Вярнуцца: 2012

№ 29 (1076)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 29 (1076) 18 ліпеня 2012 г.

БАСОВІШЧА - 2012

13 ліпеня ва ўрочышчы Барык у Гарадку пачаўся 23-ці фестываль музыкі маладой Беларусі "Басовішча". Сёлетняя імпрэза прайшла без конкурснай часткі, але сабрала на сваёй сцэне такія вядомыя беларускія і польскія калектывы, як ILO&friends, Rima, Sciana, :B:N:, IQ48, Neuro Dubel, Znich ды іншыя. На сцэне ў Барыку зайгралі таксама пераможцы "Адборышча" - гэта гурт PANaNieba, які грае рэп, і гурт "Пава" - яны спалучаюць традыцыйную музыку з электронным гучаннем.

Канцэртную праграму адкрыў польскі гурт Dead Courier. Другім гуртом, які ўзняўся на сцэну "Басовішча", стаў беларускі калектыў TerraKod. Гурт :B:N: з Бярозы выйшаў на сцэну ў Барыку трэцім. Беларускіх музыкаў змяніў на сцэне польскі гурт Raggafaya. Наступны ўдзельнік канцэрту - гарадоцкі гурт RIMA і г.д.

Назоў фестывалю "Басовішча" нарадзіўся ад яго пачынальніка - Беларускага Аб'яднання Студэнтаў у Польшчы (БАС). Першы фестываль прайшоў у ліпені 1990 года. Ад гэтае пары традыцыйным месцам правядзення імпрэзы стаў гарадоцкі Барык, а тэрмінам - ліпень.

Цягам двух дзён імпрэзы на сцэне выступалі беларускія і польскія гурты ды дыджэі. Апрача таго арганізатары падрыхтавалі выставу фотаздымкаў "Басовішча - любоў, тоеснасць, захапленне", а таксама паказ фільмаў беластоцкіх творцаў. Як і што год на фестывалі працуе намётавае мястэчка. Тут жыла і гуляла большая частка ўдзельнікаў фестывалю, якія прыехалі з Беларусі, Польшчы а нават Літвы.

У другі дзень фестывалю, 14 ліпеня, выступілі такія вядомыя гурты, як Znich, IQ48 і NeuroDubel. Таксама зайграў беларускі калектыў "Кальмары", для якіх "Басовішча 2012" стала фестывальнай прэм'ерай. Не менш цікавым быў выступ польскага гурта Farben Lehre.

Зоркамі сёлетняга фестывалю былі гурты Зніч, IQ48, Sciana, Ilo&Friends і польскія каманды Farben Lehre і Raggafaya.

Фестываль музыкі маладой Беларусі "Басовішча" імкліва развіваецца. Тут заўсёды добрая атмасфера, заўсёды сустракаюцца сябры, нават тыя, з кім у Беларусі не сустракаешся. І хоць менш становіцца на ім беларусаў, і больш - палякаў, але фестываль застаецца фестывалем вольнай беларускай музыкі.

Паводле Лукаша Леанюка. Фота: Аляксея Трубкіна.


ГЕОРГІЮ ШТЫХАВУ - 85

Георгій Васілевіч ШТЫХАЎ (14 ліпеня 1927, в. Старая Беліца Гомельскага раёна), беларускі археолаг і гісторык. Доктар гістарычных навук (1983), прафесар (1989).

Нарадзіўся ў сям'і службоўцаў. Працаваў настаўнікам у школах Гарадзенскай і Гомельскай абл. (1950-1959). Скончыў гістарычны факультэт БДУ (1956). Вучыўся ў аспірантуры Інстытута гісторыі АН БССР (1959-1962), на фармаванне гістарычнага светапогляду Г. Штыхава значна паўплывалі У.М. Ігнатоўскі і А.Р. Мітрафанаў. Малодшы навуковы супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік, загадчык сектара, загадчык аддзела археалогіі і гісторыі Полацкай зямлі Інстытута гісторыі АН БССР (1962-2000). У 1965 абараніў кандыдацкую дысертацыю "Древний Полоцк (IX-XIII вв.)" (навук. кіраўн. - В.Р. Тарасенка). З 1982 ўзначальвае пастаянную камісію па археалагічным даследаванні старажытнага Менска. У 1983 абараніў доктарскую дысертацыю "Города Полоцкой земли (IX-XIII вв.)". Прафесар (1987). З 2000 - галоўны навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі сярэднявечнага перыяду Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Навуковыя зацікаўленні: археалогія і гісторыя Беларусі VI-XIII ст., гісторыя і археалогія Полацкай землі, вытокі беларускай народнасці. Вывучае гарады Полацкай зямлі і курганныя могільнікі ранняга сярэднявечча паўночнай і цэнтральнай Беларусі. Кіраваў экспедыцыямі па вывучэнні Полацка, Заслаўя, Віцебска, Барысава, Лукомля, Лагойска, Копысі. Падрыхтаваў 2 доктараў і 19 кандыдатаў навук. Узначальваў Беларускую асацыяцыю ахвяр палітычных рэпрэсій (1992-1994). Актыўны сябар ТБМ імя Ф. Скарыны.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990).

Аўтар болей за 490 работ. Асноўныя публікацыі:

"Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўночнай Беларусі". - Мн., 1992;

"Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі" - Мн., 1999;

"Галасы далёкіх продкаў". - Мн., 1968.;

"Гісторыя Беларусі: ад старажытных часоў да канца XIII ст.". Вучэб. дапам. - Мн., 1994;

"Гісторыя Беларусі ў сярэднія вякі": Мн., 1996;

"Мінск - сталіца ўдзельнага княства Полацкай зямлі" // Гісторыя Мінска. - Мн., 2006 і інш.


Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай АН Беларусі можа быць захаваны

13 чэрвеня 2012 г. № 30/43

На № 10/535-145 ад 09.06.2012

Старшыні грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Па даручэнні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ваш зварот разгледжаны ў Аддзяленні гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і паведамляецца наступнае.

Паважаны Алег Анатольевіч! Дазвольце выказаць Вам шчырую цадзяку за Вашу адказную грамадзянскую пазіцыю па пытанні захавання навуковых устаноў сацыяльна-гуманітарнага профілю ў структуры НАН Беларусі.

У сувязі з даручэннем Кіраўніка дзяржавы аб карэннай перабудове навуковай сферы ў студзені-красавіку 2012 года на пасяджэннях Прэзідыума НАН Беларусі неаднаразова разглядалася пытанне аб удасканаленні структуры Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі. Кіраўніцтва Акадэміі навук прытрымліваецца думкі аб немэтазгоднасці змены ведамаснай падпарадкаванасці навуковых устаноў Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі. Вашы прапановы па рэфармаванні навуковай сферы па магчымасці будуць улічаныя падчас далейшай працы.

З павагай, Вучоны сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі А.І. Літвінюк.


Нястомны творца на ніве роднай мовы

(Да 90-годдзя з дня нараджэння Я.М. Рамановіч)

6 ліпеня 2012 года споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння вядомага вучонага-мовазнаўцы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР і лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Яўгеніі Міхайлаўны Рамановіч.

Я.М. Рамановіч нарадзілася ў вёсцы Дараганава Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Закончыўшы ў 1940 годзе Менскую сярэднюю школу № 2, паступіла на філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. Да вайны паспела закончыць толькі яго першы курс. З пачаткам вайны эвакуявалася ў г. Чалябінск Расіі, дзе з 6 снежня 1941 па 12 верасня 1944 года Яўгенія Рамановіч працавала на ваенным заводзе. У 1944 годзе працягвала вучобу на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта, які скончыла ў 1948 годзе. Пасля чаго адразу паступіла ў аспірантуру пры Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР. Тэма кандыдацкай дысертацыі Яўгеніі Міхайлаўны была "Гаворкі Уздзенскага раёна Менскай вобласці" - малой радзімы такіх слынных беларускіх майстроў мастацкага слова, як К. Крапіва, П. Трус, П. Глебка, А. Бялевіч, Л. Арабей, А. Махнач. Яўгенія Міхайлаўна Рамановіч абследавала дзясяткі населеных пунктаў раёна і зрабіла падрабязнае навуковае даследаванне мовы іх жыхароў. Дысертацыя была паспяхова абаронена ў 1953 годзе.

З 1 верасня 1952 года Я.М. Рамановіч працуе ў сектары гісторыі мовы Інстытута мовазнаўства АН БССР на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка, а з 4 студзеня 1954 года - на пасадзе старшага навуковага супрацоўніка. Адным з творчых вынікаў яе працы ў гэтым сектары з'явілася двухтомная "Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Вучэбны дапаможнік для студэнтаў філалагічных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў" (1961-1962; суаўтары У.В. Анічэнка, П.В. Вярхоў і А.І. Жураўскі).

У 1950-х гадах Я.М. Рамановіч разам з іншымі вучонымі быў напісаны таксама для студэнтаў "Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія" (1957). Ёю асабіста для гэтай кнігі былі падрыхтаваны раздзелы "Займеннік" і "Мадальныя словы".

Любоў да жывога народнага слова ў хуткім часе прывяла Яўгенію Міхайлаўну на працу ў сектар дыялекталогіі гэтага ж акадэмічнага інстытута, дзе яна пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта, заслужанага дзеяча навукі Беларусі Юзэфы Фларыянаўны Мацкевіч прапрацавала амаль 40 гадоў. Асноўным вынікам працы дыялектолагаў Інстытута мовазнаўства АН Беларусі ў 60-я гады XX стагоддзя з'явіліся фундаментальныя даследаванні "Дыялекталагічны атлас беларускай мовы" ў дзвюх кнігах (1963) і "Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак" у дзвюх частках (1967-1969), за якія Я.М. Рамановіч разам з яе калегамі ў 1971 годзе была ўганаравана Дзяржаўнай прэміяй СССР.

З пачатку 1970-х гадоў калектыў дыялектолагаў Інстытута мовазнаўства АН Беларусі, у тым ліку і Я.М. Рамановіч, прыступілі да збору моўнага матэрыялу для будучага шматтомнага "Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак". Яўгеніі Міхайлаўне прыйшлося пабываць у розных куточках роднай Беларусі, абследаваць дзясяткі вёсак і занатаваць для гэтага вялікага мовазнаўчага праекта многія тысячы адзінак неацэннага фактычнага матэрыялу. Згаданы атлас у пяці тамах пабачыў свет у 1993-1998 гадах. Атлас змяшчае 1971 лінгвістычную карту, а таксама ў ім пракаментавана кожнае слова, іншая моўная адзінка, паказана ўнікальнае моўнае багацце народных гаворак, іх тэрытарыяльнае распаўсюджанне і асаблівасці ўжывання. Гэта фундаментальная шматтомная праца высока ацэнена навуковай грамадскасцю свету, а яе асноўныя выканаўцы, сярод якіх і Я.М. Рамановіч, удастоены Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь за 2000 год.

У 1970-ыя-першай палове 1980-ых гадоў у сектары дыялекталогіі пад кіраўніцтвам Ю.Ф. Мацкевіч быў падрыхтаваны і выйшаў у свет пяцітомны "Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча" (1979-1986 гг.). Я.М. Рамановіч з'яўляецца асноўным суаўтарам усіх пяці тамоў гэтага выдання і адным з членаў рэдакцыйнай калегіі слоўніка. Навізна і арыгінальнасць гэтай працы ў тым, што ў параўнанні з усімі папярэднімі дыялектнымі слоўнікамі ў ім упершыню прадстаўлена лексічнае багацце буйной тэрытарыяльнай адзінкі - дыялектнай зоны, якая вылучаецца на падставе этналінгвістычных дадзеных і абумоўлена прычынамі культурна-гістарычнага парадку. У слоўніку пададзены вялікі лексічны і фразеалагічны матэрыял жывой народнай мовы беларускага народа. Гэты матэрыял стаў надзейнай базай для паглыбленага даследавання беларуска-літоўскага і беларуска-польскага моўнага кантактавання, крыніцай далейшага вывучэння гісторыі і дыялекталогіі беларускай мовы. У слоўніку прыведзены паралелі з іншых славянскіх і неславянскіх моў, якія ўказваюць на шляхі пранікнення лексікі ў беларускія гаворкі. Слоўнік змяшчае 38 тысяч моўных адзінак.

З удзелам Яўгеніі Міхайлаўны выйшлі ў свет таксама кнігі "Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі" (1962), "Нарысы па беларускай дыялекталогіі" (1964), "Інструкцыя па збіранні матэрыялаў для складання лексічнага атласа беларускай мовы" (1971), "Мікратапанімія Беларусі. Матэрыялы" (1974), "Лексічныя ландшафты Беларусі. Жывёльны свет" (1995).

Я.М. Рамановіч навукова адрэдагавала і паспрыяла выхаду з друку працы свайго настаўніка прафесара П.А. Растаргуева - "Слоўніка народных гаворак Заходняй Браншчыны" (1973).

Яўгенія Міхайлаўна ў суаўтарстве з А.К. Юрэвіч напісала кнігу пра жыццё, навуковую і літаратурную дзейнасць прафесара Пятра Апанасавіча Бузука ("П.А. Бузук", 1969), буйнейшага беларускага вучонага-лінгвіста, які ўнёс вялікі ўклад у вывучэнне гісторыі беларускай дыялекталогіі, лінгвістычнай геаграфіі і сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Я.М. Рамановіч разам з А.К. Юрэвіч падрыхтавала бібліяграфію навуковых прац акадэміка Я.Ф. Карскага (апублікавана ў кнізе "Працы Інстытута мовазнаўства АН БССР". Выпуск VIII, 1961).

Я.М. Рамановіч з'яўляецца актыўным і неўтаймоўным сістэматызатарам навуковай бібліяграфічнай спадчыны даследчыкаў, што навукова распрацоўвалі пытанні беларускай мовы на розных этапах яе гісторыі функцыянавання. Прасочаны амаль трохвяковы перыяд навуковага даследавання нашай мовы. Вынікам творчых намаганняў Яўгеніі Міхайлаўны з яе калегамі з'явіліся чатыры важкія кнігі збору і сістэматызацыі навуковых прац спецыялістаў: "Бібліяграфічны ўказальнік літаратуры па беларускаму мовазнаўству" (1960; складальнікі: М.А. Жыдовіч, Я.М. Рамановіч, А.К. Юрэвіч); "Беларускае мовазнаўства. Бібліяграфічны паказальнік (1966-1975)" (1980; складальнікі А.Д. Васілеўская, Я.М. Рамановіч); "Беларускае мовазнаўства. Бібліяграфічны паказальнік. 1976-1985" (1993; складальнікі А.Д. Васілеўская, Я.М. Рамановіч).

Акрамя ўсяго сказанага, Я.М. Рамановіч асабіста і ў суаўтарстве з іншымі спецыялістамі падрыхтавала і апублікавала звыш 80 артыкулаў і іншых навуковых прац малога жанру, прысвечаных розным пытанням мовазнаўства.

Нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, Я.М. Рамановіч працягвае навукова працаваць. Яна рыхтуе матэрыялы для наступных выпускаў мовазнаўчай бібліяграфіі, даследуе пытанні дыялекталогіі, упарадкоўвае і сістэматызуе фактычны моўны матэрыял, назбіраны ёю ў дыялекталагічных экспедыцыях, для зводнага акадэмічнага дыялектнага слоўніка.

Сябры, калегі, паплечнікі і вучні паважанай Яўгеніі Міхайлаўны шчыра віншуюць яе з 90-гадовым юбілеем і жадаюць ёй моцнага здароўя, усяго добрага ў жыцці і здзяйснення творчых задум на ніве роднай мовы.

Мікалай Крыўко, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай АН Беларусі.


"Беларускія гаворкі ў Краслаўскім раёне Латвіі"

Прадмова да беларускага чытача

Больш за 100 гадоў таму ў адным з артыкулаў Яўхім Карскі напісаў, што праз 100 гадоў беларускіх гаворак ужо не будзе, бо яны не вытрымаюць наступу расейскай або польскай мовы. Мінула ўжо цэлае стагоддзе, а беларускія гаворкі ў Латгаліі захаваліся ў даволі добрым стане. На шчасце, беларускі народ, нягледзячы на дзясяткі гадоў русіфікацыі і паланізацыі, захаваў сваю родную мову.


Мае прыгоды з беларусамі ў Латвіі пачаліся яшчэ ў Варшаве, калі я вучыўся на вышэйшых курсах Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта і наведваў заняткі па латышскай мове. У той час і з'явілася ідэя напісаць кандыдацкую дысертацыю пра мову беларусаў у Латвіі, а дакладней у Латгаліі. Мае калегі з Інстытута славістыкі Польскай Акадэміі навук ужо некалькі гадоў даследавалі польскую красовую мову і пацвярджалі распаўсюджанасць беларускіх гаворак на гэтай тэрыторыі. Улічваючы невялікую колькасць матэрыялаў на гэтую тэму, трэба было паехаць туды і самому праверыць, ці варта займацца гэтай праблемай і ці ўдасца сабраць адпаведную колькасьць матэрыялаў, дастатковую для напісання дысертацыі.

Адна з першых размоваў з маімі інфармантамі адбылася... у лазні. Я тады запытаў майго суразмоўцу пра нацыянальнасці, якія засяляюць Латгалію, і пачуў жартоўны адказ, які, аднак, выдатна апісваў спецыфіку дадзенага рэгіёну: "Кто это - латыши?" - "А латыши - это латгальцы, не добежавшие до Балтийского моря", - пачуў я і задаў наступнае пытанне: "А кто это - латгальцы?" - "Латгальцы - это беларусы, не добежавшие до Риги, потому что долго пили: в Далгав-ПИЛИ, в ЕкабПИЛИ, в Салас-ПИЛИ, потому и не дошли".

Бурная гісторыя прывяла да таго, што на такой невялікай тэрыторыі жывуць латышы, расейцы, беларусы, палякі, літоўцы і іншыя нацыянальнасці з былога СССР , каталікі, праваслаўныя, лютаране і стараверы. Таму апісаць мову мясцовых беларусаў было немагчыма, не зразумеўшы тыя працэсы, якія адбываліся ў грамадстве на працягу дзясяткаў гадоў. Такая нацыянальна-культурна-рэлігійная мазаіка часткова была вынікам савецкай палітыкі і спрыяла іх мэтам. Акурат у Латгаліі Сталіну амаль удалося стварыць грамадства з савецкай ментальнасцю - расейскамоўнае, якое губляе свае карані. Латгальскія беларусы - гэта не толькі аўтахтоны, але і перасяленцы пасля 1945 году з тэрыторыі Заходняй і Ўсходняй Беларусі, не толькі праваслаўныя, але і католікі. Гэта не магло не паўплываць на іх нацыянальную ідэнтыфікацыю.

Адна з найважнейшых праблемаў, з якімі я сутыкнуўся ў ходзе палявых даследаванняў, - гэта не пошук беларускіх гаворак, а ўласна пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці. Адны і тыя ж людзі ў размовах з маімі калегамі з Інстытута называлі сябе палякамі, а мне адказвалі, што яны беларусы. А частка суразмоўцаў адназначна не акрэсліла сваёй нацыянальнасці - яны казалі: "Да вайны я быў палякам, пасля вайны - беларусам, а цяпер мне ўсё роўна". Так-сама сустракаліся як праваслаўныя, так і католікі, якія, усё ж, адназначна дэкляравалі сваю беларускасць і ганарыліся гэтым. Каб пазбегчы стэрэатыпаў і падаць больш шырокі агляд паноўнай там моўнай сітуацыі, я апісаў не толькі сферу функцыянаваньня некалькіх распаўсюджаных там моваў, але і падаў нарыс гісторыі рэгіёну, характарыстыку мясцовых нацыянальнасцяў і прадставіў палітыку латышскіх уладаў у дачыненні да нацыянальных меншасцяў.

Таксама я закрануў пытаньне нацыянальнай ідэнтычнасці даследаванай супольнасці. Назва кандыдацкай працы і, адпаведна, назва кнігі змянілася з "Мова беларусаў у Краслаўскім раёне Латвіі" на "Беларускія гаворкі ў Краслаўскім раёне Латвіі", паколькі простай мовай там карыстаюцца не толькі беларусы, але і тыя людзі, што лічаць сябе палякамі.


Вялізны патэнцыял дрэмле ў беларускай эміграцыі, якая засяляе розныя краіны - Літву, Польшчу, Расею, ЗША ці Вялікабрытанію. Акурат на эміграцыі беларуская мова атрымлівае асаблівае значэнне - у большай ступені, чым у Беларусі, падкрэслівае беларускасць і робіцца элементам, які яднае інтэлігенцыю і адрознівае ад іншых нацыянальнасцяў. Таксама і ў Латвіі беларусы, нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, арганізуюцца і намагаюцца захоўваць свае традыцыі. Існуе шэраг беларускіх суполак - у Рызе, Віндаве, Лібаве або Дзвінску, выходзіць беларускамоўная газета і дзейнічаюць шматлікія музычныя гурты.

Беларускае выданне кнігі таксама мае сваю гісторыю. У Варшаве, на Кракаўскім прадмесці, у кнігарні "Liber" я выпадкова сустрэўся з Валерам Булгакавым, з якім мы яшчэ не былі знаёмыя асабіста. І, відаць, мы размінуліся б, калі б там, таксама выпадкова, не апынуўся знаёмы беларус з Гародні Андрэй Ціхаміраў, які нас пазнаёміў, сказаўшы: "Гэта паляк, які вывучаў беларусаў Латвіі". Пасля нядоўгай размовы ў суседняй кавярні, Валер вырашыў узяцца за выданне маёй працы ў Беларусі, за што я яму сардэчна ўдзячны. Вялізную падзяку выказваю таксама Алене Пятровіч за працу, якую яна ўклала ў пераклад маёй кнігі, і вялікую цярплівасць, якой вымагала гэтая праца.

Міраслаў Янковяк.


Гады не сатруць з нашай памяці Быкава

Замест рэпартажу з дня яго народзінаў

Вось ўжо дзевяты год запар як мы, гарадзенцы, у гэты светлы памятны дзень 19 чэрвеня прыходзім сюды, у невялічкі пакойчык ветэранскага аб'яднання - музей Васіля Быкава з нагоды дня яго народзінаў, прыходзім на сустрэчу з памяццю гэтага слыннага вялікага летапісца Праўды не толькі мінулай вайны, а, бадай, і ўсяго нашага жыцця, бо пра што б не пісаў Быкаў, ён заўсёды быў верны найпершаму крэду-прынцыпу служыць Праўдзе і Справядлівасці. І да апошняга дня свайго жыцця як святы сімвал, як сцяг ён нёс у сваім сэрцы і спавядаў у літаратуры гэты прынцып, да апошняга дыхання заставаўся яму верны адданы, што б пра яго тады і цяпер не гаварылі і не пісалі... Менавіта ў гэтым і ёсць веліч постаці В. Быкава як славутага Народнага пісьменніка і Чалавека, як сына і грамадзяніна нашай беларускай Айчыны. Несумненна, што тут палягае і тая нязгасная любоў людзей да апальнага аўтара і яго смелых мужных твораў, што зведалі разамі з ім і пугу і пернік, але не ўмёрлі разам з аўтарам 22 чэрвеня 2003 года, а жывуць у народзе, хвалююць сэрцы. Што ж зроблена ў Гародні за гэтыя гады хоць бы для сціплага ўшанавання імя В. Быкава, увекавечання памяці гэтага вялікага гарадзенца апрача нашага вось гэтага ветэранскага музейчыка пісьменніка?


У Гародні, па сутнасці, горадзе Быкава, пакуль няма не толькі вуліцы яго імя, а нават ніводнай мемарыяльнай дошкі на дамах, дзе ён жыў і працаваў, няма і школы, якая б насіла гэтае імя, хоць пра гэта былі просьбы, прапановы як вусныя, так і пісьмовая, збіралі нават подпісы. Надзеі нам падаюць, што гэта ўсё будзе, толькі - калі? Пакуль жа толькі хіба часовая адзінокая таблічка-плакат можа нагадаць мінаку ля кветніка пад сцяною, што ў гэтым доме жыў Васіль Быкаў... Усё гэта не дадае аптымізму ўсім нам, хто неяк імкнецця рупіцца ў меру сваіх сіл і мажлівасцей увекавечыць імя незабыўнага В. Быкава. Але нашых адных грамадскіх высілкаў пэўна недастаткова, каб на гэтым нягладкім але высакародным шляху яго памяці нарэшце загарэлася і ніколі не гасла зялёнае святло...

А пакуль жа наша ветэранскае аб'яднанне і яго музей Васіля Быкава знаходзяцца не ў лепшым становішчы. Мы не можам не толькі расшыраць экспазіцыю музея, яго тэхнічную абсталяванасць, а нават аплочваць арэнду памяшкання - таго невялікага пакойчыка, дзе знаходзіцца музей Васіля Быкава....


Ну а цяпер колькі слоў непасрэдна па самой праграме нашай імпрэзы, якая была зараней распрацавана і ўзгоднена з людзьмі самім старшынём аб'яднання і загадчыкам ягонага музея В. Быкава Міколам Мельнікавым. Сам ён па стану здароўя не змог прыехаць, але ён і тыя, хто па тых ці іншых прычынах, як перанос з вячэрняга часу 17 гадзін на 14 гадзін і інш., не змог прыйсці ў нанова вызначаны час, мы папрасілі згодна з пазначанымі ў праграме святкавання дня народзінаў В. Быкава выступамі перадаць хоць бы кароткія тэкставыя накіды - пераказы, як гэта звычайна практыкуецца, каб мы змаглі затым надрукаваць іх матэрыялы ў сваім бюлетэні "Паўдай адзінай" ці асобным артыкулам, калі будзе ў нас такая магчымасць... Тыя гады мы гэта рабілі, а не толькі невялічкі лісток - плакат рукапісны. Як бы ні было, затое ў музеі ўжо застанецца нейкае адлюстраванне зробоенага, з чым могуць заўсёды пазнаёміцца тыя хто пажадае і хто сам не быў у гэты знакавы дзень у музеі...

І так, нагадаю тое, што стаяла ў праграме вечарыны з нагоды дня народзінаў В. Быкава:

1. Уступнае слова, якое папрасіў мяне сказаць загадчык музея спадар М. Мельнікаў, адкрываючы гэтую вечарыну. Сутнасць яго я коратка ўжо пераказаў тут у самым пачатку аповеду.

2. Сярод тых, хто па праграме старанна і грунтоўна рыхтаваўся да дня народзінаў В. Быкава, але па стану здароўя не змог прыехаць на імпрэзу і наш многашаноўны старшыня аб'яднання і кіраўнік музея В. Быкава, ветэран інвалід вайны, навуковец, пісьменнік Мікалай Аляксандравіч Мельнікаў:

"Да дня нараджэння Васіля Быкава мы рыхтаваліся загадзя, як і заўсёды. Спачатку вырашылі сабрацца ў мяне, каб дасканала вызначыць дату і распрацаваць праграму свята.

Запрошаны былі: Данута Бічэль, Дземідовіч, Багданава, Амялішка, Госцеў. Прыйшлі ўсе са сваімі прапановамі. Данута згадзілася арганізаваць пачатак свята. Прынесла кнігу Венанцыя Бутрыма "Маўклівыя сумныя птушкі" з аўтографам у музей Васіля Быкава ў дзень яго нараджэння, кнігу пісьменніка, у жонкі якога захоўваюцца лісты Васіля Быкава. Я звязаўся па тэлефоне з Інэсай Паўлаўнай Бутрым і папрасіў у яе аддаць лісты ў музей В. Быкава.

Андрэй Андрэевіч Юшкевіч з вёскі Галавачы, што на Скідальшчыне, рабіў кіназдымкі. Я папрасіў яго зрабіць фільм пра тое, як ствараўся музей, як зараз жыве і працуе.

Радыё "Свабода" прыслала поштай кнігі, выдадзеныя ў сваім выдавецтве: "Слоўнік "Свабоды" "Майстроўня, гісторыя аднаго цуду" Сяргея Дубаўца. Цікаыя кнігі Асабліва тыя месцы, якія напісаў будучы ў Нямеччыне Васіль Быкаў.

Прагледзелі публікацыі ў прэсе пра Васіля Быкава. Я пазнаёміў прысутных са статуэткай, якую даслаў Уладзімр Някляеў. Стала вядома, што ў гэтым годзе прэмію Васіля Быкава атрымалі Алесь Белакоз і Лявон Вольскі. Алесь Белакоз, атрымаўшы прэмію "За свабоду думкі" сказаў: што яму не падабаецца мітусня вакол гэтай падзеі, бо яго прызванне і жыццёвая задача - рабіць добрыя карысныя справы. (газета. "Наша слова" №26, 27 чэрвеня 2012 г.)

Я паказаў сябрам сваю кнігу "Дзень, які натхніў - Круглы стол..." выдадзеную ў Лідзе. Добра выступілі ліцэісты.

Абмеркавалі артыкул Грыгорыя Жураўлёва "Нерукатворная ікона" я параіў прысутным прачытаць кнігу "Расстраляная літаратура", асабліва старонкі 645-661.

Напярэдадні перад самым днём 19 чэрвеня абмеркавалі з Аляксеем Дземідовічам змест і праграму святкавання Дня нараджэння Васіля Быкава.

Рэспубліканская грамадскае аб'яднанне "Беларускі ПЭН-цэнтр" мяне ўзнагародзіла прэміяй імя Алеся Адамовіча "За неацэнны ўклад у захаванне памяці беларускага пісьменніка Васіля Быкава".

Спецыяльным медаль з выявай Алеся Адамовіча і ганаровую грамату ў драўлянай рамцы ўручылі мне кіраўнікі ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч, Марыся Мартысевіч, Ул. Арлоў.

Я паскардзіўся, што музею для яго развіцця патрэбныя матэрыяльныя сродкі.

З-за стану здароўя я не змог даехаць на сустрэчу ў музей ў назначаны час. Глядзеў на вышыванку-кашулю ў сваёй кватэры і ўяўляў, як там усё адбываецца.

Ведаю, што Аляксей Дземідовіч там мяне заменіць і пасля падрабязна раскажа, як прайшло свята."

Свята прайшло ўрачыста, сціпла і добра.

Падрабязнымі ўспамінамі пра В. Быкава, свае асабістыя стасункі з ім з прысутнымі падзялілася паэтка, яна ж і вядоўца вечарыны Данута Бічэль:

"Праз два гады Быкаву споўніцца 90 гадоў з дня нараджэння. Відаць, да 100 годдзя з Васілём Быкавым мы не дажывём. Чамусьці на свяце ў Музеі Быкава ніхто не запісваў на дыск нашых прамоваў. Мне шкада, бо тое, што я там гаварыла, я запісаць ва ўспамінах не асмелюся - гэта залішне інтымнае і эмацыйнае. А можа пісаў тайна, той хлопец, які прыйшоў з тэлевізіі "Гродна-плюс" але без відочных інструментаў працы. . Ацэньваючы, з'яву "Васіль Быкаў - чалавек і пісьменнік" сёння зразумела адно, што гэта быў самы вялікі чалавек у гісторыі Гародні. Самы вялікі ўклад у нацыянальную культуру зрабіў ён і гэтым узняў горад Гародню да сусветна вядомага. Бо не прадпрыемствы і не палітыкі, не кіраўнікі партый робяць слаўнымі гарады.

Музей Васіля Быкава робіць ўсё, каб памяць аб пісьменніку не зацьмілася. Музей - пакуль што месца, дзе збіраюцца дакументы, публікацыі, "кампраматы" на дзейнасць Быкава - таксама. Трэба збіраць базу людзей, якія былі знаёмыя з Васілём Быкавым, пакуль ён тут жыў, пакуль яны жывуць, заспісваць іхнія споведзі.

І збіраць трэба прадметы побыту з пасляваеннага жыцця жыхароў горада! І, напэўна, у некага ёсць аўтографы, лісты, паштоўкі.

Дзякуй М.А. Мельнікаву за яго працу.

Данута Бічэль.20.06.2012 г."


Слова пра постаць В. Быкава і знаёмства з ім вядоўца дае паэту Алесю Чобату.

Не змог прыйсці па стану здароўя на вечар і ветэран працы, педагог і пісьменнік Міхась Амялішка, хоць і падрыхтаваў зараней тэкст таго, што хацеў сказаць пра постаць В. Быкава і сваё стаўленне да яго багатай літаратурнай спадчыны. Тэкст ён не перадаў, але па тэлефоне сказаў: "Напішыце што я з задавальненнем і вялікай асалодай чытаў і сёння чытаю ўсё, што выйшла з-пад пяра і надрукавана гэтым вялікім пісьменнікам нашага часу. І не толькі захапляюць мяне яго творы пра вайну, а, наогул, пра наша жыццё-быццё, нярэдка пакутнае і незайдроснае...

І не толькі. Прызнацца, я хоць і не малады літаратар, але з прагай пачаткоўцца вучуся ў Быкава, як трэба пісаць і, увогуле, ставіцца да літаратуры, да ўсяго нашага жыцця, калі ўжо ўзяўся пісаць і нешата сказаць людзям..."


У праграмме быкаўскай вечарыны вартае і пачэснае мейсца занялі 130-я ўгодкі з часу народзінаў першых народных паэтаў нашай Бацькаўшчына Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Юбілей класікаў беларускай літаратуры стаў галоўнай тэмай праграмнага выступу, які падрыхтаваў да дня народзінаў Васіля Быкава вядомы навуковец Гарадзеншчыны, прафесар філалогіі Гарадзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы, старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ, пісьменнік Аляксей Пяткевіч:

"Сёлета вялікія даты - 130-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа. Але іх значэнне ў нашай нацыянальнай літаратуры раскрыецца лепш, калі паставіш побач з імі яшчэ аднаго тытана беларускага мастацкага слова - Васіля Быкава. Гэта патрэбна не толькі дзеля чарговай музейнай акцыі ў Гарадзенскім музеі В. Быкава. Гэта дыктуецца сістэмай нацыянальнай культуры, якая дастаткова рэгулярна нараджала выбітных асоб на роднай ніве. І яны ішлі за папярэднікамі, працягваючы справу адраджэння Беларусі ўсім зместам свайго жыцця і творчай дзейнасці. В. Быкаў сфармаваўся ў Гародні як вялікі мастак і дзеяч нацыянальнага адраджэння. Толькі не адна гарадзенская рэчаіснасць спрыяла гэтаму. Перад ім былі Купала і Колас са сваімі ўрокамі, сваімі здабыткамі і стратамі. Купала і Колас адкрылі глыбіні духу беларуса, зведаўшы пры гэтым жорсткі ідэалагічны прэсінг расійска-царскай, затым савецкай сістэм. І менавіта за тое, што яны імкнуліся ўшанаваць у суайчынніку пачуццё гаспадара свае зямлі. В. Быкаў гэта добра разумеў і працягваў ўжо на матэрыяле вайны) развіваць у сучасніку самастойнасць, асабовасць, крытычнасць стаўлення да жыцця.

Гэтая трыяда беларускіх творцаў стварыла эпоху ў жыцці Беларусі, шмат у чым змяніўшы яе духоўна, стварыўшы новыя кірункі жыццядзейнасці нацыі. Яны былі не толькі выдатнымі майстрамі слова. Былі асветнікамі - абуджальнікамі ўсяго народу ў нялёгкую для яго гістарычную пару. Яны стаяць у адным шэрагу - Народныя пісьменнікі Беларусі. Яны - з намі на нашых гарадзенскіх вуліцах і плошчах."


Законыць гэтую мо трохі і казённа-сухаватую пісанку я хацеў бы толькі адным радком свайго новага раптоўна выбухнуўшага ў гэтыя быкаўскія дні верша і папрасіўшагася паказацца на паперу пад назовам "Гады не сатруць з нашай памяці Быкава". Так як гэты мой хутка народжаны бландзіністы вершык ад шматлікіх правак вельмі ж ужо чорны жывы шатэн, то тут праводзіць яго цалкам пакуль і не буду. А вось яго пачатковым радком назаву гэты свой расповед, які падаю чытачам замест рэпартажа са свята народзінаў несмяротнага Васіля Быкава, што адбылося ў музеі.

Аляксей Дземідовіч.


Дзе жывуць беларусы, там жыве Беларусь

Этнічная культура Беларусі актулізоўваецца ў Літве

Пачатак новага стагоддзя і тысячагоддзя... Пачаўся перыяд глабальнай камунікацыі. І якраз цяпер усе народы пачынаюць разумець, што агульная сусветная культура павінна складацца з культур асобных нацый. Захаваць беларускую прысутнасць у свеце - галоўная задача беларускіх дыяспар, якія жывуць ў розных краінах.

Афіцыйна лічыцца, што трэцяя частка беларусаў жыве за межамі сваёй радзімы. Для захавання сваёй нацыянальнай адметнасці, а таксама вырашэння моногіх жыццёвых праблем беларусы аб'ядноўваюцца і ствараюць грамадскія аб'яднанні. Так і ў Літве дзейнічаюць згуртаванні беларускіх грамадскіх арганізацый. Усе яны займаюцца культурна-асветнай дзейнасцю, арганізуюць святы, паэтычныя вечары. Адно з грамадскіх аб'яднанняў - беларуская суполка "Крыніца", старшынём якой з'яўляецца Мікалай Логвін (нарадзіўся і вырас у Беларусі, Гарадзенская вобл., г. Ліда ). На чужыне нашы землякі змаглі захаваць нацыянальную культуру, беларускую мову, засталіся вернымі ідэі нацыянальнага адраджэння.

Сябры суполкі "Крыніца" вельмі старанна зберагаюць сваю нацыянальную самабытнасць і перадаюць малодшаму пакаленню частку культуры і любоў да сваёй гістарычнай радзімы. Прыкладам гэтага з'яўляецца правядзенне традыцыйнага старажытнага свята "Купалле", якое прайшло 23 чэрвеня ў горадзе Клайпеда на тэрыторыі беларускай сядзібы. (На каталіцкіх абшарах Беларусі і ў Літве Купалле святкуецца ў ноч з 23 на 24 чэрвеня, рэд. )

Купальскае свята ладзіцца ў Клайпедзе штогод, і гэта далёка не першы раз, калі ў ім бяруць удзел ансамблі з Беларусі. У гэтым годзе на Купальскае свята быў запрошаны народны ансамбль народнай музыкі і песні "Гудскі гармонік" (кіраўнік - Андрэй Колышка ) з г. Ліды. Калектыў працуе на базе Гудскага цэнтра творчасці і вольнага часу.

Сёлета святкаванне старажытнага свята нашымі землякамі ў Клайпедзе цалкам прайшло ў беларускім духу. Беларуская мова, нацыянальныя строі, вянкі з кветак, сад сядзібы - нібыта перанёс прысутных на радзіму.

У выкананні "Гудскага гармоніка" прагучалі беларускія народныя песні, беларускія танцы, песні ў апрацоўцы кіраўніка калектыву і аўтарскія песні салісткі ансамбля Ганны Баборык і Андрэя Колышкі.

Кожны ахвочы мог узяць урок беларускіх традыцыйных танцаў і далучыцца да аўтэнтычных спеваў. Таксама ўсіх гледачоў свята чакала актыўная праграма з традыцыйных беларускіх гульняў (пляценне лепшага вянка і інш.)

Цэнтральным месцам абрадавага святкавання стала вогнішча - увасабленне сонца і ўраджаю, як лічылі нашы продкі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі традыцыйныя купальскія песні ("Купалле", "Сягоння Купалле заўтра Ян", " Ой рана на Івана" і інш. ), скакалі цераз вогнішча. Яскравым дзеяннем было - пусканне вянкоў па вадзе.

Арганізатары парупіліся і пра тое, каб паблізу была і папараць-кветка...

Паводле старадаўняй традыцыі Купальская ноч у Літве скончылася яскравым і маляўнічым феерверкам.

А на другі дзень народны ансамбль "Гудскі гармонік" быў запрошаны на закрыццё Міжнароднага фальклорнага фестывалю "Tek sauluze ant maraciu" ("Узыдзі, сонейка, над морам") у Нерынзе (50 км. ад г. Клайпеды). Фестываль праходзіў 22-24 чэрвеня 2012 г. На працягу ўсіх святочных дзён дзейнічаў народны кірмаш мастацтваў і рамёстваў, на якім была прадстаўлена выстава - продаж дэкартаўна-прыкладных вырабаў. Кожны дзень у час выставы выбіраўся лепшы майстар дня і ўзнагароджваўся дыпломам і падарункам.

На фестывалі былі прадстаўлены: відэафільмы, фотагалярэі, фольк-лабараторыі ў адкрытых прасторах, кулінарныя прэзентацыі, шэсці з паходнямі па наберажнай, водная містэрыя (плывучыя вянкі), музычныя пагулянкі па вуліцах з прыпынкамі памузыцыраваць у самых розных месцах і мноства канцэртных праграм.

15 творчых калектываў прыехалі з розных куткоў Літоўскай Рэспублікі, каб прыняць удзел у творчым фальклорным праекце. На фестывалі прысутнічалі і калектывы з замежжа.

Шматлікія гледачы пад час святочнай цырымоніі закрыцця свята ўзнагародзілі ўсіх удзельнікаў шчырымі апладысментамі, а арганізатары фестывалю "Tek sauluze ant maraciu" ўручылі пераможцам узнагароды, госці фестывалю атрымалі лісты падзякі і падарункі.

Увечары 24 чэрвеня беларускай суполкай "Крыніца" быў арганізваны канцэрт у адным з пасёлкаў Ніды ў курортным месцы на Куршскай касе, дзе народны ансамбль народнай музыкі і песні "Гудскі гармонік" у чарговы раз паказаў у сваім выступленні беларускую народную творчасць (песні, гумар, танцы).

На чужыне ўдзельнікі беларускай суполкі "Крыніца" змаглі захаваць нацыянальную культуру, беларускую мову і засталіся вернымі ідэі нацыянальнага адраджэння.

Не ў кнігах павінна захоўвацца наша этнічная культура - яна павінна існаваць у прасторы і актулізоўвацца ў фальлорных мерапрыемствах. І вельмі добра, што сёння калектывы беларускай народнай творчасці маюць магчымасць выехаць за межы нашай краіны, каб падтрымаць у беларусаў дыяспраў імкненне да захавання сваёй нацыянальнай самабытнасці.

Н. ВАЙЦЮКЕВІЧ, метадыст Лідскага раённага цэнтра народнай творчасці. На здымках: "Гудскі гармонік" і Андрэй Колышка ў гасцях у беларускай супольнасці Клайпеды.


У Баранавічах Уладзіміру Арлову падаравалі стралу

Па запрашэнні Баранавіцкай Рады ТБМ у наш горад 12 ліпеня 2012 года прыехаў знаны гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў. Напачатку Арлову паказалі гістарычныя мясціны баранавіцкай зямлі: месца і памятны знак у гонар Палонкаўскай перамогі 1660 года над маскоўскім войскам, помнік Яну Чачоту ў вёсцы Новая Мыш, камень-валун у вёсцы Сталовічы, дзе Агінскі біўся з Суворавым.

Затым ў Баранавічах адбылася прэзентацыя кнігі Арлова "Пакуль ляціць страла" ў прыватным садзе па вуліцы Міцкевіча, 65. Творчая сустрэча адбывалася ў форме дыскусіі аўтара кнігі і чытачоў. На заканчэнні вечарыны старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца падараваў Арлову стралу, якую вырабіў мясцовы каваль, сябар рыцарскага клубу "Шляхецкая застава" Зміцер Шышкоў. На вастрыі стралы гравіроўкай пазначана: "Уладзімір Арлоў", на яе стрыжні: "Страла гістарычнай праўды".

- Мы падаравалі гэтую стралу нашаму ўлюбёнаму пісьменніку і пажадалі яму, каб ён і надалей пасылаў свае стрэлы, якія праціналі б усе несапраўдныя міты беларускай гісторыі і вызвалялі дарогу для нашай праўдзівай гісторыі,- сказаў Віктар Сырыца.

Дзякуючы напрыканцы вечарыны ўсім, хто прыйшоў на сустрэчу, Уладзімір Арлоў таксама звярнуўся да метафары стралы: "Я хачу, каб вашыя стрэлы ляцелі высока, доўга, спеўна… І ўсім нам зычу, каб нашыя стрэлы хацелі, а целы маглі…"

Вітусь Свабодскі.


Кава "Чорнае зерне" - упакоўка цалкам беларускамоўная

Упакоўка кавы "Чорнае зерне" ЗП "Ікартайм" цалкам беларускамоўная. Па-беларуску выкананы ўсе рэпрэзентатыўныя і тэхналагічныя надпісы. Па-руску тут толькі наклееная акцызная марка, хаця яны то якраз павінна быць па-беларуску, як і маркі паштовыя.


Арлоў і Герасімовіч - пра Вялікае Княства

Выйшла ў свет новая кніга Ўладзіміра Арлова і Змітра Герасімовіча "Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя", якая з'яўляецца своеасаблівым працягам папулярнага выдання "Краіна Беларусь".

Займальная і даступная для чытача любога ўзросту і ўзроўню адукацыі, кніга прысвечаная найцікавейшай эпосе нашай мінуўшчыны - часам Вялікага Княства, дзе скансалідаваўся беларускі народ, беларускія землі адыгрывалі вызначальную ролю, а старабеларуская мова была дзяржаўнай.

Чытача чакае сустрэча з выдатнымі гістарычнымі асобамі: палітыкамі, военачальнікамі, асветнікамі. Кніга знаёміць з жыццём і побытам, ваеннымі перамогамі і культурнымі дасягненнямі продкаў. На аснове гістарычных фактаў даводзіцца, што найменні "Літва" і "ліцвіны" на працягу некалькіх стагоддзяў былі назовамі Беларусі і беларусаў.

Аўтары не абмяжоўваюцца храналагічнымі межамі існавання Вялікага Княства Літоўскага. Шэраг раздзелаў апавядаюць пра становішча нашых земляў у Расейскай імперыі, вызвольную барацьбу і спробы адрадзіць дзяржаву, нацыянальнае адраджэнне і лёс Віленшчыны ў ХХ стагоддзі.

Выданне разбурае многія гістарыягра-фічныя стэрэатыпы, а некаторыя звесткі прагучаць амаль як сенсацыя.

У кнізе блізу 2000 ілюстрацый, у тым ліку летапісныя мініяцюры, сярэднявечныя гравюры, унікальныя фотаздымкі і рэканструкцыі. Шмат якія ілюстрацыі беларускаму чытачу былі дагэтуль невядомыя.

Гісторыя нашай краіны разглядаецца як частка агульнаеўрапейскага руху цывілізацыі.

Адначасова перавыдадзеная кніга "Краіна Беларусь", якая даўно стала бібліяграфічным рарытэтам.

Абодва важкія, багата ілюстраваныя тамы выйшлі ў вядомым славацкім выдавецтве "Kalligram"(Браціслава). Выдатную паліграфію забяспечыла кнігам друкарня "Neografia"(г. Марцін, Славакія).


Ахвяраванні на ТБМ

1. Ганько Марыя - 100 дол. ЗША, Канада

2. Іпатава Вольга - 100 дол. ЗША, г. Менск

3. Раманік Т.Н. - 70000 р., г. Менск

4. Давідоўскі Ігар - 100000 р., г. Менск

5. Ляўчэня Сямён - 300000 р., г. Менск

6. Невядомы - 40000 р., г. Менск

7. Павідайка В.М. - 70000 р., г. Менск

8. Мамчыц Эдуард - 100000 р., г. Віцебск

9. Прылішч І.Н. -25000 р., г. Менск

10. Пушкін Ігар - 50000 р., г. Магілёў

11. Грудзіна Алесь - 100000 р., г. Шклоў

12. Рагаўцоў Васіль - 30000 р., г. Паставы

13. Бадвінаў І.С. - 30000 р., г. Орша

14. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад

15. Бусел Мікола - 30000 р., Акцябрскі р-н.

16. Гвара Віктар - 20000 р., г. Лельчыцы

17. Птушко Сяргей - 30000 р. в. Хільчыцы, Жыткав. р-н.

18. Сівец Таццяна - 20000 р., г. Менск

19. Лепешаў Іван - 50000 р., г. Гародня

20. Прыгожыны Вольга і Аркадзь - 30000 рас. руб., г. Масква

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


ПРА ЗАБЫТУЮ БЕЛАРУСЬ

У 2009 годзе ў менскім выдавецтве "ФУАінформ" пабачыла свет кніга Вадзіма Дзеружынскага "Таямніцы беларускай гісторыі". Яна выклікала вялікую цікавасць у чытачоў і тройчы была перавыдадзеная. А нядаўна выдавецтва "Харвест" апублікавала яго новую (багата ілюстраваную) кнігу "Забытая Беларусь" (2011; 496 с.; 3000 экз.). Яна, як сказана ў анатацыі, з'яўляецца працягам папярэдняй кнігі. У ёй "выкрываюцца шматлікія выдумкі, міфы і памылковыя погляды пра беларускае мінулае, якія доўгі час укаранялі афіцыйныя ўстановы, гісторыкі і публіцысты царскай імперыі і СССР. Нямала месца ў кнізе ўдзяляецца белым плямам у гісторыі Беларусі - таму, што ўтойвалася ў савецкія часы па ідэалагічных прычынах".

Дарэчы, многія выдумкі, міфы распаўсюджваюцца, паўтараюцца і ў сённяшнім беларускім друку. Так, нядаўна ў Менску выйшаў раман расійскага пісьменніка Б. Косціна "Симеон Полоцкий", дзе, напрыклад, сцвярджаецца: "Праіснаваўшы без малога два стагоддзі, Вялікае Княства Літоўскае пала пад націскам ваеннай моцы Рэчы Паспалітай" . Але тут усё - няпраўда, якая зноў і зноў знарок уводзіцца ў вушы чытачам. Вялікае Княства Літоўскае праіснавала не "два стагоддзі без малога", а з 1240 года да 1795-га, калі яно сапраўды пала пад націскам расійскіх захопнікаў. А хаўрус (унія) паміж ВКЛ і Польшчай у 1596 г. быў заключаны добраахвотна.

Або яшчэ прыклад. І сёння школьнікі ды студэнты вывучаюць гісторыю Беларусі па падручніку, адзін з аўтараў якога - былы аспірант і паслядоўнік небезвядомага Абэцадарскага, кандыдацкую дысертацыю пад ягоным кіраўніцтвам абараніў па тэме "Палітычнае банкроцтва нацыяналістычнай контррэвалюцыі Беларусі ў 1919 - 1925 гг." Апісваючы ў падручніку, да прыкладу, савецка-польскую вайну 1920 г., ён бясконца паўтарае бальшавіцкія трафарэты: "белапалякі", "буржуазны ўрад Пілсудскага", "буржуазна-памешчыцкая Польшча" і інш.

Таму хоць і хочацца верыць, але не асабліва верыцца ў тое, чым завяршаецца "Забытая Беларусь". Аўтар на аснове аднаго ліста, атрыманага ад старшакласніка, робіць выснову, што дзеці, якія нарадзіліся не ў СССР, а "ў суверэннай Беларусі", стануць "тымі, кім не сталі мы, - Нацыяй Беларусаў!" Не будзем, аднак, забываць: а хто ж (у пераважнай большасці) іх, школьнікаў, вучыць сёння, і якімі падручнікамі яны карыстаюцца? Хоць, праўда, сёння вялізная рэч - інтэрнэт!

Да таго ж, як паказана ва ўступным раздзеле кнігі, які называецца "Ці існуе гісторыя?", многія сучасныя кінафільмы Расіі і Беларусі, радыё- і тэлеперадачы, часопісы і газеты працягваюць фармаваць ілжывыя ўяўленні пра мінулае нашай радзімы. Прыводзяцца дзясяткі прыкладаў, калі гісторыя ВКЛ (Беларусі) падмяняецца гісторыяй Расіі: "У часы Івана Грознага нашы продкі на Русі квасілі капусту так...; Такую страву ўвёў у рацыён нашых продкаў цар Пётр Першы; Буракі ўпамінаюцца ў рацыёне нашых продкаў з часоў Івана Каліты". Або: апавядаючы пра гісторыю нашай пошты, кажуць не пра нашу пошту ў ВКЛ, а пра паштовую службу Масковіі.

Таму не дзіўна, што расійскі сатырык і "самадзейны гісторык" М. Задорны, які ў маі 2011 г. прыязджаў з канцэртам у Наваполацк, быў у экстазе пачуццяў ад таго, што пабачыў у Беларусі. У яго апублікаваным інтэрв'ю сказана: "Я захапляюся тым, што тут захаваўся палепшаны СССР. Беларусь - гэта "рэмейк" усяго добрага, што было ў нас у савецкія часы".

Кампазіцыйна кніга В. Дзеружынскага складаецца з трох частак, кожная з якіх аб'ядноўвае па некалькі раздзелаў (глаў). Іх 25. І ў кожным раздзеле развенчваецца міф ці пэўнае заблуджэнне, убітае ў галовы большасці беларусаў, "кастрыраваных на нацыянальнасць, на Радзіму" (В. Казько).

У раздзелах і шматлікіх падраздзелах часткі першай ("Сярод міфаў і аблуднасцяў") аўтар пераканальна, аргументавана абвяргае дзясяткі недарэчных поглядаў на розныя факты нашай гісторыі, з душэўным болем, а часам з горкай іроніяй піша, як пакутліва доўга беларусы расстаюцца з савецкім мінулым, са сваёй рабскай псіхалогіяй і дэфармаванай гістарычнай памяццю.

Крытыкуецца, напрыклад, каланіяльны падыход да пытання пра рэлігію беларусаў. Маўляў, калі католікі, то, значыць, палякі, а калі праваслаўныя, то - рускія. А між тым да расійскай акупацыі 1772 - 1795 гг. жылі ў ВКЛ у нармальных паміж сабой стасунках католікі (39 %) і праваслаўныя (45 %).

Развенчваецца тэорыя заходнерусізму з яго заснавальнікам Міхаілам Каяловічам (1828-1891), які, адпрацоўваючы падачкі сваіх гаспадароў з жандармскага аддзялення імператарскай канцылярыі, сцвярджаў, што беларусы - гэта частка рускага народа, крыху апалячанага і акаталічанага, і патрабаваў прыняць меры, каб беларусы і ўкраінцы забылі свае мовы ды пачалі думаць і гаварыць толькі па-руску. Можна дадаць, што ў нашым універсітэце адзін выкладчык (прафесар) і сёння прапагандуе "ідэі" Каяловіча і нават перавыдаў яго кнігу.

У "Забытай Беларусі" слушна паказана, што ідэалогія заходнерусізму - гэта копія ідэалогіі паланізму, што з Усходу нас душыла праваслаўная царква Масквы, а з Захаду душыў польскі касцёл, які навязваў ідэю, што "католікі-беларусы" - гэта "палякі". Прыводзяцца актуальныя і сёння словы Луцкевіча: "Пакуль царква і касцёл у Беларусі не зробяцца беларускімі, наш народ заўсёды будзе дзяліцца на дзве часткі".

Яшчэ ў XIX ст. ідэолагі царызму прыдумалі міф аб "трыадзіным рускім народзе", які складаецца з "велікаросаў, маларосаў і беларусаў". Хоць гэты міф ужо неаднойчы некаторымі ўкраінскімі і беларускімі вучонымі выводзіўся на чыстую ваду, але не так даўно доктар філалагічных навук Т. Міронава апублікавала ў часопісе "Новый Регион" артыкул "Русские, белорусы и украинцы являются единым народом". У гэтай сувязі В. Дзеружынскі яшчэ раз звяртаецца да згаданага міфа і, што называецца, не пакідае каменя на камені ад нікчэмных довадаў масквічкі Т. Міронавай.

Міф, блізкі да папярэдняга, разгледжаны ў раздзеле "Выдуманая "Старажытная Русь"". Як піша аўтар, "сама "старажытнаруская народнасць" - вялікадзяржаўны міф, прыдуманы Міхаілам Ламаносавым для абгрунтавання прэтэнзій царызму на землі Літвы (Беларусі) і Русі (Украіны). Прэтэнзіі гэтыя ішлі ад былога Маскоўскага улуса Залатой Арды, які стаў яе спадчыннікам і паглынуў яе абломкі - Вялікую Арду, Казанскую Арду, Астраханскую Арду, Сібірскую Арду". У сваіх доказах аўтар нярэдка спасылаецца на выказванні многіх вядомых вучоных, у тым ліку на выказванне расійскага гісторыка В. Ключэўскага (1841 - 1911): "Руская дзяржава ў IX - XI стст. не магла быць дзяржавай рускага народа, таму што яшчэ не існавала гэтага народа" .

Шмат чаго цікавага, карыснага, пераканаўчага знойдзе чытач у іншых раздзелах часткі першай: "Дык балты ці славяне?" (тэорыю балцкага субстрату беларусаў аргументавана даказалі акадэмік Я. Карскі, расійскі прафесар В. Сядоў, беларускі гісторык М. Ермаловіч, польскі лінгвіст Ян Развадоўскі і многія іншыя), "Міфы і праўда аб мове продкаў", "Даславянская мова беларусаў", "Страчаная назва", "Памылкі гісторыкаў" (асобна разгледжаны памылкі з-за няведання, пры пераносе сучасных тэрмінаў на падзеі мінулага, памылкі-спекуляцыі і памылкі ў перакладах).

Дарэчы, у адным з гэтых раздзелаў аўтар цытуе вядомага рускага этнографа С.В. Максімава (1831 - 1901), які аб'ездзіў усе губерні Паўночна-Заходняга краю і свае назіранні апублікаваў у 1877 г. у адным з тамоў серыі "Живописная Россия". Ён пісаў: "Назва "Белоруссъ" - штучная, кніжная і афіцыйная. Самі сябе нашчадкі Крывічоў пад гэтым імем не ведаюць... Пад імем Белая Русь разумее тамашні народ Велікаросію. Мясцовая інтэлігенцыя пачала лічыць назву "Белоруссъ" нават крыўднай" . У іншым месцы "Забытай Беларусі" (с. 161) гаворыцца, што Ф. Скарына ў актавым запісе ўніверсітэта ў Падуі (1519 г.) назваў сябе "ліцвінам з Полацка". Заадно варта адзначыць, што і ў акадэмічным "Гістарычным слоўніку беларускай мовы. Выпуск 1" (Мінск, 1982, с. 271) няма слова "беларус", ёсць толькі адзіны выяўлены прыклад на ўжыванне назоўніка "белорусецъ" са значэннем 'жыхар Белай Русі' і адзінай ілюстрацыяй: "москва и вси белорусцы..." У канцы XVI ст. беларусцамі называлі бежанцаў з Масковіі, а пазней - тых, хто прыняў маскоўскую веру і прысягнуў маскоўскаму цару.

Другая частка кнігі мае назву "У пошуках Бацькаўшчыны" і складаецца з васьмі раздзелаў.

У першым раздзеле размова ідзе пра нашы старажытныя герб і сцяг. Наш герб "Пагоня" вядомы прыкладна з 1250-х гадоў: ён адлюстраваны на славутай пячатцы князя Міндоўга. Апісваецца, як на пачатку XIII ст. на землі вакол Новагарадка (цяперашні Наваградак) мігравала насельніцтва з гарадоў Палаб'я, Памор'я і Парусся (русіны, абадрыды, люцічы, лужыцкія сорбы, прусы і інш.) - да 400 тысяч чалавек - і як стваралася Вялікае Княства Літоўскае. Гаворыцца і пра далейшы лёс "Пагоні", у тым ліку і ў часы БНР.

Як у гэтым, так і ў іншых раздзелах падаецца вельмі многа раней невядомых ці малавядомых звестак пра гісторыю нашага краю. Да прыкладу, у раздзеле "Літва-Беларусь і Жмудзь-Летува" прыводзіцца літаратурна апрацаваная пісьменнікам А. Петрашкевічам вытрымка з указа Кацярыны II (1796): "Отныне Великое княжество Литовское, Русское и Жамойтское именовать Белой Русью, а население - белоруссами, чтобы навеки привязать к России. За Жамойтией же и жамойтами пусть себе остаются названия Литва, литовцы". Змешчаны таксама вытрымкі з кніг Літоўскай метрыкі, з перавыдадзеных не так даўно Перапісаў войска ВКЛ у 1528, 1565, 1567 гг.

Асобны раздзел кнігі прысвечаны Аршанскай бітве 1514 года. Тут дэталёва аспрэчваюцца і адвяргаюцца шматлікія сцвярджэнні (па сутнасці, з антыбеларускіх пазіцый), адлюстраваныя ў кнізе М. Амбражэвіча "Оршанская битва 1514 года: военно-исторический аспект", выдадзенай Інстытутам сацыяльна-палітычных даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. Між іншым, у кнізе В. Дзеружынскага на с. 477, 478 мімаходам зазначаецца, што ў 2008 г. выйшла кніга "Ледакол-2", напісаная адным з тутэйшых "заходнерусістаў", які схаваўся пад псеўданімам "Віктар Суроваў" (выданне з'яўляецца падробкай пад даволі вядомую кнігу "Ледакол", створаную прафесійным разведчыкам В.Б. Рэзуном - пад псеўданімам "Віктар Сувораў"). У "Ледаколе-2", напрыклад, гаворыцца: "Захоплівалі іншыя краіны і народы толькі краіны Захаду, Расія ж - толькі далучала". В. Дзеружынскі піша: "Ёсць меркаванне, што Віктар Суроваў і Мікалай Амбражэвіч - адна і тая ж асоба. Стыль абедзвюх кніг надзвычай падобны, а ідэі проста ідэнтычныя".

У раздзеле "Неправаслаўная Беларусь" паказана, што ліцвіны (беларусы) ніколі не былі "адной веры" з маскавітамі, гаворыцца пра тое, як у XIX ст. царызм гвалтам навязаў беларусам сваю дзяржаўную рэлігію. Адзін з падраздзелаў называецца: "Адна адкрытая царква замяняе тры палкі". На с. 271 чытаем: "Мне здаецца, што беларускія праваслаўныя святары і сёння ўпарта навязваюць беларусам нацыянальныя традыцыі велікарусаў".

Ёсць у кнізе і раздзел "Забытая армія Беларусі". Тут прыводзяцца такія відавочныя факты: 23 лютага ў нас штогод адзначаецца "дзень узброеных сіл Беларусі" (28.12.2007 г. Указам Прэзідэнта РБ устаноўлены адпаведны медаль "90 лет Вооруженных сил Республики Беларусь"); ёсць таксама "Дзень органаў дзяржаўнай бяспекі Беларусі" (устаноўлены і юбілейны медаль "90 лет органам государственной безопасности Беларуси"); у 2000 г. Міністэрства абароны РБ выдала пастанову "Об учреждении памятного знака 300 лет инженерным войскам Республики Беларусь"; яшчэ ў адным дакуменце гэтага ж Міністэрства сказана: "Важнейшим шагом на пути возрождения многовековых традиций... от петровских времен до наших дней стало учреждение Указом Президента Республики Беларусь от 21 января 1999 года № 50 профессионального праздника - Дня инженерных войск". І г.д.

Дзіву даешся, асэнсоўваючы гэтыя даты і пастановы... Якім чынам, напрыклад, маглі ўзнікнуць "узброеныя сілы Беларусі" 90 гадоў назад (гэта значыць у 1918 г.), калі яшчэ не было БССР, а наша тэрыторыя мела назву "Паўночна-Заходні край", а пасля "Заходняя вобласць РСФСР"?! Тое самае можна сказаць і пра астатнія недарэчнасці. Усё - як у Расійскай Федэрацыі. Праўда, там бальшавіцкі пераварот, зроблены за германскія залатыя маркі, не адзначаюць як Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. А ў нас і ў новых арфаграфічных правілах два першыя словы гэтага спалучэння патрабуюць пісаць з вялікай літары, першае ж слова ў спалучэнні "Лютаўская рэвалюцыя" - з малой.

Як адзначае В. Дзеружынскі, "такога абсурду няма ні ў адной краіне свету!" І далей распавядаецца пра тое, калі ж насамрэч у Вялікім Княстве Літоўскім нарадзілася свая армія, сапраўдныя інжынерныя войскі і г.д.

Звяртаецца ўвага на кнігу "Военная школа Беларуси: традиции и современность" (Минск: БелЭн, 2011). У ёй, у раздзеле "Военные полководцы и государственные деятели", няма ні Вітаўта, ні Астрожскага, ні Каліноўскага, ні Машэрава і інш. Але ёсць Аляксандр Неўскі, Сувораў, Кутузаў, Жукаў і г.д. Зноў хочацца ўспомніць пра абсурд, якога больш няма нідзе ў свеце.

Варта дадаць, што ў нас непрыязна ставяцца да былых нашых нацыянальных дзеячаў. Так, праспект Скарыны ў Менску не так даўно атрымаў зусім іншую назву. А ордэн Кастуся Каліноўскага, узаконены адпаведным Палажэннем у 1995 г., 16.06.2004 года быў скасаваны, ліквідаваны; прычым якраз у стасаракавую гадавіну смяротнай кары гэтага змагара з царскай дэспатыяй і, дарэчы, у пятую гадавіну падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы РБ і РФ.

Другая частка "Забытай Беларусі" завяршаецца раздзелам "Беларуская Атлантыда". Ён пачынаецца канстатацыяй таго, што ў сярэдзіне XIX ст. тэрыторыя рассялення беларускага этнасу была ўдвайне большая, чым цяперашняя тэрыторыя РБ. І хоць сёння ніхто не мае намеру змяняць межы Еўропы, але ведаць пра тое, як бальшавікі абрэзалі нашы землі з розных бакоў, не лішне. Аўтар апісвае, як Віленскі край, Беласточчына, Латгалія, усходнія і паўночныя раёны былі па палітычных матывах перададзены іншым краінам і як "патанулай Атлантыдай" стала сама Беларусь, "дзе забыта ўсё гістарычна-нацыянальнае, у тым ліку родная мова".

Для мяне, як для чытача гэтай кнігі, выключную цікавасць і карысць выклікае асабліва трэцяя частка - пад загалоўкам "Забаронена ведаць". Тут - вельмі важкі гістарычны матэрыял, заснаваны найчасцей на раней невядомых дакументах, на неабвержных фактах і лагічных разважаннях аўтара. Змест гэтых раздзелаў немагчыма пераказаць сцісла. Гэта трэба чытаць! А хто прачытае, той узбагаціцца і фактамі, і, што асабліва істотна, духам. Далей дзе зусім коратка закрану змест, а дзе толькі пералічу назвы раздзелаў, часам і падраздзелаў, іншы раз з некаторымі дадаткамі ці каментаром.

Вызваленне Сярэдняй Літвы. Падрабязна гаворыцца (з апорай на артыкул Алега Трусава) пра тое, як генерал Люцыян Жалігоўскі са сваім беларускім войскам у 1920 годзе стварыў новую дзяржаву - Сярэднюю Літву (з гарадамі: Вільня, Ашмяны, Свянцяны, Смаргонь і Трокі). Дзяржава з беларускімі школамі і гімназіяй, з гербам, на якім - Арол і Пагоня, праіснавала 18 месяцаў.

Парадоксы з тэрмінамі. Падзагалоўкі: Аб "белапаляках"; Дзіўныя тэрміны; "Мы не фашысты, мы нацыянал-сацыялісты"; Ардынскі атаман Аляксандр Неўскі; "Жыве Беларусь!" - Адказ на пытанне, адкуль узяўся гэты лозунг і крылаты выраз, варта дапоўіць: ён з верша Янкі Купалы "Гэта крык, што жыве Беларусь" (1907).

БССР вачамі свайго народа. Падзагалоўкі: Беларусы чакалі вайны, каб пазбавіцца ад савецкай улады; Пры панах было лепей, чым у БССР; Чуткі і небыліцы; Беларусы пра ўладу; Беларусы пра ліпавую "дэмакратыю"; "Смерць Сталіну, далоў сацыялізм!"

Ці быў галадамор у БССР? На аснове шматлікіх матэрыялаў паказваецца, што ў 1932-1933 гадах і ў Беларусі быў галадамор, толькі не такі масавы, як ва Ўкраіне.

Краіна Катынь. Паказана, што "катынская трагедыя" - гэта толькі адна з праяў той палітыкі генацыду, якую савецкія ўлады практыкавалі ў адносінах да заняволеных бальшавізмам народаў на працягу двух дзесяцігоддзяў - задоўга да Катыні, і што ў гэтым сэнсе ўвесь СССР - гэта краіна Катынь, краіна страшэннага генацыду. Сёння ведаюць імёны і прозвішчы 17987 ахвяр катынскага злачынства - па звестках Украіны, Расіі і Польшчы. "Толькі адна Беларусь заняла ў гэтым пытанні дзіўную пазіцыю і адмовілася назваць імёны 3870 ахвяр - зняволеных у турмах заходніх абласцей БССР і знішчаных вясной 1940 года" (с. 415). Згадваюцца ў раздзеле і Курапаты, дзе ляжаць каля 100 тысяч ахвяр. Можна дадаць, што дагэтуль няма там належнага помніка. Там толькі валяць або спілоўваюць крыжы, разбураюць знамянальную, прывезеную з ЗША прэзідэнтам Клінтанам пліту. Але затое адбудавалі "Лінію Сталіна"... А між тым нядаўна ў Вашынгтоне адкрылі Мемарыял ахвяр камунізму, дзе на помніку ёсць надпіс: 100 мільёнаў ахвяр.

У гэтым жа раздзеле абвяргаецца даволі пашыраная выдумка, што ў мінулую вайну "загінуў кожны трэці беларус". Прыводзіцца шэраг статыстычных дадзеных з розных крыніц, у тым ліку з афіцыйнага заключэння Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні і ўстанаўленні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў. На тэрыторыі Беларусі загінулі 1409225 мірных грамадзян і 810091 ваенна-палонны. Сярод ваеннапалонных не было беларусаў, бо "іх немцы ў 1941 годзе адпусцілі па дамах". А названая колькасць мірных грамадзян абазначае, што гэта не "кожны трэці беларус", а "кожны шосты грамадзянін Беларусі", бо ў лік 1409225 уваходзяць і 850 тысяч яўрэяў, якіх гітлераўцы загубілі ў Беларусі. На долю ж беларусаў (з улікам тых, што загінулі на фронце або расстраляны як "хаўруснікі акупантаў") "у прапорцыі ад даваеннай колькасці беларускай нацыі (7, 2 млн у БССР) - гэта складае каля 10 %" (с. 442).

Хто забіў Янку Купалу? Падзагалоўкі: Пагібель паэта; Расследаванне; Меркаванні крыміналістаў; Яшчэ адна версія . У аўтара няма сумненняў, што паэт загінуў ад спрактыкаванай рукі спецыялістаў. Апісваецца яшчэ адно сведчанне: на лесвічнай пляцоўцы, адкуль скінулі паэта, застаўся туфель, які мог сарвацца з нагі толькі ад удару пяткай па поручнях, што гаворыць пра спробу паэта супраціўляцца камусьці.

Чарнобыльскі дождж. Распавядаецца пра жудаснае злачынства: як расійскія ваенныя лётчыкі (з падраздзялення "Циклон") разганялі хмары з радыяцыяй над тэрыторыяй Беларусі, не дапускаючы іх на тэрыторыю РСФСР. Лозунг "Дружба народаў!" - у дзеянні, на практыцы...

Як бачым, гісторыя Беларусі падобная на айсберг: яе асноўная частка схаваная, пакрытая цемрай невядомасці, забытая. Аўтар у прадмове выказвае надзею, што ягоная кніга дапаможа чытачу пазбавіцца хоць бы ад часткі навязаных нам выдумак і падманаў. А гэта крайне неабходна! Бо, як пісаў Уладзімір Арлоў, без гістарычнай памяці і самасвядомасці народ будзе асуджаны на лёс бязмоўнага дрымотнага насельніцтва, што пакорліва ўспрыме любыя, нават самыя злачынныя сацыяльныя эксперыменты.

Іван Лепешаў.


Дзеля ўшанавання памяці архітэктара І.Р. Лангбарда

Сп. У.У. Макею,

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,

220016, г. Мінск,

вул. К. Маркса, 38

Аб ушанаванні памяці Іосіфа Лангбарда

Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч!

У гэтым годзе адзначаюцца 130-я ўгодкі са дня народзінаў знакамітага архітэктара XX стагоддзя Іосіфа Лангбарда. Менавіта ён зрабіў нашу сталіцу еўрапейскай, збудаваўшы ў 30-я гады мінулага стагоддзя Дом Ураду, Дом афіцэраў, галоўны будынак НАН Беларусі і будынак Тэатру оперы і балету. У 1937 годзе за свае шэдэўры ў стылі канструктывізму ён атрымаў гранпры на Сусветнай выставе навукі і архітэктуры ў Парыжы.

Таму прапаную ў гэтым годзе адкрыць на згаданых будынках мемарыяльныя дошкі з барэльефам I. Р. Лангбарда і апісаннем дэталей пабудовы будынкаў.

Яшчэ варта надаць адной з вуліц ці плошчаў сталіцы імя Лангбарда, а таксама выдаць мастацкі канверт ці паштовую марку ў яго гонар.

З павагай Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб увекавечанні памяці І.Р. Лангбарда

Паважаны Алег Анатольевіч!

Па даручэнні кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ваш зварот па пытанні ўвекавечання памяці заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, доктара архітэктуры Іосіфа Рыгоравіча Лангбарда разгледжаны Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам сумесна з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.

Паведамляем, што ў сённяшні час на Доме Ураду, Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь, галоўным будынку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Доме афіцэраў размешчаны дошкі з інфармацыяй, што архітэктар гэтых будынкаў - І.Р. Лангбард.

У 2007 годзе Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь у серыі "Выбітныя дойліды Беларусі" быў выпушчаны канверт з арыгінальнай маркай, прысвечаны Іосіфу Рыгоравічу Лангбарду.

Парадак фармавання тэматычных планаў, вырабаў і распаўсюджванне дзяржаўных знакаў паштовай аплаты і спецыяльных паштовых штэмпеляў вызначаны Інструкцыяй, зацверджанай пастановай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь ад 26.09.2008 № 38. У адпаведнасці з Інструкцыяй вядомыя дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, дзеячы навукі, культуры і мастацтва могуць быць намаляваны на дзяржаўных знаках паштовай аплаты да юбілеяў з дня нараджэння, кратным лічбе 25.

У сувязі з гэтым, выпусціць паштовую марку або мастацкі маркіраваны канверт да 130-годдзя з дня нараджэння І.Р. Лангбарда, не ўяўляецца магчымым.

Прапанова аб прысваенні імя Іосіфа Лангбарда адной з вуліц ці плошчаў г. Мінска ва ўстаноўленым парадку будзе разгледжана камісіяй па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак г. Мінска пры найменаванні новых вуліц і плошчаў сталіцы.

Дзякуй за актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Намеснік старшыні І.В. Карпенка.


Памяці рэжысёра

Дзесяць год таму як пайшоў з жыцця Юркевіч Сяргей Фёдаравіч (19 жніўня 2002 года), адданы сын Беларусі, рэжысёр-лялечнага тэатра, выдатны вучоны, кандытат мастацтвазнаўства.

Нарадзіўся Сяргей Фёдаравіч 21 студзеня 1954 года ў вёсцы Ілава Мядзельскага р-на. Скончыў ленінградскі дзяржаўны інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі (1980). З 1980 г. - заснавальнік і галоўны рэжысёр Гарадзенскага абласнога тэатра лялек, з 1987 года - галоўны рэжысёр Берасцейскага абласнога тэатра лялек. З 1990 г. заснавальнік, мастацкі кіраўнік і рэжысёр-пастаноўшчык Менскага абласнога тэатра лялек "Батлейка".

З 1996 г. - навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры. Паставіў 40 спектакляў для дзяцей і дарослых, сярод іх: у Гарадзенскім тэатры - "Людвіг і Тута" В. Богача і С. Хрыстоўскага, "Сіндбад-Мараход" Ю. Фрыдмана і В. Шульжыка (1981 г.), "Аперацыя " Ласы кавалачак" Х. Рамо (1982 г.). "Запалачка-невялічка" Р. Сцяфанава, "Насарог і Жырафа (1983 г.), "Балада пра белую вішню" С. Клімковіч (1984 г., лаўрэат 1-га рэспубліканскага конкурсу творчай моладзі), "Васіліса Прыгожая" К. Чарняк (1985 г.), "Песня пра герояў" В. Корнева (1986 г.), у Берасцейскім тэатры - "Беласнежка і сем гномаў" Л. Усцінава і А. Табакова, "Кот у ботах" Г. Уладычынай (1986 г.), "Дзень нараджэння ката Леапольда" А. Хайта (1987 г.), "Гарывада" (аўтар Юркевіч) паводле Н. Тулупавай (1988 г.), "Забыць Герастрата!" Р. Горына (1989 г.); у тэатры "Батлейка" - "Заяц варыць піва" С. Кавалёва, "Чароўны камень" В. Лукшы (1993 г.), "Мая Іліяда" (аўтар Юркевіч) паводле паэтычных твораў У. Караткевіча...

Сяргей Юркевіч - аўтар прац па праблемах лялечнага тэатра, друкаваўся ў часопісе "Мастацтва", штотыднёвіку "Культура". Прымаў удзел у навуковых канферэнцыях... У 1997 г. разам з мастаком Леанідам Быкавым напісаў кнігу "Чароўны свет тэатра лялек", якая карыстаецца вялікім попытам...

Рэжысёр выхаваў добрага сына Дзяніса. Сяргей Юркевіч пахаваны на Паўночных могілках каля сталіцы. Трэба адзначыць, што светлая памяць аб гэтым чалавеку назаўжды застанецца ў сэрцах тых, хто яго ведаў!

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст культуры.


Алесь родам з вёскі Лясань

Праект "Чалавек у вышыванцы"

12 снежня 2009 года, пятніца. У Дольнай зале Чырвонага касцёла а шаснаццатай гадзіне сабраліся прыхільнікі клуба "Спадчына" і яго старшыні Анатоля Белага з нагоды 25-годдзя згаданай суполкі і 70-годдзя самога старшыні. На гэтую ўрачыстасць "Спадчыны" прыйшлі ў вышыванках толькі двое - Сымон Барыс і Валера Мазынскі. А мог прыйсці і шмат хто іншы.

Вышыванка - гэта ж таксама наша спадчына. Добра ведаю: ёсць вышыванка ў мастака Алеся Цыркунова. Карыстаючыся нагодай, распытваю ў Алеся пра гісторыю яго вышыванкі.

"… Сваю вышыванку я займеў толькі дзесь у 1987-89 гадах. Было мне на той час пад сорак гадоў, я з сорак восьмага. Парупілася ж, каб у мяне быў гэты цуд, мая Таццяна. Яна, з пэўным мастацкім густам, той парою працавала ў шапіку ТБМ. Праз гэта мела шмат знаёмых. Сярод іх быў і Ўладзя Бербераў, які дапамог набыць вышыванку для мяне. З тае пары я з ёй і не расстаюся, апранаю падчас розных беларускіх імпрэзаў і ўрачыстасцяў."

Мастак Алесь Цыркуноў родам з самабытнай для Беларусі вёскі. Яе самабытнасць найперш у назове. А вёска тая завецца Лясань, гэта на Жлобіншчыне. Пагадзіцеся, вымавіш такі назоў і міжволі ў тваім уяўленні паўстае невялікая, досыць утульная вёсачка, шчыльна атуленая з усіх бакоў лесам.

"… Мо калісьці яно гэтак і было, - пагаджаецца Алесь.- Але ўжо за маёй памяццю лес трохі адступіўся ад нашае вёскі. Назоў вёскі гаворыць сам за сябе. Гэта была і насамрэч колісь спрэс лясная вёска і людзі тут жылі па ўсіх законах прыроды: самі пралі, самі ткалі, самі вышывалі."

Пытаюся ў Алеся, ці помняцца яму яго родныя лясанцы ў вышыванках?

" Нешта не вельмі выразна, размыта. Я ўжо гадаваўся ў пасляваеннай разрусе. Помніцца толькі мой дзядуля Ціма, Цімох. Жыў ён у суседняй з Лясанню вёсцы Саланое. Дык помніцца ён мне ў сціплай белай кашулі, на якой тамсям праглядваліся ўжо выцвілыя чырванаватыя ўзоры. Гэты ўспамін мне што-раз нагадваўся прагай штось мець такое і ў сябе. Мара, як я ўжо казаў, збылася ў 1987-1989 гадах. Пазней набыў сабе і адпаведны пас. Зараз іх у мяне аж два. Да гэтага гарнітуру дадаліся капялюш і брыль, вырабленыя майстрам з-пад Браслава. Мне трапляла пабываць на шмат якіх нашых нацыянальных сумоўях. Дзякуючы гэтаму свайму строю заўсёды адчуваю сябе духоўна напоўненым і далучаным да ўсёй нацыянальнай сутнасці нашага народу."

Я цікаўлюся, а чаму на сённяшнюю ўрачыстасць Алесь прыйшоў не ў вышыванцы?

"Зіма. На вуліцы зімна! - жартуе Алесь. - Вышыванка найбольш адпавядае вясне і лету. І дома, калі госці ў хату, добра іх у вышыванцы прывеціць."

Ул. Содаль. (Падрыхтавала Яна Трубач.)


Кніга пра носьбітаў вольнага слова

Сёлета да дня народзінаў Васіля Быкава пабачыла свет кніга "Носьбіты роднага слова. Лаўрэаты прэміі "За свабоду думкі" 2008-2011 гг." У кнізе сабраны рэпартажы са святкавання дня народзінаў Васіля Быкава і штогадовай цырымоніі ўручэння нацыянальнай прэміі "За свабоду думкі", заснаванай Аляксандрам Мілінкевічам.

Зборнік дае чытачам магчымасць пазнаёміцца з лаўрэатамі прэміі - тымі выбітнымі асобамі, якія зрабілі значны ўнёсак у духоўнае і культурнае жыццё Беларусі.

Наш кар.


Пайшла Вера Вярба

13 ліпеня не стала Веры Вярбы .

Вера Вярба, сапр.: Гер-труда Пятроўна Сакалова (нар. 14 студзеня 1942, в. Высокі Гарадзец Талачынскага раёна), беларуская паэтка. Нарадзілася ў сям'і службоўцаў. Бацька, Маркаў Пётр Андрэевіч, загінуў у 1941 пад Смаленскам. Маці, Казлоўская Надзея Васільеўна, працавала інжынерам у Менску. У 1958 В. Вярба скончыла сярэднюю школу ў Менску і паступіла на філалагічны факультэт БДУ, які скончыла ў 1964. Працавала пазаштатным карэспандэнтам часопіса "Маладосць" (1964-1969), старшым інспектарам аддзела прапаганды літаратуры Упраўлення кніжнага гандлю Дзяржкамітэта СМ БССР па друку (1969-1971). З 1972 - літсупрацоўнік, потым загадчык аддзела пісем і інфармацыі рэдакцыі газеты "Літаратура і мастацтва", з 1977 пазаштатны карэспандэнт часопіса "Работніца і сялянка", з 1980 - у часопісе "Беларусь". Сябар СП СССР з 1964 г., абіралася членам бюро секцыі паэзіі СП БССР. Жыла ў Менску. Дэбютавала ў 1958 вершамі ў рэспубліканскіх часопісах ("Полымя", "Вясёлка", "Работніца і сялянка"). Аўтар зборнікаў паэзіі "Вочы вясны" (1962), "Белыя пісьмы" (1967), "Высакосны год" (1969), "Сіняя бухта" (1975), "Альфа" (1978), "Мая маленькая планета" (1982), "Яраслаўна" (1986). Выйшла кніжка вершаў для дзяцей "Пралеска" (1968). У 1976 г. выйшла "Выбранае", у 1987 г. - кніжка выбранай паэзіі "Белыя пісьмы". Верш "Ручнікі", пакладзены на музыку М. Пятрэнкам, стаў папулярнай песняй (апроч гэтага, песні на вершы паэтэсы напісалі I. Барсукоў, Л. Свердзель). Творы В. Вярбы перакладаліся на рускую і інш. мовы. В. Вярба пераклала на беларускую мову "Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне" Р. Фраермана (1975). Першая ж кніга В. Вярбы "Вочы вясны" выклікала добрыя ўражанні, звярнула ўвагу крытыкі. Адзначалася, што некаторыя вершы з гэтай кнігі сталі набыткам беларускай паэзіі. Творы В. Вярбы друкаваліся ў часопісах "Полымя", "Маладосць", "Беларусь", у газеце "Літаратура і мастацтва" і інш. Паэзія В. Вярбы - лірычная споведзь пра час і сваё пакаленне. Асноўныя матывы - услаўленне маладосці, кахання, мацярынства, роздум над гісторыяй роднага краю і праблемамі сучаснасці.

Пахавалі паэтку на могілках у Калодзішчах.


Паўлючок - Марачок

Людзей у гарадскім аўтобусе поўна. Едуць хто-куды. Адны спяшаюцца на работу, іншыя проста так едуць: кожны па сваёй патрэбе. У большасці пасажыраў твары важныя, задуменныя. І раптам усе ажывіліся, калі ў аўтобус увайшла бабуля з чатырохгадовым унукам. Малы па-зімоваму апрануты ў чорнае футра, моцна падпяразаны звычайным, шырокім паскам. На нагах чорныя валёнкі з бліскучымі галёшамі, якія моцна перцягнуты тонкай гумкай, каб хлопчык іх не згубіў. Відаць, Паўлік ужо многа разоў ездзіў у аўтобусе, бо адразу, калі зайшоў у салон, кінуўся наперад, каб заняць першае месца. А бабуля, згорбленая, нямоглая ледзьве паспявала за ім дыбаць, баючыся, каб унук не нарабіў якой-небудзь шкоды. Спяшыць за ім і сабе пад нос ціха паўтарае: "От, унучок, Паўлючок. Колькі з табой за дзень набярэшся, дальлог, проста сілы не хапае. Маці з бацькам на рабоце, а мне з табой вазіся, проста сілы няма, дый гады не тыя, каб за малым угнацца. Задумаў Паўлік паехаць да цёткі Мані, каб пагуляць з яе дзеткамі. Каб летам, то нічога. А зімой дабярыся да той вуліцы Янкі Купалы, гэта столькі язды, а колькі мітранчы."

Затым бабуля Агата трохі прыціхла, побач села, абняла малога жэўжыка рукой, дыхнула спакойней. Нешта балбатнула яму на вуха і пачала азірацца па баках. Людзей на кожным прыпынку заходзіла ўсё больш і больш. Праз адчыненыя дзверы аўтобуса ўрывалася халоднае паветра. Яно змешвалася з цёплым подыхам пасажыраў, і ў салоне ўтваралася вільготная парнасць. Маленькі Паўлік не мог сядзець спакойна на месцы: яму ўсё ўбачыць, усё ведаць, нават рукамі памацаць. Неўзабаве стаў ён на калені і пачаў глядзець у вакно. Бабуля Агата рукавіцай выцерла марознае шкло, і Паўлік, гледзячы ў акно пачаў задаваць ёй безліч розных пытанняў. "Бабуля, а чаму ля ёлкі няма козачак?" - гледзячы на прыдарожную ёлку, якая расла каля музычнай школы, спытаў Паўлік.

"Козачкі днём адпачываюць", - адказала бабуля. Будзем ехаць назад дадому абавязкова іх убачыш". Але ж найцікавей было Паўліку, калі праязджалі Нёман. Ён нават падняўся на ногі, носікам і шчочкамі ўпёрся ў шыбу і пачаў пытаць: "А куды вада бяжыць? У мора, унучак, туды, дзе водзяць маракі вялікія караблі", - задаволена адказала бабуля. "Я, як вырасту хачу быць мараком", - па-дзіцячы, весела выпаліў Паўлік і затупаў ножкамі.

"О-о-о! Го-го-го! Табе даражэнькі яшчэ расці, дый расці да той пары", - задаволеная такім памкненнем адказала Агата.

За мостам аўтобус спыніўся, пачалі паспешна выходзіць і заходзіць людзі, але Паўлік не звяртаў на гэта ніякай увагі. Яго больш цікавіла вуліца, розныя пабудовы.

І калі аўтобус параўняўся спачатку з царквой, затым з касцёлам, бабуля перахрысцілася, гледзячы на пазалочаныя цыбуліны - купалы, а потым спытала ў Паўліка: "А ці ведаеш, унучак, што гэта за пабудовы?" "Дом, школа!" - неяк паспешна адказаў Паўлік. "Ах ты, няўмека, немец!" - жартаўліва прамовіла бабуля. "Я не немец, я беларус!" - пакрыўджана адказаў унук. Па дарозе яшчэ шмат было новага для Паўліка: зялёныя, чырвоныя, жоўтыя светлафоры, дамы рознай афарбоўкі, навагодняя ёлка на плошчы.

Бабуля, каб адцягнуць унука ад вакна спытала: "А кім ты будзеш, унучак, калі вырасцеш?"

"Мараком! - адказаў Паўлік. Хутка пад'ехалі да прыпынку, дзе ім патрэбна было выходзіць. Агата ўзяла малога за руку і сказала "Ну, Паўлючок - Марачок, нам трэба выходзіць на вуліцу" - і пяшчотна прыціснула да сябе ўнука.

Іван Сухоцкі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX