Вярнуцца: 2013

№ 08 (1107)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 8 (1107) 20 лютага 2013 г.


21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы. У 2013 годзе ў Беларусі па-беларуску навучаюцца 16% школьнікаў і 0,2% студэнтаў

Белстат апублікаваў звесткі наконт колькасці грамадзян, якія сёлета навучаюцца па-беларуску.

У беларускамоўных садках налічваецца каля 45 тысяч дзяцей (11,4%), у садках з рускай і беларускай мовамі - каля 15 тысяч дзяцей (3,8%).

У школах беларускамоўных вучняў больш - 151 тысяча чалавек (16,4%).

Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі "беларускамоўных" 1400 навучэнцаў (0,9%), "дзвюхмоўных" - каля 22 тысяч (14,6%).

Агульная колькасць беларускамоўных навучэнцаў у садках, школах, ПТВ, універсітэтах - каля 200 тысяч чалавек.

Нарэшце, ва ўстановах вышэйшай адукацыі па-беларуску навучаюцца каля 700 чалавек (0,2%), на дзвюх мовах - каля 160 тысяч студэнтаў (37,4%).

Дарэчы, на Гарадзеншчыне працуюць адзін польскамоўны (17 чалавек) і адзін літоўскамоўны (13 чалавек) садок. Апроч таго, ёсць тры польскія школы і адна літоўская. У іх агулам навучаецца больш за 700 чалавек. Апроч таго, у іншых школах польскую мову вывучаюць 4 тысячы чалавак, іўрыт - 358 чалавек, літоўскую - 155 чалавек.

Паводле СМІ.


Дзень беларускай Вікіпедыі

16 лютага ў Варшаве прайшла незвычайная падзея - Дзень беларускай Вікіпедыі. Калі б не ведаць, што адбываецца ў адной з аўдыторыяў варшаўкага Collegium Civitas, што месціцца ў Палацы культуры і навукі, дык можна было б падумаць, што каля двух дзясяткаў студэнтаў проста прыйшлі на лекцыю. Але тут упершыню цягам 7 гадзін удзельнікі мерапрыемства - беларусы і палякі - супольна пісалі артыкулы ў Вікіпедыю па-беларуску, прычым рабілі гэта па жаданні - класічным альбо афіцыйным правапісам.

На сённяшні дзень у беларускай Вікіпедыі ёсць прыкладна 50 тысячаў артыкулаў напісаных класічным правапісам і практычна столькі ж - афіцыйным, а гэта значыць, што часта праца, інтэлектуальны высілак проста дублюецца, - кажа варшаўскі інжынер Томаш Блядынец, які дагэтуль напісаў у польскую Вікіпедыю болей за тысячу арыткулаў пра Беларусь.

Суарганізатар імпрэзы - суполка "Беларуская нацыянальная памяць", якая раней ладзіла пераважна імпрэзы, звязаныя з беларускай гісторыяй, гэтым разам абрала зусім іншы фармат, кажа яе лідэр Анатоль Міхнавец:

- Гэта незвычайна для нас, але мы шукаем розныя шляхі, каб прыцягнуць моладзь да беларускай гісторыі. Восенню ўзнікла ідэя наладзіць вось такую акцыю, бо беларуская Вікіпедыя ў параўнанні з іншымі не надта папулярная ды багатая.

Адміністратар польскай Вікіпедыі Марэк Стальмасік гаворыць:

- Наша мэта - падтрымліваць усе ініцыятывы, звязаныя з Вікіпедыяй. Мы дапамагаем у нашай краіне, прыкладам, кашубскай ці сілезскай Вікіпедыі. А беларуская супольнасць у Польшчы даволі вялікая, і таму гэта мы таксама спрабуем падтрымаць.

Адмыслова да імпрэзы мастак з Падлесся Дарыюш Вашчынскі стварыў лагатып з выявамі беларускай Пагоні, польскага Арла ды матэматычнай формулы, што разам мае сімвалізаваць польска-беларускае супрацоўніцтва.

Паводле

Радыё Свабода.



22 лютага ў межах кампаніі "Будзьма"адбудзецца вечарына да 120-годдзя Максіма Гарэцкага з удзелам акадэміка Радзіма Гарэцкага. Імпрэза праводзіцца на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13. Пачатак - 18. 00 гадзін.


110 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Жук-Грышкевіча

Вінцэнт Жук-Грышкевіч (10 лютага 1903, в. Будслаў, цяпер Мядзельскі раён - 14 лютага 1989, Бэры (Barrie), Канада) - беларускі грамадска-палітычны дзеяч, настаўнік.

Вучыўся ў Будслаўскай беларускай гімназіі да яе ліквідацыі, пасля ў Віленскай беларускай гімназіі, якую скончыў у 1922 годзе. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Пражскім універсітэце (1926). У 1927-1939 быў настаўнікам Віленскай беларускай гімназіі. Прымаў актыўны ўдзел у грамадска-нацыянальным жыцці. У канцы верасня 1939 быў арыштаваны савецкімі ўладамі, зняволены ў лагерах. У 1942 як польскі грамадзянін быў вызвалены, ваяваў у арміі генерала Ўладзіслава Андэрса. З гэтым войскам, якое было ў складзе восьмай Брытанскай Арміі, ён быў у Іраку, Палестыне, Егіпце, а пасля ў Італіі. Браў удзел у бітве пад Монтэ-Касіна.Пасля вайны, у 1946 г. арганізаваў у Лондане першую на эміграцыі паваеную беларускую арганізацыю - Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі, быў ягоным першым старшынём. У гэтых гадах ён быў таксама рэдактарам часопісаў "На шляху" і "Беларус на чужыне". З 1950 жыў у Канадзе, актыўна ўдзельнічаў у нацыянальным руху. 14 верасня 1953 ажаніўся з беларускай дзяячкай Раісай з Жукоўскіх.

У 1954 г. накіраваўся ў Нямеччыну для арганізацыі і вядзення беларускай секцыі радыё "Вызваленне" (зараз "Свабода") у Мюнхене. Тады беларускія радыёперадачы пайшлі ў Беларусь. Кіраўніком беларускай секцыі радыё "Вызваленне" В. Жук-Грышкевіч быў да 1956 г., калі вярнуўся назад у Таронта. У Канадзе зноў поўнасцю ўключаецца ў беларускае грамадскае жыццё. У 1966 г. арганізуе Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, у 1967 - Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе і з'яўляецца першым старшынём абедзвюх арганізацый. Быў прэзідэнтам Рады БНР (1971-1982). Пахаваны на беларускіх могілках НьюБрансвік у штаце Нью-Джэрсі ў ЗША.

Вікіпедыя.


70 гадоў з дня нараджэння Міхася Тычыны

Міхась Аляксандравіч Тычына (нар. 10 лютага 1943 г., пас. Ленінскі, Алданскі раён, Якуція) - беларускі літаратуразнаўца, пісьменнік.

Нарадзіўся ў сям'і ссыльнага селяніна. У 1947 годзе разам з бацькамі пераехаў на іх радзіму, у вёску Завалочыцы Глускага раёна. Закончыў філалагічны факультэт Берасцейскага педагагічнага інстытута (1964). Кароткі час працаваў настаўнікам на Піншчыне. Служыў у Савецкай Арміі (1964-1965). Закончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1970). Цяпер працуе вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры і мовы НАН Беларусі, загадчыкам аддзела тэорыі літаратуры. З 1994 года выкладае літаратуру ў Беларускім гуманітарным ліцэі.

Друкавацца пачаў у 1963 года з вершаў (берасцейская абласная газета "Заря"); як крытык і літаратуразнавец з 1969 (часопіс "Маладосць"). Спецыяліст у галіне літаратуразнаўчай экспертызы. Аўтар шматлікіх асабістых і калектыўных манаграфій, эсэ, нарысаў, аповесцяў, апавяданняў. Пераклаў на беларускую мову шэраг прац і твораў Алеся Адамовіча. Адзін з аўтараў падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па беларускай літаратуры для базавай і сярэдняй школы.

Доктар філалагічных навук. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 1976). Сябара Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989).

Вікіпедыя.


ЭВАЛЮЦЫЯ ДАСЛЕДЧАГА МЫСЛЕННЯ

(санет)

Міхасю Аляксандравічу Тычыну з нагоды 70-гадовага юбілею

Прайшлі вучнёўства юныя гады і вехі,

Вяла Вас прага ведаў наталення.

Вы бачылі ментальную адметнасць

І эвалюцыю мастацкага мыслення,


І карані фальклору ў кроне нашай прозы,

І цуд самаарганізацыі сістэмы,

Хаосу - космасу ўзаемасувязь, проста

Адолелі Вы найскладанейшыя тэмы!


Так, мы жывём у пераходную эпоху!

Між аўтараў - філосафы і скамарохі, -

Малюе чалавечы твар літаратура.


Дажынкі сведчаць пра ўраджаю каласістасць!

Пад знакам Вашае даследчае культуры

Філалагічны Храм стаў непахісны!

12.02.2013

(Таццяна Барысюк ад імя аддзела ўзаемасувязей літаратур.)


Давайце гандляваць па-беларуску

Сп. В.С. Чэканаву,

Міністру гандлю Рэспублікі Беларусь

вул. Кірава, 8, корп. 1,

220030, г. Мінск

Паважаны Валяннін Сяргеевіч!

3 студзеня 2013 г. намі быў атрыманы адказ з Вашага міністэрства на наш зварот № 97 ад 12 снежня 2012 г. у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які тычыўся абавязковага выкарыстання англійскай мовы аб'ектамі прыдарожнага сэрвісу.

У сваім адказе (ад 28.12.2012 за № 02-06/192к) Ваш намеснік сп. I. У. Наркевіч паведаміў нам наступнае: устанавіць абавязковае для выканання суб'ектамі гаспадарання патрабаванне да наяўнасці ў аб'ектах грамадскага харчавання меню на замежнай мове можна, і для гэтага дастаткова нарматыўнага акта Мінгандлю, у той час як такое ж патрабаванне ў адносінах да беларускай мовы нібыта пацягне парушэнне канстытуцыйнай нормы аб яе дзяржаўнасці.

Мы вымушаны канстатаваць, што выснова Мінгандлю пазбаўлена юрыдычных падстаў. Устанаўленне патрабавання аб наяўнасці ў аб'ектах грамадскага харчавання меню на беларускай мове ніякім чынам не можа парушыць канстытуцыйную норму аб дзяржаўнасці беларускай мовы, а наадварот спрыяе яе ўмацаванню.

Тым больш, што ў сваёй дзейнасці Ваша міністэрства абавязана кіравацца таксама Законам Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", у адпаведнасці з часткай другой арт.2 якога Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

Устанаўленне абавязковасці меню на замежнай мове без адначасовай наяўнасці яго ў аб'ектах грамадскага харчавання на беларускай мове прадастаўляе неабгрунтаваную перавагу замежнай мове, чым парушае моўны баланс.

У адным са сваіх рашэнняў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь звяртаў увагу на тое, што пры фармальна-юрыдычным раўнапраўі беларускай і рускай моў у нашай краіне на практыцы баланс іх выкарыстання не вытрымліваецца, маюцца прыклады пераважнага выкарыстання рускай мовы (рашэнне ад 4 снежня 2003 г. № П-91/2003 "Аб выкарыстанні беларускай і рускай моў у сферы абслугоўвання, абароту банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання"), і такая сітуацыя, на думку Канстытуцыйнага Суда, патрабуе зменаў з мэтай забеспячэння фактычнай роўнасці дзяржаўных моў.

Пакуль што пазіцыя Вашага намесніка не толькі не спрыяе балансу ў фактычным выкарыстанні дзяржаўных моў, але стварае перакос на карысць замежнай мовы. якая не з'яўляецца дзяржаўнай у Рэспубліцы Беларусь.

Таму з улікам вышэйпададзенага, звяртаемся да Вас з прапановай, каб патрабаванне аб наяўнасці ў аб'ектах грамадскага харчавання меню на замежнай мове адбывалася пры ўмове яго абавязковай наяўнасці на дзяржаўнай беларускай мове.

З павагай,

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Старшыні

ГА "Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Алегу Трусаву

вул. Румянцава, д. 13

220034, г. Мінск

Аб разгледжанні звароту

Паважаны Алег Трусаў!

Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь, разгледзеўшы Ваш паўторны зварот ад 14.01.2012 № 4 па пытанні абавязковай наяўнасці ў аб'ектах грамадскага харчавання меню на беларускай мове ў дадатак да ліста ад 28.12.2012 № 02-06/192к, паведамляе наступнае.

Патрабаванні, прад'яўляныя да аб'ектаў грамадскага харчавання розных тыпаў пра неабходнасць наяўнасці меню, надрукаванага на беларускай (рускай) мове і на адной замежнай мове, усталяваны пастановай Мінгандлю ад 4 кастрычніка 2010 г. № 26 (далей - Пастанова № 26), якая з'яўляецца нарматыўным прававым актам.

Парадак падрыхтоўкі, афармлення, прыняцця (выдання), апублікавання, дзеяння, тлумачэння і сістэматызацыі нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь усталяваны Законам Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2000 г. "Пра нарматыўныя прававыя акты Рэспублікі Беларусь".

Прынятыя (выдадзеныя) нарматыўныя прававыя акты міністэрстваў, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь падлягаюць абавязковай юрыдычнай экспертызе, якая праводзіцца Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Паводле Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 жніўня 2003 г. № 359 "Пра меры па ўдасканаленні норматворчай дзейнасці" (далей - Указ) праект акту да занясення ў норматворчы орган (службовай асобе) падлягае ўзгадненню з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі), калі такое ўзгадненне з'яўляецца абавязковым у адпаведнасці з заканадаўствам, а таксама калі ў праекце акту ўтрымоўваюцца нарматыўныя прадпісанні і (ці) даручэнні, якія тычацца іншых дзяржаўных органаў (арганізацый).

Праект акту ўносіцца ў норматворчы орган (службовай асобе), як правіла, пасля ўхілення ўзніклых па ім рознагалоссяў.

З улікам выкладзенага, лічым, што Ваша прапанова пра наяўнасць у аб'ектах грамадскага харчавання ў абавязковым парадку меню на беларускай мове, можа быць выканана ў выпадку ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь у частцы ўсталявання адной дзяржаўнай мовы - беларускай.

Разам з тым, Міністэрствам гандлю Рэспублікі Беларусь накіраваны ў адрас упраўленняў гандлю і паслуг аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама ліст з прапановай аб наяўнасці ў аб'ектах грамадскага харчавання меню на беларускай мове і просьбай аб яго давядзенні да суб'ектаў гаспадарання.

Дадаткова інфармуем, што апошнія змены і дадаткі занесены ў пастанову № 26 пастановай Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь ад 3 жніўня 2012 г. № 22, якая ўступіла ў сілу з 07.12.2012 г.

Намеснік Міністра В.Л. Драгун.


Адкрывальнік новай тэмы

На Случчыне адзначылі 100-годдзе з дня нараджэння беларускага пісьменніка Антона Алешкі . Напрыклад, супрацоўнікі раённай цэнтральнай бібліятэкі правялі радыёгутарку, арганізавалі прагляд літаратуры і выставу твораў пісьменніка-земляка.

Антон Антонавіч Алешка (1.02.1913 - 13.09.1971) нарадзіўся ў вёсцы Балотчыцы Слуцкага раёна ў сялянскай сям'і. У сваёй аўтабіяграфіі ён пісаў: "Бацькі мае былі малазямельныя сяляне, жылі мы бедна і, каб хоць мець нейкую капейку, працаваць даводзілася з цямна да цямна… Чытаць я навучыўся рана і з шасці гадоў пайшоў у школу. Вучыўся ахвотна і добра... Калі я скончыў пачатковую школу ў сваёй вёсцы, бацька адвёз мяне ў вёску Чапліцы вучыцца ў сямігодцы. Пасля яе заканчэння падаў дакументы ў Слуцкі педтэхнікум, дзе правучыўся два гады, і ў 1931 годзе быў накіраваны на працу ў мястэчка Лапічы Асіповіцкага раёна. Там выкладаў беларускую мову і літаратуру, а таксама рускую мову і літаратуру. Працаваў я ў школе чатыры гады, кіраваў рознымі гурткамі... У гэты ж час пачынаю пісаць пра жыццё і працу ў глухой палескай вёсцы маладога настаўніка. Помніцца, што напісаў я каля дзясятка апавяданняў, але друкаваць нікуды не пасылаў. Лічыў, што мастацкі ўзровень іх пакуль што не надта высокі. А першы мой твор, які з'явіўся ў друку ў 1932 годзе - было апавяданне "Песня восені"".

Працуючы настаўнікам, Антон Алешка не забываў пра сваю мару - стаць лекарам. У 1935 годзе ён паступіў у Варонежскі медыцынскі інстытут. Праз год вучобы яго ў ліку студэнтаў-выдатнікаў накіравалі ў Ваенна-медыцынскую акадэмію імя С.М. Кірава, што знаходзілася ў Ленінградзе. "Вучобу ў акадэміі скончыў напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 годзе. Я ўжо быў накіраваны на Далёкі Усход, але неўзабаве вайна паламала ўсе планы. Апошні час перад вайной я жыў у Ленінградзе з сям'ёй - жонкай і маленькім сынам. Адсюль, атрымаўшы званне ваенурача, трапляю ў дзеючую армію спачатку на Заходні, а потым на 3-ці Беларускі фронт... Доўгі час давялося служыць сярод авіятараў, у злучэнні, у якое ўваходзіў славуты авіяполк французскіх добраахвотнікаў "Нармандыя - Нёман".

А.А. Алешка быў старшым лекарам 523-га авіяцыйнага знішчальнага палка 303-й авіяцыйнай дывізіі. Хто падлічыць, колькі воінаў атрымалі ад яго неабходную медыцынскую дапамогу, колькі жыццяў выратаваў ваенны лекар Алешка! Як пісаў у сваім вершы "Ваенурач" лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валянцін Лукша,

"У строй байца паставіць -

Плён бязгрэшных.

Тут дар патрэбны,

і не трэба слоў.

Мог палкавы ўрач

Антон Алешка

Пілота склеіць

нават са шматкоў".

На фронце Антон Алешка не пакідаў літаратурнай творчасці, хоць франтавыя ўмовы наўрад ці можна назваць спрыяльнымі для гэтага. "Але калі выпадала вольная хвіліна паміж баямі, тады заўсёды стараўся прыстроіцца ў якім-небудзь ціхім месцы і пісаць. За гады вайны напісаў шэраг апавяданняў і аповесцей, але амаль усё гэта згубілася ў час вайны".

У біяграфіі Антона Алешкі было нямала цікавага. Сведчаннем таму - яго франтавы дзённік, які захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Менску. Дзённік уяўляе сабою палову агульнага сшытка, які не вельмі добра захаваўся. Першы запіс у ім зроблены 4 красавіка 1942 года, апошні - 28 кастрычніка 1944 года. Вось некалькі запісаў з франтавога дзённіка Антона Алешкі:

" 22.VI. Сёння ўжо гадавіна вайны. Ужо год, як я быў разам з Шурачкай, год, як я бачыў яе, дарагушку. Дзе яна зараз? А Валерык? Сын мой, сын! Бацька твой носіцца, дзе трэба і дзе нельга, што будзе далей - невядома.

7.VIІ. Полк правёў некалькі паветраных баёў. Камісар Любімаў збіў МЕ-109. Калі даў, дык міма яго толькі абломкі паляцелі. Біў разрыўнымі... Полк збіў шэсць самалётаў.

2.VІI (1944 год - А.Ж.). Падзеі разгортваюцца з маланкавай хуткасцю. Тут былі нашы пад Бабруйскам, а зараз - Асіповічы, а ўчора, першага чысла, перадалі Слуцк - Пагост. Сёння раніцай я пайшоў на рыдыёстанцыю: заняты Чырвоная Слабада, Капыль, Грэск... Аб чым бы ні гаварыў, а думкі мае далёка адсюль. Я сабе ўяўляю, што наша вёска спалена. Сізы попел носіць вецер. Старчыцы, можа, і захаваліся. А хто там жыве? Ці там Шура, а Валерык дзе? Калі жывы ён - пяты год. Гэта ўжо ўзрост! Не прызнае бацьку, калі спаткаемся. Вельмі і вельмі цікава ведаць, што і хто там дома.

5.VІI. Гарачы дзень. Пыл і дым... Лётчыкі пайшлі пастраляць у лясок. Сталі ў рад і пачалі біць у мішэнь. Праз тры хвіліны выходзяць дванаццаць немцаў:

- Дай плен...

Насмешка гісторыі. Тры гады таму назад мы беглі ад немцаў. Зараз яны бягуць.

21.VIІ. Сёння ўсю ноч білі нашы самалёты. Стагнала зямля. Ноччу пачалася перастрэлка. Некалькі трасіруючых куль стукнулі па страсе гумна, дзе мы спалі. Раніцай выявілася, што гэта на наш дазор наткнулася група фрыцаў.

18.Х. Учора роўна ў 9.30 задрыжэла зямля. "Бог вайны" загаманіў. Пачалося наступленне.

27.Х. Лятаў з камандзірам у Бірштаны (цяпер Бірштанас у Літоўскай Рэспубліцы - А.Ж.). Палёт быў з малюнкамі. Ура! Ура! Еду заўтра дамоў".

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны да 1963 года А.А. Алешка служыў вайсковым лекарам у частках знішчальнай авіяцыі Ваенна-Паветраных Сіл СССР. Звольніўшыся з арміі ў званні падпалкоўніка медыцынскай службы, цалкам аддаўся літаратурнай творчасці. На яго рахунку - кнігі аповесцяў і апавяданняў "Раніца" (1949), "Іх першых вітае сонца" (1957), "Пяць сутак" (1959), "Над намі мільён вышыні" (1965), раман "Дарогі без слядоў" (1969), выбраныя творы "Неба на замку" (1974, 1984). Шкада, што пісьменнік не паспеў скончыць працу над раманам "Крылатае племя".

Па словах народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, Антон Алешка стаў адкрывальнікам новай тэмы ў беларускай літаратуры - пра баявыя справы і мірныя будні ваенных авіятараў. Дарэчы, у Саюз пісьменнікаў СССР Антон Алешка быў прыняты ў 1951 годзе. Яго баявыя і працоўныя заслугі адзначаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны ІІ ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам "Знак Пашаны" і медалямі. А яшчэ - цёплымі ўспамінамі франтавых пабрацімаў, сяброў па літаратурнаму цэху. Вось што казаў пра нашага земляка Алесь Савіцкі: "Імя пісьменніка Антона Алешкі займае сваё адметнае месца. Гэта пісьменнік своеасаблівы. Бо ён адкрываў новыя старонкі вайны. Тыя старонкі, якія мог адкрыць толькі той, хто бачыў на свае вочы людзей, бачыў, як знішчальнікі садзіліся, як французы знішчальнай эскадрыллі "Нармандыя - Нёман" вярталіся з баявых палётаў на прастрэленых самалётах. І ён пра гэта ўсё расказаў".

"Нас заўсёды захаплялі нястомная дзелавітасць Антона Антонавіча і яго грамадская актыўнасць, шчырая, сумленная прынцыповасць у адносінах да важнейшых жыццёвых спраў. Гэты чалавек ніколі не крывіў душой, не пасаваў перад цяжкасцямі, перад рознымі выпрабаваннямі лёсу, хоць ён, яго лёс, быў даволі складаны", - а гэта ўжо ўспаміны пісьменніка Аляксея Кулакоўскага.

Случчане памятаюць свайго земляка Антона Антонавіча Алешку - лекара, рупліўцу роднага слова, чалавека. Яго імем названа адна з вуліц нашага горада.

Анатоль ЖУК, жыхар горада Слуцка.


Памяці паэткі

7 лютага 2013 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася вечарына памяці Нэлі Іванаўны Тулупавай (1938-2001 г.). Яна 5.01.2001 г. прыняла пострыг як манахіня Неаніла. Вядоўцай мерапрыемства была Іна Фралова.

Артыстка філармоніі Зінаіда Феакцістава чытала трыпціх "Дабрата", які напісала паэтка. Гурток дзяўчат "Малінаўскія галасы" таксама хораша чытаў яе вершы. Перад прысутнымі выступалі Казімір Камейша, Анатоль Вярцінскі, Янусь Малец, Галіна Каржанеўская, Зінаіда Суцько, а так-сама галоўны рэдактар часопіса "Алеся" Тамара Бунто.

Вядоўца прачытала віншавальную тэлеграму ад Таццяны Канапацкай з Лунінца. Хораша пра спадарыню Нэлі казала Катранжы Людміла, з якой паэтка разам працавала ў філармоніі з 1974 года, а таксама мастачка і паэт Дзіна Шымук. З добрымі вершамі выступала ўнучка Нэлі Іванаўны, Валерыя Радунь. На мерапрыемстве прысутнічала творчая інтэлігенцыя г. Менска, а таксама зяць, брат і сястра паэтэсы. Было цікава.

Аляксей Шалахоўскі.


"МАСЛА СМЕТАНКОВАЕ" ЦІ КАНЕЦ СВЕТУ

Шаноўны чытач, ці памятаеш ты такі пасляваенны анекдот?

"1944 год. Цэнтральная Расія, Маленькі гарадок. Поўдзень. Толькі што па радыё перадалі паведамленне "Савінфармбюро".

На вуліцу без шапкі і паліто, з лістком паперы ў руках выскаквае худы, кульгавы мужчына і крычыць:

- Ура! Перамога! Ура!

Вакол яго збіраюцца людзі.

- Якая перамога? Правакатар. Толькі што перадалі па радыё, што ў Польшчы і Прусіі ідуць зацятыя баі.

- Але ж вось я па гэтых зводках падлічыў, што сёння нашы, чырвонаармейцы забілі апошняга немца. Немцаў няма! Перамога! Ура!..."

Няхай сабе гэта стары анекдот, але ж ён пра наш сённяшні дзень. Можа зараз уключым свой тэлевізар, а маскоўскі дыктар першага каналу стрымана, але ўрачыста аб'явіць:

- Дарагія тэлегледачы. Праслухайце экстраннае паведамленне. Незалежная статыстычнае бюро, зрабіўшы паўторны аналіз "СМІ" нашых суседзяў, паведамляе: БЕЛАРУСАЎ НЯМА !...

Усе беларусы вымерлі. Рэспубліку Беларусь ізноў трэба перайменаваць у "Российский Северо-Западный край"...

Як кажуць: "Ура, товарищи ! Мы победили!"

І сапраўды: Уладзімір Караткевіч памёр, ужо няма каму крыкнуць, што "толькі ў змяі два языкі!..," Васіль Быкаў памёр, Рыгор Барадулін у бальніцы.., засталіся Ніл Гілевіч, ты, ды я...

Бо ў Беларусі нават масла і тое "сметанковае"! Наша чынавенства мала, што манкуртнае, яшчэ і наіўнае. Ну, хто дзе цяпер робіць масла са смятаны?

У рускіх "масло сливочное", гэта значыць - са "сливок". А ў беларусаў "слівкі" - гэта "вяршкі". Значыць, калі прымітыўна зняць кальку, трэба пісаць: "Масла вяршковае". Але ж гэта не па-беларуску. Калі пісаць па-беларуску, то трэба пісаць: "Масла кароўскае". Але беларусы і так не казалі, а казалі проста: "МАСЛА" , бо іншага не было! А тое, што ў рускіх было "масло подсолнечное", "масло рапсовое", "масло пальмовое"... - у нас таксама называлася проста "АЛЕЙ" ...

Але, не гледзячы на ўсеагульную манкуртаманію, я цябе запэўніваю, шаноўны чытач: беларусы яшчэ засталіся, бо і газету "Наша слова" яшчэ выпісваюць. А яна цалкам беларуская. І, дзякаваць Богу, беларусам яшчэ ёсць, куды пісаць.

Яшчэ жыве Беларусь!

Міхась Вераціла, п. Краснасельскі.


"Цвітуць сланечнікі"

Такую назву мае зборнік перакладаў украінскай прозы Юрася Кур'яновіча.

Кніга выйшла ў мінскім выдавецтве "Друк - С" у 2012 годзе. Яе наклад 150 асобнікаў. У кнігу ўвайшлі апавяданні заходнеўкраінскіх пісьменнікаў Івана Грэкуляка (1961г.н.) і Наталлі Радыці (1970 г.н.), а таксама Пятра Франко (1890-1941 г.) - вядомага ўкраінскага навукоўца - хіміка і аднаго з першых украінскіх авіятараў. У перакладзе на беларускую мову творы друкуюцца ўпершыню.

Юрась Кур'яновіч - беларускі пісьменнік, краязнавец і самабытны мастак.

Нарадзіўся ў 1968 годзе ў Менску. Яго апавяданні, краязнаўчыя нарысы і публіцыстычныя артыкулы друкаваліся ў шматлікіх беларускіх часопісах і газетах. Аўтар зборнікаў прозы "Ён і Яна" (1996 г.) "Гарадская элегія (2007 г.), кнігі "Аповеды старасвецкай Лошыцы" (2005 г.), прысвечанай гісторыі аднаго з найпрыгажэйшых маёнткаў Беларусі ХІХ стагоддзя - Лошыцкай сядзібы, якая сёння знаходзіцца ў межах Менска.

Ён таксама з'яўляецца аўтарам шэрагу навуковых і навукова-папулярных артыкулаў па гісторыі праваахоўных органаў Беларусі ў 1917-1939 гг. і гісторыі беларускай літаратуры. Юрась Кур'яновіч быў першым, хто на старонках рэспубліканскага друку распавёў пра таямнічы крыж, які расце з-пад зямлі на Барысаглебскіх могілках у Тураве, і да якога сёння прыязджаюць пілігрымы з усіх куткоў Беларусі, а таксама з Украіны, Расіі і іншых краін.

Правёў у Беларусі 13 персанальных выстаў сваіх жывапісных твораў (алей, палатно), аб'яднаных агульнай назвай "Варыяцыі на справечнае", і шэраг фотавыстаў ("Краявіды беларускай Палесціны", "Успаміны дзяцінства", "Подых Карпат"). Сутнасць як жывапісных, так і фатаграфічных твораў Ю. Кур'яновіча - філасофскае задуменне мастака над існасцю...

Фотаздымкі з серыі "Подых Карпат", прысвечаныя Гуцульшчыне (Заходняя Украіна), упершыню экспанаваліся на выставе ў Крупскай мастацкай галерэі (г. Крупкі Менскай вобласці) у снежні-студзені 2008-2009 гг.

Карціны і фотакраявіды захоўваюцца ў мастацкай галерэі Пухавіцкага краязнаўчага музея (г. Мар'іна Горка Менскай вобласці) і прыватных калекцыях.

8 лютага 2013 года спадар Юрась прэзентаваў новую кнігу ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

На мерапрыемстве прысутнічала творчая інтэлігенцыя г. Менска. Цёплыя словы ў гонар Юрася Кур'яновіча сказалі пісьменнікі Анатоль Вярцінскі, Сяргей Панізьнік, Валеры Стралко, Язэп Янушкевіч, Віктар Патапенка, кандыдат філалагічных навук Генадзь Кажамякін, бібліятэкар Валеры Герасімаў, дызайнер і мастак Леанід Данэлія, творца Алесь Гібок - Гібкоўскі, супрацоўніца музея Лідзія Шагойка.

Хораша спяваў бард Анатоль Кудласевіч, а таксама фальклорны ансамбль украінскай песні "Ватра"...

Панавала творчая атмасфера.

Было цікава.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.


Да 150-годдзя паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага

Беларускія дыктоўкі

У розных рэгіёнах Беларусі з лютага месяца актыўна пачалі праводзіцца розныя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай гістарычнай даце ў жыцці беларускага народа. У дзяржаўных установах і грамадскіх аб'яднаннях адбыліся і адбываюцца навуковыя канферэнцыі і чытанні, вечарыны і мастацкія выставы, прысвечаныя жыццю і рэвалюцыйнай дзейнасці Кастуся (Вікенція-Канстанціна) Каліноўскага і паўстанню 1863 года ў Беларусі, Літве і Польшчы пад яго кіраўніцтвам. У мерапрыемствах прымаюць ўдзел навукоўцы, гісторыкі, літаратары, журналісты, краязнаўцы, культуролагі, педагогі, людзі іншых прафесій.

Гэтыя падзеі і з'яўляюцца тэмай для напісання агульнанацыянальнай дыктоўкі, прысвечанай Дню роднай мовы.

3 лютага Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква таксама прыняла ўдзел у напісанні агульнанацыянальнай дыктоўкі, прысвечанай юбілейнай даце. Вернікі прыходу пісалі ўрывак з "Ліста з-пад шыбеніцы" Кастуся Каліноўскага. Дыктоўку правёў протаіярэй Леанід Акаловіч. Пасля дыктоўкі вернікі адказвалі на пытанні, якія тычыліся жыцця і дзейнасці Кастуся Каліноўскага і паўстання 1863 -1864 года ў Беларусі, Літве і Польшчы (мяркуецца, адказы размясціць на сайце).

8 лютага на сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны праведзена беларуская дыктоўка. Дарэчы, яна сталася самай першай, якую правёў на сядзібе ТБМ менскі культурна-асветніцкі клуб "Спадчына". Сябры клуба пісалі ўрывак з ліста К. Каліноўскага, які быў надрукаваны ў "Мужыцкай праўдзе" №2 за 1862 год.

Дыктоўку правяла намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім. Пасля напісання дыктоўкі сябры клуба "Спадчына" выказвалі свае меркаванні, дзяліліся сваімі думкамі, адказваючы на пытанне "Хто для Вас Кастусь Каліноўскі?"

Дыктоўка і міні-дыспут яшчэ раз пацвердзілі, што беларусы добра і глыбока ведаюць беларускую мову і неабыякавы да сваёй гісторыі.

Віншуючы сяброў клуба "Спадчына" з паспяховым напісаннем беларускай дыктоўкі, старшыня ТБМ Алег Трусаў пажадаў усім прысутным здароўя, шчасця, творчых знаходак, поспехаў ва ўсіх справах і адзначыў:

- Гэта першая дыктоўка на сядзібе ТБМ у гэтым годзе. Я ўпэўнены што іншыя шчырыя беларусы возьмуць з Вас прыклад і прымуць удзел у напісанні агульнанацыянальнай дыктоўкі. А наша з Вамі справа - растлумачваць людзям, што мэта гэтай акцыі - прадэманстраваць павагу да роднай беларускай мовы і да сапраўднай гісторыі Беларусі.

Шчырыя словы і ўпэўненасць у тым, што родная мова зойме сваё месца на прасторах Беларусі, выказала Алена Анісім.

Я спадзяюся, што да напісання беларускай дыктоўкі далучацца дзяржаўныя арганізацыі і ўстановы, прыватныя структуры і ўсе беларусы. І тады Год кнігі, які праходзіў пад знакам беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа і сапраўды агульнанацыянальная дыктоўка пад знакам Кастуся Каліноўскага будуць спрыяць росту самасвядомасці беларусаў, вывучэнню і распаўсюджванню беларускай мовы ў розных сферах жыцця і дзейнасці нашых людзей.

Анатоль Валахановіч, пісьменнік,гісторык, журналіст, культуролаг,краязнавец, ганаровы член Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

21 лютага у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца 6-я Агульнанацыянальная дыктоўка

Імпрэза праводзіцца на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13. Пачатак - 18. 00 гадзін. Уваход вольны.

6-я Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне. 23 лютага 6-я Агульнанацыянальная дыктоўка пройдзе ў г. Бярозаўцы ў гарадской бібліятэцы. Пачатак у 12.00.

24 лютага 6-я Агульнанацыянальная дыктоўка пройдзе ў г. Лідзе ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Пачатак у 10.30 .

Запрашаем усіх неабыякавых паказаць сваю павагу да беларускай мовы і прыняць удзел у дыктоўцы. Беларусь адзначае 150-годдзе паўстання 1863 года

27 лютага у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца адкрыццё мастацкай выставы,

прысвечанай юбілею Кастуся Каліноўскага Імпрэза праводзіцца на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13. Пачатак - 17. 00 гадзін. Уваход вольны.


Я вінаваты ў тым...

Кастусь Каліноўскі

* * *

Гэту навалач-наледзь

Толькі Боскае Сонца

З краю роднага зможа

сагнаць-растапіць.

* * *

Бізун і шыбеніца -

Твае галоўныя багі,

Расея, матухна Расея.

* * *

О шчодрая расейская душа! Яна са светам

Прагне падзяліцца рабствам.

* * *

Не пад страхой сялянскам Спее хамства,

А ў палацах і казармах.

* * *

Гарэлка і зброя -

то іх аргументы

Заўжды і паўсюдна

Ў стасунках любых.

* * *

Такое ўражанне ад іх,

Што ўсе яны

З вар'яцкага прытулку збеглі.

* * *

Ім біць людзей -

Што біць гаршкі

Ў шаленстве п'яным, дзікім.

* * *

Ім толькі волю дай,

Дык шар зямны яны

Ў мядзведжую бярлогу

ператвораць.

* * *

Яны табе

I неба

Памяняюць.

* * *

Шыбеніца -

Страўнік -

Акупант.

* * *

Ну піць, ну жэрці

Коштам паняволеных,..

А далей што?

* * *

Хто шыбеніцай

лад свой падпірае,

Ў бязладдзі ён

Завершыць шлях зямны.

* * *

О колькі сіл

спатрэбілася Творцу,

Каб чалавечае

жыццё стварыць!

А тут лайдак

яго імгненна нішчыць.

* * *

Тады наш край

свабодным будзе,

Калі ў сурдуце ў яго

Бартамі будуць мужыкі.

* * *

Яшчэ й тады

ратуецца Радзіма,

Калі яна - за межамі Зямлі,

Калі яна яшчэ і ў Бога.

* * *

І шыбеніца ваша

Мяне нічуць

Не запражэ.

* * *

Нас многа ліцвінаў,

Ды вось шкада,

Што на Каўказ

зусім мы не падобны.

* * *

Нат спадцішка

любіць свабоду

Тут многія

Ужо не здольны.

* * *

На што падняць такі натоўп, Калі ён галавы да зор

Не падымае?!.

* * *

Ды і Варшава-кумка

Штось марудзіла і хітравала...

Баялася чырвонае Літвы.

* * *

Нібы грыбы

сялянская дзятва,

Параненых у лесе

інсургентаў

Імперцы і прыспешнікі

шукаюць.

* * *

Сёй-той удзячны Кастусю, Што "даў" мажлівасць

Зарабіць на інсургентах.

* * *

Як буракі ляжаць у карыце - Такі ж чакае лёс

Тутэйшых несвядомых.

* * *

Маўчыць Еўропа,

Азія маўчыць:

Злучае шыбеніца іх...

I мне вісець між імі...

* * *

I хто ўсё ж болей

грэшны з нас:

Ці я, ці Мураўёў,

Ці цар, ці Бог?!.

* * *

Я вінаваты ў тым,

Што гніць пачаў

перашкаджаць

Рабаўнікам і іх ахвярам.

* * *

Памілавацца, пагалубіцца, Відаць, мне хутка

Прыйдзецца з пятлёй.

* * *

Кажу я кату:

"Беларусь люблю!",

А ён, што скажа

Богу?!.

* * *

Вось-вось зацягнецца

пятля мая,

I ў Мураўёва на мундзіры Вісець ахвяра

пажыццёва будзе.

* * *

А вунь і хмарка паплыла,

I падміргнула мне,

I абнадзеіла.

* * *

Гэта сіла,

што сёння мацуе імперыю

З цягам часу ў трэскі

Яе разнясе.

* * *

I памост, і пятля, і кат -

Во іх колькі - целаахоўнікаў...

Ды душа мая - воля і свабода.

* * *

Пасля хтось прыстасуе

гэту перакладзіну

На бэльку дзесьці ў карчме

Ці падвалінай ў хаце

служкі "Бога".

* * *

Няхай не будзе

гэты вось памост

Апошняй нашай

Вольнай тэрыторыяй.

* * *

З такіх вось шыбеніц,

Не адлятаюць душы,

нібы лісце,

А ўздымаюцца да сонца

і да зор.

* * *

Больш мужных

жыццяў абуджэннем

Хай будзе

Смерць мая!

Яўген Гучок


Эталон годнага гонару

Запомні мой брат,

беларус малады,

імя Беларусі святое,

і насі яго ў сэрцы сваім паўсюдна заўжды,

як веру з сабою.


Кастусь Каліноўскі -

Рыцар змагання.

Гонар роднай зямлі!

Продак дастойны,

легендарны. геройскі,

эталон сумлення

і годнага гонару.


З пагардай адкікуў

трыццаць срэбранікаў,

не ўзяў,

не шукаў збаўлення,

касу спазнаў шчарбатай смерці і цярпенне.


Хітрамудрыя,

што прадалі

яго і свой край,

халуі лізаблюдныя,

безымянныя здохлі,

сканалі.


А ён узнёсся

над натоўпам,

над эпохай.

над часовасцю.

I стаўся ў небе

заступнікам вечным

роднага краю

ад небяспекі,

ад ганьбавання,

ад занядбання.

Шануй яго імя

зямляк малады.

край яно збавіць

ад навалы-бяды!

Мар'ян Даргель


Пабачыла свет выданне, прысвечанае 150-годдзю паўстання

На Берасцейшчыне пабачыла свет выданне, прысвечанае 150-годдзю паўстання 1863-1864 года. Брашура "Шляхамі Рамуальда Траўгута і Студзеньскага паўстання на Палессі" распавядае пра дзейнасць на Берасцейшчыне атрадаў генерала Рамуальда Траўгута, змяшчае фотаздымкі з месцаў баёў і мапу баёў з расійскай арміяй.

Выданне выйшла пад рэдактарствам Ганны Панішавай. Шэраг фотаздымкаў у брашуры выкарыстаны з архіву краязнаўца, эколага Аляксея Дуброўскага.

Адзін з аўтараў тэкстаў да выдання, краязнавец Эдуард Злобін кажа, што ў самім Пінску, куды праз усю Берасцейшчыну імкнуліся паўстанцы, акцыі пратэсту пачаліся з 1862 года:

- У Пінску пачаліся хваляванні пры гімназіі яшчэ з пачатку 60-х гадоў. Гэта і нейкія палітычныя маніфестацыі, гэта і своеасаблівыя службы ў касцёле, гэта і ўсталяванне ў 62-м годзе так званага крыжа дэманстрацыйнага, прысвечанага гэтым падзеям, які быў даволі хутка ліквідаваны паліцыяй.

Атрад генерала Рамуальда Траўгута на Палессі быў разбіты 11 ліпеня 1863 года ў вёсцы Калоднае, што ў сучасным Столінскім раёне. Пасля паразы генерал змог дабрацца да Варшавы і стаў апошнім кіраўніком Студзеньскага паўстання, узначаліўшы з кастрычніка 1863 года па красавік 1864 года Народны ўрад.

Юрась Палескі, Радыё Рацыя, Пінск.


Кніга любові да роднай зямлі

Твор Паўла Севярынца "Люблю Беларусь" перакладзены на расейскую і польскую мовы. Пераклад на рускую мову выканаў бацька пісьменніка, журналіст Канстанцін Севярынец. Прэзентацыя электроннага варыянту перакладу твору адбылася 12 лютага на сядзібе БНФ у Менску. Пераклад ёсць у доступе на сайце www.sieviarynets.net. На падзеі прысутнічалі сябры БХД, журналісты, сябры ТБМ.

Кніга, якая носіць дэвіз К. Каліноўскага, - вельмі грунтоўнае выданне, а яе аўтар, сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, з'яўляецца адным з высокіх маральных аўтарытэтаў у літаратуры, грамадскай дзейнасці і палітыцы. У кнізе сабраны 200 феноменаў нацыянальнай адметнасці ў беларускай гісторыі, гаспадарцы, культуры і духоўным жыцці.

З моманту выхаду першага і другога накладу кнігай зацікавіліся сябры з Расіі (пісьменнікі, хатнія гаспадыні, качагары), а таксама чытачы рускамоўнага часопіса "Florida", дзе былі змешчаны раздзелы кнігі, і габрэйскіх часопісаў. Паступова наспела неабходнасць у поўным перакладзе.

- Мне ўяўляецца сімвалічным і знакавым выкласці беларускую нацыянальную ідэю ПА-РАСЕЙСКУ, - напісаў К. Севярынец.- На мой погляд, гэта і важна, і актуальна, таму што для ўдумлівага чытача пасля знаёмства з кнігай стане гранічна ясна, што абвінавачванні патрыётаў Беларусі ў махровым нацыяналізме - ідэалагічны блеф, разлічаны на людзей недасведчаных, замбіраваных ашалелай прапагандай.

Гэтая кніга - пра каханне. Шчырае, моцнае, сапраўднае, але не безагляднае і бесшабашнае. Пра каханне, якое патрабуе адказу на пачуцці з нястомнай напругай розуму, душы і сэрца.

Менавіта Канстанцін Севярынец ажыццявіў працу, таму што ў свой час атрымаў рускамоўную філалагічную адукацыю.

- У Паўла сфармаваўся беларускі склад розуму, артыкуляцыя, ён цалкам знаходзіцца ў беларускамоўнай стыхіі, значна глыбей ведае мову, таму яму складана пераключацца на іншыя тэксты, не хапае на гэта часу. Я імкнуўся да дакладнасці, бо фактура багатая лічбамі, канкрэтнымі дадзенымі. У духоўных рэчах, прызнаюся, мне не хапіла душэўнай пранікнёнасці і натхнення, я імкнуўся перадаць сэнс гістарычных падзей, каб яны былі зразумелымі і даступнымі рускамоўным чытачам.

"Гэта кніга высокага палёту, - напісаў перакладчык у прадмове.- І ў той жа час, незвычайна прызямлёная, з багатай каранёвай разгалінаванасцю, магутным ствалом і пышнай кронай, як векавыя дубы ў Белавежскай пушчы, як вярбы па берагах Дняпра, як таполі на Дзвінскіх касагорах.

Яна напісана пышнай беларускай мовай, глыбіню, напеўнасць, празрыстасць і мілагучны якой, на жаль, мае сціплыя здольнасці і пазнанні не ў сілах перадаць ў цэласці і захаванасці. У чым вінюся перад чытачамі.

"Люблю Беларусь" - адкрытая кніга.

Таму што кожны можа ўпісваць у яе ўсё свае патаемнае і выпакутаванае аб "роднай старонцы", як пяшчотна называў Беларусь Максім Багдановіч.

Я веру, што ў будучыні яна стане настольнай для кожнага беларуса.

Я ганаруся, што такую кнігу напісаў мой сын."

Зараз Павел Севярынец працуе над цыклам артыкулаў "Беларуская глыбіня", якія друкуюцца ў "Нашай Ніве" і на сайце БХД.

- Улетку, калі на Беларусь магчымы наплыў турыстаў з Расіі, мы спадзяёмся мець папяровы варыянт перакладу, - адзначыў К. Севярынец.

Э. Дзвінская.

На здымку: К. Севярынец. Фота аўтара.


Са сховішчаў снягоў

"Будзь здаровы цэлы год

Як калядны снег і лёд!"

У менскім Батанічным садзе прайшоў фестываль ледзяной скульптуры. На працягу трох дзён прафесійныя скульптары і навучэнцы мастацкіх каледжаў ляпілі са снегу і выразалі з тонаў лёду фігуры легендарных і казачных персанажаў. У яднанні з прыродай яны мелі моцнае ўздзеянне на жыхароў горада. Вядома, што такая праца патрабуе і фізічнай загартоўкі.

Найбольш уразілі наведвальнікаў свята волат, цуда-конь, чароўная птушка, галава зубра, арол, што ўзлятае са скалы. Госці свята пераканаліся, што цуды адбываюцца не толькі ў казках, але і ў рэальнасці дзякуючы ўмельству майстроў. 16 лютага на выставе "Казачны сад" сярод алеяў высокіх дрэваў адбылося ўзнагароджанне пераможцаў. Першае месца атрымала скульптура рыбака, які выцягвае залатую рыбку, большую за ягоны рост.

Удзельнікі падзеі змаглі не толькі пазнаёміцца з творамі скульптараў, але і падняцца над паркам ў карзіне паветранага шара, пакатацца на конях і на квадрацыклах. Дзеці спатолілі прагу па снежных гульнях і далі прастор фантазіі.

Падобныя фестывалі ў іншых краінах свету маюць сваіх прыхільнікаў. У снежні 2012 года фестываль лядовых скульптураў праходзіў у бельгійскім горадзе Бруге з удзелам 74 творцаў з розных краінаў свету і вызначаўся вялікай разнастайнасцю. Аналагічны конкурс праходзіў у студзені 2013 годзе ў Краснаярску. На Беларусі заснаваная традыцыя будзе кожны год развівацца. Нашы персанажы адлюстроўваюць менавіта беларускі свет, блізкі да казак Я. Коласа і Ул. Караткевіча.

Э. Дзвінская. Фота аўтара.


Канверт да 800-годдзя Рэчыцы

"Белпошта" выпусціла канверт да 800-х угодкаў першага летапіснага ўспаміну пра Рэчыцу. Пададзена выява герба Рэчыцы з выявай Пагоні на чырвоным вымпеле.

Наш кар.


Беларускі ПЭН-цэнтр застаецца з ранейшымі прынцыпамі

Сход ПЭН-Цэнтра адбыўся 17 лютага ў Менску ў "Галерэі Ў". Ён пачаўся з уручэння традыцыйнай прэміі імя Францішка Багушэвіча. Сёлета яе атрымалі два гісторыкі: гарадзенец Алесь Краўцэвіч і Уладзімір Ляхоўскі. Ляхоўскі напісаў кнігу "Ад гоманаўцаў ды гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове XIX ст. - 1-й палове XX ст. (да 1939 г.)", а Краўцэвіч - кнігу "Гедымін (1316-1341). Каралеўства Літвы і Русі".

На сходзе былі заслуханы справаздачы пра вынікі працы за мінулыя 2 гады. Адбыліся выбары кіраўніцтва. Старшынём арганізацыі быў пераабраны паэт Андрэй Хадановіч. Яго першым намеснікам выбраны перакладчык Павел Анціпаў. Намеснікамі абраны літаратары Ганна Янкуда і Андрэй Скурко.

Па словах Андрэя Хадановіча, два мінулыя гады былі, з аднаго боку, вельмі плённымі. Разам з тым, відавочна, не па літаратурных, а па палітычных абставінах часам узнікала напружанасць. Але арганізацыя працягне працу, кіруючыся сваімі вядомымі прынцыпамі.

- Мы не збіраемся ў любых беларускіх умовах здраджваць асноўным пэнаўскім пранцыпам, мы будзем бараніць свабоду слова, будзем множыць тэрыторыю свабоды без пісьменніцкай цэнзуры і самацэнзуры, мы будзем падтрымліваць пісменнікаў у няволі, мы будзем абараняць лінгвістычныя правы моваў, там дзе гэта дыскрымінуецца. У нашай краіне, на жаль, дыскрымінуюцца лінгвістычныя правы беларускай мовы. Мы будзем іх бараніць надалей.

Яшчэ адным прыярытэтным кірункам працы стане інтэграцыя Менска і Беларусі ў цэлым у сусветную культурна-літаратурную прастору.

- Гэта датычыць і арганізацыі фестываляў, і магчымасці літаратараў ездзіць за мяжу, а нам прымаць замежных літаратараў, - сказаў Андрэй Хадановіч. Важным кірункам стане праца з маладымі пісьменнікамі і паэтамі, для якіх будуць і надалей ладзіцца конкурсы.

Паводле Радыё Рацыя.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Інжынер І. І. - 1000000 р., г. Менск

2. Невядомы - 100000 р., г. Менск

3. Рыбачонак - 200000 р., г. Менск

4. Талерчык А.С. - 50000 р., г. Гародня

5. Маціеўская Зінаіда - 50000 р., м. Фаніпаль

6. Табушава Ірма - 50000 р., г. Менск

7. Прылішч Ірына - 35000 р., г. Менск

8. Пухоўская Юлія - 30000 р., г. Менск

9. Рымач Мікола - 50000 р., г. Івацэвічы

10. Кухаронак А.П. - 20000 р., г. Смілавічы

11. Ялугін Эрнэст - 40000 р., г. Менск

12. Прэснякова - 50000 р., г. Менск

13. Бамбіза Мікола - 400000 р., г. Менск

14. Сармант Надзея - 100000 р., г. Менск

15. Раманік Т.І. - 100000 р., г. Менск

16. Палюховіч Кацярына - 100000 р., г. Менск

17. Міхась - 50000 р., г. Менск

18. Кукавенка Іван - 50000 р., г. Менск

19. Вятошкін І.В. - 100000 р., г. Менск

20. Раманцэвіч Валянціна - 20000 р., г. Менск

21. Грыбоўскі В.А. - 5000 р., п. Міханавічы

22. Прыгожыны Вольга і Аркадзь - 100 дол. ЗША, Масква

23. Дунецкі Анатоль - 30000 р., г. Салігорск

24. Навуменка Валянціна - 200000 р. г. Менск

25. Гарэцкі Р. - 75000 р., г. Менск

26. Бацяноўскі Алесь - 50000 р., Смалявіцкі р-н

27. Шафарэнка Мікалай - 50000 р., г. Менск

28. Джэйгайла Уладзімір - 100000 р., г. Менск

29. Вярбоўская Ірына - 25000 р., г. Менск

30. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Паўстанне 1863 г. на Лідчыне

Перад паўстаннем*

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

У Лідзе, як і паўсюдна, пад уплывам варшаўскіх расстрэлаў мужчыны апранулі канфедэраткі і чорныя чамаркі, а жанчыны жалобу. Гімн "Boze, coz Polska" быў перакладзены на беларускую, літоўскаю, яўрэйскую і ўкраінскую мовы і стаў вельмі папулярным. "Улетку 1861 года ўсякія забавы, як грамадскія, так і ў прыватных хатах, раптам спыніліся. Нават замоўкла музыка на фартэпіяна, граліся адны толькі навучальныя гамы. Усе дамы апрануліся ў глыбокую жалобу, дэспатычны ўплыў якой адбіваўся і на нешматлікіх рускіх прадстаўніцах чароўнага полу, жонках афіцэраў, бо паказвацца ў каляровых гарнітурах, пры агульным панаванні чорных, значыла прыцягваць да сябе ўвагу. ... пайшлі глухія размовы пра зневажанне хрысціянскіх святынь рускімі ..." . У Лідскім Фарным касцёле замест устаноўленай малітвы за царскі дом, усе станавіліся на калены і пелі патрыятычны гімн "Boze, coz Polska", што пачынаўся словамі: "Божа, Ты гэтулькі стагоддзяў атачаў нас арэолам магутнасці і славы, вярні нам Айчыну і волю". Гэта песня - малітва за аднаўленне незалежнай дзяржавы, была нагэтулькі папулярнай, што спявалася на вуліцах пры кожнай касцельнай працэсіі, якія асабліва часта здзяйснялася ў той час; мала таго, матыў яе можна было чуць з расчыненых вокнаў кожнай хаты, дзе было фартэпіяна: "... збяруцца пані на прэферанс, засядуць за зялёны стол і, перакідаючыся картамі, ... напяваюць заклік да Бога за Бацькаўшчыну" . Не меней папулярная была і іншая песня, якая пачынаецца словамі: "З дымам пажараў…". Нават калі паліцыя пачала забараняць вакальныя маніфестацыі, натоўп не слухаўся і яшчэ гучней пеў "блюзнерскі гімн", так што яго чуваць было крокаў за сто ад касцёла праз расчыненыя дзверы і вокны. Тады паліцыя для ачысткі сумлення перапісвала тых, хто найбольш выдзяляўся ў спеве, але пакуль нікога не каралі, "вынікам было хіба тое, што кіраўнічая асоба давала сяброўскую параду свайму падначаленаму паўплываць на жонку ці дачку, каб яны паводзілі сябе асцярожней" .

Мемуарыст цікава расказвае пра настрой гараджан перад паўстаннем. Паступова рэвалюцыйнае ўзбуджэнне ў горадзе ўзрастала: "Па меры таго, як яно больш і больш набірала моц, рускае значэнне ў краі паступова змяншалася. Выходзіла так, як быццам бы гаспадарамі становішча былі яны, а часовымі гасцямі, прышэльцамі ці, мабыць нават паразітамі на чужым целе з'яўляліся мы". Гледзячы на заваяваўшую волю Італію, чакаючы падтрымкі Францыі, ужо амаль што ўсе верылі ў хуткае незалежнае існаванне. Любарскі, у гэты час вайсковы палкавы лекар і добры хірург, даслоўна запісаў сваю размову з лідскім прадвадзіцелем дваранства Буткевічам (сябе Любарскі тут называе ў трэцяй асобе "доктарам"):

- Скажыце, коханы консільяжу (ласкавы доктар), спадзяюся, Вы застанецеся ў нас, калі Літва адыдзе ад Расіі?

- Як гэта адыдзе ад Расіі? - спытаў збянтэжаны доктар, - я штосьці не ясна сабе ўяўляю.

- Вельмі проста; адлучыліся ж ад Аўстрыі Ламбардыя і Венецыя і ўвайшлі ў склад Італьянскай дзяржавы. Чаму ж мы не можам утварыць незалежнай дзяржавы ў межах сваёй народнасці? Зараз да таго ідзе ўся еўрапейская палітыка.

- Але Расія - не Аўстрыя, - заўважыў доктар, зачэплены за жывое, - і паменшыць яе будзе пацяжэй, чым рознамасную імперыю Габсбургаў?

- Вядома, - спахапіўся маршалак, - я і кажу гэта. Але могуць быць розныя палітычныя кампрамісы для аб'яднання народнасцяў. Відаць, час такі надышоў. Ды не пра гэта ўласна гаворка. Я толькі жадаў сказаць, што Вы, ласкавы доктар, карыстаецеся такім заслужаным даверам у нашым грамадстве, што пажадана, каб вы засталіся ў нас, якія б ні адбыліся палітычныя змены.

- Вельмі удзячны за ўвагу, але, прызнаюся, я б не застаўся.

- Чаму ж? - здзівіўся суразмоўца, - для адукаванага чалавека жыць у краіне з ліберальнымі ўстановамі, якой будзе наша незалежная дзяржава, і працаваць у культурным грамадстве павінна быць прывабна.

- Ды па-просту хоць бы таму, што я, як праваслаўны, быў бы не зусім свой паміж вамі, і польскай мовы добра не ведаю, а быць абмежаваным у выказванні сваіх думак непрыемна.

- Э, глупства; варта Вам жаніцца на кімсьці з нашых прыгажунь, і адрозненне ў веравызнанні згладзіцца, а мовай Вы авалодаеце. Я ведаў афіцэра, які прыбыў у Вільню з глыбіні Расіі і не разумеў аніводнага слова, а праз некалькі гадоў пісаў у альбомы такія выдатныя вершы, што, права, пад імі самімі Вікенці Поль падпісаўся б .


Прадвадзіцель дваранства (маршалак шляхты) Буткевіч не будзе удзельнічаць у паўстанні. У гісторыі горада ён застанецца як чалавек, які ў 1878 г. прапанаваў генерал-губернатару разабраць наш замак Гедзіміна на будаўнічыя матэрыялы ...

Аднак былі і песімісты якія, як паказала практыка, як мінімум рэальна ставіліся да вайсковага аспекту паўстання. Любарскі прыводзіць размову са сваім знаёмым, якога ён называе "капітан З-скі", дарэчы не гледзячы на некаторыя недакладнасці (напрыклад; "капітан" замест "падпалкоўнік"), гэты самы "капітан З-скі" мог быць Юзафам Залескім, дзедам будучага міністра абароны БНР Кіпрыяна Кандратавіча: "За некалькі вёрстаў ад горада жыў у сваёй сядзібе адстаўны капітан З-скі, ён быў тутэйшым, я аказаў яму некаторыя паслугі і праз гэта зблізіўся з ім. Падчас службы ў адной з унутраных губерняў ён ажаніўся па каханні на рускай дзяўчыне, а па выхадзе ў адстаўку засеў гаспадарыць у маленькім сваім фальварку. Ён не перашкаджаў жонцы выхоўваць дзяцей у духу праваслаўнай веры, у палітыку не ўмешваўся і таму не меў сяброў сярод сваіх "родакаў"". Капітан расказаў, што яго як прафесійнага вайскоўца, інсургенты спрабавалі залучыць у вайсковую арганізацыяю: "прыязджае раз у фальварак невядомы маладзён і, заяўляе, што мае да мяне важную справу ... ён развёў такую матэрыю, што пад стаць хоць бы самому Пальмерстону. Паўстанне, маўляў, зусім падрыхтавана, ва ўсіх ... землях па Днепр, і поспех яго забяспечаны. Сабрана 100 мільёнаў злотых, чаго на першы раз больш, чым досыць, затым будуць захоплены велізарныя сумы ў розных казначэйствах; зброя ўвесь час падвозіцца з-за мяжы, і ўжо ўтвораны вялікія і надзейныя склады. Ва ўсё Расіі таксама чакаецца ўзброенае паўстанне, якое развяжа рукі ... . Рэвалюцыйная сетка там, як і ў нас, ... арганізавана надзейнымі людзьмі і распасціраецца нават за Волгу. Ва ўсіх нашых ваяводствах адразу стане пад стрэльбу 100 тысяч адборнай моладзі, і акрамя таго, у межы царства Польскага ўварвуцца два вялікія польскія войскі - адно з Галіцыі генерала Лангевіча, другое з Познані з фельдмаршалам Мераслаўскім; чакаецца і Гарыбальдзі з атрадам італьянцаў. А як толькі мы паднімем зброю, Напалеон (Напалеон III - Л.Л. ) адразу абвесціць вайну Расіі; гэта гэтак жа дакладна, як Бог на небе. Англія ўжо рыхтуе свой флот і адцягне да прыморскіх гарадоў масу рускіх войскаў. Вось нашы шанцы, - выклікнуў маладзён ... - і толькі ў адным мы маем праблему - знайсці неабходную колькасць дасведчаных у ваеннай справе камандзіраў. Таму "жонд нарадовы" камандзіраваў мяне заявіць Вам, што, мае да Вашых ваенных талентаў і Вашага патрыятызму асаблівы давер і рыхтуе Вам намінацыю у палкоўнікі і даручае камандаваць палком Віленскага ваяводства, пра што, калі надыдзе час, будзе адмысловае распараджэнне. Прызнаюся, - сказаў капітан, - я зусім разгубіўся ад гэтай нечаканасці, але сказаў эмісару "жонда" напрасткі, што такія фантазіі, якія я цяпер выслухаў, выбачальныя ў маладой і гарачай галаве, але ў адносінах да людзей, дасведчаных у ваеннай справе, якія глядзяць цвяроза на рэчы, проста недарэчныя. У рэчаіснасці, ... Вы можаце набраць невялікія партыі людзей хоць рашучых, але зусім недасведчаных, з якіх большасць нават страляць не умее. А ці ведаеце Вы, што значыць бязладны натоўп супраць арганізаванага войска? Я, як вайсковец, ведаю гэта, і таму менавіта мне і сумленне і патрыятызм не дазваляюць весці сваіх братоў на дакладную смерць". Калі пачалося паўстанне, капітан З-скі з'ехаў з сямействам да родных жонкі ў Цвярскую губерню.


Пасля падзей у Варшаве бурліла сталіца краю, Вільня. Яшчэ раней, чым у Варшаве, у жніўні 1861 г. генерал - губернатар Назімаў увёў ваеннае становішча ў Вільні і шэрагу іншых гарадоў і паветаў краю, аднак праз год ваеннае становішча было знятае, тым не менш "раман" Назімава з мясцовай шляхтай рэзка абарваўся. Ужо ўвесну 1861 г. віленскі павятовы прадвадзіцель дваранства граф І. Тышкевіч, які арганізаваў некалькі маніфестацый, быў неадкладна зняты з пасады па ініцыятыве генерал-губернатара, арыштавалі і саслалі 8 студэнтаў .

Першая маніфестацыя ў Вільні адбылася 20 траўня 1861 г. , пасля яе пратэстны рух пракаціўся па ўсёй гістарычнай Літве: арганізоўваліся паніхіды па загінуўшых у Варшаве, хросныя хады, адзін з якіх у Коўні прайшоў па мосце праз Нёман і сімвалізаваў унію Літвы і Польшчы. 12 жніўня 1861 г. у Вільні пасля службы ў касцёле і спеваў гімнаў, каля 5000 чалавек: шляхты, гараджан і сялян прайшлі па горадзе ў знак "сардэчнага збліжэння", вось яе гэту маніфестацыю апісвае адзін з карнікаў: "Пачаліся спевы рэвалюцыйных гімнаў у касцёлах каля Вострай Брамы ... і іншыя палітычныя дэманстрацыі .... Так ... была працэсія з харугвамі, сцягамі, гербамі Літвы і Польшчы, працэсія са спевам гімна "Boze, coz Polska" у суправаджэнні масы народу рушыла на сустрэчу працэсіі, якая па чутках, павінна была ісці ... ад Коўні ў Вільню. Па распараджэнні начальства, войскі - пяхота і казакі - загарадзілі ... дарогу з горада ... дэманстранты, маючы наперадзе фанатычных паненак, імкнуліся прарвацца скрозь шэрагі войскаў. ... паненкі дзейнічалі парасонікамі, ... казакі прыняліся за бізуны, і натоўп рассеяўся". Але 18 жніўня, падчас мірнай маніфестацыі 6 000 чалавек на Пагулянцы рускае войска, па камандзе Назімава ўжыло зброю, загінула 11 чалавек.

У 1862 г. вайсковую частку, дзе служыў мемуарыст Любарскі, цераз Гародню, пе-ракінулі ў Берасце, а адтуль у Польшчу - паўстанне пачыналася. Па дарозе з Ліды на Гародні "наш батальён выпадкова набыў фурманку са зброяй для паўстанцаў. У адным мястэчку, дзе мы спыніліся на начлег, батальённаму камандзіру, зразумела, адвялі самую лепшую кватэру ў заезджым двары. Там пад падстрэшкам ужо стаяла фура з нейкай паклажай, пакрытаю рагожамі і шчыльна ўвязанаю вяроўкамі. Увечар дзяншчык, не заўважаючы каля фуры гаспадара, запусціў туды руку, верагодна, мяркуючы чым небудзь пажывіцца, і раптам намацаў стрэльбу. Зразумеўшы, у чым справа, дзяншчык даклаў пра сваю знаходку маёру. Пачалі шукаць уладальніка фуры, але ён знік. Яўрэй, гаспадар заезнага двара, на допыце паказаў, што перад нашым прыходам да яго пакарміць коней заехаў невядомы спадар у шэрым сукмане і высокіх ботах. Распрогшы коней, ён увайшоў у залу і запатрабаваў сабе яечню, а тут з'явіліся "панове" з войскам. Ён, гаспадар, замітусіўся і не заўважыў, калі і куды дзяваўся ягоны госць. У возе было больш за 200 стрэльбаў, некалькі дзясяткаў шабель, багнетаў, шашак і пісталетаў рознага калібру. Далі ведаць мясцовай паліцыі, але пан у сукмане так і не быў знойдзены. Было жаданне перадаць знаходку бургамістру мястэчка, але потым агульнай радай разважылі, што такім шляхам зброя зноў патрапіць да будучых паўстанцаў, і вырашылі ўзяць фуру з коньмі з сабой, для прад'яўлення начальству вышэй" . Як бачым, Лідскі паўстанцкі камітэт таксама рыхтаваўся да справы.

Закончу цытаванне цікавых, але блытаных і вельмі "па-імперску" ангажаваных мемуараў ваеннага лекара І. В. Любарскага двума эпізодамі аднадзённага побыту яго батальёна ў Гародні, з апісанымі ніжэй адносінамі да сабе расейскія афіцэры пачалі сутыкацца ў той час паўсюдна. "У Гародні ... наша афіцэрства валам паваліла ў адну немудрагелістую карчму - хто паабедаць, хто пагуляць у більярд, а хто проста папацягацца за дачкой карчмаркі, прыгожай паненкай, якая стаяла за прылаўкам, распараджалася гарэлкай і закускамі і перадавала замовы гасцеў прыслузе. Афіцэрства рассыпалася на польскай мове ў ласках, на якія какетлівая дзяўчына адказвала направа і налева з павабнай добразычлівасцю. Адзін толькі бязвусы прапаршчык, нядаўна выпушчаны з корпуса, не мог прымаць удзелы ў вясёлых гутарках, таму што зусім не ведаў па-польску. Ён сціпла падышоў да паненкі і сказаў, каб яму падалі абед, але тая не адказала яму звычайным: "У тэн момант, пане". Прачакаўшы беспаспяхова з паўгадзіны, офіцэрык ізноў падыходзіць да панны з гэтай жа замовай, але яна застаецца нямая і не рухаецца з месца. Здзіўлены маўчаннем, прапаршчык спытаў: ці яна не разумее рускай мовы? На гэта паненка з пагардай працадзіла: "Я гэтай сабачай мовы не жадаю разумець". "Як вы смееце абражаць мяне, - зычна ўскрыкнуў малады афіцэр, стукнуўшы кулаком па прылаўку, наліваючыся крывёй, - Ды я вас так абражу, што ўсё жыццё памятаць будзеце". Паненка пабляднела і павалілася на крэсла ў істэрычных рыданнях. Але прапаршчык не сцішаўся і гучна заявіў, што ідзе да губернатара асабіста прынесці скаргу. ... Сцэна выйшла ... цяжкая, асабліва калі бледную, як смерць, паненку выносілі ў поўнай непрытомнасці. Нарэшце ў справу ўмяшаліся афіцэры і з вялікай цяжкасцю ўгаварылі таварыша пакінуць без наступстваў "дурную выхадку", за якую ... жанчына магла б адчувальна паплаціцца". А вось другі гарадзенскі інцындэнт з афіцэрам у той жа дзень : "Праз грамадскі сад, ён убачыў ідучых супраць яго трох цывільных маладзёнаў, якія спляліся рукамі і занялі ўсю шырыню алеі. Наблізіўшыся да афіцэра, усё ў адзін голас крыкнулі: "Прэч з нашай зямлі". Апынуўшыся тварам да твару з нахабнікамі, афіцэр пасля хвіліннай нерашучасці сышоў у бок ..., як растлумачыў ён, каб не уздымаць скандалу, а можа быць, і таму, што сам быў тутэйшы і не жадаў падвяргаць непрыемнасці сваіх ...". Падобныя сцэны ў гэты час апісваюцца ў мемуарах рускіх афіцэраў па ўсім краі.


На працягу 1862 г., прастора непасрэднага кантролю ўлады ў Царстве Польскім няўхільна сціскалася, і да сярэдзіны года яно ўжо не кіравалася з адзінага цэнтра расейскай уладай. Да лета 1862 г. быў утвораны падпольны Нацыянальны цэнтральны камітэт, які ў верасні абвясціў сябе сапраўдным польскім урадам. Яму падпарадкоўвалася разгалінаваная арганізацыя ў колькасці прыкладна 20 тысяч чалавек, меўся ўласны адміністрацыйны апарат і падатковая служба. Павялічвалася напружанне і на тэрыторыі былога ВКЛ. Падрыхтоўку паўстання ўзначаліў створаны ў Вільні Літоўскі правінцыйны камітэт. У склад камітэта ўваходзілі капітан генеральнага штаба Людвік Звяждоўскі (1829-1864, псеўданім - Тапор), чыгуначны службовец Францішак Далеўскі (1825-25.04.1904 г., нарадзіўся ў фальварку Руднікі Лідскага павету), інжынер Уладзіслаў Малахоўскі (1827-1900, псеўданім Леан Варнэрке), студэнт матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта Эдмунд Вярыга (1840?-1902), доктар і мастак Баляслаў Длускі (1826-1905, псеўданім Ябланоўскі) і Кастусь Каліноўскі.

Расейскі гісторык XIX ст. Бранцаў П.Д. пісаў пра Каліноўскага: "... малады чалавек, 26 гадоў ад роду, сярэдняга росту, дужага целаскладу, меў стромкі, высокі лоб, чысты твар і выразныя вочы; насіў кароткія русыя валасы, зачэсаныя назад. Каліноўскі меў вялікі розум і незвычайную сілу волі і характару. Гэта адзіны чалавек з усёй карпарацыі Літоўскага жонду, які быў бескарысліва адданы сваёй справе. Чалавека гэтага нельга было ні спалохаць, ні збіць з толку. Каліноўскі прама ішоў да сваёй мэты, не здрадзіў і не зганьбіў сябе ... баязлівасцю да самай смерці" .

31 ліпеня 1862 г., які і ў мінулым годзе, па ўсім краі прайшло святкаванне ўгодкаў Люблінскай уніі. У Вільні, каля Вострай Брамы, "сабралася шмат людзей рознага звання", сярод іх многія мужчына былі апранутыя ў нацыянальныя строі а жанчыны "ў белых сукенках, канфедэратках ці капялюшыках, упрыгожаных жывымі кветкамі і стужкамі ..." . Пасля малітвы частка людзей разышлася па хатах, а частка выправілася да Зялёнага моста, аднак паліцыя ім гэта не дазволіла. У той жа дзень у Лідзе "на звычайнай літургіі, сабралася ... багамольцаў больш, чым звыкла, прычым дамы былі апранутыя ў каляровыя сукенкі" .

10 жніўня 1862 г. віленская паліцыя затрымала адстаўнога службоўца Фелікса Колышку (брата Баляслава Колышкі), з дакладу сакрэтнага аддзелу: "Адстаўны калежскі рэгістратар Фелікс Колышка, у адметным гарнітуры, а менавіта: у чамарцы шэрага сукна, падперазаны шырокім лакавым рамянём з белай металічнай бляхай, на якой намаляваны Арол і Пагоня ... у ботах з доўгімі лакавымі халявамі. Пры пяратрусе ў Колышкі знойдзены ... заклік да жыхароў Вільні". Знойдзеная папера заклікала да супольнай малітвы за душы чарговых загінулых маніфестантаў. З справы вынікае, што Колышка паходзіў з лідскай шляхты, скончыў 5 класаў Віленскай гімназіі, потым служыў у войску, звольнены з войска па асабістым рапарце, пры звальненні атрымаў чын калежскага рэгістратара і першапачаткова прыехаў да сваёй маці ў Ліду, а потым пераехаў у Вільню. Лідскі гараднічы сведчыў, што падчас жыхарства ў Лідзе паводзіў сябе добра, але падчас дэманстрацый у Лідзе разам з іншымі спяваў "абуральныя гімны" і насіў недазволеныя строі.


Для нас, беларусаў, вельмі цікавыя культурніцкія акалічнасці тых падзеяў. Менавіта зацікаўленасць да нашай мовы перад паўстаннем з боку мясцовай інтэлігенцыі, прымусіла Назімава напісаць прапанову, якая абмяркоўвалася ў верасні 1862 г. у Радзе міністраў. У сваёй запісцы ён прапанаваў выдаць маніфест які б дазволіў кожнай народнасці даць "сродкі вольна і бесперашкодна развівацца ва ўласцівых ёй формах, характары і межах", атрымліваць адукацыю на сваёй мове ў мясцовасцях, дзе яна складае большасць насельніцтва. Назімаў спасылаўся на добры прыклад "аўстрыйскай Галіцыі", дзе праводзілася палітыка падтрымкі этнічнай самабытнасць галіцыйскіх русінаў - групы, што займала адну з нізавых пазіцый ў сацыяльнай герархіі Аўстра - Венгерскай імперыі. Такая палітыка праводзілася Габсбургамі ў піку тамтэйшаму польскаму дваранству (яна ўключалася ў сабе і падтрымку духоўнай апоры заходніх украінцаў - уніяцкай царквы, якая, як мы памятаем, у нас была гвалтам ліквідавана яшчэ ў 1839 г.). Кіруючыся гэтай схемай, віленская адміністрацыя зрабіла крок да прызнання этнічнасці летувісаў, кампактная маса якіх засяляла Ковенскую губерню. Апякун Віленскай навучальнай акругі ў верасні 1861 г. прапанаваў дапусціць у пачатковых школах "навучанне жмудскай грамаце" і пашырыць выданне малітоўнікаў, календароў і іншых кніг для "народнага" чытання на "жмудскай мове" (гэта мова да таго часу ўжо была прызнана ў якасці мовы пропаведзяў у касцёле і пры навучанні Закону Божаму). Ці не першым сярод імперскіх адміністратараў Назімаў, хай і асцярожна, падняў пытанне і пра моўную самабытнасць беларусаў, якія афіцыйна лічыліся "рускімі". Назімаў дапушчаў беларускасць як прамежкавую прыступку на шляху да выпрацоўкі рускай нацыянальнай самасвядомасці. Яшчэ ў 1859 г. вышэйшае цэнзурнае начальства забараніла друкаванне кнігаў на "беларускім прыслоўі" "польскімі літарамі", улада баялася польскай асіміляцыі беларускага насельніцтва. А ў 1862 г., у сувязі з абмеркаваннем праблемы польскага панавання ў каталіцкім касцёле, віленская адміністрацыя прапанавала перавесці асноўныя малітвы і кароткі катэхізіс на "беларускае прыслоўе". Па яе меркаванні, гэта павінна было прыпыніць пагрозу паланізацыі насельніцтва, якое руская адміністрацыя больш-менш устойліва называла "беларусы". Увесну 1863 г. па ініцыятыве апекуна Віленскай навучальнай акругі былі выдадзены "Аповяды на беларускім прыслоўі" - кніжка кароткіх павучанняў, закліканых даказаць, што беларусы - не палякі, а рускія. Гэта быў адзіны досвед праўрадавай прапаганды на нашай мове. Так сама пад эгідай Назімава была зроблена спроба заснаваць часопіс для народа на "мясцовым русінскім" прыслоўі (г.зн. на беларускай мове) .


У студзені 1863 г. у Царстве Польскім, з нападаў паўстанцаў на кватэры рускіх войскаў у ноч з 10 на 11 студзеня (ст. ст), пачалося масавае і зацятае паўстанне. Да вясны "мяцеж", як называлася паўстанне ўрадам, распаўсюдзіўся на Літву, заходнія і цэнтральныя мясцовасці Беларусі і нават Правабярэжнай Украіны. Часовы нацыянальны ўрад (Rzаd Narodowy) абвясціў волю і роўнасць усіх грамадзян адноўленай дзяржавы, незалежна ад веравызнання і паходжання, а сялянам абяцаў права на зямлю, якую яны апрацоўваюць з неадкладнай адменай усіх павіннасцяў перад панамі. У асобных закліках да русінаў (г.зн. насельніцтва Беларусі і Украіны) ішла гаворка пра поўнае вызваленне і надзяленне зямлёй, а да яўрэяў - пра братэрскую любоў. Такім чынам, была зроблена спроба да згуртавання шырокага фронту сіл. Нягледзячы на недахоп узбраення і недастатковы досвед ваеннай арганізацыі ў баявых дзеяннях, нацыянальны ўрад, не выходзячы з падполля, здолеў узяць пад свой кантроль вялікую частку тэрыторыі, кантраляваць выкананне сваіх распараджэнняў, мець вялікую сетку надзейных агентаў у паштовым ведамстве і на чыгунках. Намеснік Царства Польскага, вялікі князь Канстанцін казаў: "Законны ўрад існуе толькі там, дзе ёсць войска. Дзе няма, там поўная самаўпраўнасць рэвалюцыі... Цэнтральны камітэт усюды і нідзе". Паўстанне прыняло аблічча партызанскай вайны, баявой адзінкай выступаў невялікі аддзел (у тэрміналогіі рускага ўраду, "шайка" ці "хеўра"), пераслед і знішчэнне якога ў лясістых і багністых мясцовасцях былі вельмі цяжкай задачай .

Імператар Аляксандр II у Пецярбургу асабіста паведаміў гвардыі пра пачатак паўстання. Вось як успамінаў пра гэта афіцэр лейб-гвардзейскага Паўлаўскага палка Воранаў (гэты полк і Воранаў асабіста потым удзельнічалі ў задушэнні паўстання на Лідчыне): "Чуткі пра хваляванні ў Польшчы, якія распаўсюдзіліся напачатку 1863 г., пацвердзіліся пасля 11-га студзеня, ... Весткі пра тое, што здарылася ў Польшчы былі перададзены ў Пецярбургу афіцэрам гвардыі асабіста Яго Імператарскай Вялікасцю, пасля таго, як яны атачылі Манарха ў Міхайлаўскім манежы, па заканчэнні разводу л.-гв. Ізмайлаўскага палка.

"Многім з Вас, спадарства - пачаў ... Імператар, верагодна невядомы апошнія здарэнні ў Царстве Польскім. Я хачу каб вы даведаліся пра іх ад мяне самога.

Пасля таго як быў добра праведзены рэкруцкі набор ... у Варшаве з 6-га пачалі з'яўляцца мяцежныя хеўры на абодвух берагах Віслы, для рассейвання якіх былі неадкладна пасланы атрады. Нарэшце з 10-га па 11-га , па ўсім царстве, за выключэннем Варшавы, былі зроблены раптоўныя напады на войскі нашыя, якія стаяць па кватэрах .... Аднак і пасля гэтых новых зладзействаў, я не хачу абвінаваціць у тым увесь народ Польскі, ва ўсіх гэтых сумных падзеях я бачу працу рэвалюцыйнай партыі, якая імкнецца паўсюдна да руйнавання законнага парадку. ... Я перакананы, што зараз больш, чым калі, кожны з вас, адчуваючы і разумеючы ўсю святасць прысягі, выканае свой абавязак, як гонар нашага сцяга таго патрабуе. ... " .

Лаўрэш Леанід


Некаторыя заўвагі да біяграфіі земляка

Прыемным сюрпрызам ў першыя ж дні 2013 г. стаў для мяне артыкул Леаніда Лыча "Ён родам з Сіняўкі", аб жыцці і грамадскай дзейнасці Васіля Талстога. Збіраючы звесткі пра землякоў - ураджэнцаў Клеччыны, я сярод іншага цікавіўся і ягонай постаццю. З успамінаў Л. Лыча даведаўся шмат новага. Але, на жаль, на самым пачатку артыкула ўтрымліваецца шэраг недакладнасцяў, якія хацелася б выправіць. Раблю гэта не для таго, каб у нечым упікнуць паважанага прафесара, а для таго, каб не дапусціць іх далейшага тыражавання і, адпаведна, скажэння біяграфіі В. Талстога.

Найперш гэта датычыць даты нараджэння. Л. Лыч паведамляе, што Васіль Талстой нарадзіўся 12 студзеня 1928 г. Звесткі, хучэй за ўсё ўзяты з даведніка "Институт истории Нацнональной Академии Наук Беларуси в лицах. 1929-2008", там сапраўды ўказана: "Нарадзіўся 12.01.1928". Але складальнікі памыліліся. Насамрэч, В. Талстой нарадзіўся на месяц пазней. Гэта дата - "12.02.1928", "12 лютага 1928 года" - неаднаразова ўказвалася ім самім у аўтабіяграфіях, лістках па ўліку кадраў складзеных у розныя часы, якія захоўваюцца ў асабістай справе. Памылка, хучэй за ўсё адбылася пры наборы тэкста і, як бачым, ужо пачала распаўсюджвацца ў літаратуры.

Сіняўка, дзе нарадзіўся герой публікацыі, ніколі не была "цэнтрам гміны Наваградскага павету". У 1928 г. мястэчка з'яўлялася цэнтрам гміны Нясвіжскага павету Наваградскага ваяводства, цяпер - Клецкі раён Менскай вобласці.

Не зусім дакладна сцвярджаецца, што В. Талстой пачаў настаўніцкую дзейнасць у 1954 г. Сапраўды, у тым годзе ён скончыў Менскі педагагічны інстытут імя М. Горкага. Але, паколькі вучыўся завочна, меў салідны працоўны досвед. Яшчэ ў 1949 г., скончыўшы гістарычна-філалагічны факультэт Баранавіцкага настаўніцкага інстытута, працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Блячынскай няпоўнай сярэдняй школы Клецкага раёна. З 1950 па 1952 г. служыў у Савецкай Арміі, а звольніўшыся ў запас быў выкладчыкам гісторыі і завучам у школах Ляхавіцкага і Клецкага раёнаў. Напрыканцы 1953 г. пераехаў, па месцы накіравання жонкі, у Гародню, дзе настаўнічаў да 1960 г.

Думаецца, цікавым будзе і такі штрых. Старэйшы брат Васіля Іван падчас акупацыі ўваходзіў у склад падпольнай групы, якая трымала сувязь са спецатрадам "Авангард" і здзейсніла шэраг дыверсій у Сіняўцы. Сам Васіль, нягледзячы на малады ўзрост, як указваў у адной з аўтабіяграфій, з 1943 г. выконваў некаторыя даручэнні партызанскага камандавання.

Вось, што мне хацелася дадаць да біяграфіі свайго земляка, а заадно падзякаваць Л. Лычу за змястоўныя ўспаміны пра шчырага беларуса і патрыёта Васіля Талстога.

Андрэй Блінец, краязнавец, Клецк.


БАЦЬКАМ

Усё ж гады тыя

бягуць і бягуць,

Як вада ў пеністай плыні.

Не заўважыш,

як імгненні лятуць,

Як ужо кажаш: былі маладымі.


Фотаздымкі з альбома,

як часткі жыцця.

Усё мінулае перад вачыма...

Бацька, шчэ малады, як і я,

Побач матуля - дзяўчына.


Гартаю старонкі

каторы ўжо раз,

Усе хутчэй

у грудзях сэрца б'ецца,

Мне здаецца святлейшым

той час,

Бестурботным

мне час той здаецца.


І на працягу ўсіх гэтых гадоў

Не звяртаў увагі ніколі,

Як жыццё маршчынамі

ссекла бацькоў,

Расфарбавала срэбрам

іх скроні.


Божа, як сэрца баліць,

Ахапіла душу маю горыч.

Я не магу сабе ўявіць,

Што калісьці не будзе іх побач.

Алесь Лянок.


Беларускі бусел

Беларусам на чужыне

прысвячаецца.

Плача груша на мяжы,

I балота ў скрусе,

Паляцеў у край чужы,

Беларускі бусел.

Паляцеу ён нездарма,

Бо жаўцеюць лозы,

Ды наперадзе зіма,

Лютыя марозы.

Каб не згінуць, уцалець,

Беларускі бусел

З Бацькаўшчыны паляцець

На чужыну мусіў.

Бацькаўшчына не відна

За туманам, дымам.

Эх! Чужына, чужына,

Хто цябе прыдумаў!


Родная ежа

Той хто любіць буракі

Ды цыбулю есці,

Дужы, быццам дуб які,

На Палессі дзесьці.

Той хто, любіць гарбуза,

Рэдзьку есці, рэпу,

Робіцца тады мацней,

Ды жыве да веку!

Бог славян Сварог,

Моц таму дае:

Хто з крыніцы

Роднай п е!

Ад хваробы і бяды,

Збавіць нас з табою

Крышку роднае яды

З роднаю вадою!

Ян Коцікаў, г. Навасібірск.


Мінулае і будучае Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу

Гасцінна вас Лошыцкі

парк сустракае,

Куток мастакоў,

навукоўцаў, паэтаў.

Сыходзіць у нябыт

мітусня гарадская,

І бачнае ў кроплі

бязмежжа Сусвету.

Церахаў Я. Г.

Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс - адзіны, арганічна звязаны архітэктурны ансамбль, які мае вялікую гісторычна-культурную каштоўнасць. Лошыцкая сядзіба перажыла нямала гістарычных выпрабаванняў. Першыя пісьмовыя звесткі пра Лошыцу датуюцца 1557 годам. Паводле крыніц можна даведацца, як на вялікай тэрыторыі к поўдню ад Менска, па цячэнні Лошыцы існавалі двор Лошыцкі князя Талачынскага (Лошыца Талачынская, або Вялікая) і двор Сухая Лошыца князя Адзінцова (Лошыца Адзінцоўская, або Сухая). На сённяшні дзень захавалася толькі першая.

Гаспадары ў Лошыцкай сядзібы змяняліся часта. Яна была ўласнасцю князя Васіля Юр'евіча Талачынскага і яго жонкі, якія не мелі дзяцей. Таму пасля іх смерці землі перайшлі ва ўласнасць сястры памерлай жонкі, Марыі, а тая выйшла замуж за Івана Гарнастая. Пасля Гарнастаевых Лошыцай валодалі Друцкія-Горскія. Існуе меркаванне, што менавіта Фёдар Рыгоравіч Друцкі-Горскі пабудаваў на беразе ракі дом. Міхал Друцкі-Горскі прадае Лошыцу за 80 тысяч злотых Ежы Антонію Прушынскаму, які ў 1724 годзе будуе новы будынак на месцы старога маёнтка. Пасля Прушынскіх Лошыцай валодаў род Любанскіх. Апошнім яе гаспадаром стаў Еўстафі Любанскі, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё лошыцкіх зямель. Ён правёў рэканструкцыю Лошыцкага маёнтка.

Вось як апісвае змены ў знешнім выглядзе сядзібнага дома Юры Кур'яновіч: "Спецыяльна запрошаны архітэктар знайшоў даволі нестандартнае рашэнне, у выніку якога дом набыў асіметрычную кампазіцыю, але даволі арганічную, нібы задуманую з самага пачатку яго будаўніцтва. Драўлянай дэкаратыўнай разьбой аздобілі зграбныя слупкі, што падтрымліваюць стрэшку параднага ўваходу, аконныя ліштвы і карнізныя паясы фасада. Адначасова з рэканструкцыяй Белага дома побач з ім пабудаваны драўляны флігель (зялёны дом), зроблена агароджа з каваных кратаў." Кожнае памяшканне ў доме было аформлена ў сваім стылі. Любанскія абралі для вестыбюля англійская стыль, для калідора і лесвіцы - пампейскі роспіс. Афармляючы бібліятэку і сталовую, выкарыстоўвалі элементы рэнесансу, а гасцёўні былі вытрыманы ў самым папулярным з усіх перайманых стыляў - ракако. Не апошнюю ролю ў выглядзе пакояў мелі кафляныя печы - іх у доме захавалася цэлая калекцыя. Цэнтральнае месца сярод іх займаў камін, выкананы ў Рызе па нямецкіх узорах. Такіх ўсяго два ў Еўропе. Дарэчы, катлы сюды завезлі з Таліна, што кажа пра высокі ўзровень міжнародных узаемаадносін ўжо ў той час.

Яўстафі Любанскі ажаніўся з Ядвігай Кеневіч, якая скончыла жыццё самагубствам. Пасля гэтых падзей пан менш пачаў цікавіцца гаспадаркай, а пасля і зусім з'ехаў, перадаўшы справы па маёнтку эканому. Яўстафі Любанскі так і не вярнуўся, памёршы на Каўказе.

Пасля 1917 года ў гісторыі Лошыцы пачынаецца новы этап. У перыяд беларусізацыі ў Белым доме дзейнічаў драматычны гурток пад кіраўніцтвам Пятніцкага. Ставіліся спектаклі, а артыстамі былі сяляне з бліжэйшых вёсак.

З 1922 па 1925 гады на тэрыторыі маёнтка была арганізавана доследная станцыя Беларускага дзяржаўнага садова-гародняга інстытута. На базе гэтай станцыі па ініцыятыве М.І. Вавілава было створана Беларускае аддзяленне Ўсесаюзнага інстытута прыкладной батанікі і новых культур.

У 1930-х гадах у час сталінскіх рэпрэсій Лошыца стала месцам расправы з людзьмі. Вядома таксама, што ў Лошыцкім доме ў першыя гады савецкай улады рыхтавалі кадры для падпольнай працы ў Заходняй Беларусі.

З пачаткам Другой Сусветнай вайны ў Лошыцы спачатку размяшчалася загарадная рэзідэнцыя менскага гебітскамісара Фрыца Бэйзе, а потым там жыў начальнік трэцяга аддзела генеральнага камісарыяту Вільгельм Фрайтаг. У гасцях у яго часта бываў Кубэ з афіцэрамі. Адным з гераічных момантаў гэтага перыяду з'яўляецца спроба ўзарваць Лошыцкую сядзібу мінай, зробленай уручную. Жанчыны-падпольшчыцы Н.П. Майсеева, М.П. Чыжэўская, А.А. Чыжэўская падлажылі самаробную бомбу ў адну з печак і чакалі дня, калі нямецкае начальства збярэцца на важную нараду. Але бомба дачасна была знойдзена. Жанчын павесілі, а ў іх гонар назвалі адну з бліжэйшых вуліц - Чыжэўскіх. І нават зараз Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс мае адрасам вуліцу Чыжэўскіх.

Пасля вайны Лошыцкі парк быў аддадзены пад сельгасугоддзі саўгаса "Лошыца". І толькі ў 1988 годзе Лошыцкі парк быў аб'яўлены помнікам гісторыі, культуры і архітэктуры. Аднак наданне парку такога высокага статусу мала што змяніла ў яго існаванні. Безнадзейна стратны да таго часу саўгас, які займаў тут плошчу ў 93 гектары, быў выправаджаны за межы "ахоўнай дзяржавай зоны" толькі ў 1998 годзе, калі комплекс быў перададзены ўнітарнаму прадпрыемству "Мінскзеленбуд". Менавіта тады ў Лошыцы з'явілася канцэпцыя аднаўлення комплексу і канкрэтныя прапановы па яго далейшым прыстасаванні і выкарыстанні. Яшчэ праз 4 гады было прынята рашэнне Менгарвыканкаму "Аб аднаўленні і развіцці Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу".

Нарэшце, 10 верасня 2011 года ў Дзень горада Менска Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс быў адкрыты пасля рэканструкцыі. У новай якасці паўсталі перад гасцямі парку адрэстаўраваныя сядзібны дом, домік вартаўніка і флігель, у якім размясціўся гістарычны музей. Згодна з канцэптуальным праектам Лошыцкі комплекс у далейшым будзе ўключаць некалькі музеяў: Лошыцкай сядзібы, гісторыі паркавага будаўніцтва Менска і сядзібна-паркавага будаўніцтва Беларусі, селекцыі і экалогіі, рамёстваў і звычаяў, філіял Музея народнай архітэктуры і побыту і іншыя.

Млын і капліцу закансервавалі, тэрыторыя вакол іх аформлена дэкаратыўнымі агароджамі і інфармацыйнымі стэндамі. Але згодна з канцэптуальным праектам развіцця Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу ў ХХI ст. у парку размесціцца так званы скансэн - музей пад адкрытым небам. Прычым не звычайны, а "жывы": з рабочым старажытным млыном і пякарняй, у якой вы зможаце пакаштаваць фірмовы хлеб. А ў бровары ахвотныя паспрабуюць піва мясцовага вырабу. Ужо распрацаваны праект рэканструкцыі, у рамках якога плануецца аднаўленне будынка "Бровар", праўда, з новымі функцыямі. У будучыні ў прамзоне будзе размяшчацца 4-зоркавы гатэль. Існы будынак рэстаўруюць, максімальна захаваўшы архітэктурныя дэталі, будуць адноўлены фрагменты інтэр'ераў прамысловай архітэктуры XIX ст.

Змянілася зона каля вадаёма. Выхады да ракі акультурылі, ачысцілі ад дзікай пораслі, праклалі пешаходныя дарожкі. Набярэжную ўпрыгожыла стыльная ратонда і цяністая алея. Ачысцілі і сам вадаём, зрабілі больш спадзістымі берагавыя адхоны. Насыпалі штучны востраў, які цяпер мае назву "Востраў кахання".

Акрамя таго, у парку пабудавалі спартыўныя пляцоўкі, павільён этнаграфічнага фота, пункт пракату рэтра-ровараў. Створаны альтанкі для адпачынку, краявідныя пляцоўкі, казачныя мосцікі, "плошча гадзіннікаў", дзіцячы "Горад майстроў". Усе малыя архітэктурныя формы вырашаны ў двух стылістычных кірунках: з аднаго боку - сядзібна-паркавы стыль, які суправаджаецца вырабамі з чыгуннага ліцця, дэкаратыўнымі бардзюрамі, кветкавымі партэрамі, а з другога боку - прыродна-ландшафтны стыль, які ўключае элементы драўлянага дойлідства.

Канцэптуальны праект прадугледжвае стратэгію захавання і аднаўлення аб'екта з актыўным уключэннем яго ў сацыяльна-культурнае развіццё горада. У паўднёва-ўсходняй частцы парку на беразе Свіслачы знаходзіцца натуральны ландшафтны амфітэатр. Яго рэканструявалі ў канцэртную залу пад адкрытым небам, абсталявалі сцэнічнай пляцоўкай для правядзення фестываляў этнаграфічнага музычнай творчасці і рыцарскіх турніраў.

Участак забудовы па вуліцы Чыжэўскіх рэканструююць у стылі этнаграфічнай вёскі, што дасць магчымасць не толькі рэстаўраваць гістарычныя пабудовы, але і стварыць сетку "заезных двароў", адначасова вырашыўшы гасцінічную праблему. У гасцініцы будзе ўвесь неабходны набор памяшканняў: трансфармаваныя залы, пакоі перамоў, SPA і фітнес-цэнтр з басейнам, салон прыгажосці, актавая і банкетная залы, фотастудыя і іншыя.

Такая канцэпцыя будучага Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу. Яна цалкам адпавядае сучасным тэндэнцыям еўрапейскай горадабудаўнічай палітыкі. Ад палітыкі кансервацыі плануецца перайсці да палітыкі інтэграцыі культурнай спадчыны ў інфраструктуру сучаснага горада, у жыццё гараджан. Комплекс мае ўсе магчымасці стаць музеем ХХІ ст. - тэматычным паркам, шматмэтавым цэнтрам вольнага часу. Галоўнае, што ў Лошыцкі парк вярнулася жыццё. Цяпер яму гарантавана даўгалецце і новы гістарычны віток, у якім застанецца месца старажытным будынкам і даўнім традыцыям.

Антаніна Паўловіч, студэнтка 550 гр. БДУКіМ. На здымках: 1. Флігель; 2. Рэшткі бровара; 3. Ландшафтны амфітэатр; 4. Востраў кахання.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX