Вярнуцца: 2013

№ 06 (1105)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 6 (1105) 6 лютага 2013 г.

150 гадоў назад 1 лютага 1863 года пачалося вызвольнае паўстанне на Літве і Беларусі


175 гадоў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага

Кастусь Каліноўскі нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Гарадзенскага павета (зараз у Падлескім ваяводстве Польшчы) у сям'і беззямельнага шляхціца.

У 1847-52 гг. вучыўся ў Свіслацкай павятовай вучэльні, пасля заканчэння якой некалькі год пражыў у бацькавым фальварку Якушоўка, дапамагаючы ў гаспадарчых клопатах і, відавочна, займаючыся самаадукацыяй. Вялікі ўплыў на Кастуся Каліноўскага меў старэйшы брат Віктар Каліноўскі, які вучыўся ў Маскоўскім універсітэце і даследваў па даручэнні Віленскай археалагічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы.

У 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта на камеральныя навукі. На працягу навучання ва ўніверсітэце Каліноўскі прымаў удзел у дзейнасці нелегальных студэнцкіх гурткоў, разам з братам быў сябрам таемнай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба, якую ачольвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі.

Улетку 1862 г. Каліноўскі разам з паплечнікамі з Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангінам, Станіславам Сільвестровічам і Валерам Урублеўскім распачаў выпуск "Мужыцкай праўды" - першай у гісторыі газеты на беларускай мове. Усяго той газеты выйшла сем нумароў.

У 1862 г. Каліноўскі ўжо ўваходзіў у склад Літоўскага правінцыяльнага камітэта (ЛПК) - цэнтральнага органа падрыхтоўкі паўстання на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю (цяпер - тэрыторыя паўднёва-ўсходняй Літвы і Беларусі), а ўвосень таго ж года стаў яго старшынём.

Аднак старшынстваваў Каліноўскі ў віленскім паўстанцкім камітэце нядоўга. Неўзабаве пасля выбуху паўстання, варшаўскі цэнтр і мясцовыя памешчыкі дамагліся роспуску ЛПК. Каліноўскага накіравалі на родную Гарадзеншчыну на пасаду паўстанцкага камісара ваяводства.

Актыўная праца Каліноўскага ва ўмовах паўстання на пасадзе ваяводскага камісара паспрыяла таму, што менавіта на Гарадзеншчыне інсургенты мелі найбольш баяздольную, магутную арганізацыю, прыцягнулі да барацьбы шмат сялян. У чэрвені 1863 г. праз поспехі царскіх войскаў і масавыя арышты паўстанцаў Каліноўскі вымушаны вярнуцца ў Вільню. у ноч на 29 студзеня 1864 г. схоплены царскімі жандарамі ў Святаянскіх мурах. 22 сакавіка Кастусь Каліноўскі быў публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні.

Вікіпедыя.


"Белпошта" святкуе ўгодкі нараджэння Кастуся Каліноўскага

Да 175-годдзя з Дня нараджэння кіраўніка паўстання 1863 года "Белпошта" з ініцыятывы ТБМ выпусціла адмысловую паштоўку.

Урачыстае гашэнне паштоўкі адбылося 2 лютага ў будынку Галоўпаштамта ў Менску. Усе, хто набыў паштоўку ў гэты дзень, атрымалі магчымасць паставіць на яе адмысловы ўнікальны штамп.

Паштоўку выпусцілі накладам у 30 тысяч асобнікаў. Мастака М. Рыжы.

Паводле "Еўрарадыё".


120 гадоў з дня нараджэння Антона Неманцэвіча

Антон НЕМАНЦЭВІЧ (8 лютага 1893, Пецярбург - 1 красавіка 1943; псеўданімы: Злучэнец) - беларускі каталіцкі святар усходняга абраду, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, выдавец, педагог, публіцыст. Адзін з ініцыятараў беларускага ўніяцкага руху ў Заходняй Беларусі.

Антон Неманцэвіч нарадзіўся ў Пецярбурзе ў сям'і выхадцаў з в. Парчэўцы Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Першапачаткова вучыўся ў Сестржанцэвіцкай павятовай вучэльні, якую скончыў у 1909. З 1910 - студэнт каталіцкай семінарыі ў Пецярбурзе. Прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі, якую скончыў са ступенню магістра тэалогіі. У час вучобы прымаў удзел у дзейнасці беларускага культурна-асветнага гуртка. Пасвечаны ў святары 27.9. 1915. Душпастырскую дзейнасць распачаў у Колпіне недалёка ад Петраграда.

З прыходам да ўлады бальшавікоў пераследаваўся за рэлігійную дзейнасць. Першы раз арыштаваны 25.5.1919 і асуджаны на 6 месяцаў турмы. Пасля 1920 служыў вікарыем у Маскве. Арыштаваны 31.05.1921 за "антысавецкую дзейнасць". Вызвалены і дэпартаваны ў Польшчу ў выніку абмену палітычнымі вязнямі. У 1925-27 г. вучыўся ў папскім Усходнім інстытуце ў Рыме. Абараніў доктарскую дысертацыю. Працаваў выкладчыкам Місіянерскага інстытута і законанастаўнікам у школах Любліна. У 1928-29 г. вёў заняткі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Выконваў святарскія абавязкі ў Альбярціне і пры ўніяцкай парафіі ў Сынкавічах. Арганізаваў рэстаўрацыю і аднаўленне помніка абарончай архітэктуры з элементамі готыкі - царквы ў Сынкавічах. У 1932-37 г. рэдагаваў і выдаваў беларускі ўніяцкі часопіс "Да злучэння". З 1934 - прафесар фундаментальнай тэалогіі і кананічнага права ў папскай Усходняй семінарыі ў г. Дубна (Заходняя Украіна), дзе пэўны час займаў пасаду рэктара. У 1938 рэдагаваў часопіс "Злучэнне". 17.9.1939 мітрапалітам А. Шаптыцкім прызначаны Беларускім экзархам Грэка-Каталіцкай Царквы. Увёў беларускую мову як афіцыйную ў царкоўнае справаводства і рэлігійнае жыццё.

У гады Другой Сусветнай вайны разгарнуў дзейнасць па арганізацыі адміністрацыйных структур новастворанага Беларускага экзархата. Заснаваў Апостальства Малiтвы за Беларусь, да якога спачатку належалi толькi святары, а потым далучылiся і свецкiя.

Пасля паездкі ў Львоў па царкоўных справах да мiтрапалiта Шаптыцкага 4 ліпеня 1942 Беларускі экзарх ГКЦ а. Антон Неманцэвіч быў арыштаваны гестапа ў сваёй рэзідэнцыі ў Альбярціне і дастаўлены ў Менск.

Падобна, ён памёр 6 студзеня 1943 як пакутнік, знясілены турэмнымі ўмовамі ў Менскай вязніцы СД ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці. Быў пахаваны 9 студзеня 1943 г. на нямецкіх могілках у Менску святаром мясцовай праваслаўнай царквы.

Цяпер у БГКЦ прыкладаюцца намаганні для таго, каб распачаць працэс беатыфікацыі ў Каталіцкай Царкве айца Антона Неманцэвіча як вязня і пакутніка фашызму.

Вікіпедыя.


90 гадоў Леаніду Шчамялёву

Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў (5 лютага 1923, Віцебск) - народны мастак Беларусі (1983), заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі (1982).

Менская мастацкая вучэльня (1952). Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1959), цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў.

Сябра Саюза мастакоў БССР (1964; цяпер Беларускі саюз мастакоў).

Выкладчык ў Менскай мастацкай вучэльні (1959-1966). Выкладчык у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка І. А. (1968-1974). Выкладчык на архітэктурным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута (1975-1977, цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.

Першы сакратар Праўлення Саюза мастакоў БССР (1977-1982). Старшыня Праўлення Мастацкага фонду БССР (1982-1986?). Член Праўлення Саюза мастакоў СССР (1983-1987). Член Праўлення Беларускага саюза мастакоў (1992-2002). Старшыня Праўлення Беларускага саюза мастакоў (2002-2005). Працуе ў жанрах станковага жывапісу.

Узнагароды: ордэн Айчыннай вайны 1 ступені, ордэн Айчыннай вайны 2 ступені. У 1993 годзе ўзнагароджаны медалём Францішка Скарыны. Узнагароджаны медалём ВДНГ СССР.

Вікіпедыя.


З падзей 2012 года

З 1 студзеня тарыфная стаўка І разраду павышана з 151 тыс.руб. да 200 тыс. руб., г.зн. на 32,5%. Мінімальная заработная плата склала 1 млн. руб. у месяц.

4 студзеня Прэзідэнт ЗША Барак Абама падпісаў "Акт аб дэмакратыі і правах чалавека 2011 года ў дачыненні да Беларусі", які быў прыняты кангрэсам ЗША 21 снежня 2011 г. Уведзены санкцыі супраць Беларусі.

21 студзеня . За мяжой памёр беларускі мастак Яўген Шатохін , які нарадзіўся ў Пінску 25.02.1947 г.

28 студзеня Вікторыя Азаранка , беларуская тэнісістка, стала першай ракеткай свету на чэмпіянаце ў Аўстраліі.

Студзень. Міжнародная Федэрацыя водных лыжаў і вайнборду прызнала Наталлю Берднікаву (нар. 29.11. 1982), спартсменку з г. Наваполацка, лепшай у свеце за 2011 год. У скачках з трампліна сярод жанчын яна мае сусветны рэкорд 57,4 м. Яна трохразовая рэкардсменка свету і трохразовая чэмпіёнка свету.

Студзень. Адменена выдача льготных крэдытаў на будыўніцтва жылля. Яна пакінута толькі для шматдзетных сем'яў, вайскоўцаў, органаў МУС і КДБ.


8 - 12 лютага ў Мен-ску праходзіў ХІХ Міжнародны кніжны кірмаш-выстава .

24 лютага ў Віцебску асуджаны на 2 гады і 1 месяц пазбаўлення волі Сяргей Каваленка , сябар КХП-БНФ, за тое, што ён 7 студзеня 2010 г. вывесіў днём на гарадской ёлцы бела-чырвона-белы сцяг. У камеры папярэдняга зняволення ён да суда трымаў галадоўку ў знак пратэсту, што яго беспадстаўна затрымалі.


5 сакавіка. На беларускай мяжы пачаў дзейнічаць спіс асоб, якім забаронена пакідаць краіну - выязджаць з Беларусі.

17 сакавіка зняволены Сяргей Каваленка , які адмаўляецца есці, адпраўлены ў Менскую псіханеўралагічную бальніцу ("Навінкі"). Пасля лячэння ён пачаў есці праз месяц.

19 сакавіка. У Маскве Прэзідэнты дзяржаў ЕўрАзЭС правялі пасяджэнне Міжнароднага Савета эканамічнай супольнасці. У якасці назіральніка прысутнічаў Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч. Дасягнута дамоўленасць аб пашпартна-візавым кантролі ў Мытным Саюзе.

У сярэдзіне сакавіка расстраляны тэрарысты Уладзіслаў Кавалёў і Дмітрый Канавалаў , якія арганізавалі наўмысны выбух у Менску, на станцыі метро "Кастрычніцкая" 11 красавіка 2011 года.

25 сакавіка . У нядзелю ў Менску адбылася дэманстрацыя і мітынг у гонар 94-х угодкаў БНР . Урачыстасці правялі і беларусы за мяжой - у Вільні, Лондане, Празе, Кіеве, Маскве, ЗША і Латвіі.

25 сакавіка. Былы Старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч атрымаў у ЗША медаль Свабоды. Яго ўзнагародзіў Фонд ахвяр камунізму. Многія родзічы яго бацькоў (па 8 чалавек у кожнага) былі рэпрэсаваныя.

29 сакавіка памёр Канстанцін Паўлавіч Кабашнікаў , фалькларыст, доктар філалагічных навук. Пражыў 84 гады.

31 сакавіка . У Менску, у прыходзе Сафіі Слуцкай асвечаны Патрыяршым экзархам усяе Беларусі Філарэтам помнік Св. Сафіі Слуцкай . Аўтары помніка - скульптар Міхась Інькоў і архітэктар Мікалай Лук'янчык.

Сакавік. Нацыянальны банк РБ выпусціў у абарачэнне купюру 200 тысяч рублёў.

З 1 сакавіка да 25-26 красавіка ў Менску не было аніводнага кіраўніка пасольстваў дзяржаў Еўрапейскага Саюза. Яны выехалі ў знак салідарнасці, калі МЗС РБ прапанавала паслу Польшчы з'ехаць для кансультацыі ў сваю краіну.


14 - 15 красавіка . Па амністыі выйшлі на волю кандыдат у Прэзідэнты Андрэй Саннікаў і кіраўнік яго выбарчай кампаніі Дзмітрый Бандарэнка .

17 красавіка. Беларуска Святлана Кузняцова (дзявочае прозвішча Крук), якая мае двух дзяцей і жыве ў Маскве, на Міжнародным конкурсе прыгажосці ў Дамініканскай Рэспубліцы заваявала залатую карону.

26 красавіка. У Менску адзначана 26-я гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Жалобная працэсія прайшла ад будынка НАН Беларусі да пл. Бангалор.

27-28 красавіка. У Менску знаходзіўся з візітам Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў, які атрымаў у сваёй краіне тытул Архадаг (Заступнік).

Красавік. Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў ужо 129 скаргаў з Беларусі ў ААН.


1 траўня на метэралагічнай станцыі "Палеская" зарэгістраваны рэкордны паказчык тэмпературы для гэтага дня +30,80 С.

5 траўня на VІІІ конкурсе прыгажосці ў Менску Юлія Скалковіч , якой 20 гадоў, заваявала тытул "Міс Беларусь-2012". Юля з Берасця. Яна вучыцца на трэцім курсе архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага палітэхнічнага ўніверсітэта.

5 траўня Першай "Віцэ-Міс Беларусь - 2012" стала Вікторыя Шавель з Гомеля.

11 траўня Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь вызвалены ад пасады Міністр унутраных спраў Анатоль Нілавіч Куляшоў і прызначаны на гэтую пасаду палкоўнік Ігар Анатолевіч Шуневіч , які нарадзіўся ў 1967 г. у Луганскай вобласці (Украіна).

13 траўня Прэзідэнт Казахстана Нарсултан Назарбаеў наведаў урадавую рэзідэнцыю ў Віскулях (Белавежская пушча).

14 траўня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка ў Менску меў сустрэчу з Нарсултанам Назарбаевым.

15 траўня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка правёў у Маскве паседжанне кіраўнікоў дзяржаў АДКБ .

19 траўня. У суботу ў Менску, каля ўніверсама "Першамайскі" на пр. Русіянава Андрэй Молчан прагульваўся з бела-чырвона-белым сцягам. Пасля сустрэчы з міліцыяй трапіў у бальніцу хуткай дапамогі.

27 траўня. У нядзелю ў Менску прайшла дэманстрацыя каталікоў па пр. Незалежнасці ад касцёла Св.Роха да касцла Св. Сымона і Алены. Узначальваў калону біскуп Тадэвуш Кандрусевіч .

Травень. Дзяржаўны дэпартамент ЗША ўзнагародзіў пісьменніка Алеся Бяляцкага прэміяй за дзейнасць у галіне абароны правоў чалавека.


7 чэрвеня. У Менску адбылася ўрачыстая перадача Статута Вялікага Княства Літоўскага , зацверджанага ў 1588 годзе і надрукаванага ў Вільні, Музею гісторыі Магілёва. Ён выкуплены ў прыватнай асобы ў Расіі за 45 тысяч долараў, сабраных у Беларусі па ініцыятыве студэнта-гісторыка Андрэя Радкова і Музея гісторыі Магілёва.

21-24 чэрвеня ў г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці адбыўся VІІ рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва "Берагіня". У праграме "Песенная творчасць" фальклорны гурт "Чабарок" гімназіі №2 г. Вілейкі заняў першае месца.

25-28 чэрвеня Прэзідэнт А. Лукашэнка знаходзіўся з афіцыйным візітам на Кубе, у Венесуэле і Эквадоры .


3 ліпеня ў Менску на праспекце П. Машэрава і Пераможцаў адбыўся парад войск і дэманстрацыя спартсменаў у гонар Дня Рэспублікі.

4 ліпеня . А 8-й гадзіне шведскі лёгкаматорны самалёт (пілоты Томас Мазэці і Хана Ліна Фрэй) з Літвы праз Івянец даляцелі да Менска, да ТЭЦ-3 і раскідалі плюшавыя цацкі (мядзведзікаў) з цыдулькамі, затым яны вярнуліся ў Літву. Гэты інцыдэнт фактычна пазбавіў шведскага пасла Стэфана Эрыксана, прыхільніка беларускай мовы і культуры, акрэдытацыі ў Менску, беларускай візы. Ён прабыў тут каля 10 гадоў. Затым Беларусь закрыла сваё пасольства ў Швецыі, а ў Менску - пасольства Швецыі.

4 ліпеня Прэзідэнт А. Лукашэнка падпісаў Указ № 295 , паводле якога грамадзяне, якія стаяць на прафілактычным уліку ў органах КДБ, абмяжоўваюцца ў праве выезду за межы Рэспублікі Беларусь.

9 ліпеня прыняты Закон " Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы". У адпаведнасці з ім да 11 студзеня 2013 г. займелі права выйсці на волю 2 877 чалавек. Адмоўлена ў амністыі 6 216 зняволенным.

15 ліпеня. Памерла Вера Вярба (Гертруда Маркава), журналістка, паэтка, аўтар песні "Ручнікі". Пражыла 70 гадоў. Пахавалі на гарадскіх могілках у Калодзішчах.

18 ліпеня. Адбыўся візіт прэм'ер-міністра Расійскай Федэрацыі Дзмітрыя Мядзведзева ў Менск. Падпісаны кантракт на будаўніцтва Астравецкай АЭС. Урад РФ дае крэдыт на яе будаўніцтва.

12-18 ліпеня праводзіўся ХХІ Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар" у Віцебску. Сваю гісторыю пачаў 18 ліпеня 1992 г. Сёлета пераможцам стаў спявак з Македоніі Бобан Мойсоўскі.

19 ліпеня . Увечары а 22-й гадзіне за две гадзіны дождж затапіў нізінныя вуліцы ў Менску і Маладзечне.

21 ліпеня ў Нясвіжы адкрыты палацава-паркавы ансамбль. Кошт уваходнага білета 50 тыс.руб.

22 ліпеня з касмадрома Байканур запушчаны ў космас на арбіту Зямлі беларускі апарат "Канопус В" .

24 ліпеня. У Пінску, на прадпрыемстве "Пінскдрэў" адбылася забастоўка рабочых і многія з іх падалі заявы на выхад з Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Ліпень. У Анкары (Турцыя) мінчанка Наталля Рабава перамагла на конкурсе прыгажосці сярод глухіх. Яна атрымала 3 тытулы і 2 кароны: "Міс Інтэрнэшнл", "Міс Еўропы" і "Міс Фота".

31 ліпеня. Вызвалены ад займаных пасад старшыня Камітэта пагранічных войск генерал-маёр Ігар Рачкоўскі і камандуючы ВПС і СПА генерал-маёр Дзмітрый Пахмелкін . Ім пастаўлена ў віну пропуск на тэрыторыю нашай краіны шведскага самалёта 4 ліпеня 2012 г.

31 ліпеня памёр Янка Уладзіміравіч Саламевіч (нар. 29.10.1938), фалькларыст, энцыклапедыст. Нарадзіўся ён у в. Малая Кракотка Слонімскага раёна.


2 жніўня Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь палкоўнік Аляксандр Баечка прызначаны Старшынём камітэта пагранічных войск. Ён нарадзіўся ў 1965 г. у г. Наваград-Валынскім Жытомірскай вобласці.

6 жніўня амерыканскі касмічны апарат марсаход сеў на паверхню планеты Марс. Апарат быў запушчаны з касмадрома на мысе Канаверал 26 лістапада 2011 г. Марсаход будзе дзейнічаць там 1 марсіянскі год, г. зн. 686 зямных дзён.

9 жніўня пашпартна-візавая служба МУС Рэспублікі Беларусь пачала выдаваць пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь асобам, якія дасягнулі 14 гадоў. Тэрмін дзеяння пашпарта 10 гадоў.

12 жніўня закончыліся ХХХ Алімпійскія гульні ў Лондане, якія пачаліся 27 ліпеня 2012 г. беларуская каманда атрымала спачатку 13 медалёў: 3 залатыя, 5 срэбных і 5 бронзавых. Але потым штурхальніцу ядра Надзею Астапчук пазбавілі залатога медаля, абвініўшы яе ў прыёме допінгу. Беларусь заняла сярод удзельнікаў Алімпійскіх гульняў 23-е каманднае месца .

20 жніўня вызвалены з пасады Міністр замежных спраў Сяргей Мікалаевіч Мартынаў. На гэту пасаду прызначаны Уладзімір Уладзіміравіч Макей , які да гэтага быў кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

26 жніўня ў Севастопалі ў бальніцы сканаў Якаў Паўлавіч Навуменка , народны артыст Беларусі, пасля нанесенага ўдару невядомым мужчынам.

27 жніўня памёр Алесь Петрашкевіч , пісьменнік, драматург, энцыклапедыст. Пражыў 82 гады.

27 жніўня Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаны Андрэй Уладзіміравіч Кабякоў (нар. 21.11.1960, г. Масква).

29 жніўня - 9 верасня ў Лондане праводзілася ХІV Паралімпійскія гульні . У іх удзельнічала і беларуская каманда, якая атрымала 11 медалёў (5 - залатых, 2 - срэбныя, 4 - бронзавыя). У агульным заліку на 21-м месцы.

28-29 жніўня ў Менску знаходзіўся з афіцыйным візітам Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў , якога прыняў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Жнівень. Камбайнёр Менскага раённага ўнітарнага прадпрыемства "Агракамбінат "Ждановічы" Міхаіл Саладуха на нямецкім камбайне намалаціў 7 тысяч тон збожжа і зарабіў за месяц 50 млн.руб.

Жнівень . У Барселоне на Еўрапейскім покерным туры мінчанін Мікалай Побаль выйграў 1 мільён еўра.

Жнівень. Беларусь спыніла продаж за мяжу разбавіцеляў і растваральнікаў , якія нашы заводы атрымлівалі на аснове расійскай нафты. На гэтым Беларусь зарабіла 1,5 міліярда долараў.

Жнівень. На некаторыя спецыяльнасці ў педагагічныя ВНУ Беларусі не было конкурсу пры паступленні ў іх абітурыентаў.


2 верасня. Дзень беларускага пісьменства праводзіўся ў Глыбокім. Перад гэтым святам у горадзе пастаўлены некалькі помнікаў дзеячам беларускай культуры - Вацлаву Ластоўскаму і Клаўдзію Дуж-Душэўскаму.

8 верасня ў Менску адзначалася 945-гадавіна існавання горада. У гэты дзень у гарадской ратушы старшыня Менскага гарвыканкаму Ладуцька ўручыў 9 маладым парам (па адной ад раёна) пасведчанне аб шлюбе.

18 верасня 23-гадовая мінчанка Кацярына Бурая (студэнтка Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта) у Варшаве на конкурсе прыгажосці атрымала залатую карону.

18 верасня памёр славуты музыка, майстар беларускіх старажытных музычных інструментаў Уладзімір Якаўлевіч Пузыня , які нарадзіўся 26.02.1940 г. у в. Суцін Любанскага раёна.

21-23 верасня праводзіўся фестываль-кірмаш "Дажынкі-2012" працаўнікоў вёскі ў г.п. Горкі Магілёўскай вобласці.

23 верасня праводзіліся выбары дэпутатаў у Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Было абрана 109 дэпутатаў з 110 неабходных. Выбары пачаліся датэрмінова 18 верасня.

25 верасня адбыліся выбары ў Савет Рэспублікі . Выбіраецца 56 членаў, а 8 прызначае Прэзідэнт.

26 верасня з Магілёўскай калоніі адпушчаны на волю Сяргей Каваленка , які правёў за кратамі 280 дзён.

23-30 верасня на ХХІV Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы ў Італіі беларуская каманда з 4 школьнікаў заваявала 4 медалі, з іх 2 залатыя.


2 кастрычніка ў Гомелі адкрыты помнік міліцыянерам . Аўтар скульптуры Віктар Кандрацека.

9 кастрычніка памёр беларускі мастак Сяржук Аляксандравіч Цімохаў , які нарадзіўся ў 1960 г. у в. Кротаў Гомельскай вобласці.

11 кастрычніка ў Менску адбылося заключнае пасяджэнне Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання.

13-14 кастрычніка адбыўся візіт у Менск Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірылы. На цвінтары Сабора ўсіх без віны забітых быў адкрыты помнік Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Алексію ІІ. Аўтары помніка скульптар В. Слабодчыкаў і архітэктар І. Марозаў.

18 кастрычніка пачала работу першая сесія Палаты прадстаўнікоў 5-га склікання. Старшынём Палаты прадстаўнікоў выбраны Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, а яго намеснікам Віктар Аляксандравіч Гумінскі.

19 кастрычніка ў будынку на Чырвонаармейскай вуліцы, дзе была раней бібліятэка, адкрылася першая сесія Савета Рэспублікі нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. Старшынёй Савета Рэспублікі зноў абраны Анатоль Мікалаевіч Рубінаў, а яго намеснікам - Анатоль Максімавіч Русецкі.

23 кастрычніка з касмадрома Байканур запушчаны касмічны карабель "Саюз ТМА - 06М", на яго барту 3 члены экіпажа: расійскія касманаўты падкоўнік Алег Навіцкі, камандзір (беларус з Чэрвеня), Яўгеній Тарэлкін (рускі). Астранаўт НАСА Кевін Форд (амерыканец).

25 кастрычніка адбылася стыкоўка запушчанага карабля з МКС. А. Навіцкі будзе ў космасе 5 месяцаў. За 148 дзён палёта ён прыме 4 грузавыя караблі "Прагрэс" і 1 еўрапейскі АТV - 4.

27 кастрычніка група моладзі ўсклала кветкі да помніка К. Каліноўскага ў Свіслачы . Акцыя праводзілася без санкцыі і выкарыстоўваўся бел-чырвона-белы сцяг, а таму 4 чалавекі былі пакараны ў адміністратыўным парадку судом.

28 кастрычніка. Партыя БНФ і КХП-БНФ сумесна са сваімі прыхільнікамі правялі жалобнае шэсце ад гадзіннікавага завода ў Менску да ўрочышча Курапаты і мітынг у Курапатах.

Кастрычнік. А. Лукашэнка заявіў аб намеры скараціць колькасць дзяржаўных служачых на 25-30%. Міністэрства адукацыі заявіла аб намеры вярнуць у старшых класах профільнае навучанне і вучэбную суботу.


7 лістапада ў Менску пачалі дзейнічаць яшчэ 3 станцыі метрапалітэна на Маскоўскай лініі - Міхалова, Грушаўка і Пятроўшчына.

8 лістапада суддзя Маскоўскага раёна г. Менска Тамара Моталь прысудзіла Уладзіміра Яроменка да 15 сутак адміністратыўнага арышту за тое, што ён 6 лістапада 2012 г. абліў помнік Леніну валер'янкай, каб назаўтра ў свята да помніка прыйшлі каты разам з камуністамі.

2-9 лістапада ў Менску праводзіўся Менскі міжнародны кінафестываль "Лістапад".

9 лістапада Вадзім Юр'евіч Зайцаў адхілены ад пасады старшыні КДБ Рэспублікі Беларусь, якую займаў з 15 ліпеня 2008 г.

16 лістапада старшынём Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь прызначаны Валянцін Пятровіч Шаеў , які нарадзіўся ў 1964 г. у г. Глыбокае.

16 лістапада Павел Латушка звольнены з пасады Міністра культуры.

16 лістапада Валерый Паўлавіч Вакульчык (нар. 19.06.1964 г. у Берасцейскай вобласці) прызначаны на пасаду Старшыні КДБ.

23 лістапада на дарозе Маладзечна-Вілейка занава пабудаваны помнік (заміж старога, які стаяў у 1930-х гг.) на месцы бітвы расійскіх і французскіх войскаў. Аўтар помніка Барыс Цітовіч.

24 лістапада на Брылеўскім полі каля Барысава праведзены мітынг-рэквіем прадстаўнікоў трох народаў беларускага, рускага і французскага. Цяпер там 4 помнікі, пастаўленыя ў 1962, 1992, 1997 і ў 2012 гг. Сёлета там пастаўлены памятны знак "Смутак і пакаянне".

29 лістапада падпісаны Указ Прэзідэнта № 537, якім наступны 2013 год у Беларусі аб'яўляецца Годам беражлівасці.

30 лістапада ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры на конкурсе з 7 сем'яў выбрана "сям'я года" . Ёю стала сям'я Глазковых з Магілёва, у якой 9 чалавек.


1 снежня насельніцтва Беларусі склала 9 460,7 тыс чалавек . Максімальная колькасць жыхароў краіны была ў 1989 г. - 10,189 тыс. чалавек.

3 снежня ў Менску асуджаны бізнесовец, махляр Сяргей Дзямчук на 8 гадоў пазбаўлення волі. Ён нанёс людзям шкоду на 19,9 мільёнаў рублёў. У 2005-2010 гг. сабраў грошы з грамадзян на будаўніцтва ім кватэр, а жылля не пабудаваў.

5 снежня ў Ашхабадзе адбыўся саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД . На наступны год у СНД старшынствуе кіраўнік Беларусі, а г. Магілёў аб'яўлены культурнай сталіцай СНД на 2013 г.

7 снежня падпісаны Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 9 "Аб дадатковых мерах на развіццё дрэваапрацоўчай прамысловасці", якім забараняецца звальняцца рабочым і службоўцам прадпрыемстваў гэтай галіны без згоды наймальніка на час мадэрнізацыі. Дэкрэт парушае міжнародныя прававыя акты аб правах чалавека.

7-14 снежня адбыліся юбілейныя канцэрты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, якая адзначала 80-ю гадавіну.

10 cнежня Міністрам культуры Рэспублікі Беларусь првзначаны Барыс Уладзіміравіч Святлоў , які працаваў рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

13-22 снежня ў Вялікім тэатры оперы і балету ў Менску праходзіў ІІІ Менскі міжнародны калядны оперны форум . На ім было 200 гасцей.

18 снежня Прэзідэнт А.Р. Лукашэнка прыняў удзел у сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ , пасяджэнні Міждзяржаўнага савета Еўра-АзЭС і пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Мерапрыемствы праводзіліся ў Маскве.

Беларускі Саюз кінематаграфістаў адзначыў 50 гадовы юбілей.

20 снежня Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу перайменаваў сваю газету "Местное самоуправление" (зарэгістраваную 17 лютага 2009 г.) у газету "Мясцовае самакіраванне" .

20 снежня ў Менску адкрыты помнік "Шчыт Айчыны" супрацоўнікам Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

23 снежня ў Менску адбылося навагодняя шэсце Дзедаў Марозаў і Снягурачак.

25 снежня ў Гарадзенскай турме зарэгістраваны шлюб зняволеннага Зміцера Дашкевіча і Насты Палажанкі , якая стала Настай Дашкевіч. Яны актывісты Маладога фронту.

27 снежня Беларуская чыгунка адзначыла сваё 150 годдзе. 27 снежня 1862 г. прайшоў першы цягнік па маршруту Гродна-Парэчча.

Снежань. Адбылася ўрачыстая перадача ганаровага тытула культурнай сталіцы Беларусі 2012 г. ад Нясвіжа Магілёву на 2013 г.

У 2012 годзе

У краіне праводзіўся Год кнігі .

Горад Нясвіж быў культурнай сталіцай Беларусі, гэты тытул ён пераняў 12 снежня 2011 г. ад Гомеля.

Год трапіў у дзесятку самых цёплых гадоў, якія назіраліся, пачынаючы з 1850 г.

Выдадзена некалькі слоўнікаў:

Слоўнік беларускай мовы. Мн.. "Беларуская навука", 2012. (каля 150 тыс. слоў).

Піскуноў Ф.А. Вялікі слоўнік беларускай мовы. Мн., выдавец Зміцер Колас, 2012 (каля 223 тыс.слоў).

Беларускарускі слоўнік. У 3-хтамах /Пад рэд. члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара філалагічных навук А.А. Лукашанца. Мн., 2012.

Русско-белорусский словарь . У 3-х тамах.

За мяжой У Нью-Ёрку выдадзены Літаратурны альманах беларускіх пісьменнікаў замежжа "Беларус" за 2012 г.

У снежні часопіс "Полымя" адзначыў свой 90-гадовы юбілей.

Кінастудыя "Беларусфільм" перайшла на лічбавыя тэхналогіі вытворчасці фільмаў.

Створана ўстанова "Выдавецкі дом "Звязда" . Дырэктарам-галоўным рэдактарам рэдакцыйна-выдавецкай установы прызначыны Алесь Карлюкевіч.

Праведзена аб'яднанне гуманітарных інстытутаў НАН беларусі - Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы, Інстытута мовазнаўства і літаратуры імя Янкі Купалы і Якуба Коласа ў Гуманітарны цэнтр НАН Беларусі , які ўзначаліў доктар гістарычных навук Аляксандр Іванавіч Лакотка.

У канцы снежня ў касах банка можна было купіць долар за 8730 рублёў, еўра - за 11 530, расійскі рубель - за 285 беларускіх рублёў.

Сярэдняя працоўная пенсія за снежань месяц каля 2 млн. рублёў. Сярэдні заробак дасягнуў 497 (амаль 500) долараў.

У канцы снежня кошт адной паездкі ў гарадскім транспарце Менска складаў 1700 руб. Месячны праяздны білет на адзін від транспарту каштаваў 72900 руб., два віды транспарту - 97500 руб.

У снежні ў Менску плата за камунальныя паслугі прыватызаванай аднапакаёвай кватэры агульнай плошчай 37 (жылой 17) кв. м, у якой пражывае адзін чалавек склала 130 тыс. руб.

Новы 2013 год сустракалі за кратамі 12 грамадзян Беларусі, якіх міжнароднай супольнасці і беларускімі праваабаронцамі прызнаны палітзняволеннымі. Былы палітзняволены Андрэй Саннікаў атрымаў прытулак у Вялікабрытаніі ў 2012 г.

Падзеі запісаў Сымон Барыс.


Беларусь прыступіла да Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Агульнанацыянальная дыктоўка ў Бабруйску

Жыхары Бабруйска першымі прыступілі да Агульнанацыянальнай дыктоўкі, ужо шостай па ліку. У гэтым годзе яна прысвечаная жыццю і дзейнасці Кастуся Каліноўскага і паўстанню 1863 года. У мясцовы офіс Аб'яднанай грамадзянскай партыі напісаць дыктоўку прыйшло каля двух дзясяткаў чалавек, тэкст дыктоўкі "Ліст з-пад шыбеніцы" Кастуся Каліноўскага зачытала настаўніца беларускай мовы Алена Койпіш.

Апрача дыктоўкі, у Бабруйску адбылася вечарына, прысвечаная Кастусю Каліноўскаму і падзеям 150-гадовай даўніны, кажа суарганізатар мерапрыемства, лідар мясцовай суполкі АГП - Віктар Бузінаеў:

- Удзел у ёй прынялі каля 20 чалавек. Прыкладна столькі ж прыняло ўдзел і ў мінулым годзе. На жаль, гэта вельмі мала для горада з насельніцтвам у 200 тысяч чалавек. Я мяркую, што гэта з-за таго, што людзі баяцца прыходзіць у наш офіс з-за страху пераследу з боку ўладаў. У пачатку вечарыны Вольга Піменава распавяла пра жыццё і дзейнасць Кастуся Каліноўскага. Пасля выступіў Алег Рудзічаў, які вельмі цікава расказаў пра сваю сям'ю.

Другі этап дыктоўкі ў Бабруйску пройдзе 18-га лютага, таксама ў офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі.


Агульнанацыянальная дыктоўка ў Магілёве

У Магілёве ўсебеларуская дыктоўка прайшла 2 лютага на сядзібе Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Прыйшлі пятнаццаць чалавек. Пісалі "Ліст з-пад шыбеніцы" Кастуся Каліноўскага.

Наш кар.


Змітро Паўлычка

Маголы, маголы,

Залатога Тамерлана ўнукі голыя.

Т. Шаўчэнка.

Спаміж гарамі белянеюць юрты,

Чырвоных коней ходзяць табуны -

Манголы там жывуць, а не манкурты

І словам родным цешацца яны.


Аднойчы Бог - ім: "Маеце спадручна

Еўропу, Азію - вам цалкам аддаю.

А вы мне - мову, вельмі ж мілагучна,

Дзядоў-прадзедаў аддасцё сваю".


Яны - у адчаі: "Літасцівы Божа!

Не трэба нам ні Азій, ні Еўроп,

Бо хто, скажы, якім макарам зможа

Імчаць нас стэпам з песняю ўгалоп?


Бо наша мова - цуд над шэрым хлудам,

Бо - не загасціць сонцасвет бяльмо,

Бо - дух народу... О, ўладарны Буда!

Вазьмі з нас ўсё, а мовы - не дамо".


Мае адукаваныя маголы -

Нашчадкі змагароў з адвечным злом,

Вы спляжылі і мову маці, школы,

Каб стаць манкуртамі з кляймёным лбом.


Тубыльцы, ў мроях спіхнутыя з тропу,

Сярбаць вам поліўкі прадажнай каламуць,

Жабрачыць гузікі з блішчастае Еўропы,

Або шнуркі, што з Азіі дашлюць.


Але пашто галоце гузікі? "І - кропка!".

Смяюцца з вас Еўропа і багі.

Грызіце костку, тузайцесь міжсобку

Хай караю вам - продкаў батагі!

З украінскае пераклаў Аляксей Каўка


Беларусь адзначае 150-годдзе паўстання 1863 года

Прайшло паседжанне аргкамітэта па святкаванні ўгодкаў паўстання

З нагоды 150-х угодкаў вызвольнага паўстання 1863 года 2013 год абвешчаны годам Кастуся Каліноўскага. 2 лютага - 175 гадоў з дня нараджэння славутага беларускага дзеяча. Асоба Каліноўскага карыстаецца ў краіне вялікай папулярнасцю. У свой час ён стаў для беларусаў своеасаблівым сімвалам барацьбы за незалежнасць, свабоду і Беларусь. Пра тое, як будзе адзначацца год Каліноўскага ў Беларусі распавёў сябар аргкамітэту па ўшанаванні герояў паўстання палітолаг Аляксандр Фядута.

- Перш за ўсё будзе створаны інфармацыйна рэсурс, які будзе ўвесь час абнаўляцца, там будуць размешчаныя навіны пра ўсе падзеі, якія будуць звязаныя з годам Каліноўскага. Па-другое, будзе вялікая выдавецкая праграма. Сёння мы звярнуліся да шэрагу донараў, ужо атрымалі часткова станоўчыя вынікі. Гэта будуць кнігі, гэта будуць зборнікі вершаў, прысвечаных Каліноўскаму.

Апроч выпуску зборнікаў кнігаў, прысвечаных асобе выбітнага беларускага дзеяча, паэта і публіцыста Кастуся Каліноўскага, у Беларусі і па-за яе межамі плануецца правядзенне шэрагу канферэнцый, фестываляў і сустрэч на тэму паўстання 1863 года. Год Каліноўскага мае мэту папулярызаваць асобу Каліноўскага і ідэі яго нацыянальна-вызвольнага паўстання перш за ўсё сярод моладзі, падкрэсліваюць арганізатары.

* * *

Беларусы павінны ведаць сваіх герояў, якія коштам свайго жыцця баранілі незалежнасць і самабытнасць нашай краіны, мовы, гісторыі. Такое меркаванне выказаў пісьменнік Уладзімір Арлоў. Па яго меркаванні, год Каліноўскага - гэта цудоўная нагода, каб прыгадаць нашым суайчыннікам, а перш за ўсё моладзі, як трэба любіць Радзіму, як трэба за яе змагацца. Прыклад Кастуся Каліноўскага - гэта прыклад сапраўднага патрыятызму і самаадданасці, падкрэсліў Арлоў.

- Паўстанне 1863 года на нашых землях было адным з нешматлікіх прыкладаў у еўрапейскай гісторыі, калі па сутнасці купка ўзброеных людзей кінула выклік велізарнай імперыі, і коштам жыццяў лепшых сваіх сыноў Беларусь тады выказала пратэст расійскаму феадалізму, дыспатызму, абсалютызму і засведчыла свой еўрапейскі выбар - прыналежнасць да еўрапейскай цывілізацыі.

Вольга Чарных, Беларускае Радыё Рацыя, Менск.

Тварам да шыбеніцы

"Тварам ды шыбеніцы " - пад такой назвай днямі выйшла ў свет паэтычная анталогія, прысвечаная Кастусю Каліноўскаму. Сярод яе аўтараў Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Сяржук Сокалаў-Воюш - агулам 55 паэтаў. Уклаў анталогію і напісаў да яе прадмову літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч.

Кастусь Каліноўскі паўстае ў анталогіі непахісным, трывалым барацьбітом за людское і народнае права. Айчынныя паэты маюць надзіва светлы погляд на аднаго з пачынальнікаў нашага нацыянальнага адраджэння. У Наталлі Арсенневай Каліноўскі паўстае змагаром, што "аддаў жыццё, каб жыць магла Радзіма"; у Дануты Бічэль - апосталам, за якім "вясны дыханне" і наш абуджаны народ; у Ніла Гілевіча - "чэсці і гонару ўзорам"; ва Ўладзіміра Караткевіча - пaкутнікам, сынам "той зямлі, што несла крыж пакуты"; у Віктара Стрыжака правадыр паўстання - Гарыбальдзі нашага краю… Згодна са слушным выказваннем Генадзя Кісялёва, які склаў падрабязны летапіс жыцця Каліноўскага, ён - "адзін з самых любімых нацыянальных герояў беларускага народу".

Асаблівасць выдання - яго шматмоўнасць. Тое, што пад адной вокладкай Каліноўскі загучыць па-польску, па-ўкраінску, па-ангельску. Пакуль што толькі ягоныя "Лісты з-пад шыбеніцы". Перакладзены Каліноўскі дазволіць іншаземцам зразумець памкненні сучаснай Беларусі, якая ідзе па шляху, накрэсленым маладым прарокам-апосталам, што дзейнічаў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя і гэтак рана скончыў сваё жыццё. І пабачыць, наколькі актульны ён нават цяпер, у ХХІ стагоддзі. Неспадзяванымі будуць і некаторыя творы. Скажам, верш Ларысы Геніюш...

Паводле М. Скоблы.

Берасцейшчына

Берасцейскія актывісты БСДП(Г) зладзілі акцыю, прымеркаваную да 175-х угодкаў а народзінаў Кастуся Каліноўскага.

Падчас акцыі яны раздалі некалькі соцень інфармацыйных буклетаў, прысвечаных Кастусю Каліноўскаму і Тадэвушу Касцюшку.

Кіраўнік берасцейскай БСДП(Г) Ігар Маслоўскі: "2 лютага - 175 гадоў ад нараджэння Кастуся Каліноўскага, а 4-га - 267 гадоў нацыянальнаму герою Беларусі Тадэвушу Касцюшку. Гэтыя асобы - вызначальныя ў нашай гісторыі. Таму ніхто з берасцейцаў не застаўся абыякавым да нашай акцыі. Усё ж, нашыя людзі разумеюць, за якія ідэалы змагаліся і Касцюшка, і Каліноўскі. Таму падобныя акцыі сацыял-дэмакраты мяркуюць зладзіць і ў іншых рэгіёнах Берасцейшчыны".

Пасля акцыі ў офісе кампаніі "Гавары праўду" актывісты правялі круглы стол "Ад Касьцюшкі да Каліноўскага", у якім прынялі ўдзел таксама сацыял-дэмакраты, прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў, моладзевых арганізацый і гісторыкі.

На Піншчыне ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 года. Прадстаўнікі польскай супольнасці і грамадскія актывісты запалілі знічы на магілах удзельнікаў вызвольнага паўстання. Асаблівая ўвага нададзена мастачцы Хелене Скірмунт, якая дапамагала атраду генерала Рамуальда Траўгута. Краязнаўца Эдвард Злобін адзначыў, што Пінск далучыўся да безтэрміновай агульнанацыянальнай акцыі па ўшанаванні герояў 1863 года:

На гэтым адзначэнне Студзеньскага паўстання на Піншчыне не завяршаецца. Цягам года актывісты плануюць аб'ехаць усе палескія мясціны, дзе дзейнічалі паўстанцы генерала Рамуальда Траўгута, апошняга кіраўніка паўстання.

Пружанскія і бярозаўскія грамадскія актывісты ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 года на дарозе паміж Шэрашаваі і Купічамі Пружанскага раёна. Паабапал гэтай дарогі царскія карнікі вешалі на шыбеніцах удзельнікаў паўстання Кастуся Каліноўскага.

Гэта даніна павагі героям, якія змагаліся за незалежнасць і волю, гавораць удзельнікі ўшанавання:

- Тут карнікі Мураўёва распраўляліся з паўстанцамі. Мой прадзед Іван быў пружанскім мешчанінам, усе пружанскія мяшчане падтрымалі паўстанне, ён нават ездзіў па мясцовых маёнтках, па фальварках, збіраў кажухі, боты, якія вазіў сюды ў пушчу.

- Думаў, што толькі ў старажытным Рыме спартакаўцаў вешалі ад Капуі да Рыма, аказваецца і ў нас такое было.

Паводле Радыё Рацыя.

Гарадзеншчына

У Свіслачы мясцовыя дэмакратычныя актывісты ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 года. Распавядае суарганізатар і ўдзельнік мерапрыемства свіслацкі актывіст Юры Глебік.

- Прыходзілі нашыя мясцовыя актывісты, запалілі знічы, усклалі кветкі да помніка Кастусю Каліноўскаму. Сёння 175-я гадавінна з дня яго нараджэння. Потым ушанавалі памяць аднаго з кіраўнікоў паўстання Рамуальда Траўгута і пабывалі на магіле Віктара Каліноўскага, дзе ўсталяваны камень у гонар паўстанцаў 63-га года, таксама ўсклалі кветкі і запалілі знічы.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

20 студзеня ў парафіяльным касцёле ў Ішчалне Шчучынскага раёна адбылася памінальная імша і была асвечана мемарыяльная дошка ў памяць героя паўстання 1863 года тутэйшага пробашча ксендза Адама Фалькоўскага . Дошка была ўстаноўлена раней. Усяго на гістарычнай Лідчыне ўстаноўлены чатыры мемарыяльныя дошкі ў памяць лідскіх ксяндзоў, пакараных смерцю ў 1863 годзе. Дошка ў памяць ксендза Станіслава Ішоры ўстаноўлена ў касцёле ў Жалудку, у памяць ксендза Раймунда Зямацкага - у касцёле ў Ваверцы. Дошка ў памяць усіх трох ксяндзоў устаноўлена ў капліцы Святой Барбары на старых Лідскіх каталіцкіх могілках.

22 студзеня ў дзень 150-годдзя пачатку паўстання ў Варшаве актывісты польскіх арганізацый г. Ліды запалілі знічы на магіле ксендза Адама Фалькоўскага ў Лідскім гарадскім парку.

1 лютага ў дзень 150-годдзя абвяшчэння пачатку паўстання ў Вільні актывісты беларускіх арганізацый г. Ліды на Лідскіх каталіцкіх могілках запалілі зніч на магіле Валерыі Цехановіч з Цыбульскіх, удзельніцы паўстання 1863 года, якая пасля паўстання пражыла яшчэ 70 гадоў і, калі памерла ў 1933 годзе, была ці не найстарэйшай удзельніцай паўстання.

Быў запалены зніч на магіле ксендза Адама Фалькоўскага ў Лідскім гарадскім парку, які 24 чэрвеня 1863 года быў расстраляны і пахаваны на гэтым месцы.

Менавіта на 24 чэрвеня 2013 года спланаваны тут асноўныя мерапрыемствы. А наогул, на Лідчыне асноўныя акцыі ў гонар 150-годдзя паўстання пачнуцца з вясны і будуць ісці ўвесь год, балазе спіс толькі вядомых удзельнікаў паўстання тут даўно перасягнуў за тры сотні.

Наш кар.


Да 900-годдзя Кірылы Тураўскага

Спадару М. П. Панцялею ,

Міністру сувязі і інфарматызацыі

Рэспублікі Беларусь

220050, Мінск, пр. Незалежнасці, 10

Шаноўны Мікалай Пятровіч!

У 2013 годзе спаўняецца 900 гадоў з дня нараджэння епіскапа Кірылы Тураўскага. знакамітага беларускага і ўсеславянскага асветніка, царкоўнага багаслова і грамадскага дзеяча (Беларуская энцыклапедыя, т. 8, стар. 285; Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. т. 4. стар. 183).

Імя і памяць Кірылы Тураўскага шырока шануюцца ў Беларусі, таму да 900-годдзя з дня нараджэння мы прапануем наступнае:

- выдаць блок марак да 900-годдзя Кірылы Тураўскага:

- правесці гашэнне марак і канверта першага дня ў г. Тураве (пажадана 28 красавіка).

Шчыра дзякуем за супрацоўніцтва ў адыходзячым 2012 годзе.

Віншуем Вас з Новым 2013 годам і Калядамі. Жадаем Вам добрага здароўя, поспехаў у працы.

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны А. Трусаў.



Старшыні Грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13

220034, г. Мінск

Аб выпуску паштовага блока

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь разгледзела Вашу прапанову наконт выпуску паштовага блока, прысвечанага 900-годдзю з дня нараджэння Кірылы Тураўскага.

Прынята рашэнне дапоўніць тэматычны план выдання дзяржаўных знакаў паштовай аплаты на 2013 год тэмай "Выдатныя асобы Беларусі" і выпусціць у гэтай серыі паштовы блок і канверт першага дня, прысвечаныя Кірылу Тураўскаму, а памятнае гашэнне правесці ў Тураве.

З павагай

Міністр М.П. Панцялей.


Кнігу Міхася Чарняўскага выдадуць грамадой

Міхась Чарняўскі памёр у Менску раніцай 20 студзеня на 75-м годзе жыцця ад анкалагічнай хваробы. Пасля смерці спадара Міхася стала вядома пра ягоную апошнюю волю - перавыданне кнігі "Не бойцеся ахвяраў і пакут" пра героя антыбальшавіцкага па-ваеннага супраціву Расціслава Лапіцкага. Расказвае каардынатар перавыдання Алесь Мазанік:

- Яшчэ восенню мінулага года, дзесьці ў верасні, мы сустрэліся са спадаром Міхасём, і ён агучыў прапанову перавыдання збору дакументаў і матэрыялаў пра Расціслава Лапіцкага, якое даўно плануецца, але ніяк не можа здзейсніцца. Спадар Міхась заўсёды моцна перажываў, калі ягоныя даследванні не маглі выдаць або распаўсюдзіць, ён заўсёды казаў, што ягоныя кнігі - як кулі, а кулі мусяць страляць, а не ляжаць у шафе.

Паводле словаў Алеся, Міхась Чарняўскі цягам восені і пачатку зімы паспеў цалкам завершыць працу над перавыданнем:

- Калі спадар Міхась да мяне звярнуўся з нагоды выдання, для мяне было гонарам паклапаціцца пра ягонае ажыццяўленне. Мы заняліся вёрсткай, падборам фотаздымкаў і г.д. На жаль, нягледзячы на тое, што спадар Міхась паспеў унесці ўсе карэктывы і вычытаць усе моманты, а кніжка была гатовая для друку, можа, нават месяц таму, мы не паспелі яе надрукаваць.

Алесь Мазанік мяркуе, што гэта святая справа - выканаць цяпер апошнюю волю выбітнага беларуса. Алесь прапануе ажыццявіць выданне талакою:

- Цяпер, калі, на вялікі жаль, спадара Міхася з намі ўжо няма, я лічу, што трэба давесці справу да канца. Трэба выдаць гэтую кнігу, і зрабіць гэта пажадана грамадою. Я часта сустракаўся з пытаннямі неабыякавых людзей, якія хацелі штосьці зрабіць як для Беларусі ўвогуле, так і для канкрэтнага чалавека. Спадара Міхася вельмі шмат маіх знаёмых шанавалі і засмучаліся, што не могуць яго асабіста падтрымаць. Цяпер мы маем унікальную магчымасць зрабіць дабрачыннае выданне пра галоўнага героя твораў спадара Міхася - Расціслава Лапіцкага, якое можа не трапіць на паліцы кнігарняў. Ужо ўсё гатова для выдання, засталося знайсці грошы і ўласна надрукаваць. Гэтае выданне мусіць быць зробленае да 40 дзён з дня смерці выбітнага беларуса.

Алесь заклікае не адкладаць падпіску на кнігу, бо, імаверна, у вольны продаж яна не паступіць праз невялікі наклад.

Вечарына памяці Міхася Чарняўскага адбудзецца на сядзібе партыі БНФ на 40-ы дзень пасля смерці навукоўца - 28 лютага, а 18-й гадзіне. Там адбудзецца невялікі канцэрт памяці Міхася Чарняўскага. Кожны, хто ахвяруе на кнігу, атрымае яе там ва ўрачыстай абстаноўцы. Звязацца з ініцыятарам перавыдання і загадзя замовіць кнігу можна па мабільным тэлефоне +375-29-757-58-67, а таксама праз электронную пошту ales.mazanik gmail.com ці праз скайп ales_mazanik.

Наш кар.


Адбылася прэзентацыя кнігі Анатоля Грыцкевіча "Выбранае"

Сядзіба ТБМ не змясціла ў сабе ўсіх ахвотных. 30 студзеня дзесяткі чалавек запоўнілі абодва пакоі, каб трапіць на прэзентацыю кнігі гісторыка Анатоля Грыцкевіча "Выбранае".

Як адзначана ў самой кнізе: "Гэтая кніга разлічана на самыя шырокія колы чытачоў, якім пэўна мала што вядома аб перэпетыях вайны паміж Савецкай Расіяй і Польшчай 1919-1920 гадоў. Аўтары савецкай гісторыі заўсёды вызначалі гэтую вайну, як "паход Антанты", нягледзячы на тое, што рэальная барацьба адбывалася за ўсталяванне новых межаў паміж Расіяй і Польшчай. Абедзве дзяржавы прэтэндавалі на тэрыторыю Беларусі і Украіны".

- Кніга, якую я прэзентую сёння, гэта выклад гісторыі 1918-1921 гг. у Беларусі. Прызнацца, нашыя беларускія гісторыкі, калі і пісалі пра гэтыя гады раней, то пісалі з маскоўскага пункту гледжання. Я паспрабаваў паглядзець на тыя падзеі з нашага боку і імкнуўся быць аб'ектыўным, - распавядае пра сваю кнігу аўтар. - Расейскі бок піша пра адны перамогі. Куды ні паглядзі, паўсюль яны пераможцы, - жартаваў ён.

Гісторыя ж уласна кнігі распачалася з аднаго тэлефанавання жонкі гісторыка. Заснавальнік серыі "Беларускі кнігазбор" Кастусь Цвірка ўзгадвае:

- Яна мне набрала і сказала, што някепска было б выдаць гэтую кнігу ў серыі "Беларускі кнігазбор". У выніку кніга выйшла ў зялёнай серыі "Гісторыка-літаратурныя помнікі" і мае наклад 1000 асобнікаў.

У кнізе адлюстравана і гісторыя барацьбы за Беларусь, і гісторыя БНР, і польскі нацыянальны рух у Беларусі, і адносіны паміж БНР і Літвой, а таксама вялікая колькасць гістарычных падзей, якія тычыліся грамадзянскай вайны ў Расіі.

- Беларусам трэба чытаць сваю гісторыю, і чытаць на беларускай мове, - дадае Анатоль Грыцкевіч.

Дарэчы, 31 студзеня патрыярху беларускай гістарычнай навукі споўнілася 84 гады.

Вольга Гарапучык.


Уладзімір Арлоў у Наваполацку

У бібліятэцы імя Якуба Коласа ў Наваполацку адбылася двухгадзінная сустрэча з вядомым пісьменнікам Уладзімірам Арловым. Сустрэча была арганізавана наваполацкай суполкай ТБМ і работнікамі бібліятэкі.

Невялікую па памерах прэзентацыйную залу бібліятэкі людзі запоўнілі цалкам. Недзе трэцяя частка прыйшоўшых слухала пісьменніка стоячы. Спадар Уладзімір, як заўсёды, выявіў сябе цікавым і дасціпным выступоўцам.

Са звыклым ажыятажам прайшоў конкурс на лепшае пытанне пісьменніку. Перамагло пытанне пра стаўленне Арлова да магчымасці прагуляцца ў Полацку па вуліцы ці плошчы свайго імя. Аўтар пытання атрымаў адну з прэзентаваных на сустрэчы аўдыёкніжак. Хаця ад адказу на само пытанне спадар Арлоў сціпла ўхіліўся.

Увогуле, Уладзімір Арлоў ці не адзіны з сучасных беларускіх пісьменнікаў, які акрамя выдання ў "звычайным" кніжным фармаце, заняўся распаўсюдам уласных твораў у аўдыёзапісах. Ці дыскі карыстаюцца попытам у першую чаргу таму, што гэта творы Арлова, многія з якіх ужо цяжка знайсці ў папяровым варыянце, ці форма падачы проста адпавядае сучаснасці, пакажа час.

А апошні па часе выдання дыск Арлова ўвогуле не мае папяровага адпаведніка. Дыск гэты называецца "Паўстанцы", утрымлівае 14 трэкаў-аповядаў пра змагароў за незалежнасць Беларусі. Трэкі калісьці былі падрыхтаваныя для перадачы "Галерэя Кліо" на "Радыё Рацыя" і ўяўляюць цікавасць для ўсіх аматараў айчыннай гісторыі.

Зміцер Шчэрбік.


Паўстанне 1863 г. на Лідчыне

Перад паўстаннем*

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Аднак ужо ў 1846 г., калі Мірон-Браніслаў Нарбут пасяліўся ў Лідзе, "п'янства ўжо амаль не было, але шулерства існавала" . Асабліва сітуацыя памянялася калі бурмістрам горада стаў Ян Андрушкевіч, ці "Иван Степанович Андрушкевич", "чалавек праўдзівы, энергічны і разважлівы" а пробашчам і дэканам Лідскім у 1846 годзе кс. Дзіянісій Хлявінскі , які служыў на працягу 20 гадоў, ён "сваімі трапнымі прамовамі навучаў паству ў касцёле, значна паўплываў на падвышэнне маральнасці гарадской супольнасці".

Тым не менш, у 1859 г. у суседняй Гарадзенскай губерні, доля даходаў дзяржаўнага бюджэту ад продажу і вытворчасці алкагольных напояў, даходзіла да 55 % ад усіх даходаў. У любой іншай краіне гэты паказчык не перавышаў 24 %, Віленская губерня, куды уваходзіў Лідскі павет, мела прыкладна тую ж статыстыку, што і Гарадзенская.

Каталіцкім касцёлам у 1850-х гадах, быў ініцыяваны рух за цвярозасць, які разглядаўся ўладамі як пагроза напаўненню бюджэту і небяспечная "польская" грамадская ініцыятыва. Аднак ураду прыйшлося пайсці на пэўныя захады, каб зменшыць спажыванне алкаголю, у тым ліку даўшы палёгку піваварам, бо да гэтага часу падаткавая палітыка стымулявала перавагу гарэлкі над усімі іншымі алкагольнымі напоямі. На месцах былі створаны "Камітэты для назірання за правільнай продажам алкагольных напоў". У Лідзе такі камітэт пад кіраўніцтвам павятовага маршалка шляхты (прадвадзіцеля дваранства) Рамуальда Казіміравіча Кастравіцкага (кавалер ордэна Св. Уладзіміра 4-й ступені) з'яўляецца ў 1846 г. Акрамя маршалка, камітэт утваралі 3 сябры камітэта і 13 дэпутатаў, папяровымі справамі камітэта займаўся "пісьмавадзіцель" павятовага маршалка шляхты. Сярод "дэпутатаў" камітэта ў 1850 г. з'яўляецца і "Мирон-Бронислав Фридрихович Нарбутт" - чалавек, чые найкаштоўнейшыя мемуары цытуюцца ў гэтым артыкуле. Ён пісаў: "З 1860 года, калі ў цэлым Краі пачаў абуджацца разумовы рух, актыўна клапаціліся пра заснаванне народных школ і лідзяне, а духавенства пашырала таварыства цвярозасці з даволі паспяховым вынікам, так, што побыт лідзян значна палепшыўся, і ў 1862 годзе спаткаць п'янага лідзяніна было ўжо рэдкасцю". Неабходна заўважыць, што ідэя народнай цвярозасці прыйшла ў наш край з Еўропы, і асаблівы ўздым гэтага руху прыйшоўся на 1858-63 гг., г. зн. перад самым паўстаннем: "У Царства Польскае цвярозасць прыйшла ў 1857 г. і адтуль, у канцы 1858 г., распаўсюдзілася ў сумежных губернях: Ковенскай і Гарадзенскай ... . ... у снежні 1858 цвярозасць прыйшла і да нас ... і да 1 сакавіка 1859 г. цвярозасць распаўсюдзілася па паветах: Віленскаму, .... збольшага па Ашмянскаму і Лідскаму" . Да канца 1859 г. 39408 чалавек на Лідчыне публічна, у храмах, прынялі на сябе абавязак ўстрымлівацца ад ужывання алкаголю. Барацьба за волю - справа цвярозых людзей.

Напрыканцы 1850 гг. цэнтрам грамадскага жыцця горада становіцца так званая цукерня (кандытарская) Андрушкевіча. З мемуараў Януша Сегеня вы ведаем, што "па правым баку вуліцы Віленскай ... стаіць парафіяльны касцёл, могілкі і фруктовы сад за ім пляцы і дамы п. Андрушкевіча ..." . Такім чынам, цукерня знаходзілася недалёка ад Фарнага касцёла, каля перакрыжавання Віленскай і Каменскай вуліцаў.

Расейскі афіцэр Любарскі, які служыў у Лідзе перад паўстаннем 1863 г. пісаў пра лідскую цукерню: "Па-за сямейнымі дамамі, грамадскае жыццё, па ўсталяваным звычаі ..., канцэнтравалася ў цукерні (кандытарскай), якая служыла прыцягальным цэнтрам для ўсёй Лідскай інтэлігенцыі. Тут можна было не толькі напіцца гарбаты ці кавы, але падсілкавацца гарэлкай з закускамі, а ў суседнім памяшканні, якое злучалася з цукерняй ўнутранымі дзвярыма, адпускаліся "гаспадарчыя абеды". Клуба ў гэтым горадзе не было, але кандытарская цалкам яго замяняла, тым больш, што тут да паслуг гасцей былі два більярды, некалькі шахматных дошак і ў бакавым пакоі нават карты. Аматары чытання знаходзілі тут некалькі польскіх газет і адну французскую; рускай не было ні адной, хоць афіцэры былі пастаяннымі гасцямі кандытарскай. Грамадзяне як халастыя, так і сямейныя, лічылі сваім абавязкам штодня пабываць тут; чыноўнікі забягалі ў гэтае месца, ідучы на службу, каб выпіць гарбаты і прачытаць тэлеграмы, а са службы - перакуліць чарку гарэлкі. Калі трэба было пабачыцца з некім, то ісці на кватэру было не варта; значна прасцей было сустрэць неабходнага чалавека ў кандытарскай, асабліва ў вячэрнія гадзіны. Тут абмяркоўваліся ўсе навіны і адбываліся бясконцыя і гарачыя спрэчкі з нагоды падзей ... у Італіі" . У цукерні мясцовая інтэлігенцыя ў прадчуванні будучага паўстання, шукала паразумення з расейскімі афіцэрамі: "Нашы шчырыя сябры і добразычліўцы спакваля імкнуліся ўносіць ідэі ў розум афіцэраў, прадстаўляючы становішча ў такім выглядзе, што нашы народы - натуральныя браты, але што ўрад над абодвума - нямецкі або, … знаходзіцца пад уплывам немцаў, іх мэта - душыць славян, ... не даваць ім грамадзянскай свабоды і не дапускаць ніякага ў іх разумовага развіцця". Асабліва вылучаўся сярод лідзян адзін з камандзіраў будучага паўстання - Баляслаў Колышка : "Асабліва гарачым прапагандыстам падобных ідэй паміж афіцэрствам выступаў ў цукерні Колышка, той самы, які пасля (у 1863 годзе) камандаваў ... спачатку самастойна, а потым разам з Серакоўскім і разам з ім быў узяты ў палон пасля паразы паўстання. Колышка быў малады чалавек гадоў 25-ці, невялікага росту, мажны, з круглым і румяным тварам. Якая была яго прафесія ў Лідзе, я не цікавіўся; здаецца, ён ... быў сынам забяспечанага памешчыка. Гэта быў гарачы ... патрыёт, цытаваў цэлыя маналогі з Міцкевіча ... . Ён увесь час даставаў аднекуль памфлеты Герцана і даваў іх афіцэрам, захоплена адклікаўся пра нібыта незвычайна светлыя і здаровыя меркаванні рэвалюцыйных лісткоў адносна палітычнай будучыні Расіі і Польшчы ... і увесь час паўтараў: "Прашу вас, спадары, не змешваць палітычных паняццяў. Рускі народ гэта адно, а рускі ўрад - другое. Гэты апошні - наш агульны непрымірымы вораг. Абавязак кожнага патрыёта сваёй краіны змагацца з ім аслабляць яго, каб зрынуць тыранію, інакш Расія ніколі не вызваліцца ад унутраных кайданоў рабства. І ў гэтых адносінах рускія могуць смела разлічваць на нашу братэрскую і энергічную дапамогу".

Іншы расейскі афіцэр, Мяжэцкі, які разам са сваім Нараўскім пяхотным палком у 1861 г. быў пераведзены на Лідчыну, таксама пісаў пра цукерню: "Афіцэрства наша жыло замкнёна, у сваёй палкавой сям'і і з памешчыкамі не збліжалася. Афіцэры ж ... з ліцвінаў і палякаў, якіх было даволі шмат у палку, вядома, знаёміліся з гэтымі землеўладальнікамі ... . Таму і нам ... здаралася сустракацца з імі часам у нашых таварышаў, а часцей у адзіным у Лідзе тракціры, ці як тутэйшыя называлі гэтую ўстанову - "цукерні" ... щляхціца пана Андрушкевіча, куды паны заходзілі са сваімі знаёмымі афіцэрамі. Пры гэтых сустрэчах памешчыкі спачатку бывалі стрыманыя ..., але калі віно развязвала языкі, пачыналіся гарачыя запэўніванні ў неабходнасці збліжэння двух ... народаў" .


Да сярэдзіны 1850-х гг. у расійскім грамадстве склалася адпаведнае ўяўленне пра заходнія губерні і Царства Польскае як пра старажытную частку Расіі. Таму расейскі афіцэр І. В. Любарскі, які праз два дзесяцігоддзі пасля забароны уніі трапіў у наш Край, з роспаччу заўважаў: "З падручніка геаграфіі засталося ў мяне такое ўражанне, што нашы заходнія губерні да самай мяжы царства Польскага - суцэльна рускія … … Меў жа я вялікае расчараванне …, калі ў 1860 г. апынуўся ў Паўночна-Заходнім краі … Насельніцтва - і праваслаўнае, і каталіцкае - размаўляе беларускім прыслоўем рускай мовы, але навучаецца польскай грамаце, і ўсякі мужык, як толькі высунуўся з сялянскага становішча, наровіць размаўляць па-польску і апранае канфедэратку … . Паўсюль багата ўпрыгожаныя велічнай архітэктуры касцёлы, і рэдка-рэдка трапляліся драўляныя, трухлявыя цэрквы з падпоркамі і латамі, падобныя больш на адрыны, чым на храмы пануючай рэлігіі" . Пра царкву ў Лідзе: "Праваслаўная царква ў Лідзе была ў несамавітай, драўлянай, бедна абстаўленай хаце з нізкай столлю. У царкве адначасова магло маліцца не болей за 50 багамольцаў, таму салдаты прыходзілі ў храм Божы па чарзе камандамі. Служыў святар без дыякана, а спявалі на клірасе салдаты, як ім Бог "положил на душу". … . Адсутнасць панікадзіла ў храме, бляшаныя пагнутыя падсвечнікі, чорныя абразы на сцяне, падраныя рызы на святары - усё гэта так не падобна было на звыклыя ўражанні праваслаўнага чалавека, і мімаволі глыбокая нуда ахоплівала душу".

Ён жа запісаў найцікавейшую размову з тутэйшым праваслаўным святаром вёскі Дакудава: "Праваслаўнае духавенства знаходзілася ў поўным загоне, яно было прыніжанае сваёю беднатой … Знаёмячыся з мясцовымі святарамі і імкнучыся ўразумець сабе ўмовы іх побыту, я заўважаў агульную ім усім характэрную рысу нейкай вінаватасці ў тым, што яны існуюць у "чужым краі". […] Трапляліся паміж святарамі і такія …, якія проста дзівілі сваім цынічным стаўленнем да царквы і рэлігіі. Гэта былі дажываўшыя свой век апошнія магікане уніі 1839 г. … Яны ўплывалі вельмі разбэшчана на сваю паству, прыводзячы яе паступова да поўнай рэлігійнай абыякавасці. З адным такім тыповым уніятам … пад святарскай маскай я выпадкова сустрэўся ў Лідскім павеце Віленскай губерні. Спатрэбілася мне з'ездзіць у роту нашага палка, нядаўна размешчаную ў вялікай праваслаўнай вёсцы Дакудава з прыходскай царквой. Ротны камандзір і абодва субалтэрны ў гэтай роце былі палякі .

- Поп тутэйшай парафіі (так у тэксце, святар размаўляе пераважна па-беларуску - Л.Л.), - адрэкамендаваўся ён … падаючы мне руку. Гэта быў сухі маленькі чалавек, рухомы і гаманкі, які захаваў нейкую дзіцячую наіўнасць, не гледзячы на свой стары век …, рускай мовы не ведаў. За тое, што я не мог размаўляць з гэтым дзіўным святаром на яго мове, ён адразу, без цырымоніі, абразіў мяне "завзентым маскалём".

Вось, пане, абрэвізуйце яго роту памацней, - сказаў святар, паказваючы на капітана, - ды прайміце яго добра за тое, што напужаў мяне, калі прыйшоў сюды з ротай. Уявіце, у нас па вёсцы пайшоў слых, што ідзе ў Дакудава з ротай архіправаслаўны камандзір. Прыпляліся сюды яны як раз пры канцы тыдня. Я на другі дзень, досвіткам, давай званіць спачатку ў адзін звон, потым ва ўсе, думаю сабе: "Каб не прынесла яго нялёгкая ў такую рань", - а сам сяджу ў алтары ды выглядваю, таму што боязна было. А калі б прыйшоў, я пачаў бы казаць: "Госпадзі памілуй". Мінула гэтак з палову гадзіны, нікога з маскалёў няма. Ну, значыць, спіць пудзіла, задраўшы ногі, і стараннасці маёй не чуе, замкнуў я царкву і пайшоў каву піць. А потым дазнаўся, што ён такі ж "д'ябел" як і я.

- Чаго жа Вы, ойча, так баяліся?

- Як чаго? А калі б ён і на самай справе аказаўся б "благо-на-ме-рен-ный", ды паслаў куды патрэбна цыдулку, што дакудаўскі поп імшу не спраўляе, то ізноў прыйшлося бы ў манастыр ісці на пакуту.

- Дык чаму ж Вы не служыце? - спытаў я, вельмі здзіўлены.

- Вельмі проста, пане каханы, па-вашаму не ўмею, а па-нашаму нельга. Вось пахрысціць, павянчаць, пахаваць - гэта я з поўным задавальненнем, інакш папу з дочкамі не было б чаго есці. І ў нядзелю царква мая заўсёды адчыненая, прыйдуць, памоляцца, паспяваюць нашы хлопцы, і даволі з іх. Ды Вы не думайце, зрэшты, што я такі ўжо адшчапенец, у царскі дзень рэдка калі набажэнства не "адкатаю". Вось толькі з кадзілам не магу зладзіць. Сапраўдны поп спрытна так "фуркае" ім наперад і назад, а ў мяне не выходзіць.

- Я дзіўлюся, што Вам цяжка служыць па-праваслаўнаму, - заўважыў я. Наколькі мне вядома, па ўмовах Берасцейскай царкоўнай дамовы, … ўся абраднасць павінна быць тая ж, што і ў праваслаўных.

- Калі гэта было! - запярэчыў ён. У той час, калі я стаў уніяцкім святаром, у нас … былі арганы, ружанцы, гадзінкі, "здровась Марыя", "анёл Панскі", званочкі … А зараз што: "Госпадзі, памілуй, ды падай, Госпадзі". Адзін раз, усё ж, паплаціўся я за сваё няўменне. Прыязджае неяк праваслаўны біскуп такі важны, увесь у чорным, на галаве каўпак з шлейфам. Адслужы, кажа, а я пагляджу. Я ні жывы, ні мёртвы, пачаў плесці абедню і ўсё пазіраю на страшнага аргуса. Ён як быццам бы і нічога, прымасціўся ў кутку алтара, ды ўсе паклоны робіць. Мая старанная праца, можа і сышла бы, калі б не гэтая фатальная экценія. Тут ужо я зусім заблытаўся і пачаў мармытаць імёны, якія толькі прыйшлі ў галаву. Па заканчэнні ўсяго, біскуп праняў мяне да дзясятага поту і, падзякаваўшы, з'ехаў, а потым піша: дакудаўскі "ксёндз ніцма не розуме", паслаць яго ў навуку на два месяцы ў кляштар. А якая мне навука? Адлежаўся я тамака, … а потым такім жа … прыйшоў у Дакудава, якім і быў.

- Чаму бы Вам, "баценька", не павучыцца служыць, як належыць, - параіў я, - гэта зусім не цяжкая справа. Глядзіце ў трэбнік, і ўсё выйдзе добра.

- Позна мне вучыцца, ды і няма сэнсу. Бо палякі выхваляюцца, што адваююць сабе ўсю Літву. Тады мы ўжо не ў унію, а прама ў каталіцтва пойдзем …" .


Але вернемся да гарадскіх спраў. Мяжэцкі данёс да нас лідскую прымаўку тых часоў: "Не пабачыўшы Ліду, не пазнаеш бяду" . Ён так апісваў горад на пачатку 1861 г.: "Гэта невялікі ліцвінскі горад, населены пераважна яўрэямі і размешчаны ў невясёлай мясцовасці; у ім быў адзін ... касцёл і праваслаўная царква, змешчаная ў нізенькім, драўляным, несамавітага выгляду дамку. У горадзе не знайшлося нават хоць колькі-небудзь зручнай кватэры для сямейства палкавога камандзіра, таму ён быў прымушаны пасяліцца ў абшарніцкай сядзібе, вёрстаў за дзесяць ад горада". Гэта не дзіўна, бо горад быў перапоўнены расейскім войскам, аднак яшчэ было спакойна, і камандзір палка адчуваў сябе ў небяспецы, жывучы за горадам, "яшчэ не раздаваліся знакамітыя патрыятычныя гімны "Boze, cos Polska" і "Z dymem pozarow", пакуль усё абмяжоўвалася ўзмоцненымі раз'ездамі і з'ездамі адзін у аднаго абшарнікаў і з'яўленнем іх, хоць і рэдка, у нацыянальным гарнітуры - канфедэратцы і чаарцы".

(Працяг у наст. нум.)

* Друкуецца ў скарочаным варыянце. Поўны тэкст будзе надрукаваны ў часопісе "Лідскі летапісец" № 1 (61) за 2013 год.

Лаўрэш Леанід


ААТ "СОФТКЛУБ" выпусціла "Беларускі народны каляндар"

Каляндар на 2013 год працягвае тэматыку беларускай спадчыны, да якой кампанія Софтклуб ужо звярталася ў 2011-м, прысвяціўшы выпуск помнікам архітэктуры Беларусі. Гэтым разам нас зацікавіла ідэя звярнуцца да народных каляндарных святаў. Святы, абрады і гульні, якія замацаваліся ў побыце і народнай творчасці беларусаў, былі арыентырам пры выкананні сельскагаспадарчых прац і адпачынку ў гадавым, сезонным і месячным цыклах. Візуальны шэраг для кожнага месяца - зборны вобраз пэўнага свята, складзены з асяродку і аб'ектаў, якія згадваюцца пры апісанні рытуалу святкавання. На кожнай старонцы календара ёсць спасылка на інтэрнэт-рэсурс, дзе ўсе святы бягучага месяца разгледжаныя больш дэталёва. Мы спадзяемся, што гэтая тэма падасца цікавай не толькі нам, але і той аўдыторыі, якая атрымала такія календары.

Над праектам працавалi:

ідэя і дызайн: Максім Сцепанюк;

мастак: Валерый Вядрэнка.

Наш кар.


З гісторыі шахматнай Беларусі

У выдавецтве "Шах-плюс" у канцы 2012 года выйшла кніга Вольфа Рубінчыка "З гісторыі Беларусі шахматнай".

Пятая кніга палітолага і перакладчыка з Менска прысвечана памяці забітага сталінцамі паэта і шахматыста Зэліка Аксельрода (1904-1941). Яна паказвае старонкі шахматнай мінуўшчыны ў Беларусі з розных, часам нечаканых ракурсаў. Будзе цікавая аматарам гульні і шахматнай кампазіцыі, а таксама тым, хто жадае лепей пазнаёміцца з гісторыяй краіны першай паловы XX ст.

Гэта - трэці зборнік, прысвечаны шахматам і шахматыстам. Перад ім выйшлі "На шахматныя тэмы" (2007) і "Жывуць вольныя шахматы" (2010) - больш папулярныя, чым навуковыя, да таго ж выпушчаныя без папярэдняга рэцэнэавання.

Большасць артыкулаў, якія патрапілі ў зборнік, публікаваліся ў лунінецкіх выданнях "Альбино" і "Альбино плюс", а таксама на сайтах "Гісторыя яўрэяў Гомельшчыны і рэслублікі" (belisrael) і "Брэсцкія шахматы" (brestches. narod.ru). Тэксты "Беларусь шахматная за царскім часам" і "Пра першых шахматыстак БССР" заснаваны на артыкулах, што ўбачылі свет у 2010 г., але былі істотна дапрацаваны (як, зрэшты, і многія іншыя допісы 2010-2011 гг.). Нарысы "Саламон Розенталь, знаёмы незнаёмец", "Канстанцін Выгадчыкаў: пераемнік паняволі?", "Майстар Сіліч і "віцебская школа"" падрыхтаваны спецыяпьна для гэтага выдання У дадатку чытачы пазнаёмяцца са статутам менскага шахматнага гуртка пачатку XX ст., упершыню перакладзеным на беларускую.

Наш кар.


Шаноўныя чытачы!

У мінулым нумары "Нашага слова" на старонцы №4 быў надрукаваны артыкул "Хрысціянскі аздараўленчы пост як сродак у практыцы масавай разгрузачна-дыетычнай прафілактыкі (Даклад на славянска-балтыйскім медыцынскім форуме "Санкт-Пецярбург - ГАСТРА - 2012"), падпісаны псеўданімам Хрысціянін , паколькі паступіў у рэдакцыю без подпісу, а здагадацца пра аўтарства было немагчыма.

Па просьбе прадстаўніка аўтара паведамляем, што артыкул належыць пяру ксендза-пробашча Менскага касцёла Св. Сымона і Св. Алены У. Завальнюка , магістра тэалогіі, кандыдата гістарычных навук.

Рэдакцыя.


У Вільні з'явілася новая мемарыяльная дошка Янку Купалу

Да святкавання сотых угодкаў першай пастаноўкі купалаўскай "Паўлінкі" ў Вільні з'явілася новая мемарыяльная дошка Янку Купалу.

Новая мемарыяльная дошка замяніла ранейшую на будынку па вуліцы Віленскай, 14, дзе была рэдакцыя "Нашай Нівы", і дзе жыў Купала. Ранейшая мемарыяльная дошка, павешаная яшчэ ў Савецкай Літве, мела тэкст на дзвюх мовах - літоўскай і расейскай - і фактычную памылку, бо няслушна былі ўказаныя гады, калі рэдакцыя "НН" была ў гэтым будынку, і там жыў Янка Купала. Цяпер памылка выпраўлена, а шыльда мае надпісы па-беларуску і па-літоўску.

Аўтары, маладыя беларускія скульптары Сяргей Аганаў і Вольга Няхай, сказалі ў часе ўрачыстага адкрыцця, што іх натхняў вобраз "віленскага Купалы", - маладога, стылёвага, рамантычнага, элегантнага паэта.

На імпрэзы, якія ладзіла Міністэрства культуры Беларусі і амбасада РБ ў Літве, прыехалі беларусы з Вільні і іншых месцаў Літвы. Свята сабрала разам актывістаў розных беларускіх суполак Літвы незалежна ад іх палітычных поглядаў.

Стагоддзе прэм'еры адзначалася ў тым самым будынку, дзе прайшла першая пастаноўка "Паўлінкі" 27 студзеня 1913 года. Цяпер гэта Дом настаўніка на вул. Віленскай, 39. У малой зале была адкрытая прынагодная выстава, а ў вялікай зале прайшоў канцэрт фальклорнага гурта "Купалінка" па матывах спектаклю "Паўлінка". Удзельнікі, у іх ліку некалькі амбасадараў і дыпламатаў з розных краін свету, чыталі купалаўскія вершы ў перакладзе на свае родныя мовы. Купала гучаў па-літоўску, на кітайскай, румынскай, азербайджанскай і на іншых мовах, а па-беларуску песні на купалаўскія вершы спявалі вучні Віленскай гімназіі імя Скарыны. Беларускія акторы распавядалі пра забаўныя выпадкі з розных пастановак "Паўлінкі" і паказвалі сцэны са спектакля.

Тацяна Поклад.


Студзеньскія падзеі ў ТБК

26 студзеня 2013 г. адбылася чарговая імпрэза ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве, у часе якой узгадалі найбольш знакавыя юбілеі, што прыпалі на гэты месяц.

Леакадзія Мілаш выступіла з дакладам пра творчасць беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло, якая нарадзілася ў Вільні. Свае першыя вершы Канстанцыя друкавала ў газеце "Наша ніва". У 1914 г. у Вільні выйшла яе першая кніга вершаў "Курганная кветка". З яе творчасці найбольш вядомы верш "Люблю наш край, старонку гэту… ".

У студзені споўнілася 10 гадоў з моманту трагічнай гібелі лідара гурта "Песняры" Ўладзіміра Мулявіна. Падрабязны даклад аб яго жыцці і дзейнасці падрыхтаваў сябра Рады ТБК Валеры Радзюкевіч. У ім Валера ўзгадаў асноўныя вехі з біяграфіі песняра. Сёння можна шмат дыскутаваць аб фігуры У. Мулявіна, але, бясспрэчна, застанецца яго заслуга: ён, рускі па паходжанні, падняў беларускую песню да ўсесаюзнага ўзроўню,а тым самым зрабіў вядомай Беларусь тагачаснаму грамадству на посткамуністычнай прасторы.

У гэтым месяцы споўнілася 75-я гадавіна з дня расстрэлу аднаго з найвялікшых сыноў беларускай зямлі Вацлава Ластоўскага. Нажаль, тая акупацыйная цемрашальская ўлада, якая панавала ў тыя часы, шмат зрабіла для таго, каб сцерці імёны гэтых людзей з памяці беларускага народа. Сённяшняя ўлада ў многім спрыяе таму, што гэтыя асобы па сучасны дзень застаюцца малавядомымі для шырокага кола беларускага грамадства, і афіцыйная прапаганда іх імёны не ўзгадвае, а наадварот, да гэтага часу ў пашане імёны тых катаў, якія знішчалі лепшых сыноў нашага народа.

З дакладам аб жыцці і дзейнасці Вацлава Ластоўскага выступіў старшыня ТБК Хведар Нюнька. Лёс В. Ластоўскага ў многім трагічны і адлюстраваў усе тыя падзеі першай паловы ХХ ст. беларускага народа. Ён стаяў ля вытокаў стварэння БНР, можна нават назваць яго першым афіцыйным беларускім гісторыкам. У тых крыважэрных вірах яму даводзілася рабіць няпросты выбар. І тое, што нам тады не ўдалося адстаяць незалежнасць свае Бацькаўшчыны, прывяло да таго, што лёс такіх асобаў, як В. Ластоўскі стаў трагічным. Ягоныя хістанні і падтрымка літоўскага боку - сведчанне складанасці арыентавання ў той сітуацыі, а таксама вялікай веры ў тое, што ўсё ж такі можна будзе аднавіць незалежнасць Беларусі. Яго мара ў нечым споўнілася сёння, але толькі часткова. У сёняшняй Беларусі самой Беларусі практычна няма і ўсе, хто змагаўся і паміраў за Беларусь, так і забытыя і забароненыя. Але прыйдзе час, калі іх імёнамі будуць называцца вуліцы беларускіх гарадоў, і ім будуць ставіцца помнікі.

21 студзеня споўнілася 195 гадоў з дня нараджэння Адама Кіркора - аднаго з найбольш вядомых даследчыкаў Беларусі ў ХІХ ст. Дзякуючы такім асобам, мы сёння ведаем, якой была Беларусь ў ХІХ ст. На старонках яго працаў - сівая мінуўшчына нашае Бацькаўшчыны, яе гістарычныя помнікі, курганы-валатоўкі, гарадзішчы, а таксама легенды, паданні, казкі, песні беларускага народа.

У гэтым месяцы споўнілася 70 гадоў з дня трагічнай гібелі дзеяча беларускай грэка-каталіцкай царквы экзарха Антона Неманцэвіча. Ён стаяў ля вытокаў адраджэння па-варварску знішчанай у 1839 годзе нацыянальнай беларускай царквы. Пасля яе знішчэння і пачалася русіфікацыя нашых земляў. Варта адзначыць, што калі б гэтая царква не была б знішчанай, Беларусь не была б зрусіфікаванай і палітычная сітуацыя ў гэтай краіне была б іншай. Экзарх Неманцэвіч Антон (1893-1943) сан святара атрымаў у 1915 г. Служыў у розных касцёлах Расейскай Імперыі. Прапагандаваў сярод праваслаўнага насельніцтва Санкт-Пецярбурга ідэю аб'яднання цэркваў. У 1919 г. на 6 месяцаў быў арыштаваны бальшавікамі. У 1921 г. арыштаваны паўторна, правёў некалькі месяцаў у турме. У 1923 г. арыштаваны ў чарговы раз за выкладанне асноў рэлігіі для моладзі. У 1925 г. па абмене палітвязнямі паміж СССР і Польшчай быў перададзены Польшчы. Выехаў на вучобу ў Рым. У 1927 г. абараніў доктарскую дысертацыю. У 1929 г. уступіў у навіцыят [Навіцыят - месца для "навіцыяў", або паслушнікаў, г. зн. тых, хто перш, як скласці законныя шлюбы (манаскі абет - А. А.), праходзіць перыяд выпрабавання (звычайна адзін або два гады) пад кіраўніцтвам дасведчанага законніка (манаха - А. А.) - магістра навіцыяў. Навіцыятам таксама называецца сам перыяд выпрабавання (Надсан, 2006, 10-11).] усходняй місіі ордэна езуітаў у Альберціне. Служыў на розных уніяцкіх пляцоўках, а таксама выкладаў у многіх рэлігійных навучальных установах Польшчы. З верасня 1939 г. узначаліў Беларускі Экзархат Украінскай грэка-каталіцкай мітраполіі. У 1940 г. мітрапалітам Шаптыцкім прызначаны экзархам Беларускага грэка-каталіцкага экзархата. Увёў беларускую мову як афіцыйную ў дзейнасці экзархата. У час нямецкай акупацыі дамогся ад акупацыйных уладаў афіцыйнага прызнання сваіх паўнамоцтваў. Арыштаваны немцамі ў канцы ліпеня - пачатку жніўня 1942 г. У турме захварэў на сыпны тыф. Памёр 6 студзеня 1943 г. (Маракоў 2009, 307-309; Станкевіч 2008, 1006).

Артур Юдыцкі распавёў пра пачынальніка беларускай прозы пісьменніка Ядвігіна Ш., лёс якога быў цесна звязаны з Вільняй. Належыць адзначыць, што і пахаваны ён у Вільні, на могілках Росы.

Сябра Рады ТБК Крыстына Балаховіч распавяла пра сустрэчу мастакоў у польскай галерэі "Z nad Wilii".

На мерапрыемствах прысутнічала жонка вядомага віленскага беларускага мастака Ўладзіміра Кузменкі. Заканчваючы імпрэзу, яна распавяла колькі слоў пра свайго нябожчыка мужа.

Пад час імпрэзы ўзгадалі і аб 150-х угодках з дня пачатку студзеньскага паўстання 1863-64 гг. Можна адзначыць, што менавіта гэтае паўстанне дапамагло беларусам стаць нацыяй. Сёння, на вялікі жаль, вядзецца фальшывая прапаганда па ачарненні гэтай самай слаўнай падзеі ў нашай гісторыі, якая ў яе ўпісалася залатымі літарамі. Апошнім часам з'яўвіўся шэраг дзеячоў і псеўданавукоўцаў, якія страцілі не толькі сумленне, але і апошнія рэшткі прыстойнасці і сцвярджаюць, што гэта паўстанне і гэтыя дзеячы чужыя беларускай гісторыі. Насамрэч, гэтыя "навукоўцы" чужыя для Беларусі і беларусаў. Не вядома, колькі яны срэбранікаў атрымліваюць за гэтыя ілжывыя паклёпы на самых шчырых і самаахвярных людзей, але вядома дакладна адно, што ў хуткім часе ім будзе сорамна глядзець беларусам у вочы.

Ідзе вось ясная пара,

Правіду свеціць нам зара,

Айчына - маці - Беларусь,

Гарой жыва!

(Казімір Сваяк. )

В.а. старшыні ТБК Андрусь Старавойтаў

Сябра Рады Алесь Адамковіч , г. Вільня.

На здымках: 1. Ускладаньне кветак і запальванне знічоў Кастусю Каліноўскаму

2. Госці з Беларусі ў ТБК Літвы. 3. Праводзіць імпрэзу Андрусь Старавойтаў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX