Вярнуцца: 2012

№ 42 (1089)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 42 (1089) 17 кастрычніка 2012 г.


Першы Нацыянальны форум "Музеі Беларусі"

12 - 14 кастрычніка ў рамках дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011-2015 гады ў Гародні праходзіў Нацыянальны форум "Музеі Беларусі".

Сёння ў Беларусі налічваецца 1914 музеяў, з іх 156 - у сістэме Міністэрства культуры.

Прадставіць свае экспазіцыі прыехалі каля 150 розных музеяў з усёй Беларусі. На форум прыбыло каля 800 удзельнікаў з розных куткоў нашай краіны, з блізкага і далёкага замежжа. Віленскі, Калінінградскі і Разанскі музеі таксама ўзялі ўдзел у конкурснай праграме і прадставілі свае працы. Тры дні музеі гасцявалі на манежы цэнтральнага стадыёна "Нёман".

На цырымоніі адкрыцця з прывітаннем і віншаваннем усіх працаўнікоў музеяў і жыхароў Гародні выступіў міністр культуры Беларусі Павел Латушка. Ён падкрэсліў, што музейная справа з'яўляецца вельмі важнай у вобласці культуры і мастацтва нашай краіны. Сённяшняе свята з'яўляецца добрай нагодай для таго, каб прааналізаваць, што сёння ўяўляе сабою музей у Беларусі. Музей - гэта тое месца, куды мы, быўшы маленькім хлопчыкам ці дзяўчынкай, адчыняем дзверы і пазнаём штосьці пра гісторыю свайго горада ці краіны.

Таксама Павел Латушка адзначыў, што Нацыянальны форум будзе праходзіць адзін раз у два гады і будзе падарожнічаць па многіх гарадах Беларусі.

На форуме прадстаўлены чатыры праграмы: дзелавая, дэманстрацыйная, замежная, культурная. Кожная з іх дае магчымасць наведаць навукова-практычныя семінары, круглыя сталы, майстар-класы, пешаходныя экскурсіі па горадзе і экскурсіі па музеях.

У гэтыя дні любы ахвотнік мог бліжэй пазнаёміцца з прадстаўленымі музеямі, даведацца пра іх гісторыю, выпрабаваць на сабе мультымедыйныя сродкі, якія дазваляюць віртуальна пахадзіць па хатах, дзе жылі беларускія класікі.

Апроч усяго ў жыхароў і госцей Гародні была ўнікальная магчымасць наведаць шэраг музеяў з бясплатнымі экскурсіямі. А для аматараў пешых шпацыраў былі арганізаваны экскурсіі па горадзе працягласцю ў паўтары гадзіны.

Наш кар.


120 гадоў з дня нараджэння Янкі Тарасевіча

Янка Тарасевіч (Іван Міхайлавіч Тарасевіч) нарадзіўся 20 кастрычніка 1892, в. Клешнякі Лідскага павету Віленскай губерні, цяпер Шчучынскі раён - беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч.

З 1911 году ў ЗША. У 1917-1918 гадах вывучаў тэалогію ў Манрэалі (Канада), скончыў Фрыбурскі каталіцкі ўніверсітэт у Швейцарыі (1925). З 1912 г. член ордэна салатынаў, у 1923 г. пасвечаны ў ксяндза. З 1926 г. выкладаў у семінарыі ў штаце Нью-Ёрк. У 1936 г. перайшоў у Ордэн бенедыктынцаў. З 1937 г. працаваў у манастыры св. Пракопа ў г. Лайл каля Чыкага. У 1941 г. адзін з ініцыятараў стварэння культурна-грамадскай арганізацыі Беларуска-амерыканская нацыянальная рада, разам з Я. Варонкам і Я. Рэшацем уваходзіў у яе ўправу, у 1941-1948 г. старшыня. Заснавальнік беларускай уніяцкай парафіі Хрыста Збаўцы ў Чыкага. У 1921, 1924, 1935 і 1967-1968 наведаў Беларусь.

Аўтар шэрагу філасофска-тэалагічных трактатаў, у т. л. "Зло і лякарства на яго", "Беларусы ў святле праўды". У 1930-1940-я г. выдаваў бюлетэнь "Праўда", ангельска-расейскамоўны ўніяцкі часопіс "Церковный голос", у 1952-1961 - "Лісток к беларусам". Супрацоўнічаў з часопісам "Chryscijanskaja Dumka" ("Хрысціянская думка"), "Божым шляхам", "Siaubit" ("Сейбіт") і іншымі.

Доктар тэалогіі (1925). Памёр 11 чэрвеня 1978 г.

(Паводле Вікіпедыі.)


110 гадоў з дня нараджэння Кастуся Кернажыцкага

Кернажыцкі Канстанцін Iванавіч (8.10.1902-28.02.1942). Ураджэнец в. Выдранка Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Красна-польскі р-н Магілёўскай вобл. Вучоны-гісторык. Кандыдат гiстарычных навук (1934), дацэнт. Нарадзіўся ў сям'і святара. У пачатку 1920-х г. паступіў у БДУ. Ажаніўся, гадаваў дваіх дзяцей. Скончыў БДУ у 1926. Працаваў настаўнiкам (1919-1921), у БДУ, Вышэйшым педагагiчным iнстытуце, навуковым супрацоўнiкам Iнстытута гiсторыi Акадэмii навук БССР, памочнiкам рэдактара аддзела гiсторыi Беларускай Савецкай Энцыклапедыi. Даследаваў гiсторыю сацыяльна-эканамiчнага развiцця Беларусi эпохi феадалiзму i капiталiзму і быў аўтарам каля 20 навуковых прац. Выйшла манаграфiя "Аграрная рэформа ў Бабруйскiм старостве і эканамiчнае становiшча з 17 да паловы 19 ст." (1931), "Да гiсторыi аграрнага руху на Беларусi перад iмпералiстычнай вайной" (1932), "Гаспадарка прыгоннiкаў на Беларусi ў канцы 17 i першай палове 19 ст." (1935), "Старонкi з гiсторыi рабочага руху перыяду iмпералiстычнай вайны" i iншыя. Ён быў адным са складальнiкаў зборніка дакументаў "Гiсторыя Беларусi у дакументах i матэрыялах" (Т.1, 1936).

Арыштаваны ў Менску 11.12.1937. Асуджаны "тройкай" НКУС 14.5.1939 як "польскі шпіён" да 8 гадоў ППК. Асабістая справа К. № 11843-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Памёр у лагерным шпіталі. Рэабілітаваны 5.6.1958 г.

(Паводле Вікіпедыі.)


Беларускую мову будуць вывучаць у Познані

Шаноўныя сябры,

З прыемнасцю паведамляем, што дзякуючы намаганням Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў Познані, Універсітэт імя Адама Міцкевіча ўпершыню зладзіў міжфакультэтнае вывучэнне беларускай мовы. У сакавіку 2012 года Беларускі Цэнтр у Познані пачаў збіраць подпісы за стварэнне лектарату беларускай мовы і дзякуючы шырокай падтрымцы студэнтаў, улады ўніверсітэта пайшлі насустрач гэтай прапанове. На запіс прыйшло каля 20 студэнтаў, якія будуць вывучаць беларускую мову ў інстытуце ўсходазнаўства. Месца гэтае асабліва важнае, таму што ў ім навучаюцца студэнты, якія часцяком папаўняюць шэрагі шматлікіх дзяржаўных і недзяржаўных установаў, што займаюцца Беларуссю. Заняткі будуць адбывацца раз на тыдзень, на працягу ўсяго года. Мову выкладае доктар Ганна Жаброўская, беларуска, якая скончыла Ўніверсітэт імя Адама Міцкевіча. Апрача заняткаў на ўсходазнаўстве беларускую мову можна таксама вывучаць у межах заняткаў на расейскай філалогіі, якія будуць адбывацца ў двух розных групах. Можна меркаваць, што сёлета беларускую мову ў Познані будзе вывучаць ад 30 да 50 студэнтаў.

З павагай, Беларускі культурна-асветніцкі цэнтр у Познані.


Берасцейскі чыгуначны вакзал хочуць пакінуць без беларускай мовы

Сп. Кабякову,

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,

220016, г. Мінск,

вул. К. Маркса, 38

Аб візуальным афармленні Брэсцкага чыгуначнага вакзала

Паважаны Андрэй Уладзіміравіч!

Зараз адбываецца рэканструкцыя Брэсцкага чыгуначнага вакзала, якая павінна завяршыцца да II квартала 2013 года.

У сувязі з гэтым просім Вас звярнуць увагу на візуальнае беларускамоўнае афармленне новых інтэр'ераў і фасадаў вакзала. Паколькі Брэсцкі чыгуначны вакзал з'яўляецца візітнай карткай нашай краіны, мы прапануем:

1) усе надпісы зрабіць па-беларуску вялікімі літарамі;

2) прадубляваць іх меншымі літарамі на англійскай, рускай, нямецкай і польскай мовах;

3) зрабіць краму па продажы беларускай літаратуры;

4) адкрыць крамы па продажы беларускіх сувеніраў, асабліва вырабаў з керамікі, саломкі, лямцу (працы дрыбінскіх шапавалаў), ільну і інш.

З павагай, Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы імя

Ф. Скарыны"

Трусаву А.

Аб візуальным інфармаванні пасажыраў вакзала станцыі Брэст-Цэнтральны

Разгледзеўшы па даручэнні Брэсцкага аблвыканкама Ваш зварот аб беларускамоўным візуальным інфармаванні пасажыраў з дубляваннем надпісаў (больш дробным шрыфтам) на англійскай, рускай, нямецкай і польскай мовах, уладкавання магазінаў па продажы беларускай літаратуры, сувеніраў і інш. РУП "Брэсцкае аддзяленне БЧ" паведамляе наступнае.

У частцы назвы аб'ектаў вакзала і станцыі заказчык - аддзяленне чыгункі кіруецца СТП 09150.50.149-2010 "Порядок нанесения наименований вокзалов, станций, остановочных пунктов, депо, дистанций и пассажирских участков, инвентарных номеров обьектов основных средств на Белорусской железной дороге", зацверджаным загадам ад 16.11.2010 № ПЗОНЗ (у рэд. загаду ад 24.02.2011 № 186НЗ), пунктам 4.5 якога прадпісана "Текст наименования обьектов Бел. ж. д. и в служебных (поясняющих) словах ("железнодорожный вокзал", "станция", "вагонное депо" и т.п.) приводить на белорусском и (или) русском языках".

На сённяшні дзень па заказу дзяржаўнага прадпрыемства "Институт Белжелдорпроект" - генпраекціроўшчыка па праектаванні рэканструкцыі аб'ектаў пасажырскага комплексу ст. Брэст-Цэнтральны сіламі рэкламнай кампаніі "Оптимальный Свет Плюс" выкананы дызайн-праект "Визуально-адресное ориентирование" (ВАО) як раздзел архітэктурнага праекта "Реконструкция пассажирского комплекса ст. Брест-Центральный. Здание ж.д. вокзала. 2 очередь". Будынак чыгуначнага вакзала з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, у сувязі з чым, архітэктурны праект узгоднены з Упраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры РБ. Дызайн-праектам мяркуецца выконваць усе надпісы на рускай мове (як і на інфармацыйных табло) з іх дубляваннем меншым шрыфтам на англійскай (найбольш распаўсюджанай міжнароднай) мове (акрамя назвы станцыі, вакзала і яго бакоў, якія выкананы на рускай мове ў адпаведнасці з СТП. 09150.50.149-2010). Лічым, што дубляванне надпісаў на 4 мовах (акрамя асноўнай) прывядзе да страты выразнасці элементаў ВАО і нагрувашчвання інфармацыі. Вывучаючы міжнародны вопыт будаўніцтва і эксплуатацыі падобных аб'ектаў відаць, што надпісы ў асноўным выконваюцца на 2 мовах. У сувязі з гэтым у ходзе рэканструкцыі будуць захаваны існуючыя надпісы і назвы.

Рашэнне пытання ўладкавання магазінаў па продажы беларускай літаратуры і сувеніраў беларускай вытворчасці можа быць знойдзена пры перспектыўным будаўніцтве канкорста, у складзе якога мяркуецца наяўнасць арэндных плошчаў пад гандлёвыя крамы.

У выпадку нязгоды з вынікамі разгляду звароту Вы маеце права абскардзіць яго у ДА "Беларуская чыгунка" па адрасе г. Мінск, вул. Леніна, 17.

Галоўны інжынер аддзялення чыгункі У.А. Расіч.



Як відаць з адказу, чыгуначныя мудрацы і знатакі інструкцый спрабуюць пакінуць заходнія чыгуначныя вароты Беларусі без беларускай мовы.

Шаноўныя сябры, справа ізноў за намі , ізноў прыйшла пара збору подпісаў, каб абараніць наша права на родную мову.


Вернем Беларускай чыгунцы беларускае аблічча

Начальніку беларускай чыгункі

сп. Уладзіміру Марозаву,

вул. Леніна, 17,

220030, г. Мінск

Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь занепакоены той палітыкай русіфікацыі, якую зараз праводзіць Беларуская чыгунка:

- так, назвы на чугуных станцый і вакзалаў, асабліва ў Віцебскай вобласці пераводзяцца з беларускай мовы на рускую;

- электрычкі Мінскіх гарадскіх ліній не маюць беларускамоўнага візуальнага афармлення;

- кіраўніцтва Брэсцкага аддзялення чыгункі прыняло рашэнне ў наступным годзе зрабіць новае візуальнае афармлене Брэстскага чыгуначнага вакзала - візітнай карткі нашай краіны, толькі на рускай і англійскай мовах;

- усе праязныя дакументы на Беларускай чыгунцы зроблены толькі на мове суседняй дзяржавы.

У сувязі з гэтым мы патрабуем у адпаведнасці з дзейнай Канстытуцыяй вярнуць дзяржаўную беларускую мову ва ўсе сферы дзейнасці нашай дзяржаўнай беларускай (а не расейскай) чыгункі.


Урач-лячэбнік ці ўрач-лячэннік?

У публікацыі Паўла Сцяцко з цыклу "Мовазнаўчы досвед" \НС, № 38 за гг.\ асаблівую ўвагу звярнуў артыкул "Урач-лячэбнік, лечачы ўрач".

Трэба падтрымаць спробу аўтара знайсці беларускі адпаведнік рускага тэрміна лечащий врач \прапануецца ўрач-лячэбнік \. Цяпер слоўнікі даюць яго кальку лечачы ўрач . Шлях пошуку натуральнага беларускага эквіваленту, які абраў навукоўца, - жыццёвы, усталяваны ў мове: некаторыя рускія дзеепрыметнікі (прыметнікі) перакладаюцца беларускімі аддзеяслоўнымі назоўнікамі. Напрыклад: начинающий литератор - літаратар - пачатковец , консолидирующая религия - рэлігія-кансалідант.

Толькі ж сам назоўнік лячэбнік для шуканага тэрміна не зусім прыдатны. П. Сцяцко абгрунтоўвае правамернасць тэрміна ўрач-лячэбнік ты, што ён "досыць выразна перадае змест адпаведнага паняцца, яго існасць, што вынікае з семантыкі ўтваральнага слова лячэбны "прызначаны для лячэння, звязаны з лячэннем".

Аднак якраз семантыка і марфемная структура назоўніка лячэбнік , замацаваныя ў літаратурным ужыванні і ў слоўніках, не дапускаюць выкарыстання гэтага слова ў значэнні "той, хто лечыць, займаецца лячэннем".

А між тым у жываой беларускай мове ад дзеясловаў лёгка ўтвараюцца назоўнікі з суфіксам -ннік, -оннік , што абазначаюць асоб паводле іх занятку. У кнізе П. Сцяцко "Беларускае народнае словаўтварэнне" (Мінск, 1977) даследуюцца такія назоўнікі, у іх ліку: грабеннік - "грабец", важэннік - "хто возіць", вучэннік - "настаўнік", скараджэннік -"баранавальшчык", стрыжэннік - "цырульнік".

У гэты шэраг улучаецца словаўтваральна празрысты і сэнсава недвухзначны (што важна для тэрміна) назоўнік лячэннік , у якім выразна адбілася сувязь з словамі лячэнне, лячыць .

Лячэннік - той, хто лечыць, займаецца лячэннем. А "той" - урач.

Значыць, гэтыя назоўнікі добра, згодна аб'ядноўваюцца ў складзе тэрміна ўрач-лячэннік . Што да заўважнай на першым часе гутарковай стылістычнай афарбоўкі слова лячэннік , то ў працэсе функцыянавання тэрміна яна можа нейтралізавацца.

Такім чынам, прапанаваны П. Сцяцко варыянт тэрміна (з улікам нашых заўваг - урач-лячэннік ) можа стаць прадметам зацікаўлення з боку карыстальнікаў беларускай мовай.

Не выключаюцца іншыя варыянты. У прыватнасці ўрач-лечнік . Значэнневую недавыражанасць слова лечнік кампенсуе спалучаны з ім назоўнік урач . А вось спалучэнне з прыдаткам урач-лячэнец , відаць, не падыдзе як назва ўрача, які лечыць. Лячэнец можа ўспрымацца: "той, хто лечыцца, каго лечаць; пацыент".

Алесь Каўрус.


Парадак дня Рэспубліканскай Рады ТБМ 21.10.2012 г.

Праект

1. Інфармацыя Старшыні ТБМ аб працы арганізацыі ў 2012 г.

2. Абмеркаванне плану працы ТБМ на 2013 год.

3. Аб зменах у рэдкалегіі газеты "Наша слова".

4. Аб зменах у складзе Сакратарыяту.

5. Інфармацыя па рэалізацыі праекту аб Міжнародным сертыфікаце беларускай мовы.

6. Прыняцце Звароту да дэпутатаў Нацыянальнага сходу аб неабходнасці прыняцця Закона "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы".

7. Прыняцце Звароту да ўладаў Беларусі аб абвяшчэнні 2013 года Годам беларускай мовы.

8. Рознае.


Зварот Рады ТБМ да ўладаў Беларусі

Праект

Сябры Рады ТБМ прапануюць абвясціць наступны, 2013 год, "Годам беларускай мовы" ў гонар юбілею класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага і 1150-годдзя з моманту стварэння першай славянскай азбукі і перакладу на славянскую мову першых кніг Святога Пісання. Мы таксама прапануем Ураду Беларусі распрацаваць і ажыццявіць канкрэтную праграму падтрымкі беларускай мовы ў розных сферах грамадскага жыцця нашай краіны.


Зварот Рады ТБМ да дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Праект

Сябры Рады ТБМ звяртаюцца да наноў абраных дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з прапановай распрацаваць і прыняць у бліжэйшы час закон "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы". Канцэпцыя адпаведнага праекта закона прынята 11-м з'ездам ТБМ і надрукавана ў газеце "Наша слова".


ЗВАРОТ Віцебскай абласной рады ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" "Аб плане падрыхтоўкі да 90-годдзя В.У. Быкава"

Прыняты на пасяджэнні рады 26 верасня 2012 года

1. Рада адзначае, што прапановы па падрыхтоўцы да 90-годдзя з дня народзінаў В.У. Быкава, папярэдне абмеркаваныя і агучаныя старшынём абласной арганізацыі І.А. Навумчыкам 19 чэрвеня 2012 г. у в. Бычкі Ушацкага раёна на імпрэзе падчас святкавання 88-ай гадавіны пісьменніка, былі адзінадушна падтрыманыя ўдзельнікамі Літаратурных чытанняў і знайшлі станоўчы водгук у Міністэрстве культуры. Як вядома, прынята настойлівая прапанова грамадскасці Беларусі аб стварэнні ў Менску музея В.У. Быкава.

2. Віцебская абласная рада ТБМ лічыць неабходным правядзенне шырокай прапаганды твораў пісьменніка. Мы прапануем арганізаваць разам з бібліятэкамі чытацкія канферэнцыі, кніжныя выставы, творчыя вечарыны, прысвечаныя жыццёваму і творчаму шляху знакамітага земляка, сустрэчы з пісьменнікамі, у першую чаргу з тымі, хто ведаў В.У. Быкава асабіста, з яго аднадумцамі.

3. Лічым неабходным звярнуцца ў адпаведныя дзяржаўныя органы з прапановай аб правядзенні ў 2014 годзе навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай В.У. Быкаву. Канстатуем, што абласная рада разам з іншымі грамадскімі аб'яднаннямі правядзе на радзіме пісьменніка ў в. Бычкі Ушацкага раёна ў чэрвені 2013 і 2014 г.г. Літаратурныя чытанні.

4. Прасіць Міністэрства культуры, Саюз мастакоў Беларусі правесці ў 2013 г. на радзіме В.У. Быкава пленэр, а ў 2014 г. адкрыць выставу, прымеркаваную да юбілею пісьменніка. Выставу правесці ў Менску, Віцебску і Гародні.

5. Прасіць Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, Ушацкі райвыканкам разгледзець да канца 2012 г. пытанні добраўпарадкавання тэрыторыі, прылеглай да Музея-сядзібы В.У. Быкава ў в. Бычкі.

6. Прасіць Віцебскае абласное ўпраўленне культуры даць даручэнне адпаведным падначаленым установам абнавіць экспазіцыю музея-сядзібы ў в. Бычкі. У сваю чаргу, абласная рада ТБМ арганізуе грамадскасць для правядзення неабходных работ.

7. Прасіць Віцебскае абласное ўпраўленне культуры даручыць Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею стварыць выставу дакументальных матэрыялаў і твораў мастакоў, прысвечаных жыццёваму і творчаму шляху В.У. Быкава.

8. Прасіць Віцебскі абласны выканаўчы камітэт працягнуць комплекс мерапрыемстваў па ўвекавечанні памяці В.У. Быкава, разгледзець пытанне пра наданне імя Быкава Віцебскай абласной бібліятэцы, а таксама Віцебскай дзіцячай мастацкай школе №1 і вярнуцца да рашэння аблвыканкама аб наданні імя В.У. Быкава адной з вуліц г. Віцебска.

Старшыня Віцебскай абласной рады

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" І.А. Навумчык.


УДАКЛАДНЕННЕ

У прадмове да нядаўна выдадзенага акадэмічнага "Слоўніка беларускай мовы" (2012) гаворыцца, што ён уключае каля 150 тысяч лексічных адзінак, пададзеных у адпаведнасці з новымі правіламі беларускай арфаграфіі. Гэтую ж лічбу слоў паўтарыў і я ў рэцэнзіі на слоўнік (Наша слова. 2012. № 23), дадаўшы: ён ад папярэдняга выдання (1987) адрозніваецца найперш тым, што папоўніўся больш як 30-цю тысячамі слоў.

Праз пэўны час у "Нашым слове" (№ 32) быў змешчаны артыкул Ю. Пацюпы і К. Пучынскай "Лыжка мёду і бочка дзёгцю: Зноў пра "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. Піскунова". Аўтары мімаходам, але дарэчы закранаюць і "Слоўнік беларускай мовы" (2012), пішуць, што ў ім "беспрэцэдэнтнае, больш чым на 30 тысяч слоў, перабольшанне заяўленага абсягу рэестру", што слоў у ім "меней чым у заяўленым папярэдніку СБМ-87, які ўтрымлівае больш за 118 тысяч слоў". Пры гэтым аўтары спасылаюцца на правяранне "з дапамогай праграмы "Літара" (электронны тэкст СБМ нядаўна быў выкладзены ў сеціве)".

Прайшло нямала часу, але навуковыя рэдактары СБМ-12 чамусьці ніяк не зрэагавалі ў друку на гэтую досыць істотную заўвагу. Я ж, лічачы і сябе вінаватым у тым, што паўтарыў лічбу "150 тысяч", выкарыстаў вельмі прымітыўны на сённяшні дзень спосаб праверкі: колькі ж слоў у СБМ-12? Падлічыў словы, змешчаныя на с. 100-120, вызначыў сярэдне арыфметычны лік, памножыў на агульную колькасць слоўнікавых старонак (без "Прадмовы"). Атрымалася 128 700 слоў. Гэта, канечне, не "150 тысяч", але і не "меней чым у СБМ-87".

Праўда, як ужо адзначалася ў маёй рэцэнзіі, у СБМ-12 часам асобныя словы даюцца неяк інакш, чым было ў выданні 1987 г. Напрыклад, у СБМ-87 падаваліся як тры варыянты аднаго слова іржаны і ржаны , часцей аржаны . У СБМ-12 жа на сваіх алфавітных месцах змешчаны не як варыянты, а як самастойныя словы аржаны, іржаны , а ржаны зусім адсутнічае.

Заадно адзначым яшчэ адну недакладнасць, нядаўна заўважаную ў СБМ-12.

Шкада, што ў розных даведніках арфаграфічная норма для пэўнай моўнай адзінкі даецца неаднолькава. Так, у "Руска-беларускім слоўніку" (1953) і ў яго наступных выданнях (напрыклад, 1982, т.1, с. 519) рускі дзеяслоў недоставать перакладаецца беларускім неставаць . "Беларуска-рускі слоўнік" (1988, т.1, с. 794) падае на сваім алфавітным месцы беларускі дзеяслоў неставаць з перакладам на рускую мову: недоставать , але ў 2-м томе на с. 505 змяшчае і ставаць . Адпаведна з гэтым у СБМ-87 на с. 450 падаецца неставаць з яго формамі нестае, неставала , а на с. 760 бачым: ставаць і формы стае, ставала . Тое самае і ў СБМ-12: неставаць, нестае (с. 463), ставаць, стае (с. 779). Паводле гэтых даведнікаў выходзіць, што ў нашай мове ёсць дзеясловы ставаць і неставаць . Звернемся да іншых слоўнікаў, аўтары якіх ад падобнай трактоўкі адмовіліся адназначна.

Безасабовы дзеяслоў ставаць мае канструктыўна абмежаванае значэнне, якое рэалізуецца толькі ў строга акрэсленай канструкцыі (" ставаць + чаго"), і належыць да дзеясловаў з няпоўнай парадыгмай: ужываецца толькі ў інфінітыве ( ставаць ), у 3-й асобе адзіночнага ліку ( стае ) і ў форме прошлага часу ( ставала ). Ён мае, як засведчана ў "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы" (т.5, кн.1, с. 294), два значэнні: 1) хапаць чагон. для каго-, чаго-.: Усяго ставала (В. Дубінка); 2) мець магчымасці, сілы, здольнасці рабіць што-н.: І чарцяжы чытаць сваёй галавы ставала (В. Мыслівец). Гэты дзеяслоў часцей ужываецца з адмоўем "не" ( не ставаць, не стае, не ставала ), і, зразумела, у такіх выпадках часціца "не" пішацца асобна.

Яшчэ ў 1987 г. М.П. Лобан і М.Р. Суднік - складальнікі "Арфаграфічнага слоўніка" - падалі як норму напісанне не ставаць у два словы. Гэты слоўнік перавыдаваўся некалькі разоў і кожны раз з той самай нормай не ставаць . Але паколькі ў іншых, названых вышэй даведніках змяшчаюцца ставаць і неставаць , разнабой у напісанні мае месца і сёння. Прывядзём толькі па чатыры прыклады - спачатку правільнага напісання гэтага дзеяслова з адмоўем "не", а пасля - памылковага (хутчэй - карэктарскага):

1) Якой жа выгоды яшчэ не ставала?! (Я. Купала); 2) У яе ў галаве не стае трохі клёпак (Ц. Гартны); 3) Да чаго змаглі дажыцца - верыць сілы не стае… (Г. Бураўкін); 4) Кніг не ставала, беларускія трапляліся мала калі (М. Лужанін); 5) На гэта проста фізічна часу нестае (У. Арлоў); 6) Размова зайшла пра тое, што нестае піяру (А. Паплаўская); 7) Усё нібы ёсць у маёй Беларусі: і белая лебедзь, і шэрыя гусі, а нечага ўсё ж нестае (У. Сцебурака); 8) Зараз нестае ў казны валюты - таварамі забіты ўсе склады (Алесь Няўвесь).

Іван ЛЕПЕШАЎ.


Чэшскі рэжысёр: "Беларуская мова - гэта такая сіла!"

Чэшскі хрысціянскі кінаматаграфіст Атакар Шмідт лічыць, што беларусы нечым нагадваюць чэхаў, але больш за іх узнёслыя. І што беларускасць і беларускую мову немагчыма вынішчыць.

Атакар Шмідт (Otakaro Schmidt) - чэшскі рэжысёр, сцэнарыст, акцёр і драматург. Паставіў серыю дакументальных і дакументальна-ігравых фільмаў, звязаных з хрысціянскай тэматыкай. Здымкі для свайго апошняга фільма пра святых прапаведнікаў Кірыла і Мяфодзія - стваральнікаў славянскай азбукі і царкоўна-славянскай мовы - Шмідт рабіў і ў Беларусі. Пра свае ўражанні ад падарожжа ў Беларусь ён распавёў Чэшскаму радыё.

У прыватнасці, Атакар Шмідт сказаў:

- У Беларусь мы паехалі з мантажысткай Янай Студнічкавай і з рэкамендацыйным лістом ад кардынала Дамініка Дукі не толькі дзеля таго, каб зняць наведванне Менскай кафедры фігуркай Дзіцяткі Ісуса (Prazske Jezulatko) і зрабіць здымкі для фільма пра Кірыла і Мяфодзія, але і дзеля таго, каб зрабіць дакументальны фільм пра кляштар у Полацку. У Полацку раней быў езуіцкі кляштар, але калі езуітаў забаранілі і ў Беларусі, дык тыя пакрылі свае абразы на сценах тынкам, каб захаваць іх для будучых пакаленняў. А цяпер праваслаўныя манашкі ў гэтым кляштары адкрылі тыя абразы або, калі гаварыць дакладна, фрэскі. І выявілася, што на іх ёсць нешта, што нагадвае выяву Святога Вацлава.

- Выява нашага Святога Вацлава ў праваслаўнай краіне?

- Гэта наш супольны святы. Ведаеце, праваслаўная манашка, наш праваднік па тым кляштары, мела імя Людміла, на памяць аб нашай Святой Людміле. Ну дык вось, як праваслаўныя, так і атэістычныя адмыслоўцы, якія даследавалі тыя фрэскі, прыйшлі да высновы, што гэта несумненна выява Святога Вацлава. Магчыма, што там ёсць яшчэ і выява Святога Войцаха, але наконт гэтага няма адзінства. Дык вось, гэтая выява ў Полацку - адзіная выява Святога Вацлава ў праваслаўным свеце. Мы гэта знялі і паедзем туды яшчэ раз, калі закончыцца рэстаўрацыя. Магчыма, што паедзем туды разам з кардыналам Дукам. Уявіце сабе, што мітрапаліт Філарэт асвяціў здымак гэтай выявы Святога Вацлава і перадаў яго кардыналу Дуку. Гэта быў экуменічны жэст на самых вярхах Праваслаўнай і Рыма-каталіцкай цэркваў. Супрацоўніцтва паміж гэтымі цэрквамі існуе і ў самой Беларусі.

Мы там адчувалі сябе як дома. У Яны ёсць дамешка ўкраінскай крыві, дык з ёю было зразумела. Але я мушу прызнаць, што быў здзіўлены.

- Чым найбольш?

- Тым, што там такая хрысціянская руплівасць. Гэта зямля, якая прасякла крывёй пакутнікаў. І на гэтай зямлі храмы, як праваслаўныя, так і каталіцкія, растуць цяпер як грыбы пасля дажджу.

- Ці гэта не звязана з тым, які там цяпер палітычны рэжым?

- Не ведаю, ці гэта залежыць ад палітычнага рэжыму, то бок, ці гэтыя храмы будуюць насуперак яму, ці з яго дазволу і пры яго падтрымцы. Але мы там адчувалі сябе добра. А ў кантактах са звычайнымі людзьмі мы раптам адкрылі, што тая беларуская мова, якую праграмна вынішчалі... Ведаеце, у кожным стагоддзі знішчалі як мінімум траціну беларусаў, а ў 20-тым стагоддзі іх знішчалі двойчы па траціне. Гэта рабілі суседнія дзяржавы, я не буду тут называць нацый. Беларусы глынулі гора. Але беларуская мова, ведаеце - гэта такая сіла, пра якую я яшчэ і цяпер не магу нармальна гаварыць. Мы там перажылі падарожжа ўглыб чалавека. Там поўныя храмы людзей, не толькі праваслаўныя, але і каталіцкія. Вось, для прыкладу, адзін касцёл у цэнтры Менска быў запоўнены людзьмі падчас кожнай з 18 багаслужбаў, якія там спраўлялі ад шостай раніцы да поўначы ў нядзелю. Проста неверагодна. І людзі там такія ўзнёслыя. А вяртаючыся да беларускай мовы - яе падтрымліваюць галоўным чынам у каталіцкім літургічным асяроддзі. Калі да вас нехта гаворыць па-беларуску, вы гэта разумееце. Яны - нашы браты, яны - як быццам такое страчанае племя, якое таксама вырасла на глебе Кірыла і Мяфодзія. Гэта нас надзвычай моцна злучае. Яны ў нечым на нас падобныя, а прытым узнёслыя. Мы адчувалі сябе ў Беларусі як дома, і я ад гэтага быў у поўным захапленні.

Паводле Радыё Свабода.


Песні для Лады

Шаноўныя суайчыннікі.

Я кампазітар, які жыве і працуе ў ЗША больш за 19 гадоў. Я нарадзілася ў Менску, скончыла Спецыяльную Музычную школу пры Беларускай Дзяржаўнай Кансерваторыі і потым Маскоўскую Кансерваторыю і аспірантуру, з'яўляюся сябрам Беларускага саюза кампазітараў з 1991 года.

Я хацела б падзяліцца навіной аб выпуску сусветна-вядомай кампаніяй Naxos кампакт-дыска з запісам на беларускай мове маёй 36-хвіліннай кантаты "Песні для Лады" ("Songs for Lada"), для дзіцячага хору, салістаў (сапрана і народнае контральта), беларускіх народных інструментаў і сімфанічнага аркестра; а таксама 14-хвілінны аркестровага твору "Да Новага Свету" ("To The New World").

Хацелася б звярнуць увагу на тое, што абодвы творы натхнёна выкананыя і запісаныя выдатнымі выканаўцамі: Дзіцячым хорам Мічыганскага дзяржаўнага ўніверсітэта (дырыжор Мэры Эліс Столак), салістамі (Валянціна Флір-сапрана, і Валянціна Пархоменка-Козак, народнае кaнтр-альтa) і Дэтройцкім сімфанічным аркестрам пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Леанарда Златкіна. Амерыканскі дзіцячы хор вывучыў і выдатна выканаў кантату на беларускай мове.

Была б вельмі ўдзячная вашай арганізацыі за садзейнічанне па распаўсюджаванні інфармацыі на Беларусі і ў замежжы калі гэта магчыма.

Спадзяюся на станоўчае стаўленне да маёй музыкі і падтрымку ў папулярызацыі дыска.

Шчыра вашая, Ала Барзова, кампазітар.

P.S. Далучаю маю біяграфію на ангельскай і рускай мовах, a таксама водгук з кастрычніцкага выпуска вядомага часопіса Gramophone (exacteditions.com/read/gramophone/october-2012-32485/13/3).

Інфармацыя пра дыск:

"Песні для Лады" (1986-1991) прысвечаны маёй дачцы Ладзе - гэта музычная вандроўка ў яркі і бязмежны свет дзяцінства, твор натхнёны беларускім дзіцячым фальклорам: спевамі, лічылкамі, гульнямі, танцамі, калыханкамі, якія адлюстроўваюць беларускія матывы ў агульнай мелодыі сусветных культур. У дадатак да аўтэнтычных беларускіх народных тэкстаў далучаны аўтарскі сцэнар і некаторыя аўтарскія тэксты.

"Да Новага Свету" (2001-2002) - праграмны твор, які перадае эмацыянальны зарад эмігранцкіх хваляў з ўсяго свету ў гісторыі Амерыкі.

Дыск вельмі прыгожа аформлены і ўключае 12 - старонкавы буклет з інфармацыяй аб творах, кампазітары, выканаўцах, і шмат фатаграфій. Naxos змясціў лібрэта кантаты ў інтэрнэце (арыгінальны беларускі тэкст, транслітарацыя і ангельскі пераклад).

Дыск можна таксама замовіць па інтэрнэце ад Naxos (naxosdirect.com/BORZOVA-ALLA---SONGS-FOR-LADA-TO-THE-NEW-WOR/title/8559706/) і іншых кампаній, уключаючы Ama-zon.com і ITunes. На сайце Naxos размешчаны водгукі аб дыску з розных крыніц, уключаючы вельмі рэпрэзентатыўны часопіс Gramophone.

Дадатковыя водгукі:

"Ала Барзова ўпершыню звярнула на сябе маю ўвагу па рэкамендацыі калегі кампазітара Джона Карыл'яна. Упершыню пабачыўшы яе музыку мне адразу кінулася ў вочы спалучэнне традыцыйных структур і гармоній, і свежага голасу; якія разам адлюстроўваюць два розныя сусветы. "Песні для Лады" сапраўды ўнікальны твор, які мае прыгожую камбінацыю народнай музыкі, дзіцячага хору і аркестра. "Да Новага Свету" паказвае выключны густ выкарастаных кампазітарам аркестровых фарбаў, а таксама пашырыны дыяпазон яе гарманічнай і рытмічнай мовы. Вельмі прыемна было выконваць і запісываць гэтыя творы ".

Леанард Златкін, галоўны дырыжор Дэтройцкага сімфанічнага аркестра.


"Аб'ём эмоцый, прыгажосць кожнай фразы і магутныя рытмы і гармоніі робіць "Песні для Лады" адным з самых мастацка пераканаўчым музычных твораў у дзіцячай харавой/ аркестровай літаратуры. Спадарыня Барзова, у сваёй магутнай аркестроўцы, дала магчымасць маладым выканаўцам Дзіцячага хору Мічыганскага дзяржаўнага ўніверсітэта, ушанаваць беларускую культуру і дазволіла ім адчуць багатыя традыцыі ўсходняй еўрапейскай фальклорнай музыкі. Мая надзея, як дырыжора маленькіх дзяцей, каб спевакі праз досвед выканання якаснай, вельмі музычнай і артыстычнай харавой літаратуры, мелі досвед натхнённасці і трансфармаваліся пад уздзеяннем прыгажосці музыкі і паэзіі. Менавіта гэта і здзейсніла выкананне хорам "Песняў для Лады" і за гэта мы вельмі ўдзячныя!"

Мэры Эліс Cтолак, дырэктар-заснавальнік Дзіцячага хору Мічыганскага дзяржаўнага ўніверсітэта.


Водгукі ў прэсе пасля канцэртаў у Дэтройце:

"... Амбіцыйныя сюіта, чароўнае перапляценне шарму і грані ... далі нарастальныя авацыі кампазітару. "

Lawrence B. Johnson , The Detroit News, Дэтройт, 16 студзеня 2009 года.


" … дружалюбны твор з апетытам на Вялікую Заяву... Экзатычныя аркестроўка ...... дзіцячыя галасы ствараюць арэол нявіннасці і чысціні .... Барзова мае інтрыгуючы голас ...cхільны да драматычнасці. Златкін арганізаваў вялікую армію на сцэне, акцэнтуючы як вялікі размах працы так і выключна прапрацаваныя дэталі. Выдатна спяваў Дзіцячы хор Мічыганскага дзяржаўнага ўніверсітэта, выключна добра падрыхтаваны Мэры Эліс Столак. Сапрана Валянціна Фліер, разам з Козак, надалі твору аўтэнтычны твар".

Mark Stryker , Free Press, Дэтройт, 17 студзеня 2009 года.


Ала Барзова кампазітар, дырыжор, піяніст, арганіст, сапрана

Уручаючы ў 2002 годзе кампазітару Але Барзовай прэстыжную Goddard Lieberson прэмію, Амерыканская акадэмія мастацтваў і літаратуры адзначыла кампазітара як "яркую і арыгінальную з'яву на амерыканскай музычнай сцэне. Кожная напісаная ёю нота інтэнсіўная і мае непасрэднае ўздзеянне на слухача, якое гэтак жа здзіўляе, як і хвалюе" . Сярод шматлікіх узнагарод А. Барзовай - Першая прэмія на міжнародным кампазітарскім конкурсе Фрэдэрыка Дэліюса ў Фларыдзе, прэміі розных амерыканскіх фондаў і арганізацый. Музыка А. Барзовай выконвалася на такіх відных міжнародных фэстах як Аспенскі (Каларада), Кабрыльскі (Каліфорнія), Фрыдэрыка Дэліюса (Фларыда), Sonic Boom (Нью-Ёрк), а таксама была прадстаўлена Гугенхайм - Музеем (Нью-Ёрк), у канцэртных серыях Cutting Edge, і такімі выканаўцамі, як Дэтройцкі сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Леанарда Златкіна, Кабрыльскі фэставы аркестр пад кіраўніцтвам Марын Алсоп, ансамблямі Da Capo Chamber Players, St. Luke's Chamber Ensemble, Tales & Scales, Cassatt String Quartet, харавымі калектывамі Dale Warland Singers, Central City Chorus, The New York Concert Singers, Gregg Smith Singers, балетнай кампаніяй Марыяны Белкуман, вядомымі амерыканскімі салістамі тэнарамі Полам Сперы, Джэймсам Рыа і Стывенам Эбелем, акардыяністам Вільямам Шымелем, піяністам Васілём Прымаковым і многімі іншымі. Сярод беларускіх выканаўцаў Барзова супрацоўнічала з такімі калектывамі як Нацыянальны сімфанічны аркестр і сімфанічны аркестр, змяшаны хор і дзіцячы хор Беларускага радыё і тэлебачання.

Барзова паспяхова працуе ў розных жанрах. У прэсе неаднаразова адзначаліся індывідуальны стыль кампазітара, тэатральнасць, яркае ўяўленне. Музыка Барзовай спалучае лірыку і свавольства (New Yorker), класічна збалансаваную форму і сучасную кампазітарскую тэхніку. Некаторыя з яе сачыненняў маюць карані ў адпаведнай сусветнай культуры ("шматнацыянальнае" сачыненне "Да Новага Свету" для сімфанічнага аркестра, "арабская" камерная кантата "Песні Маджнуна" для тэнара і ансамбля, "габрэйскі" цыкл "Мама сказала" для тэнара і ансамбля, "французскія" "Вобразы для скрыпкі і фартэпіяна", "іспанскі" балет "Калі прычына то спіць, то прачынаецца: вобразы Гойі") ці гістарычнага перыяду ("Балада пра Барнабі" для змешанага хору, заснаваная на сярэднявечнай легендзе Le Jongleur de Notre Dame). Некаторыя сачыненні былі натхнёныя джазам, неад'емнай часткай амерыканскай музычнай культуры ("Пінск і блюз" для канцэрціны і фартэпіяна, сачыненне існуе таксама ў версіі для акардыёна і скрыпкі; часткова ўжо згаданыя "Мама сказала" і "Да Новага Свету"). Беларускія вытокі відавочныя ў такіх сачыненнях як аркестравая кантата "Песні для Лады" на фальклорныя словы, харавы цыкл "Калі вецер вее" на словы Максіма Танка, ужо згаданы "Пінск і блюз" і іншых. Адно з нядаўніх разгорнутых сачыненняў кампазітара - "Вандроўка Гулівера ў Лапуту" для фартэпіяна, замоўленае пры падтрымцы Meet the Composer для маладога руска-амерыканскага віртуоза Васіля Прымакова. Прэм'ера сачынення адбылася ўвосень 2006 года ў Саване (штат Джорджыя), за якой услед пайшлі выкананні ў розных амерыканскіх штатах. У лістападзе 2007 года ў рамках фэстаў "Гукавыя шляхі" ў Санкт Пецярбурзе і "Маскоўская восень" у Маскве адбылася прэм'ера вакальнага цыклу для тэнара і фартэпіяна "Вясёлая гадзіна" на словы Лермантава ў выкананні Амерыканскага тэнара Стывена Эбеля і аўтара. Гэты ж цыкл у версіі для тэнара і ансамбля прагучаў 19 лютага 2008 гады ў канцэрце ансамбля Da Capo Chamber Players у Меркін - холе ў Нью Ёрку. У красавіку 2007 года аркестравае сачыненне "Да Новага Свету" было выканана ў вялікай зале Беларускай філармоніі Нацыянальным сімфанічным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава. У жніўні 2008 года "Да Новага Свету" было выканана ў заключным канцэрце Кабрыльскага фэсту сучаснай музыкі ў Санта Круз, Каліфорнія, пад кіраўніцтвам Марын Алсоп. У студзені 2009 года 40-хвілінная кантата "Песні для Лады" была выканана Дэтройцкім сімфанічным аркестрам пад кіраўніцтвам Леанарда Златкіна. У верасні таго ж года Дэтройцкі аркестр выканаў "Да Новага Свету". Абодва сачыненні былі выпушчаны на кампакт-дыску ў 2012 годзе амерыканскай кампаніяй Naxos. Кампакт-дыск "Пінск і блюз" з камернымі сачыненнямі Барзовай, запісаны Da Capo Chamber Players з прыцягненнем відных амерыканскіх салістаў, быў выпушчаны амерыканскай кампаніяй Albany Records у траўні 2007 года. У 2012 годзе аднаактавая камічная опера кампазітара "Вясельны падарунак бабулі-піраткі" была выканана салістамі Амерыканскага лірычнага тэатра ў Нью-Ёрку.

У 2003, 2004 і 2007 гадах Ала Барзова выступіла ініцыятарам прыезду ансамбля Da Capo Chamber Players, аднаго з вядучых амерыканскіх ансамбляў сучаснай музыкі, на фэсты ў Беларусь (Беларуская музычная восень) ды Расію (Маскоўская музычная восень і Гукавыя шляхі ў Санкт-Пецярбурзе). Барзова выступіла ў канцэртах ансамбля не толькі як кампазітар, але і як піяністка і дырыжор.


Караткевіч апярэдзіў Умберта Эка і Дэна Браўна.

У Польшчы выйшаў раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні".

Культавая ў Беларусі кніга ўпершыню выдадзены па-польску.

Яна выйшла ў выдавецтве Oficyna 21. З беларускай мовы раман пераклала Малгажата Бухалік, якая раней перастварыла па-польску "Рыбін горад" Наталкі Бабінай.

"Хоць кніжка "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" толькі цяпер трапіла да польскага чытача, варта памятаць, што яна была напісаная ў сярэдзіне 1960-х. Гэта значыць, задоўга да "Коду да Вінчы", да "Імя ружы" Умбэрта Эка, а нават да рок-оперы "Ісус Хрыстос суперзорка" Эндру Лойда Вэбера з лібрэта Ціма Райса, - адзначаецца ў рэцэнзіі часопіса Przekroj. - Беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч апярэдзіў іх усіх і памёр у 1984, не здолеўшы прабіцца да сусветнага літаратурнага працэсу, хоць гэтага безумоўна заслугоўваў".

Рэцэнзентка адзначае, што кніга дагэтуль не губляе актуальнасці. "Аказваецца, некаторыя рэчы не змяніліся ад Сярэднявечча, яны папросту з'яўляюцца пазачасавымі: карупцыя ўлады, механізмы зняволення і запалохвання, хцівасць, якая вядзе да крызісаў, вялікія ашуканствы, якія грунтуюцца на людской веры.

Нязменнымі застаюцца і чалавечыя эмоцыі, пра якія Караткевіч піша ў сваім антыевангеллі так, што робіцца і страшна, і смешна".

Наш кар.



Гарадзенская навуковая бібліятэка запрашае на курсы беларускай мовы. Пачатак заняткаў ад 1 лістапада.

Шаноўныя сябры!

Калі Вы любіце родную мову і жадаеце дасканала пісаць і размаўляць на ёй, запрашаем Вас на курсы беларускай мовы з глыбокім вывучэннем новых правілаў арфаграфіі і пунктуацыі. Курсы будуць дзейнічаць з 1 лістапада 2012 года ў Гарадзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф. Карскага.

Чакаем Вас па адрасе: вул. Замкавая, 20, аддзел краязнаўства (каб. 11).

Тэлефон для даведак: 8 (0152) 74-39-11.


Памёр Сяржук Цімохаў

9 кастрычніка пасля цяжкай хваробы памёр мастак Сяржук Цімохаў. Ён быў намеснікам старшыні Саюза мастакоў Беларусі.

Сяржук Цімохаў нарадзіўся ў 1960 г. у вёсцы Кротаў Гомельскай вобласці

У 1979 г. скончыў Менскую мастацкую вучэльню.

У 1984 г. скончыў Беларускую Акадэмію Мастацтва (кафедру манументальнага мастацтва).

З 1986 г. па 1998 г. жыў у Полацку. З 1999 г. жыў і працаваў Менску. Cябра Беларускага саюза мастакоў з 1989 г.

Працаваў ў жанры станкавага жывапісу і графікі, манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.

Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі (Менск), Музеі сучаснага мастацтва Беларусі (Менск), Мастацкім фондзе Саюза мастакоў Беларусі (Менск), Мастацкім фондзе Міністэрства культуры Расіі (Масква), Музеі М. Шагала (Віцебск), Полацкім мастацкім музеі (Полацак), Галерэі "Galeria stuki Katarzyny Napiorkowskaj "(Варшава), Галерэі "Walentowski Galerien"(Дрэздан), Галерэі "Аxel Babke" (Дрэздан), Галерэі "Аlla Bulyanskaya" (Масква, Лёндан), а таксама ў прыватных калекцыях на радзіме і за межамі.

Лаўрэат 2-га Міжнароднага Шагалаўскага пленэру 1997 г. Лаўрэат некалькіх бенале


Вучыцеся па-беларуску, ездзіце па-беларуску

Нарэшце адбылася доўгачаканая падзея: 12 кастрычніка на сядзібе ТБМ быў прэзентаваны кампакт-дыск з тэставымі заданнямі па Правілах дарожнага руху, на якім упершыню створана версія на беларускай мове! Дыскам можна карыстацца пры індывідуальнай падрыхтоўцы, самастойна вывучаючы Правілы дарожнага руху, можна трэніравацца падчас навучання ў аўташколе. Фактычна гэта ўзорны прадукт, які цалкам забяспечвае моўныя правы грамадзян, бо дае права выбару мовы. Пры загрузцы дыска карыстальнік выбірае або беларускую, або іншую дзяржаўную мову і працуе над тэставымі заданнямі.

Падчас прэзентацыі кожны прысутны мог асабіста прыняць удзел у без перабольшання захапляльным працэсе праверкі сваіх ведаў. Пра дыск можна шмат распавядаць, але лепей самому набыць патрэбную рэч і пераканацца ў праўдзівасці нашай ацэнкі. Хочацца адзначыць, што праца, якую выканалі маладыя людзі з ТАА "Новы паварот", значная па аб'ёме і важная дзеля пашырэння сферы ўжывання дзяржаўнай беларускай мовы.

На сёння кожны грамадзянін Беларусі, які хоча мець правы кіроўцы, можа зрабіць гэта на беларускай мове. Бо ТБМ у 2012 годзе выдала "Правілы дарожнага руху" на беларускай мове, у якасці дапаможніка пераклала на беларускую мову адзін з канспектаў па вывучэнні Правілаў і нарэшце ў супрацы з "Новым паваротам" спрыяла з'яўленню згаданага дыска з тэставымі заданнямі. Такім чынам, падрыхтаваны ўвесь мінімальны неабходны комплекс для забеспячэння працэсу навучання кіроўцаў на беларускай мове. Справа за малым: навучыцца карыстацца сваімі канстытуцыйным правам паўсюль ужываючы беларускую мову.

Алена Анісім.


Хлеб "Новавіленскі"

У крамах Менска з'явіўся ў продажы хлеб "Новавіленскі".

Нарэшце беларуская дастасоўная лінгвістыка пачынае апераваць словам "Вільня", а не "Вільнюс".


Беларусь шматканфесійная на паштоўках

Старшыні Грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13,

220034, г. Мінск

Аб выпуску дзяржаўных знакаў паштовай аплаты

Паважаны Алег Анатольевіч!

Вашы прапановы наконт выпуску паштовых марак з выявамі беларускіх сінагог і мячэцей разгледжаны Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.

Паведамляецца, што тэматычныя планы выдання паштовых марак на 2011 і 2012 гады зацвержданы і ўжо не падлягаюць карэкціроўцы.

Разам з тым тэмы, якія Вы прапануеце, былі прапрацаваны з Саюзам беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і суполак і Мусульманскім рэлігійным аб'яднаннем у Рэспубліцы Беларусь. З улікам іх пажаданняў прынята рашэнне выпусціць ў 2012 годзе дзве паштовыя карткі з выявамі сінагогі ў Мінску і мячэці ў Іўі.

Першы намеснік міністра І.В. Рак.


БУРА Ў ШКЛЯНЦЫ ВАДЫ

Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне.

Арт. 33 Канстытуцыі РБ

Шчыра кажучы, спачатку нават не хацеў абвяргаць Анатоля Тараса. Бо дастаткова параўнаць мой артыкул ("НС", № 38 за г.г.) і яго водгук ("НС", № 40), каб пераканацца, што спрачаецца гэты аўтар зусім не з тым, што ў ім напісана, а з уласнымі фантазіямі. Калі ён не верыць у маю шчырасць, гэта яго асабістая праблема. І праблема той ідэалагічнай дактрыны, якую ён увасабляе.

У сваім допісе я, сярод іншага, пералічыў розныя групы расійскага грамадства ў залежнасці ад асэнсавання гісторыі і бачання далейшага развіцця. Спадару Тарасу, відаць, зручна бачыць грамадства маёй Радзімы спрошчана-аднастайным. Бо, у праціўным выпадку, уся яго дактрына трашчыць па швах. Спасылаючыся на нейкіх удзельнікаў ток-шоў расійскага тэлебачання, нязгоду з імі ён аўтаматычна пераносіць і на мяне. Але я ў тых праграмах ні разу не ўдзельнічаў. Гэта тое ж самае, як за любую думку, што выказваецца на беларускім тэлебачанні, папракаць сп. Тараса. Наіўна?

Уяўляю асабістую пакрыўджанасць гэтага аўтара за тое, што нехта дазволіў сабе не захапіцца ягонай творчасцю - маўляў, як пасмеў? Гэта, увогуле, звычайная рыса тых, хто пра іншых робіць рэзкія высновы, пагарджаючы складанасцю чужога ўнутранага жыцця. Таму, думаю, усё астатняе ў маім артыкуле ён прачытаў не вельмі ўважліва. Дзе толькі ён адшукаў у мяне "павучанне" кагосьці розуму, раз'юшанасць з-за працэсаў у Беларусі, ды яшчэ і з пункту гледжання нейкага "старэйшага брата"? Увесь час, наадварот, я падкрэсліваў павагу да беларускага адраджэння і народа, сярод якога давялося жыць. Што да т. зв. "старэйшага брата", то гэта ідэалагема эпохі, якая ўжо мінула. Адвольна пераносіць яе і на іншую эпоху для гуманітарыя проста недаравальна. Дарэчы, актыўна навязваў гэтую ідэалагему маёй нацыі Іосіф Джугашвілі (Сталін), чыё сапраўднае прозвішча, здаецца, мала нагадвае рускасць.

Свой артыкул "У дапаўненне слоў Леаніда Лыча" я напісаў у працяг размовы, якую пачаў не сам. Але, па зразумелых прычынах, меў права выказацца. І пытанне "На каго разлічаны кнігі Дзяружынскага (а заадно і Тараса)?" першы задаў не я. Але колькі абурэння выклікалі мае словы пра тое, што сацыяльная група, да якой належаць гэтыя аўтары, мне ўсяго толькі несімпатычная! Відаць, свае антыпатыі могуць свярбець толькі ім.

Не ведаю, ці падрэдагавалі ў "НС" ліст Тараса або сам ён крыху супакоіўся і напісаў больш стрымана, чым спачатку ў інтарнэце. Толькі там пра словы, што "мая самасвядомасць ні ў якой ступені не вораг вашай" ён па-бальшавіцку, ну проста як следчы НКУС у 1937 г., заявіў: "<…> именно враг! Притом враг убеждённый и воинствующий". Што ж, неадэкватнасць - гэта, сапраўды, бяда. Таму прымушаю сябе на сп. Тараса не крыўдзіцца. Праўда, з пункту гледжання псіхалогіі яго погляды ўяўляюць цікавасць.

Псіхолагі І. Дубаў і А. Пятроўскі (Расія), асэнсоўваючы ўнутраны свет людзей савецкай эпохі, зважалі на іхнюю блакадную свядомасць: "постоянное ощущение опасности с угрозой внешнего врага, даже если реальной угрозы не было"; "невротический отказ от сравнения себя и других стран". Але калі ў савецкую эпоху гэтая блакаднасць была навязанай ідэолагамі, то зараз яна можа быць толькі дабраахвотнай. Напрыклад, калі чалавек на блакаднай свядомасці зрабіў сабе імя. Тады яму нават страшна падумаць, што нехта, каго ён уявіў і апісаў ворагам, насамрэч ім не з'яўляецца.

Дазвольце трохі пра сябе. У вашу краіну я прыехаў у 1986 г. І адразу ўзяўся за вывучэнне беларускай мовы. Больш за паўгода не мог знайсці ў продажы слоўніка. Выручала тое, што ва ўсіх газетах тады друкаваліся адны і тыя ж "перадавыя артыкулы" (памятаеце такое?). Вось, карыстаючыся газетамі на сваёй і вашай мовах, вучыў беларускую лексіку. Ну і, канешне, аднакурснікі з вёскі дапамагалі практыкавацца ў набытых ведах. Свет моў - гэта мая любоў. Пераходзіць з мовы на мову (рускую, беларускую, украінскую) мне проста падабаецца, без усялякіх ідэалагічных кратаў. Наколькі магу, стараюся падзяліцца гэтым захапленнем і з іншымі. Пачынаючы з 1987 г., не раз выступаў у друку з прапагандай беларускага слова:

- "Пераадолець псіхалагічны бар'ер" ("Заря", 30.03. 1990);

- "Не толькі мова чэргаў" ("Заря", 08.06.1990);

- "Каб не нішчыліся парасткі" ("Заря", 10.08.1990);

- "Веление времени" ("Заря", 18.10.1990);

- "Жыве Беларусь?" ("Чырвоная змена", 04.01.1991);

- "Трэба шанаваць тое, што маем" ("Народная трыбуна", 27.10.2001);

- "Двухмоўе і школа" ("Народная трыбуна", 09.08.2003);

- "Беларуска-рускі слоўнік хімічных тэрмінаў" ("Хімія: праблемы выкладання", 2009, № 6);

- "Заалагічныя і батанічныя назвы на мовах усходніх славян" ("Біялогія: праблемы выкладання", 2011);

- "Размаўляць па-беларуску. Чаму не запатрабавана родная мова?" ("Брестский курьер", 2010, № 31);

- "Ці будзем размаўляць па-беларуску?" ("Брестский курьер", 2011, № 7);

- "Што рабіць? Роздумы расіяніна пра няродную мову" ("Наша слова", 2010, № 35);

- "Трэці погляд" ("Наша слова", 2011, № 28);

- "Рэальны шлях да двухмоўя ў адукацыі" ("Наша слова", 2012, № 26);

- "О языках и вере здесь и сейчас" ("Духовный вестник", 2011, № 7).

Увесну 1990 г. у абласной газеце "Заря" (на выразцы з газеты дату тады не паставіў) выступіў у падтрымку суверэнітэту Літвы, за што ў нумары ад 30.03.1990 паследаваў чытацкі водгук накшталт тарасаўскага. У артыкуле "Я - за объединение снизу" ("Заря", 28.02.1991) выказаўся супраць захавання ўнітарнага СССР. У артыкуле "Перевёрнутая страница. Распад СССР глазами уроженца России" ("Народная воля", 14.12.2009) абаснаваў перавагі для Расіі ў яе вызваленні ад цяжару колішніх калоній. Праўда, і тады знайшліся некалькі тэндэнцыйных чытачоў, якія паміж радкамі вычыталі тое, што я не пісаў, і гнеўна абураліся на... ўласныя домыслы.

У артыкуле "О нациях и национализме" ("Духовный вестник", 2012, № 6), спасылаючыся на спадчыну вялікага рускага філосафа Івана Ільіна, я паказаў адрозненне здаровага нацыяналізму ад яго хваробаў. Сэнс сказанага: любоў да свайго пры здаровым раскладзе не можа несці нянавісці да чужога. Менавіта таму ўсё, у чым мяне абвінаваціў сп. Тарас, гэта створаныя ім жа вобразы.

І ўсё ж, чаму погляды спсп. Тараса і Дзяружынскага я ўспрымаю без захаплення?

Па-першае, за іхняе крайняе дактрынёрства, калі факты выступаюць як дапаўненне да загадзя падрыхтаваных высноў. Калі сп. Тарас так моцна перайначыў мае думкі (свайго ж сучасніка!), то чаму я павінен верыць правільнасці цытавання ім прадстаўнікоў даўніх эпох? Вельмі слушна, што на кнігах гэтых аўтараў стаіць папярэджанне для чытачоў: "Неизвестная история". Факты (падзеі, імёны, даты) яны, можа, прыводзяць і сапраўдныя, а вось асэнсаванню іх яўна не хапае навуковай стрыманасці - проста нейкія чарговыя носьбіты "розуму, гонару і сумлення нашай эпохі" пасля КПСС прызначылі самі сябе на гэтую ролю.

Па-другое, іх кнігі я ўспрымаю як сапраўдныя дапаможнікі па нянавісці. Таму "Анатомия ненависти" - гэта не толькі кніга А. Тараса пра руска-польскія канфлікты, але, спадзяюся, і тэма будучага псіхалагічнага даследавання пра творчасць згаданых аўтараў. Усё ж такі цікава прасачыць, як уласныя комплексы і ўнутраная несвабода (на глебе блакаднага мыслення) дадзеных асоб адлюстраваліся на кірунку і якасці іхніх разваг.

А вось, па-трэцяе...

У снежні 1987 г. тыднёвік "ЛіМ" надрукаваў вытрымку з майго ліста, дзе былі такія словы: "Мне здаюцца балбатунамі і пустасловамі тыя, хто, гаворачы пра любоў да роднай Беларусі, самі па-беларуску, што называецца, ні бум-бум" . У цэлым, падобны падыход мне блізкі дагэтуль. Ну, прабачце мяне, калі ласка, за гэтую слабасць. Як іншаземец я ўспрыняў вашу краіну найперш за ўсё праз яе тытульную мову (хаця не яе адну). Яна для мяне не родная, але асабіста каштоўная. Іначай не стала б часткай майго жыцця.

Я і цяпер не магу зразумець, навошта ліць кракадзілавыя слёзы пра беларускую мову, калі дастаткова яе проста вывучыць. Адзін чалавек з ліку аднадумцаў Тараса мне напісаў, што сучасная беларуская мова яго не задавальняе, даспадобы яму нейкая "мова Каліноўскага". Дык любая мова, тым больш яе сацыялект, 150-гадовай даўніны - гэта ўжо анахранізм. Яго можна вывучаць, але як сродак зносін ён сябе зжыў. А вось сучасная беларуская мова ўсё ж такі жывая.

Той жа суразмоўца на маю заўвагу, што ў рускай мове няма слова "беларуский" і яно выкарыстоўваецца незаконна, прапанаваў мне "взять пулемёт и расстрелять всех БЕЛАРУСКОМОВНЫХ". Калі я адказаў яму па-беларуску, раптам адкрылася, што беларускамоўны не ён, а я. Пайшлі дзіцячыя апраўданні, што ў нейкай грамадскай арганізацыі гэтага дзеяча ўшаноўвалі, не пытаючыся, ці ведае ён беларускую мову. Ну, няхай там не пыталіся, а я пытаюся: чаму я захацеў і вывучыў беларускую мову, а ён не ? Што ў такіх выпадках кажуць пра дрэннага танцора?

Ад гэтага ж прыхільніка "беларускОСТИ" давялося пачуць, што мова - усяго толькі сродак зносін, таму ягонае паўмоўе, маўляў, не загана. Для яго - можа. Але для многіх іншых людзей не так. Прывяду некалькі прыкладаў.

Ганна Ахматава:

И мы сохраним тебя,

русская речь,

Великое русское слово.

Свободным и чистым

тебя пронесём,

И внукам дадим,

и от плена спасём.

Навеки!


Сакрат Яновіч (цытую па памяці):

О, беларускае слова!

<…> Ты - мая рэлігія.


Або Мікола Пракаповіч:

Мова мая - мой боль.

Родная мова ў многіх, у мяне ў тым ліку, выклікае глыбокія і трапяткія пачуцці. Напэўна, гэта не самая горшая наша рыса. Ва ўсякім выпадку, апраўдвацца за гэта ні перад кім не стану. Што да "сродка зносін", то і аўтамабіль, як кажуць, не раскоша, а сродак руху. Толькі скарыстайцеся не сваім аўтамабілем, знявечце яго - і паглядзіце, як гэта ўспрыме гаспадар.

У Расула Гамзатава ёсць радкі:

<…> винит тебя, двулик,

Что по твоей, Россия, воле

Он ПРЕДАЛ

собственный язык.

Уключэнне ў рускае пісьмовае маўленне слоў "беларус" і "беларуский" - гэта прафанацыя, якая не раўнасільная карыстанню беларускай мовай. Калі першае слова ўяўляе сабою кальку з беларускай мовы, неабходнасць у якой (нават пасля непераканаўчых довадаў В. Дзяружынскага) застаецца больш чым сумніўнай, то другое - гэта грубейшае парушэнне правілаў сучаснага рускага словаўтварэння. У рускай мове ёсць словы "русский", "черкесский", "хакасский", "черемисский", "эскимосский"… І раптам - нейкі "беларуский". Навошта падмяняць патрыятызм прымітыўным правінцыялізмам? Звонку гэта выглядае АДНАЗНАЧНА ГЛУПА .

Уявіце такі квазі-беларускі тэкст: "Я нарадзіўся ў Россіі, мая родная мова русская. Россійская Федэрацыя - самая буйная краіна ў свеце. Россіяне вельмі любяць сваю Радзіму..." Падобны "патрыятызм" з майго боку быў бы непавагай да самога сябе, таму для мяне ён непрымальны. А пэўныя аўтары на такіх выкрунтасах зрабілі сабе імя. Я пра гэта і напісаў: "<…> cамавыражэнне за чужы кошт заўжды звонку ўспрымаецца як паразітызм і культурная трэцягатунковасць. <…> Хочуць ці не аўтары падобных кніг, але фактычна яны вядуць падрыўную працу супраць прэстыжу сваёй краіны і нацыі ў вачах суседзяў, а ўнутры краіны замацоўваюць нігілізм да тытульнай мовы". А хіба не так? Калі дадзеныя аўтары трымаюцца ўласных "густаў", то іншыя маюць права лічыць гэта безгустоўнасцю. Толькі ўсяго. І ніякай "ваяўнічасці" - было б з кім ваяваць! Іхнія погляды для майго светасузірання не ўяўляюць абсалютна ніякай небяспекі. Проста несімпатычныя, пра што я і напісаў.

Па-мойму, калі моцна падабаецца слова "белАрус", то лагічна ўвесці ў сваё жыццё (у любой ступені) беларускую мову, дзе яно мае законную прапіску. Або правільна карыстацца рускай мовай. Іначай адбываецца крэалізацыя рускага правапісу, "трасянізацыя". У сп. Тараса іншае ўяўленне пра трасянку - гэта яго права. Але я яго ўяўленне не падзяляю. Па праву носьбіта трох моў. Або на любоў да моў трэба прасіць дазволу ў тых, хто іх ведае горш за мяне?

Прадугледжваю пытанне: а іншыя аўтары не выкарыстоўвалі ўласныя словы? Выкарыстоўвалі. Дастаткова Аляксандра Салжаніцына пачытаць. Толькі ён уключаў іх у тэксты на сваёй нацыянальнай мове, а не паразітаваў на чужой. А сп. Тарас у чым толькі не папракнуў Расію, толькі карыстаецца - за выключэннем некалькіх слоў - мовай, норму якой распрацавала Расійская Акадэмія навук (гэтая праца пачалася яшчэ да падзелаў Рэчы Паспалітай). Атрымліваецца непаслядоўнасць. На гэта магу сказаць адно: ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ! Жыве - насуперак з'яве т. зв. "беларускОСТИ".

У паўмоўнай "беларускОСТИ" я бачу выключна каланіяльны комплекс "калі мы імперыя, то ў яе мове і мы гаспадары". Калі ж на псіхалагічным узроўні мы ўжо не імперыя (а я на гэтым настойваю!), то да моў адзін аднаго было б прыстойна ставіцца з належнай акуратнасцю, як да чужой культурнай уласнасці, як роўныя з роўнымі. "БеларускОСТЬ" - псіхалагічная аснова няроўнасці. Яна асуджана на хваравітую другараднасць, на істэрычнасць замест пачуцця ўласнай годнасці і, як слушна адзначыў у "НС" адзін пісьменнік, на гістарычны мазахізм. А для кагосьці гэта, можа, і ёсць адзіны спосаб самавыражэння? Тады акрамя іх саміх гэты комплекс непаўнавартаснасці больш ніхто не пераадолее.

Паважаючы беларускамоўную беларускасць, а таксама рускамоўную белорусскость, я спрабую разумець патрыятычныя пачуцці і носьбітаў крэольскай "беларускОСТИ". Але заўважу, што беларускую мову забаранялі ў ХІХ ст., а ў ХХ яе выкладалі ў школах. Таму "беларускОСТЬ" - гэта ўзровень тых, пра каго спявала Ала Пугачова: "Даром преподаватели время со мною тратили...". Так што ад невысокай ацэнкі дадзенага кірунку думкі не адмаўляюся.

Адзінае, у чым я на 100 адсоткаў згодны з Анатолем Тарасам, гэта апошнія словы ў яго водгуку: "Не выйдет!" Усё, што ён абвяргае, дарэмна ўстаўляючы ў свае разважанні маё імя, абвяргаю і я. Разам з ім я заяўляю усім, хто супраць незалежнасці Беларусі і яе дабрасуседскіх адносінаў з Расіяй: "НЕ ВЫЙДЗЕ!!!"

Жадання працягваць спрэчку са сп. Тарасам у мяне няма. А вось здароўя, дабрабыту і ўсяго самага найлепшага я яму зычу.

Уладзіслаў ЛУПАКОЎ.


О, Беларусь! Мая Краіна!

Крыху пра сябе.

Нарадзілася 24 траўня 1979 года ў пасёлку Чырвонаармейск Прыўральнага раёна Уральскай вобласці Рэспублікі Казахстан у рабоча-сялянскай сям'і.

Але карані маіх продкаў тут, у вёсцы Алексічы Зэльвенскага раёна Гарадзенскай вобласці, куды мая сям'я па часе і перабралася. Тут у 1996 годзе я скончыла Дзярэчынскую сярэднюю школу. Вучылася няблага - за курс сярэдняй школы атрымала ганаровую грамату па беларускай мове і літаратуры. Спрабавала пісаць вершы. Чарговым штуршком да гэтага было знаёмства ў сярэднім школьным узросце з Міхасём Уладзіміравічам Скоблам і яго творчасцю.

А 23 снежня 1995 года раённая газета "Праца" змясціла мае першыя спробы пяра: вершы "Беларусі" і "Васілю Зуёнку". Акрамя раёнкі мае допісы змяшчала на сваіх старонках газета "Раніца", вершы - "Слонімская газета", "Беларуская ніва", часопіс "Гаспадыня".

Пасля заканчэння Дзярэчынскай СШ, у 1996 годзе спрабавала паступіць на філфак Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, але, на жаль, няўдала. Працавала ў калгасе "Светлы шлях" (зараз - СВК "Галынка") раздатчыцай абедаў, а таксама, амаль два гады сацыяльным работнікам у вёсках Дзярэчын і Алексічы. У 2006 годзе атрымала 3-ю групу інваліднасці, а сёлета - 2-ю (па стану здароўя).

Замужам, гадую дзетак: сына Серафіма і дачку Аленку (2005 г.н.)

У 2003 годзе 24 верасня, прапала без звестак мая матуля - Зузанава Ніна Уладзіміраўна.

Дзярэчынскі кампазітар Уладзімір Міхайлавіч Пяюта на некаторыя мае вершы напісаў музыку.

Людміла Зузанава


Беларусі

О, Беларусь! Мая Краіна!

Я шчыра так люблю цябе!

Заўжды, калі цвіце рабіна.

Ці ты ў вяселлі, ці ў журбе.


Люблю, што бачу я навокал -

І гэты ціхі шум бароў,

Палі, што не акінеш вокам,

Вясною - песні салаўёў.


Хачу, каб беды нас мінулі,

Не прыгнятаў памылак груз,

Каб людзі радасна ўздыхнулі:

"Жыві, красуйся, Беларусь!"


Васілю Зуёнку

Ты быў у Нью-Ёрку?

А ў Зэльве? Чаму?

Аб гэтым вядома

Табе аднаму.

І вось, у акружэнні

Найлепшых сяброў,

На ўзгорак ля Зэльвы

Сягоння прыйшоў.

Туды, дзе прыходзіць

Увосень штогод

Да Мудрай Паэткі

Ёй мілы народ.

І ціхенька-ціха.

Прачула сказаў:

"Чаму я, Ларыса,

Так позна спазнаў,

Што тут, каля Зэльвы,

Над ціхай ракой

Знайшла Ты прытулак

І вечны спакой...

Лугі тут у кветках -

Святочны абрус.

Адсюль табе бачная

Ўся Беларусь!"


Дзярэчынская школа

Настаўнік сустракае

Ля школьнага парога

І кожны, пэўна, знае

Дзярэчынскую школу.


Дзярэчынская школа -

Тут усё прыгожа, нова.

Выдатная адзнака,

Як шчырая падзяка.


Другімі ўжо вачамі

Мы аглядаем класы,

І кожны прыгадае

Гады вучобы нашай


Калі мы ў нашай школе,

То простым ўсё здаецца

І верым: назаўсёды

Дзерэчын - у нашых сэрцах.

* * *

Каханне маё - атрута,

Спапяляючы ўсё агонь,

Прыдарожня кветка-рута

І нясцерпны задоўжаны боль.


...Ціхі шоргат апалага лісця

І святло на тваім акне...

Усё было, на жаль, калісьці.

І назад не вернецца, не.


...Дык няхай замятае ўспаміны

Дзён наступных злая зіма.

Ты ў сэрцы маім - адзіны.

І з каханнем я не адна!


Што мяне кранае?

Колас жытнёвы,

Сон выпадковы,

Раніца ў лесе,

Гул у паднябессі.

Дзеці ў школе.

Рыбы ў моры.

Хвояў галіны.

Крык жураўліны.

Ветрык шумлівы,

Снег церушлівы,

Сэрца парывы,

Голас чуллівы.

Вішань духмянасць,

Крамянасць,

Барвовасць...

Помнікаў нашых

Цяжкая суровасць.

Нашых бацькоў

Няўмольная старасць

І выпускніц

Адметная сталасць.

Кожнага дня

Нечаканасць,

Адметнасць.

Кожнае ночкі

Падманаў заветнасць.

Час, калі ў вырай

Ляцяць штогод гусі...

Шчасце людзей,

І лёс Беларусі!

* * *

Беларускія вы вёскі!

Беларусія гасцінцы!

Вас любіць буду бясконца:

Тут прайшло маё дзяцінства.

Дарагая кожна сцежка.

Што імкне па родным краі.

Беларусь, тваю ўсмешку

Назаўсёды выбіраю.

* * *

Паэтка юная!

Ня чапай, не крані!

Яна ўсё думае

Пра краю карані!

А ёй усё мроіцца

Каменная царква.

Душа - прытонніца

У неба ўцякла!

А ёй усё верыцца:

Агеньчык не зачах.

Надзея цепліца,

І слёзы на вачах.

А ёй так хочацца

Трывалага цяпла...

Якой бы радаснай

Яна б тады была!


Жыве між намі Чалавек

П.М. Марціноўскаму

Вы пражылі зусім нямнога.

Ды асвяцілі нам Зямлю.

А Ваша светлая трывога

Ці перадасца хоць каму?!

А Вас жа многа што трывожа:

Людское гора, бы прыгнёт.

А як цяпер стаіць Каложа?

А як нам жыць? І колькі год?!


Здаецца, часам непрыкметна

Жыве між намі Чалавек,

Ды колькі светлых мар у сэрцы!!!

Ён патрыёт увесь свой век!

Я пажадаць хачу Вам многа:

Здароўя моцнага добра.

І шчасця крышачку ад Бога.

Яшчэ - душэўнага святла.


Жадаю доўгіх Вам гадоў,

Няхай напоўняцца любоўю!

А Беларусі - гэткіх жа сыноў

І змагароў за нашу долю!

* * *

Мы прывыклі

З падманам жыць,

Падманам

Ужо стала жыццё...

І грубасць

Нахабна ў вочы глядзіць,

Рукі жорсткія

Прагнуць

Забіць,задушыць,

Скалечыць

Чужое жыццё.

Яны не шкадуюць

Ні ночы, ні дня

І сунуцца

Уперад на "Біс".

Дзяўчына,

Паслухай,

Нашто

Сярод дня

Для іх ты

Танцуеш

Стрыптыз?

Я веру:

Цябе

Бяда абміне!

Не прагні

Бліскучых

Грошай!

Застанься

Такой,

Якая ты ёсць -

Прыгожай,

Юнай,

Харошай!!!


Маме

Усё плывуць і плывуць успаміны

З тых нядаўніх асенніх начэй:

Гэта гронка чырвонай рабіны.

Твае слёзы з блакітных вачэй...


Не пражыўшы яшчэ і паўвеку

Ты бясследна з дому пайшла,

А была прыгажуняй прыкметнай -

Ад спаткання спявала душа.


Мама! Родная, любая мама!

Як цябе я магу шчэ прасіць?!

Каб ніколі не пакідала

І каб ведала: сэрца баліць.


Не суцішыць сардэчнага болю,

Не знайсці мне спакою нідзе!

Не зміруся я з тою нядоляй.

Што забрала матуля, цябе!


І сама хутка стану туманам

І ўслед за табой паплыву...

Я знайду цябе, мілая мама!

Промень сонца табе падару!

* * *

Я люблю цябе да слёз...

Ва ўспамінах маіх

Ты - штовечар!

Водарам п'янкім

Маніць чабор -

Можа быць.

Зусім недарэчы

Абяцае - у каторы раз -

Свет вясёлкавы

Новых сустрэчаў.

* * *

Эх, што тут казаць...

Мой вобраз

У памяці тваёй -

Праз колькі год -

Даўно ўжо зменены.

Але прыходзіш

У светлы сон

З душою скрыпкі.

З урокам Леніна.

Душа не хоча пакідаць

Куток дзяцінства -

На небе зорачкі мігцяць,

Апала лісце...


Успамін пра першае каханне

Я часта цябе ўспамінаю,

Як сонца садзіцца за бор -

З усмешкай мяне сустракаеш,

А ў думках - палёты да зор!


Ціхая зорная далеч...

Цёплая ноч і язмін.

Вусны твае нагадалі

Водар духмяных малін.


А музыка нашых спатканняў

Дагэтуль у сэрцы гучыць -

Ад золку да самага рання

Хачу пацалункі дарыць!


Цяпер, пасля доўгай разлукі,

З табой мы сустрэнемся зноў,

І я працягну к табе рукі:

"Ты - шчасце маё і любоў!"


Адолеем, веру, растанне

І скажам аднойчы ўслых:

"Няхай не пагасне каханне

У сэрцах - тваім і маім!"

* * *

Пад пакрывам белай ночы

Люблю безнадзейна блукаць...

Мне сніцца пагляд твой.

А вочы вяртаюць у белы сад!


Прыветліва свецяцца зоры -

З далёкай сівой даўніны...

Ёсць згадка адна пра мора.

Сустрэчы. Дзярэчын і мы.


Па небе блукаюць аблокі,

Ды сонца ўсміхаецца нам...

Ты побач са мной, хоць далёкі,

І сэрца аддана дажджам!...

З табой развітацца спяшаю.

Усе думкі ў сэрцы таю...

Я маю свайму прысвячаю

Усё лепшае, што люблю!

* * *

Усё проста. Даволі проста!

Хоць здаецца надзіва складаным:

Не было энергіі росту -

Я цябе безнадзейна кахала!!!

* * *

Здаецца,

Сонейка смяецца,

І блішча

Радасцю рака.

Малюнак поўніць

Нашы сэрцы,

І усё ж хвалюе

Мастака.

* * *

Чакаю роснага світання

Мой першы май мне не забыць.

Я запавольваю дыханне -

Няма каму свой боль праліць.

І рана першага кахання

Не зажывае, а баліць.

* * *

Мне здавалася - гэта шчасце:

Нас з табою вянчалі багі.

Ды, на жаль, мне ўсяго 15,

А табе ўжо 62 - гі.

* * *

Кахаю цябе, як сонейка,

Наматваю зноў кругі,

Губляюся ў трохвугольніку:

"А як жа той, другі?!"

* * *

Закон подласці -

Закон вернасці,

Толькі сонца

Шчасліва праменіцца...

Верыць хочацца:

Усё да лепшага

Хутка зменіцца,

І былога святло

Да нас вернецца!

* * *

Прабач за ўсё:

За тыя словы,

Што прагучалі

У цішы,

За тыя песні -

Яны сталі

Балючай ранай

Для душы.

Прабач за ўсё:

Што я - не тая,

Якою некалі была.

Прабач, што я...

Зусім чужая

Табе,

І сабе ўжо

Не свая.

Прабач,

Калі мне давядзецца...

Не, не хачу

Табе казаць.

Інакш...

(тут лепей прамаўчаць).

* * *

Аптымісты паўсюль,

Рэалісты -

Медны грошык

У баразне.

Трактарысту

Сніцца

Пустая каністра,

Піск

Галоднай свінні

Ў хляве.


Летняя вандроўка ў Пружаны

Прамільгнуўшае лета падарыла нам цудоўную сустрэчу са старадаўнім горадам Пружаны. Перш чым адправіцца ў вандроўку, мы азнаёміліся з гісторыяй горада. Вось што я даведалася.

Пружаны - горад у Берасцейскай вобласці, раённы цэнтр, а таксама важны турыстычны цэнтр.

Пружаны вядомыя з 15 стагоддзя як мястэчка Дабучын. У 1589 годзе Дабучын атрымаў Магдэбургскае права і пачаў называцца Пружаны. Таксама атрымаў свой герб, які вядомы і сёння: у сярэбраным полі звілістая блакітная змяя з залатой каронай. Назва Пружаны звязана з пасяленнем каля Дабучына прусаў, якія ратаваліся тут ад крыжакоў (Прушаны).

Пружаны знаходзяцца на перасячэнні важных гасцінцаў: на Берасце, Слонім, Кобрын, таму ўжо ў 17-18 ст. мелі вельмі важнае стратэгічнае і эканамічнае значэнне ў ВКЛ.

З пачатку 17 ст. Пружаны былі цэнтрам ганчарнага рамяства і гандлю. Двойчы Пружаны былі моцна разбураныя: у 17 ст. у час казацка - сялянскай вайны (1649 г.), у 18 ст. у час Паўночнай вайны.

Самая значныя помнікі даўніны ў Пружанах-гарадская сядзіба (19 ст.), гандлёвыя рады (1896 г.), капліца (1852 г.), Свята-Александра-Неўскі сабор (1857 г.), Спаса-Прэабражэнская царква (1878 гг.), касцёл Ушэсця Св. Дзевы Марыі (1883 г.).

Самым цікавым турыстычным аб'ектам з'яўляецца гарадская сядзіба, якую называюць "Пружанскі палацык". Пабудаваны па тыпу сельскай італьянскай вілы. Уключае мураваны дом, флігель і пейзажны парк. Парк плошчай 33 гектары. У гэтам палацыку размешчаны музей, які заснаваны ў 1993 г. У музеі размешчана 9 залаў: "Салон", "Кветкавая зала", "Гербавая зала", "Паляўнічы кабінет", зала прыроды, этнаграфічная зала, тры выставачныя залы.

Гэта мяне вельмі зацікавіла, таму я з нецярпеннем чакала вандроўкі.

Шлях аказаўся няпростым - тры перасадкі па дарозе, розныя віды грамадскага транспарту.

Пружаны сустрэлі нас яркім сонцам і вясёлай музыкай - якраз адзначаўся дзень горада. У горадзе шмат зеляніны, шырокія сучасныя вуліцы, але захаваліся і куточкі са старой забудовай - утульныя, ціхія, дзе жыве сама гісторыя.

Нам пашанцавала, бо горад нам прэзентаваў наш сябра, што жыве тут болей за год і таму паспеў добра азнаёміцца з тутэйшымі мясцінамі. Мы разам крочылі па вуліцах, і Пружаны адкрывалі нам сваю прыгажосць.

Адчувалася, што наш сябра любіць Пружаны. Словы "люблю Беларусь" для яго маюць канкрэтны змест: замілаванне ад роднай мовы, прыроды, ціхіх беларускіх куточкаў, што захоўваюць памяць аб мінулым у легендах і паданнях. Адно з паданняў увасоблена ў Пружанах у памятным знаку на месцы зліцця рэк Муха і Вец. Менавіта тут бярэ пачатак Мухавец.

Затым быў Пружанскі палацык і музей у ім. Найболей нам па сэрцы была, вядома ж, этнаграфічная зала: шмат самабытных рэчаў тут можна пабачыць.

Цікавым было падарожжа ў мінулае ў зале, дзе экспануюцца старадаўнія вясельныя фотаздымкі з Пружаншчыны. З іх на нас глядзелі вочы маладых, закаханых і такіх непасрэдна-мілых беларусаў у цудоўных святочных строях. Кожны з нас міжволі шукаў родныя твары на гэтых фотаздымках - можа хтосьці з нашых прашчураў застыў перад фотакамерай у найшчаслівейшы момант жыцця?

Незабыўнае ўражанне пакінула і зала са старадаўнімі царкоўнымі кнігамі і ўсялякім богаслужэбным начыннем. Шмат людзей з заміраннем душы ўслухоўваліся ў храмах у святыя словы з гэтых кніг, шмат дотыкаў рук чалавечых і цяпла іх помняць рэчы, што дапамагалі ў храме спраўдзіць веру ў дапамогу Божую.

А ў зале пушчанскай прыроды прама перад вачыма на тоненькім шнурочку лунаў кажан. Той, што жыве на мяжы святла і цемры, выкарыстоўваючы для актыўнасці самы таямнічы, самы беларускі час сутак, калі пачынаецца вечаровае сутонне і фарбы наваколля шэрыя і невыразныя, а гукі, нават самыя ціхія, гучнай музыкай поўняць бязважкае паветра.

Уражанне ад палацыка ў кожнага з нас было моцнае: арыгінальныя, вельмі жывыя, блізкія сэрцу па сваім напаўненні экспазіцыі і, разам з тым, абсалютна руская мова экскурсавода. І вельмі высокі кошт за экскурсію.

Затое ля палацыка разгарнуў продаж шапік мясцовай пошты, дзе быў добры выбар беларускіх паштовак, канвертаў і марак. Будзе што дасылаць сябрам!

Лашкоўская Паліна, гістарычна-патрыятычны клуб "Спадчына", м. Дварэц.


Выстава памяці Піліпа Орліка

9 кастрычніка 2012 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё выставы "Піліп Орлік - аўтар першай украінскай канстытуцыі", якая прысвечаная 340 - годдзю з дня нараджэння Піліпа Орліка. Праект арганізаваны сумесна з менскім гарадскім грамадскім аб'яднаннем украінцаў "Заповіт".

11 (21 кастрычніка) 340 год з дня нараджэння Піліпа Сцяпанавіча Орліка - гетмана, аўтара першай канстытуцыі Украіны, якая была напісана за некалькі дзесяцігоддзяў да амерыканскай канстытуцыі 1807 года, канстытуцыі 3 траўня 1791 года Рэчы Паспалітай і французскай канстытуцыі 3 верасня 1791 года.

На выставе прадстаўлены матэрыялы, прысвечаныя ўсім сямнаццаці гетманам Украіны, і фотаматэрыялы пра дзейнасць Украінскай грамадскасці па ўвекавечванні памяці Піліпа Орліка на яго гістарычнай радзіме.

Піліп Сцяпанавіч Орлік (1672-1741) нарадзіўся ў 1672 годзе ў сяле Касута Ашмянскай воласці (цяпер Вілейскі раён) у шляхецкай чэшска-беларуска-літоўскай сям'і. На Вілейшчыне прайшлі яго дзіцячыя гады і пачатак юнацтва. Відавочна, пачатковую адукацыю атрымаў пры мясцовым манастыры святога Васіліяна. У канцы 80-х гг ХVІІ ст. сям'я Орлікаў пераязджае ва Украіну, дзе малады шляхціц паступіў у Кіева-Магілянскую акадэмію. У 1693 годзе скончыў навучанне і быў прыняты ў гетманскую канцылярыю. З 1702 года - старэйшы вайсковы канцылярыст, загадчык справаў гетманскай вайсковай канцылярыі, з 1706 года - генеральны пісар.

Цалкам падтрымліваў палітыку гетмана Мазепы. У тым ліку і пераход на бок шведскага караля Карла ХІІ у час руска-шведскай вайны. Пасля паразы шведскай арміі пад Палтавай у 1709 годзе разам з Мазепам уцёк на турэцкую тэрыторыю. Пасля смерці Мазепы ў эміграцыі выбіраецца гетманам Правабярэжнай Украіны.

У дзень выбараў 5 красавіка 1710 года Піліп Орлік абвясціў Пакты і Канстытуцыю "законаў і вольнасцяў Войска Запарожскага", якія атрымалі назву "Канстытуцыя Піліпа Орліка". Гэты помнік палітычнай думкі і сёння ўражвае сваёй актуальнасцю і высокім прававым ўзроўнем.

Канстытуцыя Піліпа Орліка ўпершыню падзяліла ўладу на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Стварэнне і прыняцце такога дакумента ў пачатку ХVІІІ стагоддзя сведчыла аб высокім узроўні палітычнай культуры ўкраінцаў.

З'яўляючыся гетманам у эміграцыі, Піліп Орлік прадпрымаў сур'ёзныя крокі ў імкненні аб'яднаць Украіну!

Аляксей Шалахоўскі.


"Альбом школьных песень" мусіць патрапіць ў кожную школу

Такую задачу перад сабой ставяць стваральнікі дыска з беларускмоўнымі школьнымі песнямі. "У сучаснай школе беларускае слова нячаста гучыць на ўрачыстасцях ды імпрэзах, і выправіць гэтую сітуацыю стаіць на мэце дыска," - лічыць музыка Юры Несцярэнка, які ствараў кружэлку. А яшчэ гэта выдатная дапамога настаўнікам. Кажа музыка:

- Таксама яшчэ як метадычная дапамога для школьнікаў, настаўнікаў і тых, хто займаецца пазашкольнай працай, гэта стварэнне мінусовак для самастойнай працы. На сігнальным альбоме ёсць 10 арыгінальных песень і 10 мінусовак. Працяг яшчэ намячаецца ў тым, што мы на базе гэтага альбома плануем стварыць другую частку, якая будзе ўтрымліваць мультымедыйны дыск.

"Альбом школьных песень" створаны групай адмыслоўцаў дзеля папулярызацыі беларускай мовы. Зараз стваральнікі дыска працуюць над арганізацыяй серыі прэзентацый у Беларусі.

Улад Грынеўскі, Радыё Рацыя.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX