчана шматгоддзе гасудару імператару і царственнаму дому, Св. Сіноду, архіепіскапу Ераніму, урадаваму сінкліту, воінству, стваральнікам капліцы, начальству Палескіх чыгунак, службоўцам станцыі Ліда і ўсіх ліній гэтай дарогі і ўсім праваслаўным хрысціянам. Урачыстасць скончылася хросным ходам назад у вагон-царкву.

Паўнаце ўрачыстага набажэнства ў гэты дзень шмат садзейнічаў выдатна складзены канторшчыкам станцыі сп. Шаршнёвым хор аматараў з службоўцаў станцыі які стройна выконваў спевы на ўсіх набажэнствах" 11.

* * *

У чыгуначным раскладзе руху за 1906 год па Палескай чыгунцы з Вільні праз Ліду на Баранавічы - Сарны значыліся 3 цягнікі: хуткі, паштовы, таварны адмысловы, і столькі ж цягнікоў рухалася ў адваротным кірунку 12 .

Рэвалюцыя 1905-06 гг. адгукнулася тым, "што 7 кастрычніка 1906 г. паштовы цягнік на Вільню, каля Ліды быў абстраляны невядомымі бандытамі. Некалькі куль прабіла сцяну вагона і адзін пасажыр быў паранены" 13 .

27 кастрычніка ў 6 гадзін вечара на станцыі Ліда "селянін Мікалай Паўлоўскі пераходзіў чыгуначнае палатно, пры гэтым патрапіў пад манеўровы цягнік, які адрэзаў яму ногі. Пацярпелы быў дастаўлены ў чыгуначную амбулаторыю, дзе праз дзве гадзіны памёр у пакутах" 14 .

* * *

Чарговы план будаўніцтва чыгунак быў зацверджаны Указам Мікалая ІІ ад 1 верасня 1901 года.

Расія не мела ўласных сродкаў для такога маштабнага і дарагога будаўніцтва стратэгічных, а значыць - стратных дарог. Затое Францыя, занепакоеная суседствам з Германіяй, настойвала на больш хуткім вырашэнні пытанняў будаўніцтва шляхоў зносін.

На пачатку 1901 г., пасля перамоваў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, Расіі былі выдаткаваны французскія пазыкі на суму 200 мільёнаў рублёў для неадкладнага праектавання і будаўніцтва стратэгічных чыгунак. Участак будучай лініі ад Балагое да Полацка абышоўся ў 53 мільёны рублёў, або 118 131 рубель на вярсту - гіганцкія грошы для таго часу.

Дзвюхкаляёвая казённая стратэгічная чыгунка Балагое-Сядлец будавалася з 1902 г. па 1907 г. Часткай гэтай дарогі была лінія Полацк-Сядлец (590 вёрстаў), якая прайшла праз Вілейку, Маладзечна, Ліду, Масты, Ваўкавыск, Свіслач і мела адгалінаванне з Мастоў на Гародню. Фінансавы бок забяспечыла французская пазыка. Галоўным прызначэннем дарогі з'яўлялася перакідка расейскага войска ў Царства Польскае падчас вайны. Адсюль шматлікія пакгаўзы, вайсковыя пляцоўкі, стайні, хлявы, чатырохразовае рэзерваванне харчовых аб'ектаў, патрабаванні да падвышанай бяспекі збудаванняў на выпадак ваенных дзеянняў. Так сама ў пералік «дадатковых патрабаванняў» патрапілі вузлавыя станцыі, якіх на трасе было шмат, у тым ліку Полацк, Маладзечна, Ліда, Ваўкавыск, Масты і г.д. Кожная з іх абавязкова павінна была мець злучальныя чыгуначныя каляі, з дапамогай якіх можна было трапіць з адной дарогі на іншую, не змяняючы галавы цягніка (у выпадку Ліды: з Полацк-Сядлецкай лініі на Палескую і наадварот) 15 .

Кіраваў будаўніцтвам Уладзімір Віктаравіч Цімафееў-Расоўскі (1856-1913 г.). Яго сын, вучоны-генэтык з сусветнай вядомасцю, Мікалай Цімафееў-Расоўскі, так успамінаў пра бацьку: "Ен толькі будаваў чыгункі і ніколі не працаваў на эксплуатацыі. Пабудаваў ён у былой Расійскай імперыі каля 15 000 вёрстаў чыгунак і быў буйным інжынерам-пуцейцам, які стварыў свайго роду практычную школу інжынераў" . Талент інжынера і арганізатара Цімафееў-Расоўскі з бляскам праявіў на беларускай зямлі. Яму ўдалося зэканоміць больш за 12 млн. руб., гэта больш за 15% з амаль 81 млн. руб., запланаваных па каштарысе выдаткаў на будаўніцтва. Выпадак безпрэцэдэнтны на фоне казнакрадства, якое звычайна суправаджала будаўніцтва чыгунак у Расійскай імперыі. На пачатку студзеня 1907 г. новая лінія здаецца ў пастаянную эксплуатацыю, прычым участак ад Балагога да Ваўкавыска перадаецца Мікалаеўскай дарозе, а ад Ваўкавыска да Сядляца - Прывісленскай дарозе. У 1910 г. ўчастак Ваўкавыск-Полацк (куды ўваходзіла і станцыя Ліда) уключаны ў склад Палескай дарогі 16 .

Будаўніцтва дарогі выклікала шматлікія скаргі. Вядома, напрыклад, цяжба паміж лідскім саборным пратаіерэям Іосіфам Каяловічам (родным братам вядомага гісторыка), пра якую сведчыць справа "О вознаграждении за землю занятую в Лидском уезде Виленской губернии под устройство Полоцк-Седлецкой железной дороги из владения причта Лидского Михаила-Архангельского собора" 17 .

Чыгуначная лінія паміж Лідай і Маладзечна прайшла проста цераз маёнтак мастака Фердынанда Рушчыца - Багданаў. У сваім "Дзённіку" 18 мастак занатаваў некалькі эпізодаў будоўлі:

"Багданаў, 25.08 (1901)

Прыехалі інжынеры 19 . Яны тут, у Багданаве, нечакана. Не папярэджваючы нікога, не пытаючыся, хаця б з далікатнасці, пра дазвол, вядуць лінію, высякаюць трасу ў лесе, замяраюць будынкі. Адносна нас, грамадзян тутэйшага краю, іх не абавязвае да гэтага не толькі права, але нават элементарныя законы прыстойнасці.

Багданаў, 27.08 (1901)

Зноў іншая траса. Зараз каля самага маёнтка, так што, можа, прыйдзецца знесці толькі што пастаўленае гумно і хлеў. Маёнтак будзе пасечаны на кавалкі. Амаль цэлую ноч думкі пра будучыню Багданава, пра клопаты, змены, якія прыўнясе будоўля чыгункі ў гаспадарку, не даюць мне заснуць.

Багданаў, 27.06 (1902)

Я змог сёння растраціць шмат энергіі, і гэта для мяне добра Ад 11-й да 6-й хадзіў з эканомам па лесе, па трасах, вызначаных інжынерамі. На зямлі скрозь сляды людской нікчэмнасці, ашуканства і крадзяжу, але над гэтым усім узвышаўся гонкі, ганарысты лес - рэшткі старажытных волатаўскіх лясоў.

Багданаў, 30.06 (1902)

У нас Ягміны 20 і інжынеры. Відавочна, яны пад уражаннем атмасферы ў Багданаве. Калі зайшла размова пра «Ашмянскі павет» 21 і пра захаванне даўніны, Ягмін Ян Максімільянавіч не вельмі добра сябе адчувае.

Багданаў, 01.08 (1902)

Хоніг 22 у нас. Паведамляе, што зацверджана лінія (праектаванай чыгункі) вышэй млына. Для нашай гаспадаркі гэта вельмі нязручна. Дзіўна, што пра станцыю ніхто не вядзе гаворкі."

У сакавіку 1906 г. газета «Кур'ер Літоўскі» пісала 23 : «Падобна на тое, што новая чыгунка «Балагое - Сядлец увосень ужо пачне працаваць. Ужо зараз таварныя цягнікі тры разы на тыдзень адпраўляюцца з Маладзечна ў бок Вілейкі, цэнтральны вакзал у Маладзечна ужо пабудаваны…». Да гэта часу ўжо быў пабудаваны і аднатыпны вакзал ў Лідзе, бо найвялікшы знаўца лідскай гісторыі ХХ ст. Міхал Шімялевіч пісаў ў 1906 г.: "У г. Лідзе размешчаны злучаны вакзал Палескай і Балагое-Сядлецкай чыгунак" 24 .

У 1905 -07 гг. у Лідзе на будаўніцтве чыгункі Балагое - Сядлец працаваў дзясятнікам беларускі пісьменнік Карусь Каганец.

У 1906 г. было пабудавана новае цаглянае дэпо на 4 паравозы і адміністрацыйны 2-х павярховы будынак. На Лідчыне з'явіліся новыя чыгуначныя станцыі: Гаўя , Скрыбацы і Ражанка . У кожным такім вакзале, меліся наступныя асобныя памяшканні: крытыя сенцы для ўваходу з боку вакзала і з боку плошчы, пошта, лямпавая, у якой захоўвалі і запраўлялі газай ліхтары, кантора начальніка станцыі, тэлеграф, каса, багажнае аддзяленне, памяшканне дзяжурнага вартаўніка. Вакзалы мелі дзве залы для чакання: для пасажыраў I-II і III класаў і абаграваліся кафлянымі печамі. Для пасажыраў першага і другога класаў былі мужчынскі і жаночы ватэрклазеты з рукамыйнікамі.


1 Коласаў Л. Старая пошта на Лідчыне // Лідскі летапісец № 42. 2004. С. 37-38.

2 Abramowicz Wl. Slobodka - przedmiescie Lidy // Zіemia Lidzka № 1(53), 2002.

3 Лідскі летапісец № 27-28. 2004. С. 8.

4 Szymielewicz M. Lida w latach wielkiej wojny Lidy // Zіemia Lidzka № 2(37), 1999.

5 Kuryer Litewski № 29 (14894) 1907

6 Киштымов Андрей. Этапы железнодорожного строительства на Беларуси // Гістарычны Альманах. 2002. Т. 7. С.116-145.

7 Виленский календарь на 1899 г. Вильна. 1898. С. 91.

8 Рубакин Н.А. Россия в цифрах. Страна. Народ. Сословия. Классы. Опыт статистической характеристики сословно-классового состава населения русского государства. СПб. 1912. С. 206-207.

9 Памятная книжка Виленского учебного округа. Вильна. 1896. С. 139. Для параўнання: 1 кг не больш за 37 капеек, батон белага здобнага хлеба 300 грам - 7 капеек, чырвонагалоўка (чырвоны корак), гарэлка, якую звалі ў народзе «казёнка», каштавала за бутэльку (0,61 літра) 40 капеек. «Белагалоўка» (белы корак) - гарэлка двайны ачысткі, каштавала 60 капеек. Піва на разліў танных гатункаў каштавала ад 6 да 10 капеек за 1 літр (бутэлькавае піва з-за кошту шкла было даражэй у сярэднім на 20 капеек за бутэльку). У карчме горада, заплаціўшы 5 капеек, можна было выпіць 50 грамаў таннай гарэлкі і закусіць салёным агурком за 1 капейку. Наесціся ў такой карчме можна было за 10 капеек. У сярэднім, за поўны абед з алкаголем у рэстаране Вільні трэба было заплаціць 1,5-2 рублі, у Лідзе, вядома ж менш.

10 Мікалай Іванавіч Катовіч - другі сын вядомага святара, настаяцеля Віленскага Прачысценскага сабора, рэдактара (з 1869 г.) "Літоўскіх епархіяльных Ведамасцяў" протаіерэя Іаана Антонавіча Катовіча (1839-1911). Мікалай Іванавіч Катовіч - архітэктар і вядомы дзеяч рускага руху ў Польшчы. Нарадзіўся 25 лістапада 1875 г. ў Вільні. У 1894 годзе скончыў Віленскую гімназію, дзе вучыўся разам з Васілём Шверубовічам - будучым знакамітым мхатаўскім акцёрам Качалавым. Далей абодва вучыліся ў Пецярбургу. У 1899 годзе Мікалай Катовіч скончыў Пецярбургскі інстытут цывільных інжынераў, атрымаў дыплом інжынера з правам правядзення будаўнічых, дарожных і землямерных работ. Ен пабудаваў у Пецярбургу 14 даходных дамоў, драўляную царкву ў дачным пасёлку Вырыца і сяле Карташэўскім. Да 1922 г. жыў у Расіі. У 1922 г. эміграваў у Польшчу, кіраваў будаўнічым і землямерным бюро ў Пінскім і Драгічынскім паветах. У 1927 г. пераехаў у Берасце, дзе нейкі час займаў пасаду гарадскога архітэктара, а потым кіраваў будаўнічым і землямерным бюро, займаўся прыватнай архітэктурнай практыкай. 8 траўня 1934 года Мікалай Катовіч нечакана памёр. Яго пахавалі на Трышынскіх могілках у Берасці, магіла не захавалася. Быў непрыхаваным манархістаў, у бюро, якім кіраваў, прымаў выключна аднадумцаў. З'яўляўся актыўным дзеячам Рускага дабрачыннага таварыства і Рускага нацыянальнага аб'яднання. Жывучы ў Пінску, вёў шырокую і заканспіраваную дзейнасць, узначальваў тайную манархічны арганізацыю, якая была тады ў горадзе і кіравалася з Парыжа генералам Куцепавым. Пасля пераезду ў Берасце Катовіч спыніў актыўную палітычную дзейнасць, займаючыся выключна сваім бізнесам. Быў архітэктарам і будаўніком будынка рускай гімназіі ў Берасці.

11 Литовские епархиальные ведомости. 21 сентября 1897 г. № 38. С.358.

12 Kuryer Litewski № 224, 4 (17) кастрычніка 1906:

Праз Ліду ў кірунку Баранавічы - Сарны

Хуткі №1 прыбыццё 2-49 адпраўленне 3-04

Паштовы №3 прыбыццё 5-39 адпраўленне 5-54

Таварны, адмысловы №7 прыбыццё 23-44 адпраўленне 23-59

Назад

Хуткі №2 прыбыццё 16-14 адпраўленне 16-29

Паштовы №4 прыбыццё 13-19 адпраўленне 13-34

Таварны, адмысловы №8 прыбыццё 6-28 адпраўленне 6-43

13 Kuryer Litewski № 230, 11 (24) кастрычніка, 1906.

14 Kuryer Litewski № 249, 3 (16) лістапада 1906.

15 Казюлин Николай. Самовар в упряжке ходит. Великие Луки. 2002. /pskovrail.narod.ru/main141.html

16 Киштымов Андрей. Этапы железнодорожного строительства на Беларуси // Гістарычны Альманах. 2002. Т. 7. С.116-145.

17 РГИА. Ф. 1248. воп. 2. спр. 1256. : "Па заяве саборнага протаіярэя Каяловіча, на адчужанай зямлі былі буйныя дрэвы, якія высечаны і ўзяты ў казну; што на ўчастку пад літ. А, на зямлі, занятай пад вартаўнічую будку, было знішчана азімага пасеву каля 40 кв. саж., за які ўзнагарода не атрымана і, акрамя таго, за мяжой адчужэння падрадчыкамі складаўся камень, капаліся ямы і былі ўладкованыя баракі і студня пры пабудове чыгуначнага маста. У пачатку пабудовы тэхнічным наглядам была праведзеная разора і было абвешчана, каб у межах разор пасеваў не праводзіць, а ў цяперашні час мяжа ў некаторых месцах значна паменшаная, з-за чаго клір да восені 1904 года гэтай зямлёй не карыстаўся. Уся зямля кліру аддаецца ў апрацоўку з паловы. … Выслухаўшы пярэчанні бакоў і славесныя тлумачэнні настаяцеля Лідскага сабора Каяловіча і агента па адчужэнні маёмасцяў, Камісія знайшла, што прадстаўлены протаіярэем Каяловічам праект умовы … не можа служыць падставай для павелічэння ацэнкі … На падставе вышэйпададзенага Камісія вызначыла пастанову сваю ад 2 снежня 1905 года датычна ацэнкі земляў… . Паводле гэтаму Камісія прызначыла ўзнагароду кліру Лідскага сабора за землі … усяго 6760 руб. 22 кап."

18 Рушчыц Ф. Дзённік - Мн.: Медысонт, 2002.

19 Інжынеры вызначалі трасу запраектаванай лініі чыгункі Ліда-Маладзечна, якая праходзіла праз землі, што належалі Багданаву і Вайгянам.

20 Ягмін Ян Максімільянавіч (? - пасля 1919) - уладальнік маёнтка Гальшаны ў Ашмянскім павеце, з часткова разбураным Сапежынскім замкам; з 1888 г. маршалак ашмянскай шляхты па прызначэнню; жонка з Гарбанёвых.

21 Маёцца на увазе кніга: Czesław Jankowski. Powiat Oszmiański. Petersburg, 1896.

22 Хоніт - інжынер чыгункі. У 1902-1903 гг. будаваў чыгуначную лінію Ліда-Маладзечна, якая праходзіла праз Багданаў.

23 Kuryer Litewski № 54, 8 (21) marca 1906.

(Заканч. у наст нумары.)

Лаўрэш Леанід


ІМПРЭЗА Ў ТБК ЛІТВЫ

У суботу, 28 красавіка, у Таварыстве беларускай культуры ў Літве прайшла традыцыйная імпрэза, на якой узгадалі імёны велічных і слаўных беларусаў, якія ў той ці іншай ступені спрычыніліся да развіцця беларускай культуры, мовы, дзяржаўнасці.

Старшыня ТБК сп. Хведар Нюнька распавёў прысутным пра святой памяці Лявона Луцкевіча, аднаго з самых вядомых беларусаў-віленчукоў другой паловы ХХ ст. Менавіта Лявон Луцкевіч быў адным з тых, хто стаяў ля вытокаў беларускага адраджэння ў незалежнай Літве. У сакавіку яму споўналася б 90.

У сваіх успамінах Хведар Нюнька крануўся падзей, якія ўжо пачалі адлічваць трэцяе дзесяцігоддзе, калі віленскія беларусы пачалі ствараць свае культурныя асяродкі і першыя грамадскія арганізацыі амаль праз 50-годдзе забароны, занядбання і забыцця. І менавіта Лявон Луцкевіч разам з Зоськай Верас быў адным з тых, хто выказваў думку аб стварэнні такой арганізацыі, як Таварыства беларускай культуры ў Літве. Вельмі часта яны збіраліся ў "лясной хатцы" у Зоські Верас і там абмяркоўвалі свае планы. Дарэчы, як адзначыў Хведар Нюнька, лёс той хаткі трагічны - яна згарэла. І ўсё ўказвае на тое, што яе падпалілі.

Артур Юдыцкі ў сваім выступленні крануўся асобы другога прэзідэнта Беларускай Народнай Рэспублікі Васіля Захаркі, якому ў красавіку споўнілася 135 гадоў з дня нараджэння. Сёння адназначна можна сказаць, каб не самаахвярная дзейнасць дзеячоў БНР, мы наўрад ці жылі б у незалежнай Беларусі. Менавіта дзякуючы таму, што была абвешчаная беларуская незалежная дзяржава на беларускіх этнічных землях, акупацыйны бальшавікі ўрад пайшоў на стварэнне марыянеткавай БССР, якая і па сёння працягвае сваю экзістэнцыю.

У сваім далейшым выступленні А. Юдыцкі акцэнтаваў увагу на тое, што сёння ўрад БНР не прадстаўляе ў поўнай меры беларусаў. Дзейнасць зведзена ўсяго да таго, што цягам года робіцца некалькі заяў і ўсё. Аб урадзе БНР узгадваюць у сваёй большасці толькі ў сакавіку, перад самым вялікім беларускім нацыянальным святам. Нават сайт БНР не ўтрымлівае ў сабе ніякай інфармацыі, нават няма біяграфічных даведак пра прэзідэнтаў БНР. Таму хацелася б крыху больш актыўнай пазіцыі гэтага ўраду. Тым больш ён мае гістарычныя правы выступаць ад імя беларускага народа і яго рэпрезентаваць у сусветнай супольнасці. Кажучы пра ўрад, А. Юдыцкі зазначыў, што ён патрапіў у замкнёнае кола, бо не можа праводзіць сваёй актыўнай дзейнасці з-за недахопу сродкаў, а сродкаў не мае, таму што не праводзіць актыўнай дзейнасці. Атрымоўваецца замкнёнае кола, з якога яму трэба выбірацца.

У красавіку спаўняецца 75 гадоў з дня трагічнай смерці Змітра Жылуновіча (беларускага пісьменніка Цішкі Гартнага), які стаяў ля вытокаў БССР. Сёння складана ацэньваць яго уклад у станаўленне незалежнай Беларусі, а таксама разважаць над пытаннямі, чаму ён не падтрымаў БНР, але можна сказаць, што так ці інакш ён зрабіў пэўны ўнёсак у развіццё беларускай культуры, літаратуры, мовы. Магчыма, каб не такія дзеячы, то БССР была б зрусіфікаванай значна раней. Але праз іх дзейнасці беларускае слова даходзіла да беларусаў у той жахлівы і крыважэрны час.

- Народ, які мае такія імёны, як Леў Сапега, заслугоўвае павагі, - так распачаў свой выступ пра канцлера ВКЛ Льва Сапегу сп. Хведар Нюнька. У красавіку спаўнілася 455 гадоў з дня нараджэння дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага. Галоўная заслуга Льва Сапегі - выданне Трэцяга Статута ВКЛ. Гэта, пасутнасці, першая канстытуцыя ў свеце. На тэрыторыі Беларусі Статуты дзейнічалі да 1840 года. Яны былі напісаныя на старабеларускай мове, як і многія іншыя дакументы эпохі ВКЛ.

Валеры Радзюкевіч узгадаў пра жыццёвы і творчы шлях Альфрэда Ромера, мастака, скульптара, збіральніка фальклору, удзельніка паўстання 1863-64 г.г. Нягледзечы на вядомасць гэтага імені ў Польшчы і Літве, у Беларусі аб ім ведаюць мала, як практычна нічога не захавалася там з яго працаў. Толькі ў камайскім касцёле вісіць намаляваны ім абраз "Езус і сірата", а ў пінскім касцёле "Пінская мадонна". Пэўную частку свайго жыцця Альфрэд Ромер правёў у маёнтку Каралінава Пастаўскага раёна, які зараз знаходзіцца ў аварыйным стане і разбураецца, нягледзячы на тое, што на ім прымацавана шыльда "Ахоўваецца дзяржавай". Сам Альфрэд Ромер пахаваны ў сямейнай капліцы ў Тракайскім касцёле.

Андрусь Старавойтаў у сваім выступленні ўзгадаў аб трагічнай падзеі - аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая адбылася 26 красавіка 1986 г. Андрусь акцэнтаваў увагу на тым моманце, што аб адбыўшайся аварыі насельніцтву паведамілі толькі праз 10 дзён пасля яе, і толькі пасля тых фактаў, калі ўжо самі людзі пачалі разумець, што адбылося штосьці страшнае. Ен у пачатку 90 гг. жыў у Хойніках і таму на сваім уласным досведзе ведае, што такое жыццё ў радыяцыі. Па яго словах, дзяржава не толькі хавала праўду аб аварыі, але і не асабліва клапацілася пра тое, каб радыяцыя не распаўсюджвалася на большыя тэрыторыі. Як прыклад, ён прывёў спальванне забруджанага радыяцыяй лесу. Вядома, што з дымам радыяцыя распаўсюджвалася на значна большыя тэрыторыі.

І вядома, што праблема забруджаных радыяцыяй тэрыторый - гэта праблема не аднаго тысячагоддзя. Зразумела, што шкода нанесена непапраўная. І не толькі таму, што людзі былі вымушаныя пакінуць тэрыторыі, кудысьці перасяляцца, а яшчэ таму, што людзі засталіся адарванымі ад сваіх каранёў, ад тых мясцінаў, дзе жылі іх дзяды, і дзе была іх гісторыя. На іншых тэрыторыях яны чужыя. Такім чынам былі знішчаныя цэлыя гістарычныя, этнаграфічныя, моўныя беларускія рэгіёны на поўдні Беларусі.

Алесь Адамковіч, Вільня.


Песні філаматаў гучалі ў Беліцы і Беняконях

5 траўня на землях старажытнай Лідчыны зноў гучалі песні філаматаў і філарэтаў. Сюды завіталі ўдзельнікі праекту "Хай радасць з вачэй вашых блісне" Аляксей Жбанаў і Алена Прохарава.

Першымі сустракалі гасцей настаўнікі і вучні Беліцкай СШ Лідскага раёна. Беліца - гэта самы поўдзень, Наднямонне, яна мала звязана з філаматамі, хіба што Ігнат Дамейка праязджаў па дарозе з Жабуртоўшчыны ў Заполле, але дасведчанасць і зацікаўленасць вучняў аказаліся на вышыні. І знайшлося каму выканаць песню Марылі, ажно цэлае трыа.

Выступоўцы настолькі спадабаліся, што тут жа былі запрошаны на Купалле, якое ладзіцца ў Беліцы штогод, а дзе ж яго яшчэ і ладзіць, балазе мястэчка стаіць на самым беразе Нёмана.

Гаспадары пахваліліся сваім выдатным этнаграфічным музеем, дзе цудоўны збор рэчаў сялянскага побыту канца 19-га - пачатку 20-га стагоддзяў.

Другая прэзентацыя песняў філаматаў адбылася ў Беняконях на самай поўначы Воранаўскага раёна. Тут пахавана Марыля Путкамер (Верашчака), то сувязь з філаматамі ў Беняконяў наймацнейшая.

Наш кар. На здымках: імпрэза ў Беліцы.


Ад Фартоў да Каложы - вуліцы Гародні ў адным выданні

"Біяграфія вуліц ад Фартоў да Каложы" - уніка-льнае выданне, якое апісвае ўсе архітэктурна-каштоўныя будынкі Гародні.

Кніга - гэта, па-сутнасці, трэцяе выданне, грунтоўна дапоўненае, аздобленае каляровымі фотаздымкамі, - кажа адзін з аўтараў Андрэй Вашкевіч. Паводле гісторыка, ідэя падобных выданняў узнікла ў сярэдзіне 2000-х гадоў, разам з пачаткам новага этапу гарадзенскай рэканструкцыі:

- Разам з рознымі зваротамі, спробамі нейкім чынам накіраваць гэтую рэканструкцыю ў нейкае больш разумнае, нацыянальнае рэчышча, мы - гарадзенскія гісторыкі зразумелі, што насамрэч вельмі мала ведаем пра наш горад, пра яго архітэктуру. Фактычна кожная спроба абараніць нейкі канкрэтны будынак, у першую чаргу гэта збор інфармацыі аб гэтым будынку, спроба надаць яму нейкую каштоўнасць, як архітэктурную, так і гістарычную. Калі мы гэта рабілі, то паступова такой інфармацыі ў нас станавілася ўсё больш і больш.

Гісторыкі спадзяюцца, што кніга стане сапраўдным перапісам усіх каштоўных будынкаў Гародні, і зможа паспрыяць грамадскаму дыялогу ў справе захавання архітэктурнай спадчыны горада.

Радыё Рацыя.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX