Вярнуцца: 2013

№ 11 (1110)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 11 (1110) 13 сакавіка 2013 г.


У Смаленску адбыўся арганізацыйны сход ТБМ

6 сакавіка 2013 г. у Смаленску прайшой арганізацыйны сход з нагоды адкрыцця ў горадзе рэгіянальнага прадстаўніцтва Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дэлегаты з г. Смаленска, Віцебска і Оршы.

Па выніках сходу было абвешчана аб адкрыцці філіі ТБМ, а таксама быў дадзены старт рэгіянальнаму Беларускаму зямляцтву, якога раней, як гэта ні дзіўна, ніколі не было ў Смаленску.

Мэтай дзейнасці філіі ТБМ і Беларускага зямляцтва ў Смаленску стане:

- Развіццё і вывучэнне роднай мовы.

- Вывучэнне культуры, традыцый і гісторыі беларусаў, якія пастаянна або часова пражываюць у Смаленскай вобласці.

- Дапамога беларусам у пытаннях працаўладкавання, пражывання, навучання, у вырашэнні юрыдычных і іншых пытанняў у рэгіёне.

У час сустрэчы былі абмеркаваны пытанні сучаснага стану беларускай культуры, умовы жыцця беларусаў, іх перспектыў. Адным з ключавых пытанняў у час абмеркаванне было стварэнне сайта зямляцтва, прыняты каляндарна-тэматычны план мерапрыемстваў на 2013 год.

Адной з першых дат, якую адзначаць сябры Таварыства беларускай мовы і Беларускага зямляцтва ў Смаленску стане святкаванне 95-годдзя з дня заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 2013 года.

Таксама па выніках галасавання быў абраны часовы выканавец абавязкаў абедзвюх арганізацый.

Смаленская філія ТБМ.


ЖЗЛ па-беларуску

Беларускі інстытут гісторыі і культуры пачаў выданне новай серыі навукова-папулярных кніг "100 выбітных дзеячаў беларускай культуры". Першымі ўбачылі свет брашуры, прысвечаныя мастаку Міхалу Андрыёлі, акцёру Фларыяну Ждановічу і гісторыку Мітрафану Доўнар-Запольскаму.

Выданне гістарычнай літаратуры ў Беларусі, мякка скажам, знаходзіцца ў жаласным стане. Так, дзяржаўныя выдавецтвы не стамляюцца рапартаваць пра выпуск новых падарункавых фаліянтаў. Разам з тым для шырокага чытача ўсе гэтыя, безумоўна, прыгожыя кнігі, часцей за ўсё не даходзяць. Па-першае, кошт на іх звычайна "кусаецца", па-другое, напісаны яны не заўсёды зразумелай навуковай мовай. Такімі выданнямі карыстаюцца гісторыкі-прафесіяналы. А што чытаць звычайным людзям, у якіх гістарычны светапогляд, мякка скажам не сфармаваны?

У гэтай сувязі ўсялякіх пахвал вартая новая серыя "100 выбітных дзеячаў беларускай культуры", каардынатарам якой з'яўляецца беларускі гісторык Анатоль Тарас.

Кнігі серыі прысвечаны тым дзеячам беларускай культуры, літаратуры, мастацтва XIX - XX стст., якія ў сваёй дзейнасці адлюстроўвалі нацыянальныя погляды на гісторыю, мастацтва, культуру Беларусі. Як прызнаюцца аўтары серыі, іх асноўнай мэтай з'яўляецца не простае прадстаўленне біяграфічных дадзеных пра тую, ці іншую асобу, а вызначэнне таго, унёску, які кожны з гэтых людзей зрабіў у развіццё беларускай нацыянальнай самабытнасці. Серыя прысвечана, першым чынам, тым людзям, якія правялі сваё жыццё ў Беларусі. Аб'ём кожнай брашуры 30-50 старонак.

Першыя тры кнігі серыі ўжо апублікаваны.

Праца Віктара Чаропкі прысвечана гісторыі знакамітага беларускага мастака XIX стагоддзя Міхала Андрыёлі. Аўтар падкрэслівае, што, нягледзячы на тое, што гэты чалавек быў італьянцам па паходжанні, па духу ён быў менавіта ліцвінам.

Другая брашура напісана Алесем Менскім і прысвечана гісторыі жыцця беларускага акцёра, аднаго з родапачынальнікаў беларускага тэатра Фларыяна Ждановіча. Яшчэ ў 1907 г. гэты чалавек пачаў шукаць шляхі да стварэння беларускага тэатра. Ён падбіраў акцёраў, распрацоўваў рэпертуар, перакладаў творы замежных аўтараў на беларускую мову.

Нарэшце, трэцяя кніга з гэтай серыі прысвечана знакамітаму беларускаму гісторыку Мітрафану Доўнар-Запольскому. Аўтар брашуры Анатоль Тарас знаёміць чытача не гэтулькі з біяграфічнымі дадзенымі з жыцця гэтага знакамітага чалавека, колькі з яго асноўнымі навуковымі дасягненнямі.

Усе тры брашуры напісаны на добрай літаратурнай беларускай мове. Кнігі якасна праілюстраваны і дапамагаюць стварыць цэласнае ўражанне пра таго ці іншага дзеяча беларускай культуры. Аўтары серыі плануюць выдаваць па 10 кніг у год, такім чынам, серыя разлічана на 10 гадоў.

"Гістарычная праўда", Беларускі партызан.


110 гадоў з дня нараджэння Тодара Кляшторнага

Тодар Тодаравіч Кляшторны (11 сакавіка 1903, Парэчча, Лепельскі раён, Віцебская вобласць - 30 кастрычніка 1937, Менск, турма НКВД) - беларускі паэт, перакладнік.

Пасля службы ў войску вучыўся на рабфаку ў Воршы. У 1931 скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў на радыё, у рэспубліканскіх газетах і часопісах. Быў сябрам літаратурных аб'яднанняў "Маладняк", "Узвышша", БелАПП. Уваходзіў у нефармальнае згуртаванне ТАВІЗ. Арыштаваны 3 лістапада 1936 у Менску па адрасе вул. Фабрычная, д. 10/4, кв. 7. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 29 кастрычніка 1937 а 11:00 як "член антысавецкай арганізацыі" да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 чэрвеня 1957.

Паводле ўспамінаў Паўла Пруднікава, Тодара Кляшторнага называлі ў свой час "беларускім Ясеніным" праз падабенства стылю і настрою вершаў, хоць у той жа час у творчасці гэтых двух паэтаў мелася і нямала адрозненняў.

Быў жанаты з Янінай Міхайлаўнай Германовіч (1909-1959), арыштаванай і асуджанай 28 лістапада 1937 асобай нарадай пры НКВД як "член сям'і здрадніка радзімы" да 8 гадоў ППК. Меў траіх дачок: Тадзіяну (ад першых складоў імёнаў бацькі і маці), дзіцячую паэтку, Весналіну і Маю, адну з кіраўнікоў Мартыралогу Беларусі.

Друкавацца пачаў у 1925 у часопісе "Аршанскі маладняк". Выйшлі зборнікі паэзіі "Кляновыя завеі" (1927), "Сьветацені" (1928), "Ветразі" (1929), "Праз шторм - на штурм" (1934).

Тодар Кляшторны - аўтар інтымнай, пэйзажнай, філасофска-медытацыйнай лірыкі, вершаў песеннага складу, вершаў-зваротаў, вершаў-пасланняў ("Ліст да дзяўчыны", "Ліст у Сібір"), вершаў, блізкіх да народнае творчасці ("Бачу і чую - чую і бачу", "Ой, ты дзеўчына", "Там за гарамі не воўкі завылі", "На Ўсходзе Дальнім, на палях Кітая"), твораў публіцы-стычнай скіраванасці ("Лукішкі"), байкі ("Чужыя дзеці"), пародыі ("Вольны запіс прамовы аднаго пісьменніка на пленуме ССП", пародыя на К. Крапіву "Дзед і Баба"), эпіграмаў ("Нашым крытыкам: "Сяўбовае, сяброўскае").

Аўтар паэмаў "Калі асядае муць" (1927), "Беларусь" (1928), "Палі загаманілі" (1930), "Сьляды дарог" (1932), "Наш кірунак дарог - на Маскву" (1933) і "Радзіма" (1934). На думку М. Мушынскага, гэта былі вершы-подступы да жанру паэмы.

Аўтар апавяданняў ("Праз куламесіцу часу", 1926) і нарысаў ("Нашы межы непарушныя", 1933; "Уся справа ў людзях", 1934 і іншыя).

Пераклаў на беларускую мову пятую частку "Прыгод удалага ваякі Швейка" Карэла Гашака (у суаўтарстве з З. Астапенкам, 1932), раман Ф. Панфёрава "Брускі" (у суаўтарстве з М. Багуном, ч. 1, 1932), "Песьню Чырвонай Арміі" П. Тычыны (1934), "Ленін" В. Брусава (1934), "Любімец партыі" В. Гусева (1934) і творы І. Харыка, Г. Лахуці, А. Кутатэлі, М. Асеева, Л. Первамайскага, С. Стальскага, Р. Альберці, Л. Безыменскага, М. Галоднага. Пераклаў уступ паэмы У. Маякоўскага "На ўвесь голас".

Творы Т. Кляшторнага перакладаліся на летувіскую, расейскую і ўкраінскую мовы. На яго вершы І. Іваноў і М. Равенскі напісалі песні.

Многія творы Тодара Кляшторнага пры яго жыцці станавіліся аб'ектамі нападаў з боку абаронцаў партыйна-класавага падыходу да мастацтва: крытыка ўшчувала аўтара за неадпаведнасць ідэалагічным запатрабаванням эпохі, наяўнасць упадніцтва, песімізму, ясеніншчыны, паэтычнай вольніцы, збродніцтва і багемнага стаўлення да свету. Крытык Я. Калядны ў рэцэнзіі на першую кніжку Кляшторнага пісаў: "Трошкі асобна стаіць Кляшторны. У яго часта - шаблённасьць, штампы, асабліва ў вобразах. І зьмест у яго асаблівы. Ён захістаўся і затужыў ад гэтага. Ён на раздарожжы".

А. Бабарэка наступным чынам ахарактарызаваў другі зборнік Т. Кляшторнага: "Сьветацені - па агульнаму уражаньню ад іх твораў - гэта спакойна-задуменнае дзіваваньне зьменлівасьцю, якая пазнана паэтам у быцьці, як свайго роду асбалютны закон жыцьця. Як ілюстрацыі гэтай зьменлівасьці, адчутай і перажытай паэтам у асобных момантах часу, і выступаюць усе вершы Сьветаценяў".

У 2008 адной з вуліц вёскі Камень на Лепельшчыне было прысвоена імя Тодара Кляшторнага. У вясковым Доме культуры таксама дзейнічае бібліятэка-музей Тодара Кляшторнага.

Вікіпедыя.



15 сакавіка у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца 2-гі этап 6-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Пішам тэкст паводле Кірылы Тураўскага

Пачатак - 18. 00. Уваход вольны Румянцава, 13.


АДКРЫТЫ ЛІСТ

намесніку старшыні Мінгарвыканкама І. Карпенку

Паколькі я з'яўляюся ініцыятарам стандартызацыі беларускай тапаніміі па міжнародных стандартах, кіраўніком тэмы "Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь", навуковым рэдактарам і адным з сааўтараў нарматыўнага тапанімічнага даведніка з той жа назвай, лічу сваім абавязкам сказаць сваё слова ў адказ на намеры І. Карпенкі, пазбаўленыя ўсялякай логікі і сэнсу. Чыноўніку не падабаецца загалоўная роля беларускай арыгінальнай формы тапонімаў, і яму не церпіцца замяніць яе на рускамоўную, а значыць арыгінал на копію.

У сувязі з гэтым варта нагадаць, што тапанімія - гэта калектыўны твор карэннага этнасу краіны. Разам з помнікамі старадаўняга дойлідства, руінамі гарадзішчаў і замчышчаў мы ўспадкавалі ад мінулых пакаленняў і ўласныя геаграфічныя назвы - своеасаблівы летапіс нашай зямлі. Яшчэ дзвесце гадоў таму выдатны вучоны І. П. Філевіч трапна назваў тапанімію "мовай зямлі". "Мова зямлі, - пісаў ён, - значыць для нас больш, чым творы старажытных і сярэднявечных аўтараў, больш, чым сведчыць пра сваю гісторыю сам народ… Яна не паддаецца фальсіфікацыі. Тут нічога не прыдумаеш, нічога не сачыніш. Мінулыя эпохі, зніклыя народы і культуры даверылі "мове зямлі" берагчы памяць пра сябе. І яна свята і сумленна зберагла і пранесла яе праз вялікія перасяленні, праз стагоддзі эвалюцый і трансфармацый, праз зрушэнні і перавароты".

Такая гістарычна-культурная спадчына недатыкальная і ніхто не ў праве маніпуляваць народным скарбам. Таму ў цывілізаваных краінах нацыянальнай тапаніміі ўжо даўно прысвоены статус гістарычна-культурных помнікаў. Пара было б ўжо і нам пераняць гэты каштоўны досвед і надаць нашай тапаніміі аналагічны статус. Дык ці наступіць калі-небудзь такі час, калі кожны дзяржаўны чыноўнік будзе паважаць духоўную спадчыну сваіх продкаў, абараняць і цаніць нацыянальныя каштоўнасці, а не ўпадабняцца той хатняй птушцы, што грабе ад сябе?

І. Карпенку раздражняе так-сама і традыцыйная нацыянальная лацінка, якую ён прапануе замяніць на "англамоўны пераклад" (?) ці нешта падобнае. Перш чым заводзіць размову пра непрыдатнасць беларускай лацінкі, трэба было б раней займець хаця б элементарнае ўяўленне пра яе сутнасць і гістарычныя карані, а таксама навучыцца адрозніваць лацінку і лацінскую мову, транслітарацыю і пераклад. На лацінцы пісалі, яе ўдасканальвалі і адшліфоўвалі нашыя творчыя аўтарытэты - Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, А. Рыпінскі, В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, К. Каліноўскі, Якуб Колас, Янка Купала, Змітрок Бядуля і іншыя беларускія пісьменнікі, друкаваліся першыя беларускія газеты "Nasa Niwa", "Homan", "Bielarus". Таму лацінка - важны духоўны фрагмент і прадмет гонару нацыі.

Да ведама тав. Карпенкі, стандартызацыя беларускай тапаніміі праведзена не па прынцыпу "цяп-ляп", а згодна з нацыянальнымі і міжнароднымі законамі і правіламі, адпаведна з прынцыпамі, выпрацаванымі Групай экспертаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па стандартызацыі нацыяльнай тапаніміі. Не трэба забывацца, што Беларусь - даўні член ААН і адзін з яе стваральнікаў і адпаведна абавязана прытрымлівацца міжнародных нормаў, у тым ліку пры афармленні ўласных назваў.

За вынікамі стандартызацыі стаіць больш за 20 гадоў няспынных намаганняў і пошукаў, 50 гадоў уласнага досведу даследчай працы па самых розных пытаннях тапаніміі.

Тапанімія ніводнай краіны не аказалася ў такім занядбаным стане, як беларуская. З першых жа крокаў давялося сутыкнуцца з такой з'явай, як адсутнасць беларускага арыгіналу тапонімаў. Усе наяўныя афіцыйныя спіскі былі цалкам у рускамоўным афармленні, без указання націску, а значыць без усякіх вымаўленчых асаблівасцяў. Напрыклад, паспрабуй здагадацца, што Ольница , Ожики гэта беларускія тапонімы Вольніца , Вожыкі ў рускамоўнай перадачы. Хтосьці прыняў пачатковы гук за прыстаўны і вырашыў яго "адставіць". На шчасце тым жа шляхам не пайшлі гарадзенцы і не "адставілі" гук в у тапоніме Волахі . Такім жа чынам вялася рэгістрацыя беларускіх тапонімаў у Нацыянальным кадастры толькі з яшчэ большай колькасцю памылак і скажэнняў рознага роду. Нават там, дзе ўжывалася беларуская форма, усталяваўся страшэнны разнабой. Адна і тая ж назва пісалася па-рознаму: Старадумка і Старадубка , Гарусты і Гарысты , Гарбанаўка і Урбанаўка , Качан і Качанова .

Трэба было арганізаваць работу так, каб любымі сродкамі ўзнавіць увесь нацыянальны фонд тапаніміі, сфармаваць годны імідж краіны і не адкінуць яе на ўзбочыну цывілізацыі. Не ўсё было сцёрта з памяці простых людзей. На дапамогу прыйшлі краязнаўчыя музеі, абласныя і раённыя выканаўчыя камітэты, асобныя энтузіясты. Былі актыўна задзейнічаны ВНУ і школы. Сабраныя звесткі супастаўляліся, звяраліся, неаднаразова ўзгадняліся. Такім чынам па крупіцы пры шырокай падтрымцы мясцовых уладаў і грамадскасці былі адроджаны самабытныя формы беларускай тапаніміі. Сумесна з Камітэтам па маёмасці стваралася нарматыўна-прававая база стандартызацыі: інструкцыі, кодэксы, праспекты.

Але праца, на жаль, ішла марудна, паколькі і на той стадыі хапала апанентаў. Напрыклад, зацята змагалася супраць адраджэння беларускай тапаніміі сямейная пара Лопухаў (Р.М. Лопух - супрацоўніца Картфонду і П.С. Лопух - выкладчык геаграфічнага факультэта БДУ). Пратаколы пасяджэнняў Тапанімічнай камісіі пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь сведчаць, з якой напорыстасцю Р.М. Лопух дамагалася замены беларускамоўнай формы тапонімаў на рускамоўную. Прыняцце ў якасці асноўнай (загалоўнай) рускамоўнай формы тапонімаў звычайна матывавалася тым, што "ў нас дзве дзяржаўныя мовы". Так, дзве. Але іх магло быць і больш у залежнасці ад грамадскай сітуацыі. Дзяржаўная мова - гэта катэгорыя палітычная. А нацыянальная мова ў нас адна - беларуская і вяршынства належыць ёй.

Пасля "рэцэнзавання" Р.М. Лопух макета першага тома шасцітомнага нарматыўнага даведніка "Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь" ад яго ранейшых структуры і зместу засталіся толькі шматкі: яна зноў вярнула пераклады тапонімаў (Красный Пахарь - Чырвоны Араты, Луч - Прамень), выкрасліла рубрыку "Варыянты назваў населеных пунктаў", "Страчаныя назвы" і ўсё іншае, што прыйшлося ёй недаспадобы.

Пераклад тапонімаў - гэта ўласна нашае "вынаходніцтва". У іншых славянскіх краінах да такога не дадумаліся. Вядомыя рускія анамасты (А.В. Суперанская, З.В. Рубцова) асуджальна ставіліся да двухназоўя ў тапаніміі. У Кіеве, напрыклад, нават за савецкім часам плошча мела адну назву і па-ўкраінску і па-руску - Жовтневой (а не Октябрьской ) революции . Перакладаць назвы населеных пунктаў тое самае, што рабіць пераклад прозвішчаў ( Трусаў - Кроликов, Бурак - Свекла, Кавалёў - Кузнецов ). А колькі часу было змарнавана, каб даказаць такія элементарныя рэчы!

З асабліва ўпартай непрымальнасцю была сустрэта беларуская традыцыйная лацінка. Р.М. Лопух і яе аднадумцы чапляліся за кожную дробязь (перадача асобных літар, надрадковыя значкі, гачакі). Р. М. Лопух то заяўляла, што беларуская лацінка не існавала ўвогуле, то, што яна запазычаная ў палякаў. Многія відавочныя рэчы даводзілася даказваць з фактамі ў рукамі.

Галоўным аргументам наконт таго, ужываць ці не ўжываць нацыянальную лацінку, з'явіліся патрабаванні Групы экспертаў ААН па стандартызацыі нацыяльнай тапаніміі, згодна з якімі кожная нелацінапішучая краіна павінна распрацаваць сваю нацыянальную лацінку, якая не была б прывязана да якой-небудзь адной замежнай мовы з лацінскай графікай. Па сваёй сутнасці нацыянальная сістэма лацінізацыі мусіць быць зарыентаваная на дакладную перадачу зыходнага нацыянальнага графічнага аблічча ўласнага імя, а не яго гучання. Выходзіць, што беларуская лацінка цалкам адпавядае міжнародным патрабаванням і стандартам.

Довад, што нашу традыцыйную лацінку трэба замяніць на нейкі англа-беларускі гібрыд, паколькі яе не могуць расчытаць асобныя турысты, наіўны і смешны. Сапраўдны турыст і госць у любой краіне шукае нешта адметнае, непаўторнае, самабытнае, іншымі словамі не трафарэтнае, а экслюзіўнае. Наколькі вядома, ніхто яшчэ не заблукаў у Польшчы, Чэхіі, Кітаі таму, што там карыстаюцца сваёй графікай. Іншая справа, што ў нас саміх, на жаль, не перавяліся дзяржаўныя чыноўнікі, якім не дае спакою ўсё беларускае.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці і перашкоды, у сферы беларускай тапаніміі нарэшце быў наведзены ідэальны парадак, як у фактычнай, так і нарматыўнай частцы, што прызнана і ўнутры краіны, і на міжнародным узроўні. Да вялікага нашага сораму сёння тут зноў заямаячыў прывід хаосу.

В.П. Лемцюгова, доктар філалагічных навук, прафесар.


ПРЫКАЗКІ З АДМОЎНЫМ ПАРАЎНАННЕМ

У "Тлумачальным слоўніку прыказак" (2011) сярод апісаных тут з семантычнага, стылістычнага і сітуацыйнага боку прыкладна 1800 гэтых адзінак, найбольш ужывальных у сучаснай мове, ёсць прыказкі разнастайных структурна-семантычных тыпаў. Зрэдку сустракаюцца і прыказкі, пабудаваныя па схемах простага ці складанага сказа, з параўнальнай (кампаратыўнай) канструкцыяй у іх складзе.

Структура параўнання ў такіх прыказках мае тры лагічна неабходныя элементы: суб'ект параўнання (тое, што параўноўваецца), аб'ект параўнання (тое, з чым параўноўваецца) і аснова параўнання (агульная прымета дзвюх з'яў). Звычайна што-небудзь абстрактнае супастаўляецца з чымсьці канкрэтным. У выніку тое, што параўноўваецца, становіцца відавочным і выразным, канкрэтызуецца. Сувязь паміж суб'ектам і аб'ектам параўнання граматычна афармляецца пры дапамозе злучніка "як" або "што". Аснова параўнання ў такіх прыказках, як правіла, шматслоўная, з дадатковымі прэдыкатыўнымі адносінамі. Некалькі прыкладаў: Закон што дышла, куды павярнуў, туды і выйшла; Слова як сажа, каго хочаш замажа; Жыццё што макаў цвет: раніцой расцвітае, а к вечару ападае; Госць як нявольнік: ляжа, хоць і ў пярыну паложаць.

Іншы раз у некаторых прыказках кампаратыўнай канструкцыі аснова параўнання адсутнічае: Старое што малое; Чалавек невучоны як тапор нетачоны. Ёсць прыказкі, пабудаваныя як дзве параўнальныя канструкцыі: Доля як стадоля, а шчасце як заезджая карчма; Купіць - як вош забіць, а прадаць - як скочку спаймаць.

У адным з параграфаў маёй манаграфіі "Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства" (2006) сцісла разгледжаны разнастайныя і шматлікія структурна-семантычныя тыпы прыказак. Далейшыя назіранні дазваляюць вылучыць яшчэ адзін структурны тып, дарэчы, вельмі пашыраны (больш як 50 прыказак). Прыказкі гэтага тыпу можна таксама лічыць кампаратыўнымі, хоць параўнальныя адносіны ў іх характарызуюцца своеасаблівым спосабам іх афармлення.

У адной (трохкампанентнай) групе гэтага тыпу прыказак іх прэдыкатыўная частка складаецца з назоўнікаў у назоўным склоне і адмоўя "не" перад другім назоўнікавым кампанентам. Інакш кажучы, тут кампаратыўныя адносіны паміж суб'ектам і аб'ектам параўнання выражаны прэдыкатыўнымі адносінамі адмаўлення: Беднасць не загана; Голад не цётка; Служба не дружба; Смех не грэх; Старасць не радасць . Зрэшты, такая кампаратыўная мадэль мае месца не толькі ў прыказках, а і ў іншых жанрах вуснай народнай творчасці. А ў фалькларыстыцы яна называецца "адмоўным параўнаннем". Яшчэ прыклады: Вада не бяда; Сівізна не ўкарызна; Спроба не хвароба; Сэрца не камень; Укрой не ўдой; Цяснота не крывота.

Да гэтай групы прымыкаюць і прыказкі з дзвюма прэдыкатыўнымі часткамі: Воўк не пастух, а казёл не агароднік; Воцат не гарэлка, а кума не жонка. Не будзем, аднак, забываць, што многія з пададзеных тут прыказак - алегарычныя, г.зн. у іх гаворыцца пра адно, а маецца на ўвазе зусім іншае; напрыклад, адна з папярэдніх прыказак (пра ваўка і казла) абазначае 'нельга дапускаць каго-небудзь туды, куды ён імкнецца з-за карыслівай мэты і дзе можа толькі нашкодзіць' .

Яшчэ адну групу складаюць прыказкі, структурна арганізаваныя па мадэлі "хто-што + каму-чаму + не + хто-што": Бот лапцю не пара; Воўк казе не таварыш; Гусь свінні не таварыш; Пешы коннаму не таварыш.

Адмоўнае параўнанне бачым і ў такой прыказцы ўжо іншай структурнай мадэлі: Што кажух, то не вата, што капуста, то не гарбата.

Калі ва ўсіх папярэдніх прыкладах супастаўляліся назоўнікавыя кампаненты, то ў наступнай групе з адмоўным параўнаннем справу маем з супрацьпастаўленымі дзеясловамі ці дзеяслоўнымі спалучэннямі: Брахаць - не цэпам махаць; Век зжыць - не мех сшыць; Гаспадарку весці - не лапці плесці; Жыццё пражыць - не поле перайсці; Замуж пайсці - не лапці плясці і шэраг іншых.

Найбольшую ж групу прыказак з адмоўным параўнаннем складаюць такія, якія, у адрозненне ад папярэдніх, маюць у сваім складзе і аснову параўнання. Па форме яны часцей за ўсё арганізаваны па структурных схемах бяззлучнікавага складанага сказа, другая частка якога раскрывае кампаратыўныя адносіны суб'екта і аб'екта параўнання першай прыказкавай часткі, выступаючы асновай параўнання: Вада не гарэлка - шмат не вып'еш; Госць не костка, за вароты не выкінеш; Дзеўка не конь, вупраж не накінеш; Доўг не вяроўка, ззаду не цягнецца; Жонка не лапаць, з нагі не скінеш.

Даследчык устойлівых параўнанняў рускай мовы М.В. Агольцаў адносна такіх канструкцый пісаў, што адмаўленне тоеснасці прадметаў тут выступае толькі як адменная форма выражэння іх падабенства, а аснова параўнання праяўляецца як звычайная прымета супастаўленых прадметаў "з той толькі асаблівасцю, што ступень падабенства ў ім экспрэсіўна падкрэслена адмаўленнем тоеснасці": Работа не воўк, у лес не ўцячэ; Розум не сякера - не пазычыш; Слова не верабей, выпусціў - не зловіш; Хлеб не нявеста, з'есца - другі будзе; Чалавек не арэх, адразу не раскусіш; Чужы рот не свае вароты, не зачыніш; Сорам не дым, вачэй не выесць.

Прадметы, супастаўленыя ў першай частцы такіх прыказак, часта здаюцца на першы погляд несупастаўляльнымі, напрыклад: Бог не цяля, бачыць круцяля; Жонка не рукаў, не адпораш; Ласка не каляска, сеўшы не паедзеш; Праўда не скварка, з кашаю не з'ясі; Розум не кулеш, у галаву не накладзеш; Слова не пірог, не выкінеш за парог. У наш час бывае складана зразумець, як адзначаў Я. Карскі з нагоды параўнанняў зусім іншага кшталту, "што кіравала чалавекам, які выкарыстоўваў тое ці іншае параўнанне, - вобраз, нярэдка вельмі наіўны, малападыходны для абазначэння вядомага прадмета". Да прыкладу: Доўг не вяроўка, не парвецца; Смерць не ручаінка - не пераскочыш; Чалавек не вол, у адной скуры не старэе; Чужы роцік не каўнерык, яго не зашпіліш; Шчасце не конь - у аглоблі не запражэш.

Але менавіта ў такой форме яны замацаваліся ў маўленні і жывуць, бо як за гэтымі, так і амаль за ўсімі іншымі прыказкамі стаіць аўтарытэт пакаленняў, якія іх стварылі. Таму, кажучы словамі В.П. Анікіна, прыказкі не спрачаюцца, не даказваюць - яны проста сцвярджаюць ці адмаўляюць што-небудзь з упэўненасцю, што ўсё імі сказанае - цвёрдая ісціна.

Іван Лепешаў, доктар філалагічных навук, прафесар.


На алімпіядзе па беларускай мове новыя адрасы

Адметная з'ява школьнага жыцця - алімпіяды, якія праходзяць этапамі: школьныя, раённыя, абласныя. Асабліва датычыць гэта вучняў і настаўнікаў старэйшых класаў. У сярэдзіне студзеня традыцыйна прайшла ў г. Гародні абласная алімпіяда па беларускай мове. У ёй ўдзельнічалі 69 вучняў 9 - 11 класаў з сямнаццаці раёнаў вобласці. Не прымалі ўдзелу вучні з Бераставіцкага і Іўеўскага раёнаў, а з Мастоўскага і Слонімскага ўдзельнічалі толькі ў адным класе.

Як і ў мінулыя гады, алімпіядныя спаборніцтвы складаліся з трох відаў заданняў: водгуку на літаратурны твор, комплекснай работы лінгвістычна-літаратурнага характару, вуснага выказвання на грамадска-этычную тэму. Многія ўдзельнікі алімпіяды паказалі грунтоўную падрыхтоўку, творчы падыход, настойлівасць у выкананні работ. Гэта падкрэсліваў, падводзячы яе вынікі, старшыня журы загадчык кафедры беларускай мовы Гарадзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы Варановіч Валерый Леанідавіч. Ён адзначыў цікавасць вучняў да ведаў, імкненне да самастойнасці і доказнасці ў ацэнках твораў і вусных выказваннях. Члены журы таксама адзначылі добрую тэарэтычную падрыхтоўку вучняў пры выкананні ўсіх заданняў. Узросшую канкурэнцыю паміж удзельнікамі алімпіяды пацвердзілі атрыманыя імі балы, а таксама скарачэнне разрыву паміж першымі і апошнімі месцамі па відах работ і ў агульным заліку. Так, у ацэнцы водгуку гэты разрыў склаў 10 - 12 балаў, комплекснай работы 12 - 15 ба-лаў, вуснага выказвання 6 - 7 балаў, у агульным заліку 20 - 29 балаў у залежнасці ад класа. У выкананні асобных відаў заданняў выдатныя вынікі паказалі: у складанні водгуку Хілінская Ангеліна (9 клас, Ашмянскі р-н), Ярмантовіч Анжаліка (10 клас, г. Ліда), Даўгаполік Дзмітрый (11 клас, Ленінскі р-н г. Гародні); у выкананні комплекснай работы - Эльяшэвіч Максім (9 клас, Зэльвенскі р-н), Курыловіч Лізавета (10 клас, Мастоўскі р-н), Паўлоўская Аліна (11 клас, Кастрычніцкі р-н г. Гародні); у вусным выказванні - Эльяшэвіч Максім (Зэльвенскі р-н) і Семянчук Валерыя (Кастрычніцкі р-н) з 9 класа, Дзерачэнік Кацярына (10 клас, Гарадзенскі р-н), Даўгаполік Дзмітрый (11 клас, Ленінскі р-н).

Абсалютны вынік на алімпіядзе паказаў шматразовы яе пераможца Даўгаполік Дзмітрый, вучань 11 класа СШ № 32 г. Гародні, які сёлета заканчвае школу. Ён і Нарута Алёна з гімназіі № 1 г. Слоніма ўзнагароджаны дыпломамі першай ступені. У 10 класе дыпломамі першай ступені адзначаны Семяняка Ганна, вучаніца гімназіі № 1 г. п. Зэльва, і Баршчова Марына, вучаніца гімназіі № 1 г.п. Карэлічы; у 9 класе дыпломы першай ступені атрымалі Хілінская Ангеліна з Навасёлкаўскага ВПК яслі-сад-школа Ашмянскага р-на і Эльяшэвіч Максім, вучань СШ № 3 г.п. Зэльва.

Усяго ўзнагароджаны дыпломамі 32 вучні і граматамі 7 чалавек, у т. л. дыпломам першай ступені 6 вучняў, другой ступені - 10, трэцяй ступені - 16 чалавек. Прыемнай асаблівасцю сёлетняй алімпіяды з'яўляецца паспяховае выступленне школьнікаў аддаленых раёнаў у той час, як у мінулыя гады ў прызёры выбіваліся вучні гарадоў Гародні і Ліды. Так, сярод шасці пераможцаў 5 вучняў прадстаўляюць раёны і толькі адзін - Гародню; сярод дзесяці прызёраў-дыпламантаў ІІ-й ступені 5 з раёнаў, а з 16 дыпламантаў ІІІ-й ступені ўжо 11 вучняў з раёнаў. З пахвалой хочацца адзначыць паспяховае выступленне вучняў Зэльвенскага, Карэліцкага, Слонімскага, Ваўкавыскага, Ленінскага раёнаў, Навасёлкаўскай школы Ашмянскага р-на, Рэплеўскай СШ Ваўкавыскага р-на, Пагародзенскай СШ Воранаўскага р-на, якія паказалі выдатныя вынікі.

Поспех вучняў на алімпіядзе - гэта не толькі вынік іх асабістых намаганняў, але і плён сістэматычнай, прадуманай работы іх настаўнікаў, энтузіястаў, майстроў педагагічнай працы. Заслугоўвае высокай ацэнкі работа з вучнямі Бушэйкі Зоі Аляксандраўны (СШ № 32 г. Гародні), Шундрык Жанны Юр'еўны (гімназія № 1 г. Слонім), Семянякі Святланы Віктараўны (гімназія № 1 г.п. Зэльва), Карп Таццяны Іванаўны (гімназія № 1 г.п. Карэлічы), Макарэвіч Наталлі Славаміраўны (Навасёлкаўская СШ Ашмянскага р-на), Эльяшэвіч Наталлі Мікалаеўны (СШ №3 г.п. Зэльва), Жук Тамары Анатольеўны (Рэплеўская СШ), Махамет Галіны Уладзіміраўны (гімназія № 1 г. Масты), Велькашынскай Галіны Антонаўны (гімназія № 1 г. Ліда) і інш. Сваю любоў да беларускай мовы і літаратуры яны змаглі перадаць і сваім выхаванцам, дапамаглі ўзняцца на пераможныя ступенькі.

Алімпіяда завершана, пераможцы і прызёры ўзнагароджаны адпаведнымі дыпломамі, а прадстаўнікі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны ўручылі ім памятныя падарункі.

Удзельнікі алімпіяды набылі досвед здачы іспытаў і задаюцца пытаннем, ці не давядзецца мяняць арыентацыю ў далейшай вучобе і выбары прафесіі пры адсутнасці беларускамоўных вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў у краіне.

І. Федаровіч, сябар ТБМ.


"Буся" для маленькіх беларусаў

Рэдакцыя часопіса "Вясёлка" падрыхтавала пілотны нумар "Бусі" для самых маленькіх сваіх чытачоў. Рэдакцыя чакае заўваг, прапаноў і пажаданняў на адрас: Vyaselka2001 yandex.ru.


Беларусь піша 6-ю Агульнанацыянальную дыктоўку

Дыктоўка ў Камаях

24 лютага у аграгарадку Камаі Пастаўскага раёна у касцёле св. Яна Хрысціцеля адбылося святочнае набажэнства якое вёў нядаўна рукапаложаны ў святары ксёндз Даніла Сваяк - духоўны пераемнік слыннага ксяндза, грамадскага дзеяча паэта Казіміра Сваяка (кс. Канстанціна Стаповіча), 123-я угодкі народзін якога адзначала краязнаўчая супольнасць.

Пасля святой імшы пачалася літаратурна-мастацкая імпрэза. Вядоўца імпрэзы, краязнавец з Астравеччны Іяланта Францаўна Валуевіч падзякавала кс. Яцаку і кс. Данілу за пранікнёнае казанне. Затым ім былі ўручаны падарункі ў знак удзячнасці за руплівасць дзеля жыцця памяці земляка астраўчан, які сваё святарства распачаў у Камайскім касцёле. Свае вершы чыталі госці з Астраўца: паэт Станіслаў Курыла і Святлана Міралькова. Сваю песню праспявала Людміла Іванаўна Кухарэвіч. Грунтоўную цікавую прамову мела выкладчыца Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П. Машэрава - Кацярына Лаўрыненка.

Некалькі твораў выканаў фальклорны гурт "Балцкі субстрат" з Менска.

Імпрэза знайшла свой працяг у плябаніі пры касцёле, дзе гасцей чакаў святочны абед, прымеркаваны да дня народзін Казіміра Сваяка (19 лютага) і Міжнароднага дня роднай мовы. Паспешлівасць прыхаджан гасцінна-смачна сустрэць гасцей не збянтэжыла апошніх. Тут жа, сярод стравы надзённай "пакаштавалі" стравы духоўна-патрыятычнай - напісалі дыктоўку. Тэкстам быў урывак з твора Казіміра Сваяка "Гутарка аб нашай "простай" мове". Дыктавала філолаг Людміла Іванаўна Кухарэвіч. У дыктоўцы прынялі ўдзел 18 чалавек. Затым быў распаўсюджаны праект адозвы да грамадзян Астравеччыны аб арганізацыі і адкрыцці ў горадзе Астравец этнашколы імя Казіміра Сваяка. Краязнаўчы клуб астравеччыны "Вільняр" палічыў сваім абавязкам прадоўжыць у 21 стагоддзі святую справу беларускага асветніцтва выбітнага земляка, які за свой кароткі век у межах сваёй парафіі арганізаваў сем беларускіх школак і настаўніцкія курсы, а ў касцёле прапаведваў слова Божае на роднай мове, за што ўганараваны народным званнем "ЗДАБЫЎЦА СЭРЦАЎ БЕЛАРУСАЎ". На ідэю этнашколы ў Астраўцы натхніла з'яўленне летась беларускамоўнага класа ў гімназіі №1 райцэнтра, дзе навучаецца 16 дзетак. У часе святочнага абеда таксама прыгадаліся падзеі паўстання 1863 Кастуся Каліноўскага, якія не абмінулі і Пастаўшчыну. Зноў гучалі беларускія песні, вершы, вялася жывая плённая гутарка па пытаннях краязнаўчай справы.

Паўліна Святланіч, Астравецкі раён.

У Магілёве пісалі беларускую дыктоўку

У Магілёве пісалі дыктоўку больш чым праз тыдзень пасля Міжнароднага дня роднай мовы. Раней гарадскому аддзяленню "Таварыства беларускай мовы" не давалі памяшкання для правядзення акцыі. Тэкстам для дыктоўкі абралі ўрывак з аднаго з твораў Максіма Гарэцкага. Рэгіянальная прыналежнасць тэмы - прынцыповая асаблівасць для магілёўскай дыктоўкі, паведаміў старшыня магілёўскага аддзялення ТБМ Алег Дзьячкоў:

- Ён наш зямляк, мы неаднаразова былі ў Малой Багацькаўцы, гэта пад Мсціславам. Таксама мы знаёмыя з акадэмікам Радзімам Гарэцкім - гэта плямяннік Максіма Гарэцкага. І мы абралі адрывак з твора "Ціхая плынь" нашага класіка. Летась, напрыклад, мы бралі верш Максіма Багдановіча "Летапісец", які прысвечаны летапісанню ў Магілёве. А сёлета ў нас таксама быў выбар - альбо Максім Гарэцкі, альбо паэма "Магіла Льва". Сёлета спаўняецца 100-годдзе напісання Янкам Купалам гэтай паэмы. Яна прысвечана гісторыі Магілёва.

Вынікі дыктоўкі будуць падведзены ў бліжэйшыя дні. Сярод прэтэндэнтаў на званне "лепшага знаўцы беларускай мовы 2013 года" амаль 70 удзельнікаў беларускай дыктоўкі.

Вадзім Батура , Беларускае Радыё Рацыя.


Беларусь адзначыла Міжнародны дзень роднай мовы

Таццяна Беланогая і Віка Трэнас прывезлі ў Полацк і Наваполацк родную мову

21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, паэтка Вікторыя Трэнас і бард Таццяна Беланогая завіталі з двума творчымі выступамі ў Полацк і Наваполацк у межах кампаніі "Будзьма беларусамі!".

У першай палове дня творцы выступілі перад 8, 9, 10 і 11 класамі гімназіі №2 г. Полацка. Вікторыя прачытала вершы са сваіх паэтычных зборнікаў і пазнаёміла публіку з часопісам "Дзеяслоў".

Таццяна праспявала як уласныя кампазіцыі, так і песні на вершы сваіх любімых паэтаў - Яўгеніі Янішчыц, Максіма Багдановіча. Былі абвешчаны два конкурсы - конкурс на лепшае пытанне і конкурс, дзе трэба было прыдумаць як мага болей прыметнікаў для характарыстыкі роднай мовы.

Спачатку ўдзельнікі называлі па 6 прыметнікаў, потым па дзесяць, але выйграла дзяўчынка, якая назвала 22 прыметнікі. Удзельнікі і пераможцы атрымалі падарункі ад кампаніі "Будзьма беларусамі!".

Другі выступ адбываўся ў сценах Наваполацкага каледжа. На выступе прысутнічала каля 40 вучняў 10 і 11 класаў. Сонечнае надвор'е спрыяла добраму настрою гасцей і ўдзельнікаў імпрэзы.

Вікторыя і Таццяна павіншавалі ўсіх са святам і абвесцілі конкурс сярод вучняў на лепшае прачытанне верша. І ліцэісты паказалі вельмі высокі ўзровень акторскага майстэрства! Пераможца Раман атрымаў майку з выявай Вітаўта ад кампаніі "Будзьма беларусамі!".

Вікторыя і Таццяна вельмі ўдзячныя настаўніцам беларускай мовы, якія арганізавалі выступы ў Полацку і Наваполацку - спадарыням Тамары Ананеўне і Святлане Віктараўне.

budzma.org.


У Чаркасах адзначылі "Свята беларускай мовы"

1 сакавіка ў Доме культуры а/г Чаркасы Дзяржынскага раёна, адбылося "Свята беларускай мовы", якое наведалі каля 120 чалавек. Аўтар ідэі і галоўны рэжысёр свята, дырэктар Чаркаскага Дома культуры Кірыл Шык. На пярэдадні свята, у межах Дня роднай мовы 21 лютага ў вёсцы адбыўся шэраг мерапрыемстваў і конкурсаў: культурна-асветніцкая патрыятычная праграма "Шоў Беларушчыны", конкурс на лепшае выкананне верша і песні на беларускай мове, конкурс малюнкаў "Мой родны кут", напісанне агульнанацыянальнай дыктоўкі прысвечанай 120-годдзю Максіма Гарэцкага, а таксама супольна з кінавідэапракатам паказ мультыплікацыйных фільмаў для дзяцей і дарослых "Неверагодны містэр Фокс" і "Тарзан" па-беларуску.

Непасрэдна на "Свяце беларускай мовы" 1 сакавіка працавала выстава беларускіх кніг, падрыхтаваная Чаркаскай бібліятэкай, выстава дзіцячых малюнкаў "Мой родны кут", экспазіцыя драўляных цэркваў Чаркаскага майстра Фёдара Асокіна.

На свяце адбылося ўзнагароджванне людзей, якія зрабілі значны ўклад у папулярызацыю беларускай мовы і культуры ў Дзяржынскім раёне, а таксама за яго межамі: кіраўніка фальклорнага гурта "Беларусы - Мы" Чаркаскага ДК, фалькларысткі Яніны Ермаловіч, загадчыка Баравікоўскага Дома культуры, кіраўніка народнага ансамбля народнай песні "Баравічанка" Марыны Рагозы, спецыяліста па фальклору Путчынкага цэнтра культуры і вольнага часу, аспіранткі Акадэміі навук Беларусі Ліды Бохан, аўтара шматлікіх песень, салісткі ансамбля "Сяброўкі" Чаркаскага ДК Надзеі Камаровай. Не забыліся ўзнагародзіць і пераможцаў конкурса на лепшае выкананне песні на роднай мове Наталлю Лічко, лепшых выканаўцаў вершаў на роднай мове Есьман Насцю і Ксюшу, Калеснік Віку і Качанаву Віку, пераможцу конкурса малюнкаў "Мой родны кут" Варэнік Віку.

"Свята беларускай мовы" парадавала прысутных выступленнем барда Таццяны Беланогай, паэта-кампазітара Міхася Слізкага, фіналістаў тэлевізійнага праекта АНТ "Песні маёй краіны" народнага ансамбля народнай песні "Баравічанка", ансамбля народнай песні "Сяброўкі", дзіцячага гурта "Вясёлыя ноткі" і іншых артыстаў і калектываў. Апроч таго, у якасці ганаровых госцей былі запрошаны старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Анатольевіч Трусаў і дырэктар Дзяржынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Лідзія Іосіфаўна Драчынская. Асобным сюрпрызам свята стала моўная віктарына, у якой мог паўдзельнічаць кожны. Свята закончылася салютам з канфеці і шарыкаў, а таксама падарыла шмат станоўчых эмоцый усім яго ўдзельнікам.

Арганізатары выказваюць шчырую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы свята:

- аддзелу культуры Дзяржынскага рйвыканкама, ДУ "Дзяржынскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці", ДУ "Дзяржынскі гарадскі Дом культуры", Дварышчанскаму раённаму культурна-спартыўнаму цэнтру, за дапамогу ў афармленні сцэны і тэхнічнае забеспячэнне мерапрыемства;

- МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", за прадастаўленыя падарункі;

- рэжысёрска-пастановачнай групе: Марыне Сікорскай, Уладзіміру Купрыку, Лілеі Навіцкай, Аляксею Балясаву, вядоўцам Вікторыі Бакуновіч і Івану Давыдзенку;

- а таксама ўсім тым, хто ўдзельнічаў у свяце.

Наш кар.


Памёр Валянцін Грыцкевіч

Памёр сябар Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", шматгадовы нязменны кіраўнік Пецярбуржскай суполкі ТБМ Валянцін Грыцкевіч.

Гэта здарылася 5 сакавіка. У канцы сакавіка Валянціну Грыцкевічу мусіла споўніцца 80 гадоў…

Валянцін Грыцкевіч быў адным з арганізатараў і нязменным старшынём Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Пецярбургу, і, бясспрэчна, паспрыяў таму, каб у горадзе на Няве быў актыўны беларускі асяродак. Прычым асяродак гэты не быў ізаляваным, а стала падтрымліваў кантакты з беларускімі суполкамі ва ўсім свеце. У 2009 годзе на святкаванне 20-гадовага юбілею Таварыства сабралася больш за 200 чалавек.

Варта адзначыць, што сам Валянцін Пятровіч, а так-сама сябры БГКТ бралі актыўны ўдзел у стварэнні Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", і прадстаўнікі Таварыства ўдзельнічалі ва ўсіх З'ездах беларусаў свету і З'ездах беларускіх культурных таварыстваў Балтыі.

Сумесна з Таварыствамі беларускай культуры ў Маскве і ў Іркуцку БГКТ было ініцыятарам стварэння Міжрэгіянальнага аб'яднання беларусаў Расіі (1999).

Акрамя гэтага, Валянцін Грыцкевіч быў сябрам Вялікай Рады Згуртавання "Бацькаўшчына", сябрам Саюзу беларускіх пісьменнікаў і Таварыства беларускай мовы, Міжнароднага ПЭН-цэнтра, ганаровым сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, сябрам Расійскага геаграфічнага таварыства, Пецярбуржскага таварыства гісторыкаў медыцыны, замежным сябрам Беларускага таварыства гісторыкаў медыцыны.

Валянцін Грыцкевіч нарадзіўся 30 сакавіка 1933 года ў Менску, бацька быў настаўнікам, а маці - медыкам. Ён атрымаў выдатную адукацыю: скончыў Інстытут замежных моваў на аддзяленні ангельскай мовы (1955), Медыцынскі інстытут на лячэбным аддзяленні (1956), а таксама гістарычны факультэт БДУ (1957). Гісторыя і медыцына зрабіліся адным цэлым у яго далейшых даследаваннях. Так, ён напісаў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную гісторыі беларускай медыцыны, якую абараніў у 1963 годзе. Яго аўтарству належаць некалькі сотняў навуковых публікацый па гісторыі медыцыны і музейнай справы. Аб'ектам яго даследаванняў былі таксама біяграфіі беларускай інтэлігенцыі ў замежжы.

Адпрацаваўшы лекарам ва Узлянах на Меншчыне, у Менску і ў Ленінградзе, Валянцін Грыцкевіч у 1971 годзе атрымаў пасаду старшага навуковага супрацоўніка Ваенна-медыцынскага музея Мінабароны СССР. Паралельна з працай там ён выкладаў гісторыю ў Ленінградскім універсітэце культуры (з 1980 года), а ў 1988 годзе стаў дацэнтам кафедры музеязнаўства гэтага ж інстытута.

Ён аўтар кніг "З факелам Гіпакрата", "Адысея наваградскай лекаркі: Саламея Русецкая", "Падарожжы нашых землякоў", "Дзесяць шляхоў з Вільні", "Нашы славутыя землякі", "Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна", "Эдуард Пякарскі", "Успаміны і дзённікі ў фондах ваенна-медыцынскага музея: Анатаваны каталог", "Ваенныя медыкі - кавалеры ордэна Славы трох ступеняў"; "Шляхі вялі праз Беларусь".

Прыносім шчырыя спачуванні ўсім родным і блізкім Валянціна Грыцкевіча, яго сябрам і калегам. Ад нас сышоў сапраўды выбітны і варты пашаны чалавек. Хай жыве памяць пра яго, хай жыве яго справа. Рай светлы яго душы!

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына", Сакратарыят ТБМ.


Аўцюкоўскі каляндар

Пісьменнік Уладзімір Ліпскі і мастак Алег Карповіч выдалі першы ў Беларусі перакідны гумарыстычны каляндар на 2013 год пры фінансавай дапамозе кампаніі "БелГазаўтасервіс". На кожны каляндарны дзень аўтары падрыхтавалі разнастайныя жарты і малюнкі.

Наш кар.


Мастацкая выстава і кніга да 150-годдзя паўстання Каліноўскага

27 лютага 2013 у сядзібе Таварыства беларускай мовы (Румянцава, 13) адбылася ўрачыстая вечарына: адкрыццё выставы твораў жывапісу мастакоў суполкі "Пагоня" Беларускага саюза мастакоў Алеся Цыркунова, Генадзя Драздова ды Міхася Карпука. Выстава прысвечана 150-годдзю паўстання і 175-гадоваму юбілею правадыра гэтага паўстання ў Беларусі і Жамойці Кастуся Каліноўскага.

Распавёў аб падзеях таго гераічнага часу вядомы беларускі архівіст, даследнік XIX стагоддзя Язэп Янушкевіч, які выдаў анталогію беларускіх паэтаў, прысвечаны Кастусю Каліноўскаму і падзеям паўстання 1863 года. Укладальнік упершыню змясціў у кніжцы "Лісты з-пад шыбеніцы" - творчую спадчыну Каліноўскага перакладзеную на ангельскую, польскую ды ўкраінскую мовы:

- У кнізе змешчаны "Лісты з-пад шыбеніцы" не толькі па-беларуску, але на польскай мове і ўкраінскай, а таксама на ангельскай мове. Пераклад быў зроблены ў 80-я гады Янкам Запруднікам і Томасам Бэрдам. Лічу, што гэта вельмі ўдзячны кірунак, таму што далёка не ўсе нашыя суседзі ведаюць, за што беларусам і ўвогуле еўрапейцам варта цаніць постаць Кастуся Каліноўскага.

Кніжка мае ілюстрацыі, сярод якіх фота тастаманту Кастуся Каліноўскага, які быў напісаны ў сакавіку 1864 года з Лукішскай турмы.

У прадмове да кігі сказана: "У кожнага народа ёсць імёны - сінонімы словам "ВОЛЯ", "БРАТЭРСТВА". У балгараў - гэта Хрыста Боцеў, у венграў-мадзяраў - паэт Шандар Пецёфі, у італьянцаў - Джузэпе Гарыбальдзі, у палякаў - Шыман Канарскі, у расейцаў - Герцан, Дабралюбаў...

У беларусаў такім нацыянальным героем змагаром за волю роднага народа стаў Кастусь Каліноўскі - правадыр паўстання 1863 года на Беларусі - Літве...

...Як у XV стагоддзі, падчас Дубровенскай бітвы (пад Грунвальдам, 15 ліпеня 1410 года), калі крыжакі змялі польскіх рыцараў і нават прарваліся да сцяганосца ды скінулі вялікі каралеўскі штандар Ягайлы, літоўскія палкі на чале з Вітаўтам уратавалі ад хуткага і немінучага разгрому саюзныя войскі, гэтак у 1863 годзе, праз лічаныя месяцы пасля распачатага паўстання, калі польскія атрады генерала Лянгевіча былі разбітыя расейскімі палкамі, на нейкі момант усе надзеі сталі ўскладацца на нацыянальна-вызвольны рух у Беларусі і Літве, дзе ў шэрагі касіянераў пайшлі сяляне, местачкоўцы..."

Выданне ажыццёўлена ўласнымі сродкамі ўкладальніка.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на другі квартал 2013 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 66. Цана не змянілася . У 2013 годзе мы спадзяёмся выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды. Мы падаём факты. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Паўстанне 1863 г. на Лідчыне

За нашу і вашу свабоду*

Лідскі павет быў гатовы да паўстання, яго рыхтаваў павятовы рэвалюцыйны камітэту складзе:

- Канстанцін Геншаль з Валдацішак - старшыня камітэта, так званы "цывільны начальнік";

- Вітольд Гажыч з Сегенеўшчыны - прадстаўнік Цэнтральнага Камітэта ў Варшаве, з траўня павятовы камісар;

- Тамаш Шукевіч (павятовы суддзя) - павятовы камісар;

- Ксаверы Аляксандровіч з Нявішы;

- Кароль Тышкевіч з Жырмунаў;

- Адольф Краінскі з Палашак;

- Эдвард Бердаўскі з Бердаўкі;

- Юзаф Сумарок з Вярсокі;

- Уладзімір Паплаўскі з Ваўчынак;

- Эдвард Лазоўскі з Гірак;

- Стэфан Вільбік з Ліп-кунцаў;

- Ансельм Патрыкоўскі з Ліды.


Усю перапіску і допісы павятовага камітэта захоўваў войт Тарноўскай воласці Севярын Якубоўскі . Лідскі камітэт непасрэдна падпарадкоўваўся Віленскаму Рэвалюцыйнаму Камітэту, які ўзначальваў Мікалай Гедройць (ваявода), а пасля яго арышту - Францішак Канаплянскі. Віленскі ваявода падпарадкоўваўся Рэвалюцыйнаму Камітэту Літвы і яго старшыні - Зыгмунту Даленгу-Серакоўскаму.


Канстанцін Геншаль , сын Людвіка і Стэфаніі з Пуцілоўскіх, пасля заканчэння курса гімназіі ў Вільні, вывучаў спачатку медыцыну, а потым матэматыку ў Пецярбуржскім універсітэце. Ва ўзросце трохі болей за 20 гадоў стаў старшынём павятовага паўстанцкага камітэта. Пасля паразы атрада паўстанцаў Нарбута, перабраўся спачатку ў Вільню, а потым эміграваў у Парыж, дзе скончыў адукацыю і атрымаў дыплом доктара медыцыны. У 1870 г. браў удзел у французска-прускай вайне. На Лідчыну, у Валдацішкі, у 1920-х гадах вярнуліся яго сыны.

Гажыч Вітольд , сын Ежы, маршалка Берасцейскага павету і Канстанцыі з Якубоўскіх, вучыўся ў Пецярбурзе, а пасля паўстання ў парыжскай Сарбоне. У 24 гады стаў павятовым камісарам на Лідчыне. Быў арыштаваны і сасланы ўглыб Расіі, дзе і памёр ад тыфу.


Лідскі камітэт вербаваў прыхільнікаў, збіраў грошы, зброю, адзенне, правіянт і іншае, неабходнае для вядзення баявых дзеянняў. Камітэт працаваў вельмі энергічна, і была сабраная дастатковая колькасць грошай, але ўзнікалі праблемы з закупам узбраення і рыштунку, і тым не менш зброя таемна паступала з Прусіі.

Напачатку лютага 1863 г., практычна ва ўсіх парафіях ксяндзы з амбонаў урачыста прачыталі маніфест Нацыянальнага Камітэта пра паўстанне, у цэлым, маніфест быў прыняты з запалам.

Мірон Браніслаў Нарбут у нявыдадзенай частцы сваіх мемуараў пісаў: "У Забалацкім касцёле ксёндз-пробашч Зарэцкі пасля патрыятычнага казання прачытаў вернікам маніфест. Пасля гэтага зазванілі касцельныя званы і народ заспяваў "Цябе, Божа, хвалім". Мне распавядалі, што на наступны дзень на пляцы перад касцёлам сабралася больш за 300 сялян, якія там чакалі тры дні, каб атрымаць зброю, якой аднак не было". Нарэшце, некалькі дзясяткаў чалавек самастойна рушылі ў бок Марцінканцаў і 16 лютага пад Нашкунцамі напалі на варту партыі рэкрутаў, якіх сілком адпраўлялі ўглыб Расіі. Канвой быў раззброены, а рэкруты адпушчаны па хатах. Пра вызваленне рэкрутаў дакладваў старшыня Эйшышскага рэкруцкага ўчастка Лідскаму земскаму спраўніку.

Для пакарання, з Вільні, быў высланы моцны атрад. Назімаў загадаў начальніку Віленскай жандарскай каманды штабс-капітану Сямёнаву: "З-за ўзніклых беспарадкаў у некаторых мясцовасцях Лідскага павету, прадпісваю ... неадкладна адправіцца, з нададзенай у Ваша распараджэнне ваеннай камандай, па чыгунцы да Алькенік, адкуль, праз Калеснікі і Салтанішкі ў вёску Забалаць і мястэчка Васілішкі, маеце арыштаваць там плябанаў Забалацкага і Васілішскага касцёлаў і даставіць іх у Вільню роўна як абшарнікаў Гедрайця, які пражывае ў Казіміраўцы, Шалевіча - у Сабакінцах, іншага Шалевіча - у Хадзілонях і Жураўскага - у Вензаўшчыне, эканома з маёнтка Гедройця - Шчуку і пражываючага ў яго шынкара Міхала Балевіча і маляра Фрыдрыха ... зрабіць у іх самы строгі ператрус, а гэтак жа зняць сведчанні з яўрэяў-сталяроў, якія знаходзяцца ў маёнтку Казіміраўка, ім вядомы падрабязнасці пра начальнікаў хеўры зламыснікаў, пра месца іх збору ... . Маеце дзейнічаць па акалічнасцях, затрымоўваючы ўсіх узброеных і падазроных асобаў ..." . Штабс-капітан Сямёнаў 21 лютага арыштаваў Казіміра Гедройця з Казіміраўкі, Герарда Жураўскага з Вензаўшчыны, Цыпрыяна Шалевіча з Сабакінцаў, эканома маёнтка Казіміраўка Стэфана Шчуку і Фрэдэрыка Петарсона з Хадзілоняў. Ксяндзоў з Забалаці і Васілішак а таксама Юзафа Шалевіча і шынкара Міхала Балевіча не арыштавалі, бо яны загадзя схаваліся.

Віленская следчая камісія не змагла даказаць віну арыштаваных, а паколькі Мураўёў-вешальнік яшчэ не змяніў губернатара Назімава, ўсе былі адпушчаны пад строгі нагляд паліцыі.

Падобным жа чынам сітуацыя развівалася і ў Новым Двары: для арышту "падбухторшчыкаў" сюды быў высланы камандзір 42 данскога казачага палка падпалкоўнік Епіфанаў. 17 лютага ён арыштаваў ксяндза-пробашча Райцэвіча, ксяндза-вікарыя Каржанеўскага, капітана рэзерву рускага войска Уладзіслава Ваяводскага, жыхароў Дубічан Стэфана і Канстанціна Янкоўскіх, Эдвард Бердаўскага, Францішка Бжазінскага з сынамі Эдвардам і Зыгмунтам, Валентыя Мікульскага з сынам Баляславам, Яна Жавеўскага з Глыбокага, селяніна Аляксандр Арцюшкевіча і каваля Іосіфа Максімовіча, усіх "за ўдзел у бунце". У выніку, ваенны суд прысудзіў ксяндза Каржанеўскага і Стэфана Янкоўскага да смяротнага пакарання (прысуд быў заменены на 12 гадоў катаргі), капітана Ваяводскага на 6 месяцаў арышту ў цвердзі Дынабург, Яна Жавеўскага да прымусовай службы на 3 гады ў войску, астатніх, за адсутнасцю доказаў, адпусцілі пад паліцэйскі нагляд.

У сваю чаргу, інфармацыйны бюлетэнь паўстанцаў №4 ад 6.03.1863 г. інфармаваў пра падзеі на Лідчыне: "У Лідскім павеце ў некалькіх каталіцкіх і ўсходняга абраду парафіях быў зачытаны маніфест і дэкрэты Цэнтральнага Камітэта і Часавага Нацыянальнага ўраду. У выніку чаго, сяляне самі сабраліся ў лесе каля Забалаці, пачалі самастойна ўзбройвацца і чакаць указанняў. Пасля трох дзён … 11 лютага, … высунуліся да Марцінканцаў, дзе 16 лютага адбілі рэкрутаў, якіх везлі па чыгунцы з Канграсоўкі. Далейшы лёс рэкрутаў пакуль не вядомы. Потым 12, 13, 14 і аж да 24 лютага прайшлі арышты мясцовых жыхароў … . Арышты рабіліся ўзброенымі казакамі, якія пры гэтым рабавалі вёскі і двары. Агіднасці салдатаў дайшлі да найвышэйшай кропкі. Да 40 арыштаваных адвезена ў віленскую цытадэль" .

Пра гэтыя падзеі на Лідчыне генерал-губернатар Назімаў пісаў біскупу Красінскаму, забараняючы ксяндзам зачытваць маніфесты рэвалюцыйнага камітэта: "Дайшлі да мяне звесткі, што ў Лідскім павеце, у мястэчку Васілішкі і ў вёсцы Забалаці а таксама ў іншых касцёлах гэтай жа мясцовасці, тамтэйшыя пробашчы і ... рыма-каталіцкае духавенства ... публічна зачытвае сялянам абуральны маніфест, у якім рэвалюцыйны камітэт аддае ў іх поўную уласнасць зямлю, якой яны карыстаюцца і вызваляе сялян ад выканання рэкруцкай і іншых дзяржаўных павіннасцяў.

У выніку гэтага, была адпраўленая ваенная каманда для спынення зламысных дзеянняў, я лічу абавязкам звярнуцца ... аказаць архіпастарскае Ваша садзеянне да ўстрымання духавенства ... ад дзеянняў нязгодных з пакліканнем духоўнага сану, для агароджы тым самым духавенства ад хуткай адказнасці за беспарадкі, якія ўзніклі ў выніку іх супрацьзаконных учынкаў".


На Лідчыне стала неспакойна "з'явіліся групы мяцежнікаў" і 21 лютага генерал-губернатар загадаў губернскаму паштмайстру адпраўляць пошту праз Менскі і Лідскі гасцінцы толькі раз на тыдзень пад аховай моцнага канвою . 22 лютага лідскі земскі спраўнік данёс Назімаву пра з'яўленне каля Начы "хеўры ўзброеных мяцежнікаў", невядома "адкуль яны прыбылі і куды ідуць ... аднак носяцца чуткі, быццам бы накіроўваюцца ў вялікія лясы, прылеглыя да Троцкага павету" , спраўнік паскардзіўся што падначаленыя яму тутэйшы прыстаў 5-га стану маўчыць і не робіць аніякіх захадаў супраць паўстанцаў. 6 сакавіка, губернскі сакратар, прыстаў 5-га стану Сухоцкі быў звольнены за спагаду да мяцяжу, загадана правесці расследаванне і перадаць яго справу ў ваенны суд.


Людвік Нарбут бываў на канспіратыўных сходах у Лідзе , весткі пра маніфестацыі ў Варшаве і Вільні ён пракаментаваў коратка: "Дарэмна траціцца запал". Баявы афіцэр чакаў. І вось пры канцы 1862 года брат Баляслаў прывёз яму ў Сербянішкі адозву Цэнтральнага нацыянальнага камітэту ў Варшаве з заклікам да паўстання. Прачытаўшы адозву, Людвік зняў са сцяны шаблю і пацалаваў. Хутка пасля гэтага ён паехаў у Вільню, дзе сустрэўся з сябрамі рэвалюцыйнага Камітэта Літвы, які рыхтаваў паўстанне ў Беларусі. Камітэт шукаў афіцэраў з досведам і таму не захацеў адразу раскрываць Нарбута, яго баявы досвед яшчэ спатрэбіцца. Людвік вярнуўся дамоў і пачаў чакаць загад і патаемна рыхтаваць і арганізоўваць людзей, праводзіць вучэнні пад выглядам паляванняў. 13 лютага 1863 г. да яго прыбыў ганец Віленскага камітэта з загадамі, адным з загадаў Людвік прызначаўся вайсковым начальнікам Лідскага павету. Атрымаў ён і загад пра пачатак паўстання. На кароткай сямейнай радзе бацька, стары Тодар Нарбут, сказаў, што "належыць даць сваіх дзяцей на алтар Айчыне, бо яна ў іх мае патрэбу".

Нядоўга доўжылася падрыхтоўка да ад'езду, ўсё ўжо было гатова. Перад ад'ездам сабралася ўся вялікая сям'я Нарбутаў. Людвік быў апрануты ў старую камізэльку, падбітую аўчынай, і ўзброены рэвальверам, на баку вісела старая каўказскае шабля. Сястра Тадора ўручыла яму харугву, вышытую ўласнымі рукамі, а ён перадаў ёй маніфест Камітэта для ксяндза з Начы, каб заўтра прачытаць вернікам. Людвік захоўваў поўны спакой і пасля дабраславення бацькамі і развітання з маладой жонкай і сваякамі, у суправаджэнні брата Баляслава і шасці блізкіх паплечнікаў - сяброў маладосці і сялян роднага маёнтка з'ехаў з хаты. Праз некалькі кіламетраў ад хаты, у Салапацінскім лесе, каля Эйшышскага гасцінца аддзел спыніўся, тут было месца збору паўстанцаў.

Назаўтра, 14 лютага, сястра Тадора прыехала да Нацкага пробашча ксяндза Гатоўта і перадала яму маніфест. Гатоўт у той жа дзень зачытаў маніфест паўстанцаў, а потым нейкую афіцыйную паперу, падпісаную губернатарам Назімавым. Гэта яго і ўратавала, бо ўся парафія потым пад прысягай пацвердзіла, што ён чытаў нейкі ўказ генерал-губернатара і больш нічога.

(Працяг у наст. нум.)

* Друкуецца ў скарочаным варыянце. Поўны тэкст будзе надрукаваны ў часопісе "Лідскі летапісец" № 2 (62) за 2013 год.

Леанід Лаўрэш


Дзяржаўны лад Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага

З самага пачатку свайго існавання Вялікае Княства Літоўскае з'яўлялася манархіяй. Уладаром дзяржавы быў вялікі князь (гаспадар). Галоўным яго абавязкам была абарона ўласнасці і тэрыторыі дзяржавы. Вялікі князь меў шырокія паўнамоцтвы: права весці міжнародныя справы, уступаць у саюзы, абвяшчаць вайну і заключаць мір, прызначаць на дзяржаўныя пасады, выдаваць заканадаўчыя акты і распараджацца дзяржаўнымі маёнткамі. Вялікі князь з'яўляўся суддзёй, галоўнакамандуючым узброеных сіл дзяржавы.

Вялікі князь выбіраўся з прадстаўнікоў роду Гедзімінавічаў (пазней Ягелонаў) напачатку вузкім колам найважнейшых асоб, а з канца XV ст. - на вальным (агульным) сойме з удзелам прадстаўнікоў усіх зямель.

Першым прававым і рэальным крокам да абмежавання ўлады вялікага князя стала вялікакняская рада (паны-рада), якая была дарадчым органам. У раду ўваходзілі набліжаныя да ўладара людзі, звычайна родзічы. Праўда, Вітаўт змяніў склад раднікаў і акружыў сябе новымі людзьмі-баярамі, супрацьпаставіўшы іх удзельным князям.

Поўнае юрыдычнае замацаванне ролі гаспадарскай рады як дзяржаўнага органа зафіксавалі прывілеі Аляксандра Казіміравіча ад 1492 г. і Жыгімонта I Старога ад 1506 г.. Напачатку XVI ст. у раду пастаянна ўваходзілі каталіцкія біскупы, ваяводы (ці старасты), кашталяны і прадстаўнікі цэнтральнай адміністрацыі - канцлер і падканцлер, падскарбій, гетман, маршалак земскі і дворны. З агульнага складу гэтага органа вылучалася пярэдняя рада - вузкае кола, якое праводзіла закрытыя паседжанні і абмяркоўвала найбольш важныя дзяржаўныя пытанні. У пярэднюю раду (праднейшая рада) уваходзіла пяць асобаў, якія сядзелі на першай лавіцы: біскуп, ваявода і кашталян віленскія, ваявода і кашталян троцкія. Неабходнасць прысутнасці іншых асоб вырашаў манарх.

На пачатку XVI ст. вызначыліся і паўнамоцтвы рады. Яна ведала міжнароднымі справамі, арганізацыяй абароны дзяржавы, выданнем законаў, разглядам важнейшых судовых спраў і фінансавых пытанняў. Радзе належала права выбару вялікага князя і прызначэння на вышэйшыя дзяржаўныя пасады.

К пачатку XVI ст. канчаткова аформіўся другі вышэўшы орган дзяржаўнага кіравання Вялікага Княства Літоўскага - сойм. Яго з'яўленне было абумоўлена неабходнасцю пашырэння сацыяльнай апоры вярхоўнай улады. За гады праўлення Казіміра шляхта ўмацавала свае пазіцыі і не жадала мірыцца з тым, што важныя пытанні жыцця дзяржавы вырашаліся без яе ўдзелу. У склад сойму ўваходзілі паны радныя, шматлікія службовыя асобы цэнтральнага і мясцовага дзяржаўнага апарату і шляхта ўсіх зямель ВКЛ. Аднак у часе вайны ад'езд шляхты на сойм мог абярнуцца цяжкімі наступствамі, таму ў 1512 г. была прынята норма прадстаўніцтва ўпаўнаважных паслоў - па два шляхціцы ад зямлі ці павета. Пры гэтым і асабістая прысутнасць іншых не забаранялася.

На соймах абмяркоўваліся і вырашаліся лёсавызначальныя для дзяржавы пытанні: аб заключэнні знешнепалітычных саюзаў, аб абвяшчэнні вайны, нормах вайсковай службы і вайсковых падатках, аб заканадаўстве і судовай дзейнасці, аб абранні вялікага князя.

Паседжанні сойму часцей за ўсё адбываліся ў Вільні. Але збіраліся ў Берасці, Наваградку, Гародні.

Прапановы сойма нельга было не ўлічваць: незадаволеная шляхта магла не зацвердзіць падаткі на вядзенне вайны. Таму вялікі князь амаль заўсёды прыслухоўваўся да прапановаў ці просьбаў сойму. У XVI ст.сойм стаў вышэйшым дзяржаўным і катрольным органам. Такім чынам, дзяржаўны лад Вялікага Княства Літоўскага можна вызначыць як саслоўную манархію, дзе ўлада манарха была абмежавана.

У ВКЛ кіраванне ў цэнтры і на месцы ажыццяўлялі службовыя асобы, якія кіравалі асобнымі галінамі цэнтральнай адміністрацыі ў княстве. Вышэйшымі асобамі ў дзяржаве былі маршалак земскі, канцлер, гетман, падскарбій.

Маршалак земскі старшынстваваў на паседжаннях сойму і рады, абвяшчаў пастановы гаспадара і рады на гэтых паседжаннях, кіраваў прыёмамі замежных паслоў. Дапускаў да гаспадара просьбітаў са скаргамі, судзіў за злачынствы, учыненыя на сойме і інш.

Важную ролю ў кіраўніцтве Вялікім Княствам Літоўскім адыгрываў канцлер. Да асноўных абавязкаў канцлера адносіліся: кіраванне канцылярыяй ВКЛ, падрыхтоўка законапраектаў, прывілеяў, грамат і іншых дакументаў, захаванне вялікай дзяржаўнай пячаткі, без якой ніводзін закон не мог уступіць у сілу, рэгуляванне прававых адносін у дзяржаве. Намеснікам канцлера быў падканцлер, які пры адсутнасці канцлера выконваў яго абавязкі. Канцлеру падпарадкоўваліся шматлікія пісары, дзякі, талмачы. У канцылярыі пісьмова на старабеларускай мове афармляліся ўсе пастановы і распараджэнні князя і рады, дакументы, якія выходзілі з канцылярыі і прыходзілі туды, запісваліся ў асобныя кнігі, якія называліся Літоўскай Метрыкай. Знешнепалітычная кампетэнцыя канцлера абмяжоўвалася накіраваннем пасольстваў, а таксама падрыхтоўкай міжнародных дагавораў.

Гетман найвышэйшы камандваў узброенымі сіламі дзяржавы, у час вайны галоўным камандуючым быў вялікі князь. Яго намеснікамі былі гетман дворны або польны. У войску знаходзіліся земскі харужы, які ўзначальваў прыватныя і павятовыя харугвы, што далучаліся да гетманскага войска. Існавала пасада і дворнага харужага, які захоўваў сцяг пры вялікім князі і камандаваў аддзелам дваран.

Падскарбій земскі фактычна быў міністрам фінансаў, ён вёў улік дзяржаўных прыбыткаў і выдаткаў, сачыў за спагнаннем натуральных і грашовых падаткаў. Яго намеснік - падскарбій дворны адказваў за фінансавыя сродкі, якія ішлі на патрэбы гаспадарскага двара.

Былі і менш значныя пасады: падчашы - загадваў пітвом, падстолі - загадваў накрываннем сталоў, кухмістр - загадваў кухнямі, лоўчы - арганізоўваў паляванне і ловы, мечнік - трымаў меч гаспадара ў час цэрымоніяў і інш.

На вышэйшыя пасады прызначаліся буйныя феадалы найбольш значных родаў, ураджэнцы ВКЛ, якія мелі пэўную адукацыю ці практычны досвед дзяржаўнай службы.

Мясцовае кіраванне ў ВКЛ залежала ад гістарычнага мінулага мясцовасці, адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу і ад уладальніка тэрыторыі. На працягу XIII-XIV ст. у ВКЛ дзяржаўная тэрыторыя падзялялася на княствы, землі і воласці. У XV ст. з'явілася новыя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі - ваяводствы і паветы.

На чале мясцовай улады ў ваяводстве стаяў ваявода, які вырашаў усе галоўныя пытанні кіравання сваёй тэрыторыяй: гаспадарчыя, фінансавыя, вайскавыя, судовыя. Прызначаўся ваявода вялікім князем і радай пажыццёва з ліку знатных феадалаў, ураджэнцаў ВКЛ. Пры прызначэнні ваяводы ў Полацкае і Віцебскае ваяводствы неабходна было заручыцца згодаю мясцовых феадалаў прыняць кандыдата на пасаду ваяводы. Асноўныя абавязкі ваяводы заключаліся ў падтрыманні правапарадку на тэрыторыі ваяводства, арганізацыі ўзброеных сіл ваяводства, выкананні правасуддзя, кіраўніцтва выкарыстаннем усіх крыніц дзяржаўных і вялікакняскіх даходаў. Ваявода ўваходзіў у склад рады і прысутнічаў на паседжаннях сойму.

Яго намеснікамі былі кашталян, які камандаваў вайсковымі сіламі ваяводства і быў кіраўніком вялікакняскіх замкаў, і падваявода, што вёў справы канцылярыі. Меліся ў ваяводстве пасады ключніка, які наглядаў за зборам падаткаў і выкананнем павіннасцей; гараднічага, што адказваў за рамонт і ўмацаванне замка (камендант замка); ляснічага і лоўчага, якія даглядалі лясныя ўгоддзі; стайніка, што загадваў ваяводскай стайняй і г.д.

Кіраўніком адміністрацыі ў павеце быў стараста, які прызначаўся, як і ваявода, гаспадаром і радай з ліку буйных феадалаў. Стараста абавязаны быў сачыць за парадкам на падведамнай тэрыторыі, наглядаць за дзяржаўнымі маёнткамі і за своечасовым паступленнем дзяржаўных даходаў, разглядаць крымінальныя і ваенныя справы, сачыць за выкананнем судовых рашэнняў. Намеснікам старасты быў падстараста. У павеце захоўваліся пасады ключніка, стайніка, гараднічага, харужага - павятовага сцяганосца, які збіраў усіх ваеннаабавязанных людзей у павеце ў выпадку ваеннай небяспекі.

Мясцовае кіраванне таксама мела свае прадстаўнічыя органы - соймікі, якія збіраліся ў ваяводствах і паветах і на якіх маглі прысутнічаць усе мясцовыя шляхціцы. На мясцовых сойміках выбіраліся кандыдаты на пасады, вызначаліся памеры падаткаў.

Кіруючым ніжэйшым звяном дзяржаўнай улады на месцах з'яўлялася вясковая адміністрацыя: цівуны, сотнікі, старцы, войты. Гэтыя адміністрацыйныя пасады займалі звычайна заможныя сяляне. Яны сачылі за парадкам у вёсках і выкананнем феадальных павіннасцей сялянамі.

У гарадах да канца XIV ст. захоўвалася веча, якое выконвала ролю судовай і адміністратыўнай улады і рашэнні якога былі абавязковымі для ўсяго насельніцтва. Асабліва актыўна дзейнічала веча ў Полацку.

З канца XIV ст. гарады Вялікага Княства Літоўскага пачалі атрымліваць магдэбургскае права - права на самакіраванне, па якому жыхары горада вызваляліся ад феадальных павіннасцей улады і суда дзяржаўнай адміністрацыі.

Кіраўніцтвам горада на аснове магдэбургскага права здзяйсняў гарадскі магістрат, які складаўся з рады і лавы. Члены рады (радцы, райцы) і гарадскога суда (лаўнікі) выбіраліся звычайна з заможных гарадскіх вярхоў. Лава, узначальваная войтам, судзіла мяшчан па крымінальных справах. Рада, узначальваная бурмістрамі, ажыццяўляла функцыі гарадской улады і суда па грамадзянскіх справах.

Грамату на магдэбургскае права давала вярхоўная ўлада Вялікага Княства Літоўскага ці ўладальнік горада. Для магістрата ў гарадах уводзіліся спецыяльныя будынкі - ратушы, дзе знаходзілася канцылярыя, скарб, архіў, граматы з правамі, якія даваліся гораду.

Адной з галоўных функцый дзяржаўнай улады была судовая. Заканадаўства і судовая практыка вызначалі становішча чалавека ў грамадстве. Вышэйшай судовай установай у Вялікім Княстве Літоўскім быў вялікакняскі суд. Яго функцыі з 1581 г. пачаў выконваць і Галоўны трыбунал ВКЛ. Тут разглядаліся справы аб дзяржаўных злачынствах, аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя, па скаргах на злоўжыванні ўладай вышэйшых службовых асоб. За трыбуналам захоўваліся натарыяльныя абавязкі. Судовыя працэсы праходзілі адкрыта, рашэнні прымаліся большасцю галасоў суддзяў.

Мясцовы суд падпарадкоўваўся ваяводзе. Юрысдыкцыі ваяводскага суда падлягалі дзяржаўныя сяляне, мяшчане тых гарадоў, што не мелі магдэбургскага права, шляхта, якая трымала маёнткі ў вялікакняскіх землях. Непадсуднымі ім былі мяшчане гарадоў з магдэбургскім правам, прыватнаўласніцкія і царкоўныя сяляне. Апошніх судзілі самі землеўладальнікі на вотчынным судзе "па звычаю старадаўняму", які быў дадзены ім вярхоўнай уладай.

У гарадах з магдэбургскім правам суды вяршыў войтаўска-лаўніцкі суд, які разглядаў як крымінальныя, так і грамадзянскія справы.

Паводле судовай рэформы 1565 г. у паветах ствараліся земскі, гродскі і падкаморскі суды. На пасяджэннях земскага суда разглядаліся справы князёў, шляхты, баяр, якія мелі ў павеце свае землі, за выключэннем спраў, якія разглядаліся вялікакняскім і гродскімі (замкавымі) судамі.

Гродскі (замкавы) суд быў у значнай ступені ўсесаслоўным. Тут разглядаліся справы па абвінавачванні і шляхты, і мяшчан, і сялян. Гэты суд вырашаў у асноўным крымінальныя справы.

Падкаморскія суды разглядалі зямельныя спрэчкі і іншыя справы, звязанныя з прэтэнзіямі па землеўладанні, якіх было даволі многа. Разгляд справы ў гэтым судзе адбываўся на месцы граніц землеўладанняў. Таму гэты суд зачастую называлі "межавым".

Дзейнасць судовых устаноў абапіралася на трывалую заканадаўчую базу, якая была прадстаўлена Статутамі Вялікага Княства Літоўскага 1529, 1566, 1588 гг. У Статутах былі сабраны нормы дзяржаўнага, зямельнага, грамадскага, сямейнага, крымінальнага і іншых галін права. Статуты - выдатныя юрыдычныя помнікі, якія лічацца класічным узорам заканадаўства той эпохі, а так-сама помнікі гісторыі чалавечай думкі. Яны неслі ў сябе ідэі і палажэнні, па якіх жыве чалавецтва і сёння.

У адпаведнасці са Статутамі асноўнымі прынцыпамі правасуддзя былі: прыярытэт законаў, публічнасць суда, права абвінавачванага на абарону, персанальная адказнасць за забойства, аддзяленне суда ад улады, адзінства законаў для ўсіх.

Трэці Статут ВКЛ складзены на старабеларускай мове, якую разумела большасць жыхароў краіны. Леў Сапега з гонарам пісаў: "Не чужой якой моваю, але сваёй уласнай правы пісаныя маем." Першы артыкул IV раздзела вызначаў дзяржаўны статус старабеларускай мовы. Гэты Статут як звод законаў дзейнічаў на беларускіх землях да 1840 г.

Такім чынам, у Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім склалася стройная сістэма дзяржаўнага кіравання і судовай улады.

Святлана Крыуліна.


Унікальная прэзентацыя

4 сакавіка 2013 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя ўнікальнага двухбаковага абраза (фератрона) ХVIII ст. з фондаў музея. Гэты помнік гісторыі, культуры і мастацтва паўстаў перад наведвальнікамі музея ўпершыню.

Фератрон - у каталіцкіх і ўніяцкіх храмах храмах вынасны абраз альбо скульптура, якія выкарыстоўваліся падчас працэсій. Акрамя сваёй "працэсійнай" функцыі ў храме фератрон выконваў ролю бакавога алтара. Гэта, а таксама багатая разьбяная аздоба адрозніваюць яго ад вынасных абразоў праваслаўных цэркваў. Звычайна адна з выяваў фератрона прадстаўляла Маці Божую, а другая адпавядала вобразу святога або біблейскага сюжэту, у гонар якога быў асвечаны храм.

У фонды Нацыянальнага гістарычнага музея фератрон патрапіў у 1971 годзе ў выніку экспедыцыі. Аднак з-за дрэннага стану ніколі не экспанаваўся. У 2012 г. дзякуючы калектыву рэстаўратараў ААТ "Белрэстаўрацыя" на чале з У.С. Нікіціным атрымаў другое жыццё.

Мерапрыемства наведала творчая інтэлегенцыя г. Менска.

Аляксей Шалахоўскі.


З БАЕК СТАРОГА ДЗЕДА


Выбары

Чорт прыйшоў да Немаўляці:

- Выбірай сабе ты маці:

Або простую Сялянку,

Ці багатую Шляхцянку.


Немаўлятка не чакала

Тут падвоху анімала:

Прашаптала у адказ:

- Выбіраю двух за раз!


Вочы добрыя і рукі

У Сялянкі... Маці - мара!

Ды затое колькі мукі

На яе гаротным твары...


А Шляхцянка - нібы зорка,

На ёй срэбра многа дужа,

У яе як спеў, гаворка,

Хоць на сэрцы лёд і сцюжа.


Будзе дрэнна у Сялянкі -

Перайду я да Шляхцянкі.

Тая чымсьці не прывабіць -

Буду час ў Сялянкі бавіць.


Чорт падскочыў аж да хмараў:

- Хоць дзіця, а розум мой!

Толькі Бог з дакорам глянуў

І сказаў яму з жальбой:


- Быць, сынок, табе сіроткам:

Розум дужа ўжо кароткі.

* * *

Беларусы, мне казалі,

Гэтак мову выбіралі.

Міхаіл Баравуля.

1998 г.


Такія сустрэчы патрэбныя для душы

Паэтка Данута Бічэль правяла творчую сустрэчу ў Лідзе. Імпрэза праходзіла ў літаратурным філіяле Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Займаўся арганізацыяй і вёў сустрэчу супрацоўнік музея Алесь Хітрун.

Хаця паэтка сама родам з вёскі Біскупцы, што на Лідчыне, але апошнімі часамі на сваёй малой радзіме бывае не так часта і, як яна сама адзначыла, менавіта такія сустрэчы натхняюць яе на далейшую літаратурную дзейнасць:

- Таму што, гэта мае сябры. Я думаю, калі пішу пра іх, увогуле, мне гэтая сустрэча была патрэбная для душы, для сэрца, для ўспамінаў, для майго будучага прабыванне дома ў сваёй адзіноце.

А тут сапраўды сабраліся сябры. І хоць з вучняў дзвюх школ раней ніхто Дануту Янаўну не бачыў, ды і ніхто не змог назваць ні адзін верш паэткі, які б праходзілі ў школе, а там, бадай што ў рускамоўных школах, і не праходзяць нічога, усе разумелі, на сустрэчу з кім яны прыйшлі, і трэба спадзявацца, што пасля сустрэчы хто-ніхто ды прачытае або і вывучыць напамяць хоць верш, хоць чатырохрадкоўе.

Другая палова прысутных - лідскія літаратары - хто вочна, хто завочна выдатна ведалі і ведаюць Дануту Янаўну. Паэт Пятро Макарэвіч мае ці не ўсе кніжкі знакамітай зямлячкі.

У часе сустрэчы Данута Бічэль прэзентавала прысутным сваю апошнюю кнігу "Мост святога Францішка", дзе яна напісала свае ўспаміны, у тым ліку і пра перыяд жыцця на Лідчыне. А таксама Данута Бічэль прэзентавала толькі што выдадзеную кніжку Язэпа Янушкевіча "Тварам да шыбеніцы", у якой змешчана і ейная ладная падборка. А вось вершы спадарыня Данута чытала ў асноўным з кнігі "Іду сцяжынаю да Бога".

Пасля імпрэзы Данута Янаўна пабыла на лідскіх могілках, дзе пакланілася магілам блізкіх ёй людзей, пабыла ў Крупаўскім касцёле. На цвінтары гэтага касцёла ў даўні час была пахавана адна з яе бабуль, але цяпер ад тых цвінтарных магіл няма ўжо і следу, усё роўненька.

На завяршэнне Данута Янаўна наведала мемарыяльны куток Ларысы Геніюш, з якой была ў свой час у самых шчырых адносінах.

Андрусь Панямонец.


Памяці Я. Драздовіча і С. Грахоўскага

Спадару М. П. Панцялею,

Міністру сувязі і інфарматызацыі

Рэспублікі Беларусь

220050, Мінск, пр. Незалежнасці, 10

Шаноўны Мікалай Пятровіч!

У наступным годзе 25 верасня спаўняецца 100 гадоў Сяргею Грахоўскаму, пісьменніку, заслужанаму работніку культуры Беларусі, а таксама 13 кастрычніка - 125 гадоў Язэпу Драздовічу, беларускаму мастаку, скульптару і краязнаўцу.

У сувязі з гэтым ГА ТБМ прапануе выдаць два мастацкія канвертьі з адпаведнымі маркамі, прысвечаныя юбілярам.

З павагай, Старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Старшыні Грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13

220034, г. Мінск

Аб выпуску мастацкіх канвертаў

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь разгледзела Вашу прапанову наконт выпуску мастацкіх канвертаў, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння Грахоўскага С.І. і 125-годдзю з дня нараджэння Драздовіча Я.Н.

Прынята рашэнне дапоўніць тэматычны план выдання дзяржаўных знакаў паштовай аплаты на 2013 год і выпусціць у серыі "Жывапіс" канверт з арыгінальнай маркай і спецштэмпель, прысвечаныя Я. Драздовічу. Да 100-годдзя з дня нараджэння Грахоўскага С.І. будзе выпушчаны мастацкі немаркіраваны канверт.

З павагай Міністр М.П. Панцялей.


Прэс-рэліз вечарыны "Маладыя гады, маладыя жаданні"

Заўсёды малады Максім Багдановіч і часопіс "Маладосць", які сёлета адзначае свой 60-гадовы юбілей... Чым вабіць маладых (і тых, якія пасталелі за час існавання часопіса) творцаў і даследчыкаў асоба Максіма, на што іх натхняе яго жыццё, творчасць і адданае служэнне Айчыне? Як прадстаўлена асоба паэта на старонках часопіса ў мінулым і зараз?

Пра ўсё гэта распавядуць аўтары, літаратуразнаўцы, чые творы і даследаванні пабачылі свет на старонках "Маладосці", а таксама паэты, што прысвяцілі вершы Максіму Багдановічу.

У імпрэзе бяруць удзел супрацоўнікі рэдактарскага калектыва часопіса "Маладосць" і аўтары, якія актыўна друкаваліся і друкуюцца на старонках часопіса. Музычнае суправаджэнне імпрэзы забяспечваюць гурт "Нельга забыць" з яго лідарам Міхасём Бараноўскім і маладая спявачка Алеся Сівохіна.

Запрашаем усіх у падарожжа ў "Маладосць", па яе мінулым і сучасным, запрашаем разам з намі судакрануцца з яе гісторыяй, паглядзець, як змяняўся і сталеў часопіс ад юбілею да юбілею Максіма Багдановіча.

Вечарына адбудзецца 15 сакавіка а 17 гадзіне па адрасе: вул. Багдановіча, 7А, Літаратурны музей Максіма Багдановіча.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX