Вярнуцца: 2012

№ 46 (1093)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 46 (1093) 14 лістапада 2012 г.

МЗС падтрымлівае ідэю ТБМ аб падрыхтоўцы міжнароднага сертыфіката беларускай мовы

Сп. У.У. Макею,

Міністру замежных спраў

Рэспублікі Беларусь,

220030, вул. Леніна, 29, г. Мінск

Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч!

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны " ініцыюе стварэнне Рабочай групы, якая зоймецца распрацоўкай сертыфіката беларускай мовы як замежнай. Такая неабходнасць абумоўлена рэгулярнымі зваротамі ў нашу структуру замежных грамадзян, якія вывучаюць беларускую мову ў замежжы (Расія, Украіна, Польшча, Славакія, Чэхія і інш.) і ў беларускіх ВНУ. Яны маюць пільную патрэбу ў адпаведным сертыфікаце ўзроўняў валодання беларускай моваю як замежнай: адны хацелі б праверыць уласныя веды і матываваць сябе ў больш глыбокім і дасканалым валоданні моваю, другія хацелі б развіць у сябе навыкі самакантролю і самаацэнкі, трэція - уладкавацца на працу, дзе спатрэбіцца пацверджанне іхняга ведання беларускай мовы і/ці свабоднага карыстання ёю.

Несумненна, што наяўнасць сертыфіката, які адпавядае міжнародным стандартам валодання моваю, паспрыяе павышэнню як міжнароднага статусу самой дзяржаўнай беларускай мовы, так і іміджу нашай краіны. Усё гэта вымагае распрацаваць сістэму ўзроўняў валодання беларускай мовай у адпаведнасці з рэкамендацыямі "Modern Languages: Learning, Teaching, Assesment. A Common European Framework of reference. Council for Cultural cooperation, Educational committee, Strasbourg, 1996", а таксама з улікам указанняў АLТЕ (Асацыяцыя лінгвістычнага тэставання ў Еўропе). Прыгадаем, што такія сертыфікаты згодна з узроўнямі валодання моваю распрацаваныя для шэрагу славянскіх моў - рускай, чэшскай, польскай, славацкай і інш.

Мы ведаем, што ў розных навучальных установах нашай краіны шмат робіцца дзеля папулярызацыі беларускай мовы: не толькі прафесіянальнае выкладанне беларускай мовы замежным грамадзянам на філалагічным факультэце БДУ, але і распрацоўка адпаведных тыпавых, вучэбных і рабочых праграм, стварэнне і выданне дапаможнікаў для навучання беларускай мове як замежнай у розных ВНУ. Акрамя таго Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт уваходзіць у 2% лепшых універсітэтаў свету, займаючы ў гэтым рэйтынгу 595- е месца (з 3000 магчымых) і 4-е месца сярод універсітэтаў краін СНД, мае шырокі спектр міжнародных сувязяў як з тэхнічнымі, так і з гуманітарнымі ўніверсітэтамі Еўропы, Азіі, Амерыкі і ўваходзіць у Еўрапейскую адукацыйную прастору, таму мяркуем, што сертыфікацыйныя іспыты па беларускай мове як замежнай могуць праводзіцца на базе БДУ як асноўнай вышэйшай навучальнай установы Рэспублікі Беларусь.

Просім Вас падтрымаць нашу прапанову па падрыхтоўцы Міжнароднага сертыфіката беларускай мовы і дэлегаваць Вашага прадстаўніка ў Рабочую групу.

З павагай, старшыня ТБМ А.А. Трусаў.



ГА "Таварыства беларускай мовы імя

Францішка Скарыны"

220034, г. Мінск, вул. Румянцава, 13

Аб сертыфікаце беларускай мовы

Міністэрства замежных спраў падтрымлівае ідэю і прапанову ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" аб падрыхтоўцы міжнароднага сертыфікату беларускай мовы для тых, хто вывучае яе як замежную.

Лічым, што гэтая праца павінна праводзіцца дзяржаўнымі ўстановамі (Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры) з абавязковым удзелам ВНУ і пры магчымай падтрымцы грамадскіх арганізацый. Такі падыход дыктуецца фінальнай мэтай: дзяржаўныя стандарты і дзяржаўнае прызнанне.

Са свайго боку Міністэрства накіруе прапанову ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ў адрас зацікаўленых дзяржаўных устаноў.

Намеснік Міністра А.М. Купчына.


200 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Багрыма

Паўлюк БАГРЫМ (2 (14) лістапада 1812, в. Крашын Наваградскага павету Гарадзенскай губерні, цяпер Баранавіцкі раён Берасцейскай вобласці - каля 1891, в. Крашын) - беларускі паэт.

Вучыўся ў пачатковай парафіяльнай школе, фундатарам якой быў ксёндз В. Магнушэўскі. Пазнаёміўся з вольнадумнай паэзіяй; пачаў пісаць сам. У сувязі з сялянскімі хваляваннямі 1828 г. у Крашыне і за распаўсюджанне верша "Бунт хлопаў" (варыянт "Рабункаў мужыкоў" Я. Баршчэўскага) прыцягваўся да следства. Паўлюк Багрым, як і яго бацька, быў кавалём. У рамястве дасягнуў мастацкіх вяршыняў, пра што сведчыць зробленая ім каваная жырандоля, якая і сёння захоўваецца ў Крашынскім касцёле. Пахаваны на мясцовых могілках.

Ад літаратурнай спадчыны паэта захаваўся толькі адзін верш "Зайграй, зайграй, хлопча малы…", які стаў хрэстаматыйным для беларускай літаратуры. Упершыню гэты верш апублікаваў у сваіх успамінах наваградскі адвакат І. Яцкоўскі.

На думку Р. Зямкевіча (і М. Гарэцкага) П. Багрыму належала і аўтарства ананімнага верша антыпрыгоннага духу "Гутарка Данілы з Сцяпанам".

К. Жураўскі збіраў успаміны і дакументы пра паэта, зрабіў фотакопіі адпаведных дакументаў.

У 1985 годзе ў Крашыне адкрыты музей народнага мастацтва і рамёстваў імя Паўлюка Багрыма.

Вікіпедыя.(Працяг тэмы пра Паўлюка Багрыма на ст. 4.)


Канверт да 200-х угодкаў з дня народзінаў Паўлюка Багрыма

18 кастрычніка 2012 года Міністэрства сувязі і інфармацыі выпусціла юбілейны канверт, прысвечаны 200-м угодкам з дня народзінаў Паўлюка Багрыма. Выяву паэта зрабіў мастак М. Рыжы. На зваротным баку канверта ў чырвоным колеры размешчана кароткая інфармацыя пра жыццёвы шлях паэта і каваля з мястэчка Крашын (Баранавіцкі раён) Паўлюка Багрыма. Юбілейны канверт быў выпушчана ў Бабруйскай друкарні А.Ц. Непагодзіна. Раней мы паведамлялі, што ў жніўні 2012 года баранавіцкія сябры ТБМ звярнуліся да міністра сувязі і інфармацыі Мікалая Панцялея з просьбай выпусціць памятны канверт да 200-годдзя паэта Паўлюка Багрыма.

- Шчыры дзякуй кіраўніцтвуМіністэрства сувязі і інфармацыі. Выпуск такога прыгожага канверта ў гонар Паўлюка Багрыма - гэта добрае ўшанаванне памяці адзінага сялянскага паэта XIX ст., - адзначыў старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца.

Вітусь Свабодзкі.


Актыўны працаўнік на ніве роднай мовы

(да 90-годдзя з дня нараджэння С.Я. Кечык)

7 лістапада 2012 года споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага мовазнаўца выдатніка народнай асветы Беларусі і выдатніка асветы СССР дацэнта Соф'і Якаўлеўны Кечык .

С.Я. Кечык нарадзілася 7 лістапада 1922 года ў горадзе Крычаве Магілёўскай вобласці. У 1946 г. скончыла літаратурны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута па спецыяльнасці "беларуская мова і літаратура" і "руская мова і літаратура". Здольную выпускніцу да навуковай і педагагічнай працы кіраўніцтва педінстытута пакінула працаваць на кафедры беларускай мовы гэтай вышэйшай навучальнай установы.

Педагагічнай і навукова-метадычнай працы Соф'я Якаўлеўна Кечык аддала больш чым 60 гадоў, і ўсе гады прапрацавала ў роднай установе. У 1946-1950 яна - асістэнт кафедры беларускай мовы, у 1950-1984 - старшы выкладчык, а з 1985 і да выхаду на пенсію С.Я. Кечык - дацэнт Магілёўскага педінстытута (з 1990 гадоў Магілёўскага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова).

Педагагічную і навукова-метадычную школу ў сваёй роднай вышэйшай педагагічнай установе Соф'я Якаўлеўна прайшла пад кіраўніцтвам сваіх шаноўных настаўнікаў - дацэнтаў П.Я. Юргялевіча, А.Л. Юрэвіча і Р.Н. Клюсава.

За больш чым шасцідзесяцігадовую сваю педагагічную дзейнасць С.Я. Кечык падрыхтавала тысячы будучых настаўнікаў роднай мовы і літаратуры, якія працавалі і працуюць у розных куточках Беларусі, а многія і за яе межамі.

За плённую працу на педагагічнай ніве на працягу значнага часу Соф'я Якаўлеўна Кечык удастоена двух ганаровых званняў - "Выдатнік народнай асветы БССР" (1977) і "Выдатнік асветы СССР" (1985). Акрамя гэтага, дацэнт С.Я. Кечык узнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1978) і Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1993).

Соф'я Якаўлеўна Кечык на працягу ўсяго свайго працоўнага жыцця актыўна сумяшчала педагагічную працу ў ВНУ з навуковай і навукова - метадычнай дзейнасцю. Яна - кандыдат філалагічных навук. Напісала працы ў галіне марфалогіі і сінтаксісу беларускай мовы. У беларускім мовазнаўстве С.Я. Кечык падрабязна і глыбока даследавала такую граматычную катэгорыю, як дзеепрыслоўе. У 1985 г. выйшла з друку ў Менску ў выдавецтве "Вышэйшая школа" яе кніга "Дзеепрыслоўе ў сучаснай беларускай мове". Да С.Я. Кечык у беларускім мовазнаўстве дзеепрыслоўе не было прадметам спецыяльнага манаграфічнага даследавання. У кнізе С.Я. Кечык ставіцца задача на матэрыяле пісьмовых помнікаў, дыялектнага магэрыялу, аналізу твораў мастацкай літаратуры даць сістэмнае апісанне дзеепрыслоўяў у беларускай мове, звярнуць увагу на ўмовы і стымулы эвалюцыі карогкіх дзеепрыметнікаў у пазнейшыя дзеепрыслоўі, ахарактарызаваць граматычныя катэгорыі дзеепрыслоўя ў сучаснай літаратурнай мове, выявіць стылістычныя асаблівасці ўжывання некаторых дзеепрыслоўных форм. Асноўная ўвага пры марфалагічнай характарыстыцы дзеепрыслоўя ўдзяляецца трывальна-часавым асаблівасцям іх суадносін з дзеясловам-выказнікам. Разам з тым асвятляюцца выпадкі і ўмовы нейтралізацыі трывальных значэнняў дзеепрыслоўя (улічваючы семантыку дзеяслова і дзеепрыслоўя, пазіцыю дзеепрыслоўя ў сказе і інш.).

У кнізе зроблена спроба вызначыць сінтаксічныя функцыі дзеепрыслоўяў і дзеепрыслоўных канструкцый, месца дзеепрыслоўя ў сістэме членаў сказа, паказаць суадноснасць дзеепрыслоўя з суб'ектам дзеяння дзеяслова-выказніка (у асабовых, безасабовых, інфінітыўных, няпэўна-асабовых сказах і ў сказах іншых тыпаў).

Пры марфалагічнай характарыстыцы дзеепрыслоўяў у кнізе С.Я. Кечык разглядаюцца пытанні: гісторыя форм дзеепрыслоўяў; трывальна-часавае значэнне дзеепрыслоўя; дзеепрыслоўе з адмоўем не .

Пры сінтаксічнай характарыстыцы дзеепрыслоўя ў беларускай мове аўтар кнігі падрабязна разгледзела наступныя пытанні: дзеепрыслоўе як член сказа; дзеепрыслоўе - самастойны выказнік; дзеепрыслоўе - другарадны выказнік; дзеепрыслоўе - прэдыкатыўна-акалічнасны член сказа; дзеепрыслоўе ў ролі акалічнасці; дзеепрыслоўе ў ролі пабочных слоў; дзеепрыслоўе ў аднасастаўных сказах.

Пытанні граматычнай нарматыўнасці ва ўжыванні дзеепрыслоўных канструкцый таксама знайшлі адлюстраванне ў гэтай кнізе.

У канцы кнігі даецца вялікі спіс літаратуры па дзеепрыслоўі.

Соф'я Якаўлеўна Кечык з'яўляецца таксама актыўным сааўтарам метадычных прац. Так, у 1981 годзе ў выдавецтве "Вышэйшая школа" ў Менску выйшаў "Зборнік практыкаванняў па беларускай мове", падрыхтаваны С.Я. Кечык у суаўтарстве з Л.І. Аляксеенка. Зборнік прызначаецца для студэнтаў факультэтаў педагогікі і методыкі пачатковага навучання педінстытутаў, можа быць выкарыстаны і студэнтамі філалагічных факультэтаў. У зборніку змешчаны матэрыялы па фанетыцы, лексіцы і фразеалогіі, словаўтварэнні, марфалогіі і сінтаксісе. Фактычны матэрыял падаецца ў выглядзе асобных слоў, сказаў, узятых з твораў беларускай мастацкай і публіцыстычнай літаратуры.

У кожным практыкаванні даюцца пэўныя заданні, пераважна з адказамі на іх. Адказ падбіраецца студэнтам у адпаведнасці з умовамі задання. Да заданняў прыкладаюцца тэксты ў 3-5 варыянтах.

Практыкаванні маюць на мэце не толькі паглыбіць і замацаваць тэарэтычныя веды студэнтаў, але і развіць у іх здольнасць самастойна даследаваць шматлікія моўныя з'явы. Матэрыялы зборніка могуць быць выкарыстаны як на практычных занятках па сучаснай беларускай мове, так і пры самастойнай падрыхтоўцы студэнтаў.

У канцы дапаможніка даюцца лічбавыя адказы. Састаўлены яны для таго, каб студэнт, працуючы самастойна, мог праверыць, наколькі правільна ён выканаў заданне.

У 1988 годзе ў выдавецтве "Вышэйшая школа" выйшла праца "Моўны разбор у ВНУ і ў школе. Схемы, узоры, заданні", падрыхтаваная С.Я. Кечык у суаўтарстве з В.І. Рагаўцовым.

У дапаможніку разглядаюцца віды разбору, звязаныя з раздзеламі мовазнаўства, вывучэнне якіх прадугледжана праграмай па сучаснай беларускай літаратурнай мовай для ВНУ (фанетычны, графічны, арфаграфічны, лексічны разбор, разбор фразеалагізмаў, марфемны, словаўтваральны, марфалагічны, сінтаксічны, пунктуацыйны разбор). Некаторыя з гэтых відаў разбору практыкуюцца ў школе (фанетычны, марфемны, сінтаксічны), асобныя з іх могуць быць выкарыстаны на ўроках мовы ў межах патрабаванняў школьнай праграмы (лексічны, фразеалагічны, арфаграфічны, словаўтваральны).

Разбор адной і той жа моўнай адзінкі ў дапаможніку даецца ў параўнальна-супастаўляльным плане, па схемах для ВНУ і для школы. Гэта дасць магчымасць студэнтам выявіць агульнае і рознае паміж разборам у ВНУ і школе, навучыць іх выкарыстоўваць у школьнай практыцы тэарэтычныя веды, атрыманыя ў ВНУ, і, апрача таго, дапаможа авалодаць уменнем параўноўваць і аналізаваць моўныя факты.

Прапанаваныя ў дапаможніку пытанні не прадугледжваюць кантролю ўсяго тэарэтычнага матэрыялу; іх прызначэнне - звярнуць увагу студэнтаў на тыя моўныя з'явы, без уліку якіх пры разборы могуць быць дапушчаны памылкі.

Мэта практычных заданняў - замацаваць тэарэтычныя веды студэнтаў і ўдасканаліць навыкі розных відаў разбору.

У канцы дапаможніка даецца спіс літаратуры, якая можа быць выкарыстана пры вывучэнні той або іншай тэмы ці раздзела.

С.Я. Кечык з'яўляецца таксама суаўтарам яшчэ некалькіх метадычных дапаможнікаў.

Імя Соф'і Якаўлеўны Кечык ў беларускім мовазнаўстве, акрамя гэтага, вядомае ў галіне беларускай дыялектнай лексікаграфіі, лінгвагеаграфіі беларускай народнай мовы і беларускай анамастыкі. Так, С.Я. Кечык з'яўляецца адным з суаўтараў "Матэрыялаў да абласнога слоўніка Магілёўшчыны", якія выйшлі ў Менску ў акадэмічным выдавецтве "Навука і тэхніка" ў 1981 годзе. Яшчэ задоўга да выхаду з друку гэтых лексікаграфічных матэрыялаў С.Я. Кечык разам з іншымі выкладчыкамі і студэнтамі Магілёўскага педагагічнага інстытута ў суправаджэнні вядомага мовазнаўца дацэнта П.Я. Юргялевіча выязджала ў дыялекталагічныя экспедыцыі ў розныя куточкі Магілёўшчыны, у час якіх быў сабраны вялікі лексіка-фразеалагічны моўны матэрыял, што потым у сістэматызаваным выглядзе ўвайшоў у названыя вышэй "Матэрыялы...".

Значны ўклад унесла дацэнт С.Я. Кечык і ў беларускую акадэмічную мовазнаўчую навуку. Яна з'яўляецца суаўтарам пяцітомнага "Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак". Для чацвёртага тома гэтага выдання, які называецца "Побыт" (1997), аўтар склала лінгвагеа-графічныя карты № 115-133. Акрамя гэтага, С.Я. Кечык абследавала экспедыцыйным шляхам для названага атласа 4 населеныя пункты на тэрыторыі Магілёўшчыны. А гэта: вёска Забалоцце Мсціслаўскага раёна, вёска Ушакі Чэрыкаўскага раёна, вёска Мхінічы Краснапольскага раёна і вёска Баханы Хоцімскага раёна, дзе вучоны сабрала і сістэматызавала для атласа і іншых сваіх навуковых мэт тысячы ўнікальных моўных дыялектных адзінак. Пяцітомны акадэмічны "Лексічны атлас беларускіх народных гаворак" (1993-1998) атрымаў вельмі высокую ацэнку сусветнай навуковай грамадскасці, а асноўныя выканаўцы гэтай тэмы былі ў 2000 годзе ўдастоены Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Навуковая лепта С.Я. Кечык у беларускую анамастыку ў яе падрыхтоўцы ў суаўтарстве з В.І. Рагаўцовым "Анамастычнага слоўніка Магілёўшчыны" (Магілёў, 2000).

Неабходна яшчэ адзначыць, што С.Я. Кечык у 1946 годзе ўзнагароджана медалём "За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.".

Калегі і ўдзячныя вучні некалькіх пакаленняў шчыра віншуюць шаноўную Соф'ю Якаўлеўну Кечык з 90-гадовым юбілеем, жадаюць моцнага здароўя і ўсяго самага добрага ў жыцці.

Мікалай Крыўко, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі.


Беларуская мова ў метро падтрымана беларускай лацінкай

Да 7 лістапада ў Менску ўведзены ў эксплуатацыю тры новыя станцыі метро. Усе станцыі аформлены па-беларуску, за што кіраўніцтва ТБМ ужо выказала падзяку кіраўнікам Менскага метрапалітэна.

З уводам трох новых станцый з'явіліся і новыя схемы руху цягнікоў. Транслітарацыя ўсіх назваў выканана беларускай лацінкаю. У сеціве адразу ж узнялася хваля крытыкі: маўляў, замежнікі не разумеюць і не могуць прачытаць назвы станцыяў… Іна Студзінская выслухала меркаванні лінгвістаў і кіраўніцтва Менскага метрапалітэна.

Галоўны інжынер Менскага метрапалітэна Георгі Ткач кажа, што стаміўся ўжо аргументаваць, чаму назвы ўсіх станцыяў метро напісаныя беларускай лацінкай. Ён распавёў, што ёсць пратакол № 9 паседжання тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў ад 4 кастрычніка 2012 года.

Прычым на паседжанні прысутнічалі ўсе сябры гэтай камісіі: " Станцыі метро і вуліцы - гэта геаграфічныя аб'екты, і перадаваць мы іх можам толькі ў адпаведнасьці з тымі патрабаваннямі, якія вылучае тапанімічная камісія. Пераклад ажыццяўляўся па дамове Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук - спецыялістамі, якія ўваходзяць у гэтую камісію. То бок мы напісалі дакладна да кожнай літары, як яны нам загадалі".

Георгі Ткач сказаў, што да крытыкі ставіцца спакойна і метрапалітэн не збіраецца нічога мяняць.

Мовазнавец Зміцер Саўка перакананы: "На маю думку, нарэшце зрабілі штосьці талковае. Я цалкам падтрымліваю гэты крок. Але гэты крок не мусіць завіснуць. Калі не будзе мапаў, у якіх аформлена абсалютна так жа, калі не будзе на вуліцах шыльдаў з такім самым напісаннем, - вядома, што правісне ініцыятыва, і гэта будзе бессэнсоўна".

Навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства Алена Анісім распавяла, што беларуская лацінка была прынятая падчас стварэння 6-томнага даведніка па назвах населеных пунктаў. І гэтая графічная сістэма вельмі добра была ўспрынятая на міжнародным узроўні і атрымала высокую ацэнку экспертаў ААН.

Да таго ж Закон аб геаграфічных назвах адстойвае таксама прыярытэт беларускай мовы. Такім чынам, за беларускай лацінкай ёсць не толькі гісторыя, але і сучасны досвед яе вы карыстання: "Таму калі людзі, якія адмаўляюць беларусам у праве на выкарыстанне сваёй спадчыны (а гэта наша спадчына, таму што лацінка актыўна выкарыстоўвалася на пачатку 20 стагоддзя, не кажучы пра ранейшы час), - то гэта праблема гэтых людзей, праблема іхняй культуры і праблема іхняга стаўлення да беларусаў як да нацыі, якая самастойна можа вырашаць некаторыя свае праблемы.

Тое, што амерыканец ці ангелец не змог прачытаць? Прабачце, а што, любы беларус, прыехаўшы ў Амерыку, Ангельшчыну ці Шатландыю, зможа так лёгка прачытаць іх назвы?

Гэта проста праблема культуры чалавека і праблема адносінаў да тых людзей, чыю краіну ён наведвае. Калі ёсць сваё, дык трэба сваё прапагандаваць. Тым больш, беларуская лацінка не скажае назву беларускую, яна перадае менавіта назву, тое, што гучыць пасля ў метро. Што ж тут дзікага?"

Тое, што з'явілася крытыка - гэта памылка людзей, якія мяркуюць, што абсалютная бальшыня іншаземцаў цалкам арыентаваная на ангельскую мову, а гэта не так, мяркуе лінгвіст Зміцер Саўка.

Тут увогуле не мае значэння, на якой мове іншаземец размаўляе дома ці за мяжою. Праблема ў іншым: "Бальшыня іншаземцаў увогуле не ведае кірыліцы. І для іх кірыліца - гэта такія самыя іерогліфы, як для нас кітайскія. І вось дзеля таго, каб пераадолець гэты першасны галоўны бар'ер, і прыдумалі сістэму раманізацыі, а менавіта рэпрэзентацыі. Можна рэпрэзентаваць матэрыял моўны з любой абсалютна мовы, перавёўшы са сваёй сістэмы знакаў (гэта няважна - кірыліца, арабіца, дэванагары) на стандартныя, звыклыя лацінскія літары".

Мовазнаўцы спадзяюцца, што гэтая першая ластаўка - назвы станцыяў метро - дасць штуршок і да афармлення іншых аб'ектаў. Тым больш, што зараз ідзе падрыхтоўка да чэмпіянату свету па хакеі 2014 года.

Паводле Радыё Свабода.


І ЗНОЎ ПРА ЗМІЦЕРА ЖЫЛУНОВІЧА

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

* * *

У сваёй аповесці пра Жылуновіча Эрнэст Ялугін цытуе рэзалюцыю нарады ЦК РСДРП лета 1913 г., у якой гаворыцца аб тым, што сацыял-дэмакраты павінны адстойваць права нацый на самавызначэнне. Па ўмовах таго часу пісьменнік не мог тэксту рэзалюцыі супрацьпаставіць тэкст Леніна, які не прызначаўся для шырокіх колаў.

Вось як Ленін тлумачыў сутнасць рэзалюцыі ў лісце да бальшавіка Сцяпана Шаўмяна ад 6 снежня 1913 г.:

""Права на аўтаномію"? ... Мы за аўтаномію для ўсіх частак, за права аддзялення (не за аддзяленне ўсіх!). Аўтаномія ёсць наш план уладкавання дэмакратычнай дзяржавы. Аддзяленне зусім не наш план. Аддзяленне мы зусім не прапаведуем. Наагул, мы супраць аддзялення. Але мы стаім за права на аддзяленне з прычыны чарнасоценнага вялікадзяржаўнага нацыяналізму, які так спаганіў справу нацыянальнага сужыцця, што іншы раз больш сувязі атрымаецца пасля свабоднага аддзялення!! ". Як бачым, Ленін вучыў свайго таварыша адрозніваць права на аддзяленне і рэальнае аддзяленне. У наступным абзацы Ленін развівае гэтую думку: "Права на самавызначэнне ёсць выключэнне з нашай агульнай пасылкі цэнтралізму. (...) Але выключэнне нельга тлумачыць пашырана. Нічога, абсалютна нічога акрамя права на аддзяленне тут няма і быць не павінна".

У 1917 годзе Ленін у сваім славутым артыкуле "Ці ўтрымаюць бальшавікі дзяржаўную ўладу?" прызнаваў, што нацыянальнае і аграрнае пытанні - "карэнныя пытанні дня дробнабуржуазных масаў насельніцтва Расеі ў цяперашні момант" , і заяўляў, што пралетарыят (а дакладней, пралетарскі ўрад) здольны правесці "неадкладныя і рэвалюцыйныя меры супраць памешчыкаў, неадкладнае аднаўленне поўнай свабоды для Фінляндыі, Украіны, Беларусі, для мусульман і г. д." .

У Жылуновіча (і ў гэтым у 1931 годзе ён прызнаваўся на паседжанні Прэзідыума і Парткалегіі Цэнтральнай Кантрольнай Камісіі КП(б)Б), была надзея, што нацыянальнае пытанне, у тым ліку пытанне аб самавызначэнні Беларусі будзе вырашана на падставе бальшавіцкай Дэкларацыі правоў народаў Расіі. Пазней ён мог пераканацца, што абвешчанае бальшавікамі права нацый на самавызначэнне было адно толькі лозунгам, а не прынцыпам. А лозунг і прынцып трэба адрозніваць, напісаў нагадаў нам нядаўна прафесар Рыгор Лазько.

* * *

Пішучы свае артыкулы і ўспаміны з гісторыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады, Антон Луцкевіч мусіў сёе-тое замоўчваць. І рабіў ён гэта дзеля таго, каб не нашкодзіць людзям, якія жылі ў СССР. Напрыклад, ён не паказаў, што ў 1917 годзе сябрам ЦК БСГ быў Якуб Колас, што старшынём ЦК партыі ў чэрвені 1917-га стаў Зміцер Жылуновіч.

Эрнэст Ялугін, са свайго боку, мусіць, хацеў палепшыць імідж Жылуновіча ў вачах цвердалобых бальшавікоў. У сваёй аповесці ён сцвярджаў, што на ІІІ з'ездзе БСГ (кастрычнік 1917-га) Жылуновіч крытыкаваў кіраўніцтва грамадоўцаў за схільнасць да правых партый і за гэта не быў уключаны ў склад ЦК партыі. Цяпер мы можам сказаць, што Жылуновіч у той час быў сам кіраўніцтвам грамадоўцаў. На з'ездзе ён заняў даволі памяркоўную пазіцыю. Так, калі з БСГ выключылі ультралевага Фабіяна Шантыра, Жылуновіч з партыі не выйшаў і стаў сябрам ЦК БСГ. Што і зафіксавана ў пратаколе з'езду.

* * *

Некаторыя аўтары схільныя блытаць "Дзянніцу", якую Жылуновіч рэдагаваў у канцы 1916-га (выйшла сем нумароў), і "Дзянніцу", што выходзіла ў 1918-1919 гг.

Я яшчэ не бачыў грунтоўнага падручніка ці навучальнага дапаможніка з гісторыі беларускай журналістыкі, у якім бы паказваліся перыядычнасць выдання, яго мова, жанры, праблематыка, аўтарскі склад, адно выданне параўновалася з другім...

У 1918 годзе выходзілі чатыры беларускія газеты: "Гоман" - у Вільні, "Вольная Беларусь" і "Беларускі шлях" - у Менску, "Дзянніца" - у Маскве.

Чым каштоўная газета гісторыку? Перш за ўсё інфармацыйнай насычанасцю. Дык вось, паводле інфармацыйнай насычанасці я б пашыхтаваў гэтыя газеты ў такім парадку: "Гоман", "Дзянніца", "Беларускі шлях", "Вольная Беларусь".

Што матэрыялы Рады БНР і Народнага Сакратарыяту друкаваў "Гоман", - тое не дзіва. А вось што датычыць "Дзянніцы", дык тут пры чытанні ствараецца дваістае ўражанне. Шчыры Беларус, Стары сацыял-дэмакрат - якіх толькі псеўднімаў не было ў рэдактара газеты Зміцера Жылуновіча!.. Пад гэтымі псеўданімамі ён з бальшавіцкіх пазіцый граміў Раду, "здраднікаў працоўнага беларускага народа" і адначасна друкаваў даволі шмат (значна больш, чым Лёсікава "Вольная Беларусь") матэрыялаў і Рады, і Народнага Сакратарыяту.

Не ведаю, як хто, а я разумею так: пішучы ў "Дзянніцы" артыкулы аб неабходнасці самавызначэння Беларусі ў якасці аўтаномнай часткі Расійскай савецкай федэратыўнай рэспублікі, а з другога боку - крытыкуючы Раду і адначасна друкуючы інфармацыю пра жыццё ў непадсавецкай частцы Беларусі, Жылуновіч тым самым закладваў у свядомасць і нават у падсвядомасць чытачоў "Дзянніцы" пастулат незалежнай Беларусі, няхай сабе і савецкай.

Сам Жылуновіч выбраў такую лінію паводзінаў ці з падказкі - не так важна. Важна тое, што Беларускі нацыянальны камісарыят, чыім органам была "Дзянніца", істотных прэтэнзій да рэдактара не меў.

Калі ж шыхтаваць беларускія газеты 1918-га паводле падачы матэрыялу (паводле аб'ектыўнасці інфармацыі, яе "прывязанасці" да канкрэтных даты і месца), дык тут будзе іншы шыхт: "Гоман", "Вольная Беларусь", "Беларускі Шлях", "Дзянніца".

Рэдактар "Дзянніцы" Зміцер Жылуновіч, мусіць, не здагадваўся, што кожная падзея мае пэўную дату, што ў інфармацыйных матэрыялах трэба пазбягаць ацэнак. Горшыла газету і граматыка, тое, што Жылуновіч спрабаваў увесці ў норму пэўныя асаблівасці капыльскай гаворкі, у прыватнасці канчатак -ум : у зялёнум, аб высокум...

Загадкай (прынамсі для мяне) застаецца тое, чаму да Жылуновіча прыставілі другога рэдактара - Івана Пятровіча (Янку Нёманскага). Газета ўсё роўна як была, так і засталася жылуновічаўскай.

* * *

Пра Беларускі нацыянальны камісарыят, у якім працавалі сябры БСГ і ўчарашнія сябры БСГ, пра гульні бальшавікоў "на беларускім участку працы" апошнім часам пішуць нямала і цікава. Радуе, што тэму даследуюць маладыя (маю ўвагу звярнулі артыкулы Сяргея Сіняка). Да гэтай тэмы звярнуўся і Рыгор Лазько. Вось некаторыя яго высновы: 1) "Петраградскія беларусы-сацыялісты [на пачатку 1918 г.] яшчэ адчувалі сябе бліжэйшымі да сваіх сяброў па нацыянальнаму руху, якія засталіся ў Менску..." ; 2) "Белнацкам не стаў для савецкага ўрада цалкам сваёй, заслугоўваючай даверу арганізацыяй" . І іншая выснова: студзеньскія падзеі 1918 г. (падтрымка Петраградам разгону Усебеларускага з'езду, разгон Устаноўчага сходу, расправа з тымі, хто выйшаў Сход падтрымаць, і да т. п.) паказалі беларускім сацыялістам, што бальшавікі не для таго ўчынілі дзяржаўны пераварот, каб аддаць уладу, што яны не спыняцца перад самымі брутальнымі метадамі ў барацьбе з апанентамі. І беларускім сацыялістам, хай сабе і з білетамі бальшавіцкай партыі ў кішэнях, нічога не заставалася як падладжвацца пад гэты рэжым і дамагацца ад яго хоць якіх саступак для Беларусі. Яны, можна сказаць, кіраваліся правілам Івана Луцкевіча: з паршывай авечкі хоць воўны жмук.

* * *

Зміцер Жылуновіч аж да восені 1918-га працягваў лічыць сябе сябрам БСГ, спрабуе пасля пераезду Белнацкаму ў Маскву наладзіць партыйнае жыццё, аднак гэта яму не ўдаецца. Хутчэй за ўсё з тае прычыны, што ва ўмовах бальшавіцкага тэрору нават лаяльныя да бальшавікоў сябры БСГ "страха ради иудейска" вырашылі не рызыкаваць. І Жылуновіч уступае ў бальшавіцкую партыю. Яго, новаспечанага бальшавіка, у снежні 1917-га выбіраюць старшынём канферэнцыі беларускіх секцый Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў). Іосіф Лагун, трэці з чаргі камісар Белнацкаму, прапануе кандыдатуру Жылуновіча на пасаду камісара БНК. Жылуновіча выбіраюць старшынём Цэнтральнага Бюро беларускіх секцый РКП(б).

Усё чакаю даследаванне нашых гісторыкаў на тэму Беларускай камуністычнай партыі. У літаратуры праскокваюць нейкія згукі тагачаснай барацьбы вакол гэтага пытання. Ва ўсякім разе быў запланаваны ўсебеларускі з'езд камуністычных арганізацый у Менску. Думаецца, што Жылуновіч ды іншыя разумелі неабходнасць супрацьпаставіць бальшавікам Заходняй камуны беларускі камунізм.

Забягаючы наперад. Жылуновічу і яго аднадумцам не ўдалося стварыць Беларускую камуністычную партыю, але праз год гэты праект будзе рэалізаваны. На самым пачатку 1920-га на захопленай палякамі тэрыторыі Беларусі з'явіцца Беларуская камуністычная арганізацыя на чале з Усеваладам Ігнатоўскім. Гэта быў выдатны палітычны ход. Калі ў ліпені 1920-га бальшавікі прыйшлі ў Менск, яны мусілі мець справу з аўтэнтычнымі беларускімі камуністамі.

* * *

Дзе архіў Жылуновіча? Гэтае пытанне я не раз і не два задаваў Віталю Скалабану.

Дзе пратакол пасяджэння Цэнтральнага Камітэта бальшавіцкай партыі ад 24 снежня 1918 года? Не маглі ж Ленін і Сталін без ЦК вырашыць пытанне пра ўтварэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі. Апроч таго, вельмі імаверна, што на тым пасяджэнні была прынятая пастанова аб скліканні І кангрэсу Камуністычнага Інтэрнацыяналу, бо датай 28 снежня Ленін даў адпаведнае даручэнне наркаму замежных спраў Георгію Чычэрыну.

Рыгор Лазько напісаў, што абвяшчэнне БССР - гэта інструмент палітыкі Савецкай Расіі ва Ўсходняй Еўропе. Не згаджуся. Трэба зірнуць шырэй.

Ленін супрацьпаставіў сваю партыю Сацыялістычнаму Інтэрнацыяналу і гарэў жаданнем стварыць свой, камуністычны Інтэрнацыянал, аднак гэтая справа ў яго не вельмі ладзілася. Леніну хацелася ўцерці нос нямецкім сацыял-дэмакратам, якія ані не хацелі ісці бальшавіцкім шляхам, і ён зрабіў стаўку на спарткаўцаў, аднак Роза Люксембург не падтрымала ягонага імкнення рабіць ІІІ Інтэрнацыянал. Для масоўкі бальшавікі каго толькі не клікалі на І кангрэс Камінтэрну. У тым ліку прадстаўнікоў філіяльных партый, створаных у новых савецкіх рэспубліках - Украіне, Літве... Для масоўкі бальшавікам не шкодзіла стварыць і Кампартыю Беларусі. Прафесар Уладзімір Снапкоўскі можа прадставіць доказы, што свежаствораную КП(б)Б таксама клікалі на кангрэс. Не шкодзіць таксама паглядзець дакументы першага і наступных кангрэсаў Камінтэрну.

Такім чынам, стварэнне БССР і КП(б)Б трэба разглядаць не адно ва ўсходне-еўрапейскім кантэксце.

Само сабой - і гэта зафіксавана ў пратаколах Цэнтральнага Бюро КП(б)Б - БССР патрэбная была таксама як антытэза БНР і як буфер паміж бальшавіцкай Расіяй і Захадам (неабходнасць такога буферу фатальным чынам не зразумелі польскія палітыкі).

* * *

Дзе архіў Жылуновіча?

Патрабаванні беларускіх камуністаў, сфармуляваныя канферэнцыяй беларускіх секцый РКП(б), былі сціплыя: яны хацелі, каб Заходняя камуна называлася Беларуссю і стала аўтаномнай адзінкай у складзе Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі. І тут, літаральна назаўтра пасля канферэнцыі, нечаканае рашэнне кіраўніцтва бальшавіцкай партыі...

Вось пераказвае Уладзімір Дубоўка пачутае ад Алеся Чарвякова. Пра сустрэчу ў Леніна. Маўляў, спыталіся: а хто створыць урад новай рэспублікі? І тут устаў Жылуновіч ды сказаў: я ствару.

Ведама, Жылуновіч быў лідарам беларускіх камуністычных секцый і меў права сказаць такое. Але ці ў Леніна ён гэта сказаў? На паседжанні Прэзідыума і Парткалегіі Цэнтральнай Кантрольнай Камісіі КП(б)Б у 1930 годзе Чарвякоў такой упэўненасці не выказваў. І сам Жылуновіч ані словам пра тое не абмовіўся.

Шкада, няма архіву Жылуновіча. А ён у сваіх працах з гісторыі Савецкай Беларусі спасылаўся на дакументы, якія меліся ў яго распараджэнні. Мусіць, цікавы быў архіў. І небяспечны.

* * *

Чарвякоў даў высокую ацэнку Маніфесту Часовага работніча-сялянскага ўраду Беларусі. Цікавы дакумент. Цікавы тым, што ў ім няма слоў: наша краіна (край, старана) абвяшчаецца Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай Беларусі . Няма ў Маніфесце ні такога словаспалучэння, ні абрэвіятуры ССРБ . Нічога ў Маніфесце не сказана пра тэрыторыю Беларусі.

Юрыдычна ССРБ узнікае 2-3 лютага 1919 года - на І Усебеларускім з'ездзе Саветаў. Менавіта тады і з'яўляюцца гэтая назва і гэтая абрэвіятура. А да з'езду ў пратаколах Часовага ўраду новую рэспубліку называлі проста Беларуссю або Беларускай Рэспублікай.

* * *

Калі я скажу, што Жылуновіч быў наіўны чалавек, гэта будзе няпраўда. Калі я скажу, што ён быў даверлівы чалавек, і гэта будзе няпраўда. Як палітык ён быў нявопытны чалавек. І з прычыны сумленнасці празмерна даверлівы. Па-мойму, Жылуновіч доўга не разумеў, што да ўлады ў Расіі прыйшлі людзі (далей цытую Антона Луцкевіча), "гатовыя на ўсё, пазбаўленыя усякіх "скрупулаў", далёкія ад гуманітарызму". Падманваць, ашукваць праціўніка і саюзніка для іх было звыклай справай.

Стварэнне БССР у вачах бальшавіцкіх лідараў было не чым іншым, як перабудовай Аблвыкамзаха. Сталін так і пісаў у канцы 1918-га: "Все вопросы перестройки Облисполкомзапа уже решены" . Справа была ў перайменаванні і ў пэўнай перастаноўцы мэблі, а сутнасна нічога не мянялася. Практычна ўсё заставалася як і раней. Хіба што ранг мясцовых кіраўнікоў падымаўся: раней была вобласць, камуна, а цяпер, што ні кажы, рэспубліка. Мяснікян, Кнорынг ды іншыя па-ранейшаму пачуваліся тут гаспадарамі.

Уяўляю, як Жылуновіча ды іншых беларускіх камуністаў уразіла вераломства бальшавікоў, калі яны даведаліся, што Сталін і Мяснікян элементарна абвялі іх вакол пальца. Мала таго, што ўсе ключавыя пасады ў Часовым урадзе Беларусі былі прадугледжаны для байцоў кшталту Мяснікяна, выявілася, што ў Жылуновіча і Мяснікяна маюцца розныя спісы сябраў Часовага ўраду Беларусі, узгодненыя з усё тым жа Сталіным, і што ўчарашнія праціўнікі самой назвы "Беларусь" будуць, паводле другога спісу, у гэтым урадзе пераважаць. Больш за тое, выявілася, што кіраўніком спраў ураду, "правай рукой" Жылуновіча мае быць не беларускі камуніст Пётра Клыш, пазней расстраляны палякамі, а Вільгельм Кнорынг. Так сказаць, наглядчык.

І не запратэстуеш, і не назавеш ашуканцаў ашуканцамі. У бальшавікоў жалезная субардынацыя і дысцыпліна. Арганізацыя, якая ад самага пачатку мела адзнакі крымінальнай групоўкі.

(Заканч. у наст. нум.)

Анатоль Сідарэвіч


Свята паэзіі ў гонар 200-х угодкаў з дня народзінаў паэта Паўлюка Багрыма

Тут слухаў жаўрукоў вясёлы спеў,

Каваў падковы - знак шчасліваў долі…

Ён нешта для людзей зрабіць паспеў,

А шчасце сваё выкаваць - не здолеў?

Алесь Белы.

У мястэчку Крашын (Баранавіцкі раён) 4 лістапада 2012 года адбылася святочная імпрэза, прысвечаная 200-м угодкам з дня народзінаў адзінага беларускага сялянскага паэта XIX ст. Паўлюка Багрыма. Напачатку ўдзельнікі і госці ўрачыстага мерапрыемства наведалі ў Крашынскай СШ музей народных мастацтваў імя Паўлюка Багрыма. Затым ў актавай зале школы тварылася сапраўднае свята паэзіі ў гонар Паўлюка Багрыма, якое адкрыла дырэктар школы Наталля Сіліцкая. Трэба адзначыць, што навучэнцы школы вельмі моцна ўразілі ўсіх прысутных выдатным чытаннем вершаў У. Караткевіча, Н. Загорскай, І. Леткі ў гонар Паўлюка Багрыма. Пра паэтычны і мастацкі талент "беларускага Шаўчэнкі" гаварылі кандыдат філалагічных навук Язэп Янушкевіч, паэт і даследчык літаратуры Міхась Скобла. Шчырымі воплескамі гледачы суправаджалі спявачку Беларускай дзяржаўнай філармоніі Таццяну Грыцэвіч.

З школы ўдзельнікі святочнай імпрэзы накіраваліся на мясцовыя могілкі, дзе пахаваны наш знаны паэтычны дудар і каваль Паўлюк Багрым. Пасля ўскладання кветак выступілі старшыня Крашынскага сельскага савета Таццяна Шчарбацэвіч, Язэп Янушкевіч, Святлана Радкевіч, якія падкрэслілі не толькі важны і значны ўнёсак Паўлюка Багрыма ў беларускую культуру, але і неабходнасць яго захавання для наступных пакаленняў. Запаліўшы свечку на магіле паэта Паўлюка Багрыма, удзельнікі святочнай імпрэзы праспявалі "Магутны Божа".

Працяг свята адбываўся на Багрымаўскай вуліцы, дзе крашынскія гаспадары і гаспадыні частавалі ўдзельнікаў свята не толькі мясцовымі стравамі і прысмакамі, але і чаркай і смачным печывам. Свята вуліцы суправаджалася танцамі і беларускімі песнямі.

Затым удзельнікі і госці крашынскага фэсту накіраваліся на тое месца дзе была кузня, дзе Паўлюк Багрым зрабіў знакамітую жырандоль, якая сёння ўпрыгожвае мясцовы каталіцкі касцёл. Супрацоўнікі Баранавіцкага райвыканкама і Крашынскага сельсавета пасадзілі на месцы былой кузні прыгожыя дрэвы і прымацавалі адпаведную шыльду. Паэт Алесь Белы прачытаў свае вершы да 200-годдзя Паўлюка Багрыма, а кразнавец Васіль Дубейка распавёў прысутным пра неабходнасць вывучэння і прапаганды спадчыны Паўлюка Багрыма. Старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца перадаў Багрымаўскаму музею ліставанне з Міністэрствам сувязі і інфармацыі і канверт з выяваю Паўлюка Багрыма, спецыяльна выпушчаны да гэтай слаўнай даты.

Крашынскае свята ў гонар Паўлюка Багрыма скончылася вялікім канцэртам ў мясцовым сельскім клубе.

Вітусь Свабодзкі.


Ва Ўкраіне дзейнічае дзяржаўная праграма развіцця ўкраінскай мовы

9 лістапада ва Украіне адзначалі Дзень украінскай пісьменнасці і мовы. Гэтае свята было ўстаноўлена ўказам прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы ў 1997 годзе.

Як паведамляе novosti.ua, яно адзначаецца штогод у дзень ушанавання памяці Прападобнага Нестара, паслядоўніка стваральнікаў славянскай пісьменнасці Кірылы і Мяфодзія, манаха Кіева-Пячэрскага манастыра, аднаго з аўтараў "Аповесці мінулых гадоў".

З нагоды свята прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч выступіў з віншаваннем. Ён адзначыў, што ўкраінская мова "з'яўляецца магутным фактарам кансалідаванага дзяржаўнага будаўніцтва, што спрыяе ўзбагачэнню духоўнай культуры грамадства" .

"З глыбіні стагоддзяў Украінскае дзяржава сцвярджалася праз пісьмовае слова. Шлях яго развіцця акрэслены ў выбітных дасягненнях нашых продкаў", - гаворыцца ў віншавальным звароце Януковіча.

Паводле традыцыі, у гэты дзень Нацыянальнае радыё Украіны арганізуе ўсеўкраінскую дыктоўку нацыянальнага адзінства. Летась Нацыянальная радыёкампанія атрымала больш за 17.000.000 дыктантаў не толькі з Украіны, але і з Расеі, Беларусі, Малдовы, Нямеччыны, Бельгіі і нават Тайланда.

Таксама паведамляецца, што ў бюджэце Украіны на 2013 год прадугледжаная фінансаваньне адмысловай дзяржаўнай праграмы развіцця ўкраінскай мовы.

У Беларусі адсутнічае дзяржаўная праграма падтрымкі беларускай мовы, а ў 1995 годзе быў ініцыяваны рэферэндум, які, як тады папярэджвалі нацыянальна арыентаваныя палітыкі, істотна ўскладніў становішча беларускай мовы.

Беларускую дыктоўку ў апошнія гады праводзяць грамадскія арганізацыі, у іх бяруць удзел палітыкі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, акрэдытаваныя ў Беларусі дыпламаты, аднак выпадкаў ўдзелу ў іх афіцыйных асобаў ці асвятлення ў дзяржаўных СМІ вельмі мала.

Наш кар.


Віталь Клічко: Дзяржаўнай мовай ва Ўкраіне мусіць быць толькі ўкраінская

Чэмпіён свету ў боксе і лідар новай партыі "Удар", што набрала нечакана шмат галасоў на выбарах, вызначыўся з пазіцыяй сваёй партыі па моўным пытанні:

- У Расіі дзяржаўнай мовай з'яўляецца руская, у Германіі - нямецкая, у Польшчы - польская, чаму ва Украіне павінна быць дзяржаўнай мовай якая-небудзь іншая. Што тычыцца мовы, то я шмат разоў адказваў на гэтае пытанне. Мова - гэта сімвал, яна такая ж як гімн, яна такая ж як герб. І што тычыцца дзяржаўнай мовы, то яна павінна быць ва Украіне адна, гэта павінна быць украінская мова. Гэта наша выразная пазіцыя.

Неакрэсленасць "Удару" ў некаторых пытаннях нацыянальнай ідэнтыфікацыі да выбараў, як лічаць эксперты, забрала даволі шмат галасоў у Віталя Клічка на карысць іншых апазіцыйных партый, больш паслядоўных ва ўкраінскай справе.

Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя.


У магілёўскім ТБМ

17 кастрычніка адбылося чарговае пасяджэнне гуртка беларускай мовы, арганізаванае магілёўскай суполкаю ТБМ і прысвечанае сотым угодкам Максіма Танка (Яўгена Скурко). Быў прагледжаны прыжыццёвы дакументальны фільм пра паэта, празаіка, чальца беларускага супраціву ў гады Другой Рэчы Паспалітай. Варта сказаць, што ў свой час Яўген Іванавіч (так, вядома, гучала сапраўднае імя паэта) пацярпеў як ад польскіх уладаў, так і ад НКУС. Да таго ж, арганізатары запрэзентавалі прысутным авангардныя на час стварэння творы легендарных "Песняроў" на словы Максіма Танка.

А праз тыдзень, 24 кастрычніка, чарговы гурток беларускай мовы быў прысвечаны беларускім ручнікам. Было расказана пра сімволіку беларускага арнаменту, звычаі, звязаныя з выкарыстаннем ручнікоў. Арнаменты ручнікоў захоўваюць у сабе псіхалагічны партрэт нашых продкаў, "фатаграфію", замалёўку як беларускага мікракосмасу, так і старажытнага адчування знешняга свету.

Па-праўдзе, ёсць сярод нас зацікаўленыя ў захаванні беларускага этнічнага аблічча людзі, для якіх нашая нацыянальная культура - і ў тым ліку традыцыя ручнікоў - застаецца тым, чаму можна прысвяціць сваю душу.

Аляксей Карпенка, г. Магілёў.


Чыгунка апраўдваецца

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы імя

Францішка Скарыны"

Трусаву А.

Паважаны Трусаў А.

Беларуская чыгунка разгледзела Ваш зварот і паведамляе наступнае.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы.

У адпаведнасці з артыкулам 23 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб чыгуначным транспарце" на чыгуначных станцыях, у тым ліку вакзалах, у цягніках і іншых месцах абслугоўвання пасажыраў, адпраўшчыкоў і атрымальнікаў грузаў і багажу службовае справаводства, афармленне ўліковай, справаздачнай, камерцыйнай і тэхнічнай дакументацыі, тэлефонная сувязь, прававая і навукова-тэхнічная інфармацыя, а таксама іншая інфармацыя, службовые зносіны ў арганізацыях чыгуначнага транспарту агульнага карыстання, звязаных з рухам цягнікоў, перавозкай пасажыраў, грузаў і багажу, ажыццяўляюцца на беларускай і (або) рускай мовах.

01.03.2012 уступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь "Аб назвах геаграфічных аб'ектаў" (далей Закон).

Згодна з Законам аб'екты транспартнай інфраструктуры, а менавіта чыгуначныя станцыі, аўтастанцыі, прыпыначныя пункты, станцыі метрапалітэна, парты, прыстані, аэрапорты і іншыя аналагічныя аб'екты, адносяцца да геаграфічных аб'ектаў.

У адпаведнасці з артыкулам 17 Закона ў Рэспубліцы Беларусь назвы геаграфічным аб'ектам прысвойваюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на рускую мову.

Нормы Закона прымяняюцца да праваадносінаў у галіне назваў геаграфічных аб'ектаў, якія ўзніклі пасля ўступлення яго ў сілу.

У адпаведнасці з заканадаўствам, да 01.03.2012 назвы населеных пунктаў, адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, вуліц, плошчаў, рэк і г.д. прысвойваліся на беларускай або рускай мовах.

Такім чынам, у частцы прысваення назвы геаграфічным аб'ектам да 01.03.2012 на рускай мове Беларуская чыгунка дзейнічала ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

У выпадку нязгоды з рашэннем, якое прынята па Вашаму звароту, Вы можаце абскардзіць яго у Міністэрстве транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь па адрасу: г. Мінск, вул. Чычэрына, 21.

Першы намеснік Начальніка Беларускай чыгункі У.Б. Міхайлюк.


Да 100-годдзя Лідскага аэрадрома

Старшыні Грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13

220034, г. Мінск

Паважаны Алег Анатольевіч!

На аснове прадстаўленых Вамі матэрыялаў створана мастацкая немаркіраваная паштоўка "Лідскі аэрадром - найстарэйшы аэрадром Беларусі".

Дзякуем Вам за плённае супрацоўніцтва.

Дадатак: арыгінал-макет паштоўкі на 1 л. у 1 экз.

З павагай,

Генеральны дырэктар І.І. Саксонава.


Адкрылася першая прыватная беларускамоўная школа футболу

Ашмянскія школьнікі атрымалі магчымасць займацца футболам. У чацвер, 1 лістапада, прайшло афіцыйнае адкрыццё прыватнай школы. Першыя заняткі ў ёй ужо пачаліся.

Школа адчынілася дзякуючы намаганням Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футболу", Ашмянскага райвыканкаму і індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Кушнера.

- Ідэя адкрыцця школы ўзнікла ў верасні гэтага года , - кажа яе заснавальнік Аляксандр Кушнер. - У рэгіёне шмат ахвотных дзяцей, так-сама сваю ролю адыграла жаданне бацькоў і падтрымка мясцовых уладаў.

Асаблівасцю школы будзе не толькі тое, што ўстанова - першая прыватная футбольная школа рэгіёна. Да таго ж яна будзе беларускамоўнай.

- Заняткі і трэніроўкі ў школе будуць праходзіць на беларускай мове, - дадае спадар Аляксандр. - Не думаю, што для дзяцей гэта будзе складана: усё ж у школе яны вывучаюць беларускую. Вядома, ёсць спецыфічная спартыўная тэрміналогія, якая па-беларуску і па-руску гучыць па-рознаму.

Але паступова да гэтага прыстасуемся. Акрамя таго, бацькі таксама падтрымалі навучанне на беларускай мове.

Наш кар. На здымку: А. Кушнер.

16 лістапада у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца прэзентацыя новых беларускамоўных календароў ТБМ.Сустрэча з аўтарам - мастаком Ігарам Марачкіным .

Імпрэза праводзіцца на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13. Пачатак - 17. 30. Уваход вольны.


Цэзары Каменскі

Будучы манах-базыльянін, астраном Віленскай абсерваторыі і выкладчык астраноміі Віленскага ўніверсітэта (Галоўнай школы) Цэзары Каменскі (Камінскі) (Cezary Kamienski ці Kaminski) нарадзіўся у 1765 г. З польскага біяграфічнага зборніка вядома што ягоным бацькам быў Францішак Каменскі а маці Францішка Каменская з Якубоўскіх. Але інфармацыі пра месца нараджэння будучага вучонага няма. Кароткая біяграфія будучага правінцыяла базыльянскага ордэна ёсць у "Списке чиновников монашеского духовенства ордена бызыльянского в митрополичьей Литовско-виленской епархии находящихся, за 1815 год": "Кесарый Каменскі, кансультар, дваранскага звання літоўскай нацыі, 49 гадоў, у 1781 г. у манастыры антопальскім навучаўся красамоўству, 1782-га, 1783-га і 1784-га ў манастыры віленскім пры ўніверсітэце - логіцы, фізіцы, матэматыцы, у жыровіцкім і ў Рыме з 1787-га і па 1792-гі - багаслоўю і правілам царкоўным, у 1794-м па здадзеным доследзе ў віленскім універсітэце азначаны доктарам філасофіі і забяспечаны пасведчаннем. Пастрыжаны ў манахі 1780-га ў манастыры беразвецкім. Ад 1785-га па 1792-гі быў настаўнікам у вучэльні жыровіцкай, ад 1792-га да 1797-га ў віленскім манастыры навучаў манахаў філасофіі, пасля быў ва ўніверсітэце 17-гадоў ад'юнктам астраноміі і абраны настаўнікам у тым жа ўніверсітэце Віленскім астранамічнай навукі, пасаду выконваў гадоў 5-ць, у 1814-м годзе, па атрыманай адстаўцы з універсітэта, прызначаны ігуменам віленскага манастыра, і дагэтуль знаходзіцца. Пад судом не быў. З віленскага ўніверсітэта атрымлівае ў год жалавання срэбрам 250-т руб., з манастыра срэбрам 60-т руб. Здольны" .

З аналізу аналагічных біяграфій іншых асоб, бачна, што "літоўская нацыя" абазначае тое, што асоба нарадзілася на тэрыторыі сучаснай Заходняй Беларусі ці на тэрыторыі сучаснай Віленшчыны. Прозвішча Каменскій (Камінскі) вельмі часта сустракаецца сярод шляхты Лідскага, Ашмянскага і іншых паветаў былога ВКЛ .

У 1785 г. Каменскі пазначаны ў спісах студэнтаў прафесара фізікі Галоўнай школы ВКЛ Юзафа Міцкевіча, у 1790 г. стаў святаром, у Рыме вучыўся ў "Collegium de propaganda fide" і скончыў са ступенню доктара тэалогіі . У Віленскім універсітэце Каменскі стаў яшчэ і доктарам філасофіі.

5 лютага 1797 г. памёр астраном Ежы Стрэцкі - сябар і паплечнік рэктара Галоўнай школы і дырэктара абсерваторыі Марціна Пачобута-Адляніцкага. Замест памерлага астранома на пасаду ад'юнкта Галоўнай школы (Віленскага ўніверсітэта) і памочніка астранома-абсерватара Віленскай абсерваторыі быў прызначаны Каменскі. У той час Пачобут-Адляніцкі ўжо быў сусветна вядомым астраномам. Нястомным назіральнік, ён кожную ясную ноч праводзіў у абсерваторыі. Працуючы разам з прафесіяналам такога ўзроўню як Пачобут, Каменскі павінен быў хутка адбыцца як навуковец.

Выкладаць астраномію ў Віленскім універсітэце Цэзары Каменскі пачаў у 1808 г. пасля Ігната Рэшкі. Рэшка не меў сур'ёзнай навуковай падрыхтоўкі, аднак быў прызначаны на кафедру непасрэдна рускім імператарам Паўлам І, якому вельмі спадабаўся сваёй зухаватасцю, падчас дэманстрацыі астранамічных прыбораў пры наведванні апошнім абсерваторыі . Лічылася, што Рэшка выкладаў занадта неглыбока, і Ян Снядэцкі ў 1808 г. вымусіў яго падаць у адстаўку. Ад новага выкладчыка патрабавалася ўзняць навуковы ўзровень выкладання.

Таму пасля 1810 г. Каменскі распрацаваў новую навучальную праграму па астраноміі. Курс быў разлічаны на адзін год: "Пасля выкладу курса сферычнай трыганаметрыі… перайсці да практычнага рашэння задач з трохкутнікамі. Гэта дапоўніць курс астраноміі, у якім 1) Вывучаюцца метады разлікаў са сферычнай астраноміі па Яну Снядэцкаму… будзе выкладацца: з'явы якія адбываюцца ад кручэння Зямлі вакол сваёй восі і вакол Сонца, будзе тлумачыцца ўяўны рух Сонца з тлумачэннем прычынаў і таго, што ад гэтага руху адбываецца, - дзень і ноч, іх розная працягласць, змена сезонаў, дні раўнадзенства, вымярэнне часу. 2) Ужыванне сферычнай трыганаметрыі для падліку становішча нябесных целаў і практычныя разлікі, навучанне майстэрству астранамічных назіранняў, практычнае ўжыванне астранамічных прылад. 3) Тлумачэнне эфекту пераламлення святла, паралаксу, аберацыі, нутацыі… і іх уплыў на вызначэнне рэальных становішчаў нябесных цел. 4) Вывучэнне сонечнай сістэмы, тэорыя планет і іх спадарожнікаў, камет, закон сусветнага прыцягнення і разлікі арбіт. Задачы па вылічэнні становішча планет на нябеснай сферы. Ужыванне астранамічных табліц для астранамічных назіранняў. 5) Тлумачэнне руху Месяца, фазы Месяца, лібрацыя. Сонечныя і Месяцовыя зацменні, пакрыццё Месяцам зорак і спосабы разлікаў гэтых з'яў" . У 1810/11 навучальным годзе Каменскі выкладаў астраномію тры разы ў тыдзень, па панядзелках і серадах з 10.30 па 12.00 і па пятніцах з 9.00 да 10.00, у наступныя гады агульная колькасць гадзін на тыдзень не змянілася.

На доктарскіх іспытах 1810 г. для экзаменаваных Каменскім былі прапанаваныя падрабязна сфармуляваныя пытанні па трох тэмах: 1) час і каляндар; 2) рэфракцыя і паралакс; 3) тлумачэнне нябесных з'яў па сістэме Каперніка.


1 ліпеня 1812 г. Напалеон падпісваў дэкрэт пра стварэнне дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага i сфармаваў Камiсiю часовага ўраду. Камісія стваралася з 7 камітэтаў, узначальваць Камітэт асветы i рэлiгiі быў прызначаны Ян Снядэцкi. Камiсiя стала вышэйшай уладай адноўленага Вялікага Княства, якое складалася з 4 дэпартаментаў, утвораных замест былых Вiленскай, Гарадзенскай і Менскай губерняў i Беластоцкай акругі . Цэзары Каменскі ўваходзіў у склад створанага Напалеонам ураду Літвы, працаваў у камісіі Снядэцкага і курыраваў справы рэлігіі. Ён выступіў супраць іерархаў уніяцкай царквы Кахановіча і Красоўскага пра якіх адзін з пазнейшых "ліквідатараў" уніі епіскап Лужынскі пісаў: "... толькі ў 1799 г. мітрапаліт Лісоўскі ... заклаў пачаткі Уз'яднання, за ім архіепіскап Красоўскі і мітрапаліт Кахановіч дзейнічалі ў тым жа духу...".


У 1814 г. Каменскі сышоў з універсытэта на пасаду настаяцеля Віленскага Свята-Троіцкага манастыра, па пратэкцыі Навасільцава месца Каменскага заняў астраном Вінцэнт Карчэўскі (1789-1832).

Высокаадукаваны і аўтарытэтны навуковец вярнуўся да царкоўнай пасады ў цяжкі для ўніяцкай царквы час: узмацняўся ціск царскага ўраду і выспяваў унутраны разлад паміж "белым" і "чорным" духавенствам, які потым быў выкарыстаны для ліквідацыі ўніяцкай царквы. Уніяцкая царква ў гэты час была па-сапраўднаму народнай, але ў адрозненне ад рыма-каталіцкага касцёла - беднай і жабрацкай. Статус і менталітэт манахаў-базыльянаў ("чорнае" духавенства) у царкве моцна адрозніваўся ад статусу і менталітэту святароў ("белае" духавенства). Базыльяне ў асноўным, гэта была шляхта са значна вышэйшым адукацыйным і інтэлектуальным узроўнем за белае духавенства, яны ўтваралі ў царкве своеасаблівую касту. У першай трэці ХІХ ст. белае духавенства імкнулася "скінуць з рускай уніі лацінізатарскія ланцугі". Галоўнай вучэльняй дзе гадаваліся будучыя дзеячы "белага духавенства" была Галоўная семінарыя у Вільні. У Віленскую Галоўную семінарыю паступала моладзь якая ў нейкай ступені была гатовая да барацьбы калі не з рыма-каталікамі дык, з лацінізацыяй часткі ўніятаў і з праваднікамі лацінізацыі - базыльянамі. Яскравым прыкладам святара - выхадца з "белага" духавенства быў Міхал Баброўскі, чалавек які стаў прафесарам-славістам. У мемуарах біскупа Лужынскага апісана прыкрая сутычка паміж прафесарам-славістам і ўніяцскім святаром Міхалам Баброўскім і тады яшчэ настаяцелем Віленскага Свята-Траецкага базыльянскага манастыра Каменскім: "Калі у дзень Св. Тройцы каб вітаць свайго епіскапа (Андрыяна Галаўню - Л.Л.) ў манастыр з'явіўся прафесар М. Баброўскі з грэка - ўніяцкімі клірыкамі, якія навучаліся ў галоўнай семінарыі, настаяцель манастыра Цэзары Каменскі сустрэў іх такімі словамі: "Навошта сюды прыйшлі? Ідзіце прэч, гэта наш біскуп, а не ваш, ваш архібіскуп-схізматык у Полацку". Пасля такога прыёму Баброўскаму заставалася толькі адно - адвесці выхаванцаў у галоўную семінарыю". Неабходна усе ж заўважыць, што сярод семінарыстаў быў не толькі Лужыцкі але і будучы галоўны "ліквідатар" уніі Іосіф Сямашка , з якім у Каменскага так сама адбыўся канфліккт, як толькі ён прыехаў вучыцца у Віленскую галоўную семінарыю. Прыбыўшы ў Вільню, Сямашка знайшоў прытулак у Свята-Траецкім базыльянскім манастыры, аднак хутка Каменскі сказаў яму, што "па прынятым звычаі, госці ў нас трымаюцца толькі тры дні", таму праз вікарнага ўніяцкага Віленскага біскупа Андрыяна Галаўню, Сямашка перасяліўся жыць да святара Фалевіча. Такія сутычкі былі вынікам вострага канфлікту паміж белым духавенствам і базыльянамі.

У 1818 г. Каменскі быў абраны другім кансультарам базыльянскай правінцыі і ўслед за гэтым - правінцыялам. Правінцыямі базыльянскага ордэна ў той час кіравалі: Беларускай - Нікадзім Смыковіч, Літоўскай - Цэзары Каменскі, Рускай - Леў Дзяшковіч. Плямяннік Міхала Баўроўскага - Баброўскі Павел Восіпавіч, расейскі генерал і гісторык, адзначае, што "з усіх асаблівым значэннем і аўтарытэтам у базыльян карыстаўся літоўскі правінцыял Каменскі, абраны ў 1821 г. у архімандрыты Ляшчынскага манастыра ... Гэта быў адзін з адукаванейшых манахаў у ордэне, фанатычна прыхільны лацінству… Больш за 10 гадоў ён стаяў на чале партыі базыльян ...." .

У 1820-х гадах Літоўская правінцыя ордэна, якой кіраваў Каменскі, мела 187 манахаў і 72 навіцыі якія вывучалі багаслоўскія навукі, рыторыку, лаціну і інш. У правінцыі былі: багаслоўская і філасофская студыя (на правах гімназіі) пры Віленскім Свята-Троіцкім манастыры (вучылася 17 клірыкаў), клас рыторыкі пры публічнай школе у Жыровіцкім манастыры (20 вучняў), школа лаціны ў Тараканях (у 1-м класе 16 вучняў, 2-м - 11 вучняў), школы маральнага багаслоўя ў Суткаўскім і Ваўнянскім манастырах (8 клірыкаў). У правінцыі было 6 публічных школ для міран, дзе выкладалі 40 манахаў і прыходскія школы, дзе так сама выкладалі манахі-базыльяне. Базыльянскі ордэн, з-за свайго значэння ў справе адукацыі, карыстаўся заступніцтвам расейскіх міністраў народнай асветы: графа Зававадоўскага, графа Разумоўскага, князя Галіцына і апекуноў віленскай навучальнай акругі князя А. Чартарыскага і М. Навасільцава .

Яшчэ ў 1812 г. 2-гі аддзел міністэрства духоўных спраў і адукацыі пачаў выконваць указ Сената, які не дазваляў прымаць лацінян у базыльянскі ордэн. Пазней дырэктар 2-га дэпартамента міністэрства Тургенеў прапанаваў зачыніць значную колькасць базыльянскіх манастыроў а з астатніх стварыць адну правінцыю. Аднак міністр князь А.Н. Галіцын часова не згадзіўся з такой прапановай. Базыльяне прапанавалі даслаць у Пецярбург дэлегацыю для абмеркавання спраў, але ў прысылцы дэлегацыі ім было адмоўлена . Тады літоўскі правінцыял напісаў пісьмо у якім абгрунтаваў неабходнасць існавання свайго ордэна, апісаў заняпад манастыроў і ў канцы пісьма дадаў: "... колькасць уніятаў стала змяншаецца і няма ніякіх сродкаў спыніць гэта няшчасце, таму нават дазвол рыма-каталікам уступаць у ордэн не спыніць памяншэння колькасці ўніятаў..." . Колькасць манахаў, асабліва ў Беларускай правінцыі, змяншалася, у манастырах заставаліся адны не да чаго не вартыя старыя, і нават у Супральскім манастыры настаяцелю, каб правесці богаслужэнне, прыходзілася запрашаць святара з суседняга прыходу. Аднак станоўчай рэакцыі на гэты зварот не было.

28 студзеня 1821 г. мітрапаліт Булгак, грунтуючыся на просьбе правінцыяла Беларускай правінцыі Смыковіча, прапанаваў 2-му дэпартаменту далучыць Беларускую правінцыю ордэна да Літоўскай. Правінцыялам з'яднаных правінцый павінен быў стаць Каменскі. Аднак дазвол на гэта атрымаць не ўдалося, супраць выступіў архіепіскап полацкі Красоўскі.

У 1821-1822 гг. у расейскіх урадавых колах узмацніліся жаданні "выказаць урадавую абарону ад прыгнёту лацінян беламу грэка-ўніяцкаму духавенству, як адзінай апоры рускай народнасці...". 28 верасня 1822 г. выйшла імператарскае распараджэнне аб скасаванні базыльянских школ і адкрыцці семінарый .

16-га і 31-га кастрычніка 1822 г. былі выдадзены "прапановы" міністра духоўных спраў і народнай асветы "пра недапушчэнне асоб рыма-каталіцкага веравызнання ў базыльянскі ордэн" і пра зачыненне "залішніх базыльянскіх манастыроў". Натуральна, што кіраўніцтва ордэна ўбачыла ў гэтым рашэнні намер скасаваць ордэн. У сваіх афіцыйных водгуках менавіта так растлумачылі распараджэнне міністра прадстаўнікі Літоўскай базыльянскай правінцыі: правінцыял архімандрыт Цэзары Каменскі, кансультар правінцыі настаяцель Свята - Траецкага манастыра іераманах Язафат Жарскі і сакратар правінцыі іераманах Тамаш Маеўскі. Як піша П.О. Бабровскі: "Яны самаадвольна прынялі пад сваю абарону інтарэсы ўсяго ордэна ... прадставілі скаргу папе Пію IX, імператару Аляксандру і міністру князю А.Н. Галіцыну і імкнуліся перацягнуць на свой бок князя Чартарыскага". Адправіўшы скаргу пра пераслед базыльянаў у Рым, правінцыял Каменскі у лісце ад 29 кастрычніка да князя Галіцына, выказаў свае засцярогі наконт далейшага існавання базыльянскага ордэна.

(Працяг у наст. нум.)

Леанід Лаўрэш


Навіны лялечнага тэатра

Услед за нашумелымі пастаноўкамі чэхаўскай "Чайкі" і "Драй швестэрн", "Вянчання" паводле Вітольда Гамбровіча і "Шоўку" Аляксандра Барыка на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек адбыўся гучны спектакль Сяргея Кавалёва "Певень, Кот, Цмок і іншыя". Гэта фантастычнае апавяданне па матывах твораў Я. Баршчэўскага. Прэм'ера адбылася 14 кастрычніка 2012 года. Спектакль ажыццявіў славуты рэжысёр Мікола Андрэеў, які раней працаваў у Гаразенскім тэатры лялек. Мастак - В. Разумава, а музыку напісаў славуты кампазітар С. Бельцюкоў. Спектакль адбыўся ў рамках гастролей маладзечанскага тэатра лялек "Батлейка", які заснаваў у 1990 годзе мой старэйшы сябра, славуты рэжысёр-лялечнік, кандыдат мастацтвазнаўства Сяргей Фёдаравіч Юркевіч (1954-2002). На этапе станаўлення тэатр адчуваў моцную падтрымку тагачаснага мэра г. Маладзечна Генадзя Змітравіча Карпенкі (1949-1999). Як расказваў рэжысёр у прыватнай гутарцы, яму прыйшлося нават "куляць" чарку гарэліцы разам з мэрам, каб тэатр па-сапраўднаму запрацаваў!

На гастролях тэатра у Менску ў зале былі заўважаны ВІП - персоны. Гэта - народны артыст Беларусі, славуты купалавец Віктар Манаеў, а так-сама знакаміты пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік. У гастролях тэатра ў Менску ёсць і адмоўная з'ява, а менавіта адсутнасць тэатральных праграмак у продажы!

Чаму такое адбылося я не ведаю, але дзецям спектакль спадабаўся. Было шмат кветак.

"Батлейка" з'ехала, але і спектакль "Шоўк" часова адменены, бо выканаўца галоўнай ролі, малады артыст Віталь Краўчанка звольніўся з тэатра, а выконваў ён ролю Шанкура.

2 лістапада 2012 года ў дзень старадаўняга беларускага свята памінання продкаў Дзяды Беларускі дзяржаўны тэатр лялек паказаў спектакль "Дзяды" паводле паэмы славутага Адама Міцкевіча. Усё таінства рытуалу ўвасобілася ў аднайменнай лірыка-драматычнай паэме класіка. Гэта своеасаблівы зварот да Дзядоў як да часткі асабістага існавання ў мінулым, выказванне ім падзякі за сучаснае быццё.

Ці вартыя мы тых ахвяр, што панеслі лепшыя прадстаўнікі нашых продкаў, аддаўшы сваё жыццё дзеля нашай будучыні?

"Дзяды" дня сённяшняга - гэта спроба адчуць "антрапалогію душы" беларусаў праз яднанне пакаленняў і пераемнасць духоўнага абуджэння.

У спектаклі паэма гучыць на беларускай мове. Аўтарам перакладу з'яўляецца паэт, перакладчык, літаратар, кандыдат філалагічных навук - Серж Мінскевіч.

Рэжысёрам спектакля з'яўляецца вучань Аляксея Ляляўскага - Аляксандр Янушкевіч. Мастак - славутая Таццяна Нерсісян, а кампазітар - Аляксандр Літвіноўскі, які таксама добра вядомы ў творчых колах г. Менска і Беларусі!

Спектакль мае і свайго балетмайстара. Гэта - Вольга Рэпіна. Відэамантаж добра і цікава зрабіў Андрэй Драко!

У спектаклі занятыя: Яна Агеенка, Аляксандр Васько, які варты таго, каб атрымаць званне "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь", Максім Рэчатаў, Цімур Муратаў, Зміцер Рачкоўскі, Надзея Чэча, а таксама Андрэй Аўсюк, Зміцер Касцюк... Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Казакоў усё жыццё аддаў тэатру лялек і варты таго, каб атрымаць званне "Народны артыст Рэспублікі Беларусь"! У спектаклі "Дзяды" ён выконваў ролю Ксяндза і даволі паспяхова!

Трэба адзначыць, што ў спектаклі было заўважана шмат цікавых рэжысёрскіх рашэнняў! Адно з іх - гэта змястоўны і цікавы відэамантаж.

Артысты атрымалі шмат кветак, а апладысменты гучалі ажно 10 хвілін!! Такое адбывалася (а я тэатрал са стажам 20 год) толькі 2 гады таму назад на юбілеі славутага Віктара Чарнабаева ў Нацыянальным тэатры оперы і балета... яму тады споўнілася 80 год у мяне былі запрашальнікі, і я цікава правёў той незабыўны вечар!

2 лістапада 2012 года ў глядзельнай зале Беларускага дзярждаўнага тэатра лялек былі заўважаны прадстаўнікі амбасад, пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік, вядомыя ў горадзе творчыя асобы.

У бліжэйшыя месяцы ў межах творчай лабараторыі тэатраў лялек Беларусі сталічная публіка пабачыць спектаклі:

1) Магілёўскі абласны тэатр лялек: "Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага. (17 студзеня 2013 года). С. Кавалёў.

2) Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек: Дж. Селінджар, "Над безданню ў жыце". (14 лютага 2013 года).

3) Гарадзенскі абласны тэатр лялек: Мікалай Гогаль, "Вій. Жахлівая Помста". (6 сакавіка 2013 года).

4) Беларускі тэатр "Лялька", Віцебск: Мікалай Гогаль, "Нататкі Вар'ята". (21 сакавіка 2013 года).

5) Берасцейскі тэатр лялек: Мікалай Носаў, "Прыгоды Нязнайкі". (18 красавіка 2013 года).

Вось такія навіны Лялечнага тэатра Беларусі.

Аляксей Шалахоўскі.


Закаханыя над горадам

Выстава з Іерусаліма ў Нацыянальным мастацкім музеі "Марк Шагал: жыццё і каханне" прыцягвае вялікую колькасць наведвальнікаў як гуманістычная і жыццясцярджальная падзея, якая паядноўвае культуры розных народаў.

Экспазіцыя вяртае гістарычную праўду і значна дапаўняе веды суайчыннікаў пра знанага майстра жывапісу і графікі ХХ стагоддзя. Глядач можа не толькі азнаёміцца з падзеямі з доўгага плённага жыцця Марка Шагала на стэндзе, але і прагледзець дакументальную кінастужку Веры Савінай і Зоі Катовіч па віцебскіх і парыжскіх пуцявінах мастака. У фільме ўдзельнічаюць паэт Давід Сімановіч, аўтар помніка майстру А. Гвоздзікаў і іншыя.

Марк Шагал нарадзіўся ў сям'і гандляроў 6 (7) ліпеня 1887 года ў віцебскім раёне Пескаваціку. Ён выхоўваўся ў хасідскай рэлігійнай традыці, ведаў старажытнагабрэйскую мову, Тору і Талмуд. Летам хлопчык гасцяваў у Лёзна ў дзеда, які быў цырульнікам, побач жылі вельмі каларытныя асобы, дзядька граў на скрыпцы. Адсюль у карціны перанесены шчымлівы вобраз скрыпача на даху хаты. Цётухны і стрыечныя браты вельмі любілі прыгожага рамантычнага юнака.

"Я чуў музыку, і думаў, што буду музыкам, пісаў начамі вершы, і думаў, што буду паэтам", - казаў ён. Калі сын абраў жывапіс, маці адвяла яго ў майстэрню да Ю.М. Пэна.

Выхадзец з беларускіх абшараў, Марк Шагал усё жыццё звяртаўся да вобразаў роднага Віцебска, вузенькіх вулачак, дамкоў па вуліцы Пакроўскай, габрэйскіх кварталаў, улюбёных куткоў над Дзвіной, а яго незаслужана на дзесяцігоддзі выкраслілі з культурнага кантэксту краіны.

У 20-тыя гады ён імкнуўся ператварыць Віцебск у квітнеючы горад мастакоў, запрасіў выкладаць жывапіс лепшых тагачасных творцаў. Ён прывітаў рэвалюцыю, упрыгожваў горад да святаў, але не быў зразумелы ў сваіх лепшых пачуццях. У 1922 годзе ён выехаў за мяжу, жыў у Берліне, у Парыжы і на поўдні краіны, з 1941 па 1947 год жыў і працаваў у ЗША па запрашэнні Музея сучаснага мастацтва.

Значную частку Менскай выставы складаюць графічныя ілюстрацыі Бібліі ды іншых сусветных літаратурных крыніцаў. Біблійныя афорты Шагала - непаўторныя ў гісторыі мастацтва, - адзначаюць крытыкі. Яны дэманструюць валоданне майстра тэхнікай, глыбіню разумення узаемаадносінаў паміж чалавекам і Богам.

На менскай выставе можна ўбачыць творы "Прарок Ілія", "Сумная песня цара Давіда", "Майсей", "Давід і Вірсавія", "Данііл", "Сара і Авімелех" і іншыя. Ёсць карціны, прысвечаныя габрэйскім святам Сукот, Іом Кіпур, Рош ха-Шана.

Зразумець глыбей біблійныя тэмы мастаку дапамаглі вандроўкі ў Палестыну, Сірыю, Егіпет ў 1931 годзе.

Адчуванне трагедыі габрэйскага народа ў Другую Сусветную вайну, перажытыя страты родных наклалі адбітак на творчасць мастака. Адзін з твораў перадае выяву бежанца з Торай у руках. У той час, калі адбываліся сусветныя катаклізмы, жахі фашызму і сталінізму, гінулі людзі, гарэлі на плошчах кнігі, мастака хвалявала тэма абароны жыцця, захавання традыцый, тэма захавання Бібліі.

Між іншых літаратурных вобразаў на выставе - ілюстрацыі да паэмы " Мёртвыя душы" М. Гогаля ў гратэскавым духу, героі баек Ла Фантэна, выкананыя ў 1923-30 гадах па замове Амбруаза Волара.

Шагал рабіў малюнкі для кніг сваёй жонкі Бэлы Розенфельд "Агні, што гараць," "Першая сустрэча", перадаваў свае ўспаміны аб дзяцінстве і эскізы ў аўтабіяграфічнай кнізе "Маё жыццё".

У цэнтры залы на выставе размешчаны акварэлі і пастэлі тонкіх блакітных і ружовых колераў: "Узыход", "Закаханыя", "Нацюрморт з садам і кветкамі","Двое закаханых і кветкі". Гледачы ў замілаванні спыняюцца ля іх.

Адна з карцінаў "Бачанне" перадае з'яўленне мастаку за працай анёла.(Такі сон насамрэч прысніўся Шагалу ў 1910 годзе.) Рысы яго нагадваюць твар каханай Бэлы - жонкі і музы. "Натхненне мастака - дар нябёсаў", - сцвяржае аўтар.

З 1960-х гадоў Шагал у асноўным перайшоў на манументальныя віды мастацтва - мазаікі, вітражы, шпалеры, захапіўся скульптурай і керамікай. У 1963-64 гадах М. Шагал выканаў роспіс плафона ў парыжскай Гранд Опера па прапанове міністра культуры Францыі А. Мальро. У 1966 годзе ён стварае для Метраполітан Опера ў Нью-Ёрку два пано, а ў Чыкага ўпрыгожвае будынак Нацыянальнага банка мазаікай "Чатыры пары года".

У 1968-70 ім выконваліся і былі адкрыты вітражы на хорах царквы ў Цюрыху.

У 1971-73 г. Марк Шагал ствараў мазаічнае пано для будынка ізраільскага парламента ў Іерусаліме, у 1974-76 ён выконваў вітражы ў саборы ў Рэймсе. Творы мастака дэманстраваліся ў Лондане, Парыжы, Дрэздане, Нью-Ёрку, Жэневе, Цюрыху.

Толькі ў 1973 годзе сусветна прызнанага аўтарытэта ў жывапісе, графіцы, тэатральным аздабленні запрасілі ўзяць удзел у выставе ў Траццякоўскай галярэі ў Маскве, але не паклікалі ў Віцебск.

Чаму ён быў не патрэбны сваёй краіне? Таму што маляваў суродзічаў, іх культуру і веравызнанне, якія былі пад негалоснай забаронай ў СССР. Бо ён эміграваў, як эмігравалі сотні прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, і былі зразуметыя значна пазней.

У 1977 годзе М. Шагал атрымаў вышэйшую узнагароду Францыі - Ордэн Ганаровага легіёна, а ў 1978 годзе была праведзена персанальная выстава да яго 90-годдзя ў Луўры пры жыцці аўтара.

Традыцыю святкавання Дня народзінаў Марка Шагала і правядзення выстаў на радзіме аднавілі ў 1987 годзе яго ўнучкі Бэла і Мерэт Меер, якія прывезлі працы з прыватнай калекцыі і пазнаёмілі з імі жыхароў Віцебска і Менска. Стараннямі віцяблянаў быў адчынены дом-музей і пабудаваны помнік майстру, які ў задуменні сядзіць побач з аднапавярховай сядзібай з чырвонай цэглы.

"Насуперак усім цяжкасцям нашага свету ўва мне захавалася частка таго адухоўленага кахання, у якім я быў выхаваны, і вера ў чалавека, які пазнаў Каханне.

У нашым жыцці, як і ў палітры мастака ёсць толькі адзін колер, здольны даць сэнс жыццю і мастацтву гэта колер Любові", гэтыя словы Марка Шагала сталі лейтматывам выставы і ствараюць узнёслы настрой душэўнай мяккасці і прыязнасці.

"Удзячны арганізатарам выставы на высокім еўрапейскім узроўні," пішуць наведвальнікі ў кнізе водгукаў. Імпрэза адбываецца пры падтрымцы амбасады дзяржавы Ізраіль у Беларусі і Міністэрства культуры РБ. У музеі можна набыць паштоўкі і кнігі з рэпрадукцыямі карцін мастака. Выстава будзе працаваць да 28 студзеня 2013 года.

Э. Дзвінская. На здымку : 1. Афіша да выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі.


КАСТРЫЧНІЦКАЯ ІМПРЭЗА Ў ТБК ЛІТВЫ

27 кастрычніка ў ТБК адбылася чарговая імпрэза, прысвечаная ўшанаванню памяці і ўспамінам пра культурных і грамадскіх дзеячоў, юбілеі якіх прыпадаюць на кастрычнік, а лёс іх быў звязаны з Вільняй і Беларуссю. Гэта стала ўжо традыцыяй і за апошнія пяць гадоў ні разу не зрывалася. Імпрэза заўсёды праводзіцца ў апошнюю суботу месяца а 15 гадзіне.

Пра жыццёвы шлях вялікага і мужнага беларускага патрыёта, які жыў амаль па суседству, Міколу Рулінскага распавяла Леакадзія Мілаш. Мікола Рулінскі вучыўся ў беларускай гімназіі, паходзіў з даволі заможнай сям'і, быў актывістам беларукага руху ў часе польскай акупацыі. Калі трэба было бараніць Беларусь і беларусаў Мікола паступіў у вайсковы эскадрон Барыса Рагулі, быў афіцэрам Беларускай Краёвай Абароны і служыў да 1944 года. З прыходам бальшавікоў быў арыштаваны і на доўгі тэрмін асуджаны. З гарбачоўскай адлігаю вярнуўся ў Літву і ўладкаваўся на паперную фабрыку ў Грыгішках. У Вільні ўдзельнічаў у станаўленні Таварыства беларускай культуры, быў актыўным чальцом, прысутнічаў на ўсіх імпрэзах ТБК. Меў здольнасьці да паэзіі і спеву, але зза сціпласці свой талент не выкарыстаў. Удзельнічаў у сесіі еўрапейскай секцыі Рады БНР.

Нажаль, пасля няўдалай аперацыі, стан здароўя яшчэ пагоршыўся, і 28 кастрычніка 2002 года Міколы Рулінскага не стала. Пахаваны ў Грыгішках.

Леакадзія Мілаш коратка распавяла пра дыпламата, і даследчыка Японіі і Кітая Іосіфа Гашкевіча, памнік якому пастаўлены на іх радзіме ў Астраўцы.

Палітолаг Артур Юдзіцкі распавёў пра палітычнае становічшча ў Літве і Беларусі.

28 кастрычніка ў Літве павінен адбыцца другі тур парламенцскіх выбараў. У першым туры з невялічкім адрывам перамагла "Партыя працы", за ёй былі сацыялдэмакраты і кансерватары. Як мяркуе палітолаг, у выніку гэтыя тры партыі могуць набраць прыкладна аднолькавую колькасць месцаў у Сойме Літвы. Кожныя 2 з 3 партый могуць ствараць кааліцыю, таму магчымыя 3 варыянты кааліцыйнага ўраду. Паколькі яшчэ адразу пасля першага туру сацыял-дэмакраты і "Партыя працы" папярэдне дамовіліся стварыць кааліцыю, хутчэй за ўсё так і адбудзецца. Для пуцінскай Расіі і Беларусі гэта дае надзею на больш шчыльныя палітычная стасункі з Літвой. Але ў даўгатэрміновай перспектыве гэтая кааліцыя можа разваліцца і стварыцца кааліцыя сацыял-дэмакратаў і кансерватараў.

Цікавая інтрыга адбываецца вакол заўчасных паведамленняў расійскіх і беларускіх СМІ аб перамозе ў Літве "прарасійскіх сіл", маючы на ўвазе, у першаю чаргу, "Партыю працы". Кансерватыўныя і нацыяналістычныя сілы Літвы скарысталіся гэтымі навінамі ў якасці контрпрапаганды, таму фальшстарт расійскіх СМІ паспрыяе, хутчэй, страце галасоў "Партыяй працы" ў другім туры.

Знакавай навіной, якая ўплывае на палітычнае поле Беларусі, з'яўляецца атрыманне Саннікавым палітычнага прытулку ў Вялікай Брытаніі. Пасля Міхалевіча, гэта ўжо другі з кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які вымушаны жыць за мяжой. Яшчэ адзін з былых кандыдатаў - Статкевіч - знаходзіцца дасюль у турме, а некаторыя іншыя кандыдаты знаходзяцца пад прафілактычным наглядам КДБ.

У варунках адсутнасці зрухаў у бок дэмакратыі і адсутнасці механізму рэальнага падліку галасоў выбарцаў, недарэчнымі выглядаюць заявы Мілінкевіча, Някляева, Янукевіча і іншых аб планаваным удзеле ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2015 года. Ды яшчэ, як стала ўжо звычкай, кожны заяўляе пра жаданне быць адзіным кандыдатам ад апазіцыі. Было б смешна, калі б ўжо не пачалася рэальная сварка паміж іх прыхільнікамі на старонках апазіцыйных СМІ і ў сацыяльных сектах.

А што просты люд? А ён, здаецца, больш заклапочаны падвышэннем коштаў на 30-35% на гарэлку, малочныя і іншыя прадукты. Але гэта вядзе не да росту пратэстных настрояў, а да палявання на палічках крамаў.

Няма асаблівай надзеі, што, ў варунках усегульнай палітычнай абыякавасці, традыцыйнае шэсце ў Менску на "Дзяды" 28 кастрычніка збярэ хоць пару тысяч удзельнікаў.

Хведар Нюнька распавёў пра асабістае знаёмства з доктарам гістарычных навук, археолагам і грамадскім дзеячом Міхасём Ткачовым, 20-годдзе смерці якога адзначылі ў ТБК.

Дзеля падрыхтоўкі да 1 з'езду Беларускага Народнага Фронту прыехалі з Менска да Хведара Нюнькі першы намеснік Зянона Пазьняка - Міхась Ткачоў, мастакі Мікола Купава і Сокалаў-Кубай. Тут на месцы Міхась Ткачоў напісаў зварот да старшыні "Саюдзіса" Вітаўтаса Ландсбергіса, наконт дазволу правесці ў Вільні 25.06. 1989 г. з'езд БНФ і забяспечыць удзельнікам з'езду гатэлі, харчаванне, відэяапаратуру з перакладам на літоўскую, ангельскую і рускую мовы. Чарнавік звароту захаваўся і быў паказаны прысутным. Аплату за правядзенне з'езду ўзяў на сябе БНФ. Пазней грошы ў суме 5000 руб. былі перададзены праз Х. Нюньку "Саюдзісу".

- З'езд, як ведаем, быў праведзены паспяхова 25.06. 1989 г., дзякуючы дамоўленасці камісіі на чале з М. Ткачовым і пры маім удзеле з уладамі Літвы. Пазней яшчэ не аднойчы прыйшлося сустракацца з гэтым выбітным навукоўцам, грамадскім дзеячом і цікавым чалавекам.

Ад імя БХД партыі з прывітальным словам на імпрэзе выступіла сябра партыі, каардынатар праекта "Пакаянне" Валерыя Чарнаморцава. Яна перадала прывітанне ад кіраўніцтва БХД .

Валерыя выказала сваю любоў да дарагой кожнаму беларусу Вільні. Яна прыехала з групай турыстаў з Беларусі, каб прысутнічаць на канцэрце "Ляпіс Трубяцкі".

Пра жыццё і беларускую дзейнасць мастака Яўгена Куліка распавяла мастачка Крыстына Балаховіч. Яўген Кулік рана памёр, але шмат паспеў зрабіць дзеля адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі.

У сваім выступе Крыстына таксама адзначыла, што 6 кастрычніка споўнілася 250 гадоў як мястэчка Мядзель атрымала Магдэбурскае права.

Аглядальнік.


Вершы з поўначы ў Лідзе

2 лістапада г. Ліду наведала віцебская паэтка Ірына Грумандзь (Лобан). Прайшлі тры літаратурныя сустрэчы: у Лідскім каледжы, у клубе "Актыўнае даўгалецце", у Лідскай цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы.

Падчас сустрэч сп. Ірына распавядала пра сваё наведванне Святой Зямлі, чытала вершы з кнігі "Мая душа". Гучалі песні на словы Ірыны Грумандзь у выкананні вядомага лідскага барда Сяржука Чарняка і яго ж аўтарства. Паэзія высокай духоўнасці і маральнасці - асноўная характарыстыка творчасці Ірыны.

- Пісала, пішу і буду пісаць пра любоў, без яе і жыццё немагчыма, адсюль і філасофія жыцця. Пейзажнай лірыкі ў мяне амаль няма, хаця вобразнасць з праекцыяй на пейзажнасць сустракаецца. Я праваслаўная хрысціянка. Апошнім часам шмат пішацца на рэлігійную тэматыку, але і там можна шмат знайсці філасофіі, інтымнасці і нацыянальнага. Дарэчы, можа, і вылучаюся такой своеасаблівай рэлігійнай тэматыкай сярод сучаснай літаратурнай прасторы, прынамсі, беларускай літаратуры. А ўвогуле, у мяне няма ніводнага непражытага верша, таму што на дух не пераношу графаманства. Адсюль і невыпадковая назва маёй першай кнігі "Мая душа". Мой сябра пажартаваў неяк: "Значыць цяпер кожны можа прачытаць тваю душу?" "Атрымліваецца, што так", - адказала я.

Ірына наведала Лідскі літаратурны музей, Дом рамёстваў, пазнаёмілася з лідзянамі, і Віцебшчына рэальна наблізілася да Лідчыны цераз узаемнае дакрананне да мастацкага беларускага слова.

Наш кар .

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX