Вярнуцца: 2013

№ 20 (1119)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 20 (1119) 15 траўня 2013 г.

18 траўня - Міжнародны дзень музеяў

18 траўня работнікі музеяў на ўсёй планеце адзначаюць сваё прафесійнае свята. Упершыню гэты дзень пачалі святкаваць у 1977 годзе.

Менавіта ў гэтым годзе на пасяджэнні Міжнароднай рады музеяў прынялі рашэнне аб устанаўленні Міжнароднага дня музеяў. Ужо на наступны год яго адзначылі больш за 150 краін свету. Музеі - гэта наша гісторыя, гэта тыя месцы, дзе захоўваюцца самыя каштоўныя рэчы, якія калі-небудзь вынайшаў і стварыў чалавек.

На здымку - Лідскі літаратурны музей.


Хто мы і куды крочым?

У Менску адбылася навуковая канферэнцыя "Праблемы гуманітарнай бяспекі Беларусі".

Мерапрыемства арганізавана Аналітычным праектам "Belarus Security Blog", Інстытутам развіцця дэмакратыі і сацыяльнага рынку для Беларусі і Ўсходняй Еўропы, а таксама Інстытутам беларускай гісторыі і культуры. У канферэнцыі прынялі ўдзел беларускія гісторыкі, культуролагі, філосафы, эканамісты.

Як справядліва адзначыў Анатоль Тарас, сфера гуманітарных навук у Беларусі знаходзіцца ў цяжкім становішчы. З гэтым нажаль прыходзіцца пагадзіцца.

Напрыклад, гістарычная навука ў нашай краіне знаходзіцца пад вялікім ідэалагічным уціскам. Замест нацыянальных матываў у беларускай гістарыяграфіі назіраецца зварот да савецкіх штампаў, што спрыяе скажэнню гістарычнага мінулага Беларусі. Кароткі перыяд развіцця нацыянальнай канцэпцыі беларускай гісторыі ў пачатку 1990-х гадоў даў магчымасць вярнуць беларусам з небыцця важнейшыя аспекты нашай гісторыі.

Аказалася, што традыцыі беларускай дзяржаўнасці бяруць свой пачатак у сярэднявечным Вялікім Княстве Літоўскім, а ў 1918 годзе беларусы паспрабавалі стварыць сваю незалежную дзяржаву - Беларускую Народную Рэспубліку. Аднак пасля 1994 года сітуацыя змянілася і замест нацыянальнай канцэпцыі беларускай гістрыяграфіі вярнуліся савецка-імперскія і заходнерускія ідэалагемы.

Адна з удзельніц канферэнцыі, беларускі гісторык Ніна Стужынская падкрэсліла, што ў Беларусі адсутнічае свой пантэон нацыянальных герояў. Гэта, безумоўна, не спрыяе працэсу развіцця нацыянальнай свядомасці беларускага народа.

У сваю чаргу, Віталь Ермашкевіч звярнуў увагу на распаўсюджванне савецкай тапанімікі ў Беларусі. Даследчык падкрэсліў, што ў перыяд Савецкага Саюза такі "тапанімічны генацыд" знішчыў больш за 800 спрадвечных назваў населенных пунктаў Беларусі.

Гісторык Ігар Мельнікаў звярнуў увагу на тое, што ў айчыннай гістарыяграфіі досыць слаба даследаваны шматлікія аспекты гісторыі Заходняй Беларусі ў міжваеннае двадцацігоддзе.

Акрамя гістарычнай праблематыкі досыць падрабязна абмяркоўвалася і становішча культуралогіі, а таксама інфармацыйнай прасторы ў Беларусі. З выступленнямі ўдзельнікаў гэтых секцый, як і з матэрыяламі гісторыкаў можна пазнаёміцца ў зборніку, які быў выдадзены напярэдадні.

"Гістарычная праўда".


325 гадоў з дня нараджэння Мікалая Фаўстына Радзівіла

Мікалай Фаўстын Радзівіл (21 траўня 1688, мястэчка Здзецел Слонімскага павету - 2 лютага 1746) - дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Чашнік (1706-1709) і мечнік вялікі літоўскі (1710-1729), ваявода наваградскі (1729-1740).

Валодаў Здзецелам у Слонімскім павеце, Глускам, Парэччам і Уселюбам у Наваградскім павеце, Крожамі ў Жамойці. Трымаў Бабруйскае староства. Кавалер Ордэна Белага Арла.

З нясвіжскай лініі роду Радзівілаў гербу "Трубы", сын Дамініка Мікалая, канцлера вялікага літоўскага, і Ганны Мар'яны з Палубінскіх. Меў старэйшага брата Яна Мікалая, які апекваўся ім па смерці бацькі.

Атрымаў адукацыю ў Нясвіжскім калегіюме езуітаў. У 1699 з'ехаў на пяць гадоў за мяжу, каб працягваць навучанне. Па вяртанні ў Вялікае Княства Літоўскае, актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці дзяржавы. Неаднаразова абіраўся паслом на соймы, у 1725 атрымаў чын генерал-лейтэнанта пяхоты. Камандаваў войскам Вялікага Княства Літоўскага

Вялікі ўплыў на дзейнасць Мікалая Фаўстына меў ягоны шлюб 4 снежня 1710 з Барбарай Завішай, энергічнай і амбіцыйнай жанчынай. Меў з ёй 6 дачок і 8 сыноў, у тым ліку Ўдальрыка Крыштафа, Альбрэхта, Юрыя, Станіслава.

У 1733 спрыяў абранню каралём і вялікім князем Аўгуста Саса.

У Здзецеле на ўласныя сродкі распачаў будову палаца, якая завершылася ў 1751. У Глуску на бернардынскім касцёле меўся вялікі звон, на баку якога знаходзіцца герб з выявай арла і лебедзя і надпіс: "Niсоlаi Fаustin Хsіоnzе Rаdzivill Wоiеvоdа Nоvogrоdzki-Ваrbага z Zаviszow Хiеnznа Rаdzivillowa ... 1743". Цела М. Ф. Радзівіла пахавалі ў Нясвіжы, а сэрца - у Здзецельскім (Дзятлаўскім) касцёле.

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў 2007 годзе ўпершыню выставілі ўнікальны надмагільны партрэт, створаны ў 1746 годзе, які доўгі час лічыўся выявай невядомага магната. У 2006 яго атрыбутавалі - гэта Мікалай Фаўстын Радзівіл.

Вікіпедыя.


180 гадоў з дня нараджэння Бенедыкта Дыбоўскага

Адамарын каля Маладзечна - 31 студзеня 1930) - заолаг, прыродазнаўца, лекар і публіцыст. Замежны член-карэспандэнт АН СССР (1928), член акадэміі ведаў у Кракаве (1884). Брат Уладзіслава Дыбоўскага.

Скончыў Дэрпацкі (Тартускі) ўніверсітэт (1857), навучаўся ва Ўроцлаве (1857-1858) і Берліне (1858-1860). З 1862 прафесар у Варшаўскім універсітэце.

За ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстанні 1863-1864 гадоў расейскія ўлады ўзялі яго пад варту ў Х Павільёне Варшаўскае цытадэлі, а потым выслалі ў Сібір. Апісаў прыроду Прыбайкалля, фаўну возера Байкал і ракі Амур. У 1879-1884 працаваў лекарам на Камчатцы. З 1884 выкладаў у Львоўскім універсітэце.

Даследаваў гісторыю і этнаграфію беларусаў.

Вікіпедыя.


ЗНОЎ ПРА ПАДЛЯШША

Шаноўная і паважаная Рэдакцыя, я выказаў гіпотэзу, што слова "Падлессе", якое ўжываецца ў газеце, штучна прыпісана рэгіёну Падляшша шляхам адваротнага перакладу з польскай мовы з памылковай этымалагізацыяй. Дзякую за пацверджанне гэтага. Паколькі ў адказе Рэдакцыі выказаныя пярэчанні без спасылак і абгрунтаванняў, да спасылак давядзецца звярнуцца мне. Я не гісторык, не буду заглыбляцца ў праблемы дакладнай лакалізацыі рэгіёна і палітычных акалічнасцяў вакол яго. Зазначу толькі, што гэта рэгіён відавочнага балцкага субстрату і адносна позняга славянскага засялення (прынамсі яго паўночная частка), што ён належаў ВКЛ, а да Кароны адышоў у выніку Люблінскай уніі ў 1569 годзе. І засяроджуся на моўных фактах.

БЕЛАРУСКАЕ СЛОВА "ПАДЛЯШША"

Паводле Рэдакцыі, "назва "Падляшша" не з'яўляецца ні народнай, ні беларускай" . Яна пачала ўжывацца ў нейкія "наступныя часы" , каб "паказаць прыніжаны статус беларускага насельніцтва, якое там знаходзілася пад дамінаваннем ляхаў" .

Што ж, звернемся да хрэстаматыйных беларускіх тэкстаў.

Кроніка літоўская і жамойцкая, канец XVI ст.

Року 1258 Потом далей тягнул Радивил и найшол над Немном старое городище, замок от Батия збуреный, збудовал замок другий и назвал его Городком, a оттоля тягнул на Подляше, где в той час ятвяги мешкали , найшол там Бересте, Хмелник, Дорогичин, Сурож, Белско, Бранско, места и замки побуроные от Батия.

Кестутови Троки Старые зо всем князством Жомойтским, з Городном и Ковном, Упитом и Лидою, аж до Подляша при границе пруской идучие; Кориатови Новгород князство з Волковыйском и Мстибоговом, которое князство тягло до Случи реки

Баркулабаўскі летапіс, запіс пачатку XVII ст.:

Новины в[ашей] м[илости] ознаймую, которые ми в тую пришлую среду праве вседаючому, на рокош c Подляша мене дошли.

Прамова Мялешкі, 1589 г.:

Проч Жикгимонта короля! Того нечего и в люди личити, бо Подляше и Волынь наш вытратив, ляхом менечися.

Аўтар "Кронікі" не мог назваць зямлю вольналюбівых яцвягаў словам, якое мела б значэньне паняволення. Пагатоў у момант напісання тэксту ніякіх паноўных ляхаў там не было. Але найбольш красамоўная апошняя цытата. Для "Мялешкі", які думае, гаворыць і піша па-беларуску, які выступае як патрыёт ВКЛ, назва Падляшша , па-першае, цалкам звычайная (і звычайная для ягоных чытачоў, г. зн. агульнапрынятая), па-другое, не мае ніякага адмоўнага значэння накшталт "паняволены ляхамі край". Наадварот, аўтар абураецца, што "нашае" спрадвечнае Падляшша Жыгімонт Аўгуст страціў, аддаў Польшчы, бо сам стаў сябе лічыць палякам.

Аўтар, схаваны пад псеўданімам Мялешка, - класік старабеларускай літаратуры, "Прамову" вывучаюць у школе, у 9 класе. Літаратуразнаўцы кажуць, што "Прамова" напісаная яскраваю народнаю беларускаю моваю. У плыні якой натуральна гучыць спрадвечнае беларускае слова Падляшша .

Нават на падставе прыведзеных цытатаў (а такіх сотні) відаць, што шаноўная Рэдакцыя памыляецца.

Навукоўцы добра ведаюць семантычную матывацыю ўтварэнняў з прыстаўкай пад- . Як я казаў у першым допісе, Падляшша - тыповая прэфіксальна-суфіксальная мадэль, якая мае мноства рэалізацыяў у беларускай тапаніміцы і абазначае мясцовасць у кірунку да аб'екта ці ў суседстве з аб'ектам, абазначаным коранем ( Падазер'е ). Разглядаючы акурат тапонім Падляшша , такія словаўтваральныя мадэлі на пад- 175 гадоў таму падаў у шырэйшым славянскім кантэксце Павал Шафарык у сваіх знакамітых "Славянскіх старажытнасцях". Ён супастаўляе Падляшша з Падчэхамі ў Польшчы, Падруссем у Галічыне, Падлітоўем у Ноўгарадскай губерні (гл.: Pavel Jozef Safarik. Slowanske starozitnosti: Oddjl degepisny. W Praze, 1837. С. 283, зноска 59). Можна дадаць яшчэ тапонім Podniemcowizna ў Польшчы і г.д.

НАЗВА ВАЯВОДCТВА

Ад назвы "Подляше" - Падляшша - паводле законаў беларускага словаўтварэння ды фанетыкі ўтварыўся прыметнік падля(ш)скі , напр., Падля(ш)скае ваяводства . А не наадварот, як сцвярджае рэдакцыя.

У беларускай мове шыпячыя гукі асімілююцца наступнымі свісцячымі: Нясвіж - нясвіскі, Добруш - добрускі, Падляшша - падляскі. Так у вымаўленні і ў класічным Тарашкевічавым правапісе новай беларускай літаратурнай мовы, які жывое вымаўленне адлюстроўвае. Але ў стара-беларускай мове выкарыстоўваўся марфалагічны правапіс, у якім аддаецца перавага нязменнаму напісанню каранёў ды іншых марфемаў, нават калі гэта разыходзіцца з вымаўленнем. Ніякай фанетычнай розніцы ў чытанні напісанняў з " ш " ці без яго няма ані ў беларускай, ані ў польскай мовах. Мае значэньне, што ў корані пішацца " я ". Вымаўлялі "падляскі" , пісалі часцей подляш(ь)скии (у польскай у гэтай пазыцыі "sz" прапускаецца: podlaski ).

Падам некалькі назваў дакументаў манаршай канцылярыі на беларускай мове XVI ст., дзе такі прыметнік у марфалагічным напісанні ўжываецца:

1566.VIII.18. Ліст Жыгімонта Аўгуста "до воеводы Подляшского пана Василья Тишкевича о зданье, на котором бы местцу послов московских принять розумел и о небезпеченствах от князя Московского".

[1558?]. Прывілей Жыгімонта Аўгуста "пану Василю Тишковичу на воеводство Подляшское".

1558.XII.22. Прывілей Жыгімонта Аўгуста "пану Павлу Ивановичу Сопезе, воеводе Подляшскому, на воеводство Новгородское".

У беларускіх дзяржаўных дакументах назва зямлі (ваяводства) фіксуецца як Подляшская паслядоўна. Другі Статут ВКЛ, выдадзены ў 1566 г., заканадаўча фіксаваў тэрытарыяльны склад нашае дзяржавы да Люблінскай уніі, г. зн. да перадачы Падляшша Кароне, наступным чынам:

АРТЫКУЛЪ 1.

( ) Напередъ мы Господаръ обецуемъ и шлюбуемъ ижъ всихъ княжатъ, пановъ радъ духовныхъ и свецкихъ, панов хоруговныхъ, шляхту, места и всихъ подданыхъ нашихъ и всихъ становъ въ томъ панстве нашомъ Великомъ Князстве Литовскомъ, также и земль Русскихъ Кіевское, Жомоитское, Волынское, Подляшское и иныхъ земль прислухаючыхъ къ тому панству нашому, тыми одными правы писаными отъ насъ даными судити и справовати.

АРТЫКУЛЪ 2.

( ) Тежъ предъречонымъ прелатомъ княжатомъ, понятомъ, паномъ, радамъ духовнымъ и свецкимъ, паномъ хоруговнымъ шляхтамъ и местамъ земли Великого Князства Литовского, Руское, Кіевское, Жомоитское, Волынское, Подляшское, Смоленьское, Полоцкое, Витебское, Мстиславское и иныхъ земль Великого Князства Литовского, обецуемъ словомъ нашимъ господарскимъ, ижъ надъ жадного человека выданье албо осоченье явное таемное и подозренье тыхъ становъ вышеймененыхъ карати не хочемъ ( )

Статуты ВКЛ - нашая першая Канстытуцыя. Дык вось Падляшская - канстытуцыйная назва гэтай зямлі. І няўжо ж статутная камісія на чале з Мікалаем Радзівілам Чорным ды сам гаспадар Жыгімонт Аўгуст, які падпісаў кодэкс, хацелі гэтаю назваю, як піша Рэдакцыя, "паказаць прыніжаны статус беларускага насельніцтва"?

ВАЧЫМА ПОЛЬСКІХ І РАСЕЙСКІХ НАВУКОЎЦАЎ

Паводле правілаў польскай фанетыкі і правапісу, падобна як у беларускай мове, ад назоўніка Podlasze ўтвараецца прыметнік podlaski (як Kalisz - kaliski ). Таму калі па-польску пісалася (і пішацца) фанэтычна - wojewоdztwo podlaskie , гэта зусім не сведчыць пра паходжанне назвы ад "лесу". Зазначу, што "народныя этымолагі", якія ёсць у кожным народзе, маглі постфактум узводзіць Podlasie да lasu . Але славісты ведаюць: у гэтай пазіцыі ў польскай мове старажытны е кораня (а праславянскі корань такі і быў - lеsъ/лесъ) дае рэгулярнае чаргаванне ia/ie . Параўн.: swiat - na swiecie; miasto - przedmiescie; las - Zalesie, Przylesie, Podlesie; bialy - Podbiel, Podbiele. У Польшчы, паводле вядомага "Slownika geograficznego Krolestwa Polskiego...", толькі чатыры паселішчы з на-зваю Podlasie (ад lach ). А вёсак і мястэчак Podlesie (ад las ), паводле таго ж слоўніка, - больш за сотню . Усё заканамерна: корань лес у краіне ляхаў больш тапанімічна прадуктыўны за корань лях .

Для польскіх мовазнаўцаў і гісторыкаў не падлягае сумневу, па-першае, што назва Падляшша прыйшла ад "русінаў", а па-другое, што "лясы" тут ні пры чым:

" Подляше. Менавіта такая форма з ' яўляецца прынамсі ў гаспадарскіх дакументах, пісаных на рускіх мовах. У тых самых дакументах ды іншых крыніцах палякі былі называныя ляхамі, што дае нам найбольш метадалагічна абгрунтаваную этымалогію гэтай назвы. Подляше - гэта тэрыторыя, памежная з землямі ляхаў, альбо палякаў, якая знаходзіцца пад мяжой з ляхамі, альбо Каронай". (Моніка Крэса, дыялектолаг. Тут і далей пераклады з польскай мае. - В. В. )

Класік польскай медыявістыкі Ежы Вісьнеўскі (родам з Падляшша) адназначна сцвярджаў, што назва прыйшла ў Польшчу з ВКЛ:

"Новая назва - Подляше - з ' явілася сярод літоўскіх ураднікаў для абазначэння земляў у Троцкім ваяводстве, якія ляжалі за пушчай уздоўж мяжы ляхаў. Ва ўсіх літоўскіх крыніцах, пісаных па-руску, выступае заўсёды форма Подляше, подляшский , а на лаціне Podlachia, podlachensis. Для ліцвінаў дарога вяла ў край ляхаў праз Падляшша , як у горы вядзе праз Падгор'е . З ' явілася ўпершыню толькі ў 1495 г. у літоўска-рускіх крыніцах. У польскіх крыніцах у той час наогул не была вядомая. Пачала спарадычна выступаць у іх з 1517 г., а шырэй толькі з 1563 г. Назваю Podlasze напачатку акрэсліваліся толькі землі каля мяжы Кароны паміж Берасцем і Парчэвам, пазней яна пашыраецца на ўвесь абшар земляў паміж "ляцкай", мазавецкай мяжой і пасам пушчаў". (Jerzy Wisniewski. Osadnictwo wschodniej Bialostocczyzny: geneza, rozwoj oraz zroznicowanie i przemiany etniczne. У: Acta Baltico-Slavica", XI. 1977 r.)

"Пры нагодзе належыць заўважыць, што тэрмін Podlasie зусім нt быў вядомы ў сярэднявеччы. ( ) Сапраўднаю формаю гэтай назвы ёсць Podlasze, ні ў якім разе не Podlasie, што аўтаматычна паказвае на значэньне гэтай назвы - пад ляхамі (ад лясоў было б Podlesie)". (Jerzy Wisniewski, рэц. на: Maria Biernacka: Wsie drobnoszlacheckie na Mazowszu i Podlasiu. PAN, 1966. У: Rocznik Mazowiecki 2, 1969. С. 405.)

Тут Е. Вісьнеўскі спасылаецца на аўтарытэт Аляксандра Ябланоўскага, які яшчэ ў 1910 г. выдаў грунтоўную манаграфію пра Падляшша. Мы таксама звернемся да мэтра, чыя праца вымагае даўжэйшага цытавання:

"Найменне "Podlasie", якое намякае на паняцце краю, што ляжыць "пад лясамі", цалкам няправільнае. Узнікла яно пад уплывам вымаўлення мазураў, гаворка якіх не ведае гуку "ш" і замяняе яго на "сь": як "wisznia" на "wisnia" і г.д. Па-праўдзе ж найменне краю, якім мы зоймемся, гучыць "Podlasze", што азначае зямлю, якая ляжыць "пад ляхамі", ля польскіх рубяжоў распасцертую ("Podlachia").

А калі так, дык назва гэтая зусім не польская; аднак паколькі славянская, не літоўская, дык толькі руская магла быць. Мусіла гэта быць якаясьці далейшая Русь, якую аддзяляў ад Ляхаў край, пра які нам тут ідзецца. ( )

Відавочна, назву "Podlasze" палякі перанялі ад Русі - і толькі ператварылі яе памазавецку на "Podlasie". Але немагчыма, каб не мелі яны і ўласнае назвы для гэтага краю, перш чым засвоілі сабе тую рускую. Вось жа здаецца, што ўвесь той пас размежавання паміж лясным Мазоўшам, уласна Літвой і рускім дрыгавіцкім Палессем звалі ў нас пачатна проста "Яцвяскаю" зямлёю ( )"

Першыя "рускія" фіксацыі назвы Падляшша , паводле Ябланоўскага, адносяцца да апошняй чвэрці XII ст. Ён спасылаецца на Тацішчава, які ў сваю чаргу паклікаецца на Полацкі летапіс: пад 1182 г. Васілька сын Яраполка кн. дарагічынскі (з тураўскай лініі) саступае вобласць Падляшша свайму швагру і саюзніку Лешку. Аднак, кажа Ябланоўскі, невядома, што гэта за абшар. (Гл. Jablonowski Aleksander. Polska XVI wieku pod wzgladem geograficzno-statystycznym. T. 6 cz. ІІ, Podlasie (wojewodztwo), Warszawa 1910.)

Сапраўды, В. Тацішчаў распавядае пра падзеі ў Надбужжы ў 1182 г., выкарыстоўваючы тэрмін [вобласць] Падляшша і ўскосна спасылаючыся на полацкія крыніцы:

"Владимирко Володаревичъ собравъ паки войско пошелъ къ Бресту, чрезъ девять дней Брестъ взялъ потомъ пошелъ за Бугъ [въ Подляшіе] на Василька … … Едва Василько съ малыми людьми къ тестю своему Лешку ушелъ, которой тотчасъ еще собравъ войско, пошелъ на Владимирка, и принудилъ его, оставя Подляшіе область Василькову, вытти къ Бресту за реку Бугъ".

"Сіе взято изъ манускрипта Хрущова; а въ прочихъ пропущено. Изъ сего видно, что некто въ области Полоцкой писатель Несторову летопись дополнялъ". (Спасылка 530, у тэксце памылковая нумарацыя 430).

У спасылцы 561 Тацішчаў палемізуе наконт гэтага эпізоду з Длугашам, кажа, што трактоўка Стрыйкоўскага блізкая да ягонай, і дае зразумець, што ў яго іншыя, чым у іх, крыніцы. (Исторія Россійская съ самыхъ древнейшихъ временъ. Собранная и описанная В. Н. Татищевымъ. Книга третія. Москва, 1774. С. 247, 497, 504.)

М. Карамзін (Примечанія къ ІІІ тому Исторіи Государства Россійскаго. У: Н.М. Карамзин. История государства Российского. Репринтное воспроизведение издания 1842-1844 годов. М.: Книга, 1988. С. 44, спасылка 87) крытыкуе Тацішчава за фактычныя недакладнасці ў гэтым эпізодзе; наогул Тацішчаў, як вядома, не можа быць надзейнаю крыніцаю, хаця пэўная верагоднасць ужывання тапоніму Падляшша ў цытаваных ім крыніцах ёсць. Тады гэта азначала б, што гісторыя рэгіёніму Падляшша старэйшая на 300 год і сягае канца XII ст.

ЛАЦІНА

У польскіх крыніцах з XII ст. (першы - Kadlubek у 1192 г.) фіксуецца назва Pollexiani ў дачыненні да яцвягаў. "Тут відавочна назва краю перанесеная ўжо на народ, які пачатна ім валодаў" , кажа Ябланоўскі. З XIII ст. тэрміны Polexia, Polexici ўжываюцца ў папскіх лацінамоўных булях (Гл. Jablonowski A. Цыт. праца).

Але ў юрыдычных лацінскіх тэкстах, што пішуцца ў Кароне і Княстве, запаноўвае іншая, ужо згаданая ў цытаце Вісьнеўскага, форма. Сам акт стварэння асобнага Падляскага ваяводства ў складзе ВКЛ, які датуецца 1520 годам, напісаны на лаціне і завяршаецца ўрачыстымі словамі: "Creatio Palatini Podlachiae" - і подпісам гаспадара Жыгімонта. (І дзе ж тут той лес?)

Лацінская мова афіцыйных дакументаў паслядоўна выкарыстоўвае гэтую форму, параўн. таксама "Mathias Sawicki - castellanus Podlachiae" (пацвярджальны прывілей Сцяпана Батуры месту Горадні, 1576 г.).

ПОЛЬСКІЯ КРЫНІЦЫ

Рэдакцыя сцвярджае: "Нідзе ў польскіх дакументах такога тэрміну [Падляшша] няма". Што ж, зноў прыпадаем да крыніцаў.

Вось радасная паэтычная рэакцыя паляка на перадачу Падляшша Польшчы ў выніку Любліна:

Toz nas tez pocieszylo, ze wszystko Podlasze, / Jak sie ku temu mialo, juz teraz jest nasze (Ян Панянтоўскі, 1569 г.).

А вось цытаты знакамітых храністаў і падарожнікаў XVI-XVII ст.:

"A Podlasze wszytko az do Prus z Wolynia poczawszy, osiedli byli, Nowogrodek tez zamek i okoliczne wolosci w Litwie trzymali"

"...Podole wszystko Olgerd do Wielkiego Xiastwa Litewskiego przylaczyl i wszystki krainy Ruskie do Lwowa, Krzemienca i Belza, takze wszystko Podlasze za Brzescie Litewskie i Parczow z Polskim krolestwem rozgraniczyl".

"Konradus zas Koborg, komendator z Balgi, z wojskiem Niemieckim na Podlasze Litewskie wtargnal..."

"A tak Alexander z drugiej strony ruszyl Litwe, Zmodz, Russaki, Wolyn i Podlaszany..." (Мацей Стрыйкоўскі, 1582 г.).

"Drugie hordy Roksolanow obrocili sie na polnocz, tamze osiedli, gdzie dzis zowe Podlasze, drudzy na Wolyniu" (кроніка М. Бельскага, 1597 г.).

"Podlasze kraina jest szeroka" , - піша Аляксандар Гваньніні ў працы "Z kroniki Sarmacyi Europskiej" (пераклад на польскую Марціна Пашкоўскага, 1611 г.)

"Moskwa opanowawszy wszystke litwe Fortece Popodlaszu grassowali. ( ) Iakesmy tedy weszli w Podlasze Moskwa ustapili ku Mscibowu" . Chryzostom Pasek. Pamiatniki 1656-1688. S. 79, 81. Паводле http://sxvii.pl (Polska Akademia Nauk, Instytut Jezyka Polskiego. Slownik jezyka polskiego XVII i 1. polowy XVIII wieku).

Як бачым, у акадэмічным слоўніку старапольскае мовы зафіксаванае як тагачасная норма слова Podlasze . Формы Podlasie ў ім няма.

Судовыя дакументы XVIII ст.:

"resyduiac w Podlaszu" (скарга намесніка Супраслеўскага манастыра Інакенція Харкевіча, 1714 г.)

"rezyduiac w Podlaszu" (судовая пастанова ў справе паміж супраслеўскімі базылянамі і абшарнікам Смагарэўскім, 1715 г.) і г. д.


М. Стрыйкоўскі ці не адзін з першых спрабаваў разабрацца ў этымалогіі назвы:

язігі альбо язвінгі, аднае з Літвою мовы, як некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, і тых самых звычаяў і набажэнства паганскага былі, а жылі ў лясах літоўскіх, да палякаў прылеглых, каторы край сёння Палессем, альбо Падляшшам, ад прылегласці лясоў завуць, альбо таксама Падляшшам, як бы пад ляхамі, прылеглы да палякаў край русакі назвалі". (Maciej Stryjkowski. Kronika polska, litewska, zmudzka i wszystkiej Rusi, 1582. Паводле выдання Мікалая Маліноўскага і Ігната Даніловіча, Том І. Warszawa, 1846. С. 184)

Як бачым, Стрыйкоўскі не ўжываў формы Podlasie , толькі Podlasze (якая не можа быць утвораная ад las ), а лясы як этымон згадаў у звязку з Палессем (з якім блытаў Падляшша). Для Стрыйкоўскага не падлягае сумневу, што былы край яцвягаў названы Падляшшам таму, што ён суседзіць з ляхамі, а не падлеглы ім.

Наступныя пасля Стрыйкоўскага аўтары, ужо гісторыкі ў сучасным сэнсе слова, ідэю "лесу" як этымону назвы краю адхілілі катэгарычна. Відаць, першым навукоўцам, які сістэматычна апісаў гісторыю краю, быў класік гістарычнай навукі Язэп Ярашэвіч, удзельнік Віленскай прафесарскай групы гісторыкаў-беларусаў з Падляшша (разам з Баброўскім, Даніловічам, Анацэвічам), сам родам з Бельска.

У многіх рускіх летапісах, а нават у літоўска-рускіх дыпламатычных актах старадаўняя зямля яцвягаў не называецца Podlasie , як быццам яна размешчаная пад літоўскімі лясамі, бо і сама яна была лясістая, але Podlasze , г. зн. край, які толькі межаваў з ляхамі, але ляхамі пачатна заселены не быў (Гл. Jaroszewicz Jozef. Obraz Litwy pod wzgladem jej cywilizacji od czasow najdawniejszych do konca XVIII w. Wilno, 1844-1845).

Ярашэвіч не быў мовазнаўцам, таму не ўзгадаў тут лінгвістычнай прычыны з'яўлення формы Podlasie з Podlasze ды немагчымасці ўтварыць Podlasze ад las . Пра гэта вычарпальна напісалі і закрылі дыскусію пазнейшыя навукоўцы, якія цытуюцца вышэй.

Вось жа шаноўнаму ананімна-калектыўнаму апаненту варта апераваць навуковымі фактамі і спасылкамі, а не паклікацца на размовы з не менш ананімнымі "рэдактарамі польскіх газет", якія "ніякага Падляшша ніколі не чулі". Правільна, не чулі, бо на сучасную польскую Падляшша перакладаецца як Podlasie . Але тыя рэдактары, відаць, не з Падляшша і не дужа адукаваныя, бо ў самім краі адукаваныя людзі ўсіх нацыянальнасцяў ведаюць пра фанетычную эвалюцыю Podlasze ' Podlasie . Гэта аксіёма, пра гэта можна прачытаць у любым тамтэйшым краязнаўчым даведніку ці нарысе, скажам, гісторыі лесаводства краю.

А ШТО БЕЛАРУСЫ ПАДЛЯШША?

Перш чым па-валюнтарысцку пераймяноўваць край, варта было б спытаць людзей. Як ставяцца да тапоніму Падляшша самі беларускія насельнікі рэгіёна, ці лічаць яго прыніжальным для сябе? Лагічна даць слова беларускаму патрыярху краю - св. п. Сакрату Яновічу. Па-майстэрску сцісла, адным сказам, ён апісаў пачатак гісторыі Падляшша:

"Пасля пераломнай Грунвальдскай бітвы гэтую нічыйную пасляяцвяскую тэрыторыю ( ) інкарпаравала Вялікае Княства Літоўскае як асобную правінцыю Падляшша (г. зн. у бок ляхаў)" . (Сакрат Яновіч. Еўропа пачалася на Падляшшы. Пераклад з польскай, у тэксце ўжытая форма Podlasze ).

Сакрат - перакананы патрыёт Падляшша і Беларусі:

" Я зразумеў, што Падляшша вельмі важнае ў Еўропе. Тут узнікалі ўсе культурныя і палітычныя плыні. Тут пачатак беларускага палітычнага руху. Адсюль выводзяцца пачынальнікі і змагары - Язэп Ярашэвіч, Кастусь Каліноўскі, Усевалад Ігнатоўскі ( ) Уся беларуская ідэя пачалася з Падляшша" . ("Ніва")

Ці ёсць (сама)назва жыхароў краю? А як жа. Вось знойдзеная Язэпам Янушкевічам п'еса "Лiтвiн, падляшук i варшавяк: Арыгiнальная камедыя ў I акце, напiсаная вершам" (аўтар Л. Дмушэўскi, 1823 г.). Слова падляшук даволі часта ўжывае беластоцкая "Ніва".

АФІЦЫЙНАЯ НАЗВА І ЯЕ ІМПЕРСКІЯ АПАНЕНТЫ

Вернемся да беларускіх дакументаў. Рэдакцыя сцвярджае, што з 1513 году пачаў шырока ўжывацца "тэрмін падляскі , які дакладна абазначае падлескі ". А папраўдзе?

25 верасня 1513 г. была выдадзеная Пацвярджальная грамата Жыгімонта (ІІ) віленскаму ваяводу Мікалаю Радзівілу на маёнтак Гонязь. У ёй згадваецца "воевода Подляшьскии маршалокъ и секретарь нашъ наместникъ Бряславскии панъ Иванъ Сопега" (Сборникъ палеографическихъ снимковъ древнихъ грамотъ и актовъ, хранящихся въ Виленском центральномъ архиве и Виленской публичной библиотеке. Изданіе Виленской Археографической Коммиссіи. Выпускъ І-ый (1432-1548 гг.). Вильна, 1884).

1542 г. - судовае рашэнне каралеўскіх дворных суддзяў у спрэчнай справе аб спадчыне падляскага маёнтка Свяска і Дзецель: "Жаловалъ намъ Янъ Миколаевичъ Третинича (на) Ганну Войтеховую тымъ обычаемъ: держитъ она именье нашо отчизное на Подляшьи у повете Дорогичинскомъ" (Тамсама).

1535 годам датуецца ліст караля Жыгімонта аб перадачы ўраду войскага Яну Свяціцкаму, адрасаваны "Воеводе Подляшскому, маршалку нашому, старосте Дорогицкому пану Ивану Богдановичу Сопезе" (Тамсама).

Усе дакументы выдадзеныя да Люблінскай уніі. Беларуская мова ў ВКЛ дзяржаўная. Падляшша належыць ВКЛ, яго адміністрацыйна ўпарадкоўваюць, даюць новаўтворанаму ваяводству імя, утворанае ад беларускай народнай назвы краю.

Але - увага! - у зборніку Віленскай археаграфічнай камісіі 1884 г., дзе дакументы апублікаваныя, апошняму з цытаваных укладальнікам даецца наступная назва: " Листъ короля Сигизмунда 1-го подлесскому маршалку о передаче должности ("уряда") войскаго Яну Светицкому". Укладальнік зборніка - Сямён Шалковіч. Ён не пасмеў рэдагаваць арыгінальныя дакументы, але памяняў Падляшша на "Подлесье" ўсюды, дзе мог, - у сваіх прадмовах, каментарах і назвах дакументаў. У якасці ілюстрацыі ягоных поглядаў - цытата: "Вотъ какъ хозяйничалъ воевода Радивилъ - Amor Poloniae [любімчык Польшчы] въ русскомъ Подлесьи!"

С. Шалковіч - постаць вядомая, пра яго Энцыклапедыя гісторыі Беларусі піша: "Навуковыя погляды Шалковіча адрозніваліся крайнім манархізмам і паланафобіяй" (ЭГБ, т. 6. С. 191). Свае расейскія шавіністычныя погляды ён не дужа кампетэтна спрабаваў рэалізаваць у адвольным увядзенні тэрміну "Подлесье" , якога не было і не магло быць ані ў беларускіх, ані ў польскіх крыніцах. Вось такі папярэднік у прыхільнікаў "Падлесся" .

* * *

Мяняць назву цэлага рэгіёна - гэта тапанімічная рэвалюцыя. Для яе патрэбныя сур'ёзныя падставы і ўмовы. Іх не заменяць суб'ектыўныя адчуванні.

Вінцук Вячорка.


Па-беларуску можна ўсё

Канешне, як сказаў адзін лідскі чыноўнік, " сорамна нам радавацца кожнаму беларускамоўнаму фанціку ў краіне, дзе ўсё павінна быць па-беларуску " . Але бывае, што чалавеку патрэбна радасць і ад фанціка, і хочацца парадавацца хоць чаму, у тым ліку і праявам беларушчыны, асабліва, калі сустракаеш іх у самых розных, часам нечаканых месцах.

Вось каменьзнак з нагоды 90-годдзя заснавання Беларускага чырвонага крыжа, пастаўлены ў лідскім мікрараёне Новы паўднёвы гарадок. Усе надпісы зроблены выключна па-беларуску.

Вось камень каля будынка Лідскага радыё. Слоў там няшмат, але яны па-беларуску, нават кропачкі над і і ё пастаўлены.

Вось камень перад комплексам Лідскіх электрасетак, таксама па-беларуску і з кропачкамі. Дарэчы ў Лідскіх электрасетках усё ўнутранае аздабленне выканана па-беларуску, і фатаграфіі перадавікоў вытворчасці на Дошцы пашаны падпісаны па-беларуску, і, кажуць, селектарныя нарады тут праходзяць на беларускай мове.

Вось інфармацыйны стэнд храмавага коплекса Святога Аляксандра Неўскага ў тым жа лідскім мікрараёне Новы паўднёвы гарадок. Стэнд аформлены па-беларуску.

А вось альбом-казка, "Як зайкі лес падпалілі" створаная Дзяржаўнай установай адукацыі "Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №2 г. Ліды" у тым жа Новым паўднёвым гарадку. Альбом-казка на супрацьпажарную тэматыку з малюнкамі дзетак і вершаваным тэкстам Станіслава і Рымы Суднікаў стаў пераможцам у конкурсе "Бяспечнае дзяцінства" Лідскага ўпраўлення адукацыі.

Такія розныя праявы беларушчыны ў розных месцах. І дзякуй Богу, што згаданыя тут фрагменты - гэта далёка не ўсё, што можна сустрэць і знайсці ў Лідзе, але яны сведчаць, што беларуская мова не пакінута лідскай грамадзянскай супольнасцю, што яна натуральна бытуе, што незалежна ад актывістаў ТБМ мова знаходзіць сваё месца ў лідскім жыцці, але ж, мабыць, і актывісты павінны быць. На справаздачных сходах лідскіх арганізацый ТБМ гучаць словы то пра 750, то пра 350 сяброў ТБМ, дык недзе ж тыя сябры ёсць, на нейкіх прадпрыемствах і ў нейкіх установах працуюць і, мабыць могуць сяды-тады паўплываць на мову надпісу, паўплываць на тое, каб грамадства "было завострана" на беларускасць. І гэтая завостранасць сёння мусіць мець месца паўсюдна, тады паўсюдна пачне праяўляцца беларуская мова, матэрыялізаваца беларуская нацыянальная ідэя.

Яраслаў Грынкевіч.


"Мову, як і веру ў Бога, вельмі важна атрымаць з маленства"

...Задачку задалі - прычым з самага ранку: на прыпынку ля аўтавакзала "Ўсходні" бабуля спыніла, папыталася, дзе тут можна гумовікі дзеду купіць?

Азірнулася: побач гандлёвы цэнтр "Купец", але ж патрэбныя боты там наўрад ці будуць. Рукою падаць да "Гіпа" - там штось сезоннае заўсёды бывае, але ж не факт, што і гумовікі. Трохі паводдаль, у радыусе аднаго-трох прыпынкаў - крамы спорттавараў і "Марка", дзе - гарантыя - нейкія боты будуць, але ж можа не быць патрэбнага памеру, фасону, кошту...

- Найлепш, мусіць, - ва ўнівермаг "Беларусь" пад'ехаць, - параіла бабулі. - Адзін прыпынак на адным тралейбусе, там трохі прайсці, потым два - на другім...

- Не, - сумна ўсміхнулася жанчына, - гэта не з маім спрытам. Ды і не ведаючы, што да чаго, яшчэ заблуджуся. А ў мяне аўтобус праз гадзіну... Хіба, можа, да "Спорттавараў" дайду?

...Не ведаю, ці адважылася на гэта госця нашай сталіцы. Не ведаю, ці пашчасціла ёй купіць свайму чалавеку патрэбную, відаць, абнову. Цалкам магчыма, што не... I не столькі з-за таго, што бракавала жанчыне спрыту і часу, ведання горада. Бракавала, думаю, зразумелай інфармацыі, бракавала... мовы, бо на амаль двухмільённы Мінск, паводле даведніка, усяго дзве крамы з шыльдай - "Абутак", дзевяць "Обувь", незлічона (што яшчэ зразумела) айчынных фірмовых - "Луч", "Белвест", "Белкельме", "Марко". Як і замежных - "Axis", "Баден", "Vіto", "Стэп"... На ўсё пра ўсё, як той казаў, адны "Чаравічкі".

"Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у нашай краіне на аднолькавых правах суіснуюць дзве дзяржаўныя мовы - беларуская і руская. Аднак апошнім часам складваецца ўражанне, што ў нас застаецца толькі адна афіцыйная і дзяржаўная - руская, а вось беларуская ў незалежнай Беларусі паступова ператвараецца ў замежную, - піша спадар Яўген ШУХНО. - Верагодна, усе мы сутыкаліся з модай на іншамоўныя назовы - крам, кавярняў, розных вырабаў (ад парфумы да цукерак). Па-англійску ці па-французску пішацца сама назва, усё астатняе - як правіла, па-руску. Па прыклады далёка хадзіць не трэба, дастаткова выйсці на вуліцы Мінска ці якога іншага горада. Там калі дзе-нідзе і сустракаецца беларуская назва, то ўжо дадатковая інфармацыя (час працы, прыналежнасць да арганізацыі, склад...) даецца па-руску. Хоць-нехаць атрымліваецца, што назва напісана на... замежнай мове, а тлумачэнне на зразумелай? Вось толькі ў ролі гэтай замежнай выступае мова карэннага насельніцтва, першая дзяржаўная!

Такім чынам, - працягвае аўтар ліста, - у свядомасці грамадзян складваецца стаўленне да беларускай, ужытай толькі ў назве, як да іншаземнай - такой жа, як англійская ці французская. Гэта значыць, праз напісанне па-беларуску толькі назвы адбываецца атаясамліванне моў - беларускай і замежнай: пакрысе яны становяцца ў адзін шэраг".

Спрыяе гэтаму вельмі многае. У прыватнасці, спадар Шухно ў пацвярджэнне сваіх высноў даслаў ксеракопію абгорткі хлеба "Адвячорак", дзе пазначана, што гэты хлеб "аппетитный, нарезанный" , што ў "состав" яго "входят мука ржаная хлебопекарная..." . Карацей - уся астатняя інфармацыя падаецца па-руску. Адкуль і выснова: "Ператварэнне беларускай мовы ў замежную "шыльдавую" апошнім часам набывае масавы характар, што дае падставы гаварыць пра пэўную тэндэнцыю" .

Працяг гэтай тэмы ў лісце з Чавусаў: "Прыйшлі з жонкай да дачкі і ўнучак, - піша Валерый ГАЎРЫШ. - Меншая, бачу, слухае мяне, але ж амаль не разумее, бо я размаўляю па-беларуску. А яна і дома, і ў садку пастаянна чуе другую дзяржаўную... Складваецца ўражанне, што яна ўжо і першая".

Як высвятляецца, падставы так думаць дадаў звычайны шакаладны батончык віцебскай "Віцьбы", бо старэйшая з унучак шаноўнага чытача, пакруціўшы ў руках ласунак, папыталася: "Дзед, а чаму на абгортцы ёсць інфармацыя на ўкраінскай, рускай, нават казахскай мове, а на беларускай няма?".

"Што адказаць дзіцяці? - пытае чытач.- Сапраўды, чаму няма? Няўжо той "Віцьбе", "Камунарцы" ці іншым вытворцам цяжка стварыць абгортку на роднай мове? Прадукцыя ідзе за межы? Дык гэта ж добра! Няхай паўсюль, дзе купляюць беларускія тавары, ведаюць, што ёсць такая краіна, што яна мае сваю спаконвечную мову".

Да гэткай жа высновы прыйшла яшчэ адна чытачка "Звязды", якой дзеці на 8 Сакавіка падарылі вельмі прыгожы, цёплы жакет вытворчасці "Пінскага трыкатажу". "Яго, - піша мінчанка Алена Кушаль, - прынеслі ў празрыстым фірмовым пакеце... Да таго ж не слоган на ім, а проста цуд: этой жизни все связано"! Што так, тое так, пагадзіцеся. Але ж чаму па-руску? Няўжо, калі б напісалі, што "Ўсё ў гэтым жыцці звязана", ніхто нічога не зразумеў бы - ні ў нашай краіне, ні за межамі?"

I сапраўды: ну няхай бы ацаніў пакупнік не толькі выраб (дай Бог якасны!). Няхай бы, карыстаючыся выпадкам, паглядзеў, што ў нашай мове ёсць літарка ё , пра якую то заціхаюць, то зноўку ўзгараюцца спрэчкі ў суседняй Расіі, ёсць сваё адметнае і , над якім так добра глядзіцца і кропачка і, напрыклад, сцяг краіны, ёсць, нарэшце, ў (у нескладовае), літара, якой няма больш ні ў якай мове свету (пра што пінчукам і казаць няёмка - там гэтай літары помнік стаіць!)... Да таго ж у слогане - побач - ёсць дзве (мяккія ад і ) літаркі ц , якія перадаюць пяшчоту, мяккасць... У тым ліку і... трыкатажным вырабам.

Аднак гэта нам чамусьці не трэба. Мы можам захапляцца гучаннем роднае мовы са сцэн тэатраў, з вуснаў дыктараў, спевакоў і журналістаў, услухоўвацца ў беларускамоўную рэкламу, але ж калі трэба штось напісаць (нават адрас "Звязды" на канверце з лістом у... абарону першай дзяржаўнай!), адразу пераходзім на рускую.

Адкуль проста безліч балючых, "чаму"? Вось тут і цяпер - толькі з аднаго, па-беларуску падпісанага канверта: "Чаму ў нашым мястэчку, - цікавіцца спадар Гаўрыш, - назвы вуліц напісаны акурат таксама, як і ў райцэнтры Хіславічы Смаленскай вобласці, з якім Чавусы маюць шмат стасункаў?.. Чаму ў краіне, дзе аб'яўляліся Год роднай зямлі, Год кнігі, Год беражлівасці, не аб'явіць Год роднай мовы?" Бо пакуль яна жыве - жыве і нацыя.

"Мая бабуля нарадзілася ў 1893 годзе, у школу хадзіла "паўтары зімы", але з ахвотай чытала кнігі, якія я прыносіў з бібліятэкі, і размаўляла па-беларуску, - чытаем у лісце спадара Гаўрыша. - Адкуль яна ведала гэтую мову? Ад сваёй маці. Я потым - ад сваёй. Да таго ж усе прадметы ў нашай вясковай школе выкладаліся па-беларуску... А вось у політэхнічным, куды потым паступіў, навучанне ішло ўжо на рускай мове, што здавалася вельмі нязвыклым... Затое якое ж задавальненне было, калі нас, студэнтаў, адпраўлялі на сельгасработы, "на бульбу", калі мы ехалі ў вёску і чулі там чысцюткую, амаль "коласаўскую" беларускую мову. "Быў час, быў век, была эпоха".. . Сёння моўная сітуацыя, нават у вёсцы, змянілася карэнным чынам. Што ўжо казаць пра горад...

"Дзякуй, што ёсць беларуска-моўная "Звязда", "...Чакаю газету, як некалі малым чакаў з кірмашу бацькоў: што ж цікавага і смачнага яны прывязуць?" - Немагчыма пераацаніць тую ролю, якую выконвае "Звязда" ў справе падтрымкі мовы тытульнай нацыі"...

Гэта - радкі з іншых лістоў, якія не могуць не цешыць. Хаця ў шматлікіх (назавём іх так) "моўных спрэчках" усё больш ахвотных назваць беларускую мову ўжо не матчынай і нават не бабулінай, бо, маўляў, яны (і маці і бабуля), нарадзіўшыся і жывучы ў Беларусі, размаўлялі ўжо па-руску...

Але - у кожнага з тутэйшых ёсць яшчэ адна маці, маці-Радзіма. I яе мова - менавіта беларуская. "Як заўважаю, размаўляючы са сваімі нашчадкамі, школьнікі да мовы ставяцца горш, - піша Валянціна Пабягайла з Ляхавіч. - Унучка мая добра ведае англійскую, бо перакананая, што яна ёй спатрэбіцца, а вось беларуская, кажа, - наўрад... Яе, мову, - падсумоўвае спадарыня Валянціна, - як і веру ў Бога, вельмі важна атрымаць з маленства" . I тады (хай дасць Бог!)...

Раніцай сонца да нас зазірне,

"Зайку" падкіне малечы ў калыску.

"Доброе утро!" -

прачнуцца ў Маскве.

"Раніцы добрай!" -

вітаемся ў Мінску.


Шчырага сябра ніхто не міне,

Стрэнецца недзе родны ці блізкі.

"Здравствуйте, здравствуйте!" -

чутна ў Маскве.

"О, прывітанне! Дзень добры!" -

у Miнску.


Хутка ў турботах дзянёк праміне.

Сонейка зойдзе, заціхне вятрыска.

Скажуць: "Спокойной вам ночи!" -

ў Маскве.

"Любы, дабранач!" -

пачуецца з Miнска.


О, каб жа праўдаю гэта было,

І, як Масква размаўляе па-руску,

У Мінску каб гутарку стала чутно

Толькі на мове сваёй, беларускай!..


Час пераменлівы. Усё можа быць

выдаваць тут прагноз не бяруся)...

Mo і навучымся мы гаварыць

Па-беларуску ва ўсёй Беларусі.

Напісала гэты верш (за што асобны дзякуй!) спадарыня Раіса Васільева з Гомеля.

Што да яго дадаць? Хіба кароткае... У двор дома нехта папараць прывёз, пасадзіў ля самай праезнай часткі. Колькі разоў яе дратавалі, колькі наязджалі коламі машын - падліку не паддаецца! А яна ўсё роўна жывая...

Пакуль.

Чытала лісты

Валянціна ДОЎНАР. "Звязда", 27 красавіка 2013 г.


Без мовы няма адраджэння

Галоўнай мэтай для беларускай нацыі яўляецца яе культурна-нацыянальнае адраджэнне. Яно немагчыма без пашырэння выкарыстання ва ўсіх сферах грамадства беларускай мовы, вяртання на дзяржаўны ўзровень нацыянальнай сімволікі, захавання нацыянальнай маёмасці, кансалідацыі нацыі.

Найважнейшым кірункам на сучасным этапе з'яўляецца абарона ад гвалтоўнай русіфікацыі. Расійская імперыя імкнецца асіміляваць беларусаў праз канчатковае выцясненне беларускай мовы, захоп маёмасці, стварэнне неспрыяльных умоў жыцця ў Беларусі, каб падштурхнуць працаздольных беларусаў да выезду на працу ў Расію.

Усе былыя рэспублікі СССР адмовіліся ад савецкай сімволікі, прынялі свае нацыянальныя сцягі, гербы і гімны, выкарыстоўваюць і шануюць сваю мову. Бо, калі няма мовы - няма нацыі, няма свабоды. Выключэнне - Беларусь. Праз праведзены ў 1995 г. незаконны рэферэндум замест гістарычных нацыянальных бел-чырвона-белага сцяга і герба "Пагоня" зноў был ўведзены савецкі герб і прыдуманы Сталіным у 1951 г. чырвона-зялёны сцяг, больш інтэнсіўна пачала выцісняцца беларуская мова.

Расія ва ўсе часы старалася скасаваць гістарычную памяць беларусаў, схаваць праўду пра нашу дзяржаву - Вялікае Княства Літоўскае. Замест гістарычнай назвы ліцвіны ўвяла назву беларусы . Расійская імератрыца Кацярына II загадала: "Вяликое Княжество Литовское впредь именовать только Белой Русью, а народ ее - белорусами, чем на века привяжем ее к России. Замирить Белую Русь силой невозможно. Эту миссию возложим на русского чиновника, русского учителя, русского попа. Именно они отнимут у белорусов не только язык, но и саму память про самих себя". Захопніцкая палітыка Расіі адлюстравана і ў наступных допісах: "Ваше Императорское Величество! На протяжении ХVІІІ-ХІХ веков Россия провела в войнах 128 лет, и только 72 года былы мирные. Из 125 лет только пять припадают на оборонительные войны, все остальные - захватнические походы " (з дакладу ваеннага міністра імператарскай Расіі А.Н. Курапаткіна цару Мікалаю II); " Что не сможет сделать русскнй штык, доделает русская школа. Тот житель этого края (г. зн. Літвы-Беларусі), кто не захочет преобразиться в русского, будет считаться иностранным и должен оставить его навсегда" (генерал-губернатар "Северо-западного края" М.Мураўёў-вешальнік, 1864 г.). Былі сасланы ў бязлюдныя рэгіёны Расіі (Сібір, Далёкі Ўсход, на поўнач сотні тысяч беларусаў.

Гэта палітыка працягвалася і ў пазнейшыя часы. Для беларусаў на займанне кіраўнічых пасад у БССР быў устаноўлены цэнз - 25%. Не беларусамі былі 75% кіраўнікоў. За сталінскім часам было вынішчана каля 90% беларускай інтэлігенцыі - ад святароў да дзяржаўных дзеячоў. Для параўнання: адпаведныя страты сярод эліт Украіны ацэньваюцца ў 40%, у Расіі - 15%. Толькі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. у Менскай турме НКУС (цяпер турма КДБ) было расстраняна больш за 100 выдатных дзеячоў Беларусі.

Як сведчыць гісторыя, народы, якія страцілі сваю мову, у выніку страчваюць сваю культуру, зямлю, маёмасць і насельніцтва. Значнасць нацыянальнай мовы падкрэсліваецца выказваннямі знакамітых людзей:

"Мова - апошняе апірышча свабоды" ( Генрых Бёль , нямецкі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі);

"Кожны чалавек павінен абараняць сваю мову больш, чым граніцы-межы, бо мова - галоўная яго зброя, куды больш моцная, чым усе яго цытадэлі" ( Дэві , ірландскі вучоны);

"Нацыя - мэта. Пад гэтую мэту ці паводле яе фармуецца ідэалогія. А дзяржава - сродак кансалідацыі нацыі. Нацыя далучаецца да вечнасці праз сваю мову і культуру, сімвалічна выяўленую ў нацыянальнай мове" ( Уладзімір Конан , філосаф);

"Калі чалавек не валодае мовай карэннага этнасу, сярод якога жыве, то гэты чалавек - або госць, або манкурт, або акупант" ( Зянон Пазьняк , нацыянальны лідар Беларусі).

А. Лапенка, сябар ТБМ.


Прэм'ера спектакля

26 красавіка 2013 года ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек адбылася прэм'ера спектакля "Ладдзя Роспачы" па творы Уладзіміра Караткевіча.

Рэжысёрам пастаноўкі з'яўляецца лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі, славуты творца Аляксей Леляўскі. Было заўважана шмат цікавых рэжысёрскіх рашэнняў! Мастаком спектакля з'яўляецца Валеры Рачкоўскі, а кампазітарам - Ягор Забелаў

У пастаноўцы занятая амаль ўся трупа тэатра: Максім Крэчатаў, Андрэй Драко, Валеры Зяленскі, Зміцер Чуйкоў, Цімур Муратаў, Надзея Чэча, Наталля Кот-Кузьма, заслужаныя артысты Беларусі: Уладзімір Грамовіч, Алесь Казакоў. Асабіста мне спадабалася, як выконваў ролю Зміцер Рачкоўскі. Балетмайстрам спектакля з'яўляецца Яўген Карняг.

На мерапрыемстве прысутнічала творчая інтэлігенцыя г. Менска.

У зале быў заўважаны рэжысёр Мікола Андрэеў і іншыя ВІП - персоны.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст, краязнавец.


Беларуская мова застанецца са мной на ўсё жыццё

Беларуска-шведскі дэсант паэтаў, палітыкаў ды прыхільнікаў беларушчыны прыбыў у Беласток. 11 траўня а 19.30 у Galeria Slendzinskich прайшла вечарына памяці беларускага паэта, які сёлета заўчасна пайшоў з жыцця, Юркі Гумянюка. У сустрэчы таксама браў ўдзел былы амбасадар Швецыі ў Беларусі спадар Стэфан Эрыксан.


РР: Працуючы ў Беларусі Вы былі вядомым мецэнатам, папулярызатарам беларускай культуры і мовы. Тое, што Вы прыехалі ў Беласток, пацвярджае, што цікавасць да беларушчыны па-ранейшаму з Вамі. Што для Вас беларуская мова і беларуская культура?

Стэфан Эрыксан: Беларуская мова і беларуская культура сталі часткай майго жыцця. Я працаваў у Менску 7 гадоў. Я сапраўды зацікавіўся беларускай мовай і стаў выкарыстоўваць яе амаль штодзённа. Беларуская мова і культура застануцца са мною на ўсё жыццё - няма куды дзявацца! Хачу сказаць, што не першы раз я ў Беластоку. У 2006 годзе я быў на "Басовішчы", слухаў беларускіх музыкаў. Мне гэта запомнілася.

РР: Неад'емнай часткай Беларусі з'яўляюцца гістарычныя і нацыянальныя сімвалы, дзякуючы рашэнню Міжнароднай федэрацыі хакея, бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня сталі папулярнымі і вядомымі ў вашай краіне. Ваша асабістае стаўленне да гэтай гісторыі?

Стэфан Эрыксан: На мой погляд, было б правільна, каб дазваляліся ўсе нацыянальныя сімвалы краіны. Так атрымалася, што Міжнародная хакейная федэрацыя прыняла іншае рашэнне - гэта выклікала шмат дыскусій і ў Беларусі, і ў Швецыі. Шведская грамадзянская супольнасць вельмі зацікавілася гэтай праблемай, праводзіліся акцыі ў падтрымку бел-чырвона-белага сцяга. Спадзяюся, што ў рэшце рэшт будзе больш правільнае стаўленне да гэтага.

РР: Некалькі тыдняў таму Вас уганаравалі міжнароднай прэміяй імя Марка Палмера за дыпламатычную працу ў Беларусі. Прыміце нашыя віншаванні з гэтай нагоды! Ці спадзеяцеся, што Ваша праца як дыпламата будзе прыкладам для іншых дыпламатаў, якія працуюць у краінах з аўтарытарным рэжымам?

Стэфан Эрыксан: Для мяне гэта была прыемная навіна і я быў прыемна здіўлены, калі пра гэта даведаўся. Гэта адзіная прэмія, якая ўручаецца дыпламатам. І яна можа натхняць дыпламатаў помніць пра сваё сумленне і абараняць дэмакратычныя каштоўнасці.

РР: Вы былі натхняльнікам і ініцыятарам правядзення Дзён беларуска-шведскай літаратуры, якія сёлета, на жаль, праходзяць ва ўкраінскім Львове. Ці спадзеяцесе, што гэты фестываль вернецца ў Беларусь?

Стэфан Эрыксан: Мы дзесяць гадоў праводзілі літаратурныя імпрэзы ў Беларусі. Так скалаліся абставіны, што сёлета мы іх правядзём у Беластоку, а праз тыдзень - у Львове. Я думаю, што гэта дасць нейкі новы імпульс. Думаю, што і ў Беларусі будзем праводзіць падобныя імпрэзы, таму што я лічу, што яны вельмі важныя. Таму што праз культуру і літаратуру мы пазнаем адзін аднаго, і будзем лічыць, што ў гэтым годзе проста атрымалася такое выключэнне з правіл.

РР: Помнім, што і Вы самі абяцалі вярнуцца ў Беларусь. Жадаем Вам наведаць яе як мага хутчэй.


Са Стэфанам Эрыксанам гутарыў Зміцер Косцін , Беларускае Радыё Рацыя, Беласток


Да 100-годдзя Валянціна Таўлая

Старшыні Грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава,13

220034, г. Мінск

Аб выпуску дзяржаўных знакаў паштовай аплаты

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь разгледзела Ваш ліст ад 10.04.2013 № 22 і паведамляе наступнае.

Выпуск дзяржаўных знакаў паштовай аплаты, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта В. Таўлая, прадугледжаны ў праекце тэматычнага плана выдання дзяржаўных знакаў паштовай аплаты на 2014 год (далей - план). На сённяшні дзень дадзены план знаходзіцца на стадыі ўзгаднення з членамі мастацкага савета і будзе зацверджаны ў вызначаным парадку.

Намеснік Міністра М.М. Струкаў.


Папраўка памылкі

У "НС" за 8 траўня 2013 па незалежных ад рэдакцыі прычынах у матэрыяле В. А. Санько (6 старонка газеты, 13 раздзел, 3 абзац) дапушчана памылка. Надрукавана "151 аварыя", а патрэбна "15 аварыяў". Аператар па набору і аўтар прыносяць чытачам шчырыя прабачэнні.


Народ адгукнуўся

Два тыдні назад Сакратарыят ТБМ звярнуўся да беларускага народу, да сваіх сяброў і прыхільнікаў па дапамогу ў сувязі з тым, што арэндная плата за сядзібу ТБМ у Менску вырасла амаль у два разы. Зварот ТБМ падтрымалі самыя розныя СМІ - друкаваныя і недрукаваныя, а таксама сайты выданняў, выклікаўшы жывое абмеркаванне праблемы. І грамадзяне Беларусі не засталіся абыякавымі. З 2 па 8 траўня грошы на падтрымку ТБМ пералічыла больш за 80 чалавек (амаль 10 мільёнаў рублёў), у тым ліку 600 000 прывезлі беларусы Смаленска. Некаторыя дабрадзеі пажадалі застацца невядомымі. Дзякуй усім вялікі!

Ахвяраванні на ТБМ

1. Невядомы - 100000 р., г. Менск

2. Павідайка В.М. - 70000 р., г. Менск

3. Прылішч І.А. - 50000 р., г. Менск

4. Вільчык Ала - 70000 р., г. Менск

5. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад

6. Скамейка Сяргей - 40000 р., г. Менск

7. Ніжанкоўская Ірына - 50000 р., Радашковічы

8. Масакоўскі Уладзімір - 50000 р., г. Салігорск

9. Талерчык А.С. - 50000 р., г. Гародня

10. Раманік Т.І. - 100000 р., г. Менск

11. Чыгір Е.А. - 20000 р., г. Гародня

12. Кошчанка Уладзімір - 10000 р., г. Менск

13. Чэчат Алесь - 50000 р., г. Менск

14. Багданкевіч Святлана - 20000 р., г. Менск

15. Краўчанка Арцём - 600000 р., г. Смаленск

16. Журналіст Белсата - 100000 р., г. Менск

17. Давіда Фактаровіча дзеці і ўнукі - 860000 р., г. Менск

18. Браты Мяцельскія - 1000000 р., г. Менск

19. Ткачук Л.М. - 200000 р., г. Менск

20. Яніцкая М.М. - 50000 р., г. Менск

21. Шыпіца Вераніка - 50000 р., г. Менск

22. Шапялевіч Валянціна - 100000 р., г. Менск

23. Верабей Анатоль - 200000 р., г. Менск

24. Міцкевіч Людміла - 150000 р., г. Менск

25. Ганна Уладзіміраўна - 150000 р., г. Баранавічы

26. Шавыркін Міхась - 20000 р., г. Менск

27. Асаковіч Аляксандр - 20000 р., г. Менск

28. Янучок Дзяніс - 50000 р., г. Менск

29. Панамароў Сяргей - 50000 р., г. Менск

30. Сарока Алена - 10000 р., г. Менск

31. Арлоўская Ганна - 10000 р., г. Менск

32. Паляковіч Максім - 100000 р., г. Менск

33. Адамовіч Юры - 50000 р., г. Менск

34. Сарокін Адам - 100000 р., г. Менск

35. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск

36. Павідайка В.М. - 70000 р., г. Менск

37. Пташкін Т.М. - 50000 р., г. Менск

38. Кавалевіч Алег - 5000 р., г. Менск

39. сп. Сяргей - 500000 р., г. Менск

40. А.Д. - 50000 р., г. Менск

41. Пенкрат Максім - 100000 р., г. Менск

42. Кірненка Арына - 50000 р., г. Менск

43. Абрамаў Мікола - 200000 р. г. Менск

44. Ярмакевіч Мікола - 20000 р., в. Семігосцічы

45. Антанюк Іван - 100000 р., г. Менск

46. Салавей А.Н. - 50000 р., г. Ліда

47. Лукашэвіч Валянцін - 200000 р., г. Менск

48. Сыраваткаў Аляксандр - 100000 р., г. Менск

49. Сулецкая Н.А. - 50000 р., г. Віцебск

50. Вашкевіч А.В. - 30000 р., г. Менск

51. Маргуноў Віталь - 10000 р., г. Магілёў

52. Карпенка А.А. - 5000 р., г. Магілёў

53. Вішнеўскі Іван В. - 100000 р., г. Менск

54. Дубараў С.М. - 200000 р., г. Менск

55. Згірскі Р.І. - 20000 р., в. Гіраўны Глыб. р-на

56. Брылеўская Н.А. - 100000 р., г. Менск

57. Рыкаў А.М. - 50000 р., г. Менск

58. Цвілік В.М. - 100000 р., г. Беразіно

59. Лагуціна М.Ю. - 50000 р., г. Менск

60. Іваніцкі П.Я. - 50000 р., г. Менск

61. Нямцоў В.В. - 500000 р., г. Менск

62. Сабалеўскі Ю.С. - 20000 р., г. Магілёў

63. Урублеўская Г.К. - 100000 р., г. Менск

64. Крыкала А.Н. - 50000 р., г. Берасце

65. Шыраканава Г.А. - 50000 р., г. Менск

66. Лычкоўскі А.У. - 20000 р., г. Менск

67. Птушка С.І. - 30000 р., в. Хільчыцы

68. Ахрамчук В.Г. - 30000 р., г. Светлагорск

69. Когут Арцём А. - 50000 р., г. Менск

70. Гаранін З.І. - 100000 р., г. Менск

71. Старахонскі Ю.М. - 50000 р., г. Гомель

72. Сцепашоў В.А. - 30000 р., г. Менск

73. Герасімовіч А.І. - 15000 р., г. Менск

74. Плакса Ул. С. - 70000 р., г. Менск

75. Бандарчык Уладзімір - 230000 р., г. Менск

76. Варанцоў Міхал - 30000 р., г. Менск

77. Вашкевіч Ігар - 100000 р., г. Менск

78. Камлюк Алесь - 100000 р., г. Менск

79. Мартынаў Мікола - 65000 р., г. Менск

80. Сабаленка Алесь - 50000 р., г. Менск

81. Цярохін Уладзімір - 230000 р., г. Менск

82. Кацярыніч Ян - 50000 р., Гаваі, ЗША

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў як варыянт захавання іх этнакультурнай самабытнасці

Горшага ўжо і не бывае

Нястрымная з прычыны сур'ёзных пралікаў, а хутчэй з-за мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі страта беларусамі ўсяго таго, што характарызуе іх як самабытны, адметны ад іншых народ, моцна непакоіць усіх, хто яшчэ не стаў, не збіраецца стаць ахвярай ненажэрнай русіфікацыі. Ніколькі не саграшу перад ісцінай, калі скажу, што і я належу да іх. Не так даўно мною выказвалася ў друку, што ў якасці надзейных выратавальных мер супраць культурна-моўнай асіміляцыі, прычым не толькі беларусаў, магло б служыць аб'яднанне намаганняў асуджаных на этнічнае выміранне еўрапейскіх народаў дзеля вядзення супольнага змагання з гэтым каварным ліхам. Каб сабрацца, выпрацаваць адпаведную канцэпцыю такой барацьбы, патрэбны час, сур'ёзная падрыхтоўчая праца, таму ніколькі не пашкодзіць, калі і яшчэ будуць рабіцца нейкія крокі па прадухіленні смяротнага зыходу беларусаў са свету пад уздзеяннем асімілятарскай палітыкі ўласнага дзяржаўнага чыноўніцкага апарату. Ужо не першы год каварная русіфікацыя ходзіць у нас не па двары, не ў сенцах, а забралася ў самую хату. Вы толькі ўслухайцеся, на якой мове гаворыць наш шматгаліновы чыноўніцкі апарат (у тым ліку кіраўнікі раённых, абласных, рэспубліканскага апаратаў адукацыі і культуры), на якой мове спяваюць эстрадныя, оперныя артысты, артысты аперэты, на якой мове працуюць установы адукацыі, культуры, афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, выдаецца найбольш кніг, часопісаў і газет і, нарэшце, якой мовай карыстаюцца людзі ў зносінах паміж сабой? Варожыя беларускаму народу палітычныя рэжымы надзейна накінулі на яго кайданы русіфікацыі. Ён гіне, яго трэба тэрмінова ратаваць, а не спадзявацца на нейкі цуд. Ён не можа адбыцца ў нашай архітрагічнай сітуацыі. З ёю трэба рашуча змагацца нават насуперак волі і жаданню самой дзяржавы. Тут больш за ўсё мяне непакоіць, хвалюе пасіўнасць самога народа, у тым ліку і яго інтэлігенцыі. Колькі ў іншых краінах гэтая самая прагрэсіўная, адукаваная катэгорыя грамадства выратавала народаў ад асіміляцыі. А ў нас жа ўсё атрымліваецца наадварот: інтэлігенцыя з'яўляецца самым актыўным носьбітам, распаўсюджвальнікам чужой (рускай) культуры і мовы, не шкадуе сілы, каб зрабіць іх адзінымі для ўсяго карэннага насельніцтва краіны.

Ніколькі не недаацаню сучасны патэнцыял беларускага народа сцвярджэннем, што толькі нейкая дзясятая частка яго здольная, мае схільнасць, шчырае жаданне да актыўнай стваральнай нацыянальна-культурнай дзейнасці. Гэта значыць у яе можна залучыць прыкладна адзін мільён беларусаў. Для астатніх жа васьмі-дзевяці мільёнаў нашых супляменнікаў такая дзейнасць - нішто, проста нуль. Іх ніколькі не хвалююць панаванне ў нашым жыцці занесенай з усходу рускай культуры, амаль поўная адсутнасць беларускай мовы на ўсіх абсягах дзейнасці чалавека. Яны так прыцерліся, звыкліся да ўсяго гэтага, што не жадаюць не толькі самі, але і каб хто-небудзь іншы штосьці рабіў дзеля ўтаймавання рускай культурна-моўнай асіміляцыі. Такія нацыянальна безаблічныя людзі гатовыя параскідаць усіх сваіх дзяцей па розных краінах свету ў пошуках асабістага шчасця, ніколькі не задумваючыся над тым, што зараз на гонях Бацькаўшчыны не будзе каму ні араць, ні сеяць, а ў гарадах працаваць на заводах і фабрыках. Што датычыць нацыянальна-культурных каштоўнасцей, дык пра гэта хусім няма каму задумацца: хай будзе так, як ёсць: г. зн. гіне сваё (беларускае), буяе чужое (рускае).

Не будзем забывацца, што ўсталяванае на сёння бязмежнае панаванне ў Беларусі рускай культуры і мовы - гэта вельмі зручная для Маскоўскага Крамля падстава глядзець на нашу краіну, як не на самабытную, мала ў чым адрозную ад Расіі, таму інкарпарацыя яе ў склад апошняй нават з поўнай стратай палітычнага суверэнітэту не можа ўяўляцца якойсці сур'ёзнай процізаконнай акцыяй. На ўсе сто працэнтаў упэўнены, што інкарпарацыю пад гучныя крыкі "Ура!" ахвотна падтрымаюць не толькі ўсе адарваныя ад нацыянальных каранёў палітыкі, але і вялізны пласт этнічна дэградзіраванай творчай інтэлігенцыі, якая лічыць, што праца ў рускім рэчышчы - гэта найвялікшы для яе падарунак лёсу. Пасля таго як Беларусь апынецца ў складзе Расіі, такія палітыкі і інтэлігенцыя будуць яшчэ з большым імпэтам працаваць над завяршэннем русіфікацыі беларускага народа, чым іх рускія калегі.

Перагортваю, аналізую амаль ва ўсе часы бязрадасныя старонкі айчыннай гісторыі і не знаходжу на іх больш катастрафічнага для этнічнага выжывання беларусаў, як у нашыя дні. Шанцаў захавацца самімі сабой было нават больш у гады разгулу мураўёўшчыны, бальшавіцкай палітыкі збліжэння і зліцця савецкіх нацый і народнасцей. Што датычыць Першай і Другой сусветных войнаў, дык там ішло біялагічнае вынішчэнне беларусаў, а не этнічнае, і руку да гэтага прыкладалі ворагі, а не свае ўлады.

Як на мой розум, дык у краіны на сёння няма больш сур'ёзнай для ўсенароднага абмеркавання праблемы за вызначэнне шляхоў этнічнага выжывання беларусаў. Становішча з гэтым склалася па-сапраўднаму аварыйнае, чарнобыльскае 1986 года, і таму дзівішся, што яго з зайздросным алімпійскім спакоем абыходзяць улады, рэдакцыі ўсіх без выключэння афіцыйных газет і часопісаў. Не думаю, што гэтай злыбяды на завяршальным этапе культурнамоўнай русіфікацыі беларускага народа яны не заўважаюць. Заўважаюць, але ўпэўнены, у набат не б'юць толькі таму, што гэта ёсць да дробязей прадуманая палітыка самога кіраўніцтва краіны, што гэта ледзь не цалкам задавальняе зрусіфікаваныя кадры рэдкалегій дзяржаўнага перыядычнага друку і абсалютную бальшыню іх аўтараў. Усе яны нават і думкі не дапускаюць, каб хоць у самай агульнай форме данесці народу праўду пра рэальнасць яго этнічнай канчыны, не кажучы ўжо пра тое, каб аб'яднаць усе рэсурсы дзеля змагання з гэтай навіслай над Бацькаўшчынай па віне яе ўласных і чужых герастратаў катастрофай. Няхай бы ўрадавыя газеты і часопісы адвялі для яе хоць сотую долю той плошчы, што яны кожны год даюць пад асвятленне вясновапасяўной ці летне-восеньскай уборачнай кампаній. А вось бы мо хоць трохі заварушыліся б беларусы, сталі шукаць паратунку ад этнічнага заняпаду.

Нібы ва ўнісон уладным структурам не любяць закранаць разгляданую мною праблему і апазіцыйныя сілы. У гэтым плане імі тое-сёе робіцца, але ўсё яно такое неэфектыўнае, што не дае аніякіх падстаў пісаць пра пазітыўныя зрухі ў адраджэнні, нацыянальным руху, пра ўступленне ў яго новых, свежых сіл. Яны на зыходзе, і папаўняць іх проста няма кім. Абвастрае сітуацыю і няспынная эміграцыя, да якой так ахвотна, актыўна падключаны і дзеці нашых нацыянальных адраджэнцаў. Для многіх дзяцей іх, як на грэх, сацыяльныя выгоды ў дзясяткі разоў мілей за нацыянальныя каштоўнасці, што іншымі словамі не назавеш, як страшэнныя агрэхі сямейнага ўзгадавання. На вялікую бяду, мы ледзь не цалкам страцілі пераемнасць пакаленняў у нацыянальна-культурным Адраджэнні, што няўхільна вядзе да яго неэфектыўнасці, адмірання, што толькі ўсяляк вітаецца сучаснымі палітыкамі і адданымі ім ідэолагамі, якія так зацікаўлены ў спакойным адыходзе беларусаў ад бацькоўскіх традыцый, у іх шчыльнай інтэграцыі ў рускі этнас, не знаходзячы ў гэтым аніякай трагедыі.

Дык як жа ў такіх нечалавечых умовах могуць з'явіцца для беларусаў шанцы этнічнага выратавання?! У сучаснай практыцы я іх амаль не бачу. Быццам бы на грамадскіх пачатках нешта і робіцца дзеля такога выратавання, а карысці няма. Б'ёмся, як рыба аб лёд. Адсутнасць нават самых мізэрных шанцаў на захаванне беларусаў як самабытнага этнасу не дае аніякіх магчымасцей сфармаваць патрэбны для гэтага кадравы патэнцыял з асяроддзя маладых пакаленняў. У выніку прадуманай ідэалагічнай апрацоўкі, надзялення сацыяльнымі выгодамі яны ахвотна падаюцца ў афіцыйны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, дзе беларускім і не пахне. Ці ж не можа апаноўваць нас страх, што пры правядзенні ў 2012 годзе цэнтралізаванага тэставання на здачу іспытаў на рускай мове запісалася 96 тысяч абітурыентаў, а на беларускай - толькі 45 тысяч. Нас ужо зусім перастала здзіўляць, што пасля заканчэння сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай навучальнай установы іх выпускнікі не валодаюць беларускай мовай. А ці ж могуць нямыя ў роднай мове людзі быць носьбітамі нацыянальнага жыцця свайго краю? Вядома не. Сёння нішто і ніхто як след не працуе на яго этнічнае выжыванне, не прапаноўвае нічога з таго, што магло б разглядацца ў якасці аднаго з варыянтаў выратавання тытульнага насельніцтва краіны ад канчатковай русіфікацыі. А мо такіх варыянтаў ужо не існуе у самой прыродзе? Набяруся смеласці сказаць: пакуль што яшчэ не ўсё дарэшты страчана і паспрабую, наколькі хопіць у мяне розуму, жыццёвага досведу, гэта абгрунтаваць. Веласіпеда тут я не вынаходжу, бо чалавецтва, не выключаючы і нас, беларусаў, спрадвеку займалася і займаецца праблемамі этнічнага выжывання. Знікаць са свету ніхто не хоча.

З уласнага і сусветнага досведаў

У сучаснай архіскладанай сітуацыі, лічу, нямала чаго пазітыўнага можна было б дасягнуць дзеля выратавання нас ад смяротнай русіфікацыі праз стварэнне на спецыяльна адведзенай частцы тэрыторыі нашай краіны Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі (БНКА). Мне падабаецца нават сама абрэвіятура гэтай нацыянальна-адміністрацыйнай адзінкі, а яшчэ больш - закладзены ў ёй патэнцыял прынесці карысць беларускай нацыянальнай справе.

Да самой ідэі нацыянальна-культурнай аўтаноміі даволі часта звярталіся ў розных краінах свету. Досыць папулярнай, надзённай з'яўляецца яна і ў нашыя дні, пра што гаворка пойдзе трохі пазней.

Да фантастычнай для многіх маіх сучасных суродзічаў ідэі стварэння БНКА я прыйшоў даўно, прычым абапіраючыся не толькі на ўласныя перакананні. Да гэтай думкі настойліва вёў мяне яшчэ і сусветны досвед. У яго сваю лепту ўнёс і наш вядомы палітычны і культурны дзеяч, таленавіты кампазітар (аўтар папулярнага і сёння паланэза "Развітанне з Радзімай") Міхаіл Клеафас Агінскі (1765-1833). Разам са сваімі аднадумцамі ён ніколькі не сумняваўся, што насельніцтва гвалтам далучанага ў склад Расійскай імперыі Вялікага Княства Літоўскага не мае аніякіх перспектыў на захаванне сваёй этнакультурнай самабытнасці, абавязкова загіне пад магутным прэсам дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі. Арганізаваць сур'ёзны супраціў лічылася, можна будзе толькі дзякуючы стварэнню ў межах Расійскай імперыі паасобнай правінцыі пад назвай Вялікае Княства Літоўскае. Павінен адзначыць, што сапраўднага паратунку нашай Бацькаўшчыне такое дзяржаўнае ўтварэнне не прынесла б. Адказ вельмі просты: як след спаланізаваныя М. К. Агінскі і яго паплечнікі, хаця і стаялі за тое, каб асноўным грамадзянскім законам ВКЛ прызнаць Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, аднак мовай службовага справаводства прапаноўвалі зрабіць польскую, што адкрывала шырокія магчымасці да аднаўлення і правядзення на афіцыйным узроўні не менш шкоднай за русіфікацыю палітыкі паланізацыі. Выратаваць народ ад асіміляцыі можна толькі праз буйна-маштабнае выкарыстанне яго ўласных культурна-моўных каштоўнасцей, а не чужых, якімі б прывабнымі яны не падаваліся. Таму не трэба ні саромецца, ні баяцца сваё духоўнае багацце - найперш культуру і мову - ставіць на некалькі парадкаў вышэй за чужое, тады ніхто не адзене на тваю шыю асіміляцыйнае ярмо, тады абавязкова не толькі сам горды за сваю гісторыю, духоўную спадчыну народ будзе паважаць сябе, але і ўсе яго суседзі. Акцыя па стварэнні аўтаномнай правінцыі ВКЛ у рамках царскай імперыі не ўдалася, да чаго руку прыклалі не толькі высокія палітыкі, але і прадстаўнікі кансерватыўна-нацыяналістычных колаў рускай інтэлігенцыі разам са сваім кумірам гісторыкам, пісьменнікам, публіцыстам Мікалаем Карамзіным.

Рэдка ў якога палітычна зняволенага народа не ўзнікае думка пры зручных абставінах дамагчыся сабе поўнай свабоды. З такім заканамерным жаданнем беларусы удзельнічалі, толькі беспаспяхова, у паўстаннях 1830-1831 і 1863-1864 гадоў. Скрануць з месца праблему аўтаноміі спрабавалі пасланцы нашага краю ў Першую Дзяржаўную Думу Расіі (1906 г.). Праўда, іх погляды на аўтаномію заключаліся толькі ў атрыманні Беларуссю права на мясцовае кіраванне і зусім абыходзілі нацыянальна-культурны аспект, чаго затое нельга сказаць пра накіраваныя сялянамі ў Думу пастановы і наказы. У некаторых з іх утрымліваліся прапановы па адкрыцці нацыянальнай школы.

А яшчэ раней актыўна выступала за нацыянальна-культурную аўтаномію ў межах федэратыўнай дэмакратычнай Расіі ўтвораная ўзімку 1902-1903 гг. Беларуская сацыялістычная грамада, выкарыстоўваючы дзеля прапаганды гэтай ідэі, нязвыклай для бальшыні людзей, старонкі газеты "Наша ніва". Такой жа прагрэсіўнай пазіцыі прытрымлівалася яна і пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года.

Каб у чытача склалася цвёрдае перакананне, што мая прапанова па стварэнні Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі мае дастатковую колькасць аналагаў у сусветнай практыцы, згадаю яшчэ і тое, што з кастрычніка 1939 года адбывалася ў Вільні пасля перадачы яе згодна з воляй Маскоўскага Крамля Літве. На той час у гэтым горадзе жыў толькі адзін працэнт літоўцаў (!), і амаль нішто не сведчыла пра прысутнасць тут літоўскай культуры. У гэтай няпростай сітуацыі ніколькі не разгубіліся разумныя, ініцыятыўныя, абачлівыя літоўцы. Па распараджэнні ўрада краіны Вільню тэрмінова пачалі ў арганізаваным парадку засяляць этнічнымі літоўцамі з тым, каб пераўтварыць яе ў сапраўдны нацыянальны асяродак. Сярод іх прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх сацыяльных груп насельніцтва, у тым ліку і сяляне з іх традыцыйнымі, неразмытым паланізацыяй і русіфікацыяй ладам нацыянальна-культурнага жыцця. Праз тры-чатыры ме-сяцы ўжо ніхто ў Вільні не паварочваў галавы ў той бок, адкуль даносілася літоўская гаворка. Вельмі хутка змірыліся ўсе нелітоўцы з афіцыйным перайменаваннем у 1945 годзе Вільні ў Вільнюс. Праз даволі гранічны тэрмін не толькі сталіца, але і ўвесь Віленскі край набылі тыповае літоўскае аблічча.

Адважыцца на стварэнне БНКА пэўныя падставы дае гістарычны досвед Яўрэйскай аўтаномнай вобласці Хабараўскага краю РСФСР. Так склалася, што ў даваенны час шмат яўрэяў займалі высокія пасады ў партыйных і савецкіх органах, у навуцы і культуры. Яны выдатна разумелі, што з развіццём нацыянальных культур тытульных народаў саюзных і аўтаномных рэспублік - а нейкі час такое і сапраўды назіралася на практыцы - іх савецкай яўрэйскай супольнасці будзе не зусім проста захаваць сваю этнічную адметнасць, што такое можа стацца больш рэальным дзесьці на спецыяльна адведзенай дзеля гэтай мэты тэрыторыі, надзеленай статусам абласной аўтаноміі.

Месца выбралі для яе не зусім выгоднае ў прыродна-геаграфічным плане і да таго ж яшчэ на сотні кіламетраў тэрытарыяльна адарванае ад традыцыйных асяродкаў яўрэйскай культуры. І толькі неўтаймоўнае жаданне не стаць ахвярай бальшавіцкай нацыянальнай палітыкі паклікала яўрэяў у гэты далёкі, неабжыты край. Афіцыйная дата ўтварэння Яўрэйскаяй аўтаномнай вобласці - 7 траўня 1934 года. Яе сталіцай стаў заснаваны ў 1928 годзе на месцы чыгуначнага паўстанка Ціханькая Бірабіджан, пераўтвораны ў 1937 годзе ў горад. Намаганнямі палітыкаў, культурных дзеячаў вобласць і сапраўды стала асяродкам яўрэйскага нацыянальнага жыцця, што пад той час ужо вельмі мала было характэрна для дадзенай этнічнай групы Беларусі, Украіны, Расійскай Федэрацыі. Пасля масавых фізічных рэпрэсій 1937-1938 гг. яна кінулася працаваць на рускай культурнай ніве. Нават у 1970-я гг. у гэтай аўтаномнай вобласці існаваў яўрэйскі народны тэатр (у Менску такую культурную ўстанову зачынілі ў 1949 г.), выдавалася газета "Бірабіджанэр штэрн" ("Бірабіджанская зорка"). У апісаных вышэй выратавальніцкіх мерапрыемствах вельмі актыўны ўдзел бралі беларускія яўрэі, асабліва Бабруйска, што дазволіла ім заняць тут многія адказныя кіраўнічыя пасады. Сёй-той з кіраўнікоў вобласці і сёння мае карані ў Беларусі. Нельга не звярнуць увагі і на такі факт, што да жыхароў горада Бірабіджан належыць адзін з двух галоўных рабінаў Расіі Адольф Шаевіч, бацька якога разам з усёй сям'ёй загінуў у Беларусі ад рук акупантаў.

Няблага забяспечваліся нацыянальна-культурныя запатрабаванні савецкіх немцаў, калі Масква дала ім права на тэрытарыяльную аўтаномію ў Паволжскім рэгіёне. У яе духоўным жыцці заўжды нямецкага было больш, чым рускага, асабліва ў сталічным горадзе Энгельс. Па вядомых прычынах гэтая аўтаномія для немцаў скончыла сваё існаванне ў гады Вялікай Айчыннай вайны і не была адноўлена пасля яе заканчэння.

На чужых землях захавалі свой нацыянальны лад жыцця крымскія татары, калмыкі, чачэнцы, інгушы і іншыя народы, што вымушаны былі па волі савецкага ўрада пакінуць бацькоўскі дом. У іншанацыянальным асяроддзі яны не растварыліся не толькі таму, што любілі, даражылі ўсім сваім, а яшчэ і таму, што жылі кампактна.

З нечым падобным на тэрытарыяльную нацыянальна-культурную аўтаномію даводзілася і даводзіцца сутыкацца нашым эмігрантам, калі яны кампактна пражываюць на тэрыторыі якой-небудзь краіны. Такое асабліва было характэрна эмігрантам першых двух-трох дзесяцігоддзяў пасля Другой сусветнай вайны, бо тыя людзі вельмі цанілі свае традыцыі. Упэўнены, што пры стварэнні і арганізацыі жыцця ў БНКА можна ўзяць нямала чаго пазітыўнага з досведу створаных за мяжой беларускіх нацыянальна-культурных суполак. У дадзеным выпадку не мае аніякага значэння, што там яны імкнуцца захаваць сваю нацыянальна-культурную адметнасць у асяроддзі чужых этнасаў, а жыхары БНКА ў сябе дома - ад магутнага зрусіфікаванага пласта роднага ім беларускага народа. У першым і другім выпадках метады выратавання ад этнічнай смерці практычна аднолькавыя.

Не баяцца, смялей глядзець на Беларускую нацыянальна-культурную аўтаномію нас павінна натхняць многае з таго, што ў падобнай сітуацыі сёння робіцца ў свеце. Робіцца ж нямала. Так, нацыянальна-патрыятычныя сілы Каталоніі не забываюць, памятаюць трывожныя, цяжкія часы пры іспанскім дыктатары Франка, калі закон забараняў афіцыйнае выкарыстанне роднай мовы яе карэннага насельніцтва. А памятаецца такое таму, што ў 2012 годзе прынялі закон, у адпаведнасці з якім каталонская мова стала неабавязковым прадметам для навучальных устаноў, з чым ніяк не могуць змірыцца яе прыродныя носьбіты. З мэтай папулярызацыі іх мовы ў побыце ладзілася кампанія пад дэвізам "Маўчы і размаўляй па-каталонску". Былі выказванні і такога роду: калі ўлады не спыняцца дыскрымінаваць каталонскую мову, нацыянальным сілам неабходна дамагацца правядзення рэферэндуму за наданне Каталоніі незалежнасці. З гэтым пагадзіўся парламент іспанскай правінцыі Каталонія, прыняўшы ў студзені 2013 года пакуль што толькі сімвалічную дэкларацыю суверэнітэту тэрыторыі: за дэкларацыю прагаласавалі 85 чалавек, супраць - 41, устрымаліся - 21.

Не першы год вядуць барацьбу за незалежнасць ад Іспаніі (гэта не наш варыянт) баскі.

Моцныя сілы выступаюць за аддзяленне ад Вялікабрытаніі Шатландыі, Паўночнай Ірландыі. Англійскія ўлады заслугоўваюць пахвалы з-за свайго спакойнага, памяркоўнага стаўлення да гэтых нацыянальных рухаў. Так, калі ў пачатку сакавіка 2012 года каралева Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Елізавета звярнулася з пасланнем (такое штогод накіроўваецца) да краін-членаў Брытанскай садружнасці нацый (іх 54), яна настойліва прасіла іх жыхароў цаніць і развіваць культурную разнастайнасць. Каб такое практыкавалася Расійскай Федэрацыяй, мо тады і кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь хоць трохі задумалася б над неабходнасцю захавання культурнай адметнасці сваёй тытульнай нацыі.

Каторы год застаюцца незадаволенымі нацыянальнай палітыкай венгры Румыніі, якім усяляк імкнецца дапамагчы іх метраполія. Пасля аднаго з інцыдэнтаў на нацыянальнай глебе (дарэчы, адбываюцца яны не так ужо і рэдка) "парламенцкі дзяржсакратар замежных спраў Венгрыі… заклікаў усіх мэраў Венгрыі ўзняць у сваіх населеных пунктах сцяг непрызнанага Бухарэстам Секейскага краю (зона кампактнага пражывання венграў у Румыніі) у знак салідарнасці з барацьбой трансільванскіх венграў за аўтаномію… Заклік МЗС Венгрыі адразу выклікаў маштабную канфрантацыю паміж Бухарэстам і Будапештам, які намагаецца падтрымліваць венгерскую меншасць у Румыніі. (Ці не дае гэта падставы на спадзеў, што і Менск падтрымае БНКА? - Л. Л.) …Будапешт вуснамі свайго пасла ў Румыніі прапанаваў прызнаць свабоду секееў на сваю адміністрацыйную адзінку…". Як бачым, Венгрыя падае вельмі добры прыклад уладам Беларусі датычна шанавання этнічнай самабытнасці свайго тытульнага народа нават і ў тых выпадках, калі нейкая частка яго жыве ў іншых краінах. Дык чаму ж тады нам не ратаваць ад русіфікацыі нейкі мільён беларусаў на іх гістарычнай тэрыторыі?

Не вызначаецца спакоем Заходняе паўшар'е планеты Зямля, у тым ліку і ЗША. Не сумняваюся, каб толькі існавала магчымасць, з Беларусі за якія-небудзь два-тры гады ў гэтую краіну ў пошуках райскага жыцця на зямлі выехаў бы адзін-два мільёны жыхароў. А вось штаты Тэхас і Лузіяна з прычыны незадаволенасці палітыкай федэральнага ўрада звярнуліся да яго з просьбай выйсці са складу багацейшай краіны свету.

Падымаюць галовы абарыгены Аўстраліі, якіх на працягу некалькіх стагоддзяў так бязлітасна абіралі каланізатары. І вось надышоў час расплаты. Упэўнены, што апошнія пагодзяцца на сур'ёзныя ўступкі сапраўдным гаспадарам гэтага кантыненту. Да 1967 года яны не мелі аніякіх грамадзянскіх правоў, хаця і жылі на роднай зямлі А сярод прышлых сюды еўрапейцаў не растварыліся толькі таму, што вымушана жылі ў рэзервацыі. У пачатку лютага 2013 года "ніжняя палата парламента Аўстраліі прыняла гістарычны закон, які абвяшчае аўстралійскіх абарыгенаў "першымі аўстралійцамі"". Вось і мільён беларусаў, калі па-гаспадарску абсталюецца на адведзенай яму палітычным кіраўніцтвам суверэннай Рэспублікі Беларусь тэрыторыі, можа дачакацца лепшых часоў, захаваць свае этнічнае "Я" і заслужаць сабе эпітэта "першыя беларусы", альбо "шчырыя", "сапраўдныя беларусы".

Цывілізаваны свет быў бы ў вялікім выйгрышы, каб культура туземнага насельніцтва Аўстраліі выйшла з англамоўнага ўплыву, развівалася на сваёй аснове. Англа-амерыканскай культурай планета Зямля сытае па самае горла.

Далёка не да канца задаволіў этнічныя запатрабаванні малых народаў распад СССР, таму і працягваецца на яго былых прасторах сепаратысцкі рух з мэтай не згубіцца, не звесціся са свету пад уплывам асіміляцыйных працэсаў.

Добры прыклад шанавання сваёй культурна-моўнай адметнасці падае невялікая этнічная група Малдовы - гагаузы. У гэтай краіне ёсць даволі значныя сілы, што выступаюць за яе аб'яднанне з Румыніяй. Паколькі яно істотна ўскладніць праблему захавання гэтай этнічнай групай сваёй самабытнасці, нацыянальныя патрыёты Гагаузіі ў снежні 2012 года заявілі, "калі цэнтральныя ўлады не спыняць спробы юніяністаў (прыхільнікаў уключэння Малдовы ў склад Румыніі), прынізіць статус аўтаноміі", яны "абвесцяць усеагульнае грамадзянскае непадпарадкаванне".

Ва Украіне шмат шуму нарабіў праведзены ў 2008 годзе Кангрэс так званых русінаў Закарпацця, якія лічаць сябе непадобнай да ўкраінцаў галіной усходніх славян і таму выстаўляюць патрабаванне на адміністрацыйную аўтаномію ў складзе Украіны, супраць чаго рашуча выступаюць яе ўлады.

Набраліся смеласці і пачалі зводзіць рахункі з Маскоўскім Крамлём некаторыя этнічныя групы Расійскай Федэрацыі. На вялікі здзіў, прэтэнзіі выстаўляюць да яе і жыхары тых рэгіёнаў, якія афіцыйна лічацца рускімі, толькі маюць пэўныя асаблівасці ў арганізацыі свайго побыту, шэраг адметнасцей у культуры. Свет прывык да рашучых дзеянняў народаў Паўночнага Каўказа ў абарону сваіх законных нацыянальных правоў, а вось што за аўтаномію выступяць паморы, у гэта сур'ёзна не верылі ні ў самой Расіі, ні за яе межамі. Ініцыятарам такога руху выступіў Іван Маісееў - кіраўнік Паморскага інстытута карэнных і малалікіх народаў Паўночнага Арктычнага федэральнага ўніверсітэта, старшыня Асацыяцыі памораў Архангельскай вобласці. У сваім артыкуле "Памор'е ў еўразійскім свеце" ён "апісаў пагрозу асіміляцыі народаў Поўначы (а з гэтым ніяк нельга не пагадзіцца. - Л. Л.), у тым ліку памораў, патрабуючы для апошніх статусу меншасці".

Не на жарт вядуцца размовы і нават штосьці робіцца на практыцы па ўтварэнні ў Расіі Далёкаўсходняй рэспублікі, якая, як вядома нам з розных крыніц, існавала ў Памор'і ў гады Грамадзянскай вайны.

А вось абсалютную бальшыню беларусаў з-за іх высокай ступені русіфікацыі зусім не хвалюе праблема захавання сваёй самабытнасці. Хітра, нахабна выгнаныя з роднага на чужое рускае культурна-моўнае поле яны ў абсалютнай бальшыні пачуваюць тут сябе, як у Хрыста запазухай. З дзесяці беларусаў такое поле не задавальняе мо толькі аднаго чалавека. Вось на такіх волатаў ніяк нельга забывацца ні самому беларускаму грамадству, ні ўладным структурам Рэспублікі Беларусь, больш за тое - цывілізаванаму свету, бо гэта гонар, краса беларускай нацыі. Сёння і заўтра няма і не будзе раўназначнага заменніка БНКА, таму лічу неабходным выказаць шэраг меркаванняў датычна арганізацыі і функцыянавання такой тэрытарыяльнай аўтаноміі.

Контуры магчымай БНКА

Мая гаворка, як пераканаецца чытач, будзе датычыць зусім іншай формы нацыянальна-культурнай аўтаноміі, хутчэй за ўсё такой, якой яшчэ не было ў ніводнага народа свету. Я ж у выключна выратавальніцкіх ад дэнацыяналізацыі мэтах прапаноўваю стварыць аўтаномію для пэўнай колькасці людзей не ў межах якой-небудзь поліэтнічнай ці чужой дзяржавы, а на гістарычнай, этнічнай тэрыторыі народа, да якога яны генетычна належаць. На вялікі жаль, народа, які па віне палітычных рэжымаў амаль поўнасцю адышоў ад свіх прыродных культурна-моўных асноў і інтэграваўся ў чужыя, рускія, чым паставіў сябе на мяжу непазбежнага этнічнага скону. Сёння здольныя і жывуць паводле бацькоўскіх нацыянальна-культурных традыцый не больш як 10-15 працэнтаў агульнай колькасці беларусаў, г. зн. прыкладна адзін мільён чалавек. На зямной кулі ёсць этнасы, людскі патэнцыял якіх не перавышае гэтую лічбу, і яны не адчуваюць аніякага страху за свой лёс, бо моцна трымаюцца за ўласнае, не даюць яго заглушыць, адцясніць на задні план чужой культурай. Ведаючы пра ўсё гэта, мяне не раз адольвала думка: а што, каб з усіх дзевяці мільёнаў беларусаў адабраць з мільён незрусіфікаваных, свядома адданых прыродным культурна-моўным традыцыям чалавек і кампактна пасяліць іх на спецыяльна адведзенай тэрыторыі Беларусі, плошчай прыкладна 20 тыс. квадратных кіламетраў. Бо калі не зрабіць такой ізаляцыі сапраўдных па культуры і мове беларусаў ад іх дашчэнту зрусіфікаваных братоў, мы вельмі хутка страцім сваё нацыянальнае "Я" і пераўтворымся ў чужакоў на роднай бацькоўскай зямлі. Рэзервацыяй для рассялення беларусаў у роднай культуры і мове не можа быць прылеглая да Расійскай Федэрацыі тэрыторыя, паколькі на ёй вельмі цяжка, а не дык і зусім немагчыма будзе падтрымліваць здаровы беларускі дух. Яму больш за ўсё пасуюць прымежныя да Літвы і Латвіі тэрыторыі, як надзейна адгароджаныя ад рускага культурнага ўплыву і зусім не падобныя па культуры і мове да ўсяго беларускага, што вельмі важна, паколькі сусветны досвед пераканаўча засведчыў, што асіміляцыйныя працэсы найбольш інтэнсіўна праходзяць праз кантакты народаў, блізкіх паміж сабою па культуры і мове. Паміж беларусамі, літоўцамі і латышамі такая блізкароднасць адсутнічае, чаго не скажаш пра мясцовае насельніцтва прылеглых да нас раёнаў Расіі, Украіны і Польшчы. Калі б станоўча вырашылася пытанне пра кампактнае рассяленне беларускамоўных беларусаў на літоўска-латышскім памежжы, іх тэрыторыі можна было б даць назву і Літоўская нацыянальна культурная аўтаномія (ЛНКА) Рэспублікі Беларусь. Ужыванне слова "Літоўская" цалкам апраўданае, па-першае, тэрыторыя ЛНКА будзе знаходзіцца ледзь не ў цэнтры колішняга Вялікага Княства Літоўскага (скарочана: Літва), па-другое, назва аўтаноміі цалкам не супадае з афіцыйным найменнем суседняй ёй краіны Летуа. Было б не страшна, каб і супадала, бо і апошняя, і ЛНКА - гэта нашчадкі агульнай іх дзяржавы ВКЛ. Летувісы і раней, і цяпер не маюць да нас аніякіх прэтэнзій, што на нашай зямлі, у тым ліку і ў маім Уздзенскім раёне, ёсць населеныя пункты з назовам "Літва". А ў якіх толькі варыяцыях не сустракаецца аснова гэтага слова ў прозвішчах беларусаў! Тэрмін "Літва" быў, ёсць і назаўжды застанецца сакральным, дарагім для беларуса, таму лёгка зразумець, чаму ўжо больш за дзесяць гадоў самым сур'ёзным чынам вядзецца гаворка пра вяртанне нашай краіне назвы "Літва" і замену ёю сучаснага наймення "Беларусь".

Калі б улады краіны прынялі мой варыянт адасаблення беларускамоўных грамадзян ад рускамоўных у мэтах выратавання беларускай нацыі ад русіфікацыі, яны, не задумваючыся, дзеля гэтага выдзелілі б, па вядомых прычынах патрэбны кавалак зямлі ў Чарнобыльскай зоне з чым ніяк нельга пагадзіцца з-за таго, што мы яшчэ да канца не ўяўляем сабе шкодных наступстваў тэхнагеннай катастрофы 26 красавіка 1986 года.

(Працяг у наст. нум.)

Леанід ЛЫЧ, доктар гістарычных навук, прафесар


Музейная акцыя "Ноч музеяў"

Праграма "Не забудзься вясёлых калёраў зажыць!"

Дата правядзення: 18.05.2013 г.

У нашай краіне ўжо не першы год 18 траўня адзначаецца Міжнародны дзень музеяў, у межах якога ладзіцца і адна з найбольш папулярных для наведвальнікаў акцый "Ноч музеяў". Дэвіз сёлетняга свята - Музеі (памяць + крэатыўнасць) = Сацыяльныя змены. Таму Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае сваіх гасцей у гэты дзень пазабаўляцца так, як гэта рабілі нашыя продкі ў пачатку ХХ стагоддзя, у час калі жыў Максім Багдановіч. У цэнтры мерапрыемства - мода і гарадская культура таго часу, бо Максім Багдановіч з'яўляецца адзіным класікам-гараджанінам беларускай літаратуры пачатку стагоддзя.

Вядома, што адно з цэнтральных месцаў у культурнай гарадской прасторы таго часу займаў тэатр. У сям'і Багдановічаў прыхільна ставіліся да наведвання тэатральных прадстаўленняў, а сам Максім Багдановіч хадзіў у Яраслаўскі тэатр са сваімі таварышамі па гімназіі. Наведваючы тагачасны тэатр, жанчыны звычайна прытрымліваліся пэўных норм у адзенні, і важным элементам тэатральнага строю з'яўлялася дамская сумачка. Таму пад час праграмы будуць праводзіцца майстар-класы па вырабу дамскай сумачкі, і ахвотныя змогуць зрабіць сабе такі цікавы адмысловы аксесуар.

Асаблівую папулярнасць у пачатку ХХ стагоддзя пачынаюць набываць дамскія часопісы. Адзін з такіх часопісаў за 1913 год захоўваецца ў фондах ЛММБ, і ў наведвальнікаў мерапрыемства будзе магчымасць яго ўбачыць на выстаўцы "Мода пачатку ХХ стагоддзя". Найбольш жа цікаўным распавядуць таксама пра тэндэнцыі ў модзе таго часу.

Пры жаданні можна будзе далучыцца да салонных і літаратурных гульняў, і паспрабаваць свае сілы ў бурымэ на рыфмы Максіма Багдановіча.

Самых актыўных чакаюць майстар-класы ад клуба "Гістарыён" па танцах пачатку ХХ стагоддзя: кейк-уок, рэг-тайм, макшыш, уанстэп, танга. Можна будзе не толькі навучыцца іх танцаваць, але і даведацца гісторыю ўзнікненння таго ці іншага танца, некаторыя з якіх вельмі забаўныя.

Завершыць мерапрыемства музычная праграма з удзелам Паліны Рэспублікі і гурта "Сундук".

18.00 - 20.00 - майстар-клас па вырабу тэатральных аксесуараў, прэзентацыя выстаўкі "Мода пачатку ХХ стагоддзя", салонныя гульні. Фонавае суправаджэнне - гурт "Vinyl Crowd".

20.00 - 21.00 - майстар-клас па танцах пачатку ХХ стагоддзя.

21.00 - 23.00 - музычная праграма: Паліна Рэспубліка, гурт "Сундук".

Мы вас чакаем!


"Музеі Віцебска на пачатку ХХІ ст."

"Музеі Віцебска на пачатку ХХІ ст" такую назву мае новая кніга Мікалая Васільевіча Півавара. Гісторык нарадзіўся ў п. Лужасна Віцебскага раёна (1971 г.). Скончыў МДПІ імя М. Горкага (1993). Кандыдат гістарычных навук (2007). Дацэнт (2012). Даследуе гісторыю і культуру Віцебшчыны.

Аўтар кніг "Даследчыкі гісторыі і культуры Віцебшчыны ХVІ - 1944 г." (2006), "Віцебскі раён. Краязнаўчыя нарысы" (2008), "Краязнаўцы Віцебшчыны 2-й паловы ХХ - пачатку ХХІ ст." (2010).

Манаграфія прысвечана музеям Віцебска пачатку ХХІ ст. у першай частцы змешчаны нарыс музейнага будаўніцтва ў Віцебску з ХVІІІ да пачатку ХХІ ст. у другой частцы пададзена інфармацыя пра больш як за сотню музеяў, экспазіцый, галерэй рознага ўзроўню і рознай падначаленасці. Таксама ідзе гаворка пра прыватныя музеі і музеі, якія знаходзяцца непадалёк ад Віцебска, музеі прадпрыемстваў і музеі вышэйшых навучальных устаноў.

Напрыканцы аўтар прыводзіць спіс тых музеяў, якія планавалася стварыць да канца ХХ ст., а таксама тыя, якія могуць упрыгожыць горад, стаць месцам адпачынку і развіцця гараджан, спрыяць наведванню горада турыстамі, дапамогуць фармаванню пазітыўнага вобраза Віцебска.

Рэцэнзентамі манаграфіі з'яўляюцца доктар гістарычных навук, прафесар А.У. Русецкі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт А.М. Дулах, а таксама вядучы спецыяліст Упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта П.М. Падгурскі. Наклад кнігі 150 асобнікаў. Яна можа быць цікавай для гісторыкаў, краязнаўцаў, а таксама жыхароў горада Віцебска і яго гасцей, якія жадаюць больш даведацца пра гісторыю і культуру рэгіёна.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст, краязнавец.



РУП "Белпошта" выпусціла мастацкую немаркаваную паштоўку "Слуцкія паясы". На паштоўцы - фрагмент пояса (1779-1807). Шоўк, срэбная і каляровая ніць.


Ларыса Раманава прэзентавала сваю кнігу ў Гомелі

У Гомельскім абласным ліцэі 25 красавіка адбылася прэзентацыя кнігі Ларысы Раманавай "Святая вада". Аўтар спрабуе ўзнавіць у сваіх вершах паэзію некаторых абрадавых дзеянняў, паняццяў, іх сэнс і змест, даўней больш вядомых, чым цяпер (вершы "Купалле", "Сон на вадзе", "Пры святле сонца", "Развітанне", "…калі словы льюцца, як воск" і інш.).

Многія з гэтых дзеянняў адбываюцца каля вады, на вадзе. Напрыклад, гаданні па вянках, что плывуць па вадзе ў купальскую ноч, абсыпанне калодзежа макам-відуком, шэпты на вадзе, першае купанне дзіцяці ды многае іншае.

Усё гэта - пракаветныя, яшчэ дахрысціянскія ўяўленні і традыцыі крывічоў, якія захоўваюцца на Гомельшчыне. Крывія (Крыўя) - старажытная аўтэнтычная назва днепра-дзвінскага краю. Аб глыбокай сувязі людзей і зямлі сведчаць наступныя аповеды жыхароў Гомельшчыны:

- Тады апошнюю гэту песню спяваюць, тады разыходзяцца, бяруцца за рукі і ідуць - Стралу так вядуць на Ўшэсце. Ну, а на Дабравешчанне - так паводзяць карагоды, так, каб ветру не было, і якую карагодную

- Дажджу німа: удаву ў ваду шыбалі.

- Звоняць у цэркві, разбіваюць гразу званамі".

- І яшчэ ў нас цалебная крыніца ёсць, пасярод вёскі вялікая крыніца. Такая крыніца Еслі чалавек, каторы нядобры, у каго дрэнная энергетыка, падыходзіць, то вада становіцца, як малако - белая, і кіпіць. І суткі яна кіпіць. У мінулым годзе баяліся, калі прыяззджаў , гаварылі: "Хоць бы не сурочыў ваду, а то браць не будзе дзе". Ну, нармальна ўсё было. Вада не бушавала, была спакойная.

- А цяпер жа заклятая зямля. Ужо пад зямлёй нічога не чуць. То, бывала, прыкладзеш вуха к зямлі, і чуваць, што там гавораць людзі пад зямлёй. Зямля была неварушаная. І дзе знойдзеш месца, станеш - там, як на пячы, цёпла было. А дзе зямля - халодная-халодная. А цяпер - нідзе нічога не знойдзеш.

Вокладка кнігі "Святая вада" была аформлена з выкарыстаннем карціны Леаніда Гоманава "Музыка цёплага вечара" (2009), на якой адлюстраваны адзін са слаўгарадскіх пейзажаў: невялікі драўляны мосцік цераз раку.

Ларыса Раманава згадвала асобныя моманты з гісторыі Веткі і г. Слаўгарада (былая назва - Прапойск), якіх аб'ядновае даўні водны шлях па рацэ Сож. Даўней з Прапойска веткаўцы прывозілі кафляныя пліткі, якімі аздаблялі каміны, печы ў сваіх дамах. Кафляны завод, на якім выраблялі плітку, існаваў у Прапойску з 1909 года па 1919 год. Ліцэістам цікава было ўбачыць адну з такіх плітак, прадстаўленую Ларысай Раманавай падчас прэзентацыі.

У паэтычнай сустрэчы ўдзельнічаў паэт Васіль Бакаеў, які жыве ў Ветцы.

Прэзентацыя кнігі ладзілася ў межах кампаніі "Будзьма беларусамі", ад якой удзельнікі прэзентацыі атрымалі падарункі.

budzma.org. На здымках: 1. Ларыса Раманава ўручае прыз. 2. Падчас прэзентацыі. 3. Выступае Васіль Бакаеў

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX