Вярнуцца: 2012

№ 33 (1080)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 33 (1080) 15 жніўня 2012 г.

750-ты нумар "Нашага слова", выдадзены ў Лідзе

У Зэльве ўшанавалі Ларысу Геніюш

11 жніўня ў Зэльву з'ехаліся людзі з розных гарадоў і мястэчак Беларусі. Побач са Свята-Траецкай царквой нязвыкла шматлюдна. Пасля літургіі адбываецца малебен па памерлых. У храме людзі ў жалобных строях, а таксама тыя, хто прыехаў сёння памаліцца за Ларысу Геніюш. Святар чытае малебен па-беларуску і ў самым канцы пераліку імёнаў гучыць: "Ларыса".

Пазней айцец Аляксандар скажа, што наўмысна чытаў гэтае імя апошнім, бо ведае, што Ларыса Геніюш была вельмі сціплым і чулым чалавекам, а тут, маўляў, людзі якія прыйшлі памаліцца за сваіх родных.

Пасля малебну айцец Аляксандар падзякаваў усім, хто не забывае іх славутую прыхаджанку і ў дзень яе народзінаў штогод прыязджае ў Зэльву, каб памянуць яе слаўнае імя. Ён запрасіў усіх у невялічкі музейчык. Тут пад шклом здымкі старой Зэльвы, розныя рэчы, а вось цяпер ужо айцец Георгі паказвае на тое, што адносіцца да памяці Ларысы Геніюш:

- Вось тут інфармацыя аб яе жыцці: здымкі з пахаванняў, аўтографы прыхаджанам, вершы, якія, напэўна, нідзе дагэтуль не друкаваліся. Вершы духоўнага зместу, якія яна сама друкавала на машынцы і замест беларускага "і" ставіла адзінку. А вось Евангелле, якое абкладзена ейнымі рукамі.

Ужо на дварэ, выйшаўшы з музейчыка, сталая спадарыня, Людміла Дамброўская, кажа, што добра памятае Ларысу Геніюш:

- Дабрадушная была, ласкавая, добрая, спагадлівая, заўсёды дапамагала людзям. Людзі яе таксама любілі, бо яна была чалавекам. Багацця ў яе не было, толькі ўвесь пакой быў застаўлены кнігамі.

На дварэ побач з помнікам адбылася прэзентацыя кнігі Ларысы Геніюш "Лісты з Зэльвы". Укладальнік кнігі Міхась Скобла распавядае пра паэтку, яе жыццё, перапіску, яе сяброў і незаўважна для сябе тлумачыць, чаму так многа людзей цягнецца сюды да царквы, да помніка і да дома, дзе жыла паэтка:

- Нам сёння бракуе святасці, і мы прыходзім да Ларысы Геніюш. Нам сёння бракуе шляхетнасці ў чалавечых аносінах, і мы прыходзім да Ларысы Геніюш. Нам бракуе сёння нацыянальнага аптымізму, і мы прыходзім да Ларысы Геніюш.

Мастак Алесь Пушкін упершыню прыехаў у Зэльву:

- Вельмі прыемна было сёння стаяць у царкве побач з людзьмі ў чорных строях, якія прыйшлі на паніхіду па сваіх родных. І сярод імёнаў памерлых: Пётар, Ефрасіння, Фядора, Васіль гучала і імя Ларыса. Як гэта ўсё ж было прыемна.

Падчас імпрэзы песні на словы ў тым ліку і Ларысы Геніюш спявала Тацяна Грыневіч-Матафонава.

- Цягнула мяне сюды. Якая сіла, пакуль цяжка гэта выказаць словамі. Канешне, гэта важны чалавек для нас усіх. Вось ідзеш па Зэльве і думаеш, што тут хадзілі ўсе твае сябры, і яны таксама ішлі сюды да царквы, бо яна тут жыла недалёка.

Міхал Карневіч.


100 гадоў з дня нараджэння Барыса Мікуліча

МІКУЛІЧ Барыс Міхайлавіч [псеўданімы: Б. Міхайлаў; Барыс М.; крыптанімы: Б.М.; БаМ; Б.М-ч; М.Б.; 19.8. 1912, Бабруйск - 17.6.1954, с. Машукоўка Краснаярскага краю), празаік, крытык. Пачаў публікавацца з 1927 (час. "Маладняк"). З 1928 член бабруйскай філіі "Маладняка". З 1929 працаваў у бабруйскай газ. "Камуніст". У 1930 пераехаў у Менск. Працаваў карэктарам у Дзяржвыдавецтве БССР; стыльрэдактарам, адказным сакратаром у газ. "Літаратура і мастацтва". Потым зноў вярнуўся ў выдавецтва на пасаду рэдактара. У 1930 вучыўся на творчым аддзяленні МВПІ; у 1934-35 на літаратурных курсах у Маскве. Член СП Беларусі з 1934. У 1936 чытаў курс гісторыі літаратурных жанраў і гісторыі нарыса ў Інстытуце журналістыкі (Менск). Да 1936 выдаў 7 мастацкіх кніг. Арыштаваны 26.11.1936. Асуджаны на 10 гадоў зняволення. У 1937 пераведзены ў Марыінск Новасібірскай вобл., у 1938 - у Рашоты Краснаярскага краю. У 1943 пераведзены ў катэгорыю ссыльных. Пасля вызвалення ў 1946 пераехаў у Ашхабад да старэйшай сястры Кацярыны, нягледзячы на тое, што яму было забаронена жыць у сталіцах. У 1947 вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Бабруйску, на Лагойшчыне. У 1947-49 працаваў у бабруйскай бібліятэцы. Звярнуўся да гістарычнай тэматыкі, падрыхтаваў аповесць пра М. Багдановіча. Актыўна пісаў, але ягоныя творы не публікаваліся. Арыштаваны паўторна 28.4.1949, высланы ў Сібір. Жыў у сяле Машукоўка Краснаярскага краю, дзе і памёр. Рэабілітаваны праз тры месяцы пасля смерці.

Тв.: Выбранае. Мн., 1959; Аповесці. Мн., 1985; Палеская аповесць: Аповесці, апавяданні. Мн., 1991; Аповесць для сябе. Мн., 1993.

Паводле Л. Маракова.


Партыя БНФ паслядоўна падтрымлівае беларускую мову і беларускую культуру

4 жніўня XV з'езд Партыі БНФ зацвердзіў Платформу Партыі БНФ да парламенцкіх выбараў 2012 года.

Побач з іншым для забеспячэння годнага жыцця грамадзянаў Беларусі Партыя БНФ выступае за:

- Захаванне і папулярызацыю каштоўнасцяў беларускай культурнай спадчыны, як складовай часткі еўрапейскіх цывілізацыйных каштоўнасцяў.

- Перагляд падатковай сістэмы на карысць развіцця айчыннага і замежнага мецэнацтва.

- Змяненне палітыкі ў галіне аховы гістарычна-культурнай спадчыны, забеспячэнне яе рэальнага захавання і аднаўлення.

- Усталяванне аплаты працы работнікаў адукацыйна-культурнай сферы на ўзроўні, не ніжэйшым за сярэднюю заработную плату па краіне.

- Вяртанне беларускай мове рэальнага статусу дзяржаўнай і паступовы пераход да беларускай мовы, як адзіна дзяржаўнай, разам з аднаўленнем беларускамоўнай сістэмы адукацыі і выхавання, - ад ясляў да ўніверсітэта.

- Прыняцце закона "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", падрыхтаванага Таварыствам беларускай мовы.

- Заканадаўчае вызначэнне статусу моваў нацыянальных мяншыняў і дзяржаўную дапамогу ў іх развіцці.

- Вяртанне гістарычнай сімволікі: бела-чырвона-белага сцяга і гербу "Пагоня".

Кандыдаты ў дэпутаты ад Партыі БНФ будуць паслядоўна прыцягваць увагу грамадства да праблем з беларускай мовай у краіне.

Наш кар.


Вывучэнне беларускай мовы вяртаецца ў Міхалова, што на Беласточчыне

Ад верасня 2012 года вучні гімназіі і пачатковай школы ў Міхалове на Беласточчыне пачнуць вывучаць мову сваіх продкаў. Жаданне таго, каб дзеці вучылі беларускую мову, выказалі бацькі 120-ці школьнікаў.

Як адзначыў дырэктар гімназіі ў Міхалове Янка Лукша, ініцыятарамі ўвядзення беларускай мовы сталі бацькі навучэнцаў:

- Яшчэ ў мінулым годзе бацькі выступілі з такой прапановай. У гэтым годзе была нагода, бо гэта ўжо будзе група школаў, пачатковай школы і гімназіі. Я прыемна здзіўлены, што 120 вучняў пажадала вывучаць беларускую мову.

Вывучаць беларускаю мову дзеці будуць ад другога класа пачатковай школы да другога класа гімназіі. Заняткі па беларускай мове ў школьнікаў будуць тры разы на тыдзень. Гімназія ў Міхалове супрацоўнічае са школай у Ваўкавыску, таму пасля ўвядзення беларускай мовы дырэктар школы Янка Лукша спадзяецца на ўзмацненне гэтага супрацоўніцтва.

Лукаш Леанюк , Радыё Рацыя.


ДАПАЎНЕННЕ ДА СЛОЎНІКА

У канцы 2011 года выйшаў наш (у суаўтарстве з М.А. Якалцэвіч) "Тлумачальны слоўнік прыказак" (далей ТСП). У ім апісана каля 1800 найбольш ужывальных у сучаснай літаратурнай мове прыказак. Працягвалася далейшае выяўленне прыказак, не апісаных у ТСП, збіранне ілюстрацыйнага матэрыялу з сучасных пісьмовых літаратурных крыніц. Хацелася б дапоўніць гэты слоўнік некаторымі новымі звесткамі.

Найперш - пра два слоўнікавыя артыкулы, якія (хутчэй за ўсё, па віне выдавецтва) прапушчаны ў даведніку, хоць у канцы слоўніка, у алфавітным пераліку слоў, што ўваходзяць у загаловачныя прыказкі, абедзве прыказкі фіксуюцца. Нагадаем, што слоўнікавы артыкул складаецца з наступных частак: а) загаловачнай прыказкі; б) семантычнай, а пры неабходнасці - сітуацыйнай і стылістычнай характарыстыкі (з паказам, дзе гэта магчыма, сінанімічных сувязей пэўнай прыказкі з іншымі); в) ілюстрацыйнага матэрыялу; г) даведачнай часткі. Вось гэтыя два прапушчаныя артыкулы - на літару "І".

<І> адтуль горача (гарачо), <і> адсюль боляча (балячо). Цяжка знайсці выхад з непрыемных абставін. Сін. : Куды ні кінь, усюды клін; Ты на гару, а чорт за нагу. [Навум:] Дагадаўся толькі, што нам, пэўне, горшай катаргі не будзе, якую мы ад камісара церпім. Бо знаеш прымаўку: і адсюль гарачо, і адтуль балячо ( В. Дунін-Марцінкевіч . Сялянка). Цяжка было малаарганізаванай беднаце змагацца з пануючым класам: сілай штыкоў яе заганялі ў паднявольнае становішча, дзе яна знаходзілася пад падвойным уціскам - сацыяльным і нацыянальным. Гэта было такое становішча, калі "адтуль горача, адсюль боляча" і калі "б'юць і плакаць не даюць" ( К. Крапіва . Беларускія прыказкі). Дык што ж рабіць? Адтуль горача, адсюль боляча. Дрэнна будзеш служыць - немцы арыштуюць, добра - партызаны... ( І. Навуменка . Вецер у соснах).

- Насовіч , с. 56: І адсюль балячо, і адтуль гарачо; Прыказкі , кн. 2, с. 272: Адсюль гарачо, а адтуль балячо.

І баран бы касіў, каб хто касу насіў. 1. Ужываецца як насмешка над маладым ці нявопытным касцом. Якой цяжкай не здавалася тады каса - [Уладзя] не скараўся, не паказваў сваёй стомленасці, забег ў другі пракос, а калі ўжо моцна пачаў грывіць, дзед прапанаваў адпачыць, пахваліў і ўшпіліў сваё: - І баран бы касіў, калі б хто касу насіў... ( А. Пашкевіч . Кругі).

2. Не так лёгка што-небудзь робіцца, як пра гэта мяркуе хто-небудзь. Часцей ужываецца як насмешка над няўмекам ці лодарам. Бачылі вы такога? "Дарагая рэдакцыя, падкажы, дарагая рэдакцыя, перарабі, але подпіс мой пастаў!" А ці ведаеш ты, Петрусёк, што "і баран бы касіў, каб хто касу насіў"? Вучыся жыць і працаваць самастойна! ( У. Дубоўка . Жоўтая акацыя). - Працаваць трэба. - Глядзі, напрацаваўся!.. - І баран бы касіў, каб хто касу насіў... ( А. Асіпенка. Паплавы).

- Цяпер, дзеду, не косіце? - спытаў Ігар. - Няма сілы. Я б касіў, каб чорт касу насіў... ( М. Капыловіч . Былі б рукі).

- Насовіч , с. 68: Касіць бы касіў, ды каб чорт касу насіў; Федароўскі , с. 22; Янкоўскі , с. 215: І баран бы касіў, каб хто касу насіў.

Апошнім часам у перыядычным друку выяўлена тры прыказкі, якімі варта дапоўніць ТСП.

Адна з іх - крылаты выраз, што, несумненна, становіцца звычайнай прыказкай. Дарэчы, у ТСП апісана больш як 10 былых крылатых выразаў з твораў беларускіх пісьменнікаў: Дум не скуеш ланцугамі (Я. Купала); Назад не прыйдзе хваля тая, што з быстрай рэчкай уплывае (Я. Колас); Няма таго, што раньш было (М. Багдановіч); Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала (К. Крапіва); Зерне падае не на камень (І. Пташнікаў) і інш. Ужыванне такіх выказаў іншымі аўтарамі (прычым без спасылкі на яго стваральніка) пацвярджаецца ў ТСП не адзінкавымі прыкладамі. Калі ўжывальнасць індывідуальна-аўтарскіх утварэнняў "выходзіць за межы аўтарскага тэксту, - пісаў вядомы расійскі лексікограф і фразеолаг А.М. Бабкін, - іх месца ў тлумачальных слоўніках бясспрэчнае".

Новы крылаты выраз-прыказка Усе мы з хат з'явіўся пад пяром Янкі Сіпакова ў яго эсэ і кнізе пад такой жа назвай (1982) і абазначае "Карані ўсіх нас - з вёскі, ад зямлі". Як казала гераіня Купалавай "Паўлінкі": "Калісь усе былі мужыкі... Кожны чалавек мужыцкага роду... Адам і Ева і то былі мужыкамі". Выраз Я. Сіпакова сэнсава як бы пераклікаецца з наступнымі вершаванымі радкамі А. Твардоўскага:

Мы все -

почти что поголовно -

Оттуда люди, от земли,

И дальше деда родословной

Не знали: предки не вели,

Не беспокоились о древе,

Рождались, жили в свой черед,

Хоть род и мой -

он так же древен,

Как, скажем, твой,

читатель, род...

Вось прыклады ўжывання гэтага выказу, які набыў "крылатасць": "Крылаты і дакладны выраз "Усе мы з хат" да пісьменнікаў падыходзіць найбольш" ( У. Саламаха ); "Лазня - свята ў будзённы дзень. Лазня ў дружбе - асноў аснова. Толькі ў лазні сквірчыць камень. Толькі ў лазні - свабода слова. Скажам шчыра: усе мы з хат, дзе часамі матрыярхат…" ( М. Скобла ); "Ён жа, гэты нязводна настальгічны матыў з усёй супярэчлівасцю, але неадольна авалодваў пісьменніцкай свядомасцю, каб засесці ў ёй, як аказалася, на ўсё астатняе жыццё. Гэтаксама, дарэчы, як і іншы - вясковы, сельскі матыў, бо "ўсе мы з хат"… ( А. Бутэвіч ). Алег Лойка на адной сваёй кнізе зрабіў падарункавы надпіс: "Дарагому Янку Сіпакову, які так хораша раскрывае людзям і свету, што ўсе мы - з хат…"

Другая прыказка, не зафіксаваная ў нашых даведніках, - У краіне сляпых і аднавокі кароль . У сэнсавых адносінах яна сінанімічная з такімі шырокавядомымі, як На бязрыб'і і рак рыба; На бязлюддзі і поп чалавек , і абазначае "Калі няма каго-небудзь лепшага, то і той, хто ёсць, лічыцца добрым", напрыклад: "Яны, кавалеры, далёка не першай свежасці, магчыма, ніводная з гэтых кабецін дзе-небудзь у горадзе і не зірнула б у іх бок, а тут [у санаторыі] за кожнага перастарка ўзнікае суперніцтва. І то праўда: у краіне сляпых і аднавокі кароль" ( А. Усеня ). Гэта прыказка паводле паходжання, відаць, дакладная калька з нямецкай мовы: Unter den Blinden ist der einаugige Kоnig (літаральна: Між сляпых і аднавокі кароль ). Як засведчыў М.І. Міхельсон у двухтомным даведніку "Русская мысль и речь" (1903), прыказка ёсць у многіх заходнееўрапейскіх мовах, у прыватнасці, у грэчаскай мове (яе пакампанентны пераклад: У царстве сляпых і аднавокі прыгожым здаецца ).

Трэцяя прыказка змяшчаецца ў некалькіх парэміялагічных зборніках, прычым у розных варыянтах; напрыклад, у акадэмічным зводзе "Прыказкі і прымаўкі" (1976, кн. 2, с. 200): Кепскаму танцору і порткі шкодзяць ; у "Зборніку беларускіх прыказак" (1874, с. 39) І.І. Насовіча: Дурной танцоўцы і хвартух завада ; у кнізе А. Аксамітава "Прыказкі і прымаўкі" (2000, с. 245): Дрэннаму танцору заўсёды пуза замінае (яйцы замінаюць) . Прыказка гаворыцца як высмейванне ці асуджэнне таго, хто спрабуе неяк апраўдаць сваё няўменне, непаваротлівасць і пад. Прыклад з апавядання В. Быкава "Жалезны камандзір": " - А што вы крычыце! Я не палахлівы! І не для вас ваюю! Вось! А вышыню - не горш за вас ведаю, што трэба ўзяць. Але вунь шпокаўка [аўтаматычная гармата] не дае. - Во-во, так і ведаў! Дрэннаму танцору, ведаеш, што заўсёды перашкаджае?" Адчуваецца намёк на гэтую ж прыказку і ў такім сказе: " - Нічога так не замінае добраму танцору, як камуністычная ідэалогія, - справядліва канстатуе скрыпач з "харошаўскага" аркестра і пазмоўніцку падміргвае" ( У. Ахроменка ).

Сэнсавы змест абсалютнай большасці прыказак, змешчаных у ТСП, іх сітуацыйная і стылістычная характарыстыка ілюструюцца чатырма цытатамі з твораў 380 беларускіх пісьменнікаў, журналістаў, навукоўцаў. У некаторых жа выпадках (з-за недахопу адпаведных прыкладаў) колькасць цытат меншая. Пададзім далей дадатковы ілюстрацыйны матэрыял да некаторых прыказак, адначасова змяшчаючы ў дужках пасля загаловачнай прыказкі яе тлумачэнне.

Дарагая (дорага) лыжка к абеду (= Дарагое, вартае ўвагі тое, што зроблена, атрымана своечасова, у патрэбны момант ). Учора ў шэсць вечара аддаў А. Казловічу публіцыстыку - а сёння ў шэсць вечара ўжо трымаў у руках нумар газеты з ёю. Такая аператыўнасць! Хоць, зрэшты, усё зразумела, лыжка дорага к абеду! А які ганебны "абед" пачынаецца заўтра ( Н. Гілевіч. Год дзве тысячы першы).

Добры пачатак - палавіна справы (= Кажуць з задавальненнем, калі паспяхова пачалася якая-небудзь справа ). Тут не абышлося без таго, каб сябры не пахвалілі адзін другога за ўдала праведзеныя ролі. Але гэта толькі пачатак. Добры ж пачатак - палавіна справы ( Я. Колас . На ростанях).

Зерне падае не на камень (= Павінны быць належныя вынікі пасля чыёй-не-будзь парады, размовы, настаўлення, агітацыі і пад. ). Дзяўчаты і хлопцы не толькі слухалі, а пачалі дружна падпяваць Аляксею. Ну, а мне прыемна было падумаць, што зерне, пасеянае кнігай "Філаматы і філарэты", упала не на камень ( К. Цвірка . Дні мае, падарункі).

І мой грош таксама не шчарбаты (І мая капейка таксама не шчарбатая) (= Гаворыцца тады, калі хто-небудзь, жадаючы ўдзельнічаць у агульнай справе, уносіць у яе свае грошы ). Лабановіч хацеў даць грошы. - Мая капейка таксама не шчарбатая, - адвёў руку прыяцеля Янка і памчаўся да Моні ( Я. Колас . На ростанях).

Кроў людская не вадзіца (= Забойства людзей, людскія расстрэлы і пад. непазбежна патрабуюць адплаты ). Прыехала ў Сібір за мужам, якога выслалі, бо любіць ён Радзіму, над якой вароны кружаць, аж сонца пачарнела ад варон, і кроў людская, як вада, ільецца. Ды кроў людская - не вада... ( В. Шніп. Балада Ванды Лявіцкай).

Надзея - матка дурных (= Няма на што спадзявацца. Гаворыцца з прыкрасцю ў безвыходным становішчы ). Яшчэ трыпяць гадоў высілку, і тады надзеюся, што ўсё пойдзе "гладка", надзеюся, а як нехта казаў, надзея - гэта матка дурных ( Л. Юрэвіч . Шматгалосы эпісталярыум).

На чужыя вусны не накінеш хусты (= Людзей не прымусіш маўчаць. Кажуць з неадабрэннем пра распаўсюджванне розных чутак, плёта к). Шкада, што Марчук спазніўся нарадзіцца на белы свет, у згаданыя ім гады з яго мог бы атрымацца яшчэ адзін Бэндэ. Удвух яны змалацілі б удвая большы ўраджай... Што ж, на чужыя вусны не накінеш хусты ( А. Масквін . Гутарка з Міхасём Скоблам).

Не ён першы, не ён апошні (= Гаворыцца ў апраўданне чыіх-небудзь паводзін, учынкаў, бо падобнае здараецца ці можа здарыцца з іншымі людзьмі ). Яму [Ягайлу] было даволі таго, што два грозныя супернікі зняможаныя (не ён першы, не ён апошні, хто вёў такую сабе патрэбную, а для іншых паўзагібельную гульню) ( Г. Далідовіч . Рурыкавічы і Рагвалодавічы).

Нядоўга музыка іграла (= Што-небудзь адбывалася непрацяглы час. Часцей іранічна пра што-небудзь адмоўнае ). Пастановай дэклараваўся пашыраны спіс сацыяльна значымых тавараў... Але, як кажуць, нядоўга музыка іграла: літаральна праз тры месяцы вытворцы і гандаль "забілі ў хамут" ( Г. Чыгір . Кінулі ўсіх...).

Пі ды еш, пакуль рот свеж, бо як умрэш, то і калом не ўпрэш (= Гаворыцца як жартаўлівае застольнае пабуджэнне піць і есці ). З "Нататнікаў": Пі і еш, пакуль рот свеж, а памрэш, і калом не ўвапрэш ( В. Быкаў . Гарадзенскі архіў).

Якое семя, такое і племя (= Пра залежнасць ураджаю ад якасці насення ). Дык на чым ёй [бульбачцы] было ўрадзіцца, скажы мне, калі гною нават кучачкі не растрэсла на агародзе і вочкамі давялося садзіць? Чаго тут большага хацець? Ат, якое семя, такое і племя ( М. Карпечанка . Дэзерцір).

У мастацкіх і публіцыстычных тэкстах сустракаюцца індывідуальна-аўтарскія варыяцыі прыказак, звычайна абумоўленыя мастацкімі мэтамі або асаблівасцямі вершаванага маўлення. Такі магчымы спосаб рэалізацыі прыказак так-сама адлюстроўваецца ў слоўнікавым артыкуле. У ім следам за прыкладамі-цытатамі, у якіх прыказкі выкарыстаны нарматыўна, з абзаца за знакам зорачкі (*) даюцца індывідуальнааўтарскія ўжыванні прыказак у змененай форме. Прывядзем далей некаторыя прыказкі (з паказам у дужках іх дэфініцыі), да якіх варта далучыць і такія парэмійныя варыяцыі.

Бадалася цяля з дубам (= Пра далёка не раўнасільную, але не безвыніковую барацьбу адважных адзіночак. Прыказка паходзіць ад назвы нарысаў А. Салжаніцына, напісаных у 1970-я гады, "Бодался теленок с дубом").

* Рэжым бадаюць дэмакраты каторы год, як дуб цяля, нясуць у тым баданні страты, ды стаць не могуць у руля ( Алесь Няўвесь. "Тайная вячэра").

За пчолкаю - у мёд, за жуком - у гной (= Зносіны з добрым чалавекам даюць добрыя вынікі, а з дрэнным - завяршаюцца дрэнна ).

* Лысы злосна пазіркаў вачамі, з'едліва скрозь зубы працадзіў: "Абы-што..." Гэта быў камень у мой агарод. Аднак я змоўчаў. Прыгадаліся словы маці: не звязвайся, не паўзі за жуком - у гной трапіш ( А. Макоўскі . Акварыум).

З дзявочай красы вады не нап'ешся (= Дзявочая прыгажосць не самае важнае ).

* - Вядзі яе ў танец! - Надта ж пекная, - наіўна выдыхнуў сарамяжны кавалер... - Дурань ты. Няпекны... З красы вады не піць. Твой бацька паважаны, заможны чалавек, доктар. А яе бацькі - галота. Ты - багаты, яна - бедная. Чаго баішся? Толькі свісні ( Ю. Зарэцкая . А грэх жыве).

Май - каню сена дай, а сам на печ уцякай (= Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды ).

* Май, а на дварэ - як глыбокая восень... У Валі, што сустрэлася мне каля двара, і тут свой "каментар": - Некалі старыя людзі казалі: прыйшоў май, валом дай і на печ уцякай ( К. Цвірка . Дні мае, падарункі).

На пахілую вярбу (на пахілае дрэва) козы скачуць (= Пакорлівага, падатлівага чалавека ўсе крыўдзяць ).

* Цешуся, што П. Сергіевіч робіць юбілейную выстаўку... Каб хоць не зрабілі з яго якога летувіса... Мы - як пахілае дрэва, на якое ўсе козы скачуць. Асабліва, калі не баронімся ( Л. Геніюш. Зосьцы Верас).

Радня да паўдня, а як сонца зойдзе, сам чорт не знойдзе (= Кажуць пра сваякоў вельмі далёкіх або такіх, якія прызнаюць каго-небудзь раднёй толькі ў неабходных выпадках ).

* Калі я папытаў Стэфку, як памагаюць ёй дзеці і ці не забывае яе радня, адказала: - Радня да дня, а сонца зайдзе - ён цябе не знайдзе ( К. Цвірка . Дні мае, падарункі).

Хто любіць папа, хто пападдзю, хто папову дачку (= У кожнага чалавека свае густы, звычкі, погляды ).

* Чаму такіх мужчын, як Пятро, наносіць на такіх, як Валя, што яны ў іх знаходзяць, - вялікая загадка, і разгадкі ёй пакуль што няма ў гэтым свеце. Справа густу? Каму падабаецца поп, а каму пападдзя? ( А. Федарэнка . Дзікі Луг).

Іван Лепешаў.


СВЯТЫЯ ІМЁНЫ Ў НАЗВАХ АСТРАВОЎ

На паверхні і ў глыбінях Зямлі адбываюцца шматлікія працэсы, з-за чаго вонкавы слой планеты няроўны. Паніжаныя ўчасткі пакрытыя вадой, а ўзвышаныя, узнімаючыся над ёю, утвараюць сушу. Буйныя прасторы сушы - мацерыкі, меншыя - астравы. Сукупнасць няроўнасцяў сушы і акіянаў носіць назву рэльеф (ад франц. relief - няроўнасць).

Астравы засяляліся людзьмі пазней, чым мацерыкі. Адкрываючы новыя астравы, мараплаўцы не раз называлі іх у гонар святаў або ўшанаваных Царквой святых, чыя памяць у той дзень адзначалася, а таксама ў гонар сваіх нябесных заступнікаў.

У паўднёвай частцы Ціхага акіяну знаходзіцца востраў, які не адразу заўважыш на карце. У велікодную нядзелю 1772 г. яго адкрыў галандскі падарожнік Якаў Рагевен. У памяць пра гэтую падзею ён назваў яго востравам Пасхі (грэц. < яўр. "песах" - вызваленне). Сёння гэта самы аддалены з населеных астравоў Сусветнага акіяну. Належыць Чылі, нягледзячы на вялікую адлегласць ад яе берагоў. Мае статус спецыяльнай тэрыторыі. Сталіца і адзіны горад вострава Ханга-Роа, дзе пражывае менш за 5 тыс. жыхароў.

Востраў Раства ў Індыйскім акіяне належыць Аўстраліі. Быў адкрыты ў 1643 г. Зараз на ім пражывае каля 1400 чалавек, з якіх грамадзянамі Аўстраліі з'яўляюцца каля 400 (у асноўным кітайцы і малайцы).

Востраў Узнясення размешчаны ў паўднёвай частцы Атлантычнага акіяну, паміж Афрыкай і Паўднёвай Амерыкай. Разам з востравам Святой Алены ўваходзіць у склад брытанскай заморскай тэрыторыі. У 1501 г. яго ўпершыню з еўрапейцаў наведаў партугалец Жуан да Нова, але не пакінуў апісанняў. Другаснае адкрыццё вострава адбылося ў 1503 г. у свята Ўзнясення Гасподняга. Доўгі час заставаўся ненаселеным, пакуль у 1815 г. на ім не абаснавалася брытанская залога.

У Хатаганскай затоцы мора Лапцевых знаходзіцца востраў Праабражэння . Упершыню быў адкрыты ў 1736 г. Васіліем Прончышчавым падчас Вялікай паўночнай экспедыцыі. Праз тры гады Харытон Лапцеў, які працягнуў экспедыцыю, даў востраву гэту назву. Цяпер адміністратыўна ўваходзіць у склад Рэспублікі Саха (Якуція) ў складзе Расійскай Федэрацыі (Далёкаўсходняя федэральная акруга).

Непадалёку ад берагоў Аўстраліі размешчаны архіпелаг Тройцы . Ён складаецца з 74 астравоў, з якіх населена 8. Самы буйны востраў таксама называецца в. Тройцы . Так ён быў названы капітанам Джэймсам Кукам, які прайшоў паміж архіпелагам і мацерыком, як ён думаў, у дзень Святой Тройцы. Але гэта былі ўжо наступныя суткі, калі адзначаўся дзень Святага Духа. Аднак назва астравоў Тройцы захавалася.

Востраў Трынідад у Вест-Індыі - складовая частка дзяржавы Трынідад і Табага. На ім пражывае амаль 96 % насельніцтва краіны. На воставе ўзвышаюцца тры гары, за што Хрыстафор Калумб, які адкрыў яго ў 1498 г., назваў у гонар Святой Тройцы (ісп. Трынідад - Тройца).

З астравоў, названых у гонар святых, найбольш вядомы, бадай, востраў Святой Алены ў Атлантыцы. На ім апошнія гады (1815-1821) у якасці брытанскага палонніка правёў пазбаўлены трону французскі імператар Напалеон Банапарт. Востраў быў адкрыты ў 1502 г. у дзень памяці святой царыцы Алены. Зараз ён, як ужо было сказана, разам з востравам Узнясення з'яўляецца заморскай тэрыторыяй Вялікабрытаніі. Аднак два дамы, дзе жыў Напалеон, і даліна, у якой ён быў пахаваны, знаходзяцца ва ўласнасці Францыі.

Востраў Святога Мартына ў Карыбскім моры названы так у гонар св. Мартына Турскага (або Міласцівага), які ў IV ст. быў епіскапам французскага горада Тура. Праваслаўныя святкуюць яго памяць 12 кастрычніка, католікі - 11 лістапада. Згаданы востраў, згодна з дзейным дагэтуль пагадненнем 1648 г., раздзелены паміж дзвюма дзяржавамі. Паўночная яго частка - заморскі дэпартамент Францыі, паўднёвая - аўтаномія ў складзе Нідэрландаў. Быў адкрыты Калумбам у 1493 г. Ён жа даў яму назву в. Святога Мартына (ісп. Сент-Мартан ). 11 лістапада - дзень нанясення вострава на карту - урачыста адзначаецца ў абодвух яго частках.

У паўднёвай частцы Берынгавай пратокі, што аддзяляе Еўразію ад Паўночнай Амерыкі, размешчаны астравы Святога Мацвея і С вятога Лаўрэнція . Да продажу Аляскі ЗША яны належалі Расіі. Першы востраў названы ў гонар апостала і евангеліста Мацвея, другі - у гонар св. Лаўрэнція, які ў ІІІ ст. быў архідыяканам у Рыме і пацярпеў падчас ганенняў на хрысціян пры імператары Валерыяне. На востраве Святога Мацвея калісьці жылі алеуты (цяпер яны пражываюць на Алеуцкіх астравах у ЗША і Камандорскіх астравах у РФ). Зараз не заселены. Насельніцтва в. Святога Лаўрэнція каля 1 тыс. чалавек, у асноўным эскімосы. Крайняя паўночная кропка гэтага вострава - мыс Слава Расіі (Glory of Russia Cape) - так называўся карабель, на якім Гаўрыіл Сарычаў у 1791 г. адкрыў згаданы мыс.

Сент-П'ер , або востраў Святога Пятра (відавочна, апостала, бо ён лічыцца заступнікам маракоў), належыць Рэспубліцы Сейшэльскія Астравы, што ў Індыйскім акіяне. Не заселены.

Сент-Патрык , востраў Святога Патрыка, асветніка ірландцаў (V ст.), размешчаны ў Ірландскім моры. Вядомы замкам Піл, які заснавалі вікінгі ў ХІ ст. Зараз там знаходзяцца разваліны замка і старажытнавй царквы св. Патрыка. Востраў злучаны дамбай з іншым востравам - Мэн.

Востраў Святога Андрэя ( Сан-Андрэас ) знаходзіцца ў Карыбскім моры. Належыць Калумбіі, хаця тэрытарыяльна бліжэй да Нікарагуа. Доўгі час быў базай піратаў. Мясцовыя насельнікі - райсальцы - з'яўляюцца нашчадкамі пурытанаў (паслядоўнікаў кальвінізму ў Англіі), якія пасяліліся тут у 1631 г.

Частка жыхароў в. Сан-Андрэас у 1787 г. перасялілася на адзін з Багамскіх астравоў, які цяпер называецца Андрас . Праўда, ёсць меркаванне, што гэтая назва дадзена ў гонар Э. Андраса, які некалі камандаваў англійскімі войскамі на Барбадасе. Іспанцы, высадзіўшыся на востраве ў 1550 г., першапачаткова назвалі яго Эспірыту Санта , г. зн. востраў Святога Духа .

У Карыбскім моры ёсць востраў Святога Варфаламея (апостала). Высадзіўшыся на ім у 1493 г., Х. Калумб сказаў: "І гэты востраў будзе насіць імя святога Варфаламея, у гонар брата майго, Варфаламея".

У Адрыятычням моры, у Чарнагорыі, насупраць горада Будвы, знаходзіцца востраў Святога Стэфана , аднаго з самых шанаваных святых Сербскай Праваслаўнай царквы. Цвярдыня св. Стэфана, названая ад царквы аднайменнага рыбацкага паселішча, вядомая з 1442 г. З 1957 г. уся тэрыторыя атрымала статус вострава-гатэлю.

У Чарнагорыі знаходзіцца таксама невялікі востраў Святога Георгія . Другі востраў Святога Георгія , у Берынгавым моры, належыць ЗША (штат Аляска). Ён быў адкрыты ў 1786 г. рускім мараплаўцам Гаўрыілам Прыбылавым і атрымаў назву ў гонар карабля Прыбылава "Святы Георгій".

Водамі Берынгавага мора таксама амываецца востраў Сент-Майкл (або Святога Міхаіла ), які належыць штату Аляска. Першапачатковая яго назва - Міхайлаўскі , бо ўпершыню быў даследаваны Міхаілам Табянковым у 1833 г. Тады ж быў закладзены рэдут (умацаванне з ровам) святога Міхаіла. З 1842 г. там знаходзіўся праваслаўны храм.

Асобна варта спыніцца на востраве (дакладней, двух астравах) Святога Паўла ў Міжземным моры. З кнігі Дзеянняў святых апосталаў (Біблія, Новы запавет) вядома, што апостал Павел быў накіраваны рымскім правіцелем у Іўдзеі Феліксам на суд да кесара. У Мірах Лікійскіх вязняў перасадзілі на карабель, які плыў у Італію (Дзеян. 27, 5-6). Але ў Адрыятыцы здарылася непагадзь і "карабель схапіла так, што ён не мог працівіцца ветру" (Дзеян. 27, 15). Праз 14 дзён "трапілі на касу, і карабель сеў на мель. Нос увязнуў і застаўся нерухомым, а карма разбівалася сілаю хваляў" (Дзеян. 27, 41). Уратаваўшыся, хто на дошках, а хто плыўшы сам, "тыя, што былі з Паўлам, даведаліся, што востраў называецца Меліт" (Дзеян. 28, 1). Гэтая назва фінікійскага паходжання і азначае "сховішча". У нашы дні яна вядомая як Мальта - архіпелаг на поўдзень ад Італіі. А адзін з мальтыйскіх (меліцкіх) астравоў, дзе апынуўся апостал Павел, ужо даўно носіць ягонае імя.

Уладзіслаў ЛУПАКОЎ, г. Бярэсце.



21.08.2012 г., аўторак, 17.30-18.20

У рамках праекта "Будзьма!" Паседжанне Бацькоўскага камітэта "Напярэдадні навучальнага года" Уваход вольны. Адказная А. Анісім.


Ах, Родчанка!..

У Менску ў выдавецтве "Рыфтур" выйшла кніга Яўгена Гучка "Ах, Родчанка". У выданні распавядаецца пра некаторыя асаблівасці характару і звесткі біяграфіі Рыгора Віктаравіча Родчанкі - чалавека, грамадзяніна, краязнаўца, літаратуразнаўца, фалькларыста, паэта, а таксама пра яго творчыя пошукі і знаходкі.

Знайсці якія-небудзь звесткі пра жыццё і творчасць Рыгора Віктаравіча Родчанкі - беларускага (слуцкага) краязнаўца, фалькларыста, літаратуразнаўца, паэта (і ва ўсім гэтым гарачага і шчырага падзвіжніка) у беларускіх энцыклапедычных выданнях практычна немагчыма. Прамыя звесткі аб ім адсутнічаюць у "Беларускай энцыклапедыі" у 18 тамах, у энцыклапедычным даведніку "Беларусь", у энцыклапедыі "Беларусь" у 7 тамах, у "Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва" у 5 тамах, у бібліяграфічным даведніку "Беларускія пісьменнікі" у 6 тамах, у "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" у 6 тамах і іншых энцыклапедычных (і не толькі энцыклапедычных) выданнях. Праўда, дзе-нідзе ёсць ускосныя дадзеныя да артыкулаў пра Альгерда Абуховіча, Язэпа Дылу, дзе імя Р. Родчанкі падаецца ў спісе літаратуры аб іх. У апошнім з пералічаных выданняў яго імя ў шэрагу іншых узгадваецца яшчэ ў артыкуле "Краязнаўства". Сціпла і небагата. Але выданне "Памяць" (Слуцкі раён, Слуцк) у 2-х кнігах (Мінск. Белта. 2011, стар. 497) падае, хай хоць і скупыя, звесткі пра гэтага неардынарнага чалавека і творцу. Тут змешчаны яго партрэт і адзін верш. Вось тая вербальная інфармацыя са "Слуцкай памяці": "Родчанка Рыгор Віктаравіч, беларускі краязнавец. Нарадзіўся 15.07. 1929 г. у с. Няхаева Луганскай вобласці, Украіна. У 1932 г. сям'я пераехала на радзіму маці ў Капыльскі раён. У час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў у партызанскім атрадзе (з 1942). Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. 3 1959 г. жыў у Слуцку, працаваў настаўнікам у школе. Аўтар кніг "Альгерд Абуховіч-Бандынэлі. Нарыс жыцця і творчасці" (1984), "Старэйшая школа Беларусі" (1985), "Слуцкая старасветчына" (1991). Памёр у 1994 г.". Зноў жа сціпла і небагата. Але тут трэба ўлічваць фармат і канцэпцыю выдання...

Таму, калі ласка, да кнігі Яўгена Гучка "Ах, Родчанка".

Яўген Гучок нарадзіўся ў 1940 г. у Слуцку ў рабочай сям'і. Пасля заканчэння 9-й сярэдняй школы працаваў у геалагічным атрадзе, на мэблевай фабрыцы. Тры гады служыў у войску. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і аспірантуру пры ім. Працаваў настаўнікам. Вучыўся ў Маскоўскім паліграфічным інстытуце. З 1971 па 2001 гг. быў на пасадзе вядучага рэдактара ў выдавецтве "Народная асвета". Друкавацца пачаў у 1959 г. у слуцкай раённай газеце. З'яўляецца аўтарам кніг паэзіі, прозы і публіцыстыкі ("Белое чудо", "Блакітныя чмялі", "Сэрцам і думкай", "Исток пути", "Формула травы" (два выданні), "На патрэбу душы", "Чаму мы страцілі этнонім "Літва", ці Да гісторыі аднаго рабства", "Nekropolis", калектыўных зборнікаў, альманахаў, рознай перыёдыкі). Перакладае з іншых моў на беларускую. Яго творы друкаваліся ў Расіі, Польшчы, Чэхіі, ЗША, Індыі. Даследуе пытанні роднай гісторыі і культуры. Жыве ў Менску.


Запрашаем у вандроўку да 100-годдзя Максіма Танка

18 - 19 жніўня 2012 г. Магілёўскае ТБМ ладзіць краязнаўчую вандроўку, прымеркаваную да 100-годдзя народнага паэта Максіма Танка. Мы наведаем самы высокі касцёл Беларусі, пакупаемся ў самым вялікім беларускім возеры, дакранемся да 300-гадовага дуба на радзіме беларускай Жаны д'Арк, наведаем мясціны Максіма Танка і Янкі Купалы.

Маршрут: 18 жніўня. Акопы (музей Янкі Купалы) - Пількаўшчына (радзіма Максіма Танка) - Мядзель - возера Нарач - возера Мядзель (начлег). 19 жніўня. Відзы - Відзы-Лаўчынскія - Дрысвяты - Опса. У маршруце магчымыя змены.

Выязджаем з Магілёва 7:00 18 жніўня (субота). Прыкладна ў 10:00 падбіраем удзельнікаў падарожжа ў Менску.

Начлег - на адным з азёраў Нарачаншчыны ў намётах. З сабой трэба мець ежу на першы дзень да вечара (вячэру гатуем на вогнішчы на стаянцы), спальнік, турыстычны дыванок, палатку (дамаўляемся групамі па некалькі чалавек).

Вяртаемся праз Менск у Магілёў 19 жніўня (нядзеля) прыкладна 22:30.


Украіна: Закон, які ўмацоўвае статус расейскай мовы, набыў сілу

Закон Украіны "Аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі" набыў сілу. Яго апублікаваў афіцыйны друкаваны орган ўкраінскага парламенту - газета "Голас Украіны".

Новы закон дае расейскай мове афіцыйны статус у 13 з 27 рэгіёнаў краіны. Пры гэтым, украінская застаецца адзінай дзяржаўнай мовай краіны.

Вярхоўная Рада прыняла "моўны закон" 3 ліпеня. Такое рашэнне парламенту прывяло да шэрагу акцыяў пратэсту ў розных рэгіёнах Украіны, абумоўленых тым, што закон істотна пашырае сферу прымянення ва Ўкраіне расейскай мовы. Аднак нягледзячы на непрыманне закону часткай насельніцтва Ўкраіны, 31 ліпеня яго падпісаў спікер парламенту Ўладзімір Літвін, а 8 жніўня - прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч.

7 жніўня Віктар Януковіч на сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскай інтэлігенцыі паабяцаў, што закон аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі дапрацуюць і выправяць на працягу месяца.

Як паведаміў Радыё Свабода тады ўдзельнік сустрэчы, пісьменнік Дзмітры Стус, прэзідэнт "зразумеў, наколькі значную праблему для ўкраінскага мовы ўяўляе гэты законапраект і ініцыяваў стварэнне камісіі па дапрацоўцы законапраекту. Паводле яго словаў, падпісанне закону або адкладуць да верасня, калі закон будзе дапрацаваны, і толькі пасля гэтага яго падпіша кіраўнік дзяржавы, ці ж ён набудзе моц бліжэйшым часам, а ў верасні ў яго ўнясуць неабходныя змены".

На наступны дзень пасля гэтай сустрэчы Віктар Януковіч падпісаў моўны закон.

51% - выступае супраць гэтага ўвядзення расейскай мовы як другой дзяржаўнай ва Ўкраіне. Такія вынікі апытання, праведзенага сацыялягічнай групай "Рэйтынг" у канцы ліпеня.

Акрамя таго, паводле даследаванняў, прыняцце "моўнага закону" падтрымліваюць 34% апытаных, не падтрымліваюць 42%.

"Таксама мы спыталі: якая мова, на вашу думку, патрабуе большай абароны на заканадаўчым узроўні? 37% апытаных лічаць, што ўкраінская мова патрабуе большай абароны, толькі 18% - удвая менш - лічаць, што расейская. Яшчэ 34% лічаць, што ніводная з моваў не патрабуе, паколькі яны дастаткова абароненыя. Гэта значыць, Партыя рэгіёнаў зараз фактычна арыентуецца на гэтыя 18%", - канстатуе Аляксей Анцыповіч.

Наш кар.


Мова для "языкоговорящих"

Чаму для ўкраінскага грамадства стаўленне да ўкраінскай мовы павінна стаць пытаннем цывілізацыйнага выбару? Што ўвасабляе сабой "расейскі свет"? Чаму не трэба рабіць тэму мовы вядучай тэмай выбарчай кампаніі апазіцыі? Пра гэта разважае ў газеце "Украiнська правда" Сяргей Таран.


Калі асноўнай тэмай палітыкі становіцца мова, краіна губляе ў развіцці

Што рабіць з моўнымі пытаннем у грамадстве, дзе выбарчая "грэчка" можа пераважыць і мову, і "язык"? Перш за ўсё, гэта не рабіць тэму мовы вядучай тэмай выбарчай кампаніі апазіцыі.

Розныя эксперты ўжо неаднаразова адзначалі, што такі сцэнар будзе адцягваць увагу выбарнікаў ад правалу эканамічных рэформаў, ад карупцыі, ад пачатку фактычнай міжнароднай ізаляцыі Ўкраіны, і падзел электарату "за" і "супраць" "мовы" матэматычна значна больш выгадны для ўлады…

Так, вядома, пытанне мовы, як і ўсякае іншае пытанне, якое з'яўляецца маркерам ідэнтычнасці, сапраўднага патрыёта значна больш хвалюе, чым звычайная сацыялка.

Але ў інфармацыйных войнах выйграе не той, хто мае рацыю, а хто здолее навязаць грамадству свой дыскурс, - той дыскурс, які пазіцыянуе твой бок у выгадным святле і разлічаны на большую колькасць прыхільнікаў.

І ў гэтай выбарчай кампаніі для апазіцыі менавіта эканоміка і барацьба з карупцыяй выглядаюць адназначна больш выйгрышнымі і перспектыўнымі.

Дадам толькі, што, акрамя тэхналагічнага боку, ёсць яшчэ важнейшы стратэгічны аспект. Калі асноўнымі тэмамі палітыкі становяцца пытанні ідэнтычнасці - мова, стаўленне да гісторыі, рэлігія - любая краіна губляе ў развіцці.

Бо асноўнай матывацыяй галасавання ў такіх краінах з'яўляецца не прапанова або выкананне найлепшай праграмы або харызматычны лідар, а толькі факт, што палітык, які ўдзельнічае ў выбарах, "свой" - кажа тваёй мовай і ходзіць у тваю царкву.

Такія грамадствы цяжка развіваюцца, таму што ў палітыкаў няма ніякага стымулу нешта рабіць. Дастаткова кожны раз перад выбарамі істэрычна лямантаваць "нашых б'юць!".

Калі падчас выбараў акцэнт на моўным пытанні і патрэбны, то гэта мае сэнс толькі ў тых рэгіёнах, дзе статус украінскай мовы як адзінай дзяржаўнай не выклікае ніякіх сумневаў. Там мабілізацыя можа мець сэнс не пад партыйнымі лозунгамі, а з ідэяй мабілізацыі выбарнікаў і павышэння яўкі.


Украінскую мову падтрымліваюць тыя, хто выступае за еўрапейскую мадэль дзяржавы

Пытанне мовы трэба вывесці па-за плоскасць палітыкі і разглядаць на значна больш глыбокім узроўні. Для ўкраінскага грамадства стаўленне да ўкраінскай мовы павінна стаць пытаннем цывілізацыйнага выбару.

Гэта катэгарычна не павінна быць пытаннем выбарчай кампаніі, а хутчэй пытаннем доўгатэрміновай стратэгіі для грамадзянскай супольнасці, экспертных і акадэмічных асяродкаў, культурнага асяроддзя.

Улічваючы, што гістарычна барацьба за незалежнасць была і барацьбой за правы чалавека, стаўленне да ўкраінскай мовы стала маркерам стаўлення да дэмакратыі.

…Агульная тэндэнцыя такая, што ўкраінскую мову падтрымліваюць тыя, хто выступае за еўрапейскую мадэль дзяржавы.

Характэрна, што падтрымліваць ўкраінскую мову і еўрапейскі выбар могуць і грамадзяне, якія ў побыце карыстаюцца расейскай мовай. Для іх падтрымка мовы - гэта таксама маркер цывілізацыйнага, а не ўласна моўнага выбару.

Напрыклад, у Кіеве на вуліцах дамінуе расейская мова, але кіяўляне ў большасці упарта галасуюць за нацыянальныя і дэмакратычныя партыі, якія маюць празаходні геапалітычны еўрапейскі выбар. Бо для кіяўлянаў - украінская мова - гэта больш, чым мова, гэта, перш за ўсё, выбар на карысць дэмакратыі, правоў чалавека і грамадства еўрапейскага ўзору.

Гэтую наўпроставую сувязь паміж украінскім мовай і цывілізацыйным выбарам трэба зрабіць асновай моўнага пазыцыянавання. Украінскую мову трэба падаваць "у пакеце" з базавымі прынцыпамі правоў чалавека, ліберальнай эканомікі, сацыяльнай абароны, палітычных свабодаў і годнага месца Ўкраіны ў міжнароднай сістэме.

Але цывілізацыйны выбар значыць больш, чым проста мова, бо ён ахоплівае значна больш шырокія і больш жыццёвыя сферы маўклівай большасці насельніцтва. Гэта і ўмовы працы на вытворчасці, і годная не скрадзеная інфляцыяй пенсія, і больш эфектыўная медыцына, і сумленныя суддзі, і абарона правоў уласнасці для інвестараў, і еўрастандарты ў ахове навакольнага асяроддзя і многія іншыя пытанні, якія з'яўляюцца практычным вынікам еўрапейскага выбару.

І менавіта з дапамогай гэтых пытанняў можна прабіцца да тых, каму ўкраінская мова абыякавая. І тады гэта стане толькі пытаннем змены пакаленняў, калі стаўленне да мовы пяройдзе ў валоданне мовай.

І гэтую бітву можна выйграць.


Украіну з "расейскім светам" звязвае толькі мінулае

Калі браць шырэй, то "пакет" з расейскай мовай больш слушна называць "расейскім светам", які зараз прапагандуе Крэмль. Але галоўная праблема "расейскага свету" ў тым, што ў самой Расеі маецца крызіс ідэнтычнасьці.

Па-першае, у Расеі агульная доля тытульнага насельніцтва мае тэндэнцыю да памяншэння. Брытанскі часопіс Economist адзначае, што мусульманскае насельніцтва Расеі за апошнія 20 гадоў павялічылася на 40% і сёння складае 25 мільёнаў.

Такім чынам, паводле некаторых ацэнак, да 2015 года мусульмане могуць складаць большасць навабранцаў расейскай арміі, а да 2020 года - складуць пятую частку насельніцтва Расеі, прычым у некаторых рэгіёнах - складуць большасць.

Але сапраўдны крызіс расейскай цывілізацыйнай ідэнтычнасьці ў Расеі выяўляецца ў тым, што ў яе няма выразнага ладу будучыні. Чым будучыня ў складзе "расейскага свету" лепшая, чым у складзе ЕС?

Якія перавагі расейскай эканомікі над кітайскай, японскай ці амерыканскай? У чым канкурэнтныя перавагі дзяржавы Расея ў свеце? У чым ідэалагічная навізна "расейскага свету", і ці ёсць яна наогул?

Што чакае Расею гадоў праз 20-30? Нарэшце, а чым цікавая Расея для будучыні Ўкраіны - для нашай эканомікі, палітыкі, грамадства?

На ніводнае пытанне няма адказу.

Расейская ідэнтычнасць ў крызісе, і Ўкраіну з "расейскім светам" звязвае толькі мінулае. Аднак, у нас няма ніякай агульнай выразна артыкуляванай будучыні.

Калі ЕС прыцягвае ўкраінцаў эфектыўнымі дзяржаўнымі інстытутамі, павагай правоў чалавека і рыначнай эканомікай з выразным сацыяльным вектарам, а таксама паспяховым прыкладам краінаў былой Варшаўскай дамовы, то Расея можа толькі спекуляваць на настальгіі па вычварным савецкім мінулым.

Адсюль і сотні расейскіх фільмаў пра "Айчынную вайну" і раз на год у траўні георгіеўскія стужачкі.

Наогул, ва Украіне сэнсавая карціна "расейскага свету" выглядае даволі страката - перамолванне гісторыі ў крамлёўскай інтэрпрэтацыі, бясконцыя серыялы пра ісламскіх тэрарыстаў, вечныя перамовы аб цане на газ і пакутлівыя доўгія канцэрты з Кіркоравым, Баскавым і Маісеевым.

Усяго гэтага занадта мала для таго, каб скласці для Ўкраіны цывілізацыйны кірунак развіцця. Украінская мова, пры гэтым, дзякуючы нязграбным дзеянням рэгіяналаў, становіцца закладнікам гэтага безнадзейнага цывілізацыйнага выбару, і менавіта так яна зараз павінна пазіцыянавацца ў грамадстве.

Расея страціла ідэю будучыні і не можа супрацьстаяць ні дынамічным эканомікам Азіі, ні рэспектабельным заходнім дэмакратыям…


Нічога страшнага, калі не ўсе, хто гэты выбар будуць рабіць, гавораць на ўкраінскай

Таму для Ўкраіны выбар вельмі адназначны - рэформы еўрапейскага ўзору, або спробы стварыць свае самабытныя дэмакратычныя інстытуты, якія могуць прадугледжваць нейтральны і пазаблокавы статус.

Не ўдаючыся ў дыскусіі адносна таго, які варыянт больш перспектыўны, адзначу, што абодва варыянты пазіцыянуюць Украіну па-за "расейскім светам" і прадугледжваюць ўкраінскую мову як адзіны дзяржаўны і як абавязковы сімвал ўкраінскай палітычнай нацыі…

… Нацыю, наогул, нельга звесці толькі да паняцця мовы. Мова - гэта адзін з яе маркераў. Але нацыя - гэта, перш за ўсё, дзейсны сацыяльны міф, цэласнае ўяўленне пра грамадства і цывілізацыі і месцы ў гэтых цывілізацыях ўласнай палітычнай супольнасці.

Ірландцы, фактычна, страцілі сваю мову і размаўляюць на мове свайго адвечнага канкурэнта - брытанцаў. Што не перашкодзіла ім доўгія гады аказваць ўзброены супраціў у Ольстэры і лічыцца адной з найбольш нацыяналістычных супольнасцяў у свеце.

Рассеяныя па ўсім свеце габрэі гавораць на розных мовах, але гэта не перашкаджае ім адчуваць лаяльнасць да дзяржавы Ізраіль і мець такую салідарнасць, што некаторыя нават палохаюць свет іх "змовай".

Ва Ўкраіне мова павінна стаць, перш за ўсё, цывілізацыйным выбарам. І нічога страшнага, калі не ўсе, хто гэты выбар будуць рабіць, гавораць на ўкраінскай.

Паводле Радыё Свабода.


У лепшых традыцыях кнігадрукавання

6 жніўня, у Дзень беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, 495 гадоў таму, калі асветнік і гуманіст Францішак Скарына выдаў "Псалтыр" ў Празе, новае энцыклапедычнае выданне "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае" прадставіў у бібліятэцы Нацыянальнай Акадэміі навук творчы калектыў на чале з пісьменнікам Уладзімірам Арловым, мастаком і дызайнерам Змітром Герасімовічам, рэдактарам Змітром Санько.

Аўтар гістарычных апавяданняў, хронікаў, нарысаў і эсэ Уладзімір Аляксеевіч Арлоў добра вядомы чытачам па кнігах "Імёны свабоды", "Краіна Беларусь", "Сланы Ганібала". Кнігі лаўрэата літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча і прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтра, а таксама Міжнародной літаратурнай прэміі "Еўрапейскі паэт Свабоды" пераведзеныя на 25 моваў, і асноўныя еўрапейскія

Мастак жа, той хто падбіраў ілюстрацыі і форму, як Скарына выбіраў буквіцы і колер, часцей застаецца ў цяні невядомасці. Таму мы пагутарылі з суаўтарам У. Арлова - Дзмітрыем Эдуардавічам Герасімовічам.

Дзмітры Эдуардавічам жыве і працуе ў Менску. Ён мае дзве вышэйшыя адукацыі, скончыў Вышэйшыя кінакурсы пры ВДІКу ў Маскве, потым - Львоўскі паліграфічны інстытут, які зараз з'яўляецца Акадэміяй. Пэўны час ён меў кнігадрукарскую практыку за мяжой.

У канцы 90-тых гадоў ён вярнуўся на Беларусь і шчыльна заняўся кнігавыдавецкай справай. У суаўтарстве з гісторыкамі і фотамастакамі ім былі выдадзены больш за 20 сур'ёзных энцыклапедычных выданняў гістарычнага кірунку, а таксама невялікія брашуры і фотаальбомы.

Сумесна з Міколам Купавам ім быў падрыхтаваны значны фотаальбом аб жыцці і дзейнасці Язэпа Драздовіча. У 2005 - 2007 гадах укладзены ілюстрацыі для трохтомнікаў, прысвечаных гісторыі ВКЛ. Аформлены шэраг фотаальбомаў ў выдавецтве "Беларусь", прысвечаных дзейнасці беларускіх мастакоў. Шэраг выданняў быў падрыхтаваны менавіта для музеяў, гэта тычыцца ілюстравання жыцця, дзейнасці і мастацкіх прац Напалеона Орды, а таксама фотаальбома "Гомельскі палац князёў Паскевічаў".

Мастак шмат працаваў сумесна з польскімі выдавецтвамі ў кірунку гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Яму давяраюць складаныя навуковыя праекты, дзе ён працуе ад самага пачатку да падпісання кнігі ў друк, з'яўляецца аўтарам канцэпцыі, дызайну са сваім капірайтам.

На ім ляжыць гістарычны падбор і канцэпцыя кожнай новай кніжкі, якая робіцца індывідуальна, не па шаблону.

Зміцер Герасімовіч неаднаразова быў узнагароджаны дыпломам 1 ступені за лепшае графічнае афармленне выданняў на Днях беларускага пісьменства і друку ў 2005, 2006, 2007 гадах.

- Акрамя таго, я з'ўляюся дызайнерам стылёвых фірмовых эмблемаў, здымаю краявіды, рарытэтныя экспанаты ў музеях Літвы, Польшчы і іншых еўрапейскіх краінаў, - падзяліўся сваім досведам Зміцер Герасімовіч.

У новай кнізе - 2000 ілюстрацыяў: адлюстравання гравюраў, старажытных мапаў, манетаў і пячатак, граматаў і лістоў. Тут упершыню змешчаны некаторыя архіўныя фотаздымкі айцоў-заснавальнікаў БНР. Для ілюстравання кнігі мастак выкарыстоўваў шмат прыватных калекцый замежных краін - Аўстрыі, Германіі і асабліва Польшчы і Літвы.

- Без прадстаўленых там твораў мастацтва і матэрыяльнай культуры спадчыны ВКЛ, без доступу ў архівы, музеі і бібліятэкі краін мы б не маглі прадставіць такі багаты матэрыял у нашай кнізе, - адзначыў Зміцер Герасімовіч.

У знакавы год, абвешчаны на Беларусі Годам кнігі, пісьменнікі і мастакі на высокім узроўні працягваюць справу Скарыны, памнажаюць спадчыну для нашчадкаў, захоўваюць нацыянальныя святыні дзяржаўнасці, як сiмвал усёй тысячагадовай беларускай культуры.

Э. Дзвінская.

На здымках: 1-2. Зміцер Герасімовіч і Уладзімір Арлоў дзеляцца радасцю нараджэння кніжнага шэдэўра; 3. Пятро Краўчанка і яго ўнучкі атрымалі кнігі з падпісамі аўтараў. Фота аўтара.


Юбілей Адама Мальдзіса

Чатыры гадзіны працягвалася ўрачыстая імпрэза ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры з нагоды 80-годдзя доктара філалогіі, прафесара, старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Адама Мальдзіса.

У свой дзень народзінаў Адам Мальдзіс сабраў поўную залу сяброў і калегаў, якія былі з ім на розных этапах жыцця. Паводле жыццяпісу юбіляра пабудавалі і сцэнар урачыстасці.

Першым далі слова "дэлегацыі" з Астраўца, адкуль родам Мальдзіс.

Павіншаваць свайго земляка з 80-годдзем прыехалі намеснік старшыні астравецкага райвыканкаму Віктар Свіла, краязнаўца Аляксандар Юркойць, рэдактарка "Астравецкай праўды" Ніна Рыбік ды дырэктарка раённай бібліятэкі Наталля Ачарэтава. Адам Мальдзіс заўважыў, што ў "Астравецкай праўдзе", якая тады называлася "Сталінская праўда", ён надрукаваў свой першы верш, а чытачом мясцовай бібліятэкі стаў 65 гадоў таму.

- Адам Восіпавіч зрабіў вельмі шмат для Астаравеччыны, - сказаў Віктар Свіла. - Дзякуючы ягоным намагнням і нястомнай працы ў Астраўца аказалася свая цікавая і багатая гісторыя. Да таго часу, як Адам Восіпавіч пачаў збіраць па крупінках звесткі пра сваю малую радзіму і дасылаць гэта ў Астравец, амаль афіцыйна лічылася, што ў Астраўца няма сваёй гісторыі. Адам Восіпавіч знайшоў у першакрыніцах дату заснавання Астраўца - 1468 год. Ён першы распавёў Астравеччыне і ўсяму свету пра нашых знакамітых землякоў. Напрыклад, пра вядомага святара-філосафа Казіміра Сваяка, мастака Богуша Шышку, першага консула Расеі ў Японіі Іосіфа Пашкевіча.

Да "астравецкай каманды" юбіляр далучыў і свайго калегу-літаратуразнаўца Арсеня Ліса. Ён нарадзіўся недалёка ад Астраўца, на Смаргоншчыне, а з Мальдзісам пазнаёміўся ў Маладэчне. Абодва ў юнацтве наведвалі нядзельныя заняткі літаратурнага аб'яднання Міколы Ермаловіча. Арсень Ліс адзначыў:

- Без ініцыятывы Адама Восіпавіча не было б 6-томнага бібліяграфічнага слоўніка беларускіх літаратараў, дзе не абыдзены ніхто! Самы забыты даўнейшы літаратар знайшоў сваё месца. Яшчэ ад Адама Восіпавача можна спадзявацца на надзвычай цікавыя мемуары. Ён падрыхтаваў слоўнік беларусаў, якія раскіданы па ўсім свеце. Усіх выдатных прадстаўнікоў Адам Восіпавіч сабраў у адной важкай кнізе.

Сярод тых, хто прыйшоў павіншаваць Адама Мальдзіса, былі ягоныя колішнія аднакурснікі па Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце Марыя Карпенка і Анатоль Вярцінскі, намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА Уладзімір Шчасны, фалькларыст Янка Крук і Аксана Катовіч, пісьменніца Вольга Іпатава.

- Тое, што Адам Мальдзіс працавіты, самавіты - гэта мы ведаем, - заўважыў Анатоль Вярцінскі. - Але ці шчаслівы ён? Пытанне адказнае, я скажу адназначна, што ён шчаслівы. Шчасце - гэта калі ёсць, што рабіць, чым заняцца і на што спадзявацца. Перад намі якраз той чалавек, які ніколі не сумняваўся ў тым, што ён робіць.

А Сяргей Панізьнік напісаў да юбілею Адама Мальдзіса верш:


На дамалоткі!

Жнівеньскаму

Адаму Мальдзісу


Хай дарогі нашы клеяцца!

Напінаем лейцы,

Час прыходзіць юбілеіцца,

Мы ж - адзінаверцы.


Ўшыркі весніцы для Жыценя:

Пад вязьмом і бохан!

Будзем жыць як набяжыць,

ці не?

Жыць - глядзець на Бога!


Нам з табой, Адам,

пры Балтыцы

Гудзьбаваць прасторы.

Юбілеі - каб упарціцца,

Лушчыць недаборы.


І здабытак браць у рэзьгіны

Жыцця-узнясенняў.

Юбілеі - гэта хрэсьбіны

Ўсхожага насення.


Будзем заўтра з дамалоткамі,

Ты і я - за туза.

З мроямі салодкімі,

З думамі-малодкамі

Дні за лейцы тузаць.

Наш кар.


Магілёўцы адзначылі юбілей Адама Мальдзіса

У сераду, 8 жніўня, чарговыя заняткі гуртка беларускай мовы пры магілёўскім ТБМ адбыліся не ў душным памяшканні, а на свежым паветры - на Замкавай гары (Магіле льва) у зацені паркавых дрэваў. Тэма гуртка - жыццё і творчы шлях найвыбітнейшага з беларусаў - Адама Мальдзіса, які ўчора адзначыў сваё 80-годдзе.

Блізу дваццаці чалавек на працягу 80 хвілін распавядалі пра цікавыя навуковыя і літаратурныя творы спадара Адама. Разглядалі фотаздымкі з тома серыі "Беларускі кнігазбор". Было прыемнай нечаканасцю, што большасці ўдзельнікаў гуртка было што сказаць пра навукоўца і яго цікавыя творы. Тым больш, што Адам Мальдзіс вельмі грунтоўна займаўся пошукам каштоўнасцей, якія зніклі з Магілёва, ды ўвогуле Магілёўшчыне досыць шмат увагі надаецца ў працах нашага знакамітага навукоўца.

Магілёўцы вельмі спадзяюцца, што Адам Мальдзіс здолее ў хуткім часе наведаць наш старажытны горад.

Алег Дзячкоў, старшыня Магілёўскага ТБМ


Песня прывяла ў "Спадчыну"

Неўзабаве выйдзе зборнік, прысвечаны арганізатару і нязменнаму кіраўніку грамадскага клуба "Спадчына" Анатолю Беламу. Прапануем адзін з артыкулаў.


Сонца плавіцца ў нябесных вышынях. Птушкі пахаваліся ад людскіх воч і адна адной, у кожнай вялікая праграма - выводзяць птушанят, гадуюць. Гожы ліпеньскі дзень. Затурканы працаю і нясконцымі хатнімі справамі люд беларускай сталіцы пекнаты ваколля не заўважае. Бегаюць вясёлымі толькі падлеткі і дзеткі, якім не пашанцавала выбрацца да бабулі ці дзеда ў вёску, у аздараўленчы лагер, і якія не асэнсоўваюць уласнага фінансавага і сваяцкага гарэцтва, усё лета дыхаюць смярдзюццем летніх вуліц вялікага горада.

Песня нечакана супыніла мяне насупраць бібліятэкі нумар два па вуліцы Кузьмы Чорнага. Не проста песня - выдатнае беларускае сугалоссе, мужчынскія і жаночыя галасы выводзілі абсалютна незнаёмы матыў. Шматколерная песня, як сонечнае праменне, сугрэўна авінула душу.

Усё жыццё спяваю. З двух гадоў, як казала маці, Скуцэня (Санько) Люба Кузьмова, медсястра з 46-гадовым стажам. Словы вымаўляць не навучыўся, а за матуляю падпяваў на ўвесь голас. Няраз былі выпадкі, калі ўсё шматлюднае застольніцтва слухала, як вялі песню два галасы - маці і яе старэйшы сын, я грэшны.

Беларускія песні спявалі з матуляю не адзін я, уся сям'я, увесь род. Калі часам у каго з малых вырываліся словы пра стому ад спеваў, маці правіла сваё:

- Ні хлусі. Песня не стамляе, радуе.

Спасылкі дашкольніка на занятасць абвяргала тымі ж вялікімі казырамі:

- Матыў не схапіў. Сорамна прызнацца, вось і выкручваешса.

Тлумачыць, чаму грэх перакручваць народную песню, мяняць лад нават падпева. Народнай беларускай песні, лагоднай, мяккай, надта часта журботнай, не патрэбна энергія навальніцаў, джазавая какафонія стукаў/перастукаў.

Як дождж поіць зямлю і харчуе травы, так песня толіць душу спевака і слухача, забірае смутак, развейвае гора, абнадзейвае маладога і пажылога. Жыццярадасны ці плачны напеў не проста растапляе золкасць крыўды - ва ўсіх клетках істоты пасяляе смагу дзеяння, працы, цярплівасці.

Гукам вітаецца чалавек на гэтым свеце і праводзіцца; няшчасны хто на пахаванні не чуе словы жалобы, гук песні. Самая вялікая твая туга пераліўна аціхае, раствараецца ў веснаплыннай мелодыі.

Літасць Бога да чалавека - найперш у асэнсаванні чалавекам патрэбнасці прабуджэння да традыцыйнага, абярэжніцтва, песнявасці.

- Не саромса, сынок, песні, падпявай. Вядзі. Наўчышса. - І штораз маці выдавала адвечную слуцкую мудрасць, каторую не адно дзесяцігоддзе я паўтараў і паўтараю: - Хто плача або спявае, таму Бог памагае.

Вывучаную песню дзеці за маці вялі бясконца, асабліва старэйшы сын. Слухачы на лаўках пры хатах і ў застоллі невядома чым болей захапляліся - прамяністай меладычнасцю моцнага жаночага голасу ці тонкім роўным падпевам дзіцяці, падлетка.

У горы і радасці свядома ці несвядома спявала Люба Санько, па другім мужыку Скуцэня, першы (настаўнік, сяржант, камандзір гарматы) загінуў пад Ломжаю ў 1941. Адна або з дзецьмі. Песня з нашай хаты не сыходзіла ўсё жыццё. Жыцейскія шрамы з сэрцаў сцірала менавіта песня. Для маці яна была морам, дыхала, бурапенілася, для маці песня была небам, сагравала, плакала, весяліла. Не было слёз выстагнаць удаве з двума дзецьмі жальбу, дапамагала песня.

- Якое б гора ні было, не забывай песню. Яна, сынок, падтрымае і ўцешыць. Не забівай песні, не азмрочвай стогнам сэрца. Спявай, спявай, спявай.

Яна параіла мне і брату Уладзіміру (пасля сястры Надзеі, брату Міколу) запісацца ў школьны гурток спеваў, не саромецца спяваць, цягнуць любую за вясковымі жанчынамі і мужчынамі пры субяседдзі, у застоллях. Дапячэ жанчынцы шчаслівая савецкая жытка, не паспявае за кавалак сыру ці масла давязаць за ноч каму з суседзяў сурвэту на шкап, хустку, настольнік, вывязаць накідкі на навалкі, яна ўсё роўна вядзе, тоніць. Па настрою песня. Часцей ад усяго журлівая або пра вайну, таксама самотная.

Мелодыяй жанчынка выстогнівалася на ўдары жыцця, радавалася наймалым поспехам. Цешылася, калі дзеці, асабліва старэйшы, Валя, Валер, Валера, Валерык, падоўгу ўвечары сугалоснічаў разам з ёю. Працавалі і спявалі.

Уся Вялікая Сліва (Слеў) ведала галасы дзвюх сябровак - Любы Санько і Анюты Кудзелькі. Ідуць уполудзень ваенныя ўдовы з выгану пасля дойкі свойскіх кароў - пяюць, з адрэзкаў пасля копкі бульбы - пяюць, проста шыбуюць у хату-чытальню, клуб, балазе жылі на суседніх вуліцах - пяюць.

Дзеці не ўсе актыўнічалі. Мацяркі не змушвалі безгалосых, але каторае чула душу мелодыі - прасілі спяваць, прымушалі.

Усё радство Любы Санько - Лысыя, Самусевічы, Ярашэвічы, Левановічы - любіла спяваць. Як вёска ў цэлым. Спеўны дабрачны люд Вялікай Слівы адзін час меў тры хоры - школьны, калгасны, самадзейна-сельсавецкі.

У медвучылішчы я не толькі займаўся спортам - спяваў у хоры. У арміі старшыном санчасці лячыў салдацікаў, адзін-два разы за час службы ўхітрыўся спяваць у хоры нашай артылерыйскай брыгады ў Калінінградзе. Радаваўся, як цэняць беларускую песню іншыя нацыі, асабліва ўкраінцы, прыбалтыйскія хлопцы. Рускія спевуны раўнавалі, канкурэнтнічалі, хаця першынство беларускай песневай раздольнасці і рытмічнай моцы прызнавалі. На многія беларускія песні заяўлялі - "нашынскае". У іх так пяюць перасяленцы з ВКЛ і Беларусі. У адной Іркуцкай вобласці, па падліках беларускага зямляцтва на чале з Алегам Рудаковым, з шматлікіх перасяленцаў у сталыпінскія часы шэсцьдзесят працэнтаў былі беларусы (56 тысяч).

Песня заўжды пасабляла мне, мацавала. Каб не сурочыць.

Пачуў хор з вакна бібліятэкі №2 на вуліцы Кузьмы Чорнага. Стройныя лады песні прыклеілі мяне да асфальту. Удаваў незацікаўнасць, маўляў, некага чакаю, балазе паваротка блізка, а сам быў там, за распеўнымі вокнамі бібліятэкі.

Адну песню замяніла другая, трэцяя. Мне ўжо сорамна ўслухоўвацца, тулюся да дрэўца. Губы не пяюць, а голас тоніць.

- Ідзіце да нас. Нічога, што выпіўшы. Не падгудзьвайце вы там, ідзіце сюды, - з абодвух нашыркі раскрытых вокнаў прыветлівыя жанкі паклікалі мяне.

Верылі ці не верылі, што незнаёмы мужчына адзавецца на іх галасы, неістотна, галоўнае, мая нясмеласць знікла. Прыйшоў у бібліятэку.

Мацней ад усяго на свеце яднае людзей сляза і песня. Праца на другім плане. Чарка - на дзесятым, нават сотым, палову градусных кампанейцаў чарка хутка сварыць, пасабляе ўбірацца ў хворасці, вядзе на сцяжыну нядумных выкідонстваў, духоўных і матэрыяльных стратаў, здарэнняў, дапамагае труновіцца раней адведзенага генамі і ўласнымі ўчынкамі часу.

Хочаш здаравець сам і здаравіць другіх - меладычнічай, спявай. Неба найперш чуе і бачыць слязінку і песеньку. Не выстарвайся адразу на поўны голас за хорам і харыстам, часцей і гучней вядзі маленькую, радству і табе вядомую песню. Не стамляйся пераймаць новую, вядзі. У дзяцінстве спявай, маладосці - спявай, сталасці - спявай, у старасці тым болей - спявай.

Не проста я падпяваў харыстам бібліятэкі - пачуваўся вольным. Спяваў з роўнымі. Мужчынаў было напералік.

З першай тагдышняй сустрэчы ў 1990 годзе ў згуртаванні "Спадчына" мне стала ўтульна і расспеўна. Зачаравалі спявухі на чале з непаўторнай Галінай Смаляк, гожай танклявіцай з дабрачным тварам, дырэктарскімі валявымі ўхваткамі. Умелька выдатна іграла на акардыёне. Падбадзёрвала ўсіх, папраўляла без лішняй покрыўднасці. Незалежна ад узросту харысты яе слухаліся, яна ў сваю чаргу не забывала ні адной падказанай новай песні, занатоўвала.

Кіраўнік клуба "Спадчына" Анатоль Белы аказаўся дружбацкім калектывісцкім чалавекам. Умеў пахваліць чалавека, заахвоціць, падтрымаць, расказаць байку з жыцця, праўду/крыўду ўтварэння "Спадчыны".

Уладзімір Палупанаў, Святлана Багданкевіч, Галіна Вайтовіч, Уладзімір Новік, Святлана Белая, Ала Саскавец, Алесь Цыркуноў, Ігар Курыцын не адно ўмела і старанна спявалі, кожны з спадчынцаў адмеціўся ў сваім. Іх аповяды, як правіла цікавыя гісторыі з уласнага побыту, выслухоўваліся зацікаўлена.

Святлана Багданкевіч і Галіна Вайтовіч складалі выдатныя вершы, Яўген Гучок і Мікола Лавіцкі з гумарам павядалі пра дзікія недарэкствы ў самым "справядлівым" савецкім грамадстве, чыталі вытрымкі з уласных талковых праблемных артыкулаў.

Шмат запамяталася госцяў на спадчынскіх пасяджэннях. Ніколі не забыць аповяд Івана Чыгрынава пра нялёгкі шлях моўнага Закона.

Не верылася, што Іван Навуменка, старшыня Вярхоўнага Савета БССР і віцэ-прэзідэнт АН БССР, вядомы пісьменнік, тройчы бяздарна настойваў на перагаласаванні прынятага ўжо Закона пра дзяржаўную мову, беларускую, зніжаў яе вартнасць. Закон адобраны, папраўкі не дапускаюцца. Ніякія. Перагаласоўка тычылася дробязнай паправачкі: побач з словам "дзяржаўная мова - беларуская" паставіць "і руская", патрабаваў дэпутат Пятровіч, намеснік старшыні аднаго з гарвыканкамаў Беларусі.

- Спачатку мы проста разгубіліся, не разумелі, што робіць Навуменка. Прыняты і зацверджаны Закон па рэгламенту і праўдзе жыцця нельга дапаўняць, тым болей ператасоўваць. Любыя змены - грубае парушэнне парадку, самой Канстытуцыі.

Тым не меней Іван Навуменка настойвае, - з падказкаў Дземянцея і адной мілай распарадчыцы, былой камсамольскай начальніцы:

- Будзеце сядзець да ночы. Перагаласаваць трэба.

Перабудова вынесла напаверх жыццёвай ракі, у кіраўніцкае кола і ў дэпутаты мноства верхаглядаў і недалёканцаў: добрых людзей, харошых спецыялістаў і абсалютна некампетэнтных людзей у гісторыі, беларускасці, этыцы, законатворчасці. Яны, шэрыя, і верхаводзілі. Большасцю. Рака перастала выяўляцца цячэннем, зачастую кіравала хвалямі пена.

Разумныя людзі ўсюды і заўсёды цанілі знаўцаў, ведалі, старшыня Вярхоўнага Савета, народны пісьменнік, не будзе шкодзіць зямлі беларускай. Спярша проста не сцяміла перабудоўная дэпутацкая маса - мажлівае перагаласаванне ўтруновіць Закон пра беларускую мову, знішчацьмецца і далей беларуская асвета, культура, гісторыя.

- Іван Навуменка тройчы ставіў закон на перагаласоўку, - павядаў нам старшыня камісіі па нацыянальных пытаннях ВС БССР Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў. - Мы сходу ўсяклі, такая папраўка - смерць Закону, беларускасці, практычна дзяржаве.

- І што?

- Кінуліся да мікрафонаў рэктар тэатральна-мастацкага інстытута Васіль Шаранговіч, рэктар Белдзяржуніверсітэта Леанід Кісялеўскі, міністр культуры Яўген Вайтовіч, міністр народнай асветы Міхась Дзямчук. Двойчы абаранялі Закон Ніл Гілевіч, Іван Шамякін, мастак Міхась Савіцкі.

Іван Навуменка спасцігнуў наробленае заклікамі на перагаласоўку, пагрозамі, што будуць дэпутаты галасаваць да паўночы, пакуль не адобраць гіблага дапаўнення Пятровіча. Папрасіў усіх прыслухацца да абаронцаў удзяржаўлення беларускай мовы. Дасведчанаму ў дзяржгульнях Навуменку, ці бачыце, адразу не падумалася пра злыбедства прапановы дэпутата Пятровіча - той доказна выступаў, а фактычна доказна шкодзіў нашай Айчыне. Навуменка паабяцаў, сам будзе галасаваць за адну мову ў дзяржаве Беларусь - родную, дарагую ўсім беларускую.

Націснулі кнопкі чацвёрты раз: за - 326, супраць - 40, устрымалася - 14.

У Івана Чыгрынава нават пры ўспамінах пра тую страшэнную гадзіну галасавання/перагаласавання дрыжэў голас, мякчэлі вочы.

Выступленні ў "Спадчыне" запамяталіся многія - Міколы Ермаловіча, Анатоля Грыцкевіча, Генадзя Каханоўскага, Адама Мальдзіса, Восіпа Юхі, Генадзя Кісялёва, Уладзіміра Конана. Не забыць словы тадышніх іхніх антыподаў, партыйных гаркамаўцаў Пятра Краўчанкі, Ядвігі Юферавай.

Літасць язычніцкіх Багоў і Бога цяперашняга, Адзінага скрозь мільёны гадоў, Усябачнага, Наймагутнага кожнаму зможнаму дае магчымасць калі не бачыць наперад, то паспрабаваць. Найпершы, усім даступны шлях для такога бачання - гук, мелодыя, песня. Адобраная стагоддзямі народная песня змякчае кожнаму народу і чалавеку жыцейскія бедствы. У адшліфаванай народам меладычнасці не можа быць навальніцаў і шуму жыцейскай каўгатнечы. Менавіта па-гэтаму слодычна-распеўную беларускую песню наўпрост і ўпотайкі не прымаюць усемажлівыя джазнікі, рокаўцы, бэндаўцы, мкнуцца крыўдзіць касмапаліты.

Мелодыя любой утрывалай нацыі - шчасце для ўсіх нацыяў. Мая беларуская песня не топча іншамоўную, шчырая народная не гнюсіць прастору, неба, не гняце птушку і чалавека.

Яна не проста слуга сваіх гаспадыняў, новіць, узносіць носьбітаў. Упэўненасць нацыі, праўду і шчасце выбару нясе беларуская народная песня. Яна не адно слуга жаданняў беларуса. Яна парадчыць жаданні. Калі нічога не засталося ў цябе, песня застаецца. Бацькі і Бог - аснова цялеснасці дзіцяці, дарослага, песня - іх душа, першая ўсіхная еднасць.

У ланцугах абавязку і любові трымаюць чалавека малітва і песня, абуджаюць літасць і працу.

Па-над лугам зеляненькім.

Брала ўдова лён драбненькі.

Яна брала, выбірала,

Тонкі голас падавала…

Распеўнае дружнае суладдзе адной маёй любімай песні дапаўнялася гэткім жа другой:

Салавейка шчабеча,

Зязюля кукуе.

Ніхто не ведае і не знае,

Дзе мой мілы начуе.

Невыказна светлая ціхая сонечнасць кожнай песні ўзнёсла загойдвала прысутных, несла ў высі завоблачныя.

Люблю наш край,

старонку гэту,

Дзе нарадзілася, расла,

Дзе першы раз

спазнала шчасце,

Слязу нядолі праліла.

Ашаламляльная абаяльнасць мелодыяў магутна ўзносіла дух спеўнікаў. Мелодыі яскравіліся першароднай чысцінёй, святой прыкметавасцю. Сапраўдная песня - першая служанка жаданняў духу - цвіла ў харыстаў "Спадчыны" заўжды, трымала ў ланцугах абавязку: цягні за ўсімі, няхай твой голас сугучыцца з суседнімі, тонь роўна, не вылучайся. Песня абуджала згаворлівасць і мяккасць не ў адных нас. Яна ў любым чалавеку пасяляе літасць, дзейнасць, абавязак. Яна, як сумессе працы, зніжае посвары і крыўды.

Нярэдка ад спадчынцаў чулася, як некалі ад людзей маёй Вялікай Слівы: "Спяваю, радзей плачу".

Радавала нечаканасць і праўдзівасць шматколерных матываў, галасістых і зтанклявелых, думна-маркотных і развітальных. У "Спадчыне" не дзялілі песні на лірычныя або сямейна-абрадавыя, хрысцінныя ці вясельныя. Абы чалавек ведаў словы і матыў, абы знайшліся падпеўнікі ягонай прапанове.

Бо часцяком не знаходзілася каму падцягнуць песню, не тое, каб яе абпачуццёвіць. Калі чалавек ведаў усяго матыў і напамяць аднудзве бываляшнія страфы, тады апрача яе мы выводзілі сучасныя раздоліцы, цяперашнія, грамадзянскія, створаныя на вершы сучаснікаў.

Колькі ў небе зор,

цяжка палічыць.

Толькі з іх адна

найярчэй гарыць.

Гэта ты мая, зорка ясная,

Ты любоў мая, непагасная.

Лірычная вясновасць пераліўных песняў тагачаснай "Спадчыны" ў сэрцы і ў маёй памяці, як шафранная залацістасць ранішняга сонца.

З гадамі пераканаўся, у хаце/кватэры гучыць песня - меней грызні, свараў, папрокаў.

Гадоў чатыры на паседжаннях "Спадчыны" я быў часта, здаралася выступаў, не толькі спяваў. Потым жыцейская цякучка і праблемы заелі, ды і новых песняў і пявуноў заменела. З 1995 года ў "Спадчыну" не хадзіў.

Дзеля справядлівасці і аб'ектыўнасці на добрую памяць Анатоля Белага мушу, проста абавязаны сказаць пра сумессе трох нашых шырокіх выдавецкіх справаў. Прыйшоў неяк ён да мяне ўсхваляваным. Ці можна ў БВТ "Хата", якую я ўзначальваў з 1992 года, надрукаваць каляндар. - Можна. Дзе ён? - Анатоль разводзіць рукамі. Гэта ў яго ідэя, задума.

Над задумай ён і мы біліся працяглы час. Для графічнага і мастацкага афармлення прыцягнулі графікаў і мастакоў, у тым ліку знанага Алеся Цыркунова. Плакат-каляндар "Радавод Полацкіх і Вялікіх Беларускіх (Літоўскіх) князёў" атрымаўся выдатным, выйшаў значным накладам. Хутка разышоўся. У школах, установах і бальніцах, дзе я кандыдатам у дэпутаты ВС РБ выступаў у час трох выбарчых кампаніяў (1995, 1995, 1996), плакат-каляндар з радасцю вывешвалі на сцены. Прыцягвала храналогія, даты нараджэння, праўлення, смерці беларускіх законных валадароў. Зараз плакат лічыцца амаль рарытэтным выданнем.

З кнігаю "Спадчына "Спадчыны" паўтарылася тое ж: задума, жаданне, безграшоўе. Сырамяціна, зачастую алагічнасць тэкстаў, невыверанасць фактуры. Асобныя аўтары сваю працу звалілі на Белага і выдавецтва "Хата".

Мусілі падказваць аўтарам, шліфаваць тэксты, рэдагаваць.

Нязнаку здаецца простым: пачуў песню - і заспяваў, няхай не хораша, прыгожа, а завёў. Так не бывае. Дзіця ў сям'і гадамі тоніць разам з мамаю, сёстрамі, татам; бывае ходзіць у музычную школу, а тады толькі прарэзваецца ў яго сапраўдны голас, чуццё да адмысловасці песні.

З напісаннем вершаў, прозы, навуковых тэкстаў паўтараецца тое ж, як, дарэчы, з токарніцтвам і шафёрствам. Яшчэ болей патрабуецца гадоў, каб чалавек асіліў цяжкую творчую справу - вязаць літары, словы, радкі. Каб ягонае вяззё некаму падабалася, было карысным, тым болей узрушвала. Не дзіва, у любога кіраўніка, нават раённага маштабу, генеральнага дырэктара завода ёсць штаты памочнікаў, рэдактараў, рэферэнтаў. Ва ўсіх краінах.

Як бы не было, рэдкія з спадчынцаў не справіліся з дапрацоўкай тэкстаў. Мы прынялі практычна ўсе. Верыцца, матэрыялы аўтараў зборніка (1994) - Міколы Лавіцкага, Аксаны Багдановіч, Святланы Багданкевіч, Яўгена Гучка, Галіны Вайтовіч, Генадзя Ланеўскага, Валера Санько… - будуць карысныя чытачам доўгія гады. Асабліва ўзрушваюць старонкі Міколы Ермаловіча, Анатоля Белага, Анатоля Грыцкевіча, Святланы Белай.

Шырока вядомае арганізацыйнае умельства Анатоля Белага праявілася і тут: сярод спонсараў "Спадчына "Спадчыны" быў і Мітрапаліт Філарэт.

Кніга "Дзейнасьць Кастуся Мярляка на эміграцыі", 476 старонак, выгадная ў першую чаргу карэнным жыхарам Беларусі, асабліва хто па цемнаце/светласці памарвае пра лёгенькае жыццё за кардонам. Аўтар, міністр рады БНР К. І. Мярляк, справядліва высвеціў "салодкасць" замежнага жыцця.

У замежжы патрэбна эмігранту да сёмага поту працаваць. З савецкім - а ну іх усіх, сыйдзе, больш за ўсіх мне не трэба, ніхто не праверыць - там зарплаты не будзе, крэдытаў таксама. Чужына слязу тваю не пачуе. У чужой краіне сам, дзеці, унукі мусіце найасцярожна паводзіцца.

Прыцягне ўвагу чытача кніга праўдзівым паказам звычайнай ужо беларускай рэчаіснасці - самаедства, працяглай крыўдлівасці. З-за кроплі праўды і доказаў, зачастую чыста асабістых, памылковых, угрунтаваных адно на ўласным досведзе, беларускі праўдзівец тут і там сварыцца, гатовы доказніцца гадамі. Смешыць другія нацыянальныя суполкі. Тычыцца яна і рэлігійных раздраяў. У Кліўлендзе, Нью-Ёрку, Канадзе..

Пра гэта шмат сказана ў прадмове Л. М. Лыча і В. А. Санько да карыснай важкай кнігі К. І. Мярляка.

…Анатоль Белы спытаў у мяне, як назваць другі літаратурны зборнік спадчынцаў. Назва высеялася хутка - "Скрыжалі "Спадчыны". Я ў друкаванні яго ўдзелу не прымаў.

Як бы не было, выдавецкую песню Анатоля Яўхімавіча Белага ў кніжна-друкарскай справе нельга забываць.

Валер Санько , дырэктар БВТ "Хата" (1992-2006), пісьменнік, краязнавец, доктар народнай медыцыны.


На хутары Збляны берагуць песні дзядоў

Хтосьці цікавіцца тэатрам, хтосьці кіно, а хтосьці і нашымі беларускімі народнымі традыцыямі. А што галоўнае для людзей, якія жывуць імі і займаюцца ў фальклорных калектывах? Усяго толькі, каб імі цікавіліся, слухалі іх спевы, запрашалі на розныя мерапрыемствы і, канешне, пераймалі майстэрства ды ўдыхалі новае жыццё ў традыцыі.

Носьбітам традыцыйнай спадчыны ў Лідскім раёне з'яўляецца аўтэнтычны фальклорны калектыў хутара Збляны, які працуе пры Парэцкім сельскім Доме культуры. Годам стварэння гэтага калектыву лічыцца 1989 год. Вакальны гурт аб'яднаў 10 чалавек - 8 жанчын і 2 мужчыны ва ўзросце 65-82 гадоў. Але, не гледзячы на ўзрост, усе яны вельмі бадзёрыя і рухавыя, могуць пазайздросціць нават і маладыя. Аб'яднала гэтых людзей любоў да роднай песні. Удзельнікі гурта даюць сваім слухачам магчымасць дакрануцца да скарбніцы беларускага песеннага мастацтва, усімі сіламі стараюцца папулярызаваць нацыянальную песенную творчасць.

Жанчыны фальклорнага гурта ужо больш, чым 25 год спяваюць разам, і таму яны сталі яскравымі носьбітамі мясцовых традыцый. Удзельніцы калектыву збераглі адметнасць выканання - спевы шматгалоссем, "а капэла". Частка з іх - дуэтамі ці сольна.

У рэпертуары фальклорнага калектыву Парэцкага СДК больш за 100 мясцовых песень, якія ўдзельніцы калектыву перанялі і запомнілі ад сваіх бацькоў. Рэпертуар складаюць беларускія народныя песні: "Пшаніца залатая", "Ой васількі, васількі", "Чаму ж не прыйшоў"; каляндарна - абрадавыя песні "Маладая малодачка", "Юр'я", "Як прыйду да кумкі", "Велікодныя напевы" і іншыя.

Удзельнікі калектыву, не гледзячы на ўзрост, здзіўляюць і радуюць гледачоў танцамі, якія танцавалі яшчэ ў маладосці. Гэта беларускія народныя танцы "Беларуская полька", "На рэчаньку", "Акуліна" і інш.

З самага пачатку існавання фальклорны калектыў прыцягнуў да сябе ўвагу тэлебачання і радыё. У 2003 годзе спявачкі прымалі ўдзел у здымках тэлепраграмы "Спявай душа". У 2006 годзе Лідскім раённым метадычным цэнтрам народнай творчасці быў зняты відэафільм аб традыцыйнай ручной апрацоўцы ільну "Калі да лёну з паклонам - аддзячыць добра лён". Усё менш застаецца на сяле людзей старэйшага пакалення, якія могуць расказаць аб прызначэнні ільну і асаблівасцях яго ручной перапрацоўкі. Вось па-гэтаму Лідскім РМЦНТ было вырашана зняць відэафільм, а дапамаглі ў гэтых здымках жыхары хутара Збляны. Жанчыны вельмі дакладна расказалі і паказалі ўвесь старадаўні працэс апрацоўкі ільну. Яны з вялікай сур'ёзнасцю ўважлівасцю і адказнасцю аднесліся да гэтых здымкаў, падрыхтавалі песні, неабходныя для фільма і ўсе прылады працы - гэта і пранік, і трапашка, прасніцы і кросны...

Не абыходзяцца без удзелу фальклорных спявачак розныя мерапрыемствы: гурт прымаў удзел у абласным семінары па фальклоры, дзе быў прадстаўлены абрад "Хрэсбіны", прымаюць удзел у раённых святах "Кірмаш талентаў", "Дажынкі", "Зажынкі", у раённых семінарах па фальклоры і аглядах мастацкай самадзейнасці. І кожная сустрэча з гледачом, кожнае выступленне, кожная рэпетыцыя спявачак фальклорнага гурта з хутара Збляны дадаюць бабулям жыццярадаснасці, і пачынаюць па-маладому ззяць вочы, меншае колькасць маршчынак на твары.

І менавіта тут, на хутары Збляны Лідскага раёна вялася і вядзецца шырокая экспедыцыйная даследчая дзейнасць па зборы беларускага фальклору. Ужо шмат разоў у гэты куточак Лідчыны прыязджалі даследчыкі з Менску, Гародні і іншых гарадоў Беларусі і кожны раз удзельніцы этнаграфічнага гурта Парэцкага СДК знаходзілі ў сваёй памяці ўсё новыя і новыя звесткі аб беларускіх народных традыцыях.

Дзякуючы такому калектыву, як фальклорны гурт Парэцкага сельскага Дома культуры (хутара Збляны), у склад якога ўваходзяць У.Б. Ёдка (1952 гн.), Е.І. Калашнікава (1939гн.), Г.Ф. Майніч (1946 гн.), Р.С. Лаўнік (1944 гн.), М.П. Урбановіч (1938 гн.), М.У. Урбановіч (1944 гн.), С.І. Паповіч (1945 гн.), М.С. Кельнік (1930 гн.), К.М. Локцевіч (1943 гн.), Г.М. Майніч (1939 гн.), крынічка народнай песеннай творчасці ніколі не перасохне, а будзе бруіцца і папаўняцца новымі песнямі і новымі галасамі, будзе дарыць непаўторнае народнае песеннае мастацтва.

Н. ВАЙЦЮКЕВІЧ, метадыст па этнаграфіі і фальклоры Лідскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці.


Ліпеньскія будні ў ТБК Літвы

Сябры ТБК на чарговую імпрэзу 28-га ліпеня запрасілі гасцей: старшыню Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Зянона Пазняка і намесніка КХП БНФ Сяргея Папкова, сяброў з менскага царкоўнага брацтва Трох віленскіх пакутнікаў на чале са спадаром Анатолем Астапен-кам, а таксама добрых сваіх сяброў - украінскі сямейны хор "Світлиця".

Імпрэза была прысвечана 130-м угодкам ад дня на-родзінаў Янкі Купалы (7 ліпеня 1882, фальварак Вязынка - 28 чэрвяня 1942, Масква) і 15-ай гадавіне ад дня смерці Лявона Луцкевіча (13 сакавіка 1922, Вільня - 28 ліпеня1997, Вільня).

Пра жыццё, творчасць і грамадскую дзейнасць Янкі Купалы (сапр. Іван Дамінікавіч Луцэвіч) з прамовай выступіў Васіль Акуневіч. Былі ўзгаданы ўсе факты і даты біяграфіі, агучаны назвы ўсіх літаратурных твораў і іх тэматыка, так-сама назвы ўсіх сродкаў масавай інфармацыі, з якімі Янка Купала супрацоўнічаў, і якімі ён кіраваў. Класік беларускае літаратуры, паэт, драматург, публіцыст Я. Купала разам з Я. Коласам ёсць заснавальнікі новае беларускае літаратуры і беларускае літаратурнае мовы. Я. Купала пакінуў найбагацейшую спадчыну. Пяць паэтычных зборнікаў: "Жалейка" (1908), "Гусляр" (1910), "Шляхам жыцця" (1913), "Спадчына" (1922), "Ад сэрца"(1940). 18 паэмаў і п'есаў для нацыянальнага тэатру. У тым ліку: "Адвечная песня" (1908), "Сон на кургане" (1910), "На папасе" (1913), "Паўлінка" (1912), драма "Раскіданае гняздо" (1913), трагікамедыя "Тутэйшыя" (1922), пра незалежнасць "Безназоўнае" (1924). Багатая літаратурная спадчына Янкі Купалы як перакладчыка. Ён перакладаў з украінскай, польскай, расейскай, французскай і нямецкай моваў. Усяго пераклаў 92 творы 36 аўтараў. Творы Купалы перакладзены на 117 моваў свету.

На працягу ўсяго свайго свядомага жыцця Янка Купала думаў, разважаў пра беднасны стан і абяздоленасць беларусаў, пра прычыны гэтага становішча. Пераканаўся ў неабходнасці перамен, у неабходнасці барацьбы за лепшую долю і за незалежнасць. У сваіх творах заклікаў землякоў зма-гацца за гэтыя мэты. Царскаму ўраду, і пазней савецкаму ўраду, тое было непрымальным. Таму літаратурныя творы Янкі Купалы забараняліся, выданні канфіскоўваліся. Аўтар і выдавецтвы прыцягваліся да адказнасці, падвяргаліся рэпрэсіям. Так, пачынаючы з першага зборніка "Жалейка" (1908), наклад якога быў канфіскаваны ў 1909, забароне падлягалі верш "Зваяваным" (1910), артыкул у Нашай Ніве (НН) "Думкі"(1914), вершы "Перад будучыняй" і "Пазвалі вас..."(1922). У гэтых двух вершах Купала выказаў сваё стаўленне да бальшавікоў і заклапочанасць бягучай сітуацыяй. Абодва творы былі забароненыя. Першы нумар толькі што заснаванага часопіса "Адраджэньне", у якім быў надрукаваны верш "Перад будучыняй", быў канфіскаваны. Паказальнай у гытым сэнсе была доля трагікамедыі "Тутэйшыя". Напісаны твор у 1922 , сцэнічнае жыццё атрымаў у БДТ-1 у 1926. Але хутка п'еса была знята з рэпертуару як твор нацыяналістычны. Толькі ў 1982 пра п'есу ўспомніў Магілёўскі абласны драматычны тэатр (рэжысёр В. Маслюк). Нядоўгім было сцэнічнае жыццё п'есы і тут: пасля паказу ў Менску яе знялі з рэпертуару. У 1988 твор Купалы быў надрукававы ў 9-м нумары часопіса "Полымя", а з 1990 ідзе на сцэне нацыянальнага тэатра імя Я. Купалы (рэжысёр М. Пінігін). Зараз п'еса "Тутэйшыя" ўведзена ў школьныя праграмы, да яе звяртаюцца шматлікія літаратуразнаўцы і публіцысты.

Не выпадкова ў Янкі Купалы такі трагічны лёс. Ён шмат разоў выклікаўся на допыты па справе контррэвалюцыйнай арганізацыі "Саюз вызваленьня Беларусі", якая ў рэальнасці не існавала. 20 лістапада 1930 году, не вытрымаўшы здзекаў, Купала робіць спробу самагубства, але застаецца жывы. Лежaчы ў шпіталі, канчаткова зломлены, падпісвае г. зв. "Адкрыты ліст Я. Купалы" з адрачэннем ад нацыянальнай ідэі. Творчасць Купалы 30-х гадоў складаецца з прасавецкіх вершаў, апроч цыклу вершаў 1935, створаных у вёсцы Ляўкі ("Сонцу", "Лён", "Дарогі" і іншыя).

4 чэрвеня 1942 Купала быў раптоўна выкліканы з Татарстана (быў у эвакуацыі) ў Маскву тэлеграмай ад старшыні Саўнаркаму БССР. 28 чэрвеня ў Маскве Купала трагічна загінуў, упаўшы з лесвіцы ў гатэлі "Масква". Паэт быў пахаваны ў Маскве на Ва-ганькаўскіх могілках, а праз 20 гадоў яго прах быў перавезены ў Беларусь. Цяпер магіла Янкі Купалы знаходзіцца на Вайсковых могілках у Менску, побач з магілай Якуба Коласа. Там-сама знаходзіцца і магіла маці паэта Бянігны Іванаўны, якая памерла ў акупаваным Менску, перажыўшы сына на два дні.

Удзячны беларускі народ ушанаваў Я. Купалу. Дзейнічаюць: "Дзяржаўны літаратурны музей Я. Купалы", "Дзяржаўная прэмія імя Я. Купалы", "Міжнародны фонд Я. Купалы", "Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы", "Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы" і інш. У Вільні яго імем названа вуліца, на доме рэдакцыі НН намаганнямі ТБК замацавана шыльда.

Завершыла тэму Янкі Купалы на імпрэзе спадарыня Таццяна Райнене. Яна дэкламавала два паэтычныя творы. Удзельнікі імпрэзы шчырым рукаплясканнем выказалі сваю падзяку народнаму паэту і спадарыні Таццяне.

Сваімі ўспамінамі пра Лявона Луцкевіча, сына прэм'ер-міністра БНР Антона Луцкевіча, беларускага грамадскага і культурнага дзеяча, педагога, мемуарыста, заснавальніка нашага Таварыства Беларускай Культуры ў Літве выступіў Андрусь Старавойтаў. Спадар Андрусь, цяпер рэдактар і вядовец тыднёвай беларускамоўнай перадачы на дзяржаўным радыё Літвы, ўпершыню пачуў голас дзядзькі Лявона па радыё, калі жыў у Маладзечне. У тых перадачах Лявона Луцкевіча здзіўляла і захапляла валоданне беларускаю моваю, клопат пра беларускую спадчыну ў Вільні. Тады Андрусь паставіў сабе за мэту абавязкова пазнаёміцца з Лявонам. Што і адбылося ў Вільні. Добрыя стасункі паміж імі доўжыліся да апошніх дзён жыцця Лявона.

Лявон, таксама як яго бацька, як тысячы лепшых сыноў Беларусі, зведаў пераслед і рэпрэсіі з боку савецкай дзяржавы. За беларускую дзейнасць быў асуджаны, адбываў пакаранне на Калыме, пасля хрушчоўскай адлігі вярнуўся ў Вільню. Лявон Луцкевіч быў адным з першых, хто пачаў адраджаць беларускае культурнае жыццё напрыканцы 80 х гадоў мінулага стагоддзя. Па яго ініцыятыве і актыўнымі намаганнямі, разам з другімі беларусамі-віленчукамі, была заснавана беларуская суполка ТБК, беларускамоўная школа, беларуская кафедра ва ўніверсітэце, беларускамоўныя перадачы на літоўскім тэлебачанні і радыё. Сваю любоў да беларускай Вільні Лявон Луцкевіч выказаў сваёй кнігай "Вандроўкі па Вільні", выдадзеная ТБК, яна пабачыла свет ужо пасля смерці аўтара. Кніга стала найкаштоўнейшым экскурсаводам па Вільні. Гэта найбагацейшы набытак беларусаў за час новага адраджэння. Беларусы ганарацца сваім патрыётам, годным прадаўжальнікам справы Івана і Антона Луцкевічаў.

Завершылі імпрэзу сябры-украінцы. Сям'я Рамана і Аксаны з дочкаю Іраю і мамай Аксаны - Ірынаю Ільніцкаю. Украінскія народныя песні яны спявалі ў знак салідарнасці з беларусамі. Пасля завершання імпрэзы прысутныя не разышліся, а вялі дыскусію пра мову, пра нацыянальную свядо-масць народаў суседзяў беларусаў і ўкраінцаў. Было цікава і карысна.

Па просьбе прысутных на імпрэзе з прамоваю выступіў Зянон Пазняк. Cпадар Зянон падзяліўся сваёю заклапо-чанасцю нарастаючым уплывам Кітая у Беларусі. З ласкі беларускіх уладаў дзясяткі тысячаў кітайскага насельніцтва ўжо атабарыліся на нашай зямлі. Рэжым плануе назаўсёды атабарыць у Беларусі сотні тысячаў чужынцаў - больш за мільён. Сусветная практыка паказвае, што калі на нейкай некітайскай тэрыторыі гэтай расы становіцца сотні тысячаў і больш за мільён, то пішы прaпала - гэтая тэрыторыя становіцца кітайскай. Мясцовы народ або раствараецца ў жоўтым моры, або уцякае з родных мясцін. Як вядома, нам, беларусам, уцякаць няма куды, у нас няма нейкай іншай зямлі, акрамя той, якую нам даў у валадаранне Бог. Кітайскае нашэсце ўжо разгортваецца па Беларусі. Пакуль у некалькіх яе зонах, якія можна вызначыць як кітайскія плацдармы, з якіх пачнецца шырокамаштабны кітайскі захоп нашай краіны і пагроза ўсёй Еўропе. Калі іх стане паабяцаны мільён, то кітайцаў нe спыніш. Яны папруць на Беларусь, вытоптваючы ўсё на сваім шляху. Яны ўпэўнены, што беларусы не будуць супраціўляцца і бараніць сваю зямлю.

Ёсць паведамленні аб выпадках, калі кітайцы, арганізаванымі групамі да 100 чалавек, заходзяць у калектыўныя сады і збіраюць садавіну і гародніну без дазволу. Міліцыя ўлікаў не знойдзе, бо ўсё з'едзена. Ды і не стараецца міліцыя знайсці парушальнікаў. Падобна на тое, што ёсць устаноўка для міліцыі паводзіць сябе з імі так, каб не нашкодзіць добрым адносінам з новым стратэгічным партнёрам - Кітаем. Пакуль міліцыя разбіраецца з гэтай групай, на іншым канцы дачнай зоны эфэкт саранчы арганізоўваюць яшчэ некалькі "малых групаў". Змагацца з гэтым немагчыма, міліцыі ўжо катастрафічна не хапае. Гаспадарам садовых участкаў давядзецца арганізоўваць самаабарону. Трэба спыніць нашэсце кітайцаў цяпер, пакуль не позна. Калі мы гэтага не зробім, нас чакае няволя і нацыянальная трагедыя.

Яшчэ спадар Зянон прэзентаваў удзельнікам імпрэзы дзве новыя свае кніжкі, якія надрукаваны ў 2012-м годзе. У суаўтарстве з Валерым Буйвалам падрыхтавана і выдадзена кніга "Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял". У кнізе пра змаганне за Курапаты і за абарону Курапатаў. Гэта найперш барацьба са спадкаемцамі тых, хто тварыў генацыд. Толькі ведаючы і разумеючы гэта можна зразумець сэнс і змест падзеяў, што разгортваюцца вакол Курапатаў. Другая кніга "Добрая фатаграфія". У ёй веды пра ўсе найноўшыя дасягненні навукі і прмысловасці ў галіне фатаграфіі. Гэта дапаможнік на беларускай мове для прафесіяналаў і аматараў фатаграфіі.

Васіль Акуневіч, в.а. старшыні ТБК, Вільня.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX