Папярэдняя старонка: 2013

№ 07 (1106) 


Дадана: 14-02-2013,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 7 (1106) 13 лютага 2013 г.


Памяць пра Касцюшку вечная

Традыцыйна ў Мерачоўшчыне, былі адзначаны 267-ыя ўгодкі з дня народзінаў нацыянальнага героя Тадэвуша Касцюшкі. У сядзібе, дзе нарадзіўся Касцюшка, сабраліся мясцовыя жыхары, дэмакратычная грамадскасць, мясцовая ўлада, дыпламаты і замежныя госці.

Ля помніка былі ўскладзены кветкі. У тым ліку і кошык з чырвона-зялёнай стужкай ад Івацэвіцкага гарвыканкаму. У доме-музеі праведзена экскурсія. Ушанаванне героя на гэты раз было нешматлюдным, бо ладзілася ў рабочы дзень.

Намеснік старшыні Берасцейскай абласной сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў лічыць гэта даволі сціплай увагай з боку ўладаў.

- Гэта адзіны наш зямляк, чалавек, якога паважаюць і ў Амерыцы, і ў Францыі, і ў Польшчы... На жаль, гэтае мерапрыемства не робіцца, нават на Берасцейшчыне, нейкім сур'ёзным, масавым мерапрыемствам. Такія героі на тысячу гадоў нараджаюцца аднойчы. У многіх кутках свету стаяць яму помнікі. У нас, дзякуй, хоць музей адкрылі.

Пасля ўшанавання Тадэвуша Касцюшкі грамадскія актывісты ды мясцовыя жыхары наведалі каталіцкія могілкі ля Косава. Там 11 лістапада 1928 года да 10-годдзя незалежнасці Польшчы быў усталяваны помнік паўстанцам Кастуся Каліноўскага.

Па прапанове Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГК), дзяржава нядаўна надала гэтаму помніку статус дзяржаўнай каштоўнасці.

Згодна з іншымі крыніцамі, ёсць ля Косава і яшчэ адна паўстанцкая мясціна. Гэта сасоннік на вялікім узгорку, што побач з Косавам. З часу паўстання тутэйшы люд не забыўся і назвы гэтай гары "Шыбельная". Тут Мураўёў-вешальнік распраўляўся з беларускімі патрыётамі.

Паводле СМІ.


120 гадоў з дня нараджэння Максіма Гарэцкага

Максім Іванавіч Гарэцкі нарадзіўся 18 лютага 1893 г. у вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павету Магілёўскай губерні ў сялянскай сям'і. У 1901-1903 гг. вучыўся ў школе в. Вялікая Багацькаўка. Потым, у 1903-1908 гг. - у двухкласнай вучэльні ў с. Вольша Аршанскага павету.

У гэты час ён пачаў цікавіцца літаратурай. Восенню 1909 г. паступіў у Горы-Горацкую каморніцка-агранамічную вучэльню. Жыў у інтэрнаце, дзе склалася невялікае таварыства аматараў літаратуры. Пачаў друкавацца ў 1912 г. у газеце "Наша ніва", там 25 студзеня 1913 г. было надрукавана першае апавяданне М. Гарэцкага "У лазні", падпісанае псеўданімам Максім Беларус.

Пасля завяршэння вучобы ў канцы 1913 г. М.І. Гарэцкі пераехаў у Вільню, дзе працаваў чарцёжнікам, затым каморнікам Землеўпарадкавальных камісій Віленскай губерні. У Вільні М. Гарэцкі пазнаёміўся з Я. Купалам, З. Бядулем, Л. Гмыракам. Тут выдаў першы зборнік "Рунь" (1914).

У ліпені 1914 г. быў прызваны ў царскую армію. 25 кастрычніка 1914 г. быў паранены пад Сталупененам. Лячыўся ў Віленскім шпіталі, працаваў у Маскве. З лютага па травень 1916 г. вучыўся ў Паўлаўскай ваеннай вучэльні ў Петраградзе, потым служыў у Іркуцку, адтуль ў кастрычніку 1916 г. перавёўся ў Гжацк. Вясной 1917 г. зноў трапіў у шпіталь. У час Кастрычніцкай рэвалюцыі знаходзіўся ў Смаленску, служыў камендантам жыллёвага аддзела Смаленскага Савета. Разам з братам Гаўрылам Гарэцкім склаў і выдаў "Руска-беларускі слоўнік". У жніўні 1918 г. стаў супрацоўнікам газеты "Звезда", паступіў на Смаленскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, аднак з-за недахопу часу пакінуў інстытут. З рэдакцыяй "Звязды" ў студзені 1919 г. пісьменнік пераехаў у Менск, затым у Вільню. Працаваў выкладчыкам беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні і адначасова ў Віленскай беларускай гімназіі. 16 ліпеня 1919 г. ажаніўся з Л. Чарняўскай - пісьменінцай і выкладчыцай Віленскай беларускай гімназіі. У 1920 г. выйшла яго "Гісторыя беларускае літаратуры", якая доўгі час была адзіным падручнікам для школ і ВНУ. У студзені 1922 г. пісьменнік быў арыштаваны і кінуты ў Лукішскую турму. Яму прад'явілі абвінавачванне ў прыналежнасці да камуністычнай партыі, замаху на дзяржаўную ўладу. Аднак, дзякуючы пратэсту грамадскасці, суд не адбыўся. М.І. Гарэцкі трапіў у Коўню, адтуль пераехаў у Дзвінск. Там чытаў лекцыі на настаўніцкіх курсах.

У ліпені 1922 г. вярнуўся ў Вільню, а ў кастрычніку 1923 г. разам з сям'ёй перабраўся ў Менск. Выкладаў беларускую мову і літаратуру на рабфаку БДУ, у студзені 1925 г. стаў навуковым сакратаром Літаратурнай камісіі Інбелькульта, быў яго правадзейным членам. Летам гэтага ж года чытаў лекцыі на настаўніцкіх курсах у цяпер. г. Клімавічы. У 1926 г. па накіраванні наркамасветы БССР пераехаў у Горкі, дзе быў прызначаны заг. кафедры бел. мовы і літаратуры Гора-Горыцкай сельскагаспадарчай акадэміі. У верасні 1928 г. Гарэцкі зноў у Інбелкульце.

У 1930 г. арыштаваны па справе Саюза вызвалення Беларусі. У красавіку 1931 г. асуджаны на 5 гадоў высылкі ў г. Вятку (з 1934 г., г. Кіраў). Працаваў над эпапеяй "Камароўская хроніка". У верасні 1935 г. пераязджае на працу настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе г. Пясочная (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.).

4 лістапада 1937 г. М.І. Гарэцкі зноў арыштаваны. 5 студзеня 1938 г. адбылося паседжанне УНКУС Смаленскай вобл., якое вынесла пісьменніку смяротны прысуд. 21 снежня быў этапаваны ў Вяземскую турму. 10 лютага 1938 г. прысуд быў прыведзены ў выкананне. Дакладнае месца пахавання невядома. Рэабілітаваны пісьменнік быў 15 лістапада 1957 г.

(Вікіпедыя.)



22 лютага ў межах кампаніі "Будзьма"адбудзецца вечарына да 120-годдзя Максіма Гарэцкага з удзелам акадэміка Радзіма Гарэцкага. Імпрэза праводзіцца на сядзібе ТБМ

па вул. Румянцава, 13. Пачатак - 18. 00 гадзін.


Мова - адукацыя - дзяржава

Сучаснае становішча беларускай нацыі настолькі сур'ёзнае, што бачна без падказкі астролагаў: мы рухаемся ў нікуды. Ёсць яшчэ шанец расставіць правільна выпрацаваныя чалавецтвам арыенціры і вырвацца з багны. Трыяда "мова - адукацыя - дзяржава" - вось стрыжань існаванння любой нацыі. Ад зфармаванасці і трываласці гэтага стрыжня залежыць моц дзяржавы - і эканамічная, і палітычная, а не наадварот. Чаму Беларусь не набыла належнага аўтарытэту ў цывілізаваным свеце, страчвае эканамічныя пазіцыі? Бо, вярнуўшы ў 1991 г. незалежнасць і маючы лепшыя павэдлуг суседзяў стартавыя эканамічныя і навукова-тэхнічныя ўмовы, у сярэдзіне 90-х паставіла воз наперадзе каня і ўпарта кансервуе становішча. Пакуль не вернем усё на сваё месца, не чакаць нам дабра.

Прыкра і балюча глядзець на нашы рэаліі. Недарэчнасць відавочная, заўважаецца нават шавіністычна настроенымі суседзямі, для якіх мы становімся нецікавымі, паколькі здаемся без супраціву. Я шматкроць адчуў на сабе, як узрастае павага замежных калегаў ды простых грамадзянаў іншых дзяржаў, калі бачаць, што ты ведаеш і шануеш сваю мову, культуру, ведаеш гісторыю роднай краіны. Няўжо гэта пачуццё адсутнічае ў нашых чыноўнікаў, урадоўцаў, якія прымаюць рашэнні і ад якіх залежыць лад грамадскага жыцця? Відавочна, пакуль не загавораць кіраўнікі дзяржавы, міністры і іншыя вышэйшыя начальнікі, не пойдзе ланцуговая рэакцыя, не будзе зруху ў беларускім пытанні. Пастановы, загады не даюць эфекту ў грамадстве, калі самі чыноўнікі іх ігнаруюць і безпакарана, як напрыклад, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі і План мерапрыемстваў у сістэме Міністэрства адукацыі па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства на 2010 г. і наступныя гады. Вядома, што найлепшы, найэфектыўны спосаб пашырэння мовы - уласны прыклад кіраўніцтва.

Да поўнай дэнацыяналізацыі тутэйшага насельніцтва застаўся мізерны крок. Наша дзяржаўнасць пахне бутафорыяй. Здзяйсняецца мара Міхаіла Мураўёва, генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю, які казаў, "што не зрабіў расейскі штык, тое зробіць адукацыя". Так, калі ў 1993-1994 навучальным годзе на беларускай мове ў краіне навучалася 76% першакласнікаў, а ў сталічнай вобласці - нават больш за 92%, у Менску - больш за 58%, з'явіліся роднамоўныя сярэднія ўстановы, паступова дзяржаўная беларуская мова, як і нацыянальныя мовы ў іншых краінах, займала належнае месца і гучала ў галоўным заканадаўчым органе, то пасля ганебнага рэферэндуму 14 траўня 1995 г. зноў пачало насаджацца рускамоўе: у 1995-1996 н. г. у першыя роднамоўныя класы было прынята ўжо 37,9% ад усіх першакласнікаў, у сталіцы - 19,5%, па-беларуску ў краіне навучалася 34,8%, па-руску - 65,2% школьнікаў. Паводле афіцыйных звестак у 2011-2012 н. г. на роднай мове навучалася ўжо менш за 20% дзяцей ад усіх школьнікаў. А сёлета стан беларускамоўнай адукацыі настолькі гіблы, што, як адзначыў старшыня ТБШ Алесь Лозка ("Наша слова", № 3, 2013), гэтыя звесткі набылі сакрэтны характар.

І тыя ж 20% - фармальны паказнік, бо, як вядома, беларускамоўных настаўнікаўпрадметнікаў нідзе ў нашых ВНУ не рыхтуюць. Трапіўшы ў "беларускія" школы, маладыя педагогі, за рэдкім-рэдкім выключэннем, не абцяжарваюць сябе беларускамоўнымі падручнікамі, выкладаюць па-расейску. Зваротная рэакцыя вучняў адпаведная. Вось і атрымліваюцца гэтыя дзьмутыя 20 адсоткаў. Асабліва жахлівае становішча назіраецца ў рэгіёнах. Дэнацыяналізацыя вёскі праз прыезджых настаўнікаў, папоў, кіраўнікоў сяльгаспрад-прыемстваў, "Белорусскую ниву" і г. д. - гэта апошні маштабны забойчы прэс над беларускай нацыяй.

Адзінае, што яшчэ трошкі сілкуе нацыянальную адукацыю, гэта падрыхтоўка настаўнікаў і выкладнікаў беларускай мовы і літаратуры. Але пад уплывам сацыяльна-палітычнага клімату ў грамадстве і зніжэннем прэстыжу роднай мовы назіраецца рэзкае самаскарачэнне (ужо непатрэбныя загады, пастановы) на беларускіх плынях філалагічнага ды іншых гуманітарных факультэтаў ВНУ. Да прыкладу, у галоўнай педагагічнай кузні - БДзПУ імя Максіма Танка з-за сістэматычнага недабору абітурыентаў ліквідаваны цэлы факультэт беларускай мовы і культуры. А яшчэ ў 2004-2005 н. г. на першым курсе тут было 10 групаў, дзе я выкладаў "Асновы экалогіі". Зараз на аб'яднаным факультэце беларускай і рускай моў набрана толькі адна невялічкая беларускамоўная група. Вось вынік 22-гадовай дзяржаўнай незалежнасці Беларусі! Куды мы коцімся?

Я сам сведка: калі ў пачатку 90-х бальшыня выкладнікаў ВНУ паспяхова карысталася беларускай мовай як на аўдыторных занятках, гэтак і ў міжасабовых адносінах, то пасля сумнавядомага рэферэндуму выкладанне і справаводства рэзка вярнуліся на расейскую мову. Заўважыў: моладзь марудней здавала нацыянальныя пазіцыі. Але гвалтоўная антыбеларуская прапаганда СМІ і пасаванне выкладнікаў і чыноўнікаў зрабілі сваю справу - студэнты нават баларускамоўнага профілю зацураліся роднай мовы, пачалі актыўна пазбаўляцца, я б назваў, сіндрому варанізму. Натуральна, не хочацца быць белай варонай - асобай, у якую скіроўваюцца не паважныя адносіны, як на пачатку 90-х, а негатыўныя, што вядуць да ізаляцыі і сацыяльных абмежаванняў. Такім нацыянальна арыентаваным студэнтам перакрыты доступ да пэўных дабротаў: інтэрнату, стыпендыі, пуцёўкі. Каб не выглядаць спачувальнікам, і педагогі на іспытах, як правіла, заніжаюць такім студэнтам адзнакі.

Прынцыповым і нацыянальна арыентаваным выкладнікам таксама заказаны кар'ерны рост і маральная ўтульнасць. Яны знаходзяцца пад пільнай увагай адміністрацыі. Ведаючы гэту асаблівую ўвагу, неабходна быць бездакорным у сваёй прафесійнай дзейнасці.

У краіне склалася парадаксальная сітуацыя: беларускамоўны грамадзянін расцэньваецца як апазіцыянер. А афіцыйнае стаўленне да апазіцыі выключна адмоўнае. І гэта мэтанакіравана мусуецца ўсімі дзяржаўнымі СМІ. Зфармаваны стэрэатып: гаворыш па-беларуску - апазіцыянер, г. зн. дэструкцыйны элемент, - моцна селектуе сацыяльны статус грамадзян на карысць дэнацыяналізму. Мне, бывала, не раз чыноўнікі выкідвалі прама ў лоб: "Вы - БНФавец!?" На што я адказваў пытаннем: "А што толькі сябрам БНФ можна карыстацца роднай мовай?"

Яшчэ згадаю адзін прыклад ва ўніверсітэце з адным добра знаёмым калегам. Адзінна-адзін мы - закідычныя сябры. Сустрэліся неяк на калідоры. Гамонім па-беларуску. Гляджу, сябар раптам тушуецца, пераходзіць на расейскую мову і: "Ой, извини, мне же надо идти…", - хоць гутарка была ініцыяваная ім. Ах, на гарызонце з'явілася начальства - навошта сведчыць сувязь з апазіцыянерам.

З уласнага досведу беларускамоўнага выкладання "Экалогіі" і "Асноў сучаснага прыродазнаўства" на розных факультэтах БДзПУ імя Максіма Танка: нідзе ад студэнтаў не пачуў папроку ў моўным плане. Аднойчы толькі ад калегі-выкладніка пасля адкрытай лекцыі атрымаў: "Вы не тактично себя ведете - не спросив у аудитории говорите на белорусском языке. Что Вы хотите этим подчеркнуть?". "Якая праблема? Я гавару на дзяржаўнай мове. І зваротная сувязь выдатная", - я ў адказ. Адсюль можна зрабіць выснову: праблема ў старэйшых пакаленнях, выхаваных у савецкім светаўспрыманні, і надзея на моладзь, прытым, заўважу, пераважна гарадскую, не скаваную комплексам "дзеравенскасці", з якой асацыюецца беларуская мова.

Мова - аснова культуры. Добра сказаў сёлета ў інтэрвію радыё "Свабода" польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі: "Культуры заўсёды жывуць як праціўнікі, заўсёды больш дынамічныя культуры перамагаюць менш дынамічныя". А каму прыемна быць пераможаным? Усе народы трымаюцца перад усім за сваю мову, каб выжыць. Мова сама сабой абараняе яго носьбітаў. Гэта культурны код нацыі. Ён разбураецца - знікае нацыя.

Чыноўнікам усіх рангаў трэба схамянуцца, парушыць крыху свой моўны камфорт і глянуць у корань, зрабіць тое, што некалі зрабілі ў ХІХ ст. чэхі пасля шматвяковай нямецкай акупацыі і балгары, скінуўшы такое ж працяглае турэцкае ярмо, нашы суседзі летувісы, партнёры па СНД казахі... Клін выбіваецца клінам. Толькі адукацыя і асвета. Па ўсёй адукацыйнай лесвіцы - ад дзіцячых садкоў да ВНУ. Адной беларускай уніяцкай царкве ды касцёлу тут не справіцца. І не трэба прымусу. Трэба толькі стварыць умовы жыццёвай неабходнасці, перспектывы і ўсё пойдзе належным чынам. На шляху нацыянальнага Адраджэння трэба паставіць маяк - вышэйшая адукацыя на беларускай мове, перад усім Беларускі нацыянальны ўніверсітэт, за які сябрамі ТБМ сабрана больш за 50 тысяч подпісаў грамадзян. Тады, ведучы сваё дзіця ў садок, маці і бацька будуць ведаць, што на беларускай мове чакае яго набыццё ведаў у школе, атрыманне спецыяльнасці ў каледжы і ВНУ, кар'ерны рост на працы.

Такую перспектыву гарантаваў прыняты ў 1990 г. Вярхоўнай радай 12 склікання "Закон Рэспублікі Беларусь аб мовах у Рэспубліцы Беларусь". Ён быў разлічаны на павольнае пашырэнне ў грамадстве дзяржаўнай беларускай мовы. Калі б яго трымаліся, мы б ужо даўно займелі людскі выгляд, павагу і пашану з боку суседзяў і народаў свету. Нацыянальнае жыццё на Беларусі ў першыя гады пасля аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці ішло далёка не такімі шпаркімі тэмпамі, як, напрыклад, у суседніх прыбалтыйскіх краінах, але паступальна. Будавалася нацыянальна-дзяржаўная піраміда. Беларускай мовай карысталіся грамадзяне ва ўсіх сферах дзейнасці, дома і публічна, не баючыся пераследу. Тады такой і думкі не было. Наадварот, было за гонар валоданне дзяржаўнай мовай як сярод туземцаў, так і небеларусаў. І прэстыж яе мацаваўся найаўтарытэтнымі носьбітамі: Старшынём Вярхоўнай рады Станіславам Шушкевічам, шэрагам дэпутатаў, міністрамі. Міністры адукацыі Віктар Гайсёнак і Васіль Стражаў, міністар культуры і друку Анатоль Бутэвіч не толькі падтрымалі ініцыятывы ТБМ імя Францішка Скарыны аб правядзенні першай (1994 г.), а затым другой (1995 г.) нацыянальных канферэнцый "Праблемы беларускай навуковай тэрміналогіі", але і ўзялі непасрэдны ўдзел і аказалі матэрыяльную дапамогу ў іх рэалізацыі. Канферэнцыі прайшлі вельмі плённа ў Менскім "Доме настаўніка" (зараз ліцэй БДзУ) у пэўнай ступені дзякуючы ўмовам, створаным гаспадаром установы - рэктарам Інстытута павышэння кваліфікацыі кіроўных працаўнікоў сферы адукацыі Аляксандрам Жуком. І ў грамадстве, і ў кіраўніцтве было разуменне неабходнасці супольных скаардынаваных дзеянняў перад усім у галіне адукацыі і выхавання, дзе нацыянальнай мове надавалася першачарговае значэнне. Пачалася праца па распрацоўцы нацыянальных падручнікаў для рознага ўзроўню навучальных устаноў. Дзеля гэтага патрэбны ўзгодненыя навукова-тэрміналагічныя стандарты, над якімі працуюць тэрмінолагі, абапіраючыся на практыку беларускамоўнага выкладання розных дысцыплінаў.

Няўжо касмапалітным і нігілістычным прагматыкам, якія перахапілі ініцыятыву ў структурах улады ды так смакавіта тапталі ўсё нацыянальна-моўнае ад сярэдзіны 90-х, дагэтуль не дайшло, што нацыянальная мова - аснова еднасці і згоды ў краіне як сям'і, а апошняе - залог эканамічнага поспеху і міжнароднай павагі?!

Родная мова патрэбна не Таварыству беларускай мовы, а дзяржаве ў асобах прэзідэнта, міністраў і чыноўнікаў усіх рангаў. Існаванне ТБМ выкліканае часам, неабходнасцю ратавання галоўнай нацыянальнай адметнасці.

Ідэя стварэння Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта, ініцыяваная ТБМ, мусіць быць ажыццёўлена. Гэта галоўны паратунак ад згаданых фатальных для нацыі тэндэнцый. Гэта быў бы моцны стымульны штуршок у нацыянальным адраджэнні, у развіцці краіны і яе прызнанні ў свеце. На першых кроках варта практыкаваць рознамоўныя плыні ў ВНУ, як гэта робіцца паспяхова на гістфаку БДзУ. Магчымасці такой практыкі яшчэ ёсць, пакуль не знік цалкам беларускамоўны рэзерв выкладнікаў, пакуль родная мова крыху цепліцца на высілках энтузіястаў, якіх небходна падтрымаць, а не заганяць у рэзервацыю. Інакш - не быць Беларускай дзяржаве.

Язэп Стэпановіч, прафесар, доктар біялагічных навук.


Добры дзень, шаноўныя сябры!

Мяне таксама, як і многіх прыхільнікаў роднай мовы, радуе яе з'яўленне на рэкламах на вуліцах сталіцы і гарадоў краіны. Дасылаю Вам фота з серыі "Родныя даты". Здымак зроблены на вуліцы Жукоўскага ў Менску. Але здаецца мне, што не трэба вельмі прыўзносіць тое, што родная мова выйшла на вуліцы. Яшчэ вельмі далёка да таго, калі беларуская мова запануе ў краіне. Пакуль яна не стане абавязковай у дзяржаўных установах гэтага не адбудзецца. Ёй не карыстаюцца, нажаль, не толькі чыноўнікі, але і творчыя людзі, якія носяць ганаровае званне народных артыстаў Беларусі. 29 студзеня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся юбілейны аўтарскі канцэрт кампазітара Зміцера Даўгалёва і паэта Ўладзіміра Пецюкевіча "Мелодыя сэрца". Канцэрт цудоўны! Тры гадзіны сапраўды беларускай музыкі і песень. Добра вяла на роднай мове канцэрт Ірына Смольская. Усе песні на беларускай мове ў цудоўным выкананні і маладых артыстаў, і зорак эстрады. Многа слоў падзякі ад артыстаў юбілярам за добрыя песні, гледачам за цёплы прыём. І толькі заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева ды Анастасія Ціхановіч і Валянціна Альшанская змаглі гэтыя словы сказаць па-беларуску. А ўсе астатнія, уключна з народнымі артыстамі Беларусі Ядвігай Паплаўскай і Аляксандрам Ціхановічам і заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Валерыем Дайнэкам, віталі выдатнага беларускага паэта Ўладзіміра Пецюкевіча па-расейску. Прыкра і сорамна. Сорамна за такіх народных ды заслужаных. Калі б канцэрт быў у Расеі, можна было бы як-небудзь гэта патлумачыць, а так... Безумоўна, беларуская мова на рэкламах - значны крок наперад у папулярызацыі роднай мовы. Хтосьці з дзетак, напэўна, вывучыць і беларускія словы, і пазнае імёны нашых выбітных продкаў. Але гэта ілюзія свабоды беларускай мовы ў краіне, чарговы "пыл у вочы", паказуха. Так што працы ў змаганні за мову яшчэ вельмі і вельмі шмат.

М. Ліннік.


Тэксты, рэкамендаваныя ТБМ для 6-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Нядзеля васямнаццатая пасля Пяцідзясятніцы. Слова пра чалавека і пра нябесныя сілы, нашто быў створаны чалавек на зямлі.

Тайны гэтыя не ўсім былі адкрытыя і многім людзям недаступныя, але як гаворыць Кірыл Філосаф: "Не для таго мы былі створаны каб есці і піць, і апранацца, але каб дагадзіць Госпаду і будучыя атрымаць даброты". Але, паколькі не даследуем бажэственныя пісанні, то і заблукалі ад ісціннага шляху, і не думаем, як нас ушанаваў Бог. Стварыў нас Бог ва ўлонні маці і душу ўлажыў, і вывеў нас адтуль; неба і зямлю стварыў, поры году, сонца і месяц, і зоры, рэкі і моры, і крыніцы, звяроў і птушак, што лунаюць у паветры, і рыб у вадзе, і дрэвы, што растуць у полі, і плод для жыцця, і траву з насеннем, і ангелаў-ахоўнікаў на захаванне даў нам - усё гэта стварыў і над усім паставіў нам цара. Але каб ведаў чалавек, ад якого царства ён будзе адлучаны з-за сваёй ляноты! Ад якой будзе адлучаны славы і радасці, што ад Бога і ад святых Яго, і ў якія пойдзе пакуты! Шмат бы ён плакаў удзень і ўноч да Бога, молячыся з слёзамі, кланяючыся без перапынку. Але паколькі многімі спакусамі дыявальскімі мы былі абкрадзеныя, бо дыявал мае многія спакусы, то калі не зможа нас у пакуту ўвесці, дык лянотай нас абкрадвае і чужымі нас робіць для вечнага царства, і бываем забытыя перад тварам Божым. І гэта не проста, але і вельмі цяжка, адных бачыць у славе, і спакоі, і ў радасці вясёлых, сябе ж бачыць усяго пазбаўленага! Лепей было б не нарадзіцца, чым у такім сораме быць. Яшчэ для відавочнасці раскажу такую прыпавесць пра Царства Нябеснае. Калі б які цар ці вяльможа ўчыніў абед і ўсіх ушанаваў, хто дагадзіў яму, аднаму ж не даў пашаны за нейкую правіну і перад сабой паставіў, і ён бы глядзеў на ўсіх, а яны б елі і пілі і весяліліся, - што такі будзе думаць? Адлучаны ад той бачнай весялосці - такі лепей бы захацей не бачыць гэтага. Так і той, хто знаходзіцца ў ляноце ў гэтым веку - такому лепей было б не нарадзіцца, чым ад такой славы адпасці.

[…] Задумаў Бог стварыць другое стварэнне - у малым вялікае - гэта значыць чалавека, другога ангела на зямлі і паклонніка: на тое і створаны быў чалавек, каб душою славіць Бога, а целам пакланяцца Яму. Ангелы на нябёсах Бога пяюць, а людзі на зямлі.

[…] Адно толькі цела належыць чалавеку, а душа - ангельскае падабенства: нябачная і безцялесная, і недатычная, дасканалая ва ўсіх органах чалавечых, без падзелу на мужчынскае і жаночае, і святлейшая за сонца больш, чым у сем разоў. Такія пасылаюцца людзям душы, але не такія яны з іх выходзяць.

(Паводле слова Кірылы Тураўскага, падрыхтаваў святар Уладзімір Камінскі.)

Адкуль узялася паншчына?

Дзецюкі!

Калі Бог стварыў усіх людзей вольнымі і ўсім даў аднолькавую душу, дык адкуль жа гэта ўзялося, што адзін марнуе ды і над людзьмі збыткуе, а другі бедны паншчыну служыць або аброкі ў казну плаціць?

Быў калісьці народ наш вольны і багаты. Не памятаюць гэтага нашыя бацькі і дзяды, але я вычытаў у старых кніжках, што так калісьці было. Паншчыны тады ніякай не было. І няма чаго таму дзівіцца, бо было лесу шмат, поля - колькі хочаш, а людзей мала, дык нашто ж служыць паншчыну за зямлю, калі кожны мог лесу выцерабіць, хату сабе паставіць і мець сваё поле.

Але ў суседстве з намі жыў немец і цар. Аднаму і другому багацце наша калола ў вочы, каб іх так колка схапіла, і хацелі нас сагнаць з нашае Бацькаўшчыны. Трэба было бараніцца, дык кароль кажа: "Хадзем бараніцца!" - а тут не ўсе ідуць, ды і мала нашых пайшло. Выгналі цара і немца, але каб жонкі і дзеці гэтых, якія хадзілі на вайну, мелі за што пражыць, кароль наш напісаў такое права: "Гэтыя, якія не хочуць ісці бараніць сваю зямлю, няхай абрабляюць поле гэтым, якія б'юцца за волю і шчасце ўсіх".

І гэтак было доўга: адны баранілі край, усё хадзілі па войнах, а другія то аралі, то сеялі, то касілі, то жалі. Згэтуль і ўзялася гэтая паншчына. Мяркуйце цяпер самі, ці можна было зрабіць справядлівей, як зрабіў калісьці наш кароль?

Яська, гаспадар з-пад Вільні.

("Мужыцкая праўда" № 2, 1862 г.)

Максімава зязюля

Пуста мне ў дарозе. Ні душы...

Лес і лес. Кедры, лісцвянкі, бярозы, малады параснік, кусты каля балот.

І не сказаць, каб усё гэта было вельмі пышна, густа ці наогул прыгожа. Звычайны лес, часам даволі рэдкі і нават дробны.

А галоўнае - нейкая адвечная маўклівая нуда пануе тут і гняце думкі і пачуццё. І птушак не чуваць. Толькі зрэдку тарабаніць жаўна.

Вось я выходжу на большы прагал, зелянейшы ад бяроз на яго ўскрайках, - дзесьці далёка і неяк асабліва сумна закукавала сібірская зязюля.

- Ку-ку ! Ку-ку!

І мне ўспомніліся яго сумныя вершы:

- Не кувай ты, шэрая зязюля!..

Ці прылятае яна, шэрая, там, у Крыме, пакукаваці яму?

І дзе будзе маё апошняе прытулішча?

Можа тут, у Сібіры, - як і яму, на далёкай чужыне?

І колькі, колькі нас, хадакоў і перасяленцаў, слухалі тут гэта сумнае кукаванне, прыгадваючы сабе бары мілае далёкае бацькаўшчыны?

(Паводле Максіма Гарэцкага.)



21 лютага у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца 6-я Агульнанацыянальная дыктоўка

Імпрэза праводзіцца на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13. Пачатак - 18. 00 гадзін. Уваход вольны.



Сакратарыят ТБМ заклікае сяброў ТБМ і грамадзян Беларусі ў рэгіёнах далучыцца да напісання 6-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага 2013 года.


Свята прыгожага пісьменства ў Баранавічах

Баранавіцкія прадстаўнікі грамадскасці і аматары роднага слова 3 лютага 2013 года прынялі ўдзел у VI Усеагульнай беларускай дыктоўцы, прысвечанай 175-м угодкам з дня народзінаў "літоўскага Марата", правадыра паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага. Мерапрыемства, у якім прыняло ўдзел 18 чалавек, адбылося ў памяшканні ПУП "Цэнтр Рунь" па вуліцы Брэсцкая, д. 224 в. Тэкст дыктоўкі - гэта адзін з "Лістоў з-пад шыбеніцы" Кастуся Каліноўскага, які дыктавала Анжаліка Камбалава. Усе ўдзельнікі свята прыгожага пісьменства не толькі праверылі свае веды па беларускай мове, але і атрымалі ў падарунак каляровую паштоўку з выяваю Кастуся Каліноўскага. А самыя маладыя ўдзельніцы свята роднай мовы былі ўзнагароджаны яшчэ і кнігай Зміцера Санько "Асобы, якія тварылі гісторыю".

Старшыня Баранавіцкай Рады Таварыства

беларускай мовы

імя Францішка Скарыны Віктар Сырыца.


Агульнанацыянальная дыктоўка ў Заводскім раёне Менска

8 лютага ў Менску ў сядзібе ТБМ на Румянцава, 13 6-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі сябры ТБМ Заводскага раёна г. Менска. У дыктоўцы ўзяло ўдзел каля 20 чалавек. Пісалі тэкст з "Мужыцкай праўды", прапанаваны ТБМ. Чытала дыктоўку першы намеснік Старшыні ТБМ Алена Анісім.

Наш кар.


Выйшаў ангельскі пераклад кнігі Ўладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха"

У брытанска-нідэрландскім выдавецтве Glagoslav у канцы мінулага году ў новым выданні выйшаў ангельскі пераклад кнігі Ўладзіміра Караткевіча "Дзікае паляваньне караля Стаха". Рэдактарка выдання Каміла Стайн адказала на пытанні Радыё Свабода.

- Чаму Glagoslav вырашыў перавыдаць "Дзікае паляванне караля Стаха"?

- Па-першае, мы ствараем падборку беларускай літаратуры, і, паколькі Караткевіч вельмі вядомы ў Беларусі, мы хацелі вылучыць ягоную творчасць ў нашай падборцы. Мы шукалі твор, які мог бы прадстаўляць Беларусь з культурнага і гістарычнага гледзішча, а таксама прадстаўляць цудоўную беларускую літаратуру. "Дзікае паляванне караля Стаха" тут вылучаецца, бо ў гэтым творы ёсць усе патрэбныя нам элементы. Таму мы выбралі гэтую кнігу і працавалі над ёй, каб гарантаваць, што яна будзе добра перакладзеная і добра прэзентаваная заходняму чытачу.

- Калі казаць маркетынгавымі тэрмінамі, што вы будзеце акцэнтаваць у апісанні кнігі, каб прывабіць чытача?

- Перадусім мы робім акцэнт на культурных аспектах кнігі. У прынцыпе гэтак мы робім з усімі творамі, якія выпускаем на рынак. Але асабліва гэтай кнігай мы нібы адкрываем акно ў новы свет, які пакуль цалкам невядомы на Захадзе. Мы спадзяёмся, што гэтай кнігай мы пакажам таямніцу, цуд і прыгажосць Беларусі. Бо існуе велізарная культурная спадчына - найперш у літаратуры і ў мастацтве ўвогуле.

- То бок вы не будзеце рэкламаваць "Дзікае паляванне караля Стаха" як трылер ці прыгодніцка-таямнічы твор?

-Там сапраўды ёсць і прыгоды, і таямніца, але мы не будзем рабіць на гэтым асноўны акцэнт. Мы таксама разумеем, што гэтая кніга была напісаная з вельмі далікатным пачуццём гумару, прыгожа, жыва і цудоўна, і ў перакладзе аўтарскі голас быў захаваны. І, вядома ж, галоўны герой кнігі - надзвычайны чалавек, які праходзіць праз усе гэтыя прыгоды, разгадвае таямніцы і вырашае праблемы, і гэтак далей. Але наш асноўны акцэнт не на гэтым. Бо калі пачытаць кнігу, дык Караткевіч вельмі ясна паказвае фон гэтай аповесці. Ён падкрэслівае культурныя традыцыі і звычаі, шмат з якіх у сучасным грамадстве ўжо зніклі. Але цудоўна акунуцца ў мора традыцый і пабачыць, якім было жыццё ў Беларусі больш за сто гадоў таму.

Перакладчыца Мэры Мінц зрабіла цудоўную працу, вельмі дэталёва і дакладна акрэсліўшы ўсе звычаі, традыцыі, нават ежу, як выглядала жытло, як былі апранутыя людзі ў той час. І саму легенду таксама, вядома ж.

Гутарыў Аляксей Знаткевіч.


Беларусь адзначае 150-годдзе паўстання 1863 года

Адкрыццё мастацкай выставы сяброў БСМ "Радзіма найвышэй за ўсё"

1 лютага 2013 года у ДУА "Інстытут культуры Беларусі" адкрылася мастацкая выстава "Радзіма найвышэй за ўсё", прысвечаная 175-годдзю з дня нараджэння нацыянальнага героя Беларусі-Літвы Кастуся Каліноўскага і 150-ым угодкам антыцарскага паўстання 1863-1864 гг.

Тэма паўстання ў беларускім мастацтве мае не менш за 150 гадоў (столькі ж як і паўстанне). Адразу пасля задушэння збройнай барацьбы супраць самаўладдзя на падворку дома Ф. Багушэвіча ў Кушлянах была збудавана капліца памяці - помнік народнай драўлянай архітэктуры. Яркасцю вобразаў і веданнем гісторыі вызначаецца творчасць удзельнікаў паўстання Міхала Эльвіра Андрыёлі, Альфрэда Ромера, Казіміра Альхімовіча і іншых мастакоў ХІХ стагоддзя, якія стварылі самыя праўдзівыя творы.

У ХХ стагоддзі тэма Каліноўскага стала адной з самых улюблёных у беларускім мастацтве і дасягнула высокага ўзроўню і шырокага маштабу адлюстравання. Першы вобраз героя ў выяўленчым мастацтве зрабіў разьбяр А. Грубэ. Класік беларускага мастацтва П. Сергіевіч у 50-я гады стварыў серыю выдатных кампазіцыйных палотнаў.

У 1970-х - 80-х гадах над вобразам К. Каліноўскага працавалі Р. Кудрэвіч і А. Гугель, З. Азгур, С. Герус, Л. Шчамялёў, А. Кашкурэвіч, Я. Кулік, Л. Гумілеўскі, А. Мара, М. Купава, П. Драчоў, В. Шматаў, У. Крукоўскі.

У 1987 г. В. Маркавец і М. Купава зрабілі паездку на малую радзіму нацыянальнага героя ў вёску Мастаўляны, у выніку якой былі створаны малюнкі і напісаны карціны краявідаў.

У 1988 г. у Палацы мастацтва адбылася грандыёзная выстава, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння К. Каліноўскага і 125-годдзю паўстання 1863 1864 гг., на якой выступалі мастакі розных пакаленняў, з рознымі творамі ад ілюстравання яркіх літаратурных твораў, да гравюры, афорта, складанай жывапіснай і графічнай кампазіцыі. Былі прадстаўлены творы як класікаў, так і творчай моладзі таго часу.

Вобраз К. Каліноўскага і Паўстання грунтоўна адлюстраваны ў іншых сферах мастацтва і культуры. Апроч выяўленчага мастацтва, вобраз Кастуся Каліноўскага грунтоўна паказаны ў літаратуры: верш Уладзіміра Караткевіча "Нявесце Каліноўскага" і драма "Кастусь Каліноўскі", паэма А. Куляшова " Хамуціус" і інш. У галіне музыкі напісаны кантаты, хоры, песні, опера Д. Лукаса "Кастусь Каліноўскі".

У 1963 годзе ў новым мікрараёне г. Менска з'явілася вуліца імя Кастуся Каліноўскага, прымеркаваная да 100 - годдзя паўстання.

Сёлетняя выстава "Радзіма найвышэй за ўсё" прыўрочана да 175 - годдзя К. Каліноўскага і 150-годдзя паўстання. Гэта частка прац Беларускіх мастакоў, якія былі створаны за апошнія 35 гадоў.

На гэтай выставе М. Купава паказвае частку серыі "Сейбіты вечнага", а В. Маркавец - палотны з адлюстраваннем сюжэтаў фальварка Мастаўляны. У. Крукоўскі дэманструе вядомы трыпціх "Памяці К. Каліноўскага". Алесь Мара на жывапісным палатне паказвае месца збору паўстанцаў. Яўген Кулік у дзвюх кампазіцыях намаляваў збор паўстанцаў і вельмі прыязны вобраз аднаго з паўстанцаў. Алесь Пушкін стварыў два партрэты: Кастуся Каліноўскага і Марыські - Марыі Ямант. Партрэты кіраўніка паўстання і яго сяброўкі напісаны ў прыгожым каларыце і авеяны рамантыкай паўстання. У выставе таксама прынялі ўдзел Ігар Марачкін і Валеры Шчасны. На адкрыццё выставы быў запрошаны беларускі гурт БДУ "Тутэйшая шляхта", які выступіў з канцэртам.

Выстава з'яўляецца данінай пашаны Кастусю Каліноўскаму, рэвалюцыянеру і публіцысту, змагару за вызваленне ад нацыянальнага і сацыяльнага прымусу, за нацыянальнае адраджэнне.

Мар'ян Базылевіч.

У Баранавічах грамадскасць горада адзначыла 175-я ўгодкі з дня народзінаў "караля Літвы", правадыра паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага

Святочную імпрэзу 3 лютага ладзілі Баранавіцкая Рада Таварыства беларускай мовы і Польскі дом. Кандыдаты гістарычных навук Ніна Стужынская і Андрэй Кіштымаў распавялі пра асобу Кастуся Каліноўскага і асаблівасці паўстання 1863 года на Беларусі. Першая дырэктарка Польскага дома ў Баранавічах Альжбета Даленга Ужосэк выказала сваё бачанне ролі Кастуся Каліноўскага ў развіцці беларускай мовы і дзяржаўнасці. У сваім выступленні грамадская актывістка Анжэла Камбалава паказала як вобраз Каліноўскага асвятляўся ў кіно, літаратуры і мастацтве. А паэт Алесь Белы прачытаў свае вершы, прысвечаныя касінерам Кастуся Каліноўскага. З цікавасцю аматары роднай гісторыі ўдзельнічалі ў гістарычнай віктарыне, прысвечанай падзеям вызвольнага паўстання 1863 года. Яе правёў старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца. Інтэлектуальны турнір паказаў, з аднаго боку, цікавасць людзей да асобы Каліноўскага, а з другога - як многа нам трэбы яшчэ чытаць, каб дасканала ведаць пра жыццё і дзейнасць нашага "караля Літвы" (менавіна так сяляне-паўстанцы заходняй і цэнтральнай Беларусі называлі свайго правадыра паўстання 1863 года).

Менскія барды і выканаўцы Раман Яраш, Віктар Сямашка і Юльяна Літвінава спявалі народныя песні, а мясцовы спявак Алесь Грыцавец выканаў патрыятычную песню Сокала-Воюша, прысвечаную змагарам за свабоду. На заканчэнні свята Галіна Ярашэвіч і Таццяна Малашчанка выканалі песню "Бэз Мілавідаў", прысвечаную касінерам 1863 года.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 80 чалавек.

Вітусь Свабодскі.


У Берасці раздавалі "Мужыцкую праўду"

Берасцейскія актывісты культурна-асветніцкай ініцыятывы "Грунт" зладзілі акцыю, падчас якой раздавалі "Мужыцкую праўду" - газету да 150-годдзя паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Некалькі соцень газет раздалі ў Берасцейскім універсітэце. Потым актывісты выйшлі на пляцоўку перад вучэльняй і працягвалі раздаваць газету там.

Праз некалькі хвілін з універсытэта выйшаў ахоўнік, які загадаў актывістам пакінуць пляцоўку - маўляў, "тут нічога нельга раздаваць".

Актывісты працягнулі акцыю ў іншым месцы.

Сябры "Грунту" назвалі газету "Мужыцкай праўдай" у гонар той, якую выдаваў Кастусь Каліноўскі перад паўстаннем і ў ходзе яго. Як кажа кіраўнік ініцыятывы Віктар Клімус, у гэтым годзе "сімвалічна плануецца выдаць сем нумароў газеты".

"Мужыцкая праўда" Кастуся Каліноўскага выдавалася з ліпеня 1862 па чэрвень 1863 года. Усяго выйшла 7 нумароў. У газеце Кастусь Каліноўскі пад псеўданімам Яська гаспадар з-пад Вільні звяртаўся да народу, рыхтуючы глебу для нацыянальна-вызвольнага паўстання.

Радыё Свабода.


100 гадоў з дня нараджэння Віталя Цвіркі

Віталь Цвірка - адзін з лепшых беларускіх пейзажыстаў 20-га стагоддзя

Ён нарадзіўся 14 лютага 1913 года ў вёсцы Радзеева (цяпер гэта ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці) у сям'і настаўнікаў. Спрыяльнасць асяродка падмацоўвалася тым, што ў доме была добрая бібліятэка, бацька захапляўся мастацтвам, сцены ўпрыгожвалі рэпрадукцыі твораў расійскіх мастакоў. З цягам часу хлопчык пачаў маляваць і сам. Потым пераезды сям'і ў Гомель, Менск. Тут пачынаецца суцэльны ланцуг нешараговых мастакоў-асобаў, у якіх атрымліваў мастацкую адукацыю і падтрымку Цвірка. У школе - гэта Міхась Станюта, Анатоль Тычына; па-за школай - Кандрат Атраховіч (Крапіва); у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, дзе юнак вучыўся з 1929 па 1932 год, - I. Ахрэмчык, Л. Лейтман, В. Руцай, У. Хрусталёў, М. Эндэ, Ф. Фогт; у маскоўскім Мастацкім інстытуце (1935 - 1942 гадах) - С. Герасімаў, П. Пакаржэўскі, Г. Ражскі, Б. Іагансан, А. Дайнека, I. Грабар. Няма падставаў лічыць Цвірку падобным менавіта да якога-небудзь з ягоных настаўнікаў, але, бадай, ён узяў, свядома ці не, ад кожнага тое, што адпавядала ягоным творчым патрэбам. Паступова гэтыя інградыенты сплавіліся пераўтварыліся ў новую якасць, уласную творчасць Цвіркі. Гэта адбылося не хутка і не адразу. Тым больш, што час тады быў зусім неспрыяльны для востраіндывідуальных мастакоўскіх выхазванняў, быў час "квітнення" аднога на ўсіх таталітарнага сацыялістычнага рэалізму.

Шкада, што няшмат захавалася даваенных твораў Цвіркі. Але, калі меркаваць па наяўных, ды па ягоных эцюдах з самаркандскай эвакуацыі, ды па першых пасляваенных менскіх эцюдах, дык як мастака яго яшчэ ў пэўным сэнсе не было. Быў добры вучань з відавочнымі здольнасцямі каларыста. Гэтыя творы быццам зародкі, часам ніякаватыя, часам шматабяцальныя, якія маглі ў далейшым і не развіцца. Будучы Цвірка ёсць у двух сакавіцкіх краявідах 1947 года -меланхалічным і бадзёрым, якія адрознівае выключны каларызм.

Эвалюцыя мастака відавочная і імклівая асабліва ў такіх "тэматычна" падобных творах, як "Талыя воды" 1961 года і "Вясна" 1975-га; "Вечар пасля дажджу" 1955 года і "На возере Свір" 1962-га. Ад дакладнага, таленавітага, але ўсё ж такі крыху літаратурнага пераказу прыроды да прамога ўвасаблення яе сутнасных з'яваў душы. Цвірка аднолькава пераканаўча ўзнаўляе пранізлівую, ветравую прастору ў "Заслаўі" (1977), душную спякоту лета ў пейзажы "У Пясках. Лета" (1966), местачковую прыстойнасць і самазадаволенасць "Браслава" (1966), ціхую, развітальную мудрасць "Ружовага дня" (1982), запаленне прыроды ад ваеннага болю ў "Ганчы - зямлі партызанскай" (1969), кранутую смуткам веліч у "Родным краі" (1968), захапляльную, магутную радасць абуджэння зямлі ў "Сакавіцкім сонцы" (1982), старажытную, вытанчаную і самадастатковую духоўнасць "Каложы" (1969). А пейзаж "Стоўбцы" (1968) увогуле ўтрымлівае такі вялікі змест, што ў літаратуры яго можна параўнаць толькі з жанрам рамана-эпапеі. Мастак часта ўзмацняў у творах прыроднае гучанне колеру, надаваў яму дэкаратыўнасць. Але цудоўным чынам абагульнены колер не губляў багацця, разнастайнасці прыродных фарбаў, а канцэнтраваў іх, дадаткова праяўляў той ці іншы пейзажны вобраз. Цвірка злучаў у вялікіх карцінах праўдзівую непасрэднасць першага ўражання і рамантычную ўзвышанасць адрэфлектаванага перажывання прыроды.

Цвірка - шчаслівы прыклад мастака, які развіваўся. "не сыходзіў з дыстанцыі" ўвесь свой доўгі век. Быў хоць і няроўны, але на ўзроўні. Апошнім дзесяцігодзем жыцця ён захапіўся нацюрмортам. Творы гэтага жанру вызначаюцца маштабнасцю, уласцівай Цвірку ўвогуле, і адначасова камернасцю, інтымнасцю, кранальнасцю безабароннага і крохкага чалавечага побыту. Кветкі - адзін з "атамаў" прыроды, маленькая каштоўнасць яе грандыёзнай скарбніцы, і ўвасабленнем гэтай "дробязі" зацікавіўся ўжо вельмі сталы мастак. Раней ён глядзеў усё больш удалячынь, а тут прыгледзеўся да блізкіх рэчаў, да рэчаў у руках - магчыма, таму, пгго далячынь зрабілася менш дасягальная.

Калі ў памяці ўзнаўляеш вобраз творчасці Цвіркі, дык пераважаюць уражанні моцы, шырыні, упэўненасці. Згадваюцца між іншым "паданні" пра выключную маэстрыю мастака. Але, калі глядзіш на канкрэтныя творы, гэтае адчуванне значна дапаўняецца наяўнасцю відавочных рэфлексій майстра наконт драматызму, шматбаковасці не толькі прыгожага, але і пакутнага жыцця. Зрэдку ў творах прысутнічае храм - як духоўная і эстэтычная кульмінацыя краявіду. Чамусьці ў ваяўніча "атэістычнай" дзяржаве мастаку даравалі гэта.

Цвірка належаў да тых рэдкіх мастакоў, у лёсе якіх спалучаюцца выключны талент, афіцыйнае прызнанне, жыццёвы поспех, дзякуючы супадзенню ў іх творчасці, уласных памкненняў з нейкімі істотнымі запатрабаваннямі заказчыкаў і часу.

В.У. Вайцахоўская.



Да 100-годдзя з дня нараджэння Віталя Цвіркі "Белпошта" выпусціла мастацкі канверт. Скарыстаны карціны В. Цвіркі "Прыпяць", "Стоўбцы". На марцы фрагмент карціны Л. Шчамялёва "Партрэт мастака В.К. Цвіркі".


Турызм і бюракратызм

А.У. Кабякову,

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,

220016, г. Мінск, вул. К. Маркса, 38

Аб паляпшэнні абслугоўвання

замежных грамадзян, якія

персанальна наведваюць Беларусь

Паважаны Андрэй Уладзіміравіч!

Наша краіна зацікаўлена ў пашырэнні культурных, эканамічных і турыстычных персанальных кантактаў з грамадзянамі іншых краін. Аднак сістэма рэгістрацыі замежных грамадзян вельмі недасканалая і нагадвае старыя савецкія часы.

З мэтай прыцягнечня замежных грамадзян у нашу краіну і павелічэння валютных рэзерваў прапануем зрабіць працу аддзелаў па грамадзянству і міграцыі па прынцыпу "аднаго акна".

Усталяваць у іх касы для аплаты пошлін і іншых плацяжоў, зрабіць аддзелы "Белдзяржстраху" і прызначыць працу гэтых аддзелаў з 8.00 да 20.00 без перапынку на абед і з адным выходным у тыдзень.

Такая сістэма працы ліквідуе вялікія чэргі і палепшыць імідж нашай краіны ў свеце.

З павагай

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў.



Старшыні ГА

"ТБМ імя Ф.Скарыны"

Трусаву А.А.

Мінск, вул. Румянцава, 13

Паважаны Алег Анатольевіч!

У Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот, накіраваны з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Неабходна адзначыць, што існуючая сістэма рэгістрацыі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства пабудавана з улікам вопыту замежных дзяржаў, а таксама шматгадовага вопыту нашай краіны і патрабаванняў сучаснасці.

Рэгістрацыя іншаземцаў з'яўляецца адміністрацыйнай працэдурай, прадугледжанай Пералікам адміністрацыйных працэдур, ажыццяўляемых дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, зацвержданным Указам Прэзідэнта Республікі Беларусь ад 26.04.2010 №200. Адзначаная працэдура выконваецца ў дзень звароту, прадугледжвае дакументы, неабходныя для ўезду ў краіну, дадаткова патрабуецца толькі аплаціць дзяржаўную пошліну.

Заканадаўствам вызначана кола асоб, якія вызвалены ад аплаты рэгістрацыі. Акрамя таго, адсутнічае неабходнасць згоды ўласніка жылога памяшкання, у якое ажыццяўляецца рэгістрацыя, паколькі яна носіць заяўляльны прынцып.

Таксама інфармуем аб тым, што рэжым работы тэрытарыяльных падраздзяленняў па грамадзянству і міграцыі пабудаваны на падставе пажаданняў і прапаноў грамадзян, прыём ажыццяўляецца 6 дзён у тыдзень.

У гэты час вывучаецца магчымасць змяшчэння ў іх пунктаў прыёму плацяжоў з выкарыстаннем Адзінай разліковай інфармацыйнай прасторы. Зацверджаны адпаведны план мерапрыемстваў, завяршэнне якіх плануецца ў 2013 годзе.

Таксама прааналізавана мэтазгоднасць прысутнасці прадстаўнікоў страхавых кампаній у тэрытарыяльных падраздзяленнях па грамадзянству і міграцыі. Паколькі іншаземец абавязаны мець страхавы поліс на момант уезду ў рэспубліку, а кошт страхавога полісу пры непрацяглым знаходжанні вельмі малы, вызначаная прысутнасць немэтазгодна.

Акрамя таго, органамі ўнутраных спраў увесь час прымаюцца меры, накіраваныя на спрашчэнне ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур, а таксама заключэнне міжнародных пагадненняў, якія вызваляюць грамадзян ад рэгістрацыі на пэўны час.

У сваю чаргу, жадалі бы выказаць Вам падзяку за канструктыўныя прапановы, якія, па магчымасці, будуць улічаны пры перапрацоўцы заканадаўства.

Намеснік Міністра М.А. Мельчанка.


Канверт да 100-годдзя "Паўлінкі"

Канверт да 100-годдзя першай пастаноўкі славутай купалаўскай "Паўлінкі" выпусціла "Белпошта". Мастак М. Рыжы.


Паўстанне 1863 г. на Лідчыне

Перад паўстаннем*

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

19 лютага 1861 г., быў апублікаваны маніфест цара пра адмену прыгону і палажэнне, якое апісвала, якім чынам зямля будзе перадавацца ў карыстанне сялянам. Механізм перадачы зямлі праз выкуп выклікаў незадавальненне сялян, што прывяло да выбуху сялянскага пратэсту ўвесну - улетку 1861 г. Вось менавіта з мэтай задушэння сялянскіх хваляванняў у нашым павеце і быў перакінуты Нараўскі пяхотны полк дзе служыў Мяжэцкі, ён пісаў: "Прайшло толькі некалькі месяцаў з дня маніфеста пра вызваленне сялян, і ў абшарнікаў пачаліся з імі непаразуменні, якія ўвесь час патрабавалі ўмяшання вайсковай сілы, ... гэта і было прычынай паспешнага выкліку нашага палка з Курляндыі ў Літву. Падчас знаходжання ў Лідскім павеце полк, як кажуць, быў у разгоне: роты, па адной ці па дзве, знаходзіліся амаль у бесперапынным перасоўванні, робячы пераходы з аднаго паселішча ў другое для ўціхамірвання ... сялянскіх бунтаў, уціхамірванні гэтыя суправаджаліся, як звычайна, розгамі" . Да восені 1861 г. вайсковыя падраздзяленні, ужываючы масавыя пакаранні розгамі задушылі выбух сялянскага пратэсту, "гадавое знаходжанне палка ў Лідзе і павеце нічым асаблівым не адзначылася, і ўвесну 1862 г. мы з задавальненнем рассталіся з гэтай глухменню, асабліва таму, што змянялі яе на Вільню, куды полк атрымаў прызначэнне" . Карнікі былі патрэбны ў Вільні, тут станавілася ўсё "гарачэй".


Цяжка было расейскаму патрыёту у той час у нашых краях: "Рускія людзі ў цывільнай адміністрацыі краю сустракаліся вельмі рэдка, большай часткай толькі ў губернскіх гарадах, у павятовых рускі чалавек уяўляў сабой выключную з'яву. Прытым тутэйшы рускі службовы люд быў зусім адмысловага гатунку. Карэнных выхадцаў з Расіі заносіла сюды якая-небудзь выпадковасць, у бальшыні ж рускія службоўцы былі рускімі толькі па сваёй афіцыйнай прыналежнасці да праваслаўнай рэлігіі, але нарадзіліся ў краі ад змешаных шлюбаў і першыя ўражанні дзяцінства ўспрынялі ад маці ... . Такія назіранні я вынес з вельмі многіх гарадоў Паўночна-Заходняга Краю, куды мяне кідаў лёс. Усяго даўжэй мне прыйшлося пражыць з батальёнам нашага палка ў горадзе Лідзе, Віленскай губерні. Тут у цывільнай адміністрацыі, пачынаючы з гараднічага, усе былі тутэйшыя. Праўда, знайшоўся адзіны рускі, наглядчык павятовай вучэльні, званы па польскай тэрміналогіі "панам прэфектам", ды і той быў горкі п'яніца. Гэта быў карэнны русак, але ў маральных адносінах зусім безасабовы. Відаць, яго схавалі ў гэтую глухмень за п'янства. Да сваёй вучэльні ён амаль не меў дачынення, і ... настаўнікі выкладалі так, як хацелі, без усякага кантролю; балазе ў той час яшчэ не была ўсталявана, як зараз, сістэматычная рэвізія выкладання з боку акруговых начальнікаў. У "присутственных" месцах паперы пісаліся па-руску з перакручанай граматыкай, але ў паветры канцылярый не насілася ніводнага рускага слова. У нашым палку з 60 афіцэраў роўна палову складалі палякі, другая палова была рускімі, літоўскімі татарамі і немцамі. Польская гаворка да такой ступені ўкаранілася ў афіцэрскім ужытку, што нават калі выпадкова сыходзіліся два-тры рускія афіцэры, то па засвоенай звычцы гаварылі паміж сабой па-польску. Афіцэры-палякі, ... з юнкераў, да таго дрэнна валодалі рускай гаворкай, што ў зваротах сваіх да ніжніх чыноў неміласэрна ламалі мову. Памятаю, як адзін субалтэрн, выходзячы са звязам на палкавое вучэнне, сустрэўся са знаёмым і, спыніўшыся, загаварыў з ім, а салдатам загадаў: "Ідзі, ідзі, другі ўзвод, я це даганю", - выйшла ні па-руску, ні па-польску".

Як ужо згадвалася вышэй, у той жа час, мясцовая інтэлігенцыя шукала паразумення з расейскімі афіцэрамі: "У той час польскія абшарнікі і службоўцы не толькі не чужыліся рускіх людзей, але імкнуліся зблізіцца з імі і ўсталяваць добрыя адносіны; таму запрашалі рускіх у свае сямействы і аказвалі ім самую вялікую ўвагу. Я, напрыклад, зусім яшчэ юны і халасты чалавек, быў проста збянтэжаны тым, што да мяне першым прыехаў з візітам прадвадзіцель дваранства (маршалак) - асоба, якая карысталася вялікай вагой у мясцовым грамадстве. Сталася так, што для збліжэння з афіцэрамі польскае дваранства падрыхтоўвала раскошны баль, і з гэтай мэтай заводзіліся знаёмствы нават з тымі з вайскоўцаў, хто па недахопе сродкаў трымаўся ўбаку ад павятовага грамадства" . На дваранскі баль былі запрошаны ўсе афіцэры, нават так званыя "бурбоны" (з ніжніх чыноў мужыцкага звання), якіх тады яшчэ было не мала ў палках, хоць гэтыя кавалеры зусім не вызначаліся ведамі свецкіх далікатнасцяў" . Любарскі не быў на лідскім баляванні, але з захапленнем яго апісвае: "Баль выйшаў на славу, грацыёзныя шляхцянкі ўвесь час выбіралі для мазуркі вайскоўцаў, аддаючы ім відавочную перавагу перад цывільнымі кавалерамі, а за агульнай вячэрай з морам шампанскага, ласкавыя гаспадары раз-пораз выгуквалі тэндэнцыйныя тосты "за братэрство, едносць, вспульную працу, на ніве славянскага прагрэсу, за шляхетных рускіх афіцэраў і да т.п.", прычым з чоканнямі і абдымкамі. ... у той час ніхто з нас яшчэ не здагадваўся пра палітычныя задумы нашых мілых сабутэльнікаў, мы прымалі ўсе гэтыя ласкі ... як праявы вытанчанай ... адукаванасці, і прыемна бавілі свой час. Асабліва спадабалася вайсковай моладзі чароўнае стаўленне да яе прыгожых паненак, і хоць сур'ёзнае заляцанне некаторых зухаў з матрыманіяльнымі мэтамі за багатымі нявестамі атрымала фіяска ..., тым не менш, афіцэрства плыло ў задавальненні безуважлівага жыцця і было ў захапленні ад непараўнальнага ... грамадства" . У адказ расейцы далі свой баль: "Са свайго боку, у якасці рэваншу, афіцэры адказалі, "затейливым" пікніком, на які з'ехаліся абшарніцкія сямействы ледзь не з усяго павету. У маляўнічым лесе недалёка ад горада была ўладкавана платформа пад падстрэшкам для танцаў і расстаўлены намёты для буфетаў і прыбіральняў. Дастаўлены вялікі транспарт ласункаў, закусак і вінаў, гульбішча асвятлялася рознакаляровымі ліхтарамі, штохвілінна ўзляталі ракеты, трашчалі і іскрыліся феерверкі, палкавая музыка агалошвала паветра на вялікую прастору. .... пад канец балю, ... разгарачаныя танцамі і багатым узліваннем абшарнікі, службоўцы і афіцэры навідавоку ва ўсіх бесперашкодна чокаліся куфлямі, абдымаліся і цалаваліся, выкрыкваючы звычайнае пры гэтым kochajmy sie (будзем кахаць адзін аднаго) і кляліся ўзаемна ў вечным і нязменным сяброўстве, не гледзячы ні на якія акалічнасці, ні на якія выпадковасці" . Аднак, знайсці паразуменне з расейскімі афіцэрамі не ўдалося, калі прыйшоў час паўстання, на бок паўстанцаў перайшлі ў асноўным афіцэры - ураджэнцы нашага краю. Аднак большасць з іх, не давяраючы ім, урад загадзя перавёў "у войскі, размешчаныя ў сярэдзіне імперыі" .


У 1861-1862 гадах на тэрыторыях ранейшай Рэчы Паспалітай узмацніліся патрабаванні аграрных рэформаў, дэмакратызацыі і незалежнасці. Радыкальныя дэмакратычныя і патрыятычныя групоўкі (так званыя "чырвоныя") выступалі за адкрытую ўзброеную барацьбу і рыхтавалі паўстанне. Узброенаму паўстанню 1863-1864 гадоў папярэднічаў даволі доўгі падрыхтоўчы перыяд. Пачатак падрыхтоўкі да паўстання прымяркоўваюць звычайна да 1859 году, калі вайна Францыі з Аўстрыяй быццам бы падала надзею, што пасля Італіі Напалеон III захоча вызваліць і Польшчу. Аднак агульны ўздым пачаўся яшчэ да 1857 году, пасля стварэння Земляробчага таварыства, якое ўзначаліў граф Анджэй Замойскі і пасля вяртання з Сібіры ссыльных па амністыі і па заканчэнні 25-гадовых тэрмінаў высылкі пасля паўстання 1830-31 гг. У марах пра волю, мясцовыя інтэлігенцыя спадзявалася абаперціся на новага французскага імператара Напалеона ІІІ, які абвясціў прынцып аб'яднання народнасцяў і напружана сачыла за кожным крокам Гарыбальдзі, які ў той час аб'ядноўваў Італію, вызваляючы яе ад улады дробных валадароў.

Любарскі ў сваіх мемуарах, не абходзіць бокам ролю касцёла пры падрыхтоўцы паўстання, ён піша пра наяўнасць у горадзе трох касцёлаў: "У Лідзе, якая налічвала ў той час дзве з невялікім тысячы жыхароў, былі тры велічэзныя мураваныя касцёлы выдатнай архітэктуры, якія высока і ганарліва ўздымалі да неба свае прыгожыя шпіцы. Адзін з іх стаяў пусты, за непатрэбнасцю, бо вернікаў на ўсе касцёлы бракавала" . Пустымі стаялі два з трох касцёлаў: кляштара піяраў - пасля пажару 1842 г. і кармеліцкага кляштара, зачынены яшчэ пасля паўстання 1831 г. і перададзены спачатку ўніятам, а пасля ліквідацыі уніі, стаўшы праваслаўным. Аўтар расказвае, як аднойчы, у нядзелю ён зайшоў у Фарны касцёл і замест напалову пустога храма "тут прысутнічаў літаральна ўвесь горад, нібы на адпуст (храмавае свята). Не могучы растлумачыць сабе гэтую з'яву, я адчуваў, што бесперапынна прыбываюць усё новыя і новыя багамольцы і ўтвараюць суцэльную масу, якая ціснула з усіх бакоў. Тым не менш, я цярпліва пераносіў ціск і задуху, сочачы з цікаўнасцю за ходам імшы, каб параўнаць яе з праваслаўнай" . Каталіцкая служба скончылася, але людзі не разыходзіліся, і вось "на высокай кафедры на бакавой сцяне з'явіўся невядомы прапаведнік у сутане капуцына і адразу прыкаваў да сябе агульную ўвагу. Капуцынскага кляштара ні ў горадзе, ні ў суседстве не было; такім чынам, новы твар з'явіўся здалёку. Гэта быў чалавек гадоў пад трыццаць, з паголенай па-манаску галавой, высокі і сухарлявы, апрануты ў тоўстае цёмна-шэрае сукно і падперазаны вяроўкай; на левым запясці - буйныя пацеркі, у выглядзе ланцуга, з вялікім крыжам. Даўгаваты твар, рэзкая зморшчына паміж бровамі, нос гарбінкай, тонкія стуленыя вусны і глыбокія, іскрыстыя вочы, абведзеныя сіняватымі кругамі, - усе гэтыя рысы выяўлялі ў капуцыне розум, энергію, рашучасць. Ён схіліўся над кафедрай як бы ў нямой малітве, потым выпрастаўся на ўвесь рост, абвёў фасфарычным поглядам прысутных, падняў уверх правую руку і загаварыў. Гаворка яго, спачатку ціхая і спакойная, паступовае прымала гарачае адценне, часам прыпадабнялася бурнай хвалі і кідала на слухачоў грамы заклікаў". Ксёндз прамаўляў пра Радзіму і да такой ступені меў магнетычны уплыў на людзей, што "натоўп, здавалася, гатовы быў рынуцца туды, куды ён пакажа. Дастаткова сказаць, што я, старонні і выпадковы слухач, мімаволі адчуваў нервовую дрыготку ва ўсім целе, а з масы слухачоў няспынна вырываліся гучныя ўздыхі, і сотні кулакоў шчыра стукалі ў замілаваныя грудзі. Сцісла гэтае палітычнае казанне можна прыблізна фармуляваць так: "Бог пасылае выпрабаванні нават сваім абраным народам. Мы, ... заўсёды вызнавалі праўдзівую каталіцкую веру, ... - тую веру, па-за якой няма выратавання чалавечым душам, і тым не менш Богу заўгодна было выпрабаваць свой ўпадабаны люд, дазволіць каб яго заняволіла варварская і ерэтычная ўлада, якая адняла грамадзянскія правы і свабоду сумлення, усё, што складае самы дарагі і святы здабытак чалавека на зямлі. Мы бясконца доўга і цярпліва пераносілі свае пакуты, і Выратавальнік свету зараз пераканаўся ў непахіснай пэўнасці свайго народа Яго святым запаветам. Слухайце ... ! Імем Усемагутнага Бога ўзвяшчаю вам, ... што надышоў канец нашым катаванням. Набліжаецца хвіліна, калі Бог разаб'е вашы кайданы і даруе нам згубленае зямное шчасце. Збавіцель ідзе да нас, і блажэнны той муж, якога ён сустрэне падрыхтаваным. Будзьце ж гатовыя прынесці ўсякія ахвяры на алтар Айчыны; ахвяруйце ўсім, хто чым валодае, нясіце давераным людзям грошы, рэчы, увесь здабытак, а калі прыйдзе час - жыццё. У імя святога нашага касцёла і дарагой Айчыны бацькі павінны на час адмовіцца ад сваіх сямействаў, мужы ад жонак, мацярэй і дзяцей, нявесты ад жаніхоў, падначаленыя ад свайго начальства і дружна выступіць на справу вызвалення Бацькаўшчыны .... Але гора таму, хто па абыякавасці ці ад страху застанецца ўбаку ад усеагульнага руху. На іх абрынецца з неба гром і ўразіць на смерць без пакаяння, зніч ператворыць у попел усю іх маёмасць, а на тым свеце чакае здраднікаў вечная пякельная пакута. Маліцеся, ды хай Ісус Хрыстос і Маці Божая асвятляюць сэрцы вашыя і накіроўваюць вас на богадагодныя вычыны… На калені!". Афіцэр піша, што увесь касцёл, уключна з гараднічым і ўсімі павятовымі ўладамі ўкленчыў, не сталі на калені "толькі я і адзін з паліцэйскіх, які стаяў наперадзе мяне. Капуцын бліснуў вачамі і ўладна прагаварыў: "Я бачу, што тут, у гэтым святым храме, прысутнічаюць іншаверцы; але ўсё роўна, замаўляю і іх злучыцца ў агульнай малітве, інакш яны адразу панясуць кару Божую". Становішча выйшла крытычнае. .... паліцыянт пачаў уладкоўвацца на калені, ... , а я, скарыстаўшыся гэтай паўзай, прасунуўся за шырокую калону, каля якой стаяў. Ксёндз супакоіўся і зноў працягваў сваю блюзнерскую і абуральную прамову, пратрымаўшы на каленях пакорлівую паству з чвэрць гадзіны" . Пры канцы, капуцын выйшаў з алтара "з выразам смутку і стомы на твары і, сціпла патупіўшы вочы, стаў прабірацца праз натоўп з велізарным падносам на руках. Яго суправаджаў павятовы суддзя з запасным падносам, апушчаным уніз. З усіх бакоў працягнуліся рукі, і ахвяраванні багатым дажджом пасыпаліся на паднос прапаведніка: медзякі, срэбра, асігнацыі, нават вельмі буйныя, кашалькі і партманетка з усім змесцівам, бранзалеты, завушніцы, гадзіннікі, адразу ўтварылі такую кучу, што класці больш не было куды. Напоўнены паднос змяняўся запасным з рук суддзі, які адносіў усё сабранае ў алтар і зноў спяшаўся да капуцына з пустым падносам" . Тут Любарскі, пэўна, каб не ўдзельнічаць у зборы грошай, уцёк з касцёла, таму не пачуў як першы раз ў горадзе там заспявалі новыя песні, "быццам бы рэлігійныя, але па сутнасці рэвалюцыйнага зместу" . Капуцын больш не з'яўляўся ў Лідзе. Але гэта быў "адзін з самых фанатычных эмісараў польскага "жонду". Ён бесперашкодна пераязджаў з горада ў горад, з мястэчка ў мястэчка, усюды прамаўляў свае казанні і збіраў багатыя ахвяраванні. Калі ж успыхнула паўстанне, дык гэта ... (ён) апынуўся ў атрадзе Лелявеля, натхняў паўстанцаў з крыжам у руках і, нарэшце, у адной сутычцы быў забіты" . Вядома, што ў атрадзе Лелявеля шараговым байцом ваяваў ксёндз Бжоска, верагодна менавіта ён і выступаў у Лідзе і ўсхваляваў насельніцтва горада. Бжоска вучыўся ў Янашскай семінарыі (быўшай Люблінская губерня), у 1857 г. яго высвяцілі ў ксяндзы і прызначалі вікарыем у Саколку, потым у Луцк (былой Сядлецкай губерні). У 1862 г. ён сышоў да паўстанцаў, увесь час выступаў перад насельніцтвам. У 1863 г. быў у атрадзе Левандоўскага, а потым у Лелевеля, пасля разгрому атрада Лелявеля сам узначаліў атрад паўстанцаў. Арыштаваны толькі 17 красавіка 1865 г. і 11 траўня пакараны смерцю ў Саколцы .


Пасля расстрэлу ў 1861 г. дэманстрацый у Варшаве, асабліва пасля красавіцкага расстрэлу, вулічныя дэманстрацыі змяніліся зборамі ў касцёлах, дзе спяваліся патрыятычныя гімны і адзначаліся памятныя даты з гісторыі Рэчы Паспалітай. "Маральная рэвалюцыя" набывала форму кампаніі грамадзянскага непадпарадкавання і ставіла ў тупік прадстаўнікоў імперскай адміністрацыі, якія ніколі не сутыкаліся з такімі формамі палітычнага жыцця. Жанчыны ў памяць аб красавіцкіх ахвярах нязменна насілі жалобную адзежу. Тыя, хто не насіў жалобы, падвяргаліся на вуліцах маральнаму ціску.

(Працяг у наст нум.)

* Друкуецца ў скарочаным варыянце. Поўны тэкст будзе надрукаваны ў часопісе "Лідскі летапісец" № 1 (61) за 2013 год.

Лаўрэш Леанід


ПРА "РУСІНСКАЕ ПРОЗВІШЧА" І ІНШАЕ

Адносна таго, як і калі з'явіліся, утварыліся прозвішчы беларусаў, распавядаецца ў многіх навуковых ці навукова-папулярных артыкулах (напрыклад, П. Сцяцко, В. Дзеружынскага, В. Урублеўскага і інш.). Грунтоўна пра гэта гаворыцца і ў манаграфіі буйнейшага вучонага, заснавальніка беларускай анамастыкі М.В. Бірылы "Беларуская антрапалогія: уласныя імёны, імёны па бацьку, прозвішчы" (Мінск, 1966).

Ён вывучыў усе гістарычна-юрыдычныя дакументы XV-XVIII стст., якія адносяцца да тэрыторыі, што цяпер уваходзіць у склад Беларусі. Паколькі названая кніга, як і дзве другія манаграфіі на тую ж тэму, апублікаваныя ў 1969 і 1982 гг., выдаваліся ў савецкі перыяд, аўтар нідзе нават не ўпамінае аб русіфікацыі, якая пачалася пасля 1772 года (першага падзелу Рэчы Паспалітай). Многія ж зробленыя ў манаграфіі высновы аб'ектыўныя і заслугоўваюць увагі. Паказана, напрыклад, што беларускія прозвішчы ў XVII ст. толькі пачалі складвацца, працэс іх фармавання працягваўся ў XVIII і нават у XIX стагоддзях. Гэта датычыць асноўнай масы насельніцтва - сялянства, прадстаўнікі ж больш высокіх колаў грамадства абзавяліся прозвішчамі раней - у канцы XVI ст.

Шмат якія прыведзеныя ў кнізе факты гавораць самі за сябе. Так, са зводнай табліцы (с. 289) відаць, што ў XVI ст. прозвішчаў на -ович (-евич) , утвораных ад імёнаў па бацьку, было 83%, а на -ов (-ев) - 1, 75%, на -ін - 1, 63 %.

Выклікаюць цікавасць супастаўленні, зробленыя М.В. Бірылам: у Масковіі ў XV-XVI стст. імёны па бацьку на -ович (-евич) маглі насіць толькі прадстаўнікі самых высокіх слаёў пануючага класа, а ўсе іншыя асобы мелі імёны па бацьку на -ов, -ин . У Вялікім жа Княстве Літоўскім - зусім іншая карціна: на 1500 выпадкаў імёны па бацьку на -ович (-евич) мелі больш як 1200 асоб і толькі каля 50 асоб - на - ов (-ев), -ин . Паступова ўжыванне імёнаў па бацьку становіцца "ўстойлівай кніжнай традыцыяй, якая, несумненна, адыграла немалаважную ролю ў фармаванні адпаведных прозвішчаў на -ович (-евич) і - ов (-ев)" .

Помніцца: калі я, тагачасны настаўнік сярэдняй школы на Гродзеншчыне, прачытаўшы манаграфію М.В. Бірылы, у адпачынкавы час 1966 ці то 1967 года прыехаў у родную вёску Іскозы Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці, то спрабаваў дазнаццца ў старых аб вытоках іх прозвішчаў. Толкам ніхто нічога не ведаў. І толькі адзін дзед (па прозвішчы - Зайцаў) сказаў прыкладна так: захавалася легенда-паданне, што прозвішча гэтае нашым далёкім продкам далі пры царыцы Кацярыне, калі гэтыя землі захапілі расійцы (маскалі); наш продак быў паляўнічым у пана і чамусьці меў мянушку "Заяц".

З гэтым паданнем, напэўна, варта згадзіцца, як і з такімі радкамі аднаго з артыкулаў Вадзіма Дзеружынскага: "Пры першым падзеле Рэчы Паспалітай былі раздадзены новыя прозвішчы ліцвінам-беларусам, жыхарам цяперашніх Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцей. Гэтыя прозвішчы былі на расійскі манер, а сама працэдура раздачы прозвішчаў мела характар этнічнага генацыду".

У якасці прыкладаў з прозвішчамі на -оў (-аў) , не тыповымі для жыхароў нашай краіны, можна назваць такіх вядомых беларускіх пісьменнікаў, як Васіль Быкаў, Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў. Або з прозвішчамі на -ін : Іван Шамякін, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін. Ці прыгадаем прозвішчы былых партыйных кіраўнікоў рэспублікі: К.Т. Мазураў (родам з Гомельскага павета), П.М. Машэраў (з Сенненскага павета), Я.Я. Сакалоў (з Горацкага павета), М.М. Слюнькоў (з Рагачоўскага раёна). І названыя вышэй пісьменнікі таксама родам з усходніх ці паўночна-ўсходніх раёнаў Беларусі.

Аналагічныя прозвішчы і на маёй малой радзіме. Два прозвішчы ўтвораны, відаць, ад мянушак: Котаў, Галубцоў. (Такія прозвішчы-мянушкі - Кот, Голуб, Галубец - неаднаразова сустракаюцца ў манаграфіях М.В. Бірылы.)

Некалькі прозвішчаў створана па імю бацькі: Навумаў (ад "Навум"), Глебаў (ад "Глеб"), Андросаў (ад "Андрос"), Дзямідаў (ад "Дзямід").

Ледзь не палова жыхароў вёскі мела прозвішча Лепяшоў (з націскам на апошнім складзе). Цяжка сказаць, якім чынам яно ўзнікла. Магчыма, ад мянушкі: помніцца з маленства, як мая бабуля (па лініі маці) часам з насмешкай ці абурэннем казала пра якога-небудзь Лепяшова: "Ну й Лепяшы етыя!.." Дарэчы, пры савецкай уладзе прозвішча падпала пад праўку: усе Лепяшовы сталі Лепешавымі (з націскам на першым складзе). Між іншым, у маім дыпломе аб заканчэнні Аршанскага настаўніцкага інстытута на левым баку напісана па-беларуску: Лепяшоў , а на правым - (па-руску): Лепешев.

Былі ў вёсцы тры прозвішчы на -ін . Яны таксама з'явіліся, хутчэй за ўсё, па імю бацькі: Мінін (ад "Міна"), Арцёмкін (ад "Арцём"), Калінін (ад "Калінік, Каліна").

У вёсцы былі досыць распаўсюджаны ў гутарковым маўленні імёны па бацьку на - онак (-ёнак) ; да прыкладу: Васіль Данілёнак (што значыць "Васіль, сын Данілы"), Мелля-нёнак (ад "Мяллян, Емяльян") і г.д. Маскоўскімі пісарамі такія імёны былі заменены на -енко : Анішчанка (ад "Анішчонак"), Сідарэнка, Змітрачэнка .

Абрусенне прозвішчаў адбылося не толькі ва ўсходніх і паўночна-ўсходніх землях Віцебшчыны або ва ўсходніх раёнах Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Прыпомнім хоць бы некалькі прозвішчаў за межамі Беларусі: Расул Гамзатаў, Чынгіз Айтматаў. Або: Назарбаеў, Бакіеў… Міжвольна напрошваецца здагадка: калі б, не давядзі божа, і Амерыка аказалася ў лапах расійскай ці савецкай імперыі, то сёння Барак Абама, мусіць, быў бы ўжо Барак Абамаў або Барак Абамін.

І ў літаратуры гэты працэс знайшоў адлюстраванне. Адзін з герояў аповесці В. Быкава "Трэцяя ракета" - якут Папоў, у трагікамедыі Я. Купалы "Тутэйшыя" Мікіта Зносак ператвараецца ў Нікіція Знасілава, у апавяданні К. Крапівы "Мой сусед" Цыбулевіч стаў Лукавіцыным…

Усё гэта - рэшткавыя, непазбыўныя сляды русіфікацыі.

Пішу пра гэта, каб выказаць свой (лічу, небеспадстаўны) погляд пра ўтварэнне прозвішчаў на -оў (-аў), -ін у Беларусі. Яны, у тым ліку і маё прозвішча, тыповыя не для Беларусі, а для Расіі. А вось Э. Ялугін у "Нашым слове" (2012. № 49) піша пра мяне: "Ну хочацца спадару паходзіць ад ліцвінаў - і няхай. Хоць прозвішча мае, мяркую, русінскае". Не, не русінскае, а расійскае! Як, дарэчы, і прозвішча Ялугін , носьбіт якога родам са станцыі Асінаўка, што за 12 км ад маёй Дуброўны (супаставім, скажам, такія бясспрэчныя рускія прозвішчы: Пушкін, Ельцын, Пуцін).

Э. Ялугін настойліва паўтарае, што "Полацкая зямля ніколі Літвою не называлася" і "людзі самі сябе называлі там русінамі, а пазней беларусінамі". Але такія сцвярджэнні рэзка разыходзяцца з тым, што засведчана ва ўсіх беларускіх энцыклапедыях і акадэмічных лінгвістычных даведніках.

Так, у "Беларускай Савецкай Энцыклапедыі" (т. 8, с. 486 - 487) сказана, што "Полацкае княства з 1307 г. - у складзе Вялікага Княства Літоўскага", што ў 1504 г. на тэрыторыі Полацкага княства "створана Полацкае ваяводства" як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ВКЛ і што толькі "паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) правабярэжная частка Полацкага ваяводства" далучана да Расійскай імперыі. Пра Оршу ў энцыклапедыі гаворыцца, што яна "з 20-х гадоў XIV ст. да 1772 г. - у складзе ВКЛ". Захаваліся і пісьмовыя афіцыйныя сведчанні; напрыклад, "Лісты" (1573-1574) дзяржаўнага і ваеннага дзеяча ВКЛ аршанскага старасты Філона С. Кміты-Чарнабыльскага - яго службовая перапіска з членамі каралеўскай рады ВКЛ.

Складальнікі такіх аўтарытэтных акадэмічных даведнікаў, як "Слоўнік мовы Скарыны", "Этымалагічны слоўнік беларускай мовы", "Гістарычны слоўнік беларускай мовы", ні ў адным з пісьмовых помнікаў не выявілі слова "беларусін". Гэта - не беларускае слова, а польскае. Яно даецца ва ўсіх польскіх даведніках. Напрыклад, у "Падручным польска-белаускім слоўніку" (Варшава, 1962, с. 30) bialorusin мае адпаведнік беларус .

Ужо даводзілася пісаць, што слова "русіны" фіксуецца толькі ў адным з названых акадэмічных даведнікаў і тлумачыцца як 'назва ўкраінцаў заходнеўкраінскіх зямель'. У сучаснай жа ўкраінскай літаратуры (гістарычнай і мастацкай на гістарычную тэму) слова "русіны" актыўна ўжываецца як назва ўсіх украінцаў ранейшых эпох (прычым не толькі па праваслаўным веравызнанні, а і па прыналежнасці да пэўнай народнасці). Так, вядомы ўкраінскі прафесар-філолаг Г.П. Піўтарак у сваёй манаграфіі пра падзеі XII ст. піша: "паўднёвыя русіны (тобок украінцы)". Украінскія вучоныя-гісторыкі аргументавана даказваюць, што толькі ўкраінцы маюць права сваю дзяржаву мінулых эпох называць Руссю, а сябе - русінамі.

Што да слоў "литвин" ('жыхар Вялікага Княства Літоўскага'), "литва" ('насельніцтва ВКЛ'), "лицвяки", то яны на законнай падставе апісваюцца ў беларускіх слоўніках - гістарычным і этымалагічным.

Э. Ялугін адзначае, што хутка завершыць раман "Перад патопам", дзе будзе размова і пра падзеі часоў Люблінскай уніі 1569 года. Там ужо чытач напэўна ж сустрэнецца з прывычнымі для аўтара тэрмінамі "русін", "беларусін".

І яшчэ адна заўвага. У "Нашым слове" (2012. № 32) Э. Ялугін піша, што ніхто з беларускіх пісьменнікаў, пачынаючы з Багушэвіча, не назваўся ліцвінам. Сярод прыведзеных шасці прозвішчаў ёсць і У. Някляеў. І ён, само сабой зразумела, не лічыць сябе ліцвінам. А ў творы гістарычнага плана называе рэчы сваімі імёнамі. У адным з эпізодаў ягонай нядаўна апублікаванай паэмы "Паланэз" Вялікі князь ВКЛ Ягайла (1377-1392), звяртаючыся да нас, цяперашніх, "з глыбіні вякоў" кажа са здзіўленнем, недаўменнем і незадавальненнем:

Вы разлучылі дух з крывёю

І, абрусеўшы пад Масквою,

Пад назвай,

дадзенай Масквой,

Не сталі нават маскалямі,

А толькі назваю адной -

І тая назва стала вамі.

Вы - беларусы? Хто такія?

Ёсць Польшча, Жмудзь,

Літва, Расія -

Як вы ўшчаміліся сярод?

Адкуль з'явіліся? З балот?

З чаго зляпіліся? З туманаў?..

Такіх падмен, такіх падманаў

Не ведаў ні адзін народ…

…Няма ніякай Белай Русі,

А ёсць Вялікая Літва!

І хітрая Літва малая,

Былая Жмудзь, пра тое знае,

Вялікая - не хоча знаць…

(Так і хочацца дапоўніць радкі У. Някляева наступнымі словамі, уклаўшы іх у вусны Ягайлы:

- Ах, растакую ж вашу маць,

Як любяць маскалі казаць, -

Пайду паклічу сваю раць,

Каб вас ураз утаймаваць!)

Іван Лепешаў.


Новы зборнік Івана Лепешава

"Перад змярканнем" - так называецца зборнік Івана Лепешава, прафесара Гарадзенскага купалаўскага ўніверсітэта. Гэта плод працы навукоўца за мінулы год. Вядомы збіральнік беларускіх фразеалагізмаў, прыказак значнае месца ў сваёй працы прысвячае аналізу гісторыі нашага краю.

У зборніку чытачы знойдуць артыкулы пра ліцвінства, мову, спрадвечныя беларускія сімвалы. Значная колькасць артыкулаў, змешчаных у кнізе, летась была надрукаваная менавіта ў газеце "Наша слова". Артыкулы ж, змешчаныя ў рускамоўных выданнях, падаюццд па-руску.

Гэта ўжо сорак пятая кніга прафесара. Яна выйшла малым накладам ад выдавецтва "Юрсапрынт". У выдавецтве і можна набыць гэты зборнік.

Пачынаецца кніга з артыкула, змешчанага летась у "Народнай волі":


НЯЎЖО І ПРАЎДА, ШТО "ЗАНЯЛА БЕЛАРУСЬ СВОЙ ПАЧЭСНЫ ПАСАД МІЖ НАРОДАМІ"?

Сто гадоў таму Янка Купала, вястун і прарок, якому ўсё сніліся сны аб Беларусі", напісаў вялікі верш "Маладая Беларусь". Ужо тады, як і раней, душу паэта абнімала "без граніц, без канца маці-радасць, што лепшы дзень родзіцца". Верш канчаўся незгасальнай надзеяй і заклікам:

Падымайся з нізін,

сакаліна сям'я,

Над крыжамі бацькоў,

над нягодамі;

Занімай, Беларусь маладая мая,

Свой пачэсны пасад

між народамі!..

Радкі гэтыя былі актуальныя і тады, актуальныя яны і сёння. Нездарма ў 1994 годзе журы тагачаснага конкурсу на Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь рашыла прыняць за тэкстуальную аснову гімна тры страфы (1, 5, 6-ю) верша "Маладая Беларусь", а ў якасці прыпеву прапанавала апошнюю, 12-ю страфу. Ды хутка рэзка змянілася, кажучы словамі Мікіты Зноска, "палітычная сітуацыя", і сёння мы масм гімн, мала чым адрозны ад савецкага, які пачынаўся словамі "Мы, беларусы, з братняю Руссю..."

Купалаўскі сімвал па-сад як вобраз маладой Беларусі, роўнай сярод роўных, адчуваецца і ў ягоным вершы "Час!" (1918): "Хай скажа сам народ..., як заводзіць лад: ці жыць далей у няволі, ці разжыцца новай доляй, новы ўзнесць пасад". Да гэтага ж вобраза паэт вернецца зноў у паэме "Безназоўнае", напісанай ў 1924 г., калі ў БССР пачалася беларусізацыя:

Беларусь у куце

У хаце сваёй села, -

Чарка мёду ў руцэ,

Пазірае смела.

Калі ж праз некалькі гадоў з беларусізацыяй было пакончана раз і назаўсёды ды пачалася лютая барацьба з гэтак званымі нацдэмамі пры адначасовым ажыццяўленні пагалоўнай русіфікацыі, Янка Купала, унутрана застаючыся нескароным, павінен быў выконваць ролю блазна, юбілейнага паэта. Ён яшчэ і яшчэ раз пераконваўся, што пры бальшавіках Беларусь не зойме "свой пачэсны пасад між народамі". Сталінскі стаўленік у Мінску П.К. Панамарэнка 21 лістапада 1938 г. у сакрэтным лісце да "бацькі" Сталіна даносіў яму, што Янка Купала нядаўна сказаў: "Усе нашы карты біты, лепшыя людзі вынішчаны, трэба самому рабіць харакіры (ён ужо спрабаваў аднойчы пакончыць з сабой). У другі раз ён пачаў скардзіцца (у сваім асяроддзі) на нястрымную тугу, на тое, што ніякай Беларусі ён не бачыць вакол сябе, што ён хутка памрэ з такім жа смуткам аб Беларусі, з якім пачынаў сваё жыццё ў маладосці... Янка Купала гаворыць, што тое, што ён пісаў пры Савецкай уладзе, не творчасць, а дрындушкі".

У іншай мясціне гэтага ж ліста даносіцца, што Янка Купала пусціў ва ўжытак крылаты выраз "Пакуль жыве мова, жыве народ" .

З думкамі пра Беларусь паэт трагічна загінуў у Маскве напярэдадні свайго 60- годдзя.

"Сваёй ахвярнай пагібеллю ён нязмерна ўзвысіўся ў часе і стаў недасяжны, - пісаў Васіль Быкаў. - Цяпер мы ведаем: ён не прыняў зло. Ён не мог адолець яго, але не мог і скарыцца яму. Можа, сапраўды лепей памерці - ці самахоць, ці ад спрактыкаванай рукі спецыялістаў. Каб не множыць бальшавіцкае зло, не спяваць акафісты злачыннаму рэжыму, які тады схапіўся ў смяротнай бойцы з другім не меней злачынным рэжымам. Падобна, Купала зрабіў свой выбар - самы жахлівы, але з часоў Ісуса Хрыста і самы чалавечны выбар".

Агульнавядома, што нацыя без сваёй мовы - гэта не нацыя. I не народ. А як жа ў нас цяпер - у суверэннай Рэспубліцы Беларусь? ...

Адказ і ў гэтым артыкуле і ў іншых з новай кнігі прафесара Івана Лепешава.

Наш кар.


Прырода ў арнаменце

Спакон веку ў арнаменце ў натуральным ці стылізаваным выглядзе перадаваліся матывы рэчаіснасці. Часта аб'ектам рэчаіснасці з'яўляецца Сонца ў выглядзе тых ці іншых салярных знакаў. Роля Сонца прашчурамі была асэнсавана яшчэ, ў старажытныя часы. Адсюль яго абагатварэнне рознымі народамі, узнікненне святаў, што прысвечны шанаванню Сонца, як, напрыклад, нашы Каляды ці Купалле. Цікава прасачыць, як людзі маглі абазначыць у побыце гэтую жыватворную крыніцу.

На розных побытавых і рытуальных рэчах Сонца абазначаецца рознымі сімваламі. найбольш устойлівыя з іх - гэта круг, круг з кропкай у сярэдзіне, чатырохканцовы крыж, крыж у крузе, шасціканцовы крыж у крузе і некаторыя іншыя. Гэтыя сімвалы сустракаюцца на старажытным гліняным посудзе, на драўляных, тканых і вышываных вырабах. Напрошваецца пытанне: чаму гэтыя, а не іншыя сімвалы зацвердзіліся ў народным уяўленні, як найбольш здатныя для выявы галоўнай крыніцы ўсяго жывога на Зямлі?

Існуе распаўсюджанае тлумачэнне аб узнікненні некаторых салярных сімвалаў. Абазначэнне Сонца кругам тлумачыцца яго падабенствам да круга, а абазначэнне чатырохканцовым крыжам грунтуецца на падабенстве да крыжа прылады, з дапамогай якой у старажытнасці здабывалі агонь трэннем. Далёкія продкі зямны агонь атаясамлівалі з нябесным.

Але прырода ўзнікнення сімвалаў Сонца, якія пазней перайшлі ў арнамент, магла быць і іншай. Гэтыя сімвалы маглі ўзнікнуць пры назіранні прыродных з'яў, што існавалі заўсёды, і людзі іх назіралі з часоў палеаліту. Патлумачым гэта на прыкладах.

Перш-наперш прыгадаем, што так званыя пёрыстыя аблокі на вялікай вышыні над Зямлёй утвараюцца ледзянымі крышталікамі рознай формы ў залежнасці ад тэмпературы і вільготнасці атмасферы. Але толькі некаторыя тыпы крышталікаў здольныя выклікаць тыя атмасферныя з'явы, пра якія пойдзе гаворка.


Сонца - круг з кропкай у сярэдзіне

Часцей за ўсё вясной і летам пёрыста-слаістыя аблокі, што ўтвораны ледзянымі крышталікамі ў выглядзе шасцігранных прызмачак, маюць частку крышталікаў, якія так арыентуюцца адносна назіральніка на Зямлі, што сонечныя прамені, якія праходзяць праз гэтыя крышталікі. ўтвараюць светавое кольца вакол Сонца. Такая атмасферная з'ява завецца гало . Яно можа назірацца і вакол Месяца. Гэта і магло быць прычынай абазначэння Сонца ў выглядзе круга з кропкай у сярэдзіне.


Сонца - чатырохканцовы крыж

Пры пэўных, даволі рэдкіх умовах, калі аблокі складаюцца з шасцівугольных ледзяных пласцінак і шасцігранных прызмачак, якія інакш арыентаваны адносна назіральніка, чым у папярэднім выпадку у атмасферы назіраецца крыж з Сонцам у сярэдзіне.


Сонца - чатырохканцовы крыж у крузе

Калі воблака складаецца з крышталікаў у выглядзе шасцівугольных пласцінак і шасцігранных прызмачак, якія павольна апускаюцца на Зямлю адны ў гарызантальным становішчы, а другія ў вертыкальным і выконваюць некаторыя іншыя рухі, дык можна назіраць крыж з Сонцам у сярэдзіне і колца вакол Сонца.


Сонца - шасціпрамянёвы крыж у крузе

Калі глядзець на Сонца скрозь імглу, дык можна заўважыць, што ад Сонца распаўсюджваецца шэсць промняў. Тое самае мы бачым, калі глядзім на нейкую светавую крыніцу ў цемры (яркая зорка, далёкае вогнішча на ўзвышшы, ліхтар на слупе). Гэта тлумачыцца існаваннем шасці жгуцікаў у хрусталіку вока, якія і ствараюць падобны эфект.


Бывае дванаццаціпялёсткавае салярнае абазначэнне. Яно з'явілася пазней, як выява руху Сонца на працягу дванаццаці месяцаў.

Сонца абазначаецца і восьміпялёсткавай разеткай. Такі сімвал мог узнікнуць з чатырохканцовага крыжа, які ўтвораны з чатырох стылізаваных каласоў. Ён ужываецца ў славянскай, уграфінскай арнаментацыі і арнаментацыі іншых народаў. Калі кожную палавінку стылізаванага каласка ўявіць асобна, дык атрымаецца васьміканцовая зорка-разетка. Такім мог быць натуральны шлях узнікнення салярных сімвалаў, якія ўвайшлі ў нацыянальны беларускі арнамент.

В. Арлоў, г. Віцебск


Польская музыка - са скарбонкі спрадвечнага

Вечар класічнай музыкі, прысвечаны 100-годдзю польскага кампазітара Вітольда Лютаслаўскага (1913-1997) адбыўся ў Дзяржаўнай філармоніі пры падтрымцы Інстытута Польскага ў Менску.

Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі выканаў канцэрт для фартэпіяна ў 4-х частках і маленькую сюіту. Кіраваў аркестрам выдатны майстра Павел Котла з Варшавы, які сёння з'яўляецца дырыжорам Лонданскага сімфанічнага аркестра. На імпрэзе прысутнічаў амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка і іншыя госці.

Вітольд Лютаслаўскі, кампазітар, піяніст і дырыжор займае пачэснае месца ў гісторыі польскай музыкі пасля Ф. Шапэна. Гэты год у Польшчы абвешчаны ў гонар яго. Яго творы гучаць у канцэртных залах больш за 60 гадоў.

Кампазітар Вітольд Лютаслаўскі нарадзіўся ў сям'і абшарнікаў, ён - сын палітычнага дзеяча Юзафа Лютаслаўскага (1881-1918), арыштаванага і забітага бальшавікамі. Вітольд складаў музыку з дзевяцігадовага ўзросту (прэлюдыя для фартэпіяна, 1921), вучыўся ігры на скрыпцы і фартэпіяна. Ён скончыў Варшаўскую кансерваторыю ў 1937 годзе, паралельна вывучаў матэматыку як студэнт Варшаўскага ўніверсітэта (1931-1933).

У Варшаўскай кансерваторыі Лютаслаўскі навучаўся ў вядомага расійскага і польскага кампазітара, прафесара Вітольда Восіпавіча Малішэўскага (1873-1939), вучня М. А. Рымскага-Корсакава і заснавальніка Адэскай кансерваторыі (1913). Менавіта таленавіты педагог Малішэўскі заклаў асновы кампазітарскага майстэрства Лютаслаўскага (іншым вядомым вучнем В. А. Малішэўскага быў Н. Н. Вілінскі). Лютаслаўскі высока цаніў музычныя творы другога выдатнага кампазітара XX стагоддзя - Ігара Стравінскага. Як кампазітар ён фармаваўся яшчэ пад уплывам Караля Шыманоўскага, захапляўся мазавецкім фальклорам.

Падчас Другой сусветнай вайны ён быў мабілізаваны, выконваў абавязкі радыётэлефаніста, трапіў у палон, але здолеў уцячы. Зарабляў у варшаўскіх кавярнях разам з Анджэем Пануфнікам, збіраючы сродкі для артыстаў, якія хаваліся ад нацызму (у тым ліку, для Уладзіслава Шпільмана). Пасля 1948 году польскія сталіністы, якія ішлі Жданаўскім курсам, абвінавацілі Лютаслаўскага ў фармалізме.

Пасля прэміі ЮНЕСКА (1959) і выканання струннага квартэта ў Стакгольме (1965) да кампазітара прыйшло міжнароднае прызнанне.

Лютаслаўскаму належаць 4 сімфоніі, канцэрт для аркестра, шэраг камерных і вакальных твораў, у тым ліку - на словы А. Мішо, Р. Дэснаса, Ю. Тувіма і іншых паэтаў. Ён - першы лаўрэат Прэміі Гравемайера (1985, за Трэцюю сімфонію), лаўрэат прэміі імя Сонінг і прэміі Гердэра (абедзве - 1967), прэміі Эрнста Сіменса (1983), прэміі Кіёта (1993), узнагароджаны залатым медалём Каралеўскага філарманічнага таварыства Вялікабрытаніі (1987), кавалер французскага Ордэна мастацтваў і літаратуры, польскага Ордэна Белага арла (1994), ганаровы доктар многіх універсітэтаў, у тым ліку Кембрыджскага.

Яго творы выконвалі лепшыя музыканты свету, сярод якіх: Мсціслаў Растраповіч, Хайнц Холігер, Дзітрых Фішэр-Діскаў, Ганне-Сафі Мутар, Дон Апшоў, Георг Шолці, Эса-Пека Саланен, Антоні Віт і іншыя. В. Лютаслаўскі з'яўляўся ганаровым доктарам шэрагу прэстыжных універсітэтаў Польшы, Еўропы і Амерыкі, у тым ліку - Каралеўскай Акадэміі музыкі ў Лондане, Акадэміі прыгожых мастацтваў у Парыжы, Акадэміі Св. Цэцыліі ў Рыме, Амерыканскай Акадэміі мастацтваў.

В. Лютаслаўскага запрашалі да ўдзелу ў прэстыжных фестывалях конкурсах кампазітараў, для чытання лекцыяў і правядзення майстар-класаў.

Сучасны дырыжор Павел Котла выдатна перадаў стылістычныя асаблівасці музыкі В. Лютаслаўскага, тэмп, нацыянальны характар і тэмперамент аўтара.

Павел Котла вучыўся ў музычным універсітэце Ф. Шапэна ў Варшаве, стажыраваўся на музычных курсах ў Вене, Сіене, Інсбруку і Брыксене. Дырыжор супрацоўнічаў з большасцю польскіх філармоній, аркестрам Акадэміі Бетховена, рабіў запісы з сімфанічным аркестрам польскага радыё, працаваў з тэатрам оперы ў Шчэціне, выступаў ў Швецыі, Чэхіі, Францыі, Германіі, Бельгіі, Расіі і іншых краінах.

Жыхары і госці Менска змаглі наталіць свае душы выдатнай музыкай, дзякуючы майстэрству дырыжора і артыстаў Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра.

Партыю фартэпіяна выконваў саліст Габрыэліюс Алекна.

Э. Дзвінская, фота аўтара.


Сустрэча з Ірынай Жарнасек

30 студзеня 2013 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася творчая сустрэча з вядомай пісьменніцай Ірынай Францаўнай Жарнасек, якая зараз з'яўляецца галоўным рэдактарам дзіцячага часопіса. Яе раман "Будзь воля Твая", які быў выдадзены ў 2004 годзе распавядае чытачам ХХІ стагоддзя пра адну з трагічных старонак гісторыі нашай Бацькаўшчыны мінулага стагоддзя - росіцкую трагедыю... Героямі твора з'яўляюцца як гістарычныя асобы - блаславёныя айцы марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра, так і тыя людзі, што жылі альбо маглі жыць побач з імі і сталі ўдзельнікамі гэтых жудасных і адначасова такіх прыгожых у сваёй ахвярнай любові і высакароднасці падзей. Раман пабачыў свет у выдавецтве "Про Хрысто". Вечарынай кіравала адна з супрацоўніц гэтай установы вядомая літаратарка Хрысціна Лялько.

Вельмі хораша спявалі дзяўчаты і хлопцы з квартэта камернага хору "Глёрыя". Было сказана многа цёплых слоў пра спадарыню Жарнасек.

Выступалі Франц Сіўко, Сяргей Панізьнік, Ірына Багдановіч, Міхась Скобла, Алесь Шатэрнік.

На мерапрыемстве прысутнічала творчая інтэлігенцыя г. Менска, а таксама беларуская моладзь. Можна было набыць творы Ірыны Францаўны, якія былі выдадзены ў мінулыя гады рознымі выдавецтвамі. Панавала творчая атмасфера. Было вельмі цікава.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX