Вярнуцца: 2013

№ 04 (1103)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 4 (1103) 23 студзеня 2013 г.


150 гадоў назад 22 студзеня 1863 года пачалося Студзеньскае паўстанне ў Варшаве


На беларускіх землях пачалі адзначаць 150-я ўгодкі паўстання

У Гайнаўцы на Падлессі адкрылі помнік паўстанцам Студзеньскага паўстання 1863-1864 гг.

Помнік, які знаходзіцца каля касцёла Ўзнясення святога Крыжа, узнік па ініцыятыве дэпутата польскага Сойму Кшыштафа Юргеля, сенатара Яна Дабжаньскага ды дэпутатаў сойміку Падлескага ваяводства ад партыі "Права і справядлівасць".

На цырымоніі асвячэння помніка драгічынскім біскупам Антоніем Дыдычам, якая адбылася 13 снежня, прысутнічалі мясцовыя ўлады, школьнікі і прадстаўнікі каталіцкага і праваслаўнага святарства.

Кшыштаф Юргель, прамаўляючы на цырымоніі, сказаў, што ў Студзеньскім паўстанні - якое, нягледзячы на пачатковыя перамогі, закончылася паразай паўстанцаў - мелі месца больш за 1200 бітваў і сутычак. У змаганні супраць царскіх войскаў загінулі больш за 10 тысяч паўстанцаў, каля тысячы царскія ўлады павесілі, 38 тысяч выслалі на катаргу, а звыш 10 тысяч былых паўстанцаў эмігравалі.

У Гайнаўцы на Падлессі каля 22 тысяч жыхараў. Паводле перапісу 2002 году, 26% з іх - беларусы. Паводле афіцыйных дадзеных на 2011/2012 школьны год, беларускую мову як прадмет у горадзе вывучалі 850 вучняў (350 у ліцэі ды 500 у пачатковых школах і гімназіях).

Рэканструкцыя бітвы паміж паўстанцамі Каліноўскага і расейскім войскам, стварэнне турыстычнага шляху паўстанцаў, міжнародная канферэнцыя на тэму вызвольнага паўстання 1863-64 гадоў - такія асноўныя мерапрыемствы рыхтуюцца на Гарадоцкай зямлі (Польшча) напрыканцы красавіка.

Сёлета ў Польшчы, як і ў Беларусі, адзначаюць 150-годдзе з часу паўстання. Як кажа дырэктар гміннага Цэнтра культуры ў Гарадку Юры Хмялеўскі, значная частка міжнароднай канферэнцыі, запланаванай на 26 красавіка, будзе прысвечана асобе Кастуся Каліноўскага, ураджэнца вёскі Мастаўляны блізу Гарадка.

У Кнышынскай пушчы, на тэрыторыі надлясніцтва Валілы, блізу якога і месціцца Гарадок, знаходзіцца пахаванне паўстанцаў. Як кажа надляснічы Кшыштаф Бозік, у гэтых мясцінах адбылася вялікая бітва паўстанцаў пад кіраўніцтвам Валерыя Ўрублеўскага і Ануфрыя Духінскага з расейскімі войскамі. У агульнай магіле на тэрыторыі надлясніцтва Валілы пахаваныя 32 паўстанцы.


У Беларусі першы крок зрабіла "Белпошта"

"Белпошта" выпусціла картку з маркай да 175-годдзя Каліноўскага. Памятнае гашэнне адбудзецца 2 лютага.

Паштовая картка з маркай "175 гадоў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага" з'явіцца 28 студзеня - пра гэта інфармуе сайт "Белпошты".

На марцы - партрэт Каліноўскага на фоне газет "Мужыцкая праўда", на паштоўцы - выступ Каліноўскага перад сялянамі.

Мастак М. Рыжы.


Рэспубліканская Рада ТБМ

20 студзеня 2013 года ў сядзібе ТБМ у Менску адбылася чарговая Рада ТБМ.

Паседжанне пачалося з хвіліны маўчання ў памяць аднаго з заснавальнікаў ТБМ Міхася Чарняўскага.

Са справаздачай кіраўніцтва ТБМ аб працы арганізацыі за 2012 год выступіў старшыня ТБМ Алег Трусаў.

Пра культурніцкую, асветніцкую і выдавецкую дзейнасць ТБМ распавяла першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім.

Рада разгледзела і прыняла План дзейнасці ТБМ на 2013 год.

Рада прыняла пастановы аб памеры сяброўскіх складак на 2013 год і аб зменах у складзе Сакратарыяту ТБМ.

Рада прыняла пастанову аб перарэгістрацыі сяброў ТБМ і разгледзела шэраг бягучых пытанняў дзейнасці ТБМ.

Наш кар.


Не стала Міхася Чарняўскага

Прэзідыюм Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) з глыбокім смуткам паведамляе, што 20 студзеня 2013 года на 75-м годзе жыцця перастала біцца сэрца ветэрана партыі, выдатнага беларускага археолага і гісторыка, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і грамадскага аб'яднання "Ветэраны Адраджэння", кандыдата гістарычных навук, дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхася Чарняўскага.

Сябры БСДП нізка схіляюць галовы перад памяццю Міхася Міхайлавіча - ініцыятара адражэння беларускай сацыял-дэмакратыі, патрыёта Бацькаўшчыны, чалавека высокіх маральных якасцяў, які да канца захоўваў вернасць ідэалу незалежнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой Беларускай дзяржавы, зрабіў дастойны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры і навукі.

У сувязі з цяжкою стратай Прэзідыюм Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) выказвае шчырае спачуванне родным Міхася Міхайлавіча - яго жонцы, дзецям і ўнукам, усім яго сябрам і таварышам, усім, хто ведаў, любіў і паважаў яго, цаніў яго працу.

Суцяшэннем усім нам можа быць толькі ўсведамленне таго, што імя Міхася Міхайлавіча Чарняўскага назаўсёды ўпісана ў гісторыю беларускай сацыял-дэмакратыі, беларускай нацыянальнай культуры і гістарычнай навукі.

Ірына Вештард, Мечыслаў Грыб, Ігар Барысаў, Валянціна Болбат, Андрэй Казановіч, Ганна Канюс, Ігар Маслоўскі, Аляксей Сігаеў, Анатоль Сідарэвіч, Аляксандра-Вольга Тыгрыцкая, Алег Шабетнік, Анатоль Юрэвіч.


План дзейнасці грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" на 2013 год

1. Асветніцка-педагагічная праца

- з бацькамі, дзеці якіх пойдуць у дзіцячыя садкі і першыя класы ў 2013-2014 навучальным годзе;

- з бацькамі і іх дзецьмі, якія навучаюцца ў рускамоўных і беларускамоўных адукацыйных установах;

- з арганізацыямі і ўстановамі з мэтай прапаганды беларускай мовы і літаратуры;

- правядзенне курсаў беларускай мовы і беларусазнаўства.

- звярнуцца да дзяржаўных і недзяржаўных тэлеканалаў

па дапамогу ў стварэнні беларускамоўных класаў.

2. Праца рэгіянальных арганізацый ТБМ па захаванні і адкрыцці беларускамоўных адукацыйных устаноў: збор подпісаў, лісты ў дзяржаўныя ўстановы, пікеты і інш.

3. Супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі па пытанні выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы, Міністэрствам сувязі па пытаннях выпуску беларускамоўнай прадукцыі.і Міністэрствам гандлю па пытанні беларускамоўнай рэкламы.

4. Супрацоўніцтва з банкаўскімі структурамі па пытаннях афармлення на беларускай мове бланкаў, рэквізітаў і іншай банкаўскай прадукцыі.

5. Праца з прадпрыемствамі па ўкараненні беларускамоўнага афармлення выпусканай прадукцыі, асабліва ў галіне стварэння розных стандартаў і інструкцый.

6. Работа па пашырэнні кола падпісчыкаў і чытачоў на "Наша слова", "Новы час", "Верасень" і іншыя беларускамоўныя газеты і часопісы.

7. Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы.

Правядзенне пікетаў, сустрэчы з чытачамі (разам з пісьменнікамі і журналістамі). Першы этап Агульнанацыянальнай дыктоўкі - 21 лютага (2-і этап - 15 сакавіка, 3-і этап -25 сакавіка).

8. Правядзенне комплексу мерапрыемстваў па адзначэнні разам з дзяржаўнымі і іншымі грамадскімі структурамі 150-х угодкаў паўстання 1863 года .

9. Забеспячэнне дзейнасці інтэрнэт-партала ТБМ.

10. Праца над праектам стандарту беларускай мовы.

11. Выдаць паштоўкі да юбілеяў М. Гарэцкага, В. Ластоўскаага, Кірылы Тураўскага і Янкі Маўра.

12. Адзначыць Еўрапейскі дзень моў.

13. Выдаць паштоўку з нагоды 90-х угодкаў з дня нараджэння Васіля Быкава.

14. Адзначыць наступныя даты:

1150 гадоў з часу стварэння славянскай азбукі, вядомай пад назвай "кірыліца" .

900 год з дня нараджэння Кірылы Тураўскага.

425 гадоў з часу выдання Статута ВКЛ.

25 гадоў з часу ўтварэння аргкамітэту Беларускага народнага фронту "Адраджэньне", Рэспубліканскага гістарычна-асветнага таварыства памяці ахвяр сталінізму "Мартыралог Беларусі".

175 гадоў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага (Канстанцін Вікенці Сямёнавіч; 1938, в. Мастаўляны Гарадзенскага пав. - 1864), рэвалюцыянера-дэмакрата, кіраўніка паўстання 1863-1864 гг. у Літве і Беларусі, публіцыста.

120 гадоў з дня нараджэння Максіма Гарэцкага , пісьменніка.

130 гадоў з дня нараджэння Францішка Аляхновіча , драматурга, пісьменніка, тэатральнага дзеяча.

130 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Міхайлавіча Некрашэвіча (1883, Светлагорскі р-н - 1937), мовазнаўца, акадэміка НАН Беларусі.

130 гадоў з дня нараджэння Янкі Маўра (сапр. Фёдараў Іван Міхайлавіч; 1883 - 1971), пісьменніка, аднаго з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры.

130 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Цвікевіча , гісторыка, публіцыста.

100 гадоў з дня нараджэння Масея Сяднёва, б еларускага пісьменніка.

110 гадоў з дня нараджэння Наталлі Арсенневай , паэтэсы.

120 гадоў з дня нараджэння Паўліны Мядзёлкі , дзеяча культуры.

100 гадоў з дня нараджэння Сяргея Грахоўскага , беларускага паэта і празаіка.

225 гадоў з дня нараджэння Івана Іванавіча Насовіча (1788, в. Гразівец, Быхаўскага пав., цяпер Чавускі р-н - 1877), лексікографа, фалькларыста, этнографа, які склаў першы гістарычны слоўнік беларускай мовы.

100 гадоў з дня нараджэння Эдзі Агняцвет (сапр. Каган Эдзі Сямёнаўна), беларускай паэтэсы.

125 гадоў з дня нараджэння Язэпа Нарцызавіча Драздовіча (1888, засценак Пунькі Дзісенскага павету, цяпер Глыбоцкі р-н - 1954), мастака, скульптара, этнографа, фалькларыста, археолага, пісьменніка аднаго з заснавальнікаў нацыянальнага гістарычнага жывапісу.

80 гадоў з дня нараджэння Нінэль Іванаўны Шчаснай (1933, Полацк), мастачкі, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.

75 гадоў з дня нараджэння Янкі Саламевіча (Іван Уладзіміравіч; 1938, Слонімскі р-н), літаратуразнаўца, фалькларыста, краязнаўца, бібліёграфа, перакладчыка.

80 гадоў з дня нараджэння Вячаслава Ўладзіміравіча Адамчыка (1933, Дзятлаўскі р-н - 2001), пісьменніка.

130 гадоў з дня нараджэння Вацлава Юстынавіча Ластоўскага (1883, засценак Калеснікаў, цяпер Глыбоцкі р-н - 1938), гісторыка, філолага, этнографа, пісьменніка, публіцыста, літаратуразнаўца, акадэміка НАН Беларусі.

130 гадоў з дня нараджэння Язэпа (Іосіфа) Юр'евіча Лёсіка (1883, в. Мікалаеўшчына Менскага пав., цяпер Стаўбцоўскі р-н - 1940), мовазнаўца, пісьменніка, педагога, акадэміка НАН Беларусі, грамадска-палітычнага дзеяча.

215 гадоў з дня нараджэння Адама Міцкевіча (1798, Наваградчына - 1855), паэта, публіцыста, грамадск. дзеяча.

120 гадоў з дня нараджэння А. Мрыя (сапр. Шашалевіч Антон Антонавіч), беларускага пісьменніка.

30 гадоў з часу заснавання часопіса "Мастацтва".

25 гадоў таму пачалі выдавацца часопісы "Крыніца", "Беларуская мова і літаратура ў школе".

25 гадоў таму завершана: выданне Збору помнікаўгісторыі і культуры Беларусі ў 8 тамах.

20 гадоў з часу заснавання "Беларускага гістарычнага часопіса".


15. Адзначыць юбілейныя даты сяброў ТБМ:

80 гадоў з дня нараджэння Валянціна Грыцкевіча, беларускага гісторыка.

60 гадоў Уладзіміру Арлову беларускаму пісьменніку.

75 гадоў з дня дараджэння Вячаслава Міхайлавіча Целеша (1938, г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на), мастака, краязнаўца, фалькларыста.

Пастанова Рады ТБМ імя Ф. Скарыны "Аб уплаце сяброўскіх складак (узносаў) на 2013 год"

Мінск 20 студзеня 2013 г.


Рада ТБМ пастанаўляе вызначыць наступныя памеры сяброўскіх складак з 1 лютага 2013 года.

1. Для тых, хто працуе - 30 тыс. руб.

2. Для беспрацоўных - 10 тыс. руб

3. Для студэнтаў - 5 тыс. руб.

4. Для пенсіянераў - 15 тыс. руб.

5. Для вучняў школ, ліцэяў і гімназій - 3 тыс. руб.

6. Для грамадзян Расіі - 200 расійскіх рублёў.

7. Для грамадзян іншых краін - 10 $.

Пастанова Рады ТБМ імя Ф. Скарыны "Аб перарэгістрацыі сяброў ТБМ

у 2013 годзе"

Мінск 20 студзеня 2013 г.

Рада ТБМ пастанаўляе:

У сувязі з магчымымі зменамі ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь правесці на працягу 2013 г. перарэгістрацыю ўсіх сяброў ТБМ.

Адказныя - старшыні рэгіянальных арганізацый ТБМ.


30 студзеня у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца прэзентацыя кнігі гісторыка Анатоля Грыцкевіча "Выбраныя творы". Імпрэза праводзіцца на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13. Пачатак - 18. 00 гадзін. Уваход вольны.


Справаздача старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алега Трусава аб дзейнасці арганізацыі за 2012 год

Шаноўныя спадарыні і спадары!

У сваім дакладзе я спынюся на асобных фактах нашай дзейнасці ў 2012 г., бо ў асноўным уся наша дзейнасць асвятлялася на старонках газеты "Наша слова", а таксама на нашым партале.

Гэты год быў для нас годам цяжкай, але стваральнай працы як у Менску, так і ў рэгіёнах нашай краіны. Найбольш актыўна працавалі рэгіянальныя актывісты Магілёва, Віцебска, Гародні, Ліды, Полацка, Наваполацка, Баранавічаў, Гомеля, Пружанаў, Валожына, Асіповічаў, Фрунзенскага і Ленінскага раёнаў горада Менска, мястэчка Падсвілле Глыбоцкага р-на, Шаркаўшчыны і іншых. У нашы шэрагі актыўна ўступала моладзь, асабліва ў Менску. Актыўна працуе адноўленая суполка ТБМ у Івянцы. Пра нашу дзейнасць рэгулярна пісалі "Наша слова", "Новы час", "Наша ніва", "Народная воля", "Звязда", ЛіМ, "Краязнаўчая газета" і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Дзейнасць ТБМ таксама асвятляюць тэлеканал Белсат, радыё "Свабода", радыё "Рацыя", беларуская рэдакцыя Польскага радыё, партал tut.by і іншыя.

Дзякуючы намаганням маладых супрацоўнікаў БТ, працягвае выходзіць у эфір рэгулярная перадача, прысвечаная гісторыі беларускіх слоў і выразаў (выходзіць штоаўторак і чацвер на АНТ). Беларуская мова паступова вяртаецца ў выпускі навінаў, асабліва на мясцовым тэлебачанні.

Сябры ТБМ у розных рэгіёнах Беларусі і за яе межамі прынялі актыўны ўдзел у 5-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы, прысвечанай юбілеям Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка. У акцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі амбасадаў розных замежных краін, журналісты, навукоўцы, выкладчыкі ВНУ, студэнты і вучні. Зараз мы актыўна рыхтуемся да 6-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. У гэтым годзе мы прапануем падчас дыктоўкі выкарыстаць тэксты з "Мужыцкай праўды" Кастуся Каліноўскага, твораў Кірылы Тураўскага і Максіма Гарэцкага, юбілеі якіх прыпадаюць на 2013 год.

У мінулым годзе выйшлі 6 і 7 нумары часопіса "Верасень" (галоўны рэдактар Эдуард Акулін). Нумары "Верасня" актыўна распаўсюджваюцца не толькі ў Менску, але і ў іншых рэгіёнах нашай краіны.

Актывізавалася праца курсаў па вывучэнні беларускай мовы для розных групаў насельніцтва. Праходзілі заняткі па беларускай мове, гісторыі і літаратуры для вучняў 7 - 11 класаў пад кіраўніцтвам Лявона Баршчэўскага. Была арганізавана асобная група для навучання беларускай мове дарослых, якую ўзначаліла Юля Карчагіна. Заняткі адбываліся два разы на месяц.

У мінулым годзе актыўна працаваў клуб беларускага красамоўства "Прамова", кіраўнік - Аляксандр Давідовіч.

Разам з іншымі грамадскімі арганізацыямі ТБМ бярэ чынны ўдзел у праекце "Будзьма беларусамі". У Менску і ў іншых гарадах адбылося шмат розных мерапрыемстваў: прэзентацыі беларускіх кніг, сустрэчы з цікавымі асобамі. Сярод актыўных арганізатараў і выступоўцаў трэба адзначыць Алену Анісім, Эдуарда Акуліна, Станіслава Судніка.

Найлепшымі нашымі партнёрамі ў змаганні за Беларушчыну з'яўляюцца ЗБС "Бацькаўшчына", Таварыства беларускай культуры Літвы, Саюз беларускіх пісьменнікаў, БАЖ, ТБШ, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

У мінулым годзе мы зноў пачалі выпускаць "Наша слова" у фармаце 8-мі палос. Нягледзячы на тое, што з'яўляюцца новыя аўтары і ёсць цікавасць да публікацыі розных матэрыялаў, сітуацыя з падпіскай жадае быць лепшай. Колькасць падпісчыкаў не дасягае нават тысячы чалавек, а каб газета нармальна існавала, іх павінна быць каля пяці тысяч. Тым не менш, хачу адзначыць актыўную працу па падпісцы на "Наша слова" кіраўнікоў Салігорскай і Слуцкай гарадскіх арганізацый ТБМ спадароў Шаравара і Курыльчыка. Салігорск падпісаў 75 асобнікаў (2-е месца па краіне пасля Менска), Слуцк - 21 асобнік, раней было 7. Але я вымушаны зноў звярнуцца да прысутных. Сябры! Неабходна ўсім разам пашыраць кола падпісчыкаў. З гэтай нагоды хачу выказаць словы падзякі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая на працягу мінулага года выдзеліла каля 2 мільёнаў рублёў на падпіску раённых і школьных бібліятэк і музеяў краіны на беларускамоўныя выданні.

У нас усталяваліся добрыя кантакты з амбасадамі ЗША, Швецыі, Польшчы, Літвы, Чэхіі, Славакіі, Італіі, Вялікабрытаніі і Германіі, а таксама АБСЕ.

Дзякуючы грамадскасці на Гарадзеншчыне было адкрыта 20 новых першых беларускіх класаў у рускамоўных школах. Аднак сітуацыя дастаткова цяжкая, бо кіраўніцтва Міністэрства адукацыі не жадае займацца пашырэннем беларускамоўнай адукацыі. Таму нашу дзейнасць у гэтым кірунку неабходна актывізаваць. Тут дарэчы будзе згадаць пра шэраг публікацый на гэту тэму ў "Народнай Волі". Замест таго, каб па прыкладу "Нашай нівы" інфармаваць бацькоў і дзяцей краіны аб магчымасці навучацца ў беларускамоўных класах і школах, журналісты "Народнай Волі" пасля пачатку навучальнага году распачалі кампанію па дыскрэтацыі дзейнасці ТБМ і ТБШ у гэтым кірунку. Мы заклікаем рэдакцыю "Народнай Волі" салідарызавацца з бацькамі і дзецьмі, якія хочуць атрымаць беларускамоўную адукацыю, і дапамагчы ім у гэтым. Напрыклад, падаць інфармацыю непасрэдна ад устаноў Міністэрства адукацыі, якія садкі і школы праводзяць набор у беларускамоўныя групы і класы.

Улічваючы сённяшнюю інфляцыю, прапаную Радзе ТБМ з 1 лютага 2013 г. павялічыць памер сяброўскіх складак. Трэба адзначыць, што ў 2012 годзе большасць суполак ТБМ своечасова здалі складкі, а таксама сабралі немалыя ахвяраванні. Вынікі фінансавай дзейнасці ТБМ за справаздачны перыяд наступныя.

На працягу 2012 г. на рахунак паступіла 170 965 010 рублёў. З іх ахвяраванні склалі 161 655 610 руб., складкі - 9 309 400 руб.

Хочацца цёплым словам адзначыць нашых фундатараў і ахвярадаўцаў. Сярод іх - Павел Падкарытаў з Екацерынбурга, сям'я Прыгожыных з Масквы, Фелікс Шкірманкоў са Слаўгарада, Іна Казлоўская, Павел Чайкоўскі, Ірына Прылішч, Тамара Лазарук, Анатоль Чачотка, Іван Кукавенка з Менску, Васіль Цынгалёў са Жлобіна, Людвіка Таўгень з Валожына, Роза Рымар, Лілея Некраш з Гародні, Васіль Рагаўцоў з Магілёва, Антон Фурс з Паставаў, Сяргей Птушко з в. Хільчыцы Жыткавіцкага раёна, клуб "Спадчына" з в. Дварэц Дзятлаўскага раёна, сябры клуба "Прамова" з Менска, Мар'ян Місевіч з м. Падсвілле Глыбоцкага раёна, Аляксандра Восіпава з Гомеля, сябры ТБМ з Наваполацка, Надзея Барт-Юрэвіч з Германіі і многія іншыя.

На працягу 2012 года да кастрычніка дзейнічаў праект "Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці", выдзелены ТБМ Дзяржаўным дэпартаментам ЗША. У ажыццяўленні гэтага праекта прынялі актыўны ўдзел сябры ТБМ з розных рэгіёнаў краіны. У рэалізацыі гэтага праекта нам аказвала дзейсную падтрымку Міністэрства культуры, а таксама наш партнёр Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

У 2012 годзе мы ажыццявілі важны праект: пераклад Правілаў дарожнага руху на беларускую мову. На сённяшні дзень тэкст Правілаў дарожнага руху на беларускай мове надрукаваны і ім можа карыстацца кожны грамадзянін нашай краіны.

У сённяшняй рэчаіснасці нам не абысціся без сталай мабільнай прысутнасці нашай арганізацыі ў інтэрнэт-прасторы. У мінулым годзе пачаў працаваць сучасны інтэрнэт-партал ТБМ. Гэта дазваляе нам вырашаць наступныя задачы: 1) па-першае, своечасова размяшчаць інфармацыю пра ТБМ: яе гісторыю, структуры, дзейнасць; 2) па-другое, рабіць маніторынг стану лінгвістычных правоў грамадзян і аператыўна рэагаваць на выпадкі іх парушэння; 3) па-трэцяе, выходзіць на іншыя пласты грамадства, наўпрост незаангажаваныя ў дзейнасць нашай арганізацыі, і некаторыя іншыя. Хачу выказаць асаблівую падзяку за стварэнне і працу партала наступным сябрам ТБМ: аўтару ідэі гэтага праекта, перакладчыку тэкстаў на англійскую мову намесніку старшыні Дзянісу Тушынскаму, адміністратару партала Жэні Парашчанка і рэдактару, першаму намесніку старшыні Алене Анісім.

На нашым партале прадугледжаны старонкі для найбольш актыўных рэгіянальных структур ТБМ. Многія рэгіянальныя арганізацыі гэтым скарысталіся і ўсе могуць даведацца, што робіцца нашымі сябрамі ў Віцебску, Баранавічах, Магілёве, Лідзе, у м. Падсвілле Глыбоцкага раёна, у Пружанах і іншых структурах ТБМ. Мы запрашаем усіх астатніх далучацца да гэтай працы, каб нашыя рэгіёны былі належным чынам прадстаўлены на агульным партале арганізацыі.

Шаноўныя сябры! У мінулым годзе нам шмат што ўдалося зрабіць, дзякуючы нястомнай працы нашых актыўных сяброў. Мы ўмацавалі свой аўтарытэт у грамадстве як найбуйнейшая грамадская арганізацыя. Пра гэта сведчаць апошнія месяцы 2012 года, калі мы разам з грамадзянамі адстаялі беларускую лацінку ў метро, беларускамоўнае афармленне Берасцейскага чыгуначнага вакзала, вяртанне беларускай мовы на праязныя білеты ў гарадскім транспарце сталіцы. У быгучым годзе нам неабходна асобную ўвагу надаць перарэгістрацыі наяўных сяброў ТБМ, асабліва ў рэгіянальных структурах.

Дзякуй за ўвагу.

Старшыня ТБМ А. Трусаў


Клопат мінулага года

Мінулы Год Кнігі і Свята беларускага пісьменства, вядома ж, паклікаў, менавіта, бібліятэкі, школы, яслі-садкі звярнуць ўвагу на пісьменніцкую творчасць, успомніць беларускае слова, зрабіць нейкія спробы даследвання, правесці мерапрыемствы. У Падсвільскай дзіцячай бібліятэцы, напрыклад, я бачыла аб'яву конкурсу на лепшага чытача. Вось толькі, ці выявілі яго - невядома. Быў нейкі рух у школе, у дзіцячым яслях-садку, бо прасілі творы і запрашалі на сустрэчы. Рухава ішла кампанія, асабліва пры набліжэнні даты.

Уладныя кіраўнікі паклапаціліся пра выданне агульнага зборніка глыбоцкіх творцаў "Там, дзе возера Глыбокае". У выдавецкім руху пастараліся прыватныя выдаўцы - Яраслаў Берніковіч і Зміцер Лупач (вярстальшчык). Ён жа - кіраўнік раённай арганізацыі ТБМ. Яны выпусціліі некаторыя краязнаўчыя кнігі, і мастацкія.

Што датычыць нашай суполкі ТБМ, у мінулым годзе мы зладзілі вечарыну беларускіх спеваў, правялі прэзентацыі кніг (у Падсвіллі і Глыбокім), выступілі ў друку ў абарону мовы, сабралі подпісы пад зваротамі ва ўладныя структуры за мову, звярнуліся да свайго прадстаўніка ў Парламенце - далі наказ паклапаціцца за ўдасканаленне Закона аб мовах. І, вядома, на працягу года высылалі грашовыя сродкі-ахвяраванні ў цэнтр ГА ТБМ. І тут варта выдзеліць Мар'яна Місевіча і Мікалая Сауліча.

Дзякуй ім за патрыятычную свядомасць і клопат, а таксама за арганізацыю некаторых мерапрыемстваў і за мастацкі ўдзел у вечарынах.

Хто будзе чытаць?

Сябра ТБМ (дырэктар дзіцячай турбазы, кіраўніца дзіцячага турыстычнага гуртка) Людміла Васіл'еўна нядаўна правяла адзін з адкрытых тэматычных заняткаў у русле плану ведання сям'і, школы, вядомых яе выпускнікоў і талентаў роднай мясціны.

Як дайшла чарга да знаёмства з людзьмі-выпускнікамі, я трапіла ў кола зацікаўленасці. Але спачатку пра тое галоўнае, вакол якога верціцца думка, да якога так цяжка прабіваецца паветра. Мова!

На дзіцячай турбазе матэрыялы па вывучэнні роднага краю, безумоўна, вядуцца на нашай мове. Ёсць яна і ў школьным краязнаўчым музеі - адзіным месцы (пасля касцёла), бо настаўніца гісторыі Людміла Іванаўна Сауліч выдатна ёй валодае. І доўгі час вяла ўрокі. Да пары загаду - выкладаць гісторыю на другой мове. І ў сувязі з такой строгасцю Людміла Іванаўна не магла прывыкнуць, пераключыўшыся на суседнюю ў родным класе. Але, як толькі экскурсія ў музей - яе грудзі напаўняюцца паветрам.

Дзеці турыстычнага гуртка і наведалі з Людмілай Васільеўнай музей згодна выхаваўчага плану. Усё паглядзелі і праслухалі. Тут яны натрапілі на мой след (паэткі Марыі Баравік). Гэтае юнае пакаленне не можа помніць пра мой лялечны, пра "Чароўную школу" і г. д. Але ж ведае Людміла Васільеўна. Ды і Людміла Сяргееўна Арцімёнак, якая і падвяла свой чацвёрты клас да адкрыцця Марыі Баравік. Яна з вучнямі прыняла ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі паміж дзецьмі пачатковых класаў раёна. Зрабілі даследванне маёй дзіцячай творчасці. Людміла Сяргееўна, згодна свайго настаўніцкага густу і практыкі, выхаваўчых запатрабаванняў скампанавала па тэмах, жанрах выбранае. Атрымалася змястоўная самаробка-кніга, якая і рэкамендавана вучням пачатковых класаў для вывучэння твораў пісьменнікаў роднага краю.

Ясна, што далей канферэнцыі гэтую кнігу ніхто не запусціў. Не да гэтага раённаму аддзелу адукацыі, раённым уладам. Год кнігі вымагаў мерапрыемстваў, і яны праводзіліся. Але ў Падсвільскай школе, такім чынам, нейкая група дзяцей, шырэй пазнала пісьменніцу.

Вось з гэтай кніжкай і азнаёміла сваіх гурткоўцаў Людміла Васільеўна. І са мною, паклікаўшы на сустрэчу. Далучыліся і дзеці з групаў лагера, выхавацелькі - А.П. Будзько, А.А. Усовіч, Л.С. Арцімёнак і іншыя. Людміла Васільеўна была падрабязная і натхнёная. Яна распавядала, чытала. Таксама і дзеці - Рома Бельскі, Мікіта Зуй, Вася Піскуновіч і іншыя. Я крыху прадоўжыла чытанне і пагутарыла з дзецьмі.

Безумоўна, добра, што мы сустрэліся. Нейкую карысць гэта сустрэча мае - адбылося знаёмства і стварылася ўражанне. Але самотна, што дзеці не ўмеюць, нават, чытаць. У іх адзін урок у тыдзень роднай мовы і адзін чытання. Усё астатняе рускамоўнае.

Такі мізер адведзены на родную мову ў школах. І мы гаворым пра беларускае пісьменства, Год Кнігі, пра тое, што адбылося шыкоўнае свята. А ў мяне столькі вершаў, казак, загадак, скарагаворак на роднай мове! Хто іх будзе чытаць?

Марыя Баравік, м. Падсвілле.


КНІГА "НЕ АДЗІНЫМ ХЛЕБАМ" VIVERE NATURAE SI CONVENIENTER AMARENT MORTALES, MEDICA NIL OPUS ESSET OPE

Калі б людзі былі схільныя жыць у адпаведнасці з прыродай, не патрэбна была б медыцынская дапамога.
Уэльс.

Кніга "Не адзіным хлебам" перавыдавалася ўжо чатыры разы. Многія яе набылі, чыталі, чытаюць і перадаюць другім азнаёміцца з яе зместам. Чытаюць вернікі і тыя, хто не веруе ў Бога, простыя людзі і вучоныя. Кнігу можна знайсці ў многіх бібліятэках Беларусі, у медыцынскіх і нават навучальных установах. Мяркуючы па водгуках, разумею, што людзі задумваюцца. А гэта ўжо добра.

Кніга "Не адзіным хлебам" падаравана Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку, былому Прэзідэнту Расійскай Федэрацыі Дзмітрыю Мядзведзеву, Прэзідэнту Украіны Віктару Януковічу.

Гэтую кнігу я асабіста падараваў Міністру аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Ён, крыху азнаёміўшыся са зместам, сказаў, што абавязкова яе прачытае яшчэ раз больш уважліва. Кніга, на думку Міністра, цікавая сваім зместам, высокай духоўнасцю і перакананасцю аргументаў, вяртае чалавека да здаровага ладу жыцця.

У кнізе паведамляецца, што амаль усе нашы праблемы са здароўем у нас саміх і залежаць не толькі ад акаляючага нас асяроддзя і вінаватасці іншых. Таму чытач задумваецца, як быць далей, хто дапаможа. Вядома, на гэтыя пытанні адказаць можа толькі прафесійная медыцына, толькі яна разам з Усяленскай Хрысціянскай Царквой мае юрыдычнае і маральнае права на лёс чалавека і яго здароўе.

Людзі хочуць быць здаровымі, але думаюць пра сваё здароўе зрэдку. У іх заўсёды адзін клопат: як і чым сябе накарміць. I зусім не думаюць пра сваё ачышчэнне. А арганізм адтуль, знутры, просіць, каб мы думалі і пра яго ўнутраную чысціню. Таму, практыкуючы даабедзенны прыём чыстай чуць падагрэтай вады і разгрузачныя дні, мы ачысцім яго, а разам з гэтым і да нас вернецца здароўе.

Людзі зацікаўлены ў рэгулярным і дастатковым кармленні свайго арганізма, а арганізм зацікаўлены ў рэгулярнай разгрузцы і ачышчэнні.

У сувязі з гэтым варта прыгадаць наступныя словы: не там чыста, дзе прыбіраюць, а там, дзе не накідваюць смецця. Не засмечвай свой арганізм усякай усячынай, не забывай пра неабходнасць унутранай чысціні свайго арганізма.

Ісус Хрыстос нам прыгадвае: "Гора вам, кніжнікі і фарысеі-крывадушнікі; бо вы дбаеце пра чысціню кубка і міскі звонку, а ўсярэдзіне яны поўныя драпежнасці і нястрыманасці. Фарысей сляпы! ачысці перш унутры кубак, каб ён чыстым стаў і звонку" (Мф. 23, 25-26).

Дрэнны той гаспадар машыны, які не толькі мые яе і паліруе да бляску і ніколі не сочыць за станам алівы і ўсіх хадавых механізмаў. Не будзьце такімі ў адносінах да вашага цела і арганізма.

На вялікі жаль, людзі вельмі мала разбіраюцца ў праблеме правільнага, здаровага харчавання. А хто іх калі вучыў, даваў прыклад? Так, мы ўсёедныя, можам есці ўсё, таму і носім у сабе ўсе віды захворванняў. Лекары нас дакараюць за дапушчаныя хваробы, а вось навучыць нас, як правільна харчавацца, не могуць.

У жывёл дзікай прыроды даволі рэдка сустракаюцца хваробы раку, язвы страўніка, цырозу печані і г.д., паколькі яны не ўсёедныя, яны ядуць толькі тое, што ім падказвае іх інстынкт, якому яны падпарадкоўваюцца бездакорна ўжо мільёны гадоў. А як перад жывёльным светам выглядаем мы, мы, што, акрамя досведу, інстынкту, маем яшчэ і вышэйшы розум? Хто з нас разумнейшы?

На вуліцах, на кожным прыпынку транспарту, ва ўсіх грамадскіх установах, офісах і туалетах павінны стаяць не урны для акуркаў, а вазы з кветкамі.

Калі чалавек штодзень да абеду п'е чыстую падагрэтую ваду, устрымліваецца на некаторы час ад любой ежы, то яго арганізм адштурхоўвае розныя шкодныя для здароўя прывычкі да курэння, алкаголю, наркотыкаў і гэтым не дапускае многія захворванні.

Любы жывы арганізм, калі ён чысты, то ён і здаровы. Так што першаснае здароўе пачынаецца і захоўваецца не лячэннем і аздараўленнем, а ачышчэннем.

Не забудзь!

Грэх нараджае страх, боязь і неспакой, якія ахопліваюць арганізм і разбалансіроўваюць яго, зло матэрыялізуецца, праяўляючыся сімптомамі розных захворванняў. I нават часам цяжка вызначыць, хворы чалавек фізічна, ці ў яго баліць душа. Дух і цела даволі цесна звязаны паміж сабой. Трэба іх лячыць, паралельна ачышчаць, прапаноўваць чалавеку пасціцца і спавядацца. Як мы верым лякарствам, што яны дапамогуць, яшчэ больш трэба верыць у споведзь - дараванне грахоў Госпадам Богам, у Яго дапамогу.

Брат і Сястра, няхай у любым узросце ў цябе будзе здаровы дух, бадзёры настрой. У кнізе ты адкрыеш шмат для сябе яшчэ невядомага, цікавага. Даведаешся пра пост. А пост датычыцца ўсіх і кожнага, так-сама асабіста і цябе. Таму звяртаюся да цябе, паважаны чытач, не толькі як аўтар, але і як святар, духоўнік.

Ведай, што ты посцішся не для посту, а ачышчаеш свой арганізм ад лішкаў з'едзенага і здаравееш. Прымай з самай раніцы, з досвітку да 12.00 - абеду па 1,5-2 л. чыстай цёплай вады - і будзеш жыць даўжэй у добрым здароўі. З адраджэннем посту адродзішся і ты. Прыйдзе фізічнае аблягчэнне, аздараўленне і духоўнае прасвятленне.

Пост - гэта навука пазнання і выкарыстання дадатковых ментальных, духоўных і фізіялагічных рэзерваў арганізма. Паўната і эфект гэтых рэзерваў змяшчаецца толькі ў практыцы Хрысціянскага посту, дзе ўдзельнічаюць душа і цела.

Ні ў якой іншай рэлігіі і ні ў якіх філасофскіх плынях практыка посту так глыбока не раскрыта, так шырока не прымяняецца і такі працяглы час - трэцяе тысячагоддзе, як у Хрысціянскай Усяленскай Царкве - у Хрысціянстве.

Хрысціянскі пост псіхалагічны і вельмі глыбокі па сваёй сутнасці і мэце. Ён уздзейнічае на ўсяго чалавека, яго фізічную, інтэлектуальную, маральную і духоўную сферу. Хто рэгулярна практыкуе ў хрысціянскім духу чысты пост, той блізкі да вяршыні дасканаласці. Ісус Хрыстос сказаў, што такі чалавек блізка да Царства Божага.

Практыка паказвае, што ўрач даследуе пацыента, прызначае яму лякарствы, працэдуры і пакідае яго. Пацыент застаецца сам са сваімі фізічнымі недамаганнямі, пакутамі, душэўнымі мукамі. А Усяленская Царква, пост і святар застаюцца з чалавекам заўсёды, увесь час. I ў любы момант як у храме, дома, так і ў медыцынскай установе можа пачацца яго адкрытая размова з пастарам і не толькі ў пэўны момант або дзень, а будзе працягвацца пастаянна, усё зямное жыццё.

Пост у яго сучаснай форме можна разглядаць як інструмент, які павышае працаздольнасць, фізічную і маральную ўстойлівасць, дзеяздольнасць нацыі.

У кнізе "Не адзіным хлебам" сказана, як зберагчы здароўе, а калі здарылася бяда - захворванне, як правільна з медыцынскага пункту гледжання чалавек павінен сябе паводзіць.

Ксёндз-пробашч Менскага касцёла Св. Сымона і Св. Алены У. Завальнюк, магістр тэалогіі, кандыдат гістарычных навук.


МОВАЙ ТВАЁЮ ЖЫВУ!

23 школьнікі розных класаў з розных гарадоў і вёсак сядзяць ва ўніверсітэцкай аўдыторыі, думаюць і нешта пішуць. Што адбываецца? - Ідзе працэс "беларусізацыі".

Гэтыя школьнікі сабраліся на "Беларускае пяціборства". Яны маюць высокія адзнакі па беларускай мове і звыклі лічыць, што гэтай мовай больш-менш прыстойна валодаюць. Ім прапануецца развязаць нескладаную матэматычную задачу і адказаць на пытанні з фізікі. І раптам (!) яны ўсведамляюць, што для выказвання сваіх думак у іх не хапае слоў. Яны проста не ведаюць, як назваць сваёй мовай той ці іншы панятак з матэматыкіфізікі. Не ведаюць таму, што ім пра гэта настаўнікі не казалі.

Школьнікі не вінны ў сваім няведанні. Тады хто? Настаўнікі? Але ж настаўнік беларускай мовы і не павінен займацца з сваімі вучнямі матэматычнай тэрміналогіяй. А настаўніку матэматыкі Міністэрства адукацыі не ўмяніла ў абавязак паведамляць сваім вучням, як гучаць матэматычныя тэрміны на беларускай мове. Шмат чаго ўмяніла ў абавязак - правільную форму падпісвання сшыткаў, шырыню палёў у сшытках, як пісаць, гарызантальна ці вертыкальна, дату дамашняй працы ды іншае, ды іншае, - а вось гэтага не ўмяніла. Міністэрства нават пагрэбавала прапановай адной вядомай прафесаркі друкаваць у рускамоўным падручніку невялічкія руска-беларускія слоўнікі адмысловых тэрмінаў, у гэтым падручніку скарыстаных. Не патрэбна!

На думку міністэрскіх розумаў выпускніку беларускай школы (хай сабе і рускамоўнай) не патрэбна ведаць беларускую мову ў поўным аб'ёме. Ёсць нейкі нацыянальны бэйсік - і досыць! Міністэрства тут нават пярэчыць Прэзідэнту, які абвесціў, што "пытанне мовы ў нас вырашана раз і назаўсёды". А як вырашана? На роўных! Але міністэрству вынікі рэфэрэндуму не падабаюцца, і яно робіць адну мову раўнейшай за другую. І якія зараз высновы трэба рабіць Прэзідэнту, калі міністэрства яму не падпарадкоўваецца?

Для некага з тых дваццаці трох усведамленне сваёй моўнай абмежаванасці стане маленькім шокам, і нехта з іх паспрабуе хаця б крыху выправіць гэтую хібу сваёй адукацыі. Паспрабуе! І выправіць! Сам!! Без настаўніка, без міністэрства! Канечна, не ўсе. І нават не палова. Няхай такіх будзе два-тры чалавекі. Але яны будуць. Ведаю, што кажу, бо пяціборства праводзіцца ўжо дванаццаты раз. Праводзіцца дзеля тых двух-трох чалавек.

Далей яны чытаюць тэкст. У тэксце распавядаецца пра нейкага Ігната Дамейку, багатага пана, да таго ж і разумнага, бо яшчэ і "магістр матэматыкі", які, пачуўшы пра пачатак паўстання, кідае свой маёнтак, усё сваё багацце і далучаецца да паўстанцаў, а калі паўстанне задушана царскімі войскамі, уцякае ў Парыж, а потым чамусьці яшчэ далей, на другі канец свету, у Чылі… Ім прапануецца знайсці моўныя памылкі, раскіданыя ў гэтым тэксце, памылкі, якія найчасцей робяць яны самі. Але памылкі вышукваюцца цяжка не толькі з-за гэтага, а яшчэ і з-за таго, што тэкст цікавы. Думкі не пра памылкі, думкі пра іншае. Чаго гэтаму пану не сядзелася ў сваім маёнтку? Чаго яму не хапала?! Супраць чаго паўстаў?.. Доўгія гады працаваў на рэспубліку Чылі і марыў вярнуцца ў родную Літву. З-за гэтай мары доўга не жаніўся, але ўсё ж у 38 год, будучы прафесарам першага чылійскага ўніверсітэта, ажаніўся на пятнаццацігадовай Генрывеце… Ім яшчэ не рэжа слых гэтае вульгарнае расійскае "на" ("Иван женился на Гале" - што ён зрабіў на Галі?) і яны хутчэй не пакажуць гэта як памылку. Бо ім цікава: а што далей? А далей нічога, тут тэкст заканчваецца. Што сталася з гэтым Ігнатам у той далёкай краіне? Пытанне павісае. І, вярнуўшыся дадому, ці не кінецца хто з іх да кампутара, каб пашукаць звесткі пра таго дзівака Дамейку? Калі гэта зробіць хаця б адзін з дваццаці трох, то наша мэта дасягнута. Але мне чамусьці думаецца, што такіх будзе не адзін…

Паўтары гадзіны ціхай працы. 23 школьнікі розных класаў з розных гарадоў і вёсак сядзяць ва ўніверсітэцкай аўдыторыі, думаюць і нешта пішуць. Зноў думаюць…

Пройдуць паўтары гадзіны. Разбягуцца яны па сваіх дамах. А праз некаторы час у тыя дамы паштальёны прынясуць лісты з паведамленнямі аб выніках іх удзелу ў беларускім пяціборстве. Акрамя тых паведамленняў у лістах будзе іншы тэкст, які, магчыма, закончыцца такімі словамі: "… Беларусь ціха чакае, пакуль ты, яе сын, успомніш пра маці сваю, павернешся да яе тварам і спытаеш: "Маці! Што трэба, каб ты жыла?" І Яна выдыхне доўгатрыманае: "Мова! Я жыву тваёй мовай." І аднекуль данясецца голас Максіма Багдановіча: "Пачуйце жа гэта! Пачуйце!! Хто можа з вас сэрцам чуваць..."

Міхась Булавацкі.


Гомель: першае слова па-беларуску

У Гомелі таксама з'явілася сацыяльная рэклма на беларускай мове.

У прыватнасці, на вуліцы Савецкай на вялікім біг-бордзе напісана: "Ма-ма = мо-ва. Любiш маму?"

Бігборд з "першым словам на роднай мове" так-сама з'явіўся ў мікрараёне "Мельнікаў луг" на вуліцы Мазурава. І гэтае "першае слова" - "Каханне".

Наш кар.


Пра жыццё і дзейнасць Л.І. Вітан-Дубякоўскага

Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

На зварот па пытанні ўшанавання памяці Лявона Іванавіча Вітан-Дубякоўскага, беларускага архітэктара, будаўніка, педагога, паэта і фалькларыста, ураджэнца Мсціслаўшчыны, раённы выканаўчы камітэт дадаткова паведамляе, што Мсціслаўскім раённым гісторыка- археалагічным музеем падрыхтаваны і аформлены інфармацыйны стэнд прысвечаны жыццю і дзейнасці Л.І. Вітан-Дубякоўскага.

На стэндзе размешчаны біяграфічныя данныя Л.І. В-Дубякоўскага, партрэт, інфармацыя аб гадах вучобы ў г. Санкт-Пецярбургу, Парыжы, аб працы ў Варшаве, адлюстраваны пачатак архітэктурнай дзейнасці, асноўныя архітэктурныя дасягненні.

Асобна на стэндзе прадстаўлены фотаздымкі архітэктурных помнікаў, ва ўзвядзенні якіх прымаў удзел Л.І. В-Дубякоўскі - гэта вонкавы выгляд касцёла ў в. Дрысвяты, касцёл, збудаваны ў 1897 г. у г. Смаленску, выгляд Друйскага манастыра падчас рэканструкцыі пад кіраўніцтвам Л.І. В-Дубякоўскага ў 1930 гг., раннія праекты іншых касцёлаў.

З жыццём і творчасцю знакамітага земляка Л.І. В-Дубякоўскага наведвальнікі музея знаёмяцца пры правядзенні экскурсій у экспазіцыі "Духоўныя вытокі Мсціслаўскай зямлі".

У адпаведнасці з арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011г. "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" Вы можаце абскардзіць прынятае па Вашаму звароту рашэнне ў Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт.

Старшыня раённага

выканаўчага камітэта В.У. Віцюноў.


ПАМЯЦІ МІХАСЯ ЧАРНЯЎСКАГА

20 студзеня 2013 года адышоў у лепшы свет выдатны беларускі археолаг і гісторык, пісьменнік, грамадскі дзеяч, дацэнт кафедры археалогіі і дапаможных гістарычных дысцыплін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхась Чарняўскі.

Міхась Міхайлавіч Чарняўскі нарадзіўся 7 сакавіка 1938 года ў вёсцы Круці Вілейскага павета Віленскага ваяводства (цяпер Мядзельскага раёна Менскай вобласці). Скончыў гістарычны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. З 1966 года працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук, вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру першабытных плямёнаў каменнага і бронзавага вякоў на поўначы і захадзе нашай краіны. У 1971 годзе па выніках даследаванняў абараніў дысертацыю "Неаліт Паўночна-Заходняй Беларусі".

Працуючы ў Інстытуце гісторыі, Міхась Чарняўскі ўваходзіў у клуб патрыятычна настроенай інтэлігенцыі, вядомы як "Акадэмічны асяродак". За сваё іншадумства ў 1974 годзе ён быў звольнены з працы ў Акадэміі навук і мусіў некалькі гадоў працаваць простым рабочым.

Па вяртанні ў Акадэмію навук Міхась Чарняўскі працягваў вывучэнне старажытнай гісторыі Беларусі. Ён вылучыў нёманскую археалагічную культуру і крывінскі варыянт нарвенскай культуры, даследаваў крэмнездабыўныя шахты ў Ваўкавыскім раёне, помнікі каменнага і бронзавага веку ў іншых мясцінах Беларусі. У 1990-2001 гг. Міхась Чарняўскі загадваў аддзелам каменнага і бронзавага веку Інстытута гісторыі.

Пяру вучонага належаць кнігі "Неаліт беларускага Панямоння" (1979) і "Археалагічныя помнікі Міншчыны" (1988). Ён стаў таксама суаўтарам кнігі "Старажытныя шахцёры на Росі" (1996). "Ілюстраваная гісторыя старажытнай Беларусі" (1997) Міхася Чарняўскага, а пазней яго "Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі: Першабытны перыяд" (2003) сталі неафіцыйнымі падручнікамі для вучнёўскай моладзі.

У якасці аўтара і рэдактара Міхась Чарняўскі ўдзельнічаў у падрыхтоўцы да друку такіх грунтоўных выданняў, як "Гісторыя беларускага мастацтва", двухтомная "Археалогія Беларусі" і "Гісторыя Беларусі" ў шасці тамах. Вучоны быў навуковым кансультантам і аўтарам энцыклапедыі "Археалогія і нумізматыка Беларусі" (1993). Нямала ўвагі Міхась Чарняўскі надаваў папулярызацыі гістарычных ведаў. З гэтаю мэтай ён пісаў кнігі для падлеткаў: "З глыбінь тысячагоддзяў" (1978), "Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі" (1981), "Страла Расамахі" (1985), "Вогнепаклоннікі" (1989), "Дзесяць бітваў" (2004). З-пад пяра вучонага выйшла папулярная біяграфія вялікага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча ("Правадыр крылатых вершнікаў", 1998). Творы гісторыка ўключаны ў рэкамендацыйны спіс для пазакласнага чытання.

Міхась Чарняўскі шмат гадоў сябраваў з выдатнай паэткай і пакутніцай ГУЛАГу Ларысай Геніюш. Менавіта яму паэтка аддала на захаванне сваю "Споведзь", якая была апублікавана ўжо ў час палітычных перамен у Беларусі. Ён склаў зборнік матэрыялаў пра дзейнасць мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля "Не бойцеся ахвяраў і пакут" (2006). У тым самым годзе выйшла напісаная М. Чарняўскім біяграфія героя антыкамуністычнага падполля Расціслава Лапіцкага "Як пошуг маланкі".

Апошнім часам ён працаваў дацэнтам у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Працуючы ў БДУ, вучоны напісаў вучэбна-метадычны дапаможнік "Каменны век на тэрыторыі Беларусі: ілюстраваны канспект лекцый" (2011).

Займаючы паслядоўна дэмакратычныя і патрыятычныя пазіцыі, Міхась Чарняўскі ў апошнія гады існавання Савецкага Саюза браў чынны ўдзел у руху за дэмакратычную незалежную Беларусь. Ён быў у ліку сяброў арганізацыйнага камітэта Беларускага народнага фронту, ТБМ і Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.

Усё сваё свядомае жыццё Міхась Чарняўскі быў актыўным абаронцам і прапагандыстам роднай мовы. Нават у савецкі час усе кнігі Міхася Чарняўскага, у тым ліку чыста навуковыя, выходзілі выключна на беларускай мове.

Рада ТБМ на сваім паседжанні 20 студзеня 2013 г. ушанавала памяць Міхася Чарняўскага хвілінай маўчання. Мы спадзяемся, што справа М.Чарняўскага будзе падхоплена і прадоўжана ўсімі патрыётамі Беларусі, найперш моладзі.

Рада ТБМ 20.01.2013 г.


Загінуў паэт Юры Гумянюк

Гарадзенскі паэт і журналіст Юры Гумянюк выпаў з дзявятага паверха ў інтэрнаце непадалёк ад прыватнага дома, у якім ён жыў з маці-пенсіянеркай.

Гумянюк працаваў на Беларускую рэдакцыю Польскага радыё. Слухачам ён быў вядомы пад псеўданімам Вацлаў Галімскі. Праграмы ягонага аўтарства ішлі таксама на незалежным радыё "Рацыя", што перадае з Польшчы.

Як паэт, 43-гадовы Юры Гумянюк пісаў у спецыфічнай дэкадэнцкай манеры. Яго захапляла стылістыка і эстэтыка міжваеннага часу. Гумянюк быў яркім аўтарам з групы гарадзенскіх мадэрністаў 90-х. На 90-я прыпаў і пік ягонай творчай актыўнасці.

Гумянюк жыў своеасаблівым, багемным жыццём.

* * *

Юры Гумянюк нарадзіўся 24 верасня 1969 года ў Гародні. Друкаваўся ад 1990 г. Скончыў аддзяленне паланістыкі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (1994). Там жа вучыўся ў аспірантуры. На гарадзенскім абласным радыё рыхтаваў літаратурна-мастацкі радыёчасопіс "Кантэкст" (1991-1994). Працаваў журналістам у газетах "Пагоня" (1992, 1995-2001) і "День" (2004), загадчыкам літаратурнай часткі Гарадзенскага абласнога тэатра лялек (1994-2000). З 2002 году - публіцыст беластоцкага месячніка "Czasopis". Выдаў зборнікі вершаў "Водар цела" (1992), "Твар Тутанхамона" (1994), "Рытуал" (1999), "Лабірынты прывіднага замка" (2000, у суаўтарстве), "Вуліца тыгровых архідэяў" (2003). Аўтар няскончанага рамана "Апосталы нірваны" (кн. першая 1995), пастаўленых у Гарадзенскім тэатры лялек п'есаў для дзяцей "Баль у барона Мюнхаўзена" (1993), "Таямніца залатога пярсцёнка" (1998), "Каляднае падарожжа" (1999), дакументальнай сагі "Прывід даўніх Крэсаў" (2004-2005), шэрагу крытычных артыкулаў пра літаратуру, выяўленчае мастацтва і тэатар. Сурэдактар літаратурна-мастацкага альманаха "Калоссе". Беларускія рок-гурты "Грунвальд", "Айша" (Jungle X-mas), а таксама асобныя выканаўцы стварылі на тэксты Юрыя Гуменюка каля двух дзясяткаў песень.


Паўстанне 1863 г. на Лідчыне
Перад паўстаннем*

Пасля паўстання 1830-31 гг.

Пасля паразы паўстання 1830-31 гг., на эміграцыі, пад уплывам руху карбанарыяў, была створана арганізацыя "Помста народа", якая займалася падрыхтоўкай новага паўстання. Для гэтага, на пачатку 1833 г., на тэрыторыю Беларусі, Літвы і Украіны былі накіраваны эмісары, якія павінны былі падрыхтаваць новае ўзброенае выступленне. У адпаведнасці з распрацаваным у эмігранцкіх колах планам у Гарадзенскі і Лідскі паветы быў накіраваны ўраджэнец г. Гародні Марцэлі Шыманскі - актыўны ўдзельнік паўстання 1831 г. Яму ўдалося завязаць кантакты з многімі жыхарамі Лідчыны, прычым звяртае на сабе ўвагу вялікая колькасць каталіцкага святарства, якая была далучана эмісарам да канспіратыўнай дзейнасці. Аднак Шыманскі не паспеў распачаць рэалізацыю распрацаванага ў Парыжы плана. 25 траўня 1833 г. ён быў схоплены ўладамі. На следстве ён выдаў усіх асоб, з якімі сустракаўся на працягу некалькіх месяцаў. У чэрвені 1833 г. былі арыштаваны Ваўжынец і Марыля (з Верашчакаў) Путкамеры з Бальценікаў за дапамогу эмісару Шыманскаму. Яны спачатку знаходзіліся пад вартай у Вільні, а са жніўня па лістапад 1833 г. - у Гарадзенскім астрозе. Марылю абвінавачвалі, спасылаючыся на сведчанні Шыманскага, але яна не прызнавала сябе вінаватай. Толькі зімой 1833 г. Путкамеры змаглі вярнуцца у Бальценікі . Па гэтай справе некалькі дзесяткаў асоб з Лідчыны былі высланы ў цэнтральныя губерні Расіі ці на Каўказ, у дзейную армію. Гэта быў першы прыклад масавай палітычнай высылкі ў гісторыі Беларусі. Лёс некаторых ссыльных (як напрыклад А. Каролька) падзялілі іх сем'і, якія добраахвотна адправіліся на ўсход разам са сваімі мужамі і бацькамі. Цікава, што каталіцкае святарства атрымала з большага мяккія прысуды і пазбегла высылкі. У асноўным святары пераводзіліся ў кляштары усходняй Беларусі. Шыманскі пазбегнуў пакарання, за сваё супрацоўніцтва з уладамі быў перавезены ў Пецярбург, адкуль у канцы 1833 г. высланы ў Парыж у якасці шпега. У Парыжы, ён адразу публічна пакаяўся ва ўсім. Далей яго сляды губляюцца.

У 30-40-я гады ХІХ ст. на Беларусі ў якасці эмісараў дзейнічаў Ш. Канарскі, Рэр і інш. Некаторыя жыхары Лідскага павету былі арыштаваны за кантакты з эмісарам Рэрам. Напрыклад шляхціц Балтазар Калясінскі за кантакты з Рэрам і іншымі эмісарамі, распаўсюджванне нелегальнай літаратуры, а таксама за выказаную згоду прыняць удзел у паўстанні, якое планавалася на 1846 г., быў арыштаваны і аддадзены у Арэнбургскія лінейныя батал'ёны.

Некаторыя выхадцы з Лідчыны былі членамі "дэмакратычнага таварыства" Ф. Савіча. Так, пад псеўданімам "Альфонс" у ім значыўся сын праваслаўнага святара Яўстафі Вароніч, які вучыўся ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі .

Увесь час пасля 1831 г. не парывалася сувязь лідскай шляхты з эміграцыяй, напрыклад у 1834 г. лідскі земскі спраўнік даносіў Гарадзенскаму губернатару М. Мураўёву, што абшарнік Станіслаў Лясковіч, які жыве у маёнтку Няцеча Лідскага павету, атрымлівае лісты ад сваяка Ігната Дамейкі (у 1833 г. 2 ці 3 лісты): "Гэты Дамейка ў набыў вялікі давер у тутэйшых жыхароў і да яго меркаванняў прыслухоўваюцца" . Перапіску са сваякамі, якія жылі за мяжой ці ў эміграцыі мелі і іншыя сем'і на Лідчыне, што ўплывала на агульныя настроі шляхты.


Будучая галоўная дзейная асоба паўстання 1863 г. на Лідчыне, Людвік Нарбут нарадзіўся 26 жніўня 1832 г. у бацькоўскім маёнтку Шаўры Лідскага павету, яго бацька - знакаміты гісторык Тодар Нарбут, маці Крысціна Садоўская. Тодар, сын Яўхіма і Ізабелы з Наневічаў, нарадзіўся ў Шаўрах 8 кастрычніка 1784 г. і паходзіў са старажытнага ліцвінскага роду. У той час маёнтак Нарбутаў Шаўры складаўся з ворнага ўчастка і двара, меў 75 прыгонных. Гэты маёнтак перайшоў да Нарбутаў як пасаг Ізабэлы з Наневічаў. Сусветна вядомы гісторык быў яшчэ і руплівым гаспадаром, пад яго кіраваннем маёнтак Шаўры заквітнеў сапраўдным дабрабытам.

Першыя шчаслівыя гады дзяцінства Людвік правёў у бацькоўскім маёнтку. Бацька выхоўваў дзяцей ў старашляхецкіх традыцыях, вучыў паважаць звычаі свайго краю, распавядаў дзецям пра гісторыю і герояў старажытнай Літвы. Экспанаты яго шматлікай калекцыі месціліся ў маёнтку і былі звыклым асяроддзем для малога Людвіка, узбуждаючы дзіцячыя мары і цікаўнасць да гісторыі.

Людвік Нарбут пачаў атрымліваць адукацыю ў Лідскай павятовай вучэльні, а каля 1846 г. паступіў ў віленскую гімназію. Прыязджаць дахаты атрымлівалася толькі па святах ды ўлетку. Падчас вакацый ён вучыў малодшых братоў і сясцёр, пісаў вершы, чытаў кнігі па гісторыі. Маці ўспамінала, як 12-цігадовы хлопчык гледзячы ў люстэрка, казаў: "Маці, супакой ці зганьбуй, бо дзве будучыні для сабе бачу, будзе з мяне ці вялікі чалавек, ці вялікі злодзей". Назад на вучобу ў Вільню яго звычайна адвозіла маці, па дарозе спыняліся ў Бутрыманцах, дзе на мясцовых могілках разам адведвалі магілы дзеда і бабулі (недалёка ад капліцы) і хатку, якая стаяла побач з могілкамі, у гэтай хатцы гадавалася Крысціна.

Людвік добра вучыўся, але яго знаходжанне ў гімназіі (1846-1850) супала з рэвалюцыйным уздымам у Еўропе, атрымаўшым назву "Вясны народаў". Водгаласы еўрапейскіх падзей даходзілі да Вільні, у Літву таемна прыязджалі эмісары эміграцыі, распаўсюджвалася забароненая літаратура якую гімназісты чыталі з вялікім уздымам. У 1846 г. віленская турма напоўнілася арыштантамі з так званага "спісу Рэра". Турмаў бракавала і таму нават вокны дамініканскага кляштара былі зафарбаваны белай фарбай, яго на час так-сама ператварылі ў турму, каля кляштара стаялі кібіткі жандараў - з усяго краю звозілі арыштантаў. У лютым 1848 г. эмісара Рэра разам з іншымі датычнымі да справы публічна пакаралі палкамі, а пасля, прывязаўшы да воза, правялі па вуліцах Вільні і саслалі на катаргу. Гэта ўсё назіралі і абмяркоўвалі гімназісты.

Падчас вакацый у Шаўрах у 1850 г. уся сям'я заўважыла змену ў паводзінах Людвіка, малады чалавек стаў сур'ёзным, паважным і задуменным.

Падчас вучобы ў апошнім класе гімназіі, пасля дыспутаў з гімназічнымі таварышамі пра справы ў краі, у лістападзе 1851 г. Людвік вырашыў стварыць сярод гімназістаў патрыятычнае таварыства, якое мела за мэту рыхтаваць ўзброенае паўстанне. У снежні, на кватэры Людвіка адбылося першае паседжанне таварыства. З-за ўласнай легкадумнасці чальцы таварыства Гаварчэўскі і Падхарэцкі, распавялі пра сустрэчы інспектару гімназіі, пасля чаго ўначы перад Калядамі паліцыя арыштавала Нарбута. На яго кватэры была знойдзена картка з надпісам "Арол і крыж", гэтыя словы у таварыстве былі паролем. Людвік потым распавядаў, што пасля арышту, ён адразу быў пасаджаны ў цёмную і цесную камеру. Праз некалькі дзён у камеру прыйшоў сам генерал-губернатар Бібікаў і параіў раскаяцца і дапамагаць следству. Тое самае ён казаў і праз некалькі дзён, калі юнага арыштанта прывялі да яго ў кабінет. Бібікаў зноў пераконваў арыштанта што і так усё вядома, і толькі дзеля формы трэба ўсё распавесці следству і падпісаць пратаколы, ён даваў генеральскае слова, што не кране яго сяброў. Дастаткова доўгі час Нарбут не згаджаўся, але нарэшце сазнаўся ў тым, што гэта ён аўтар надпісу на картцы. Пасля чаго Людвіка перавялі ў сухую і светлую камеру, а ў Пецярбург паслалі падрабязны даклад. Фактычна гульня ў канспірацыю сталася чарговай паспяхова выкрытай "крамолай" .

З надрукаваных архіўных матэрыялаў справы юнага Нарбута можна зразумець як ішло следства. Справа №4 ад 1851 г. "Ученика виленской гимназии Людвика Нарбута" пачата 11 студзеня і скончана 19 сакавіка 1851 г. У данясенні генерал-маёру Кучынскаму ад 11 студзеня 1851 г. паведамляюцца агульныя папярэднія вынікі справы пра антыўрадавыя дзеянні Людвіка Нарбута сярод вучняў віленскай гімназіі: пра прызнанне яго саўдзельнікаў Мельхіёра Бакшанскага і Казіміра Нарвойша і пра адмову Нарбута прызнацца нават пасля прызнання яго былых сяброў. На вочнай стаўцы Бакшанскі катэгарычна сцвярджаў, што не браў удзел у злачынных справах Нарбута, на што Нарбут адказаў, што ёсць сведкі, якія могуць пацвердзіць адваротнае, бо Бакшанскі некалькі разоў удзельнічаў у нарадах арганізацыі. Жандар, які склаў дакумент, канстатуе, што ў цэлым сведчанні Бакшанскага і Нарвойша не вымусілі Нарбута да дачы сведчанняў па справе. З рапарта падпалкоўніка корпуса жандараў Данілава да выканаўцы абавязкаў начальніка 4-й акругі корпуса жандараў генерал-маёра Кучынскага ад 12 лютага 1851 г.: "… з 8 снежня бягучага года … вядзецца следства па справе вучня мясцовай губернскай гімназіі Людвіка Нарбута, які абвінавачваецца ў распаўсюдзе сярод сваіх калегаў шкодных пагалосак і замове іх да ўзброенага выступу.

Справа скончана … стала вядома наступнае:

Напачатку мінулага снежня вучні Гаварчэўскі і Падхарэцкі данеслі класнаму інспектару, што вышэй названы Нарбут, падчас гутаркі з імі і некаторымі іншымі, пытаўся ў іх, ці любяць яны сваю Айчыну, а пасля пачаў ім распавядаць, што вучні варшаўскай гімназіі рыхтуюцца да паўстання, што ў Лідскім павеце ўся шляхта да яго ўжо гатовая, і той, які не пагодзіцца далучыцца да паўстанцаў, будзе піць горкае піва… . На наступны дзень, для адмысловай гутаркі, Нарбут запрасіў іх да сябе на кватэру. Потым, нагадваючы Гаварчэўскаму пра сваё запрашэнне, даслаў яму картку, у якой прасіў запомніць пароль "Арол і крыж".

... арыштаваны Нарбут (гадоў 19, са шляхты) прызнаўся, што ў канцы мінулага месяца лістапада меў намер стварыць разам са сваімі калегамі патрыятычнае таварыства, якое мела за мэту падняць паўстанне. Гэтая думка з'явілася ў яго падчас спрэчкі з вучнем Нарвойшам на яго кватэры … . Паводле сведчанняў Нарбута, галоўнымі саўдзельнікамі яго злачынных намераў былі: вышэй згаданы Нарвойш і Мельхіёр Бакшанскі, з якіх апошні прапанаваў прыняць для іх таварыства пароль "Арол і крыж" і прапанаваў напісаць статут таварыства. Акрамя таго Нарбут прызнаўся, што пра свой намер ён паведаміў вучню Казлоўскаму, які як бы пагадзіўся ўзяць удзел у гэтай справе, і збіраўся ўгаварыць сваіх калегаў Кубліцкага, Прэкера і Тышкевіча, з якімі пачаў перамовы, але не паспеў схіліць іх да ўдзелу ў арганізацыі бо быў арыштаваны … для змовы запрашаў да сябе на кватэру вучняў Пабаеўскага і Пашкевіча … і нарэшце пісаў … картку да Гаварчэўскага, у якой прасіў не забываць пароль "Арол і крыж". Нарбут катэгарычна сцвярджаў, што да моманту яго арышту былі толькі гутаркі і моцныя спрэчкі, але не рабілася аніякіх дзеянняў …, угаворваючы сваіх калегаў ніякіх пагроз не прамаўляў, і адзіным дзеяннем у гэтай справе было прыняцце разам з Бакшанскім пароля "Арол і крыж", яны толькі жадалі даведацца як будзе прыняты такі пароль сярод калегаў. Пра гатовасць шляхты Лідскага павету да паўстання Нарбут казаў таму, што падслухаў у месяцы ліпені … у мястэчку Дубічы, на выхадзе з касцёла гутарку землеўладальніка Ваўка з незнаёмым чалавекам, якому Воўк паведаміў, што неабходна было б прыгатаваць спіс, што ён Воўк выставіў бы 2000 шляхты.

Выкліканыя для допыту Казімір Нарвойш і Мельхіёр Бакшанскі прызналі, што Нарбут у канцы мінулага года паведаміў ім пра свае намеры, а яны … не пагадзіліся прыняць у іх удзел, … нічым яму не дапамагалі і самі жадалі данесці пра яго ўладам, што і зрабілі праз сваіх калегаў Гаварчэўскага і Падхарэцкага… . На вочнай стаўцы Нарбут не пярэчыў супраць довадаў Нарвойша і Бакшанскага. (…) Што да землеўладальніка Ваўка, то па распараджэнні … генерал-губернатара ў яго хаце быў праведзены пяратрус, але не знойдзена нічога, што б магло пацвердзіць яго віну. (…)

Прымаючы да ўвагі ўсё вышэйпададзенае, следчая камісія прыйшла да пераканання, што ў дадзенай справе вінаваты вучань Людвік Нарбут … таму … ён за такія ўчынкі падлягае суровай кары … ".


З рапарта … падпалкоўніка Данілава да выканаўцы абавязкаў начальніка корпуса жандараў 4-й акругі … генерал-маёра … Кучынскага, дня 14 сакавіка 1851 г. № 31:

"У якасці дадатку да рапарта ад 12 лютага … № 21 у справе палітычнага зняволенага Людвіка Нарбута, маю гонар дакласці Вашаму Высокаправасхадзіцельству, што падчас знаходжання генерал-ад'ютанта Бібікава 2-га ў Пецярбургу, на … дакладзе Яго Імператарскай Вялікасці, насупраць параграфа … пра справу вучня віленскай гімназіі Людвіка Нарбута … з прапановай вылупцаваць розгамі і аддаць яго на службу шарагоўцам, не пазбаўляючы аднак дваранскага звання, Яго Імператарская вялікасць зрабіў надпіс "згоды". … Нарбут будзе аддадзены на службу ў адзін з палкоў 6 корпуса пяхоты пры ўмове, строга нагляду за ім … .

Падпісаў пплк. Данілаў" .


Экзекуцыя адбылася ў будынку гімназіі, Нарбут атрымаў 25 удараў розгамі. Пасля экзекуцыі яму дазволілі развітацца з бацькамі і назаўтра, 30 сакавіка, да ўзыходу сонца адправілі ў Калугу, да месца службы .

Абставіны вайсковай службы Людвіка добра адлюстроўвае паслужны спіс:

"… падпаручнік Людвіг Фёдаравіч Нарбут, паводле фармуляра пра яго службу: … ад нараджэння 29 гадоў, з дваран Віленскай губерні, рыма-каталіцкага веравызнання, кавалер ордэна Св. Ганны IV ступені, узнагароджаны ... медалямі за вайну 1853-56 гг. і медалём Св. Георгія з надпісам "За мужнасць".

На службу паступіў па … распараджэнні за палітычны выступ ... 19 красавіка 1850 г. шарагоўцам …, за заслугі ў баях з туркамі 8.IX. 1855 г. стаў ўнтар-афіцэрам, за заслугі ў службе 29.IX.1857 г. ва ўзросце 25 гадоў атрымаў першае афіцэрскае званне - прапаршчыка. Пераведзены ў Рэвельскі полк пяхоты 18 красавіка 1859 г., але ў сувязі са звальненнем са службы ў полк не прыбыў.

Браў удзел у дзеяннях супраць непрыяцеля:

У вайне з туркамі ў 1854 г. з 24.VII. па 20.XI. у Александропальскай і Ахалкалакскай кампаніях і за заслугі ў бітве 24.VII. пад Курук-Дарункай праізведзены ў ўнтар-афіцэры і ўзнагароджаны трыма срэбнымі рублямі, у 1855 г. з 6.V па 3.XII у Александропальскай кампаніі, за штурм 17.XI. Карскіх фартоў узнагароджаны 1 срэбным рублём, з 13.XII.1856 г. па 1.I.1857 г. супраць горцаў на Лезгінскай дэмаркацыйнай лініі, з 1.IV.1857 г. па 1.I.1858 г. і ў 1858 г. з 1.I. па 1.IX. абодва разы на той жа лініі, прычым браў удзел: 27.VIII. - ва ўзяцці штурмам аула Цыбаро, 29. VIII. - у акцыі пры форце Купрыс-Шаво і за высокую мужнасць, выяўленую ў той экспедыцыі ўзнагароджаны ордэнам Св. Ганны 4 ступені з надпісам: "За мужнасць", у тым жа годзе ў складзе войскаў левага крыла каўказкай войска, з 25.X. па 18.XII. бярэ ўдзел у дзеяннях у ваколіцах Уладзікаўказа, Назрані, Несцераўскага паста і ў Чорных гарах Малой Чачні …, прычым: 2.XI пры злучэнні адзелаў пры Акпортаўскім перавале, у справе пры Мутыч-Анкунь каля перавалу Асы, а адтуль … для ўзяцця апошніх непакорных аулаў Малай Чачні, Акінсаў і Мерадзінаў… . 28.XII. пры ўзяцці варожых пазіцый каля аула Агашты, 29 - пры адбіцці нападу непрыяцеля на войскі якія ўдзельнічалі ў работах на дарозе каля аула Агашты, 31 - пры ўзяцці гэтага аула. У 1859 г. у складзе галоўнага аддзела браў удзел у экспедыцыі супраць горцаў: 1.I у наступе … у кірунку аула Агашты, 11.I у бомбардаванні, 14 - ва ўзяцці пазіцый, пабудаваных супраць непрыяцеля каля ракі Баль і ўзяцці аула Тнузень.

Раненняў не мае і ў палоне не быў. Спагнанняў … не меў.

У 1858 г. заслужыў Найвышэйшую Пахвалу за ваенныя дзеянні ў складзе … войскаў лезгінскага аддзела … .

Выхоўваўся ў Віленскай гімназіі, ведае: рэлігію, граматыку, арыфметыку, гісторыю ўсеагульную, геаграфію Расіі і ўсеагульную, мову французскую.

Падчас службы пакаранняў судовых, не судовых не меў і пад следствам не быў.

У 1859 г. найвышэйшым Яго Імператарскай Вялікасці ўказам, выдадзеным 26.VII звольнены са службы, з-за сямейных акалічнасцяў у чыне падпаручніка. … з правам нашэння ваеннага мундзіра, хоць і не выслужыў неабходны для гэтага тэрмін. ….

Генерал-маёр Лідэрс".

(Працяг у наст. нум.)

* Друкуецца ў скарочаным варыянце. Поўны тэкст будзе надрукаваны ў часопісе "Лідскі летапісец" № 1 (61) за 2013 год.

Лаўрэш Леанід


Памятаем пра мінулае, рухаючыся ў будучыню

Парад беларускамоўных календароў працягваецца. Каляндар на беларускай мове прэзентаваў "Белінвестбанк". Канцэптуальны каляндар называецца "Словы". На ім - 12 выразаў, ад фразы на Барысавым камені да 1 артыкула Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якія акрэсліваюць гістарычны шлях нацыі. Фонам служаць артэфакты эпохі, якой належыць, а таксама дэвіз: "Памятаем пра мінулае, рухаючыся ў будучыню".

Каляндар мае выдатную паліграфію, густоўнае афармленне і ўнікальны памер - 0,5х0,7 метра. У малым пакойчыку такі не павесіш. Вялікі банк - для вялікай кампаніі.

Наш кар.


Распачата серыя брашур "100 выдатных дзеячоў беларускай культуры"

Інстытут беларускай гісторыі і культуры распачаў новую серыю брашур: "100 выдатных дзеячоў беларускай культуры". Тым самым ІБГіК супольна з выдавецтвам "Харвест" закрывае нішу, якая дагэтуль заставалася вольнай. "Кішэнныя" брашуры пра дзеячоў беларускай культуры стануць альтэрнатывай расійскім серыям кшталту "Наша гісторыя. Сто вялікіх імёнаў".

Першыя тры выпускі серыі прысвечаныя мастаку Міхаілу Андрыёлі, тэатралу Фларыяну Ждановічу і гісторыку Мітрафану Доўнар-Запольскаму.

Анатоль Тарас, заснавальнік серыі:

- Гэта задумана як шматгадовая серыя. Калі ў год выпускаць па дзесяць брашурак, тады атрымаецца дзесяць год. Наша асноўная задача - знаёміць моладзь з біяграфіямі славутых беларусаў. Серыя не палітычная, бо ацэньваць постаці палітыкаў цяжка, мы засяродзілі ўвагу на культуры. Напрыклад, калі інфармацыі пра Багдановіча ці Купалу шмат, то пра Зоську Верас я знайшоў толькі два-тры артыкулы. Мы збіраемся ліквідаваць гэты прабел.

Выбар постацей для кнігі насамрэч суб'ектыўны, хоць я звяртаўся, вядома ж, да іншых гісторыкаў. Зараз створаны спіс з 75 асобаў, мы хочам звярнуцца да грамадства - хай людзі паўдзельнічаюць у выбары герояў нашых кніг.

Распаўсюдам кніг займаецца выдавецтва "Харвест". Паколькі не ўсе кнігарні ахвотна бяруць кнігі па гісторыі, то акцэнт будзе зроблены на супермаркетах - на стэндах, якія гандлююць кнігамі і часопісамі. Канечне, будуць брашуры ў "Акадэмкнізе", у "Кніжным салоне". Наклад кожнага выдання - 1500 асобнікаў. Кожная з іх з накруткай ад крамы мусіць каштаваць - самы максімум 15 000 рублёў.

Наш кар.


Традыцыйныя Каляды ў Іркуцку прайшлі ў Абласной філармоніі

16,5 гадоў існуе Рэгіянальнае грамадскае аб'яднанне "Іркуцкае таварыства Беларускай культуры імя Я.Д. Чэрскага" (ІТБК), і за ўвесь гэты час традыцыя збірацца на Каляды не прыпынялася ні разу!

Памятаецца ўжо далёкі 1997 год, калі ўпершыню на Каляды мы сабраліся ў актавай зале школы № 31 мікрараёна Зялёны і сваімі, тады яшчэ сціплымі сіламі правялі гэтае свята. Але вось што дзіўна: з першага разу стыль правядзення Калядаў не змяніўся ні разу. Ды і як яму змяніцца: гэта ж абрад! А ён павінен праходзіць традыцыйна!

Схема нашых Калядаў была заўсёды адна і тая ж. Спачатку канцэрт нашых творчых калектываў і індывідуальных талентаў (але ўсё па-беларуску!), затым калядны блок з гумарам і традыцыйнымі песнямі, а потым танцы і бяседа (з тостамі і добрымі, зноў жа, традыцыйна беларускімі закускамі).

Ну, вось ужо пачынаючы з 2007 года, з'явілася яшчэ адна выдатная традыцыя. Да нас на Каляды пачалі прыязджаць з канцэртнай праграмай знакамітыя артысты з Беларусі.

У 2007 годзе - лідар рок-гурта "Новае неба" Кася Камоцкая.

У 2008 годзе - бард і артыст тэатра і кіно Віктар Шалкевіч.

У 2009 годзе - кампазітар і музыка, лідар гурта сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса" - Зміцер Сасноўскі.

У 2010 годзе - бард, паэт, кампазітар Алесь Камоцкі.

У 2011 годзе - бард, кампазітар, паэтка Таццяна Беланогая.

У 2012 годзе - этна-рок-музыка, кампазітар Зміцер Вайцюшкевіч.

І вось у гэтым годзе, у 2013-м, нас наведаў легенда беларускага рэпу Аляксандр Памідораў!

Вядома ж, казаць, што нам лёгка даецца запрашэнне знакамітых беларускіх артыстаў у Іркуцк на Каляды, было б не дакладна. Арэнда залы, аплата пералёту з Менска ў Іркуцк і назад, экскурсіі, паездкі на Байкал і г.д. - гэта ўсё патрабуе значных выдаткаў. І кожны раз асабіста я не ўпэўнены, ці змагу знайсці грошы на чарговыя Каляды. Але, азіраючыся назад, ужо пасля правядзення свята, з упэўненасцю можна сказаць: добра, што да нас прыязджаюць такія таленавітыя зоркі беларускай песні.

Бо кожны такі прыезд прыносіць не толькі клопат, але і стварае святочны настрой на некалькі дзён. Зносіны, абмен думкамі, знаёмства іркуціх беларусаў з артыстамі з метраполіі, магчымасць параўнання і магчымасць для нас, сібіракоў, адзначыць каларыт кожнага госця - гэта дарагога варта!

Як мінімум яшчэ некалькі месяцаў блукаюць сярод прыбайкальскіх беларусаў згадкі: "А памятаеш, як Памідораў заспяваў песню"Дзень без гарэлкi"?".

Проста выдатна, што на "Калядных сустрэчах" мы можам убачыць часцінку нашай гістарычнай Радзімы! Пагутарыць "на жывую" з таленавітымі суродзічамі з Бацькаўшчыны!

Хочацца падзякаваць усім артыстам з Беларусі за падтрымку нашага беларускага духу тут у Сібіры! Мы вельмі радыя, што ў гэтыя святочныя дні вы былі з намі! Шкада, што кожная такая сустрэча носіць эксклюзіўны характар, але можа быць якраз таму яна і асабліва каштоўная.


Сёлета Каляды прайшлі, як заўсёды, 7 студзеня. Гэтым разам мы сабраліся ў прасторнай зале Абласной філармоніі. Зала была разлічана на 350 чалавек. Сабралася гледачоў крыху менш за сотню. На жаль, не ўсе змаглі прыйсці нават з нашых актывістаў. Маразы, запланаваныя даўно паездкі, нечаканыя сваякі і госці здалёк і шмат іншых аб'ектыўных і суб'ектыўных перашкод. Што ж, кожны выбірае свае прыярытэты. Але ўсё ж самыя "верныя" беларускім традыцыям актывісты ІТБК і нашыя госці сабраліся традыцыйна разам у гэты дзень. І ні ад кога я не пачуў, што ён пра гэта пашкадаваў. Свята атрымалася выдатнае!

Спачатку выступілі два нашыя іркуцкія фольк-гурты "Ленушка" і "Крывiчы". Кожны з ансамбляў праспяваў па дзве традыцыйныя беларускія песні. Вядома ж, яны маглі праспяваць і больш. Тым больш што нашым гледачам іх выступы заўсёды даспадобы. Фальклорны ансамбль "Ленушка" (паводле назвы паўночнай сібірскай ракі Лены, на берагах якой таксама сяліліся беларусы) і ансамбль аўтэнтычнай песні "Крывiчы" крыху адрозніваюцца сваімі стылямі. У "Ленушкі" песні аўтарскія і народныя, часам у апрацоўцы, часта пад акампанемент, бадзёрыя і меладычныя. У "Крывiчоў" - працяжныя баладныя і абрадавыя, выконваюцца толькі акапэльна, разлічаныя на шматгалоссе, традыцыйна "вясковыя", старадаўнія, але асабліва дарагія "бабуліны" песні, якія гучаць маладымі звонкімі галасамі.

Летась кожны з гэтых ансамбляў, дзякуючы спонсарскай дапамозе Істоміна Г.В., Жука Д.Л. і Навумава В.А., выпусціў свой дыск. Іркуцкім гледачам (зрэшты, ужо і за межамі Іркуцкай вобласці, і нават у Беларусі) яны добра вядомыя, бо выступалі са шматлікімі канцэртамі.

І ўсё ж галоўная інтрыга сёлетніх Калядаў была наперадзе. Нашыя ансамблі саступілі сцэну госцю з Менска, легендарнаму беларускаму рэперу і панк-рок музыку Аляксандру Памідораву.

Інтрыга была яшчэ і ў тым, што, як мне прызнавалася адна іркуцянка, знаёмая з творчасцю нашага госця, было цікава пачуць песні Аляксандра не ў рокавым выкананні, а пад простую гітару.

Спадар Памідораў скарыў усіх гледачоў цудоўным майстэрствам ігры на дванаццаціструннай гітары. А яго аўтарскія песні гарманічна гучалі і без рок-суправаджэння. Праўда, падвяла апаратура. Аляксандру давялося адысці ад мікрафонаў і адключыць ад узмацняльніка гітару. Але акустыка залы дазволіла стварыць добрае гучанне і без электрычнасці, нават дзесьці гучанне было і лепшым, утульнейшым. Тым больш, было асабліва відаць і чуваць майстэрства віртуоза.

Аляксандр Памідораў на працягу гадзіны выконваў свае песні па дружнае плясканне, а ў канцы яго выступу, "нечакана" прыйшлі калядоўшчыкі!

І пачалося... Мала таго, што спяваюць вясёлыя калядкi, дык яшчэ і жартуюць. А тут "Каза" з "Ваўком" ў скокі пайшлі! А "Мядзведзь" сёлета асабліва здзівіў, як пачаў "кола" па сцэне круціць, праз галаву куляцца - няйінакш з цырка збег! Ну а "Каза" не вытрымала, у народ пабегла. Ды ўсё на карысць! Бо "Каза" ў беларускай міфалогіі - сімвал здароўя і ўрадлівасці! А тут яшчэ "Дзед" вазьмі і скажы: "А Каза мая дужа чароўная! Калі паглядзіць каму ў торбачку ці сумачку якую, то будуць там у вас грошы цэлы год вадзіцца! А можа ў каго і даляры з еўра нават! Ну а каго мая Каза бадне рогам альбо пхне нагой, дык той здароўя на цэлы год прыдбае!"

Ну і што вы думаеце? Народ наш традыцыю памятае і выконвае! Як толькі "Каза" са сцэны скокнула, усе да яе і пацягнуліся. Сумачкі паказваюць, спінкі пад "рогi" падстаўляюць. А тыя, хто далёка сядзеў, з месцаў паўставалі, рукі працягваюць, толькі б "Каза" іх зачапіла. А што ж, усім хочацца быць здаровым і багатым ў Новым годзе!

Але вось няўдача - "Каза наша ўпала, здохла, прапала!" І вось ужо за справу бярэцца прафесійны "Механоша". Уласна прафесіяналізм яго заключаецца ў простым "выбіваннi хабару". Пагарэзіў на сцэне наш "Механоша", жартачкі прамовіў і таксама ў народ са словамі: "Нашай Козачцы не многа трэба, два боханы хлеба, сем печ перапеч, а яшчэ аладкі, каб бокі былі гладкі, а яшчэ таго мала, дайце шматок сала, а хто харошы, хай насыпле грошы!".

Ну як тут адмовіш такому "профі"? Гледачы нашыя шчодрыя сабраліся (мне потым калядоўшчыкі прызналіся пад сакрэтам), у мех "Механошы" і цукерак накідалі, і манетак, і нават парачка сотачак-пяцісотачак прамільгнула, і, як заўсёды, нехта паклаў традыцыйна прыгатаванага беларускага сала! Гэта асабіста мяне больш за ўсё парадавала. Жыве традыцыя!

А пакуль па зале "Механоша" ходзіць, астатнія калядоўшчыкі стараюцца, калядныя песенькі спяваюць. Весела! Добра!

Ну вось, здаецца, усіх "Механоша" абышоў. Тут "Дзед" і кажа:

"Не хоча Каза ўставаць - трэба лекі ёй даць: нацерці бок кійком, падняць батагом. Каза мая вучоная, кіем хрышчоная, прайшла ўсе навукі, ведае розныя штукі. А ну, Каза, уставай, з хаты выхадзі, бяду вынасі. Уцякай хутчэй з гаспадарскіх вачэй! А ў гэтым доме не шкодзіць нікому! От, дзякуй вам, спадарства, за багатыя падарункі. Ну а зараз трэба нашыя Каляды затанчыць. Каб шчасця на новы год усім нам прыдбаць".

Тут народ на сцэну дружна пайшоў: і стары, і малы! Зноў жа, хто ж шчасця ў новым годзе не жадае? Калядоўшчыкі спявалі, а астатнія дружна ў карагодзе хадзілі. Праўда, не ўсе змаглі ў гэтым дзеянні паўдзельнічаць. Сцэна, хоць і досыць вялікая, але ўсіх не змясціла. Аднак "Дзед" супакоіў: "Карагод карысны як для тых, хто танчыў, так і для тых хто назіраў! Так што ўсе шчаслівыя будзем!".

Ну, вось справа і зробленая!

Наперад выйшла "Каляда" і сказала добрыя пажаданні. Яе слухаюць з асаблівым павагай, бо яна дачка "Даждзь-бог-Сонца", і толькі яна можа насіць "Зорку" - сімвал свайго Бацькі.

"Калядоўшчыкі" праспявалі яшчэ адну песню і пад дружныя апладысменты пайшлі далей "па горадзе калядаваць".

Дарэчы, хтосьці сцвярджаў, што калядоўшчыкі - гэта быццам бы былі пераапранутыя і замаскіраваныя ўдзельнікі ансамбля "Крывiчы"?! Не ведаю, не ведаю. Думаю, памыляюцца… Ужо надта ж непадобныя!

А вось Аляксандру Памідораву зноў давялося на сцэну выйсці, каб праспяваць пару песень і атрымаць традыцыйныя падарункі.

Затым свята перамясцілася ў хол. Спачатку ўсе падышлі да сталоў і зладзілі бяседу, з тостамі, віншаваннямі ад актывістаў ІТБК і ад гасцей. Перакусілі, адпачылі. І перайшлі да трэцяй часткі нашых Калядаў, да танцаў!

Без гэтага нашыя Каляды ўжо таксама не абыходзяцца. Многія адмыслова чакаюць гэтага моманту. Прычым "Маразуля", "Польку задам", "Марыненскi кракавяк" і да г.п. танчаць з задавальненнем усе, незалежна ад узросту. Толькі ад імя некаторых бабуль 85-гадовая палачанка Антаніна Васільеўна Тошчава (у дзявоцтве Пракапенка) сказала: "Мы тут ужо пасядзім. Паглядзім".

Толькі пасля 15 танцаў народ, прытаміўшыся, пагадзіўся, што час, напэўна, і дадому збірацца. А што ж наш госць? Аляксандр Памідораў трапіў у чэпкія рукі нашых гаспадынь-беларусак. Асаблівае шэфства ўзяла над ім Тамара Мікалаеўна Дзятлава, якая родам з Ляхавіч і якая традыцыйна прыносіць да стала ёю самой прыгатаваныя найсмачнейшыя беларускія стравы. І як нашы дзяўчаты не спрабавалі адарваць Аляксандра і патанчыць з ім, адказ быў адзін: "Я спяваю, але не танцую. Я тут... пастаю".

Вось так, весела і заўзята, прайшлі нашыя Каляды!

Ад імя Абласной Рады ІТБК ўсім удзельнікам свята велізарны дзякуй за захаванне нашых беларускіх традыцый!

Ну, а нашаму госцю з Менска Аляксандру Памідораву дзякуй ўдвая, нават утрая!

Па-першае, за прыезд на нашыя Каляды і прывітанне з Беларусі. Па-другое, за цудоўны канцэрт. Ну а па-трэцяе, як нехта заўважыў, Аляксандр прывёз да нас пацяпленне. Падчас яго канцэрту было ўсяго -15. Спякота. Бо напярэдадні даходзіла да -40!


Напрыканцы хачу ўсіх чальцоў ІТБК і нашых сяброў, усіх жыхароў Прыбайкалля і іншых рэгіёнаў Расіі, а таксама чытачоў нашай "Маланкi" з замежных краін павіншаваць з Калядамі і Новым 2013 годам!

Здароўя Вам, дабрабыту і шчырага кахання!

Алег Рудакоў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX