Вярнуцца: 2013

№ 27 (1126)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 27 (1126) 4 ліпеня 2013 г.


Фестываль сярэднявечнай культуры ў Міры

У замкавым комплексе Мір прайшоў фестываль сярэднявечнай культуры "Спадчына стагоддзяў".

Сёлета фестываль праводзіўся ў трэці раз, удзел у ім узялі больш за 20 клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Ізраіля і краінаў Балтыі.

Як сцвярджаюць удзельнікі фестывалю з Адэсы, рэканструкцыя для іх не проста хобі, а стыль жыцця:

- Мы займаемся рэканструкцыяй Англіі 14-15 стагоддзя, графства Дэваншыр графа Х'ю дэ Картанэ.

- Шмат для каго клуб, як сям'я. Людзі, якіх ты ведаеш дзясяткі гадоў, з якімі ты з вялікім задавальненнем маеш зносіны.

- Я з Кёнігсберга - Калінінграда. Гэта для нас хобі, нам вельмі падабаецца аднаўляць гістарычную рэальнасць. Я люблю знаходзіцца ў гэтай атмасферы, у такой трохі псеўда-сярэднявечнай канешне, зразумела, што ўсё ўмоўна. Люблю быць разам з сябрамі, якія таксама гэтым цікавяцца, а таксама атрымоўваць пазітыўныя эмоцыі і задавальненне ад гэтага.

Арганізатары фестывалю "Спадчына вякоў" моладзевае грамадскае аб'яднанне "Жывая гісторыя" спадзяюцца, што фестываль будзе працягваць сваю гісторыю. Тым больш, што зацікаўленых рэканструкцыяй сярэднявечча становіцца ўсё больш.

Пад сценамі самага вялікага замка Беларусі быў створаны сапраўдны сярэднявечны горад з усімі належнымі атрыбутамі.

Гледачы маглі пабачыць парныя баі і масавыя бугурты, спаборніцтвы ў стральбе з лукаў і сапраўдны сярэднявечны кірмаш. Удзельнікі фестывалю падкрэсліваюць - сярэднявечча стала ладам іх жыцця.

Завяршылі фестываль конныя турніры, бугурты, выступы сярэднявечных гуртоў і шмат чаго цікавага.

Радыё Рацыя.


420 гадоў з дня нараджэння Альбрыхта Станіслава Радзівіла

РАДЗІВІЛ Альбрыхт Станіслаў (мянушка Абаронца Правоў; 1.7. 1593, г. Алыка Валынскага ваяв.-12. 11.1656), дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік, гісторык. Сын С. Радзівіла. У 1598-1605 вучыўся ў Віленскай акадэміі, пасля ў Вюрцбургу, з 1609 у Лёвене, да 1616 вандраваў па Нідэрландах, Францыі, Італіі, Швейцарыі. Пасол на соймы 1613 і 1619, дзе прызначаны падканцлерам ВКЛ. З канцлерам Л. Сапегам заключыў пагадненне, што адзін з іх абавязкова будзе знаходзіцца пры каралі Жыгімонце III для пільнавання інтарэсаў ВКЛ. На сойме 1623 прызначаны канцлерам ВКЛ. У знешняй палітыцы падтрымліваў планы Жыгімонта III авалодаць шведскім тронам. Каб зменшыць пагрозу з боку Турцыі і крымскіх татараў, выступаў за саюз з трансільванскім кн. Бетленам Габарам і аўстрыйскімі Габсбургамі. У 1632 падтрымаў абранне на трон Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV, але як шчыры католік выступаў супраць легалізацыі пры гэтым правоў пратэстантаў і праваслаўных. У 1646 выступіў супраць планаў караля распачаць вайну з Турцыяй. У 1648 падтрымаў абранне трон Яна II Казіміра. Адной з прычын казацкага паўстання на Украіне лічыў "сілу нашых злых учынкаў і ўціск бедных", выступаў за рашучую барацьбу з Б. Хмяльніцкім. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-67 і Паўночнай вайны 1655-60 выехаў у Прусію. У 1656 прымаў удзел у перагаворах з Даніяй і Галандыяй у Гданьску, дзе і памёр (бяздзетным). Пры правядзенні ўнутранай і знешняй палітыкі рашуча адстойваў інтарэсы роду Радзівілаў, у т.л. кальвінісцкай галіны, дэманстрацыйна бараніў асобныя інтарэсы ВКЛ у Рэчы Паспалітай. Меў вял. зямельныя ўладанні на Валыні (Алыка інш.), Беларусі - Нягневічы, Налібокі, маёнткі ў Літве і Польшчы. Трымаў шматлікія дзярж. ўладанні, у т.л. Барысаўскае (з 1629), Пінскае (з 1631), Геранёнскае (з 1644) староствы, быў адміністратарам Кобрынскай і Шавельскай эканомій. Заснаваў у Пінску езуіцкі калегіюм. Аўтар і перакладчык каталіцкіх рэлігійных твораў. На лацінскай мове напісаў "Кароткі выклад падзей у Польскім каралеўстве ў час панавання Жыгімонта III, Уладзіслава IV і Яна Казіміра" (часткова апублікаваны ў польскім перакладзе Э. Катлубаем у 1848) і падрабязны "Дзённік" за 1632-56 гг. - каштоўную крыніцу па ўнутранай знешняй палітыцы Р.П. (упершыню апублікаваны ў польскім перакладзе ў 1839).

Валерый Пазднякоў.


225 гадоў з дня нараджэння Дамініка Манюшкі

МАНЮШКА Дамінік (6.7.1788-26.9.1848). Асветнік. Нарадзіўся на Меншчыне ў сям'і вайсковага суддзі Вялікага Княства Літоўскага. Дваюрадны брат кампазітара С. Манюшкі. Пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта атрымаў вучоную ступень доктара права. Прымаў удзел у вайне 1812. З 1816 асеў на спадчынным маёнтку Радкаўшчына ў Ігуменскім пав. Займаў пасаду ігуменскага падкаморага. Прымыкаў да масонскага руху: быў членам ложы "Паўночная паходня". Усё сваё жыццё Манюшка прысвяціў паляпшэнню становішча сялян. Уласны маёнтак i зямельныя ўгоддзі ён аддаў у карыстанне сваім сялянам, пакінуўшы сабе толькі невялікі ўчастак. Кожны селянін атрымаў асобную сядзібу з ворнай зямлёй, лугам i дзялянкай лесу. Манюшка заснаваў у павеце вучэльню, якая складалася з двух аддзяленняў - падрыхтоўчага i вышэйшай школы. У ix выкладалі закон Божы, славянскую, рускую i польскую мовы, арыфметыку, даваліся паняцці па тэхналогіі земляробства, па садаводстве, агранаміі, лесаводстве, пчалаводстве, пачатковыя звесткі з медыцыны, анатоміі i ветэрынарыі. Апрача таго, выкладалася каліграфія, чарчэнне, ручная праца i розныя рамёствы. У вышэйшых класах найбольш здольным выхаванцам дадаткова выкладаліся геаграфія, гісторыя i каморніцтва. У 1824 у Радкаўшчыне быў заснаваны канвікт (асобы пансіянат) для ўтрымання i выхавання сялянскіх дзяўчынак. Былі абсталяваны аптэка i лабараторыя, а для практычных заняткаў існавалі сады батанічны, пладовыя i агароднінны. Навучанне вялося на працягу 2 гадоў у асенне-зімовы перыяд, a ўлетку выхаванкі праходзілі практыку ў садах вучэльні або на прысядзібных участках сваіх бацькоў. Выдаткі на ўтрыманне вучылішча i канвікта М. рабіў за кошт арэнднай платы, якую ён атрымліваў ад сялян за зямлю, а таксама са сваіх асабістых сродкаў. Не маючы дадатковых даходаў, ён вымушаны быў закласці маёнтак. Вучэльня было закрыта ў 1838, жаночы пансіянат праіснаваў да 1853 дзякуючы матэрыяльнай дапамозе брата Ігната. У канцы жыцця М. пераехаў у Менск, дзе i памёр. На яго магіле ў прадмесці Камароўкі ўдзячныя выхаванцы паставілі помнік з надпісам: "Ад верных сялян i падданых".

Спадчына.


"Белавежа" святкуе 55 гадоў свайго існавання

Урачыстыя прамовы і віншаванні гучалі ў час адзначэння 55-годдзя літаратурнага аб'яднання "Белавежа". На святкаванні сабраліся яго чальцы: Ян Чыквін, Галіна Тварановіч, Алесь Барскі, Міра Лукша, Віктар Швед, Міхась Андрасюк, Васіль Петручук, Юры Баена ды іншыя. Прыехалі таксама запрошаныя госці з Беларусі, Польшчы і Вялікабрытаніі, прысутнічаў Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Аляксандр Берабеня.

Літаратурнае аб'яднанне "Белавежа" паўстала ў 1958 годзе.

Як кажа старшыня аб'яднання Ян Чыкві:

- Назва "Белавежа" з'явілася ў 1960 годзе, двума гадамі пазней за ўзнікненне аб'яднання. Я помню гэты час, нашую сустрэчу, калі мы разважалі над назваю. Хіба гэта была прапанова Алеся Барскага. І назва была прынята. Яна падабалася ўсім, бо недзе гэта была і пашана да Валкавыцкага, які з'яўляецца белавежцам у прамым сэнсе, па нараджэнні. "Белавежа" - гэта і назва пушчы, гэта і Белая вежа. Ёсць і гарызантальныя сэнсы нейкія, і вертыкальныя. Адным словам, схопліваецца ў гэтай метафары "Белавежа" нешта вельмі рэальнае, канкрэтнае, нашае і нешта метафізічнае. І ў "Белавежы" ёсць паняцце прырода, лес, магутнасць, непрамінальнасць і ёсць шмат кіслароду. Усе разам гэта існуе ў патэнцыі самой назвы "Белавежа".

Ля вытокаў абяднання стаялі, між іншымі, згаданы ўжо, Георгі Валкавыцкі ды Сакрат Яновіч, якіх сёлета не стала. Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання. Урачыстая імпрэза адбылася ў Беластоцкім універсітэце 29 чэрвеня.

Як казала літаратарка і журналістка Міра Лукша, з "Белавежай" звязанае ўсё яе жыццё:

- Я ў рады "Белавежы" была запрошана як 15-гадовае дзіця пасля дэбюту на літаратурнай старонцы вершам. І ўсё жыццё гэтыя аўтары, людзі, якія выхавалі мяне, былі маімі аўтарытэтамі, былі для мяне вельмі важныя. Гэта практычна ўсё маё жыццё, бо я - аднагодка "Белавежы".

Галоўны рэдактар тыднёвіка беларусаў у Польшчы "Ніва" Яўген Вапа прыгадаў прысутным пра агульнабеларускія палітычныя і моўныя праблемы:

- Калі гаварыць пра ролю і значэнне беларускіх пісьменнікаў, пра ролю "Белавежы" сёння, у агульнабеларускай прасторы, то сапраўды самым важным фактарам, які вызначае лёс пісьменніка, творца культуры, ёсць свабода. А свабода для чалавека - гэта ёсць вялікая адказнасць. Гэтая адказнасць таксама азначае ягонае змаганне, бо свабода не азначае, што ты нічога не робіш, свабода - гэта твая актыўная пазіцыя, гэта твая адказнасць за незалежнасць, за мову, за штодзённае жыццё тваіх блізкіх, родных, нацыі. Таму вельмі важным ёсць тое, каб мы, як творцы беларускія ў Польшчы, прыналежныя да беларускай культуры ў цэласці, і да польскай, былі салідарнымі з тымі сябрамі, пісьменнікамі, літаратурнымі крытыкамі, увогуле з людзьмі ў Беларусі, якія з прычыны таго, што маюць свой погляд, маюць сваю свабодную думку, зведваюць рэпрэсіі. Так не можа быць: свабода ёсць адзінкай так каштоўнай, за якую не можа быць рэпрэсіяў.

У турме знаходзіцца знакаміты літаратурны крытык, эсэіст, былы дырэктар музея імя Максіма Багдановіча Алесь Бяляцкі. Непадалёку пад Пружанамі знаходзіцца ў зняволенні Павел Севярынец - знакаміты эсэіст. Побач у Гародні знаходзіцца Зміцер Дашкевіч, адзіным "няшчасцем" якога ёсць тое, што ён любіць Беларусь і за гэта знаходзіцца ў турме. У зняволенні ёсць чалавек, які не паддаецца ніякім ударам і адначасна піша - Ігар Аліневіч, дзённікі якога проста фантастычныя. Гэта ёсць гонар нацыі, для іх трэба аказваць шацунак і з імі трэба салідарызавацца, за іх трэба заступацца. Гэта наш маральны абавязак.

Такая нагода святкаванняў ёсць добрым таксама момантам, каб гэта ўсё прыгадаць. Маем моўную русіфікацыю, а ў нас тут - паланізацыю, і гэта ўсё ўзаемазалежнае. Калі будзе беларусізацыя ў Беларусі, то і ў нас працэсы будуць зусім інакш ісці.

Месяц чэрвень увогуле ёсць вельмі важным для беларускай літаратуры. Вось, 28 чэрвеня маем трагічную гадавіну смерці Янкі Купалы. У чэрвені, 10 гадоў таму, адышоў Васіль Быкаў. Ягоная доўгая дарога дадому была дарогай чалавека, якога прымусілі да эміграцыі, які вярнуўся толькі дзеля таго, каб скласці сваё цела ў роднай зямлі. Развітанне з Васілём Быкавым было самай большай дэманстрацыяй, якую можна было пабачыць апошнімі гадамі.

І пра гэта мы павінны памятаць. Калі хочам называцца людзьмі, якія ствараюць беларускую літаратуру, культуру, то на нас спачывае таксама абавязак і памяці, і таксама асабістага, незалежнага падыходу. Патрабуецца гэта ад кожнага стваральніка, не толькі беларускага. Любы стваральнік культуры, любы чалавек, які займае нейкую пазіцыю, мусіць быць незалежным у сваіх поглядах. І літаратура толькі тады ёсць моцная, калі будзе займаць менавіта такія пазіцыі.

55 гадоў "Белавежы" паказваюць, што яе існаванне апраўдала сама гісторыя.

Паводле Радыё Рацыя.


Kamunikat.org у Полацку

Мае сябры і я любім наведваць наш Полацкі Цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур. Мерапрыемствы тут цікавыя і пазнавальныя, заўсёды можна пачуць добрую беларускую мову, папрысутнічаць на прэзентацыях кніг беларускіх пісьменнікаў, беларускамоўных мерапрыемствах на самыя розныя тэмы. 25 чэрвеня Цэнтр запрасіў нас на прэзентацыю Беларускай Інтэрнэт-бібліятэкі Каmunikat. org. Гэтая электронная бібліятэка створана і развіваецца беларусамі, якія жывуць у Польшчы, і з'яўляецца праектам Беларускага гістарычнага таварыства ў Беластоку. Да нас завіталі праграмны дырэктар радыё "Рацыя", стваральнік і каардынатар Беларускай Інтэрнэт-бібліятэкі Каmunikat. org Яраслаў Іванюк і беларуская журналістка з Польшчы, стваральніца беларускай бібліятэкі пры музеі беларускай культуры ў Гайнаўцы Наталля Герасімюк. Яны пазнаёмілі прысутных з гісторыяй стварэння Інтэрнэт-бібліятэкі Каmunikat.org, распавялі аб тым, якія кнігі і перыядычныя выданні маюцца ў бібліятэцы. Kamunikat.org сёння - гэта больш за 12 тыс. публікацый, якія маюць дачыненне да Беларусі. Бібліятэка пастаянна павялічвае свае фонды новымі кнігамі, радыёперадачамі, аўдыёкнігамі, газетамі. У беларускім інтэрнэце гэты сайт у топе папулярных, ён займае пятае месца ў спісе з 50 сайтаў. Прыемна было даведацца, што некаторыя полацкія пісьменнікі маюць старонкі на Kamunikat.org. З цікавасцю мы паглядзелі кароткі фільм фатографа Андрэя Лянкевіча пра беларусаў у Польшчы. Акрамя таго, вельмі цікавай была прэзентацыя кнігі Алеся Краўцэвіча "Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага", зробленая самім аўтарам. Цудоўным завяршэннем вечарыны было выступленне барда Алеся Камоцкага, які выканаў некалькі сваіх песень.

Ніна Бялова. На здымках: госці ў Полацку; спявае Алесь Камоцкі.


У Магілёве фестываль духоўнай музыкі завяршыўся гімнам "Магутны Божа"

28 чэрвеня ў Магілёве завяршыўся міжнародны фестываль духоўнай музыкі "Магутны Божа". На заключным гала-канцэрце прагучаў гімн паэткі Наталлі Арсенневай і кампазітара Міколы Равенскага "Магутны Божа". Гэты твор даў назву фестывалю. Яго выконвалі хор і аркестр пад кіраўніцтвам расейскага дырыжора, прафесара Станіслава Калініна.

Багата тых, хто прыйшоў на канцэрт, слухалі гімн стоячы. Стоячы яго слухалі і госці фестывалю. На канцэрце прысутнічалі часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч, каталіцкі арцыбіскуп мітрапаліт менска-магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, галоўны пастар евагелісцка-лютаранцкай царквы Іван Масюра ды епіскап магілёўска-мсціслаўскі ўладыка Сафроній.

Гала-канцэрт фестывалю вёўся па расейску. На расейскай мове выступаў і старшыня гарвыканкаму Ўладзімір Цумараў. Па-беларуску казалі намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік ды прадстаўнік апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Уладзімір Ламека.

Сёлета фестывалю "Магутны Божа" дваццаць гадоў. У ім удзельнічалі музыкі і музычныя калектывы з пятнаццаці краінаў свету. Традыцыйна ў кафедральным касцёле Ўнебаўзяцця найсвяцейшай панны Марыі праводзіўся конкурс хароў. Сёлета журы пад старшынствам Станіслава Калініна вырашала не прысуджаць гран-пры. Ганаровымі дыпломамі ўзнагародзілі музычныя калектывы з Беларусі, Нямеччыны ды Расіі.

Акрамя конкурсу хароў штовечар цягам пяці фестывальных дзён на пляцоўцы перад кінатэатрам "Радзіма" адбываліся канцэрты хрысціянскай музыкі, а таксама іншыя мерапрыемствы. Рэклама фестывалю і ягонае суправаджэнне было расейскамоўным.

Сёлета не было, як раней, урачыстых адкрыцця і закрыцця фестывалю. На іх традыцыйна выконвалі гімн "Магутны Божа". На першым канцэрце сёлетняга фестывалю "Магутны Божа" не гучаў. Наступны фестываль адбудзецца праз год - у 2015-м.

Упершыню фестываль прайшоў у чэрвені 1993 года. Ініцыятарам яго правядзеньня выступіла рыма-каталіцкая парафія Ўнебаўзяцця найсвяцейшай панны Марыі і тагачасны магілёўскі ксёндз Уладзіслаў Блін.

Радыё Свабода.


Фестываль AD.NAK! - у рэчышчы сусветных трэндаў

Чацвёрты Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! падвёў вынікі развіцця беларускамоўнага рэкламнага рынку і вызначыў лепшых. Цырымонія ўзнагароджання аўтараў найлепшых работ, пададзеных сёлета на фестываль AD.NAK!, адбылася 27 чэрвеня ў Менску ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау (IBB).

Урачыстай цырымоніі ўзнагароджання папярэднічала шырокая адукацыйная праграма, дзе ў якасці спікераў былі майстры рэкламы не толькі з Беларусі, але і з далёкай Японіі. Адметнасцю сёлетняга фестывалю стала двухгадзінная лекцыя творчага дырэктара японскага агенцтва PARTY, уладальніка канскага Залатога льва Канта Сімідзу (Qanta Shimizu). Прафесіянал японскай рэкламнай індустрыі распавёў удзельнікам Фестывалю пра тое, як захаваць нацыянальнасць рэкламы ў глабальным свеце на прыкладзе Японіі.

Сёлета на Фестываль AD.NAK! было пададзена 314 работ ад 105 удзельнікаў. Да прыкладу, у 2012 годзе было пададзена 330 работ ад 110 удзельнікаў, у 2011 годзе - 272 работы ад 100 удзельнікаў, а ў 2010 годзе - 105 работ ад 59 удзельнікаў. Прычым сёлета геаграфія ўдзельнікаў пашырылася. Акрамя беларускіх рэкламных агенцтваў свае работы на Фестываль даслалі таксама літоўскія рэкламісты.

- З радасцю адзначаю, што якасць конкурсных работ удзельнікаў фестывалю штогод паляпшаецца. Больш за тое, калі раней у фестывалі бралі ўдзел у большасці невялікія рэкламныя агенцтвы, то сёлета можна сказаць пра ўстойлівую цікавасць да фестывалю з боку буйных удзельнікаў рэкламнага рынку. Адметнасцю нашага фестывалю штогод з'яўляецца арыентацыя на сацыяльную і грамадскую значнасць праектаў, цікава, што ў гэтым годзе на "Канскіх львах" золата атрымалі ў асноўным сацыяльныя праекты, таму сёння мы можам казаць пра адпаведнасць нашага фестывалю сусветным трэндам, - адзначыў Сяргей Скараход, кіраўнік рэсурсу Marketing. by, які з'яўляецца суарганізатарам фестывалю.

Сёлета журы Фестывалю AD.NAK! прысудзіла ажно два Гран-пры. Першае месца занялі 6 работ, другое - 23, трэцяе - 35 работ; у конкурснай праграме перамаглі 3 работы, адзін з самых паспяховых удзельнікаў фестывалю атрымаў спецыяльную ўзнагароду ад Кіеўскага міжнароднага фестывалю рэкламы. Пераможца вызначаны і ў антыпрэміі "Каша сувораўская". Поўны спіс пераможцаў Чацвёртага фестывалю беларуска-моўнай рэкламы і камунікацыі будзе апублікаваны на сайце Фестывалю www.adnak.by адразу пасля заканчэння ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў.

- Сёлетні - ужо чацвёрты - фестываль AD.NAK! дэманструе аксіёму: калі ты беларусаарыентаваны, ты ў трэндзе. Застаецца гэта ўсвядоміць і ўключыць асабістую выключнасць. Колькасць работ, пададзеных на фестываль, ажыятаж вакол адукацыйнай праграмы, прадуктыўная супольная праца з партнёрамі - сведчанне актуальнасці фестывалю. Мы спадзяёмся, што, у тым ліку, і дзякуючы Фестывалю AD.NAK!, якаснай рэкламы па-беларуску становіцца болей, а культурніцкія праекты не толькі ствараюцца, але і даносяцца да спажыўца пры дапамозе найбольш эфектыўных сродкаў, - адзначыла Ніна Шыдлоўская, каардынатарка грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!", якая з'яўляецца ініцыятарам Фестывалю AD.NAK!

Аргкамітэт Чацвёртага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! фіксуе ўстойлівы попыт на беларускамоўную рэкламу сярод спажыўцоў. У 2009 годзе 37% рэспандэнтаў, апытаных грамадскай культурніцкай кампаніяй "Будзьма беларусамі!", лічылі, што рэклама павінна быць па-беларуску. Ужо ў 2012 годзе за беларускамоўную рэкламу выступалі 55,6% рэспандэнтаў. Застаеццца спадзявацца, што меркаванне спажыўцоў будзе пачута ўдзельнікамі рэкламнага рынку, і якаснай беларускамоўнай рэкламы будзе з'яўляцца больш. У сваю чаргу вынікі Чацвёртага фествалю AD.NAK! сведчаць пра ўстойлівыя пазітыўныя тэндэнцыі ў развіцці гэтага сектара.

Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся ў прэс-службу фестывалю AD.NAK!:

Алесь Плотка. adnak@budzma.org.


Мелодыя палітры

У рамках міжнароднага фестывалю народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік", які праходзіў у Паставах у першай палове чэрвеня, у Доме рамёстваў адбылася творчая сустрэча, якая сабрала прыхільнікаў фатаграфіі, мастацтва і літаратуры.

Дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Петух адкрыла фотавыставу Сяргея Плыткевіча, знакамітага фотамастака, які з'яўляецца галоўным рэдактарам часопіса "Дзікая прырода", дырэктарам выдавецтва "Рыфтур", старшынём грамадскага аб'яднання "Фотамастацтва", аўтарам непаўторных альбомаў пра Беларусь. "Паралелі" - такую назву мае фотапрает Плыткевіча, на ім прадстаўлены фатаграфічныя пары, якія даюць магчымасць параўнаць жыццё па абодва бакі мяжы - у беларускім горадзе Паставы і літоўскім горадзе Рокішкіс. На жаль сам аўтар захапляльных здымкаў на імпрэзе не прысутнічаў, у гэты час Сяргей Плыткевіч аглядаў цудоўныя мясціны Пастаўскага краю з вышыні птушынага палёту. Напэўна, у хуткім часе мы пабачым новыя зачароўвальныя здымкі таленавітага фотамайстра.

У суседняй галярэі вабілі вока карціны беларускіх мастакоў з Менска, Віцебска, Жодзіна, Наваградка і іншых гарадоў, якія ў кастрычніку мінулага года ўдзельнічалі ў арганізаваным у Пастаўскім раёне пленэры. Пленэр быў прысвечаны 180-годдзю Альфрэда Ромера, знакамітага жывапісца, даследчыка гісторыі і культуры, жыццё якога было цесна звязаны з нашым краем. Упершыню гэтыя карціны былі выстаўлены ў Рэспубліканскай мастацкай галярэі Беларускага саюза мастакоў у красавіку бягучага года.

Выстава цудоўных карцін будзе радаваць пастаўчан і гасцей горада яшчэ доўга: кожны з мастакоў падарыў нашаму гораду па адной карціне (усяго - 15). Гэтыя карціны стануць асновай для стварэння ў пастаўскім Палацы Тызенгаўзаў карціннай галярэі. Дароўныя дакументы на пастаяннае захаванне работ у Паставах падпісалі ініцыятар і куратар праекту, прафесар кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ўладзімір Рынкевіч і дырэктар Пастаўскага раённага краязнаўчага музея Раіса Курачэнка.

Удзельнікі і госці мерапрыемства мелі магчымасць пазнаёміцца з творамі маладых аўтараў нашага краю - карцінамі вучняў Пастаўскай дзіцячай мастацкай школы імя А. Ромера, фотоздымкамі удзельнікаў Пастаўскага фотаклуба "Светасіла".

Заключнай , найбольш працяглай і "гарачай" часткай мерапрыемства стала літаратурна-музычная імпрэза "Мелодыя палітры", ганаровымі гасцямі якой сталі вядомыя майстры беларускага слова - паэт, публіцыст, галоўны дырэктар замежнага вяшчання "Беларускае радыё" Навум Гальпяровіч і пісьменнік, краязнавец, перакладчык, намеснік старшыні рэспубліканскага Савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Анатоль Бутэвіч.

Сцэнарыст і вядоўца літаратурнай імпрэзы - бібліятэкар Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі, актыўны сябар Пастаўскай арганізацыі грамадскага аб'яднання 'Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Людміла Сяменас задала шмат пытанняў гасцям пра пераасэнсаванне гісторыі, неабходнасць падтрымкі беларускай мовы.

А першым было пытанне пра стан сучаснай беларускай паэзіі і як паэзія можа спрыяць духоўнаму выхаванню грамадства, асабліва моладзі.

- Літаратура перажывае няпростыя часы, - адзначыў Навум Якаўлевіч. - На гэта ёсць шмат прычын. Але самая галоўная, думаецца, у тым, што многія аўтары палічылі: літаратуру ствараць надзвычай лёгка. Так, выдаць кнігу сёння не праблема: былі б грошы - і ты "пісьменнік". Вось і атрымліваецца, што паліцы бібліятэк усё больш запаўняюцца "самвыдатам", які не заўсёды папулярны сярод чытача.

Навум Гальпяровіч падкрэсліў, што родная літаратура павінна стварацца на роднай мове. Прыгажосць і вобразнасць беларускай мовы ён паспяхова прадэманстраваў, прачытаўшы ўласныя вершы.

Анатоль Бутэвіч выказаў сцверджанне таго, што беларусы - нацыя донараў, якая падарыла свету многа таленавітых людзей.

Ён адзначыў, што неабходна з дасведчанасцю зазірнуць у гісторыю і павярнуць яе на сваю карысць, бо ў гісторыі шмат цікавага і неспазнанага , безліч новых сюжэтаў для кніг і фільмаў.

І пра гэта Анатоль Іванавіч ведае не па чутках: ім створаны творы гістарычнай тэматыкі - "Каралева не здраджвала каралю", "Таямніцы Нясвіжскага замка", пра якія было расказана аўтарам з вялікім натхненнем. Навум Гальпяровіч расказаў пра выданне багатых на цікавую інфармацыю кніг пра Менск, Полацк, Гародню і Віцебск

Але не толькі госці знаёмілі прысутных з уласнымі кнігамі.

З цікавай інфармацыяй пра новыя ўласныя кнігі выступілі - пастаўскія краязнаўцы Ігар Пракаповіч і Вадзім Шышко, якія таксама з'яўляюцца актыўнымі членамі Пастаўскай арганізацыі грамадскага аб'яднання 'Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Удзел у абмеркаванні стану беларускай літаратуры прынялі і многія прысутныя.

Было выказанна вялікае шкадаванне ў сувязі з адсутнасцю ў Паставах кнігарні. Як справядліва заўважыў Анатоль Бутэвіч - нават у кампутарны час, нішто не заменіць сапраўдную жывую кнігу.

- Трэба ўсімі сіламі садзейнічаць таму, каб беларуская кніга дайшла да беларускага чытача, - зазначыў ён напрыканцы сустрэчы. - Калі мы будзем ведаць сваю мову, сваю гісторыю, тады і будзем адчуваць сябе сапраўднымі гаспадарамі на роднай зямлі. Любіце наш край, ведайце яго, ганарыцеся ім - і жыць стане цікавей.

У час імпрэзы гучалі вершы у выкананні мясцовых паэтаў: Ігара Пракаповіча, Наталлі Карнілавай, а таксама - музычныя творы - песня на словы лынтупскага паэта Алеся Гарбуля, музыку менскага кампазітара Алеся Шылы ў выкананні Рэнаты Рудкоўскай, песні на вершы Ігара Пракаповіча ў выкананні Людмілы Логінавай, якая з'яўляецца аўтарам музыкі, музычныя кампазіцыі ў выкананні скрыпачак Юліяны Янцэвіч і Ірыны Дубовік, некаторыя з якіх створаны Юліянай.

А завяршыла імпрэзу выступленне ансамбля "25+" з песняй " Пастаўскія вечары" на словы Наталлі Карнілавай, музыку Мікалая Карпенкі, як вынік сустрэчы, запрашэнне яшчэ раз наведаць Паставы і прызнанне ў любові да роднага краю і роднай мовы.

Воля Лісіцкая, г. Паставы


Блакітны званочак

Кожны год імпрэза ў Бычках суправаджаецца спевамі як знакамітых, так і маладых артыстаў. У гэтым годзе для гасцей свята выступіла музыкант і спявачка Белдзяржфілармоніі Таццяна Матафонава (Грыневіч). Гасцей кранула яе пранікнёнае выкананне вядомых беларускіх песняў і рамансаў.

Дзяўчына са звонкім голасам скончыла аддзяленне харавога дырыжыравання музычнай вучэльні ў Маладэчна і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва. Спачатку яна марыла пра оперную кар'еру. З нараджэннем сына да яе прыйшла любоў менавіта да беларускай песні.

Спявачцы ўдалося здзейсніць шэраг паспяховых паэтычных і музычных праектаў, якія ўпадабалі слухачы, сябры ТБМ і ўдзельнікі кампаніі "Будзьма!". Таццяна выдала сумесны дыск "Дзіцячы альбом" са Змітром Сідаровічам. Складанка "З Новым годам!" для дзяцей школьнага ўзросту была падрыхтавана некалькі гадоў таму з удзелам Юрася Жыгамонта і прысвечана сыну і яго сябрам.

Іншы дыск мае назву "Пасьпеўкі", і складзены разам з Сяржуком Сокалавым-Воюшам. У яго ўваходзяць вядомыя рамансы Чайкоўскага, Рахманінава ў перакладзе на беларускую мову.

У запісах дыска браў удзел сын Таццяны - дванаццацігадовы Адась Матафонаў, навучэнец 23 менскай беларускай гімназіі, які грае на фартэпіяна. У мінулым годзе артыстцы ўдалося ажыццявіць вельмі патрэбны праект для школы і сям'і пад назвай "Няма прыгажэй ад маёй Беларусі".

Даведаўшыся аб скарачэнні праграмных твораў па беларускай літаратуры, спявачка вырашыла запісаць любімыя вершы разам з песнямі, каб дзеці іх ведалі. У складанку ўвайшлі 80 вершаў і 20 песняў. На дыску сабраныя вершы Цёткі, Я. Купалы, М. Багдановіча, П. Броўкі, П. Панчанкі, Р. Барадуліна і інщых класікаў. У запісах складанкі з чытаннем вершаў задавальненнем прынялі ўдзел Генадзь Бураўкін, Зінаіда Бандарэнка, Анатоль Вярцінскі, Лявон Вольскі. Спявачка даволі часта выступае ў паэтычных вечарынах разам з Міхасём Скоблам.

Э. Дзвінская. Фота аўтара: 1.Выступленне маладой спявачкі. 2.Таццяна Матафонава з гасцямі імпрэзы ў Бычках.


Увага!

У ліпені і жніўні ў сядзібе ТБМ у межах кампаніі "Будзьма" працягвае працаваць летняя гістарычная школа "Гісторыя на вакацыях" пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Трусава.

На занятках можна будзе пабачыць і абмеркаваць гістарычныя фільмы, знятыя і паказаныя на Белсаце, будзе праводзіцца гістарычная віктарына, пераможцы якой атрымаюць цікавыя прызы.

Падчас заняткаў таксама прадугледжаны абмен думкамі наконт сучаснага стану беларускай мовы і яе функцыянавання ў грамадстве.

Такім чынам, удзельнікі змогуць павысіць свае веды па гісторыі Беларусі і папрактыкавацца ў веданні беларускай мовы.

У ліпені заняткі адбудуцца: 8 ліпеня (панядзелак), 15 ліпеня (панядзелак), 29 ліпеня (панядзелак).

Пачатак а 18-й на вул. Румянцава, 13. Уваход вольны.


"Том, які сагравае рукі і сэрца" - кніга Віктара Карамазава прэзентавана ў Менску

25 чэрвеня на сядзібе Таварыства беларускай мовы ў Менску была прэзентавана кніга выбраных твораў Віктара Карамазава. Выданне стала 67 выпускам "Беларускага кнігазбору".

Сустрэча праходзіла ў камернай, сяброўскай атмасферы. Сярод наведнікаў можна было заўважыць літаратараў, калег і сяброў аўтара - Анатоля Вярцінскага, Алеся Жука, Міхася Скоблу, Людмілу Паўлікаву-Хейдараву, Кастуся Цвірку, Генадзя Вінярскага, Алеся Пашкевіча. Арганізатарам сустрэчы выступіў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Вяла імпрэзу намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім.

Празаік, старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў" Барыс Пятровіч у прывітальным слове адзначыў:

- Перад намі - новы том залатой серыі, плён шматгадовай працы пісьменніка, куды ўвайшлі як творы, што вывучаюцца ў школьнай і ўніверсітэцкай праграмах, так і параўнаўча новыя, надрукаваныя ў часопісе "Дзеяслоў". Памятаю, чытаў аповесць-эсэ Віктара Карамазава "Глядзіце ў вочы лемуру", яшчэ калі быў малады. Пазней сапраўдным адкрыццём сталі творы, прысвечаныя мастакам. Хаця гэта не дзіўна, бо Віктар Карамазаў сам добра малюе.

Віктар Філімонавіч апошнім часам рэдка з'яўляецца на публіцы, таму яго ўдзел у прэзентацыі стаў сапраўдным падарункам для прыхільнікаў ягонага таленту. На вечарыне таксама прысутнічалі жонка празаіка Лідзія Мікалаеўна і дачка Людміла. Спадарыня Лідзія спрычынілася да падрыхтоўкі кнігі і як чытач, і як прафесійны карэктар і стыльрэдактар, пра што асобна зазначыў сам аўтар. Не забыўся Віктар Філімонавіч выказаць падзяку і Анатолю Сідарэвічу, і выдаўцам Генадзю Вінярскаму і Кастусю Цвірку.

- Прырасло нашага "Кнігазбору", - усцешана распавядае спадар Віктар. - Прызнаюся, што гэты том сагравае рукі і сэрца. Многія рэчы прагучалі ў ім пановаму. Аўтар прадмовы да кнігі, народны мастак Беларусі Анатоль Бараноўскі, паставіўся да маіх твораў як жывапісец. Вельмі дакладна крытык акрэсліў галоўную ідэю рамана "Мастак і парабкі": там, дзе жывуць парабкі, няма месца мастаку.

Адносна выбару твораў для тома Віктар Філімонавіч расказаў, што гэта было вельмі няпроста, бо сярод выбранага апынуліся розныя па часе і настрою напісання, па жанры і па тэматыцы раман, апавяданні, эсэ.

Да вобразу мастака пісьменнік звярнуўся ў 1990-я гады. З таго часу з'явіліся творы пра Вітольда Бялыніцкага-Бірулю, Станіслава Жукоўскага, Мікалая Неўрава. Асобна варта адзначыць аповесць пра народнага мастака Беларусі, нашага сучасніка Гаўрылу Вашчанку.

Дарэчы, калі Віктар Карамазаў некалькі гадоў не пісаў прозу, выйсці з творчага крызісу яму дапамаглі менавіта заняткі жывапісам. Выяўленчае мастацтва найлепш адлюстроўвае адценні і пералівы колераў, і слова ў такой сітуацыі бяднейшае за фарбы, лічыць Віктар Філімонавіч.

На вечарыне выступілі Кастусь Цвірка, Анатоль Вярцінскі, Алесь Жук.

Напрыканцы сустрэчы аўтар адказаў на пытанні гледачоў, адбылася аўтографсесія.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

Фота: Алены Казловай. Злева зверху: Віктар Філімонавіч і Лідзія Мікалаеўна Карамазавы, справа ўнізе медаль першага лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Кастуся Каліноўскага.


Да юбілею аперацыі "Баграціён"

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь

Кабякову А.У.

К. Маркса. 38,

г. Мінск, 220016

Аб стварэнні мемарыяла аперацыі "Баграціён"


Шаноўны Андрэй Уладзіміравіч!

Летам наступнага года споўніцца 70 гадоў славутай аперацыі "Баграціён", у выніку якой фашысцкія захопнікі былі выгнаныя з беларускай зямлі.

У сувязі з гэтым мы прапануем:

1. У Светлагорскім раёне, на тэрыторыі былога балота Брыдскі Мох, стварыць мемарыял, прысвечаны пачатку гэтай унікальнай ваеннай аперацыі, і зрабіць невялікі музей як філіял музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ адно магчымае месца для будучага мемарыяла - траса Бабруйск - Мазыр каля в. ІІрытыка.

2. Выдаць паштовую марку і мастацкі канверт з гэтай нагоды.

3. Выдаць мастацкі альбом, прысвечаны вышэйзгаданай падзеі, на беларускай, рускай, нямецкай і англійскай мовах.

4. Зрабіць пешаходныя экскурсійныя маршруты па тэрыторыі былога ўрочышча Брыдскі Мох.

З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Ваш зварот аб правядзенні памятных мерапрыемстваў да 70-годдзя аперацыі "Баграціён" уважліва разгледжаны ў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Змешчаныя ў ім прапановы накіраваны ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь і Гомельскі аблвыканкам для прапрацоўкі і вынясення на разгляд Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 70-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб С.І. Буко.


Выказваем падзяку Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

Сакратарыят ТБМ выказвае падзяку старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі сп. Л. П. Козіку за падтрымку распаўсюду беларускамоўнага друку ў краіне.

На падставе дагавора дабрачыннай (спонсарскай) дапамогі, заключанага на падставе рашэння выканкаму Савета федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ад 27.05.2013 № 35, Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" атрымала ад Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі грашовыя сродкі ў памеры 1520000 (адзін мільён пяцьсот дваццаць тысяч) беларускіх рублёў.

У адпаведнасці з пунктам 3 дагавора грашовыя сродкі былі выкарыстаныя на падпіску шэрагу цэнтральных раённых бібліятэк краіны, музеяў, гімназій горада Менска, на беларускамоўныя перыядычныя выданні Рэспублікі Беларусь і ў першую чаргу на газету ТБМ "Наша слова". Былі падпісаны ў прыватнасці:

Цэнтральная раённая бібліятэка г. Краснаполле;

Цэнтральная раённая бібліятэка г. Нароўля;

Цэнтральная раённая бібліятэка г. Любань;

Старадарожскі гістарычна-этнаграфічны музей;

Нацыянальны гістарычны музей Беларусі;

Цэнтральная раённая бібліятэка г. Буда-Кашалёва;

Цэнтральная раённая бібліятэка г. Крычаў;

Цэнтральная раённая бібліятэка г. Дрыбін;

Чавускі раённы краязнаўчы музей;

Клімавіцкі раённы краязнаўчы музей;

Бібліятэка УА МДЛУ (г. Менск);

Цэнтральная раённая бібліятэка г. Чачэрск

Цэнтральная раённая бібліятэка г. Мсціслаў;

Гімназія № 9 г. Менска;

СШ № 190 г. Менска;

СШ № 14 г. Баранавічы;

СШ № 68 г. Менска;

СШ № 60 г. Менска;

Мсціслаўскі гістарычна-археалагічны музей;

Гімназія № 4 г. Менска;

Гімназія № 23 г. Менска;

Гімназія №14 г. Менска.


Цікавая вечарына

20 чэрвеня 2013 года ў інфармацыйна-навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі адбылася вечарына "І зноў была нядзеля, як тады, у сорак першым...", прысвечаная 72-й гадавіне з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 10-й гадавіне з дня смерці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.

Да імпэзы аддзелам рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі падрыхтавана выстава "Пайсці і вярнуцца", на якой прадстаўлены творы Васіля Быкава, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Тэма вайны стала галоўнай ў пісьменніцкім лёсе аўтара. Ён паказаў вайну так, як ніхто, - шчыра і праўдзіва, бо лічыў, што "толькі праўдзівыя і толькі да канца асэнсаваныя сведчанні мінулай вайны могуць саслужыць чалавецтву патрэбную службу" . Сваімі творамі Васіль Быкаў папярэджвае нас і наступныя пакаленні аб недапушчальнасці новай вайны, якая можа стаць апошняй для чалавецтва.

Асобны раздзел экспазіцыі прадстаўляе публікацыі пра жыццё і дзейнасць народнага пісьменніка Беларусі.

Экспануюцца дакументы з асабістага архіву вядомага беларускага пісьменніка Ўладзіміра Караткевіча, якога звязвалі з Васілём Быкавым сяброўскія адносіны, сярод іх фотаздымкі, лісты, шарж Васіля Быкава на Ўладзіміра Караткевіча.

На выставе можна пабачыць кнігі з аўтографамі Васіля Быкава, у тым ліку падараваныя аўтарам аддзелу рэдкіх кніг і рукапісаў акадэмічнай бібліятэкі.

На мерапрыемстве выступалі: Лідзія Шагойга, літаратуразнаўца Галіна Крэчка, пісьменнікі Анатоль Вярцінскі. Міхась Тычына, генерал-маёр Анатоль Сульянаў.

Артыст купалаўскага тэатра Андрэй Кавальчук чытаў творы Васіля Быкава. На мерапрыемстве прысутнічала творчае інтэлігенцыя г. Менска. Было цікава.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.


АБ'ЯВА

У ліпені сядзіба ТБМ працуе штодня з 15.00 да 19.00 гадзін. У суботу і нядзелю сядзіба не працуе. Кніжная выстава ў ліпені не працуе.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Дзічкоўскі Андрэй - 50000 р., г. Менск

2. Чыгір Е.А. - 20000 р., г. Гародня

3. Чарнёнак А. Н. - 25000 р., г. Менск

4. Салавей А.Я. - 50000 р., г. Ліда

5. Маркевіч Вера - 100000 р., г. Барысаў

6. Раманік Т. - 100000 р., г. Менск

7. Раманоўскі Алег - 50000 р., г. Івянец

8. Баранаў В.В. - 20000 р., г. Менск

9. Кахноўская Ларыса - 50000 р., г. Менск

10. Мядзведзь Зміцер - 30000 р., г. Менск

11. Невядомы - 100 дол., г. Менск

12. Андросава Алена - 20000 р., г. Менск

13. Палюховіч Кацярына - 50000 р., г. Менск

14. Спебарава Серафіма - 10000 р., г. Менск

15. Дымок В. - 20000 р., г. Менск

16. Цыганкова Таісія - 20000 р., г. Менск

17. Пархімчык Галіна - 70000 р., г. Менск

18. Кішкурны Уладзімір - 50000 р., г. Менск

19. Зябко Людміла - 10000 р., г. Менск

20. Андрэева Галіна - 10000 р., г. Менск

21. Стадуб Іван - 50000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Грэх на іх нязмыўны

Аповесць-уява

28 чэрвеня - Дзень памяці Янкі Купалы.

Пра жыццё і творчасць генія беларускай літаратуры Янкі Купалы напісана шмат, а пра смерць канкрэтна нічога. У аповесці-ўяве "Грэх на іх нязмыўны" (травень, 2013, 146 стар.) аўтар з нечаканага боку зазірнуў за сцены тайны гібелі першага народнага. Адкуль, што, як уведалася аўтару - сакрэт пісьменніка. Аднак логіка яго доказаў сур'ёзная, праўдападобная.

Прывабліваюць дакументальнасць, дэталізацыя эпохі і герояў, нечаканыя факты, арыгінальныя думкі. У пасляслоўі "Дакументалізм і факталогія паядналіся з празорнасцю" доктар гістарычных навук прафесар Анатоль Грыцкевіч супыняецца на многіх асаблівасцях твора, адзначае станоўчае.

У прапанаваных фрагментах мы не змяняем вывады і літпрыёмы аўтара.

1

Магніт беларускасці - Янка Купала.

Паходневы зніч беларускасці - Янка Купала.

Пясняр беларускага нацыянальнага вызвольнага руху і вызваленчых рухаў у іншых краінах - Янка Купала.

Пачынальнік праўдзівага бытапісальніцтва вёскі - Янка Купала.

Абнаўляльнік ва ўсім, літаратуры і адносінах - Янка Купала.

Збірыч паўсюдных вогнікаў беларускасці да Кастрычніка - Янка Купала.

Званарскі покліч за адраджэнне мовы беларускай - Янка Купала.

Уладар роднага слова, стваральнік новых беларускіх словаў - Янка Купала.

Узвышальнік мовы селяніна да ўзорнай літаратурнай - Янка Купала.

Адзін з лепшых у савецкай літаратуры аб'ектывістаў жыцця - Янка Купала.

Сцвярджальнік новага ў грамадстве - Янка Купала.

Аўтар арыгінальных мастацкіх вобразаў, раскаваных, асацыятыўных, поўнавартасных - Янка Купала.

Эмацыянальны ўлюбенец у канкрэтныя фарбы беларускай прыроды - Янка Купала.

Удалы выказнік праўдзівасці і глыбіні лірызму і рамантызму беларускага фальклору - Янка Купала.

Узносавец абярэгавасці і прымхаў - Янка Купала.

Рэалістычны выказнік прозы і паэзіі жыцця заможных і бедных, вышынных узлётаў пачуццяў маладых і старых - Янка Купала.

Вяшчун і абнаўляльнік беларускага язычніцтва - Янка Купала.

Пошукавец і адкрывальнік духоўных першаасноў у беларуса - волі, працалюбства, справядлівасці - Янка Купала.

Трыбун, спявак беларускасці, адначасова трубач - Янка Купала.

Ярасна ўзненавіджаны шавіністамі і касмапалітамі, прыхаднямі і тулягамі - Янка Купала.

Аўтарытэт з аўтарытэтаў беларускасці - Янка Купала.

Малітва для большасці беларусаў пры іх жыцці і пасля смерці - Янка Купала.

5

З мноства затрыманых беларускіх нацдэмаў сарака чатырох змусілі засведчыць: Янка Купала пастаянна, усюды, замаскавана ці без усялякай маскіроўкі выказваўся супраць усяго савецкага, пралетарыяту.

Супраць Якуба Коласа трыццаць восем паказанняў.

У цанаўцаў паўсюды цадзілася: так званыя народныя спажываюць даброты народа, камуністычнае не хваляць, куды глядзіць партыя.

... - Дарэчы, вашу просьбу мы выканалі.

Недаўменныя пераглядванні. Энкэусавец Нупрэй Капусцікаў патлумачваецца субяседцу.

Гадоў колькі таму фалькларыст і паэт Карней Лапух чытаў нагаворы арыштаваных беларускіх нацдэмаў на ўцалелых пісьменнікаў, культурнікаў, асветнікаў. Лапух быў на допытах, у тым ліку сведкам на судах, закрытых. Бачыў твораную няпраўду і ў Пячэрскай душэўбальніцы Магілёва, дзе ўтхланілі Жылуновіча. Адзін з стваральнікаў БССР заграбаў уласныя адыходы і казаў: "Прыемна". Далёкабачны крытык і фалькларыст Лапух асягнуў галоўнае: цяперашнія зэкавыя выбітыя абгаворы могуць стаць козырамі. Абставіны мяняюцца часта.

"Трэба, каб на мяне былі паказанні арыштантаў, так-сама няўгодны я ўладзе". - "Абавязкова. Мы ўжо абкумеквалі".

- Шмат навесілі?

- Сярэдне. Каб не быў засмечаны і не пачуваўся чысценькім.

- Колькі?

- Дзесяць паказанняў.

- Акурат, што трэба.

Грашоўныя праблемы двое вырашылі па-ранейшаму - пасля заходу ў сталоўку.

6

Для Янкі Купалы беларушчына - не адно пагарджаная наезджанцамі і сваімі вырадкамі родная мова, найперш знявечаная беларуская самасвядомасць.

Барацьба Грузіі і Польшчы за самавызначэнне і ўздым нацыянальнага аб'яднала адукаваных і багатых, бедных і цёмных; у Беларусі раз'яднала нават адукаваных і багатых, тым болей цёмных і бедных.

Як блізкі Дняпро набыў назву дзякуючы рашучасці стрыжнявых плыняў на пераадольванне далінаў і ўзгоркаў, выкочванню глыбінных днішчаў на перакатах, так лірнік Янка Купала яшчэ ў даваенні і паслякастрычніцкай каламуці заслужыў, каб любому прыезджаму ў сталіцу Беларусі кожны мінчук здалёк паказваў аднапавярховую сціплую хаціну: "Тут жыве наш Янка".

Лірык, паэмнік, драматург стаў выказнікам народнасці. Пакутніца беларуская зямля спарадзіла нечаканага гіганта, ціхага слёзнага дабрака; непрыкметны волат спяваў, плакаў - і яго чулі, адзываліся, з радасцю паўтаралі: "Тут жыве наш Янка". Гэта каростаю раз'ядала душы немарачанцаў ад паэзіі, пралетарскіх бязродавічаў, інтэрнацыяналісцкіх павярхоўнікаў.

За селяніна змагаліся вартныя ў любым народзе. Лепшыя, ачунялыя душою да сялянскага болю і найважнай вясковай працы, непазбежна станавіліся яго ахоўнікамі, сумленнем нацыі і грамадства, непрыстасаванцамі. Вялікія рускія пісьменнікі ад Ламаносава, Пушкіна да Талстога, Чэхава, Горкага. У беларусаў выкоўвалі нацыянальную свядомасць Багушэвіч і Дунін-Марцінкевіч, Багдановіч і Цётка, іх сцяжыну вымасточвалі ў шлях Купала і Колас, Гарун і Ядвігін Ш., Чорны і Гарэцкі.

Першапраходцаў набіралася шмат, змагацца з імі дзяржаве стала небяспечна. Магла знішчыць самую сябе. Перад другой сусветнай савецкія ідэолагі і расстрэльшчыкі раптам усэнсовілі патрэбнасць для краіны не проста высокакласных спецыялістаў, а спецыялістаў-інтэлігентаў. Паўсюдна сталі падкрэсліваць: вас цэняць, вамі даражаць.

Зразумелі, беларускасць у Купалы - не сялянскае бытапісальніцтва, а шырокі ахоп усіх груп і слаёў насельніцтва. Сумнатужлівыя дакастрычніцкія матывы паўтараліся ў смутныя часы 20-х гадоў. Заклікаў да помсты паляку і рускаму за векавечныя здзекі над беларусам у яго тады не было, цяпер няма.

14

...На ваеннага палітработніка Самона Гарбуна ў першы год вайны нечакана ўзвалілі дапамогу Усеславянскаму камітэту, часопісу "Нязгібныя славянцы". Непазбежна мусіў хаўрусаваць, а то й заігрываць з недабіткамі нацдэмамі тыпу Купалы, Коласа. Наступіў на ўласнае горла, разыгрываў памяркоўніка, дабрака. Складаныя пытанні стараўся вырашаць з членам палітаддзела арміі палкоўнікам Прахорам Панамаром, балазе ад Масквы той быў недалёка.

Паспяхова вырашаліся ўсе пытанні, апрача датычных праклятых нацдэмаў Купалы, Коласа. Лініі Самона Гарбуна і Лаўрэна Джанджгавы (Цанавы) супадалі. Любое нацыянальнае непазбежна выкіруе на нацыяналізм, засупярэчыць пралетарскаму адзінаўладдзю, аб'яднальнай камуністычнасці, непазбежнаму рускаму верхавенству. З падтатурквання дэпэусаўцаў, энкэусаўцаў Гарбун фармаваў новыя справы нацыяналістаў, накопліваў факты, загадзя рыхтаваўся поўнасцю высвеціць гніль закарузлай істоты Купалы.

Кароткага выступлення Янкі Купалы на Усеславянскім камітэце і яшчэ карацейшага на Усеславянскім з'ездзе для пасадкі Купалы было ўсё-такі мала. Скарачэнні паэтам лаянкі на Гітлера і немцаў у дакладзе на з'ездзе Акадэміі навук у сакавіку 1942 года не цягнулі на чарговыя допыты, тым болей на дзесяць гадоў без права перапіскі, то бок на вышку.

...Паўторныя паведамленні з акупаванага Мінска пра назву гітлераўцамі вуліцы імем Купалы страсянулі беларусаў і небеларусаў. Абрадавалі Самона Гарбуна і цанаўцаў, Прахора Панамара. Пераправяралі факт двойчы, тройчы. Усё сходзілася. Вораг адкрыты не забыў патайнага ворага Саветаў.

Першы грозны сігнал Купалу: месцазнаходжаннем беларускай Акадэміі навук вызначаны Ташкент. Выклікалі ў Маскву на чатырнаццатага сакавіка 1942 года Коласа, Горава, Лявонава, Ліпатава, Кедрава-Зіхмана, - старшыня беларускага Саўнаркама І. С. Былінскі не выклікаў Купалу.


Нарэшце беларуска-маскоўскія прапагандысты атрымалі фота. Здымкі таблічкаў з вуліцы і сама таблічка з аднаго дома абяззброілі недавяркаў любога ўзроўню.

Каб не абліваць памыямі Савецкую уладу, не разбіваць усталяваль легенды пра беларускага генія, інфарматары паведамленні і здымкі паказалі каму трэба, утаілі ад савецкага народа, беларускіх партызан, франтавікоў, журналістаў. Купалу таксама не паказалі.

16

...Праз два кварталы ў Карнея Лапуха новая сустрэча. З следчым беларускага НКУСа Нупрэем Капусцікавым.

- Мучарка не сустракалі ў Маскве?

- Толькі што рассталіся.

- Няўжо ён тут, - звычна для сваёй сістэмы маніць Капусцікаў. - Выказаў ацэнку Купалу?

- Выдаў. - Карней Лапух рады сустрэчы з даўнім знаёмцам і не рады. - Вораг Янка. Усе адно тоняць пра яго.

- Правільна. Як з ворагам паступаюць на фронце?

- Знішчаюць.

- А ў тыле?

- Знішчаюць.

Карней Лапух памятае нядаўнія красавіцкія сустрэчы з Капусцікавым, размовы тычыліся многага, у асноўным Купалы. Сённяшняя таксама ўецца побліз так званага народнага.

- Заходзіць ва ўпраўленне будзем?

- Навошта.

- Правільна, - пагаджаецца Нупрэй Капусцікаў. - Зараз падыйдзе яшчэ адзін таварыш, усё дэталізуем.

Непрыемніцца Карнею Лапуху.

Падыйшлы незнаёмы бялявец у адрознасць ад Капусцікава зашнураваны ў ваеннае, без усялякіх уводных прапанаваў Карнею Лапуху выканаць важнае заданне.

Пабялелы Карней Лапух адмовіўся. У рэдакцыі шмат турботаў.

- У разведку партызаны ходзяць. У Мінску "Звязду" выпускаюць. Ніякіх не. - Чырвонашпалавыя постацямі і тварамі зацэментаваліся. - Ніякіх падумаю, не змагу, даручыце другому.

- Гэта і прашу.

- Мы не просім - загадваем. Загады не ўдакладняюць, выконваюць. Выбар выпаў на вас.

Празмернае самалюбства ўладуатрымалага інтэлігента выпетрылася з Карнея Лапуха.

- Паўтараем, ваш выезд да падпольшчыкаў у Мінск стане лягчэйшым нашым адказам.

Пры ўсёй бояззі Мінскага падполля ці ляснога партызанства разумны Лапух цяміў, што выкліча нязгодаю, пры ўсёй угазетненай адданасці патрыятычнай Беларусі апынуцца сярод лясных патрыётаў дзе-небудзь пад Слуцкам ці бліз Зыслава не жадаў. Супраціўляўся нядоўга.

...Карней Лапух баяўся зрыву. Што трэба ворага пралетарыяту і Савецкай улады шляхцюка Янку Купалу прыбіраць з чыстага беларускага літаратурнага палатна, сумненняў не было. Усё роўна збойваўся.

17

...Гэтыя двое сустрэліся невыпадкова. Высланых у ссылкі і на пасяленні, засуджаных да турэмных нараў, пасаджаных на дзесяць гадоў без права перапіскі не абмяркоўваюць. Баяцца нават яны, каторым шмат дазволена.

Гаворка сходу ўзбілася на народных. Прыяе ім народ ці не; зачастую любы поспех выклікае зайздрасць і нядобразычча ў прыяцеляў, суседзяў, знаёмых.

... - Упэўнены, ты станеш дзейнічаць не з загаду, і па ўласным перакананні.

Карней Лапух няўзгодзіць.

- Гэтым для савецкай Беларусі пасобіш моцна.

Выбелены Карней Лапух не зшалахнецца.

- Беларускай літаратуры паможаш, - настойвае Сініцын, адзін з тых паскуднікаў, якому сцяг - не сцяг, калі начальнік намякне парваць.

- Літаратуры наўрад, - пярэчыць Карней Лапух.

Сумненні магілёўскага мацака тонка ловіць Новікаў:

- Трэба. Загад. Ты не дзіця. Перарэшваць не будзеш ты, не будзем мы. - Трое перасталі стаяць, крануліся, супыніліся. - Альбо - альбо. Раней не адбіваўся, назад ходу няма. Як у немчуры, што назвала Купалавым імем вуліцу.

Адзін чалавек, дзівак ці велізарны працаўнік, дабрак ці талент, можа змяніць жыццё калектыву, цэлай вёскі, а пашанцуе, паўплывае на лёс нацыі болей, чым цэлая Рада. А калі пашанцуе такому ўвайсці ў паласу стваральнай геніяльнасці, як дваім Іванам - Луцкевічу і Луцэвічу, - зменяць лёс цэлай дзяржавы. Узбагацяць нацыю, умацуюць. Атрымаюць шыльды і помнікі.

Праца і маральнасць абодвух Іванаў не забудуцца беларусамі, як аб'яднальныя подзвігі Гедыміна і Вітаўта, малітвы Апрасіні Полацкай, кніжныя выдрукі Францішка Скарыны.

Ведалі, на што пасягаюць цынікі энкэусаўцы Сініцын і Новікаў, паслухмянік пісьменнік Лапух, ведалі. Двое ўпэўнівалі захісталага фалькларыста і паэта, усё-такі патрыёта беларускага, а не расійскага.

- Няхай святкуе юбілей, а, - прапануе Карней Лапух насупраць Вялікага тэатра.

19

У гатэль "Масква" прапускалі ўсіх. Да століка рэгістрацыі. Далей праход па выкліках і дазволах госцяў гатэля.

Сабраныя падвечар у нумары 414, нумары Янкі Купалы, прайшлі ўзмоцненую сістэму праверкі; з ласкавага дазволу Купалы швейцары прапускалі да яго ўсіх наведнікаў.

Клінковічаўскі, Лоўкі, Лінь, Злепка, Лапух… Хто сядзеў, хто прыстойваў. Маладзейшыя, асабліва з франтавога бюлетэня прысаджваліся на адпаліраваную, засланую дываном падлогу.

Пісьменнікі, проста зацікаўлены інтэлігентны люд, беларускі, рускі, украінскі, габрэйскі. Доўга не бачыліся, асабліва ў такім складзе. Год узблісквае вайна, падзеі гудзьма гудзелі, плоймамі, успамінаць было што.

...Узгаварыліся зноў пра цётачку Уладзю. Яна без свайго Яначкі дасюль гадамі нікуды, а тут адпусціла.

- Не хацелася ёй у Пячышчах заставацца, маглася ехаць са мною. Маскоўцы супраць, - сумоціцца Янка Купала. Не выказвае нядаўнія ўласныя просьбы Самону Гарбуну: паеду разам з жонкаю; мне звычна ўдваіх; прашу.

...Янка Купала хмяліў кампаніі часта, сам рэдка прычашчаўся да піва, тым болей вінца, гарэлкі. Праўда на допытах заяўляў следчаму кодлу: "Ігнатоўскі, Лёсік, Некрашэвіч, Смоліч, Зарэцкі прыходзілі. Нячаста. Выпівалі, гаварылі пра літаратуру, пілі піва, гарэлку".

...Цераз паўгадзіны Міхась Лінь выбраўся на свой дзесяты паверх. З ім і за ім пабрылі Лоўкі, Злепка, Лапух, Клінковічаўскі...

...Янка Купала садзіцца на ложак, разбуваецца. Усё, нікуды нагою. Спаць, спаць, спаць. Уладзя наказвала, з нумара не вылазь, адпачывай паболей. Коўдру зняць не паспеў.

- Слухаю, слухаю, - паўтарае ў трубку. Спярша не разабраў голас старшыні СП Беларусі Міхася Ліня.

...Дзевяць вечара. Другое запрашэнне ў госці, трэцяе. Кампанія малая, але ганаровая, чакае старэйшыну.

У нумары 1034 усё паўтарылася. Як навіны з фронту, ад партызанаў. Як дзве новыя пляшкі шампанскага - на сем таварысцкіх мужыкоў, адну жанчыну, супрацоўніцу франтавой газеты, малазнаёмую Купалу.

...Слухае Купала напаўшэпат нахіленага да сябе Клінковічаўскага: свежыя падзеі фронту. Чарговы званок. Ківае бліжняму да тэлефона Пракопу Злепку: паслухайце.

- Просяць Карнея Іванавіча Лапуха. Калі ён тут. - Злепка ледзь не ўрачысты: - З дзяржвыда. Тэрмінова. Рэдактар. - Вінаваціцца: - Прозвішча яго не разабраў.

Карней Лапух выгуквае, не кранаецца, наўзгодны ківок гаспадара нумара, падходзіць да століка, слухае трубку, запытвае ўсіх:

- Можна адлучыцца хвілінаў на дваццаць-трыццаць. Пра зборнік размова. Нядоўгая. Гарыць, увечары прагне стрэчы.

- Кліч сюды, - знаходзіць выйсце Янка Купала. - Навошта кампанію абядняць такім асілкам.

Расляк Карней Лапух перадае купалаўскае запрашэнне тэлефоннай трубцы, слухае, выніковіць:

- Лады, калі на пяцьдзесяць хвіляў, спушчуся. Не болей.

Прабіўнога ўсюдыходнага фалькларыста Карнея Лапуха разумеюць неразваротныя пасіўныя сябры СП і несябры, дружна адабраюць меркаваны адыход.

Янка Купала бледны, нежывы. Не вымавіць слоўца. Уладзя наказвала быць надта асцярожным; каб не балелі сэрцы яе і яго, ніякіх новых знаёмстваў, нечаканых сустрэчаў, не хадзіць аднаму.

Найасцярожна лезе ў кішэню Янка Купала, адкупорвае пляшачку з валяр'янкаю.

- Чаго замёр? Рабі сваю справу, - мовіць Янка Купала. - Рабі.

Вісіць фраза ў ацішаным пакоі, даўгавата вісіць.

- Я ўтаво. Зараз-зараз. - Карней Лапух няўклюдзіць да дзвераў, збівае кавеньку Купалы, хуценька паднімае, ставіць, працірным рухам правай вядзе па ёй, выцірае.

Выйшаў.

...Званок. Купала дзеля-адчэпна прыўзняў трубку, паклаў, паўторны званок, другі раз не датуліў да вуха, паклаў. Трэці званок.

- Падніміце хто. Мяне няма. Пайшоў з вамі гуляць.

- Жанчына, моцна просіць, - Міхась Лінь пачуваецца ўвіненым.

- Калі жанчына… Калі жанчына… Знайшла… - Янка Купала бярэ трубку. - Слухаю, пані.

Тагдышнія пострахі няёмчаць цела Купалы, моўчаць язык. Заўжды ўведны Купала на раздарожжы. Не хочацца слухаць жаночы голас, не хочацца бачыць прыспешную. Мякчэе пастава, твар, рухі. Слухае задыхнае хуткаслоўе, змрачнее. Вусны сціскаюцца.

- На секунду, то выйду, ладна выйду. - Прыяцельству: - Прывяду сюды, зараз, ей-еячкі. Яна на лесвіцы.

Кіраўнік Саюза пісьменнікаў Беларусі рашуча заступае дарогу. Давайце, Іван Дамінікавіч, ён выйдзе да вашай знаёмкі, прывядзе яе сюды. Ямчэй атрымаецца. У перадюбілейі нашто вам нечаканыя сустрэчы. Скажыце, на якім паверсе стрэча, Лінь злётае мігам.

- Не, панове, не-не, доўга дабіралася, паабяцаў, - адводзіць Янка Купала рукі Міхася Ліня.

Кавеньку ў правую, плашч не накідае, капялюш не бярэ.

- Праз хвіліну вярнуся, - прамовіў Купала перад дзвярыма нумара.

21

Дзверы гатэльнага нумара 1034 за ім яшчэ поўнасцю не прычыніліся, Купала ўжо чуе вышапт, не вышапт - стогн:

- Яначка.

Усміхаецца сімпатыя нашаніўскай і пазнейшай пары, тая ж стройная, мілая, прыветная. Ад пастарэлай постаці жанчыны, сціплай кофты, хуткіх словаў у паэта ўзнавіліся саладжавыя пахі маладых уяваў, парываў ядлоўцу, красавалага жыта.

- Пане Янку, Янучок, Янучочак вы наш…

Мітрэнга голасу жанчыны шаломіць Янку Купалу.

- Яначка, ты саўсім выхуднеў.

- Затое несці лёгка будзе.

- Не жартуйце так, прашу, не наклікайце. - Апамятваецца жанчынка. - Я на ты і на вы… Разгубілася… Пэўнілася, не выйдзеш ты, няма, заняты, перад'юбілейе.

Блізіцца.

- Не ведаю што, але нядобрае паўзе, блізіцца. Уцякайце.

- Так усхваляваная, Божа правы. Пастойце, памовімся спакойна.

- Уцякай. Хутчэй бя-жы, - толькіштошны напал голасу, адчайны, настогны, тон - ціхуценькі. - Да ліфта бяжы. - Ледзь чутна. - Не стой блізу мяне і парэнчы, уцякай. Лацвей у пакой імчы.

- Як тут апынулася? Столькі гадоў не бачыліся. Вы нечым спалоханая, - Купала трымае жанчыну за кофту, цьмяную, тоўстую самавязку, утрымлівае, не паддаецца адцягу. - Не спяшайся.

- Сыходзь, барджэй, - жанчына рэзка адтульвае паэта, піхае ў бок.

Ад выхаду Янкі Купалы з нумару, заяўлення поруч жанчыны прайшла паўхвіліна. Жанчына мкнецца адпіхнуць Янку Купалу, штурхае, штурхае.

- Хадзема ўдваіх.

- Ніякай хады ўдваіх, - ужо загадвае пагрубелы жаночы голас; аберуч яна адкухтольвае народнага паэта ад сябе. Зможанае пакутніцтва ў дрогкім захліпістым голасе: - Ідзі. Скарэй. У нумар.

Жанчына на раздвоі; сэнсовіць пра небяспеку беларускаму генію, свой удзел у творанай несправядлівасці - з ёю, з вялікім Купалам, з народам беларускім. Хоча выключыць усё і, запалоханая, баіцца заасмеліцца. Баіцца і ўсё тут.

На дабрачным інстынктыўным узроўні папярэджвае Янку Купалу, папярэджвае.

- Патлумачся. Скажы яснасць. Прашу. Хто ўпудзіў? Нездарма ўзбуджанка.

- Не трэба размовы, уцякайце ў нумар.

- Хадзема ў пакой разам, - Купала радуецца выдатнаму выйсцю з тупіка.

- Нізашта. Што вы! - дальніцца жанчына.

Адчыняюцца суседнія з нумарам Ліня дзверы. У праёме Карней Лапух, высозны, сагнёны, у доўгім шэрым плашчы. Аблавухі шырокі капялюш недарэчна закрывае паўтвару.

- Жывяце і тутака, пане Лапушынка, - усмешка на твары Янкі Купалы, пастойвае на месцы, а паставаю ўжо мкне да блізкай радні, пісьменніцкага хаўрусоўства.

Яшчэ гадоў колькі таму размову з Янкам Купалам Карней Лапух расцэньваў як царскую літасць. А ўжо некалькі разоў яны сумесна выступалі, балазе пісьменніцкай інтэлігенцыі пасля РАПаўска-авербахаўскіх расчысткаў і адэупаўска-энкэвэдысцкіх хапуноў стала на Беларусі мізер. Аднойчы разам атрымвалі ўрадавыя ўзнагароды. У нашмат маладзейшага Карнея Лапуха свае кампаніі, усё ж разоў колькі застольнічалі. Цёплае слова пра свае вершы Карней Лапух выпрошваў, выдзіраў з Янкі Купалы; атрымліваў.

Блізіліся, сугалосіліся, разумеліся, спрабавалі воддальніцца жанчына і Янка Купала амаль тры хвіліны. Паэт чуе стрыманы адцяг жаночай рукі ўбок, не паддаецца. У прыяззі хіліцца да Карнея Лапуха.

- Позна, Яначка, позна, Янучочак. Бяздарна позна! - незразумелыя жаночыя вышапты. Яе рука яшчэ падпіхвае Купалу да дзвераў нумару, а сама жанчына звяла; так чэхнуць кветкі пад узвівамі знячэўнага абсыпу ласкавых пульхнатых сняжынак.

- Выпадкова пахаджаеш? - словы Янкі Купалы цёплыя, сціхія, да калегі па рамесніцтву і цэху, а сам выстывае постаццю, тварам.

- Заскочыў да знаёмага. - Карней Лапух не прычыніў дзверы ўласнага нумара, сугнейна валюхаецца да мужчыны і жанчыны.

Прастуе бязгучна. Сем метраў для доўгалыгага - два метры.

- Змусілі. Усё зараз растлумачыцца, - Карней Лапух уподбежыць. - Стане лёгкім, вось-вось, палётным.

Паслухмяны маруда, цяплёпкала і маўчун Карней Лапух звычайна доўга важыць пачутае, праз гадзіну выцінае слова, зараз ацэньвае сітуацыю з канкрэтнай хуткасцю, як заўжды выказваецца чалавек пра даўно вырашанае.

Нязвычнасць хрыплага вышапту Карнея Лапуха рэжа сэрца Янкі Купалы, стары пружыцца целам, інстынктыўна хіліцца да надзейнай даўняй сяброўкі, разумнічкі.

Унізе хтосьці пагруквае ва ўваходныя дзверы "Масквы". Патлумачванні, глухое выгалассе.

Карней Лапух спатыкнуўся, хіліцца. З старэчай непаваротнасцю Янка Купала хоча падтрымаць сабрата. Не паспявае. Дужыя рукі ўпраўцы волатна падхопліваюць Купалу; адна пад калені, другая ачэплівае спіну.

Вібруе лабасты твар мацака, стрыбаюць шырокія доўгія бровы.

- Ты што!

Быў бы хто чужы, Купала закрычаў бы. Абразы цярпець нельга.

- Ціххх-а-а.

Тузаніна. Купала адной рукой упёрся ў нападніка, другой у шырокую моцную бетаванку парэнчы. Барацьба. Рука дужца адліпла ад спіны. Купалу няёмка здурнічнічаць, загарланіць.

Загадны позірк воч Лапуха на ўтрапёную жаноччыну.

Каласальны выкід энергіі супраць бяссэнсавага і бязлітаснага дураломства ўзносіць шасцідзесяцігадовага слабага целам паэта да сілы волатнага Карнея Лапуха, амаль роўніць мужчын сілаю, напорам. Смяртэльны момант множыць здолю кожнага, нізіць боль. Янка Купала штомоцы адкухтольвае незнячэўнага нападніка.

- Перакуліш. Не падлюжнічай.

Мужчыну сорамна выгалошвацца, яшчэ не верыць адбыванаму.

Напал ваўтузаніцкага ваяўніцтва расце.

Сіберны позірк Карнея Лапуха на жанчыну, сіпіць:

- Ну ты! Ссу-ка-а!

Узмах рукава тоўстай цьмянай жаночай самавязкі; заспіртаваная вата лепяком снегу прыліпае да носа, рота Янкі Купалы ўсяго на міг, не болей паўсекунды.

- Хга-а-а-ак. - Хрыпенне паэта, перасмык твару, клёкат у горле, сціхата.

Янка Купала малады духам, целам састарэлец. Выіскрылася гэта сёння, у час імклівай барацьбы, безнадзейнай горкай схваткі.

Адліплая ад галавы Купалы жаночая рука з ватаю яшчэ не апусцілася. У напале выканальніцкага нядумства жанчына тыцкае вату сабе ў нос. Не паднесла, а ўжо задыхліва высмяродзьвае:

- Ашуканцы, усюды ў іх мярзота, - шыпіць голасна.

"Казалі, на ваце нічога няма. Кропля гарэлкі. Прытулі, усяго прытулі, мужчыны пагамоняць, крыку не будзе. Не кропля гарэлкі на ваце, мора спірту".


Янка Купала не вучыўся паміраць, не думаў паміраць нават пры змушаным самагубстве дваццатага лістапада 1930 года запэўніваў Купаліху, родзічаў: жывіце. Нахрапным адведнікам-кантралёрам у бальнічнай палаце Гольскаму і Мучарку цвердзіў тое ж: нарадзіўся - згадзіўся; жыві доўга, працуй. Купала ведаў, як дастойныя паводзяцца пры сыходзе за межавае, у Тагаіснасць; як любы геній, працаголік Купала кожны дзень мог зазірнуць у вечнасць. Савецкая ўлада і яе падсвістычы нармальнаму творцу нармальна жыць не давалі, але ў галаву зорнаму веялку не маглі ўставіць, вывеяць нажытае, прыладжанае.

Сёння ў гатэлі "Масква" адбылося сутыкненне з падножкавых. Дзесяцігадовай даўнасці накіраваныя страшэнныя чатыры схваткі, калі цягалі Купалу ў падвалы Лаўрэна Цанавы (Джанджгавы), які з сваім маскоўскім цёзкам з спецыяліста па дрэнажу рыёнскіх балот у Мінгрэліі ператварыўся ў спецыяліста па выбіванню ілжывых паказанняў у далёкай Беларусі, - усе чатыры мінскія схваткі саступалі адной сённяшняй, маскоўскай, саступалі па накалу і жахотным выніку.

У нядаўніх, пазаўчарашняй, учарашняй і сённяшняй, знешне вольных слоўных пікіроўках, перад выманьваннем яго на дзесяты паверх і ў калідор, і гэтахвільнай бойцы смяртэльным ворагам Янкі Купалы быў свой, калега, радня па цэху, за хвіліны з ваеннага пераапрануты ў цывільнае, праціўнікам генія стаў беларус, не беларус - вораг беларушчыны.


Сіла адчаю перад зяпаю смерці абудзіла ў фізічна хліпкім целе талента напорны парыў супраціўлення.

Павялыя кветкі і галінкі ваеннай маскіроўкі роты і батальёна, цяжкія подыхі лабавога танкавага бою, учарашняя густая размова ў гатэлі "Масква" імгненна зменшыліся перад цяперашнім маўклівым паядынкам генія і тупога паслухмяніка.

Урэпісты расляк абцугамі-лапамі не сіліць выструненыя ногі Купалы выцягнуць з-за ўласнай спіны, папросту перакуліць Купалу цераз метровай вышыні бетонавую панэлю, прыгожую, шырынёй дваццаць сантыметраў, што надзейна берагла гатэльных ад пострашнага лесвіцавага праёму.

Рывок ног амаль абязрухленага ўдыхам спірту чалавека быў яшчэ значны; з-пад локця нападніка вырвалася адна з захвачаных ног. Чаравік з неразвязанымі шнуркамі надзейная крэпасць для любой нагі, Янка Купала абваліў яе, расшкамутаў, вырваў нагу з абцугоў - чаравіка. Уляпіў бесчаравічнаю пяткаю ў грудзі ненавісніку.

Чалавек страціў прытомнасць, успіртаванаю ваткаю працерлі скроні - ажывае. А тут агністы вар трапіў у рот, нос. Хрыпіць Купала, задыхаецца.

Абвялае цела інерцыйна супраціўляецца рыўкам Карнея Лапуха, ногі адпіхваюць бандыта.

Чаравік з-пад локця забойцы асунуўся нізу, беспарны сірацініць на падлозе.

Карней Лапух нарэшце, як пры нядаўніх двух трэніроўках, абхапіў тулава пад калені, пераварочвае абвялае цераз балюстраду. Спіною ў праём.

Учэпленыя ў белавата выфарбаваную бетонь парэнчы купалавыя пальцы, звычныя да пяра і паперы, не вытрымліваюць рыўкі асілка, вагу ўласных рук, ног, цела.

Гукаў няма, супраціўленне знікае.

Выхаркнуць крыкам хоць слова Купала не можа, сіпіць, рот, нос, горла перацяла спіртавая атруць.

Не стала ў сіня-сініх вачах генія іскраў жыццёвых, знік жах. Апошнія імгненні, заўжды безбалючыя для істоты, не свяціліся ўваччу.

Палёт. З дзесятага паверха ўніз, на пакрытую дываном ровень цагляна-драўлянай падлогі. Пры палёце прагныя існавання ногі і рукі матляюцца, б'юцца аб такую ж бетонь балюстрады ніжэйшых паверхаў, пакідаюць чырвоныя кроплі.

Янка Купала ляцеў у рай, як і кожны аддалы ўсе граны душы і грамы цела сваёй нацыі, радні.

(Працяг у наст. нумары.)

Валер Санько


Cцежкамі Канстанціна Вераніцына

У Гарадку ўжо колькі гадоў запар праводзіцца свята "Гарадоцкі Парнас". У вёсцы Астраўляны Гарадоцкага раёна нарадзіўся паэт Канстанцін Вераніцын, які напісаў у 1855 годзе паэму "Тарас на Парнасе", вельмі мной любімую яшчэ са школьных гадоў.

Аўтарства было ўстаноўлена ў 1973 годзе, і жыхары Гарадка вельмі ганарацца, што паэму напісаў іх зямляк: пэўна, таксама палюбілі твор яшчэ са школы.

На свята мяне запрасіў мой сябар, паэт і перакладчык з Віцебска Уладзімір Папковіч. Сказаў, што звычайна там бывае "цэлы кірмаш". І вось уранку 15 чэрвеня, як толькі ў цэнтры горада загучала музыка, я скіравалася насустрач святу. Мужчыны ў скверы прыладжвалі да шчыта галаву дзіка, чучалы птушак; маё грынпісаўскае нутро здрыганулася, і я пасунулася далей. А далей было весялей. Прыгожыя жанчыны не субтыльнага целаскладу ў нацыянальных строях раскладалі на сталах прысмакі. Хлопцы майго веку пахаджвалі ў саламяных капелюшах і дзівосных кашулях. Лагоднымі вочкамі пазірала кардонная карова з пучком травы ў роце, вымя ёй зрабілі з гумовай пальчаткі - нічога сабе атрымалася жывёліна.

* * *

Мой сябар, кіраўнік магілёўскай суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў, даведаўшыся, што я планую паездку ў Гарадок, даручыў зайсці ў мясцовы краязнаўчы музей, каб пасля замовіць тут экскурсію падчас вандроўкі па Віцебшчыне.

Яшчэ з Магілёва я па тэлефоне распытала ў супрацоўніцы музея пра свята, пра музей, і яна, пачуўшы, што з ёй размаўляюць па-беларуску, таксама пераключылася на родную мову. Запрасіла прыехаць абавязкова.

* * *

Для нашай суполкі ТБМ я вырашыла прывезці колькі фотаздымкаў, зробленых у музеі. "Здымаць можна?" - спытала я, набыўшы ўваходны квіток за 3800 рублёў. - "Дзве тысячы рублёў за кадр", - адказалі мне ветлівыя дзяўчаты на касе. Гэта быў "культурніцкі шок". У маіх мазгах хуценька спрацаваў калькулятар, які выдаў з улікам маёй манеры маланкава здымаць усё, што бачу, лічбу ў 200-300 тысяч. Я панура адмовілася, палічыўшы, што правінцыйны музей, маючы фінансавыя цяжкасці, усё ж грошы вырашыў рабіць з паветра.

* * *

Я накіравалася на другі паверх, дзе да мяне прыкамандзіравалі маладзенькую дзяўчыну. Я ўзрадавалася: думаю, во, будзе каму пытанне-другое наконт экспанатаў задаць! Але задаўшы пытанне-другое і не атрымаўшы адказу, я зразумела, што дзяўчыну прыставілі суправаджаць мяне, каб я не сцягнула часам які экспанат. Што дзяўчына і пацвердзіла: здаралася, цікаўныя наведвальнікі намерваліся пагартаць, а то і знесці музейныя кнігі.

* * *

У той час, як я задавала пытанне-другое дзяўчыне-"канваіру", да мяне падышла мілая жанчына і спытала, ці не з Магілёва я, і ці не са мною яна размаўляла па тэлефоне. Ува мне ўскалыхнулася радасць нечаканай сустрэчы - гэта была Тамара Мікалаеўна, мая беларускамоўная тэлефонная суразмоўца. Яна правяла для мяне цудоўную экскурсію і нават дазволіла бясплатна паздымаць. А таксама прапанавала з'ездзіць на падрыхтаваную музеем аўтобусную экскурсію ў Лосвіда і Астраўляны - на радзіму аўтара "Тараса на Парнасе".

* * *

На цэнтральнай плошчы з традыцыйным савецкім помнікам Леніну (як жа без яго?) тым часам пачаўся ўласна сам "Гарадоцкі Парнас". У першым шэрагу перад сцэнай я заўважыла свайго любімага сябра, паэта Уладзіміра Папковіча, з яго любімым сябрам, мастаком Феліксам Гуменам. Апошнім часам гэтыя даўнія сябрукі вандруюць скрозь разам. Толькі і паспелі што павітацца: Папковіча запрасілі на паэтычную сустрэчу, а я з'ехала ў Лосвіда-Астраўляны. Карміць камароў, наведваць падмуркі драўлянага памешчыцкага дома ў густым лесе, любавацца прыгажосцю возера Лосвіда.

* * *

Возера падзелена перашыйкам на малую і вялікую часткі. Перашыек гэты быў дарогаю, якая дазваляла скараціць шлях на другі бок возера кіламетраў на дзесяць. Шмат цікавых гісторыяў расказала пра возера і дарогу праз яго экскурсавод Люба. Дарога мела шырыню чатыры метры і была часам пакрыта вадою. Часта прыезджыя, не ведаючы пра існаванне падводнай дарогі праз возера, нямала здзіўляліся, убачыўшы, што хтось ідзе "по воде аки посуху". Падчас вайны па гэтай дарозе перапраўляліся нашыя танкі, што было нечаканым для немцаў.

* * *

Экскурсавод Люба нарадзілася на Магілёўшчыне, у Чэрыкаве, у той час як я, жыхарка Магілёва, нарадзілася на Віцебшчыне, у вёсцы, якая калісьці ўваходзіла ў Гарадоцкі раён. Вось так перакрыжоўваюцца шляхі.

* * *

Дуб у Лосвідзе велізарны, ахапіць яго можна хіба ўчатырох. Люба расказала, што існуе спосаб вызначэння ўзросту дуба: адзін ахоп роўны 150 гадам, а значыць, гэтаму дубу ўжо каля шасцісот гадоў. Ну, тут мы, вядома, кінуліся абдымацца з дубам, загадваць нематэрыяльныя жаданні для сябе і сваіх блізкіх, прытуляцца да дрэва, каб набрацца моцы. Дуб прывык ужо, я думаю, да такіх абдымкаў.

* * *

На маленькім пранырлівым аўтобусіку, едучы да вёскі Астраўляны, мы завярнулі да возера з прыгожым, зарослым ліпамі, востравам на ім. Па старадаўняй легендзе, калісьці ў гэтых мясцінах жыў багаты памешчык. У яго была дачка Ляна, якая закахалася ў хлопца з беднай сям'і. Бацька Ляны не даў згоды на шлюб, адмовіўся зладзіць вяселле. А каб дачка забылася пра сваё каханне, выселіў яе на востраў пасярод возера. Там дзяўчына, не вытрымаўшы расстання з каханым, памерла. А мясціны гэтыя сталі называць Астраўлянамі.

* * *

У Астраўлянах нас так-сама чакала мемарыяльная шыльда, прысвечаная "Тарасу на Парнасе" і яе аўтару, мясцовыя жыхары з малымі дзеткамі, прыгожыя жанчыны ў беларускіх строях, сталы з пачастункамі, беларускія песні, гульні на свежым паветры, і нават камары ад нас адсталі. Дождж пачаўся якраз тады, як мы загрузіліся ў аўтобус, каб ехаць у Гарадок.

* * *

У Гарадку а трэцяй гадзіне дня ішоў дождж, людзі пад парасонамі слухалі на вуліцы Савецкай спевы ўдзельнікаў музычных калектываў. Уладзімір Папковіч, выступіўшы са сваімі вершамі, пэўна, з'ехаў у Віцебск. А свята працягвалася.

* * *

Праз тыдзень, працягваючы вандроўкі па сцежках Канстанціна Вераніцына, я наведала Горкі, дзе вучыўся мой таленавіты зямляк, і пахадзіла калідорамі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі - колішняга Горы-Горацкага земляробчага інстытута, дзе хадзіў студэнт Вераніцын.

* * *

А вось некалькі цікавых фактаў з біяграфіі Канстанціна Вераніцына (узята з Вікіпедыі):

"Паходзіў з прыгонных сялянаў памешчыкаў Бондаравых. Спачатку яго прозвішча было Васільеў. У 1851 годзе, пасля атрымання "вольнай" ад свайго пана Васіля Бондарава, ён прыпісаўся ў мяшчане і выбраў сабе прозвішча "Вераніцын".

Вучыўся ў Гарадоцкай парафіяльнай школе, Віцебскай гімназіі і два гады ў Пецярбуржскай медыка-хірургічнай акадэміі, адкуль яго адлічылі ў 1854 годзе. У 1857 паступіў у Горы-Горацкі інстытут адразу на трэці курс і ў 1859 годзе ў ліку найлепшых студэнтаў скончыў яго са званнем агранома…"

З гэтай біяграфічнай даведкі вынікае, што паэму "Тарас на Парнасе" ён напісаў якраз пасля таго, як яго адлічылі з Пецярбуржскай медыка-хірургічнай акадэміі, і да таго, як паступіў вучыцца ў Горы-Горацкі інстытут. Дарма часу не губляў, як бачым.

На сайце Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна зазначаецца: "…усё гаворыць за тое, што паэма нарадзілася ўвесну 1855 года ў Гарадку і адразу ж разышлася па ўсёй Беларусі. Яе папулярнасць была проста фантастычнай. Е. Раманаў здзіўляўся: "Тараса" - усё роўна як "Сон Багародзіцы" - знойдзеш ува ўсякай хаце. Пісьменныя шчыра пішуць яго сабе на паперку, цёмныя шчэ шчырэй вучаць яго на памяць".

За 34 гады вуснага і рукапіснага бытавання паэма згубіла імя аўтара, стала ананімнай. Пасля 1889 года вытрымала мноства выданняў, адыграўшы вялікую ролю ў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў, у станаўленні літаратурнай мовы, у развіцці ўсёй беларускай літаратуры. Цудоўны твор дагэтуль мае нязменны поспех".

Сапраўды, люблю перачытаць паэму!

Надзея Бацілава, Магілёў. budzma.org

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX