Папярэдняя старонка: 2013

№ 13 (1112) 


Дадана: 28-03-2013,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 13 (1112) 27 сакавіка 2013 г.


Са святам Вялікадня!

Да Дня Волі ў Менску

Напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка ў Менску былі расклеены прыгожыя каляровыя плакаты з запрашэннем на шэсце і мітынг 24 сакавіка. Плакаты, трэба думаць, сваю справу зрабілі, не гледзячы на неспрыяльнае надвор'е, народу на акцыю сабралася нечакана шмат, асабліва моладзі, якую ў асноўным і клікалі.

Наш кар.


95-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі. Зварот старшыні Рады БНР да 25 сакавіка

З нагоды 95-й гадавіны стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі дзейная старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла выступіла са зваротам да беларускага народу:

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, віншую вас з нашым вялікім нацыянальным святам, угодкамі таго слаўнага 25-га сакавіка 1918 года, калі наш народ абвесціў незалежнасць сваёй дзяржавы. У той памятны год мы афіцыйна перасталі быць абарыгенамі Паўночна-Заходняга краю Расейскай Імперыі ды сказалі свету, што мы - і толькі мы - маем права гаспадарыць на нашай - спрадвечна нашай - зямлі.

Заняло, праўда, яшчэ больш за 70 гадоў цяжкага змагання, пакуль Беларусь сталася суверэннай Рэспублікай. Але сёння, не гледзячы на здраднікаў, не гледзячы на змушанае маўчанне, Беларусь жыве - жыве ў супраціве гвалту над свабодай, над правамі чалавека і нацыі.

Так як мы калісь з году ў год пацяшалі сябе, што ніводная імперыя не вечная і што "загляне сонца і ў наша ваконца"...

Беларусы - народ цярплівы. Мы цэнім жыццё, але мы - не рабы.

Наш народ не раз выходзіў "шчыльнымі радамі" бараніць сваю зямлю. З Божай дапамогай, ён і гэтым разам абароніць жыццё рэспублікі сваёй!

Жыве Беларусь!

19.03.2013 г.


Віншаванне Сакратарыяту ТБМ да 95-х угодкаў БНР

Шаноўнае спадарства!

Таварыства беларускай мовы віншуе Вас з дзевяноста пятымі ўгодкамі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

95 гадоў назад пасля двухсотгадовага занядбання новая беларуская нацыя абудзілася і заявіла ўсяму свету пра сваё права на самастойную дзяржаву. Дзякуючы абвяшчэнню БНР, паўстала спачатку БССР, а затым - і сённяшняя незалежная Рэспубліка Беларусь.

Дык няхай жа нязгасныя светлыя ідэалы 25 сакавіка натхняюць усіх нас на стваральную працу дзеля вольнай Бацькаўшчыны!

Сакратарыят, 22 сакавіка 2013 г.


ВІНШАВАЛЬНЫ ЗВАРОТ

Ад імя Віленскага аргкамітэту па святкаванню Дня Волі і "Беларускага тыдня"

21-03-2013

Шаноўныя суайчыннікі!

Ад імя дэмакратычнай супольнасці беларусаў у Вільні, мы радыя павіншаваць вас з 95-годдзем абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі! Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, якімі напаткаў лёс беларусаў на шляху да ўласнай дзяржавы, мы павінны памятаць, што справа айцоў беларускай незалежнасці, падпісантаў Акту 25 сакавіка 1918 года, працягвае жыць у сэрцах пакаленняў беларусаў. Сёння мы маем уласную незалежную дзяржаву, найвялікшую каштоўнасць для нашага народу.

Магчыма сённяшняя Беларусь не зусім такая, пра якую марылі шматлікія пакаленні беларусаў, але яна ёсць і ў сваю чаргу мы павінны прыкласці ўсе магчымыя намаганні для таго, каб кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, а таксама тыя сотні тысяч нашых суайчыннікаў, якія жывуць па-за межамі, маглі ганарыцца сваёй краінай, бачылі яе дэмакратычнай, квітнеючай, свабоднай і незалежнай.

У гэты святочны і ўрачысты момант, мы зычым мужнасці беларускаму народу і асабліва тым, хто і па сённяшні дзень пакутуе ў Беларусі ад несправядлівасці, дыскрымінацыі альбо знаходзіцца ў зняволенні за свае грамадскія ці палітычныя перакананні. Мы заклікаем да еднасці і салідарнасці ў адзіным і найбольш істотным імкненні - да свабоднай, незалежнай і дэмакратычнай Беларусі.

Дарагія суайчыннікі! Мацуйцеся і яднайцеся, дапамагайце адзін адному.

Шчасця, веры і натхнення вам і вашым родным!

Жыве Беларусь!

Віленскі арганізацыйны Камітэт па святкаванні Дня Волі і "Беларускага тыдня".


Віншаванне Згуртавання МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Шаноўныя сябры!

Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" віншуе вас з нашым вялікім гістарычным святам - Днём Волі!

95 гадоў таму, 25 сакавіка 1918 года, была прынята Трэцяя Устаўная Грамата, якая абвяшчала незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Значнасць гэтай падзеі неаспрэчная, бо менавіта акт 25 сакавіка паклаў пачатак беларускай дзяржаўнасці ў XX стагоддзі. Дзякуючы яму нашая краіна ўголас заявіла пра сябе як пра незалежную дзяржаву. Адметна і тое, што Беларусь заявіла аб гэтым адной з першых сярод краін-суседак.

Ідэалы БНР застаюцца атуальнымі і цяпер, і кожны з нас здольны зрабіць свой унёсак, каб яны ўрэчаісніліся. Наш абавязак - годна адзначыць Дзень Волі, асэнсаваўшы тое, што было зроблена дзеля незалежнай Беларусі раней і што мы можам зрабіць яшчэ на карысць роднай Бацькаўшчыны. Менавіта ад нас і нашых учынкаў залежыць яе будучыня.

У наш няпросты час вы, раскіданыя па свеце, шмат робіце дзеля захавання і пашырэння беларускай прысутнасці ў сваёй краіне. Гэтая вашая чыннасць вельмі важная і каштоўная для Беларусі.

Віншуем усіх з гэтым светлым святам! Няхай энергія і рашучасць разам з разважлівасцю і аптымізмам дапамогуць усім нам ісці наперад па шляху да вольнай і дэмакратычнай Беларусі!

Жыве Беларусь!!!

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".


Дзень Волі ў Менску

24 сакавіка ў Менску адбыліся шэсце і мітынг, прымеркаваныя да 95-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Месцам збору менскія гарадскія ўлады вызначылі пляцоўку каля кінатэатра "Кастрычнік". Паводле папярэдніх звестак тут сабралася каля 300-500 чалавек.

Удзельнікі мерапрыемства рушылі ад кінатэатра ў бок плошчы Бангалор. У руках дэманстранты трымалі бел-чырвона-белыя сцягі, выкрыквалі лозунгі "Жыве Беларусь!", а таксама "Свободу палітвязням!".

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч зазначыў:

- Я вельмі рады, што людзі выйшлі, што ізноў на вуліцах Менска бел-чырвона-белыя сцягі. Самае важнае, самае галоўнае - гэта ясны сігнал усяму свету, што беларусы шануюць сваю незалежнасць, беларусы хочуць свабоды, волі, і выходзяць, каб прадэманстраваць гэта ўсяму свету.

Паводле падлікаў сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, на плошчу Бангалор прыйшло ўжо больш за тысячу грамадзянаў. У калоне былі заўважаны Анатоль Лябедзька, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Аляксандар Мілінкевіч, Валеры Фралоў, Рыгор Кастусёў, Віктар Івашкевіч, Валер Шчукін, Анатоль Вярцінскі, Генрых Далідовіч, Уладзімір Халіп, актывісты Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, "Еўрапейскай Беларусі".

Мітынг праходзіў пад мегафон - іншай гукаўзмацняльнай тэхнікі не было. Яе сканфіскоўвалі штогод, калі прывозілі. Летась сканфіскаваная застаецца ў міліцыі да гэтага часу.

Першым выступіў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён адзначыў, што тэма барацьбы за незалежнасць, як і 95 гадоў таму, актуальная. Казаў пра ўзмацненне расійскай экспансіі, страту ключавых беларускіх прадпрыемстваў:

- Улада прадала Белтрансгаз, рыхтуецца прадаць Гродна-Азот і МАЗ.

Пасля прамаўляў Дзяніс Садоўскі з Хрысціянскай дэмакратыі.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заклікаў процістаяць наменклатурнай прыватызацыі:

- Іначай у адзін цудоўны дзень прачнёмся - а ўсё вакол належыць кітайскім камуністам і расійскім алігархам.

Старшыня моладзевай арганізацыі "Альтэрнатыва" Алег Корбан паведаміў, што падчас шэсця ды мітынгу было сабрана 320 подпісаў за помнік Кастусю Каліноўскаму ў Менску.

У канцы акцыі не абышлося і без традыцыйных, але, які прагрэс, не масавых затрыманняў.

Паводле СМІ.


Дзень Волі ў Празе з Івонкай Сурвілай

23 сакавіка на Альшанскіх могілках у Празе беларусы ўшанавалі памяць першага прэзідэнта БНР Пятра Крэчэўскага (1879-1928), ягонага пераемніка Васіля Захаркі (1877-1943), беларускага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага (1900-1981).

Цэнтрам святкавання было ўрачыстае паседжанне, прысвечанае Дню Волі. З кароткімі прамовамі выступілі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, радны БНР Сяргей Навумчык і людзі, якія ўвайшлі ў гісторыю здабыцця незалежнасці Беларусі на пачатку 90-х: адраджэнцы 80-х і ранейшых гадоў Уладзімір Арлоў і Вінцук Вячорка.

На канцэрце выступілі спявачка Весна Касэрас і рэпер Вінсэнт .

Наш кар.


Дзень Волі ў Варшаве з Зянонам Пазняком

Каля 100 чалавек 23 сакавіка ўзялі ўдзел у шэсці па вуліцах Варшавы з нагоды 95-ай гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

А 13 гадзіне беларусы Варшавы сабраліся на Плошчы Трох Крыжоў. Над удзельнікамі шэсця ўзвышаліся дзясяткі бел-чырвона-белых палотнішчаў, а таксама сцягі Польшчы і Еўразвязу.

Гаворыць арганізатар акцыі, сустаршыня Беларускага дому ў Варшаве Зміцер Бародка:

- Мы - беларусы, гэта нашае нацыянальнае свята, і дзе б мы не былі, мы павінны гэтую дату ўшанаваць. 95 год таму нашыя продкі заклалі першы камень у падмурак нашай дзяржавы, а мы гэтую справу павінны завершыць - адбудаваць наш беларускі дом.

Шэсце вырушыла ў 13.30 па так званым Каралеўскім тракце - вуліцамі Новы Свят і Кракаўскае прадмесце ў цэнтры Варшавы.

А 14.00 на Замкавай плошчы ў Старым горадзе пачаўся мітынг. На ім выступіў старшыня КХП БНФ Зянон Пазьняк:

- Мы цяпер у такой сітуацыі, што можам разлічваць перадусім на ўласныя сілы. Памятайма пра гэта. Няхай прыкладам нам будуць нашыя героі, якія змагаліся ў 1918 годзе, і тыя людзі, што дамагліся незалежнасці ў 1991-м.

Прамаўлялі таксама Зміцер Бародка ды Наталля Радзіна.

Прысутныя дзякавалі за салідарнасць палякам, скандуючы па-польску "Менск-Варшава - агульная справа".

Пасля мітынгу можна было пачаставацца беларускімі стравамі ды паглядзець выступ фальклорнага ансамбля.

Дзмітры Гурневіч, "Польскае радыё".


У Вільні прайшло шэсце памяці Кастуся Каліноўскага

Беларусы Літвы адзначылі дзень памяці Кастуся Каліноўскага.

Як паведамілі арганізатары дня памяці, раніцай 23 сакавіка ў Вільні адбылося набажэнства ў Свята-Троіцкай царкве. Службу вёў грэка - каталіцкі святар айцец Андрэй Крот.

А 15 гадзіне каля памятнага крыжа на Лукішскім пляцы адбыўся кароткі мітынг. Пасля гэтага беларусы з бел-чырвона-белымі сцягамі прайшлі шэсцем па праспекце Гедзіміна на гару Гедзіміна.

Шэсце было дазволена ўладамі горада.

Дзень памяці беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага праводзіцца ў Вільні з 2010 года.

Хартыя-97.


Дзень Волі ў Нью-Ёрку адзначылі каля штаб-кватэры ААН

Прадстаўнікі беларускай эміграцыі адзначылі 95-ю ўгодкі абвяшчэння БНР у Нью-Ёрку.

Каля 40 чалавек сабраліся 23 сакавіка насупраць штаб-кватэры ААН, каб адзначыць Дзень Волі. У пікеце бралі ўдзел галоўным чынам прадстаўнікі беларускай эміграцыі ў ЗША. Ва ўваходу ў будынак Арганізацыі аб'яднаных нацый развіваліся бела-чырвона-белыя сцягі, удзельнікі акцыі так-сама трымалі ў руках партрэты палітвязняў, і плакаты "Freedom for Belarus". Людзі выканалі гімн "Пагоня", а беларускія паэты прачыталі вершы.

Хартыя-97.


У Саўт-Рыверы ўрачыста адзначылі Дзень Волі

23 сакавіка (субота) ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі) прайшло ўрачыстае святкаванне 95-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

На флагштоку каля будынка гістарычнага музея на Галоўнай вуліцы горада (Мэйн-стрыт) залуналі два нацыянальныя сцягі: амерыканскі і беларускі бел-чырвона-белы.

Чалец Гарадской управы Мэцью Вон ад імя мэра горада зачытаў пракламацыю пра абвяшчэнне ў Саўт-Рыверы дня 25 сакавіка Днём Беларускай Незалежнасці.

Удзел у цырымоніі ўзялі прадстаўнікі гарадской управы, беларуска-амерыканскіх арганізацый, прыхаджане царквы св. Еўфрасінні Полацкай, прыватныя асобы. Пасля гэтага ў будынку Беларуска-Амерыканскага Цэнтра прайшоў традыцыйны пачастунак гасцей з гутаркамі на беларуска-амерыканскія тэмы.

На гарадскім узроўні, з абвяшчэннем Беларускім днём, у Саўт-Рыверы 25 сакавіка адзначаюць з канца 1950-х.

Саўт-Рывер - горад у цэнтральнай частцы штата Нью-Джэрсі. Беларусы сталі перасяляцца сюды ў канцы ХІХ ст. Збеларусізаваўся Саўт-Рывер у пачатку 1950-х з перасяленнем у яго некалькіх дзясяткаў эмігрантаў з лагераў для перамешчаных асоб у Нямеччыне.

Беларусы заснавалі прыход св. Ефрасінні Полацкай у юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярхата, збудавалі царкву, Беларуска-амерыканскі грамадскі цэнтр. У Саўт-Рыверы дзейнічалі, і дзейнічаюць зараз, некалькі грамадскіх і сацыяльных арганізацый. У рысе горада знаходзяцца асобныя беларускія могілкі.

Фота Ніка Бахара.


Беларусь завяршае 6-ю Агульнанацыянальную дыктоўку

У Гародні - дыктоўка на Дзень Волі

Каля двухсот удзельнікаў Агульнанацыянальнай дыктоўкі ледзь умясціла зала па вуліцы Будзёнага 48А ў Гародні 23 сакавіка. Гэта шостая ўжо дыктоўка, якая дэманструе салідарнасць прыхільнікаў мовы. Сёлета яна была прымеркавана да 150-й гадавіны нацыянальна-вызвольнага паўстання. Таму ў якасці тэкста для дыктоўкі быў выбраны "Ліст з-пад шыбеніцы" аўтарства Кастуся Каліноўскага. Тэкст прачытаў літаратурны крытык, прафесар, старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ Аляксей Пяткевіч. На пачатку, ён адзначыў, што імя Кастуся Каліноўскага паміж беларусамі найбольш шаноўнае.

- Мы багацейшыя на многа за іншых, таму што маем гэтую магутную, гераічную постаць. Маем чалавека, які ўзначаліў паўстанне супраць Расіі, змагаючыся за нацыянальную незалежнасць Беларусі, ставячы перад сабой высокародныя, прыгожыя мэты. І за гэта ён аддаў жыццё.

Заслужаны настаўнік, Алесь Белакоз, які меўся чытаць дыктоўку, па стану здароўя не здолеў прыехаць. Пад час арганізацыі і правядзення мерапрыемства была праведзена таксама рэкламная акцыя беларускіх незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Сярод іх: газеты "Ніва" і Беларускага Радыё Рацыя.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя. Фота Савелія Малчанава.

Дыктоўка ў Слуцку

Агульнацыянальнай дыктоўкай распачаты мерапрыемствы з нагоды Дня Волі ў Слуцку. Прыйшлі людзі, якія душой хварэюць за Бацькаўшчыну і выступаюць у абарону роднай мовы. Яны сабраліся на прыватнай кватэры. Кажа актывістка Зінаіда Цімошык.

- Наша сённяшняе мерапрыемства праводзіцца як урок роднай мовы. Ёсць план нашага ўрока: пішам дыктоўку, сустракаемся з паэткай Галінай Каржанеўскай, ускладваем кветкі на магілу Альгерда Абуховіча, падпісваем віншавальныя паштоўкі для палітвязняў з нагоды 95-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Сустракаемся на кватэры, бо нам не дазволілі гэта зрабіць у бібліятэцы. Адпаведна запрашалі не так ужо і шмат людзей, бо ва ўмовах аднапакаёвай кватэры не так лёгка збірацца.

Памяшканне для правядзення агульнанацыянальнай дыктоўкі ўлады прадаставіць адмовіліся. Пад зваротам падпісаліся больш за 30 чалавек. У сваім адказе выканкам тлумачыць, што 23 сакавіка ўсе памяшканні ў горадзе занятыя.

Вадзім Батура, Беларускае Радыё Рацыя.

Інфармацыя аб правядзенні 6-ай Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў Віцебску 21 лютага 2013 г.

У Віцебску дыктоўку 21 лютага пісалі ў 3-х месцах: Віцебскі ўніверсітэт ім. П.М. машэрава, Еўрапейскі клуб (гаспадар ГА "За Свабоду") і ў кватэры Навумчыка І.А. У Еўрапейскім клубе дыктоўка пісалася па тэксту, начытанаму З. Бандарэнка да 2 лютага 2013 г.

Ва ўніверсітэце і ў кватэры тэкст чытаў Юрась Бабіч, дацэнт кафедры беларускай філалогіі. На кватэру, дзе дыктоўку пісалі сябры абласной рады, папрасіліся Хлыстова Алена, выхавацельніца дзіцячага садка, і яе сын Ціхенка Януш, студэнт музычнага каледжа.

Пасля праверкі было вырашана прызнаць лепш напісанымі тэкст дыктоўкі Алены Сакаловай, сябра абласной рады, Януша Ціхенкі, студэнта музычнага каледжа, якія вам дасылаю.

І. Навумчык.


У Менску прайшла канферэнцыя "Паўстанне 1863 года і яго значэнне для Беларусі"

23 сакавіка 2013 гады ў Штаб-кватэры БНФ у Менску прайшла буйная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная гісторыі паўстання Кастуся Каліноўскага на тэрыторыі Беларусі. Мерапрыемства было арганізавана Інстытутам беларускай гісторыі і культуры (Рыга) і Інстытутам развіцця дэмакратыі і сацыяльнага рынку для Беларусі і Ўсходняй Еўропы (Вільня).

Адкрыў канферэнцыю навуковы сакратар Інстытута беларускай гісторыі і культуры Анатоль Тарас.

Падчас выступаў удзельнікі канферэнцыі прадстаўлялі асноўныя тэзы сваіх дакладаў.

Справа ў тым, што ўсе артыкулы, прадстаўленыя на канферэнцыю, ужо апублікаваны асобнай кнігай, якую, дарэчы, атрымаў кожны госць канферэнцыі. Такі фармат значна эканоміць час і дае магчымасць правядзення паўнавартасных і цікавых дыскусій.

Мадэратарам канферэнцыі быў доктар палітычных навук Анатоль Астапенка.

Першым выступоўцам быў доктар гістарычных навук Віктар Цітоў. Ён глыбока прааналізаваў публікацыі галоўнага паўстанцкага выдання на Беларусі - "Мужыцкай праўды".

Кандыдат гістарычных навук Андрэй Кіштымаў распавёў пра гісторыю "рэйкавай вайны" падчас паўстання 1863 года. Узброены выступ супраць царызму на тэрыторыі Беларусі супаў з развіццём чыгуначных шляхоў у імперыі Раманавых. Рускія ўлады выкарыстоўвалі "чыгунку" для забеспячэння сваіх войскаў, паўстанцы спрабавалі здзяйсняць дыверсіі на шляхах. Усе гэтыя факты раней былі не даследаваны і цяпер дапаўняюць агульную карціну тых падзей.

Супраць паўстанцаў выступіла добра арганізаваная імперская машына. Але нават у гэтых умовах паўстанцы Каліноўскага эфектыўна ваявалі супраць ворага.

Магістр гісторыі Ўладзімір Хільмановіч падрабязна спыніўся на аналізе асноўных стэрэатыпаў савецкай гістарыяграфіі, сфармаваных у адносінах да паўстання Кастуся Каліноўскага.

Многія з гэтых стэрэатыпаў, як напрыклад думка пра тое, што ў паўстанні нібы не ўдзельнічалі праваслаўныя жыхары беларускіх земляў, перавандравалі ў сучасную беларускую гістарыяграфію і ад гэтых ідэалагічных штампаў, сёння, безумоўна, трэба пазбаўляцца.

Кандыдат гістарычных навук Юры Бачышча распавёў пра тое, як спадчына Кастуся Каліноўскага аналізавалася ў працах беларускіх сацыял-дэмакратаў, на прыкладзе прац Адама Станкевіча.

Рэдактар гістарычнага альманаха "Дзяды" Анатоль Тарас распавёў пра ваенныя аспекты гісторыі паўстання.

Выступілі Андрэй Шулаеў і Ігар Мельнікаў...

Беларускі партызан.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў красавіку

Абакунчык Галіна Абрамовіч Віталь Мар'янавіч Адынец Сяргей Аксак Валянціна Іванаўна Аляхновіч Андрэй Пятровіч Анацка Дзмітры Юр'евіч Андрэенка Таццяна Пятр. Апяцёнак Мікалай Мікал. Арлоў Сяргей Аляксеевіч Астапенка Аляксандр Астапеня Рыгор Яўгенавіч Астраўцоў Сяргей Аляксан. Атрашэнка Сяргей Нікіфар. Багдановіч Юры Уладзімір. Балушэўская Ірына Барскі Віктар Яўгенавіч Барысевіч Даніла Андрэевіч Басякова Аліна Болтак Аляксандр Брылеўская Наталля Міхайл. Будай Людміла Бульянкова Яніна Бухоўская Яніна Быль Віталь Анатольевіч Вайцэховіч Зінаіда Афанас. Вайцэховіч Эдуард Антон. Вайцяховіч Марыя Вакар Людміла Уладзіміраўна Валадзько Вадзім Пятровіч Валахановіч Анатоль Іосіф. Валынец Алена Варган Віталь Васільеў Павел Аляксеевіч Ваўкавец Яўген Вераб'ёў Віталь Войкель Павел Анатольевіч Вярбоўская Ірына Гагалінская Людміла Гапановіч Іван Гарадовіч Ала Леанідаўна Гарэлікава Тамара Пятроўна Гасюк Марына Гладкая Анастасія Мікал. Гоеўская Алеся Грыгаркевіч Вадзім Юр'евіч Грынявецкая Надзея Канст. Грынявіцкі Юры Анатольев. Данільчанка Іна Уладзімір. Дарафейчык Ганна Даўгашэй Галіна Аляксандр. Дземідзенка Анастасія Алякс. Дзенісевіч Ніна Дзінгілеўскі Віталь Віктар. Дзьячкоў Алег Уладзіміравіч Дзябёлая Алена Віктараўна Дзягілева Галіна Доўкша Ірына Драйліх Алена Уладзіміраўна Дубіцкая Сцяпаніда Дулько Вольга Дундалевіч Людміла Ельяшэвіч Ірына Ермаловіч Канстанцін Уладз. Завадская Алена Міхайлаўна Занкевіч Вольга Захарэвіч Алена Міхайлаўна Зіноўева Святлана Іванова Ніна Ільніцкі Кірыла Іўчына Таццяна Сяргееўна Казловіч Алена Камлюк Алесь Антонавіч Канановіч Аляксандр Караленя Жанна Сямёнаўна Карповіч Алесь Аляксандр. Касая Ганна Касьянчык Святлана Васіл. Кацэвіч Ірына Мікалаеўна Качан Алена Станіславаўна Кашалькова Марыя Якаўл. Кашэль Кастусь Краснасельскі Дзяніс Красюк Фёдар Крэцкі Віталь Кузняцоў Канстанцін Канст. Кузьміна Дар'я Міхайлаўна Кулак Віктар Уладзіміравіч Кулаковіч Уладзімір Уладзім. Кульбака Аляксандр Пятров. Курачыцкі Андрэй Кусянкова Любоў Яўгенаўна Лавіцкі Мікола Емельянавіч Латушка Раман Андрэевіч Леановіч Аляксандра Леванцэвіч Лена Васільеўна Лічко Уладзімір Яўгенавіч Лука Алена Вячаславаўна Лысая Наталля Львова Ганна Леанідаўна Ляхоцкая Алена Ляшчоў Віктар Макарэвіч Пётр Рыгоравіч Максімовіч Кацярына Малец Надзея Малічэўскі Павал Віктаравіч Мамантава Любоў Манько Алеся Марозава Наталля Анатол. Марчук Дзмітры Іванавіч Маслюкоў Тэльман Віктар. Матвеева Ганна Мельнікава Ала Міцкевіч Вольга Уладзімір. Міцынская Валянціна Алякс. Несцяровіч Антаніна Андр. Пазнухова Васіліса Міхайл. Паклонская Людміла Панкоў С.А. Папоў Ігар Селівёрставіч Парэчына Зінаіда Паўлаўна Плахатнюк Святлана Паўл. Пракаповіч Георгі Дзмітр. Пушкіна Яніна Пшанічны Юры Пяткевіч Дзяніс Пятроўская Лізавета Райчонак Ада Эльеўна Рудакоў Алег Васільевіч Русецкі Сяргей Васільевіч Савельева Тацяна Анатол. Савіч Валер Уладзіміравіч Сагановіч Ларыса Уладзімір. Саладкевіч Ганна Міхайлаўна Санько Яна Сяргееўна Сацута Іван Уладзіміравіч Селуянава Ала Сівук Кацярына Сідараў Сяргей Сільнова Людміла Данілаўна Сіўковіч Валянціна Мікал. Скідан Аляксандр Пятровіч Соркіна Іна Валер'еўна Станіславенка Ганна Рыгор. Статкевіч Андрэй Ігаравіч Сташулёнак Іван Іванавіч Стрыжак Андрэй Сяргеевіч Сулецкая Ніна Андрэеўна Сцянук Валянціна Андрэеўна Сяцко Таццяна Сяргееўна Таболіч Алена Уладзіміраўна Тарарака Алена Труноў Віктар Іванавіч Тушынскі Дзяніс Міхайлавіч Усціновіч Юры Федуковіч Вольга Мікал. Філіпчанка Дзяніс Уладзімір. Фінагенаў Антон Аляксандр. Фурс Антон Віктаравіч Фясенка Іван Іванавіч Хаданёнак Марыя Іванаўна Хадаровіч Ганна Уладзімір. Хлапянюк Наталля Андр. Царук Юлія Целеш Лявонці Сцяпанавіч Цехановіч Зміцер Цярохін Уладзімір Станіслав. Цярэшка Васіль Яўгенавіч Чаеўская Ала Канстанцінаўна Чарняўская Святлана Сярг. Чарткоў Алег Алегавіч Чырэц Дзмітры Аркадзьевіч Шапялевіч Валянціна Рыгор. Шаўра Юры Міхайлавіч Шаўцоў Раман Ігаравіч Шашкель Ніка Пятроўна Шруб Васіль Ануфрыявіч Шук Надзея Шут Павел Васільевіч Шчукін Міхаіл Уладзіміравіч Шчыракова Ларыса Яблонскі Зміцер Міхайлавіч Яловік Павел Ірэніюшавіч Яфімовіч Юлія Паўлаўна Яцэнка Вольга


Удакладненнне да артыкула "Вестачка з часоў БНР"

Шаноўная рэдакцыя!

Сардэчны Вам "Дзякуй" за пазнавальны артыкул "Вестачка з часоў БНР" ("Наша слова" № 12 (1111), 20.03. 2013 г.) Вельмі мала ў наш складаны час СМІ песцяць увагу калекцыянераў. І раптам - падарунак. "Дзякуй" яшчэ раз.

Нажаль спадаром Я. Грынкевічам недакладна было прачытана прозвішча гаспадара фірмы цукерак у С.-Пецярбургу-Петраградзе - "Жорж Берман" (трэба - Борман!) на абгортцы цукерак "Же-бе".

На абгортках-фанціках з маёй калекцыі добра чытаецца сапраўднае прозвішча: "Жоржъ Борманъ". С. Петербургъ. Москва. Харьковъ." (глядзі "Беларускі калекцыянер", № 20, люты 2000 г., стар. 5-6).

А яшчэ ў кнізе "А.Н. Бохан. "Коллекционеры и меценаты России", Москва, "Наука", 1989 г." на стар. 37 ёсць такі тэкст: "В 1905 г. в Петербурге, в Таврическом дворце, была проведена большая и уникальная в сваём роде выставка "Русский портрет", организованная на средства известной кондитерской фирмы "Жорж Борман". Это адно из крупнейших событий в художественной жизни России проходило под патронатом внука Николая І - великого князя Николая Михайловича, который добился награждения званием коммерции - советника главного "спонсора" и директора-распорядителя указанной фирмы Г.Н. Бормана."

Я ўсё гэта пішу не дзеля таго, каб упікнуць сп. Яраслава, а толькі дзеля таго, каб іншыя, недасведчаныя карыстальнікі інфармацыяй беларускай газеты не множылі і не распаўсюджвалі памылкі. І каб інфармацыя з беларускай газеты была заўсёды праўдзівая.

З павагай Міхась Вераціла.


Дык куды ж падзеліся бігборды "Мама=мова"?

Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт

Старшыні грамадскага

аб'яднання "Таварыства

беларускай мовы імя

Францішка Скарыны"

Трусаву А.

Накіроўваецца для разгляду зварот Старшыні грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" по пытанню абгрунтаванасці дэмантажу бігбордаў "Мама=мова". Аб выніках прашу паведаміць аўтару звароту.

Дадатак: на 1 л. у першы адрас.

Намеснік начальніка аддзела па нагляду

за захаваннем праў і свабод грамадзян П.П. Елісееў.



Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Аб размяшчэнні сацыяльнай рэкламы

Мінскі гарвыканкам па пытанні размяшчэння сацыяльнай рэкламы "Размаўляй на сваёй мове" (рэкламадавец Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь) у снежні 2012 г. - студзені 2013 г. на тэрыторыі г. Мінска інфармуе.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ва ўстаноўленым парадку з'яўляецца рэкламадаўцам сацыяльнай рэкламы на тэму развіцця беларускай культуры і мастацтва па выніках адкрытага прафесійнага конкурсу, праведзенага ў красавіку 2012 г. сярод рэкламных кампаній рэспублікі.

Арганізатарам конкурсу выступіла некамерцыйнае грамадскае аб'яднанне - Асацыяцыя рэкламных арганізацый, якое аб'ядноўвае 26 камерцыйных арганізацый рэспублікі, якія ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць у сферы рэкламы.

Праекты плакатаў - пераможцаў конкурсу былі ўзгоднены Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь як сацыяльная рэклама для размяшчэння на сродках вонкавай рэкламы.

Пасля публічнага конкурсу рэкламныя эскізы былі прадстаўлены ў адрас Мінскага гарвыканкама на ўзгадненне згодна патрабаванню пункта 2 артыкула 13 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб рэкламе".

Мінгарвыканкамам ва ўстаноўленым парадку былі разгледжаны прадстаўленыя эскізы. Парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь не выяўлены.

Узгодненыя рэкламныя эскізы былі вырабленыя і размешчаныя на бігбордах у Мінску за кошт сродкаў членаў Асацыяцыі рэкламных арганізацый.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб рэкламе" (далей - Закон) сацыяльнай з'яўляецца рэклама правоў, ахоўных законам інтарэсаў або абавязкаў арганізацый або грамадзян, здаровага ладу жыцця, мер па ахове здароўя, бяспекі насельніцтва, сацыяльнай абароне, прафілактыцы правапарушэнняў, ахове навакольнага асяроддзя, рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, развіццю беларускай культуры і мастацтва, міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, дзяржаўных праграм у сферах аховы здароўя, адукацыі, культуры і спорту альбо іншых з'яў (мерапрыемстваў) сацыяльнага характару, якая накіравана на абарону або задавальненне грамадскіх ці дзяржаўных інтарэсаў, не носіць камерцыйнага характару і рэкламадаўцамі якой з'яўляюцца дзяржаўныя органы.

Згодна з патрабаваннямі артыкула 24 Закона рэкламараспаўсюджвальнікі абавязаны ажыццяўляць размяшчэнне (распаўсюджванне) сацыяльнай рэкламы, прадастаўленай яе рэкламадаўцамі, у межах пяці працэнтаў гадавога кошту прадстаўляемых імі паслуг па размяшчэнні (распаўсюджванню) рэкламы, якая разлічваецца па выніках папярэдняга фінансавага году.

Дзейнасць арганізацый або грамадзян па размяшчэнні (распаўсюджванню) сацыяльнай рэкламы, а таксама перадачы сваёй маёмасці іншым арганізацыям або грамадзянам для размяшчэння (распаўсюджвання) сацыяльнай рэкламы ажыццяўляецца на бязвыплатнай аснове.

Прапанаваныя рэкламадаўцам сацыяльнай рэкламы ўмовы, якія датычаць часу і спосабу яе размяшчэння (распаўсюджвання), з'яўляюцца абавязковымі для рэкламараспаўсюджвальніка, калі рэкламадавец звяртаецца да яго не пазней чым за месяц да меркаванага тэрміну яе размяшчэння (распаўсюджвання). Калі размяшчэнне (распаўсюджванне) сацыяльнай рэкламы ў прапанаваны рэкламадаўцам час забаронена заканадаўствам або на дадзены час запланавана размяшчэнне (распаўсюджванне) іншай сацыяльнай рэкламы, заяўка на размяшчэнне (распаўсюджванне) якой была пададзена раней, рэкламараспаўсюджвальнік абавязаны праінфармаваць аб гэтым рэкламадаўцу і прапанаваць яму іншы час размяшчэння (распаўсюджвання) сацыяльнай рэкламы.

Намеснік старшыні І.В. Карпенка.


ТБМ вітае пераход "Народнай волі" на беларускую мову

Галоўнаму рэдактару

газеты "Народная воля"

сп. Іосіфу Сярэдзічу

Аб пераходзе "Народнай волі"

на дзяржаўную беларускую мову

Шаноўны Іосіф Паўлавіч!

Мы вітаем Вашую ініцыятыву аб пераходзе "Народнай волі" на дзяржаўную беларускую мову, мову тытульнай нацыі Беларусі. Калі гэта адбудзецца, сябры ТБМ будуць актыўна спрыяць Вам у пашырэнні падпіскі і накладу газеты.

На пераходны перыяд можна было б пакінуць дзве рускамоўныя паласы газеты, напрыклад, 6 і 7 старонкі, а астатнія рабіць толькі па-беларуску.

На гэтых дзвюх старонках можна даваць рускамоўныя, невялікія інфармацыйныя матэрыялы, альбо пераклады самых цікавых беларускамоўных матэрыялаў, якія выклікалі найбольшую цікавасць чытачоў.

Вышэйзгаданы пераходны перыяд можа доўжыцца да 1 верасня 2013 года, або нават да канца года.

Таксама трэба падумаць аб пашырэнні на старонках "НВ" краязнаўчых, гістарычных і мовазнаўчых матэрыялаў, зрабіць асобныя старонкі для дзяцей і моладзі, для жанчын і спартсменаў. Трэба ў кожным нумары друкаваць інфармацыю, карысную для шырокага кола чытачоў: расклады электрычак, цягнікоў, гарадскіх аўтобусаў і маршрутак, кулінарныя рэцэпты, старонку для калекцыянераў і г.д.

Віншую Вас і ўсіх журналістаў "НВ" з надыходзячым Днём Волі, 95-мі ўгодкамі БНР!

З павагай, старшыня ТБМ А. Трусаў.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Вярцінскі Анатоль - 85000 р., г. Менск

2. Грыгор'еў Аляксандр - 50000 р., г. Менск

3. Стралко Валер - 5000 р., г. Менск

4. Чыгір Е.А. - 20000 р., г. Менск

5. Кукавенка Іван - 50000 р., г. Менск

6. Бялевіч Леў - 50000 р., г. Полацк

7. Дычок Сяргей - 100000 р., г. Бярозаўка

8. Мірановіч Л.С. - 100000 р., г. Менск

9. Лягушоў Алег - 50000 р., п. Ясень, Асіповіцкі р-н.

10. Масакоўскі Уладзімір - 20000 р., г. Салігорск

11. Ахрамчук В.Т. - 30000 р., г. Светлагорск

12. Давідоўскі Ігар - 100000 р., г. Менск

13. Чайкоўскі Павел - 45000 р., г. Менск

14. Рубахава Л.Н. - 50000 р., г. Менск

15. Лазарук Тамара - 40000 р., г. Менск

16. Краўцоў Васіль - 100000 р., г. Гомель

17. Наумовіч Іван - 25000 р., г. Менск

18. Кухаронак А.А. - 20000 р., п. Смілавічы

19. Качаноўская Нат. - 30000 р., г. Менск

20. Жылач Таццяна - 30000 р., Лагойкі р-н

21. Макрыцкая Ніна - 30000 р., г. Менск

22. Невядомы - 100000 р., г. Менск

23. Міцкевічы Людміла і Ўладзімір - 100000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Паўстанне 1863 г. на Лідчыне

За нашу і вашу свабоду*

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Бітва пад Руднікамі

У першых днях сакавіка недалёка ад Веранова, быў арганізаваны напад на пошту, якая рухалася з Вільні ў Ліду, аднак напад быў няўдалы.

9 сакавіка ў вёсцы Вясенчы расійскія атрады Струкава і Вімберга злучыліся.

Цэлы дзень 8-га сакавіка, паўстанцы адпачывалі. Досвіткам 9 сакавіка, пасля звыклага ранішняга набажэнства якое правёў ксёндз Гарбачэўскі, аддзел выступіў у паход і праз дзве гадзіны выйшаў да Віленскага гасцінца. Тут, зусім блізка ад Вільні, было вырашана зрабіць засаду, і такім чынам паведаміць пра сябе насельніцтву і ўладам. Нарбут выслаў звяз карабінераў Скавінскага для дэманстрацыі ў кірунку Руднікаў, каб падняць перапалох і прымусіць сцягнуць туды рускія войскі. Мястэчка Руднікі знаходзіцца на рацэ Мерачанка, недалёка ад Рудніцкай пушчы, на берагах ракі ў той час ляжалі ствалы дрэў, прызначаныя для сплаву. Нарбут паставіў два звязы стральцоў у засаду на лясной высечцы сярод складзеных ствалоў дрэў, а касінераў пакінуў у лесе, як меркавалася, у тыле будучага баявога парадку маскалёў. Рускі атрад рушыў на Нарбута дзвюмя калонамі. Першая калона - войскі штабс-капітана Струкава, рухалася праз Папішкі, Калітанцы, Руднікі на Гудэлі. Другая калона пад камандаваннем палкоўніка Вімберга, спрабавала перакрыць шляхі адыходу на поўнач і акружыць паўстанцаў. У Рудніках Вімберг зрабіў свайму атраду адпачынак, і толькі каля 18-00 ізноў рушыў у бок лесу, дзе казакі раптам наткнуліся на звяз Скавінскага. Адстрэльваючыся, карабінеры пачалі адыходзіць да паляны дзе ў засадзе знаходзіліся галоўныя сілы. Калі казакі наблізіліся, Нарбут закамандаваў: "Агонь". Казакі пачалі адыходзіць, а маладыя байцы, натхнёныя гэтым кінуліся іх пераследаваць. Тым часам з другога боку, ад Лідскага гасцінца з'явілася калона Струкава і пачала перакрываць аддзелу адыход да лесу. Таму Нарбут адвёў свой аддзел да лесу, падчас гэтага адступлення пад ім быў забіты конь. Пачаўся новы бой, перастрэлка перайшла ў рукапашную сутычку. І калі паўстанцы пачалі адыходзіць, у левы фланг рускіх, з крыкамі: "Езус! Марыя! Юзаф!" ударыў атрад касінераў. Бой разгарэўся з новай сілай. У выніку, рускія войскі адышлі да Руднікаў. Паўстанцы страцілі 4 чалавекі забітымі і пасля іх пахавання з набажэнствам кс. Гарбачэўскага, аддзел Нарбута адышоў углыб Рудніцкай пушчы. У гэтым баю інсургенты захапіў некалькі штуцараў .

Па інфармацыі "Віленскага весніка" № 24 ад 07(21). 03.1863, са спасылкай на "Рускага інваліда" № 44 страты рускіх войскаў склалі: 3 салдаты лейб-гвардзейскага Маскоўскага палка і 1 казак, былі ўзяты трафеі: 3 фузіі і 3 касы.

Начальнік штаба 2-й гвардзейскай пяхотнай дывізіі ў рапарце ад 2 (15) сакавіка 1863 г. пра гэты бой дакладаў: "У нас паранены, падчас перастрэлкі і ... пры наступленні на лес, чатыры чалавекі: трое радавых л.-гв. Маскоўскага палка і адзін казак. З іх адзін радавы ..., атрымаўшы рану ў жывот, памёр на наступны дзень, іншыя ... лечацца. У мяцежнікаў забіта чатыры чалавекі, лік параненых не вядомы... . На наступны дзень у лесе і каля вёскі захоплена ... 10 чалавек. Па сведчаннях захопленых ..., мяцежнікі падчас сутычкі мелі каля 80 чалавек".

На наступны дзень Вімберг шукаў паўстанцаў па ўсёй пушчы, але знайсці не змог, былі ўзяты ў палон байцы, якія ішлі на выведку ў бок Вільні. А Нарбут у гэты ж дзень напаў на роту лейб-гвардыі на дарозе да Нацкай пушчы, у сутычцы некалькі гвардзейцаў было забіта, паўстанцы захапілі некалькі штуцараў і хутка адступілі. Менавіта пасля гэтых баёў на вуліцах Вільні з'явіліся атрады рускіх войскаў з гарматамі. У горадзе хадзілі радасныя чуткі пра тое, што Нарбут разбіў маскалёў, у касцёлах спявалі "Te Deum".

З Вільні пачалі пасылаць роту за ротай для падмацавання войскаў на поўначы Лідчыны. На дапамогу Вімбергу з Вільні на вазах прывезлі роту пяхоты лейб-гвардыі, а па чыгунцы ў Алькенікі прыбыла рота Фінляндскага палка пяхоты.

Вімберг са сваімі войскамі вярнуўся ў Вільню, шукаць аддзел Нарбута, замест яго з Вільні прыбыў палкоўнік Епіфанаў з ротай пяхоты Паўлаўскага гвардзейскага палка і казакамі. Паўстанцы не ўступаючы ў бой, адступілі ў Дубіцкую пушчу, і рускія войскі не змаглі іх знайсці. У "Віленскім весніку" № 30 ад 7(21).03.1863 г. была абвешчана інфармацыя наступнага зместу: "Камандзір 42 данскога палка палкоўнік Епіфанаў, высланы знішчыць рэшткі банды Нарбута, разбітай палкоўнікам Вімбергам пад Рудняй, прайшоў на працягу 10-ці дзён у розных кірунках вялікую частку Лідскага і Трокскага паветаў, але нідзе не знайшоў паўстанцаў. Як вынікае з гэтай інфармацыі, банда Нарбута канчаткова рассыпалася, а ён сам і кс. Гарбачэўскі збеглі ў Царства Польскае".

Тым часам інсургенты даведаліся, што партыя рэкрутаў павінна прайсці праз Шчучын на Гародню і пакінулі Дубіцкі лагер каб стаць у засаду каля Берштаў. Аднак інфармацыя пра рэкрутаў была памылковай, таму аддзел спыніўся ў новым лагеры ў раёне Зубрава - Дубічаны, тут камандзір ізноў заняўся баявой падрыхтоўкай.

Падзеі ў Гародні

Увечар 14 сакавіка начальнік чыгуначнай станцыі Гародні, капітан рэзерву расійскага войска Лявон Кульчыцкі, разам з некалькімі дзясяткамі добраахвотнікаў захапіў гатовы да ад'езду цягнік каб даехаць да Парэчча і злучыцца з аддзелам Нарбута. У Парэччы іх ужо чакаў Баляслаў Нарбут. "Віленскі Веснік" № 25, 09(22). 03.1863: "У суботу … у 10 гадзін вечара, начальнік станцыі чыгункі ў Гародні Кульчыцкі, сабраўшы зламысную банду, спрабаваў выклікаць беспарадкі на станцыі і з'ехаць з горада на прыгатаваным цягніку …. Аднак размешчаная на станцыі рота не дапусціла гэтага. Начальнік станцыі і 8 чалавек здолелі з'ехаць на лакаматыве. Кульчыцкі і яго таварышы, не даехаўшы да станцыі Парэчча, кінулі лакаматыў на дарозе і сышлі ў лес. Машыніст і качагар не пагадзіліся іх везці і ўцяклі".

З рапарта флігель-ад'ютанта палкоўніка графа Бобрынскага да камандуючага войскамі бачна, што 15 сакавіка, каля 10 гадзін вечара патруль, пасланы з Гарадзенскай станцыі чыгункі ў кірунку маста цераз Нёман, паведаміў што каля дзяжурнага лакаматыва знаходзяцца невядомыя людзі. Незвычайнае ў начны час перасоўванне людзей і паравоза зацікавілі камандзіра роты і ён пакінуўшы варту каля тэлеграфа, са сваімі салдатамі рушыў да паравоза. Салдаты былі сустрэты стрэламі інсургентаў (каля 100 чалавек). Машыніст паравоза Вінтар і качагар адчапілі паравоз ад прыгатаваных для ад'езду вагонаў, таму калі Кульчыцкі сам пусціў паравоз, дык з'ехалі толькі з 8 паўстанцаў, якія былі на паравозе. Астатнія былі акружаныя расійскімі войскамі, два чалавекі ўзяты у палон, астатнія схаваліся ў горадзе, расейцы "захапілі 16 ружжаў, косы, шаблі, 1 пуд 30 фунтаў пораху" . Потым у горадзе былі арыштаваны яшчэ 46 інсургентаў.


Аналагічны выпадак адбыўся і з выправай віленскай моладзі: 21 сакавіка 60 паўстанцаў былі атакаваны атрадам (рота пяхоты і сотня казакоў) палкоўніка Алхазава каля вёскі Міцкіщкі Трокскага павету. У выніку няроўнага бою 17 паўстанцаў было забіта, частка трапіла ў палон, і толькі меншая частка, на чале з мастаком Міхалам Эльвірам Андрыёлі, здолела вырвацца і дайсці да Нарбута.

У палове сакавіка Нарбут выслаў частку свайго аддзела ў раён Забалаць - Нача - Валдацішкі для папаўнення добраахвотнікамі. Тут, па загаду камандзіра, за здраду, быў павешаны пісар з Забалаці. 21 сакавіка ў Сурконтах да аддзела далучылася 10 сялян, а Нявера з Пелясы прывёў 11 дабраахвотнікаў у Валдацішкі, маёнтак Геншаля. Стэфан Вільбік як вандроўны музыка, са скрыпкай у руках, абышоў увесь раён Нача - Эйшышкі - Радунь, усюды вербаваў ваяроў і накіроўваў іх у аддзел да Нарбута. Пра з'яўленне інсургентаў 27(14) сакавіка ў Вільню паведаміў і Лідскі ваенны начальнік: "Па атрыманых мною звесткам, у ... павеце, у Радунскім прыходзе, які мяжуе з лясамі Гарадзенскага павету, блукаюць групы мяцежнікаў ... . ... у ваколіцу Сурконты ... мяцежнікі ў значнай калькасці, узброеныя пісталетамі і дубальтоўкамі, прыйшлі ў суботу 9 сакавіка каля поўдня ... увялі 10 чалавек, праходзілі таксама праз Пелясу Барцянскую за ? вярсты ад Сурконтаў, дзе былы дзясятнік Нявера ... угаварыў к мяцяжу 10 чалавек казённых сялян, абяцаў прывесці іх у вёску Валдацішкі абшарніка Геншаля, дзе мяцежнікі збіраліся начаваць, (але) быў прагнаны абшарнікам Геншалем.

... гонар маю дадаць, што для пераследу ... фармаванай ... абшарнікам Нарбутам і ксяндзом Гарбачэўскім мяцежнай хеўры, якая павялічылася на даволі значную колькасць людзей, я свае часткі камандзіраваць не рашаюся, бо ... неабходна мець варту ў астрозе, у казначэйстве, пры парахавым склепе і ў іншых месцах - для гэта неабходны дзве роты, а калі адкамандзіраваць адну роту, дык астатняе войска ... будзе слабой абаронай горада, не магчыма будзе мець начныя патрулі, ... і таму для пераследу мяцежнікаў я маю гонар прасіць распараджэння Вашага Высакаправасхадзіцельства.

За ваеннага начальніка Маёр /подпіс/"

Рэзалюцыя Генерал-Губернатара на рапарце:

"Адначасова паслаць з Вільні і Гародні два атрады, у кожным па адной роце пяхоты і па 50 казакоў. Даручыць камандаванне падпалкоўніку Епіфанаву..." .

З даклада бачна добрая праца паўстанцаў па дэзінфармацыі супраціўніка, Геншаль як раз і быў "цывільным начальнікам Лідскага павету".

Бой паміж маёнткамі Дубічы і Глыбокае

Вось як апісваў выправу з Вільні на Лідчыну афіцэр лейб-гвардзейскага Паўлаўскага палка Воранаў: "Збор рот у экспедыцыю не абцяжарыў адпраўлення, таму што быў самым кароткім; людзі не бралі з сабой ранцаў, a замест іх мяшкі з сухарамі, хлебам і самымі неабходнымі рэчамі, на арцельныя вазы паклалі катлы, крупы і розныя запасы. Афіцэры таксама не дазвалялі сабе запасацца нічым лішнім: лямец з скураной падушкай, лішняя пара ботаў ... былі іх адзіным камфортам. Праз тры гадзіны, атрад выступіў з казармаў, a ў 7 гадзін ужо ехаў па чыгунцы. Перад адпраўкай цягніка, капітан Цімафееў распарадзіўся спыняць цягнік па яго камандзе, a на лакаматыў загадаў паставіць 5 выдатных стралкоў з зараджанымі стрэльбамі".

Нарбут не планаваў новых сутыкненняў, бо думаў, што на вялікдзень (у 1863 г. 12 красавіка каталіцкі і 31 сакавіка стст. праваслаўны), улады не будуць пачынаць баявых дзеянняў. 7 красавіка атрад паўстанцаў знаходзіўся ў маёнтку Рачкоўшчына, адтуль пайшоў да Шчучына, дзе нейкі час стаяў лагерам, а далей праз Новы Двор перайшоў да Глыбокага, побач з Гарадзенскай пушчай.

Ужо 10 красавіка капітан Цімафееў на чале дзвюх рот Паўлаўскага лейб-гвардзейскага палка і паўсотні казакоў выйшаў з Ліды да Берштаў для пошуку Нарбута, 13 красавіка з той жа мэтай з Гародні высунуўся палкоўнік Вернер на чале трох рот Калужскага палка пяхоты, эскадрона Курляндскага палка ўланаў і сотні казакоў. Нарбут дазнаўшыся пра гэтыя перасоўванні расійскіх войскаў разбурыў мост на рацэ Котры каля Берштаў і праз Пілоўню (Пілоўня - засценак на рацэ Нявіша, 10 км ад Новага Двара) накіраваўся да лагера ў Гарадзенскай пушчы.

Капітан Цімафееў 11 красавіка прыбыў у Бершты, тут рускімі войскамі быў павешаны солтыс і пісарчук. Дапытваючы сялян, Цімафееў даведаўся, куды пайшоў Нарбут: ".... неўзабаве была атрымана інфармацыя, што каля вёскі Бершты мяцежнікі разабралі мост на рацэ Котра. Даведаўшыся пра гэта, начальнік атрада загадаў ротам паскорыць крок і разабраць хлеб на рукі з пакінутых фурманак, на падводы пасадзіць людзей з шанцавымі прыладамі для папраўкі моста, сам жа з 35 казакамі накіраваўся рыссю ў Бершты. ... мост ... аказаўся разбураны; палі моста засталіся ў цэласці, бэлькі былі надсечаны, a насціл скінуты і знесены плынню". Казакі перайшлі раку бродам, а салдаты па бэлькам моста і рускі атрад фарсіраваным маршам пайшоў на Пілоўню. "З роспытаў сялян ... нічога нельга было дамагчыся; ад іх увесь час мы атрымлівалі аднастайны адказ: "Далі Буг, ніцма не ведаю". Аднак казакі даведаліся, што ў фальварку Глыбокае Нарбут з ксяндзом Гарбачэўскім, прыводзілі да прысягі навербаваных сялян, акрамя таго даведаліся, што хеўра рушыла лясамі ў в. Дубічы" . Ідучы следам, Цімафееў дагнаў атрад Нарбута і пачаў пошукі інсургентаў: спачатку войскі агледзелі паўночную частку лесу, якая знаходзілася паміж Дубічамі і Глыбокім і не сустрэлі ў гэтай частцы лесу нікога, але салдаты дашлі да фальварка Дубічы абшарніка Янкоўскага, "пры аглядзе якога знойдзена ў свіранах велічэзная колькасць харчоў для разгавення, бо гэта было напярэдадні Вялікадня. Яўрэі шапталі, што гэта прыгатавана для мяцежнікаў. Мітусня, якаю зрабілася ў фальварку пры з'яўленні войскаў, прымушала мімаволі меркаваць, што паўстанцы толькі што яго пакінулі" . Далей "капітан Цімафееў рашыўся агледзець паўднёвую частку лесу ў ... баявым парадку. Толькі наш ланцуг пачаў падыходзіць да ўзлеску, як быў сустрэты залпам; падпусціўшы нас на 30 крокаў, мяцежнікі далі яшчэ залп, які перайшоў у беглы агонь. Мяцежнікі стралялі, прыкрываючыся засекамі, складзенымі з напалову надсечаных дрэў. Яны так майстэрскі карысталіся гэтым, што іх практычна не было бачна, і нашым салдатам, даводзілася страляць на дымок" . Пачаўся няроўны бой, аддзел паўстанцаў меў не больш за 150 чалавек супраць 500 салдат, прычым занятая пазіцыя ўсё ж не была зручнай для абароны. Пасля перастрэлкі паўстанцы хутка адступілі ў глыб лесу. "Пераслед ... быў спынены з-за густога лесу, з прычыны цемры і моцнай стомы людзей. У нас былі забіты: радавы Панькоў і Мацвееў: paнены ўнтар-афіцэры: Любімаў, Ліцвінаў і радавыя: Малацілаў і Залыгін" . Рускі атрад, які стаміўся ад 50-ці кі-ламетровага маршу і бою, заначаваў у суседнім Новым Двары.

* Друкуецца ў скарочаным варыянце. Поўны тэкст будзе надрукаваны ў часопісе "Лідскі летапісец" № 2 (62) за 2013 год.

(Працяг у наст. нум.)

Леанід Лаўрэш


У Пастаўскім раёне ўшанавалі памяць паўстанцаў

У Пастаўскім раёне актывісты Віцебскай вобласці ўшанавалі памяць загінулых у час паўстання 1863 года. Мерапрыемства было зладжана з нагоды смерці на шыбеніцы 22 сакавіка 1864 года Кастуся Каліноўскага, які быў публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні.

На акцыі прысутнічалі прадстаўнікі Руху "За Свабоду", кампаніі "Гавары праўду", партыі БХД і іншыя. Актывісты ўсклалі кветкі да помніка, прачыталі ўрыўкі з "Лістоў з-пад шыбініцы" Кастуся Каліноўскага, а таксама прысвечаныя яму вершы. Таксама паслухалі некалькі дакладаў пра мясцовых удзельнікаў паўстання і правялі віктарыну. Лепшыя знаўцы гісторыі паўстання і біяграфіі Кастуся Каліноўскага атрымалі ўзнагароды.

Як сказаў адзін з арганізатараў мерапрыемства, балгарын па нацыянальнасці, каардынатар Руху "За Свабоду" Хрыстафор Жэляпаў: беларусам уласцівы нігілізм, але хочацца, каб беларусы былі гаспадарамі сваёй зямлі.

- Я сябе адчуваю грамадзянінам гэтай краіны. І я не збіраюся змяняць грамадзянства. І нават не збіраюся з'язджаць у Балгарыю або кудысьці яшчэ. І я хачу, каб гэтая краіна была вольнай, незалежнай, самастойнай. І я тады буду сябе лепей адчуваць як грамадзянін. Таму я хачу, каб беларусы сталі гаспадарамі на сваёй зямлі. Мне будзе больш ўтульна.

Помнік у выглядзе крыжа з надмагільнай плітой быў усталяваны ў вёсцы Свірдуны Лынтупскага сельсавета на месцы гібелі паўстанцаў мясцовым ксяндзом у 1934 годзе. На пліце ледзь заўважна напісана па-польску: "Тут спачываюць парэшткі герояў, якія загінулі за свабоду Айчыны ў 1863 годзе".

Беларускае Радыё Рацыя.


Каляндарыкі да 150-годдзя паўстання

Таварыства польскай культуры на Лідчыне выпусціла каляндарыкі да 150-годдзя паўстання 1863-64 гг. На каляндарыках партрэты герояў паўстання Баляслава Колышкі і Людвіка Нарбута.

Наш кар.


ГЛЫБОКІ НАВУКОВЕЦ, АКТЫЎНЫ ЗБІРАЛЬНІК, ШЧЫРЫ ПАПУЛЯРЫЗАТАР ФАЛЬКЛОРУ

Да 75-годдзя беларускага фалькларыста і дырыжора Ўладзіміра Раговіча

З Уладзімірам Іосіфавічам я пазнаёміўся ў 1988 годзе, калі ён працаваў у навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору і дыялекталогіі, і калі я перайшоў працаваць з ІМЭФ АН Беларусі на філалагічны факультэт БДУ. Хочацца падзяліцца сваімі думкамі пра гэтую цікавую і незвычайную персону. Адразу кінулася ў вочы, што гэта чалавек справы і мае высокаразвітую чалавечую і нацыянальную годнасць, глыбока ведае не толькі вусную народную творчасць, але і народнае харавое мастацтва. Ён не дазваляў сябе прыніжаць і крыўдзіць, адразу ставіў нахабніка на сваё месца.

Нарадзіўся Уладзімір Іосіфавіч Раговіч 23 сакавіка 1938 года у г.п. Парычы Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Яго тата быў дваццаціпяцітысячнікам, таму меў павагу ў жыхароў гэтага населенага пункта. Аднак як і многія ў той час хварэў на сухоты, і за некалькі гадоў да Другой Сусветнай вайны памёр. А Валодзя нарадзіўся ў такой сям'і, дзе любілі і ведалі народныя песні. Бацькі ўжо не было, а яго двухгадовы сын навучыўся спяваць беларускую народную песню "Пасею гурочкі".

Як гэта часта бывае, больш за ўсё песень на роднай мове ведаюць, як правіла, жанчыны. Бадай што так было і ў сям'і Раговічаў. Таму не дзіўна, што першыя песні на роднай мове Валодзя пачуў ад маці, Улляны Афанасьеўны. Дый дзякуючы маці, дзеці змаглі выратавацца ў час вайны. Пасля вайны Валодзя закончыў сем класаў Парычскай школы.

У сярэдзіне 50-х гадоў Уладзімір пачаў працаваць інструктарам-масавіком у раённым Доме культуры ў Парычах, спяваў са сцэны беларускія народныя песні звонкім тэнарам і стаў параможцам аднаго з раённых конкурсаў. І яго прыкмецілі. Заўважыў таленавітага маладога хлопца выкладчык Гомельскага музычнага вучылішча імя М. Сакалоўскага Аляксей Лукомскі. Ён і запрасіў паступаць ў гэтую вучэльню. У 1959 годзе па заканчэнні вучылішча Уладзімір Іосіфавіч атрымаў рэкамендацыю для паступлення ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. Луначарскага на факультэт харавога дырыжыравання (клас народнага артыста БССР Аляксея Пятровіча Кагадзеева). Па заканчэнні кансерваторыі У. Раговіч, як піша яго жонка Наталля Мазурына ў біяграфічным накідзе пра У. Раговіча, "атрымаў накіраванне на працу ў Дзяржаўнай акадэмічнай харавай капэле БССР на пасадзе дырыжора-хармайстара побач з Рыгорам Раманавічам Шырмам - гонар, які выпадаў нямногім. У двух дырыжораў - сталага і маладога - склаліся незвычайна цёплыя, шчырыя прафесійныя і асабістыя адносіны. Рыгор Раманавіч часта называў Уладзіміра "сынком".

У 1970 годзе вырашалася, хто ж заменіць Рыгора Раманавіча на яго пасадзе. І тут вялікую ролю адыграла характарыстыка, дадзеная У. Раговічу Шырмам. От як характарызаваў, па словах Н. Мазурынай, сівавалосы дырыжор Уладзіміра Іосіфавіча: "Малады, таленавіты, любіць папраляць кампазітараў (дасканалае веданне вакалу, гармоніі і тонкае адчуванне музыкі сапраўды дазвалялі Уладзіміру Раговічу рабіць добрыя парады кампазітарам, што яны прызнавалі і называлі Уладзіміра Іосіфавіча сааўтарам)" . Шырмаўская характарыстыка Раговіча аказалася самай лепшай (Рыгор Раманавіч характарызаваў таксама яшчэ двух прэтэндэнтаў на пасаду галоўнага дырыжора-хармайстра Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР). Кіраўніцтва прызначыла Уладзіміра Іосіфавіча мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР імя Р. Р. Шырмы, якой ён і кіраваў да 1982 года. Важна заўважыць, што ў час кіравання капэлай Раговічам у 1977 годзе на Усесаюзным конкурсе прафесійных харавых калектываў Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР імя Р. Р. Шырмы ўпершыню заваявала званне "Лаўрэата" і заняла другое месца. Менавіта пры У. І. Раговічу капэла атрымала свае ганаровыя званні.

У сваёй творчай дзейнасці Уладзімір Іосіфавіч працягваў і развіваў традыцыі Р.Р. Шырмы: большую частку рэпертуару капэлы складалі беларускія народныя песні ў аранжыроўцы А. Багатырова, М. Гайваранскага, А. Грачанінава, А. Кошыца, М. Калесы і інш. (у т. л. "Пірапёлка", "Ой, загуду, загуду", "Гоман, гоман на вуліцы", "Нявестанька", "Зорка Венера"). Выконвала капэла, як піша Н.Г. Мазурына, і апрацоўкі беларускіх народных песень Уладзіміра Іосіфавіча: "Ой, сівы конь бяжыць", "Із далёкіх із краёў", "Мікіта", "Дробненькі дожджык", "А дзе ж тая крынічанька", "Ой, на Купалле, на Яна", "Камары гудуць". Работа ў капэле была важным і вельмі адказным перыядам у жыцці і творчай дзенасці Ўладзіміра Раговіча. Нездарма мне ён казаў: "Кіруючы людзьмі, трэба хадзіць як па брытве", то бок гэта вельмі складаная і тонкая праца, людзей шмат, і нялёгка кожнаму дагадзіць.

З 1982 г. выкладаў у Менскім педінстытуце, Пінскай педагагічнай вучэльні. З 1957 года Раговіч пачаў запісваць беларускія народныя песні, якіх сабраў больш за 3 тысячы. З запісаных ім песенных твораў асаблівую ўвагу звяртаюць на сябе 30 варыянтаў песні "Ой, жураўко, жураўко", якія ён запісаў у асноўным у паўднёвай частцы Беларусі, і, як успамінаецца, з вялікай ахвотай і любасцю прайграваў іх на піяніна ў нас у лабараторыі беларускага фальклору.

У час працы ў лабараторыі пры філалагічным факультэце БДУ выйшлі ў свет наступныя яго кнігі: "Вянок беларускіх народных песень" (1988), "Песенны фальклор Палесся" у 3-х тамах (т. 1 - "Песні святочнага календара" (2001), т. 2 - "Вяселле" (2002). Ён з'яўляўся ўкладальнікам музычных частак зборнікаў "Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры. Гомельская вобласць" (1989), "Песні і строі Піншчыны" (1994), з В. Ліцьвінкамі М. Раманюком), "Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць" (1995).

Само сабой напрошваецца параўнанне паміж Уладзімірам Раговічам і Васілём Ліцьвінкам. Як першы, так і другі былі палешукамі. Праўда, Раговіч нарадзіўся на Гомельскім Палессі, Ліцьвінка ж - на Берайсцейскім. Як Уладзімір Іосіфавіч,так і Васіль Дзмітравіч былі моцна складзенымі і энергічнымі ад прыроды, упэўненымі ў сябе людзьмі, а таму і не дзіўна, што валодалі высокаразвітым пачуццём уласнай годнасці. Гэтыя два незвычайныя чалавекі з'яўляліся выдатнымі знаўцамі вуснай народнай творчасці беларускага народа, глыбокімі даследчыкамі духоўнай спадчыны нашых продкаў, актыўнымі збіральнікамі і прапагандыстамі беларускага фальклору. Адзін і другі валодалі вялікай працаздольнасцю, за месяц маглі зрабіць, бадай, больш таго, што іншым не пад сілу было выканаць і за некалькі месяцаў. Дый пра гэта сведчаць шматлікія ўзнагароды, ганаровыя граматы і інш. У багатай духоўнай культуры беларусаў і ў яе даследчыкаў яны чэрпалі ідэі для сваіх задум, наступных публікацый, навуковых праектаў. Можна сказаць, што культура нашых продкаў прыбаўляла ім моцны зарад энергіі. Як Раговіч, так і Ліцьвінка былі закаханыя ў песню беларускага народа і яго мову. Ніхто, здаецца, ў Беларусі так не любіў Палессе, палешукоў, іх песні і традыцыйную народную культуру, як Васіль Ліцьвінка і Уладзімір Раговіч.

А Ліцьвінка наогул быў вялікім патрыётам Палесся. Са мной, верагодна, многія згодзяцца. Васіль Дзмітравіч не раз гаварыў, што яго настаўнікамі былі Рыгор Шырма і Генадзь Цітовіч. І менавіта з іх дзейнасці ён і браў прыклад. Яму падабалася, напрыклад, калі Шырма размаўляў на беларускай літаратурнай мове, але з палескай фонікай. З Шырмам наканавана было сустрэцца на сваім жыццёвым шляху і У. І. Раговічу, як ужо згадвалася.

Такім чынам, Уладзімір Раговіч пакінуў вельмі значны, глыбокі след у беларускай навуцы і наогул духоўнай культуры. Песні, сабраныя і апрацаваныя У.І. Раговічам, будуць і далей радаваць людзей не толькі сінявокай Беларусі, але і іншых краін.

Анатоль Літвіновіч.


Новых кніжак табе, сябар!

Спроба рэцэнзіі

У маёй хатняй бібліятэцы сярод іншых паэтычных зборнікаў ёсць і кнігі жабінкаўскіх творцаў Алеся Каско і Васіля Сахарчука. Іх, дастаткова таленавітых паэтаў, я ведаў асабіста. А вось яшчэ з адным прадстаўніком літаратурнай Жабінкаўшчыны я пазнаёміўся ўжо завочна, дзякуючы ягонай кніжцы вершаў "Голас", якую даслаў мне з Украіны мой сябар, ровенскі мастак Мікола Пашкоўскі. Аўтар дасланай мне кнігі Васіль Гадулька, на вялікі жаль, не пабачыў свайго першага зборніка, бо заўчасна адышоў у свет іншы. Ды не ў нябыт, бо вершы паэта настолькі дасканалыя і глыбокія, што яны не толькі ў нейкай с тупені вартасна папоўнілі скарбніцу беларускай паэзіі, але і па сённяшні дзень вымушаюць аматараў паэтычнага слова шчыра шкадаваць, што Васілёва творчасць перарвалася так рана. Адно ўспрыймаецца без сумнення: вершам Васіля Гадулькі, як і яму самому, ужо суджана жыць сярод нас доўга-доўга.

Не, і сапраўды жабінкаўскае паветра, па ўсяму бачна, станоўча ўплывае на тых, хто ад нараджэння з малаком маці і з Боскага дабраслаўлення быў адораны літаратурнымі здольнасцямі, якія і сталі потым сэнсам іхняга далейшага жыцця. А кажу так таму, што мой хатні кніжны збор папоўніўся яшчэ адной паэтычнай кніжкай, на гэты раз Аляксея Ганчука, усё з таго ж невялічкага гарадка на Берасцейшчыне з мілагучнай назвай Жабінка.

І гэтага чалавека я ведаў асабіста, нават двойчы працаваў з ім: спачатку ў маларыцкай райгазеце "Сельскае жыццё", пазней - у івацэвіцкай незалежнай "Газеце для вас". Без перабольшвання скажу: гэта было прыемнае супрацоўніцтва, дзякуючы якому я з задавальненнем чытаў надрукаваныя ў газетах невялічкія па памеры, але даволі глыбокія па думцы вершы Аляксея. Асабліва падабаліся лірычныя радкі, змешчаныя ў якасці падтэкстовак пад ягонымі ж фотаэцюдамі. Тут трэба зазначыць, што ў Аляксея Ганчука вельмі ўдала спалучаліся захапленне паэзіяй і занятак фатамастацтвам, што сведчыць пра сапраўдную паэтычную натуру чалавека.

Першую кніжку вершаў А. Ганчука з загадкавай назвай "Белы ганак" я, як кажуць у такіх выпадках, літаральна праглынуў, настолькі яе смест авалодаў мною сваёй шчырасцю і простасцю, уменнем паэта ўбачыць у нашым шматбаковым і супярэчлівым жыцці тое галоўнае, што і робіць, ці заклікае рабіць, наша зямное існаванне больш чалавечным і годным.

Я не літаратурны крытык, ніколі не рэцэнзаваў анічыіх кніжак, бо лічу, што гэта справа спецыялістаў, але мяне настолькі ўсхвалявалі многія з тых 105-ці вершаў, якія склалі першую кніжку Аляксея Ганчука, што прымусілі ўзяцца за гэты артыкул. А кранулі яны мяне сваёй пявучасцю, дакладнай назіральнасцю за навакольным жыццём, уменнем вобразна выказаць тую ці іншую думку. Ну як, скажыце, можна застацца абыякавым да такіх радкоў:

Хто спяшаецца ў храм,

той не вернік яшчэ -

Вернік той, чыё слова

гучыць як малітва.

Міжволі тут успамінаецца біблейскае: "Напачатку было слова..." Ці вось яшчэ чатыры радкі з верша А. Ганчука:

Грашу. Бо люблю страляніну

І зыркаю з замілаваннем,

Як палькае лютаўскім раннем

У печы сухая драўніна.

Скажыце, хто з нас, каму пашчасціла нарадзіцца і жыць у вёсцы, не назіраў з задуменнасцю і замілаваннем, як страляюць у грубцы сухія бярозавыя дровы і не атрымліваў асалоду ад тых мірных стрэлаў і таго чароўнага цяпла, якія нават нас, падлеткаў, натхнялі, калі не на вершы, дык на нейкі лірычны-летуценны стан душы і дарослую задуменнасць над сэнсам свайго зямнога існавання?

Аляксей Ганчук тонка адчувае і гэтак жа тонка апявае нашу беларускую прыроду і ўсё жывое ў ёй. Вось як гучыць адзін з такіх вершаў - дакладна і нават ласкава:

Прачнуўся чмель

на нізкарослай мяце,

Зайграў вясёлкай

свежы небакрай,

І сонца атуляе родны край,

Як мацерка -

калыску немаўляці.

Або вось у вершы побач:

Заплакала кнігаўка. Плача

Пра долю сваю, не іначай.

Услухацца ў голас тужлівы -

І свет распазнаеш, мажліва.

Шчыра, кранальна ўспамінае паэт свае юначае каханне, якое, як вядома, не заўсёды радуе, а нярэдка і расчароўвае сваім непрадбачаным расстаннем, пра што з патоеным сумам ён гаворыць у сваім чатырохрадковым вершы "Расстанне":

Наша вогнішча тлее, згасае,

Ты згаджаешся жыць без яго.

Гэта ноч

беспрасветна глухая:

Больш не ўбачым адзін аднаго.

Не адно прырода і каханне натхняюць А. Ганчука на паэзію. Глыбока трывожаць яго сацыяльныя праблемы, якія, нягледзячы на высілкі многіх людзей, усё больш адольваюць нас, асабліва што тычыцца жыцця нашых маленькіх вёсак. З болем у сэрцы гэтак піша паэт:

Каштан сканянеў. Як жыццё.

Дрымота, і вечар пажоўклы.

Хацінаў забітыя вокны.

Калодзеж. Парожні. Асцё...

Альбо возьмем гэты верш:

Хворыя духам

мармычуць пад плотам.

Гінуць не горшыя ў краі сыны.

Дзеці ў прытулках,

падлеткі за дротам,

Хто вам сказаў,

што жывем без вайны?..


Немагчыма ў кароткай рэцэнзіі адлюстраваць літаратурную і грамадзянскую каштоўнасць вершаў са зборніка "Белы ганак". Іх трэба абавязкова прачытаць, каб пераканацца, што, як ужо і згаданыя раней паэты Жабінкаўшчыны, Аляксей Ганчук зрабіў упэўненыя крокі ў краіну пад назвай Паэзія. Пры некаторых недасканаласцях і спрошчанасцях, якіх пазбягае далёка не кожны паэт, ён удала ўліўся, ці ў рэшце рэшт, спрабуе ўліцца і, трэба сказаць, небеспаспяхова, у жыватворную плынь беларускай паэзіі, а значыць, так ці інакш узбагачае яе сваім уласным разуменнем і асэнсаваннем жыцця і ўменнем па-свойму выказаць паэтычным радком тую ці іншую думку, сваё бачанне свету. А гэта і абнадзейвае, мацуе наша спадзяванне ў тым, што аматары паэзіі дачакаюцца новых вершаў Аляксея Ганчука, з цягам часу возьмуць у рукі новы ягоны зборнік, выдадзены на гэты раз не за ўласны кошт і не гэткім невялічкім накладам у 90 асобнікаў, а дзяржаўным выдавецтвам, чаго аўтар, на мой погляд, ужо заслугоўвае.

На гэта спадзяецца, працягваючы свой літаратурны пошук, і сам Аляксей, пра што сведчаць яго наступныя радкі:

Ды кажуць,

нельга скардзіцца на лёс.

З надзеяй

адчыняю ранкам дзверы,

Каб новы дзень

жаданне жыць прынёс...

Няхай жа кожны новы дзень разам з жаданнем жыць прыносіць Аляксею Ганчуку і новыя ўзнёсныя вершы, а кожны пражыты год - новыя кніжкі вершаў. І не інакш!

Мікалай Рымач, г. Івацэвічы.


У Гародні прэзентавалі "Новы замак"

Вечарына, прысвечаная выхаду літаратурнага альманаха "Новы замак", адбылася 21 сакавіка ў канферэнц-зале Гарадзенскай абласной бібліятэкі імя Я. Карскага, што месціцца ў адметным гістарычным месцы - у Новым замку. На вечарыне прысутнічалі літаратары і неабыякавыя да прыгожага пісьменства госці.

У альманах увайшлі паэзія, проза, пераклады, а так-сама крытыка і хроніка літаратурнага жыцця Гародні мінулага года. Прафесар Купалаўскага ўніверсітэта Аляксей Пяткевіч кажа, што альманах "Новы замак" адпавядае форме жанру альманаха, у якім павінны прысутнічаць новыя імёны, якіх там багата.

- Ён прадугледжвае разнастайнасць імёнаў. Пры самым беглым пераглядзе нашага альманаха, ён робіць добрае ўражанне багаццем імёнаў. Імёны - гэта людзі, якіх мы нават ведаем, але ў дадзеным выпадку адкрываем іх з нечаканага боку, як аўтараў публікацый у гарадзенскім альманаху. І таму імёны, імёны, імёны - вось, што важна для альманаха.

Вядоўцай вечарыны была даследчыца і выкладчыца Ала Петрушкевіч.

З прамовай выступіў Ігар Жук, у аўтарскім выкананні прагучалі вершы Дануты Бічэль, Мечыслава Курыловіча, Ганны Аўчыннікавай, Анатоля Брусевіча.

Студэнты-філолагі ўніверсітэта імя Янкі Купалы падрыхтавалі дэкламацыю твораў гарадзенскіх літаратараў - іх выступ стаў прыемным сюрпрызам для ўсіх прысутных. Яны як найбольш актыўныя ўдзельнікі вечарыны заслужана атрымалі прэзенты ад кампаніі "Будзьма беларусамі", пры падтрымцы якой адбылася імпрэза.

У альманаху змясцілі свае творы як знаныя аўтары, так і не вядомыя шырокаму колу чытачоў. Асобныя гарадзенскія паэты на старонках альманаха спрабуюць сябе ў прозе. Сярод 21 аўтара ёсць твор ужо адыйшоўшага ў іншы свет Юрыя Гумянюка.

А гарадзенскія літаратары ўжо задумваюць працу над чарговым, гадавым альманахам.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX