Папярэдняя старонка: 2013

№ 24 (1123) 


Дадана: 13-06-2013,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 24 (1123) 12 чэрвеня 2013 г.


Міністэрства адукацыі не хоча мадэрнізаваць школьны моўны кантэнт

Некаторы час таму назад ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" звярнулася з прапановай у Міністэрства адукацыі, каб увесці ў школьную праграму вывучэнне "лёгкіх" замежных моў: польскай, украінскай і г.д. ТБМ прапанавала знайсці гадзіны на гэтыя мовы за кошт змяншэння гадзін на рускую літаратуру, паколькі яна даўно не з'яўляецца асноўнай і перадавой у свеце. Атрыманы адказ наступнага зместу.


Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны "

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

У Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот. Паведамляем наступнае.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы. Законныя прадстаўнікі маюць права выбару мовы (беларускай або рускай) навучання і выхавання для сваіх дзяцей.

У вучэбных планах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі вытрыманы аптымальныя суадносіны гадзін па вучэбных прадметах грамадска-гуманітарнага, прыродазнаўчага і матэматычнага цыклаў.

Вывучэнне беларускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пачынаецца з першага класа. У адпаведнасці з вучэбным планам ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі беларуская мова ў І-ІV класах вывучаецца ў межах прадметаў "Беларуская мова", "Беларуская літаратура (літаратурнае чытанне)", "Мая Радзіма - Беларусь".

Незалежна ад мовы навучання ў V-ХІ класах на вывучэнне вучэбных прадметаў "Беларуская мова", "Беларуская літаратура" і "Русский язык", "Русская литература" адводзіцца аднолькавая колькасць гадзін.

У адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі абавязковая для вывучэння замежная мова вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі з улікам патрабаванняў дзяржавы і магчымасцей установы адукацыі. У цяперашні час ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі абавязковай для вывучэння вызначана адна з пяці замежных моў: англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская.

Акрамя таго, пунктам 6 артыкула 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ўстаноўлена, што ў адпаведнасці з пажаданнямі вучняў і іх законных прадстаўнікоў па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, узгодненаму Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, могуць стварацца класы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі або ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучанне і выхаванне здзяйсняецца на мове нацыянальнай меншасці або вывучаецца мова нацыянальнай меншасці. Пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26.08.2011 № 241 зацверджаны тыпавы вучэбны план сярэдняй школы, якім вызначана колькасць вучэбных гадзін на вывучэнне мовы нацыянальнай меншасці.

У 2012/2013 навучальным годзе ў Рэспубліцы Беларусь функцыянуе 4 ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучанне і выхаванне вучняў здзяйсняецца на мове нацыянальнай меншасці: 2 школы з польскай мовай, 2 - з літоўскай мовай. Усяго на мовах нацыянальнай меншасці ў бягучым навучальным годзе навучаецца 795 вучняў I - XI класаў. Таксама ў 137 установах агульнай сярэдняй адукацыі 5 051 вучань вывучае мову нацыянальнай меншасці на вучэбных і факультатыўных занятках або на аб'яднаннях па інтарэсах.

Як Вам ужо паведамлялася раней, вучэбныя прадметы "Гісторыя Беларусі" і "Геаграфія Беларусі" ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання выкладаюцца на беларускай мове, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання - на рускай мове. Пры гэтым заснавальнік установы агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання мае права прыняць рашэнне аб выкладанні гэтых вучэбных прадметаў на беларускай мове з улікам пажадання навучэнцаў, законных прадстаўнікоў непаўналетніх. Таксама ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі могуць камплектавацца вучэбнымі выданнямі па гісторыі Беларусі і геаграфіі Беларусі на рускай і беларускай мовах.

На падставе вышэйсказанага лічым немэтазгодным уносіць нейкія змены ў тыпавы вучэбны план.

Намеснік Міністра В.А. Будкевіч.


У Полацку адзначылі Дзень Святой Ефрасінні

5 чэрвеня ў старажытным Полацку адзначалі Дзень памяці Святой Ефрасінні Полацкай. Раніца пачалася са святочнага набажэнства ў Крыжа-Ўзвіжанскім саборы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, працягнулася літургіяй у Свята-Ефрасіннеўскім храме манастыра і ў Сафійскім саборы. Але цэнтральнай падзеяй дня стаў Хросны ход. Па вуліцах Полацка ад сабора да манастыра прайшлі прадстаўнікі духавенства і свецкай улады, грамадскіх і моладзевых арганізацый, жыхары і госці горада. Мерапрыемства атрымалася надзвычай масавым.

Сёлета ў Полацку былі аб'яднаныя гарадская і раённая адміністрацыі, таму ў горадзе практычна цалкам змянілася ўлада. Калі раней гарадскімі мерапрыемствамі займаўся аддзел культуры, то цяпер гэтымі справамі займаецца ідэалагічны аддзел.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя.


Памёр патрыярх беларускага нацыянальнага адраджэння ў выяўленчым мастацтве Ўладзімір Стальмашонак

Раніцай 7 чэрвеня ў Менску на 86-м годзе жыцця пасля цяжкай і працяглай хваробы памёр народны мастак Беларусі Ўладзімір Стальмашонак.

Намеснік старшыні Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца назваў Уладзіміра Стальмашонка вельмі значным мастаком у кантэксце беларускага мастацтва:

- У 60-70-я гады ён выявіў сябе як мастак-наватар, які ўпэўнена прасоўваў у выяўленчае мастацтва новую пластычную мову з арыентацыяй на авангардныя моманты 20-х гадоў. Ён пакінуў некалькі абсалютна знакавых твораў, якія застануцца ў кантэксце нацыянальнай культуры. Гэта найперш знакамітыя партрэты Якуба Коласа і Рыгора Шырмы, шэраг станковых карцін. У 90-я гады ён пісаў карціны, прысвечаныя вялікім князям ВКЛ, - гэта тое, што робіць гонар нашаму мастацтву. Гэта быў сапраўды нацыянальны мастак, знакавая асоба.

Мастак таксама стварыў партрэты Францішка Скарыны, Кірылы Тураўскага, Пятра Мсціслаўца, Ефрасінні Полацкай, прадстаўнікоў роду Радзівілаў.

У палітычныя партыі і рухі Ўладзімір Стальмашонак апошнім часам ангажаваны не быў. У часы перабудовы ён быў народным дэпутатам СССР і галасаваў за дэмакратычныя змены ў краіне. Шмат гадоў Стальмашонак выкладаў у Акадэміі мастацтваў.

Радыё "Свабода".


"ПРЫШПІЛЬНАЯ" МОВА

Цяперашні стан беларускай мовы з'яўляецца бадай што самым трагічным за ўсю гісторыю яе існавання. Лёгкіх часоў яна не ведала ніколі, але раней існаваў магутны вясковы беларускамоўны пласт. Цяпер жа і вёска зрусіфікавана дашчэнту. Практычна знішчаны беларускія школы, хоць нават у часы як першай, так і другой нямецкай акупацыі яны існавалі.

Іначай і быць не можа, пакуль на ўсходзе ёсць імперыя, якая дзіка, паталагічна, ненавідзіць усё беларускае, і ёсць яе стаўленікі ў беларускай уладзе.

З уладамі ўсё зразумела - калі не лічыць некалькіх нацыянал - камуністаў 20 - х гадоў мінулага стагоддзя, ніводзін кіраўнік не дбаў пра беларускую мову.

Аднак цяпер парадаксальным чынам небяспека для беларускай мовы зыходзіць і ад самых гарачых яе прыхільнікаў. Справа ў тым, што для гэтых людзей беларуская мова не ёсць і не магла быць матчынай. Цяперашнія Сяржукі і Алесі не так даўно былі Серёжами і Сашами. Шлях кожнага да мовы быў свядомы, але цяжкі і пакутлівы.

Найлепей гэта апісана ў кнізе Сяргея Дубаўца "Гісторыя аднаго цуду".

Што робіць новазвернуты вернік? Ён пачынае "ўдасканальваць" рэлігію. Гэтаксама і з мовай. "Новазвернутыя" беларусы не давяралі звыклым школьным падручнікам. Яны былі цвёрда перакананыя, што сапраўдную, "клясычную" мову ад іх схавалі бальшавікі, і вучыцца трэба паводле граматыкі стогадовай даўнасці. Бо праўдзівая мова - гэта не сучасная, выпраўленая ў часы БССР, а т.зв. "тарашкевіца".

Эпоха, у якую ўзнікла "тарашкевіца" - часы станаўлення беларускай літаратурнай мовы. Яе можна і трэба параўноўваць з часамі Кантэміра і Ламаносава ў Расіі, Яна Каханоўскага ў Польшчы, Крысціёнаса Данелайціса ў Літве. Усе вышэйпамянёныя асобы, уключна з нашым Тарашкевічам - першапраходцы, якія з цяжкасцю пракладвалі, пратоптвалі сцяжынкі ў нязведанае. Магістралі збудуюць іншыя. Па-гэтаму іхняя мова ніяк не магла быць дасканалай. Тарашкевіч рос і дзейнічаў, аточаны польскамоўнай атмасферай, гэтая мова гучала ўсюды: у палацах і касцёлах, у школах і на вуліцы. Што ж дзіўнага, калі нават Купала першыя вершы пісаў па - польску. Па-гэтаму для іх усе гэтыя "валізкі", "філіжанкі" і "варункі" гучалі цалкам натуральна. Што там Купала - цяперашнія літоўцы з цяжкасцю разумеюць свайго Данелайціса, бо ягоная паэзія шчодра перасыпана паланізмамі. А ўжо калі мовы блізкія? Звярніце ўвагу, як гавораць беларусы, якія жывуць у расійскамоўным асяроддзі - яны самі не заўважаюць, што ўстаўляюць у гутарку бясконцыя "да", "то есть", кажуць "у АмерыКЕ", "у вёсКЕ", "з'явіЛся" замест "у АмерыЦЫ", "у вёсЦЫ". (А адзін дзеяч увесь час казаў: "Вось паеду ў АмерыЦУ"!)

Праблему абцяжарвае нізкі агульнакультурны ўзровень, няведанне замежных моваў. І нашы "адраджэнцы" шчыра прымаюць чыста польскія словы і выразы за "очань біларускія".

Памятаю, як мне аднойчы патэлефанаваў такі энтузіяст і ўзбуджана паведаміў: "Мы прыдумалі, як па - беларуску "бутэрброд"! - І як? "Канапка!" Яны шчыра перакананыя, што формы "хварэць не ЧЫМ, а НА штось, чакаць не КАГО, а НА КАГО, - гэта па - беларуску. Асабліва камічна, калі нават інтэлектуалы ўжываюць слова "выкшталцоны" ў сэнсе "изящный" ("выкшталцоныя ногі"). Між тым, "wyksztalcony" значыць "адукаваны". "Адукаваныя ногі" - праўда, няслаба!

Бяда і са словамі замежнага паходжання - з аднаго боку, слушная ідэя, што не трэба рабска капіраваць расійскую транскрыпцыю. Але ж і польская не заўсёды лепшая - палякі чытаюць замежныя словы ў адпаведнасці са сваёй граматыкай. І "nazismus" у іх стаўся "назізмам", бо"Z" па - польску чытаецца як "з", а не як "ц". Вось так і англійскі club (клаб) стаўся ў іх "клюбам".

Але гэта праблемы суседняга народу. Пры чым тут мы? Асабліва беларусы Віцебшчыны, Гомельшчыны ды Магілёўшчыны, дзе палякаў бачылі хіба што ў часы Стэфана Баторыя.

Трэба быць моўна глухім чалавекам, каб слых не рэзалі "рай-клюб", "клясны кіраўнік" ды іншыя. А такія словы - монстры як "кубэрта", "сылюэт", проста крычма крычаць: "Мы не вашы, мы чужыя!"

"Аднаклясьніца перад візытам у клюб "Ганалюлю" спраўджвае кальготкі празь люпу", - праўда, хораша! Як жа, па-беларуску!

І цягнуць, і цягнуць "пальшчызну" ў нашу бедную мову. Ужо ніхто не кажа "курыць", толькі - "паліць". А мова не прымае, супраціўляецца, бо па-польску той, хто "pali - palacz".

А па - беларуску: "паляч", "палач"? Між тым спрадвеку на Беларусі былі "курцы". "От накурылі, каб на вас шэрсць курэла!" - абураліся жанкі, заходзячы ў хату.

Чаго толькі не навыдумляюць "моватворцы" хатняй гадоўлі! Часам цяжка зразумець, што ж хацеў сказаць ягамосць. Адзін ужываў выраз "апярэдзіў палічыць". І толькі з кантэксту можна было здагадацца што ён меў на ўвазе "предпочёл" - (думае то па-расійску!") А "камандзёр", "камандыр"!.. "вадаплаў". "Шашаезда" і "небалёта" пакуль няма...

А " ліквор" замест "лікёру"... І не падазраюць нават, што "ліквор" - гэта спіннамазгавая вадкасць, ласавацца якой могуць хіба што канібалы!

"Зупа" заместа "поліўкі" ці проста "супу". "Далікатны, ветлівы" - о не, некрасіва, трэба "гжэчны"! "Філосаф" - фу, які русізм! Трэба - "філёзаЎ!" "Скрыначка" - што за дзеравеншчына! Трэба "пушка" або "пудэлка"... І не "пляскаць", а "кляскаць"! А яшчэ "бэльбэтавыя штроксы"! "Маціцовая ўсьмешка!", "Адсьлігаваныя ногі!". А "мюзыкал" і "тэатар"... Гэтак у савецкім войску "дзембелі" ўпрыгожвалі сваю форму рознымі аксельбантамі, шнурочкамі, дроцікамі і зорачкамі, кожны на свой густ.

Ніяк не магу даўмецца, адкуль узялася "БаЎгарыя"? Мо ўжо трэба казаць і "БаЎканы"? Гаворыць жа адзін дзеяч на "Свабодзе": "КаЎгас"!. А "Сырыя" - гэта ад слова"сыр"? "Сібір" - фу, как грубa! Трэба - "СЫбір!"

Цікава, што на той жа "Свабодзе" Ян Максімюк неяк не рвецца быць "МаксЫмюком", хоць паводле "тарашкевіцы" трэба так. Увогуле, "адраджэнцкая" "лёгіка" своеасаблівая - пішуць "Лёндан", але "Шэрлак", а не "ШэрлЯк", "мэталюрг", але чамусь "іслам", а не "ісьлям"...

Асабліва пацешыла суполка "Будзьма!" - на кампакт дыску напісана, што там сярод іншага знаходзяцца "ПРЫШПІЛЬНЫЯ шпалеры"! Калі ачомаешся, даходзіць, што гэта "прикольные!"

І так вось беларуская мова ператвараецца ў пасмешышча, пародыю сама на сябе - нешта накшталт інтэрнэтнага "ОЛБАНСКОГО". І гэта ўсё не надае нашай мове папулярнасці.

Бяда не толькі з паланізмамі. Так, цяпер стала модна ўжываць "Летува" замест "Літва" - маўляў, сапраўдныя ліцвіны - гэта мы, а "яны" "жмудзіны". "Эрудыты" не падазраюць, што Літва - не толькі Жамойць, але і Дзукія, Аўкштайція, Сувалкія. Да таго ж не ведаюць, дзе правільна ставіць націск, і кажуць ЛетУва замест ЛетувА... А яшчэ "сапраўдныя патрыёты" ўжываюць словы "летувіс", летувіска". Не ўзгадваючы немілагучны "віск", трэба зазначыць, што "летувіска" - слоўны абсурд, аксюмарон. Бо ў літоўскай мове канчатак "ас", "іс" абазначае мужчынскі род. Жаночы, адпаведна "а", "е" -- літоўка будзе "летуве" (lietuvе). "Летувіска" мае абодва канчаткі - гермафрадыт, ці што, адначасова і мужчына, і жанчына?

У любой жывой мове адбываецца несупынны працэс эвалюцыі, развіцця. Абсурдам было б лічыць, што ў БССР мову толькі псавалі, а сапраўдная захавалася толькі на эміграцыі, якая ніколі не адмовілася ад "тарашкевіцы". Абноўлены правапіс не перашкодзіў Караткевічу і Быкаву, Барадуліну і Разанаву стварыць выдатныя творы, роўных якім дарэмна шукаць сярод эмігранцкай літаратуры. Як нельга двойчы ўвайсці ў тую самую раку, таксама немагчыма стагоддзямі заставцца ў той самай плыні. Нельга ў наш час пісаць моваю Я. Станкевіча, пры ўсёй павазе да ягонай дзейнасці. "Нацанальна ўсьведаміўшыся ў 1909 г., я пачаў усюдых запісаваць словы беларускія... Вызукаючы мову беларускую..." і г. д. Той, хто цяпер "вызукае" беларускую мову, жыве ў іншую эпоху з іншымі патрабаваннямі. Немагчыма ўявіць сабе артыкул пра Вялікі адронны калайдар, дзе б ужываліся словы "тутака", тамака", "гэны", "хворма".

Але не ўсё так безнадзейна - вось, скажам, чытаеш найноўшую кнігу Алеся Бяляцкага, - нічога не рэжа і не драпае ані слыху, ані вока. Можам, калі захочам! Нават у нялюдскіх абставінах, за кратамі...

На вялікі жаль, нельга з упэўненасцю сказаць, што беларуская мова не знікне ніколі. Пэўна толькі тое, што кожны з нас павінен зрабіць усё, каб яна жыла.

А жыць - значыць глядзець не назад, а наперад, дасканаліцца і развівацца.

Алег Аблажэй, Вільня.


КОЛІШНЯЯ ПАПА І ЦЯПЕРАШНІ ПАПА

З нарысу "Сяло Задуб'е і яго ваколіцы"

Аднаго разу на сайце "Нашай Нівы" я напісаў нейкі каментар і ўжыў у ім слова "дзюдзя". Якое ж было маё здзіўленне, калі нейкі маладзён на поўным сур'ёзе спытаўся: а што гэта такое - дзюдзя ? Хлопец той быў, трэба думаць, ад нараджэння гарадскі. Давялося патлумачць яму, што дзюдзя на "дзіцячай" мове вёскі - і свіня , і парася , і падсвінак . Дзіцяці мае задубенцы казалі: "Ох, і вымурзаўса ты, Іванко, як дзюдзя; дайно ўмыю твой від." (У дужках патлумачу: від - гэта твар . Так кажуць і ў Задуб'і, і, як сведчыць Леанід Дранько-Майсюк, у адлеглым ад нашага сяла Давыд-Гарадку. Як бачым, слова даволі распаўсюджанае.)

Прачытаўшы пытанне таго маладзёна з сайту НН, я пагартаў слоўнік беларускай мовы акадэміка Мікалая Бірылы і беларуска-расійскі слоўнік пад рэдакцый акадэміка Кандрата Атраховіча (Крапівы) - і не знайшоў тае (таго) дзюдзі . Мусіць, "дзіцячыя" словы акадэмікі палічылі не вартымі ўвагі.

Не скажу, што ў камунікаванні дарослых з малымі дзецьмі, а так-сама дзяцей між сабою, задубенцы маюць нейкі адметны лексікон. Задубенскае дзіця ляльку і малое дзіця называла, як і ўсюды ў Беларусі, ляляй . Цацай называлі цацку і якую яшчэ прывабную рэч. Цацай называлі і паслухмянае дзіця і пры гэтым гладзілі яго па галоўцы або давалі яму буську: "Ой, якая ты цаца, Надзечко." (Ніколі не забуду, як адна дзяўчынка, пачуўшы ад мамы слова " цаца ", але не дачакаўшыся пяшчотнага дотыку да галавы, пагладзіла сябе сама.) Калі дзіця хацела вады, то прасіла піпы . Магло дзіця папрасіць і прасіла ў мамы коко (яйка). Коко (націск на першы склад) таму, што курачка "кажа": "Ко-ко-ко." Калі дзіця цягнула руку да агню ці да жару, яго засцерагалі: "Не чапай: жыжа !". Значна пазней я даведаюся, што быў у нашых прашчураў бог агню і кавальскай справы Жыжаль і што слова " жыжа " - гэта трошкі перайначанае імя таго божышча. Значна пазней я даведаюся, што быў у нашых продкаў і Зюзя - бог холаду і марозу, якім у маім Задуб'і палохалі дзяцей: "Не йдзі на двор - там зюзя ". Калі ж дзіця ўпала, выцялася, укалолася, у яго на целе магла з'явіцца вава (націск на першы склад). Зрэшты, вава - не толькі болька , але і боль . Ну, а слова кака вядомае і самым урбанізаваным сучасным дзецям.

Мае равесніцы і равеснікі, старэйшыя і маладзейшыя дзяўчаты і хлопцы былі не надта каб распешчаныя бацькамі (пра сірот маўчу). Келька (цукерка) перападала ім хіба толькі на свята. Нярэдка дзеці былі радыя скібцы ці акрайцу хлеба. Даўно я не чуў, каб дзеці прасілі ў бацькоў папы .

Папа - менавіта так адвеку на "дзіцячай" мове называлі ў нас хлеб. Дзіўна было чуць, як нашы гарадскія равеснікі, звяртаючыся, да бацькі, прамаўлялі гэтае: "Папа". Нам тлумачылі, што слова - гарадское, "рускае". Падрастаючы, цікавячыся гісторыяй ды чытаючы расійскую класіку, я мог сказаць, што слова тое - і не "рускае", і не славянскае, а грэцкае ды з грэцкае мовы перайшло ў лацінскую і французскую. З французскае мовы яно было запазычана расійскімі дваранамі, якія лічылі, што адвечнае расійскае тятя гучыць надта нізка, а вось французскае папа ўзвышае ці то "облагороживает" іх. А ў дваранаў былі халопы - дваровыя людзі, якія пераймалі і норавы, і манеры, і лексіку паноў. Ад халопаў словы пераходзілі ў вёску. Само сабою, лексіку "благородных" пераймалі і расійскія гарадскія нізы. Так паступова (і гэта можна прасачыць па расійскай літаратуры) папа выцесніў з жывое мовы тятю . А ўжо з расійскімі чыноўнікамі, настаўнікамі ды бацюшкамі гэты папа прыйшоў у Беларусь (у тутэйшых паноў быў, што ні кажы, татусь ).

У Заходняй Беларусі падхопленае расійскімі халопамі і прывезенае з Расіі слова " папа " выцесніла наша адвечнае " тата " на вачах майго пакалення. Праўда, я даўно не чуў, каб дзеці прасілі ў дарослых хлеба. Мусіць, па меры таго, як у дзяцей адпадала патрэба прасіць у дарослых папы , слова гэтае, а дакладней, яго першапачатковы сэнс, забываўся. І цяпер, калі я, жартуючы, прашу ў дзіцяці падаць мне папы , дзіця не разумее мяне. Як не разумее (у большасці выпадкаў) і слова " тата ". Калі я чую гэтае слова з вуснаў дзіцяці, на момант заміраю: нагэтулькі яно бывае нечаканае.


МАЛАКО ПІТНОЕ ЦІ ХАРЧОВАЕ?

На пакетах чытаю: "Питьевое молоко" .

А нядаўна прачытаў у аднаго пісьменніка, што ягоныя героі пілі малако з хлебам.

Цікава, хто прыдумаў гэты тэрмін - "питьевое молоко"? Малако - не вада. Малако ў нашым народзе адвеку не пілі, а елі. У тым ліку з хлебам. Піць малако, як ваду, лічылася мавэтонам. Ды і рызыкоўна было, асабліва калі малако, як кажуць у маім Задуб'і, "з-пыд каровы". І есці сырадой са свежым, сёння ці ўчора вынятым з печы хлебам таксама не кожны асмельваўся. З непрывычкі ці з прычыны якой хваробы рызыкант мог надоўга засесці за хлявом.

Скажуць: у магазіне ж ты купляеш не вясковае, не "з-пыд каровы", а "гарадское", разбаўленае на малаказаводзе, пасля якога шклянку можна халоднаю вадою мыць. Чаму б яго не піць, як ваду?

Здаецца, доказна, але не хочацца прымаць гэты доказ. Не хочацца бачыць разрыў з народнай культурай. Мо каб назвалі гэтае малако харчовым , душа паспакайнела б? Ёсць жа малако і нехарчовае - са знятымі вяршкамі, апрацаванае, якое, памятаю, прывозілі на фермы для цялят. Людзям яго яшчэ не возяць. Людзям пакуль што прадаюць малако харчовае, прыдатнае ў ежу, якое людзі ядуць (а не п'юць) з кашамі, з супамі. А, калі хто хоча, і з хлебам.

Анатоль Сідарэвіч.


Беларуская мова здае пазіцыі сярод абітурыентаў

Толькі 33564 ўдзельнікі цэнтралізаванага тэставання абралі беларускую мову, а на расейскую мову зарэгістраваліся 83829 чалавек.

Другой па масавасці стала матэматыка - больш як 76 тысяч ахвотных. На цэнтралізаванае тэставанне па фізіцы было аформлена і выдадзена 35756 пропускаў, па хіміі - 14705, біялёгіі - 24658, геаграфіі - 1899. На тэст па ангельскай мове зарэгістраваліся 23389 чалавек. У пункты правядзення тэставання прыйдуць здаваць усясветную гісторыю найноўшага часу - 1491 чалавек, а гісторыю Беларусі - 19174.

Ва ўсіх удзельнікаў цэнтралізаванага тэставання ёсць права яшчэ падчас рэгістрацыі на ЦТ выбіраць, на беларускай ці на расейскай мове яны жадаюць здаваць ЦТ.

Сёлета пісаць тэст па гісторыі Беларусі на беларускай мове пажадалі ўсяго 18,8% ад агульнай колькасьці тых, каму трэба здаваць гэты прадмет, паведамляе газета "Звязда".

У 2012 годзе аналагічны паказчык складаў 23,5% ад агульнай колькасьці, а ў 2011 годзе - каля 33%.

Фізіку і матэматыку на беларускай мове будуць здаваць крыху больш як 5% удзельнікаў ЦТ, геаграфію - 4,5 %, грамадазнаўства - каля 2%.

Цэнтралізаванае тэставанне пачнецца ў Беларусі 14 чэрвеня. Сёлета для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставанні зарэгістраваліся 117768 чалавек. Летась пра сваё жаданне паўдзельнічаць у прыёмнай кампаніі на ўзроўні рэгістрацыі на ЦТ заявілі 141555 чалавек.

Радыё Свабода.


Шаноўнае спадарства!

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

запрашае сяброў і прыхільнікаў роднага слова ад 18 гадоў да 65 гадоў прыняць удзел у даследчай працы па вывучэнні рукапісных сімвалаў беларускай мовы. Трэба будзе паўдзельнічаць у запаўненні падрыхтаваных анкет з напісаннем беларускіх слоў, некаторых фраз і г.д.

Увесь удзел зойме 30 хвілін.

Праца будзе весціся ў наступныя дні:

11 чэрвеня: 13.00 -13.30; 13.30 - 14.00; 18.00 - 18.30;

18.30-19.00.

12 чэрвеня: 18.00 - 18.30; 18.30-19.00.

13 чэрвеня: 18.00 - 18.30; 18.30-19.00.

Для ўдзелу неабходна падысці на сядзібу (Румянцава, 13)

у абраны Вамі час.

Удзельнікі гэтай акцыі атрымаюць прызы ад ТБМ.


Памёр Юрась Бушлякоў

4 чэрвеня пасля цяжкай хваробы памёр перакладчык, педагог і мовазнавец Юрась Бушлякоў. 29 траўня яму споўнілася 40 гадоў.

Пасля заканчэння менскай сярэдняй школы з залатым медалём Юрась паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў з чырвоным дыпломам.

У 2003 годзе ён абараніў дысертацыю на тэму "Моватворчая практыка Янкі Станкевіча (з гісторыі нармалізацыі беларускай мовы)". Выкладаў у БДУ, у Нацыянальным гуманітарным ліцэі ў Менску, у Карлавым універсітэце (Прага).

Журналістыкай Юрась займаўся ад 1994 года, працаваў у незалежных СМІ, на Радыё Рацыя, апошнія дзесяць гадоў - на Радыё Свабода.

Быў актыўным сябрам ТБМ. У Юрася Бушлякова засталіся бацькі і сын.


Справаздача Гарадзенскай гарадской рады ТБМ імя Ф. Скарыны аб рабоце за 2012 год

У справаздачны перыяд работа Гарадзенскай гарадской рады вялася ў цесным кантакце з абласной Радай ТБМ, з абласной бібліятэкай, музеем М. Багдановіча і іншымі ўстановамі культуры Гародні.

Паспяхова прайшла Агульнанацыянальная дыктоўка (200 чал.), дыктаваў Г. Бураўкін, выканаў песні А. Камоцкі. Праведзены шматлікія прэзентацыі новых беларускіх кніг: Г. Аўчыннікавай - 1-ы зб. вершаў, Н. Маліноўскай - Франхе - пра жывапіс Гарадзеншчыны ХІХ ст., падрыхтаванай М. Скоблам перапіскі Л. Геніюш "Лісты з Зэльвы", падрыхтаванай С. Шапранам кнігі В. Быкава "Гарадзенскі архіў" і інш. Праведзена вялікая гарадская вечарына, прысвечаная 120 - годдзю З. Верас, таксама вечарына (тэатралізаваная) памяці М. Багдановіча, круглы стол з удзелам шматлікіх навукоўцаў, прысвечаны 130 - годдзю Я. Купалы і Я. Коласа. Сябры ТБМ чынна ўдзельнічалі ў 7-ых гарадскіх чытаннях, прысвечаныя "Мужыцкай праўдзе".

Вялася работа з бацькамі патэнцыяльных першакласнікаў у выніку 6 вучняў пайшлі ў беларускія класы. Такая работа працягваецца. Рада надавала вялікую ўвагу падпісцы на газету "Наша слова". Рыхтаваўся чарговы, на 2013 год Гарадзенскі краязнаўчы каляндар. Сабраны і часткова пералічаны на сакратарыят ТБМ сяброўскія складкі за 2012 год.

Старшыня Рады Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ Пяткевіч А.М.


Справаздача аб дзейнасці Шклоўскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" ў 2012 годзе

У 2012 годзе праведзена наступная работа:

1. Сабраны і пералічаны фінансавыя ахвяраванні на дзейнасць ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

2. Сябры таварыства Аляксандр Грудзіна і Пётр Мігурскі прынялі ўдзел ў навукова-практычнай канферэнцыі "Магдэбургскае права на Магілёўшчыне: учора, сёння, заўтра". Па выніках канферэнцыі выдадзена кніга пад назвай "Магдэбургскае права на Магілёўшчыне: учора, сёння, заўтра. Магілёў, 2012 год". У кнізе, на беларускай мове, змешчана праца А. Грудзіны і П. Мігурскага "Гістарычны брэнд Шклова і прывабнасць інвестыцый".

3. Сябар таварыства Аляксандр Грудзіна:

- выступіў на рэспубліканскім радыёканале "Культура" і на раённым радыё з тэматычнымі краязнаўчамі паведамленнямі, якія прагучалі на беларускай мове.

- таксама па-беларуску агучаны даклад "З гісторыі Уваскрасенскай царквы Шклова" на навуковай канферэнцыі "Археалогія, этнаграфія і гісторыя Магілёўшчыны і Верхняга Падняпроўя", якая адбылася 18 - 19 снежня ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е.Р. Раманава.

4. Аўтарскія кнігі А. Грудзіны: "I родныя сэрцу мясціны..." ды "Мой радавод, мая сям'я", размешчаны на сайце Kamunikat.org. Беларуская інтэрнэт-бібліятэка .

5. Асобныя матэрыялы Л. Анціпенкі, А. Грудзіны, Р. Кастусёва, М. Кучарэнкі, П. Мігурскага грамадска-палітычнага, літаратурнага і гістарычна-краязнаўчага кірункаў друкаваліся ў газеце "Наша слова", а таксама ў раённай газеце "Ударны фронт", пазнавальна-аналітычнай мясцовай газеце "ШКЛОЎ-інфо" і беларускіх інтэрнэт-выданнях.

Старшыня Шклоўскай раённай арганізацыі ТБМ А. Грудзіна.


Летняя гістарычная школа пачала сваю працу

3 чэрвеня ў сядзібе ТБМ адбыліся першыя заняткі летняй гістарычнай школы з Алегам Трусавым.

Тэма першых заняткаў была прысвечана Лівонскай вайне і яе наступствам у беларускай гісторыі. Таксама разгледжана пытанне аб прычынах Люблінскай уніі і стварэння новай тагачаснай еўрапейскай дзяржавы - Рэчы Паспалітай. Былі прадэманстраваны два гістарычныя фільмы, у якіх вялася гаворка пра Мацея Стрыйкоўскага і Юзафата Кунцэвіча. Падчас заняткаў адбылася міні-віктарына, па выніках якой быў уручаны прыз - 2 дыскі Белсата "Гісторыя пад знакам Пагоні. ХVІІ ст."

На занятках прысутныя таксама даведаліся аб выхадзе ў свет новай кнігі доктара гістарычных навук Валянціна Голубева.

Наступныя заняткі ў школе адбудуцца 17 чэрвеня а 18-й гадзіне на сядзібе ТБМ. Тэма заняткаў "Берасцейская унія 1596 г. і яе наступствы".

Уваход на заняткі гістарычнай школы вольны.

Запрашаем усіх ахвочых.

Наш кар.


Гістарычна-культурніцкі фэст памяці паўстанцаў 1863 года

Сябры і прыхільнікі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны 2 чэрвеня арганізавалі і прынялі ўдзел у гістарычна-культурніцкім фэсце памяці паўстанцаў 1863 года ля Мілавідаў (Баранавіцкі раён).

Баранавіцкі райвыканкам забараніў правядзенне фэсту ў гонар 150-х угодкаў Мілавідскай бітвы 1863 года. Падставай для адмовы ў правядзенні гістарычна-культурніцкай акцыі стала тое, што ўлады нібыта самі плануюць зладзіць на тым жа месцы ў той жа час сваё мерапрыемства да 150-годдзя бітвы пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага і Аляксандра Лянкевіча.

Аднак грамадскія актывісты, якіх сабралася больш за 100 чалавек, калі 2 чэрвеня прыехалі на Мілавідскае поле, не ўбачылі там ніякіх прыкметаў афіцыйных урачыстасцяў.

Таму аматары беларускай гісторыі і культуры з Баранавічаў, Менска, Берасця, Слоніма і Івацэвічаў запалілі знічкі і ўсклалі кветкі да помнікаў у гонар паўстанцаў 1863 года. Аляксей Марачкін, Мікола Купава і іншыя мастакі ўсклалі да помніка ўласнаручна зроблены вянок з дубовых галінак, пераплецены бел-чырвона-белай стужкай. Затым прысутныя праспявалі гімн-малітву "Магутны Божа" ў гонар загінулых паўстанцаў і накіраваліся ў вёску Русіны на сядзібу Баранавіцкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы, дзе і прайшла ўрачыстая імпрэза, прысвечаная 150-годдзю гераічнай бітвы паўстанцаў.

Перад прысутнымі выступілі старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца, намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, вядомы ў Баранавічах краязнаўца, які шмат зрабіў для ўшанавання слынных землякоў Міхась Бернат. Пра мастацкае ўвасабленне паўстання 1863 года і яго кіраўніка Кастуся Каліноўскага ў беларускай літаратуры распавяла Анэля Камбалава. З цікавай прамовай, аздобленай вершамі выступіў кандыдат гістарычных і філалагічных навук Язэп Янушкевіч.

А пераможцамі гістарычнай віктарыны, прысвечанай паўстанню Кастуся Каліноўскага сталі Аляксандр Паўлоўскі, Ларыса Гоўша і Зміцер Рымша. Удзельнікі фэсту мелі мажлівасць надпісаць паштоўкі палітвязням, скарыстаўшыся "поштай касінераў", атрымаць у падарунак каляровыя і прыгожыя паштоўкі і буклеты, а таксама адмысловы нумар газеты "Мужыцкая праўда" ды пачаставацца караваем, аладкамі, кашай касінераў, прыгатаванымі ў палявых умовах. Не абышлося без традыцыйнага шведскага стала з бутэрбродамі.

Мастацкую частку імпрэзы склалі амаль паўнавартасныя канцэрты бардаў Зміцера Бартосіка і Віктара Шалкевіча, музыкі саксафаніста Валеры Шылы, рэканструкцыя двубояў Баранавіцкага рыцарскага клуба "Шляхецкая застава", а таксама дэманстрацыя сялянскага і шляхецкага адзення 19 ст., якую зрабіў каардынатар "Гістарычна-культурнай кампаніі 1863" Васіль Грынь і Юля Літвінава.

Перашкодаў з боку праваахоўнікаў не было.

Вітусь Свабодскі.


1-я Лідскія чытанні да 150-х угодкаў паўстання 1863 года

1-я Лідскія чытанні, прысвечаныя 150-м угодкам паўстання 1863 года, прайшлі 6 чэрвеня ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы.

На чытаннях прагучала восем дакладаў. З асобнымі эпізодамі паўстання пазнаёміў прысутных Леанід Лаўрэш (Ліда). Пра біяграфіі паўстанцаў распавядалі Надзея Крапівіна (Ваверка, "Біяграфія ксендза Раймунда Зямацкага), Лілея Шавяла (Ліда, "Баляслаў Колышка - двойчы павешаны"), Уладзімір Руль (Нача, "Сям'я Нарбутаў у паўстанні"). Пра мемарыялізацыю паўстання на Лідчыне расказаў Станіслаў Суднік (Ліда). Бібліяграфію паўстання акрэсліла Тарэза Толкун (Ліда), пра экспанаты Лідскага музея, звязаныя з паўстаннем паведаміла Наталля Валынец (Ліда). Пра паўстанне на Гарадзеншчыне далажыў Іван Буднік (Гародня). Ён жа прэзентаваў і сваю кнігу "Да падзеяў паўстання 1863-64 гадоў на Гарадзеншчыне", якая зусім нядаўна выйшла ў выдавецтве ЮрСаПрынт. У кнізе акрамя іншага распавядаецца, як гарадзенцы ўступалі ў аддзелы Людвіка Нарбута, вайсковага начальніка Лідскага павету, як спрабавалі з'ехаць на цягніку да станцыі Парэчча, каб далучыцца да Л. Нарбута.

Дарэчы, выдатны партрэт Людвіка Нарбута, намаляваны Міхаілам Меранковым па замове Лідскага музея ў канцы 80-х гадоў 20-га стагоддзя, як бы асвячаў чытанні, ствараў гістарызм атмасферы.

З фондаў музея былі выстаўлены і два медалі, якія ўручаліся ўдзельнікам задушэння паўстання. Уладзімір Руль прадставіў арыгінал кнігі Ўладзіслава Карбоўскага "Ludwik Narbut. Zyciorys wodza w powstaniu styczniowym na Lit-wie", выдадзеную 76-м Лідскім палком пяхоты імя Людвіка Нарбута ў 1933-35 гг. Полк дыслакаваўся тады ў Гародні.

Чытанні праводзіліся Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы і Лідскай гарадской арганізацыя ТБМ імя Францішка Скарыны. Па выніках чытанняў будзе выдадзены зборнік.

Яраслаў Грынкевіч.

На здымках: даклады чытаюць Надзея Крапівіна, Леанід Лаўрэш, Іван Буднік, Тарэза Толкун, Уладзімір Руль; вокладка кнігі Івана Будніка.


Лаўрэат прэмі імя Міколы Ганька - Эдуард Акулін

31 траўня на сядзібе ТБМ адбылося ўрачыстае ўганараванне міжнароднай прэміяй імя Міколы Ганька паэта, барда, галоўнага рэдактара моладзевага часопіса "Верасень" Эдуарда Акуліна. Як паведаміў Алег Трусаў, якому было даручана ўручэнне ўзнагароды, прэмія была заснавана ў 2009 годзе Марыяй Ганько ў гонар свайго мужа - вядомага грамадскага і палітычнага дзеяча, старшыні Згуртавання беларусаў Канады Міколы Ганька. Сёлета прэмія ўручалася ў пяты раз. Папярэднімі лаўрэатамі прэмі імя Міколы Ганька станавіліся: Вольга Іпатава, Віялета Кавалёва, Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", Зінаіда Крупская і Ніна Сакава. Атрымоўваючы ганаровы Дыплом з рук старшыні ТБМ імя Францішка Скарыны Алега Трусава, Эдуард Акулін сказаў, што гэтую прэмію ўспрыймае не як сваю асабістую, а як ўзнагароду ўсім маладым беларускім літаратарам, якія згуртаваліся вакол часопіса "Верасень". Напрыканцы цырымоніі Эдуард Акулін праспяваў для прысутных некалькі песень са свайго новага кампакт-дыска "Не магу жыць без крыл…"

Мікола Ганько (1924-1999) - дзеяч беларускай эміграцыі. Нарадзіўся ў Маладзечанскім раёне. У 1944-м выехаў з Беларусі ў Аўстрыю, а потым - у Канаду, дзе стаў адным з арганізатараў грамадскага жыцця беларускай дыяспары.

Наш кар.


Актуальныя лекцыі па фальклоры

Па запрашэнні вучонага сакратара Інстытута беларускай гісторыі і культуры А.Я. Тараса на сядзібе БНФ дзве лекцыі па фальклоры прачытала першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім.

Першая з іх адбылася 24 красавіка. Падчас лекцыі былі абмеркаваны актуальныя пытанні, датычныя тэрміналогіі, а таксама адносін да аўтэнтыкі і постфальклору. Слухачы маглі выказаць сваё меркаванне адносна ўспрымання фальклору і яго месца ў жыцці сучаснага грамадства.

Другая лекцыя (прайшла 29 траўня) была прысвечана пытанню ўласна беларускага фальклору.

Гаворка вялася пра жанры беларускага фальклору (песні, абрады, прыказкі і прымаўкі), а таксама пра іх сэнсавае напаўненне, філасафічнасць. Прысутныя задавалі пытанні, абмяняліся сваім асабістым досведам удзелу ў некаторых абрадах, выказалі занепакоенасць адносна вывучэння традыцыйнай беларускай культуры (фальклору) у сістэме школьнага навучання нашай краіны.

Наш кар.


На сядзібе Каліноўскіх прайшла талака

2 чэрвеня актывісты "Альтэрнатывы" правялі талаку на месцы былой сядзібы Каліноўскіх у Якушоўцы (вёска Свіслацкага раёна Гарадзенскай вобласці).

У Якушоўцы захаваўся падмурак былой ткацкай фабрыкі бацькоў Кастуся Каліноўскага - лідара нацыянальна-вызвольнага паўстання ў Беларусі і Літве ў 1863-1864 гг. Тут рэвалюцыянер жыў некаторы час. Цяпер на месцы сядзібы стаіць памятны камень і крыж, а таксама побач захавалася ліповая алея, пасаджаная братамі Каліноўскімі.

На месцы сядзібы і яе наваколлі актывісты арганізавалі прыборку. За тры гадзіны працы маладыя людзі перамаглі парослыя хмызнякі, крапіву, а таксама пакіданыя побач побытавыя адкіды. Затым ля памятнага крыжа быў узняты бел-чырвона-белы сцяг, прагучала сімвалічная малітва за Каліноўскіх і ўсіх іншых змагароў нацыянальнага паўстання 1863-1864 гг. Мерапрыемства прайшло без якіх-небудзь эксцэсаў.

Беларускае Радыё Рацыя.


Дзякуем за дапамогу!

Паважанае спадарства, сябры і прыхільнікі роднага слова!

Паведамляем вам, што за перыяд з 2-га па 31-га траўня ад вас паступіла ахвяраванняў амаль 40 мільёнаў рублёў. З вашай дапамогай мы зрабілі ўсе травеньскія выплаты і па стане на 31 траўня на нашым рахунку засталося 31 мільён 196 тысяч 825 рублёў, што дазваляе нам спакойна працаваць гэтым летам. Спісы ахвярадаўцаў (хто пажадаў) рэгулярна друкуюцца ў "Нашым слове", а потым выстаўляюцца на нашым партале.

Шаноўнае спадарства! Па вашых шматлікіх просьбах мы з дапамогай нашых маладых сяброў і прыхільнікаў з іншых грамадскіх арганізацый, за што мы ім выказваем вялікую ўдзячнасць, стварылі электронны кашалёк.

Цяпер можна ахвяраваць сродкі на дзейнасць Таварыства беларускай мовы ў рознай валюце электронным спосабам праз інтэрнэт на рахункі Webmoney: B113622712368 (беларускія рублі), E283244759093 (еўра), Z882246849825 (даляры). Пералічыць грошы таксама можна праз любое аддзяленне Белпошты на тыя ж рахункі Webmoney.

З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Васільчанка М. - 10000 р., г. Менск

2. Барцэвіч І. - 100000 р., г. Менск

3. Рэзнікаў А. - 60000 р., г. Менск

4. Мітцік Р.С. - 50000 р., г. Менск

5. Палсцюк В. - 200000 р. г. Менск

6. Лаўрысюк Л. - 20000 р., в. Пятрышкі Менскі р-н

7. Паўлюк С.Г. - 50000 р., г. Гомель

8. Шэлестава Т. - 20000 р., г. Менск

9. Макееў П. - 40000 р., г. Менск

10. Мяцельная - Н. - 30000 р., г. Менск

11. Семенас Л. - 150000 р., г. Паставы

12. Бялевіч Леў - 50000 р., г. Полацк

13. Ліцвінаў Я. - 100000 р., в. Бароўка, Добрушскі р-н

14. Кароткі М. -50000 р., г. Смілавічы

15. Малахоўскі М. - 10000 р., г. Менск

16. Горблік М.А. - 30000 р., г. Менск

17. Беражная А.В. - 100000 р., г. Ліда

18. Некраш Л.В. - 50000 р., г. Гародня

19. Рымар Роза - 50000 р., г. Гародня

20. Мартынчык Зміцер - 300000 р., г. Гародня

21. Раманчык Надзея - 50000 р., в. Падбор'е, Наваградскі р-н.

22. Лопух Людміла - 50000 р., в. Падбор'е, Наваградскі р-н

23. Содаль Клара - 50000 р., г. Менск

24. Пяткевіч Аляксей. - 200000 р., г. Гародня

25. Ляскоўскі Уладзіслаў - 200000 р., г.п. Шаркаўшчына

26. Кавальчук Галіна - 50000 р., г. Менск

27. Бабко Аркадзь - 50000 р., г. Менск

28. Менеўская Алена - 50000 р., г. Менск

29. Салавей А.Н. - 50000 р., г. Ліда

30. Турок Віктар - 20000 р., г. Гародня

31. Талерчык А.С. - 100000 р., г. Гародня

32. Загідулін А.І. - 20000 р., г. Гародня

33. Лепешаў Іван - 100000 р., г. Гародня

34. Сухоцкі - 50000 р., г. Менск

35. Джэгайла Уладзімір - 100000 р., г. Менск

36. Хацяноўская Н.М. - 100000 р., г. Менск

37. Шукевіч М.І. - 100000 р., г. Менск

38. Зялёнка Сяргей - 500000 р., г. Гародня

39. Чэчат Алесь - 50000 р., г. Менск

40. Казлоўская Іна - 30000 р., г. Менск

41. Фурс Антон - 100000 р., г. Паставы

42. Маргуноў Віталь - 20000 р., г. Магілёў

43. Бацвінаў І.С. - 30000 р., г. Орша

44. Жорава Т.С. - 200000 р., г. Менск

45. Сечка Зміцер - 50000 р., в. Грыбаўка, Салігорскі р-н

46. Бароўскі Анатоль - 200000 р., г. Гомель

47. Доўнар Павел - 100000 р., г. Менск

48. Якушаў А. - 100000 р., г.п. Макашэвічы

49. Петрашэвіч Міхаіл - 20000 р., г. Іванава

50. Юрась Бабіч - 50000 р., г. Віцебск

51. Сяргей Хілевіч - 50000 р., г. Пінск

52. Школа № 136 - 1163000 р., г. Менск

53. Грынкевіч Юрась - 100000 р., г. Берасце

54. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад

55. Баранава Т.Э. - 30000 р., г. Менск

56. Вештарт Галіна - 50000 р., г. Менск

57. Зялёнка Сяргей - 500000 р., г. Гародня

58. Хляба Ігар - 10000 р., г. Менск

59. Церашкова Вас. - 100000 р., г. Гародня

60. Іваноў Уладзіслаў - 75000 р., г. Віцебск

61. Маскаленка Павел - 20000 р., г. Менск

62. Лагуціна Марына - 50000 р., г. Менск

63. Дрыгайла Зміцер - 60000 р., г. Менск

64. Рэбета Мікола - 500000 р., г. Менск

Фрунзенская рада ТБМ

65. Чайкоўскі Павел - 50000 р., г. Менск

66. Лапенка Аляксей - 50000 р., г. Менск

67. Мускі Барыс - 100000 р., г. Менск

68. Раманцэвіч Валянціна - 50000 р., г. Менск

69. Чэчат Алесь - 100000 р., г. Менск

70. Давідоўскі Ігар - 100000 р., г. Менск

Чудзеніцкая суполка КХП - БНФ Лагойскага р-на

71. Басякоў Фёдар - 25000 р., настаўнік

72. Грушко Мікалай - 20000 р., пенсіянер

73. Занько Мікалай - 30000 р., прац. пенсіянер

74. Копаць Алег - 10000 р., вартаўнік

75. Яўмененка Мікалай - 20000 р., пенсіянер

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Паўстанне 1863 г. на Лідчыне

Заканчэнне, вынікі і наступствы

Заканчэнне паўстання на Лідчыне

Пасля паразы пад Дубічамі паўстанне на Лідчыне згасала. Напачатку чэрвеня новы ваенны кіраўнік Лідскага павету Астрога-Парадоўскі прыбыў са сваім аддзелам з Ашмянскага павету ў Доцішкі, да яго далучыліся паўстанцы аддзела Нарбута. Аднак узброены супраціў згасаў, не змог узняць людзей і новы энергічны цывільны начальнік павета Вітольд Гажыч .

6-я рота лейб-гвардыі Паўлаўскага палка, пад начальствам капітана Ўладзімірава, 2 чэрвеня зноў выступіла з Вільні на пошукі паўстанцаў на поўначы Лідскага павету. 15-га чэрвеня гэты атрад у Руднікаўскім лесе каля ракі Вясенча спаліў тры лагеры, а каля засценка Пакернаў, 17-га чэрвеня, рота нагнала і знішчыла невялікую групу паўстанцаў. Лік забітых інсургентаў невядомы, бо безупынны бой адбываўся ў такіх балотах, у якіх некаторыя салдаты правальваліся з галавой. Пасля гэтай справы рота вярнулася ў Вільню.

15-га чэрвеня ў Алькенікі прыехаў палкоўнік Уласаў з загадам ад Мураўёва "узяць ... 2 роты з 35 казакамі і ачысціць мясцовасць у наваколлях Эйшышак, Дубічаў, Забалаці і Радуні ад мяцежнікаў" . У склад гэтага атрада ўвайшлі 4-я і 2-я стралковая рота лейб-гвардыі Паўлаўскага палка і 25 казакаў. 16-га чэрвеня атрад выступіў з Алькенікаў і да 21чэрвеня шукаў інсургентаў, спачатку па памежных частках Гарадзенскай губерні, потым у лесе Гарадзенскай пушчы каля рэчкі Котры, але нікога не знайшоў.

16 чэрвеня расейцы атрымалі інфармацыю пра месцазнаходжанне аддзела Віславуха . Паўлаўцы разам з атрадам палкоўніка Алхазава 18 чэрвеня каля Пашышак нагналі аддзел Віславуха і "прымусілі да ўцёкаў" . У палон трапілі 6 паўстанцаў, з іх адзін цяжка паранены 15-цігадовы хлопчык. Яго пакінулі ў мясцовых людзей, бо ён не меў шанцаў выжыць. Сярод палонных - начальнік штаба аддзела Віславуха Задора (Ваньковіч) і фуражыр Палівода (Пяроўскі) .

20 ліпеня 2 стралковая рота паўлаўцаў была адпраўленая ў Алькенікі для канваявання палонных, a палкоўнік Уласаў з 4-й ротай лейб-гвардыі Паўлаўскага палка і ротай Інгерманландскага палка пайшоў у Эйшышкі, куды на раніцы 21 ліпеня прыбыла 2-я стралковая рота. Тут Уласаў атрымаў звесткі, што на поўначы гарадзенскай пушчы з'явіўся аддзел Астрогі-Парадоўскага. Расейцы, пасля поўдня 21 чэрвеня, выступілі па знаёмай дарозе да Начы, потым, 23 чэрвеня праз Дубічы яны прыйшлі да Шумы, "тут, пасля грунтоўнага распытвання, атраду было паказана месца, дзе знаходзілася хеўра. Па прыбыцці туды войскаў, вогнішчы яшчэ гарэлі, і шматлікія кінутыя гаспадарчыя прылады паказвалі, што хеўра нечакана і хутка пакінула лагер" . Расейцы амаль што без перапынку пайшлі па следу паўстанцаў, спыняючыся толькі, каб зварыць абед ці адпачыць некалькі гадзін. Афіцэр лейб-гвардзейскага Паўлаўскага палка Воранаў пісаў: "За суткі атрад рабіў значна больш за 50 вёрст, не маючы ніводнага адстаўшага... . Калі 25-га ў 11 гадзін атрад прыбыў у Парадунь, тут след хеўры згубіўся. Казакі паехалі адшукваць сляды, a атрад пачаў рыхтаваць абед. Толькі селі абедаць, як прыскакаў казак з весткай, што ў фальварку Доцішкі зноў бачныя сляды. Катлы вывернулі, і роты пайшлі фарсіраваным маршам. Прыбыўшы ў фальварак, пачалі рабіць ператрус. Спачатку гаспадар незвычайна ласкава сустрэў атрад, папярэджваючы ўсе жаданні і патрэбы салдатаў і афіцэраў. Салдаты яго звалі "повстанчик". ... у адной з адрын знайшлі воз з харчаваннем для інсургентаў, акрамя таго казакі данеслі, што за садам, на плаціне, відаць незвычайна шмат слядоў, туды і рушыў атрад. У лесе за плацінай, палкоўнік Уласаў загадаў рассыпацца 2-й стралковай роце, a астатнім ісці ў рэзерве. Раптам пасярэдзіне ланцуга раздаўся залп, атрад увесь рынуўся на стрэлы, пачалася перастрэлка. Мяцежнікі пачалі адыходзіць. Вялікая колькасць пакінутых імі запасаў, сведчыла, што хеўра моцна стомлена. Атрад пераследаваў яе безупынна да ночы, прычым яны страцілі ўвесь абоз, шмат забітымі і параненымі. Узятыя ў палон паказалі, што хеўрай камандаваў Астрога.

У другой палове чэрвеня роты варочаліся ў Вільню.

Узнагароды за справу былі наступныя:

Палкоўніку Ўласаву - Св. Уладзіміра 4-й ст. з мячамі і бантам. Св. Ганны 3-й ст. з мячамі і бантам - капітанам Юр'еву, Македонцаву і падпаручніку Леўману" .


Паўстанне сціхала, але камандзіры расейскіх атрадаў чамусьці лічылі што галоўныя бітвы яшчэ на перадзе і чакалі з'яўлення вялікіх паўстанцкіх аддзелаў. Захаваўся цікавы загад Мураўёва-Вешальніка ад 21 (7) чэрвеня 1863 г. у якім ён звяртае увагу на "частыя рапарты начальнікаў войскаў, якія ў сваіх данясеннях часам паказваюць быццам бы мяцежнікі з'яўляюцца ... велізарнымі хеўрамі ў некалькі тысяч. Гэта зусім неверагодна ... таму я прапаную ... паведамляць весткі пра колькасць хеўраў з большай дакладнасцю" . Але гледзячы па колькасным складзе войскаў, якія суправаджалі перавозкі, страх не праходзіў. Так, напрыклад, "22 чэрвеня ў 2 гадзіны раніцы выступіў з Вільні атрад з 2 рот Кастрамскога палка пры 9 казаках, пад камандаваннем маёра Вількена, для канваявання палітычнага злачынца і транспарта ў Ліду" .

Пасля некалькіх няўдалых сутыкненняў у чэрвені (Рудня, Шумы), Астрога-Парадоўскі адышоў пад Шчучын і ў Дзембраўскім лесе злучыўся з аддзелам Аляксандра Лянкевіча , злучаны атрад пайшоў у Гарадзенскую пушчу, потым пад напорам царскіх войскаў 9 жніўня перайшоў Нёман і аказаўся ў Аўгустоўскай губерні. Гэта быў апошні акт трагедыі паўстання бо ў чэрвені паўстанне на Лідчыне скончылася. Але рэпрэсіі новага губернатара Мураўёва-Вешальніка супраць непакорнага краю толькі пачыналіся. Мірон-Браніслаў Нарбут пісаў: "У ... паўстанні 1863 г. засцянковая шляхта пастаўляла найвялікшы кантынгент моладзі ў шэрагі народныя, несла апошні грош на ахвяру дзеля Краю, таму засцянковая шляхта цярпела найбольшы пераслед з боку ўраду. Спальваліся дамовыя пабудовы, забіраліся маёнткі і цэлыя сем'і шляхецкія высылаліся этапам у Сібір альбо ў глыб Расеі, нават без aніякай прычыны, дастаткова было даносу першага жандара альбо паліцыянта, што захоўваецца зброя, альбо што калісьці ў засценку хавалі паўстанца. Так у Лідскім павеце ў Дзембраўскай парафіі вынішчана цэлая ваколіца Шчукі і некалькі іншых" .

У чэрвені ў Вільні на Лукішках быў павешаны лідзянін Баляслаў Колышка , пра дзеянні якога ў Лідзе перад паўстаннем пісалася раней. Чыноўнік адміністрацыі Мураўёва Масолаў пісаў пра яго: "... малады чалавек 22 гадоў дваранін Лідскага павету ... вызначаўся сваімі здольнасцямі, характару быў адважнага, з цвёрдай воляй, як кажуць - сарвігалава. Ён стаяў на чале адной з трох галоўных хеўраў на Жмудзі..." . А відавочца пакарання, рускі афіцэр, князь Імерацінскі занатаваў: "... трымаў сябе ... з годнасцю і памёр без страху, без маладушных ваганняў: ён сам выштурхнуў лаўку з-пад сваіх ног" .

Лідскія ксяндзы ў паўстанні

Большасць рыма-каталіцкіх святароў падтрымала паўстанне.

Ксёндз-вікары Эйшышскага касцёла Стэфан-Юзаф Гарбачэўскі (1837-1895) стаў капеланам у аддзеле Нарбута. Прысутнасць святара ў аддзеле падымала дух змагароў, давала ўпэўненасць у недарэмнасць высілкаў i axвяраў. Згодна з паказаннямі палонных інсургентаў ксёндз Гарбачэўскі быў забіты ў баі . Але паўстанцы (можа адмыслова) і карнікі памыліліся, паранены ксёндз Гарбачэўскі выжыў, сяляне ўратавалі ягонае жыццё, і яму ўдалося эміграваць у Францыю. Гарбачэўскі працягваў пастырскае служэнне ў Парыжы, дзе нават меў дазвол ад біскупа адпускаць самыя цяжкія грахі ад яго імя, у 1880 г. пераехаў у амерыканскі горад Мілуокі, адтуль перабраўся ў Вільню штата Мінесота, а потым вярнуўся ў Мілуокі і працаваў выкладчыкам у школе.

У ліку першых пакаранне смерцю атрымаў ксёндз Станіслаў Ішора , вікары з парафіі ў Жалудку. Ксёндз прачытаў у касцёле паўстанчы маніфест і сам здаўся ўладам. Ён быў асуджаны ў Вільні на 5 гадоў катаргі, нягледзячы на амністыю, тых, хто сам здасца ўладам. Генерал-губернатар Назімаў змякчыў пакаранне да 5 гадоў высылкі. На няшчасце, 26 траўня ў Вільню прыбыў новы генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў-Вешальнік i замяніў прыгавор карай смерці. 3 чэрвеня (22.05) 1863 года ксёндз Ішора быў расстраляны на Лукішках, і стаўся першай ахвярай Мураўёва ў Вільні. Інспектар віленскай гімназіі Кулін В. П. успамінаў: "22 траўня ... Ускалыхнулася ўся Вільня. З раніцы на вуліцах, кірмашах і пляцах б'е барабан: аб'яўляе пра смяротнае пакаранне ... . На вуліцах незвычайны рух - усе імкнуцца ... на Лукішкі ... . З натоўпам народу бягу туды ж і я. Вось і пляц з фатальным слупам, уся плошча заліта народам, на атачаючых яе вышынях віднеюцца шматлікія групы жанчын у жалобе. Пачуліся крыкі: "Вядуць, вядуць". Наступілі страшныя хвіліны. Сэрца б'ецца пачашчана, цяжка дыхаецца. Чытаюць прысуд, шматтысячны натоўп здранцвеў. Раздаўся залп, за ім стогны жанчын" . А вось як апісаў пакаранне ксяндза Ішоры чыноўнік Мураўёва Масолаў: "... па вузкай Дамініканскай ... вялі на пакаранне смерцю ксендза Ішору. Наперадзе ехалі жандары і казакі, далей, акружаны салдатамі, бадзёра ішоў высокі, малады ксёндз прыемнага выгляду, ражкі маркотна дудзелі, побач з асуджаным ішоў духоўнік, а за працэсіяй і вакол яе, кіпеў неаглядны натоўп народу. Жанчыны былі ў чорным і гучна рыдалі. ... казалі, што да 20 тыс. народу сабралася на вялікае поле Лукішкі .... У гэты дзень у горадзе было змрочна .... Віна пакаранага была ў чытанні абуральнага маніфесту народу ў касцёле. Падобнае чытанне ... адбывалася амаль паўсюдна... . Ішора быў затрыманы адным з першых, і таму на яго ўпаў лёсік. Праз два дні былі расстраляны стары ксёндз Зямацкі і малады шляхціч Ляскоўскі . Я бачыў як яны ішлі на пакаранне смерцю ...".

4 чэрвеня 1933 г. у касцёле св. Якуба ў Вільні была пасвенчана мемарыяльная дошка памяці ксяндза з такім надпісам: "S. p. ks. Stanislaw Iszora, urodzony w Wilnie 12 kw. 1838 r., wikarjusz w Zoludku, kaplan bohater za sprawe Kosciola i Narodu, stracony w Wilnie na Lukiszkach 3 czrw. 1863 r. Czesc jego pamieci." ("С. п. кс. Станіслаў Ішора, народжаны ў Вільні 12 крас. 1838 г., вікары ў Жалудку, каплан-герой за справу касцёла і народу, страчаны ў Вільні на Лукішках 3 чэрв. 1863 г. Слава яго памяці") .

Mypaўёу замяніў пробашчу парафіі Ваверка ксяндзу Раймунду Зямацкаму прыгавор, які асуджаў яго на цяжкія працы, смяротнай карай праз расстрэл. Гэты святар таксама прачытаў у касцёле паўстанчы маніфест, быў арыштаваны 4 сакавіка (19 лютага) 1863 г., лідскім вайсковым начальнікам падпалкоўнікам Пініцкім і пад канвоем адпраўлены ў Вільню, дзе i быў расстраляны 5 чэрвеня. Відавочца успамінаў: "... Зямацкі - высокі, прыгожы ксёндз з блакітнымі вачыма, у якіх блішчала натхненне... ... памёр мужна, ён увесь час ішоў цвёрдым крокам, не глядзеў ні на кога, толькі на неба, і да апошняй хвіліны то ціха, то гучна маліўся".

23 ліпеня 1933 г. на касцёле св. Рафала ў Вільні адкрыта памятная дошка памяці ксяндза: "S. P. Ks. Rajmund Ziemacki, ur. w Losku 19 wrzesnia 1810 r. Uczestnik powstania 1831 r. Wikarjusz parafji sw. Rafala w Wilnie, nastepnie proboszcz w Wawiorce, powiatu Lidzkiego, Kaplan-Bohater, zginal smiercia meczeсska, rozstrzelany na placu Lukiskim w Wilnie 5 czerwca 1863 r." ("С. п. кс. Раймунд Зямацкагі, нар. у Лоску 19 верасня 1810 г. Удзельнік паўстання 1831 г. Вікары парафіі св. Рафала ў Вільні, пазней пробашч у Ваверцы, Лідскага павету, каплан-герой, загінуў смерцю пакутніка, расстраляны на пляцы Лукішкі ў Вільні 5 чэрвеня 1863 г.") .

Адам Фалькоўскі , пробашч Ішчалны, прачытаў паўстанчы маніфест i заклікаў сялян да паўстання. Арыштаваны 2 сакавіка 1863 г. i высланы з Ліды ў Вільню. Ён быў расстраляны ў Лідзе 24 (13) чэрвеня. Так пра гэтую падзею піша ксёндз-дэкан Гіпаліт Баярунец: "... каля 6 гадзін раніцы с.п. ксёндз Адам Фалькоўскі ішоў на месца страты засяроджаны і чытаў малітвы з кантычкі. Яго прывялі з Лідскай вязніцы да месца, дзе была выкапана яма і падрыхтавана свежая вапна ў вялікай бочцы. Яму зачыталі смяротны прыгавор, пасля чаго яго прывязалі да слупа і завязалі вочы. Грымнуў залп з казацкіх карабінаў. Ксёндз абвіс, як ужо мёртвы, потым яго адвязалі, укінулі цела без труны ў яму і залілі вапнай. Магілу закапалі, эскадрон казакаў на конях зацёр усялякі след магілы. Наш люд ціха назіраў і, стоячы ў розных пунктах, перасячэннем ліній акрэсліў месца магілы, а пасля адходу катаў аблажыў магілу камянямі. Паліцыя шматкратна раскідвала каменне, але наш добры народ заўсёды пазначаў тое мейсца чатырохвугольнікам з камянёў. ... . У 1919 годзе лідскія чыгуначнікі пры ўдзеле лідскіх абывацеляў задумалі ўшанаваць магілу ксяндза і паставіць помнік. Чыгуначнік Стэфан Лоўкіс узяў тую справу блізка да сэрца, зрабіў крыж з жалезных труб і падрыхтаваў цэмент для пастаноўкі помніка. Тады наступіла хвіліна, калі трэба было адшукаць магілу. Тыя людзі - жывыя ў 1919 годзе сведкі падзеі, паслухаўшы мае парады, сталі на тыя самыя месцы, як у 1863 годзе і на скрыжаванні ліній знайшлі магілу. Пры капанні ямы пад фундамент помніка натрапілі на камяні, а глыбей на вапну. Мейсца гэтае - бясспрэчна магіла страчанага ксяндза".

У міжваенныя гады імя Фалькоўскага насіла адна з цэнтральных вуліц горада. У 1940 годзе савецкія ўлады знеслі крыж і зруйнавалі магілу ксендза Адама Фалькоўскага. З 1996 г. грамадскасць горада вяла барацьбу за існаванне помніка на магіле Фалькоўскага, і ў выніку ў 2010 г. помнік на магіле ксендза быў адноўлены.

Да смерці прыгаварылі таксама ксендза Яна Кажанёўскага , вікарыя з Новага Двара. Ён таксама прачытаў у касцёле паўстанчы маніфест. Генерал-губернатар Назімаў выступіў, аднак, да цара з просьбай аб замене пакарання смерцю i атрымаў дазвол на кару 12 гадоў катаргі ў шахтах i пазбаўленне духоўнай годнасці. Ксендзу пашчасціла, што яго выслалі з Вільні ў Табольскую губерню перад прыездам Мураўёва.

Апрача ўпамянутага ўжо ксендза Кажанёўскага яго сусед, пробашч з парафіі Васілішкі ксёндз Сырвід Ануфры , быў пакараны за прачытанне маніфесту 12 гадамі катаргі ў шахтах Тамбоўскай губерні (Антоні Гжымала-Пшыбытка ў "Ziemi Lidzkiej" № 1 за 1937 г. сцвярджае, што гэта менавіта ксёндз Сырвід быў памілаваны па просьбе жонкі губернатара Патапава, у дзявоцтве княжны Абаленскай).

Ксендза Рамуальда Скібінскага , пробашча парафіі Дзембрава, пакаралі васьмігадовай катаргай у сібірскіх фабрыках, асуджаных на смерць ці на катаргу пазбаўлялі святарскай годнасці .

Адразу пасля страты 3 чэрвеня (22.05) 1863 года ксендза Ішоры, паўстанцы страцілі некалькі праваслаўных святароў, дапамагаўшых царскаму ўраду. Ужо 4 чэрвеня (23.05) за дапамагу ўраду быў забіты праваслаўны святар г. Суража Беластоцкага павету Гарадзенскай губерні Канстанцін Пракаповіч, 14 чэрвеня 1863 г. быў павешаны паўстанцамі псаломшчык Фёдар Юзяфовіч, які служыў у з. Святая Воля Пінскага павету, ён уваходзіў у так званы "атрад самаабароны" і для інсургентаў лічыўся жаўнерам варожага боку. Здаецца, да страты кс. Ішоры, паўстанцы не забівалі праўрадавыў праваслаўных святароў: ім галілі борады, падвяргалі маральнай абструкцыі і г.д.

(Працяг у нас. нумары.)

Леанід Лаўрэш


Новая кніга нашага аўтара

21 траўня выйшла нечаканая кніга Валера Санько. Нечаканая таму, што ён доўгія гады б'ецца над зборам інфармацыі, над пошукамі і праглядамі архіваў пра Чарнобыльскую катастрофу. Сустракаецца з ліквідатарамі, пацярпелымі дарослымі і дзецьмі. "НС" друкавала фрагменты.

Дакументальны раман "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе" павінны быў даўно выйсці, прынамсі летась або сёлета ў другім квартале. Два гады аўтар шукае спонсараў.

І раптам... сур'ёзная, важная аповесцьуява на зусім нечаканую, падавалася, для яго тэму, пра смерць усімі любімага Янкі Купалы.

У невялічкай рэцэнзіі Анатоля Валахановіча, якая падаецца на гэтай жа старонцы, пра кніжку сказана даволі аб'ёмна. Мы спынімся на дзвюх асаблівасцях.

Першая. Янка Купала прыязджаў у многія гарады, у тым ліку раённыя. Пра яго візіты на родную аўтару Случчыну на 146 старонках не ўзгадваецца ні разу, аб прыездзе і выступленнях у Лідзе напісана цэлая глава (усіх 39 і эпілог).

Другая. Усю чацвёртую старонку вокладкі займае найцікавы здымак. Невялікае адступленне.

...Ураджэнка вёскі Вялікая Сліва Слуцкага раёна Люба Кузьмінічна Санько (1918-2001) 46 гадоў працавала медсястрой у Вялікасліўскай бальніцы. Яна захавала даўнейшы здымак, важны для беларускай культуры, асветы, літаратуры: Янка Купала, Платон Галавач, Уладзімір Хадыка, выкладчыкі і навучэнцы аднаго з рабфакаў Горацкага сельскагаспадарчага інстытута, цяпер Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія. Усіх 32 чалавекі. Размяшчаўся той рабфак на Меншчыне ў Соснах Любаньскага раёна, у камуне БВА.

У траўні 1933 года на рабфак прыязджалі беларускія пісьменнікі, двойчы фатаграфаваліся. Сярод навучэнцаў на абодвух здымках Санько Аляксей Андрэевіч (1914-1941). Ён ураджэнец слуцкай вёскі Дудзеў (пераназванай саветамі ў Дзюдзева), за два кіламетры ад Грэска. А. А. Санько працаваў выкладчыкам хіміі і біялогіі, завучам Вялікасліўскай школы. Тут пабраўся з медсястрой Любай Лысай. Тут нарадзіліся абодва яго сыны, Валер і Ўладзімір.

З Вялікай Слівы настаўніка забралі ў армію ў 1938 годзе. Камандзір артылерыйскай гарматы, сяржант Аляксей Санько загінуў пад Ломжаю на Беласточчыне ў 1941 годзе. Як і загінулі ў баях на фронце абодва яго браты - Іван, Пятрок. Апошні з трох сыноў Санько Зосі Васільеўны - Пятрок - таксама загінуў пад Ломжаю, у 1944 годзе. На адным з тамашніх помнікаў савецкім байцам значыцца яго прозвішча.

На чацвёртай старонцы вокладкі сваёй кнігі "Дахаты пойдуць усе", Мінск, 1999, 216 стар., 750 экз., Валер Санько на каленях бліз помніка сваёй бабулі ў вёсцы Дудзеў; на гэтым помніку апрача партрэта памерлай Санько Зосі Васільеўны (1883 - 1969) партрэты ўсіх трох яе загінулых сыноў, Івана, Аляксея, Пятра. У Івана дзеці не паспелі нарадзіцца, Пятра забралі ў армію нежанатага.

...Рэдкі здымак народнага паэта, якога няма нават у музеі Янкі Купалы, цяпер упершыню надрукаваны - поўнасцю займае чацвёртую старонку кнігі Валера Санько "Грэх на іх нязмыўны". Выйшла мізэрным тыражом - 100 экз.

Бацька В. А. Санько на здымку стаіць у верхнім радзе пасярэдзіне, лабаты, высокі, у цёмнай кашулі, высока зашпіленай на шыі.

Для сувязі з аўтарам - Мінск, 220113, п/с 315.

Яраслаў Грынкевіч.


Упершыню смела пра гібель народнага Янкі

Пра жыццё і творчасць генія беларускай літаратуры Янкі Купалы напісана шмат, а пра смерць канкрэтна нічога. Пісьменнік Валер Санько з нечаканага боку зазірнуў за сцяну таямніцы гібелі першага народнага паэта Беларусі. Адкуль, што, як уведалася аўтару - сакрэт пісьменніка. Аднак логіка яго доказаў у аповесціўяве "Грэх на іх нязмыўны" сур'ёзная, праўдападобная. Прымусіць многіх задумацца.

Чытача прыцягнуць глыбокія філасофскія разважанні, гістарычная дакументальная фактура, часта малавядомая. Дапамагаюць аўтару праўдзіва, па-новаму ўзірацца ў тагачасныя падзеі на Беларусі не толькі адвага пісьменніка, а і працяглая праца ў архівах, празорная інтуіцыя доктара народнай медыцыны, шматгадовая рэдакцыйная і даследчыцкая праца. Так сцвярджае ў пасляслоўі "Дакументалізм і факталогія паядналіся з празорнасцю" доктар гістарычных навук прафесар Анатоль Грыцкевіч.

Кніга, якая толькі што выйшла з друку, найперш прывабіць увагу чытача нестандартнасцю падачы матэрыялаў, рубрыкацыяй, глыбокім гістарызмам.

...Двайныя стандарты, слабаволле і цярплівасць былі галоўнымі слабасцямі царскай імперыі, і рэўнасць цара нават да міністраў свайго ўраду, якія перааўтарытэтнівалі яго самога.

Менавіта па-гэтаму Мікалай ІІ не паслухаў дальнабачных эканамістаў і палітыкаў, нават Грышку Распуціна, якія папярэджвалі цара, крыкма крычалі: у набліжванай вайне Англіі і Францыі з Германіяй не патрэбна ўдзельнічаць Расіі. Канфлікту з Аўстра-Венгрыяй і Германіяй не было, у Расіі марскіх прэтэнзій да іх не было, абараняць свае калоніі ў барацьбе з імі не было патрэбы.

Вайна аслабіла Расію. З царом і яго ўрадам патаемна і адкрыта змагаліся фінансісты Амерыкі і Германіі, сацыялісты свету, рускія бальшавікі.

Цар прасцей простага мог разагнаць дэманстрацыю жанчын на вуліцах Пецярбурга, што барабанілі ў рандэлькі, міскі, бачкі. Цар мог на аўтамабілі ці ў карэце прыехаць з Магілёва ў Пецярбург, калі хітрамондрыя генералы з Генштаба не далі мажлівасці ехаць цягніком. Мог не падпісваць адмаўленне ад трона, калі недальнабачныя думцы, прафесура і генералы пагульвалі ў дэмакратычнасць і звышпрагрэсіўнасць, дамагаліся адрачэння Раманавых. Каб пасля выць і скавытаць "ах памыліліся, ах не прадбачылі". Багата што мог цар Мікалай ІІ. Прагапіў.

Пачаў цараванне з смяротнай для паўтары тысячы чалавек Хадынкі, закончыў яшчэ болей ганебна і крывава. Для сябе, дынастыі, краіны, свету.

Ленін, Троцкі, Дзяржынскі, Бухарын, Каменеў, Сталін крыўды абпечаных чулі сэрцам. Не мазгамі. Рэвалюцыйная мэтазгоднасць распараджалася імі, і баязлівасць адказу за ўтвораныя бясчынствы.

...Хаця краіну душылі засуха і голад, асабліва ў 1921 годзе Паволжа, Рускай праваслаўнай царкве савецкія не дазволілі арганізаваць дапамогу галоднікам. У жніўні 1921 года дазволілі АРА з ЗША і арганізацыі Фрыцёфа Нансена з Нарвегіі, сваёй царкве - не. Здыхаць будзем, аўтарытэт царквы не ўзвысім.

...130 высокіх інтэлігентаў (філосафы, гісторыкі, матэматыкі, літаратары, юрысты...) у верасні 1922 выслалі ў Германію. Еўропа разжылася. Без Трубяцкога, Якабсана ў іх доўга не было б структурнай лінгвістыкі, без Мікалая Бярдзяева - хрысціянскага экзістэнцыялізму, еўрапейскую гісторыяграфію абагацілі Мяльгуноў і Кізеватар. Узбагаціліся гэтым выдварэннем акадэмія ў Празе, Сарбона ў Парыжы. Для СССР тая высылка і ранейшыя/пазнейшыя выязныя плыні не меншая катастрофа, чым глабальныя расстрэлы і катаванні 1918-1921 гадоў.

Падобных вывадаў і аналізаў у кніжцы мноства, асабліва тычных падрыхтоўкі да забойства Янкі Купалы. Аўтар дэтальна, быццам ён 28 чэрвеня 1942 года прысутнічаў у гатэлі "Масква", калі здарылася няшчасце, апісвае змовы на забойства беларускага генія, выманьванне Купалы з нумара 414, а потым і з нумара 1034.

Няроўная схватка шасцідзесяцігадовага Купалы з расляком і мацаком забойцам Карнеем Лапухом, удзел жанчыны ў перакульванні паэта ў праём гатэльнай лесвіцы, расследаванне забойства, дзеянні Аляксандра Фадзеева, Іосіфа Сталіна, Лаўрэна Берыі па высвятленні ганебнай недарэчнасці ў сталіцы гмахкай дзяржавы, пакуты забойцы на Тым свеце - гэта толькі асобныя з 39 главаў аповесціўявы.

Неабходна падкрэсліць раскаванасць стылю аўтара, шырокае выкарыстанне дыялектызмаў, новатвораў.

Да недахопаў можна аднесці наступнае. Ксеракс паведамлення з ФСБ Расіі ад 18.6.96 не мае спасылкі, невядома адкуль яно ўзята. Пісьмо адмоўнага героя палкоўніка Панамара на імя Сталіна не поўнасцю цытуецца. Страшэнна мізэрны тыраж важнай, крайне патрэбнай для Беларусі кніжкі, усяго сто экзэмпляраў.

Зверне ўвагу кожнага здымак на ўсю чацвёртую старонку вокладкі - Янка Купала, Платон Галавач, Уладзімір Хадыка, выкладчыкі і навучэнцы рабфака ў Соснах Любаньскага раёна (травень, 1933). Сярод іх бацька аўтара. Здымак друкуецца ўпершыню ў Беларусі.

Анатоль Валахановіч , пісьменнік, краязнавец.


Календары на роднай мове

У далёкія 30-я гады мінулага стагоддзя ў Заходняй Беларусі выдавецтвам з Вільні выпускаліся адрыўныя календары на нашай роднай мове. Ужо ў наш час дзеці на гарышчы знайшлі палавінкі календароў за 1935 і 1938 гады. Колькі тут цікавага! Тут і дыялогі-жарты, накіраваныя супраць фанабэрлівых паноў, і практычныя парады земляробам на кожны месяц, парады аб лячэнні зёлкамі, аб асабістай гігіене, тут шмат розных памятак для дому, для сям'і. З задавальненнем чытаем цудоўныя вершы Я. Купалы, М. Машары, М. Васілька, М. Чарота, М. Танка. Чырвонымі літарамі выразным шрыфтам змешчаны шматлікія заклікі да беларусаў, каб любілі свой край, пазнавалі людзей, якія жывуць у ім, мінуўшчыну краю, просьба не адракацца сваёй мовы, сваіх звычаяў.

Даецца рэклама кніжак па таннай цане Віленскай друкарні (Вільня тады была нашым асноўным горадам) з такімі заклікамі: "Браты беларусы! Чытайце свае родныя беларускія кніжкі і газэты!" або: "Бацькі Беларусы, вучэце дзетак сваіх роднае беларускае граматы!".

А ёсць проста унікальныя артыкулы аб высокай культуры Беларусі ў справе кнігадрукавання, аб чысціні беларускай нацыі, у адрозненне ад рускай, аб старажытнай пісьменнасці. Сэрца чытачоў поўнілася гонарам, што ты - беларус, і мова твая самая прыгожая, мілагучная, як матчына песня. Па-гэтаму хочаца прыпомніць словы Алеся Гаруна: " Як не зрокся

яе под прымусам,

Так і вольны

цяпер не зракайся."

А мы, сучасныя, вольныя, зракліся яе, узяўшы мову чужой суседняй краіны.

Да свайго артыкула дадаю некалькі жартаў з календара, якія калісьці былі надрукаваны ў нашай сапраўды, дзякуючы рэдактару Васілю Кузьмічу, беларускай газеце Наваградскага р-на "Новае жыццё з маёй падачы.

Надзея Раманчык.

Жарты з 1935 года

Запаведзі Сталіна

У "Апошніх навінах" падаецца жарт пра "шэсць Сталінаўскіх запаведзяў", які яскрава характарызуе сучаснае жыццё і становішча інтэлігенцыі ў Расеі:

1) не думай, 2) калі думаеш - не гавары, 3) калі сказаў - не пішы, 4) калі напісаў - не друкуй, 5) калі надрукваў - не падпісвай, 6) калі падпісаўся - зрачыся.

Тры гадзіны абеду

Прыехаўшыя ў Вільню шукаюць рэстарану. У вакне бачаць надпіс: "Абеды ад 12 гадзіны да 3-й - 1 зл.".

- Ну, - кажуць, - ідзём сюды, тры гадзіны есці за адзін злот... варта.


Прырода творчасці - талент

Кніга аўтарскіх вершаваных загадак шырока вядомага ў Беларусі і за яе межамі беларускага пісьменніка, літаратурнага крытыка, перакладчыка, букварыста (стваральніка буквароў) і педагога-метадыста Анатоля Клышкі "Тысяча арэшкаў" (Загадкі для дзяцей і дарослых), падпісаная ў друк напрыканцы мінулага года ў выдавецкім рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве "Народная асвета", нядаўна выйшла ў свет. Назва выдання - не выпадковая: у ім прадстаўлены для адгадак ("разгрызання") аж тысяча загадак ("арэшкаў"). Навукова і побытава прызнана, што для народных загадак уласцівы трапнасць выразаў, афарыстычнасць і сцісласць формы. Адначасова ў загадках, як у прыказках і прымаўках, адлюстраваны багаты гаспадарчы і жыццёвы досвед народа (грамадства), а таксама яго творчая кемлівасць, дасціпны гумар, паэтычная здольнасць. Вось жа дадзеным патрабаванням адпавядае пераважная большасць твораў гэтай малой формы - дзіцячага і дарослага жанру нашага аўтара. Заўважым, што, запрашаючы шаноўных чытачоў частавацца ягонымі арэшкамі, А. Клышка далікатна просіць чытача "не крыўдаваць, калі замест хрумсткага зярнятка часам трапіцца, як даўней казалі, спалены маланкаю арэх". Як педагог- метадыст ён звяртае ўвагу на тое, што гэтымі "арэшкамі" змястоўна, весела і карысна бацькі могуць разнастаіць часіны адпачынку сваіх дзяцей, а настаўнікі і выхавацельнікі знойдуць у іх добрага, зацікаўленага памочніка для правядзення заняткаў, свят, конкурсаў, віктарын і іншых пазашкольных, пазаўрокавых заняткаў. I што паказальна - кароткая, уражлівая, а таму запамінальная загадка, вядома, добра вучыць роднай мове.

А цяпер больш канкрэтна колькі слоў да некаторых узорных "арэшкаў" А. Клышкі. Метафарычнасць не столькі слова, колькі сутнасці і зместу з'яў і прадметаў ягонай кнігі распаўсюджваецца на акаляючае нас асяроддзе, і таму праз прызму параўнанняў яно - заўсёды новае, свежае, нечаканае: "Якія астры - люба глянуць. Уночы цвітуць, раніцай вянуць" (Зоркі), "Возьмеш болей ці меней - не ўтрымаеш у жмені" (Вада); перамены у стане прыроды: "Ледзь сонца ўзыходзіць - ён за табою ўсё ходзіць і ходзіць" (Цень), "Звечара ўпала, уранні прапала" (Раса); жыццё чалавека: "Так адначасна яно адбываецца: і падаўжаецца, і скарачаецца (Чалавечае жыццё), "Аднаго ўзросту, ды рознага росту" (Пальцы); сродкі перамяшчэння: "Праз раку наўпрост шыбуе мост" (Паром), "Дапаможа дарогу ўсім перайсці, хоць сам не можа і кроку прайсці" (Светлафор); дзікую і свойскую жывёлу: "Сыкае з куста вяроўка, на спіне - татуіроўка" (Гадзюка), "Яна не баіцца хваста пазбыцца" (Яшчарка), "Вось так і жыве. Спачатку паесць, а пасля жуе" (Карова), "Ідзе крадком, хвост слупком" (Кот); птушак: "Сам сабе ў ладкі б'е, а ўжо потым пяе" (Певень), "У другіх крок, а ў яго падскок" (Верабей); расліны: "Шпількі, іголкі - не злічыш колькі!" (Яліна), "Белымі гарошынамі зялёны ліст упрыгожаны" (Ландыш) і г.д. і д.т.п. Наменклатуру гэтай парадыгмы можна было б значна пашырыць, назваць і болей прыкладаў, але не будзем шаноўных чытачоў пазбаўляць асалоды вучыцца лагічна разважаць, мысліць вобразна, абгрунтоўваць адказы, даказваць. Толькі неабходна дадаць, што мала што з чалавечага жыцця засталося тут па-за ўвагай кругабегу: ад загадкі да адгадкі і ад адгадкі - да загадкі. А іх у кнізе - аж тысяча адзінак.

Для большасці загадак кнігі характэрна бяручая ў палон увагу і памяць чытача ўражваючая сваёй дакладнасцю вобразнасць: "Блакітны сабор узняўся да зор" (Неба), "У зімовую пару расце коранем угару" (Лядзяш), "Праз чорную нару ляціць угару" (Дым праз комін), "Акружнасць і дугу я правяду на бягу" (Цыркуль), "З-пад столі букет глядзіць на паркет" (Люстра), "Хоць многа вопраткі ў яе, ды ні адну не надзяе" (Шафа), "Пстрык! I жывую хвіліну зрабіў успамінам" (Фотаапарат) і г. д. і д. п. Здольнасць аўтара паказаць звычайныя з'явы і рэчы ў іх нечаканым, так бы мовіць, варыянце ідзе, безумоўна, ад яго здольнасці дапытліва-адкрыццёва назіраць свет. А наступная яго каштоўная здольнасць - свае назіранні па-майстэрску ўвасабляць у слова. Усё гэта разам дае цудоўны шматбаковы вынік: "Які ты - моўчкі пакажа, але ні слова табе не скажа" (Люстэрка), "Узмах - і над галавою дах" (Парасон), "Праўды пільнуецца, таму і хвалюецца" (Вага), "I яна робіць з мухі слана" (Лупа) і г.д. і д.т.п. Менавіта ў гэтым раскрываецца творчая індывідуальнасць аўтара "Арэшкаў". Але немагчыма не заўважыць, што названа аўтарская рыса выводзіць яго творчасць на адну лінію з творчасцю народнай. А гэта сведчыць аб сапраўдным таленце, таленце, скажам без перабольшання, народным. Зробім параўнанні: "I сам не гам і птушкам не дам" (Пудзіла), "I сам не гам і другому не дам" (Народная прыказка); "Поле арэ, а сена і ў рот не бярэ" (Трактар), "Ем я вугаль, п'ю ваду, цягну абоз на сто калёс" - так народная загадка "зашыфравала" паравоз. Прыклады можна доўжыць, але і так бачым, што прырода творчасці і тут, і там адна - талент.

I яшчэ трэба адзначыць, што з-пад пяра А. Клышкі і раней выходзілі загадкі (зборнік "Вярэнька загадак", 1989 г.), і што яго загадкі перакладаліся на рускую, літоўскую, польскую і іншыя мовы.

Напрыканцы неабходна адзначыць, што мастацкае і тэхнічнае афармленне выдання выканана на высокім прафесійным узроўні. Асабліва прывабна выглядае вокладка кнігі. Здаецца, малюнак, на якім паказаны гарэзліва-загадкавы твар дзяўчынкі і задуменная заклапочанасць хлопчыка, дадае, як кажуць у добрым сэнсе, інтрыгі "Тысячы арэшкаў". Аўтара, выдавецкіх работнікаў, а чытачоў усё ж у першую чаргу застаецца толькі павіншаваць з такім карысным і прыемным выданнем.

ЯЎГЕН ГУЧОК.


НАША МАРКА - У ДЗЯСЯТЦЫ НАЙЛЕПШЫХ

Адной з самых пазнавальных беларускіх святынь - крыжу Ефрасінні Полацкай - прысвечаны дзве айчынныя маркі. Першая (у тым ліку - у незалежнай Беларусі) выйшла ў свет у 1992 годзе, другая - прымеркаваная да 850-годдзя Крыжа - у 2011-м. Менавіта гэтая паштовая мініяцюра і трапіла ў дзясятку найлепшых на штогадовым сусветным конкурсе марак, які прайшоў у сталіцы Аўстрыі.

На вялікі прыз выстаўкі WIPA, як патлумачылі спецыялісты выдавецкага цэнтра "Марка" рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белпошта", прэтэндавалі маркі 65 краін. Так што канкурэнцыя была досыць жорсткай. У пераможцы ў выніку выйшлі мініяцюры Ліхтэнштэйна, Чэхіі, Ватыкана, Швейцарыі... Наша марка заняла ганаровае сёмае месца, што, вядома ж, павысіць цікавасць філатэлістаў свету, у тым ліку - і да Беларусі.

Аформілі паштовы блок мастакі Андрэй Мамаеў і Іван Лукін.

Валянціна ДОЎНАР.


Падарунак калекцыянерам

Цікавую для аматараў калекцыянавання справу распачало Беларускае рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне калекцыянераў, якое ўзначальвае Суднік І.У. - выданне серыі памятных манетавідных жэтонаў наміналам у 2 белары.

Мы ўжо прывыклі да памятных і юбілейных манет, якія з 1995 года ў медна-нікелевым сплаве, а таксама ў каштоўных металах выпускае Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь Але не на ўсе падзеі гістарычнага і культурнага жыцця можа адазвацца гэтая дзяржаўная ўстанова, бо план выпуску манет складаецца загадзя і не заўсёды ўлічвае тыя даты, якія варты ўшанавання ў нашай нумізматыцы. Так, у 2011 годзе старажытная сталіца Вялікага Княства Літоўскага Наваградак адзначаў 500-годдзе надання гораду Магдэбургскага права. Нацбанк РБ гэтую дату праігнараваў. Затое не засталося ў баку Таварыства калекцыянераў, адзначыўшы гэтую дату выпускам манетавіднага жэтона вартасцю 2 белары. Жэтон, у адрозненне ад манеты, не з'яўляецца сродкам аплаты. Яго характарыстыкі і метал - Сu 59%, Zп 41%, вага - 16,5 г. якасць - анцыркулейтэд, дыяметр - 32 мм. Наклад - 200 экз., год выпуску - 2012. Вытворца: Рэспубліка Беларусь, НВТАА "Элком". Дызайн жэтона - В. Калясінскі. На аверсе - намінал 2 белары, год выпуску - 2011, па дыяметры - Беларускае рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне калекцыянераў. На рэверсе выява герба Наваградка (1511-2011) у верхнім сектары "Навагрудак, у ніжнім сектары надпіс. "Магдэбургскае права".

Горад атрымаў Магдэбургскае права ў 1511 годзе, герб - 18 сакавіка 1555 года, на якім у чырвоным полі знаходзіцца выява Арханёла Міхаіла ў чорным узбраенні з крыламі за спіной, які стаіць на зялёным пагорку, у правай руцэ трымае меч, у левай - шалі.

А ў мінулым годзе памятным жэтонам ў 2 белары было адзначана 450 годдзе кнігадрукавання па-старабеларуску на тэрыторыі Беларусі. У 1562 годзе Мацеем Кавячынскім і Лаўрэнам Крышкоўскім было арганізавана кнігадрукаванне ў Нясвіжы. Першай нясвіжскай друкаванай кнігай быў кірылічны "Катэхісіс, то ест наука стародавняя хрысціанская ат святога пісьма для простых людзей языка руского, в пытанніах і отказех с'брана". Напісаны клецкім прапаведнікам Сымонам Будным. Гэта была першая кніга на беларускай мове, надрукаваная на тэрыторыі Беларусі.

На аверсе выява амаль аналагічная папярэдняму жэтону, толькі вакол намінала - у верхнім сектары паўколам арнамент. На рэверсе - выява Сымона Буднага і тытульны ліст яго "Катэхізіса".

Асноўныя характарыстыкі гэтага жэтона: метал - Сu 63% Zп37% (частка тыражу - пад "золата", мае залацістае пакрыцце і частка пад "серабро" (пакрыццё - нікелевае), вага - 16,63 г, якасць - антыцыркулейтэд, дыяметр 32,3 мм, год выпуску - 2012.

Вытворца: Рэспубліка Беларусь, УП "Сэнс" Дызайн і гэтага жэтона выканаў В. Калясінскі. Варта адзначыць высокія мастацкія якасці жэтонаў, дакладную прапрацоўку самых дробных дэталяў выявы "Катэхізіса"

У заключэнне хочацца павіншаваць Таварыства калекцыянераў з выдатным пачынам - выданнем серыі манетавідных жэтонаў. Асабліва радуе, што жэтоны і буклеты да іх выкананы па-беларуску. Шкада, што тыраж вельмі малы, і не кожны калекцыянер і аматар гісторыі зможа набыць гэтыя цудоўныя мініяцюры ў метале.

Хто зацікавіўся жэтонамі, звяртайцеся ў Беларускае рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне калекцыянераў. (Кожная нядзеля ў Палацы культуры чыгунначнікаў - 9.00 - 12.00).

Алесь Чэчат.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX