Вярнуцца: 2012

№ 32 (1079)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 32 (1079), 8 жніўня 2012 года

95 гадоў з дня нараджэння Янкі Брыля

"Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!" - казаў Народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль.

Янка Брыль, вядомы беларускі пісьменнік, актыўны грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў ТБМ, нарадзіўся 4 жніўня 95 гадоў назад. Вырас у вёсцы Загор'е Карэліцкага раёна.

Янка Брыль да канца жыцця актыўна супрацоўнічаў з ТБМ, падтрымліваў арганізацыю сваім аўтарытэтам. Пасля яго смерці (пам. 25 ліпеня 2006 г.) сябрамі ТБМ быў арганізаваны збор подпісаў з мэтай адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў гонар пісьменніка па праспекце Машэрава (былой вуліцы Дразда, 8) і надання адной з вуліц нашай сталіцы імя Янкі Брыля. У выніку збору подпісаў была ўсталявана мемарыяльная дошка на доме, у якім Янка Брыль жыў апошнія дванаццаць гадоў. Таксама з ініцыятывы ТБМ быў выдадзены мастацкі канверт у гонар пісьменніка. 26 верасня 2007 г. імя Янкі Брыля атрымала вуліца ў менскім мікрараёне Міхалова, а 26 жніўня 2009 г. імя Янкі Брыля было нададзена вуліцы ў Гдыні. Ёсць вуліца Янкі Брыля і ў Гданьску.

ТБМ выходзіла з ініцыятывай надання імя Янкі Брыля Турэцкай сярэдняй школе Карэліцкага раёна, аднак справа ў гэтым пытанні тады затармазілася.

Янка Брыль меў два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ордэн Айчыннай вайны II ступені, Ордэн Дружбы народаў, Ордэн "Знак Пашаны", савецкія і польскія медалі, але быў беларусам і таму выклікае пэўную насцярожанасць у чыноўнікаў.

Наш кар.


Будзе музей В. Быкава пад Менскам

Як паведамляе БелТА, па даручэнні кіраўніка краіны пачата праца па стварэнні музея Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Музей будзе адкрыты на базе лецішча Быкава ў Ждановічах, 6 Менскага раёна.

У гэтых мэтах 27 ліпеня прынята пастанова ўраду, у адпаведнасці з якой лецішча бясплатна перададзена Ірынай Міхайлаўнай Быкавай ва ўласнасць дзяржавы.

- Гэты дзень з'яўляецца адпраўной кропкай у справе ўвекавечання памяці пісьменніка і захавання яго творчай спадчыны, - падкрэслілі ў Мінкультуры.

Музей ствараецца як філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. На працягу 2012-2014 гадоў будзе праведзены капітальны рамонт лецішча Васіля Быкава з яго прыстасаваннем пад музейную ўстанову, а так-сама будзе добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя, створаны камфортныя ўмовы для наведнікаў.

Наш кар.


175 гадоў з дня нараджэння Баляслава Колышкі

КОЛЫШКА Баляслаў Вікенцевіч [7.8.1837, ваколіца Гуды (фальварак Карманішкі) Лідскага пав. Віленскай губ. - 9.6.1863], удзельнік рэв. руху 1860-х г. З небагатай шляхты. З 1860 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, адзін з кіраўнікоў рэвалюцыйнага студэнцтва, прапагандаваў ідэі рэв. саюзу народаў у барацьбе з самадзяржаўем. У 1861 вёў рэвалюцыйную агітацыю ў Лідзе і Лідскім пав., удзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях, сутыкненнях студэнтаў з паліцыяй у Маскве. Ратуючыся ад пакарання, выехаў за мяжу, наведваў ваенную школу польскіх эмігрантаў у Італіі. У сак. 1863 сфармаваў баяздольны паўстанцкі аддзел (Дубіскі полк) у цэнтральнай Літве (Ковенскі пав.), меў некалькі паспяховых сутычак з царскімі войскамі. 5.4.1863 з аддзелам далучыўся да З. Серакоўскага, камандаваў адной з калон у паходзе паўстанцаў на поўнач Літвы. Пасля разгрому паўстанцаў у Біржайскай бітве (25-27.4. 1863) узяты ў палон і паводле прысуду павешаны ў Вільні на гандлёвай плошчы


100 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Чарнышэвіча

Аркадзь Дзмітрыевіч Чарнышэвіч нарадзіўся 08.08.1912 г. у вёсцы Кулакі Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. Па заканчэнні Старобінскай сямігодкі (1928) дапамагаў бацькам па гаспадарцы. У 1930 г. бацьку раскулачылі і адправілі на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала, а сям'ю вывезлі ў Качоўскі раён Комі-Пярмяцкай акругі. А. Чарнышэвіч працаваў у пасёлку Янчэр рабочым на лесараспрацоўках, загадчыкам мясцовай крамы, настаўнічаў. У 1940 г. завочна скончыў Кудымкарскую педагагічную вучэльню. У 1950 г. вярнуўся на радзіму, быў прызначаны дырэктарам Насовіцкай, а потым Свірскай пачатковых школ Мядзельскага раёна. З 1954 г. жыў у Радашковічах, потым пераехаў у Менск. Сябар СП СССР з 1954 г. Узнагароджаны медалём. Першае апавяданне надрукаваў у 1927 г. (часопіс "Чырвоны сейбіт"). Сталай літаратурнай працай пачаў займацца з 1940 г., калі aпyблікаваў у часопісе "Полымя рэвалюцыі" падборку апавяданняў "Лета". Аўтар зборнікаў апавяданняў "Суседзі" (1956), "Марцін Когут" (1958), "Праз зімы і вёсны" (1960), "Новы дом" (1967), "Апавяданні" (1970), раманаў "Світанне" (1957), "Засценак Малінаўка" (1964, ч. 1; 1965, ч. 2), у 1982 г. абедзве часткі выйшлі пад назвай "Засценак Малінаўка". Спачатку выступаў з творамі для дзяцей. Выйшлі аповесці "У адной сям'і" (1951), "На сажалках" (1955), зборнікі апавяданняў "Зосін лужок" (1952), "Апавяданні старога Арцёма" (1958), "Складанец" (1969). У 1979 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах. Памёр 18.01.1967 г. у г. Менску.


Ліст ТБМ да старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі

Старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай

тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь Г. Б. Давыдзьку

220870, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9

Паважаны Генадзь Браніслававіч!

У ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" звяртаюцца людзі са скаргамі на тое, што спынілася трансляцыя спартыўных перадач з Лонданскай Алімпіяды на беларускай мове, якая вялася на тэлеканале "Беларусь-2". У свой час Вы абяцалі, што тэлеканал "Беларусь-2" у гэтым годзе пяройдзе цалкам на вяшчанне на дзяржаўнай беларускай мове. Мы віталі першыя крокі ў гэтым кірунку, звязаныя з трансляцыяй спартыўных перадач розных кірункаў па-беларуску. І зараз мы бачым чарговую праяву русіфікацыі нацыянальнага тэлебачання. Асабліва прыкра, што гэта робіцца ў год юбілею нашых класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, Максіма Танка, на чыіх творах выгадавалася не адно пакаленне беларускіх тэлегледачоў.

Лічым, што трэба неадкладна выправіць гэтую недарэчнасць, аднавіць трансляцыю спартыўных перадач на беларускай мове і зрабіць абяцанае: перавесці канал "Беларусь-2" на дзяржаўную беларускую мову.

З павагай, старшыня ТБМ А. Трусаў.


Лыжка мёду і бочка дзёгцю

Зноў пра "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова

"Падзвіжніцкая праца ў галіне роднай мовы" - так называецца рэцэнзія супрацоўніка Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Беларускай акадэміі навук М. Крыўко на "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова. Але калі чытач чакае ўзважанага аб'ектыўнага разгляду запраўды старанніцкай працы, ён будзе расчараваны. Міжволі ўспамінаецца старажытная эпіграма на езуітаў, калі чытаеш Крыўкову рэцэнзію:

Mel in ore, verba lactis,

Fel in corde, fraus in factis.

[Мёд на языку, малако на словах,

жоўць на сэрцы, падман на справе.]

Відаць, узнёслы загаловак мусіў кампенсаваць падступны змест допісу. Бываюць рэцэнзіі ўхвальныя, нават ліслівыя, дзе не сустрэнеш ані заўваг, ані парад аўтарам. Але не часта трапляецца такое, каб рэцэнзент зусім не бачыў дадатнага, а толькі адмоўнае. Дый адмоўнае найчасцей высмактанае з пальца. Затое вельмі ж лаканічны рэцэнзент на добрыя словы: некалькі нейтральных абзацаў дзеля азнаямлення чытача з выданнем, спісаных з выдавецкай анатацыі на пачатку, і пара няшчырых узнёслых слоў у канцы: "Падзвіжніцтва Ф. А. Піскунова заслугоўвае самай высокай ацэнкі". А ў прамежку - ледзь не кожны абзац з выкрывальніцка-абвінаваўчым зачынам:

"Такім чынам, у рэестры Слоўніка Ф. А. Піскунова адсутнічаюць словы..."

"Назіраецца ў Слоўніку Ф. А. Піскунова адсутнасць некаторых слоў..."

"Непаслядоўна, няпоўна пададзены ў Слоўніку..."

"Заўважаецца непаўната падачы матэрыялу..."

"Не знайшлося месца ў "Вялікім слоўніку беларускай мовы" Ф. А. Піскунова..."

"Адсутнічаюць у Слоўніку Ф. А. Піскунова і цэлы шэраг..."

Не пашкадаваў М. Крыўко свайго часу і газетнай плошчы, каб педантычна, да дробязі пералічыць усё тое, чаго, на яго думку, бракуе ў слоўніку. Ведама, кожны сур'ёзны аўтар толькі ўдзячны рэцэнзенту, калі той знойдзе якую абмылу і пакажа на яе. Аднак пры ўмове, што тая абмыла запраўды абмыла. А калі заўвагі надуманыя, прыцягненыя за вушы, то такая рэцэнзія называецца неаб'ектыўнай, тэндэнцыйнай, замоўленай.

Што ж маем у Крыўковай? Чым больш заглыбляешся ў яе чытанне, тым больш умацоўваешся ў думцы, што рэцэнзент палемізуе з нейкай уяўнай персонай, якая нібыта сцвярджала, што ў слоўніку ёсць УСЕ словы беларускай мовы. Не называючы імёнаў, М. Крыўко імкнецца навесці чытача газеты на думку, што менавіта аўтар і ёсць тая персона, бо назваў свой твор "Вялікі слоўнік беларускай мовы". Адсюль задзірлівы пачатак уласна рэцэнзійнай часткі.

"На першы погляд здаецца, што Слоўнік Ф.А. Піскунова, такі вялікі сваім аб'ёмам... з'яўляецца амаль ідэальным, асабліва адносна паўнаты падачы лексічнага багацця беларускай нацыянальнай мовы. Але гэта не зусім так".

І далей, рэкламуючы пры нагодзе яшчэ няствораны "вялікі (тамоў на 15) акадэмічны слоўнік тлумачальнага тыпу", выкладае спіс ажно з 548 аддзеяслоўных назоўнікаў на не . Маўляў, Ф. Піскуноў падаў гэты клас слоў "несістэмна і далёка няпоўна", а мне - рэцэнзенту - відаць маштабы тых прагалаў.

Няшчыра М. Крыўко паставіўся да чытачоў "Нашага слова", бо перш-наперш замоўчаў істотны факт: не ў акадэмічнай картатэцы, не ў ранейшых лексікаграфіных выданнях ці ўласных занатоўках знайшоў ён гэтыя словы, а збольшага ўтварыў з сваёй галавы, метадычна замяняючы ь (-цца) на -нне ў дзеясловах, пададзеных ужо ў слоўніку Ф. Піскунова. Пад тое зрабіў 12 паўтораў і нават залічыў у спіс недасталых якраз аказаныя ў рэестры словы: апалоскванне, вымарожванне, выхватванне, завалодванне, зяванне, намыльванне, тахканне, уладжванне . Усякі паспаліты карыстальнік можа сам пры патрэбе ўтварыць кожнае слова з рэцэнзентавага спісу, бо працэсавыя назоўнікі на не ўтвараюцца практычна ад усіх дзеясловаў з выняткам асобных класаў. От толькі ці ўтвараюцца - пытанне: бальшыню з прыточаных рэцэнзентам слоў можна залічыць да скрайне рэдка ўжываных, калі не надуманых.

Другое, утоіў рэцэнзент ад чытачоў, бальшыня якіх нат не трымала слоўніка Ф. Піскунова ў руках - вельмі ж малым накладам ён выйшаў, - канцэптуальную лінію аўтара, выказаную ў прадмове:

"Асабліва варта засяродзіць увагу карыстальніка на тым, што рэестр слоўніка, якім бы вялікім ён ні быў [выдзяленне тут і далей нашае - Ю. Пацюпа, К. Пучынская], не падстава для недапушчэння ў літаратурнае ўжыванне як новых слоў-рэаліяў, аўтарскіх наватвораў, так і колішніх рэгіяналізмаў (дыялектызмаў), асабліва тых, што маюць празрысты сэнс і ўласцівыя беларускай мове словаўтваральныя мадэлі. Словатворчасць носьбітаў беларускай мовы, ад майстроў прыгожага пісьменства да пачаткоўцаў, - гэта рухавік яе развіцця, прынцып жа "няма ў слоўніку - абыдземся іншым" - першы крок да закасцянення і заняпаду".

Рэцэнзія і кніга ў навуковым свеце непадзельныя: адна без другой не абходзяцца. Абсягамі яны, ведама ж, несувымерныя, але канцэптуальна могуць ходацца міжсобку. Менавіта ў рэцэнзіі могуць сутыкацца дзве альтэрнатыўныя метадалогіі, на якія потым час ад часу спасылаюцца. І тут нам асабліва цікава разгледзець, якую ж метадалогію лексікаграфіі проціпастаўляе вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі "варагу`" Ф. Піскунову, хіміку паводле адукацыі.

Пазіцыя Ф. Піскунова тлумачыцца ў прадмове Кансультацыйнай рады слоўніка, у якую, дарэчы, увайшлі знаныя майстры прыгожага пісьменства і навукоўцы.

"Прынцыповае адрозненне новага слоўніка ад папярэдніх у тым, што ён грунтуецца на апрацаванні непараўнальна большага аб'ёму беларускамоўных тэкстаў (больш за 70 млн ужыванняў) і адлюстроўвае рэальны стан сучаснай беларускай мовы, сістэматызуючы ўнікальны лексічны матэрыял".

Метадалогія ж рэцэнзента дапускае амаль неабмежаванае дабудоўванне словаўтваральных гнёздаў лексемамі, мажлівымі на думку ўкладальніка. Гэтая наша выснова пацвярджаецца аналізам зместу "Тлумачальнага слоўніка літаратурнай беларускай мовы" (ТСЛБМ), дзе рэцэнзент быў адным з двух рэдактараў. Вось некаторыя прыклады такой "словатворчасці": абстановачны (ад абстаноўка ), ардынарачны (ад ардынарац ), аўтапілоцкі (ад аўтапілот - [прыстасаванне]), бегемотны, віраваначны, вудзільневы, гародчыкавы (ад гародчык ), дрожачны (ад дрожкі ), жаўраначны (ад жаўранак ), касманаўтычны (ад касманаўтыка ), лаечны (ад лайка ), красачны (ад краска [кветка]), факельшчыцкі (ад факельшчык ), экспаненцкі (ад экспанента ) - і яшчэ пад тысячу падобных сумнеўнай вартасці ці нават недарэчных адназоўнікавых прыметнікаў, утвораных пад пільным вокам сурэдактара М. Крыўко ў слоўніку аб'ёмам каля 47 тыс. рэестравых артыкулаў. Найбліжэйшым часам мы выкладзем поўны спіс гэтых "дасягненняў" у сеціве, каб запабегнуць трапляння падобых слоў у будучыя лексікаграфічныя выданні без годных прыкладаў іх ужывання.

І далей у рэчышчы апісанай метадалогіі рэцэнзент працягвае зацятае "выкрывальніцтва", беручыся то за на дзеепрыметнікі, то за аддзеяслоўныя назоўнікі і іншыя лексічныя рады: "Ёсць слова раззлаваць і няма ў рэестры лексем раззлоўваць, раззлоўванне ", - піша М. Крыўко. Дзе, спытаемся, у якім тэксце, у чыёй гаворцы сустрэліся рэцэнзенту такія словы? А калі што і трапіла, то колькі знайшлося прыкладаў?

Не пакінуты без увагі ("тое ёсць, а таго няма") і невялічкі дадатак з геаграфічнымі назвамі свету, аснову якога склалі словы з "Слоўніка беларускай мовы", выдання 1987 г.: "Не знайшлося месца ў "Вялікім слоўніку беларускай мовы" Ф. А. Піскунова слову Нахічэвань ". Ці ўяўляе рэцэнзент, што прэтэнзія "непаўната падачы матэрыялу" ў дадатку "Геаграфічныя назвы свету" не заўсёды дарэчная нават у адносінах да буйнамаштабных геаграфічных атласаў?

Перайшоўшы ад сістэмнага агляду рэестру да "стральбы па асобных мішэнях", рэцэнзент у абвінаваўчым запале месцамі страчвае пільнасць і дапускае безапеляцыйныя, але неўгрунтаваныя сцверджанні.

"Слова святлоправод у рэестры памылкова пададзена ў форме святлапровад ".

Мусім не пагадзіцца з М. Крыўко і спашлемся на найноўшы акадэмічны "Слоўнік беларускай мовы" (СБМ-2012), дзе знойдзем: святлапровад побач з мікрапровад , электрапровад . Ясна, што ўва ўсіх гэтых словах другая частка значыць 'дрот', а не 'труба', як у нафтаправод . Наша бяда, што нават частку тэрміналогіі не збеларусізавалі. Ці ж не вынік гэта манапольнага шматгадовага кіравання моўнымі працэсамі ўстановай, дзе дзеіць рэцэнзент. Вось яшчэ адно "выкрыццё":

"Ад геаграфічнай назвы Друя (мястэчка ў Браслаўскім раёне) утвараецца прыметнік друйскі . У Слоўніку ж Ф. А. Піскунова бачым: друеўскі ".

Друеўскі сельскі савет - гэта афіцыйная назва адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, утварэнне ж друйскі ў слоўніку таксама падаецца. Далей чытаем: "Пададзена ў рэестры ляпенне , а патрэбна ляпленне ".

Маюць правы на жыццё абодва словы, але ляпенне ёсць у тэкстах. Наагул жа ўтварэнне аддзеяслоўных назоўнікаў на -нне без эпентэтычнага "л" не навіна і ведамае яшчэ з старабеларускай мовы: бавенне і баўленне , вабенне і вабленне , збавенне і збаўленне , але скрыпенне (не скрыпленне ), даўбенне (гл. СБМ-12). Але ж вернемся зноў да рэцэнзіі: "Так, у Слоўнік уключана слова абдзьмуханне , а патрэбны толькі словы абдзьмухванне і абдзіманне ".

А чаму нельга і абдзьмухванне , і абдзіманне , і абдзьмуханне (усе яны ёсць у слоўніку Піскунова)? Калі М. Крыўко так дбае пра дзееназоўнікі, то ён мусіў бы ведаць, што пры іх утварэнні зазвычай захоўваецца трыванне. Гэта пацвярджаецца пісьмовымі тэкстамі, а асабліва шырока аказана ў народнай мове. Трывальныя пары ў дзееназоўніках абвапнаванне і абвапноўванне , абрабаванне і абрабоўванне трэба не забараняць, арыентуючыся на рускую мову, а наадварот, пашыраць, тлумачыць тым, хто незнаёмы з асаблівасцямі народнай мовы. Што ж... чытаем заўвагі далей...: "Пададзена ў Слоўніку слова адскрабаны замест правільнага адскрэбены (апошняе ёсць у рэестры)".

Ёсць не толькі дзеяслоў скрэбці , але і дзеяслоў скрабаць , дык чаму нельга адскрабаны . Апошняе, дарэчы, пададзена і ў славутым слоўніку Яна Станкевіча.

Тактыку замоўчвання аўтарскай пазіцыі, выкладзенай у прадмове да слоўніка, рэцэнзент працягвае і далей. Вось вытрымка з раздзелу "Будова слоўніка" ў Ф. Піскунова: "Асобна і з лічбавымі паказчыкамі ўверсе справа падаюцца словы, якія супадаюць арфаграфічна і арфаэпічна, але адрозніваюцца граматычнымі характарыстыкамі. У адзінкавых выпадках лічбавыя паказчыкі могуць быць ужыты і пры словах-амонімах з аднолькавымі граматычнымі характарыстыкамі, пераважна з мэтай паляпшэння нагляднасці слоўнікавых артыкулаў і ў іншых неабходных выпадках..."

Што няясна ступеняванаму рэцэнзенту? Не амонімы падаюцца асобна, а словы (хай яны маюць і аднолькавае напісанне), якія адрозніваюцца граматычнымі характарыстыкамі. А калі артыкул выходзіць грувасткім - то і такія словы могуць быць разнесеныя.

От мусіць Ф. Піскуноў падаваць амографы паводле канонаў тлумачальных слоўнікаў - і годзе, хоць рэцэнзуецца граматычна-арфаграфічны слоўнік, як гэта можна вывесці з назвы выдання. Дзіўна гучыць і вынайдзены рэцэнзентам новы тэрмін "яўныя амонімы", нібыта і не існуе праблемы вылучэння амонімаў, вядомай сур'ёзным лінгвістам.

Але ж гне рэцэнзент сваю лінію: "Пры знаёмстве са Слоўнікам Ф.А. Піскунова звяртае на сябе ўвагу і такая акалічнасць, што ў рэестры стаяць побач аднолькавыя словы, двойчы падаецца адно і тое ж слова. Такіх выпадкаў у гэтым даведніку налічваецца значная колькасць".

І безапеляцыйна-павучальна працягвае: "Яўныя амонімы з прыведзеных вышэй слоўных пар павінны і афармляцца як аманімічныя адзінкі, а полісемантычныя моўныя адзінкі павінны зводзіцца ў адзін слоўнікавы артыкул, падавацца як адно слова. Прысутнасць жа двух аднолькавых слоў у адным лексіка-графічным выданні - гэта нонсэнс".

У найноўшым акадэмічным "Слоўніку беларускай мовы" (2012) абгрунтавана (розныя грам. роды) пададзена слова ложа , менавіта так, як не дапускае для "саліднага" выдання М. Крыўко.

Аднак працягнем прасочваць, як рэцэнзент мэтна скажае ці змоўчвае пазіцыю аўтара слоўніка. Вось вытрымка з Ф. Піскунова: "Шэраг слоў падаецца з кароткімі азначэннямі, што пераймае замацаваныя ў беларускай лексікаграфіі традыцыі і апраўдана адсутнасцю актуальных прадстаўнічых тлумачальных слоўнікаў. У гэтым выданні колькасць такіх азначэнняў значна павялічана і складае больш за 3000 запісаў, пры гэтым тлумачэнні носяць толькі выбарачна-арыентавальны характар, дазваляюць, на думку аўтара, атрымаць прыблізнае ўяўленне пра сферу ўжытку ўсяго словаўтваральнага гнязда, г. зн. не прэтэндуюць на паўнату ахопу лексіка-семантычных варыянтаў".

Патлумачым чытачу: звычайна фармат арфаграфічнага ці граматычнага слоўніка не прадугледжвае тлумачэнняў да рэестравых лексем, пакідаючы гэтую функцыю тлумачальным слоўнікам. Аднак як "Слоўнік беларускай мовы" пад рэд. М. Бірылы, так і слоўнік Ф. Піскунова абмежаваную колькасць такіх тлумачэнняў падаюць з прычын, названых аўтарам у вышэй цытаванай прадмове. Колькі іх мае быць - пытанне спрэчнае. Але ж карціць рэцэнзенту павялічыць спіс вінавачанняў. Адсюль і бесцырымоннае: "Але пры шматлікіх словах падобныя тлумачэнні адсутнічаюць, а яны, як нам думаецца, павінны быць. Патрэбных дэфініцый мы не бачым, напрыклад, пры словах..."

Вось так папросту можна перакруціць відавочны плюс на мінус: чаму, маўляў, так мала дэфініцый, чаму гэта не тлумачальны слоўнік і г. д.

Спіс перакручаванняў, зробленых рэцэнзентам, можна працягнуць. Вось так выкладае сваю пазіцыю Ф. Піскуноў: "...Наспеў і пераспеў час эклезіястаўскага "збірання камянёў": адшукаць, зафіксаваць, уратаваць ад знікнення ўсё ацалелае з моўнага багацця без надання чорных пазнак "разм.", "абл.", якія часта атрымлівала беларускае слова па шаблонах рускамоўных лексікаграфічных крыніц.

Аўтар свядома адмовіўся ад падобных пазнак... На сучасным этапе спадальнага развіцця мовы гіпакратаўскаму прынцыпу "не нашкодзь" адпавядала б больш мяккая атрыбуцыя тых слоў, якія маглі б ужывацца ў стылістычна афарбаваных кантэкстах. У нашым выданні з мэтай такой атрыбуцыі ўжываецца спецыяльны надрадковы сімвал * (зорачка), якім перш за ўсё пазначаюцца словы, што носяць выразна экспрэсіўныя ацэнкі асобы і патрабуюць ад карыстальніка пэўнай перасцярогі, каб не дапусціць некарэктнасці ў камунікацыі".

А вось як наконт пазіцыі аўтара інфармуе чытачоў "Нашага слова" М. Крыўко: "Аўтар слоўніка свядома адмовіўся на старонках свайго выдання ад памет "разм.", "абл." (або "дыял.") і розных стылістычных памет. Пры такіх моўных адзінках маецца спецыяльны надрадковы сімвал * (зорачка)".

Вось так рэцэнзент адмахнуўся ад праблемы, якой абцяжараныя акадэмічныя слоўнікі, і заадно несумленным прыёмам уеў Ф. Піскунова, маўляў, той проста замяніў такія пазнакі "зорачкай". На гэтым месцы дарэчна адзначыць, што складальнікі СБМ-2012, прызнаючы, нарэшце, існаванне праблемы, наагул знялі ў выданні ўсе пазнакі. А заадно і выкасавалі значную колькасць слоў, што раней былі пададзеныя з такімі пазнакамі ў слоўніку СБМ-87 пад рэд. Бірылы.

Шмат месца вылучыў рэцэнзент тэме адступленняў ад алфавітнага парадку, звязаных з пазіцыяй націску. Нешматлікія выпадкі такіх адступленняў выкліканыя тэхнічнымі збоямі вярстальнай праграмы. У больш як 1200-старонкавым творы рэцэнзент знайшоў амаль усе выпадкі, што і кампутар пасля карэктавання праграмы. Гэта ж колькі тыдняў М. Крыўко ўядаўся ў тэкст кнігі!

Дарэчныя заўвагі - найбольш каштоўныя для кожнага аўтара кнігі. У рэцэнзіі М. Крыўко яны месцяцца ў тых частках, дзе ўспамінаюцца выпадкі запраўды абмыльных аўтарскіх напісанняў (адзінкавых, пераважна звязаных з пастаноўкай націскаў). Падаюцца яны рэцэнзентам з максімальнай паўнінёй, на жаль, уперамешку з неабгрунтаванымі сцверджаннямі, частку якіх мы ўжо падалі вышэй. Выкажамся за аўтара і аднаго з нас, хто браў чынны ўдзел у карэктаванні кнігі: усе заўвагі гэтага кшталту ўспрымаюцца з удзячнасцю, ад каго яны ні выходзілі б.

Задамося пытаннем, навошта рэцэнзент абраў з самага пачатку тактыку агрэсіўнага нападу, не грэбуючы няшчырымі прыёмамі: прыцягванне нязначных аргументаў, перакручванні, замоўчванні і беспадстаўныя прэтэнзіі. Ды, пэўна ж, таму, што ў рэцэнзента ёсць звышзаданне: выставіць аўтара дылетантам і заклеймаваць яго суровым выракам: "Зробленых у гэтым аглядзе крытычных заўваг магло б і не быць, ці яны маглі б быць зведзеныя да мінімуму, каб лексікаграфічная праца Ф. Піскунова была навукова адрэдагавана спецыялістам-мовазнаўцам".

Што гэта? Нагадванне вядомага факту, што аўтар не лінгвіст паводле адукацыі, а прадстаўнік дакладных навук? Несумленная спекуляцыя: Ф. Піскуноў даўно і плённа дзеіць у галіне лінгвістыкі, апублікаваў шэраг выбітных навуковых артыкулаў, ён сябра Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. А мо гэта спроба дыстанцыявацца і апраўдацца ў вачох кіраўнікоў установы, дзе працуе рэцэнзент (у прадмове да слоўніка аўтар выказаў спадару М. Крыўко падзяку за карысныя парады)? Мо адсюль і падкрэсленыя рэверансы на адрас укладальнікаў акадэмічных выданняў? Няспраўджаныя чаканні, жарсці ці карпаратыўныя інтарэсы, крыва зразуметыя рэцэнзентам?

Пад канец звернем увагу шаноўных чытачоў "Нашага слова" на тое, што абдрукі і абмылы - прыкрая з'ява, але ў аб'ёмных лексіка-графічных творах, на жаль, няўхільная. Ёсць яны і ў ТСЛБМ, дзе сурэдактарам быў М. Крыўко: абмыльныя пеКраканальнасць і фантастычнСць не выпраўленыя і ў перавыданнях. У новым акадэмічным слоўніку СБМ-12 знойдзем: бАспрыбытковы , бУздумнасць, бюракТрат, бАнзаматор і яшчэ больш за 60 абдрукаў, выяўленых пры першасным правяранні з дапамогай праграмы "Літара" (электронны тэкст СБМ нядаўна быў выкладзены ў сеціве). Дадамо нястачу ў апошнім выданні найважнейшых слоў: шэсцьдзесят , Бог або бог , тройца або Троіца , шмат якіх іншых... І мо галоўнае: беспрэцэдэнтнае, больш чым на 30 тыс. слоў, перабольшанне заяўленага абсягу рэестру. Складальнікі ўказалі ў апісальнай частцы слоўніка ягоны аб'ём каля 150 тыс. слоў, але сапраўдны аб'ём слоўніка крыху перавышае 117 тыс. слоў, гэта меней чым у заяўленым папярэдніку СБМ-87, які ўтрымвае больш за 118 тыс. слоў. Як тады характарызаваць гэтыя выданні ў абранай Крыўко стылістыцы! Гэта якая ж інстанцыя, які спецыяліст-мовазнавец мусілі іх рэдагаваць нават дзеля звядзення да мінімуму хаця б відавочных абмылаў, не кажучы ўжо пра іх поўнае выдаленне.

Чытачам "Нашага слова" рабіць высновы аб артыкуле М. Крыўко. Што да нас, то мы адзіныя ў думцы: мядзведжую паслугу зрабіў М. Крыўко чытачам, уласнай годнасці і аўтарытэту ўстановы, дзе ён працуе.

Юры Пацюпа, Крысціна Пучынская


Любоў да роднай мовы захавала з дзяцінства…

Сумную навіну па тэлефоне паведаміў увечары 25 ліпеня Іван Фёдаравіч Буднік Перастала біцца сэрца ў Тамары Васільеўны Талерчык… Гэта вялікая страта для гарадзенцаў.

У свой апошні шлях на вечны спачын праводзіла дэмакратычная грамадскасць Гародні спадарыню Тамару 27 ліпеня 2012 г. у дзень Незалежнасці Беларусі. На адзінаццаць гадзін раніцы сабралася шмат людзей: родныя, сябры, былыя вучні. Кожны з прысутных прынёс з сабою на паніхіду часцінку павагі і ўдзячнасці за тыя добрыя справы, якія паспела зрабіць у сваім жыцці Тамара Васільеўна. Яна была заўсёды з вельмі надзейным, вялікай дабрыні і ласкі мужам Аляксандрам. Узаемную любоў і ўдзячнасць Аляксандр і Тамара пранеслі праз усё сваё сямейнае жыццё. Спадарыня Тамара і спадар Аляксандр былі адной з найпрыгажэйшых сталых пар з выдатным маральным прыкладам для маладых. Менавіта на такім духоўным грунце і могуць трываць доўгатэрміновыя сямейныя адносіны. Ад іх, былых вяскоўцаў, сыходзіла сапрадная шляхетнасць, працавітасць і дабрыня, шчырасць і павага да бліжняга. Бадай, найважнейшае - яны былі аднадумцамі і ў любові да сваёй краіны, мовы, гісторыі і культуры. Свой творчы беларускі нацыяналізм яны неслі разам. Ад іх чалавечых адносін сыходзілі нябачныя промні светлыні. Прыгожая і цудоўная настаўніца, актыўны сябар ТБМ, шчырая патрыётка, арганізатарка ТБШ ў Гародні Тамара Васільеўна надоўга застанецца ў памяці многіх гарадзенцаў.

Тамара Васільеўна Талерчык (Падковіч) нарадзілася 15.08.1935 г. у в. Пятралевічы Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці. У 1953 г. закончыла СШ №1 у г. Слоніме.

Вышэйшую адукацыю атрымала ў Менскім інстытуце замежных моў на факультэце ангельскай мовы. Тры гады выкладала нямецкую мову ў в. Шылавічы Слонімскага раёна. Пазней працавала настаўніцай ангельскай мовы ў Карэліцкай і Наваградскай школах. З 1964 г. і да выхаду на пенсію працавала ў СШ №2 г. Гародні. У 1982 г. завочна скончыла Гарадзенскі ўніверсітэт, беларускае аддзяленне філфака.

Нават на пятым дзясятку гадоў Тамара Васільеўна вырашыла атрымаць яшчэ адну вышэйшую адукацыю па роднай мове. Адкуль узнікла такая любоў да беларушчыны ў настаўніцы замежнай мовы?

Спадарыня Тамара нарадзілася ў вялікай сям'і, дзе было сямёра дзяцей. Яна была самай малодшай. У хаце збіраліся дзеці розных узростаў, арганізоўвалі танцы, спявалі песні, рабілі тэатральныя пастаноўкі. Родныя ў хаце размаўлялі толькі па-беларуску, таму любоў да роднай мовы была захавана з дзяцінства. У СШ №1 у г. Слоніме (якая тады лічылася беларускай) любоў да роднай мовы заклаў і настаўнік матэматыкі і класны кіраўнік Ракевіч Мікалай Антонавіч, які толькі адзін выкладаў па-беларуску. Пад час працы ў сістэме адукацыі Тамара Васільеўна праводзіла розныя школьныя мерапрыемствы (конкурсы, тэатральныя пастаноўкі). Пры дапамозе прафесійнага акцёра і кіраўніка тэатра Фрыдмана ў Слоніме, яна са сваім тэатральным калектывам, які складаўся з настаўнікаў, бацькоў і вучняў атрымоўвала нават першыя месцы. З беларускімі спектаклямі школьная група выязджала ў калгасы, калі Тамара Васільеўна працавала ў Карэліцкай школе. Напачатку 60-х гг. ХХ ст. трохі паіншаму сустрэла спадарыню Тамару зрусіфікаваная Гародня. Усё неяк прыпынілася… Вельмі балюча ёй было бачыць дыскрымінацыю роднай мовы ў абласным цэнтры. Але дзякуючы лёсу, тут у СШ № 2 Тамара Васільеўна сустрэла заслужаную настаўніцу беларускай мовы Кулай Вольгу Піліпаўну, якая паўсюль і з усімі размаўляла толькі па-беларуску. Вучні з задавальненнем хадзілі на яе заняткі. У вольныя часіны хадзіла на яе ўрокі і спадарыня Тамара. Тут яна пажыццёва атрымала вірус "беларускасці". Гэта падштурхнула Тамару Васільеўну да паступлення на беларускае аддзяленне Гарадзенскага інстытута.

Пад час гарбачоўскай перабудовы яны разам са сваім мужам, Аляксандрам Сямёнавічам Талерчыкам пачалі актыўна ўдзельнічаць у легендарным Гарадзенскім клубе "Паходня". Яны прыбіралі старыя могілкі, на "Дзяды" ускладалі кветкі на магілы вядомых беларускіх дзеячаў, якія пахаваны ў Гародні. Аднаўлялі беларускія Каляды, Купалле, нацыянальныя песні, танцы, віктарыны. Самымі актыўнымі ў правядзенні святаў былі Вера Кунцэвіч з хорам "Бацькаўшчына", Яўген Петрашэвіч з ансамблем "Дударыкі", К. Жынь, А. Астроўскі, А. Міхальчык, С. Вараб'ёва, М. Таранда, М. Маркевіч, М. Амялішка, С. Іоська і шмат іншых. На першым этапе Незалежнасці Беларусі ў Гародні намеснікам старшыні гарвыканкама быў А.У. Мілінкевіч. Тады, згодна з перапісам насельніцтва, прапарцыянальна нацыянальнаму складу, быў зацверджаны статус беларускіх школ. (80% - беларускія, 20% - рускія). У 1994/95 навучальным годзе з 35 школ было 27 беларускіх . Усяго 13115 вучняў вучыліся па-беларуску. Школы былі забяспечаны беларускімі падручнікамі. Але працэс павольнай беларусізацыі 27 школ пачаў мяняцца ў 1994 годзе, асабліва пасля рэферэндуму 1995 г. пра "роўнасць беларускай і рускай моў". Гвалтам сотні беларускіх школ па ўсёй краіне пераводзіліся на рускую мову. Ужо праз год у Гародні засталіся толькі тры беларускія школы з 27! Ці могуць сёння арганізатары рэферэндуму шчыра сказаць, што руская і беларуская мовы функцыянуюць на Беларусі ў абсалютна роўных умовах? Адказ відавочны.

І вось у гэты цяжкі для беларусаў час Тамара Васільеўна разам з мужам вырашылі аб'яднаць настаўнікаў і выкладчыкаў, якія ўжо нешта рабілі ў сваіх навучальных установах па стрымліванні працэсу русіфікацыі беларускіх школ. Была створана ТБШ і бацькоўскі камітэт беларускіх класаў. Старшынём быў абраны А.У. Мілінкевіч. Намеснікамі сталі Т.В. Талерчык (Ленінскі раён) і А.І. Крой (Кастрычніцкі раён). Але фактычным кіраўніком і каардынатарам ТБШ была Тамара Васільеўна. Тут яна сваёй кіпучай энергіяй не давала слабінку нікому. Гэта была вельмі цяжкая валанцёрская праца, якая хутка адбілася на здароўі многіх яго ўдзельнікаў. Кожнаму з рады ТБШ даводзілася наведваць сотні кватэр і дзясятак школьных бацькоўскіх сходаў кожны год. Яшчэ трэба зыходзіць з таго, што знайсці талковых валанцёраў для такой спецыфічнай працы было вельмі цяжка, таму асноўны цяжар несла Рада ТБШ. Не лепшым чынам праявілі сябе асобныя сябры партый, якія не пажадалі займацца такой работай. Іншыя лічылі гэтае пытанне занадта дробным для свае персоны. Найбольшую актыўнасць праяўлялі звычайна тыя, хто на наступны навучальны год меўся аддаваць сваё дзіця ў беларускі клас. Пасля гэтага актыўнасць спадала. Кастрычніцкі РАНА (кіраўнік С.В. Цыганкова), дзе былі беларускія СШ №26 і №5 па паказчыках русіфікацыі апярэджваў Ленінскі раён. Загадам Кастрычніцкага РАНА ў першай беларускай школе №26 быў адчынены рускамоўны клас. Пасаду дырэктара СШ №26 заняла В.М. Ількевіч, больш лаяльная да новай палітыкі русіфікацыі. У гэты цяжкі перыяд захварэў і памёр ад раку В.І. Шаўцоў (былы дырэктар СШ №26, сябра Рады ТБШ, які першы ў горадзе сваю школу зрабіў беларускай). Тамара Васільеўна таксама мела праблемы са здароўем і праз нейкі час не змагла актыўна працаваць з-за хваробы. Песімістычны настрой апанаваў нешматлікіх актывістаў. Колькасць беларускіх класаў штогод змяншалася, але кожны год праца з бацькамі і настаўнікамі працягвалася, хоць і меншым складам. Актыўныя настаўнікі мелі праблемы і з працаўладкаваннем, але працягвалі працаваць у грамадскіх арганізацыях і друкаваліся ў розных СМІ. Аддзелы адукацыі адсочвалі кожны артыкул сваіх падначаленых. Тамара Васільеўна і іншыя дасылалі "балючыя" артыкулы ў "Народную Волю", "Пагоню", "Наша слова", "Свой лад", у іншыя СМІ. Актыўна працавалі па Ленінскім раёне В. Бойка, М. Мельнікаў (стваральнік грамадскага музея В. Быкава), Л. Маісеенка, А. Талерчык, С. Іоська, А. Пяткевіч, Т. Маліноўская, А. Астроўскі, А. Місцюкевіч, Л. Ермаловіч. Па Кастрычніцкім раёне - В. Біруля, А. Прысяч (дыр. СШ №5), С. Марозава, І. Курчэўскі, Г. Гапонік, В. Касіла , М. Жукевіч, М. Маркевіч, А. Смалянчук, І. Навумаў, С. Тарасава, Г. Кургун, А. Воўчак і іншыя.

Шмат вады ўцякло ў Нёмане за гэты час, але праблема навучання на роднай мове засталася і па сёння. У ТБШ прыйшлі маладзейшыя людзі , якія актыўна займаюцца папулярызацыяй беларускай мовы і культуры. Старэйшыя актывісты змагаюцца з набытымі хваробамі пад час сяўбы на беларускай культурнай глебе.

Тамара Васільеўна Талерчык атрымала інсульт, праз нейкі час стан яе здароўя трохі палепшаў, але 25 ліпеня здарыўся абшырны інфаркт. Па словах Аляксандра Сямёнавіча Талерчыка медыкі рабілі ўсё магчымае, але выратаваць яе жыццё не ўдалося…

У час развітання гучалі цёплыя словы на яе адрас спачатку каля дома на вул. К. Каліноўскага, дзе скончыўся яе зямны шлях, а пазней - на могілках у Аульсе, дзе пад беларускую малітву і спевы хору "Бацькаўшчына" Тамару Васільеўну пахавалі ў родную беларускую зямельку, накрыўшы бел-чырвона-белым нацыянальным сцягам. Яна застанецца ў нашай памяці, як вельмі добры і надзейны арганізатар, добразычлівы, і шчыры чалавек-патрыёт свайго краю. Хай родная зямелька будзе ёй лёгкай.

Р.S. Перад тым, як пайсці на пахаванне спадарыні Тамары, я зазірнуў у беларускі каляндар-даведнік на кожны дзень укладальніка У. Хільмановіча і ўбачыў, што 25 ліпеня з'яўляецца сумным днём для беларускай культуры. У гэты дзень Беларусь страціла народнага пісьменніка У. Караткевіча (1984), Н. Арсенневу (1997), Я. Брыля (2006). У наступным выпуску каляндара свае пачэснае месца сярод народных пісьменнікаў, паэтаў і грамадскіх актывістаў належыць і Талерчык Тамары Васільеўне.

Старшыня Гарадзенскай абласной ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алесь Крой.


Страта

Не стала вялікага беларускага энцыклапедыста

31ліпеня не стала майго земляка пісьменніка, літаратуразнаўца, крытыка, бібліёграфа, фалькларыста, энцыклапедыста, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Янкі Саламевіча..

Не стала вялікага беларускага энцыклапедыста, роўнага якому ў Беларусі больш няма. Я шмат гадоў з ім сябраваў, і не мог наталіцца яго ведамі, аповедамі пра нашу Беларусь, яе гісторыю, літаратуру, выданні і, вядома ж, людзей. З ім гутарыць можна было бясконца. З ім цікава было знаходзіцца на розных мерапрыемствам, фэстах, вяселлях, сустрэчах. Ён мог так развесяліць грамаду, што людзі проста "рвалі" жываты ад смеху, бо выдатна дзядзька Янка ведаў беларускі гумар, фальклор, умеў прыкмеціць і запомніць нейкае добрае слоўца, выраз, прымаўку. А пра землякоў сваіх з Вялікай Кракоткі ён мог распавядаць бясконца. Ну, напрыклад, пра тое, як на судзе пры Польшчы судзілі беларускага селяніна. Пракурор кажа: "Прошэ паньства, оскаржоны обзывал сонсяда псэм", а абвінавачаны суседу ў адказ: "Сабака ты, сабака! Калі я на цябе казаў пес?!". Ці пра тое, як вясковая жанчына корміць бацюшку: "Ешце, ойча, ешча". "Ем, ем, дарагая!" - адказвае бацюшка. "Ой, што вы тут ясце, гаўно вы ясце!" - чуе ў адказ.

А як ён файна згадваў сваіх бацькоў, іх крылатыя выразы, прымаўкі, слоўцы. Прывяду некалькі прыкладаў. Бацька пра маму, якая пачынала драмаць перад тэлевізарам і кляваць носам, казаў: "О, ужэ жыдоў возіць!" А пра сучасную моладзь ягоны бацька казаў: "Вянец пад плотам, а вяселё потым". А мама загадвала малым такую загадку: "Суну-пасуну, Трахім смяецца". Ніхто з дзяцей не адгадваў. Потым яна тлумачыла: "Месяц відзён, калі адсунуць юшку ў коміне!".

Да апошніх дзён Янка Саламевіч памятаў розныя вясковыя кракоцкія выразы і тыя, якія яму казалі бацькі: зняхаліся (г. зн. злюбіліс я), спадніца тоўста, як падруба; далікатны, як панскі цюцька; вада халодная, аж у зубы заходзіць; ідзе, як назаўтра; пляце смалянога дуба (гаворыць абы-што); ужэ налавіў рыбы (нацубарыў у пасцель) і г.д.

Але ж, што гэта я пачаў у самотны час зусім не з таго. Трэба ж згадаць Янкі Саламевіча жыццёвы і творчы шлях і ягоныя заслугі перад нашай Айчынай і народам. А заслуг у яго шмат.

Скончыў Белдзяржуніверсітэт, абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1968 года працаваў у выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя", спачатку старэйшым навуковым супрацоўнікам, потым загадчыкам навуковай рэдакцыі народнай асветы і беларускіх слоўнікаў, вядучым рэдактарам, потым вядучым рэдактарам рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі, атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.

У 1972 годзе з друку выйшла яго цудоўная манаграфія "Міхал Федароўскі", прысвечаная чалавеку, які выяўляў мастацкія здабыткі беларускага народа і тым самым прычыніўся да паўнейшага раскрыцця духоўнага вобліку беларусаў перад светам.У кнізе Янка Саламевіч разгледзеў і прааналізаваў жыццёвы і творчы шлях і навуковую дзейнасць Міхала Федароўскага, звяртаючы ўвагу не толькі на яго песенную спадчыну, як гэта рабілася дасюль польскімі вучонымі, але і на казкі, прыказкі, загадкі, паданні, легенды, замовы і анекдоты.

Потым з друку выходзіць яго першы ў Беларусі "Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў XVI-XX стагоддзяў". Гэта была праца яго жыцця, да апошніх дзён ён дапрацоўваў, дапаўняў свой слоўнік. І вельмі хацеў патрымаць поўны ў руках. Не паспеў. Потым былі іншыя кнігі, якія мой зямляк напісаў, склаў, падрыхтаваў. Тысячы ягоных артыкулаў змешчаны ў розных беларускіх энцыклапедыях, даведніках, календарах. Усю працу Янкі Саламевіча проста сёння немагчыма ацаніць. Дзякуй за ўсё гэта! Нізкі паклон табе, мой зямляк, мой старэйшы сябра! Няхай табе зямля беларуская будзе пухам!

Сяргей ЧЫГРЫН .

На здымках: 1. Янка Саламевіч; 2. Рыгор Шырма, Янка Саламевіч, Вячаслаў Рагойша, Менскі педінстытут, 1967 г. 3. Вёска Вялікая Кракотка, 1967 год. Радзіма Янкі Саламевіча.


Запрашаем да Ларысы Геніюш у Зэльву

У суботу,11 жніўня, у Зэльве адбудзецца ўшанаванне вялікай беларускай паэткі Ларысы Геніюш. У праграме мерапрыемства - прэзентацыя кнігі Ларысы Геніюш "Лісты з Зэльвы", выступленне беларускіх бардаў і літаратараў. Пачатак у 12 гадзін каля зэльвенскай Свята-Троіцкай царквы на Савецкай вуліцы. Запрашаем!


Ліпеньская Ракуцёўская нядзелька 2012 года

Свае пабыўкі ў Ракуцёўшчыне я стараюся не прапускаць. І гэтым разам, 29-га ліпеня, я прыйшоў загадзя да прызначанага часу. На музейным падворку Багдановічавай святыні быў ужо Навум Гальпяровіч. Мы ўзрадаваліся адзін аднаму. З Гальпяровічам заўсёды цікава і пагутарыць, і памаўчаць. Ад яго і маўклівага пульсуе актыўная творчая энергія. Спакваля на музейным падворку пачаў збірацца люд, які меркаваў на Ракуцёўскае свята. Неўзабаве падкаціў на музейны абсяг і шыкоўны камфартабельны філарманічны аўтобус Міністэрства культуры, і ўжо першыя крокі на яго прыступкі былі нечаканы для мяне, прыемныя. Павітаўся з кіроўцам, досыць яшчэ маладым чалавекам. І пачуў:

- Неяк пры нагодзе адной паездкі з Вамі я набыў адну Вашу кніжачку. Вельмі спадабалася. Сам чытаў яе. Чытаў яе і свайму сыночку...

Скажыце: каму, якому аўтару не спадабаўся б такі пачатак вандроўкі ў Ракуцёўшчыну на Максімава свята. Слова за словам між намі адбыўся далей такі дыялог:

- Кажаце, чытаў маю кніжачку і свайму сыночку... А колькі ж яму гадочкаў?

- Усяго шэсць...

Мяне яшчэ больш разабрала цікаўнасць:

-А як жа Вы свайго хлопчыка назвалі?

І пачуў нечаканае, негаданае, нават непрадбачлівае:

- Мацей... Мацейка!

Не, такое, каб і хацеў, не прыдумаеш. Мае кніжачкі пераважна пра Францішка Багушэвіча (Мацея Бурачка). І от маладыя тата і мама свайго першанькага сыночка святым імем назвалі, якім карыстаўся Францішак Багушэвіч у свой час. Пра абранае для свайго сыночка імя Мацей кіроўца аўтобуса дадае:

- Гэтак звалі, Мацеем, і маго дзядулю...

То няцяжка ўявіць, з якім настроем я ехаў у тую Ракуцёшчыну. Мае думкі былі сугучныя, і кіроўцу філарманічнага аўтобуса, як звычайна, я пацікавіўся, якое яго прозвішча і з якіх ён мясцінаў родам. І пачуў:

- З Гарадзеншчыны. А прозвішча маё, не дзівіцеся - таксама арыгінальнае - Каралевіч! Барыс Каралевіч!

От такі дыялог адбыўся між мною і кіроўцам філарманічнага аўтобуса. І гэтага дыялогу было дастаткова, каб я ехаў у славутую зараз Ракуцёўшчыну з пэўным настроем. З рознымі згадкамі пра нашых нацыянальных адраджэнцаў мінулага. Згадка пра Францішка Багушэвіча на самым пачатку нашага шляху ў Ракуцёўшчыну прымусіла мяне думаць пра Францішка Багушэвіча. і Максіма Багдановіча. Распавядаючы пра Максіма Багдановіча не трэба забывацца пра такі акцэнт: Максім Багдановіч нарадзіўся ў 1891 годзе, а якраз у гэтым годзе выйшла ў Кракаве славутая "Дудка Беларуская" Мацея Бурачка, якая разварушыла не аднаго творчага беларуса. Сярод іх і Максіма Багдановіча, па яго прызнанні.

Наш філарманічны аўтобус спакваля вырываецца з межаў горада. Мільгаюць за вокнамі прыдарожныя шыльды з назовамі нашых вёсак, колішніх фальваркаў. Некаторыя з іх так ці інакш нагадваюць і пра Максіма. От, прыкладам, Мігаўка Аляксандра Уласава. То як не згадаць, мінаючы гэты фальварак, Максіма, ягоныя стасункі з "Нашай Нівай" ды з самім рэдактарам. І гэтак скрозь. Але вось і сама Ракуцёўшчына. Спыняемся ля славутых ракуцёўскіх камянёў, на якіх памятная шыльда з паэтавым партрэтам і радкамі з яго верша:

Хоць зернейкі засохшымі былі,

Усё ж такі жыццёвая іх сіла

Збудзілася, і буйна ўскаласіла

Парой вясенняй

збожжа на раллі.

Выходзім з аўтобуса. Фатаграфуемся на памятку ля тых славутых ракуцёўскіх камянёў. Цешымся ягонай кампазіцыйнай зладжанасцю. Гэтыя камяні з памятнай шыльдачкай пра Максіма Багдановіча абступае грыва прыроднага хваёвага ляску. Я выходжу за яго межы і бачу амаль побач невялікую вёсачку з тыповымі вясковымі хаткамі з пачарнелымі і, мабыць, састарэлымі стрэхамі. Цікаўлюся: гэта і ёсць Ракуцёўшчына. Але ніхто з прыезджых нічога мне станоўчага сказаць не можа. неўзабаве да слаўных ракуцёўскіх камянёў пад'язджае і хтось з тых, каго чакалі, без каго не выпадала пачынаць Ракуцёўскае свята. І от усе круемся на колішнюю сядзібу шляхіца Вацлава Лычкоўскага. І нас сустракае ў расквечаных нацыянальных строях бадзёрымі і па-беларуску заліхвацкімі песнямі хор спевакоў Алеся Лася. І далей найшло ўсё сваё чаргой... Верш, песні... З імпразаванай сцэны з публікай на лаўках размаўлялі Віктар Шніп, Навум Гальпяровіч і шмат хто іншы. Нарэшце з падмосткаў сцэны загучалі вершы пра старыя кілірычныя літары. Гэта Таіса Трафімава знаёміла з сваім вершам "Азбука". А за ёй Ганначка Філістовіч расчуліла ракуцёўскіх гасцей сваім вершам "Родны край". І я, расчулены гэтымі дэкламацыямі, падхапіўся з свайго абжытага ў Ракуцёўшчыне кута, падхапіўся і кінуўся да публікі і пачаў іх надзяляць паасобнымі нумарамі "Нашага слова", кажучы пра гэтым: "Наша слова" ад Максіма", "Наша слова" ад Максіма". І шкадаваў пры гэтым, што не парупіўся падабраць тыя нумары, у якіх былі публікацыі менавіта пра Максіма Багдановіча. Але, скажу, Гледачы былі рады і нумарам, якія я раздаў. Балазе, смаліла сонца, і людзі прыкрывалі імі галовы. А ўвечары, дома, у гэтым я перакананы, праштудзіруюць і саму газету, бо ў ёй шмат грунтоўных і надзённых матэрыялаў. З іншых уражанняў і згадак пра Ракуцёўскае свята: пазнаёміўся з паэтэсай Таісай Трафімавай. Мы з ёй абмяняліся сваімі кніжкамі. Я пра Францішка Багушэвіча. Яна ахвяравала мне "Вёску пад ліпамі". Неўзабыўнае ўражанне зрабіў на мяне і Мікіта Руткевіч. Ён любіць анекдоцікі. Абяцаў колькі з іх прыслаць мне. Прыемная была стрэча і з Даркай Міхайлоўскай, юнай актывісткай з Краснага.

Ракуцёўшчына для мяне, дый, думаю, не толькі для мяне - неспазнаны як след мацярык Беларусі. Мне здаецца яшчэ ракуцёўская мікратапаніміка як след не спазнана краязнаўцамі. А Максім, думаецца, цікавіўся ёй. Яго кранаў кожны куточак ракуцёўскі сваёй вабаю. Прыкладам, ён быў моцна крануты той жа ракуцёўскай крынічкаю. Яна, між іншым, і падчас апошняга ракуцёўскага свята жывіла ўсіх гасцей. Да тое крынічкі людзі ішлі і ішлі, наталяючы смагу. Балазе ў нядзельку дзень выдаўся спякотны. Хацелася мне ў Ракуцёўшчыне, у яе жыхароў распытацца пра явар. Ці бачылі яны хоць калі тое дрэва. Бо Максім Багдановіч у адным сваім ракуцёўскім вершы прыгадвае той явар.

* * *

Сумна мне, а ў сэрцы

смутак ціха запявае: Сцежка ў полі пралягае,

траўкай зарастае.

Каля сцежкі пахіліўся

явар да каліны,

Там кахаліся калісь-то

хлопец і дзяўчына.

Ой ішла дарога долам

ды ішла і горкай,-

Не схавалася дзяўчына

ад тэй долі горкай:

Бо ляжыць яе дарожка,

траўкай зарастае;

Сумна глянуць, цяжка бачыць,

жаль душу праймае".

Але не паспеў задаволіць усе мае цікавасці. То, спадзяюся, іншым разам ліквідаваць гэтыя свае прабелы. Дык, да наступнай стрэчы, Ракуцёўшчына!

Уладзя Содаль-Садэльскі.


35-ая кніжка з бібліятэкі "Радыё Свабода"

Гэтая кніга ў адрозненне ад іншых выданняў з вышэйзгаданай бібліятэкі ішла да чытачоў у сённяшнім выглядзе павольна. Спачатку, на мяжы тысячагоддзяў, гучаў у эфіры "Слоўнік Свабоды" цягам усяго 1999-га года: 1-га студзеня - слова "Бог", а 31-га снежня - слова "Слова". Сярод аўтараў гэтых штодзённых слоў-нататак былі розныя людзі: пісьменнікі, філолагі, палітыкі, філосафы, журналісты, гісторыкі, мастацтвазнаўцы, мастакі. Адны падрыхтавалі дзясяткі слоў-радыёперадач, іншыя толькі адно ці два. Але разам гэта быў грунтоўны слоўнік сучаснай беларускай мовы, яе гарадскі, найперш сталічны, варыянт на мяжы 2-х стагоддзяў - ХХ і ХХІ. У 2000-ым годзе "Слоўнік Свабоды" з прадмовай Аляксандра Лукашука быў надрукаваны ў часопісе ARCHE [7-2000]. Гэты нумар часопіса, калі верыць яго рэдактарам, стаў вельмі папулярным, пра яго пісалі ў навуковых працах як айчынныя, так і замежныя навукоўцы, выкарыстоўвалі на занятках выкладчыкі ўніверсітэтаў і зараз гэта бібліяграфічная рэдкасць.

Таму да дзесяцігоддзя "Бібліятэкі Свабоды. ХХІ стагоддзе" быў выпушчаны асобнай кнігай чарговы экзэмпляр бібліятэкі пад назовам "Слоўнік Свабоды: ХХ стагоддзе ў беларускай мове. Слова на дзень для памяці і для роздуму" з дадаткам, які дапісалі ранейшыя аўтары перадачсловаў 1999-га года. Кожны дапісаў па адным слове, якое падалося ім істотным ужо ў нашым ХХІ стагоддзі. Гэта толькі 28 слоў, але сярод аўтараў ёсць Зянон Пазьняк, Рыгор Барадулін, Сяргей Навумчык, Вячаслаў Ракіцкі, Валянцін Акудовіч, Аляксандр Лукашук, Сяргей Шупа, Анатоль Вярцінскі, Міхась Скобла, Генадзь Бураўкін, Сяргей Дубавец, Андрэй Дынько і іншыя вядомыя журналісты і дзеячы беларускай культуры.

Але я, паколькі пісаў гэтыя радкі ў Варшаве, хачу звярнуць увагу чытачоў на два матэрыялы беластоцкіх беларусаў. Артыкул "Перапіс" напісаў Кастусь Бандарук, які зараз працуе на радыё "Рацыя". Ён папулярна расказаў, як у дэмакратычнай Польшчы праводзіўся апошні перапіс у 2011 годзе. З гэтага матэрыялу вынікае, што беларусаў у Польшчы палічылі так, як патрэбна ўладам, а вынікі перапісу засакрэцілі.

Апошні артыкул у дадатку "ХХ стагоддзе - і крыху пасля - у беларускай мове" пад назовам "Чэр" напісаў другі беларус Беласточчыны Ян Максімюк, які зараз вядзе на радыё "Свабода" адну з самых папулярных перадач "Званочкі". Ён апісаў, як гіне жывы падлескі дыялект беларускай мовы на сённяшняй Беласточчыне. Вёска вымірае, моладзь пераехала ў гарады, і спрадвечныя беларускія словы, асабліва іх старажытны сэнс, імкліва адыходзяць у нябыт. І гэта адбываецца ў дэмакратычнай краіне, якая ўваходзіць у Еўразвяз і робіць шмат карыснага па розных праграмах Еўразвязу, каб захаваць культуры нацыянальных мяншыняў, што спрадвеку жывуць на тэрыторыі сённяшняй Польскай дзяржавы.

У першай палове ліпеня я наведаў некалькі самых цікавых музеяў Польшчы ў Варшаве і Кракаве. Паўсюль на самых ганаровых месцах можна пабачыць скульптуры, карціны, асабістыя рэчы нашых славутых землякоў: Адама Міцкевіча, Тадэвуша Касцюшкі, Фердынанда Рушчыца і Валянціна Ваньковіча. Я ўжо не кажу пра беларускую дынастыю Ягелонаў і апошняга караля з Воўчына з-пад Берасця Станіслава Панятоўскага. У Бельведэры, дзе зараз жыве прэзідэнт Польшчы, разгорнута экспазіцыя, прысвечаная маршалу Язэпу Пілсудскаму, які таксама мае беларускія карані і ў маладосці лічыў сябе беларусам. У каралеўскім палацы ў Варшаве вісяць партрэты Радзівілаў з Нясвіжскага замка, слуцкія паясы, панарама горада Гародні - месца, дзе адбываліся соймы Рэчы Паспалітай.

Узнікае пытанне, чаму менавіта гэтыя людзі, а не карэнныя палякі, сталі нацыянальнымі героямі Польшчы? Адказ будзе такі: па-першае, усе яны цягнуліся да адукацыі і гарадской культуры, а ў ХІХ-ым і пачатку ХХ стагоддзя ў беларускіх гарадах прадстаўнікі мясцовай эліты размаўлялі, асабліва ў першай палове ХІХ ст., па-польску. І Віленскі ўніверсітэт і Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве былі польскамоўнымі, квітнела рамантызаваная настальгія па Рэчы Паспалітай, дзе беларуская шляхта мела роўныя правы з польскай. Па-другое, адчуваўся ўплыў польскамоўнага каталіцкага касцёла, дзе кожны каталік мусіў лічыць сябе палякам. І па-трэцяе, калі гэтыя людзі, што паходзілі з беларускай (ліцвінскай) шляхты, прыходзілі ў польскую культуру, яны прыносілі свой багаты пасаг: гарады і замкі Беларусі, якія польская эліта з задавальненнем залічала ў свой культурны гістарычны спіс, спіс гісторыка-культурнай спадчыны, як "крэсовую" культуру Вялікай (ад мора і да мора) Польшчы, зрабіўшы тэрмін "Польшча" сінонімам Рэчы Паспалітай.

І адраджаў у 1918 годзе Язэп Пілсудскі не Польшчу, а другую Рэч Паспалітую з Вільняй, Львовам, Гародняй і Менскам. Каб не аддаць сваю радзіму - Віленшчыну - Літве, Пілсудскі прыдумаў марыянеткавую рэспубліку "Сярэдняя Літва", а радзіма Адама Міцкевіча, горад Наваградак, невялікі павятовы горад, стаў цэнтрам ваяводства, у якім, дарэчы, не было ніводнага павета. І толькі зараз, калі 20 гадоў на мапе свету існуе незалежная Беларусь, у Польшчы ўспомнілі, што Рэч Паспалітая - гэта не толькі Польшча, а канфедэрацыя розных народаў, розных дзяржаўных утварэнняў і, вядома, розных культур і моваў.

Таму нам трэба актыўна развіваць менавіта гарадскую мадэрновую беларускую мову і культуру, такім чынам рабіць свой важкі ўнёсак у еўрапейскую культуру ХХІ стагоддзя. 35-ае выданне бібліятэкі "Радыё Свабода" несумненна гэтаму спрыяе.

Алег Трусаў, Варшава.



"Белпошта" выпусціла мастацкую паштоўку з выявамі сядзібнага дома Швыкоўскіх ХІХ ст. і сабора ў імя Аляксандра Неўскага ў Прыжанах.


Душэўная размова з артыстам

Летняя творчая сустрэча з заснавальнікам беларускага фольк-мадэрну, лідэрам легендарнага гурта "Палац" Алегам Хаменкам адбылася Менскай сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны пад дэвізам "Дзяжурны па краіне".

Госці сядзібы адзначылі, што не хапае сустрэч з творцамі, не стае інтэрактыўных ток-шоў з беларускамоўнымі выканаўцамі.У такіх умовах магчымасць пакантактаваць з папулярным выканаўцам, выкладчыкам БДУКіМ, надзвычай каштоўная.

Да закрыцця "Аўтарадыё", на хвалях радыёстанцыі выходзіла аўтарская праграма Алега Хаменкі з вядомымі дзеячамі музычнай культуры "Брама існасці".

Гурт "Палац" пад яго нязменным кіраўніцтвам браў удзел ў фестывалях у Заходняй Еўропе і ў краінах СНД. Шматгалосныя спевы, спалучэнне розных народных інструментаў, смелае выкарыстанне магчымасцяў сучасных сінтэзатараў вызначаюць яго стылістыку. Артыст праходзіў у паўфінал адборачнага туру да "Еўрабачання-2008".

Алег Хаменка выканаў народныя песні ў сваёй апрацоўцы. Яго моцны голас гучыць мужна і пранікнёна, з дзесяткамі адценняў, нагадваючы цэлы аркестр.

Спевы перапляталіся з разважаннямі аб нашым культурным кантэксце, якому ўласцівы білінгвізм і талерантнасць.

Спявак выказаў думку, што ў культуры і ў грамадскім жыцці варта ставіць мэты са стваральнай скіраванасцю. У шчырай гутарцы са слухачамі гаворка ішла пра каштоўнасці, якія яднаюць народ. Радзіма, мова, кніга, помнік.

На жаль, матулі думаюць часцей пра тое, як накарміць, а не як выхоўваць. Ці ёсць час пагаварыць па душах?

- Што застанецца сярод запамінальных вобразаў Беларусі? Куды нявесты будуць ускладаць кветкі? - разважае артыст.

Алег Хаменка выказаў думку, што трэба было б за народныя сродкі стварыць помнік Божае Маці ў Менску, як манумент Хрысту-Збаўцу ўзвышаецца на гары над Рыа-дэ-Жанэйра. Да такога помніка прыходзілі б людзі са сваімі спадзяваннямі і пачуццямі.

- Восенню 2012 года гурт "Палац" будзе адзначаць 20-годдзе,- падказаў артыст.

Да гэтай падзеі рыхтуецца выданне новага дыска музычнага калектыву. Акрамя збору фальклору, артыст любіць збіраць народныя казкі ў рознай апрацоўцы. Раней А. Хаменка выпусціў аўдыё-праект "Беларускія народныя казкі" на 10 дысках. Нядаўна ён знайшоў некалькі варыянтаў казкі "Салдат-лекар" і стварыў яе аўдыёзапіс, з музычным суправаджэннем. Але, як лічаць псіхолагі, яна рэкамендавана з 10-гадовага ўзросту.

На пытанне, як закранулі яго народныя спевы, артыст адказаў:

- Калі я ў маладосці граў на вяселлях папулярныя мелодыі, сутыкнуўся з тым, што жанчыны з розных мясцовасцяў пачыналі ўзгадваць сваё роднае і прасілі выканаць іхнія песні.

Э. Дзвінская.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Дваранчук Юры - 15000 р., г. Менск

2. Невядомы - 100000 р., г. Менск

3. Рудзёнак Алег - 50000 р., г. Наваполацк

4. Місевіч Мар'ян - 400000 р., в. Падсвілле, Глыбокцкі р-н

5. Восіпава А.Е. - 50000 р., г. Гомель

6. Фурс Антон - 50000 р., г. Паставы

7. Краўцоў Васіль - 50000 р., г. Гомель

8. Павідайка В.М. - 70000 р., г. Менск

9. Раманоўскі Алег - 35000 р., г. Івянец

10. Ляскоўскі Уладзіслаў - 100000 р., г. Шаркаўшчына

11. Давідоўскі Ігар - 100000 р., г. Менск

12. Талерчык Тамара - 50000 р., г. Гародня

13. Стэпчанка Наталля - 30000 р., г. Менск

14. Кукавенка Іван - 25000 р., г. Менск

15. Лазарук Тамара - 30000 р., г. Менск

16. Русаў Пятро - 25000 р., г. Менск

17. Трафімчык Таццяна - 50000 р., г. Слонім

18. Ігнатовіч Т.М. - 30000 р., г. Слонім

19. Харытончык Н.І. - 50000 р., г. Слонім

20. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад

21. Чэчат Алесь - 50000 р., г. Менск

22. Руткоўская Яўгенія - 50000 р., г. Менск

23. Бураўкін Генадзь - 40000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Загадкі знаёмых малюнкаў - Смольгаў

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У апошніх інвентарах "кандратовічскага" перыяду (1818 і 1822 гг.) мы знойдзем дом эканамічны (той, які пасля згубы жылога дома быў перабудаваны) - але ён крыты дранкаю і мае толькі адну печ.

Ёсць тамака яшчэ і ацеплены, крыты саломаю свіронак - але ён не мае вакон і мае "галярэю на шасці слупах". Нажаль - ніводны з гэтых будынкаў нам не падыходзіць. Адкуль выснова: ніхто "па памяці" месца нараджэння паэта не маляваў.

А ў інвентарах "няправільнага" фальварка Смальгаўка 1859 і 1860 гг. (14) у апісанні дворных будынкаў знаходзім, акрамя жылога, яшчэ два ацепленыя будынкі: фальварачны дом і кухню.

Фальварачны дом, пабудаваны ў 1850 г., мае саламяную страху і два коміны, але па памерам ён амаль такі ж вялікі, як жылы (32 х 16 і 34 х 14 аршын).

А вось апісанне будынка кухні - нічога не магу з гэтым парабіць - цалкам адпавядае будынку на малюнках: з бярвення, з саламяным дахам, мае дзве печы, тры вакенца з шасцю шыбамі і адно з адной шыбай.

Звычка даводзіць усе справы да канца прымусіла аўтара праглядзець і апошні па часе дакумент, які тычыцца фальварка Смальгаўка: "Апісанне маёнтка Смальгаўка 1877 г." [15](пасля 1877 г. абодва смольгаўскія фальваркі пачалі звацца маёнткамі). Тут чакала прыемная неспадзяванка ў выглядзе плана размяшчэння будынкаў (гл. малюнак):

Жылы дом (аб'ект №1) і кухня (аб'ект №2) размешчаны на плане менавіта так, як на выявах абодвух мастакоў. На плане маецца і трэці будынак, частка якога намалявана Напалеонам Ордаю ў левым баку малюнка: гэта "дом для рабочых" (аб'ект №3) па "Апісанні…" 1877 г. [15], ён жа "фальварачны дом" па інвентарах 1859 і 1860 гг. [14].

Гледзячы на план, можна ўявіць сабе і месца, дзе былі размешчаны мальберты мастакоў: з левага боку стайні (аб'ект №7), якая таксама выходзіць на дзядзінец, але не трапляе "ў кадр".

Атрымліваецца, што і Вінцэнт Дмахоўскі, і Напалеон Орда выбралі адзін і той жа "пункт здымкі" у розны (калі глядзець на вышыню дрэў на малюнках - з розніцай не больш, чым 2-3 гады) час таму, што абодва былі мастакамі-пейзажыстамі, меркавалі аднолькава і абодва палічылі гэтае месца найлепшым. Гэта і ёсць тлумачэнне здзіўляльнага падабенства іх малюнкаў.

Як ужо было адзначана, Вінцэнт Дмахоўскі не мог быць у Смольгаве пазней за восень 1861 г. З улікам таго, што дату малюнка Орды трэба максімальна наблізіць да даты малюнка Дмахоўскага (з-за практычна аднолькавых памераў крон дрэў, бо таполя - чэмпіён па хуткасці росту ў нашай мясцовасці!), рэальным часам стварэння малюнка Орды будзе лета 1864 г.

Такім чынам, для меўшых цярплівасць дачытаць да канца развагі аўтара, падвядзём вынікі:

1. Сапраўдны жылы дом фальварка Смольгава Вялікага, дзе нарадзіўся Ўладзіслаў Сыракомля, ні Вінцэнт Дмахоўскі, ні Напалеон Орда намаляваць з натуры не маглі: гэты будынак спыніў сваё існаванне ў 1825-28 гг.

2. Супастаўляючы даты з жыццяпісаў Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дмахоўскага і Напалеона Орды, можна сцвярджаць, што выезды двух апошніх у Смольгава маглі адбыцца ў 1861 і 1864 гг. адпаведна.

3. Няма сумневу, што на абодвух малюнках мастакі адлюстравалі галоўны будынак фальварка - жылы дом, але ў азначаны перыяд часу (1861-1864 гг.) у "кандратовіцкім" фальварку Смольгаў Вялікі жылога дома наогул не было, а таксама з улікам супадзення размяшчэння будынкаў на малюнках з планам размяшчэння будынкаў у маёнтку Смальгавок 1877 г. і знешняга выгляду будынкаў на малюнку з іх апісаннем у інвентарах фальварка Смальгавок, можна з упэўненнасцю сцвяржджаць, што натурай для абодвух мастакоў паслужыў жылы дом фальварка Смальгаўка, размешчанага на заходняй ускраіне Смольгава. Так, ён быў вельмі падобны на будынак, у якім у 1823 г. нарадзіўся Ўладзіслаў Сыракомля, але менавіта ў гэтым доме сям'я Кандратовічаў, нажаль, ніколі не жыла.

Прайшло амаль два стагоддзі, і ў сучасным Смольгаве ўжо нічога не нагадвае пра існаванне былых фальваркаў. Вось так выглядае зараз месца, дзе калісьці жыла сям'я Кандратовічаў (зверху).

А на месцы, дзе знаходзіўся "няправільны" фальварк Смальгавок (знізу), наогул няма за што "зачапіцца воку".

І толькі пажоўклыя старонкі архіўных дакументаў захоўваюць памяць аб былых смольгаўскіх фальварках і іх гаспадарах…

Святлана Міхалоўская


Сустрэча з рэдактарам газеты "Наша слова" ў Менску

4 жніўня ў Менску ў сядзібе ТБМ у рамках кампаніі "Будзьма беларусамі" адбылася сустрэча чытачоў газеты "Наша слова" з рэдактарам газеты Станіславам Суднікам. Нягледзячы на не зусім зручны час (лета, субота), ахвотных задаць пытанні, паслухаць пра тое, як робіцца газета, і проста пазнаёміцца з рэдактарам назбіралася поўная зала.

Няпростая сітуацыя з беларускай мовай, стаўленне дзяржаўных структур да яе, стаўленне грамадства, спробы нацыянальны нігілізм, ляноту і дурноту падаць пад назвай "прагматызм", асабліва ў адукацыі - усё гэта цікавіла прысутных.

Цікавіла прысутных і пытанне, чаму пры наяўнасці 6 тысяч сяброў ТБМ колькасць падпісчыкаў на "Наша слова" на гэты момант - усяго 938 чалавек, што робіцца для пашырэння папулярнасці газеты і яе даступнасці

С. Суднік паінфармаваў прысутных пра тое, што газета выходзіць у папяровым варыянце, на яе можна падпісацца цераз "Белпошту", яна прадаецца ў шапіках "Саюздруку" ўсіх раёнаў Гарадзенскай вобласці; у Бярэсці, Пінску і Баранавічах Берасцейскай вобласці; у Віцебску, Полацку, Наваполацку Віцебскай вобласці. Моладзь, больш прывычная да віртуальнай інфармацыйнай прасторы, можа пазнаёміцца з газетай у фармаце PDF на сайтах tbm-mova.by/; pawet.net/; kamunikat.org/. У фармаце Word газету можна чытаць і калькаваць матэрыялы на сайтах nashaslova. mns.by/; pawet.net/. Выхад на nashaslova.mns.by/ магчымы наўпрост, а таксама з сайта masmedyi.by. Такім чынам доступ да газеты можна лічыць забяспечаным.

Напрыканцы сустрэчы па просьбе прысутных Станіслаў Суднік прачытаў верш "Тодар з Нарбутаў Лідскіх". Там ёсць такія радкі:

... Але ў мінуўшчыне

наш край быў вечным,

І ў будучым быць вечнаму яму.

А, значыць, быць вечна на планеце Зямля беларускаму слову, нашаму слову.

Наш кар.



17.08 пятніца ў 17.00-19.00 у рамках праграмы "Будзьма!" Паседжанне экспертнай рады па падрыхтоўцы сертыфіката па беларускай мове. Адказная А. Анісім.


Кнігі жалю і святла

У канцы ліпеня паэтка Марыя Баравік прэзентавала ў Падсвільскай бібліятэцы кнігі "Камень смутку" і "Прымі, душа, таямніцу".

Пра "Камень смутку" яна сказала: "Гэтая кніжка - свабода болю, споведзь душы ў жалобе па мужу. Нахлынуў, заліў усё ўнутры, смутак па чалавеку, які быў у лёсавай бядзе і не выбраўся з яе. І другая душа ( я ) аказалася бездапаможнай. Прыйшоў магутны жаль, але праз яго прыйшло і святло.

І дзякуй - шлях

былы не агрубеў.

І, мабыць,

гэта нам наканаванне:

Табе - мяне ж

ударыць развітаннем,

А мне - малітвай

промніць за цябе.

Некаму ж дадзена прыйсці да прасветласці, веры і малітвы. Для перамянення, для думкі і слова, што "жыццё - дзень сённяшні". Будучыня - мара чалавечая. І чалавеку трэба так мала - любіць і множыць любоў у бліжнім. А найперш у самім сабе: да бліжняга ("Чуйце адзін аднаго", "жыццё - час падзення знічкі") бо жыццё дадзена для росту душы і пазнання Бога. А мы яго часта грэшна трацім."

Кніга "Прымі, душа, таямніцу" на першы погляд камусьці магла падацца рэлігійнай, але гэта не так. У ёй сапраўды ёсць вершы-малітвы, і Бог паўстае як суразмоўца, да якога звернута пытанне і разважанне Марыі Баравік. Але гэта хутчэй пошук адказаў у сабе, "рэнтген" свайго сумлення. "Мая душа адкрытая да веры, да лагічнага, жывога Бога. Няпраўда, што розум не ўдзельнічае тут. Бо разумная душа здагадваецца, выяўляе праз асабісты лёс. Яна павінна быць уважлівай. Плача заўсёды ў нашай душы Бог любові. Таму прымі, душа, таямніцу!" - так паэтка ахарактарызавала сутнасць гэтай кнігі.

Слухалі Марыю Баравік і выступалі з водгукам на кнігу і яе творчасць чытачы бібліятэкі, сябры суполкі ТБМ і пісьменніца Вольга ІІпатава.

Марыя Баравік вельмі ўдзячная выдаўцам - Яраславу Берніковічу, Зміцеру Лупачу, Таццяне Смоткінай - рэдакцыі рэкламнай газеты "Прэфект-інфо". У Год Кнігі, у Глыбокім, яны найраней і адзіныя, выпусцілі ў свет кнігі Марыі.

Марыя Новікава. Фота Івана Зайца.


Калі ў Гісторыю стрэліць...

Зноў публікацыя пра творчасць прапагандыста айчыннай гісторыі В.В. Дзяружынскага. Было раней у "Свабодных новостях", затым раздзелы з кнігі ажно ў некалькіх нумарах газеты "Народная Воля" - паказчык асаблівай значнасці грамадзянскай, а следам ў штотыднёвіку "Наша слова" (№29, 2012) вялікі анатацыйны (аглядны) артыкул навукоўца, паважанага сп. Івана Лепешава пра новую кнігу В. Дзяружынскага - "Забытая Беларусь" (выдадзена ў Мн., 2011).

Можна пагадзіцца з рэцэнзэнтам: сапраўды, аўтар назбіраў багата чаго. Ухвальна, што звесткі, да таго разнесеныя па многіх публікацыях іншых аматараў айчыннай гісторыі, расклаў сістэмна і ў "чытабельнай" форме. Выдавецтва "Харвест" дакладна ўгадала грамадскую патрэбу: кнігі (маю на ўвазе і папярэднюю - "Тайны беларускай гісторыі") карыстаюцца попытам, ужо разыходзяцца трэцім выпускам, можна меркаваць, не апошнім. Але!

Паважаны чытач і сам аўтар смелых артыкулаў у "Народнай Волі" па надзённых грамадскіх пытаннях М. Канаховіч, адзначаючы важнасць кніг В. Дзяружынскага, папракае яго, што напісаны на расійскай мове, а не на сваёй беларускай. Але, уважліва пазнаёміўшыся са зместам напісанага, можна і такое падумаць: раптам ды яна для аўтара і не "свая"? І, магчыма, творы гэтыя прыназначаны не для беларусаў, а для расійцаў? Ці іншых іншаземцаў, якіх цікавіць трагедыйнасць існавання нашага краю. Бо, мяркую, скардзіцца самім сабе, як, хто і калі нас абражаў - занятак хутчэй для няўпэўненага ў сабе слабасільнага падлетка. Ці пэўнага шталту мазахізм. Ну не патрэба ж дарослага, узмужнелага ў змаганнях чалавека, народа, у якога ўжо і гімн створаны адпаведнага характару: мы выйдзем шчыльнымі радамі і дамо адпор сваім крыўдзіцелям!

Ды варта паразважаць пра іншае. Бясспрэчна заслугоўвае ўсякай павагі тое, што аўтар, Вадзім Дзяружынскі, перажываючы за сваю Радзіму, рупіцца аб стварэнні яе сапраўднай гісторыі. З пункту гледжання карэннага жыхара і патрыёта гэтай зямлі, зразумела, бо ў іншаземцаў вельмі нават могуць быць і меркаванні адрозныя. Нават называць нас могуць па-іншаму, чым мы сябе самі. А мы хіба не гэтак часцяком паступаем? Прыкладам. Тую ж Германію той-сёй са спадарства ці не называе нейкай Нямеччынай, бо так, маўляў, нехта раней называў, не заўважаючы, што ў гэтым ёсць элемент грэблівасці, непавагі. Ці Венгрыю - нейкай няўцямнай Вугоршчынай. А самі ж абуаюцца, калі расійцы называць нашу краіну звычна Белоуссіей, у нас вырашана пісаць "Беларусь". Ці трэба ўжо, згодна імпэту аўтара кнігі, - увогуле "Літва"? А тым часам сам жа настойвае, каб нас называлі "беларусы", а не "белорусы", няхай і па-расійску.

І ён жа сцвярджае: што ніякіх "беларусаў" і не было , а толькі "ліцвіны", "беларусаў жа ў 1840 годзе стварыў як этнатэрмін расійскі імператар. Праўда сп. Дзяружынскі, далей абвесціць, што яшчэ раней, у 1796 годзе, імператрыца расійская Кацярына Другая ўказам назначыла наш край Белай Руссю. А насельніцтва - адпаведна "белоруссамі".

Спасылаючыся пры гэтым на такую крыніцу, як п'еса Алеся Петрашкевіча, дзе і прыводзіцца "вытрымка" з таго ўказу, "літаратурнага апрацаваная".

Усё? І ўбок. Ва ўтыль доследы навукоўцаў і пра назву "Русь", і пра тое, чаму Русь Полацкую і прылеглыя да яе воласці назвалі "Белай"?

І тое, само сабой, чым жыло і як называла сваю краіну тамтэйшае насельніцтва, пакуль у трынаццатым стагодзі н.э. на землі вакол Наваградка (?) не з'явіліся рознаплямённыя эмігранты і не здоелі, неяк жа паяднаўшыся, стварыць ажно Вялікае Княства Літоўскае.

Але так не атрымаецца. Бо да ўказанага аўтарам часу ўжо дастаткова многа назапасілася разнастайных пісьмовых сведчанняў аб жыццедзейнасці і крывічоў, і радзімічаў, і палян, і іншых раней аседлых у гэтых мясцінах роднасных і не вельмі плямёнаў, пераплаўленых няміласэрным да слабейшага часам у этнапалітычную суполку "Русь". А ў Полацкім княстве ці не з часу Усяслава-Чарадзея яшчэ і "белую", незалежную.. спярша ад Кіева.

Пра этнапалітычныя адметнасці тэрміна "белая" ёсць некалькі меркаванняў. Нельга цалкам адкідваць і магчымага ўплыву на ўзнікненне і трывалае замацаванне этнаназвы "Беларусь", акрамя пазначэння той часткі Старажытнай Русі, што спачатку дамаглася пэўнай незалежнасці ад Кіева як метраполіі, а пасля пазбегла захопу ордамі Чынгізхана, яшчэ адной акалічнасці: назва не здавалася карэнным насельнікам адчужанай. Пра тое, што ў мовах індаеўрапейскай групы, у тым ліку нашай, здавён існуюць два блізкія па гучанні, але розныя па сэнсу словы "рус" і "рос", даследчыкамі адзначалася. Згадайма, што першае ў якасці корань ўваходзіць у словы са значэннем "вясковыя грубіяны", "ваяўнічыя", "крыважэрныя", "рудыя", тады як "рос" - корань у словах "нізіна", "мокрае месца", ну і адсуль вытворныя - "нізінныя", "панізнікі", "балотныя людзі", словам. Ці ж гэта не пра нас? Што адзначылі маскоўцы, дарэчы, упершыню патрапіўшы ў наш край, прыкладам. У гэтым можна пераканацца, чытаючы кнігу трэцюю рамана Канстанціна Сіманава "Жывыя і мёртвыя". У нас здавён ужываюцца і вытворныя ад гэтага кораня прозвішчы: Рося, Расянскі, Росін, Росіна... У Сярэдневечча і маскавіцкія дзяржаўныя пісары блыталі (атаясамліваючы) гэтыя "рус" і "рос", нават калі складалі самыя важныя дакументы. Прыкладам: "Разряд без мест царя и великого князя Фёдора Алексеевича всея Великия и Малыя и Белыя Роси самодержца лета 7190". Ці: "Книга записная царства царей государей и великих князей Ивана Алексеевича и Петра Алексеевича всей Великия и Малыя и Белыя Роси самодержцев лета 7191".

Пазначым пакуль гэтае "Рось" для разумення, чаму нашым продкам не патрабавалася высілкаў прымерыць слова "рос" (а з ім і "русь") для самавызначэння: сапраўды ж "панізнікі". А яшчэ адна акалічнасць, наступная, ужо звязана з верай нашых прашчураў дахрысціянскіх часоў у Бялуна, Белага бога святла і спагадлівасці, які дапамагае бедным і тым, хто трапіў у бяду. Беларускі этналінгвіст У.І. Коваль адзначае, што ці не першы гэтую акалічнасць грунтоўна даследаваў знакаміты расійскі этнограф і фалькларыст А.М. Афанасьеў. Ён запісаў і народнае паданне пра Бялуна, і ў дадатак адпаведныя нават беларускія прыказкі: "Цёмна ў лесе без Бялуна" і "Ён пасябрыўся з Белуном" - гэта значыць яму пашанцавала, у яго ўдача.

Маскоўцы (рускія) таксама ведалі гэтага бога, але якасці яму прыпісвалі супрацьлеглыя. Спашлемся на аднаго з першых гісторыкаў-энцыклапедыстаў Расіі В.Н. Тацішчава, які ў сваёй працы "Лексикон российский исторический..." пазначыў: "Бел. бог у славян вандалов во идолопоклонничестве. Злый бог или диавол" .

З Бялуном лёгка ўявіць, што і назва "беларусін (росін") нашымі продкамі магла ўспрымацца як "панізнік (чалавек) Бялуна". І пачала выспельвацца яна значна раней, чым калі літы (віны), гэтыя розняплямённыя бежанцы, ратуючыся пасля паўстання ад расправы германцаў, папрасіліся ў Полацкае княства на жыхарства ў якасці ахоўнікаў памежжа з боку Прусіі і Польшчы. А чым скончылася - вядома з летапісных крыніц. Каму цікава, раю прачытаць выдатнае сучаснае даследванне Здзіслава Сіцькі "Утроп літвы", выдадзенае асобнай кнігай. А пра ўзнікненне Беларусі-найноўшае даследванне А. Белага "Хроніка Беларуй Русі") Мн. "Энцыклапедыкс", 2000). Пра тое ж, што Полацкая зямля (а гэта і Меншчына, і Магілёўшчына, і Віцебшчына) ніколі "Літвою не называліся, дакументальных доказаў захавалася нямала. І людзі самі сябе называлі там (русінамі, а пазней беларусінамі, пачытайма хаця б Васіля Цяпінскага ці паэта Саламона Рысінскага. А то і Францішка Скарыну. Ужо і невядома, праўда як да таго ставіцца, калі наш аўтар у кнізе "Забытая Беларусь" адважыўся напісаць: гэты знакаміты палачанін у Падуанскім універсітэце "назваў сябе "ліцвінам з Полацка"!

Навошта ж гэтак, калі захаваўся дакумент на лацінскай мове і ў перакладах, а менавіта Пратакол Падуанскай епіскапскай курыі ад 9.11.1612 г., дзе запісана, што тады адбыўся "асобы экзамен у галіне медыцыны годнага мужа пана магістра Францыска, сына нябожчыка Лукі Скарыны з Полацка, русіна...")!

Полацк з Віцебскам і ў часы палітычнага росквіту ВКЛ захоўвалі сваю аўтанамічнасць, у няпростым змаганні адстаяўшы права на ўласны Статут.

Што да афіцыйнай назвы нашага краю Беларуссю, то не расійская імператрыца Кацярына Другая яе павітуха. Намнога раней гэта адбылося. Ужо не кажучы, што ў справе такой не след спасылацца на мастацкі літаратурны твор, чый бы то ні было. А то ж вось цяпер мода пайшла з Захаду - пісаць мастацкія фэнтэзі, аўтары ствараюць "сваю", начыста прыдуманую ці перакручаную гісторыю. Кацярыну ж Другую дык і ўвогуле можна было б успомніць добрым словам. Не за тое, само сабой, што разам з каралём Прусіі і імперскай Аўстрыяй падзялілі Рэч Паспалітую (гэтаму якраз і паспрыяла "ліцвінская" шляхта, якая ў своекарысных мэтах прагнула стаць палякамі), а за тое, што ў каламуці, што пачалася пасля Люблінскай уніі, выдзеліла нас у асобны край - "Белоруссію", ведаючы, што так яго пазначыў у сваім тытуле яшчэ цар Аляксей Міхайлавіч. Так яно потым і пайшло, пакуль пасля паўстання 1863 года і дзейнасці Кастуся Каліноўскага наступнікі ўжо імператрыцы не перайначылі нас у "Северо-западный край".

На назву ж "Літва" нашы продкі не прэтэндавалі. Значыць, ужо цвёрда сваёй уласнай трымаліся. А вось жмудзіны - гэта так. За яе пазмагаліся. На чале з князем і біскупам Гедройцем усе ксяндзы і школьныя настаўнікі Жэмайціі з Аўкштайціяй за гэтую справу ўзяліся. І яшчэ ў 1547 годзе здолелі выдаць "Простыя словы Катэхізіса" на літоўскай (зразумела, у асноўным жэмайцкай) мове. А ў залаты дадатак - і Азбуку на той жа, сваёй мове! Бо плямёны трэба ж было паяднаць роднасныя, і лепшай этнічнай шчэпкай для гэтага з'яўлялася агульная назва "Літва".

Нашым жа нацыянальным паролем стала слова, якое прамаўлялі касінеры Каліноўскага, каб адрозніць сваіх ад чужынца: "Беларусь"!

Працэс развіваўся вельмі марудна, але не заціхаў, пакуль ужо ў канцы 19 стагоддзя ў Пецярбурзе маладыя выхадцы з нашага краю, у аснове студэнты, не здолелі стварыць моцны грамадска-асветніцкі асяродак. А яшчэ адна больш радыкальна настроеная група-суполку - народавольніцкай палітычнай арыентацыі і ў 1881 годзе выпусціла надрукаваную на гектографе адозву. Адозва мела адметную для нас назву: " Да беларускай моладзі". Беларускай! У 1884 годзе яшчэ адну лёсавызначальную для нашых суайчыннікаў адозву: "Послание к землякам-беларусам". Беларусам!

Нарэшце ўспомнім добрым ціхім словам слаўнага Францішка Багушэвіча і яго неацэнную кніжачку вершаў - "Дудка беларуская". 1891 год. Дадамо невялічкую цытату з яго знакавай прадмовы, заклік з якой стаў эпіргафам газеты "Наша слова": "...где ж цяпер Беларусь? Яна ад Вільні да Мозыра, ад Віцебска за малым да Чарнігава, і дзе Гродна, Менск, Магілёў..."

...Каб у знакавую рэвалюцыю 1917 года падзеі не перакінуліся ў гарады і вёскі нашага краю, і абраныя дэпутаты, з'ехаўшыся ў Менск, не абвесцілі аб стварэнні сваёй нацыянальнай дзяржавы, якую маглі тады назваць, як сэрца падказвала, воля суайчыннікаў да паяднання. І пастанавілі:

- Абвяшчаецца Беларуская Народная Рэспубліка!

- Беларуская!

Ужо не ўяўляю, як успрымецца такі напамін сп. Дзяружынскім і яго аднадумцамі. Шчырыя як быццам патрыёты, але патрыёты чаго? Мрояў?

То давайце цяпер створым сюжэт невялічкага фэнтэзі, паважаныя чытачы. Уявім сабе, што наш аўтар прачнуўся аднойчы прэзідэнтам краіны. Не. Увогуле яе дыктатарам ажно: што ні пажадае - усё для яго робяць на злом галавы. Ну. Зразумела. Першым чынам выдае ўказ: краіну называць Літвою. Народ адпаведна - ліцвінамі. І што ў выніку?

Чыноўнікі, зразумела ж, назавуцца як начальніку заўгодна, абы ад карыта не адагнаў. Народ? Народ можна застрашыць, метады вядомыя. Называцца па-новаму? А няхай. Хоць мы і ранейшую саманазву не паспелі цвёрда засвоіць, але ж калі загадана... Ат, няхай. Абы вайны не было ды хоць кавалак хлеба начальства пакінула, каб чарку занюхаць.

А далей? Ліцвінская мова? А дзе ўзяць? Перайменаваць з беларусінскай, якая яшчэ ў часы Вялікага Княства ў Статуце дзяржаўнай абвешчана? Зробім. А вось дзе мозг нацыі, інтэлігенцыя - каб ліцвіны? Ніхто ж сам так не назваўся, пачынаючы з Багушэвіча, ды і раней! Ні Янка Купала, ні Якуб Колас, пазней ні Васіль Быкаў, ні Ніл Гілевіч, ні Рыгор Барадулін, ні Уладзімір Някляеў, ні іншыя з эліты. Дык тады хіба апорай ліцвінству каго са Смалявіч? Ёсцека там упарты муж. Ну, і само сабой, апора асноўная - Сам, спадар, значыць, Дзяружынскі? Праўда, піша па-руску. Дык указам перайменаваць і яе ў "ліцвінскую".

А напачатку вось каго перайменаваць ў "ліцвіна" - Скарыну! Ну і што, калі падтасоўка? А калі для вялікай справы? І рэферэндум адпаведны для падмацавання можна правесці. Могуць не так прагаласаваць, ціхія, але бывае і ўпартыя? А вынік выбару залежыць ад тых, хто галасы лічыць.

Значыць, зноў падтасоўка? Ну, такім спосабам можна любы працэнт намаляваць. Толькі ж чым урэшце падобныя заняткі заканчваюцца гісторыя даўно, даўно ведае. Стоп, фэнтэзі! Перазагрузка?

Ужо гэта Гісторыя! Мінулае. А і яно далікатнасці патрабуе. А то ж вось нехта з мудрых што сказаў: паспрабуй толькі стрэліць у Гісторыю з пісталета, дык яна як гахне ў адказ, з гарматы!

Эрнест Ялугін, Пісьменнік


Падарожжа ў беларускае Габрава - Аўцюкі

Калі хтосьці мне скажа, што сусветнай сталіцай смеху лічыцца горад Габрава ў далёкай Балгарыі, то я адразу запярэчу: ёсць і на нашай Радзіме, у Беларусі такое мястэчка. Ды яшчэ хачу падкрэсліць, што збіраюцца сюды аматары гумару ўжо сёмы раз. Тут і ёсць тое месца, дзе можна ўбачыць як смяюцца сапраўдныя беларусы. Быць госцем сёлетняга Усебеларускага фестывалю народнага гумару, які на Гомельшчыне, а дакладней, у Калінкавіцкім раёне, у вёсках Малыя і Вялікія Аўцюкі пашчасціла і аўтару гэтага рэпартажу. Як пішуць у казках: і я там быў, мёд-гарэлку піў, па барадзе цякло і ў рот патрапіла. І ў гэтым выказванні ёсць праўда, "горка-вясёлая" праўда, якую адчулі сотні людзей як з Беларусі, так і з замежжа. Але хочацца пачаць па-парадку.

Прыехаўшы ў Калінкавічы цягніком "Гродна-Гомель", я і мае калегі па гумарыстычнай кухні са Шчучынскага раёна (Галіна Бяляўская і яе сын Аляксандр) пераселі на аўтобус "Нароўля-Гомель" што праз Малыя Аўцюкі. У кіроўца аўтобуса я яшчэ раз удакладніў:

- Мы правільна накіроўваемся? У Малых Аўцюках сёння будзе свята?

- А я адкуль ведаю, - адказвае кіроўца, - я ж не мэр.

Ну хіба ж гэта не жывы анекдот? Я тады і сам ўжо здагадаўся: туды, бясспрэчна, туды… Упэўніцца ў тым, што мы ўжо ў Аўцюках давялося хутка. У пачатку Малых Аўцюкоў на полі ў якасьці манумента стаяў трактар, вымаляваны ў розныя колеры, на прычэпе якога ўладкаваўся таксама прыгожа афарбаваны збан малака вышынёй з 6 метраў. Ну хіба гэта не дзіўнае тварэнне ўжо нават і самога СПК "Дружба-Аўцюкі"? Далей, ля дарогі - штучнае возера, каля якога ўвішна працавалі аўцюкоўцы, падсыпалі, вымяталі, устанаўлівалі плыт з фігуркамі Каласка і Калінкі…

Адразу ўзнікае пытанне: што гэта за асобы? Адказваю. У Аўцюках ёсць усяго толькі два сапраўдныя імені: мужчын тут клічуць Каласкамі, а жанчын - Калінкамі. Дарэчы, на мінулым фестывалі было адкрыццё помніка гэтым жа асобам.

І тут ізноў заўважаецца нібы аўцюкоўскі жарт, парадокс: Малыя Аўцюкі большыя за Вялікія ў 100 двароў. Але і ў гэтым ёсць свой адказ, які мне распавялі жыхары гэтага незвычайнага паселішча. Даўным-даўно жылі два браты, якія трапілі на катаргу ў Сібір. Потым яны збеглі, уцяклі адтуль і дабраліся ў беларускія мясціны. Адзін быў старэйшы, другі - малодшы. Малодшы застаўся ў адным месцы, дзе былі балота і багна, і празвалі яго Малы Ацюк. А старэйшы пайшоў за поле, за пыр і назвалі - Вялікі Ацюк. Гэтых братоў назвалі Ацюкамі па прычыне іх збегу, уцёку з катаргі, назва якая пасля трансфармавалася: уцёк-ацюк-аўцюк. Вялікія Аўцюкі знаходзяцца за балотам, у лесе, а Малыя - гэта цэнтр Аўцюкоўшчыны, бо тут і чыгунка, і аўтобусы. Народ тут і застаецца. І пагэтаму Малыя большыя за Вялікія.

Але бліжэй да ўрачыстасці. Напэўна, ні адзін з аўцюкоўцаў не сядзеў склаўшы рукі: усе ўвіхаліся ля сваіх падворкаў, фарбавалі агароджы, фасады хат, вымяталі двор. Вядома, у іх сёння свята! Між іншым, у гэты час на сцэнічнай пляцоўцы праходзілі траніровачныя выступленні. Народ пачаў збірацца. Здавалася, што вось-вось узнікне той напружаны момант: на верталёце спусціцца арганізатар Усебеларускага фестывалю народнага гумару "Аўцюкі", пад сёлетняй назвай "Не жыццё - адны спакусы", са сваімі калегамі - членамі журы і аргкамітэту (так было ў мінулы раз). У небе нічога так і не заўважана. На гэты раз іх візіт сюды адбыўся на шыкарных аўтамабілях, з якіх выйшлі галоўныя прадстаўнікі - Міністр куль-туры Рэспублікі Беларусь Па-вел Латушка, арганізатар, "хрышчоны бацька" фестыва-лю, Ганаровы грамадзянін Ка-лінкавіцкага раёна, галоўны рэдактар часопіса "Вясёлка", старшыня праўлення Беларус-кага дзіцячага фонду Уладзімір Ліпскі, намеснік галоўнага рэ-дактара "Вясёлкі" Анастасія Радзікевіч, народны артыст Беларусі Міхаіл Дрынеўскі, заслужаны артыст Беларусі, майстар пародыі і гумару Ула-дзімір Радзівілаў, карэспандэнт газеты "Совет-ская Белорус-сия", мастак Алег Карповіч, пісьменнік, старшыня сек-цыі гумару Са-юза пісьменні-каў Беларусі Мікола Шабо-віч, кандыдат гістарычных навук, маста-цкі кіраўнік фестывалю Пётр Гуд, першы намеснік началь-ніка Упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкаму Вольга Антоненка, галоўны рэдактар газеты "Калінкавіц-кія навіны" Іван Гарыст, мета-дыст установы адукацыі "Ін-стытут культуры Беларусі" Вольга Басько, дырэктар уста-новы "Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці" Мікалай Шамшэня, начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэр-ства культуры Беларусі Вадзім Шчэрбіч. І тут, шаноўны У. Ліпскі не вытрымаў і кінуўся ў танец з першай натрапіўшайся аўцюкоўкай.

І зноў напружаны момант стварылі вядоўцы ўрачыстасці. Народ чакаў невядомага і дзіўнага. На "лімузіне" - запарожцы прыехалі старшыні сельскіх саветаў Вялікіх Аўцюкоў Пётр Гаркуша і Малых Аўцюкоў - Мікалай Змушка. Як і абяцалася на мінулым фестывалі пра адкрыццё Музея гумару "Сядзіба Каласка і Калінкі", то цяпер гэтае абяцанне здзейснілася. Права на адкрыццё яго далі двум старшыням сельсаветаў. І тут зноў падышлі з жартам, нетрадыцыйна. Замест чырвонай стужкі і нажніц, адкрывальнікам прыйшлося разразаць бензапіламі бервяно з двух канцоў адпаведна. А замест чорнага ката, у вароты пусцілі чорную курыцу. Жарты, як бачна, тут на кожным кроку. А што казаць ужо пра сам музей, у якім ад убачанага няхочучы зарагочаш да болю ў жываце і пашчэнках. Тут і "крывыя" люстэркі, і розныя прылады працы, якія прымяняюцца ў зусім іншым выкарыстанні, тут і народныя ўбранні, розныя гумарыстычныя кнігі, парады, зычэнні, і падвешаная пад столь павозка з запрэжанай свінёй і іншае, што не пакідала ў гасцей фестывалю і наведвальнікаў быць неабыякавым да смеху.

Пасля гэтых цырымоній уся дэлегацыя гумарыстаў, журы і госці фестывалю, творчыя калектывы ўсіх абласцей, у тым ліку і Гарадзенскай пачалі "швэндацца" па вёсцы і вызначаць лепшы падворак, найбольш гаспадарлівыя сем'і, самую адмысловую кухарку. Але, каб прайсці праз вёску, была арганізавана своеасаблівая аўцюкоўская мытня, праз якую можна было прайсці толькі двума шляхамі: расказаць з дзесятак беларускіх народных жартаў ці плаціць пэўную суму. Да падворкавага конкурсу патрабавалася прадаставіць усе даброты, якім славіцца той ці іншы падворак, у якім прымала ўдзел каля двух дзесяткаў. Каласкі і Калінкі на платах, на сталах дэманстравалі розныя самавырабы з саломкі, выцінанкі, прылады працы, нават гаспадарскую жыўнасць, якую паказвалі ў незвычайных апратках. Пры гэтым, кожная сям'я накрывала на падворку стол, якім славіцца беларуская кухня (дранікі, аладкі, катлеты, каўбасы "пальцам пханыя", кумпякі, скваркі, кашы, юшкі, крупнікі, бульба і іншыя прысмакі). Ды традыцыйным на стале вяскоўца - гаспадара стаяла самаробная аўцюкоўская гарэлка, якую не параўнаеш ні з якой іншай, ды і назва ў яе своеасаблівая - касарылаўка. Трэба зазначыць, што па просьбе аўцюкоўцаў Ліпскі даў назву мясцовай гарэлкі і наклейку - "Рагатуха. АўціЛіпская" і дадаў "Памятку для тых, хто пры памяці:

"Ужывай гарэлку ў меру,

не трапляй на вочы мэру.

Калі збярэшся з духам -

налягай на Рагатуху.

П'еш - не кайся,

напіўся - не пахмяляйся!

Падробкі на бульбулятар №1 караюцца аўцюкоўскім венікам."

Ды ўсё гэта не затойваючыся ад супрацоўнікаў МУС праходзіла ў адкрытым відзе. Ацаніўшы прадстаўленыя каштоўнасці, якія прайшлі праз праверку і дэгустацыю Міністра культуры Паўла Латушкі, арганізатара фестываля Уладзіміра Ліпскага і яго калег, вызначыліся пераможцы гэтага конкурсу. Безумоўна, каштаваў усё гэта любы ахвотны. Вынікі былі падведзены адразу ў прысутнасці вяскоўцаў. Лепшых гаспадароў ўзнагародзілі курамі, парасятамі, цялём, збожжам, сенам, пыласосам і тэлевізарам. Зазначу, што ў 1995 годзе на адкрыцці Першага фестывалю, шаноўнаму Ліпскаму быў уручаны вараны конь, якога ён перадаў быў мясцовай школе. І цяпер з гумарам аўцюкоўцы просяць ад яго і трактар. Ды да ўсяго гэтага мерапрыемства былі прымацаваны выступленні мясцовых артыстаў з гумарыстычным выкананнем частушак, песень і танцаў да ўпаду, якія працягваліся да апоўначы са святочным салютам.

На другі дзень свята перанеслася ў Калінкавічы, што за 15 кіламетраў ад Аўцюкоў. Нягледзячы на спякотнае надвор'е, аматараў беларускага гумару сабралася багата. Пры тым, што тут на плошчы - кірмашы гумару можна было набыць літаральна ўсё: ад дэкаратыўных вырабаў народных рамёстваў і да хатняй жывёлы. А прысмакаў - дык не апісаць! Дзейнічалі розныя атракцыёны (аўцюкоўскі цір, футбольны матч паміж Каласкамі і Калінкамі з Аўцюкоў, аўцюкоўскі заапарк), выстаўкі гумарыстычных палос раённых газет, печанай скульптуры, мастакоў-гумарыстаў і шаржыстаў і іншае. Але большы настрой прынесла афіцыйнае адкрыццё VII Рэспубліканскага фестываля гумару "Аўцюкі". На Цэнтральнай плошчы прайшлі конкурсныя выступленні як сярод тутэйшых, так і гасцей - гумарыстаў з Расіі і Украіны. Удзельнікі паспаборнічалі ў намінацыях: тэатр мініяцюр, прыпеўкі, жарты і анекдоты, песні. Прыемнае ўражанне мне, як гарадзенцу пакінулі народны ансамбль народнай песні "Жытніца" Ашмянскага раёна, тэатр эстрадных мініяцюр "Суперстар" Свіслацкага раёна, тэатр мініяцюр "Анфас" Гарадзенскага раёна і незалежны тэатр двух актораў з Верцялішак гэтага ж раёна. Усё гэта ацэньвала тое ж кампетэнтнае журы ў тым жа складзе, якое хапалася за жываты і закрывала раты ад нястрыманага смеху, а пераможцы так-сама былі ўзнагароджаны падарункамі. А ў завяршэнне па традыцыі асвяціў плошчу святочны начны феерверк і дыскатэка да раніцы. А каб мець доўгае ўражанне ад свята, можна было набыць чарговую кнігу аўцюкоўскіх жартаў У. Ліпскага "Рагатуха".

Здавалася, што ў гэтыя два дні ўсе дарогі сыходзіліся ў Калінкавіцкі раён, а дакладней, у цэнтр беларускага Габрава - Аўцюкі, што на Палессі, што знаходзяцца непадалёку ад старажытнага паселішча першабытных людзей у Юравічах. З тых, напэўна, часоў мясцовыя жыхары ўмеюць і гараваць, і жартаваць. А дзякуючы яшчэ і таму, што нягледзячы на беды, якія прывяла ў свой час на Гомельшчыну Чарнобыльская навала, тут жыве працавіты, гасцінны, жыццярадасны народ, пры тым, здольны на жарты і смех. А смех, як вядома, з'яўляецца лекам, прадаўжальнікам жыцця і маладзіком здароўя. І мы, беларусы, цяпер ведаем дзе можна назапасіцца даўгалеццем. Так што, гайда ў гэтую беларускую вёсачку, а ўжо жыхары яе гарантуюць што гэты прыезд не забудзецца аніколі, бо пакіне самыя што ні ёсць вясёлыя ўспаміны на ўсё жыццё.

Алесь Хітрун, супрацоўнік літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея, кіраўнік літаб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце".

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX