Вярнуцца: 2013

№ 25 (1124)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 25 (1124) 19 чэрвеня 2013 г.


Без Быкава не было б Беларускага Народнага Фронту

Сёння 89 гадоў з дня народзінаў Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава

Я хачу расказаць пра Васіля Быкава як пра аднаго з самых вядомых беларускіх палітыкаў другой паловы дваццатага стагоддзя.

Справа ў тым, што першы раз ён стаў палітыкам у часы перабудовы, калі, будучы беспартыйным, але Героем Сацыялістычнай Працы, быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР. І вось яны разам з другім дэпутатам-беларусам, вядомым пісьменнікам Алесем Адамовічам, зрабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб і ў БССР перабудова пачала дзейнічаць. І дзякуючы ім з'явіліся ўнікальныя публікацыі ў часопісе "Огонёк", іншых саюзных выданнях. І крылатае выслоўе пра Беларусь як Вандэю перабудовы, выказанае Адамовічам і падтрыманае Быкавым, адыграла вялікую ролю ў Беларусі, і дэмакратычныя сілы стварылі Беларускі Народны Фронт менавіта дзякуючы Васілю Быкаву.

Мне пашанцавала ўдзельнічаць у стварэнні БНФ 19 кастрычніка 1988 года, і ўсё гэта было на маіх вачах. Калі сітуацыя была крытычная, і калі вядоўцу сходу Міхася Дубянецкага прадстаўнікі ЦК КПБ фактычна адштурхнулі ад мікрафона, выйшаў Быкаў, рэзкім такім рухам адштурхнуў прадстаўніка ЦК КПБ і правёў гэты ўстаноўчы сход да канца.

Ну, а потым, калі ўжо аргкамітэт у складзе трыццаці пяці чалавек быў створаны, мяне сябры Быкава запрасілі да яго на кватэру. Васіль Уладзіміравіч сказаў мне: "Алег, тут такая сітуацыя, што трэба, каб ты кіраўніком вылучыў спадара Васіля Якавенку. І, калі ласка, лішніх пытанняў мне не задавай".

Я так і зрабіў. І на першым паседжанні аргкамітэту старшынём быў абраны камуніст, вядомы абаронца беларускага Палесся, змагар з чарнобыльскай навалай Васіль Якавенка. І, магчыма, гэта адыграла сваю ролю, бо спачатку прадстаўнікі так званай Вандэі не зусім зразумелі, які аргкамітэт якога фронту створаны. І толькі вясной дзесьці ў сакавіку ўжо кіраўніком быў абраны Зянон Пазьняк.

Так што Быкаў быў палітыкам-стратэгам. Ну, і першая партыя, у якую ён уступіў і быў у яе кіраўніцтве, - гэта была Партыя БНФ, якая нядаўна адзначала 20-я ўгодкі.

На ўсіх пасяджэннях Сойму БНФ мне даводзілася побач сядзець і з Барадуліным, і з Быкавым. Быкаў выказваў надзвычай разумныя прапановы. На жаль, не заўжды яго слухаліся.

І каб Васіль Уладзіміравіч пагадзіўся выставіць сваю кандыдатуру ў 1994 годзе ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, магчыма, лёс нашай гісторыі быў бы зусім іншы. Але па розных абставінах ён гэтага не зрабіў. Можна было і зразумець, чаму. Ну, і мы маем тое, што маем.

Алег Трусаў.


60 гадоў Івану Роўду

РОЎДА Іван Сямёнавіч (н. 13.6.1953, г. Мядзел Менскай вобл.), беларускі мовазнавец. Доктар філалагічных навук (1996), прафесар (2000). Скончыў БДУ (1975), з 1975 працуе ў ім (з 1996 намеснік дэкана філалалагічнага факультэта, з 1999 загадчык кафедры). Даследаванні па супастаўляльным мовазнаўстве, лексікалогіі, словаўтварэнні. Аўтар кнігі "Рознаўзроўневая намінатыўная адпаведнасць беларускай і рускай моў" (1999), сааўтар кніг "Сучасная руская мова: Практыкум па арфаэпіі, арфаграфіі, пунктуацыі" (1989), "Слоўніка беларускай мовы" (2001), падручнікаў па беларускай мове для пачатковай школы, падручнікаў і дапаможнікаў па рускай мове для сярэдняй школы і ВНУ і інш.

БЭ.


Юрасю Хадыку - 75

Хадыка Юры Віктаравіч , нарадзіўся 23 чэрвеня 1938 года ў горадзе Менску.

Скончыў фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1960). Доктар фізіка-матэматычных навук (1976), прафесар, тэма дысертацыі: "Аптычныя характарыстыкі факелаў балістычных ракет".

Працаваў у Інстытуце фізікі АН Беларусі (з 1960): малодшы, старэйшы навуковы супрацоўнік, кіраўнік групы пры дырэкцыі, загадчык лабараторыі ва Ўсесаюзнай кааперацыі па стварэнні касмічнай сістэмы ранняга папярэджання пра ракетны напад. У 1975 узначаліў секцыю ў камісіі АН СССР па распрацоўцы прагнозу развіцця оптыка-электронных сродкаў выведкі на 15 гадоў.

Увосень 1969 стварыў у АН БССР семінар па вывучэнні беларускага мастацтва мінулых стагоддзяў, што дазволіла ў 1979 годзе адкрыць у АН Музей старабеларускай культуры.

З 1988 актывіст дэмакратычнага руху ў Беларусі. Намеснік старшыні Беларускага народнага фронту (з 1989), чалец наглядальнай рады Беларускага Хельсінкскага камітэту (1996 - 2000), прарэктар Народнага ўніверсітэта (1997 - 2000), самай масавай праграмы Грамадскага навукова-аналітычнага Цэнтра "Беларуская перспектыва", і рэдактар бюлетэня Народнага ўніверсітэта, чалец рэдакцыйнай рады часопіса "Адкрытае грамадства" (з 1998), старшыня аргкамітэту Кангрэса дэмакратычных сіл (з 2000). Сябар ТБМ імя Ф. Скарыны ад моманту заснавання.

Быў арыштаваны за ўдзел у шэсці "Чарнобыльскі шлях-96", якое ўлады спрабавалі спыніць сілавымі метадамі. Пратэстуючы супраць безпадстаўнага затрымання, амаль месяц трымаў галадоўку. Быў вызвалены пад ціскам акцый пратэсту ў Беларусі, выступленняў замежнай грамадскасці і лідараў розных краін, у тым ліку Б. Ельцына.

Адзін з актывістаў грэка-каталіцкай (уніяцкай) грамады.

Жанаты, двое сыноў.

Узнагароды: першая прэмія Савета Міністраў СССР за ўвод у лад другой чаргі касмічнай сістэмы ранняга папярэджання пра ракетны напад, медаль у адзначэнне 100-годдзя з дня нараджэння В.І. Леніна.

Працы: каля 150 навуковых прац па фізіцы і каля 200 навукова-тэхнічных справаздач, а таксама каля 30 публікацый па гісторыі беларускага мастацтва.

Вікіпедыя.


Беларуская мова пад пагрозай

Зварот Сакратарыяту ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" да грамадзян Беларусі

Мы вельмі занепакоены колькасцю ўдзельнікаў цэнтральнага тэставання па беларускай мове.

Калі на пачатку 2000-х гадоў ЦТ па беларускай і рускай мовах пісала прыблізна роўная колькасць абітурыентаў, то сёлета жадаючых здаваць ЦТ па беларускай мове амаль у два з паловай разы менш, чым тых, хто будзе пісаць экзаменацыйны тэст па рускай мове. Згодна са статыстыкай на ЦТ па беларускай мове зарэгістравалася 33 тысячы 564 чалавекі, а па рускай - 83.829. Тэст па гісторыі Беларусі па-беларуску будуць пісаць менш за 20% абітурыентаў, а зусім нядаўна такіх было больш за 60%.

Адной з прычын такога становішча з'яўляецца пераход выкладання гісторыі Беларусі і геаграфіі ў школах з рознымі мовамі навучання з беларускай на рускую мову. Пасля адпаведных намаганняў ТБМ Міністэрства адукацыі "дазволіла" выкладаць гэтыя прадметы па-беларуску з улікам пажадання навучэнцаў, законных прадстаўнікоў непаўнагадовых.

Паўплываць на сітуацыю магло б ўвядзенне абавязковай здачы ЦТ адразу па дзвюх дзяржаўных мовах.

Таму мы звяртаемся да ўсіх грамадзян нашай краіны, якія хочуць, каб беларускае слова свабодна гучала ва ўсіх сферах нашага грамадства, зрабіць наступнае:

1. Накіроўваць свае лісты ў Міністэрства адукацыі з патрабаваннем зрабіць у наступным годзе абавязковай здачу ЦТ адначасова па абедзвюх дзяржаўных мовах.

2. Грамадзяне, якія маюць дзяцей-школьнікаў, могуць да 1 жніўня напісаць адпаведныя заявы на імя дырэктароў школ, каб выкладанне гісторыі Беларусі і геаграфіі для іх дзяцей праводзілася на беларускай мове, згодна з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі.

3. Абітурыенты, якія паступілі ў ВНУ і хочуць навучацца па-беларуску, могуць напісаць адпаведную заяву на імя рэктара падчас залічэння.

4. Бацькі, якія маюць малых дзетак, павінны загадзя паклапаціцца пра тое, каб даць сваім дзецям беларускамоўнае выхаванне і навучанне, звярнуцца ва ўстановы адукацыі з адпаведнымі заявамі напярэдадні навучальнага года, да пачатку жніўня.

Шаноўнае спадарства! Толькі захаваўшы сваю мову, мы можам захаваць сваю незалежнасць.

Быць сапраўдным гаспадаром у сваёй краіне і жыць годна можна, толькі шануючы родную мову, размаўляючы на ёй паўсюль і штодня!

11. 06. 2013 г.


Быкава трэба чытаць

Васіль Быкаў… Што сабой уяўляе гэтая асоба на арэне беларускай літаратуры, ведае не толькі славянскі, але і сусветны чытач. Васіль Быкаў - Вялікі Беларус. Гэтае імя глыбока закладзена і залатымі літарамі прапісана ў гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя.

Васіль Быкаў - пісьменнік праўды, пісьменнік ваеннай тэматыкі. Аднойчы сам ён прызнаўся, што "пра герояў і гераізм пісалі і заўсёды будуць пісаць… Але ж у жыцці былі і здраднікі. Скажуць: а навошта разумець падонка? Каму гэта трэба? Не, трэба! Сто, тысяча чалавек, не раздумваючы, не хістаючыся, пайшлі на смерць за Радзіму, а тысяча першы забаяўся, а пасля здрадзіў. Чаму? Што яго прымусіла гэта зрабіць? Літаратура - чалавеказнаўства, яна павінна нам расшыфраваць псіхалагічна і маральна ўсе матывы яго дзеянняў, паставіць яго да ганебнага слупа перад усім народам…" Гэтых слоў пісьменнік прытрымліваўся ва ўсіх сваіх неўміручых творах: "Сотнікаў", "Абеліск", "Мёртвым не баліць", "Жураўліны крык", " Трэцяя ракета", "Альпійская балада", "Знак бяды" і іншых. Яго творы - гэта залаты фонд беларускай літаратуры.

Васіль Уладзіміравіч свой жыццёвы шлях праклаў праз далёкія краіны, гарады… Ганарыцца вялікім чалавекам і Гарадзеншчына, бо тут, на яе зямлі, і быў пакладзены пачатак творчай дзейнасці пісьменніка. Памятае В. Быкава і Лідчына: сюды неаднаразова ён прыязджаў з пісьменніцкай дэлегацыяй. У Гародні жыве малодшы сын Васіля Уладзіміравіча, пражываюць там і ўнукі і праўнукі пісьменніка. Сустрэцца з сынам знакамітага пісьменніка, дарэчы, таксама - Васілём Быкавым, пашчасціла і кіраўніку літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" Алесю Хітруну, якому ён з задавальненнем даў інтэрвію.

- Васіль Васільевіч, у якім годзе Ваш бацька - славуты, вядомы пісьменнік Васіль Быкаў - прыехаў у Гародню? Ёсць такая дата: 9 траўня 1946 года.

- Больш падрабязна аб гэтым сказана ў яго мемуарах, у кнізе "Доўгая дарога дадому". Адказаць на дадзенае пытанне мне складана, бо бацька пра гэта не дзяліўся са мною па той прычыне, што я ў той час быў яшчэ дзіцём.

- З кім звязаў свой лёс Васіль Уладзіміравіч? Хто быў спадарожніцай яго жыцця і дзе гэта адбылося?

- Адбылося гэта ў Гародні. Мая маці - Надзея Андрэеўна - вучылася ў педагагічным інстытуце, а бацька - працаваў у той час у рэдакцыі "Гродзенскай праўды".

- Ці доўгі час пісьменнік жыў у Гародні?

- Хачу сказаць, што пісьменнікам ён стаў крыху пазней. Пасля вайны прыехаў ён сюды, працаваў тут, быў прызваны ў войска, служыў на Далёкім Усходзе. У пачатку 50-х гадоў вярнуўся ў Гародню.

- А па якой вуліцы жыў Васіль Уладзіміравіч?

- Гародня з тых часоў змянілася. Нават 15-20 год назад, калі ішла размова, каб "падпісаць" тыя месцы, дзе жыў бацька, ужо практычна не было магчымасці знайсці тыя дамы. Помню, што апошняе месца, дзе мы жылі, перад тым як пераехалі на вуліцу Алега Кашавога (цяперашняя Траецкая), было на Пажарскага - гэта на тэрыторыі сучаснага гарадскога стадыёна. Жылі папярэдне на розных кватэрах у Праванабярэжнай і Занёманскай частках горада. Сваёй кватэры не мелі, і таму здымалі, дзе атрымлівалася.

- У сям'і колькі было дзяцей? Вы і…

- У Менску жыве старэйшы за мяне на пяць гадоў брат Сяргей. Нарадзіўся ён у 1952 годзе. Ён былы вайсковец. Я нарадзіўся ў 1957 годзе.

- А Вы медык?

- Так, але ўжо адышоў ад гэтай прафесіі па розных прычынах.

- Ці зможаце ўзгадаць першыя творы В. Быкава? Дзе яны друкаваліся? Ёсць звесткі, што першага чытача яны знайшлі ў "Гродзенскай праўдзе".

- З тога, што помню з тых часоў, калі я быў яшчэ хлопчыкам: першым і вялікім творам бацькі з'яўлялася "Альпійская балада". Бо пра яе шырока казалі ў той час. І як памятаю, бацьку ўжо тады называлі пісьменнікам.

- Васіль Васільевіч, можа, узгадаеце тыя моманты, калі Вы заўважалі бацьку задуменным за пісьмовым сталом? Можа, ён пісаў употай, каб ніхто не бачыў? Можа, ён дзяліўся чарнавымі накідамі твораў?

- Я быў малодшым сынам і, канешне, бачыў, як бацька працаваў у сваім уласным пакоі, у доме па вуліцы Алега Кашавога. Абмяркоўваць са мною планы будучых твораў у той час, вядома, не было сэнсу. Аднойчы ён прызнаўся, што лепш працуецца яму тады, калі ён адзін дома, калі ніхто не перашкаджае: ні дзеці, ні жонка. Памятаю, калі я і старэйшы брат часта бывалі ў яго пакоі, хацелі залезці ў яго паперы. Нам у тым пакоі было цікава, мы там гулялі, але бацька нас не ганяў з памяшкання. Цяпер я сам разумею, што дзіцячая беганіна перашкаджае ў працы і не дае магчымасці сканцэнтравацца.

- Ці ўзгадваў бацька Лідчыну? Бо вядома, што ў Лідзе ён быў неаднаразова, сустракаўся з мясцовымі літаратарамі.

- Алесь, з тае пары прайшло шмат часу, 30-40 гадоў, і ўзгадаць вельмі цяжка. Ведаю, што бацька ездзіў як у далёкія краіны, так і па Беларусі. Канкрэтна назваць імёны і мясціны мне складана, бо я не помню іх. Скажу, што паездкі былі розныя: і цяжкія, і паспяховыя. Ажыццяўляліся яны з членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, у прыватнасці, як на Прыпяць, так і ў іншыя рэгіёны, якія былі пазначаны ў пэўнай праграме.

- Ці зможаце ўзгадаць тых асоб, якія наведвалі Васіля Уладзіміравіча? Можа, гэта былі і замежныя госці, сябры?

- Першапачаткова хачу ўзгадаць гарадзенскіх сяброў: Аляксея Карпюка, Валянціна Чэкіна, Аляксандра Богуша - галоўнага рэдактара "Гродзенскай праўды". З прыезджых былі менскія сябры і таварышы (значнай асобай сярод іх вызначаўся Рыгор Барадулін) і іншыя. З замежных каго магу ўзгадаць? Георгій Вылчэў - пісьменнік з Балгарыі. Гэта былі 60-я гады. Канешне, апошнія 20 год, прыкладна да 1975 года, бацька жыў у Менску, і з тых часоў ён тут, у Гародні, не жыў. Але Гародню ён усё ж такі час ад часу наведваў.

- Ці перадаў ён па крыві, праз гены дзецям, унукам і праўнукам свой творчы дар? Ці піша хто?

- Ніхто, на жаль, не піша. Я іншы раз ствараю апавяданні на рыбацкія тэмы. Дар бацькі нікому не перадаўся, дзеці не схільныя да гэтага. У мяне, напрыклад, цяга да прыродазнаўства. Але прызнаюся, што ў мяне почырк падобны на бацькаў. А калі я быў маладзейшы, то спрабаваў маляваць, але ж гэта ўсё было толькі ў зародкавым стане. Адным словам, дзеці і ўнукі пайшлі сваёй дарогай.

- А ці шануюць дзеці і ўнукі як нашчадкі памяць пра свайго вядомага дзеда і прадзеда? Якім яны яго ўяўляюць?

- Складана ім уявіць дзеда як пісьменніка ці палітычнага дзеяча. Для іх дзядуля - гэта першапачаткова дзядуля, а не пісьменнік ці палітык. Іх адносіны да яго больш абмежаваныя гэтымі рамкамі. А што тычыцца яго як палітычнага дзеяча, то гэта справа не дзіцячая, а дарослая, бо толькі дарослы можа ацаніць яе ці нейкім чынам паўдзельнічаць у ёй. А калі казаць як пра пісьменніка, то той, хто любіць чытаць, і будзе цаніць яго пісьменніцкую справу. Напрыклад, мой малодшы сын Васіль чытае творы дзядулі, яны яму вельмі падабаюцца.

- А як ставяцца да Вас на працы, пры сустрэчы і наогул у грамадстве, ведаючы, што Вы сын вялікага пісьменніка?

- У апошні час кола зносін звузілася, і я практычна не адчуваю на сабе асаблівых поглядаў і адносін. У час вучобы ў інстытуце я калі-нікалі заўважаў такія асаблівасці. Але ж гэта не тое, калі ты, напрыклад, хочаш быць знакамітым самім сабой, а не дзякуючы знакамітаму бацьку. Гэта не самамэта. Лепш, калі ты проста нікім не заўважаны.

- Як Вы глядзіце на тое, што Васіль Быкаў пакінуў свет у знакавы для Беларусі дзень - 22 чэрвеня 2003 года? Яго творы - гэта цэлая сістэма нейкіх знакаў і сімвалаў. Ваша думка наконт гэтага.

- Па прафесіі я лекар, і на гэта гляджу проста, з зусім іншага боку. Я не веру ў розныя знакі. Ёсць чалавек і ёсць яго лёс. А 22-га, з майго пункту погляду, гэта самы звычайны дзень. Тое, што ў зазначаны дзень пачалася вайна, - мне здаецца, што проста такое супадзенне. Зноў-такі, калі знайсці нейкую сувязь, нейкі сэнс, то супадзенне гэтае сапраўды сімвалічнае. Сапраўды, жыццё бацькі было перакрэслена вайной і творчасць была прысвечана вайне. 22 чэрвеня для народа і для яго асабіста вызначаецца вялікай трагедыяй. У гэтым, безумоўна, можна бачыць нейкую сувязь і нейкі сэнс.

- Апошняй кнігай Васіля Уладзіміравіча з'яўляецца "Доўгая дарога дадому". Ці паспеў ён яе ўбачыць пры жыцці?

- Паспеў. Яна з'яўляецца і маёй самай любімай кнігай, якую напісаў бацька, бо яна блізкая і зразумелая. У ёй я адчуваю думкі і тыя пачуцці, якія пакідаў бацька на яе старонках, і таму чытаецца яна вельмі лёгка.

- Ёсць чытачы, якія выдзяляюць з творчасці Васіля Быкава свой любімы твор: "Мёртвым не баліць", "Сотнікаў" і інш. А на Вашу думку, які твор самы моцны?

- Алесь, цяжка гаварыць аб творчасці бацькі, бо пакаленні і час мяняюцца. Тое, што можна падкрэсліць ці зразумець у яго творчасці і ў яго думках, напісаў ён сам у мемуарах. Бацька апошнім часам займаўся публіцыстыкай. Усё, што тычыцца рэальных фактаў, ёсць у яго кнігах. Час мяняецца, а разам з ім і мы самі. І таму цяжка вырашыць, што лепшае, а што слабейшае. Ваенныя аповесці я чытаў яшчэ школьнікам, і вядома, што ў кожнага такога маладога чалавека свае цікавасці, і зразумець сэнс напісанага мне было складана. А яго больш познія творы, пачынаючы са "Знака бяды", я чытаў у дарослым узросце, калі змог ужо зразумець і адчуць глыбіню твора. "Пайсці і не вярнуцца", "Сотнікаў" - гэта тыя рэчы, якія разлічаны на сталага чытача. Гэта не чытанне на ноч. Яны патрабуюць не самога прачытвання, а адчування тога, што хоча паведаміць аўтар. Ды зазначу, што не кожны адразу зможа ўспрыняць гэтыя і іншыя творы бацькі.

- Вядома, што шмат твораў В. Быкава было экранізавана. А як ставіўся да гэтага ён сам? Ці згаджаўся з пастаноўшчыкамі і рэжысёрамі? Ці змаглі яны данесці гледачу тое, што імкнуўся ён перадаць у творах?

- Нядаўна я дазнаўся, што ў Латвіі быў паказаны расійскі фільм па аповесці "Знак бяды". Успамінаецца, што бацька адносіўся з напружаннем як да экранізацыі, так і да тэатральных пастановак па сваіх творах. Пра каго гаварыў добра, дык гэта пра Ларысу Шыпіцьку, якая ставіла фільм па творы "Сотнікаў". Гэта, здаецца, адзіная экранізацыя яго твора, да якой ён адносіўся з падзякай. Напрыклад, аповесць "У тумане", на маю думку, немагчыма экранізаваць, бо тое, што пададзена ў творы, адбываецца ў галовах і думках людзей. Як такое магчыма перадаць на экране? Сюжэты, здаецца, вельмі простыя, але зрабіць на іх аснове фільм, які будзе ацэнены народам… З кнігі перанесці тое асяроддзе на экран, мне здаецца, вельмі складана, бо ўся кніга - гэта думкі і пачуцці чалавека.

- Вядомы пісьменнік пражыў складанае і загадкавае жыццё. У час вайны, напрыклад, неаднаразова знаходзіўся на краі свайго жыцця: трапляў пад танк, быў пазначаны ў спіску загінуўшых.

- Так, пра гэта ён узгадвае ў сваіх успамінах, у якіх апісвае страшэнныя баі, як, напрыклад, на Украіне, калі быў этап нямецкага контрнаступлення, да таго ж, там вельмі шмат загінула і згубілася савецкіх салдат. Гэта ўсё рэальна, бо частка байцоў трапляла ў акружэнне і губляла сувязь. І ў нашы дні знаходзяць рэшткі тых невядомых байцоў. Вайна - гэта хаос, і я не думаю, што такое здаралася толькі з маім бацькам, бо, здаецца, такіх выпадкаў было мноства.

- Ці плануецца адкрыццё музея Васіля Быкава ў Ждановічах? Чым ён будзе адметны? Хто ўзначаліць яго?

- Цяжка на гэта адказаць. Пакуль усё ў праектах, ідуць распрацоўкі. Там - дача, невялікі двухпавярховы домік дачнага тыпу. Калі будуць сродкі, то з пэўнай экспазіцыяй там можна будзе пазнаёміць наведвальнікаў і прыхільнікаў, бо матэрыял вялізны: рукапісы, лісты, перапіскі, фота і іншае, што можна паказаць. Вядома, без кіраўніцтва музея нічога не атрымаецца. Напрыклад, ёсць музей майго бацькі на Украіне, пад Іркуцкам. Туды выдзяляюцца сродкі з бюджэту, там працуюць рабочыя, кіраўнікі музея… Праходзяць гады, і, як я ўжо сам заўважыў, цяжка ўсё зрушыць з месца. На пасяджэнні Савета Міністраў вырашаліся пытанні наконт музея. Час пакажа. Усё залежыць і ад рашэння чыноўнікаў.

- У Ждановічах, зразумела, Васіль Быкаў таксама жыў. І чым вылучалася гэтае месца жыхарства?

- Гэта быў садаводчы кааператыў са стандартнымі шасцю соткамі зямлі і з дачным домікам. Вакол агароджы былі кавалкі зямлі з тымі ж асаблівасцямі. Адметнага нічога там не было ў той час. Дача была такая ж, як і ўсе навакольныя.

- Музей у Ждановічах будзе пакуль адзіным музеем Васіля Быкава ў Беларусі? Ці ўсё ж такі ёсць яшчэ дзесьці?

- Зазначу, што залежыць гэта ад тэрміналогіі, калі ўсё пералічанае можна назваць музеем. У нас ёсць музей Васіля Быкава ў Гародні - гэта альтэрнатыўная ветэранская арганізацыя, якая трымаецца за кошт некалькіх пенсіянераў у невялічкім пакоі. Экспазіцыя тут сабрана нядрэнная, але стан і ўмовы для існавання там жахлівыя. Тым больш, нядаўна памёр дырэктар гэтага музея Мельнікаў Мікалай Аляксандравіч, які і сам быў вельмі пажылога ўзросту. Жменька старых людзей - ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны - утрымаць на плыву гэты куток у такіх умовах не зможа, а ўжо калі казаць пра музей, то без падтрымкі дзяржавы проста не абысціся. Ёсць невялікая экспазіцыя і ў музеі "Гродзенскай праўды", але ж гэта проста нейкія стэнды. Усё падвесці пад тэрмін "музей" вельмі складана.

- Што Вы скажаце будучаму пакаленню? Вашы словыпажаданні як сына вядомага пісьменніка.

- Скажу, што трэба чытаць. Бо ніякі іншы носьбіт інфармацыі не мае магчымасці параўнацца з кнігай. Чытанню цяпер аддаецца ўсё менш і менш часу, і літаратура становіцца іншай. Цяпер пісаць вельмі лёгка. Бо калі раней над радком прыходзілася ламаць галаву, то цяпер гэтыя радкі сыплюцца з камп'ютара як з вядра. І напісаць кнігу за месяц сёння нескладана. У літаратуры сёння іншы ўзровень, і мне, прызнаюся, цяжка чытаць тое, што выдаецца апошнім часам. Несучасная літаратура і наогул уся папярэдняя класіка - гэта асобны пласт мастацтва, яго няма чым замяніць. Каб хаця б адчуць усё гэта - трэба проста яе чытаць. Хто змог далучыцца да яе, той, безумоўна, чытае. Хочацца, каб літаратура, якая была, напрыклад, 20-30 год назад, усё ж такі захавалася цэментам нашага жыцця. Прызнаюся, я і сам чытаю гэтую літаратуру, тым больш што яна паціху адыходзіць ад нас, і гэта выклікае сум, шкадаванне і боль.

- Дзякую, Васіль Васільевіч, за гутарку!


P. S. Дазнаўшыся аб тым, што ў Лідзе ёсць літаратурны музей, Васіль Васільевіч перадаў у яго фонды некаторыя рэчы: рукапісы, блакноты з рознымі накідамі да твораў, кнігі і нават уласную ручку бацькі, пасведчанне і іншае. Усё гэта ў будучым змогуць убачыць наведвальнікі ў літаратурным аддзеле Лідскага гістарычна-мастацкага музея па вуліцы Замкавай, 7.

Алесь ХІТРУН , кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты", супрацоўнік літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

На здымках: В.В. Быкаў; В.В. Быкаў і Алесь Хітрун; унук і праўнучкі Васіля Быкава.


Беларускамоўная іспанка, якая ніколі не была ў Беларусі

Анхела Эспіноса Руіз з іспанскага горада Гранада ў адрозненне ад большасці беларусаў, нашу мову не толькі любіць, але і вывучае, хоць ніколі не была ў Беларусі. Пра тое, як атрымалася, што 20-гадовая іспанка вучыць беларускую мову, і што яна думае пра саму Беларусь, мы запыталі непасрэдна ў яе. На ўсе пытанні яна адказала па-беларуску.

У 2008-м, калі Анхеле было 15 гадоў, яна атрымала стыпендыю ЗША паводле праграмы Benjamin Franklin Transatlantic Fellows Initiative. Гэта праграма для маладых студэнтаў з Амерыкі і Еўразіі, якія цікавяцца дыпламатыяй і міжнароднымі адносінамі. Там Анхела ўпершыню пачула славянскія мовы - рускую, польскую i, вядома, беларускую - і адразу іх палюбіла.

Пасля выбараў 2010-га зацікавілася беларускай палітыкай

- Я пачала самастойна вывучаць рускую мову, чытала рускіх класікаў. Цікавілася польскай літаратурай. Дзякуючы маім сябрам з BFTF я пазнаёмілася з культурай, музыкай і гісторыяй іншых славянскіх краін, у тым ліку і з беларускай.

Беларусь мяне адразу зацікавіла. У мяне ёсць адтуль сябры, якія распавядалі шмат цікавага пра сваю радзіму. Пасля выбараў у 2010-м я пачала сур'ёзна цікавіцца беларускай палітыкай. Да ўсяго іншага, я вырашыла вывучаць польскую мову ва ўніверсітэце, бо яна з'яўляецца мовай шматлікіх арганізацый, якія падтрымліваюць беларускую культуру.

У 2012 годзе я выйграла прэмію "Беларусь у фокусе" за артыкул пра Беларусь, і трапіла на семінары ў Варшаву. У маім універсітэце не было магчымасці вывучаць беларускую мову. Я вырашыла вучыць яе самастойна, бо мне вельмі спадабалася беларуская літаратура, асабліва - сучасная паэзія.

Калі я пачала вывучаць беларускую мову, я ўжо ведала рускую і крыху ўкраінскую. Веданне іншых славянскіх моваў вельмі дапамагло. Было цяжка звыкнуцца з новай фанетыкай і арфаграфіяй, зразумець некаторыя архаізмы. Для іспанцаў склоны і дзеясловы руху заўсёды складанасць, але я вельмі люблю граматыку.

Беларускую мову вывучаю каля дзевяці месяцаў. Я купіла сабе падручнік і займалася, калі быў час. А часу не заўсёды хапае. Не магу сказаць, што вольна валодаю беларускай мовай. Яна такая багатая, што цяжка зразумець усе нюансы. Мне прасцей чытаць і пісаць, чым размаўляць, бо практыкі мала.

Варта вывучыць мову не толькі таму, што яна родная (інакш я б і не вывучала, бо іспанка), а таксама таму, што беларуская мова з'яўляецца вельмі цікавай з лінгвістычнага і літаратурнага пункта гледжання. Веданне беларускай граматыкі можа быць вельмі карысным, каб зразумець агульныя заканамернасці іншых моў. Беларуская літаратура - шыкоўная, і заўсёды лепей чытаць яе ў арыгінале.

Мне вельмі падабаецца гучанне беларускай мовы. Гэта адна з самых галоўных прычын, па якой я пачала яе вывучаць. Мне здаецца, што вашая мова вельмі мілагучная i гарманічная - як калыханка.

У Іспаніі вельмі мала ведаюць пра Беларусь. Людзі чулі пра Віку Азаранку, футбольныя каманды, некаторыя песні "Еўрабачання" ды інш. Акрамя гэтага зусім нічога не ведаюць ні пра культуру, ні пра палітыку, ні пра мову. Я заўсёды расказваю сваім сябрам пра Беларусь і імкнуся знаёміць іх з беларускай культурай.

Беларусь для мяне - краіна з вялікай гісторыяй, багатай культурай, выдатным фальклорам і, на маю думку, з вельмі вялікімі магчымасцямі. Таму я думаю, што беларусы павінны ганарыцца сваёй радзімай і верыць у яе. Толькі тады яна будзе развівацца. Галоўнае, што беларускія людзі добрыя, адкрытыя і здольныя дасягнуць усяго, чаго жадаюць.

Я ніколі не была ў Беларусі. Калі прыеду да вас, хачу пабачыць Брэсцкую крэпасць. Чула, што прырода ў вас выдатная. Я ведаю і вельмі люблю беларускую музыку: Рэспубліку Паліну, "Ляпіса Трубяцкога", Лявона Вольскага, "Кассиопею", Івана Малковіча, Зміцера Вайцюшкевіча, Мулявіна, N.R.M.

Беларусы, напэўна, цураюцца сваёй мовы. Асабліва праз магутны ўплыў Расіі на беларускую культуру. Дзяржава не надае мове той важнасці, якую яна насамрэч мае. Таму беларускае грамадства недаацэньвае сваю родную беларускую мову.

Стаўленне ўлады да беларускай мовы, роднай культуры і нават да свайго грамадства, па-мойму, вельмі негатыўнае.

Вольга Гарапучык, artsiadziba.by.


600-годдзе Ваверскай парафіі Перамянення Божага

16 чэрвеня Ваверская парафія Перамянення Божага ў Лідскім раёне адзначала вельмі круглую дату - 600-годдзе з дня заснавання.

Першая хрысціянская супольнасць у Вавёрцы пачала існаванне ў 1413 годзе. Утварэнню парафіі Святога Духа спрыялі, а таксама пабудавалі драўляны касцёл, паводле гістарычнай даведкі, уладары Вавёркі - Жыгімонт Галгіновіч (Гілігінавіч) і яго маці Сафія. Іншае паданне заслугу пабудовы першага ваверскага касцёла аддае Міхайлу Гілігінавічу, ветэрану Грунвальдскай бітвы. Гэты рэпартаж - не месца высвятлення стасункаў паміж Міхайлам Гілігінавічам і Жыгімонтам Гілігінавічам, тым больш, што асноўнай у дадзеным выпадку з'яўляецца дата, а яна ва ўсіх крыніцах тая самая - 1413 год. Пабудова касцёла ў Вавёрцы апісана ў "Спеве пра Міхайлу Гілігінавіча" Станіслава Судніка. Гістарычныя падзеі прывялі да таго, што ўжо ў другой палове XV стагоддзя той касцёл быў знішчаны. Будаваліся наступныя. Касцёл, пабудаваны ў 1736 годзе, праіснаваў да 1840 года. Пры парафіі дзейнічала брацтва Святога Яна Непамука, заснаванае ў 1760 годзе. На тэрыторыі парафіі было 6 капліц: у Дзітве, у Лябёдцы, у Місявічах, у Паперні, у Пелясе і ў Радзівонішках.

У1840 годзе Самуэлем Кастравіцкім быў пабудаваны першы мураваны касцёл. Падчас Першай Сусветнай вайны храм быў пашкоджаны. У 1920 годзе касцёл адрамантавалі.

У 1926 - 1928 гадах быў пабудаваны сённяшні трохнефны касцёл з каменю і цэглы. Пробашчам тады быў кс. Францішак Песцюк. 13 лістапада 1928 года лідскі дэкан кс. Гіпаліт Баярунец асвяціў касцёл Перамянення Божага. У той час у склад Ваверскай парафіі ўваходзіла 86 мястэчак і вёсак. У1939 годзе парафія налічвала 8980 вернікаў. Таму сёлета яшчэ адзначаецца і 85-годдзе Ваверскага касцёла.

Часы камунізму не абмінулі парафію і касцёл. Кс. Севярын Янкоўскі, пробашч парафіі з 1939 года, у 1948 - 1954 гадах знаходзіўся ў лагеры. Пасля вызвалення прыняў парафію ў гадах 1955 - 1958. З 1958 па 1975 год у парафіі не было святара. У гэты цяжкі час мясцовыя ўлады прынялі рашэнне перарабіць храм у канюшню, а пазней - у склад для штучных угнаенняў. Аднак, як гавораць мясцовыя жыхары, касцёл ніколі канюшняй не быў, проста стаяў пусты.

Парафіяне ратавалі храм, плацячы падаткі. Парафіянка Мальвіна Мікуц з Серафін разам з іншымі членамі парафіяльнага камітэта ездзілаў Маскву, каб не зачынялі касцёл. З 1975 года ў парафію ў Ваверцы прыязджаў кс. Юзаф Грасевіч з Каменкі, з 1983 па 1995 прыязджаў, а потым стаў пробашчам кс. Станіслаў Пацына.

З 1995 года парафіяй апякуюцца святары з Ордэна Рэгутярных Латэранскіх Канонікаў: кс. Роберт Мазуркевіч, 1995 - 2000, кс. Фелікс Папялевіч, 2000 - 2012.

Галоўным адпустам у парафіі з'яўляецца Ўрачыстасць Перамянення Божага (6 жніўня). Яго папераджае 40-гадзіннае набажэнства. Яшчэ адным вялікім святам з'яўляецца ўрачыстасць Францішкі Рымлянкі (9 сакавіка). Вельмі папулярнымі ў парафіі з'яўляюцца ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Святога Юзафа, Святога Юрыя. На працягу аношніх 20 гадоў, дзякуючы набожнасці і ахвярнасці вернікаў і дабрадзеяў, святыня набыла сённяшнюю прыгажосць, якая пабуджае да малітвы.

Парафія і касцёл у Вавёрцы перажылі цяжкія часы, але не страцілі духу набожнасці і веры сваіх продкаў, якія стагоддзямі на гэтай зямлі захоўвалі хрысціянскія традыцыі.

16 чэрвеня юбілейнае набажэнства ўзначаліў біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч.

З высокапастаўленых гасцей трэба адзначыць Генеральнага абата Ордэна Рэгутярных Латэранскіх Канонікаў з Італіі і правінцыяла ордэна з Польшчы. Прысутнічалі тры дзяканы і многія святары.

Дэлегацыю свецкіх уладаў ачольваў старшыня Лідскага райвыканкаму Аляксандр Астроўскі, былі старшыні сельсаветаў і кіраўнікі гаспадарак, размешчаных на тэрыторыі парафіі.

Набажэнства ішло ў асноўным на польскай мове, але ўсе звароты да ўладаў былі на беларускай або рускай мовах.

Усе словы ад прыхаджан агучваліся на літаратурнай беларускай мове. Добры прыклад падаў і старшыня Лідскага райвыканкаму, які сваё віншавальнае слова да біскупа пачаў на беларускай мове, перайшоў на рускую, вярнуўся зноў на беларускую, і ўсё гэта лёгка і нязмушана. У сваю чаргу завяршальнае казанне біскупа А. Кашкевіча было на літаратурнай беларускай мове.

Яраслаў Грынкевіч.


Да 600-годдзя Ваверскай парафіі выдадзены каляровы буклет, які ўтрымоўвае гістарычныя звесткі, апісанне архітэктурных асаблівасцяў і мастацкага афармлення, а таксама спіс святароў, якія служылі ў Ваверцы:

1460, кс.Ян

1537, кс. Ян Стшэмбаш

1622, кс. Ян Хрызастам Ражнятоўскі

1643 - 1649, кс. Адам Ліпніцкі

1661 - 1677, кс. Ян Любатынскі

1700, кс. Антоній Янушкевіч

1739, кс. Дамасій Васілеўскі

1739, кс. Юзаф Галэцкі

1745, кс. ФранцішакВасілеўскі

1762 -1791, кс. Андрэй Паўлоўскі

1791-1792, кс. Пётр Чэрнік

1792 - 1819, кс. Себасцьян Дамброўскі Sch.Р.

1829 - 1836, кс. Юзаф Ларэнт

1833, кс. Вінцэнт Кабылінскі

1840 - 1848, кс.Людвік Паўловіч

1848 - 1849, кс. Станіслаў Даўгяла

1849 - 1863, кс. Раймунд Зямацкі (расстраляны публічна ў Вільні)

1893 - 1902, кс. Вінцэнт Раецкі

1902 - 1911, кс. Ян Сахарко

1910 - 1911, кс. Вінцэнт Юхневіч

1911 - 1918, кс. Гіпаліт Маліноўскі

1918 - 1930, кс. Францішак Пясцюк

1930 - 1939, кс. Яраслаў Ракіцкі

1939 - 1958, кс. Севярын Янкоўскі (на працягу 5 гадоў знаходзіўся ў зняволенні, у гадах 1955 - 1958 зноў з 'яўляўся пробашчам парафіі)

1958 - 1975, не было святара

1975 - 1983, прыязджаў кс.Юзаф Грасевіч

1983 - 1995, кс. Станіслаў Пацына

1995 - 2000, кс. Роберт Мазуркевіч, СRL

2000 - 2012, кс. Фелікс Папялевіч, СRL

2005 - 2012, кс. Андрэй Роўба, СRL, вікарый

2012 - ... кс. Андрэй Роўба, СRL


Дзень нацыянальнай памяці ў Лідзе

14 чэрвеня на Лідскіх праваслаўных могілках была адпраўлена памінальная ліція, ў памяць дзеячоў беларускага нацыянальнага руху, якія пахававаны альбо былі пахаваны тут, а таксама ў памяць святароў, якія служылі і пахаваны на Лідчыне.

Нагодай сталася тое, што 13 і 14 чэрвеня споўнілася 70 гадоў з дня смерці дзеячоў Беларускай Незалежніцкай Партыі Юльяна Саковіча, Леаніда Маракова і Валянціна Ваўчка.

Хаваючыся ад пераследу немцаў Юльян Саковіч, Леанід Маракоў, Валянцін Ваўчок, а таксама Алесь Змагар знаходзіліся ў Васілішках (цяпер Шчучынскі раён). Але лёс беларуса такі, што ўцякаеш ад аднаго ворага, а там цябе чакаюць яшчэ два. У Васілішках яны трапілі ў засаду, наладжаную партызанамі Арміі Краёвай. 13 чэрвеня на месцы былі забітыя Юльян Саковіч і Валянцін Ваўчок. Леанід Маракоў памёр ад ран назаўтра 14 чэрвеня. Алесь Змагар адстаў ад асноўнай групы і застаўся жывы.

Усе забітыя былі пахаваны на праваслаўных могілках у Лідзе каля Свята-Георгіеўскай царквы.

Тут жа ў свой час быў пахаваны міністр БНР генерал Кіпрыян Кандратовіч і іншыя больш ці менш вядомыя беларусы.

За загінулых у Васілішках, у Лідзе, у іншых месцах, за генерала К. Кандратовіча і Марыю Навіцкую, заснавальніцу першай жаночай гімназіі ў Лідзе і іншых маліліся Лідскі дабрачынны айцец Расціслаў Салаўёў, святары Ўладзімір Камінскі і Дзімітры Тарарака. Ад першага да апошняга слова ліція адпраўлялася на беларускай мове, на мове, дзеля якой у тым ліку жылі і паміралі сябры БНП, на якой падпісаны помнікі па іх, і якую забіваюць кожны дзень у незалежнай Беларусі, у той Беларусі, пра якую яны марылі, але якой яшчэ вельмі далёка да іхніх мараў.

Ліція сёлета служылася ў першы раз, але, будзем спадзявацца, не ў апошні. Ёсць усе падставы, каб дзень 13 або 14 чэрвеня стаў на Лідчыне Днём нацыянальнай памяці пра беларускіх патрыётаў, якія тут нараджаліся, жылі і паміралі дзеля светлай будучыні нашай роднай, свабоднай і вялікай Бацькаўшчыны.

Яраслаў Грынкевіч.


Дадвухмовіліся

На хуткаснай шашы "Мінск-Магілёў", якая актыўна мадэрнізуецца, увялі новыя электронныя знакі. На адным са знакаў напісана: "СЛИЗКО". Калі на ўвазе мелася беларускае "СЛІЗКА", то ў слове дапушчана дзве граматычныя памылкі. З іншага боку, нават пры такіх праколах госці з Расіі здагадваюцца, што знаходзяцца за мяжой. А беларусы разумеюць сэнс напісанага.

Дарэчы, знак усталявалі пад самым Магілёвам, непадалёк ад каларытных энергетычных ветракоў, якімі ганарыцца ўся вобласць.

Яўген Валошын, Еўрарадыё.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Сітнік Аляксандр - 20000 р.,а аг. Дараганава, Асіповіцкі р-н.

2. Бародзіч Анатоль - 5000 р., г. Светлагорск

3. Бародзіч Ала - 5000 р., г. Светлагорск

4. Бародзіч Сямён - 50000 р., аг. Дараганава

5. Бародзіч Ганна - 50000 р., аг. Дараганава

6. Гарох Мікалай - 70000 р., аг. Дараганава

7. Тамашоў Мікалай - 70000 р., аг. Дараганава

8. Бякешка Вікторыя - 50000 р., г. Асіповічы

9. Ліннік Міхаіл - 100000 р., г. Асіповічы

10. Сямашка Сяргей - 20000 р., г. Асіповічы

11. Бухоўская Таццяна - 5000 р., в. Каўгары

12. Караленя Жана - 10000 р., аг. Дараганава

13. Сінкевіч Мікалай - 20000 р. пгт. Ялізава, Асіповіцкі р-н

14. Шышкавец Ала - 40000 р., г. Асіповічы

15. Бародзіч Зміцер - 100000 р., г. Менск

16. Вячорка Аляўціна - 50000 р., г. Менск

17. Ткачова Вольга - 50000 р., г. Масква

18. Арсень Ліс - 50000 р., г. Менск

19. Бароўскі - 80000 р., г. Маладзечна

20. Ярошка Іна - 50000 р., г. Менск

21. Копаць Часлава - 50000 р., г. Менск

22. Майсяйчук Сяргей - 200000 р., г. Менск

23. Давыдовіч П.В. - 50000 р., г. Берасце

24. Асіповіч Лідзія - 100000 р., г. Менск

25. Усціновіч Васіль - 100000 р., Бараўляны, Менскі р-н

26. Грышан Мікола - 100000 р., г Дзятлава

27. Маслюкоў Віктар - 20000 р., г. Менск

28. Ганчароў Алесь - 100000 р., п. Халопенічы, Крупскі р-н

29. Панамароў Сяргей - 50000 р., г. Менск

30. Аляксандр Чарвяковіч - 225000 р., г. Менск

31. Нічыпарук Юры - 20000 р., г. Берасце

32. Арлоўскі Віктар - 20000 р., г. Менск

33. Павідайка В. - 70000 р., г. Менск

34. Ляўшук Дзяніс - 150000 р., г. Менск

35. Сарока Людміла - 100000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Паўстанне 1863 г. на Лідчыне

Заканчэнне, вынікі і наступствы

(Працяг у нас. нумары.)

Улады, і ў першую чаргу вышэйшае праваслаўнае духавенства, вельмі пільна сачылі за падпарадкаванымі ім святарамі, не дапускаючы ніякіх ваганняў. Калі два маладыя праваслаўныя святары з Гарадзенскай губерні за непісьменных сялян падпісалі прысягу Нацыянальнаму Жонду, яны адразу ж былі пазбаўлены сану. Вядомы таксама выпадак святара Скабалановіча. Яго і дзвюх яго дачок (хрышчоных і выгадаваных ў каталіцтве) западозрылі ў сувязях з паўстанцамі, і ў выніку святар адразу быў сасланы ў Гарадзенскі манастыр.

Пра нейкія учынкі праваслаўнага святарства супраць інсургентаў і, адпаведна, рэпрэсіі з боку паўстанцаў на Лідчыне, інфармацыі няма, да шчасця паўстанне тут не набыло элементаў грамадзянскай вайны.

Пасля паўстання

Мураўёв М.М. 7 чэрвеня 1864 г. забараніў насіць жалобную вопратку і розныя "рэвалюцыйныя знакі", вянгеркі, канфедэраткі і доўгія боты пад пагрозай значных штрафаў: на першы раз - 25 руб., у другі раз - 50 руб., а на трэці раз - арышт. Калі заплаціць не было магчымасці - прадавалася маёмасць. Нават жалобу па родных дазвалялася насіць толькі пры наяўнасці адпаведнага дазволу ад паліцыі. Каб пазбегнуць штрафаў, жанчыны, выходзячы на вуліцу, падгортвалі жалобныя спадніцы каля поясу і на вачах паліцыі былі ў каляровых, а заходзячы да сваіх аднадумцаў апускалі схаваныя спадніцы і зноў былі ў жалобе. Заканчэнне паўстання не адмяняла загадаў наконт жалобнага адзення, гэта была своеасаблівая помста з боку ўладаў і надзейная крыніца хабару для мясцовых чыноўнікаў .

Усе міравыя пасярэднікі ў паветах з тутэйшых адмовіліся ад сваіх пасад і на іх месца панаехалі чыноўнікі-абрусіцелі. Вось як адзін з іх, Палявы М. апісвае перасячэнне ўсходняй этнічнай мяжы Беларусі ў 1864 г. і свой праезд да Вільні: "Адразу за Смаленскам, як толькі я заехаў у Магілёўскую губерню, я трапіў у новы свет. З'явіліся палякі, беларусы, габрэі з іх чужымі для мяне мовай, звычаямі і варожым да ўсяго рускага настроем. Я рускі гвардзейскі афіцэр, сваёй формай выяўляў сваю нацыянальнасць і адразу адчуў злосны настрой, варожасць ўсіх гэтых людзей. Яны наўмысна гаварылі са мной па-польску, хоць усе выдатна размаўлялі і разумелі рускую мову. Яны абцяжарвалі мяне ва ўсім: у куплі хлеба, абаранкаў, у падліку грошай, лічачы на злотыя, а часта і зусім адмаўлялі ва ўсім, кажучы: "Не разумеем!". ... Ужо з самай мяжы Смаленскай губерні, было прыкметна ваеннае становішча краі. У мястэчках бачныя былі войскі, на паштовай дарозе стаялі месцамі заставы і ваенная варта пры іх. На станцыях правяралася мая падарожная. Але калі я заехаў у Менскую губерню, ваеннае становішча убачылася ва ўсёй сваёй сіле і строгасці ..." .


Яскрава адлюстроўвае рэжым, усталяваны на Лідчыне, прашэнне адстаўнога расейскага падпаручніка Міхаіла Васільевіча Страескі на імя Мураўёва ад 29 лістапада 1863 г., якое збераглося ў паперах былога набліжанага да Мураўёва ў Вільні афіцэра Чарэвіна. Страескі, ехаў з Бесарабіі ў Пецярбург праз Беларусь і зазнаў шмат грубасцяў і здзекаў - спачатку ў Пінску, а пасля ў Лідзе ад вайсковых начальнікаў Ліды і Пінска і п'яных расейскіх жаўнераў. Адстаўны падпаручнік спачатку быў упэўнены, што рэжым які ён бачыў па свайму шляху, усталяваны без ведама генерал-губернатара і парушае законы, таму як чалавек чэсны і які жадае дабра Расеі, ён напісаў рапарт да генерал-губернатара. Пра тое, што бачыў на Лідчыне, Страеска пісаў: "Калі сп. Алхазаў (лідскі ваенны начальнік - Л.Л. ) абыходзіўся са мною так, ... не-палякам, маючы перад вачыма 5-6 дакументаў - сведчанняў пра маю асобу, то чаго пасля гэтага можна чакаць ад яго няшчаснаму паляку? Панове Алхазавы [...] прымусяць іх кінуць усё і шукаць выратавання "do lasu". ... Паверце, Ваша Высокаправасхадзіцельства, - піша далей Страескі , - што ў войсках губерняў нельга ўгледзець прастадушнага, заўжды рахманага расейскага жаўнера; грубасцю і жорсткасцю яны пераўзышлі там, мабыць, дзікія татарскія орды, што лютавалі некалі на Св. Русі. Калі б да Вас маглі даходзіць стогны і скаргі прыгнечаных варварствам нашага хрысталюбнага воінства, Вы, напэўна, з жахам адмовіліся б ад такіх паплечнікаў" . Вераемна хутка адстаўны падпаручнік усвядоміў, што ўсе робіцца з дазволу Мураўёва-вешальніка і з'яўляецца часткай ягонага плана паціфікацыі краю.

Вось што казаў Мураўёў камандзіру аднаго з карных атрадаў князю Імератынскаму: "Не верце ні чаму, што Вам будуць казаць пра ласку, гуманнасць, недаказанасці віны ... няпраўда, усе яны вінаватыя больш ці менш, і самае малое пакаранне - калі хто пасядзіць у каменным мяшку! ... Нам трэба вырваць ім зубы да вясны, а то прыйдзецца пачынаць зноў! Я даў ваенным начальнікам самыя шырокія паўнамоцтвы, распараджэнняў сваіх не змяняю, наадварот пацвярджаю і заўсёды падтрымліваю. Таму не бойцеся адказнасці, не саромейцеся і не глядзіце на тое, што скажа следчая камісія.... Яшчэ раз кажу: калі хто з гэтых ... выглядае невінаватым, малая справа! ... Няхай пасядзіць, падумае, гэта самае меншае з таго, што ўсе яны заслугоўваюць! Калі ўбачыце … дапамогу або хоць найменшую патуранне гэтым мярзотнікам, загадваю вам усё спаліць, зраўняць з зямлёю - была б гэта вёска, сядзіба, што б ні было! Асабліва строга прыглядайце зa панамі і ксяндзамі, з гэтымі шляхецкімі ваколіцамі не варта цырымоніцца з-за іх шматлюдства: напішыце мне, і я іх выселю ўсіх да аднаго! Ну-с, я рады, што магу вам даць выпадак паслужыць у такі час Гасудару і рускай справе!" .


Як бачым, задоўга да бальшавікоў і фашыстаў, Мураўёў дэ-факта ўвеў прынцып калектыўнай адказнасці.

Нездарма ўжо сучаснік Мураўёва, выбітны рускі бібліёграф Мяжоў В. І. у сваёй "Рускай бібліяграфіі" пасля смерці генерала адзначыў: "У грамадстве і гісторыі ён (М. М. Мураўёў) застаўся пад імем Мураўёва-вешальніка і наогул вядомы быў сваёю крыважаднасцю" .

* * *

Знакаміты польскі палітык Раман Дмоўскі (1864-1939), пісаў пра фатальную ролю "польскага пытання" для гісторыі Расійскай Імперыі: далучэнне земляў Рэчы Паспалітай да Імперыі зрабіла немагчымым нармальнае палітычнае развіццё гэтай краіны: "Колькі разоў, Расія ўступала на шлях разумных памяркоўных рэформаў і ў часы Аляксандра I, і ў часы Аляксандра II, альбо ў перыяд станаўлення Думы, і кожны раз сыходзіла з гэтага шляху. Галоўнай прычынай было "польскае пытанне", а дакладней небяспека, што палякі выкарыстаюць палітычныя правы дзеля ўмацавання ўласных пазіцый і падрыву расійскай дзяржаўнасці. ... Трэба было выбіраць паміж эвалюцыйным і рэвалюцыйным шляхамі развіцця. У выніку таго, што "польскае пытанне" фактычна заблакавала першы з іх, Расія была прыгавораная да рэвалюцыі. Магчыма, апошнія падзеі у Расіі (маецца на увазе рэвалюцыя 1917 г. - Л.Л.) з'яўляюцца расплатай за панаванне над Польшчай".


Разгром паўстання абярнуўся ўзмацненнем русіфікацыі. 10 снежня 1865 г. быў прыняты закон, які забараняў "асобам польскага паходжання" набываць зямлю. Забаранялася распаўсюджванне польскіх выданняў. Часовыя правілы для народных школ краю стваралі выключна вялікарускую сістэму адукацыі. Шэраг загадаў гарантаваў масавы прыток чынавенства з этнічна расійскіх губерняў. Нельга было размаўляць па-польску ў публічных месцах: у нашых гарадах можна была пабачыць аб'явы накшталт: "Говорить по-польски запрещено" . Пасля паўстання адбылася хуткая пераарыентацыя палітычна і культурна актыўных людзей, прыхільнікаў ліцвінскай традыцыі: замест працы на патрэбы свайго краю, яны ў значанай ступені пачалі арыентавацца на Польшчу і яе культурныя патрэбы.

У 1863 г. этнограф Павел Баброўскі прапанаваў галоўным крытэрыям вызначэння этнасу лічыць мову. Тады ж, пры падтрымцы уладаў пачалося хуткае развіццё так званага заходне-русізму (яго сэнс - Беларусь этнічная, культурная і дзяржаўная частка Расіі "сапсаваная" палякамі). У той жа час расійскія улады дазволілі друкаваць на беларускай мове этнаграфічныя даследаванні, якія павінны былі спрыяць ўмацаванню плыні менавіта заходнерусізму. Былі праведзены шматлікія навуковыя даследаванні народнай культуры. Але этнаграфія, як і любая аб'ектыўная навука, у перспектыве, толькі пацвердзіла існаванне асобнага беларускага этнасу. Другая палова XIX ст. стала для Еўропы часам нацыянальнага абуджэння, усе нашы суседзі прачыналіся ад сну і стваралі нацыі ў сучасным разуменні гэтага слова. Таму, канешне, агульны культурны кантэкст указваў кірункі для далейшага развіцця і нам, беларусам

Развіццё беларускай культуры ішло ў межах ліцвінскай і заходнерускай культурных традыцый, і беларускасць шмат у чым з'явілася іх сплавам. Ужо у 1870-80-х гадах беларускія народнікі выступілі з абгрунтаваннем тэзы пра беларусаў як асобны народ. Сімвалічна, што на канчатковае афармленне беларускай культурнай традыцыі сваёй творчасцю моцна паўплываў паўстанец 1863 г. Францішак Багушэвіч . Пасля яго станаўленню беларускай нацыі ўжо не было альтэрнатывы, гэта станаўленне можна было замарудзіць, але ужо было немагчыма адмяніць.

Дадаткі

Рапарт

начальніка Віленскага атрада начальніку 2-й гвардзейскай дывізіі са спісам саўдзельнікаў мецяжу. 29 красавіка 1863 г., № 15.

У выкананне прадпісання вашага правасхадзіцельства маю гонар прадставіць спіс асобаў, якія наклікалі на сябе падазрэнне ў саўдзеле і мецяжы.

1) Сястра Нарбута, с-ня Манджунская спрыяла набору паўстанцаў, сама бывала даволі часта ў хеўры і рабіла часам з ёю пераходы, дастаўляла мяцежнікам харчы. Усё гэта па сведчанні, паўстанца які знаходзіцца ў генерал-маёра Шамшава.

2) Вільбік, шляхціц, жыве ў Ліпкунцах, галоўны вярбоўнік.

У гэтай вёсцы ёсць адзін паранены паўстанец.

3) Абшарнік Янкоўскі жыве на фальварку Дубічы каля Новага Двара. Дакладна вядома, што на яго мызе было прыгатавана шмат харчоў для разгавення мяцежнікаў.

4) Абшарнік Мікульскі - мыза Глямбок, прымаў і частаваў мяцежнікаў, на яго мызе Нарбут і Гарбачэўскі прыводзілі зноў набраных паўстанцаў да прысягі.


Разам з тым лічу абавязкам далажыць і пра асобаў, якія спрыялі адшукванню мяцежнікаў і сваёй стараннасцю, звярнулі на сябе асаблівую ўвагу, a менавіта:

Станавы прыстаў 5 стану Ільін.

Соцкі мястэчка Нача шмат спрыяў да выведвання пра месцы збору мяцежнікаў.

Стараста і соцкі вёскі Салтанішкі забіралі палонных і параненых пасля справы 22 красавіка і прыводзілі іх да мяне.

Іосіф Жэгздрын, селянін вёскі Смільчыны, Васілішскага стану. Быў не толькі пры маім атрадзе, але і пры раней пасыланых ад Паўлаўскага палка, у гэты час вярнуўся з атрадам у Вільню з асцярогі быць павешаным мяцежнікамі. Шмат спрыяў пры выведванні і вышуках, захапіў і прывёў вярбоўніка Няверу і параненага Іосіфа Рачука ў справе 30 сакавіка.

Антон Талыкоўскі, Каняўскай грамады, дзяржаўны селянін, быў сілком узяты ў паўстанцы, уцёк ад іх і далучыўся да майго атрада. Дастаўляў звесткі, ездзіў па вёсках выведваць і ў дзень справы 22 красавіка з другім мужыком накіраваўся выглядваць след хеўры, след прагледжаны потым штабс-капітанам Рэнвальдтам, па якім атрад і напаў на Нарбута.

Адам Базілевіч, дзяржаўны селянін мястэчка Дубічы. Пры руху маім 21 красавіка на Забалаць прыведзены быў казацкім вахмайстрам Кузняцовым, як паказаўшы, што хеўра Нарбута знаходзіцца за возерам Пеляса. З прычыны гэтага апавяшчэння і быў зроблена мною зваротны рух на Дубічы.

Не магу прайсці маўчаннем міма стараннасці жыхароў габрэяў мястэчка Эйшышкі. У дзень нараджэння Гасудара Імператара 17 красавіка ўсё мястэчка было ілюмінавана, у школах пры поўным асвятленні былі спяваныя гімны ў гонар Яго Вялікасці і Гсударыні Імператрыцы, таксама павінен згадаць пра сына Віленскага святара Багдана Брэна, які выказаў жаданне паступіць у вайсковую службу, і ўзятага мною для перакладаў з польскай мовы. Падчас абедзвюх спраў і пры пераследзе знаходзіўся ўвесь час пры ротах і часам нават у ланцугу пад агнём мяцежнікаў.

Начальнік Віленскаго атрада лейб-гвардыі Паўлаўскага палка палкоўнік Цімафееў.

Леанід Лаўрэш


Выстава трох пакаленняў

9 чэрвеня ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адкрылася выстава "Вытокі", на якой выстаўлены творы трох пакаленняў сям'і Лазоўскіх.

Лазоўскі Мікалай Фёдаравіч нарадзіўся ў в. Лазяны Беліцкай гміны, Лідскага павету 20 лютага 1926 г. Беларус. Закончыў 5 класаў вясковай польскай школы. З ліпеня 1944 г. і па жнівень 1950 г. служыў у Чырвонай Арміі:

У час Другой Сусветнай вайны ўдзельнічаў у вызваленні Польшчы, Прагі, Венгрыі, штурме Берліна. Узнагароджаны "Ордэнам Айчыннай вайны", медалямі "За адвагу", "За баявыя заслугі", "За ўзяцце Берліна" "За вызваленне Прагі", "За перамогу над Германіяй", "Медаль Жукава" і інш.

За свой век Мікалай Фёдаравіч напісаў вялізарную колькасць карцін. Яму былі аднолькава падуладныя графіка, акварэль, алей. Сваёй творчасцю ён нёс людзям дабрыню, веру, спагаду. Нажаль, мастака ўжо няма сярод нас.

Лазоўская Лідзія Мікалаеўна (дачка). Нарадзілася ў г. Лідзе ў 1963 г. 1975 - 1981 г - вучоба ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя В.А. Ахрэмчыка. 1981 - 1986 г. - вучоба ў ВГТУ, (г. Віцебск, тэкстыльны дызайн). Стварае калекцыйныя серыі яйкаў і скрыначак на тэмы: "Поры года", "Тройка", "Беларускі пейзаж", "Птушкі", "Кветкі", "Каляды", "Вялікдзень", "Купалле", "Партрэтная галерэя князёў Радзівілаў", "Беларускі абраз" і інш. Стварае мініяцюрныя партрэты выбітных дзеячаў РБ і гістарычных персанажаў.

Грыгарэнка Ганна Ігараўна (унучка), нарадзілася 1985 г. у горадзе Лідзе. Вучылася ў сярэдняй школе №14. У 2006 годзе скончыла Менскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж. У 2011 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М Танка. Займаецца жывапісам, мастацкай размалёўкай, кампутарнай графікай, фотаартам.

Філатава Лідзія Ігараўна (унучка), нарадзілася 11 красавіка 1987 года. Вучылася: Менскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж, спецыяльнасць "Архітэктура"; Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, спецыяльнасць "Архітэктура". Мае ступень Магістра Архітэктуры. На дадзены момант працуе архітэктарам. Хобі - упрыгожванні са шкла ў тэхніках лампворк і ф'юзінг, займаецца 3 гады. Удзельнічала ў міжнародных выставах: "Ладдзя. Зімовая казка 2012", Масква; "Жар-Птушка 2012", Масква; "Млын", Менск; "Біжутэрыя. Ад вінтажа да нашых дзён", Масква.

На адкрыццё выставы сабраліся прадстаўнікі творчай супольнасці, грамадства, уладаў. Душэўна і мастацка вяла імпрэзу Тацяна Нікіфарава.

Яраслаў Грынкевіч.

На здымках: 1. Адкрыццё выставы; 2. Дочкі Мікалая Фёдаравіча - Галіна і Лідзія, унучка Філатава Лідзія, жонка - Ганна; 3. Фрагмент выставы; 4. Работы Лідзіі Лазоўскай.


Беларусы ў замежжы і ў сябе дома

Колькі беларусаў ва ўсім свеце? Гэтага, мабыць, дакладна ніхто не ведае. Яны жывуць у Канадзе, ЗША, Англіі і Аўстраліі, Бразіліі і Аргенціне, Афрыцы ... Найбольш іх у Расіі, Украіне, Польшчы, шмат беларусаў ва ўсіх былых рэспубліках Саюза. Былыя прыбалтыйскія рэспублікі, а цяпер самастойныя краіны Літва, Латвія, Эстонія далі прытулак тысячам беларусаў. Розны лёс іх рассеяў па ўсёй нашай грэшнай планеце. Жывуць яны ў блізкіх і далёкіх краінах. Адны з іх ніколі ў Беларусі не былі і ведаюць пра яе толькі тое, што даецца ў розных СМІ. Другія зрэдку наведваюць родную старонку, каб пакланіцца памяці бацькоў, родных, блізкіх, сяброў. Але ўсе яны, мне здаецца, жывуць марай пабыць у родных мясцінах. Шмат каму ўдаецца гэтую мару здзейсніць. А колькі тых, хто сыходзіць у іншы свет так і ні здзейніўшы сваю мару спаткацца з роднай зямелькай.

Жывуць беларусы, і жыве беларуская мова, жыве нацыянальная культура, народныя традыцыі беларусаў. Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны трымае, па магчымасці, сувязі з дыяспарамі беларусаў, якія жывуць у замежжах, аказвае пасільную дапамогу землякам у замежжы, а беларусы замежжа ў сваю чаргу дапамагаюць сваім землякам, якія жывуць на роднай зямлі. І толькі такая падтрымка дае магчымасць выжыць беларускай нацыі, захаваць беларускую мову, культуру, традыцыі і гісторыю.

Я зусім нядаўна пабыў у сталіцы Эстоніі, сустрэўся з землякамі і хачу распавесці чытачам "Нашага слова" аб уражаннях ад гэтай сустрэчы.

У Таліне жыве беларуская мова. Эстонія - невялікая прыбалтыйская краіна. У гэтай краіне пражывае каля 1 мл. 300 тысяч чалавек. Эстонцы - малалікі народ. Але народ горды, свабодалюбівы, які шануе сваю мову, нацыянальную культуру, народныя традыцыі, ганарыцца сваёй гісторыяй. У гэтым сэнсе ім толькі трэба пазайздросціць.

Сёння ў Эстоніі жыве каля 20 тысяч беларусаў. Большасць з іх жыве ў Таліне. Яшчэ ў савецкія гады у Таліне абаснаваліся сям'я маёй дачкі. З тых часоў, хоць і зрэдку, бываю ў сталіцы Эстоніі. Сённяшні прыезд адбыўся болей чым праз восем гадоў. За гэты час шмат змянілася ў жыцці Беларусі і Эстоніі. Здаецца, што такі кароткі прамежак часу - імгненне ў гісторыі краін і народаў, у іх эканамічным, культурным, грамадскім і палітычным жыцці. І гэтыя змены відавочныя. У гэты раз паставіў перад сабою задачу: наладзіць сувязь з беларускім асяродкам у сталіцы Эстоніі. Паколькі статут ТБМ прадугледжвае наладжванне сувязяў з беларусамі ўсяго свету, то я як сябра ТБМ і старшыня адной з раённых арганізацый гэты прыезд у Талін рашыў выкарыстаць з карысцю для Таварыства. Паколькі я сам не валодаю інтэрнетам, то падключыў унука. Хутка ён адшукаў першыя адрасы. Праз цэнтр рускай культуры мы выйшлі на грамадскае аб'яднанне беларусаў "Лёс" і яго кіраўніцу Тацяну Ніжнік. Гэта было раніцай, а ўжо падвечар таго ж дня я быў на вечарыне, якая была прысвечана славянскім асветнікам Кірылу і Мяфодзію.

І пра гэтае мерапрыемства болей падрабязна.

Вечарына праходзіла ў зале ЦРК. Зала была запоўнена да адказу. Усім не хапіла сядзячых месцаў, і людзі стаялі ў праходах. Святочную вечарыну адкрыла вядоўца Кацярына Дзідзенка і дала слова дакладчыку, які коратка расказаў пра вялікіх славянскіх асветнікаў Кірыла і Мяфодзія. Святочнае мерапрыемства працягвалася выступленнем самадзейных мастацкіх каляктываў "Лянок" і "Купава". Ансамбль беларускай песні "Лянок" выканаў беларускія песні. "Над ракою ў спакою", "Матуліна хата", "Вёсачка", "Хлеб ды соль", "Ручнік " і інш. Спявачкі былі ў прыгожых нацыянальных строях, што, канешне, спрыяла беларускаму настрою, стварэнню нацыянальнай атмасферы. Кіруе гэтым калектывам Таццяна Ніжнік. Было б несправядліва, калі б я не назваў удзельніц ансамбля. На здымку ў бел-чырвоных строях Галіна Багданец і Раіса Бушук, Вольга Чупрына і Ганна Вішнёва, Людміла Дзінтан і Любоў Русіна і баяністка Наталля Палякова.

Беларускае грамадскае аб'яднанне "Ялінка" на свяце было прадстаўлена ансамблем "Купава", якім кіруе Анна Калягіна. А вось і яе сяброўкі - спявачкі тры Валянціны - Валісевіч, Цудзіла і Атрошчык, дзве Людмілы - Росман і Шоцік, а таксама Алена Аляксеева, Тамара Ціцянок і Любоў Лёвіна. Яны на здымку у бел-чырвона-блакітных строях. У іх выкананні прагучалі "Наша песня", "Кума", "Матулін голас", "Ехаў Ясь на кані" і інш.

Дарэчы, першыя дзве на вершы менскага паэта Івана Цітаўца. У заключэнне вечарыны выступіла прадстаўніца беларускага пасольства ў Эстоніі. На жаль, яна не палічыла патрэбным сваю кароткую прамову зрабіць па-беларуску. Гэткае характэрна для ўсіх уладных чыноўнікаў Беларусі. З прывітальным словам да беларусаў Таліна звярнуўся і я - аўтар гэтых радкоў.

Было прыемна сустрэцца на гэтым свяце з былой жыхаркай в. Боразцы Пінскага раёна. Адбылася кароценькая размова са спявачкай ансамбля "Купава" (з Барысава), а так-сама з вядоўцай вечарыны Кацярынай Дзідзенка кіраўніцамі ГА "Лёс" і "Ялінка" Таццянай Ніжнік і Аленай Калягінай.

Гэта была незабыўная сустрэча з беларускамі, якія жывуць далёка ад сваёй роднай зямлі, якія як могуць, так і захоўваць родную мову, нацыянальную культуру. Тут я пачуваў сябе сваім сярод сваіх.

Чужы сярод сваіх

Чэсна прызнацца трэба, што зусім па-іншаму я сябе адчуваў, калі сутыкаўся з беларусамі, якія жывуць у Беларусі і яе сталіцы. Прыкра стала яшчэ ў Таліне, калі садзіўся ў аўтобус Менскага аўтобуснага парка. Ні ад кіроўцаў, ні ад правадніцы я не пачуў ніводнага беларускага слоўца.

Адкуль жа такая непрыязнасць да беларускай мовы? Пераязджаем беларускую мяжу. Думаеце, што я пачуў беларускую гаворку ад нашых памежнікаў і мытнікаў. Усе яны: і кіроўцы, і правадніца, і памежнікі, і мытнікі на дзяржаўнай службе. Яны павінны быць узорам, прыкладам для беларусаў: простых людзей. Чым адрозніваюцца народы суверэнных дзяржаў? У першую чаргу нацыянальнай мовай. Гэта характэрна для народаў усіх дзяржаў, але толькі не для беларусаў. Маленькая Эстонія шануе і захоўвае сваю мову. А значна большая Беларусь - не. У Эстоніі мала насельніцтва, але ёсць народ. У Беларусі многа насельніцтва, але не відаць народа.

Так і хочацца крыкнуць: "Дзе ж вы, беларусы!?"

Па прыездзе ў Менск я адправіўся шукаць беларусаў. На тралейбусе даехаў да плошчы Якуба Коласа. І адразу пакрочыў да дзядзькі Якуба, каб перакінуцца некалькімі слоўцамі з класікам беларускай літаратуры, сейбітам беларускага слова, захавальнікам нацыянальнай культуры. І выслухаў яго дакор:

- Браткі-беларусы, што ж вы вытвараеце!

Стала мне сорамна і крыўдна за ўсіх нас. Паслухаў Сымона - музыку, развітаўся з Коласам і рушыў пехатою да плошчы Перамогі. Па шляху заглянуў у невялічкую крамку "Просто одежда" не паспеў добра адчыніць дзверы, як малодзенькая "беларусачка" выпаліла "Здрасце!" не прамінуў, каб не папракнуць дзяўчыну за тое, што яна ў беларускай сталіцы не размаўляе па-беларуску. На мой папрок я пачуў: "Беларускій язык "некрасівый", - мусіў нагадаць Адама Міцкевіча, які казаў, што мова беларуская прыгожая і мілагучная. Пасля дзяўчына паправілася і заявіла што яна размаўляла б па-беларуску, калі б гэта рабілі ўсе. Параіў дзяўчыне пачынаць з сябе і пакінуў крамку. Іду далей. І вось шыльда "Смачна-хутка". Думаю тут-то ўжо пачую беларускую гаворку. Павітаўся. На маё "Добрай раніцы" пачуў зноў: "Здрасце". І далей на мае пытанні па-беларуску я чуў адказы на рускай мове.

І ў дарозе з Таліна ў Менск, і ў сталіцы Беларусі я адчуваў сябе чужым сярод сваіх. Трагерыя дый толькі.

Чаму ж так адбываецца, што беларусы ў замежжы стараюцца не забываць родную мову, захоўваць культуру і традыцыі беларускага народа. А беларусы ў роднай старонцы гэтую мову знішчаюць? Ідзе знішчэнне не проста мовы, а і народа, беларускай нацыі. І робіцца гэта з падтрымкай улады, якая павінна наадварот клапаціцца пра захаванне ўсяго беларускага ў Беларусі. А гэта ўжо злачынства.

І за ўсякае злачынства рана ці позна, але прыйдзецца адказваць. Адказваць і перад сваім народам, і перад Усявышнім, воляю якога нашаму народу дадзена беларуская мова. А Божы дар трэба берагчы і перадаць будучыму пакаленню беларусаў. І толькі так можна зберагчы нацыю.

Уладзімір Гук, старшыня Пінскай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Талін - Менск.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX