Вярнуцца: 2012

№ 31 (1078)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 31 (1078) 1 жніўня 2012 г.

Зварот Cакратарыяту ТБМ да беларускіх студэнтаў-першакурснікаў

Дарагія сябры!

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" віншуе вас з паступленнем у ВНУ краіны.

Мы выказваем асаблівую падзяку тым, хто падчас здачы тэстаў абраў беларускую мову. Ганарымся тымі, хто здолеў выканаць тэставыя заданні на 100 балаў. Гэта сапраўдны грамадзянскі ўчынак і значны асабісты ўклад у святкаванне 130-гадовага юбілею класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам вы маеце магчымасць навучацца на беларускай мове. Для гэтага неабходна напісаць адпаведную заяву на імя дэкана таго факультэта, дзе вы будзеце навучацца.

Спадзяемся, што, дзякуючы вашым намаганням, сёлетні навучальны год пачнецца на беларускай мове.

26. 07. 2012 г.


149-я ўгодкі паўстання 1863 года адзначылі на Лідчыне

29 ліпеня на полі паміж Малым Ольжавам і Мохавічамі Лідскага раёна была адслужана імша ў памяць паўстанцаў 1863 года. Паміналі паўстанцаў на гэтым месцы ўжо ў 18-ты раз падрад. На гэты раз ксёндз Рышард з Белагруды маліўся таксама і за памерлага летась Ўладзіміра Хрышчановіча, які быў актыўным сябрам ТБМ, намеснікам старшыні Лідскай гарадской арганізацыі БНФ "Адраджэньне", старшынём Лідскай раённай арганізацыі Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ, які ў 1995 годзе ставіў гэтыя мемарыяльныя крыжы і кожны год займаўся падрыхтоўкай набажэнства. Імша ішла ў асноўным на беларускай мове.

На імшы прысутнічалі ў асноўным сябры ТБМ і БНФ з Ліды і Бярозаўкі, былі студэнты-каліноўцы і некалькі мясцовых жыхароў з М. Ольжава. Са спазненнем пад'ехалі госці з Наваградка і Менска, для якіх была наладжана невялікая экскурсія па мемарыялу.

На наступны год спаўняецца 150 гадоў паўстанню і пасля імшы былі абмеркаваны пытанні годнага адзначэння гэтай даты на Лідчыне. Было паднята пытанне ўшанавання памяці герояў паўстання тарноўскага дзедзіча Кастуся Кашыца і тарноўскага войта Севярына Якубоўскага, пра якіх мала хто згадвае (а да Тарнова ўсяго некалькі кіламетраў).

Наш кар.


210 гадоў з дня нараджэння Ігната Дамейкі

Ігнат Гіпалітавіч ДАМЕЙКА (польск.: Ignacy Domeyko, ісп.: Ignacio Domeyko; 31 ліпеня 1802, маёнт. Мядзведка Наваградскага пав. Гарадзенскай губ. (цяпер Карэліцкі р-н Гарадзенскай вобл.) - 23 студзеня 1889, Сант'яга, Чылі; псеўданім і крыптанім: Жэгота; Ign. D.) - удзельнік паўстання 1830-1831, навуковец, рэфарматар, геолаг, мінеролаг, мемуарыст. Правёў большую частку жыцця і памёр у Чылі, але таксама займае важнае месца ў навуцы і культуры Беларусі, Літвы і Польшчы.

Паходзіў з Дамейкаў герба Даленга, сын Гіпаліта і Караліны Дамейкаў, брат Адама. У 1816 скончыў Шчучынскую піярскую школу, у 1822 фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, атрымаў ступень магістра матэматыкі. У 1819 уступіў у студэнцкі "Саюз сяброў", потым у Таварыства філаматаў. Арыштаваны ў лістападзе 1823; высланы пад нагляд паліцыі ў в. Заполле (цяпер Лідскі р-н), потым у в. Жыбуртоўшчыну (цяпер Дзятлаўскі р-н). Яму было забаронена паступаць на дзяржаўную службу і займацца грамадскай дзейнасцю.

Падчас паўстання 1830-1831 у корпусе генерала Д. Хлапоўскага, ад'ютант 25 пяхотнага палка. Адступаючы ў складзе корпуса А. Гелгуда, перайшоў прускую мяжу; быў інтэрнаваны. У Расійскай імперыі паводле рашэння ГГСК ад 8.10.1832 І. Дамейка быў аднесены да 2 разраду злачынцаў з канфіскацыяй маёмасці. Пасля ўдакладнення маёмасных правоў, павінен быў уносіць у скарб трэцюю частку ад даходу, гэты абавязак быў ускладзены на брата Адама Дамейку. Некаторы час жыў у Дрэздэне, у ліпені 1832 разам з А. Міцкевічам у пераехаў у Парыж.

У Францыі сябар Таварыства літоўскіх і рускіх зямель, Таварыства навуковай дапамогі, з 1832 Гісторыка-літаратурнага таварыства, Аб'яднанне польскай эміграцыі. Вывучаў хімію і мінералогію ў Сарбоне і Калеж дэ Франс. Жыў у Парыжы разам з А. Міцкевічам. У 1834-1837 вучыўся ў Горнай школе ў Парыжы, якую скончыў з дыпломам.

У 1838 па кантракце выехаў у Чылі. З 1838 прафесар мінералогіі Горнай школы ў Какімба; з 1846 - Чылійскага ўніверсітэта ў Сант'яга, узначальваў кафедру хіміі; у 1867-1883 рэктар універсітэта. 7.7.1850 ажаніўся з чылійкай, меў дачку Аніту, сыноў Гернана і Казіміра. У 1884 на чатыры гады выехаў на радзіму. Упершыню арганізаваў шырокае вывучэнне геалогіі і мінералогіі Чылі; увёў у краіне метрычную сістэму; напісаў падручнікі па фізіцы і мінералогіі. Напісаў успаміны.

Ігнату Дамейку прысвоена званне Нацыянальнага героя Чылі; у Сант'яга яму ўстаноўлены помнік. Яго імем названы мінерал дамейкіт, выкапнёвы слімак, фіялка, чылійскі аманіт, род дыназаўраў, падвід лісіц, населеныя пункты, горны хрыбет, універсітэт і нацыянальная бібліятэка ў Сант'яга. У Беларусі ў Мядзведкаўскай і Крупаўскай СШ адкрыты музеі. У Мядзведцы ўстаноўлены бюст і памятны камень, у Крупаве - памятны знак. У Лідзе і Крупаве імем Ігната Дамейкі названы вуліцы.


АДАМУ МАЛЬДЗІСУ - 80

Адам Іосіфавіч МАЛЬДЗІС (нар. 7 жніўня 1932, в. Расолы Астравецкага р-на Гарадзенскай вобл.) - беларускі літаратуразнавец, гісторык, пісьменнік, журналіст. Доктар філалагічных навук (1986), прафесар (1990). Аўтар гістарычнай аповесці "Восень пасярод вясны" (1984), краязнаўчага нарыса "Астравеччына, край дарагі…" (1977), літаратурнага партрэта "Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча" (1990, 2010), кніг "Як жылі нашы продкі ў XVIII ст." (2001). Складальнік зборнікаў "Зямля навагрудская, краю мой родны…" А. Міцкевіча (1969) і "Творы" Я. Дылы (1981), "Пан Тадэвуш" А. Міцкевіча (пераклад Б. Тарашкевіча, 1981). Перакладаў з польскай і балгарскай моў. Рэдактар біябібліяграфічнага слоўніка "Беларускія пісьменнікі" (Т. 1-6; 1992-1995) і інфармацыйна-культуралагічнага бюлетэня "Кантакты і дыялогі" (1996-2002).

Сябар Рады ГА ТБМ імя Ф. Скарыны.

Узнагароджаны медалём Францішка Скарыны і інш. медалямі, пяцю польскімі ганаровымі адзнакамі. Заслужаны дзеяч польскай культуры (1982). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) - за ўдзел у двухтомавым даследаванні "История белорусской дооктябрьской литературы" (1977).

(Пра Адама Мальдзіса чытайце на ст. 2.)


Адзін са знакамітых людзей Беларусі, рыцар Беларускага Адраджэння

(Адаму Мальдзісу - 80 гадоў)

7 жніўня 2012 года Адаму Восіпавічу Мальдзісу - 80 гадоў. Яго добра ведаюць беларусы рознага веку - і ў Беларусі, і за мяжой. Калі пералічыць усе яго псеўданімы, то дзіву даешся: А. Гудас (значыць беларус), Адам Гудас, А. Расольскі, Адам Расольскі, А. Свіслацкі. Але гэтыя назвы толькі той мясцовасці, з якой паходзіць наш паважаны Адам Язэпавіч.

Паколькі я яго ведаю некалькі дзесяцігоддзяў, то і магу сцвярджаць, выбар ім сваіх псеўданімаў быў мэтанакіраваны. Я ў гэтым пераканаўся даўно.

Для мяне Адам Мальдзіс і выдатны беларускі вучоны літаратуразнаўца, і пісьменнік і грамадскі дзеяч. А.Я. Мальдзіс - і ўзор добра выхаванага, культурнага чалавека, і дабразычліўца, і нястомнага працаўніка ў галіне беларускай культуры, які ніколі не спыняецца ў сваёй працы. Я неяк назваў яго ў сваім артыкуле: "З тых старых ліцвіноў", і хочацца зноў назваць яго так.

Адам Язэпавіч Мальдзіс нарадзіўся 7 жніўня 1932 года на цяперашнім беларуска-літоўскім памежжы, у вёсцы Расольск тагачаснага Віленска-Трокскага павету Віленскага ваяводства (цяпер гэта Астравецкі раён Гарадзенскай вобласці. Адам Мальдзіс нарадзіўся за 40 кіламетрах на ўсход ад былой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага - Вільні і з'яўляецца сапраўдным "віленчуком".

Адам Язэпавіч Мальдзіс - выдатны гісторык, аўтар таленавітых прац па беларускай гісторыі і літаратуры, уяўляе сабой унікальны тып таленавітага вучонага, чалавека энцыклапедычных ведаў, пісьменніка, літаратуразнаўца і грамадскага дзеяча. Пра яго кажуць: "Спытайцеся ў Адама Мальдзіса. Ён гэта ведае і дасць поўны адказ". Імя яго і творы ведамыя далёка за межамі Беларусі. Ён таксама сціплы і абаяльны чалавек, асоба высокай культуры (што не часта сустракаецца ў наш час). Яго кнігі і артыкулы заўсёды прыцягваюць вялікую ўвагу чытачоў і хутка становяцца рарытэтамі. Хочацца адзначыць яго твор (у суаўтарстве з Валянцінам Грыцкевічам) "Шляхі вялі праз Беларусь" (1980 г.). Гэтая кніга амаль адразу была раскуплена чытачамі і патрабуе новага выдання. А аповесць А. Мальдзіса "Восень пасярод вясны" аб палітычным становішчы на Беларусі перад паўстаннем 1863 года. Калі яе цяпер перачытваеш (бо выдадзена ў 2009 г. у "Мастацкай літаратуры" разам з цудоўным даследаваннем "Як жылі нашы продкі ў ХVІІІ стагоддзі), то адарвацца ад тэксту няма магчымасці. Настолькі ўсё цікава і гістарычна пацверджана.

Адам Язэпавіч Мальдзіс быў першым сярод літаратараў на Беларусі, які адкрыў чытачам, і перш за ўсё маладому пакаленню, сістэматычную гісторыю беларускай літаратуры ХVІ-ХІХ стагоддзяў на падставе знойдзеных ім у архівах Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі дакументаў і твораў. Менавіта Адам Мальдзіс знайшоў ноты "Полацкага сшытка", мелодыя з якога сталася гімнам Міжнароднага Згуртавання Беларусаў свету "Бацькаўшчына".

Сваёй ахвярнай, нястомнай працай даследчыка Адам Мальдзіс яшчэ ў 60-70-я гады ХХ стагоддзя значна пашырыў прадмет даследванняў беларускай літаратуры. Справядліва ўключыўшы ў яго літаратурныя творы на іншых мовах, але на беларускім матэрыяле і тагачасных беларускіх рэаліях. А гэта творы на польскай і лацінскай мовах, якіх цураліся (часткова з-за таго, што не ведалі гэтых моў, а часткова баяліся далучаць іх да беларускай літаратуры) ранейшыя даследчыкі.

Сваёй працай Адам Мальдзіс яшчэ ў савецкі час аб'ектыўна стаўся адным з пачынальнікаў Беларускага Адраджэння апошняй чвэрці ХХ ст. Рашучасць у адстойванні сваіх навуковых і грамадскіх поглядаў у дыскусіях і публікацыях, у тым ліку і ў энцыклапедычных выданнях, дала магчымасць гэтымі сваймі кнігамі і публікацыямі пашырыць кола прыхільнікаў беларушчыны ў тыя часы.

Калі ў пачатку ХХІ стагоддзя А.Я. Мальдзіс быў запрошаны ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, каб прымаць дзяржаўныя экзамены як старшыня дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі для выпускнікоў музеязнаўчай спецыяльнасці, то студэнты ганарыліся тым, што ў іх прымае дзяржаўныя экзамены Адам Язэпавіч Мальдзіс.

Пра сваё паходжанне, "з тых старых ліцьвіноў", Адам Мальдзіс сам піша ў сваёй гістарычнай аповесці "Восень пасярод вясны". На беларуска-літоўскім памежжы некалькі стагоддзяў ішоў працэс асіміляцыі летувісаў беларусамі. Адам Мальдзіс нарадзіўся ў беларускай каталіцкай сям'і Віленшчыны. Ён атрымаў ад продкаў не толькі сталыя беларускія традыцыі, але і здольнасці да навукі. Прага да ведаў, аналітычны розум юнака прывялі яго ў Беларускі дзяржаўны універсітэт, на факультэт журналістыкі, які ён паспяхова скончыў у 1956 г. Некалькі гадоў Адам Мальдзіс працаваў сакратаром у раённай газеце "Сцяг Ільіча" (Радашковічы). Потым вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. Аспірантуру скончыў у 1962 г. і ў 1963 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю "Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў другой палове ХІХ ст" і атрымаў навуковую ступень кандыдата філалагічных навук. Ад 1962 г. Адам Мальдзіс працаваў навуковым супрацоўнікам у інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі, у якім ён дзесяць гадоў (1981-1991 гг.) ён быў загадчыкам аддзела беларускай дакастрычніцкай літаратуры.

Адам Мальдзіс - чалавек самадысцыпліны, які амаль увесь свой час прысвячае творчай працы. Плён гэтай працы відавочны - шматлікія манаграфіі, многа соцень навуковых і публіцыстычных артыкулаў, арганізацыя навуковай працы, выданне кніг, навуковых зборнікаў, бюлетэняў. Цяжка пералічыць яго навуковыя працы.

Адам Мальдзіс удзельнічаў, як адзін з аўтараў, у выданні кніг "Садружнасць літаратур", "Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры" (том 2, 1969 г.), "Старонкі літаратуры сувязяў" (1970 г.). У 1980 г. Адам Мальдзіс атрымаў дзяржаўную прэмію БССР імя Якуба Коласа за ўдзел у двухтомным даследаванні "Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры" і "Гісторыі беларускай савецкай літаратуры" (на рускай мове).

Адна за адной выходзілі манаграфіі Адама Мальдзіса, якія адразу сталіся крыніцамі для іншых даследчыкаў і для студэнтаў ВНУ гуманітарнага профілю.

Пасля абароны доктарскай дысертацыі на тэму "Заканамернасці развіцця беларускай літаратуры пераходнага перыяду (другая палова ХVІІ-ХVІІІ ст.)" у 1986 г. Адам Язэпавіч Мальдзіс атрымаў вучоную ступень доктара філалагічных навук, а ў 1990 г. вучонае званне прафесара.

Ад 1991 г. да 1998 г. Адам Мальдзіс быў дырэктарам Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францішка Скарыны, а потым загадчыкам аддзела ў гэтым цэнтры. Цяпер Адам Мальдзіс кіруе аддзелам у Акарэміі навук Беларусі.

Адам Язэпавіч Мальдзіс - сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, быў да 2005 г. прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, адным з кіраўнікоў Беларускага ПЭН-цэнтра, у 2001 г. быў абраны першым віца-прэзідэнтам. Ён з'яўляецца акадэмікам Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі (Масква), дзе з 1996 г. кіруе аддзелам культуралогіі

Адам Мальдзіс стварыў і асабіста рэдагуе навукова інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь "Кантакты і дыялогі". Асабіста падрыхтаваў да друку больш дваццаці зборнікаў навуковых артыкулаў па гісторыі беларускай культуры, літаратуры, мовы, гісторыі Беларусі, аб'яднаных адзіным кірункам пад назвай "Беларусіка-Albaruthenica".

У Беларускім фондзе культуры Адам Мальдзіс - старшыня камісіі "Вяртанне". У 1982 г. ад польскага ўраду атрымаў ганаровае званне заслужанага дзеяча польскай культуры. Узнагароджаны медалём Францішка Скарыны, мае іншыя беларускія ўзнагароды, а таксама пяць польскіх. У 2006 г. Адам Мальдзіс за сваю навуковую дзейнасць атрымаў прэмію і адпаведны дыплом часопіса "Пшэглёнд Всходні", які выдаецца камісіяй з вучоных пры Варшаўскім універсітэце. Яшчэ напярэдадні беларускага Адраджэння канца 80-90-х кадоў Адам Мальдзіс быў адным з нешматлікіх, лічаных тады беларускіх інтэлігентаў, якія яшчэ ў савецкі час паднялі тэму адмаўлення ад савецкай міфалогіі ў грамадскіх навуках, і перш за ўсё у гісторыі Беларусі, і вяртання сапраўднай гістарычнай спадчыны беларусаў.

Да гэтага перыяду адносіцца артыкул А.Я. Мальдзіса "Чалавек-стварэнне гістарычнае" (1988 г). Асабліва трэба адзначыць артыкул "Няўжо, забароненая зона?", які Адам Язэпавіч Мальдзіс з двума суаўтарамі надрукаваў у Маскоўскім часопісе "Советское славяноведение" (№3, с.81-87.1988 г.), бо ў Беларусі і ў Маскве іншыя часопісы і газеты адмовіліся яго друкаваць. Гэта быў знакавы для таго часу артыкул, у якім аргументавана была паказана неабходнасць перагляду састарэлых, штучна накінутых камуністычнай партыяй поглядаў на гісторыю Беларусі. Пазней гэты артыкул быў надрукаваны ў Менску ў зборніку "З гісторыяй на "Вы" (Мінск, 1991. с. 17-27). Гэты артыкул выклікаў супрацьдзеянне кіраўнікоў кампартыйных колаў Беларусіі, аднак ён даў падставу беларускім гісторыкам пачаць перагляд сваіх ацэнак цэлых перыядаў у гісторыі Беларусі. Іншыя гісторыкі таўды яшчэ сядзелі ціха ці звярталіся з просьбамі ў вышэйшыя партыйныя органы.

З нагоды юбілею хачу павіншаваць паважанага юбіляра і пажадаць дарагому Адаму Язэпавічу Мальдзісу здароўя, моцы і новых творчых поспехаў.

Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук, прафесар.


Дзяўчына з Сербіі: "Беларускую мову я вывучыла за тры гады"

Украінцы, палякі, расейцы і сербы два тыдні спрачаліся на філфаку пра моўныя тонкасці.

Прычым не на ўзроўні "прывітанне - пакуль, дзякуй - калі ласка". Калі мы зайшлі ў аўдыторыю, то дзве полькі, сербка і ўкраінец гучна абмяркоўвалі, які канчатак у родным склоне будзе ў назоўніка "гардэроб". Сышліся, што і "-а", і "-у" - у залежнасці ад значэння.

Сербку клічуць Сандра (Аляксандра), але ў Менску яе назвалі Алесяй. Сандра вучыла беларускую мову на філфаку Белградскага ўніверсітэта - як курс на выбар, які доўжыцца два гады.

Сандра Джукіч : "Студэнты вывучаюць беларускую, каб лепш ведаць славянскія мовы. Што да мяне, то я пачала вывучаць беларускую мову выпадкова, але яна мне вельмі спадабалася, і я працягнула".

Неверагодна, але Сандра гаворыць па-беларуску практычна без акцэнту і зусім вольна - такое адчуванне, што яна пры гэтым і думае па-нашаму. Хоць сама ў адказ на такія кампліменты чырванее.

Сандра Джукіч: "Я не лічу, што ў мяне асабліва добры гутарковы ўзровень... Я ўжо скончыла факультэт, і ўжо два гады ў мяне не было заняткаў, не было ніякай практыкі. Хоць у агульнай суме я вывучала беларускую мову тры гады".

Міхась з Масквы працуе гідам-экскурсаводам, мае нават акрэдытацыю для працы на тэрыторыі Крамля. Беларускую мову вывучыў самастойна, але таксама валодае ёй у дасканаласці. У Менску рабіў заўвагі нават некаторым беларусам.

Міхась Хомінскі : "Маё захапленне беларускай мовай пачалося, калі мая стрыечная цётка дала мне кніжку "Ты мая пчолка" - збор твораў Петруся Броўкі. Там былі і выдатныя пераклады на рускую мову Якава Хялемскага. Але калі па-беларуску чытаеш, уражанне ствараецца зусім іншае! У мяне добрая памяць, я пачаў вучыць. А потым зразумеў, што, каб лепш пазнаёміцца з любой літаратурай, трэба ведаць мову, праз мову адкрываецца крыніца мудрасці беларускага народа. Мову вывучыў самастойна, ні на якія курсы не хадзіў ніколі".

Украінец Улад Журба не проста ведае беларускую мову, але нават... мае сертыфікат на яе выкладанне!

Улад Журба : "Даўно я вучу беларускую мову, яшчэ ў 1990-х гадах вучыў сам. Таму што тады аддзялення беларускай мовы ў нас ва ўніверсітэце не было, толькі тры гады назад з'явілася. І давучыўся да таго, што захацеў атрымаць сертыфікат. Для гэтага паехаў у Менск, у Інстытут беларускай мовы і літаратуры імя Янкі Купалы і Якуба Коласа і там здаў гэты іспыт. Зараз магу ва Ўкраіне выкладаць беларускую мову! Памятаю пытанні на іспыце - пра палескі дыялект Берасцейскай вобласці. Ды ўся ўкраінская мова - гэта фактычна палеская гаворка!"

Калега Ўлада, Сяргей з Кіева нават сам спрабаваў пісаць вершы па-беларуску.

Сяргей Цярэшчанка: "Я пісаў вершы на I курсе - у нас было такое заданне, што можна было напісаць або вершы, або прозу. Я абраў вершы - і атрымалася".

Выкладчык філфака Кацярына Любецкая, якая праводзілая заняткі паведаміла, што спроба арганізаваць Летнюю школу беларусістыкі прадпрымалася яшчэ ў канцы 1990-х, але загасла тады з-за недахопы фінансавання.

Кацярына Любецкая: "Арганізавана была Школа беларусістыкі па ініцыятыве Лідзіі Іванаўны Сямешка ў 1999 годзе. І праходзіла на працягу 3 гадоў, аднак потым адбыўся перапынак па нейкіх прычынах - арганізацыйным, грашовым. З гэтага года па ініцыятыве Міністэрства адукацыі было выдзелена адмы-словае фінансаванне на Школу беларусістыкі, і мы можам су-стрэць нашых гасцей па-сучас-наму".

Фінансаванне - важная рэч для моладзі: большасць выдаткаў на ўдзел у Летняй школе беларусістыкі пакрыў беларускі бок.

Паўліна Качорак: "Усё было бясплатна - і курс, і пражыванне ў інтэрнаце, і віза, мы самі толькі квіткі куплялі. Мы прыехалі таксама, таму што можам убачыць Беларусь, убачыць Менск. Бо нам вельмі цяжка прыехаць - трэба мець запрашэнне. Мне тут вельмі падабаецца, тут спакойна, людзі ўсміхаюцца, гатовыя дапамагчы".

Апроч Менска ўдзельнікі Школы пабывалі ў Міры і Нясвіжы. А Ўлад з Сяргеем у вольны дзень вырашылі не губляць часу - і з'ездзілі ў Гародню.

Пасля двух тыдняў лекцый і практычных заняткаў усе навучэнцы атрымалі сертыфікат БДУ, які сведчыў, што цэлых 78 гадзін у Менску яны прысвяцілі паглыбленаму вывучэнню нашай мовы.

Еўрарадыё для Беларусі.



04.08, субота - 17.00. Запрашаем у сядзібу ТБМ! У рамках кампаніі "Будзьма!" . Сустрэча з галоўным рэдактарам "Нашага слова" С. Суднікам "Чытаем сваё".


Якаў Навуменка заняўся прапагандай беларускай песні ў сацсетках

Саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Жыновіча народны артыст Беларусі Якаў Навуменка збірае і папулярызуе беларускія песні з дапамогай сацыяльных сетак.

Нам засталася спадчына…

"Беларуская музычная спадчына" - такі дэвіз маёй старонкі на рэсурсе Privet.ru. Я здзіўлены тым, што на нашым тэлебачанні няма праграм, у якіх бы гучалі запісы беларускіх песень хоць бы 70-80-х гадоў. Тэлепубліка не чуе галасоў Віктара Вуячыча, Тамары Раеўскай, Валерыя Кучынскага, Анатоля Падгайскага, Тамары Пячынскай, ранніх "Песняроў", "Сяброў" і "Верасоў", - кажа Якаў Навуменка. - На радыё справа ідзе некалькі лепш: там часам транслююць песенную класіку".

Запампаваўшы на сваю старонку некалькі дзясяткаў беларускіх песень мінулых гадоў, Якаў Навуменка адзначыў цікавасць публікі: людзі не толькі слухалі, але і дасылалі заяўкі. Да прыкладу, успомнілі песню "Жоўтыя вяргіні", якая некалі выконвалася "Сябрамі".

Якаў Навуменка патэлефанаваў Анатолю Ярмоленку, які быў нямала здзіўлены тым, што "яшчэ памятаюць, хоць колькі гадоў прайшло". Анатоль Іванавіч адшукаў песню ва ўласнай фанатэцы на рэтраносьбіце: магнітафоннай плёнцы. Навуменка параіў тэрмінова адлічбаваць архіў, бо вядома, што магнітная плёнка недаўгавечная.

На старонцы ў сацсетцы Якаў Навуменка размяшчае запісы як рэтрашлягераў, так і сучаснай музыкі з уласнай фанатэкі, звяртаецца да выканаўцаў песень. І часам бывае шакаваны іх стаўленнем да ўласнай творчасці.

Імя спявачкі Святланы Кульпы было добра вядома ў 70-80-я гады мінулага стагоддзя не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Дык вось, у Якава Навуменкі пацікавіліся песнямі ў выкананні Святланы Кульпы. Ён патэлефанаваў спявачцы, а тая перш здзівілася, што яе яшчэ хтосьці памятае, а потым здзівіла Якава, паведаміўшы, што ўсе свае запісы… выкінула.

У фанатэцы беларускага радыё, вядома, ёсць запісы Святланы Кульпы, але, верагодна, яны дзесьці вельмі далёка "заархіваваны". А тым часам, людзі жадаюць чуць яе голас. Дарэчы, музычная рэдакцыя беларускага радыё не адмаўляе ў дапамозе народнаму артысту, калі ён звяртаецца па той ці іншы запіс.

"Каб пачуць песню па радыё ці паглядзець перадачу па тэлебачанні, трэба падгадаць час, а гэта ў людзей не заўсёды атрымліваецца пры цяперашнім тэмпе жыцця, - разважае Якаў Навуменка. - Таму на дапамогу прыходзяць высокія тэхналогіі - інтэрнэт даступны кругласутачна ў зручны для карыстальніка час".

Забыліся роднае і адмовіліся ад свайго

Патрабаванне пра 75% беларускай музыкі ў беларускім эфіры пакуль ніхто не адмяняў. Але ці варта нагадваць, як яно выконваецца. Па-першае, транслюецца не гэтулькі беларуская музыка, колькі ў выкананні артыстаў, якія калісьці жылі ў Беларусі. Па-другое, гучаць англамоўныя кампазіцыі, складзеныя нашымі суграмадзянамі.

"З 75% не так шмат гучыць беларускамоўных песень, як хацелася б", - адзначыла ў гутарцы з карэспандэнтам Naviny.by загадчыца аддзелам музычных праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Таццяна Якушава.

Па яе словах, новыя песні ў рэдакцыю прыносяць самі выканаўцы, але і радыйшчыкі цікавяцца навінкамі, нават конкурсы праводзілі.

"Адназначна мала гучыць беларускамоўных песень. Зараз іх зусім трохі нараджаецца на беларускай мове, - канстатуе музыка беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" Аляксандр Жых. - Беларускія артысты пачалі касіць "пад Захад", спяваць на ангельскай мове, маючы жудаснае вымаўленне. Адпаведная частка артыстаў завострана пад "фармат", сваю асабістую папулярнасць і моднасць, ва ўгоду якім яны гатовыя забыцца роднае і адмовіцца ад свайго. Хоць беларуская мова вельмі паэтычная і пявучая.

Што да "Песняроў", то публіка ідзе на імя, якое асацыюецца з "Александрынай", "Алесяй", "Белавежскай пушчай", "Волагдай", "Касіў Ясь канюшыну", і менавіта гэтых песень чакаюць ад нас. Да новых песень у публікі заўсёды насцярожанае стаўленне. Каб аўдыторыя абвыкла да песні, яна павінна дзень пры дні гучаць па радыё. Па Першым канале радыё часам чую "Паланэз", а "Мелодыі стагоддзя", "Радыё Рокс" транслююць песні ў выкананні "залатога складу" "Песняроў", і добра, што хоць іх не забыліся".

Па нештампованую музыку - у інтэрнэт

Ёсць у нас нашых службоўцаў ад культуры традыцыя - уладкоўваць шумныя кампаніі з нагоды юбілеяў класікаў. А паўсядзённай працы па папулярызацыі творчасці Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа не асабліва відаць, калі не лічыць экскурсіі школьнікаў у музеі.

У 2010 годзе Аляксандр Кацікаў напісаў выдатную песню "Ручай" на верш Якуба Коласа - не да юбілею паэта, а па натхненні. Паслухаць яе можна толькі на сайце "Беларускіх песняроў". Ні радыё, ні тэлебачанню яна не патрэбна нават у юбілейны год - такі вось парадокс.

"Цяпер, каб песня загучала, аўтар сам павінен распачаць некаторыя крокі. Але нават калі яго спробы аднойчы ўвянчаюцца поспехам, няма гарантыі, што песня знойдзе свайго слухача, - кажа канцэртны дырэктар ансамбля "Беларускае песняры" Марыя Осліна. - Цяпер у тэле- і радыё-эфірах пераважае забаўляльная музыка, якая не нясе ў сабе нічога, часцяком напісаная штампамі. Людзі, якім цікавыя песні з добрай музыкай, якія нясуць у сабе ідэю, што прымушаюць думаць, якія нараджаюць эмоцыі, не будуць слухаць эфір у надзеі, што, можа быць, пачуюць штосьці цікавае. Яны пойдуць у інтэрнэт. Так, выдаткуюць нейкі час на пошукі, але затое знойдуць тое, што хацелася б ім. І ў гэтым ключы паказальныя пазіцыі песні "Ручай", якая лідыруе ў хіт-парадзе беларускага музычнага партала "Тузін Гітоў" у 2010 годзе".

Што казаць пра новую песню, калі некалі найпапулярную "Янка Купала" ў выкананні "Сяброў" лёгка знайсці ў інтэрнэце, але наўрад ці пачуеш у якой-небудзь музычнай праграме нашага тэлебачання. Як і мноства іншых найпрыгожых песень на вершы паэтаў-класікаў ды і сучаснікаў таксама.

Беларускую класіку - у эфір!

Якаў Навуменка, які актыўна гастралюе, перакананы, што наша песенная класіка патрэбна не толькі публіцы, якая заўсёды цёпла прымае правераныя часам шлягеры, але і маладым артыстам.

"У маладых артыстаў няма звычайнага рэпертуару, яны просяць: дайце нам старыя песні, - распавядае Якаў Навуменка. - А няма адкуль узяць, таму што ніхто не выдаваў анталогій, нотных складанак. У савецкі час песні купляла дзяржава, дзесьці ў архівах, вядома ж, захоўваюцца ноты і тэксты. Таму я вырашыў зрабіць на сваёй старонцы настройкі, якія дазваляюць запампаваць песні - гэта дазваляе вывучыць песню, што асабліва зручна для маладых артыстаў".

Калі ў маладых артыстаў, хай не ў кожнага з іх, ёсць цікавасць да песеннай класікі, гэта абнадзейвае. Значыць, на нашай эстрадзе з часам стане менш песенек з прымітыўнымі мелодыямі і бессэнсоўнымі тэкстамі.

А музычным рэдактарам радыё і тэлебачання варта сказаць "Дзякуй" Якаву Навуменку, які вывучыў прыхільнасці публікі, і неяк улічваць іх пры складанні праграм.

"Неабходна кожнаму радыё хоць бы паўгадзіны ў дзень выдзяляць на беларускую песенную класіку, - упэўнена легенда беларускай музычнай журналістыкі, прадзюсар прадстаўніцтва Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Свет" у Рэспубліцы Беларусь Людміла Палкоўнікава. - Песня - гэта жанр, які прадугледжвае сэнс у тэксце і мелодыю ў музыцы. Менавіта такімі былі беларускія песні да апошняга дзесяцігоддзя. Сягоння ў модзе рытм, а не мелодыя. У тэкстах у лепшым выпадку ёсць рыфма, але мала сэнсу. Не ўпэўнена, што хтосьці ўспомніць гэтыя песні праз пяцьдзесяць гадоў. Хоць, вядома, і зараз час ад часу з'яўляюцца годныя песні. А праца Яшы па папулярызацыі беларускай песні, вядома ж, заслугоўвае павагі".

Аксана ЯНОЎСКАЯ, Naviny.by.



Еўрапейскі клуб, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Агульнанацыянальная кампанія "Будзьма беларусамі" запрашаюць:

ў сяброўскую вандроўку "Бярэзінска-Дняпроўскае міжрэчча" з серыі "Падарожжа ў Еўропу" 19 жніўня 2012 г. ,

У праграме: Мястэчка Свіслач з рэшткамі старадаўняга замку, фрагментамі гістарычнай забудовы Жылічы (фальварак Дабосна) - палацава-паркавы ансамбль Булгакаў кан. 18 - пач. 19 стст. Красны Бераг - палацава-паркавы ансамбль Козел-Паклёўскіх кан. 19 ст. Стрэшын - Пакроўская царква кан. 18 ст., замчышча , забудова мястэчка Бабруйск - забудова гістарычнага цэнтра (фарштатаў), фартыфікацыйныя і службовыя пабудовы Бабруйскай цвердзі.

Па справах запісу, і каб атрымаць дадатковую інфармацыю і расклад будучых вандровак пытайцеся тут: +375 29 1694811 (Юры Меляшкевіч).


Вярхоўны камісар АБСЕ ў справе нацменшасцяў скрытыкаваў моўны закон ва Ўкраіне

Вярхоўны камісар АБСЭ ў справе нацыянальных меншасцяў Кнут Вальлебек адзначае, што стаіць на пазіцыі, выказанай ім у снежні 2010 года ў лісце да старшыні Вярхоўнай Рады з крытычнай ацэнкай законапраекту аб мовах.

Як паведамілі ў прэс-службе партыі "Фронт Пераменаў", пра гэта ён сказаў падчас сустрэчы са старшынём Рады Аб'яднанай апазіцыі "Радзіма" Арсеніем Яцанюком.

У сваім лісце Вярхоўны камісар адзначаў, што праект закону не прадугледжвае ўрэгуляванне моўнага пытання ва Ўкраіне такім чынам, каб гэта адпавядала правам нацыянальных меншасцяў згодна з міжнародным стандартам, засяроджваецца выключна на прасоўванні расейскай мовы і не надае гарантыяў тым, хто размаўляе на дзяржаўнай мове.

3 ліпеня Вярхоўная Рада галасамі 248 дэпутацкіх картак прыняла закон "Аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі", які значна пашырае сферу прымянення расійскай мовы. Апазіцыя лічыць, што гэты закон фактычна пойдзе на шкоду дзяржаўнай украінскай мове і заяўляе, што ён быў прыняты з вялікай колькасцю парушэнняў.

Наш кар.


У Берасці адзначылі юбілей Юзафа Крашэўскага

Юбілей Юзафа Крашэўскага адсвяткавала Берасцейская абласная бібліятэка імя Горкага. З гэтай нагоды быў прэзентаваны праект "Віртуальная рэканструкцыя спадчыны Крашэўскага" і адмысловая кніжная выстава "Беларусь - яго калыска: 200 год Юзафу Ігнацыю Крашэўскаму".

28 ліпеня споўнілася роўна дзвесце год з дня народзінаў "грамадзяніна свету", этнографа, публіцыста, мастака, пісьменніка, гісторыка і фалькларыста.

- Выстава змяшчае крыніцы, якія звязаныя з творчасцю і асобнымі творамі Юзафа Крашэўскага, - адзначыла загадчыца аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Таццяна Кавенька: - Гэта невялікая частка з нашай усёй калекцыі, мы імкнуліся больш паказаць кніжны матэрыял, паказаць творчасць. Кнігі, выдадзеныя на польскай мове ў Польшчы. Асобныя творы Крашэўскага, выдадзеныя так-сама на польскай мове. На беларускай мове ў пачатку ХХ стагоддзя з'явіліся творы Крашэўскага ўпершыню. І ў канцы ХХ стагоддзя з'явілася проза Крашэўскага на беларускай мове.

Выстава будзе працаваць ў краязнаўчым аддзеле бібліятэкі да канца гэтага года. Праект вірутальнай рэканструкцыі плануецца цалкам завяршыць і рэалізаваць у наступным годзе.

Аліса Поль, фота аўтара .


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў жніўні

Адамін Іван Адамчык Валеры Зянонавіч Азаранка Аляксандр Іванавіч Акіменка Антаніна Акрамава Іна Акрушка Яўген Анатольевіч Альховік Надзея Васільеўна Аляксандровіч Валянціна Анацка Алег Антановіч Кастусь Уладзім. Антанюк Раіса Рыгораўна Анціпенка Алесь Ілліч Арлоў Уладзімір Аляксеевіч Арэшкава Марыя Бандарчык Уладзімір Барадзіна Інга Мікалаеўна Бардашэвіч Яна Валер'еўна Барысік Таццяна Іванаўна Басанец Анастасія Ільінічна Басін Якаў Зіноўевіч Бахметава Святлана Блоцкая Ірына Мікалаеўна Бранішэўская Света Бубешка Антаніна Бураўкін Генадзь Мікалаевіч Бут-Гусаім Святлана Феадос. Вайноўскі Міхаіл Варапееў Уладзімір Васіляўскайце Таццяна Васько Яніна Мікалаеўна Ваўранюк Ірына Ільінічна Воўк Яўген Вячорка Аляўціна Сямёнаўна Габец Ягор Валез'евіч Галубовіч Ксенія Леанідаўна Гаплічнік Аксана Мікалаеўна Гаравая Ніна Віктараўна Гарэлікаў Уладзімір Марат. Гядрэвіч Валянціна Грудніцкая Тамара Грыгенча Вераніка Грынюк Вольга Віктараўна Губскі Уладзімір Гудкова Вольга Уладзімір. Гундар Марына Юр'еўна Дабравольскі Андрусь Дабрадзей Алеся Пятроўна Дакурна Генрых Фабіянавіч Дарафяюк Міхаіл Дваранчук Юры Дзергачова Любоў Рыгор. Дзешчыц Алена Аляксандр. Дзьячкова Ларыса Дзянісік Алена Догелева Ала Доўгі Уладзімір Драздоў Юры Дычок Сяргей Уладзіміравіч Жаркоў Аляксандр Іванавіч Жаўрыд Марына Аляксандр. Жукоўская Алеся Іванаўна Зайка Аляксандр Фаміч Запрудскі Сяргей Мікалаевіч Зверава Тамара Іваноў Мікалай Аляксеевіч Іскарцкая Марына Каваленка Анастасія Уладзім. Казак Алег Камароўскі Мікалай Міхайл. Камянецкая Ірына Кананенка Тамара Міхайл. Кануннікава Ніна Паўлаўна Капціловіч Тамара Карабельнікава Алена Кароль Алег Карповіч Андрэй Уладзімір. Касаты Людвіг Канстанцін. Кірвель Юзаф Юзафавіч Князева Часлава Вячаслав. Коваль Альвіна Козіч Ганна Леанідаўна Колесень Ірына Корбут Аляксандр Іванавіч Косінец Анатоль Краснік Вольга Краснова Наталля Краўчанка Пётр Кузьміч Круглая Марына Віктараўна Крупкіна Рыта Мікалаеўна Кузьміч Леанід Пятровіч Куль Дзмітры Кунцэвіч Святлана Купава Вітаўт Мікалаевіч Куплевіч Віталь Эдуардавіч Курловіч Аляксандр Адам. Кушаль Глафіра Васільеўна Леановіч Алена Георгіеўна Лойка Тамара Ляскоўскі Уладзіслаў Канст. Ляшкевіч Таццяна Макарэвіч Віталь Сяргеевіч Малашчанка Уладлена Малей Кацярына Маліноўскі Макар Мальдзіс Адам Восіпавіч Мандрык Наталля Мандрыкін Раман Аляксанд. Марцынкевіч Андрэй Марчанка Дзяніс Васільевіч Марчык Віктар Машчэнская Алена Мінчук Уладзімір Міхайлоўская Таццяна Васіл. Мішкевіч Аліна Міхайлаўна Мудрачэнка Сяргей Мудроў Алег Муха Барыс Ібрагімавіч Мялешка Аляксей Алякс. Мясніковіч Юры Навумец Яўген Часлававіч Навумовіч Іван Мікалаевіч Наліўка Лідзія Вячаславаўна Нікіценка Мікалай Оліна Эла Ігараўна Пабірушка Надзея Палівода Святаслаў Мікіт. Папова Варвара Сяргееўна Патапчук Леанід Піваварчык Сяргей Аркадз. Піскун Людміла Аляксееўна Плявака Валеры Сцяпанавіч Правалінскі Віталь Пучынскі Уладзімір Станісл. Пушкін Алесь Пшэннік Тамара Францаўна Пятровіч Ева Раманчык Надзея Дзмітр. Рамук Андрэй Рачко Віктар Рынкевіч В. У. Рысявец Уладзімір Аляксан. Рэйда Святлана Юр'еўна Сабаленка Алесь Савіцкая Ірына Канстанцін. Савосценка Ігар Садаўнічы Дзмітры В. Садоўская Анастасія Раман. Сак Міхал Міхалавіч Салодкіна Святлана Самайлюк Тамара Андрэеўна Саўко Марыя Сафонава Вольга Віктараўна Сека Васіль Сенькавец Ганна Сідарэвіч Наталля Скрыган Ігар Генадзевіч Стаціўка Алесь Канстанцін. Сташкевіч Яна Ігараўна Субоцін Аляксандр Супрановіч Віталь Канстанц. Сушчэўскі Алесь Аляксанд. Сцефановіч Здзіслаў Уладзіс. Торап Аляксандр Валер'евіч Трубач Таццяна Георгіеўна Трусаў Алег Анатольевіч Трухановіч Ларыса Тупянец Дзмітры Валянцін. Туронак Людміла Данатаўна Тэжык Ірына Фарнэль Кастусь Іванавіч Фёдарава Таццяна Дзмітр. Федуковіч Васіль Філіпчык Васіль Іванавіч Фралоў Валеры Халіпскі Рыгор Веніамінавіч Царук Вольга Іванаўна Цімашэвіч Уладзімір Максім. Цыганкова Анастасія Дзмітр. Чабанава Таццяна Аляксанд. Чарнякоўскі Віталь Радзівон. Чэчат Алесь Віктаравіч Шчэрбіч Мікола Аляксандр. Юч Галіна Ясюк Іван Вітальевіч Яцкоўская Святлана Анатол.



Спецгашэнне маркі, прысвечанай 125-цігоддзю з дня нараджэння Марка Шагала, адбылося 24 ліпеня 2012 г.


Аповед пра "Майстроўню"

Добрую кніжку напісаў Сяргей Дубавец з нагоды 30-х угодкаў нефармальнага згуртавання беларускай моладзі ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Менавіта ў юбілейны 2010 год на радыё Свабода прагучалі інтэрвію з майстроўцамі, у якіх яны распавялі пра сваю маладосць, асабісты шлях да беларушчыны, пра свой далейшы жыццёвы шлях і сённяшні стан, стан 50-цідзесяцігадовых асобаў з дарослымі дзецьмі і маленькімі ўнукамі. Потым адпаведны фільм пра "Майстроўню" зняў і некалькі разоў паказаў "Белсат".

І вось сёлета, дзякуючы заснавальніку і каардынатару серыі "Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе" Аляксандру Лукашуку, з'явілася і кніга Сяргея Дубаўца, прысвечаная яго жонцы, актыўнай удзельніцы "Майстроўні" Таццяне, якая трагічна загінула напярэдадні выхаду кнігі ў свет. Кніга мае цудоўныя ілюстрацыі, як архіўныя, пачатку 80-х гадоў ХХ ст., так і сучасныя фотапартрэты майстроўцаў, зробленыя Арцёмам Канцавым.

У свой час я з задавальненнем праслухаў усе радыёперадачы пра Майстроўню, потым паглядзеў Белсатаўскі фільм і вось перада мной кніга, якую я прачытаў на мяжы чэрвеня і ліпеня ўжо ў Варшаве.

Сёння 3 ліпеня. Па Менску едуць танкі, заблукаўшыя ў нашу сталіцу невядома з якой вайны, стомлены народ святкуе афіцыйнае свята, як і раней святкаваў па камандзе зверху 7 лістапада і 1 мая, а я ў Варшаве, у будынку варшаўскага квартала пад сімвалічным назовам "Воля" ўзгадваю сваю маладосць і пішу гэтыя нататкі.

Мае студэнцкія гады - гэта 1971-1976, час ранейшы за час майстроўцаў, але беларускія і менавіта беларускамоўныя асяродкі ў Менску і іншых гарадах ужо былі, актыўна дзейнічалі - і майстроўцам ужо было куды далучацца і каго запрашаць на свае спеўкі.

Назаву толькі некаторыя з іх, дзякуючы якім я стаў свядомым беларускамоўным беларусам, маючы ў кішэні пашпарт, дзе ў славутай пятай графе стаяў кароткі запіс - "рускі".

У другой палове 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў Менску склалася некалькі нефармальных кропак, дзе ўвесь час гучала нязмушаная беларуская мова, сустракаліся і знаёміліся людзі, якія цікавіліся нашай гісторыяй і культурай, не жадалі, каб збылося жахлівае прароцтва Мікіты Хрушчова, сказанае ім у Менску: "Беларусы першыя пабудуюць камунізм, бо першыя адракуцца ад роднай мовы".

Назаву толькі некаторыя месцы, дзе я часта бываў, працаваў, а потым і загаварыў па-беларуску. Гэта Акадэмія навук БССР, асабліва Інстытут гісторыі і Інстытут этнаграфіі, мастацтвазнаўства і фальклору, пад дахам якога аб'ядналіся "фізікі" і "лірыкі" і стварылі ўнікальны музей "старажытна-беларускага мастацтва", які зараз адзначае 35-ыя ўгодкі. Варта толькі прыгадаць імёны Юрася Хадыкі і Вольгі Церашчатавай. У Інстытуце гісторыі тады працавалі Міхась Чарняўскі, Міхась Ткачоў, Зянон Пазняк, дзясяткі іншых беларускіх археолагаў і гісторыкаў, якія штодня набліжалі беларускую незалежнасць.

Актыўна дзейнічала на Беларусі і вялікая недзяржаўная арганізацыя, якая мела больш за мільён сяброў, "Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі", якая з 1970 года выпускала свой цалкам беларускамоўны бюлетэнь, і рэдакцыя якога была месцам, дзе збіраліся цікавыя людзі. У 1968-1969 гадах былі створаны Спецыяльныя навуковыя рэстаўрацыйныя вытворчыя майстэрні Міністэрства культуры БССР, дзе сабраўся добры калектыў беларускіх патрыётаў, якія выкарыстоўвалі беларускую мову нават у сваёй працоўнай дзейнасці. Згадаем Сяргея Друшчыца, Элеанору Вецер, Алега Хадыку, Валера Слюнчанку, Аляксандра Канаваленку, Уладзіміра Ракіцкага, Ігара Чарняўскага і дзясяткі іншых архітэктараў, археолагаў, гісторыкаў і рэстаўратараў.

Асобна трэба ўспомніць аддзел Беларускай літаратуры - частку Ленінскай бібліятэкі - галоўнай бібліятэкі БССР. Тут заўжды гучала наша мова, ішлі гарачыя дыскусіі пра лёс Беларусі. Тут я пазнаёміўся з Анатолем Грыцкевічам і Міколам Ермаловічам.

Былі шчырыя беларусы і сярод студэнтаў БДУ. Мне на першым курсе пад вялікім сакрэтам расказвалі, як Алесь Разанаў з аднадумцамі змагаўся за беларускую мову на філфаку і журфаку. Са мной у групе першы год вучыўся Алесь Міткавец, амаль двухмятровы хлопец з Гомеля, які прынцыпова размаўляў толькі па-беларуску і ўсе рускамоўныя лекцыі, як і потым майстроўцы, канспектаваў па-беларуску. За гэта на летняй сесіі яму паставілі некалькі двоек і адлічылі з БДУ. Аднак Алесь не разгубіўся, скончыў Гомельскі ўніверсітэт, у пачатку 90-х стаў адным з кіраўнікоў аддзела адукацыі ў Гомелі і перавёў за пару год амаль усе першыя класы школ Гомеля на беларускую мову.

У 1973 годзе мы сталі сведкамі "палявання на беларускіх нацыяналістаў", калі забаранілі праводзіць канферэнцыю па этнагенезу беларусаў у Акадэміі навук БССР, у якой мы, студэнты кафедры археалогіі БДУ, збіраліся браць удзел. Тады ж і быў знішчаны амаль увесь наклад зборніка, падрыхтаванага да гэтай канферэнцыі.

Быў сталы асяродак беларушчыны і ў інтэрнаце гістфака БДУ на вуліцы Свярдлова, 34, дзе я пражыў 5 гадоў. Тут жылі Уладзя Арлоў, Эдуард Зайкоўскі і іншыя цікавыя хлопцы. У іх пакоі заўжды гучала беларуская мова.

Яшчэ трэба згадаць беларусіх мастакоў. Гэтыя людзі, якія малявалі Беларусь, шукалі свае карані, былі для моладзі прыкладам любові да Бацькаўшчыны. Я добра памятаю, як пазнаёміўся з Яўгенам Куліком, стаў яго кансультантам як археолаг і знаўца старажытнай гісторыі. Нельга забыць нашых краязнаўцаў і музейшчыкаў, нагадаю імёны Алеся Белакоза, Генадзя Каханоўскага і Івана Загрышава.

Усё гэта дзейнічала за 10-15 гадоў да з'яўлення "Майстроўні", і таму я не згодны з Сяргеем Дубаўцом у тым, што "Майстроўня" - гэта гісторыя аднаго цуду. Гэта не цуд, гэта, як некалі казалі ў часы маёй маладосці, "аб'ектыўная рэальнасць", праява гістарычнага закона, у адпаведнасці з якім Беларусь вернецца ў Еўропу, дзе была да раздзелу Рэчы Паспалітай.

Гэтаму пацвярджэнне і лёс майстроўцаў, напрыклад, Вінцук Вячорка, Сяргей Запрудскі і Алена Амельчыц (Анісім) былыя майстроўцы, а зараз сябры Рады ТБМ, прычым Алена Анісім - першы намеснік старшыні ТБМ, першы рэдактар газеты "Новы час", старшыня Менскай гарадской арганізацыі ТБМ.

Мне ў сценах Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа давялося вучыць гісторыі сына Гэніка Лойкі, дзвюх дачок Зміцера Саўкі, дачку Артура Клінава і дачку Лявона Вольскага. З Віялетай Ефіменкай у свой час мы надрукавалі два нумары іспанска-беларускай газеты "Званіца" ("Espadaa"), калі мне давялося ўзначаліць іспанска-беларускае таварыства дружбы.

Разам з Вінцуком Вячоркам і Віктарам Івашкевічам я ўваходзіў спачатку ў аргкамітэт, а потым і ў першы сойм БНФ. Дарэчы, прапаную Сяргею Дубаўцу і Аляксандру Лукашуку зрабіць цыкл перадач пра лёс сяброў аргкамітэта БНФ (іх было няшмат - толькі 35 чалавек, некаторыя адышлі ў лепшы свет), а потым і чарговую кніжку ў серыі "Бібліятэка Свабоды".

Ніна Здановіч, мая першая вучаніца, якая прыйшла на раскопкі Лідскага замка ў 1977 годзе ў складзе першага студэнцкага будаўнічага атрада імя першага рэктара БДУ Уладзіміра Пічэты, зараз выкладчык Педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, суаўтар некаторых маіх артыкулаў і манаграфій.

Ігар Марачкін - нязменны мастак і дызайнер мастацкай прадукцыі ТБМ, найперш календароў і паштовак. Алесь Костка - адзін з лепшых вучняў майго сябра, знакамітага беларускага кераміста Уладзіміра Угрыновіча. Сяргей Харэўскі працаваў мастаком у маіх археалагічных экспедыцыях, зараз выкладчык ЕГУ, аўтар цікавых кніжак па беларускаму мастацтву.

Дух "Майстроўні" жыве і паміраць не збіраецца. Можа гэта і ёсць сапраўдны цуд?

Алег Тусаў, Варшава, 3 ліпеня 2012 г.


У Мсціславе прайшоў фэст сярэднявечнай культуры

28-29 ліпеня ў Мсціславе ў пяты раз прайшоў фестываль сярэднявечнай культуры "Рыцарскі фэст. Мсціслаў - 2012".

Самому фэсту папярэднічала навуковая канферэнцыя прысвечаная слыннаму мсціслаўцу Міхасю Ткачову На канферэнцыі выступалі навукоўцы з Менска і Магілёва, у тым ліку старшыня ТБМ Алег Трусаў. Было паднята гістарычнае мінулае Мсціслаўшчыны ад палеаліту да нашых дзён. Мсціслаўская газета "Святло Кастрычніка" прысвяціла М. Ткачову цэлую паласу.

Традыцыйна асноўныя дзеі фестывалю - рыцарскія турніры і канцэрты сярэднявечнай музыкі, як і ў мінулыя гады, праходзілі на замкавай гары. Урачыстае адкрыццё фэсту адбылося на цэнтральнай плошчы старога горада ля помніка Пятру Мсціслаўцу.

На замкавай гары і раскінулі свае намёты ўдзельнікі фестывалю. Сёлета ў ім вырашылі паўдзельнічаць больш за сорак рыцарскіх клубаў. З'яжджацца ў Мсціслаў яны пачалі яшчэ загадзя. Прыехалі рыцары ўсёй старажытнай Смаленскай зямлі ад Вязьмы і Дарагабужа і да беларускай яе часткі. Былі рыцары з Эстоніі, Украіны, але наймацней была рэпрэзентавана сама Беларусь.

Ад ранку 28 ліпеня рыцары рыхтаваліся да турніраў. Некаторыя шпацыравалі ў сваім строях па Мсціслаўскіх вуліцах.

- Менавіта ў Мсціславе людзі да гэтага даўно прызвычаіліся. Яны разглядаюць нас, фатаграфуюцца з намі. Выпытваюць нешта. Людзі тут дружалюбныя, адэкватныя і прыемныя, - выказалася пра рэакцыю мсціслаўцаў на прысутнасць у іх горадзе вялікай грамады рыцараў спадарыня ў сукні сярэднявечнай пані.

А вось яшчэ адно меркаванне - ужо рыцара:

- Яны, строі і фестываль, канешне, не маюць такой моцнай уплывовасці, але ў пэўнай часткі моладзі і грамадства яны цікавасць выклікаюць. Хутчэй гэта ўсё ўспрымаецца як гульнявая справа. Што тычыцца беларускасці ўва ўсім гэтым, то тут даволі стракатыя школы. Але значная колькасьць, асабліва музыкаў, спяваюць і беларускія песні, і ўкраінскія. Былі чутны і нарвежскія, і дацкія.

А што для саміх мсціслаўцаў фэст?

- Гэта дужа вялікае свята. Вы і не ўяўляеце. Найперш мы выраслі ў сваіх вачах, мы адчулі сваю значнасць як такога старога горада. Мы ўбачылі, што дзяржава на нас звярнула неяк крыху ўвагі. Хаця хацелася б і болей. Вы ж бачыце, што ў нас робіцца. У нас жа столькі помнікаў, і ўсе яны ў такім занядбаным выглядзе. У нас, каб гэта ўсё аднавіць - гэта было б так шыкоўна.

Дарэчы, сёлета Мсціслаўскаму фэсту нададзены статус абласнога.

Урачыстасці адкрыцця папярэднічала шэсце рыцарскіх клубаў. Яго ачольвалі конна княжна Анастасія Слуцкая і князь Расціслаў Мсціслававіч. Яны ж і абвясцілі пра адкрыццё фэсту:

- Я, князь Расціслаў Мсціслававіч, павеляваю відовішчам быць яркімі, забавам - вясёлымі, а ў спаборах няхай перамогуць мацнейшыя і смялейшыя.

- Я, княгіня Анастасія Слуцкая. Рыцары, няхай вам спадарожнічае ўдача.

Расейская мова дамінавала на адкрыцці фестывалю. Інфармацыйныя фестывальныя буклеты таксама былі расейскамоўнымі. Вылучаўся мясцовы ксёндз, які ўжываў толькі беларускую мову. Аздабленне павільёнаў кірмашу, праз які праходзіла шэсце, так-сама было ў расейскай мове, а на кірмаш з'ехаліся майстры амаль з усёй Магілёўшчыны.

- Разумееце, у нас такі памежны горад з Расеяй. У нас культура такая вельмі змешаная. Вось наша мова напэўна і не зусім беларуская. Мне здаецца - наша родная мова трасянка. Вось так здарылася неяк цікава, - адказаў жыхар Мсціслава на пытанне, чаму на фестывалі амаль няма беларускай мовы.

Тым не менш беларуская мова гучала. Па-беларуску размаўлялі магілёўцы, цэлы аўтобус якіх прывёз у Мсціслаў старшыня абласной арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў. Беларуская мова гучала на саміх рыцарскіх турнірах на замкавай гары. Першымі ў іх сышліся мечнікі, за імі лучнікі. Пазней рыцары біліся ў бугуртах да апошняга на нагах.

Для ахвочых навучыцца сярэднявечным танцам праводзіліся майстар-класы. Два дні ішлі канцэрты гуртоў, якія выконваюць сярэднявечную музыку. Завяршыўся фестываль з намерам - сабрацца тут праз год.

Наш кар.


Сустрэча з Генадзем Бураўкіным за некалькі дзён да Дня незалежнасці

У межах кампаніі "Будзьма" 25 ліпеня 2012 года ў сязібе ТБМ адбылася сустрэча з былым старшынём Таварыства, пісьменнікам і актыўным грамадскім дзеячом Генадзем Бураўкіным пад агульнай тэмай "Да Дня незалежнасці". На сустрэчу завіталі такія вядомыя людзі, як Анатоль Вярцінскі, Яўген Гучок, Леанід Лыч, Уладзімір Содаль і іншыя цікавыя асобы. На сустрэчы абмяркоўваліся аспекты абвяшчэння Незалежнасці нашай краіны, значныя падзеі і настроі часоў абвяшчэння незалежнасці (нагадаем, што раней Дзень незалежнасці святкаваўся 27 ліпеня, бо ў гэты дзень у 1990 годзе была абвешчана Дэкларацыя аб суверэнітэце Беларусі). Госці задавалі пытанні, дыскутавалі і палемізавалі пра значнасць і ролю Дня незалежнасці для Беларусі. Падчас імпрэзы можна было набыць кнігу "Лісты да запатрабавання" і атрымаць аўтограф аўтара.

Юлія Бажок.



"Белпошта" выпусціла паштоўку да 625-годдзя Бабруйска.


Загадкі знаёмых малюнкаў - Смольгаў

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Вось апісанне новага жылога дома з інвентара фальварка Смольгава Вялікага 1847 г. [8]: "Панскі дом пабудаваны ў 1828 г. у палове з круглага, а ў палове з абчасанага бярвення (круглыя і абчасаныя бярвёны ў зрубе чаргаваліся - заўв. аўт. ) , пакрыты драняю, даўжынёю 25 шырынёю 17 локцяў, у ім сенцы, пакояў рознай велічыні шэсць і сталовая, падлога і столь з дошак, печы, акенцы і дзверы з належнаю акоўкаю."

Новы дом мае іншыя суадносіны памераў бакоў (3:2) і меншую плошчу: перавёўшы "варшаўскі" локаць у метрычную сістэму атрымліваем 15 м х 10 м - 150 кв. м. Наяўнасць у доме ганка на чатырох слупах у інвентары не адзначана.

Колькі гадоў прастаяў гэты жылы дом? Дакладная лічба не вядома, але ў наступных па часе захаваўшыхся інвентарах фальварка Вялікіга Смольгава за 1863, 1867 і 1868 гг. [9, 10, 11] ў апісанні дворных будынкаў жылы дом наогул адсутнічае (няўжо ізноў пажар?). Галоўным будынкам фальварка на пэўны час робіцца перабудаваны дом эканамічны.

"ДОМ ЭКАНАМІЧНЫ ў 1809 г . (насамрэч упершыню адзначаны Кандратовічам у інвентары 1818 г. - з аўв. аўт. ) з драўляных брусоў пабудаваны, а ў 1853 г. падрублены, на штандарах (дубовыя калоды, якія замянялі падмурак - заўв. аўт. ) драняю крыты, даўжынёю 30-ць шырынёю 10-ць локцяў (18 м х 6 м - заўв. аўт. ) Уваход праз малы з чатырма слупамі з дахам ганак…"

Магчыма, праіснавашы не больш за 25 гадоў, ізноў пабудаваны ў 1825 (28) г. жылы дом, каля 1853 г. быў страчаны падчас пажару, а новы арандатар, які не жыў у фальварку, не палічыў неабходным яго ўзнаўляць, а аддаў перавагу перабудове дома эканамічнага: апошні быў падоўжаны на траціну, да яго прыбудавалі ганак і зрабілі перапланіроўку памяшканняў.

Праз 9 гадоў, у 1876 г. [12], мы зноў бачым наяўнасць у фальварку чарговага нядаўна (не больш васьмі гадоў таму - пасля 1868 г.) пабудаванага жылога дома: "Жылы панскі дом часткова на штандарах, часткова на камянях, дах саламяны, даўжыня 33, шырыня 16 аршын, вышыня 4?, трывалы…"

Чацвёрты варыянт галоўнага фальварачнага дома памерамі нагадвае першы, які існаваў у фальварку пры Кандратовічах. Але інвентар складзены вельмі лаканічна, без апісання архітэктурных дэталяў, і наяўнасць у будынку ганка са слупамі не адзначана.

У кантэксце нашага даследвання, нельга не згадаць адзначаны ў пачатку артыкула факт: фальваркаў у Смольгаве было два. З цікаўнасці, кінем погляд мімаходзь і ў інвентары фальварка Смальгаўка, які знаходзіўся з заходняга боку смольгаўскага жылога масіва. Інвентары гэтага фальварка за 1839 [13] і 1860 [14] гг. даюць апісанне аднаго і таго ж жылога дома памерам каля 22 х 11 метраў: "Жылы дом з сасновага дрэва дзёрам крыты, з дзвюма цаглянымі праз дах выведзенымі комінамі, з ганкам на чатырох слупах, даўжынёю 32 шырынёю 16 аршын. У ім сенцы з дзвюма паўкруглымі акенцамі…"

У апісанні маёнтка Смальгаўка 1877 г. [16] знаходзім дату пабудовы гэтага дома - 1830 г. Тут адзначана, што ён "крыты саломаю".

Надышоў час адцягнуць увагу ад апісанняў і разгледзець уважліва малюнак Напалеона Орды. На ім мы бачым парадны двор маёнтка небагатага абшарніка: прасторны драўляны дом з зашклёнымі вокнамі, увянчаны высокім (палова агульнай вышыні будынка) дахам. Такі высокі дах, з аднаго боку, рабіў нават аднапавярховы будынак вельмі вялікім, з іншага боку, стромкія пахілы засцерагалі ад праходжання вільгаці. Аўтар не можа дакладна вызначыць, які матэр'ял даху намаляваў мастак - магчыма, гэта і салома, таму што гарызантальных радоў, характэрных для кладкі дранак, на малюнку не відно. Сваеасаблівым упрыгожваннем будынка служыць ганак з калонамі, звернуты на шырокі двор-дзядзінец, прызначаны для зручнага праезду павозак да ганка. На дзядзінцы, акрамя жылога дома, яшчэ дзве гаспадарчыя пабудовы, у сярэдзіне яго - адмыслова высаджаныя колам дрэвы, завяршае зялёную кампазіцыю высокая таполя.

Цяжка ацаніць прапорцыі - даўжыню да шарыні - намаляванага дома, бо далягляд памяншае памеры, а малюнак - гэта ўсё ж такі не чарцёж, які падпарадкоўваецца строгім правілам. Аўтар ацэньвае іх, як (2-2,5):1, г. зн. даўжыня ў 2-2,5 раза больш за шырыню.

А зараз параўнаем з малюнкам дадзеныя аб жылых дамах у смольгаўскіх фальварках, звёўшы апошнія ў табліцу:

Паспрабуем вызначыць па вельмі скупых знешнім прыкметам гэтых будынкаў, згаданых ў інвентарах, які з іх мог убачыць і намаляваць Напалеон Орда.

У першым радку нашай табліцы - характарыстыкі дома, у якім у 1810-1824 гг. жылі Кандратовічы, і насамрэч нарадзіўся будучы паэт. Дом, намаляваны Напалеонам Ордам, суцэльна адпавядае гэтаму апісанню. Але дом з першага радка спыніў сваё існаванне ў 1825-28 гг., і намаляваць яго да гэтага тэрміну мог хіба што толькі бацька паэта, але ніяк не Орда, які вярнуўся на радзіму толькі ў 1856 г.

Глядзім другі радок табліцы: наступны па часе жылы дом фальварка адрозніваецца іншымі суадносінамі асноўных памераў і адсутнасцю галоўнай дэталі - ганка на чатырох слупах. У сукупнасці з фактам спынення яго існавання да 1853 г. робім выснову, што Напалеон Орда намаляваў не гэты будынак.

Трэці варыянт - перабудаваны эканамічны дом - які не супярэчыць па часе існавання (пабудаваны ў 1853-м, у 1868-м яшчэ быў), скептычна настроены даследчык адкіне, згадаўшы знакамітую фразу К.С. Станіслаўскага: "Не даю веры!". Не даю веры, таму што вялікі, самавіты, без прыкмет перабудовы дом на малюнку аніяк не можа быць перабудаванай сялянскай пяцісценкай. У звычайных хат не рабілі такіх высокіх дахаў. Ды і суадносіны бакоў не супадаюць з прапорцыямі дома на малюнку: занадта доўгі і вузкі перароблены эканамічны дом у параўнанні з намалёванным.

Дзеля ўпэўненнага пацверджання, што на малюнку Орды - дом 1876 г. з чацвёртага радка табліцы - нам не хапае наяўнасці ў адпаведным інвентары важкай архітэктурнай дэталі - таго ж ганка на чатырох слупах.

Вядома ж, характарыстыкі жылога дома ў фальварку Смальгаўку (апошні радок табліцы) здаюцца "прыцягнутымі сюды за вушы", бо фальварак жа не той - але ўсё ж… Поўная адпаведнасць дома на малюнку! А ў славесным апісанні прысутнічае яшчэ адна дакладная дэталь: наяўнасць у сенцах дзвюх паўкруглых акенцаў (адно з іх мы і бачым на малюнку справа ад уваходных дзвярэй, другое павінна быць заслонена калонай).

Нагадаем, што фальварак Смальгавок месціўся каля таго ж смольгаўскага жылога масіва (засценкі ды вёска), які меў даўжыню ўсяго каля кіламетра - але з супрацьлеглага, заходняга боку. Менавіта з гэтага боку, па дарозе ад Слуцка, і павінен быў пад'язджаць да Смольгава вазок нястомнага мастака. І будынкі менавіта фальварка Смальгаўка - гэта першае, што ён убачыў бы, пад'язджаючы. А што звычайна робіць вандроўнік, які прыехаў у незнаёмае месца? Зразумела: спыняецца і распытвае месцічаў, што гэта за будынкі? Што ж Орда мог пачуць у адказ?

Шасцідзесятыя гады, з моманту ад'езду арандатараў Кандратовічаў прайшло 40 гадоў… Сучасныя дарослыя, якія тады былі дзецьмі, ніякіх Кандратовічаў не памятаюць, а быўшыя ў 1820-х дарослымі - ужо на пагосце. А Смольгаў наогул быў палескай глыбінкаю, месціўся ў баку ад галоўных шляхоў, якія злучалі буйныя населеныя пункты. І самыя культурныя яго жыхары - шляхта смольгаўскіх засценкаў - як сведчаць рэвізскія казкі 1864 г. - у той час былі пагалоўна непісьменнымі (гэта іх дзеткі ўжо будуць умець чытаць, дзякуючы адкрыццю тут царкоўна-прыходскай школкі). Што ім Уладзіслаў Сыракомля, прозвішча якога надрукаванае на незразумелых кнігах? І хто ён такі наогул?

Гэта ўсё да таго, што наўрад ці хто з месцічаў мог дакладна паказаць, дзе жылі былыя паны Кандратовічы. А вазок жа як раз спынілася каля фальварка Смальгаўка, і ўсё тут, як мае быць: і панскі дом, і ганак з чатырмя калонамі… Канешне, нельга выключаць і варыянт адказу на пытанне, што на супроцьлеглым баку Смольгава ніякага паскага дома няма (мы ведаем з інвентароў, што у шасцідзесятыя гады так яно і было). Цішэй-цішэй, супынім палёт фантазіі - мы яшчэ не разгледзелі ўсе факты.

Будзьма ва ўсім дакладнымі: малюнак, які мы разглядаем, зусім не малюнак(?!). Гэта - літаграфія, якая вынайдзена ў 1796 г.: адбітак малюнка на паперы, прыкладзенай да спецыяльнага гладкага каменя, на паверхню якога адмысловай апрацоўкай наносяцца лініі малюнка, якія атрымліваюць уласцівасць прымаць друкарскую фарбу. Звычайна камень апрацоўвае майстар па загадзя "прамаляванаму" мастаком узору, выкананаму на капіявальнай паперы, якая дазваляе перанесці выяву на камень.

У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваецца тэчка з сапраўднымі літаграфіямі Напалеона Орды, у тым ліку і "смольгаўскай". На некаторых з іх Ордам пазначаны не толькі год, але дзень і месяц, калі быў зроблены малюнак, які паслужыў узорам для літаграфіі. На "нашай" літаграфіі, нажаль, дата стварэння малюнка адсутнічае, паказаны толькі даты народзінаў і смерці Ўладзіслава Сыракомлі. Хутчэй за ўсё, зыходны малюнак да моманту выдання літаграфіі быў згублены, а ўзнавіць дакладную дату яго стварэння па памяці мастак не змог.

Аўтару артыкула пашчасціла знайсці ў Сеціве яшчэ два варыянты малюнка смольгаўскага фальварка, зробленыя Напалеонам Ордам.

Гады Памер і суадносіны бакоў Ганак на 4-х слупах Колькасць комінаў

Фальварак Смольгаў Вялікі

1787-1825 24м х 11м / 2,2:1 ёсць два

1828-1853 15м х 10м / 3:2 не адзначаны не адзнач. 1853-1868 18м х 6м / 3:1 ёсць не адзнач.

1876 24,5м х 11,4м / 2,15:1 не адзначана два

Фальварак Смальгавок

1830-1877 22м х 11м / 2:1 ёсць два

На малюнку (ru.wikipedia.org/wiki/Файл: Smolgow_Smolhow_Syrokomla_ birthplace_ Klosy_1877.jpg ) усе элементы краявіду на сваіх месцах, толькі мастак "паднавіў" будынкі, "акультурыў" дрэвы, "скасіў" траву… Калі на першай выяве ў смольгаўскім фальварку бачны адбіткі некаторага запусцення: спарахнелыя дахі, напаўразбураныя коміны, сям-там пабітыя шыбы - то на другім малюнку мастак, пэўна, імкнуўся паказаць гледачу, як ахайна выглядала б тая ж будыніна падчас знаходжання там Кандратовічаў.

Напалеон Орда зрабіў і трэці варыянт гэтага краявіду: малюнак алоўкам, падфарбаваны акварэллю мы бачым на ілюстрацыі ў кнізе Л. Несцярчука "Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны" [24].

Чамусьці ён робіць уражанне наогул "марсіянскага" пейзажу… Магчыма, з-за адсутнасці чалавечых постацей, травы, ці ад рэзкіх ценяў дрэў і будынкаў пры зацягнутым аблокамі небе. А галоўны будынак наогул выглядае "лялечным" з-за адсутнасці ценяў ад слупоў ганка.

Робім выснову, што з трох варыянтаў выяў смольгаўскага фальварка, зробленых Напалеонам Ордам, найбагацейшым па адлюстраванні падрабязнасцяй дэталяў пейзажа ёсць першы. Пэўна, малюнак для першай літаграфіі і быў зроблены "на пленэры", астатнія два - гэта не зусім скончаныя "кабінетныя" варыянты.

Дзіўна, але ж да нас дайшла і чацвёртая(!) выява "калыскі" паэта! Тыя ж будынкі мы бачым на ілюстрацыі да нарыса Адама Кіркора "Литовское полесье", змешчанай на стар. 132 першай часткі 3-га тома шматтамовіка "Живописная Россия" [16], надрукаванага П.П. Сямёнавым у 1882 г. у Пецярбургу. Аўтар нарыса Адам Кіркор пазначыў толькі прозвішча мастака - Дмахоўскі (дарэчы, імён ці ініцыялаў няма і побач з прозвішчамі астатніх шаснаццаці мастакоў-ілюстратараў нарыса). Дмахоўскаму прыпісаны яшчэ 43 ілюстрацыі - найвялікшая колькасць сярод усіх мастакоў-ілюстратараў нарыса (дзеля параўнання адзначым, што другое месца займае Крашэўскі з адзінаццацю ілюстрацыямі, а аўтарства Орды пазначана толькі на чатырох).

Спачатку здаецца, што малюнак Смольгава несумненна належыць алоўку мастака Вінцэнта Дмахоўскага (1807 - 1862) - нажаль, не такога вядомага ў нас, як Напалеон Орда. У Вінцэнта тыповая для ліцвіна-патрыёта свайго часу біяграфія: няскончаны Віленскі ўніверсітэт (1826 - 1829), удзел у паўстанні 1831 г., змушаная эміграцыя, вяртанне на радзіму пасля амністыі ў 1837 г. Жыў і працаваў у Вільні, меў там сваю мастацкую майстэрню. Так-сама, як і Орда, маляваў, галоўным чынам, пейзажы і знакамітыя гістарычныя мясціны Беларусі. Праўда, колькасць твораў у яго больш сціплая, чым у Орды - трохі больш за сотню. У выданні "Slownik artysow polskich…" [20] знаходзім інфармацыю, што Вінцэнт Дмахоўскі намаляваў 7 малых акварэляў з выявамі літоўскіх замкаў непасрэдна па замове Кіркора, а па вяртанні ў Вільню ў 1858 г. (пасля трох гадоў жыцця ў фальварку Брыцянка пад Наваградкам) "…намаляваў шмат невялікіх пейзажаў".

Памёр Вінцэнт у тым жа 1862 г., што і Ўладзіслаў Сыракомля, толькі на паўгода раней - у студзені. Менавіта Сыракомля быў аўтарам некралогу на смерць Вінцэнта Дмахоўскага, што сведчыць аб сяброўстве двух выбітных прадстаўнікоў беларускай культуры.

Але давайце ціхенька, незнарок, перагорнем толькі адну старонку кіркоравага нарыса і паглядзім на наступную ілюстрацыю - "Магіла Кандратовіча ў Вільні" на стар. 133, аўтарам якой пазначаны таксама Дмахоўскі… Як Дмахоўскі?! Вінцэнт, памёрлы на паўгода раней за Ўладзіслава, намаляваць яго магілу не мог аніяк!

Звернем увагу на літары T.J.D., якімі мастак пазначыў сваё аўтарства ў кутку малюнка. Напэўна, што D. - гэта Дмахоўскі, а вось разгадку літар T.J. мы знойдзем у вышэй згаданым выданні "Slownik artysow polskich…" [20]: гэта Тадэвуш Ян Дмахоўскі (1856-1930), таксама мастак і, дарэчы, "крэўны" Вінцэнта. У гэтым слоўніку засведчана, што Тадэвуш Ян сапраўды быў ілюстратарам кіркоравых нарысаў у "Живописной России", "…дзе яго малюнкі пазначаны літарамі T.J.і T.J.D, якія ў спісе ілюстрацыяў пададзеныя, як працы Дмахоўскага (без імя)".

Хаця (а можа - таму), што ілюстрацыя з выявай Смольгава не пазначана ніякімі ініцыяламі, трэба адзначыць, што ў слоўніку [20] мы знойдзем інфармацыю яшчэ пра дваіх Дмахоўскіх, якія мелі дачыненне да мастацтва. На ўсялякі выпадак, прагледзім і іх кароткія жыццяпісы: раптам пад нікам "Дмахоўскі" Кіркорам зашыфраваныя не дзве, а чатыры асобы?

"Беларускага Чэ Гевару" Генрыка Дмахоўскага (1810-1863) можна адразу выключыць са спісу магчымых ілюстратараў нарысаў Кіркора: ён практычна ўсё жыццё правёў за мяжой. У час паміж паўстаннямі мастацтва з'яўлялася для яго сродкам заробку грошай, але займаўся ён не маляваннем, а выключна скульптурай: вырабляў плакеткі і медальёны з барэльефнымі партрэтамі сучаснікаў і выбітных гістарычных асоб. У траўні 1861 ён вярнуўся на радзіму. Восенню 1862 г. яшчэ паспеў спраектаваць надмагільны помнік Уладзіславу Сыракомлю ў выглядзе абеліска з партрэтным медальёнам апошняга (помнік так і застаўся праектам), а ў студзені 1863 г. узяў актыўны ўдзел у паўстанні і быў забіты ў баі 14 траўня 1863 г.

Чацвёртай персонай, адзначанай у слоўніку [24] з'яўляецца сын Вінцэнта Дмахоўскага - Уладзіслаў Дмахоўскі (1838-1913). Навучаўся ён спачатку ў Вільні, потым у Парыжы, з'ехаць на радзіму ў 1862 г. яго прымусіла смерць бацькі. Далей усё, як мае быць: удзел у паўстанні 1863 г., арышт, турма. З 1866 г. жыў у Варшаве, дзе працаваў, між іншым, і ў якасці ілюстратара ў польскіх часопісах. Уладзіслаў маляваў алеем і акварэллю, найчасцей сцэны з коньмі. Ёсць у яго жыцці і этап маляванне краявідаў, але польскіх, а не літоўскіх. У 1884 г. пераехаў на сталае жыхарства ў маёнтак Нагародавічы Гарадзенскай губерні і пачаў грунтоўна займацца гаспадаркай, амаль пакінуўшы маляванне.

Ці мог Уладзіслаў Дмахоўскі браць удзел у выданні нарысаў Адама Кіркора ў "Живописной России"? Без сумневу, мог, бо быў прафесійным ілюстратарам. Ад моманту смерці бацькі да выдання нарысаў з ілюстрацыямі прайшло 20 гадоў, трэба было ж падрыхтаваць малюнкі бацькі, каб яны маглі быць выкарыстаны ў якасці ілюстрацыяў. Вядома, што лепш за сына гэтага ніхто не мог зробіць, хаця б Уладзіслаў у гэты час і жыў у Варшаве. Аднак, пра тое, што, жывучы ў Варшаве, Уладзіслаў здзяйсняў падарожжы па беларускіх абшарах і маляваў беларускія краявіды, нідзе інфармацыі не сустракаецца.

Такім чынам, ілюстрацыя ў "Живописной России" [16] была размешчана ўжо пасля смерці Вінцэнта Дмахоўскага, але ж малюнак для гэтай літаграфіі мог быць зроблены ім не пазней восені 1861 г. (на намаляваных дрэвах ёсць лісце) - яшчэ пры жыцці Ўладзіслава Сыракомлі.

З першага погляду малюнак моцна ўражвае: не толькі тыя ж самыя будынкі, але і той жа ракурс, тая ж вышыня дрэў, што і ў Напалеона Орды! Як гэта магчыма? Няўжо адзін з мастакоў скапіяваў малюнак у другога? Ці мастакі разам выязджалі на "смольгаўскі пленэр"? Пытанне аб тым, што менавіта намалявана, адразу адыходзіць на другі план…

Уладзіслаў Сыракомля прыехаў у Вільню ў студзені 1853 г. малавядомым аўтарам, які апублікаваў пакуль яшчэ некалі вершаў. Менавіта на віленскі (аднясём сюды і яго жыццё ў фальварку Барэйкаўшчына) перыяд яго жыцця прыпадае росквіт яго таленту, публікацыя лепшых яго твораў і набыццё шырокая вядомасці. Ён адразу ўвайшоў у гурток віленскай інтэлігенцыі, якая збіралася ў гіторыка, этнографа, археолага і выдаўца Адама Кіркора. Магчыма, там і адбылося яго знаёмства з Дмахоўскім. Не пускаючыся ў падрабязнасці стасункаў паэта і мастака, адзначым, што тэарэтычна Дмахоўскі мог намаляваць сядзібу ў Смольгаве на працягу 9 гадоў: з вясны 1853 да восені 1861 гг.

Параўнаем даты: на тэчцы з малюнкамі краявідаў Менскай губерніі Напалеон Орда сам пазначыў гады, калі яны былі зроблены: 1864-1876. Адсюль выснова: на "сумесным пленэры" мастакі не былі, а малюнак Вінцэнта Дмахоўскага - першасны па часе.

Калі і як мог быць зроблены малюнак Дмахоўскага? Вядома, што ў 1853 г. Вінцэнт Дмахоўскі атрымаў замову ад вядомага археолага, гісторыка і этнографа Яўстаха Тышкевіча на шэраг выяваў руінаў літоўскіх замкаў, маляваннем якіх з натуры ён займаўся некалькі гадоў. Магчыма, у адным з гэтых падарожжаў у яго і знайшоўся час, каб наведаць Смольгава? Але гэтая здагадка здаецца малаверагоднай: у пачатку 50-х Сыракомля яшчэ не быў такім знакамітым, каб малазнаёмы мастак паспяшаўся ўвасобіць месца яго народзін. Больш верагодна, што Дмахоўскі паехаў туды наўмысна ў 1861 г., каб зрабіць прыемны падарунак свайму сябру Ўладзіславу, ужо цяжка хвораму, змучанаму бязладзіцай у асабістам жыцці, алкагалізмам і матэрыяльнымі праблемамі. Але незалежна ад канкрэтнага года падарожжа, у перыяд 1853 - 1868 гг. натурай для малюнка мог быць толькі фальварк Смальгавок (бо ў фальварку Смольгаў Вялікі ў гэты перыяд жылога дома наогул не было!) - г. зн. зусім не той, дзе жылі Кандратовічы.

Можна разгледзець яшчэ адзін варыянт: ніякай паездкі ў Смольгава і не было. Талент Уладзіслава Сыракомлі быў шматгранным. У выданні яго кнігі "Вандроўкі па маіх былых ваколіцах" [17] маецца малюнак сядзібы Залучча, якую сям'я паэта арандавала ў 1841-51 гг., з каментаром: "Малюнак аўтара".

Магчыма, мастацкія здольнасці Ўладзіслаў атрымаў у спадчыну ад бацькі, а ў сямейным архіве быў малюнак смольгаўскай сядзібы, зробленый калісьці Аляксандрам Кандратовічам. А Дмахоўскі гэты малюнак толькі "акультурыў". Урэшце, нагадаем сучасны спосаб стварэння фотаробатаў і ўявім сабе такую сцэну: Вінцэнт Дмахоўскі, які прыехаў пагасціць у Барэйкаўшчыну, сядзіць з алоўкам над аркушам паперы, а побач з ім - Аляксандр Кандратовіч (памёр у 1858 г.) распавядае мастаку пра выгляд фальварка ў Вялікім Смольгаве і робіць заўвагі да створанага на яго вачах мастаком фотаро… прабачце, малюнка фальварка.

Вядома, будынак у Смольгаве з ганкам на чатырох слупах быў тыповым архітэктурным праектам сядзібы небагатага абшарніка таго часу, такіх будынкаў было шмат, і намаляваць яго "па памяці" было б нескладана. Але ці можна лічыць, што ў гэтым выпадку быў бы намаляваны сапраўдны фальварк Вялікі Смольгаў 1823 г.?

Вернемся яшчэ раз да пытання, якое пастаўлена аўтарам у пачатку артыкула: што ж за пабудовы намаляваў мастак? Бо на малюнках - не толькі панскі дом, ёсць яшчэ і поўнае дакладне адлюстраванне невялікага гаспадарчага будынка злева ад яго. Прагледзім яшчэ раз апісанні будынкаў ў інвентарах, каб знайсці пабудаваную з бярвення гаспадарчую хату пад саламянай страхой, якае мае дзве печы і вокны, памерамі значна меншымі за галоўны дом.

(Заканч. у наст. нум.)

Святлана Міхалоўская


Клуб "Спаемства"

Клуб "Спаемства" - гэта культурна-асветніцкая беларускамоўная суполка, якая існавала ў Менску з 1996 па 2009 год. Ініцыятарам яе стварэння і нязменным старшынём быў Сяргей Андрэевіч Язерскі, псіхатэрапеўт па прафесіі. Сп. Язерскі нярэдка падчас сваёй лекарскай практыкі сутыкаўся з праблемамі беларускамоўных людзей у постсавецкім зрусіфікаваным грамадстве. Таму з 1992 года ён пачаў друкаваць у газетах "Наша слова", "Звязда", "Літаратура і мастацтва" абвесткі з такім зместам: "Псіхатэрапія пры жыццёвых нягодах. Беларускамоўная. Бясплатная. Вы застаецеся ананімнымі. Папярэдні запіс," - і дадаваў свой нумар тэлефона, па якім яго знаходзілі беларускамоўныя людзі. Гаючае беларускае слова было цудоўным сродкам у працэсе лячэння душэўных хваробаў. Разам з тым сп. Язерскі ўсведамляў, што падобная тэрапія, калі і дапамагала, то ўсё ж не вырашала праблем адзіноты, адасобленасці беларускамоўных людзей, адсутнасці кантактаў з аднадумцамі, што часта і з'яўлялася прычынай душэўнага нездароўя. Адсюль узнікла ідэя сабраць такіх людзей у пэўную супольнасць, стварыць тым самым для іх спрыяльнае моўнае асяроддзе. З дапамогай газетных абвестак і тэлефанаванняў удалося сабраць каля сарака чалавек, якія і стварылі клуб пад назвай "Спаемства". Такое незвычайнае слова, якое вырашылі абраць у якасці назвы клуба, удзельнікі сустрэлі сярод "Тварасловаў" пісьменніка Алеся Разанава (сэнс яго выводзіцца з паняцця "спаяць" - а менавіта "згуртаваць", "аб'яднаць").

Даволі хутка клуб далучыўся да Таварыства беларускай мовы як суполка "Спаемства" і атрымаў магчымасць сустракацца для ажыццяўлення сваёй дзейнасці ў памяшканні сядзібы ТБМ. Сустрэчы сяброў клуба ладзіліся так, каб людзі адчувалі сябе камфортна, маглі адпачыць пасля працы ў прыемным для сябе асяродку аднадумцаў, людзей беларускамоўных, нацыянальна свядомых. Самі па сабе такія сустрэчы аказвалі маральную падтрымку тым, хто быў траўмаваны той атмасферай, што пачала панаваць у грамадстве пасля рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў, калі ў значнай меры зруйнаваліся вынікі намаганняў патрыятычнай інтэлігенцыі ў нацыянальным адраджэнні Беларусі і дэмакратызацыі грамадскага жыцця.

Але формы дзейнасці суполкі не абмяжоўваліся звычайным абменам думкамі ды інфармацыяй. Сп. Язерскі перыядычна праводзіў псіхалагічныя трэнінгі па культуры зносін ("Як правільна весці дыялог"); час ад часу ладзіліся тэматычныя сустрэчы (з гістарычнай, літаратурнай, краязнаўчай, грамадска-палітычнай тэматыкай); сумесна святкаваліся Каляды, Купалле, Свята вайсковай славы, дні народзінаў, юбілеі; ладзіліся сумесныя паездкі на прыроду і цікавыя вандроўкі па Беларусі. Першая такая вандроўка мела назву "У Полацак без экскурсавода", яе праводзілі самі сябры клуба, адпаведна падрыхтаваныя. Неўзабаве пасля гэтай вандроўкі ў газетах "Народная Воля" і "Наша слова" з'явіліся публікацыі, у якіх яе ўдзельнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі (Зміцер Цехановіч, Людміла Буднікава, Барыс Мускі).

У далейшым сябры клуба зладзілі вандроўкі ў Мір і Нясвіж, у Крэва, Валожын, Ліду, Гародню. У некаторых з гэтых вандровак удзельнічала і грамадзянка Польшчы Катажына Вашчыньска, выкладчыца Варшаўскага ўніверсітэта, якая з захапленнем вывучала нашу краіну, збіраючы матэрыял для сваёй дысертацыі пра беларускае нацыянальнае адраджэнне і ролю ў ім беларускай інтэлігенцыі. З такой выдатнай мэтай яна на нейкі час стала сябрам клуба і блізка пазнаёмілася з яго ўдзельнікамі.

Падчас падрыхтоўкі да святкавання Купалля (1999 г.), Калядаў (2000 г.) выявіўся яскравы рэжысёрскі талент Наталлі Цітавец. Ёй належала галоўная роля ў падборы песень, мізансцэнаў, касцюмаў. Спн. Наталля кіравала рэпетыцыямі, выдумляла цікавыя дэталі. Да Калядаў 2000 года быў нават падрыхтаваны спектакль - сябры "Спаемства" паказалі ўрывак з купалаўскай "Паўлінкі". Аўтарам ідэі і рэжысёрам была спн. Наталля. На вялікі жаль, у выніку цяжкай хваробы спн. Наталля Цітавец у 2001 годзе заўчасна пакінула гэты свет.

Адным з апошніх цікавых праектаў, ахыццёўленых суполкай "Спаемства", было апытанне па тэме "Што дае мне беларуская мова?". Аўтарка ідэі Святлана Багданкевіч запісала выказванні людзей на магнітафон і падрыхтавала папяровы варыянт матэрыялу. Сп. Зміцер Цехановіч адрэдагаваў тэксты і змясціў іх у Інтэрнэце на адрасе mova.na.by/artykuly/biel_mova.html. Таксама матэрыялы апытання друкаваліся ў "Нашым слове" ў 2003 і 2005 гадах. Апытанне было ананімным, удзельнічалі не толькі сябры "Спаемства", але і іншыя ахвотныя. Апытанка змяшчала і наступныя пункты: "Як я прыйшоў да беларускае мовы?", "Як я засвойваю беларускую мову?", "Як і з кім я размаўляю па-беларуску?", "Што перашкаджае мне цалкам перайсці на беларускую мову?", "Што я раблю для беларускае мовы?" і шэраг іншых.

У 2009 годзе клуб "Спаемства" практычна спыніў сваё існаванне, а ў 2010 годзе пайшоў з жыцця яго нязменны кіраўнік сп. Сяргей Язерскі, які быў інтэлігентным, ініцыятыўным чалавекам, сапраўдным патрыётам сваёй Бацькаўшчыны і роднай мовы.

Спаемец.

На здымках: сябры "Спаемства" ў Крэве і Наваградку ў 1998 годзе; пастаноўка "Паўлінкі" ў 1999-2000 гг.; Каляды ў сядзібе ТБМ у 2002 г.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX