Вярнуцца: 2012

№ 43 (1090)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 43 (1090) 24 кастрычніка 2012 г.


РЭСПУБЛІКАНСКАЯ РАДА ТБМ

21 кастрычніка ў Менску на сядзібе ТБМ адбылося паседжанне рэспубліканскай Рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны". На павестку дня былі вынесены наступныя пытанні:

1. Інфармацыя Старшыні ТБМ аб працы арганізацыі ў 2012 г.

2. Абмеркаванне плану працы ТБМ на 2013 год.

3. Аб зменах у рэдкалегіі газеты "Наша слова".

4. Аб зменах у складзе Сакратарыяту.

5. Інфармацыя па рэалізацыі праекту аб Міжнародным сертыфікаце беларускай мовы.

6. Прыняцце Звароту да дэпутатаў Нацыянальнага сходу аб неабходнасці прыняцця Закона "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы".

7. Прыняцце Звароту да ўладаў Беларусі аб абвяшчэнні 2013 года Годам беларускай мовы.

8. Рознае.

Рада заслухала інфармацыю Старшыні ТБМ Алега Трусава пра працу зробленую Таварыствам за гэты год. Год яшчэ не скончыўся, а на рахунку аб'яднання краязнаўчая канферэнцыя і краязнаўчы фестываль, "Правілы дарожнага руху" на беларускай мове і дыск з комплексам інфармацыі для падрыхтоўкі кіроўцаў зноў жа па-беларуску, доўгі пералік паштовак, канвертаў, календароў (кішэнных, настольных і насценных), выпушчаных уласна ТБМ і "Белпоштай" з ініцыятывы ТБМ, стварэнне і запуск у дзеянне партала ТБМ. Гэта і маса мерапрыемстваў, праведзеных арганізацыямі ТБМ па ўсёй краіне, і друк трох рэспубліканскіх выданняў, і шмат чаго іншага.

Рада зацвердзіла праект Плану працы ТБМ на 2013 год, які пасля дапрацоўкі будзе прыняты ў студзені 2013 года. Сябры Рады асаблівую ўвагу звярнулі на пытанні адзначэння 150-х угодкаў паўстання 1863 года, на ролю "Мужыцкай праўды" ў станаўленні беларускай пісьмовай мовы новага часу, а таксама на адукацыйныя праблемы, якія не здымаюцца з парадку дня.

Першы намеснік Старшыні ТБМ Алена Анісім паведаміла, што ў рэалізацыі праекту аб Міжнародным сертыфікаце беларускай мовы ТБМ нечаканую падтрымку атрымала ад Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Рада прыняла "Зварот Рады ТБМ да ўладаў Беларусі" і "Зварот Рады ТБМ да дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь". Рада ўнесла змены ў склад Сакратарыяту, абрала ў склад рэдкалегіі газеты "Наша слова" паэтэсу Марыю Баравік.

Рада павіншавала з днём народзінаў старшыню Віцебскай абласной рады ТБМ Іосіфа Навумчыка, які прыпаў на сёння, і вырашыла шэраг дробных пытанняў.

Наш кар.


Зварот Рады ТБМ да ўладаў Беларусі

Сябры Рады ТБМ прапануюць абвясціць наступны, 2013 год, "Годам беларускай мовы" ў гонар юбілею класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Мы таксама прапануем Ураду Беларусі распрацаваць і ажыццявіць канкрэтную праграму падтрымкі беларускай мовы ў розных сферах грамадскага жыцця нашай краіны.

(Прыняты рэспубліканскай Радай ТБМ 21.10.2012 г.)


Зварот Рады ТБМ да дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Сябры Рады ТБМ звяртаюцца да дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га склікання з прапановай распрацаваць і прыняць у найбліжэйшы час закон "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы". Канцэпцыя адпаведнага праекту закона прынята 11-м з'ездам ТБМ і надрукавана ў газеце "Наша слова".

(Прыняты рэспубліканскай Радай ТБМ 21.10.2012 г.)


ГУРТУ "ПАЛАЦ" - 20

"Палац" - беларускі музычны гурт з Менска, заснаваны ў кастрычніку 1992 года. У лістападзе 2000 года гурт браў удзел у першым беларускім свяце фольку "Таўкачыкі" ў Менску. Гісторыя "Палаца" пачалася ў 1987 годзе, калі пазнаёміліся Алег Хаменка ды Юры Выдронак. Яны вучыліся ў Менскім інстытуце культуры (зараз - Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў). У 1988 годзе да гурту далучыўся сябар Юрыя Зміцер Карабач. Яшчэ праз год да гурту далучыўся Юрась Белякоў. Назву "Палац" прапанаваў Алег Хаменка ў 1992-м годзе. У рэпертуар увайшлі беларускія песні, апрацаваныя ў адпаведнасці з сучаснымі тэндэнцыямі папулярнай музыкі ды актыўным выкарыстаннем сэмплаў.

З гэтай нагоды музыкі выпускаюць новы альбом і ладзяць канцэрт.

Альбом атрымаў назву "Кола грукатала", паведамляе "Еўрарадыё". Па словах лідара "Палаца" Алега Хаменкі, дыск будзе прадстаўляць сабой складанку лепшых і новых песень гурта, напісаных цягам апошніх шасці гадоў.

Алег Хаменка: "Няма канцэпцыі ў альбома. Гэта нашы песні, якія не выдаваліся ў нумарных альбомах, якія былі запісаныя цягам апошніх шасці гадоў. Сярод іх тое, што ўваходзіла ў розныя складанкі, і некалькі песень, якія яшчэ нідзе не гучалі. Акрамя вельмі вядомых і даўно створаных песень, такіх, як "Кола грукатала" ці "Праваджала маці сына", будзе "Шэрая поўсць", якую ніхто не чуў, "Стаіць вярба", якую мы толькі некалькі разоў гралі на канцэртах. То бок, альбом будзе свайго роду кампіляцыяй хітоў за апошнія шэсць гадоў".

Алег Хаменка кажа, што будучая пласцінка "Палаца" яму вельмі падабаецца. Перад Калядамі яна з'явіцца ў інтэрнэце ў вольным доступе. А набыць яе, спадзяецца музыка, можна будзе ўжо на канцэрце-святкаванні юбілею, які пройдзе 26 кастрычніка ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

"На канцэрце будуць сябры, з якімі мы працавалі апошнія гады, - распавядае Алег пра святочны спектакль у тэатры. - Будуць музыканты, якія працавалі разам з "Палацам", і ад якіх мы ўзбагаціліся ў творчасці і ў жыцці, і якія засталіся нашымі сябрамі. Будуць калегі. Думаю, што нейкія моманты віншавання мы зрэжысуем. Але, можа, гэтага і не трэба! Хочацца нечага лёгкага, такога, як у святочны дзень. Каб гэта была не справаздача, а каб гэта было свята".

Падчас канцэрту прагучаць толькі тыя песні "Палаца", якія любяць граць музыкі гурта. Па гэтай прычыне, жартуе Алег, і праграма юбілею мае назву "Сяброўскі канцэрт гурта "Палац" з лепшымі песнямі любові і мудрасці".

Паводле "Еўрарадыё".


План дзейнасці грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" на 2013 год

Праект

1. Асветніцка-педагагічная праца

- з бацькамі, дзеці якіх пойдуць у дзіцячыя садкі і першыя класы ў 2013-2014 навучальным годзе;

- з бацькамі і іх дзецьмі, якія навучаюцца ў рускамоўных і беларускамоўных адукацыйных установах;

- з арганізацыямі і ўстановамі з мэтай прапаганды беларускай мовы і літаратуры;

- правядзенне курсаў беларускай мовы і беларусазнаўства.

- звярнуцца да дзяржаўных і недзяржаўных тэлеканалаў

па дапамогу ў стварэнні беларускамоўных класаў.

2. Праца рэгіянальных арганізацый ТБМ па захаванні і адкрыцці беларускамоўных адукацыйных устаноў: збор подпісаў, лісты ў дзяржаўныя ўстановы, пікеты і інш.

3. Супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі па пытанні выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы, Міністэрствам сувязі па пытаннях выпуску беларускамоўнай прадукцыі.

4. Супрацоўніцтва з банкаўскімі структурамі па пытаннях афармлення на беларускай мове бланкаў, рэквізітаў і іншай банкаўскай прадукцыі.

5. Праца з прадпрыемствамі па ўкараненні беларуска-моўнага афармлення выпусканай прадукцыі.

6. Работа па пашырэнні кола падпісчыкаў і чытачоў на "Наша слова", "Новы час", "Верасень" і іншыя беларускамоўныя газеты і часопісы.

7. Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы.

Правядзенне пікетаў, сустрэчы з чытачамі (разам з пісьменнікамі і журналістамі). Першы этап Агульнанацыянальнай дыктоўкі - 21 лютага (2-і этап - 15 сакавіка, 3-і этап -25 сакавіка).

8. Правядзенне комплексу мерапрыемстваў па адзначэнні разам з дзяржаўнымі і іншымі грамадскімі структурамі 150-х угодкаў паўстання 1863 года .

9. Забеспячэнне дзейнасці інтэрнет-партала ТБМ.

10. Праца над праектам стандарту беларускай мовы.

11. Выдаць паштоўкі да юбілеяў М. Гарэцкага, В. Ластоўскаага.

12. Адзначыць Еўрапейскі дзень моў.

13. Выдаць паштоўку з нагоды 90-х угодкаў з дня нараджэння Васіля Быкава.

14. Адзначыць наступныя даты:

1150 гадоў з часу стварэння славянскай азбукі, вядомай пад назвай "кірыліца" .

20 гадоў з часу ўтварэння аргкамітэту Беларускага народнага фронту "Адраджэньне", Рэспубліканскага гістарычна-асветнага таварыства памяці ахвяр сталінізму "Мартыралог Беларусі".

175 гадоў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага (Канстанцін Вікенці Сямёнавіч; 1938, в. Мастаўляны Гарадзенскага пав. - 1864), рэвалюцыянера-дэмакрата, кіраўніка паўстання 1863-1864 гг. у Літве і Беларусі, публіцыста.

120 гадоў з дня нараджэння Максіма Гарэцкага , пісьменніка.

130 гадоў з дня нараджэння Францішка Аляхновіча , драматурга, пісьменніка, тэатральнага дзеяча.

130 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Міхайлавіча Некрашэвіча (1883, Светлагорскі р-н - 1937), мовазнаўца, акадэміка НАН Беларусі.

130 гадоў з дня нараджэння Янкі Маўра (сапр. Фёдараў Іван Міхайлавіч; 1883 - 1971), пісьменніка, аднаго з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры.

130 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Цвікевіча , гісторыка, публіцыста.

110 гадоў з дня нараджэння Наталлі Арсенневай , паэтэсы.

120 гадоў з дня нараджэння Паўліны Мядзёлкі, дзеяча культуры.

225 гадоў з дня нараджэння Івана Іванавіча Насовіча (1788, в. Гразівец, Быхаўскага пав., цяпер Чавускі р-н - 1877), лексікографа, фалькларыста, этнографа, які склаў першы гістарычны слоўнік беларускай мовы.

125 гадоў з дня нараджэння Язэпа Нарцызавіча Драздовіча (1888, засценак Пунькі Дзісенскага павету, цяпер Глыбоцкі р-н - 1954), мастака, скульптара, этнографа, фалькларыста, археолага, пісьменніка аднаго з заснавальнікаў нацыянальнага гістарычнага жывапісу.

80 гадоў з дня нараджэння Нінэль Іванаўны Шчаснай (1933, Полацк), мастачкі, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.

75 гадоў з дня нараджэння Янкі Саламевіча (Іван Уладзіміравіч; 1938, Слонімскі р-н), літаратуразнаўца, фалькларыста, краязнаўца, бібліёграфа, перакладчыка.

80 гадоў з дня нараджэння Вячаслава Ўладзіміравіча Адамчыка (1933, Дзятлаўскі р-н - 2001), пісьменніка.

130 гадоў з дня нараджэння Вацлава Юстынавіча Ластоўскага (1883, засценак Калеснікаў, цяпер Глыбоцкі р-н - 1938), гісторыка, філолага, этнографа, пісьменніка, публіцыста, літаратуразнаўца, акадэміка НАН Беларусі.

130 гадоў з дня нараджэння Язэпа (Іосіфа) Юр'евіча Лёсіка (1883, в. Мікалаеўшчына Менскага пав., цяпер Стаўбцоўскі р-н - 1940), мовазнаўца, пісьменніка, педагога, акадэміка НАН Беларусі, грамадска-палітычнага дзеяча.

215 гадоў з дня нараджэння Адама Міцкевіча (1798, Наваградчына - 1855), паэта, публіцыста, грамадскага дзеяча.

30 гадоў з часу заснавання часопіса "Мастацтва".

25 гадоў таму пачалі выдавацца часопісы "Крыніца", "Беларуская мова і літаратура ў школе".

25 гадоў таму завершана: выданне Збору помнікаўгісторыі і культуры Беларусі ў 8 тамах.

20 гадоў з часу заснавання "Беларускага гістарычнага часопіса".

14. Адзначыць юбілейныя даты сяброў ТБМ:

75 гадоў з дня нараджэння Міхася Чарняўскага (1938, Мядзельскі р-н), археолага, мастацтвазнаўца, пісьменніка.

60 гадоў Уладзіміру Арлову беларускаму пісьменніку.

75 гадоў з дня дараджэння Вячаслава Міхайлавіча Целеша (1938, г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на), мастака, краязнаўца, фалькларыста.


Міхась Булавацкі: Выступ на рэспубліканскай Радзе ТБМ 21.10.2012 г.

Мне хочацца звярнуць увагу на адну праблему, якую варта абдумаць.

Летам я сустракаўся з Алесем Белакозам. I той выказаў меркаванне, якое мяне спачатку здзівіла і збянтэжыла. Ён сказаў, што небяспека для нашай мовы з боку польскай мовы большая, чым з боку расейскай. У спробах зразумець трывогу гэтага змагара за Беларусь і яе мову я пачаў прыглядвацца і прыслухоўвацца. I пачаў заўважаць гэтае ціхае нашэсце, пранікненне польскіх слоў у нашу мову. "Гарбата", "лядоўня"... Наша "марозіва" часта замяняюць на "лёды" . З'явілася "бабця" замест нашага цёплага "бабуля" . Радыё Свабода ўжо перайначыла Насту Пал А жанку ў Насту Палаж А нку. А аднойчы ў беларускамоўнага выступоўцы пачуў "ксёнжка".

Але нават не гэта галоўнае. Бо варта падумаць, адкуль такое ідзе. Найперш ад ксяндзоў. Мы радуемся, што ў беларускіх касцёлах гучыць родная мова, хай сабе і з польскім акцэнтам. Але варта асэнсаваць з'яву глыбей. Вось даволі выразны прыклад. Летам магілёўскія тэбээмаўцы ладзілі чарговую вандроўку па Беларусі. Заехалі ў Відзы, агледзелі самы высокі ў Беларусі касцёл. I я пагутарыў з дзвюма жанчынамі ля касцёла. Адна пенсійнага веку, другой - гадоў каля сарака. Яны сказалі, што нядаўна ім прыслалі новага ксяндза, які ім вельмі падабаецца.

- А на якой мове ён вядзе набажэнствы?

- Спачатку вёў на беларускай. Потым спытаў: можа, тут ёсць палякі і яны хочуць набажэнствы папольску? Тады няхай напішуць заяву. Ну і мы падпісалі.

Маладзейшая размаўляла са мной па-расейску, а старэйшая - на амаль чыстай беларускай мове.

-А польскую мову вы ведаеце?

- Ну, - замяліся яны, - трошкі ведаем.

- А навошта вам польская мова, калі вы добра карыстаецеся беларускай?

- Ну мы ж каталікі, мы ж палякі.

- Пачакайце, - абурыўся я, - каталікі ёсць і ў Іспаніі, але ж яны не палякі.

- Ну, а мы палякі.

I вось гэтыя дзве беларускі зараз наведваюць польскамоўнае набажэнства, бо гэтым самым яны як бы далучаюцца да вышэйшай касты - да палякаў.

Відзы - гэта Віцебшчына. Бліжэй да польскай мяжы, дзе жыве Белакоз, такое сустрэнеш часцей і выразней. I міжволі думка свярбіць: чаму ў беларускія касцёлы прысылаюць менавіта польскіх ксяндзоў? На пачатку 90-х гэта было зразумела, бо сваіх не было. А зараз ужо сваіх панавучвалі. I дзе яны? На Украіне? Ці ў Польшчы?

Гэтую трывогу я і выказаў, вярнуўшыся з вандроўкі, лістом у "Наша слова". На вялікае маё здзіўленне, рэдактар "Нашага слова" не прапусціў гэтую частку ў друк. Нешта для мяне тут няўцямнае: ужо на старонках нашай газеты я не магу выказацца ў абарону роднай мовы (!?!).

I зараз я вымушаны скарыстаць вось гэтую трыбуну, каб абазначыць праблему, над якой варта думаць.

Дзякую за ўвагу


Ізноў наступ на літаратурны музей?

Старшыні Віцебскага абласнога

выканаўчага камітэта

Косінцу Аляксандру Мікалаевічу

Шаноўны Аляксандр Мікалаевіч!

Віцебская абласная рада грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" лічыць неабходным звярнуцца да Вас у сувязі з наступным.

Нам стала вядома аб ідэі перапрафіліявання абласнога Літаратурнага музея ў комплекс пад назвай "Музей гастранамічнай культуры". Гэтыя планы выклікалі абурэнне грамадскасці Віцебска і вобласці, музейных работнікаў, у тым ліку і сяброў нашай арганізацыі.

Як вядома, абласны Літаратурны музей быў заснаваны яшчэ ў 1988 годзе. За час працы ён стаў сапраўдным цэнтрам сучаснага літаратурнага жыцця Віцебшчыны. Многія творы нашых землякоў-літаратараў, чыя дзейнасць была звязана з Віцебшчынай, экспануюцца з аўтографамі аўтараў. У музеі ладзіліся заняткі, гульні, конкурсы, іншыя імпрэзы з моладдзю - ад выхаванцаў дзіцячых садкоў да студэнтаў навучальных устаноў. Так рабілася нягучная справа па выхаванні любові да друкаванага слова на нашых абедзвюх дзяржаўных мовах. Частымі ўдзельнікамі сустрэч былі прадстаўнікі дзеючых саюзаў пісьменнікаў Беларусі.

На частцы плошчы гістарычнага будынка планавалася экспазіцыя тэатральнага музея - ад батлейкі да нашых дзён. Рабочай групай была распрацавана канцэпцыя экспазіцыі музея, ухваленая экспертамі дзяржаўных навуковых устаноў, у тым ліку Акадэміі мастацтваў і Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі.

Ідэя стварэння так званага "Музея гастранамічнай культуры" не вытрымлівае ніякай крытыкі і ўспрымаецца культурнай грамадскасцю як знявага гісторыі багатага літаратурнага жыцця Віцебшчыны, як страта яшчэ адной магчымасці выхавання моладзі ў духу павагі да нацыянальных традыцый. Дасведчаныя людзі бачаць у гэтым жаданне выкарыстаць прывабны гістарычны будынак для патрэб фестывалю "Славянскі базар у Віцебску", для стварэння чарговага аб'екта з рэстаранна-забаўляльным зместам.

Мы прапануем адмовіцца ад гэтай ідэі, паскорыць працы па рамонце абласнога Літаратурнага музея і даручыць абласному Краязнаўчаму музею стварэнне адноўленай экспазіцыі з тэатральным раздзелам.

Просім Вас, глыбокапаважаны Аляксандр Мікалаевіч, падысці да гэтага пытання не фармальна, з улікам важнасці ўзнятых праблем для культурнага жыцця вобласці і аўтарытэту абласнога кіраўніцтва.

Па даручэнні Віцебскай абласной рады

ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" старшыня І. А. Навумчык.

06.06.2012.



Старшыні Віцебскай абласной рады

грамадскага аб'яднання "Таварыства

беларускай мовы імя Ф. Скарыны"

Навумчыку І.А.

Аб разглядзе звароту

Шаноўны Іосіф Адамавіч!

Па даручэнні Віцебскага аблвыканкама ўпраўленне культуры разам з зацікаўленнымі службамі разгледзела Ваш зварот аб перапрафіляванні літаратурнага музея - філіяла ўстановы культуры "Віцебскі абласны краязнаўчы музей" і паведамляе.

З 2009 года літаратурны музей зачынены на капітальны рамонт. Згодна праектна-сметнай дакументацыі праведзена замена ацяпляльнай сістэмы, крокваў і дахавага пакрыцця. Працягваюцца работы па ўцяпленні паддашка і мантажу водаадліўной сістэмы.

Рашэнне аб перапрафіляванні літаратурнага музея не прымалася.

У адпаведнасці з патрабаваннямі артыкулаў 7, 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. № 300-3 "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" растлумачваем, што Вы маеце права абскардзіць адказ на Ваш зварот у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, або ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Начальнік упраўлення Л.К. Аленская.


"Зброевая палата" Андрэя Пяткевіча

У галерэі "Мастацтва" 12 кастрычніка адчынілася выстава жывапісу "Зброевая палата" Андрэя Пяткевіча.

Цёплыя словы пра яго сказала мастацтвазнаўца Юрэвіч - Малашчук В.Я.

Андрэй Пяткевіч нарадзіўся ў 1976 годзе.

У 1987 - 1994 - вучыўся ў Беларускім ліцэі мастацтваў. А ў 1994 - 2000 - вучоба ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага жывапісу. Удзельнічаў у выставах у Літве, Францыі, Беларусі і Польшчы.

Андрэй Пяткевіч - яркі прадстаўнік сучаснага беларускага мастацтва. Яго творчасць адрознівае ўнікальная рэалістычная манера, якая лаканічна сумяшчае ў сабе элементы сімвалізму і пап-арту..

Работы майстра маюць "моцную" сэнсавую нагрузку, падахвочваюць да рознага роду філасоўскіх развагаў...

Аднак, нягледзячы на значнасць і актуальнасць паднятага аўтарам пытання, ён раскрывае яго з пэўнай доляй гумару і тым самым здымае эмацыйнае напружанне, якое звязана з гэтай тэмай.

Праект "Зброевая палата" гэтаму прыклад. Зброя стэрэатыпна асацыюецца з гвалтам і жорсткасцю і нешматлікія ўспрымаюць яе як твор мастацтва! Але менавіта гэты бок вайсковай амуніцыі мастак падкрэслівае ў сваіх палотнах!

Фантазія Андрэя Пяткевіча настолькі бязмежная што метафарычна - асацыятыўныя бобразы аўтаматаў, пісталетаў, рэвальвераў набываюць у работах майстра іранічна - рамантычнае гучанне...

Аляксей Шалахоўскі, гісторык.


З'ЯВІЛАСЯ ПЕРШАЯ Ў СВЕЦЕ БЕЛАРУСКАМОЎНАЯ ГУЛЬНЯ ДЛЯ ANDROID

15 кастрычніка 2012 года Android Market убачыў першую у свеце гульню на беларускай мове - PaperHell. Гэтая беспрэцэдэнтная гульня - уласны прадукт беларускай арт-студыі PRAS.

Галоўны герой гульні - папяровы Фрыдрых, для якога неўзабаве пачынаецца абяцаны ўсімі чарговы Канец Свету - 2012. Фрыдрых спрабуе зрабіць тое, што не паспеў раней, узяць ад жыцця як мага больш, што цалкам зразумела. Таму наш герой нават спрабуе прарвацца ў сапраўдны Свет і там шукаць ратавання ад Апакаліпсісу.

Не гледзячы на тое, што асноўнай аўдыторыяй гульні стануць падлеткі 14-16 год, забаўка прыйдзецца па гусце ўсім, хто хоча пазмагацца ў рэакцыі і хуткасці уласных пальцаў. Просты і ненадакучлівы дызайн разам з дынамічным вясёлым трэкам робяць гульню прыемнай і дасціпнай забаўкай для баўлення часу.

Гульня дазваляе цалкам кіраваць працэсам уласнымі пальцамі: слайд па экране дае магчымасць "слізгацення", дотык - і Фрыдрых робіць скок. Калі ж варушыць рукамі ну зусім лянотна, кіраванне ажыццяўляецца праз нахіленне экрана. У PaperHell прадугледжаны і шэраг бонусаў: падваенне ачкоў, магчымасць абараняцца ад метэарытаў тарчай і інш.

Арт-студыя PRAS імкнецца працаваць з беларускімі праектамі, выходзячы, аднак, за беларускамоўны асяродак. І гэтая гульня не выключэнне. Шукайце PaperHell на Android Market, а хутка і на AppStore.

Скрыншоты праграмы ў дадатку. Больш пра гульню можна прачытаць на сайце.

Мікалай Тамашэвіч, дырэктар арт-студыі PRAS.


Twitter пяройдзе на беларускую

Адміністрацыя сацыяльнай сеткі распачала пераклад Twitter яшчэ на 16 моваў. Сярод іх ёсць і беларуская, паведамляе Generation.by.

Цяпер да перакладу сусветнай сацыяльнай сеткі можа далучыцца кожны ахвотны. Сайт дазволіў карыстальнікам самім прапаноўваць і выбіраць найлепшыя варыянты перакладу для тэрмінаў і словазлучэнняў, што выкарыстоўваюцца на ім. Пераклад адбываецца ў адмысловым цэнтры, дзе кожны карыстальнік можа прапанаваць уласны варыянт перакладу з ангельскай таго ці іншага слову з больш чым 12-тысячнага спісу. Можна таксама прагаласаваць за найбольш удалы варыянт перакладу.

Паводле Радыё Свабода.


Календары да 150-годдзя паўстання 1863 года

ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" выпусціла насценны і настольны календары да 150-годдзя паўстання 1863 г.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў лістападзе

Абрагімовіч Марына Яўген. Амінава Святлана Андрэйкавец Надзея Дмітр. Асецкі Аркадзь Бабак Вольга Бекіш Віктар Андрэевіч Кірэева Алена Уладзіміраўна Марговіч Антон Антонавіч Бабкова Ганна Ігараўна Баранаў Аляксандр Георг. Бародка Зміцер Міхайлавіч Баўтовіч Міхась Бахвалаў Дзмітры Белакоз Вера Беляўская Таццяна Борын Алег Мікалаевіч Булаш Алена Быцкевіч Сяргей Аляксандр. Ваданосава Фаіна Аляксандр. Васько Віктар Вячаслававіч Ветчынаў Сяргей Вікторчык Ніна Сяргееўна Віценя Алег Аляксандравіч Вішнеўскі Павел Уладзімір. Волкаў Алег Вярцінскі Анатоль Ілліч Ганчарова Таццяна Гарлуковіч Яўген Дзмітр. Гівоіна Вольга Міхайлаўна Гнедчык Алег Груша Дар'я Уладзіміраўна Грыб Ян Янавіч Губарэвіч Віктар Дзмітр. Гур'ян Алена Барысаўна Дабравольскі Аляксандр Ал. Давыдзька Святлана Данішэвіч Вольга Дацэнка Аляксандр Кірыл. Дзербянёва Анжаліка Дзіцэвіч Людміла Мікалаеўна Дзядзюля Вера Длатоўская Аліна Аляксан. Домаш Валянціна Іосіфаўна Досіна Алена Драгун Данута Дрыга Святлана Мікалаеўна Дубко Ганна Міхайлаўна Дубовік Іна Пятроўна Дуброў Алег Анатольевіч Есьман Рыгор Міхайлавіч Еўсіевіч Наталля Анатол. Зайкоўскі Эдвард Міхайлавіч Зарэцкая Вера Якаўлеўна Здановіч Уладзімір Васільев. Зуева Галіна Паўлаўна Іокша Марыя Мікалаеўна Кавалёў Аляксей Аляксандр. Кадыш Любоў Кажамякін Генадзь Вячаслав. Казакоў Алесь Казачонак Сяргей Казлоўскі Руслан Канстанц. Калатоўкіна Ларыса Анатол. Капойка Уладзімір Карповіч Ірына Іванаўна Касцюк Таццяна Уладзімір. Кацяшоў Дзмітры Сяргеевіч Клікун Таццяна Козел Валеры Круглік Уладзімір Анатол. Крук Валянціна Іосіфаўна Крыжаноўская Вольга Аляк. Кудлацкая Валянціна Кужанава Вольга Кузьма Аляксандр Кузьміч Мікалай Пятровіч Кучынская Галіна Лапіцкая Святлана Левіт Зміцер Лепяцюхіна Ганна Літоўчык Святлана Міхайл. Лойка Алег Паўлавіч Лубянава Таццяна Віктар. Лысова Таіса Макарэвіч Наталля Міхайл. Маліноўскі Віктар Леанідавіч Мароз Жана Мікалаеўна Марозава Святлана Валянц. Мацкоўская Наталля Васіл. Мацюкевіч Паўлюк Іванавіч Мельнік Міхась Іванавіч Мельнікаў Аляксандр Мельнікаў Андрэй Міхайл. Міжурына Раіса Канстанцін. Мілаш Леакадзія Міхалевіч Мілана Міхайлаўна Моніч Зміцер Мухіна Леанарда Станіслав. Нагін Павел Несцераў Аляксей Нікіціна Ліля Нікіціна Людміла Канстанцін. Пагрэбіцкі Алег Падасетнікаў Васіль Панюціч Аляксандр Паражынскі Аляксандр Паросава Марына Пашкевіч Валеры Васільевіч Пракаповіч Мікалай Мікал. Пракопчык Марына Міхайл. Пугаўка Алена Пугачэўскі Аляксандр Вікт. Пыльчанка Яўген Аляксандр. Радкоў Генадзь Андрэевіч Радзіон Ірына Ралько Леанід Міхайлавіч Раманюк Наталля Розумаў Анатоль Якаўлевіч Русецкі Марцін Ігаравіч Руткоўская Яўгенія Карпаўна Сабалеўскі Антон Аляксанд. Савіцкая Яніна Іосіфаўна Савіч Аляксандр Аляксандр. Севасцян Павел Сергіевіч Дзмітры Сімакова Рэгіна Іосіфаўна Скуратовіч Аркадзь Сойка Мікалай Уладзіміравіч Сталярова Вера Станкевіч Ларыса Фёдараўна Стасюкевіч Дзіна Сурко Анатоль Сцепулёнак Эма Антонаўна Сцямпкоўская Хрысціна Тарасава Святлана Міхайл. Таўгень Антон Тозік Эдуард Трафімец Ульяна Святасл. Трафімчык Алена Веніямін. Турцэвіч Паліна Віктараўна Тыгрыцкая Вольга Аляксан. Тычына Дзмітры Валянцінав. Тышко Іван Іванавіч Уласава Дар'я Уласевіч Дар'я Федаровіч Кацярына Федаровіч Надзея Фралоў Аляксей Валер'евіч Фядзюшын Ягор Ягоравіч Хамінскі Міхась Аляксандрэ Хвошч Галіна Хляба Глеб Ігаравіч Царкоў Мікалай Прохаравіч Цвяткова Алена Мікалаеўна Цехановіч Святлана Цімаховіч Аляксандра Іван. Цярэшчанка Ігар Барысавіч Чарнаморцаў Валер Чаховіч Г. Г. Чашун Уладзімір Шнітоўскі Міхась Шчурко Галіна Аляксандр. Шчурко Лідзія Іванаўна Шыманчык Святлана Мікал. Шымкус Рычард Эдуардавіч Ялугін Эрнэст Васільевіч Яніцкі Міхаіл Іванавіч Яскевіч Аляксей Юр'евіч


Літаратурная сустрэча з Ганнай Серэхан

19 кастрычніка 2012 года ў Ганчарскім сельскім клубе Лідскага раёна прайшла творчая сустрэча школьнікаў Ганчарскай сярэдняй школы і мясцовых жыхароў са сваёй зямлячкай, выпускніцай гэтай школы, паэтэсай Ганнай Серэхан, аўтарам кніг паэзіі "Запаветная жменька" і "Пане, будзь заўжды са мной".

Ганна Серэхан нарадзілася 1 кастрычніка 1984 года ў гарадскім пасёлку Астрына Шчучынскага раёна, але ўсё яе дзяцінства прайшло ў Ганчарах. Адсюль яна паступіла ў БДУ як пераможца Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. Менавіта, у Ганчарскай школе, на ганчарскай зямлі пачыйаўся паэтычны лёс Ганны Серэхан. Упершыню Ганна сур'ёзна заявіла пра сябе стаўшы пераможцам абласнога конкурсу на лепшы уласны твор, прысвечаны 110-годдзю з дня нараджэння М. Багдановіча.

У 2007 годзе Ганна Серэхан стала пераможцам конкурсу маладых літаратараў, прысвечанага 100 - годдзю газеты "Наша ніва".

Пасля ўніверсітэта Ганна трапіла на працу ў выдавецтва " Про Хрысто". У 2007 - 2008 гадах Ганна вучыцца ў магістратуры БДУ. Тэма магістарскай працы - "Творчасць Антона Гарэцкага ў кантэксце беларускай паэзіі эпохі Рамантызму". У 2008 - 2012 гады - аспірантура Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 2012 годзе Ганна выйшла замуж і змяніла сваё прозвішча Серэхан на прозвішча мужа. Цяпер яна Ганна Шаўчэнка.

Ганна распавяла прысутным і пра сябе і пра сваю творчасць, але галоўным у яе выступе было імправізаванае эсэ на тэму, чаму яна гаворыць па-беларуску, і хто сёння гаворыць па-беларуску. Паводле Ганны вясковыя дзеці сёння прыязджаюць у горад і пачынаюць размаўляць па-руску, каб выглядаць гарадскімі, а гарадскія дзеці пераходзяць на беларускую мову, бо гэта прызнак элітнасці. Па-беларуску ў горадзе размаўляць прэстыжна. Беларуская мова - гэта як дыплом аб вышэйшай адукацыі, які заўсёды з табой.

У клубе была разгорнута выстава работ Ганны з бісеру, бо і гэтае мастацтва ёй даступнае, яна валодае бісерам як і словам.

У лістападзе Ганна абараняе кандыдацкую дысертацыю па творчасці Антона Гарэцкага. Уся вёска, усе прысутныя шчыра пажадалі ёй поспеху, і ўся вёска будзе за яе радавацца, бо тут яна застаецца для ўсіх сваёй, роднай.

Яраслаў Грынкевіч.


Прэзентацыя зборніка матэрыялаў краязнаўчай канферэнцыі

18 кастрычніка на сядзібе ТБМ адбылася ўрачыстая прэзентацыя кнігі з матэрыяламі краязнаўчай канферэнцыі "Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух" . Выданне ажыццёўлена ў межах выканання праекту "Захаванне гістарычнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці", падтрыманага Праграмай малых грантаў Амбасады ЗША ў Беларусі, узгодненага з Мінкультуры Беларусі і зарэгістраванага ў Дзярждэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

16 красавіка 2012 г. у межах выканання гэтага праекту адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя "Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух". Мерапрыемства праходзіла ў памяшканні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (Мінск, вул. К. Маркса, 12). Напярэдадні канферэнцыі была зроблена вялікая падрыхтоўчая праца. 1-га лютага 2012 г. ў Лідзе адбыўся круглы стол "Праблемы краязнаўства на Лідчыне", які ператварыўся ў рэгіянальную канферэнцыю, а таксама семінар па навучанні валанцёраў. У Заслаўі 3-га лютага прайшла сустрэча з вядомымі беларускімі гісторыкамі і краязнаўцамі ў СШ №2. У Віцебску 12 лютага адбыліся дзве сустрэчы з вядомымі беларускімі гісторыкамі і краязнаўцамі. Напрыканцы лютага ў Лагойску прайшоў круглы стол "Праблемы краязнаўства на Лагойшчыне". У Магілёве ў красавіку, напярэдадні канферэнцыі былі праведзены дзве сустрэчы з мясцовымі гісторыкамі і краязнаўцамі. Гэта выклікала вялікую актыўнасць краязнаўцаў, многія з якіх прынялі ўдзел у канферэнцыі.

На імпрэзу ў сядзібу ТБМ завіталі ўдзельнікі канферэнцыі, госці розных узростаў і зацікаўленняў, але ўсе вынеслі з прэзентацыі новыя веды і добры настрой, а таксама атрымалі ў падарунак па асобніку выдання.

Наш кар.


Краязнаўчая сустрэча ў Гомелі

5 кастрычніка па ініцыятыве Гомельскай гарадской арганізацыі ТБМ адбылася сустрэча, прысвечаная краязнаўству на Гомельшчыне. З паведамленнем пра аўтара кнігі "Гомель. Его прошлое и настоящее" (1900) Льва Вінаградава выступіў Алесь Пятухоў. Пасля была праведзена інтэлектуальная гульня з пытаннямі па гісторыі роднага краю, а таксама па твочасці Я. Коласа і Я. Купалы. У канцы сустрэчы ўсе удзельнікі атрымалі кнігі гомельскага пісьменніка А. Бардоўскага "На крыжы тваіх рук" і значкі "Маю права на мову".

Максім Новік.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Уладзімір Кошчанка - 10000 р., г. Менск

2. Невядомы - 50000 р., г. Менск

3. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад

4. Міцкевіч Яўген - 35000 р., г. Менск

5. Шынкевіч Уладзімір - 10000 р., г. Менск

6. Талерчык А.С. - 50000 р., г. Гародня

7. Стэпановіч Я.М. - 25000 р., г. Менск

8. Літвін Уладзімір - 30000 р., г. Слонім

9. Васілючэк Міхась - 100000 р., г. Гродна

10. Невядомы - 50000 р., г. Менск

11. Лазарук Тамара - 30000 р., г. Менск

12. Запрудскі Сяржук - 100000 р., г. Менск

13. Веташкін І.В. - 100000 р., г. Менск

14. Пяткевіч А.М. - 100000 р., г. Гродна

15. Марчанка М. - 25000 р., г. Менск

16. Кукавенка Іван - 25000 р., г. Менск

17. Раманік Т.І. - 100000 р., г. Менск

18. Шафарэнка Мікола - 50000 р., г. Менск

19. Бацяноўскі Алесь - 50000 р., г. Смалявічы

20. Бамбіза Мікола - 100000 р., г. Менск

21. Ражкоў Леанід - 30000 р., г. Менск

22. Прылішч І.А. - 25000 р., г. Менск

23. Рагаўцоў Васіль - 50000 р., г. Магілёў

24. Сяргеяў В. - 95000 р., г. п. Кіявец Крупскі р-н.

25. Дзмітрыева З.А. - 10000 р., г. Менск

26. Ляскоўскі Уладзіслаў - 110000 р., г. Шаркаўшчына

27. Клуб Спадчына - 35 000 р., г. Менск

28. Войнава А. - 50000 р., г. Гомель

29. Павідайка В.М. - 70000 р., г. Менск

1. Рындзевіч Вячаслаў - 100000 р.

2. Пісарэнка Алесь - 50000 р.

3. Рымша Алесь - 250000 р.

4. Мудроў Алег - 70000 р.

5. Фарнэль Кастусь - 30000 р.

6. Гняткоў Валеры - 70000 р.

7. Паўловіч Віктар - 70000 р.

8. Гацкі Ўладзімір - 70000 р.

9. Мельнікаў Юрась - 50000 р.

10. Сідараў Сяргей - 50000 р.

11. Рамашка Станіслаў - 20000 р.

12. Шэвяка Аляксандр - 50000 р.

13. Пожанька Ігар - 50000 р.

14. Рымша Сяргей - 20000 р.

15. Жукаў Вітаўт - 50000 р.

16. Марцінкевіч Андрэй - 30000 р.

17. Кунцевіч Уладзімір - 50000 р.

Усе Наваполацк.

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Гадавіна "знакавай" падзеі

Зацяжны эканамічны і фінансавы крызіс, хаця і адмоўна ўплывае на стан культуры, аднак жыццё ў гэтай важнай сферы не спыняецца. Сведчанне чаму і правядзенне 17-18 кастрычніка 2011 года другога з'езду Саюза пісьменнікаў Беларусі (СПБ). На ім прысутнічала 445 дэлегатаў. Не мог абмінуць гэтай падзеі і кіраўнік краіны. Яго прывітанне з'езду зачытаў не хто-небудзь з кіраўнікоў СПБ, а віцэ-прэм'ер Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік, што лішні раз падкрэслівае заангажаванасць гэтай пісьменніцкай арганізацыі ў афіцыйнае жыццё краіны, залежнасць ад усталяванага ў ёй палітычнага рэжыму. Не мог не прыслаць прывітання з'езду Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. І гэта лагічна, улічваючы, як многа для ўмацавання рускага духу на беларускай зямлі робіць рускамоўны пласт пісьменнікаў СПБ. Кіраўніцтва Рускай праваслаўнай царквы не можа не радаваць, што зараз у сваёй працы на карысць рускага інтарэсу яна, акрамя чыноўніцкага апарату, можа яшчэ абапірацца і на такое створанае пры яго непасрэдным удзеле ўплывовае аб'яднанне творчай інтэлігенцыі, як Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Не толькі сёння, але ўжо і значна раней СПБ вызначыўся ў якасці магутнага асяродка рускай літаратуры ў Беларусі. Не ў малой ступені спрыяла гэтаму абранне на ключавыя кіраўнічыя пасады ў СПБ рускамоўных аўтараў. Гэта вельмі падштурхоўвала стаць яго сябрам тых, хто ўжо паспеў штосьці зрабіць для рускай літаратуры Беларусі ці яшчэ толькі збіраўся паспрабаваць свае сілы на неадпаведнай яе нацыянальнаму інтарэсу ніве прыгожага пісьменства. Неадпаведнай таму, што Беларусь, дзякуючы дзяржаўнай нацыянальнай палітыцы, ужо даўно пераўтварылася ў сапраўднае Царства русіфікацыі, таму нават самы нязначны ўклад у яе (а ў СПБ ён, наадварот, надзвычай важкі!) павінен расцэньвацца як смяротны ўдар.

Яўная перавага ў літаратурнай дзейнасці гэтага творчага аб'яднання рускага фактару над беларускім абавязвала ў максімальнай ступені лічыцца з такой сітуацыяй падчас працы ІІ з'езду СПБ, г. зн. не даймаць яго прэзідыум, саміх дэлегатаў, асабліва прадстаўнікоў уладных стурктур, пытаннямі пра гаротны стан беларускага слова. Праўда, усё ж знаходзіліся ў зале шчыра адданыя яму прыхільнікі, што нават прасілі міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь даць адказ на пытанне, ці нармальна гэта яе гісторыю выкладаць на рускай мове? Ужо само пытанне не можа не здзіўляць: ой як нам, беларусам, мала трэба! Усяго толькі адну гісторыю Беларусі выкладаць на нацыянальнай мове, а ўсе астатнія прадметы па-руску, і народ будзе нармальна развівацца, квітнець, надзейна забяспечваць сваю этнакультурную самабытнасць ад русіфікацыі. Такую аўтарытэтную трыбуну, як з'езд пісьменнікаў, трэба было максімальна выкарыстаць і задаць міністру адукацыі наступнае пытанне: "Калі адбудзецца парытэтнае ўжыванне беларускай і рускай моваў у навучальна-выхаваўчым працэсе сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай школы?" Заканамернасць такой фармулёўкі пытання вынікае з мэтавай устаноўкі праведзенага ў маі 1995 года рэферэндуму і абвешчанага ў краіне афіцыйнага двухмоўя. У перспектыве ж і такі прыярытэт не можа задаволіць нацыянальныя інтарэсы. Педагагічны працэс ВНУ і ССНУ павінна забяспечваць адна (беларуская) мова, дзякуючы чаму ў гэтай этнаўтваральнай сферы мы выйдзем на ўзровень Расіі, Польшчы, Францыі, Германіі, Італіі… Годзе быць кананіяльна залежнай у культурнамоўным плане ад Расіі краінай. Даўно ўжо трэба беларусам змяніць свае паўзункі на порткі і стаць дарослымі людзьмі.

У строгай адпаведнасці з няўцешнай для беларускай мовы сітуацыяй у грамадскім жыцці, а сёння ўжо і на літаратурнай ніве, пабудаваў сваё выступленне на з'ездзе старшыня СПБ Мікалай Чаргінец (карыстаюся яго дакладам, надрукаваным у перакладзе з рускай мовы на беларускую ў газеце "Літаратура і мастацтва" ад 28 кастрычніка 2011 г.). Ужо ў першым абзацы з вялікай пампезнасцю ім заяўлена: "…сёння, праз пяць гадоў (ад моманту заснавання СПБ. - Л.Л. ) упэўнена заяўляем: Саюз пісьменнікаў Беларусі зацвердзіўся ў культурным жыцці краіны! Ён зрабіўся магутным літаратурным цэнтрам (не будзем забывацца, што 2/3 агульнай колькасці сяброў СПБ піша па-руску і паводле накладаў выдадзеных імі рускамоўных кніг яны ў некалькі разоў перавышаюць наклад беларускамоўнай літаратуры. - Л.Л. ), які здольны служыць народу" (не стае перад "народу" аднаго слова: зрусіфікаванаму . - Л.Л. ) Мы, сцвярджалася дакладчыкам у тым жа першым абзацы, "гатовы зрабіць усё, каб наша літаратура як частка нацыянальнай культуры (а такой жа можа быць толькі беларускамоўная літаратура. - Л.Л. ) і надалей развівалася паспяхова!" Гэты абзац рэдакцыя газеты "ЛіМ" палічыла за самы знакавы, таму ён паўторна пададзены ў цэнтры старонкі, будучы набраны курсівам. Як вялікае дасягненне ў дакладзе адзначана, што "ў Брэсце ладзяцца фестывалі рускай паэзіі (нібыта без фестываляў яе тут мала! - Л.Л. ) з удзелам літаратараў Расіі, Беларусі, іншых краін" . Пасля гэтых слоў лагічна было б пачуць, а што ж з фестывалямі беларускай паэзіі хаця б у Смаленску, Бранску, Пскове? Яны ж пад бокам, па суседстве з дзяржаўнай мяжою Беларусі з Расіяй, не тое што Брэст, які ў адрозненне ад усіх цэнтраў нашых абласцей знаходзіцца на самай вялікай адлегласці ад Маскоўскага Крамля.

Ніяк не магу зразумець, з якой мэтай М. Чаргінец звярнуў увагу прысутных на з'ездзе на ўсе сто працэнтаў надуманую, неверагодную чутку, "што мы "душым", "прыгнятаем" рускамоўных аўтараў і рускую мову" . У гэта ж не паверыць аніводзін чалавек цвярозага розуму. А калі такія плёткі распаўсюджваюць сябры СПБ, тут ужо трэба прыкласці ўсе намаганні, у тым ліку і на дзяржаўным узроўні, каб дапамагчы ім палячыцца ў найлепшых айчынных медыцынскіх установах псіхіятрычнага профілю, а пры самым сур'ёзным захворванні накіраваць у замежныя лякарні. Пасля праклятага майскага рэферэндуму 1995 года для рускай мовы ў Беларусі стварыліся куды лепшыя ўмовы, чым нават за бацькам-царом. Прычым стварыліся па ініцыятыве, пры самым актыўным удзеле дзяржаўнага чыноўніцкага апарату, праўда, не без дапамогі падманутых, збітых з панталыку людзей, не выключаючы і самых адукаваных колаў. Я, да прыкладу, не знаходжу ў сваёй краіне аніводнай сферы грамадскай дзейнасці чалавека, дзе б не панавала руская мова, дзе б не аблівалася горкімі слязамі беларуская мова. Як нейкае сатанінскае пракляцце такая пачварная сітуацыя, можна сцвярджаць, ужо склалася і ў літаратурным працэсе, які ў ліку апошняй з дзялянак духоўнага жыцця доўга супраціўляўся, але нарэшце не вытрымаў няспынных дзявятых валоў дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі і падняў угору лапкі. Я лічу гэта апошняй стадыяй катастрофы беларускай нацыі. Таму заяўляць, што ў дашчэнту зруйнаванай русіфікацыяй Беларусі няма належных варункаў для плённай творчай дзейнасці рускамоўных пісьменнікаў, думаю, могуць толькі абсалютна пазбаўленыя здольнасці рэальна ўспрымаць свет людзі, пра якіх зусім не варта было згадваць на форуме афіцыйных пісьменнікаў Беларусі. Іншая справа, каб гэта наўмысна было зроблена дакладчыкам з мэтай шырока разгарнуць канструктыўныя спрэчкі сярод пісьменнікаў датычна рэальнага стану сучаснай моўнай сітуацыі ў цэлым і на літаратурнай ніве ў прыватнаці дзеля пошуку эфектыўных шляхоў выратавання нашага роднага слова ад пагібелі. Не, такога не ставілі перад сабой ні дакладчык, ні арганізатары самога з'езду СПБ. Прысутнасць у яго галоўным дакладзе слоў: "Мы, вядома ж, робім усё магчымае (занадта! Лепш бы сказаць: "Сёе-тое". - Л.Л. ) для ўмацавання пазіцый беларускай мовы (нават спынілі ў гэтыя дні выданне адзінай беларускамоўнай дзіцячай газеты "Раніца" як самастойнага перыядычнага органа. - Л.Л. ). Кіраўнік дзяржавы падтрымаў шэраг нашых прапаноў, у тым ліку пра назву вуліц населеных пунктаў на беларускай мове" . Прапанова слушная, бо пісаць назвы і населеных пунктаў, і іх вуліц па-руску - г. зн. дабраахвотна ісці ў рускую моўную кабалу. Але куды лепш было б, каб ад палітычнага лідэра нумар адзін атрымаць згоду на раўналежнае з рускай выкарыстанне беларускай мовы ў абслугоўванні палітычнага і эканамічнага жыцця краіны, такіх этнастваральных сфер, як адукацыя, культура, навука. Беларускамоўнымі назвамі вуліц населеных пунктаў краіны не прадухіліць так рэальнай на сёння страты яе тытульным народам сваёй этнакультурнай самабытнасці.

Усё гэта прынцыпова важнае для лёсу беларускай мовы і, значыцца, усіх нас, беларусаў, абмінута ў дакладзе. У апошнім толькі штрышком сказана пра іх матчынае слова ў сферы адукацыі: "Нас не можа не хваляваць стан вывучэння роднай мовы і літаратуры ў школах і гімназіях". Ну што ж, як кажуць: "Добра Янку і плотка". Як ніяк, усё ж рыбка. Але чаму б у прысутнасці на з'ездзе шматлікіх майстроў мастацкага слова, набліжаных да высокіх эшалонаў улады асобаў не ўзняць увогуле пытання пра стан беларускай мовы ў педагагічным працэсе ўсіх тыпаў навучальных устаноў? Яна ж там проста на задворку, прычым ужо не першы год. Не ведаю, як хто, а я лічу існую ў нас сістэму адукацыі галоўным віноўнікам этнічнага вымірання беларускага народа. Ніхто не нясе такой вялікай адказнасці за сучасную нацыянальную катастрофу, як моцна, проста арганічна заангажаваная ў палітычны рэжым Рэспублікі Беларусь, адукацыя. Нікому, як ёй, так не абавязаны наш народ сваім беларускамоўным аняменнем. Калі за дзесяць гадоў не адбудзецца аніякіх каардынальных перамен у гэтай сферы, сярод будучых пакаленняў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў беларускай мовай будуць валодаць толькі тыя, хто скончыў адпаведныя ёй аддзяленні філалагічных факультэтаў. Поўнасцю спыніцца прыток свежых беларускамоўных сіл у пісьменніцкія шэрагі, і кіраўніцтва СПБ на вялікую радасць палітыкаў, ідэолагаў вымушана будзе пераўтварыць яго ў Саюз рускіх пісьменнікаў Беларусі (СРПБ). А нічога сабе гучыць абрэвіятура. Дык мо не пашкадуем сіл дзеля яе прыходу ў жыццё? У гэтай "высокароднай" нацыянальнай справе будзе на каго абаперціся, мяркуючы з апошніх слоў даклада М. Чаргінца: "…мы адзіныя з народам, Беларуссю і яе Прэзідэнтам!" Так і хочацца дадаць да цытаты: "Калі яны будуць заставацца ў рускай мове".

Ва ўнісон дакладу М. Чаргінца складзена "Рэзалюцыя ІІ з'езду грамадскага аб'яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі"". У якасці яго надзённых задач называюцца: "канструктыўны дыялог з уладнымі структурамі"; "Саюз пісьменнікаў Беларусі і надалей будзе … сродкамі літаратуры (чытай: у найбольшай ступені рускамоўнай. - Л.Л. ) адстойваць пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы як мовы тытульнага народа". Дай жа, божа, чутае бачыць. Але, як мне вядома, СПБ паміж сваім першым і другім з'ездамі нічога вартага не зрабіў сродкамі літаратуры для падняцця ролі беларускай мовы ў адукацыі, культуры і іншых этнаўтваральных сферах. Не выключаю, што можа якія-небудзь захады у гэтым кірунку і рабіў СПБ, але ўверсе ніхто яго не паслухаў, як не паслухалі, не пагадзіліся і з такім пунктам прынятай на ІІ з'ездзе гэтага грамадскага аб'яднання Рэзалюцыі: "Улічваючы сацыяльную значнасць часопісаў (згадваецца дзіцячы часопіс "Вясёлка". - Л. Л.) … газет "ЛіМ", "Раніца" (прызначанае для дзяцей. - Л.Л.), СПБ звяртаецца да Урада Рэспублікі Беларусь з просьбаю аб унясенні названых выданняў у пералік друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, рэдакцыям якіх аказваецца падтрымка з рэспубліканскага бюджэту" (падкрэслена мною - Л.Л. ). Не магу сказаць, ці чытала гэтае месца з Рэзалюцыі высокае начальства, але на практыцы атрымалася нешта зусім процілеглае: часопіс "Бярозка" (пачаў выходзіць у Мінску з красавіка 1924 г.), газету "Раніца" (выдавалася з 1929 г.) з-за сваёй нерэнтабельнасці (мала падпісчыкаў) пазбавілі статусу самастойных перыядычных выданняў і зрабілі дадаткамі да іншых такіх выданняў. Вось якія "вялікія клопаты" суверэннай дзяржавы давялося зведаць на сабе яе беларускамоўным дзецям. Замест таго, каб высветліць прычыны мізэрных накладаў "Бярозкі" і "Раніцы" (а такое выклікана даволі шматгадовай дзяржаўнай палітыкай дыскрымінацыі беларускай мовы ў яе родным доме), улады адным росчыркам пяра на некалькі парадкаў знізілі статус гэтых перыядычных выданняў. Дзіўна, кіраўнікоў агульнаадукацыйных школ абавязваюць падпісвацца на дарагія сваім коштам афіцыйныя рускамоўныя газеты, а ў дачыненні да танных па цане "Бярозкі" і "Раніцы" не адважыліся на такі крок. Усе тыя, што ва ўчыненай уладамі расправе над гэтымі дзіцячымі выданнямі бачаць неабходны крок па эканоміі дзяржаўных сродкаў, моцна памыляюцца. У год на гэтыя мэты ідзе іх намнога менш, чым на пабудову аднаго толькі ганка для лядовага палаца. Рэпрэсіўныя захады да "Бярозкі" і "Раніцы" выкліканы проста нежаданнем дзяржаўнага чыноўніцкага апарату, каб беларускія дзеці ўжо змалку далучаліся да роднага слова, на ўсё жыццё палюбілі яго. Па сабе добра ведаю, што карані маёй любові да беларускай мовы сягаюць у самае далёкае дзяцінства, калі чытаў на ёй літаратурныя творы, калі толькі чуў яе ад сваіх бацькоў, усіх жыхароў свайго мястэчка Магільнае, што на Вуздзеншчыне. Я не сумняваюся, што сярод інквізітараў "Бярозкі" і "Раніцы" было нямала адукаваных людзей, з якіх хоць хто-небудзь ды чытаў тэарэтыка нумар адзін па нацыянальным пытанні Карла Каўцкага (1854-1938). У адным са сваіх твораў ён выказаў вельмі карысную, слушную для ўсіх народаў, якім рэальна пагражае культурна-моўная асіміляцыя, думку: "…за выключэннем нямногіх, асабліва адораных асобаў, дасканала авалодаць якой-небудзь мовай можа толькі той, хто выкарыстоўвае яе з самага ранняга дзяцінства". Ужо не адзін дзясятак гадоў такой магчымасці не мае абсалютная бальшыня беларускіх дзяцей, таму сярод іх так мала тых, якія, стаўшы дарослымі, дасканала валодаюць, любяць ужо далёка не матчынае для іх слова. Шырока распаўсюджаны з ласкі дзяржавы і сярод яе маладых пакаленняў нігілізм да беларускай мовы - гэта мо адзін з самых страшных кампанентаў сучаснай нацыянальнай катастрофы. Каб хутчэй наблізіць яе да канцавога рубяжа, улады свядома пайшлі на скарачэнне рэальных носьбітаў беларускай мовы сярод дзяцей, не падтрымаўшы іх перыядычных выданняў.

Павінен сказаць, што многія народы зусім інакш глядзелі на пачатковую адукацыю і за савецкім часам. З асабістага досведу мне вядома, што, да прыкладу, дагестанцы ці таджыкі, жывучы адпаведна на тэрыторыі Азербайджанскай і Узбекскай ССР усяляк імкнуліся (і дамагаліся такога) навучаць сваіх дзяцей да пятага класа на роднай мове, а затым ужо пасылалі іх у нацыянальныя школы тытульных народаў названых рэспублік ці ў рускамоўныя. Вынік такога падыходу ў пэўнай ступені суцяшальны: родная мова не забывалася пасля заканчэння як нацыянальных, так і рускіх школ, на ўсе гады заставалася галоўным сродкам зносін са сваімі супляменнікамі пры любых жыццёвых сітуацыях. Хацелася б, каб такі практыкай многіх народаў апраўданы падыход да роднай мовы прыжыўся і на нашай беларускай зямлі.

Нам не трэба шкадаваць сілы дзеля разгортвання адпаведнага самым высокім стандартам цывілізаванага свету шырокага нацыянальна-патрыятычнага руху за беларускамоўную пачатковую школу. Сёння нічога большага за яе мы не зможам вырваць з магутных жалезных рук нашых уладаў - галоўных праваднікоў русіфікатарскай палітыкі, якая захапіла ў палон амаль усіх беларусаў, зрабіўшы многіх з іх актыўнымі носьбітамі рускага ладу жыцця. Да ведама такіх людзей трэба давесці, што з пераходам да беларускамоўнай пачатковай адукацыі не адбудзецца поўнага адрыву дзяцей ад так моцна, так глыбока ўрослага ў спустошаны чужацкімі ўплывамі беларускі нацыянальны арганізм рускага культурна-моўнага пачатку, што такі фармат адукацыі толькі дапаможа дзецям адчуць прыгажосць і ласку іх прыроднай роднай мовы, застацца на ўсё жыццё, калі не актыўным, дык хоць пасіўным носьбітам яе. Тады дзеці не толькі, вучачыся ў школе, але і з выхадам у самастойнае жыццё сваю нацыянальнасць будуць звязваць не з геаграфічным фактарам (край называецца беларускім) ці палітычным (назва краіны Рэспубліка Беларусь), а з этнакультурным (валодаю беларускай мовай, жыву не ў адрыве ад беларускай культуры). Што датычыцца ўяўнага, беспадстаўнага страху праз беларускамоўную пачатковую школу адарваць дзяцей ад запанаванай у нашым доме рускай культурна-моўнай спадчыны, то на гэта не хопіць пораху ў такім звяне адукацыі. Дзеці спрэс (у сям'і, грамадскіх месцах, ва ўстановах культуры і г. д.) будуць чуць толькі рускую мову, бо афіцыйныя ўлады не збіраюцца хоць збольшага абмежаваць яе сацыяльныя функцыі з тым, каб дзеля захавання беларускай мовы ўскласці іх на апошнюю. Гэтага не адважыліся патрабаваць нават і тыя, хто ўдзельнічаў у разгляданым мною форуме. Прынятая на ім Рэзалюцыя заканчваецца такімі ўра-патрыятычнымі, а яшчэ горш, калі шчырымі, словамі: "ІІ з'езд Саюза пісьменнікаў Беларусі, засведчыў, што нашы пісьменнікі падтрымліваюць палітыку, якую праводзіць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка (я так разумею, што падтрымліваюць палітыку кіраўніка краіны і ў моўнай сферы. - Л.Л. ), накіраваную на ўмацаванне незалежнасці (трэба, відаць, думаць праз стварэнне супольна з Расіяй адзінай саюзнай дзяржавы. - Л.Л. ) і самабытнасці нашай краіны" (падкрэслена мною. - Л.Л. ). Ну і ну, дарагія майстры мастацкага слова! Няўжо вы самабытнасць нашай краіны бачыце ў тым, што ў ёй беларуская мова амаль цалкам выцеснена са сферы адукацыі, у сотні разоў уступае рускай на прафесійных вербальных дзялянках культуры, што на ёй (мове) не абслугоўваецца палітычнае і эканамічнае жыццё, а таму не карыстаюцца ёю ні дзяржаўны чыноўніцкі апарат усіх звёнаў, ні абсалютная бальшыня інтэлігенцыі, нават і творчай. Глуха з беларускай мовай і на вёсцы, якая стагоддзямі з'яўлялася этнічнай калыскай беларускага народа. Ці правамерна, дарагія пісьменнікі, гаварыць у такіх умовах пра нейкую самабытнасць нашай краіны! Яе няма. Усё нацыянальнае жыццё беларусаў дашчэнту разбалансавана, яны знаходзяцца на мяжы поўнай русіфікацыі, амаль зусім не адпавядаюць сваёй сучаснай этнічнай назве. На нашых вачах нацыянальная катастрофа беларускага народа набывае незваротны характар. Глядзіце ў корань, замест таго каб хваліць, захапляцца сучаснай дзяржаўнай культурна-моўнай палітыкай. Яна скрозь антынацыянальная, больш адпавядае інтарэсам Расіі, чым Беларусі. Я часта ўсю ноч не сплю ад страшэннай несуцяшальнай думкі, што на 84-м годзе асабістага жыцця змог перажыць сваю родную, святую для мяне Беларускую Нацыю. Можа каго-небудзь такое і радуе, але толькі не мяне.

Сучаснай архікатастрафічнай для роднай мовы Беларусі сітуацыі ў найбольшай ступені адпавядала выступленне на ІІ з'ездзе СПБ галоўнага рэдактара часопіса "Роднае слова" Зоі Падліпскай. Вось каб яна першай выступіла са сваёй прамовай на гэтым форуме. Не выключана, што зусім іншы характар набыла б уся яго праца. Прамоўцу законна хвалюе, што ў нас фармуюцца адно за адным маладыя пакаленні з кепскімі ведамі роднай мовы, паколькі з ёю не даводзіцца сутыкацца ў практычным жыцці. Па гэтай прычыне бацькі імкнуцца аддаваць сваіх дзяцей у рускамоўныя класы. Думаецца, абсалютная бальшыня ўдзельнікаў з'езду пагадзілася з думкай Зоі Падліпскай, " што сёння неабходна ведаць, магчыма, і некалькі замежных моў, але найперш патрэбна ведаць сваю" . Дарэчы, такі разумны падыход уласцівы ўсім еўрапейскім краінам, за выключэннем толькі "белай вароны" Беларусі. Адзінае, з чым я не магу пагадзіцца з Зояй Падліпскай, дык гэта з пачаткам першага сказа яе выступу на з'ездзе: "Ва ўмовах афіцыйнага двухмоўя, якое, дарэчы выбраў сабе народ…" Афіцыйнага двухмоўя ў нас ніколі не было і не будзе. З практычнага боку яно нерэальна (шмат пісаніны), а з эканамічнага - дужа дарагое. Нават і ў першыя гады пасля прыняцця 26 студзеня 1990 года Закона аб мовах у Беларускай ССР, у адпаведнасці з якім беларуская мова цалкам справядліва, у поўнай адпаведнасці з сусветнай практыкай надзялялася статусам адзінай дзяржаўнай мовы ў краіне, у нас не існавала афіцыйнага двухмоўя, бо ў грамадскім жыцці спрэс дамінавала руская мова, што пярэчыла літары вышэйзгаданага Закона. З усталяваннем у краіне прэзідэнцкай сістэмы кіравання быў адразу ж узяты курс на перагляд нявыгоднага для рускай мовы Закона. Каб тарпедаваць яго, дашчэнту зрусіфікаваны, адарваны ад нацыянальных каранёў дзяржаўны чыноўніцкі апарат вырашыў правесці рэферэндум з мэтай надання юрыдычнага статусу дзяржаўнай мовы яшчэ і рускай. Чынавенства не сумнявалася, што і моцна зрусіфікаванае насельніцтва Беларусі ў варунках, калі дзеля абслугоўвання грамадскага жыцця паранейшаму выкарыстоўвалася руская мова, не пойдзе на рашучае, карэннае абмежаванне яе сацыяльных функцый. За тры дні да правядзення рэферэндуму людзей вучылі сродкамі тэлебачання не менш за дзесяць разоў на дзень, як трэба галасаваць, каб рускую мову юрыдычна ўзвесці на дзяржаўны п'едэстал, затое ні разочку не прадэманстравалі, як трэба галасаваць, каб толькі за беларускай мовай захоўваўся статус адзінай дзяржаўнай. У тыя лёсавыя для Бацькаўшчыны дні ў такім жа антынацыянальным, антыбеларускім рэжыме працавалі ўсе папяровыя сродкі масавай інфармацыі. У асноўнай сваёй масе народ быў збіты з панталыку. Таму памылкова пісаць і гаварыць, што афіцыйнае двухмоўе выбраў народ. Да таго ж давайце не будзем забывацца, хто падлічваў бюлетэні.

Колькі слоў пра само афіцыйнае двухмоўе. Для краін з адным тытульным народам, да якіх акурат і належыць Беларусь, яно проста не патрэбна. У іх усе сферы жыццядзейнасці павінны абслугоўвацца толькі роднай мовай гэтага народа. І яна адна без усялякіх цяжкасцяў справіцца з падобнай нагрузкай. З усіх еўрапейскіх краін - і не толькі! - па такім разумным, добра вывераным сусветнай практыкай шляху не ідзе толькі Рэспубліка Беларусь, што ўжо прывяло яе тытульны народ да сапраўднай нацыянальнай катастрофы. І калі ўлады нічога не робяць дзеля барацьбы з ёю, значыцца, яна ў іх інтарэсах. Дзяржаўным ідэолагам вельмі выгодна, каб беларусы верылі ў існаванне ў нашай краіне афіцыйнага двухмоўя, у якім нібыта прысутнічае і іх мова. У жыцці такога зусім не назіраецца. Двухмоўе нават не характэрна кіраўніку краіны, усёй агромністай Прэзідэнцкай вертыкалі - гэтым ініцыятарам і праваднікам майскага рэферэндуму як галоўнага віноўніка смерці беларускай мовы на яе гістарычнай, бацькоўскай зямлі. Таму заяўляць пра існаванне ў сучаснай Беларусі афіцыйнага двухмоўя няма аніякіх падстаў. Калі якія-небудзь сур'ёзныя крокі і робяцца па яго ўкараненні, дык гэта толькі ў дачыненні да літаратурнага працэсу, прычым не толькі яго непасрэднымі ўдзельнікамі. Да яго маюць прамую зацікаўленасць і нямала чаго робяць на практыцы самі ўладныя структуры, хаця выдатна разумеюць, што гэта ідзе ў разрэз з карэннымі інтарэсамі беларускага народа.

Хто ўважліва сачыў за творчасцю майстроў прыгожага пісьменства, той не мог не бачыць, што ў нас яшчэ і задоўга да майскага рэферэндуму, а тым больш пасля яго, літаратурны працэс развіваўся ў дзвюх іпастасях: беларуска- і рускамоўнай, што ў поўнай меры адлюстроўвала і адлюстроўвае рэальны, нікуды не варты, стан і тагачаснай, і сённяшняй моўнай сітуацыі. Масавая, а не адзінкавая ці групавая моўная раздвоенасць літаратурнага працэсу аднаго і таго ж народа Беларусі не мае сабе прэцэндэнтаў ні ў адной з аднанацыянальных краін Еўропы. Не мае таму, што ў такіх варунках не можа нармальна адбывацца працэс фармавання, развіцця нацыі, а калі яна ўжо паспела як след скласціся, дык будзе немінуча развалена ў вырашальнай ступені з-за літаратурнага двухмоўя. Пра яго велізарную шкоду многа пісалася еўрапейскімі тэарэтыкамі па нацыянальным пытанні. Дадзім слова зноў самаму масцітаму з іх Карлу Каўцкаму: "Я разумею нацыянальнасць як моўную супольнасць, а сучасную нацыянальнасць, як народжаную сучасным абменам агульнасць літаратурнай мовы". Няма ў нас ні моўнай агульнасці, ні агульнай літаратурнай мовы і ўсё з-за таго, што людзям гвалтам, хітрасцю, падманам навязалі ў прыдачу да роднай мовы яшчэ і чужую рускую У дзвюх жа мовах нацыя не можа скласціся, хаця пэўныя спробы, у тым ліку і пры падтрымцы афіцыйных уладаў, яна можа рабіць у гэтым кірунку. Станоўчыя вынікі могуць быць дасягнутыя толькі тады, калі ў моўнай канкурэнцыі верх атрымае родная мова. У нас па віне дэструктыўнай дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі такога не атрымалася, чаго інакш і не назавеш, як катастрофай беларускага народа.

Паколькі псеўдаафіцыйным двухмоўем уладам без асаблівых цяжкасцяў удалося рускай мовай адусюль канчаткова выпхнуць беларускую, дык у такой экстрэмальнай сітуацыі ёсць сэнс змагацца за парытэтнае (падкрэслена мною. - Л.Л. ) афіцыйнае двухмоўе ў тых ці іншых сферах грамадскага жыцця, да прыкладу, у абслугоўванні палітычнай дзейнасці, адукацыйнай сістэмы, навукі і інш. Я спецыяльна падкрэсліў "парытэтнае", бо нельга ж усур'ёз гаварыць пра двухмоўе, калі на будынку Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па-беларуску напісана толькі прымацаваная да яго сцяны шыльда, а па-руску вядуцца ўсе пасяджэнні яго (сходу) дзвюх палат.

На вялікі жаль, сёння адкрытае ігнараванне афіцыйнага двухмоўя ўласціва практычна ўсяму корпусу чыноўнікаў краіны. Многія з іх нават свядома цураюцца ставіць перад двухмоўем слова "афіцыйнае", каб зняць усякую адказнасць з уладаў за яго адсутнасць у самой прыродзе. Пры такім падыходзе двухмоўе экстрапаліруюць толькі на саміх людзей, найчасцей шараговых, не занятых у высокіх эшалонах улады, прапаноўваючы ім валодаць і беларускай, і рускай мовамі. Нешта падобнае, калі верыць публікацыі газеты "Наша слова" (9 лістапада 2011 г.), выказаў і наш міністр адукацыі Сяргей Маскевіч: "Я лічу, што двухмоўе - гэта абавязак кожнага грамадзяніна Беларусі ведаць беларускую мову і валодаць ёю". Ну а што рабіць, калі каму-небудзь такога не хочацца, не бачыцца ў ім патрэбы, а мо і не паддаецца засваенню? Прымушаць - парушаць канстытуцыйныя правы грамадзяніна. Абавязак нашай дзяржавы ў тым, паколькі яна з'яўляецца аўтарам афіцыйнага двухмоўя, стварыць такія ўмовы, каб раўналежнае валоданне беларускай і рускай мовамі ўсімі занятымі ў розных сферах дзейнасці людзьмі выклікалася практычнай неабходнасцю, тады ніякай прынукі не запатрабуецца. Пры гэтым прыклад авалодання, выкарыстання беларускай мовы павінны паказваць палітыкі, ідэолагі, узятая імі на службу інтэлігенцыя, сярод якіх сёння пры справе нямала яшчэ і тых, хто недарэчным рэферэндумам 1995 года пераўтварыў у моўным плане краіну нашую ў велізарны шматпавярховы Дурдом. У свеце няма такога ганебнага прыкладу, каб суверэнная дзяржава за якія-небудзь пятнаццаць гадоў амаль спрэс вывела родную мову сваёй тытульнай нацыі з грамадскага ўжытку! Ганьба!

Хацеў бы высокаму палітычнаму кіраўніцтву краіны, усім эшалонам Прэзідэнцкай вертыкалі параіць ні ў якім разе не падмяняць афіцыйнае двухмоўе міжасобасным, грамадзянскім, прыватным ці яшчэ якім-небудзь відам неафіцыйнага двухмоўя. Калі ў маі 1995 года вы з велізарнай пампезнасцю праводзілі рэферэндум, дык не спыняліся абяцаць народу, што ў вас саміх хопіць розуму, досведу, жадання ўсталяваць у краіне раўнапраўнае афіцыйнае беларускарускае двухмоўе. У сапраўднасці ж дзеля дасягнення яго вы нават і пальцам не паварушылі, а кожны раз, як толькі ўзнікалі моўныя пытанні, спіхвалі развязванне апошніх на крайне слаба дасведчаных у іх людзей і да таго ж яшчэ дашчэнту зрусіфікаваных і ў варунках, калі беларускую мову надзейна трымалі ў поўнай ізаляцыі ад удзелу ў абслугоўванні грамадскага жыцця. Усе пытанні, звязаныя з дасягненнем рэальнага, а не папяровага афіцыйнага двухмоўя (у што я, паўтаруся, ніяк не веру) - гэта прамы абавязак дзяржавы, бо не народ, а толькі адна яна нясе адказнасць за лёс яго роднай мовы, тым больш, пасля такіх варварскіх здзекаў з яе. Спіхваць развязванне гэтай лёсавызначальнай праблемы на так моцна здэнацыяналізаваных людзей раўназначна апытанню глуханямых (прабачце, дарагія) ці тых, хто толькі чуў, як граюць на гармоніку простыя народныя мелодыі, датычна мэтазгоднасці, карысці пісаць для цывілізаванага грамадства класічную музыку, выконваць яе творы сіламі буйных па колькасці музыкаў сімфанічным аркестрам. Час канчаць у нашай недарэчнай моўнай сітуацыі правакаваць бацькоў выбіраць рускую мову для такой архіважнай этнаўтваральнай сферы, як адукацыя, асабліва калі яна знаходзіцца на дзяржаўным фінансаванні. Прыватныя навучальныя ўстановы і то павінны аддаваць перавагу роднай мове тытульнага насельніцтва краіны над іншанацыянальнай, ведаючы, што такое характэрнае ўсім еўрапейскім народам, акрамя беларускага. Радуе, што сённяшні міністр адукацыі Сяргей Маскевіч не апраўдвае спробы маладасведчаных людзей як-небудзь уплываць на моўныя працэсы ў дадзенай сферы. Хацелася б, каб у яго было як мага больш прыхільнікаў, тады можа адукацыя і ў Беларусі перастане выступаць у злачыннай ролі генератара русіфікацыі нашых маладых пакаленняў.

У працяг даўно ўсталяванай практыкі і на ІІ з'ездзе СПБ былі запрошаны пісьменнікі з іншых краін, пераважна ўтвораных на постсавецкай прасторы. Толькі вось бяда, за час працы гэтага форуму яны так і не пачулі ад сваіх беларускіх калег пра сапраўдныя прычыны зацяжнога глабальнага заняпаду роднай мовы нашай краіны і што канкрэтнае збіраецца рабіць яе шматлікі корпус літаратараў, каб не даць збыцца такой катастрофе. Аўтар гэтых радкоў шчыра спадзяваўся, што пасля ІІ з'езду СПБ, магчыма, нешта і палепшыцца ў яго працы, але каб ён у чымсьці хоць трохі паспрыяў беларускай мове, у мяне на сёння няма ніякіх сведчанняў. Няма таму, што не дзеля такой высакароднай мэты ствараў палітычны рэжым краіны гэтае творчае аб'яднанне пісьменнікаў. За гады існавання апошняга з усёй паўнатою выявілася, што для яго рускі інтарэс на нашай зямлі на цэлую галаву вышэй за беларускі.

Леанід ЛЫЧ, доктар гістарычных навук, прафесар


Янка ... з Краснага Сяла

Многія еўрапейскія даследчыкі заўважылі выключныя і адметныя якасці беларускай мовы. Яна адна з наймілагучнейшых, наймузыкальнейшых моваў свету. Адна з найстаражытнейшых... На нашай мове, ужо на пабытовым узроўні, можна складаць вершы - так многа ў ёй слоў-рыфмаў.

Англійскі святар Надсан амаль усё сваё жыццё прысвяціў даследванню беларускай мовы. А другі англійскі даследчык і перакладчык - Вера Рыч да канца сваіх дзён (а памерла яна ў мінулым годзе) перакладала беларускіх паэтаў на англійскую мову. Беларусія песні, казкі - фальклор...

У маёй калекцыі ёсць часопіс "Шлях моладзі", які выдаваўся з 1929 года ў Заходняй Беларусі. Яго ў 30-я гады выпісвала і сям'я Целяшаў, па мянушцы "Дзякі" з Краснага Сяла. З'ява, скажу вам, зусім не выключная для беларускай вёскі. Адметнасць у іншым.

Адразу на вокладцы, ніжэй эпіграфа - верша Янкі Купалы:

"... Падымайся з нізін, сакаліна сям'я,

Над крыжамі бацькоў, над нягодамі!

Занімай Беларусь, младая мая,

Свой пачэсны пасад мідж народамі" ,

напісана:

"Сьвецяць зоркі, сьсецяць

Над Красным Сялом,

А месяц зьяя чусто* сярабром.

Вясна ўжэ надходзіць.

Сонца праясьнісь.

Народ Беларускі, і ты ўжэ праснісь!..

7.ІІІ.33 г. Ян Целеш ".


Ну, скажыце, чым не Янка Купала?

Багатая на таленты беларуская зямля...

І гэта не выключная з'ява нават для Краснага Сяла. Другі самародак - Уладзімір Целеш (па мянушцы "Тэхнік") таксама на поўніцу выкарыстоўваў сакавіты краснасельскі гумар. Мяркуйце самі:

"Неяк мы на Багача**

Пілі гарэлку ў "Буздача"***.

Будзем піць і на Пакровы,

Калі "Буздачыха"

Пажане пасвіць каровы".

(На Пакровы звычайна ўжо ляжаў снег.)

А ў вашай вёсцы ёсць свае "Янкі Купалы"?

Міхась Вераціла.


* Тут адбілася польская "базавая" адукацыя, - замест беларускай літары "ы" - напісана польская "у". А беларус усяроўна імкнуўся пісаць на сваёй мове.

** Багач і Пакровы - старажытныя беларускія асеннія сельскагаспадарчыя святы.

*** "Буздач" - мянушка аднаго з вяскоўцаў.


Мастацтва павінна адстойваць нацыянальныя інтарэсы

Мастак Генадзь Драздоў ачольвае суполку "Пагоня" Беларускага саюза мастакоў. Генадзь Драздоў нарадзіўся 11 сакавiка 1959 г. у в. Паддуб'е Гомельскай вобл., Рагачоўскага р-на. З 1983 па 1989 год ён вучыўся у Беларускай акадэміі мастацтваў на аддзяленні станкавай графікі. Мастак працуе ў галіне графікі, жывапісу, керамікі. Мы пагутарылі са спадаром Генадзем пасля яго вяртання з Дзён беларускай культуры ва Уроцлаве, на выставе "Паралельная размова" у Менскай бібліятэцы імя Пушкіна.

- Дні незалежнай беларускай культуры ладзіліся другі год запар, і мы ўдзячныя іх арганізатарам. На іх запрашаліся мастакі суполкі "Пагоня". З мастакоў у іх прымалі ўдзел Аляксей Марачкін, Кацярына Сумарава і я. Адбылася выстава, палякі і беларусы горача прымалі Віктара Шалкевіча, Лявона Вольскага і гурт "Рэха".

Мэтай было прапагандаваць беларускае мастацтва за межамі Беларусі. У тыя ж дні ва Уроцлаве ладзілася палітычныя канферэцыя з удзелам А. Мілінкевіча, дзе абмяркоўвалася палітычная і эканамічная сітуацыя, цэлы комплекс праблем, якія ёсць у нас у краіне, і культурніцкія пытанні.

- Як Вы ацэньваеце цікавасць да мастацтва ў Польшчы?

- Глабальная праблема сёння ў тым, што цікаваць да выяўленчага мастацтва падае.

У свеце зачыняецца шмат галерэяў - і ў Амерыцы, і ў Маскве.

Падае ўзровень культуры ў грамадстве, змяняюцца каштоўнасці, зніжаецца інтарэс да выяўленчага мастацтва як да формы культуры. Ва Ўроцлаве ёсць некалькі маленькіх галерэяў, арт-рынак слабы. Мастакі арыентуюцца на суседнюю Нямеччыну.

- З нядаўнаяга часу Вы ўзначалілі суполоку "Пагоня". Ці ёсць у Вас пэўная праграма дзейнасці?

- Мы абапіраемся на нацыянальную царкву, мову, гісторыю, літаратуру.

Лепшыя мастакі суполкі: Мікола Купава, Аляксей Марачкін, Георгій Скрыпнічэнка, Алесь Пушкін грунтоўна зарэкамендавалі сябе як асобы ў беларускім мастацтве, свядома стаяць на пазіцыях нацыянальных каштоўнасцяў у выяўленчым мастацтве. Кожныя тры гады ў нас адбываюцца перавыбары старшыні суполкі.

-Як Вы сабе адчуваеце пасля інцыдэнту ў Смаргоні?

- Чатыры мастакі напісалі партрэты Расціслава Лапіцкага, прыехалі ў Смаргонь, заказалі паніхіду ў храме. Прайшліся па тым горадзе, дзе герой жыў. У 50-тыя гады юнак наважыўся стварыць моладзевую суполку, якая змагалася са сталінізмам. Менавіта такія героі ствараюць сапраўдную гісторыю, гісторыю супраціву русіфікацыі.

Пасля таго, як мы прайшлі з партрэтамі Лапіцкага па Смаргоні, усе жыхары горада (вернікі, міліцыянты) пабачылі, што ёсць мужныя і смелыя мастакі, якія не баяцца выказваць свае думкі

Тое, што мы атрымалі штрафы за шэсце сведчыць аб тым, што дзяржава не зацікаўлена ў свядомых героях, яна рэкламуе пустышкі, а не тых, каму сапраўды трэба ставіць помнікі.

У кожнай нацыі ёсць такія героі, якія адстойваюць незалежнасць краіны, іх імёны ўшаноўваюцца належным чынам, партрэты іх вісяць ў музеях.

Зараз ідзе здрада краіне па многіх пазіцыях: экнамічнай, палітычнай і культурнай. Ідзе размыванне нацыі, русіфікацыя ў сферы адукацыі, у СМІ.

- Якія ідэі ў творчасці для Вас найбольш важныя?

- Нас, беларусаў, можа выратаваць толькі вернасць нацыянальнай ідэі і хрысціянства. У мяне ў творчасці шмат хрысціянскіх тэмаў і біблійных тэмаў. У бліжэйшыя дні буду адчыняць выставу ў Музеі гісторыі і атэізму ў Гародні на духоўную тэму.

У 90-тыя гады мы ездзілі з калегамі па Польшчы, пісалі іканастасы, цалкам распісвалі цэрквы ад пачатку і да канца. Гэта праца вельмі цяжкая фізічна і адказная, досвед за плячыма - вялікі .

Сёння ёсць такая тэндэнцыя ў беларускім і ў замежным мастацтве - так званае актуальнае мастацтва (contemporary art). У яго укладваецца шмат фінансаў. Разам з выразнасцю абстрактных вобразаў, яно нясе разбуральныя тэндэнцыі.

Ідзе вынішчэнне 2000-гадовай школы, якая вякамі напрацавала фундаментальныя эстэтычныя прынцыпы, і адмаўляцца ад базы акадэмічнага мастацтва вельмі небяспечна.

Калі разглядаць гэтыя тэндэнцыі з пазіцыі хрысціянскай, паўстае пытанне: А што б хацеў бачыць Бог? Што творыць мастак? Сілы зла стараюцца зрабіць дамінанту на актуальным мастацтве, каб выцесніць мастака, які думае пра тое, што адбываецца ў грамадстве, адказнага за жыццё, які мае досвед, нясе ў свет станоўчае. Глыбокае мастацтва, якое разважае, хочуць падмяніць чыста забаўляльным. Такія тэндэнцыі бачны ў нас і ў свеце.

Беларускі саюз мастакоў не мае выхадаў на каналы беларускага тэлебачання. Сёння гэта неабходна, каб інфармаваць грамадства пра падзеі ў мастацкім жыцці. У СМІ не надаецца належнай увагі нацыянальным выставам, асабліва той, якая прысвечана 130-годдзю класікаў - Я. Коласа і Я. Купалы.

- Чым адметная Ваша калектыўная выстава ў бібліятэцы?

- У ёй удзельнічаюць Марта Шматава, Георгій Швайба, Малышаў і іншыя. Мастакі прадстаўляюць розныя творчыя і пластычныя кірункі. Не думаю, што мы збяромся яшчэ калі-небудзь разам, але на дадзенай выставе ў нас ёсць стылістычныя блізкасці. Паколькі статус мастака ў грамадстве падае, мы вырашылі хоць нейкім чынам зацікавіць гледача, прыцягнуць увагу да выяўленчага мастацтва.

- Як Вы ставіцеся да такой формы выставаў як праект "Забор" чатырох творцаў?

- "Забор"- нармальная форма прапаганды мастацтва. Але, як і плошча Якуба Коласа для Шагала - гэта афіцыйная пляцоўка. Мастакі, які абапіраюцца на нацыянальныя каштоўнасці, ніколі не будуць выстаўленыя на такіх пляцоўках, на жаль. Дзейнічае ідэалогія замоўчвання сапраўдных герояў.

Э. Дзвінская. На здымках: 1. Генадзь Драздоў і яго праца з нізкі "Беларускае барока" 2. Праца Георгія Швайбы на выставе "Паралельная размова" 3. Карціна Марты Шматавай "Натхненне". Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX