Вярнуцца: 2013

№ 16 (1115)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 16 (1115) 17 красавіка 2013 г.

18 красавіка - Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін

Дзень гэты ўстаноўлены ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднага савета па пытаннях аховы помнікаў і адметных мясцін, створанай пры ЮНЕСКА. Беларусь імкнецца да прыкладу развітых еўрапейскіх краін, дзе ашчадліва і далікатна ставяцца да ўласнай гісторыі. Адпаведным чынам развіваецца і наша заканадаўства. Згадайма "Закон Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь"; Палажэнне "Аб парадку вядзення Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь"; Указ кіраўніка дзяржавы "Аб некаторых пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны". Ca сваёй культурнай адметнасцю, годным стаўленнем да ўласнай - далёка не адназначнай і драматычнай, але багатай і вялікай - гісторыі мы можам заняць "пачэсны пасад між народамі", якія пакуль яшчэ, на жаль, гэтак мала ведаюць пра старажытную і маладую краіну ў самым цэнтры Еўропы. Зрэшты, а наколькі мы самі ведаем сябе, ці ўяўляем глыбіню і веліч гісторыка-культурнага патэнцыялу Беларусі? Дуга мерыдыяна Струве; Камянецкая вежа; Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку; Гомельскі палацава-паркавы ансамбль; Барысаглебская (Каложская) царква ў Гародні; Аўгустоўскі канал; рэдкасныя ўзоры абарончага дойлідства - Сынкавіцкая царква, касцёл у Камаях; замкавы комплекс "Мір", з якога пачалося далучэнне нашых каштоўнасцей да славутага Спісу ЮНЕСКА; Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль; Белавежская пушча. Не пералічыць беларускіх помнікаў і гістарычных мясцін, звязаных з дзейнасцю выбітных асоб, са з'явамі духоўнага і мастацкага жыцця, з ваеннымі падзеямі. Яны - па ўсёй краіне! Берасцейская цвердзь; "Хатынь"; Буйніцкае поле; сталічная Плошча Перамогі. Гарады-музеі: Полацк, Нясвіж, Пінск, Тураў, Заслаўе. Руіны Наваградскага і Крэўскага замкаў. Мясціны Купалы і Коласа, М. Багдановіча, А. Міцкевіча, Н. Орды і С. Манюшкі, М. Кл. Агінскага, Т. Касцюшкі... Апошнім часам набыў папулярнасць унікальны куток на паўднёвай ускраіне сталіцы - Лошыца, гістарычная мясціна і помнік сядзібна-паркавага мастацтва 2-й паловы пазамінулага стагоддзя. Кажуць, наведваліся ў гэты маляўнічы куток С.А. Панятоўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, С. Манюшка...

Святлана БЕРАСЦЕНЬ.


Чатыры аб'екты Беларусі перспектыўныя для ўключэння ў Спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА

У Беларусі досыць шмат гістарычных помнікаў, якія з'яўляюцца перспектыўнымі для ўключэння ў гэты прэстыжны спіс. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар Нацыянальнага статыстычнага камітэта Вольга Клаўсуць.

Сярод іх Камянецкая вежа (вежа XIII стагоддзя вышынёй каля 30 м з таўшчынёй сцен у 2,5 м - тыповы донжон, некалі распаўсюджаны ў сярэднявечнай Еўропе, але да нашых дзён захаваны толькі ў самых зацішных яе кутках); царква абароннага тыпу ў вёсцы Сынкавічы (у архітэктуры храма, збудаванага ў канцы XV - пачатку XVI стагоддзяў, ; масіўныя сцены, вежы, памяшканні над зборамі з байніцамі робяць царкву падобнай на невялікі замак); Касцёл езуітаў у Нясвіжы (пабудаваны ў 1587-1593 гадах як копія галоўнага ордэнскага храма езуітаў Эль Джэзу ў Рыме, з'яўляецца першым будынкам у стылі барока на тэрыторыі Рэчы Паспалітыя, служыць радавым магільным склепам адной з самых багатых і магутных сем'яў Еўропы - Радзівілаў); Палацава-паркавы комплекс у Гомелі (закладзены ў 1777 годзе генерал-фельдмаршалам Пятром Аляксандравічам Румянцавым, уяўляе сабою гарманічнае спалучэнне ў адзіным ансамблі рэльефу мясцовасці, архітэктуры, зелені, адзін з лепшых узораў стылю класіцызму канца XVIII - пачатку XIX стагоддзяў).

БЕЛТА.


180 гадоў з дня нараджэння Віктара Атона Каліноўскага

Віктар Атон Каліноўскі (21 красавіка 1833, в. Мастаўляны - 6 лістапада 1862) - гісторык, археограф, бібліяфіл, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху 1860-х гадоў. Старэйшы брат Кастуся Каліноўскага.

Сярэднюю адукацыю атрымаў у Свіслацкай і Гарадзенскай гімназіях. У 1852 паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. З 1856 у Пецярбурзе. Па даручэнні Віленскай археалагічнай камісіі працаваў у Імператарскай публічнай бібліятэцы, адшукваў старадаўнія рукапісы па гісторыі Літвы і Беларусі. У 1858-62 адзін з кіраўнікоў нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі, якую складалі выхадцы з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны ў Пецярбурзе. Распаўсюджваў сярод членаў арганізацыі гістарычную літаратуру, займаўся вярбоўкай новых членаў, наладжваў сувязі з рэвалюцыйнымі арганізацыямі Кіева і Масквы. З 1857 падтрымліваў навуковыя сувязі з бібліятэкай Асалінскіх у Львове, з яе супрацоўнікам, а потым дырэктарам А. Бялеўскім, дапамагаў яму ў выданні спадчыны гетмана Станіслава Жалкеўскага, навуковай працы "Monumenta Poloniae Historica". Падчас працы ў Публічнай бібліятэцы складаў генеалагічныя даведкі для прыватных асоб, даследаваў гісторыю ВКЛ, антыпрыгонніцкіх сялянскіх рухаў на Беларусі і Украіне. Падрыхтаваў да друку на рускай мове манаграфію "Уманская разня" пра паўстанне 1768 украінскіх сялян у г. Умань (цяпер Чаркаская вобласць, па невядомых прычынах праца не выйшла ў свет). Складальнік "Каталога калекцыі Жэготы Анацэвіча" (СПб., 1859), дзе апісаў першакрыніцы і ў каментарыях выказаў свае погляды па пытаннях беларускай і польскай гісторыі. Сабраў унікальную бібліятэку, якая налічвала больш за 5000 рукапісаў і кніг, прысвечаных галоўным чынам гісторыі ВКЛ. Супрацоўнічаў са штодзённай польскамоўнай газетай "Slowo" ("Слова"), якую выдаваў у 1859 у Пецярбурзе І. Агрызка. Восенню 1862 захварэў на сухоты, выехаў да бацькі ў фальварак Якушоўка Ваўкавыскага павета Гарадзенскай губерні, дзе і памёр.

Вікіпедыя. На здымку: магіла В. Каліноўскага ў Свіслачы.


110 гадоў з дня нараджэння Платона Галавача

Галавач Платон , нарадзіўся 18.04.1903 г. у вёсцы Пабокавічы Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Застаўшыся без маці, з сямі год наймаўся за пастуха. У 1922-1923 гг. - інструктар Барысаўскага павятовага камітэта камсамолу. У 1926 г. скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі ў Менску і пачаў працаваць загадчыкам аддзела ЦК ЛКСМБ, з 1928 г. быў першым сакратаром ЦК ЛКСМБ і рэдактарам газеты "Чырвоная змена". З лістапада 1929 да сакавіка 1930 г. - намеснік наркама асветы БССР. Адзін з кіраўнікоў літаратурных арганізацый "Маладняк", БелАПП. У розны час рэдагаваў часопісы "Маладняк", "Полымя". Абіраўся сябрам ЦК КПБ (1927-1930) і сябрам ЦВК БССР (1927-1935). Сябар СП СССР з 1934 г. У 1937 г. рэпрэсаваны. Расстраляны 29.10.1937 г. Рэабілітаваны 25.07.1956 г.

Пачаў друкавацца з 1921 г. Аўтар зборнікаў апавяданняў "Дробязі жыцця" (1927), "Хочацца жыць" (1930), "Апавяданні" (1934), аповесцей "Вінаваты" (1930), "Спалох на загонах" (1930), "Даляры" (1931), "Носьбіты нянавісці" (1936, часопіс "Полымя рэвалюцыі"), "Яны не пройдуць!" (1937, часопіс "Полымя рэвалюцыі"), рамана "Праз гады" (1935, перавыдадзены ў 1936, 1984), нарыса пра будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала "Ад Мядзведжай гары да Белага мора" (1934). У 1958 г. выйшаў Збор твораў у 3 тамах. У 1963 г. часопіс "Полымя" надрукаваў "Пісьмы Платона Галавача".

Вікіпедыя.


У Вільні адбылася V канферэнцыя беларусаў Балтыі і замежжа

6-7 красавіка 2013 г. у Вільні праходзіла V канферэнцыя беларусаў Балтыі і замежжа, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі і Беларусі. Арганізаваў і правёў канферэнцыю старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька.

Сёння, як ніколі, востра стаіць праблема не толькі страты незалежнасці Рэспублікай Беларусь, але і праблема знікнення саміх беларусаў. На жаль, беларуская нацыя апынулася ў такім становішчы, калі робіцца ўражанне, што ўлада зацікаўленая як мага ў найхутчэйшым знікненні беларускай нацыі, аб чым яскарава сведчыць нахабная і адкрытая русіфікацыя. У сучасны момант яна набыла такія маштабы, якіх не было нават за часамі Расійскай Імперыі і антычалавечага камуністычнага рэжыму, калі беларускасць не толькі мэтанакіравана выводзіцца з грамадскага ўжытку, але афіцыйнымі ўладамі зводзіцца да маргінальнай і антыграмадскай з'явы. У Беларусі дажыліся да таго, што размаўляць па-беларуску не толькі сорамна і смешна, але і злачынна. З аднаго боку мы маем сваю дзяржаву, але з іншага - яна цалкам анты-беларуская. І гэта прыводзіць да таго, што беларуская нацыя асімілюецца як на сваёй этнічнай радзіме, так і ў іншых краінах пражывання. У такіх складаных умовах мы ўвайшлі ў ХХІ ст.

І зараз паўстае рытарычнае пытанне: быць ці не быць беларускай нацыі. З аднаго боку яна выпакутавала сабе месца ў еўрапейскай сям'і народаў, з іншага - згубіла яго праз сваю абыякавасць да сваіх дзядоў. Праблема русіфікацыі, якая так востра паўстала ў Беларусі - гэта праблема не толькі ўладаў, гэта найперш праблема саміх яе насельнікаў, якія дабраахвотна адмовіліся ад мовы сваіх прашчураў, ад мовы, на якой іх сустракалі матулі, на парозе сваіх дамоў, калі яны з горада вярталіся праведаць сваіх бацькоў, ад мовы, якую яны першай пачулі ў сваім жыцці, бо на ёй матуля ім спявала свае калыханкі і на ёй гаманілі ў іх сем'ях і вёсках. Таму ў многім складана зразумець тое, што беларусы самі адмовіліся ад самага святога - мовы, дадзенай ім Богам.

І зразумела, што асноўная прычына асіміляцыйных працэсаў - гэта тое, што беларусы не размаўляюць на сваёй мове. І як вынік - іх дзеці ўжо не адчуваюць сябе беларусамі, нават калі самі бацькі яшчэ лічаць сябе імі. Такім чынам, ужо першае пакаленне праз рускую мову індэнтыфікуе сябе з іншай нацыяй. І гэты працэс безнадзейны. Другая прычына - гэта тое, што беларусы забытыя сваёй этнічнай Бацькаўшчынай, якая не робіць значных захадаў па падтрымцы сваіх суродзічаў за межамі краіны. Да гэтага часу не прыняты закон аб беларускіх суайчынніках. Атрымліваецца, што беларус па-за межамі Беларусі - чужы для яе і ўспрымаецца як замежны грамадзянін. І такім чынам, калі за людзьмі іншых нацыянальнасцяў стаяць іх этнічныя дзяржавы, за беларусамі - ніхто. І такім чынам выгадна быць рускім, палякам, але толькі не беларусам. А наколькі было б прыемна прыехаць беларусу ў Беларусь і пачувацца там суродзічам, а не чужынцам.

Гэта асноўныя дзве праблемы, якія дыскутаваліся ў часе канферэнцыі, удзельнікі якой сабраліся, каб абмеркаваць праблему захавання беларускай нацыі.

Праца канферэнцыі распачалася з прывітальнага слова ад імя арганізатараў, якое сказалі вядоўца Леакадзія Мілаш і старшыня ТБК Хведар Нюнька. Затым была абрана рэдакцыйная камісія, у склад якой увайшлі Алена Макоўская, Ніна Шыдлоўская, Валянцін Голубеў, Радзім Гарэцкі і аўтар гэтых радкоў. Асноўная задача рэдакцыйнай камісіі - выпрацаваць тэксты рэзалюцыі і зваротаў да розных дзяржаўных інстытуцый, з тым, каб засведчыць аб праблемах, якія паўсталі перад беларускай нацыяй.

Пачынаючы працу канферэнцыі, Хведар Нюнька зазначыў, што сама канферэнцыя носіць закрыты характар, таму на яе працу не былі запрошаныя журналісты. Затым кораценька ахарактарызаваў праблемы, якія паўстаюць перад працай Таварыства беларускай культуры. За 25 гадоў працы ёсць чым і пахваліцца. Гэта і прыдбанае памяшканне ва ўласнасць, гэта і зямельны пляц пад пабудову культурна-асветніцкага цэнтра імя Якуба Коласа. Але зараз перад беларусамі стаіць іншая пагроза: пагражае згуба незалежнасці Беларусі. Спадар Хведар таксама зазначыў, што масавая асіміляцыя беларусаў назіраецца і ў Літве. З кожным перапісам насельніцтва іх усё менш і менш. І на жаль, гэты працэс у дадзены момант спыніць немагчыма. Далей прамоўца засяродзіў увагу на тым, што беларусы не размаўляюць на сваёй роднай мове: "Мы не можам называць беларусам таго, хто не размаўляе на сваёй роднай мове". Але на жаль, з кожным годам колькасць рускамоўных беларусаў павялічваецца, што з'ўяляецца нацыянальнай трагедыяй.

Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская ў сваіх выступах засяродзілі ўвагу на праблемах працы ў беларускіх дыяспарах у розных краінах. Сёння зразумела, што калі не будзе весціся ніякая праца з беларускімі дыяспарамі, яны проста перастануць існаваць.

Прамаўляючы да выступоўцаў Станіслаў Шушкевіч выказаў нечаканы тэзіс, што нельга выкладаць фізіку на беларускай мове, бо не хапае спецыяльнай тэрміналогіі, з чым не пагадзіўся Валянцін Голубеў, зазначыўшы, што дастаткова маецца слоўнікаў і магчыма рабіць калькі з ангельскай мовы, калі сапраўды не хапае тэхнічных тэрмінаў. Так-сама Станіслаў Шушкевіч прэзентаваў сваю кнігу, якая выйшла на рускай мове. На думку паважанага сп. Станіслава, для таго, каб захаваць беларускасць, трэба прывабіць ёй сучасную беларускую моладзь, у супраціўным выпадку мы яе проста страцім.

Валянцін Голубеў выказаў меркаванне, што праблема захавання беларускай нацыі залежыць не толькі ад палітычнай абстаноўкі, але і эканамічнай. Чалавек выбірае дзе яму лепей. Не ўсе такія ахвярныя людзі, якія будуць рваць кашулю і казаць: "Мы беларусы". Далей сп. Валянцін зазначыў, што тады, у пачатку 90-ых гг. не ўсё зрабілі для беларускіх суполак за мяжой. А пасля новая ўлада адкінула усе беларускія нацыянальныя каштоўнасці. Сёння так атрымліваецца, што і Літоўскай дзяржаве эканамічна выгадна працаваць з афіцыйным Менскам. Эканоміка таксама шмат вырашае. Але зразумела, што афіцыйны Менск ніколі не падтрымае беларускія суполкі замежжа, якія стаяць пад бел-чырвона-белым сцягам. Але, на жаль, без матэрыяльнай і фінансавай падтрымкі вельмі цяжка падтрымліваць беларускі дух і трэба штосьці рабіць.

Прадстаўнік новай хвалі беларускай эміграцыі старшыня Грамадскага і палітычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Літве HUB Алег Мяцеліца падзяліўся сваім аптымізмам наконт беларускасці як у Беларусі, так і ў замежжы, і лічыць, што не ўсё так кепска і не ўсё страчана. На яго думку, калі зменіцца сітуацыя ў Беларусі на дзяржаўным узроўні, шмат асіміляваных беларусаў зноў стануць беларусамі. Бо зараз проста эканамічна выгадней быць палякамі, рускімі, чым беларусамі. І як прыклад, сп. Алег узгадаў канцэрт Ляпіса Трубяцкога ў Вільні, калі палякі станавіліся беларусамі, слухаючы песні гэтага спявака. Таму варта ствараць такія вось прадукты, якія дапамагаюць беларусам адчуваць сябе беларусамі.

Пра становішча беларусаў у Эстоніі і Латвіі распавялі Зінаіда Клыга і Вячка Целеш.

Зінаіда Клыга адзначыла, што беларусаў у Эстоніі няшмат: 12 тысячаў (менш 1 %). Нягледзячы на гэта існуе некалькі беларускіх суполак у розных гарадах гэтай краіны. Нават на дзяржаўным радыё маецца беларуская праграма. Сама Зінаіда, нягледзячы на тое, што з маленства была адарваная ад Беларусі, цудоўна валодае беларускай мовай, захавала беларускую душу і вельмі прыгожа і душэўна спявае песні на беларускай мове. Сп. Зінаіда прадстаўляе беларускую арганізацыю Эстоніі БЭЗ (Беларускае Эстонскае Згуртаванне), якая ў гэтым годзе адзначыла 24-гадавіну сваёй дзейнасці. А сама суполка з большага трымаецца на старых каранях.

Становішча беларусаў у Латвіі крыху іншае. Аб гэтым распавядаў спадар Вячка Целеш. Там яны сярод нацыянальных меншасцяў на другім месцы. Але там існуе вялікая праблема - яны практычна ўсе рускамоўныя. І беларусы там падзеленыя на два лагеры, як і ў Літве: на чэсных і нячэсных. У Рызе працуе беларуская школа, але, на жаль, беларускага ў ёй мала. Таксама, у адрозненне ад Літвы, няма ў беларускіх арганізацыях прытоку новых кадраў. А гэта таксама абцяжарвае працу.

Уладзімір Арлоў падчас свайго выступу звярнуў увагу на тое, што трэба ў Вільні захаваць памяць Кастуся Каліноўскага. У гэтым годзе спаўняецца 150 гадоў з пачатку нацыянальна-вызвольнага паўстання на Беларусі і Літве. Вельмі добра было б выправіць памылковую дату на шыльдзе, якая ўсталяваная на месцы пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага. А таксама добра было б распачаць захады па ўсталяванні памятнай табліцы на мяркаваным месцы пахавання К. Каліноўскага. Сёння назіраецца вялікая праблема, калі многія падпявалы рэжыму, дагаварыліся да таго, што Каліноўскі і яго паплечнікі былі тэрарыстамі і ворагамі беларускага народа. Трэба даць годны адказ на такія заявы. І далей сп. Уладзімір прадоўжыў: "Калі я чытаю ў школьных падручніках, што гаспадзін Мураўёў-вешальнік быў прагрэсіўны рэфарматар, я проста згадваю словы Алеся Дудара, напісаныя ў 30 гг.:

Плююць на сонца і на дзень.

О, дух наш вольны,

дзе ты, дзе ты?

Ім мураўёўскі б

гальштук ўздзець,

Нашчадкам

мураўёўскім гэтым...

А яшчэ аказваецца, Мураўёў быў мадэрнізатарам нашай нацыі…"

Для нас важна захаваць імя Кастуся Каліноўскага і яго ідэі, за якія ён аддаў сваё маладое жыццё. І ў завяршэнні спадар Уладзімір зазначыў, што ідэі паўстання Каліноўскага, былі ўвасобленыя ў ідэалах БНР.

Міхась Скобла ў часе канферэнцыі прэзентаваў кнігу лістоў і ўспамінаў Зоські Верас "Я помню ўсё". У гэтай кнізе сабраны не толькі ўспаміны Зоські Верас, але і ўся беларуская гісторыя бурлівага ХХ ст. Нягледзячы на свой узрост, гэта жанчына да драбніц памятала самыя важныя падзеі, якія адбываліся на працягу яе жыцця і былі звязаныя са знакавымі асобамі ў беларускай гісторыі. Тут і знаёмства з Максімам Багдановічам і шматгадовая перапіска з Ларысай Геніюш, Алесем Белакозам і іншымі знакавымі асобамі беларускай рэчаіснасці. У яе лістах спадзяванне, боль, расчараванне і надзея… Зразумела, выкліканыя лёсам Беларусі. І як зазначыў паважаны Міхась Скобла, менавіта Зоську Верас можна лічыць самай велічнай асобай у старонцы віленскіх беларусаў. І калі паўстае пытанне, каму неабходна яшчэ ўсталяваць памятную шыльду ў Вільні, тут толькі адзін адказ - Зосьцы Верас.

Спадар Алег Трусаў у сваёй прамове быў больш аптымістычным. На яго думку, вялікай пагрозы для беларускай мовы няма. У дадзены момант важна захаваць трасянку і далучыць да яе як мага больш людзей. Людзей, якія размаўляюць на беларускай літаратурнай мове, каля 3-4 %, каля 30 % размаўляе на трасянцы. Таму для захавання мовы, важныя і гэтыя людзі. Праўда, ужо дажыліся да таго, што беларусы не чуюць жывой беларускай мовы. І гэта вялікая праблема, бо значная частка беларусаў ужо не можа правільна чытаць і вымаўляць па-беларуску. Але, па словах Алега Трусава, Таварыства беларускай мовы робіць вельмі шмат, каб ужыванне беларускай мова захоўвалася на ранейшым узроўні і хаця б крыху пашыралася. Скажам, сёння ў Менску толькі 2 % вучняў навучаецца на беларускай мове. Таму ўсім вельмі шмат трэба працаваць на захаванне нацыянальнай мовы.

У далейшых прамовах, якія ў многім пераклікаліся з папярэднімі выступоўцамі, гучала занепакоенасць лёсам беларускай нацыі і мовы. Выступалі Радзім Гарэцкі, Генадзь Бураўкін, Юрка Станкевіч, Анатоль Астапенка і інш. У іх словах - спадзяванне на тое, што Беларусь не знікне і будзе жыць далей, беларуская нацыя і яе мова неўміручая. Але без беларускай мовы няма беларускай нацыі.

І тут прыгадваюцца радкі верша Наталлі Арсенневай:

Каб не мова,

Даўно б мы растаялі,

Расплыліся імглой між чужых,

Збеглі ў вырай

жураўлінаю стаяю…

Але з мовай -

І мы будзем жыць.

Вядомы беларускі рэжысёр Вольга Мікалайчык прэзентавала свае новыя фільмы, якія закранаюць самую балючую старонку найноўшай гісторыі - наяўнасць у краіне палітвязняў. У яе стужках выразна бачны боль за краіну і боль за людскія душы, якія не скарыліся перад антыбеларускім рэжымам, захавалі сваю годнасць, за што і церпяць. І ў іх цярпенні, своеасаблівым пратэсце, надзея на тое, што Беларусь будзе вольнай, незалежнай, дэмакратычнай, еўрапейскай дзяржавай.

Другая частка мерапрыемстваў - адзначэнне юбілею паважанага старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве спадара Хведара Нюнькі. Вось ужо каля 25 гадоў ён кіруе гэтай арганізацыяй, якая стаіць на шляху дэмакратызацыі Беларусі, змагаецца за яе волю і незалежнасць пад бел-чырвона-белам сцягам і гербам Пагоня. І ад гэтых сімвалаў і ідэалаў Таварыства не адмовілася і не адступіла ні на крок.

Віншуючы юбіляра многія адзначылі яго вялікі ўклад у захаванне, пашырэнне і прапаганду беларускасці ў Літве. Менавіта стараннямі Хведара Нюнькі ў Вільні ўсталявана больш за дзесятак шыльдаў беларускім дзеячам, адкрыта і працуе Віленская сярэдняя беларуская школа, Цэнтр беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры на філалагічным факультэце Літоўскага ўніверсітэта эдукалогіі, на віленскіх могілках Росы ўсталяваныя помнікі братам Івану і Антону Луцкевічам, Францішку Аляхновічу. Дзякуючы яму многія літоўцы ведаюць, што беларусы таксама маюць сваю старонку ў гісторыі літоўскай сталіцы. І сёння Таварыства праводзіць вялікую працу па захаванні беларускасці ў Літве. І як зазначыў сп. Шушкевіч, што прыязджаючы ў Вільню, ён па-беларуску размаўляе больш, чым у самой Беларусі.

Важным з'яўляецца той факт, што народзіны сп. Нюнькі прыпадаюць на той самы дзень, што і Барыса Кіта, якому споўнілася 103 гады. Удзельнікі юбілею даслалі віншаванне і паважанаму сп. Барысу.

Усе госці на юбілеі жадалі Хведару і на далей заставацца маладым, поўным аптымізму і працаваць далей дзеля пашырэння і захавання беларускасці, якая ўсіх і сабрала ў гэты юбілейны вечар.

На другі дзень працы былі выпрацаваныя і прынятыя тэксты рэзалюцыі і зваротаў у розныя інстытуцыі.

Таксама прагучалі новыя выступленні і адбылося некалькі дыскусій.

Пад час завяршэння канферэнцыі было зазначана, што вельмі прыемна, што прыехалі ў Вільню беларусы з розных краінаў, а гэта дало магчымасць бліжэй пазнаёміцца паміж сабой, а таксама распавесці аб агульных праблемах, з якімі сутыкнуліся суродзічы ў розных краінах Еўропы. Было выказана таксама жаданне, каб такія канферэнцыі арганізоўваліся і ў іншых краінах, дзе пражываюць беларусы. Гэта дае магчымасць не толькі сустрэцца беларусам і пазнаёміцца, але таксама засведчыць свету аб сваім існаванні і праблемах, якія паўсталі перад нацыяй.

Алесь Адамковіч.


Зварот да Ураду Рэспублікі Беларусь дэлегатаў Пятай канферэнцыі беларусаў краін Балтыі

Мы, прадстаўнікі беларускіх арганізацый Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Чэхіі з'яўляемся неад'емнай часткай беларускай нацыі, хаця і стала пражываем у замежжы. Мы займаемся захаваннем і развіццём беларускай культуры, яе папулярызацыяй у краінах свайго пражывання, гэтым самым нясем веды пра Беларусь у свет.

Без сістэмнай падтрымкі з боку Беларускай дзяржавы з кожным годам рабіць гэта ўсё складаней. І як вынік - моцныя асіміляцыйныя працэсы ў нашых краінах, калі беларусы нават другога пакалення ўжо не атаясамліваюць сябе з радзімай бацькоў. Мы заклапочаны тым, што ўсё менш моладзі далучаецца да беларускіх суполак у замежжы. Ад гэтага страчвае беларуская дзяржава.

У сувязі з гэтым звяртаемся да Вас з прапановай зрабіць найбольш важныя крокі, якія найперш могуць дапамагчы спыніць асіміляцыю і пашырыць беларускую прысутнасць у рэгіёне:

1. Паскорыць прыняцце Закона "Аб беларусах замежжа".

2. Павялічыць колькасць беларускамоўных праграмаў для спадарожнікавага вяшчання, бо беларусы, якія нарадзіліся ў замежжы, ужо не маюць магчымасці чуць беларускую мову. А беларуская мова - аснова існавання беларускай нацыі.

3. Прыняць неабходныя захады па падтрымцы існых, а таксама стварэнні новых беларускіх школ у замежжы.

Дзеля кансалідацыі беларускай нацыі ў гэты юбілейны, знакавы год 150-годдзя нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гг. прапануем усталяваць у сталіцы Беларусі - Менску помнік кіраўніку паўстання Кастусю Каліноўскаму.

Вільня, 7.04.2013 г.


Пра ката ў мяху, саву смаленую і не толькі

Сялянскае жыццё заўсёды было напоўнена ўсялякімі клопатамі. І ў гэтым безупынным ланцугу паміж вырошчваннем ураджаю і доглядам жывёлы знаходзілася месца творчасці. Ды і трэба ж было перадаваць маладзейшым жыццёвы досвед, дзяліцца назіраннямі, назапашанымі і самімі, і продкамі. Так з'явіліся цікавыя выслоўі - тыя, што атрымалі ў філалагічнай навуцы назвы прыказак і прымавак.

Ад сваёй бабулі - Казлоўскай Варвары Іларыёнаўны - я чуў нямала такіх трапных выслоўяў. Думаю, яны ўжываліся не толькі жыхарамі Замошша, дзе нарадзілася і пражыла большую частку жыцця бабуля, але і па ўсёй Лёзненшчыне. Каб гэтыя вядомыя з маленства, а таму дарагія сэрцу, прыказкі і прымаўкі не згубіліся, я вырашыў змясціць іх у агульную скарбонку - апублікаваць на старонках "Нашага слова". У выслоўях я наўмысна захаваў каларыт лёзненскай гаворкі, а дзеля лепшага разумення падаў да іх кароткія тлумачэнні.

* * *

Якей пень - такей адростак . Прыказка ўжывалася з мэтай падкрэсліць спадчыннасць, пераемнасць у характарах бацькоў і дзяцей пэўных якасцяў, як правіла, адмоўных.

Маладзец проціў авец, а проціў малайца - сам як аўца . Так казалі пра хвалько, пустаслова.

Калі я - не маладзец, то сьвіньня - не красавіца. Жартаўлівая пахвала самаго сябе (усім жа вядома, што свіня і прыгажосць - рэчы не сумяшчальныя).

Пад'есь, як дурак на памінках. Гэта значыць, з'есці вельмі шмат і ўсяго без разбору. Чаму на памінках? Мабыць, таму, што ў беларускіх вёсках памінальныя трызны заўсёды імкнуліся справіць багата, на годным узроўні, каб дагадзіць усім запрошаным.

Дзякуй за абед, што пад'еў дармаед. Жартаўлівая падзяка за пачастунак.

Дзе харчы - там і тарчы. Своеасаблівае павучанне: у жыцці трэба шукаць выгаднейшага месца.

У сытага на ўме гуляньне, а ў галоднага - абед .

Пака тоўстый ссохніць - худэй здохніць. Маўляў, як па-рознаму жывуць багатыя і бедныя людзі.

Усяк нажывешся: і Кузьму бацькам назавешся.

Як просяць, тады жнуць і косяць .

Папаў у вараны - крычы, як яны. Выказванні пра няпростыя ўмовы, у якіх можа апынуцца чалавек. З асаблівай горыччу тут адзначана вымушанасць прыстасоўвацца да кагосьці.

Як кату ў мяху (напрыклад: яму зараз - як кату ў мяху ). Прымаўка абазначае няпэўнае становішча, калі ў кожную хвіліну можа здарыцца нешта зусім нечаканае.

Ня відзіў ты савы смаленай! Звычайна такім быў адказ на аповед пра нейкія цяжкасці, якія бачыліся суразмоўцу нязначнымі і нявартымі ўвагі. А вось калі б той чалавек убачыў такую птушку (верагодна, надзвычай жахлівую), дык і стаўленне да жыцця ў яго адразу б змянілася.

Помніць усё да чурынкі. Гэта значыць, памятаць усе падрабязнасці падзей.

Выхадзіць Лыхава і Быхава. Пераадолець вельмі вялікую адлегласць. Калі Быхаў - гэта на Магілёўшчыне, дык Лыхава - зусім невядома дзе.

Выбіць лыпаўкі з ног - таксама нахадзіцца, а калі яшчэ дыхаўку нагнаць - зусім набегацца, што аж дыханне пераймае.

Бобу жалезнага пад'есь . Набрацца цярпення для пераадолення пэўных цяжкасцяў.

Замарыцца, як шпак . Зусім стаміцца. На пытанне: "А чаму, як шпак?" - бабуля адказвала: "Бо шпак - птушачка маленькая, але цэлы дзень лётае".

А завяршыць пералік прыказак і прымавак хацелася б аптымістычным выказваннем: Будзем плакаць, як будуць шмякаць ("шмякаць" - гэта значыць "біць"). Выслоўе абазначае, што без дай прычыны не трэба і маркоціцца!

Кастусь Карпекін, г. Віцебск.


Нясвіжскі шакалад

Нясвіжскі музей-запаведнік у супрацы з "Камунаркай" выпусціў адмысловую шакаладку, аформленую па-беларуску.

Паводле інфармацыі на сайце, шакалад можна набыць у крамах музея. Конкурс на вокладку быў адкрыты - у ім мог паўдзельнічаць любы чалавек, прапанаваўшы свой варыянт дызайну.

Перамог варыянт нясвіжскага мастака М. Канавалава - за гэта аўтар атрымаў 3 мільёны рублёў. Прыз глядацкіх сімпатый падзяліла жонка мастака разам з нясвіжскай маладой дызайнеркай Таццянай Бордак-Грыб - яны атрымалі 1 мільён рублёў на дваіх.

Трэба адзначыць, што выява Барбары Радзівіл на вокладцы-пераможцы - не ўнікальная распрацоўка мастака, а стылізацыя вядомых выяваў князёўны. Між іншым, не гледзячы на пэўныя гістарычныя няўвязкі, народная легенда цвёрда прывязвае да вобраза Чорнай Дамы Нясвіжа менавіта Барбару Радзівіл.

Еўрарадыё.


Вярніце спрадвечны назоў - Ваньковічаў Лес

Гэтымі днямі беларуская энцыклапедыя выдала ёмісты том пра радавод Ваньковічаў.

Ваньковічы... Гэты радавод мяне здаўна цікавіў, і цікавіць усё, што звязана з гэтым імем. I ўсё, што звязана з шанаваннем і ўганараваннем, мяне цешыць. Але з адным ніяк не магу пагадзіцца. Як вядома, у нашым Менску ёсць так званы парк Чалюскінцаў. Але гэты менскі кут спрадвеку называўся Ваньковічавым Лесам. Чуеце - Ваньковічавым Лесам! I пры чым тут чалюскінцы? Хай бы гэты кут гэтак і называўся надалей сваім спрадвечным назовам - Ваньковічавым Лесам. Згадаю, у Парыжы ёсць Булонскі Лес. I гэтая назва вядомая ўсяму свету. То хай бы і Ваньковічаў Лес меў свой спрадвечны назоў. А што з гэтай нагоды думаеце вы, шаноўныя чытачы "Нашага слова?


Падаць мне свой голас пра назоў "Ваньковічаў Лес" нагадала, падштурхнула нашаніўская публікатка пра Пярэспу. Мне даўно карцела, каб неяк вярнуць гэты спрадвечны менскі назоў. Знікла тая ручаінка з такім назовам. Мне, між іншым, у свой час, хоць і абмялелую, давялося бачыць тую ручаіну. Зараз на яе рэчышчы ўзвышаецца шматпавярховы гмах. Але ж назву Пярэспа можна было хоць як увекавечыць праз назоў якой установы. Між іншым, праз гэтую Пярэспу колісь ездзіў Янка Купала і Ядвігін Ш. Ядвігін Ш. якраз згадвае гэтую Пярэспу ў сваіх дарожных нататках. То не дамо загінуць спрадвечным менскім назовам. Між іншым, пасля публікаткі ў "Нашай Ніве" пра Пярэспу я не вытрымаў і сеў у трамай і паехаў на трамваі толькі дзеля аднаго, каб пачуць на свае вушы агучаную назву - згаданую Пярэспу.

Ведаў Пярэспу і колішні рэдактар "Нашай Нівы" Аляксандр Уласаў. З Пярэспы пачынаецца стары Віленскі тракт, па якім Уласаў ездзіў у сваю Мігаўку. Не менш цікава было даведацца, высветліць, каму ў трамвайнай адміністрацыі зарупіла вярнуць у актыўны ўжытак даўні, спрадвечны менскі тапонім Пярэспа, ужо падзабыты новым пакаленнем менчукоў. Гісторыя павінна ведаць імёны сваіх рупліцаў.

Уладзімір Содаль.


"Роднае слова" прагучала ў Бельску Падлескім

Iшоў фінал дэкламатарскага конкурсу "Роднае слова". Вучні з пачатковых школаў і гімназій, якія перамаглі ў раённых этапах, з'ехаліся ў Бельскі дом культуры. Як адзначыў вучань з Непублічнай пачатковай школы імя Кірыла і Мефодзія з Беластока Якуб Наумюк, да такіх конкурсаў ён заўсёды падыходзіць сур'ёзна.

- Для мяне яны вельмі важныя, бо можна атрымаць выдатныя ўзнагароды, і кожны можа паказаць, як ён добра чытае вершы. Я расказаў верш "Як Цімох абедаў" пра хлопчыка, які шмат еў.

Вучні з пачатковых школ і гімназій, якія вывучаюць беларускую мову, спаборнічалі ў трох катэгорыях: дзеці з перадшколляў, класаў 1-3, 4-6 ды гімназій.

Уля Шубзда , Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.


У Беластоцкім універсітэце адзначылі 20-годдзе беларускага філфака

Польскія студэнты зацікавяцца беларускай мовай тады, калі яна стане патрэбнай самім беларусам. Пра гэта казалі ў час адзначэння 20-ых угодкаў кафедры беларускай філалогіі ў Беластоцкім універсітэце.

На мерапрыемства прыехалі выкладчыкі з Польшчы і Беларусі, дзе супольна падводзілі вынікі развіцця беларускай філалогіі ў Польшчы. Прысутнічаў таксама і заснавальнік беларусістыкі ў Беластоку, прафесар Міхал Кандрацюк:

- Я падумаў, што калі мы знаходзімся побач з беларускай мяжой, і самі беларусы, то мы апрача рускай мовы, павінныя ведаць і беларускую мову, культуру і літаратуру.

Надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак упэўнены, што дзейнасць гэтай кафедры жывіць асяродак нацыянальнай меншасці на Падлессі:

- Кафедра беларускай філалогіі мае вельмі добрае апірышча ў беларускім школьніцтве, нейкіх культурных імпрэзах, у культурнай дзейнасці, у грамадскіх арганізацыях беларускай скіраванасці, якіх тут існуе больш за 20.

Моладзь не заўсёды бачыць сэнс вывучаць мову, якой у Беларусі карыстаюцца не многія, заўважае загадчыца кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта Ніна Баршчэўская:

- Зацікаўленне да беларускай мовы, да беларусазнаўства ў Польшчы вырасце тады, калі будзе бачна, што беларуская мова патрэбная ў самой Беларусі, так было на самым пачатку ўзнікнення незалежнай Рэспублікі Беларусь. Цяпер сітуацыя выглядае па-іншаму, крыху горш, бо студэнты заўважаюць, што не абавязкова ведаць беларускую мову.

Пры гэтым, паводле Ніны Баршчэўскай, беларускую мову часцей пачалі выбіраць карэнныя палякі, а не прадстаўнікі беларускай меншасці ў Польшчы. Яны гэта робяць з прагматычных прычынаў, напрыклад, каб весці бізнес у Беларусі, альбо ведаць дадатковую, славянскую мову.

У час сустрэчы прысутныя паглядзелі мультымедыйную прэзентацыю, героямі якой сталі выпускнікі беларускай філалогіі. З артыстычнай праграмай выступілі вучні з непублічнай пачатковай школы імя святых Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку, ды ліцэісты з Гайнаўкі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё РацыяФота Улі Шубзды .


Выйшла апошняя частка "Атласа ўсходне-славянскіх гаворак Беласточчыны"

Выйшла з друку апошняя частка "Атласа ўсходне-славянскіх гаворак Беласточчыны". У Галоўнай кнігарні імя Баляслава Пруса ў Варшаве адбылася прэзентацыя чацвёртага тома публікацыі, прысвечанага словаўтварэнню.

Паводле суаўтаркі "Атласа", прафесара Эльжбеты Смулковай, гаворкі часткі тэрыторыі Беласточчыны навукова апісаныя ўпершыню:

- Для паўночнай часткі, ад Нарвы да Аўгустоўскага канала, мы зусім не мелі ніякіх матэрыялаў, акрамя карты "беларускага племені" Карскага з 1903 года. Трэба было зрабіць карэктуру, трэба было аб'ехаць вёску за вёскай, каб паглядзець, дзе яшчэ захоўваецца беларуская гаворка.

Матэрыялы для напісання ўсіх частак "Атласа" збіраліся больш за 50 гадоў, сярод яго стваральнікаў былі вядомыя польскія мовазнаўцы.

Пасля прэзентацыі ў Галоўнай кнігарні, можна было паглядзець спектакль "Ой даўно, даўно. Беларускія гісторыі з Падлесся" ў выкананні маладых актораў пад кіраўніцтвам беластоцкай настаўніцы Аліны Ваўранюк.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя.


Талака па дабраўпарадкаванні мілавідскіх помнікаў

Баранавіцкія сябры ТБМ 13 красавіка арганізавалі талаку па дабраўпарадкаванні мілавідскіх помнікаў, усталяваных у гонар паўстанцаў 1863 года. Раней тут адбылася аўтамабільная аварыя і актыўна вяліся лесанарыхтоўкі, таму тэрыторыя вакол помнікаў стала вельмі забруджанай.

- Найперш мы засыпалі яму і параўнялі пляцоўку ля каменявалуна з мемарыяльнай плітой у гонар касінераў Кастуся Каліноўскага і Аляксандра Лянкевіча. Затым мы прыбралі трэторыю ад рознага смецця і спадзяёмся яшчэ пасадзіць кветкі, як толькі прагрэецца мілавідская зямля, - адзначыў праваабаронца Сяргей Гоўша.

За працай актывістаў актыўна "назіралі" буслы, якія даўно палюбілі гасцінную мілавідскую зямлю і неба.

Віктар Сырыца , старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ імя Ф. Скарыны.


Фанаты "Дынама-Брэст" выпусцілі стыкеры з "Пагоняй"

На налепках з атрыбутыкай футбольнага клуба з'явіўся беларускамоўны надпіс "За Дынама і Беларусь" і герб "Пагоня".

Нагадаем, 17 сакавіка менскі АМАП не дазволіў берасцейскім фанатам пранесці ў сталічны футбольны манеж банэр з беларускамоўным надпісам "Дынама-Брэст: ад калыскi ды пагоста - з iмем, якое нiхто не адыме". Таксама фанатаў прымусілі зняць футболкі з надпісамі "Мы не бухiя бульбашы! Мы моцныя беларусы!", "Дынама-Брэст - мой гонар, маё жыццё, усё, што кахаю i чым ганаруся". Фанатам параілі карыстацца сваёй атрыбутыкай дома. Па вяртанні дадому яны апублікавалі на сайце адкрыты ліст, у якім выказалі абурэнне. Верагодна, тады ж з'явіліся і новыя налепкі.

Стыкеры з выявай беларускага гістарычнага герба выпускалі таксама фан-клубы БАТЭ, "Шахцёра", "Белшыны" і іншых клубаў.

Адно, што варта давесці да ведама фанатаў і міліцыі, гэта тое, што герб Пагоня нікім не забаронены, а наадварот занесены ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, і карыстацца ім можна ўсюды без ніякіх абмежаванняў

Наш кар.


Гастролі тэатра "Лялька"

У Менск прыязджаў Беларускі тэатр "Лялька" са спектаклем "Нататкі вар'ята"... Гэта падзея адбылася 4 красавіка 2013 года. Спектакль быў паказаны ў рамках творчай лабараторыі тэатраў лялек Беларусі. Дзеянне спектакля пабудаванае на аснове ўспамінаў дзённікавых нататак. Яны - споведзь, яны - спалучэнне рэальнага і ілюзорнага, яны прыадчыняюць нам свядомасць галоўнага героя, яго патаемныя думкі і жаданні. Аксенцій Іванавіч Папрышчын - тытулярны дарадца, дробны чыноўнік, які ніколі ўжо не атрымае павышэння. Абражаны і прыніжаны, ён загнаны ў кут безвыходнасці. Папрышчын імкнецца адстаяць сваю годнасць, аднак у хворым грамадстве пануюць іншыя каштоўнасці: без "фанцікаў" - дваранскага тытулу, альбо вайсковага звання - ён не можа атрымаць ні годай працы, ні ажаніцца з той, якую патаемна кахае, з Сафі, дачкой дырэктара дэпартамента. Папрышчын гатовы на крайнія меры і парывае з усім мінулым жыццём. Па меры таго, як ён губляе розум, адбываецца прасвятленне, і ён пачынае адчуваць сябе Чалавекам.

Трэба адзначыць, што галоўную ролю бліскуча выканаў малады артыст Яўген Гусеў, а Сафі - прыгажуня Вольга Лазебная. Гучала музыка славутага Алега Залётнева, харэаграфія - Дзіяны Юрчанка. Сцэнаграфію і мультымедыю зрабіла Аляксандра Сідарава, пастаноўку ажыццявіў мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра "Лялька" заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктар Клімчук. У спектаклі былі занятыя Міхаіл Клімчук, а таксама Сяргей Талкач, Юры Франкоў, Ганна Сцепанец і Валеры Зімніцкі. У зале былі заўважаны Уладзімір Ягоўдзік і Вадзім Салеяў. Пасля спектакля журналісты і крытыкі абмеркавалі пастаноўку.

Аляксей Шалахоўскі.


Лепшы настаўнік Магілёўскай вобласці выкладае беларускую мову і літаратуру

Юрый Каласоўскі з Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 стаў пераможцам рэгіянальнага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў "Настаўнік года - 2013".

Калісьці Юрый вучыўся ў хіміка-тэхналагічным тэхнікуме, дзе з цікавасцю браў удзел у алімпіядах па беларускай мове і літаратуры. Таму неўзабаве прамяняў электраэнергетыку на філалогію і пасля заканчэння ўніверсітэта ўжо па новай спецыяльнасці стаў настаўнікам. У гімназіі № 1 працуе шосты год, імкнецца выхаваць у вучнях павагу да роднай мовы і літаратуры.

- Гарадскія дзеці, вядома, па-за ўрокамі не размаўляюць па-беларуску, - кажа Юрый. - Але ставяцца да роднага слова прыхільна. Мне здаецца, што маладыя людзі разумеюць, што гэта каштоўнасць, якую трэба мець і ведаць.

Настаўнік Каласоўскі шмат вандруе па Беларусі, і таму на сваіх уроках робіць для вучняў падарожжа ў прасторы і часе: мову і літаратуру дапаўняе цікавымі звесткамі па геаграфіі і гісторыі краіны. Юрый таксама рэдагуе гімназічную газету, дзе шмат артыкулаў менавіта на беларускай мове. Ён - актыўны сябра Таварыства беларускай мовы, сябар Рады ТБМ.

Увогуле ў абласным конкурсе "Настаўнік года" бралі ўдзел 23 педагогі з розных куткоў рэгіёна. Яны правялі ўрокі ў незнаёмых класах, дэманстравалі журы свае педагагічныя прыёмы. Каласоўскаму дапамаглі стаць пераможцам курс "Магілёвазнаўства" (атрымалася віртуальная экскурсія па абласным цэнтры), а таксама выкарыстанне тэхналогіі актыўнай ацэнкі. Юрый скарыстаў польскі досвед, калі дзеці бяруць удзел у ацэнцы сваёй працы на ўроку.

- Я думаю, што самае галоўнае для настаўніка - не спыняцца да дасягнутым, развівацца разам са сваімі вучнямі, - сказаў лепшы настаўнік года ў Магілёўскай вобласці. - Тут вельмі дарэчы лацінскі афарызм "Dосеndо dіsсіmus" - навучаючы, вучымся самі.

Ілона Іванова.

Сакратарыят ТБМ віншуе лепшага настаўніка 2013 года Ю. Каласоўскага.


Тайны ЧАЭСныя шырэй прыадкрываюцца

Прыбліжаецца гадавіна чорнай для Беларусі падзеі - выбуху на ЧАЭС, 26.4.1986 г. Пра катастрафу напісана шмат матэрыялаў, з розных пазіцыяў: апраўдальных для камуністычнай сістэмы, стваральнікаў хібнага рэактара і рэзка крытычных. Адныя і другія публікацыі ў многім аб'ядноўвае павярхоўнасць. Незаглыбленне ў праблемы ЧАЭСся зачастую тлумачыцца баязлівасцю аўтараў, няўменнем расшукваць патрэбных людзей, архівы. Даследчыку тэмы пісьменніку Санько, на наш погляд, удалося падняць рознабаковыя, журботныя старонкі чарнобыльскага цаліку.

I

Васіль Несцярэнка з супрацоўнікамі інстытута "Белрад" едзе на Гомельшчыну. Без прынукі і начальніцкага распараджэння навукоўцы інстытута як можна мераюць радыяцыю.

Над ЧАЭС, прылеглымі раёнамі ноччу і ўдзень дваццаць шостага красавіка кругаляў незвычайны самалёт - радыеметрычная лабараторыя. Менавіта дадзеныя гэтай лабараторыі наймоцна ўстурбавалі міністра атамнай энергетыкі СССР Маёрца, старшыню Дзяржгідрамета СССР Ізраэля.

І старшыню ўрада краіны Мікалая Рыжкова. Удзень на заўсёдныя эківокна-нявызначаныя спасылкі генсека Міхаіла Гарбачова - трэба пачакаць, няхай сітуацыя на ЧАЭС усталюецца - ветлівы, мяккі Рыжкоў адказаў валявым самастойным рашэннем. Дваццаць шостага красавіка ў дванаццаць гадзін дня Рыжкоў падпісвае пастанову пра стварэнне Урадавай камісіі па ацэнцы і ліквідацыі наступстваў недарэчнай аварыі, жахлівай катастрофы. Сам узначаліў Аператыўную групу.

"Гэта была тэхнагенная катастрофа, недаробкі сусветнай навукі. Удар па ўсёй атамнай сістэме" , - скажа аўтару праз дваццаць пяць гадоў асцярожны пенсіянер Мікалай Слюнькоў.

Аб'ектыўка. У панядзелак, дваццаць восьмага красавіка, вузкае паседжанне Палітбюро ЦК КПСС. Абмяркоўвалі адно пытанне, нечаканае, надта непрыемнае - як хутчэй і танна патушыць выбух на ЧАЭС, звузіць распаўсюджванне звестак пра яго на захадзе. Што канкрэтна прапаноўваць па ліквідацыі аварыі. Яснасці ніякай. Прапановаў нікому не зрабілі. Члена Палітбюро Уладзіміра Шчарбіцкага і кандыдата ў члены Палітбюро Мікалая Слюнькова не запрасілі.

На заўтрашнім паседжанні Палітбюро абодвух кіраўнікоў самых пацярпелых ад выбуху рэспублік зноў не было. Вузкіх ці расшыраных паведамленняў з Палітбюро нікуды не давалі. Пра гэтыя два паседжанні не ведалі Слюнькоў і Шчарбіцкі. Што ўтойвалі кіраўнікі КПСС нават ад сваіх давераных і прызначаных, невядома да гэтага дня.

У тую злашчасную суботу, усю нядзелю, да абеду ў панядзелак з Масквы ніхто Мінску, у ЦК КПБ і Саўмін, не абазваўся пра выбух на ЧАЭС.

Урадавая камісія ў суботу праз Кіеў дабралася да Чарнобыля. Былі ў Слюнькова кароткія тэлефонныя стасункі з Шчарбіцкім, Кавалёвым, раніцаю ў панядзелак працяглая размова з Несцярэнкам, - а хоць якой яснасці па сітуацыі не было.

"Цяпер мне зразумелая абрыўкавасць інфармацыі. Ніхто ў краіне нічога не ўяўляў пра маштабы катастрофы. Толькі пасля абеду ў панядзелак з Масквы прыйшло першае тэлефоннае паведамленне - на ЧАЭС аварыя, сітуацыяй займаецца Урадавая камісія, - праз гады ўспамінаў пенсіянер Слюнькоў. - Ніякіх ацэначных рэкамендацый нам не далі" .

У аўторак, ураніцы папярэджванняў ні з адной арганізацыі Масквы пра радыяцыйную небяспеку ва Урад і ЦК КПБ зноў-такі не паступала.

Пройдуць месяцы, гады, няздарства сітуацыі стане ясна ўсім на Беларусі, людзі справядліва будуць абвінавачваць кіраўніцтва рэспублікі - утойвалі жахі радыяцыі, не папярэджвалі народ, нават ёдавую прафілактыку распачалі позна, а ўтойваць мінскім кіраўніцкім няведкам не было чаго. Украінскія ліквідатары з 731 спецыяльнага ўдарнага батальёна не маглі папярэджваць беларусаў, а каб маглі - не мелі дазволу, каманды, сувязі.

Масква фактычна трое сутак не праясняла сітуацыю, пагульвала ў няведанне, нязначнасць здарэння. Беларускае кіраўніцтва, заўжды паслухмянае перад саюзным, актыўнасці па тлумачэнні сітуацыі не выяўляла. Чакала зверхных указанняў. Званілі туды самі рэдка. Турбаваліся - пацерпіць здароўе людзей… - адны навукоўцы "Белрада". Званілі калегам у сталіцу краіны. Ад беларусаў якмогна адпіхваліся, прасілі перазваніць, сувязь перапынялася…

Пры чым тут здароўе асобнага чалавека, Маскве патрэбна лакалізаваць пажар, выкіды, з рэактарам дайце разабрацца, не лезьце з сваім беларускім драбноццем…

Мажліва, канкрэтна так не думаў ні адзін міністэрскі і ўрадавы кіраўнік у саюзнай сталіцы, аднак паводзіліся многія менавіта так - непрыстойна, як чужынцы. Апраўданне ў маскоўскіх, як пасля ў беларускіх і ўкраінскіх кіраўнікоў - яны не ведалі.

Чаму зараней не лічылі, чаму не ведалі?

Націсні на пару кнопкаў і табе прынясуць разлікі ўсіх варыянтаў на стагоддзе наперад. Няведанне - апраўданне слабых і няздарных, апраўданне падначаленцаў і папіхічаў. А ты кіраўнік, не пешка; ты атрымаў не толькі крэсла, грошы і абслугу - адказнасць. Заняў пасаду - вывуч толкам справы папярэднікаў, ранейшыя ўказанні, пастановы.

Будавалі АЭСы, павінны былі ўсе варыянты прадугледзець. Часу было мора. Не кантралявалі праектантаў, будаўнікоў. "Не ведалі", - сказаць зараз нельга. Ёсць інструкцыі, палажэнні, прадугледжвайце ўсе варыянты, выконвайце, кантралюйце выкананне. Безпакараннасць і пачуванне вінцікамі, выканаўцамі бурапенілася ва ўсіх службовых кабінетах аднапартыйнай загнівалай краіны.

У краіне, дзе кіравалі рабочыя і сяляне, нахрапныя ваякі і партыйцы, занадта многае ішло па прынцыпах "сыйдзе; гэта не пры мне зачыналася, я нічога не абяцаў; не высоўвайся; будзе каманда - станем варушыцца; скажуць - праверым…"

Да бедаў здароўю малых і старых, нанесеных ЧАЭСнай катастрофай, нячулыя кіраўнікі былі далёкія; пасля ваяўніцкі спасылаліся на ўласную невінаватасць і няведанне.

Пастанова Савета Міністраў СССР №147 26 ліпеня 1986 года неакрэсленая і расплывістая: "Усяляк садзейнічаць палепшанню жыллёвых умоваў чарнобыльцаў і ліквідатараў". Садзейнічаць можна сто гадоў, у айчынніка і афганца заканадаўча ільготы ёсць, у такога ж салдаціка чарнобыльца няма.

ІІ

Аўторкавыя тэлефанаванні ў Гомель і раёны Гомельшчыны Слюнькова не задаволілі. Паўторна падначаленыя размаўлялі з некаторымі прадстаўнікамі раёнаў. Абрадаваў і засмуціў Слюнькова настойны Васіль Несцярэнка:

- Высокая радыяцыя. Не трэба чакаць указанняў. Маскоўскія асцярожнікі і палахліўцы цягнуць час.

Нават дозу радыяцыі ў раёнах маскоўцы не дазволілі вызначаць беларусам.

- Што самі можам зрабіць?

- Вывозіць дзяцей і цяжарных. З усіх заражаных населеных пунктаў.

- І райцэнтраў?

- Адусюль, - настойвае Несцярэнка. Націскае на незваротнасць генетычных зменаў у маладых арганізмах. - З райцэнтраў таксама.

Навуковец ужо гаварыў з міністрам аховы здароўя Беларусі Мікалаем Аўсеевічам Саўчанкам, той поўнасцю падтрымлівае ашчаджвальную пазіцыю. З радыяцыяй не жартуюць, Саўчанка падтрымлівае неадкладны вываз дзяцей, цяжарных, плануе перасяленне вёсак. Несцярэнка задаволены, што яго разумелі ў мінаховы.

Мікалай Слюнькоў распарадзіўся ўсім службам звязвацца з адпаведнымі службамі Масквы, самім нікуды, нічога, ні з кім. Будзе распараджэнне, выканаем. Пачакаем - не памылімся.

IIІ

Адзінаццацігадовая Вера Нямковіч сцерагла прыход матулькі даўно. Пасядзіць, паляжыць у палаце - і выглядвае ў вакно, калідор.

Згледзела. Бя-а-ажыць. Хуцесенька, як можа. Прабегла метраў чатыры, збавіла тэмп. На палове калідора павольніць, стараецца аддыхацца. Мама не павінна заўважыць, што Верачцы цяжка.

Калідор даўжэзны. За дваццаць метраў. Абедзве жанчынкі нарэшце абдымаюцца. Прыліплі адна да адной, цесненька, ледзь не плачуць. Гавораць, гавораць. Хуткае пытанне - хуткі адказ, пытанне - адказ.

Хрысціна Нямковіч пачынае распіхваць дачушцы прынёсак - разынкі, печыва, цукеркі, сок. Дзяўчо запэўнівае маму: ёй нічога не хочацца, яна наетая на цалюткі дзень, нават у сталоўцы не хочацца есці.

- Грошы, дачушка, трэба берагчы, патрэбна з'ядаць усё даванае ў сталоўцы. Абавязкова, усё-ўсё, - звычна навучае матуля. - Есць чалавек - здаравее. Хутчэй паправімся. Паедам дахаты.

Замаўкае мама, ціхенька пяшчоціць худзенечкую, суравінна бела-белую дочачку. Верка зноў прыліпае да валасоў і твару матулечкі, шэпча-шэпча, сур'ёзна і паволі:

- Іду на папраўку, мама. Дактары на тым тыдні гуртам прыходзілі. Зноў падключалі прыборы. Ціск мералі, палец калолі. Сказалі, усё добра са мною.

- Так і сказалі? - парывістай радаснасцю высвятляецца твар Хрысціны Нямковіч, узбліскваюць вочкі.

- Нават перасталі мяне калоць. Таблеткі радзей даюць. Папраўка ідзе. Матулька, я такая шчаслівая!

Дзве старыя-старыя жанчыны, якія не ведаюць, што яны даўно старыя, адтульваюцца, сузіраюцца. Сінеча на сінечу. Ад верасня ўсё пачасцелыя сустрэчы маці і дачкі запамінаюцца абедзвюм, нібы перадразвітальныя навекі. Хаця яны гэтага не ведаюць. Узаемныя ўздыхі. Вочы старэйшай паволі заплываюць слязою. Выцірае неўпрыкмет, потым у адкрытую.

Нефарбаваны твар матулі дзяўчо абшчапервае рукамі. Чаго мама плачаце, у яе ўсё добра. Як добра жыць, калі Вяруні ўжо не робяць уколы, не даюць нічога піць з лекаў. Адну таблетку. Маміна Вярунька папраўляецца. Ура, яна зноў пойдзе ў школу. Будзе вышываць, парасятак глядзець. Якія мы дурныя ў вёсцы, не разумеем, парасят і курэй даглядаць - так здорава, шчасце. Ці ўсе перасяленцы пабралі выдадзеныя на гаспадарства ўбесплаць каровы? Добра, што з нашай вёскі Лубень многія разам перасяляліся, да нас прыехалі, у Лубню. Паправіцца, прыедзе, папасмяецца з Алёшкі гультая.

Так прыемна даіць кароўку, мірыць парасят, ціпціпкаць курам, гэгэкаць гусям... Радасна і шчасна жыць у бабкі ў вёсцы, гарадская немарач не разумее гэтага. Гарадскім галоўнае, дзе стаіць туалет, пад носам ці за хлявом. Смехатура.

Да суседкі па палаце Альбінкі Пакровы прыехала з Хойнікаў мама Тамара. Дарослыя жанчыны, Хрысціна Нямковіч і Тамара Пакрова, перагаворваюцца даўнімі знаёмкамі. Жанчын зблізіла агульная бяда, хворасць дачушак. Прыяцельства перарасло ў сяброўства, калі даведаліся пра зямляцтва, яны не проста з Слуцкага раёна - з суседніх вёсак. Пашаптацца з дачкою адыходзяцца ў розныя канцы калідора, кожная з сваім радством.

Тамара Пакрова заўжды прыбяжыць у палату пляменніцы Марыны Макарэня, пачастуе, пагамоніць. У адзін дзень сёстры Тамара Пакрова і Антаніна Макарэня ў Гомель не заяўляюцца, з Добруша і Хойнікаў ехаць дзвюм сталым жанчынам дорага, шмат часу прападае. Кожная адным заездам праведвае дачку і пляменніцу.

Да расхварэлай дзяўчынкі Марыны рэдка ходзяць Альбіна і Вяруня. Марына - дачка Антаніны Макарэні, настаўніцы першай дзесяцігодкі ў Добрушы.

- Мы ціха ляжым, а яны тамака часцяком заходзяцца. Усхліпы, крыкі. - Падумала. - Смэркі, вопратка часта мокрая. Гідотна.

- Гідка, турботна - не хадзі туды, не глядзі гідоцце.

- У Цэнтры ў многіх дзяцей шмат родзічаў, а праведваюць дзеткаў мала. Розныя хварабянкі ажывіліся з-за радыяцыі. Сястра брата не пазнае пасля лячэння, дваюрадных тым болей.

У прыадчыненых на шчылінку дзвярах дзвюх палатаў застылі дзіцячыя тварыкі. Дзеткі слухаюць Нямковічавых, убачылі, іх заўважылі, не спалохаліся, ціхутка адхіляюцца, дзверы зачыняюць няжыва.

У калідорах і фае бальніцы велізарная цішыня. Такую водзіць бяда. Хворыя і здаровыя наведнікі перамоўчваюцца, з прыкладу дзяцей шэпчуцца нават у калідорах. Медсёстры і санітаркі не супыняюць рэдкіх раздураў-дзяцей. Малышня гуляе не ў кнігі, вайну, лялькі, як было ў іхніх бацькоў - у бэры. Свядома і несвядома дзеткі імкнуцца выжыць, не любяць чорны і жоўты колеры, рэзка мінусавыя для славянства.

Хрысціна Нямковіч і дачка стаяць бліз вакна хвілінаў тры. Дзяўчынка пачынае абапірацца на падваконнік. Прысядае. Узгадваюць, як разам прычэсвалі лялькі, спявалі песні, асабліва гарэзную "Чаму ж мне не пець".

Вера Нямковіч у садзіку і школе магла пастаяць за сябе, актыўніца лёгка прыцягвала ўсіхную ўвагу. Запіскі пісала мала, ёй хлопчыкі пісалі шмат, іх пажаданні не высмейвала з сяброўкамі. Абсмейваеш, казала мама, адпіхваеш ад сябе хлапечую ўвагу.

- Алёшка па-ранейшаму мала вучыць урокі, а на гаспадарстве - залатыя рукі, - не пытае, выніковіць Вера пра браціка. Не бярэ цэлафанавыя мяшочкі з мамінай адмысловай смакатой, адсоўвае.

- Пачастуй палатніцаў. Ляжыце разам, мо да каторай ніхто не ходзіць, - настойвае матуля.

- Дзве цяпер такія. Яны таксама есці не хочуць.

Асобныя бацькі не наведваюць дзяцей, не хочуць нават забіраць памерлых заложнікаў мірнага атаму. Баяцца радыяцыі. На Украіне і Беларусі ёсць чарнобыльскія пенсіянеры ў пяць гадоў. Жах.

- Як вы гуляеце, дзяўчатачкі мае? - пытае Хрысціна Нямковіч у трох дзяўчынак шаснаццатай палаты. Мама Альбінкі Тамара Пакрова так-сама тут.

Рознаўзроставыя дзяўчынкі знеахвоць усміхаюцца. Мысляць. Раней страху знеўпападзіць, сказануць недарэчнасць, не ўгадаць патрэбны даросламу адказ у іх не было. Цяпер страх выспеў, вырас, яны ўсяго баяцца, асабліва здацца някемкімі.

Трынаццацігадовая Ніна Масюк адкладвае ляльку:

- Мы не гуляем. Нават у лялькі, свае ці чужыя.

- А што ўдзень робіце? - па-гаспадарску ўдакладняе Тамара Пакрова.

Маўчанне зацягваецца.

- Ляжым, - прамаўляе васьмігадовая Альбіна Пакрова. - Глядзім у вакно.

- Тэле…

- Далёка ісці па калідоры. Рэдка глядзім. Мы размаўляем, - дадае дзяўчо.

- Пра школу, кнігі?

- Пра здароўе мамаў. Яны добрыя. Адсюль усё бачна лепей.

Для хворанькіх быццё ў бальніцы - фікцыя, не жыццё, усё ў шчаслівым дахваробным існаванні. Навучыліся патайна плакаць, не адказваць на крыўду ці рэзкасць каляжанкі з другой палаты. Убачаць скошаны тварык малой бліз калідорнага вакна, падыйсці, суцешыць - для іх норма. Старэнькія бабулькі ў дзесяцігадовым узросце.

- Пра лячэнне сумовім, - удакладняе Ніна Масюк.

Чацвёртая дзяўчынка часта паміргвае, не плача, маўчыць, зрэдзь усміхваецца. На пытанне, як завуць, адкуль прыехала, задаўгавата думае.

- Іна яна. З-пад Хойнікаў. Іна Жукавец.

Чысценька ў шаснаццатай палаце, светленька, мілыя няўсміхлівыя тварыкі сур'ёзных дзяцей.

Шчокі Хрысціны Нямковіч пачынаюць зрэдку ўздрыгваць, надзьмуцца і спадуць, зноў надзьмуцца; пашумлівае нос.

Маме Хрысціне ў Гомель з-пад Мазыра далёка ехаць, дамаўляюцца з дочачкаю, што ў бальніцу прыедзе праз два тыдні.

Іна Жукавец як узяла каляровы часопіс, так і застыла на адной старонцы - не чытае, не гартае. На пытанні прыезджых дзвюх мамаў стараецца не адказваць. У яе практычна няма бацькоў.

Радыяцыя зваліла на Беларусь навалу адмоўніцтва. Паўтысячы падкідышаў і адказнікаў штогод на Беларусі. Падранкі гадамі не бачаць бацькоў. Уменне суперажываць, спачуваць людзям у агульным і канкрэтнай жывой істоце перадаецца дашкалятам ад бацькоў, а тут малышня ўвесь час бачыць і чуе роўных сабе. Таўкатня сярод роўных не развівае разумовы і этычны патэнцыял чалавека і нацыі - зніжае.

Мама Іну за тры апошнія месяцы праведвала адзін раз. Прычыну ведала Інка, баялася выказаць.

...Мама Інкі, маладзюсенькая прыгажуля, маляр Святлана Жукавец, наслухалася беларускай і рускай пустой тэлевізіі, наглядзелася на пасябручкоў мужыка, гэткіх жа рабацяг, як сам. Не атрымала засцярогаў ад бацькоў, старанных вясковых атупелых хлебаробаў, для якіх галоўным у жыцці былі агарод, свінні і дзве кароўкі, мама Інкі пачала складаць кампанію выпівоху мужыку. Прымала па кропельцы піўца, па шкляначцы. Гэтым затрымлівала выпівоху ў кватэры, берагла ад вулічных сабутэльцаў.

Святлана Жукавец не піла віно ці гарэлку, адно піва. Па кропельцы часам віна. Не агледзелася маладайка, як за два гады ўцягнулася ў піўнушніцтва. Не Косцю адвадзіла ад вінца, сама ачмурылася лёгкімі градусамі лёгкіх напояў. Піва ніколі не было заменнікам ці ліквідатарам віна, спірту, гарэлкі, само памочнічыла атрутным. Праз яго любы піўнушнік надзейна торыў сцяжыну да алкагольнай залежнасці. Як і дзесяткі іншых разумных жанчын і падлеткаў, мама Інкі задрыгвянілася надзейна.

Першыя званкі, што жанчынка перастала змагацца за сябе і блізкіх - згрызоты з Косцем, развод, неправедванне дачкі ў бальніцы. Боль асірацелай забытай дзяўчынкі стаў для мамы здаллю дальняй, верхаводзіла бутэліца. Мясцовыя выпівохі сталі для Святланы Жукавец не далёкімі прыяцелямі - нормаю жыцця.

Усяго праз чатыры гады адвучвання мілага Косці ад гарэлкі ўпэўненая Святлана Жукавец бяскрыўдным хмяльным напіткам і вінцом падсадзіла пячонку, сэрца, ныркі. Сотні, тысячы грамадзян Беларусі сталі на дарогу хранічнай алкагольнасці ад піўной лёгкасці; адна з іх, мама Інкі Жукавец, хуценька прылучылася да іх.

Калі б дзяўчынка Інка Жукавец нават паправілася, яна была б чарговай кандыдаткай не ў сям'ю, а да тых трыццаці тысяч беларускіх дзяцей, якіх напрамую выракліся бацькі або дзяржаўцы забралі ад ахамелых бацькоў у інтэрнаты і дзіцячыя дамы. Дзяўчо не ведала, але палова дзетдомаўцаў пасля будуць піць гарань, кожны пяты трапіць у турму, яшчэ столькі зсамагубнічае. Выкараскаюцца з алкагольнай радаслоўнай адзінкі.

- Іна, Алька! Маам, вы чуяце? - палец Веркі ткнуўся ў вакно.

Слухаюць дзве мамы, усе чатыры дзяўчынкі.

- Во-во, танюсенька, цілёмкае. Вызвоньвае жаўручочак, мой.

Маці не чуе жаўручка. Хоць плач. У поўных надзеі і чакання сіненькіх вачанятках Вяруні працяжны запыт. Маці пацвярджае нячутае. Вера абрадавалася адзінагалоссю з мамай. Нядоўга радавалася.

- Хто вінаваты, што мы тут?

- Не ведаю. Мы людзі маленькія, не ведаем.

- Мам, дактары таксама кажуць, мы людзі маленькія, што так лёс даў. Нехта ж зрабіў Чарнобылле.

- Зрабіў. Нехта. Яго Бог пракляне.

- Вялі-і-ікія начальнікі… Яны ведаюць?

- Мусіць. Яны ў Маскве, Кіеве, Мінску. Іх таксама вашыя слёзы дастануць. - Жанчына памоўчвае нядоўга. - Маглі сказаць пра радыяцыйнасць у нашых вёсках назаўтра ці праз месяц. Маглі перасяленне адразу аб'явіць або праз паўгода. Ведалі ж. А то праз два з паловай гады. Ты б не захварэла.

- Самі вінаватыя не аб'явяцца, мама.

- Не аб'явяцца, доча. Яны - горш за пацукоў. Зараз яны маленькія, як і мы. Гады цяпер ні пры чым, няведкі, і ўсе свалатня. Адзін Несцярэнка за праўду ваяваў.

Калідор. Расстанне. Плачуць абедзве Нямковічавыя. Мама суцяшае дачку. Мама прыедзе можа раней, чым праз два тыдні. Раней прыедзе, пабачыш. Можа ўведае болей пра пачатак і развіццё радыяцыйнай халеры.

IV

- Іване, прывітанне. Чуў, у Чарнобылі нейкая сценка абрушылася.

Пракурор Кіеўскай вобласці Іван Чарнавок вытрымаў паўзу, азваўся з гнеўнай іроніяй:

- З-за такой драбязы званіць спозарань у выхадны дзень? Дзе ў Чарнобылі?

- На атамнай. Два чалавекі загінулі. Ці дванаццаць. Ваенныя ўсё ў тайны пагульваюць. - Старшыня суда Кіеўскай вобласці Сяргей Іванчук адчуў напятасць суразмоўцы. - Ці прыдзецца мне, не ведаю, а ты адразу заводзь крымінальную справу. Разбірайся, сёння, і мяне тузай. Там атамныя ідыёты кашу заварылі, а разбірацца нам. Выхадныя могуць паляцець.

Праз паўгадзіны Іванчуку звоніць намеснік Генеральнага пракурора Украіны Міраслаў Пацябенька. Пакуль вы там кешкаецеся, мы плануем ствараць следчую групу.

- З-за сцяны і двух чалавек?

Іванчук выслухоўвае дакоры начальніка, прабачаецца. Яго службу абыйшлі, ён увогуле не ведаў нічога.

Набірае кватэру Чарнавока, спрабуе адчытваць даўняга прыяцеля.

- Позна мяне вучыш, - супярэчыць пракурор Чарнавок. - Я паспеў даць распараджэнне пра ўзбуджэнне крымінальнай справы.

- Сённяшняй датай, суботняй?

- Да мяне ўжо едуць патрэбныя людзі. Да абеду неабходна ўзбудзіць крымінальную справу. ("Вось чаму мяне толькі што тармасіў Пацябенька…") Званіў ён і мне. - Пасля секунднай затрымкі. - Баюся, каб ляснуліся не толькі выхадныя. У Чарнобылі, відаць, не простая рэзваль.

Два юрыдычныя салідныя абласныя начальнікі абмяркоўваюць тупасць рэспубліканскіх начальнікаў. У групу намесніка старшыні Саўміна Украіны Нікалаева не ўключылі нікога з пракуратуры, калі зранку паімчалі ў Чарнабыль.

Кола закруцілася. Роўна ўпоўдзень пракурор вобласці Іван Чарнавок узбудзіў крымінальную справу № 19-73 па факту адбылай уночы на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС аварыі з цяжкімі наступствамі. Злачынства сур'ёзнае - парушэнне правіл бяспекі на выбухова-небяспечных прадпрыемствах або цэхах. Тым не меней абодвум юрыстам няраз думалася, справа закончыцца ўзроўнем вобласці, крайне рэспублікі.

Памыліліся. Ужо ўвечары праз Кіеў у Чарнобыль пакіравала саюзная Урадавая камісія, з самім Шчарбіцкім адно парукаліся, ніякіх тлумачэнняў, пытанняў. Намеснік старшыні СМ Украіны Нікалаеў ледзь уплішчыўся ў строга ахоўную калону.

Назаўтра намеснік Генеральнага пракурора СССР Алег Сарока стварыў спецыяльную следчую брыгаду для разбору аварыі на ЧАЭС. Апрача супрацоўнікаў пракуратуры СССР і УССР уключылі следчых з дзяржбяспекі. Склад брыгады ў далейшым некалькі разоў мяняўся. За кошт павелічэння супрацоўнікаў КДБ, МВД.

У акце ад 5 мая 1986 было адзначана, што персанал парушыў шмат правілаў і рэгламент. Адначасова рэкамендавалі двум міністэрствам тэрмінова прааналізаваць адпаведнасць рэактарнай устаноўкі РБМК-1000 патрабаваннем пункта 2.3.7 АПБ-82 (агульных правілаў бяспекі), распрацаваць мерапрыемствы па строгім выкананні патрабаванняў бяспекі на ўсіх АЭС, пабудаваных і будаваных. (Том справы 34, ліст 11).

Кіраўніка брыгады, прадстаўніка пракуратуры Украіны П. М. Іванова пятага мая замяніў прадстаўнік пракуратуры СССР Н.П. Васкоўцаў. 14 ліпеня 1986 паводле загаду генеральнага пракурора СССР Андрэя Ракункова брыгаду ўзначаліў яго старшы памочнік Ю. А. Пацёмкін. Пад яго кіраўніцтвам расследаванне і закончылася, 18 студзеня 1987 г. брыгада закончыла шліфаваць абвінаваўчае заключэнне.

Два вялікія ўкраінскія юрыдычныя начальнікі пракурор вобласці і абласны суддзя ў заваранай кашы пачуваліся маленькімі рыбкамі. Да маскоўскай брыгады іх не дапускалі, пра разбор справы амаль не паведамлялі. Тым не меней нумар справы не замяняўся.

- Рэзваль ёсць рэзваль, - пажаліўся абласны пракурор Чарнавок суддзю Іванчуку. Намёк на аварыю і яе разборнікаў.

- Развалілі маскоўскія невінаватаўцы, разбіраюць такія ж, тасуюць склад брыгады, старонняга вока баяцца, - пагадзіўся суддзя. - Да разбору рэзвальнай чарнобыльскай калатушы два гады справа не дойдзе.

У ацэнцы сітуацыі абодва высокія кіеўскія юрысты мелі рэзоны, у тэрмінах прамахнуліся. У ліпені 1987 года ў выселеным Чарнобылі Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда СССР (старшыня Р.К. Брызе, дзяржаўны абвінаваўца старшы памочнік генпракурора СССР Ю. Н. Шадрына) справу №19-73 пачалі разглядаць. 29 ліпеня 1987 шэсць чалавек персаналу ЧАЭС прыгаварылі на турэмныя нары - ад трох да дзесяці гадоў. Навуковы бок здаранай аварыі выдзялілі на асобны разгляд.

Прыгаворам незадаволіліся пакараныя і сведкі, ліквідатары і высяленцы з гарадоў і вёсак, юрысты. Употайкі і яўна радаваліся прыгавору толькі стваральнікі аварыі; як можна разбор і прысуд не выносілі на разгляд грамадскасці. Пра тонкасці абмяркоўванняў на сходах-нарадах у чэрвені 1986, пра дасудовыя спрэчкі і судовыя разборы не ведалі нават усе члены Урада, Палітбюро, у тым ліку кіраўнікі трох пацярпелых рэспублікаў.

Прычыны радасці ў фактычных стваральнікаў аварыі самыя істотныя. У першыя дні пасля выбуху пачалі расследаваць здарэнне міжведамасная камісія (узначальваў стваральнік рэактара А. П. Аляксандраў): спецыялісты ад сямі саюзных арганізацый - Мінэнерга СССР і Мінсярэдмашу СССР, прафесіяналы ад "Энергіі", "Саюзатамэнерга", "Гідрапраекта", інстытута імя Курчатава, якім кіраваў А. П. Аляксандраў. У чэрвені 1986 года на змушана тэрмінова праведзеных абедзвюх важных нарадах фізікаў-атамшчыкаў на чале з тым жа А. П. Аляксандравым ужо паспрабавалі труновіць версію, што рэактар узарваўся з-за сур'ёзных канструктарскіх недахопаў.

Прынцыповага разбору аварыі на сумесным паседжанні ў Гарбачова з удзелам кіраўніка Аператыўнай групы Рыжкова як і не было; рэзкіх выступленняў Слюнькова і Шчарбіцкага як і не чулі.

Дзяржпраматамнагляд падабраў у склад групы па выпрацоўцы дакументаў 23 чалавек. З тых самых праектантаў, канструктараў.

Вывад абедзвюх нарадаў адназначны. Вінаваты ў аварыі персанал станцыі, толькі ён. Усяму астатняму адводзілася другарадная роля. Паспешна падрыхтаваліся дакументы для нарады з экспертамі МАГАТЭ ў канцы жніўня.

Праводзіла расследаванне і спецыяльная камісія Урада. Ядро яе - прадстаўнікі зацікаўленых ведамстваў і арганізацый (Мінэнерга, Мінсярэдмаш, ІАЭ імя Курчатава). Другіх пад рукой не было. Нейтральных Дзяржатамнагляд не прыцягваў.

Усё і тут пайшло апраўдальна-выкруцельскім шляхам, пра мажлівасць якога рэзка і гнеўна гаварыў на пашыраным паседжанні Палітбюро ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР 4 чэрвеня 1986 першы сакратар ЦК КПБ Мікалай Слюнькоў. Аднак у склад Урадавай камісіі ўключылі адказных прадстаўнікоў КДБ, МВД, пракуратуры СССР. Намеснік генпракурора А. В. Сарока наглядаў за правільнасцю дзеянняў органаў папярэдняга і выніковага следства; заключны даклад падпісаў сам Генеральны пракурор СССР А. Ракункоў.

Урадавая камісія, як і на абодвух аляксандраўскіх сходах-пасяджэннях, безапеляцыйна на першае месца вінаватасці паставіла персанал станцыі, на другое вынесла Міністэрства энергетыкі і электрафікацыі (назвала асобных кіраўнікоў, якія мякка адносіліся да фізіка-тэхнічных недахопаў рэактараў РБМК-1000, не дабіліся ад Галоўнага канструктара і Навуковага кіраўніка… належнай надзейнасці рэактараў). Пакрытыкавалі Міністэрства сярэдняга машынабудавання СССР - самога міністра Слаўскага, яго намеснікаў за хібы ў праекце рэактара і канструктыўныя. За "непрадугледжаныя тэхнічныя рашэнні па забеспячэнні бяспекі рэактара" разнеслі акадэмікаў Аляксандрава, Даляжаля, прафесара Емельянава. (т. 34, л. 62-66).

Адзначылі недахопы ў працы Камітэта Дзяржатамэнерганагляду. Яго кіраўнікі Куклоў і Сідарэнка былі нерашучыя, не выкаранілі "парушэнняў норм і правіл бяспекі з боку работнікаў міністэрстваў і ведамстваў, атамных станцый, прадпрыемстваў, што пастаўляюць абсталяванне і прыборы". (т. 34, л. 67).

Ужо цераз паўтара месяца пасля аварыі на ЧАЭС распрацоўшчык прапанаваў кардынальныя першачарговыя мерапрыемствы па павышэнні бяспекі рэактара. Яны абсалютна не адпавядалі афіцыйнай версіі аварыі, што яе прычына толькі памылкі персаналу.

У выніку - ва Урадавым дакладзе адзначана, што "сістэма аварыйнай абароны рэактара не выканала сваіх функцый. Развіццё аварыі… адбылося з-за недахопаў канструкцыі рэактара.

З-за нездавальняльнай канструкцыі стрыжняў кіравання і абароны рэактара ўводзілася станоўчая рэактыўнасць, хаця пры ўсіх нармальных і аварыйных рэжымах рэактыўнасць павінна быць адмоўная. Не было прыстасавання, якое паказвае значэнне аператыўнага запасу рэактыўнасці ці папярэджвае аб падыходзе да небяспечнай мяжы". (т. 34, л. 63-64).

Высвечвалася: без усебаковага сапраўднага даследавання праектна-канструкцыйных тонкасцяў нельга разлічваць на ўстанаўленне ісціны ў прычынах катастрофы, вынясенні правасуднага рашэння, важных для засцярогі мільёнаў людзей ад новых Чарнобыляў.

На жаль, следства, пракуратура і суд пайшлі па ілжывым шляху, за рашэннямі абодвух чэрвеньскіх сходаў/пасяджэнняў на чале з А. П. Аляксандравым. Усю ўвагу засяродзілі на памылках і парушэннях персаналу.

Вялізарныя недахопы праектавання і канструкцыі рэактара, іх роля ў развіцці аварыі і катастрафічных наступстваў практычна не даследаваліся. То бок следства, пракуратура і суд занялі дзіўную, нярэдка супрацьлеглую пазіцыю нават да адносна нямоцных спасцярожлівых урадавых вывадаў: узгадвалі, зрэдку спасылаліся, а ўпор рабілі на вывадах аляксандраўскіх сходаў/нарадаў у чэрвені 1986. І на падрыхтаваных групай А. П. Аляксандрава матэрыялах да жнівеньскага 1986 дакладу МАГАТЭ.

Невядома з якога ветру следства і суд істотныя праектныя, канструктарскія недахопы рэактара, іх ролю ў страшэнным развіцці катастрофы пачалі змякчаць, расцэньваць дробязна-пабочнымі. Амаль знікла нават спасылкавая прыблізнасць, як у прыгладжвальным дакладзе Ўрадавай камісіі.

(Працяг у наступным нумары.)

Валер Санько


У фанатэку паўстання

Перад паўстаннем 1863 года, у гадах 1861-62 адной з формаў супраціву было спяванне ў касцёлах патрыятычных гімнаў. Найбольш папулярнымі з іх былі гімны "Штосьці Польшча..." і "З дымам пажараў...". Ёсць звесткі, што першы гімн быў перакладзены на беларускую , украінскую і літоўскую мовы. У Лепельскім павеце паліцыя адшукала друкаванае выданне на беларускай мове "Песні пабожныя". Сярод песень - гімн паўстання "Штосьці Польшча...". Беларускі варыянт аднак істотна розніцца ад арыгінальнага, і яго даволі ўмоўна можна назваць перакладам. Другі гімн шырока захаваўся на польскай мове.

ШТОСЬЦІ ПОЛЬШЧА.

Божэ, Ты Польшчы праз доўгія векі

Даваў чэсьць, хвалу, сьцярог ад няволі,

Не паскупіу Ты айцоускай апекі,

Сіліў пацеху в нешчасьлівой долі.

Перэд аутары малітву прыносім!

Вольносьць, Айчызну вараці нам, просім!

Ты пажалеушы яе у злой прыгодзе

Нераз пабіці врага давау сілу,

Серод нешчасьця у правюнэм родзе

Дадау больш хвалы, хоць пашла у магілу.

Перэд аутары...

Божэ, ты сілу цароу розгузданых

Роуно былінку зломіш в сваём судзе

Сатрыж у порах тыраноу паганых

Дай нам пацеху што Польшча жыць будзе.

Перэд аутары...

Вярні ей сьветносьць як дауней была,

Дай уражай на родненькой межы

Каб у пакоі шчасьліва зажыла

Благаславі ты в дзеле маладзежы

Перэд аутары...

Ты Бялыніцка Найчыстша Дзева,

Сьвятая Маці сіроцкаго роду,

Літвы і Русі можна Каралева,

Упрасі Сына, каб дау нам Свабоду.

Перэд аутары...

У Журавічах, Барунах маскалі

Цябе з намі у казёншчыну скулі;

Спрау каб од сызмы ты і мы адсталі,

Зрабі каб з Польшчай Унію вярнулі.

Перэд аутары ...

З ДЫМАМ ПАЖАРАЎ...

З дымам пажараў, з кроўю ран братніх

Мы табе, Пане, б'ём наш паклон,

Скаргаю страшнай, енкам астатнім

Ад нашых модлаў сыходзіць стогн.

Мы ўжо без скаргі не знаем спеву,

З церну вянок уразаецца ў скронь,

Вечна як помнік Твайго, Пан, гневу

Цягнем к Табе мы просьбы далонь.


Колькі разоў Ты нас не адсцёбваў,

Мы, не адмыўшыя свежых ран,

Зноўку гукаем: "А Ён жа добры,

Бо Ён - наш Бацька, бо Ён - наш Пан".

І зноў да паўстання нас вера будзіць,

Каб Тваёй воляй нас вораг змог

І смеху кінуў камень на грудзі:

"А дзе ж той Бацька, а дзе ж той Бог?"


Гляньма ж у неба, ці там з зеніту

Сто сонц не ўпадзе на злыдняў знак,

Ціха і ціха сярод блакіту

Як колісь грае свабодны птах.

І мы ў сумнення злой паняверцы,

Перш, чым нам веру Ты вернеш зноў,

Блюзнім губамі, хоць плача сэрца:

"Суд чынь па справах, а не са слоў".


О, Пане, Пане! З прадоння шатаў

Жудасці весткі прынёс нам час:

Сын забіў бацьку, брат забіў брата,

Каінаў мноства ёсць паміж нас.

Толькі ж, о, Пане, віна не іхня,

Хоць нашу прышласць цягнуць заплеч,

Іншыя д'яблы таму прычынай,

Вытні далонню, не рушай меч.


Глянь, мы ў няшчасці заўжды адзіны,

На Тваё лона, да тваіх зор,

Модлы плывуць, як клін жураўліны,

Да родных гнёздаў, сваіх азёр.

Крый жа нас моцны, магутны Пане,

Дай дачакацца Тваіх нам ласк,

Кветка пакуты вянком хай стане,

Хай нас нябесны асветліць бляск.


Мы з арханёлам тваім на чэле

Пойдзем усе на смяртэльны бой,

І на шайтана дрыгуткім целе

Мы ўздымем сцяг пераможны свой.

Змучаным браццям адчынім сэрцы,

Віны іх змые вольнасці дождж,

Вось тады ўчуе подлы блюзнерца

Водпаведзь нашу: "Бог быў і ёсць".

(Пераклад Станіслава Судніка.)

Першы гімн падаём на кірыліцы з захаваннем правапісу. Безумоўна, у тэксе відавочная граматычная недасканаласць. У-нескладовае, да прыкладу, то пазначаецца, то не пазначаецца, але яно ўжо ёсць, і г.д. Улічым аднак, што ніякай беларускай граматыкі на той час яшчэ ніхто не сфармуляваў. Хаця, гэта справа лінгвістаў - сказаць наколькі мова арыгіналу беларуская, наколькі яна падобная да мовы "Мужыцкай праўды". Мы ж друкуем гімны з надзеяй - а раптам хто заспявае.

Рэд.


Сцвярджэнне ўдзячнасці кнігай

У Падсвільскай суполцы ТБМ адбылася падзея: сябра яе - Людміла Баброўская выдала кніжку "Святло маёй душы" пад псеўданімам - Ганна Вашыла. Прэзентацыя прайшла ў Падсвільскай бібліятэцы, дзе прысутнічала больш за 30 чалавек.

Сёння гаварыць пра кнігу - гаварыць пра мову роду свайго, каранёў сваіх. Ганна Вашыла з'явілася з кнігай, прыйшла з удзячнай памяці ўнучкі, якую ніколі не трымала на сваіх руках. Бабуля Ганна не дачакалася з'яўлення Людмілы - пайшла з жыцця праз год пасля нараджэння дачкі. А ў будучыні ўдзячная ўнучка сумела ўявіць яе такой роднай і любай, што сардэчныя замалёўкі, абразкі кранулі чытача гэтай роднасцю. І даказалі мовай.

Ганна-Людміла ў час прэзентацыі гаварыла выразна, прыгожа. Ёй бы быць у цеснай сувязі з дзецьмі - працаваць у садку ці настаўніцай мовы. Дык - не. Яна, скончыўшы калісьці кулінарны тэхнікум, усё жыццё кіруе поштай. Але хай сабе. Мова ж патрэбна ва ўсёй нашай беларускай гаспадарцы як сцвярджальніца культуры, годнасці ўсіх кіраўнікоў, усіх грамадзян Бацькаўшчыны.

Колькі слоў пра кнігу "Святло маёй душы". Назва не новая, не арыгінальная, але, як сказана вышэй, выяўляе ў святле жыцця Ганнінай гераіні (чуллівай, мройлівай душы) найгалоўнае - удзячнасць роду, караням сваім, за ўстойлівасць. Лірычную гераіню прыязна вядзе памяць па мілых слядах дзяцінства і юнацтва, там, дзе "сцелецца бярозка" апошнім летам жыцця маці. Высвечваецца родная хата і "ў пяшчотных згадках тата", які стварыў свет дзяцінства". Абвострана ўзнікае спачувальнае і ўдзячнае пачуццё да бабулі, у якой ніколі не лашчылася на каленях. Кніга складаецца з лірычных абразкоў, замалёвак пра рознае, ад захаплення ў далёкім ранні, да засмучэння ў пазнейшым часе, пра радасць вачэй і душы.

Людміла Баброўская хацела мець кнігу для сябе, для родных і блізкіх. Калі з'явілася кніга, сабрала сямейную і прыяцельскую аўдыторыю. Шырокае застолле слухала аўтара і бібліятэкара - Наталлю Аўласевіч. Між імі ішоў дыялог.

Падзея гэтая ўспрымаецца як трайное свята ў Свята Вялікадня (31 сакавіка): свята Ганны Вашылы (Людмілы), свята ТБМ (Людміла - сябра нашай суполкі) і свята бібліятэкі. І віншавалі яе родныя, сябры, прыяцелі, службоўцы, сябры ТБМ, бібліятэкары і прысутныя тут чытачы, старшыня мясцовага выканкама - Валянціна Пальчанка, былая намесніца старшыні Дубровенскага райвыканкама - Людміла Акунявец (цяпер - пенсіянерка).

Выявілася, што ўсе добра разумеюць беларускае слова, чалавечую душу і адчуваюць свята таксама душой.

Марыя Баравік, пісьменніца, старшыня Падсвільскай суполкі ТБМ.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX