Вярнуцца: 2012

№ 24 (1071)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 24 (1071) 13 чэрвеня 2012 г.

Арыгінальнае выданне Статута ВКЛ 1588 года вярнулася ў Беларусь!!!

7 чэрвеня 2012 г. у будынку Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі адбылася адна з самых значных падзей гэтага года ў культурна-гістарычным жыцці нашай краіны. Музею гісторыі горада Магілёва ўрачыста перададзена арыгінальнае выданне Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Да нашых дзён у свеце захавалася ўсяго некалькі дзесяткаў экзэмпляраў Статута, аднак у Беларусі не было ні аднаго з іх. І вось Статут вярнуўся на радзіму.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, старшыня Федэральнай аўтаноміі беларусаў у Расіі Валеры Казакоў, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Ніна Калымага, дырэктар па карпаратыўных камунікацыях кампаніі Alpari Валеры Тарасаў, дырэктар музея гісторыі горада Магілёва Аляксей Бацюкоў.

Міністр культуры Павел Латушка адзначыў, што ў гэтым годзе на вяртанне гістарычных і культурных каштоўнасцяў дзяржавай выдзелена дзесяць мільярдаў рублёў. Ужо набыта 179 розных экспанатаў. Нядаўна ў Беларусь вернуты чатыры слуцкія паясы. І вось чарговы здабытак.

Статут ВКЛ 1588 года набыты на электронным аўкцыёне за 45 000 даляраў. Знайшоў гэты лот на аўкцыёне студэнт Андрэй Радкоў, які і паведаміў пра знаходку дырэктару музея гісторыі горада Магілёва Аляксею Бацюкову. Прадпрыймальнік Уладзімір Мардачоў дапамог з першым грашовым унёскам. Грошы на выкуп Статута ВКЛ сабралі літаральна за два тыдні.

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года ўяўляе сабой вышэйшае дасягненне старабеларускай прававой думкі, якое паўплывала на культурна-гістарычныя і юрыдычныя традыцыі краін Еўропы. Статут з'яўляецца не толькі дакументам, але і помнікам вышэйшага культурнага значэння.

- Для нас вялікі гонар аказаць пасільную дапамогу брацкай дзяржаве, рэальная магчымасць вярнуць у Беларусь значымую гістарычна-культурную каштоўнасць, - адзначыў Валеры Тарасаў, дырэктар па карпаратыўных камунікацыях кампаніі Alpari.

Валеры Казакоў, адзначыўшы, што і ён, і Валеры Тарасаў, з Магілёўшчыны, сказаў, што кожны беларус павінен старацца для сваёй Беларусі сабраць усе яе каштоўнасці, хто што зможа.

Аляксей Бацюкоў прыняў Статут з рук В. Тарасава і сказаў, што музей гісторыі горада Магілёва з гонарам будзе захоўваць гістарычную каштоўнасць і пастараецца годна прадставіць яе наведвальнікам.

Знамянальна, што гэта падзея адбылася ў год кнігі, абвешчаны ў нашай краіне.

9 чэрвеня прэзентацыя выкупленага ў Расіі асобніка Статута Вялікага Княства Літоўскага адбылася ў Магілёве у гарадской ратушы, дзе ён і будзе захоўвацца.

У залу паседжанняў ратушы паглядзець на рэліквію прыйшло больш за паўсотні магілёўцаў. Дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў, звяртаючыся да грамады, адзначыў:

- Магчымасць выкупіць Статут з'явілася дзякуючы таму, што была вялікая грамадская падтрымка...

Удзячнасць грамадскасці за дапамогу ў выкупе Статута выказваў на прэзентацыі і гісторык Зміцер Яцкевіч. Ён ездзіў у Маскву, каб спраўдзіць, ці сапраўдны экзэмпляр. Паводле гісторыка, у Расіі выкуплены асобнік Статута апынуўся падчас вайны ў сярэдзіне XVII стагоддзя. Ім валодалі князь Крапоткін-Смаленскі, потым архіяпіскап Пераяслаўска-Разанскі. У 1839 годзе яго перадалі ў Разанскую духоўную семінарыю.

- Менавіта тады быў зроблены пераплёт гэтага выдання, таму ён такі няўдалы. Менавіта тады быў зроблены надпіс, што ён на беларускай мове. Далейшы яго лёс складаны і цікавы. Калекцыянер не сказаў нам, адкуль ён у яго. Але галоўнае, што ён ёсць, што ён з намі. Так, як ён быў тут і раней - у гэтай ратушы. І раней магілёўцы карысталіся ім для вырашэння сваіх спраў, - рапавядаў грамадзе З. Яцкевіч.

У рэальнасці на сёння беларусы валодаюць ужо двума асобнікамі Статута. Адзін знаходзіцца ў Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лондане.

Паводле Міколы Лінніка.



25.06 панядзелак у 17.30-19.00 у рамках праграмы "Будзьма!"

"Праблемы беларускай рэстаўрацыі".

Сустрэча з канд. гіст. навук А. Трусавым. Адказная А. Анісім.

Уваход вольны.


310 гадоў з дня нараджэння Міхала Казіміра Радзівіла "Рыбанькі"

Міхал Казімір Радзівіл "Рыбанька" IX ардынат нясвіжскі і алыкскі, вялікі гетман літоўскі, ваявода віленскі нарадзіўся 13 чэрвеня 1702 года ў Алыцы.

Дзяцінства прыпала на крывавыя ваенныя гады, калі бацькі пакінулі ВКЛ. Толькі ў 1709 годзе яны вярнуліся ў Бельскі замак, дзе хлопчыка акружылі хатнія настаўнікі, адзін з якіх ксёндз Цэзар застаўся ў памяці Міхала на ўсё жыццё. У "Дыярыюшы" ён запісаў: "Усё, што сёння ведаю і ўмею, усё ідзе ад яго інструкцый" . Дарэчы, нясвіжскі князь вёў дзённік на працягу ўсяго жыцця.

У 1721 годзе князь Міхал накіраваўся ў падарожжа па Еўропе, наведаў дзесяткі гарадоў, каралеўскія двары манархаў. У кастрычніку 1722 года ён прысутнічаў на каранацыі Людовіка XV і пасябраваў з партугальскім каралевічам Эмануэлем. Праз некалькі месяцаў "Рыбанька" спыніўся ў Парыжы, дзе праслухаў цыкл лекцый па матэматыцы, удасканальваў майстэрства коннай язды і фехтавання. Не аднойчы прымаў удзел у паляваннях разам з каралём Людовікам XV.

У 1744 годзе Міхал Казімір Радзівіл атрымаў тытул ваяводы віленскага і булаву вялікага гетмана літоўскага, што дало магчымасць не пакінуць у бядзе Нясвіж, ператвораны ў пустку. Сваёй пастановай ад 26 ліпеня 1724 года ён пацвердзіў гораду даўнейшыя прывілеі сваіх папярэднікаў, дазволіў карыстацца гарадскімі правамі ўсім тым, хто хацеў тут пасяліцца, з гарантыяй поўнай свабоды для ўласнага ўзвышэння.

Міхал Радзівіл "Рыбанька" зрабіў вялікі вычын - аднавіў Нясвіж і замак, узвёў новыя збудаванні. Бязлюдную пустэчу, якую атрымаў у спадчыну, ператварыў у квітнеючы край, працягваючы справу маці, стварыў мануфактуры і рамесніцкія цэхі.

У 1740 годзе ў замку была збудавана капліца і асвечана ў 1758-м, калі сюды быў прывезены абраз Маці Божай, знойдзены пад Венай у 1683 годзе каралём Янам III Сабескім. Пасля смерці караля цудатворны абраз перайшоў да каралевы Марысенькі, а ад яе да сына Якуба, потым па спадчыне трапіў да Радзівілаў.

Першай жонкай князя Гетмана, як часта называлі Міхала Казіміра, была Францішка Уршуля з Вішнявецкіх, высокаадукаваная, таленавітая жанчына свайго часу. Шлюб адбыўся ў 1725 годзе, Па словах У. Сыракомлі, гэтая "набожная і адукаваная пані зрабіла дзейсны ўплыў на свайго мужа ў яго намаганнях адрадзіць Нясвіж. Яна стварыла тэатр, аднавіла работу нясвіжскай друкарні, папоўніла замкавую бібліятэку. На пахаванне жонкі Францішкі Уршулі ў 1753 годзе Міхал Казімір запрасіў шмат святарства, біскупаў, свецкіх сенатараў, шляхты. Замкавыя, кляштарныя і гарадскія муры ледзь змаглі іх змясціць.

У 1754 годзе "Рыбанька" ўзяў шлюб з Ганнай Мыцельскай, якая была ўдавой пасля смерці Леана Міхала Радзівіла.

Ганна Людвіка Караліна Кунегунда (1729-1771) нарадзілася ў сям'і познанскага кашталяна Мацея Мыцельскага. Гэты шлюб выклікаў незадавальненне старэйшага сына нясвіжскага князя Караля Станіслава "Пане Каханку", але пазней адносіны паміж ім і Ганнай былі добрымі. Калі ў 1764 годзе "Пане Каханку" выехаў у эміграцыю, Ганна таксама пакінула Нясвіж, каб шукаць дапамогі пасынку сярод каралеўскіх двароў Еўропы.

Князь Міхал Казімір "Рыбанька" памёр у 1762 годзе і пахаваны ў радзівілаўскай крыпце.


ВЯЧАСЛАВУ РАГОЙШУ - 70

Вячаслаў Пятровіч Рагойша нарадзіўся 5 чэрвеня 1942 году ў в. Ракаў Валожынскага раёна Менскай вобласці у сялянскай сям'і.

Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці "Беларуская мова і літаратура" (1963).

Доктар філалагічных навук. Прафесар. Загадчык кафедры тэорыі літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. Сябра вучонай рады філалагічнага факультэта БДУ і вучонай рады Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны пры Міністэрстве адукацыі.

Старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы (з 1996 году). Арганізатар міжнароднай навуковой канферэнцыі "Ракаўскія чытанні" (з 1996 году).

Тэма кандыдацкай дысертацыі: "Паэтыка Максіма Танка: Культура вобраза. Характар верша" (1967). Тэма доктарскай дысертацыі: "Беларуская паэзія 20 стагоддзя ў кантэксце ўсходнеславянскіх літаратураў: Тыпалогія, рэцэпцыя, мастацкі пераклад".

Аўтар звыш, чым 800 навуковых публікацыяў і даследаванняў па гiсторыi i тэорыi беларускай лiтаратуры, беларуска-славянскiх лiтаратурных узаемасувязяў, па вершазнаўстве, праблемах тэорыi i практыкi мастацкага перакладу, паэтыцы лiтаратурнага твору, з якiх амаль 300 - асноўныя навуковыя працы, у тым лiку 16 манаграфiяў. Першым дасканала даследваў рукапісы Янкі Купалы і знайшоў падчас гэтай працы дзясятак новых твораў беларускага класіка.


Карыятыда, якая падтрымлівае неба Беларушчыны

Гісторыя захавала імёны славутых жанчын, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё сусветнай цывілізацыі. Але шмат годных, непрыкметных на першы погляд жанок, ва ўсе часы стваралі і ствараюць гарманічнае асяроддзе для развіцця грамадства ў праявах штодзённага жыцця, ахвяруючы ўласным дабрабытам, пакідаючы свой адметны след на зямлі.

Да такіх неардынарных асоб можна залічыць і нашу юбілярку - Людвіку Станіславаўну Таўгень, старшыню Валожынскай суполкі ТБМ. Яна паходзіць з дому слыннага на Івянеччыне роду - Лямбовічаў, які спрадвеку вылучаўся сваёй набожнасцю, нацыянальным гонарам, краёвым патрыятызмам, а таксама талентамі, россыпы якіх зоркамі зіхацяць не толькі на малой Радзіме, але і па ўсёй Беларусі і замежжы.

Людвіська нарадзілася 19 чэрвеня 1957 года ў шматдзетнай сям'і Станіслава і Станіславы Лямбовічаў у вёсачцы Пілюжына, што месціцца на ўскрайку маляўнічай Налібоцкай пушчы. Пасля заканчэння Педагагічнага інстытута імя Горкага выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах на Валожыншчыне і ўжо шмат гадоў плённа працуе ў гімназіі №1 г. Валожына.

Як настаўніца, яна прывівае вучням любоў да роднай мовы, сее зярняткі духоўнай культуры, парасткі якіх наліваюцца патрыятызмам і самасвядомасцю, што вельмі актуальна ў наш цемрашальска-манкуратны час. Яе асветна-лінгвістычныя артыкулы ў раёнцы "Працоўная слава" знаходзяць водгук у роздуме чытачоў аб сучаснасці, а дабрачынная дзейнасць па навучанні і катэхізацыі дзетак пры касцёле св. Юзафа - застаюцца ў сэрцах і душах вернікаў на ўсё жыццё.

Самаахвярная грамадзянская пазіцыя Людвікі Таўгень з'яўляецца эталонам служэння ідэалам нацыянальнага Адраджэння. Неабыякавасць да радыкальных зменаў у постсавецкім грамадстве прывяло яе ў аргкамітэт па стварэнні Беларускай каталіцкай грамады. Як дэлегат ад Валожыншчыны ўдзельнічала ва ўстаноўчым з'ездзе БНФ у Вільні. Брала актыўны ўдзел па арганізацыі суполак ТБМ, БДГ, БНФ у рэгіёне. Дзякуючы яе ініцыятыве, разам з Марыяй Трапашкай, была створана дзейсная падтрымка айцу Уладзіславу Чарняўскаму па ўкараненні беларускіх спеваў пры касцёле Святой Марыі ў Вішневе.

Яна - актыўны заўзятар шматлікіх імпрэз, якія ладзіліся ў гонар землякоў: В. Дуніна-Марцінкевіча, Старога Уласа, Канстанцыі Буйло, Пятра Бітэля, Генадзя Равінскага, Вячаслава Рагойшы і іншых…

Нельга абмінуць увагай і крэўнае дачыненне спадарыні Людвікі да Заслужанага аматарскага фальклорнага калектыву "Гасцінец". Воляй лёсу і абставін тры яе сястры - Алеся, Лізавета і Хрысціна апынуліся ў Ракаве і здзейснілі культуралагічны праект - заснавалі тры народныя гурты: "Гасцінец", "Вянок" і асабіста сямейны - "Крону", у якім спяваюць, музыцыруюць і танчаць трынаццаць прадстаўнікоў роду, у тым ліку і Людвіка з дачуркай Лізаветай.

Адкуль жа гэткая прага да глыбінных адвечных вытокаў? Мабыць, гэта генетычны покліч продкаў. Дарэчы, іх прадзед Кліменцій Лямбовіч, знатны музыка і адмысловы майстар па вырабу музычных інструментаў, выштукаваў у 1901 г. арган, за што быў адзначаны бронзавым медалём за ўдзел у юбілейнай сельскагаспадарчай і кустарна-прамысловай выставе ў Менску, аб чым нагадвае пасведчанне, якое экспануецца ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры…

Спадарыня Людвіка адносіцца да кагорты сучасніц, якія як жрыцы з паганскіх часоў, як міфічныя карыятыды антычнасці, трымаюць Неба Беларушчыны, упрыгожваюць свет сваім існаваннем і годна сцвярджаюць, што Беларусь яшчэ жыве і жыць будзе бясконца, пакуль маці-зямелька нараджае такіх дачок.

Алег Раманоўскі.



4 чэрвеня 2012 г. №36

Міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь

прафесару МАСКЕВІЧУ С.А.

220010, Мінск, вул. Савецкая, 9

Паважаны Сяргей Аляксандравіч!

Падчас нядаўняга візіту ў Полацк Кіраўнік нашай дзяржавы яшчэ раз пацвердзіў права кожнага вучня вывучаць гісторыю па-беларуску, нават калі ён вучыцца ў рускамоўнай школе. Аднак, не так усё проста з навучаннем на роднай мове, нават у школах з беларускамоўным навучаннем.

Днямі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" атрымала адказ з Вашага міністэрства на наш чарговы ліст, у якім, у поўнай адпаведнасці са Статутам нашага грамадскага аб'яднання, мы паставілі пытанні аб фактах дыскрымінацыйнага стаўлення да вучняў беларускамоўных сярэдніх навучальных устаноў у справе забеспячэння гэтых вучняў падручнікамі і іншымі навучальнымі дапаможнікамі. У сваім лісце, у прыватнасці, мы звярталі ўвагу на тое, што ў гандлёвай сетцы адсутнічаюць шмат якія найменні абавязковай для вучняў вучэбнай літаратуры, выдадзенай на дзяржаўнай беларускай мове.

Адказ, які прыйшоў нам за подпісам Вашага намесніка К.С. Фарыно, толькі часткова высветліў сітуацыю, але ні ў якім разе не паказаў шляху вырашэння пастаўленых у нашых папярэдніх лістах праблем.

Так, К.С. Фарыно зноў паабяцаў, што падручнік па інфарматыцы для 6 класа ІІ ступені сярэдняй школы на беларускай мове будзе выдадзены "згодна з планам" у 2014 годзе, але дзе ўзяць такі падручнік тым вучням, што прыйдуць у шостыя класы ў бягучым і ў наступным навучальным годзе, ён так і не патлумачыў.

Ваш паважаны намеснік напісаў таксама, што з 2009 года ў серыі "Школьная бібліятэка" былі выдадзеныя на беларускай мове тры кнігі замежных аўтараў (наяўнасць другой з пададзеных ім назваў, дарэчы, не пацвярджаецца каталогам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі). Паводле нашых падлікаў, у дзейнай "Вучэбнай праграме па беларускай літаратуры для V-XI класаў агульна-адукацыйных устаноў" (Мн., 2010) прадугледжваецца вывучэнне на беларускай мове або чытанне ў якасці твораў для пазакласнага чытання больш за сорак твораў трыццаці васьмі замежных аўтараў. Калі ў "Школьнай бібліятэцы" будзе выходзіць у сярэднім па адной такой кнізе штогод, як Вы разумееце, выданне гэтах кніг расцягнецца аж на сорак з лішкам гадоў! Між тым, выданне ў названай серыі твораў праграмнай рускай літаратуры і замежнай літаратуры ў перакладах на рускую мову ідзе хуткімі тэмпамі, хоць у беларускіх кнігарнях гэтай літаратуры хапае, а ў букіністычных крамах цудоўныя выданні праграмных твораў Пушкіна, Цютчава, Лермантава, Талстога, Гогаля, Дастаеўскага, Буніна і іншых можна купіць па вельмі нізкіх коштах - вельмі часта танней за творы беларускай літаратуры і, тым больш, за творы сусветнай літаратуры, перакладзеныя на беларускую мову.

Ваш намеснік К.С. Фарыно, акрамя таго, у дадатку да свайго ліста падае спіс з дзесяці пазіцый - атласаў па дысцыпліне "Чалавек і свет", па геаграфіі і па сусветнай гісторыі, выдадзеных у апошнія тры гады на беларускай мове. Але тыя бацькі, што звяртаюцца па дапамогу ў наша Таварыства, сведчаць, што ў гандлёвай сетцы з гэтых дзесяці пазіцый з'яўляліся толькі атлас па дысцыпліне "Чалавек і свет" і "Атлас па сусветнай гісторыі ХІХ-пачатку ХХ ст." (апошні нейкі час быў у наяўнасці толькі ў адной краме "Адукацыя" ў горадзе Мінску). Спадар Фарыно нават не абяцае, што ў прынцыпе з'явяцца беларускамоўныя контурныя карты па геаграфіі і сусветнай гісторыі, не кажучы ўжо пра працоўныя сшыткі па большасці дысцыплін школьнай праграмы. Можна здагадвацца, што запланаваны пераход на электронныя версіі падручнікаў для сярэдняй школы можа ў выніку прывесці да яшчэ большай дыскрымінацыі беларускай мовы.

На жаль, атрымаўшы два лісты ад Вашага намесніка па сутнасці пастаўленай намі праблемы, мы можам паведаміць бацькам дзяцей беларускамоўных школ і класаў вельмі мала канкрэтнай інфармацыі, дзе і калі яны змогуць набыць вучэбныя дапаможнікі, якіх патрабуюць адказныя педагогі ад ініх дзяцей.

У сувязі з вышэйсказаным, мы прапануем сустрэцца з Вамі ў падыходзячы для Вас час, каб разам абмеркаваць наспелыя пытанні.

З павагай, Старшыня ТБМ А.А.Трусаў.


Міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь

прафесару МАСКЕВІЧУ С.А.

220010, Мінск, вул. Савецкая, 9

Паважаны Міністр і супрацоўнікі Міністэрства!

Звяртаюся да Вас з такой нагоды. Я беларуска і грамадзянка Беларусі вельмі заклапочана тым, што адбываецца ў нашай краіне з роднай мовай. Беларуская мова вельмі хутка знікае.

Вядома, што знікненне мовы народа вядзе і да знікнення самога народа.

Мой муж - Лазарук Міхал Арсеньевіч (яго ўжо няма), доктар філалагічных навук - 50 год свайго жыцця аддаў справе народнай асветы, шмат зрабіў у галіне філалагічнай адукацыі ў школе. Пад яго прозвішчам і пасля смерці выдаюцца падручнікі па беларускай літаратуры. Але каму яны будуць патрэбныя, калі не патрэбная родная мова?

Ведаю, што нядаўна прайшла прэс-канферэнцыя па пытаннях праблем сярэдняй школы, адной з якіх (праблем) з'яўляецца стан беларускай мовы ў сярэдняй школе, дзе большасць прадметаў выкладаецца пераважна па-расейску.

Вы, шаноўны Сяргей Аляксандравіч, разумееце да чаго вядзе русіфікацыя школы, стараецеся, каб прыпыніць гэты працэс, лічыце, што выратаванне мовы трэба пачынаць са школы, і як першы крок прапануеце перавесці выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі ў школах на беларускую мову. Але не ўсе Вашыя калегі згодныя з гэтай прапановай. Яны сцвярджаюць, што для гэтага працэсу не хапае грошай. Але гэта не сур'ёзна, бо такое пытанне як лёс краіны, які непасрэдна залежыць ад сістэмы адукацыі і ў першую чаргу ад школы, нельга пералічваць на грошы. Бо каго ж будзе выхоўваць наша школа? Людзей, якія не ведаюць роднай мовы, не любяць яе і з пагардай да яе адносяцца? Не любіць родную, матчыну мову - гэта тое ж самае, што не любіць сваю маці, свой край і народ, адрачыся ад усяго роднага. Тады школа будзе выхоўваць не грамадзян - патрыётаў сваёй Радзімы, а манкуртаў з замбіранымі мазгамі, якія нічога не хочуць помніць, ведаць, і ўсе жаданні якіх - толькі смачна паесці і мець паболей грошай любымі сродкамі.

Т.К. Лазарук, удава доктара філалагічных навук, прафесара, акадэміка.


Мовазнаўчы досвед

Ткалля , ткачыха . "Наша брыгада змагаецца за права насіць імя лётчыка-касманаўта СССР Валянціны Церашковай: яна ж таксама была ткалляй " (Дзеяслоў. 2011. № 2. С. 31).

Слоўнікі падаюць першае слова як стылёва зніжанае, з паметай "размоўнае", а нарматыўным - аднакаранёвае з суфіксам -ых-(а), хоць утварэнні з -іха/ -ыха маюць значэнне 'жонка названай асобы'. Параўнайце назву п'есы "Лявоніха на арбіце". Значэнне ж 'асоба жаночага полу' перадаецца ў беларускай мове фармантам -ка : аўтарка, кандуктарка, паэтка і пад. Сістэмным тут магло быць ткачка. У жывой народнай мове выкарыстоўваецца суфікс - л-я. З дапамогаю яго ўтвараюцца асабовыя назоўнікі ад дзеяслоўнай асновы : ткаць - тка-ля, прасці - праля 'папрадуха' і праць - праля 'прачка', равець - равеля, бегаць - бегля 'бягунка', піскля 'піскуха'. У гаворках усходу Беларусі (Віцебшчына, Магілёўшчына) выступае доўгі гук [л'], які абазначаецца падваеннем літары ( -лл-я ): пралля, ткалля (больш падрабязна гл. у кнізе П.У. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне. - Мінск, 1977. - 320 с. Стар. 53 - 54).

Варыянтам суфікса -л-я выступае -ул-я (-улл-я) . "Маме споўнілася 70! Курносай крывічанцы з вёскі Вераб'і, галасістай пявуллі і танцорцы, якая фліртавала з Прытыцкім і без памяці любіла свайго бацьку" (Дзеяслоў. 2011. № 2. С. 129). Суфікс -ул-я таксама ўтварае асабовыя назоўнікі жаночага роду: ткаць - ткуля і ткулля (Віцебшчына), фарсіць - фарсуля, хрыпець - хрыпуля, сморгаць - смаргуля, пяяць - пявуля, хадзіць - хадуля і інш. (гл. П.У. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне. - Мінск, 1977. - 320 с. Стар. 67 - 68).

Іншапланетнік , іншапланецянін . "Гаварыў пераважна я, а мой візаві - ні жывы ні мёртвы, нібы палена сядзела перада мною ці які іншапланетнік " (Дзеяслоў. 2011. № 2. С. 136).

Пазаслоўнікавае іншапланетнік - складанасуфіксавае ўтварэнне з прадуктыўным фармантам -нік : інш-а-планет-нік, у слоўнікавым фармант - янін : інш-а-пла-нет-янін - іншапланецянін.

Астабрыдзець . " Астабрыдла лазіць па хлеб у кантэйнер …" (Дзеяслоў. 2011. № 2. С. 132) . Пазаслоўнікавае астабрыдзець - новаўтварэнне, на ўзор рас. осточертеть. "Русско-белорусский словарь" 1993 г. (Т. 2, с. 372) фіксуе адпаведнікамі згаданага расейскага складанага слова (ад сто чертей) простыя беларускія дзеясловы з коранем - брыд -: абрыдзець, абрыдаць, абрыднуць.

Павел Сцяцко


Даўнія і сучасныя адзінкі вымярэнняў

У Менску ў выдавецтве "Адукацыя і выхаванне" толькі што выйшла навукова-папулярнае даведачнае выданне "Адзінкі вымярэнняў: даўнія і сучасныя". Аўтар Барыс Сымон Вікенцьевіч. Рэдактар В. Шчэрба. Дызайн вокладкі У. Малаха.

У прадмове доктара гістарычных навук, члена-карэспандэнт НАН Беларусі А.І. Лакоткі гаворыцца:

"Кніга "Даўнія і сучасныя адзінкі вымярэнняў" магла быць складзена, падрыхтавана і выдадзена выдавецтвам "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі". Але атрымалася так, што яе напісаў настаўнік па адукацыі, пісьменнік, журналіст, які працуе больш за 20 гадоў у рэдакцыях навукова-метадычных часопісаў. Таму і кніга падрыхтавана да друку і выдадзена выдавецтвам "Адукацыя і выхаванне".

Кніга "Даўнія і сучасныя адзінкі вымярэнняў" - добры даведнік для вучняў і настаўнікаў. Яна незвычайная па складзе змешчаных у ёй артыкулаў. Можа нават спрэчная, бо складаная па сваёй структуры, як і складанае ўсё наша жыццё. Тут даецца вялікі дадатак, але ён па тэме. Здаецца, у кнізе сабрана ўсё: гістарычнае і сучаснае, геаграфічнае і біялагічнае, астранамічнае і ваеннае, у ёй даецца хрэстаматыйны матэрыял па рэдкіх галінах ведаў: ад македонскай фалангі да сучаснага ракетнага дывізіёна, ад рымскага соліда да сучаснага еўра, ад майянскага календара да сусветнага вечнага календара. Ёсць тут і беларускі народны каляндар. З цікавасцю чытаецца артыкул "Хрысціянскае летазлічэнне і каляндар". Мяне здзівіла, што ў гэту кнігу трапілі дзве метадычныя распрацоўкі для настаўнікаў - гэта ўрок у пятым класе "Асаблівасці лічэння гадоў у гісторыі" і пазакласнае мерапрыемства "Міфічныя лікі ў гісторыі". Апошняе мяне захапляе. У ім выкарыстаны беларускі фальклор і міфалогія Бібліі. Напісана вельмі займальна.

Скласці такі даведнік, разлічаны на педагогаў, мог толькі настаўнік гісторыі. Гэта зрабіў Сымон Барыс - этнограф, журналіст, якога я ведаю з 1978 года. Беларускімі і рускімі мерамі ён захапіўся яшчэ тады, калі быў навуковым супрацоўнікам і потым загадчыкам навукова-экспазіцыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея народнага дойлідства і побыту. Дзесяць гадоў ён збіраў экспанаты для гэтага музея па ўсёй Беларусі. Запісваў і народныя меры, а таму кніга будзе карыснай і для музейных работнікаў. Яго праца ў школе, у педагагічным інстытуце і ў рэдакцыі педагагічных выданняў паспрыяла таму, што кніга разлічана на настаўнікаў і школьнікаў.

Сымон Барыс - аўтар і ўкладальнік гэтай кнігі. У ёй выкарыстаны і пазначаны матэрыялы мінскага складальніка вечнага календара В.С. Маладцова і магілёўскага выкладчыка І.І. Ліхарава. І ўсё гэта ўпісваецца ў змест кнігі. Даведнік такога кшталту друкуецца на беларускай мове ўпершыню..."

Як і чаму напісана гэтая кніга? Аўтар сам адказване на гэтае пытанне:

"... Адбылося гэта так. Каля 30 гадоў таму, калі я працаваў у Беларускім дзяржаўным музеі народнага дойлідства і побыту, я зрабіў для сябе невялікія нататкі пра даўнія беларускія і рускія меры, а таксама і пра грошы. Такі матэрыял мне спатрэбіўся тады для работы. Запісы захаваліся. Пазней, калі я працаваў у рэдакцыі, я зацікавіўся і календаром. На працягу некалькі гадоў я надрукаваў у "Беларускім гістарычным часопісе" два артыкулы пра даўнія меры і адзін пра каляндар нашых продкаў. Артыкул "Меры гістарычныя" быў напісаны па заказе выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя" і змешчаны ў пятым томе "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" (Мн., 1999). Невялікі артыкул пра нашы нацыянальныя грошы атрымалася надрукаваць у штотыднёвіку "Наша слова". Такім чынам, напісанне кнігі-даведніка не планавалася, яна склалася з асобных артыкулаў, надрукаваных у розных выданнях.

Аднойчы гады тры таму маладыя настаўнікі нагадалі галоўнаму рэдактару "Беларускага гістарычнага часопіса" Васілю Кушнеру, што неабходна новая публікацыя кароткага даведніка пра даўнія меры. Іх пажаданне было пераказана мне. Васіль Кушнер прапанаваў або зноў надрукаваць даведку пра даўнія меры ў часопісе, або выдаць невялікую брашурку, бо інфармацыі ўжо дастаткова. Так нарадзілася ідэя кнігі.

У 2009 годзе неабход-ная кніга была напісана, і яе змест абмеркаваны ў выдавец-тве "Адукацыя і выхаванне". Там намеснік дырэктара Я.М. Важнік абмежавала памер кнігі двумя раздзеламі: "Меры" і "Каляндар". Калі ж я паказаў кнігу дырэктару вы-давецтва М.А. Супрановічу, дык ён нават настаяў, каб кніга-даведнік пра меры і каляндар утрымлівала значна больш інфармацыі: "Пішы ўсё, што можаш. Можна і пра грошы, і пра вайсковыя адзінкі. Бяры шырэй. Калі напісаў пра грошы, а чаму пра падаткі і штрафы нічога няма?" І сапраўды, чаму не напісаць, калі выдавец хоча?! Так было коратка расказана пра гісторыю падаткаў і штрафаў. У выніку такога стаўлення дырэктара выдавецтва да кнігі я змог павялічыць дадатак да яе амаль у два разы і даказаць, што ён будзе карысны ў школе. Даведачная літаратура заўсёды спатрэбіцца настаўніку. А па майянскаму гараскопу, які я змясціў у дадатку, вылічыў, што у 2010 годзе ўсё мной падрыхтаванае да друку пойдзе ў свет. Так і здарылася..."

Змест кнігі:
Табліца множання.
Меры (раздзел)
Метрычная сістэма мер.
З гісторыі мер.
Адвольныя меры на Беларусі.
Адзінкі лічэння.
Меры і прылады для лічэння.
Беларускія меры.
Ганчарная сістэма мер.
Расійскія меры XVIII - ХІХ стст.
Расійскія меры, якія бытавалі на Беларусі ў ХІХ - пачатку ХХ стст.
Метрычныя меры ў параўнанні з рускімі.
Англа-амерыканскія меры ў параўнанні з метрычнымі.
Англійскія меры даўжыні ў суадносінах з метрычнымі мерамі.
Табліца пераводу англійскіх мер у метрычную сістэму мер.
Суадносіны метрычных мер з амерыканскімі (ЗША).
Старажытныя меры розных народаў.
Вымярэнне тэмпературы.
Тэхнічныя меры.
Загартоўка сталі.
Вымярэнне работы і энергіі.
Адзінкі вымярэння электраэнергіі.
Камп'ютарныя меры.
Міжнародныя фарматы паперы.
Міжнародная шкала ядзерных падзей. Шкала INES.
Каляндар (раздзел)
Вымярэнне часу.
Часавыя паясы.
Розніца ў часе паміж краінамі.
Астранамічныя звесткі каляндара.
Асаблівасці лічэння гадоў у гісторыі.
Сусветная інтэграцыя мер і Беларусь.
Хрысціянскае летазлічэнне і каляндар.
Беларускі народны каляндар.
Каляндар В. С. Маладцова.
Вечны каляндар.
Святочныя (нерабочыя) дні ў Беларусі на пачатку ХХІ стагоддзя.
Дзяржаўныя святы і прафесіянальныя дні ў Рэспубліцы Беларусь.
Міжнародныя і сусветныя дні.
Рэформа календара і сусветны каляндар.
Вечны месячны каляндар.
Грошы (раздзел)
Нацыянальныя грошы.
Грошы ў дарэвалюцыйнай Расіі.
Падаткі. Штрафы.
Грошы старажытных і сярэднявяковых дзяржаў Еўропы
Грашовыя адзінкі некаторых дзяржаў.
Ацэнка каштоўных металаў.
Гандлёвыя коды краін.
Міфічныя лікі ў гісторыі.
Вайсковыя меры (раздзел)
Вайсковыя меры ў Еўропе ў розны час.
Марскія (флоцкія) вымярэнні.
Першая сусветная вайна. Ваенная кампанія 1916 года.
Структура нямецкай арміі 1939 года.
Страты ў выніку сусветных войнаў.
Агульныя прынцыпы іерархіі воінскіх фарміраванняў Савецкай Арміі.
Дадатак
Вялікія рэлігійныя святы народаў Беларусі.
Вялікдзень.
Як вылічыць Вялікдзень?
Вылічэнне дня тыдня па формулах.
Праваслаўны каляндар.
Каталіцкі каляндар.
Лютэранскі каляндар.
Мусульманскі каляндар.
Яўрэйскі каляндар.
Знакі астранамічныя і астралагічныя.
Усходні гараскоп і кітайскі каляндар.
Майянскі гараскоп.
Тайны характару ў залежнасці ад дня нараджэння.
Дні нараджэння людзей і іх ахоўнікі-дрэвы.
Стараславянская нумарацыя.
Рымскія лічбы.
Лічбы майя.
Арабскія лічбы.
Летазлічэнні.
Хроніка ўводзін грыгарыянскага календара ў некаторых краінах свету.
Хуткасці рухаў.
Колькі гадоў яны жывуць?
Хроніка землетрасенняў у Беларусі.
Буйныя землетрасенні ў свеце.
Памеры дзяржаў, бліжэйшых ад Беларусі.
Часткі свету (кантыненты).
Колькасць і шчыльнасць насельніцтва Беларусі.
Вынікі перапісу насельніцтва Беларусі.
Буйныя гарады Беларусі.
Біялагічны гадзіннік.
Вясельныя юбілеі.
Памеры адзення і абутку.
Меры, вес и монеты 1907 года.
Расстояние между городами Российской империи (1907 год).
Пачатак дарог Беларусі. Адлегласці ад Мінска да некаторых гарадоў.
Табліца адлегласцей паміж гарадамі.
Паштовыя індэксы гарадоў Беларусі.
Тэлефонныя коды гарадоў Беларусі.
Міжнародныя тэлефонныя коды краін СНД, Балтыі і Польшчы.
Тэлефонныя коды гарадоў Расіі.
Міжнародныя тэлефонныя коды сталічных гарадоў свету.
В. С. Маладцоў. Усе календары на ХХІ стагоддзе.
Слоўнік тэрмінаў і паняццяў.
Простыя лікі.
Узвядзенне ў ступень.

Наш кар.


Тэкст Канвенцыі з пачуццём нацыянальнай талерантнасці

Офіс па правах асобаў з інваліднасцю, які працуе на працягу года ў Менску, ініцыяваў конкурс перакладу на беларускую мову Канвенцыі па правах інвалідаў.

Да конкурса праявілі вялікую цікавасць прафесійныя перакладчыкі, знаўцы беларускай мовы з Інстытута беларускай мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы НАН РБ, выкладчыкі БДУ, студэнты Інстытута журналістыкі, аспіранты ВНУ, супрацоўнікі рэспубліканскага друку.

Усяго ў моўным спаборніцтве ўзялі ўдзел 62 чалавекі з Менска, Вільні, Полацка, Кобрына, Баранавічаў, Ліды і Жупранаў. Шырокае прадстаўніцтва ўдзельнікаў конкурса сведчыць пра актуальнасць дадзенай тэмы для грамадства. Падвядзенне вынікаў адбылося 10 красавіка ў галерэі "Ў".

Для многіх удзельнікаў гэта быў не проста тэхнічны пераклад, а спроба пераасэнсаваць змест сусветнага падыходу да правоў інвалідаў. Гэта крок да таго, каб Беларусь наблізілася да прыняцця Канвенцыі.

- Пераклад такога дакумента важны для культуры і саміх людзей, - зазначыў філолаг Аляксей Шэін. - Паколькі ёсць мова, ёсць дзяржава, гэты дакумент, як і шэраг іншых, неабходны для беларускага грамадства. Кожная мова з'яўляецца выразнікам жыцця народа. У нашым народзе здаўна закладзена пачуццё талерантнасці, суперажывання чужому болю, стаўленне да чалавека як да Божага стварэння.

Журы конкурсу, якое ўзначальвала дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы БДУ, кандыдат філалагічных навук Анжаліка Садоўская, падвяло вынікі. Журы ўлічвала пісьменнасць і спецыфіку беларускага навуковага тэкста, асаблівасці юрыдычнай тэрміналогіі. Пераможцам стала маладая спецыялістка Марына Каліноўская, юрыст-консульт Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Менавіта ёй будзе даручана выканаць увесь пераклад тэкста Канвенцыі на беларускую мову.

- Праца над перакладам для мяне была адказным крокам. Канвенцыя падаецца мне важнай. Напачатку года, калі я планавала сваю дзейнасць, то мне трапілі словы прарока Ісайі з Бібліі: "Каб чалавек быў даражэйшым за чыстае золата ". Змест Канвенцыі блізкі да гэтых словаў. Спадзяюся, што мне хопіць сіл зрабіць дастойны пераклад дакумента, - зазначыла спадарыня Марына.

М. Каліноўскай - 29 год, яна атрымала адукацыю юрыста ў БДУ, удасканальвала свае веды ў магістратуры ў г. Брэмэне. Зараз яна працуе ў моладзевай арганізацыі, якая апякуецца дзецьмі-інвалідамі і маладымі інвалідамі. Пераможца конкурсу атрымала ў падарунак ноўтбук.

Э. Дзвінская.


Развагі і адкрыцці саракагадовага шчаслівага эгаіста

У апошнія гады сацыёлагі адзначаюць, што ў свядомасці жыхароў Беларусі з найбольшых каштоўнасцей чалавека катэгорыя "асабістае здароўе" з восьмага-шостага месца (у савецкія гады) паступова, але няўхільна перамяшчаецца ў тройку лідараў. Гэта ўскосна сведчыць і пра тое, што людзі пачалі надаваць больш увагі стану свайго арганізму. А значыць, іх сталі больш цікавіць звесткі пра медыцыну і ўсё, што з ёю звязана. Аднак, калі для медыкаў-спецыялістаў яшчэ тое-сёе выдаецца, то для шырокіх колаў грамадства нейкіх папулярных і пісьменных твораў пра здароўе - амаль нічога. А на беларускай мове - і пагатоў. Таму з'яўленне "Малой мэдычнай энцыкляпедыі Бахарэвіча" нельга было не заўважыць.

Праўда, адразу насцярожвае і інтрыгуе змест анатацыі гэтай энцыклапедыі. Аказваецца, яна - "антынавуковае выданьне для шырокага кола дактароў-самавучак" , якое адрозніваецца ад іншых энцыклапедый такога кшталту "тым, што яна трактуе найважнейшыя мэдыка-біялагічныя, клінічныя і мэдыка-сацыяльныя праблемы з пазыцый чалавека, якому тэрмінова патрэбная мэдычная дапамога і які гэтую дапамогу катэгарычна адхіляе ".

Трэба адзначыць, што падабенства гэтага выдання з іншымі энцыклапедыямі толькі адно: яго артыкулы, ці артыкульчыкі (па Бахарэвічу) размешчаны ў алфавітным парадку. За выключэннем першага - "Сьмерць". Ён - як аўтарская прадмова. Зрэшты, называць іх артыкуламі не зусім выпадае. Чытач не знойдзе ў іх звычайных для агульных і спецыяльных энцыклапедый звестак. Такіх як прычыны ўзнікнення і развіцця той ці іншай хваробы або парушэнняў функцый арганізму, іх прыкмет, вызначэння змен у здароўі, прагнозу зыходаў, прынцыпаў лекавання. І нават пасля прачытання аўтарскай прадмовы не знікае, а толькі ўмацоўваецца пытанне: як і чаму гэты падвержаны страху "хваравітай ўвагі да мармытаньня ўласнага арганізму" (стар.14) "шчасьлівы ідыёт" (гэтак ён сам сябе называе), які ненавідзіць дактароў і медагляды, грэбліва ставіцца да "руплівых пацыентаў", вырашыў вызначаць і асвятляць актуальныя пытанні сучаснай медыцыны?

У Бахарэвіча загаловак (вызначальнае слова) артыкула зусім не азначае, што ніжэй, як і належыць энцыклапедыі, будуць паслядоўна выкладзеныя адносна поўныя і канкрэтныя звесткі па адпаведнай тэме. Для аўтара часцей за ўсё гэта толькі нагода для выкладання асабістых думак, разважанняў на вызначаную тэму, або нават магчымасць уключыць у кніжку апавяданне, у якім падобная тэма аказваецца другараднай (напрыклад, артыкул "О.R. V. I.", стар. 177). Ён і не дужа збіраўся заглыбляцца ў таямніцы медыцыны - гэтай найстаражытнейшай і найскладанейшай нават на сённяшні дзень галіны дзейнасці чалавека. Для Бахарэвіча, па вызначэнні аўтара прадмовы А. Лукашука, "медыцына... - пачуццё, хвароба - сутыкненьне арганізму з часам. Цела - гісторыя тэксту."

Да гонару Бахарэвіча, які наважыўся неяк разабрацца ў перанасычанай мудрагелістымі тэрмінамі медыцыне - гэтай паўнавуцы і паўмастацтве, - ён зусім не злоўжывае яе тэрмінамі: скарыстоўвае іх толькі ў загалоўках (назвах) артыкулаў. Бо добра вядома, што менавіта незразумелыя тэрміны адпужваюць абывацеля ад прывабнай і цікавай для яго тэмы. Іншая справа - ці знойдзе ён у кніжцы тое, што яго заклапочвае і цікавіць.

У артыкуле-прадмове "Сьмерць" аўтар выказвае свае погляды. Перакананні, думкі пра жыццё ўвогуле і сучаснае ў прыватнасці, адкрыта паведамляе пра сваё стаўленне да жыцця. Пэўна, каб вызначыцца на далейшае. З яго разважанняў вынікае, што быць счаслівым - гэта быць самім сабою. З падобнай высновай няма сэнсу спрачацца. Але вось пытанне: у якіх варунках? Дзе і калі? Ці заўсёды?

У кніжцы шмат параўнанняў і супастаўленяў. Часам арыгінальных, з гумарам і здзекам над сабою, а часам і над чытачом, трапных і дакладных, ад якіх міжволі паглядзіш на сябе ці на якую-небудзь жыццёвую з'яву зусім іншымі вачыма; часам - дужа спрэчных, павярхоўных, якія адразу выклікаюць пачуццё непрыняцця, адарвання. Часам гэтыя паралелі-параўнанні наўмысна разнастайныя і шырокія.

Асабліва спрэчныя сцвярджэнні і меркаванні аўтара, калі да іх ставіцца сур'ёзна, знаходзяцца ў артыкуле "Курэньне". Вось як гэты артыкул пачынаецца: "Пакрысе становіцца зразумела, што абвешчаная ва ўсім сьвеце вайна супраць курэньня ня ёсць насамрэч вайной за здароўе чалавецтва (?!). Усё значна складаней: гэтае змаганьне - частка вялікай вайны дзьвюх культураў. Вайны нябачнай, але бязьлітаснай... Надышоў час сказаць колькі словаў у абарону гнанай адусюль заганы" (стар.139).

І далей вядзецца суцэльная "абарона" не толькі гэтай заганы, але і самога сябе, "беднага жывога курца", сваёй неацэннай асобы. Так, згаджаецца аўтар, "курэньне робіць жыцьцё карацейшым", але "хіба працягласьць жыцьця ёсць нейкай абсалютнай каштоўнасьцю?" "Значна важнейшай - сцвярджае ён, - ёсьць якасьць жыцьця, а не ягоная працягласьць."

Заява досыць неразважлівая. Бо ўжо адносна даўно сацыёлагі, медыкі ды іншыя аўтарытэтныя спецыялісты пагадзіліся і прышлі да кансэнсусу: кожнаму чалавеку трэба імкнуцца да актыўнага, якаснага і плённага працяглага жыцця. Здаецца, няма нагоды для спрэчак. Аднак аўтару карціць знайсці "аргументы" на карысць курэння.

"Курэньне разбурае арганізм. - у чарговы раз згаджаецца ён, - дорыць нам небяспечныя хваробы, ... замінаючы такім чынам самарэалізацыі. Чаму ж у такім выпадку, - задаецца ён пытаннем, - большасьць людзей якіх варта паважаць за тое, што яны зрабілі ... чаму пераважная большасьць з іх курыла?" (стар. 141). Адкуль і з чаго аўтар узяў, што такіх паважаных дзеячаў была "большасць" ды яшчэ "пераважная"? На якой падставе? Толькі таму, што яму так гэтага вельмі хочацца? Але Бахарэвіч з апломбам заяўляе, што калі б яны не курылі, то "ніколі ня зьдзейснілі таго, што зьдзейсьнілі".

Адчуваючы хісткасць падобных сцвярджэнняў, ён з абурэннем адзначае: "Ніхто ня кажа пра станоўчыя бакі такой "дэманічнай" зьявы, як курэнне". Ніхто і не скажа. Таму што на працягу чатырох стагоддзяў аб'ектыўна вызначана і даказана, што акрамя прычыненя шкоды яго арганізму нічога станоўчага курэнне чалавеку не прыносіць. У аўтара, канешне ж, на гэты кошт свае асабістыя, адрозныя ад агульнапрынятых, меркаванні: "А між тым яно, курэньне, супакойвае... расслабляе... дапамагае... здымае... і дапамагае..." выказванне сваіх чыста суб'ектыўных "станоўчых бакоў" курэння аўтар завяршыў не менш эфектнай, чым вышэй, пафаснай пярлінай: "Наколькі больш неабдуманых учынкаў было б зроблена ў свеце, калі б не курэньне!.." (стар.141).

Пакінем у баку іншыя сентэнцыі аўтара, якія не маюць прамога дачынення да тэмы гаворкі і ніколі не ставіліся пад сумнеў разважлівымі людзьмі. Кшталту: курцы цікавыя сваімі чалавечымі асаблівасцямі. Несумненна, бо кожны чалавек - асоба, унікальны, цікавы менавіта сваёй індывідуальнасцю. Або Бахарэвіча абураюць метады нашай медыцынскай прапаганды. Мяне - таксама. Усялякая прапаганда па разуменні, якое існуе сярод нашага чыноўніцкага люду (уздзеянне), раздражняе і абурае вельмі многіх, на каго яна распаўсюджваецца. Народу ж патрэбна не прапаганда, а належная (пісьменная) медыцынская асвета, якая нікому нічога не навязвае. Праўда, вынікі падобнай асветы будуць бачны не хутка, праз дзесяцігоддзі. "Мы маем справу з культам здароўя, - падсумоўвае аўтар свае развагі пра медыцынскую прапаганду, - такім самым небясьпечным, як і любы іншы культ". (стар. 145). Што ж, і гэтая заўвага наконт культу слушная. Як вядома, усё добра, што ў меру.

Аднак галоўныя галаслоўныя пярліны-аргументы аўтара на карысць "станоўчых бакоў" курэння наперадзе. А яны такія: "курэньне - гэта малая выспачка незалежнасці ў свеце...", "Людзі, якія паляць, радзей пакутуюць на комплекс уласнае непаўнавартасьці." (стар.141), "Курэньне - гэта задавальненьне. І ўжо ў гэтым ягоны вялікі плюс." (стар.142), "Культура курцоў... - культура індывідуальнай асобы... культура анархічная і вельмі гуманістычная..." (стар.145). Хай усе гэтыя сцвярджэнні і заявы застануцца на сумленні аўтара.

А далей пачынаецца, што называецца, высвятленне адносінаў. "Калі курэц курыць на самоце ці ў кампаніі такіх жа "пагарджаных век" маргіналаў - ніхто не мае права пазбаўляць яго гэтага выбару," - папераджае Бахарэвіч (стар.142). і яшчэ: "... нашае (курцоў) жыцьцё ўсё ж належыць нам. Ніхто не пражыве яго за нас, ніхто ня мае права забраць яго ў нас. Калі мы становімся дарослымі, мы самі вырашаем, што рабіць з нашым жыцьцём..."(стар.143).

А хто з гэтым спрачаецца? Як кажуць, "на здароўе" - рабіце са сваім асабістым жыццём усё, што вам заўгодна. Яно - вашае. Толькі было б вельмі добра, каб курцы рабілі гэта менавіта "ў самоце ці ў сваёй кампаніі". Але яны чамусьці заўсёды намагаюцца ператварыць" у сваю кампанію" ўвесь белы свет без рэшты. Як быццам самі яны, курцы, жывуць не ў грамадзянскай суполцы, дзе ёсць усялякія людзі, а ў вакууме. Як быццам некурцы не маюць такое ж, як і яны, курцы, абсалютнае права распараджацца сваім асабістым жыццём і здароўем па сваім разуменні. А яны, некурцы, не жадаюць з-за эгаізму і нахабства актыўных курцоў гвалтоўна псаваць сабе жыццё і ператварацца ў пасіўных курцоў, набываюы такім чынам іхнія хваробы і заганныя звычкі. Чаму нехта (а такіх пакуль яшчэ большасць) павінен улічваць прымхі курца і пагаджацца з імі, а ён, курэц, законныя жаданні супольнасці хоча і можа ігнараваць? Што гэта, як не адкрыты агрэсіўны і нахабны эгаізм з боку курца? Таму здаўна і вядзецца і не сціхае гэтая вайна паміх нахабнымі эгаістамі курцамі і некурцамі, якія надзелены тымі ж правамі і абавязкамі, што і курцы. І гэтая вайна за права быць здаровым чалавекам будзе весціся бясконца.

"Я не лічу курэньне карысным і бяскрыўдным. Жыць добра і без курэньня. Курэньне сапраўды забівае. - у заключэнне ўсё ж нарэшце згаджаецца аўтар. - ... але калі ўжо вы курыце - рабіце гэта з задавальненьнем і годнасьцю.. вы не злачынца..."(стар.147). Даводзіцца толькі да гэтага дадаць: "не злачынца" да той пары, пакуль не спакусіцеся на годнасць іншых, якія побач з вамі.

Пры ўсёй сваёй нянавісці да практычнай медыцыны, што не дзіўна, гэты майстар прыгожага пісьменства выявіў велізарную дасведчанасць у гісторыі медыцыны, выказаў цікавасць да псіхааналітыкі. Зрэшты, ён часткова прасвятляе гісторыю развіцця медыцыны, пра што шараговаму абывацелю пэўна нічога не вядома. Разам з тым у кніжцы Бахарэвіч часам паведамляе і пра малавядомыя факты з гісторыі медыцыны. Аднак зрэдку дапускае недакладнасці. Так, у артыкуле "Шаленства" ён сцвярджае: "Менавіта Пастэр, утаймоўнік сібірскай язвы і халеры,.."(277), што чыстая няпраўда. Калі ўжо каго і лічыць "утаймоўнікам" гэтых хвароб, дык толькі Роберта Коха, які выявіў іх узбуджальнікаў і вызначыў іхняе эпідэміялагічнае значэнне адпаведна ў 1876 і 1883-1884 гг.

У артыкуле "Прафесійныя хваробы" таксама не абыходзіцца без галаслоўных і вельмі спрэчных заяў. Да прыкладу. Такіх: "Бясьпечных прафесій няма. Д'ябальская заканамернасць... чым больш плённа працуеш, тым хутчэй разьвіваюцца твае прафесійныя хваробы футбалістаў, рок-музыкаў, настаўнікаў, журналістаў і, канешне ж, пісьменнікаў. Пэўна, па сваім разуменні. І сапраўды, вельмі блізка да ісціны, медыцынскай. Няма жадання пярэчыць наконт таго, што "літаратура, аднак, адзіны від чалавечае дзейнасьці, дзе наяўнасьць прафесійных хваробаў (па Бахаравічу, гэта - манія велічы і нарцысізм) - адначасова і неабходная ўмова працы." (стар. 203). Аўтару, літаратару, у сваім асяроддзі лепш відаць. Хаця манію велічы і нарцысізм сучасныя спецыялісты не разглядаюць як хваробы, а толькі як праявы адхілення і скажэння псіхікі.

Ніякіх прэтэнзій не выклікае артыкул "Сухоты", у якім зроблена параўнальнае апісанне жыцця двух хворых на сухоты пісьменнікаў, Кафкі і М. Багдановіча, з адначасовым кароткім і адносна дакладным адзначэннем асноўных этапаў доследаў вучоных у вызначэнні прычынаў узнікнення гэтай цяжкай і небяспечнай хваробы і вынаходніцтва спосабаў і сродкаў яе дыягностыкі і лячэння. Але артыкул "Старасьць" пакідае ўражанне, што ў Бахарэвіча яшчэ засталіся дзіцячыя непасрэднасць і нецярплівасць, не затух юнацкі запал супярэчання, катэгарычнасці і ўласцівае гэтаму перыяду жыцця верхаглядства. Пэўна, было б карысней для ўсіх, у першую чаргу для самога аўтара, каб ён узяўся за раскрыццё падобнай тэмы праз гадкоў гэтак 20-30, калі сам стане хаця б пажылым.

З яшчэ большай прыязнасцю і згодай, чым артыкул "Сухоты", успрымаецца артыкул "Урынатэрапія". Да таго ж пра гэта наўрад ці прачытаеш у якім-небудзь падручніку "афіцыйнай" медыцыны ці адказнай энцыклапедыі акрамя энцыклапедыі Бахарэвіча. Бо ў гэтым артыкуле гаворка вядзецца пра нашыя, чалавечыя, дурноты, якія рэгулярна праяўляюцца і збываюцца ўжо на працягу не аднаго стагоддзя.

Сваімі творамі Бахарэвіч прывабны для тых, каго цікавіць чужая думка на тое. што хвалюе іх саміх. Думка хай сабе і парадаксальная, спрэчная і нават непрымальная. Але яна пабуджае і прымушае да нейкіх высноў і рашэнняў. У гэтай сваёй апошняй кніжцы Бахарэвіч паўстаў перад чытачом у самых розных іпастасях: нястрымнага аптыміста і пахмурнага фаталіста, бессаромнага эгаіста і адказнага грамадзяніна, бесклапотнага юнака і ўдумлівага сур'ёзнага мужчыны. Зразумела, што асабіста сам ён не такі, крыху іншы. Здаецца, што ён больш суцэльны і мэтанакіраваны, чым абазначыў сябе ў кнізе. А ўсе гэтыя мастацкія выбрыкі-выкрунтасы скіраваныя на тое. каб звярнуць увагу чытача на сваё асабістае жыццё, не столькі біялагічнае, Колькі сацыяльнае, крытычна паставіцца да самаго сябе і ўсяго навокал.

Генадзь Шэршань.


Радыё Свабода прэзэнтавала "Слоўнік Свабоды"

У менскай кнігарні "ЛогвінаЎ" адбылася прэзэнтацыя кнігі "Слоўнік Свабоды", якая выйшла ў серыі "Бібліятэка Свабоды". Гэта другое выданне кнігі, якая выйшла да 10-годдзя серыі.

Распачынаючы імпрэзу, рэдактар Радыё Свабода і аўтар ідэі выдання кніжнай серыі "Бібліятэка Свабоды" Аляксандар Лукашук зрабіў кароткую прэзентацыю бібліятэчнай серыі. А менавіта - нагадаў пра пераклад на ангельскую мову першага тому серыі - "Верш на Свабоду", зроблены вядомай ангельскай паэткай Верай Рыч. Пра кнігу аднаго рэпартажу, зробленай журналістамі Радыё Свабода і змешчанай пад вокладкай "Дарога праз Курапаты", пра кнігу змагання за свабоду - "Плошча" і многія іншыя. Асаблівае слова Аляксандр Лукашук прысвяціў Васілю Быкаву:

- Быкаў - адзін з галоўных аўтараў і галасоў гэтай бібліятэкі. Ён прысутнічае як тэкст, і як голас, і як фотаздымкі. Некалі ён казаў: "Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прыймач і шукаю "Свабоду". Гэта сталася звычаем і патрэбай душы". Гэта вельмі важныя і дарагія словы для нас, якія мы заўсёды памятаем, калі робім перадачы.

У гэтыя дні ў кнігарні "Логвінава" дзень за днём адбываюцца сустрэчы з аўтарамі і чытачамі нашай бібліятэкі. Ад нас многія бралі ўдзел у розных перадачах, некаторыя маюць свае кнігі. Кніга, якой мы вырашылі адзначыць 10-годдзе "Бібліятэкі Свабоды" - гэта кніга, якая, пэўна, мелася быць не юбілейнай 35-кнігай, а першай. Бо насамрэч, гэтая кніга прагучала ў эфіры ў 1999 годзе і называлася "Слова дня". Кожны дзень у эфіры гучала кароткае слова, якое было важнае для гісторыі, для падзеяў ХХ стагоддзя. Тады часопіс "Архэ" вырашыў прысвяціць гэтай перадачы цэлы выпуск часопіса. І вось цяпер мы вырашылі прысвяціць юбілею, вярнуцца да гэтай перадачы і выдаць гэтую кнігу".

"Слоўнік Свабоды" - гэта міні-эсэ знакавых словаў ХХ-ХХІ стагоддзяў, напісаныя знакамітымі літаратарамі, мовазнаўцамі, журналістамі, у тым ліку - журналістамі Радыё Свабода.

Наш кар.


Галоўная падзея года

Наш клуб мае найменне: гістарычна-патрыятычны. Таму што мае на мэце - дапамагчы кожнаму сябру дасягнуць усведамлення высокага патрыятычнага абавязку праз вывучэнне роднай гісторыі, далучэнне да культурных традыцый. І абавязкова знайсці Асобу, што з'явіцца прыкладам служэння Радзіме, адданасці і самаахвярнасці. Для кожнага з нас - гэта Максім Багдановіч.

Таму важнай падзеяй ў жыцці нашага клуба заўжды з'яўляецца наведванне Траецкага прадмесця ў Менску ў дзень памяці Максіма Багдановіча. Найперш нас цікавіць музей, што захоўвае памяць аб найлепшым з беларусаў. З кожным новым падарожжам па яго залах для нас адкрываецца нешта новае і незвычайнае. З кожным разам мы адкрываем для сябе любімага паэта. І ён становіцца бліжэй нашым сэрцам, а вершы яго для нас напаўняюцца яшчэ большым сэнсам і жыццёваю праўдай. Самыя шчырыя словы прыязнасці, самыя прыгожыя кветкі мы прыносім у гэты дзень да помніка ў Траецкім. Адчуванне еднасці з тымі, хто таксама захоплены асобай і паэзіяй Багдановіча, гучанне вершаў у выкананні шаноўных паэтаў, жывое гучанне песень бардаў - усё гэта вабіць нас да помніка ў гэты дзень.

Сёлетні Дзень памяці паэта быў для нас асаблівым. Бо ўвесь мінулы год быў асвечаны ззяннем яго неўміручага слова, яго самаадданай любові да шматпакутнай Радзімы, святой веры ў залацісты, ясны дзень, што чакае яе наперадзе.

Да 25 траўня рыхтаваліся грунтоўна. Кожны падабраў словы, што хацеў бы сказаць у гэты дзень. Гэта былі як нашы ўласныя вершаваныя радкі, так і вершы сучасных паэтаў: Д. Бічэль, В. Жуковіча, В. Шніпа, Н. Гальпяровіча, Э. Акуліна.

У вольны час практыкаваліся ў спяванні песень на словы Багдановіча, каб потым у Траецкім спець іх разам з сябрамі.

А яшчэ нам вельмі патрэбна было зноўку сустрэцца з Максімам у залах музея.

Музей сустрэў нас нежывой цішынёй. Экспазіцыю наведваць не дазвалялася. Тое было горкай неспадзяванкай - бо толькі раз на год мы можам наведаць гэты музей.

Ля помніка гучала музыка з дынамікаў - песні на словы Багдановіча ў выкананні "Песняроў". У скверы паўсюль легкавікі: на тратуарах для пешаходаў, на сцежках між дрэваў. Па дарожках сквера вольна хадзіць цяжка - увесь час сігналяць ззаду машыны - саступі дарогу. Фантан, што заняў колішняе месца Багдановіча на цэнтральнай алеі, не працаваў.

Гэты дзень нам нагадаў 25 траўня 2008 года. Розніўся толькі надвор'ем: тады яно было пахмурным і дажджлівым, а сёлета - яркім, з гарачым сонцам і пранізліва - халодным ветрам. І быў помнік Багдановічу, і мітынг ля яго, і высокія словы прызнанняў. А потым да ног Максіма леглі кветкі, між якіх былі і нашы дварэцкія васількі, беражліва прывезеныя ў сталіцу.

Моўчкі пастаялі, а потым паспявалі разам з "Песнярамі", што гучалі з дынаміка, "Слуцкіх ткачых".

І рушылі ў Свята-Петрапаўлаўскую царкву. Са свечачкамі ў руках маўкліва і стоена слухалі словы святара, што прамаўляў словы малітваў за спачылых па-беларуску.

Няшмат на малітве было народу - кудысьці зніклі вучні ў піянерскіх гальштуках з мітынгу, сувораўцы. Праігнаравалі малітву і шмат хто з пісьменнікаў, іншых нацыянальных дзеячаў. А між іншым, нішто так не лучыць людзей на шляху да Беларусі, як сумесная малітва. Асабліва у памяць таго, хто ідэі нашага Адраджэння прысвяціў усё сваё кароткае, яскравае жыццё, сваю творчасць. За таго, хто ёсць галоўным гонарам нацыі. За Максіма Багдановіча. Тым больш хочацца выказаць шчырую падзяку супрацоўнікам Літаратурнага музея, што замовілі гэтае служэнне ў памяць паэта.

Усіх уразіў і аповед святара пра яго вандроўкі і пра цікавасць да спадчыны Багдановіча далёка за межамі краіны. Урачыста і прачула гучалі гэтыя словы ў велічнай цішыні храма.

А за сценамі храма нас чакалі шум і мітусня вялікага горада. Мінакі, што спяшаліся па сваіх справах, іх абыякавыя вочы, твары. Чужая мова…

Час ідзе сваёй хадою. Час выпраўляе памылкі або робіць іх непапраўнымі. Час вядзе нас у Вечнасць. І шлях гэты не палохае. Бо на ім побач з намі Максім Багдановіч.

Лашкоўская Паліна, гістарычна-патрыятычны клуб "Спадчына", м. Дварэц.


Імпрэза ў ТБК 26 траўня

26 траўня, як звычайна ў апошнюю суботу месяца, у ТБК у Вільні адбылася чарговая імпрэза. За весну ў Вільні адбыўся цэлы шэраг падзеяў звязаных з беларускай культурай, а таму асноўнай тэмай імпрэзы была прэзентацыя адбыўшыхся мерапрыемстваў.

На пачатку імпрэзы прэзідэнт студэнцкай асацыяцыі "StudAlliance" Кірыл Атаманчык прэзентаваў серыю мерапрыемстваў, арганізаваных асацыацыяй, пад назвай "Беларуская вясна". У межах гэтае кампаніі адбыўся шэраг фота-выставаў, мастацкіх перфомансаў, а напрыканцы траўня кампанію гучна закончыў канцэрт "Салідарнасць з Беларуссю", на якім выступілі вядомы Берасцейскі альтэрнатыўны гурт "Сцяна" і не менш вядомы выканаўца хіп-хопа Вінсэнт (які сыграў асноўную ролю ў фільме "Жыве Беларусь"..

Далей мерапрыемства працягнуў віленскі беларускі навукоўца Юрась Юркевіч. Юрась, з дапамогай калегаў, апошнім часам зрабіў велізарную працу па зборы невядомых дакументаў часоў БНР. На нашай імпрэзе Юркевіч прэзентаваў вялікую колькасць дакументаў з сабранага матэрыялу. Сярод дакументаў, здымкі якіх паказваў навукоўца, былі невядомыя дакументы Антона Луцкевіча і іншых вядомых беларускіх дзеячоў, БСРГ, беларускіх вайсковых фармаванняў таго часу, а таксама невядомыя фотаздымкі.

Таксама ў траўні гэтага году ў нашым Таварыстве адбылася надзвычай радасная падзея - споўнілася 92 гады заслужанаму чальцу нашае арганізацыі Ніне Брылеўскай. Сп. Ніна пражыла надзвычай доўгае і насычанае падзеямі жыццё, доўгі час працавала настаўніцай, ад самага ўтварэння ТБК з'яўляецца адданай яго прыхільніцай. Яшчэ раз віншуем сп. Ніну з Днём народзінаў!

Пятро Шыба.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на другое паўгоддзе 2012 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 66. Цана, падрасла, але далёка не ў тэмпе інфляцыі. Увесь 2012 год мы спадзяёмся выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды. Мы падаём факты. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Вайна 1812 г. у Літве і на Лідчыне

"О год, празваны ў нас і надзвычайным,
І векапомным годам ураджайным!"
А. Міцкевіч (пер. Я. Семяжона.)

Падрыхтоўка Напалеона да вайны была канчаткова завершана ў верасні 1811 г. Вайну адтэрміноўвала толькі надыходзячая зіма. Флігель-ад'ютант, палкоўнік Чарнышоў дакладваў у гэты час Аляксандру І: "Вайна вырашана ў галаве Напалеона, ён зараз лічыць яе неабходнай для ... уладання Еўропай" .

Пачынаючы з 1811 г. у Расіі спешна будавалі на заходняй мяжы дзве новых цвердзі: Бабруйск і Дынабург; узмацнялі ўжо наяўныя ўмацаванні Рыгі і Кіева, і паміж Дзвіной і Дняпром выбіралі месцы для будучых умацаваных пазіцый. Пяць дывізій з малдаўскага войска, якія ваявалі з Турцыяй, атрымалі загад спешна вярнуцца назад да ракі Днястра, а адна дывізія з Фінляндыі перакідалася ў Літву. Гэты адыход пяці дывізій з Дуная і шостай з Фінляндыі вельмі не спадабаўся Напалеону і ён не прамінуў зрабіць аб гэтым належнае пасланне ў Пецярбург. Цар зараз жа адказаў, што верне дывізіі ў Валахію, калі, у сваю чаргу, Напалеон паменшыць залогу Гданьска напалову. Напалеон на гэта не мог пагадзіцца і адказваў, што ён узмацняе свае войскі ў паўночнай Германіі "не дзеля пагрозы Расіі або з палітычнымі мэтамі, але адзіна ў намеры забяспечыць паўночныя берагі Германіі ад нападу ангельцаў, узмацніць мытную варту, захаваць грамадскі спакой у гэтым нованабытым краі і, нарэшце, таней трымаць войскі, чым у Францыі".

Літоўская шляхта з нецярпеннем сачыла за дзеяннямі Напалеона. Шляхта перадавала адзін аднаму чуткі пра французскага імператара, бюлетэні "Вялікага войска" пераходзілі з рук у рукі; аднадумцы Напалеона вялі агітацыю на карысць яго. Расейскі імператар Аляксандр І выдатна ведаў пра трывожныя настроі ў Літве. Губернатары даносілі, што з прыходам Напалеона ўсе павернуцца супраць Расіі, і ім загадвалі асабліва ўважліва сачыць за настроямі насельніцтва. Але знешне ўсё было спакойна.

У канцы красавіка 1812 г. імператар Аляксандр І аб'язджаў войскі ўздоўж заходняй мяжы і наведаў Вільню. Ён быў сустрэты натоўпамі насельніцтва: нават самыя вялікія скептыкі паддаліся на гэты раз надзеям на рэформы і незалежнасць у межах Расеі - тую маласць, пра якую ўсе марылі, але расейскія імператар маўчаў і абмяжоўваўся толькі міласцямі да прадстаўнікоу шляхты і незвычайнай ветлівасцю з арыстакратыяй.

У Лідзе ён зрабіў агляд 6-га корпуса генерала ад інфантэрыі Дохтурова. У Лідскім павеце ў раёне Эйшышак кватаравала руская армія ў 60 000 чалавек, карпуснымі камандзірамі ў ёй былі генералы Бахмецьевы 1-шы і 2-гі. На пачатку траўня імператар Аляксандр I, аглядаючы карпусы, суткі прабыў у Эйшышках. Потым імператар наведаў маёнтак Веранова, які належаў 70-гадовай Клары Аляксандровіч. Гаспадыня, па няведанні, прыняла імператара за расійскага паручніка. Непазнаны Аляксандр піў з ёй гарбату, і пані пажалілася яму на тое, што ў яе сілай забралі 6 коней для будучага праезду імператара. Аляксандр, не адкрыўшы сябе гаспадыні, загадаў вярнуць коней. У Лідскім павеце, імператар пешшу наведаў Ішчалну - маёнтак Карла Лясковіча, піў з Лясковічам гакрбату, слухаў ігру дачкі гаспадара Ішчалны на арфе. Каля Ішчалны расейскі імператар інспектаваў 4-ы корпус генерал - ад'ютанта Шувалава (штаб у Васілішках) які складаўся з 11 і 23 пяхотных дывізій, аднаго гусарскага палка з 2-й кавалерыйскай дывізіі і двух артылерыйскіх брыгад. 6-ты корпус Дохтурава меў 20,5 тысяч чалавек і уключаў у свой лік яшчэ і 3-ці кавалерыйскі корпус. Авангард 6-га корпуса (генерал - маёра графа Палена 1-га) складаўся з двух егерскіх і двух гусарскіх палкоў з ротай коннай артылерыі і месціўся каля мястэчка Лебяда.


29 траўня Напалеон прыбыў у Кёнігсберг для арганізацыі забеспячэння войска харчаваннем, а адтуль праз Велаў і Інстэрбург прыехаў у Гумбіен. Тут ён атрымаў вестку ад свайго амбасадара ў Расіі Лорыстона аб адмове Аляксандра I правесці перамовы ў Вільні і палічыў гэта найлепшай нагодай для неадкладнага пачатку вайны з Расіяй. "Справа вырашана! - кажа ён. - Рускія, якіх мы заўсёды перамагалі, прымаюць на сябе выгляд пераможцаў. Яны выклікаюць нас, але, вядома, пасля прыйдзецца нам аддзячыць ім за такую дзёрзкасць. Спыніцца ў дарозе - значыць не скарыстаць спрыяльнага выпадку. Палічым за міласць, што нас прымушаюць да вайны, пяройдзем Нёман".

Загадаўшы карпусам як мага хутчэй паспяшаць да Нёмана, Напалеон выдаў войску свой знакаміты загад: "Салдаты! Другая польская вайна пачалася. Першая скончылася пад Фрыдландам і Тыльзітам. У Тыльзіце Расія паклялася быць у вечным міры з Францыяй і ваяваць з Англіяй. Цяпер яна парушае свае клятвы і не жадае даць ніякага тлумачэння аб сваіх дзіўных паводзінах ... Расію вядзе рок! Лёс яе павінен вырашыцца. Ці не лічыць яна, што мы змяніліся? Хіба мы ўжо не ваяры Аўстэрліца? Расія ставіць нас паміж ганьбай і вайной. Выбар не сумнеўны. Пойдзем жа наперад! Пяройдзем Нёман, прынясём вайну ў рускія межы. Другая польская вайна, як і першая, уславіць французскую зброю і мір, які мы здабудзем, будзе трывалы і пакладзе канец пяцідзесяцігадоваму пыхліваму ўплыву Расіі на справы Еўропы".

Яшчэ да пераходу Нёмана Напалеон у гутарцы з Каленкурам сказаў, што хоча закончыць кампанію за 2 месяцы.


Трэба хоць пункцірам асвятліць жыццё нашых продкаў перад той страшэннай вайной. Вялізарнае расейскае войска на гістарычнай Літве ў значнай ступені ўтрымлівалася за кошт мясцовага насельніцтва. На гэты конт "Курьер Віленскі" пісаў: "Шляхта Віленскай губерні атрымала імператарскую ўдзячнасць за згоду забяспечваць размешчанае ў Віленскай губерні войска харчаваннем на працягу ўсяго года на вельмі зручных для казны ўмовах" .

Паводле ўспамінаў капітана І.Т. Радажыцкага, ў сакавіку 1812 г. пад час маршу 2-й артылерыйскай брыгады праз Пружаны - Слонім - Ваўкавыск - Масты - Ліду - Вільню правіянт здабывалі пагрозамі і сілай. Капітану запомніўся нейкі стары пан харунжы ў Беняконях Лідскага павету, які ніяк не жадаў забяспечваць расіян фуражом .

У траўні 1812 да "вышэйшага начальства дайшла інфармацыя, што ў месцах размяшчэння 4 корпуса (Васілішкі, Ішчална), жыхары маюць самую крайнюю патрэбу ў хлебе, і некаторыя ўжо ядуць траву" .

Знясільвалі край і рэкруцкія наборы ў расійскае войска. Вялікія рэкруцкія наборы пачаліся ў Гарадзенскай губерні з 1802 г. У 1802-1806 г. у расійскую армію было ўзята 7742 рэкруты, у 1808 г. з - 2589 рэкрутаў (з Лідскага павету - 280), у 1809 г. - 2 190 рэкрутаў (з Лідскага - 255), у 1810 г. - 1418 рэкрутаў (з Лідскага - 162), у сакавіку 1812 г. Аляксандр I загадаў правесці дадатковы набор, але дакладных звестак аб ім няма. Увогуле ў 1802 - 1811 гг. рэкрутчына каштавала Літоўска-Гарадзенскай губерні больш за 16 тысяч чалавек, што нават перавышала натуральны прырост насельніцтва. У гэтыя гады рэзка паменшылася саслоўе беларускіх "месцічаў" - колькасць гараджан-хрысціян скарацілася больш чым напалову, у той час як сялянскае насельніцтва павялічылася. У чатыры разы паменшылася колькасць гараджан-хрысціян у Берасцейскім і Лідскім паветах, у два з паловай разы ў Ваўкавыскім і Слонімскім паветах. Куды "разбеглася" беларускае мяшчанства, пакуль застаецца таямніцай для гісторыкаў .

А край усё напаўняўся расейскімі войскамі. Ігнацы Яцкоўскі ў кнізе "Аповесць з майго часу" піша: "Ужо з сярэдзіны зімы, гэта значыць, з пачатку 1812 года пачаліся перамяшчэнні расійскіх войскаў у розных кірунках. Але такое відовішча не было новым для Літвы. Выклікаюць яны нейкі страх і абмяжоўваюць свабоду, але з тае прычыны, што рухаліся яны ўсе на Захад, той, хто прыглядаўся да гэтага, міжвольна думаў пра Цюрых, Аўстэрліц і Ену , куды гэтаксама прыгожа і гэтаю самаю дарогаю ішлі войскі, але ніколі не вярталіся ...", і калі нейкі малады афіцэр спытаў "бабулю, якая, абапіраючыся на кіёк, прыглядалася да палка, што праходзіў міма: "А што, маці, ці была б ты рада, калі б мы пабілі французаў? О, дай Божа, - пакорна адказала старая, - каб вы іх пабілі, а каб вас пярун пабіў!" .

Пачатак вайны

Месца вышэй ад Коўні, там, дзе ў Нёман упадае маленькая рэчка Еся, імператар Францыі абраў для пераходу цераз Нёман для галоўнай часткі свайго войска. Напярэдадні, 23 чэрвеня, ён дбайна агледзеў берагі ракі ў наваколлях Коўні, але лепшага месца знайсці не змог. Пад вечар корпус Даву, які першым павінен перайсці мяжу, падышоў да ракі і заціх сярод узгоркаў і лясоў. Агнёў не разводзілі, і нішто не паказвала на тое, што праз некалькі гадзін дзесяткі тысяч людзей будуць на другім беразе ракі. У гэтую пару цямнее позна, і таму толькі з прыходам ночы падрыхтоўка пераправы пачалася. У цемры рота сапёраў пераправілася на правы бераг, знайшоўшы маленькую вёсачку, французы ўмацаваліся ў ёй. Калі адзін з казачых раз'ездаў спакойна наблізіўся да іх, рускі афіцэр спытаў, хто яны такія?. "Французы" , быў адказ. "Чаго вы жадаеце і навошта вы ў Расіі?" працягваў пытаць афіцэр. "Ваяваць з вамі, узяць Вільню, вызваліць Польшчу!" . Афіцэр не пытаў далей, павярнуў каня, і патруль хутка схаваўся ў лесе. Сапёры паслалі яму наўздагон некалькі куль. Гэта былі першыя стрэлы той вайны …

У 11 гадзін вечара 24 чэрвеня тры масты цераз Нёман былі гатовыя, і ледзь пачаў святлець усход, вялікае войска пацягнулася жывой бясконцай стужкай. Напалеон пераправіўся адным з першых. Ступіўшы на непрыяцельскі бераг, ён доўга стаяў каля мастоў, падбадзёрваючы салдат і слухаючы крыкі "Vive l'Empereur!". Потым, прышпорыў каня, ва ўвесь апор паскакаў у лес, доўга імчаўся наперад цалкам адзін ... Нарэшце апамятаўся, павольна вярнуўся да мастоў, і, далучыўшыся да аднаго з гвардзейскіх атрадаў, накіраваўся ў Коўню.


24 чэрвеня у Вільні быў дадзены раскошны баль, на якім Аляксандр І атрымаў весткі пра пераправу Напалеона цераз Нёман. Прабыўшы яшчэ трохі, ён з'ехаў з балю а праз два дні рускі імператар выехаў з Вільні.

Такім чынам Напалеон з войскам перайшоў Нёман каля Коўні 24 чэрвеня, а 28-29 чэрвеня Вестфальскі кароль Жаром заняў Гародню.

Французскае "Вялікае войска" хутка рухалася наперад, і рускія не маглі затрымаць яго наступленне. Ужо 28-га авангард Мюрата начаваў у Рыконтах, за 20 вёрст ад Вільні. На наступны дзень, 29-га, адбыліся тры невялікіх сутычкі, якія завяршылі Нёман -Віленскую аперацыю, у ноч з 27 на 28 чэрвеня апошнія атрады рускага войска выйшлі з горада, а на наступны дзень Вільня была ўжо ў руках Напалеона.

Вось як апісвае ўваход французаў у Вільню відавочца гэтай падзеі гісторык М. Балінскі: "У гэтую ноч амаль ніхто з жыхароў горада не заплюшчыў вочы. Праўда, на вуліцы не было ніякага шуму, але менавіта начны сумны звон зброі, конскі тупат і глухі стук цяжкіх гармат па бруку, часам прыглушаныя галасы камандзіраў напаўнялі жахам мірных жыхароў, якія, загасіўшы святло і зачыніўшы вокны, прыслухваліся да ўсяго, што адбываецца, сочачы за рухамі войска пры бляску зорак і месяца. Да світанку гэты рух некалькі паменшыўся, а пасля сямі гадзін раніцы наступіла нават хвіліна поўнай цішыні. Наперадзе пешыя жаўнеры ішлі або, дакладней, беглі рыссю, каб не быць заспетымі ворагам у гэтых цесных вуліцах. Потым рухалася конная артылерыя ... лёгкіх гармат, шэсце замыкала кавалерыя, гусары і чырвоныя гвардзейскія казакі, з якіх кожны трымаў у руцэ пісталет з узведзеным курком ці аголеную шаблю. Менавіта гэты атрад быў першым, які сустрэўся з французамі на дарозе паміж Рыконтамі і Вільняй. Увесь гэты адыход працягваўся з паўгадзіны, а потым на вуліцах зрабілася цалкам глуха і пуста. Нідзе не было відаць ні душы, усе адчувалі, што ў такую рашучую хвіліну было бы небяспечна быць сярод тых, хто кожную хвіліну мог уступіць у бой. Частка насельніцтва не адважвалася высунуцца з хаты, а больш адважныя і маладыя былі ўжо на Пагулянцы, каб убачыць Напалеона, а каля яго - сваіх землякоў. Але неўзабаве за горадам, каля 9 гадзін раніцы, было жахлівае гледзішча для жыхароў Сніпішак: казакі запалілі вялізныя хлебныя склады, прыгатаваныя для рускага войска, і Зялёны мост, які яшчэ за дзень да таго быў абвязаны саломай і абліты смалой. У 12 гадзін дня Напалеон уступіў у Вільню, сустрэты велічэзным натоўпам, які вітаў яго, як свайго вызваліцеля ... Першым палком вялікага войска, якія ўступіў у сталіцу Літвы, быў восьмы полк польскай кавалерыі Дамініка Радзівіла. Гэта была адна з урачыстых хвілін у жыцці Вільні і разам з тым гэта быў тонкі тактычны прыём з боку Напалеона, які не рабіў ніякіх абяцанак у дачыненні Літвы, але як бы справай сведчыў аб будучыні, пасылаючы вызваляць горад ад рускага валадарства нашчадка літоўскіх князёў. У Панарах Напалеона сустрэла дэпутацыя мясцовых грамадзян з ключамі ад горада" .

Весткі аб наступе французаў выклікалі сумятню сярод рускага насельніцтва заходніх губерняў. Жыхары паспешліва збіраліся і ўкладваліся, ратуючы сем'і і маёмасць; не маючы належных распараджэнняў, службоўцы не ведалі, што рабіць з казённай маёмасцю. "Адправіў з Гародні гарнізонны батальён, усіх земскіх службоўцаў і казённую маёмасць з вялікай цяжкасцю, - даносіць атаман Платаў Баграціёну, - таму што нічога не было тут прыгатавана, а некаторыя нават не мелі і загадаў аб адступленні адсюль ... я загадаў ім рухацца на Шчучын, Беліцу, Наваградак і далей да Менска".

28 чэрвеня 1812 г. у Лідзе камандзір IV расійскага корпуса Дохтураў атрымаў загад рухацца на Вільню. Аднак хутка даведаўшыся, што Напалеон заняў сталіцу Літвы, ён узяў кірунак на паўночны-ўсход: Гальшаны - Смаргонь - Данюшава, дзе апынуўся ўжо 30 чэрвеня. За Дохтуравым з-над ракі Лябеды адыходзіў III расійскі кавалерыйскі корпус графа П.П. Палена 2-га, які каля Ашмянаў сустрэўся ў імклівым баі з французскай кавалерыйскай брыгадай К. Пажоля. Раніцай 30 чэрвеня кавалерыя Пажоля, якая ішла з боку Вільні, атакавала пад Ашмянамі атрад прыкрыцця корпуса Дохтурава. 30 чэрвеня ды 1 ліпеня французскія генералы паведамілі Напалеону, што на Лідскай і Ашмянскай дарогах бачны значныя сілы рускіх з усіх трох радоў войскаў: пяхоты, кавалерыі, артылерыі. Гэта былі адступаючыя з-пад Ліды VI пяхотны і III кавалерыйскі корпусы 1-й расійскай арміі. У Гальшанах з'явіўся невялікі атрад расійскага генерала Дорахава (каля 4 тыс. чалавек), гэта быў авангард IV корпуса, які вайна застала каля Аран у Літве. Па нядбайнасці расійскага камандавання Дорахаву "забыліся" паведаміць аб пачатку вайны, і ён сам пачаў як мага хутчэй прабірацца на ўсход, атрад адступаў у такім тэмпе, што ў егераў замест поту выступала кроў. Пад час гэтага маршу Дорахаў страціў ад стомы 60 чалавек. Частку адстаўшых расійскіх егераў злавілі тутэйшыя сяляне і адвялі ў Вільню.

2 ліпеня Вестфальскi кароль Жаром заняў Гародню. Вестфальскі кірасір Рункель адзначаў у лісце да родных, што ўся Гародня выйшла сустракаць караля Жэрома з падзякамі і ўшанаваннямі Напалеона. Дэпутаты ад Гародні паднеслі Жэрому ключы ад горада.

На кірунку Гародня - Ліда Жарому Банапарту супрацьстаялі расейскія карпусы Шувалава ў Алькеніках і Дохтурава ў Лідзе. Аднак расейскія войскі пачалі хутка адступаць і толькі пад Ліпнішкамі адбыўся ар'егардны бой паміж французскімі драгунамі і часткамі корпусам Дохтурава. Напрасткi дарога з Гародні да Наваградка iшла праз Шчучын, Жалудок i Белiцу. Дарогу трымалі казакi генерала Платава, якія яшчэ 29 чэрвеня спалілі харчовыя магазіны (склады) ў Лідзе. Па гэтай дарозе наступалi войскi караля Жарома ў склад якiх уваходзiў i 5 польскi корпус князя Юзафа Панятоўскага разам з 8-м корпусам вестфальскага генерала Вандама.

3 ліпеня асноўныя сілы 2-й рускай арміі Баграціёна адыходзячы, прайшлі Наваградак. У горадзе застаўся афіцэр, які павінен быў падпаліць вайсковы і харчовы склады. Гэта магло выклікаць вялікі пажар, і таму жыхары адкупіліся ад рускага афіцэра вялікай сумай грошай, а для бачнасці пажару падпалілі на гарадской ускраіне некалькі стагоў сена. Праз тры дні ў Наваградак увайшла французская лёгкая кавалерыя з 4-га карпусы генерала Лятур-Мобура.

"Кур'ер Літоўскі" пісаў "Адступаючы, непрыяцель нясе жорсткія страты. Усюды, дзе ён ужо прайшоў, жыхары паўстаюць і наводзяць парадак. Толькі быў ачышчаны Ваўкавыск, там згуртаваўся ўвесь павет і далучыўся да Генеральнай Канфедэрацыі. У Янаве гараджане перавязалі ўсіх рускіх вартавых, якія ахоўвалі склады ... і ў цэласці перадалі французскім войскам. Тое самае спрабавалі зрабіць і жыхары Пінска, але сілы непрыяцеля былі занадта вялікія, таму атрымалася вывезці частку харчоў, усё што засталося, было захавана і перададзена генералу Фрэліху ... войскам князя Шварцэнберга" .

8 ліпеня ў Менск уступіў авангард французскага корпуса Л. Даву, які пасля прывітання мясцовай шляхты, сказаў, што войскі Напалеона прыйшлі не прыгнятаць а вярнуць былую Радзіму.

Войскi генерала Вандама пакiнулi аб сабе дрэнныя ўспамiны ў Лiдскiм павеце праз рабункi. 26 ліпеня Лідскі падпрэфект жаліўся на генерала Вандама, які пасылаў салдат рабаваць жыхароў. 28 ліпеня атрад вестфальцаў з 500 чалавек, пад камандаваннем Жулье, спыніўся ў Шчучыне, і хоць салдатам было дадзена ўсё што яны патрабавалі: сена, ялавічына, хлеб, гарэлка, піва - аднак яны з 11 гадзін вечара да раніцы, са згоды сваіх афіцэраў, па-варварску пачалі рабаваць хаты. Пры гэтым былі 3 чалавекі забітыя, 2 параненыя, мноства збіта.

Вестфальскі генерал Вандам (Дамінік Жазэф Рэне Вандам (фр. Dominique-Joseph Renе Vandamme, 1770-1830) быў жорсткім салдатам які праславіўся рабаваннямі і непадпарадкаваннем. Напалеон аднойчы сказаў пра яго: "Калі б я страціў Вандама, дык не ведаў, што б я аддаў, каб зноў яго атрымаць, але калі б меў дваіх, я быў бы змушаны загадаць аднаго расстраляць". Напачатку паходу ў Расію ў 1812 г. Вандам быў прызначаны намеснікам камандзіра 8-го вестфальскага корпуса Жарома Банапарта. Але паколькі неспрактыкаваны Жаром Банапарт камандаваў групай карпусоў, якія дзейнічалі супраць Баграціёна, Вандам фактычна аказаўся камандзірам корпуса. Аднак у самым пачатку кампаніі, ў Гародні, Вандам быў адхілены Жаромам Банапартам ад камандавання корпусам з-за рознагалоссяў: жаўнеры яго корпуса былі пазбаўлены рэгулярнага харчавання і не маглі самі здабываць прадукты. Ён меў неасцярожнасць 3 ліпеня напісаць Жарому даволі рэзкі ліст. "Сір, - пісаў генерал, - беды 8-га карпуса дасягнулі сваёй мяжы, і, калі Ваша Вялікасць не зменіць сумную сітуацыю, у якой знаходзяцца ўсе карпусы, я буду змушаны прасіць дазволіць даць мне іншае камандаванне .... . Немагчыма больш выносіць тое, што дзеецца вакол мяне. Парадак знік, паўсюль пануе гвалт" . Адпраўляючы гэты ліст, Вандам не ўлічыў, што вестфальскі кароль ужо неаднаразова жаліўся імператару на яго цяжкі характар. Раздражнёны гэтым Напалеон у адзін з момантаў благога настрою дазволіў свайму брату адхіліць камандзіра вестфальцаў.

Жаром Банапарт зняў генерала Вандама з пасады. Генерал прайшоў за войскам да Беліцы, паколькі ён яшчэ спадзяваўся, што яго адновяць на пасадзе. Аднак Напалеон не змяніў выраку, і потым шмат гадоў мясцовыя жыхары памяталі, што Вандам правёў цэлае лета за 30 вёрст ад горада Ліды, ў маёнтку Лебяда ў абшарніка Горскага. Распавядалі, што Вандам, маючы пры сабе некалькі ад'ютантаў і паўтара дзесяткі салдат, займаўся сельскай гаспадаркай і вырашаў сялянскія справы, як самы клапатлівы гаспадар. Напалеон загадаў яму вяртацца дахаты за тое, што ён не перашкодзіў адыходу войска Баграціёна.

Толькі ў сакавіку 1813 г. Напалеон зноў прызначыў Вандама камандзірам 32-й вайсковай акругі, а 1 ліпеня ён быў прызначаны камандзірам 1-га армейскага корпуса. Вандам зацята ваяваў і патрапіў у палон у бітве пры Кульме 30 жніўня 1813 г.

24 жніўня ў Гродню паступіла скарга ад пана В. Санкоўскага з Навадворскай парафіі Лідскага павету. Аўтар даводзіў, што ў парафіі затрымалася некалькі дзесяткаў французскіх конных егераў з 1-га корпуса Даву. Гэта былі параненыя салдаты альбо тыя, у каго скалечыліся коні. Салдат пакінулі пад час пераследу Баграціёна ды і забыліся. А французы нікуды не спяшаліся. Штодзень дванаццаць конных егераў з'ядалі ў пана Санкоўскага 24 пінты збожжа, выпівалі 1,5 гарнцы гарэлкі і абавязкова патрабавалі мяса. Уладальнік маёнтка, які ўжо пацярпеў ад вестфальцаў Вандама, цікавіўся, калі яго пазбавяць гэтага клопату.

26 верасня лідскі падпрэфект данёс у Адміністрацыйную камісію, што атрад французаў з 70 чалавек, праходзячы па шляху ў Гародню праз мястэчка Каменка, размясціўся там на два дні і на працягу гэтага часу рабаваў мястэчка: паўсюдна былі выламаны замкі, у насельніцтва забраны рэчы і харчовыя прыпасы: малако, сыр, масла, сена, авёс у снапах і да т.п. Французы білі сялян шаблямі, паранілі 20 чалавек. Гарадзенскі губернатар Леброн абяцаў падпрэфекту ўсё нарабаванае вярнуць. Для спынення рабункаў, было забаронена без дазволу паліцыі, скупляць у вайскоўцаў рэчы. Урад меў у галоўных гарадах сваіх давераных асобаў. Разрабаваным жыхарам прызначалася дапамога, а 12 снежня было загадана частку выкрадзенай маёмасці залічыць як падатак .

Для мясцовага насельніцтва сітуацыю ўскладнялі дэзертыры рускага войска, якіх было вельмі шмат, і якія таксама рабавалі мясцовае насельніцтва. "Кур'ер Літоўскі" пісаў: "Усюды сустракаюцца ў вялікай колькасці рускія дэзертыры, асабліва ў тых мясцовасцях, дзе праходзіў Баграціён. Усе дарогі каля Мастоў, Ружан, Салечнікаў поўныя імі" .

Цікавая гісторыя здарылася з распарадчыкам маёнтка Віктарышкі, які знаходзіцца на дарозе з Вільні на Ашмяну, Пятром Былінскім. У час, калі ён пачуў што французы ўжо ў Вільні, маёнтак рабавалі 63 рускія жаўнеры. Былінскі сказаў ім, што французы побач, і ... параіў рускім ратавацца ў кірунку Табарыйскай плаціны. Калі жаўнеры туды рушылі, ён з сялянамі з Віктарышак заняў дарогу і ... прымусіў рускіх здацца. 55 з іх здалося, а 8 уцякло. Усіх палонных ён адправіў у Вільню і здаў ваенным уладам.

Адраджэнне ВКЛ

1 лiпеня 1812 г. Напалеон падпiсвае дэкрэт пра ўтварэнне дзяржавы - Вялiкага Княства Лiтоўскага i фармуе часовы ўрад - Камiсiю Часовага Ураду ВКЛ (Komisja Rzadu Tymczasowego Wielkiego Ksiestwa Litewskiego). Яна стваралася з 7 камiтэтаў на чале кожнага з iх стаяў адзiн з сяброў Камiсii: Харчавання i складоў (магазiнаў) - Станiслаў Солтан, палiцыi - Юзаф Серакоўскi, вайсковы - Аляксандр Сапега, судовы - Франц Ельскi, унутраных спраў - Аляксандр Патоцкi, асветы i рэлiгiі - Ян Снядецкi. Камiсiя Часовага Урада з'яўлялася вышейшай уладай княства, якое складалася з 4 дэпартаментаў утвораных на месцы былых Вiленскай, Гарадзенскай, Менскай губерняў i Беластоцкай акругі. Лiдскi павет уваходзiў у склад Гарадзенскага дэпартаменту.

(Працяг у наст. нум.)

Леанід Лаўрэш


Пра Беларусь з габрэйска-магнацкім акцэнтам

Акурат у 142-ю гадавіну з дня нараджэння правадыра сусветнага пралетарыяту Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ зладзіла чарговую вандроўку. Праўда, маршрут праходзіў не па ленінскіх мясцінах (іх, акрамя шматлікіх помнікаў Леніну, у Беларусі цяжка знайсці), а па прадмесцях роднай сталіцы з наведваннем праваслаўнага манастыра, музея гісторыі і культуры габрэяў, былых магнацкіх уладанняў.

Народ, які тут болей не жыве

Гэтым разам арганізатары вандроўкі на чале з старшынём Магілёўскага ТБМ Алегам Дзьячковым абралі месцам наведвання Цэнтральную Беларусь. Шлях вандроўкі пралягаў праз Малыя Ляды, Менск, Прылукі, Воўкавічы і Станькава.

Першы прыпынак - вёска Малыя Ляды у Смалявіцкім раёне, дзе месціцца даволі вялікі храм праваслаўнага Свята-Дабравешчанскага мужчынскага манастыра. Храм першапачаткова быў пабудаваны як уніяцкі, але затым, у 19 стагоддзі, быў перададзены Рускай праваслаўнай царкве. Магілёўскім вандроўнікам, сярод якіх былі людзі рознага ўзросту, прычым пераважна жанчыны, пашчасціла трапіць на нядзельную службу і Хросны ход вакол бажніцы.

Нягледзячы на тое што падарожжа цягнулася цэлы дзень, яго кульмінацыяй варта лічыць наведванне музея гісторыі і культуры габрэяў Беларусі, што знаходзіцца ў Менску. Менавіта ад прагляду яго экспазіцыі пры найцікавейшым расповядзе дырэктара музея, кандыдата гістарычных навук Іны Герасімавай у магілёўцаў засталіся найбольш яскравыя ўспаміны. Цудоўная жанчына казала аб усім, чым жылі габрэі ў Беларусі да Другой Сусветнай вайны, падчас яе і пасля ліхалецця.

Знаёмая з усімі "прэтэнзіямі" да жыдоў, што існуюць ужо многа стагоддзяў, гісторык сама ініцыявала "антысеміцкія" пытанні, кшталту "навошта жыды забілі Хрыста?", і давала на іх грунтоўныя адказы. З яе расповяду магілёўскія наведвальнікі музея даведаліся, што Ісус Хрыстос імкнуўся змяніць іудзейскую рэлігію, і менавіта таму негатыўна ўспрымаўся як тагачаснымі святарамі, так і насельніцтвам. Дарэчы, на сённяшні дзень каталіцкая царква ўжо афіцыйна не лічыць забойства Хрыста справай рук жыдоў.

Сярод мноства экспанатаў невялікага музея - святая кніга іудзейскай рэлігіі Тора, скруткі якой былі знойдзеныя ў паддашшы аднаго з дамоў, механізм для вырабу мацы, зроблены саматужна з веласіпедных дэталяў, дакументы на мове ідыш, якая ў 1920-30 гады была адной з чатырох дзяржаўных у Беларусі.

Для многіх экскурсантаў было адкрыццём, што сярод тых, хто ратаваў габрэяў падчас апошняй вайны, а потым быў уганараваны званнем Праведнік народаў свету, былі не толькі беларусы, рускія і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, але і больш за 300 немцаў. Некаторыя з іх афіцыйна служылі ў гітлераўскіх войсках.

Цяжкія выпрабаванні, што выпалі на долю габрэйскага насельніцтва Беларусі цягам мінулага стагоддзя, прывялі да таго, што многія з іх пакінулі зямлю, дзе здаўна жылі іх продкі. У сённяшняй беларускай дзяржаве немагчыма пачуць ідыш, засталіся адзінкавыя сінагогі.

Прыйшоўшы на беларускую зямлю некалькі стагоддзяў таму, габрэі збольшага сышлі з яе, забраўшы з сабой сваю культуру, светапогляд, а нам пакінуўшы добры і сумны ўспамін пра сябе.

Магнацкі след на зямлі і ў культуры

Далейшы шлях вёў магілёўскіх вандроўнікаў у прадмесці беларускай сталіцы. Палацава-паркавы комплекс графскай сям'і Гутэн-Чапскіх у вёсцы Прылукі Менскага раёна ўразіў старымі высокімі дрэвамі і прыгожым палацам - вялікім двухпавярховым будынкам, (калісьці ён меў назву "зачараваны замак"), які зараз выкарыстоўваецца ў якасці навуковай установы - НДІ аховы раслін.

У вёсцы Воўкавічы турысты наведалі магілу графіні Гутэн-Чапскай. Чорны мармуровы абеліск узвышаецца над астатнімі магіламі, дзе разам пахаваны каталікі і праваслаўныя.

Даўжэй за ўсё вандроўнікі затрымаліся ў сядзібна-паркавым комплексе Чапскіх у вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна. У другой палове 19 стагоддзя гэты маёнтак ператварыўся ў родавае гняздо магнацкай сям'і. Граф Эмерык Мікалай фон Гутэн-Чапскі пабудаваў там палацава-паркавы ансамбль, які раскінуўся на плошчы ў 25 гектараў.

Акрамя старых гаспадарчых пабудоў і вялізнага парку турысты пабачылі былую скарбніцу для бібліятэкі сям'і Гутэн-Чапскіх. Цяпер кніжны скарб магнатаў знаходзіцца ў Польшчы.

Сярод іншых слаўных прадстаўнікоў роду Гутэн-Чапскіх - Караль Ян Аляксандр, які быў менскім граданачальнікам з 1860 па 1904 гады, Эмерык Захарый Мікалай Севярын - у свой час Санкт-Пецярбургскі віца-губернатар, старшыня Турэмнага камітэта і Ляснога камітэта Міністэрства дзяржаўнай маёмасці Расійскай імперыі.

Уладзімір Лапцэвіч, г. Магілёў.


Спазнай Беларусь!

Шляхам замкаў і палацаў.

"Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных яе куточках пабываць". І няхай мне даруе Алесь Ставер за тое, что перефразавала яго радкі, але ж менавіта яны ў такім выглядзе не сходзяць з вуснаў падчас вандровак па гарадах і вёсачках роднай Беларусі - краiны са слаўнай мiнуўшчынай і багатай спадчынай.

Знакамітыя радочкі песні неаднойчы прамаўляла падчас падарожжа па Берасцейшчыне, якое зладзіла Магілёўская гарадская арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Кірунак свайго першага ў сезоне двухдзённага падарожжа ТБМ вызначала невыпадкова. У 2012 годзе адзначаюцца круглыя даты першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год); першай згадкі ў пісьмовых крыніцах горада Бярозы (1477); спаўняецца 455 год з дня нараджэння дыпламата і мысліцеля, палітычнага, грамадскага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі (1557-1633) і 460 год мястэчку Ружаны. Але ж у аснову выбранага маршруту былі пакладзены не толькі гэтыя юбілеі.

Увогуле, і на гэта нельга не звярнуць увагу, Берасцейшчына вельмі багатая на гістарычныя помнікі і мясціны, яе без перабольшвання можна назваць краем замкаў і палацаў, сядзіб і храмаў розных канфесій. І здзіўляюць яны не толькі сваёй сталасцю і прыгажосцю, нягледзячы на тое, што большасць з іх вельмі дрэнна захавалася да нашых часоў. Веліч і маштабы будынкаў захапляюць дух. Такая спадчына сведчыць пра асобнае месца Беларусі ў сусветнай прасторы, дэманструе жывую гісторыю, дае магчымасць дзівіцца на майстэрства і ўнікальныя тэхналогіі нашых папярэднікаў.

Першым месцам прыпынку магілёўскіх вандроўнікаў сталі капліца-пахавальня і сядзібны дом Рэйтанаў у Грушаўцы, што пад Ляхавічамі. З экскурсіі даведаліся: адзін з сыноў слаўнага роду - Тадэвуш - быў паслом вальнага сойму ў Варшаве ад Наваградскага ваяводства падчас першага падзелу Рэчы Паспалітай. Ён, атрымаўшы наказ шляхты настойваць на поўнай эвакуацыi расiйскiх войскаў з тэрыторыі Княства, патрабаваў захавання цэласнасцi краіны. На адным з паседжанняў Тадэвуш, дамагаючыся ад паслоў такога рашэння і не выпускаючы іх з залы, са словамі: "Тапчыце мяне, не тапчыце дзяржаву!" - лёг крыжам перад выхадам.

Як вядома, усё ж вялікая дзяржава была падзелена. Пасля гэтага Тадэвуш цяжка і невылечна захварэў, апошнія гады свайго жыцця правёў у родавым маёнтку Грушаўцы, дзе памёр, скончыўшы жыццё самагубствам. З-за гэтага не мог быць пахаваны на могілках, таму магіла яго дагэтуль не знойдзена.

Патрыятычны ўчынак Тадэвуша натхніў Яна Матэйку, знакамітага польскага мастака, на напісанне ў 1886 годзе карціны пад назваю "Рэйтан", якая адлюстроўвае падзеі першага падзелу Рэчы Паспалітай.

На жаль, Ляхавіцкі замак, на месцы якога экскурсанты любаваліся прыроднай прыгажосцю краю, не захаваўся. Але ж слава пра яго герояў жыве ў летапісах і хроніках. Ёсць там і сведчанні пра тое, як замак падчас Трынаццацігадовай вайны ў 1660 годзе на працягу 6 месяцаў трымаў у аблозе маскоўскі ваявода Хаванскі, аднак так і не здолеў яго захапіць.

Наступны прыпынак - маленькая вёсачка Завоссе, дзе нарадзіўся чалавек, якому было наканавана праславіць Наваградскі край на ўвесь свет. Менавіта гэтую зямлю апеў Адам Міцкевіч у сваіх шматлікіх вершах, паэмах і баладах. І менавіта фальклорныя вобразы гэтай зямлі далі штуршок для раскрыцця яго таленту. Дырэктарам музея-сядзібы Адама Міцкевіча працуе выхадзец з Магілёўшчыны Анатоль Еўмянькоў. Экскурсію яго землякі-магілёўцы слухалі з адкрытым ротам на працягу трох гадзін. І калі б сам спадар Еўмянькоў не спыніўся, ніхто б гэтага не папрасіў.

Рэшткі кляштара картэзіянцаў ў Бярозе ўразілі памерамі, трагічнай гісторыяй і жахлівым станам. Але ж ёсць магчымасць комплекс аднавіць, калі паўстане такая патрэба. Як гэта адбываецца з Косаўскім замкам. Велічны мураваны палац - рэзідэнцыя багатага шляхецкага роду Пуслоўскіх, якія ў пачатку ХІХ ст. ператварыліся ў буйнейшых землеўладальнікаў на Беларусі. Сёння будынак у стане рэканструкцыі. Экскурсавод запэўніла, што будуць адноўленыя ўсе 132 залы палаца, у адной з якіх будзе падлога-акварыум з жывымі рыбкамі.

Насупраць палаца яшчэ адна адноўленая, але вельмі сціплая сядзіба. Гэта хата небагатага шляхецкага роду Касцюшкаў, у якой у 1746 годзе нарадзіўся будучы герой Беларусі, Польшчы, Амерыкі і Літвы Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка.

І нарэшце Ружаны - яшчэ адна рэзідэнцыя, толькі ўжо не беднага шляхціца і нават не буйнога прадпрымальніка, а аднаго з найбагацейшых магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага - Сапегаў. Два месяцы таму была здадзена ў эксплуатацыю адрэстаўраваная ўваходная частка палаца з трыумфальнай аркай і гербам. Нягледзячы на тое, што большая частка комплекса ляжыць у руінах, ён дае сапраўднае ўяўленне аб велічнасці гэтага старадаўняга роду.

Рэйтаны, Міцкевічы, Пуслоўскія, Касцюшкі, Сапегі... Кожнае з гэтых прозвішчаў пакінула на беларускай зямлі свае магілы, храмы, палацы, паркі і таямніцы, разгадваючы якія, адчуваеш ні з чым не параўнальную асалоду!

Галіна Хітрыкава, г. Магілёў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX