Вярнуцца: 2012

№ 34 (1081)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 34 (1081) 22 жніўня 2012 г.

Стэфан Эрыксан пра беларускую мову

- Я бачу, што зараз некаторыя меры прымаюцца, каб пашырыць ужыванне беларускай мовы, але мяркую, што на гэтым спыняцца нельга, што гэтым трэба займацца, каб беларуская мова не стала чужой для малодшых пакаленняў. Гэта, мабыць, зараз самая вялікая праблема, бо расце пакаленне беларускіх дзетак, якія родную мову фактычна не выкарыстоўваюць.

Аднак я аптыміст і думаю, што беларуская мова зойме належныя пазіцыі ў жыцці беларусаў. У гісторыі для яе былі розныя цяжкія часы. Але, калі мова перажыла іх, дык напэўна выжыве і ў гэтай сітуацыі. Тым больш, што краіна мае незалежнасць і магчымасці прымаць патрэбныя рашэнні ў моўнай палітыцы.

Паводле "СН-плюс" за 15 жніўня 2012 г.


У Магілёве адзначылі юбілей Юзафа Крашэўскага

Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ 15 жніўня правяла ўрачыстую імпрэзу, прымеркаваную да 200-годдзя Юзафа Крашэўскага. На вечарыну, якая адбывалася ў Доме польскім, прыйшло больш за 30 магілёўцаў.

Распачаў сустрэчу пісьменнік і выкладчык Віталь Еўмянькоў, які падрыхтаваў цікавую фотапрэзентацыю, прысвечаную жыццю і творчасці выбітнага юбіляра. Каб лепш адчуць творчыя варункі, у якіх нараджаліся творы вялікага пісьменніка, паэта, кампазітара, грамадскага дзеяча і фалькларыста, была запрошана Лідзія Кастэнка, якая праспявала прысутным прачулую беларускую народную песню. Працягваў аповед пра няпростыя шляхі 19 стагоддзя вядомы магілёўскі гісторык Ігар Пушкін.

Напрыканцы імпрэзы настаўніца польскай мовы Магдалена Палючак прачытала ўрывак верша пісьменніка "Вежа" на польскай мове. Завяршылася ўрачыстасць паказам анімацыйнага фільма пра гісторыю Польшчы. Незвычайная постаць Юзафа Крашэўскага, знітаваная з гісторыяй Беларусі і Польшчы, для многіх з магілёўцаў стала сапраўдным адкрыццём.

Алег Дзьячкоў , старшыня Магілёўскага ТБМ. На здымках: В. Еўмянькоў, І. Пушкін, А. Дзьячкоў.


80 гадоў з дня нараджэння Пятруся Макаля

Пятрусь МАКАЛЬ (25 жніўня 1932, в. Крушыняны, цяпер Беластоцкае ваяв. Польшча - 1996) - беларускі паэт, драматург, перакладчык.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. З 1944 разам з сям'ёй жыў вёсцы ў Саратаўскай вобл., у 1946 разам з маці пераехаў у Гарадзенскую вобл., дзе скончыў сямігодку. У 1947 паступіў у Гарадзенскі будаўнічы тэхнікум, але правучыўся два гады. Скончыў Гарадзенскі педагагічны інстытут (1953). Працаваў супрацоўнікам абласной газеты "Гродзенская праўда". Служыў у Савецкай Арміі (1954-1956). Працаваў рэдактарам аддзела культуры і навукі часопіса "Маладосць" (1957-1960), вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах пры СП СССР (1960-1962). Потым працаваў загадчыкам аддзела літаратуры ў газеце "Літаратура і мастацтва" (1962-1963), рэдактарам рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР (1965-1966), памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача (1966-1975). З 1975 - літкансультант СП БССР. З 1978 - старшы рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура". У 1980-1983 - рэдактар аддзела паэзіі часопіса "Маладосць". З 1983 на творчай рабоце. Член СП СССР (з 1953).

Дэбютаваў вершам у 1949 (газета "Гродзенская праўда"). Аўтар зборнікаў паэзіі "Першы след" (1955), "Вятрам насустрач" (1958), "Вечны агонь" (1960), "Круглы год" (1964), "Акно" (1967), "Вершы" (выбранае, 1968), "Дотык да зямлі" (1975), "Поле" (1978), "Заручыны" (выбранае, 1979), "Смак яблыка" (1981), "Калыска долі" (1984), "Асенняя пошта лістоты" (1987), "Азбука любві" (1989), "Лагода" (1992), "Твар і душа" (1995). Для дзяцей выдаў кніжкі "Хлопчык будзіць сонца" (1966), "Песня згоды" (вершы, паэмы, казкі, 1983), "Чарадзейная скарбонка" (вершы, казкі, загадкі, 1987), "Я гатую абед" (паэма, 1989). У 1982 выйшлі Выбраныя творы ў 2-х тамах. Творы П. Макаля перакладзеныя на англійскую, нямецкую, іспанскую, польскую і інш. мовы.

У сааўтарстве з А. Вольскім напісаў п'есы "За лясамі дрымучымі" (1959, 1961, пастаўлена ў 1958) і "Марынка-крапіўніца" (пастаўлена ў 1963). Аўтар п'ес "Адчыніце, казляняткі!" (1972, пастаўлена ў 1970), "Дай вады, калодзеж!" (1974, пастаўлена ў 1971), "На ўсіх адна бяда" (1977, пастаўлена ў 1976), усе яны напісаны ў вершах паводле фальклорных матываў і ставіліся Беларускім рэспубліканскім тэатрам юнага гледача і іншымі тэатрамі краіны. Таксама аўтар лібрэта араторыі "Запрашэнне ў краіну маленства" (музыка Я. Глебава, 1974).

Займаўся перакладамі са славянскіх моў. Пераклаў зборнік сучаснай славацкай паэзіі "Татры пяюць" (1976), зборнік вершаў М. Валека "Крылы" (1978), А. Шасцінскага "Помню і люблю" (1978) і інш.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А. Куляшова (1980) за зборнік паэзіі "Поле". Дзяржаўная прэміі БССР імя Янкі Купалы (1984) за зборнік "Смак яблыка".

(Паводле Вікіпедыі.)


Да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы

"Белпошта" выпусціла паштоўку да 130-х угодкаў з дня нараджэння Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Паштоўка выйшла з лагатыпам "Года кнігі".


Зварот Cакратарыяту ТБМ да беларускіх студэнтаў-першакурснікаў

Дарагія сябры!

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" віншуе вас з паступленнем у ВНУ краіны.

Мы выказваем асаблівую падзяку тым, хто падчас здачы тэстаў абраў беларускую мову. Ганарымся тымі, хто здолеў выканаць тэставыя заданні на 100 балаў. Гэта сапраўдны грамадзянскі ўчынак і значны асабісты ўклад у святкаванне 130-гадовага юбілею класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам вы маеце магчымасць навучацца на беларускай мове. Для гэтага неабходна напісаць адпаведную заяву на імя дэкана таго факультэта, дзе вы будзеце навучацца.

Спадзяемся, што, дзякуючы вашым намаганням, сёлетні навучальны год пачнецца на беларускай мове.

26. 07. 2012 г.

Узор заявы студэнта-першакурсніка з просьбай беларускамоўнага навучання

1. Рэктару _________________________

(назва ВНУ)

__________________________________

(прозвішча, імя, імя па бацьку рэктара)

__________________________________

(адрас рэктарата)

2. Дэкану _________________ факультэта

(назва факультэта)

__________________________________

(назва ВНУ)

__________________________________

(прозвішча, імя, імя па бацьку дэкана)

__________________________________

(адрас факультэта)

Студэнта 1 курса ___________________

(назва факультэта)

факультэта

__________________________________

(Ваша прозвішча, імя, імя па бацьку)

__________________________________

(Ваш паштовы адрас)

ЗАЯВА

Я, _________________________________________________, залічан(ы, -ая) на першы курс ___________________ факультэта _________________________ з 1 верасня 2012 года, заяўляю пра свой выбар на карысць беларускай мовы ў якасці мовы навучання.

У адпаведнасці з п. 1 арт. 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права. Мова навучання вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі з улікам пажаданняў навучэнцаў. П. 2 арт. 90 згаданага Кодэкса ўстаноўлена, што забеспячэнне права грамадзян на выбар навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў ажыццяўляецца ў тым ліку шляхам развіцця сеткі ўстаноў адукацыі (класаў, груп, патокаў) з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання.

Падпунктам 2.9 п. 2 арт. 2 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ў якасці аднаго з асноўных накірункаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі дэкларуецца забеспячэнне роўнасці беларускай і рускай моў. Разам з тым, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у сваім рашэнні ад 4 снежня 2003 г. № П-91/2003 звяртае ўвагу на неабходнасць забеспячэння не толькі фармальна-юрыдычнай, але і фактычнай роўнасці дзяржаўных моў.

На падставе выкладзенага прашу ўлічыць маё жаданне навучацца на беларускай мове і забяспечыць мне магчымасці для рэалізацыі гарантаванага мне дзяржавай права выбару мовы навучання.

Па выніках разгляду дадзенай заявы прашу паінфармаваць мяне па пададзеным вышэй адрасе.

______________ _____________ ________________________,

(дата) (подпіс) (Вашы ініцыялы, прозвішча)

сябра ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".



24 жніўня у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца сустрэча з дэпутатамі ВС 12 склікання

"Урокі незалежнасці" . Сустрэча праводзіцца на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13.

Пачатак - 17.30. Уваход вольны .


Сустрэча з Багдановічам

Сярод усіх шляхоў, якія вядуць нас па прасторах роднага краю, самы асноўны - да Максіма Багдановіча. Улетку нас заўсёды чакае ў госці Ракуцёўшчына. Гатая мясціна прываблівае не толькі сваімі непаўторнымі краявідамі, але яшчэ і нябачнай прысутнасцю любімага паэта.

Сёлетняе свята сталася адметным праз цудоўнае сонечнае надвор'е і паўсюднае гучанне роднай мовы. Нягледзячы на спякоту ўжо зранку і даволі працяглую дарогу пешшу ад цягніка да памятных ракуцёўскіх камянёў, наш настрой быў бадзёрым і ўзнёслым. Кароценькі мітынг ля камянёў, і вось мы ўжо ў фальварку. З хваляваннем заходзім у пакой Максіма. З мінулага года тут нічога не змянілася і гэта вельмі прыемна, таму што ёсць адчуванне, што вяртаешся ў родны, знаёмы куточак. Быццам вось-вось пачуюцца крокі, і Максім з'віцца на парозе, бо выйшаў ён толькі на хвілінку з пакоя.

Асаблівасцю гэтага свята быў таксама паказ батлейкі на падворку фальварка. Яна сабрала шмат гледачоў, якія раз-пораз весела смяяліся з трапных жартаў батлеечных герояў. Гучанне беларускіх песень, дыван яркіх кветак і яркае сонейка стваралі сапраўды святочны настрой.

Узгорак насупраць сцэны быў расквечаны стракатымі ўборамі мясцовых жыхароў, што сабраліся на свята. Тут ужо гучала музыка і вядоўцы казалі словы прывітання.

Найперш мы, вядома, наведалі Максімаву крыніцу, каб паспытаць самай гаючай і самай смачнай вадзіцы на нашай роднай зямлі.

Мы адмыслова рыхтаваліся да гэтай значнай падзеі. Даведаўшыся, што Беларускім Фондам Культуры ажыццёўлена выданне трох вершаў паэта на некалькіх еўрапейскіх мовах, мы вырашылі парадаваць прыхільнікаў яго паэзіі чытаннем верша на французскай мове. Для выступлення мы абралі свой любімы верш "Пагоня".

Моцна хваляваліся, але ў нас ўсё атрымалася. Нешматлікія слухачы слухалі нас уважліва і ўзнагародзілі апладысментамі.

А яшчэ мы шчыра парадаваліся і сустрэчы з нашымі любімымі паэтамі: Віктарам Шніпам і Навумам Гальпяровічам. Цэлы год мы чыталі іх вершы на імпрэзах, святах, конкурсах, а цяпер зноўку пачулі іх родныя беларускія галасы.

Ужо сёння мы чакаем новай сустрэчы з Ракуцёўшчынай, каб з хваляваннем у сэрцы прамовіць: "Дзень добры, Ракуцёўскае лета - 2013"!

Лашкоўская Паліна, гістарычна-патрыятычны клуб "Спадчына", м. Дварэц.


ЭТЫМАЛАГІЧНЫЯ НАТАТКІ

У 4-м квартале 2012 года ў выдавецтве "Вышэйшая школа" павінен выйсці мой " Этымалагічны слоўнік прыказак". У ім раскрываецца гісторыя і паходжанне больш як 400 прыказак сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Пакуль рукапіс слоўніка знаходзіўся (і знаходзіцца) у выдавецтве, я выявіў этымалогію яшчэ некалькіх прыказак.

Адна паршывая авечка ўвесь статак псуе (= Кепскі чалавек сваімі паводзінамі, учынкамі адмоўна дзейнічае на цэлы калектыў або стварае непрыхільнае ўражанне пра калектыў). Прыказка, хутчэй за ўсе, - калька з лацінскай мовы: Unius pecudis scabies totum communiculat gregem .

Век жыві - век вучыся (= Гаворыцца як парада пастаянна вучыцца, а таксама тады, калі даведваюцца пра што-небудзь новае, раней невядомае). Прыказка ў некаторых рускіх даведніках кваліфікуецца як "уласна руская", хоць блізкія гучаннем і сэнсава прыказкі ёсць ва ўкраінскай, польскай ( Czlowiek cale zycie sie uczy) і іншых мовах. Паводле даведніка М.І. Міхельсона "Русская мысль и речь" (1903), прыказка склалася пад уплывам лацінскай Tamdiu disendum est quamdiu nescias: quamdiu vivis (літаральна: Так доўга трэба вучыцца, як доўга жывеш ).

Вялікаму караблю - вялікае і плаванне (= Незвычайнага чалавека чакае і вялікая плённая дзейнасць). Прыказка пабудавана на супрацьпастаўленні двух значэнняў полісемантычнага прыметніка вялікі : вялікаму (караблю) - 'значнаму па велічыні і памерах', а вялікае (плаванне) - гэта 'выдатнае па сваім значэнні, плённае, удалае'. Паўкалька з рускай мовы: Большому кораблю - большое и плавание , дзе ўзнікла на аснове выказвання рымскага сатырыка Петрунія: Magna navis magnam foritudinem habet (літаральна: Вялікаму караблю - вялікая ўдача ).

З вачэй далоў - з сэрца вон (= Каго не бачыш,таго і забываеш, пра таго і перастаеш думаць). Недакладная калька з французcкай мовы: Loin des qeux, loin du cоеun , дзе бярэ пачатак з вершаванага выказвання старажытнарымскага паэта Праперцыя (50-15 гг. да н.э.): "Наколькі з вачэй, настолькі ж з сэрца аддаляецца прадмет кахання" .

Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка (= Пра поўную немагчымасць дасягнуць ці здзейсніць што-небудзь). Паходзіць з Евангелля: "Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вуха, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае" (Матфей, 19,24; Лука, 18,25). Паводле С.Г. Займоўскага (1930), першапачаткова ігольнае вуха ў гэтым выказе абазначала не дзірачку ў іголцы, а вузкія вароты адной з застаў Іерусаліма, у якія вярблюду прайсці было немагчыма ці амаль немагчыма. Ёсць і другая версія: у выказе маецца на ўвазе не вярблюд, а тоўсты якарны канат, бо ў старых грэчаскіх рукапісах Евангелля на месцы kаmеlos ('вярблюд') было іншае слова - яго амонім kаmilos ('канат'), што і прывяло да скажэння сапраўднага сэнсу.

Усяму свой час (= Усё адбываецца тады, калі трэба). Паўкалька з царкоўнаславянскай мовы. Паходзіць з Бібліі: "Усяму свой час, і час усякай рэчы пад небам" (Эклезіяст, 3,1).

У нашай мове ёсць каля сотні фразеалагізмаў, якія сваім узнікненнем абавязаны прыказкам, прычым шляхі іх узнікнення разнастайныя. Напрыклад, выразы стары верабей і на мякіне не правядзеш (каго) утварыліся ў выніку расшчаплення на дзве часткі прыказкі Старога вераб'я на мякіне не правядзеш , якая мае сэнс "Вопытнага чалавека не ашукаеш". Да такіх выразаў, апісаных у фразеалагічных слоўніках, варта дадаць яшчэ два.

Адзін з іх - пляваць у калодзеж . Ён утварыўся з прыказкі Не плюй у калодзеж, прыйдзецца напіцца ў выніку адпадзення яе другой, паясняльнай часткі і абазначае 'рабіць каму-небудзь шкоду, не задумваючыся над тым, што гэтым самым можна зрабіць горш для самога сябе'. Выраз часцей ужываецца з адмоўем "не", але выкарыстоўваецца і без "не": "Масква адмовілася даваць абяцаны транш крэдыту, а выратавалі грашыма менавіта "праклятыя буржуіны" з МВФ. Але зараз, калі тутэйшыя дзеячы наплявалі ў калодзеж, - заходнікі чорта дадуць" ( А. Класкоўскі ); "Ад гэтага ж міністэрства яшчэ як залежыць моц графа Замойскага на ваяводскай пасадзе. Так што, як кажуць, не плюй у калодзеж…" ( І. Аношкін )"; "[Калібераў:] Што мне народ! Я сам разбяруся! [Міхальчук:] І верна, што яму народ, плюе ён на народ. [Калібераў:] Што? [Міхальчук:] Не плюй ў калодзеж" ( А. Макаёнак ); "Заказы бяру я, і твайму Моху, а заадно і табе не даю памерці з голаду… Так што, галубка, не плюй у калодзеж" ( М. Кусянкоў ).

Другі фразеалагізм - і жук мяса (каму), абазначае 'ўсё прыгоднае, спажывецца кім-небудзь; звычайна пра ежу': "Па-свойму спачувала хлопцам старая Веньціха. Часценька такое спачуванне замянялася ў тры неглыбокія талеркі рэдкага супу… Але, як кажуць, галоднаму і жук мяса" ( К. Акула ). Гэты выраз яшчэ ў 1991 г. быў занатаваны ў маім дыферэнцыяльным слоўніку "З народнай фразеалогіі", яго ўжыванне пацвярджалася прыкладамі з народных гаворак Лідскага, Наваградскага, Шчучынскага раёнаў, да прыкладу: "Тры дні я прабіраўся па лесе, па балоце, то мне і жук мяса было". Паводле ўзнікнення гэты выраз - абломак прыказкі На чужой старане і жук мяса <і старая баба - маладзіца> (яна фіксуецца і ў "Тлумачальным слоўніку прыказак", і ў акадэмічным зводзе "Прыказкі і прымаўкі" (1976), і ў "Зборніку беларускіх прыказак" (1874) І.І. Насовіча).

Каля 20 выразаў пачалі сваё жыццё як патэнцыяльныя фразеалагізмы ў творах беларускіх аўтараў: людзьмі звацца (Я. Купала), хварэць на пана (Я. Колас), рыцар ночы (З. Бядуля), выдраць лысаму валасы, свінтус грандыёзус (К. Крапіва), ружовы туман (В. Быкаў) і г. д. Дадамо да іх яшчэ два.

Першы - зацюканы апостал - з аднайменнай п'есы А. Макаёнка (1969), абазначае 'ўвогуле някепскі чалавек, якога затуркалі абставіны, жыццё і пад.'. Вось некалькі прыкладаў яго ўжывання: "- Па-мойму, ты ходзіш да маці калі не штодня, то штотыдня. - Насця, раўнуеш! Я караю сябе, што заглядаю да бацькоў усё радзей і радзей. Зацюканы апостал!" (" Маладосць" ); "Мае дзеці ўсю доўгую зіму марылі пра новую паездку вясной і летам. Я абяцаў. Але абяцанне не выканаў.Чаму? З-за працы. Раней, чым назваць так п'есу, Андрэй [Макаёнак] мяне называў "зацюканым апосталам" ( І. Шамякін ); "Пара ўжо зрабіць канкрэтныя захады і справу, каб педагог у роднай краіне быў ва ўсіх адносінах матэрыяльна забяспечаным чалавекам, а не жабраком, зацюканым апосталам" ( "Настаўніцкая газета" ); Гэта быў ўжо не зацюканы апостал часоў Дзікага Лугу. І знаку не засталося ад яго [Грыгоравай] сарамлівасці" (А . Федарэнка ).

Другі - дыпламаваны баран - з аднайменнай байкі К. Крапівы (1928). Абазначае 'невук з апломбам': "А колькі ў нас, асабліва зараз, калі ў ВНУ большасць месцаў платныя, дыпламаваных бараноў" ( Ю. Касцюк ); " Існуючая сістэма ўступных экзаменаў не з'яўляецца тым мудрамерам, які стаў бы адначасова бар'ерам для патэнцыяльных дыпламаваных бараноў, і брамай, у якую бесперашкодна пройдуць, абавязкова пройдуць самыя дастойныя" (" Настаўніцкая газета" ).

Больш як сямітысячны фразеалагічны склад нашай мовы падзяляецца паводле паходжання на 4 групы: а) спрадвечна беларускія фразеалагізмы (з трыма падгрупамі: агульнаславянскія, агульна-ўсходнеславянскія, уласна беларускія), б) запазычанні з іншых моў, в) калькі, г) паўкалькі. Запазычваюцца фразеалагізмы звычайна толькі з роднасных моў. З іншых, няроднасных моў выразы-запазычанні вельмі рэдкія, адзінкавыя. Іх чужаземнае паходжанне адчуваецца выразна. Гэта найчасцей запазычанні з лацінскай мовы (яны падаюцца і ў сучасных нашых слоўніках): альма-матэр, воленс-ноленс, персона нон грата . Апошнім часам атрымалі пашырэнне яшчэ некаторыя запазычанні з лацінскай мовы.

Спалучэнне тэра інкогніта (лацінскае terra inkognita літаральна значыць 'зямля невядомая') на геаграфічных картах даўнейшых стагоддзяў пазначалася ў тых мясцінах, дзе меркавалася існаванне неадкрытых і недаследаваных зямель.

Цяпер выраз тэра інкогніта ўжываецца ў сэнсе 'невядомая, непазнаная асоба ці прадмет': "Невялічкая кніжачка ягоных выбраных твораў апошні раз выходзіла аж у 1963 годзе. За гэты час вырасла ці не два пакаленні, для якіх Міхась Васілёк - тэра інкогніта" ( В. Блакіт ); "Творчасць А. Гаруна для многіх літаратараў-беларусаў пакуль застаецца тэра інкогніта" ( А. Трафімчык ); "Дэмакратыя для нас па-ранейшаму тэра інкогніта, каму яна патрэбна?" ( В. Быкаў ); "Калі для беларусаў Нямеччына - гэта ўвасабленне раю на зямлі, то для немцаў Беларусь - гэта тэра інкогніта, белая пляма…" ( А. Тарановіч ).

Запазычанне з лацінскай мовы гомо сапіенс - гэта 'чалавек як разумная істота'; прыклад з байкі К. Крапівы "Воўк і Гуманіст": "Наводзяць тут на роздум сумны такія погляды твае: ты гомо сапіенс разумны, а тут чагосьці не стае".

У адрозненне ад двух папярэдніх фразеалагічных запазычанняў, выраз голы васар уяўляе сумесь нашага прыметніка голы з нямецкім назоўнікам васэр (Wasser - 'вада'). Ужываецца з двума значэннямі. Першае - 'слабы толк, малая карысць з каго, чаго': "Не думаецца, што гэтую хвалю [масавых забурэнняў] здольныя асядлаць персоны са старой тытульнай апазіцыі - здрабнелыя, з 17-гадовым шлейфам параз. Карацей, голы васар" ( А. Класкоўскі ). Другое значэнне - 'поўная адсутнасць чаго-небудзь': "Шмат гадоў рэжым абразаў па самае не хачу дэмакратыю ды грамадзянскія свабоды, пры гэтым дзеўбучы: затое ў нас востраў стабільнасці! І што ў сухой астачы? Ні дэмакратыі, ні свабоды, ні стабільнасці. Голы васар!" ( "Народная воля" ). З амаль такімі ж значэннямі выраз фіксуецца ў "Слоўніку дыялектных фразеалагізмаў Гродзеншчыны" (2000) М.А. Даніловіча і ілюструецца прыкладамі з чатырох раёнаў вобласці.

Мне ўжо даводзілася пісаць пра ўнутрыфразеалагічны спосаб і яго шматлікія і разнастайныя працэсы ўтварэння новых фразеалагізмаў. Адзін з такіх працэсаў - утварэнне ад выразаў дзеяслоўнага тыпу суадносных з імі назоўнікавых фразеалагізмаў. Ён у пэўнай ступені збліжаецца з марфалагічным спосабам лексічнай дэрывацыі - самым прадуктыўным спосабам словаўтварэння. Так, у першых чатырох тамах ТСБМ пададзена каля 2000 назоўнікаў, утвораных ад дзеясловаў пры дапамозе суфіксаў ці нулявой суфіксацыі ( валодаць - валоданне , аглядаць - агляд ).

Падобную з'яву можна назіраць і сярод фразеалагізмаў. Тут таксама нярэдка новы выраз (назоўнікавы) фармуецца на аснове дзеяслоўнага ў выніку ўтварэння аддзеяслоўнага кампанента-назоўніка ад граматычна галоўнага слова; пры неабходнасці замяняецца і склонавая форма залежнага слова-кампанента: абіваць парогі - абіванне парогаў, зрываць маску - зрыванне масак, замятаць сляды - замятанне слядоў .

Супаставім ужыванне апошняй пары суадносных выразаў у межах двух суседніх сказаў: "Гэта ўжо было падобна на замятанне слядоў . А калі замятаюць сляды , тады, зразумела, пачынаюць нечага баяцца" ( М. Лынькоў ).

Тут назоўнікавы дэрыват ( замятанне слядоў ) мае ўжо не дзеяслоўнае, працэсуальнае значэнне, уласцівае выразу замятаць сляды , а назоўнікавае, прадметнае, у сказе выступае не як выказнік, а як дапаўненне, валодае не дзеяслоўнымі катэгорыямі трывання, часу, асобы і ладу, а назоўнікавымі - роду, ліку, склону, не спрагаецца, а скланяецца, - інакш кажучы, паводзіць сябе як звычайныя назоўнікавыя фразеалагізмы.

У двухтомным "Слоўніку фразеалагізмаў" (2008) такіх назоўнікавых утварэнняў каля 90. Пададзім яшчэ некалькі выразаў, узніклых у выніку аналагічнага працэсу.

Выкідванне на вецер грошай, сродкаў . Вытворны ад дзеяслоўнага выкідваць на вецер (грошы, сродкі), мае значэне 'дарэмная трата, неашчадныя расходы'. "- Практычна меліярацыя ў СССР… - Стала ўгробваннем грошай. Выкідваннем іх на вецер, - аднаго прафесара, глебазнаўцу, дапаўняе другі, медык" ( В. Санько ).

Зацягванне паясоў . Утвораны на аснове дзеяслоўнага зацягваць паясы і абазначае 'эканомнае расходаванне сродкаў пры адчуванні нястачы, беднасці'. "Калі мы хочам мець цывілізаваную эканоміку, краіне прыйдзецца зацягнуць паясы. Але ж трэба мець мужнасць уладзе прызнаць свае грубыя памылкі і пачаць зацягванне паясоў з сябе" ( Л. Заіка ).

Падстаўленне ножкі каму . Вытворны ад дзеяслоўнага падстаўляць ножку , мае значэнне 'знарочыстае ўчыненне шкоды, непрыемнасці каму-небудзь'. "Мне прыгадалася сказанае У. Дамашэвічам на нядаўнім пісьменніцкім пленуме: "У нашым пісьменніцкім асяроддзі няма шчырасці, добразычлівасці. Многа зайздрасці, падколвання, падседжвання, падстаўлення ножкі, незычлівай усмешкі ў спіну" ( У. Гніламёдаў ).

Прапанова рукі і сэрца каму . Утвораны ад дзеяслоўнага прапанаваць руку і сэрца ( каму ), абазначае 'просьба каго-небудзь стаць яго жонкай'. "- Вы збіраецеся пабрацца шлюбам са Зміцерам? - Я атрымала прапанову рукі і сэрца перад Вялікаднем" ( М. Коктыш ).

Прыняцце на грудзі чаго . Вытворны ад дзеяслоўнага прыняць на грудзі ( што ), мае значэнне 'выпіванне спіртнога'. "Яны выязджалі ў калгасы на ўборку гародніны і ўжо ў аўтобусе звычайна гарланілі песні, чаму спрыяла прыняцце на грудзі бутэлькі беленькай" ( А. Брава ).

Прывядзем яшчэ тры назоўнікавыя дэрываты, якія хоць і апісаны ў "Слоўніку фразеалагізмаў", але (па незалежных ад аўтара прычынах) пададзены або без апраўдальных ілюстрацыйных прыкладаў, або толькі з адной цытатай-прыкладам.

Вынаходніцтва веласіпеда . Абазначае 'абвяшчэнне чаго-небудзь даўно вядомага ўсім у якасці нібыта новага', паходзіць з дзеяслоўнага вынаходзіць веласіпед . "Пра галоўны крытэрый, вынаходніцтва веласіпеда і кодэкс гонару настаўніка" ( Загаловак артыкула ў "Настаўніцкай газеце" ); "У мяне, напрыклад, няма сістэмнай адукацыі - ды і не толькі ў мяне. Ёсць памяць, нахватанасць, кніжкі. А да нечага асноўнага прыходзіш вельмі позна. Вынаходніцтва веласіпеда гэта называеца" ( В. Казько ).

Закіданне шапкамі каго . Абазначае 'лёгкая і хуткая перамога каго-небудзь'. "На гарэлых панэлях расфуфыранага Неўскага панясліся выгукі наконт закідання шапкамі "праціўнае немчуры" ( Ц. Гартны ); "У вас завязаны вочы, Офенберг. Тут справа не абыдзецца закіданнем шапкамі" ( Н. Статкевіч ).

Курэнне фіміяму . Абазначае 'надзвычайнае ўзвялічванне, ліслівае праслаўленне каго-небудзь'. "70 гадоў В. Вольскаму. Я. Герцовіч даў пра яго артыкул "Непаўторнасць", з якога відаць, як устарэла метадалогія гэтага крытыка. Ператварылася ў курэнне фіміяму" ( У. Гніламёдаў ); "Ад нечаканасці і такога адкрытага курэння фіміяму я ледзь не з'ехала пад трыбуну, што стаяла побач" ( В. Паўлава ).

Некалькі слоў пра яшчэ адзін фразеалагізм. У рускай мове ёсць выраз глас вопиющего в пустыне , царкоўна-славянскі паводле ўзнікнення. У Бібліі апавядаецца, як адзін з прарокаў звярнуўся да ізраільцянаў у пустыні, каб яны падрыхтавалі шлях Богу. Але заклік прарока не быў пачуты і застаўся "гласом вопиющего в пустыне" (Ісаія, 40, 8). Выраз азначае 'дарэмныя заклікі да чаго-небудзь, якія застаюцца без увагі'. У "Руска-беларускім слоўніку" (1982, т. 1, с. 178) да гэтага выразу даюць адпаведнік: крык адзінокага ў пустыні . Але ён не прыжыўся ў нашай мове. Замест яго У. Караткевіч выкарыстаў марны лямант у пустыні . І цяпер яго ўжываюць другія аўтары (А. Ветах, У. Арлоў і інш.); напрыклад: "Мы разам трываем, чакаючы лепшае будучыні. У пустыні моўчкі марым пра аазіс. Марны лямант у пустыні" (С. Астравец).

Іван Лепешаў.


Помнік беларускага драўлянага дойлідства ў в. Стайкі Невельскага раёна можа быць захаваны

У в. Стайкі Невельскага раёна Пскоўскай вобласці захаваўся ўнікальны помнік беларускага драўлянага дойлідства - Пакроўская царква. На жаль, зараз яна знаходзіцца ў напалову разбураным стане, пра што сведчаць здымкі, зробленыя яшчэ ў 1993 годзе. Дзякуючы клопату супрацоўніка аддзела архітэктурнай археалогіі Эрмітажа сп. Аляксандра Гордзіна, мы здолелі звярнуцца ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, якое накіравала адпаведны ліст у Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі.

Мы заклікаем беларусаў, якія стала жывуць у Расіі, таксама падтрымаць нашу ініцыятыву.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Сп. П. П. Латушку,

Міністру культуры

Рэспублікі Беларусь

пр. Пераможцаў, 11,

220004, г. Мінск

Шаноўны Павел Паўлавіч!

Да мяне звярнуўся Аляксандр Гордзін, навуковы супрацоўнік адцзела архітэктурнай археалогіі Эрмітажа, які паведаміў, што ў Невельскім раёне Пскоўскай вобласці гіне адзіны з апошніх у Расіі помнік беларускага драўлянага культавага дойлідства XVIII ст. - царква ў в. Стайкі. Каб яе захаваць, патрэбны тэрміновыя меры па яе кансервацыі.

У сувязі з гэтым просім Вас звярнуцца да міністра культуры Расіі з просьбай правесці меры па кансервацыі і захаванню ўнікальнага помніка беларускага дойлідства. Пры неабходнасці Аляксандр Гордзін можа даслаць здымкі гэтага аб'екта.

З павагай,

старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А. Трусаў.



Старшыні Грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.

Аб рэстаўрацыі царквы ў в. Стайкі

Паважаны Алег Анатольевіч!

Па звароту аб прыняцці мер па захаванні помніка драўлянага дойлідства - Пакроўскай царквы ў в. Стайкі Невельскага райна Пскоўскай вобласці паведамляем.

Гэтае пытанне было разгледжана Міністэрствам культуры на падставе ліста Гордзіна А.М.

Прапанова аб правядзенні рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на помніку драўлянага дойлідства падтрымана і ў адпаведнасці з Парадкам распрацоўкі і рэалізацыі праграм й дзяржавы накіравана Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь у Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі (ад 05.07.2012 № 01-19/Г-361) з просьбай разгледзець магчымасць удзелу ў фінансаванні дадзеных мерапрыемстваў у рамках бюджэту Саюзнай дзяржавы і выступіць пры гэтым дзяржаўным заказчыкам-каардынатарам.

Аб пазіцыі і дзеяннях Міністэрства культуры па дадзеным пытанні Гордзін А.М. праінфармаваны (ад 04.07.2012 № 01-19/Г-361).

З павагай,

Намеснік Міністра Т.І. Стружэцкі.


Ці будзе памятная манета ў гонар 200-х угодкаў з дня народзінаў паэта Паўлюка Багрыма?

Зайграй, зайграй, хлопча малы,

І ў скрыпачку, і цымбалы,

А я зайграю ў дуду,

Бо ў Крашыне жыць не буду…

15 жніўня 2012 года Баранавіцкія сябры ТБМ звярнуліся да старшыні Нацбанка з просьбай выпусціць памятную манету да 200-годдзя паэта Паўлюка Багрыма. У лісце на імя старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзеі Ермаковай старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ імя Ф. Скарыны Віктар Сырыца паведамляе, што 2 лістапада 2012 года спаўняецца 200 гадоў з дня народзінаў вядомага беларускага паэта і каваля Паўлюка Багрыма, які нарадзіўся ў вёсцы Крашын пад Баранавічамі. Нягледзячы на тое, што захаваўся толькі адзіны верш паэта "Зайграй, зайграй, хлопча малы…", але гэты паэтычны твор сведчыць пра вялікі мастацкі патэнцыял адзінага нашага сялянскага паэта XIX ст. Гэты верш стаў яркім узорам беларускай лірычнай паэзіі. У гонар таленавітага земляка на яго малой радзіме названы музей мастацтваў і рамёстваў, а ў Баранавічах ў новым мікрараёне "Бараўкі" ёсць вуліца імя Паўлюка Багрыма.

- Выпуск Нацыянальным банкам памятнай манеты ў гонар Паўлюка Багрыма мог бы стацца годным ушанаваннем памяці нашага славутага земляка ў год такога слаўнага юбілею, - адзначыў В. Сырыца.

З падобным зваротам - выпусціць памятную паштоўку або агортку (канверт) у гонар 200-годдзя паэта Паўлюка Багрыма - старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца звярнуўся таксама да міністра сувязі і інфармацыі Мікалая Панцялея.

Вітусь Свабодскі.


Выйшаў "дзіцячы" "ПрайдзіСвет"

Дзясяты нумар часопіса перакладной літаратуры "ПрайдзіСвет" (prajdzisvet.org/) прысвечаны дзіцячай літаратуры і мае назву "Дарослым уваход забаронены". Гэтым разам у нумары змешчаныя творы 25 аўтараў, а таксама некалькі падборак казак розных народаў свету, у перакладах 21 перакладчыка з 13 моваў, у тым ліку даволі рэдкіх: дацкай (Ханс Крысціян Андэрсэн), нідэрландскай (Тон Тэлеген), хіндзі і японскай (народныя казкі).

На старонках часопіса малады чытач знойдзе сабе творы па гусце і па ўзросце.

Асаблівай увагі заслугоўваць такія культавыя творы дзіцячай літаратуры, як "Прыгоды Тома Соера" (М. Твэн), "Пітэр Пэн" (Дж. М. Бары), "Казка пра трусіка Пітэра" (Б. Потэр), "Чараўнік краіны Оз" (Ф. Баўм), "Мах і Шэбестава ў школе" (М. Мацоўрак) і іншыя прадстаўленыя ў нумары.

Таксама ў новым нумары "ПрайдзіСвета" змешчаныя анкеты-інтэрвію з сучаснымі замежнымі знакамітымі пісьменнікамі, чые дзіцячыя творы бацькі маюць магчымасць пачытаць дзецям па-беларуску: У. Старк, Ю. Вісландэр і М. Вівэг.

Варта адзначыць і раздзел "Залаты век ілюстрацыі" (prajdzisvet.org/book/35-mastaki-zalatoha-vieku-iliu-stratsyi.html), дзе падабраныя працы найлепшых мастакоў эпохі, якая лічыцца росквітам мастацкай ілюстрацыі (1850-1925). Многія творы нумара таксама аздобленыя разнастайнымі ілюстрацыямі.

Рубрыка "Майстар-клас" гэтым разам прэзентуе інтэрвію з Верай Бурлак, перакладчыцай кнігі Льюіса Кэрала "Скрозь Люстэрка, і Што ўбачыла там Аліса".

Рэдакцыя часопіса "ПрайдзіСвет"


Навінкі беларускай філатэліі

26 ліпеня, адбылося чарговае спецгашэнне канверта "Першага дня" і адпаведнай маркі, прысвечаных міждзяржаўнай мэтавай праграме "Інавацыйныя біятэхналогіі".

Таксама быў выдадзены мастацкі канверт, прысвечаны 125-годдзю адкрыцця паштовага аддзялення ў г. Лунінец Берасцейскай вобласці.

Наш кар.


Лёсам не зломлены

На адной са шматлікіх вечарын у г. Менску я пазнаёміўся з Мікалаем Кечанковым. Ён нарадзіўся ў вёсцы Дзям'янкі, што на Гомельшчыне. У 1984 годзе ён пахаваў бацьку. Мае 90-гадовую маці.

Першапачаткова Мікола атрымаў адукацыю біёлага. А трохі пазней бібліятэкара ў БУК.

Мікола выкладаў біялогію ў школе. Але Чарнобыль зрабіў шкоду. У 33 гады хлопец стаў інвалідам 1 групы...

З 2009 года Мікола жыве ў гарадскім псіханеўралагічным інтэрнаце састарэлых і інвалідаў №2 г. Менска, што ў Дражні. Але хаваць сабе ён не збіраецца! Мікола актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці інвалідаў, спявае ў мясцовым ансамблі, піша вершы, вышывае і падпрацоўвае ў гэтым жа інтэрнаце. Мікола Кечанкоў - сябра ТБМ (2005 г.), а таксама сябра Беларускага саюза фалькларыстаў! Хлопец вельмі добра валодае беларускай мовай, чытае беларускамоўную прэсу, якую прывозяць сябры...

Мікола Кечанкоў, як сапраўдны артыст, выступае з канцэртамі ў сацыяльнай установе і па-за яе сценамі. Мікола Кечанкоў змагаецца са сваёй хваробай - эпілепсіяй і марыць пра вяртанне дадому ва ўласну кватэру.

Міколай Кечанковым ганарыцца медперсанал і паважаюць жыхары сацыяльнай установы!

Аляксей Шалахоўскі, журналіст, гісторык культуры.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Кухаронак А.Д. - 10000 р., г.п. Смілавічы

2. Сцяпук - 10000 р., г. Менск

3. Кукавенка Іван - 25000 р., г. Менск

4. Рубахава Л.Н. -30000 р., г. Менск

5. Давідоўскі Ігар - 100000 р., г. Менск

6. Манкірчык Н.П. - 10000 р., г. Менск

7. Лазарук Тамара - 30000 р., г. Менск

8. Пухоўская Ю.А. - 10000 р., г. Менск

9. Ерахавец А.А. - 10000 р., г. Менск

10. Жураўскі С.І. - 500000 р., г. Менск

11. Пархоменка А. - 100000 р., г. Менск

12. Пілецкая Галіна - 20000 р., г. Менск

13. Булевіч О.В. - 50000 р., г. Ліда

14. Павідайка В.М. - 70000 р., г. Менск

15. Барысава Сафія - 50000 р., г. Менск

16. Кірыенка В.Г. - 20000 р., г. Менск

17. Сантаровіч Рэната - 30000 р., г. Менск

18. Жук Анатоль - 50000 р., г. Слуцк

19. Дадзькоў К.І. - 30000 р. г. Менск

20. Чаркасава Галіна -110000 р., г. Пружаны

21. Прылішч І.А. - 25000 р., г. Менск

22. Паўловіч Анатоль - 100000 р., г. Менск

23. Бушлякоў Юры - 250000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Руская культура ў Беларусі: праблемы гарманічнага суіснавання з нацыянальнай

Практыка мэтанакіраванага распаўсюджвання, укаранення на самім дзяржаўным узроўні рускай культуры на беларускіх землях бярэ свой пачатак ад першых дзён іх інкарпарацыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772, 1793, 1795 гадах у склад Расійскай імперыі. Пад уплывам дзяржаўнай палітыкі паланізацыі, у чым актыўны ўдзел браў і каталіцкі касцёл, наш народ, асабліва яго заможныя і найбольш адукаваныя станы, панеслі каласальныя нацыянальныя культурна-моўныя страты, і калі ён ўсё ж захаваў сваё адметнае ад суседзяў этнічнае аблічча, дык толькі дзякуючы жыхарам сельскай мясцовасці з іх спрадвечна трывалым традыцыйным укладам жыцця. Тагачасных ліцвінаў-беларусаў ніяк нельга было атаясамліваць, як гэта рабілі царскія чыноўнікі, афіцыйныя ідэолагі, рэлігійныя дзеячы, ні з палякамі, ні тым болей - з рускімі, бо яны, ліцвіны-беларусы, былі самабытным, адрозным як ад першых, так і ад другіх этнасам. Рашучае адмаўленне такога законнага ў нашых прашчураў права быць самім сабой якраз і паслужыла для Расійскай імперыі падставай акупаваць іх землі, якія з 1569 года і да падзелаў Рэчы Паспалітай знаходзіліся ў яе складзе ў статусе Вялікага Княства Літоўскага. Сваім непрызнаннем беларускага народа за самабытны этнас свецкія і духоўныя ўлады Расійскай імперыі апраўдвалі палітыку гвалтоўнага ўкаранення рускай культуры на іх землях, дзе ўжо вельмі магутнае карнявішча мела польская культура.

Было б несправядліва не адзначыць, што ў той час у Расіі знаходзіліся - праўда вельмі мала - і прагрэсіўных поглядаў палітыкі і прадстаўнікі інтэлігенцыі, якія глядзелі на беларусаў (толькі пад іншымі этнонімамі), як на самабытны народ. Вось, да прыкладу, як віцэ-адмірал Сяргей Пляшчэеў у выдадзенай у 1790 годзе ў Санкт-Пецярбурзе кнізе "Обозрение Российской империи в нынешнем ею новоустроенном состоянии" характарызаваў жыхароў Полацкага і Магілёўскага наместніцтваў: "Жители оного суть Поляки и Литва Римско-католицкого закона, из которых малое число Греческого исповедания, прочие - Униаты…" Як бачым, аўтар названай кнігі не ўжыў у дачыненні да насельніцтва нават прылеглых да самай Расіі намесніцтваў этнонімаў "беларусы" ці "рускія". Выкарыстаў жа тэрмін "палякі", хутчэй за ўсё беручы пад увагу іх прыналежнасць да каталіцкай веры. Тым болей, афіцыйныя колы царскай Расіі не мелі ніякага права атаясамліваць з рускімі жыхароў цэнтральнай і заходняй частак нашай Бацькаўшчыны. Але такое з зайздроснай упартасцю рабілася, па-першае, дзеля таго, каб абгрунтаваць сваю палітыку ўкаранення рускіх пачаткаў жыцця на акупаваных землях, а па-другое, пазбавіць Еўропу глебы абвінавачваць царызм у незаконным захопе і ўтрыманні пад сваёй уладай чужой тэрыторыі. З выдумкай, што тут спрадвеку жылі адзінакроўныя рускаму народу браты, прагрэсіўныя еўрапейскія колы ніяк не пагаджаліся, што, аднак, ніколькі не стрымлівала агрэсіўных русіфікатарскіх намераў царызму.

На вялікую нашую бяду, царызму, калі не ўсё, дык вельмі і вельмі многа ўдалося зрабіць па заглушэнні беларускай нацыянальнай культуры і занясенні на нашую землю рускай культуры. Удалося ж гэта яму дзякуючы ўключэнню ў практыку самых дзейсных чыннікаў культурнамоўнай асіміляцыі: арганізацыя ўсіх відаў службовага справаводства на рускай мове, выкарыстанне толькі яе ў па-за літургічнай службе і дзейнасці Рускай праваслаўнай царквы як дамінантнай пасля скасавання ў 1839 годзе уніяцкай царквы і нарэшце - рускамоўная сістэма адукацыі. Ці ж не можа не здзіўляць, што за ўвесь час пад'ярэмнага жыцця нашага краю ў складзе царскай імперыі яго мясцовыя органы ўлады не аформілі аніводнай паперкі на беларускай мове, што не быў заснаваны аніводны беларускамоўны праваслаўны прыход, што не быў зроблены аніводны выпуск вучняў з беларускамоўнай школы. Такую трагедыю, як беларусы, мала хто зведаў з еўрапейскіх народаў. У нацыянальным вымярэнні нават культуры паволжскіх народаў Расіі лепш сябе пачувалі за беларускую.

Неабмежаваная прысутнасць усяго рускага ў культурным жыцці Беларусі, у чым вялікая заслуга прысланых сюды чыноўнікаў, інтэлігенцыі, духоўных асобаў прарускай арыентацыі, ніяк не давала нашаму народу сцвердзіцца ў сваёй этнакультурнай самабытнасці, зрабіць хоць крок па набліжэнні да перадавых народаў Еўропы ў сферы культуры. А ў ёй жа ў другой палове XVIII - ХІХ стагоддзя адбыліся проста каласальныя дасягненні, чым яна не магла пахваліцца ў ХХ стагоддзі і па ўсім відаць не пахваліцца ў ХХІ стагоддзі ў сувязі з масавым, няспынным адыходам ад традыцыйных формаў культурнай дзейнасці чалавецтва. У той час як у суседніх і аддаленых ад Беларусі еўрапейскіх краінах ствараліся сапраўдныя шэдэўры мастацкай літаратуры, геніяльныя музычныя творы, мы з-за паланізацыі, а затым русіфікатарскай палітыкі царызму не можам пахваліцца аніводным салідным літаратурным творам у жанры рамана, па-сапраўднаму класічнай операй, бессмяротнай, любімай не толькі сваім, але і іншымі народамі аперэтай. Мы толькі радуемся, што ў літаратурных творах Адама Міцкевіча і іншых народжаных на нашай зямлі пісьменнікаў хоць зрэдку сустракаюцца беларускія словы і выразы, што польскія і рускія кампазітары не раз звярталіся і да выкарыстання чагосьці адметнага з нашай музычнай спадчыны. О, як усяго гэтага мала, каб усур'ёз гаварыць пра прыстойны ўзровень беларускай нацыянальнай культуры ў часы панавання царскага палітычнага рэжыму ў нашым краі.

Ужо і тады спрэс на яго абшары рэльефна абазначылася перавага рускага над беларускім ва ўсіх прафесійных пластах культуры. Такога небяспечнага для лёсу беларускага народу негатыву не назіралася толькі ў фальклоры.

Такім неўраджайным, як для беларусаў, ХІХ стагоддзе не было ні для аднаго з народаў славянскай этнічнай супольнасці, хаця яны знаходзіліся ў няволі ў далёкіх па крыві і культуры, а некаторыя яшчэ і па рэлігіі тытульных нацый. Не памылюся, калі скажу, што надзвычай плённае для культуры Еўропы ХІХ стагоддзе сталася стратным для беларусаў стагоддзем, што адчуваецца яшчэ і пасёння і невядома, калі ўсё гэта скончыцца, асабліва з-за амаль франтальнага выключэння з грамадскага жыцця краіны такога важнага кампанента яе культуры, як беларуская мова.

Нягледзячы на поўнае ігнараванне афіцыйнымі ўладамі царскай імперыі ролі беларускага пачатку ў культуры нашага краю, не толькі дарэвалюцыйныя рускія, але і савецкія гісторыкі давалі пазітыўную адзнаку яго знаходжанню ў складзе Расіі. У 1972 годзе выйшаў у свет першы том пяцітомнай "Гісторыі Беларускай ССР". У параграфе "Беларуская культура" яго аўтар Уладзімір Пасэ па ўжо даўно прынятай бальшавіцкімі ідэолагамі завядзёнцы робіць выснову: "Уз'яднанне з Расіяй было буйным паваротам у гістарычным лёсе беларускага народа. Гэты гістарычны акт адпавядаў інтарэсам шырокіх мас беларускага народа, яго спрадвечнаму імкненню ўз'яднацца з родным яму па паходжанні, мове, культуры і гістарычным мінулым вялікім рускім народам" . У самім жа параграфе не прыведзена аніводнага факту падтрымкі царызмам нацыянальнай культуры насельніцтва далучанай тэрыторыі. Калі штосьці ўладамі і рабілася ў сферы культуры, дык толькі дзеля рускага інтарэсу, чаго не ўтойвае і У. Пасэ, калі піша пра даволі тэрміновае адкрыццё ў Беларусі рускіх школ, у праграмах якіх асноўнае месца "займала выкладанне рускай мовы, рускай гісторыі і геаграфіі, што далучала навучэнцаў да культуры брацкага рускага народа" , а што гэта адрывала ад сваёй, не сказана ні слова. Адукацыя ў чужой мове не давала і ніколі не дасць карысці аніводнаму народу.

Названы аўтар у такой заганнай палітыцы царызму ў галіне школьнай адукацыі нічога не бачыць такого, што сведчыла б пра выкарыстанне яе ў якасці інструмента русіфікацыі маладых пакаленняў беларускага народа. Неабходна цвёрда прытрымлівацца такой думкі, што якой дасканалай не была б чужамоўная сістэма адукацыі, яна не можа спрыяць духоўнаму развіццю народа іншых нацыянальна-культурных традыцый. Куды больш праўдзіва паказаў жыццё нашага краю ў першыя гады пасля інкарпарацыі яго ў склад Расіі незалежны гісторык Вацлаў Ластоўскі: "… у канцы ХVIII стагоддзя, пасля раздзелу Польшчы, беларусы трапілі з агню да ў полымя - з польскіх у "братнія" маскоўскія абдымы… тут, маскоўскія "браты" пачалі зусім іх душыць, каб сцерці след беларускага народа, каб беларусаў абмаскаліць". І такое ўдавалася свецкім і духоўным уладам царскай імперыі.

Было б грубай памылкай не бачыць пазітыўнага ўплыву прагрэсіўнага элементу рускай культуры на духоўнае развіццё нашага краю, недаацэньваць творчага супрацоўніцтва паміж сабой рускай і беларускай інтэлігенцыі. Усё гэта мела месца на практыцы, але сам факт афіцыйнага непрызнання беларусаў за адметны ад рускіх народ, адмаўлення існавання ў самой прыродзе арыгінальнай беларускай культуры не дае аніякіх падстаў для станоўчай адзнакі знаходжанню нашай Бацькаўшчыны пад скіпетрам цара на такіх кабальных умовах. Палітыку царызму па арганізаваным экспарце рускай культуры ў Беларусь ніяк нельга апраўдаць. Даводзіцца толькі здзіўляцца, што гарачых, шчырых прыхільнікаў такой каланіяльнай палітыкі хапае сёння і ў суверэннай Рэспубліцы Беларусь. На справе ж нацыянальнаму інтарэсу нашага краю адпавядала б толькі такая дзяржаўная культурная палітыка, якая мела б на мэце максімальна поўнае вызваленне яго духоўнага жыцця ад негатыўных наступстваў паланізацыі і забеспячэнне яму ўсіх умоў для самабытнага развіцця з тым, каб выключыць з практыкі ўсё, што магло весці да рускай культурна-моўнай асіміляцыі. У замене ж паланізацыі ў аднолькавай ступені рэакцыйным курсам русіфікацыі нельга бачыць нічога прагрэсіўнага. Як мы многа страцілі, што на такіх жа пазіцыях стаяла не адно пакаленне дарэвалюцыйных і савецкіх гісторыкаў, не жадаючы разумець, што існаванне ў гіпертрафічных маштабах, а ў жыцці ж менавіта так і было, і польскай, і рускай культур, нічога, акрамя шкоды, не магло даць для духоўнага росквіту беларусаў. Яго сапраўднаму прагрэсу магло служыць развіццё толькі на ўласнай культурнамоўнай аснове. Выкарыстанне ў гэтых мэтах чужых культуры і мовы, нягледзячы нават на іх блізкасць, роднасць, параўнальна высокі ўзровень развіцця - гэта ўсыпаны атрутнымі калючкамі шлях у асіміляцыю. Адарваны ад роднай культуры і мовы народ, а на гэта ж якраз і скіроўвалі ўсю сваю палітыку царызм і Руская праваслаўная царква, - гэта сапраўдны баласт для цывілізаванага свету, бо ён нічога не стварае свайго арыгінальнага, паразітуе на чужым, а таму і не ў стане хоць штосьці адметнае ўнесці ў культурную разнастайнасць планеты Зямля.

Не па сваёй віне, а з-за афіцыйнай забароны развівацца ва ўласным нацыянальна-культурным рэчышчы, наш народ і на момант скону царскай імперыі не паспеў вызначыцца з саманазвай для сябе. Адсюль даволі шырокае распаўсюджанне ў нас такога неакрэсленага тэрміну, як "тутэйшыя".

Панаванне крайне песімістычных настроеў датычна перспектыў беларускай культуры пастаянна вымывала з асяроддзя беларускага народа таленавітых у дадзенай сферы дзейнасці людзей і вымушала іх шукаць якую-небудзь іншую краіну, каб спаўна выкарыстаць атрыманы ад прыроды дар у тым ці іншым жанры творчасці. Парадокс: беларусы нацыянальна дэфармуюцца з-за руйнавальнага ўздзеяння на сабе культурна-моўнай русіфікацыі, а іх таленавітыя асобы замест рашучага супрацьстаяння апошняй у пошуках шчасця ўцякаюць у іншыя краіны, а то яшчэ і дапамагаюць царызму ў нявечанні сваёй культуры. Культурнае донарства беларусаў - гэта наша сапраўдная нацыянальная трагедыя, канца якой я не бачу яшчэ і сёння.

Пазбаўленне свецкімі і духоўнымі ўладамі царскай Расіі ўсялякіх перспектыў для захавання і развіцця беларускай культуры моцна паўплывала на прафесійную арыентацыю творчых людзей з некарэннага насельніцтва нашага краю. Дарэчы, тут заўжды іх жыло нямала, асабліва яўрэяў. Нягледзячы на рознага роду абмежаванні, яны не толькі рухалі да новых вышыняў уласную культуру, але і ўпэўнена ўмацоўвалі свае пазіцыі на ніве рускай культуры, лічачы яе адзіна перспектыўнай у царскай імперыі, а таму і самай жаданай пры выбары сферы выкарыстання сваіх творчых здольнасцяў. Надзеленыя дарам мастацкага слова прадстаўнікі яўрэйскай этнічнай супольнасці валам падаліся ў рускую літаратуру. У другую палову XIX - пачатку XX стагоддзя яны выдавалі на рускай мове ў Пецярбургу "Новое время", штотыднёвікі "Новости", "Театр и искусство", педагагічны часопіс "Русская школа", у Маскве - газету "Новости дня" і "Новости иностранной литературы".

Немагчыма пераацаніць выгоду для рускай культуры і навукі, што "І. Ефрон заснаваў фірму "Брокгауз и Ефрон" і выдаваў "Библиотеку великих писателей", "Библиотеку самообразования", "Библиотеку естествознания", "Библиотеку промышленных знаний"; ён жа выпусціў "Большой энциклопедический словарь" у васьмідзесяці шасці тамах… "Товарищество М.О. Вольфа" было адным з вядучых выдавецтваў на рускай мове; Н. Цэйтлін выпусціў у выдавецтве "Просвещение" звыш пяцісот кніг і дванаццацітомную энцыклапедыю; І. Кнебель заснаваў першае ў Расіі спецыялізаванае выдавецтва выяўленчага мастацтва; браты А. і І. Гранат выпускалі энцыклапедыі… З яўрэяў, што працавалі на карысць рускай музычнай культуры, заслугоўваюць быць згаданымі стваральнік у Маскве сімфанічнага аркестра і "Российского музыкального издательства" дырыжор С. Кусевіцкі, яго калегі Э. Купер (дырыжыраваў аркестрам Вялікага тэатра ў Маскве), А. Хесін (дырыжыраваў сімфанічнымі аркестрамі Пецярбурга, Масквы і Кіева), скрыпач Б. Губерман (у час гастроляў у Генуі яе гарадскі савет даў яму для выступлення ў канцэрце скрыпку славутага Паганіні). Папулярны і па сёння вальс "Амурские волны", прысвечаны гераізму рускіх салдат ў вайне з Японіяй, напісаў выхадзец з яўрэяў ваенны дырыжор М. Кюс. Хаця ў разгляданы мною час яўрэяў у Беларусі жыло больш, чым у цэнтральных губернях Расіі, яны і тысячнай долі не зрабілі для нашай культуры з таго, што выпала на долю рускай культуры. Больш за тое, некаторыя з іх бралі непасрэдны ўдзел у росквіце, распаўсюджванні апошняй на беларускай зямлі. Да пералічаных асобаў дадам яшчэ з тройку іх таленавітых супляменнікаў, што ўзбагацілі рускую культуру: скульптар Марк Антакольскі (дарэчы ўраджэнец моцна звязанага з нашай гісторыяй горада Вільні), кампазітар Антон Рубінштэйн, жывапісец-пейзажыст Ісак Левітан.

Яны так інтэграваліся ў рускую культуру, што пры выбары сюжэту для сваёй творчасці яўную перавагу аддавалі чаму-небудзь з жыцця абранай імі краіны. Так, М. Антакольскі з'яўляецца аўтарам скульптур "Іван Грозны", "Пётр І", "Ярмак", А. Рубінштэйн напісаў оперу "Дэман" паводле аднайменнай паэмы Міхаіла Лермантава, І. Левітан амаль усе свае палотны прысвяціў паказу своеасаблівасцяў і прыгажосці рускай прыроды. Варта звярнуць увагу і на такую акалічнасць: абсалютная бальшыня самых таленавітых яўрэйскіх творцаў на ніве рускай культуры нарадзілася не ў цэнтральных губернях царскай імперыі, а на ўключанай у межы аселасці тэрыторыі. Практычна межы аселасці ніколі не датычылі тых яўрэяў, якія маглі прынесці вялікую карысць для рускай культуры.

Беларускай жа як афіцыйна непрызнанай, а таму бесперспектыўнай паводле меркавання шырокіх колаў нацыянальнай творчай інтэлігенцыі культуры, мясцовая яўрэйская этнічная супольнасць "ахвяравала" практычна толькі аднаго свайго таленавітага сына Змітрака Бядулю. Галоўная прычына такой скупасці: і яўрэі таксама не бачылі з-за антынацыянальнай палітыкі царызму перспектыў у беларускай культуры на яе родных прасторах.

І прыклад з расійскай культурай можа служыць пераканаўчым пацверджаннем, што вялікія, развітыя культуры свету не ёсць вынік толькі выключнай таленавітасці, плённай працы іх прыродных носьбітаў. Такога высокага прызнання яны заслужылі, асабліва ў поліэтнічных краінах, у значнай ступені дзякуючы таму, што іх уладныя структуры сваёй палітыкай у сферы культуры змаглі паставіць ёй на службу многіх таленавітых творцаў, якія не належаць да тытульнай нацыі.

З'яўленне ў два перадрэвалюцыйныя дзесяцігоддзі беларускамоўных газет, невялікай колькасці кніг (звычайна друкаваліся па-за межамі Беларусі) зусім не сведчыла, што царскія ўлады прызналі існаванне ў прыродзе самабытнай беларускай культуры, што яны былі гатовыя дзеля яе развіцця ў чымсьці абмежаваць рамкі безмежнага панавання рускай культуры на этнічнай тэрыторыі беларусаў, каб гэтым самым зменшыць рэальную пагрозу іх русіфікацыі. Мала што змянілася ў афіцыйных поглядах на праблему культурнага развіцця Беларусі пасля прыходу да ўлады Часовага ўраду ў лютым 1917 года.

Не жадалі лічыцца з незайздросным рэальным станам беларускай культуры на сваіх родных гонях, што, паўтаруся, з'яўлялася вынікам шматгадовай дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі, і тыя сілы, што прыйшлі да ўлады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ў Расіі. Яны нават не пажадалі ў афіцыйную назву нашай зямлі ўключыць тэрмін "беларускі", працягваючы па-ранейшаму карыстацца найменнем Заходняя вобласць, у многім падобным да царскіх часоў Паўночна-Заходняга краю. У верасні 1918 года гэтую вобласць пераўтварылі ў Заходнюю камуну, але толькі не ў Беларусь. У практычнай дзейнасці ўладных структур Заходняй вобласці, Заходняй камуны нічога не адшукаць такога, што сведчыла б пра іх зацікаўленасць да лёсу нацыянальнай культуры беларускага народа. Лічылася, што ў межах гэтых дзяржаўных фармаванняў ключавыя пазіцыі павінны на афіцыйным узроўні забяспечвацца толькі за рускай культурай. Як бачым, кастрычніцкі пераварот 1917 года ў Расіі не зняў з парадку дня праблему выратавання беларускага народа ад руйнавальнага ўздзеяння на яго наступстваў дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі.

Прынцыпова зусім інакш да гэтай лёсавызначальнай для беларускага народа праблемы паставіліся кіраўнікі, ідэолагі абвешчанай у 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі, першы ўрад якой - Народны Сакратарыят Беларусі - быў створаны 20 лютага таго ж года. Хаця ўсё яшчэ працягвалася вайна паміж кайзераўскай Германіяй і Савецкай Расіяй, у выніку якой узніклі неверагодныя эканамічныя цяжкасці, многія людзі засталіся без даху над галавой, зрушыліся з родных мясцін і падаліся ў эвакуацыю - часцей пад прымусам, - урад БНР і ў гэтых экстрэмальных варунках па-бацькоўску клапоціцца пра занядбаную з-за царскай вялікадзяржаўнай нацыянальнай палітыкі беларускую культуру: прымае пастанову аб наданні беларускай мове статусу дзяржаўнай (такога ж статусу пазбавілі яе прапольскія ўлады Рэчы Паспалітай ў 1696 г.), дапамагае яшчэ раней заснаваным на захопленай кайзераўскімі вайскамі тэрыторыі беларускім школам, стварае новыя, арганізуе курсы па падрыхтоўцы беларускамоўных настаўнікаў, курсы па беларусазнаўстве, робіць неадкладныя захады, каб навучальна-выхаваўчы працэс у Менскім педагагічным інстытуце паступова мяняў сваё рускае аблічча на беларускае, у красавіку 1918 года адкрывае Менскую вышэйшую музычную школу (у гэтым жа годзе яе перайменавалі ў Беларускую кансерваторыю), усяляк садзейнічае працы падрыхтоўчай камісіі па стварэнні ў Менску Беларускага ўніверсітэта, выдзяляе патрэбныя сродкі на выпуск беларускамоўных газет, арганізацыю дзейнасці выдавецтваў, розных устаноў культуры. Ва ўсім гэтым мы знаходзім дастаткова падстаў сцвярджаць, што пасля падзелаў Рэчы Паспалітай упершыню за больш як цэлае стагоддзе толькі ўрад БНР пачаў на дзяржаўным узроўні клапаціцца пра развіццё беларускай нацыянальнай культуры, пра забеспячэнне ёй прыярытэтнага стану перад рускай культурай, якая дзякуючы галоўным чынам падтрымцы царызму, займала ў нашым краі вядучыя пазіцыі на самых элітарных, прафесійных дзялянках яго культурнага жыцця, усяляк садзейнічаючы русіфікацыі беларусаў.

Здіўляюся, да якой ступені трэба быць палітычна блізарукім, вызначацца дэфармаванасцю нацыянальнай самасвядомасці дзяржаўным мужам, афіцыйным ідэолагам, каб не аддаваць належнае ўраду БНР за яго ўзважаныя, разумныя практычныя дзеянні па забяспячэнні беларускай культуры вядучага месца на яе гістарычнай тэрыторыі, дзякуючы чаму толькі і можна было захаваць этнакультурную самабытнасць нашага краю, над якой такі працяглы час існавала рэальная пагроза быць цалкам размытай пад уздзеяннем магутнага чужароднага ўплыву? Да тае пары, пакуль сучаснае грамадства, асабліва яго элітныя палітычныя і інтэлектуальныя колы, як след не ацэняць ролі нацыявыратавальных для беларускага народа захадаў ураду БНР, мы не будзем мець падстаў сцвярджаць пра наяўнасць у нашых людзей высокай, здаровай дзяржаўнай свядомасці, належнай гістарычнай памяці.

Не сумняваюся, што выключная павага ўладных структур БНР да ўсяго нацыянальнага ў культуры ў вырашальнай ступені паўплывала на пазітыўнае стаўленне да яго кіраўніцтва абвешчанай 1 студзеня 1919 года Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. Хоць яно моцна залежала ад Расійскай Федэрацыі і ў пытаннях культуры, усё-такі пэўныя крокі па ўзмацненні ў ім ролі беларускага нацыянальнага пачатку даволі смела рабілася. Іх пазітыўныя ўздзеянні на сябе адчулі і культура, і адукацыя, але асабліва - самы занядбанны, запушчаны складнік духоўнага жыцця нашай Бацькаўшчыны - беларуская мова. Маштабнасць, актыўнасць нацыянальна-культурнай дзейнасці ўраду БССР не пайшлі на спад нават і пасля ўтварэння ў снежні 1922 года буйнапланавага дзяржаўнага поліэтнічнага аб'яднання - Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Адсутнасць такога спаду - гэта вялікі плюс у практычнай дзейнасці ўладных структур БССР. Не выключаю, што ў іх складзе знаходзіліся асобы з добрым разуменнем, што кожная шматнацыянальная дзяржава - гэта магутны этнічны плавільны кацёл, у якім, дзякуючы адпаведнай палітыцы ўладаў, можна пазбавіць самабытнасці ўсе народы, што не належаць да тытульнага. Як і ў часы царскай імперыі, рускаму народу з яго багатай нацыянальнай культурай пашчасціла і ў СССР заставацца цэнтральнай этнічнай фігурай.

Я нічога не магу казаць крытычнага датычна бальшавіцкай палітыкі ў нацыянальна-культурнай сферы ў першыя гады існавання СССР. На велізарнай тэрыторыі зямной кулі, дзе яшчэ зусім нядаўна ў плавільным катле ўсе нярускія народы гублялі сваю культурна-моўную адметнасць, зараз сама дзяржава ўзяла на сябе святы інтэрнацыянальны абавязак захаваць іх ад руйнавальнага чужынскага ўплыву, выбіць глебу з-пад ног зацятых русіфікатараў. Ствараліся вельмі спрыяльныя варункі для пераўтварэння СССР ў прывабную для ўсяго свету поліэтнічную краіну з незвычайнай культурнай разнастайнасцю, дзе ніводнаму народу не пагражала б быць паглынутым больш развітой у культурным плане нацыяй, у тым ліку і рускай. У кожным нацыянальна-адміністрацыйным рэгіёне СССР прыярытэт на самім дзяржаўным узроўні надаваўся культуры мясцовага насельніцтва. Прысланыя ў такія рэгіёны з цэнтральных абласцей Расійскай Федэрацыі, а іншым разам таксама з Украіны, Беларусі партыйныя работнікі, спецыялісты абавязваліся ў даволі сціплыя тэрміны авалодаць мясцовай мовай і карыстацца ёю ў сваёй прафесійнай дзейнасці. Падобнае рабілася дзеля недапушчэння чаго-небудзь такога, што нагадвала б сабою царскую палітыку русіфікацыі. Дзякуючы такому прагрэсіўнаму нацыянальнаму курсу Маскоўскага Крамля і нашая рэспубліка ўлетку 1924 года ўвяла ў сябе дзяржаўную палітыку беларусізацыі, на якую з другой паловы 1930-х і амаль да канца 1980-х гадоў наклалі табу. У афіцыйных колах не любяць гаварыць пра яе і сёння. Прычыну патлумачыць вельмі проста: цяпер духам той далёкай выратавальнай міжваеннай беларусізацыі нішто не прасякнута ў нашым бязрадасным нацыянальным жыцці.

Абвешчаны кіраўніцтвам маладой савецкай рэспублікі Беларусь курс на беларусізацыю адкрыў шырокі магістральны шлях для развіцця нашага народа на ўласнай нацыянальна-культурнай аснове, надзейна зачыніў усе шлюзы перад русіфікацыяй. Такое прыстойнае жыццё тытульнаму народу БССР забяспечвалася праз увядзенне яго роднай мовы ва ўсе віды службовага справаводства, ва ўстановы адукацыі, культуры і навукі, у выдавецтвы, рэдакцыі газет і часопісаў, тапанімію, візуальнае афармленне населеных пунктаў. Вельмі хутка Беларусь як знутры, так і звонку пераўтварылася ў самадастатковую нацыянальную рэспубліку, якую, каб і хацеў, дык не зблытаў бы з ніякім суседнім адміністрацыйным рэгіёнам Расійскай Федэрацыі ці Украіны. У дасягненні такога буйнога поспеху ў нацыянальным будаўніцтве вельмі вялікая роля належала калектыву Беларускай акадэміі навук, чаго без усякага апраўдання не назіраецца сёння ў яе пераемніцы.

Міжваенная беларусізацыя да мінімуму зменшыла лік скептыкаў у дачыненні да перспектыў беларускай культуры на яе прыроднай гістарычнай тэрыторыі, што самым дабратворным чынам паўплывала на творчую актыўнасць не толькі мастацкай, навуковай, педагагічнай інтэлігенцыі, але і ўсяго беларускага народа. Непахісная, цалкам абгрунтаваная ўпэўненасць у бліскучую будучыню беларускай культуры выклікала шчырае жаданне працаваць на яе карысць у мясцовых яўрэяў, палякаў, рускіх, татар, прадстаўнікоў іншых нацыянальных мяншыняў. Болей за тое, з такім вартым вялікай ухвалы намерам ехалі ў БССР - часта па рэкамендацыі саміх агульнасаюзных структур - зусім не шараговыя творцы з цэнтральных абласцей Расійскай Федэрацыі нібыта з мэтай дапамагчы беларускаму народу хутчэй залячыць нанесеныя яму цяжказагойныя раны царскай русіфікацыяй. З такіх пасланых нам валанцёраў ці проста добраахвотнікаў з ліку творчых людей заслугоўваюць быць названымі кампазітары: супрацоўнік Дзяржаўнага інстытута музычнай навукі (Масква) Мікалай Аладаў, выкладчык Свярдлоўскага музычнага тэхнікума Васіль Залатароў, Пётр Падкавыраў (Чалябінск). Родам з Пецербургу былі Аляксей Туранкоў, Яўген Цікоцкі. Не пабаюся сказаць, што ў даваеннай БССР яны складалі сапраўдную красу яе музычнай інтэлігенцыі. Кожны з іх, абраўшы нашу Бацькаўшчыну сваёй другой радзімай, зусім не імкнуўся навадніць яе прысвечанымі рускай тэматыцы творамі, а меў перад сабой цалкам усвядомленай мэтай працаваць пераважна над мясцовым матэрыялам. Так, М. Аладаву належаць музычныя камедыі "Тарас на Парнасе" (1927), "Над ракой Арэсай" (1933, на словы Янкі Купалы), Я. Цікоцкаму - опера "Міхась Падгорны" (пастаўлена ў 1939 г., лібрэта Пятруся Броўкі), араторыя "Вызваленне" (на словы Янкі Купалы). Для напісанай у 1934 годзе сваёй чацвёртай сімфоніі В. Залатароў не знайшоў ніякай іншай назвы, як "Беларусь".

Але, відаць, не было роўных паводле ўкладу ў беларускую музычную культуру рускаму па нацыянальнасці кампазітару Мікалаю Чуркіну. Калі БССР у выніку дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі рабіла ўпэўненыя крокі па шляху свайго так зачаканага нацыянальна-культурнага Адраджэння, ён працаваў выкладчыкам педагагічнага тэхнікума ў Магілёве (да вясны 1924 года знаходзіўся у складзе Расійскай Федэрацыі), а ў 1935 годзе пераехаў у Менск. Яго прынята ў нас лічыць адным з заснавальнікаў беларускай прафесійнай музыкі. Ён пачынальнік беларускага нацыянальнага жанравага сімфанізму, аўтар першай беларускай савецкай оперы "Вызваленне працы", запісаў і апрацаваў шмат беларускіх народных мелодый.

Не было патрэбы агітаваць да працы на ніве беларускай нацыянальнай культуры творчых людзей з ліку мясцовай яўрэйскай этнічнай групы. А такіх у апошняй здаўна хапала, што нават існавалі цяжкасці з іх прафесійным уладкаваннем. Многім прадстаўнікам яўрэйскай творчай інтэлігенцыі дапамагло вызначыцца з працай - няхай сабе і не ў родным рэчышчы - выкліканая беларусізацыяй вялікая патрэба беларускай культуры ў кадрах. Цяпер ужо і яўрэі паверылі ў яе шчаслівую будучыню, чаго за імі практычна не назіралася за царскім часам. Пры самым вялікім жаданні не знайсці ў даваеннай БССР такой культурнай дзялянкі, дзе б не працавалі яўрэі, прычым з добрымі творчымі набыткамі. Што ж датычыць стварэння беларускага нацыяльнага балета, тут увогуле яўрэям не было роўных. Першым творам такога жанру мастацтва стаў паказаны ў лістападзе 1939 года ў Менску балет "Салавей". У аснову яго пакладзена аднайменная аповесць Змітрака Бядулі, музыку напісаў Міхаіл Крошнер, галоўную ролю маладога сялянскага пастуха Сымона выканаў Сямён Дрэчын. Гэты балет ставілі ў 1940 годзе на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. Ці вось такі паказальны прыклад: музыку да самай папулярнай са створаных у БССР да вайны песень "Бывайце здаровы" на словы Адама Русака напісаў яўрэй Ісак Лобан. Яе ў свой рэпертуар уключаў самы папулярны савецкі эстрадны спявак Леанід Уцёсаў (яўрэй на нацыянальнасці), а ў пасляваенны час легендарны французскі спявак армянскага паходжання Шарль Азнавур.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Леанід Лыч, Інстытут гісторыі НАН Беларусі


Ліпеньская вандроўка ТБК Літвы

29-га ліпеня сябры ТБК, працягваючы традыцыю, зрабілі вандроўку па Віленшчыне. На двух аутамабілях наведалі Яшуны, Малыя Салечнікі, Вялікія Салечнікі, Дзевянішкі, Каменку, Тургелі, разваліны Паўлавай Рэспублікі, Рудаміна. Гэтым разам нам пашанцавала, бо за экскурсавода з намі быў навуковец, археолаг Зянон Пазняк. Яго малая радзіма, мястэчка Суботнікі Гарадзенскай вобласці знаходзіцца за 13 км ад Дзевянішак.

У мястэчку Яшуны наведалі сямейныя могілкі Балінскіх. Могілкі ад 1830 да гэтых дзён захаваліся і добра дагледжаны - мураваная агарожа, каванага жалеза вароты ўвесь час замкнёныя. Праз іх відаць багатыя помнікі. З шыльды каля варот даведаліся хто тут пахаваны. Гісторык, публіцыст, гаспадар Яшуноў Міхал Балінскі (1794-1864). Яго сын Ян Балінскі (1824-1902) - заснавальнік навуковай псіхіатрыі ў Расеі, прафесар Пецярбургскай вайсковай медычнай акадэміі. Сябра Міхала, рэктар Віленскага ўніверсітэта, прафесар астраноміі і матэматыкі, філосаф Ян Снядэцкі (1756-1830). Наведалі сядзіба-паркавы комплекс Балінскіх. Яшуны вядомыя ад 1402. Ад 1819 іх гаспадар Ян Балінскі. Ад таго часу Яшуны сталі важным цэнтрам культуры. У палацы была бібліятэка. Тут гасцявалі прафесары з Вільні, вядомыя паэты і грамадскія дзеячы, сярод іх Адам Міцкевіч. У наш час сядзіба-паркавы комплекс у запусценні. Але ў такім стане, што яго можна адрэстаўраваць. У мястэчку каля 1800 жыхароў, староства, тры сярэднія школы.

У вёсцы Малыя Салечнікі мы былі сведкамі актыўнага ўдзелу прыхаджан у імшы. У драўляным касцёле не маглі памясціцца ўсе ахвотныя, таму людзі стаялі на ганку. Людзі маладыя, з дзецьмі.

У горадзе Вялікія Салечнікі , на ўскраіне з боку Вільні, першае што заўважаеш, гэта 6-ці метровая, прыгожая, белая капліца, пабудаваная тут у 18-м стагоддзі. У цэнтры горада - новы, вялікі помнік нашаму нацыянальнаму герою Кастусю Каліноўскаму. Прыемна адзначыць тое, што помнік устаноўлены па ініцыятыве і намаганнямі мясцовай суполкі беларусаў. Наведалі касцёл. І зноў пабачылі імшу ў перапоўненым касцёле. І тут, як і ў Малых Салечніках, прыхаджане стаялі на ганку касцёла і на вуліцы ўздоўж ганка. Маладыя сем'і, з дзецьмі. Каля касцёла - прыгожы помнік Адаму Міцкевічу. Тут 2-га лістапада 1821 г. паэт упершыню бачыў наш абрад "дзяды". Адзін з найвядомейшых твораў паэта так і названы "Дзяды". Салечнікі вядомыя ад 1311. Пасля ўваходу Літвы ў склад СССР у 1940 Салечнікі разам з Друскенікамі і Адуцішкамі былі падараваны Літве за яе прыхільнасць саветам. Цяпер у Салечніках каля 6400 жыхароў, 72 працэнты з іх сябе лічаць палякамі.

Мястэчка Дзевянішкі нас сустрэла цішынёю. Касцёл у той час быў зачынены. Дзевянішкі ўзгадваюцца ад 1385. Цяпер тут каля 900 жыхароў. Цэнтр староства. За 6 км ад мястэчка мяжа з нашай Бацькаўшчынаю.

Па дарозе з Дзевянішак на Тургелі вёска Каменка . Тут таксама прыгожы касцёл ужо быў ціхі.

Вялікая вёска Тургелі (660 жых.) ўражвае вялізным, мураваным у стылі неабароко, касцёлам, пабудаваным у 1837, перабудованым у 1900-1909гг.

З Тургеляў павярнулі на поўдзень, да ракі Мерачанка. Тут, на яе беразе, нам адкрыліся руіны мураваных палацаў гістарычна вядомай Паўлавай Рэспублікі. Усе мы, за выключэннем Зянона Пазняка, іх бачылі ўпершыню. Але болей за ўсіх іх цяперашні выгляд здзівіў і парадаваў Пазняка. Справа ў тым, што ўся тэрыторыя вакол руін цяпер пазначана будаўнічай СТОП-стужкай. Зблізу мы ўбачылі, што тут распачаліся будаўнічыя работы. Гэта прыемная навіна для Зянона і ўсіх руплівых краязнаўцаў. Гісторыя Паўлавай Рэспублікі вядомая і каштоўная тым, што гэта была найбольш радыкальная сялянская рэформа ў 18-м стагоддзі. Павел Бжастоўскі, ксёндз у Тургелях, на тэрыторыі свайго маёнтка (усяго78 валокаў - каля 1640 гектараў) увёў самакіраванне. Ад 1769 да 1795 Рэспублікай кіраваў прэзідэнт (сам гаспадар маёнтка) і сялянскі сойм. Замест прыгону Павел ўвёў чынш. Даў сялянам волю. Яго сяляне без абмежаванняў маглі распараджацца сваім багаццем, займацца рамёсламі і гандлем. Адчыніў школу. Сялян вучылі чытаць, пісаць, лічыць, розным рамёствам (вырабляць капялюшы, плясці з лазы, рабіць пруткамі і інш.) У выніку вольнай працы павялічыліся ўраджаі. Даход гаспадара маёнтка вырас. Сяляне сталі ахвотна клапаціцца пра сваё жыллё і побыт. Рэспубліка мела свае грошы, сваё войска. У 1784 годзе Рэспубліка была прызнана вялікім князем ВКЛ, каралём Польшы Станіславам Панятоўскім. Рэспубліка распалася калі Павел-прэзідэнт зразумеў, што пасля 3-цяга падзелу Рэчы Паспалітай Расея забярэ і яго маёнтак. Таму размяняў маёнтак на маёнтак у Саксоніі. Новы гаспадар адмяніў чынш і ўвёў прыгон.

Вёска Рудаміна - апошняя ў нашым падарожжы. Ад яе да Вільні 12 км. Тут таксама цішыня. Прыемна палюбавацца як добраўпарадкаваны і дагледжаны драўляны касцёл. Мушу адзначыць, што такія пачуцці былі ўсюды на маршруце падарожжа, дзе мы наведвалі касцёлы. Яшчэ ў Рудаміна ёсць царква драўляная і разваліны мураванае царквы. Ад 1377 Рудаміна вядомая як горад ВКЛ. Цяпер вялікая вёска каля 4300 жыхароў.

Апроч прыемных пачуццяў пад час гэтай вандроўкі, ўдзельнікі зведалі крыўду і сум. Ведаючы, што Віленскі край у ранейшыя вякі быў беларускім краем і бачачы, якое актыўнае грамадскае жыццё тут цяпер вядуць палякі, крыўдна але даводзіцца прызнаць, што наша Бацькаўшчына Беларусь не была здольнай адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы ў часы СССР, тым больш цяпер, стаўшы незалежнай дзяржавай, Рэспубліка Беларусь нашага нацыянальнага інтарэсу тут не бачыць. Сумна робіцца, калі чуеш ад жыхароў Віленскага краю пытанні-папрокі: "Чаму мы цяпер не чуем па радыё і не бачым па тэлевізары беларускамоўных перадачаў з Беларусі. Раней, за савецкім часам, такія перадачы былі. І нам была магчымасць чуць нашу родную мову. Часцей моваю карысталіся, больш адчувалі сябе беларусамі.

Зянон Пазняк па дарозе з Рудаміна ў Вільню звярнуў увагу ўдзельнікаў вандроўкі на неабходнасць весці навуковае даследаванне беларускае гістарычнае спадчыны тут, у краі. Звяртаючыся да нас, ён прапанаваў маладым сябрам Таварыства ўзяцца за гэту важную для Беларусі справу. Нам не выходзіць чакаць, калі гэтым займуцца дзяржаўныя ўстановы Рэспублікі Беларусь. Пакуль на Бацькаўшчыне не адбудзецца палітычных, нацыянальна-дэмакратычных перамен, клапаціцца пра яе нацыянальныя інтарэсы павінна грамадства.

Васіль Акуневіч, в.а. старшыні ТБК Вільня .

На здымках: 1. Каля палацу Балінскіх; 2. Капліца ў Салечніках; 3. Помнік Кастусю Каліноўскаму; 4. Рэшткі Паўлавай Рэспублікі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX