Вярнуцца: 2013

№ 19 (1118)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 19 (1118) 8 траўня 2013 г.

Палкаводцы і военачальнікі зямлі беларускай на плакатах

Да Дня Перамогі ў кнігарні "ЛогвінаЎ". падрыхтавалі прэзэнтацыю набору плакатаў "Палкаводцы і военачальнікі зямлі беларускай"..

Прадстаўленая серыя плакатаў - даніна памяці і павагі да нашых суайчыннікаў, якія на працягу тысячагадовай беларускай гісторыі праз змены дзяржаўнай прыналежнасці (Полацкае княства, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская Імперыя, Савецкі Саюз), шматлікія войны пранеслі гонар і славу айчыннай зброі.

Дваццаць восем выбітных вайсковых дзеячаў: легендарны князь Усяслаў Чарадзей, Давыд Гарадзенскі, Альгерд, Вітаўт, Андрэй Полацкі, Міхаіл Глінскі, Канстанцін Астрожскі, Юрый Радзівіл, Мікалай Радзівіл "Руды", Рыгор Хадкевіч, Ян Караль Хадкевіч, Януш Радзівіл, Павел Ян Сапега, Тадэвуш Касцюшка, Іван Сухазанет, Мікалай Сухазанет, Міхаіл Чарняеў, Іосіф Гурка, Кіпрыян Кандратовіч, Станіслаў Булак-Балаховіч, Сяргей Вайцахоўскі, Леў Даватар, Валянцін Дрозд, Аляксей Антонаў, Іван Якубоўскі, Сцяпан Красоўскі, Іосіф Гусакоўскі, дэсантнік №1 генерал Васіль Маргелаў.

Наш кар.


Дапаможам ТБМ!

Паважаныя сябры і прыхільнікі роднай беларускай мовы! Да Вас звяртаецца сакратарыят ТБМ з просьбаю аб дапамозе.

Паводле новага Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з 1 красавіка гэтага года кошт арэнды за сядзібу ТБМ павысіўся на 60 % і дасягнуў 9 мільёнаў 801 тысяча 600 руб. у месяц. Акрамя таго, мы мусім аплачваць тэлефон, камунальныя і паштовыя паслугі.

Нягледзячы на шматлікія звароты грамадзян Беларусі ў Адміністрацыю і Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта з просьбай пакінуць для ТБМ ільготны кошт арэнды, мы не атрымалі станоўчага адказу.

Для таго, каб утрымаць сядзібу арганізацыі ў Менску ў гэтых умовах, нам неабходна штомесяц збіраць 10 мільёнаў беларускіх рублёў у выглядзе ахвяраванняў і складак сяброў і прыхільнікаў ТБМ. Калі пяць тысяч прыхільнікаў роднай мовы ахвяруюць штомесяц усяго дзве тысячы рублёў, наша арганізацыя не загіне і ў каторы раз прадэманструе сённяшняй уладзе сваю годнасць. Імёны асобаў, якія ахвяруюць пасільныя сродкі на падтрымку дзейнасці ТБМ, будуць надрукаваныя ў газеце "Наша слова", што стане гістарычным сведчаннем змагання грамадзян за права "людзьмі звацца".

Мы просім беларускіх журналістаў праявіць салідарнасць і давесці наш заклік да грамадзян Беларусі.

Рахунак ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" №3015741233011 ў Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка", код 739. УНП 100129705.

Зварот прыняты на пасяджэнні сакратарыяту ТБМ 25 красавіка 2013 г.


АБ'ЯВА

У траўні сядзіба ТБМ працуе штодня з 15.00 да 19.00, акрамя нядзелі. 1, 9-12, 14 траўня сядзіба ТБМ і кніжная выстава не працуюць.


130 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Некрашэвіча

Сцяпан Міхайлавіч НЕКРАШЭВІЧ (08.05.1883, фальварак Данілоўка Бабруйскага павета Менскай губерні - 20.12.1937) - беларускі навуковец і грамадскі дзеяч, ініцыятар стварэння і першы старшыня Інстытута беларускай культуры (цяпер - Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі), акадэмік Акадэміі навук Беларусі. Разам з Я. Ф. Карскім і І. В. Воўк-Левановічам уваходзіць у лік распрацошчыкаў навуковых нормаў сучаснай беларускай мовы.

Нарадзіўся ў шляхецкай сям'і Міхаіла Паўлавіча Некрашэвіча, які займаўся сельскай гаспадаркай, і яго жонкі Евы Дзмітрыеўны. Сястра Ганна, па мужу Акановіч, у наступным была настаўніцай у Нью-Ёрку, ЗША. Род Некрашэвічаў (гербу "Любіч") вядомы з XVII ст. і паходзіць са Слуцкага княства.

Пачатковую адукацыю атрымаў у сям'і. У 1908 г. скончыў настаўніцкую семінарыю ў г. Панявеж Ковенскай губерні (цяпер Панявежыс, Літва), у 1913 - Віленскі настаўніцкі інстытут.

З 1914 г. падчас Першай сусветнай вайны - на Румынскім фронце. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. абраны ў армейскі камітэт 6-ай арміі. Уваходзіў у партыю Беларуская сацыялістычная грамада, затым - адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

Пасля абвяшчэння БНР у 1918 г. - прадстаўнік яе ўраду на Поўдні Украіны і ў зносінах з французскім камандаваннем Антанты.

З 1920 г. - у Менску. Працаваў у Народным камісарыяце асветы БССР: загадчык літаратурна-выдавецкага аддзела, старшыня навукова-тэрміналагічнай камісіі, намеснік старшыні Акадэмічнага цэнтра, намеснік старшыні Галоўнага ўпраўлення прафесійнай асветы і інш.

У студзені 1921 г. на сходзе работнікаў асветы і культуры прапанаваў у дакладзе стварыць інстытут, які займаўся б вывучэннем беларускай культуры. Удзельнічаў у арганізацыі Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт), у 1922-1925 - яго першы старшыня.

21 ліпеня 1930 г. арыштаваны. Паўторна арыштаваны ў лістападзе 1937, 19 снежня 1937 Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР прыгавораны да расстрэлу.

Вікіпедыя.


130 гадоў з дня нараджэння Янкі Маўра

Янка МАЎР , сапр.: Іван ФЁДАРАЎ (10 траўня 1883, Лібава (цяпер Ліепая, Латвія) - 3 жніўня 1971), беларускі пісьменнік, аўтар апавяданняў, аповесцяў і раманаў для дзяцей і моладзі. Нарадзіўся ў сям'і сталяра. Дзяцінства правёў на радзіме маці - у вёсцы Лебянішкі Ковенскай губерніі (цяпер Літва). Скончыў пачатковую, затым рамесную навучальню ў Коўне. У 1899 паступіў у Панявежскую настаўніцкую семінарыю. Быў выключаны за ўдзел у гуртку рэвалюцыйнай моладзі. У 1903 здаў экстэрнам экзамен і атрымаў званне настаўніка пачатковай школы. Працаваў памочнікам настаўніка ў Новым Месцы (Літва), у вёсцы Бытча на Барысаўшчыне. У 1906 удзельнічаў у нелегальным з'ездзе рэвалюцыйна настроеных настаўнікаў у в. Мікалаеўшчына. Разам з Якубам Коласам і іншымі актыўнымі ўдзельнікамі быў аддадзены пад суд, пазбаўлены права выкладаць у школе і ўзяты пад нагляд паліцыі. Толькі ў 1911 Я. Маўр працаўладкаваўся выкладчыкам геаграфіі і гісторыі ў Менскую прыватную гандлёвую школу. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працаваў у школе, у Рэспубліканскім саюзе работнікаў асветы, у Наркамаце асветы БССР, у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. Член СП СССР (з 1934).

Дэбютаваў у 1923 фельетонамі ў газеце "Савецкая Беларусь" і ленінградскім часопісе "Бегемот". З першым апавяданнем выступіў у друку ў 1926 (часопіс "Беларускі піянер"). Аўтар кніг аповесцей, апавяданняў "Чалавек ідзе" (1927), "У краіне райскай птушкі" (1928, 1983), "Сын вады" (1928), "Палескія рабінзоны" (1930, аповесць экранізавана ў 1935), і інш.

Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам "Знак Пашаны" і медалямі.

Вікіпедыя.


За беларускія класы

Паважаныя бацькі будучых ганаровых грамадзян вашага горада!

З кожным годам паступова павялічваецца колькасць крэатыўных беларусаў, якія жадаюць вучыць сваіх дзетак у школе і дзіцячым садку па-беларуску.

У мінулым навучальным годзе ў Гарадзенскай вобласці агульнымі намаганнямі бацькоў, аддзелаў адукацыі і грамадскіх аб'яднанняў было створана 30 новых беларускіх класаў. Годам раней - 20.

У юбілейны год класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы і Я. Коласа ў Ленінскім раёне нашага горада ў дзіцячым садку № 45 (паблізу пр. Будаўнікоў, вул. БЛК і вул. Горкага)з ініцыятывы бацькоў была створана беларуская рознаўзроставая група. Калі на пачатак ліпеня 2012 г. там было 9 дзетак, то заканчвае навучанне - 12.

Для кансультацыі па пытаннях стварэння беларускай групы ў садку Вы можаце затэлефанаваць Наталлі Кісель. (Гарадзенскі бацькоўскі камітэт беларускай групы: МТС 298891853, Вэлкам - 293378574, эл. адрас: - nas_hovea mail.ru (Кісель Наталля).

Працягваецца падача заяў ў другі і трэці класы з беларускай мовай выкладання, дзе базавымі беларускімі школамі на сёння з'яўляюцца СШ №32 (Ленінскі раён), СШ №34 (Кастрычніцкі раён), якія маюць досвед арганізацыі беларускага навучання. Інфармацыю пра навучанне ў школе №32 Вы можаце атрымаць у прадстаўніка бацькоўскага камітэта Астроўскай Аксаны (тэл:70-62-89, пасля 18.00)

У канцы красавіка пачаліся бацькоўскія сходы для будучых першакласнікаў 2013 года.

Хутка пачнецца прыём бацькоўскіх заяў у першыя класы для навучання па-беларуску. Не спазніцеся, бо нехта заўсёды ідзе наперадзе, і іх дзеці будуць лепш валодаць беларускай і рускай мовамі. Калі Вы сапраўды хочаце, каб Вашыя дзеткі ведалі нароўні з рускай і беларускую мову - Вы маеце рэальную магчымасць гэта зрабіць, напісаўшы заяву ў першы беларускі клас.

Выдатнае валоданне, як мінімум дзяржаўнымі мовамі - гэта паказчык талерантнасці грамадства, а павага да роднай мовы - гэта павага і да сябе! Далучайцеся, калі ласка!

Сябры гарадзенскай абласной і гарадской радаў ГА "ТБМ імя Ф.Скарыны".

Гародня. Дзіцячы садок №45.

Адрас: вул. Сухамбаева, 5.

Заявы прымаюцца (з чэрвеня) ў Ленінскім аддзеле адукацыі па адрасе: вул. Савецкая, 14, каб. 253, тэлефон - 74-07-85.

Раб. тэл. галоўных спецыялістаў аддзела адукацыі гарвыканкама: 72-04-02, 72-04-83

Тэлефон начальніка аддзела адукацыі гарвыканкама: 72-05-58 (Ламека Сяргей Васільевіч).

Прадстаўнік бацькоўскага камітэта: МТС 29-8891853, Вэлкам - 293378574, эл. адрас: - nas_hovea mail.ru (Кісель Наталля)

СШ №32 (Ленінскі раён).

Тэлефон сакратара школы №32: 41-31-92 (Баярчык Гелена Вацлаваўна).

Завуч пачатковай школы №32: МТС-787-43-54 (Багдановіч Валянціна Іванаўна)

E-mail: Sh32 mail. grodno.by

Ленінскі аддзел адукацыі: 72-10-65.

Прадстаўнік бацькоўскага камітэта беларускіх класаў: 70-62-89, пасля 18.00 (Астроўская Аксана Барысаўна).

СШ №34 (Кастрычніцкі раён).

Тэлефон сакратара школы №34: 56-73-13.

Завуч пачатковай школы №34: 56-25-46 (Вітко Алена Антонаўна).

Е-маіl : Sh34oktroo mail.grodno.by

Тэлефон начальніка аддзела адукацыі гарвыканкама: 72-05-58 (Ламека Сяргей Васільевіч).

Кастрычніцкі аддзел адукацыі: 52-05-66.

Тэлефоны гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ: Вэлкам - 943-58-09 (Крой Аляксандр Ільіч), МТС - 285-93-07 (Буднік Іван Фёдаравіч).


Паштоўка з Ў ад "Белпошты"

РУП "Белпошта" выпусціла мастацкую паштоўку "Унікальная беларуская кірылічная літара "ў". Мастак Г. Раманоўская.


АБВЕСТКА

Да ведама сяброў і прыхільнікаў роднага слова, якія выказалі жаданне 7-9 траўня прыняць удзел у даследчай працы па вывучэнні рукапісных сімвалаў беларускай мовы.

Па тэхнічных прычынах гэтае мерапрыемства пераносіцца на 2-ю палову траўня. Канкрэтная інфармацыя будзе выстаўлена на партале ТБМ і ў СМІ.

Сакратарыят ТБМ.


БЫЛІ, ЁСЦЬ, БУДЗЕМ...

"Говоры по-своёму, хучэй будэ", - такія словы можна было пачуць ад старэйшых людзей у час майго дзяцінства, калі нехта, ведаючы сваю мову, пачынаў размаўляць па-польску. Пасля такія словы паўтаралі беларускія студэнты ў Беластоку i Варшаве, можна іх пачуць таксама і цяпер.

Аднак многія маладыя людзі ўжо не ў змозе здзейсніць гэтую просьбу, бо не ўмеюць гаварыць на мове сваіх бацькоў і дзядоў. Каб прыблізіць гэтыя праблемы, з дакладам "Мова маіх бацькоў... " 24 верасня 2012 г. у Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы выступіў доктар Васіль Сегень, супрацоўнік Кафедры беларускай філалогіі Універсітэта ў Беластоку. На сустрэчу, арганізаваную музейным бібліятэкарам Анджалінай Масальскай, прыйшлі гайнаўскія белліцэісты са сваім настаўнікам беларускай мовы Янам Карчэўскім і гімназісты са школы ў Дубінах з настаўніцай беларускай мовы Нінай Куптэль. Калі дакладчык Васіль Сегень спытаў сабраную моладзь, ці тая ведае родную мову сваіх бацькоў, у музейнай зале была цішыня. Можа і таму, што тыя дзеці з ліку сабраных, якія яшчэ гавораць на сваёй гаворцы, не хацелі высоўвацца і рашыліся прамаўчаць. Пазней вучні тлумачылі, што жывуць у Дубінах, Махнатым, Арэшкаве, Рэпісках і іншых прыгайнаўскіх мясцовасцях. Хаця ў музей найбольш прыйшло жыхароў Гайнаўкі, іх бацькі наогул выводзяцца з навакольных сёлаў.

- Яшчэ частка нашых белліцэістаў умее гаварыць на дыялекце беларускай мовы або прынамсі настолькі яе ведае, што карыстаецца ёю ў час паасобных выказванняў, жартаў, - сказаў настаўнік Ян Карчэўскі. - Тыя белліцэісты і гімназісты, што яшчэ ўмеюць гаварыць па-свойму, гэта перш за ўсё вясковыя хлопцы і дзяўчаты, хаця з гэтым бывае па-рознаму.

- Майго пляменніка дома вучылі гаварыць толькі па-польску і цяпер ён сам рашыўся навучыцца гаварыць на дыялекце нашай мовы. На яго рашэнне вучыцца сваёй мове паўплываў рост яго нацыянальнай свядомасці, між іншым, дзякуючы вучобе ў Гайнаўскім белліцэі, - гаварыў Васіль Сегень - ураджэнец Трывежы, які вучыўся ў белліцэі ў Гайнаўцы, а зараз жыве ў Беластоку і ад 15 гадоў займаецца моўнымі пытаннямі.

- Часта гаворыцца ў нас, што мы гаворым "па-свойму" або "па-нашаму", а на поўначы Беласточчыны - што размаўляем "па-простаму". Такія назвы беларускіх гаворак вынікалі ў мінулым з нізкай нацыянальнай свядомасці беларусаў. Дыялекты з-пад Саколкі, Крынак, Дубровы-Беластоцкай, Белавежы ці Нараўкі гэта тыпічныя гаворкі беларускай мовы. Дыялекты Бельшчыны ці Гайнаўшчыны гэта ўжо пераходныя гаворкі, з прыкметамі ўзятымі з беларускай і ўкраінскай моў, што характэрнае для памежных тэрыторый, - расказваў доктар Сегень. - Хаця прафесар Міхал Саевіч, супрацоўнік Люблінскага ўніверсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай, правёў мяжу паміж беларускімі і ўкраінскімі дыялектамі, я стаўлю пытанне ці ўвогуле можна вызначыць нейкую мяжу паміж двума дыялектамі? Мой пункт гледжання іншы, і я нязгодны з меркаваннямі прафесара Саевіча, бо, напрыклад, два кіламетры ад маёй роднай вёскі Трывежы, дзе гаворыцца са спалучэннямі "ді", "ті", знаходзіцца сяло Катоўка, дзе, так як і ў Дубінах, выступае ўжо цеканне і дзеканне. Тут знаходзяцца пераходныя дыялекты.

Дакладчык у час спаткання коратка ахарактарызаваў нашыя дыялекты і гаварыў, што ў мінулым можна было заўважыць экспансію дзекання і цекання на нашых тэрыторыях за кошт спалучэнняў "ді", "ті" і гэты працэс прадаўжаўся б пад уздзеяннем польскай мовы, якой характэрныя якраз "дзь" і "ць", калі б не паланізавалася наймалодшае вясковае пакаленне. У такім выпадку нашая дыялектная мова можа ў будучыні знікаць нават у сёлах.

- Важна паставіць пытанне: хто я па нацыянальнасці? Дыялектная мова будзе адным з фактараў, які можа дапамагчы вырашыць нацыянальнае пытанне. Але з гэтым было і ёсць па-рознаму. Напрыклад, у студэнцкія гады было ў мяне два сябры, якія прыехалі вучыцца ў Беласток з тэрыторый, дзе дамінуючай была беларуская дыялектная мова, вельмі падобная на літаратурную. Адзін з іх быў католік, а другі - праваслаўны, але абодва лічылі сябе палякамі, бо жывуць у Польшчы. Блыталі яны грамадзянства з нацыянальнасцю (што робяць таксама цяпер некаторыя вучні і нават дарослыя беларусы - А. М.), - гаварыў доктар Васіль Сегень, які, як пазней заявіў, заўсёды лічыў сябе беларусам. У мінулым амаль усе вучні, што хадзілі на заняткі па беларускай мове ў падставовых школах, лічылі сябе беларусамі. Зараз з нацыянальным пытаннем сярод вучняў бывае па-рознаму. Частка з іх лічыць сябе палякамі з-за таго, што жыве ў Польшчы.

- Размаўляйце на мове сваіх бацькоў і не цурайцеся свайго. Памылковая думка, што нашая мова непрыдатная. Веданне кожнай новай мовы - гэта таксама знаёмства з культурай і душой народа, - заклікаў вучняў доктар Васіль Сегень.

Настаўніцай беларускай мовы Васіля Сегеня ў Падставовай школе ў Новым Корніне была прысутная на спатканні Ніна Куптэль. Бачыць яна вялікую розніцу паміж тым, як вучні цяпер ставяцца да роднай мовы ў падставовай школе і гімназіі, і перыядам, калі яе вучнем быў Васіль Сегень.

- Калі я быў вучнем Падставовай школы ў Новым Корніне, у нас усе хадзілі на ўрокі беларускай мовы, і ніхто нават не думаў, што можа быць інакш, - сказаў доктар Васіль Сегень, - а цяпер справы наогул маюцца інакш.

- Зараз у нас складана ўгаварыць бацькоў, каб пасылалі дзетак на ўрокі беларускай мовы ў падставовай школе і гімназіі. Бывае, што бацькі хочуць, каб іх дзіця хадзіла на заняткі па беларускай мове, але трымаюць бок свайго дзіцяці, якому проста не хочацца хадзіць на заняткі. Для поспеху ў гэтай справе патрэбныя супольныя дзеянні дырэкцыі і ўсіх настаўнікаў. Я запрашаю на спатканні з бацькамі вядомых у беларускім асяроддзі людзей, бо гэта можа дапамагчы пераканаць як найбольш родзічаў пасылаць сваіх дзетак на ўрокі беларускай мовы, - гаварыла Ніна Куптэль, настаўніца школы ў Дубінах. - Заняткі па беларускай мове павінны быць як мага найбольш прывабнымі для вучняў, і дзеля гэтага трэба карыстацца як мага найбольшай колькасцю дапаможнікаў, асабліва ў час заняткаў з наймалодшымі. Я апошнім часам прывезла з Беларусі з курсаў для настаўнікаў цікавыя дапаможнікі для наймалодшых вучняў - гульні, якія вучаць, так як на іншых прадметах.

Калі дзіця ўмее гаварыць на дыялекце беларускай мовы, гэта дапамагае яму вывучыць у школе беларускую літаратурную мову, у чым пераканаліся настаўнікі-беларусісты. Спачатку дзіця ўстаўляе дыялектныя словы ў час выказвання на літаратурнай беларускай мове, а калі ўжо лепш навучыцца гаварыць па-беларуску, стараецца пазбегнуць дыялектных слоў у час размовы на літаратурнай мове.

- Пытанне даследавання беларускіх гаворак у нашых сёлах - вельмі важная справа. Раней вяліся даследчыцкія працы, быў створаны шматтомны "Атлас усходнеславянскіх гаворак Беласточчыны". Апошнім часам гэтыя работы практычна спыніліся, хаця недаследаванымі астаюцца многія мясцовасці. Тэхнізацыя вышэйшай адукацыі настолькі вялікая, што гуманітарныя спецыяльнасці астаюцца ззаду, усё ідзе на прагматыку. Моўныя пытанні застаюцца як бы для аматараў, для тых, хто вельмі зацікаўлены гэтымі справамі, каб пашыраць свае веды. Я шкадую, што не запісаваў цікавых расказаў сваіх дзядоў. Калі я быў маладым хлопцам, не разумеў патрэбнасці такіх дзеянняў. Цяпер прапаную маладым людзям і іншым ахвотным запісваць размовы са старэйшымі людзьмі, каб хаця ў гукавых запісах захаваць адметнасці гаворак паасобных вёсак, якія пасля можна было б выкарыстаць у моўных даследаваннях, - гаварыў доктар Васіль Сегень, заклікаючы вучняў шанаваць родную мову. - Не цурайцеся сваёй мовы, якая не горшая ад іншых.

Трымацца мовы продкаў заклікала таксама арганізатар спаткання Анджаліна Масальская.

Паводле беластоцкай газеты "Ніва".


БЯСПЛАТНА I ПА-БЕЛАРУСКУ!

Што рабіць, калі спатрэбілася асвоіць мову праграмавання ці навучыцца ствараць сайты, але пры гэтым вы не маеце спецыяльнай адукацыі? А пэўныя "азы" праграмавання засталіся дзесьці ў вучнёўскіх сшытках? Можна, вядома, пашукаць (і знайсці) спецыяльныя курсы пры якой-небудзь установе альбо фірме. Праўда, каштуюць яны не так ужо і танна. Яшчэ адзін варыянт - карпаратыўныя курсы. Іх сутнасць заключаецца ў наведванні заняткаў пры пэўнай кампаніі з умовай, што вы будзеце потым там працаваць. А бясплатных і "без абавязкаў" курсаў тэхнічнай накіраванасці да нядаўняга часу ў Беларусі не існавала.

Аднак студэнты з БДУІРа прапанавалі свой варыянт вырашэння гэтай праблемы. Пяцікурснікі Раман Андрыянаў і Філіп Дайнека на базе ўніверсітэта арганізавалі курсы па праграмаванні на бясплатнай аснове, прычым выкладанне там ідзе па-беларуску.

"Course.by" - агульная назва адукацыйнага праекта, які складаецца з некалькіх дысцыплін. Гэта ўнікальная магчымасць для тых, хто не навучаецца на тэхнічных спецыяльнасцях, атрымаць карысныя і бясплатныя веды. Вам толькі трэба выбраць курс, які больш за ўсіх зацікавіў.

Курсы "запрацавалі" ў кастрычніку мінулага года. Тыя, хто скончыў першы іх цыкл, ужо атрымалі па заканчэнні паперы. Зараз, у другім цыкле, кожную дысцыпліну (а іх усяго 7) вывучаюць каля 20-30 удзельнікаў (прычым можна "працаваць" адначасова па некалькіх дысцыплінах). А суполка "course.by" "У Кантакце" мае каля васьмісот падпісчыкаў.

Як за некалькі месяцаў курсы змаглі набыць такую папулярнасць?

Па-першае, навучанне бясплатнае і не патрабуе ад наведвальнікаў пэўных ведаў у сферы праграмавання. Таму, калі перад другім наборам праводзілася невялікае тэставанне, выбіраліся людзі не з пэўнымі тэхнічнымі навыкамі, а з высокай мэтанакіраванасцю.

Па-другое, выкладанне асноўных дысцыплін вядзецца на роднай мове. Нязвыкла чуць пэўныя тэхнічныя тэрміны на беларускай мове! Такім чынам, хлопцы не толькі выкладаюць дысцыпліны, але і папулярызуюць беларускую мову.

Па-трэцяе, на поспех курсаў уплывае высокі ўзровень ведаў выкладчыкаў. Хлопцы расказалі, што яны самі знайшлі іх суполку ў інтэрнэце і прапанавалі дапамогу.

Арганізатары завяраюць, што нават пасля заканчэння свайго навучання ў БДУІР, яны будуць працягваць выкладаць, намагаючыся заахвоціць мовай праграмавання як мага больш людзей. Хоць бы для таго, каб разбурыць стэрэатып, што праграмаванне - гэта надзвычай складана.

Вікторыя Чаплева.


Прозвішчы Беларусі: онімы пісьменнікаў

( Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

Марціновіч (Аркадзь М.) - ад імя Марцін праз стадыю бацькаймення Марц і навіч да антрапанімічнай формы з націскам на яе фарманце -овіч . ФП: Марцін - Марц і навіч - Марцін о віч . Празванне мела значэнне 'нашчадка Марціна'.

Матэвушаў (Васіль М.) - ад імя Матэвуш з далучэннем суфікса прыналежнасці -аў . ФП: Матэвуш - Матэвушаў . Празванне мела значэнне 'нашчадак Матэвуша'; адантрапанімічны онім Матэвушаў гэтае значэнне страціў.

Маўр (Янка М.) - ад афіцыйнага імя Маўрыкій , народнага варыянта яго Маўр ; яны падаюцца ў "Слоўніку асабовых імён" М.Р. Судніка. У "Арфаграфічным слоўніку беларускай мовы" 2010 г. падаецца толькі Маўрыкій , а ў раздзеле імёнаў, распаўсюджаныя па-за межамі Беларусі - форма: " Маўра , нескл." ФП: Маўрыкій - Маўра - Маўр .

Мікуліч (Барыс М.) - мажлівы дэрыват ад дыялектнай формы гутарковага імя Мікола ( Мікалай ) з менай заднеязычных о - у : Мік о ла - Мік у ла ; параўнаем: К о ршук - Курш у к (прозвішчы). У такім разе патронім Мікуліч - бацька-йменне з суфіксам -іч (варыянты, -овіч, -эвіч, -евіч ). ФП: Мікула - Мікуліч . Як Кузьма - Кузьміч, Ілья - Ільіч .

Мілюць (Алесь М.) - ад імя Мілій з выкарыстаннем патранімічнага суфікса -уць . ФП: Мілій - Міліюць - Мілюць . Такія адантрапанімічныя мадэлі ўласцівыя народнай мове Гродзеншчыны: Карп - Карпуць (Гродзенскі, Бераставіцкі р-ны). Дарэчы, пісьменнік Мілюць Алесь Макаравіч родам з вёскі Скорычы Наваградскага раёна.

Міровіч (Еўсцігней М.) - ад ўласнага імя Міра (падаецца ў "Арфаграфічным слоўніку беларускай мовы" 2010) праз стадыю бацька-ймення М і равіч з наступным акцэнтаваннем на патранімічным фарманце -овіч . ФП: Міра - М і равіч - Мір о віч . Празванне мела значэнне 'нашчадак Міры'.

Міронаў (Аляксандр М.) - прыметнікавая форма з фармантам прыналежнасці -аў ад імя Мірон . ФП: Мірон - Міронаў . Празванне мела значэнне 'сын Мірона, Міронаў сын'.

Навуменка (Іван Н.) - ад імя Навум , дэрыват з памяншальна-ласкальнага суфікса - енк-а . ФП: Навум - Навуменка . Празванне мела значэнне 'нашчадак (дзіця) Навума'.

Нікановіч (Мікола Н.) - ад імя Нікан праз стадыю бацькаймення і патранімічнага акцэнтавання на фарманце - овіч . ФП: Нікан - Н і канавіч - Нікан о віч . Празванне мела семантыку 'нашчадак Нікана'.

Няфёд (Уладзімір Н.) - імя стала прозвішчам, набыўшы семантыку сямейнага (родавага) оніма праз стадыю празвання.

П а нчанка (Пімен П.) - ад імені Панцялей праз стадыю гутарковага варыянта Панко ( Панка, Панько, Панька ); да адантрапанімічнага оніма з фармантам -анк-а . ФП: Панцялей - Панка - Панчанка . Празванне мела семантыку 'нашчадак (дзіця) Панка'.

Паўлаў (Уладзімір П.) - прыметнікавая форма з тыповым прыналежным суфіксам - аў , які далучаўся да асновы ўскосных склонаў імені Павел ( Паўла, Паўлу і г.д.). ФП: Павел - Паўлаў . Празванне мела значэнне 'сын (нашчадак) Паўла'. Пры антрапанімізацыі адбылася субстантывацыя - онім стаў назоўнікам-прозвішчам.

Паўловіч (Альберт П.) - ад імя Павел праз стадыю бацькаймення П а ўлавіч з акцэнтаваннем на патранімічным фарманце -овіч . ФП: Павел (гутарк. варыянт Паўла ) - П а ўлавіч - Паўл о віч . Празван-не мела значэнне 'нашчадка Паўла'.

Пашкевіч (Нічыпар П.) - ад размоўна-побытавай формы П а шка традыцыйна-царкоўнага імя Павел : да скарочанай формы асновы Па далучаны суфікс -ш-а : Паша , потым да гэтага дэрывата дадаецца эмацыянальна-ацэначны патранімічны фармант -ка : Пашка ; ад Пашка ўзнікла бацькайменне Пашкавіч , а затым патранімічным акцэнтаваннем узнікла форма з націскным фармантам -евіч . ФП: Павел - П а шка - П а шкавіч - Пашк е віч . Празванне мела значэнне 'сына Пашкі'.

Прануза (Паўлюк П.) - пеяратыўная форма з фармантам -уза ад " Прантись <Франтишек " (М. Бірыла. Беларуская антрапанімія). Празванне захоўвала негатыўна-ацэначную канатацыю. Параўнаем: г о лы - гал у за 'ацярэбленая галіна', 'бязрогая карова' (П. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне. Афіксальныя назоўнікі. - Мінск, 1977. - С.134). Пры антрапанімізацыі пеяратыўнасць знікла.

Прокша (Леанід П.) - ад побытава-гутарковай формы імені Пракоп , яго скарочага варыянта Прок - (з адцінаннем канцавіны -оп ) з далучэннем фарманта -ша . ФП: Пракоп - Прокша . Найменне Прокша падаецца ў артыкуле "Пракоп (разм. Пр о кша )" "Слоўніка асабовых уласных імён" М.Р. Судніка. Аднак яно нідзе не фіксуецца акадэмікам М. Бірылам у выданні "Беларуская антрапанімія". На наша меркаванне, форма Прокша магла быць скарочаным варыянтам ад Пракопша (з выцінаннем сярэдзінавай часткі -оп- ад Пракопша ), дзе фармант -ша ўтварыў жаночую форму ад назоўніка мужчынскага роду Пракоп з семантыкай 'жонка названай асобы'. Параўнай дэрываты з фармантам -ша : аканомша (Слоўнік І. Насовіча), камандзірша (Е. Лось).

Пянкрат (Міхась П.) - народная гутарковая форма ад афіцыйнага Панкратий (М. Бірыла. Беларуская антрапанімія. 3. С. 202-203). Рэдкаўжывальнае імя набыло функцыю прозвішча праз стадыю празвання.

Радз е віч (Леапольд Р.) - ад бацькаймення Р а дзевіч 'сын Радзя', якое ад скарочанай фор-мы імя Радзівон , з асновай Радзь- , як і зафіксаванае ў слоўніку М. Судніка: "Радзюк, разм., гл. Радзівон" (с. 38). Бацькайменне стала прозвішчам у выніку акцэнтавання фарманта -евіч . ФП: Радзь - Р а дзевіч - Радз е віч .

Рамановіч (Яўген Р.) - ад імя Раман праз стадыю бацькаймення Рам а навіч і анімізацыю з націскам на антрапанімічным фарманце -овіч . ФП: Раман - Рам а навіч - Раман о віч . Празванне мела семантыку 'нашчадак Рамана'.

Савіцкі (Алесь С.) - прэстыжнае ўтварэнне ад кананічнага Савва з канцавым -цкі : Савіцкі . Звычайна дэрываты на -скі, -цкі тапанімічнага паходжання, якія ўтварыліся ад былых прыметнікаў (шляхам субстантывацыі), што паказваюць на мясцовасць і ўладанне, якое належала асобе, або на мясціну, адкуль асоба паходзіць. Напрыклад, на радзіме аўтара гэтых радкоў жыхара з вёскі С а вічы называлі С а віцк і (чалавек, мужчына). Пры антрапанімічным акцэнтаванні на фарманце -цкі ўзнікала прозвішча Савіцкі . ФП: Савічы - С а віцкі - Сав і цкі. Пазней пад ўплывам польскай мовы дэрываты на - скі, -цкі ўзнікалі і ад уласных імёнаў, звычайна з канатацыяй шляхетнасці: Васіль - Васілеўскі, Пётр - Пятроўскі .

Самуйлёнак (Эдуард С.) - ад Самуіл з далучэннем патранімічнага фарманта з семантыкай 'нашчадак'. ФП: Самуіл - Самуйлёнак . Празванне абазначала 'сын (дзіця) Самуіла'.

С а чанка (Барыс С.) - ад традыцына-царкоўнага імя Ісаак праз гутарковую форму (з адпадзеннем пачатковага "і") і далучэннем антрапанімічнага фарманта -анка , перад суфіксам чаргаванне к-ч . ФП: Ісак - Сак - Сач э нка - С а чанка . Празванне абазначала сына (нашчадка) Ісака (Сака).

Семашкевіч (Рыгор С.) - ад імя Сямён , яго гутарковай вытворнай формы Сямаш з далучэннем памяншальна-ласкальнага фарманта -ка : Сяма-шка , а бацькайменне Сем а шкавіч акцэнтаваннем патранімічнага фарманта -евіч дало онім Семашк е віч . ФП: Сямён - Сямаш - Сямашка - Сям а шкавіч - Семашк е віч . Празванне мела семантыку 'нашчадак Сямашкі'.

Семяновіч (Антон С.) - ад імя Сямён праз ступень бацькаймення Сямёнавіч і антрапанімічнага акцэнтавання фарманта -овіч . ФП: Сямён - Сям ё навіч - Семян о віч . Празванне мела значэнне 'сын Сямёна'.

Сергіевіч (Мікола С.) - ад імя Сяргей (кананічнае Сергий ) праз ступень бацька-ймення - Сярг е евіч і патранімічнага акцэнтавання на фарманце -евіч - Сергі е віч . ФП: Сяргей (С е ргій) - Сярг е евіч (С е ргіевіч) - Сергі е віч .

Сімановіч (Давід С.) - ад імя Сіман , бацькаймення Сімановіч і антрапанімічнага акцэнтавання фарманта -овіч : Сімановіч . ФП: Сіман - С і манавіч - Сіман о віч . Празванне мела семантыку 'нашчадак Сімана'.

Стаховіч (Алесь С.) - ад імя Стахій , яго гутарковай формы Стах , бацькаймення Ст а хавіч і патранімічнага акцэнтавання на фарманце -овіч . ФП: Стахій - Стах - Ст а хавіч - Стах о віч . Празванне мела значэнне нашчадка Стаха.

Сташэўскі (Васіль С.) - ад гутарковай формы наймення Стах з выкарыстаннем "прэстыжнага" антрапанімічнага фарманта - эўскі (-еўскі) : Стах (ш)-эўскі . Кананічным імем-першасновай магло быць Станіслаў (ад скарочанай асновы яго Ста- з выкарыстаннем суфікса узнікла Стах (меркаванне М. Бірылы. - Беларуская антрапанімія. 3. С.111).

Сям а шка (Мікола С., Сцяпан С.) - ад былога папулярнага народнага імя Семашко (XVI-XVIIIстст.), якое пераасэнсавалася і стала сямейным онімам. Крыніцай яго было імя Сямён (< Симеон ), ад скарочанай асновы Сем- з дапамогай суфіксаў -аш-ка ўзнікла Сямашка . ФП: Сімеон - Сямён - Сямаш - Сямашка .

Т а рас (Валянцін Т., Ніна Т.) - ад імя Тар а с шляхам антрапанімічнага акцэнтавання - пераносу націску на першы склад (для адмежавання прозвішча ад імені). ФП: Тар а с - Т а рас .

Тарашкевіч (Браніслаў Т.). М. Бірыла падае гэтае прозвішча як дэрыват ад Тарашка , што ўзнікла ад Тарах ("Беларуская антрапанімія. 3. С.179). ФП: Тарах - Тарашка - Тарашкевіч . Празванне мела значэнне 'сын Тарашкі' і форму з націскам на аснове: Тар а шкевіч ; у функцыі прозвішча акцэнтаванне перайшло на фармант -евіч . ФП: Тарах - Тарашка - Тар а шкевіч - Тарашк е віч.

Фамін (Сяргей Ф.) - прыметнікавая форма з суфіксам прыналежнасці -ін . ФП: Фама - Фамін . Празванне мела значэнне 'сын Фамы'.

Хведаровіч (Мікола Х.) - ад рэгіянальнага варыянта Хв е дар кананічнага праваслаўнага Феодор праз баць-кайменне Хв е даравіч да прозвішчнай формы з акцэнтаваннем антрапанімічнага фарманта -овіч . ФП: Фёдар - Хв е дар - Хв е даравіч - Хведар о віч. "Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы" 2010 года падае найменне Хведар як нарматыўнае.

Хомчанка (Васіль Х.) - ад рэгіянальнай (размоўнай) формы кананічнага праваслаўнага Фома з заменай неўласцівага народнай мове гука " ф " на " х " - Хама ; ад яго памяншальна-ласкальнае Хомка ; ад асновы гэтага наймення з далучэннем фарманта -анка (<- енка ) узнікла прозвішчнае Хомчанка . ФП: Фама - Хама - Хомка - Хомчанка . Празванне мела значэнне 'сын Хомкі'.

Цітоў (Канстанцін Ц.) - прыметнікавая форма з суфіксам -оў ад Ціт . ФП: Ціт - Цітоў . Празванне мела значэнне сына (нашчадка) Ціта.

Шымук (Віктар Ш.) - ад каталіцкага імя Шимон ; дэрыват ад скарочанай формы асновы Шым- з далучэннем суфікса -ук : Шым-ук . ФП: Шымон - Шымук . Празванне мела памяншальна-ласкальнае значэнне 'малы Шыма', ('сын Шымы').

Юрэвіч (Уладзімір Ю.) - ад імя Юрый , праз бацькайменне Ю равіч і антрапанімічнае акцэнтаванне з націскам на фарманце -эвіч . ФП: Юрый - Ю равіч - Юр э віч . Празванне мела значэнне 'нашчадак Юрыя'.

Якімовіч (Алесь Я.) - ад імя Якім , праз бацькайменне Як і мавіч з акцэнтаваннем антрапанімічнага фарманта -овіч . ФП: Як і м - Як і мавіч - Якім о віч . Празванне выкарыстоўвалася з семантыкай 'нашчадак Якіма'.

Янкоўскі (Фёдар Я.) - ад каталіцкага польскага Jan- Ян праз памяншальна-ласкальную ступень дэрывацыі Янка ( Янка ) з далучэннем прэстыжнага (шляхецкага) антрапафарманта -оўскі - Янкоўскі . ФП: Jan - Ян - Янкоўскі. Семантыка празвання 'нашчадак Янкі'.

Яромушкін (Мікола Я.) - ад народнага імя Ярома (з кананічнага Ермалай ) праз памяншальна-ласкальную дэрывацыю Яр о мушка (суфікс - ушк- ) і далучэння да асновы наймення патранімічнага фарманта -ін з семантыкай прыналежнасці. ФП: Ермал а й - Ярома - Яромушка - Яромушкін . Празванне выкарыстоўвалася з семантыкай 'нашчадак Яромушкі'.

Ярош (Міхась Я.) - ад гутарковага імя Ярош , якое ўтворана ад кананаічнага Ерафей з выкарыстаннем суфікса -ош , далучанага да скарочанай асновы Ер- . ФП: Ерафей - Ерош - Ярош . Рэдкаснае імя набыло функцыю сямейнага оніма (прозвішча) праз ступені празвання.

Яскевіч (Алесь Я.) - ад гутарковага асабовага імя Яська (вядзе свой пачатак ад каталіцка-польскага Ян (Jan) ; дэрыват з выкарыстаннем суфіксаў - сь і -к-а , праз ступень бацькаймення Яськавіч і акцэнтавання патранімічнага фарманта -евіч . ФП: Ян - Ясь - Яська - Яськавіч - Яскевіч. Празванне мела значэнне 'нашчадак Яські'.

Яўс е ева (Святлана Я.) - ад імя Яўсей , да асновы якога далучаны фармант -ева - Яўсейева . ФП: Яўсей - Яўсеjэва - Яўсеева . Празванне абазначала нашчадка Яўсея.

Яфімаў (Хведар Я.) - ад імя Яфім з далучэннем антрапанімічнага фарманта -аў . ФП: Яфім - Яфімаў . Празванне с семантыкай 'нашчадак Яфіма'.

У наступных публікацыях аўтара будуць разглядацца прозвішчы адапелятыўнага паходжання.

Павел Сцяцко


Абразы Маці Божай

Сусветная іканаграфія ведае 700 назваў абразоў Багародзіцы. Сярод іх марыялогія вылучае наступныя тыпы: Аранта ("Знаменне"), Адзігітрыя ("Пуцевадзіцельніца"), Еляўса ("Замілаванне"), Акафістная… Пошты краін свету не ў стане аддлюстраваць усё мноства абразоў, і кожная краіна выбірае найбольш шанаваныя і блізкія для яе народа. Так і я ў сваім артыкуле вырашыў расказаць аб найбольш шанаваных абразах Маці Божай на Беларускай зямлі і аб абразах, якія адлюстравала на сваіх марках Беларуская пошта.

Спрадвеку на нашай зямлі і сярод праваслаўных, і сярод католікаў культ Багародзіцы быў асаблівы. Маці Божая - Заступніца, Апякунка, Збавіцельніца, Міласэрная… Беларускі народ шмат прыдумаў Ёй імёнаў, у якіх - непазбыўная надзея і самая шчырая вера. Можа, таму менавіта на Беларусі столькі прыгожых і вельмі праўдзівых, жыццёвых легенд аб Яе дзівосным з'яўленні, столькі камянёў-следавікоў - на іх відаць адбітак зграбнай ступні, і лічыцца, што такія сляды пакінула Багародзіца, ходзячы па нашай зямлі, - столькі цудатворных шанаваных абразоў.

Абраз - акно ў духоўны свет, у яго свая мова, праз якую перадаецца духоўная інфармацыя непасрэдна ў патаемныя глыбіні сэрца чалавека. Абраз - гэта свята для вока, бо святыя на абразах увасабляюць унутраны слых і занатаванне пачутага Божага Адкрыцця.

Звыш 300 гадоў Вастрабрамская Божая Маці з'яўляецца асаблівай Заступніцай літоўскай, беларускай і польскай земляў. Прыгожае адлюстраване Найсвяцейшай Панны Марыі са злёгку схіленай галавой у арэоле з дванаццаці зоркаў і шматлікіх праменяў схіляе да роздуму і малітвы. Далікатная стройная постаць Багародзіцы з напалову расплюшчанымі вачамі і скрыжаванымі на грудзях далонямі абуджае любоў і давер. Несамавітая лагоднасць, задуменнасць, асалода і адначасова глыбокая павага выпраменьваюцца з гэтай выявы.

Абраз быў прывезены ў Вільню з Крыма з Корсуні Вялікім князем Літоўскім Альгердам. Ён падараваў яе сваёй жонцы, якая ў сваю чаргу прынесла яе ў дар Свята-Троіцкай абіцелі, што ўзнікла на тым месцы, дзе загінулі святыя мучанікі Антоній, Ян, Яўстафій.

У 1498 годзе адбылася закладка новай сцяны і брамы з вялікай вежай у Вострым канцы Вільні. Пабудаваная брама атрымала назву Вострая Брама. У капліцы над Вострай Брамай змясцілі цудоўны абраз Вастрабрамскай Божай Маці. Каля 1671 г. выява Маці Міласэрнасці была закрыта срэбнай пазалочанай сукенкай. Срэбны паўмесяц з выгравіраваным надпісам: "Падзяку Табе складаю Божая Маці за тое, што Ты выслухала мае просьбы і прашу Цябе, Маці Міласэрнасці, будзь ласкавая да мяне", які знаходзіцца ў ніжняй частцы абраза - гэта вота з 1849 г. Галаву Божай Маці аздабляюць дзве кароны. Адна - у стылі барока для Каралевы Нябёсаў, другая - у стылі ракако - для Каралевы Польшчы. Вострая Брама звязана так-сама з культам Божай Міласэрнасці. Абраз Божай Міласэрнасці быў намаляваны ў Вільні і выстаўлены для публічнага агляду менавіта ў Вострай Браме (26 - 28 красавіка 1935 г.). Тут таксама св. Фаўстына мела аб'яўленне трыумфу абраза Божай Міласэрнасці. Гэтае аб'яўленне здзейснілася. Вуснамі тысячаў пілігрымаў з усяго свету можна сказаць: "Я схіляю галаву, аглядаючы Цябе, Каралеву ўсяго Сусвету, і прашу Твайго дабраславення".

Пошта Летувы адлюстравала цудадзейны абраз на сваёй марцы ў 1991 годзе.


Цудатворны абраз Маці Божай Чэнстахоўскай ведаюць і шануюць не толькі ў Польшчы. Абразы Маці Божай Чэнстахоўскай ёсць таксама ў касцёлах і цэрквах Беларусі і Летувы, і большасць з іх шануюцца як цудатворныя.

Чэнстахоўскі абраз Божай Маці адносіцца да ліку 70-ці абразоў, якія напісаў святы евангеліст Лука ў Ерусаліме ў Сіёнскім храме, у якім Ісус Хрыстос здзейсніў Астатнюю Вячэру. У 66-67 гадах, у час нашэсця рымскіх войск на Іерусалім, хрысціяне адышлі ў мястэчка Пелу і разам з іншымі святынямі яны захоўвалі ў пячорах абраз Божай Маці. Яго ў 326 годзе падаравалі царыцы Алене ў падзяку за адшуканы Жыватворны Крыж Гасподні, і яна прывезла яго ў Канстанцінопаль. На землі ВКЛ цудатворны абраз быў прынесены заснавальнікам горада Львова (Лемберга - 1267-1270 гг.) галіцка-валынскім князем Львом Данілавічам і размешчаны ў Белзскім замку.

У час татара-мангольскага нашэсця захопнікі асадзілі замак Белз. Звярнуўшыся па дапамогу да Маці Божай, князь Уладзіслаў вынес шанаваны стагоддзямі абраз з царквы і паставіў на гарадской сцяне. Абраз быў прабіты стралой, і з яго пацякла кроў, сляды якой назаўсёды захаваліся на палотнішчы, а на варожае войска апусцілася шкодная імгла, і татары знялі асаду і адышлі. Заступніца Нябесная прыснілася князю і прасіла даставіць цудатворны абраз на Ясную гару Чэнстахоўскую. У 1352 годзе там быў заснаваны манастыр, і манахам Паўлінскага ордэна князь Уладзіслаў перадаў каштоўную святыню. Праз некалькі гадоў абіцель была абрабавана, укралі ўсе каштоўнасці. Пагрузілі на воз і абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, але нябачная сіла ўтрымлівала коней, і вазок, на якім яна ляжала, не змог зрушыцца з месца. Тут жа рабаўнікі атрымалі і справядлівую кару: аднаго разарвала на кавалкі, у другога адсохла рука, некаторыя раптоўна памерлі, іншыя аслеплі. У 1430 г. царква была захоплена і ўдарыў рабаўнік абраз два разы мячом, але не паспеў стукнуць у трэці раз, упаў на зямлю ў агоніі і болю і памёр. Меч разрэзаў абраз, і раны ад мяча бачныя на ім да гэтага часу .

У сярэдзіне 17 стагоддзя шведскі кароль Карл Х Густаў, захапіў Варшаву і Кракаў, але пацярпеў паражэнне пад Чэнстаховам, і гэта ўспрынялі як заступніцтва Маці Божай. Кароль Ян Казімір, вярнуўшыся ў Львоў, абнародаваў маніфест, у адпаведнасці з якім аддаваў сваю дзяржаву пад заступніцтва Божай Маці, называючы Чэнстахоўскі Яе абраз "Польскай Каралевай". Вайна са шведамі ў 1656 годзе завяршылася паспяхова для Польшчы.

У спецыяльнай кнізе Чэнстахоўскага манастыра засведчана мноства цудаў, якія адбываліся пад "дзеяннем" абраза Маці Божай, з якога былі зроблены многія копіі для каталіцкіх і праваслаўных храмаў.

Першай выяву Маці Божай Чэнстахоўскай на сваёй марцы ў 1966 годзе змясціла пошта Ватыкана. У 1992 годзе пошта Польшчы надрукавала блок, а ў 2000 годзе адбылося сумеснае выданне маркі з выявай Маці Божай Чэнстахоўскай поштамі Ватыкана і Польшчы.


Надзейную падтрымку для здзяйснення Промысла аб нацыі Гасподзь даслаў праз старажытны абраз Багародзіцы "Непарушная сцяна", адну з самых першапачатковых выяў Царыцы Нябеснай, якая ўпрыгожвае цэнтральную крыпту Менскага кафедральнага Свята-Духава сабора. Арыгінал святыні знаходзіцца ў алтары Кіеўскага Сафійскага сабора. На працягу дзевяці стагоддзяў абраз заставаўся непашкоджаным, таму атрымаў назву "Непарушная сцяна". У самыя цяжкія часы яна дапамагала беларуска-ўкраінскім землям. На вялікім паўкружжы вакол абраза ідзе грэцкі надпіс чорнай мазаікай: "Бог пасярод Яе і нішто не пераменіцца: дапаможа ёй Бог раніцай і пасля таго".

Пошта Рэспублікі Беларусь у 2000 годзе сумесна з поштамі Украіны і Расіі выпусціла блок 2000-годдзе Хрысціянства . На адной з трох марак блока знаходзіцца рэпрадукцыя абраза Багародзіцы "Непарушная сцяна" Аранта.

У зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь знаходзіцца адзін з нешматлікіх беларускіх абразоў XVI стагоддзя, якія захаваліся да нашых дзён - Маці Божая Адзігітрыя Смаленская з Дубянца. Гэты твор прадстаўлены ў пастаяннай экспазіцыі старажытнабеларускага мастацтва, бо з'яўляецца ўнікальным помнікам выяўленчага мастацтва і духоўнай культуры беларускага народа.

Гісторыя іканаграфічнага тыпу "Адзігітрыя" ўзыходзіць да часоў Вялікай Візантыі, якая зацвердзіла хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй і ўзяла на сябе місіянерскую ношу асветніцтва хрысціянскім вучэннем славянскіх земляў. Паводле царкоўнага падання, евангелістам Лукой былі напісаны некалькі абразоў Маці Божай. Сёння яго аўтарству прыпісваюць Уладзімірскі, Чэнстахоўскі і Смаленскі абразы. Існуюць розныя тлумачэнні таго, як гэтыя старажытныя абразы прыйшлі на славянскія землі, але вядома, што ў Смаленск адзін з абразоў быў перанесены князем Уладзімірам Манамахам, які ў 1101 годзе заклаў у Смаленску храм Успення Прасвятой Багародзіцы. У ім і памясцілі візантыйскі абраз. Абраз, што праславіўся шматлікімі цудамі, сярод якіх і выратаванне горада ад ворагаў, пачаў называцца Смаленскім і, умацоўваючы народ у веры хрысціянскай, разляцеўся шматлікімі спісамі па храмах і кляштарах. Адзін з такіх спісаў XVI стагоддзя і знаходзіўся ў царкве Нараджэння Найсвятой Багародзіцы Дубянца. Рэпрадукцыю гэтага абраза можна ўбачыць на марцы, выдадзенай поштай Беларусі ў 1996 годзе.


Абраз Маці Божая Баркалабаўская з'явіўся ў Баркалабаўскім жаночым манастыры непадалёк ад Быхава ў 50-я гады XVII стагоддзя. Згодна з гістарычнымі звесткамі, ён быў захоплена войскамі цара Аляксея Міхайлавіча падчас вайны з Рэччу Паспалітай у адным з храмаў Беларусі. Абраз везлі на ўсход як каштоўны трафей. Але калі абоз у 1659 годзе праязджаў паўз Баркалабаўскі манастыр, коні сталі нерухома. Захопнікам нічога не засталося, як пакінуць Адзігітрыю ў ігуменні манастыра. З таго часу Баркалабаўскі абраз стаў адным з самых шанаваных ва Усходняй Беларусі. Абраз, якому пакланяліся не толькі праваслаўныя, праславіўся цудамі падчас Паўночнай вайны і вайны 1812 года. Сяляне куплялі ў храмавыя святы васковыя фігуркі свойскай жывёлы і, прыклаўшы іх да абраза, неслі іх дамоў як найлепшы абярэг для сваёй гаспадаркі. У 1920 годзе Баркалабаўскі манастыр закрылі, але абраз святары і прыхаджане зберглі.

Абраз знаходзіцца ў Царкве Святой Тройцы ў горадзе Быхаве Магілёўскай вобласці. Яе адлюстраванне змешчана на марцы пошты Беларусі, выдадзенай у 2009 годзе.


22 сакавіка 2005 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь увяло ў паштовы зварот блок з трох марак "Іканапіс Беларусі XXI стагоддзя", падрыхтаваны выдавецтвам "Марка" РУП "Белпошта". Адна з марак - Абраз Божай Маці "Уладзімірскай".

Іканапісец Протаіярэй Фёдар Поўны зрабіў спіс з абраза Уладзімірскай Божай Маці - галоўнай святыні Расіі. Па паданні абраз быў напісаны яшчэ пры жыцці Найсвяцейшай Панны евангелістам Лукой на дошцы таго стала, за якім трапезнічалі Ісус Хрыстос, Марыя і Іосіф Абручнік. Калі апостал прынёс гэты абраз Найсвяцейшай Багародзіцы, яна сказала: "Мілата Народжанага ад Мяне і Мая з абразам гэтым ды будзе!" Выява гэтага абраза знаходзіцца на трэцяй марцы блоку 2000-годдзе Хрысціянства, дзе знаходзіцца і раней апісаная рэпрадукцыя іконы Багародзіцы "Непарушная сцяна" Аранта.

Гэты абраз належыць да іканаграфічнага тыпу Еляўса - Замілаванне. Абразы гэтага тыпу перадаюць любоў, якая яднае Маці з Сынам. У іх больш падкрэсліваецца чалавечая натура Хрыста ў адрозненне ад Адзігітрыі, дзе акцэнт падае на Боскасць Ісуса. Марыя, прадстаўленая да паловы постаці, трымае на правай руцэ Дзіцятка Ісуса, Якое ласкава туліцца да Яе. Дзіцятка туліцца шчакою да шчакі Маці, абдымаючы Яе за шыю сваёю леваю рукою, а праваю дакранаецца да Яе ключыцы. Марыя схіляе сваю галаву да Сына, паказваючы леваю рукою на Ісуса, як на прадказанага Збаўцу свету, адзіную Дарогу, Праўду і Жыццё. Твар Марыі засяроджаны, сумны, з вялікімі аліўкавымі вачыма, звернутымі на поўны задумення тварык Ісуса, Які туліцца да Яе. На залаціста-вохрысты, у белай аблямоўцы, акруглы німб Маці Божай заходзіць меншы - крыжовы німб Дзіцяткі Ісуса, таксама залаціста-вохрыстага колеру з дзвюма грэцкімі літарамі "I" ("ёта") - азначае імя Ісус, а "Н" ("эта") можа азначаць слова hegemon - правадыр, кароль. Верагодна, гэтыя літары з'яўляюцца скарачэннем ІХЕН - Iesus Chrystos eleison hymas і азначаюць наступнае: Ісус Хрыстос, змілуйся над намі.

У 1658 годзе манах Грыгорый Дубенскі піша копію з Ялецка-Чарнігаўскага абраза - Ільіна-Чарнігаўскі абраз, які цяпер знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага Кіева-Пячэрскага гісторыка-культурнага запаведніка. У сваю чаргу Ялецка-Чарнігаўскі абраз гэта спіс з Замкавага (Наваградскага) абраза Божай маці, які прыбыў у Наваградак па меркаванні В. Тацішчава і М. Ермаловіча ў 1044 годзе з Яраславам Мудрым. 12 лютага 1799 года перад гэтым абразом быў ахрышчаны Адам Міцкевіч і потым, калі ён у трохгадовым узросце ўпаў з акна і забіўся, то быў ажыўлены ля Замкавага абраза.

25 кастрычніка 2008 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь уводзіць у паштовы зварот блок з 3-х марак. "1020-годдзе хрышчэння Русі". На першай марцы выява абраза Маці Божая Іллінска - Чарнігаўская. Абраз паходзіць з Грэцкага Екацярынінскага манастыра ў Кіеве. Цяпер знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага Кіева-Пячэрскага гістарычна-культурнага запаведніка.

Акном, якое звязвае свет нябесны і зямны, стала, па словах свяціцеля Грыгорыя Паламы, Божая Маці: "Вечнадзева Марыя - мяжа створанай і нястворанай прыроды, і Яе, як умясцілішча Незмясцімага, будуць ведаць тыя, хто ведае Бога, і ўхваляць Яе пасля Бога тыя, хто ведае Бога. Яна грунт тым, хто да Яе ідзе, Яна - Хадайніца за тых, хто пасля Яе, і Заступніца спрадвечная. Яна - прадмет прароцтваў, пачатак апостальства, сцверджанне пакутнікам, падмога настаўнікам. Яна - слава зямных, весялосць нябесных, упрыгожанне ўсяго створанага. Яна - пачатак, крыніца, корань нашага спадзявання на Нябёсах, якое і дасягнем толькі яе малітвамі за нас, у Славу найперш ад Бога Айца народжанага і ў апошнія часы ад Яе ўцялесненага Ісуса Хрыста Госпада нашага, Яму належыць уся слава, гонар і пакланенне цяпер, заўсёды і ў векі вечныя".

Матка Божая, маліся за нас грэшных, цяпер, назаўжды, і навекі вякоў. Амінь.

Лявон Карповіч.


Літаратурная вечарына, прысвечаная Зосьцы Верас

29 красавіка некалькі дзясяткаў чалавек прыйшлі ў культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча, што ў вёсцы Германавічы Шаркаўшчынскага раёна, на літаратурную вечарыну, прысвечаную Зосьцы Верас. Пісьменнік Міхась Скобла прэзентаваў кнігу "Я помню ўсё" - збор твораў пісьменніцы і грамадскай дзяячкі. Таццяна Грыневіч-Матафонава праспявала песні на словы беларускіх паэтаў разам з сынам Адасем.

Як кажа ўкладальнік кнігі Міхась Скобла, нам, нашчадкам, трэба быць удзячнымі такім людзям, як Зоська Верас, якія шмат зрабілі для прасоўвання чысцюткай беларускай мовы і беларускай культуры.

- Пражыў чалавек амаль 100 гадоў прыкметнага актыўнага жыцця, аддадзенага Беларусі, а за ўвесь гэты час удзячныя нашчадкі выдалі маленечкую кніжачку "Каласкі", як школьны сшытачак, якая выйшла ў 1985 годзе. І мне здалося, што гэта неяк не справядліва ў нашых адносінах да такіх людзей, як Зоська Верас.

Прэзентацыі кнігі Міхася Скоблы "Зоська Верас. Я помню ўсё" ўжо адбыліся ў Гародні ды Астраўцы. Гэта 21-я кніга кніжнай серыі "Гарадзенская бібліятэка", заснаванай у 2006 годзе з мэтай дакументацыі і прасоўвання культурнага і гістарычнага здабытку Беларусі. У кнізе змешчаны ўспаміны Зоські Верас і яе 386 лістоў, 370 з якіх друкуюцца ўпершыню.

Беларускае Радыё Рацыя.


Красавіцкая імпрэза ў ТБК Літвы

Пра дзейнасць у часе нямецкай акупацыі ў Беларусі маладых патрыётаў па арганізацыі і кіраўніцтву Саюза Беларускай Моладзі Янкі Жучкі і Янкі Жамойціна распавёў старшыня Хведар Нюнька. Ён падрабязна спыніўся на пачатку Другой Сусветнай вайны. Асабліва распавёў пра наступ немцаў і беспарадачнае адступленне савецкіх войск, адступаючы салдаты спалілі вёску Алешавічы Шчучынскага раёна, у якой ён быў у тым часе. З пачаткам вайны былі разбітыя, альбо паланёныя лепшыя часткі савецкай арміі і авіяцыі. Адзін савецкі самалёт быў збіты на яго вачах.

З прыходам немцаў адміністрацыю ў горадзе і паліцыю ўзначалілі мясцовыя палякі. Пацярпела і загінула шмат нявінных беларусаў. З часам аднак з Менска і Ліды сталі прысылаць беларусаў, якія пачалі адчыняць беларускія школы і патроху наладжваць культурнае жыццё ў горадзе і па вёсках.

У большых гарадах стваралі Саюз Беларускай Моладзі, які выключна займаўся культурнай дзейнасцю і ладзіў нацыянальные традыцыі і святы. Лік сяброў СБМ складаў тысячы чалавек. Такой актыўнай дзейнасцю і займаліся Янка Жучка і Янка Жамойцін. Янка Жучка падтрымліваў увесь час шчыльныя кантакты з ТБК Літвы. Жыў у Бельгіі, але на ўсе нашыя значныя імпрэзы прыязджаў і прымаў актыўны ўдзел. Пра яго жыццё і дзейнасць шырока сказана ў кнізе Янкі Запрудніка "Дванаццатка".

Затым выступіў Алег Аблажэй.

Традыцыйна на штомесячных сустрэчах у ТБК вядзецца размова аб праблемах мовы, культуры і гісторыі. На гэты раз Алег Аблажэй прапанаваў пашырыць тэматыку і паразважаць пра лёсы людзей - наколькі праўда, што кожны "каваль свайго лёсу"? Ці ўсё ж існуе для кожнай асобы нейкі "сцэнар", які павінен быць выкананы незалежна ад волі асобы, бо як іначай растлумачыць выпадкі трагічных прароцтваў і прадказанняў? Як прыклад аўтар паведамлення прывёў славутыя прадказанні французскай гадалкі мадам Ленарман, якая напрарочыла нікому тады невядомай Жазэфіне Багарнэ карону імператрыцы Францыі. Аднак далёка не заўсёды прадказанні спраўджаліся - напрыклад у 1885 годзе быў выдадзены каляндар нейкага Бруса з падрабязнымі прагнозамі ажно да 2000 года. Пра якасць гэтых "прароцтваў" можна меркаваць, што ў 1941 годзе меў быць "мір паміж народамі", "вялікі ўраджай арэхаў". А славутая Ванга прадказала на 2010 год пачатак Трэцяй Сусветнай вайны. Тым не менш дагэтуль гадалкі і самазваныя "прарокі" карыстаюцца поспехам і нядрэнна жывуць, дурачы даверлівую публіку. Гэта ўсё не значыць, што праблема не існуе, і што ўсе таямніцы разгаданы - наадварот пытанняў робіцца ўсё больш і больш, а адказаў як не было, так няма дагэтуль. Кожны можа прыглядзецца да ўласнага лёсу і знайсці там "вузлавыя моманты", у якіх вырашалася, куды паверне яго жыццёвы шлях. І не заўсёды можна рацыянальна растлумачыць, што паўплывала на выбар.

У цэлым усе пагадзіліся з тым, што не трэба абмяжоўвацца вузкаспецыяльнай тэматыкай паведамленняў, а пашыраць кола зацікаўленняў, што дазволіць зрабіць сустрэчы больш цікавымі і прывабнымі для шырокіх колаў.

У сувязі з 30-годдзем смерці Ларысы Геніюш (7.04.1983), Леакадзія Мілаш даслала старонку ў ТБК пра слаўную паэтку і грамадскага дзеяча Ларысу Геніюш.

Аглядальнік.


Сустрэчы з сейбітамі Беларушчыны

На офісе руху "За Свабоду" працягвае працаваць фотавыстава "Сейбіты Беларушчыны". Яе аўтары - Арцём Лява, Кастусь Гарэцкі і Эла Дзвінская - з'ядналі партрэты выбітных дзеячаў навукі і культуры за апошнія 5 гадоў. Згодна з ідэяй аўтараў фотавыставы, штомесяц яе героі сустракаюцца з моладзевай і бацькоўскай грамадой, дзеляцца жыццёвым досведам, кнігамі і іншымі творчымі здабыткамі, і самі атрымліваюць падтрымку аўдыторыі. На першай сустрэчы ў сакавіку з бацькамі студэнтаў-каліноўцаў сустрэліся мастак Мікола Купава, паэт і бард Алесь Камоцкі.


29 красавіка адбылася вечарына з удзелам доктара гістарычных навук прафесара Леаніда Лыча і пісьменніка Ўладзіміра Арлова.


Леанід Міхайлавіч Лыч , актыўны абаронца беларушчыны, аўтар кніг "Нацыянальная ідэя", "Уніяцкая царква на Беларусі. Этнакультурны аспект", "Міжнацыянальныя дачыненні на Беларусі" і іншых, непахісна адстойвае пазіцыі беларускай мовы ў грамадстве, клапоціцца аб яе ўжытку на дзяржаўным узроўні, у СМІ, у літаратурным працэсе. Леанід Лыч - шматгадовы сябра клуба "Спадчына", ён узнагароджаны медалём "Гонар Айчыны".

Ён яшчэ раз нагадаў прысутным, што навуковая і творчая інтэлігенцыя - гэта соль нацыі, і яна можа ўплываць на грамадства. Прафесар Лыч узгадаў гады перабудовы, калі гісторыкі ўпершыню пачалі распрацоўваць тэмы беларускай гісторыі па-за часавымі рамкамі СССР, пра натхненне, якое кіравала адраджэнцамі ў 90-тыя гады.

Леанід Міхайлавіч прынёс на сустрэчу асобнікі новай кнігі. На аснове ўспамінаў ён стварыў сваеасаблівы літаратурны помнік сваёй паплечніцы і сяброўцы, доктару педагагічных навук Ефрасінні Георгіеўне Андрэевай, з якой яго звязваў лёс больш за 50 гадоў. Кніга мае назву " Рускі прафесар на ніве беларускага адраджэння". З затоеным дыханнем слухалі жанчыны аповед аб тым, як жонка Леаніда Міхайлавіча імкнулася адчуць прыгажосць беларускай мовы і спасцігнуць яе семантычны склад. Як яна працавала спачатку з дзецьмі і іх выхавальнікамі ў дзіцячых садках, а потым - са студэнтамі ў Беларускім дзяржаўным педуніверсітэце імя Максіма Танка, як яна інтэгравалася ў беларускі педагагічны працэс і імкнулася прынесці найбольшую карысць.


Уладзімір Арлоў пазнаёміў чытачоў са сваімі новымі выданнямі. Частку гутаркі пісьменнік прысвяціў удзельнікам паўстання К. Каліноўскага, пра якіх напісаў у мастацкай форме ў сваёй кнізе "Імёны Свабоды".

Для пісьменніка важнымі з'яўляюцца гістарычныя персанажы, як рухавікі працэсаў і пераменаў. Госці павіншавалі сп. Арлова з выхадам у Браціславе яго кнігі "Краіна Беларусь" ў перакладзе на ангельскую і рускую мовы.

Сп. Арлоў выказаў спадзявання, што ўсе намаганні беларускіх асветнікаў, мысляроў, айцоў-заснавальнікаў БНР, пісьменнікаў і навукоўцаў, удзельнікаў некалькіх хваляў беларусізацыі будуць не марнымі, і ўрэшце прывядуць да светлага дня вольнай Беларусі, калі нічога не будзе пагражаць нацыянальнаму суверэнітэту краіны.

Э. Оліна. На здымках: 1. Выступае Алесь Камоцкі 2. Леанід Лыч і Уладзімір Арлоў - у гасцях. Фота А. Лявы і аўтара.

Ангельскі і расейскі пераклады папулярнай кнігі Ўладзіміра Арлова і Зміцера Герасімовіча "Краіна Беларусь" выйшлі ў свет ў славацкім выдавецтве "Kalligram" (Браціслава). У аўтараў ёсць планы выдаць сваю кнігу і па-польску.


Тайны ЧАЭСныя шырэй прыадкрываюцца

(Заканчэнне. Пачатак ў папярэдніх нумарах.)

Абвінаваўчае заключэнне, пратаколы суда, прыгавар, матэрыялы навукова-тэхнічных даследаванняў, заключэнні навукова-тэхнічных экспертызаў патрэбна было давесці да шматлікіх публікацыяў, асабліва у папулярнай прэсе, каб навукоўцы і насельніцтва ведалі праўду, каб у будучай працы АЭС і атамшчыкаў пераважаў прыярытэт нормаў бяспекі, а не валюнтарызм асобнай арганізацыі, установы, інстытута, міністра, прэзідэнта.

Не давялі, не паведамілі, судзейскія свядома ўсё ўтойвалі, як і раней.

- У СССР і рэспубліках мэтазгодна стварыць органы папярэдняга следства, незалежныя ад любой партыі і адміністрацыі, якія падпарадкуюцца адно яго вялікасці Закону, - зрабілі вывад пракуроры і суддзі саюзнага, рэспубліканскага, абласнога маштабаў.

Іх не чулі, тады і пасля не чулі, як заўжды ў аднапартыйнасці. Чарнобыль мала чаму навучыў савецкіх стваральнікаў ЧАЭСнай катастрофы, іх абаронцаў. Ужо ў маі 1986 паспешна сталі пераналаджваць рэактары РБМК, а яшчэ тры гады запар абаранялі мундзіры ведамстваў і ўласны, на ўсю краіну і планету барабанілі: вінаваты персанал, персанал, персанал.

- Калі ў дзяржаве будзе сапраўдны падзел уладаў, юрыспрудэнцыя ўнезалежыцца ад заканадаўчай і выканаўчай. Пракуроры і суды тады не стануць прыгінацца перад уладнымі ўмекамі, - сцвярджаў эксперт А. І. Трусаў, кандыдат юрыдычных навук, палкоўнік юстыцыі.

А. І. Трусаў дэталёва прааналізаваў матэрыялы крымінальнай справы №19-73, дакладныя і артыкулы В.П. Волкава, у тым ліку яго дакладную А.П. Аляксандраву ад 1 мая 1986; Даследаванні эфектаў радыеактыўнасці; Аператыўнае ўказанне дырэктарам АЭС міністраў А. І. Маёрца, А. Г. Мяшкова, А. Д. Лапшына ад 8.5.86; Планы… па павышэнню бяспекі АЭС з рэактарамі РБМК-1000 ад 27.6.86; Справаздачу аб прычынах аварыі на ЧАЭС інстытута імя Курчатава № 34/716186 (для службовага карыстання) ад 30.10.86; Зводныя мерапрыемствы, зацверджаныя новымі міністрамі ў 1988; дакладныя і артыкулы А. А. Ядрыхінскага; Зводныя матэрыялы "Пералікаў… неадпаведнасцяў", май, 1988…

Савецкія алілуйшчыкі яшчэ не ўсведамлялі, што рэзвалы рэактара ЧАЭС і адпаведнай судовай справы №19-73 - звёны аднаго ланцуга. Працягнуць безадказніцтва ведамстваў за страшэнныя аварыі, кшталту выбуху ўзбраенняў у Арзамасе (1988), пад Уфой (1989, загінула 579 чалавек), затоп парахода "Аляксандр Неўскі" ў Чорным моры… стануць чарговай ступенькай да развалу ўсёй краіны Саветаў - катастрофы сусветнай, большай за бяздарна праводжаную ў краіне меліярацыю, вайну ў Афганістане, бясконцыя прамысловыя аварыі.

Замоўчвальнікі праўды пра віноўнікаў аварыі на ЧАЭС развалілі не справу №19-73 - утоптвалі савецкую дзяржаву і з гэтага боку, усю яе юрыспрудэнцыю. Дадалі козыраў у хутчэйшы скон усёй ідэалогіі дзяржавы СССР.

Ніхто ў краіне фактычна не нёс суровай адказнасці за няўдалую прапанову, шырокае ўкараненне няправільнай у быт і практыку. Калі б адказваў не пасадаю, прэміямі, як аляксандраўцы і абаронцы аляксандраўцаў, калі б адказваў і матэрыяльна (сродкамі ўласнымі, сям'і, нашчадкаў), адказваў турмою і ведаў, прыйдзецца расплачвацца па зысках пацярпелых, - то задумаўся б, лічыў і пералічваў, не дапускаў зрываў. Тым болей катастрофаў, хуткіх ці запаволеных.

Спатрэбіліся сотні, тысячы хваробаў сталых і малых людзей, забастоўкі ў Нароўлі і Брагіне, Хойніках і Гомелі, Мінску і Магілёве, шматтысячныя калоны "Чарнобыльскіх шляхаў" на Беларусі і Украіне, рэкі нянавісці да ўсяго шэрага аднапартыйнага, каб пацвердзілася справядлівасць і несправядлівасць справы №19-73.

Увесь парадокс савецкага і паслясавецкага жыцця ў тым, што пра разборы Чарнобыльскай трагедыі да суда і пасля суда мала каму вядома. Ведамаснае замоўчванне працягваецца. Газеты і тэлебачанне будуць справядліва і падрабязна абмяркоўваць беды ліквідатара і перасяленца, вёскі і прадпрыемства, ацэнкі сітуацыі ў цэлым не даюць. Чаму не заўважаюць - невядома. На ЧАЭС за дваццаць гадоў пасля выбуху адбылося болей за дваццаць пажараў і праблемных аварый. Іх не заўважаюць у дзяржаўных і недзяржаўных газетах Беларусі, на тэлебачанні. Не б'юць у звон трывогі.

Чаму, ну чаму?

Раман Кавалёў і сябры-аднадумцы чым болей запознена знаёміліся з судовым разборам аварыі, явамі савецкага перабудовачнага жыцця, рэаліямі незалежнага беларускага, тым болей задумваліся. Слабавольныя з іх пачыналі лаяцца, плакаць, гразіцца.

ХІІІ

Пра карысць і шкоду атамных станцыяў напісана багата. Раман Кавалёў чытаў атрыманы ад прафесараў Івана Мікітчанковіча і Ігара Бадановіча тэкст, жахаўся.

Хлусяць у СССР з лічбамі і фактычнымі стратамі ад радыяцыі, у краінах заходняга свету той жа малюнак.

Няма і не можа быць бяспечных АЭС. Толькі ў ЗША з 1957 да 1984 года адбылася 151 аварыя на АЭС. Рэгулярна здараюцца аварыі ў іншых краінах.

1957 г. - пажар у рэактары ядзернага завода ў Селавіле (Англія). Радыеактыўнае забруджванне тэрыторыі Англіі і Заходняй Еўропы.

1957 г. - выбух радыеактыўных адходаў на прадпрыемстве "Маяк" бліз горада Кыштым Чалябінскай вобласці. Пераселена ў іншыя месцы 10 тыс. чалавек. Перасяленне ішло і пасля.

1961 г. - аварыя на рэактары ў штаце Айдаха (ЗША).

1966 г. - расплаўленне сардэчніка рэактара Энрыка Фярмі на АЭС штата Мічыган (ЗША).

1969 г. - аварыя ў сістэме ахалоджвання падземнага рэактара ў Швейцарыі. Радыеактыўнае забруджванне тэрыторыі.

1971 г. - аварыя на рэактары ў штаце Мінесота (ЗША). 200 тыс. літраў радыеактыўнай вады трапіла ў раку Місісіпі, частка яе - у сістэму водазабеспячэння горада Сан-Паўла.

1975 г. - пажар на рэактары ў штаце Алабама (ЗША). Страты 10 млн. даляраў.

1979 г. - буйнейшая ў Амерыцы аварыя на рэактары "Трымайл-Айлеід". Ліквідацыя вынікаў аварыі доўжылася да 1994 года. Затраты, паводле амерыканскіх дазіраваных паведамленняў, 5 млрд. даляраў. Па іншых падліках - 10 млрд.

1981 г. - забруджванне тэрыторыі радыеактыўнай вадой (454 тыс. літраў) на заводзе ў амерыканскім штаце Тэнесі (ЗША).

1981 г. - аварыя на атамнай станцыі ў Цуруга (Японія).

1983 г. - аварыя на рэактары бліз Таронта (Канада).

1986 г. - выкід радыеактыўнай пары на рэактары ў ФРГ (Паўночны Рэйн-Вестфалія).

1988 г. - пажар на АЭС у Футаба (Японія).

Усіх 16 пажараў.

За адзін 1991 год Японія перажыла 4 аварыі - у Міхаме, Касівадзаке-Капіве, Анагаі, Такаі-Мура.

У Расіі за адзін тыдзень студзеня 1993 года адбыліся чатыры інцыдэнты - на Новаваронежскай, Калінінскай і Балакаўскай АЭС.

Н. Кардаш, старшыня Беларускай партыі зялёных). (НГ, 3.8.1995.)


Чацвёрты з'езд народных дэпутатаў СССР у снежні 1990 года шмат каго ўзварушыў. Многія вядомыя людзі выказваліся з пранізлівай яснасцю.

М. І. Рыжкоў: У задумваным выглядзе перабудову здзейсніць не ўдалося.

Дэпутат Сажы Умалатава: Уключыць у павестку дня пытанне пра недавер прэзідэнту СССР Міхаілу Гарбачову. Ён зрабіў усё, што мог для развалу краіны, сутыкнуў народы, вялікадзяржаўную багатую краіну пусціў па свеце з працягнутай рукой. Краіну захліснула амаральнасць, нянавісць, злачынствы.

М.С. Гарбачоў: Самае галоўнае ў краіне - устанавіць парадак. Будзе цвёрдая ўлада, дысцыпліна, кантроль за выкананнем рашэнняў, тады здолеем наладзіць нармальнае прадуктовае забеспячэнне, накінуць аркан на злачынцаў, супыніць міжнацыянальную варажнечу.

А. А. Малафееў: Падтрымліваю мараторый на правядзенне ўсемажлівых забастовак, мітынгаў.

Міністр замежных спраў Э. А. Шэварнадзэ: Наступае дыктатура, заяўляю з усёй адказнасцю. Выходжу ў адстаўку.

А.М. Якаўлеў: Мы сведкі наступлення помслівай і бязлітаснай кансерватыўнай хвалі.

Б.М. Ельцын: Расія не згодзіцца з узнаўленнем дыктату Крамля. У нястачах прадуктаў вінавата перабудова. Каўбаса дарагая - падкопы партапаратчыкаў.


Рамана Кавалёва захліснула інфармацыйная хваля. Праўда фактаў біла мазгі настаўніка мацней, чым нядаўна елі гарэтнае сэрца здрадныя выкрунтасы былой каханкі.

ХІV

Новая паездка Бадановіча і Канопліча ў прыватным плане не атрымалася, і слава Богу. Дапамаглі не прафесарскія пасведчанні і хадайніцтвы эканамічнага савета, а папярэднія званкі дырэктару інстытута радыеэкалагічных праблемаў АН Беларусі Георгію Шаравару і ўкраінскаму кіраўніцтву дырэкцыі збудавання "Укрыццё".

Трывожныя паведамленні пра кепскі стан саркафага над чацвёртым рэактарам змушваюць часцей перамаўляцца двух фанатаў-прафесараў, якія ніколі не планавалі, нават не думалі займацца чарнобыльскімі праблемамі. Дырэктар саркафага Уладзімір Жарбінаў у інтэрвію заявіў: пад уздзеяннем унутранай радыяцыі саркафаг раз'ядаецца, плошча шчылінаў у збудаванні каля тысячы квадратных метраў. Змоўчвае пра колькасць пажараў і аварыяў ва "Укрыцці".

- Навукоўцы і практыкі здзіўляліся, калі не знайшлі ў рэактарнай зале ўсяго ядзернага паліва. Ні графіту, ні двухвокіслу ўрану не было. За семдзесят тон ядзернага паліва правалілася ўніз, на метраў сорак. Пацяклі ўбок, - тлумачыў украінскі калега Шаравара доктар Іванчук.

- І?..

- Зараз асноўная маса паліва дробнымі часцінкамі ў лаве расплаўленага пяску і бетону.

Бяспечныя суадносіны такога маналіту - дзесяць працэнтаў паліва, дзевяноста працэнтаў пяску і бетону. Няма пакуль парушэння гэтых суадносінаў, як паказваюць замеры і разлікі. Ланцуговая рэакцыя не павінна загарэцца, балазе датчыкі на шчылінах "Укрыцця" фіксуюць, што выкіды не перавышаюць нормы.

Тлумачэнні вялікіх і малых, паўтораныя шматразова, задаволілі б любога дапытніка. Не Канопліча і Бадановіча. За два гады злыбядзённага маўчанства ў СССР пра глыбіню і шырыню нязначнай ЧАЭСнай катастрофы абодва ў любых запэўніваннях зняверыліся. Раней і цяпер усе кантрольныя замеры, грунт разлікаў, рабіліся і робяцца на паверхні самой лавы. Унутр яе пранікнуць не ўдаецца - бурыць нельга, радыяцыя пяцьсот-тысячу рэнгенаў у гадзіну. Не выключаецца вераемнасць канцэнтрацыі ядзернага паліва ў асобных месцах болей дзесяці працэнтаў. Парушыцца паверхня - можа пачацца працэс.

Лава застывае, ад радыяцыйнага ўздзеяння і сезоннасці трэскаецца, шчыліны павялічваюцца, з кожным месяцам страшэнны працэс стане нарастаць. Праз шчыліны ў саркафаг трапіць болей вады - і бухне выбух. Сілаю дзесяткаў, сотняў вадародных бомбаў.

Страшна думаць пра далейшае, боязна жыць.

Радыяцыйная небяспечнасць аб'екту павялічваецца і таму, што лава становіцца крохкай, дадае пылу. Сцены саркафага не герметычныя, шмат дзе абапіраюцца на маналіт разбуранага рэактара, з парушанымі яго паверхнямі. На сценах знутры процьма першапачатковага радыяцыйнага пылу - любая новая дзірка ў сцяне, на даху можа выклікаць узбольшаны эфект пульверызатара. Дзесяць-дванаццаць тон радыяцыйнага паліва, па другой тэорыі дзевяць тон, аселага пры аварыі на сценах і абсталяванні, якое цяпер рэгулярна змочваецца растворамі і вільгаццю, таксама здольныя выбіцца з-пад улады чалавека.

Без выбуху атрымаецца красавіцкая катастрофа 1986 года, нашмат мацнейшая. У тыя страхотныя дні на тры славянскія рэспублікі, на ўсю планету вылецела прыблізна восемдзевяць тон радыяцыйных рэчываў. А тут жахне павіслы на сценах і абсталяванні радыяцыйны пыл, пад дзесяць тон, плюс новаўтвораны пыл з так званай забетанаванай лавы, плюс семдзесят узбоч забетанаванага паліва ў лаве, плюс восемдзесят з лішкам забетанаваных пад рэактарам…

У розных навукоўцаў і аўтараў лічбы розняцца не на шмат. Страх пра іх думаць, жах уявіць магчымае.

- Адны кажуць, агульная плошча дзірак у саркафагу тысяча семсот квадратаў, паводле другіх - блізу тысячы? - асцярожна кратае балючую тэму Яўген Канопліч, пазірае на Шаравара. - Навошта ўвогуле гэтыя дзіркі?

Спецыялісты беларускага інстытута радыеэкалагічных праблем аналізавалі негерметычнасць саркафага. Памер усіх шчылін адна тысяча дзвесце квадратных метраў. Пры пабудове саркафага прымяняць мацункавыя тэхналогіі з-за высокай радыяцыі не было мажлівасці. Замест парванага даху паклалі трубы, на іх - цяжкія металічныя лісты. У асноўным новы дах трымае ўласная вага. Такое мацаванне практычна і са сценамі, умоўна трывала-надзейнае.

- Сонца ўнутр зазірае праз шчыліны - гэта не мінус, а норма. Вышынны дом з выбітымі вокнамі, праз іх выходзіць лішняе цяпло. Перагрэў можа хутка выклікаць выбух.

Два салідныя савецкія міністэрствы машынабудавання яскрава паказалі тупую абмежаванасць сваіх спецыялістаў, калі тыя прапаноўвалі заліць усё абсталяванне ўнутры саркафага і ўвесь саркафаг усуцэль бетонам. Прывезлі мноства рабочых, бетонамяшалак. Стварылі б суцэльную ізаляваную глухую сумесь, яна непазбежна хутка перагрэлася б, рванула. На ўвесь свет. Асабліва, калі ўлічыць актыўную працу суседніх трох ЧАЭСных рэактараў, непазбежна выбухнулых.

- Паўтараюся, новы выбух, паліва чатырох рэактараў, раўняўся б выбуху (замяўся, думае, вышэптвае) сотням вадародных бомбаў. - Упэўнены дасюль Георгій Шаравар на дзіва паніклы. Адна ўява жудаснага і хуткага знікнення Зямлі паралізуе розум і волю практыкаў-ядзернікаў. Як і доктара медыцынскіх навук Яўгена Канопліча, доктара сельскагаспадарчых навук Ігара Бадановіча.

Украінскія, рускія і беларускія навукоўцы разумеюць, чацвёрты блок ЧАЭС і саркафаг забяспечаныя сродкамі аўтаматычнай засцярогі ад самаадвольнай ланцуговай ядзернай рэакцыі. Аднак… Нават калі будуць выдатныя пасты нагляду вакол ЧАЭС, своечасова спрацуюць, паспеюць аператыўна выдаць усю інфармацыю пра небяспеку, - нават тады позна будзе варушыцца з стварэннем супрацьрадыяцыйных мерапрыемстваў, уключэннем у справу хуткадзейных сусветных камандаў. Узніклую крызісную сітуацыю чалавецтва паспее ацаніць, усэнсовіць шляхі пагашэння, але ніхто не ўправіцца хоць што талковае зрабіць для яе прадухілення. Самалёты не прыляцяць, абсталяванне, бетон і растворы не прывязуць, спецыялісты еўрапейцы ў кватэрах не ўспеюць нават пераапрануцца для пагашэння новай вар'яцкай аварыі.

Стане позна, абсалютна ўсё позна. Атамнай вайны не было, бомбы на розныя паловы шара не падалі, а жыцця на шарыку не стане. Жыватворныя воды, лясы, палеткі нікому не будуць прыдатныя. Стануць няўжыўныя нават чарвякам, як любая цвіль мярцвячыны. На тысячы гадоў Зямля апусцее. Як астэроід.

- Як правільна называць - збудаванне, саркафаг, "Укрыццё"?

- Завіце якхочна. Скарочана завуць саркафаг, "Укрыццё". Неістотна. Абы не шуснула полымя. Вось праблема з праблемаў.

Шаравар выдыхае тым жа паніклым тонам:

- Распілаваць бы ўсё. На кавалкі. Рэактары, сцены, падмуркі, залітыя бетонам падвалы, усё распілаваць. Вывезці ў надзейны далёкі схрон. Тады была б спадзея. Тады, не раней.

Грашоўную праблему не абмяркоўваюць. Нават асягнуць суму выдаткаў не могуць. Не іх парафія. Сто мільярдаў чалавецтву хапіла б. Затое яно не вісела б на танюсенькай нітцы над прорваю нябыту. Над прорваю небыцця.

Сузіраюцца ўсе чацвёра, маўчаць, сузіраюцца. Кожны з іх - не цёмны рабацяга, павярхоўны напаўінтэлігент, кожны прафесар шырока асягае жахлівую яву.

- Давайце разам паедзем, - згасціннічаў дабрачнік Георгій Шаравар. У мерсэдэсе беларускага дырэктара інстытута тры месцы свабодныя.

- Ад вашых слоў і тлумачэнняў зледзянела нутро.

- Раз прыехалі сюды, паходзім яшчэ. Братнія ўкраінцы нам здабрачыліся, паходзім, суправаджальніка даюць, - дапаўняе Бадановіча Яўген Канопліч.

Ехалі заспакоіцца, удакладніць драбязу - пад цяжарам уведанага абодва сагнуліся, паменшалі ростам. Аднагодак Георгій Шаравар зразумеў іх, расстанне было дружбацкім, хуткім, бясслоўным.

XV

Забетанавана па адной тэорыі 110 тон радыяцыйнага паліва, па другой - 160 тон, пры тэмпературы за дзве тысячы градусаў сплаўка паліва, абсталявання і канструкцыяў вылілася ў лаву ў некалькі разоў большую. Хаця асобныя знаўцы вызначаюць яе вагу ў 300-450 тон.

Атамна-радыяцыйную рэакцыю ў лаве супыніць, затрымаць, як і паскорыць, немагчыма. Рэакцыя пад чацвёртым рэактарам ідзе практычна нясціхна.

Тады чарнобыльскія хвалі зачапілі ўсяго адзін рэактар, вылецела вонкі 9-10 тон паліва з 182, на сценах асела каля дзевяці тон, аднак радыяцыя абышла планету, ападкі зафіксаваліся ў ЗША і Японіі. Надзейны трывалы саркафаг крайне патрэбны. Запланаваны тэрмін дзеяння цяперашняга саркафага заканчваецца ў 2014 годзе.

Пры новым выбуху уключыцца ўсё паліва трох астатніх рэактараў, забетанаванае пад чацвёртым. Калі, не дай Бог, успыхне, пра што не раз ужо думаў Кавалёў, сыдуцца крытычныя лініі - над Украінай, Беларуссю, Расіяй, над Еўропай і ўсім светам здарыцца катастрофа, у сотні разоў страшнейшая за выбух 1986 году.

Пра разбурэнне адной сценкі і абрушванне часткі даху дванаццатага лютага 2013 году стараліся на рэактары не талкаваць. Абыходзілі. У газетах, па тэлевізіі Украіны і Беларусі мелькам прамоўлена: сітуацыя пад кантролем, усё нармалізуецца. Паўтараліся першыя пасляаварыйныя гады.

Як быць з ЧАЭСнаю язваю ў сэрцы і мазгах, не цяміў Нямковіч і сябры. Надзець новы саркафаг на стары саркафаг і ўсю АЭС зверху і знізу? Шматмільярдныя расходы. Трыццаць тры краіны свету паабяцалі тэрміновую дапамогу Украіне і Расіі з саркафагам, доглядам развалюхі. Абяцанка - цацанка, грошыкі цэдзяцца як летні дожджык уранку.

Божухна Літасцівы, Усябачны, Найдобры, дапамажы людзям планеты знайсці выйсце з створанага ў Чарнобылі тэхнагеннага тупіка.

1987, 1990, 1998, 2009-2013.

P. S. Усе лічбы, факты, прозвішчы - з паведамленняў ліквідатараў і навукоўцаў, даступных даследчыку публікацыяў, крыніцаў.

Валер Санько


Паслухаем мову вады?

Рэспубліка Беларусь славіцца багаццем водных аб'ектаў, іх знешняй разнастайнасцю, асаблівасцямі гідралогіі, заселенасцю жывымі арганізмамі, гаспадарчым значэннем. Паводле энцыклапедыі "Блакітная кніга Беларусі", у нашай краіне налічваецца больш за 10000 азёр, 20 800 рэк агульнай даўжынёй 90600 кіламетраў, ёсць яшчэ прыкладна 130 вадасховішчаў і мноства меліярацыйных каналаў.

Сярод іншых рэгіёнаў Беларусі Случчына не надта выдзяляецца колькасцю гэтых геаграфічных аб'ектаў. Тая ж энцыклапедыя сведчыць, што ў нашым краі працякае два дзясяткі рэк і ручаёў. Кожная рака - непаўторная з'ява прыроды. На жаль, гэта не заўсёды ўлічвалі людзі ў сваёй практычнай дзейнасці, таму і сталі многія рэкі звычайнымі каналамі, страцілі свае багатыя прыродныя якасці, прыгажосць і арыгінальнасць. Калі ж дадаць, што за апошнія сорак-пяцьдзясят гадоў прыродны ландшафт "упрыгожыўся" шматлікімі меліярацыйнымі каналамі, то аб разнастайнасці водных аб'ектаў у нашым краі гаварыць не прыходзіцца. Затое ёсць нагода ўзгадаць назвы слуцкіх рэк. Ці заўсёды мы іх ведаем і разумеем, ці не акажуцца яны забытымі?

З назвамі меліярацыйных каналаў усё больш-менш зразумела. Гэтыя гідронімы (назвы водных аб'ектаў) маладыя па часе ўзнікнення (у асноўным 1960-я - 1970-я гады). У большасці сваёй яны паходзяць ад назваў бліжэйшых населеных пунктаў. Гэта, напрыклад, Бокшыцкі канал (вёска Бокшыцы), Буда-Грэскі (Буда Грэская), Лошыцкі (Лошыца), Паўстынскі (Паўстынь), Паўлаўскі (Паўлаўка), Ячаўскі (Ячава). Жыхары вёсак, дарэчы, гэтымі назвамі амаль не карыстаюцца, і каналы практычна безыменныя. Не захацелі вяскоўцы ўвекавечваць тое, што створана штучна, што пераўтварыла некалі маляўнічыя прасторы нашага краю ў амаль суцэльнае поле. Ніякага культурнага ці гістарычнага значэння не маюць і такія назвы каналаў, як Галоўны, Водаправодзячы, К-2 і да іх падобныя.

Зусім іншая справа з назвамі рэк, ручаёў, азёр. Узрост асобных з іх дасягае не адной сотні гадоў і нават губляецца ў далёкай старажытнасці. І гэта зразумела, бо здаўна чалавек сяліўся на берагах рэк, якія і кармілі яго, і паілі, служылі прыроднай абаронай ад далёкіх і блізкіх ворагаў. Зірніце, калі ласка, на карту. Убачыце, што паўз раку, напрыклад, Лакнею размясціліся вёскі Труханавічы і Жукі (на Капыльшчыне), слуцкія Мусічы, Клешава, Бязверхавічы, Вялікае Журава , а ўсяго - 15 населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў бліжэйшым (не болей за кіламетр) наваколлі Лакнеі, працягласць якой усяго 36 кіламетраў.

Галоўная блакітная артэрыя нашага краю - рака Случ . "Материалы для географии и статистики России", першы том якіх быў выдадзены ў Санкт-Пецярбурзе ў 1864 годзе, сведчаць, што "Случь течёт по луговой, обильной хорошим сеном и довольно населённой долине, окаймлённой невысокими, открытыми и плодородными холмами Слуцкого уезда… Судоходство на Случи непостоянно и ограничивается движением нескольких судов малого размера с солью…". Сплаўлялі тады яшчэ і лес, і смалу ў бочках, але гэта, як кажуць, да ведама. Некаторыя з тамтэйшых старажылаў успаміналі, што "Случ пачыналася з-пад лазовага куста сярод балота". Цяпер жа не вельмі проста знайсці выток Случы, які зрабілі меліярацыйным каналам. Тая ж "Блакітная кніга Беларусі" сведчыць, што рэчышча Случы ў верхнім цячэнні шырынёй 6 - 25 метраў, да Салігорскага вадасховішча на працягу 71 кіламетра каналізаванае, ад вадасховішча да вусця ракі Морач мелкае. А што будзе яшчэ праз 50 - 100 гадоў?

Назва ж ракі Случ паходзіць ад слова " лука ", што азначае дугападобны паварот ракі, або мыс, што абгінаецца ракой. Беларускія словы " злуч ", " злучына " азначаюць тое ж самае, што і рускае слова " излучина ". У старадаўніх пісьмовых крыніцах слова " случий " тлумачыцца як выгнуты, быццам лук, від зброі . Адсюль, ад пакручастага характару рэчышча, на якім шмат лук, выгінаў, паваротаў, і назва ракі - Случ. У Беларусі налічваецца каля 60 назваў, утвораных ад слова "лука". Ёсць яны і за межамі Беларусі: Сухалуч (у Кіеўскай вобласці Украіны), Залучча (у Наўгародскай вобласці Расійскай Федэрацыі) і іншыя.

Найбольшы прыток Случы - рака Морач . Рэчышча яе амаль поўнасцю пераўтворана ў канал, і нічога не нагадвае аб тым, што раней рака цякла па забалочанай мясцовасці. Назва пайшла, хутчэй за ўсё, на думку пісьменніка Ўладзіміра Юрэвіча, ад слова " морак ". Бо шмат жывых істот, імкнучыся да вады, трапляла ў багну і не магла выбрацца з яе, памірала. З гэтым можна пагадзіцца, бо пры характарыстыцы балоцістай мясцовасці часта ўжываюцца словы з такім жа коранем, як у словах " марочыць ", " марока " і іншых. Успомніце, напрыклад, балотную ягаду марошку.

Ёсць на Случчыне рака Лакнея . У грамаце слуцкага князя ад 20 сакавіка 1455 года гаворыцца: "Мы, князь Михайло Олександрович, произволили боярину нашему Василью Царю купити дворець на Локнеи, и, купив тот дворець, придати Святой Троици у Слуцку…" . Паходжанне назвы ракі - Лакнея - і яе першапачатковае значэнне губляюцца ў смузе стагоддзяў. Адны лічаць, што назва ракі прыйшла да нас з Прыбалтыкі, бо гідронімы з такой асновай сустракаюцца на тэрыторыі Літвы, другія выводзяць назву ад слова "локаць" у значэнні - выгін, паварот ракі, дарогі . Аўтар схіляецца да трэцяга варыянту.

Нагадаю, што ў пачатку сваёй летапіснай гісторыі Случчына ўваходзіла ў склад Тураўскай зямлі. З ХІV стагоддзя ўладанні слуцкіх князёў ахоплівалі тэрыторыю сучасных Слуцкага, Капыльскага, Любанскага, Салігорскага, Старадарожскага і часткі Уздзенскага, Глускага, Петрыкаўскага і Жыткавіцкага раёнаў. Дык вось, на поўдні гэтай мясцовасці здаўна ўжываецца слова " лакно ". Яно мае два значэнні: месца ў рачной старыцы, якое зарасло травой; глыбокае месца сярод багны, балота, дзе вада не замярзае. Калі ж прыпомніць сведчанне гістарычных крыніц аб балоцістым характары мясцовасці нашага краю, то сувязь гідроніма Лакнея са словам " лакно " становіцца відавочнай. Вядома, з улікам таго, што прыродны ландшафт з цягам часу можа значна мяняцца, асабліва ў выніку дзейнасці чалавека. Да таго ж дзейнасці больш спажывецкай, чым клапатліва-беражлівай. У кнізе Алеся Жука (ураджэнца прылакнейскай вёскі Клешава) чытаем: "Ад былое прыгажуні пятлянкі, якая трымала пойму амаль у два кіламетры з берагамі, парослымі ракітнікам, аерам, асакою, ад усёй гэтай прыгажосці засталася толькі глыбокая чорная канава ды па беразе яе кучы торфу, перамешанага з глеем. Пра былую рачную прыгажосць нагадвалі толькі ацалелыя лукі-старыцы".

У паўночнай частцы Слуцкага раёна цячэ рэчка Жара . Тэрмінам " жара " некалі называлі тое месца ў лесе, якое расчысцілі метадам выпальвання і падрыхтавалі да гаспадарчага выкарыстання (успомнілі з гісторыі пра падсечна-агнявое земляробства?). Некаторыя даследчыкі прыводзяць і іншае значэнне тэрміна " жар " - хуткае цячэнне вады; " жаркі " - катлавіна балота, якое высахла, ці возера. Дык што легла ў аснову назвы ракі?

Аўтар узгадаў назвы толькі некаторых рэк нашага раёна. А ёсць жа яшчэ Асвіца і Бярозаўка , Волка і Жалезніца , Сівельга і Худра , Таліца … У наш час бывае цяжка адназначна сцвярджаць пра паходжанне той ці іншай назвы. І таму, што з цягам часу зменьваецца агульны выгляд мясцовасці, і таму, што некаторыя словы выходзяць з ужытку або мяняюць сваё значэнне, і па шэрагу іншых прычын. Але несумненна адно: назва кожнай ракі - гэта своеасаблівы помнік гісторыі і культуры краю, бясцэнная скарбніца нашага роднага слова. І вельмі важна захаваць гэтыя помнікі, гэтую скарбніцу для нашчадкаў.

Анатоль Жук, жыхар горада Слуцка.


У роднай хаце

Маці-Радзіма

О, Радзіма! Ты - маці

ў журбе і красе,

Збераглі цябе нам Бог і час.

Беларусь, Беларусь,

твае дзеці мы ўсе,

Ты - святая, адзіная ў нас!


Аддаём, дарагая матуля, табе

Розум, мары і сэрцаў агонь.

Гонар, славу шукаем

у мірнай сяўбе:

Наш наперад імкне

верны конь.


Радасць-плён нам даюць

сіла духу, моц рук,

I такія спрадвеку мы ёсць.

Табе, родная, наша

любоў без прынук;

Хлеб-соль шчыры для вас,

брат і госць.


Дык красуй, зіхаці

светлай зоркай заўжды

У сузор'і свабодных краін.

Знай: з табой, Беларусь,

наш імпэт малады,

Мы з табою усе як адзін!

Вясновае

Я навекі з радзімай старонкаю, I смуткую, і трызню ўва сне.

Мілы сэрцу яе сосны гонкія,

I палі, і лугі любы мне.


Мне тут люба маёваю раніцай

Клапатлівыя чуць галасы.

А ці можна,

скажыце, пазбавіцца

Ад палону дзявочай красы?


Мяне вабяць дарогі нязнаныя,

Адлюблю, адгарую, памру -

Будзе вечна вясною чаканаю

Цешыць вока зялёная рунь.


Заіскрышся, наш край,

славай новаю,

Бо з табой і юнак, і паэт.

Светлай песняй

і матчынай моваю

Чараваць будзеш

здзіўлены свет.


Не змаўкайце, прашу,

струны звонкія.

Не шукай, душа, шляху назад. Хай ліецца

над нашай старонкаю

Ачышчальным дажджом

зарапад!

У роднай хаце

Гісторыя - усім нам маці.

Краёў на свеце розных ёсць.

Ды толькі, браце, у роднай хаце

Ты гаспадар, не сціплы госць.


У роднай хаце золкам устаці

Здавён стараецца народ.

Душы ў ёй хораша спяваці,

Смачнейшы хлеб, нягоркі пот...


Наш лёс бязлітасны, суровы,

Не лайдакі мы хоць, не гнусь.

Уратуем, людзі, сваю мову -

Жыць будзе наша Беларусь!


А Беларусь пад гэтым небам

Навекі нам і дом, і храм.

Гатоў астацца я без хлеба,

Яе нікому не аддам.

Прыезд Дамейкі на Радзіму

Цягнік пралятае па рэйках,

З ім - грукат, і посвіст, і дым.

У Літву прыязджае Дамейка,

На сэрцы - і радасць, і ўздым.


За спінай - далёкая Чылі

I тысячы пройдзеных вёрст.

Там праца і лёс налічылі

Яму паважаны узрост.


Пакуль акіянскія хвалі

Сеньёра няслі к нам сюды,

Зноў памяць і думкі шукалі

Падзей маладосці сляды.


... Вось Вільня.

Студэнцкае брацтва,

(Да гэтага - клопат дзядзькоў.)

Вучоба, Адам, і мастацтва,

I мары, і клятвы сяброў.


Іх палкая прага свабоды,

Імкненне ў нязведаны свет,

Да працы любоў, да прыроды.

Уладаў уціск, пераслед.


Заполле, вось ён гаспадарыць,

Павага сялян і радні.

Ды тут на айчынным абшары

Насталі паўстанцкія дні.


Параза. І жыць на Радзіме

Паўстанцы ужо не маглі...

Дамейкава слава і імя

Успыхнуць на новай зямлі.


... Цягнік стаў.

Чакаюць на брычцы. -

Цікава, які тут прагрэс?

I коні шыбуюць па звычцы

Паўз рэчкі, праз поле і лес.


Сустрэчы, абдымкі, вітанні -

Іх столькі праз пяцьдзесят год!

Яго прызнае па вяртанні

I наш жыбартоўскі народ.

Прызнанне

Я палюбіў з маленства

храм Прыроды,

I існы ў ім - не валадар, не раб.

Яна як гімн вышэйшае свабоды

Навекі мне

найдаражэйшы скарб.


Я цалаваў святыя рукі маці,

Па кніжках добрых

мудрасць спасцігаў.

Сушыў слязінку

беднаму дзіцяці,

Цярпеў, спрачаўся,

верыў і шукаў.


Мне успрыймаць

агідна і балесна

Да роднай мовы

здраду, нелюбоў.

Мы хто без мовы матчынай,

без песні,

Без каранёў,

без памяці дзядоў?


I вось ізноў нялёгкая дарога - Жыццёвых хваляў

несупынны бег.

Ляці, ляці пад знакам Казярога

Маёй душы узрушанай каўчэг.

Г. Шундрык, г. Дзятлава.


Кніга па археалогіі

23 красавіка 2013 года ў сядзібе ТБМ адбылася творчая сустрэча з Людмілай Уладзіміраўнай Дучыц, якая надрукавала сем кніг і больш за 230 навуковых і навукова-папулярных артыкулаў. З 1976 года па 2005 год даследчыца праводзіла раскопкі на многіх відах археалагічных помнікаў жалезнага веку і сярэднявечча, а таксама разведкі па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Вывучала курганныя групы каля вёсак Забор'е, Кублішчына, Укля, Чамары, Чурылава, Ражкі Віцебскай вобласці, Селішча, Сухая Гара, Прудзішча, Малавічы Менскай вобласці, Маяк, Латока, Несята, Абча Магілёўскай вобласці і інш.

Даследчыца таксама праводзіла абследаванне "Барысавых камянёў" і культавых валуноў у рэчышчы Заходняй Дзвіны каля г. Дзісна Мёрскага раёна, абследаванне "Барысавага каменя" каля г.п. Друя Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці і інш.

У ТБМ Людміла Уладзіміраўна Дучыц прэзентавала сваю кнігу "Гісторыя і археалогія гарадзішча Маскавічы", якая выйшла ў Рызе пры падтрымцы Інсытута беларускай гісторыі і культуры, а таксама Таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага.

Наклад кнігі 150 асобнікаў.

У выданні прадстаўлены археалагічныя і гістарычныя матэрыялы па аднаму з унікальных археалагічных помнікаў. Беларусь - гарадзішчам сярэднявечнага перыяду Маскавічы, размешчаным на тэрыторыі Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці.

Зборнік разлічаны на археолагаў, гісторыкаў, краязнаўцаў і ўсіх тых, хто цікавіцца старажытнай гісторыяй Беларусі. На тытуле змешчана фібула з гарадзішча Маскавічы.

На мерапрыемстве выступілі: намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім, гісторыкі Алег Трусаў, Лявон Калядзінскі, Вадзім Шадыра, Эдвард Зайкоўскі і іншыя асобы.

Рэцэнзентамі кнігі з'яўляюцца доктар гістарычных навук, прафесар Т.В. Штыхаў і доктар гістарычных навук, дацэнт Д.У. Дук.

На мерапрыемстве прысутнідчала творчая інтэлігенцця г. Менска (спадары Содаль, Гучок, і іншыя).

Было вельмі цікава. Прысутныя ў падарунак атрымалі кнігу Людмілы Дучыц!

Аляксей Шалахоўскі.


У Гародні прэзентавалі "Уводзіны ў археалогію"

Выйшла грунтоўная кніга па археалогіі менскага навукоўца, даследчыка старажытных Віцебска, Слуцка ды Капыля Леаніда Калядзінскага. Першая прэзентацыя кніжкі прайшла ў гарадзенскім Музеі гісторыі рэлігіі. Здзейсніла выданне кнігі "Уводзіны ў археалогію" гарадзенскае выдавецтва "Юрса-прынт". Як кажа аўтар, над сваёй манаграфіяй ён працаваў амаль 10 год, выкладаючы студэнтам менскіх ВНУ.

- Паглядзеў, што тая частка, якая прэзентуецца ў кнізе, а менавіта - уводзіны ў археалогію, найменш даводзіцца да студэнтаў. Менавіта гэтую частку яны найменш і найгорш ведаюць. Таму я вырашыў надаць ёй больш увагі. У прыватнасці, што такое помнікі археалогіі, для чаго яны даследуюцца і ўвогуле, для чаго патрэбна археалогія. Вось у гэтай кнізе ў сціслай форме з прыгожымі, каляровымі ілюстрацыямі яно і адлюстравана.

Кніжка, спадзяецца навукоўца, стане карысным дадаткам для будучых археолагаў і аматараў археалогіі. Яна мае рэкамендацыі кафедры археалогіі БДУ, як дапаможнік для студэнтаў.

Якуб Сушчынскі , Беларускае Радыё Рацыя, Гародня.Фота Савелія Малчанава .


У Беларусь вярнуўся яшчэ адзін асобнік Статута ВКЛ

Музей гісторыі Магілёва стаў уладальнікам яшчэ аднаго асобніка Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Старадрук датуецца 1774 годам.

Яго выдрукавалі ў Вільні на польскай мове. Выданне ўяўляе сабой канвалют з трох асобных выданняў. Акрамя Статута, у кнізе змешчаны "Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага" і "Інструктаж".

- Унікальнасць гэтага экзэмпляра ў тым, што ён належаў шляхціцу з Магілёўшчыны Антонію Сабанскаму. У другой палове 18 стагоддзя Сабанскі жыў у Мсціславе. З нашых зямель гэты Статут трапіў на ўсход. А набыты ён быў у прыватнага калекцыянера ў Расеі, у Кастраме. Сродкі на яго набыцьцё даў бізнэсовец Валеры Казакоў, - паведамілі Свабодзе ў музеі гісторыі Магілёва.

Першы экзэмпляр Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 году папоўніў экспазіцыю магілёўскага музея ў ліпені 2012 года. Ён быў выдадзены на старабеларускай мове пры канцы 16-га альбо на пачатку 17-га стагоддзя ў друкарні Мамонічаў у Вільні. Грошы для набыцьця Статута збіралі талакой.

Акрамя Статутаў Вялікага Княства Літоўскага, талакой у Музей гісторыі Магілёва былі набытыя старадрукі "Часоўнік" (1773 года выдання), Псалтыр (1773 года), а так-сама кніга Казіміра Семяновіча "Вялікае мастацтва артылерыі", якую надрукавалі ў 1676 годзе ў Франкфурце-на-Майне.

Радыё Свабода.


Берасцейскі празаік Леанід Філатаў прэзентаваў новую кнігу

26 красавіка ў Берасці пры падтрымцы кампаніі "Будзьма беларусамі" адбыліся прэзентацыі кнігі Леаніда Філатава "Жывому - жыць". Кніга выйшла ў серыі "Кнігарня пісьменніка" ў бібліятэцы ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

Новая кніга, па словах самога аўтара - працяг папярэдніх. Яна - пра ўласны лёс, Радзіму, калегаў-пісьменнікаў, пра веру і жыццё ва ўсіх яго праявах. Напоўненая аптымізмам, яна будзе цікавай шырокаму чытацкаму колу.

Першая сустрэча прайшла ў Берасцейскім дзяржаўным універсітэце імя А. Пушкіна ў мемарыяльнай зале імя Уладзіміра Калесніка. У сустрэчы ўдзельнічалі аўтар - Леанід Філатаў, паэт Васіль Жуковіч, кіраўнік Берасцейскага абласнога аддзялення Іван Мельнічук, старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў" Барыс Пятровіч, першы намеснік старшыні Алесь Пашкевіч, памочнік старшыні Усевалад Сцебурака.

Другая сустрэча адбылася ў Берасцейскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А. Пушкіна.

Сярод гасцей і выступоўцаў былі заўважаныя - кіраўнік Берасцейскага абласнога аддзялення Іван Мельнічук, паэты Анатоль і Васіль Дэбішы, літаратар Сяргей Грышкевіч, Лявон Валасюк, Сяргей Цыплюк, Мікола Пракаповіч, Алесь Паплаўскі, Мікола Папека, Ярына Дашына і іншыя.

Вёў вечарыну паэт Алесь Каско.

Усевалад Сцебурака , для lit-bel.org Фота Усевалада Сцебуракі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX