Папярэдняя старонка: 2012

№ 21 (1068) 


Дадана: 26-09-2012,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 21 (1068) 23 траўня 2012 г.

Беларуская мова ахоўваецца Законам як нематэрыяльная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь

16 траўня 2012 г. газета "Звязда" надрукавала Закон Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь".

У артыкуле 14, прысвечаным нематэрыяльным гісторыка-культурным каштоўнасцям, сказана наступнае:

"Да нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей адносяцца звычаі, традыцыі, абрады, фальклор (вусная народная творчасць), мова, яе дыялекты (выдзелена намі), змест геральдычных, тапанімічных аб'ектаў і твораў народнага мастацтва (народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва), іншыя нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека."

Гэта дае падставу больш актыўна пашыраць нашу родную мову ва ўсіх сферах грамадскага жыцця краіны.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


У Менску прайшоў VIII з'езд БАЖ

З'езд Беларускай асацыяцыі журналістаў - восьмы па ліку - прайшоў у Менску. На яго сабраліся 76 дэлегатаў ад 1030 сяброў БАЖу з усёй Беларусі. У праграме з'езду - справаздача пра дзейнасць арганізацыі за апошнія тры гады, выбары кіраўніцтва і сталых камісіяў асацыяцыі.

У справаздачы, якую прадставіла на з'ездзе Жанна Літвіна, гаворыцца пра тое, што за апошнія тры гады асацыяцыя сутыкнулася з новымі выклікамі.

Жанна Літвіна адзначыла, што 2011 год быў удвайне цяжкі для журналістаў: з аднаго боку, узмацніліся ціскі, з другога - ударыў эканамічны крызіс. Шмат якія выданні былі пастаўленыя на мяжу выжывання менавіта з фінансавых прычынаў, але, як з гонарам адзначыла старшыня БАЖ, ніводнае з выданняў праз гэта не зачынілася.

Жанна Літвіна пераабраная на пасаду старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. За яе кандыдатуру прагаласавалі 73 дэлегаты, 1 устрымаўся. Намеснікамі старшыні БАЖ абраныя Андрэй Бастунец, Аляксандр Старыкевіч, Аліна Суравец і Святлана Калінкіна.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць спадарыню Жанну Літвіну і яе намеснікаў з абраннем на турботныя і адказныя пасады і зычаць ім імпэту і плёну на ніве служэння справе свабоды слова, але найперш справе свабоды нашай Бацькаўшчыны.



31.05 у чацвер у Менску ў рамках праекту "Будзьма!"

Прэзентацыя канспекта па вывучэнні "Правілаў дарожнага руху"

Адказная Алена Анісім. 17.30-18.20

Сядзіба ТБМ. Уваход вольны.


110 гадоў з дня нараджэння Язэпа Пушчы

Язэп ПУШЧА , сапр. Іосіф ПЛАШЧЫНСКІ (20 траўня 1902, в. Каралішчавічы Менскага павету, Менскай губерні, цяпер Менскі раён - 14 верасня 1964, Менск; іншыя псеўданімы: Л. Кудзер; Язэп Кудзер; Лясун; Пушча; А. Пушча; Л. Трыер;) - паэт, крытык, перакладчык. Старэйшы брат Ізідара Плашчынскага. У 1918 - жніўні 1921 вучыўся ў Менскай рэальнай вучэльні. У 1921-1922 - слухач курсаў беларусазнаўства Наркамасветы БССР. У 1921-26 працаваў настаўнікам. У 1923 быў адным з заснавальнікаў літаратурнага аб'яднання "Маладняк", пазней - "Узвышша". У 1926 годзе працаваў у Інбелкульце. У 1925-1927 вучыўся на педагагічным факультэце БДУ. Увосень 1927 перавёўся ў Ленінградскі ўніверсітэт. На чацвёртым курсе пакінуў вучобу; вярнуўся ў Менск, у 1929-30 працаваў стыльрэдактарам у Белдзяржвыдавецтве. Арыштаваны ДПУ БССР 25.7. 1930 па справе "Саюза вызвалення Беларусі" . Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 10.4.1931 як "член контррэвалюцыйнай арганізацыі" і за "антысавецкую агітацыю" да 5 гадоў пазбаўлення волі. Тэрмін адбываў у Чэбаксарах, Шадрынску. Вызвалены 24.7.1935. У 1937-1941 жыў у Мурамскім раёне Уладзімірскай вобласці, настаўнічаў. У гады вайны на фронце. Пасля зноў у Мурамскім раёне. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 30.1.1956. Вярнуўся з сям'ёй у Беларусь у 1958. Сябар СП Беларусі з 1958. Да апошніх дзён жыў у Менску. Пахаваны ў Каралішчавічах.

Дэбютаваў апавяданнем у 1922 годзе пад псеўданімам Лясун. На працягу 1925-1930 выдаў некалькі паэтычных кніг. Вядомасць мелі яго "Лісты да сабакі".

Да высылкі выйшлі зборнікі вершаў "Раніца рыкае" (1925), "Vita" (1926), "Дні вясны" (1927), "Песні на руінах" (1929), а таксама паэмы "Песня вайны" (1928) і "Цень Консула" (першапачатковая назва "Песня акупацыі"), прасякнутыя ўражаннямі аб Першай Сусветнай вайне, а таксама паэма "Крывавы плакат" (1930). Была падрыхтаваная да выдання кніга "Мой маніфест" (схаваная ў вуллі, а затым, пасля арышту брата, спаленая сястрой Лёдзяй). Быў падрыхтаваны да друку, але не выйшаў зборнік лірыкі "Грэшная кніга". Пасля прыезду ў Менску ў друку з'яўляюцца вершаваная казка "На Бабрыцы" (1960), кніга "Вершы і паэмы" (1960) і зборнік "Пачатак легенды" (1963).

На беларускую мову пераклаў аповесць Аляксея Талстога "Дзяцінства Мікіты" (1960).


75 гадоў з дня нараджэння Сяргея Сідора

Сяргей Іванавіч СІДОР (25 траўня 1937, в. Янаўшчына Зэльвенскага раёна - 17 ліпеня 1998), беларускі географ, доктар педагагічных навук (1991), прафесар (1992).

Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1964). З 1971 у Магілёўскім педагагічным інстытуце. З 1974 ў БДУ, адначасова з 1995 намеснік рэдактара часопіса "Геаграфія: Праблемы выкладання". Навуковыя працы па эканамічнай геаграфіі Беларусі, методыцы выкладання геаграфіі. Адзін з ініцыятараў распрацоўкі новай канцэпцыі выкладання геаграфіі ў школах незалежнай Беларусі. Аўтар падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для школ і ВНУ.

Заклаў асновы сучаснай беларускай сацыяльна-эканамічнай геаграфіі. Стваральнік беларускага навуковага геаграфічнага тэзаўруса і тэрміналогіі. Актыўна адстойваў права сацыяльна-эканамічнай геаграфіі на існаванне, імкнуўся рабіць савецкую, а потым і беларускую, СЭГ канструктыўнай, лічыў мэтазгодным вывучэнне СЭГ і ў эканамічных ВНУ, выступаў супраць падмены СЭГ іншымі курсамі, па сутнасці тоеснымі ёй. Стваральнік першага ў незалежнай Беларусі паўнавартаснага падручніка па геаграфіі Беларусі, дзе ўсебакова ахарактарызавана краіна, забяспечыў адзінства геаграфіі ў рамках школьнага курсу. Карыстаўся заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод выкладчыкаў, студэнтаў, настаўнікаў і вучняў за сумленнасць, сціпласць і прастату, працавітасць і высокае пачуццё абавязку, за імкненне удасканальваць і паляпшаць.

Працягваў справу, распачатую А. А. Смолічам у працы "Географія Беларусі" (1923), апісаў Беларусь у геаграфічным ракурсе ("Геаграфія Беларусі. Энцыклапедычны даведнік", 1993; "Займальная геаграфія Беларусі", 1995, у суаўтарстве; "Геаграфія Беларусі ў пытаннях і адказах", 1998, у суаўтарстве).

Творы: Социально-экономическая география СССР: наука и учебная дисциплина. - Мн.: Университетское, 1989. Тэорыя сацыяльна-эканамічай геаграфіі: Курс лекцый. - Мн.: БДУ, 2001 (у суаўтарстве). Геаграфічныя паняцці і тэрміны. - Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 1993.


Геном роднай мовы

У Менску праходзіў міжнародным форум па ўстойлівым сацыяльна-экалагічным і эканамічным развіцці нашых беларускіх рэгіёнаў ды асобных гарадоў. На ім заўзята і часам патэтычна абмяркоўваліся праекты разнабаковага (з немцамі) партнёрства, і, слухаючы прамоўцаў, я знайшоў істотную, як мне здавалася, хібу ў праграме супрацоўніцтва. Тая "знаходка" падказвала мне звярнуцца да больш дасведчаных нямецкіх калег. І я паставіў пытанне: ці можна разлічваць на поспех ва ўстойлівым развіцці тэрыторый без уліку духоўных складнікаў, асабліва ў моладзі дый насельніцтва ўвогуле? А ў праграме ж партнёрства пакуль чыста матэрыяльныя клопаты… З гэтага моманту гаворка і мусіла ўжо павярнуць на веды і прапаганду нацыянальных каштоўнасцяў ў школьнай адукацыі - на гісторыю, мову, культуру - рэчы, якія не першы год партнёрамі старанна абмінаюцца.

Удакладняючы пытанне, я выкарыстаў тут прыём антытэзы і сказаў літаральна наступнае: "Ну, вось, шаноўныя-любыя, калі б у вас канцлер А. Меркель па нейкіх там завуаляваных матывах стала гаварыць выключна на англійскай мове і пераводзіць нямецкія школы на лепшую, у яе ўяўленні, мову суседняй дзяржавы і калі б у вашых сярэдніх і вышэйшых навучальных установах дзяцей перасталі выхоўваць у духу нацыянальнай самасвядомасці, а гісторыю вялікай Германіі і мастацкую літаратуру, якая зазвычай бярэ самы непасрэдны ўдзел у стварэнні і развіцці нацыі - пачалі выкладць таксама па-англійску… І таму маладыя і адукаваныя немцы, плюючы на зямлю, на якой нарадзіліся, сталі б пераўвасабляцца ў масе сваёй у "грамадзян свету". Урэшце, кінуліся б яны шукаць найлепшы прытулак, долю ды капітал не ў роднай краіне, а хто на амерыканскіх узбярэжжах, хто ў Афрыцы… А на месцы, на нямецкай зямлі, пайшло б яшчэ больш імклівае іх замяшчэнне мусульманамі… Уявіце сабе вось гэтакі зрух у сваім Фатэрландзе, як і ва ўсёй Еўропе… І тады ці была б у вас магчымасць у гэтакім хаосе гаварыць, як гэта сёння вы робіце ў нас тут, аб устойлівым сацыяльным, экалагічным і культурным развіцці сваіх зямель, тэрыторый, дый краіны ў цэлым? Не ж, мусіць! Патрыятызм, нацыянальная годнасць - аснова ўсялякай вялікай і малой работы на месцы! Хіба гэта не так?.."

Здзіўленыя маёй эскападай, партнёры адмовіліся ўсур'ёз успрымаць верагоднасць намаляванай перад імі карціны на іхняй зямлі, хоць падставы ўжо пэўна былі, як што і ў іх пачыналі завязвацца вузельчыкам і ўзбуйняцца клопаты з маргіналамі ісламскага толку. Але, што праўда, немцы хутка здагадаліся: мой сказ быў не пра Германію…

На маё пытанне адказаў як бы ўскосна, у межах сваёй кампетэнцыі, Маціяс Берэнс, прадстаўнік Еўрапейскага цэнтра агра- і экатурызму (ЕСЕАТ), а трэба зазначыць, што турызм у сацыяльным партнёрстве, пра якое ішла размова, - моцны канёк. То Маціяс мусіў патлумачыць мне і не толькі мне: для замежных турыстаў, калі яны, да прыкладу, едуць у Беларусь, найбольшую цікавасць уяўляе акурат народ з яго культурай, звычаямі, менталітэтам, нацыянальнай самасвядомасцю - народ, а не пляжы, не рэчкі ці нават лясныя масівы. Безумоўна, і тое цікава, ды не ў такой меры. На зямлі, куды прыехаў турыст, добра калі ён знаходзіць увасабленне адзінства прыроды і духоўнае сферы, пэўны каларыт той ці іншай зямлі. Духоўнае альбо патрыятычнае ў чалавеку заўжды павінна быць, і яго варта выхоўваць! Так што вы, казаў мне Маціяс, маеце рацыю.

Тэма хвалявала мяне даўно. Родная мова - не толькі сродак інфармацыі. Родная мова - геном, сукупнасць разнастайных якасцяў і ўласцівасцяў. На жаль, аднак, іх выяўленне на месцы людзі найчасцей ігнаруюць, і ўжо губляецца тое, што пераплятаецца ды выступае як адно цэлае - гістарычная і генная памяць, яны яднаюць народ, ягоныя пакаленні. І яшчэ - у канкрэтных прыродных і гістарычных умовах пэўныя тэмбравыя альбо меладычныя ўласцівасці мовы як правіла бяруць удзел у выпрацоўцы менталітэту, характару; урэшце, сама мова служыць як сродак яскравага выяўлення якасцей чалавека.

На характэрным гучанні мовы, на розных сэнсавых і ментальных адценнях слоўнікавага скарбу, як вядома, ствараецца нацыянальная літаратура, якая ў сваю чаргу гуртуе і духоўна граніць людзей, фармуе нацыю. Дадаткова ў гэтым працэсе, як вядома, удзельнічаюць і іншыя віды і сродкі мастацтва. Нацыя - вынік заканамернага аб'ектыўнага развіцця народу ў дзяржаве, гэта самы вялікі і захапляльны, яскравы і непаўторны твор, проста шэдэўр, які людам па-мастацку выраблены і выпеставаны, які, пры ўдачы, пры волі кожны народ, увасабляючы яго, ужо мае гонар прадэманстраваць чалавецтву!

Тры гады таму акалічнасці склаліся так, што я стаў каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы "Інстытут нацыянальнай памяці" (ІНП). А ў 2009 годзе сіламі жывых, энергічных, дасціпных людзей мы падрыхтавалі і правялі агульнанацыянальную акцыю ў абарону мовы як асновы менталітэту і культуры. Пад зваротам, разасланым у розныя дзяржаўныя ўстановы, стаялі подпісы 900 асоб, у тым ліку некалькіх дзесяткаў вядомых дзеячаў навукі, культуры, мастацтва…

Хіба толькі ўмоўна можна казаць пра поспех тых нашых намаганняў, бо нешта фатальна хацела-такі скрануцца, трымцела-трымцела, намагалася ўзняцца, прынамсі, узнялося над чыноўніцкімі кабінетамі і ўрэшце патрапіла на стол галоўнага ў выглядзе прапановы ад Савета Рэспублікі. Якой?.. Перагледзяць законы аб мовах… Пасля зацяжной паўзы прапанова была-такі адпрэчана. Бацюхны! На каго памарока?

І нельга было спыняцца. Таму ўжо ў канцы 2011 года мы разам з акадэмічнымі вучонымі і больш зварушлівымі пісьменнікамі, адмыслоўцамі ІНП, распрацавалі Дэкларацыю аб беларускай мове, нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і самавызначэнні. Дакумент, на нашую думку, аказаўся даволі прыстойным, і мы разаслалі яго па розных паверхах улады для абмеркавання. Дарэчы, у пакет перасылкі ўваходзіў так-сама зборнік публіцыстыкі "Прывіды Шанхая над Свіслаччу", выдадзены летась мной, як што на ім пераважна і грунтавалася, ім жа і падмацоўвалася тая Дэкларацыя, - я дарыў кнігу чыноўнаму люду. Зразумела, нас цікавіла зваротная сувязь, афіцыйная рэакцыя на наш дакумент.

У Дэкларацыі адзначалася, што "тытульная мова дзяржавы, з'яўляючыся крыніцай патрыятызму, духоўна ўзбройвае народ і выступае надзейнай захавальніцай і абаронцай суверэнітэту краіны"; што, калі толькі народ хоча захаваць і насіць сваё імя, захавацца сам, ён павінен абараняць родную мову, вывучаць і карыстацца ёю, а кіраўнікі краіны, як і кіраўнікі выканаўчай і заканадаўчай галін улады, якія, груба парушаючы Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, не забяспечваюць належных форм і сродкаў для выкладання і вывучэння тытульнай мовы дзяржавы (на ўсіх адпаведных стадыях) і не ўводзяць яе ў грамадскі ўжытак, здраджваюць інтарэсам свайго народу; яны маюць падставы быць прынятымі за дзяржаўных злачынцаў.

У адказ мы атрымалі лісты, якія пераконваюць: у цэлым Дэкларацыя ўспрынята станоўча, сёй-той нават выказаў нам за яе сваю шчырую ўдзячнасць. "Мы падзяляем Вашы неабыякавыя адносіны да пытання выкарыстання беларускай мовы ў грамадстве" , - паведаміла А.П. Морава, старшыня камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Яе ліст лагічна абгрунтаваны, бо Савет Рэспублікі ў 2009 годзе недвухсэнсоўна выступаў у нашу падтрымку.

"Як Вы і прасілі, мы накіравалі згаданы тэкст Дэкларацыі ва ўсе пастаянныя камісіі, з тым каб дэпутаты маглі пазнаёміцца з яго зместам" , - паведаміў У.М. Здановіч, старшыня адпаведнай камісіі Палаты прадстаўнікоў.

"Бярэм пытанне выкарыстання беларускай мовы ў краіне пад асаблівую ўвагу. Прапановы будуць дадаткова прааналізаваныя і выкарыстаны з улікам дзеючага заканадаўства і паўнамоцтваў міністэрства" , - паабяцаў Т.І. Стружэцкі, намеснік Міністра культуры.

Сваё стаўленне выказана і ў новым лісце. "Больш надзейным, чым адміністрацыйны рэсурс, нам уяўляецца шлях грамадскіх ініцыятыў, накіраваных на падтрымку і папулярызацыю нацыянальных каштоўнасцяў, у тым ліку і беларускай мовы, найперш сярод маладога пакалення, - піша К.А.Сумар, старшыня Берасцейскага аблвыканкама. - У 2011 годзе, - інфармуе ён, - у Баранавічах створана 11 беларускамоўных груп у сетцы дашкольных устаноў. Таксама ў Брэсце адкрыты першы беларускамоўны клас… Безумоўна, гэтыя крокі не даюць нам падстаў для задавальнення".

Вось і аўтарытэтнае пасланне К.М. Бандарэнкі, рэктара Магілёўскага дзяржуніверсітэта імя А. Куляшова, гісторыка. Ён таксама прызнае, што выказаная ў Дэкларацыі ІНП заклапочанасць станам беларускай мовы мае падставы: "Нельга не пагадзіцца з тым, што сфера выкарыстання беларускай мовы - гэтай асновы развіцця беларускай культуры і самаідэнтыфікацыі нацыі, - усё больш звужаецца. Слушна гаворыцца і аб неабходнасці прымаць захады да ўстанаўлення сапраўды раўнапраўнага становішча беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства. Не выклікае пярэчання тэзіс аб тым , - доўжыць ён, - што занядбанне роднай мовы і культуры перакінулася да нас з гістарычнай мінуўшчыны і пакуль не ўсведамляецца пэўнай часткай насельніцтва як агульнанацыянальная драма. Што і казаць, "агромністая грамада" гараджан у першым пакаленні ў свой час, наслухаўшыся кпінаў над сабой за "колхозную мову", стала з грэхам папалам гаварыць "па-людску" і зноў станавіцца, прабачце, "калхознікамі" яна не надта жадае і дзяцей сваіх рабіць такімі не хоча".

У адрозненне ж ад К.А. Сумара, рэктар Бандарэнка ў сваіх дасціпных разважаннях прапануе розныя меры: "На парадак дня стала пытанне аб дасягненні практычнай роўнасці ў выкарыстанні абедзвюх моў. Для гэтага трэба, па-першае, пашырыць навучанне ў сістэме адукацыі на беларускай мове і абавязкова дабіцца авалодання роднай мовай персаналам дзіцячых садкоў, настаўнікамі школ. А навучанне на беларускай мове ва ўніверсітэтах, апроч таго, будзе магчымым толькі пры ўмове распрацоўкі і ўнармавання беларускай навуковай тэрміналогіі ў слоўніках. Затым, - даводзіць ён напаследак , - не меншую ролю павінна адыгрываць у выпраўленні становішча з беларускай мовай самая шырокая грамадскасць, без падтрымкі якой любая ініцыятыва зверху асуджана на правал".

Пры разглядзе афіцыйных лістоў - водгукаў на Дэкларацыю ІНП - заўважана тэндэнцыя: чым ніжэй па службовай лесвіцы дакумент спускаўся, тым больш рашуча службовыя асобы прыкрываліся законамі, як металічнымі латамі, і сцвярджалі з пафасам: "Грамадзянам гарантавана даступнасць навучання як на беларускай, так і на рускай мовах!" (В.У. Рудзікава, Менгарвыканкам, Д.А. Чумакоў, Гомельскі аблвыканкам, У.У. Цярэнцьеў, Віцебскі аблвыканкам). У лепшым выпадку яны больш ці менш адказна тлумачылі, што маюць рабіць для паляпшэння сітуацыі з выкарыстаннем беларускай мовы (Г.Б. Давыдзька, кіраўнік Нацыянальнай ДЗЯРЖТЭЛЕРАДЫЁКАМПАНІІ, П.К. Скрабко, Гарадзенскі аблвыканкам і тая ж спадарыня В.У. Рудзікава, Менск). Да іх варта далучыць таксама і спадара К.С. Фарыно, намесніка Міністра адукацыі; ён зазначыў, што мова сапраўды "выступае важнейшым элементам беларускай культуры, сімвалам нацыянальнай свядомасці, фактарам нацыянальнай адметнасці і індэнтыфікацыі" . Выдзеленыя тут словы гэтага дзеяча мы прапанавалі б напісаць скрозь залатымі літарамі. І самі адукатары заўжды павінны памятаць пра іх ды працаваць, натхнёныя імі!

У адказе, аднак, канстатуецца нешта ўжо збуцвелае ад даўніны: "…у сучаснай моўнай сітуацыі сваю камунікатыўную функцыю беларуская мова рэалізуе не ў поўнай меры" . Так, вядома. А ўласна - чаму? Сказаць шчыра, не ўсё ад адукацыйнай установы залежыць. Але ж… хто і што стварала такую моўную сітуацыю?.. Шаноўны падпісант ліста глыбей не капае. Тым не менш у падпісаным ім тэксце маланкай палыхнула прызнанне: "Установы агульнай сярэдняй адукацыі сёння фактычна выступаюць у якасці адзінага дзяржаўнага інстытута, які падтрымлівае беларускамоўную кампетэнцыю нашага грамадства" . Дык вось, вось мы і прыйшлі! Сказанае - жорсткая праўда. Ад шырока разлітага колісь народнага моўнага скарбу на беларускай зямлі застаўся лапік - лапік шчыгрынавай скуры!.. Як мала, пагібельна мала, чуеце, гэтага "адзінага (чытай - апошняга , В.Я.) дзяржаўнага інстытута" , каб мова зусім не знікла. Асабліва, калі ўлічваць што ў большасці школ тытульную мову нацыі вывучаюць як замежную; вучні не чуюць роднай мовы ў абыходку ў школе, таму і не ведаюць яе. Красамоўны і паказальны факт!

І тут жа як на далоні міністэрскія высновы: "Назіраецца неадпаведнасць заканадаўчага статусу беларускай мовы як адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і яе рэальнай запатрабаванасці ў грамадстве" . Рэч вядомая ўсяму тутэйшаму люду наўкруг! Адсюль сам па сабе ўжо і напрошваецца верагодны чыноўніцкі крок: ліквідаваць гэтую неадпаведнасць і - справы з канцом! Адмяніць беларускую мову наогул. Маўляў, сама ж яна вінаватая! І народ вінаваты - не супрацьпаставіў сябе дзяржаўнай машыне, якая (з найлепшых камуністычных намераў! было) дыскрэдытавала і заўзята сцірала і сцірае мову цягам дзесяцігоддзяў.

Праўду казаць, намеснік міністра адукацыі пакуль не заклікае канчаткова вытруціць мову. З уласцівым яму аптымізмам, калі не сказаць бесклапотнасцю, спадар Фарыно дасылае нам чарговую афіцыйную справаздачу, складзеную яго падначаленымі, пра напружаны клопат адукатараў аб беларускай мове.

Ну, а што, шаноўныя, вынікае з маіх уласных назіранняў? У гэтай установе яшчэ з савецкіх часоў склалася ўкандаваная камуністычная сістэма адукацыі, яна не прызнае ні праўдзівай нацыянальнай гісторыі, ні мовы тытульнай нацыі, ні нацыянальнай ідэі ў выхаванні студэнтаў і школьнікаў. Адданасць роднай зямлі і краіне тут падмяняецца адданасцю ўладзе. І ці не таму ў лісце Мінадукацыі няма аналізу катастрафічнага становішча з тытульнай мовай у дзяржаве, няма стратэгічнага бачання яе развіцця, няма прапаноў, каб змяніць сітуацыю. А найперш няма і трывогі за найвялікшую нацыянальную каштоўнасць, за "фактар нацыянальнай адметнасці і індэнтыфікацыі".

Тытулаваны і паважаны дзеяч Мінадукацыі, між тым, зусім не згадвае пра такі цікавы факт. У 2009 годзе, пасля шырока разгорнутай акцыі ІНП ў абарону беларускай мовы, старшыня Савета Міністраў і кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пайшлі на высакародны, здавалася б, і адказны ўчынак, яны зацвердзілі план мерапрыемстваў дзеля папулярызацыі і пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства.

Цяпер гэты іх крок, на жаль, ніхто і нідзе не згадвае, апроч хіба работнікаў Міністэрства культуры, якія шкадуюць, што той план мерапрыемстваў наогул не выконваецца. Лагічна ўсплывае ў памяці горкаўскае: "А был ли мальчик?"

Асобна працытую адказ на наш адрас У.У. Матусевіча, намесніка Міністра інфармацыі: "Міністэрства не можа пагадзіцца з аўтарамі дасланай Вамі дэкларацыі" . А, уласна, чаму? Няма тлумачэнняў… Адно размова ідзе пра станоўчае, пра істотную міністэрскую падтрымку развіцця беларускіх друкаваных выданняў, газет і часопісаў, пра датацыі ў кнігавыдавецкія справы, паведамляецца аб падрыхтоўцы "Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы", называюцца лічбы выдаткаў… Стрымана і паважліва даводзіцца, чаму (з-за мізэрнай колькасці падпісчыкаў і дзеля эканоміі фінансаў, вядома) згорнуты выпуск газеты "Раніца" і часопіса "Бярозка". Дарэчы, як ужо паведамлялася ў друку, дзіцячая газета "Раніца", далучана да газеты "Переходный возраст", а "Бярозка" - да часопіса "Маладосць".

Калі нейк засяродзіцца на чыста бухгалтэрскіх клопатах установы, пазіцыю Міністэрства інфармацыі зразумець не цяжка, ашчаднасць тут нават выклікае павагу. У лісце, бадай, наіўнашчыра даводзіцца, што тыражы далучаных "Раніцы" і "Бярозкі" - у такой камуналцы - павялічацца. Адно ці варта дбайным гаспадарам гэтай дзяржаўнай установы цурацца нацыянальнай палітыкі?

На справе ж, пры абагульненні выданняў, яны твару свайго перад чытачом мець не будуць. Мала таго, нам нельга абыходзіць увагай і зададзены зверху рух жыцця, які падказвае, што дакляраваныя тыражы ў камуналцы павялічацца ўсяго на кароткі тэрмін. Пры існых адносінах дзяржаўных устаноў да мовы і ідэнтыфікацыі, тэндэнцыя да зніжэння падпісчыкаў на беларускія выданні не зменіцца. Так…І таму неўзабаве дойдзе чарга, каб знікнуць, і да часопіса "Маладосць" - яго далучаць да "Полымя", а потым ужо і да вячыстага "Полымя" - прысцябаюць да "Беларускае думкі", дзе, Божа літасцівы, не будзе ў нас ні маладосці, ні агню дый аніякае думкі. Затое будуць "Cухари жытневыя", як сцвярджаюць сёння ў беларускай сталіцы грамацеі з прамхарчгандлю (на выдрукаваных імі ўпакоўках).

Мне прыгадваецца выказванне нашага адмысловага рупліўца - філосафа і культуролага М.І. Крукоўскага акурат па тэме: "У цяперашнія часы культура, кiнутая ў абставiны рыначнай стыхii, аказваецца вымушанай, каб неяк выжыць, адмовiцца ад любых iдэалаў увогуле i пераарыентавацца на банальныя, вульгарна спажывецкiя матэрыяльныя iнтарэсы". Усё так, браткі, і хіба не пацвярджэнне таму ліст з Міністэрства інфармацыі? Або яшчэ - свежыя факты: у Віцебскай абласной бібліятэцы ліквідавалі аддзел беларускай кнігі, а ў Магілёўскім універсітэце імя Аркадзя Куляшова з навейшых дзён перастануць рыхтаваць педагогаў беларускай мовы, тое ж у Менскім педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, тут адмоўлена ў наборы студэнтаў адразу на чатыры спецыяльнасці беларускай філалогіі. Навідавоку скразны і несупынны д э м а н т а ж беларускасці!

Хіба варта дзівіцца? Акурат пры такіх прыярытэтах і парадку рэчаў у дзяржаве і адхіляюцца пэўнай часткай дзяржаўных службоўцаў не толькі Дэкларацыя аб мове, але і мова, самаідэнтыфікацыя, самавызначэнне - сам дух беларускай зямлі. Хіба гэта не нашы сумныя рэаліі?.. Адно, шаноўныя дзяржаўныя служкі, калі тут на нечым з'эканоміш, то страціш у адваротнай прапорцыі - усё: і народ, і нацыю!

Не-не, на вялікі жаль: пры такім-сякім разуменні ў нашай краіне ролі і вартасцей беларускай мовы і пры спробах грамадскасці тут штосьці змяніць, у свядомасць лёсавызначальнага і распарадчага кола асоб (зрэшты, як і выканаўцаў некаторых дзяржаўных структур) пакуль не ўвайшло: нацыянальная, альбо тытульная мова дзяржавы - прэрагатыва самой дзяржавы, яе клопат, яе сумленне і моц!

І апошняе тут, бадай што банальнае ўжо ад частых паўтораў.

У любым і кожным гарманічна развітым і здаровым грамадстве мова нацыі ёсць жывы і неад'емны ад гэтага грамадства арганізм. Свая, родная, яна ж спрыяе здароўю нацыі, спакваля нарошчвае творчы дух, сілу, моц дзяржавы і таму ў пашане ў палітыкаў. А беларуская мова?.. Да гонару тутэйшага люду яна - сапраўдны і пакуль яшчэ не ацэнены як след скарб. У ёй захаваныя ўсе патрэбныя мове ўласцівасці, яе патэнцыял яшчэ далёка не раскрыты, яна дасканала распрацаваная, гожая, годная, агульнапрызнаная ў свеце, і таму ёй не час, не пра нас будзь сказана, развітвацца са сваімі стваральнікамі і ўладальнікамі.

Беларускаму народу, як апратка душы, патрэбна свая родная мова, беларусам патрэбна нацыя! Але ж сяды-тады і там-сям у нас яшчэ чуецца дурата: як бы нам не стаць нацыяналістамі?.. На той міжнароднай канферэнцыі па ўстойлівым развіцці, з якой я пачаў, дэпутат Палаты прадстаўніткоў А.В. Шацько, які прадстаўляў на форуме Камісію па адукацыі, навуцы, культуры… паслухаўшы мяне, кінуў рэпліку: "Тут национализмом попахивает!" . Ён ганарыўся адсутнасцю нармальных чалавечых пачуццяў у пазбаўленай "нацыяналізму" душы, і ў гэтым драма ўстойлівага цывілізаванага развіцця нашага грамадства, у гэтым трагедыя, якая неўзабаве можа спасцігнуць наш народ і нацыю.

Васіль Якавенка


Падтрымаем міністра адукацыі!

16 траўня 2012 г. прайшла прэс-канферэнцыя "Сярэдняя школа на сучасным этапе: стан, праблемы і перспектывы" . Намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно адказаў на пытанні прадстаўнікоў СМІ.

Напрыканцы сакавіка гэтага году міністар адукацыі Сяргей Маскевіч заявіў пра жаданне перавесці выкладанне двух школьных прадметаў - гісторыі Беларусі і геаграфіі Беларусі - выключна на беларускую мову. Цяпер гэтыя прадметы вывучаюцца пераважна па-расейску.

- Такая задача ўжо пастаўленая, і мы будзем імкнуцца да таго, каб ужо з новага навучальнага году беларуская мова вярнулася на ўрокі па гісторыі і геаграфіі роднага краю, - казаў тады Маскевіч.

Аднак на згаданай канферэнцыі яго намеснік Казімір Фарыно заявіў аб адмове міністэрства ў пераходзе на мову тытульнай нацыі:

- На дадзены момант гісторыю Беларусі на беларускай мове ў нашай краіне вывучае каля 18% дзяцей, з якіх толькі 5% пражывае ў гарадах", - сказаў Фарыно. - Для таго каб гэта зрабіць [перавесці выкладанне на беларускую мову], неабходныя дадатковыя сродкі на выданне ўсіх падручнікаў. Падручнікі выдаюцца пад замову. Да прыкладу, для таго каб выдаць падручнікі для ўсіх вучняў 5-х класаў, трэба 1,3 млрд. рублёў, - цытуе яго словы interfax.by.

Агулам, па словах намесніка міністра, на перавод усіх школаў на беларускамоўную гісторыю і геаграфію патрэбныя $1.224 млн.

Акрамя грошай перайсці на нацыянальную мову ў выкладанні толькі двух прадметаў з дзесяткаў міністэрству перашкаджае закон аб мовах і кодэкс аб адукацыі. Характэрна, што калі першы з'явіўся толькі ў мінулым годзе, то закон аб мовах функцыянуе ужо больш за 20 гадоў і раней ён не перашкаджаў выкладаць гісторыю і геаграфію Беларусі па-беларуску ва ўсіх школах.

- А наогул у канстытуцыі ў нас 2 дзяржаўныя мовы, і права выбару мовы навучання, у тым ліку "Гісторыі Беларусі" і "Геаграфіі Беларусі, - за бацькамі, - заявіў намеснік міністра, дадаўшы, што вельмі турбуецца аб тым, як такі пераход "будзе ўспрыняты ўсімі". Аб гэтым піша tut.by.

Фарыно не выключыў пераходу на беларускую ў дзвюх названых дысцыплінах у будучыні.

Тым часам з кожным годам працягвае скарачацца і колькасць абітурыентаў, якія на абавязковым іспыце па дзяржаўнай мове з дзвюх моваў выбіралі беларускую. У 2011 годзе расейскую мову пажадалі здаваць пад час ЦТ больш як 96 тысяч чалавек, а на беларускую мову зарэгістраваліся толькі крыху больш як 53 тысячы абітурыентаў.

На іншых дысцыплінах цэнтралізаванага тэставання колькасць тых, хто пажадаў здаваць іспыт на беларускай мове, увогуле выглядала катастрафічна малой: па геаграфіі - 5.2%, матэматыцы - 6.2%, фізіцы - 5.6%, хіміі - 5.5%, біялёгіі - 7.2%, сусветнай гісторыі - каля 8.7%, грамадазнаўстве - 2.5%. Можна меркаваць, што гэта статыстыка адлюстроўвае рэальную сітуацыю з колькасцю вучняў, якія навучаюцца сёння ў беларускамоўных школах.

Чаму такое простае рашэнне - вывучаць гісторыю і геаграфію па-беларуску - даецца ўладам так цяжка і выклікае столькі спрэчак? Над гэтымі пытаннямі "Народная воля" папрасіла паразважаць кандыдата гістарычных навук, старшыню ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алега Трусава.

- Зараз у Беларусі ёсць групоўка чыноўнікаў, якая скіравала свае позіркі ў бок Масквы, - выказаўся спадар Трусаў. - Ім не патрэбны нацыянальныя мова і сімволіка, ім трэба толькі чарговая падачка ад Расіі. Між тым ёсць у міністэрствах і тыя, хто хоча нацыянальнай незалежнасці і дбае пра яе. Зараз бачна, што гэтае супрацьстаянне у кабінетах - прыкладна 50 на 50.

Рашэнне не ўводзіць вывучэнне гісторыі і геаграфіі па-беларуску - часовая перамога прамаскоўскіх чыноўнікаў. З прыходам да ўлады Пуціна яны асмялелі, мусіць, спадзяюцца на тое, што Беларусь стане часткай Расіі, а яны атрымаюць нейкія высокія пасады. Але гэта пірава перамога, яна не працягнецца доўга. Спадзяюся, што пазіцыя Міністэрства адукацыі да верасня яшчэ зменіцца.

Але як жа зменіцца сітуацыя, калі, па словах намесніка міністра адукацыі Казіміра Фарыно, няма належнай колькасці падручнікаў? Няўжо становішча можна выправіць за тры летнія месяцы?

- Добрыя падручнікі па гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове ёсць, проста іх мала, - распавёў Алег Анатольевіч. - Можна перавыдаць іх большым накладам. Гэта нескладана зрабіць пры жаданні. Справа ў тым, што ініцыятыва сутыкнулася з супрацівам тых людзей, якія не хочуць жыць у Беларусі, а мараць пасяліцца ў губерні.

Між тым, паўтаруся, да верасня яшчэ многае можа змяніцца. Расія ніколі не праглыне Беларусь, бо мы жывём у ХХІ стагоддзі, і такая інтэграцыя проста немагчымая.

- Кожны неабыякавы да лёсу краіны чалавек можа адправіць ліст міністру адукацыі з прапановаю пазбавіць Казіміра Фарыно пасады. Магчыма, калі прыйдуць сотні лістоў, гэта будзе мець станоўчы эфект - і навучанне перавядуць на беларускую мову, - спадзяецца старшыня Таварыства беларускай мовы.

Паводле СМІ.


ТБМ імкнецца беларусізаваць Бабруйск

У Бабруйску сябры мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы пачалі збіраць подпісы пад зваротам да гарвыканкаму за пашырэнне выкарыстання беларускай мовы.

Паводле кіраўніка арганізацыі Віктара Маліноўскага задачы сабраць сотні подпісаў не ставіцца, а толькі звярнуць увагу на праблему:

- У звароце мы акцэнтуем увагу на тым, на што націскалі ў сваіх зваротах тром папярэднікам сённяшняга кіраўніцтва гарвыканкаму. У Бабруйску няма ніводнай шыльды з беларускамоўнай назвай вуліцы. За дваццаць гадоў існавання незалежнай Беларусі такіх шыльдаў не зявілася. Тры разы мы пісалі звароты і збіралі подпісы - шмат подпісаў. Камунальнікі абсалютна ігнаруюць беларускую мову. Мы просім у звароце змяніць сітуацыю і з візуальным афармленнем горада. Напрыклад, афармленне будынкаў. Вось заканчваюць рамонт цэнтральнага ЗАГСу. Пры канцы дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, калі яго рамантавалі апошні раз, то аформілі па-расейску. Я хадзіў, высвятляў, чаму. Загадчыца здзівілася маім пярэчанням. Адказала: "Мы і не падумалі, а дзе вы раней былі?".

У 2008 годзе напярэдадні двухсотгоддзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча бабруйскія сябры Таварыства беларускай мовы пісьмова выклалі мясцовай уладзе свае прапановы, як адзначыць юбілей драматурга. Прапаноўвалася ўсталяваць яму помнік, перайменаваць частку вуліцы Карла Лібкхнехта ў вуліцу Дуніна-Марцінкевіча, а так-сама на працягу ўсяго году выкарыстоўваць юбілейную тэматыку ў аздабленні вуліц горада. Помнік усталявалі, адну з вуліц назвалі імем Дуніна-Марцінкевіча, праўда, на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці. Аздабленне вуліц было беларускамоўным.

І лядовы палац "Бабруйск-арэна" пасля прапановы ТБМ таксама аформілі па-беларуску.

Наш кар.


Выходзіць "Вялікі слоўнік беларускай мовы" на 223 000 словаў

Выдавецтва "Тэхналогія" выпускае "Вялікі слоўнік беларускай мовы" аўтарства Хведара Піскунова. Яго прэзентацыя прайшла на філфаку БДУ.

Паводле аўтара, у яго трапіла лексіка апошніх дзесяцігоддзяў, а таксама словы з былых часоў, якія раней не ўваходзілі ў слоўнікі.

- Я патраціў на стварэнне слоўніка 12 год, а па факце - палову жыцця. - кажа ўкладальнік. - Гэта, можна сказаць, два слоўнікі адначасова - звычайны і граматычны - у яго ўваходзіць болей за трыста табліц з акцэнтнымі і словазамяняльнымі парадыгмамі. Насамрэч, тут можна знайсці словы, якія па ідэйных прычынах не траплялі ў іншыя слоўнікі: я апрацоўваў лексіку літаратуры 20-х, 30-х гадоў, шмат святарскай лексікі.

У слоўніку каля 223 000 словаў, але тут для мяне важная не колькасць, а спроба зламаць стэрэатып "калі такога слова няма ў слоўніку, значыцца яго не існуе". Рэч у тым, што гэтым заганным правілам карыстаецца абсалютная большасць рэдактараў. А гэта вялікая шкода для мовы.

Хведар Піскуноў - даследчык мовы. Cкончыў хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). Стваральнік лінгвістычнай часткі праграмы праверкі беларускай арфаграфіі "Літара" (2004), электроннага слоўніка беларускай мовы "Парадыгма" (2009).

Наш кар.


Моўная сітуацыя і моўная палітыка ў Шатландыі: гісторыя і сучаснасць

( Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Тыя, хто валодае англійскай мовай, могуць паспрабаваць ацаніць, наколькі ім будзе зразумелы пісьмовы тэкст на скотс. Ніжэй прыводзяцца пераклады на англійскую і на беларускую.

Скотс:

The Scots Leid Associe wis foondit in 1972 an ettles tae fordle Scots in leeteratur, drama, the media, eddication an in ilka day uiss. Akis Scots wis ance the state langage o Scotland, it's a vailid pairt o wir heirskip an the associe taks tent tae the fact that it shoud can tak its steid as a langage o Scotland, alang wi Gaelic an Inglis.

Англійская:

The Scots Language Society was founded in 1972 and exists to promote Scots in literature, drama, the media, education and in every day usage. Since Scots was once the state language of Scotland, it is a valid part of our heritage and the society recognizes that it should be able to take its place as a language of Scotland, along with Gaelic and English.

Беларуская:

Таварыства мовы скотс было заснавана ў 1972 годзе з мэтай падтрымкі скотс у літаратуры, тэатры, СМІ, адукацыі і ў штодзённым ужытку. Паколькі скотс калісь была дзяржаўнай мовай Шатландыі, яна па праве з'яўляецца часткай нашай спадчыны; таварыства дэкларуе, што яна павінна быць адной з моў Шатландыі разам з гэльскай і англійскай.

Вы можаце таксама паспрабаваць вызначыць сэнс наступных прыказак на скотс, а потым прачытаць ніжэй іх англійскі эквівалент.

A guid name's suiner tint nor wun

A good name is sooner lost than gained

An ill shearer aye blames his tuils

A bad workman always blames his tools

Better a fremmit freend nor a freend fremmit

Better friendly stranger than a friend estranged

It's an ill bird that fyles it's ain nest

Don't foul your own nest

Адзіная граматычная і арфаграфічная норма літаратурнай скотс дагэтуль не ўсталявалася, хаця ў гэтым кірунку зроблена ўжо шмат. З іншага боку, у бок лаланс гучала і крытыка, маўляў, гэта ненатуральная мова, яна адпужвае чытачоў, бо ім цяжка зразумець яе словы. Верагодна, гэта абумоўлена менавіта тым, што суполка стваральніка лаланс Мак-Дэрміда аб'яднала ў гэтай літаратурнай мове словы з розных дыялектаў, а таксама старажытную шатландскую лексіку. У 70-я гады частка паэтаў зноў пачала пісаць на дыялектах.

Увогуле, прыхільнасць шатландцаў да дыялектаў заўважная. Напрыклад, прадстаўніца шатландскага лексікаграфічнага цэнтра адзначыла, што яе мара - стварыць камп'ютарную праграму праверкі арфаграфіі для кожнага з асноўных дыялектаў скотс.

Дарэчы, прадстаўнікі руху за адраджэнне мовы скотс расказалі аб кнізе пра вынайдзеныя мовы, дзе згадваецца і сінтэтычная літаратурная скотс. Верагодна, гэта кніга пад рэдакцыяй Майкла Адамса "Ад эльфійскай да клінгонскай: даследаванне вынайдзеных моў". Трэба, аднак, сказаць, што ў кнізе, апроч моваў хобітаў, оркаў і эльфаў, створаных Дж. Толкіенам, ці новамовы Дж. Оруэла, сур'ёзна аналізуюцца працэсы адраджэння і ўзнаўлення жывых моў, напрыклад, іўрыту, гавайскай, шэрагу меншасных еўрапейскіх моў, а таксама міжнародныя мовы, напрыклад, эсперанта. Верагодна, у гэтай кнізе згадана і гэльская мова. Выступ сп. Мак-Клюэра называўся "Захаванне, адраджэнне ці вынаходніцтва скотс?".

Цалкам на мове скотс ужо некалькі дзесяцігоддзяў выходзіць часопіс "Lallans", у якім публікуюцца мастацкія творы і літаратурная крытыка.

У асноўных газетах матэрыялы на скотс прадстаўлены ў мінімальных аб'ёмах. Тэлебачання ці радыё на скотс няма, хаця маюцца асобныя праграмы. Некаторыя лічаць, што стварэнне асобнага канала на скотс прывядзе да "гетаізацыі". Адзначаецца, што выкарыстанне скотс у медыях часта і даўно звязана з камедыямі. Гэта выклікана тым, што скотс можа ўспрымацца не як мова, а як дыялект. Моваабарончыя арганізацыі часта наракаюць на такое становішча. Таксама ёсць выпадкі, калі ў тэлепраграмах носьбіты скотс паказваюцца ў святле негатыўных стэрэатыпаў.

Да 40-х гадоў пазіцыя шатландскага дэпартаменту адукацыі ў адносінах да скотс была зняважлівая. Адзначалася, што гэта мова непісьменных людзей, якая не падыходзіць для сфер адукацыі і культуры.

У даследаванні 2002 года адзначалася, што маюцца афіцыйныя дакументы, якія заахвочваюць настаўнікаў уключаць элементы скотс у свае ўрокі, але яны не абавязаны гэтага рабіць. Адзначалася, што скотс з'яўляецца мовай навучання толькі, калі гэта мова настаўніка, хаця многія настаўнікі вядуць урокі на стандартнай шатландскай англійскай мове. Як прадмет скотс у сярэдняй школе не вывучаецца, хіба маецца неабавязковы курс для старшакласнікаў. Падручнікаў на скотс няма. Калі вучняў сярэдняй школы і знаёмяць з гэтай мовай, то ў асноўным - праз вывучэнне літаратуры на скотс. Ад будучых настаўнікаў вывучэнне скотс не патрабуецца, адпаведных курсаў няма. Адной з важнейшых праблем у гэтым даследаванні называецца стаўленне большасці шатландцаў да скотс як да кепскай англійскай мовы, нягледзячы на шырокае выкарыстанне яе ў сям'і, літаратуры і іншых сферах.

За апошняе дзесяцігоддзе намеціўся пэўны прагрэс, у асноўным у сферы пачатковай і вышэйшай адукацыі. Напрыклад, настаўнікі пачалі часцей выкарыстоўваць скотс у працэсе навучання. Прычым адзначаецца, што такі падыход дае магчымасць зацікавіць многіх раней абыякавых да вучобы дзяцей. Вырасла роля тэкстаў на скотс у праграме старэйшых класаў. Створана некалькі сайтаў для настаўнікаў з адукацыйнымі матэрыяламі. Скотс атрымаў прызнанне ў дакуменце Нацыянальнай вучэбнай праграмы, якая заахвочвае настаўнікаў падтрымліваць выкарыстанне скотс дзецьмі. Тым не менш, многія настаўнікі не асабліва ведаюць мову, выкарыстанне яе ў школе застаецца неабавязковым. Зараз прапануецца ўвесці ў школах вывучэнне скотс у межах курсаў англійскай мовы. Я бачыў інфармацыю пра школу, дзе ўжо выкарыстоўваюць гэту схему, а таксама пра школу, дзе скотс вывучаецца як прадмет.

У шэрагу шатландскіх ВНУ прапануюцца курсы скотс і датычныя скотс. У Эдынбургскім універсітэце не дазваляецца выкарыстоўваць скотс пры напісанні студэнцкіх прац, тады як у Глазга гэта магчыма. Вывучэнне скотс можа адбывацца ў межах курсаў англійскай мовы.

Маецца шэраг арганізацый, мэта якіх - падтрымка і развіццё скотс. У 2009 годзе была створана працоўная група па скотс, якая распрацавала рэкамендацыі па шырэйшым выкарыстанні скотс у шэрагу сфер грамадскага жыцця, якія нагадваюць нашу стратэгію развіцця беларускай мовы ў 21 стагоддзі. Урад Шатландыі даў у цэлым станоўчы адказ на гэтыя рэкамендацыі.

Скотс у Ірландыі

Акрамя Шатландыі, Скотс ужываецца ў Паўночнай Ірландыі (Ольстэры), а таксама ў Рэспубліцы Ірландыя. На канферэнцыі было адзначана, што на афіцыйным узроўні скотс ужываецца ў Ольстэры ці не больш, чым у Шатландыі. Справа ў тым, што ў пачатку 17 стагоддзя Джэймс Чацвёрты, змагаючыся з ольстэрскімі ірландцамі, канфіскаваў іх землі і аддаў іх у карыстанне перасяленцам з Англіі і Шатландыі. З бяднейшай Шатландыі людзей перасялілася значна больш. Мяркуецца, што іх было каля 200000. Потым, праўда, значная частка нашчадкаў тых перасяленцаў перасялілася яшчэ раз - у Амерыку. Большасць - у рэгіён Апалачскіх гор. Сёння каля 10 працэнтаў насельніцтва ЗША адзначаюць, што сярод іх продкаў былі ольстэрскія шатландцы. Шмат амерыканскіх прэзідэнтаў, напрыклад, Уліс Грант, мелі гэтае паходжанне.

Даследаванне 1999 года паказала, што каля 2% жыхароў Паўночнай Ірландыі валодаюць скотс, што складае прыкладна 30000 чалавек. Па некаторых ацэнках, лічба носьбітаў скотс у Паўночнай Ірландыі і ў Рэспубліцы Ірландыя складае 100000 чалавек. Цікава, што ў Ольстэры маецца рух, прыхільнікі якога разглядаюць ольстэрскі скотс як самастойную мову, а не як дыялект шатландскай скотс. На афіцыйным узроўні, аднак, ольстэрскі скотс прызнаны як варыянт мовы скотс.

У Ольстэры ў адной мясцовасці маецца радыё на скотс. У некаторых пачатковых школах ён выкарыстоўваецца ў выкладанні розных прадметаў.

Даследаванні выкарыстання скотс і адносін да яе

У 2010 годзе ў Шатландыі было праведзена даследаванне практыкі выкарыстання мовы скотс і стаўлення да яе. Даследаванне было замоўлена шатландскім урадам і праводзілася метадам апытання прыблізна адной тысячы рэспандэнтаў.

Працэнтныя долі людзей, якія размаўляюць на скотс, былі прыведзеныя вышэй. Агулам атрымліваецца, што 85% апытаных ужываюць скотс хаця б зрэдку. Пры гэтым, зусім не чытае на скотс 48%, а не піша 68% рэспандэнтаў. Найменш размаўляюць на скотс людзі, старэйшыя за 65 гадоў. Магчыма, гэта вынік ранейшых больш негатыўных адносін да гэтай мовы.

У асноўным на скотс размаўляюць у сям'і і з сябрамі, істотна менш - на працы і ў іншых сферах. Сярод моладзі 81% адказвае, што размаўляе на скотс з сябрамі.

67% больш-менш згодныя з тым, што яны выкарыстоўваюць скотс у сваёй гаворцы, але не ўсведамляюць гэтага. Дзве трэціх згодныя з тым, што людзі ў іх мясцовасці часта размаўляюць на скотс. Заўважу важнае метадалагічнае адрозненне гэтага апытання ад тых, што праводзілася ў нас Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў і ад сумеснага даследавання сацыялагічнай лабараторыі "Новак", Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, і кампаніі "Будзьма". Перад пачаткам апытання рэспандэнтам далі паслухаць некалькі адрыўкаў на скотс.

На пытанне, чаму яны не размаўляюць на скотс, адносная большасць у 38% адказвае, што яны не шатландцы, 10% кажуць, што для іх лепей размаўляць па-англійску, на правільнай ці добрай англійскай мове, а 4% сцвярджаюць, што скотс гучыць, як слэнг.

68% апытаных больш-менш згадзіліся з тым, што яны расцэньваюць скотс не як мову, а "хутчэй проста як спосаб размаўляць" (just a way of speaking). Адзін аўтар выказаўся на гэты конт, маўляў, шатландцам 400 год казалі - ці горш, яны казалі самі сабе, - што мова іх старажытнай літаратуры, у тым ліку і Роберта Бернса - гэта не болей чым неахайны варыянт мовы-сястры, англійскай.

Большасць лічыць, што размаўляць на скотс важна для іх асабіста, хаця больш за трэць не лічыць гэта важным.

Большасць называе нацыянальныя традыцыі і ідэнтычнасць (індывідуальнасць, своеасаблівасць) прычынамі асабістай важнасці мовы скотс. У адказе на пытанне: "Наколькі важна для вас выкарыстанне скотс у наступных сферах…", - найбольш важнай аказваецца сфера культуры, далей ідуць медыі, сацыяльна-палітычная сфера, заканадаўства і бізнес, хаця адрозненні паміж сферамі не вельмі вялікія. Большасць лічыць, што скотс у дастатковай меры выкарыстоўваецца ў названых сферах грамадскага жыцця, хаця істотны працэнт жадае большага. Гэта выснова называецца адной з галоўных, атрыманых у даследаванні.

( Працяг у наступным нумары.)

Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы


Баранавіцкія сябры ТБМ адзначылі 130-годдзе Уладзіслава Галубка

… чалавек з вольным,

нябесным прозвішчам - Галубок

( Уладзімір Арлоў)

Баранавіцкія сябры ТБМ 13 траўня адзначылі 130-я ўгодкі з дня народзінаў Уладзіслава Галубка. Адсвяткаваць юбілей вядомага беларускага драматурга, першага народнага артыста БССР Уладзіслава Галубка прыехалі прыхільнікі яго творчасці не толькі з Баранавічаў, але і госці з Менска. Святочнае мерапрыемства адбылося на малой радзіме Уладзіслава Галубка ў вёсцы Лясная, што ў Баранавіцкім раёне. Таму ў 1990 годзе побач з чыгуначнай станцыяй у Лясной сябры ТБМ усталявалі памятны валун з шыльдай у гонар бацькі вандроўнага тэатра.

Удзельнікі імпрэзы ўсклалі кветкі да помніка Галубку, а барды зладзілі ў гонар драматурга невялікі канцэрт. Мясцовыя паэты пачыталі вершы. Свае вершы Уладзіславу Галубку прысвяцілі баранавіцкія паэты Алесь Белы і Раіса Раманчук. "Усё прайшло шчыра, хаця і сціпла, - адзначыў старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца. - Мы планавалі правесці святочны канцэрт ў мясцовым клубе і папярэдне атрымалі дазвол ад дырэктаркі гэтай культурна-асветніцкай установы. Аднак намеснік старшыні Баранавіцккага райвыканкаму Анатоль Філанчук сарваў нашыя аб'яўкі і катэгарычна забараніў дырэктарцы прадстаўляць артыстам і паэтам памяшканне клубу для канцэрта, маўляў, нават на такое культурнае мерапрыемства трэба афіцыйны дазвол раённых уладаў".

- Дзіўна, бо на святкаванне 120-годдзя Уладзіслава Галубка дзесяць гадоў таму ў гэтым самым клубе, ніякага адмысловага дазволу ад нас не патрабавалі. І тады мы спакойна і вельмі прыгожа адзначылі свята Галубка, - дадаў Віктар Сырыца.

Вітусь Свабодскі, г. Баранавічы.


Пад прысягай сумленню

У Менску ў выдаведтве "Четыре четверти" выйшла кніга вершаў сябра ТБМ Фелікса Шкірманкова "Пад прысягай сумленню"

Любоў да Радзімы, людзей, шчыры клопат аб тым, каб жыццё іх на зямлі не было бязмэтавым - ізноў у вершах Фелікса Шкірманкова. Трывожыцца і баліць сэрца ветэрана за хібы ў грамадстве, за родную мову, ды і за шмат што іншаое... Бог дапамагае яму знайсці словы, каб выказаць свае пачуцці.

Здаецца, гэтыя свае роздумы ў вершах Фелікс Шкірманкоў нібы складае ў запавет сучаснікам, а можа і нашчадкам.

ДЫК ДЗЕ ЯНО, ТОЕ ДВУХМОЎЕ?

Балюча, сорамна і цяжка

Пра гэта мне ізноў казаць.

Ды нельга, быццам бы нічога

У нас не робіцца, маўчаць.


Калі манкурт мяне пытае:

"В чем дело, что случнлось, где?

У нас в стране давно законно

Есть двуязычне везде!"


Няўжо не ведае пра тое,

Што роднай мове не даюць

Гучаць у школах, бо прадметы

На рускай мове падаюць?


Ў садках дзіцячых гэтаксама -

Там роднай мовы не пачуць,

Бо выхавацелі малятам

На рускай мове рэй вядуць.


Дык дзе яно, тое двухмоўе?

Яго, на жаль, нідзе няма.

I сёння з гэтага падману

Смяецца нават немаўля.


Хто мы? Задумайцеся, людзі.

Не русафоб я, бачыць Бог.

Адно хачу, каб зразумелі

Вы тое, што сказаць я змог.

3.02.2012


Самы народны музей Беларусі

15 траўня 2012 г. адзін з самых "новых" музеяў Беларусі - Музей старажытна-беларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН адзначыў сваё 33-годдзе. Гэтай падзеі прысвячалася публічная лекцыя аднаго з яго заснавальнікаў, прафесара Юрыя Хадыкі, якая прайшла ў Таварыстве беларускай мовы на Румянцава, 13 у Менску.

Калі энтузіясты-збіральнікі гэтага ўнікальнага сховішча старога нацыянальнага мастацтва ў 1979 г. падлічылі колькасць удзельнікаў навуковых і даабраахвотных экспедыцый па ўсёй Беларусі, цягам якой збіраліся абразы і скульптуры, царкоўнае ўбранне і помнікі этнаграфіі, яны моцна ўразіліся. Высветлілася, што над стварэннем сапраўды народнага музея ў часы брэжнеўскага застою і ідэалагічных цугляў, накінутых на грамадскае жыццё, працавала больш за 120 чалавек. Халодны недавер уладаў да шукальнікаў прыгажосці нацыянальнага мастацтва праявіўся вельмі хутка. Ужо праз 4 гады пасля першай экспедыцыі, у 1974 г., пачатковая калекцыя, каля 250 твораў сакральнага мастацтва, была канфіскаваная і перададзеная ў фонды Мастацкага музея Беларусі - са спадзяваннем назаўжды схаваць іх ад людскога вока (з той жа сферы - забарона канферэнцыі "Этнагенез беларусаў" у 1973 г.: з "нацыяналізмам" змагаліся не на жарт). Прычна была банальнай: праверка ідэалагічнай працы беларускіх камуністаў з ЦК КПСС. Але пагроза мінулася, у 1979 г. надыходзіла 50-годдзе Беларускай акадэміі навук, і прэзідэнт АН Мікалай Барысевіч даў дазвол на дзейнасць музейнай групы, а з 1977 г. - аддзела старажытнабеларускай культуры, які ачоліла Вольга Церашчатава. І на планаванне памяшканняў музея, якія адчыніліся ў 1979 г.

Гадавіна зрабілася нагодай прыгадаць імёны апантаных рупліўцаў вывучэння культурнай спадчыны, якія натхнілі сваёй працай дзясяткі паслядоўнікаў. З сярэдзіны 1960-х энтузіястаў згуртавалі бліскучыя лекцыі па гісторыі мастацтваў Элеаноры Вецер, першаадкрывальніцы - пасля Міколы Шчакаціхіна - прыгажосці беларускага абраза. Пасля яе звальнення з Інстытута мастацтвазнаўства ў тым самым нешчаслівым 1974 г. справу пераняла Вольга Церашчатава, першы дырэктар будучага музея. Яе намаганнямі стваралася сённяшняя экспазіцыя і адкрытыя для наведвальнікаў фонды: разам каля 630 твораў сакральнага жывапісу, амаль 200 скульптур, а з іншымі рарытэтамі больш за 17 тысяч экспанатаў. Наладзілася рэстаўрацыйная дзейнасць. Прайшлі першыя навуковыя канферэнцыі, пабачылі свет зборнікі па новых адкрыццях старых помнікаў. Плён працы музейных навукоўцаў - манаграфіі па гісторыі іканапісу, скульптуры, шкларобства, кнігадрукарства, старой гравюры, этнаграфіі Беларусі. Сёння яны - падмурак ведаў па беларускай культуры ў школьных і ўніверсітэцкіх курсах.

Але як і ў час адкрыцця, Музей, размешчаны па адрасе вул. Сурганава, 1, корп. 2 - напаўзакрытая ўстанова, куды трапляюць па папярэдняй дамоўленасці. А ў сувязі з агучанымі днямі ў прэсе планамі ліквідацыі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ды інстытута мовы і літаратуры з ператварэннем іх у цэнтр гуманітарных навук - нагадвае вяртанне АН ў часы Інбелкульта, ці не праўда? - лёс музея выклікае асаблівае хваляванне. Магчыма, замест будаўніцтва чарговага лядовага палацу беларускай дзяржаве варта ашчадзіць сродкі на рэстаўрацыю годнага старога будынка ці ўзвядзенне новага ў цэнтры горада, каб упрыгожыць сталіцу ўжо даўно падрыхтаванай дзеля гэтага ўнікальнай калекцыяй?

Аляксей Хадыка.

ФОТА : "Тройца" з Дастоева, 17 ст., і "Пакланенне вешчуноў" з Дрысвятаў, пасля 1514 г. - шэдэўры Музея старажытнабеларускай культуры. Пад час сустрэчы ў ТБМ.


Прэзідэнт Расійскай дзяржаўнай акадэміі мастацкіх навук з Ліды

140 гадоў з дня нараджэння Пятра Сямёнавіча Когана

140 гадоў таму назад, 8 (20) траўня 1872 г. у Лідзе, у сям'і лекара Сімхі Когана нарадзіўся будучы прафесар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, прэзідэнт Расійскай дзяржаўнай акадэміі мастацкіх навук Пётр Сямёнавіч Коган .

Пачатковую адукацыю, магчыма, атрымаў у Лідзе. Скончыў Магілёўскую гімназію (1891), гістарычна-філалагічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1896). Навучаўся заходнееўрапейскай філалогіі ў Аляксея Мікалаевіча Весялоўскага (1843-1918) і Мікалая Ілліча Старажэнкі (1836-1906), па заканчэнні атрымаў дыплом першай ступені за сачыненне "Ранні перыяд нямецкага гуманізму". Па прычыне габрэйскага паходжання ў пакіданні пры ўніверсітэце на кафедры заходнееўрапейскай літаратуры было адмоўлена. У 1896-1908-я гады выкладаў у Кацярынінскім інстытуце, Народным універсітэце імя А.Л. Шаняўскага, вучэльні філарманічнага таварыства і іншых навучальных установах Масквы; публікаваў артыкулы і рэцэнзіі ў грамадска-палітычных педагагічных часопісах.

У 1909 г. пераехаў у Санкт-Пецярбург, у 1910 г. здаў магістарскі іспыт пры Санкт-Пецярбургскім універсітэце, і быў абраны прыват-дацэнтам па кафедры германска-раманскай філалогіі, дзе прапрацаваў з 1910 па 1918 г. Адначасова чытаў лекцыі на Вышэйшых жаночых курсах імя Лесгафта. Прыняў праваслаўе, каб атрымаць магчымасць стаць прафесарам, але міністр народнай асветы Н.П. Багалепаў не дапусціў яго для падрыхтоўкі да прафесарскага звання. Член кіравання і прафесар новаадкрытага Смаленскага ўніверсітэта (1918-19). Пераехаў у Маскву. У 1920-30 гг.- прафесар МДУ. У 1920-я працаваў старшынём навукова-мастацкай секцыі Дзяржаўнай навуковай Рады Наркамасветы РСФСР.

Прэзідэнт Дзяржаўнай акадэміі мастацкіх навук (ГАХН) з дня яе заснавання (1921-29). Быў такі навуковы інстытут пры Наркамасвеце РСФСР, які займаўся комплексным вывучэннем мастацтва.

Распараджэнне па НКА № 41.

Прэзідыюм Дзяржаўнай акадэміі мастацкіх навук зацверджаны ў ніжэйзгаданым складзе:

Прэзідэнт - П.С. Коган.

Віца - Прэзідэнт - Г.Г. Шпет.

Навуковы Сакратар-

А.А. Сідараў.

Член Прэзідыюма-

Б.В. Шапашнікаў.

Член Прэзідыюма-

В.А. Піліпаў.

Наркам па асвеце

( А. Луначарскі).

16 лютага 1927 г.

Дакладна:

Заг. Агульнай Канцылярыі

(Подпіс).

У паслярэвалюцыйныя гады Пётр Коган быў, па словах М.І. Цвятаевай, "анёлам-захавальнікам" і "замоўцам… па зямных справах" шматлікіх пісьменнікаў.

У 1920 г. узяў да сябе сакратаром 15-гадовую дваранку княскага паходжання Наталлю Германаўну Арансон у замужжы Баратаву, якая засталася без сродкаў да існавання. Дапамог атрымаць вышэйшую музычную адукацыю і стаць выкладчыкам Кансерваторыі па класе фартэпіяна.

Прыняў дзейны ўдзел у лёсе рэлігійнага філосафа С.Н. Дурыліна, якога пастановай калегіі ГПУ меркавалася выслаць у Хіву. Хіву замянілі на Чалябінск.

Хадайніцтва на імя сакратара Прэзідыюма Ўсерасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта А.С. Енукідзэ пра вызваленне С.Н. Дурыліна з-пад арышту на парукі.

1 снежня 1922 г.

Просім пра перагляд справы грамадз. С.Н. Дурыліна, 45-ці г., змешчанага ў Аддз. ГПУ г. Уладзіміра і пра затрыманне яго там да перагляду справы. Падрабязнасці выкладзены ў матываваным прашэнні пра ўзяцце на парукі, пададзеным у УЦВК 18 лістапада г.г., падпісаным двума членамі РКП і праф. П.С. Коганам (копія ў Наркамюсце ў Д. Курскага і перададзена ў ГПУ тав. Мянжынскаму). Стан здароўя непрацаздольнага С. Дурыліна такі (да прашэння прыкладзена медычнае сведчанне праф К.Ф. Флерава), што высылка яго ў Хіву раўнасільна для яго смерці.

Загадчык МУЗА Галоўнавукі Б. Красін.

Член Саюза пісьменнікаў М. Цвятаева.

Старш. навукова-маст. секцыі ГУСа П.С. Коган.

Падтрымліваю: Наркам А. Луначарскі (ЦА ФСБ РФ. Д. Р-46583. Л. 74.).

У сакавіку 1924 г. П. Коган падтрымаў хадайніцтва Валошына на публікацыю яго выдатных, але з вялікім антыкамуністычным падтэкстам вершаў на кватэры ў члена ЦК Каменева Б.Л.

Сам П. Коган друкавацца пачаў у 1895 г. Першая яго праца з'явілася ў "Кнігазнаўстве" № 4-5. Друкаваўся таксама ў "Рускай думцы", "Рускім слове", "Кур'еры", "Адукацыі", "Сучасным свеце" і інш. часопісах. Вядомы крытык і гісторык заходнееўрапейскай і рускай літаратуры. У шматлікіх працах па гісторыі заходнееўрапейскай і рускай літаратуры і тэатра выявіў шырокую эрудыцыю, надаваў сур'ёзную ўвагу пытанням сацыялогіі мастацтва. Пасля 1917 г. стаў адным з вядучых марксісцкіх крытыкаў. У сваіх літаратуразнаўчых працах ужываў марксісцкі падыход да вывучэння літаратуры і яе гісторыі (у версіі "эканамічнага матэрыялізму").

Пасля рэвалюцыі вельмі папулярны лектар, гарачы прапагандыст савецкай літаратуры. З поспехам чытаў публічныя лекцыі пра сучасную літаратуру ў Політэхнічным інстытуце: "… чытаў на любую тэму: ад літаратурнай да "Спосабаў доўгага жыцця" . "Гаварыў дзіўна гладка, не паніжаючы і не павышаючы голасу, з бездакорнымі коскамі. Клічнік, пытальнік і шматкроп'е адсутнічаюць у яго гаворцы. На маёй памяці гэты аратар ні разу не запнуўся, ні разу не кашлянуў і не зрабіў ніводнага глытка вады са шклянкі. Яго агульнадаступныя лекцыі я слухаў яшчэ ў Пензе, быўшы гімназістам, і ўжо тады быў перакананы, што яны маглі б цудоўна вылечваць ад бессані самых цяжкіх псіхастэнікаў". Публіцы падабалася, зборы былі добрыя. "Вапаўцы" і "лефаўцы" яго не любілі.

Як лічаць сучасныя літаратары, тэарэтычныя асновы яго падыходаў насілі "вульгарна-сацыялагічны характар". Супернік мадэрнізму і эстэтызму. У перыяд літаратурнай дыскусіі 1923-25 гг. выступіў як гарачы змагар пралетарскай літаратуры. Працы Когана сыгралі станоўчую ролю ў рускім літаратуразнаўстве.

У 1930 г. Дзяржаўная акадэмія мастацкіх навук была ператворана ў Дзяржаўную акадэмію мастацтвазнаўства. Памёр Пётр Сямёнавіч 2 траўня 1932 г. не дажыўшы да свайго 60 - годдзя 18 дзён. Пахаваны ў Маскве на Новадзевічых могілках ля паўночнай сцяны.

П.С. Коган - чалавек выбітных здольнасцяў, выдатнага лёсу, знаёмы з усімі паэтамі, пісьменнікамі, крытыкамі і правадырамі 1920-х гадоў, спадзяюся, у пантэоне выхадцаў з Лідскай зямлі зойме годнае месца.

Асноўныя працы:

Очерки по истории зап.- европейской литературы. Т. I, М., 1903 (изд. 9-е, Гиз, М., 1928), т. II, М., 1905 (изд. 8-е, Гиз, М., 1928), т. III, чч. 1 и 2, М., 1909-1910 (изд. 4-е, Гиз, 1928); М. Советская наука. 1943.

Очерки по истории древних литератур. Греческая литература, М., 1907 (изд. 5-е, Гиз, М., 1923); М., Гослитиздат. 1935. М., Учпедгиз, 1937

Очерки по истории новейшей русской литературы. Трехтомник. М., 1909-1912 (изд. 6-е, 2 тт., Гиз, М., 1929);

Белинский. М., Заря, 1917;

Белинский и его эпоха (время), М., 1911;

Миросозерцание Белинского, М., 1911;

Романтизм и реализм в европейской литературе XIX в. СПБ. 1914 (изд. 2-е, М., 1923);

Интеллигенция и народ. М., 1917;

Н. Г. Чернышевский в русском освободительном движении. П., 1917;

Пролетарские поэты. Литполитотдел Реввоенсовета Запфронта, 1920;

В преддверии грядущего театра, М., 1921;

Пролог. Мысли о литературе и жизни. Нейенбург, 1915, изд. 2-е, Гиз, М., 1923;

Белинский и его время. М., 1923;

Литература этих лет. "Основа", Ив.-Вознесенск, 1924;

Пролетарская литература. "Основа", Ив.-Вознесенск, 1924 (изд. 4-е, 1925);

Красная армия в нашей литературе. "Военный вестник". М., 1926;

Наши литературные споры. Изд. ГАХН. М., 1927;

Литература великого десятилетия. "Московский рабочий". М., 1927;

История русской литературы от древнейших времен до наших дней. "Молодая гвардия" М., 1927;

Горький. Гиз, М., 1928;

А. С. Грибоедов, М.-Л., [1929];

Общественное значение MXT, [M.], 1929;

Хрестоматия по истории зап.-европейской литературы, Двухтомник. Гиз, М., 1929-1930.

Вильям Шекспир, M.-Л., 1931;

Очерки по истории Западноевропейского театра. Л., 1934.

Нарысы П. Когана па гісторыі заходнееўрапейскіх літаратур, гісторыі старажытных літаратур, па гісторыі найновай рускай літаратуры, па гісторыі заходнееўрапейскага тэатра да сярэдзіны 1940-х гадоў былі адзінымі навучальнымі дапаможнікамі ў савецкіх ВНУ.

Пяру П.С. Когана належаць таксама дзясяткі артыкулаў у энцыклапедычным слоўніку Бракгаўза і Ефрона ("Классицизм", "Лессинг", "Гуцков", "Ибсен", "Зудерман" і інш.), у 1-м выданні Вялікай Савецкай Энцыклапедыі і ў Літаратурнай энцыклапедыі: "Айхенвальд Юлий", "Английская литература", "Бьёрнсон", "Бомарше", "Брандес Георг", "Бёрне Людвиг", "Дидро", "Джакомо Леопарди", "Метерлинк Морис", "Поль Верлен", "Юшкевич Семен" і інш. П.С.Коган - выдатны папулярызатар, кнігі яго напісаны простай, выразнай мовай, не пазбаўленым публіцыстычнай завостранасці.

Валодаў некалькімі заходнееўрапейскімі мовамі. Аўтар перакладаў кніг Д. Рэскіна, І. Тэна і іншых.

І напрыканцы, каб склалася ўражанне пра літаратурны стыль П.С. Когана, прывяду некалькі цытат з яго нарыса пра Аляксандра Блока.

"… Блок неймаверны ў Лазане ці ў вёсцы. Яго можна ўявіць сабе толькі на парыжскім бульвары ці ў пецярбургскім рэстаране. Горад, гэты знак буржуазіі і новай псіхікі, прынесенай ёю ў свет, паступова разрастаючыся, стаў у наш час радасным п'яным гігантам, які ўбірае ў сябе ўвесь розум і ўсё пачуццё чалавецтва і, перасычаны імі, паслаблены ад лішку, шукае ў наркатычных сродках крыніцы новых узбуджэнняў.

Ап'яняльны ўплыў сталічнага горада, тая "вытворная легенда", якая ўзнікае ў яго грукаце, - легенда, якая мела на Захадзе Бодлера і Верлена, у нас знайшла свайго праўдзівага паэта ў асобе Блока. Не раз ужо адзначаўся той факт, што ўся руская мастацкая літаратура ўвогуле была літаратурай вёскі. Дваранскі лад, прыгоннае права, якія замацавалі інтэлектуальную дзейнасць за здольнымі думаць прадстаўнікамі абшарніцкага класа, надоўга афарбавалі нашу паэзію ў каларыт пачуццяў і настрояў вялікага сельскага народа. Найвялікія мастакі нашы аж да Талстога былі вяскоўцамі па духу. Яны падыходзілі да горада як чужыя, не ўспрыняўшы арганічна яго выпарэнняў. Нават у Някрасава карціны сталічных вар'яцтваў намалявана рукой чужога гораду паэта, і Дастаеўскі, першы вялікі паэт горада, з'явіўся ў яго са сваёй праўдай толькі для таго, каб не прыняць яго. У апошні час, па меры таго як ліквідуецца спадчына старой сельскай псіхікі, … і рускае жыццё ўваходзіць у кругазварот еўрапейскага буржуазнага руху, які паступова захапляе ўвесь свет, - у нас разрастаецца літаратура горада. Але мы не ведаем паэта, які б так арганічна зросся з горадам, як Блок.

Ён не ведае сонца, і яго душа пачынае жыць толькі тады, калі загараецца штучнае святло. Толькі тады пачынае працаваць яго фантазія і дзее ён сваю легенду.

У шынках,

у завулках няходжых,

У святле электрычнага сну

Я шукаў тых

бясконца прыгожых,

Бессмяротна ўкаханых ў ману.

Ён не ведае адзіноты, таму што там засне яго душа, і толькі ў "весялосці ходніка" натхняецца яго муза.

Толькі ў вулічным бязладным руху раскрываецца перад ім таямніца; і яснай становіцца яму ўтойлівае жыццё чалавечай душы. Ён павінен бачыць гэты "ланцуг ліхтароў", які працягнуўся "скрозь вуліцы сонныя", гэтыя вуліцы, п'яныя ад крыкаў, гэтыя "сонцы ў ззянні вітрын". Ён любіць "бліскучую хлусню" горада, "пах палымяны духоў", размаляваныя пунсовыя губкі і "сіняватыя дугі броваў". Абставіны яго паэзіі - тыя карціны, якія так аднолькавыя з тых часоў, як паўсталі вялікія гарады. Гэта тыя рамкі, у якія ўціснула жыццё свету буржуазная культура. Завітушка булачнай, якая залоціцца удалечыні "над пылам завулачным", "выпрабаваныя жартаўнікі", якія заламалі кацялкі і якія кожны дзень гуляюць з дамамі сярод канаваў, сонныя лакеі, што стаяць ля рэстаранных столікаў, шамаценне шоўку жаночых сукенак, гэтыя раздражняльныя, дурманлівыя гукі і фарбы выгадавалі музу Блока .

Па вечарах над рэстаранамі

Гарачы подых, дзікі ў пыл,

Кіруе лямантамі п'янымі

Вясновы дух з па-над магіл.

… Жыццё нясецца перад ім, бессістэмнае, няскладнае, ледзь улоўлівае ён адрыўкі з'яў, не ўзіраючыся ў твары, не пранікаючы ў глыб таго, што трапляецца насустрач. Людзі мільгаюць, як чорныя нявызначаныя сілуэты, у экіпажах ён улоўлівае толькі рухі, у вітрынах крам толькі бляск і стракатасць. Блок - паэт гэтых хуткіх невыразных успрыманняў. Сам верш яго гучыць як нявызначаны гуд вуліцы, у якім час ад часу вылучаюцца асобныя гукі, грук кола, грук зачыненых дзвярэй ці крык п'янага. Ён не апісвае прадметаў. Ён адзначае толькі сляды іх мільганняў. Ён любіць бязладзіцу і бязладнасць. Чым менш паслядоўнасці і сэнсу ў гэтым нагрувашчванні, тым больш настрою, тым больш кажа ён душы сучаснага сталічнага жыхара, перад якім у пярэстым калейдаскопе праносіцца штохвіліны напружаная праца чалавецтва, ажыццёўленая ў мірыяды непадобных прадметаў...

Блоку не трэба назоўнікаў, ён здавольваецца аднымі дзеясловамі. Ён пераважна - паэт рухаў і дзеянняў. У горадзе бесперапынная аглушальная мітусня, у якой цяжка ўлавіць саміх рухомых, але захоўваюцца іх жэсты і рухі. "Чырвоны з козлаў саскочыў", "знікла ў натоўпе".

Хто "чырвоны", хто гэта яна, "якая знікла" ў натоўпе? Блок не дадае назоўнікаў. І ён мае рацыю. Таму што ў вулічнай таўханіне твары не застаюцца ў памяці, застаюцца толькі мільганні.

… У аглушальным шуме вялікіх гарадоў, у іх асляпляльных агнях, у іх вар'яцкіх оргіях, дурманлівых мацней за опіюм і гашыш, грамадства здабыло чароўны свет, які ў папярэдніх стагоддзях з'яўляўся толькі ў бачаннях і ў галюцынацыях. Сучаснаму чалавеку не трэба асаблівых высілкаў уяўлення для таго, каб перанесціся ў свет зданяў. Само жыццё стала зданню, а людзі і прадметы - прывідамі. У дурманлівай змене колераў і гукаў цяжка адрозніць, дзе стварае казку рэчаіснасць і дзе яна нараджаецца ў нашым уяўленні..."

Некалькі слоў пра жонку і сына

Жонка - Надзея Аляксандраўна Ноле-Коган (1888-1966) - перакладніца, мемуарыстка.

Кахала А. Блока. Паўтара гады пасылала яму букеты руж. Сем гадоў (1913-20) доўжыўся іх раман. Блок падарыў Надзеі Аляксандраўне шэсць сваіх кніг. Апошнюю - у кастрычніку 1920 г., калі яны правялі цэлы месяц разам у Ленінградзе. Пасля гэтага нарадзіла сына, якога некаторыя паэты, у прыватнасці М. Цвятаева, лічылі сынам А. Блока. Сама Ноле-Коган у некаторыя перыяды жыцця не аспрэчвала такога роду здагадак, і тым самым іх "падсілкоўвала". М. Цвятаева піша, што Ноле-Коган паказвала ёй лісты Блока, яго падарункі "сыну" і пры гэтым "верадзіла мяне немагчымай назад-марай: сябе - маці гэтага сына, абагаўлянага мною да яго нараджэння...". Лекары ж упэўнена сцвярджалі, што Блок не мог мець дзяцей.

Сын - Аляксандр Пятровіч Ноле (9.06.1921- 29.05. 1990) - вядомы ў 1960-80 гг. савецкі нарысіст і спартовы аглядальнік, пісаў пад псеўданімам "Аляксандр Куляшоў".

Ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Скончыў французскае аддзяленне Ваеннага інстытута замежных моў (1946). Працаваў спартовым каментатарам, журналістам. Член Саюза пісьменнікаў СССР. Быў старшынём Маскоўскага аб'яднання дзіцячых і юнацкіх пісьменнікаў, старшынём Рады па прыгодніцкай і навукова-фантастычнай літаратуры пры СП СССР, членам рэдкалегіі альманаха-складанкі "Свет прыгод" і рэдкалегіі "Бібліятэкі фантастыкі".

Узнагароджаны ордэнамі "Дружбы народаў", "Знак Пашаны", медалямі. Лаўрэат прэмій Міністэрства абароны СССР (1972), імя А. Фадеева (1974), медаль імя А. Даўжэнкі (1982). Заслужаны работнік культуры РСФСР.

Валерый Сліўкін


Не стала Леанілы Малаш

Толькі месяц назад адзначыўшы сваё 85-годдзе, пайшла з жыцця Леаніла Апанасаўна Малаш, адна з самых яркіх прадстаўніц беларускіх фалькларыстаў канца 20 ст.

Нарадзілася яна 1 красавіка 1927 года ў вёсцы Несцераўка Докшыцкага р-на. Пасля сканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1952 г.) працавала ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН Беларусі, які і быў тады створаны з яе ініцыятывы. У часе знаёмстваў са старымі рукапісамі, выданнямі народнай творчасці захапілася беларускім фальклорам.

Менавіта Леаніла Апанасаўна стала першаадкрывальніцай беларускай спадчыны ў творчасці Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага. Выступленне пра яго на канферэнцыі ў Варшаве было настолькі сенсацыйным і ў той жа час істотным для развіцця беларускай фалькларыстыкі, што маладую даследчыцу запрашаюць працаваць у Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Творчасці слыннага збіральніка прысвечаны працы "Украінскія народныя песні ў запісах Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага" (1974, разам з А.Дэем), "З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.Я. Даленгі-Хадакоўскага" (1991, разам з А. Аксамітавым). У серыі "Беларускі кнігазбор" ёю быў выпушчаны том, які ўпершыню шырока прадставіў беларускую спадчыну "піянера славянскай фалькларыстыкі".

Праца з архіўнымі дакументамі склала добрую базу для ўдзелу Л. Малаш у напісанні кніг па гісторыі беларускай фалькларыстыкі.

Але самай вялікай справай жыцця Леанілы Апанасаўны стала вывучэнне песеннай традыцыі беларускага вяселля. Шэсць тамоў у серыі "Беларуская народная творчасць" - грунтоўная, крапатлівая праца, якая сведчыць пра праўдзівыя веды народнай традыцыі, да драбностак і самых прыхаваных паэтычных сэнсаў. За працу над тамамі фалькларыстка была ўганараваная Дзяржаўнай прэміяй БССР. Варта зазначыць, што матэрыялам для тамоў паслужылі не толькі даступныя фальклорныя зборнікі, але перадусім уласныя запісы Леанілы Апанасаўны. Яна праехала ўсю Беларусь і з кожнай экспедыцыі вярталася з дзясяткамі касет і сшыткаў. Да таго ж менавіта Л. Малаш пабывала ў большасці архіваў у Расіі, Польшчы, Літве, Украіне, дзе яшчэ захоўваюцца фальклорныя запісы з нашых зямель. Таму падрыхтаваныя ёю тамы "Вяселле. Песні" даюць шырокую панарамную карціну беларускага вяселля як у геаграфічным плане, бо ахоплены ўсе рэгіёны краіны, так і ў часавым аспекце, бо задзейнічаны самыя раннія даступныя архіўныя запісы.

Апошнія месяцы мы вялі размовы з Леанілай Апанасаўнай пра падрыхтоўку да друку яшчэ трох-чатырох тамоў вясельных песень, якія засталіся нявыдадзенымі і для якіх ва ўласным архіве фалькларысткі засталося даволі матэрыялаў. Лёс распарадзіўся інакш. Але падрыхтаваныя Л. Малаш кнігі займаюць важнае месца на паліцах фалькларыстаў і ва ўдзячнай памяці нашчадкаў.

Тацяна Валодзіна.


Памяці Віктара Навуменкі

Дзесяць год таму як пайшоў з жыцця Навуменка Віктар Іванавіч, адданы сын Беларусі, выдатны вучоны, выдатны настаўнік, загадчык кафедры фізікі і вышэйшай матэматыкі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, старэйшы навуковы супрацоўнік.

Нарадзіўся Віктар Іванавіч 5 студзеня 1949 г. ў вёсцы Васілевічы Рэчыцкага раёну, Гомельскай вобласці. У 1966 годзе скончыў Васілевіцкую сярэднюю школу №1 з залатым медалём. Паступіў вучыцца на фізічны факультэт БДУ. Інакш і быць не магло - гэта быў час панавання фізікі і пакарэння космасу. У 1971 годзе з чырвоным дыпломам скончыў фізічны факультэт і быў накіраваны на працу ў НДІ ПФП БДУ. У Міжнародным дзяржаўным эклагічным універсітэце імя А.Д.Сахарава Віктар Іванавіч працаваў з 1994 г., дзе з 1999 г. узначаліў кафедру фізікі і вышэйшай матэматыкі.

Асобна трэба сказаць пра вялікую любоў Віктара Іванавіча да сваёй Бацькаўшчыны-Беларусі. Гэта любоў прывяла яго ў патрыятычную арганізацыю - Беларускі Народны Фронт, дзе ён быў некалькі год сябрам Сойму. Потым ён стварыў і быў старшынём Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Беларусі; быў таксама старшынём арганізацыі ТБМ Маскоўскага раёна. Усіх, хто добра ведаў Віктара Іванавіча, не магла не здзіўляць яго рознабаковая таленавітасць. Віктар Іванавіч добра валодаў некалькімі замежнымі мовамі, умеў іграць на розных музычных інструментах, у тым ліку скрыпцы, прафесійна спяваў, складаў вершы, добра разумеў і бясконца любіў беларускую народную музыку, удзельнічаў у Народым хоры БДУ і ў Народым ансамблі "Тутэйшая шляхта".

Заўчасна адышоў ад нас Віктар Іванавіч (7 траўня 2002 года), але светлая памяць аб гэтым цудоўным чалавеку назаўжды застанецца ў сэрцах тых, хто сустракаўся з ім.

Вершы Віктара Іванавіча "Мы цэнтар Еўропы" і "Гімн Міжнароднага экалагічнага ўніверсітэта імя А.Д. Сахарава"

Мы цэнтар Еўропы

Мы, цэнтар Еўропы, - як цэнтар Сусвету:

Скрыжальнік думак і ўсіх дарог,

І лёс наш - гонар за ўсю планету

На беларускіх трымаць плячох.


Мы безліч бедаў у смузе стагоддзяў

Рашылі ладна, на прышласць усім,

І гучна слава аб нас, Народзе,

У душы шчырых унесла ўздым.


Скрозь нашы рэкі чуваць разломы,

Што аж да сэрца ідуць Зямлі.

Таму пульсуе да нас без стомы

Імпэт, каб спраўдзіць мы ўсё змаглі!


Мы горда месца сваё займаем

Сярод азёраў, лясоў, балот

І цвёрда верым, дакладна знаем,

Што вечны ў часе ліцвінскі род!

2001 г.


Гімн Міжнароднага экалагічнага ўніверсітэта імя А.Д. Сахарава

Ты - Беларусі новае равеснік

Якраз тады яе забачыў свет.

Ты - наш маяк, ты будучыні веснік,

Наш родны, мілы Універсітэт.


Ад зла Чарнобыля ты зычыш дапамогу

Усім народам, на ўвесь белы свет,

Таму сягай на слынную дарогу,

Наш Міжнародны Універсітэт.


Каб на планеце жыцце не згасала

І каб нялюдскі не настаў сюжэт,

Ты рэй вядзеш і ўжо зрабіў нямала,

Экалагічны Універсітэт.


Цябе хрысцілі дзеячы сумлення,

Якіх ніколі не забудзе свет,

Таму жыві і слаўся ў пакаленнях,

Наш Сахараўскі Універсітэт.

2001 г.


Прэзентацыі кнігі Леаніда Лаўрэша ў Лідзе

16 траўня ў Лідзе прайшлі прэзентацыі кнігі Леаніда Лаўрэша "Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне".

Для сустрэчы з будучымі чытачамі кнігі ў Ліду прыехалі: рэдактар кнігі доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры Гарадзенскага ўніверсітэта Святлана Марозава і настаяцель грэка-каталіцкай грамады Гародні айцец Андрэй. У Лідзе да іх далучыліся аўтар кнігі Леанід Лаўрэш і настаяцель грэка-каталіцкай грамады Ліды так-сама айцец Андрэй.

Першая сустрэча адбылася ў канферэнц-зале Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. Залу запоўнілі ў асноўным навучэнцы Лідскага каледжа, у якіх зусім нечакана імпрэза выклікала вялікую зацікаўленасць.

Другая сустрэча прайшла ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі. Тут сабраліся сябры літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце", мясцовыя краязнаўцы, вернікі ўніяцкай царквы, работнікі музея. Прысутнічалі зацікаўленыя людзі не толькі з Ліды, але і з раёна.

Абедзве сустрэчы вызначаліся добразычлівасцю, цеплынёй, высокім узроўнем арганізацыі з боку бібліятэкі і музея. Святлана Марозава па-добраму пазайздросціла такім узаемаадносінам уЛідзе.

Наш кар.


Разам з Максімам

Асветніцка-забаўляльная праграма "Веснаход" адбылася ў рамках музейнай акцыі "Ноч музеяў" у менскім Музеі Максіма Багдановіча.

- У нас у Музеі разгорнута невялічкая новая экспазіцыя, прысвечаная М. Багдановічу, распавяла супрацоўніца музея Ірына Мышкавец.- Заўсёды ў ноч музеяў з'яўляецца нечаканы новы экспанат. Такім экпанатам на гэты раз стала запісачка, напісаная Максімам Багдановічам да Зоські Верас у 1917 годзе. Яе яшчэ гледачы не бачылі. Гэта экспанат фондаў Дзяржаўнага мастацкага музея. Максім Багдановіч сябраваў з Зоськай Верас. Яны бачыліся ў Менску, Гародні, Вільні, гэтыя гарады іх звязвалі.

Ён напісаў: " Сягоння я пачуў, што мая нешчасліва дзевачка. І думаю ўвесь вечар аб гэтым. Але жывем мы як чужыя людзі. І не да чога дадумацца не можна."

Насамрэч, Зоська Верас не была чужой для Максіма. Утраіх з Аркадзем Смолічам яны ладзілі ў Менску мерапрыемствы, рыхтавалі да выдання "Хрэстаматыю" для чытання для беларускіх дзетак. Але ў Менск Багдановіч прыехаў дзеля іншай дзяўчыны - Ванды Лявіцкай. У Зоські Верас быў дэфект слыху, але яна пражыла доўгае плённае жыццё, амаль стагоддзе, і сябравала з многімі дзечамі беларускай культуры. На дзясятым дзясятку Зоську Верас прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, а ў 93 гады яна пабачыла выдадзеную ў Менску кніжку сваіх вершаў і апавяданняў.

- Зараз вясна, спавяюць салаўі, лётаюць матылі. Таму мы вырашалі ўключыць у вечарыну арт-праграму "Фарбы траўня"- маляванне крэйдай на асфальце, выраб папяровых матылёў. У працэсе малявання бацькам і дзеткам дапамагалі вучні Менскай мастацкай вучэльні і студэнты БДУКіМ,- паведаміла Ірына Мышкавец.

У час літаратурнай імпрэзы "Разам з Максімам" ўпершыню прагучалі вершаваныя радкі Багдановіча ў японскім стылі - танкі - на японскай мове. Максім Багдановіч першым з беларускіх паэтаў звярнуўся да напісання традыцыйных японскіх вершаў. Багдановіч - адзін з тонкіх нацыянальных паэтаў, які сінтэзаваў культурныя традыцыі Еўропы і Ўсходу. Знаёмства з паэтычнай спадчынай паэта, які выспяваў далёка ад Радзімы, але вёў няспынную працу над пашырэннем свайго кругагляду, над узбагачэннем памяці выдатнымі здабыткамі паэтычнай культуры, перакладаў на родную мову творы Гарацыя і Авідзія, Гейнэ і Шылера, Верхарна і Верлена, натхняла маладых творцаў ва ўсе часы.

Пераклала вершы на родную мову кіраўніца Цэнтра японскай культуры ў Менску спадарыня Масако Тацумі. Супрацоўніцы музея выйшлі да аўдыторыі ў традыцыйных кімано і чыталі вершы па-беларуску, а спадарыня Тацумі - па-японску.

- Я вельмі ўзрадавалася, калі мне прапанавалі перакласці вершы вашага любімага паэта. Але гэта было даволі складана. Мы з загадчыцай бібліятэкі гарталі слоўнікі, шукалі адпаведныя моўныя варыянты. Я старалася перакладаць так, каб слухачы зразумелі, што тэкст быў напісаны стагоддзе таму і мае адценне даўніны.

Дзяўчаты выканалі "Майскую песню" Максіма Багдановіча, а Юйэ Тацумі сыграла на цымбалах далікатную мелодыю старажытнай песні "Сакура".

У той жа вечар ў Траецкім прадмесці адбываліся некалькі мерапрыемстваў у розных музеях. У Музеі гісторыі беларускай літаратуры можна было пазнаёміцца з творчасцю жанчын-паэтак: Таісы Бондар, Яўгеніі Янішчыц, Раісы Баравіковай, Веры Вярбы і іншых ў экспазіцыі "Апякункі беларускіх нябёсаў".

Тут працавалі майстар-класы па маляванню акварэллю і па вырабу дэкаратыўных паштовак. У Дзяржаўным музеі прыроды і экалогіі адбылася забаўляльная праграма са спевамі і відэашэрагам, прысвечаная кветкам і жывёлам.

Эла Дзвінская.

Прэзентацыя кнігі "Балахоўцы" ў Гародні

Прэзентацыя кніжкі Станіслава Ліса-Блонскага "Балахоўцы" прайшла для гарадзенскай публікі. Пераклад і навуковую перапрацоўку здзейснілі гісторыкі Андрэй Вашкевіч ды Андрэй Чарнякевіч.

Выдавец Валер Булгакаў мяркуе, што да выхаду ў свет гэтай кнігі спрычыніўся праз супрацу з часопісам "Архэ" навукоўца Алег Латышонак.

- Мы двойчы выдавалі кнігу Алега Латышонка - нашага знакамітага гісторыка з Беластока - пад назвай "Жаўнеры БНР". Мы заўважылі, што ў сваёй кнізе Латышонак спасылаецца на яшчэ адну важную працу - Вялікі вайсковы рапарт супрацоўніка польскага генштаба Станіслава Ліса-Блонскага, прысвечаны палескай выправе арміі генерала Булак-Балаховіча ў 20-ым годзе. Тады і паўстала ідэя данесці гэты твор да чытача.

Сустрэчу з выдаўцом і аўтарамі арганізавала Гарадзенская бібліятэка. Кніжка ўтрымлівае 237 старонак. Напярэдадні з'явілася таксама гэтая кніжка, упершыню выдадзеная па-польску.

Якуб Сушчынскі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX